epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Лагвіновіч

Разлукі выраёвыя

З ПАКЛОНАМ ДА РОДНАГА СЛОВА

 

Паэзія - гэта заўсёды выключэнне з агульнапрынятага: жыццёвых прынцыпаў, светапогляду і, нават, маралі. Бо і сама мараль, нормы паводзін выкрышталізоўваюцца ў паэзіі да вышыняў, у будзённым жыцці практычна недасягальных. У тым ліку і самому творцу паэзіі.

Пасляваенным часам дзесяткі тысяч беларусаў зрушыліся са сваіх спадчынных сядзібаў: хто ў пошуках лепшай долі, а хто і следам за рамантычным «савецкім туманам». Так палешучок Іванка з пракаветнага хутара Запрапасць стаў данбаскім шахцёрам Іванам Лагвіновічам. Але ў адрозненне ад іншых паязджан Іванка быў народжаны паэтам, і ў ягонай душы пачалі рыфмавацца, побач з узнёслымі одамі шахцёрскай працы, вобразы з далёкага дзяцінства. Спачатку на той жа мове, якою размаўляў Данбас, - савецкай, бо рускай назваць яе можна было б з вялікай нацяжкай.

Але не ўкладваліся асвечаныя настальгіяй дзяцінства бярозавыя гайкі, вірлівая рачулка з росным поплавам і мяккім шаргаценнем касы, грыбныя туманныя раніцы ў выжараную на стэпавым сонцы, пакрытую вугальным пылам мову Данбаса. Не, вершы былі - і яны ахвотна друкаваліся мясцовай перыёдыкай, але з душы прасілася нешта іншае, светлае і загадкавае, як дзяцінства.

Так данбаскі шахцёр з палескага хутара Запрапасць станавіўся беларускім паэтам. І на працягу трох дзесяткаў гадоў пеставаў у сваім сэрцы, разам з роднымі вобразамі, родную мову.

А калі, з антракозам у лёгкіх, вярнуўся на Палессе, то не знайшоў ні роднага хутара, ні родных вобразаў, ні... роднай мовы:

 

На світанку філосаф-дзівак Дыяген

з перакуленай бочкі вылазіў.

І па вуліцах людных хадзіў з ліхтаром -

у натоўпе шукаў чалавека.

Я, напэўна, не меншы сучасны дзівак:

на вяселлях, у крамавых чэргах,

на прыпынках аўтобусных пошук вяду

беларуса сярод беларусаў.

 

Гэты боль па страчанай Радзіме стаў ці не галоўным стрыжнем паэзіі Івана Лагвіновіча. Нам, тутэйшым, прызвычаеным да зменаў, што адбываліся побач і ў нас саміх, ягоная паэзія зноў і зноў нагадвае пра абсурднасць і ненатуральнасць гэтых зменаў. Бо разам з мовай, з культурай, носьбітам якой і з'яўляецца ў першую чаргу мова, мы страчваем саміх сябе.

 

Над вечнай дарогай

юдолі зямной

плыў зорысты вечар.

Расліны пілі

сырадой туманоў

з далонек лісточкаў.

На вузкім падворку

калгаснік-цыган

распальваў агонь

і плакаў.

 

Мы, жывучы ў сябе на Радзіме, становімся падобнымі да адарваных ад родных каранёў шукальнікаў прывіднага шчасця. І вецер гісторыі, нібыта перакаці-поле, нясе нас невядома куды. Але страціўшы мінулае, мы губляем будучыню...

І таму паэт з хутара Запрапасць піша вершы - «пра чыстую любоў да Беларусі».

 

Мікола Пракаповіч

 

НАКАНАВАНАЕ І НАБЫТАЕ

 

Акрасанет

 

І да мяне наведваецца Муза,

Выводзіць з меланхоліі душу.

Апанаваны роздумам, пішу

Натхнёны верш пра долю беларуса.

Лаўлю былых гадоў, стагоддзяў шум,

Адкопваю засыпанае друзам.

Гратэскавых імперый і саюзаў

Вяду разбор, маральны суд вяршу.

Ідыліям лагоднага жыцця

Не шмат адмерана ў мінулым часе.

О мой народ! Дапі цярпення чашу,

Вазьмі свой меч зазубраны і сцяг,

І шчыт вазьмі з выяваю Пагоні -

Чакаюць змагароў за волю коні!

 

 

Верш чысціні

 

Спачатку я ў кватэры прыбяруся:

памыю «пасівелую» падлогу,

павыціраю пыл і павуцінне,

стол засцялю абрусам светлым.

 

Затым умыюся і сам

з сунічным пахкім мылам,

адзену беласнежную кашулю

і лепшы свой, святочны гарнітур.

 

Стварыўшы знак крыжа перад сабою,

прачулую малітву прачытаю,

спагадлівага Бога папрашу,

каб даў натхнення.

 

І з чыстым сэрцам,

чыстымі рукамі

вазьму я чысты ліст паперы,

за чысты стол пісьмовы сяду

ў пакоі чыстым

і запішу лірычны верш

пра чыстую любоў

да Беларусі.

 

 

Паэзіі

 

Ці то ў гульбе,а ці ў журбе,

У час змяркання і світання,

Я зрокам сэрца - да цябе,

Мая паэзія святая!

 

Не пакланяўся варажбе, -

Задума грэшная, пустая.

Прароцтвы праўды - ад цябе,

Мая паэзія святая!

 

 

Камень памяці

 

На грудках - буркуны, палыны,

край лагчын - багнікі, буякі...

У абшарах балотных, лясных -

азярын, выжарын светлякі.

 

Здані продкаў між светлых бяроз,

дзе жылі, дзе былі хутары...

Камень памяці мохам парос -

не гніе і ў агні не гарыць.

 

Ён услаўлены быў святаром

як адметная веха зямлі.

Памятае былых ваяроў,

што на бітву за волю ішлі.

 

Камень ростані, помнік гадам,

непаўторным за зместам сваім.

Я ніколі яго не аддам,

стану вартай ахоўнай пры ім!

 

 

Пакланяюся роднаму слову

 

Тры ясені, клён і чатыры вярбы

Сышліся ў гурточак ля весніц:

На ветры скразным без журбы і жальбы

Спяваюць спрадвечныя песні.

 

Хіба ўпершыню сустракаць халады

Палескім вынослівым дрэвам?

Тут людзі жылі ад бяды да бяды,

Як быццам ім шчасця не трэба.

 

Не цар - дык кароль. Не вайна - дык пажар.

Не вымакне што - дык засохне.

Ну, як ты абыдзеш скрыжалі ў крыжах?

Куды ты ўцячэш ад бяссоння?

 

А пушча шумела, чаромха цвіла,

Гулялі на выгане дзеці.

І песня з народам заўсёды жыла -

Красуня ў рыззі ліхалецця.

 

Вось так і збярог селянін-паляшук

Сваю адмысловую мову.

Я голаў схіляю, як вершы пішу,

З паклонам да роднага слова.

 

 

Роздум

 

Дагарэла чыясьці зорка...

Не мая яшчэ, не мая.

Ці даўно на вяршыні ўзгорка

палавіны жыцця

                  стаяў,

азіраўся назад, падлічваў,

што, калі, дзе і як зрабіў.

Зразумеў: захаплення клічнік

ставіць рана - не зарабіў.

Шмат памылак, агрэхаў, хібаў

дапускаў, бо такі быў час.

Прытвараўся нямою рыбай,

калі трэба было крычаць.

Сам ніколі не браў чужога,

ды не раз назіраў крадзеж.

Не схапіў за руку нікога,

быццам і не ў той бок глядзеў.

Саслабелых душой не песціў,

знахабнелых не дакараў.

Суцяшае адно: не бэсціў

мову продкаў і родны край.

 

 

Каляровыя сны

 

Я тады толькі бачу

каляровыя сны,

калі часам прысніцца

родны край незабыты,

светлай памяці хутар,

рай часовы зямны,

ручнікамі чаромхаў

і бяроз апавіты.

 

Там сунічны, бруснічны

ці малінавы дзень

і не проста клякоча -

Богу моліцца бусел.

Для мяне толькі там

кветка шчасця цвіце -

на грудку неўзараным,

на някошаным лузе.

 

 

Хутаранка

 

За чыстым полем, за цёмным лесам,

за невысокаю гарой

на хутарочку жыве Алеся

з катом, сабакам і казой.

 

Хацелі ў горад забраць Алесю.

Яна сказала рашуча: «Не!

Не пражыву я трох дзён без лесу.

І адчапіцеся ад мяне».

 

 

Памірае паэт

 

Памірае паэт.

Пры дарозе лясной памірае.

Два анёлы ляцяць

на святло пакаяннай душы.

Небны колер вачэй

пуцявіннем сухім выгарае.

І не мроіцца муза,

а бачацца толькі крыжы.

 

Адступае жыццё, адыходзіць...

Не, не - адлятае!

Разам з буслікам белым

над лотаццю даўняй вясны.

Яго славы нягучнай

крушынавы куст аблятае.

А лаўровых вянкоў

ён не бачыў і нават не сніў.

 

Нарадзіцца б яму

армянінам, эстонцам, карэйцам,

акружалі б цяпер

не самлелыя ў спёку кусты...

Спачувальна-жалобна

ўздыхне нахілёнае дрэўца

і замест медзякоў

пакладзе на павекі лісты.

 

 

Пілігрым

 

Завіруха. Поле. Ноч.

Падарожнік адзінокі.

Ледзянога ветру нож

так балюча рэжа шчокі.

 

Згаслі зоркі і агні.

Гасне кволая надзея.

Аднаколерны ручнік

тчэ навобмацкі завея.

 

Свет раз'юшаны раве,

выклікае з пекла здані.

Адзінокі чалавек -

уцякач альбо выгнанннік.

 

Даграбецца да мяжы,

наліп з вопраткі абтрусіць...

Міласэрны, памажы

пілігрыму Беларусі.

 

 

Настальгія

 

Над вечнай дарогай

юдолі зямной

плыў зорысты вечар.

Расліны пілі

сырадой туманоў

з далонек лісточкаў.

На вузкім падворку

калгаснік-цыган

распальваў агонь

і плакаў.

 

 

Чорная дарога

 

Ля чорнай дарогі быў

і бачыў сляды пачвары.

З цяжарнае смогам хмары

на дол церусіўся пыл.

Асунуўся хісткі дах

з нямоглых плячэй будынка.

У вокнах - зяўрастых дзірках -

завяз набрынялы жах.

Трымцелі на скразняках

шкілеты скалелых дрэваў,

і прывід прамаці Евы

між чорных камлёў блукаў.

 

 

Дзівакі

 

На світанку філосаф-дзівак Дыяген

з перакуленай бочкі вылазіў.

І па вуліцах людных хадзіў з ліхтаром -

у натоўпе шукаў чалавека.

Я, напэўна, не меншы сучасны дзівак:

на вяселлях, у крамавых чэргах,

на прыпынках аўтобусных пошук вяду

беларуса сярод беларусаў.

 

 

* * *

 

Апоўначы трывожна прахапіўся

і подбегам - адразу ж да акна:

мне падалося, недзе нешта грымнула,

ды так, што здрыганулася зямля.

У краі тым, дзе след мой зарастае,

за многа гарадоў адсюль і вёсак

на дол упала з коміна цагліна -

бацькоўская развальваецца хата.

 

 

Ад сябе ўцякаю

 

Касмылі халоднай цемры

навісаюць з хмар.

Ад уяўных колкіх церняў

засланяю твар.

 

У такую ноч і воран

не ўзмахне крылом,

надалей закляты вораг

прыхавае зло.

 

А навошта мне бадзяцца,

бегчы ад людзей?

Ад сябе хачу схавацца,

ды не знаю, дзе.

 

 

Набытак

 

За дзяцінства нішчымнае ў зрэб'і,

за юнацтва ў слаце ды бядзе

атрымаў кампенсацыю срэбрам -

вось яно: сівізна ў барадзе.

Шчыраваў і з рыдлёўкай, і з молатам,

стаў бататым на беднай зямлі:

самародкамі чыстага золата -

на далонях маіх мазалі.

 

 

Ручай паэзіі

 

Ручай паэзіі маёй,

адчуўшы волю,

бяжыць па кветкавых лугах,

па чыстым полі,

вітае светлыя гаі,

жартуе з борам,

а вось пачатак ён бярэ...

з крыніцы болю.

 

 

Нацыянальны сорам

 

Не ганаруся я і не саромлюся,

што мне было наканавана лёсам

у запаветны час на свет з'явіцца

без дапамогі акушэрскай службы

ў сялянскай хаце з саламяным дахам,

з нішчымніцай заўсёднай на стале

і што сярод маіх сумленных продкаў

князёў вялікіх, графаў знакамітых

і нават шляхты дробнай не было.

 

А вось, калі пішу на роднай мове

і слоў, забытых намі, так бракуе,

мне хочацца ад сораму заплакаць,

згарэць ці праваліцца скрозь зямлю.

 

 

Балада пра цвікі

 

Заржавелыя плешкі ўпрыцмок цалавалі

Варанёнае сталі байкі малаткоў:

На Палессі паўстаўшых сялян катавалі,

Заганялі паболей у целы цвікоў.

 

Неахвотна жыццё ад ахвяр адлятала...

Дзед сівы жалкаваў на смяротным крыжы:

- На будову жытла нам цвікоў не хапала,

А для справы ганебнай - во колькі ляжыць!..

 

 

Ляда

 

Не хацеў сініцу ў рукаве -

З неба жураўля чакаў-выглядваў...

Па духмянай паплаўной траве

Прыблукаў да горычнага ляда.

 

Дзіды абгарэлых верасоў,

Вываратняў жудасныя горкі...

Не чуваць птушыных галасоў,

Не відаць увішнае вавёркі.

 

Скрушная, здранцвелая зямля,

Шэры попел гліцы ды лістоты...

Адчуваю сам, сваёй істотай,

Як апёкі на кары смыляць.

 

 

Сын сваёй эпохі

 

На беразе юнацтва былі са мною побач

Любоў, Надзея, Вера - натхняльніцы мае.

Хацелася стаць яркай, адметнаю асобай,

Што добры прыклад іншым смяротным падае.

 

Ах, мары-летуценні - жаданняў светлацені!..

Сцэнарый свайго лёсу перарабляў не раз.

Сыходзіла надоўга Любоў з жыццёвай сцэны,

І радаснаму сонцу я быў тады не рад.

 

Надзею рэчаіснасць сур'ёзна не ўспрымала,

Не часта дазваляла ёй крылы распрамляць.

Знявераная Вера разгублена блукала

Між зоркай Віфлеемскай і зарывам Крамля.

 

Не трапіў у эліту абраннікаў фартуны, -

Спрытнейшыя адцёрлі з дарогі на Алімп.

Вярэдзіў падсвядомасць нагорны голас трубны,

Слых лашчыў панславянскі карчомны п'яны ўсхліп.

 

Змагаліся за крэслы правадыры і босы,

Адны з адных зрывалі лаўровыя вянкі.

Я хутка прывучыўся ў натоўпе безгалосым

Падтрымліваць уладу мацнейшае рукі.

 

Суседзі не хвалілі: маўляў, які харошы,

Усімі паважаны на службе і ў сям'і.

