epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Датычыць усіх нас

Таварышы, у той вялікай рабоце, якая вядзецца па культурнаму выхаванню нашых людзей, як вядома, важная роля належыць літаратуры і мастацтву.

З гэтай высокай трыбуны можна з поўным правам заявіць, што работнікі літаратуры і мастацтва нашай рэспублікі добра разумеюць свае задачы ў галіне культурнага выхавання людзей і нямала зрабілі для гэтага.

Як доказ гэтаму можна прывесці хоць бы такі факт: за мінулы год пісьменнікамі нашай рэспублікі праведзена перад працоўнымі горада і вёскі рэспублікі каля васьмі тысяч выступленняў. Пісьменнікі Беларусі выступалі і перад рабочымі Мінска і Гомеля, і перад калгаснікамі ўсіх абласцей рэспублікі, у блізкіх і далёкіх вёсках.

Сістэматычна выступаюць не толькі перад гарадскімі, але і сельскімі гледачамі тэатральныя калектывы. Нашы самыя заслужаныя тэатры — тэатр імя Янкі Купалы, тэатр імя Якуба Коласа, абласныя тэатры не толькі жаданыя, але і частыя госці ў жыхароў вёсак. Я хачу сказаць, што многія нашы акцёры, у тым ліку і немаладыя, не толькі выступаюць на асноўнай сцэне, у горадзе, але і робяць вялікія калектыўныя выезды на аўтобусах у вёскі, нярэдка за сотню і болей кіламетраў ад базы. Выезды гэтыя робяцца не толькі ў летні час, па добрых дарогах, але і ўвосень, і зімою, калі такія паездкі рабіць не вельмі лёгка. З такіх паездак людзі вяртаюцца часта вельмі позна, далёка за поўнач, а заўтра ім трэба зранку ісці на рэпетыцыю, працаваць над новымі ролямі, выступаць у спектаклях на асноўнай сцэне. Так што многія работнікі тэатра ў сваім імкненні несці культуру ў масы праяўляюць, можна сказаць, пахвальную самаадданасць.

Нашы работнікі мастацтва актыўна працуюць не толькі сярод працоўных рэспублікі, але і часта едуць за межы Беларусі, у братнія рэспублікі, і за мяжу Савецкага Саюза — у сацыялістычныя краіны. Многа гастралююць слаўныя ансамблі — Ансамбль народнай песні, Акадэмічная харавая капэла, эстрадны ансамбль «Песняры» і іншыя. Пісьменнікі Беларусі прымалі ўдзел у паездках савецкіх пісьменнікаў у розныя раёны Сібіры, напрыклад, у раёны Цюмені і Краснаярскага краю. Пісьменнікі Беларусі выступалі ў Прыморскім краі, на Алтаі, у станіцах нашай слаўнай жытніцы — у Краснадарскім краі. Толькі нядаўна нашы таварышы вярнуліся з Алтая, дзе прымалі ўдзел у Днях беларускай культуры.

Але, як ні важна ўсё гэта, галоўнае, як вядома, у тым, што дзеячы літаратуры і мастацтва дабіліся значных поспехаў у асноўнай сваёй дзейнасці: у стварэнні спектакляў, раманаў і паэм, якія высока нясуць сцяг савецкага мастацтва. У прыватнасці, значных поспехаў дабілася наша літаратура.

Творы Кандрата Крапівы, Міхася Лынькова, Петруся Броўкі, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі, Івана Шамякіна, Піліпа Пестрака, Янкі Брыля, Васіля Быкава, Івана Навуменкі, Алеся Адамовіча сталі добрымі дарадчыкамі і сябрамі чытачоў, можна з упэўненасцю сказаць, па ўсёй рэспубліцы і не толькі ў нашай рэспубліцы.

Я хацеў бы звярнуць вашу ўвагу на літаратараў больш маладога пакалення. Гэтае пакаленне дало таксама нямала пісьменнікаў, творы якіх заваёўваюць сэрцы чытачоў. Назаву для прыкладу такіх, ужо шырокавядомых таварышаў, як Іван Пташнікаў, Ніл Гілевіч, Вячаслаў Адамчык, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Барыс Сачанка, Іван Чыгрынаў, Рыгор Барадулін, Анатоль Грачанікаў, Янка Сіпакоў, Васіль Зуёнак, Анатоль Кудравец.

Калі ж падняцца над фактамі жыцця, агледзецца, падсумаваць здабытае, то, пры ўсёй самакрытычнасці, можна з гонарам адзначыць, што дабіліся значных поспехаў не толькі асобныя пісьменнікі, на значную вышыню ўзнялася ў цэлым беларуская літаратура. Адна з самых маладых літаратур Савецкай краіны, беларуская савецкая літаратура, па праву, заслужана заняла месца адной з перадавых, выйшла ў першыя рады.

Важна, што рост гэты — не выпадковы. Ён заканамерны. І гэта асабліва павінна нас радаваць. Высокая культура лепшай часткі нашай літаратуры (і мастацтва ў цэлым) ёсць вынік высокай агульнай культуры нашага народа, вынік таго выдатнага культурнага будаўніцтва, якое настойліва вяла наша партыя, наш народ у цэлым — усе гады існавання савецкай улады.

Яна — сведчанне багатых, надзвычайных творчых сіл, якія ёсць у народзе і якім у наш час створаны ўсе ўмовы для развіцця, для росквіту.

Натуральна ўзнікае пытанне: ці выкарыстоўваем мы як належыць усе гэтыя багатыя магчымасці?

Трэба шчыра сказаць: не. І ў цэлым у мастацтве, і ў літаратуры Беларусі асобна ўсё яшчэ нярэдка паяўляюцца творы павярхоўныя, паспешлівыя, рамесніцкія, творы-скараспелкі. Ёсць яшчэ нямала твораў, ад якіх вее холадам абыякавасці. Чытаючы такія творы, з асаблівай яснасцю адчуваеш, што сапраўдная творчасць — гэта гарэнне, высокая, адданая работа сэрца і розуму. Толькі тады, калі твору аддадзены пал сэрца, лепшыя думкі, ён зможа запаліць і навучыць чытача. І яшчэ адной якасці не хапае некаторым творам: культуры, таго ўзроўню культуры, які б адпавядаў высокаму ўзроўню сучаснай культуры і які быў бы гарантыяй таго, што пісьменнік, работнік мастацтва здольны навучыць чамусьці, узняць, узбагаціць чытача і гледача.

Такім чынам, пытанне аб павышэнні культуры мае непасрэдныя адносіны і да работнікаў мастацтва. Нам таксама трэба вучыцца, пастаянна, штодзённа.

Тут я хацеў бы сказаць некалькі слоў пра кіно. Я не першы раз гавару пра гэта і, на жаль, вымушан гаварыць зноў. Бясспрэчна, пэўныя зрухі ў апошні час у гэтым важнейшым мастацтве ёсць, але стан работы нашых кінематаграфістаў і ў цэлым студыі «Беларусьфільм» па-ранейшаму далёкі ад таго, каб лічыць яго хоць бы здавальняючым.

Мы можам нямала ўспомніць добрых дакументальных кінафільмаў, але ўспомніце, колькі сапраўдных, мастацкіх, хвалюючых фільмаў дала наша кінастудыя «Беларусьфільм» народу, што яна расказала гледачам пра багатае, гераічнае жыццё нашых людзей?

Такіх фільмаў вельмі мала. Фільмы нашай студыі і цяпер у большасці нізкай якасці, неглыбокія і нудныя і нярэдка яшчэ расказваюць пра выпадковыя з’явы, што сведчыць аб звыклых заганах у сцэнарнай палітыцы студыі. Да нядаўняга часу рэжысёры студыі, абыякавыя да жыцця народа, ганяліся па ўсім свеце, падбіраючы ўсё, што другім нягожа.

У мастацтве, тым больш такім складаным, як кінамастацтва, не робіцца ўсё хутка, але хочацца спадзявацца, што таварыш Мацвееў, якому выпаў нялёгкі абавязак кіраваць кінапрамысловасцю нашай рэспублікі, выправіць становішча на лепшае.

Ёсць свае праблемы і ў тэатральным абслугоўванні насельніцтва рэспублікі. Як вядома, у гэтых адносінах многае робяць самадзейныя народныя тэатры, якія даволі шырока развіліся ў Беларусі. У нас ёсць самадзейныя тэатральныя калектывы, якімі мы можам ганарыцца. Я добра знаёмы з Мазырскім народным тэатрам, які ўзначальваў таленавіты энтузіяст Міхал Яфімавіч Колас, заслужаны работнік культуры БССР. Мазырскі народны тэатр — выдатны калектыў. Мы маем нямала добрых самадзейных тэатральных калектываў.

Але пашырэнне сеткі народных тэатраў не здымае з нас абавязку думаць пра пашырэнне прафесійнага тэатра. Я лічу, што такія гарады, як Полацк, Пінск, Мазыр, павінны мець свае прафесійныя тэатры. Гэтыя гарады сталі значнымі індустрыяльнымі цэнтрамі, хутка растуць, і ім патрэбны тэатры. Тэатры ў гэтых гарадах змаглі б абслугоўваць і значныя раёны з сельскім насельніцтвам, дзе тэатры — вельмі рэдкія госці.

Таварышы, я хацеў бы выказаць некалькі меркаванняў агульнага характару, што да тэмы пытання нашай сесіі.

Мне здаецца, што паняцце «культурна-масавая работа» некаторымі нашымі таварышамі разумеецца вузка. Памылковай я лічу традыцыйную думку пра тое, што культмасавая работа — гэта работа клубаў, бібліятэк, лекцыі і т. п.

Галіна культуры — гэта шырокая вобласць чалавечага жыцця, вобласць, якая фактычна ахоплівае ўсе бакі жыцця чалавека.

Будучы шырокай сама па сабе, у дачыненні да шырокіх мас народа культура становіцца надзвычайнай па сваёй мнагастайнасці, рознасці праблемай. Яна ахоплівае ў такім плане, можа быць, усе сферы жыцця народа, рэспублікі.

Так, культура — узровень ведаў. Але культура таксама — і стыль работы людзей. Культура — і характар мыслення. Культура ў цэлым — характар жыцця чалавека, у самых розных галінах чалавечай дзейнасці.

Калі мы вядзём барацьбу з п’янствам — мы вядзём барацьбу за культуру.

Калі мы вядзём барацьбу з хамствам ва ўсіх праявах — мы вядзём барацьбу за культуру.

Барацьба з бюракратызмам — гэта таксама барацьба за культуру. Барацьба за ўздым культуры чалавека і грамадства ў цэлым.

Я хацеў бы адзначыць і яшчэ адну агульную асаблівасць характару культурна-масавай работы ў наш час. Мне здаецца, што мы спосабы, метады гэтай работы часам уяўляем па-старому, мераем устарэлай меркай. Мы іншы раз нібы забываем, якія вялікія змены адбыліся ў гэтай галіне.

У матэрыялах сесіі, якія раздадзены нам, ёсць лічбы, на якія я хацеў бы звярнуць вашу ўвагу, таварышы дэпутаты. Вось гэтыя лічбы. У нашай рэспубліцы цяпер 4 млн. радыёпрыёмнікаў і радыёкропак, 1 млн. 400 тысяч тэлевізараў. 5 млн. 400 тысяч радыёкропак і тэлевізараў стала і звыкла жывуць у кватэрах і хатах нашых людзей. Радыё і тэлебачанне ўвайшло ў кожны дом, у кожную сям’ю.

