epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Апавяданні Івана Грамовіча

Васіль Зарэвіч і Сымон Падаляка, героі апавядання Івана Грамовіча «Непрымірымасць», былі да вайны добрымі сябрамі. Разам вучыліся ў Мінску, пасля заняткаў удвух хадзілі па Студэнцкай вуліцы да паўночы, выказвалі адзін аднаму планы сваёй будучай дзейнасці. За нейкі час да вайны разам пайшлі ў армію, служылі ў адным палку. У першыя ваенныя дні, апынуўшыся ў варожым акружэнні, сябры ўдвух прабіраліся да фронту.

Тут шляхі сяброў разыходзяцца. Надышла вайна — вялікае выпрабаванне гарту людзей і чысціні, трываласці пачуццяў. Васіль Зарэвіч перад тварам грозных падзей не траціць сваёй грамадзянскай годнасці, ён бярэ зброю ў рукі, становіцца партызанам, каб змагацца за сваё асабістае і за народнае шчасце: «Зараз трэба рашуча дзейнічаць. Ад гэтага залежыць асабістае жыццё не толькі ўсіх нас».

Сымон Падаляка, трапіўшы ў такія ж абставіны, забывае пра свой абавязак, ахвяруе ім у імя свайго асабістага ціхага існавання. Ён імкнецца быць на «сярэдзіне» — не ідзе на службу да нямецкіх прыслужнікаў, але не дапамагае і партызанам. Здрадзіўшы народу, здрадзіўшы сяброўству, ён спрабуе нізкі, жывёльны страх за сваё жыццё прыхаваць своеасаблівай, з дазволу сказаць, «філасофіяй», сэнс якой вызначаецца адным словам — «арыентавацца». Адсядзецца ў скляпку, перачакаць грозны час, калі ідзе бязлітасная бойка не на жыццё, а на смерць, а пасля, калі неба пасвятлее, выбрацца са скляпка на прастор і ісці побач з мужнымі і вернымі — вось змест гэтай «філасофіі».

«Такія, як ты, хочуць за кошт іншых святкаваць перамогу! — гаворыць яму разгневана партызан Васіль Зарэвіч.— І ў новых абставінах будзеш прыжывацца, выбіраць цёплыя арыенціры. Навучыўся арыентавацца!»

Да здрадніка, чым бы ён сябе ні прыкрываў, не можа быць ні літасці, ні прымірэння. Зарэвіч рашуча разрывае сваё сяброўства з Падалякам і аддае былога сябра на справядлівы суд партызан...

У апавяданні «Непрымірымасць» ёсць нямала моцных хвалюючых радкоў. Яно прываблівае сваёй дзейснай накіраванасцю, яснасцю, вучыць ненавідзець тых, хто дэвізам свайго жыцця зрабіў «арыенціроўку», хто хаваўся, а часамі і цяпер хаваецца, ад цяжкай працы, прыходзячы ў нашу сям’ю дзяліць толькі радасць перамогі. З гэтага апавядання відаць, што Іван Грамовіч умее паставіць і правільна вырашыць даволі складаныя жыццёвыя праблемы.

З другіх твораў хочацца асабліва адзначыць апавяданне «У прымах», пра тое, як два франтавікі-таварышы, дэмабілізаваўшыся з арміі, асталёўваюцца часова ў вёсцы далёка ад роднай Чэрвеньшчыны. Аўтару найлепш удаўся вобраз сумленнага, ціхага Івана Будніцкага, а таксама тыя радкі, дзе ён гаворыць пра «пачуццё адзінай радзімы» ў сваіх герояў. Іван Будніцкі ўвесь аддаецца калгаснай справе на «чужыне» і працуе так старанна, як бы ён мог працаваць у родным калгасе. У сваю чаргу і калгаснікі вельмі блізка да душы прымаюць і гора Беларусі і асабістае гора Івана. Калі ён, даведаўшыся, што родная Чэрвеньшчына вызвалена, выпраўляецца ў далёкую дарогу, старшыня калгаса гаворыць:

«Збярэм сход, памяркуем, абдумаем. Пастанову запішам. Там жа цяпер папялішча... Так што табе трэба дапамагчы». Адышлі тыя часы, калі за межамі раёна, рэспублікі была чужая старана; Іван Грамовіч гэта заўважыў і паказаў у сваім апавяданні.

Прывабліва, з замілаваннем аўтарам намаляваны воблік «сына палка» Лёнькі Лазарчыка ў апавяданні «Молада-зелена». І ў другіх творах маладому пісьменніку ўдалося стварыць некалькі жывых вобразаў людзей. Праўда, некаторыя з іх раскрыты недастаткова глыбока, ім часамі не хапае закончанасці, яны ўспрымаюцца чытачом як накіды, як эцюды да нейкіх большых твораў. Лепш удаліся Івану Грамовічу Лёнька Лазарчык («Молада-зелена»), Іван Будніцкі («У прымах»), лётчык старшы лейтэнант Гайваронскі («Апавяданне пра нястрыманае сэрца»), Васіль Зарэвіч. Яны па-свойму глядзяць на свет, па-рознаму адгукаюцца на праявы жыцця, гавораць сваёю характэрнаю моваю. Пісьменнік умела перадае размовы, яны звычайна натуральныя і цікавыя.

Ёсць у зборніку добрая чалавечая цеплыня, якая робіць герояў больш блізкімі і дарагімі. «Позняе было іх каханне. Яно было такое, як гэта восень. Бадзёры, залаты ранак. Яблыкі пахнуць у садзе. Вечарам сцелецца па зямлі туман, а неба крэсляць знічкі» («У прымах»). Радкі, прысвечаныя каханню Варачкі і Івана, кранаюць прастатой і шчырасцю.

Разам з гэтым трэба адзначыць, што ў зборніку ёсць няўдалыя месцы, цьмяныя, ледзь акрэсленыя вобразы, ёсць хібы, ад якіх трэба перасцерагчы аўтара. У апавяданні «Вера Наваёнак» І. Грамовіч, імкнучыся зацікавіць чытача, бярэ навелістычны сюжэт толькі з-за таго, што ён нібы займальны, хоць такі сюжэт ніяк не дапамагае аўтару выявіць ні характар героя, ні задуму пісьменніка. Вобраз Веры Наваёнак праз гэта атрымаўся цьмяным, схематычным. Сюжэт, які павінен быць арганічнай часткаю апавядання, аказаўся зне яго, здаецца лішнім і штучным.

Можна зрабіць дакор пісьменніку за тое, што ён часам не звяртае належнай увагі на форму твораў. Кідаецца ў вочы аднастайная, рэпарцёрска-нарысная пабудова апавяданняў «Мой зямляк», «Вера Наваёнак», «Апавяданне пра нястрыманае сэрца». Аўтару іх трэба будзе ў далейшым пазбягаць гэтых традыцыйных прыёмаў, якія, дарэчы, цяпер часта паўтараюцца і ў творах некаторых іншых пісьменнікаў.

Гэтыя недахопы ўсё ж не могуць засланіць тых добрых поспехаў, якія дасягнуў І. Грамовіч у сваім першым зборніку. У маладога пісьменніка ёсць усе магчымасці для далейшай паспяховай працы. Усякі, хто будзе чытаць кніжку, не зможа не заўважыць, што аўтар яе ўважліва прыглядаецца да жыцця, умее адабраць найбольш істотнае і характэрнае, праўдзіва напісаць пра яго.

1948


1947-1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 9. Першая кніга. Дзённікі, запісныя кніжкі. Накіды, слоўнік, пагаворкі, асобныя выразы. Аўтабіяграфічныя запіскі "У пачатку вайны". Крытыка, публіцыстыка 1946-1976. Каментарыі.-Мн.: Маст. літ., 1984.-542 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан