epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Берагчы вялікія скарбы

У беларускай літаратуры абстракцыянізм і фармалізм амаль не пусцілі карэнняў у глебу; можна заўважыць толькі асобныя фармалістычныя кветачкі ў двух-трох маладых паэтаў. Аднак хваравітыя, некарысныя для здаровага росту літаратуры тэндэнцыі ўсё ж былі. Напорыста, самаўпэўнена, як пустазелле, стала лезці на літаратурнае поле лжэнаватарства, нейкі ідэйны анархізм, абыватальская пагарда да народнага ў літаратуры.

Хваравітыя гэтыя з’явы ў нашай літаратуры былі пакуль што, па сутнасці, у стадыі тэарэтычных абгрунтаванняў, «распрацовак», яны праявіліся выразна, рэзка ў палемічных выступленнях шэрагу маладых літаратараў у нядаўняй вялікай дыскусіі «Пісьменнік і час», што ішла на старонках «Літаратуры і мастацтва». Палеміка з самага пачатку набыла рэдкую для беларускай літаратуры вастрыню: нягледзячы на адсутнасць «баявога вопыту», на малалікасць, добраахвотнікі ад «наватараў» павялі надзвычай ваяўнічыя атакі супраць усяго традыцыйнага, што склалася ў літаратуры. Такіх ваяўнічых воклічаў, трэба прызнацца, даўно не чуваць было на палях беларускай літаратуры.

Я збіраўся спачатку падрабязна расказаць пра тыя абвінавачванні і заклікі, што чуліся з боку атакуючых, але яны, як дзве кроплі вады, падобны на тыя, што добра знаёмы кожнаму масквічу і ўкраінцу, кожнаму пісьменніку. Барацьба ішла пад тымі ж лозунгамі: за наватарскія пошукі, супраць «традыцыйнасці», за славуты «новы стыль», прычым іменна гэтыя прыкметы, на думку выступаючых, павінны быць вызначальнымі — мае ці не мае права на жыццё твор. У некаторых выступленнях нечакана прагучала адкрытая пагарда да такой выдатнай якасці беларускай літаратуры, як народнасць, глыбокая сувязь многіх і многіх кніг нашай прозы, паэзіі, драматургіі з трывогамі, радасцямі і надзеямі працоўных людзей нашай зямлі.

Новыя павевы, мусіць, найбольш яскрава праявіліся ў артыкуле немаладога ўжо чалавека, перакладчыка Ул. Жыжэнкі. Артыкул называецца «Аднаго таленту мала!», але назва гэта яўна няўдалая, недакладная, куды бліжэй да ісціны было б назваць яго «Далоў ланцугі традыцый!». Хвалячы ўсяляк «наватараў» з ліку некаторых, дарэчы вельмі розных, маладых пісьменнікаў, аўтар цвёрда адмяжоўвае ад іх Паўстоўскага, Федзіна, Стэльмаха як прадстаўнікоў старога напрамку ў літаратуры. Што ж датычыць майстроў беларускай прозы, дык тут Ул. Жыжэнка наогул не цырымоніцца, тонам абвінаваўцы заяўляе, што, «ахоўваючы свае ўласныя традыцыі», яны «спрабуюць увогуле адмаўляць пошукі»!

Ул. Жыжэнку, пэўна, брала спакуса стаць тэарэтыкам новага напрамку ў беларускай літаратуры: многа ўвагі і энергіі патраціў ён у сваім артыкуле, вельмі блытаным, абгрунтаванню «новага, сучаснага стылю». У марных спробах растлумачыць «сучасны стыль» Ул. Жыжэнка прыпісвае яму якасці, якімі здаўна славіцца сапраўдная літаратура: лаканізм, псіхалагічны аналітызм і г. д., — але выдае гэта як заваёвы толькі новай літаратуры, твораў апошніх гадоў. Відаць, разумеючы ненадзейнасць сваіх тлумачэнняў, ён займаецца «вынаходніцтвам»: прыпісвае сучаснаму стылю не проста псіхалагічны аналітызм, а ўзмоцнены псіхалагічны аналітызм! Аўтар рэкамендуе ўкладваць сучасную прозу ў вельмі жорсткія, цесныя рамкі: «У крайнім абмежаванні дзеяння ў часе, у геаграфіі, у засяроджанасці яго вакол аднаго асобнага эпізоду, аднаго або невялікай колькасці персанажаў» бачыць аўтар ідэальнае выкананне патрабаванняў новага стылю. Калі чытаеш такое, мімаволі прыходзіць у галаву, што самым ідэальным узорам новага стылю для гэтых тэарэтыкаў магла б стаць класіцыстычная драма з яе славутым трыадзінствам!

