epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Часопісу «Русская речь»

Рэдакцыя часопіса звяртаецца да Вас з просьбай адказаць на наступныя пытанні:

Якое значэнне для Вашай творчасці маюць моўныя традыцыі рускай класічнай літаратуры?

Якая, на Вашу думку, роля рускай мовы ў станаўленні і ўмацаванні міжнацыянальных культурных сувязей, у справе ўзбагачэння і развіцця моў і літаратур народаў СССР?

Якая, на Вашу думку, роля рускай мовы ў асваенні народамі нашай краіны сусветнай класічнай літаратуры, а таксама прагрэсіўнай сучаснай літаратуры?

Якія творы сучаснай савецкай літаратуры Вы лічыце ўзорнымі ў моўных адносінах і чаму?

У моўных і літаратурных міжнацыянальных кантактах вялікую ролю адыгрываюць пераклады. Якія, на Вашу думку, дасягненні і праблемы сучаснай перакладчыцкай справы?

 

Мне цяжка адказаць на гэтае пытанне. Руская класічная літаратура — гэта велізарны свет. І гэты свет суправаджаў мяне ўсё жыццё, ён стаў як бы часткай маёй інтэлектуальнай сутнасці.

Разам з тым, што датычыцца чыста моўнага ўплыву, неабходна ўлічваць тое, што я пісьменнік, які працуе на іншай мове. Будучы блізкай да рускай мовы, роднаснай ёй, мая мова, беларуская, у той жа час мае свой асобы лексічны склад, нямала своеасаблівага ў характары пабудовы фразы і да т. п.

Ёсць вельмі тонкая дыялектыка ва ўзаемаадносінах паміж блізкімі мовамі.

Адчуваючы як чытач і пісьменнік бясспрэчны ўплыў рускай літаратуры, я як пісьменнік беларускі, перш за ўсё, натуральна, карыстаюся багаццямі роднай мне мовы.

Роля гэтая настолькі значная і відавочная, што, думаецца, доказаў не патрэбна.

Я, напэўна, недастаткова кампетэнтны для таго, каб адказаць на пытанне аб тым, як уплывае руская мова на далёкія ад яе мовы, такія, напрыклад, як мовы цюркскай групы.

 

Сучасная савецкая літаратура стварыла нямала выдатных у моўных адносінах твораў. Шэдэўр савецкай літаратуры «Ціхі Дон» захапляе мяне і здзіўляючым багаццем мовы, выключным уменнем звычайнымі словамі ствараць свет, поўны найглыбейшых страсцей, дзівосных фарбаў, гукаў, пахаў. Я ўлюбёны ў мову фадзееўскіх раманаў, мову «Разгрома» і «Апошняга з удэге». Калі гаварыць пра тых, хто піша сёння, мне падабаецца мова С. Антонава, С. Нікіціна, С. Залыгіна, В. Астаф’ева, Ф. Абрамава. Добрая мова ў В. А. Смірнова. Спіс гэты, канечне, можна падоўжыць.

 

У перакладчыцкай справе, бясспрэчна, ёсць немалыя дасягненні. Але, па майму перакананню, куды болей праблем. Галоўная праблема — як павысіць якасць перакладу? Пакуль што вельмі многа кніг выходзіць у слабых перакладах, якія збядняюць творы. Патрэбны добрыя перакладчыкі, таленавітыя і сур’ёзныя.

 

1973


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 548-549
Крыніца: скан