epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Дні нараджэння

Гісторыка-рэвалюцыйная драма ў трох дзеях

КАРЦІНА — УСТУП. У акопах
ДЗЕЯ ПЕРШАЯ. ДВОЕ ЗАКАХАНЫХ
  КАРЦІНА ПЕРШАЯ
  КАРЦІНА ДРУГАЯ
  КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ
ДЗЕЯ ДРУГАЯ. ЗАХОДНІ ФРОНТ
  КАРЦІНА ЧАЦВЁРТАЯ
  КАРЦІНА ПЯТАЯ
  КАРЦІНА ШОСТАЯ
ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ. ДАРОГІ
  КАРЦІНА СЁМАЯ
  КАРЦІНА ВОСЬМАЯ
  КАРЦІНА ДЗЕВЯТАЯ


 

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ:

 

Мяснікоў.

Федасюк, рабочы.

Дзяцел, Залыгін, Чыбук салдаты.

Кацярына, жонка Дзятла.

Адзінцоў, паручнік.

Валя.

Калатухін, штабс-капітан, меншавік.

Балуеў, генерал, галоўнакамандуючы Заходнім фронтам.

Падпалкоўнік.

Фельдфебель.

Сізоў.

Грыбаў, капітан з Масквы.

Беражной.

Сакратарша Калатухіна.

Шафёр.

Прастытутка.

Вартавы.

Канваір.

Афіцыянт.

Рабочыя, жыхары Мінска, салдаты, казакі, афіцэры.

 

Дзея адбываецца ў акопах і дзеючых часцях Заходняга фронту рускай арміі і ў Мінску. Час дзеяння — кастрычнік і лістапад 1917.

 

КАРЦІНА — УСТУП. У акопах

 

Акопы аднаго з участкаў рускага Заходняга фронту. Над імі пасечанае, пакалечанае, напалову вывернутае дрэва. Цярусіць бясконца нудны дождж. Унізе акопа, пад казырком, стуліўшыся, сядзяць т р ы ўшчэнт прамоклыя Салдат ы. Яшчэ адзін угары ля амбразуры — Назіральнік. Над акопамі даволі ціха, толькі зрэдку цішыню перабіваюць то выбухі гармат, то чачотка кулямёта.

Чыбук. Лье і лье... Як з прорвы.

Залыгін (з іроніяй). У такое надвор’е і ваяваць няма ахвоты!

Дзяцел. А па мне дождж — тфу, нішто.

Чыбук. Табе, вядома: ты — вадзяны чалавек.

Дзяцел. Гэта праўда. У вадзе нарадзіўся, у вадзе вырас. (Радасна.) У нас, братачкі, у Алешні і летам, і ўвосень адно: вада, твань!

Залыгін. Твань... Чаго ж ты радуешся?

Дзяцел. А чаго, людцы, лаяць? Мне цяпер балота тое, як рай!

Чыбук. Эх, зараз бы, пешая кабылка, у хату сухую, на печку! Ды ўдаву цёплую пад бок!

Залыгін. Для пачатку далі б семафор: вёрст на дзесяць у тыл.

Дзяцел. Удаву! Нішто прыдумаў!..

Чыбук. А што, балотны чалавек, дрэнна? Ты адмовіўся б?

Дзяцел. Я, здаецца, людцы, наўколенцах, рачкі дамоў пабраўся б. (Сумна жартуючы.) Каб сказаў паручнік: Дзяцел, магу адпусціць, але рачкі паўзці трэба. Я згадзіўся б з радасцю. І дапоўз бы!

Залыгін. Табе, балота, і наўколенцах нішто. Амаль дома. А мне не выходзіць.

Чыбук. Да Сібіру далекавата! Гады тры, не менш, кержак, спатрэбілася б.

Залыгін. Не менш.

Дзяцел (задуменна). Жонка ў мяне — Кацярына! Свет абыдзі — другую такую не знойдзеш!

Чыбук. Ну? Што ж у яе такое асаблівае?

Дзяцел. Што?!

Чыбук. Што?

Дзяцел. Гаспадыня! Косіць сама, людцы, малоціць. Не горш за мужчыну. Арэ сама...

Чыбук. І есць сама?

Дзяцел. Што?!. А, балабон!

Залыгін рагоча.

Чыбук. А ты, божая кароўка, не кіпі! І язык пачасаць нельга!

Залыгін. У такое надвор'е толькі і ўцехі!

Чыбук (знарок мякка). А як яна, балота, з сябе? Ну, з фізіяноміі, з цела?

Дзяцел (хмурна). Нічога. Спраўная.

Чыбук. Спраўная. Гэта — нуль, пустое слова. Ну, як...

Дзяцел. Чаго?

Чыбук. Ушчыкнуць яе, балота, ёсць за што?

Дзяцел (абурана). Гледзячы каму!

Чыбук. Вядома, не табе!

Дзяцел. Яна не такая!

Чуваць свіст снарада. Выбух.

Чыбук. Усе яны не такія. За спадніцу трымай і то рогі наставіць. А тут... Даўно прыгрэла якога-небудзь...

Дзяцел (пабялелы ад злосці). Не ўводзь мяне, Чыбук, у гнеў! Я ў гневе — ты ведаеш!..

Залыгін. Ну, хопіць. Выпусціце лішнюю пару. Мала таго, што з немцамі вайна, яшчэ і самі між сабой!

Дзяцел. А што ж ён, скула, звычку ўзяў такую?

Чыбук. І пачасаць язык няможна! Птушка важная!

Паяўляецца салдат, які нясе кацялкі з ежай.

Залыгін. Дзе ты прападаў, праклятая душа?

Салдат. Дзе быў, там няма. Бярыце ды дзякуйце, што прынёс!

Салдаты дастаюць свае кацялкі, рэжуць хлеб на пайкі. Разліваюць у кацялкі суп.

Залыгін. Зноў шрапнель!.. І з неба шрапнель, і ў кацялку! Ва ўсіх відах!

Салдат (узрушана). Што робіцца на белым свеце!

Чыбук. Што ж робіцца?

Салдат. Газетку, чуў, чыталі. Бальшавіцкую. Керанскага там — з зямлёй! І што буржуазіі служыць, і што прадаўся!

Залыгін. Праўду пішуць.

Дзяцел. Праўду? Цяпер гэтых праўд развялося больш, як грыбоў у цёплы дождж. Якая з іх лепшая — не разбярэш!

Салдат. А можа, той, сапраўднай, і зусім няма.

Залыгін. Ёсць.

Чыбук. Дзе яна, пад якім кустом? У бальшавікоў?

Залыгін. У Леніна.

Некалькі выбухаў. Усе хвіліну пасля іх яшчэ маўчаць, чакаюць.

Чыбук. Твой Ленін — немец. Яго немцы перакінулі к нам у пламбіраваным вагоне...

Паяўляецца паручнік Адзінцоў. Ён заклапочаны, насцярожаны.

Адзінцоў. Быць напагатове! Ёсць весткі, што немцы рыхтуюць атаку!

Адзінцоў выбягае. Чуваць, як на хаду загадвае іншым: «Быць напагатове!»

Залыгін. Брахня ўсё! Не немец ён, Ленін! Я ведаю.

Дзяцел. Ты што, знаёмы?

Залыгін. Знаёмы, не знаёмы, а ведаю.

Дзяцел. Хто ж ён?

Залыгін (даверана, значна). З салдат сам!

Чыбук. Брэшаш!

Залыгін. Я брашу?!. З кулямётчыкаў. Тут недалёка ад нас ваяваў, пад Маладзечнам. Дружок мне казаў, служыў з ім. Фельдфебеля за адвагу далі, смелы! Тры Ягорыі начапілі...

Салдат. Ну?!

Залыгін. А цяпер разжалавалі. І крыжы, вядома, адшпілілі. Хацелі судзіць, ды ён не даўся. У Пецярбург дружкі яго пераправілі.

Дзяцел. За што ж гэта яго? Разжалавалі?

Залыгін. Супраць Керанскага маршруту пайшоў!

Чыбук. А мне казалі — немец ён. І прозвішча гэта ў яго не сваё...

Дзяцел. Чаго толькі не пішуць. Адна газета — адно, другая — другое... Партый адных колькі — тут табе і меншавікі, і бальшавікі, і эсэры, і гэтыя, як іх... сацыялісты-рэвалюцыянеры...

Залыгін. Сацыялісты-рэвалюцыянеры і эсэры — адно і тое ж.

Дзяцел. Я ж і кажу. Усе за народ, за свабоду! Ніхто не супраць! Кожны Кузьма — бацька!

Чыбук. Гэта — пакуль... А там — як запрагуць... Вось Керанскі, падла худая, чаго абяцаў, а потым — во! (Паказвае дулю.)

Салдат. Як сядзелі ды гібелі, так і зараз сядзім! (Таварышам.) Чыя чарга падмяняць назіральніка?

Чыбук (салдату). Твая.

Салдат бярэ вінтоўку, ідзе да назіральніка. Змяняе яго.

Назіральнік сходзіць уніз, абедае.

Залыгін. Ленін, бальшавікі супраць вайны. Маўляў, вайна — гэта мясабойня для трыбухоў багацеяў.

Дзяцел. Бойня, гэта праўда... А як Ленін пра зямлю, што кажа?

Залыгін. Зямлю — аратым! Усю ад памешчыкаў ды мужыкам.

Дзяцел. Мужыкам? І вайне канец? (Недаверліва.) Як ты думаеш, сур’ёзна гэта яны ці так — «кось-кось» ды ў аглоблі?

Залыгін. Сур’ёзна.

Дзяцел. Цвёрда? Сялянам? І вайне канец?

Залыгін. Цвёрда. Без маны.

Грымяць частыя блізкія выбухі.

Чыбук. Б’е і б’е немец!..

Дзяцел. Ахвота, скажы ты, скула яму, атаку гэтую пачынаць.

Залыгін (пасля выбуху). То недалёт, то пералёт...

Дзяцел. Прыстрэльваецца Вільгельма, ці што... (Назіральніку.) Эй ты, чалавеча, асцярожней вытыркайся!.. (Задуменна.) Эх, колькі народу пакалечылі, панішчылі!.. За што? За якія грахі?

Чыбук. Каб газаў, нячысцік, не пусціў!

Хутка, імкліва расце ўедлівы свіст. Усе стуляюць галовы, чакаюць. Грукочуць выбухі. Адзін — зусім блізка. Выбліск полымя, гром, дым. Салдат-назіральнік, выпусціўшы вінтоўку, схапіўшыся за грудзі, падае.

Дзяцел. Пранесла! А блізка было! Каб крыху!..

Чуваць пакутлівы стогн.

Залыгін. Марчанку раніла!

Падбягаюць да назіральніка.

Дзяцел (з жахам адварочваючыся). Гэх, як яго...

Чыбук. Глядзі! Не барышня! Заўтра, можа, і цябе ці мяне.

Залыгін. Санітара!

Дзяцел. Ён штосьці хоча, небарака, сказаць! (Нахіляецца.) Што, што, братачка, кажаш? (У адчаі.) Хрыпіць... не разбярэш!

Залыгін. Пісьмо нейкае, кажа...

Чыбук. Паслаць ці напісаць просіць!..

Зноў некалькі блізкіх выбухаў.

Падбягае паручнік Адзінцоў.

Адзінцоў. Падрыхтавацца!.. Што тут?

Дзяцел (паказвае). Марчанка...

Адзінцоў. Што? Ранены?

Дзяцел (здымаючы шапку). Ужо... забіты.

Адзінцоў. Пахавальная каманда прыбярэ... На месцы!

Чыбук (праз спазмы злосці). Да якога ж гэта, госпада бога, часу, паручнік?

Адзінцоў. Што?

Чыбук. Кішкі выпускаць нам будуць!..

Дзяцел. Калі ж, праўда, канец гэтаму?

Адзінцоў. На месцы! Зараз жа!

Чыбук. Не крычы, паручнік!

Адзінцоў. Я загадваю!

Малады, гарачы паручнік хапаецца за кабуру. Дзяцел ужо гатоў быў паслухацца, а Чыбук прыўзнімае вінтоўку.

Залыгін. Паручнік, спусці пару!.. Не стары рэжым!

Адзінцоў. Вы пагражаеце мне?! Добра, мы з вамі яшчэ пагаворым! (Мякчэй, з одумам.) На месцы! (Адыходзіць, стрымліваючы ўзрушэнне. Чуваць яго каманда: «Падрыхтавацца... атражэнню атакі!..»)

Чыбук (пагрозна). Пагаворым, палічымся! (Зірнуў на забітага. Раптам яго ўсяго скаланула, ён парывіста ўзняў кулакі). Будзьце вы праклятыя! Няхай усіх вас, падлаў!.. Усіх вас!.. (Яго словы тонуць у частых, грозных выбухах.)

Заслона

 

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ. ДВОЕ ЗАКАХАНЫХ

 

КАРЦІНА ПЕРШАЯ

Зала рэстарана «Парыж» у Мінску. Зала гэтая невялічкая, баковачка, яна прымыкае да большай, асноўнай, у якую вядуць невялікія дзверы, прыкрытыя парцьераю. За дзвярыма чуваць шум галасоў, рэстаранная музыка, тут жа і ціха, і ўтульна. У пакойчыку пуста. Толькі Афіцыянт, немалады, у паношаным касцюме, гаспадарыць — стаўляе чаркі, раскладае салфеткі. Хутка ён выходзіць, і амаль адразу пасля яго ў пакойчыку паяўляюцца Чыбук, Дзяцел і Залыгін.

Чыбук. Ну вось!..

Дзяцел. Што?

Чыбук. Месца!.. Вольныя сталы!.. (Адштурхоўвае Дзятла, п'яны валіцца на стул.)

Залыгін. Чакай рассаджвацца!

Чыбук. Чаго, кержак, чакаць?!

Дзяцел. Чыста завельмі для нашага брата! І пуста. Там, як кількі, набіта, а тут пуста. (Азіраючыся.) Як у тым... як яго... у кахве!

Чыбук. Абрус чысты. Божая кабылка, глядзі — абрус чысты! Пацеха!

Дзяцел. Чысты, як снег.

Чыбук. Няўжо для нашага брата, франтавой кабылкі, стараюцца?

Дзяцел. Набраўся, як падэшва. Плявузгаеш!..

Чыбук. Узяў у горла. Бо свята — трапіў у тыл!

Залыгін. Каб не ўгаварыў я патруль, было б табе свята, на губе!

Чыбук. Напалохаў, кержак, казу капустаю! Губою!

Залыгін. Зачыні сіфон!

Уваходзіць Прастытутка.

Прастытутка (напяваючы). «Очи черные!..» Вольны куточак, нарэшце!

Чыбук. Вольны!..

Прастытутка. «Очи страстные...» Можна побач з вамі, героі?

Залыгін (холадна). Мы не героі...

Чыбук. Давай, дунька, сядай!

Прастытутка (сядаючы). Грубіян!.. «Очи жгучие...»

Дзяцел. А вы, даруйце за цікаўнасць, кім будзеце?

Прастытутка. «Очи жгучие и...» Я? Муся. Можна проста: Муха.

Дзяцел. Муха-то Муха... А які, як бы сказаць, занятак маеце?

Прастытутка (з гонарам). Я — вольная!..

Дзяцел. А, разумею — паненачка, значыцца?.. Мармазеля.

Чыбук груба цягне яе да сябе, абдымае.

Дзяцел (збянтэжана). Чыбук!

Прастытутка (няшчыра). Ах, як вы пасмелі! Грубіян!

Чыбук. Грубіян, дуня, угадала! (Зноў абдымае.)

Прастытутка. Ах, не дурэйце! (Кажа так, нібы заахвочвае.) Хіба ж можна так? Толькі таму, што вы герой, я вам дарую!

Дзяцел (іранічна). Што герой, то герой!..

Прастытутка. Я адразу здагадалася, што гэта (паказвае на іх пагоны) нішто.

Залыгін. Чаму нішто?

Прастытутка. Таму, што гэта розныя носяць... А заходзяць сюды не ўсе!..

Залыгін. А хто ж?! (Здагадаўся, дае знак Дзятлу: трэба ісці!) Чыбук!

Чыбук. Ну, што?

Залыгін. Хадзем!

Чыбук. Гэта чаму?

Залыгін. Не на тую пуць трапілі!

Чыбук. Глупства! Як гэта не туды! (Кліча.) Эй ты, божая скацінка! Афіцыянт!

Залыгін. Задні ход, поўны!.. Чуеш?!

У гэты час дзверы, што з другога боку ад тых, якія вядуць у вялікую залу, адчыняюцца, і ў пакой уваходзіць генерал Балуеў, галоўнакамандуючы Заходнім фронтам. За ім паяўляецца Калатухін, штабс-капітан, камісар фронту. Прастытутка першая заўважае іх, ускаквае.

Прастытутка. Прывітанне рускім героям!

Калатухін. Брысь адсюль!

Дзяцел. Чыбук!

Прастытутка (Калатухіну). Знаёмых не пазнаеш, кавалер!..

Калатухін. Пайшла прэч!..

Стараючыся трымаць гонар, прастытутка выходзіць. Залыгін штурхае Чыбука, каб падняўся, але той сядзіць, разваліўшыся.

Балуеў. А гэта хто?

Залыгін (перад генералам, рапартуе). 61-га грэнадзёрскага палка...

Дзяцел. ...трэцяга батальёна!

Убягае Афіцыянт. Убачыўшы генерала, Залыгіна, Дзятла і п’янага Чыбука, ён, устрывожаны, кідаецца да іх.

Афіцыянт (Балуеву). Прабачце, ваша высока... (Салдатам.) Як вы сюды трапілі?

Чыбук. Як? У дзверы!

Афіцыянт. Зал закрыты!

Чыбук. Што значыць закрыты! Калі ён адкрыты!

Балуеў (гнеўна). Устаць!

Чыбук аглядае яго. Неахвотна ўстае.

Якая распуста!..

Чыбук паволі цверазее.

Чыбук. «Распуста». За тры гады пагуляць!..

Залыгін. З ім гэта першае здарэнне, грамадзянін генерал!

Чыбук. «Распуста»...

Балуеў. Маўчаць, жывёла!

Чыбук (ускінуўшы галаву, абражаны). Я?.. Я — жывёла? Я?

Чыбук ірвецца да генерала. Залыгін хоча адвесці Чыбука далей ад бяды, але той не слухаецца.

Калатухін (афіцыянту). Патруль!

Чыбук. Я? Паўтары яшчэ!

Афіцыянт кідаецца з пакоя. У пакой зазірае паручнік Адзінцоў. Зразумеўшы, што адбываецца нядобрае, ён насцярожана падыходзіць.

Адзінцоў. Дазвольце, грамадзянін генерал!.. (Дзятлу.) Што тут такое?!

Дзяцел. Прыгода... Грамадзянін паручнік, так што... Чыбук не пазнаў... (Кіўнуў на Балуева.)

Балуеў. Вашы?

Адзінцоў. Так точна!

Балуеў. Чаму яны ў Мінску? Не на пазіцыях?

Дзяцел. Так што прысланы ў складзе каманды атрымаць прыпасы.

Балуеў. Я не вас пытаю! (Адзінцову.) Разбэсцілі! За чым гледзіцё?

Адзінцоў. Вінаваты, грамадзянін генерал!..

Уваходзіць патруль.

Калатухін (на салдат). Арыштаваць!

Дзятла, Чыбука і Залыгіна выводзяць.

Балуеў (Адзінцову). Перадасцё камандзіру палка, што я налажыў на вас спагнанне!..

Адзінцоў. Ёсць перадаць. Але дазвольце, грамадзянін генерал...

Балуеў. Што?..

Адзінцоў. Я смею прасіць вас зняць віну за гэты эксцэс. Па прычыне таго, што я з учарашняга дня лічуся ў адпачынку.

Балуеў. Тым горш. Забараняю вам адпачынак!

Калатухін. Барыс Сямёнавіч!

Балуеў. Што?

Калатухін. Даруйце, што я дазваляю сабе ўмешвацца ў вашу размову; мне здаецца, вы праз меру строгія да паручніка...

Балуеў. Вы можаце яго апраўдваць, камісар?!.

Калатухін. Ён не вінаваты... Акрамя таго, паручнік Адзінцоў — май фрэнд... мой прыяцель...

Балуеў (пасля паўзы Адзінцову, хмурна). Сядайце.

Адзінцоў. Дзякую. (Сядае за стол.)

Падыходзіць Афіцыянт.

Балуеў. Гарэлка... грыбы марынаваныя.

Калатухін. Нам — мартэль. Салат парыжскі (Адзінцову.) Ты не пярэчыш?

Афіцыянт выходзіць.

Адзінцоў. Дзякую. Але я павінен...

Калатухін. Ніякіх «я павінен»! Мартэль сапраўдны! Дарунак саюзных французаў. (Адзінцову.) Даўно не бачыліся!

Адзінцоў. Яшчэ пры імператары Мікалаі...

Калатухін. Ах, вучылішча!.. «В Москве я помню улицу...» Надзечка-забіяка, лэдзі з Няглінкі. Ты што ж, і вокам не міргнуў? Не пазнаў?

Адзінцоў. Ты так высока ўзляцеў, што я палічыў за лепшае не напамінаць... пра беднага знаёмага!..

Балуеў (Адзінцову). Вы... гм. Салдат суправаджалі ў горадзе не вы?

Адзінцоў. Так точна. Я іх тут выпадкова ўбачыў. Яны прайшлі па зале (кіўнуў на суседнюю залу), калі я там вячэраў... Я ўстаў, пацікавіўся, што яны тут робяць...

Балуеў. Мярзота!.. Разбэсціліся!.. Я пра ніжнія чыны!.. Грэнадзёрскі корпус — гняздо распусты!.. Да якой ганьбы дайшлі — братанне! З праціўнікам!

Калатухін. Братанне — гэта праказа.

Адзінцоў. Мы днямі заўважылі такую групу і — з кулямёта!..

Балуеў. Распуста! Я заўтра выклікаю ваеннага пракурора і дам загад: ніякай літасці! І камандзірам загад: ніякай літасці мярзоце!..

Афіцыянт прыносіць пітво, закускі. Калатухін налівае каньяк і гарэлку ў чаркі. Спачатку Балуеву, потым Адзінцову і сабе.

Адзінцоў. Дзякую. Але я... З вашага дазволу... (Адстаўляе чарку.)

Калатухін. Май фрэнд! Ты ці не ў цвярозыя запісаўся?

Адзінцоў. Ёсць прычына.

Калатухін. Якая?

Адзінцоў. Мяне чакаюць...

Калатухін. Хто? Ён, яна? Прыгожая незнаёмка?

Адзінцоў. Дзяўчына адна. Настаўніца з гімназіі.

Калатухін. О! Вось што робіць фронт з ідэалістамі. Франтавая закваска! «Карпэ дзіем»,— казаў Гарацый.— «Зрывай дзень», ці па-нашаму: «Лавіце міг удачы»...

Балуеў. Раман?

Адзінцоў. Я — сур’ёзна.

Калатухін. Жаніцца думаеш? Дзіўна, да чаго сталі падкія сучасныя расейскія афіцэры на вяселлі!..

Адзінцоў ад непрыхільнасці чырванее, але стрымліваецца.

Балуеў. Даўно... гм... пазнаёміліся?

Адзінцоў. Трынаццаць месяцаў...

Калатухін. Тры сустрэчы на пяць мінут, і усё іншае — гарачыя лісты?

Адзінцоў (устаючы). Я вельмі ўдзячны за гонар, але павінен прасіць дазволу пакінуць вас...

Балуеў. Ну што ж!

Калатухін. Не злуй! Я па-сяброўску! Спадзяюся, мы яшчэ пабачымся? (Вырывае лісток з блакнота, піша, дае Адзінцову.) Мае каардынаты. Лепш за ўсё — проста ў франтавы камітэт. Там заўсёды скажуць, дзе я.

Адзінцоў казырае генералу, развітваецца з Калатухіным.

Балуеў. Вось што... гм... Спагнанне — адмяняю. Можаце ехаць адпачываць...

Адзінцоў. Дзякую, грамадзянін генерал! (Выходзіць.)

Калатухін. Жаўтароты ідэаліст!..

Балуеў. Я хацеў бы абмеркаваць з вамі некаторыя пытанні становішча. Абмеркаваць, так сказаць, неафіцыйна...

Калатухін. Я гатовы хоць зараз, генерал.

Балуеў. Мы стаім перад катастрофай... Нягледзячы на мае загады, салдаты больш заняты ўцяпленнем на зіму жылля, чым пазіцыямі. Кожны дзень новыя факты спаду дысцыпліны і нечуванага непаслушэнства... Да ўсяго — нараканні на няхватку хлеба, абутку... Я адчуваю, як палкі і нават дывізіі выходзяць з падначалення...

Калатухін. Уся віна за непарадак у арміі ляжыць на бальшавіках!

Балуеў. Я лічу, становішча патрабуе самага блізкага супрацоўніцтва між мною і франтавым камітэтам... Я ўжыву самыя жорсткія меры, каб наладзіць парадак, але я баюся, што гэтага будзе мала...

Калатухін. Вы — палітык, генерал. Вы маглі б упрыгожыць Вестмінстэр. Воленс-ноленс, без нашай падтрымкі вы нічога не зробіце. У нас сіла, мы маем уплыў на армію.

Балуеў. Я здаволен, што вы разумееце... І прашу... будзем разам!

Калатухін. Я згодзен прыняць... вашу просьбу.

Балуеў. Дзякую. (Падносіць чарку да чаркі Калатухіна, чокаецца.)

Калатухін. «Жрэбій кінут»,— казаў Цэзар. Думаю, што нашы арганізацыі на месцах падтрымаюць вас... Ва ўсякім выпадку, я зраблю ўсё, што магу...

Балуеў. Дай бог! Я веру, што разам мы вернем у армію паслушэнства і лад. (Стомлена.) Гэта сустрэча з вамі амаль адзіныя прыемныя хвіліны сёння.

Уваходзіць ад’ютант. Ён надзвычай усхваляваны. У руках трымае стужку тэлеграмы.

Ад’ютант. Выбачайце, Барыс Сямёнавіч... Я вымушан...

Балуеў. Што здарылася?

Ад’ютант. Тэлеграма. З Петраграда...

Балуеў. Што з вамі?

Ад’ютант. Прачытайце.

Балуеў бярэ тэлеграму. Яна ўражвае генерала так, што, прачытаўшы яе, Балуеў глядзіць на стужку тэлеграмы неўразуменным позіркам. Чытае другі раз, раптам налівае каньяк.

Рукі ў яго дрыжаць.

Балуеў. Якая брыдота!

Калатухін. Што такое?

Балуеў. Арда рушыла!.. Расія... (паказвае жэстам: гіне).

Калатухін. Як вас разумець?

Балуеў. У Петраградзе бальшавікі ўзялі ўладу!

Калатухін. Бальшавікі?! А Керанскі?

Балуеў. Уцёк. Збег... ваш Керанскі!..

Заслона

 

КАРЦІНА ДРУГАЯ

Невялікі ціхі пляц перад мінскай турмой.

На пляцы спачатку пуста, толькі постаць вартавога каля ўваходных дзвярэй. За вартавым акрэсліваюцца турэмныя будынкі, збоку наводдаль — вышка. Пяшчотна трымаючыся за рукі, уваходзіць Валя і Адзінцоў, спыняюцца. Закаханыя, напоўненыя радасцю сустрэчы, яны жывуць толькі сваім пачуццём, не бачаць нічога вакол.

Валя. Колькі гэта кіламетраў нахадзілі мы сёння?

Адзінцоў (смеючыся). Не заўважыў!

Валя. Я таксама!.. Мне ўсё здаецца такім незвычайным сёння! І ноч, і бадзянні нашы, і ты, блізкі, поруч!..

Адзінцоў цалуе яе.

Адзінцоў. Цішыня, як у пустыні Сахары!.. Нібы ні вайны, ні смерці, ні подласці... Толькі мы ва ўсім Мінску, у цэлым свеце! Адны!..

Валя. У мяне заўтра ў пятым класе ўрок батанікі. Тэма — «Расліны і сонца»... Я ўжо думала, як пачну яго... Мільярды гадоў, скажу я, робіць зямля свой звычайны круг вакол сонца. Мільярды гадоў дзень змяняецца ноччу, а ноч — днём... (Задумліва.) Мільярды начэй!.. Няўжо і гэтая ноч толькі адна з мільярдаў іншых, такая ж звычайная?

Адзінцоў. Філосаф ты!..

Валя. А ты... як ты думаеш?

Адзінцоў. Я думаю, што ў многіх былі свае, асаблівыя ночы. Сёння яна ў нас!.. (Дзелавіта, рашуча.) І таму будзем думаць пра яе! Спусцімся на зямлю!.. Валя, будзем разам... Зусім... (Паўза.) Ты згодна?..

Валя. Валодзя... ты ведаеш... Я люблю цябе...

Адзінцоў. Чаму ты не дагаварваеш?..

Валя. Я згодна... Але не цяпер... Крыху пазней...

Адзінцоў. Чаму пазней? Валя, мы можам паехаць да маіх. Быць удваіх цэлы месяц. Такія абставіны могуць здарыцца не хутка. Ты разумееш?

Валя. Я разумею, Валодзя. Але і ты зразумей мяне. Я не магу цяпер...

Адзінцоў. Што ж табе перашкаджае цяпер?

Валя. Ёсць прычына. Адна жыццёвая акалічнасць.

Адзінцоў. Я, можа, лішне настойлівы: якая?

Валя. Я не хацела хмарыць сустрэчу, але калі ты так хочаш ведаць... Дзядзьку майго арыштавалі. Антона.

Адзінцоў. За што?

Валя. За варожую дзейнасць. Гэта ў прыгаворы напісана, а сапраўды — за агітацыю сярод салдат...

Адзінцоў. Ён — бальшавік?

Валя (ківае галавой). У той час, калі ён пакутуе за кратамі, мне спраўляць вяселле!..

Адзінцоў (пасля паўзы). Усё ж, я думаю, гэта не прычына адкладваць.

Валя. Ты ведаеш, што ён мне не проста сваяк.

Адзінцоў. Дзядзька, які б ён ні быў,— толькі дзядзька.

Валя. Ён мне, калі я стала сіратой, як маці і бацька. Ён мяне прытуліў, выхаваў. На свае мазольныя капейкі даў гімназію скончыць! Я — яго дачка!

Адзінцоў. А я думаў, аформіш водпуск і — добры дзень, арэнбургскі стэп!.. Маці сустракае на ганку нявестку!..

Валя. Не трэба, не трывож сябе лішне! (Каб перамяніць размову.) Што бацька піша?

Адзінцоў. Таксама на фронце. У Карпатах. Лечыць коней, як і да вайны... Ён лечыць коней, а я забіваю людзей! Разам працуем на айчыну! (Да Валі.) А ты за каго? Таксама?.. Не! Не гавары! Не хачу ведаць! К чорту палітыку! Хачу толькі кахання! Вочы твае любыя бачыць хачу, рукі твае грэць у сваіх руках! Хачу толькі шчасця, шчасця быць з табой! (Абдымае, цалуе.) Цішыня!.. Мы адны! Мы толькі адны ў цэлым свеце!

Вартавы. Эй вы!.. Не дазволена тут!

Валя. Ой!

Адзінцоў. Эх, чорт! Абазваўся, выбраў час!..

Вартавы. Вінават, ваша благароддзе! Не паложана тут!

Валя. Хадзем! Дамоў ужо час!.. Праводзь мяне...

Адзінцоў. Яшчэ крыху пройдзем. Да той вуліцы?

Выходзяць.

На пляцы паяўляецца Кацярына, жонка Дзятла, у каптане, з мяшком за плячыма, убачыўшы вартавога, накіроўваецца да яго.

Кацярына. Чалавек, ці не скажаш мне...

Вартавы (настаўляючы вінтоўку). Не падыходзь!

Кацярына. Ты што гэта?

Вартавы. Не падыходзь, кажу.

Кацярына. Таечкі! Ты гэта на мяне? На бабу?

Вартавы. На цябе! Падыходзіць не дазволена!

Кацярына. Бач ты, цаца якая! Таечкі! На вярсту да яго не падыходзь! Патрэбен ты мне, як леташні снег, грыб ты разлезлы!.. Ты лепш скажы, дзе мне шукаць па гэтаму адрасу?

Вартавы. Ідзі адсюль, чуеш? Не магу я гаварыць, ясна? Не паложана!

Кацярына. Тфу ты, цецярук! Не дазволена! Не паложана!

Вартавы. Прэч адсюль! Каравульнага фельдфебеля паклічу!

Кацярына. Таечкі! Кліч! Баюся я яго, твайго шархебеля! Яшчэ пушку наставіў, каб табе рогі наставіла, пудзіла ты вароняе!

Зноў ідуць Адзінцоў і Валя. Кацярына адразу спяшаецца да іх.

Кацярына (Адзінцову). Салдат, мо ты паможаш мне?

Адзінцоў. Чым?

Кацярына. К чалавеку свайму еду па адрасу, на пазіцыі. Толькі адрас у яго такі, што каго ні пытаю, не ведаюць, дзе тое.

Адзінцоў. У дзеючай арміі? На вайне? Лёгка сказаць, дзе!

Кацярына. А бо ж. Паглядзі.

Кацярына падае паперку. Адзінцоў глядзіць, уражаны.

Адзінцоў. Наш!.. А каго вам трэба? Каго вы хочаце бачыць?

Кацярына. Дзяцел — чалавек мой па прозвішчу. Ведаеце?

Адзінцоў. Ведаю.

Кацярына. Таечкі! Жывы ён?!

Адзінцоў. Жывы. Але вы дарэмна туды ідзяце.

Кацярына. Як гэта дарэмна? Чаму?

Адзінцоў. Няма... (Папраўляецца.) Не пусцяць вас туды.

Кацярына. А гэта мая справа — пусцяць ці не. Ты скажы, дзе тое?

