epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Дзённікі, запісныя кніжкі

Бугуруслан. 14 апреля 1943 г.— 6 апреля 1944 г.
1944 г.
1945 год. г. Мінск
29 жніўня 1945 года. Мінск — Ялта
  НА ДРУГІ ФРОНТ (апавяданне)
[1947 год]
[1948 год]
[1956 год]
  ТЭСЕЛІ
  ДАЛЁКІ МАЙ
  ДУМКІ АБ ЛІТАРАТУРЫ
  Аб сучаснасці
[1962 год]
[1963 год]
[1965 год]
[1967 год]
  СУБ’ЕКТЫЎНЫЯ РАЗВАГІ
  МЕЖДУНАРОДНАЯ ВЫСТАВКА КНИГИ.
[1969 год]
[1970 год]
  «ЛЕПШЫЯ ГАДЫ»
[1971 год]
[1973 год]
[1974—1976 гг.]
[1976 год]
  МАЛЕНСТВА Ў ГЛІНІШЧАХ (Сентыментальнае падарожжа пажылога чалавека)


 

 

Бугуруслан. 14 апреля 1943 г.— 6 апреля 1944 г.

 

<...>

172. Чалавек, які любіць паспрачацца, а пасля заўсёды ўступіць. Паспрачацца перад тым, як згадзіцца, яго патрэба.

<...>

197. Людзі прайшлі міннае поле, не ведаючы пра гэта. Калі ім сказалі, якая небяспека выпадкова абмінула іх, яны ўсхваляваліся, успацелі, нібы яно было яшчэ ўперадзе.

198. Маці ў першы дзень вызвалення чакае свайго сына. Чакае. Шукае. Яго няма. Уся Расія здаецца ідзе праз вёску, а яго аднаго няма.

205. На вуліцы — вясна. Верная прымета — возяць лёд. Па вуліцы, залітай сонцам і вадою, возяць на санях тоўстыя квадраты зялёнага лёду. На крышах стаяць людзі — счышчаюць снег. Глыбы снега спаўзаюць з крыш і з шумам рушацца на тратуары, завальваюць праход.

206. Добрая палова студэнтаў хварэе дэмагогіяй. На сходах — высокія прамовы, пасля іх — страшэнная безадказнасць, забываюцца прамовы. Вельмі многа ёсць такіх, што любяць лаяць другіх, а самі ніколі нічога не робяць. Пры першым знаёмстве яны астаўляюць прыемнае ўражанне, якое пасля расплываецца, як дым.

208. Дзяўчына першы раз у Вялікім тэатры. Уважліва прыглядаецца да ўсяго, заўважае, баіцца што-небудзь абмінуць, каб напісаць сяброўкам пра ўсё, нічога не забыць.

213. У мяне гадзіннік — вельмі точны — і таму я спазняюся часта на цягнік. Я спадзяюся на яго, размяркоўваю час да хвілін. У шляху часта затрымкі. Я ніколі не прыходжу загадзя, а за хвіліну да адыхода цягніка або праз хвіліну пасля адыхода.

 

1944 г.

7 апреля 1944 г.

1. Шаўчэнка. Прыгожы — чорная акуратная бародка. Рукі, гавораць, красівыя, і ён іх праз гэта заўсёды трымае перад сабою, пальцы ў пальцы. Добра адзяваецца, з густам. Сочыць за сваім знешнім выглядам. Мова — падкрэслена вучоная, літаратурная, нібы з друкаванай работы. У размове таксама імкнецца к знешняй прыгажосці. Гаворыць з ленінградскім акцэнтам, хаця сам аднекуль з Паўночнага Каўказа. Часта любіць успамінаць пра Брусава. «Меў шчасце вучыцца пад яго кіраўніцтвам». У дысертацыі таксама гаварыў, што тэма яе навеяна добрай памяццю незабываемага Валерыя Якаўлевіча Брусава, з якім аўтар меў шчасце працаваць у N горадзе. У яго — знешняя, кідаючаяся ў вочы прыгажосць. Пра яго Бараг сказаў вельмі ўдала, што Шаўчэнка робіць выгляд, што даказвае, дзе нечага даказаць. Веды яго неглыбокія, сам ён не глыбокі, толькі знешне выдзяляецца. У яго ёсць харошая пішучая машынка. На ёй ён (вучоны сакратар універсітэта) сам друкуе павесткі членам вучонага савета. Прыгожа і чотка. І ў канцы: па даручэнню рэктара універсітэта Савіцкага вучоны сакратар В. І. Шаўчэнка. Усё так абавязкова, салідна. Адказ на таварыскія пісьмы таксама друкуе на машынцы. Ва універсітэце ён працуе па знешніх зносінах — дагаварваецца з маскоўскімі артыстамі, вядзе справы з камітэтам высшай школы, выконвае роль нейкага універсітэцкага дыпламата. З гэтым спраўляецца вельмі добра, яму даручаюць заўсёды.

 

2. Каган. Нечым напамінае П’ера Безухава — і акуляры, і такое ж добрае сэрца і рассеянасць. Толькі то быў граф, а гэта студэнт і таму худы. Л. Каган носіць старыя абшарпаныя, мятыя штаны і заўсёды адну і тую ж куртку. Работае ў прафкоме. Самая крапатлівая работа; ён па цэлых днях сядзеў ва універсітэце, зусім закінуў вучобу. Работа ішла дрэнна — перашкаджала яго дабрата і асабліва рассеянасць, расплыўчатасць, але работаў чэсна, старанна. У яго ніколі не было ўліку таго, хто паехаў, а хто не ездзіў па даручэнню, і ніяк не маглі ад яго дабіцца наладжанага ўліку. Часта губляў спіскі праз рассеянасць. Яго любяць — адны за тое, што ён мяккі, добры, пашкадуе, пойдзе насустрач, другія за тое, што ён не прыдзіраецца за тое, што не паехалі на работу. З-за рассеянасці згубіў хлебную картку. Студэнты сабраліся, купілі яму, любілі. У сталовай палажыў пашпарт, мы ўзялі і схавалі. Прыйшоў Лёва дадому і ўсю кватэру перарыў. Прыходзім, а ён сядзіць і плача (гэта было зразу ж пасля таго, як згубіў картку). Не мог перамагці сябе. Любіць дзяцей і з нежнасцю расказвае пра іх (як дзяўчынка наліла вады, насыпала попелу, размазала ўсё на падлозе, а маме гаварыла, што яна хацела памыць). Ад расплыўчатасці не глядзіць і за сабой. Ходзіць увесь час у адным касцюме, нячыстым, у цёмнай рубашцы і гразных бацінках. Нябрыты. Часта спазняецца на заняткі. Таму што марудна збіраецца. Адзяваецца, седзячы на ложку, не спускаючы ног з яго, нацягвае чулкі. Спазніўся ў МХАТ. Доўга адзяваўся, брыўся, прыбраўся і разачараваны вярнуўся назад — спазніўся на цягнік. Ноччу, лежачы на ложку, чытае, засынае з кнігай, забывае выключыць свет. Часта забывае зняць, лажучыся спаць, акуляры. Спіць у акулярах. Часта, калі цёмна, наадварот, забывае адзець іх і без акуляраў па цёмнай вуліцы бяжыць на заняткі. Увайшоўшы ў светлы карыдор, успамінае пра іх, бо нічога не бачыць. Звяртаецца дамоў. Непрактычны. Усе грошы, што прысылае бацька, расходзяцца на базарныя дробязі, а затым месяц сядзіць без снядання і вячэры. Парваліся бацінкі. Ён не мог аддаць у рамонт, а замест гэтага кожны дзень прышываў падошву і ўсё пытаў, ці вытрымае на дзень. Любіць кнігі. Многа чытае, развіты. У машыне, едучы ў лес за дровамі, з шафёрам рашае задачу, і са шчырым задавальненнем хваліцца мне, што яна так доўга не давалася. Аднак экзамены здае не заўсёды добра. Мала рыхтуецца, не можа сабрацца. Часта ідзе на «авось». Таксама не можа адарвацца ад пачатай кнігі і на экзамены ідзе яе дачытваць. Калі людзі не паехалі на работу, якіх ён паслаў, сам паехаў. Гэта яму прыемней. Бацька, па яго словах, вельмі непадобны да яго. Практычны, дзелавы. Калі эвакуіраваліся, ён брыўся кожны дзень, седзячы дзе-небудзь на беражку ракі і паглядаючы ў ваду, як у люстра. Майстар на ўсе рукі.

 

3. Б.— праз меру «практычны»! Ва універсітэце не была гатова сталовая, бібліятэка. Ён, не трацячы часу, зразу заключыў дагавор з рэктарам, прычым выламаў, карыстаючыся абставінамі, больш, чым варта была работа. Скалаціў брыгаду. Па начам працавалі. Ён выдаваў грошы, дзяліў на разрады. Каган атрымліваў у два разы меншую стаўку, як чалавек не маючы дастатковай кваліфікацыі. Б. хваліўся, што лоўка абдурыў рэктара. Ініцыятыва прападала адразу, калі трэба было рабіць без грошай. На вучобу ён прыехаў з мяшком крупы і ні аднаго стакана не аддаў таварышам. Вельмі акуратны. На заняткі ідзе, адэкалоніцца. Запрасіў аднойчы на пляшку гарэлкі. Пачаў дагаварвацца, той, каго запрасіў, павінен уплаціць палову кошту бутылкі, другую палову ён бярэ на сябе. Сухі, не захапляецца нічым. Кніг не любіць, шкадуе капейкі на іх. Неразвіты, гаворыць нібы вясковы хлопец, з дыялектам. Успамінае, як хадзіў па сялу з гармонікам, як усе дзяўчаты запрашалі да сябе. Хваліўся, што многа заработваў у такія дні. Пальцы балелі. Нежна любіць маці, часта ёй піша. На кватэры таксама спрабаваў дагаварыцца — калі каму насіць ваду.

 

4. С. працаваў агентам па снабжэнню, але рабіў столькі шуму, што можна было думаць, што ён у нас самы галоўны. Крычаў, шумеў, загадваў. Скора разгадалі, пачалі смяяцца з яго. Студэнты. Не слухалі. Ён згубіў аўтарытэт. Акрамя таго, ён добраахвотна працаваў у [нрб], правяраў білеты ў загоне. Усе смяяліся пасля гэтага. Потым гаварылі, што ён заспрачаўся з нейкім маёрам і не дапусціў таго ў вагон. Маёр падпарадкаваўся смеласці такой — хто яго ведае, што гэта на чыгуначнай за начальнік. Ва ўстановах таксама яму першы раз верылі, так шпарка рашаў, так ахвотна абяцаў і ніколі не выконваў. Ва ўстановах не давяралі, але там, дзе трэба было, ён неяк дабіваўся. У наркаматах, па яго запэўненню, яго выганялі ў адны дзверы, ён лез у другі кабінет і ўсё-такі дабіваўся. Калі не хацеў што рабіць, прыкідваўся хворым. Яму ніхто не верыў, смяяліся ў вочы. Ён не абіжаўся. Хадзіў заўсёды ў ваеннай форме, хаця ў арміі ніколі не быў. На грудзях — вялікі, падобны да ордэна значок зіхацеў. Бегаў, не хадзіў. Шпаркі.

Не буду гаварыць аб недахопах, не буду блох лічыць.

 

Лобан — «прынцыповы» чалавек. Усе ў тэрмін здалі экзамены, а ён рыхтуецца. Пытаюць — яшчэ не падрыхтаваў. І ўсё сядзіць. Здае пасля ўсіх. Ідзе без усякіх паперак на экзамен. Адказвае грунтоўна. Заўсёды пасля ўсіх — студэнты жартуюць над гэтым, але паважаюць.

 

Федзя ходзіць на кастылях. Ніхто ніколі не бачыў яго самотным, заўсёды вясёлы, жартуе. Яго любяць.

 

Старыкі амаль заўсёды варчаць, нездаволена. У нашай літаратуры амаль заўсёды наадварот паказваюць вясёлых старычкоў. Фінікаў — гаспадар кватэры, усё бурчыць — то моцна стукаюць дзвярмі, то памыі не вынеслі ў час, то ваду пад умывальнікам разлілі. Калі паявіўся на кватэры Зубец-стары, ён накінуўся на яго і патрабаваў, каб ён зараз жа выбіраўся і шукаў сабе іншае месца. Ледзь удалося ўгаманіць яго, заступіцца за ціхага нясмелага старыка. А пасля здружыліся і ўдваіх бурчалі на нас. Зубец нават болей.

 

Дзяўчына спалохана закрычала: «Ой!» — і пабялела. «Што такое?» — прыбеглі ўстрывожаныя таварышкі.— «Казяўка!»

 

Апошні дзень у Мінску. Чуткі пра тое, што немцы каля Мінска, што паймалі ракетчыка. Пра становішча чуткі самыя розныя, не зразумець, дзе праўда. Бамбёжкі без перапынку. Сціхла, два студэнты забеглі ў сталовую. Зноў налёт. Буфетчыцы і повар уцяклі. Студэнты гаспадарнічалі самі, пакуль кругом грымела. Піва і адбіўныя. На развітанне хацелі забегці ў інтэрнат за чамаданам. Калі падымаліся па лесніцы, бомба папала ў памяшканне, паваліў дым. Яны звярнуліся. Залезлі ў падвал, прасядзелі да вечара. Вечарам гарэлі пажары, як і днём. Па палаючых вуліцах праз дым і галузы прайшлі за горад. Адзін быў у белай сарочцы, другі ў пінжаку з прапаленымі дзіркамі. Калі яны выходзілі, усё яшчэ бамбілі. Каля Дома Чырвонай Арміі хадзіў спакойна ў задуменні генерал, і яны здзівіліся яго спакою. Потым, калі яны збіраліся перабегчы вуліцу, пачуўся свіст бомбы. Яны ўпалі, прыціснуліся да асфальту. Блізкі выбух, каменне, крык. На скрыжаванні спакойна стаяў міліцыянер. Ён падняў палачку, і некалькі машын пранеслася на захад. За горадам яны азірнуліся. Горад курэў. Ім было незразумела, як там яшчэ трымаюцца людзі ў горадзе. Самім не хацелася верыць, што столькі змаглі перацярпець за дзень. Яны ішлі па сцежцы каля дарогі. За людзьмі і машынамі ганяліся нямецкія самалёты. Бамбілі. Студэнты хаваліся ў канаве прыдарожнай.

У Смаленску аб’явілі трывогу. Яны нікуды не ўцякалі. Ім вельмі хацелася спаць. Праз сон даносіліся выбухі бомб.

 

Дзяўчына з вострым языком — перац. Смяецца над хлопцамі. Ёй трэба моцны, мацнейшы за яе, каб узяў і не выпусціў, не зважаючы ні на лаянку, ні на царапіны. Тады яна заспакоіцца і здасца сіле, злуючыся на сябе.

 

Мілы друг.

Марыя Іванаўна. Лжывасць яе натуры. Яна са слязамі на вачах чытае Міцкевіча і ўздыхае: «Ах, як гэта дзівосна! Ах, як прыгожа!» Са слязамі можа на памяць дэкламаваць звычайныя вершы, каб падкрэсліць сваю чуллівасць. Пасля гэтая чуллівая жанчына ўводзіла ў слёзы студэнтаў несправядліва за адно няправільна сказанае слова. [нрб] некалькі разоў адпраўляла дамоў, хоць тая і не горш іншых ведала. Без жалю, без спачування. Маленькая, рухлівая. Усё бегае і ахае. Любімы зварот: «Мілы друг». Вежлівасць. За гэта яшчэ больш не любілі.

 

Маці: Не заспакойвай. Я і сама веру, што ён прыйдзе. Ён не загінуў. Калі б мне і сказалі, што ён загінуў, усё роўна не паверу, што яго няма. Ён у мяне ў сэрцы жывы, пакуль я жыву. Калі і пройдзе час, усё буду верыць і чакаць. Такія мы маткі.

 

Для апавяданняў: на Беразіне (разгром немцаў на пераправе); партызаны занялі горад; канец Курта Клозе.

 

Захапілі падпальшчыкаў-немцаў пры адступленні.

 

У кожнага пісьменніка — вялікая ідэя. Наша вялікая ідэя — Беларусь, беларускі народ, інтэлігенцыя. За яе мы павінны змагацца, берагчы іх і расціць.

(К. Чорны)

 

Добры чалавек: 1) хоча здавацца суровым, 2) праз меру лаецца, 3) перад люстрам хмурыцца, 4) крычыць сярдзіта, 5) з жонкай між людзей сур’ёзны. Але ўсё сімпатычна.

 

Чалавек, які ўсе недахопы заўважае. Талент проста такі.

 

Шляпа Шэнкермана. Ён працаваў у бальніцы. Бываў вельмі рэдка і то тады, калі прыходзіў выкладаць. За сталом дырэктара бібліятэкі самога дырэктара не было, але шляпа вісела на цвіку. Значыць, дырэктар тут. Дырэктара бачылі рэдка, а шляпу часцей.

 

Праз год пасля фронту чалавек пачаў маладзець, усміхацца юнацкі, беззаботна, весела, беспрычынна. Ён часта хацеў быць сталым як раней, але юнацтва брала сваё.