У імя справядлівасці трэба сказаць, што такога роду «тэорыі» ствараліся людзьмі, якіх ніяк нельга аднесці да галоўных сіл нашай літаратуры. Цвяроза, горача абаранялі рэалістычныя асновы літаратуры ў час дыскусіі лепшыя нашы пісьменнікі — празаікі Іван Навуменка, Аляксей Кулакоўскі, Піліп Пестрак. Нельга не адзначыць з задавальненнем, што і лепшыя сілы нашай крытыкі праявілі выдатную сталасць, прынцыповасць, недвухсэнсоўна выказаўшы свае адносіны да «модных» павеваў; заслугоўвае вялікай павагі праца крытыкаў Н. Пашкевіча, Р. Бярозкіна, У. Юрэвіча, Р. Шкрабы, Ф. Куляшова і многіх іншых.

Усё ж нельга не прызнаць, што мітусня, узнятая «наватарамі», парушала здаровую творчую атмасферу, уздымаючы непатрэбныя спрэчкі, адводзіла часам увагу пісьменнікаў ад галоўнага, выклікала хістанні ў часткі моладзі. Яна прыгнятала многіх з нас, таму што ідэалагічная накіраванасць гэтых настойлівых агульных наскокаў на «старое» мастацтва, на «старыя» метады паказу жыцця прыкрывалася сцягам барацьбы з вынікамі культу асобы, рашэннямі ХХ і XXII з’ездаў. Іменна гэтыя «наватары» і лічылі сябе найбольш рашучымі і паслядоўнымі барацьбітамі з культам асобы, найбольш чулымі і найбольш вернымі выканаўцамі волі партыйных з’ездаў.

Гісторыя з «наватарамі» напомніла нам, што ў пытаннях абароны асноў нашага мастацтва нельга ліберальнічаць, бо калі той-сёй з пісьменнікаў, якія працавалі ў класічнай традыцыі сацыялістычнага рэалізму, гатовы быў, так сказаць, суіснаваць з фармалістамі, з «наватарамі», дык яны, па сутнасці, і ў думках не дапускалі суіснавання. Яны ж лічылі, што рэалісты-«традыцыяналісты» — мёртвае мінулае мастацтва, яны, па сутнасці, не прызнавалі за рэалістычнымі традыцыямі права на жыццё не толькі ў будучым, але і сёння. Яны адвяргалі не толькі Рэпіна, але і ўсіх, хто хацеў бы ісці за ім услед.

«Наватары» часта з пагардай і абурэннем гаварылі пра «нарматыўную крытыку»... Але дзіўна — ледзь адчуўшы сілу, многія з гэтых праціўнікаў «нарматыўнай крытыкі», па сутнасці, самі сталі нарматыўнымі крытыкамі: суд іх над тымі, хто ім прыходзіўся не да густу, быў бязлітасны і безапеляцыйны.

Здаецца, ніколі не было столькі легкаважных, безадказных выступленняў, як тыя, што паявіліся ў нашым літаратурным асяроддзі ў апошнія гады. Мімаволі ствараецца ўражанне, што хто-ніхто ўспрыняў тыя новыя абставіны, якія склаліся пасля ХХ і XXII з’ездаў, як блаславенне гаварыць і пісаць усё, што прыйдзе ў галаву. Пры гэтым у многіх выступленнях прыкметна была тэндэнцыя — гаварыць абавязкова не тое, з чым згодны іншыя, абавязкова спрэчнае, а яшчэ лепш — супрацьлеглае. Здаецца, ніколі не свярбела так самалюбству некаторых з пачаткоўцаў у літаратуры ад неадольнага імкнення праславіцца смелымі.