Адзінцоў. Не магу.

Кацярына. Чаму не можаш?

Адзінцоў. Не маю права.

Кацярына. А ты ўсё ж скажы. Мала што не маеш. І ведаць ніхто не будзе. Памру, не дазнаецца ніхто. Скажы!..

Адзінцоў. Не магу.

Кацярына. Тфу ты, не маю права. Таечкі! Усе не маюць права! Як да беднай, цёмнай бабы, дык ва ўсім Мінску няма права! А як бы пані якая, то правы ўсе знайшліся б!.. Няма права!.. Няма на вас права! (Выходзіць.)

Валя. Сказаў бы ты ёй!

Адзінцоў. Сядзіць ён, Дзяцел, арыштаваны...

У гэты час на пляц выбягае некалькі чалавек. Па іх адзенню відаць, што гэта працоўныя людзі, рабочыя, гараджане. Выгляд у іх вельмі ўзрушаны і рашучы, многія ўзброены. Яны бягуць к турме.

Галасы. Вось яна! Душагубка!

Вартавы (насцярожана падымаючы вінтоўку). Стой! Страляю!

Людзі прыпыняюцца.

Галасы. Апусці вінтоўку! Яна не на тое, каб у сваіх настаўляць!.. Адыдзі, салдат! Па-добраму! Адступі, чуеш?!

Вартавы. Стой!

Галасы. Прапусці туды. На двор! Адчыні вароты, служывы! Таварыш, ты трымаеш у турме сваіх братоў! Сыдзі з дарогі!

Вартавы. Не дазволена! Паколькі я вартавы!..

Натоўп хутка расце. Адзінцоў і Валя падыходзяць да яго.

Адзінцоў. Што здарылася?

Галасы (вартавому). Цяпер маеш права! Усе маюць права! Керанскага — па макаўцы!

У вартавога хочуць узяць вінтоўку, але ён супраціўляецца.

Вартавы. Стой!.. Каравул! Ратуйце!..

Адзін з натоўпу. Чаго крычыш, як недарэзаны?

У вартавога адбіраюць вінтоўку.

Адзінцоў. Якое бясчынства! Дзікі статак! Я павінен... Як афіцэр!

Ён не можа стрымацца, хоча кінуцца на дапамогу вартавому, але Валя бярэ яго за руку.

Валя. Валодзя! Чуеш!

Галасы. Дзяжурнага! Начальніка аховы! Начальніка сюды!

Некалькі чалавек узбягаюць на ганак, урываюцца ў пакой аховы. Праз момант выцягваюць збянтэжанага фельдфебеля.

Фельдфебель. Я патрабую!.. Я загадваю... Разысціся!..

Галасы. Адчыняй гэту пагібель! Дзе ключы?! Ключы! Дай загад адчыніць!

Фельдфебель. Я патрабую! (Хоча вызваліцца. Праз момант пачынае рвацца яшчэ мацней, бо яго абяззбройваюць.) Не смееце!.. Зброю!.. Пры выкананні абавязкаў!.. Прэч!.. Я мушу... Мне трэба запытацца інструкцый!

Галасы. Інструкцый! Пакажыце яму «інструкцыю»! Адчыні дзверы! Ключы!

Фельдфебеля сцягваюць з ганка.

Адзінцоў. Пусці!

Валя. Не смей! Чуеш, не смей!

Натоўп урываецца ў двор турмы.

Адзінцоў. Пусці! Я павінен!

Валя. Валодзя!.. Там людзі, што гібеюць за кратамі!..

Адзінцоў. За кратамі сядзяць не людзі...

Валя. А хто?

Адзінцоў. Злачынцы. Дэзерціры і да іх падобныя.

Валя. Там... Не кажы так!

Адзінцоў (неахвотна). Добра! Тады хадзем адсюль!

Валя. Зараз іх выпусцяць! Яны хутка будуць тут!..

Адзінцоў. Што ж, любуйся адна! (Выходзіць.)

Прыбягае жанчына, усхваляваная, неспакойная, са слязамі на вачах.

Жанчына. Антон!.. Божа мой!..

Валя (падаецца да яе, кліча). Вера Аляксееўна!

Жанчына не адказвае.

З турэмнага двара на пляц выходзіць натоўп. Сярод тых, што ўварваліся на двор турмы, ідуць зняволеныя. Жанчына, якую Валя аклікнула, напружана, трывожна шукае вачыма мужа. Прабіваецца да Федасюка, парывіста, моцна абдымае.

Жанчына. Антон! Родны мой!

Федасюк. Вера! (Цалуе яе.) Вось гісторыя! Хіба ж можна плакаць? У такі дзень!

Да Федасюка падыходзяць таварышы, абдымаюць, ціснуць рукі.

Галасы. Здароў, дружа! Ну як ты, дай пагляджу! Не змарнеў? Дужы, як дуб!

Падыходзіць і Мяснікоў, апрануты ў вайсковую форму, але без пагонаў.

Мяснікоў. Вітаю, Антон... Пабляднеў ты крыху. Але трымайся. Працы цяпер нам — гара Арарат.

Федасюк. Што змагу, Алёша. Хоць зараз.

Мяснікоў. Зараз мы бяром пад кантроль свой пошту, вакзал, склады... Ствараем першы рэвалюцыйны полк. Там ты патрэбен.

Федасюк. Можаш спадзявацца, Алёша.

Да Федасюка, нарэшце, прабіваецца Валя. Абдымае, цалуе.

Валя. Са святам цябе, дзядзечка!

Федасюк. І цябе, пляменніца. Ну, гісторыя якая, а? Турнулі к чорту крывасмокаў!

Паяўляюцца Дзяцел і Залыгін, арыштаваныя генералам Балуевым.

Дзяцел. А дзе Чыбук загубіўся?

Залыгін. Знойдзецца. Пачакаць трэба тут.

Дзяцел. З губы вызвалілі... А як там, у батальёне, не прыйдзецца даседжваць?

Залыгін. Не прыйдзецца, відаць,— касуецца ўсё!

Дзяцел. Лёгка абышлося.

Вяртаецца з вінаватым выглядам Адзінцоў, шукае Валю. Нечакана сустракаецца з салдатамі. Дзяцел казырае.

Так што, дазвольце далажыць, адпушчаны па чыстай!

Адзінцоў (стрымана). Добра. Вольна!.. Дарэчы, тут толькі што вас пыталіся.

Дзяцел. Хто?

Адзінцоў. Жонка ваша.

Дзяцел. Жонка?! Дзе яна?

Адзінцоў. Туды пайшла.

Дзяцел выбягае. Адзінцоў падыходзіць да Валі.

Валя. Ты ведаеш, дзядзька на волі!

Адзінцоў. Хадзем адсюль!

Уваходзіць Чыбук. Азіраецца, шукаючы вачыма таварышаў. Упіраецца позіркам у Адзінцова.

Чыбук. А, ваша благароддзе! (Твар яго наліваецца крывёю ад гневу.) Ну, прыйшла чарга палічыцца! (Кідаецца на паручніка.)

Адзінцоў. Прэч! Зараз жа!

Адзінцоў хапаецца за кабуру. Чыбука гэта раз’юшвае.

Чыбук. А, афіцэрская шкура! Ты — біць?!

Валя. Валодзя!.. А вы... вы... Хто вас б’е? Як вы смееце!

Чыбук. Каціся адсюль, мадамачка! Трымайце яго, я яго ведаю!

Адзінцова абяззбройваюць. Чыбук хапае яго за горла.

Валя. Божа мой, памажыце яму! Валодзя!

Адзінцоў (вырываецца, спрабуе вызваліцца). Ах ты нягоднік!

Чыбук. Шкура! Біць афіцэрскія шкуры!

Залыгін (адцягваючы Чыбука). Чыбук, адыдзі!

Чыбук. Біце сволачаў!

Падыходзіць, прабіраючыся праз натоўп, Мяснікоў.

Мяснікоў. Што тут такое?

Чыбук. Гада паймалі!

Валя. Заступіцеся!

Чыбук. Біць гадаў! (Зноў кідаецца да Адзінцова.)

Мяснікоў. Адставіць! (Залыгіну, другім.) Вазьміце яго!

Чыбука адцягваюць, трымаюць.

Адзінцоў. Ну, вар’ят!

Мяснікоў. За што ты яго?

Чыбук. Шкура! Афіцэр!

Мяснікоў. Я таксама афіцэрам быў. Што ж, што афіцэр?

Чыбук (Мяснікову). А, дык ты заступаешся! Біць і гэтага!

Федасюк. Я табе дам: біць! Ведаеш, каго?

Чыбук. Усе яны, шкуры, аднолькавыя!

Федасюк. Ты гэта пра Мяснікова?!

Адзінцоў (аддыхваецца, зашпільваецца). Пападзіся толькі мне ты, нягоднік!

Валя. Валодзя, супакойся!

Мяснікоў (горача). Таварышы! Няхай радасць перамогі не асляпляе нас! Барацьба не скончана! Барацьба толькі пачалася!.. Сёння нараджаецца першы рэвалюцыйны полк. Усе, каму дорага наша перамога, уступайце ў яго! Будзьце першымі салдатамі рэвалюцыі...

Заслона

 

КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ

Мінскі Савет.

Прасторны пракураны пакой, падобны на іншыя пакоі, у якіх бывае многа рознага люду. Падлога вытаптана ботамі і чаравікамі, дзе-нідзе валяюцца паперкі і акуркі. Мэбля выпадковая: ёсць і дарагое, праўда, вельмі пацёртае, крэсла, і нязграбная, саматужнага вырабу канапа. У прасценку між акон — табурэт і стол з тэлефонам. Вялікія вокны, угары выгнутыя паўкругам. За імі відны галіны голых дрэваў, хмурнае і халоднае асенняе неба.

За сталом стаіць Мяснікоў, гаворыць па тэлефоне.

Мяснікоў. Алё! Алё!.. Петраград!.. Выбачайце, таварыш Свярдлоў, нас перапынілі... З вызваленых рабочых мы арганізавалі першы рэвалюцыйны полк. Вінтоўкі і кулямёты ўзялі са зброевых майстэрань. Узброілі таксама рабочых з чыгункі, салдат запасных пяхотных палкоў... На вакзале і тэлеграфе нашы пасты... Гарадская дума распушчана... Працоўныя людзі з радасцю падтрымліваюць Савет Народных Камісараў... Меншавікі? Пакуль маўчаць, як вады ў рот набраўшы. Кераншчыкі таксама!.. Мы разумеем, арэшак тут цвёрды! Многа іх тут, рознай нечысці!.. Галоўная задача? Якая? А... Перадайце Уладзіміру Ільічу, зробім усё, каб ніводзін полк, ніводная рота контррэвалюцыйнай погані ні на Петраград, ні на Маскву не прайшла! Мінск быў і будзе верным перадавым пастом Рэвалюцыі!.. Так і перадайце! Бывайце здаровы!.. (Кладзе трубку тэлефона.)

Мяснікоў збіраецца выходзіць, але якраз паяўляецца Валя.

Валя. Можна ўвайсці?

Мяснікоў. Паспрабуйце.

Валя. Добры дзень, грамадзянін Мяснікоў!

Мяснікоў. Добры дзень!

Валя. Я даведацца, ці няма працы... Галкіна, настаўніца я. З гімназіі. Гімназія цяпер не працуе, і я магла б узяць якую-небудзь справу...

Мяснікоў. Мне гаварыў пра вас таварыш Федасюк. Здаецца, ваш дзядзька?

Валя. Так... Ён мне параіў прыйсці да вас...

Мяснікоў. Добра параіў!.. Трэба тэрмінова адлучыцца на хвіліну, параіцца з таварышам. Дарэчы, пабудзьце тут пры тэлефоне. Кажыце: хутка буду. (Выходзіць.)

Валя няўпэўнена азіраецца. Звоніць тэлефон. Яна бярэ трубку.

Валя. Таварыша Алёшу? Якога Алёшу? А, таварыша Мяснікова? Няма, выйшаў. Казаў: хутка будзе.

Асцярожна заглядвае Дзяцел.

Дзяцел. Тут жыве Мельнікаў?

Валя. Мельнікаў? Няма тут такога.

Дзяцел. Вось табе! А мне сказалі — тут...

Валя. Жыў, можа, раней. Цяпер тут Савет.

Дзяцел. Ну, ён у гэтым Савеце і ёсць. Галоўны па зямельных справах. І наконт замірэння.

Валя. А! Можа, Мяснікоў?

Дзяцел. Можа, Мяснікоў! Памяць стала, як рэшата!..

Уваходзіць Мяснікоў.

Валя. Аляксандр Фёдаравіч, тут да вас таварыш.

Мяснікоў. Добры дзень!..

Дзяцел. Прыйшоў я, сказаць, з клопатам, наконт зямлі. Прачытаў я (дастае з кішэні) паперку, што зямлю ад памешчыкаў можна браць.

Мяснікоў. Зямля перадаецца сялянам.

Дзяцел. Перадаецца!.. Сур’ёзна гэта ці мо так — «кось-кось»? Надзейна?

Мяснікоў. Можаце не сумнявацца! Закон ёсць! Дэкрэт! Леніным падпісан!

Дзяцел. Леніным?

Мяснікоў. Леніным.

Дзяцел (заклапочана). Але як жа ты яе возьмеш, калі сядзіш у акопе? А?

Мяснікоў. У сяле ж хто-небудзь астаўся?

Дзяцел. Каб жа тое было! Жонка, скула ёй, няма ўгамону, недзе ў горадзе таўчэцца! Чаго яе панесла?!.

Звоніць тэлефон. Мяснікоў бярэ трубку.

Мяснікоў. Мяснікоў... Больш за эскадрон? Яшчэ ідуць?!. Гэта, вядома, дзіўна... Падобна на тое, што яны падцягваюць сілы! Сачы і дакладвай мне! Не марудзячы! Гэта вельмі важна! (Кладзе трубку. На твары відаць цень трывогі.)

Дзяцел. Дык я, сказаць, таварыш Мяснікоў, і баюся: абыдуць мяне! Голы, як дубец, астануся! Можа, хіба каб замірэнне ды па хатах? Не чутно?

Мяснікоў. Замірэнне?..

Уваходзіць Федасюк. У яго падраны пінжак, на твары сляды пабояў, ён вельмі ўзрушан. Валя глядзіць на яго спалохана. Мяснікоў не паказвае здзіўлення.

Федасюк. Алёша, такая гісторыя — бяда!

Мяснікоў. Што?

Федасюк. Афіцэры пасты нашы знялі!

Мяснікоў. Ужо!.. (Стрымана.) Дзе?

Федасюк. На Брэсцкім вакзале. Каля складаў. (Пасля паўзы.) Алёша, судзі мяне: вінтоўку адабралі. Наваліліся і... Я спрабаваў утрымаць пост. І... такая гісторыя... Адным словам — судзі!..

Мяснікоў (нібы не чуючы). Праз Камароўку прайшоў эскадрон казакаў. Толькі што паведамілі...

Звоніць тэлефон. Мяснікоў бярэ трубку.

Слухаю, Мяснікоў. (Неспакойна.) Здымаюць?! Што рабіць?.. Колькі іх там? (Вельмі шкадуючы.) Не, мы не можам! Мы не можам падтрымаць! (Пасля роздуму.) Адступіце! Так, адступіце!.. Растлумачу потым!.. Збірайце к штабу палка! Усё! (Паклаўшы трубку.) І на тэлеграфе здымаюць!..

Чуваць бравая песня, якая ўсё мацнее, набліжаецца. Валя падбягае да акна.

Валя. Казакі!

Дзяцел, Мяснікоў і Федасюк таксама падыходзяць, сочаць. З двара даносіцца каманда. Песня сціхае.

Дзяцел. Спыняюцца!..

Мяснікоў зноў бярэ трубку тэлефона.

Мяснікоў. Прашу франтавы камітэт!.. Франтавы камітэт? Штабс-капітана Калатухіна! Няма? А дзе ён? Вы павінны ведаць! (Кладзе трубку.)

Федасюк. Ён быў з казакамі, калі здымалі пост.

Мяснікоў. «Камітэт ратунку» вырашыў не далікатнічаць!

Валя (гледзячы ў акно, трывожна). Яшчэ падыходзяць!

Мяснікоў (Федасюку). Антон, трэба зараз жа ў штаб палка! Перадай...

Уваходзіць Калатухін, за ім Адзінцоў.

Калатухін. Маё шанаванне, таварыш старшыня Савета! Я не перашкодзіў, спадзяюся?

Мяснікоў. Калі я скажу, што перашкодзілі, вы далікатна выйдзеце? (Адзінцову.) А, паручнік!..

З’яўленне Адзінцова вельмі хвалюе Валю. Адзінцоў таксама адчувае сябе няёмка.

Адзінцоў. Дзяцел, чаму вы не ў часці?

Дзяцел. Так што клопат тут у мяне быў... Пытанне адно...

Калатухін. Даруйце, таварыш старшыня, што я, так сказаць, бяру на сябе функцыі гаспадара, але прашу загадаць усім пабочным выйсці.

