epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Частка майго сэрца

Я хачу пачаць нашу размову з раманаў «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», удастоеных Ленінскай прэміі 1972 года... Як узнікла задума палескай эпапеі?

 

Я нарадзіўся і вырас на Палессі. Гэтая жыццёвая акалічнасць і вызначыла з цягам часу змест маіх кніг. Прыйшоў час, і мне захацелася расказаць пра тое, што я бачыў калісьці. Я зразумеў, што гэта таксама можа быць цікава людзям. І я пачаў пісаць...

 

Вы адразу вырашылі пісаць дылогію?

 

Не, спачатку была задума напісаць невялікую аповесць пра меліяратараў, гэта значыць, ва ўсіх адносінах рэч «сучасную». Але потым я вырашыў, што можна і трэба заглянуць далей. Таму што ўсякая значная жыццёвая з’ява — як дрэва: на паверхні толькі ствол ды крона. А каб пазнаць цэлае, пісьменнік павінен паглядзець карэнні.

Працуючы над раманам «Подых навальніцы», я адчуў, што не магу абмежавацца светам толькі адной вёскі. Жыццё ў вёсцы вызначалася не толькі яе турботамі. Вёска ўцягвалася ва ўсеагульныя, гістарычныя працэсы, якія адбываліся ў краіне. Так змяніўся свет рамана, пашырыўся гарызонт вакол герояў. Так нарадзіўся Апейка, не прадугледжаны першапачатковай задумай і вельмі дарагі для мяне вобраз.

 

Іван Паўлавіч, а хто стаіць за Васілём? Вельмі ж ужо ён рэальны і жывы.

 

Амаль за кожным героем дылогіі стаяць рэальныя, канкрэтныя людзі. Але, калі гаварыць шчыра, у кожным ёсць і маё. У Ганне, напрыклад, адбілася маё ўяўленне пра шчасце, пра каханне, пра самаахвярнасць. У гэтым вобразе і маё разуменне чалавечага гонару. Ёсць адзін канкрэтны чалавек, які «дапамог» мне напісаць Васіля. У яго, таксама як і ў Васіля Дзятла, розныя па колеру вочы. А ўвогуле ў кожным з іх часцінка майго сэрца.

 

Вельмі хочацца, Іван Паўлавіч, яшчэ раз сустрэцца з Васілём і Ганнай. Ці можна спадзявацца на гэта?

 

Мне таксама не проста расстацца з Васілём і Ганнай. Палессе яшчэ моцна трымае мяне...

Ну што ж, у такім выпадку будзем спадзявацца на яшчэ адзін палескі раман... Я знарок ужываю гэты жанравы тэрмін, таму што на Захадзе не пакідаюць крычаць пра «крызіс рамана», пра тое, што гэты жанр быццам устарэў для цяперашняга часу.

Я ўпэўнены, у рамана вялікая будучыня. Непахісна веру: ніводзін другі жанр не можа зраўняцца з раманам па магчымасцях, па глыбіні і маштабнасці даследавання «чалавечага матэрыялу».

 

А на Захадзе гавораць пра непазбежную пагібель літаратуры і мастацтва, бачаць у навуцы і тэхніцы іх фатальнага магільшчыка.

 

У буржуазнай філасофіі існуе нават цэлы кірунак — тэхналагічны дэтэрмінізм. Яго сутнасць: тэхніка — галоўнае, калі не адзінае, што вызначае развіццё грамадства, яго матэрыяльнае і духоўнае жыццё. Літаратура і мастацтва, па гэтай тэорыі, непазбежна будуць раздушаны «машыннай культурай», «тэхнакратычнай дыктатурай»...

Сапраўды, навука і тэхніка ў апошнія дзесяцігоддзі дасягнулі вялікіх поспехаў. Расшчапленне атамнага ядра, палёты ў космас, кібернетыка, лазеры, сінтэтычныя матэрыялы... Але гэтая акалічнасць не толькі не паслабляе ролі літаратуры і мастацтва, а, наадварот, узмацняе іх значэнне. Я глыбока перакананы ў гэтым. Чым вышэйшы навукова-тэхнічны і сацыяльны ўзровень грамадства, тым вышэйшыя і стражэйшыя яго, грамадства, патрабаванні да асобы, да яе духоўных асноў, маралі. А гэта ж наша сфера дзейнасці. Літаратура і мастацтва павінны фарміраваць чалавека, развіваць сацыяльную свядомасць у ім, пачуццё адказнасці перад грамадствам. Абуджаць у Чалавеку творчы пачатак, г. зн. выхоўваць у ім тое, без чаго Чалавек не можа быць паўнацэннай асобай.

Супрацьпастаўленне навуковага і мастацкага мыслення, прыніжэнне значэння маральнага выхавання чалавека, асабліва ў наш час, лічу справай нягоднай і нават небяспечнай.

 

Адсюль вынікае, што задачы сучаснага пісьменніка ўскладняюцца?

 

Задачы пісьменніка ўвогуле заўсёды былі не простыя. І заўсёды не просты быў чалавек, яго душа. Чалавек заўсёды быў складаны, такі ўжо ён, чалавек. Але навукова-тэхнічны прагрэс паставіў перад намі новыя праблемы. Змяніўся навакольны свет, сацыяльныя сувязі чалавека, узаемаадносіны яго з грамадствам, змяніліся яго духоўныя клопаты. Усё-такі інфармацыйны выбух — факт. Бясспрэчны...

Аб’екты, з якімі мы маем справу, вельмі індывідуальныя — што ні чалавек, то свой свет. Інжынер, маючы дакладныя даныя аб тым, як была створана папярэдняя машына, можа яе паўтарыць або стварыць больш дасканалую. А мы, ведаючы дакладна, як былі створаны «Вайна і мір» або «Ціхі Дон», не зможам напісаць так. У гэтым наша бяда, але ў гэтым, калі хочаце, і наша шчасце.

 

Змяняецца час, змяняюцца праблемы. Якія з іх Вы лічыце найбольш важнымі?

 

Па-ранейшаму адной з найважнейшых для пісьменніка застаецца праблема ўзаемасувязі асобы і грамадства. Сацыяльная актыўнасць і пасіўнасць, грамадзянская чуласць, асабістая адказнасць чалавека за лёс краіны, свету, прынцыповасць і беспрынцыпнасць, неамяшчанства, прыстасавальніцтва — гэта ўсё праблемы значныя, надзённыя.

 

Над чым Вы працуеце цяпер? Новы раман?

 

Стары. У новай рэдакцыі. «Мінскі напрамак». Рыхтую да новага выдання...

 

Вам даводзіцца працаваць не толькі за пісьмовым сталом, Вы заняты вялікай грамадскай работай, многа ездзіце па краіне. Напэўна, Вам нялёгка?

 

Так, часамі нялёгка. Гэта патрабуе часу і сіл. А часу, на жаль, не лішне, сіл таксама. Але працаваць з людзьмі, на людзях — трэба, неабходна. Нашаму брату-пісьменніку гэта, акрамя ўсяго, вельмі карысна. Мае грамадзянскія, дэпутацкія абавязкі дапамагаюць мне ведаць, чым жыве народ, што яго радуе, што трывожыць.

Але, перш за ўсё, ёсць усведамленне абавязку перад людзьмі. Я, напрыклад, як да важнага свайго абавязку стаўлюся да работы ў Камітэце абароны міру. Клопаты пра мір гэта ж справа ўсіх, у тым ліку і мая справа. Нельга быць абыякавым да таго, што недзе, няхай сабе далёка ў В’етнаме, забіваюць людзей. Зрэшты, В’етнам, мне здаецца, побач...

 

Нарэшце традыцыйнае пытанне: над чым збіраецеся працаваць?

 

Многае хочацца напісаць. Непакояць сэрца і фантазію, як я ўжо сказаў, думкі пра далёйшы лёс герояў маёй «Хронікі», бачыцца мне яшчэ адзін раман. Разам з тым хочацца напісаць пра сучасны горад, пра яго людзей. Хочацца стварыць вельмі запаветную, вельмі асабістую кнігу-споведзь пра сваё пакаленне, якое ў 20 гадоў прыняло на сябе ўдар вайны. Зрэшты, мне і хочацца яе напісаць і я баюся яе. У планах і накідах — кніга пра літаратуру. Чакаюць сваёй чаргі мае салдацкія дзённікі. Хачу прадоўжыць сваю работу і ў галіне тэатральнай драматургіі. Вельмі многа хочацца. Уся закавыка ў тым, што ўдасца зрабіць...

 

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с.
Крыніца: скан