Смеласць — вялікая доблесць; яна заўсёды была, і заслужана, у пашане ў кожнага з народаў нашай краіны. Мы разумеем і высока цэнім смеласць Пушкіна, смеласць Чарнышэўскага, смеласць Талстога. Агульнапрызнана смеласць Шолахава, праяўленая ў цяжкі час. Вялікі гонар — стаць у шэрагу смелых.

Але ці дастаткова справядліва папаўняем мы гэты вялікі рад некаторымі нашымі сучаснікамі? Ці не лішне часта, ці заўсёды заслужана ўзнагароджваюцца гэтым вялікім словам — смеласць — некаторыя творы нашай літаратуры, асабліва ў апошні час? Ці не занадта шчодра выдаецца гэты пачэсны медаль?

У сувязі з гэтым хочацца напомніць і пра тое, што смеласць, як вядома, бывае розная. Розныя прычыны яе і розныя яе вынікі. Ёсць смеласць, выкліканая клопатам пра народ, пра вялікую літаратуру, і смеласць, выкліканая клопатам пра сябе. Можа, пахваламі за смеласць мы часам цешым хваравітае самалюбства? Можа, за смеласцю часам хаваецца проста анархізм, свавольства індывідуаліста?

Мы — за смеласць, але за смеласць, выкліканую сур’ёзным грамадзянскім пачуццём, клопатам пра дабро для народа. За смеласць, якая ўзвышае літаратуру, смеласць значных прынцыпаў. Мне здаецца, што сапраўдная смеласць абавязкова павінна спалучацца з такімі адметнымі асаблівасцямі нашай работы, як высокая грамадзянскасць, прынцыповасць, праўдзівасць...

Не магу не сказаць пра тое адчуванне, якое гняце душу, калі бачыш, з якой лёгкасцю некаторыя абыходзяцца з прадметамі, што патрабуюць асаблівай асцярожнасці і адказнасці. Калі чытаеш некаторыя бойкія вершы або артыкулы пра культ асобы, так і хочацца сказаць іх аўтарам: не забаўляйцеся гэтым, гэта — не для забаў, асабліва — літаратурных, у гэтым — вялікі боль. На гэта трэба мець асаблівае права — права выпакутаванасці, права сталага сэрца і сталай мудрасці! Тым больш гэтым нельга ні какетнічаць, ні спекуляваць!

У творчых спрэчках, што разгарнуліся ў нашай літаратуры, вельмі часта з боку маладых раздаваліся заклікі, якія ў той форме, у якой яны гучалі, не маглі не здавацца нам дзіўнымі. У прыватнасці, узяць хоць бы заклікі — да пошукаў, якія вымаўляліся з такім выглядам, быццам гэтыя пошукі толькі цяпер павінны пачацца. Маўляў, новая літаратура жыць не можа без пошукаў. Калі чуеш гэтыя заклікі, мімаволі думаеш: а чаму, зрэшты, літаратура павінна пачынаць іх; сапраўдная літаратура, з таго часу як яна існуе, заўсёды ў пошуках; без пошукаў літаратура не можа, не магла ніколі жыць, ні адзін значны твор ніколі не паяўляўся без пошукаў. Паэзія, літаратура заўсёды былі «ездой в незнаемое». Ці не больш правільна гаварыць — аб прадаўжэнні пошукаў, аб прадаўжэнні нязменнай традыцыі любой літаратуры, асабліва савецкай, якая заўсёды вылучалася самымі напружанымі пошукамі?

Вельмі часта даводзіцца чуць ад тых, хто імкнецца вызначыць, што такое новы стыль, гаворку пра тое, што адна з важнейшых, адметных асаблівасцей гэтага стылю — інтэлектуалізм. Літаратура новая, маўляў, строга інтэлектуальная, інтэлектуальнасць — галоўнейшая, адметная асаблівасць яе героя. Вядома, тут адразу ўзнікае ў нас пярэчанне такога роду: так, інтэлектуальнасць — важная якасць, аднак жа мастацкая літаратура — не навука, у мастацтве не менш важная і іншая, спрадвечная якасць мастацтва — эмацыянальнасць. Колькі памерла і памірае так званых інтэлектуальных раманаў і аповесцей, не сагрэтых гарачым сэрцам, гарачым чалавечым дыханнем!

Але мяне больш закранаюць гэтыя размовы пра інтэлектуальнасць — як пра адметную рысу «новага стылю» — па другой прычыне. Мне здаецца зусім неапраўданым меркаванне пра інтэлектуальнасць як пра нейкую зусім новую рысу літаратуры. Дзіву даешся, слухаючы такое, думаеш: ды ці азіраюцца назад некаторыя нашы «тэарэтыкі», ці абапіраюцца яны ў сваіх вывадах на вопыт, набыты літаратурай за многія дзесяткі год? Дзіву даешся, як можна — хаця б у падтэксце — выказаць сумненне ў вялікай інтэлектуальнасці ўсіх лепшых твораў нашых літаратур? Савецкая ж літаратура — з самых першых дзён сваіх — заявіла пра сябе як літаратура ў вышэйшым сэнсе інтэлектуальная. Хіба не інтэлектуальныя і Чапаеў, і Левінсон, і шолахаўскі Штокман, і не вельмі пісьменны Рыгор Мелехаў, які пакутліва шукае сваёй дарогі ў заблытана-складаным, бязлітасным жыцці? Інтэлектуальныя не толькі Давыдаў, але і Майданнікаў, і каваль Шалы. Па-народнаму мудры, інтэлектуальны і стары палескі дзед-партызан з аповесці «Дрыгва» Якуба Коласа, многія і многія героі раманаў Кузьмы Чорнага, Міхася Лынькова, героі п’ес Крапівы. А ці трэба даказваць інтэлектуальнасць Паўкі Карчагіна і герояў-маладагвардзейцаў?

Думкі пра інтэлектуальную перавагу новага героя, якія вельмі ўпарта адстойваюць нашы апаненты, мне здаюцца і няправільнымі, і несправядлівымі, далёкімі ад ісціны. Адчуваецца ў іх нешта абразлівае; непавага, а часам і, падобна, пагарда да нашых бацькоў і матак, да тых, чыімі працай і розумам карыстаемся мы цяпер. Як быццам яны былі непаўнацэннымі інтэлектуальна!..

Я нарадзіўся ў палескай вёсцы. Мая маці — амаль непісьменная і цяпер; але калі я прыязджаю дадому, калі я гавару з ёю пра складанейшыя з’явы жыцця, мяне заўсёды здзіўляе і ўражвае правільнасць яе меркаванняў, глыбіня яе разумення жыцця і людзей. У звычайнай, нічым асабліва не прыкметнай маёй роднай вёсцы Глінішчы вы можаце сустрэць нямала людзей, размова з якімі ўзбагаціць вашу душу і розум. Адкуль жа гэтае пачуццё інтэлектуальнай перавагі над «продкамі», якое проста лезе з некаторых маладых людзей?

Яно, магчыма, абапіраецца на глыбакадумнае супастаўленне такіх меркаванняў: чалавек раней быў слаба адукаваны, літаратуру калі і ведаў, дык пятае цераз дзесятае, у навуцы зусім быў цёмны; ён нават і думаць не думаў дабрацца да такіх вышынь чалавечага розуму, як кібернетыка або тэорыя адноснасці...

Так, малады герой нашага часу адукаваны. Недарэчна адмаўляць тыя велізарныя змены, што адбыліся ў нашых людзях дзякуючы вялікай рэвалюцыі ў галіне культуры, здзейсненай у Савецкай краіне. І ўсё ж — вярэдзяць душу гэтыя гаворкі пра інтэлектуальную перавагу, выклікаюць пратэст! І хочацца сказаць тым, хто спрачаецца з табой: адукацыя і інтэлект — не адно і тое ж. Высокі быў інтэлект — «розум, разважлівасць, мысліцельная здольнасць» — у нашага папярэдніка, у коннагвардзейца часоў грамадзянскай вайны або будаўніка эпохі першых пяцігодак! І яшчэ які быў інтэлект у гэтых, часта амаль непісьменных, людзей, калі і без вялікай адукацыі яны выдатна, беспамылковым чуццём, распазнавалі тое, да чаго глухія і ў чым блытаюцца высокаадукаваныя нашы малодшыя таварышы і равеснікі нашы!

Мне здаецца, сёй-той дарэмна забывае, што інтэлект узбагачае не толькі акадэмічная цішыня аўдыторый і бібліятэк, але не ў меншай меры вецер вялікіх дарог, клопат ліпеньскіх палёў, грукат новабудоўляў, віраванне жывога жыцця. У нашых бацькоў і старэйшых таварышаў былі свае універсітэты, няхай цяжкія, але выдатныя універсітэты. Як тут не прыгадаць: «Мы диалектику учили не по Гегелю, бряцанием штыков она врывалась в стих!..» І скажам шчыра: дыялектыку — не па Гегелю — вывучылі нашы бацькі цудоўна; нярэдка — лепш, на жаль, чым хто-ніхто з нас!

Горка і крыўдна, але як часам не хапае іншым з нас, вельмі адукаваным, разумення некаторых як быццам простых, але вельмі важных ісцін, з якімі і «цёмныя» людзі тых дзён (як і многія ў наш час) выглядалі проста мудрацамі! Хочацца, у заключэнне гэтай думкі, сказаць, што інтэлект зразумець можна толькі канкрэтна-гістарычна, з улікам сацыяльных умоў жыцця людзей. І — канечна ж — інтэлектуальнасць была заўсёды і — будзе заўсёды найважнейшай якасцю сапраўднай літаратуры; будзе заўсёды і — была заўсёды. Гаварыць іншае — значыць, мне здаецца, проста не разумець літаратуры...

Таварышы, беларускія пісьменнікі ў апошнія гады стварылі нямала добрых кніг, што знайшлі шлях да сэрца тысяч і тысяч чытачоў, палюбіліся народу. Нас радуе, што сярод іх ёсць кнігі, створаныя маладымі пісьменнікамі.

З вялікай увагай сочым мы за тым, як расце, набіраецца вопыту і сілы маладое пакаленне беларускай літаратуры. У большасці сваёй гэта таленавітыя людзі, улюбёныя ў літаратурную справу, людзі, якія шчыра імкнуцца служыць народу. Вострай цікавасцю да жыцця народа, імкненнем сказаць праўду пра жыццё, пра сучасніка прасякнута іх творчасць. У практыцы работы сваёй яны імкнуцца прадаўжаць лепшыя традыцыі нашай літаратуры, што заўсёды вызначалася глыбокай народнасцю, высокай грамадзянскасцю. Гэта з поўным правам можна сказаць і пра Сачанку, і пра Барадуліна, пра Пташнікава і Стральцова, пра многіх іх равеснікаў. Тое, што яны ўжо зрабілі, дае падставы мець на іх вялікія надзеі.

Супрацьстаўленне пакаленняў: маладых і «старых» несправядлівае, штучнае. Вельмі добра высмеяў яго Пімен Панчанка ў вершы «Размова з нашчадкамі», не так даўно ў перакладзе апублікаваным у «известиях». Мае рацыю паэт, калі гаворыць пра адзінства лёсаў і сэрцаў, пра сплаў пакаленняў. Усе пакаленні, уся наша літаратура пасля ХХ з’езда, можна сказаць, сталі маладзейшымі. Маладосцю павявае не толькі ад творчасці маладых, тых, хто прыйшоў у літаратуру ў апошняе дзесяцігоддзе, але і ад тых, хто працуе даўно.

У нас адзіная крыніца творчасці — багатае жыццё народа, адзіны чытач і суддзя — народ; у нас — вялікі друг і дарадчык — Камуністычная партыя. У нас багатая спадчына, наша мэта ясная. У нас ёсць усё для таго, каб з упэўненасцю глядзець у наша творчае заўтра.

 

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 189-196
Крыніца: скан