epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Абавязак перад часам

Мабыць, з той пары, як існуе мастацтва, існуе і складаная дыялектыка ўзаемаадносін мастака і часу.

Мастаку заўсёды трэба было ўбачыць, зразумець, а зразумеўшы, прывесці свае назіранні ў парадак, стварыць асэнсаваную карціну, стварыць мастацкі твор.

Неадпаведнасць паміж рухам жыцця і мастацтва, якая, пэўна, не вельмі мучыла нашых далёкіх папярэднікаў, з цягам часу вырастала ва ўсё больш цяжкую праблему.

На самай справе, характар творчасці — з «тэхнічнага» боку — застаўся амаль нязменны, а час — усё паскараў свой подступ, зусім не лічачыся з магчымасцямі мастака. Свет жыве цяпер у надзвычай імклівым руху, але мастак не можа сказаць, як герой Гётэ: «Остановись, мгновенье...»

У гэтым адна з самых вялікіх складанасцей і важных асаблівасцей мастацтва: паказаць свет, чалавека ў руху, у бесперапынных зменах, абнаўленні.

Прыспешваючы крок, час не пашкадаваў мастацтва і ў іншых адносінах. Адвечны аб’ект увагі мастака — жыццё чалавека — не толькі не стала прасцейшым, а наадварот, ставіць даследчыка перад новымі, усё больш разнастайнымі і складанымі з’явамі.

Час, пачаты Кастрычнікам 1917 года, увёў у жыццё Расіі такія змены, што і цяпер, пасля 50 год працы многіх і таленавітых мастакоў, мы не можам сказаць, што ўсё ўжо зроблена, каб увасобіць у мастацкіх творах гэ ты вялікі рух нашага народа.

І цяпер мастакі, углядваючыся ў падзеі, якія ўжо сталі гісторыяй, адкрываюць у іх фарбы і адценні, якія дапаўняюць вялікую карціну, паглыбляюць разуменне таго, што адбывалася і што, змяняючыся, удасканальваючыся, стала часткай нашай сённяшняй рэчаіснасці.

Вялікі і складаны шлях за намі, вялікі і складаны свет людзей, якія прайшлі па гэтаму шляху. Гэта асабліва выразна відаць у дні, калі мы ідзём да ленінскага юбілею.

Свет сённяшні аказаўся таксама не такім простым, як думалася здалёк. Ён прынёс свае складанасці, свае праблемы...

Ёсць яшчэ адна істотная асаблівасць ва ўзаемаадносінах мастака і часу.

Свет, які раней для звычайнага чалавека замыкаўся калі не межамі двара, вуліцы, дык межамі сяла, горада, урываецца сёння амаль у кожную кватэру як свет усёй краіны, усёй планеты. Газеты, радыё, тэлевізар кожны дзень уводзяць чалавека ў шматаблічны і шматклопатны вялізны свет, які не абмяжоўваецца прасцягамі ад Брэста да Уладзівастока, але і распасціраецца далёка за іх межы. Гора і мужнасць В'етнама, трывога і барацьба арабаў Блізкага Усходу, выбухі гневу працоўных людзей Лацінскай Амерыкі — усё гэта трывожнымі хвалямі прыбівае ў нашы хаты сучасная інфармацыя. Увесь свет кожны дзень стукаецца ў сэрца кожнага. Кожны становіцца саўдзельнікам або сведкам усяго, што адбываецца ў свеце. Сэрца кожнага павінна ўмяшчаць свет.

Увесь свет уваходзіць у кола інтарэсаў сучаснага пісьменніка. Як і кожны схільны да разважанняў чалавек, пісьменнік непазбежна ўцягваецца ў цэнтр шматлікіх вострых праблем сучаснасці — палітычных, навуковых, эканамічных, што датычаць як жыцця роднай краіны, так і лёсу другіх краін, кантынентаў. Сярод усіх праблем, што трывожаць пісьменніка, асаблівае значэнне набывае факт усеагульнай ідэалагічнай барацьбы, якая ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці вядзецца паміж капіталізмам і сіламі камунізма.

Сродкі сучаснай інфармацыі робяць гэтую шматскладаную вялікую бітву адкрытым полем. Пісьменнік, не абыякавы да лёсу свету, непазбежна ўцягваецца ў складаны свет барацьбы, гарачай і халоднай. Ідэалагічная барацьба, якую вядуць праціўнікі камунізма па ўсіх напрамках, думаецца, ніколі не вялася так вытанчана, з выкарыстаннем самых разнастайных сродкаў уздзеяння на чалавека, тактычных, псіхалагічных і ўсіх іншых. Крывадушша, ханжаства ніколі, відаць, не выкарыстоўваліся так шырока для прыкрыцця сапраўднага сэнсу дзеянняў. Забойцы в’етнамскіх дзяцей і навейшыя самых сучасных мадэлей каланізатары найхітрэйшым чынам навучыліся прыкрываць самыя агідныя ўчынкі высакароднымі фразамі. Мы сталі сведкамі таго, як сродкі інфармацыі займаюцца, па сутнасці, дэзінфармацыяй.

Сёння пісьменнік, якім бы тэмам ні былі прысвечаны яго паэмы і раманы, непазбежна павінен станавіцца грамадскім, палітычным дзеячам.

Як ніколі важнае значэнне набывае традыцыйнае — «гражданином быть обязан». Усеагульны, напружаны характар ідэалагічнай барацьбы, якая ідзе на ўсіх кантынентах зямлі, патрабуе ад пісьменніка пачуцця асаблівай адказнасці за сваю дзейнасць.

Калі сур’ёзная, сапраўдная літаратура заўсёды глыбока даследавала вопыт гісторыі і рух сучаснасці, дык цяпер гэты абавязак яе асабліва важны. Вельмі сур’ёзны наш час, каб пісьменнік з чыстым сумленнем мог падмяняць глыбокае і праўдзівае даследаванне павярхоўнымі, паспешлівымі замалёўкамі. У той велізарнай рабоце, якую вядзе наш народ і партыя, пісьменнік проста не мае права выбіраць шляхі «протоптанней и легше», абмінаць цяжкасці і складанасці жыцця.

Лепшая частка савецкай літаратуры, што стварыла трывалыя каштоўнасці сусветнага значэння, заўсёды моцная была праўдай. Праўдай жыцця, што абпальвае сэрца, ужо не адзін дзесятак гадоў заваёўваюць чытача фадзееўскі «Разгром», вялікі шолахаўскі «Ціхі Дон», многія іншыя творы савецкай літаратуры. Мы можам сказаць, што ў гэтых адносінах назапасіўся значны вопыт, створана ўжо надзейная традыцыя.

Вопыт савецкай літаратуры вучыць: калі ў мастацкім творы зрушаны жыццёвыя калізіі і фарбы, гэта прыносіць непапраўную шкоду твору, якімі б ні былі яго чыста мастацкія вартасці. Мастацкі твор губіць як згушчэнне рэальных фарбаў, ачарненне, так і святочнае, вясёлкавае размалёўванне жыцця. Калі сутнасць ачарнення зразумелая, дык святочная літаратура каго-нікаго можа ўвесці ў зман: яна спакушае весялосцю колераў, лагоднай, супакойлівай накіраванасцю.

Знешне прыстойная, гэтая літаратура, на мой погляд, нежыццяздольная, перш за ўсё, таму, што яна не адказвае з дастатковай глыбінёй і пераканаўчасцю на важныя пытанні. Калі пісьменнік абмінае складанасці жыцця, ён пакідае чытача ў адзіноце якраз там, дзе чытач чакае разумнага і глыбокага слова. Ён, па сутнасці, пакідае пытанні чытача без адказу. Але ж калі і ёсць сэнс весці размову з чытачом, дык перш за ўсё для таго, каб дапамагчы яму разабрацца ў складаных з’явах. У лёгкіх ён сам разбярэцца.

Той факт, што нашы праціўнікі, антыкамуністы ўсіх масцей, выкарыстоўваючы ўсе магчымасці сучасных сродкаў інфармацыі, спрабуюць уплываць на нашых людзей, выстаўляючы нашы цяжкасці і нашы складанасці, сам па сабе абавязвае савецкага пісьменніка ўступаць у бой, даваць тым жа фактам аб’ектыўнае, наша тлумачэнне.

Тут трэба сказаць, што чым больш сур’ёзная задума і канфлікты твора, тым важней дакладнасць аўтарскіх ацэнак, партыйная прынцыповасць у поглядах аўтара.

Усеагульны характар сучаснай ідэалагічнай барацьбы з надзвычайнай сур’ёзнасцю ставіць пытанне пра тое, як уплывае літаратура на чытача. Тут ёсць дзве асаблівасці: характар уплыву ў сэнсе ідэалагічнай накіраванасці і ў сэнсе даходлівасці, пераканаўчасці.

Першая асаблівасць вельмі ясная: ва ўсім, што датычыць ідэалагічнай накіраванасці твора, наша пазіцыя, вядома, павінна быць заўсёды партыйнай. Але ж для нас не можа быць абыякавым, асабліва ў сучасных абставінах, наколькі тое, пра што гаворыць пісьменнік, даходзіць да чытача, пераконвае яго. Таму што кніга, якой бы добрай ні была яе ідэя, толькі тады можа прынесці карысць, калі яна хвалюе, захапляе чытача. Тады, як выклікае ў яго давер’е.

Калі літаратура заўсёды змагалася за давер’е чытача, дык цяпер, калі ў сусветным маштабе па сутнасці ідзе барацьба за сэрцы, за душы людзей, гэтая адвечная праблема літаратуры становіцца асабліва вострай. Барацьба за давер’е, за сэрца чытача — гэта мэта, пагарджаць якой не мае права ні адзін пісьменнік.

Узаемаадносіны чытача і пісьменніка — у цэлым шырокая, са шматлікімі аспектамі тэма. Мне тут хочацца закрануць яшчэ адзін, на мой погляд, вельмі сур’ёзны аспект. Ужо звыкла адзначаючы тое, што разам з імклівым ростам нашай краіны растуць і матэрыяльныя патрэбы нашых людзей, мы, мне здаецца, мала ўдзяляем увагі таму, як выраслі за гэты час іх мысліцельныя, інтэлектуальныя патрэбы. Сапраўдная рэвалюцыя ў галіне асветы, што адбылася ў нашай краіне, высока ўзняла інтэлектуальны ўзровень велізарнай масы людзей і іх, калі гаварыць пра мастацтва, запатрабаванні да мастацтва, да літаратуры. Сённяшні ўзровень савецкага чытача патрабуе ад пісьменніка размовы на высокім узроўні, патрабуе ад твора глыбіні, сур’ёзнага, складанага даследавання, доказу фактамі.

Думаецца, няма неабходнасці даказваць, што сённяшні дапытлівы чытач больш чым калі-небудзь раней не церпіць у творах пісьменніка азбучных ісцін, рыторыкі, пустапарожняга звону. Ён патрабуе ад мастацкага твора сур’ёзнага аналізу, дзелавітасці, пераканаўчасці.

Ён патрабуе ад твора мастацтва высокага прафесійнага майстэрства, высокай мастацкасці.

У сувязі з гэтым мне хочацца выказаць яшчэ адно меркаванне. Ёсць пакуль у нашым асяроддзі, у выдавецтвах, такое становішча, калі твору на патрэбную тэму робіцца спагадлівая скідка. Лічыцца, быццам такі твор, нягледзячы на свае мастацкія недахопы, будзе карысны, паколькі тэма карысная.

Мне здаецца, гэта памылковае і небяспечнае меркаванне. Яно небяспечнае не толькі таму, што прачытаўшы адну, другую дрэнную кнігу, чытач ужо з недавер’ем бярэцца за трэцюю, а можа і зусім не ўзяцца. Небяспека дрэнных кніг у тым, што, выклічаючы ў чытача недавер’е, насцярожанасць, яны ствараюць адваротны эфект, чытач нібы пачынае спрачацца з аўтарам. З недавер’ем адносіцца не толькі да самой кнігі, але і да думак, якія аўтар сцвярджае.

Гэта вельмі сур’ёзна. І гэта, мне здаецца, дае права гаварыць пра тое, што майстэрства, мастацкасць у творы мастацтва не з’яўляецца катэгорыяй толькі эстэтычнай. Што разуменне партыйнасці ў адносінах да твора мастацтва не можа быць абыякавым да ўзроўню мастацкасці.

Чым больш сур’ёзна тое, пра што піша мастак, тым вышэйшая яго адказнасць за мастацкі ўзровень яго работы. Ёсць тэмы, у якіх рамесніцтва асабліва нецярпімае. Да іх адносіцца, напрыклад, ленінская тэма, адна з самых высакародных і важных тэм нашых дзён.

Важная і адказная роля літаратуры ў сучасным свеце. Цяжкая і адказная роля савецкага пісьменніка. Яна патрабуе ад пісьменніка сур’ёзных адносін да свайго абавязку перад Радзімай і народам, самаахвярнай працы, напружання ўсіх разумовых, духоўных сіл.

Вялікія заслугі ў савецкай літаратуры, што паўвека сумленна служыць народу і партыі. Хочацца асобна сказаць пра значную работу, якую робяць многія пісьменнікі ў рэдакцыях, у выдавецтвах, у розных грамадскіх арганізацыях. Штодзённа адбываюцца дзесяткі непасрэдных сустрэч пісьменнікаў з чытачамі ў самых розных кутках краіны. Гэтая дзейнасць, якой аддадзена многа сіл і часу, істотная частка нашага пісьменніцкага жыцця.

Гэта работа патрэбна, неабходна. Яна выклікана самім часам, неспакойным, патрабавальным нашым жыццём. Заканамерна, што нямала творчай энергіі пісьменнікаў ідзе на яе. Але іншы раз усё ж прыходзіцца бачыць, як некаторыя, і прытым буйныя, пісьменнікі занадта многа займаюцца дробнай адміністрацыйнай дзейнасцю, трацяць многа часу на малакарысных пасяджэннях. Засядацельская мітусня марнуе сілы і час многіх літаратараў, яна стала проста хваробай у некаторых пісьменніцкіх арганізацыях. Яшчэ не-не ды і пачуеш ці адчуеш такое, быццам работа над кнігай — прыватная справа пісьменніка.

Нярэдка ствараецца такое становішча, што даводзіцца напамінаць старыя ісціны: трэба берагчы сілы і час мастака, разумна выкарыстоўваць іх. Якія яны ні важныя, выступленні і пасяджэнні, галоўны грамадзянскі абавязак пісьменніка ўсё ж — пісаць. Добрая кніга звязвае пісьменніка адразу з сотнямі тысяч, з мільёнамі чытачоў, становіцца па сутнасці важнай грамадскай падзеяй.

Будзем памятаць пра гэты абавязак перад народам і Радзімай. І будзем працаваць, каб выканаць яго сумленна, з годнасцю, на ўзроўні патрабаванняў часу.

 

1969


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 382-387
Крыніца: скан