epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Воўк і Мышаня

          Разбойнік шэры Воўк

У цёмны лес авечку завалок,

          Вядома, што не ў госці:

          Абжора з беднай шкуру здзёр

                   І так заўзята жор,

          Што на зубах хрусцелі косці.

Хоць ён і прагны быў, ды з'есці ўсё не мог,

          Запас пакінуўшы, ён побач лёг

                   Адпачываць ад сытнага абеду,

          Ды мяса пах прывабіў тут суседа -

          Малое Мышаня, што поблізу жыло.

          Па мху яно падкралася ціхутка,

Крыху схапіла мяска й хутка

                   Пабегла да сябе ў дупло.

          Заўважыўшы такую страту,

                   Воўк мой

          Завыў страшэнна: «Стой!

          Лавіце злодзея! Разбой!

          Ён загубіў мяне, пракляты!

          Усё дарэшты выкраў з хаты».

 

Такі быў выпадак на рынку ў свята:

У Клімыча-суддзі гадзіннік нехта ўкраў.

«Лавіце злодзея!» - суддзя тут крык узняў.



Пераклад: Кандрат Крапіва