epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Часопісу «Бярозка»

Я з хваляваннем думаю пра слаўны юбілей роднай нашай «Бярозкі».

«Бярозка», якую мы ведалі як часопіс «Іскры Ільіча», была дарагім спадарожнікам і сябрам нашых дзіцячых гадоў. З ёй звязаны шчаслівыя ўспаміны пра нашы, цяпер далёкія, перадваенныя прыгоды і мары, пра той час, калі жыццё адкрывалася перад намі ўсё шырэй і прыгажэй. Вялікі свет жыцця дапамагала бачыць тады і любімая «Бярозка» наша — «Іскры Ільіча». З цікавасцю, а часта і з хваляваннем чыталі мы апавяданні, нарысы і вершы, якія друкаваліся на яе старонках.

«Іскры Ільіча» не толькі расказвалі нам пра жыццё нашых таварышаў у рэспубліцы і ўсёй краіне, але і нямала рабілі для таго, каб нас заахвоціць да творчасці. У адным конкурсе, які арганізаваў часопіс, асмеліўся прыняць калісьці ўдзел і я. Гэта было, калі не памыляюся, пасля таго, як я скончыў чацвёрты клас. Часопіс надрукаваў некалькі малюнкаў і прасіў нас напісаць па іх апавяданне. Прозвішчы аўтараў лепшых твораў часопіс абяцаў надрукаваць у адным з нумароў. Я напісаў апавяданне вершам, паслаў у рэдакцыю і помню дасюль, з якой радасцю ўбачыў на старонцы часопіса сярод іншых сваё прозвішча: «Янка Мележ». Гэта быў мой першы «пісьменніцкі» поспех, мая першая аўтарская радасць.

Адтуль усё пачалося!.. Дзякуй табе, «Бярозка»!

Ад сэрца зычу табе: будзь заўсёды маладой і добрай, шчырым сябрам дзяцей Беларусі!

1974


29.09.1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 9. Першая кніга. Дзённікі, запісныя кніжкі. Накіды, слоўнік, пагаворкі, асобныя выразы. Аўтабіяграфічныя запіскі "У пачатку вайны". Крытыка, публіцыстыка 1946-1976. Каментарыі.-Мн.: Маст. літ., 1984.-542 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан