epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Да чытачоў рамана

Прапануючы чытачам «Советской литературы» раман «Подых навальніцы», я хацеў бы звярнуць увагу, перш за ўсё, на дзве акалічнасці.

Першая. Раман мой хоць і з’яўляецца зусім самастойным па кампазіцыі, закончаным творам, у той жа час лёсам герояў, месцам дзеяння звязаны з ранейшым маім раманам — «Людзі на балоце», фрагмент з якога ў перакладзе на іспанскую мову быў апублікаваны ў часопісе «Советская литература» ў № 8 за 1962 год. «Подых навальніцы» прадаўжае лёс герояў «Людзей на балоце», якія ў першым рамане толькі ўступалі ў самастойнае жыццё, толькі пачыналі адчуваць складанасць, заблытанасць яго. У новым рамане тыя ж героі — Васіль, Яўхім і іншыя, блізкія ім па жыцці ў вёсцы, — аказваюцца перад новымі выпрабаваннямі, не менш складанымі, чым ранейшыя. Яшчэ не развязаны старыя, няпростыя вузлы ва ўзаемаадносінах герояў, а неймаверны, імклівы час рыхтуе ім новыя задачы. Жыццё ў ціхай вёсачцы Курані крута паварочвае са свайго звычайнага шляху, у Куранях у кожнай хаце адчуваецца трывожны, у імклівых успышках, подых навальніцы. Пачынаюцца нязнаныя перамены, якія ламаюць адвечны лад жыцця, — пачынаецца калектывізацыя...

Думаецца, трэба звярнуць увагу яшчэ на адну асаблівасць рамана. Як і «Людзі на балоце», ён уваходзіць у маю «Палескую хроніку». Абодва раманы, як я ўжо зазначыў, маюць адно месца дзеяння — вёску Курані, беларускае Палессе. Чытачу, які зацікавіцца геаграфіяй рамана, я лічу абавязкам параіць шукаць Палессе на карце Беларусі і Украіны. Палессе — вялізны край, што раскінуўся на сотні кіламетраў у паўночнай частцы Украіны і на поўдні Беларусі. Як пагранічныя гарады стаяць на ім Брэст на захадзе і Гомель на ўсходзе. Курані прыблізна на палавіне дарогі паміж імі, крыху бліжэй да Гомеля.

Палессе — край амаль увесь нізінны, толькі дзе-нідзе, галоўным чынам па правым беразе Прыпяці — крутыя, зрэзаныя ярамі пагоркі — града. На ўсёй астатняй прасторы — плоская роўнядзь палёў, вільготныя, у густых зарасніках лясы, незлічоныя, з учэпістым хмызняком балоты — большаю часткай цяпер асушаныя.

Палессе называюць краем лясоў і балот. «Выгляд вялікага, на ўвесь небасхіл бору, выгляд Палесся, нагадвае выгляд мора», — пісаў пра гэты край больш ста гадоў назад І. С. Тургенеў у нарысе «Паездка ў Палессе». Край уразіў вялікага пісьменніка дзікай і панурай веліччу, што прыгнятае чалавека, усяляе «ў сэрца людское ўсведамленне нашай нікчэмнасці». За сто гадоў многае змянілася, намнога парадзелі, а ў многіх мясцінах і зусім зніклі магутныя лясы, бары, якія так уразілі пісьменніка. Край вельмі змяніўся і за тыя чатыры дзесяцігоддзі, якія прайшлі перад маімі вачамі.

Палессе цяпер наўрад ці здзівіць прыезджага дзікай веліччу. Чалавек, які наслухаўся пра дзікае хараство Палесся, магчыма, убачыўшы сённяшняе Палессе, адчуе сябе расчараваным. Час і людзі папрацавалі не без поспеху: аблічча Палесся ў многім змянілася. Але я тут чалавек не заезджы. Я тут на ўсё жыццё дома. Гэта — мая радзіма. Я тут нарадзіўся, тут непаседлівым хлапчуком шныпарыў у балотных зарасніках, непраходных, як джунглі. Тут дакрануўся да недаступнага загадкавага свету балот, ён уразіў маё трывожнае дзіцячае ўяўленне. Зараснікі гэтыя, балоты, край гэты назаўсёды ўлюбілі мяне ў хараство прыроды, хараство жыцця.

Зямля гэтая дарагая майму сэрцу, як ніякая іншая. Ёй, яе людзям я і прысвяціў дзесяць гадоў нецярплівай, радаснай працы, два маіх раманы. Усім гэтым я хачу ў меру сваіх сіл аддаць доўг, узяты ў дзіцячыя гады і адчуты мною пазней, у сталыя гады. Я хачу, каб чытачы маіх кніг таксама палюбілі гэтую зямлю і яе людзей або па крайняй меры — хаця б ведалі пра іх.

Я спадзяюся, што абодва раманы, акрамя ўсяго іншага, будуць цікавыя як адна з нямногіх спроб адкрыць шырокаму, у прыватнасці зарубежнаму, чытачу своеасаблівую прыгажосць амаль невядомай яму зямлі, працавітага і сціплага народа. Бо кожная літаратура перш за ўсё значная тым, што дапамагае пазнаваць землі і людзей, якія яе стварылі, бачыць іх непаўторнае аблічча.

У фрагментах, якія прапануе чытачам «Советская литература», пададзена толькі адна сюжэтная лінія; улічваючы абмежаваныя магчымасці часопіса, гэта неабходна было зрабіць, каб фрагменты мелі хаця б адносную цэласнасць, паслядоўнасць у развіцці лёсаў і характараў. Павінен, аднак, адзначыць, што ў поўным выглядзе раман «Подых навальніцы» — значна шырэйшы, гэта — шматпланавы, з вельмі рознымі лёсамі і рознымі людскімі клопатамі твор, у якім аўтар ставіў сабе задачу паказаць жыццё людзей праўдзіва і ўсебакова.

 

1968


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 308-310
Крыніца: скан