epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Дарогі на ўсход і на захад

1. ЭШАЛОН РАЗГРУЗІЎСЯ Ў СПАС-ДЗЯМЯНСКУ
2. ЦЕРАЗ ДЗЯСНУ І ДНЯПРО
3. НА КІЕЎ
4. ЗА ГРАНІЦАЙ — КАЛЯ ГОРАДА ЯСЫ
5. ДАЛІНЫ І ГОРЫ, СУСТРЭЧЫ І РОСТАНІ


Першая абарончая лінія ворага была прабіта.

Танкавая брыгада Шутава адразу рушыла далей. Але прарвацца ўдалося недалёка: разведка, што ішла ўперадзе, неўзабаве выявіла на вышынях абапал дарогі замаскаваныя ствалы гармат, варожыя танкі. Яны былі ўсе нацэлены на дарогу, чакалі.

Пастка! Гітлераўцы чакалі, калі брыгада трапіць у пастку. Хоць ведаў карту да драбніц, Шутаў выняў яе, пачаў углядацца ў жоўтыя звілістыя лініі вышынь, у павуціны дарог. «Не, я не памыліўся — пастка. Іншых прыдатных дарог у гэтым напрамку няма. Яны былі ўпэўнены, што мы немінуча ўлезем у яе...»

Што рабіць? Абысці? Абысці няма як — вакол толькі горы і ўзгоркі, недаступныя для танкаў. Пачакаць, калі падыдуць стралковыя часці, артылерыя,— стаяць? Але стаяць нельга — трэба, не трацячы часу, развіваць вялікае наша наступленне, рушыць наперад. Зараз жа, не даючы праціўніку перадышкі.

Але ж як ісці? Яны з вышынь расстраляюць, папаляць усе яго танкі. Дарога адтуль як на далоні. Хоць і не хацелася, вельмі не хацелася, прыйшлося даць брыгадзе загад спыніцца.

Блізка быў вечар. Сонца хавалася ўжо за горы, калі Шутаў загадаў некалькім танкам выйсці на вышыню, што ўздымалася на флангу праціўніка, і прамой наводкай ударыць па машынах у засадзе. Шутаў нібы выклікаў гітлераўцаў на бой, але, як і чакаў, яны насустрач не захацелі выйсці.

Наступіла ноч. Вакол усё патанула ў густой цемры — абрысы ўзгоркаў, лагчыны, будынкі блізкага гарадка Тыргу-Фрумас. Вайна на румынскай зямлі прыціхла, адно ў небе шумелі начныя бамбардзіроўшчыкі ды час ад часу недзе ўводдалі грымелі выбухі бомб.

Мінула гадзіна, дзве, тры. Разведчыкі далажылі, што танкі абапал дарогі — з нямецкай дывізіі, якая толькі перад вечарам прыбыла з другога ўчастка фронту, што яна яшчэ не асталявалася як след. Шутаў таксама адзначыў сабе, што немцам прыйшлося да таго ж зрабіць вялікі марш, стаміцца.

Натаміліся і нашы танкісты, спяць. А камандзір брыгады не можа заснуць. Клопат не адступае, трывожыць — трэба прарывацца, чакаць нельга — заўтра зрабіць гэта будзе цяжэй. Праціўнік яшчэ не ўмацаваўся, не ў поўнай сіле. І ноч такая цёмная, такая зручная для прарыву. І яны здарожыліся, можа быць, спяць...

Але ўслед за гэтым браў одум: хоць і ноч, і праціўнік не асвойтаўся, усё ж рызыка якая, самому лезці на ражон, у пастку! Хто скажа загадзя, што ўдасца добра падысці, праламаць смелым ударам перашкоду? А можа, там толькі і чакаюць іх?

Франтавое чуццё, праверанае ў многіх начных баях, падказвала — трэба паспрабаваць, пайсці на рызыку! Нават такіх шанцаў заўтра не будзе...

Вывеў на вышыню збоку два ўзводы, паслаў у абход мотапяхоту, якія павінны былі адцягваць увагу праціўніка ад дарогі, а пры выпадку падтрымаць тых, каторым выпала ісці ў пастку. Выслаў наперад разведку і сапёраў, падцягнуў, сабраў напагатове іншыя танкі. Разведка і сапёры прабраліся ў размяшчэнне праціўніка ўдала, без аднаго стрэлу. Без стрэлаў прайшлі далей, за пазіцыі ворага. Тады Шутаў перастаў вагацца — адзін за адным кінуў наперад на вялікай хуткасці два батальёны.

З гэтай хвіліны жыў толькі адным — чаканнем. Удасца ці не ўдасца. У ляскаце гусеніц, у дужым лёце машын час плёўся на дзіва павольна, нібы гатоў быў зусім спыніцца. Вось машыны наблізіліся да варожых пазіцый, увайшлі ў небяспечную зону, слых мімаволі навастрыўся — зараз немцы пачнуць страляць. Ён хутчэй адчуў, чым пачуў, гэты запознены стрэл з нямецкага танка, падумаў, што больш ні аднаго мігу марудзіць нельга, загадаў мотапяхоце, танкам: атакаваць!

У той жа момант ноч зазіхала частым полымем, загрымела — гарматы двух батальёнаў ударылі па ўзгорках абапал дарогі, па варожых машынах.

Гітлераўцы былі так збянтэжаны гэтым неспадзяваным, дзёрзкім налётам, што адказалі нядружна, бязладна. Некалькі іх машын неўзабаве запалала, другія, устрывожаныя стралянінай пяхоты з тылу, не ведаючы добра становішча і баючыся акружэння, пачалі адступаць.

...На ціхім прыпынку, чакаючы вестак ад разведкі, Шутаў сеў на вежы адпачыць, астыць на халаднаватым начным ветры і раптам успомніў, што ў кішэні звечара ляжыць нячытанае пісьмо. Ён дастаў канверт, вярнуўся ў вежу — пісьмо было ад сястры, першая за тры гады вестачка з роднага Дварца! Няхай было яно кароткае і вельмі ж скупое, яно сказала Шутаву так многа, так усхвалявала. Сёстры былі жывыя, хоць і зазналі ліха цераз край, жывы быў і Дварэц, мілая на ўсё жыццё мясціна. Амаль забытая, наляцела, апанавала маладосць, памяць раптам адкрыла прасторы часу, далячынь пройдзеных дарог.

За згадкамі пра Дварэц прыйшлі на ўспамін ноч пад Спас-Дзямянскам, першая кіеўская ноч, многія ночы і дні. Такое было яно, скупое, дарагое пісьмо...

 

1. ЭШАЛОН РАЗГРУЗІЎСЯ Ў СПАС-ДЗЯМЯНСКУ

Быў ціхі, вельмі гарачы дзень, дзень адпачынку. Калі Шутава выклікалі ў штаб палка, ён і не здагадваўся, што мог значыць гэты выклік. Толькі ў будынку штаба пачуў ён ад таварышаў навіну, якую чамусьці перадавалі адзін аднаму як сакрэт — вайна...

Тое, што сказаў камандзір палка, пацвердзіла чутку: вайна пачалася. Вайна ўжо ішла, гітлераўцы бамбілі пагранічныя гарады, Севастопаль, Кіеў. Танкістам загадалі быць у баявой гатоўнасці.

Шутаву гэтая вестка прынесла і свой асабісты непакой: у Кіеве, які бамбілі варожыя самалёты, жыла яго сям’я. Жонка Галіна Андрэеўна з сынам Валодзем ад вясны гасцявала ў бацькі. Першай думкай было пабегчы на пошту, паслаць у Кіеў тэлеграму, даведацца, што з імі. Але трэба было ісці ў батальён, з тэлеграмай не было калі важдацца.

У той жа дзень часць, у якую ўваходзіў батальён Шутава, пагрузіла танкі на платформы і пакінула ціхі, звыклы гарадок. Амаль не спыняючыся, і дні і ночы ішоў эшалон цераз бяскрайнія казахстанскія стэпы, па шырокіх прыволжскіх палях, мінаў неспакойныя гарады, узварушаныя вёскі. Капітан Шутаў, як і другія камандзіры, з трывогай лавіў навіны з фронту: вораг, як саранча, распаўзаўся па зямлі...

Слухаючы навіны, ён думаў здзіўлена, што там такое дзеецца на фронце, чаму яна, саранча фашысцкая, паўзе і паўзе? І дакуль жа будзе гэтае незразумелае, небяспечнае, пагрознае? Шутаў прывык браць на сябе адказнасць за ўсё, што датычылася арміі,— як-ніяк з арміяй жыў ужо два дзесяткі гадоў. І цяпер чуў сябе так, нібы віна за няўдачы на фронце была і на ім.

Трывога за фронт змянялася трывогай за свой батальён, за яго камандзіраў і байцоў. Шутаў ведаў іх пакуль што толькі з вучэбных заняткаў,— як яны будуць паводзіць сябе ў баі, у выпрабаванні вайны?

На станцыі Спас-Дзямянск у цемры эшалон разгрузіўся, і танкісты сабраліся ў лесе. Ніхто не заснуў у гэту, адчувалі, апошнюю ціхую ноч, усе былі ўзрушаны блізкасцю фронту, бою. Не спаў і Сцяпан Шутаў. Ці гаманіў з байцамі, ці сядзеў стомлена каля машыны, неяк асабліва неспакойна думаў, разважаў, успамінаў.

Непакой ад нядобрых навін з фронту пераплятаўся з неадступнымі думкамі пра сям’ю. Фронт падыходзіў да Кіева, а ў яго хоць бы вестачка пра блізкіх сваіх. «Што з імі, дзе яны? У Кіеве ці эвакуіраваліся? Як ёй, Галі, мабыць, цяжка адной — вось-вось жа дзіця нарадзіцца павінна!.. Хто б мог падумаць, што радасць, якой жылі нядаўна, стане трывогай!»

Успамінаўся родны Дварэц на Бабруйшчыне, і балюча было думаць, што там ужо вораг. Дварэц, Дварэц, дзе было столькі і добрага, і ліхога, дзе жыў і памёр без пары бацька, дзе ў дванаццаць гадоў на Сцяпана зваліліся клопаты пра ўсю сям’ю. Дарагія лясы, дзе партызаніў, дарогі, па якіх хадзіў чырвонагвардзейцам. Ён нібы зноў бачыў дварэцкую вуліцу, сясцёр, знаёмых. Як там цяпер яны — у няволі?..

На досвітку быў атрыманы першы баявы загад — знішчыць дэсант праціўніка ў раёне горада Рослаў. На світанні батальён рушыў на Рослаў. У адзінаццаць гадзін ён ужо вёў першы бой, акружаў варожых дэсантнікаў. Бойка не сціхала цэлы дзень. Дэсант меў не менш тысячы чалавек, шмат мінамётаў, кулямётаў, аўтаматаў, супрацьтанкавых гранат. Толькі ўвечары сюды, на палі, вярнулася цішыня — дэсант быў ушчэнт разгромлены...

Не паспелі яшчэ астыць маторы, не паспелі байцы падзяліцца ўражаннямі першага бою,— Шутаў атрымаў новы загад: зараз жа выступіць насустрач часцям ворага, якія прарваліся з боку Смаленска і занялі горад Ельню.

Неўзабаве яго танкі, ляскочучы гусеніцамі, ішлі па апусцелай к вечару дарозе, ішлі паўз нязжатыя палі, праз маўклівыя сёлы. Раніцой былі на зыходным рубяжы.

Тут ужо давялося весці бой не з дэсантам, а з вялікім нямецкім злучэннем, з артылерыяй і цяжкімі танкамі. Бой з дэсантам быў у параўнанні з гэтым боем дробяззю. Тут упершыню Сцяпан Фёдаравіч адчуў сапраўдныя памеры падзей. Кровапралітны бой як пачаўся, дык і не сціхаў чацвёра сутак: немцы кідалі ў наступленне ўсё новыя танкі, новых салдат...

 

* * *

У кастрычніку вялі баі ў акружэнні, прарываліся да сваіх. Дружная сям’я танкістаў радзела з кожным днём, з кожным боем. Усё менш і менш ішло ў страі спраўных машын, усё цяжэй было даставаць гаручае, канчаліся снарады.

Гітлераўцы аб’яўлялі, што яны ўжо каля Масквы, бяруць Маскву. Мабыць, у танкістаў Шутава ніколі не было такіх цяжкіх дзён, як гэтыя. Хто-ніхто гатоў быў паддацца адчаю.

І тут капітан Шутаў як бы вырас у вачах сваіх падначаленых і таварышаў. Там, на мірных занятках пад гарачым азіяцкім сонцам, нічым асаблівым не вылучаўся ён, гэты капітан. Быў, праўда, старанны, працавіты, але гэта, бадай, усё, што маглі б сказаць пра яго як камандзіра тады, да вайны. Затое нямала хто мог бы сказаць і тое, што ў капітана, хоць і школілі яго не ў абы-якой, а ў Крамлёўскай школе, малавата афіцэрскай хвацкасці, той баявітасці, якая за вярсту відаць. Марудлівы ён, флегматычны на ўсё жыццё, проста дзіўна, як можна было застацца такім, не змяніцца за доўгія гады службы ў імклівай кавалерыі, танкавых войсках. Дзіўна, як можна было, пасля столькіх гадоў ваеннай службы, застацца, шчыра кажучы, цывільным чалавекам, захаваць разам са сваёй беларускай гаворкай, з вельмі ж ужо лагоднай усмешкай столькі былога, сялянскага. Хто ў палку не ведаў, што ў капітана Шутава неадольная слабасць — апавядаць пра тое, хто і як жыве ў Дварцы, пра свае колішнія пастухоўскія справы, пра партызанства...

