epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Апавяданні пра вайну

У Дзяржаўным выдавецтве Беларусі выйшаў першы зборнік апавяданняў Міколы Лупсякова.

Усе апавяданні прысвечаны адной тэме — тэме вайны. Героі зборніка — людзі вайны. Адны з іх б’юць нямецкіх захопнікаў на фронце, другія змагаюцца з імі ў партызанскіх атрадах.

Лупсякоў з любоўю малюе сваіх герояў. Ён любіць зазірнуць у глыбіню чалавечай душы. Апавяданні «Да сваіх», «Першая атака» сведчаць пра тое, што малады пісьменнік мае добрыя здольнасці да псіхалагічнага аналізу.

У апавяданні «Да сваіх» Лупсякоў тонка падае стан крайняга напружання фізічных сіл чалавека. Герой апавядання — ранены салдат Ігнат, які застаўся на полі бою. Апамятаўшыся, Ігнат успамінае бой з нямецкімі танкамі. Радасць ад усведамлення, што ён жывы, ахоплівае Ігната. Гэтая вялікая радасць запаўняе Ігнатава сэрца. І ён, не думаючы пра тое, чаму нікога няма ў траншэях, паўзе да хаціны, якую заўважыў раней у лагчыне. Шлях вельмі цяжкі, бо салдат ранены ў абедзве нагі. Дапоўзшы да хаціны, прызвычаіўшыся да думкі, што ён жывы, Ігнат успамінае пра пустую траншэю, і гэта яго непакоіць. Сцэна, дзе Ігнат даведваецца пра адступленне нашай часці, намалявана вельмі ярка і каларытна. Гэта адна з лепшых мясцін ва ўсім зборніку.

Лупсякоў падрабязна сочыць за тым, як змяняюцца пачуцці ў Ігната на розных этапах гэтага неймаверна цяжкага шляху. Страціўшы на момант сілы ад страшнай навіны, што ён астаўся адзін, Ігнат не хоча згадзіцца з думкай пра смерць. Жыццё кліча яго, і ён рушыць далей да сваіх. «Пасля ён поўз, часам траціў прытомнасць, і тады перад вачыма плылі зялёныя агні. Але болю ён ужо не адчуваў. Урэшце, знясілены, ён ляжаў нерухома. Снег замятаў яго. А Ігнату здавалася, што ён дома, што поплеч з ім яго жонка і дзеці і старэнькая маці. Ён з імі нават размаўляў, але ніяк не мог зразумець, аб чым яны яму гавораць. Сон ужо змыкаў векі. Нешта халоднае пацякло за каўнер, і Ігнат на нейкі момант падумаў, што гэта, напэўна, тае снег. Ён раптам схамянуўся і зноў папоўз...»

Моцнае ўражанне робіць малюнак нечаканай сустрэчы Ігната з немцамі, якія спачатку яго не заўважылі, а пасля палічылі за мёртвага. Гэты малюнак добра перадае драматызм становішча, у якім апынуўся герой апавядання. «Але ён выразна яшчэ памятаў, што бачыў ля сябе двух немцаў. Гэта была яго смерць, і, чакаючы яе, Ігнат заплюшчыў вочы. Яму зрабілася жудасна, і ўпершыню ён па-сапраўднаму адчуў і боль і холад. Ён прытварыўся нежывым і, сцяўшы зубы, маўчаў увесь час, пакуль з яго сцягвалі валёнкі і шынель...

Ігнат дапоўз да сваіх. Ён перамагае смерць. Перамагае таму, што моцна любіць жыццё і ненавідзіць ворага. Матыў «любві да жыцця» ў апавяданні Лупсякова гучыць па-новаму, арыгінальна. У вобразе Ігната пісьменнік раскрывае адну з тыповых рыс савецкага чалавека.

Добрае веданне псіхалогіі «неабстралянага» байца выказаў Лупсякоў і ў апавяданні «Першая атака». Апавяданне пабудавана на ўспрыманні атакі двума рознымі байцамі — бывалым салдатам Сямёнам, які на фронт вяртаецца пасля трэцяга ранення, і маладым байцом Віктарам. Віктар «на перадавой першы раз». Ён ідзе ў атаку са складанымі пачуццямі: тут і страх навічка перад жорсткасцю вайны, і чалавечая цікаўнасць да баявой абстаноўкі, і, галоўнае,— жаданне быць смелым, «бачыць сябе наперадзе ўсяго батальёна». Аўтар добра перадае паводзіны маладога салдата.

«І яны пабеглі. І ўсё адбывалася вельмі проста, хутка, так што Віктару некалі было падумаць. Калі людзі, рассыпаўшыся ў ланцугі, выбеглі на ўзгорак і закрычалі «ўра», ён таксама закрычаў. Усе стралялі ў бок таполяў, страляў туды і Віктар. Яны беглі, грузлі па калена ў снег, цяжка дыхалі і з кожнай хвілінай набліжаліся да двароў. Віктар туліў галаву ў плечы, мяняў дыскі, выпускаў чаргу за чаргой...»

Вобраз Сямёна, бывалага салдата, атрымаўся менш яркім. Ён толькі намечаны, і гэта зніжае мастацкую каштоўнасць апавядання.

«Апавяданне Казіміра» — апавяданне іншага плана, чым абодва папярэднія. Тут сваю ўвагу празаік накіроўвае не на ўнутраны свет герояў, а на стварэнне вонкавага партрэта. Лупсякову ўдалося напісаць праўдзівы вобраз простага савецкага чалавека, якому прыйшлося жыць ва ўмовах нямецкай акупацыі. Абстаноўка ў апавяданні намалявана таксама праўдзіва і дакладна.

Між іншых апавяданняў «Апавяданне Казіміра» вылучаецца тым, што яно мае добры, зладжаны сюжэт. На жаль, моцнай сюжэтнай асновы не адчуваецца ў апавяданнях «Першая атака» і «Прыход у атрад». Гэтыя цікавыя апавяданні нагадваюць хутчэй замалёўкі або ўрыўкі з апавяданняў, чым апавяданні.

Мікола Лупсякоў скупы ў выбары моўных сродкаў. Ён следуе запавету пісаць проста і дакладна. У гэтым напрамку малады пісьменнік вучыцца, відаць, у нашага выдатнага майстра мовы Кузьмы Чорнага.

Вось як прыгожа і маляўніча піша Лупсякоў пра набліжэнне навальніцы: «А ў тым баку ў памутнелым небе збіралася парная навальніца. Раптам у чорных завітках хмар бліснула маланка, і ахутаны змрокам далягляд дыхнуў на зямлю гарачымі вятрамі. Па сцежках і ўздоўж дарог вецер пагнаў касмылькі сіўцу, падняў слупы пылу, закруціў іх, і яны, як спалоханыя, пабеглі прэч... Раз, другі прагрымеў гром...» (Апавяданне «Каваль»).

Скупа, лаканічна піша Лупсякоў пра падзеі, пра сваіх герояў. Гэтае карыснае імкненне да сціпласці, калі аўтар праз меру захапляецца ім, часамі шкодзіць некаторым творам, бо апавяданні губляюць сваю глыбіню, ім не хапае яркіх фарбаў, яны робяцца падобнымі на канспекты апавяданняў. Вобразы ў такіх выпадках толькі намячаюцца ў контурах, не разгортваюцца, не атрымліваюць жывой выразнасці. Як прыклад можна назваць вобразы Ганны Вырвіч і Жалудовіча (з апавядання «Спатканне»).

Пры ўсім гэтым зборнік «Першая атака» робіць добрае ўражанне. Апавяданні зборніка хвалююць праўдзівасцю. Малады пісьменнік, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, ведае і ўмела падае ваеннае жыццё. З любоўю малюе Лупсякоў сваіх герояў, простых савецкіх людзей. Гэтыя людзі сціплыя, сумленныя, у звычайных абставінах нічым не вылучаюцца. У часіну грозных выпрабаванняў яны з той жа сціпласцю здольны рабіць самыя мужныя ўчынкі. Яго героі прыйшлі ў апавяданні не з літаратуры, а з жыцця. Пісьменнік бачыў, любіў іх у жыцці і шчыра расказаў пра іх у сваіх творах.

Зборнік «Першая атака» сведчыць пра тое, што ў беларускую літаратуру ўвайшоў здольны празаік.

1946


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 9. Першая кніга. Дзённікі, запісныя кніжкі. Накіды, слоўнік, пагаворкі, асобныя выразы. Аўтабіяграфічныя запіскі "У пачатку вайны". Крытыка, публіцыстыка 1946-1976. Каментарыі.-Мн.: Маст. літ., 1984.-542 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан