epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Добрая пара!

Надзіва пагодная выдалася сёлета восень. Цяжка прыгадаць другі такі цёплы і сонечны кастрычнік — ні халадоў, ні бясконцай дажджлівай імжы. Быццам адчуваючы віну за хмурнае лета, быццам жадаючы парадаваць людзей, расшчодрылася звычайна не вельмі ветлівая ў гэтую пару прырода.

Задумліва шамаціць лісце на асфальце бульвараў і на дарожках паркаў. У шырокіх палях, што жаўцеюць пожняю і цямнеюць квадратамі свежага ворыва, раніцай і пад вечар далячынь зацягвае лёгкая сіняватая восеньская смуга. У адвечна журботнай восеньскай цішыні палёў далёка чуваць бадзёры працавіты басок трактараў.

Па шашы праносяцца машыны, гружаныя яблыкамі, капустай, лесам, мэбляю, маторамі. У аўтобусах поўна людзей, яны спяшаюцца некуды са сваімі клопатамі і турботамі. Амаль не змаўкае над горадам, што шырока раскінуўся на пагорках, рокат самалётаў — ляцяць на поўдзень, на ўсход, на захад — да Варшавы, да Прагі... Над заводскімі комінамі на ўскраіне горада не растае пеляна дыму. Пад’едзеш бліжэй да карпусоў — і пачуеш за шырокімі вокнамі цэхаў галасы станкоў, музыку напружанага працоўнага жыцця.

Восень поўная руху, клопатаў, працы. Радасцямі мірнага жыцця поўняцца старонкі газет: ленінградскія караблебудаўнікі ў гонар з’езда здалі датэрмінова некалькі гандлёвых і прамысловых караблёў, перавыканалі абавязацельствы шахцёры Кузбаса. Вось яшчэ адна не абы-якая радасць: уступіла ў строй самая доўгая ў свеце электрамагістраль Масква — Байкал. Першым святочным поездам прыехалі на XXII з’езд дэлегаты ад некалькіх цалінных абласцей...

Сярод добрых вестак, што прыносяць у гэтыя дні газеты і радыё, нямала і нашых, беларускіх. Некаторыя з іх урываюцца не толькі радкамі газет або голасам дыктара — вось над горадам плаўна і лёгка плыве прыгажун «АН-10», мірны голас яго як прывітальная сяброўская гамонка, як музыка да дыктарскага тэксту. Самалёт ляціць у Маскву, ён у некалькі разоў скараціў адлегласць да яе, яшчэ больш наблізіў да яе наш горад, нашы хаты, нашы сэрцы...

Адна вестка асабліва хвалюе. Яна выклікае ўспаміны пра багаты ўражаннямі, радасны і значны дзень твайго асабістага жыцця. Гэтае асаблівае хваляванне адчуў я, даведаўшыся пра тое, што рабочыя і інжынеры Беларускага аўтамабільнага завода напярэдадні з’езда выпусцілі першы ўзор новага магутнага самазвала. Мне давялося бачыць 27-тонны першынец у пару яго нараджэння ў заводскім цэху, калі вакол яго завіхаліся яшчэ рабочыя і майстры, калі толькі па велічыні рамы ды па чарцяжах можна было ўгадаць маштабы і аблічча будучай машыны.

І вось новая машына, больш эканамічная, больш манеўраная, выходзіць у дарогу. Пройдзе нямнога часу, і дзесяткі, а потым і сотні такіх самазвалаў пойдуць з варот маладога завода на будоўлі і прадпрыемствы нашай краіны, у многія краіны свету.

Хутка бяжыць час. На такіх заводах, як новы гігант, што вырастае побач са сціплымі хатамі былой звычайнай беларускай вёскі Жодзіна, бег часу адчуваеш асабліва выразна. Ці даўно, здаецца, распачаў жыццё другі ў Беларусі аўтазавод, а машыны яго працуюць ужо і на Ангары і ў Сакалова-Сарбайскіх кар’ерах, і на зямлі Кубы. Завод з дня ў дзень набірае сілу, расце, мацнее. У тыя дні, калі сакратар партбюро завода, былы марак і вопытны партыйны работнік В. Р. Новікаў, паказваў нам Беларускі аўтамабільны, рабочыя канчалі аддзелку новага цэха. Прасторны, надзвычай светлы і чысты, з добрым ацяпленнем і асвятленнем, гэты цэх быў падобны на велізарную спартыўную залу.

Заводскі пасёлак, што размясціўся недалёка ад цэхаў, — гэта няхай сабе пакуль невялікі, але ўжо прыгожы, сучасны горад. І дамы, і магазіны, і малады бульвар, які злучае завод і Палац культуры, нічым не горшыя за мінскія. Калі ідзеш па пасёлку, здаецца, што ты ў Мінску. Зрэшты, Палац культуры ў завода такі, што яму маглі б пазайздросціць сталічныя рабочыя калектывы. Ці ж дзіўна, што культурнае жыццё тут нічым не бяднейшае, чым у сталіцы, — мінскія тэатры тут нярэдкія госці, а заводскія спевакі і танцоры сваім майстэрствам і запалам могуць паспрачацца з любымі мінскімі...

Добрая восень, цудоўная восень ідзе па нашай зямлі, восень года Гагарына і Цітова, восень года XXII з’езда КПСС. Яна цудоўная, сёлетняя восень, нават нягледзячы на хаўтурнае выццё, што даносіцца з-за мяжы, дзе мараць пра рэваншы, пагражаюць «сілай пракласці дарогу ў Берлін», бомбамі і супербомбамі. Яна цудоўная, гэтая пагодлівая, цёплая восень, нягледзячы на тое, што многім нашым салдатам і сержантам, якім увосень выпадала вярнуцца да мірных заняткаў, прыйдзецца пакуль затрымацца, падзяжурыць ля лакатараў, ля гармат, ля ракетных установак.

Праўда, у халодным, ледзяным ветры, што пранікае да нас з краін ваяўнічага лагера НАТА, пачынаюць выразна адчувацца і іншыя павевы. Нядаўна лейбарысцкі штотыднёвік «Трыбюн» надрукаваў «Пісьмо брытанскаму народу» вядомага пісьменніка Джона Осбарна — «правадыра» літаратурнай групы «сярдзітых маладых людзей». Осбарн у сваім пасланні, надзвычай характэрным для настрояў перадавой часткі англійскай інтэлігенцыі, піша: «Гэтае пісьмо поўнае нянавісці. Яно адрасуецца вам, мае суайчыннікі. Яно адрасуецца тым, хто здрадзіў маёй краіне. Людзям з пальцамі маньякаў, якія штурхаюць у магілу аслепленае, бездапаможнае і прададзенае цела маёй Радзімы. Вы забойцы, і ні пра што іншае, акрамя гэтага, я не магу думаць... Мне толькі хацелася б, каб усе тыя, хто быў дэмакратычна выбраны ў парламент, сапрэлі ў сваіх крэслах у Вестмінстары, а разам з імі, па крайняй меры, сем з дзесяці амерыканцаў... У сваім сэрцы я нашу нож для кожнага з вас, для вас, Макмілан, і асабліва для вас, Гейтскел... Я праклінаю цябе, Англія. Ты ўся прагніла і хутка зусім знікнеш!»

Пісьмо гэтае падтрымалі многія маладыя пісьменнікі Англіі, таварышы Осбарна, але што асабліва цікава, спачувальна аднеслася да яго і такая ваяўнічая газета, як «Дэйлі мэйл», якая раней прыклала нямала намаганняў, каб напаліць адносіны паміж Захадам і Усходам, раздуць, ваенна-тэрмаядзерную гарачку. У перадавым артыкуле, прысвечаным пісьму Осбарна, «Дэйлі мэйл» палічыла разумным заявіць: «Гэта крык чалавека, які павінен абудзіць краіну... Ядзерная палітыка занадта небяспечная, каб і надалей заставацца ў руках цяперашніх дзеячаў. Таму разумныя людзі павінны публічна выступіць, аказаць максімальны націск на ўрад, самі стаць палітыкамі. У рэшце рэшт лёс міру можа вырашыць толькі сам народ».

Той трывожны роздум, які, можа, трохі своеасабліва выказаў сярдзіты англічанін, як відаць, непакоіць цяпер на Захадзе не аднаго яго. Ці ж не гэты роздум адбіўся на выніках работы англійскай лейбарысцкай канферэнцыі ў Блэкпулі, дзе большасць дэлегатаў, насуперак кіраўніцтву партыі, прагаласавала супраць размяшчэння ў Англіі баз амерыканскіх падводных лодак з ракетамі «Паларыс», супраць заходнегерманскіх баз? Зрэшты, новыя абнадзейваючыя ноткі з’явіліся і ў галасах некаторых амерыканскіх палітыкаў, накшталт сенатара Фулбрайта, які ўзначальвае камісію па замежных справах. Новыя ноткі іншы раз улоўліваюцца і ў голасе амерыканскага прэзідэнта, хоць ён пакуль яшчэ занадта прыслухоўваецца да ваяўнічых клічаў састарэлага заходнегерманскага канцлера...

Аднак наш настрой мала залежыць ад прамоў і настрояў тых, хто вершыць палітыку ў тым свеце. Наш настрой вызначаецца перш за ўсё тым, як ідуць справы ў нас. Справы нашы ідуць добра — таму і добры, выдатны настрой. Добрага настрою дадаў нам праект Праграмы Камуністычнай партыі нашай краіны, прасякнуты вялікай верай у шчаслівы заўтрашні дзень, што адкрывае цудоўныя, хвалюючыя сваёй канкрэтнасцю, відавочнасцю, прасторы камуністычнай будучыні. Не толькі сэрцы савецкіх людзей — сэрцы ўсіх працоўных людзей свету прынялі трэцюю Праграму нашай партыі як песню надзеі, песню трыумфу грамадства, дзе не будзе сацыяльнай няроўнасці, прыгнечання, войн, дзе законам жыцця народаў будзе Мір, Праца, Свабода, Роўнасць і Шчасце. Непахіснай упэўненасцю ў перамозе вялікай справы камунізма прасякнуты заключныя словы праекту Праграмы, якія гучаць як клятва партыі народу, чалавецтву:

«Пад выпрабаваным кіраўніцтвам Камуністычнай партыі, пад сцягам марксізма-ленінізма савецкі народ пабудаваў сацыялізм.

Пад кіраўніцтвам партыі, пад сцягам марксізма-ленінізма савецкі народ будуе камуністычнае грамадства.

Партыя ўрачыста абвяшчае: цяперашняе пакаленне савецкіх людзей будзе жыць пры камунізме!»

У гэты дзень, калі ў вестыбюлі новага Крамлёўскага палаца з’ездаў, што ззяе шклом і мармурам, пачнуць сыходзіцца дэлегаты і госці з усяго свету, пачнецца самы значны час нашай восені, нашага года. Увесь свет думкаю будзе ў шырокай, урачыста прыціхлай зале Палаца, калі старшынствуючы аб’явіць аб адкрыцці дваццаць другога з’езда, калі да трыбуны будуць выходзіць дакладчыкі, прамоўцы. Увесь свет будзе слухаць дваццаць другі з’езд.

Ад усяго сэрца поспеху вам, таварышы — дэлегаты партыйнага з’езда!

 

1961


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 159-163
Крыніца: скан