epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Хто прыйшоў уночы

П'еса ў адной дзеі

З’ЯВА ПЕРШАЯ
З’ЯВА ДРУГАЯ
З’ЯВА ТРЭЦЯЯ
З’ЯВА ЧАЦВЁРТАЯ
З'ЯВА ПЯТАЯ
З’ЯВА ШОСТАЯ
З’ЯВА СЁМАЯ


 

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ:

 

Стрыбульскі.

Халье (Дубовік).

Цобель (Пятро).

Насця.

Паліцэйскі.

Партызан.

 

Дзея адбываецца ў пакоі начальніка валасной паліцыі ў часы нямецка-фашысцкай акупацыі.

 

З’ЯВА ПЕРШАЯ

Звычайны сялянскі пакой часоў акупацыі, пануры, цёмны. Стол, лава пры сцяне, шафа, некалькі крэслаў — уся яго абстаноўка. Вокны завешаны. На стале гарыць лямпа. Кнот прыкручан, і гэта робіць пакой яшчэ больш змрочным. У пакоі адзін Стрыбульскі, які неспакойна ходзіць, насцярожана азіраецца.

Стрыбульскі. Дзіўна — няма і няма. Нібы вымерлі ўсе! (Прыслухоўваецца.) Шум... Машыны! Яны! (Пачакаўшы, расчаравана.) Здалося. Вецер. Няма і няма. Не едуць! (Кліча.) «Дзяжурны!»

Убягае паліцай.

Паліцай. Слухаю, пан начальнік!

Стрыбульскі. Што там, не чуваць нічога?

Паліцай. Нічога. Слізнякі,— чаму яны так доўга цягнуцца?

Стрыбульскі. Сам не разумею.

Паліцай. Запіхваючы намі гэтую дзірку, маёр Клюге кляўся, што ў любы момант падтрымае. І вось — падтрымка!

Стрыбульскі. Што такое, дапетрыць не магу.

Паліцай. Яны ўжо гадзіны тры павінны б тут быць.

Стрыбульскі. Нешта з Крываручкам. Дарога невялікая, конь — куля, даўно павінен заехаць. К вечару, самае большае, ён павінен быў стаяць перад Клюгаю. Павінен быў!.. Тут таўкціся з карнікамі павінен ужо! Ім сюды, на машынах,— плюнуць! (Падазрона.) Не мог ён уцячы, Крываручка?

Паліцай. Не. Гэта — не... Вы добра зрабілі, што паслалі потым яшчэ аднаго.

Стрыбульскі. Ты думаеш, Крываручка мог і не дапасці да горада?

Паліцай. Усё можа быць. Дарогі цяпер — самі ведаеце.

Стрыбульскі. Цэлы дзень сядзіш, як глухі. Тэлефонныя правады перарваны. Конныя пасыльныя знікаюць! Д’ябал яго душу ведае, што робіцца!.. А тут гэтае нахабнае пісьмо!

Паліцай. Трэба ж дайсці да такога! Напісаць прысуд на самога начальніка паліцыі!

Стрыбульскі. Застрашыць хочуць!.. Нічога, мы яшчэ паглядзім, хто каго засудзіць раней! Чыя чарга раней здохнуць! (Загадваючы.) Калі што якое, будзем з партызанамі біцца адны! Ясна?

Паліцай. А як жа, ясна. Адны...

Стрыбульскі. Скажы, каб ніхто там не напіваўся! Застрэлю на месцы, калі хто наліжацца! І не спаць. Днём можна надрыхнуцца!

Паліцай. Не спаць. Перадам, пан начальнік!

Стрыбульскі. Вінтоўкі і кулямёты трымаць напагатове! Не разраджаць!

Паліцай. Не разраджаць!

Стрыбульскі. Ідзі.

Паліцай. Іду, пан начальнік!

Паліцай выходзіць.

Стрыбульскі (задуменна, трывожна пахадзіўшы, нечакана ўздрыгвае і, хутка абярнуўшыся назад, выхоплівае пісталет). Хто тут? Ні з месца! Страляць буду!

На шум зноў убягае Паліцай.

Паліцай. Што яшчэ загадаеце, пан начальнік?