Такім Шутаў быў і ў гэтыя горкія дні. Але ні флегматычнасці, ні сялянскай праставатасці яго ніхто цяпер не заўважаў. Заўважалі другое, што, як бы ні даводзілася цяжка, Шутаў не губляўся, нават часам, здавалася, і не заўважаў бяды. Людзі дзівіліся яго цягавітасці і цярплівасці, яго нейкай дзіўнай, нібы зусім абыякавай да смяротнай небяспекі, смеласці. І калі ён, у акружаным гітлераўцамі лесе, перад няроўным, страшным боем раптам расказваў пра якую-небудзь дробную вясёлую прыгоду са свайго дварэцкага маленства ці юнацтва, слухалі яго інакш, чым раней. Слухалі і як бы набіраліся ад яго спакою, цярплівасці, смялелі самі...

Хоць і са стратамі балючымі, а ўсё ж вырваліся са смяротнай пятлі гітлераўскага акружэння.

А ў лістападзе, ужо ў складзе танкавай брыгады, рушылі на Кашыру, вызваляць важны для Масквы горад, да якога лезлі падраздзяленні праціўніка. Брыгада ішла фарсіраваным маршам. Усю ноч стукацелі гусеніцы па мёрзлых падмаскоўных дарогах. У начной шэрані значыліся то заінелыя голыя бярозы, то дачныя будынкі, то мачты з правадамі высокага напружання.

Раніцою брыгада падышла да Кашыры. Адразу, не перадыхнуўшы пасля доўгага пераходу, кінуліся ў бой. Павёў свой батальён і Шутаў. Хоць спраўных машын было вельмі мала, імклівым ударам ён выбіў раз’езды гітлераўцаў з ускраіны і адагнаў на некалькі кіламетраў за горад.

Гітлераўцы, сабраўшыся з сіламі, пачалі контратакаваць. Нялёгка было танкавай брыгадзе разам з коннікамі генерала Бялова стрымліваць гэты варожы націск, але пазіцый сваіх не аддалі. Пасля таго ж, як выматалі гітлераўцаў у чатырохсутачных баях, танкісты і коннікі самі перайшлі ў наступленне.

Сцяпан Шутаў павёў свой батальён на прарыў. У паслухмянай, вернай «трыццацьчацвёрцы» памчаў у снежнае ў чорных плямах і дыме поле, туды, адкуль білі варожыя гарматы, дзе завіхаліся чужыя постаці. Разам з ім дружна пайшлі іншыя машыны.

Хутка танкі прарваліся ў варожы тыл. Гэта быў першы глыбокі рэйд у баявым жыцці Шутава. Тут упершыню спазнаў ён гордае пачуццё, якое акрыляе танкіста, што выйшаў на прастор і можа нарэшце разгарнуцца як след. Камандзір батальёна яшчэ не меў вялікага баявога вопыту, яшчэ як бы ішоў навобмацак; ён вучыўся ў часе рэйду. Тым не менш ужо ў гэтым маршы добра выявіліся тыя якасці Сцяпана Фёдаравіча — уменне манеўраваць, смеласць, рашучасць,— якія пазней умацаваліся і прынеслі яму не адну заслужаную перамогу.

Танкі, якія вёў Шутаў, наляталі на нямецкія штабы і тылавыя базы, грамілі іх, перарэзвалі шляхі, па якіх ішлі баявыя прыпасы для фронту. Усё, што сабралася ў Сцяпане Фёдаравічу за горкія дні адступлення, рабіла яго нястомным, не давала спакою ў гэтыя дні. Чуткі пра з’яўленне савецкіх танкістаў і коннікаў у тыле наганялі страх не толькі на нямецкіх абознікаў, а і на варожых генералаў. Танкісты з батальёна, які ішоў побач, гаварылі, нібы захапілі загад рэйхсфюрэра, які патрабаваў знішчыць рускую танкавую групу.

Пад Масквой разгаралася наша слаўнае наступленне. Войскі з баямі ішлі на захад. З імі з-пад Кашыры ішоў і Шутаў...

 

* * *

Ваенная праца, як і ўсякая іншая, бывае нярэдка малапрыкметнай. Яна не заўсёды вымерваецца кіламетрамі адваяванай зямлі, лічбаю адбітых вёсак... У франтавым жыцці Сцяпана Фёдаравіча неаднойчы здаралася так, што які-небудзь непрыкметны ўзгорак браць было цяжэй, чым іншы раз вялікі горад. А такіх непрыкметных узгоркаў траплялася багата.

Асабліва запомніўся яму адзін бой пры наступленні на Сінявіна. Гэта было ў лютым 1943 года на Волхаўскім фронце; ён тады камандаваў гвардзейскім палком прарыву. Ішла ў той час бітва за Ленінград. Толькі што здабылі вялікую перамогу — прарвалі шматмесячную блакаду, расціснулі смяротную жалезную руку, якая душыла горад.

Баі былі цяжкія. Даводзілася адваёўваць метр за метрам. Немцы ўпарта чапляліся за кожны дот, за кожны акоп. У дотах сядзелі «смяротнікі». З танкамі тут не было дзе разгарнуцца — лінія фронту праходзіла па балотах. Наступаць танкісты маглі толькі па спецыяльных дарогах. Бывала, збочыць крыху танк з дарогі — і праваліцца ў дрыгву так глыбока, што да яго нельга і дакапацца.

...Наступленне, як звычайна, пачалі артылерысты — дзяўбалі дот за дотам, хавалі пад іх абломкамі ворага. Калі артылерысты перанеслі агонь углыбіню, у бой пайшлі танкі і пяхота. Праціўнік займаў выгадную вышыню, з якой біў з гармат і кулямётаў, што ўцалелі пасля нашага артылерыйскага наступу. Некалькі танкаў пры падыходзе да вышыні загразлі ў балоце. Усё ж частка танкаў прабілася да нямецкіх акопаў, і вышыню заваявалі. Наперадзе была другая лінія абароны, якая праходзіла па другой вышыні, але падысці да яе танкам было немагчыма — перад вышынёю ляжала гнілое балота.

У начным змроку, пад абстрэлам ворага, танкісты рыхтавалі праходы для баявых машын праз гэтае балота — ладзілі грэблі з бярвенняў, з галля, выцягвалі танкі, што загразлі ў дрыгве мінулым днём, рамантавалі падбітыя. Калі развіднелася, пачалі зноў наступаць. Шутаў з каманднага пункта кіраваў боем. Танкі ішлі наперадзе, услед за імі — пехацінцы. Густа ўздымаліся рудыя грывы выбухаў. Немцы падцягнулі за ноч сюды новыя батарэі, устанавілі кулямёты. Ледзь толькі танкі і пяхота праб’юцца крыху да праціўніка, шквальны кулямётны агонь адсякае пехацінцаў ад машын, прымушае іх падаць і ўціскацца глыбей у снег. Танкам, што ідуць наперадзе, даводзіцца спыняцца, адыходзіць назад да пехацінцаў — пачынаць спачатку.

Гэтак паўтаралася некалькі разоў. Часці тапталіся на месцы, наступленне, было відаць, пачынала зрывацца. Сцяпан Фёдаравіч ведаў, якая важная гэта аперацыя, і вельмі востра перажываў нашу няўдачу. Шутаў, аднак, не хацеў згадзіцца з тым, што становішча зусім непапраўнае.

— Дазвольце мне самастойна,— папрасіў ён камандзіра дывізіі, якой быў прыданы полк. План яго быў просты: танкі прарвуць умацаванні немцаў, а тады іх поспех павінны падтрымаць і развіць пехацінцы.

Камандаванне згадзілася з прапановай Шутава.

— Наперад, не зважаючы на запалкі! — загадаў Сцяпан Фёдаравіч капітану Белабародаву, камандзіру галаўной роты. «Запалкі» ўмоўна абазначалі пяхоту.

Рота пайшла наперад. Немцы ўвесь артылерыйскі агонь цяпер нацэлілі на невялікую групку танкаў. Адна за адной загарэліся і падарваліся на мінах некалькі машын, але капітан не спыняўся, настойліва вёў роту на нямецкія пазіцыі.

Пад вечар рота прабіла абарону і ўварвалася ў сярэдзіну варожага апорнага пункта. Гэта была невялікая лагчына, акаймаваная з трох бакоў грэбнем, на якім знаходзіліся немцы. Да іх акопаў было рукой падаць.

Танкі сталі веерам, падрыхтаваліся да кругавой абароны... Ноччу на падмогу Белабародаву Шутаў паслаў другую роту.

Увесь дзень танкісты перастрэльваліся з немцамі, нецярпліва чакалі падыходу пяхоты, што павінна прабіцца да іх. Але так і не дачакаліся — пехацінцам у гэты дзень падысці не ўдалося.

На трэці дзень у лагчыне вялі бой з немцамі тры роты. З апошняй прабіўся сюды і Сцяпан Фёдаравіч. Патрэбна было, нягледзячы ні на што, утрымаць важную заваёву. Між нашымі танкістамі і ворагам завязаліся зацятыя баі, якія не сціхалі цэлымі днямі, а часам і ўночы.

— Чаму не падыходзіць пяхота?.. Пяхоту давайце! Чакаю пяхоту! — патрабаваў Шутаў.

Калі і выпадала спакойная ноч, яна не прыносіла спачынку, бо ўсе былі насцярожанымі — вакол немцы. Асабліва цяжка даводзілася Сцяпану Фёдаравічу, камандзіру — трэба было трымаць людзей напагатове, хутка разгадваць планы немцаў і зараз жа прымаць патрэбныя захады. Ад яго, як ніколі, залежаў і поспех справы і лёс людзей...

Нашы танкі рабілі ворагу багата клопату, таму яму не цярпелася хутчэй расправіцца з танкістамі. Немцы рашылі ўзяцца за справу больш рашуча, імклівым ударам знішчыць нарэшце ўпартую групку рускіх. Выбраўшы зручную хвіліну, варожыя салдаты кінуліся ў атаку з усіх бакоў.

Танкісты сустрэлі іх дружнай стралянінай, аднак спыніць не маглі. Здарылася самае страшнае — гітлераўцам удалося падысці да машын, забрацца на вежы. Танкісты хаваліся за шчыльна зачыненымі люкамі, ім цяпер можна было страляць толькі праз пісталетныя шчыліны. Становішча, здавалася, стала безвыходнае...

— Рус, здавайся! — стукалі знадворку.— Падпалім танк...

Цяпер адна надзея была на падмогу з Вялікай зямлі. Сцяпан Фёдаравіч папрасіў: «Выручайце! Дайце шрапнель». Паведаміў каардынаты.

Артылерысты хутка адгукнуліся, зрабілі першыя прыцэльныя стрэлы.

— Добра!.. беглы агонь!..— перадаў ён, ледзь толькі шрапнельныя снарады выбухнулі над размяшчэннем танкаў.

Снарады сталі густа, са скрогатам лопацца над танкамі. Як вогненным градам, секанула шрапнеллю. Немцы схлынулі, кінуліся наўцёк; у лагчыне засталося нямала забітых і раненых.

На гэтым, аднак, не скончылася — гітлераўцы рашылі расстраляць танкі з супрацьтанкавых гармат. Яны спрабавалі выставіць на грэбень для прамой наводкі адну за адной некалькі гармат, але стрэлы з танкаў разнеслі іх ушчэнт яшчэ да таго, як яны ўправіліся зрабіць хоць адзін стрэл. Немцы страцілі пры гэтым не адну гармату і нарэшце вымушаны былі адмовіцца ад сваёй задумы.

Паспрабавалі абстрэльваць гарматамі з закрытых пазіцый, але снарады траплялі не толькі ў танкі, а і ў нямецкія акопы паблізу. Давялося адмовіцца і ад гэтага. Надышло, можна сказаць, зацішша; праўда, з акопаў яшчэ часам кідалі ў лагчыну гранаты, але тыя мала трывожылі танкістаў.

Мінулі чацвёртыя суткі, за імі пятыя, прыйшлі шостыя...

Пяхота ўсё не падыходзіла. Боепрыпасы і гаручае былі на зыходзе...

Ноччу па радыё прынялі загад — «Вярнуцца назад», і танкі пачалі прабівацца з акружэння. Уранні яны былі ўжо сярод сваіх...

 

2. ЦЕРАЗ ДЗЯСНУ І ДНЯПРО

У канцы трэцяга ваеннага лета Сцяпан Фёдаравіч атрымлівае назначэнне — камандаваць гвардзейскай танкавай брыгадай. Гэта была заслужаная брыгада, якая ўславіла сябе яшчэ пад Сталінградам, калі першай завяршыла акружэнне немцаў; цяпер яна толькі што скончыла баі на Курскай дузе. Сцяпан Фёдаравіч прыняў брыгаду ў гарачы час — атрымаўшы невялікі адпачынак, яна хутка рыхтавалася да наступлення на Кіеў. Не было часу як след пазнаёміцца з людзьмі, знаёміцца давялося ўжо ў баях.

Брыгада з ходу ўзяла некалькі прыбярэжных вёсак, прарвалася да Дзясны. Рака стала на шляху танкістаў, запыніла іх.

На вайне перамагае той, хто больш знаходлівы і смелы. Быць смелым — значыцца, не толькі смела ісці ў бой, але і няспынна шукаць новага і ажыццяўляць яго.

Камандзір корпуса генерал Краўчанка вырашыў фарсіраваць Дзясну па дне ракі, не чакаючы, калі прывязуць пантоны. Ён паставіў перад Сцяпанам Фёдаравічам задачу:

— Твая брыгада — галаўная. Будзеш фарсіраваць першы... Здолееш?

— Пастараюся, таварыш генерал,— сказаў Шутаў.— Справа далікатная...

— Далікатная,— згадзіўся камандзір корпуса.

Раней за ўсё трэба было знайсці зручнае месца для пераправы, месца, дзе рака мае найменшую глыбіню, спакойную плынь, бераг з павольным схілам, роўнае, без ям, дно. Сцяпан Фёдаравіч сабраў камандзіраў і мехвадзіцеляў і выйшаў на разведку.

Быў верасень. Халодны асенні вецер гнаў па вадзе хмурныя цені. Хіліліся з лодак з кіямі, хадзілі ў сцюдзёнай вадзе — выведвалі дно, прабавалі яго трываласць, мералі глыбіню, шукалі месца для пераправы. Метр за метрам даследавалі грунт пад вадою. Нарэшце вырашылі перапраўляцца каля вёскі Ліпкі, дзе шырыня ракі не перавышала васьмідзесяці метраў, дно было роўнае і цвёрдае, сярэдняя глыбіня — каля двух метраў.

Уночы рыхтаваліся да пераправы — шчыльна прыганялі люкі, пакуллем забівалі шчыліны,— каб вада не заліла танк, калі машына глыбока зойдзе ў раку.

Шутаў разлічваў на тое, што хоць вада пранікне ў машыну, яна не паспее падняцца да ўзроўню галавы вадзіцеля. Вядома, гэта залежыць ад таго, як хутка перасячэ танк глыбокае месца. Тут поспех у значнай ступені вырашала майстэрства камандзіра і вадзіцеля.

Вадзіцелям на пераправе трэба было весці танк «без вачэй», у шчыльна закаркаванай машыне.

«Вачыма» машыны быў камандзір танка. Ён павінен быў стаяць каля вежы і адтуль праз ТПУ1 даваць вадзіцелю напрамак. Такім чынам вышыня машыны «павялічвалася».

На світанні, яшчэ ў змроку, танкі гвардзейскай брыгады падышлі да ракі.

Сцяпан Фёдаравіч даў каманду — першым у раку ён паслаў адзін з самых выпрабаваных экіпажаў: ад вынікаў першага рэйса залежала ўся пераправа.

Танк, ідучы па спадзістаму дну, стаў паступова апускацца ў ваду. У групе афіцэраў, што сачылі за танкамі, стаялі камандзір корпуса і камандзір брыгады. Панавала напружаная цішыня. Прысадзістая, у сінім камбінезоне, постаць камбрыга нібы скамянела; шэрыя, лагодныя вочы не адрываліся ад машыны.

«Пройдзе ці не?..»

Вось рака амаль схавала гусеніцы.

Танк, рассоўваючы шырокім ілбом ваду, уздымаючы два высокія вадзяныя валы, што разбягаліся ад машыны ў бакі, хутка апускаўся ўсё глыбей і глыбей.

Вадзіцель ужо пад вадою. Сцяпан Фёдаравіч мімаволі ўявіў — вада нястрымана прабіваецца знадворку, залівае педалі, падымаецца да каленяў... «Ці ўправіцца давесці?»

Гэта былі хвіліны вялікага непакою.

Нарэшце машына стала хутка выпаўзаць з вады. Яна набліжаецца да берага. Побач увесь час б’е моцны вадзяны струмень — вентылятар выкідае з танка ваду.

Калі танк выйшаў на бераг, камандзір брыгады зварухнуўся, нібы скідваючы з сябе анямеласць, выдыхнуў шырока:

— Прайшоў!

— Віншую...— задаволена сказаў камандзір корпуса падпалкоўніку.— У дванаццаць каб быў на тым баку... з усёй брыгадай.

— Буду, таварыш генерал.

Сцяпан Фёдаравіч даў знак — у раку стаў спускацца другі танк; іншыя напагатове стаялі на беразе, чакалі сваёй чаргі. Цяпер пераправа пайшла хутка і безупынна.

Яшчэ трохі да прызначанага часу Сцяпан Фёдаравіч пераправіў на другі бок усю брыгаду. Танкі сабраліся ў прыбярэжным ляску. Неўзабаве перайшоў і ўвесь корпус. Над нямецкімі часцямі, што ўчапіліся ў нашу зямлю паміж Дзясною і Дняпром, быў занесены магутны танкавы кулак.

Удар гэтага кулака скрышыў усе надзеі ворага. Рэшткі нямецкіх войск, што спрабавалі былі ўтрымацца на Дзясне, кінулі свае пазіцыі і пачалі ратавацца ўцёкам: палохала пагроза акружэння. К вечару вялікая прастора паміж рэкамі была ачышчана ад ворага.

 

* * *

Падпалкоўнік загадаў батальёнам размясціцца ў прыбярэжным лесе. Не выходзячы з «віліса», зрабіў некалькі кароткіх заўваг пра тое, як размясціць батальёны, затым паклікаў да сябе ў машыну капітана Швыдкага, камандзіра мотастралкоў, і сказаў шафёру:

— Да Дняпра.

Дрэвы пачалі радзець, між стваламі зашарэла роўнядзь берага. Машына спынілася. Вось ён, Дняпро! Падпалкоўнік, пазіраючы ў цемру, за якой хаваўся нябачны правы бераг, хвіліну з прагнасцю ўбіраў насычаны вільгаццю дняпроўскі вецер, потым, нібы ачнуўшыся, пачаў коратка тлумачыць капітану задачу мотабатальёна: падрыхтавацца да пераправы, фарсіраваць Дняпро, захапіць плацдарм глыбінёю ў 3—4 кіламетры і ўтрымліваць яго да падыходу асноўных сіл брыгады. Злева разам з батальёнам будзе перапраўляцца стралковая часць. Пераправачных прылад няма, пантоны затрымаліся ў дарозе; для пераправы зброі капітан атрымае гумавую лодку...

У тым месцы, дзе мелася перапраўляцца брыгада, стромкая града правага берага ішла не пры самай рацэ, а кіламетраў праз чатыры-пяць. Адразу за ракой пачыналася каса, на якой буяў густы лазняк. Сюды і павінны былі пераправіцца стралкі, захапіць плацдарм на беразе.

Падпалкоўнік ведаў, што барацьба за той бераг будзе цяжкай; немцы зробяць усё, каб затрымаць наша наступленне. Палонныя, якія былі захоплены ў апошнія дні, казалі, што да ракі падышло многа новых войск — танкі, пяхота, артылерыя. Заходні бераг — высокі і стромкі — вельмі выгадны для абароны. З наглядальных пунктаў адтуль можна добра бачыць усё, што робіцца на рацэ, і батарэі праціўніка здолеюць весці трапны агонь па пераправах.

Шутаў ведаў, што бой чакаў цяжкі яшчэ і таму, што праціўнік зможа пасылаць не толькі пяхоту, але і танкі, і артылерыю, тады як нашы сілы спачатку будуць абмежаваныя; невялікім групам давядзецца біцца супроць батальёнаў і палкоў.

Пераправа пачалася ў цішыні. Першымі пайшлі ў раку байцы, што ўмелі добра плаваць. Услед за імі — іншыя — на палатках з сенам, на дошках, на мяшках з саломай, на збітых наспех плытах. Першыя байцы былі ўжо недзе на беразе, а тут усё падыходзілі і падыходзілі да ракі. Злева непадалёк перапраўляліся пехацінцы.

Раптам на тым беразе затрашчалі кулямёты і аўтаматы. Адна за адной успыхнулі некалькі ракет, з цемры вырас бераг — нізкая, плоская, зарослая лазняком прыбярэжная каса. З вады выбягалі постаці, знікалі ў лазняку... Бойка пачалася. Пачалася вялікая пераправа цераз Дняпро.

Усю ноч і ўвесь дзень на тым беразе не ўціхаў бой. Немцы раз за разам хадзілі ў контратакі, парываліся скінуць нашу пяхоту з берага. На рацэ кіпела вада ад выбухаў снарадаў і бомб, але пераправа амаль не спынялася. На заходні бераг, на падмогу ішлі новыя ўзводы, роты, плыты з боепрыпасамі.

Нашы гарматы без супынку білі па нямецкіх батарэях і акопах.

А танкі пакуль што маўчалі. У лесе ішла падрыхтоўка да пераправы — падвозілася гаручае, снарады, пантанёры ладзілі для пераправы танкаў пантоны. На дне ракі знайшлі два затопленыя немцамі буксіры, адзін з іх паднялі. Партызаны, былыя кіеўскія рабочыя, не зважаючы на абстрэл, рыхтавалі яго да баявой начной працы.

Сцяпан Фёдаравіч з нецярплівасцю чакаў вечара. Камандзір корпуса даручыў яму цяжкую і пачэсную задачу, як і пры пераправе праз Дзясну, яго танкі будуць ісці наперадзе злучэння.

Калі добра сцямнела, пачалі перапраўляцца. На пантон, уціскаючы яго ў ваду, асцярожна ўспоўз важкі танк; запляскалі лопасці буксіра, выпрастаўся, напяўся трос, і пантон стаў паволі адыходзіць ад берага. Першы рэйс абышоўся добра. Калі ж буксір падаўся ў другі рэйс, немцы заўважылі яго і пачалі страляць па ім снарадамі і мінамі. Адзін снарад трапіў між буксірам і пантонам. Трос перарвала, як нітку. Хуткая плынь ракі адразу панесла пантон з танкам усцяж берага. Гэта магло на доўгі час затрымаць пераправу. Але каманда буксіра і танкісты не разгубіліся — пантон злавілі, прымацавалі да параходзіка і прывялі да месца выгрузкі. Неўзабаве на той бераг накіраваўся і камандзір брыгады. Спераду, збоку, уводдалі, блізка рваліся снарады, але параходзік ішоў па свайму напрамку. Не адзін раз скалатнуўся ён ад блізкіх выбухаў, якія побач узнімалі ўгору высокія слупы вады, аблівалі людзей, што стаялі на палубе.

Бераг паволі набліжаўся. Вось нарэшце зямля — цвёрдая і ўстойлівая.

Сцяпан Фёдаравіч адразу ж сабраў камандзіраў і паставіў задачу — не чакаючы, пакуль пераправяцца іншыя танкі, пачаць наступленне на Люцеж.

Баявыя машыны рушылі наперад. Мінулі акопы пяхоты; у цемры вызначыліся чорныя абрысы хат — Люцеж... Уварваліся на гароды, на вуліцы. Немцы ўпарта абараняліся; гарматы і кулямёты білі з дотаў, з акопаў, з хат. Біліся ледзь не за кожны дом. Урэшце немцы не ўстаялі перад гвардзейцамі і пачалі адступаць.

Сцяпан Фёдаравіч парашыў у Люцежы спыніцца, каб замацавацца і прычакаць падыходу рэшты брыгады. У мотабатальёне пасля баёў заставалася ў страі не больш трэці байцоў, было падбіта два танкі. Наступаць далей з такой сілай станавілася рызыкоўна.

Пакінуўшы Люцеж, немцы страцілі некалькі добрых назіральных пунктаў, што дазвалялі весці прыцэльны агонь па пераправе. З гэтага часу снарады і міны сталі менш замінаць буксіру, і праца на пераправе пайшла спарней. Шлях для танкаў, што ішлі ўслед, быў адкрыты. За ноч у Люцежы сабралася амаль уся брыгада, і Шутаў павёў яе далей, на Ірпень, у прасторы правага берага.

 

1 Танкавае перагаворнае прыстасаванне.

3. НА КІЕЎ

Баі на правабярэжжы Дняпра з кожным днём станавіліся ўсё больш моцнымі. Немцы неўзабаве пераадолелі замяшанне, якое было ў іх першы час, хутка збіралі сілы да месцаў прарыву, намерваючыся прыціснуць нашы часці да берага і скінуць іх у раку.

Між тым брыгада Сцяпана Фёдаравіча, без упынку адбіваючы нямецкія атакі, упарта ішла наперад, развівала поспех. Пад вечар танкісты ўступілі ў вёску Ракаўка, а ў дванаццаць гадзін ночы вызвалілі ўжо горад Гастомель, за трыццаць кіламетраў ад Ракаўкі.

На світанні пасля кароткага, але гарачага бою немцы вымушаны былі пакінуць станцыю Буча. На пуцях стаяў мёртвы бронецягнік, палалі эшалоны з боепрыпасамі. Шутаў загадаў наступаць далей.

У гэты час да яго падышоў афіцэр, перадаў тэрміновы пакет. Сцяпан Фёдаравіч разарваў канверт — загад ад камандзіра корпуса: вярнуцца назад.

Вярнуцца?! Шутаў спачатку нават не паверыў, падумаў, што здарылася нейкая памылка. Наступленне брыгады ідзе паспяхова, толькі што вырваліся на прастор, дзе можна папрацаваць па-сапраўднаму, і раптам — вярнуцца назад, без бою аддаць адваяванае. «Відаць, у тылах справы кепскія»,— кальнула здагадка.

І праўда — становішча ў цэлым было цяжкае. Як толькі выйшлі з Гастомеля на дарогу, адразу над танкамі з’явіліся нямецкія самалёты. На ўсім шляху — амаль пяць гадзін,— пакуль не падышлі да Ірпеня, яны не адставалі ад танкаў, няспынна абстрэльвалі і бамбілі. Іх было вельмі многа; яны праносіліся над танкамі так нізка, што здавалася, вось-вось зачэпяцца за вежы...

Перад Ірпенем брыгада вымушана была спыніцца — разбамбілі мост цераз рэчку. Нічога іншага не заставалася, як схаваць танкі ў лесе, замаскавацца і чакаць надыходу ночы.

Уночы шумелі пілы, стукалі сякеры — танкісты будавалі пераправу. На берагах рэчкі — багністых і зыбкіх — слалі адно ля другога бярвенні, на вадзе збівалі мост. Усю ноч увіхаліся, але не ўправіліся, скончылі толькі ўдзень.

Ледзь перабраліся на другі бераг, Сцяпан Фёдаравіч атрымаў вестку, што праціўнік перайшоў у наступленне. Брыгадзе было загадана неадкладна выступіць, каб адрэзаць варожыя часці ад Кіева.

Немцы біліся за кожны кавалак зямлі. У вёсках даводзілася іх выбіваць літаральна з кожнага дома. У Ябланаўцы яны паспрабавалі задушыць брыгаду — акружылі яе і павялі з усіх бакоў наступленне. У немцаў было многа самаходак і танкаў; яны ўсё больш настойліва падыходзілі да сяла, дзе былі заціснуты нашы танкі. Бой не сціхаў да вечара. Шутаў адбіў усе атакі, а ўночы сам перайшоў у наступленне і заняў прырэчную вёску Новыя Пятроўцы, а затым і Валкі. З заняццем Валкаў нямецкая група, якая захапіла Люцеж і адрэзала нашы часці ад Дняпра, сама аказалася адрэзанай.

Наступныя дні брыгада вытрымлівала атакі новых часцей праціўніка, якія падыходзілі з боку Кіева. І гэтыя атакі былі адбіты. Камандзір корпуса падзякаваў Шутаву — брыгада дапамагла выратаваць становішча войск, што былі на плацдарме...

Хутка Шутаў пачаў наступленне на Вышгорад — моцны апорны пункт немцаў на Кіеўскім напрамку.

Вышгорад — вельмі выгадны для абароны, ён стаіць на высокім беразе, які ўвесь парэзаны з трох бакоў глыбокімі, нібы супрацьтанкавыя равы, ярамі. З усходу — стромкі, як сцяна, спад да Дняпра вышынёю больш за трыццаць метраў. Акрамя таго, гэта прыродная крэпасць была ўмацавана бліндажамі і траншэямі. Немцы адчувалі сябе тут упэўнена. У цяжкім баі, які ішоў цэлы дзень, танкісты прарваліся да Вышгорада і завязалі бойку за ўскраіну. Немцы кінулі ў контратаку танкі і пяхоту. Суседняя наша брыгада не вытрымала націску немцаў і пачала адступаць, аддаючы гэтую важную заваёву. Услед за «суседам» сталі адыходзіць і батальёны брыгады Шутава.

— Куды?! Назад?.. Хто дазволіў?! — абурана пытаўся ён па рацыі ў камбатаў. Гнеўны, жорсткі, загадваў: — Спыніць паніку! Спыніць адступленне!..

Але батальёны адыходзілі. Тады сам кінуўся ў баявыя парадкі к танкістам, к пяхоце. З вялікай цяжкасцю дабіўся, што брыгада стала, зачапілася за рубеж, вытрымала варожы націск. Як толькі сціхла трохі, сабраў камбатаў, загадаў вярнуць рубеж.

Па голасе яго ўсе зразумелі, што гэтае рашэнне нязменнае і неадкладнае.

Неўзабаве наступіла ноч. Шутаў уважліва сачыў за тым, як брыгада рыхтавалася да наступлення. Падабраў усе рэзервы, падчысціў дапаможныя падраздзяленні і ўмацаваў батальёны.

Немцы таксама — выявіла разведка — старанна рыхтаваліся да заўтрашняга бою.

Хто каго адолее?

Ледзь пачало світаць, Шутаў кінуў свае батальёны на Вышгорад. Ён апярэдзіў нямецкае наступленне, узяў ініцыятыву ў свае рукі і ў жорсткім, упартым баі прымусіў немцаў адысці. Да вечара было адваявана паўгорада, уступлены рубеж быў вернуты, і падпалкоўнік паспакайнеў.

Наступныя трое сутак немцы спрабавалі вярнуць гэтыя вуліцы, але не здолелі адбіць ні аднаго дома.

Цяпер становішча трохі ўсталявалася; варожыя часці сталі ў абарону. Гэтая заваёва мела вялікае значэнне — наша «малая зямля» на правым беразе пашырылася, на ёй паступова збіраліся новыя палкі і дывізіі, рыхтаваліся да бою за Кіеў. Набліжаўся дзень вызвалення сталіцы Украіны.

...І ён, гэты дзень, неўзабаве прыйшоў. Ноччу на трэцяе лістапада часці занялі зыходныя пазіцыі для наступлення на Кіеў. Брыгадзе Шутава паставілі задачу: к вечару, узаемадзейнічаючы з пяхотнай дывізіяй, заняць дзіцячы санаторый «Пушча-Вадзіца».

У шэсць гадзін раніцы пачалася артылерыйская падрыхтоўка. У цемры раптам шуганулі ўгору маланкі, разлёгся гром. Адразу загаварылі сотні гармат. Залпы і паасобныя стрэлы ўсё мацнелі, гусцелі і ўрэшце зліліся ў суцэльны гул. Святло трапятала на дрэвах, на тварах байцоў, на танкавых вежах. Незабыўнае, вялікае відовішча!

Сэрца Сцяпана Фёдаравіча перапаўнялася радасцю: не доўга, не доўга засталося чакаць Кіеву свята на сваіх вуліцах.

Хутка і ён убачыць сваю сям'ю. Абдыме сына, жонку...

Артылерыйскі гром не сціхаў дзве гадзіны. У восем гадзін, калі гарматныя стрэлы паступова пачалі слабець, Сцяпан Фёдаравіч скамандаваў сваім батальёнам — у атаку. Танкі адразу ажылі, рушылі наперад, цяжка падмінаючы гусеніцамі мокрую траву.

Неўзабаве танкісты вялі гарачы бой. Давілі гусеніцамі нямецкія гарматы, выганялі з акопаў ашалелых ад выбухаў пехацінцаў. Білі па шызых варожых танках.

Сцяпан Фёдаравіч застаўся на камандным пункце разам з камандзірам пяхотнай дывізіі. Гукі бою спакваля адыходзілі ўсё далей, цішэлі, танкі адзін за адным хаваліся за невысокім узгоркам. Адсюль, з КП, цяпер цяжка было сачыць за ўсім, што робіцца ў батальёнах, якія тараняць абарону. Становішча ўвесь час мянялася, усё было ў безупынным руху, а ён не бачыў танкаў, не мог кіраваць імі.

Сцяпан Фёдаравіч любіў усё бачыць сваімі вачыма. Даўно-даўно звык ён — яшчэ ў тыя часы, калі камандаваў ротай ці батальёнам,— быць у самым пекле бою. Пазней, калі ён стаў камандзірам брыгады, неабходнасці ў гэтай звычцы часта не было, яму звычайна належала быць на КП. Між тым звычка не забывалася. Яна і не магла забыцца, бо ў ёй выяўлялася адна з галоўных рыс характару цяперашняга камандзіра брыгады, яго вядучае жыццёвае правіла.

Сцяпана Фёдаравіча заўсёды вяло туды, дзе самая гарачая схватка, дзе найбольш складаныя абставіны, дзе цяжэй...

І на гэты раз характар узяў сваё.

— Барысаў, падай ППШ сюды!..

Шутаў сеў у танк, памчаў у поле. З ім — неразлучны ардынарац сержант Барысаў.

Вакол — сляды нядаўняга бою: пранізаныя навылёт машыны, сплюшчаныя, скарэжаныя гарматы, трупы немцаў, павілястыя раўчакі гусеніц. Далі прыкурыць немцам хлопцы!

Пад вечар Сцяпан Фёдаравіч са сваімі танкістамі вёў бой на ўскрайку ўрочышча Пушча-Вадзіца. Да Кіева заставалася сем кіламетраў. Адсюль была добра відаць кіеўская ўскраіна — купкі дамоў, чорныя голыя дрэвы; іх спакваля агортвала вячэрняя цемра.

Вось ён, Кіеў. Там недзе самыя родныя яму людзі: Галіна Андрэеўна — Галя, Валодзя. Трэці год у нечаканай ростані, у невядомасці... Яны і не ведаюць, што ён тут — рукой падаць...

Сэрца яго, думкі рваліся нецярпліва ў горад. «Ну нічога,— заспакойваў ён сябе,— цяпер ужо нядоўга засталося чакаць».

Сцяпан Фёдаравіч ведаў, што наперадзе яшчэ нялёгкі бой, але думкамі і сэрцам быў ужо ў горадзе. Ён тады і ўявіць бы не мог, якое яшчэ выпрабаванне чакае яго тут, перад самым горадам...

Наступіла ноч. Пацішэла. Толькі недзе ўдалечы раз-пораз глуха грымяць гарматы. «Чаму так ціха побач? — думае ўстрывожана Сцяпан Фёдаравіч.— Няўжо суседзі не здолелі адагнаць праціўніка?»

— Звяжы з КП! — папрасіў ён тэлефаніста.

Трывожнае адчуванне апраўдалася — адтуль паведамілі, што суседзі так і не змаглі прарваць лінію абароны. Такім чынам, брыгада і пяхотны батальён глыбока ўклініліся ў размяшчэнне нямецкіх войск, флангі аказаліся адкрытымі.

Падпалкоўнік адразу насцеражыўся — праціўнік, напэўна, пастараецца атакаваць справа ці злева, а можа, нават адрэзаць брыгаду. І праўда, не паспеў ён як след расказаць пра вынікі бою, як тэлефонная сувязь, што звязвала брыгаду з КП, была перарвана.

Сцяпан Фёдаравіч паслаў на КП аднаго разведчыка, другога — загінулі без вестак. Перахапіў праціўнік. Цяпер было ясна — брыгада адрэзана, брыгада ў акружэнні.

Танкісты аб гэтым яшчэ не ведалі. Стомленыя боем, яны, дзе каму давялося, спалі. Сон валіў усіх; з чорнага неба цадзіўся нудны дожджык, і ад гэтага спаць хацелася яшчэ мацней. Сон апаноўваў і камандзіра брыгады, які ледзь не валіўся ад зморы.

Трэба было думаць, шукаць выйсця са становішча. У зморанай галаве пачало акрэслівацца рашэнне — заняць кругавую абарону. Падрыхтавацца да бою, быць увесь час напагатове; калі нашы будуць наступаць, дапамагчы ім, ударыць немцаў з тылу.

Тады, як добра абдумаў усё, выклікаў камандзіраў, расказаў аб абстаноўцы, аб акружэнні, паставіў задачы кожнаму падраздзяленню, намеціў участкі абароны.

— Кіеў перад намі — рукой падаць, будзем трымацца тут, што б ні было,— сказаў ён напаследак.— Ідзіце, рыхтуйцеся — ды добра. Прыйду, праверу ўсё сам...

Да світання падраздзяленні занялі вызначаныя месцы, акапаліся. Сцяпан Фёдаравіч, як і сказаў, абышоў абарончы рубеж, праверыў усё.

У рэзерве пакінуў толькі некалькі танкаў ды ўзвод разведчыкаў. На ўсякі выпадак.

Дзень надыходзіў марудна. Світанне доўга не магло адолець змроку — на зямлі густым даўкім пластам ляжаў туман, сонца не было відаць; аб тым, што пачаўся дзень, можна было здагадацца па цьмянай шэрані, якая змяніла ноч.

Наступленне немцы пачалі шалёным абстрэлам з гармат. Не было, здаецца, такога месца на гэтым вузенькім кавалачку зямлі, дзе б ні рваліся варожыя снарады. Амаль не відаць ні выбліскаў агню, ні паўзучага дыму. Даходзяць толькі гукі — выццё снарадаў, скрогат выбухаў, сіпенне асколкаў... Валяцца дрэвы, зламаныя выбуховымі хвалямі, падае галлё, зрэзанае асколкамі.

Цяжэй за ўсіх давялося танкаваму батальёну маёра Бінеўскага, які стрымліваў нямецкі націск з боку вёскі Пушча-Вадзіца. З вёскі, з туману, што паволі разыходзіўся, адзін за адным, абстрэльваючы батальён, выпаўзалі варожыя танкі з аўтаматчыкамі. У Бінеўскага загарэўся адзін танк, другі. Нямецкія танкі і аўтаматчыкі ўзмацнілі націск. Вось-вось нашы не вытрымаюць.

Камандзір брыгады бярэ свой апошні рэзерв, кідаецца на дапамогу. Батальён адбівае немцаў, а ўслед за гэтым па загаду Шутава сам пераходзіць у контратаку. Варожыя танкі адзін за адным адступаюць назад. Некалькі варожых аўтаматчыкаў трапляе ў палон. Яны паказваюць, што іх дывізія толькі што перакінута з другога ўчастка...

Аднак першая няўдача не спыніла немцаў. Не паспеў Шутаў дапытаць палонных, як на паўднёвым баку ўзгарэўся бой. Да яго падбег, задыхаўшыся, сувязны пехацінцаў:

— Таварыш гвардыі падпалкоўнік, немцы прарваліся...

— Як прарваліся?!

— Выбілі з акопаў... Артпазіцыі захапілі...

Падпалкоўнік, пачуўшы гэта, сеў у танк, узяў з сабою некалькі машын і, не трацячы ні хвіліны, заспяшаўся на выручку. Падмацаванне паспела якраз у час.

Танкі, страляючы на хаду, хутка рушылі наперад. Следам за імі пайшлі пехацінцы, стараючыся не адставаць...

Страчаныя пазіцыі былі адваяваны. Артылерысты вярнулі свае гарматы. Немцы пры паспешным уцёку не паспелі іх падарваць. Становішча выправілі. Зноў захапілі палонных; Шутаў дапытаў іх — яны належалі да іншай, чым папярэднія, дывізіі. Значыцца, вораг сабраў тут вялікую сілу і ўстаяць супроць яго будзе нялёгка.

А сувязі са сваімі часцямі няма. Ці хутка прыйдзе падмога — невядома.

Туман растаў, угары завіднелася шэрае, з сінімі прагалінамі, неба. Адразу з’явіліся нямецкія бамбардзіроўшчыкі. Пасля бамбёжкі і абстрэлу з самалётаў нямецкая пяхота зноў пайшла ў атаку... Гарачы выдаўся дзень!

Шутаў увесь час быў насцярожаны, уважліва сачыў за сваім войскам. То тут, то там стваралася пагроза, і трэба было зразу ўжыць неабходныя меры. Ён пасылаў на выручку свой рэзерв з танкаў, хуткія «трыццацьчацвёркі» з’яўляліся то ў адным, то ў другім месцы. Сцяпан Фёдаравіч выявіў сябе спрытным камандзірам і энергічным чалавекам. Яго камандзірскае ўмельства не адзін раз ратавала становішча ў гэты дзень.

У хвіліны зацішша байцы хавалі забітых, санітаркі перавязвалі раненых. Падпалкоўнік не спачываў сам і не даваў спачываць байцам — па яго загаду глыбей укапваліся ў зямлю.

За дзень адбілі трыццаць нямецкіх атак.

Уночы падышлі сюды танкі, занялі рубеж побач. Чорныя, ледзь бачныя ў восеньскай цемры, яны адзін за адным, грукочучы, ішлі па полі. Калоне, здавалася, не было канца.

«Вось гэта сіла! — радаваліся байцы, сочачы за танкамі.— Ну, цяпер немцу не ўтрымацца». Усе адчувалі, што заўтра пачнецца бой, які вырашыць лёс Кіева.

У адзінаццаць гадзін пятага лістапада Шутаў павёў сваю брыгаду на штурм Кіева. Разам з пяхотай смелым націскам уварваўся ў прыгарадны пасёлак Святошына, са Святошына накіраваў батальёны к паўднёвай ускраіне Кіева. Хаваючыся ў чыгуначнай выемцы, непрыкметна падабраўся з танкамі к самаму нямецкаму аэрадрому, за якім пачынаўся ўжо горад.

Над Кіевам чорнаю хмараю вісеў дым, дым слаўся па вуліцах. Нават праз шум матораў былі чуваць выбухі — гітлераўцы падрывалі дамы... Танкі Шутава з ходу ўскочылі на ўскраіну, завязалі баі на вуліцах, на плошчах, у прысадах. К пяці гадзінам вечара брыгада, якую вёў Шутаў, заняла Вялікую Баршчагоўскую вуліцу, з Чэхаславацкай брыгадай адбіла Саломенку і апоўначы пачала бой за Арсенал...

Адсюль зусім блізка быў дом, дзе жыла сям’я. Але бой не сціхаў, і нельга было і на хвіліну адлучыцца, каб даведацца пра тое, што трывожыла ўжо столькі дзён. Толькі на світанні, калі бітва закончылася, Шутаў атрымаў нарэшце права зазірнуць на вуліцу імя Галі Цімафеевай, забегчы ў дом, які даўно ўжо быў родным. Здавалася, што машына імчыць марудна, усё хацелася падагнаць — хутчэй, хутчэй. Калі ўскочыў у пад’езд, сэрца гатова было вылецець з грудзей. Як пуста, ціха!..

Ірвануў дзверы, у пакоі нікога. Усё раскідана, пабіта... Ні жонкі, ні дзяцей. Дзе яны?

У суседняй кватэры знайшоў жанчыну.

— Жывыя былі... Выехалі з горада..,

— Куды?

— Не сказалі...

Шукаць не было калі. Хутка накідаў алоўкам некалькі слоў, напісаў свой адрас: куды даць вестку, калі вернуцца. Напісаў — і бегам на двор к машыне, паехаў назад да сваіх танкаў. На вуліцах кіеўляне абдымалі і цалавалі байцоў, плакалі і смяяліся.

Выгнаныя з Кіева, гітлераўцы яшчэ доўгі час не трацілі надзеі вярнуцца ў яго зноў. Амаль увесь лістапад яны атакавалі нашы часці, імкнучыся прарвацца да горада. Палкоўніку Шутаву давялося доўгі час абараняць Кіеў.

Прыехаўшы аднойчы ў горад, ён спаткаў у сваёй кватэры жонку і малога. Шутаў упершыню ўзяў на рукі сына, якога яшчэ ніколі не бачыў.

Сустрэча выйшла хмарнай. Старэйшага сына, Валодзі, не было. Галіна Андрэеўна са слязамі гора і роспачы расказала, што яны ўтраіх хаваліся ў вёсцы, блізка ад Кіева; калі к вёсцы падышлі нашы, яна ноччу з малымі кінулася насустрач ім. У цемры і мітусні Валодзя неяк згубіўся, можа быць, вярнуўся назад, але пашукаць яго там нельга, бо нашым пакуль не ўдалося ўзяць сяло. Валодзя, мабыць, на тым баку...

Здарылася так, што Шутаву давялося весці баі якраз на тым напрамку, дзе была вёска, у якой мог жыць сын. Зімовым днём яго танкісты ўварваліся ў гэту вёску, і Шутаў стаў нецярпліва распытваць, ці няма тут хлапчука з Кіева.

Хлапчук такі быў. Яго неўзабаве падвялі к палкоўніку. Хоць сын і вырас вельмі, Шутаў пазнаў яго.

— Валодзя?!

Сын глядзеў на яго здзіўлена, як чужы.

— Не прызнаеш?! Сын! — парывіста, з раптоўным болем абняў хлопца бацька.

— Тата?! — не адразу паверыў Валодзя.

Абвыкшыся з бацькам, аблашчаны танкістамі, ён адчуў сябе хутка нібы ў добрай, шчырай сям’і. І шкада яму было, што з сям’ёй гэтай давялося развітацца: на спадарожнай машыне бацька адправіў яго ў Кіеў...

Дні гэтыя прынеслі Шутаву і яшчэ адну радасць: стала вядома, што за кіеўскія баі яму прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза.

Брыгадзе далі невялікі адпачынак. Калі прыйшоў загад вярнуцца ёй на фронт, наша камандаванне якраз ажыццяўляла акружэнне нямецкіх часцей у раёне Корсунь-Шаўчэнкаўскага.

За вёску Рубаны Мост брыгада білася цэлы дзень. Спачатку ўсё ішло добра, непрыкметна падабраліся амаль да самай вёскі, зблізку адкрылі агонь па немцах. У сяле паднялася паніка. Але, калі танкі падышлі бліжэй, раптам давялося спыніцца — перад вёскай цягнуўся глыбокі яр. Немцы ж хутка апамяталіся, пачалі страляць па танках і адну за адной запалілі дзве самаходкі. Палкоўнік загадаў адысці назад, зрабіць вялікі абход і ўдарыць з паўднёвага боку.

Заваждаліся пры гэтай вёсцы — узялі толькі тады, як надышоў вечар. Пачуццё перамогі не радавала палкоўніка — не выканалі дзённага задання. А тут ноч — цёмная, сырая. Цемра такая, хоць вочы выкалі...

— Ноч, ноч — сядзець бы толькі ля печкі... ды страшныя гісторыі выдумляць,— нявесела пажартаваў адзін з камандзіраў батальёна.

— Сядзець, казкі выдумляць...— хмура прамовіў Шутаў.

— Канешне, непрыемна, што задачу не выканалі,— адгукнуўся другі камбат.

— Сягоння не дацягнулі, заўтра падгонім...

— Падгонім...— Шутаў зірнуў на камбатаў.— Ведаеце, што ў нас у Дварцы пра такія справы кажуць?

Танкісты маўчалі, чакалі — што ж гавораць гэтыя дварэцкія мудрацы, якіх не забывае ўсё камбрыг.

— У нас кажуць: адклад не ідзе ў лад...— Шутаў раптам змяніў размову.— Не ведаю, чаму ты не любіш ноч,— сказаў да камбата, які лічыў, што ў такую ноч лепш за ўсё каля печкі.— А я люблю ноч... Асабліва такую, як сёння, цёмную, глухую. У яе ёсць такія прынады...

Камбат паглядзеў на Шутава, нібы хацеў праверыць — сур’ёзна ён гаворыць ці жартуе.

— Ей-богу, падабаецца гэта ноч!..

Хутка камбат упэўніўся, што палкоўнік гаварыў сур’ёзна: Шутаў скамандаваў брыгадзе выступаць.

Ішлі павольна, асцярожна. Выслалі моцную разведку. На дарозе нідзе ні аднаго чалавека і такая цішыня, нібы ўсё вымерла навокал, хоць толькі нядаўна тут было поўна немцаў. Узіраліся, услухоўваліся. Нейкім асаблівым пачуццём, выпрацаваным на вайне, угадаў камандзір узвода разведкі ў гэтай цемры паселішча. Загадаў танкам прыпыніцца, узяў з сабою чатырох аўтаматчыкаў-разведчыкаў і пайшоў наперад.

І праўда, хутка наткнуліся на плот, убачылі цёмны абрыс будыніны. Аўтаматчыкі агледзелі на ўскраіне адну хату, другую — няма нідзе нікога. Між тым ціха падпаўзлі танкі, палкоўнік загадаў быць напагатове. Нарэшце на бязлюднай вуліцы, калі агледзелі дзесятак хат, знайшлі чалавека. Гэта быў стары селянін.

— Дзе людзі?

— Ведама дзе. Адны пахаваліся, другіх хрыц пагнаў...

— Немцаў у сяле няма?

— Былі. Зусім нядаўна былі...

— Як — нядаўна? Днём, ноччу гэтай?

— Ды, можа, з паўгадзіны, а то і менш. Чуў: ішлі, гергеталі...

— Дзе ж яны падзеліся?

— Хто іх ведае!.. А толькі — у той бок ішлі...

Шутаў паслаў разведчыкаў туды, куды паказаў стары,— аказалася, на ўскраіне нямала гітлераўцаў і яны спяць, як дома.

— Спяць? — перапытаў Шутаў.

— Так точна, таварыш палкоўнік, спяць,— паўтарыў разведчык.— Як у цешчы...

Шутаў задумаўся і сказаў:

— Ну і няхай спяць!

Рашыў — пакуль што, да світання, не пачынаць бою: «У цемры можна сапсаваць усю справу... Разбягуцца хто куды, паспрабуй — злаві». Гэта быў ужо не першы год вайны, калі яму даволі было б разагнаць іх...

Каб зручней было браць немцаў, арганізаваў дзесяткі два груп. У кожнай з іх танк і некалькі аўтаматчыкаў. Загадаў, каб на ўсякі выпадак паставілі на вуліцах ахову.

Немцы спакойна спалі, не ведаючы, што іх сцерагуць, што яны, можна сказаць, у палоне.

Ледзь пасвятлела, аўтаматчыкі і танкісты пачалі «будзіць».

Убачыўшы каля хаты дула савецкага танка, а ля дзвярэй аўтаматчыкаў, немцы разгублена паднімалі рукі. Мястэчка было вызвалена без адзінага стрэлу. Ні адзін немец не ўцёк ад нашых танкістаў.

Праз некалькі гадзін брыгада вяла бой ужо ў Звянігарадцы. Насустрач ёй з поўдня прабіваліся танкісты 2-га Украінскага фронту. Неўзабаве танкісты абодвух франтоў сышліся; Сцяпан Фёдаравіч па-братняму абняў камандзіра сустрэчнай брыгады Героя Савецкага Саюза палкоўніка Прошына. Салдаты частавалі адзін аднаго небагатым сваім пайком. Корсунь-Шаўчэнкаўская групіроўка немцаў была акружана.

Каб прабіцца да акружаных часцей і выратаваць іх, немцы на асобных участках фронту пачалі наступаць. Вялікая група нямецкіх танкаў адкінула нашы падраздзяленні і стала набліжацца да акружаных войск. Становішча рабілася пагрозным.

Камандуючы арміі паслаў сюды брыгаду Шутава, якая была якраз недалёка ад гэтага месца. Ён ведаў, што Сцяпан Фёдаравіч не адступіць, як бы ні было цяжка. У той час, калі нашы танкі падышлі да перадавой лініі, немцы пачалі перапраўляцца цераз рэчку. Шутаў адразу ўступіў у бой з першымі танкамі, што пераправіліся — іх, на шчасце, было небагата,— разбіў іх і захапіў пераправу.

Цяпер ён дамагаўся аднаго — не прапусціць немцаў на гэты бераг, утрымаць пераправу. Рэчка паслабляла нямецкі націск, варожыя танкі вымушаны былі стаяць перад вадзяной перагародай. Але спыніць іх нават пры такіх абставінах было незвычайна цяжка, бо нямецкае злучэнне было намнога большае за нашу брыгаду. Наглядаючы са свайго КП, з узгорка, палкоўнік стаў лічыць танкі, што былі за ракой.

Ён налічыў іх каля сотні і кінуў лічыць: сумны, непатрэбны занятак. І так відаць, што іх у некалькі разоў больш, чым у яго брыгадзе, якая ў няспынных баях страціла багата і людзей і машын. Але хоць сілы і былі няроўныя, хоць гітлераўцы ашалела кідаліся прабіцца, танкісты пад камандай Шутава не паддаваліся. Усе добра ведалі значэнне таго рубяжа, які трэба было адстаяць.

Кароткія зімовыя дні здаваліся незвычайна доўгімі; з кожным днём стрымліваць немцаў станавілася цяжэй. Усё менш аставалася спраўных танкаў, усё мацней націскаў вораг.

На пяты дзень падышла падмога. Пехацінцы хутка займалі пры рацэ рубяжы, акопваліся. Танкі пакуль маўкліва стаялі ў ярах, запраўляліся гаручым. «Цяпер можна ваяваць!» — падумаў Сцяпан Фёдаравіч, паглядаючы на танкі, што размясціліся побач з яго брыгадай,— падумаў упершыню за гэтыя дні спакойна, без трывогі...

Тым часам другія нашы брыгады і палкі дабівалі рэшткі Корсунь-Шаўчэнкаўскай групіроўкі.

 

4. ЗА ГРАНІЦАЙ — КАЛЯ ГОРАДА ЯСЫ

Новае наша наступленне пачалося ў першыя дні вясны. Была незвычайная бездараж. Дарогі ўсе распусціла. Нямецкія танкі і аўтамашыны буксавалі ў снежным месіве, грузлі ва ўкраінскім чарназёме; пры набліжэнні нашых салдат немцы вымушаны былі пакідаць машыны. На шляхах усюды тырчалі гарматы, прычэпы, цягачы, аўтамашыны. У лесе каля Вапняркі Сцяпан Фёдаравіч бачыў склад — безліч снарадаў было складзена ў акуратныя штабялі; немцы, відаць, спадзяваліся, што асталююцца тут надоўга. Цяпер было не да таго — кідалі ўсё і спяшаліся адыходзіць з адной думкаю — ці хутка граніца. Яны думалі, што граніца іх выратуе...

Цяжка было ісці па бездаражы танкам Шутава. Яны таксама грузлі і таксама буксавалі, і бензавозкі грузлі таксама, як і нямецкія. Ніколі Шутаву не даводзілася столькі турбавацца пра гаручае для машын,— крута было з гаручым. А да ўсяго, вораг, адступаючы, узрываў масты, мініраваў пераправы.

Але танкісты Шутава, як і сам ён, умелі не толькі ваяваць, але і працаваць, цярплівымі і цягавітымі былі, як і іх камандзір. І цераз бездараж прабіваліся, і гаручае на танках падвозілі, і пераправы ладзілі як толькі можна хутка,— усё адольвалі і ішлі, ішлі, гонячы ворага.

Нярэдка танкісты прарываліся далёка наперад, абходзілі калоны праціўніка і знянацку нападалі на іх або пераразалі шляхі адступлення.

Падводзячы вынікі баявога дня, Шутаў не раз думаў, наколькі больш шырокімі і смелымі сталі яго планы, яго дзейнасць. Ён вымерваў адваяваную зямлю дзесяткамі кіламетраў — за дзень, сотнямі — за тыдзень.

Вымаючы з планшэта карту, Шутаў з хваляваннем пазіраў-вылічваў — колькі яшчэ да граніцы.

Вось ужо ззаду Паўднёвы Буг. Не затрымаў і Днестр. І нарэшце — Прут, дзяржаўная мяжа. Шырокая рака, што сабрала веснавыя ручаі з гор і палёў, хутка, бурліва гнала свае воды на поўдзень. Неспакойныя хвалі паблісквалі на ясным красавіцкім сонцы.

— Зірніце, таварыш гвардыі палкоўнік,— акопы,— сказаў ардынарац-сержант, які замяніў Барысава, што быў ранены пры наступленні пад Корсунь-Шаўчэнкаўскім.

Сцяпан Фёдаравіч убачыў некалькі неглыбокіх, з асыпанымі краямі і кусцікамі травы ям.

— Я тут на гэтым Пруце пачынаў...— прамовіў узрушана сержант.— Недзе недалёка адсюль... А вы дзе, не тут?

— Не,— адказаў Шутаў і дадаў задуменна: — Пачынаць тут пачыналі, а канчаць будзем далёка адсюль...

Ён заклапочана глядзеў на другі бераг, на які, ён ужо ведаў, трэба будзе скора перапраўляцца.

Шутаў перабраўся туды адразу пасля таго, як нашы часці захапілі плацдарм, дастатковы для пераправы танкаў. Увесь час ішлі тут баі. Гітлераўцы вельмі непакоіліся за лёс сваёй групіроўкі пад Ясамі, лёс паўднёвага фланга свайго фронту. Яны хацелі адкінуць нашы часці за Прут, водная мяжа ўзмацніла б іх пазіцыі і дала б магчымасць выдзеліць частку сіл для рэзерву. Шмат дзён не сціхалі баі. Нарэшце, не дабіўшыся жаданай мэты, немцы вымушаны былі перайсці да абароны.

У гэтыя дні пасля цяжкіх баёў брыгада палкоўніка Шутава атрымала невялікі адпачынак.

Хоць фронт быў толькі праз дзесяць кіламетраў, хоць машыны стаялі ўвесь час напагатове, у брыгадзе было «мірнае» жыццё. Акапалі і замаскіравалі танкі (іх гарматы былі накіраваны ў бок фронту), абсталявалі ўтульныя прасторныя зямлянкі.

Перш за ўсё трэба было наладзіць пабітыя танкі, замяніць папсаваныя часці, падрыхтаваць усё да бою. Гэта была вялікая і важная работа, яе неабходна было хутка скончыць, і экіпажам давялося працаваць і дзень, і ноч.

Камандзіры складалі даклады аб выніках баёў, думалі, як лепш зрабіць расклад заняткаў. Палкоўнік сам правяраў расклады і ўважліва сачыў за тым, каб іх выконвалі. Па яго загаду ў батальёнах і ротах склікалі сходы, на якіх камандзіры і салдаты разбіралі мінулыя баі. Разбіралі строга, сумленна — прыгадалі і слаўнае і такое, за што давялося таму-сяму пачырванець; людзі абдумвалі ўсё, вучыліся. Танкісты-ветэраны былі частымі прамоўцамі на гэтых сходах — выкладвалі свае запаветныя баявыя «сакрэты».

Часта танкі выходзілі ў поле — танкісты вучыліся ўзаемадзейнічаць з пяхотай, з артылерыяй, уваходзіць у прарыў, весці баі ў акружэнні. Акрамя тактычных заняткаў, камандзіры праводзілі палітычныя заняткі, якім Сцяпан Фёдаравіч надаваў вялікае значэнне. Ён сам асабіста кіраваў вучобай афіцэраў.

Увечар, калі спадала гарачыня вучэбнага дня, людзі збіраліся ў клубе, дзе на сцэне выступалі свае артысты.

Аднойчы сюды прыехаў камандарм — генерал Краўчанка. Ён пазнаёміўся з жыццём танкістаў, з іх поспехамі, праверыў, як яны рыхтуюцца да баёў.

— Люблю тваю брыгаду,— сказаў Сцяпану Фёдаравічу пасля праверкі камандарм,— і ў баі першыя, і ў вучобе не апошнія...

Смелы, настойлівы ў час бою, Сцяпан Фёдаравіч, выявілася, мог быць строгім і ўдумлівым настаўнікам на «адпачынку». Ён выкарыстаў гэтыя ціхія дні як належыць: брыгада падыходзіла да новых баёў моцнай, упарадкаванай, а танкісты — узбагачанымі вопытам і ведамі...

 

* * *

У сярэдзіне жніўня, вечарам, палкоўніка тэрмінова паклікалі на нараду ў штаб корпуса.

У штабе сабраліся ўжо камандзіры іншых брыгад. Нарада была вельмі кароткай — камандзір корпуса паставіў усім брыгадам задачы і загадаў зараз жа выступіць на зыходныя рубяжы. Калі Шутаў вярнуўся ў брыгадны лагер, было ўжо за поўнач. Людзі спалі, толькі каля зямлянак і пры танках хадзілі маўклівыя вартавыя. Ад лесу павявала халадком, мірнымі пахамі, спакоем.

— Трывога! — узвіўся над лагерам кліч. І ўсё раптам ажыло, заварушылася, здаецца, нават дрэвы пачалі гаманіць аб нечым між сабою.

Зборы былі кароткія; хутка зарычалі маторы, і танкі, узвод за ўзводам, сталі выцягвацца на дарогу. За ноч брыгада зрабіла шасцідзесяцікіламетровы марш і падышла да зыходнага рубяжа.

Наступленне пачалося праз дзень, пасля таго, як камандзіры добра азнаёміліся з мясцовасцю. Пачатак быў удалы: за першыя суткі прарвалі адну моцную лінію абароны і падышлі ўсутыч да другой.

Другая лінія праходзіла на вышыні 387. Вышыня гэта была вельмі выгадная для абароны. Наступаць на яе танкамі можна было толькі па адной вузкай дарожцы, якая вяла проста ў «лоб» нямецкіх пазіцый. Дарожка падымалася ўгору па крутому схілу, які часам дасягаў амаль трыццаці градусаў. Па такому схілу ўзбірацца і то цяжка, а тут трэба, падымаючыся, яшчэ і весці бой — бой з праціўнікам, які ўмацаваўся.

Брыгада падышла да гэтай вышыні ноччу. Сцяпан Фёдаравіч загадаў спыніцца, даў танкістам малы адпачынак — заправіць танкі гаручым, павячэраць, паспаць гадзіну-дзве. Наперад ён паслаў адну роту пад камандаваннем капітана Селюкова, якой трэба было падняцца на вышыню, захапіць яе і ўтрымаць, пакуль падыдзе ўся брыгада. У дапамогу танкістам прыдаў аўтаматчыкаў.

Рота знікла ў цемры. Не прайшло і дзвюх гадзін, як Шутава паклікалі да рацыі. Надзеўшы навушнікі, Сцяпан Фёдаравіч пачуў задаволены голас Селюкова: загад выканалі, немцы выбіты, кінулі некалькі браневікоў, многа матацыклаў.

— Далі прыкурыць немцам як належыць,— скончыў капітан прымаўкай камбрыга.

— Добра,— адказаў палкоўнік.— Цяпер, хлопцы, глядзіце, учапіцеся мацней, бо гэта важная горка...

Ледзь пачало развідняцца, Сцяпан Фёдаравіч загадаў выступаць. Ён не стаў чакаць брыгады, на сваім «вілісе» памчаў да роты. Хутка ён убачыў танкі і вынікі іх начной атакі — пабітыя браневікі, матацыклы.

— Папрацаваў, Селюкоў, бачу... А што разведка кажа?.. Не пасылаў?

— Не...

— А можа, яны яшчэ тут... наперадзе?

— Ды не — яны так драпалі адсюль.

Аднак, калі палкоўнік паслаў наперад разведку, выявілася, што рота ўсё ж выканала сваю задачу часткова. Немцы не вытрымалі нечаканага ўдару танкістаў, пабеглі, але пабеглі недалёка. Яны занялі новы пояс умацаванняў, вышэй за першы, і па-ранейшаму сядзяць на вышыні.

— Што ж ты — наламаў дроў і думаеш: усё. Вунь яны, пабітыя фрыцы! Бачыш — чакаюць...

— Не можа гэтага быць...

— Не можа! Так толькі вераб’ёў ганяюць.

«Мала пабіць, трэба дабіць»,— не раз паўтараў сваім танкістам Сцяпан Фёдаравіч гэтыя словы. У іх — важнейшае камандзірскае правіла Шутава, якога ён трымаўся ўвесь час на вайне. Ён ніколі не задавольваўся толькі поспехам, яму трэба была перамога, сапраўдная, поўная. Камандзір роты заспакоіўся пры першым поспеху, не давёў яго да поўнай перамогі. Ён даў немцам замацавацца, упусціў зручны час. Цяпер узяць вышыню будзе многа цяжэй.

Камандзір брыгады недарэмна трывожыўся. Калі батальён танкаў пайшоў у наступленне па адзінаму шляху — дарозе, праціўнік сустрэў іх зверху моцнаю стралянінаю. Танкі сталі біць па ворагу, увесь час падымаючыся вышэй і вышэй па цеснаму адхону.

З гары некалькі нашых машын падбілі,— яны раптам нерухома замерлі на дарозе, іншыя ўсё ж настойліва ўзбіраліся на вышыню.

Але хутка давялося спыніцца і ім: дарогу перагарадзілі каменныя клыкі супрацьтанкавых надаўбаў. За клыкамі, выявілася,— свежыя ямкі — міннае поле. Пачалася перастрэлка; было відаць, што немцы добра ўмацаваліся і што выбіць іх цяпер будзе нялёгка. Стаяць з танкамі на адкрытым месцы, дзе ўвесь час ірваліся снарады і міны, было небяспечна, і палкоўнік загадаў схавацца за выступам вышыні.

Наступаць далей без пяхоты — значыла б загубіць і танкі і людзей. Ён паслаў наперад разведку — даведацца пра сілу немцаў і пашукаць, ці няма дзе больш зручнага шляху на вышыню.

Разведчыкі вярнуліся з палонным румынам і цікавымі весткамі. Яны выявілі, што на дапамогу разбітай танкавай дывізіі, якая заняла новы рубеж абароны, падышлі яшчэ дзве — нямецкая кавалерыйская і румынская, прычым румынскую дывізію толькі што знялі з венгерскай граніцы.

Вестка аб тым, што немцы паставілі на абарону вышыні столькі часцей, занепакоіла: «Чаго іх прыгналі сюды столькі? У іх жа не такое багацце, каб раскідвацца». Гэта навяло Шутава на думку, што яны тут баяцца прарыву і, напэўна, не без падстаў. «Відаць, вось-вось прарвёмся...» Ён у гэты час адчуў подых важнай перамогі, да якой ішоў.

А пра шляхі весткі былі нярадасныя: схілы ўсюды крутыя, частыя абрывы, на адхонах амаль усюды густы лес.

Пасля поўдня падышла пяхота — мотамехбрыгада палкоўніка Асадчага.

— Асадчы! Дружа! — узрадаваўся Сцяпан Фёдаравіч, убачыўшы камандзіра брыгады, свайго даўняга таварыша.— Якраз у час падышоў.

Ён расказаў Асадчаму пра абстаноўку і тут жа вылажыў свой план наступлення: танкі наступаюць у «лоб», пяхота абыдзе немцаў і ўдарыць з флангаў. Тое, што для танкаў было тут перашкодай — стромкі схіл, густы лес,— пяхоце дапаможа непрыкметна падабрацца і пачаць атаку.

Асадчы згадзіўся са Сцяпанам Фёдаравічам.

Да вечара занялі рубяжы для наступлення. Мехбатальёны акрамя аўтаматаў і кулямётаў узялі з сабой толькі лёгкія мінамёты — усё, з чым можна ўзбірацца па стромкаму схілу ў лесе, дзе дрэвы часамі растуць адно над другім.

Надыходзіў вечар. Вышыню, маўклівы строгі лес паволі агортваў сіняваты прыцемак. На схілах, куды пайшлі пехацінцы, было па-ранейшаму ціха. Відаць, немцы, непакоячыся за свой фронт, на якім стаяць танкі, мала сачылі за флангамі, лічылі іх непрыступнымі.

Самы напружаны час — перад боем. Колькі мінулася баёў, а ўсё ж перад кожным — мімаволі ўзварушваешся, насцярожваешся. Шутаў нецярпліва сачыў, як пад прыкрыццём артылерыйскага агню сапёры брыгады расчышчаюць дарогу ад мін, падрываюць надаўбы. Ён кіраваў танкістамі, што падтрымлівалі сапёраў агнём. І ўсё ж не раз зірнуў занепакоена на ручны гадзіннік свой — ці хутка?.. Што б ні рабіў, ён з насцярожанасцю прыслухоўваўся да пяхоты.

Злева і справа ў небе ўзвіліся дзве чырвоныя кветкі і апалі, асыпаючы пялёсткі,— сігнал да атакі. Значыць, пехацінцы падышлі да нямецкіх пазіцый непрыкметна.

Каля нямецкіх флангаў затрашчалі кулямёты, сталі часта лажыцца міны. Мотамехбатальёны пайшлі ў атаку...

Палкоўнік скамандаваў танкістам — наперад. «Трыццацьчацвёркі», страляючы, сталі ўзбірацца ўгору. Немцы ўпарта адбіваліся, але машыны ўсё ішлі ды ішлі ўгору. Павольны і цяжкі быў іх рух. Метр за метрам — з бою, лютым штурмам... Штурмам з трох бакоў дзвюма брыгадамі... І вось — танкі ўварваліся на вяршыню. Кідаючы коней, гарматы, зброю, немцы ратаваліся, як хто мог.

Каб не даць ім апамятацца і ўмацавацца за ноч, палкоўнік адразу павёў танкістаў далей. Неўзабаве Шутаў і яго танкі былі ў вёсцы, каля якой праходзіла трэцяя, апошняя, лінія нямецкай абароны пад Ясамі.

На наступны дзень і гэтая апошняя лінія была прабіта. Каб як-небудзь стрымаць танкістаў, немцы паслалі на іх самалёты; бомбы шматавалі прыдарожныя дрэвы, карэжылі зямлю, раскідваючы каменні і гліну...

Уноч палкоўнік правёў сваю брыгаду па вузкай, звілістай дарозе, над горнымі кручамі, дзе раней адважваліся ездзіць толькі з коньмі і толькі днём,— і да світання выйшаў на раўніну, на прастор. Ляскочучы гусеніцамі, сталёвыя важкія машыны — адна за другою — хлынулі з гары па шырокаму шляху, як нястрымны горны паток, што крышыць перад сабою ўсе перашкоды.

— Наперад! Наперад, хлопцы! — не даваў супынку ні ўноч, ні ўдзень палкоўнік.

24 жніўня Шутаў вёў бой ужо на вуліцах горада Бырлад. Гэтая перамога мела вялікае значэнне: заняўшы Бырлад, нашы часці поўнасцю акружылі стотысячную Яса-Кішынёўскую групіроўку.

За гэтыя баі Сцяпан Фёдаравіч Шутаў быў узнагароджаны другой Залатой Зоркаю.

 

5. ДАЛІНЫ І ГОРЫ, СУСТРЭЧЫ І РОСТАНІ

Гвардзейская Сталінградска-Кіеўская брыгада бесперапынна — і днём, і ўночы — вяла баі, ідучы ў першых радах наступлення. Засталося ззаду многа румынскіх гарадоў і вёсак, многа баёў сціхла да таго дня, калі, выбіўшы немцаў з горада Тэкучы, танкісты атрымалі маленькі адпачынак.

Сцяпану Фёдаравічу давялося наладжваць часовую ўладу — ваенную і грамадзянскую. З ваеннай было проста — назначыў каменданта-афіцэра, расказаў пра абавязкі яго, і ўсё. Не тое з грамадзянскай уладай. Перад тым як выбраць чалавека на пасаду часовага кіраўніка горада, палкоўнік, колькі было магчыма, знаёміўся з гарадскім насельніцтвам, з яго настроем, з нацыянальнымі звычаямі. Трэба, каб прымар быў паважаным між гараджан чалавекам і, вядома, прыхільнікам дэмакратычных парадкаў.

Сцяпан Фёдаравіч раіўся з прадстаўнікамі прагрэсіўных партый, улічыў іх меркаванні. Тут румынам упершыню давялося блізка пазнаёміцца з савецкім афіцэрам — сціплым і чулым чалавекам.

Калі брыгада пакідала горад, праводзіць яе выйшлі тысячы людзей. Людзі махалі рукамі на развітанне, крычалі ўслед штосьці добрае, зычлівае. Шутаў, які сачыў, як праходзіць брыгада, бачыў, што людзей шчыра смуткуе гэтае развітанне. Ён і сам адчуў сябе так, быццам быў у акружэнні сяброў. Як з сябрамі і развітаўся, з жалем і прыязнасцю...

Цеплыня гэтага развітання яшчэ доўга грэла сэрца яго...

Брыгада зноў уступіла ў бой. Сцяпан Фёдаравіч ішоў цяпер дарогамі свайго любімага героя — Суворава: наступаў на Факшаны і Рымнікул-Сэрэт. Неўзабаве і гэтыя гарады засталіся ззаду: наперадзе, на шляху да румынскага нафтавага цэнтра Плаешці, быў цяпер адзін умацаваны пункт — горад Бузэу.

Вечарам брыгада падышла да горада і адразу пачала наступленне. Немцы не чакалі, што нашы танкі падыдуць да іх так хутка,— брыгада застала іх знянацку.

Палкоўнік імгненна ацаніў абстаноўку і накіраваў свае танкі ў «лоб» нямецкіх пазіцый, каб захапіць мост. Гэта быў смелы, імклівы ўдар. Танкі ўскочылі на мост і рвануліся наперад. Немцы схамянуліся, ударылі па танках з некалькіх гармат і мінамётаў, спрабуючы адбіць атаку, але позна — перадавыя «трыццацьчацвёркі» грукаталі ўжо на іх баку; мост быў наш.

А ўслед за мостам, вуліца за вуліцаю, з боем занялі ўвесь горад. Такі хуткі поспех танкістаў Шутава быў нечаканы для немцаў, яны былі цвёрда ўпэўнены, што тут іх пазіцыі надзейныя.

Настолькі ўпэўнены, што без папярэдняй разведкі ў горад накіраваўся камандзір супрацьпаветранай нямецкай дывізіі, дарэчы, новапрызначаны начальнік абароны Бузэу.

Пасля таго як нашы танкі занялі горад, над Бузэу з’явіўся нямецкі самалёт. Ён мірна развярнуўся ў небе і стаў спакойна зніжацца. Сцяпан Фёдаравіч, які з цікавасцю сачыў за ім, загадаў не страляць, у той жа час паслаў да месца пасадкі аўтаматчыкаў і матацыклістаў. Ледзь самалёт сеў, важны госць — нямецкі палкоўнік прытка выскачыў з кабіны і... у палкоўніка раптам вочы палезлі на лоб і анямелі ногі — проста перад ім былі савецкія салдаты.

Лётчык, убачыўшы побач рускіх байцоў, адразу рвануў машыну ўперад, хацеў падняцца, пакінуўшы свайго важнага пасажыра. Шызая нязграбная птушка раптам падскочыла і панеслася ў поле. Але аўтаматчыкі не разгубіліся, секанулі ўслед — машына клюнула носам у зямлю і застыла з паднятым хвастом.

Начальнік абароны Бузэу не паспеў прыступіць да выканання сваіх абавязкаў.

...У наступленне на Плаешці разам з нашымі танкістамі ішлі румынскія часці: Румынія ў той час аб’явіла вайну Германіі. Перад боем група нашых і румынскіх афіцэраў сустрэлася на камандным пункце. Сцяпан Фёдаравіч, знаёмячыся, назваў сваё прозвішча.

Румыны пры гэтым раптам здзіўлена пераглянуліся — прозвішча праслаўленага танкіста, аказалася, было ім добра знаёма.

— Палкоўнік Шутаў?!

Яны з пашанай і здзіўленнем акінулі вачыма прысадзістую, не па-вайсковаму трохі сутулаватую, зусім не ваяўнічую з выгляду постаць — той самы Шутаў? У позірках іх можна было ўлавіць расчараванне і недавер’е: той Шутаў, які прабіўся праз абарончыя паясы пад Ясамі, які перабраўся з танкамі цераз горы? Яны глядзелі на Шутава, шукалі чаго-небудзь асаблівага — звычайны, нават невыразны загарэлы твар, добрыя вочы, каля якіх сабраўся вузельчык маршчын, мяккая, сціплая ўсмешка. У ім, у яго манеры трымацца, гаварыць ёсць нешта сялянскае...

