epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Анры Барбюс

17 мая 1873 года — роўна 100 гадоў назад — у невялікім французскім горадзе Аньеры нарадзіўся выдатны пісьменнік ХХ стагоддзя Анры Барбюс.

Мы шануем Анры Барбюса як сумленнага, праўдзівага і смелага пісьменніка, які адным з першых — у рамане «Агонь» — узняў мужны голас супраць імперыялістычнай бойні, у абарону мільёнаў людзей, апранутых у салдацкія шынялі і кінутых у акопы, на смерць.

Мы шануем Анры Барбюса як чалавека, грамадзяніна, які неспакойна і мужна шукаў і знайшоў тое, да чаго імкнецца кожны сапраўдны чалавек, — праўду жыцця, годны сэнс чалавечага існавання. Плённы пошук гэтых праўды і сэнсу прывёў чалавека, грамадзяніна А. Барбюса — да камунізма, паставіў яго ў рады камуністаў, зрабіў яго верным другам нашай краіны.

Мы шануем Анры Барбюса як мужнага байца, які задоўга да вайны 1939—1945 гадоў папярэджваў аб небяспецы, якую нёс свету і людзям фашызм і імперыялізм, і не толькі папярэджваў, але і зваў людзей да барацьбы з імі. І не толькі зваў, але і арганізоўваў шэрагі барацьбітоў з імі. Мы не забываем і ніколі не забудзем, як багата зрабіў Анры Барбюс — адзін з арганізатараў, кіраўнікоў антыфашысцкага і антываеннага руху ў пярэдадзень другой сусветнай вайны.

У нашай краіны многа шчырых сяброў сярод выдатных людзей свету. Анры Барбюс між іх — адна з самых прыгожых і дарагіх для нас постацей. Пачуцці пашаны і любові да Анры Барбюса поўняць асабліва нашы сэрцы ў гэтую святочную, урачыстую хвіліну, калі з такой яснасцю і велічнасцю паўстае перад намі ўсё, што зрабіў для людзей, для іх шчасця, для справы міру на зямлі слаўны пісьменнік Анры Барбюс.

 

1973


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 558
Крыніца: скан