Мяснікоў. Выйсці? А хто тут пабочны?

Дзяцел. Гэта, мабыць, капітан кажуць пра мяне.

Мяснікоў. Я пабочных не бачу... (Дзятлу.) Аставайцеся, таварыш, паслухайце. Вам гэта, мабыць, будзе карысна.

Дзяцел. Не, не. Я зараз. Я зараз еду...

Асцерагаючыся небяспечнай сутычкі, Дзяцел ідзе да выхада. Мяснікоў праводзіць яго. У калідоры затрымлівае.

Мяснікоў. Вы цікавіліся замірэннем?

Дзяцел. Замірэнне! Тут, здаецца, скула яму, вайна другая пачынаецца!..

Мяснікоў. Вайна! За ўладу і за зямлю!

Дзяцел. За зямлю? (Аб дэкрэце.) Яны супраць?

Мяснікоў. Супраць... Што ж рабіць будзем?

Дзяцел. Што!.. Разабрацца трэба, што і як. Дыспазіцыю разгледзець... Маршрут!

Мяснікоў. Глядзіце. Ды не памыліцеся!

Дзяцел. Разбяромся!..

Дзяцел выходзіць.

Мяснікоў вяртаецца ў кабінет. Калатухін ужо сядзіць у крэсле як гаспадар. Выгляд у яго самаўпэўнены, нахабны — відаць, што Калатухін не збіраецца вельмі далікатнічаць. Яго насмешлівая ветлівасць яшчэ нібы падкрэслівае гэта. Калатухін дастае партабак.

Калатухін. Курыце?

Мяснікоў. Не.

Калатухін закурвае. Ён частуе Адзінцова, які, закурваючы, хоча схаваць няёмкасць ад сустрэчы з Валяй.

Калатухін. Я — як вы, мусіць, здагадваецеся — прыйшоў сюды па справе. «Экс офіцыо». Таму дазвольце пачаць адразу... са справы...

Мяснікоў. Перш за ўсё некалькі пытанняў.

Калатухін. Яны маюць адносіны да справы?

Мяснікоў. Не ведаю. Вам відней, маюць ці не маюць яны адносіны да справы.

Калатухін. Што гэта за пытанні?

Мяснікоў. Першае. Па якому праву вы знялі пасты Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта?

Калатухін. Пасты зняты па рашэнню «Камітэта ратунку радзімы і рэвалюцыі».

Федасюк. Ваш камітэт адмаўляецца падпарадкоўвацца Ваенрэўкому і Савету?

Калатухін. Так.

Мяснікоў. Другое пытанне мне становіцца зразумелым. Відаць, гэты «парад» (паказвае ў бок акна) — казакі ў горадзе — для таго, каб пацвердзіць, што народ за «Камітэт» і супраць бальшавікоў?

Калатухін. Можаце лічыць: так.

Мяснікоў. Зразумела. (Падыходзячы да акна, з іроніяй.) Відовішча гэта добра пераконвае!..

Калатухін. Вы, калі не памыляюся, юрыст па адукацыі?

Мяснікоў. Магчыма. Што вы хочаце гэтым сказаць?

Калатухін. Як юрыст, вы павінны ўмець аналізаваць факты. Мы спадзяёмся, што вы — воленс-ноленс — рэалістычна прымеце прапановы, якія мы...

Мяснікоў. Якія ў вас прапановы?

Калатухін (вымаючы з кішэні). Вось. (Чытае.) «Першае. «Камітэт ратунку» прызнае амністыю палітычных арыштаваных, але (зірнуўшы на Мяснікова, з націскам) лічыць неабходным іх раззброіць».

Федасюк. Вы ўжо, здаецца, пачалі гэту аперацыю!

Мяснікоў стрымлівае сябе. Валя таксама хвалюецца, глядзіць на Адзінцова, як ён да гэтага адносіцца.

Мяснікоў. Далей.

Калатухін. «Другое. Мінскі Савет пасылае ў «Камітэт ратунку» двух прадстаўнікоў Мінскага Савета».

Мяснікоў. Трэцяе.

Калатухін (з націскам). «Камітэту ратунку» належыць уся ўлада ў раёне Заходняга фронту».

Паўза. Апошні пункт на ўсіх асабліва дзейнічае.

Мяснікоў. Галоўны сюрпрыз пад канец!.. Гэта не так падобна на пагадненне, як на загад.

Федасюк. Амаль капітуляцыя!.. Чаго захацелі!

Калатухін (устае спакойна, самаўпэўнена). Мы спадзяёмся, што ў Савета хопіць разважлівасці.

Мяснікоў. Вы не залішне ўпэўнены ў сабе?

Калатухін. У нас Каўказская каўдывізія, з намі корпус легіянераў, іншыя часці... У вас — полк Мінскага Савета, зенітчыкі, атрадзік з чыгуначнікаў... кепска абучаныя цывільныя людзі... Так? «Цыркулюс віцыозус»,— казалі рымляне — «выхаду няма»...

Адзінцоў. Увесь Заходні фронт з намі...

Федасюк. Наконт фронту не брашыце!

Калатухін (з пагрозаю). Што ж, Савет адхіляе прапановы «Камітэта»?!

Трывожная паўза.

За вокнамі чуваць каманда, недалёкія стрэлы — адзін, другі. Цішыню пакоя напаўняе прадчуванне блізкага бою. Валя занепакоена чакае, што будзе далей. Яна хоць маўчыць, але слухае ўсё ўважліва, убірае сэрцам і ўсё больш абураецца ўчынкамі «камітэтчыкаў».

Мяснікоў (пасля роздуму). Мне здаецца, што ў вашых умовах не хапае аднаго пункта.

Калатухін. Якога?

Мяснікоў. Што «Камітэт» думае пра часці, якія могуць следаваць на Петраград або Маскву? Прапускаць ён будзе іх ці не прапускаць?

Калатухін. Гэта пытанне прыватнае.

Федасюк. Прыватнае?!

Адзінцоў. Яно датычыць штаба фронту...

Федасюк. Толькі штаба? Нішто сабе!

Мяснікоў. «Камітэт» павінен абяцаць, што ён не прапусціць ніводнай вайсковай часці ў тыл! Мы можам разглядаць вашы ўмовы, толькі калі «Камітэт» возьме такое абавязацельства.

Калатухін. Гэта ваш канчатковы адказ?

Мяснікоў. Гэта мая думка. Я павінен яшчэ параіцца з Саветам.

Федасюк. Савет скажа тое ж самае.

Калатухін. Я прыйду па адказ праз трыццаць хвілін.

Мяснікоў. Раю за гэты час абмеркаваць нашу ўмову!

Калатухін і Адзінцоў выходзяць. Следам за імі хутка выходзіць, нібы даганяючы, Валя. У калідоры яна падбягае да Адзінцова.

Валя. Валодзя!

Адзінцоў (спыняючыся). Калатухін, я прыйду потым...

Калатухін выходзіць.

Валя. Ты ці не надумаў адмовіцца ад водпуску?

Адзінцоў. Калатухін папрасіў затрымацца. А ты тут? На якой пасадзе?

Валя. Ніякай... Валодзя, як ты звязаўся з імі... з калатухінымі?!

Адзінцоў. З кім жа мне быць? З бальшавікамі?

Валя. Мы павінны быць разам, Валодзя!..

Адзінцоў. Хіба я не хачу гэтага? Ты ж... ты ва ўсім вінавата!

Валя. Ідзі сюды, Валодзя. Мы зноў будзем удваіх.

Адзінцоў. З мяне хопіць ужо той сустрэчы перад турмой! Я, вядома, удзячны вашаму Мяснікову. Але думаю далей лепш ісці так, каб абыходзіцца без чужой падтрымкі.

Валя. Валодзя, гэта ж непаразуменне.

Адзінцоў. Такое непаразуменне ў другі раз можа адправіць на той свет. А я не хачу. Але гэта не галоўнае. Я не магу здрадзіць прысязе!

Валя. Цяпер новая прысяга!..

Уваходзяць Мяснікоў і Федасюк.

(З надзеяй.) Валодзя, ты падумай над гэтым!..

Адзінцоў. Ты таксама!.. (Не развітваючыся, выходзіць.)

Мяснікоў (заўважыўшы неспакой на Валіным твары). Што з табой? (Кіўнуў у той бок, куды выйшаў Адзінцоў.) Хто ён табе?

Валя. Так, знаёмы...

Мяснікоў. Знаёмы проста? (Зразумеў, што пытацца больш не трэба.) Валя, вось першае заданне. Збярыце членаў Савета. Зараз жа!

Валя выходзіць.

(Федасюку). Перадай штабу, усім салдатам: вытрымка! Ніякіх эксцэсаў! Могуць быць правакацыі! А мы пакуль што не можам лезці ў бойку!

Федасюк. Такая гісторыя! Але ж трэба неяк змагацца!

Мяснікоў. Мы і будзем змагацца! Толькі без панікі і не як авантурысты, а па ўсіх правілах ваеннай і партыйнай навукі. Узнімем народ, падцягнем рэвалюцыйныя часці!.. Для гэтага ты пойдзеш у грэнадзёрскі корпус, к Залыгіну. Сёння ж!..

Федасюк. Я гатоў! Хоць зараз!

Заслона

 

ДЗЕЯ ДРУГАЯ. ЗАХОДНІ ФРОНТ

 

КАРЦІНА ЧАЦВЁРТАЯ

Прыфрантавы раён.

Рэдкія, па-асенняму голыя дрэвы. Над згалелай, халаднаватай зямлёй свішча неспакойны, парывісты вецер. З недалёкага фронту чуваць частыя выбухі. Часам выбухі гучаць вельмі блізка, так што ўсё навокал уздрыгвае. Каля дрэва стаіць Вартавы. Побач, за сцэнай, ідзе шумны і важны сход, і вартавы то аглядае месца навокал, то з цікавасцю слухае, назірае. Уваходзіць з абярэмкам саломы Дзяцел. Ён таксама вартавы. Кладзе салому каля зямлянкі.

Дзяцел. Ледзь дастаў... Саломы — і той днём з агнём...

Вартавы. Дарэмна хадзіў.

Дзяцел. Як гэта дарэмна? А раптам газы?

Вартавы. Маска нашто?

Дзяцел. Маска... Яно, сказаць, і дым з гэтай саломы супраць газаў... (знак рукой: нішто.) А ўсё-ткі. Беражонага і бог беражэ. (Слухаючы выбухі.) Смаліць і смаліць!.. Задумаў нешта Вільгельма! (Паўза. Дзяцел ківае ў бок сходу.) Што там — слухаў?

Вартавы. Вайна! Чыстая вайна!

Дзяцел. Жыцця добрага ўсім хочацца. А якое яно — ніхто яго не бачыў. Як апостала Пятра. Вось і спрачаюцца...

Вартавы. Бальшавікі, здаецца, бяруць верх!.. Глядзі, як там капітан гэты кіпяціцца! Размахаўся рукамі, як вятрак!..

Дзяцел. Я яго, абармота, ведаю. Сутыкаўся ўжо два разы... Калатухін па прозвішчу, з Мінска. Шкодны, гад, толькі што начальнік вялікі, улада ў яго... Мельнікаў казаў: супраць дзякрэту ён! Каб не скруціў чаго якога, а? «Кось-кось» ды... Я Залыгіна папярэдзіў!

Вартавы. Не скруціць!

Дзяцел. Пільнаваць трэба гада!.. Выдумаў мне Залыгін работку, стаіш тут у такі час! Варта, скула ёй у бок!.. Ведаеш што, ты пастой тут... А я пагляджу! (Хоча ісці.)

Вартавы. Э, не! Хітры! Давай на «арла» пагадаем! Арол — ты ідзеш, рэшка — я...

Дзяцел. Кідай!

Вартавы. Рэшка!

Вартавы выходзіць.

Дзяцел азіраецца. З-за дрэў паяўляецца Кацярына. Ідзе, аглядваючыся, кагосьці шукаючы вачыма. Убачыўшы яе, Дзяцел хрысціцца, не верыць сваім вачам, разгублена адступае назад.

Дзяцел. Згінь... Згінь... д’ябальскае насланнё...

Кацярына (спыняецца, устрывожаная). Ігнат?! Ты што гэта? Ты каго гэта — згінь, згінь?.. Каб я згінула? Таечкі!

Дзяцел. Божа!.. Святы моцны, святы бяссмертны!

Кацярына. Таечкі! Бачыце, як ён радуецца роднай жонцы?! Ты так сустракаеш мяне? Так сустракаеш?

Дзяцел. Дык гэта ты?! Праўда?! (Здаволены.) Кацярына?!

Кацярына. А хто ж! Таечкі! Пытаецца! (З падазронасцю, наступаючы.) А ты на каго думаў?

Дзяцел. Ні на каго. Яй-богу, вось табе крыж!.. Не паверыў. Думаў, з глузду сыходжу... (Вельмі здзіўлена.) Скула табе ў бок! Як ты сюды дабралася?!

Кацярына. Як? Дзе ішла, дзе ехала і пыталася. Дзе, кажу, такі адрас? Каторыя казалі — не ведаюць, каторыя — не дазволена. А ўсё-ткі дапыталася.

Дзяцел. Людцы! І не павярнулі з хронту?

Кацярына. Хацелі! Казалі — нельга, забаронена. Пазіцыя, маўляў.

Дзяцел. Забаронена і ёсць. Па статуту. А ты?

Кацярына. А я кажу: як другім, дык не забаронена, а як мне, беднай жанчыне... Ды так іх і сяк. Яны пагразіліся ў турму пасадзіць, але пабаяліся. Пастрашылі толькі: павяртай, пакуль не позна. Тады я абышла іх. Ды далей. Потым яшчэ сустрэлі. Арыштаваць хацелі.

Дзяцел. Арыштаваць? А ты?

Кацярына. Таечкі! А я? А я не далася!..

Дзяцел (раптам расчулены, з захапленнем). Ну, хіба ж я не казаў, што ты ў мяне не такая, як усе! Гром-баба!

Дзяцел парывіста, па-салдацку нязграбна абдымае Кацярыну. У гэты час падыходзіць Салдат - Канваір, вядзе Федасюк а. Убачыўшы Дзятла, што цалуе жонку, канваір, уражаны, спыняецца.

Канваір (Федасюку). Стой! (Дзятлу.) Ты не мог выбраць месца іншага... для гэтага?

Дзяцел (выпускае жонку, робіць строгі выгляд). А табе што! Вільнуў языком, як сабака хвастом. Куды?

Канваір. Сюды.

Дзяцел. Цяпер нельга! (На Федасюка.) Хто гэта?

Канваір. Шпіён.

Федасюк (канваіру). Нашто брэшаш?

Канваір. Гэта я — брашу?!

Федасюк. Такая гісторыя. Я — прадстаўнік ад Мінскага Савета...

Дзяцел. Дакумент дай! (Стараецца перад жонкай трымацца важна. Няхай ведае, што ён не абы-хто.)

Федасюк. Няма. Дакументы адабраў паручнік...

Дзяцел. Не круціш? (Углядаецца строга ў Федасюка, раптам мяняецца.) Чакай, дзе я цябе, скула табе, бачыў?

Федасюк. І мне таксама здаецца, што бачыліся. Э, ды каля турмы ж, калі вызвалілі! І ў Савеце!

Дзяцел. Ага! У Мельнікава, які па зямельных справах!

Федасюк. У Мяснікова!

Дзяцел. У яго! (Стрымліваючыся.) А між тым, хто цябе ведае, што ты за пава! (Канваіру.) Ты што ж дазволіў, каб у чалавека дакумент забралі?!

Канваір. Паручнік сказаў: «Шпіён! Вядзі ў штаб!»

Дзяцел. І ты павёў?

Канваір. І я павёў.

Дзяцел. Ну і дурань. А калі ён — гад, твой паручнік? Калі ён абдурыў?

Канваір. Я і падумаў тое. Я і павёў не туды. Сюды, у камітэт, павёў. Няхай разбяруцца!

Дзяцел. А ты з галавой! (Федасюку.) Загадку ты задаў! Сход там ідзе. Пачакаць трэба...

Федасюк. Мне б Залыгіна!

Дзяцел. Заняты. Усе заняты, не да цябе!.. (Кацярыне.) Як там з зямлёю, каторая ў пана? Падзялілі?

Кацярына. Гаворкі ішлі такія між людзей. Каб падзяліць.

Дзяцел. Гаворкі! Цяпер ужо закон выйшаў.

Кацярына. Закон?

Дзяцел. Там ужо, мусіць, пабралі ўсё. Лепшыя кавалкі пахапалі. Не магла пасядзець, баба, пачакаць. Пакуль не мінецца такое...

Кацярына. Таечкі! Пачакаць! Я там гнуся, рвуся, у крывавых мазалях, адна... Сохну, чакаю не дачакаюся яго. У другіх мужыкі дык ці папрыходзілі, ці прыйсці пішуць, а ён, лічы, каля хаты сядзіць — і ні слыху ні дыху. Мо выракся зусім свайго кутка?..

Дзяцел. Пляснула языком, яй-богу!