Здзівіцца давялося яшчэ раз, калі загаварылі пра будучы бой за Плаешці.

— Плаешці! Цяжкая задача. Дні тры-чатыры ў лепшым выпадку. Не раней...— выказаў меркаванне пажылы румын, камандзір кавалерыйскага палка.

— Але нам трэба быць там заўтра,— сказаў Шутаў.

— Заўтра?

— Заўтра. Ранкам. Такі загад.

— Загад ёсць загад. Мы павінны выконваць загады. Але баюся, так хутка... мы не здолеем, пан палкоўнік...— запярэчыў малады смуглы афіцэр, зацягнуты ў вузкі фрэнч.

— Чаму?

— Там многа войск і моцныя ўмацаванні... Я там днямі быў,— дадаў ён.

— Мы ўлічваем гэта,— сказаў Шутаў.— Камандаванне ўзважыла іх сілы і нашы і рашыла, што такая задача нам па плячы. І я думаю таксама, што мы можам іх выбіць. Павінны — як найхутчэй, каб не даць загубіць Плаешці...

— О Плаешці, колькі яму давялося перажыць!..— прамовіў са спачуваннем камандзір палка.

— Будзе, вядома, нялёгка, але я думаю, што сядзець «гасцям» у Плаешці засталася адна ноч...

Шутаў спадзяваўся таму, што быў упэўнены не толькі ў сваёй брыгадзе, але і ў іншых — не адзін жа раз побач ваявалі. І ўсё ж перад боем за Плаешці ён непакоіўся больш як калі-небудзь. А раптам, сапраўды, выйдзе не так, як ён гаварыў, а так, як яны, больш асцярожныя паплечнікі? Усяляк можа быць, вядома...

Бой быў нялёгкі. Ледзь танкі Шутава пачалі набліжацца да горада, немцы сустрэлі іх моцнай артылерыйскай стралянінай. Некалькі нашых машын загарэлася. Дайшоўшы да кіяшнага поля, што жаўцела перад горадам, танкісты вымушаны былі спыніцца. Страляніна з нямецкіх пазіцый была такая моцная, што прабівацца далей праз поле не было ніякай магчымасці.

Убачыўшы, што нашы спыніліся, немцы раптам пайшлі ў контратаку.

Нашы пехацінцы з дапамогаю танкістаў адбілі гэтую атаку немцаў, адагналі іх назад, на ранейшыя пазіцыі. Але прарвацца наперад хоць колькі-небудзь па-ранейшаму не ўдавалася.

Між танкістамі Шутава і нямецкімі батарэямі завязалася ўпартая перастрэлка. Танкістаў падтрымалі мінамётчыкі з мотабатальёна. Неўзабаве падышоў на дапамогу артылерыйскі дывізіён з суседняй мехбрыгады.

Агонь з нямецкіх пазіцый слабеў. Асабліва добра папрацавалі ў гэтым баі мінамётчыкі Сцяпана Фёдаравіча. Іх міны разбілі некалькі варожых гармат.

Нарэшце настаў час скамандаваць запаветнае: наперад!

Жоўта-зялёныя прыземістыя машыны, да паловы закрытыя кіяшнікам, падобныя да чарапах, страляючы на хаду з гармат, хутка папаўзлі к гораду. За імі ўзняліся аўтаматчыкі...

Уночы Шутаў вёў бой на вуліцах Плаешці. Палкоўнік не памыліўся — уранні Плаешці быў цалкам у нашых руках.

Тут брыгада атрымала пяцідзённы адпачынак. Па вуліцах Плаешці цяпер няспыннай плынню каціліся запыленыя аўтамашыны, фурманкі, гарматы, праходзілі калоны пехацінцаў, грукаталі самаходкі...

Дайшоўшы да цэнтра горада, большая частка іх павяртала на поўдзень. На дошчачцы-стрэлцы, прыбітай да слупа, было наспех напісана — «Бухарэст».

 

* * *

Зноў горы. Трансільванскія Альпы. Палкоўнік вядзе брыгаду па вузкіх звілістых дарогах, якія то апускаюцца, то падымаюцца ўгару. Крутыя абрывы то падаюць уніз, адкуль глуха даносіцца шум горнага патоку, то падымаюцца сцяною ў неба. Нечаканыя рэзкія павароты.

Цяжка і небяспечна было ісці па гэтых дарогах танкістам, дзе з-за адной памылкі вадзіцеля можна сарвацца ў бездань, дзе адзін танк можа спыніць цэлую брыгаду. Але наколькі цяжэй ваяваць! Часта наляталі нямецкія самалёты; сыпалі бомбы, ашалела білі з гармат.

Немцы мелі выгадныя, загадзя ўмацаваныя пазіцыі. Часамі даводзілася па некалькі дзён біцца за якую-небудзь горку...

У гэтыя дні адразу пасля бою, у толькі што адваяваным трансільванскім гарадку, Сцяпан Фёдаравіч развітаўся са сваёй брыгадай, са сваімі баявымі афіцэрамі і салдатамі, якіх столькі разоў вадзіў у бой. Хоць прычынай развітання была радасная падзея — палкоўніка назначылі на пасаду намесніка камандзіра корпуса,— Сцяпан Фёдаравіч пакідаў брыгаду не без суму.

Як жа не засумаваць! Ён з гэтай брыгадай ішоў аж ад самай Курскай дугі, ведаў тут ледзь не кожнага салдата, з якім ішоў у бой. Колькі неспакойных начэй недаспаў, колькі думак перадумаў, каб «даць прыкурыць» гітлераўцам, каб правесці танк наперад. Тут былі праца, трывога, слава і боль такіх бітваў, такіх дарог...

Ростань была кароткая: брыгада, якая толькі што выйшла з бою, хутка павінна была зноў выступаць. Афіцэры наспех зрабілі «праводзіны» — дасталі некалькі пляшак гарэлкі, румынскай «цуйкі», сабралі закуску — чым багаты, тым і рады.

Шутаў абышоў экіпажы, развітаўся з камандзірамі і салдатамі. На вуліцу да машыны, якая чакала яго, выйшаў акружаны шчыльнай групай танкістаў.

— Шчасліва вам, хлопцы! Дзякую, што служылі добра.— Не ўтрываў, расчуліўся: — Можа, каго калі пакрыўдзіў у крутую хвіліну — чалавек я, каюся, гарачы — у баі ўсяляк прыходзілася...

— Без прычыны не крыўдзілі,— пачуліся таксама расчуленыя, добразычлівыя галасы.

— А калі і пакрыўдзіў, каб не паміналі ліхам... У нас, у Дварцы,— Шутаў усміхнуўся,— кажуць, што таму, каго ліхам успамінаюць, шчасця не будзе...

— Будзем успамінаць толькі добра!

— Без прычыны не крыўдзілі.

— Не забывайце. Пішыце аб сабе! — папрасіў нехта з танкістаў.

— І вы... пішыце аб усім...

І зашчымела сэрца — ці прыйдзецца хутка ўбачыцца — не даказаў, адвярнуўся, маўкліва сеў у свой «віліс». Так, не прамовіўшы больш ні слова, паехаў...

На жаль, на новым месцы, дзе столькі было вялікай і цікавай работы, працаваць давялося мала. Аж горка, як нечакана і бязглузда прыляцела бяда...

Не забыць таго дня пад трансільванскім горадам Клужам.

Нямецкі фронт быў прабіты. Танкі — рота за ротаю, батальён за батальёнам — хутка ўваходзілі ў прарыў. Пачыналася тая праца, якая асабліва радуе сэрца танкіста,— рэйд у варожым тыле.

Палкоўнік, выйшаўшы з «віліса», стаяў паблізу ад дарогі, сачыў за танкамі. Яны ішлі няспынна, на роўнай адлегласці адзін ад другога — па ўзгорку, потым прападалі ў лагчыне і з’яўляліся зноў на вочы, калі былі, як карабкі ад запалак. Яны ўсё аддаляліся. Шутаў, як брыгадзір, які выправіў людзей на важную работу ў полі, пазіраў услед. Ён, які заўсёды жыў нецярпліва, у гэтую хвіліну быў думкаю наперадзе, разам з першымі танкамі, што рушылі ў прарыў.

Непадалёк па дарозе ўсё яшчэ ішлі і ішлі танкі.

Аднекуль з нямецкага боку са свістам прыляцеў снарад, разарваўся поблізу.

Ад’ютант затрывожыўся:

— Адышлі б вы, таварыш палкоўнік. Паберагліся...

— Яшчэ што выдумаеш! Усялякай дурной вароне паклоны біць!

Сам сабе падумаў: снарад цяжкі, выпадковы,— дурны снарад. На такія Шутаў і ўвагі не звяртаў даўно.

І раптам зусім побач успыхнула агнём, ударыла тугая хваля. Кінула на зямлю...

— Эх, чорт!..

Убачыў над сабой спалоханы твар ад’ютанта, які хацеў дапамагчы ўстаць.

— Не трэба! Я сам...

Ён, перамагаючы вялікі цяжар, што напоўніў разам усё цела, падняўся, але праз хвіліну, падкошаны страшным болем, бяссільна асеў на траву.

На дарозе Сцяпана Фёдаравіча, цяжка параненага, спаткаў камандарм. Ён ужо ведаў пра тое, што здарылася. Сцяпан Фёдаравіч ляжаў бледны, пахудзелы ад страты крыві і болю. З-пад шыняля, якім яго накрылі, былі відаць на левай руцэ белыя, заплямленыя крывёю, павязкі.

Камандарм схіліўся над Шутавым.

— Пазнаеш? — запытаўся ён. На смуглявы твар генерала, што бачыў на вайне багата горкіх страт, ценем лёг смутак.

— Пазнаю,— прамовіў слабым спакутаваным голасам Шутаў.

Ён паспрабаваў падняцца, але боль пранізаў усё цела, і палкоўнік, сціснуўшы зубы, паваліўся на падушкі.

Сцяпан Фёдаравіч усё ж не хацеў паддавацца.

— Я яшчэ вярнуся! — сказаў ён камандарму ўпарта, дужаючыся з болем, з бяссіллем, ад якіх цела станавілася непаслухмяным.

 

* * *

Вярнуцца не давялося. Раненне было вельмі цяжкае, дактары выратавалі яму жыццё, але не змаглі вярнуць у армію. У родную баявую сям’ю, якой ён аддаў больш за дваццаць гадоў, дарогі больш не было.

...Прайшоў год.

У лістападзе 1945 года Сцяпан Фёдаравіч Шутаў прыехаў у Беларусь. Некалькі дзён ён пабыў у Мінску, які гасцінна яго сустрэў, а потым наведаўся на Бабруйшчыну, у родны Дварэц.

Аднавяскоўцы бачылі, як палкоўнік, кульгаючы, абапіраючыся на кій, ішоў па полі, па вуліцы, усхваляваны, прыглядаўся да наваколля. Ён пазіраў на знаёмыя з маленства краявіды і нярэдка не мог пазнаць: так яны змяніліся за вайну...

Вестка аб яго прыездзе хутка абляцела ўсіх дварчан, узрушыла іх. У хату, што зрабілася на некалькі дзён яго прыстанкам, пачалі сыходзіцца землякі — салдаты, якія толькі што знялі пагоны, гаваркія калгасніцы, гарэзныя, цікаўныя да ўсяго хлапчукі — пабачыць героя, паслухаць. У сяле было багата людзей, што добра ведалі яго — адны з самага маленства, другія пазней, калі ён прыязджаў на пабыўку да сясцёр.

Сёстры, знаёмыя ахалі, казалі, што ён вельмі змяніўся з аблічча. Пастарэў Сцяпан, ой, як пастарэў,— відаць, што далася чалавеку вайна ў знакі. Асабліва жалю, спачування было за пусты левы рукаў, засунуты ў кішэню, за кульганне і кіёк у руцэ.

Доўга давялося Шутаву апавядаць землякам, якія вельмі ж хацелі ведаць, дзе быў, што рабіў, чым заслужыў такую славу.

— Пахадзіў, чалавеча,— сказала сястра, паслухаўшы яго апавяданняў. Паспачувала: — Пахадзіў. Патаптаў зямлі нагамі...

— Не так нагамі, як гусеніцамі танкавымі,— паправіў Шутаў.

— Зведаў дарог усялякіх.

— Дарог зведаў. І на ўсход, і на захад...

— Адваяваліся, значыцца, таварыш палкоўнік? — сказаў хлопец, з былых франтавікоў.— Па чыстай?

— Хто? Я адваяваўся? — У тым, як Шутаў запытаў, усе пачулі: дрэнна ты мяне ведаеш!

— Без рукі, хоць і левай... не разваюешся...

— Рукі няма, а галава на плячах нашто? Хопіць работы, абы ахвота ды здароўе!..

— Будзе, Сцяпан, здароўе, будзе...

— Ну дык і жыць будзем... Рабіць будзем...


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 2. Нарысы; П'есы. -Мн.: Маст. літ., 1980. - 400 с., 4 л. іл.