 

Маладыя людзі вельмі часта адчуваюць жаданне вылажыць душу. Пакуль не вылажаць, адчуваюць нейкі назойлівы цяжар, яны шукаюць слухача, і калі бывае хвіліна, то з жарам і шчырасцю ўсё выкладаюць. Гэта хвалюючыя цікавыя мінуты.

 

Усе сапраўдныя памяшканні ад артабстрэлу, і бамбёжак, і мін разбурыліся. Іронія лёсу заставіла побач з імі маленькія дрэнныя баракі, пабудаваныя немцамі ў час вайны. Жылі ў іх.

 

Вельмі многія ўходзілі ў партызаны ў апошнія месяцы перад вызваленнем Чырвонай Арміі. Частка ішла для таго, што, адчуваючы набліжэнне суда, спрабавала замаліць грахі. Іх расстрэльвалі партызаны, як здраднікаў. Другім удавалася.

 

Дзяўчына не хоча любіць, але не можа ўтрымацца. Непераможнае ўлячэнне. Здзекваецца над сабою, моцна кахае.

 

Хітры чалавек часта любіць гаварыць: «Паслухай маю дурную галаву». Разумны.

 

Спачатку раненых сустракалі з кветкамі, хадзілі паглядзець на жывога раненага. Асабліва ў тыле далёкім — Іркуцку і т. п.

 

Забыты ранены. Калі ранілі, згубіў прытомнасць. Пасля вярнулася сазнанне, ён замёрз. Была глыбокая восень. Ляжаў у нязжатым жыце. Прыпоўз у сяло, з трывогай слухаў. Не было нікога, толькі сляды нядаўняга бою. Разбітыя хаты. Ні аднаго жыхара. Жывая кошка. Паміж перадавымі краямі. Некалькі выбухаў мін. Прыўзняўся. Стрэл нямецкага снайпера. Наш стрэл побач. Ён маўчаў, баяўся памыліцца. Папоўз, стаміўся. Бачыў, як снайпер наш звяртаўся дамоў. Было позна клікаць. Пад вечар прапоўз далей. Вечарам нашы занялі хутарок. Ён прыпоўз назад у хутарок. Санітары падабралі.

 

Вучоны-хімік застаўся на акупаванай тэрыторыі. Каб жыць, пачаў рабіць мыла.

 

Партызан-разведчык у занятым партызанамі сяле жэніцца. Вяселле, як ніколі.

 

Старасце на новы год прыслалі пасылку з Германіі. Ён закрыўся ў кабінеце і адкрыў. Калі пачаў разрываць абвёртку, пасылка ўзарвалася. У яе партызаны палажылі міну. Стараста загінуў. У пасылцы запіска.

 

П’яны Ш. захацеў сказаць тост. Падвыпіўшыя студэнткі не хацелі слухаць, рагаталі. Ён папрасіў супакоіцца, тыя не змоўклі. Тады Ш. устаў на стол і працягнуў руку. Яго паслухалі. Звярнулі ўвагу.

 

Партызаны ў нямецкай форме прыехалі на машыне к старасце. Усё выпыталі. Пасля лаялі ад імя немцаў, пасадзілі ў машыну і павезлі. Расстралялі за сялом. Прыехалі немцы, і тады людзі ўзналі, што тыя былі партызанамі. А раней усё здзіўляліся, што самі немцы знішчылі такога сабаку.

 

На дарогах — мяшочнікі. Пакуль поезд стаіць — ціха, ледзь крануўся — усе бягуць к вагонам, забіраюцца ў тамбур, на вагон. Міліцыя ганяе на кожнай станцыі.

 

Нетанцуючы, які, стоячы каля сценкі, здзекваецца над танцорамі, прамывае костачкі ўсім.

 

Чалавек, які ўсё аб’ясняе — карціны, выпадкі, гістарычныя з’явы (жанчыне). Нудны, неглыбокі, усё павярхоўна ведае, легкадумны.

 

Ларчанка ругае. Ён не можа не смяяцца. Таму смяюцца і тыя, каго ён ругае. Увайшоў у рэктарскую:

— Што вы рабілі?

— Ругаў.

 

Г. хваліцца сваімі вершамі. Усё, што на розуме, тое і на языку — усё начыстую. Усе планы адкрывае. Ва ўсім упэўнены, ні аб чым асабліва не турбуецца — усё ў яго руках, варта толькі захацець. Трымаецца спачатку важна, а пасля сказваецца маладосць. Ён часта схватваецца, стараецца зрабіцца сур’ёзным.

 

Старуха — 22 няшчасці. Увесь час ахае і да ўсіх прыстае з расказамі пра свае шматлікія хваробы. Наракае. Працуе старожкай, усім надаела, усе яе пазбягаюць.

 

Немцы на вуліцах Масквы — 17 жніўня. Міма Сходні праязджалі эшалоны. Запыленыя, худыя паглядалі з вагонаў немцы. Людзі беглі паглядзець.

 

Танкісты адступалі па варожым тылам. Зіма, лютыя марозы. На ноч адваёўвалі нечаканым налётам палову вёскі ў немцаў або ўсю, выстаўлялі варту, а самі адпачывалі і грэліся. Раніцай ішлі далей.

 

Раненыя, стаміўшыся, абяссілеўшы, заначавалі ў сяле. Зайшлі ў хлеў і заснулі. На раніцу прыйшлі ў хлеў немцы. Адзін прачнуўся першы ад гукаў нямецкай размовы, замёр. Немцы ўвайшлі і скамандавалі: «Рукі ўгору!» Ён падняў. Тым часам прачнуўся другі — ззаду яго, схапіў аўтамат і пусціў чаргу ў немцаў. Палажыў іх. Яны адразу кінуліся ў агарод, пакуль не спахваціліся немцы. Ляжалі, не маглі ісці, а ў сяле іх шукалі.

 

Расставанне з Вовам, які ўязджае ў армію. Яна сумуе, а ён смяецца. «Не смейся! — крычыць яна.— Вот хочаш — заплачу». Яна, злуючыся на сябе, заплакала, а ён здзекваўся. У дарозе ён засумаваў, некалькі дзён усё ляжаў на верхняй полцы і ні з кім не перамовіўся ні адным словам.

 

Пасля расставання. Змучаная і абяссіленая, яна звярнулася дадому, з пачуццём пустаты, заснула. Гадзіны праз тры прачнулася — перад вечарам. Яна адпачнула, і цяпер гора лягло з усёй цяжкасцю. Упершыню пасля расстання яна адчула, як многа яна згубіла. Пачуццё адзіноты. Усё напамінала пра яго. Кожная рэч гаварыла пра яго, разрываючы яе сэрца горам. Яна зарыдала раптам і кінулася на пасцель галавою ў падушку. Уперадзе была ноч. Пачуццё адзіноты. Усю ноч не спала, плакала. Ранкам устала — пахудзела, пастарэла на многа год.

 

З Мінска выязджалі праз палаючыя вуліцы. Па некаторых вуліцах нельга было выехаць, і яны звярталіся, ехалі на другія. Нарэшце пасля загаду закрыць твары хусткамі шафёр павёў машыну на ўсім хаду ў агонь. Праскочылі. Яшчэ раз прыйшлося праскокваць. Урэшце выбраліся з горада.

 

Пасля разлукі пачуццё пустаты. Усюды адчуваецца няхватка таго, каго мы згубілі. Ніхто не можа яго загубіць, усе здаюцца нікчэмнымі ў параўнанні з ім. Сярод людзей адчуваеш адзінокім.

 

Чамаданны настрой. Складзены рэчы, яшчэ не ўсё падрыхтавана, чакаю дня выезду. А сэрца і думкі ўжо даўно ў дарозе, будуе мары, ляціць.

 

Перад боем нервовы, запальчывы чалавек, у баі знаходзіць сябе — халодны, спакойны, стрыманы.

 

Нехта з партызан крыкнуў: «Танкі ўперадзе!»

Партызаны рассыпаліся па лесе, чакалі. Трывожныя мінуты чакання. Хлопец-камандзір камандаваў сваім:

— Трымацца мяне! Слухаць мяне! Падрыхтаваць гранаты! Не палохацца!

Потым аказалася, што нічога не было. Проста паніка.

 

Душа-хлопец, падобны на Наздрова (Ліванава). З усімі на «ты», бесцырымонны, усіх нават незнаёмых абдымае, гатовы расцалаваць. Лёгка можа разругацца, змяшаць «друга» з зямлёй.

 

Сяляне ў рэчах перш за ўсё бачаць практычную прыгоднасць. Таму іх сталы не вельмі прыгожыя, але затое моцныя. Так і з хатай і з усім. На рэчы затрачваецца толькі самая неабходная частка працы. (Здаецца, недзе чытаў такую ж думку). Жанчына таксама цэніцца, як працаўнік. З ранніх год прывучаюць яе к гэтай думцы. Яе вучаць варыць, прасці, мыць і ўсяму таму, што патрабуецца ад жанчыны ў гаспадарцы.

 

Партызан — дзед з барадой.

 

Калі адступалі па Магілёўскім шасе, прафесар убачыў упершыню Беларусь ва ўсёй прыгажосці. Ён сам быў зачарованы ёю. Пасля вайны пакляўся яшчэ раз пабываць у гэтых месцах і надыхацца ўволю. Цяпер не мог, перашкаджалі думкі пра немцаў і тое, што трэба было спяшацца. Ён ішоў пешша.

 

Пакідаючы дом, думалі вярнуцца пасля бамбёжкі. У думках не было, што расстаюцца надоўга. Калі сын сказаў: «А можа, нам не прыйдзецца болей звярнуцца»,— маці паругала яго. Аставілі ўсё. Дзверы замкнулі, каб ніхто не зайшоў. Вярнуцца не прыйшлося.— Вярнуліся праз тры гады. Дома ўжо не было, толькі куча цаглін.

 

Прафесар Н. вельмі любіў гаварыць. Размовы самыя разнастайныя — ад сваей біялогіі да атаварвання літэрных картак. «Знаеце, прыхожу я ў літэрны магазін, пытаю...» Вельмі добры, яго любяць. Калі сустракаюцца прафесар Н. з прафесарам Набокавым, размова ідзе доўгі час і ажыўлена.

 

Набокаў вазіў з сабою ў сумцы складны стульчык у прыгарадным вагоне. Калі месцаў не было, ён разгортваў свой стульчык і садзіўся — слабыя ногі. Праз плечы разам з сумкай раменьчык з тэрмасам — заўсёды перавараная вада. На лекцыях вельмі захапляўся, перапынкаў не заўважаў і добра калі схамянецца, зробіць перапынак пасля дзвюх лекцый. Чытаў без усякіх запісак, без кніг.

 

Чалавек, які заўсёды і ўсюды спазняецца.

 

Н. усюды спяшаецца. Няма ніколі свабоднай хвілінкі. Часта нябрыты, усюды носіцца са справамі. Да 40 год не найшоў часу жаніцца. Жыве халасцяком.

 

Чалавек, які не можа сядзець без справы. Заўсёды што-небудзь робіць. На ўвесь узвод робіць партсігары, мундштукі. Пажылы. Прывычка — быў столерам у калгасе ці ў арцелі ў горадзе — не можа інакш.

 

Масква аглушае вясковага чалавека. Адчуванне разгубленасці ў гэтым моры людзей. Галава баліць ад грому трамваяў. Нервы нацягнуты, стомлены, кожную [хвіліну] аглядайся і бойся. Да ўсяго — вечная чарга ўсюды, нават за вадой. Не спадабалася. Ён быў здзіўлены яе прыгажосцю, багаццем, шматлікасцю магазінаў і кіно, такой колькасцю машын і трамваяў.

 

Стоража за тое, што ён заўсёды гаварыў «не маю права» — быў строгі і пунктуальны — студэнты называлі «не маю права», замест прозвішча.

— Хто не дае?

— «Не маю права».

— А! Ну нічога не паробіш. І не дасць.

 

Бомба адарвала вугал дома. З унутранай сцяны над абломкам падлогі на ніжняй завесцы віселі дзверы, і на іх надпіс: «Кабінет методыкі». На абломку падлогі вырасла трава.

 

У дарозе шпарка знаёмяцца, людзі нейкія бадзёрыя, ажыўленыя. Шпарка знаёмяцца і скора забываюць. Жанчына (Ліля) ехала з Людкай. Найшліся «мамы», «папы», нават жаніхі. Няньчыліся, жартавалі. На станцыі, пакуль стаяў цягнік, дапамаглі вынесці рэчы.

 

Дзед не хацеў плаціць 1 р. 30 к. за паездку ў прыгарадным цягніку. Ехаць без білета ён не хацеў з-за павагі да сябе. Хадзіў пешша. Ён не быў скупым, прывычка. Грошы прывык цаніць вышэй сваёй працы. З працай не лічыўся ніколі (сколькі ён перавярнуў яе за сваё жыццё!), а з грашамі прыходзілася лічыцца вельмі часта і берагчы іх.

 

Стораж у Хімкінскім гаркоме партыі. Стары рабочы, падпольшчык, быў на катарзе. Сакратара ЧК вельмі паважае, так, як цяпер не могуць. Усю гісторыю партыі на ўласных прыкладах перадаць можа. Разгаворышся, многа цікавага раскажа. Але на гэта трэба выклікаць, звычайна. Дзелавы, строгі і ветлівы.

— Вам к каму?

— На бюро.

— Пачакайце тут, скора пачнецца.

Пажылы.

 

Немцы баяліся хадзіць праз вуліцу, пераходзіць з упраўлення на кватэру. Зрабілі падземны ход — так надзейней. Вокны замураваны цэглай, зроблены байніцы. Калючы дрот.

 

Бацька ехаў у Алексіцкі млын у дзень нападу эсэсаўцаў. Каля кабылы, выбрыкваючы, бег лашачок. Уехаўшы ў вёску, бацька здзіўлены спыніўся — па вёсцы стралялі снарадамі. Лашачок захроп, раздуў ноздры і, падняўшы хвост, пачаў трывожна бегаць вакол маці. Пасля пачулася страляніна на сярэдзіне вёскі, пабеглі плачучыя жанчыны. Бацька завярнуў назад і на ўсю сілу хляснуў кабылу. Яна рванулася, а лашачок нёсся ўперадзе з храпам. Разам з бацькам выратавалася жанчына, ён яе ўзяў на воз з дзіцем.

 

Блізнец з часцямі Чырвонай Арміі ўвайшоў у сваё сяло. Спытаў пра жонку і дзяцей. Ніхто не адказаў, гаварылі, што яна пераехала ў другую вёску. Ён перабраўся ў тую вёску. Калі перадавыя часці занялі, і там яму сказалі, што сям’я ўжо два гады як загінула. Хлопчыка спалілі, а жонку расстралялі. Закапалі за хлявом, бо немцы не дазволілі хараніць. Ён раскапаў магілу — жонка ляжала нібы жывая, час збярог яе. Доўга ён у горы сядзеў перад ёй. Потым перанёс на могілкі і там схараніў, сам капаў яму, сам захаваў. Нікога не засталося. Ад хлопчыка захавалі толькі мяшочак попелу — сабрала бабуля чужая.

 

Па шляху ехалі немцы. Дзеці, убачыўшы нямецкія машыны, спалохаліся, кінуліся на коней і ўцякаць. Машыны, заўважыўшы ўцекачоў, спыніліся і адкрылі па ім агонь. Аднаго хлопчыка забілі, а двум іншым удалося ўцячы. Немцы пачалі страляць запальвальнымі кулямі па сяле і спалілі палову хат.

 

Чалавек выпадкова напароўся на міну. Раніўся.

 

Тыталь наводзіў страх на ўсё сяло. «Кончылася цяпер ваша панства. Нямецкая ўлада нам дала правы. Я табе прыпомню!» — гаварыў ён бацьку. Брыгадзіру, які яго часта ругаў за ленасць і халатнасць, таксама пагражаў. Уся вёска чакала, што ён наробіць. Даведаўся, што бацька і яшчэ некаторыя дапамагаюць партызанам, пагразіў, што паведаміць немцам. Але партызан папярэдзілі раней. Ноччу да яго прыйшлі. Яго не было. Пачакалі і ўжо сабіраліся ісці назад, калі ўбачылі яго з бацькам яго. Увайшоў у хату, партызаны за ім. Спакойна загадалі збірацца. Дарогай ён прасіўся, плакаў. Завялі на могілкі і там прыкончылі ўдвух. Сяло з палёгкай уздыхнула. Паліцыя нічога не магла найсці.

 

Раніцай прыйшоў Бельскі. Пастукаў ціха, спыталі — хто, адчыніла. Абняліся, пацалаваліся. Усталі дзеці — Бельскі, Бельскі! Расказаў пра сваё жыццё, распытаў пра сяло. Трэба перадняваць у сяле. Атрад разбіты, ён сам прагаладаўся. Трэба расціць атрад. Накармілі. Прапанавалі ў спальню, адмовіўся. Палез на чардак. Туды прыносілі есці, прыходзіла Юля. Усё сяло ў той жа дзень ведала пра тое, што Бельскі на чардаку, і пыталі — ці праўда. Бацька злаваўся, а аднаго нават пабіў за паклёп, так што людзі ледзь разнялі. Верылі і не верылі. Ноччу Бельскі пайшоў у лес. З прадуктамі.