Стрыбульскі (азірнуўшыся, супакойваючыся). Нічога. Калі трэба, паклічу...

Паліцай. Мне здалося.

Стрыбульскі. Табе здалося!..

Паліцай выходзіць.

Стрыбульскі (азіраючыся). Нікога няма! Нервы!.. Чаўпецца, быццам з кожнага кутка партызаны цікуюць! (Падкручвае кнот у лямпе. Разважае сам з сабой.) У мяне яшчэ паўтары гадзіны. Можа, пакуль не позна, рукі ў ногі ды... Уцячы? Уцячэш тут! Спаймаюць дзе-небудзь на дарозе, кішкі выпусцяць... А то, чаго, Клюге раптам прыедзе, а мяне няма! Трусасць, здрада! Усе заслугі — у гроб! Шыбеніца, як аблезламу сабаку?! І ўся кар’ера, усё, да чаго лез, адразу!.. А што, як не прыедзе Клюге? І партызаны нападуць! І як абяцалі — прыйдуць па душу маю! О! (Узрушана.) Дыхавіца дохлая!.. Што ж рабіць?..

Убягае Паліцай, узрадаваны, шчаслівы.

Паліцай. Пан начальнік паліцыі! Яны едуць!

Стрыбульскі (не верачы). Хто яны?

Паліцай. Ну, яны, ад Клюгі! Падмога, значыцца!

Стрыбульскі (з палёгкай). Так і трэба дакладваць адразу! Калі я цябе, дурня, навучу? Хто паведаміў?

Паліцай. Патруль. Яны дакументы правяраюць.

Стрыбульскі. А, добра. Бяжы, вядзі іх! Сюды!

Паліцай выбягае. На вуліцы чуваць гаворка, нямецкія камандныя воклічы.

О, адразу чуваць прыезд гаспадароў!

Выбягае таксама.

 

З’ЯВА ДРУГАЯ

У пакой уваходзяць Хальс у форме нямецкага обер-лейтэнанта і п а л к о ў н і к Цобель, перад якімі лісліва, радасна круціцца Стрыбульскі. Обер-лейтэнант, парывісты, рэзкі, гаворыць з нямецкім акцэнтам. Палкоўнік — паважаны, высакамерны, маўклівы.

Стрыбульскі. Нарэшце, дарагія госці! Я тут проста зачакаўся! Ператрывожыўся колькі! Смех успомніць!.. Але добра, што добра канчаецца!.. Праходзьце, найдаражэйшыя госці! Садзіцеся, калі ласка!

Хальс. Вы ест начальнік паліцыі?

Стрыбульскі. Так. Я начальнік паліцыі воласці.

Хальс. Ірэ намэ унд форнаме!

Стрыбульскі. Даруйце, пан обер-лейтэнант. Не разумею...

Хальс. Прозвішча!

Стрыбульскі. А! Стрыбульскі. Стрыбульскі — прозвішча.

Хальс (паказваючы ў бок Цобеля). Палкоўнік Цобель, камандзір палка «Фрыдрых Вялікі».

Цобель (ледзь кіўнуўшы галавой). Цобель.

Стрыбульскі. Вельмі рад, пан палкоўнік. Такая чэсць...

Хальс. Обер-лейтэнант Хальс. Камандзір роты.

Стрыбульскі. Святы божа! Ці бачыш ты, якія госці ўшанавалі наш куток!..

Цобель і Хальс сядаюць. Маўклівы Цобель паважна, крыху пагардліва азірае пакой Стрыбульскага.

Хальс. Перш за ўсё справы. Далажыце, што тут у вас робіцца?

Стрыбульскі. Зараз, зараз. Але паны з дарогі, напэўна, галодныя?..

Хальс (мякчэй). О, гэта правільна. Вы амаль угадалі!

Стрыбульскі. Чым жа мне пачаставаць дарагіх гасцей? Паны, напэўна, любяць далікатныя стравы. А тут — глуш, цемра. Але, можа, паны афіцэры не пагрэбуюць каўбасамі тутэйшага вырабу?

Хальс. Каўбасы — даст іст... (Паморшчыўся.) Яны могуць быць нездаровыя для страўніка. Нясвежыя...