Я - сын сваёй эпохі. Не лепшы і не горшы

За многія мільёны сучаснікаў сваіх.

 

 

* * *

 

Землякі мае п'юць...

За прыгожую байку

ўсё, што ёсць, прадаюць.

Я куплю ў іх сабаку.

Ён жыве без маны

нізавой і элітнай.

Тупнуў конь вараны,

свіснуў вецер блакітны.

Як набралі разгон,

да Масквы так і шпараць.

Вылятае з мазгоў

непатрэбная памяць.

 

 

Жорсткасць

 

Каляным сухаром параніў палец,

калі яго ў нішчымны суп ламаў.

Пачутае раней прыйшло на памяць:

на жорсткасці трымаецца турма.

Усё тут жорсткае: святло, паветра,

да болю ў рэбрах жорсткая пасцель,

і камера сама - два на тры метры -

сціскае жорсткай каменнасцю сцен.

Адрывістыя жорсткія каманды,

і жорсткі распарадак шэрых дзён,

каб адчуваў сябе ты арыштантам

і ў час, калі агорне жорсткі сон.

 

 

Трэці круг пекла

 

Трэцім паскам бяды,

агароджай без жэрдак

апярэзвае свет мой,

пакутніцкі лёс

дыктатура смаўжоў,

павукоў ненажэрных,

дэгустатараў боляў

народных і слёз.

 

Трэцяй пугаю б'юць

па лапатках, па лытках,

заганяюць у новы

прыдуманы рай.

Пад пятою прадажных

хлуслівых палітыкаў

быў і ёсць занядбаны,

знявераны край.

 

Трэці кляп кулаком

заганяюць у зубы

і заносяць ужо

аўтаматны прыклад,

каб ім Белую вежу

аддаў я на згубу,

каб імперскае вежы

абломкаў не кляў.

 

 

* * *

 

У браме вясёлкі, пад сцягам бярозы,

На тканым з травы дыване-дзірване -

Зусім малады, яснавокі, цвярозы -

З рамонкамі разам душою квітнеў.

 

За мною стаяла адданае войска

Падгалістых клёнаў, магутных дубоў.

У вочы глядзела радзінная вёска -

Святая і светлая ў свеце любоў

 

Над нівай жытнёваю жаўранак спеўны

Крывінкай зямнога жыцця пульсаваў.

Пагоднае лета прарочылі пеўні,

Укосы багатыя на паплавах.

 

Усё, што спявала, звінела, шумела,

Што дзеля пладоў і зярнятаў цвіло,

Было да канца, да драбніц зразумелым,

Ад шчодрага сэрца Прыроды ішло.

 

Яшчэ не абкураны дымам спакусы,

Яшчэ не паранены кулямі здрад,

Хіба ж у той час, летуценнік бязвусы,

Я мог здагадацца аб горычы страт?

 

Як быццам прайшлі не гады, а стагоддзі,

І сам я па той бок экватара жыў, -

Здаецца, і сонца не там узыходзіць,

І рэчка па рэчышчы іншым бяжыць.

 

Не радуюць вока эфектныя змены, -

Яны набліжаюць да суднага дня!..

На целе зямлі перарэзалі вены,

А кроў так ніхто й не бярэцца суняць.

 

 

Маналог Максіма Багдановіча

 

Не ўзыду на памост

да счарнелае жудаснай плахі,

на якой склюд пакінуў

нямала лязовых штрыхоў, -

на ахвярны касцёр

узнімуся акрыленым птахам:

на абрад пакаяння

і для адпушчэння грахоў.

 

Хай дашчэнту згарыць

маладое збалелае цела,

але з полымя вылеціць

зыркай іскрынкай душа:

будзе зоркай яна

загарацца штовечара ў цемры,

саслабелых душою,

спакутаваных суцяшаць.

 

У такую цяжкую,

такую ліхую часіну,

калі горычна Ёй,

калі крыўдна і роспачна Ёй,

не магу я пакінуць

маю дарагую Краіну -

застануся ў начах Яе

зорачкаю вартавой.

 

 

Сейбіт

 

На смерць Міколы Ермаловіча

 

Прачытаў балючыя радкі -

змізарнела ўсё вакол і зблякла...

Пясці сашчаміў у кулакі,

зубы моцна сцяў, каб не заплакаць.

 

Быццам перад выбарам стаю,

перад фактам нечаканай страты:

выпусціў з азяблых рук сяўню

дбайны сейбіт гістарычнай праўды.

 

...І пачуў я горні кліч трубы -

вызваліўся з путаў утрапення.

Трэба рыхтавацца да сяўбы:

ён пакінуў добрае насенне.

 

 

Не магу

 

Над няшчаснаю доляю скрыпкай Амаці

Плача вецер спагадліва ўночы і ўдзень:

Беларусь - шматпакутная хворая маці

Неразумных, аблудных, няўдзячных дзяцей.

 

Хоць і ведаю, Бог справядліва карае

За бязроднасць, бязмоўнасць, за п'яны разгул, -

Раўнадушна глядзець, як народ вымірае,

Не магу - з ветрам плачу і я. Не магу!..

 

 

* * *

 

Вынаходнік памылак, няўдач і дылем,

Выхаванец крутога прагрэсу,

Што ні год - адыходжу далей і далей

ад прыземленай мудрасці лесу.

 

Давядзецца наноў гэты свет адкрываць,

Хоць і позна - жыццё на зыходзе...

Як што-небудь наважуся зноў будаваць -

Буду ўзору шукаць у прыродзе.

 

 

* * *

 

Акно ў нябёсы адчыніў -

І жураўля свайго чакаю.

Яму насустрач не гукаю

І не адпуджваю сініц.

 

Хрыстос цярплівасці вучыў

Дзеля лагоды неўміручай;

І я, ягоны сціплы вучань,

Гляджу спакойна ў далячынь.

 

За светлы міг жыцця плаціць

Даводзіцца высокай мерай.

Не наракаць, чакаць і верыць -

І журавель мой прыляціць!

 

 

* * *

 

Як упаў ён, сустрэўшыся з дзідай,

на скапычанай коньмі мяжы,

раскалолася сонца на часткі,

загарэўся сухі небасхіл.

 

Выйшла з яркага полымя маці:

неакрытая - хустка ў руцэ.

- І чаго ты ляжыш тут, сыночак?

Пад табою ж сырая зямля.

 

 

На вышыні

 

Шляхоў сучасных каляіны,

людзей, будынкі іх, машыны

там - ля ракі, на дне даліны -

пакінуў я,

каб тут, на вышыні арлінай,

дзе цвердзь зямлі сышлася клінам,

пад ногі кінуўшы хмарыну,

між гор стаяць.

 

Крутую выбраў я дарогу,

спазнаў сумнеў, спазнаў трывогу,

але, адолеўшы знямогу,

сюды ўзышоў.

І ля нябеснага парога

спыніўся сцішана і строга,

бо ў момант той прысутнасць Бога

адчуў душой.

 

 

На дворышчы

 

У яблыні выгляд сірочы.

Слупы дагнілі на мяжы.

Нагорнуцца слёзы на вочы

Ад думкі, што я тут чужы.

 

Мой хутар!.. Як рэзка і крута

Дарогу жыцця доля гне.

Былой цеплынёю ахутай!

Няўтульна і холадна мне.

 

 

Сябрына

 

Прахне ружовае цельца

кволай астатняй жарыны.

Ціха канае цяпельца

сумнай сустрэчы-сябрыны.

 

Вырашылі - і сышліся,

без запрашэння паселі,

слухалі гутарку лісцяў,

полымю ў вочы глядзелі.

 

Песнямі не ўшанавалі

зораў і росаў Айчыны:

даўнія - пазабывалі,

новых - шчэ не развучылі.

 

Дзеці пакінутых вёсак,

тлумнага часу бадзягі,

клянчылі ў гонкіх бярозак

вытрымкі іхняй, адвагі.

 

 

Знайшлося слова

 

З мінулага часу,

з буслінага краю,

дзе рэха лясное

і поле льняное,

з'явілася слова,

забытае мною,

змарнелым дзіцяткам -

у сэрцы люляю.

 

 

* * *

 

Люблю харавыя спевы

Людзей, птушак, пчол.

Дзе хорам спяваюць,

Там - згода.

 

 

* * *

 

Аб сабе паклапачуся сам.

Бог на тое розум даў і рукі,

каб муку адрозніваў ад мукі,

лыжкай еў, а ручкаю пісаў.

 

Ападае зорная раса.

Пачынаю справы без прынукі.

Хай яшчэ паспяць сыны і ўнукі -

аб сабе паклапачуся сам.

 

 

Арандатары

 

Такое ганебнай няволі

і д'ябал не змог бы прыдумаць:

браты мае моўнае поле

ў суседзяў сваіх арандуюць!..

 

 

* * *

 

Смерць мая не стане цяжкай стратай.

Роспач вашых сэрцаў не кране.

Я не быў ніколі герастратам.

Хутка вы забудзеце мяне.

 

 

Малітва беларуса

 

Святы божа, святы моцны, святы несмяротны!

Пакажы нам шлях збавення - годны, незваротны.

 

Абаронца справядлівы і суддзя праўдзівы -

Бездакорны, незаменны, на ўвесь свет адзіны!

 

Ты - найпершы й найапошні, Божа ўсюдыісны!

Бачыш нашага бязладдзя выступы-крывізны.

 

Знаеш нашых змрочных думак хібы і заганы,

Як вакол няшчасцяў-бедаў ходзім мы кругамі.

 

Заблудзіліся ў грахоўных лабірынтах цемры:

Кветку-Папараць шукалі ў зарасніках церняў.

 

Прымушалі нас маліцца ідалам «паганскім»,

Зневажалі, выганялі з цэркваў хрысціянскіх.

 

Міласэрны, добры Божа! Дай надзею - грэшным,

Выведзі з палону здзекаў, ацалі, суцеш нас;

 

Бо ты ведаеш, якія мы панеслі страты

На шляху да лепшай долі, да святла і праўды.

 

Покуль што Твой ратавальны непагасны светач

Не наблізіўся да явы з мары запаветнай.

 

Уладару ўсемагутны! Будзь заўсёды з намі,

Памажы на землях продкаў стаць гаспадарамі.

 

Навучы на роднай мове гаварыць і слухаць.

У імя Айца і Сына і Святога Духа.

                                                Амін

 

 

МІЖ КВЕТАК І ЦЕРНЯЎ

 

 

Каля акна

 

Вывучана сцяна

ўпоперак, як і ўздоўж.

Сяду каля акна,

буду глядзець на дождж.

 

Дзень, а ў кватэры змрок,

хоць запалі святло.

Падае з хмары смог

разам з вадой святой.

 

 

Дарога

 

Азмрочыўся вечар. Паволі аціх

Рух колаў і ног чалавечых.

Дарога вачніцамі лужын сваіх

Глядзіць у касмічную вечнасць.

 

Дакладна стараецца запамятаць

Сузор'і, хоць іх вельмі многа.

Як высахне ў лужынах плыткіх вада,

Надоўга аслепне дарога.

 

 

Начніца

 

Пашкадуй свае крылцы, начніца,

Не ляці на адкрыты агонь.

Свет суровы, і трэба вучыцца

Пазбягаць небяспечных прыгод.

 

Ашукаецца ў сувымярэннях

Заварожаны полымем зрок.

Датыкнешся да тайны гарэння -

Атрымаеш смяротны апёк.

 

Набліжацца да полымя жарсці

Можна з вопытнай, мудрай душой.

Выбачай, я не дам табе ўпасці

Па той бок - за жыццёвай мяжой.

 

Ля агню я знайшоў прымірэнне

З адзінотай, маркотай, тугой.

Не хачу, каб агмень суцяшэння

Стаў прычынаю смерці тваёй.

 

 

* * *

 

Ціхі дождж з прыдарожнага вяза

жменю золата сёння намыў.

Вось і ружа апошняя звяла,

хоць далёка яшчэ да зімы.

 

Ападаюць дрыготкія кроплі,

абсыхаюць галінкі, сукі.

Павучыхі бяруцца за кросны -

танканітыя ткаць ручнікі.

 

Разгараецца бабіна лета

пасля замаразка і дажджу.

Ласкай неба зямля адагрэта.

Як сагрэць, абязболіць душу?

 

 

З дарогі

 

Не сцялі, о край мой, не сцялі

Дываноў расквечанных пад ногі.

Я пайду па пожні, па раллі,

Па пяску прасёлачнай дарогі

Да пагоркаў родных, да бяроз,

Да крыніц, што п'юць празрыстасць неба...

Гэтай дабрашчаснаю парой

Павітацца мне з усімі трэба.

Сэрца б'ецца так, што аж звініць

Лётнаю пчалою кроў у скронях.

Запалі агеньчыкі суніц,

Дай мне патрымаць іх на далонях.

 

 

Камяні

 

Камяні, камяні, камяні -

як паветра, як ночы і дні.

Зло за пазуху камень кладзе,

неадступна за праўдай ідзе.

Камень болю на сэрцы ляжыць,

хоча камень душу задушыць.

Камень помсты ляціць наўздагон,

камень неўрадзі ўпаў на загон.

На шляху да крыніц чысціні -

камяні, камяні, камяні.

 

 

Вяртанне

 

Бярозы, асіны, крушыны...

Балоты, лугі і палі...

Галінку калючай ажыны

Сціскаю, і мне не баліць.

 

Праз цемру - па твані, па гліцы,

Праз церні сучасных галгоф

Прайшоў я. Дазволь прытуліцца,

Радзіма, да промня твайго.

 

 

Дарога на хутар

 

На той дарозе, што вяла на хутар,

цяпер буяе дзікая трава.

У ёй гніе вяровачнае пута,

і вузел - бы ў вужакі галава.

 

А я травы той жорсткай, не мурожнай,

наскуб нязграбна - да грудзей тулю.

Зрабілася і млосна, і трывожна:

баюся - сэрца ў скрусе апалю.

 

Сагнаны лёсам з хутара ляснога,

прытулку ў свеце так і не знайшоў.

Напрыканцы быцця свайго зямнога

сюды вярнуўся з хвораю душой.

 

 

У гасцях у сястры

 

Цуруболіць дождж без перапынку

Ды такі - дзвярэй не прачыніць.

Як пагляну на сястру Паўлінку -

Сэрца спачувальна зашчыміць.

 

Млосціцца, пакутуе Паўлінка:

Раматуз бяздзеяння гняце.

Часта-густа падаюць дажджынкі,

Бурбалкі ўзбіваюць на вадзе.

 

- Мо,ты ў спальню пойдзеш ды прыляжаш?

Годзе ўжо ўчарашні цень таптаць!

- Я купіла ў Ганцавічах пражы -

Трэба б на клубочак наматаць.

 

Мякка абхапіў мае запясці

Казытлівы бэжавы вянок.

Каб не гора, не было б і шчасця:

Дождж ідзе - сястра ўвесь дзень са мной.

 

 

Добрая прыкмета

 

Чакаю прыемных навін:

надоечы нада мною,

калі я на беразе Шчары стаяў,

буслы два

кружыліся доўга.

 

 

Жаўнерскі ліст

 

Выйдзе сонца з-за бору, пройдзе ціха па хаце:

Гэта я пасміхнуўся табе, добрая маці.

