epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Часопісу «Freie Welt»

Над чым Вы працуеце?

Працую над цыклам раманаў. Пра жыццё людзей, якія ў дваццатыя — трыццатыя гады былі маладыя. І пра тых, што былі маладыя ў саракавых. Пра маё роднае Палессе. Напісаў пакуль што два раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы».

 

Якая падзея выклікала ў Вас жаданне напісаць пра гэта?

Памяць аб пражытым, якая з гадамі зрабіла гэтае пражытае цікавым, яркім і значным.

ХХ з’езд Камуністычнай партыі Савецкага Саюза, у святле якога многія старыя падзеі ўбачыліся па-новаму.

 

Вашы любімыя пісьменнікі ў сусветнай літаратуры?

Са старых — Талстой, Тургенеў, Бунін, Аксакаў. З сучаснікаў — Шолахаў, Фадзееў. З замежных — Хемінгуэй, Фолкнер, Мартэн дзю Гар, Б. Брэхт. І яшчэ многія. Напрыклад — Ганс Фалада.

 

Што Вы думаеце пра лёс рамана?

Многа чуў, што раман гіне. Але мяне гэта не палохае. Я веру ў раман: ён, стары, вельмі жывучы. Ва ўсякім выпадку, ён перажыве прарокаў, якія прадракаюць яму смерць.

 

Ваш любімы верш пра каханне?

Іх, на шчасце, многа. Не магу абкрадваць сябе, выбіраючы толькі адзін. Пра каханне па-рознаму — і ўсё выдатна — пісалі толькі ў Расіі Пушкін, Лермантаў, Някрасаў, Фет, Блок, Ясенін. Па-рознаму вабіць і любоўная лірыка Гётэ, і лірыка Гейнэ. У нас, у Беларусі, цудоўна пісалі пра каханне Максім Багдановіч і Янка Купала. Выдатныя вершы піша цяпер Максім Танк. Напрыклад, «Аvе Маrіа», які мне вельмі падабаецца.

 

1966


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 253
Крыніца: скан