epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Агні над руінамі

Багата якім салдатам і афіцэрам Трэцяга Беларускага фронту, мабыць, добра помніцца невялікая беларуская вёска Судзілавічы. Яна размешчана каля вялізнага Асінаўскага балотнага абшару. У дні, калі ішла вялікая бітва за Беларусь, гэтая вёска больш за паўгода была «нічыёй» зямлёй. Помным чэрвеньскім днём 1944 года, калі пачаўся славуты пяты ўдар, Судзілавічы былі першым населеным пунктам, у які ўвашлі нашы танкі і стралкі.

Страшны малюнак убачылі салдаты. Вёска была так разбурана, што амаль немагчыма было вызначыць тое месца, дзе некалі стаялі хаты. У вёсцы не ўцалела ні адной пабудовы, ні аднаго дрэўца. Ніхто не выйшаў насустрач байцам, у вёсцы не было ні аднаго жыхара — гітлераўцы часткай пагналі іх у няволю, часткай знішчылі. Здавалася, вёска сцёрта з зямлі назаўсёды.

Нядаўна мне давялося пабыць у Судзілавічах зноў. Я не пазнаў знаёмых мясцін. Там, дзе чатыры гады таму быў перарыты снарадамі і мінамі пустыр, стаялі ў два рады хаты. Яны былі, можа, часам малаватыя і не зусім дабудаваныя, але гэта былі сапраўдныя хаты. Палі, дзе некалі, закапаўшыся ў зямлю, стаялі нашыя войскі, залаціліся спелым жытам, зелянелі бульбоўнікам. Толькі акопы і хады злучэння, якія сустракаліся ўсюды на ўзлессі і ўзболатку, нагадвалі аб нядаўнім.

Калі я думаю пра Беларусь, мне часта згадваецца гэтая вёсачка. Ёсць нешта сімвалічнае ў яе вобліку, у яе лёсе. Дзе б вы ні былі на Беларусі, вы ўсюды ўбачыце яшчэ акопы — у лясах, у пясках, у балотах, яны паўзасыпаліся, затравелі. Яшчэ можна бачыць горы ламачча на ўзлессях пад Бабруйскам, дзе ў катле кіпелі нямецкія палкі. Яшчэ на цэлыя кварталы страшэннымі ранамі зеўраюць пустыры ў Гомелі, Оршы, Віцебску.

У пейзажы Беларусі цяпер вельмі багата кантрастаў, але ў ім з кожным днём усё шырэй, усё ярчэй вылучаюцца колеры будоўлі, колеры жыцця. І ўсё менш рэжуць вочы жахлівыя сляды разбурэння.

Зроблена ўжо шмат. Адноўлены тысячы прадпрыемстваў; праз зашклёныя вокны чуецца неўтаймаваны гул машын; над абшарамі часам клічуць заводскія гудкі, і на іх голас спяшаюцца да ўваходных варот заклапочаныя натоўпы рабочых... Ужо амаль няма ў Беларусі зямлянак. Адбудаваны сотні тысяч новых дамоў. У трох лясных раёнах Палесся — Лельчыцкім, Капаткевіцкім, Даманавіцкім — гітлераўцы ад бяссільнай злосці супраць партызан спалілі амаль усе вёскі, знішчылі ўсе калгасныя пабудовы. Цяпер на месцы папялішчаў зноў стаяць хаты. Палі, спустошаныя вайной і зарослыя бур’яном і пустазеллем, зноў заараны і засеяны.

Дзве галоўныя рысы аднаўлення, якое разгарнулася ў нас, кідаюцца ў вочы — гэта хуткія тэмпы і вялізныя маштабы працы. Аблічча шмат якіх месц мяняецца літаральна на вачах. Прычым характэрна, што тэмпы будоўлі з кожным годам растуць.

Аднаўляючы, у нас не паўтараюць таго, што было да вайны. Рабочыя, калгаснікі хочуць бачыць свае заводы, фабрыкі, калгасы лепшымі, больш магутнымі і больш дасканалымі, чым да вайны. Рабочыя гомельскага станкабудаўнічага завода імя Кірава ганарацца тым, што ліцейны цэх цяпер у два разы мацнейшы, чым да вайны. Абсталяванне ў ім таксама лепшае, самае новае. У Беларусі пабудаваны і будуюцца прадпрыемствы, якіх ніколі раней не было ў нас. Асаблівай пашанай у нас карыстаюцца Мінскі аўтамабільны і трактарны заводы. Гэта наш гонар. У будаўніцтве іх бярэ ўдзел увесь народ. У цэхах і карпусах заводаў можна сустрэць хлопцаў і дзяўчат з любога раёна рэспублікі. Аўтазавод асвойвае новыя складаныя вузлы. Нядаўна скончана падрыхтоўка да выпуску задняга моста. Цяпер на чарзе — рэдуктар. На трактарным заводзе пачалі серыйны выпуск пускавога матора. У пачатку наступнага года пачнецца масавы выпуск дызеляў. Хутка самазвалы МАЗ-205 Мінскага аўтазавода і беларускія трактары выйдуць на дарогі і палі краіны.

