epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Чорныя сілуэты

Чытаючы № І часопіса «Беларусь», я натрапіў на некалькі чарговых чорных сілуэтаў з кароткімі вершаванымі подпісамі-характарыстыкамі пад імі [...]

Тут можна даведацца, што народны артыст Савецкага Саюза кампазітар Яўген Цікоцкі зусім і не кампазітар — бо які ж ён кампазітар, калі ён «гняце сваю ліру»? «Гняце» ў гэтым кантэксце лёгка зразумець як далікатны сінонім дзеяслову «мучыць». Можна даведацца пра тое, што артыстка В. Пола, відаць, незаслужана атрымала Дзяржаўную прэмію за ўдзел у спектаклі «Пяюць жаваранкі», бо з даўніх часоў, калі стварыла вобраз Агаты ў «Паўлінцы», яна, бачыце, не зрабіла ні кроку наперад: «ні тудэма, ні сюдэма»!; што рэжысёр К. Саннікаў спіць на рэпетыцыях, што А. Куляшоў «прыстаў» у «Грознай пушчы» і г. д. ... Многа «цікавага» падрыхтаваў часопіс на новы год чытачам...

З гэтага ж аддзела я даведаўся, што раман «Мінскі напрамак» горшы за апавяданне «У завіруху», напісанае шмат год назад. Праўда, часопіс у свой час (1953, № 6) даў раману добрую ацэнку. Зараз ён, відаць, змяніў свой погляд і рашыў пра гэта паведаміць чытачам, апынуўшыся, такім чынам, у становішчы вядомай удавы, якая сама сябе адлупцавала.

Займацца падобнымі практыкаваннямі, вядома, нікому не забараняецца. Але зусім не да твару часопісу ўсе гэтыя «паэтычныя забавы» размнажаць у многіх тысячах экземпляраў.

З’яўленне чорных сілуэтаў выглядае тым больш кантрастным, што ў гэтым жа нумары ў рэцэнзіі «Для самых юных» рукой услужлівага К. Іванюка намаляваны ружовы сілуэт самога рэдактара часопіса.

Пажадаем часопісу ў далейшым знаёміць сваіх чытачоў з сапраўдным абліччам дзеячаў літаратуры і мастацтва, а не з іх чорнымі сілуэтамі.

 

1956


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 134
Крыніца: скан