Стрыбульскі. Мы іх толькі ўчора забралі. Тут, у адной сялянкі. Партызанам, дыхавіца, гатавала!

Хальс (рашуча). Не, не. Яна магла гэта знарок зрабіць. Атруту магла падлажыць!

Стрыбульскі. Мы іх паспыталі. Нічога!..

Хальс. Не! Давайце што-небудзь іншае! Сала, хлеб, яйкі! Яйкі ест?

Стрыбульскі. Няма. Тут стаяў батальён. Паны салдаты ўсіх кур паелі.

Хальс. Салдаты потым пайшлі абараняць радзіму. Нельга шкадаваць для іх кур! (Не даючы гаварыць Стрыбульскаму.) Віно ест?

Стрыбульскі. Толькі самагонка! Але добрая! Пяршак! Першы сорт!

Хальс. Не маглі віна прыберагчы!.. Ну добра, давай гэты са-ма-гон.

Стрыбульскі. Зараз дастану. Айн мамент!.. Я тут у шафе трымаю, на ўсякі выпадак.

Кладзе на стол сала, хлеб, ставіць самагонку.

Можа, сала пасмажыць? Я загадаю. Мігам зробяць.

Хальс (Цобелю). Волен зі, гер оберст, дае швэйнефет гебратэн габэн? Шпэтэр айнвеніг?1

Цобель. Я. Йетц ессэн! Унд — захе!2

Хальс. Яволь, гер оберст! (Стрыбульскаму.) Палкоўнік хоча есці. Давайце пакуль так... (Бярэ пляшку з самагонам, налівае.)

Стрыбульскі. Зараз.

Ён наразае хлеб, сала. Кліча дзяжурнага, які адразу ўбягае.

(Дзяжурнаму.) Гуркоў салёных панам афіцэрам! І капусткі выберы добрай!

Паліцай. На адной назе!

Выбягае. Хальс бярэ шклянку з самагонкай, нюхае.

Хальс (моршчыцца). Фі, смярдзючая!

Стрыбульскі. Смярдзючая без прывычкі. А прывыкнеце — лепш за ўсякае віно. Агонь!

Паліцай прыносіць гуркі і капусту. Выходзіць.

Хальс. Што ж, калі няма віна, прыйдзецца паспрабаваць гэтае пойла... (Бярэ шклянку.) За палкоўніка! (Цобелю.) Фюр зі, гер оберст!

Цобель. Данке, обер-лейтэнант!.. (П’е, моршчыцца.)

Стрыбульскі. Гэта без прывычкі, пан палкоўнік! Закусіце хутчэй!.. За ваш прыезд, дарагія госці. (Выпівае шклянку.)

Хальс. Ледзь не забыў! Вам ёсць паклон ад ваш памочнік... О, дызэ русішэ фаміліеннаме! Няроўнарутшка!

Стрыбульскі. Крываручка?

Хальс. Я, я. Так, Крыварутшка! Яго затрымаў па важнай справе Клюге. Габэн зі... Вазьміце, ад Крыварутчка!

(Падае Стрыбульскаму пісьмо, ён адразу пачынае чытаць.)

Стрыбульскі. Значыцца, заўтра сюды прыедзе цэлы карны полк?!

Хальс. Адна рота і камандзір палка, як вы бачыце, ужо тут!

Стрыбульскі. Значыцца, пан Клюге не кідае абяцанняў на вецер!

Хальс. Вы сумняваліся ў пану Клюге?

Стрыбульскі. Не, не. Цяжка тут было, без вас... (Пагрозна.) Ну, чакайце, бальшавіцкія гады! У кроў душу вас, усіх цяпер! З пеўнем пойдзем. Дабяромся ў асіныя гнёзды! Мокрае месца ад ўсіх, падлы!..

Хальс. Аперацыю пачнём заўтра ж! Паліцыя павінна быць гатова таксама!

Стрыбульскі. Усе, як штык, гатовы будуць! Можаце пра гэта не клапаціцца! Стрыбульскі справу разумее!

Хальс (успомніўшы). Каго вы пасылалі, акрамя Няроўнарутчкі, да Клюге?

Стрыбульскі. Жулегу. Паліцэйскага.