Шырокае распаўсюджанне радыё і асабліва тэлебачання зрабілі цэлую, можна сказаць, рэвалюцыю ў гэтай галіне нашага жыцця. Агульная інфармацыя пра жыццё краіны, лекцыі, спектаклі, кінафільмы — здаецца, няма такой сферы чалавечых інтарэсаў, якую не змаглі б задаволіць радыё і яшчэ больш тэлебачанне з яго цудоўнымі магчымасцямі.

Гэта факт, з якім нельга не лічыцца. Гэты факт патрабуе ад нас асаблівых — дзейсных і сучасных — форм культурна-масавай работы. Я думаю, што ў гэтай галіне мы павінны больш удзяляць увагі лакальным, мясцовым праблемам, напаўняць сваю работу канкрэтнасцю і практычнасцю ў вырашэнні непасрэдных задач свайго раёна, сяла. У нашай рабоце тут павінна быць пабольш дзелавітасці.

Можна было б у гэтым плане гаварыць пра многія галіны культуры, але пра іх тут многа ўжо сказана. Я спынюся на адной. На культуры быту. Я лічу яе адной з самых важных і разам — адной з тых галін, у якіх многа нявырашаных і вострых праблем.

Мне здаецца, што мы часам усё яшчэ недаацэньваем значэнне культуры быту, многіх яе аспектаў.

Падобна на тое, што мы ўсё яшчэ нярэдка думаем, што культура абслугоўвання, напрыклад, — гэта толькі культура абслугоўвання, сфера гандлю. Між тым гэта — і галіна культуры ў цэлым, культуры дзейнасці грамадства. Свайго роду важная грамадская, палітычная праблема. З якой сустракаюцца мільёны людзей штодзённа.

Некалькі дзён назад я атрымаў пісьмо ад выбаршчыкаў з Конкавіцкага сельсавета Петрыкаўскага раёна са скаргай, што ў магазін вёскі не заўсёды прывозяць хлеб і што нярэдка прыходзіцца вяртацца дамоў з пустымі рукамі. У маёй дэпутацкай дзейнасці мне неаднойчы даводзілася сустракацца з такімі скаргамі. У прыватнасці, такія скаргі былі і ў выбаршчыкаў Жыткавіцкага раёна. Відаць, гэтыя факты далёка не асобныя.

Гэта такія факты, якія і тлумачыць няёмка. Гэта — абураючыя факты. Я гавару пра іх таму, што яны таксама маюць адносіны да культуры. Хлеб — аснова ўсяму, у тым ліку і культуры. Усё пачынаецца з хлеба.

Даўно хвалюе мяне і такое. Наша вёска моцна змянілася. Прыйшла тэхніка, стаў іншым характар працы людзей, над хатамі вырас лес тэлеантэн, будуюцца выдатныя жывёлагадоўчыя комплексы. Але — чаму яшчэ — нярэдка такімі непрыгляднымі застаюцца вуліцы нашых вёсак. Разбітыя грузавікамі і аўтобусамі, у калдобінах і гразкіх лужах, што ніколі не перасыхаюць, яны ўвосень і ўвясну становяцца проста бядою для людзей. Увосень і ўвясну па іх, бывае, ні праехаць, ні прайсці. Ды па некаторых з іх і летам праехаць цяжка. На многіх з іх поўна гразі і ўвосень, і ўлета!

Дзіўныя дзівы даводзіцца бачыць: едзеш полем, лесам па цудоўных асфальтавых дарогах, радуецца душа, уедзеш у сяло — адкрываюцца часам вачам карціны проста гогалеўскія! Я маю на ўвазе славутую лужу сярод вуліцы.

Пара, пара сур'ёзна заняцца нашымі вуліцамі ў вёсках! І заняцца не адным сельсаветам і калгасам, яны далёка не ўсё змогуць зрабіць: быт вёскі трэба наладжваць так жа, як ён наладжваецца ў горадзе.

У многіх вёсках у вельмі кепскім становішчы водазабеспячэнне. Калодзежы старасвецкія, неглыбокія, вада нячыстая, брудная. Артэзіянскіх калодзежаў мала. Мы так гаспадарліва клапоцімся, каб напаіць жывёлу (што вельмі правільна!), і так, бывае, мала думаем пра тое, якую ваду п’юць людзі! Мала робім для гэтага.

Гэта, таварышы, таксама праблемы культуры. Праблемы, якімі трэба сур’ёзна займацца.

Некалькі слоў пра іншае. Я гаварыў ужо, што радыё і тэлебачанне ўвайшлі ў кожны дом. Кожная сям’я мае тэлевізар, рэпрадуктар і радыёпрыёмнік, часам і па некалькі. Чаму ж дасюль грыміць на плошчах нашых і ў парках такая непатрэбшчына, як радыёдынамікі, якія ніхто не слухае. Грымяць гэтыя дынамікі ў зонах адпачынку, у жылых зонах, не даючы людзям ні адпачываць, ні працаваць. Грымяць у піянерскіх лагерах, дзе яны проста шкодны. Шкодны і таму, што псуюць нервовую сістэму дзяцей, і таму, што выхоўваюць абыякавасць у дзяцей.

Нікому на вуліцы не прыйдзе ідэя піхаць у рот усім прахожым падрад, скажам, якую-небудзь кашу. А дынамікі ж гэтыя ўсім падрад упіхваюць песенькі, якія надакучылі, перадачы, якія не цікавяць. Радыё, акрамя ўсяго, такая рэч, што яе добра слухаць на адлегласці да дзесяці, ну сотні метраў, а далей — на кіламетры агідны, гнусны шум, адзін з самых шкодных для чалавека шумаў.

Піша «Правда», «Известия» пішуць, часопіс «Здоровье» падымае цэлую кампанію супраць шумаў, інжынер на старонках «Советской Белоруссии» аб’яўляе: «Город просит тишины» (горад гэты — Мінск), усе заклікаюць да цішыні, але хто ў нашых гарадскіх ці сельскіх Саветах адгукнуўся на гэта! У Мінскім гарсавеце не пачулі нічога гэтага. Грыміць, грукоча радыё ў дзіцячым парку Мінска, у цэнтры горада, на цэлыя кіламетры вакол па-хуліганску грымяць дынамікі спартбазы «Спартак» у зоне адпачынку Мінска.

Калі ж мы нейкія меры пачнём — асабліва ў гарадах, і ў зонах адпачынку — прымаць супраць гэтага сучаснага бескультур’я!

Вярхоўны Савет прыняў год назад закон аб ахове здароўя, там ёсць пункт і аб барацьбе з шумам. Што зроблена за гэты час, каб выканаць гэты пункт? Нічога. Падпісалі і — забылі. Ці не пара б камісіі Вярхоўнага Савета БССР па ахове здароўя і нашаму паважанаму Міністэрству аховы здароўя, міністру М. Я. Саўчанка распрацаваць указанні, адпаведныя закону. І каб гэтае рашэнне не засталося толькі рашэннем, паперкаю, падключыць сюды органы грамадскага парадку. Пара нешта рабіць у гэтым напрамку.

Таварышы, у пытаннях культуры няма дробязей. Галіна культуры — галіна важная і ў вялікіх, і ў малых праблемах.

Гэта — шырокая галіна, якая закранае мільёны людзей.

Давайце ж усе мы адносіцца да дзейнасці ў галіне гэтай, як да вельмі важнай дзейнасці, што датычыць усіх нас. Давайце ўсе мы будзем работнікамі культуры, савецкай, камуністычнай культуры!

 

1973


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 559-566
Крыніца: скан