epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Змяя і Авечка

          Змяя ляжала пад калодай,

          Ад злосці курчылася ўся:

          Няма ў яе другога пачуцця,

Так створана яна прыродай.

          А поблізу, ля пня,

Скакала там нявіннае Ягня.

Вось, выпаўзшы, Змяя яму ўвагнала джала,

          Аж у вачах Ягняці цёмна стала;

          У жылах кроў агнём гарыць.

«За што?» - ледзь здолела яно прагаварыць.

«Хто ведае? А можа, ты знарок скакала,

Каб раздушыць мяне? - шыпіць Змяя. -

Праз асцярогу так цябе караю я».

          «Ах, не!» - Ягня сказала

          І зараз жа сканала.

 

У іншых сэрца створана ўжо так,

          Што ў ім любві няма ніяк.

Такі ўжо злой душы не перайначыць,

          І ў кожным ворага ён бачыць...



Пераклад: Кандрат Крапіва