Хальс. Калі гэта было? Колькі гадзін, дакладна!

Стрыбульскі. Дванаццаць.

Хальс. Мы сустрэлі яго, выязджаючы ад Клюге. Ён ішоў да Клюге. Яму там ужо не было чаго рабіць.

Стрыбульскі. Я баяўся, што Крываручка не дойдзе. Але абышлося. (Наліваючы самагонку.) Паны афіцэры, я хачу выпіць за нашу дарагую нямецкую ўладу. І каб ад партызан было мокрае месца, у кроў іх душу!

Хальс (Цобелю). Фюр ды ферніхтунг партызанэн бандэн!

Цобель. Фюр ды ферніхтунг!

П’юць.

Хальс. Дзе смажанае сала, якое вы абяцалі?

Стрыбульскі. Зараз. Айн мінут!

Выбягае.

 

1 Ці не хочаце вы, пан палкоўнік, пакаштаваць сала? Ці, можа, пазней крыху?

2 Так. Цяпер есці! І — справы!

З’ЯВА ТРЭЦЯЯ

Цобель. Ну, уцягнуў ты мяне ў гісторыю!

Хальс. Узяўся за гуж, трымайся мацней!

Цобель. То ў холад, то ў пот аж шыбае!

Хальс. Першую дзею мы сыгралі прыстойна. Асноўнае — болей нахабства, самаўпэўненасці і пагарды! Ты ж арыец, ды не які-небудзь фрыц смаркаты, палкоўнік! Інакш ты са сваімі ведамі нямецкай мовы падвядзеш усіх...

Цобель. Ты яшчэ нібы жартуеш, а мне, яй-богу, аж рукі свярбяць. Так хочацца стукнуць гэту падлюгу па макаўцы, каб і хвост адкінуў! Гэта пачвара аж на сцену лезе, каб выслужыцца перад гітлераўцамі!

Хальс. Я за хлопцаў баюся: не паднялі б вэрхал раней часу! Столькі паліцаяў абяззброіць — каб і не пікнулі,— на гэта патрэбен клас!

Цобель. Хлопцы добрыя. На падбор.

Хальс. Не пагарачыўся б хто-небудзь!.. (Трывожна.) І фрыцы наляцець могуць раней, чым мы думалі.

Цобель. Як ён, гэты паліцай, паганец, праскочыў?!

Хальс. Крываручку падлавілі і супакоіліся. Вось і праваронілі другога!

Цобель. Сядзіць, мусіць, недзе ў Клюге, чакае экспедыцыі...

Хальс. Уночы, можа, пабаяцца лезці. А калі асмеляцца, то праз гадзінку могуць дапасці, чаго добрага, і сюды. Значыцца, марудзіць нельга. Можна самім трапіць у пастку!

Цобель. Што з нашымі разведчыкамі?!

Хальс. Без іх мне ў атрад хоць не вяртайся! «Дзед» з разведкі прагоніць. З ганьбай. Ціш-ш... Ідзе!

 

З’ЯВА ЧАЦВЁРТАЯ

Уваходзіць Стрыбульскі, трымаючы перад сабой скавараду, якую стаўляе перад «гасцямі».

Стрыбульскі. Частуйцеся, пан палкоўнік, пан обер-лейтэнант! Можа, яшчэ гарэлкі?

Хальс (Цобелю). Эр загт: нох шнапс?

Цобель (равучы). Генуг! Ферфлюхтэн!

Ён гаворыць такім тонам, што Стрыбульскі, які ўжо хацеў падліць самагонкі ў шклянкі, здзіўлена цягнецца перад ім. Цобель п’яна, нядобра паводзіць вачыма, панура глядзіць спадылба. Язык яго заплятаецца.

Цобель. Генуг!! Доннэрветтэр!

Хальс (нібы стараючыся перад палкоўнікам). Хопіць гэтага пойла! Вы думаеце, што самагон закрые нам вочы, што мы не пабачым усяго...

Стрыбульскі. Я не думаў нічога...

Хальс. Ты не думаў! Нічога! Гэта зэр шлехт, што вы не думаў нічога! (Не даючы Стрыбульскаму апамятацца.) Вы дрэнна выконваеце свой абавязак — як начальнік паліцыі! Калі б не добрая атэстацыя маёра Клюге, якую ён даў вам, вам непаздаровілася б!

Стрыбульскі. За што, пан обер-лейтэнант?!

Хальс. За што?! Вы пытаецеся!.. Вы хто ест?! Вы ест начальнік паліцыі! Форгезэтцэ! Шэф паліцай! Хто такі начальнік паліцыі? Начальнік паліцыі ест вушы і вочы нямецкага камандавання! А вы — што бачыце?

Стрыбульскі. Я... Мы як можам сочым і выведваем...

Хальс. Вы — глухі і сляпы. Не спрачайцеся, калі обер-лейтэнант ад імя палкоўніка робіць вам заўвагу! За гэта адно можна, варта пакараць!.. Што вы выведваеце, дзе вынікі вашых выведванняў?!

Стрыбульскі. Яшчэ вясной, калі я толькі прыехаў сюды, я...

Хальс. Кайне эрынерунген! К чорту ўспаміны! Нам патрэбны новыя доказы!

Стрыбульскі. Учора мы захапілі двух партызанскіх разведчыкаў...

Хальс (перабівае незадаволена). Што яны вам сказалі?!

Стрыбульскі. Нічога. Яны нічога не сказалі.

Хальс. Хто рабіў допыт?!

Стрыбульскі. Я сам. Бог сведка, я зрабіў усё, але яны не сказалі. Я застрэліў аднаго!

Хальс. Застрэліў?!

Стрыбульскі. Прыстрэліў, як сабаку. Ён, у бога яго душу, кінуўся на мяне. Уцячы хацеў!

Хальс (стрымліваючыся). Бязглузда! Ні ў якім выпадку не трэба было расстрэльваць!.. Расстрэл ёсць... шчасце...

Стрыбульскі. Пан обер-лейтэнант, у кожнага ёсць нервы. У мяне таксама. Калі ён кінуўся, я не вытрымаў.

Хальс. Нервы! Нервы! А з другім, што з другім вы зрабілі?

Стрыбульскі. Гэта дзяўчына, пан обер-лейтэнант.

Хальс. Дзяўчына?! Вы... нават з дзяўчынай не можаце справіцца! (Цобелю.) Гір іст айнэ медхен, партызанэн. Зі антвортэт ніхт.

Цобель (гледзячы на Стрыбульскага). Зэр шлехт.

Стрыбульскі. Яна ўпартая, як камень!

Хальс. Таму што ты не ўмееш распытваць. У мяне яна загаварыла б!

Цобель. Руфен зі гір!

Хальс. Палкоўнік загадвае прывесці яе!

Стрыбульскі (падыходзячы на дзвярэй). Дзяжурны!

Дзяжурны ўбягае.

Сюды партызанку! Вазьмі ключ! (Ціха, пагрозна.) Налізаўся, падла!..

Дзяжурны выходзіць.

Хальс. Як яе прозвішча?

Стрыбульскі. Яна не гаворыць.

Хальс. Нават прозвішча ты не здолеў даведацца! А яшчэ хочаш даказаць!.. (Перабівае.) Маўчаць! Мне і так усё зразумела!

Цобель (да Хальса). Во бефандэн партызанэн ін дэр летцэн цайт? Анцаль унд плянен!

Хальс. Палкоўнік пытае, дзе знаходзяцца цяпер партызаны? Што вам вядома пра іх колькасць, склад, баявыя планы? К прыбыццю палка палкоўніку неабходна самая дакладная інфармацыя!

Стрыбульскі. Дзейнічае тут партызанскі атрад. Ён размяшчаецца ў Залужскіх лясах... Камандуе атрадам нейкі былы камандзір, ён застаўся тут, як бальшавікі адступалі, ранены быў. Празываецца «Дзед з барадою».

Хальс (дастаючы блакнот). Дзед з барадою. Дзіўнае прозвішча. Стары ён?

Стрыбульскі. Не, кажуць. Яшчэ малады, а ходзіць з барадою. Камісарам там парцейны раённы сакратар Паплаўскі.

Хальс. А хто ў іх разведкай займаецца, не ведаеш?

