epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Макаловіч

Версія капітана Барташа

І
ІІ
ІІІ
IV
V
VI
VII


 

Аповесць

 

І

Яго ўсё мацней ахоплівала пачуццё незадаволенасці і нават трывогі. Вярэдзіла душу прадчуванне, быццам узялі не той кірунак. Ён яшчэ не мог дакладна акрэсліць, з якіх фактаў, назіранняў вырастае гэтае прадчуванне, але разумеў: трэба засяродзіцца, як бы яшчэ раз пражыць учарашні дзень, і пастарацца адшукаць той не вельмі асэнсаваны крок, які, мабыць, і збіў з панталыку.

У гэты час зноў забрынкаў тэлефон. Барташ аж страпянуўся. Дапяклі яго званкі. Раздаюцца раз за разам, пераключаюць думку. Як людзі не ўмеюць цаніць час, найбагацейшае багацце. І свой, і знаёмых. Сёй-той як дацягнецца да работы — хутчэй сядлае тэлефон і тары-бары. Абы час бавіць. Правільна заўважана: чалавек вучыцца гаварыць рана, а памаўчаць — са спазненнем. І што абурала Барташа, дык гэта доўгая падводка да галоўнага. Не каб адразу сказаць, чаго пазваніў. Дык жа пачынае сыпаць трафарэтныя фразы, накшталт: «Як справы?», «Што новенькага?», «Як жывеш?» Затым скаргі на надвор'е. Адказ на такія пытанні ўсім вядомы загадзя. «Нармальна», «ды нічога». Некаторыя жартам нават адразу пытаюць: «Ну, як тваё «нічога»?» Вось і прыходзіцца цярпець нудлівую гаворку.

Віктар Пятровіч Барташ толькі рабіў выгляд, што слухае, зрэдку ўстаўляючы «ага», «так-так». Яго думкі былі далёка і ад такіх размоў, і ад гэтага пакоя. У вярэдлівых сумненнях нараджалася новая версія. Яе неабходнасць ён адчуваў усё мацней. Хутка ісці на даклад да «старога ваўка», як трапна ахрысцілі падначаленыя свайго кіраўніка, начальніка аддзялення крымінальнага вышуку Раднянскага райаддзела міліцыі Барыса Іванавіча Лапко. Пагаворвалі, яшчэ ўлетку збіраўся ён на пенсію, ды кіраўніцтва ўпрасіла застацца. Вестку тую сустрэлі па-рознаму. Хто з адабрэннем, а той, хто спадзяваўся на нейкую палёгку пры новым начальніку,— не надта прыхільна. Нельга сказаць, што Барыс Іванавіч перадыху не даваў. Проста чалавек ён патрабавальны. Зайсці да яго ў пакой без прапаноў, меркаванняў не адважваліся нават работнікі са стажам. Што ўжо тут гаварыць пра маладых. Але што ён, старшы оперупаўнаважаны, капітан міліцыі Віктар Пятровіч Барташ мог далажыць, прапанаваць? Суткі, што прамільгнулі, нічога не далі. Акрамя новых загадак і гэтага неадступнага і несуцяшальнага прадчування. Вось толькі б ніхто не перашкаджаў. Таму ён шчыра ўзрадаваўся, калі з'явіўся калега, стол якога насупраць.

— Будзь сябрам, даражэнькі, павартуй тэлефон. Дасі трубку, калі хто з маёй групы.

— Лады,— адказаў той і тут жа нечакана дадаў: — Гляджу на цябе, Пятровіч, і лаўлю сябе на думцы — гады на твой характар не ўплываюць. Усё тая ж студэнцкая гарачнасць. Ніяк не астуджаецца. Вунь якая занепакоенасць на душы. Ці трэба так усё блізка да сэрца? Яно ж адно, а спраў — вунь колькі.

— Яшчэ як трэба. Як жа інакш? — горача пачаў Барташ.— Патрэбны камень не цяжкі...

Ён імкліва захадзіў па пакоі. Калега не рады быў свайму пытанню, тут жа падсунуў бліжэй тэлефон, сцішыўся, перастаў шамацець паперамі, каб не перашкаджаць таварышу.

Барташ падышоў да акна, акінуў позіркам гурбы снегу. Ранак быў не надта марозны, снежны. Вунь якія сумёты намяло. Камунальнікам — работ повен рот, а дзятве — любата ды пацеха.

Успомніўся ўчарашні ранак. Ён нават не паспеў адчыніць сейф, каб азнаёміцца з паперамі аб крадзяжах у кватэрах, адкладзенымі надоечы, як па селектары пачулася каманда: «Барташ, на выезд». Ужо ў машыне маёр Лапко ўвёў у курс справы:

— Незнаёмы голас па тэлефоне паведаміў — недалёка ад аўтобуснага прыпынку «Радняны-2» заўважаны замёрзлы, відаць, п'яны чалавек.

Шукаць тое месца не давялося. На абочыне дарогі тоўпілася ладная купка цікаўных. Ветрам даносіла асобныя галасы:

— От да чаго даводзіць праклятая гарэлка, каб на яе ліха якое...

— Дапіўся, дагуляўся. Хапіў з дзежкі, што не бачыў сцежкі.

— От жа гора ў сям'ю. Шчэ ж малады. Напэўна, дзеці ёсць.

Ляжаў мужчына крыху воддаль ад дарогі, сярод зкарослага кустоўя. Да аўтобуснага прыпынку метраў з сотню, мо трохі болей. Што ж яго прывяло сюды? А тут гэта снежная ноч. Усё схавала пад сваім белым покрывам.

Судова-медыцынскі эксперт агледзеў труп, мясцовасць і адзначыў:

— Прыкмет насілля як быццам няма.

Следчы пракуратуры з ім пагадзіўся. Маёр Лапко, узяўшы за локаць Барташа, коратка сказаў:

— Займіся. Ведаю, што работ неўправарот. Але і тут патрэбен твой вопыт. Спачатку высветлі асобу загінуўшага. І як мага хутчэй. Ды ці табе казаць?..

«Газік» вуркатнуў, сыпануў снегам з-пад колаў і знік у суседнім завулку. Пастаўленая задача здалася Барташу не дужа каб складанай. Калі кіравацца версіяй, што гэта замёрзлы п'яніца, разважаў ён, а яе скідваць з рахунку аніяк нельга, дык логіка падказвае такі ход падзей. Альбо гуляка вяртаўся аднекуль дахаты, ды не дайшоў, заблудзіўся ў трох соснах, альбо тут загуляў, трымаў курс на аўтобусны прыпынак... Стала быць, у бліжэйшых дамах яго павінны апазнаць.

Барташ зайшоў у фоталабараторыю, дачакаўся здымкаў і, прыхапіўшы пару, рушыў да бліжэйшых дамоў. Але ва ўсіх кватэрах, зірнуўшы на фотакартку, людзі адмоўна хіталі галовамі: не ведаем, не бачылі.

— Мо чулі крыкі аб дапамозе, шум бойкі?

Усё тое ж адмоўнае хітанне. Ужо млелі ногі, балела галава ад адных і тых жа пытанняў і адказаў. Але ён, перамагаючы стому, крочыў вечаровым прыцемкам ад дома да дома, ад пад’езда да пад'езда, адганяючы думкі пра абед, хоць нясцерпна смактала пад лыжачкай... «Як гэта бацька ў такіх выпадках гаворыць,— задумаўся Віктар Пятровіч.— Во, успомніў. «Робыты трэба так, шчоб у ногах гуділо, а ў голові светліло». Што ж я маю? У нагах дык гудзе... А вось у галаве — ніякага прасвятлення». Барташ выцер насоўкай добра ўзмакрэлы лоб і яшчэ шпарчэй пашыбаваў мо ў соты пад'езд. За дзень і вечар апытаў жыхароў усіх бліжэйшых дамоў.

Старшы оперупаўнаважаны Барташ адчуваў, што гэта маўклівае хітанне галавой пад самы корань падсякала першапачатковую версію. Раз ніхто загінуўшага тут не ведаў, дык чаго той сюды прыехаў? Думкі капітана пачалі кружыць вакол месца здарэння. Малады, але ўжо вопытны, кемлівы супрацоўнік Барташ умеў сярод мноства дэталей, рэчаў інтуітыўна канцэнтравацца на галоўных. Вось перад яго вачыма як бы зноў ляжыць прыцярушаны снегам замёрзлы. Але стоп. Чаму ён без шапкі? Мог згубіць? Мог. Што п’янаму згубіць вушанку? Раз плюнуць. Але чаму толькі ў пінжаку? А дзе паліто? Таксама згубіў? Не, такое здараецца рэдка нават з выпівохамі. Хтосьці зняў? Значыць, з-за яго бойка. У такім разе паліто было не абы-якое. Відаць, каштуе добрую капейку. Значыць, яно павінна дзесьці ўсплыць. Абавязкова. Тады чаму ніхто не чуў бойкі, хоць валтузні якой? Дамы ж побач, прыпынак таксама. Загадкі, загадкі... Ён зноў сеў за стол і забарабаніў па ім пальцамі.

— Віктар, да шэфа,— напомніў калега.

— А-а, дзякуй.

Ён толькі раскрыў рот, каб падзяліцца здагадкамі, разважаннямі, як маёр паказаў жэстам, які мог азначаць: не трэба, пакуль сядзі. Позірк яго быў, як заўсёды, строгі, задуменны. Адчувалася, новая справа ўвесь ранак не пакідала і яго. Віктар Пятровіч уважліва глядзеў на начальніка. Для яго Лапко — тая вышыня ў крымінальным вышуку, на якую ён раўняўся і аб якой марыў.

— Атрымана папярэдняе заключэнне экспертаў,— ціха, непрывычна для сябе, павольна, пачаў начальнік аддзялення крымінальнага вышуку.— На грудзях і на жываце шмат удараў тупымі прадметамі. Перабіты дзве рабрыны, пашкоджаны ўнутраныя органы. Асабліва выдзяляецца,— маёр зрабіў паўзу, паглядзеў на капітана, потым загаварыў зноў,— асабліва выдзяляецца ўдар, па ўсім відаць, нагой пад сэрца. Смерць хутчэй за ўсё наступіла менавіта ад гэтага ўдару... Дзесьці апоўначы. Больш падрабязнае заключэнне — заўтра.

Барташ звярнуў увагу на тое, што маёр з асаблівым націскам вымавіў словы «ад гэтага ўдару», хоць і не мог дацяміць навошта. У заключэнні экспертаў, лічыў, кожнае слова важнае. Толькі ход расследавання пакажа, якое найважнейшае. І разам з тым ён ведаў, што Лапко ніколі не навязвае напачатку супрацоўнікам сваю волю, свой кірунак пошуку. Ён дае прастор ініцыятыве. І толькі пазней, калі адчувае, што ход расследавання разгортваецца не так, выказвае свае меркаванні. Чаму ж цяпер так падкрэсліў адзіны момант? Спытаць капітан пасаромеўся. Ды, зрэшты, і патрэбы не бачыў. Падзеі прасвятляць усе «пытальнікі». Лепш дакумекаць самому, чым атрымаць гатовы разжаваны адказ. У рэшце рэшт, яго мог не ведаць і сам Лапко. Інтуіцыя ваўка крымінальнага вышуку прарэзваецца неспадзявана і невытлумачальна нават для яго самога. На тое інтуіцыя.

— Значыць, усё-такі забойства,— ціха, як бы сам сабе толькі і вымавіў Барташ.

— Значыць, яно. Даўно не займаліся такой сур'ёзнай справай. Прынята рашэнне аб умацаванні групы пошуку. Кіраўніком назначаю цябе. Скажу шчыра — у мяне вялікая надзея на цябе, Віктар. Цалкам пераключайся на выкрыццё злачынцаў. Усё ўбок.

Маёр крыху памаўчаў і, гледзячы на Барташа, спытаў:

— Што скажаш наконт уключэння ў групу пошуку Дыбіна?

— Пратаколіна? З яго гэтым «усё-ткі»? З такім вадзіцца, што ў крапіву садзіцца.

— Ну, адкуль у вас, маладых, цяга да мянушак і ўсяго такога?

— Прабачце, Барыс Іванавіч. Неяк вырвалася.— І тут жа няўмела пачаў апраўдвацца: —Так карацей. І дакладней. А то пакуль скажаш Дыбін Сцяпан Дзям'янавіч, які... Жыццё габлюе мову і этыкет.

— Дай вам волю, такое нагаблюеце, што сам чорт не разбярэ, хто каго дзярэ... Схопліваеце вы на ляту, ды павярхоўна. От вам бы позірк твайго рабочага настаўніка дзядзькі Колі.— І, памаўчаўшы, гледзячы ў вочы: — Ну, дык як наконт Дыбіна?

Віктар Пятровіч аднекваўся:

— Мы ж не кантачым... Так сказаць, сядзім побач, а глядзім у розныя бакі... Рознымі методыкамі кіруемся... У нас жа з ім адны дыскусіі па метадах расследавання. Як бы ўсё на дыспуце не замкнулася?

— Дыскусіі не пашкодзяць... Паверце старому ваўку, ці як вы там мяне хрысціце, хоць, здаецца, нікога не пакусаў, хіба што зрэдку ашчэрыцца даводзіцца.

Капітан адчуў як чырвань ружовіць яго шчокі. З гадамі ніяк не ўдаецца саўладаць з ёю. Па-здрадніцку выдае і ставіць у няёмкае становішча.

— Ды я не крыўдую. Нават імпануе такая мянушка,— лагодна, па-сяброўску суцешыў яго Лапко. І дадаў: — Думаю падключыць і Асовіча Андрэя.

— Новенькага?

— Так. Перавялі нядаўна з участковых інспектараў Кажуць, хватка ёсць, падае надзеі. От і паглядзім, ці праўду кажуць. Згода?

— Згода.

І, толькі выйшаўшы з кабінета, Барташ звярнуў увагу на пытанне «Згода?». Барыс Іванавіч звычайна мала з кім раіўся. Але калі пачынаў — гэта нешта значыла. Размова з начальнікам не выходзіла з галавы.

Неўзабаве аператыўная група была ў зборы. Ішла адпрацоўка версій, плана дзеянняў.

— Прашляпілі дзень, даражэнькія... прашляпілі,— дакараў сябе і калег Барташ. Ён імкліва хадзіў узад-уперад па кабінеце.— Гэта ж трэба, адразу паверылі ў легенду пра замёрзлага чалавека... Вінавата галава, што так ногі павяла... Цяперака от вымушаны шукаць учарашні дзень.

— Не трэба так, капітан. Кажуць: і на Пегасах часам скачуць коннікі без галавы,— нетаропка пачаў, як бы збіваючы Барташа з узятага тэмпу размовы, Дыбін. Ён дастаў грабянец, чамусьці правёў ім па валасах і без таго старанна прычасаных. «Чаго тым грабянцом вадзіць па галаве,— не разумеў Барташ,— калі валасы і так нібы карова прылізала. Акуратыст. Ды во зараз падымецца, перш чым рот раскрые. Што за манера гаварыць стоячы, як на сходзе?» Гэта яго ўніклівасць, скрупулёзнасць раздражняла імклівага ў рухах і думках капітана. Сцяпан Дзям'янавіч між тым паклаў грабянец у кішэнь, узняўся з-за стала і пачаў:

— Ды і дзень усё-ткі не такі ўжо і марны. Вунь колькі людзей апыталі. Без такой чарнавой работы не абысціся.

— Згодзен,— падтрымаў Барташ і за сваё: — Толькі кажуць і такое: чым менш здагадлівы следчы, тым даўжэйшы дэтэктыў. Крэн з самага пачатку ўзяты не той.

— Не, так справа не пойдзе... Як з такой песняй, дык лепш без яе... Давайце ўсё-ткі спакойна, разважліва памазгуем.— Дыбін узняў руку і як бы скамандаваў: — Раз-два — рушылі... І так, што мы маем?..

Андрэй Асовіч — увесь увага. Яго адразу захапіла спрэчка.

— Што для аператыўнага работніка вельмі важна? — не стрымаўся, зноў узгарэўся Барташ.— Нестандартнасць мыслення. Менавіта на яе, стандартнасць логікі, і разлічвае вопытны злачынец. А яна, гэтая логіка, на жаль, жывучая. Цыркачы нават трук на ёй пабудавалі. І цешаць сабе людзей. Памятаеце? Ды памятаеце, нават па тэлевізары паказвалі. Запрашаюць на сцэну дзесяць чалавек. Пяцёра адводзяць за кулісы, каб, значыць, нічога не чулі. Астатнім — тыц здымак мужчыны і гавораць: «Гэта кваліфікаваны ўрач, зрабіў сотні складаных аперацый. Уважліва паглядзіце і апішыце яго партрэт». І кожны, заўважце, кожны пачынае гаварыць, якія добрыя ў яго вочы, цёплая ўсмешка... Пасля запрашаюць тых, з-за кулісаў. Тыц той самы здымак і гавораць: «Гэта рэцыдывіст. Учыніў не адно злачынства. Уважліва паглядзіце і апішыце яго партрэт». І кожны, заўважце, кожны бубніць: якія ў яго злыя вочы, нядобрая ўсмешка... Усяклі, другі мае? Чалавек схільны паддавацца зададзенаму кірунку. Нам такая слабасць проціпаказана. Вось з улікам гэтага і прашу выказваць прапановы.

— Адкуль тыя прапановы, калі няма пакуль аніякіх слядоў,— падаў голас Асовіч.

— Іх няма, таму што, шчыра кажучы, даражэнькія, слаба шукалі. Не бывае злачынстваў без слядоў. Запомні гэта, калега, і як наймацней... Значыць, ход дзеянняў такі,— працягваў Барташ.— Вам, Сцяпан Дзям'янавіч, думаю, варта на месцы здарэння пабываць, ператрэсці ўсю мясціну, па сняжынцы-пушынцы перабраць. З пракуратуры раяць, яшчэ раз там агледзець. Не можа быць, каб следу аніякага.

— Можаш не сумнявацца,— адказаў Дыбін і ціха буркатнуў: — Спярша трэба было так зрабіць. А то паскакалі па снезе і паехалі. І што за пратакол склалі? Пратаколіну-адпіску. Няма думцы за што ўчапіцца.

Барташ змаўчаў, адчуваў, праўду рэжа калега. Таму працягваў:

— Ты, Андрэй,— на аўтобусны прыпынак. Пагавары з вадзіцелямі, пасажырамі. Унікні, якім шэптам зямля поўніцца? Не можа быць, каб ніхто нічога не бачыў. І памятайце, як мага большы аб'ём работы перавярнуць. Нам, як і золаташукальнікам, лёсам наканавана — тоны прасейваць дзеля адной залатой пясчынкі. Памятайце прымаўку: «Надвор'е адгадвае той, хто ведае, адкуль дзьме вецер» Пакінутыя сляды — наш вецер.

Барташ у думках паўшчуваў сябе за доўгія маналогі. Яго не раз папікалі за такі грэх. Ды карацей не атрымоўваецца. Гаварыць коратка — вялікая навука. Яна сведчыць пра мудры талент. От Лапко — мастак. Або дзядзька Коля, токар машынабудаўнічага завода. Двума-трыма словамі столькі выказаць... Як і бацька. Як гэта ён любіць паўтараць? Во: «жнэ той, хто сіе». І звычайна пры гэтым пытае: «Як сіеш, про шчо трэба думаты?»— «Пра тое, каб добра пасеяць»,— бойка заўжды адказваў Віктар, упэўнены, што патрапіў. Але бацька, Пётр Антонавіч, толькі круціў галавой: «Не-е, даражэнькі. Аб жніве трэба думаты». Віктар у тыя юнацкія гады ніяк не змог скеміць, чаму так. І калі праз час бацька як бы ненарокам зноўку пытаўся пра тое, Віктар бойка зноў рэзаў неўпапад. От і ўрэзалася ў памяць. І толькі цяпер адчуваў усю глыбіню бацькавых слоў, якія і сам любіў часцяком паўтараць. Вось і тут, у канцы аператыўкі, з языка само зляцела: «Не забывайце, жне той, хто сее».

Потым махнуў рукой таварышам, а сам прысеў да акна, сцішыўся. Да такога нечаканага яго пераходу, пераўвасаблення гарачліва-рухавага сышчыка ў засяроджана-сцішэлага аналітыка ў аддзяленні прывыклі. А Лапко выдзяляў такое яго ўменне асабліва. Але Дыбін і Асовіч на гэты раз памыліліся. Барташа хвалявалі не перыпетыі здарэння, а зусім іншае. Да капітана прыйшлі ўспаміны, дарагія і блізкія, якія наведвалі яго штодня. І чым бы ні быў захоплены, заняты самымі тэрміновымі справамі, яны, гэтыя ўспаміны, не ведалі выхадных. І хоць яны былі вельмі далёкімі ад ягоных штодзённых турбот, на першы позірк, нібыта адрывалі ад іх, на справе — моцна дапамагалі. І ведаў пра гэта толькі ён сам.

Рыпнулі сцёртыя завесы — зачыніліся дзверы за Андрэем Асовічам, і Віктар Пятровіч застаўся ў пакоі адзін. Ён сядзеў як загіпнатызаваны. Толькі зрэдку вусны кранала лёгкая, лагодная ўсмешка. У думках ён быў ужо ў роднай вёсачцы Дуброўка, бачыў знаёмыя хаты, што прыляпіліся на невялічкім пагорку сярод палескіх балот. Не было дня, каб думкі не прыводзілі яго ў бацькоўскі дом пад высачэзнай ліпай са шпакоўняй на самым вяршку. Пад вокнамі, ля спарахнелай прызбы — галіністая чаромха і агністы бэз, далей стары замшэлы вяз. На даху — клёкат буслоў з моцным шуганнем шырачэзных крылаў. У хвіліны светлыя і хмурныя ён быццам раіўся з бацькам.

У бацькі было цяжкае юнацтва, абпаленае вайной, загартаванае нішчымніцай і работай да сёмага поту. Лічы, на пяць сем'яў араў, сеяў і хадзіў за бараной, касіў, гроб і стагаваў сена. За сябе і за тых хлопцаў, што не вярнуліся. А таму і на пенсію пайшоў за два гады да яе — сэрца спрацавалася і ногі стапталіся. Але работу не кінуў, не мог.

Больш за ўсё Віктару ўрэзаліся ў памяць бацькавы словы аб працы. Яны бясконца пракручваюцца ў галаве, і нібы чуецца бацькаў голас з тым непаўторным мясцовым акцэнтам, якога саромеўся на першым часе гарадскога жыцця, імкнуўся пазбавіцца, адвыкнуць, але з гадамі пачаў разумець, адчуваць у бацькоўскіх словах подых глыбінь народнай мудрасці. «Главнэ, сынку — шчо б работа нэ була ў цяжкость. Шчо б робыў і робыты хотілосо. От тоды жытка добра. Думаеш, дорожэнькі, лэнтяю добрэ жывэцца? Трасца. Ныхто так нэ мучыцца, як він. З боку на бок перэкрутыцца ёму і то бэда. Мэнэ батько як вучыў? Трудно, нэ хочэцца шчо робыты, а ты прымусь сэбэ — зробы. От і ты робы так, дорожэнькі. Робота — крылля чоловіка».

Звычка працаваць па-бацькоўску выручала яго і ў арміі, і на заводзе, і вось цяпер у крымінальным вышуку.

Барташ ляснуў дзвярыма, порстка саскочыў з ганка і размашыста пайшоў наўгад, парыпваючы снегам пад нагамі. Адчуваў, трэба падумаць, пакумекаць, пабыць сам-насам.

Акінуў позіркам мікрараён Радняны. На вачах вырас цэлы горад. Помніцца, як атрымаў сюда ордэр, сябрукі суцяшалі: не бядуй, мо абмяняешся. Жонка нізашто не хацела ехаць на край свету. А надоечы жартам заікнуўся наконт абмену бліжэй да цэнтра. Так зыркнула вачыма і так выразна крутанула пальцам ля скроні, што не па сабе стала. Хто ж на такі абмен пойдзе? Хіба што вальтануты які? Тут табе горад у вёсцы. Паветра — з пахам траў. Вунь, за кальцавой, улетку шэпчацца з вятрамі збажына, далей — лес. Надумаў па грыбы ці маліну — бяры кошык, дзетак і подбегам пад цяністыя шаты. Зноў жа, узімку, на лыжы — і са свістам навыперадкі з ветрам. От любата. Нашто тая дача, тыя паездкі за горад у душным, перапоўненым аўтобусе. Шкада, часу малавата. Работа зацягвае, Юрасік скардзіцца: калі ты, татка, пагуляеш са мной? Просіць: скажы сваім дзядзькам, што я чакаю, яны адпусцяць.

Славяцца Радняны не толькі цішынёй і лесам. Найперш людзьмі, такімі, як Мікалай Антонавіч Куневіч, ці проста дзядзька Коля, як усе яго завуць. Першы рабочы настаўнік яго, Віктара Барташа. От у каго жыццёвай энергіі і чалавечай дабраты. На пенсію во-во. Здароўе не тое, што раньш было. Жонка хварэе, і ўся дамашняя гаспадарка на ягоных плячах. Але яго на ўсё хапае. Скверык-прыгажун набірае вышыню і гушчыню ўздоўж ракі. Яго так і завуць раднянцы — скверык дзядзькі Колі. Падняў жыхароў тутэйшых, падключыў гарадскія службы. І во які сквер. І дваццаць другі маршрут аўтобуса раднянцы таксама завуць маршрутам дзядзькі Колі, па яго, значыць, настойлівасці адкрылі. А колькі маладых няўмекаў вывеў у людзі!

Барташу асабліва запаў Куневіч у памяць адным эпізодам. Мо таму, што на першым часе тое было.

Завіталі тады на ўчастак механізатары з падшэфнай гаспадаркі. Прыбеглі запыленыя, усхваляваныя: «Ратуйце, шасцярня паляцела. Камбайн-махіна на прыколе, а нідзе запчастак не дастаць». Як жа не выручыць. Майстар Русовіч, ці Антось Міхайла, як завуць яго на ўчастку, паклікаў пальцам Акіма Недапетава: «Падбяры, ды найлепшую, каб чырванець перад хлебаробамі не прыйшлося». Той разы са два перамераў тую шасцярню ды да Русовіча.

— Дзядзьку Колю паказваў? — было яго пытанне.

— А начарта?

— Я табе дам «начарта»! — узбурыўся Антось Міхайла.— Шусь хутчэй да Куневіча.

Дзядзька Коля памацаў рукамі дэталь, уставіўся акулярамі ды закруціў галавой:

— Не падабаецца мне.

— Што не падабаецца? Вы замеры праверце. Яны ў скрыні ўсе аднолькавыя.

— Не падабаецца,— коратка заключыў рабочы.— І сосны ў лесе ўсе аднолькавыя, ды не ўсе карабельныя.

Недапетаў паціснуў плячыма, але не паслухаўся, сунуў вяскоўцам пад паху тую дэталь.

— Калі што, званіце,— кінуў наўздагон.

Не прайшло і тыдня, як з гаспадаркі пазванілі. Паляцела шасцярня. Антось Міхайла аж ускіпеў:

— Пашлі дурня па быка, дык ён цялушку прывядзе... Падбярыце яшчэ, ды глядзіце мне,— паківаў. Падабраў Недапетаў зноўку і да дзядзькі Колі. Пакруціў яе Куневіч у руках, узяў навобмацак дый кажа:

— Не падабаецца мне.

— Чаму? Усе замеры, як кажуць, у меры.

— Кажуць і такое: харош урадзіўся, ды не прыгадзіўся. А замеры? Боты як ні прымервай у жніўні, толку не многа. Спытае люты, ці добра абуты? От і тутака так...— тлумачыў-разважаў дзядзька Коля.— З выгляду нішто сабе, ды паверхня шурпатая, як бы порыстая, каб і нутро не такое.

Ды не паслухаў яго Недапетаў і гэты раз. І зноўку званок з вёскі. Трэснула.

— Не хацеў адрываць цябе, Мікалай Антонавіч, ды прыходзіцца,— прасіў Антось Міхайла. — Гонар участка можна сказаць на карту пастаўлены. Ат, няўмекі зялёныя, простую рэч не вырашаць. Круціўся гэтак і так, а выйшаў брак.

Дзядзька Коля доўга корпаўся ля той скрыні. Усё перабраў, ды да наступнай. Узяў першую ж Памацаў пальцамі, пацёр аб далоні, замераў і кажа:

— Перадайце вось гэту.

Да позняй восені камбайн-махіна ракатаў у полі. От тады няўмекі зялёныя і вылупілі вочы ад здзіўлення.

Антось Міхайла пры выпадку кпіў з іх:

— А казалі, начарта паказваць. Начарта працаваць так, як вы, скажу вам.

Запрасілі спецыялістаў да той скрыні. Маўляў, цікаўнасць адолела. Узялі пробу ў лабараторыі. Аказалася, заляжалыя шасцерні адштампаваны з недаваранага металу. Адправілі іх на пераплаўку...

Барташ нетаропка ішоў па вуліцы. Пад нагамі рыпеў снег Праз адчыненае акно інтэрната прафтэхвучылішча металістаў былі чутны скрыгат металу і шумлівыя галасы. «Няйнакш, дзядзька Коля нешта мудрагеліць з выхаванцамі,— здагадаўся Віктар Пятровіч. — Штойта ён зачасціў сюды? Вечаровымі прыцемкамі і ля палудня, як у другой змене, прападае тут. Цікава, чаго?»

Капітан ускочыў на ганачак, патупаў па ім, абабіваючы з чаравікаў снег, увайшоў у інтэрнат. Падкраўся ціхенька да дзвярэй, адкуль даносіліся скрыгат жалеза і шорганне напільнікаў, прачыніў іх. Два гурты навучэнцаў, абляпіўшы няхітрыя прыстасаванні, працавалі з асаблівым імпэтам. Збоку стаяў і лагодна пазіраў на іх дзядзька Коля. У халаце, з закасанымі рукавамі да локцяў, з алоўкам і штангенцыркулем у левай кішэні. Акуляры — на лбе. А ўсмешка! Якая цёплая ў яго ўсмешка! Ціхая, народжаная як бы не вуснамі, а струменіць недзе з глыбіні душы. Колькі ў ёй дабраты і цеплыні.

Заўважыў капітана, рукі ўгору і ў бакі:

— Бацюхны, Віця! Колькі ж цябе не бачыў?

Пасля моцнага поціску пацікавіўся:

— Па справе ці так?

— Ды так, дзядзька Коля, так. Іду міма, дай, думаю, зірну, чым цешыцца дзядзька Коля. Як жыццё?

— Нішто. Старое дрэва рыпіць, ды не ломіцца.

— Што гэта за філіял тутака?

— Ат, які філіял,— шчыра ўсміхнуўся Куневіч і ахвотна пачаў тлумачыць: — Завітаў надоечы на ўчастак сакратар парткома. Спярша пра тое-сёе, ды і пытае: «Пра рэформу ў школе чуў?» — «Без мяне хіба застапарылася?» — пытаю. «Здагадлівы ты, дзядзька Коля,— адказвае і дадае: — Трэба ямчэй нам паварочвацца да школы, да прафтэхвучылішча. Усім. А то, можа, сапраўды, як ты кажаш, застапарыцца наша сувязь з імі. Вазьмі пад сваё крыло адну групу. Не, дэталі тачыць абучаць не трэба. Без вас справяцца ў вучылішчы. Каго недавучаць, у сябе дагаблюем. Як бы гэта дакладней сказаць, прывіў бы ты ім цягу да такарнай справы, да нашага завода, так, каб на ўсё жыццё... Адным словам, зразумела?..» Вось такое даручэнне, Віця, грамадскае. Нічога сабе, га? Але што зробіш? Калі ўлез у дугу, не кажы, што не магу.

— І вось так вы, значыць, прывіваеце? — кінуў позірк Барташ у пакой.

— Вось так, Віця. А што рабіць? Кінуўся да падручнікаў, тое-сёе перагарнуў. Бацюхны, па металазнаўству ёсць, па станках — таксама. А як прывіць цягу да прафесіі — дудкі. Па галоўным прадмеце нямашака... Прыйшоў на заняткі, кажу пра фрэзы і разцы, а яны, чарцякі, дрэмлюць. Адчуваю, закалыхалі іх расказамі, а як разбудзіць — ліха ведае. От так тупаю пасля работы дый думку думаю. Бачу — іхні інтэрнат. Ногі самі завярнулі на ганак. У пакоі — гармідар. Адзін муху душыць на баку, другі бульбу лупіць на вячэру, двое ў падкіднога рэжуцца. А карты — не жарты. «Няважна адпачываеце, чарцякі,— гавару ім,— хто гуляе змоладу, той памрэ з голаду».

«Чым жа займацца?»

«Як чым? Хочаш есці калачы, не сядзі, брат, на пячы. Авалодвай рамяством».

Падумалася, ці час весці размову пра жалязякі. Дапамагло пытанне: «Чаго вы такія задумлівыя? Здарылася што?» — «Ды фрэзу зламаў»,— і пачаў успамінаць, не так паставіў, не пацікавіўся маркай металу і... толькі сухі трэск. Абступілі, вушы навастрылі: «Па-майстэрску свідраваць адтуліны ў метале, наразаць пазы, хлопцы, цэлая навука. Хочаце, заўтра прынясу прыстасаванні і пакажу?..» Вось так і філіял тутака. І мне: з маладымі пасядзець — самому памаладзець.

Глядзячы на твары навучэнцаў, нельга было не заўважыць, што ўвіхаліся яны з асаблівым натхненнем. У такія мінуты і спее любоў да прафесіі. Проста здзіўляешся, як гэта ў дзядзькі Колі ўсё атрымліваецца. Толькі дзесяцігодка за плячыма, «акадэміяў розных», як сам ён кажа, не канчаў, а за любую справу возьмецца, гарыць у руках, дый годзе. От што значыць жыццёвы вопыт, рабочая закваска.

Падабаецца дзядзька Коля Барташу. Ён нечым нагадвае яго бацьку Пятра Антонавіча. Тыя ж улюбёнасць у працу, жыццёвая мудрасць, што бачны ў кожным слове, кожнай думцы.

— Ёсць галавастыя, чарцякі, скажу табе,— задаволена апавядаў Куневіч.— Падкінуў задачку. Няпростую. Нашы на ўчастку даўно кумекаюць і так і гэтак, не выходзіць. А тутака раскусілі. Не паверыш, га?.. А ёсць і такія,— твар спахмурнеў, голас разважлівы,— за сто работ бярэцца, а ні адна не ўдаецца. Іншы тыц-мыц, абы не рабіць. От з імі паваждацца прыйдзецца.

— Алёшка, і ты тут? — здзіўлена выгукнуў Барташ, заўважыўшы светла-русую галаву сына Куневіча.— Тож перавёўся ў філіял?

— Так сказаць, тэарэтычнае падмацаванне бацьку, — падышоў Алёшка, прывітаўся.

— Ну, годзе табе, тэарэтык,— лагодна паўшчуваў Куневіч.

— Бачу, філіял вы ўзнялі на вышыню? — пахваліў капітан.

— Э, нямашака «крытычнага позірку»,— усміхнуўся Алёшка.— Той змераў бы вышыню. Разнёс бы тваю школу, бацька, ой разнёс бы.

— Гэта хто?

— Як хто? Антось Міхайла. Няўжо забыў?

— А-а.

Алёшка падышоў да Барташа бліжэй:

— Пацеха, дый годзе. Урачыстасць была. З нагоды першынства ў спаборніцтве. Начальнік цэха, старшыня цэхкома з трыбуны словы ўдзячнасці, віншаванні, пажаданні як мае быць. Сядзім і чакаем чаргі Антося Міхайла. І вось узняўся на трыбуну, разгладзіў пальцам вусы, адкашляўся і давай пра лепшых перадавікоў. Усе сцішыліся. Наспявае сенсацыя. Гадаем, няўжо звіліны, што кіруюць крытычным позіркам, у адгуле? Не, не быў бы ён Антось Міхайла. Узяўся за сваё: «Скажу прама, не ўсё ў нас гладка». І падсыпаў перчыку. Смех і апладысменты зліліся.

— А я вось не смяяўся,— строга сказаў Куневіч.— Я ад душы апладзіраваў. Вам бы толькі зубы шчэрыць. Праўду ён казаў.

— Якую-такую?

— Рабочую. У нас нярэдка глядзяць на дасягнуты рубеж толькі як на п'едэстал. Узбяруцца на яго і давай языкамі часаць... Языком колькі ні варочай, шасцярню не абточыш, хлеб не пасееш. Узяты рубеж — новая вышыня, з якой лепш бачны і новыя гарызонты, і старыя пралікі. Міхайла іх бачыць. У яго ёсць пачуццё вышыні, а не п'едэстала... На старасці зубы, канечне, тупейшыя, а вочы і язык вастрэй. Вам жа толькі зубы шчэрыць. Мазгамі шавяліць трэба.

Алёшка вінавата апусціў вочы. Куневіч — старэйшы, лічачы, што ўрок ён атрымаў, перавёў гамонку:

— Чуткі пайшлі, чалавек замёрз. Праўда?

— От і займаюся гэтым.

— Цяжкая ў цябе работа, Віця. Бач, які задумлівы. Але патрэбная. Ёсць яшчэ тыя, хто жыве, як гэта цяперака кажуць, во, жыве не па сродках,— гаварыў-разважаў услых Куневіч,— у наш час гаварылі прама — злодзей. А то — нясун, хабарнік, спекулянт. Навыдумлялі, каб злодзею маральную палёгку даць. Ці ж так з імі? Лішняя дабрата — дурата.

Ён памаўчаў і працягваў:

— Мікрараён у нас цудоўны — дамамі, людзьмі. Адна назва што значыць — Радняны. Рад-ня-ны! Усе мы тут, як адна сям'я, радня, блізкія... Завёўся толькі нейкі паскуднік, замкі ўзломвае, абкрадае. З-за яго такі свет настаў, што не палажы, не пастаў. Ты б, Віктар, злавіў бы яго са сваімі хлопцамі.

— Зловім, абавязкова зловім.

— Тож паганіць добрае імя мікрараёна,— дзядзька Коля ўзяў Барташа за локаць.— У мяне да цябе дзельца.

— Ну.

— Пацікаўся Рыгорам Кулебам. Ну, што набойкі на абцасікі кляпае, папужай хоць, га.

— Як гэта папужаць, дзядзька Коля? За што? Міліцыя — хіба пужала на агародзе?

— Ну, прабач. Я чалавек просты, акадэміяў розных не канчаў, не давялося, гавару, як думаю.

— За што пужаць?

Не падабаецца ён мне.

— Чаму?

-— Не падабаецца, і ўсё. Такі раз пацалуе, а другі раз укусіць.

— Мала гэтага для міліцыі.

— Ад цябе, чарцяка, такога не чакаў,— разгарачыўся Куневіч.— Ты для мяне, Віця, міліцыя заўтрашняга дня. А ты заладзіў, як усе ў вас,— мала ды мала. Чакаеце, пакуль каго нажом пырне. От тады вам хопіць.

— Дык усё-такі, чаму не падабаецца, а, дзядзька Коля?

— Позірк непрыгожы... Відаць па вочках, што ходзіць па ночках.

— Не хітры, Антонавіч.

Ведаў Барташ, без дай прычыны дзядзька Коля не паскардзіцца і размовы пачынаць не стане. Яго позірк схоплівае галоўнае на хаду, прасвечвае наскрозь. Ён часта прадбачыць падзеі, адчувае іх нутром, але нагавору нізашто не дапусціць. Адчувае нядобрае, а доказаў не мае.

— Сашка наш, Грабчук, перакоўцы не паддаецца,— пачаў Куневіч.— Ну, той, што Лёхам дражняць. На работу — бокам, а з яе — скокам. А ад ляноты — чакай бядоты.

— А, чуў. У нас, у камісіі па справах непаўналетніх яшчэ на ўліку стаяў, і ўсё такое...

— Во-во. Сышоўся з блатнюгамі, Чарнышом і Дзюбіным. Мянушкі якія начаплялі адзін на аднаго — Сімяон і Вушасцік. Утрох швэндаюцца тутака тудысюды, уражанне аб раднянах псуюць. Усё так і ўюцца ля Кулебы Рыгора Максімавіча, як мошка ля слупа. А ў таго дзеда адна бяседа: дзе быў, з кім піў... Ну, значыць, падышоў я да Максімыча, пра тое-сёе ды і кажу, каб не збіваў хлопцаў з панталыку. Бацюхны, так зыркнуў нядобра і заёрзаў на табурэтцы, бы ўшчыкнуў хто. І як выпаліць: «Не тваё дзела». Пнецца невук гаварыць па-руску, а магілёўскае вымаўленне так і выпірае. Толькі псуе абедзве мовы. «Не тваё дзела,— кажа,— я вот у тваё абшчэжыціе нос не суну і ты свой не сунь, куды не просяць, пака не адкусілі».

— Пацікаўлюся, дзядзька Коля, абавязкова,— запэўніў Барташ.

«Пройдуць гады. Будзе шумець лістотай сквер дзядзькі Колі, будуць зваць раднянцы яго імем дваццаць другі аўтобусны маршрут, будзе здзіўляць усіх на ўчастку яго станок-універсал...— цяклі думкі Віктара Пятровіча,— што ж пакіну людзям я?»

Надвячоркам, праходзячы міма камбіната бытавых паслуг і ўспомніўшы просьбу Куневіча, капітан рашыў не адкладваць знаёмства з Кулебам, прыгледзецца да гэтага суб'екта. У чарзе было два чалавекі. Віктар Пятровіч стаў ззаду, разглядаючы набойшчыка. Шырачэзны ў плячах, з чорна-смуглай чупрынай, што звісала на лоб, і чырвонымі, нібы надзьмутымі шчокамі, ён спрытна заганяў цвічкі ў падэшву ботаў. «Такому б на фармоўцы ўвіхацца ці на пагрузцы мяхоў,— падумаў Барташ.— А ён, бач ты, дзе ўладкаваўся. Карак ад'еў, хоць абоддзе гні. А форсу колькі ў кругленькіх вочках, якія так і віжуюць вакол, як у таксіста. А во і зацікавіўся некім. А-а, жанчына ў модным кажушку. Відаць, кажушок спадабаўся. Бач ты, зыркае і зыркае».

— Не дзела так часта мяняць,— адрываючы касячкі на чаравіках Барташа, сказаў Кулеба.

— Ат, хай новыя. А то зляцяць дзе ў дарозе, няёмка, як вісяць.

— І то праўда.

— Вам падабаецца работа?

— Не ў рабоце дзела. Любая патрэбна.

— Яно так... А чаго Лёху з кампаніяй магніціш?

— Вам якое дзела? Не з заводзішка яго?

— З міліцыі. Нас цікавяць іх паводзіны.

Максімыч лыпнуў вачамі, потым кашлянуў, як бы папярхнуўся, заёрзаў на табурэтцы, нібы стала раптам мулка, доўга не мог злавіць пальцамі цвікі, шкрэбаючы па скрыначцы з-пад ваксы. Але вось справіўся з хваляваннем, адным ударам малатка спрытна ўвагнаў цвік.

— У іх спытайце. Мне што, хоць сум развеюць. Днём часцей адзін, хоць варон лічы.

— Куневіча за што пакрыўдзілі?

— Вінават. Тут, начальнік, віну прызнаю. Сапсавала настраенне адна старушэнцыя. А ён падвярнуўся пад гарачую руку.

Барташ адчуў: хоць у голасе мядок, ды на сэрцы лядок. Вяртаючыся ў аддзяленне, капітан аналізаваў гутарку. Штосьці надта ўстрывожыўся, калі даведаўся, што з міліцыі. Заёрзаў, нібы на хвост наступілі. Нешта ёкнула ў яго ўнутры, факт, ёкнула. Страпянуўся, як той кот, што вылізваў смятану, а тут гаспадыня заспела... Відаць, нешта тут ёсць... Трэба пацікавіцца. Вось закончу справу з забойствам і займуся Кулебам. Дзядзька Коля мае рацыю, калі гаворыць, што ён не падабаецца. Сэрцам адчуваеш, а чаму — выказаць словамі пакуль нельга. Кажа, папужаць... Як сказаў адзін: яно, канешне, і можна, дык ніяк нельга.

 

 

ІІ

Цяпер капітан ужо з надзеяй пазіраў на маўклівы тэлефон, чакаючы ад яго патрэбнай вестачкі. Раз чалавек не вярнуўся дахаты — родныя павінны забіць трывогу. Вось толькі чаго марудзяць? Як некаторыя людзі недаравальна бесклапотныя. У жыцці ёсць няпісаныя правілы. Паехаў у адпачынак — адгукніся тэлеграмай ці званком, што даехаў. Затрымаўся на начлег дзе — паведамі блізкім. Але некаторыя лічаць гэта неабавязковым, ледзь не «цялячымі пяшчотамі». Да такой неабавязковасці і дзяцей прывучаюць. А ў дні бяды, ад якой ніхто не застрахаваны, як важна хутчэй падняць на ногі адпаведныя службы.

Галасіста задзынкаў тэлефон. Дзяжурны міліцыі паведамляў:

— Жанчына шукае мужа. Пайшоў на работу і не вярнуўся. Узрост — пяцьдзесят гадоў. Запісвайце адрас...

Барташ зняў трубку:

— Барыс Іванавіч, тэрмінова патрэбна машына.

— Выходзь на ганак,— быў адказ.

...Ён шпарка ўзбег па ўсходках на чацвёрты паверх і толькі тут, пачуўшы гулкі ход ліфта, успомніў аб ім. Аддыхаўся, націснуў на кнопку званка. Праз які час за дзвярыма нехта затупаў, данёсся ціхі перазвон ключоў. Віктар Пятровіч прадставіўся, дастаў стос фотаздымкаў:

— Паглядзіце, калі ласка, ці няма тут вашага.

Дрыготкімі пальцамі жанчына пачала перабіраць фотаздымкі. І раптам — у плач. Яна галасіла і галасіла, усхліпваючы.

— Хто ж яго, родненькага... За што?

Не раз яму даводзілася бачыць людзей у момант няўцешнага гора. І заўжды да болю кранае яго душу падобная сцэна. Капітан прысеў побач, даў выплакацца, папрасіў:

— Дапамажыце нам. Успомніце, у што быў апрануты, што ўзяў на работу.

— Пайшоў у кажушку,— выціраючы змакрэлай ужо хусцінкай вільготныя вочы, пачала Ганна Гаўрылаўна.— Ладны такі кажушок, новенькі амаль што... Не так даўно купілі. Помню, не надта хацеў такую дарагую рэч. Ды я ўгаварыла. Зарабляе някепска, чаму б не памоднічаць, колькі таго жыцця...

Праз колькі часу ў аддзелы міліцыі, участковым інспектарам у іншыя адпаведныя месцы паляцела тэлеграма:

— Кажушок цёмна-карычневага колеру, кароткі, футра — падшыўка светлая, каўнер — чорны. Каля каўнерыка ззаду разрыў у форме трохвугольніка заліты клеем. Падшыўка ў месцы злучэння левага рукава падшыта чорнымі ніткамі... Прашу прыняць меры па пошуку рэчы і затрыманні яе новага ўладальніка...

Прыпынкі за два да завода, на якім працаваў забіты Прохін Антон Андрэевіч, капітан адпусціў машыну і размашыстым крокам пашыбаваў паўз скверык напрасткі. Ішоў ён лёгка і таропка, шырока размахваючы рукамі. На твары — задумлівая засяроджанасць, на душы — першая палёгка пасля таго ранішняга пакутлівага прадчування і бездапаможнасці перад таямнічай галаваломкай. Зараз жа машына пошуку набірала абароты. Старшы оперупаўнаважаны нарэшце адчуў сябе ў сваёй стыхіі, і гэты пошук захопліваў яго, у галаве спелі варыянты дзеянняў. Капітан быў упэўнены ў галоўным: дзейнічаць трэба хутка і рашуча, пакуль забойца не паспеў замесці сляды.

А Барташ ліхаманкава думаў. Варта было б сустрэцца з напарнікамі, скарэкціраваць тое-сёе. Ён быў памкнуўся да тэлефоннай будачкі, але нечакана спыніўся: нібы здалёк пачуўся голас Лапко: «Адно раю, Віктар, не гарачыся. Ёсць у цябе такі грэх». У думках зноў перанёсся ў вёсачку Дуброўка, у невялічкі дамок ля высачэзнай ліпы і замшэлага вяза. Ён з бацькам пілуе таўшчэзныя каржакі на дровы. Піла натужна пазвоньвае і час ад часу, заціснутая каржакамі, выгінаецца дугой і змаўкае. «Тысні, тысні, даражэнькі, корч на ныз,— падказвае бацька.— Нэ горачыса, шчэ руку падсунэш — пальцы ў дровы... Адкуль така горачность. Она — добра штука. Но пры холодным сэрцы. Шчо б в меру. А так згорачышса дэ,— павучаў бацька.— Трэба спэрша головой, а потым рукою. А ў тэбэ, дорожэнькі, наоборот. Рука обгоняе голову».

«Так,— раздумваў Барташ,— збор трубіць ранавата. Патрэбна як мага больш зыходных дадзеных. Як прайшоў яго апошні дзень — сустрэчы, настрой, з кім ды дзе. Абмазгаваць усё, і потым — у пагоню».

У цэху вухкалі прэсы, натужна скрыгатала кранбэлька. Віктар Пятровіч узняўся па слізкай, ладна зашмальцаванай, прапітанай рознымі масламі лесвіцы і рыпнуў дзверцамі з таблічкай «начальнік цэха». Гаспадар пакойчыка распінаўся ў тэлефонную трубку:

— Не выцягнем, Паўлавіч, не выцягнем гомельскі заказ. Гарыць, сінім полымем гарыць квартальны...

Ён паклаў нарэшце трубку, правёў рукою па ўзмакрэлым ілбе.

— Капітан міліцыі Барташ,— прадставіўся Віктар Пятровіч.

— А, гэта вы званілі з прахадной,— успомніў начальнік цэха і, набулькаўшы шклянку вады з белага, са шчарбінкай графінчыка, асушыў адным махам.— Няма перадыху... Трашчыць квартальны, а галоўны навязвае шчэ заказ. От сюды б яго, хай бы пакруціўся.

— Прабачце, я па справе Прохіна,— перабіў яго капітан.

— Якога шчэ Прохіна? — здзівіўся той.

— Рабочага вашага цэха.

— Нешта натварыў? — шчокі начальніка пачалі пунсавець.— Чорці што... Тут план трашчыць, рамонт абсталявання на хаду, а яны шчэ і міліцыю падключаюць... Чорці што... Ну я гэтаму Прохіну... Што там ён выкінуў?

— Ён забіты. Няўжо не ведаеце, што другі дзень пустуе яго рабочае месца?

Начальнік цэха чамусьці пачаў корпацца ў паперках на стале, пасля націснуў на кнопку селектара:

— Хто гэта? Сцяпанавіч? Чаго прыліп у бакавушцы? Марш на ўчастак... Пастой хвілінку. Пакліч майстра... Дзе Прохін? Загуляў, кажаш? Як загуляў? Пасля палучкі? Чаму не далажыў? Марш на адной назе да мяне... Чорці што...

Ён адарваў ад селектара позірк, павярнуўся да капітана:

— Перадыху няма. Завальваем рэалізацыю... Закружыліся тут. Няма калі дайсці да кожнага слесара.

— Мо і завальваеце таму, што забываеце пра людзей,— паўшчуваў Барташ.

Не яго гэта справа — чытаць падобныя натацыі. На тоё ёсць партком. Яго задача — лавіць злачынцаў. Але не мог утрымацца, каб не выказаць начальніку ўсё, што думаў. Не ўпершыню даводзіцца сустракацца яму з тэхнарамі, якія за гайкамі і лічбамі не бачаць канкрэтнага чалавека. Іх не цікавіць: што ў падначаленага на сэрцы — камень ці вясна. У такіх калектывах і план трашчыць, і паведамленні з міліцыі адно за адным.

— Наведалі б хоць сям'ю, суцешылі б, дапамаглі...— падказаў Барташ.

— Гэта мы мігам,— падабрэў, памякчэў разгублены начальнік цэха. І павярнуўся да майстра:—Адчыні капітану кабінет намесніка. Пакліч каго трэба. Дапамажы міліцыі. Каб усё чын чынам.

У пакойчык зайшоў сярэдніх гадоў мужчына ў чорным халаціку з закасанымі рукавамі. З кішэні на грудзях тырчэў аловак. «Выпраўка дзядзькі Колі,— падмеціў капітан.— І знешне нечым падобны. Толькі маладзейшы намнога».

— Уладзімір Іванавіч Ксяневіч, рабочы,— коратка адрэкамендаваўся той.

— Сядайце, калі ласка,— запрасіў Віктар Пятровіч.— Я тут па справе Антона Андрэевіча. Хачу задаць некалькі пытанняў.

— Слухаю вас... А-а, прабачце, што-небудзь здарылася?

— Здарылася. Але аб гэтым пазней... Вы добра ведалі Прохіна?

— Як вам сказаць? Поруч не першы год.

— Што ён за чалавек? Як бы вы яго ахарактарызавалі?

— Добры, класны спецыяліст, факт. Галавасты. Такіх, ведаеце, не шмат. Душу ўкладвае, а не толькі мускулы. І не выхваляка. Другі б мо нос угору. А ён не. Не выпячвае ўменне, а вось падзяліцца з кім, калі ласка. У яго ёсць чаму павучыцца многім. І вучацца... Выпадак адзін успомніўся. Далі тэрміноўку — так сказаць, заказ адказны, а часу ў абрэз. Майстар да аднаго, другога... Няма добраахвотнікаў. Кожны вочы ў чарцёж і рукі ўгору. Антон ужо сядзеў на падобным заказе. Так што аб другім — і гаворкі быць не магло. А прыкмеціў увільванне некаторых ды да майстра: «Дай, кажа, мне». І выканаў. Абодва заказы. Вечары прыхопліваў. Сёй-той пасля вочы апускаў перад майстрам і перад ім. Такі, значыць, урок. Хлопец што трэба ў рабоце, факт.

— Ну, а характарам які?

— Спакойны. Без дай прычыны не ўспыліць. Ведаеце, ёсць такія, пры дотыку ўспыхваюць як запалкі. Ён не. Разважлівы, нетаропкі. З такімі добра кантачыць. Камунікабельны, як цяперака модна кажуць... Адна загана — гарэлка. Нават жонка скардзілася. Казала, паратунку няма. Як палучка ці аванс, так ужо і цікуе, з кім бы раздавіць пляшку, факт.

— Не помніце, з чаго пачалася цяга да гарэлкі? Мо якая душэўная траўма?

— Якая траўма? Так сабе, на вачах усіх спіўся. Спярша кілішак... Ну, а там прэмія, прагрэсіўка. Каб хто ўзяўся за яго, тады — толк быў бы. А то ж як глядзяць? Пад плотам не валяецца, план дае, астатняе — трын-трава, факт... Я выступаў на сходах супраць такой завядзёнкі. Ат, як на дзівака глядзелі... Як жа мы да п'яніц? Як бы караем. І моцна, скажу вам. І водпускі пераносім, і чаргу на кватэру. Пра прэмію ўжо не кажу. Тут, як трапіў у выцвярэзнік,— лічы, змыў яе там. Але заўважце, гэтыя меры прымаюцца да тых, хто ўжо дужа пасябраваў з «зялёным зміем». Што да тых, хто толькі хінецца да яго,— нуль увагі. Дзіўная рэч. Спакойна гэтак глядзім, пакуль саспее выпівоха, а як саспее — от тады і ўлепім. Як бы загадзя рыхтуем п'яніц, каб потым іх пакараць.

Падабаўся капітану Ксяневіч. Сваімі развагамі, жыццёвымі назіраннямі, мудрымі вывадамі. Таму не перапыняў, хоць і моцна карцела. «Што ж, справы ў цэху павінны наладзіцца, раз такія людзі ёсць,— прыходзіў да вываду Барташ.— От толькі не ўмее, мусіць, кіраўніцтва абапірацца на іх...» І ўсё ж не ўцярпеў далей капітан, перабіў Ксяневіча:

— Прабачце, вы яго бачылі ў той дзень пасля палучкі?

— Як жа, бачыў. Усе бачылі. Тады ў нас быў прафсаюзны сход. Ён нават выступаў. Падсыпаў перчыку інжынеру Ціхановічу, ну, гэтаму — Івану Барысавічу. Чырванеў той, як рак. Зашыліся яны з укараненнем навінкі, зашыліся, факт.

— Якія ў яго адносіны з інжынерам? Часта канфліктавалі? Скажам, у апошні час?

— Здаралася. Ведаеце, яны звязаны адным тэхналагічным ланцужком. На вытворчасці не ўсё гладка. Так што, бывае, праразаецца голас і ў ціхоні... У начальніка нашага былі? Чулі, як крычыць?

— Быў, чуў.

— Спярша тож ціхоняй быў. Танюсенькі такі галасочак. Кожны сказ пачынаў з прабачэння... Цяпер жа аж хрыпіць сіплым басам ды падскоквае на табурэтцы, як ускіпелы чайнік... Як паабцёрся. Так што і Антон счэпліваўся з ім, калі ўжо дапячэ.

— Пасля сходу што?

— Пасля сходу атрымалі аванс і раз'ехаліся. Помню, на прыпынак Антон пайшоў з «Нумыгэтай» і з Ціхановічам.

— З кім? Якой нямыгэтай?

— Прабачце, з токарам Волахам. Такая мянушка прыклеілася да яго. Усе так і завуць між сабой.

— І з тым інжынерам, што крытыкаваў?

— Ага.

— А што за чалавек Ціхановіч? Што ў цэху пра яго гавораць?

— Галавасты спецыяліст. Працалюбівы. Ды пакрыўдзілі...

— Як?

— Ат, была тут адна неразбярыха... Як бы вам карацей... Вылучылі Ціхановіча намеснікам начальніка цэха. Цэх быў так сабе. І не ў абозе, і не ў авангардзе. З яго ж назначэннем пайшоў угору. Хутка і вымпел прапісаўся... Як кажуць, і сляпая кабыла цягне, калі добра бачыць той, хто з лейцамі. Другі намеснік — Даўбешкін — яго супрацьлегласць. Языком і так і сяк, а на справе — аніяк, ёлупень, адным словам. Ды да крэсла вышэйшага надта цягавіты.

— Ногі хілыя да танцаў заўжды мілыя.

— Яно так. Ды, як казаў ужо, малоць язык ахвочы. У пустой бочцы звону паўнютка. Як за што возьмецца, мусоліць аб рабоце бясконца, а тая ні з месца... Занадзіў сноўдаць у заводакіраўніцтва, да Рыгора Зунькова, куратара нашага, значыць, ды нашэптваць сёе-тое. Прапіша што Ціхановіч у цэху цікавае, той наверх. «Як жывяце?» — пытаюцца там. «Стараемся,— дакладвае Даўбешкін.— От адну ідэйку падкінуў, укаранілі». І пачынае аб удасканаленні Ціхановіча, прыпісваючы сабе ролю мазгавога трэста. Шапаток ціхі, а рэха звонкае. У другі раз падкіне ў партком факцікі аб тым, як ён нібыта папярэдзіў брак, дапушчаны Ціхановічам. «Талковы ён, ды гарачлівы, як бы не нахамутаў чаго,— нашэптваў, не забываючы пры гэтым уставіць:— От і падстрахоўваць даводзіцца». Словам, мастак з сухой анучы ваду выкручваць. Ат, гідота... Хапіла б чарніла, усіх бы ачарніў...

— Няўжо ўсе так і верылі зласліўцу?

— Чалавек не арэх — адразу не раскусіш. Ды і быў бы запявала, падгалоскі знойдуцца. Пыталіся ў начальніка цэха пра двух намеснікаў. І як вы думаеце, што ён сказаў? Нізашто не адгадаеце. На Даўбешкіну, сказаў, цэх трымаецца. Ну, як вам? У нас доўга пляткарылі: з якой нагоды зманіў? Я кумекаю так: да пенсіі яму было рукой падаць, а да крэсла прыкіпеў. Не ў яго інтарэсе было мець намесніка з добрай рэпутацыяй. Галавасты? Во такі трэба быў. Каб цягнуў справу. Але ціхоня, які б не высоўваўся. Даўбешкін жа — дурань. Усе бачылі. От яго і выстаўляў напаказ, на першую ролю, радаваўся, што ні ў кога і язык не павернецца прапанаваць яго кандыдатуру.

— У заводакіраўніцтве, парткоме як да гэтага? Не верыцца, каб не раскусілі...

— Наш куратар інжынер Зунькоў. От жа кар'ерыст, свет не бачыў. Кажуць, у яго адзіны клопат: як бы апаганіць здольных маладых інжынераў. Каб ён, значыць, адно свяціла было на прыкмеце. От такі куратар, значыць. У сне ўжо бачыў сябе кіраўніком цэха. Як-ніяк, а наш механічны — галоўнейшы на заводзе. Так што і яму на руку было хваліць Даўбешкіна і адшукваць хібы ў Ціхановіча. Аднойчы на нарадзе Зунькоў паўтарыў словы начальніка цэха: «На Даўбешкіну трымаецца механічны цэх». От так і перахвалілі. Даўбешкін стаў начальнікам. Як кіруе, вы, напэўна, прыкмецілі, калі былі ў ягоным кабінеціку...

Барташу даўно не цярпелася перабіць Ксяневіча. Але была надзея, што, разгаварыўшыся, ён можа сказаць і нешта больш важнае, істотнае, што дапаможа пасля выкрыць злачынцу. Уменне слухаць — вялікі талент. Таму капітан сваімі пытаннямі яшчэ болей падахвочваў рабочага ды скіроўваў гаману бліжэй да справы.

— Ціхановіч як адрэагаваў?

— Галавасты ён, ды ціхоня, не ўмее пастаяць за сябе. Хоць многім падабаецца за гэта. А што? Працавіты сялянскі хлопец. Толькі на нашым заводзе такім цяжка... Папрасіўся, значыць, тады ў тэхналагічнае бюро інжынерскага хлеба паспытаць... Даўбешкін не адпускаў, залатыя горы абяцаў. Датумкаў няўмека, што без Барысавіча ён нуль.

Ксяневіч перавёў дых, крэкнуўшы, дадаў:

— Без вопыту і навукі — не бяры і хамут у рукі. Узяў. І от цэх адразу ўніз. Другі год завальваем квартал за кварталам, лепшыя спецыялісты навастрылі лыжы хто куды... От такую кашу заварылі, значыць... Не разумею Даўбешкіна, далібог, не разумею. Не дастане куды кіем, а носам пнецца.

— На Ціхановіча паўплывала гэтая, як вы кажаце, каша?

— Пацьмянеў. Актыўнасць з'ехала. Не тое што раней было. Скумекаў, відаць, што ў нас выгадней не пнуцца, а бачнасць кіпення выстаўляць. Ды ці толькі ён! Тое, што адбылося, як варам апарыла многіх... Словам, надломлены нейкі. Крытыку ўспрымае хваравіта, крыўду затойвае.

— Нават так?

— Ага.

— Што ж, калегі, аднадумцы? Не падтрымалі, выходзіць, хоць маральна?

— Ды выходзіць... Хаця лепшыя якасці Барысавіч не страціў. Воз свой цягне сумленна. Яму б голас салаўіны — заводам кіраваў бы. Дрэнна, што ў нас на прадпрыемстве ў большай пашане язык, а не рукі і галава. У каго язык даўжэйшы, таму і руль вышэйшы. Языком жа колькі ні мялі, зерне ў муку не ператрэш. Усё роўна прыйдзецца брацца рукамі за жорны.

Ён памаўчаў і дадаў:

— Ведаеце, сутычкі паміж Ціхановічам і Прохіным былі. Каб Зунькоў ды не выкарыстаў гэта ў сваіх мэтах? Не верыцца. Толькі Прохін, па-мойму, не здольны паддацца.

— Шчыра дзякую.

Барташ папрасіў майстра, каб паклікалі інжынера Ціхановіча. У пакойчык увайшоў сярэдняга росту, сталых гадоў чалавек. Твар удумлівы, засяроджаны.

— Прабачце, Іван Барысавіч, за пытанне, але цікава, што ж гэта вы здрадзілі цэху, кінулі яго на хвалі лёсу?

— Цэху я не здрадзіў. Толькі набываць аўтарытэт няўмеку, быць яго падпоркай не згодзен.

— Калектыў жа бядуе.

— Не праз мяне. Ды і не доўга, думаю, яму бедаваць.

— Чаму?

— Прабачце, гэта ў вашай сферы, у ідэалагічнай надстройцы, які-небудзь Даўбешкін можа гадамі куралесіць. А ў нас эканоміка. Тут адразу відаць, хто ёсць хто, і дурня доўга не пацерпяць.

Барташ насупіўся, але спрачацца наконт надуманага абагульнення не стаў. Пакрыўджаны не заўсёды правільна ўспрымае факты. Перайшоў бліжэй да справы.

— З-за чаго счапіліся на сходзе з Антонам Андрэевічам?

— Як вам сказаць? Ён крытыкнуў, я — у адказ.

— Незаслужана пакрытыкаваў?

— Не зусім. Што Прохін? Чуў звон, ды не разабраўся, адкуль ён. Нібы наша бюро толькі і ведае, каб ім падножкі ставіць, як ён выказаўся. Не ўсё залежыць ад нас... У нас свае цяжкасці. Хоць адбаўляй. Дакументацыю затрымалі? Затрымалі. Забеспячэнцы наконт профіляў металу не дамовіліся? Не дамовіліся. Падсеклі нас так, што нявыкрутка поўная. Часу на рэалізацыю задум — кот наплакаў. А ў спешцы як без пралікаў? Вядома, наша віна, у тым ліку і мая, што Прохін і яго хлопцы ў стружку-габлюшку метал пераводзяць. Дык вось гэта ўбачылі многія. А нашы цяжкасці чамусьці не заўважаюць. Дайце ўсё, што трэба, каб пад рукой было — ого, якія вынікі будуць. Як на дражджах падыдуць. Бяда наша — няўменне наладзіць забеспячэнне рабочых месц. Забеспячэнне — ахілесава пята ўсёй нашай эканомікі. Яе поспех у многім будзе вызначацца тым, як здолеем навесці тут парадак. Сумежнік раз за разам зрывае пастаўкі. Каб вымаліць дэталькі, профілі металу пасылаем людзей, штурхачамі іх завем. Во якая прафесія нарадзілася. Пасылаем, значыць, выпрошваць сабе міласціну. Ды яшчэ сувеніраў-падаруначкаў ахапку везлі. Едзем — і бух у калені: «Дык вы ж, любыя, ужо зрабіце сваю работу, што дзяржаўным планам зацверджана, не лянуйцеся, а мы от вам цукерачкі прывезлі». А як жа: не падмажаш — не паедзеш. Цьфу! Каб жа толькі ліхаманіла тое эканоміку. Дык жа людзей разбэшчвае, талент і прадпрымальнасць спецыялістаў пераплаўляем у хітрыкі. Прабачце за маналог, на балючы мазоль наступілі.

— Вы ехалі тралейбусам разам?

— Так, Антон з Нумыгэтай, Волахам, значыць, падселі да мяне. Маўляў, памірыцца варта.

— А вы што?

— А што я? Я вайну ім не аб'яўляў. Які сэнс пераводзіць грошы і час на гарэлку. Было ў мяне паслабленне. Пасля той, значыць, кашы з Даўбешкіным хлябнуў з імі. От і чапляюцца. Кампаньёна знайшлі. З імі толькі звяжыся... Даехалі да стадыёна, пажадаў ім усяго добрага і пайшоў.

— Спяшаліся куды?

— Так, у кінатэатр.

— Якіх змен у настроі Прохіна, яго паводзінах не прыкмецілі?

— Не.

— Мо якія падрабязнасці апусцілі?

— Здаецца, не... Хаця...

— Успомніце, гэта важна.

— У тралейбусе ён раз-пораз пазіраў назад. Нумыгэта нават цікавіўся: «Чаго круцішся, стрэў каго?» — «Ат, знаёмы адзін»,— адказаў. «Давай праціснемся, у кампанію падхопім, ну мы гэта, значыць...» — параіў Волах. А ён, помніцца, заківаў галавой. «Не той знаёмы...» Яшчэ напаследак, як адмовіўся, значыць, сказаў... Як жа гэта... Слова ў слова не помню, але штосьці накшталт, маўляў, хто ж мяне праводзіць, як жа мне аднаму... Шчэ падумаў, у рот не браў, а вярзе як у добрым падпітку. Што ён, дзеўка ці кабета якая, каб праводзіў?.. Хаця сказанае, відаць, не вартае ўвагі.

— Чаму ён так сказаў? У вас не ўзнікала такое пытанне?

— Мільганула. Падумаў, прабачце, налізваецца так, што без праважатых не абыходзіцца. Нават раззлаваўся на яго. Выбраў, значыць, мяне для такой ролі.

— З чаго такі вывад?

— Расказвалі, што перабірае, ледзь трымаецца на нагах. Ды і жонка прыходзіла плакацца. Мусіць жа, дапякло. Хаця... сямейны гаршок заўжды кіпіць.

Адчувалася, канфлікт паміж імі звычайны, вытворчы, як быццам не такі чалавек Іван Барысавіч, каб затаіць нейкую крыўду на саслужыўца. Добрую характарыстыку далі яму калегі, партыйцы. Працуе ўвогуле старанна, хоць і зорак з неба ўжо не хапае, не цураецца даручэнняў, камень за пазухай не носіць. Праўда, сэнс апошніх слоў нейкі няўлоўны. Наконт провадаў нешта прыплёў. Штосьці ненатуральнае, непраўдападобнае ў іх. Мо каб увагу адцягнуць ад сябе, от і наплёў. Мікіціць, нездарма зацікавіў канфлікт з рабочым. Не дурань жа. Інжынер... Узлаваны. Такога падзавесці, што раз плюнуць... Ёсць над чым памазгаваць... Так, яшчэ знаёмы нейкі Прохіна ў аўтобусе фігурыруе. Што з таго? Ці мала хто сустракае знаёмых. Але пойдзем далей. Значыць, апошнім Прохіна бачыў Волах. Цікава, як яны рассталіся?

Праз адчыненыя дзверы прасунулася ўскудлачаная галава.

— Клікалі?

— Праходзьце, клікаў.

Волах усеўся насупраць, баязліва паглядаючы па баках. Барташ не спяшаўся распытваць, разглядаў яго. Твар недагледжаны, рэдка бачыць лязо брытвы, пад вачыма — мяшкі. Відаць, прыкладваецца да горлачка не толькі па святах, але і ў дні палучкі.

— Леанід Казіміравіч, успомніце, як вы ехалі з сябрукамі ў тралейбусе?

— Як ехалі? Звычайна. Уціснуліся і стаяком.

— Сустрэлі каго?

— Не, выйшлі ўтрох.

— Як рассталіся?

— Як расстаюцца? — ён паціснуў плячыма.— Ну, я гэта, значыць, на свой аўтобус, ён — на свой.

— Вы яго не праводзілі?

— Не. Перабралі мы тады. Лішку глынулі... Ну мы, гэта, значыць, узялі напачатак пляшку. А-а-аванс абмыць. Завядзёнка такая. Аб жыцці-быцці, значыць, пакалякаць... Ну мы, гэта, значыць, на лаўку. Ну, там, у двары. Дрэўцы наўкол, ціха так, свежа. Адкаркавалі... Ну мы, гэта, значыць... Зразумела? А пасля другую. Я казаў, не варта. Ён жа ўчэпісты такі хлопец. Апошняя, кажа, і па конях. Падбухторыў, гэта, на паўбутэльку. Ну, мы, гэта, значыць, зноў на лаўку. Асушылі, пацямнела наўкола, язык анямеў. Я адразу пашыбаваў на аўтобус.

— А ён?

— Сядзеў на лаўцы... Ну, там, у двары, дзе раздавілі тую пляшку. Потым, як азірнуўся, пашыбавалі і яны.

— Хто яны?

— Антон і той, вышэйшы.

— Які вышэйшы? Адкуль узяўся?

— Я пачым ведаю.— Волах паціснуў плячыма.

— Утрох пілі?

— Удвух, я ж казаў.

— Адкуль жа трэці?

— З двара, гэта, яны пайшлі як быццам удвух.

— Як быццам ці дакладна?

— Як быццам. Хаця той быў вышэйшы на галаву і трымаў Антона, ну, гэта, пад локаць.

«Бязглуздзіца, дый толькі,— злаваўся Барташ.— Хаця што возьмеш з Волаха. Яму магло не толькі дваіцца, але і патраіцца». ...На змярканні група пошуку збеглася на «вялікі савет».

— Якім шэптам зямля поўніцца? — паціраючы рукі, звярнуўся Барташ.— У каго які ўлоў?

— Сёе-тое ёсць.

І па тварах, па настроі супрацоўнікаў Віктар Пятровіч улавіў: лёд крануўся.

— Думаецца, Прохін выпадкова трапіў у Радняны. З перапою сеў не ў той аўтобус.— Барташ прайшоўся па пакоі.

— І мне так здаецца,— пагадзіўся лейтэнант Андрэй Асовіч.— Адзін вадзіцель бачыў каля адзінаццаці гадзін моцна п'янага. Ледзь пад колы не трапіў. Пачаў на яго сварыцца, ды той ледзь языком варочаў. Адно разабраў: лепятаў «к-куды я т-трапіў?». Апрануты быў, напэўна, у кароткае паліто карычняватага колеру з каўнерыкам.

— Чаму «напэўна»?

— Вадзіцель не звярнуў на гэта асаблівай увагі, спяшаўся не адстаць ад графіка і дакладна не памятае... Шафёр яшчэ расказваў...

— Смялей і паўней, калега,— падбадзёрыў Дыбін.

— Расказваў вось што... На прыпынку п'янага пхаў у аўтобус высокі чарнявы мужчына.

— Як пхаў? Дапамагаў сесці мо?

— П'яны слаба трымаўся на нагах. Не мог у дзверы патрапіць. Той і пхнуў не вельмі ветліва. Валтузіліся доўга, вадзіцель не мог з-за іх дзверы зачыніць. От і запомніў.

— Малаток, Андрэй. Што ўсё-ткі далей? — Дыбін уся ўвага.

— Селі паасобку. Чарнявы ззаду, воддаль. У Раднянах не дапамагаў п'янаму. Выскачыў праз заднія дзверцы і дзёру. Гэты ж — як аўтобус рушыў — ледзь не пад колы. Шафёр з лаянкай выскачыў з кабіны, адпіхнуў яго далей ад праезнай часткі. Прыкмеціў каля ліхтара таго чарнявага. Стаіць, паглядае нечага.

— Ат, звычайная дробязь,— махнуў рукой Барташ. Асовіч вінавата апусціў вочы.

— Дробязей у нашай справе не бывае,— не пагадзіўся Дыбін.— І вялікі карабель тоне ад малой прабоіны.

— Памаглі п'янаму сесці. І што з таго? — Віктар Пятровіч забарабаніў пальцамі па стале.— Ты, Дыбін, не дапамог бы? Ды такіх выпадкаў у горадзе, даражэнькія, штодзень ого-го колькі: чым толькі людзі гатовы галовы засмеціць?

— Чаму ж выйсці не падсобіў? — з зайздросным спакоем і настойлівасцю адстойваў свой погляд Дыбін.— Куды знікла ўсё-ткі высакародства, праяўленае пры пасадцы?

— Спяшаўся хутчэй. Што ж яму, валтузіцца з выпівохай у абдымку? Пасадзіў і на тым дзякуй.

— Чаго ўсё-ткі азірнуўся? — гнуў сваю лінію старшы лейтэнант.

Барташ усё мацней выстукваў пальцамі па стале:

— Чаго? Чаму? Куды? Як? Чуў жа, як рыпнуў тармазамі аўтобус. От і азірнуўся, ці не зваліўся, небарака, пад колы.

— Асовіч кажа: стаяў і пазіраў, а не азірнуўся.

— Ну і што? Чаго прыклеіліся да драбязы? Пойдзем далей...

— Усё сказанае, калега, падрабязней выкладзі ў пратаколіне,— як бы не чуўшы слоў капітана, з расстаноўкай, выразна сказаў Дыбін.

— Што адшукалі ў снезе? На месцы здарэння? — Барташ зірнуў на старшага лейтэнанта. Той нетаропка грабянцом правёў разы са два па гладка прылізаных валасах, узняўся, падсунуў бліжэй паперку з накідам месца, дзе ляжаў забіты.

— Воддаль ад забітага натупана. Там знойдзены скамечаныя дзве паперкі, нітка чорная сем сантыметраў, чатыры гарбузікі і лушпайкі ад іх, пяць штук...

Барташ скрывіў губы, і яго пальцы злёгку пастукалі па каробцы тэлефона.

— Знайшлі дышла, а што з яго выйшла? Пакамечаная паперка ды лушпайкі...

Дыбін аніяк не зважаў на кпіны Барташа.

— Па ўсім відаць, злачынцы залезлі ў кішэні і адышлі воддаль, куды трапляла святло ад ліхтара, каб лягчэй выявіць каштоўнасці... Таму іх і не знайшлі пры першым аглядзе месца здарэння. Малаток Асовіч, хватка ў яго ёсць. Адшукаў каштоўнейшыя дэталі. Насоўку з чырвонай вышыўкай па ражках і аўтаручку. Цікава, чаму яны ў іншым месцы, а не з астатнім хламам?

— Шпурнулі са злосці.

— Насоўку ды на такую адлегласць? Пры густым снегападзе? — Дыбін рашуча пакруціў галавой.— Не даляціць.

— Магчыма. А ўсё-ткі магчыма і іншае...

— Што іменна?

— Я ж казаў, што Андрэй — малаток. Прыкмеціў, што насоўка і аўтаручка былі крыху прыцярушаны снегам, тады як астатняе смецце пакрыта ладным слоем.

— Ну, ну, далей,— Віктар Пятровіч ажывіўся.

— Выходзіць, падалі яны ў розны час.

— Інтэрвал спрабавалі прыкінуць?

— Спрабавалі. Снег валіў да самага рання. Насоўка і аўтаручка ўсё-такі з'явіліся недзе на досвітку.

— Нехта пабываў?

— Выходзіць, пабываў.

— З якой мэтай?

— Ліха яго ведае. Мо проста зірнуць на ахвяру. Ёсць такая звычка... Асабліва ў тых, хто ўпершыню пайшоў на падобнае злачынства. Здараецца, цягне іх на тое месца... Цяпер пра галоўнае. На аўтаручцы адбіткі пальцаў. На насоўцы — плямка крыві.

— Нават так!

— Ага.

— Малайцы. От гэта ўлікі, от гэта нітачкі,— пахваліў Барташ. Ён адышоўся ад стала і размашыста закрочыў па пакоі, паціраючы рукі.— Такім чынам, насоўка і аўтаручка пакінуты злачынцам... Напэўна, нешта яшчэ ў валтузні згубіў. От і прыбягаў зранку.— І ўжо, спахмурнеўшы, перайшоў на другі тон: — Чаго ж Дыбін марочыў галаву тымі лушпайкамі? Што за манера дакладваць? Самае важнае хаваць напаследак, на дэсерт.

— І ў пратаколіне лушпайкі будуць наперадзе.— Па ўсім было відаць, Дыбін гатоў даць бой.— Каб ты, капітан, і на іх звярнуў увагу.

— Нашто яны мне, даражэнькі?

— Хто ж параўноўваў нас з золаташукальнікамі?

— Ну, я. Пальчыкі, насоўку, запэцканую крывёю, адкапалі, от малайцы. От гэта золата. Дзеля яго і варта было ва ўсіх Раднянах перавярнуць снег. А гарбузікі і ўсё такое... Імі не падсілкуешся.

— Не ўсё золата, што блішчыць. І смецце тое, іншыя факты яшчэ могуць заблішчэць.

— Адбіткі пальчыкаў па картатэцы звяраў?

— А як жа? Падобныя адсутнічаюць.

— Пра што кроў расказвае?

— Пра рэдкае захворванне таго, хто яе пакінуў. Дакладныя даныя будуць пазней.

Дыбін зноў пацягнуўся па грабянец. Барташ заёрзаў на крэсле: раздражняла гэта яго прылізванне. Як уздыбіцца які валасок — спакою яму не дае. Змочвае і прыгладжвае, прыгладжвае, нібы то найпершая справа. Такая, значыць, прэлюдыя перад прамовай.

— Выкладвай, што ў цябе?

— Не крыўдуйце, але мне, як кажа твой дзядзька Коля, многае не падабаецца. Не высветлены многія пытанні. Хто ўсё-ткі ехаў з Прохіным у тралейбусе? На каго ён усё-ткі зыркаў?

— Ці мала хто ўвапхнуўся? Пасля ж работы. Усім кагалам ціснуцца... Мо цябе і колер тралейбуса цікавіць?

— Так нельга. Давайце без кпінаў, разважлівей,— Дыбін узняў уверх руку.— Увага! Раз, два — рушылі... Уявіце, мяне ўсё цікавіць, што вока мазоліць... Найперш, трохвугольнік «Зунькоў — Прохін — Ціхановіч». Адчуваецца, Зунькоў — страшны чалавек. Такі нацкуе любога на любога... Неяк таямніча знік Ціхановіч у кіно. Паспрабуй правер, ці быў ён у ім. А потым нехта праводзіў п'янага Прохіна з двара, нехта пхаў у аўтобус Па росту як бы Ціхановіч.

— Не верыцца, каб ён быў здольны на такое...

— Доказы.

— Няма. Інтуіцыя.

— Мала. Версія «Ціхоня» патрабуе праверкі,— заключыў Дыбін.

— Не верыцца. З-за сваркі і рашыцца на такое? І які сэнс, нарэшце? — задуменна сказаў Барташ.

— Забываеш, калега, што ён надломлены. У такім стане разважлівасць выходзіць з-пад кантролю. Нарэшце, мы не ведаем, да якога кіпення давёў яго Зунькоў.

— Гэта верна. Версію «Ціхоня» нельга скідваць з рахунку. Вось ты, Дыбін, і займіся. Толькі адчуваю, да яе трэба пазней, калі не спрацуе версія «Кажушок».

— Значыць, распрацоўваем абедзве,— падаў голас Сцяпан Дзям'янавіч і працягваў: — Жонку забітага варта было б больш патармашыць пытаннямі. Што ўсё-ткі ў Прохіна на сэрцы было? Хто сябры?

— У такім стане лезці ў душу? — Старшы оперупаўнаважаны насупіўся, спахмурнеў.— Сэрца ж трэба мець і ўсё такое... іншае.

— У нас такая работа. Сэрца пасля,— уздыхнуў Дыбін

— З людзьмі ж, даражэнькі, працуем.

— І для людзей усё-ткі. Любая дробязная дэталь можа заблішчэць золатам. Адзіная дэталька можа стаць ключыкам да разгадкі.

— Можа. Наша задача — учапіцца менавіта за ключык, а не за ўсё... Дарэчы, у каго дэтэктыў даўжэйшы?

— У менш здагадлівага следчага,— выпаліў Асовіч.

— Во! Хуткасць — наша саюзніца. Што датычыць іншых фактаў... Не трасі яблык, калі ён зялёны, паспее — сам зваліцца.

— Спешка ўсё-ткі не хуткасць. Прашу не блытаць,— не здаваўся Дыбін. — Як бы гэтыя дробязі не сталі шлагбаумам? Як кажа Лапко: як бы з гэтага дышла ды не тое выйшла.

— Ты з каго, Дыбін, жыццё робіш?

— З Лапко.

— Што?

— З Лапко.

— І я з яго. Чаму ж на рознай мове гаворым?

Дыбін паправіў гальштук, здзьмухнуў парушынку з рукава:

— Улетку спіну грэў на поўдні. Дзікаром махнуў. У аднаго падсяліўся. Малюсенькі такі пакойчык. Ложачак упрытык да сцен ды табурэт. Акенца — на градку. Гляджу, бывала, на ёй спеюць вінаград і перац.

— Пры чым тут Лапко?

— Глядзеў на тую градачку дый думаў — з адной зямелькі п'юць сокі, а адзін салодкі, другі — горкі.

— Ды ты, даражэнькі, філосаф. Во як падвёў. Ты, канешне, вінаград, я — перац.

— Я так не казаў. Усё-ткі цікава, кожны з зямелькі бярэ сваё.

— Так, мы не Лапко. Узялі з яго вопыту па часцінцы... З чаго гэта ён звёў нас у адну групу? Што ліса надумала?

— І сапраўды? Сеем па-рознаму. Што пажнём?

— І ўсё-ткі, як кажа Дыбін, малайцы, спрацавалі добра,— падбіў бабкі капітан.— Цяпер некалькі нітачак у нашых руках. А за нітачкай пойдзеш — да клубка дойдзеш. Зараз галоўную ўвагу на кажушок. Ён той самы ключык. Забойца будзе імкнуцца збыць яго. Важна не правароніць, не ўпусціць момант. Потым чарга за адбіткамі пальчыкаў.

Ужо добра звечарэла, калі Віктар Пятровіч пачаў збірацца дахаты. Нетаропка, як бы нехаця, склаў у раўнюткі стосік паперы, адчыніў сейф, пастаяў у задуменні, перш чым пакласці іх туды. Звычайна рухавы, гарачлівы, хвілінамі нават мітуслівы, але нязменна хуткі на пад'ём, ён заўжды запавольвае хаду сваіх дзеянняў, калі аперацыя падыходзіць бліжэй да адказнага этапу. У такія мінуты яго, даволі запальчывага, амаль немагчыма вывесці з нетаропкасці. І толькі аднаму яму вядома, колькі нерваў каштуе такое пераўвасабленне. У аддзяленні ведалі: гэтую рысу ў характары Барташа надзвычай цаніў Лапко, называў яе скрытым рэзервам капітана і, прыцмокваючы языком, звычайна дадаваў: «От пабачыце, ён яшчэ пакажа сябе».

Барташаву нечаканую нетаропкасць, разважлівасць добра ведалі калегі. І хоць многім яшчэ было невядома, дзе тыя адказныя падзеі, з якога боку іх чакаць, па настроі капітана яны адчувалі, што версія «Кажушок» хіліцца да фіналу, што ў галаве старшага оперупаўнаважанага ёсць альбо імкліва спее план рашучых дзеянняў. Які? І сам Барташ, калі б у яго спыталі, напэўна, пакуль не адказаў бы. Проста інтуітыўна, калі набліжаліся важныя дні і рашэнні, ён скрупулёзна і дэталёва абмазгоўваў магчымыя і немагчымыя варыянты. Спешка тут мала сказаць — дрэнны памочнік. Яна — вораг. Спешка дарэчы напачатку, як ідзеш па гарачым следзе. От тут час дарагі.

Барташ выйшаў на ганак, удыхнуў на поўныя грудзі марознае паветра. «Цікава, чым жа бацька цяперака займаецца? — раптам задумаўся капітан.— Пэўна, кляпае прыбудову для кладоўкі. Улетку ж калі? З першым жаўруком у раллю ды пракосы. Хіба што ўзімку і цяслярыць. А мо да суседа патэпаў на каляровы тэлевізар ці проста, як кажа, пабалакаць. Але гэта толькі ў тым разе, як намечанае здзейсніў. Як гэта ён паўтарае: «Нэ вэрыш, дорожэнькі, спросы ў Мішы, што хату кончаюць будоваты нэ з заходом сонца, а комыном на крышы...» Так-так, дзе мой комін?

Капітан саскочыў з ганка, здалёку на тратуары прыкмеціў Лапко Барыса Іванавіча. Стаіць, чакае.

— Кажаш, кончыўся дзень — сякеру ў пень... Набегаўся?

— А як жа. Такая работа.

— Што праўда, то праўда. У цябе работка надарылася...— Лапко памаўчаў крыху, потым спытаў: — Як працуецца з Дыбіным?

— Ат, грызёмся. Надаеў як горкая рэдзька. Спрэчкі, дыспуты.

— Спрэчкі — гэта добра. Што там старажытныя філосафы наконт іх гаварылі, не забыўся?

— У спрэчцы нараджаецца ісціна.

— Во-во!

— Ведаеце, падлічыў, колькі лушпінак з гарбузікаў знайшоў на месцы забойства, змераў даўжыню абрыўка ніткі...

— Ёсць у яго такі грэх. Толькі не забывай: каб дабрацца да зерня, даводзіцца брацца за шалупінне... Глядзі на зерне, а не на шалупінне Дыбіна. Дарэчы, ці хутка возьмеш новага ўладальніка кажушка? — пацікавіўся Барыс Іванавіч.

— Пастараюся. Толькі наконт «хутка» адказаць цяжка.

— Возьмеш, возьмеш,— падбадзёрыў начальнік аддзялення.— Па вачах бачу — выйшаў на след.

Пасля кароткай паўзы раптам спытаў:

— Чаму так позна дахаты? Ведаю-ведаю, справы не адпускаюць, такая ўжо наша доля. Але ж сёння мог бы і раней адчаліць. Дзень вунь які ўраджайны. Мог бы і пра сям'ю падумаць. Юрасік нябось чакае?

— Яшчэ як. Толькі часу для яго амаль не застаецца.

— Вось гэта дрэнна. Вельмі дрэнна. Не думаў — не гадаў, што адзін з лепшых маладых супрацоўнікаў ды так сябе паводзіць. Наш галоўны клопат не толькі лавіць злачынцаў, але і выхоўваць сваіх дзяцей. Кепскі той работнік, хто забывае пра гэта. Нядаўна сутыкнуўся з такім бацькам. Важнецкая птушка. А сынок правапарушэнне дапусціў. І кеміш, што ён у сваё апраўданне? Работа, маўляў, вінавата, усё такое. З ранку да вечара на ёй, сына рэдка бачу... І вось дажыўся,— Лапко ўзяў капітана пад локаць.— Мо пратэпаем дзеля размінкі які прыпыначак, га? А то сіднем, як прывязаныя да стала. Гэтак і косці паржавеюць... Не, справа не толькі ў правапарушэнні падлетка. Хоць і яно, сам ведаеш, што такое. Як бы жыццё хлопца не пайшло-паехала наперакасяк. На рабоце ягоная рэпутацыя падмочана. Нават падхалім-падначалены і той зыркнуў з-пад ілба, што моцна ўразіла важную птушку. Але галоўнае адкрыццё падрыхтавалі мы. Пасадзілі побач з сынам і завялі гамонку аб жыцці-быцці. Ты, вядома, кумекаеш, што з таго дышла выйшла? Бацька і сын — толькі па пашпарце. Па духу — па сутнасці, незнаёмыя людзі і ўсё такое іншае. Няма ў яго сына ў поўным разуменні гэтага слова. Згубіў. А дзе і калі, уцяміць не можа. Ён лічыў сваім абавязкам адно — на плечыкі лапік які накінуць ды ў роцік нешта пакласці. Словам, апрануць ды накарміць. Зрэдку пагладзіць па галаве, прабач, так і жывёліна ўмее турбавацца аб патомстве. І прыгрэе, і корм падпіхне. А ў чалавека ёсць язык, духоўны вопыт. Без сумеснай працы, духоўных сувязей няма радства... Не паверыш, плакаў той чалавек. Прабач, Віктар, за натацыю. Я хачу, каб ты помніў пра таго бацьку... Усёк? Ну, бывай.

Усю дарогу дадому не выходзіла з галавы размова. Віктар Пятровіч яшчэ раз з удзячнасцю адчуў, што яму пашанцавала на кіраўніка, на старэйшых таварышаў, якім не абыякавы яго лёс, якія тактоўна, часам і востра падкажуць, дапамогуць, падзеляцца сваім жыццёвым набыткам. Як часам бывае? Кіраўніка цікавяць адны вытворчыя паказчыкі. «Давай, давай»,— толькі і чуеш ад яго. Твае ж турботы, тое, што на сэрцы каменем — яму да лямпачкі. Такі напамінае нечым пастуха, а не бацьку. Пад крылом ягоным таленты вянуць або цікуюць зручны момант для дзёру.

Сама размова, якая адбылася мімаходзь, якая часу заняла няшмат, запала ў душу глыбока. Як гэта бацька трапна кажа: «Ліпш слово ўмудроного, чым падмога зэлёного». І толькі цяпер капітан скумекаў, што яна, размова-маналог, была невыпадковай, і чаму адбылася тут, ля ганка, а не ў кабінеце. Ён здагадваўся, што яе падрыхтоўка каштавала старому ваўку і часу, і душэўных хваляванняў. Інакш хіба можа патрапіць вось так, у самае яблычка.

 

ІІІ

Рыгору Кулебу не сядзелася. Круціўся і ёрзаў на табурэтцы. Пакойчык для дробнага рамонту абутку, дзе ён увіхаўся, адведзены быў на першым паверсе будынка бытавых паслуг. Рыгор Максімавіч сядзеў ля акна, якое выходзіла на плошчу мікрараёна. Тут зрання і да вечара віравала жыццё раднянцаў. Асабліва яно бурліла і кіпела ў другой палове дня, калі вярталіся са змены рабочыя машынабудаўнічага завода, іншых прадпрыемстваў. От і зараз высыпалі і высыпалі людзі з «Ікарусаў».

Кулеба раз за разам пазіраў на плошчу. Адчувалася, кагосьці чакае, пабойваецца, як бы не прамаргаць яго ў гэтым шумліва-імклівым натоўпе. Калі б хто ўважліва паглядзеў на яго ў тыя мінуты, дык, напэўна, прыкмеціў бы хваляванне, якое ахапіла гэтага ўжо немаладога, добра ўкормленага мужчыну. І па тым, як ён пакручваўся на месцы, і па рашучым ускоку на ногі, і па бляску ў вачах нельга было не здагадвацца, што ён гатовы быў як з ланцуга сарвацца з майстэрні на нейкую важную і неадкладную справу. Ды хтосьці затрымліваў. От і месца не знаходзіў.

Але вось ён неяк нечакана сцішыўся і, спрытна заганяючы цвікі ў падэшву, касіўся вокам на акно. А там, за парадзелымі ўжо людскімі хвалямі, няспешна, як бы нехаця, швэндаліся, азіраючыся па баках, тры хлопцы. У спартыўных уцепленых куртачках, з вушанкамі набакір. Зрэдку яны піхаліся, як пеўні ў бойцы, штурхаючы прахожых, і тыя, зыркаючы і асыпаючы хлопцаў рэплікамі-заўвагамі, абыходзілі іх.

Рыгор Максімавіч памкнуўся быў да выхаду, але тут жа сеў. Адчувалася: і хочацца паклікаць тых задзір, і нешта колецца. Ён быў упэўнены, што заглянуць, не прамінуць, а таму трымаў марку. Моладзь не любіць навязлівасць. Кулеба нават не павярнуўся і тады, калі пад акном пачаліся коўзанне і валтузня, і тады, калі зашкрэбалі пальцамі па шкле. З найвялікшай засяроджанасцю ён прымерваў набіўку на абцасік. Потым павярнуўся да акна і абыякава паглядзеў на хлопцаў, як бы не пазнаючы іх, і зноў увіхаўся над чаравікам. Але вось нарэшце засвяціўся шырокай усмешкай і паклікаў тых пальцам. Хлопцы хутка ляснулі ўваходнымі дзвярыма і, расчырванелыя, яшчэ не аддыханыя ад таўхатні, выраслі на парозе.

— Усё куём ды жуём,— замест прывітання без перадыху выпаліў Аляксандр Грабчук,}ці, па-вулічнаму, Лёха. Ён быў вышэйшы з трох і шырэйшы ў плячах. З твару — душа-хлопец. Усмешка — ад вуха да вуха. Прыцягвае. Блінцом масляным у рот лезе. Толькі вочкі — калючыя. Так і круцяцца, за што б зачапіцца, дзе б даць работу рукам і нагам. Пра іх дарослыя кажуць яшчэ так: хвастом віляе, а зубы скаліць. Поруч з ім — Сямён Чарныш, Сімяон. Важнічае. Капейкі не варты, а глядзіць рублём. На замежныя слоўцы налягае, часцей не да месца. З-за спін выглядае нізенькі, затое каржакаваты Вадзім Дзюбач, па-іхняму Вушасцік. Забаўны малы. Капіруе сваіх куміраў з замілаваннем. Слоўцы, жэсты, паходка — усё перанята ў кагосьці, найбольш — у Лёхі. Бач ты, як вушанку накасабучыў на левае вока. Рыхтык як у Лёхі. Нос задзірае, а ў галаве вецер гуляе. Уся тройка — аднаго поля ягады. Да работы неахвочыя, адно ў галаве —: гулянне.

— Штой-та кіслы, як зялёны яблык? — Кулеба кінуў позірк на Лёху.

— Майстар да яго прычапіўся як банны ліст. Загрызе бедалагу,— спачувальна ўставіў Сімяон.— На таварыскі суд выцягвае.

— Чаво так?

— Да работанькі няма ахвотанькі. Дзёру ад станка даў... раней часу.— Лёха пераступіў з нагі на нагу.— Надаела спіну гнуць.

— І правільна здзелаў. Ад работы коні дохнуць,— Кулеба адклаў чаравік убок.— Не дае майстар жызні? Трымай, Лёха, нос па ветры.

— От і я гавару — пераходзь на другі ўчастак,— прапішчэў Вушасцік.

— Ага,— Кулеба пакасіўся на Дзюбача.— Другі ўчастак, думаеш, без майстра? Майстру, іншаму начальніку — што? Языком малоць, не дровы калоць — спіна не запарыцца... Дровы калоць яны дурняў агіціруюць...

— Словы льеш, фраер, любата. Толькі, пардон, сам чаго тут? — Сімяон тыцнуў пальцам на кучу абутку.

— І сапраўды,— дадаў Лёха.— У модзе аўтаматыка, электроніка з рознакаляровымі кнопкамі... Дух захоплівае. Няўжо не хош?

— Пара ведаць, Лёха, што работа цэніцца не кнопачкамі, а рублём. Палучым купюру — от тагды дух захоплівае. Кнопачкі рознакаляровыя — прынада для прастачкоў, як чарвяк для карася.

— Гэ, не кажы. З кнопачкамі цікавей, чым з цвікамі.

— Кожны кулік сваё балота хваліць,— піскнуў Вушасцік. Кулеба павярнуўся да яго:

— Сам ты балота. Сфера абслугі, братва, залаты прыіск. Дзе, акрамя нас, чаявыя? На дружбу, зноў жа, кожны набіваецца... Ты пастой ды паглядзі, як просяць... І прахвесары, і электронікі твае. А я хачу — уважу, хачу — ад варот паварот... Вот твой целік як правярнулі, а? За дзень. Нехта месяц парог абівае з чаявымі. Раней думаў: жыве гэтая прахфесарня ў дастатку. А пабываў у іхніх кватэрах... пустэча. Кніжкі, брыдка ў рукі ўзяць,— падзёртыя, вокладкі — цьмяна-шэрыя.

— Дружбу водзіш?

— Дружбу не ваджу, а ў кватэрах бываў... Цяпер не. Да гандляроў заглядаю. Во жывуць, братва... Я іх на вуліцы пазнаю — імпарт з плеч да пят. У дамашнім кубле — філіял барахолкі. Вочы разбягаюцца. Жыць умеюць... Вот табе, Вушасцік, і балота...

Кулеба памаўчаў, узяў у рукі чаравік у бабулі, якая схілілася ля акенца:

— Я, хлопцы, люблю жытку вольную, далей ад начальства, што хачу, тое і дзелаю.

— А вот жа падэшвы дзіравыя цыруеце? Не кідаеце.

— Магу і кінуць. Хоць счас.

Хлопцы пераглянуліся:

— Вот зараз?

— Вот захачу і кіну. Усё, баста. Бабуля, бяры свой чаравік і вышкрэбвайся адсюль. Ну, псік.

— Пчала цябе якая ўкусіла, ці што? Ну прыбі, добры чалавек, набойку,— прасіла пажылая стомленая жанчына.— Мне да хаты тэпаць вунь колечкі. Ну прыбі, добры чалавек...

— Сказаў баста — значыць, баста. Прыходзь, бабуля, заўтра, ранёшэнька.

— Няўжо не ўважыш старую? — Яна павярнулася да троіцы.— Вам смеханькі ды хаханькі, а мне хоць плач. Як датэпаць у другую майстэрню? Яна ж на краі Раднян. Закіньце слова, вас паслухае.

— Бабуля, у другі раз.

Яны выйшлі на вуліцу.

— Сколькі чырвонцаў маеш, рабацяга? — Кулеба паклаў руку на плячо Лёхі.

— У месяц?

— Ага.

— За сотню.

— Машыну хочаш прыдбаць?

— Гэ, хто не хо?

— Матэматыку вучыў?

— На тройку.

— Усё роўна. Прыкінь, сколька табе трэба майстроў перажыць, каб «жыгулёнка» з такім акладам прыдбаць? — Кулеба паляскаў пяцярнёй яму па плячы, тузануў за каўнерык.— Да пенсіі табе мячтаць ды бакі ў аўтобусах мяць.

Павярнуўся да Сімяона.

— У твайго бацькі ё?

— Хто?

— Машына?

— Пардон, нямашака.

— От так. А трое на заводзіку ўкалваеце. Вунь зірні, колькі іх кружыць па вуліцах. Думаеш, за такарным станком выкалачвалі на іх? Не-е.

— Накралі?

— А то как жа. Вот у цябе што ў хаце? Крэслы абшарпаныя. На сценах пустэча. А ў мяне... Ты быў у мяне? Бачыў? То-та ж... Трэба ўмець жыць. Хто зявае, той ваду сярбае.

Кулеба, узабраўшыся на свой канёк, ужо не мог супыніцца. Размахваючы рукой, ціскаючы ў лёгкіх абдымках маладых дружбакоў, маляваў ім прыгожае, у яго разуменні, жыццё. Ведаючы іх цягу да грошай, да легкавікоў — неаднойчы ламалі бакавое шкло, каб пракаціцца з ветрыкам,— Кулеба настройваў іх на патрэбны лад. Па вачах бачыў — даспадобы ім такія песні. А як жа. Салодкай прамовай і змяю з нары выманьваюць.

— Айда, хлопцы, да мяне,— раптам прапанаваў.— Піраваць будзем і...— ён паднёс указальны палец да носа,— і яшчэ тое-сёе... Анекдот чулі? «Ты што робіш? Нічога. А ты што? Яму дапамагаю». Га-га-га-га! — і заліўся рогатам на ўсю вуліцу.

— У-у-у,— раскрыў рот ад здзіўлення Вушасцік, як толькі пераступілі парог кватэры Кулебы.— Процьма ўсяго.

— Чаво намоклы абутак не зняў? — крыкнуў гаспадар.— Чаво шпандорыш па палавіку?

— Мадэрн, фраер, жытло, мадэрн,— важна ўставіў Лёха і паплёўся ўразвалачку да шафы-сценкі, застаўленай бліскучым, расфарбаваным рознакаляровым посудам, рознымі сподачкамі, талеркамі...

Гаспадар плюхнуўся ў мяккае светла-карычневае крэсла, выцягнуў ногі на дыване і, смачна пазяхаючы, пачаў:

— Люба, братва, сесці вот так. Паглядзіш на ўсё ета,— ён правёў рукой наўкол,— і адчуваеш сябе чалавекам. З вялікай літары! Усё як у людзей.

Ён адкінуў галаву назад і зацягнуў:

— Калі ў піўную ён вхадзіў...

— Ого! Маэстра голас спрабуе,— здзіўлена адзначыў Сімяон.

— І кот спявае, калі добра пажывае.

— Нашто столькі кніг?

— Як нашто? — здзівіўся Кулеба.— Вот відзіш зялёны пераплёт? Зборнічак Марыны Цвятаевай.

— А пра што піша?

— Ліха яе ведае. Не чытаў. Толькі кагда даведаюцца, што ё, з такой павагай глядзяць. Дабаўлю: магу Дзюму даць чытнуць. І субяседнік у тваім палоне. Люблю, калі зайздросцяць.

— Вы што, юрыст? — гэта ўжо падае пісклявы галасок Вушасцік.

— З чаво ета ўзяў?

— Во колькі кніг па праву.

— Мо лыжы на юрфак тачыў? — нібы разважаючы, з ухмылачкай спытаў Лёха.

— Тачыў, ды стачыў,— нехаця выдавіў Кулеба і энергічна ўскочыў з крэсла: — Айда гатаваць каралеўскую вячэру. Піраваць будзем.

Сябрукі з радасцю пераглянуліся.

— Ты, Лёха, картофлю лупі. Ты, Сімяон, з Вушасцікам навядзі бляск на паркету. За мной усё астатняе.

Кампанія з вясёлым гыгыканнем узялася за работу. Кулеба рассунуў складны стол, адкрыў бляшанку шпротаў, нарэзаў танюсенькімі лусцінкамі хлеб і вяндліну. Каб хто падгледзеў гэта, напэўна, здзівіўся б. Скнара, у якога і зімой снегу не выпрасіш, які калі і падорыць яйка, дык возьме курыцу, і раптам — такая шчодрасць. «Нездарма»,— падумаў бы ён і не памыліўся б.

Кулеба на кухню. З мінуту моўчкі стаяў, гледзячы на бульбу ў каструлі, потым апусціў руку на плячо Лёхі.

— Ці так работаюць? У заводскай сталоўцы за сотню рэ ў месяц можна і гэтак. Для Максімыча не пойдзе. Давай выкалупвай вочкі. Да адзінага.

Затым разгон Чарнышу і Дзюбачу:

— У камбінаце бытавых паслуг, дзярэўня, за сто рэ будзеш так рабіць... Тут, братва, папацець не грэх.

Пакуль Максімыч валтузіўся на кухні, сябрукі гаспадарылі за сталом.

— Хто наплёхаў у кілішкі? — голас Кулебы моцны, але ўжо з дабрынёй.

— Я. А што? — вінавата апусціў вочы Вушасцік.

— Дзярэўня. А во дзеля чаво? — Максімыч тыцнуў пальцам у карычневы, пэўна, гліняны рагаты казёл.

Кулеба падняў засаўку і перакульнуў кілішкі. Потым адбулькаў туды ж з паўбутэлькі яшчэ.

— Вось зараз дзела,— сказаў з шырокай усмешкай.— Трымайце, наліваць буду.

Кулеба сагнуўся, як бы імітуючы казла, і з хрыплым мэканнем «мэ-э-э» стаў напаўняць кілішкі.

— Сі-і-ла,— працяжна ад здзіўлення і зайздрасці толькі і вымавіў Лёха.

— Гэ, во дзела! — пісклява азваўся Вушасцік, шмаргануўшы рукавом пад носам.

— Ну што, братва. Байкамі сыты не будзеш. Паехалі... За дружбу,— сказаў Кулеба і мігам кілішак у горла.

Сябрукі аж рот раскрылі. Максімыч патыцкаў гурок да носа, нюхнуў і захрумстаў на ўвесь пакой.

— Чаво ета замешкаліся? Любое дзела — дзелай хутка і смела. З растапыранай гурком шчакою прапанаваў: — Плісні хто. Другую прынята без перадыху... Каб пілося, ды елася, ды яшчэ хацелася, значыць... Ну да ладна... За вас, братва. І за дружбу нашу.

— Паўтараешся, фраер,— невядома для чаго ўставіў Сімяон.

— Добрай думкай паўтарыцца не грэх. Паўтарэнне што? Маці вучэння. А вучыцца ніколі не позна... дружыць... Дружба, братва, не грыб — у лесе не знойдзеш. Толькі і яна любіць, як і грыб, каб змочвалі. Дрэва трымаецца каранямі, чалавек — сябрукамі... Жыві — пакуль жывецца. Жызня такая: сёння — жывём, заўтра — гніём... Ну ды ладна, паехалі...

Ён зноў адным махам асушыў цалюткі кілішак. Закусваючы гурком, пачаў:

— «Жыгулёнка» марыш прыдбаць, Лёха? Што ж, надзея добрая. Як без яе? Без надзеі, як і без вопраткі, у цёплае надвор'е холадна. Толькі я, братва, больш цаню саму вопратку, чым надзею.

— Гэ, хто не так? Толькі як?

— Захочаш — на гару ўскочыш, не захочаш — і з яе не скоцішся... З арыфметыкай, кажаш, не сябруеш?

— Слабавата.

— Чаво так?

— Нудная надта.

— Не сучасны ты, фраер. У жызні два дзела трэба добра знаць. Арыфметыку і права.

— Эт, наштой-та іх? — пацікавіўся Сімяон.

— Важнасць арыфметыкі растлумачу, наконт права — пазней... Звернемся да арыфметыкі. Колькі рэ на заводзе даюць? Да дзвесце ў месяц. На соль-мыла, першае-другое ў сталоўцы — за сотню. Астатняе на «жыгулёнка». Праз колькі гадкоў скопіш, Лёха, на яго, га? Усё астатняе во ета, калі? — ён развёў рукі, нібы паказваў кватэру: — А? Хочаш, скажу калі? Тады, як у нашай рэчцы не стане вады. Га-га-га-га! — заліўся, выціраючы кулакамі вочы.

— Падзяліўся б, як сам «масквічонка» прыдбаў.

Выйграў па латарэі... Каму як павязе, дык певень знясе, га-га-га-га! Певень знёс, Лёха.

— Мне б дзе такога пеўня.

— Знойдзем, братва. Хто шукае, той знаходзіць.

— Людзі ж ездзяць на сваіх легкавіках.

— Ездзяць-ездзяць... Чаво ж ты не ездзіш? Чым толькі міліцыя займаецца?.. За што да цябе прыставалі? Траяк з кішэні выцягнуў? І правільна дзелалі... Мне наравіцца метад Астапа Бэндэра. Ёсць сотня спосабаў, пры якіх на талерачцы паднясуць табе. Вот тутака мае думкі і да права выйшлі. Пака аб етым — пазней.

— Мана.

— Чаму ета мана? Мо праверыць хош?

— Чаго б і не праверыць?

— Во ета дзела! — піскнуў Вушасцік.

— Помніцца, калякалі вы аб замежных студэнтах, якія імпартовымі шмоткамі гандлююць. Не брахня?

— Жалеза дзела. Кораш Васёк з дваццаць шостага пакоя звякнуў: з канікул навезлі.

— Тагда айда. Спроба — не хвароба.— Максімыч дастаў з шуфлядкі нейкія паперкі.— Вам ета... толькі галовамі моўчкі ківаць ды паддакваць. Астатняе маё дзела. Едзем як бы купляць. Потым самі ўсё аддадуць, ішчо дзякуй скажуць...

— Як гэта?

— Проста як двойчы два. Ну, ды лепей раз убачыць, чым сто раз пачуць.

Ля інтэрната Лёха спыніў кампанію:

— Зыркну, хто шлагбаумам камандуе.

Праз хвіліну вярнуўся без настрою:

— Хана дзелу. Адстаўнік сядзіць, роднага бацьку не прапусціць.

— Разумнік на гару не пойдзе, разумны яе абойдзе,— Кулеба абагнуў інтэрнат, падышоў да замазанага шкла, адкалупнуў ключом цвікі. Акно зарыпела і расчынілася.— Сігай, братва.

Пагрукалі ў дваццаць шосты пакой.

— Уваходзьце, ды найхутчэй,— пачуўся моцны голас адтуль.

Кулеба звыкла пхнуў дзверы, а сам затрымаўся. На іх галовы лінула, як з вядра, вада. А пакой тросся ад рогату. Покатам паваліўшыся на ложкі, іржалі будучыя інжынеры. Кулеба ўзняў вочы. Уверсе, над дзвярыма, вісеў падвязаны шнуркамі з чаравікаў тазік, з якога цурболіла яшчэ дробным струменьчыкам вадзіца. Рогат змоўк таксама нечакана, як і выбухнуў. Убачыўшы Кулебу і, пэўна, прыняўшы за каго з дэканата, студэнты анямелі. Невядома, колькі такое працягвалася б, калі б уперад не выйшаў Лёха:

— Васёк, чаго гасцей не хлебам-соллю, а адной вадзіцай?

У пакоі зноў грымнуў рогат. Ужо больш сцішаны.

— Напужалі, гарэзы,— выціраючы твар, гаварыў Кулеба.— Чаво так шалапутнічаць?

— Гэткі душ... не для вас,— тлумачыў Васёк.— Так рашылі памыць аднакашак з трэцяга паверха. Дапяклі. Як звечарэе, грук ды грук у пакой — ні павячэраць па-людску, ні пачытаць. Ідуць і ідуць з усіх пакояў, моляць: «Прадайце білецік на Хазанава». Што да чаго? Уцяміць не можам. Пакуль унізе аб'яву не прачыталі: «Хто хоча трапіць на канцэрт Хазанава, спяшайцеся ў дваццаць шосты пакой. Прафком». А мы-то думалі, чаго шчэраць зубы пры сустрэчы ды пытаюцца: «Як настрой?» А заўчора з дзесятак чалавек абутак прыносілі здаваць ды порткі ў хімчыстку. Ну ды мы ў даўгу не застанёмся.

— Галавастыя мужыкі, а нашто ета выдумку трацяць,— пакруціў галавой Кулеба.— З такой выдумкай можна добрую выручку мець.

— А мы і маем. Разрадка студэнту во як трэба, браце. Хлопцы ж у нас выдатныя, паверце,— пераконваў Васёк.— Во на рукі гляньце, шчэ мазалі не загаіліся ад пятага семестра. Вучацца без траякоў. Жывём дружна, на адзін кацёл. Вечар без хохмы не абыходзіцца.

— Пазнаёмся, Васёк, наш сябар, фраер Максімыч. Сёе-тое прыдбаць намер мае,— прадставіў яго Лёха.

— Сабе?

— І сабе, і падшыванцам вось такім,— змікіціў Максімыч.

— Хадзема.

Праз колькі часу бойка ішоў гандаль. Кулеба браў навобмацак розныя куртачкі і джэмперы, спярша як бы камячыў іх, потым ужо без разбору клаў на ложак з адным і тым жа словам: «Бярома». Прымервалі, прычмокваючы, і яго дружбакі.

— Грошы ё, братва, налятай, пазычу,— падбадзёрваў іх Максімыч. «Прадаўцы» не маглі нарадавацца такімі пакупнікамі — мятуць без разбору, цаны не пытаюцца.

Кулеба тым часам дастаў пасведчанне ў пунсовай і ладна пацёртай вокладцы.

— Будзем знаёмыя... Міліцыя. Яны,— ён кіўнуў у бок Лёхі, Сімяона і Вушасціка,— дружыннікі. Складзём пратакол.

Максімыч дастаў бланк і, гледзячы на анямелых ад нечаканасці і страху студэнтаў, якія так і застылі з адкрытымі ратамі, цвёрдым голасам спытаў:

— Прозвішчы, імёны, адкуль прыехалі?.. Прашу... Напамінаю, чыстасардэчнае прызнанне змякчае віну.

Пасля прыступіў да складання пратакола, вопісу рэчаў. Васёк коса зыркаў на Лёху, але сказаць тое, што думаў, не адважваўся. Атарапелі ад такога павароту і сябрукі. Нарэшце Лёха падсеў да Максімыча, даў лёгкі кухталь пад бок.

— Мы на хвілінку, усім заставацца на месцы,— скамандаваў Кулеба і да Лёхі: — Выйдзем.— У калідоры шапнуў: — Намякні, каб прасілі па-добраму расстацца.

— Няёмка, фраер, атрымліваецца,— пакрыўдзіўся Лёха.— Падставілі так кораша Ваську. Няёмка... Сабе дагадзіў, а сябру нашкодзіў. Мо адкрыем розыгрыш?

— Цыц, размазня. Такі ўлоў.

— Сябар жа, Васёк, ледзь не плача. Няёмка ж.

— Аб што ета мямліш? Намякні, што казаў, ножкі цалаваць палезуць. Ну, пайшоў, я счакаю.

Пасля настойлівых просьбаў «работнік міліцыі» памякчэў, падабрэў.

— Яно, канешне, шкада вас, маладых. Не дзела ета, упякці за рашотку. Тока пратакол складзены, яго не парвеш, пранумараваны. Рэчы прыйдзецца канфіскаваць. Каб дзела замяць, такая-сякая капейка спатрэбіцца.

Ад радасці студэнты аж падскочылі. Спакавалі ўсе імпартовыя пажыткі ў ладны клуначак і сунулі Кулебу. Яны дапамаглі вынесці рэчы з інтэрната, злавіць таксі.

— Глядзіце мне, каб болей такога ні-ні,— прыгразіў пальцам Максімыч і дадаў: — І ні гу-гу! А то ёты пратакол пушчу ў дзела.

— Даём слова. Шчыры дзякуй вам.

У кватэры Кулебы доўга не сціхаў рогат.

— Вот ета дзела! — піскнуў Вушасцік.— А праўда, што вы міліцыянер?

— Колісь быў. Няштатнікам. Эт, пасведчанне ета і захавалася,— накалваючы відэльцам гурок, маніў Кулеба.— Служыць верна.

Зноў выпілі, заелі.

— Дзе гаспадыня? — пацікавіўся Сімяон.

— Разышліся як у моры караблі.

— Сам націраеш бляск?

— Навошта. Ходзіць адна векавуха.

— Ахамутае.

— Каб Максімыч ды сваю галаву ў які хамут? Хутчэй у курыцы зубы вырастуць.

— З жонкай характарамі не сышліся?

— Можа, і так. Як страчаліся — цалаваліся, а ў адну хату сышліся — за чубы ўзяліся.

— Каханне сплыло?

— Як пяецца, было яно, ды вот не стала... Па сушчаству, яна слаба ведала матэматыку і права. А ганарліўка. Так і прэ паўз край. Тока чым ганарыцца? Спадніцу цягае, што пад вянец купіў. Галота. Голь на гонар падатлівая. Усё цвярдзіла: мне з любым рай і ў шалашы... Калі няма ні граша, ні сучаснага шалаша — усё астатняе не варта ні шыша. Вот з-за шалаша, стала быць, і паплылі ў розныя бакі. Я шалаш-мадэрн люблю...

— Праўду кажуць, Максімыч, што сядзеў? — пацікавіўся Лёха.

— Сядзеў.

— За што?

— За дружбакоў.

— Як?

— Вот так. Сябра адзін дэтальку папрасіў. Нёс праз плот, застукалі. Думаеш, хто? Дружбакі, заводскія. Вучыў жыццю-розуму... А яны? У міліцыю пабеглі... А з суда як з пруда — сухі не выйдзеш. Там прычапілі іншы крадзеж. Упяклі, словам, за рашотку. Ды і той сябра, каму нёс, гусь лапчаты. Ногі — у кусты, рот — на замок. Ну ды ладна. Я з тымі дружбакамі разлічыўся... Я люблю, братва, дружбу моцную. Каб так: куды іголка — туды і нітка. Як хто ўпоперак дарогі — сатру ў парашок.

Ён абвёў позіркам дружбакоў:

— Хто ета з вашых абібокаў па джынсах смуткуе? Няўжо падзабылі? Прасілі ж дастаць.

— А-а. Дзімулька.

— Загонім, братва? — Максімыч падняўся, соладка пацягнуўся.— Хаця будзённа ета. Не дзела. Хто скеміць, каб так: і авечкі цэлыя і воўк наеты, га?

...Лёха набраў нумар, падняў уверх палец:

— Дзімок? Прывецік. Імпартовыя порткі хош?.. Сігай у таксі і да гасцініцы. Грошыкі зграбай колькі ё. Ды хутчэй.

— Прыбяжыць? — Максімыч узняўся з крэсла.— Дарэмна слякаці не люблю.

— Прыскача,— запэўніў Лёха.— Кляньчыць з паўгода. Для яго тыя порткі — увесь свет. Кінь у палонку — палезе.

— Ета харашо,— апранаючы замшавае паўпаліто, не без задавальнення гаварыў Кулеба.— Пака ё, Лёха, такія дурасліўцы, нашы пеўні будуць несціся... Братва, розыгрыш увесь ваш. Я, так сказаць, дзеля мебелі...

Недалёка ад гасцініцы Дзімок ужо шлёпаў па добра растаптаным і зваднелым снезе, які, перамешаны прахожымі з пяском, моцна чвякаў пад нагамі. Заўважыў дружбакоў — заблішчэў у вечаровым прыцемку ўсмешкай.

— Грошыкі ё? — дзелавіта спытаў Лёха.

— Во! — той паказаў скрутак з-пад пахі.

— Колькі?

— Тысяча.

— Маладзец.

— Нашто ажно столькі?

— Заморскі госць адзін заганяе цэлую партыю. Штукамі не хоча звязвацца. Ды гэта і лепей. Выбераш — што трэба. Усе дзеванькі, Дзімок, цяпер твае... Астатнія піхнём, схопяць за маліну... Значыць, так. Грошы перадаваць у ліфце, каб чыё вока не засекла. Чэшам?

— Чэшам,— прашаптаў з узнёсла-радасным хваляваннем Дзімок і пайшоў услед за Лёхам з такой важнасцю, нібы зараз у яго жыцці вырашалася найважнейшая падзея, доўгачаканая і жаданая, і якая нібыта павінна пакласці пачатак нейкаму новаму жыццю. Ён ужо ўяўляў сябе ў мадэрновай абноўцы. Вот ён выйшаў з пад'езда і нетаропка ўзад-уперад. З усіх вокнаў высунуліся галовы сябрукоў і застылі з раскрытымі ратамі. І нават Разаліна, якая заўжды, як падыдзе ён, здзьме пылінку са сваёй заморскай блузы і толькі фыркне танюсенькімі губкамі: «Не мадэрн»,— і зашчабеча з сяброўкамі аб сучасных «каралях», нават яна на гэты раз раскрыла вочы, поўныя захаплення і здзіўлення, і нясмела спытала: «Дзімок, куды гэта наважыўся?» А ён, абыякава зірнуўшы на яе, адказвае: «Па запрашэнні, у дыскатэку».— «Ах!» — цяжка ўздыхае Разаліна і апускае вочы.

У калідоры Лёха завёў сябрукоў за вугал:

— Чакаць тут. Я хутка.

Сам жа вярнуўся да ліфта і мігам у вестыбюль, дзе яго чакаў Максімыч. Вушасцік і Сімяон «апрацоўвалі» Дзімульку.

— Ведаеш, на што ідзём? То-та ж. Што б ні здарылася, міліцыі ні гу-гу. Будзе шырокі рот, будзе і вузкае акенца з рашоткай. Уцяміў? Засвярбіць язык прыкусі.

Падышоў незнаёмы для Дзімы чалавек у замшавым паўпаліто.

— Можна вас на хвілінку? Не, вас,— ён тыцнуў пальцам на Вушасціка і Сімяона.

Яны адышлі за вугал. Ішоў час, але ніхто не паказваўся. Дзімок за вугал — нікога, у вестыбюль — сябрукоў не відаць. А кампанія Лёхі і Максімыч ужо трэсліся ў таксі ад смеху. У кватэры Кулебы зноў гудзела весялосць.

— А вы ета малайцы,— нахвальваў Максімыч і радаваўся сам.— Так чыста дзела правярнуць... Фраер са стажам пазайздросціць... Эт, і ваш певень яйцо знёс, а, га-га-га-га! — зарагатаў гаспадар пакоя.

Як аддыхаліся, сцішыліся, Лёха пазмрачнеў:

— Заўтра як выкручвацца будзем? Прыпрэцца ж па шмоткі і здачу... З самага рання прыпрэцца.

— Эт, драбяза якая на вум ідзе,— пасміхаючыся, разважаў Кулеба.— Заткнеш рот вот етым барахлом,— ён кіўнуў на канапу, дзе згрувасцілі раней скруткі са студэнцкага інтэрната, і дадаў: — Ды прыпугні трохі. У такіх, як еты, ножкі млявыя. Скажы, маўляў, радуйся, што ногі ўнёс. Братву схапіла міліцыя на месцы. Усё плакала — і грошы, і рэчы... Цяпер падзелім шмоткі... Напамінаю: першаму заўжды дастаюцца ягадкі пабуйней, апошняму — сцежка больш утаптаная. Уцямілі? От і добра. Пачынальніку ліба першая чарка, ліба першая палка. Так заўжды было.

Ён распатрашыў клуначкі, адклаў сёе-тое.

— Налятай, братва, усё ета ваша... Расхапалі, а цяпер замочым. Добрае дзела не замочыш — рассохнецца.

Вушасцік перагнуўся і з мэканнем пачаў цадзіць у фужэры.

— Вот ета дзела,— ляпнуў далонямі Максімыч.— Ты, дзярэўня, да навукі здатны малы. Малайчына...

Чокнуліся, асушылі. Вушасцік, натхнёны пахвалой, памкнуўся было заслужыць яшчэ адзін камплімент гаспадара і гэтак жа, як ён, рэзкім узмахам рукі перакуліў кілішак. Твар — у пырсках, сам папярхнуўся і ледзь не зайшоўся ад кашлю, дружбакі — покатам пакаціліся па канапе. Адзін Максімыч злёгку пастукаў далонню па спіне і пахваліў, астудзіўшы астатніх.

— Вушасцік — дзелавы малы. Першы блінец ва ўсім такі. А ваабшчэ, братва, вы талковыя. Правярнулі два дзельцы што нада. На душы весела. Першы блінец не камяком,— нахвальваючы і бачачы, што маладых напарнікаў аж распірае ад ягоных слоў, Кулеба булькаў у кілішкі. Затым, пахрумстваючы гурком і пырскаючы з рота ва ўсе бакі, працягваў: — З вас толк выйдзе, калі дзядзька Коля не сапсуе. Відаць, маніў у свой філіял?

— Запрашаў.

— Вот прынадзіць з жалязякамі працаваць, і бывай таленты і жыццё прыгожае ды прывольнае. Намучышся там, а чаму навучышся?

— Дзядзька Коля ў жалязяках фраер што трэба. У яго павучыцца кожны рад.

— Мо і фраер у такарнай справе. А як жытло абстаўлена, чуў? У што адзеты, бачыў? Век пражыў, а што нажыў?

— Яго багацце — яго гады, а прыцягальнасць — душа яго. Во як аб ім завадчане!

— Аб што мелеш? Багацце — во яно! — ён паказаў рукой сервант.— Яго навобмацак бяруць. Багацце — што ў руцэ трымаеш ды вокам бачыш. Засмецілі вам галовы майстар і дзядзька Коля, засмецілі. Гэта ж нада, прыцягальны душой... гэ... Хто ў кажушку ды ў андатры — той і прыцягвае. Адразу відаць, чалавек з сувязямі, з пеўнем, які нясецца.

Максімыч зноў ускочыў на свайго канька, і спыніць яго было няпроста. Нішто так не бударажыла і не хвалявала яго, як розныя варыяцыі тэмы багацця і ўмення жыць. Гэта, бадай, адзіная тэма, якая яго захапляла і падштурхоўвала на дыскусію. Нават калі пачыналі размовы пра футбол і ўсе наўкола да хрыпаты спрачаліся, хто і на якой мінуце забіў гол, Максімыч і тут настойліва скіроўваў разважанні субяседнікаў наконт таго, хто з куміраў якімі рэчамі захапляецца і на які манер абстаўляе сваё жытло. Часам той ці іншы заядлы прыхільнік каманды не вытрымліваў, пытаў у лоб: «Табе нашто гэта ведаць?» Вядома, Кулеба на такія пытанні не адказваў, але і не кідаў чапляцца з імі. Ён ведаў, нашто яму гэта. Дзеля гэтага і круціўся сярод балельшчыкаў.

Яго тэма знаходзіла не надта шмат прыхільнікаў, што выклікала ў яго сум і падагравала ахвоту выгаварыцца. Цяпер, узрадаваны, што знайшоў нарэшце свежае вуха, ён даваў волю языку і эмоцыям.

— У каго шырокі карман, той самы вялікі пан. Багач ідзе, аж дуброва гудзе,— сыпаў Кулеба. Твар задаволены, вочы блішчаць, глядзяць уперад, нібы яны ў гэту хвіліну бачаць таго самага багацея, што шыбуе па дуброве.— А дзядзька Коля што? Майстар-то майстар, нічога не скажу. А што мае са свайго ўмення? Як з казла: ні шэрсці, ні малака. Сагнуўся ў тры пагібелі, як стары корч. Пацягнешся за ім, хутчэй будзеш гарбаты, чым багаты... А багатым быць, братва, о любата... У старыну прыкмецілі: багатага за варотамі сустракаюць, а ад беднага дзверы зачыняюць... А ты душой багаты... гэта нада ж...

Ён зноў спыніўся. Увесь — усмешка і задуменне. Твар блішчыць, нібы намазаны салам. Здаецца, Максімыч зараз бачыць, як ля варот сустракаюць яго, гнуцца і б'юць паклоны яму гаспадары, а ён, радасны, прадчувае багаты стол, уваходзіць у двор. Але вось твар яго пахмурнее, бровы трохі сагнуліся над вачыма, відаць, засмактала яго туга па такім жыцці.

Максімыч перакуліў «карычневага казла», наструменіў у кілішкі, кіўнуў Вушасціку:

— Скокні на кухню, прыхапі з'едліва. Там на сподачку вяндліна. Налягаючы на смажаную бульбу з каўбасой, Кулеба працягваў:

— Самыя няздольныя, галеча, жывуць ета, так сказаць, мазалямі на руках. Гледзячы на тых, хто ўмее жыць, бясконца паўтараюць: «Як ета ім удаецца?» Вось дзівакі. Носяцца з етым пытаннем, кудахтаючы, як курыца з яйкам... Каму што, а лысаму грабянец, га-га-га-га!

— Максімыч, дзядзька Коля больш за ўсё аўтарытэт цэніць,— уставіў Лёха.

— Даўся табе гэты дзядзька.

— Ён жа не начальнік, а аўтарытэт — ого!

— Аўтарытэт, Лёха, у сервант не паставіш. І не паедзеш на ім, як на «жыгулёнку»... Байкамі і салаўя не кормяць. Хіба што дурня. Табе што лепей: аўтарытэт ці матор на калёсах, га?

— Гэ, сказануў, матор, яснае дзела,— не ўтрымаўся Вушасцік.

— Дзела гаворыш,— пахваліў яго Кулеба, пасля кароткага роздуму сказаў:—Галоўнае, братва, умець выбраць дзела, каб жыць не тужыць. Вот, Лёха, памазгуй, як хутчэй «жыгулёнка» прыдбаць.

— У яго талент чысціць кішэні ды даваць пад дых,— азваўся Сімяон.

— Каму што, а пеўню бойка,— неахвотна вымавіў Кулеба.

— А што? — ажывіўся Лёха.— Заўчора хіба не ладна аблапошылі аднаго п'янчугу? Патасовачка, мадэрн, куф-бах, та-ра-рах...

— Ды чуў. Рана пташачка запела, як бы кошачка не з’ела. За тыя рэ ды кухталі... Можа быць, Лёха, рашотка чорная ў казённым доме... Запраторыць могуць у цюрагу. Доўбня, кораш. Права трэба ведаць, права... Каб знаць, як кухтыляць... Ну ды ладна,— Кулеба перайшоў на прымірэнча-сяброўскі тон.— Вам люлечкі пара, дый мне вуха прыдавіць. Хапай барахло, праводжу... Помніце, украсці не штука — схаваць навука...

Апрануўшыся, Максімавіч уважліва і строга паглядзеў на кампаньёнаў.

— Тока міліцыі пра мяне ні гу-гу. І ваабшчэ... Ясі пірагі з грыбамі — трымай язык за зубамі. Вам што? Памахаюць пальчыкам, і ўсё. Я ж сядзеў. Двойчы... Прыш'юць удвая. Так што ні гу-гу. Пра мяне. Хто затрызвоніць які звон — язык таму вон! Уцямілі?

Кулеба развітаўся на плошчы з сябрукамі і, як толькі іх постаці зніклі ў цемры,— у тэлефон-аўтамат. Выграб з кішэні капейкі, пашукаў двушкі.

— Дзімок? Ета сябрук Лёхі. Накалоў нас кораш. Усё барахло звалок дадому. Слухай уважліва... Чашы ў міліцыю і дай яго адрас... Інакш плакалі твае грошыкі і шмоткі... Спяшай, пакуль не позна... Я тож прычалю туды... Я... заяву ў міліцыі пакінуў... Шпандор счас...

Затым Максімыч набраў другі нумар. У трубцы пачулася:

— Дзяжурны райаддзела міліцыі слухае...

 

IV

Рыпнулі дзверы, і на парозе вырас старшы лейтэнант Сяргей Перасыпкін. Патупаў між сталоў, зірнуў на Барташа, які засяроджана корпаўся ў нейкіх паперах. Як бы між іншым сказаў:

— Шанцуе табе, Віктар, от шанцуе... На лаўца і звер бяжыць.

— Бліжэй да справы,— нецярпліва сказаў капітан, даючы зразумець, што на гэты раз дыялог-размінка не адбудзецца. Толькі госць не сумеўся:

— Я хіба не аб ёй?.. Хачу прапанаваць табе яшчэ адну загадку разгадаць.

— Мне і адношэнькай хопіць...

Калега, не звяртаючы ўвагі на яго словы, хіхікнуў у кулак і працягваў:

— Смешна ды пацешна — вот такая чарэшня... Аднаму далі падзатыльнік, што зоркі ўсіх колераў заскакалі перад вачыма. Потым кішэні пачысцілі.

— Чаго ржэш? Смех без прычыны...

— ...для гарнай дзяўчыны... Пагавары з ім, скумекаеш, як за памылку даюць па затылку.

— Не да гутарак... Сам жа ведаеш...— набіраўся злосці Вітар Пятровіч.

— Дык ён жа пра кажушок успамінае.

— Пра кажушок? — Барташ ускочыў з крэсла, зачапіўшы рукавом паперы, якія з шапаценнем пасыпаліся на падлогу.— Вось з гэтага і трэба было пачынаць. Што ў цябе за манера такая гаварыць — пакуль дабярэшся да сутнасці, памерці можна,— зграбаючы лісты, не супыняўся капітан.— Кліч свайго пацярпеўшага, ды хутчэй... Вам, тэхнарам, толькі б лясы тачыць. Ад адзіноты зубы чэшуцца...

Увайшоў сталага веку мужчына. Несхаванае імкненне трымацца сокалам. Апрануты акуратна. У касцюмчыку, пры гальштуку. Праўда, штаны адпрасаваны не вельмі каб, ды і каўнерык... Манжэты зашмальцаваныя, чакаюць вады і мыла. Напэўна, жонка ў камандзіроўцы ці ў адпачынку. А твар ветлівы, адкрыты.

— Будзем знаёмы, капітан Барташ,— прадставіўся гаспадар пакоя.

— Казімір Сяргеевіч Хвалей, рабочы завода.

— Машынабудаўнічага?

— Так.

— Падабаецца?

— Пятнаццаць гадкоў адбухаў... Прыкіпеў, не адарваць. Не верыце? Ды вы пабывалі б у нашай брыгадзе! Такія складаныя задачкі вырашаем. Любата!

— Наватар?

— Ага...— не без гордасці адзначыў рабочы.

— Што вас прывяло да нас?

Ён неяк асунуўся ў крэсле, бляск у вачах патух.

— Улез стары дурань у гісторыю,— нехаця выдавіў, пашморгаў рукой пад носам.— Ну, ды раз прыйшоў... Дапамажыце, таварыш капітан, адшукаць тых нахабнікаў. Мне грошай не шкада. Ліха з імі. Выцягнулі пару дзесятак, гэткай бяды. Шкада паперак. Здурнеў я, захапіў іх з сабой. Збіраўся пасля работы пагартаць, пакумекаць над імі. Там разлікі, вывады за многія гады... Такая прапажа, такая прапажа... Ну навошта яны ім?

— Дапаможам, абавязкова. Вы толькі, калі ласка, раскажыце ўсё, як было. Пастарайцеся падрабязна. Я вас слухаю.

— Пасля работы сябрукі падбілі змачыць горла. Скінуліся па траяку, асушылі дзве бутэлькі сухача, на траіх. Пагаварылі пра тое-сёе. Угаворвалі дабавіць. Адмахнуўся: усё добра ў меру. Ды пра паперы ў кішэні ўспомніў... Іду дамоў... На шляху кафэ. Дай, думаю, смагу наталю якім куфлем піва. Ну, зайшоў... А тамака музыка, маладыя галасы. За адным столікам — хлопец і дзве дзяўчыны. Утаропіліся і падміргваюць. Дзяўчаткі нічога сабе, прыгожыя... Ну і з'ехаў з глузду. Узяў бутэльку віна, да іх століка: «Дазвольце прысесці?» — «Пры ўмове, што пачастуеце». Адразу завязалася гамонка. Адну клічуць Олькай, другую — Аксанай.

— І вы там засядзеліся?

— Так.

— А як сям'я?

— Якая сям'я? Адзін я. Халасцяк.

— А-а, зразумела.

— Зайгралі. «Збацаем?» — пытае Оля. Збацалі. Потым яшчэ. Ну і галава кругам. Намерыўся, гэта, праводзіць. А яна ўсміхаецца і з модным сярод іх крыўлянем: «А мне мама, а мне мама цалавацца не вяліць». Нібы працверазеў, скеміў. Яны з тых, хто калі ліпне, дык і ў кішэні паглядае... Расстроіўся. Дай, думаю, вазьму бутэльку на дом, каб нервы супакоіць. Адышоў ад кафэ мо з сотню якую метраў, як ззаду зацокалі дзявочыя абцасікі і пачуліся галасы: «Куды ўцякаеш? Ухажор знайшоўся, кінуў і дзёру». Паказалася постаць Грышы, іхняга сябра. Што запомнілася: уставілася Олька ў бутэльку і падміргвае: «Раздавім».

Здагадаўся тут я — бутэлька ім трэба. Адрэзаў: «Кукіш вам, а не віна». Олька, не паверыце, за пляшку і давай тузаць. І тут моцна стукнулі па галаве. Як ачомаўся — кішэні пустыя. Папер, вельмі шкада папер... Ну ды што казаць... Сам вінаваты. Гэта ж трэба, у такую гісторыю ўлезці...

Цяпер Барташу зразумелым стаў насмешлівы тон старшага лейтэнанта, які прывёў пацярпеўшага. Неразборлівае заляцанне дорага абышлося старому халасцяку. Як гаворыцца: яго сіняк — другім навука.

Як ні карцела капітану хутчэй дайсці да кажушка, а не перабіваў, уважліва слухаў. Такая ўжо манера. Калі чалавек раскрывае душу — не лезь з пытаннем, дай выгаварыцца. Толькі так зразумееш субяседніка, матывіроўку чалавечых учынкаў. Пераб'еш — як з крынічкі не дап'еш. Бяда многіх — у няўменні ці не ў жаданні слухаць. І толькі цяпер, як Хвалей змоўк, капітан азваўся:

— Слухаю далей. Пра кажушок.

— А-а. Прапаноўвалі набыць. Яшчэ там, у бары, за столікам... Грыша надта нахвальваў. Кажа, модны, амаль новы, і габарыты мае. Заганяюць па дзяшоўцы, можна сказаць, за бясцэнак.

Так, па росту халасцяк нагадвае забітага,— разважаў капітан,— што немалаважная дэталь. Цяпер яго ахоплівала зусім іншае прадчуванне. Не тое, што тры дні назад. Яно ўжо ўсяляла надзею...

Барташ дастаў лісток паперы, працягнуў халасцяку:

— Апішыце, як мага падрабязней, прыкметы дзяўчат і хлопца.

Калі зачыніліся дзверы за наведвальнікам, капітан, старанна паціраючы рукі, нібы здабываў агонь трэннем, падышоў да Андрэя Асовіча:

— Ці не папіць нам піўка, га?

— У тым кафэ?

— Дзе ж яшчэ? Чуў, якія там гарныя дзяўчаткі і ўсё такое? Заадно збацаем.

— Мусіць, трэба. Грошы ў троіцы ёсць — наведаюцца.

— Не спужаюцца халасцяка сустрэць?

— Хутчэй халасцяк спужаецца. Не тыя дзеванькі.

— Правільна разважаеш. Да вечара.

Праз крыху прачыненае акно на першым паверсе Палаца культуры машынабудаўнікоў вылятала задорная мелодыя полькі «Весялухі» і заліхвацкі перастук чаравікаў з моцна гуллівым воклічам: «Ох-ха!» Барташ не ўтрымаўся, прыліп да акна.

— Андрэй, ты толькі зірні, як Алёшка задзірыста адстуквае... Сын дзядзькі Колі. От мастак, зараза. Што ў рабоце, што ў танцы. І ў каго толькі ўдаўся. Бацька ж да скокаў не надта каб... А во гэты... ну ты толькі паглядзі... От жа малайчына... Эх, каб Юрасік ды такі...— Ён саскочыў на сцежку, паглядзеў на Асовіча: — Во куды душу цягне... А трэба ў тое кафэ...

— Такая работа,— падтрымаў Асовіч.— Дзе весела — без нас абыдуцца. Клічуць туды, дзе сумна.

— Яно так... А ты, Андруша, заглядвай сюды, у палац. Нявесту табе будзем шукаць тут.

З акна на другім паверсе вылятаў танюсенькі напеў скрыпкі, далей хтосьці пілікаў на гармоніку. На адкрытай пляцоўцы за палацам трэскалі клюшкамі, і чуўся скрыгат канькоў, ды раз за разам гучна і адрывіста дзёўбала аб дашчаны борт імклівая шайба.

«От любата якая! — пазайздросціў у думках Барташ.— За трыццаць розных гурткоў і секцый у палацы! Выбар на любы густ. Кіруй куды душа пажадае. Эх, каб ды мне так у юнацтве...»

У пяты клас ён хадзіў у суседнюю вёсачку Лубча. Гэта за шэсць кіламетраў з гакам па вузенькай, закручанай сярод алешніку і вербалозу, сцежцы. Узімку — занесенай завеямі: нагу не выцягнуць з сумётаў; на прадвесні — размытай паводкай. Неяк затрымаўся ў школе. Выйшаў яшчэ з адным пяцікласнікам — цемра, толькі зрэдку з прагалаў хмар паблісквае ражок месяца. Пасярод дарогі, як толькі падышлі да павароту, насустрач два ваўкі: заўважылі дзяцей, селі, перагарадзілі дарогу. Віктар выламаў з алешыны палку, кінуў на іх — толькі шчэраць зубы і ні кроку з дарогі. Успомніў, паблізу хутар. Павярнулі на сцяжынку — ваўкі следам. Адсталі, калі пачуўся пах жытла ды брэх сабакі. Хутаранін грымнуў з двух ствалоў у неба, пужаючы шэрых драпежнікаў. Астатні шлях у хлапчукоў па спіне ад страху нібы мурашкі бегалі. «От як добра, дзеткі, што не пабеглі, ой як добра,— плакала маці,— калі пабеглі б — дагналі б і загрызлі».

У восьмы клас трэ было хадзіць за пятнаццаць кіламетраў у вёску Лунь. Ці ж находзішся штодня пехам? Веласіпед бы. Ды ў бацькі такія грошы ў тую пару і не вадзіліся. На шчасце, наймалі касцоў. Прыкінуў Віктар — скосіць сем га, і веласіпед у руках. «Сынку, ці ж табе пад сілу? Плюнь на тую вучобу,— адгаворвала маці.— Згубіш здароўе, далібог, згубіш».— «Не адгаворвай, дурніца, ад добрай задумы,— пярэчыў бацька.— Праца яшчэ нікога не калечыла, толькі вылечвала».

Накляпаў бацька касу, паклала маці ў торбачку акраец хлеба з цыбулінай і бутэлькай малака. Кіламетраў з восем па багне — і шусь-шусь касой да змяркання. На руках — мазалі. Дапякаюць авадні і камары. Але прага да вучобы мацней. Скасіў тыя гектары, бацька з маткай падсобілі грабці і скласці ў копы. І от новенькі веласіпед у руках. Праўда, з таго часу Віктар не падрос ні на сантыметр. Але затое загартаваўся духоўна — ведаў, як ісці да мэты.

У бацькі ж дзяцінства было куды цяжэй. У юнацкія гады гнуў спіну на пана. Потым вайна...

«...Немцы едуць, шмат немцаў!» — роспачна крычалі дзеці, што ўскараскаліся на высачэзны вяз. Замітусілася, як мурашнік, вёска. Дабра ад такога візіту ніхто не чакаў. Крыкамі, грукатаннем вазоў, віскам свіней і лямантам жанчын напоўнілася наваколле. З кожнага падворка,— схапіўшы дзяцей, манаткі і жыўнасць, — стрымгалоў беглі людзі, спатыкаліся, падалі і зноў беглі ў лес, які, на шчасце, падступаў амаль да кожнага агарода. Кулі дзынкалі над галовамі. Як аддыхаліся на бліжэйшым пагорку — у роспач і плач: з-за алешніку клубы дыму і языкі агню — гарэла вёска.

Зімавалі ў лесе. Змайстраваў, хто як мог, наспех такі-сякі будан. У час аднаго налёту партызанаў на чыгунку паранены бацька трапіў у лапы фашыстаў. Маці ўжо аплакала яго, як у снежную завею з'явіўся ён на парозе будачкі, знямоглы, з упалымі вачыма і хрыплым кашлем. Зняў замусоленую рваную кашулю і сунуў маці нейкую баначку — памаж спіну, добрыя людзі раілі... Глянула маці на яго спіну і войкнула — няма жывога месца, уся пасечана, у карычневых рубцах... Пазней, седзячы на прызбе, неаднойчы ўспамінаў пінскую турму. Па два разы на дзень моцна білі, дапытваючыся аб месцы дыслакацыі партызанаў. Затым тоўсты фашыст запрагаў у сані, садзіўся на іх і паганяў доўгім кіем і палкай — ехаў за горад, дзе працавалі ваеннапалонныя. От там і ўдалося расквітацца з тым гітлераўцам і збегчы з іншымі смельчакамі... Здароўя з таго часу ў бацькі ўжо не было. От якую навуку жыцця прайшоў...

...У кафэ было шумна і накурана. Абапёршыся локцем аб стойку, Віктар Пятровіч неўпрыкмет стрыг вачыма наўкол. Зала, здаецца, трашчала ад нейкага неверагоднага гуду, у якім змяшаліся, зліліся ў адно смех, выкрыкі, цоканне бакалаў і фужэраў, мурлыканне пад нос, шорганне па падлозе падэшваў... Адчувалася, большасць — заўсёднікі. Яны перакідваліся позіркамі, жэстамі рук, нібы глуханямыя, абменьваліся рэплікамі, у якіх толькі ім зразумелы сэнс. Уважліва разглядалі навічкоў, як бы прыцэньваліся, чаго вартыя. Тут былі свае куміры.

Вунь хоць бы той, ля акна, з таўшчэзнымі, абвіслымі вуснамі. Цыгарэта ледзь трымаецца на ніжняй губе. Твар прайдзісвета. Прысніцца ноччу, да світання вочы не заплюшчыш. А форсу — хоць адбаўляй. І ім палоніць душы. Во, бач ты, шпана як замілавана глядзіць на куміра і цыгарэту спрабуе ўладкаваць на губе, як і ў яго.

«Міхасёк, скокні за куфлем свежанькага, а ты, Мянташачка, прыхапі закусі»,— працадзіў скрозь зубы кумір. Хлопец і дзяўчына навыперадкі да буфета. У вачах — столькі бляску. Як жа, такі давер! Гледзячы на ўсё гэта, яму ўспомнілася пачутая недзе фраза: «Свае лепшыя гады многія трацяць на тое, каб іх скараціць». І яшчэ: «У пакоі не было ні душы — адны целы». Падумалася: як жа дакладна пульсуе народная думка — столькі сэнсу ўкладзена ў адзін сказ, што ў другім апавяданні не знойдзеш.

А во чыя гэта чупрына, чорная як смоль? Няўжо спіна Кулебы? Так і ёсць. Бач ты, як зубы загаворвае моладзі — трасуцца ад смеху безупынку. Цікава, пра што? Падыдзем да другой стойкі. «Што вязеш?» — пытае адзін. «Сена»,— адказвае другі. «Якое ж сена, калі гэта дровы».— «А калі бачыш, навошта пытаеш?» — га-га-га-га! — заліўся Кулеба. Зачмыхалі, ухапіўшыся за бокі маладыя дружбакі. «Плясні хто, у роце суха,— працягваў.— Віно на радасць нам дано... А во ета ішо слыхалі?» — «Іване, скажы маёй кабыле тпру».— «Сам чаму не скажаш?» — «Не магу, губы замёрзлі». Га-га-га-га! — затросся Максімыч.

Прыкмеціў Барташа, сцішыўся. Дапіў залпам, без перадыху бакал:

— Ну, мне пара. Бывай, братва...

— А як жа ўгавор? Мы ж збіраліся...

— Другім разам,— сказаў паўшэптам і ўжо гучней.— Курам на седлішча, нам, старыкам,— на матрац.

Праходзячы міма Барташа, ветліва кіўнуў:

— Як чаравікі? Трымаюцца? Мы магём не тока набойкі, а і паскладаней ішо. Заходзьце.

Мае рацыю дзядзька Коля,— разважаў капітан.— Не падабаецца ён. Аціраецца ля моладзі. Хай бы прымасціўся ля такога старога карча, як сам, дык не... І бач ты, як заўважыў, тут жа змыўся. З чаго б?.. Ат, дарэмна чапляюся. Асушыў куфель піва, язык анекдотамі пачасаў, ну і што? Ці адзін ён такі? Ды ці дзеля гэтага я тут? Трэба думаць аб галоўным — кажушку і яго новым уладальніку. А тут у галаву лезе абы-што. Адкідваць лішняе... Баба з воза — кабыле лягчэй. Той лягчэй — яна шпарчэй... Так і тут... Хаця зануда Дыбін мае рацыю... Чаго ж ён збег? Шапталіся пра нейкі ўгавор... Няўжо перашкодзіў, спужаў? Хоча на вачах салаўём здацца? Ад Лёхі ледзь адчапіўся... Нешта ўнутры яго грызе, факт... А доказы? Адны хоць... А на хоць не накінеш аброць... Штосьці разцёкся я думкаю па дрэву. Варта сабрацца... Хаця як сказаў адзін гумарыст: сабраўся б з думкамі, ды дзе іх узяць?

Думкі капітана зноў завірылі наўкол кафэ. Куды ж глядзіць камсамол, дружыннікі,— думаў ён.— Штосьці не відаць іх тут. Што датычыць дружыннікаў, падашлём. А вось чаму б бацькам не наведацца, не пацікавіцца, як тут бавяць час іх гадаванцы. О, заікніся толькі, некаторыя скасавурацца: не мая, маўляў, справа па піўнушках шастаць. Міліцыя нашто? Хай яна шастае. А мо і маюць рацыю? Чаго гэта бацькам сюды швэндаць? Хаця стоп... Мая хата з краю... Вельмі зручна. Піўнушка — не мая справа, чаму вучыць майстар на заводзе — тож... От калі з іхнім дзіцём што якое, от тады схопяцца за сэрца, усюды дастукаюцца... Як свой струп засвярбіць, кожны будзе ўсё рабіць... Мне б сваё чада дагледзець. Яно так. Толькі трэба спярша думаць галавой, каб потым не давялося хапацца за сэрца. Хіба не можа тваё чада аказацца пад крылом таго майстра, заглянуць у тую піўнушку... Яшчэ як можа. Што яно пачэрпне там?.. От так хата з краю і сказалася ў цэнтры... Не бывае хат з краю... Мы, раднянцы, усе ўзаемазвязаныя, як адна сям'я. Адзін машыны выпускае, другі набойкі да чаравікаў мацуе, трэці за парадкам сочыць... Кожны ў адказе за сваё, і — усё. Дзядзьку Колю не ўсё роўна, хто прыбівае касячкі яго падапечным. Мне неабыякава, як выхоўваюць моладзь на заводзе...

А камсамолу... Паслухаць актывістаў, чаго толькі няма ў іх актыве! І лінейкі розныя, і вечары, і дыскатэкі, і спаборніцтвы, і паходы па месцах славы... Так, ёсць. Але чаму іх, актывістаў, няма тут? Як часта мы гаворым «дайсці да кожнага» і як часта забываем дайсці нават да кожнага месца, дзе збіраецца моладзь. За столікам сядзелі дзяўчаты. Ён зірнуў, яму падміргнулі, памахалі рукой.

— Ого, Віктар, ты карыстаешся поспехам,— усміхнуўся малады напарнік Андрэй Асовіч.— Я і не здагадваўся, што ўмееш так чары напускаць, хмурыць дзеўкам галовы.

— От, паслужыш у крымінальным вышуку, не тое асвоіш... І салаўём навучышся спяваць, і пеўнем кукарэкаць... Уваходзь у ролю. Уважліва паглядзі — падобны на тых, што апісаў халасцяк?

— Як быццам.

— Дзейнічаем?

— Дзейнічаем.

Ідучы за капітанам, Андрэй Асовіч па-добраму пазайздросціў яго назіральнасці, уменню ўваходзіць у кантакт з людзьмі. Парадаваўся, што даводзіцца працаваць поплеч.

Яны ўзялі фужэры, падышлі да століка.

— Дазвольце, прыгажуні?

Чарнявая зіркнула на бакал, скрывілася.

— На пахмелку пацягнула?

— Не, новы кактэйль.

— Які яшчэ?

— Паспытайце...

Вочы абедзвюх заіскрыліся. «Відаць, халасцяк — чалавек назіральны,— злавіў сябе на думцы Барташ.— Цягу да спіртнога ўсёк. Бач, як ажылі?»

— Спярша давайце знаёміцца.

— Волька, Аксана. А вы?

— Мы з крымінальнага вышуку.

— Няўдалы жарт.

— Гэта не жарт. Калі ласка,— капітан паказаў пасведчанне.— Ёсць патрэба пагаварыць. Прашу за намі.

У аддзяленні, не марудзячы, за справу.

— Ведаеце, на чым віно настоена?

— На бразе.

— Віно настоена на дзвюх рэчах,— не зважаючы ўвагі на крыўлянне, даводзіў Віктар Пятровіч.— На вяселлі і на горы. Спярша вяселле, потым пахмелле. Горкае.

— Мазгі, начальнік, не кампасціруй. Даўно пракампасціраваны. Дай лепш цыгарку засмаліць.— Волька працягнула руку.

Яна ўхапіла з попельніцы скамечаны недакурак, чыркнула запалкай і, зацягнуўшыся, пусціла кольцы дыму.

Барташ разумеў, што хмель каламуціць галаву і нараджае толькі браваду, перайшоў на цвёрды тон:

— Раскажыце, за што пабілі чалавека?

Аксана абхапіла рукамі галаву, як абручом:

— Казала ж, нашто той таўстун...

— Чаго скуголіш ды дажджыш.. Не баюсенькі нічагусенькі,— памкнулася супакоіць сяброўку Волька. Павярнуўшыся да капітана, адрэзала: — Нікога не білі.

— На падмане далёка не паедзеш... Білі. Халасцяка, з якім пазнаёміліся ў кафэ. Учора.

— Нагавор.

— Прашу сур'ёзна ставіцца да адказаў.

— А я і ёсць сур'ёзная.

— У такім разе, мабыць, успомніце адрас Грышы.

— Каго-каго?

— Кампаньёна ўчарашняга.

— Таго, што падсеў? Адкуль ведаць?

І раптам зацягнула: «А мне мама, а мне мама целовацца не веліт...»

Выгараджвае сабутэльніка,— здагадаўся Барташ.— А мо і пабойваецца. Патрэбны больш грунтоўныя доказы.

— Волька, каго бароніш? Сябе топіш,— скрозь плач пытала Аксана.

Барташ кіўнуў Асовічу, дзяўчатам кінуў:

— Пасядзіце трохі, мы зараз.— За дзвярыма — за локаць паплечніка: — Пагавары з Аксанай. Я — у сем'і. Мо там ведаюць таго Грышу? Ён нітачка, а за нітачкай...

— Да клубочка,— закончыў Асовіч.

І ўжо з усмешкай Барташ спытаў:

— Чаго зыркаеш на Аксану? Падабаецца?

— Прыгожая,— адказаў Асовіч.

— Глядзі, даражэнькі, галаву не згубі.

— Яе Волька зводзіць.

— От табе на. Пачынае губляць. З чаго ўзяў?

— Думаю так.

— Мала. З пяску вяроўку ўеш. Дзе логіка?

— Пакуль толькі інтуіцыя.

Дом Аксаны побач. Праз колькі хвілін Барташ ужо націскаў на званок. «Малаток, Асовіч,— падумаў.— Хватка ёсць. Інтуіцыя тож. Добры сышчык вырасце. Бач ты, як па вачах разгледзеў Аксану».

На парозе стаяла невысокая жанчына. Твар добры, у вачах — стомленасць. У фартушку, відаць, з кухні, сказала:

— Прабачце за беспарадак. Толькі з работы.

— Дзе працуеце?

— На заводзе.

— Машынабудаўнічым?

— Ага.

— Змена ж даўно закончылася...

— Пасля кантору адну прыбірала... Ведаеце, дачка на выданні, а я адна... Падрабляю...

— Я з міліцыі. Капітан Барташ. Хачу пагаварыць...

— Ванда Іванаўна,— прадставілася жанчына.— Слухаю вас. Што-небудзь натварыла Аксанка?

Як даведалася пра ўсё — у плач:

— Скажыце, чаго ёй толькі не хапае? Цукеркі купляла якія пажадае. Падрасла, на вопратку грошай не шкадую. Вунь і на другую работу пайшла. Думала, самой дзяцінства выпала гаротнае, хай яна хоць пагуляе... Купляю ўсё моднае, дарагое, каб не горш як у іншых. Дзяўчо ж усё-ткі.

— Яе бог знешнасцю не пакрыўдзіў

— Розумам пакрыўдзіў. Няўдача нейкая... Ад яе нічагусенькі не патрабую. Усё сама — і падлогу мыю, і вопратку. Адно — жыві шчыра. А яна? Даўбешка, у такую гісторыю ўлезла... Патрабавальная ж да чорцікаў. Як што прыпрэ, давай купляй, і ўсё...

— Трэба было не толькі цукеркамі забаўляць, але і падлогу вучыць мыць. Цяперака што? Куды сэрца ляжыць, туды і ножка бяжыць,— неяк нечакана вырвалася ў Віктара Пятровіча. І тут ён зноў успомніў словы Лапко: «Наш галоўны клопат не толькі лавіць злачынцаў, але і выхоўваць сваіх дзяцей... Без сумеснай працы, духоўных, маральных сувязей няма радства». Якія правільныя словы. І як у час. Павучаць іншых мы ўсе майстры. А як жывём самі? Якім шляхам пойдуць мае дзеці? І што я зрабіў, каб дапамагчы Юрасіку выпрацаваць імунітэт супраць дурных звычак? На жаль, мала. Усё работа засмоктвае, як у таго бацькі — «важнай птушкі». Не, так нельга.

— Я казала, не хадзі да сяброўкі, звядзе яна цябе,— голас жанчыны абарваў думкі,— тая старэйшая, суседка наша. Смокча цыгарэты, цэдзіць віно. Забараняла ж сябраваць. Не, цягнецца, як ягнё да авечкі. Чым так прывабіла тая курыльшчыца?

— Напэўна, тым, што з ёю лёгка бавіць час. У вашай жа шмат яго?

— Што ж ёй рабіць? Гэта, каб у вёсцы — карову падаіць, дроў ды вады прынесці, печ распаліць, агарод прапалоць... А тут чым яе такую-сякую зоймеш? У магазін схадзіць. Вось і ўся работа... Лежнем ляжыць пасля вучылішча ды швэндаецца з сяброўкай.

«Так,— згаджаўся ў думках капітан,— пытанне тут ёсць. Толькі яго трэба вырашаць, а не хавацца за яго са сваёй рэпутацыяй. Каго па-сапраўднаму турбуе выхаванне дзяцей — занятак для іх знойдзе. А Ванда Іванаўна, па ўсім відаць, нават і не спрабавала, не турбавалася, каб прывучыць дачку да працы. У яе адзіны быў клопат: каб жыццё ў дачкі было бязвоблачнае, толькі светлае і радаснае. От і расла капрызуляй. Першая завязь ад тых кветачак ёсць. Плады яшчэ наперадзе. Звязалася з Волькай, якая даўно ходзіць у кафэ, як на работу. Там шчэрыць зубы ды скача з тымі, хто з грашыма. Рана абедзве адведалі смак віна і гарэлкі»

— Ванда Іванаўна, што гэта ў іх за знаёмы завёўся, Грышка?

— Ды Грышок Тосік. Жыве ў суседнім доме. Хлапчына пакамест нішто, ды з шабашнікамі звязаўся... Скалачваюць дружыну і на заработкі... Вярнуўся надоечы з такой вандроўкі. Грошы кішэнь тапыраць, от прайдзісветка Волька і ліпне... І маю зводзіць.

Барташ подбегам у аддзяленне, а ў галаве думкі яшчэ шпарчэй. Ніяк не супакояцца вакол пачутага.

Логіка падказвае: хутчэй стрэцца з тым Грышам, праз яго дарога да кажушка.

У вёсцы як мы раслі? — пацягнула Віктара Пятровіча на ўспаміны.— Бацькі не ведалі ніякай навукі. А выгадавалі! От пытанне: як удалося? Там, у вёсцы, не вучылі, як чэрпаць ваду з калодзежа, даіць карову. Сунуць у рукі вядро, даёнку і скажуць: варушыся хутчэй. Там на поле, на сенажаць нясуць дзіцё ў калысцы. Там яно расло пад песню сярпа і касы. Там праца натуральна ўваходзіць у свядомасць. От і ўся навука... А ў горадзе? Толькі даводзяць абібоку аб неабходнасці яе. Хіба адны размовы могуць даць які плён? ...У школе ўрокі працы — часам гульня ў яе. У дзіцячых садах так арганізавана. У форме гульні. Кажуць, прагрэсіўна. От да чаго дадумаліся... А што гулі? Кажуць, гулі многіх у лапці абулі... Як жа гэта бацька казаў? «До чого дытя з імпэтом, нэ пэрэбывай запрэтом». Урэзаліся гэтыя словы пасля таго выпадку з Юрасікам. Помніцца, да цукерак надта ласы стаў, лускае, як арэхі. А доктар паднёс палец да сваіх губ і кажа: ані-ні, карыес зубы паесць. От плачу з-за цукерак было. Улетку як прыехалі да бацькі ў Дуброўку, як дачуўся ён пра гэта, узяў Юрасіка за руку і ў магазін. Пытае: якія цукеркі хоча. Гэтыя і во гэтыя. Папрасіў зважыць па кіло тых і другіх. Усадзіў на траву і кажа: еш, унучак, колькі хочаш. Цвіце ад радасці дзіця ды ўплятае адну за другой, толькі абгортачныя паперкі з шамаценнем адлятаюць убок. Жонка з бабуляй галовамі ківаюць: здурэў стары дзед. А Юрасік з'еў амаль палову і адвярнуўся. Перад абедам дзед зноў імі частуе. Пад'еў Юрасік трохі і болей не захацеў. З таго і адпала ахвота да такіх ласункаў... А яшчэ з запалкамі... От захапіўся. Дурыцца, каб запальвалі безупынку. Дзед карабок і рукі ды на прызбу з ім. Расказаў, як пячэ ды кажа: хочаш — вазьміся, от пекане. Чыркнуў, як агеньчык зменшыўся, да рукі Юрасіка. Той хап і ў плач. Ваўчком насупіўся на дзеда, а той апраўдваецца: я ж казаў, не гуляй з запалкамі. А як не пальчык, а ўсяго пекане? Кажуць, не педагагічна, не навукова... Хто спрачаецца? Толькі факт фактам: Юрасік і цяпер на цукеркі вочы не тарашчыць і да агню цікавасці не мае. Запалкі ў хаце не хаваем, як іншыя... От і не педагагічна, і не навукова... Чалавека вучаць справай, а не словам. Словы дурманяць, а справа прасвятляе... Як жа ў нас?Возьмецца дзіця кветкі паліваць — лужыны на паркеце, маці ў крык: знайшоўся памочнік. Вырве кубак з вадой і сама... Пачне малое пыл церці — нешта зачапіла і шлёп, толькі асколкі на падлозе. Маці зноўку ў крык ды плач: каб рукі адсохлі... І рве з рук анучу ды па заднім месцы яго... Пастаўце сябе на месца дзіцяці... Як яму быць? Хочацца нешта рабіць, а за гэта лупцуюць... От і адбіваюць ахвоту. Потым ніякімі натацыямі не прышчэпіш яе...

Асовіч сустрэў Барташа добрым настроем, працягнуў паперку:

— Тут адрас Грышы Тосіка. Аксана сказала. Як ні зыркала на яе Волька... Кажа, за што крыўдзіш? Чаго за яго адказваць?

— І я здабыў адрас. Давай зверым. Супадае... Чашы, даражэнькі, да Грышы, ды пашпарчэй.

Праз якую гадзіну за акном мільганулі постаць лейтэнанта і рослага дзецюка. Гледзячы на моцныя, як чарпакі, мускулістыя і мазолістыя рукі Грышы, Барташ спытаў:

— Укалваць прыходзіцца?

— Даводзіцца.

— Працуеце дзе?

— Дзе пападзе.

— Чаму?

— Ды так. Сёння на Міншчыне, заўтра на Віцебшчыне. Дзе вострая патрэба ў будоўлі — там і мы.

— Што будуеце?

— Дзе кароўнік, дзе свіран. Каму што трэба — тое і адгрохаем. Шабашнічаем.

— Вунь яно што. Чым прыцягвае?

— Рублём, чым жа яшчэ? От вы колькі маеце?

— На харч маем.

— А на піва?

— Без піва можна абысціся.

— Без піва жыццё не міла. У нас так: добра папрацуй ды добра патанцуй.

— Матэрыялы дзе бераце? Маўчыш?

— Не мой клопат. На тое ёсць іншыя.

— Сумленне не грызе? Чаму б у трэсце якім не ўладкавацца?

— Працаваў і ў трэсце. Там жа перакуры ды сходы. Мазалі ўскочаць на языку, а не на руках. Зноў жа, скразнякі доймуць ад безрабоцця... Я рукамі ўмею цвікі забіваць... Кляпаю так, што ў цырк раяць... Дзе матэрыялы дастаюць, не мая справа. Мая — кляпаць. Тут хоць мазалі натрэш, але і кішэню наб'еш.

— Спецыялізацыя, значыць? Адзін даставала, другі — забівала. Не забывай, злодзей не толькі той, хто крадзе, але і той, хто драбкі падае.

— Вы бачылі, які кароўнік на Гомельшчыне адгрохалі? Палац! Там не кароў даіць, а ў дуду трубіць. Прыезджыя рот раскрываюць ды семінары праводзяць. А побач з ПМК іхнія пээмкамаўцы зляпілі — курам на смех. Усё наперакасяк, на чэсным слове трымаецца. Ляпілі ж аж цэлае пяцігоддзе. Мы, між іншым, за лета скляпалі... Вы са старшынёй калгаса пагаварыце... Праводзіў, у абдымках ціскаў, яшчэ запрашаў. Тых жа пээмкамаўцаў — аблаяў і рукі не падаў.

— Мо дзе такое і было. Не спрачаюся. Толькі скажы мне, хто машынабудаўнічы гігант узвёў? Наш мікрараён Радняны? Твае сябры-шабашнікі ці трэстаўскія арлы? Маўчыш?.. Скажу болей. Вы мне нагадваеце авадня... Так-так, таго авадня, які сеў на быка, смокча яго кроў, а потым жужжыць: «І мы аралі...» Хаця не, вы гучней крычыце: «Толькі мы аралі».

«Канешне,— задумаўся Барташ,— шабашніцтва вырасла на недахопах і цяжкасцях будаўнічых... Яно ж сведчыць: не скоўвай ініцыятыву, дай волю гаспадарчаму разліку ды забяспеч людзей усім неабходным для работы — горы звернуць».

— У брыгаду пайшоў бы?

— Брыгада — рэч добрая. У ёй любы гатоў ішачыць.

— Ну ды ладна, я па іншай справе... Кажушок хачу прыдбаць. Калі не збыў яшчэ?

— Прыспічыла?

— Ага.

— Які кажушок? Няма і не было такога.

— Як жа не было, калі ў кафэ халасцяка аднаго ўгаворваў...

— А-а, — усміхнуўся хлопец.— Успомніў. Дружбак адзін прасіў знайсці аматара прыдбаць такую рэч. Яго кораш прадаваў.

— Як завуць?

— Каго?

— Кораша з кажушком.

— Лёха... Сашка Грабчук.

— Кажушок яго?

— Каго?

— Сашкі?

— Яго ці яго сябрукоў. Дакладна не ведаю.

— Сябрукі хто такія?

— Сямён і Вадзім.

— Тутэйшыя?

— Ага.

— Чым займаюцца?

— У асноўным нічым. У кафэ сядзяць, шпацыруюць па вуліцах.

— Значыць, з тых, хто да чаркі ласы, а работы пабойваецца.

— Так.

— Забіякі?

— Бывае, чапляюцца.

Барташ працягнуў паперу:

— Азнаёмся і распішыся.

— Магу ісці? — Грыша падняўся, пазіраючы на дзверы.

— Ёсць яшчэ пытанні. За што пабіў халасцяка таго?

— Не біў я яго.

— Біў. Дзяўчаты расказалі. Яны адпачываюць у нас.

— Самі добранькія п'янчужкі. Гаварыў, навошта вам тая бутэлька, і так налізаліся. Не, як убачылі, што пайшоў з бутэлькай — следам. І той гусь — скнара. Аддаў бы пляшку. Дык не. Кукіш пад нос... Ну, я лёгка так, як яны ўчапіліся за бутэльку, валтузіліся, пхнуў у галаву. Не наўмысна, далібог, не наўмысна.

— Дзе паперы?

— Выкінуў.

— Сам не гам і другому не дам?

— Які там гам?.. Адзін хлам.

— Хлам, кажаш? Можа, там цікавая наватарская ідэя?

— Было б месца пад сукном — ідэі знойдуцца.

— Табе, па ўсім відаць, месца знойдзецца... у казённым доме.

— За што?

— Зараз правядуць у следчае аддзяленне. Там прадоўжыцца размова на гэту тэму.

Позна вечарам, як і дамаўляліся, група пошуку была ў зборы.

— Заўтра да поўдня, у горшым выпадку да вечара, мець усю інфармацыю пра тройку «Лёха, Вадзім, Сямён»,— коратка і дакладна паставіў задачу капітан.

— Куды ўсё-ткі спешка? — як заўжды, не згадзіўся Дыбін, водзячы грабянцом па валасах.

— Няўжо не здагадваешся? Нітачка ў руках — подбегам за клубочкам,— адказаў Барташ.

— Не спатыкнуцца б? Нага спатыкнецца — галаве дастанецца.

— Табе, даражэнькі, гэта не пагражае. Твая галава сіняком не абзавядзецца... Далібог, не абзавядзецца. Хто пехам там, дзе трэба бегчы, той не спатыкнецца.

— Быў у мяне адзін знаёмы на заводзе. Працаваў от як хутка. А ведаеш, што майстар казаў? Хутка робіць, але перарабляе доўга.

— Хай наш дыспут рассудзяць справа і час,— прымірэнча закончыў Барташ.

Адчыніліся дзверы.

— Можна?

— Што за пытанне, Яўген Арцёмавіч,— узняўся з-за стала і пайшоў насустрач з радаснай усмешкай Віктар Пятровіч.— Забываць штосьці стаў, даражэнькі, забываць...

— Кажуць: хто рэдка прыходзіць, таго добра прымаюць.

— Э-э, не кажы...

— Чаму ж? Гасцям двойчы рады: сустракаючы і праводзячы,— гнуў сваю жартаўлівую лінію Яўген Буланаў.

— Ці ж ты госць? Штык наш баявы! Ну, сядай, выкладвай, што на заводзе новенькага?

Радуюць капітана сустрэчы з Яўгенам Арцёмавічам Буланавым, рабочым машынабудаўнічага завода, няштатным супрацоўнікам крымінальнага вышуку. І не толькі таму, што памочнік добры і заўжды з'яўляецца ў патрэбную хвіліну. Сустрэчы з ім — як сонечны прамень. Ад яго слоў адразу маладзее Віктар Пятровіч гадкоў гэтак на дзесяць. Яны пераносяць яго ў тую пару, калі ён, выпускнік прафтэхвучылішча, уладкаваўся ў механічны цэх машынабудаўнічага завода. Тут такарнічаў, атрымаў першыя ўрокі грамадзянскай сталасці. Падабаўся яму цэх, хлопцы заводскія. І асабліва — рабочы настаўнік дзядзька Коля. Барташ і зараз помніць, як дзядзька Коля заўважыў, што ён, Віктар, апусціў бракованую дэтальку ў стружку, а не ў скрыначку, што стаяла побач, сказаў, як адрэзаў: «Запомні, Віця, раз і назаўжды: беражлівасць — дачка разважлівасці, сяброўка акуратнасці і маці дастатку».

Мабыць, таму і ўрэзаліся ў памяць гэтыя словы, што ў іх была мудрасць жыцця. Пасля ён многа слухаў розных лекцый на гэтую тэму, чытаў плакатаў. Словы ў адно вуха ўляталі, а з другога — выляталі. Бо не неслі ніякай свежай інфармацыі да таго, што ўжо сказаў дзядзька Коля. Каб мець дастатак — трэба быць беражлівым, разважлівым і акуратным. Што тут яшчэ дадасі? Хоць гадзіну мялі языком, хоць дзве, наўрад ці дапоўніш чым новым народную мудрасць. Хіба што слоўнага туману падпусціш.

А яшчэ запомнілася: прывезлі ў буфет нейкіх бананаў. Пабеглі ўсе — патросся трушком і Віця з сябрам, Яўгенам Буланавым. Убачылі светла-зялёныя прадаўгаватыя струкі. Цікава было б паспытаць, у вёсцы і не чуў пра іх. Вунь як некаторыя лушчаць... Трасянулі кішэні — адны медзякі перад авансам. Што зробіш, папляліся назад. У цэху нагнаў дзядзька Коля: запрасіў да станка, развярнуў вялізны скрутак з газеты, сказаў: «Частуйцеся, хлопцы... Ну, хутчэй, а то абедзенны перапынак канчаецца». Сунуў кожнаму ў руку па некалькі струкоў: «Бярыце, а то мне ж трэба яшчэ скрутачак аднесці ў бытоўку». От такія ўрокі гаспадарлівасці і рабочай спайкі даваў. Хіба забудзеш?

Пасля арміі Віктар збіраўся вярнуцца на завод, але да воінаў, што звальняліся ў запас, звярнуліся з прапановай: умацаваць рады міліцыі. Як было не адгукнуцца? Думаў, так і быць, трохі папрацую і — да такарнай справы. Ды так уцягнуўся, што «трохі» расцягнецца на ўсё жыццё. Але і па заводзе сумуе.

— Хіба можна забыць вас? Здарыцца такое — дык напомніце ж,— усміхнуўся Буланаў.— Вось толькі робаты, Пятровіч, не адпускаюць, ГАВ за порткі трымае...

— Што яшчэ за ГАВ?

— ГАВ — гібкая аўтаматызаваная вытворчасць. О-о, ды крыміналістыка, відаць, у абозе тэхнічнага прагрэсу,— заўважыўшы здзіўленыя позіркі гаспадароў пакоя, зрабіў вывад Яўген Арцёмавіч.

— Ну-ну, прасвятлі невукаў...

— Рэч, скажу вам, дух захоплівае,— вочы Буланава заблішчэлі.— Як бы гэта карацей? Ну, значыць, як цяпер? Як атрымалі новую наменклатуру — давай пераналадку абсталявання, а то і рэканструкцыю. От марока. Нездарма пераход на выпуск новай прадукцыі разглядаецца як подзвіг. Чыталі, напэўна, як некаторыя гаспадарнікі хваляцца: «Мы перайшлі на выпуск новай мадэлі без спынення вытворчасці». І так ад гонару выстаўляюць грудзі, хоць медаль чапляй. А гэта ж — звычайная рэч. Павінна так быць. Сёння адно кляпаем, заўтра — другое. Без усялякага спынення вытворчасці. От ГАВ — і для таго! Уцямілі?

— Шчасліўчыкі вы там,— пазайздросціў Барташ.— Во як скокнула ўперад вытворчасць: робаты, маніпулятары, ГАВ... Ці даўно быў адзіны гайкавёрт ды лябёдка...

— Дык вось усе заводскія робаты цяпер да нас, у механічны...

— Дзеля чаго?

— Спярша ж размяркоўвалі так: у кожны цэх — па робату.

— Кожнай сястрыцы па завушніцы?

— Ага. Каб не крыўдна было. І сэнс, здаецца, быў. Хай людзі прыглядаюцца да жалезных памочнікаў, прывыкаюць да іх... Усе «за», усе ляскалі ў далоні. Адзін Антось Міхайла круціў галавой:

— Хто гэта кабылу з трактарам запрагае ў адзін плуг?

Смяяліся тады з майстра:

— Крытычны позірк, змяні пласцінку.

— Паглядзім, хто мяняць будзе.

— Як у ваду глядзеў Антось Міхайла. Робат са старым станком не спрацаваліся. Сабраныя разам, у адну гібкую аўтаматызаваную сістэму — от гэта прагрэс... Майстар меў рацыю: памянялі пласцінку паягонаму... Шкада толькі дзядзьку Колю...

— Што з ім? — аж падскочыў Барташ.

— Думаю, уладзіцца праблема — дзядзька Коля і робаты.

— Ты што гэта, даражэнькі, мелеш? Дзядзька Коля і не такую тэхніку можа закілзаць...

— Не ўсё збываецца, на што чалавек спадзяваецца... Разумееш, электроніка, вышэйшая матэматыка, а ў Куневіча толькі дзесяць класаў.

Барташ імкліва захадзіў па пакоі.

— Я не кумекаю ў вашых ГАВах, але завод без дзядзькі Колі не ўяўляю...

Не гарачыся, Пятровіч. Я ж кажу, уладзіцца. Такая пагалоска пайшла. Трэск галінкі — яшчэ не гром. Зазірнуў, мо падмога трэба,— вырашыў Буланаў хутчэй перавесці гаворку ў іншае рэчышча.

Ён ужо і не рады быў, што пераказаў тут размовы ў курылцы, але, ведаючы, як капітана цікавіць ўсё, што адбываецца на заводзе, як ён крыўдуе, калі даведваецца аб чым збоку, не ўцярпеў. Барташ зрабіў яшчэ некалькі крокаў па пакоі, падышоў да стала, узяў паперку і працягнуў яе Буланаву:

Пачасціліся кватэрныя кражы. Тут пытанні, адказы на якія нас вельмі цікавяць. Высветлі, што ўдасца.

 

V

Завод сустрэў Барташа да болю знаёмым гулам. Воддаль вухкалі прэсы, гучна шыпеў у халодных каўшах расплаўлены метал, пагруквалі, падскокваючы на калдобінах, юркія электракары. Нешта зашчымела ў грудзях пры дотыку да масіўных дзвярэй механічнага цэха. Пяты ўчастак — пазнаць і не пазнаць. Пасярод збегліся ў купку рабочыя, махаюць рукамі, штосьці даказваюць. Барташ спыніўся за станком, каб не перашкаджаць, прыслухаўся. Так і ёсць: счапіліся Буланаў з майстрам Антосем Міхайлам.

— Што ты за чалавек, Міхайла? — горача даводзіў Яўген Арцёмавіч.— Не разумею, далібог, не разумею... Абяцалі здаць датэрмінова лінію робатаў і здадзім. Кроў з носа, Міхайла, а здадзім. Ці ж хлопцаў не ведаеш? Слова, што сталь. Па паўтары нормы гонім... А ты не задаволены, крыўдзіш...

— Во-во, вам толькі гнаць, шустрыкам гэткім,— разважліва даказваў майстар.— За тэмпы малайцы.. Глядзелі б яшчэ ўперад. Далей носа не бачыце...

— Камплектуючыя калі будуць, Міхайла? Запорам жа лінію... От тады і ўбачыш, чый нос даўжэйшы.

— Ты ўсё цягнеш адну арыю — аб камплектуючых,— упікнуў яго Антон Міхайлавіч Русовіч.— Чуў, чуў яе. Рэпертуар беднаваты. Скажы мне лепей, хто ў цябе ў брыгадзе ўмее ўвіхацца на гэтых жалезных памочніках? Калі закапрызіць які, зноў жа, хто лекі падбярэ? Чаго маўчыш?.. Як рыба?

— Нашто думаць, калі Антось Міхайла побач, азваўся языкасты Акім Недапетаў.— Ля рэчкі калодзеж не капаюць.

Навокал дружна зарагаталі.

— То мне падпяваў, то Міхайлу падцягваеш,— з'едліва ўставіўся на яго Буланаў.— Свая думка ёсць?

— У яго адна думка: і нашым і вашым заўжды спляшам.

Зноў усе зарагаталі. Недапетаў махнуў рукой і адышоў убок, стаў надзьмуты як сыч.

— Мастакі ляскаць зубамі, як тое вядро ў калодзежы,— працягваў майстар.— Злепіце лінію, злепіце, не сумняваюся. Не аб гэтым баліць галава... Як яна запрацуе? Не дзеля ж экспаната яе манціруеце. Вы падумалі? Іду да кіраўніцтва — трэба людзей пасылаць на стажыроўку, венціліраваць іншыя пытанні. А ён заладзіў пра камплектуючыя... Прышлюць іх, не сёння заўтра. Што на кончыку носа — кожны бачыць... Апроч арыі ад камплектуючых, другіх песень няма.

— Кожнаму свая рана баліць,— не згаджаўся Буланаў.— Тыя камплектуючыя, як соль на яе... Любы завые...

Заўважылі Барташа — да яго:

— Што тут міліцыя шукае?

— Учарашні дзень,— пажартаваў нехта, і ўсе засмяяліся, моцна паціскаючы госцю руку, паляпваючы па плячы.

— Ва ўчарашнім дні бярэ пачатак дзень заўтрашні,— усміхнуўся Віктар Пятровіч.

— Не крыўдуй, Віктар, на нашых вастрасловаў,— падаючы руку гаварыў Антось Міхайла,— засумавалі па табе. Штосьці даўненька не бываў. Няўжо не цягне?

— Цягне, Антон Міхайлавіч, яшчэ як цягне,— шчыра прызнаўся капітан.— Справы не адпускаюць... Як вам працуецца?

— Чуў, відаць, краем вуха? Хлопцы кемлівыя. От Буланаў — рукі ды галава — золата. Падаўся на завочнае аддзяленне інстытута, рашыў падкавацца па робатах...

Віктар адчуў на плячы знаёмы лёгкі дотык рукі. Павярнуўся, так і ёсць — дзядзька Коля. На твары цёплая ўсмешка... «Акуляры — на лбе».

— Бацюхны, гляджу і не веру вачам, ты ці не ты, Віця? Якім ветрам?

— Спадарожным, дзядзька Коля.

— Шкада, што твой спадарожны вецер рэдка дзьме ў наш бок.

— Чаму шкада? Добра, што міліцыя абмінае.

— Я не ў тым сэнсе. Ведаеш, акадэміяў розных не канчаў, гавару проста. Шкада, што рэдка цябе бачу. Карэнні твае тут... Ад іх адрывацца нельга. Дрэва без карэнняў... сам ведаеш. Ды і мне, па шчырасці, хочацца бачыцца часцей. У госці завітаў бы калі.

— Дзякуй табе, мой дарагі дзядзька Коля,— расчуліўся Барташ.— Бачымся рэдка, а я ўспамінаю вас штодня, як і бацьку. Хіба ж можна забыць тваю навуку?.. У госці завітаем, у бліжэйшы час. А што? От збяромся ўсе — награнем...

— Рад буду...

— Што новенькага, дзядзька Коля?

— Раскажы пра Самохіна,— падказаў Антось Міхайла.

— Раскажы, дзядзька Коля,— падтрымаў Яўген Буланаў.— Паўтары нормы заўчора даў, у творчую брыгаду папрасіўся.

— Хваліцца рана.

— Як жа рана? Чалавек на ногі становіцца...

Дзядзька Коля ўзяў пад локаць Барташа і на хаду загаварыў. Слухаў капітан, і перад вачыма ў яго нібы паўставалі карціны жыцця...

— ...Нават не ведаю, што рабіць з Валодзем Самохіным,— у роспачы скардзіўся дырэктару вучылішча выкладчык.—Зноў не выканаў задання. А фанабэрыстасці — хоць адбаўляй.

— Мікалай Антонавіч, мо вы як напужалі б? — ці то з просьбай, ці то проста разважаючы, павярнуўся да яго дырэктар.— Яны да рабочых прыслухоўваюцца. Вы тут — аўтарытэт.

Сэрца такое ў дзядзькі Колі — адмовіць не ўмее.

— Хадзем у клас,— коратка сказаў выкладчыку.

Перад навучэнцамі пагартаў сшытак Самохіна, спытаў:

— Што так мала напісаў? Чарніла не хапіла ці сілы? Такая ж простая задачка...

— Ды што тут яе рашаць? Проста загуляўся і не паспеў,— з зайздроснай самаўпэўненасцю выпаліў той.

Куневіч і раней, у час практыкі ў цэху, прыкмячаў: хлопец здольны, але не дысцыплінаваны. А гэтыя ж якасці — нібы дзве рэйкі аднаго пуці. І калі хоць на адной з іх трэшчына — можа быць крушэнне. Як жа залячыць гэтую трэшчыну? Слухаючы, колькі самавыхвалення ў тлумачэннях навучэнца, падумаў: ці не тая струна, на якой можна сыграць. І, звяртаючыся да класа, сказаў:

— Ведаеце, чаму ён на самай справе не выканаў задання? Не асіліў задачку, а прызнацца, што слабак, саромеецца.

— Хто, я слабак? — аж закруціўся той.— Дайце, зараз рашу.

— Кажаш, зможаш рашыць? — Куневіч павярнуўся да выкладчыка: — Дайце заданне на дом. Толькі Самохіну падбярыце лягчэйшую.— Выкладчыку на вуха шапнуў: «цяжэйшую».— От і паглядзім, хто на што здатны, каго на практыку браць на ўчастак новай тэхнікі.

— Праўда, возьмеце? — заіскрыліся надзеяй дзесяткі вачэй.

— Кемлівых абавязкова.

Калі ў класе стала пуста, выкладчык да Куневіча з крыўдай:

— Падбілі вы мяне, Мікалай Антонавіч, на непедагагічны ўчынак. Даведаецца дырэктар... скандалу не мінуць.

— Які гэта яшчэ ўчынак?

— Нельга так. Гаварыць, што лягчэйшую, а даваць цяжэйшую.

— Я розных акадэмій не канчаў, тонкасцей вашых не ведаю, але ўпэўнены: такі ход — вывераныя лекі ад самаўпэўненасці.

На другі дзень, пасля змены, Куневіч завітаў у вучылішча, пацікавіўся ў Самохіна:

— Рашыў задачку?

— Рашыў.

— Пакажы.

— Сшытак забыў,— адказаў той.

— Шкада. Мне так хочацца паглядзець тваё рашэнне. Мо з'ездзім па сшытак?

— Паехалі,— згадзіўся той.

Пасля заняткаў яны выйшлі з вучылішча і накіраваліся на аўтобусны прыпынак.

— Можа, не варта ехаць, дзядзька Коля? Заўтра я сам прывязу сшытак. Жыву далёка, у прыгарадзе

— Ну, нічога, раз сабраліся — паедзем.

На прыпынку Валодзя раптам сказаў:

— Не трэба ехаць, дзядзька Коля. Я вас падмануў. Задачу тую не асіліў,— ён вінавата апусціў галаву.

— Ведаю,— усміхнуўся рабочы.— Добра, што набраўся мужнасці сам сказаць адкрыта. Вучыся жыць сумленна.

— Я наганю адставанне, дзядзька Коля, толькі не гаварыце ў групе, што падмануў.

— Лады, не скажу. Але ў прыгарад давай пад'едзем, калі не супраць. Пагляджу, як жывеш.

Як толькі пераступілі парог хаты і малодшыя ўбачылі брата, шмыганулі пад ложак нібы мышы ад ката. З-пад радзюжкі паказалася шчака з сіняком. У Куневіча аж ёкнула сэрца. Хацелася тут жа адлупцаваць прахвоста, але стрымаўся. Не стаў і адчытваць. Ведаў, гэта ўсё роўна што грукаць у замкнёныя дзверы, замест таго каб пашукаць ключ.

Мікалай Антонавіч моўчкі паглядзеў на баксёрскія пальчаткі, што валяліся на ўслончыку, на шматлікія выразкі з газет і часопісаў пра бокс, падумаў: ці не тут той ключык? Слова за слова, сумнення няма: бокс — яго захапленне.

— Падрыхтуй выступленне перад групай аб спорце. Навучэнцам спадабаецца,— параіў Куневіч.— А я пагавару на заводзе, каб прынялі цябе ў спартыўную секцыю. Згода?

— Згода.

— Толькі май на ўвазе, калі яшчэ раз убачу такі малюнак,— дзядзька Коля позіркам паказаў на дзяцей,— так адлупцую, век будзеш помніць... І на ўчастак робатаў не вазьму.

— Папраўдзе, калі добра будзе, возьмеце? — у вачах хлопца столькі надзеі.

— Папраўдзе.

Зачасціў Куневіч у вучылішча. Аднойчы не застаў Валодзю. Не было яго і на другі дзень. Дзядзька Коля ў электрычку. Вось і знаёмы ганак. Злёгку пастукаў клямкаю, прачыніў дзверы. У пакоі былі толькі дзеці. Пад ложак ужо не хаваліся.

— Валодзя ў бальніцы,— сказаў старэйшы.

Куневіч забег у магазін, прыхапіў тое-сёе з гасцінцаў і подбегам у бальніцу.

— Што з ім? — задыхаўшыся, пытаў у медсястры.

— Усё нармальна з вашым сынам,— супакоіла жанчына.— Прастудзіўся моцна, але горшае ўжо ззаду.

З душы нібы камень зваліўся, ён спыніўся ў палаце, шукаючы знаёмы твар, і раптам ззаду пачуў:

— Дзядзька Коля, вы да каго?

Рабочы павярнуўся, іх позіркі сустрэліся.

— Да мяне? — хлопец не мог паверыць. Пасля пацікавіўся: — Штосьці ў вас, дзядзька Коля, стомлены твар. Ці не захварэлі?

— Ды не. Цяжкі дзень быў. На рабоце, потым дэпутацкія справы.

Валодзя апусціў галаву.

— І я вам столькі турбот прыношу.. Вунь у якую дарогу выбраліся.

— Ну, годзе табе. Папраўляйся хутчэй, ды на заняткі. Наконт практыкі... Ну, на ўчастак новай тэхнікі, дамовіўся.

— Няўжо праўда? — ледзь не падскочыў Валодзя ад радасці.

— Праўда.

 

...Чым больш слухаў Барташ дзядзьку Колю, тым больш пераконваўся, колькі ж у яго цеплыні і дабраты да людзей.

— Затлуміў табе галаву, Віця, сваімі ўспамінамі, раптам спахапіўся дзядзька Коля.— Прабач старога. Яно так: маладыя думаюць пра будучыню, а старыя ўспамінаюць пражытае... Хадзем, Віця, пакажу табе ліцейку і ўсё такое...— Куневіч зноў узяў Барташа пад локаць. Віктар памкнуўся быў расшпільваць паліто. Рабочы, убачыўшы, зайшоўся смехам: — Цяперака тут не тое, што раней было. Во глядзі, як увіхаюцца. Раней ад печаў гарачыня нясцерпная, зараз жа — як улетку ў цянёчку. Адна любата працаваць, га? Вось што значыць рэканструкцыя.

— Аб заводзе даўно слава грыміць.

— Гром чуцён ад учарашняй славы... А старая слава любіць новую. От і яна... Цяперака падыдзем да майго станка. Бачыш прыстасаванне?

— Для чаго?

— Як для чаго? У пары з робатам зможа і мая махіна ўвіхацца. Ці ж гэта справа, робаты — суцэльная аўтаматызацыя, а ад іх — на нашу лінію — уручную. От і зрабілі, так сказаць, прывязку... Спытай, з кім?

— Пытаю.

— З гэпэтэушнікамі.

— Няўжо з тымі, што ў інтэрнаце?

— З імі. Не ўсё, канешне... Але як чарцякі ўвіхаліся! Адно слова «робат» вабіць іх... Усёй групай прасіліся, адбою не было. Пасля змены завітаюць, хачу паказаць у дзеянні...

— Чысціня ў вас, дзядзька Коля, як заўсёды.

— Машына, Віця, любіць што?

— ..ласку і змазку,— успомніў Барташ.— Кажуць, робаты ўсё будуць умець... Любую работу выконваць. Праўда?

— Праўда, Віця... Уяўляеш, у цэху ніводнага чалавека, а прадукцыя выпускаецца.

— Дзе ж чалавек?

— Чалавек наверсе. Складае праграмы для робатаў ды сочыць, як яны працуюць... Цяжка і сумна ўявіць, што будучыя дэталі ўжо не кране цёплая рука рабочага. Цяжка... Але гэта будучыня. Разумееш, Віця, многія працэсы зараз працякаюць імгненна. Чалавечаму воку не ўсачыць. Другія — хімічныя, напрыклад,— такія, што чалавеку лепей далей ад іх. От тут робата і падавай. Ён ды ЭВМ лепш за нас спраўляюцца... Радуе, што моладзь ахвотна іх прымае. Прыйшоў яе час. Іх веды і хватка, ды наш духоўны вопыт — ого якая сіла. Сёй-той, скажу па сакрэту, нашэптваў у курылцы: ці не спужаецца дзядзька Коля робатаў? От і прыдумаў тое прыстасаванне — заткнуў ім рот...

— Я па справе, дзядзька Коля. Цікавіліся, якім ветрам? Тым, што дзьме ад Лёхі. Што ён за чалавек, што ў яго ў галаве?

Не падабаецца ён мне...— задумаўся Куневіч.— Уся яго бяда ў тым, што да работы няма ахвоты, ды ласы на чужыя прыпасы... Сказаць каму, не паверыць: на станок косіцца, як мерын на аглоблі. Яго бацька — такі ж абібок. Яблык ад яблыні недалёка падае.

— Выкідвае нейкія конікі?

— О, на штукі здатны... Кемлівы бамбіза, ды не туды тая кемлівасць пайшла. От сёння не выйшаў. Учора на таварыскім судзе пясочылі, сёння нямашака... Глыбока засела гультайства...

— Ніякіх зрухаў да лепшага?

— Пакуль не. Малавата ён у нас. Думаем, як вылечыць. Пакуль жа, што ні скажы — толькі гыгыкае ў адказ.

— Няўжо не вылечыць такіх?

— Чаму ж не? На ўсялякую хваробу зелле расце. Яму б цеплыні паболей. Ад натацый ён стаміўся, азлобіўся... Колас добра спее, калі сонца грэе.

— Што вы намякалі наконт чужых прыпасаў?

— Ласы да іх, ласы. У гардэробе траяк выцягнуў. У другі раз знайшлі ў яго тумбачцы шасцярню. На вынас, значыць, падрыхтаваў.

— Як рэагавалі?

— Паўшчувалі... Пагаворваюць, што і за прахадной па кішэнях шастае.

— Праўда гэта?

— Ды як сказаць... Канешне, пусці вушы ў людзі — усяго наслухаешся. Але ад прамой палкі крывога ценю не бывае. Учора ж быў ваш работнік, расказваў, у сябра з тысячу рублёў выманіў, шмоткі нейкія спёр. От такая рэкламацыя на нашага выхаванца, значыць, упершыню.

— Заведзена на яго ў нас справа... Скажы, дзядзька Коля, на злоснае злачынства ён здольны?

— Не веру, каб саспеў. Хаця такія не думаюць аб выніках сваіх учынкаў. Гаварылі даўней: без рук і без ног — калека, без сумлення — паўчалавека. Паўчалавека сам не ведае, на што здольны.

...Школа, здаецца, трэслася ад мітуслівай беганіны і рогату. Перамена ёсць перамена. Шматгалосы гам запаўняў нават кабінет хіміі, што знаходзіўся у самым кутку будынка, далей ад шумных калідораў.

— Надакучвае, пэўна,— выказаў нясмелае меркаванне Барташ.

Вераніка Аляксееўна крыху здзіўлена паглядзела на яго:

— Хіба можа надакучыць дзіцячы смех і валтузня? — Яна паправіла рукой прычоску, зірнула ў люстэрка. Капітан прыкмячаў не раз, што настаўніцы з густам апранаюцца, вельмі сочаць за сваім знешнім выглядам.— Як чую ад маладых калег, што раздражняе гэта, шкадую іх. Цяжка ім будзе ў школе... Дзіцё, падлетак — нібы вулкан...

— Грабчук, напэўна, вулкан асаблівы?

— О, так. Яго б энергію ды ў патрэбнае рэчышча! Талент вырас бы.

— Хто ж яе скіраваў не туды?

— Найперш сям'я. Бацьку яго бачылі? Ён жа рэдка бывае цвярозы.

— А школа? Яна хіба бяссільная ў такіх выпадках?

— Ён у нас вучыўся няпоўныя два гады. Як пераехалі яны ў Радняны. Кантакт з сям'ёй не ўдаўся. Пра бацьку казала — той з работы ды ў піўбар. Калі яму ў школу? Ды і які з яго выхавацель? Маці, па ўсім, аслеплена любоўю да адзінага сынка, і слухаць не хацела... А тут сябрукі старэйшыя завяліся. Максімыч дрэнна ўплывае... Чужым розумам у людзі не выйдзеш... Вуздэчкі добрай яму не хапае.

— Максімыч жа неяк здолеў прыцягнуць?

— Сашка ўжо быў падрыхтаваны да такой сустрэчы...

— Прабачце, вы закранулі цікавую праблему «падлетка — вулкана». На што ён, «вулкан», здольны? Як яго, на вашу думку, уціхамірыць?

— Падлетак — гэта своеасаблівы вулкан, нармальны «выкід» якога — творчасць. Канешне, часцяком з «кратэра» ляцяць каменні, і нас абпальвае лавіна самых дзёрзкіх забаў. Але... паверце мне, няма больш сумнага відовішча патухлага вулкана, інакш кажучы — абыякавага падлетка, які пазяхае ад суму. Патрэбны ўважлівы позірк і чулае сэрца, каб адчуць у глыбіні яго душы слабыя штуршкі, якія дазваляюць спадзявацца, што вулкан яшчэ прачнецца... Юны чалавек развіваецца не па прамой, а скачкамі. Ведаеце, яшчэ ўчора вучань быў пасіўны, абыякавы, а сёння раптам яркай гранню заблішчэў яго характар. Усё, што назапашвалася і таілася дзесьці ў глыбіні душы, нечакана вырвалася наверх. Гэта можна параўнаць са святам буравікоў, што праз месяцы цяжкай будзённай работы прабілі тоўшчы пароды і ўбачылі фантан. Значыць, дабраліся нарэшце да нафтаноснага гарызонта... Так і ў выхаванні. Трэба цярпліва рыхтавацць гэты момант скачка. І не прамаргаць. Паверце, фантан дзіцячай энергіі трэба не ўтаймоўваць, як вы сказалі, ні ў якім разе, а накіроўваць.

— Як, Вераніка Аляксееўна? Я таксама за гэта...

— Справа не простая. Але кірунак ясны. Многія ж бацькі дзейнічаюць, на жаль, у супрацьлеглым... Вы зазірніце ў нашы пачатковыя класы. У многіх дзяўчынак завушніцы і гадзіннікі. Ну, скажыце, калі ласка, навошта ім такія цацкі? Думаеце, вучобе дапамагаюць? Толькі перашкаджаюць, адцягваюць увагу. Яны ж забаўляюцца гэтымі рэчамі. Пачынаеш гаварыць з маці, а яна ў адказ: «Суседчынай дачцэ пачапілі, а чым мая горшая?..» Не забылі жартаўлівую студэнцкую размінку? Ну вось гэту? «Чым выпрабоўваецца марак?» — весела пытае выкладчык, забраўшыся на кафедру. «Штормам»,— дружна крычаць студэнты. «Чым выпрабоўваецца дружба?» — «Бядой».— «Што губіць людзей?» — «Рэчы»,— што ёсць моцы крычыць зала. Дык вось старая прымаўка: «Грошы і рэчы псуюць чалавека» пакуль не спісана ў архіў. Псуюць рэчы дарослых, яшчэ больш — дзяцей.

— Мне здаецца, агрэсіўнасць спажывецкай псіхалогіі і прыводзіць некаторых да той грані, якая падзяляе ўчынкі маральныя і крымінальныя.

— Во-во, мы вярнуліся да таго, з чаго пачыналі. Вас жа цікавіць, на што здольны Грабчук-вулкан? Ці правільна я зразумела?

— Правільна, Вераніка Аляксееўна.

— У яго цяжкі ўзрост працякаў асабліва выбухова. Не паверыце, краў рэчы ў школьным гардэробе. Як у каго што прыкмеціць, так і цікуе, як бы сцягнуць. І забіяка. Кулакі ў ход — без усякай прычыны. Нейкую асалоду атрымліваў.

Барташ уважліва слухаў настаўніцу і раптам успомніў домік над высачэзнай ліпай і замшэлым вязам у роднай Дуброўцы. Перад вачыма нібы праплылі мілыя кадры дзяцінства... Так хацелася пакатацца на веласіпедзе, што сілы не было цярпець. Ды адрамантаваць не ўдавалася. Чакаў, не мог дачакацца бацькі: і вось ён, стомлены, негаваркі, ледзь перастаўляючы ногі, павесіў касу пад страху, сцягнуў мокрыя боты і лёг на ложак. Сказаў маці: штосьці ў баку закалола, стаптаўся за дзень. Ён застагнаў. А сын тут як тут: татка, а татка, дапамажы. Маці за рукаў ды цягне ўбок: не чапай, дай перадыхнуць. Бацька пачуў гэта, павярнуўся, спытаў: што, сынку, дапамагчы?.. Ён узняўся з ложка і... да веласіпеда. Стогнучы, адрамантаваў, пагладзіў рукой валасы і сказаў: пакатайся, сынку. І цяпер, успамінаючы гэты невялічкі эпізод, капітан зрабіў для сябе нечаканае адкрыццё, над якім раней чамусьці і не думаў: заўжды, у любую мінуту, як бы цяжка ні было бацьку, як бы ні быў ён заняты, знаходзіў хвіліну, каб удзяліць увагі яму, Віктару. Помніцца, з усёй сілы грабуць сена. Чорныя хмары ўсё растуць і растуць з-за лесу, вось-вось пачне накрапваць. Паспець бы хоць у копы скінуць пракосы. А Віцька, ах гэтыя неразумныя дзеці, дурыцца знайсці яго грабелькі... Згубіў і не ведае дзе. І бацька, кінуўшы ўсё, тупае, шукае...

І тут жа капітан злавіў сябе на думцы: а ці не тое самае казаў яму і Лапко? І ён яшчэ раз зрабіў вывад: трэба больш увагі ўдзяляць Юрасіку. Голас Веранікі Аляксееўны зноў вярнуў яго да гутаркі:

— Цяпер і маці Грабчука затрывожылася. Адчуваю, запозненая яе трывога.

— Вераніка Аляксееўна, а чаму б вам, у школе, не падрыхтаваць стэнды аб тым, як працуюць бацькі вучняў, а? — раптам спытаў Барташ.— Сумнавата ў вашых калідорах...

— Гэта каменьчык у наш агарод. Патрэбны такія стэнды,— згадзілася яна.

— Пакорпаліся б дзеці ў сямейных архівах, даведаліся б шмат цікавага аб жыцці перадавікоў, такіх, як дзядзька Коля. І самі б лепей зразумелі, што народ — паняцце не абстрактнае. Радзіма — гэта не толькі бяскрайнія прасторы, але і двор твайго дома... І што выдзяляюцца людзі не андатравай шапкай ці дублёнкай, а шчодрасцю душы, ведамі. Сустракаюць па адзёжцы, а праважаюць па розуму.

— Чаму б вам, Віктар Пятровіч, не выступіць у нас. Адчуваю, слухалі б з цікавасцю. І аб сваёй рабоце расказаць, і разважаннямі падзяліцца... Ну як?

— Угаварылі,— згадзіўся капітан.

...Барташ дакладваў першым. Аб тым, што чуў пра Грабчука на заводзе, у школе, падзяліўся сваімі вывадамі. Затым уважліва слухаў іншых, унікаючы ў самыя, здавалася б, нязначныя дэталі характарыстыкі тройкі.

— Сямён Чарныш, Сімяон, пасля школы закончыў курсы шафёраў,— тлумачыў Асовіч.— Трохі круціў баранку, затым падаўся ў грузчыкі на хлебазавод. Цяпер прымае шклатару.

— Што пацягнула ў пункт прыёму шклатары?

— Відаць, рублі. Кліенты скардзяцца, недалічвае, памыляецца ў свой бок. Амаль тое ж можна сказаць і пра Вадзіма Дзюбіна, Вушасціка па-іхняму. Вучыўся абы-як, прапускаў заняткі. З восені на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Як бачым, інтарэсы тройкі агульныя: гулі, імкненне ўрваць ці ўкрасці, бадзянне па вуліцах, хуліганства. Больш таго. Чарныш бываў ужо на лаўцы падсудных. За бойку. Асуджаны на тры гады пазбаўлення волі. Праўда, з адтэрміноўкай прыгавору на два гады.

— Як сям'я? — цікавіцца Барташ.

— Цяжкія. Бацькі п'юць, затрымліваліся за вынас з прадпрыемства прадукцыі. Выхаваннем сыноў не займаюцца.

Пасля дакладаў усталявалася тая звычайная хвілінная цішыня, якая неабходна для аператыўнага асэнсавання пачутага.

— Пойдзем да Сашкі? — парушыў яе Барташ.

— Ці не рана? — запярэчыў Дыбін.— Дзе доказы? Многае яшчэ трэба праверыць, удакладніць. Могуць быць розныя нечаканасці.

— Самае нечаканае, даражэнькі,— тое, чаго больш за ўсё чакаеш,— адказаў капітан. І пасля роздуму разважліва дадаў: — Праверыць сапраўды трэба многае. Вось ты і займіся гэтым. А я іду да Сашкі. Паглядзім, чый дэтэктыў акажацца карацейшым.

Астатнія, асабліва малодшыя супрацоўнікі, уважліва слухалі дыялог. Па вачах відаць — многія на баку Барташа.

Іх падкупляе яго ўменне бачыць далёка, разлічваць, як шахматыст, хады наперад, яго хватка дзейнічаць рашуча.

— Не верыцца ўсё-такі, каб яны былі здольныя на забойства,— даводзіў Дыбін.—Так, пабалагурыць, надаваць каму кухталёў — тут майстры, нічога не скажаш... Адважыцца ж на такое... Не... Хіба не ведаюць, што за такое даюць? Ніхто сваю руку не ўкусіць.

— Відаць, няўважліва, даражэнькі, аднёсся да разбору справы «след красоўкі»,— як бы падсумаваў Віктар Пятровіч.— Так, так, нельга... Перагарні. Яшчэ раз, перш чым штосьці ўдакладняць.

— Адзін таксама спяшаўся. Ды ад спеху нарабіў смеху,— не здаваўся старшы лейтэнант.— Адношэнька хачу сказаць: усё-ткі самі сябе часта б'ём, калі нячыста малоцім і жнём. Бачыце, дробязі, чарнавая работа не падабаецца... Як жа без яе? Арэх не раскусіш — зерня не з'ясі.

— Хто прапаноўвае глытаць арэх цалкам, не раскусіўшы, хто? — зноў чырванеў і заводзіўся Барташ. Ёнзаёрзаў у крэсле і забарабаніў пальцамі па стале.— Тое, над чым мы б'ёмся, гэта і ёсць «раскусіць арэх», дабрацца, значыць, да зерня — да ісціны. Спрэчка наша аб тым, як хутчэй раскусіць. Можна, канешне, сабраць кансіліум і тыдзень малоць языкамі, як лепш гэта зрабіць, выпрацоўваць рэкамендацыі па раскусванні арэха, скласці падрабязны план, калі і хто знойдзе малаток, хто падсцеле газету і хто грукне А можна проста ўзяць на зуб і раскусіць. Вось, даражэнькі, у чым спрэчка. Злачынец між тым, пакуль мы займаемся дэбатамі, замятае сляды ды робіць сваю чорную справу і ўсё такое... Праз Грабчука бліжэйшая дарога да кажушка і разгадкі.— Барташ павярнуўся да лейтэнанта Андрэя Асовіча, сказаў: — Хадзем да Сашкі.

— Зараз?

— І неадкладна.

Ішлі моўчкі. Пад нагамі пахлюпвала. Марозік здаў, пачыналася адліга. Віктар Пятровіч зірнуў на калегу. Твар засяроджаны, напружаны. Гэта добра. Ён і сам адчуваў прыліў энергіі. Хто ведае, якога коніка можа выкінуць той Лёха. У такія моманты: пільнасць — золата. Яна, можна сказаць, заўсёды сястра поспеху. Расслабленасць жа — спадарожніца няўдач, а часта і падзення, прычым для многіх нейкага ўжо вельмі загадкавага і нерастлумачальнага. Бо яна, расслабленасць, удала хаваецца за розныя «аб'ектыўныя» прычыны. Ды ці толькі ў іх прафесіі так? Яна ўсюды падводзіць і карае.

Неяк спрачаліся ў аддзяленні на футбольную тэму: чаго гэта, маўляў, каманда горада здала? Колькі прычын розных адшукалі? Бацюхны мае. І траўмы, і стома, і невязенне, і судзейства... Нібы нічога такога раней не было. Тое ж самае, а гульня іншая. І што цікава? Першымі спад у гульні заўважылі балельшчыкі, а не спартыўныя аглядальнікі. Парадокс? Не. Дарэчы, яшчэ парадоксы. Любы гаішнік скажа: шафёры першага класа часцей ляцяць у кювет, чым другога. Чаму? У ліхача першага класа ўпэўненасці занадта, а ў другога — пільнасць яшчэ не спіць. Для пацвярджэння сказанага статыстыкі дарожных здарэнняў выводзяць яшчэ адзін парадокс. У сонечнае надвор'е на дарозе больш здарэнняў, чым у слоту, непагадзь. Зноў жа, калі дождж імжыць — вока і вуха шафёр трымае вастрэй, а сонейка бліскае — можна палёгку. От факты для роздуму! Расслабіўся і... накаўт. Гэта, як у боксе. Маргнуў і ляжыш...

З-за дзвярэй даносілася слоўная перапалка. Барташ націснуў на званок. Нехта зашкрэбаў клямкай. Дзверы расчыніліся, і ў калідоры яны ўбачылі расчырванелых мужа і жонку. Вочы жанчыны блішчалі ад слёз. Яна ніяк не магла супакоіцца.

— Не жыццё, а выццё,— усхліпвала жонка — Як за прахадную, дык у піўную. Наліжуцца і ўцюжаць канапу бугаі гэткія. Каб хто ў гастраном хоць бы схадзіў альбо бульбіну аблупіў. Нажы хлеб скубуць, як грабянец... Толькі і пытаюць: калі вячэра, калі вячэра?

— Як возьмеш чарку, адразу ў сварку,— буркатнуў мужчына.— Таго не купілі, гэтага не прынеслі. За што? За так не даюць. Грошы давай

— Ты купіш, п'янтос няшчасны... Прасмаліш усё...

— Прабачце, мы да Лёхі. Ён дома? — пацікавіўся Барташ.

— Дзе ж яму быць? Дрыхне, соня.

З пакоя выйшаў заспаны цыбаты дзяцюк.

— Ну, я Лёха. Хто такія?

— З міліцыі. Трэба пагаварыць.

— Чаго гаварыць? Учора лейтэнанту ўсё выклаў. Пажартавалі з корашам... розыгрыш такі, а ён хутчэй у міліцыю. Вярну яму тыя грошы.

— Мы па іншай справе.

— Што ён, ну, гэта, яшчэ каго абабраў? — пацікавіўся бацька.

Ён выйшаў на прагал святла, што падала праз прачыненыя дзверы, і Барташ убачыў знаёмы твар.

— Мы з вамі ледзь не патузаліся, здаецца, загрудкі не ўзяліся ў кафэ?

— Ат, прабачце, хлябнуў тады лішку.

— Калі гэта без лішку і сінякоў абыходзіцца. Давядзе барматуха...— уставіла жонка.

— Раздавіш з кім якога сухача, шуму на каньяк.

— На прыватнай кватэры адпакутавалі столькі,— не сціхала жанчына.— Цяперака вось на свой кут узбіліся. Думала, за розум возьмецца, збяром якую капейку, каб у хату што прыдбаць. Трасца табе. Як жлукцілі тую барматуху, так і жлукцяць.

— Чаго раскудахталася? — выгукнуў Лёха.

— Малы быў — рукі балелі, вырас — сэрца,— усхліпваючы, адвярнулася жанчына.

— Сама выхоўвала... фартухом,— уставіў муж.

— І лыжкай,— дадаў сын.

— От, што запомнілі. Слёзы мае не помніце... Гнеў маці, што веснавы снег: і многа выпадзе, ды растане хутка... Хоць бы ты хаця раз чаму добраму яго навучыў.

— Што прасіў — купляў. Гітару прыносіў з палучкі, кубік-рубік таксама.

— Раней трэба было той рубік. Яму цяперака гэта як зайцу стоп-сігнал ці рыбе парасон. Яму б папругай... гэткаму...

Не было больш моцы слухаць. І так усё ясна, як у светлы дзень. Сямейная грызня, відаць, часцяком тут.

Здзівілі паводзіны юнака. Лёгкая ўхмылачка, пераступае з нагі на нагу. У вачах — ні страху, ні збянтэжанасці. Напачатку гэта неяк яшчэ паддавалася вытлумачэнню. Мабыць, думаў, што прыйшлі ў сувязі з яго аферай у гасцініцы. Але нават і пасля таго як паведамілі, што з'явіліся па іншай справе, ніякіх змен у яго паводзінах не адбылося. Хоць бы ўстрывожыўся, спытаў, па якой... У капітана мільганула думка: ці не памыліліся адрасам? Ці не мае рацыю Дыбін? Забіць чалавека, і такі алімпійскі спакой. Яшчэ адна непрадбачаная загадка. А мо ён толькі збываў кажушок? Забойца гуляе ды сочыць за ім, як за барометрам сваёй бяспекі. Не спужаць бы. Значыць, дзейнічаць трэба рашуча.

— Кажушок прадаеш ці ўжо збыў? — прама спытаў, як зайшлі ў аддзяленне, Барташ.

— Купіць надумалі?

— Ага.

— Спазніўся, начальнік.

— Каму збыў?

— Аднаму знаёмаму.

— Далёка ён?

— У другім мікрараёне.

— Успомні, дзе раздабыў кажушок.

Замаўчаў, насупіўся, зрэдку зыркае па баках.

— Я быў супраць, каб здымаць. Вушасцік і Сімяон настаялі. Казалі, капейка добрая будзе.

— Білі за што?

— Ды так. Палезлі ў кішэні, а ён валтузіцца. Накухталялі... А што, паскардзіўся? Кажушок трэба вярнуць?

— Трэба вярнуць. Паехалі ў той мікрараён, дзе збыў.

Толькі цяпер капітан зразумеў паводзіны юнака. Во сядзіць у машыне, зыркае па баках як ні ў чым не бывала, вочы свецяцца нібы перад блізкай сустрэчай са сваякамі... Аказваецца, ён і не здагадваецца, што ўчыніў з сябрукамі такое цяжкае злачынства, раз пытае: «А што, паскардзіўся?»

— Наш, наш кажушок,— выціраючы заплаканыя вочы, гаварыла Ганна Гаўрылаўна, жонка забітага,— вось тут нават падшывала ніткамі, во паглядзіце.

Барташ набраў нумар тэлефона:

— Затрымаць астатніх. Грабчука ў дзяжурку. Скажыце Лапко, каб перааформіў справу тройкі па гасцініцы і інтэрнату на нашу групу. Хутка буду.

Перш чым перадаць паперы далей, Віктар Пятровіч яшчэ раз схіляецца над імі, перагортвае паказанні. Яго думкі кружаць вакол аднаго: як так магло здарыцца? Яму вельмі важна дакапацца да сутнасці, да вытокаў падзення, асэнсаваць матывіроўку ўчынкаў: што іх штурхала, што вяло да сумнага фіналу? Перад вачыма зноў праплывае той зімовы снежны вечар.

...Лёха варочаўся на канапе. Не ляжалася. Мышцы патрабавалі нагрузкі. Мо скокнуць да Сімяона? Гэты падкажа, чым пацешыцца, прыдумае, як размяцца.

Ён накінуў паліто і напрасткі праз двары. Сімяон быў ужо на падпітку.

— Ты ў самы час, кіруха. Адхлябнуў з пляшкі, але і табе засталося. На во смактані для настрою, а то кіслы нейкі, як залёны яблык.

Адразу павесялелі.

— Хадзем у кіно. Вушасцік, кораш, пэўна зачакаўся. Тупае, бедалага, па снезе, пакуль мы травім баланду... Во, чуць не забыў. Максімыч гаварыў, каб пасля кіно чакалі яго на плошчы. Намякаў на нешта грандыёзнае.

Яны, падскокваючы, хуценька пашыбавалі на сустрэчу. Ужо змяркалася, паўсюдна гаманілі і спяшаліся прахожыя, вяртаючыся хто з работы, хто ўжо з магазінаў.

У гэты самы час, амаль у другім канцы горада, Антон Андрэевіч Прохін з сябрукамі, ідучы на тралейбус, ламаў галаву над тым, дзе б гэта замачыць аванс, падбухторваў інжынера Ціхановіча саставіць кампанію...

Сябрукі рушылі да кінатэатра. У кішэнях — адны медзякі.

— Зрываецца мерапрыемства,— пачаў Лёха.— Аб'яўляю конкурс на лепшую прапанову: як раздабыць пару рублёў. Хто раней скеміць?

— Пазычыць у каго-небудзь.

— Як?

— Так, каб не бачыў.

— Ідэя! Прымаем.

Яны рушылі па мікрараёне ў пошуку «крэдытора».

У гэты самы час Антон Андрэевіч з Волахам прымасціўся на лавачцы ў чужым двары, адкаркаваў першую пляшку. Да смерці заставалася гадзіны з тры.

Тройка прычапілася да дзяўчыны, сябрукі назойліва напрошваліся ў памагатыя — паднесці сумку. Перашкодзілі дружыннікі. Збіраліся адвесці на пункт аховы правапарадку. Ды адпусцілі.

Цемра гусцела, прахожыя радзелі. Вечар на зыходзе, а фартуна — бокам, ад чаго злосць мацнела. І раптам — на тратуары, як сцябло на ветры, хістаецца постаць. Задзіры — услед за ім. Як той у пад'езд — патушылі святло і давай кухталяць дзе папала: па галаве, па спіне. Валтузню, відаць, пачулі ў суседніх кватэрах, бо адразу адчыніліся адны дзверы, затым другія. Хуліганы наўцёкі. Аддыхаліся крыху — і ў сварку. «Толькі кулакамі малаціць умееце,— дакараў Лёха.— Хто кішэні будзе чысціць? Дамалаціліся, няўмекі, зноў без капейкі... А як бразнулі клямкай — хутчэй урассыпную, як пацукі ад ката».— «Сам не лепшы,— упікнуў Сімяон.— Позна ўспомніў пра кішэні».

Хмель моцна каламуціў у галаве Антона Андрэевіча. Хістаючыся, ён ціснуўся з некім ў аўтобус, які ішоў не ў яго мікрараён, а ў Радняны.

Раззлаваныя, Лёха, Сімяон і Вушасцік кружылі па вуліцах і дварах. Ішлі моўчкі, зыркаючы адзін на аднаго і па баках, выглядаючы ахвяру. У кожнага кіпела злосць — на сябе, на рэдкіх прахожых, на ўсё. І ад таго, што ў кіно не трапілі і што нікога не абабралі. У такім настроі яны апынуліся на аўтобусным прыпынку, дзе шафёр лаяў выпівоху. Той мармытаў нешта незразумелае. У вачах сябрукоў бліснуў агонь надзеі.

З цёмнай хмары закружыла завіруха. Пасажыры высыпаліся з аўтобуса і подбегам, трушком хто куды. Задзіры падхапілі пад рукі п'янага і павялі далей ад прыпынку. Той валтузіўся, спрабаваў вырвацца, але рукі і ногі зусім не слухаліся яго. Адно ледзь вымаўляў: «К-куды я т-трапіў?» У кустоўі, за праезджай часткай дарогі, яго піхнулі ў снег і давай біць. Як стаміліся — рукі ў кішэні. Улоў не надта які, усяго васемнаццаць рублёў з капейкамі, але і ён узрадаваў. Адышлі трохі. «Кажушок трэба зняць, такі схопяць з рук, яшчэ дзякуй скажуць»,— прапанаваў Сімяон. «Адубее»,— уставіў Лёха. «Наадварот, хутчэй ачухаецца на холадзе»,— пераканаў Сімяон. Садралі кажушок і, задаволеныя, што, нарэшце, так моцна пашанцавала, што вечар усё-такі не прайшоў марна, падскокваючы, са смехам, пабеглі ў пошуку мясціны, дзе б падзяліць здабычу, прыкінуць, як адпіраваць заўтра. А там, на снезе, спрабаваў узняцца чалавек. Дапамог бы хто яму, выклікаў бы «хуткую», і трагедыі магло б і не быць. Снег валіў і валіў...

І на гэты раз Барташа больш за ўсё ўразілі вочы злачынцаў, калі ім сказалі, што яны падазраюцца ў забойстве. Колькі ў іх было страху і асабліва здзіўлення і непаразумення. Яны быццам нема крычалі, пыталі: «Як жа так здарылася? Няўжо мы забойцы? Мы ж не хацелі гэтага!..»

Не першы раз ён бачыў такія вочы. І яны не даюць яму спакою...

Барташ адсунуў папку ўбок, пацягнуўся і дастаў запісную кніжку з тэлефонамі. Нарэшце можна ўздыхнуць з палёгкай. Многія перадалі ўжо віншаванні. Прайшоў тыдзень, як новыя ўладальнікі кажушка адшуканы. Яны прызналіся, што моцна пабілі п'янага, апазналі яго. На месцы злачынства знойдзены неабвержныя доказы. Экспертыза пацвердзіла: Прохін памёр ад нанесеных яму пабояў. Засталося толькі ўдакладніць, пераправерыць некаторыя дэталі, адсеяць сумненні. Гарачлівы і паспешлівы капітан крымінальнага вышуку ў канцы заўсёды запавольваў бег, каб пачысціць агрэхі, якія, здаралася, заставаліся ў мітуслівай спешцы. Праўда, ніколі яны нічога новага не давалі, тым не менш заўсёды, як бы не падціскалі тэрміны, не праверыўшы ўсё, што хоць які цень кідала, справе дарогу ён не даваў.

Набіраючы нумар Ганны Гаўрылаўны Прохінай, старшы оперупаўнаважаны прыкідваў рэплікі, якімі ён сустрэне Дыбіна, той усё яшчэ разбіраўся ў гісторыі ўзаемаадносін Ціхановіча і Даўбешкіна, высвятляў ролю Зунькова ў іх сутычцы. «Закапаўся, факт, закапаўся»,— пасмейваўся Віктар Пятровіч.

— Прабачце, турбуе капітан міліцыі Барташ. Аб выніках следства мы вам паведамім крыху пазней. Цяпер хачу ўдакладніць адну дэтальку.

— Слухаю вас,— пачуўся голас удавы Прохінай.

— З кім Антон Андрэевіч быў асабліва ў блізкіх адносінах? У такіх, як бы гэта сказаць, што мог зрэдку карыстацца аднымі і тымі ж рэчамі.

— Што вы маеце на ўвазе?

Адчуваючы, што пытанне пастаўлена не зусім зразумела, і не адшукаўшы патрэбных слоў, капітан сказаў:

— Нас цікавіць, ці мог хто ў той вечар карыстацца яго хусткай-насоўкай?

Віктар Пятровіч мала спадзяваўся на тое, што пачуе нейкія новыя звесткі. Што тут успомніш? Ці мала хто ў выпівохі можа ўзяць у руку тую насоўку? Любы сусед па станку ці сабутэльнік, каб выцерці паранены палец. Так што запэцкаць крывёю маглі многія. Толькі дакладнасць, правіла: усё даводзіць да канца — прымушалі весці гаворку. Але тое, што ён пачуў у адказ — як халодны душ на галаву.

У трубцы спярша прыціхлі, потым голас Ганны Гаўрылаўны вывеў яго з раўнавагі:

— Як напіваўся з Нумыгэтай, з Волахам, значыць, здаралася, шапкамі абменьваліся. Самі ведаеце, п'янаму не толькі мора па калені... Толькі насоўкі ў яго тады не было.

— Як не было?

— Ён апрануў тады другі касцюм. Насоўку я не паклала, сам ён аб гэтым ніколі не турбаваўся.

— Вы ўпэўнены, што насоўкі ў яго ў той вечар не было?

— Канешне. Я яшчэ перажывала, што не ўзяў. Пайшоў жа з насмаркам... Ды магу глянуць, усе яго насоўкі складзены ў шафе з таго дня.

— Гляньце, калі ласка. Гэта важна.

У трубцы цішыня. Потым голас:

— Ляжаць усе на месцы.

Барташ так і застыў з трубкай у руцэ, не чуючы манатонных і назойлівых гудкоў у ёй.

Што ж выходзіць? Выходзіць, кроў на насоўцы — не сябрукоў Прохіна. Яна і не Лёхі, Сімяона і Вушасціка. Мо іх знаёмых? Вядома, хто-небудзь мог і «пазычыць» тую насоўку, выцерці ёю якую драпіну ці высмаркацца чырвоным згусткам. Мо хто браў у рукі з членаў сям'і? Наўрад. Насоўка даволі замурзаная. Трапіла б у рукі маці — пайшла б у мыйку. Выходзіць, ёсць яшчэ адзін, чацвёрты саўдзельнік забойства. Праўду казаў Дыбін, калі налягаў на дробязі. От і стала адна з іх шлагбаумам... Чаму тройка не назвала чацвёртага? Баяцца? Мо не ведаюць?

Барташ так і сядзеў з тэлефоннай трубкай у руцэ, не зважаючы на пісклявыя гудкі ў ёй.

 

VI

— Віця, не забыўся, што цябе Юрасік чакае? — пачуўся ў трубцы ветлівы голас жонкі.

— Кажаш, чакае?

— З самага ранку... пытае, ці хутка вечар. Так што ты ўжо сёння не вечаруй на рабоце... Па дарозе прыхапі бохан хлеба, торт таксама. А то мне няма калі. Хачу марафет крыху навесці.

— З якой нагоды? Няўжо гасцей запрасіла?

— Чаму б і самім не пасядзець за святочным сталом? Хоць раз. Колькі таго жыцця? Усё-ткі ў Юрасіка дзень нараджэння. І ты скора імяніннік. Праз два дні, у нядзелю. Павячэраем сёння як людзі... А ў суботу ці нядзелю давай сяброў запросім, а?

— Ты гэта сур'ёзна, Нінок?

— Канешне.

— Раней ты накладвала «вета» на мае прапановы аб гасцях.

— Калі тое было? Цяпер от адчуваю, у цябе «вета».

— Ты што? Я «за» абедзвюма рукамі.

— Ну дык паспяшайся дахаты.

— Бягу, Нінок, бягу...

Званок узрушыў капітана. Ён адчуў нейкія новыя, прыемныя перамены ў характары жонкі. Помніцца, на пачатку сумеснага жыцця Ніна часта пярэчыла наконт прыёму гасцей, адкладвала гэта на пазней:

— Ты бачыў, які сервіз купіла суседка? А ў нас што за талерачкі? Сорам на стол паставіць. Вось купім, тады і сяброў можна клікаць.

Ён згаджаўся. Купілі гару тых талерачак ды сподачкаў, расфарбаваных у светла-вішнёвы колер. Жонка новую прычыну:

— Ці ж пасадзіш людзей на нашу канапу? Бач, зашмальцаваліся вугалкі. Усе накрыўкі модныя дасталі...

Віктар успыліў.

— Даставалай не буду,— адрэзаў ён.

Потым сам у работу так уцягнуўся — не да гасцей. І вось цяпер прапанова жонкі. Яна нібы вярнула ў тыя першыя паслявясельныя гады, прымусіла Віктара задумацца: ці не стала для яго работа «ветам» на ўсё астатняе? Ці не дае збой яго, гадамі выпакутаваная, версія жыцця? Так, работа — аснова. А сям'я, сябры? Перакос тут дапушчаны,— згаджаўся ў думках капітан.— Раз Ніна прыкмеціла. Малайчына, пэўна, выпраўляць узялася. Дзівачка.

Такое адкрыццё асабліва радавала, бо яно сведчыла: Ніна прымае яго бок у той далёкай спрэчцы. Цяпер чарга за ім. Давядзецца ўшчыльніць свой распарадак дня, у якім адвесці болей месца і Юрасіку, і сябрам. Каб так было, як у бацькі. У яго такой праблемы не існавала: і работа кіпела, і хата поўнілася галасамі вяскоўцаў, і ён, Віця, не быў абдзелены ўвагай.

Твар Барташа раптам спахмурнеў. Ён ціха забарабаніў пальцамі па стале. Потым ускочыў з крэсла і імкліва захадзіў па кабінеце: не давала спакою тэлефонная размова з Ганнай Гаўрылаўнай, тая плямка крыві на насоўцы. Было такое прадчуванне, што версія «Кажушок» вывела толькі на паўдарогу. Капітан зноў пракручваў у галаве факты, падзеі. Першы трывожны званок — заключэнне аб тым, што кроў на насоўцы не Прохіна. Толькі яму ўвагі не надалі. Вытлумачвалася гэта як бы доказна. Падумалі, ці мала хто мог у яго «пазычыць» яе і наслядзіць. Калі ж затрымалі Лёху, Вушасціка, Сімяона і высветлілася, што кроў на насоўцы не іх,— быў другі трывожны званок. Але і яго не пачулі... Чаму не прыслухаліся да другога званка? Чаму так упарта трымаліся думкі, што насоўка менавіта забітага? Стандартнасць логікі? Раз першы далажыў, што знайшлі насоўку Прохіна, так усе і лічылі ў далейшым. Хоць бы хто засумняваўся? Нездарма кажуць: што машыністка напіша, тое і зацвердзяць усе.

Цяпер жа, калі стала ясна, што ў Прохіна ў той вечар наогул не было насоўкі, увесь каркас довадаў разваліўся як картачны домік. Значыць, яго забыліся ў сумяціцы злачынцы. І кроў там іхняя ці іх знаёмых. Хто ж чацвёрты, той, што згубіў насоўку на месцы бойкі? Чаму яго не называюць Грабчук, Чарныш і Дзюбач?

Барташ зірнуў на гадзіннік. Стрэлка набліжалася да васьмі. Трэба было бегчы, пакуль не зачынілі магазін. Аб новай версіі падумаем заўтра,— вырашыў капітан. Хоць быў абсалютна ўпэўнены, што святочная вячэра наўрад ці атрымаецца. Чарговая версія не дасць яму спакою.

Ён хуценька пашыбаваў у гастраном. Пад нагамі звонка хрупаў тонкі лядок. Нанач браўся марозік, неба чыстае, усеянае зоркамі. Была тая пара, калі зіма на сонцы плакала ўжо капяжамі, а раніцай паблісквала штыкетнікам ледзяшоў. Па вечарах марозік мацнеў, пашчыпваў нос і вушы.

