epub
 
Падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Чалавек чалавецтва

Чалавек звязан з часам, у які жыве. Гэта — ісціна, што да звычайнага чалавека. Гэта асабліва важна для разумення тых людзей, якім жыццё краіны, свету становіцца асабістым жыццём.

Жыццё Рамэна Ралана — гэта жыццё чалавека, які жыў радасцямі і трывогамі свайго народа, жыццём усяго свету. Пра яго, як мала пра каго, з поўным правам можна сказаць — гэта быў у самым высокім значэнні — сын народа, «грамадзянін свету».

Які ж той час, калі рос, жыў, радаваўся і трывожыўся Рамэн Ралан? Давайце разам з памяццю, па тых сцежках, якія адзначылі нам яго равеснікі, яго паплечнікі, пераступім ужо далёкі рубеж стагоддзя, прыгледзімся да часу, у які выходзіў у жыццё будучы пісьменнік.

Адразу заўважым: малы, пяцігадовы, сын натарыуса са старажытнага гарадка Кламсі ў сэрцы Францыі, у правінцыі Бургундзіі, чуў гром кананады вакол Парыжа. Успамін пра гэты гром будзе жыць у ім усё немалое жыццё; пісьменніку давялося быць сведкам адной з самых трагічных падзей французскай гісторыі — гібелі Парыжскай камуны.

Ужо дарослы — неспакойны і пільны, — ён сярод ускаламучанага мора страсцей, што залівае вуліцы і плошчы французскай сталіцы ў дні справы Дрэйфуса. Зусім сталым і ўжо далёка вядомым аўтарам «Жана Крыстофа» Рамэн Ралан апынуўся ў новым шторме, які ўзняла першая сусветная вайна. Праз некалькі гадоў, вельмі неспакойных і напружаных, сведку гібелі Парыжскай камуны суджана было ўбачыць у моры цемры зарыва надзеі. Суджана ўбачыць перамогу той справы, якую пачынала Камуна, — у швейцарскі гарадок Вільнёў, што на беразе жэнеўскага возера, які на доўгія гады стаў родным горадам Рамэна Ралана, прыйшла вестка пра рэвалюцыю ў Расіі.

Ужо немаладым, загартаваным байцом Рамэну Ралану даводзіцца заўважыць набліжэнне каламутнай, пагрознай хвалі, што насоўвалася на Еўропу. Ён бачыў, як расце і шырыцца гэтая хваля фашызму і вайны. Бязлітасны лёс даў зазнаць ужо састарэламу пісьменніку горыч расчараванняў і паражэнняў: германскія, гітлераўскія войскі прарваліся ў Францыю, захапілі Парыж. Давялося ўбачыць самае жахлівае, што толькі магло быць: Францыя капітуліравала.

Былі дні, гады адчаю. Але ўсё ж суджана было старому пісьменніку ўбачыць і тое, як фашызм пачаў адпаўзаць, саступаць, набліжацца да гібелі. У 1944 годзе, у снежні, Рамэн Ралан прыйшоў у вызваленым Парыжы ў савецкае пасольства, каб павітаць сваіх савецкіх братоў, перажыць разам з імі радасць перамогі. Гэта было ўсяго за месяц да смерці нашага друга.

Такі час, у які жыў пісьменнік. Амаль восемдзесят гадоў Рамэн Ралан быў сведкам і ўдзельнікам складаных, зломных падзей. Кіпенне, барацьба, павароты, выбухі, пагрозы — мала каму ў мінулыя часы выпадала столькі на адно жыццё. Але наколькі важчэйшы быў гэты цяжар чалавеку, якому ўласным жыццём было жыццё народа, жыццё свету?..

Самы пачатак жыцця пісьменніка нібы зусім не прадракаў таго, якой крутой, камяністай будзе далейшая дарога. Выхаванец парыжскай «Эколь Нармаль» упарта працаваў над гісторыяй музыкі, даследаваў дзейнасць музыкантаў мінулага і сучаснасці. Цікавасць да музыкі будзе ў Ралана ўсё жыццё, усё жыццё ён будзе даследаваць творчасць Бетховена; але — ёсць весткі — ужо ў тыя маладыя гады Ралан жыве не адной гісторыяй музыкі, дапытліва, напружана будучы пісьменнік думае — як жыць, як быць? Гісторыя захавала нам красамоўны факт: дваццацігадовы юнак з Нармальнай школы ў Парыжы піша два лісты вялікаму мудрацу з Яснай Паляны, з якім дзеліцца сваім роздумам над жыццём, над сэнсам чалавечай дзейнасці, просіць парады...