Федасюк. Слухай, пакліч Залыгіна... Слова ў мяне важнае.

Дзяцел. Заняты Залыгін, ясна?.. Не да цябе!..

Кацярына. Ні слыху ні дыху!.. Другія дык папрыходзілі ці прыйсці пераказваюць, а ён... Яму тут не горай, як у фэст.

Дзяцел. От бо мянташка! Скула табе, як у фэст. Пасядзела б ты на гэтым фэсце, пад снарадамі, пабачыў бы, як запяяла б.

Кацярына. Таечкі! «Пасядзела б тут»! Чаго захацеў для сваёй жонкі! Няма чаго сказаць, дзякую! Мне і там соладка. (Раптам.) А зямлю — няхай толькі пахапаюць. Думаюць, як я адна, без чалавека!.. (Зноў адразу мяняецца, лагодна.) Ігнатка, дык як жа, скажы? А?

Дзяцел. Што як?

Кацярына. Дадому. Дадому хутка? Скажы. Там жа дзетачкі выглядаюць — не дачакаюцца. Хатка глядзіць, страха свіціцца. Лысая штосьці чэзне, стала пагана есці. Маркотная нейкая. Хутка, скажы?..

Дзяцел. От бо! Ты што, вярэдзіць душу маю прыйшла?!

Хутка ўваходзяць Калатухін, Адзінцоў і некалькі іх а д н а д у м ц а ў. Яны ідуць са сходу, адны рашучыя, злосныя, другія збянтэжаныя.

Калатухін. Нічога! Не падаць духам! Фронт, цвет арміі — супраць іх! З намі... (Праходзячы, заўважае Федасюка пад вартай, спыняецца зацікаўлены.) Хто гэта?

Канваір (суха). Вы хто такі?

Калатухін. Я — член франтавога камітэта Заходняга фронту.

Федасюк таксама пазнае Калатухіна. Дзяцел спачатку не ведае, як трымацца. У яго ёсць і непрыхільнасць і звыклая асцярожнасць.

Канваір. Чалавека тут недалёка схапілі...

Калатухін (каб выведаць, у чым вінавацяць Федасюка). Што за чалавека?

Канваір. Гаворыць — прадстаўнік з Мінска. З Савета.

Калатухін (Федасюку, быццам выкрываючы). Савета?! Ніякага Савета ў Мінску няма!

Дзяцел (недаверліва). Як гэта няма? (Адзінцову.) Ваша благароддзе, гэта праўда?

Федасюк. Брахня! Брэша ён!

Адзінцоў вагаецца, не ведае, што сказаць.

Калатухін (спяшаючыся, не даючы салдатам апомніцца). Распусцілі Савет. Народ распусціў.

Кацярына. Такі — шпіён!

Дзяцел. Распусцілі?!

Федасюк (салдатам). Не верце яму! Брэша ён! Я прысланы ад Савета...

Калатухін. Адвесці ў штаб! У контрразведку!

Канваір (Федасюку). Хацеў абдурыць! (Калатухіну.) Ёсць адвесці.

Канваір хоча весці Федасюка, але Дзяцел затрымлівае.

Дзяцел. Пачакай. Не на пажар! (З непакоем.) Распусцілі... Што ж, выходзіць, і дзякрэт пра зямлю — пад хвост?

Калатухін (канваіру). Выконвайце загад! Зараз жа!

Дзяцел (Калатухіну). Ты што тут камандуеш?! Як у сябе, у Мінску!.. Што ты за камандзір тут!

Кацярына. Ігнат!..

Федасюк. Правільна! Гані іх, салдат! Прыкладам!..

Калатухін. Добра! Вы адкажаце за патуранне дзяржаўнаму злачынцу!

Дзяцел. Адкажу, каму трэба!.. Чуеш! Не ўводзь мяне ў гнеў! Я ў гневе!..

У спрэчцы ніхто, акрамя Адзінцова, не заўважае, што паяўляецца Чыбук. Адзінцоў насцярожваецца, рыхтуецца да сутычкі. Але Чыбук не бачыць яго — ідзе, як сляпы, кашляе, задыхаецца.

Чыбук. А! Балота! Ты што раскіпеўся?!

Дзяцел. Ат, тут, скула яму!.. (Прыгледзеўшыся, уражаны.) Чыбук! Чаго ты, братка... гэтакі? Куды ты?

Чыбук. Здыхаць іду, балота!

Дзяцел. А, у шпіталь адпраўляюць?

Чыбук. Здыхаць, кажу, шынель. Не разумееш?

Дзяцел. Не. Ты такое плявузгаеш...

Чыбук. Тое, што ёсць. (Кашляе.) Душыць, падла!.. У горле пячэ... Дай горла прамачыць!

Дзяцел дае вады.

Калатухін, Адзінцоў, якія спачатку збіраліся ісці, спыняюцца, назіраюць.

Пашанцавала табе, балота. У час ты на сход выбраўся!.. Газы пусціў, нячысцік... І не заўважыў ніхто адразу. Снарадамі біў, найбольш звычайнымі... А між іх прыхаваў, падла, і з газамі... Вочы есць, як агнём!..

Кацярына. Божачка ж, божа!..

Дзяцел. Нічога... Гэта, чалавеча, пройдзе. Вылечаць. Там, у шпіталі, дахтары!..

Чыбук. Адпоўзаў сваё! Яма, шынель!.. Набраўся многа... Душыць... (Просячы.) Балота, будзь другам! Патроны я здуру кінуў!.. Дай!

Дзяцел. Нашто? (Здагадаўся.) Не дам! Прыдумаў!

Чыбук. Адзін патрон!

Кацярына. Божачка, што ён надумаў!

Дзяцел. Бога пабойся! Не дам! Ідзі да дохтара!

Чыбук. Эх ты, шынель! (Да салдат, што сышліся.) Хто дасць? Адзін патрон!

Салдаты маўчаць, адводзячы вочы.

Ніхто? Шкада?! Чалавек кончаны... Канае... Здыхае, як сабака!.. Як падла!.. (Кашляе.) Няхай курчыцца, душыцца дзень, тры, тыдзень!.. Яны будуць глядзець! (Кашляе.) Дай, акопная скацінка!

Ніхто не дае.

Адзін патрон! Адзін!.. Сволачы!

Чыбук выходзіць. Гул спачування, абурэння.

Кацярына. Таечкі! Няўжо ж і памрэ?!

Галасы. Трэба было даць!.. Усё роўна каюк! Чым душыцца без надзеі, дык лепей адразу! Немчура праклятая!!!

Калатухін (рашуча кідаецца да салдат). Таварышы! Нашы контрразведчыкі паймалі нямецкую птушку — важнага шпіёна!

Адзінцоў хапае Калатухіна, хоча спыніць яго. Калатухін глядзіць на Федасюка. Аднадумцы Калатухіна энергічна падтрымліваюць яго.

Федасюк. Таварышы!.. Сябры!..

Калатухін (адштурхнуўшы Адзінцова, апярэджваючы Федасюка). Гэта птушка, за якой нашы разведчыкі даўно ганяліся! З-за яе многія нашы браты злажылі галовы!

Салдаты, большасць калатухінцаў, з гневам падступаюць да Федасюка. Дзяцел кідаецца да іх.

Дзяцел. Людцы! Што вы!.. Падурнелі!..

Чуваць блізкі стрэл. Дзяцел спыняецца. Усе таксама сціхаюць.

Людцы! Чыбук!

Забыўшыся на ўсё, Дзяцел кідаецца на стрэл. Адзінцоў сілай адцягвае Калатухіна ўбок.

Калатухін. Адыдзі!

Адзінцоў. Калі ты не спыніш гэтай бруднай... Я вымушан буду!..

Калатухін. Маўчы! Баба!

Федасюк тым часам спрабуе паправіць становішча.

Федасюк. Салдаты... Я з Мінска, ад Савета... Мне наказалі...

Калатухінцы перапыняюць яго, збіваюць іншых з толку, варожа настройваюць.

Галасы. Ад Савета? Чым ты дакажаш? Брашы!

Калатухін. Пакажы дакументы!.. (Сціснуўшы Адзінцову руку, як бы загадвае яму маўчаць.)

Галасы. Дакументы!.. Ліпавыя ў яго!

Федасюк. Дакументаў няма!.. Адабраў ваш паручнік!..

Галасы. Які паручнік? Дурных знайшоў! Вылузнуцца хоча!

Федасюк (паказваючы рукі). Вось мае дакументы!.. Я — рабочы, каваль... Можаце што хочаце зрабіць са мною, але дайце сказаць! Слова ў мяне важнае, грамадскае!.. Рабочыя з Мінска...

Галасы. Бач, к рабочым падладзіўся! Дайце, няхай скажа!.. Проста пазвярэлі ўсе!..

Калатухін. К чорту!

Федасюк (мяняючы тактыку.) Так, я — шпіён! Судзіце! Я рабіў на немцаў!.. Немцы заплацілі мне! Шчодра!

Адзін з Калатухінцаў. Сам прызнаўся!

Федасюк (ірве, расхрыствае сарочку). Вось! Тры асколкі нямецкія ў грудзях! Нямецкая плата!

Галасы. Ты не асколкі!.. Ты дакументы дай!

Убягае Дзяцел.

Дзяцел. Забіўся! Кончыў сябе! (Пагражаючы.) Эх, каб вы... каб вас свет не насіў!

Адзін з Калатухінцаў. Кончыць гада! (Зараджае вінтоўку, кідаецца да Федасюка.)

Убягае Залыгін, з ім яшчэ некалькі салдат.

Залыгін. Што тут?! Стоп! Тармазы давай!

Галасы. Шпіён! Шпіёна паймалі!..

Федасюк. Такая гісторыя... Залыгін!

Залыгін. Таварыш! (Цісне руку.) Шпіёна? Дзе ён? Каторы?.. Гэта? Мой друг — шпіён?

Агульная збянтэжанасць. Галасы: «Тут казалі, што шпіён!»

Калатухінцы змаўкаюць, адступаюцца.

Друг! Што прывяло цябе сюды, бяда ці радасць?

Федасюк. Бяда!.. (Глядзіць на салдат, нібы разважае: гаварыць адразу ўсім ці спачатку параіцца з Залыгіным.)

Залыгін. Па сакрэту трэба?

Федасюк. Можа, так і лепш — адразу ўсім. (Да салдат.) Падмога ваша трэба! У Мінску афіцар’ё захапіла ўладу! Сілаю! Такая гісторыя!.. Пагадненне пад ногі!.. Яны твораць, што хочуць! З імі казакі!..

Большасць салдат абурана шуміць.

Галасы. Вунь што! Сілаю!.. Гвалтам!

Дзяцел. А як дзякрэт, каторы пра зямлю? (Дастае паперку.) Во!

Федасюк. Дэкрэт таксама пад ногі!..

Дзяцел. Пад ногі! Як гэта — пад ногі?! Не!

Кацярына. Не! Мужчыны! Што ж гэта такое?..

Салдаты крычаць: «Не дадзім!», «Не дазволім!»

Федасюк. Яны хочуць праз Мінск кінуць на Петраград і на Маскву войскі!

Галасы. Сілай на сілу! Сібіракоў туды! А пазіцыі як? Немец вунь — цісне!

На хвіліну становіцца ціха.

Дзяцел. Браняпоезд, што на раз’ездзе ў Хвоеве!

Галасы. Афіцэры там — гады! Заставіць можна! Уламаць іх! Дэлегатаў паслаць трэба! Уламаеш іх!

Залыгін. Трэба ў рэвалюцыйны штаб арміі паехаць! Далажыць, параіцца! (Федасюку.) Ці зробім, ці ў зямлю ляжам!

Заслона

 

КАРЦІНА ПЯТАЯ

Пакой Калатухіна ў «Камітэце ратунку радзімы і рэвалюцыі». Пісьмовы стол у кутку пакоя, тэлефон на стале, на сцяне ваенная карта фронту. Сакратарша каля тэлефона.

Сакратарша. Хто? Ах, вы зноў, генерал! Няма яшчэ, Барыс Сямёнавіч! Шукаю! (Трывожна.) Што-небудзь здарылася асаблівае? Не, не кажыце, здарылася нешта!.. Трэці раз звоніце за некалькі мінут!.. Як толькі прыедзе, перадам адразу, каб пазваніў!

Уваходзіць Калатухін.

О, лёгкі на ўспамін!.. Ты што гэтакі?

Калатухін. Ледзь не наляцеў на кулю! Шчасце памагло знікнуць своечасова!.. У грэнадзёрскім корпусе звярынец шалёны!..

Сакратарша. Асцерагаўся б ты!

Калатухін. Што тут?

Сакратарша. Балуеў шукаў. Вельмі прасіў пазваніць... Нешта страшнае здарылася...

Калатухін падыходзіць да тэлефона.

Калатухін. Мадэмуазель, генерала Балуева. Барыс Сямёнавіч? Калатухін. Толькі што вярнуўся. Што за размова? З Масквы?! Чакаю. (Паклаў трубку. Сакратаршы.) Зараз прыедзе! Трэба ачысціць прыёмную! Скажы — прымаць не буду!

Сакратарша. Там дэпутацыя...

Калатухін. Скажы — заняты!

Сакратарша. Яны не пойдуць!..

Калатухін. Скажы — у мяне неадкладныя, важныя справы франтавога значэння!

Сакратарша выходзіць. Амаль адразу ў кабінеце паяўляюцца рабочыя.

Грамадзяне! Вам, здаецца, ясна сказана: я сёння прыняць не магу...

Рабочы. А мы чакаць не можам!

Калатухін. У мяне важныя справы, якія датычацца ўсяго фронту!

Рабочы я. У нас таксама важныя!.. Таксама фронту датычаць! Не тое, што фронту, усёй Расіі!

Калатухін (падпарадкоўваючыся). Я слухаю. Чым магу служыць?

Рабочы. Сярод рабочых і па ўсім горадзе ходзяць чуткі, што галоўнае камандаванне фронту збіраецца перакідаць на Петраград і Маскву войскі!..

Калатухін. Цяпер так многа ходзіць чутак, што я не раіў бы звяртаць на іх увагу.

Рабочы. Значыцца, гэта няпраўда?

Калатухін. Такіх намераў, як мне вядома, у штаба фронту не было. Ды калі б, дапусцім, і былі, «Камітэт ратунку» не даў бы згоды!

Рабочы. Вы гарантуеце?

Калатухін. Вам мала майго слова?

Рабочы. Нам важны не словы, а справы. Рабочыя прыслалі нас заявіць вам, грамадзянін старшыня, што рабочыя Мінска не дапусцяць, каб з нашага горада ўдарылі ў спіну рабочых Масквы і Петраграда.

Калатухін. Што гэта за тон? Я таксама рэвалюцыянер!

Рабочы. Гэты тон значыць, што, калі ваеннае камандаванне пашле хоць адзін вагон з салдатамі супраць рэвалюцыі, рабочыя Мінска возьмуць зброю!

Калатухін. Грамадзяне, нашто гэтыя пагрозы! Ультыматум!.. Я сказаў: «Камітэт ратунку» не дапусціць ніякіх дзеянняў супраць рэвалюцыйнага народа...

Рабочы. Так і даложым!.. Але калі ашукаеце?..

Калатухін. Я прашу не забываць, з кім гаворыце!

Рабочы. Не забываем! Да спаткання!

Калатухін. Да спаткання!

Рабочы я выходзяць.

Калатухін хвіліну застаецца адзін, узрушаны, раззлаваны.

Уваходзіць Сакратарша.

Сакратарша. Генерал Балуеў. З нейкім качагарам... Бальшавіком з выгляду...

Калатухін. Няхай увойдуць!

Сакратарша выходзіць.

Уваходзяць Балуеў і чалавек у паддзёвачцы, замурзаны, задымлены. Вітаюцца з Калатухіным.

Грыбаў. Грыбаў (ён хоча падаць Калатухіну руку, але той позіркам спыняе яго, здзіўлена, грэбліва аглядвае незнаёмага).

Балуеў. Капітан Грыбаў. З Масквы.

Грыбаў раптам з агідай скідае паддзёўку і стаіць ужо ў афіцэрскай гімнасцёрцы, стройны, падцягнуты.

Грыбаў. Прыйшлося пераабмундзіравацца... Капітан Грыбаў.

Калатухін. Калатухін.

Грыбаў. Сто пяцьдзесят кіламетраў на тэндэры...

Калатухін. Можна памыцца... (Паказвае на дзверы.)

Грыбаў. Не цяпер...

Калатухін. Даўно з Масквы?

Грыбаў. Выехаў учора. Прыбыў толькі што.

Калатухін. Што там?!

Грыбаў. Матухна-Масква канае!.. Горла яе бязлітасна, усё мацней сціскае брудная, жалезная лапа бальшавіка і пралетарыя з Прэсні і «Гужона»!.. Кожны афіцэр, у якім яшчэ жыве сумленне, абавязаны, не марудзячы ні хвіліны, кінуцца ратаваць яе! Рассекчы брудную лапу, што душыць святую, першапрастольную нашу!

Калатухін. Што вы прапануеце нам?

