Воўк ноччу ўлезці мерыўся ў аўчарню,
Ды трапіў незнарок на псярню.
Падняўся раптам псярны двор.
Дух шэрага пачуўшы забіякі,
Заходзяцца ў хлявах і рвуцца ў бой сабакі;
Псяры крычаць: «Папаўся, жывадзёр!»
І ўмомант браму на запор;
Бягуць - адзін з дуб'ём, другі з ружжом,
Народу збеглася парадкам.
«Агню! - крычаць, - агню!» Прыйшлі з агнём.
Мой Воўк упёрся ў кут азадкам,
Зубамі ляскае, дубка паставіў шэрсць.
Вачамі ўсіх, здаецца, з'есць.
Ды, ўбачыўшы, што тут не перад статкам,
Што давядзецца пад канец
Яму адказваць за авец,
Заводзіць наш хітрэц
Перагаворы
І кажа так: «Сябры! Нашто ўвесь гэты шум?
Я, ваш даўнейшы сват і кум,
Прыйшоў мірыцца к вам. Пакінем жа дакоры,
Забудзем даўняе, супольны зробім лад!
А я не толькі не крану авечак і ягнят, -
Сам грызціся за іх з другімі буду рад.
Прысягай воўчай прысягаю,
Што я...» - «Чакай, сусед, -
Перапыніў яго тут Лоўчы, -
Ты шэры вось, а я ўжо сівы дзед,
Дык добра ведаю характар воўчы
І слоў дарэмна траціць не люблю:
З ваўкамі я пра мір не размаўляю
Раней, чым шкуру з іх злуплю».
Сказаў і выпусціў на Воўка гончых зграю.