У трыццаць гадоў неспакойны розум зусім разрывае межы музычна-даследчай працы, узрадавана, прагна аддаецца жывым, хвалюючым творчым клопатам. Адна за адной з-пад хапатлівага, нястрымнага пяра пісьменніка выходзяць драмы, якія аб’ядноўваюцца ў цыкл «Трагедыя веры». Яшчэ не закончыўшы гэтага, ён стварае новы цыкл драм — «Драмы рэвалюцыі». Усіх, хто чытае жыццё Рамэна Ралана — уражвае надзвычайная творчая энергія, з якой заявіў пра сябе малады французскі пісьменнік. Ужо ў гэтых драмах, пры ўсіх асаблівасцях іх канцэпцый, адчуваецца асноўная накіраванасць творчай зацікаўленасці пісьменніка: малады Рамэн Ралан усё больш заяўляе пра сябе як пясняр гераізму чалавека. Гераізм у яго разуменні, праўда, яшчэ звычайна носіць абстрактны, «духоўны» характар, гэты гераізм духу расплываецца ў такім жа невыразным буржуазна-інтэлігенцкім гуманізме; але пры ўсім тым гераічная тэма ўсё мацней становіцца галоўнай тэмай яго творчасці. Гэты кірунак замацоўвае лепшая з яго ранніх драм «Чатырнаццатае ліпеня», дзе героем твора Рамэн Ралан робіць народ, што штурмуе Бастылію. У гэтым тоне акрэсліваецца і велічны вобраз героя эпохі — Жана Крыстофа, які ўсё больш захапляе творчае ўяўленне пісьменніка. Захапленне гераічным, веліччу духу і дзейнасцю чалавека выклікала і з’яўленне — паралельна з кнігамі «Жана Крыстофа» — цыкла біяграфій «Гераічнае жыццё» — «Жыццё Бетховена», «Мікеланджэла», «Жыццё Талстога». Асноўную энергію ў гэты — даваенны — перыяд Рамэн Ралан аддае самаму значнаму твору — эпапеі «Жан Крыстоф», якая як бы канцэнтравала ў сабе самыя дарагія, самыя важныя думкі пра жыццё, пра час, пра прызначэнне чалавека і мастацтва ў грамадстве. «Жан Крыстоф» — найбольшае дасягненне Рамэна Ралана і самая магутная песня чалавечаму гераізму, яго творчым сілам.

У асноўнай плыні трэба бачыць і з’яўленне вельмі арыгінальнай, нібы нават неспадзяванай сваёй народнай, грубаватай сакавітасцю аповесці «Кала Бруньён»; вясёласць, жывасць, разважнасць галоўнага вобраза аповесці — як бы своеасаблівае выяўленне народнага гераізму.

У жыцці кожнага чалавека бываюць хвіліны, калі яму належыць прымаць важныя рашэнні. Адным з такіх, асабліва сур’ёзных выпрабаванняў, былі для Рамэна Ралана гады першай імперыялістычнай вайны. Каб зразумець усю складанасць становішча Рамэна Ралана і ўсё значэнне рашэння, якое ён выбраў, трэба ўявіць усю тую ваяўнічую слепату, увесь той шавіністычны чад, якім былі напоўнены і галовы тых, хто кіраваў палітыкай тагачаснай Францыі, і галовы многіх і многіх людзей думкі. Можа быць, ніколі ні адзін учынак дагэтуль не патрабаваў ад Рамэна Ралана такой яснасці думкі і цвёрдасці духу, такой адвагі, як выступленні яго супраць імперыялістычнай вайны. Ні адно яго выступленне раней не выклікала такой злоснай, раз’юшанай лаянкі; дзесяткі артыкулаў і брашур аблівалі яго граззю як антыпатрыёта, здрадніка Францыі. Ад Рамэна Ралана адвярнуліся многія нават з тых, каго ён мог лічыць сябрамі.