 

Калі прыйшлі немцы, бацька ўзяў кабылу. Некалі гадоў дзесяць назад яе абагулілі ў Сафрона. Цяпер ён прыстаў да бацькі — аддай!

— Чаму аддай?

— Яна мая.

— Якая ж яна твая, калі яе яшчэ ў 31 годзе абагулілі ў калгас. Яна калгасная, а не твая.

Счапіліся. Адабраць яму не ўдалося. Напісаў на бацьку бургамістру.

 

Партызан служыць паліцэйскім. Ледзь не забілі партызаны памылкова. Пакуль раз’яснілася справа, пабілі добра. Рабіў вялікую работу, разведчык.

 

Работа ў полі. Выязджалі ўсёй гаспадаркай: дзеці, конь, карова, рэчы дамашнія. Дзеці вартуюць, як толькі паказваецца пыл на дарозе, паведамляюць, бацькі ў кусты. А гаспадарка ўвесь час у кустах. Свінка ніяк не хацела аставацца адна. Яна вельмі дружыла з каровай. Аставяць яе, а яна прыбяжыць і, рохкаючы, бегае, шукае карову. Знойдзе і не адыходзіць ад яе. І ў лес, і ўсюды, нібы сабака бегла. Збераглася ад немцаў.

 

У Глінішчах стаяў танкавы батальён немцаў. Атрымалі танкі, на нейкае свята прыехаў начальнік — быў парад. Паехалі на фронт. Праз некалькі дзён звярнуліся — эшалон пусцілі пад адкос, а людзей, якія ўцалелі, дабілі партызанскія кулі. Уцалела некалькі чалавек. Звярнуліся чорныя, гразныя. Пахавалі астаткі трох забітых афіцэраў, што знайшлі. Былі яны накрыты матэрыяй, ніхто не бачыў твару. Захавалі каля могілак...

 

На дарозе. Падняў руку — машына, не спыняючыся, праехала. Ён падняў пляшку з гарэлкай — стоп! Давай пляшку, садзіся.

 

Росцік: перад немцамі, перакінуўшы палку праз плячо («мамамат») крычыць: «Я — ціцізан!» (Партызан). «Пу! Пух! Пух!» — накіроўвае «мамамат» на немцаў. Маці самлела. Хаваюць яго далей ад немцаў.

Любіць вінтоўкі, носіцца з імі. Патроны збірае.

 

Хварэла тыфам. Кашмарныя прывіды. Прыйшоў муж дадому — не пазнала, не радуецца. Ён пастаяў каля яе, паклікаў, спытаў — ці пазнае. Ты — алексіцкі каваль! Праз дзень у хвіліну палёгкі — пазнала, усміхнулася ледзь-ледзь, прашаптала: «Грыша!» Усмешка так застыла. Потым зноў нічога не памятала. Прыйшла ў сябе, узрадвалася. Усё было радасна. На дварэ вясна. Расцвітала груша. Ясныя дні. Высокае сіняе неба. Як хораша жыць! Да ўсяго хацелася дакрануцца, паспытаць.

 

Маша. Кожную ноч прыходзілі партызаны. Ніхто не гнаў такой моцнай гарэлкі. Яна давала хлеб, малако. Расказвала вясковыя навіны. Прыходзілі паліцэйскія, выпытвалі. Яна іх паіла і запэўняла, што нічога не ведае, што сільна баіцца немцаў — не дай бог чаго. Адзін раз паліцэйскія прыйшлі і хацелі пабіць, яе не было. Збілі чалавека — столяра-брадзягу, які лажыў падлогу. Ён захварэў і чуць не памёр.

 

Пасля трагедыі ў Алексічах было многа раненых дзяцей у агародах, у жыце.

 

У Алексічах. Немец убег у хату, аглянуўся, убачыў хлопчыка каля печкі. Зняў гранату, вырваў шнур і спакойна кінуў. Выбег з хаты. Хлапчук кінуўся за печку. Граната ўзарвала печку. Ён упаў, засыпаны каменьчыкамі і каменнямі. Хату запаліла. Ён ачнуўся і выпаўз з палаючай хаты ў агарод у гарбузы і схаваўся. Перачакаў.

 

Жанчына, калі фронт быў у Алексічах, чула, як вязлі раненага ў жывот. Гразь замерзла, храпа, павозка стукае, грыміць.

— Ну, ты цішэй, ты цішэй, усё нутро адрываецца. Ой! Не магу,— і зноў спакойней.— Ну, асцярожней. Няўжо ў цябе няма сэрца. Зразумей, што трэба цішэй.

 

Яна ўспомніла пра свайго сына, які недзе на фронце, і вельмі перажывала. Той баец памёр, пасля расказалі ёй.

 

Калі ішла страляніна ў Алексічах, Адаму (ён ехаў з возам сена) гаварылі, што туды ехаць небяспечна. Ён не паслухаў, паехаў, каб у выпадку чаго выратаваць што. Прыехаў у разгар бойкі. Спыніў каня, прывязаў лейцы к возу. Немец прыбег і забіў на месцы.

 

Паліцэйскі хацеў украсці патэфон. Прыйшоў да жанчыны:

— Аддай Касабуцкага патэфон.

— Які ж Касабуцкага. Няма ў мяне яго.

— А гэта чый? Можа, не яго. Партызанская шпіёнка.

— Што крычыш! Хочаш узяць, граб, так і скажы. Бяры, бандыт.

 

П’яніца Хведар. Работаў бургамістрам, за гарэлку прадаваўся ўсім. Загінуў таму, што, напіўшыся, паспрачаўся з немцам, які прыехаў да яго за хлебам. «Не дам!» Схапіўся загрудкі. Той выняў пісталет і застрэліў.

 

Зямлянка ў Каранёўцы. Цесная яма. Вядуць у зямлянку ступенькі з ямкамі, у якія ў часе дажджу сцякае вада, каб не пападала ў зямлянку, у зямлянцы справа ад уваходу печка, ад яе да дальняй сценкі нары для ўсёй сям’і. Справа ў кутку стол з дошак. Над ім полкі для хлеба і пасуды. Цесна. Сыра. Безліч мух. Цёмна. Павярнуцца недзе.

 

У часе акупацыі ў сяле ніхто спакойна не спаў. У сям’і абавязкова хто-небудзь адзін дзяжурыў, сачыў за вуліцай, ці няма немцаў або паліцэйскіх.

Насцярожанасць даходзіла да таго, што, калі хто-небудзь па справе перабягаў вуліцу і бег на агарод па шляху да лесу, выбягалі іншыя, гледзячы друг на друга. Пасля вярталіся, калі заспакойваліся. Жартавалі над сабою.

 

З немцамі прыехаў чалавек, які добра гаварыў па-руску. Быў ён нямецкім афіцэрам, у нямецкай форме. Вадзіў немцаў — бачылі людзі — у поле, на дарогу і ўсё расказваў і паказваў рукамі — і гэта, і гэта. Ён добра ведаў месцы, і людзі былі зацікаўлены афіцэрам. Старыя гадалі, ці не пана Аскіркі сынок, толькі ён тады быў маладым, хіба ж пазнаеш цяпер. Расказвалі, што ў Каранёўцы ён пазнаў адну жанчыну, якая была слугой у Аскіркаў, і сказаў, каб яна не турбавалася, ён заступіцца калі трэба за яе. Ён назваў яе па імю, і яна была вельмі здзіўлена і напалохана, што яе імя ведае нямецкі афіцэр.

— Сына Аскірку памятаеш?

— Ён тады быў маленькі.

— А цяпер афіцэр.

— Няўжо гэта вы?..

Скора ў Глінішчах афіцэр сабраў сходку і трымаў прамову. Расказаў, што ён сын Аскіркі. Што сяляне павінны спакойна працаваць на карысць сабе і германскай арміі.

 

Многія ўцякалі з палону і звярталіся дадому. Прыйшло некалькі чалавек. Вярнуўся Ліпніцкі Пеця. Ён пачарнеў, пахудзеў так, што пазнаць немагчыма. Думалі, што не выжыве. Ледзь даплёўся, а такі моцны і малады быў хлопец. Расказваў пра страшныя баі, якія прыйшлося трымаць. І апошняе акружэнне і пабег з палону.

 

Многія былі ў арміі. Маці чакалі іх, гадамі, аплаквалі. Часамі хто-небудзь прыносіў чутку, што таго бачылі там і там. Казалі, што Іван М. папаў у акружэнне і, каб не здацца немцам, застрэліў сябе. З нагана. Гаварылі, што гэта прасіў перадаць Іванаў таварыш. Потым казалі, што бачылі Івана ў Мазыры, праходзіў з арміяй, перадаваў паклон. Маці не ведала, чаму верыць, але чакала, чакала жывога.

 

Хлопчык у нямецкім мундзіры.

 

Вар’ят без прычыны брадзіў па вёсках і гаварыў лозунгі за калгасы. Немцы спаймалі яго і падвергнулі нечалавечым катаванням — партызан. Ён крычаў, ірваўся. Калолі штыкамі.

Быў харошым хлопцам перад вар’яцтвам. Шкадавалі яго людзі.

 

Раніцай, абапнуты коўдраю, у сяло ўвайшоў партызан. Жанчына спалохалася: у сяле немцы! — а ён спакойны.

 

Партызаны правялі балотам чырвонаармейцаў у тыл немцаў.

 

Селянін, якога схапілі ў часе аблавы, засек немца, калі яго вялі да зборнага пункта для эвакуацыі.

 

Выходзячы з лесу, Апанас Сенька наскочыў на нямецкую засаду. Яго пыталі — дзе партызаны,— а ён не ведаў, бо не партызан. Здзекваліся, мучылі. Васіль Шарамела выпадкова падышоў к засадзе, але спыніўся, пачуўшы крыкі. Паляжаў, убачыў, як мучылі Апанаса, і, не памятаючы сябе, папоўз назад. Па дарозе праехаў матацыкліст, супроць яго матацыкл стаў. Ён ляжаў, баючыся, што немец прыйдзе ў лес і можа знайсці. Падышоў другі матацыкл, але першы затарахцеў. Паехалі. Ён расказаў, што бачыў катаванне Апанаса, людзям. Апанаса знайшлі праз некалькі дзён недалёка ад таго месца, дзе была застава.

 

Баец прасіў прыслаць у пісьме нітачку даўжынёю росту яго дачкі. Як яна вырасла.

 

Жанчына ноччу шукала дзіця. Спалохалася. Найшлося дзіця. Узрадавалася.

 

Праязджаючы шляхам, немцы запалілі сяло. Людзі кінуліся ў лес, ніхто не адважваўся звярнуцца, каб тушыць. Палавіна сяла згарэла. Немцы паехалі далей.

Ва ўсіх быў прывід Алексіч, ён страшыў усюды.

 

Ішоў ваенны строй па шляху. Спявалі: «Партызанскія атрады занімалі гарады». Людзі выходзілі з хат, са здзіўленнем паглядалі на дарогу. Гадалі — хто гэта. Ваенныя былі ў нямецкіх мундзірах. Так паявіліся ўласаўцы.

Часта не прызнаваліся, што яны ўласаўцы. Гаварылі, што немцы. Людзі пагарджалі імі (не адкрыта). Уласаўцы выдавалі сябе за немцаў. Але мовы нямецкай не ведалі. Гэта іх выдавала. Другія прызнаваліся, ганарыліся, кралі курэй і разбойнічалі.

 

Ваенныя Глінішча перакруцілі на «Галянішча».

 

Каб не ехаць у Германію, усе халастыя жаніліся, выходзілі замуж, нават дзеці. Вяселлі па ўсім старадаўнім звычаям. Дзяўчынка 16 год — нявеста. Яе смяшаць усе гэтыя абрады, яна не можа стрымацца ад смеху. Не ведае, што ёй трэба рабіць, што гаварыць належыць па абраду, ёй падказваюць. Неахвотна выконвае, часамі спрачаецца. Старыя ўгаворваюць, настайваюць. Не аглядвайся назад. Калі выязджалі — конь спатыкнуўся. «Не к дабру!» — гаварылі людзі трывожна. Праз паўгода пасля вяселля немцы расстралялі Ілюшу.

 

У таварыша К. была непераможная страсць прадаваць. Ён не клапаціўся аб выгадзе, яго прыцягваў сам працэс.

 

Дзіця, калі смяецца, смешна моршчыць нос.

 

Воўк уцёк з лесу пасля бою.

 

На могілках закапалі бульбу, каб немцы не найшлі.

 

Тыя, каго адпраўлялі ў Германію, напіліся і спявалі песні каля вазоў, на якіх трэба было ехаць. Пеця Ліпніцкі стаяў і кіраваў хорам: «Если завтра война», «Уходили комсомольцы». Яго стрымлівалі бацькі, а ён нікога не слухаў. «Горш не будзе»,— гаварылі дзяўчаты. Вакол хадзілі паліцэйскія.

 

Сумна было...

 

У Хойніках Вася Жылянок сустрэўся з таварышам-інвалідам. У Васі пратэз на назе. Прыехалі ў Алексічы ноччу. Пастукалі ў акно. Маці адклікнулася: «Цёця, адкрыйце, гэта я — Міша!» Адкрыла. «Мы з палітруком з МТС. Былі ў Юравічах». Запаліла лямпу. Міша пайшоў распрагаць каня з бацькам. Вася разгаварыўся з маткай. Заскрыпела нага. «Дзеравяная ў вас нага?» — «Не... хаця так». «У мяне сынок ранены, год ужо ў шпіталі. Як ён бедны там». З спальні адклікнулася сястрычка. «Вот прыедзе, мама,— сказаў сын,— і не пазнаеце». «Я? Сына заўсёды пазнаю».— «Дык я ж ваш сын, мама!» Маці ўпала ў вобмарак. З таго пакоя вылецела сястра не адзяваючыся. Бацька прыходзіў у часе іх размовы, паздароваўся: «Добры дзень, таварыш ваенны».— «Добры дзень, бацька». Вася раней быў такім азарніком. Засталося ад тых часоў.

 

Расказ раненага. Таварыш напісаў жонцы, што цяжкаранены, без ног. Жонка прыслала пісьмо, што з такім цяпер яна жыць не можа, прасіла прабачэння. Што ім трэба разысціся. Яна папрасіла згоды на развод. Ён даў. Праз дзве нядзелі атрымаў спраўку з разводам. Вылечыўся, з’явіўся здаровы, прыгожы. Яна згарэла ад сораму пры сустрэчы. Яна шкадавала за свой неабдуманы паступак.

 

Калі пачалася страляніна ў сяле, Міхаленкі ўцяклі з хаты. Каця з сынам, Ольга ўзяла клунак, а маці бегала, як вар’ятка, і не ведала што ўзяць. Дачка яе тарапіла. Яна трывожылася. Стрэлы набліжаліся. Маці сабралася, потым вярнулася — нешта забыла. Калі яны ўцякалі, немцы ўжо ўязджалі на двор калгаса, стралялі. Яны пабеглі праз сад, схаваліся спачатку там. Пасля, калі немцы пачалі паліць хаты і бегаць па садзе і страляць, яны перапаўзлі далей. Іх не заўважылі, можа, таму, што па зямлі слаўся дым ад пажару. Яны падышлі к сілоснай яме. Там сядзелі мужчына і дзеці. Яны ругаліся, што немцы ўбачаць, і сказалі, каб пайшлі прэч. Яны зайшлі ў проса і сядзелі там. Вольга прыпадымалася і глядзела, расказвала, што робіцца ў сяле. Недалёка прабег немец. Стрэл і крык. Яны чакалі сваёй чаргі. Пасля, калі немцы паехалі, не адважваліся ўставаць, да іх прыйшоў акрываўлены чалавек. Яны спалохаліся невядомага чалавека. Ён сказаў — хто ён — яны пазналі. Ён так змяніўся. У сілоснай яме немцы ўсіх забілі, ён выпадкова выратаваўся. Каця перавязала раненае яго плячо. Ён сказаў, што іх добра відаць з боку калгаса, таму што яны ў лагчыне, і таму ён адразу прыйшоў сюды. Нідзе няма жывых людзей, усё трупы, толькі яны засталіся.

 

Адзенне дзяўчынцы маці пашыла з нямецкай плашч-палаткі. Сама ў нямецкім мундзіры. Няма адзення.

 

Перад адступленнем у наша сяло зайшоў настаўнік з Лоева. Яго вялі ў Германію, а ён неяк з жонкай уцёк. Настаўнік падружыўся з нашай сям’ёю. Людзі сабіраліся ў лес, а ён гаварыў, яшчэ не час, і сушыў сухары. Толькі калі фронт зрушыўся ад Дняпра, ён напакаваў мяшок сухароў, узяў некалькі буханак хлеба і пайшоў у лес. Наша сям’я была ў лесе. Ён прыйшоў у наш курэнь. Хлеба ў нас не было, ён дзяліўся. Маці гатавала. «Сухарыкаў хопіць да перамогі. Яшчэ і байцам будзе». Сухары былі добрыя. Ён усё ведаў, разумны і вясёлы. Жартаваў. Любілі яго. «Чырвоныя ў Каранёўцы». Ён першы паведаміў. Другія баяліся выходзіць з лазы, а ён набраў сухарыкаў, хлеба, здуў пылінку. Мяшок за плечы і сустракаў. Сам ён і гатовіў. Жонка маўклівая, нічога не ўмела добра рабіць.

