epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Да пытання аб правобразах

Некалькі дзён назад я гутарыў з аспіранткай з Гомеля, якая толькі што вярнулася з маіх родных мясцін. Па яе словах, яна ездзіла туды, каб убачыць сваімі вачамі тыя самыя Курані, пра якія я пісаў у «Палескай хроніцы», паглядзець, якія яны цяпер, пазнаёміцца з тымі, хто пачынаў ладзіць новае жыццё у Куранях, і з тымі, хто жыве там цяпер.

Прызнаюся шчыра, я адгаворваў яе ад гэтай паездкі, адгаворваў шукаць прамых прататыпаў герояў маіх кніг.

Мяне не пакідае адчуванне, што ў такіх выпадках пабочны чалавек урываецца ў галіну запаветнага, дзе ўсё дарагое і складанае, дзе не ўсё можна вытлумачыць, у свет, амаль інтымны для пісьменніка. Да таго ж мне здаецца, што для літаратара правобраз — часцей за ўсё толькі імпульс, толькі іскрынка, з якой трэба распаліць агонь. Калі б гэта было інакш, літаратурная справа была б вельмі простай. Людзі, пра якіх я пішу і якія сталі героямі маіх твораў, — гэта ж і я сам, іх жыццё — гэта і маё жыццё. Я пішу пра іх і адначасова пра сябе...

З трывогай распытваў я аспірантку пра вынікі паездкі. Яе «справаздача» трохі супакоіла мяне. Адчуваю, недарэмна з’ездзіла, многа ўбачыла. Але ўсё ж... Ах, гэтае абавязковае жаданне знайсці на зямлі чалавека, пра якога напісаў аўтар!..

Яна расказвае пра знаёмых мне людзей, і раптам яе расказ пачынае мяне моцна хваляваць: яна ўспамінае дарагое мне прозвішча — Бельскі.

Нічыпар Ануфрыевіч Бельскі жыве ў маёй роднай вёсцы Глінішчы. Я памятаю яго з тых даўніх пор, калі ён прыехаў да нас у толькі што арганізаваны калгас. Ён для мяне — гэта маленства і юнацтва, тое дарагое, чым выкліканы абодва раманы. Старшыня калгаса, потым сельсавета, сакратар райкома, з якім мне часта даводзілася сустракацца, калі перад вайною я працаваў у райкоме камсамола. Ён рэкамендаваў мяне ў партыю. Ён уручыў мне кандыдацкую картку. Натуральна, знаёмства з гэтым значным чалавекам не магло не аказаць свайго ўплыву, калі ствараліся вобразы тых, на чые плечы лягла немалая цяжкасць пераўтварэння жыцця ў глухім палескім кутку, у тым ліку і вобраз старшыні валвыканкома Апейкі.

Аспірантка ў пошуках Васіля і Ганны звярнулася за дапамогай да Нічыпара Ануфрыевіча.

Што ж ён сказаў?

— Такіх Васілёў і Ганн тут у кожнай вёсцы многа.

Мяне гэтыя словы вельмі ўзрушылі. Яны дарагія мне. Яны падтрымалі тое самае важнае, да чаго я імкнуўся: у адзінкавых лёсах герояў расказаць лёс многіх, лёс народа.

Ёсць, вядома, правобразы ў многіх маіх герояў, але складаны шлях ад правобраза да вобраза. Часамі за адным вобразам — колькі тваіх знаёмых!

Не хочацца расшыфроўваць прататыпаў і з той прычыны, што многія з іх жывуць. Магу сказаць, між іншым, што ёсць некалькі герояў, якіх я ў поўным сэнсе слова перанёс на старонкі кнігі з жыцця і назваў сваімі імёнамі. Гэта Зайчык, Андрэй Руды, Алёша Касцючэнка. Андрэй пастарэў, але і па гэты дзень працуе ў калгасе. Алёша Касцючэнка не вярнуўся з вайны. Ён загінуў пры вызваленні Польшчы.

Цікава, што адзін з праніклівых, сур’ёзных крытыкаў папракаў мяне за тое, што гэтыя мае героі быццам бы літаратурнага паходжання...

Калі ўжо абавязкова трэба знайсці прататыпы, паколькі аб гэтым узнікла размова, то павінен сказаць: у маіх кнігах ёсць сапраўды адзін надзейны, безумоўны правобраз — тое жыццё, якое некаторыя амаль забылі, а многія, хто маладзейшы, і зусім не ведаюць. Вось гэты правобраз быў заўсёды перада мной, і я заўсёды адчуваў яго ўладную сілу над сабою. Я імкнуўся намаляваць яго, вобраз таго жыцця, ва ўсіх фарбах, ва ўсёй супярэчлівасці, ва ўсёй няпростай праўдзе. Імкненне гэтае і вызначала выбар герояў, характар іх тыпізацыі, узаемаадносін паміж імі.

Памяць пра тое жыццё доўгія гады трывожыла мяне: невялікія вёсачкі ў акружэнні балот, цеснаватыя пакрыўленыя хаціны, стрэхі якіх трывала аздоблены пластом зялёнага моху. Вечарамі — лучына. Выхад у вялікі свет для большасці заканчваўся паездкай у мястэчка Юравічы. І самае страшнае — вечная турбота пра кавалак хлеба...

Іншы раз, бывала, я думаў, ці недарэмна на многія гады звязаў сябе з тымі ўжо мінулымі днямі. Аднак кожны раз я ўсё больш пераконваўся, што гэта як бы самім лёсам наканавана мне, каму выпала быць сведкам тых крутых змен, ломкі жыцця, нараджэння новага чалавека, — расказаць людзям пра ўсё, што тады адбывалася. Я адчуваю, што гэта, бадай, асабліва патрэбна і важна для моладзі, таму што нельга зразумець добра сучаснае, спасцігнуць значнасць і веліч будучага, не ведаючы вытокаў мінулага. Не ведаючы, з чаго мы пачыналі, праз што мы прайшлі...

Некалькі год таму назад мне давялося гутарыць з адным са сваіх герояў, адным з Васілёў. Мяне ўразілі некалькі слоў, пра якія я не магу змоўчаць тут.

— Вот, разумееш, — гаварыў ён, — як цяжка было ўсё ламаць тады. Саладзейшага за тое жыццё, здавалася, не будзе. А цяпер, яй-богу, як успомню, страшна робіцца. Як бедавалі, ірвалі жылы ад цямна да цямна. Каб жыць галадаючы...

Яму, як і многім героям маіх раманаў «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», давялося прайсці вялікую цяжкую дарогу. Але яны прайшлі і азіраюцца ўжо — як на далёкае, незваротнае.

Ёсць у маёй вёсцы цяпер Васіль, зусім нелітаратурны, зямны. Старшыню калгаса ў родных Глінішчах таксама завуць Васілём — Васілём Міхайлавічам Гапоненкам. Гэта параўнаўча малады чалавек, які добра ведае сваю справу. У яго вялікі практычны вопыт і вышэйшая адукацыя, ён закончыў сельскагаспадарчую акадэмію. Цяперашні Васіль кіруе вялізнай і складанай гаспадаркай.

Мне здаецца, гэтае супастаўленне двух Васілёў не выпадковае, сімвалічнае, поўнае глыбокага сэнсу.

 

1970


1970

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 424-426
Крыніца: скан