epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Воўк і Зязюля

Зязюлі Воўк сказаў: «Бывай, кума!

Спакою мне і тут няма.

          І ў вас такія людзі і сабакі:

Хоць ты анёлам будзь, дык бойкі не мінеш, -

                   Такія ўсе тут задзіракі».

                   «А ці ж далёка сам ідзеш?

І дзе такі народ пачцівы,

З якім ты прыйдзеш да ладу?»

                   «Я прасцяком цяпер іду

                   Ў лясы Аркадыі шчаслівай.

                   Суседка, вось дзе старана!

Не знаюць там, што ёсць вайна;

                   А людзі - ціхія, нібы авечкі,

                   І малаком цякуць там рэчкі;

                   Ну, словам, любата адна!

Адзін другому ўсе, нібы браты, спрыяюць,

Сабакі ж і брахаць там звычаю не маюць,

                            Не толькі не кусаюць.

          Скажы сама, галубка, мне,

Няўжо не міла, нават хоць бы ў сне,

Сябе ў краю пабачыць гэткім ціхім?

          Бывай! Не памінай нас ліхам!

          Вось там дык мы ўжо зажывём:

          У згодзе, у выгодзе!

Не так, як тут: хадзі з аглядкай днём,

          І ноччу не засні - бяда, дый годзе!»

          «Шчаслівы шлях табе ў краіну дабраты.

Зязюля тут яму: - А нораў свой і зубы

          З сабой бярэш ці тут пакінеш ты?»

                   «Пакінуць? Не пляці лухты!»

«Дык памятай, што быць табе без шубы».

 

                   Чым большы ліхадзей,

Тым больш крычыць і клепе на людзей:

Усюды ворагі, куды ні аглянецца,

          А першы сам ні з кім ён не ўжывецца.



Пераклад: Кандрат Крапіва