epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Бачыць глыбока і шырока

Выйшаў з друку раман з палескай хронікі «Подых навальніцы». Натуральная таму ўвага чытачоў да самога пісьменніка і яго творчасці. Як удалося стварыць сапраўды сучасны твор, што робіць гонар усёй нашай савецкай літаратуры?

Ці адразу ў вас з’явілася задума пісаць такое шырокае палатно, якое атрымалася зараз?

Відаць, вас хвалявала жыццё землякоў, іх побыт і звычаі? Магчыма, у раманах ёсць і біяграфічныя моманты? Ці вялікая ў вас доля вымыслу?

Як вы задумвалі характары сваіх герояў?

Якога прынцыпу вы прытрымліваліся, рыхтуючы «Подых навальніцы» да асобнага выдання?

Творы якіх пісьменнікаў вам асабліва блізкія?

Што прываблівае вас у творах маладых нашых пісьменнікаў?

 

Гаварыць пра сваю творчасць — цяжкавата, няёмка. Можа стварыцца ўражанне, што ты выстаўляеш яе напаказ, надаеш ёй асаблівае, выключнае значэнне. Я вельмі сціплай думкі пра тое, што зроблена мною ў літаратуры. І заўсёды бачу тое, што сам раблю, між таго, што робяць другія. Заўсёды існуе адчуванне працы ў вялікай пісьменніцкай сям’і.

Мне здаецца, што ў нашай літаратуры ў апошні час створана нямала сапраўды мастацкіх твораў. І ў прозе, і ў паэзіі, і ў літаратуразнаўстве. Хацелася б асабліва адзначыць поспехі нашых літаратуразнаўцаў. У апошні час з’явілася нямала крытычных прац, якія чытаюцца з карысцю, выклікаюць сур’ёзны роздум над жыццём і літаратурай. Я гавару пра гэта таму, што пра поспехі паэтаў і празаікаў больш гавораць, а працы крытыкаў і літаратуразнаўцаў менш заўважаюць.

Поспех кожнага з нас, канечне, звычайна абумоўлен цэлым шэрагам розных прычын: узроўнем мыслення ў цэлым, станам літаратуры. Таму поспех кожнага твора ў пэўнай меры залежыць ад паспяховай работы не аднаго пісьменніка. Мне здаецца, што чым багацей будзе наша літаратура ў цэлым, тым больш будзе ўмоў для поспехаў кожнага пісьменніка паасобку.

Для пісьменніка вельмі важна адчуваць маральную падтрымку таварышаў па працы, чытачоў. Калі пісьменнік адчувае падтрымку, у яго быццам бы вырастаюць крылы. Але пісьменнік не павінен ісці толькі па плыні, па гатовай дарозе. Мне здаецца, што вельмі вялікае значэнне мае перакананасць пісьменніка ў значэнні той працы, за якую ён бярэцца, што пісьменніку трэба сіла характару, цвёрдасць, упэўненасць, вера ў свой твор, у той шлях, якім ён ідзе.

Кожны сапраўдны пісьменнік, пачынаючы новы твор, фактычна пракладвае сваю новую дарогу. Як і кожны чалавек, які адпраўляецца ў дарогу, ён становіцца перад выбарам, якой дарогай ісці. Перад ім часта бывае безліч дарог, яму трэба выбраць самую найлепшую. Тут, канечне, усё залежыць ад пісьменніка, ад яго грамадзянскай і літаратурнай чуласці, ад яго вопыту, яго таленту. Усё гэта, нарэшце, можа прывесці пісьменніка цяжкім, рызыкоўным шляхам пошукаў і сумненняў — да адкрыццяў, да новых мастацкіх дасягненняў. Гэта думка зусім не пярэчыць той, што ўзровень пісьменніцкай працы залежыць ад узроўню літаратуры ў цэлым. У гэтым — дзве асаблівасці нашай пісьменніцкай працы.

 

«Людзі на балоце» ў такім выглядзе, у якім яны напісаны, маглі з’явіцца толькі пасля тых перамен, што адбыліся ў выніку ХХ з’езда партыі. Кажучы шчыра, не так проста, як можа здацца, было пісаць гэты твор, хоць ён і аб далёкіх падзеях. Мне прыходзілася нанава пераасэнсоўваць матэрыял, знаёмы для літаратуры, падаваць як высокую паэзію з’явы, якія мы прывыклі лічыць амаль што не вартымі паэзіі. Мне вельмі перашкаджалі многія старыя ўяўленні, да якіх я прывык і якія, фактычна, давялося пераадольваць. Адным словам, усё было не такім простым, як гэта ўяўляецца У. Карпаву ў артыкуле, надрукаваным у «Полымі». У літаратуры ні адна рэч, калі яна нечага варта, не паяўляецца на свет проста і лёгка.

Новае даводзіцца адкрываць і таму, хто піша на тэму, якую ніхто не чапаў, і таму, хто адважваецца пісаць пра тое, пра што пісалі другія. Я ўзяўся пісаць пра «людзей на балоце» зусім не таму, што гэта было лёгка, што тут усё адкрыў Якуб Колас. Павінен прызнацца: тое, што пра гэта пісалі Якуб Колас і другія пісьменнікі, хутчэй — стрымлівала мяне. Таму што я добра разумеў, на якую рызыку іду, беручыся за тое, за што браліся такія прызнаныя майстры літаратуры. Я разумеў, што пасля ўсяго, што напісана, у мяне было вельмі многа шанцаў напісаць такі твор, які астанецца непрыкметным, нязначным, не зацікавіць нікога. Усё, што ствараецца на новым месцы, не забудаваным, ужо само па сабе ўяўляе прыкметную з’яву, там жа, дзе ўжо стаіць нямала будынкаў, вельмі лёгка згубіцца яшчэ аднаму чарговаму збудаванню.

Разуменне гэтага неяк прыгнятала мяне, непакоіла, стрымлівала. Пісаў я таму, што мне вельмі хацелася напісаць аб гэтым, таму, што ўсё гэта было мне дорага. Па праўдзе кажучы, я не чакаў, што «Людзі на балоце» будуць сустрэты з такой увагай, прыхільнасцю. Гэта, можа быць, самы найбольшы і самы неспадзяваны сюрпрыз за ўсе гады маёй літаратурнай працы.

Яшчэ тады, калі я пісаў «Мінскі напрамак», у мяне ўзнікла задума напісаць пра Палессе. Мне малявалася невялікая аповесць пра пасляваеннае палескае жыццё. З цягам часу малюнкі Палесся сталі шырыцца і стала шырыцца сама задума твора. Я пачаў думаць пра вялікі эпічны твор. І чым больш думаў, тым больш прыходзіў да думкі, што пачынаць трэба з самага пачатку, з таго часу, калі толькі пачыналася новае жыццё ў Куранях. Так я падыходзіў да той задумы, якая была потым пачата ў «Людзях на балоце». «Подых навальніцы» — гэта працяг рэалізацыі задуманага твора пра людзей Палесся. Я думаў напісаць некалькі раманаў, пра што неасцярожна аднойчы прагаварыўся, але вопыт работы над двума раманамі пераканаў мяне ў тым, што трэба быць больш асцярожным у сваіх спадзяваннях. Усё аказалася куды больш складаным, чым здавалася спачатку. Больш складаным — час, больш складанымі — героі, больш складанымі — творы, а значыць, і больш складаная і не такая імклівая і праца над імі.

Усё ж гэта не такая простая рэч — пісанне эпапей, якія сталі ўжо любімай тэмай фельетаністаў. У сваё апраўданне магу сказаць, што ўсё больш думаю пра тое, каб неяк звузіць эпічную шырыню той задумы, якая калісьці мяне хвалявала ў наіўных марах.

У цэлым ужо ў пачатку работы я бачыў контуры сваіх будучых твораў, але яны, вядома, маляваліся мне вельмі цьмяна, агульна. У працэсе работы многае высвятлялася, знаходзілася многа новых падрабязнасцей, узнікалі такія рэчы, якіх я і не прадбачыў і якія многае мянялі ў маёй ранейшай задуме. Адбывалася нешта падобнае на тое, што бывае з чалавекам, які, ідучы, бачыць роўную, спакойную далеч, што па меры набліжэння ўсё шырыцца, багацее, становіцца ўсё болей шматфарбнаю. Абдумваючы «Людзей на балоце», я меркаваў закончыць кнігу тым, што Ганна пакідае Яўхіма. У працэсе работы развязка такая ўсё аддалялася і аддалялася, і мне давялося змяніць яе на тую, якая цяпер вядома чытачам «Людзей на балоце».

 

Задума палескіх раманаў нарадзілася з памяці аб перажытым. Малюнкі родных мясцін раней мяне хвалявалі менш, з гадамі — старэю, ці што? — усё гэта стала набываць нейкае асаблівае хараство і значэнне. Малюнкі, вобразы перажытага жылі ва мне, хвалявалі, турбавалі, звалі пісаць, гаварыць. Я адчуваў пахі родных лясоў, балот, я нібы нанава хадзіў па незабыўных дарогах, я нібы зноў бачыў перад сабой людзей, якія маляваліся, поўныя незвычайнай прывабнасці. Потым прыйшло жаданне напісаць кнігу аб жыцці сярод балот, кнігу, героем якой быў бы народ, людзі, якіх чамусьці называюць простымі. Кнігу, у якой бы цудоўнае жыло ў звычайным, трагізм — у звычайным, вялікае — у звычайным.

У абодвух раманах ёсць многа з майго жыцця. Я захаваў некаторыя імёны, некаторыя назвы. Па ўспамінах маленства напісаны эпізод, які расказвае пра тое, як Валодзька дабіваецца, каб яго ўзялі на луг. Гэта было са мной самім. Але аўтабіяграфічнасць праяўляецца не толькі ў такім чыстым выглядзе. Ёсць аўтабіяграфічнае і ў тым, як Ганна едзе на кірмаш, у малюнку самога кірмашу, хоць гэта усе і паказана вачамі Ганны. «Аўтабіяграфічны» і малюнак вяселля ў «Людзях на балоце», і вялікі пейзажны раздзел — дарогі ў «Подыху навальніцы». Ёсць «аўтабіяграфічныя» моманты і ў апісанні паездкі Апейкі ў Мінск, некаторых малюнкаў жыцця ў Мінску. Як у любым мастацкім творы, тут злілося разам і аўтабіяграфічнае і вымысел, які сваімі вытокамі браў бачанае, перажытае і такім чынам у пэўным сэнсе таксама «аўтабіяграфічны».

Доля вымыслу ў мяне вялікая. Мастацкі твор, мне здаецца, вельмі рэдка бывае без вымыслу. Пісьменнік, хоча ён таго ці не хоча, вымушаны ствараць цэлы новы свет.

 

Я бачыў лінію развіцця герояў вельмі агульна. Потым, калі працаваў, узнікала многа новага, канкрэтнага, часам і нечаканага. Чым больш я ўдумваўся ў жыццё сваіх герояў, чым больш я жыў імі, тым больш яны вялі мяне за сабой. Я стараўся нічога не навязваць герою, імкнуўся зразумець яго. Тут я хачу зрабіць адну заўвагу. У некаторых рэцэнзіях мне даводзілася чытаць, што Апейка ў «Подыху навальніцы» — ледзь не сам аўтар. Я лічу гэтую думку памылковай. Я не гляджу на ўсё толькі так, як Апейка. Апейка ў тым-сім абмежаваны вопытам свайго часу. Мне думаецца, што я, як чалавек 60-х гадоў ХХ стагоддзя, чалавек, якога аддзяляе ад падзей рамана вопыт трох з паловай дзесяткаў гадоў жыцця, ведаю многа такога, чаго не ведаў мой герой, ведаю больш і, значыць, магу разумець некаторыя падзеі крыху інакш, чым герой. Што да Апейкі, хочацца выказаць яшчэ адно меркаванне. Мяне папракалі, што Апейка вельмі многа ўмясціў у сабе, што ад гэтага ён траціць дакладнасць. Мне не хочацца з гэтым згадзіцца. З назіранняў над многімі, і не выдатнымі, людзьмі я пераканаўся, які шырокі свет чалавечых думак. Мне здаецца, што мы дарэмна так мала гаварылі пра тое, аб чым і як думае чалавек. Думкі ў чалавечым жыцці, відаць, займаюць не менш месца, чым эмоцыі. Адтаго такую вялікую ўвагу аддаў я ў новым рамане таму, што і як думаюць героі. Мне здаецца, гэтую асаблівасць сённяшняй літаратуры ў цэлым, і майго рамана ў тым ліку, добра адчуў Віктар Каваленка ў артыкуле, надрукаваным у часопісе «Вопросы литературы» № 2 за 1966 год.

Я не думаў, што буду пісаць большую частку таго, што напісаў у «Подыху навальніцы». Тое, што мне адкрылася, калі я пачаў паглыбляцца ў раман, здалося такім важным, што давялося змяніць аблічча кнігі. Фактычна ўзнікла не прадбачаная раней кніга. Лічыцца, што аўтар кепскі суддзя сваім творам, але мне чамусьці думаецца, што гэта самая складаная і самая сур’ёзная кніга з тых, якія я напісаў.

 

З класікаў асабліва люблю Талстога, Шолахава, Буніна, Чорнага. Люблю і ўважліва чытаю многіх сучаснікаў. Мог бы назваць нямала імён. Скажу толькі, што з карысцю для сябе чытаю і сваіх таварышаў — Брыля, Кулакоўскага, Шамякіна, Быкава, Навуменку. Нямала даюць мне нашы цудоўныя паэты — Танк, Панчанка, Куляшоў. Узбагачаюць разам з іншымі і маладзейшыя — Сачанка, Бураўкін, Чыгрынаў. З не меншай цікавасцю, чым мастацкія творы, чытаю нярэдка крытычныя работы, работы па эстэтыцы, сярод якіх у апошнія гады было нямала глыбокіх. Не без карысці даводзіцца іншы раз чытаць і слабыя, фальшывыя творы; чытаючы іх, асабліва наглядна бачыш, што губіць мастака, больш цэніш майстэрства і праўдзівасць.

 

У маладых пісьменнікаў прываблівае перш за ўсё хараство маладосці. Вялікае хараство, якое трэба берагчы. Шчырасць. Непрыхільнасць да фальшу. Не бяруся гаварыць, чаго не стае ўсім. Агульных рэцэптаў, прыдатных для ўсіх адразу, няма. Магу толькі сказаць, да чаго трэба імкнуцца. Зычу ім, як і сабе, — бачыць глыбока і шырока, пісаць праўдзіва. І, безумоўна,— сумленна.

 

1966


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 247-252
Крыніца: скан