epub
 
Падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Жабы, якія прасілі Цара

                   Чамусьці Жабам стала невыгодна

                            З уладаю народнай,

                   Як быццам невысакародна

Без службы і на волі жыць.

                            Дык што ж рабіць?

Надумалі ў багоў Цара яны прасіць.

Хоць глупства разбіраць багам непадыходна,

                   Аднак Зевес паслухаў іх, і Цар

                   Да Жаб ляціць ужо з-за хмар

І пляснуўся на царства з гэткай сілай,

Што ўся дрыгвяная дзяржава захадзіла.

                            Тут Жабы з усіх ног -

                            Куды хто мог,

                            Давай хавацца хутка, -

Цішком дзівіліся з Цара ў закутках.

                   Што Цар выдатны, ўсім відно:

          Не легкадумны ён, не сумятлівы,

Паважны, велічны, маўклівы,

          Ды толькі дрэнна ў ім адно, -

          Што ён - асінавае бервяно.

          Шануючы спачатку сан высокі,

Не смее да Цара і падысці ніхто:

          Глядзяць са страхам на яго, і то

          Праз асаку, цішком, здалёку.

Ды дзіў такіх няма, як свет вялік,

                   Каб свет да дзіва не прывык.

І тут падданыя ад страху адпачылі,

І да Цара паўзці з пакораю рашылі.

                            Спярша перад Царом нічком,

А там смялейшыя садзяцца ўжо бачком.

          А там і поплеч гэтакім жа ладам.

          А хто храбрэй за ўсіх, дык той

Садзіцца да Цара ўжо задам.

А ён цярпіць па дабраце сваёй.

          Глядзіш праз нейкі час, хто хоча,

          Той на яго і ўскочыў.

Абрыдла за тры дні жыццё з такім Царом.

                   Нанова Жабы б'юць чалом,

                   Каб у балотную дзяржаву

                   Юпітэр даў Цара на славу.

Пачуўшы іх мальбу, для паляпшэння спраў,

Юпітэр Жорава на царства ім паслаў.

Ну, той не бервяно, - павёў іначай справу:

Не любіць балаваць народу ён свайго

І вінаватых есць. Напэўна, адтаго

          Нявінных на судзе няма ні аднаго.

                   Затое ж у яго,

Як снеданне, абед, вячэра, то й расправа.

                   На жыхароў балот

                   Прыйшоў сапраўдны звод,

          Не застанецца хутка на завод.

          Па царстве ходзіць Цар, як пошасць тая,

І кожнага, каго ні напаткае, -

                   Ці вінават ці не, -

                   Засудзіць і глытае.

                   Тут скаргі, кваканне ўдвайне

                   І просьба зноў да бога,

Каб даў Юпітэр ім Цара другога,

Бо Цар цяперашні глытае іх, як мух,

Дык нават нельга ім (ну, як жа тут не плакаць?)

І носа высунуць, насмелую паквакаць.

Страшней, чым засуха, ім гэты царскі зух.

«Што ж вы раней шчасліва жыць не ўмелі?

Хіба не мне, - ім з неба быў адказ, -

                   Спакою не было ад вас?

Царом жа вы мне вушы прадудзелі.

Цара ж я даў? Дык скардзіліся вы,

          Што ён паводзіцца занадта ціха.

          Другога даў - занадта баявы.

Жывіце ж з ім, каб горшага не мець вам ліха!»



Пераклад: Кандрат Крапіва

Беларуская Палічка: http://knihi.com