Стрыбульскі. А як жа, Дубовік, сволач, у кроў яго душу. З настаўнікаў, а такая зараза!..

Хальс (пішучы). Дубовік! Сволач, кажаш? Няхай толькі пападзецца!.. Што вядома пра іх сілы?

Стрыбульскі. Іх там каля дзвюх тысяч, не менш!..

Хальс (палкоўніку). Эр загт: гір зінд цвай таўзэнд партызанэн!

Цобель. Зо філь? Найн. Найн... Фраген зі, обер-лейтэнант, партызанэн агентэн!

Хальс. У вас павінны быць весткі пра партызанскіх агентаў. Палкоўнік гэтым вельмі цікавіцца. У вашых сёлах, відаць, таксама ёсць памочнікі партызан, сувязныя, разведчыкі?

Стрыбульскі. Ёсць. Але мы іх выводзім патроху, у душу іх.

Хальс. Габен зі... Вы маеце іх спіскі?

Стрыбульскі. Ёсць.

Хальс. Давайце сюды!

Стрыбульскі дастае з шафы сшытак, падае Хальсу. Хальс з цікавасцю разгортвае яго. Але ў гэты час уваходзіць Паліцай з Партызанкаю.

 

З'ЯВА ПЯТАЯ

Паліцай (дакладваючы). Пан начальнік паліцыі! Прывёў!

Стрыбульскі. Добра. Дакладваць пры панах афіцэрах не ўмееш, доўбня! Ідзі!

Паліцай знікае. Бачачы перад сабой змардаваную партызанку, «обер-лейтэнант» і «палкоўнік» ледзь стрымліваюць хваляванне. Менш загрыміраваны Хальс апускае асцярожна галаву, потым надзявае пенснэ, каб дзяўчына ненарокам не пазнала, не выдала.

Хальс. Вы не дапыталі гэты... дзіця, Стрыбульскі?!

Стрыбульскі. Гэта разведчыца, пан обер-лейтэнант!

Хальс. Такое кволае... дас гешёпф, як сказаць?.. Кволае стварэнне?!

Стрыбульскі (сам сабе). Чаму ён так хвалюецца?! (Хальсу.) Яна цярплівая, як кошка, у душу яе! (Падышоўшы да Насці, штурхае яе да стала.) Ну! (Паказвае яе рукі.) Ну, якая работа? Гэта ад іголкі і цвікоў! Вельмі дзейнічае! Верны спосаб!

Цобель (стрымліваючыся). Дас іст ніхт шлехт!

Хальс. Палкоўнік кажа, што гэта нядрэнна. Ты можаш ганарыцца!

Стрыбульскі. Стараюся!.. А то вы, гер обер-лейтэнант, накінуліся, гразіцца сталі, нібы сумняваліся!.. Калі яна не скажа, дзе бальшавікі, я, дыхавіцу сабачую, скручу яе ў трубу! Вяроўкі віць буду з яе!

Хальс (прытоена, сумна). Цяпер я бачу, што мы сумняваліся дарэмна... Але метады вашы ўстарэлі. Тэхніка допыту ў германскай паліцыі пайшла далёка наперад...

Стрыбульскі. Нічога, я і так развяжу ёй язык! (Падыходзячы да Насці, пагрозна.) Хто пасылаў? Чыё заданне, ты, бальшавіцкая гадаўка?! Ну!

Насця. Каб вы ўсе здохлі! Каб вас...

Стрыбульскі (раз'юшана накідваючыся на дзяўчыну). Не скажаш? Не скажаш?

Насця. Ой! Гад ты, гад!..

Хальс (ледзь стрымліваючыся). Кіньце. Скора мы з палкоўнікам пагутарым з ёю! У нас яна загаворыць! (Стрыбульскаму.) За стол!

Стрыбульскі (злосна штурхаючы Насцю). У, падла! (Кліча). Дзяжурны!

Сядае за стол.

Хальс. Нашто дзяжурны?!

Стрыбульскі. Вывесці!

Хальс. Адставіць! Нам яна яшчэ будзе патрэбна! (Пільна гледзячы на Стрыбульскага, які хоча ўстаць.) Што вы думаеце?!