 

Заплятуцца праменні ў валасах каля скроняў:

Я здалёк дакрануўся да іх цёплай далоняй.

 

Пойдзеш ты цераз поле - пад калінай крыніца:

І з жаўнерскай біклажкі ў ёй жывая вадзіца.

 

Ля шырокага броду гнуцца тонкія клёны:

Я табе, дарагая, адбіваю паклоны.

 

А за полем, за бродам - луг квяцісты без краю:

Твае сцежкі-дарожкі дыванамі ўсцілаю!

 

 

* * *

 

На самотным шляху сярод чыстага поля

Нават жаўранка ў небе чамусьці няма.

Нечакана пачуўшы: «Ах, Янка-саколік!..»,

Па баках азірнуўся і выгукнуў: «Ма-а-а!..»

 

Схамянуўся і ўспомніў, што я на чужыне.

Мне прымроіўся хутар дзяцінства і сад.

Тут, за полем - ажыннік густы ды шыпшыннік.

Трэба збочыць. А можа, вярнуцца назад?

 

Голас маткі-нябожчыцы сумным папрокам

Не аднойчы па сэрцы балюча джгане:

Адзінокая хата з крыжамі на вокнах

За палямі, лясамі чакае мяне.

 

 

Цені мінулага

 

Пакацілася сонца з лясістай гары,

Бы клубок старадаўні з прыполу.

Ды заблытаўся ў голлі апошні прамень

Залацістай кужэльнаю ніткай.

 

І на схіле паўднёвым ядлоўцавы куст

Мне нагадвае даўняга продка,

Што ішоў на вяршыню вось гэтай гары

Перад сном памаліцца Ярылу.

 

 

Цярновы вянок

 

Над цішай

нямых вечароў і світанкаў,

над травамі

ў радыяцыйнай расе

цярновы вянок

апусцелай буслянкі

за ўсіх вінаватых

дуб-волат нясе.

 

 

* * *

 

Халодныя вочы кастрычніцкай ночы,

навошта мяне вы хацелі сурочыць?

Ад сонца і кветак мінулага лета

душа яшчэ высветлена і сагрэта.

Грудок зелянее, і неба сінее,

азімае жыта так міла рунее.

Лісточка апошняга ў золкі пясочак

з галінкі не збіў маразоў малаточак.

Яшчэ я ахвочы да песень дзявочых, -

не трэба заўчасна маркоту прарочыць.

 

 

Дзверы

 

Дзверы маёй кватэры

кшталту хрушчоўскай эры -

з дошак і спецфанеры -

вочкам глядзяць з даверам.

 

Іх абмінулі страсці,

і рабаўннік, на шчасце,

не спрабаваў напасці.

Што ён тут мог украсці?!

 

Мо два дзесяткі кніжак?

Некалькі місак, лыжак?

Котку, што костку ліжа?

Ці чаравікі-лыжы?

 

Аберагаюць дзверы.

побыт сірочы шэры,

думак маіх хімеры,

што давяраў паперы.

 

 

У зімовым парку

 

Зімовы парк мяне сустрэў

адкрытасцю безабароннай.

На шэрым фоне ў кронах дрэў

чарнеюць кляксамі вароны.

 

На схіле выхаднога дня -

ні дзетак, ні пенсіянераў.

Сабак шматлікая гайня

абрала парк сваім вальерам.

 

Усюды золкія вятры

злізалі снег і агалілі

струпы, маршчыны на кары,

мох лішаю, кудзелю цвілі.

 

Непаўнацэнная зіма

і ў гэтым выдалася годзе:

адліга слотная й туман

у поўнай згодзе побач ходзяць.

 

Крыху быў снежань пасняжыў,

але студзіць не ўзяўся студзень;

і снег падоўгу не ляжыць -

не хоча ён валяцца ў брудзе.

 

 

* * *

 

На палінялых тратуарах,

дажджамі мытых, снегам пудраных,

мяне сустрэне хутка старасць -

такая ветлівая, мудрая.

 

Прыязна скажа: «Я - з табою

ад сёння і да часу суднага:

звыкайся з немаччу і болем,

забудзь забавы, сходкі людныя».

 

Не будзе болей светлых заўтраў,

з крыніц жыцця не піць напоўніцу...

Кіёчак стане верным сябрам,

на скверы лаўка - палюбоўніцай.

 

 

Агонь прыроды

 

Гарыць на маім акне

ў гарадской кватэры

вечны агонь прыроды:

многа гадоў таму

ў архаічным гаршчэчку

папараць пасадзіў я.

 

 

Туга

 

Затопленыя берагі,

размыты ўсе мае дарогі...

Я сёння п'ю віно тугі

і ем счарсцвелы хлеб трывогі.

 

Бывай, прасторны вольны свет!

Бывайце, вежы на пагорках!

Пішу адчайны запавет:

дым Бацькаўшчыны стаў мне горкі.

 

Упала зорачка мая

на воды цёмныя патопу;

і з поля зроку знік маяк,

што асвятляў акно ў Еўропу.

 

Затопленыя берагі,

размыты ўсе мае дарогі...

Я сёння п'ю віно тугі

і ем счарсцвелы хлеб трывогі.

 

 

Сам-насам

 

Я быў адзін пад месяцам і сонцам,

Сам-насам з таямнічым вабным светам,

Жыў па законах мудрае Прыроды,

Дарогаю дапытлівых ішоў.

 

Анойчы з гаманлівага натоўпу,

Што верыў у жыццё без плённай працы,

Патрабаваў відовішчаў і хлеба,

Ты з пэўнай мэтай выйшла да мяне:

 

- Я бачу, ты свой сцяг у сэрцы носіш

І не ствараеш зманлівых куміраў, -

Дазволь мне абаперціся на посах,

Стаць вернай спадарожніцай жыцця.

 

Спачатку ты была маёй Святланай:

Твая прысутнасць сагравала сэрца.

Здавалася: яшчэ адно Купалле -

І кветку шчасця я з табой знайду!

 

Дзівак!.. Праз нейкі час ты ўжо Заранай

З'яўляцца стала разам з цемрай ночы.

На адпачынак.Справы дзён вірлівых

Былі ў цябе асобна ад маіх.

 

Пад музыку манкуртаў і мутантаў

Распуста набірала моц і сілу...

Ты ад мяне пайшла ў садом Сняжанай,

Растала там ля вогнішча грахоў.

 

Я зноў - адзін... У верасні і ў траўні.

Сам-насам з неспакойным, грозным светам.

Жыву, як мне падказвае сумленне,

Дарогай нечаканасцей іду.

 

 

Чарадзей перадзім'я

 

У пахмурны кастрычніцкі дзень,

натаміўшыся ў доўгай хадзе

(шчэ знаходзіў грыбы дзе-нідзе),

прыпыніўся на выспе-градзе.

 

Басам вецер у кронах гудзеў;

і лісток, што зжаўцеў, ззалацеў, -

не хацеў ён таго ці хацеў -

мне пад ногі з галінкі зляцеў.

 

Я, паставіўшы кошык, глядзеў,

як упэўнена лесам ідзе -

па пяску, па траве, па вадзе -

перадзім'я вядзьмак-чарадзей.

 

Павуцінкі ў яго барадзе;

ён слату за сабою вядзе

і, каб сок унутры саладзеў,

іней на журавіны кладзе.

 

 

Бяроза

 

Без лісця аднолькава шэрыя дрэвы.

Адразу не скеміш, дзе ясень, дзе клён.

І толькі бяроза ў снягі і залевы

адвесіць здалёк прывітальны паклон.

 

Праменіцца ціхае, чыстае ззянне

лагоднай усмешкай, святлом навізны.