Грыбаў. Маскве неадкладна патрэбна верная дапамога — надзейныя войскі! Пяхота, артылерыя, кавалерыя! Ударныя афіцэрскія батальёны!

Балуеў. Так, тэрмінова патрэбны войскі. Інакш катастрофа ў Маскве немінуча!

Калатухін. Але мяне вось тут (бярэцца за горла) трымае Савет, бальшавікі!.. Армія, многія армейскія і палкавыя камітэты супраць пасылкі войск. Толькі што выйшла рабочая дэпутацыя, якая паставіла ультыматум, пагражае ўзяцца за зброю... Мы сядзім на парахавой бочцы, якая гатова выбухнуць ад першай запалкі!

Грыбаў. Яна выбухне, калі вы будзеце міндальнічаць! Калі вы будзеце — у такі момант! — таптацца на месцы, разважаць, дрыжаць!

Калатухін. Я прашу, капітан, абдумана выбіраць словы! Хто дрыжыць, каго вы папракаеце ў трусасці?!. Толькі ваша становішча пасланца з Масквы стрымлівае мяне ад таго, каб адказаць вам на абразу як належыць!.. Дрыжаць!.. Палезці на ражон, загубіць бязглузда ўсё адразу — гонар не вялікі!

Грыбаў. Але, міндальнічаць, сядзець ды чакаць, калі Масква задыхаецца, у агоніі,— што гэта?! Як гэта назваць?!

Калатухін. Яшчэ раз прашу — кіньце свае абразлівыя нападкі! Нас лёс Масквы трывожыць не менш, чым вас! Увесь наш непакой к таму, каб выбраць правільную тактыку!

Грыбаў. Тактыка цяпер можа быць толькі адна. Тактыка палкоўніка Рабцава! Тактыка сілы і дзеяння! Вырваць бальшавікоў з масы ды — к сценцы! Пачкамі! Астатніх прымусіць падпарадкоўвацца сіле!

Калатухін. Ваш Рабцаў сваім бязглуздым расстрэлам бальшавікоў абурыў, адштурхнуў салдат, сапсаваў усё! Груба, просталінейна, без элементарнага манеўру!..

Грыбаў. Цяпер не да манеўраў! Трэба хутчэй кідацца ў бой, ратаваць Маскву! Пакуль гэта дапамога яшчэ можа што-небудзь змяніць!

Балуеў. Панове афіцэры! Прашу спакойна! Не губляйце развагі!

Уваходзіць Адзінцоў.

(Грыбаву.) Адзінцоў. Ваенны спецыяліст пры «Франтавым камітэце ратунку».

Грыбаў. Капітан Грыбаў.

Балуеў (Грыбаву). Далажыце, капітан, ваенную абстаноўку ў Маскве.

Грыбаў. Мае звесткі ўжо ўстарэлі на суткі. Калі я выязджаў (спачатку стрымана, далей зноў нервуючыся), салдаты сцягваліся да Скобелеўскай плошчы. Мяцежнікі спрабавалі адбіць паштамт і тэлеграф... Ішоў бой перад Аляксееўскім вучылішчам. Бальшавікі вывезлі гарматы з майстэрняў цяжкай артылерыі і білі па вучылішчы прамой наводкай! Імі былі захоплены Крымскі і Каменны масты!.. Юнкеры акружаны амаль з усіх бакоў! Іх адціскалі к цэнтру! Становішча асабліва цяжкае таму, што атрады юнкераў увесь час змагаюцца адны, без дапамогі!

Балуеў. А к бальшавікам падмацаванні падыходзяць і падыходзяць!

Грыбаў. Юнкеры сыходзяць крывёю, валяцца зняможана ад стомы!.. Яшчэ двое сутак, і яны... і матухна-Масква!.. Пра гэта думаць страшна!..

Балуеў (Калатухіну). Выбару іншага няма. Вайна за Маскву — вайна за Расію!.. Я лічу, што Заходні фронт у гэтую цяжкую для Масквы хвіліну не можа не выступіць на дапамогу!..

Калатухін, які ўвесь час напружана думаў, становіцца раптам рашучы.

Калатухін. Добра! (Націскае кнопку на стале.)

Паяўляецца Сакратарша.

Зараз жа Магілёў, Стаўку Вярхоўнага. Камісара Станкевіча папрасіце!

Сакратарша выходзіць.

Барыс Сямёнавіч, мяне не трэба ўгаворваць. Я толькі хацеў абдумаць усё — справа рызыкоўная. (Капітану.) Я думаў, што і вы зразумееце, якая ў нас гульня і што мы кідаем на банк! А вы адразу ў істэрыку!

Уваходзіць Сакратарша.

Сакратарша. Станкевіч ля тэлефона.

Калатухін бярэ трубку.

Калатухін (да ўсіх). Хвілінку прашу цішыні. (У тэлефон.) Станкевіч? Добры дзень! Што добрага? Чалавек у мяне. Адтуль. З вялікай вёскі! Толькі што прыбыў. З просьбай вялікай!.. Будзем выручаць! Пашлём!.. Але ў дарозе могуць быць затрымкі... Націсні на ўсе педалі, каб ніякіх затрымак!.. Дамовіліся! Жадаю ўдачы! Адзьё! (Кладзе трубку тэлефона. Да ўсіх.) Станкевіч абяцае зрабіць усё, што магчыма... Маё правіла — рашыўшы, лезці да мэты любым спосабам! «Тайм із мані»,— кажуць англічане. Час — грошы. Будзем дзейнічаць!

Балуеў. Я зараз жа дам распараджэнне двум надзейным палкам праследаваць цераз станцыю Мінск у напрамку Оршы. Каб не выклікаць тут смуты, салдатам будзе аб’яўлена, што часці перакідваюцца на Дзвінск, са стратэгічных меркаванняў. Перапраўкай эшалона цераз станцыю Мінск зоймецца паручнік Адзінцоў. (Адзінцоў схіляе галаву, паказваючы, што гатоў выканаць загад. Балуеў звяртаецца к Грыбаву.) Суправаджаць эшалон к Маскве будзеце вы!

Грыбаў. Палічу за шчасце, ваша высокапрэвасхадзіцельства!

Балуеў. Да таго часу, пакуль эшалон не прыйдзе на станцыю Мінск, вам трэба захоўваць інкогніта і чакаць. Калі наступіць ваша чарга, я паведамлю. (Калатухіну.) Неабходна ўжыць меры на выпадак выступлення рабочых. Я думаю задачу гэту ўскласці на каўказскую дывізію, якая атрымае загад удзень і ўночы быць у баявой гатоўнасці.

Калатухін. Барыс Сямёнавіч, у мяне ёсць весткі, што бальшавікі хочуць перакінуць у Мінск браняпоезд са станцыі Хвоева.

Балуеў. Гэтага нельга дапусціць ні ў якім разе!.. Неабходна тэрмінова ўжыць контрмеры, каб адгарадзіць каманду браняпоезда ад бальшавіцкай мярзоты. Я думаю, што з гэтай задачай лепш за ўсіх здолееце справіцца вы!

Калатухін. Я зараз жа выеду!.. Барыс Сямёнавіч, я хацеў бы, з вашага дазволу, узяць з сабой паручніка Адзінцова. Ён мне можа спатрэбіцца там. Ён к прыходу эшалона вернецца.

Балуеў. Не пярэчу... Дазваляю вам дзейнічаць на браняпоездзе ад майго імя ў залежнасці ад абстаноўкі. (Збіраючыся ісці.) Хай паможа нам бог!

Калатухін. Да сустрэчы, генерал!

Балуеў выходзіць.

Грыбаў, зноў надзеўшы паддзёўку, ідзе за ім. Калатухін і Адзінцоў застаюцца адны.

Гэты істэрычны капітан, бясспрэчна, мае рацыю. Міндальнічаць не час! І пальчаткі к чорту!

Адзінцоў. Так. Становішча небяспечнае.

Калатухін. Ты разумееш, якая недарэчная твая гімназісцкая выхадка перад бальшавіком?.. Калі ты схапіў за руку...

Адзінцоў. Справа не ў бальшавіку, а ў простай прыстойнасці. Я лічу, што і з ворагам трэба ваяваць адкрыта!

Калатухін. Прыстойнасць! Студэнцкія глупствы, не вымеценыя службай і вайною!.. Атавізм у чулай расейскай душы!.. У старыя добрыя часы дзівакі ад нуды выдумалі дуэлі і секундантаў. Цяпер не выклікаюць на дуэль, а падстрэльваюць, як курапатак, з-за куста. Ціха і хутка. Новыя часы, новыя звычаі.

Адзінцоў. Дзякую. Пастараюся запомніць.

Калатухін. Не забывай.

Калатухін націскае на кнопку, паяўляецца Фельдфебель.

(Фельдфебелю.) Высветліў, чым займаецца таварыш Мяснікоў?

Фельдфебель. Яго няма ў Савеце. Выехаў...

Калатухін. Куды?

Фельдфебель. Невядома.

Калатухін (Адзінцову). А што, калі ён к браняпоезду? Не, не можа быць!.. (Збіраючыся.) Трэба зараз жа ехаць! (Адзінцову.) Гатовы?

Адзінцоў. Хоць зараз.

Калатухін (фельдфебелю). Аўтамабіль!

Фельдфебель выбягае.

Заслона

 

КАРЦІНА ШОСТАЯ

Пляцоўка камандзіра браняпоезда. Строгае, аскетычнае абсталяванне: важкі, прымацаваны да падлогі стол, месцы для сядзення. На стале тэлефон, у невялічкім квадратным акенцы — кавалачак поля.

На пляцоўцы некалькі ўзрушаных афіцэраў, сярод якіх вылучаюцца Падпалкоўнік, намеснік камандзіра, паручнік Сізоў, нервовы, рашучы.

Сізоў. Хто — хацеў бы я ведаць — прапусціў яго?

Афіцэр. Як ён прайшоў праз кантрольны пост? Без дазволу камандавання?

Падпалкоўнік. Дазвол даў рэўком.

Сізоў. Міла! Бальшавікі далі дазвол бальшавіку!

Падпалкоўнік. Не вайсковая часць, а курсы бальшавіцкай самаадукацыі. Проста навадняюць каманду агітатарамі!.. Уся служба — есці ды мітынгаваць.

Сізоў. Прапаную вывесіць перад поездам для агітатараў: «Сардэчна запрашаем!»

Афіцэр. Пахавальны гумар! Гаварыць такое, калі побач бальшавік падбівае каманду рэзаць афіцэраў...

Падпалкоўнік. І нібы знарок у такі момант палкоўніка няма! Што магло здарыцца з ім?!. (Круціць ручку тэлефона.) Алё! Кватэру камандзіра!.. Алё! Алё!.. Ч-чорт!

Убягае ўсхваляваны Афіцэр.

Афіцэр. Панове!.. Наш паважаны камандзір... Грыгорый Апалінар’евіч... аддалі канцы!..

Падпалкоўнік. Як — аддалі канцы?

Афіцэр. Уцяклі! Змыліся!

Іншыя афіцэры. Што вярзеш? Правакацыя!

Афіцэр. Вось, чытайце! Уласнаручнае!

Падпалкоўнік. Яго почырк! (Чытае.) «З прычыны таго, што ў мяне раптоўна абвастрыўся гастрыт, я вымушан тэрмінова выехаць у шпіталь... Мінск... Абавязкі камандзіра...»

Сізоў. Хопіць!.. Пацук баязлівы!.. За такія рэчы к сценцы трэба!

Афіцэр. На флоце капітаны пакідаюць тонучы карабель апошнія...

Сізоў. Цяпер усё перайначылася: камандзіры кідаюць поезд першыя!

Афіцэр. Я думаю, ніхто не будзе пярэчыць, што, паколькі поезд астаўся без камандзіра...

Сізоў. Які па-здрадніцку кінуў усіх...

Афіцэр. ...Які па-здрадніцку кінуў пост, абавязкі камандзіра павінен узяць на сябе Аляксей Мікалаевіч...

Іншыя афіцэры. Не пярэчым! Згодны!..

Падпалкоўнік (устаўшы). Дзякую за чэсць... Спадзяюся, што мы будзем працаваць у добрым кантакце...

Сізоў. Грамадзянін камандзір, у момант, калі вы ўступаеце ў камандаванне, вашым падначаленым хацелася б пачуць ад вас, так сказаць, вашу дэкларацыю.

Падпалкоўнік. Панове! Я лічу неабходным ужыць экстраныя захады. Становішча наша цяжкае, але, па майму перакананню, не безнадзейнае. Я ўпэўнен, яго можна выправіць.

Афіцэр. Якім чынам?

Падпалкоўнік. А вось якім. Асноўная маса салдат яшчэ вагаецца. Яе можна павярнуць да нас...

Убягае Калатухін, за ім уваходзяць Фельдфебель і Адзінцоў.

Калатухін. Раіцеся?

Сізоў. Раімся.

Калатухін. Зачыніліся, адгарадзіліся сценамі ад людзей!.. Таўчаце ваду ў ступе, сур’ёзныя дзядзі!... Ведаеце, што вашым браняпоездам бальшавікі хочуць раструшчыць нам чэрап? Нам і вам!

Падпалкоўнік. Здагадваемся.

Калатухін. Здагадваецеся! Магу яшчэ парадаваць вас: хутка сюды можа заявіцца сам лідэр іх — Мяснікоў.

Сізоў. Можа?.. Ён ужо тут.

Калатухін. Як?! Сярод салдат?

Сізоў. З імі. Мітынгуе.

Калатухін, уражаны, апускаецца на крэсла.

Паўза.

Калатухін. Чаго ж вы седзіцё тут?!

Падпалкоўнік. Мы раімся, якія ўжыць контрзахады...

Калатухін. Контрзахады трэба рабіць перш за ўсё там... Ёсць хто-небудзь там ад нас?

Сізоў. Капітан Беражной там.

Калатухін. Адзін?

Афіцэр. Пайшлі яшчэ два, але гэта асколкі. Перафарбаваныя...

Сізоў. Беражной — наш Цыцэрон. Яго яшчэ слухаюць...

Калатухін. Што ж— «Авэ Цэзар!» Рымскія гладыятары, ідучы ў бой, усміхаліся. (Устаючы, рашуча.) «Няхай жыве Цэзар!» Я таксама туды! Я яго раздзену, гэтага бальшавічка, голым пакажу! (Адзінцову.) Ты тут астанься! Сабраць усе нашы сілы і перайсці ў наступ!.. Мяснікова заманіць сюды і... вытурыць!.. (Фельдфебелю.) Ты са мной!..

Калатухін і Фельдфебель выходзяць.

Адзінцоў. Калі я не памыляюся, большасць афіцэраў каманды асталася на сваім месцы?.. І мы можам разлічваць на іх?

Падпалкоўнік. З намі камандзіры артылерыі, кулямётаў. Я ўжо не кажу пра камандаванне ўсяго поезда...

Сізоў. З намі машыністы!

Адзінцоў. Значыцца, поезд у іх няма каму весці?

Падпалкоўнік. Няма каму весці і няма каму, па сутнасці, кіраваць стральбой... Ён жалезная скрынка без нас!..

Сізоў. Гэту скрынку трэба — калі салдатня забунтуе — вывесці ноччу на пуці і перакінуць да надзейнай часці! Там вырваць зачыншчыкаў і бальшавікоў! Вырваць атруту!..

Адзінцоў. Што ж, я лічу, план гэты варты ўвагі...

Уваходзіць капітан Беражной.

Афіцэр ы. Ну, што там? Скончылася? Як там?

Беражной. К канцу ідзе...

Падпалкоўнік. Як — да Мяснікова? Не сцягнулі?

Беражной. Сцягнуць!..

Падпалкоўнік. Сцягнуць. Я чакаў гэтага!

Беражной. Сцягнуць і — на руках панясуць!

Сізоў. Абдурыў бальшавік салдатню... А ты што ж... слухалі цябе?

Беражной. Не. Мне не было чаго гаварыць... Бязглузда было вылазіць... Які прамоўца! Якая логіка і яснасць!..

Сізоў (перабіваючы). Што рашылі наконт браняпоезда?!

Беражной. Рашылі... Падтрымалі яго...

Падпалкоўнік. У Мінск, на выручку бальшавікоў?!

Сізоў (Беражному). Нават не паспрабаваў адгаварыць! Слімак!

Беражной. Хто? Я — слімак?!

Афіцэр. Ты. «Які прамоўца!» Развесіў вушы!..

Беражной. Ты — цвёрдакаменны патрыёт!.. Што ты разумееш?

Сізоў. А, так? Ты зразумеў?!

Беражной. Зразумеў.

Сізоў. Здраднік!

Беражной. Ты адкажаш за свае словы!..

Падпалкоўнік. Панове, я прашу...

Сізоў (кідаючыся на Беражнога). Узяць здрадніка!

На Беражнога нападаюць, адбіраюць зброю.

Беражной (абараняючыся). Прэч! Адыдзіце!

Сізоў (кладучы наган у сваю кішэню). Вось так! А зараз мы з табой пагаворым інакш! Падлюга!

Беражной. Самасудам хочаце?

Афіцэр. Судом нашым скорым! Аляксей Мікалаевіч! (Адзінцову.) Паручнік! Ваша слова?

Падпалкоўнік. Судзіць трэба!

Адзінцоў. Не цяпер. Трэба разабрацца справядліва!.. Грамадзяне, я прашу вярнуцца да справы!

Сізоў. Гэта і ёсць справа!.. Бальшавічка б яшчэ сюды! Мяснікова! Заадно!

Афіцэр. Захацеў! Пойдзе ён да цябе!

Сізоў. Зацягнуць бы як-небудзь! Заманіць!

Адчыняюцца дзверы, і ў іх, неспадзяваны, спакойны, паяўляецца Мяснікоў, за ім — Залыгін і прадстаўнік ад салдат браняпоезда. Афіцэры, уражаныя, змаўкаюць.

Мяснікоў. Чаму змоўклі?

Падпалкоўнік (як і ўсе, ужо здагадаўшыся, хто гэта). Вы... хто?

Мяснікоў. Мяснікоў. Залыгін. Гушча — дэлегат ад сходу... (Пасля паўзы.) Не чакалі?

Сізоў. Чакалі! Таварыш былы пра-пар-шчык!

Мяснікоў. Тым лепш. Можна гаварыць без лішніх тлумачэнняў.

Падпалкоўнік. Гаварыць спачатку будзем мы!

Мяснікоў. Вам няма аб чым гаварыць!

Салдат. Адгаварыліся!

Афіцэр. Знойдзем, аб чым!

Сізоў. Вы чуеце, ён прыйшоў дыктаваць нам!

Залыгін. Цацкацца няма калі! Графік!

Мяснікоў. Так, калі вы прымусіце, я буду дыктаваць.

Падпалкоўнік. Дазвольце запытацца, па якому праву?

Мяснікоў. Хоць бы па праву, якое вы можаце прызнаць,— праву мацнейшых. Прадстаўнікоў народа.

Падпалкоўнік. Маўчаць! Хто вам дазволіў? У маёй камандзе!

Мяснікоў. Перш за ўсё — хто вы?

Падпалкоўнік. Я? Камандзір браняпоезда!

Салдат. Брэша! Не камандзір ён!

Падпалкоўнік. Воляй афіцэраў я ўзяў гэтыя абавязкі замест хворага, які...

Мяснікоў. Ён зусім здаровы — камандзір браняпоезда!

Афіцэр ы. Што? Дзе ён?

Мяснікоў. Ён тут. Вось ён! (Паказвае на Залыгіна.)

Залыгін. Так, камандзір я!

Салдат. Ён!

Афіцэр ы. Што гэта за штука? Адкуль ён узяўся?

Мяснікоў. Ён прызначан Рэвалюцыйным штабам арміі і выбран салдацкім сходам... (Залыгіну.) Таварыш Залыгін, пачынайце!

Сізоў. Братцы, што вы іх слухаеце?!

Сізоў раптам раз’юшаны кідаецца да Мяснікова, але на дарозе ў яго, прыкрываючы Мяснікова, становіцца Залыгін.

Залыгін. Стоп! Буксы папаліш!

Сізоў. Прэч! Узяць іх!

Беражной. Вар’ят! Назад зараз жа!

Адзінцоў. Спакойна, сябры! Вытрымка!

Салдат. Стаяць! (Пагрозна прачыняе дзверы.) Толькі свісну — юшка ад усіх астанецца!

Афіцэры, у тым ліку і Сізоў, прыкметна смірнеюць.

Мяснікоў. Здаецца, можна працягваць размову?.. Таварыш Залыгін!

Залыгін. Так што маршрут вось які! У восем гадзін раніцы браняпоезд павінен быць перад выходнымі стрэлкамі. (Глядзіць на Мяснікова, як бы правяраючы, ці ўхваляе той яго.) Усе кулямётныя стужкі і снарады загадана перанесці на браняпоезд. Зброю перагледзець, пачысціць, прывесці да ладу. Маршрут прамы: Мінск, на выручку нашай улады, Савета!.. Прыстаяце буферам?

Убягае ўстрывожаны Калатухін. Акінуўшы позіркам усіх, здагадваецца, што становішча і тут пагрознае.

Мяснікоў. А, грамадзянін Калатухін! Зноў сустрэліся!

Калатухін (наступаючы). Я пратэстую супраць гвалту над афіцэрамі!

Мяснікоў. Даруйце, вы ў якой тут ролі?

Калатухін. Я — прадстаўнік галоўнакамандуючага. (Не да Мяснікова, а да іншых.) І як прадстаўнік галоўнакамандуючага...

Залыгін. Якога галоўнакамандуючага?

Калатухін. Я ўпаўнаважаны галоўнакамандуючым перадаць камандзе спецыяльны загад...

Мяснікоў. Каманда ўжо атрымала загад.

Залыгін (Калатухіну). Я ніякіх загадаў вашага камандуючага і самога яго не прызнаю.

Калатухін (афіцэрам і салдатам). Галоўнакамандуючы загадвае стаяць на пазіцыях да асобага яго распараджэння!

Мяснікоў. Гэты загад дадзен без згоды Савета.

Залыгін. Ён незаконны.

Калатухін. Галоўнакамандуючы прасіў папярэдзіць, што, калі загад не будзе выканан і браняпоезд выйдзе на дарогу к Мінску, генерал загадае артылерыі, якая ёсць у яго падначаленні, расстраляць браняпоезд!

Мяснікоў. Перадайце генералу, што ўсіх, хто стане на нашых пуцях, мы растопчам!

Сізоў у час спрэчкі непрыкметна знікае.

Калатухін. Афіцэры браняпоезда і машыністы згадзіліся выканаць загад!

Мяснікоў. Усіх, хто адмовіцца выконваць загад Рэвалюцыйнага штаба арміі, мы арыштуем!

Залыгін. Усё! І каціся, пакуль цэлы сам! (На Адзінцова.) Гэтага забяры!

Калатухін. Добра! Мы яшчэ сустрэнемся!

Калатухін і Адзінцоў выходзяць.

Мяснікоў паказвае кіўком Залыгіну: рашай, што з афіцэрамі.

Залыгін (афіцэрам). Ну як, хто прыстае да нас буферам?

Беражной. Я згодзен!

Залыгін (падпалкоўніку). Ты не хочаш прыстаць?

Падпалкоўнік. Я не падначальваюся вам.

Залыгін. Не хочаш? Здай зброю!

Падпалкоўнік. Зброю? (Пад настаўленым штыком салдата кладзе наган на стол.)

Залыгін (іншым). Не згодны ісці? (Паўза.) Здаць зброю. (Салдату.) Арыштаваць!

Убягае Валя.

Валя. Таварыш Алёша, станцыя абяцае прапусціць браняпоезд!

Мяснікоў. Залыгін, пуць адкрыты!

Падпалкоўнік. Хто ж, та-ва-рышы, павядзе поезд? Без машыніста?

Мяснікоў. Чаму вы думаеце, што ў нас няма машыніста?

Залыгін. Поезд павяду я.

Заслона

 

ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ. ДАРОГІ

 

КАРЦІНА СЁМАЯ

Ноч.

Цемра.

Начное поле перад мінскай ускраінай.

Чуваць, як працуе матор аўтамабіля.

У цемры акрэсліваюцца чатыры постаці.

Адзінцоў. Чаго сталі?

Калатухін. Размяцца хачу. Мне адсюль мінут дваццаць да дому. (Азіраецца.)

Адзінцоў. Вецер і дождж! Як у тваёй мілай краіне Альбіёна! Капітан Нельсан!

Сізоў. I ў полі слата, і на душы...

Калатухін. У цябе б, Сізоў, павінна быць светла. Вырваўся так удала! Іншыя там парацца на губе!

Сізоў. Удала выбраўся! Пад шумок!

Калатухін (Адзінцову). Пра яе думаеш? Кінь! Бачыў жа, як яна к та-ва-рышам прыліпла!.. Адстаўку табе дала!..

Адзінцоў. Не пляці.

Калатухін. Мякіш ты!

Адзінцоў. Можа быць... Усё-ткі вяртацца пабітым сабакам і табе, відаць, не салодка, герой Трафальгара?

Калатухін. Я яшчэ не пабіты. (Нецярпліва.) Слухай, у мяне да цябе просьба. Важная... Ты чуеш? Аб чым ты, чорт вазьмі, думаеш?!

Адзінцоў. Аб чым? Аб розным...

Калатухін. Слухай, Вальдэмар, сёння павінны званіць са Стаўкі. Станкевіч. Каці на машыне, падзяжур. Можа быць сур’ёзная размова, я не магу нікому даверыць, акрамя цябе...

Адзінцоў. Дзякую за давер’е... Ты разумееш, у нашай палітыцы ёсць страшныя хібы. Бальшавікі абяцаюць людзям самае жаданае...

Калатухін. Мы пагаворым пра гэта потым. (Насцярожана.) Ты ці не збіраешся таксама... адыходзіць?

Адзінцоў. Я свой абавязак выканаю! Можаш быць упэўнены!

Калатухін. Вось гэта іншыя словы!.. Ну, дык як ты?! Паедзеш? Падзяжурыш?

Адзінцоў. Ну што ж, калі трэба. А ты? І паручнік?

Калатухін. Паручнік пераначуе ў мяне. Трэба ехаць зараз жа. Бывай!

Адзінцоў. Вечна спешка. Бывай! (Выходзіць.)

Калатухін сочыць за ім.

Сізоў (праводзячы позіркам машыну). Развёў тут вільгаць! Філо-саф!

Калатухін. Расейская звычка капацца ў сабе!.. (Фельдфебелю.) Значыцца, ён збіраўся ехаць па гэтай дарозе?

Фельдфебель. Хто? А-а. Тут...

Калатухін. Ты ўпэўнены, што ён цяпер паедзе? Будзем тырчэць, як дурні!

Фельдфебель. Яго шафёр курыў разам з нашым. І той незнарок прагаварыўся!..

Калатухін. Тады ён павінен ехаць!.. Толькі б не было з ім пабочных! (Сізову.) Ты згодзен памагчы?

Сізоў. Разлічвайце, як на сябе.

Калатухін. Трэба бервяно пакласці на дарогу! Там ляжыць, я заўважыў... Я таму і стаў тут!

Цягнуць бервяно на дарогу.

Так, каб не праскочылі... Калі што якое... (Сізову.) Рэвальвер ёсць?

Сізоў. Ёсць.

Калатухін (фельдфебелю). Нож у цябе? Калі шафёр да бервяна, ідзі насустрач: дакументы!.. Чакай знаку — я свісну. Як толькі пачуеш — бі! На крайні выпадак рэвальвер. (Сізову.) Мы возьмем яго. І спадарожніцу.

Фельдфебель. Мяснікоў са зброяй. Спрытны...

Сізоў. Пікнуць не ўправіцца!

Калатухін (фельдфебелю). Адразу, як кончыш, да машыны.

Фельдфебель. Хопяцца, шукаць будуць яго аднакашнікі — птушка важная!..

Сізоў. Няхай шукаюць ветру!..

Калатухін. Неабходнасць. Воленс-ноленс. «А ля гер ком а ля гер...»

Фельдфебель. «Ля гер». Могуць — усякія падазрэнні...

Калатухін. Падазрэнні будуць на яе. Мілую спадарожніцу.

Фельдфебель. Яна не «пойдзе» разам з ім?

Калатухін. Ні ў якім разе. Яна таямніча знікне. Стане загадкаю нумар адзін...

Сізоў (перасцярожліва). Аўтамабіль ідзе!

Калатухін. Сыдзем з дарогі!

Сізоў. Значыцца, яе пакуль што не канчаць?

Калатухін. Управімся...

Набліжаецца машына, святло фар падышло і спынілася. Шафёр і Валя выходзяць на сцэну.

Шафёр. Нібы знарок паклалі!.. Зусім нядаўна!

Фельдфебель (выходзячы з цемры). Нядаўна. Кантрольны пост... Дакументы!

Шафёр. Без дакументаў не ездзім!.. (Дастае дакументы.)

Калатухін і Сізоў у гэты час кідаюцца да машыны, глядзяць — Мяснікова няма.

Калатухін (Валі). Дзе Мяснікоў?!

Валя не адказвае. Расчараваны Калатухін момант думае: што рабіць? Рашае: адступаць позна; дае фельдфебелю ўмоўны знак, навальваецца на Валю, заціскае ёй рот, круціць рукі. Фельдфебель б’е шафёра нажом у бок. Шафёр са стогнам падае.

Фельдфебель. Што, гатова?

Калатухін (Валі). Дзе Мяснікоў?.. (Фельдфебелю.) Сцягнуць з дарогі труп! Абшукаць! Каб ніякага знаку!

Калатухін і Сізоў цягнуць Валю ў машыну, а фельдфебель абшуквае забітага, бярэ дакументы, рэчы, азіраючыся, хутка валачэ труп з дарогі.

Заслона

 

КАРЦІНА ВОСЬМАЯ

Сутарэнне.

Нізкая важкая столь, маленькія дзверы, да якіх вядуць сходцы. Зверху цёмнае акенца. Сцены брудныя, з аблезлым тынкам. Ці то закінутая манашая келля, ці то карцэр, гаўптвахта.

На падлозе, з намаганнем абапіраючыся на руку, сядзіць Валя. На лаўцы стомлена горбіцца фельдфебель, мармыча: «Эх, шарабан мой, амерыканка...»

Фельдфебель. Я, здаецца, пагарачыўся? Ударыў неасцярожна... «Эх, шарабан мой...» Устаць!

Валя не слухаецца.

Я каму кажу?! Устаць! Устаць!

Валя ўстае.

Ну, падумала? Скажаш?

Валя маўчыць.

Не скажаш?

Валя. Не.

Фельдфебель. Ну, што ты за цаца?! (Зноў, ужо злосна, мармыча песню.) Думаеш, Мяснікоў твой пахваліць? Ён і ведаць не будзе! Яму перададуць, што да немцаў перабегла!

Валя. Гэта для Мяснікова танная байка.

Фельдфебель. Павераць. Пачакаюць крыху, а там і павераць...

Валя. Угаворваеце сябе!

Фельдфебель. Чаго мне ўгаворваць сябе! Не мне, а табе гнісці! Будзеш дурная — адправішся ў зямлю парыцца!.. Я буду заўтра гуляць па Мінску, піць віно ў «Каўказе», з дзеўкамі хадзіць буду. А ты...

Валя маўчыць. Мармычучы: «Эх, шарабан мой», фельдфебель устае.

Даю пяць мінут... Кажы. Чаму затрымаўся Мяснікоў? Што ён намерваўся рабіць? Ну?

Валя. Я гаварыла ўжо: не скажу...

Фельдфебель. Ну дык ведай жа, што паслаў мяне сюды твой дружок, паручнік Адзінцоў...

Валя. Адзінцоў!.. Ён ведае?

Фельдфебель. Ведае?! Ён задумаў усё!

Паўза.

Валя. Хлусіш! Усё хлусіш!

Фельдфебель. Я толькі не так зрабіў, як ён казаў. Пагарачыўся. Ну, ды і лічыў, што любоў тут няма чаго ўплятаць... Ён казаў, што калі ты зробіш гэта, ты дакажаш, што сапраўды любіш яго. І што ён усё жыццё...

Валя (з пагардай). Кінь ты!

Фельдфебель. У мяне няма ахвоты даказваць гэта. Можаш не верыць!..

Убягае Калатухін, вельмі ўсхваляваны. Ён адводзіць фельдфебеля ўбок, гаворыць, каб не чула Валя.

Калатухін. Ну што?

Фельдфебель. Не гнецца!

Калатухін. Трэба канчаць!

Фельдфебель. Але яна...

Калатухін. Зараз жа!

Фельдфебель. Што-небудзь здарылася?

Калатухін. Усюды адно. Да бальшавікоў таксама перакінуліся!.. Толькі што сход кончыўся... Нашы ўжо зняты!

Фельдфебель. Унь што!

Калатухін. Зямля паўзе!.. З грэнадзёрскага тут дэлегацыя. І гэты з Мінска, якога... Федасюк... Салдаты — як звяры! Месца гэтае на падазрэнні...

Фельдфебель. Трэба было ў Мінску яе... схаваць!..

Калатухін. З хвіліны на хвіліну могуць сюды заявіцца.

Фельдфебель. Ушалопіў... Тут можна яе?

Калатухін. Нельга.

Фельдфебель. Я ціха. Не піскне.

Калатухін. Нельга. След! Вывезці. У дарозе!.. Я буду чакаць за лесам. (Адыходзіць. Валі.) Атрыман загад даставіць у Мінск. Табе пашанцавала: будзеш каля сваіх...

Валя не адказвае.

(Фельдфебелю.) Выконваць загад. Машына пададзена. (Хутка выходзіць.)

Фельдфебель (Валі). Збірайся!

Яна не варушыцца.

Ну, чуеш? У Мінск паедзеш, да сваіх... Хутчэй! Не прымушай чакаць!

Валя. Я не паеду.

Фельдфебель. Як гэта — не паедзеш?! Пакуль што дабром прашу! Ну, тупай!

Валя не слухаецца.

Чуеш?! Тупай!

Фельдфебель штурхае Валю да выхада. Але там чуюцца шум, гаворка, крокі. Фельдфебель спыняецца.

Стой!

Фельдфебель хоча выйсці, даведацца, што адбываецца, але ў сутарэнне ўрываюцца Салдат і Дзяцел, потым Федасюк.

Салдат. А! Хто такія?

Фельдфебель. Вы хто?

Дзяцел. Хто мы, людзям вядома! А вось хто ты, божы чалавек? Што ты тут робіш?

Фельдфебель. Я... затрымаў агентку, якая перадавала немцам важныя ваенныя звесткі.

Салдат. Шпіёнку?

Валя. Няпраўда! Я... (Федасюку.) Дзядзька Антон!

Федасюк. Валя?

Валя хоча кінуцца да Федасюка, але фельдфебель спыняе.

Фельдфебель. Стаяць! Мне цяпер загадана перавезці яе ў штаб.

Дзяцел. Адставіць штаб!.. (Уражаны.) Людцы, ды ён там жа... на пазіцыях... нашага Антона!..

Федасюк. Чакай, Дзяцел. У які штаб? Для чаго?

Валя. Гэта Калатухіна справа.

Федасюк (фельдфебелю). Для чаго гэта штабу?

Фельдфебель. Не магу ведаць.

Федасюк. А ўсё-ткі?

Фельдфебель. Думаю... для высвятлення.

Федасюк. Яшчэ не высветлілі? (Паказваючы на Валю.) Вызваліць!

Фельдфебель. Адысці! (Спрабуе абараняцца.)

Дзяцел. Ты што гэта, абармот?!

Фельдфебель. Прэч з дарогі!

Салдат. Хлопцы! Бяры яго!..

Фельдфебеля абяззбройваюць. Ён кіпіць ад злосці.

Дзяцел. Не злуй, вантробы перагараць!

Федасюк (Валі). Ну, што там у Алёшы?

Валя. Цяжка было. Але Залыгін сказаў: «Пара грэецца, браняпоезд на правільных рэйках...» Мяснікоў прасіў, каб я перадала нашым гэта. А я не даехала.

Федасюк. Цяпер даедзеш. Папросім таварышаў, памогуць.

Убягае Салдат.

Салдат (Федасюку, Дзятлу). Браткі, што ж гэта робіцца?! Пуць гадаўё падрывае!

Дзяцел. Які пуць?

Салдат. Перад браняпоездам. Каб не праскочыў!.. Каманду цэлую паслалі з ламамі, з ключамі...

Федасюк. Адкуль такія весткі? Хто перадаў?

Салдат. Анціпчык... Дзяжурны наш там, пры станцыі...

Федасюк. Вось гісторыя! Дзяцел, трэба зараз жа на пуці! Вазьмі ўзвод і алюрам туды! Гані гэту нечысць, пакуль не позна!

Дзяцел. Лячу, Антон! (На хаду.) Браты грэнадзёры, слухай маю каманду!.. (Выбягае.)

Салдат (глядзіць на фельдфебеля). А што ж з гэтым абармотам?

Федасюк. Думаю, няхай пасядзіць сам.

Салдат. Няхай адпачне!..

Заслона

 

КАРЦІНА ДЗЕВЯТАЯ

На чыгуначнай станцыі ў Мінску. З аднаго боку відаць вугал будынка, акно. Мяркуючы па тым, што бачна праз акно, гэта дыспетчарскі пункт. Каля акна ў пакоі вісіць тэлефон. Амаль паўз самы будынак ідуць у некалькі радоў чыгуначныя пуці, на іх паблізу і наводдаль стаяць вагоны, платформы з гарматамі, цяплушкі. Праходзяць узброеныя Салдат ы, потым паяўляецца Мяснікоў з Рабочы м і.

Мяснікоў (аднаму рабочаму). Трэба ў дэпо! Зараз жа! Ніводнага паравоза на пуці!.. Тым паравозам, якія прыйшлі, ні дроў, ні вады! Замарозіць тут!

Рабочы. Прыкаваць, значыцца! Зразумела!

Мяснікоў. Так усім нашым і перадай! Як загад Савета! Памерці, а не выпусціць ніводнага!

Рабочы. Так і зробім! Калі трэба будзе, і на смерць пойдзем!

Выходзіць.

Мяснікоў (другому рабочаму). Ты — к выхадным стрэлкам! Гэта апошні наш сродак! Што б ні было, ніводзін эшалон не выпускаць! На запасныя пуці! У тупік, і толькі! Загад канчатковы! Адменіць толькі Савет! Ніхто іншы!

Рабочы. Можаце спадзявацца, Аляксандр Фёдаравіч!..

Уваходзіць, кагосьці шукаючы, Грыбаў.

Грыбаў. Дзе тут ваеннае начальства?

Мяснікоў. Нашто вам яно?

Грыбаў. Гэта вас не павінна цікавіць.

Мяснікоў. А між тым, цікавіць!

Грыбаў (аглядваючы Мяснікова). Вы хто?

Мяснікоў. Вы хочаце ведаць, ці хутка адправяць эшалон на Маскву?

Грыбаў. Я хачу ведаць, ці хутка адправяць эшалон на Дзвінск. Вы з чыгуначнай адміністрацыі?

Мяснікоў. Вы амаль угадалі. Калі ўлічваць асаблівасці часу.

Грыбаў. Я назначаны суправаджаць эшалон. Чаму нас затрымліваюць?

Мяснікоў. Эшалон на Маскву не пойдзе!

Грыбаў. Я пытаюся пра эшалон на Дзвінск!

Мяснікоў. На Дзвінск?

Грыбаў. На Дзвінск!

Мяснікоў. Усё роўна. Эшалон не пойдзе!

Падыходзіць Адзінцоў.

Грыбаў. Гэта... чыё распараджэнне?

Мяснікоў. Мінскага Савета.

Адзінцоў (да Грыбава). Эшалон зараз адправім. Збярыце салдат да эшалона і будзьце напагатове!

Мяснікоў. Так вы выконваеце пагадненне з Саветам, грамадзянін паручнік?

Адзінцоў. Эшалон перакідваецца на станцыю Дзвінск. Са стратэгічных меркаванняў.

Мяснікоў. Мы гэтыя меркаванні ведаем!

Адзінцоў (Грыбаву). Трымайце эшалон напагатове! Сігнал «адпраўляць» можа быць у любы момант!

Грыбаў. Ёсць! Буду чакаць!

Грыбаў адыходзіць да эшалона. Паяўляецца Валя.

Адзінцоў. Валя?! Дзе ты была?

Валя (ідзе да Мяснікова). Таварыш Алёша!.. (Адводзячы Мяснікова ўбок.) Паганая вестка. Толькі што чула — узарвана палатно. Браняпоезд спынілі.

Мяснікоў. Спынілі?!. Гэта «ратаўнікоў» праца!.. Дзе ён?

Валя. Не ведаю.

Мяснікоў. Трэба пазваніць на лінію! Высветліць!

Мяснікоў хутка выходзіць. У яго заклапочаны, трывожны выгляд.

Валя ідзе за ім.

Адзінцоў. Валя!

Валя спыняецца.

Ты нават павітацца не хочаш! Што гэта значыць?

Валя. Ты здзіўляешся! Як я інакш магу адносіцца пасля ўсяго...

Адзінцоў. Валя... Я нічога не ведаў... Хто цябе арыштоўваў?

Валя. Мне казалі — ты ведаеш! Друг твой лепшы!

Адзінцоў. Калатухін?! У!.. (Не знаходзіць слоў.) Ён?!

Паўза.

(Абурана.) Подлы чалавек! Я яго другам лічыў!..

Валя. Ты яму і цяпер служыш.

Адзінцоў. Я не Калатухіну служу!

Валя. Расіі?.. Якой?

Адзінцоў. Гэта сафізм.

Валя. Не сафізм, Валодзя, няўжо ты яшчэ не разумееш, што адбылося?

Адзінцоў. Зноў палітыка! К чорту яе! Я хачу быць з табой, разумееш?

Валя. Дык хадзем са мной!

Адзінцоў маўчыць.

Валя ідзе да Мяснікова.

Паяўляецца Калатухін, рашучы, усхваляваны. З ім ідуць Фельдфебель, г р у п а п а п л е ч н і к а ў.

Калатухін. Ну, ледзь вырабіўся! Амаль з пасткі! Амаль не схапілі за руку! Выйшла не зусім чыста, але шлях на Карфаген разбуран!.. Поезд прыйдзе не хутка! Калі наогул прыйдзе...

Адзінцоў. Удалося затрымаць? Як?

Калатухін не адказвае. Ідуць у бок эшалона, выходзяць.

Мяснікоў (круціць ручку тэлефона, бярэ трубку.) Алё Негарэлае! Станцыя Негарэлае?! Хто каля тэлефона? Браняпоезд прайшоў? Я — старшыня Мінскага Савета, Мяснікоў. Прайшоў? Ага, дзякую! Дай адбой! Станцыю Койданава! Койданава? Гаворыць старшыня Мінскага Савета. Далажыце — браняпоезд прайшоў? Як гэта — не падначальваецеся Савету?! Я патрабую! Я дакажу, маем ці не маем права патрабаваць! (Вешае трубку, потым звоніць зноў.) Дайце станцыю Фаніпаль! Станцыя?! Начальніка! Гаворыць Мяснікоў з Мінскага Савета. Браняпоезд не праходзіў? Катавасія? Якая катавасія? Узарвалі! Якія афіцэры? Хто яны?!. А вы што ж далі ім уцячы? Эх, вы! Не апраўдвайцеся!.. Машыну іхнюю агледзьце! Нумар запішыце! Дакументы пашукайце! Трэба даведацца, чыя яна! (Вешае трубку. Выходзіць з Валяй на перон.) Я к салдатам. Трэба падказаць, куды іх вязуць, для чаго.

Мяснікоў сустракаецца з Калатухіным і яго паплечнікамі.

Адзінцоў (Мяснікову). Прашу даць чыгуначнікам распараджэнне адкрыць семафор!

Мяснікоў. Я не дыспетчар, грамадзянін паручнік.

Адзінцоў (з націскам). Вы — дыспетчар, галоўны дыспетчар!

Мяснікоў. Калі я дыспетчар, то такога распараджэння не дам!

Адзінцоў. Не дасцё?!

Мяснікоў. Не дам!

Калатухін. Калі вы не дасцё па добрай волі, мы можам загаварыць інакш.

Мяснікоў. Як вы можаце гаварыць, мы ўжо ведаем! Не палохайце!

Калатухін. Мы чакаем!

Адзінцоў. Вы чулі?

Валя. Паручнік!..

Калатухін (Мяснікову). Мы чакаем распараджэння — даць семафор!

Мяснікоў. Я сказаў — не дам!

Калатухін. Не дасцё?!

Мяснікоў. Не!

Паўза.

Калатухін чакае.

Калатухін. Так? (Паплечнікам.) Арыштаваць!

Мяснікоў. Ну, ну, пан Калатухін! Не забывайцеся! (Калатухінцам, якія хочуць арыштаваць яго.) Прэч! (Яго, аднак, бяруць гвалтам.) Дарэмна стараецеся, пан Калатухін! Ні адзін эшалон на Маскву пераправіць не ўдасца!

Падбягаюць д в о е Рабочы х.

Рабочы я. Што тут такое?! Алёшу арыштаваць хочуць! Эй, вы! Схавайце зброю!.. Адыдзіце! Пакуль не позна!

Рабочыя кідаюцца на падмогу Мяснікову.

Калатухін. Узяць гэтых!

Грыбаў (на Валю). Яе ўзяць! Яго паплечніца!

Адзінцоў момант стаіць нерухомы, маўклівы.

Салдаты-калатухінцы збіраюцца весці Валю, Мяснікова, рабочых. Убачыўшы гэта, Адзінцоў як бы абуджваецца.

Адзінцоў. Адставіць! (Паказваючы на Валю.) Адпусціць!.. Я ўпаўнаважаны генерала Балуева!..

Салдат. Ёсць! (На Мяснікова.) І яго?

Адзінцоў. І яго.

Калатухін. Ты... ты не звар’яцеў?!

Адзінцоў. Я лічу, што такія рэпрэсіі годны толькі авантурыстам ці тым, у каго няма ніякай надзеі...

Валя (радасна). Валодзя!

Калатухін. Жаўтароты ідэаліст! Чысцюля!

Адзінцоў. Вы — лягчэй! (Грыбаву, тонам загаду.) Адпраўляйцеся к эшалону! Мы адкрыем семафор і самі!

Твар Валі адразу хмурнее. Яна адыходзіць ад Адзінцова.

Убягае хлопец.

Хлопец (да Мяснікова.) Дзядзька... Таварыш Мяснікоў! Ура!

Мяснікоў. Што такое?

Хлопец. Браняпоезд ідзе! К гораду падыходзіць!

Калатухін (вельмі ўражаны). Што?!.

Мяснікоў. А пуці?

Хлопец. Іх, аказваецца, узарвалі пасля, калі поезд праскочыў! Палічылі за браняпоезд звычайны санітарны! Ледзь не пусцілі пад адкос!

Усе стаяць узрушаныя. Калатухін проста аглушаны.

Адзінцоў. Узарвалі? Хто ўзарваў? (Глядзіць на Калатухіна.)

Калатухін. Г-глупства!

Нібы для таго, каб пацвердзіць вестку рабочага, чуецца гарматны стрэл з браняпоезда.

Хлопец. О, салютуе!

Калатухін (салдатам). К эшалону ўсіх. Мы яшчэ ўправімся!

Грыбаў (салдатам). К эшалону! (Адзінцову.) Семафор!

Адзінцоў. Адкрыю!

Валя. Валодзя, што ты робіш? Ты разумееш?..

Адзінцоў. Я павінен!..

Сярод салдат, да якіх падыходзяць новыя, гул хвалявання.

Салдат ы. Гэта праўда, што нас на Маскву? На ўсмірэнне?!

Калатухін. Брахня!

Мяснікоў (горача). Праўда! Вашай рукой хочуць задушыць савецкую ўладу, вашу ўладу!

Адзінцоў (Грыбаву). Я прашу не затрымлівацца!

Грыбаў. Марш к эшалону! Адпраўляемся!

Салдат. Мы рашылі, што не адправімся да таго часу, пакуль не высветліцца ўсё!..

Калатухін. Высветліце ў дарозе! К эшалону!

Мяснікоў. Салдаты, не слухайце іх! Вас хочуць ашукаць! Вас хочуць павесці на нашых жа братоў!

Калатухін. Не верце яму! Ён ілжэ!

Валя. Паручнік Адзінцоў, скажы — хіба ж не на Маскву іх? (На Мяснікова.) Ілжэ ён?

Калатухін (пагрозна адшпільваючы кабуру). Ілжэ!

Валя (Адзінцову). Скажы! Ён ілжэ? Не на Маскву?

Адзінцоў (пасля паўзы, поўнай унутранай барацьбы). На Маскву!..

Валя (радасна). Вы чуеце?!

Калатухін раз’юшана выхоплівае наган і страляе. Адзінцоў падае.

Валодзя! Валодзя!

Адзін з салдат кідаецца да Калатухіна, узмахвае штыком.

Салдат. Ах ты, гніда!

Валя (ірве на Адзінцове гімнасцёрку, глядзіць рану). Бінт! У каго ёсць бінт? (Спяшаючыся, перавязвае Адзінцова.)

Адзінцоў. Вось і прыйшоў мой час... Мая дарога...

Валя. Маўчы, ты будзеш жыць! Валодзя, мілы!

Адзінцоў. Адзін... Адзін еду...

Валя. Ты са мной, Валодзя! Са мной! (Са страхам.) Доктара! Ёсць тут доктар? Доктара!

Салдаты перадаюць: «Доктара!», «Доктара!».

З ляскатам падыходзіць браняпоезд, шэры, важкі, з дуламі гармат, з кулямётамі. Калі ён спыняецца, наперад выбягаюць Салдат ы, сярод якіх Дзяцел і Залыгін.

Дзяцел. Добры дзень, людцы!

Галасы. Добры дзень! З прыездам!

Залыгін. Таварыш Алёша! Браніраваны поезд прыбыў у распараджэнне Мінскага Савета.

Мяснікоў. Добра, Залыгін! У час прыехалі!

Дзяцел (з вялікім здзіўленнем раптам заўважае непадалёк сваю жонку Кацярыну, якая паяўляецца ў натоўпе. Дзяцел хрысціцца.) Быць не можа! Згінь, згінь!..

Кацярына. Ты зноў!..

Дзяцел. Скула! Што табе тут трэба? Чаго ты тут?

Кацярына. Чаго! Як жа тут паедзеш, калі невядома, чыя бярэ!

Дзяцел. Эх, баба! Наша бярэ!

Заслона


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 2. Нарысы; П'есы. -Мн.: Маст. літ., 1980. - 400 с., 4 л. іл.