epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Балюча думаць...

Мы ведалі, што ён апошнія гады вельмі хварэў. Мы трывожыліся. І былі шчаслівыя, калі бачылі яго, стомленага, змарнелага, але спакойнага, нават дзіўна вясёлага. Часта здавалася, што хвароба адступіла зусім, і як радаснае пацвярджэнне гэтаму, мы бачылі яго на сцэне. Зусім нядаўна бачылі — яшчэ такое вострае ўражанне пра яго Глушака, адну са шматлікіх яго роляў. Апошнюю ролю.

Памёр. Балюча думаць, што Глебаў, цудоўны Глебаў, не выйдзе з-за куліс у чарговай ролі, здзіўляючы, захапляючы яркасцю фарбаў, праўдзівасцю, глыбінёй. Цяжка ўявіць, што не пачуем больш непаўторнага глебаўскага голасу, не ўбачым вачэй яго, якія маглі так гневацца і так смяяцца, якія свяціліся такой мудрасцю, чалавечнасцю, глебаўскай хітрынкай.

Праўда, што кожны чалавек непаўторны. Непаўторнасць — асаблівая адзнака людзей таленавітых, выдатных. Глебаву была ўласціва непаўторнасць самая яркая, бліскучая, іскрыстая, хараство гэтай непаўторнасці відаць было ва ўсім, што ён рабіў, у кожным вобразе. Гэта быў талент, надзіва шчодра адораны прыродай, цудоўна адшліфаваны вялікай, нястомнай працай.

Выключную прывабнасць яго таленту надавала тое, што ён, як мала хто, быў зліты з народам; у ім надзіва хораша ззяла найбагацейшымі фарбамі ўсё тое, што стварае хараство народнай душы. Гэта быў сапраўды народны мастак, надзвычай арганічны, на рэдкасць натуральны.

Страту гэту мы будзем адчуваць доўга: смерць адабрала ад беларускага мастацтва выдатнага чалавека, вялікага майстра.

 

1967


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 254
Крыніца: скан