Усё ж ён не быў зусім адзінокі. У той час, як здраджвалі адны, другія цягнуліся да яго з дружбай і верай. Можна сказаць, ніколі дасюль не ўздымаўся Ралан так высока перад вачамі лепшых людзей свету, перад вачамі мільёнаў людзей, што гінулі на палях сусветнай бойні, людзей, што прагнулі міру і жыцця сваім блізкім, сабе.

Рамэн Ралан не да канца разумеў і прычыны вайны, і тыя шляхі, якія маглі б прывесці чалавецтва да лепшага ладу жыцця. Яго разуменне прычын вайны было ў многім ідэалістычнае: галоўную віну за ваенныя канфлікты ён бачыў у нягодных ідэалах, якімі палітыкі поўняць галовы людзей, супрацьстаўляючы народы народам. Уся надзея Рамэна Ралана была звернута толькі да інтэлігенцыі, якая, на яго думку, павінна раскрываць людзям сэнс вайны. Пройдзе час, і Рамэн Ралан зразумее глыбей і зманлівасць сваіх вывадаў, і недастатковасць той сілы, на якую ён спадзяваўся; прыйдзе час, і Рамэн Ралан інакш гляне на значэнне ў барацьбе з вайной тых, хто гібее і гіне ў акопах; але тут хочацца асабліва адзначыць тое, што ў цяжкія дні, калі патрэбна было багата мужнасці, калі на праверку ставілася сумленне, Рамэн Ралан вытрымаў выпрабаванне з гонарам: у яго хапіла мужнасці, і ён не пакрывіў сумленнем — словам сваім, жыццём сваім ён паказаў гатоўнасць служыць людзям да канца.

К. А. Федзін вельмі справядліва сказаў пра Рамэна Ралана: «Яго постаць узвышаецца над пярэднімі радамі мыслячага чалавецтва, і яна асабліва вырастала ў ракавыя часы крызісаў. Яго голас быў не заўсёды моцным, але заўсёды чыстым, і гэта чысціня прарывалася праз грукат вайны, або пусты тлум бульвараў, або дурманлівую балбатню палітыканаў».

Жыццё, калі яно пражыта, калі яго чытаеш як гатовую кнігу, асабліва калі гэта кніга напісана іншым чалавекам, здаецца рэччу надзіва простай. Але не будзем забываць: час, у які жыў Рамэн Ралан, быў вельмі складаны, дарогі, на якія ён ступаў, былі блытаныя, нявідныя далёка. Яму ўсё жыццё даводзілася шукаць. Яму нярэдка даводзілася ісці наперакор многім іншым, у тым ліку сябрам. Ён нямала памыляўся, ашукваўся ў каштоўнасці таго, што знаходзіў. Але які б ні быў звілісты шлях яго, гэта шлях пошукаў чалавека, што любіў людзей і дбаў аб іх, шлях чалавечага сумлення ў пошуках справядлівасці. Ён быў пільны да ўсяго, што адбывалася ў свеце. Сумленне яго ўвесь час патрабавальна назірала, адзначала, ацэньвала. Не ўсё было адразу зразумела яму. Ён вагаўся нярэдка. Мы ведаем, што Рамэн Ралан быў другам нашай краіны, што ён адразу вітаў рэвалюцыю ў Расіі, але было б спрашчэннем думаць, што дружба гэта была адразу яснай і глыбокай. У імя праўды трэба сказаць, што Рамэн Ралан доўга, з насцярожанасцю прыглядаўся да нашай дзяржаўнай арганізацыі. Заходні інтэлігент, звыклы больш за ўсё берагчы свабоду асобы, ён з апаскай ставіўся да ўсяго, што, на яго думку, магло абмежаваць гэту свабоду асобы. Разумеючы разам з тым неабходнасць рэвалюцыйнай пераробкі жыцця, спрабуючы стварыць адзінае разуменне свету, ён доўгі час імкнуўся злучыць у адно рэвалюцыйную ленінскую філасофію з філасофіяй Гандзі, з талстоўскім «непраціўленствам».

Каля дзесятка гадоў жыў Рамэн Ралан, адчуваючы трывожную несуладнасць у думках, у поглядах, трывожную насцярожанасць пры назіранні над тым, што робіцца ў Еўропе, у свеце. Гэта было доўгае і цяжкае дзесяцігоддзе пошукаў, якое прывяло, нарэшце, к творчаму ўздыму 30-х гадоў. 30-я гады — час самай актыўнай грамадскай дзейнасці Рамэна Ралана. Ёсць падставы лічыць, што к гэтаму часу завяршыўся доўгі і пакутлівы шлях перараджэння сумленнага буржуазнага інтэлігента ў інтэрнацыяналіста, байца самай рэвалюцыйнай сілы ў Еўропе. Як асобую заслугу Рамэна Ралана мы заўсёды будзем помніць тое, што пільны французскі пісьменнік адным з першых пачуў пагрозу, якую нясе Еўропе і свету расізм, фашызм. Вялікі гуманіст не прызнаваў расізму, шавінізму, якім адзеннем, якімі б фальшывымі, прыгожымі словамі яны ні прыкрываліся. Ён адвяргаў як самае дзікае сучаснае варварства і старанні модных буржуазных тэарэтыкаў паставіць, быццам адзіную надзею, месію, еўрапейскі кантынент над іншымі, і такія ж дзікія іх замашкі паставіць адну нацыю вышэй за іншую якую-небудзь нацыю. З цвёрдасцю заявіў ён, што не прызнае ні народа-выбранніка, ні касты-выбранніцы. Гэта была заява, якая біла прама па расавых тэорыях, па фашызму.

Але Рамэн Ралан ваяваў з фашызмам не толькі словам. Яшчэ ў 1926 годзе з Анры Барбюсам Рамэн Ралан арганізаваў «Міжнародны камітэт барацьбы з фашызмам», які быў адным з першых арганізаваных выступленняў у Францыі і ў свеце супраць італьянскага фашызму. Летам 1932 года, калі над палямі Еўропы ўстала, не туляючыся, звярыная, ваяўніча ашчэраная постаць нямецкага фашызму, Ралан з Барбюсам арганізаваў Міжнародны кангрэс супраць пагрозы вайны. Чым больш расла пагроза ў Еўропе, тым больш раслі мужнасць і адвага ў гэтым кволым з выгляду, хваравітым целам, сутулаватым чалавеку з яснымі блакітнымі вачамі.

Гэта былі выдатныя дні ў жыцці Рамэна Ралана, выдатныя дні ў жыцці народа Францыі. Гэта былі дні народнага фронту. Кіпенне, сіла народнага мора акрылялі і падымалі пісьменніка.

Ёсць вялікае хараство не толькі ў мужнасці пісьменніка, але і ў яго надзвычайнай сумленнасці, або — гаворачы сучаснай мовай — прынцыповасці пісьменніка. Яго не страшылі пагрозы, але яго не збівалі і ліслівыя подкупы. Калі правіцелі гітлераўскай Германіі паспрабавалі задобрыць небяспечнага француза ўзнагародай — медаллю Гётэ, — Ралан з гневам адмовіўся ад узнагароды, на ўвесь свет аб’явіўшы пры гэтым гітлераўскую палітыку злачынствам...

У гэтыя трывожныя дні Рамэн Ралан з асаблівай увагай глядзіць на нашу краіну. Даўняя сімпатыя да Савецкай краіны цяпер зліваецца ў Ралана з надзеяй, што Савецкі Саюз вялікі і моцны саюзнік тых, хто змагаецца з пагрозай фашызму. Ралан пісаў: «Я разам з тым народам і класам, які пракладвае рэчышча плыні чалавечай гісторыі, разам з арганізаванымі масамі пралетарыяту, разам з Саюзам Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік...» У 1935 годзе Рамэн Ралан, які даўно ўжо не робіць падарожжаў, не зважаючы на свае хваробы, пакідае ціхі Вільнёў і ажыццяўляе дарагое жаданне — едзе ў нашу краіну. Людзі старэйшага ўзросту добра помняць, з якой любоўю сустрэлі вялікага друга свайго нашы людзі, у тым ліку мінчане, некаторыя з якіх — пісьменнікі — сустракалі Ралана ў Негарэлым, гутарылі з ім на мінскім вакзале, па-сяброўску праводзілі ў Маскву.

Сустрэча гэта не расчаравала ні нашых людзей у Ралане, ні Ралана ў нашых людзях, у нашай краіне. Вярнуўшыся з Масквы, ён з захапленнем пісаў пра Савецкую краіну як пра вялікую армію, «з перамогай якой звязаны лепшыя надзеі свету».

Калі акідваеш позіркам усё, што зрабіў за сваё неспакойнае, не надта спрыяльнае для творчай працы жыццё Рамэн Ралан, мімаволі бярэ здзіўленне і захапленне: як багата падарылі людзям яго талент, яго сэрца, яго рукі. Рамэн Ралан — вялікі працаўнік. Нават у французскай літаратуры, якая ведала Бальзака, Заля, Гюго, постаць Рамэна Ралана ўражвае творчай магутнасцю.

Цыкл драм, цыкл мастацкіх біяграфій «Гераічнае жыццё», дзесяцітомны, сабраўшы фарбы некалькіх дзесяцігоддзяў нямецкага, французскага жыцця «Жан Крыстоф» — адзін з буйнейшых твораў сусветнай літаратуры ХХ стагоддзя, многія кнігі публіцыстыкі, творы па эстэтыцы, даследаванні па музыцы, даследчая эпапея пра Бетховена і, нарэшце, «Зачараваная душа» — якая, як вяршыня, узнялася побач з «Жан Крыстофам» і якая сведчыла пра неаслабную сілу таленту і духу, пра творчую маладосць вялікага чалавека на сёмым дзесятку гадоў жыцця.

Музыказнаўца-вучоны, творца-пісьменнік, публіцыст-баец. Неяк не хочацца верыць у тое, што ўсё гэта зрабіў кволы чалавек, якому ўсё жыццё даводзілася дужацца з бясконцымі хваробамі. Але гэта разам з тым выклікае і іншую думку, думку гонару і захаплення: якую трэба было мець моц духу, якое вялікае трэба было мець сэрца, якой вялікай любоўю да людзей трэба было жыць, каб столькі даць ім, каб так узбагаціць іх... Мімаволі хочацца паставіць яго ў адзін рад з тымі, каго ён услаўляў. Думаецца, ён мае поўнае права, каб і яго жыццё было названа — «Гераічнае жыццё»...

Рамэн Ралан адзін з тых, у кім адбіліся свет і лёс многіх за многія гады. У жыцці Рамэна Ралана адбілася цэлая эпоха вельмі важнага, складанага жыцця, эпоха, вяршыня якой дакранаецца да нашых, сённяшніх дзён. І калі мы сёння адзначаем стагоддзе з дня нараджэння пісьменніка, калі пачатак жыцця яго зусім натуральна мы адчуваем як няблізкую і па часу, і па клопатах гісторыю, то пазнейшыя гады яго жыцця зліваюцца з гадамі нашага ці нашых, трохі старэйшых сяброў юнацтва або сталасці, хвалююць як клопаты і трывогі блізкія, гарачыя, як трывогі нашага — зусім жывога — сучасніка. Гэта акалічнасць кожнай нашай сустрэчы — ці на кніжных старонках, ці ў гэтай урачыстай зале — надае асаблівае значэнне: мы сустракаемся не толькі з гісторыяй, мы сустракаемся разам і з явай, яшчэ вельмі блізкай, вельмі жывой для таго, каб быць толькі гісторыяй. Ушаноўваючы гэту дату, мы быццам ушаноўваем наша нядаўняе, сённяшняе, ушаноўваем з самым чулым, самым сардэчным, самым трапяткім хваляваннем.

Чалавек і час. Мы казалі пра тое, што чалавек залежыць ад часу. У гэтым толькі частка праўды. Разам з тым бясспрэчна і тое, што час таксама залежыць ад чалавека. Асабліва ад вялікага чалавека. У тым добрым, што прыйшло ў жыццё часу, у эпоху ад чалавека, ад народаў, ёсць немалая заслуга Рамэна Ралана. Ралана-пісьменніка, Ралана-гуманіста, Ралана-рэвалюцыянера-барацьбіта.

За ўсё гэта чалавецтва доўга будзе помніць і шанаваць вялікага, высакароднага сына Францыі. За ўсё гэта разам з чалавецтвам аддаём даніну пашаны мы, савецкія людзі.

 

1966


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 224-231
Крыніца: скан

Беларуская Палічка: https://knihi.com