Такія поспехі былі магчымы толькі таму, што аб Беларусі ўвесь час клапоціцца ўрад нашай краіны, што ёй дапамагаюць братнія народы. Новым прыкладам клопатаў аб беларускім народзе з’яўляецца пастанова Савета Міністраў СССР «Аб мерах дапамогі сельскай гаспадарцы Беларускай ССР у 1949 годзе». Пра яе ж сведчаць шматлікія эшалоны, якія штодня ідуць па нашых дарогах з Масквы і Ленінграда, Урала і Каўказа. Ленінград і Масква, Грузія і Сібір удзельнічаюць у аднаўленні беларускай зямлі.

Па трамвайных маршрутах Мінска імчацца чырвоныя вагоны з надпісам «Працоўным Мінска ад працоўных горада Леніна». Гэта падарунак нашаму гораду ад гераічных ленінградцаў — красамоўны знак братняй салідарнасці. У Маскве вучыліся высокаму рамяству маладыя мінскія аўтазаводцы. Сталінград дапамог падрыхтаваць спецыялістаў для трактарнага завода. Мінскія будаўнікі спаборнічаюць з будаўнікамі Сталінграда. Нядаўна мы сустракалі дэлегацыю сталінградцаў у нас у Мінску. Яны вельмі ўважліва знаёміліся з поспехамі нашых будаўнікоў. Сталінградцы адчувалі сябе не толькі гасцямі, але і гаспадарамі — яны ўсё па-гаспадарску ўзважылі, далі каштоўныя заўвагі мінчанам. Праўда, і сталінградцы павучыліся таму-сяму ў нас... Можна было б прывесці багата прыкладаў усенароднай увагі да Беларусі.

 

 

У працы выраслі новыя героі. Народ, які паказаў вялікую мужнасць у партызанскіх бойках, не страціў сваёй славы ў працы, у будаванні.

У гэтыя гады мужнасць была часам не менш неабходна, чым на вайне. Нялёгка было аднаўляць на спустошанай зямлі. Рабочым даводзілася манціраваць першыя станкі пад адкрытым небам, у злыя зімнія халады і ў асеннія дажджы. У калгасах часта насенне збіралі па зярняці, мяшкі з насеннем насілі ў поле на сабе, не было коней.

Герояў багата. Немагчыма ў невялікім артыкуле не толькі расказаць аб іх, але нават пералічыць. Ёсць сярод іх імёны, якія вядомы на ўсю Беларусь, але многіх ведаюць толькі свая вобласць, свой завод, свой цэх. Гэта і зразумела, таму што гераічных учынкаў так многа, што запамінаюцца толькі самыя выдатныя.

У перадсвяточныя дні мне пашчасціла пабыць на буйнейшай у рэспубліцы папяровай фабрыцы «Герой працы». Гэтая фабрыка адна з перадавых, яна датэрмінова, да 18 лістапада, выканала гадавы план. Тут, як і на другіх фабрыках, вельмі шануюць лепшых людзей. Няхай ведаюць пра іх толькі ў фабрычным калектыве, але гэта сапраўдныя героі. Многа слаўных спраў у гэтых, на першы погляд, непрыкметных людзей. Майстар папяровых машын Цярэнцій Кузьміч Бізюк працуе на «Героі працы» амаль дваццаць год. У час вайны, калі немцы наблізіліся да Добруша, ён эвакуіраваў свае машыны ў тыл. Там усе гады вайны майстар думаў пра родную фабрыку, клапатліва бярог свае машыны. І калі горад быў вызвалены, зноў вярнуўся з імі на «Героя працы». Фабрыка была ў руінах. Яшчэ над цэхам не было даху, а абсталяванне, якое захаваў т. Бізюк, было зноў устаноўлена. Цэх папяровых машын пачаў жыць. Зараз т. Бізюк адзін з лепшых стаханаўцаў завода.

У цэху каландравых машын выдатна працуе 62-гадовы майстар Сямён Аляксеевіч Садоўнікаў. Ён пенсіянер, але хіба ён мог сядзець склаўшы рукі, калі быў так неабходны на фабрыцы. Як толькі ў горад увайшлі савецкія байцы, ён заспяшаўся на пусты фабрычны двор. Стары майстар разам з моладдзю мужна перанёс усе цяжкасці першых месяцаў аднаўлення, не шкадаваў сілы, працаваў. Нядаўна міністр узнагародзіў С. А. Садоўнікава значком выдатніка сацыялістычнага спаборніцтва.

Такіх людзей на фабрыцы многа. Іх нямала на кожным заводзе, у кожным калгасе. Дзякуючы іх працы, іх гераізму Беларусь паўстае з руін, упэўнена ідзе насустрач будучыні.

 

 

У гэтым годзе ў Мінску пачалося будаўніцтва новай Савецкай вуліцы. Новая Савецкая зменіць аблічча горада, зробіць яго прыгажэйшым. Новая магістраль зусім не падобна на вузкую крывую вуліцу, якая была раней. Шырокі, саракавасьміметровы бетаніраваны праспект у цэнтры горада прамы, як страла. На ім пакуль толькі некалькі новых будынкаў ды рад стройных прыгожых мачт для ліхтароў. Яшчэ вакол яго груды руін, што адгароджаны платамі.

Але ў горадзе ўжо стала прасторней, святлей. Па першых абрысах можна ўжо выразна ўявіць сабе будучыню гэтай прыгожай магістралі. Так па абрысах, якія вырысоўваюцца сёння перад нашымі вачамі, можна ўявіць воблік будучыні Беларусі. Чым больш гэтых адзнак — новых пабудоў, тым ярчэй паўстае будучыня, выразней перспектыва. У вітрынах мінскіх магазінаў у перадсвяточныя дні выстаўлены эскізы будучых будынкаў. Мінчане збіраюцца перад імі, уважліва разглядаюць, абмяркоўваюць. Мы ведаем, што гэта хутка будзе зроблена, мы прымаем гэта часта не як мару, а як рэальнасць. У Беларусі цяпер асабліва любяць глядзець наперад. Мы жывём цяперашнім і будучым. У Акадэміі навук вучоныя нядаўна абмяркоўвалі план асушэння вялізных тэрыторый Палескай нізіны, выкарыстання яе багаццяў. Асушэнне балотных абсягаў на сотні тысяч гектараў павялічыць пасяўныя плошчы рэспублікі, зменіць аблічча Палесся. Наша рэспубліка вельмі бедная выкапнямі. У нас няма ні вугалю, ні нафты, ні жалеза. Але ёсць торф, ён нам замяняе вугаль. Торф рухае турбіны многіх нашых электрастанцый, у тым ліку і самай буйной — Асінаўскай ДРЭС. Яна была разбурана немцамі і цяпер адноўлена. У Беларусі пачаліся работы па стварэнню трох магутных энергасістэм: Мінскай, Усходняй і Паўднёвай, якія павінны забяспечыць фабрыкі, гарады і калгасы энергіяй.

Будуць працаваць для чалавека і рэкі. У Беларусі мноства рэк і азёр. Азёр асабліва багата на поўначы. Акаймаваныя ляснымі берагамі, яны надаюць асаблівую прывабнасць беларускаму пейзажу. Многа ў нас рэк — звілістыя, бясконца пятляючы, павольна цякуць яны сярод палёў, лясоў, балот, нясуць свае воды ў Дняпро, у Нёман, у Дзвіну. Рэкі будуць служыць будучыні. Ужо пачалося будаўніцтва буйных гідраэлектрастанцый: Асіповіцкай, Мсціслаўскай, Гарадзішчанскай. Будуць таксама пабудаваны тысячы дробных электрастанцый для саўгасаў і калгасаў. Яны дадуць святло 2500 калгасам.

Землі нашы няшчодрыя на ўраджай, ім патрэбны руплівы догляд, багата ўгнаення. Калгаснікі старанна абрабляюць палі, даюць зямлі ўсё неабходнае. Цяпер усюды можна бачыць, як па зімняй дарозе цягнуцца фурманкі, нагружаныя торфам. Калгаснікі рыхтуюцца да вясны.

Людзі жывуць думкамі і сэрцам у будучыні. Гэта да яе імкнецца майстар дрэваапрацоўчага цэха Мінскага аўтазавода В. Сафронаў, які 22 кастрычніка скончыў восьмую гадавую праграму. Зараз т. Сафронаў працуе за 1956 год. Ліцейшчыкі Добрушскай папяровай фабрыкі да Дня Канстытуцыі скончылі выкананне пяцігодкі.

Начамі ў сталіцы Беларусі відаць, як за горадам у цемры снежаньскага неба палае трапяткое зарыва. Гэта — аўтазавод. Лявей яго зіхаціць агнямі трактарны. Усю ноч, ад вячэрніх прыцемкаў і да раніцы, гараць агні. Днямі і начамі працуюць заводы.

Таксама напружана жыве і ўся рэспубліка. Яна ідзе да будучыні. Яшчэ няма трактараў на Мінскім трактарным. Але яны будуць. Яшчэ не на ўсю магутнасць адноўлена Асінаўская ДРЭС. Яна будзе адноўлена поўнасцю. Яшчэ ў гарадах руіны. Іх неўзабаве не будзе...

Будучыня! Яна зіхаціць перад намі, як агні аўтазавода і трактарнага. Яна кліча, вабіць да сябе. Яна ўдзень і ўначы няспынна гарыць у сэрцы беларускага народа, які жыве клопатам вялікага будавання.

 

1949


1949

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 106-111
Крыніца: скан