І кожнае новае з ёй расставанне

на скроні мае дадае сівізны.

 

 

* * *

 

Дождж плача на вулічных лаўках.

Не радасны выдаўся дзень.

Сяброўка мая балалайка,

цябе прыгарну да грудзей.

 

Даволі табе ў футурале

між струн фільтраваць цішыню!

Трэмолістых гукаў каралі

падорым аздобаю дню.

 

Паклічам з мінулага песню,

успомнім дыез і бемоль.

У сэрцы надзея ўваскрэсне,

адступяцца нэндза і боль.

 

Бяды той, што дождж цуруболіць

і ў госці не ходзяць сябры!..

Мы будзем пра сонца з табою

на мове трынь-брынь гаварыць.

 

 

Белы верш пра цёмны вечар

 

Чорны воран цемры несусветнай

Праглынуў і зорачкі, і месяц.

Вецер хуліганіў на дарогах -

Пырскаўся драбнюткаю імжой.

 

Да мяне ў адчыненую фортку

Заляцеў лісток адзін з апошніх,

Скурчыўся на цёплым падваконні

І мікраскапічнымі вачамі

Доўга, зацікаўлена разглядваў

Фотаздымкі, кніжкі на паліцах,

Балалайку і магнітафон.

 

Потым ціхім шэптам-шамаценнем,

Што пачуць душою толькі можна,

Загадаў за стол пісьмовы сесці,

Сіняй пастай на паперы белай

Напісаць пра млосны цёмны вечар

Гэты светлы, гэты белы верш.

 

 

Зімовы камар

 

Нарэшце ўсталявалася зіма:

на ўсім, што бачу, снегу пацяруха.

Калядным госцем завітаў камар,

вядзе свой летні спеў над самым вухам.

 

Парадаксальна! Тут - камар, там - снег...

Няхай жыве ў кватэры на здароўе.

Без той крыві, што высмакча з мяне,

не захварэю я на малакроўе.

 

 

Зімовая мроя

 

Начным бярозам снегавей

прычоскі завівае.

А я прымроіў: салавей

на досвітку спявае;

цвітуць язмін, чаромха, бэз

ля кожнае дарогі;

і я жыву, шчаслівы, без

сумневу і трывогі.

 

 

Данбасу

 

«Бывай» не скажу, прахрыплю «да сустрэчы»,

мой зорны, мажорны, смуглявы Данбас.

Прызнанне такое было б недарэчным,

але развітальны наблізіўся час.

 

Рукой памахаю з прыступкі вагона,

на поўнач памчыць пасажырскі састаў.

Згадаецца песня пра лёс канагона,

якога я ў шахце ў свой час не застаў.

 

Згадаюцца брэмсбергі, квершлагі, штрэкі,

мурзатыя твары брыгадных сяброў...

І будуць звінець пад вагонамі рэйкі

трасамі напятымі шахтных капроў.

 

Я вытру цвярозыя шчырыя слёзы

і толькі тады адыду ад акна.

...У лёгкіх твой вугальны пыл антракозам

насіць мне цяпер да магільнага дна!

 

 

Разлукі выраёвыя

 

1

 

Я разумеў: з балотнай купіны

не зазірнуць за гарызонт.

І вось - білет жаданы куплены,

стаў яваю прыгожы сон.

 

Я еду, матчынай малітваю

расчулены ў расстайны час,

вагон уздрыгвае, парыпвае -

цягнік імчыць мяне ў Данбас.

 

Ляжыць нячытанаю кнігаю

перада мною новы свет.

Душа адно лісточкам фігавым

прыкрыта ад магчымых бед.

 

Дарогу дальнюю, разлучніцу,

не вінавачу, не кляну:

пакінуў хату не ў наручніках,

і не прызвалі на вайну.

 

2

 

Не здабываў шчаслівай долі,

а проста вугаль здабываў.

На кайназойскім чорным полі

прыспеў, як кажуць, час жніва.

 

Аб'явы ў шахту запрашалі,

Данбас рэкордамі грымеў.

Тады гарняк быў у пашане,

хоць грошай не багата меў.

 

І ў антрацытавым калоссі

над кожным зернем - асцюкі...

Нямала поту пралілося

ля той, канвеернай, ракі.

 

Не знаю, што мы будавалі:

сацыялізм ці камунізм, -

мы працавалі, план давалі,

свае запальвалі агні!

 

Цяжэйшай і бруднейшай працы

сам чорт прыдумаць бы не змог.

І ў лазні трэ было старацца,

каб з цела змыць ліпучы смог.

 

А ў сэрцы - радасці прылівы.

Цяпер здзіўляюся і сам:

з чаго я быў тады шчаслівы

і вершы ўзнёслыя пісаў?

 

Відаць, не ўсё былое злое,

не ўсё нагамі дагары,

хоць шляху, пройдзенага мною,

цяперака б не паўтарыў.

 

3

 

Жыццё маё здаецца песняю,

што праспяваю адзін раз.

За годам год - і я на пенсіі.

Вяртацца ў край лясоў пара!

 

Лагодным садам абрыкосавым,

шахцёрскай зоркай над капром

дабраславіў Тарэз, каб лёсіла

ля Белай вежы, за Дняпром.

 

Са мною дзеці пагадзіліся -

сын і замужняя дачка:

жыць трэба там, дзе нарадзіліся,

і кветку-папараць шукаць.

 

Даволі людзям быць бадзягамі,

па дзве, па тры радзімы мець:

разлукі выраю працяглыя

таксама набліжаюць смерць.

 

4

 

Вярнуўся я. Пад ручкі з восенню

іду ў мінулыя гады.

Не зараслі, не зніклі - вось яны! -

дзяцінства дробныя сляды.

 

На згадцы - толькі ўсё харошае.

Паклон - і дрэву, і карчу.

Азмрочваць край слязой няпрошанай

у дзень вяртання не хачу.

 

Зямлю святую, запаветную

манкурцтвам не аганьбаваў.

Апалы ліст кляновы ветлівы

мяне ў шчаку пацалаваў.

 

Хачу пагаварыць з матуляю -

маўчыць магільная пліта...

Паэмы-споведзі прачулае

ёй пры жыцці не прачытаў.

 

 

СЦІШАНАСЦЬ

 

 

Марыся

 

1

 

Дзеразовы вяночак Мырыся спляла,

на галоўку каронай князёўны надзела,

сок бруснічны з высокае шклянкі піла,

вышывала ручнік, на дарогу глядзела.

 

Над канавай кудзеліўся нізкі туман,

і травінкі сям-там вытыркалі кастрыцай.

Трэці тыдзень жаданага госця няма...

Дакараюць браты, упікае сястрыца.

 

Датлявалі кастрычніка золкія дні,

плаўкім золатам з клёнаў лістота сцякала...

Вышывала Марыся кужэльны ручнік

і мяне са сватамі дарэмна чакала.

 

2

 

Паўночны вецер дзьме і дзьме

з асушаных абшараў.

Марыся кажа: - То к зіме, -

і ў хату запрашае.

 

- За вераснем не прыйдзе май,

каму ты ні маліся.

- Грыбоў у лесе ўжо няма,

на дрэвах - мала лісця...

 

- Якія могуць быць грыбы?

Не першы ж дзень халодны.

- Даўненька ўвосень ты не быў

у Малькавічах родных!

 

- Даўно, - згаджаюся, - даўно...

Гадоў прайшло ці мала.

Тады яшчэ верацяно

дзе-колечы спявала.

 

І сцежкі памяці вядуць

па хатах тагачасных.

- Цяпер дзяўчаткі не прадуць -

бягуць у клуб саўгасны.

 

- Канечне, шмат сплыло вады.

Ад спеваў - ані рэха!

- Кахала я цябе тады...

Ты ведаў, а паехаў...

 

- Навошта ў хату завяла?

Што скажуць заўтра людзі?

- Хадзі да гэтага стала:

вячэраць зараз будзем.

 

Бубню, што трэба мне ісці,

што час ужо не ранні.

- Сядзі! Хоць сёння заплаці

за даўнія чаканні.

 

 

* * *

 

У журбе да цябе прыхілюся,

прытулюся душой да цябе;

сівізною своёй пахвалюся:

на сівых, кажуць, мода цяпер.

 

Ты даруй: не хацеў я пра гэта,

але вецер дыхнуў палыном.

Схамянуўся, а ўжо і не лета.

Наша жыта мы зжалі даўно.

 

Мо ваўкі ці цыганскія коні

ўночы выпілі зоркі ў рацэ.

Ні буслоў у лужка на далоні,

ні шпакоў у бярозы ў руцэ.

 

Заікаюся, словы глытаю,

аціхаю душой спакваля...

Нашай долі пара залатая

прамільгнула крылом жураўля.

 

 

Сцішанасць

 

Каля майго нязыркага цяпельца,

Не кажучы нічога, пасядзі.

Няхай мой зрок з тваіх вачэй нап'ецца;

Азалаці душу, амаладзі.

 

Чвэрць веку - ад растання да сустрэчы.

Каханая, няўжо яна не сон?

Сядай бліжэй, ахутай мае плечы

Расплеценаю цёплаю касой.

 

Няхай у вокны зазіраюць зоркі

І вушы натапырваюць куткі...

Развеяў час у розныя бакі

Разлукі нашай дым салёна-горкі.

 

Задрэмле каля плоту куст язміну,

Патушыць ночка гукі і агні, -

Мы паплывем па возеры ўспамінаў

Да берага юнацкай чысціні.

 

Ад той вясны - пялёсткаў пацяруха,

ад тых спатканняў - сцежкі да гаёў...

Заплюшчу вочы, буду доўга слухаць

маўчанне малітоўнае тваё.

 

 

Вянок прызнання

 

У час дажджоў і туманоў

не гавары пра развітанне,

не дачакаўшыся званоў

               світання.

 

Цябе не бачыў я даўно,

было пакутлівым чаканне;

я сумаваў і плёў вянок

               прызнання.

 

Расстання горкае віно

не атруціла спадзявання -

бярог я для цябе адной

               каханне.

 

 

Раманс

 

Я кахаць цябе буду здалёк

самым чыстым, бязгрэшным каханнем,

быццам зорку начны матылёк,

заварожаны месячным ззяннем, -

я кахаць цябе буду здалёк

самым чыстым, бязгрэшным каханнем.

 

Светлынёю высокага дня,

цішынёю глыбокае ночы

я цябе беражліва абняў

на самотнай дарозе сірочай -

светлынёю высокага дня,

цішынёю глыбокае ночы.

 

Азірніся і глянь у той бок,

дзе бяроза мая над крыніцай:

дрэва-свечку паставіў сам Бог,

каб я мог за цябе памаліцца.

Азірніся і глянь у той бок,

дзе бяроза мая над крыніцай.

 

Ты - пакуты маёй вастрыё,

мае думкі заўсёды з табою,

у грудзях маіх сэрца тваё

несусветным заходзіцца болем, -

ты - пакуты маёй вастрыё,

мае думкі заўсёды з табою.

 

І тугі па табе не суняць

звонкай радасцю раніцы весняй.

Застанешся да суднага дня

ты маёй лебядзінаю песняй.

Мне тугі па табе не суняць

звонкай радасцю раніцы весняй.

 

 

Два ліхтары

 

Я табе пацалункі дарыў,

да пяшчоты і ласкі ахвочы.

Твае грудзі, як два ліхтары,

сярод ночы сляпілі мне вочы.

 

З той пары шмат самотных начэй

адышло разам з шэрымі снамі;

і рака недаверу цячэ,

пашыраючыся, паміж намі.

 

Ды калі за акном загудзе

вецер роспачы, ломячы вецце,

ліхтары прыцягальных грудзей

суцяшальна з мінулага свецяць.

 

 

Чакаю цябе

 

Чакаю цябе, а прыходзіць другая,

Займае пачэснае месца тваё.

У вочы глядзець з ёй штораз пазбягаем,

Як быццам сумленне сваё прадаём.

 

Маўчым. Не прадзецца ўзаемнасці нітка:

Станчаецца, рвецца - адкуль ні пачні...

Сталу і таму зразумела: не выткаць

Трывалае лучнасці гожы ручнік.

 

І думаю я: «А навошта ўсё гэта?

Куды мы, дзве розныя птушкі, ляцім?»

Гаворыць яна: «Пасябруем да лета,

Да цёплых дзянёчкаў, а там - паглядзім...»

 

Куды ці на што паглядзім - невядома.

Аднак мне вядомы згрызоты яе:

Ахвяра сямейнага мікрасадома

Залечвае грэшныя раны свае.

 

Утульна і весела ёй у кватэры,

Дзе з музай і музыкай зжыўся паэт, -

Прыхільнасць Любові, Надзеі ды Веры

Вяртае ў азмрочаны набрыддзю свет.

 

Дасць Бог, ачуняе і нізкія хмары

Рукамі пад сонцам сваім развядзе.

На голас маёй незласлівай гітары

Тады ўжо не прыйдзе ні ўночы, ні ўдзень.

 

Няхай сабе іншы прытулак шукае.

Такой знерваванай ці ж я дагаджу?

І ў святы, і ў будні цябе я чакаю,

Бы ў спёку сплытчэлы калодзеж дажджу.

 

 

* * *

 

Калі пойдзеш ты ад мяне

па вясёлай ад ззяння вуліцы,

пацямнее бялюткі снег,

і абапал дамы ссутуляцца.

Калі пойдзеш ты ад мяне

і пад зорку сустрэч не вернешся,

засумую, але ў вясне,

што прыйшла з табой, не зняверуся.

 

 

* * *

 

Што было - у нябыт сплыло.

Расстемся без шкадавання:

Не ўзышлі васількі кахання -

Зерне мары не прарасло.

 

 

Незабыўнае

 

Я помню дні тваіх вачэй

і ночы валасоў,

здзіўленне першых дзьмухаўцоў,

чаромхаў белы сон.

 

Спяваў птушыны зводны хор,

іграў аркестр лясоў,

і першацвет нас акрапіў

бальзамавай расой.

 

Было... Цяпер звініць пчала

над выспай верасоў...

Не, гэта голас твой ляціць

у сёння з тых часоў.

 

 

Двое ў начы

 

Карцела знайсці куточак

далей ад святла і шуму,

ад поглядаў і падглядаў.

 

Пабраліся мы за рукі,

нырнулі ў туман глыбокі -

і нас паглынула цемра.

 

Сышоўшы з дарогі бітай,

адчулі ў бязлюдным полі

прыемную лёгкасць целаў.

 

Драмала ў даліне вечнасць;

туман быў яе пярынай,

а хмара - бухматай коўдрай.

 

Спыніўся лічыльнік часу,

заглух рухавік прагрэсу,

патухла стагоддзя лямпа.

 

А вусцішна не было нам,

бо бачылі зрокам сэрцаў

мы сцежку свайго кахання.

 

 

Яшчэ тады

 

Здаецца, я кахаў цябе заўсёды

пяшчотай сэрца і вачэй святлом:

калі патоп на Арарат гнаў воды,

з плямёнаў утвараліся народы,

калі вялі баі, шукалі згоды

русінскія князі і ваяводы,

чыніліся крыжацкія паходы,

калі цялесна нас і не было

на гэтым свеце, - я кахаў цябе,

каб мы з табой сустрэліся цяпер.

 

 

Чаканне

 

Стаю на сонейку -

чакаю Сонечку,

гляджу ў канец завулка з-пад рукі,

а ручайкі -

сынкі юрлівыя

вясны бурлівае -

насустрач ёй пабеглі нацянькі.

Вялізнай лужынай

дарога звужана.

У модных боціках тут не прайсці.

Хоць загаці.

Стаю на сонейку -

чакаю Сонечку,

каб на руках яе перанясці.

 

 

Падарунак

 

Пасля чарговай няўдачы

ў вызначэнні куміра,

на скрыжаванні сцяжынак

болю, адчаю, тугі,

нават травінка з-пад плоту

мне дарагім падарункам

стане, калі асцярожна

вырвана будзе на шчасце

добрай жаночай рукой.

 

 

* * *

 

Я ведаю, не лёгка жыць табе:

Бяда цікуе справа, гора - злева.

Мужнееш у штодзённай барацьбе,

Гартуешся ў высокіх перагрэвах.

З наканаванай сцежкі не сысці

І гэты свет дачасна не пакінуць.

А хочацца ж духоўна расцвісці,

З набыткаў лепшых штось адмераць сыну.

Задумаешся - кругам галава!

Люляць у сэрцы боль - адна забава.

Дазволь паспагадаць, паспачуваць.

На большае пакуль не маю права.

 

 

Ажыві мой агмень

 

Дагарае ўзахліп лучынка,

нікне полымя і дрыжыць...

Як жывеш ты, мая Марынка,

у спакуслівым міражы?

 

Лёс падатліваю пушынкай

падхапіў цябе, закружыў...

Азірайся вакол, Марынка,

сцеражы сябе, беражы!

 

Адышоў ужо час дажынкаў,

з неба дробненькі дождж імжыць.

Сумна мне без цябе, Марынка,

блізкай старасці боты шыць.

 

Незямной чысціні сцяжынка

праз гады нацянькі бяжыць

у блакітных палях, Марынка, -

ад маёй да тваёй душы.

 

Покуль зыркасць жыве ў жарынках,

прывядзі сябе, пакажы,

ажыві мой агмень,Марынка,

песню радасці падкажы.

 

 

Адзіная

 

Пастукаюся ціха апаўночы

Нясмелаю, няцвёрдаю рукой.

Прыслухаешся і расплюшчыш вочы:

- Каму няўцерп трывожыць мой спакой?

 

Азвуся. Кацянятка недаверу

Нябачным ценем выйдзе за парог.

Пакуль ты будзеш адчыняць мне дзверы,

Я абаб'ю з абутку пыл дарог

 

- Пайшоў Іванам, а вярнуўся Янам,

Быў вольнадумцам, зараз - уніят. -

Схілюся галавою пакаяннай:

Хай ляжа на яе рука твая.

 

Знямеюць непатрэбныя папрокі,

Забудзецца разводніца зіма.

І я скажу: - Хадзіў я ў свет далёкі, -

Там сонечнай такой, як ты, няма.

 

 

ЖЫЛІ-БЫЛІ

 

 

Іван

 

Не склаўся лёс. І зруб не склаўся.

Снапы не склаліся ў капу.

Байструк эпохі і двух класаў,

Жыву, у дзіркі дзве сапу.

 

Іван - бязмоўны і бязродны,

Бяспраўны, шэры імярэк,

Часцінка нейкая народа,

А не канкрэтны чалавек.

 

Непаслядоўны, безадказны:

Траву тапчу - кашу туман.

Ледзь што не так - дзвярыма бразнуў.

Шукай-гукай - мяне няма!

 

Сеў на цягнік альбо фурманку

І ў лепшы-горшы край уцёк.

А быў бы я асобай, Янкам -

Напэўна склалася б жыццё!

 

 

Прыстасаванец

 

У Канторскіх Ціхіх Штатах

Бюракратаў забагата.

І пры скарачэнні штата

Адфутболілі Ігната.

Ён па цэху зараз ходзіць,

Эканоміку мацуе!

Што ён робіць на заводзе?

Робіць выгляд, што працуе.

 

 

Зацяглы магарыч

 

У мінулым лістападзе

Сват Паўлюк упаў з хлява.

Падрадзіўся ў яго хаце

Хведар вокны кітаваць.

Ён адмовіўся ад платы:

- Я, браток, - за магарыч.

Тыдні тры хадзіў да свата:

- Патушы - нутро гарыць!

 

 

Патлумачыў

 

- Паслухай, хто такі Сакрат? -

Лявон пытаецца ў Антона.

- Каб не схлусіць, здаецца, брат

Эўкліда ці таго Платона...

- Ну, ты даеш! А хто ж - яны?

Пра кожнага скажы хоць трохі.

- А што казаць? - Балбатуны!

На шчасце, з іншае эпохі.

 

 

Цвярозая

 

Сербіяначка мая,

Бровачкі-падковачкі!

Годзе ў одуме стаяць

Сціплаю вясковачкай.

Балалаю ж для цябе,

Дагадзіць стараюся.

Ад сцяны вазьмі разбег

На прастору радасці.

Узмахні крыламі рук,

Секані абцасамі,

Танец спрытных завірух

Выдай з выкрунтасамі.

Хай закружыцца зямля

З белымі бярозамі..

- Адыдзі, не назаляй!

Бачыш, я цвярозая.

Рана мне твая струна

Сыпле варыяцыі...

Паднясеш бакал віна -

Вось тады і «збацаю»!

 

 

Чараўніца Юлечка

 

- Ой, чаму ты, мой сыночак,

Засмучоны гэтакі?

Размаўляць ні з кім не хочаш

Нават дзеля этыкі.

 

Усяму таму прычынай,

Родная матулечка, -

Супермодная дзяўчына,

Чараўніца Юлечка.

 

Напаткаў яе ў вагоне

Цягніка кур'ерскага.

Ехала нібыта ў Гомель,

Быццам бы чачэрская.

 

Ды ў Бабруйску зоркай-знічкай

Нечакана згінула.

Паўпалучкі ёй пазычыў -

Адрас бы пакінула!..

 

 

Жылі-былі

 

Жыў на вёсцы сціплы дзед

Са сваёю бабкай.

Гадавалі парсючка

І курачку рабку.

 

А яшчэ жылі-былі

Іх сыны і дочкі,

Але ў розныя бакі

Падаліся ўпрочкі.

 

Ды на водар свежыны

(Праявілі мужнасць!)

З чатырох канцоў зямлі

З'ехаліся дружна.

 

Асталіся пасля іх

У дзядулі й бабкі

Капыткі ад парсючка,

Ад курачкі - лапкі.

 

 

У незнаёмым горадзе

 

Не захапляюся віном,

І рэстаран мне не прынадны.

Зайшоў у людны гастраном,

Купіў цукерак шакаладных.

 

На скверык потым зазірнуў:

Прыкмеціў лаўку пад ялінкай.

Прысеў, кулёчак разгарнуў -

Пачаставаць хацеў дзяўчынку.

 

Жанчына спрытная, бы рысь,

Адразу ўзнікла паміж намі:

- Цукерку ў дзядзькі не бяры,

Бо прыставаць пачне да мамы!

 

 

Падтрымаў - атрымаў

 

У аднаго кіраўніка,

Аматара рэкордаў,

На кідкім месцы пінжака

Заззяў чарговы ордэн.

 

Усім вядомы ХБК

Наведаць меў нагоду.

Звярнуўся да прадстаўніка

Працоўнага народу:

 

- За што Пятровіч атрымаў

Пачэсную адзнаку?

- Ён дырэктыву падтрымаў

«Аб шкодзе булак з макам».


2000?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая