epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Апавяданне: стан і задачы

Дарагія таварышы! Адзін з пісьменнікаў, якія выступалі ў дыскусіі пра апавяданне, заўважыў як асаблівасць ў развіцці апавядання, што жанр гэты ў розныя перыяды развіваўся нераўнамерна. Што ў развіцці яго былі свае перыяды прыліву і перыяду адліву. Карыстаючыся гэтым вобразам, відаць, можна сказаць, што ў жыцці нашай пісьменніцкай арганізацыі ў гэтыя дні яўна наступае перыяд адліву, перыяд летніх адпачынкаў. З гэтай прычыны, хоць наша дыскусія, магчыма, і не прыйшла да той стадыі, калі можна сказаць, што яна натуральна завяршаецца, мы павінны сёння падвесці вынікі яе, дагаварыць тое, што было недагаворана на старонках газеты.

На старонках «ЛіМа» выступіла не так мала — адзінаццаць чалавек. Пачатак дыскусіі быў зроблен грунтоўным артыкулам Васіля Бурана. Сярод удзельнікаў дыскусіі былі такія прадстаўнікі нашай крытычнай думкі, як В. Жураўлёў, В. Каваленка, С. Андраюк, Я. Герцовіч, А. Яскевіч, П. Дзюбайла, кінааператар Віктар Поляк, настаўнік з Пухавіцкага раёна Б. Зубкоўскі, празаік Іван Навуменка, аспірант Мінскага педінстытута Я. Адамовіч. Выступіла нямала. Але ў вочы кідаецца адна прыкрая і не вельмі зразумелая акалічнасць: пры добрай актыўнасці нашых крытычных сіл, у дыскусіі пакуль што мала брала ўдзел вялікая наша армія празаікаў. Яна выставіла ў дыскусіі толькі аднаго свайго байца. Толькі адзін практык-пісьменнік выступіў у дыскусіі — Іван Навуменка.

Як бачым, кідаецца ў вочы дзіўная абыякавасць саміх стваральнікаў прозы.

Тым не менш агульнае ўражанне ад дыскусіі нядрэннае. Дыскусія атрымалася цікавай і змястоўнай. Большасць выступленняў была прасякнута сур’ёзным імкненнем разабрацца ў сённяшнім становішчы з беларускім апавяданнем, разабрацца ў тым, што добра і што дрэнна ў нас у галіне малых форм.

Справядліва, што ў дыскусіі належным чынам былі адзначаны поспехі, якіх дабіліся беларускія празаікі ў галіне апавядання. Зусім заслужана ў ліку тых, хто плённа працаваў у гэтым жанры, былі названы вопытныя апавядальнікі Янка Брыль, Аляксей Кулакоўскі і іншыя.

Асабліва значных поспехаў у галіне малой формы дабіліся нашы маладзейшыя празаікі. Шмат добрага было сказана, напрыклад, пра Вячаслава Адамчыка. В. Адамчык выявіў сябе як арыгінальны празаік, з вельмі добрым разуменнем чалавечай душы і характэрных адзнак нашага часу. З поспехам у жанры апавядання папрацаваў і яго паплечнік па гэтаму жанру Міхась Стральцоў. Да асабістых дасягненняў гэтага таленавітага апавядальніка я мог бы аднесці, па-мойму, вельмі важнае для нашай літаратуры апавяданне «Свет Іванавіч, былы донжуан». Я лічу, што гэтае апавяданне — вельмі важнае, яно ўзняло, здаецца, упершыню ў нашай літаратуры, тэму тонка замаскаванага сучаснага мяшчанства. Міхась Стральцоў па-майстэрску выкрывае чалавека, які вельмі ўдала прыстасоўваецца да нашага часу, пад знешняй прыгожай абалонкай непрыкметна хавае пустацвет душы.

Гэта — апавяданне, якое выклікае вялікі роздум. Яго можна аднесці да важных здабыткаў нашай прозы.

Немалая ўвага была аддадзена і зусім маладым празаікам — такім, як Анатоль Кудравец і Мікола Капыловіч. Заслужана станоўча было паказана тое добрае, што яны зрабілі для нашай літаратуры. Аднак, на маю думку, не абышлося і без некаторых ацэнак, з якімі не толькі можна, але і трэба паспрачацца. Думаю, што некаторыя творы без дастатковых падстаў былі залічаны ў бясспрэчны актыў нашай літаратуры, ім яўна была дадзена завышаная ацэнка. Я лічу, напрыклад, што само па сабе непаганае апавяданне Капыловіча «Пустальга» не заслугоўвае такога захаплення, з якім пісалі пра яго ў дыскусіі таварышы крытыкі.

Кажу я гэта толькі для таго, каб перасцерагчы самога М. Капыловіча ад памылковага разумення сваіх вартасцей, каб правільна накіраваць яго надалей.

Думаю, каб для маладога празаіка куды больш важнае значэнне мае апавяданне «Хлеб», у якім выявілася вельмі добрае веданне народнага побыту, сардэчнае разуменне нашых людзей.

Думаю, што для творчага росту М. Капыловіча не менш важным з’яўляецца і поспех, якога ён дабіўся ў апавяданні «У ружовым тумане», што, па майму перакананню, несправядліва крытыкавалася ў дыскусіі. Мне здаюцца беспадстаўнымі крытычныя закіды Я. Герцовіча аўтару гэтага твора. Апавяданне М. Капыловіча цікавае тым, што ў ім малады празаік пранікліва заўважыў не прыкмечаную раней нашымі пісьменнікамі, вельмі дзіўную псіхалагічную якасць — жывучасць у абставінах выключнага, трагічнага стану будзённых, нікчэмных матываў паводзін. Страшна робіцца на душы, калі, чытаючы гэтае апавяданне, бачыш, як дробная, будзённая скнарлівасць, душэўная чэрствасць не адступаюць у некаторых цёмных душах нават перад пагрозай немінучай смерці.

Пастаноўка такіх складаных псіхалагічных праблем, адну з якіх узняў М. Капыловіч у гэтым апавяданні, вельмі важная і заслугоўвае бясспрэчнай увагі і ўхвалы. Я падтрымліваю і спробы М. Капыловіча ставіць надзённыя пытанні з жыцця сельскай інтэлігенцыі.

У дыскусіі адзначалася, у якасці агульнай заваёвы, што наша беларускае апавяданне ў апошнія гады стала больш аналітычным, што, калі браць апошнія пяць — дзесяць гадоў, паглыбілася сфера псіхалагічных даследаванняў. Як адзначалі некаторыя крытыкі, пафас многіх твораў скіраваны на глыбейшае раскрыццё героя як асобы.

Нельга не згадзіцца з тым, што да добрых дасягненняў нашых лепшых майстроў малых форм трэба аднесці праўдзівасць, натуральнасць іх твораў.

Разам з тым можна адзначыць, што ўсе аўтары, якія ўдзельнічалі ў дыскусіі, прызнаюць, што, пры пэўных поспехах нашых у галіне апавядання, няма ніякіх падстаў для таго, каб супакойвацца. Больш таго, ёсць сур’ёзныя падставы для трывогі.

Галоўнай бядою нашай, як адзначаюць некаторыя крытыкі, з’яўляецца тое, што апавяданняў друкуецца вельмі многа, але сапраўдныя творы сярод іх трапляюцца да крыўднага рэдка. Гэта акалічнасць натуральна выклікала рэакцыю, якую Я. Герцовіч выказаў у закліку: інфляцыю трэба перасцерагчы. Сапраўды, перад беларускім апавяданнем стаіць пагроза інфляцыі жанру. Гэтая пагроза — рэальная, і неабходна прыняць захады, каб яе спыніць.

У артыкулах В. Бурана, А. Яскевіча, І. Навуменкі і іншых удзельнікаў дыскусіі адчуваецца турботнае імкненне сур’ёзна разабрацца ў сённяшнім стане нашага апавядання, у шляхах адолення яго хваравітых з’яў.

Многія аўтары адзначаюць як адметную асаблівасць, што ў апавяданнях апошніх год пісьменнікі выключную ўвагу звяртаюць на маральна-этычны пачатак ва ўчынках людзей, у жыцці нашага грамадства. «Сёння ўся літаратура зрабілася неяк асабліва ўважлівая да маральна-этычных праблем», — заяўляе А. Яскевіч. Ён піша: «У творах гучыць гуманістычны матыў маральнага ўдасканалення, маральнай адказнасці чалавека».

Нельга не згадзіцца з тым, як тлумачаць прычыны асаблівай цікавасці да гэтых праблем нашы крытыкі, у тым ліку і Яскевіч. Яны правільна гавораць, што мы жывём у такі час, калі ўчынак аднаго чалавека можа ўплываць на лёс многіх, калі маральны воблік кожнага чалавека набывае асаблівае значэнне. Ва ўмовах нашай савецкай рэчаіснасці гэтую зацікаўленасць у маральнай каштоўнасці чалавека можна вытлумачыць тым, што наша грамадства прад’яўляе вельмі высокія патрабаванні да людзей. Такая патрабавальнасць вынікае з самой сутнасці камуністычнага грамадства, якое будуе наша савецкая краіна.

Зыходзячы з гэтых высокіх крытэрыяў патрабавальнасці, В. Буран выказвае папрок многім апавядальнікам у паэтызацыі «маленькага чалавека», у вузкасці погляду на жыццё, прыніжанасці патрабаванняў да грамадскай вартасці сваіх герояў. В. Буран піша з трывогай і тугой: «Няма маштабных герояў, няма шырокіх абагульненняў, мала мастацкіх адкрыццяў». Гэта — вельмі важны, вельмі прынцыповы папрок, варты самай пільнай увагі.

Дыскусія пра апавяданне, пра адзін з жанраў мастацкай літаратуры, вельмі часта перарастае ў спрэчку, якая датычыць не толькі малых форм, але ў цэлым усёй нашай мастацкай літаратуры. Не ў адным артыкуле, або ў падтэксце, або прама, завострана паўстае пытанне: якім павінен быць герой мастацкага твора. «Не можа не трывожыць арыентацыя некаторых пісьменнікаў на «маленькага» чалавека з яго абмежаваным светапоглядам, старэчасцю душы і пачуццяў», — піша В. Буран.

В. Бурану пярэчыць С. Андраюк, які падкрэслівае асаблівае значэнне «маленькага» чалавека. «Сёння, шчыра кажучы, неяк зусім не ўспрымаюцца творы, у якіх асноўным героем з’яўляецца «вялікі» чалавек», — піша С. Андраюк.

На жаль, спрэчка, як мне здаецца, набыла схаластычны характар. Калі ўдумваешся ў характар гэтай спрэчкі, адкрываеш сабе, што ў гэтай спрэчцы многа агульных разважанняў і многа даволі туманнага, не ўсё да канца ясна ў пазіцыях аўтараў.

Мне думаецца, што Васіль Буран, гаворачы аб «вялікім» чалавеку, зусім не лічыць, што нашай літаратуры не трэба паказваць чалавека радавога, звычайнага, што героем літаратуры павінен быць толькі нейкі асаблівы чалавек. В. Буран, на маю думку, выступае за «вялікага» чалавека ў тым сэнсе, што героем нашых твораў павінен быць чалавек значны, шырокіх поглядаў, дзейсная асоба. Мне здаецца, тое, што гаворыць Буран, трэба разумець як заклік паказваць радавога чалавека буйным планам.

Серафім Андраюк адстойвае права літаратуры на тое, каб яна паказвала «маленькага» чалавека з усімі яго радасцямі і турботамі, каб чалавек радавы, звычайны ў сваіх штодзённых клопатах, стаў асноўным героем літаратуры.

І вось тут, я лічу, правамерна ўзнікае пытанне аб тым, якога героя трэба лічыць «вялікім» і якога лічыць «радавым»? У пазіцыях аўтараў, аднаго і другога, тут не ўсё акрэслена, іх пазіцыі патрабуюць прасвятлення, удакладнення.

Гэта пытанне я лічу вельмі важным для ўсёй нашай літаратуры. Не выпадковы той факт, што яно ўзнікла ў нас ужо не ўпершыню, што і да дыскусіі яно ўжо ставілася пры розных нагодах. Такая незвычайная ўвага да гэтага пытання, натуральна, патрабуе ад нас адказу: чаму яно паўстала раптам з такой настойлівасцю? Па майму разуменню, праблема гэта ўзнікла ў значнай ступені як рэакцыя на тую лакіравальную літаратуру, якая непамерна ўзвялічвала чалавека, паказвала яго як усемагутную асобу, што лёгка пераадольвае жыццёвыя перашкоды. Гэтая асоба, адарваная ад жыццёвых турбот і нягод, нярэдка губляла сваю зямную прывабнасць і, натуральна, даўно выклікала ў чытача непрыхільнае стаўленне.

Такім чынам, тут ёсць свая лагічная правамернасць.

Але, з другога боку, таксама ж натуральна і лагічна ўзнікае развага: ці трэба, адстойваючы права на радавога героя, ледзь не абавязкова паказваць яго як вузка абмежаваную істоту? Ці канечне паэтызаваць гэтых людзей з іх «зямнымі» поглядамі, дробнымі клопатамі?

Відаць, ісціна тут у тым, каб кожнаму пісьменніку навучыцца бачыць у праявах будзённага, звычайнага сціпла прытоенае вялікае, бачыць у праявах абыдзеннага вялікі сэнс і ўмець адрозніваць высакароднае, вялікае ад дробнага, нікчэмнага.

Мае рацыю Алесь Яскевіч, калі ён гаворыць, што Васілю Бурану падабаюцца канфлікты аголеныя, страсці бурныя, ледзь не шэкспіраўскія. Але што ж зробіш, калі жыццё з яго складанымі і драматычнымі праблемамі далёка не заўсёды дае пісьменніку гэтыя канфлікты і страсці, нярэдка цячэ прытоена, ідзе некаторымі сваімі плынямі сярод паўсядзённасці, хаваецца ў побыце, як хаваюцца ў пясок, у глебу вялікія воды.

Я хачу падтрымаць тое, што, пярэчачы В. Бурану, гаворыць Алесь Яскевіч: што жыццё трэба бачыць ва ўсёй складанасці. Літаратура не мае права абыходзіць тыя праблемы, якія ўзнікаюць з паўсядзённага і малапрыкметнага чалавечага побыту, тым больш не мае права, што ў мінулыя гады яна імі нярэдка грэбавала.

Падводзячы вынікі спрэчкам пра герояў вялікіх і малых, хочацца сказаць, таварышы, што нельга ніякімі развагамі звужаць задачы літаратуры. Літаратура павінна бачыць і паказваць людзей ва ўсім багацці іх абліччаў. У ёй павінна быць месца і «вялікім» героям і «малым».

Мне блізкі па душы пафас артыкула В. Каваленкі «Ненатоленая прага духоўнасці», які гаворыць пра тое, што героі нашых твораў павінны быць героямі духоўна багатымі. На жаль, такімі героямі мы не часта можам пахваліцца. У чым тут прычына? Бяда многіх герояў нашай літаратуры, вядома, не ў тым, што гэтыя героі ў жыцці бедныя. Відаць, прычына таго, што вобразы іншых апавяданняў выглядаюць духоўна неглыбокімі у тым, што ў некаторых пісьменнікаў, як пра гэта гавораць творы, не хапае праніклівасці, псіхалагічнай культуры, каб спасцігнуць усю глыбіню душы герояў, усё духоўнае багацце людзей.

І В. Буран, і іншыя таварышы справядліва гаварылі аб тым, што многім героям нашых беларускіх апавяданняў не хапае актыўнасці, яны мала дзейсныя. Не выпадкова такое вялікае значэнне ў нашай літаратуры набылі дзівакі, якія па-ранейшаму бязбедна жывуць і пераходзяць з апавядання ў апавяданне. Пра тое, што немалы род дзівакоў яшчэ не знік, на жаль, гавораць і часопісы гэтага года.

Маюць рацыю таварышы, якія турбаваліся пра тое, што нярэдка шкодзіць нашым апавяданням дробнасць думкі і зместу. Як прыклад такога беднага па думцы твора можна назваць апавяданне Я. Васілёнка «Горкая радасць», змешчанае ў апошнім нумары часопіса «Полымя».

Відаць, усе вялікія беды нашых апавяданняў даюць нам права зрабіць вывад, што некаторыя з нашых празаікаў усё ж слаба ведаюць сучаснае жыццё. Выдуманых герояў робіць недастатковае веданне жыцця. З гэтай прычыны ў творах вынікаюць і выдуманыя калізіі і бяздумнае апісальніцтва і тое, што ў цэлым вельмі многім нашым апавяданням не хапае сур’ёзнай думкі. Мы маем права паставіць вельмі востра пытанне аб тым, што адной з прыкрых, істотных слабасцей нашай малой прозы з’яўляецца недастатковае філасофскае асэнсаванне герояў і іх учынкаў. Бяда гэта, на жаль, ёсць не толькі ў малой прозе.

З жалем трэба адзначыць, што страсная думка ў час дыскусіі абмяжоўвалася амаль выключна сферай прафесійных спрэчак. Мала разглядалася ўзаемадзеянне, што найперш вызначае вартасць усяго, што робім, узаемадзеянне: літаратура і жыццё, герой у жыцці і ў літаратуры, праблемы ў жыцці і ў літаратуры. Гэтыя праблемы не развіваліся ў дыскусіі як належыць. Недастаткова ўсё ж наша літаратура правяралася жыццём. Не правяраліся, не падмацоўваліся тыя праблемы, якія ставіліся ў артыкулах, у дыскусіі, праблемамі жыцця, канкрэтнымі жыццёвымі фактамі. У гэтым адна з слабасцей усёй дыскусіі ў цэлым.

Мне ў гэтых адносінах спадабаліся асобныя палажэнні ў артыкулах І. Навуменкі і А. Яскевіча, спадабаліся тым, што ў іх была спроба правяраць літаратуру, у прыватнасці нашы апавяданні, жыццём. Зусім правільна І. Навуменка гаварыў, што ў апошні час у нашым народзе адбыліся надзвычай вялікія змены. Між тым наша літаратура амаль прайшла міма такіх важных з'яў па сутнасці агульнанароднага значэння, як працэсы урбанізацыі тысяч і соцень тысяч людзей вёскі. Гэта няпростыя змены, у іх свае сацыяльныя і псіхалагічныя аспекты. Многія жыхары вёскі сталі рабочымі заводаў, але працэс іх урастання ў горад не закончыўся адразу з пераходам на гарадское месцажыхарства, яны ў многім засталіся сельскімі жыхарамі ў душы. У псіхалогіі гэтых людзей сплялося многа старога вясковага і гарадскога.

Узніклі новыя канфлікты, праблемы і супярэчнасці, якіх не ведала наша літаратура. Мы не здолелі іх як належыць асэнсаваць, і наша апавяданне і ў цэлым наша літаратура, можна сказаць, прайшлі міма гэтых шырокіх працэсаў, што датычаць у цэлым псіхалогіі і жыццёвага ўкладу нашага народа.

У гэтых адносінах мне вельмі спадабалася апавяданне В. Адамчыка «Хата», у якім аўтар чула ўлавіў ход незвычайнага працэсу, які адбываецца на нашых вачах і закранае многіх нашых сучаснікаў.

Мы не можам не папракнуць наша апавяданне за тое, што яно застаецца ўсё-такі, калі гаварыць аб матэрыяле, звужаным, неахвотна, цяжка ідзе ў сферу гарадскога жыцця, слаба кранае жыццё навукі і студэнцтва, праблемы работнікаў інтэлектуальнай працы. Прыходзіцца шкадаваць і пра тое, што ў такі час, у які мы жывём, калі пахне порахам, калі кожны дзень даносіць да нас аддалены, але не такі далёкі гром бітваў, у такой нямірнай міжнароднай абстаноўцы, мы зусім нічога не гаворым пра барацьбу супраць сіл вайны, не сказалі нічога пра тых, хто ахоўвае наша жыццё. У літаратуры нашай не было сур’ёзных спроб расказаць аб сучаснай армейскай службе, жыцці тысяч юнакоў, што днём і ноччу пільнуюць нашу зямлю і неба.

Таварышы, гаворачы пра дыскусію, я хацеў бы скіраваць увагу яшчэ на адну акалічнасць. У цэлым у дыскусіі даволі многа гаварылася аб спецыфіцы апавядання розных яго асаблівасцях як жанру. Я хацеў бы тут асабліва адзначыць адну якасць апавядання, якая выгадна вылучае яго побач з такімі жанрамі прозы, як раман ці аповесць.

Я маю на ўвазе тое, што ў прозе апавяданне — самы аператыўны, чуйны жанр. Ні ў аповесці, ні тым больш у рамане, як вы ведаеце, няма такой рухомасці, такіх магчымасцей імкліва адгукацца на дынамічныя змены нашага жыцця. Канстанцін Федзін справядліва пісаў аб рамане: «Роман требует больших накоплений». Апавяданне, як правіла, не патрабуе гэтых «больших накоплений». Сам працэс стварэння апавядання таксама дае яму перавагі.

Вялікія і важныя ёсць перавагі ў апавядання!

Але, на жаль, мы мала выкарыстоўваем гэтыя перавагі. У выніку мы адстаём, недаравальна адстаём!

Мне здаецца, нам трэба біць трывогу, што проста нашай агульнай бядой стала абыякавасць, інертнасць да новага. Інертнасць гэта наша асабліва адчуваецца, калі чытаеш апавяданні адно за другім. Тады проста ўвачавідкі бачыш, што гэты чуйны жанр пад нашым пяром бывае надзіва глухі да новых канфліктаў.

Нас павінна непакоіць, што маючы немалую колькасць апавяданняў, мы ў іх рэдка сустракаем новыя, жыццёвыя, хвалюючыя праблемы.

Тут клопат пра магчымасці апавядання, пра рост гэтага жанру, фактычна пераходзіць у клопат, у праблему, як жыць пісьменніку — аўтару апавяданняў, як яму весці сябе ў жыцці, каб трымаць заўсёды руку на пульсе часу, каб добра чуць і разумець гэты пульс. Быць, вядома, на вышыні часу і на вышыні мастацтва!

Усе клопаты і ўсе праблемы зводзяцца да гэтага. Толькі да гэтага.

 

1969


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 338-346
Крыніца: скан