epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Адказнасць перад народам

Некалькі гадавін нашай арміі мне давялося сустракаць па-салдацку. Былі гэта гады неспакойнай перадваеннай маладосці і франтавыя незабыўныя гады. Яны даўно адышлі ў мінулае, але памяць пра іх жыве ў сэрцы і заўсёды выклікае адчуванне роднаснай сувязі з арміяй, з тымі, хто цяпер служыць пад яе сцягамі. Вось ужо шмат гадоў чалавек цывільнай прафесіі, я заўсёды адзначаю свята Савецкай Арміі як сваё асабістае свята. У гэты дзень быццам зноў вяртаешся да маладосці, зноў адчуваеш сябе ў шынялі, сярод такіх жа, якім ты быў сам, зноў — салдатам.

Ужо больш як паўтара дзесятка гадоў жыву я ў Мінску. Я бачыў горад у тую пару, калі на месцы яго амаль усюды былі хаатычныя груды бітага камення, пачварных глыб цэменту, пакручанага жалеза. Страшны быў выгляд гэтых руін, пустэч, якія рабілі горад падобным на вялізныя могілкі. Рэдка ў той час тут сустракаліся людзі, ды і былі яны ў большасці сумна засяроджаныя, самотныя...

Я бачыў, як з дня ў дзень, з году ў год знікалі руіны, знікалі чорныя сляды вайны, адыходзілі смутак і скруха. Людзі капалі катлаваны пад першыя дамы, раслі чырвоныя цагляныя сцены, і застываў асфальт на першых метрах старых і новых мінскіх вуліц. Я назіраў, як выходзілі на вуліцы, на строгі суд людзей першыя мінскія самазвалы і трактары. На маіх вачах набіраліся сіл ліпы на вуліцах, вырасталі паркі і скверы, на маіх вачах падлеткі станавіліся юнакамі, студэнтамі — раслі майстры такарнай справы, майстры мастацтва.

З году ў год рос горад, расло, шырылася, набірала сілы жыццё ў ім. І хоць ён працягвае расці надзіва хутка, я не магу сказаць, што вырас ён, як у казцы. Шмат нястач і цяжкасцей давялося перажыць тым, хто будаваў жылыя дамы, карпусы заводаў у пасляваенныя гады. Ведаю, колькі працы ўкладзена ў стадыёны і тэатральныя будынкі горада, у яго веліч і красу. Праца многіх тысяч, соцень тысяч людзей — у яго кварталах і плошчах.

Але людзі ў Мінску, як і ў любым горадзе, заняты не толькі працай. Багатае і разнастайнае жыццё нашых людзей, якія ўвечары запаўняюць глядзельныя залы і каткі, адпачываюць дома ў сям’і, чытаюць, займаюцца хатнімі справамі, мараць.

У стваральнай працы неяк асабліва ясна, можна сказаць, наглядна адчуваеш разнастайнасць і веліч нашага часу. Мімаволі думаеш, якое прыгожае і значнае наша жыццё, тое, што ніколі не заціхаючы, напаўняе ўсе гарады і пасёлкі, Поўнач і Поўдзень, Сярэднюю Азію і Сібір, усе неаглядныя прасторы савецкай зямлі. Багата клопату і надзей, яркіх чалавечых лёсаў умяшчае ў сабе наша вялікая Радзіма.

Калі думаеш пра жыццё, адчуваеш і вялікую адказнасць за гэта жыццё. Мы добра бачым тую небяспеку, якая пагражае людзям, і трэба зрабіць усё для таго, каб адвесці яе.

У свеце трывожна, але людзі і ў маім родным Мінску, і па ўсёй краіне натхнёна працуюць, спадзяваюцца, мараць.

Людзі Савецкай краіны без страху глядзяць у будучыню. Яны ўпэўнены ў сіле роднай арміі, у сіле краіны, у мудрасці партыі, упэўнены, што кожны воін заўсёды памятае пра сваю вялікую адказнасць перад народам, добра ведае сваю справу.

 

1962


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 173-174
Крыніца: скан