epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Аб граніцах, памяці і вопыце. (Юбілейнае слова)

Карта свету па-ранейшаму пакрэслена граніцамі — граніцамі розных — вялікіх і малых, маленькіх, старажытных і нядаўна ўзнікшых — дзяржаў. Сатлелых манархій рознага роду дэспатычных рэжымаў, разнастайных афарбовак рэспублік...

Але граніцы — не геаграфічныя, а сапраўдныя, якія вызначаюць лёсы людзей, даўно ўжо не супадаюць з мудрагелістай вяззю дзяржаўных граніц. Даўно ўжо свет дзеляць іншыя граніцы, якіх не фіксуюць і не могуць фіксаваць геаграфічныя карты.

Кожнаму, хто праяўляе хоць бы малую цікавасць да палітыкі, вядома: найбольш акрэсленыя граніцы сёння ідуць паміж двума светамі — паміж светам новым і светам старым.

Спаборніцтва і барацьба паміж гэтымі двума светамі складае галоўную асаблівасць нашай эпохі, адбіваецца ў жыцці кожнай асобнай краіны, вызначае жыццё кожнага чалавека.

Змяніўшы разуменне граніц паміж дзяржавамі, незвычайна зблізіўшы народы і кантыненты, век наш уцягнуў у непасрэднае вырашэнне глабальных праблем мільёны людзей. Перад мільёнамі людзей, кожным у паасобку, пастаўлена пытанне: з кім ты, малы чалавек? Час ад кожнага патрабуе адказу, у якім свеце ён, чалавек, якой справе ён служыць.

У складанай, цяжкай барацьбе, што не заціхае ў розных кутках планеты, наша краіна ўжо вось паўстагоддзя ёсць чалавецтву прыклад і галоўная сіла новага свету. Гэта ўжо агульнапрызнаны факт. Ні адна дзяржава не аказала такога ўплыву на ход гісторыі ў нашым стагоддзі, не зрабіла столькі для паступальнага руху гісторыі, для народаў і для асобных людзей. І ці ж дзіўна, што ўсё сумленнае, лепшае цягнецца да нас з надзеяй і любоўю.

Не лёгкі, не просты шлях, пройдзены намі. Неспакойны свет навакол...

Калі мой народ, беларускі народ, працуе спакойна і з годнасцю, з верай у будучыню глядзіць ў заўтрашні дзень, то гэта таму, што ён адчувае за сабой надзейную падтрымку вялікай краіны, таму, што ён непадзельная часцінка вялізнага свету, які аб’яднаў дзесяткі народаў.

Ёсць памяць асобнага чалавека, ёсць памяць агульная, памяць многіх, народа. У памяці аднаго чалавека жыве вопыт асобы, у многім своеасаблівы, у памяці народаў — вопыт тысяч і мільёнаў. Мае значнасць вопыт кожнага чалавека, ён робіць чалавека разумным і моцным. Няма цаны вопыту народа, ён ахоўвае цэлыя народы, ён робіць мудрымі і моцнымі мільёны.

Гэты векавы вопыт быў у зародку разумення і пераканання тых, хто яшчэ ў нетрах старога свету марыў пра тое, «когда народы, распри позабыв, в великую сем’ю соединятся». Гэты вопыт быў у аснове дзеянняў тых, хто пачынаў ажыццяўляць высакародныя мары пра яднанне народаў. Не згадваючы тут многія выдатныя, але вядомыя факты, я хацеў бы ўсё ж асобна адзначыць, што ў сэрцы беларускага народа ніколі не згасне памяць пра горкі і вялікі вопыт мінулай, самай небяспечнай і самай цяжкай вайны, якая яшчэ раз дала нам урок таго, што братэрства народаў, саюз народаў не толькі высакародна прывабныя, але і жыццёва неабходныя.

Мы страцілі ў той вайне кожнага чацвёртага. Страшэнная, неймаверная страта! Але калі глядзець да канца праўдзе ў вочы, нельга не ўявіць магчымасці і горшага: мы маглі б страціць усё. Рэальнай была небяспека, якую было б немагчыма ўявіць раней і пра якую сёй-той — больш маладыя — забывае цяпер: поўнага знішчэння народа.

Помнячы гэта, мы помнім таксама, што ў бітве за наша жыццё, за жыццё беларусаў, страцілі сваіх сыноў многія іншыя народы. Мабыць, няма ў нашай краіне такога народа, дзеці якога не ляжаць у беларускай зямлі — у братніх ваенных магілах сорак першага і сорак чацвёртага гадоў. І, мабыць, няма такога народа, жывых сыноў — былых салдат якога не вабіла б, не гарнула б да маёй роднай зямлі тое незвычайнае, непазбыўнае пачуццё, што назаўсёды пасяляецца ў сэрцы пасля дакранання да зямлі, якую ты зберагаў і якая зберагала цябе. Я, былы салдат Паўднёвага фронту, для якога ўкраінская зямля стала другой радзімай, вельмі добра ведаю гэта па сабе.

Гаворачы пра вялікія падзеі, заўсёды закранаеш вядомыя ўсім факты. І я не буду напамінаць, як многа дало нам яднанне з усёй краінай у пасляваенныя гады: кожны ведае, што краіна не толькі дапамагла нам засеяць палі, узняць заводы, адбудаваць спаленыя вёскі, яна дала неабходнае для нашага руху далей, да сённяшніх дасягненняў, да ўпэўненай будучыні.

Пяцідзесяцігадовы юбілей Радзімы мы, беларусы, адзначаем, як і належыць людзям у сталым узросце, узбагачаныя вялікім баявым і працоўным вопытам, памятаючы і цэнячы ўсё, што павінны памятаць і цаніць, удзячныя за дабро, зробленае нам другімі народамі, краінай, партыяй, з пачуццём гонару за здзейсненае намі.

Вернай сярод верных называлі Беларусь у гады вайны. Верным братэрскай сям’і, савецкай краіне, свету будучыні наш народ быў, ёсць і будзе вечна.

 

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 520-522
Крыніца: скан