Стрыбульскі. Дзяжурны, у бога душу! Налізаўся!..

Хальс. К чорту дзяжурнага! Нашто ён!

Стрыбульскі. Так... Для парадку.

Ён непакоіцца.

Хальс (рэзка, п'яна загадваючы). Потым!.. Для парадку тут мы! Пі!

Паказвае на шклянку з самагонкай. Стрыбульскі п’е. Насця, падняўшыся з падлогі, з нянавісцю спадылба пазірае на іх. Ёй здаецца нешта дзіўна знаёмае ў голасе, у жэстах немца.

Яна адганяе гэтую думку, як прывід, як недарэчнасць.

Хальс (крыху адпіўшы са шклянкі). Мы, немцы, не любім піць так, як вы, шклянкамі...

За сцэнай раптам раздаецца стрэл. Стрыбульскі трывожна ўскоквае.

Стрыбульскі. Што гэта?!

Хальс (абыякава). Глупства. Мусіць, хто-небудзь з салдат вінтоўку прачысціць захацеў...

Стрыбульскі. Вінтоўку прачысціць?..

Хальс. Нервы ў вас, як у... дэр хазэ, як сказаць? Як у зайца!

Стрыбульскі. Нервы, у душу яго... Работа...

Супакойваецца. Але непадалёк зноў стрэл, крык: «Ай!»

Стрыбульскі рашуча ўскоквае.

Стрыбульскі (Хальсу і Цобелю). Я хутка. Я зараз!

Вымае з кішэні пісталет.

Хальс. Стрыбульскі, вы трус!

Цобель. Зетцэн зі!

Стрыбульскі. Я павінен праверыць!

Хальс (хапаючы Стрыбульскага за руку, рэзка). Палкоўнік загадвае вам сядзець. Саромцеся... Вы зневажаеце палкоўніка!

Стрыбульскі. Там нешта здарылася!

Хальс (рэзка). Калі што-небудзь вартае, прыйдуць, даложаць.

Стрыбульскі, які яшчэ стаіць нерашуча, раптам спалохана ўздрыгвае.

Сядайце!

Стрыбульскі разгублена сядае. Пільна, насцярожана аглядае гасцей. Насця сочыць за ўсім, поўная і вялікага хвалявання, сумненняў і здагадкі.

(Стрыбульскаму). Выпіўшы, трэба закусваць!..

Стрыбульскі. Што? А, закусваць? (Раптам, хутка.) Каб — расолу!

Ён хоча ўскочыць, але Хальс затрымлівае.

Дзяжурны!

Хальс. Нашто дзяжурнага зваць без прычыны!

Стрыбульскі. Расолу б добра... Пасля гарэлкі...

Зірнуўшы на Хальса, на «палкоўніка», які трымае руку ў кішэні, на пісталеце, Стрыбульскі сядае.

Хальс. Капусты даволі!

І яго тон, і выгляд «палкоўніка» прымушаюць падначаліцца. Стрыбульскі мяняе тактыку.

Стрыбульскі. Так, можна закусіць і... капустаю... (Як бы супакоіўшыся.) П’юць, падлы, на дзяжурстве!.. Але — ваша праўда — хвалявацца не трэба... Калі вы тут!.. Пры вашай ахове!..

Хальс. Ты мне пачынаеш падабацца больш, як дагэтуль!

Насця ўжо амаль не сумняваецца, якія «афіцэры» перад ёю. Яна сочыць за абодвума — толькі адзін знак, і яна кінецца, шчаслівая, да іх. Але Хальс вачыма загадвае маўчаць.

Стрыбульскі. Вы будзеце яшчэ лепш... думаць, калі мы... пазнаёмімся бліжэй...

Цобель. Фраген зі... Брыф! Іст дае варгейт?

Хальс. Маёр Клюге казаў, што вы атрымалі нахабнае пісьмо. Палкоўнік пытаецца, ці праўда гэта?

Стрыбульскі. Праўда.

Хальс (Цобелю). Дас іст вар!

Стрыбульскі (сам сабе). Каб хоць паўгадзіны пратрымацца, а там бог... Клюге! Няўжо не выручыць?! (Хальсу.) Да чаго дайшлі!.. Партызаны... Нібы не мы, а яны гаспадары!..

Хальс. Што ж яны пішуць? Я не ўпэўнен, што Клюге ўсё правільна перадаў...

Стрыбульскі (трывожна). Пагражаюць... За тое, што я служу... Выпусціць партызан загадваюць...

Хальс. Цяпер вы не трывожыцеся, спадзяюся? Ахова ў вас, як у райхсфюрэра!..

Стрыбульскі. Не... (Ледзь выціскаючы словы ад неспакою.) Цяпер я... абсалютна... спакойны... Такая ахова... Упершыню за ўсю службу... спакойны. Дзякуючы пану палкоўніку і вам, гер обер-лейтэнант... Я вельмі трывожыўся, чакаючы вас. Проста смех успомніць... Вып’ем за спакой!..

Хальс. Вып’ем!

 

З’ЯВА ШОСТАЯ

Уваходзіць Партызан, апрануты нямецкім салдатам.

Партызан. Кончылі, таварыш начальнік разведкі!

Дубовік (Стрыбульскаму). Здай зброю!

Стрыбульскі (прыкідваючыся). Я... Мне... Вы жартуеце?!

Раптам скідае маску, хапае з кішэні пісталет, хоча стрэліць, але Дубовік з «палкоўнікам» і другім партызанам кідаюцца на яго, выкручваюць руку. Пісталет адбіраюць.

Стрыбульскі. Дубовік! Сам?! У, дыхавіца!.. Абдурыў!..

Дубовік. Рукі ўгору!

Стрыбульскі падымае рукі.

(«Палкоўніку».) Абшукаць, Пятро!

Пятро. З прыемнасцю!

Абшуквае. Насця, без меры ўсхваляваная, кідаецца на Дубовіка.

Насця. Ой, таварыш камандзір! (Цалуючы, плача.) Як гэта!.. Паверыць проста не магу...

Дубовік. Хвілінку, Насцечка!.. Супакойся!.. Усё нармальна! (Стрыбульскаму). Ну, мы прыйшлі!

Стрыбульскі глядзіць, як загнаны воўк.

Мы табе загадвалі вызваліць людзей нашых. Мы цябе папярэджвалі, што зробім, калі не паслухаешся! Ты не паслухаўся! Ты забіў нашага чалавека, здзекаваўся (на Насцю) з яе... І ты атрымаеш што належыць!

Стрыбульскі. Эх, позна, у кроў яго душу, гэты Клюге прыпаўзе! Чакаў яго, падлу, думаў дачакацца!..

Пятро. І не дачакаўся, мусіць, мала. Збіраецца, напэўна, Клюга твая на падмогу. А можа, і ідзе ўжо.

Насця. Каб не падаспелі яны!

Пятро абшукаў Стрыбульскага.

Пятро. Усё, Іван! Гатоў!

Дубовік. Вывесці. Выканаць партызанскі прысуд!

Партызан. Ёсць! Ідзі, гніда фашысцкая! Жвавей!

Ён выводзіць Стрыбульскага.

Пятро. А цяжка быць палкоўнікам! (Выціраючы пот.) Аж замарыўся! Цьфу ты, служба! (Адрывае вусы, кідае на падлогу.)

Насця (Дубовіку). Непадобны вы які!.. Скіньце гэтыя шклы...

Дубовік (зняўшы пенснэ, заклапочана, строга). Пятро!

Пятро. Я, таварыш начальнік разведкі!

Дубовік. Сабраць усіх! Зараз жа! Чакаць маёй каманды!

Пятро. Мігам!

Пятро выбягае.

Дубовік. Насця, вось ключ. Вызвалі ўсіх! І да нас! За Залужкамі вядзі сцежкаю, паўз ветракі! Ведаеш?

Насця. Не забыла!

Выбягае.

 

З’ЯВА СЁМАЯ

Дубовік адчыняе шуфляды ў стале, забірае паперы. Сабраўшы ўсё ў стус, піхае пад паху, хутка азіраецца.

Дубовік. Здаецца, усё? Усё!

Выбягае.

Заслона


1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 2. Нарысы; П'есы. -Мн.: Маст. літ., 1980. - 400 с., 4 л. іл.