Барташ уціснуўся з пакупкамі ў перапоўнены тралейбус, які з ціхім скавытаннем тут жа мякка крануўся. Праз якія мінуты Віктар ускочыў у свой пад'езд. У калідорчыку, што вёў да дзвярэй, ён пачуў пах прыгарэлай бульбы і добра ўпрэлай ялавічыны. Як толькі пераступіў парог і схіліўся над чаравікамі, развязваючы шнурок, з крыкам «татка прыйшоў» кінуўся да яго Юрасік. Ён абшчапіў ручкамі за шыю і шчабятаў бесперапынку:

— Татка, ты пагуляеш са мною? У паравозік, будоўлю, таксі...

— Юрасік, дай жа распрануцца,— лагодна ўгаворвала Ніна.— Не павалі бацьку.

— Халодны я, Юрасік. Дай паліто скіну,— смеючыся, упрошваў малога свавольніка Віктар.— Паглядзі, што я табе купіў. Кран.

— Сапраўдны?

— Ага, толькі меншы.

— І грузы падае? Як на будоўлі?

— А як жа, даражэнькі. Во, глядзі, тутака страла ёсць, рычажок кіравання і ўсё такое.

— Татка, пагуляеш са мной у кран?

— От толькі павячэраем... Ты паглядзі пакуль, як ён працуе.

Юрасік адразу захапіўся цацкай.

— Гэта ад мяне,— трымаючы ў руках блакітную кашулю, сказала Ніна.— Табе падыдзе.

— Прыгожая. Дзякую, Нінок,— ён прыхінуў жонку да грудзей, цмокнуў у шчаку.

— Загадкавая ты нейкая сёння. Ну, выкладвай навіну,— гледзячы ў вочы, пытаў Віктар.

— Нас пабольшае, спадзяюся на дачку.

— Праўда?

Ён падняў на руках жонку і закружыўся з ёю ад радасці па пакоі.

— Ну, годзе табе. Мне галава закруцілася,— папрасіла Ніна і прапанавала: — Хадзем за стол, усё гатова.

— У-гу. Пір на ўвесь мір,— вырвалася ў Віктара, калі ўбачыў самавар і шмат розных ласункаў.

— Мабыць, суседзі зазірнуць,— як бы апраўдваючыся, тлумачыла Ніна.— Памятаеш, у мінулы раз... Не рыхтаваліся, дык няёмка атрымалася.

Толькі селі, напоўнілі кубкі духмяным чаем, як у пярэднім пакоі заліўся званок.

— Я адчыню,— паднялася Ніна.— Пэўна, суседка, соль пазычаць...

— Добры вечар вам у хату, Ніна,— пачуўся голас Лапко.— Гаспадар хіба не вярнуўся яшчэ?

— Толькі што, Барыс Іванавіч. Праходзьце, калі ласка, павячэраем разам. Вельмі рады. Штосьці вы забываць нас пачалі?

— Як бачыш, я ўспомніў. А вось вы...

Заўважыў Віктара, які выйшаў у пярэдні пакой, да яго:

— Думаў, калі збег раней, дык стары воўк цябе і не павіншуе. На во трымай,— ён працягнуў скрутак.

— Барыс Іванавіч! — вінавата вымавіў Барташ.— Нашто ж гэта?

— Няўжо не ведаеш? — пажартаваў Лапко.— А дзе Юрасік?.. Юрасічак, мой маленькі сябар, на во табе... Гульня тут — хакей. Любіш хакей? У хакей гуляюць сапраўдныя мужчыны.

Лапко кінуў позірк на дзверы ў пакой, сказаў:

— Паглядзім, што ў вас робіцца ў двары,— скажам, якія вы гаспадары... Даўненька не бываў у вас,— пасля агляду падсумаваў: — Малайцы. Усё сціпла і вельмі ўтульна.

Ніна ўсміхнулася ў адказ і запрасіла да стала.

— Дазвольце мне, як старэйшаму, слова сказаць,— узняўся Лапко.

Зноў забрынкаў званок.

— Прабачце, Барыс Іванавіч, я зараз,— Ніна ўстала з-за стала.

Расчыніліся дзверы, і пярэдні пакой напоўніўся голасам дзядзькі Колі.

— Прымай, Ніна, гасцей... Вось з Алёшкам ідзём, бачым, вокны свецяцца. На агеньчык, значыць...

— От добра, што зайшлі. І якраз на вячэру.

— Я такі — дзе гам, і я там. Ды і што, Алёшка, кажуць пра гару і Магамета?

— Калі гара да яго не ідзе, дык ён да яе.

— Вось і мы цяперака так. Вас жа, як тую гару, не дачакаешся... Усё свой церамок прыбіраеце. Дайце хоць вокам зірнуць.

— А як жа. Любая птушка сваё кубло прыхарошвае.

— Яно так. Але ж і нас, старых, не забывайце.

Дзядзька Коля цёпла прывітаўся з Віктарам, з Лапко, потым пацікавіўся:

— А дзе Юрасік? Алёшка, распакоўвай самазвал... Бацюхны, як ты падрос. От табе ад дзядзькі Колі і Алёшкі. Расці, браце, у дружбе з тэхнікай.

Як расселіся, зноў узняўся Лапко:

— Я што хачу сказаць, Віктар і Ніна? Жыццё пражыць — не поле перайсці...

У пярэднім пачулася пабрэнкванне званка. Усе пераглянуліся і дружна, весела зарагаталі. Ніна пабегла да дзвярэй.

— Кіраўнік групы, пэўна, дома хаваецца,— нетаропка гаварыў Дыбін

— Мы ж збіраліся пасля работы павіншаваць,— дапаўняў Асовіч.— І падарунак загадзя прыдбалі.

— Я ўчэпісты,— з жартам даводзіў Дыбін.— Раз вырашыў павіншаваць, адшукаю ў дамашнім кубле.

— Распранайцеся і хутчэй за стол, хлопцы, пакуль чай яшчэ не астыў,— запрашала Ніна.

— А мы так і меркавалі. Каб у самы раз,— весела сыпаў Дыбін.— О, ды ў вас хата ўжо гасцямі багата.

Лапко пакасіўся на ўваходныя дзверы. За сталом зноў пачуўся смех. Барыс Іванавіч, не спускаючы вачэй з дзвярэй, пачаў:

— Жыццё пражыць — не поле перайсці. Тым больш наша, міліцэйскае поле. Яно з ухабінамі, калдобінамі... Але ж нездарма кажуць: што цяжэй, тое даражэй... Жадаю, каб вас не пакідала весялосць, а воблачка калі і наведае, дык каб дожджык з яго толькі загартоўваў... Табе, Юрасік, вось што скажу. Не ведаю, кім ты станеш, жадаю, каб ты быў такім чалавекам, як і твой бацька... Жыццё ў нас цудоўнае. Пра што некалі толькі снілі, сёння зрабілі. Хачу пажадаць усім шчасця, вялікага чалавечага шчасця.

— Правільна ты сказаў, Барыс Іванавіч,— падтрымаў гаворку дзядзька Коля. Ён, крэкнуўшы, працягваў: — Хачу пажадаць, Віця, каб у цябе яшчэ больш было сяброў. Сапраўдных, а не тых, што нібы цень, ад якога ў сонечны дзень не адвяжашся, а хмара з'явіцца — не знойдзеш. Тых сяброў, што не толькі гладзяць, але за чупрыну тармосяць... Спярша пагладжу. Калі ў мяне пытаюцца, хто твае вучні, я з гонарам называю прозвішчы Барташ, Буланаў і многія іншыя. Цяперака за чупрыну паторгаю... Доўга ловіце .злодзея, які завёўся ў Раднянах нашых. Паганіць раён. На тым тыдні абабраў суседа майго, інжынера завода. Сем томікаў Гогаля забраў ды набор крыштальны... Злавіце яго, прашу вас...

Барташ моўчкі апусціў галаву. Дыбін, Асовіч і Лапко таксама.

— Зловім, дзядзька Коля, абавязкова зловім,— сказаў Барташ.— От толькі закончу справу з кажушком і займуся ім. Слова даю.

— Прабач, Віктар. І ты, Барыс Іванавіч,— працягваў дзядзька Коля.— Мо я і недарэчы сказаў. Акадэміяў розных не канчаў. Я паважаю вашу нялёгкую работу. Я хацеў вось аб чым. І жыццё навокал якое, і людзі харошыя. Ат жа завёўся нейкі гніляк.

— Быў бы хлеб, а мышы знойдуцца,— уздыхнуў Лапко.— От і гэты гніляк завёўся. Дзе мёд, там і мухі.

— У кожнай крышы — свае мышы,— пагадзіўся дзядзька Коля.

— У нашай крышы хутка іх не будзе,— упэўнена сказаў Асовіч.— От пабачыце.

— Жадаю вам поспехаў у рабоце,— закончыў дзядзька Коля.

Яго словы закранулі за жывое. Завязалася ажыўленая гамонка, у якой кожны хацеў выгаварыцца, сказаць пра штосьці важнае, вынашанае.

— Любая справа — не забава,— узняўся Дыбін.— Наша — тым болей. От і дзядзька Коля лёгкі такі, сяброўскі кпін адпусціў.

— Я кпінам цэліў у злодзея... А да вас — з просьбай.

— Укусіўшы, не заліжаш,— пажартаваў Лапко і ўжо сур'ёзна дадаў: — Вы вельмі правільна сказалі.

— А мы — успрынялі,— працягваў Дыбін.— Нас той гніляк раднянскі турбуе больш за іншых. Справа нашага гонару — вывесці яго на чыстую ваду. Чаму, здараецца, не ўдаецца? Слаба вучымся, таварышы, лепшы вопыт не так, як трэба, пераймаем, не так, калегі.

— Мнагавата ўсё-ткі на памылках вучымся,— уставіў Барташ.

— От і я кажу адношэнька: вучыцца трэба больш, языком часаць менш,— дадаў Дыбін.

— Не перагінай, Сцяпан Дзям'янавіч,— не пагадзіўся Лапко.— Самакрытычны тон — золата, сціпласць — таксама, але хто за тыдзень адшукаў новых уладальнікаў кажушка, га? Вы. У гарадскім упраўленні зацікавіліся новымі шэрлак-холмсамі. Значыць, заўважылі. Працуем някепска, а трэба лепш. От гэта правільней. От за гэта дзякуй.

— Не той шчупак, што з вуды сарваўся, а той, што ў вядры застаўся,— зноў, нібы нехаця, прамовіў Барташ.

— На што намякаеш? Кажушок, па-мойму, у вядры, а не на кручку...— усміхнуўся Лапко і ўжо другім тонам дадаў: — А ўвогуле, Віктар, мне сёння і падабаецца твой настрой, і не зусім. Маўчыш нешта ўсё...

— Мяне бацька вучыў трымаць рот вужэй, а вушы шырэй.

— Добрая навука.

— І яшчэ казаў: як хваляць — заткні вуха, крытыкуюць — слухай.

— Выдатная навука,— адзначыў дзядзька Коля.

— От я то затыкаю вуха, то слухаю.

— Што ж вы, мужчынкі, усё пра работу ды пра турботу. Хто ж будзе весяліць? — умяшалася Ніна.— Хоць бы заспявалі. А то ж суседзі не павераць, што госці былі.

— І то праўда,— падтрымаў дзядзька Коля.

— Гады ўпяклі, дык і песні ўцяклі,— уставіў Лапко.

— Не, без песні нельга,— даводзіў дзядзька Коля.— Што ж гэта за жыццё без песні? Давай, Віктар! — і зацягнуў пра заводскую прахадную, што вывела ў людзі.

У пакоі палілася дружна, хоць часам і неўпапад падхопленая вядомая мелодыя пра вясну на Зарэчнай вуліцы. Па тым, як старанна выводзілі яе дзядзька Коля, Віктар, Алёшка і Ніна, няцяжка было здагадацца, што яна займала ў іх жыцці нейкае асаблівае месца, уваскрашала ўсім ім блізкія і дарагія падзеі дзён мінулых.

Калі скончылася гэта песня, Дыбін з Асовічам тут жа, без перадыху, зацягнулі, па ўсім відаць, сваю любімую. І зноў Барташ і Ніна дружна падхапілі яе. Песня была пра тое, што, калі хтосьці дзесьці сумленна жыць не хоча, значыць ім, работнікам міліцыі, весці нябачны бой, бо так наканавана ім лёсам, такая ў іх служба — дні і ночы. Затым спявалі задорную «Малінаўку» і працяжную пра рускае поле, пра Яся, які касіў канюшыну, пра клёкат бусла над роднай хатай і пра той жаль, што дзень нараджэння бывае толькі раз у год...

Спевы спыніў званок у дзверы.

— Іду, чую, спяваюць. Дай, думаю, зайду ды паслухаю.— Гэта голас Буланава Яўгена.

— Віця, стаў самавар,— яшчэ з калідорчыка скамандавала Ніка.

— Люблю самаварнічаць! — весела казаў Буланаў.— Духмяны чай ды цёплае слаўцо куды лепей за вінцо.

— Давай сваё слаўцо, калі прынёс,— сказаў дзядзька Коля.

— Віця, чаго дрэмлеш зноўку? — настойвала Ніна.— Запрашай пакаштаваць майго пірага. Адразай, адразай кожнаму. Якое ж гэта гасцяванне, калі прымусу не было.

— Хачу ўсім пажадаць шчасця,— пачаў Яўген Буланаў. Ён трохі задумаўся, як бы збіраючыся з думкамі, і затым працягваў: — Вось ужо тысячагоддзі мудрацы і паэты спрачаюцца аб сэнсе жыцця, аб шчасці чалавечым. Што ж гэта за такая штука — шчасце? Дзесьці нядаўна прачытаў такую прытчу. Сустракаюцца два чалавекі з пабітымі да крыві лбамі. І такая размова між імі: «Усё б'ешся?» — «Усё б'юся».— «Усё там жа?» — «Усё там жа».— «Усё так жа?» — «Усё так жа».— «Ну, бывай».— «Бывай...»

Вось такая размова. Помніцца як гімн чалавечай упартасці... Аб што сёння разбіваюць некаторыя свае лбы? З-за рэчаў — каб легкавік папрыгажэй, штаны — з замежнай наклейкай. А потым крычаць: шчасця няма. А ці так шукаюць яго?

Ён памаўчаў у нязвыклай для застолля цішыні, якая ўсталявалася пасля яго слоў, і зноў развіваў сваю думку:

— Ёсць людзі, якія робяць як бы нявыгадныя ўчынкі. Яны кідаюцца на абарону ісціны тады, калі яна пад пагрозай, і атрымліваюць падзатыльнік. Яны кахаюць не таго, каго, здавалася б, трэба. Іх шкадуюць, ім раяць. А яны, мабыць, самыя шчаслівыя... Шчасце трэба здабываць самому, скрозь жыццёвыя радасці і турботы. Як кажуць, сам куй сваю долю. Мне прыемна, што ўсе прысутныя тут, па-мойму, так і робяць. І шчаслівыя людзі. Будзьце і надалей кавалямі свайго шчасця.

— Вось гэта слаўцо — будзіць думку, як піўцо,— не вытрымаў дзядзька Коля.— От і я думаю, для чаго перанатужваемся часам? Няўжо для таго, каб у шафе замест двух-трох касцюмаў вісела дзесяць? Надоечы з суседам гутарыў. Змяніў ён «Жыгулі» на «Волгу». І от скардзіцца — першая машына была зручнейшая. Навошта ж купляў новую? Аказваецца, прэстыжней... Ёсць людзі, якія ў групавым здымку заўсёды ў цэнтры. У некаторых жаданне прабіцца ў цэнтр адымае столькі сіл, што часу на шчасце ўжо не застаецца...

— З дзяцінства так вучым,— дадаў Лапко.— За смеласць — хвалім, уменне — таксама. За дабрату — забудзем. На класным сходзе хто разнясе ў прах суседа за двойку — малайчына, крычаць, прынцыповае выступленне. Другі слова сказаў у абарону двоечніка, параіў сябрам дапамагчы таму: дрэннае выступленне. От і выхоўваем працаваць локцямі. Шчасце імі не здабудзеш, а бакі намнеш.

— Прабачце, але без локцяў цяперака не праб'ешся,—; запярэчыла Ніна.— Хто імі штурхае, той і мае...

І легкавік, і ўсё такое... Дабро павінна быць з кулакамі.

— Э-э, Ніначка, не блытайце локці з кулакамі,-не пагадзіўся Барыс Іванавіч.— Дабру кулак не пашкодзіць, згодзен. А вось локці? Ні к чаму.

— Але ж тыя, лакцятыя, усё маюць. Зойдзеш у кватэру — вочы разбягаюцца. Такая прыгажосць.

— Прыгожае з берага мора, а з мора, Ніначка, зямля прыгажэйшая.

— Хочаце сказаць, яны нам зайздросцяць?

— Яшчэ як! — Лапко павярнуўся ў яе бок.— Хата прыгожая не толькі вугламі і пірагамі, але і гаспадарамі. Хаця, вуглы і пірагі тож трэба мець.

— Колькі людзей — столькі судзей,— ці то пагадзіўшыся, ці то не, сказала Ніна.— Адно ведаю само шчасце ў рукі не ідзе.

Раптам падняўся дзядзька Коля:

— Сэрца кажа — пасядзім, вочы кажуць — пабяжым.

За ім устаў і Лапко. На ўгаворы Ніны ён аджартаваўся:

— Ведаем, што, калі пераначуеш, болей пачуеш, але час дахаты тэпаць.

Лапко ўзяў Барташа за локаць:

— Чаго раскіс? Нездаровіцца ці здарылася што?

— Усё нармальна, Барыс Іванавіч. Адчуваю, кажушок вывеў толькі на паўдарогу. Многія канцы не сходзяцца.

— Ну і што? Хіба паўдарогі за тыдзень мала? Ого, які поспех! — падбадзёрыў начальнік аддзялення.— Веру, усе канцы звяжам... Вучыся пераключацца з такіх турбот...

— Не атрымліваецца.

Лапко на хвіліну задумаўся, затым спытаў:

— Як гэта твой бацька кажа?.. А-а... будаваць дом трэба канчаць не з захадам сонца, а комінам на крышы. Так?

— Так.

— Дык што, печы не хапае ў той справе?

— Печ ёсць. Коміна няма.

— Што за печ без коміна?

— От і я так думаю.

— Давай дабудоўвай комін. І — мацуйся.

 

З самага ранку Барташ спяшаўся на фабрыку, дзе працавала Прохіна. Яму карцела хутчэй удакладніць асобныя дэталі.

— Успомніце, калі ласка,— звярнуўся ён да Ганны Гаўрылаўны.— Ці не заўважалі вы ў паводзінах мужа напярэдадні якія-небудзь змены? Мажліва, нешта яго турбавала, непакоіла.

Яна выцерла хусцінкай мокрыя вочы:

— Заўважала. Пасля смерці сябра стаў нейкі замкнёны, задуменны, як бы камень які на сэрцы насіў.

— Даўно гэта было?

— Гады са тры.

— Цікавіліся, што хвалюе?

— Так. Ат, казаў, не звяртай увагі.

— Сябра добра ведалі?

— Генку?

— Ага.

— Як сказаць? Яны з суседніх вёсак. Сябравалі яшчэ ў прафтэхвучылішчы. Мне падабаўся ён. Такі шчыры, адкрыты таварыш, як і большасць вясковых. Потым мы сустракаліся. ўсё радзей. Апошнім часам даўно не бачыліся. Але Антон з ім кантачыў.

— Вы лічыце, што смерць сябра — адзіная прычына замкнёнасці мужа?

— Напэўна.

— І так доўга перажываў?

— Відаць, Генка быў для яго куды больш, чым проста сябар.

На ранішні разбор да Лапко Барташ ледзь паспеў: глянуў на запэцканыя чаравікі, патупаў на ганку, абіваючы з іх снег уперамешку з граззю, і ў кабінет начальніка аддзялення.

— Зноў кватэрная кража,— ціха, напаўголаса, паведаміў маёр.— Почырк той жа: свідраванне замка. Узята дублёнка, кнігі, другія каштоўныя рэчы. Посуд, па ўсім, спакаваны ў кардонку з-пад пыласоса, абматаны тэлефонным шнурам. Нахабнік, вытрас пыласос і парэзаў тэлефонны шнур...

Маёр строга зірнуў у бок групы Сяргея Перасыпкіна, што займалася пошукам кватэрнага злодзея.

— Не хацелася ўчыняць разнос, ды даводзіцца... Вы на рабоце ці ў багадзельні якой?..

Барыс Іванавіч моцна падсыпаў падначаленым, узмацніў групу пошуку, потым павярнуўся да Барташа:

— Як толькі раздзелаешся з «Кажушком», падключайся. Дарэчы, наколькі я здагадваюся, віншаванні наконт закрыцця справы з забойствам адрасаваць ранавата?

— Так, Барыс Іванавіч.

— Ну што ж, час у вас ёсць.— Лапко ўжо адышоў ад гарачлівай размовы і перайшоў на жарт.— Ад вас,— ён зноў пакасіўся на шукальнікаў злодзея, якія адчувалі сябе даволі ніякавата,— больш абяцанняў не трэба. Абяцаная шапка вушэй не грэе.

— Каб жа хоць нітачка якая... Дзе яе ўзяць? — вінавата апраўдваўся Перасыпкін.

— Прагаладаешся, дзе хлеба дастаць, здагадаешся... Ён хіцёр, канешне, а вы?

Барташ злавіў позіркі Дыбіна і Асовіча, поўныя здзіўлення і непаразумення. Як толькі ўвайшлі ў свой пакойчык, абодва ўставіліся на яго: што, маўляў, здарылася?

— Давядзецца ісці па другому кругу, даражэнькія. Сумненні вялікія наплылі,— з сумам сказаў капітан і павольна сеў у крэсла. Звычайна спакойны, нетаропкі Сцяпан Дзям'янавіч Дыбін аж ускочыў з-за стала:

— Якія ўсё-ткі сумненні? Злачынцы віну прызналі? Прызналі. Доказы неабвержныя? Так. А ён сумняваецца. У чым?

— Як сказаў бы дзядзька Коля, «не падабаецца мне». Па ланцужку злачынства раз за разам выплывае нейкая невідзімка і таямніча знікае. Высокі, скуласты, чупрына як смоль навісае з-пад вушанкі... Што мы ведаем пра яго? Нічагусенькі. Не падабаецца мне такое, не падабаецца.

— Гэта не аргумент,— успыліў Дыбін.

— Не, даражэнькі, аргумент. Таямнічая асоба — не галюцынацыя, а рэальнасць. Дапусцім, акаселаму Волаху магло здацца, падвоіцца ў вачах. Няўжо і шафёру аўтобуса падалося? Нарэшце, насоўка. Яна, аказваецца, не Прохіна.

— Як, не Прохіна? — голас Андрэя Асовіча ўсхваляваны.— Чыя ж тады?

— От гэта і высветліць трэба. Магчыма, таго невідзімкі.

— Вось гэта фантазія. Кажуць, хто малаком абпёкся, той і на халодную ваду дзьме,— не астываў Дыбін.— На якім малацэ, капітан, вадыр займеў?

— Пакуль не займеў. Не хачу ніякага вадыра. Не ў маім характары. Адчуваю, апячыся на невідзімцы можна.

— Ці мала хто мог пакінуць сваю кроў на той насоўцы,— зноў ішоў у наступ старшы лейтэнант.— Сябрукі Лёхі, кліенты кафэ, рабочыя завода, блізкія...

— Усё роўна праверыць трэба,— умяшаўся Асовіч.

— Правярайце, што гэта дасць?

— Якія гэта ў цябе, Сцяпан, магічныя словы, каб засяродзіцца? — раптам спытаў Барташ.— А-а, значыць, так. Раз-два, паехалі.

— Рушылі.

— Ах, так, рушылі. Ну, давай руш свае контрдовады.

Дыбін супакоіўся, палез па грабянец. Расчэсваючы валасы, даводзіў:

— Нехта памог сесці ў аўтобус. Што тут усё-ткі такога? Бачыў, чалавек ледзь трымаецца, ну і дапамог? Лагічна?

— Лагічна.

— Як выйшлі з аўтобуса, азірнуўся. А чаму б і не? Паглядзеў, ці не зваліўся. Не дапамог чаму далей? Мо дахаты спяшаўся. Лагічна?

— Упаўне,— згадзіўся Барташ.

— І вось так па ўсім ланцужку. Што ж тут нелагічнага?

— Нелагічна тое, што ўсё выглядае вельмі лагічна,— задумліва сказаў Віктар Пятровіч.

— Ды і ўдар у вобласць сэрца,— уставіў Асовіч,— нейкі нелагічны.

— Згодзен,— падтрымаў Барташ.— І ў мяне гэта не выходзіць з галавы. Як там запісалі эксперты? А во! Асабліва выдзяляецца ўдар у вобласць сэрца, ад якога, мабыць, і наступіла смерць. Між іншым, Лапко гэтыя радкі прачытаў тройчы. А стары воўк дарэмна сваю ўвагу не акцэнтуе ні на чым.

— Думаеце, затрыманая тройка не здольна на такі ўдар? — спытаў Дыбін.

— Здольная. Магчыма, удар іхні. Але магчыма — яшчэ не значыць. За многімі фактамі — няяснасці. Зробленае нагадвае словы археолагаў: «Мы знялі першы пласт». І маем тое, што на ім адкрылася. Што на другім пласце? Згодзен з табой, Дыбін,— трэба было больш налягаць на дэталі. Тут далі прамашку.

— Чаго ж усё-ткі адмахваўся ад іх?

— Не адмахваўся, а пагнаўся за жураўлём, забыўшыся пра сінічку, і ўсё такое... Цяпер вось журавель у руках, ды аказаўся ён сінічкай.

— Шчыра кажучы, удар той і мяне непакоіць,— прызнаўся Сцяпан Дзям'янавіч.

— Давайце прыкінем план распрацоўкі версіі «Невідзімка».— Барташ узняў руку і скамандаваў: — Раз-два — паехалі.

— Рушылі,— паправіў Дыбін.

— Рушылі,— паўтарыў Барташ.— Ён дастаў грабянец і правёў па валасах. Убачыўшы гэта, Асовіч моцна чмыхнуў. Усміхнуўся і Віктар Пятровіч: — Як кажуць, з кім павядзешся...

І тут жа нечакана змоўк, застыў на хвіліну. Потым задуменна сказаў:

— Ай ды Лапко! Ніяк не мог дакеміць, чаго ён так зводзіў мяне з Дыбінам у адну групу, чаго нагадваў: «Ты б да Дыбіна прыгледзеўся...»

— Мне тое ж пра цябе казаў,— зарагатаў старшы лейтэнант.— Маўляў, пераймай хватку Барташа.

— Вось дык ліса Лапко! Бач ты, звёў разам. Ай, разумніца Барыс Іванавіч...— і, павярнуўшыся да калегі: —Табе не здаецца, што з нашага дуэта нешта атрымліваецца? У мяне такое адчуванне, нібы ролямі памяняліся.

— Мы цяпер з табой нібы рыба з вадой.

— Значыць, даражэнькія, так,— капітан затупаў па пакоі.— Я распрацоўваю другі пласт знаёмых Прохіна. Табе, Сцяпан, думаю, варта пацікавіцца абставінамі смерці сябра забітага. Чаго яна так усхвалявала Антона Андрэевіча?

— Папярэджваў жа, што дробязі стануць шлагбаумам,— зазначыў Дыбін.— Толькі рагаталі з пратаколіны... Таксама мне сейбіты!

— Так, сеючы, не надта думалі пра жніво. От і дасеяліся,— задумаўся Віктар Пятровіч.— А яшчэ хваліліся...

— Ну годзе дакараць сябе,— перайшоў на лагодны тон Дыбін.— Конь на чатырох нагах і то спатыкаецца. Ды гэта яшчэ праверыць трэба, ці спатыкнуліся...

— Спатыкнуліся, Сцяпан, спатыкнуліся... Сэрцам чую.

..У цэху, дзе працаваў Прохін, старажылаў, якія б добра ведалі яго, не засталося. Хто звольніўся, хто ўжо на пенсіі. Выручыў рабочы Уладзімір Іванавіч Ксяневіч, які спадабаўся Барташу яшчэ ў першы раз. Цяпер капітан шчыра ўзрадаваўся, што не прайшоў тады міма, сустрэўся з ім.

— Вам, бадай, дапамогуць два чалавекі,— параіў ён.— Яўген Бурсаў і Міхась Драбовіч. Абодва на пенсіі. У аддзеле кадраў адрасы павінны ведаць. На іх вачах рос, сталеў Антон Прохін.

Ёсць людзі, якія заўсёды ўмеюць адбіраць і трымаць у памяці ўсе асноўныя звесткі, могуць любому адразу даць патрэбную інфармацыю. Капітану яны асабліва імпануюць. Пазней, наведаўшы тых, на каго ўказаў Ксяневіч, Барташ не раз добрым словам успамінаў рабочага.

Нізкі, з урослымі ў зямлю сценамі домік Яўгена Бурсава капітан адшукаў на ціхай вулачцы ўдалечыні ад гарадскога цэнтра, дзе вольна раскінуўся прыватны сектар. Сам гаспадар якраз тупаў на гародчыку. Напэўна, выкідаў з хлеўчыка, дзе хрукала свіння, гной, падумаў Барташ, убачыўшы, як над гурбай узнімалася пара.

Бурсаў запрасіў Віктара Пятровіча ў хату.

— А? Што сказалі? Кажыце мацней,— папрасіў гаспадар.— Тугаваты стаў на вуха.

Капітан зірнуў на непрыбраны пакой, халасцяцкі выгляд жытла, не ўстрымаўся, пацікавіўся:

— Адны жывяце?

— А? Што сказалі? — Бурсаў паднёс далонь да вуха.

— Кажу, адны жывяце? — мацней выгукнуў ён.

— Адзін.

— Дзеці бываюць?

— Бываюць, калі за шкваркай заязджаюць.

— З завода?

— Га? Што кажаце?

— З завода не забываюць?

— Не, дзякуй ім. Але гэта не тое.

— А што тое?

— Здароўе, вось што тое. Хто не хварэў, здароўю цаны не ведае...

— Антося Прохіна помніце?

— Як жа, помню. Хіба забудзеш такога фабзайца.

— Раскажыце, калі ласка, пра яго, пра яго сяброў.

— Спакойны такі, кемлівы хлапчына. Сумленны. На маіх вачах вырас у адмысловага майстра. Не паверыце, праз год складаныя дэталі тачыў. Га-ла-ва! І рукі залатыя.

— Не выпіваў?

— Што вы? У рот не браў... Абшчэственнікам стаў, ох, даставалася абібокам! Нават сябру свайму, Рыгору, дапякаў.

— Хто такі Рыгор?

— Тож з вучылішча. Шустрык такі і замкнёны. Вочкі ваўчком, ленаваты... Здаровы гэткі бамбіза. Адно любіў наярваць на языку, выпілікваць модныя мелодыі. Туга па салодкім жыцці ела яго. Звязаўся з нейкім Піліпычам, дэталі з завода цягнуў. Антось з Генкам і накрылі яго. Гучная справа была, скажу вам.

— Як прозвішча Рыгора?

— Кулеба.

— Кулеба? — перапытаў Барташ.

— Кулеба Рыгор Максімавіч,— удакладніў Бурсаў.

— Значыць, Прохін і Кулеба знаёмыя? — вырвалася ў капітана.

— А? Што сказалі? — Бурсаў зноў прыклаў руку да вуха.

— Раскажыце больш падрабязна пра тую гучную справу.

— Паплылі дэталі налева. Як змена — майстар далічыцца не можа. Антось з Генкам падключыліся. Знайшлі пралаз у агароджы і падцікавалі. Сцапалі там Рыгора з авоськай. Прасіўся той, як мог. Падумаеш, маўляў, прыхапіў з дзесятак... Лыжкай мора не вычарпаеш... А яны, малайцы, прыцягнулі яго з грузам на ўчастак, выклікалі міліцыю...

— Што далей?

— Ох і глядзеў тады на іх! Гатоў быў каршуном кінуцца ды вочы выдзеўбці абодвум. Пужаў, з-пад зямлі, казаў, дастану, а рэбры паламаю. Міліцыя на яго кватэры воз дэталей знайшла. У ёй — рознага багацця шмат. Як на судзе ўсплыло: што накраў, што на выручку за вынас дэталей прыдбаў. Во прайдоха. Усё канфіскавалі, адны вуглы пакінулі... Не даруе ён ім.

— Чаму так думаеце?

— Няма гаду без яду. А гэты помслівы, ох, які помслівы...

— Чаму вы так думаеце?

— Выпадак быў. Усіх уразіў.

— Успомніце.

— Адзін хлопец застукаў яго, калі траяк з кішэні ў гардэробе цягнуў. Як Рыгор ні прасіў прыкусіць язык, расказаў усім. Паабяцаў зламаць рабрыну... І ведаеце? Паўгода сачыў... Той з дружбакамі жыў у інтэрнаце, усюды хадзіў з імі. Аднойчы, праз паўгода, затрымаўся недзе адзін. Кулеба ўвесь вечар ля інтэрната на холадзе пратырчаў. Да дрыжыкаў прамёрз, а дачакаўся, напаў на яго і пабіў. Так нагой садануў у грудзі, што «скорую» тады выклікалі, а Рыгора ледзь не ўпяклі за рашотку... Пачаўся працэс з дэталямі, вось туды і гэта прыплюсавалі... Ох, які помслівы...

Паказанні ветэрана Бурсава моцна ўзрушылі капітана. Ён зразумеў, што версія «Невідзімка» набывае выключную важнасць. Толькі цяпер ён канчаткова пераканаўся, што Ціхановіч, успамінаючы незнаёмага ў тралейбусе, які нібыта ўстрывожыў Прохіна, не выдумляў, а, па сутнасці, указваў на важны след. Пачутае ад Бурсава вельмі лагічна звязвала разрозненыя эпізоды з «Невідзімкай» у адну суцэльную лінію. І тут Барташ аж пачырванеў, успомніўшы, як упікнуў яго Дыбін за павярхоўнае расследаванне на першым этапе. Так, мог і павінен быў ён высветліць усё гэта напачатку. Хаця ці не замарудзіла б такое пошук? Хуткасць і ўважлівасць да дробязяў — вось два крылы следчага. Як у Лапко. Мы ж з Дыбіным,— разважаў Віктар Барташ,— перанялі ў старога ваўка толькі па аднаму крылу. Кожны тое, што яму бліжэй. Я — імклівасць, Сцяпан — скрупулёзнасць. От чаму ён настоіў даручыць нам абодвум расследаванне такога складанага і цяжкага злачынства. От гэта і ёсць талент кіраўніка — прымаць падобныя рашэнні.

Зноў прыгадаўся бацька, нібы пачуўся яго голас калі сееш, сынку, аб чым трэба думаці? «Аб якасці сяўбы»,— бойка адказвае Віктар і па вачах бацькі адчувае, што і на гэты раз неўпапад. «Об жныве трэба, сынку, думаты, об жныве»,— некалькі разоў паўтараецца яго голас. Так, згаджаецца Віктар, на першым этапе расследавання малавата думаў пра фінал. От бацька і напамінае.

Шмат нечаканага расказаў Барташу і Міхась Драбовіч.

— Хто такі Лёнька Волах? — перапытаў той Эт небарака. Да работы неахвочы. А мова?. Бяднейшая чым у Элачкі Людаедкі. Як гэта ён казаў? А, успомніў. Ну мы, гэта, значыць, рушылі... ну мы, гэта, падышлі... Ну мы, гэта, значыць, убачылі. Як не напружвайся — не дацяміш, што меле. Так і прысталі да яго тыя словы «ну мы гэта». Раз за разам чуеш у курылцы: «Дзе Нумыгэта?» — «Хто?» — «Нумыгэта». А, пайшоў у краму. Да чаркі слабаваты Нумыгэта.

— Што ж звяло Антона Прохіна з Лёнькам Волахам?

— Даручэнне яму камсамол даў,— разважліва гаварыў Драбовіч.— Паўплывай, сказалі, на сябра... Ну, на разрад, маўляў, падцягні, ад пляшкі ахвоту адбі. А выйшла вось як. Нумыгэта паўплываў на Антона больш, прывіў яму смак да кілішка. Вось парадокс жыцця!

— Як вы думаеце, чаму ж так выйшла?

— Я век пражыў, многа пабачыў. У жыцці падобныя парадоксы не рэдкасць. Яны нібы вучаць людзей — запамінайце і больш так не рабіце. Ды вось бяда... Не кожны ўрок ідзе ўпрок. Непавага да гісторыі — найвялікшы парадокс. Усё ўжо было. Хто не цікавіцца, як было, вучыцца на памылках і сіняках... Сем разоў адмерай, перш чым адрэзаць. Так вучыць народная мудрасць. Каб хто з тых камсамалят ці старэйшых пацікавіўся: а ці заглядае Прохін сам у чарку, дык такога даручэння яму не далі б.

— Выпіваў ён?

— Як сказаць. Бацька яго з гадамі распіўся. Сам ён трымаўся. Хаця ў кампаніі, калі нюхне, дык ужо ўрэжа на поўную катушку. Шкада, не ўлічылі тады гэта. У любой справе дробязей не бывае. Хто іх недаацэньвае, гарыць часцяком. Шафёр, які ўсё праверыць перад дарогай, а малюсенькі болцік не падкруціць. І ў кювеце. У жыцці, у маторы, як і ў прыродзе — усё ў гармоніі, усё важна. І ў характары чалавека тое ж. Не далі б Антосіку тое даручэнне — інакш жыццё яго пайшло б, інакш.

І тут Барташ злавіў сябе на думцы, што Драбовіч гаворыць словамі Дыбіна. Што між імі агульнага? Анічагусенькі! Акрамя жыццёвага вопыту. А ў галаве ўжо голас Лапко: «Віктар, прыглядайся да ветэранаў крымінальнага вышуку, пераймай іх вопыт». Барташ адчуў, як гэтыя разрозненыя, неназойлівыя словы бацькі, Дыбіна, Лапко, пачутыя ім у розны час, высвечваюць яго недахоп і яго моцны бок. Ён ішоў ад Драбовіча, цёр рукой расчырванелую шчаку і ўсе думаў, думаў.

З багатым уловам вярнуліся Дыбін і Асовіч. Барташ слухаў іх з вялікай увагай.

— Генка быў забіты,— як заўсёды нетаропка, водзячы грабянцом па галаве, дакладваў Дыбін. Капітан прыкмеціў, што цяпер ён хутчэй дабіраўся да сутнасці.— Між іншым, ударамі, відаць, нагой у вобласць жывата і сэрца... Труп знайшлі толькі на чацвёрты дзень, у кустоўі ля рэчкі, занесены снегам. Слядоў аніякіх. Захавалася толькі кроў на вопратцы. Па ёй устаноўлена рэдкае захворванне забойцы. Труп быў пакрыты снежным покрывам таўшчынёй трыццаць сантыметраў, у кішэні забітага знойдзена адзінаццаць рублёў дваццаць шэсць капеек, квітанцыя аб здачы на рамонт пыласоса...

— Куды вывела нітачка аб захворванні? — перабіў яго Барташ.

— Нікуды. У горадзе толькі некалькі чалавек перанесла тую хваробу. Бабулі і дзеці.

— А ў краіне?

— Тысячы. Усіх не праверыш.

— Хоць бы тых, хто на ўліку.

— Правяралі. Не супала.

— Вось як?

— Вось так.

— І ўсё ж гэта была нітачка. Слабавата цягнулі.

— Цягнуць і цяпер. І ўсё-ткі нічога пакуль не выцягнулі.

— Вы, канешне, дакладны дыягназ запісалі?

— Вось ён.

— Што ў цябе, Андруша?

— Аўтаручку апазнаў Лёха,— пачаў Асовіч.— Пацікавіўся: дзе знайшлі? І калі даведаўся, што на месцы злачынства, вельмі здзівіўся. Кажа, яе пазычаў Максімыч.

— Як пазычаў? Гэта ж не хлеб! І не траяк...

— Пазычаў так. Раніцай, на другі дзень пасля бойкі, як Лёха спяшаўся на змену, на прыпынку ён заўважыў Кулебу. Той адразу да Лёхі, папрасіў ручку, нешта запісаць. Выхапіў яе з рук і дзёру.

— Як схапіў?

— Кажа, дай на хвілінку, узяў і пабег некуды.

— А Лёха?

— Той з Чарнышом толькі паціснулі плячыма. Маўляў, што гэта з ім здарылася, і палезлі ў аўтобус. Праз які дзень, пры сустрэчы пацікавіўся аўтаручкай. Максімыч папрасіў прабачэння, сказаў, галава была забіта нейкім тлумам, от і не памятае, дзе яна. Аддаў яму сваю, прыгажэйшую. Тую быццам бы паклаў недзе, успомніць не можа. Ці то згубіў.

— Выходзіць, аўтаручку на месца злачынства падкінуў ён, каб больш было доказаў супраць Лёхі? Каб чужымі рукамі жар загрэбці?

— Выходзіць, так.

— Цяпер ясна, чаму яна была слаба прыцярушана снегам,— сказаў Барташ.— Што ж, Андрэй, і ў першым, і ў другім выпадку ты прадэманстраваў учэпістасць позірку і думкі... Цяпер самы час бліжэй пазнаёміцца з Кулебам. Толькі асцярожна. Тып, відаць, хітры і небяспечны.

Я сёе-тое ўдакладняў,— узняўся Дыбін.— З турмы вярнуўся тры гады назад. Старую кватэру абмяняў на нашы Радняны. На завод не пайшоў. Уладкаваўся ў камбінат бытавых паслуг. Нічога такога не заўважана. Праўда, на рабоце бывае грубы, грамадскімі справамі не цікавіцца, праяўляе цягу да левых рублёў, часта прападае ў піўбары, аб'язджае маладых абібокаў. Тое-сёе ім перапрадае і скупляе.

— Пачакай,— раптам перабіў яго капітан.— Насоўка з плямкай крыві тож была слаба прыцярушана снегам?

— Ага,— азваўся Андрэй Асовіч.— Мо і яе падкінуў Кулеба?

— А мо згубіў. У спешцы,— развіваў думку Віктар Пятровіч.— У такім разе чырвоная плямка на насавіку яго ці сябрукоў... Трэба праверыць. І як найхутчэй. Толькі як? Кумекайце, шэрлак-холмсы, кумекайце.

Барташ імкліва захадзіў па пакоі, размахваючы рукамі. Цяпер ён зноў быў тым аператыўнікам Барташам, у якога ўсё гарыць у руках, які, адчуўшы пах новага следу, забываўся пра ўсё на свеце, гатовы стрымгалоў кінуцца наперад. І вось гэтая вымушаная паўза, выкліканая неабходнасцю канчаткова пераканацца, што след сапраўдны, не падманлівы, яго надта мучыла. І ён толькі хадзіў і хадзіў па пакойчыку, нібы набіраўся рашучасці на апошнюю схватку.

— Чаго сцішыліся, надзьмутыя як сычы? — парушыў маўчанне Віктар Пятровіч.— Ідэі давайце, прапановы.

— Дзе іх узяць? — нехаця вымавіў Дыбін.— Усё-ткі не нараджаюцца яны па заказу...

— Ды і што тут прыдумаеш? — разважаў уголас Асовіч.— Ну як, на самай справе, раздабыць у чалавека кроплю крыві?.. Гэта ж не грабянец пазычыць ці акраец хлеба... Хаця, а што, калі б звязацца з паліклінікай... Пагутарыць наконт прафілактычнага агляду... Усяго камбіната бытавых паслуг.

— З якой нагоды?

— Легенду можна прыдумаць.

— Тут штосьці ёсць... Хаця стоп,— Барташ імгненна спыніўся пасярод пакоя.— Слухай, Дыбін, давай аформі запыт у турму, дзе сядзеў Кулеба, ці не хварэў чым.

— Каб хварэў, хадзіў бы і тут па дактарах,— вымавіў Сцяпан Дзям'янавіч.

— Пакуль добра не заколе, у паліклініку многія не спяшаюцца,— адпарыраваў капітан.— Адпраўляй запыт. Тэрміновы.

 

 

VII

Заплакалі над акном, падагрэтыя сонцам, капяжы. Дробным пошчакам загаманілі па падаконніку. Асабліва стараўся той, што ледзяшом звісаў над сярэдняй фрамугай. Гэткая з паўметра шкляная морквіна. Бац-бац-бац — сыплюцца з яе кроплі, пырскаючы на шкло. Першым не вытрымаў Дыбін. Скамячыў газету, ускараскаўся на стол і тыркае ёю праз фортку. Няхітрая прылада гнецца, а лядзяш адно — бац-бац-бац...

— Годзе шкрэбаць чаравікам,— злуецца Барташ.— Не дадуць засяродзіцца.

— Сам жа касіўся на капельніцу,— парыруе Сцяпан Дзям'янавіч.— Цокае ж у галаве рэхам.

— Вясна прывітанне шле,— радасна, шырока ўздыхнуўшы, вымавіў Асовіч.— А ты, Сцяпан, на яе з кулаком.

— Што вясна? Перадых, думаеш, прынясе? — задумліва працягваў Дыбін.— Памыляешся, калега.

— Дзяўчаткі апрануць кароткія спаднічкі. Любата на тратуар зірнуць.

— Каму што, а вераб'ю мякіна сніцца.

— Праўду кажуць: сухі ты чалавек, Дыбін...

Злавіўшы позірк Барташа, Асовіч асекся і замоўк.

Расчыніліся дзверы, і на парозе вырас старшы лейтэнант Сяргей Перасыпкін. Хіхікнуў у кулак, рукі ў бокі:

— Смех, дый годзе. Прыехаў камандзіровачны, машыну палучаць... Пазнаёміўся з адной, у госці завітаў. Прачнуўся — ні каханай, ні грошай, ні вадзіцельскіх правоў... Смешна і пацешна, хі-хі-хі,— заліўся пісклявым галаском.— Віктар Пятровіч, як ён цяпер самазвал пераганяць будзе? Без правоў і капеек...

Убачыўшы позірк Барташа, сціх, узняў рукі да грудзей:

— Пардон, знікаю...

— Слабы разнос Лапко ўчыніў,— кінуў яму наўздагон капітан.— За год кватэрнага злодзея не зловіце...

Барташ абхапіў рукамі галаву, як абручом, і задумліва заціх. Замаўчалі Дыбін і Асовіч. I ў гэтай нязвыклай цішыні зноў назойліва забарабанілі капяжы. Усе чакалі паведамлення з турмы, якое павінна было хутка паступіць. Старшы оперупаўнаважаны ўжо адпрацоўваў план дзеянняў на выпадак пацвярджэння або абвяржэння яго здагадак. Сэрцам ён адчуваў набліжэнне развязкі таго вузла, разблытваннем якога і займалася яго група.

А вось і адказ на запыт. Барташ, Дыбін і Асовіч як па камандзе ўскочылі з месц. Убачыўшы іх перапоўненыя нецярпеннем вочы, маёр адразу паведаміў:

— Перад выхадам з турмы Кулеба лячыўся. Захворванне ў яго такое ж, як і ў таго, хто пакінуў пляму на насоўцы, знойдзенай на месцы здарэння.

— Вось і вышлі на невідзімку,— толькі і вымавіў капітан, і цяжка, але з усмешкай, апусціўся ў крэсла.

— Хто б мог усё-ткі падумаць, што такі спакойны з віду чалавек ды здольны на такое,— разважаў Дыбін.

— Не мяркуй па знешнасці,— адказаў яму Барташ.

Капітан зноў задумаўся. Успамінаў, праплывалі галасы розных знаёмых людзей, якія не раз цвярдзілі, што ў любой справе дробязей не бывае. Барташ і сам адчуваў, што жыццё дало яму ўрок. Вопытны, хітры злачынец, здавалася б, усё прадугледзеў, скіраваў следства ў другі кірунак. Але на дробязях пагарэў, бо ўсё нельга прадугледзець.

Віктар Пятровіч сядзеў у маўклівай позе некалькі хвілін, потым раптоўна ўскочыў з-за стала.

— Затрымліваем? — і, павярнуўшыся да Дыбіна і Асовіча, распарадзіўся: — Падрыхтуйцеся да прыёму як мае быць... Хіцёр і небяспечны...

— Сам ідзеш?

— Сам.

— Ты што?

— Рыхтуйцеся, хутка будзем,— і толькі ляснуў дзвярыма.

Дыбін і Асовіч, ачомаўшыся ад такога імклівага павароту, паціснулі плячыма.

Ля камбіната бытавых паслуг Барташ сцішыў хаду. Потым спыніўся, працягнуў рукі, нібы збіраўся лавіць у жменю сняжынкі. Сэрца тух-тух... «Ранавата ісці»,— падумаў капітан і абагнуў яшчэ адзін квартал.

У пакойчыку Кулебы наведвальнікаў не было. Аблакаціўшыся на падаконнік і высунуўшы ў акно галаву, той зыркаў па баках. Убачыў модніцу — вылупіў вочы. Барташ прывітаўся.

— Рамантаваць што? — пацікавіўся Кулеба.— Падэшву магем прысабачыць мадэрн.

— Не можа быць? — шчыра здзівіўся капітан.— Асартымент паслуг у вас тут нешырокі.

— Ета так. Нічаво людскага не дабыць.

— Начальства слаба тармосіце.

— Пака да начальства дабярэшся, раз дзесяць спатыкнешся. І дулю ў нос палучыш. Такое дзела.

— Чаго так?

— Бюракраты наўкол. У валакітчыкаў адзін адказ: прыходзьце заўтра, як не будзе нас.

— Я па справе, Максімыч...

Вочы ў таго забегалі па баках. Віктар Пятровіч падумаў: ці не перасаліў. Таму хутка стаў тлумачыць:

— Лёха з кампаніяй натварыў...

— Ат, нягоднікі, у такое дзела...— падхапіў Максімыч. І па тоне, і па голасе старшы оперупаўнаважаны адчуў, што напружанне субяседніка імгненна спала. Позірк яго пасвятлеў, нібы сведчыў, што небяспека мінавала.— Я прадчуваў, што етыя ёлупні могуць набедакурыць...

— У гасцініцы з імі і вы ж былі?

— Ведаў пра намер, вось і далучыўся, каб утрымаць ад горшага...

— Адкуль такі клопат?

— Вінават, начальнік, падпаіў трохі. Вось і клопат аттэда.

— Трэба запратакаліраваць паказанні,— заключыў Барташ.

— Ета можна, хоч счас.

— Можна зараз, можна пасля работы,— спакойна сказаў капітан.— Запрашаем у аддзяленне...

Як і прадбачыў старшы оперупаўнаважаны, такі паварот не бянтэжыў Кулебу, нават быў яму на руку.

— Дзімок еты харош. Нада ж, клюнуў на такую нажыўку,— гаварыў па дарозе Кулеба.— Ета яму навука.

Слухаючы яго, Барташ падумаў: як жа ўсё-ткі ён пнецца размаўляць па-руску, ды слоў тых не ведае, от і перайначвае родныя на іншы манер.

— Іх не выгараджваю,— не змаўкаў Максімыч.— Якая справа, такая і слава. Доўбні распешчаныя, дурасліўцы.

Па ўсім відаць, яго нават як бы радаваў такі выклік у міліцыю. Чаму? Канешне,— разважаў капітан,— яго падбухторванне шчэ даказаць трэба. Ды і што той доказ для яго, што соль кату на хвост. Грошы браў не ён, падманваў Дзімку па тэлефоне тож не ён. Чаго радуецца, што Лёха з сябрукамі садзіцца на лаўку падсудных? Ён жа не ведае, што іх затрымалі па справе аб забойстве. Хаця стоп, тут далёкі разлік... Хіцёр Зміцёр.

У аддзяленні, запісаўшы тлумачэнні Кулебы, Барташ сказаў:

— У нас яшчэ да вас пытанні.

У пакой зайшлі і селі Дыбін і Асовіч. Капітан дастаў з сейфа аўтаручку, знойдзеную на месцы злачынства, паказаў Кулебу:

— Знаёмая?

— Першы раз бачу,— адказаў той.— А ў чом дзела?

Вочкі яго забегалі, увесь наспружыніўся. Віктар Пятровіч прыкмеціў, як злёгку задрыжэлі пальцы. Максімыч зыркнуў на Дыбіна і Асовіча і залепятаў:

— У чом дзела ета? Аўтаручка не мая.

— Не ведаеце, дзе яе адшукалі?

— Адкеда знаць?

— Падумайце... Не ўспомнілі? Знайшлі яе на месцы злачынства, дзе быў забіты Прохін. Пагалоска аб здарэнні няўжо не даляцела?

— Чаво? — аж вытарашчыў вочы той.— Макрушачнае дзела не вярні... Ета ж нада, макрэчу прыпісваць.

Ён нібы задумаўся, імітуючы ўвагу шахматыста-разрадніка, нарэшце ўзняў галаву:

— Ці не Лёхі ета аўтаручка? Надоечы, здаецца, у яго бачыў. Праверце.

«Што ж,— задумаўся Барташ,— гэтага і трэба было чакаць. Першыя яго хады прадуманы. Голымі рукамі такога не сцапаеш. Дуэль чакаецца нялёгкая. Ну ды нічога. Не выкруціцца. Хаця вуха трэба трымаць востра».

— Правяралі, Лёхава...— гледзячы ва ўпор, гаварыў Барташ.— Вось паказанні Грабчука аб тым, як вы пазычылі ў яго аўтаручку. Жадаеце азнаёміцца?

— Мала чаво накрэмзае той злыдзень, што б спіхнуць на каво?

— Значыць, адмаўляеце такі факт?

— Не было таво.

— Правядзём вочную стаўку,— заключыў капітан.

Барташ набраў нумар следчага аддзялення:

— Чакаем цябе, Вадзім Мікалаевіч.

Як увялі Грабчука і Чарныша, Кулеба тут жа кінуў рэпліку:

— Што дурны папсуе, то і разумны не выправіць.

— Грамадзянін Кулеба, вам слова не давалі, прашу не парушаць парадак,— папярэдзіў следчы, адчуўшы, што ў рэпліцы ягонай пэўны намёк. Затым ён павярнуўся да Грабчука: — Раскажыце, як было.

— Зрання, як бег на прыпынак, стрэў там Максімыча,— пачаў той.

— Ён вас чакаў?

— Ну...

— Чаму так рашылі?

— Як заўважыў нас здалёк — адразу насустрач.

— Падышаць я выйшаў. Чаво меле? — гыркнуў Кулеба.

— Прашу не перабіваць,— строга астудзіў яго капітан.

— Як падбег,— працягваў Грабчук,— папрасіў аўтаручку. Выхапіў і пабег.

— Чаво нагавор прэш, выдумшчык? — ускочыў з месца, ашчэрыўся Кулеба.— Не браў яе.

— Як жа не браў? — уключыўся Чарныш.— Успомні, Максімыч. Я тож бачыў.

— І вы, грамадзянін Кулеба, тады ж яе падкінулі на месца забойства. Як дадатковы, важны доказ супраць Грабчука. Ды, відаць, у спешцы згубілі свой насавік, запэцканы крывёю,— сказаў Барташ, дастаючы рэч з сейфа.— Як жа гэта вы пакінулі такі доказ?

— Ета даказаць нада,— бараніўся той.— Адна галаслоўнасць.

— Па слоі снежнага покрыва ўстаноўлена, што аўтаручка і насавік з'явіліся там пасля досвітку, а не ў час забойства. Аналіз паказаў, што плямка крыві на насоўцы ваша. Вось так, грамадзянін Кулеба.

Капітан паклаў аўтаручку і насавік у сейф, Максімыч апусціў галаву.

У час наступнай сустрэчы Віктар Пятровіч заўважыў, як змяніўся Кулеба. Куды дзеліся гаварлівасць, форс. Неяк асунуўся, пад вачыма выразней акрэсліліся мяшкі. Ён адчуваў усю трагічнасць сваёй сітуацыі, але настойліва, як той тапелец, хапаўся за любую саломіну, усё адмятаў з ходу. Нейкая надзея ўсё яшчэ жыла ў яго душы, і гэта не магло не трывожыць капітана. Якая? На што спадзяецца? На тое, што не ўдасца ўсё даказаць?

Адмаўляў і тое, што дапамог Прохіну ўціснуцца ў аўтобус, што ехаў з ім амаль поруч. Выклікалі шафёра. Усадзілі Кулебу сярод запрошаных для такой працэдуры дружыннікаў. Вадзіцель адразу пальцам на яго: «Во гэты».

— Не памыляецеся? — спытаў Барташ.

— Ды не. Яны доўга лезлі ў машыну, затрымлівалі ад'езд. Увесь час глядзеў назад, ці ўціснуліся. Як жа ехаць? Яшчэ пад кола вываляцца.

— Не цёмна было на прыпынку?

— Асвятленне добрае. Акурат пад слупам з ліхтарамі стаяў. Той як мяшок валіўся, а гэты пхаў яго... Як усадзіў, сам ззаду прымасціўся. Я шчэ падумаў: чаму не поруч? Той жа зваліцца можа ў праход.

— У Раднянах як рассталіся?

— Гэты праз задні ход выскачыў, а той, ачомаўшыся, відаць, растрэсла хмель, папёр да пярэдняга. Суседзі дапамаглі. Як вылез, захістаўся — ды пад кола. Ну, выскачыў, хацеў адчытаць. Ды што з яго возьмеш? Адцягнуў далей — і за руль. Як ішоў у кабіну, зірнуў назад. Там, ля слупа, стаяў гэты. Стаяў і пазіраў,— засведчыў шафёр.

Барташ, як застаўся з Кулебам і Дыбіным, спытаў:

— Чым растлумачыць вашы дзіўныя паводзіны?

— Чаво тут дзіўнага? Убачыў знаёмага, падсобіў сесці.

— Чаму злезці не дапамаглі? Дабрацца куды трэба?

— Часу не было.

Падобныя адказы старшы оперупаўнаважаны прадчуваў. У іх усё лагічна, крыміналу — аніякага.

— Чаму спярша адмаўлялі?

— Няўжо не ведаеце? — Ён зрабіў грымасу гаротніка і пачаў: — Сядзеў двойчы. А тут макрушачнае дзела... Як пайшоў пагалосак аб забойстве, скеміў: дапамог таму Прохіну на сваю галаву. Вось і адпіраўся. Даруйце.

Зноў лагічна. Але факты, якімі валодала група, пераконвалі ў іншым. Паведамленне з турмы, дзе адбываў пакаранне Кулеба, прыадкрыла заслону ад яшчэ адной таямніцы. Ён там перанёс, прычым перад самым вызваленнем, тое рэдкае захворванне, якім пакутаваў і забойца Генкі. Аналіз крыві аказаўся ідэнтычным... Удары пад сэрца Прохіну і Генку — аднолькавыя. Перад работнікамі крымінальнага вышуку ўсё больш выразна паўставаў вобраз мацёрага, замаскаванага і азлобленага жыццём злачынцы.

Барташ узяў дазвол на вобыск кватэры Кулебы.

Як расчынілі дзверы — ахнулі.

— Віктар Пятровіч, глядзі, сямітомнік Гогаля... інжынера машынабудаўнічага завода,— падаў голас Андрэй Асовіч.— Ініцыялы яго ёсць.

— Во дублёнка, што ўкралі на тым тыдні,— азваўся з шафы Дыбін.— Посуд не распакаваны. Скрыня з-пад пыласоса, абматаная тэлефонным дротам: прыкметы точ у точ як даваў Лапко.

— От значыць хто той загадкавы злодзей. От хто той хіцёр Зміцёр,— паўтараў капітан, паглядаючы на Кулебу. Той апусціў галаву і маўчаў.

— Вось і адмычкі,— дастаў з шуфлядкі цэлы вянок ключоў самай неверагоднай канфігурацыі Сцяпан Дыбін. Затым — свярдзёлак, якім злодзей узламваў самыя сакрэтныя замкі, свідраваў сарцавіны. Крадзенымі шмоткамі былі пазатыканы ўсе шуфлядкі.

Беглы пералік знойдзеных рэчаў паказваў, што раскрыта большасць кватэрных краж у Раднянах. Цяпер заставалася сустрэцца з пацярпеўшымі, устанавіць, што чыё. Работа важная, але чарнавая, і Барташ палічыў не ўлазіць у яе, сканцэнтравацца толькі на забойствах. Ён набраў нумар Лапко:

— Барыс Іванавіч, дазвольце даследаванне па кватэрных крадзяжах перадаць Перасыпкіну.

— Якое даследаванне, Віктар Пятровіч? — не зразумеў той.— Натрапце спярша хоць на след.

— Я званю з кватэры Кулебы,— удакладніў капітан.— Тут шмат з таго, што шукаем.

У трубцы цішыня. І раптам голас Лапко:

— Даражэнькі Віктар Пятровіч, шкада, што не магу цябе расцалаваць. Малайцы, хлопцы. Маё прывітанне Дыбіну і Асовічу. Перасыпкіна адпраўляю. Дачакайцеся, і ўсе да мяне. Хачу паціснуць вашы рукі.

...Увялі Кулебу. Твар хмурны, злосны, глядзіць воўкам. З вачэй так і струменіць варожасць.

— Будзеце гаварыць ці па-ранейшаму адпірацца? — спытаў Барташ. Той як у рот вады набраў.

— Можам і мы ўсё расказаць,— падняўся з-за стала капітан.— Засталося ўдакладніць некаторыя дэталі. Ну ды гэта справа тэхнікі. Галоўнае мы ведаем.

— Ну-ну, інцярэсна,— Кулеба прыжмурыў калючыя вочы.

Адчувалася, яму сапраўды карцела болей даведацца пра доказы. Віктар Пятровіч не стаў гуляць у кошкі-мышкі.

— Пасля адбыцця пакарання вы заняліся абменам кватэры. Спадабаліся Радняны. Месца тут сапраўды цудоўнае. Думаю, прывабіла не толькі яно. Раён новы, жыхары адзін аднаго ведаюць слабавата. І гэта спрыяла крадзяжу. Абзавяліся адмычкамі і ў вольны ад работы час абіралі кватэры сумленных грамадзян, нажываліся... У душы гарэла помста да крыўдзіцеляў — Прохіна і Генкі. Так-так, вы не змаглі ім дараваць, што ўпяклі за рашотку з канфіскацыяй. Гэта ж так усё складвалася ў вас, па-вашаму... Цягнулі дэталі, кралі з кватэр, жылі, як труцень, на чужых даходах... І раптам крах... Дараваць не маглі... Спярша расквіталіся з Генкам. Падпільнавалі яго, гвазданулі ззаду. Потым дабівалі нагой у вобласць жывата і сэрца... Труп зацягнулі ў лагчыну ля ракі. Валіў снег з ветрам, сляды і забітага хутка задзьмула. Думалі, не адшукаюць, а як і знойдуць, доказы сатруцца... Не выйшла такое дышла. Знайшлі забітага. І ўлікі тож. У патасоўцы нешта аказалася падрапаным, і на адзенні забітага засталася кроў забойцы. Яе аналіз, рэдкае захворванне злачынцы, ваша, Кулеба, зафіксавана ў пратаколе. А вось паведамленне з турмы, дзе вы хварэлі тым рэдкім захворваннем... Цяпер заставаўся Прохін... Незразумела, што перашкодзіла расквітацца толькі праз тры гады?

Максімыч маўчаў.

— Не жадаеце, значыць, дыялог весці. Ну ды ладна... Мо сполах пасля першага забойства не прайшоў? Рыхтаваўся, каб без слядоў, затаіўся пасля першага злачынства... Высачыў, як той дабіраецца з работы, дзе замочвае палучку, прыкінуў план... У той дзень давялося доўга прачакаць Прохіна, пэўна, і паляскаць зубамі ў скверыку ля прахадной. Вы ж не ведалі аб прафсаюзным сходзе. А халадэча была што трэба... Дачакаўся, услед за імі уціснуўся ў тралейбус. Прохін заўважыў, занепакоіўся, сказаў таварышам, што едзе знаёмы, ды не той, каго ў кампанію запрашаюць. Прохін адчуваў нядобрае, прасіў інжынера пайсці з імі. Той палічыў, што цягне на выпіўку, і адмовіўся... Адно не ўцямлю, чаму Прохін так напіўся тады? Чаму адразу не паехаў дадому? Усё было б інакш. Цяга да гарэлкі перамагла? Наўрад. Думаў, перакуліць які стакан, ды потым падацца, але разагрэты зялёны змій запаланіў? А мо паверыў, што Кулеба ўсё дараваў? Я правільна думаю, грамадзянін Кулеба?

— Пачом мне знаць? — буркнуў той.

— Пакуль Волах з Прохіным распівалі на лавачцы ў двары,— працягваў Барташ,— зламыснік цікаваў за імі. Мо за дрэвамі, дзе туліўся, мо з пад'езда праз акно назіраў. Грэўся і чакаў. Як п'яніцы ў розныя бакі, ён да Прохіна, абхапіў таго і пацягнуў да прыпынку. Чаго ў свой мікрараён везлі, а не ў другі?

— Позна было,— сказаў Кулеба.— Аддыхаць кагда?

— Значыць, вырашыў бліжэй ад дому здзейсніць задуманае, каб сон не ўкараціць? Не зусім дакладна... Тут снавала тройка Лёхі, чакала вас нібыта для цікавага дзельца. Так ім намякнуў? Так-так. Па прыездзе ў Радняны, відаць, меркаваў падштурхнуць п'янага маладым забіякам. Пашанцавала. Тыя якраз былі на прыпынку. Заўважыўшы іх, вы праз задні ход і схаваліся за слупам, назіраючы, што будзе. Грабчук, Чарныш і Дзюбач, раззлаваныя, што не абабралі нікога, з радасцю прычапіліся да ахвяры і пацягнулі ў кустоўе. Там пачысцілі кішэні, моцна пабілі Прохіна і садралі кажушок... Атрымалася як найлепей. Дабіць складанасці аніякай. Усе доказы на тройцы. А каб следства мацней пераканаць, вы, грамадзянін Кулеба, назаўтра зрання выманілі аўтаручку ў Грабчука і падкінулі яе на месца забойства. Вы, відаць, і раней бачылі яе ў хлопца, ведалі, адбіткі пальцаў на такой рэчы добра захоўваюцца. Незразумела толькі, як гэта вы далі такую прамашку — згубілі насавік з плямкай крыві? Напэўна, у спешцы... Вы зламысна забілі другога чалавека. На што разлічвалі?

Кулеба раптам адкінуў галаву назад і, вылупіўшы вочы, моцна засоп, хапаючы ротам паветра, як рыба, выкінутая з вады.

— Разрашыце да форткі,— хрыпла, пасопваючы, сказаў ён і, шлёпаючы далонямі па сталах, нібы баяўся паваліцца, сагнуты, пацягнуўся да акна. Асовіч тыркнуў лінейкай па фортцы, і тая, ляснуўшы аб раму, адчынілася на ўсю шырыню. З яе пацягнула лёгкім марозікам. Максімыч прыпаў тварам да шыбіны, водзячы вачыма ўлева-ўправа, глытаючы свежае паветра. Аддыхаўшыся, апусціўся на табурэт, сказаў:

— Заўсягда етак, як нервы перанапружваюцца. Без свежай струі — хана.

Максімыч аддыхаўся, працягваў:

— Чаво так, спрашваеш? У жызні так: уцёк — твая сіла, не ўцёк — баліць спіна... Я пажыў удоваль. Што хацеў — тое піў і еў. А етых, хто насуперак горла,— цярпець не магу... Чаво дабілся ў жызні ты, капітан? Рубашонка вон сямірублёвая. А на мне... Глянь на маю — ля трыццаткі.

— Чалавека цэніш, стала быць, па кашулі?

— Па чом жа ішчо? У народзе вунь як кажуць: сустракаюць па адзежцы...

— Ды праводзяць па розуму.

— У каго адзёжка што нада, у таго і розум ёсць.

— Вось як?

— Вось етак. Хто красівы, той шчаслівы. Чэм ты, капітан, шчаслівы?

— Тым, што змагаюся з такімі, як ты. За спакой людзей і праўду змагаюся.

— Э-э, заладзіў. Галаслоўнасць. Чыя чарка паўней, таго і праўда вярней...

— Вы ведаеце, што такое павага людзей, іх удзячнасць?

— А как жа? У сваём крузе я, можа, блішчу зоркай першай велічыні...

— У сваім цёмным асяроддзі? У цёмным месцы і гніляк свеціцца...

Кулеба зноў шырока раскрыў рот, засоп і пацягнуўся да форткі. Ён расшпіліў гузік ля горла, клацаў зубамі, шумна дыхаў. Як аддыхаўся і сеў, Барташ пацікавіўся:

— Вам блага? Мо адкласці размову?

— Нашто? Пытай ішчо, калі інцярэс ё.

— Чаму на дзядзьку Колю ўз'еўся?

— Зачэм умешваецца? Я жэ ў яго абшчэжыцце не хадок. Займаецца, хай займаецца.

— Ён жа рабочую змену для завода рыхтуе.

— І я змену гатоўлю. Ён — сабе, я — сабе.

— Вось як? Нашто ж Лёху з кампаніяй падбіў на афёру ў гасцініцы і ў інтэрнаце са шмоткамі? Дарэчы, не вы той невядомы дабрачынец, што пазваніў нам і паведаміў аб злачынстве Лёхі?

— Я.

— Навошта спяшаліся адправіць сябрукоў у турму?

— Стажыроўка не пашкодзіла б.

— Заадно меркавалі схаваць глыбей канцы забойства, маладых саўдзельнікаў — ад заслужанай кары.

Кулеба раптам закінуў галаву назад і страшэнна засоп, з усяе сілы раскрываючы рот. Задыхваючыся і хрыпла ікаючы, сагнуўся да падаконніка:

— Вак-к-но, вак-к-но паскарэй адкройце, па-аветра не стае... Задыхаюся...

Асовіч ляснуў засоўкай, тузануў раму, і яна са скрыпам раз'ехалася, толькі затрашчалі паклееныя на стыках яшчэ з восені паперкі, звісла з падаконніка шпаклёвачнае рыззё. І тут Кулеба рэзка выпраміўся, хуткім ударам кулака збіў Асовіча і сігануў праз акно. Усё адбылося настолькі нечакана і імгненна, што Дыбін, стоячы амаль поруч, нават не схамянуўся. Праз хвіліну ён і Барташ скокнулі праз акно і стрымгалоў кінуліся за ўцекачом. Той падскочыў да аўтобуса, які адыходзіў ад прыпынку, ухапіўся за дзверцы, рассунуў іх, і яны са скрыгатам зачыніліся за яго плячыма. Аўтобус вуркнуў і пакаціў па вуліцы.

— Нумар запомніў? — павярнуўся Віктар Пятровіч да Дыбіна.

— Ага.

— Хутчэй да тэлефона. Падымай на ногі гаішнікаў.

Капітан выскачыў на дарогу, замахаў рукамі таксі.

— За гарчычным «Ікарусам»,— кінуў на хаду, зачыняючы дзверцы. Пасля дастаў пасведчанне.

Аўтобус нагналі ля чарговага прыпынку. Сярод выйшаўшых Кулебы не было. Наступны прыпынак — апошні. Сэрца Барташа тахкала ўсё мацней. Ён прыкідваў план дзеянняў, дакараў сябе за такую недаравальную прамашку. Як гэта лоўка разыграў іх Кулеба. Выглядзеў праз акно, куды лепей бегчы, так пераканаўча занядужаў, што самі адчынілі яму акно, толькі скачы. Цяпер от злаві ды закілзай. Яму губляць, як кажуць, няма чаго. Сам казаў: уцёк — яго сіла, не ўцёк — баліць спіна. Ды што там спіна...

Аўтобус мякка падкаціў да пляцоўкі. Шафёр з пуцявым лістом — у дыспетчарскую. Барташ углядаўся ў вокны, шукаючы постаць Кулебы, каб не прамаргаць, з якой дзверцы выскачыць. Лезці ў машыну рызыкоўна, застранеш у сустрэчным патоку, значыць, уцячэ. У гэты момант ірвануў з месца аўтобус. Пасажыры, якія выходзілі, пападалі на снег, у салоне — піск і крык. Капітан зноў у таксі і следам. Аўтобус крута павярнуў у завулак, які выходзіў на вуліцу ўздоўж выгіну ракі.

— Станавіся ў адзін рад,— скамандаваў Барташ таксісту, узяў у правую руку жалезны прут, які ляжаў ля ног таксіста, левай рукой прачыніў дзверцы. Часу на роздум не было. За выгінам ракі ішла ажыўленая магістраль. Злачынец, было відаць, кіраваў туды, каб потым выскачыць у натоўп. Шукай тады ветру ў полі.

Капітан, трымаючыся рукой за дзверцы «Волгі», выпраміўся ва ўвесь рост і лупцануў жалязякай па заднім бакавым шкле аўтобуса. Яно з трэскам пасыпалася. Ухапіўшыся рукамі за раму, Барташ павіс на баку аўтобуса. Сустрэчны калючы вецер гушкаў яго цела і пранізліва расцякаўся па грудзях і спіне. Сарвалася шапка-вушанка, вецер засвістаў у вушах, анямелі рукі. Капітан пашкадаваў, што не надзеў рукавіцы. Не да іх было. Каб жа гэта можна было прадугледзець!

«Ікарус» рэзка рвануў улева і памчаў па цэнтры праезнай часткі. Наперадзе ішоў шырачэзны МАЗ. Капітан здагадаўся: Кулеба цэліць прайсці з ім упрыцірку, каб збіць яго з аўтобуса. Некалькі імгненняў — і будзе позна. Ён рэзка падцягнуўся і кульнуўся галавой уніз. Стукнуўся аб стойку, у вачах заскакалі рознакаляровыя зоркі, пякло, як крапіўнікам, у рукі. Толькі цяпер капітан заўважыў, што пальцы ў крыві. «Ікарус» кідала ўлева, управа. Жанчыны і дзеці ўзнялі страшэнны лямант. Трэба было дзейнічаць. Злачынец у любы момант мог урэзацца ў сустрэчную машыну альбо перакуліцца на тратуар. Барташ кінуўся да кабіны, дастаючы пісталет.

Аўтобус так рэзка затармазіў, што пасажыры і Віктар Пятровіч не ўтрымаліся на нагах. Кулеба выскачыў з кабіны і да стаянкі таксі: пхнуў вадзіцеля і за руль. Раздумваць не было калі. Капітан выскачыў на вуліцу, прыцэліўся і стрэліў некалькі разоў па колах. Сам у таксі, крыкнуў: «За ім».

Пярэдняя машына зашоргала задняй шынай і спынілася. Кулеба — покатам у кювет і да кустоў ля ракі. Падсечка капітана, і ён упаў ніц у снег. Заломваючы Кулебу рукі, Барташ пачуў ззаду голас:

— Капітан, хутчэй у машыну і да доктара. Не адпусцім яго...

Барташ павярнуў галаву і нібы скрозь туман убачыў двух афіцэраў і сяржанта ў міліцэйскай форме. У вачах пацямнела, і ён сеў на снег. З далоняў сцякала кроў. Нечыя рукі падхапілі яго за плечы...

 

...Маёр Лапко нечакана запрасіў усіх у свой кабінет.

— Надышоў час нашага развітання...— з несхаваным сумам пачаў ён.— З заўтрашняга дня я працую ў школе міліцыі. Хацеў з вудай пасядзець ужо, ды ўгаварылі... Мне было прыемна працаваць з вамі.

Ён кожнаму паціснуў руку, знайшоў душэўнае слова.

— Не ўспамінайце ліхам старога ваўка ці мо ахрысцілі па-новаму?

Барташа затрымаў.

— Я цябе парэкамендаваў на сваю пасаду. Упэўнены, што падтрымаюць. Каго намеснікам мяркуеш? — пацікавіўся.

— Дыбіна.

— Я так і думаў. Мяне гэта радуе. Мне было вельмі цікава, як ты ацэніш яго, таму і навязаў у групу. Цяпер упэўнены — з людзьмі працаваць умееш. Раз палюбіў Дыбіна, значыць, на першым плане справа, а не асабістыя сімпатыі. Гэта самае важнае... Вы добра дапаўняеце адзін аднаго.

— Чаму мяне парэкамендавалі начальнікам? Мо яшчэ ранавата? Ці спраўлюся?

— Не рана. Горш, калі чалавек пераседзіць... З пераспелага яблыка ні кампоту, ні варэння добрага. А з зеленаватага — самы смак. Вучы і вучыся, Віця. Ну, яшчэ раз жадаю поспехаў. Не забывай, звані, заходзь у госці з сям'ёй. Мае чакаюць...

Маёр Лапко моцна паціснуў яму руку і пакрочыў да выхаду. Барташ падышоў да акна. Ласкава свяціла сонца. Па падаконніку моцна цокалі капяжы. Ля пад'езда весела шчабяталі вераб'і. Цэлым гуртам, кідаючыся снежкамі, з віскам і смехам высыпалі на двор школьнікі. Запэцканыя, з расчырванелымі тварамі, яны ўбеглі ў пад'езд, што насупраць. Чвякала пад нагамі прахожых слякаць. Бралася на вясну. На тратуары Лапко павярнуўся і з усмешкай памахаў Барташу рукой.

 




Тэкст падаецца паводле выдання: Макаловіч І. Версія капітана Барташа: Аповесці. - Мн.: Маст. літ., 1989. - 192 с.