 

Росцік разбушаваўся ў лазе. Маці ўстрывожана — пачуюць немцы,— угаворвае сціхнуць. Дае яму цацкі — ён не хоча. Паслухае пакуль падаюць іх, уважліва, думаюць — згодзіцца. «Ай, якія харошыя, ай, ай!» — «Вазьмі» — не хочу і зноў крычаць. «На табе гузік, ай, які харошы, блішчыць». Замоўк, узяў гузік, разглядае. «Дай мне яго, мама»,— робіць плаксівы твар Юля, каб заахвоціць Росціка. «Не хачу»,— кідае гузік і зноў прадаўжае плакаць. Бацька зрабіў дудку, супакоіўся. Росцік прасіў аўтамат.

 

Храшкоў у прысутнасці сваёй былой вучаніцы, якую гадоў дзесяць назад вучыў, цяпер настаўніцы пажылой, не гаворыць анекдотаў. У прысутнасці вучаніцы сваёй: «Не!» Адносіцца ветліва, інакш чым да другіх, як настаўнік.

 

Чуткі пра тое, што Касабуцкі з атрадам сваім ходзіць — у Алексічах. (А Касабуцкі быў далёка ў эвакуацыі.)

 

Заложнікі. На міне падарвалася нямецкая машына. Немцы прыляцелі ў Алексічы з машынамі, як тады, калі спалілі вёску, і пачалі збіраць людзей, ганяцца за ўцекачамі, страляць. Потым сабралі ў кружок. Наставілі кулямёты, зацягнулі ленты, папрабавалі цэліцца. Людзі — ні жывыя ні мёртвыя. Расстаюцца друг з другам. Маці пацалавала дачку з дзіцём. Стары дзед уперадзе хрысціцца. Потым пачалі дзяліць на дзве групы: маладых дзяўчат і мужчын у адну, іншых — у другую. Маці хацела зберагчы дачку, папрасіла дзіця ў яе, каб дачку паставілі ў тую групу — тых, мабыць, адпусцяць. Потым перакладчык сказаў, што тая група — мужчыны і дзяўчаты — будуць заложнікамі. Калі яшчэ хоць адна машына падарвецца на міне, яны будуць расстраляны. Іншыя могуць разыходзіцца і памятаць, што гаварылі.

 

Пагаворкі:

1. Жонка адпрадзе, а мо так прападзе.

2. Жыццё — маліна, гора — палавіна.

3. Жытка — на траіх адна світка.

4. Што яму адходзіць: адно парася забіў, а другое — ходзіць.

5. Туды — на танках, адтуль — на санках.

6. Даў бог цяля, ды не даў бог хлява.

7. Цікавай Варвары нос адарвалі.

 

Некаторыя сяляне, каб не ісці ў партызаны, адпускалі бароды. 27 год, а барада па пояс. Смешна глядзець. Хаваліся пад койкаю ці на гары. Партызаны знаходзілі.

 

Вольга захацела пайсці ў партызаны. Партызаны, каб немцы не нападалі на яе сям’ю, зрабілі выгляд, быццам яны прыйшлі ноччу, сілком захапілі і павялі ноччу немаведама куды. Стралялі ў полі. Бабы спачувалі гору яе маці, а іншыя гаварылі, што ўсё гэта, каб абмануць людзей — Вольга даўно сувязь з партызанамі мае.

 

Пасля немцаў не засталося ні аднаго плота. Усе платы, хлявы пайшлі на апал. Карысталіся сталамі і дзвярамі для апалы.

 

Немцы на шляху. Партызаны ідуць у млын. Людзі з млына скарэй у вёску. Бой будзе. Абышлося неяк без боя.

 

Немцы закатавалі сям’ю партызанскага камандзіра Карася В. Помста партызан.

 

Баючыся мін, немцы загадвалі, каб сяляне кожны дзень «шукалі» мін. Пускалі чалавека з канём з бараной. Часамі людзі і коні падрываліся на мінах. Бывалі выпадкі, калі міну выкрывала барана. Пайшоў баранаваць хлопчык. Барана вырвала капсюль-узрывацель. Ён убачыў міну, спалохаўся, кінуў каня і прыбег у сяло. Бацька пайшоў з ім да міны. Разглядзеў, выцягнуў міну і спакойна адкінуў убок. Партызаны спільвалі слупы. Немцы застаўлялі нясці ахрану слупоў. Партызаны і ахраннікі-сяляне сустрэліся, ахраннікі ўпрошваюць заставіць на гэту ноч.

 

Партызаны пры нападзе на варожы гарнізон захапілі партызанскага разведчыка (перакладчыка) у нямецкай форме з другога атрада. Ён перайшоў на рускую мову. Не дапамагло, а толькі абазліла партызан. Надавалі яму ў дарозе. Выяснілася — камісар!

 

На дапросе. Дапрашвалі немцы. Усё залежала ад таго, што скажа Ярмольчык — начальнік паліцыі. Ён увайшоў. У Сенькі Васіля рукі задрыжалі — што скажа. Ён патрабаваў скруціць цыгарку — не змог. Ярмольчык моўчкі паглядаў. Цішыня. «Дык ты што ж, адмаўляешся, што не маеш сувязі з партызанамі?» — «Не маю».— «Брэшаш! Маеш. Я наскрозь вас бачу». Ён пайшоў назад у свой кабінет. Васіль зразумеў — усё прапала, расстрэл. Калі яго выводзілі з памяшкання паліцыі (тут раней была міліцыя) к машыне, што стаяла на вуліцы, яго ўбачыла сястра, якая чакала. «Прашчай»,— сказаў ён. Яна заплакала. Калі пасадзілі ў машыну, ён скінуў з сябе кажух і кінуў ёй — мне не трэба цяпер. Немцы адштурхнулі сястру. Пайшла машына. Яна стаяла і плакала. Нічога не бачыла болей вакол сябе. 37 чалавек расстралялі ў той дзень немцы.

 

Насця Евы-ўдавы. Любіла паджартаваць над кожным. Хлопца якога абсмяяць, дзяўчыну заставіць пачырванець — любімая справа. Вострая на язык — яе любілі слухаць, бо заўсёды насмяшыць усіх. Калі прыехалі ўпершыню немцы, яна разгаварылася з немцам (ён гаварыў дрэнна па-руску).

«Ты хто ест?»

«Я калгасніца».

«Стаханаўка?»

«Я — стаханаўка. А як жа! Была на з’ездзе ў Маскве, Сталіна бачыла».

«Сталіна бачыла?..»

Людзі, што стаялі побач, жахаліся, а яна наводзіла на сябе гібель. Немец пагаварыў, пагаварыў, потым скамандавалі ехаць, ён сеў і паехаў.

«Не знасіць табе, дзеўка, галавы!»

Чысцілі бульбу, яна з немцам. Немец прасіў вучыць гаварыць па-руску.

«А гэта?» — Ён паказаў маркоўку.

«Гэта — мак называецца?»

«Мак... мак... мак... мак...»

«А ты дурань?»

«Што ест дурань?»

«Мак такі, мак».

«А? Мак... мак»,— усміхаючыся, ківаў галавой у знак таго, што разумее, немец.

 

Трахіма зрабілі сакратаром бургамістра. Паліцэйскі тэрор. «Ты сядзі спакойна — я памятаю, што ты быў ў бальшавікоў сакратаром. Толькі, што бацька твой кулак, а то б я табе...» — прыгразіў бандыт паліцэйскі Апанасік, што наводзіў страх на ўсю воласць.

«А ты. Ну што табе савецкая ўлада дрэннага зрабіла? Не раскулачыла, не прыгнятала. А што цябе засудзілі за тое, што ўкраў каня, то і немцы цябе не памілуюць за такое. Кішкі вымуць».

«Ах ты, глухая зараза»,— ускіпеў Апанасік і схапіўся за наган. Убачыўшы, што той спакойны, не напалохаўся, перадумаў.

«Я далажу, што ты агітуеш за саветы».

 

Пры адступленні нашых Трахім два дні сядзеў на сельсавецкім двары і паліў справы — свае творы за пятнаццаць год работы сакратаром сельсавета. Справы не хацелі гарэць, абгаралі па краям і тухлі. Трэба было разгортваць кнігі. Дзве ночы не йшоў дадому, пакуль лістка не засталося. Асунуўся, пахудзеў. 15-гадовая праца, бяссонныя ночы. Усё было акуратна падшыта, пранумеравана, і ўсюды даты. Столькі бяссонных начэй. Столькі догляду. Яму шкода было спраў; усё жыццё там за 15 год у падрабязнасці. Быў вельмі працалюбівы. Нічым не адцягнеш, сядзіць, піша, лічыць з ранку да вечара. Толькі і можна спакусіць, прапанаваўшы пайграць у шашкі. У шашкі любіў. Адзіная слабасць, страсць. Заўсёды сражаюцца ўдвух з старым начальнікам аддзела сувязі. Увесь аддаецца. Быў акуратны, точны, усё выконваў у час, нягледзячы ні на што. Не шкадаваў сваёй працы. Уважлівы, чуллівы. Сяляне любілі за гэта. Вялікая сям’я. Жыў бедна. Чаму ніхто не любіць пісаць пра такіх людзей — рахункаводаў, сакратароў. А сколькі сярод іх адданых справе, чэсных, людзей — ва ўсім сэнсе слова, скромных!

 

Старая Губоніха вельмі любіла сына. Пісьмо заўсёды насіла ў Юравічы, каб дайшло, а то што-небудзь можа здарыцца ў дарозе. Не давярала яна лістаносцу і хадзіла пешшу. Адрас падпісваць давала толькі Вользе. Калі Вольгі не было, пісьмо некалькі дзён ляжала. Прыносіла падарункі і прасіла падпісаць толькі ёй.

«А то аднойчы напісаў Грыша, дык не дайшло і прапала ў дарозе. А твае ўсе даходзяць».

 

Хлопчык, «прайшоўшы» навуку ў нямецкіх салдат, баіцца нашых байцоў. Хмурыцца, палохаецца, не ідзе на рукі.

 

Уцёк з палона. Калі везлі ў вагоне (людзей было многа, вагон забіт), ён і яшчэ некалькі вылезлі ў акно і скочылі. Радасна, свабодна. Ён найшоў іншых, і яны пайшлі ў лес. Была восень. Замёрзлі. Хацелася есці. Пайшлі ў вёску, нічога не было і там. Ім далі толькі печанай бульбы і сказалі, што ў сяле немцы. Яны з’елі бульбу. Ішлі начамі. Днём адпачывалі, спалі ў стагах, у хлявах, каб гаспадыня не ведала. Іх палохалі сабакі. Вёскі абходзілі. Ішлі па зорам на поўнач да сябе. Астап любіў спаць, не маглі дабудзіцца, калі трэба было ў дарогу. Не любіў хадзіць у вёску, нават згаджаўся лепей галадаць. Адставаў. (У полі найшлі капусную храпу, чысцілі ножыкам. Па копаным полі шукалі бульбы.) Неяк у лесе яны разлажылі агонь, па дарозе ехалі немцы. Спыніліся. Яны паспрабавалі пабудзіць Астапа, а той ад цяпла і стомы моцна спаў. Але немцы падходзілі — яны кінуліся ў кусты. Немцы ўбачылі соннага чалавека. Што было з Астапам, яны не бачылі. І болей яго не бачылі і не чулі ніколі. Дайшлі да вёскі. Астапава жонка прыходзіла, пыталася, плакала.

 

Ёсць многа людзей, якія любяць даваць прапановы, папраўляць другіх, крытыкаваць, а самі нічога не робяць. Непрыемныя людзі, як сляпні, перашкаджаюць работаць.

 

Тут быў некалі дом. Цяпер — пустое месца. А людзі жывуць, і калі іх пытаюць дзе: у доме № 12 па Ленінскай. А дома няма. І прапісаны ў доме. «Няма, дык будзе!»

 

Жонка яго не выносіла нічога пабітага, паношанага. Усё было чыстым і прыгожым. І сама яна была такою.

 

Дзяўчынка малодшая, заўзятая, крычыць на старэйшага начальніка. А ён паддаўся яе напору, паслухаўся, пабег. Яна астыла і падумала са здзіўленнем, што ён паслухаў яе, а не адправіў куды трэба. Яна заўсёды такая.

 

На вечары баяніст так захмялеў, што ледзь дацягнуўшы да канца танцаў, тут жа і заснуў пад сталом. Прачнуўся перад ранкам — баяна няма, босы. Пашукаў — адну туфлю найшоў, а другой — няма. Пайшоў к швейцару — пачаў ругацца. Той узяў лямпу, пачаў шукаць. Найшлі туфлю на трэцім паверсе пад лесвіцай. Як туды папала, невядома. Баян найшоўся ў таварышаў.

 

Маленькая дзяўчынка, праз меру развітая. Заўсёды сярод дарослых, чуе іх размовы. Яна ведае, што Нат. Пятроўна нядобра вядзе, да яе ходзіць чужы муж, а свой на фронце і піша цёплыя пісьмы і грошы шле. А яна на тыя грошы купляе падарункі чужому мужу.

«Як гэта нячэсна, нізка!»

Прывязлі вінаград з Крыма.

«Добры вінаград».

«Слаўная штука», — гаварылі бацькі.

«Ага, харошая страва!» — сур'ёзна сказала яна.

З дарослай падругай маці на «ты».

Мама ругаецца:

«Як табе не сорамна? Яна ж жанчына».

«Яна не жанчына, а дзяўчына. Па-першае, у яе няма мужа, а па-другое, няма дзяцей».

Чытае «дарослыя» кнігі. Заўважае ў сваіх настаўнікаў адмоўныя бакі, адмоўныя нават больш, чым дадатныя.

 

Дом застаўся цэлы, а лесвіца разрушана бомбай.

 

Партызаны па просьбе сялян знішчалі здраднікаў.

 

1945 год. г. Мінск

Дзяўчына, якая любіць дурачыць хлопцаў. Робіць гэта са здавальненнем. Расказвае пасля сваім сяброўкам. Прыгожая, вясёлая, гаварлівая.

 

Цяпер ён быў навучаны горкім вопытам. Ён стараўся ніколі не захапляцца, што цяжка ўдавалася — маладосць кіпела ў ім,— увесь час азіраўся назад. Быў недаверлівы к поспеху і шчасцю. Гэта была другая крайнасць, процілеглая першай. (З часам павінна знайсціся нейкая сярэдняя лінія.)

 

Няма, мабыць, цяжэй долі, чым матчына доля. Дзеці, расціць іх, з дня ў дзень жыць іх думкамі, іх жыццём, і потым губляць па адным. Адных у дзяцінстве, другіх ад хвароб, трэціх — на вайне. Самае страшнае ў жыцці — гэта маці, якая перажыла сваіх дзяцей. Яна жыве сваімі дзецьмі, якіх перажыла, яе жыццё ўсё ў мінулым. Як прываблівы, мабыць, тыя ўспаміны і як жывы, і яркі яны, і сумны, і балючы. Мужнае сэрца бывае ў матак. Напісаць пра матку.

 

Толькі той, хто здолен моцна любіць, можа вельмі ненавідзець, да канца. Сіла такога характару. (Напісаць пра такую дзяўчыну.) У жанчын гэта часцей, у мужчын радзей.

 

Маладыя маці часта пакутуюць ад сілы, якую не ведаюць да чаго прыкласці. Пошукі свайго месца і незадаволенасць.

 

— Зямляк?

— Зямляк! Па адной зямлі ходзім.

 

Сэрца томіцца. Яно сумуе. Па чаму — невядома. Хочацца чагосьці, а чаго — невядома. Незадаволенасць нейкая. Такое першае пачуццё кахання. Сум і боль — і ўсё-такі нешта невыразна-харошае, хвалюючае, балюча-салодкае. Ні з чым не параўнаць. Потым каханне робіцца болей ясным, і моцным, і ніколькі не губляючы сваёй хвалюючай пекнасці.

 

Тэма для апавядання — паказаць ненавісны твар «ціхага» чалавека, «мірнага», які неяк ужываўся і мірыўся з немцамі, не змагаўся. Сядзеў і чакаў. Хадзіў у шляпе, панам і раўнадушна пазіраў на разбураны горад, на гора тысяч людзей, на расстрэлы. (Эгаістычныя рысы яго характару. Свой лёс, свая хата, свае рэчы. Любаванне, напрыклад, сваёй бібліятэкай, якая (радаваўся) захавалася. Яна была дорага, ён збіраў доўга, для яго яна даражэй усяго горада, бо яна яго.) Без яго прайшла вайна, без яго мы заваёўвалі перамогу, а ён жыў трутнем, паразітам, адгарадзіўся ад нас. Ён, можа, і не любіў немцаў, але ён наш вораг, ён адтэрміноўваў нашу перамогу. (У час акупацыі ён будаваў сваё асабістае шчасце, шукаў прыгожую дзяўчынку, падумваў пра жаніцьбу. Сеяў свой агарод.) Знешняя культурнасць яго, чыстыя з рудымі валаскамі пальцы, беленькі выгладжаны каўнярок, чысты гальштук, духі, і разам з тым ад яго на мяне дыхае нечым брудным, і, калі прыйдзецца паціснуць руку, мне непрыемна, нібы я паціснуў якому хвораму нядобрай хваробай, і я адрываю скарэй яе, і мне хочацца абцерці іх, памыць. Цяпер ён знаёміцца з нашымі работнікамі, добрасумленна ўсё выконвае, стараецца не ўспамінаць былое. Таму болей усяго размоў пра літаратуру, пра ігру артыстаў і інш. І ад усёй размовы тхне тым жа непазбеглым пачуццём бруднага і няшчырага. (Ён мастак. Малюе карціны, сядзіць над імі. Плакаты.)

 

Калі ён, гаворачы, захапляўся, вочы ў яго пачыналі блішчэць і бровы прыгожа і неспакойна (рухаліся). Ёй вельмі падабаўся гэты рух брывоў яго.

 

Апавяданне пра тое, як салдат імкнуўся да роднай зямлі, як сумаваў па ёй і гараваў. І першая ноч, калі салдат, перайшоўшы Дняпро, увайшоў на родную зямлю. Ноч.

 

Сябры. Мы вярталіся назад з разведкі, цяжка было пакідаць яе адну, бераг родны адыходзіў назад.

 

Усім грабленым увабраны нямецкія пакоі. Яны любяць пышнасць і багатае ўбранства. Пакоі нібы цэлыя музеі. І інш.

 

Для яго асабістае шчасце было немагчыма без шчасця Радзімы. Пакуль Радзіма была ў бядзе і горы, ён ніколі не забываў гэтага.

 

Сонечная раніца ў Мінску.

 

Немцы выхваляліся расправамі з сялянамі, пажарам сяла. Паказвалі друг другу здымкі.

 

Калі былі немцы — прафесар працягваў работу, яшчэ пачатую да вайны. Ён ведаў, што немцы — гэта часовае, што яго работа будзе патрэбна. Работа тады здавалася такой недарэчнай.

 

Былы партызанскі камандзір на новай рабоце. Як ён вучыцца кіраваць, перавучваецца. Цяжкасці (Тэма аповесці).

 

У жанчын (некаторых) ёсць нейкае пачуццё ўгадваць людзей па адным слове, інтуіцыяй, можа.

 

Жанчына, якая вельмі многа балбоча, лісліва ўсміхаецца. Няшчырае і хлуслівае нешта. Нешта непрыемнае і бруднае ад яе.

 

Ад Брэста да Гомеля. Шлях артылерыстаў у 1941 г. (Падзенне аднаго героя, здзівіўся пасля свайму гераічнаму ўчынку, разгубіўся, у другі раз струсіў. Шлях да сапраўднага геройства. Свядомае геройства.) Баі пад Гомелем. (Аповесць).

 

Кіраўнік нявопытны. Сам нічога не адважваецца рабіць, за кожным глупствам да сакратара райкома (былога камандзіра палка) за парадай, жыве на парадах. Ідзе за падзеямі, яны вядуць, а не ён кіруе. Як паступова ён пачынае браць адно за другім у свае рукі і кіраваць. Нараджаецца кіраўнік, падзея. Навучаецца прадбачыць і прадугадаць. Актыўная воля яго ў ходзе падзей вядзе на поспех.

 

Нашай беларускай літаратуры не хапае глыбокай філасофскай думкі (за выключэннем хіба Чорнага) і, можа, увогуле глыбіні пранікнення ў рэчы, падзеі.

 

Наша літаратура як ні адна народная, цалкам народная. Мы амаль не ведалі класіцызму, рамантызму, сентыменталізму. У гэтым і сіла яе, і слабасць, абмежаванасць.

Наша літаратура (правільней проза) нясе адбітак нейкага правінцыялізму. Патрэбен пісьменнік, група пісьменнікаў, якія б прарвалі правінцыяльную абмежаванасць і паднялі б літаратуру (прозу) на ступень агульнасаюзную, агульнасусветную.

 

Без моцнай хвалюючай філасофскай думкі, ідэі нельга стварыць харошую рэч. Перш за ўсё ідэя, філасофія. Яна — кроў, якая дае жыццё твору! Сюжэт не забываць. Мастацкі твор — мастацкі твор, а не навуковы трактат. Мастацкі твор павінен быць захапляючым і ўздзейнічаць на эмоцыі.

 

Аднаўленне Мінска.

Выбухі на вуліцах — ірвуць каробкі.

 

Сын

 

Сын маці загінуў на фронце. Як яна пачынае любіць таварыша сына. Спачатку плакала. Усё ўспамінала свайго сына. Спачатку гэты быў чужы. І ўсё пытала, каб расказваў пра таго, яе. Зайздросціла, калі ён быў шчаслівы. Як пачынала любіць у сынавым таварышу сына. Вобраз таго зліваўся з гэтым. Ён станавіўся сынам. Не забывала і таго. Яны абодва былі яе сынамі. Гэты быў брат, і ў яго любві да таго сына было брацкае пачуццё. Сын паказаў, як ён непакоіўся, баючыся прызнацца. Яна даведалася. Вечар. Яна жадала яму шчасця. Туга па тым сыне не праходзіла і не пройдзе.

(«Сын» Антакольскага)

 

Выпадковы пацалунак. Хлопец, успамінаючы той п’яны і вясёлы вечар, чырванеў, ніякавеў — як яна злавалася. Такую дзяўчыну страціў і дружбу. Стараўся не глядзець. А яна смяялася сціха і рабіла строгі выраз.

 

Снег у красавіку.

 

Немцы прымушалі харыстаў спяваць. Яны забілі кіраўніка хору і некаторых салістаў, але так нічога і не дабіліся. Яны не пелі немцам. Учора яны выступалі перад савецкімі людзьмі. Успаміналі тых, хто загінуў, не даспяваўшы сваёй песні.

(Апавяданне «Лебядзіная песня»)

 

Ён спеў раз за ўвесь час нямецкай акупацыі. Праспяваў, ідучы на шыбеніцу. Песню, якую склаў ноччу! Цяпер яны пелі тую песню, глядзелі на людзей, што сабраліся тут, і плакалі, успамінаючы лебедзя.

 

Страх прыдаў яму храбрасці.

(Мапасан «Возвращение»)

 

Каханне духоўнае і фізічнае. Спачатку часцей — фізічнае. Духоўнае ўзнікае звычайна пры блізкасці і ў глыбокіх і высокіх натурах. Духоўная любоў мацней, яна можа любіць і ўрода (Марыя перажывае гэты перыяд ад фізічнага да духоўнага, узвышаецца, застаецца вернай.) Фізічнае каханне аднабаковае. Вайна ўглыбіла пачуцці.

 

Вярнуўся любы (ці муж). Ранены. Яна яго шкадуе, з-за доўгу. Кахання няма. Ён разгадвае, горды. Адвяргае пачуццё, у якім няма кахання. Моцная натура. Глыбокая, духоўная. Змагаецца за права быць роўным у жыцці. Самае дарагое засталося — душа, розум, пачуццё. Чысты чалавек.

(Апавяданне)

 

Аб’ясніць немагчыма: усё роўна, што сляпому расказваць, што такое чырвонае.

 

Яна ніколі не выступала, не магла гаварыць ад пачуцця, але неспакойна рэагавала, то негадавала, то згаджалася, не прапускала ні слова.

 

Было такое вялікае шчасце, што не верылася. Днём яна думала, не верыла неяк. Усміхалася невядома чаму. Пакуль прывыкла. Тады зразумела глыбіню шчасця, і яно так захапіла.

— Я ж шчаслівая.

 

Калі вораг не здаецца.

 

Апавяданне.

Як упарта змагаўся акружаны нямецкі гарнізон. Але нашы аказаліся яшчэ мацней. Цяжкасць бою і перамогі. Перамога.

 

Ён тысячу разоў пытаў у вызваленых нявольніц, ці не чулі, дзе яго жонка. І ўсе адказвалі — не ведаюць і не чулі. Цяжка было адказваць, а яму чуць. Але ён пытаў у тысяча першы. І яе ўсё не было. (Пакуль ішла вайна, ён верыў, што знойдзе, не губляў надзеі. Цяпер усё было ясна: яе няма і не будзе ніколі.)

 

У мастака павінна быць чыстая душа. Без чыстай душы не можа быць сапраўднага мастацтва... Ён іграў вельмі правільна і ўмела, але К. адчуваў у кожным яго гуку нейкую фальш, хібу. Ён і сам не мог выразна вызначыць, у чым яна тая фальш, усё нібы правільна, але пачуццё гэта не пакідала К., запэўняла ў гэтым. (Пачатак апавядання.) К. затым найшоў прычыну фальшы — гэты чалавек быў нячысты душою. У часы нямецкай акупацыі ён выступаў перад немцамі, служыў ім.

 

Як Г. змагаўся з пачуццём кахання, як змагалася каханне і розум, развага. Цяжкая барацьба. Спачатку перамагло каханне; каханне і горач, боль, роздум; трагічная развязка.

 

Ён так яго напалохаў, што сам уцёк у другі бок напалохана.

 

Сляпы шукае шлях да сваіх. Ранены. Перажыванні яго.

 

«Трутень». Сталинская молодежь. 30/V-1945 г.

Сэнс жыцця — праца. Быць карысным Радзіме. Без працы, натхненняў няма жыцця.

(Апавяданне)

 

Зноў у паход. Далей, уперад. Яму шкада было пакідаць гэтую стаўшую роднай хату, дзяўчыну і рэдкі чалавечы ўтулак. Затрымаліся на ноч.

 

Народ карміў партызан. Экспедыцыя ў сяло: здаць пяць свіней для партызан.

 

Сустрэліся пасля доўгай разлукі. Яна прасіла яго гаварыць, расказваць. Яна слухала, і ад таго, што чула яго голас, неяк паўней адчувалася яе шчасце. «Гавары, я хачу слухаць твой голас! Я так доўга яго не чула».

Вось і здаецца, дзіўна,— што не было ні вайны, нічога не было. Нібы мы нядаўна разлучыліся. А тое ўсё сон, страшны, сумны сон.

 

У кожным мастацкім творы ніколі не забываць сюжэт, умець лёгка і прывабліва падаць рэч. Каб яна цягнула да сябе неадрыўна (каханне і інш.). Ніколі не забываць гэтага. Без ідэі не можа быць харошай рэчы (без тэндэнцыі таксама). Гэта аснова.

 

Ведаць густ, патрабаванні — твар таго чытача, на якога разлічваем. Быць звязаным з чытачом, народам.

 

Пасля цябе я не магу нікога любіць. Мне ўсе не падабаюцца. Усе здаюцца такімі пустымі, простымі, нецікавымі. Н.— добры, мяккі, з ім забываецца гора адразу, лёгка і... нудна. А ты — ты прыносіш толькі боль мне. Ты столькі болі зрабіў мне, здаецца, усё — толькі боль. Ты паедзеш, то думаеш аб адным, аб другім, гарыш, а аба мне мала думаеш. Насмешлівы, грубаваты, рэзкі, неласкавы, нехарошы, і ўсё-такі я цябе люблю, аднаго люблю. І без цябе, без гэтых (мук), і жыць не магу.

 

І ўсе перад табой здаюцца мне маленькімі, звычайненькімі, а ты — высокі, нязвычны. І мне самой здаецца, што і я (раблюся) не такой, якая я ёсць, а такой, як ты.

 

Пісаць трэба цёпла і разам — мужна.

 

Калі ён ішоў на фронт, я праводзіла яго. І мы спявалі песню:

«Сколько не было б в жизни дорог».

А холад быў, а вецер...

Тады ён мне сказаў, што кожны раз, калі ўспомніць мяне, будзе спяваць гэтую песню... І я яму сказала, што буду спяваць яе і ўспамінаць. Вось яна мне і спяваецца сягоння цэлы дзень. І сумна, журботна робіцца. І ўспамінаецца ўсё да дробязі — і так ясна, што плакаць хочацца... Тры месяцы нічога не чутно. Ён — танкіст...

«Сколько б не было в жизни дорог (сумна, задумаўшыся, ціха спявае). Сколько б не было в жизни дорог... (Ці ўспамінае ён мяне? Ці...)».

Колькі б дарог ні было ў жыцці.

(П'еса)

 

У маіх апавяданнях мала мужнасці. Мастацтва павінна быць мужным.

 

Маладосць лёгка і горача захапляецца, спешна ўзносіць. Яна не ведае паўмер. У іх словамі гаворыць сэрца, а не развага. Малады чалавек хоча паступіць як дарослы, але сэрца апярэджвае. Развага прыходзіць пасля, на адзіноце. І часта (прыходзіцца) чырванець. («Як хлапчук»).

 

На дзіця, якое круціцца на стуле:

— Ціха ты, уверцюра!

— Сама ты уверцюра.

 

Архітэктар — фантазёр, чалавек многіх планаў. Наіўны, дзівакаваты. Чысты. Марыць пра новы дом і гарыць. Яго любяць. «Дзіўны вы чалавек і харошы» і г. д.

 

Наш герой павінен быць чалавекам высокага інтэлекта.

 

Жыць эпохай. Ведаць і бачыць асноўныя шляхі развіцця ў эпосе, умець вызначыць, якое месца займаюць розныя дробязі і тыпы. Усе буйныя пісьменнікі бачылі, ведалі гэта.

 

У «Река играет» Караленка вельмі трапная думка. Рускі чалавек у момант небяспекі вырастае, вялікая сіла ў ім таілася і драмала датуль. У звычайны час — добры, просты, сціплы.

У нашы дні — таксама было (апавяданне напісаць).

 

У яго голасе, паводзінах адчуваецца нейкая фальшывасць. Гэта ад таго, што ён вельмі засценчывы, ён хацеў быць мужным, мужчынам.

 

У нас задача — барацьба з капіталістычнымі перажыткамі. Стварыць новага камуністычнага чалавека, новая норма паводзін. У літаратуры вырасце роль перадачы этычных норм (новыя адносіны да працы: праца — асалода, творчасць і інш.).

 

Палонныя немцы ішлі з нашым канваірам і даказвалі, што ім не дадалі па 50 грамаў хлеба. А ён апраўдваўся, абяцаў, што дададуць.

 

Лаянка: Эх ты, густ хрустальны!

 

Сюжэт, востры сюжэт, канфлікт — як толькі магчыма трымаць чытача пры апавяданні.

 

О возвышающей душу красоте женщины. Написать, как «Красота» Горького.

 

Кожын пісьменнік павінен «загадваць» сваймі чалавечкамі (выраз Твардоўскага), сваёй тэмай.

У мяне псіхалогія простага чалавека, яго напружаная праца. (Засмужац).

 

Той, хто не ўмее перадаць душэўныя перажыванні ў паступках, часта ўкладае словы пра іх у вусны сваіх герояў. Таму — чалавек гаворыць пра сваю муку і інш., чаго ў жыцці не бывае. Ніколі, ненатуральна. (Гэта падобна на маналогі ў п’есах Карнеля, Сумарокава і іншых класікаў. Цяпер гэта прымітыўна, смешна і гаворыць аб бездапаможнасці. Гэта вельмі добра адчуваў Чэхаў. У яго ніколі няма такіх паясняючых маналогаў. (У мяне ў «Апошняй аперацыі» — гэты недахоп.)

 

Жывапісь апавяданням. Пісаць фарбамі, каб пераліваліся (як у Дзяржавіна), гарэлі, перадаваць гукі, каб гаманілі (у Шолахава).

Канкрэтнасць. Дабівацца зрокавай асязальнасці вобразаў (Дзяржавін, Блок, сімвалісты ўмелі).

 

Вобраз, перш за ўсё вобраз у мастацкім творы. Як бы ні была харошая ідэя, без вобраза нельга стварыць мастацкага твора. Умець ствараць вобраз — вельмі цяжкае мастацтва (Чэхаў умеў некалькімі штрыхамі рысаваць людзей). Мову героя падаць — вучыцца трэба.

 

У мяне небяспека — натуралізм. Помніць і сцерагчыся.

 

Не разменівацца на дробязях. Пісаць толькі пра важнае, аддаваць душу.

 

У мяне мова невыразная. Пісаць вобразна, ярка. Не расцягваць апісанні і псіхалагічныя аналізы (як у К. Чорнага). Маляваць людзей у простай абстаноўцы, з простымі словамі, звычайнымі і нібы няважнымі, але як у жыцці. Добра «У завіруху».

 

І болей слухаць людзей, гаварыць, у кожнага многа цікавага можна пачуць, многа незвычайных думак, поглядаў. Вучыцца ў людзей, для таго, каб іх вучыць.

 

29 жніўня 1945 года. Мінск — Ялта

 

Я наглядаю з увагаю за фактамі жыцця

і менш за характарамі. Трэба — перш

за ўсё — сачыць за чалавечымі душамі,

іх своеасаблівасцямі, іх дыялектыкай.

Тып, характар — раней за ўсё.

 

 

НА ДРУГІ ФРОНТ (апавяданне)

На вайне думаў: адпачну пасля вайны. Не будзе такой стомы, напружання, гарачкі, бо час пацерпіць. (А на вайне цяжка было: і дзень і ноч — працуй). Можна працаваць спакойней, па-мірнаму, як да вайны: працавалі, хоць цяжка, але па-мірнаму. З гэтымі думкамі ён ехаў з арміі.

Дома пабачыў, што памыляўся. Наглядзеўся — і па дарозе і дома — усё разбурана, ва ўсім нястача, і зразумеў, як многа патрэбна працы і часу, каб падняць усё. Трэба зрабіць прыгажэйшым, чым раней. Многія месяцы і годы, многа сіл патрэбна і думак. Тут усё марудней будзе ісці і раўней і таму непрыкметней — будні. Гэта — вайна, няхай бяскроўная, але не лягчэйшая (?). Гэта — другі фронт, сапраўдны фронт, і на яго мабілізавала яго (яго) сумленне грамадзяніна.

 

Пра маленькую (ростам) прыгожую дзяўчыну казаў:

— У цябе ўсё прыгожае, але ж вельмі мала адпушчана (на тваё хараство).

(Хіба не хапала матэрыялу, ці шкадавалі.)

 

Селянін: з точкі зрэнія, яно што праўда, то праўда. Або: з точкі зрэнія, да ўсяго, як той казаў, патрэбен падыход, ці то бо струмант. Без струманту і вошы не заб’еш.— Любіў гэтае вучонае слова «З точкі зрэнія».

 

З пісьма ў правінцыю. Ты пішаш, што прыедзеш у Маскву, скора. Вучыся шпарка хадзіць — тут усе бегаюць.

 

У Германіі. Калі заходзіць наш баец, аддаюць самае лепшае, самі спытаюць, каб даказаць, што не атручана — робяць без загаду, папярэджваюць кожнае жаданне.

У Польшчы — мноства гандляроў — буйных і драбнюсенькіх (усё багацце якога некалькі пачак сігарэт). На ўсіх кутках прапануюць, крычаць, суюць у рукі. Цэны вельмі вялікія, і амаль ніхто не купляе.

 

Пры бамбёжцы — спачатку хаваў твар у зямлю, каб нічога не бачыць, ад страху; пасля — клаўся тварам угару, сачыў, каб бачыць, куды пападзе, і не хвалявацца. Гэта стала патрэбнасцю.

 

Дуэль з зеніткай. Малады лётчык першы раз ляцеў на штурмоўку. Спераду яго — вядучы, камандзір звяна, стары франтавік. Прыйшлі к цэлі. Стаяў вялікі загараджальны агонь зенітак. Вядучы, маючы падавіць агонь зенітны для нашых бамбардзіроўшчыкаў, кінуўся проста на батарэю. У маладога лётчыка, які ішоў за ім, усё пахаладзела ўнутры, ён рабіў машынальна. Як скрозь сон чуў і бачыў, што недзе побач і збоку лопаліся снарады. Усё як у сне рабілася. Было страшна, рукі неяк аслабелі. Ён напружваўся, каб змагацца з гэтай слабасцю, а ўсё іншае рабіў машынальна. За вядучым рынуўся на зенітку проста, націснуў на гашэтку. Застраляў з гарматы і ўсіх кулямётаў. Мільганула мітусяніна ля гарматы, і ён зноў набраў вышыню. На зенітку ішоў трэці самалёт. Вядучы і малады на адлегласці падходзілі да цэлі. Зноў тая ж слабасць у руцэ і напружанне. «Каб хоць шчасліва...» — і болей не думаў. Зноў за вядучым рынуўся ў пекла. Паліў з усіх кулямётаў. Зноў набраў вышыню і захадзіў на цэль. Гэта працягвалася некалькі разоў — бесканечна доўга. У яго было жаданне павярнуць назад, але вядучы накіроўваў свой самалёт, і ён павінен быў ісці. Яны пакінулі цэль, калі абедзве зеніткі маўчалі. Там клубіўся дым. Увесь боезапас у маладога быў расстрэлены яшчэ да канца задання. На адваротным шляху на іх напалі «мессеры». Завязалі бой. У яго нічога не было, і ён толькі манеўраваў. «Мессеры» адышлі. Знаёмае поле аэрадрома. Ён цэлы дзень і ноч жыў уражаннямі бою. З павагай хадзіў вакол вядучага, у тыя дні ён проста абажаў гэтага чалавека, пакланяўся яго мужнасці, з сорамам думаў пра сябе. Яшчэ было такое, нібы нешта назаўсёды з гэтым боем адарвалася ад яго, нібы ён стаў на грані між жыццём і смерцю. Страшны жарт. «Цяпер не міне смерць».

Некалькі дзён ён быў у прыгнечаным стане, хоць не паказваў выгляду, жартаваў, злаваўся.

 

Партызаны здабываюць выбуховыя вяшчэствы з неразарваўшыхся снарадаў. Небяспечная работа. Аднойчы некалькі чалавек падарваліся, таму пасля даручалі гэтую работу самым вопытным, асцярожным і смелым.

 

Пасля таго як вярнулася ад начальніка, расказвала мне (таксама яе начальніку), што скардзілася на мяне, на несправядлівасць. Не магла ніколі нічога захоўваць у сабе, усім дзялілася; наіўная дзяўчына.

 

У дарозе часта шукаюць аб’ект насмешак. Нашлі якую-небудзь дзяўчыну і хлопца, зрабілі закаханымі і ўвесь шлях пацяшаюцца. Рэплікі, жарты з усіх бакоў, рогат. Так здружваюцца ў дарозе, неўзаметку праходзіць час.

 

Гадалка: Вам прадстаіць інтарэс к бубноваму каралю, вялікія грошы, непрыемнасць ад чырвеннай дамы і казённы дом. Але ўсё кончыцца шчасліва: тая чырвенная дама прыйдзе к вам у казённы дом, вы будзеце мець да яе прыхільнасць і будзеце шчаслівы...

 

Вярнуўся з фронту муж. Жонка яго чакала вельмі; работала і думала пра сустрэчу. Берагла яго адзенне. Састарэлася — з дзецьмі. А ён прыйшоў, чужым здаецца. Чыста адзяваецца, ганарыцца нечым. Гаворыць, што яна не падабаецца,— брудная і старая.

 

Чакала. Пісаў, што таксама чакае і любіць. Прыехаў, пабыў трохі, сказаў, што ў арміі ёсць прыгажуня. Паехаў, кінуў жонку і двух дзяцей.

 

Усяго струсанула мяне (усхвалявала).

Служыць, як меднаму кацялку.

 

Дзяўчына прыгожая, разумная — бяздзельніца. Паразітка. (Бацька — відны чалавек, дзеяч, увесь ушоў у сваю работу.) Першае захапленне дзяўчынай, абажанне яе «талантаў» і разачараванне — пустацвет. Канец кахання.

(Апавяданне)

 

Хлопец на вайне застаўся верным дзяўчыне, якую кахаў у школе. Імкнуўся да яе. Калі вярнуўся дадому, даведаўся, што яна ўвесь час сядзела дома, «круціла» з немцамі, прадавалася. Іх сустрэча. Разрыў з ёй, з маладосцю, каханне апаганена.

 

К дыспуту пра шчасце.

Шчасце працы — аснова (праца — аснова існавання чалавека). Натхнёная праца (стаханаўцы). Бальзак — не толькі геній, а і вялікі працаўнік Талстой. Вучыцца працаваць. Знайсці любімую працу, любіць яе, тварыць.

Дзяўчаты, хлопцы, якія не любяць працу, скрыўленыя асобы, бо шукаюць шчасце не ў працы. Зманлівы шлях; прыводзіць да душэўнай спустошанасці. Дзяўчаты — прыгожыя бяздзельніцы.

У грамадстве — шчасце шукаць не за лік няшчасця другіх. Жыць для шчасця будучага грамадства. Трэба злучаць шчасце сваё асабістае і грамадства (смерць за айчыну — для шчасця краіны ахвяраваць сваім).

Шчасце — каханне.

Трэба ведаць каханага, каб давярацца ва ўсім (апавяданне Ел. Кананенка). Няўдачы (вяселле пасля трох вечароў знаёмства) — Умець будаваць шчасце. Умець шанаваць дружбу. (Нянавісць да дрэннага ў друга, але і снісхаджэнне да слабасцей, якія нельга пазбегнуць яму.) (Кожны мае недахопы.)

Ці можна любіць некалькі разоў? Можна, бо ўсё мяняецца, і каханне таксама праходзячае, як і ўсё на свеце,— нараджаецца і адмірае. Можна любіць і некалькі адразу,— людзі розняцца і бываюць прыгожы рознымі рысамі і якасцямі. (Няма чалавека, які б яднаў адразу ўсе якасці.)

Пра магчымасць дружбы (не кахання) паміж дзяўчынай і хлопцам (асабліва ва ўзросце, калі хлопец адкрывае ў дзяўчыне акрамя таварыша жанчыну, прычым гэтае апошняе набывае часта перавагу).

Закаханая дзяўчына ўвесь час рагатала. Ёй усё здавалася смешным, вясёлым,— разбіраў беспрычынны смех. Усе здзіўляліся, лічылі легкадумнай, не разумелі прычыны.

 

Усю ноч адкапвалі трактар (наладжвалі пераправу ў цемры — працоўны гераізм).

 

З Украіны на Беларусь — пешша — на радзіму. У першы год вайны.

(Пачатак рамана)

 

Доўг і жаданне. Суадносіны іх. Муж не можа супраціўляцца пачуццю, аддаецца каханню. Перажыванні — жонка яго кахае, ён любіць сына. Пакуты сумлення. Чалавек, паддаючыся, уступаючы сіле жадання, не павінен забываць аб сваім доўгу ў адносінах сям'і, дзяцей. (Любіць сына, што застаўся з жонкай; любіць жанчыну.)

 

Жанчына, што любіла яго, прасціла яму тое, што ён акрамя яе любіў другую. Чыстата яго адносін да другой. Жанчына вельмі любіла яго і паважала. Яна вельмі пакутвала, высокае пачуццё, прыгожае.

Спачатку — даведаўшыся выпадкова, што чалавек, якога яна кахала і які яе кахаў, любіць другую і таемна сустракаецца з другой, бязлітасна парвала сувязь і ўехала. Потым, калі праз некалькі год сустрэліся, яна шкадавала за сваю памылку. Яна любіла яго аднаго — і цяпер. Толькі нельга было вярнуць назад таго. Ён, жанаты на другой, не быў шчаслівы і любіў першую, часта ўспамінаў дні, якія не ўшанаваў калісьці. Цяпер ён быў вядомым прафесарам, жонка перашкаджала яму, і ён па-сяброўску злаваўся на каханне маладосці: калі б ты тады не паехала, не кінула, мы былі б шчаслівыя. Ты загубіла мяне, нягодніца. (Ён — прафесар, яна — яго асістэнт. Ён на 12 год старэй за яе, але малады духам і целам, жыццярадасны, хоць трохі дзівакаваты ад вечнай паглыбленасці ў сваю працу: рассеяны, дабрадушны да ўсяго, што не тычыцца працы і г. д. Ён уступае жаданням жонкі, часта робіць хатнюю работу, адрываючыся ад навуковай, не хоча (не можа) быць дробязлівым, як жонка. Жонка мала цікавіцца яго работай, больш плаццямі, мала любіць яго, мала ўважліва да яго, хоць стан здароўя ў яго небяспечны. «Каханне маладосці», усё гэта заўважыла і вельмі перажывае балюча.

Памылка маладосці.

 

Пасля разрыву (з каханай) засталася пустата ў сэрцы, цяга запоўніць яе — прага новага пачуцця. Неспакойнае, нервознае самаадчуванне.

(Душа мечется в поисках.)

 

Два любімых. Яна пакахала «горшага» — дэспата, уладалюбца, тшчэслаўнага, хоць злавалася на сябе. Было многа гора і слёз, пакут. Доўга хісталася паміж імі. Калі трэба было выбіраць (на вечары, пасля выпітага віна, сябры-ворагі спыталі: з кім яна), яна пайшла з першым. Тады той з-за тшчэслаўя адштурхнуў яе, яна вярнулася к «добраму».

Той быў вельмі шчаслівы. Ён не злаваўся за мінулае, ён ведаў толькі адно каханне. Было вялікае шчасце ў іх, прыйшло каханне, самае шчаслівае, чыстае, безмяцежнае — цэлы месяц. Потым той «горшы» прыходзіў, упрашваў кахаць, прасіў прабачэння. Позна... Але зноў прыйшло ў сэрца хістанне. Любоў крэпка жыве ў сэрцы, надоўга застаюцца яе карэнні, цяжка вырваць.

 

— Святлана, я пайду, а ты пабудзь дома, бо, можа, хто прыйдзе.

— А куды ты пойдзеш, мама?

— Куды мне трэба.

Прыйшлі да мамы. Пытаюць:

— Дзе мама?

— Пайшла.

— Куды?

— Мама пайшла, куды ёй трэба.

Дзіцячая точнасць.

 

Кароўкі! Кароўкі! Старушкі, выносьце падушкі, маладзічкі, выносьце спаднічкі... іголкі... ніткі!

 

У партызанаў — адна цыгарка на трыццаць чалавек. Курылі лісце з дрэваў. У засадзе курылі, сеўшы ў кружок і перакінуўшы полы шыняля цераз галаву або вырыўшы ямку, у якой трымалі цыгарку, каб не было бляску.

 

Пры акупацыі ў сялян развілася цяга да асабістай уласнасці.

 

З пачатку вайны многія людзі адседжваліся, хацелі перачакаць буру спакойна. Потым, калі прыйшлі немцы і пачалі гаспадарыць, здзекавацца, народ, не стрымліваючыся, паступова падымаўся на барацьбу. Немцы самі распальвалі агонь. Чым мацней ціснулі немцы, тым рашучай і грозней узнімалася народная сіла.

 

Сюжэт. Вечарам ішла дзяўчына. Раптам з цемры нейкага пад'езда выступіў чалавек і загадаў распранацца. Яна сказала, што ёй не шкода пальто і плацця, але яна толькі што перанесла васпаленне лёгкіх і калі яна прастудзіцца, то можа небяспечна захварэць. (Быў мароз.) Яна сказала, што можа аддаць пальто каля кватэры сваёй. Яна так прасіла, што невядомы згадзіўся. Яны маўкліва ішлі па вуліцах, ён падтрымліваў яе пад руку. Калі яны праходзілі паўз кінатэатр, іх нечакана сустрэлі сяброўкі дзяўчыны — студэнткі. Яна з імі пажартавала. Невядомы з напружаннем сачыў за ёю, упэўнены ў тым, што яна яго выдасць, і рыхтаваўся да нечаканасці. Але яна, як ні ў чым не было, пагаварыўшы і пасмяяўшыся, павяла яго да дома. Калі прыйшлі, яна зняла пальто, але ён адмовіўся. Ён сказаў, што ўражаны яе сумленнем і не возьме нізашто. Ён быў узрушан. На расстанне спытаў яе імя і адрас і знік. Пасля гэтага ён ніколі не разбойнічаў. Стаў чалавекам. Ён зайшоў да яе пасля і сказаў, што яна адчыніла яму новы свет.

(Апавяданне салдата, к партрэту)

 

Мужчыны звычайна саманадзейны ў адносінах поспеху ў жанчын.

 

Штодзённа за сталом і пасля ў ложку ён з жонкай доўга абмяркоўвалі справы яго канцылярыі, яна давала яму парады, і ён ва ўсім следаваў гэтым парадам.

 

Дзеці часта ведаюць ці здагадваюцца аб вельмі дарослых справах.

— Значыцца, цябе зноў пасылаюць у гэты цяжкі раён,— паспачувала дачка (12 год) бацьку.

Яна часта пытала бацьку:

— Што новага ва ўпраўленні?

 

1. У жанчын часта бывае жаданне пацалаваць кветачку, казяўку — патрэба нежнасці.

2. Ёй не хапала раўнавагі, як усім жанчынам, якія засталіся дзеўкамі да 50 год. Душа яе захавала юны пыл. Яна любіла прыроду і жывёл моцнай любоўю, настаяўшайся, нібы старое віно, на ўсёй той пачуццёвай любві, якую ёй не ўдалося аддаць мужчыне.

Яна любіла прыроду, усё жывое, толькі не чалавека.

«Амаль ва ўсіх людзей разам з целам старэе і сэрца. А ў мяне не так. Майму жалкаму целу 60 год, а сэрцу ўсё яшчэ 20».

(Мапасан)

 

Нямецкая псіхалогія:

1. Калі робіць якую гнусную справу, «не я вінаваты, не мая справа, я выконваю мой абавязак, і толькі. Я не вінаваты. Адказваць павінен толькі гер Шляйфель, ён мой начальнік».

2. Калі рабілі эксперыменты над трупамі — гэта не людзі, гэта — трупы, ім — усё роўна.

(Вопыты па варцы мыла, напр.)

 

У нямецкага старасты быў кабан вялікі. Прыйшлі партызаны, схаваў, кажа — няма, прадаў. Найшлі ў стозе, закіданага сенам. Забралі. Стараста маўкліва ішоў ззаду, не прасіў.

 

Немцы пасылалі добраахвотнікаў (татар, паліцэйскіх) бязлітасна на смерць; як рэчамі, добраахвотнікамі карысталіся.

 

П’ю толькі ў двух выпадках, калі ёсць кетавая ікра на стале на закуску, і па другое — калі няма кетавай ікры.

 

Шчырая ў дробязях, спрытная,— ілжывая ў асноўным, важным. Тып хітрай, разумнай абманшчыцы.

 

Абстаноўка ў пакоі пасля вайны. Прыгожы шкаф, куплены недзе выпадкова, драўляныя табурэткі, на якія садзімся нясмела і якіх не хапае, кніжкі на самаробнай палічцы. Добры стол, і — дровы ў пакоі, бо хлява няма, і дровы ў калідоры.

 

Бессаромная жанчына. Расказвае анекдоты, ад якіх чырванеюць мужчыны. Можа ўшчыпнуць мужчыну. Бойкая, рэзкая.

 

Адступаючы, немцы накідалі ўсюды мін — нізкая подласць. Дзіцяці, якое забаўлялася на прызбе, адарвала руку.

 

Днём — многа атак, не маглі прарвацца, ноччу — фарсіравалі раку без аднаго стрэлу; немцы пасля дня адышлі самі.

 

Ззаду рацыі стаяў і страляў танк, і рацыя была ўвесь час пад агнём — білі па танку.

 

Дзіця баіцца лялькі «мішкі» (называе «вава» — сабака). Думае, што яна кусаецца.

 

Малыя дзеці ва ўсім капіруюць дарослых. У паводзінах, у выразах. Двухгадовае дзіця, пачуўшы, можа сказаць: «смешна», «мне здаецца». Так гавораць мама і тата. Люда часта ходзіць па пакоі з рукамі, заложанымі за спіну — так шагае бацька. Яна і галаву апускае на падлогу, бо бацька, калі ходзіць, таксама глядзіць уніз — думае.

 

Разбіты горам чалавек, бязвольны. Ён не помніць, што робіць. Робіць усё, што загадаюць, усім падпарадкоўваецца.

 

Туман над балотам увечар.

 

Хтосьці сказаў: чалавеку столькі год, сколькі год яго пачуццям.

 

Людзі часта любяць у другіх тое, чаго не маюць самі. Яны таксама могуць любіць другіх за тое, чаго няма ў іх саміх. Таму так часта старыя людзі прывязваюцца да дзяцей, бо ў дзяцей ёсць маладосць, сілы, будучыня, якой няма ў старых, і г. д.

 

Вялікую паўпустую залу ў шпіталі называлі «Курскім вакзалам».

— Куды ідзеш?

— У «Курскі вакзал».

 

У шпіталі. Акно было адчынена. Знобкі веснавы ветрык калыхаў занавеску, адсунутую да вушака. У акно была відаць высокая сцяна старога замшэлага паркана і над ёй шматок блакітнага неба. Гэты бок агародчыка быў амаль увесь час у цяні, цень закрываў амаль заўсёды большую палову агародчыка. У цяні ляжаў наздраваты зледзянелы кавалак бруднага снегу. Ён таяў марудна. Ужо на сонечным баку агародчыка зелянела трава, а гэты камяк трымаўся. З саду біла пахам маладой травы і мокрай прагнай зямлі, што абуджалася ад няволі.

Хадзіць байцу не дазвалялі. Ён цэлымі днямі сядзеў на ложку і з цікавасцю сачыў за праявамі на агародчыку. Пасля выздараўлення ў яго была да ўсяго вострая цікавасць...

 

Пасля вайны — гібель апошніх надзей на зварот мужа.

 

У вагоне ноччу, стаміўшыся, побач заснулі незнаёмыя маладыя юнак і дзяўчына. Днём саромеліся глядзець у вочы. Над імі жартавалі.

 

Чалавек, які захапляецца ўсім. Быў радыётэхнікам, мастаком, журналістам, слесарам. Нідзе не мог сядзець больш двух месяцаў. Цягнула на новае, нязведанае. Пасля расчароўваўся. Не знаходзіў сябе. Рана жаніўся. Было многа дзяцей. Пасля жаніцьбы таксама многімі захапляўся, не будучы і там пастаянным.

 

Жаночая любоў да таго, каму дапамагала, каго берагла, лячыла. Любоў да яго і думкі, турботы пра мужа, непакой. Простая, вясёлая, без пакут. Дапамагае партызанам. Хлопец — партызан. Сібірак. Зварот мужа. Хлопец любіць яе.

 

Аблава немцаў для пасылкі ў Германію. Убачыла, калі ішлі па вуліцы. Схавалася ў калідоры, за дзвярамі. Шукалі яе, хадзілі,— не знайшлі. Суседку засталі дома, павялі, яна плакала.

 

У кіраўнікоў вырабатваецца пастаянны скептыцызм да новых работнікаў. Заваёўваць аўтарытэт — пераадолець гэтыя скептычныя адносіны.

 

Жонка дома весела расказвае пра свае любоўныя прыгоды за дзень.

 

Прафесар з балерынай самі абсталёўваюць пакой. Стругаюць дошкі, збіваюць палічкі і г. д.

 

Ён замкнуўся ў рамкі сваіх вузкіх спец. абавязкаў. Усё, што з жыцця было, што выходзіла з гэтых рамак, яго не турбавала. На ўсё адказ: «Не мая справа. Гэта да N... да L». Усё па пунктах кодэкса. Не душа, а статут, расклад.

 

Ш.— робіць выгляд бездапаможнага чалавека, а ў цішы,— такія справы, што трэба ахнуць — столькі смеласці, нахабства, хітрасці.

 

Калі маці ехала на фронт, маленькая дачушка заснула — стамілася. Яе няслі на станцыю, а яна спала ўвесь час. Маці паглядала, асцярожна цалавала — баялася разбудзіць. Так яна і ў поезд села — дачка спала ў цёткі на руках, не прачнулася, не папрашчалася.

Увесь час яна ўспаміналася пасля спячай, нібы яна ўвесь час толькі і спала. І маці хацелася асцярожна, каб дачка не прачнулася, цалаваць.

 

Люда гаворыць працяжна. Раней — каб паднялі, замест слоў — вочы ўгору.

 

У разбураным горадзе — міліцыянер пазяхае, пацягваецца — няма машын. Цэлы квартал — разбураны. Даўно — цэгла пазелянела ўжо.

 

Першыя дні ў адваяваным горадзе. Нямецкія надпісы ўсюды, нямецкія шапкі на жыхарах, нават палонныя — немцы нібы для паўнаты карціны. Усё гаворыць аб панаванні немцаў. (Жыхары цягнуць вугаль нямецкі да сябе і інш.)

 

Надпіс на доме! «Косцік, мы пераехалі на вул. М. Горкага, дом 11, кв. 12».

(з 1941 г.)

 

[1947 год]

Калі яму было цяжка, ён, сціснуўшы зубы, цягнуў якую-небудзь песню, цягнуў — глуха, аднастайна, з завываннем. Яму гаварылі раздражнена: «Сціхні ты... Ные, як зубная боль».

Ён сціхаў, а потым праз некаторы час, забыўшыся зноў, пачынаў завываць. Ні скарг, ні слёз, нічога, толькі гэты аднастайны матыў.

 

Жанчына з фронту — сержант; 3 ордэны, разведчык. Цяпер — працуе шафёрам, у камбінезоне. І пасля работы — часта ў штанах, рэзкія мужчынскія ўхваткі — шырокі ўзмах рукамі, шырокі крок, быстры. Коратка пастрыжаныя валасы — светлыя. Твар загарэлы, цвёрды. Голас хрыплы, нечакана па-жаночаму мяккі. Зімой — часта на лыжах, сільным мужчынскім крокам ходзіць. Летам у майцы чырвонай пасля работы рамантуе матацыкл, з трэскам праносіцца па вуліцы. Многа часу возіцца з ім. Ордэнамі не казырае, скромная. Рост — дробны даволі.

Любіць шалёную хуткасць, калі едзе на матацыкле.

 

Урач — грубаваты, цынічны чалавек. (Увогуле сярод іхняй браціі такіх нямала.) Паказная грубаватасць. Дзяўчына пабіла калена, кульгае. Прыходзіць да яго; ён адразу паднімае юбку без цырымоній; яна схапілася, не дазваляе, пачырванела.

— Ну, я не такія рэчы бачыў. Падумаеш нежнасці! — груба.

Яна пачырванела, паддалася.

Знарок падняў вышэй, стаў мацаць калена.

Аб жанчынах гаворыць з насмешкай, нават пагардай:

— Ваякі мне! Адзін толькі разлад ад іх. Партызан, што спутаўся з ёю, сам баба.

На любоў глядзіць скептычна:

— Любві няма — выдумка! Брахня! Ёсць толькі прывычка.

Быў няшчасны ў сямейным жыцці; з жонкай не ўжыўся.

Над ваякамі-жанчынамі з дабрадушнай насмешкай (як пахвальба), без звычайнай едкай грубасці.

Вядзе спартанскі вобраз жыцця, вынослівы, цярплівы.

 

Ён не гаварыў пра асабістае гора, бо маглі падумаць, што ён такі храбры таму, што ў яго гэтае гора. Ён не хацеў, каб думалі так. Гэта была б усё-ткі дробная вузкая прычына; тое гора, што ён адчуваў, было шырэй намнога; ён думаў пра гора, пра лёс усіх людзей, усёй краіны.

 

Трэба дабівацца точнага бачання рэчаў, рухаў.

 

У дзяўчыны — здзіўленыя вочы, шырокія, вялікія, крыху наіўныя, бровы ўзнятыя.

 

Харошы твар павінен быць асветлены будучыняй, марай, накіраваны наперад. Вялікая мара, да якой чалавек, людзі імкнуцца, якую дабіваюцца здзейсніць — і, урэшце, здзяйсняюць! Неспакой творчы, мэтанакіраванасць... Бачыў «Во имя жизни» — карціна так сабе — а гэтае — мара, імкненне наперад ёсць — і карціна набывае прыгажосць, узнёсласць...

У нашай літаратуры мара, імкненне да яе будзе мець вельмі вялікае месца — такое, якога яна не мела нідзе і ніколі.

 

Напісаць вялікую рэч (калі-небудзь) пра тое, як мянялася і ламалася псіхіка беларускага селяніна з 1914 года да нашага дня. Пражыты страшэнна жорсткія, ломкія гады. Этапы — 1914, 1917, 1921, 1926, 1930, 1937, 1941, 1945 г. Ісці недалёка за вобразамі — узяць жыццё бацькі або маткі. Вельмі важная тэма.

 

Вярнуліся з кіно. Успаміналі, што бачылі, гаварылі, што спадабалася. М. М. больш за ўсё спадабаліся касцюмы, у якіх выходзілі артысты, занавескі ў гэтым пакоі. Я ж на гэта не звярнуў ніякай увагі, не бачыў гэтага. (Людзі бачаць рознае ў адных і тых рэчах — старая ісціна, але як часта ўспамінаць прыходзіцца. Па таму, як чалавек бачыць, можна без памылак меркаваць — хто ён, што, які).

 

У N. N.— схільнасць бачыць у людзей дрэннае толькі, а калі гэтага няма, то яна дапаўняе сваёй выдумкай, увяраючы, што гэта яна добра бачыла...

 

Люда.

1. Часта збяромся, гаворым, на каго яна падобная. Пыталіся неяк: «Чые ў цябе вочкі?» — «Папкіны».— «А ножкі?» — Мамкіны» і г. д. Потым перайшлі на яе маму. «Чые ў мамы вочкі?» — «Бабушкіныя». Памаўчала. «А цыцы — папкіны». Усе зарагаталі такому нечаканаму пераходу. «Чаму?» — «Таму што ў яго сваіх няма».

2. Сабраўся ў камандзіроўку ў Маскву. «Паеду, Людка, а ты астанешся адна...» — «А я буду плакаць» — пагроза не дапамагла. Падумала і запыталася: «А мама не паедзе?» — «Не паедзе».— «А з кім мама спаць будзе?!»

3. Пад новы год на вечары быў вялікі канфуз. Яна вывучыла верш і павінна была выступаць перад дзецьмі. Усе выступалі па чарзе. Верш яна ведала добра. Але калі выйшла на сярэдзіну, усё раптам вылецела з галавы. Думае, думае,— ні слова не ўспомніць. Дзеці чакалі, потым сказалі, каб сышла, дала другім месца. Не сходзіць, думае. Сцягнулі сілаю — ледзь не плача. І толькі вярнулася дахаты, успомніла! Цягне маму — пайду, раскажу, і слухаць не хоча, што там ужо нікога няма, разышліся ўсе.

4. Спаборнічалі з адной дзяўчынкай — хто больш вершаў ведае. Запас «выйшаў», а падружка ўсё дэкламуе, Люда не здаецца. Выходзіць смела — бойка штосьці крычыць, не зразумець — шапялявіць трохі. Толькі асобныя словы даходзяць. Мова рытмічная. Не зразу разабралі, што — абман, імправізацыя на ўзбекскі лад. Выдумшчыца вялікая.

6. Рысуе — «точка, точка, два крючочка», усе малюнкі на адзін лад... Гаворыць на адзін — гэта — мама, гэта папа — а гэта Элачка. Аказваецца, кожны «партрэт» мае свайго натуршчыка!

7. Любіць больш бацьку.

 

У яе была адна дзіўная асаблівасць, якая вельмі часта наглядаецца ў людзей — яна магла любіць толькі тых, хто яе мала або зусім не любіў. Любіла моцна, усёй душою, перажывала, пакутавала; тыя, хто яе любілі, былі абыякавымі ёй, нецікавымі. Прыгожая, разумная.

 

Крытык: важны не Шэкспір, а прадмова да яго. З харошай прадмовай і Б. можа ўцерці нос Шэкспіру.

 

«Адрозненне першага кахання ад апошняга: пры першым кажуць гэта — апошняе, пры апошнім — першае».

«Яна лічыла — чалавецтва падзяляецца на дзве часткі: адна — якая падстаўляе шчаку, другая — якая яе цалуе».

(Кургель)

 

Калгасны пісьменнік — піша пра сённяшнюю вёску па ўспамінах свайго маленства. 20 год не выязджаў з горада.

 

Перад важнай вялікай аперацыяй. Камандзір дывізіі непакоіцца пра разведчыкаў — ці вярнуліся? Не таму, што ён чакаў новых вестак ад іх, такія весткі прынеслі другія групы. Яму былі дарагія людзі. Тры званкі за ноч. У падраздзяленні абыякава адносіліся — не прыйшлі, дык не прыйшлі. Пасля першага званка не паклапаціліся нават даведацца — можа, ужо вярнуліся. Палаяў іх. Пасля трэцяга званка загадаў паслаць групу па маршруту разведчыкаў, выратаваць. Сабралі, а тыя якраз вярнуліся. З падраздзялення пазванілі — прыйшлі! «Ну, вот цяпер, ладна» — заспакоіўся. А праз некалькі гадзін пачалася вялікая аперацыя, і было дзіўна, як сярод шматлікіх клопатаў гэтай бесканечнай ночы ён не забываў пра разведчыкаў.

 

Гармата стала ў парадках пяхоты — для прамой наводкі. Пяхота — ва ўсе бакі! Далей ад яе.

 

Вясна. Па дарозе плывуць танкі...

 

Баец не ведае, дзе фронт. Немцы — справа і злева, ракеты, аўтаматы трашчаць, а ён усё ідзе і ідзе ў гэтую пастку. Страшнавата, але такі загад. І ўсё добра — ідуць насцярожаныя.

 

Разведчык, які прабраўся ў вёску, даведаўся, што ў яры згрудзілася нямецкая пяхота і танкі — за сялом. Цэлая дывізія, знарок не займалі сяло, каб скрытна нанесці ўдар. Разведчык вярнуўся. Артылерыя масіраваным налётам накрыла іх — ні адзін не выйшаў жывым. Месіва асталося. У сяло прыйшлі стомленыя. Разышліся па хатах, заваліліся спаць. Ахранення няма. Ніхто не хоча, стаміліся.

 

Жанчына — пранырлівая. Дробны твар, востры птушыны носік, малыя бегаючыя вочкі, точаны востры падбародак. Хутка шчабеча, а вочкі так і бегаюць і бегаюць.

 

Ён быў яе ідэалам. Усе лепшыя якасці яму. Чыстая першая любоў! А потым — яна даведалася пра яго нядобрае, нячыстае. Гэта быў такі ўдар па яе пачуццю. (Пасля яна ўспамінала аб гэтым з усмешкаю). Яна не магла адчуваць сябе абраджанай, яна была прыбітай, аглушанай. Першыя слёзы — чыстыя, пакутныя, шчырыя.

 

Напісаць простую мужную праўдзівую рэч пра жыццё маці — гадоў 60. Сыны, іх жыццё, іх трывогі, пакуты за іх. Цяжкі жорсткі шлях. Памерла трое дзяцей, перанесла. Было многа радасці і многа гора. Як яна вынесла ўсё, дзіўна. І пры тым — моц захавалася, вера ў жыццё, радасць.

(Мая маці)

 

Напісаць сцэнарый — пра шлях Беларусі — з 1919 па 1947. Пра вялікія змены за гэты час.

 

Б. Гарачы — хутка ўспалымняецца і хутка астывае. Усё на паверхні — перажывае неглыбока; непастаянны. Прыйшоў усхваляваны, бегае па рэдакцыі. Крычыць, (сунуўшы ўсім па чарзе руку): «Часопіс дрэнна працуе. Трэба палажыць канец! Даволі! Хопіць, я цырымоніўся з Вамі! Канец! З сённяшняга дня!» Крычыць, гарыць, бегае. «На чацвер — нараду! Усіх склікаць! Адчоты падрыхтаваць!» У чацвер усе сабраліся, чакаюць. Б. няма ў час, няма пасля — недзе затрымаўся. Спазніўся на гадзіну. Прыходзіць спакойны, прыветны. «Затрымалі...» Пагаворыць аб пабочным, не аб справе; нібы забыў усё, што было тады. У апошнія дзве хвіліны прахопіцца — распараджэнні, потым «няма часу, я пайшоў». І ўсё па-старому. Праз нейкі час пачнецца ўсё зноў.

 

Хорця. Жанчына — рана аўдавела. Прыходзілі сватацца — не пайшла. Асталася жыць адна з двума дзецьмі — сын і дачка. Сама сеяла, жала, касіла; сама нават плотнічала, бочкі рабіла. Хату сабе паставіла. Здаровая, ядраная; непаседлівая, грубаватая.

Дзеці цяпер выраслі (Багуславец). У млыне неяк боралася з мужыком, паваліла яго, абняславіла.

 

Сям’я. Малады хлопец прыехаў з вёскі ў горад у вучылішча. У Маскве — на вучобе, потым вярнуўся ў Мінск; слесар. Рост рабочага. Першая дэталь, зробленая сваімі рукамі, радасць. Спачатку сумаваў па матцы, вёсцы. Потым адвык — знайшоў новую сям’ю. Рост завода — фон.

 

Дрэвы стаялі моцныя, скручаныя голлі — здавалася, што скручаны яны ад холаду і знобкага ветру.

 

Салдат прывыкае лічыць сваёй хатай тое месца, дзе спыніла яго каманда на прывал. Хутка абжываецца.

 

Пасля бою байцы перажываюць мінулыя небяспекі, непакояцца.

 

Пачатак любві да чужога чалавека. Ёй пачынала здавацца, што гэта не чужы чалавек, а яе муж, яе Сярожа...

 

У хвіліну небяспекі ён насцярожваўся, халадзеў, падбіраўся ўвесь — як перад прыжком.

 

Напісаць пра «страшэнна таленавітага чалавека» з народа (Нічыпар Чарняк, Лепей, Лаўрушка і інш.). Дома ўсюды якія-небудзь штучкі вынаходніцкія — засаўка замыславатая, стол і г. д.

 

К. І. лічыла сябе вучонаю жанчынаю, казырала вучонымі фразамі. Кніжкі чытала толькі перад сном, каб заснуць — па дзве старонкі на сон.

 

Баец «майстар на ўсе рукі» — мастак, майстар папраўляць гадзіннікі, лепшы мінёр. На падраздзяленне нарабіў мундштукоў.

 

Леў Шап. Пунктуальнасць — хвіліна ў хвіліну, слова ў слова. Паругаў разведчыка, які спазніўся з аперацыі,— немцы затрымалі. Заўсёды выбрыты. Сухаваты ў адносінах да людзей — увесь у раскладзе. Хударлявы.

 

С «отрывков из написанного» («Крокодил»)

1. Ничего не брал на свою ответственность. Даже о том, что земля вертится, говорил: «По словам Коперника».

2. Он проездил много лет, чтоб изучить жизнь, а изучил только расписание поездов.

 

Люда.

Малыя не разумеюць, што на адлегласці прадметы памяншаюцца. Глядзіць у акно Люда, бачыць — удалечы конь. «Які маленькі конік!» — крычыць. Ніколі не бачыла такога маленькага коніка, як казяўка. Затое — які вялікі верабей падляцеў і сеў на падаконнік па той бок шыбы, насупраць. «Мам, вялікі верабей!» — «Ну, верабей — большы за каня!»

 

Сягоння — 15 мая — расцвілі за дзень вішні. Сад зразу пабялеў.

 

20 мая — адцвілі вішні, цвітуць яблыні. Распусціўся бэз.

 

Партызанская маці. Хата яе стаяла наводшыбе, адзінока. Месца там было небяспечнае, непадалёк ад хаты канчалася мяжа партызанскай зоны. Усе, хто ішоў на заданне ў тыл, заходзіў у хату, адпачываў, а маці брала перамываць бялізну, анучы, берагла сон.

За ўсіх, што ішлі ў тыл, непакоілася; чакала з нецярплівасцю іх звароту з задання. Калі не вяртаўся або вярталіся не ўсе, хадзіла самотная і плакала.

Увесь свабодны час рабіла што-небудь для партызан. Партызаны кармілі яе — астаўлялі ёй хлеб, кансервы; трафеі, што прыносілі ад немцаў і аднойчы — віно, ром. Яна берагла яго. Усё выглядала сына, які таксама недзе быў на вайне, але сына не было...

Вялікае сэрца было ў гэтай малой жанчыны.

У час блакады ў хату ўварваліся немцы. Пагражалі ёй, але хату, здарылася так, не спалілі.

 

Сеяць было цяжка ў першыя гады: не хапала насення; трэба было паспець пасеяць у кароткі тэрмін, а людзей і коней не хапала; вялікая нагрузка на чалавека і коней.

 

Анекдоты пра П.

1. Ішоў на заняткі, аставіў запіску «Акадэміка П. дома няма. Пайшоў на заняткі». Вярнуўся пасля занятак, бачыць — запіска: «П. няма». Павярнуўся і засмучоны падаўся назад. Пасля схамянуўся, гэта ж ён сам!

2. Перад тым, як сесці ў трамвай, зняў галошы.

Прычуда. Аспірант, які ішоў да яго, павінен быў добра ведаць усю міжнародную інфармацыю. Аспірант рыхтаваў прадмет і інфармацыю.

 

а) Маўчала б, тожа разышлася, цытра!

б) Хранічаскі не наведвае партыйныя сходы.

 

«Личность нового человека получает наиболее полное выражение в коллективе».

 

Артыст (пісьменнік). Першы поспех. Ускружылі галаву — Ярмолава (Пушкін). Пустата — нібы скончылася жыццё, некуды ісці. Дык гэта і ёсць слава! — абыякавае, халоднае, без страсці — адчуванне было.

Потым няўдача. Нявер’е ў сілы, адчай. Цяга да мастацтва. Нельга без яго жыць.

Вучоба, пакутныя дні, пошукі (часта няўдачныя; адчуванне бесперспектыўнасці).

Першы маленькі поспех — вялікая радасць. Наперадзе — ён ведаў, бязмерна цяжкі шлях. Але ён гатовы быў да яго. Хай хоць што — наперад. Усе сілы. Усё!

 

У яе было заўсёды жаданне (слабасць) падабацца мужчынам. Ёй заўсёды хацелася, каб за ёй хто-небудзь ухаджваў, пакланяўся. Пудрылася, красілася на кожным кроку. Бясконца фатаграфавалася ў розных позах (разам з паклоннікамі і здымалі паклоннікі). Какетнічае, наігранасць — перад паклоннікам. Наігранасць стала прывычкай, другой натурай.

 

Цікавы тып дзяўчыны... Самаўпэўненая, рашучая, энергічная; заражае іншых сваёй упэўненасцю, хітрая (абманвае — і ўдала); здагадлівая, назіральная (вострае вока), быстра рэагуе і саабражае, не мае добрага густу (хоць не адразу дасць заўважыць гэта), грубаватая ў душы — пакланяюцца ёй. Прыгажуня, цынічная трохі; не прывязваецца ў каханні (не ўлюбчывая) — любіць і разлюбіць без «пакуты»; заўсёды бадзёрая, бясхмарная. Асабліва не перажывае ніколі. Водзіць мужчын за нос, падсмейваецца над імі, вострая на язычок; прывычка — дабрадушна і з самазадаволеным здзіўленнем падсмейваецца над сабою; пачуцці мяняюцца быстра, таксама — і мужчыны, якім сімпатызуе,— адзін, другі, трэці. Часта не ведае, каму аддаць перавагу (смяецца дабрадушна над сабою). З усімі гаворыць фамільярна, у адкрытую (не імёны — дарагі, мілы). У размове — нечаканыя пераскокі з аднаго на другое. Пытанні раптам, без падрыхтоўкі і пілюль — у лоб; субяседнік часта ніякавее, але падпарадкуецца. «Тое, што можна ў жыцці ўзяць — не выпускай». Не любіць самоты, скрухі пры горы, пры страце. Бяздзетная.

 

У яе была страсць да вядомых людзей. Хвалілася сваімі знаёмствамі; выдумляла часта.

(Клаўдзія Іванаўна)

 

Смерць старога. Доўга не брала смерць. «Памерці спакойна можна, хопіць — пабачыў свету, слава богу; і папрацаваў і папіў гарэлкі...» Прыйшла смерць — у апошнюю хвіліну: «Жыць!»

 

а) Чорная душа. Ён бачыў у людзей толькі дрэннае. Знаходзіць кепскае рабіла яму вялікае задавальненне, ён радаваўся. Усе паводзіны людзей тлумачыў нізкімі гадкімі прычынамі.

 

б) А гэты — зайздросціў усім. Зайздрасць ела яго ўсю істоту, усюды. Ён зайздросціў і ад гэтага ненавідзеў усіх — яны былі шчаслівейшымі, багацейшымі, разумнейшымі.

Пры немцах адразу прадаўся. Прайшоў час выскачыць. Радаваўся: «А-а, цяпер вы паскачаце, пацямнееце». Нібы яны пакрыўдзілі яго.

 

Чалавек-адзіночка ўстае на барацьбу з немцамі. Калі знаходзіць калектыў (партызанскі атрад), адчувае ўдзесяцяроную сілу.

б) Цяга адзіночкі (уцёк з лагера, не звязаўся яшчэ) да калектыву.

 

Каратышка. Ногі былі кароткія, нібы ўсечаныя. Тоўстыя, поўныя лыткі, шырокае бядро.

 

Дзяўчына, што баялася кароў. У дзяцінстве карова прыціснула да плота, ледзьве выратавалі. Над дзяўчынай падсмейваліся байцы-таварышы.

 

«Пасля смутку будзе радасць» — любімая пагаворка аднаго вясёлага чалавека. Не паддаваўся няўдачы.

 

Камары ў Каранёўцы. Вечарам — хмары. Не выходзь на вуліцу. А пасля работы хацелася пагаварыць. Збіраліся на лавачках, раскладвалі вогнішчы. Галлё — сырое, каб дыму больш.

 

N. смяецца не ўсім тварам, а аднымі губамі. Увесь твар дзіўна сур’ёзны, насцярожаны нібы. Адразу ўражанне — не шчыры, двудушны чалавек.

 

«Усё добра? Не, не ўсё добра. Дрэнна — благадушны настрой, супакоенасць. А гэта самае горшае».

 

Гусараў: «Змагацца супраць усякіх парушэнняў грамадзянскіх правоў нашых людзей — кім бы яны ні рабіліся».

 

Люда: а) Дзеці любяць хваліцца. «Мой бацька палкоўнік...» «...А мой бухгалтар». І гора, калі яго бацька адзін з многіх, чалавек распаўсюджанай прафесіі. Хай ён будзе самым маленькім чалавекам, але не з многіх падобных.

б) Люда амаль ніколі не есць хлеба дома, які ёй даюць перад абедам ці вячэрай. Хапіла скарынку і бяжыць на двор. На двары перад дзецьмі ён смачней. Асабліва калі хлеб белы, незвычайны і калі ў падружкі пры выглядзе гэтага хлеба разгараюцца вочы. Люда дзеліцца. Ёй гэтая роля спадабалася, і пасля яна пачала кожны дзень насіць на вуліцу хлеб, дзяліцца.

в) «Пап, глядзі, колькі я на адной ножцы прыгаю». «Пап, глядзі, як я быстра пабягу». Запракінула галаву, так што назад падаюць белыя кудравыя валасы, бяжыць, мільгаюць пухлыя, круглыя ножкі ў баціначках, спынілася сіле. «А я ўмею!» «А ты так не ўмееш?» — «Не.» Рада, смяецца. З кожным днём быстрэй, вышэй. Свет шырыцца. А яна адчувае гэта, адчувае сябе ў ім усё больш упэўненай і радуецца. Хутка, дачка, ты ўбачыш яго глыбока, разумней. Многа цікавых рэчаў ты знойдзеш у ім для сябе.

г) Цяпер, калі я прападаю ў Гаграх, яна сумуе па мне. «Штосьці папа доўга не едзе, загуляў, мабыць». Пытаецца: «Дзе ён?» Мама гаворыць, як з малою: «У садку, мабыць, гуляе». Тады яна кажа: «Гэта, напэўна, на плошчы Волі (дзе яна днямі была),— я пайду зараз да яго і прывяду».

 

Чалавек, які любіць паперу, пісаць на ёй. Аўтабіяграфію на сходзе не расказвае, а чытае з паперы; усе выступленні папярэдне піша на паперы, чытае. Там усё запісана слова ў слова. Чалавек — стрыманы, сур’ёзны, замкнуты.

 

У Макарэвіча — «артылерыйскі голас».

 

«Як зязюля пасля Пятра» (рэдка сустракаецца не ў пару).

 

Багацей. Усяго багата, але груба — без красаты, без смаку (нарады, страва). (У вёсцы — часта так).

 

а) «Наступленне на балоты» — вялікая, прыгожая, нацыянальная тэма. Напісаць.

б) Пяскі Беларусі. Барацьба за ўраджай на пясчаных глебах (нацыянальная тэма).

 

«Не ў тым, што ты мне зрабіў гадасць, соль,— з яе мне мала няшчасця, а што я ў табе памылілася, расчаравалася».

 

Чалавек, які ва ўсім бачыць смешны бок. Вясёлы. Усе падзеі ў яго расказах былі смешнымі.

 

Харошае жыта. Праз тыдзень прыбіраць. Град змяшаў з зямлёю.

 

З таго часу, як на чале партызанскага руху стала партыйнае кіраўніцтва,— рух падвоіў сілу. На змену стыхійнасці прыйшла арганізацыя з вялікім вопытам.

 

А. Фадеев — «Молодая гвардия»:

«Да есть ли на свете что-нибудь красивее нашего человека? Сколько труда, невзгоды принял он на свои плечи за наше государство, за народное дело! В гражданскую войну осьмушку хлеба ел — не роптал, в реконструкцию стоял в очередях, драную одежду носил, а не променял своего советского первородства на галантерею. А в эту Отечественную войну со счастьем, с гордостью в сердце понёс свою голову на смерть, принял любую невзгоду и труд — даже ребенок принял это на себя, не говоря уже о женщине, а это ж все нашы люди, такие, как мы с тобой!»

 

У полі.

а) Каласы амаль усе згінаюцца долу — поўныя, угару — пустых — пазірае мала.

б) Кукаль любіць авёс, васількі, пераважна жыта

(Бацька).

в) Жаўранкі, перапёлкі не сціхаюць увесь дзень.

 

Лес. Мохам зараслі дрэвы. Мох пад нагамі, мякка ўгінаецца. Чорнае асклізлае ламачча. Зараснікі папараці. Арэшнік малады, купамі. Пляскатае лісце дубняку.

Цёмна. Сонца скупа выходзіць. Лісце не аднолькавае па колеру — адно свеціцца на сонцы, светлае, вясёлае, іншае — цёмнае, панурае.

Вільготна — пахі травы, крапівы.

Апісанне дрэваў (дуб, ясень, граб, асіна), лісце мінулагодняе вымачана, блеклае, высушана. На дарозе — чорныя жылы — карэнні, вузлаватыя, крывыя. Воз падскаквае. Трава нават тут высокая. Дарога круціцца.

Угары счэплена вецце, так што неба свеціцца толькі зрэдку.

 

Папрашайка (Ганна). Хадзіла па знаёмых і ўсё прасіла — дайце таго, іншага, пазычце. Ніколі не збіралася аддаваць. Не любілі яе, бо і ў саміх не было чаго есці.

Самі біліся, стараліся як-небудзь звесці канцы з канцамі. А яна не хацела — на лёгкі хлеб прывыкла.

 

Галодны год. Ваўкі нападалі на статкі. Зарэзалі апошнюю карову чалавека. Кінуліся на пастуха. Ледзьве адбіўся. Нахабныя сталі.

 

Ф. Пачуе,— гавораць штосьці, смяюцца,— «Што такое?» Выцягвае галаву, каб пачуць лепей. Цікавіцца ўсімі сплетнямі. Затым разносіць — «Вы чулі?» Хадзячая крыніца ўсіх навін і сплетняў.

 

Вечар. Адчыненае акно, святло ў акне, сядзяць пры акне — аб нечым гавораць. З агародчыка. Чэрвень.

Запомнілася байцу з мірнага жыцця.

 

Чалавек закрывае вочы на подласць, якую робіць яго знаёмы — «пляма» былога. Новы канфлікт. Грамадства і кожны яго член павінны ўздзейнічаць на адзіночак, якія збочваюць.

 

а) Ціхія людзі часта робяць вялікія гераічныя ўчынкі — нечакана.

б) Засценчывыя людзі, звычайна, маюць багатае ваабражэнне. Тое, што не выскажуць, пасля перадумаюць, уявяць на адзіноце, у душы, падрабязна і яскрава.

 

Берагчы добрае пачуццё (каханне і г. д.) асцярожна і клапатліва.

 

Хлопчык, што любіць аўтамабілі. Ведае машыну, яе пабудову — не горш шафёра. Любіць круціцца ля яе, дапамагаць шафёру. Хоча за руль — «дай». Ходзіць запэцканы ў мазуту, як шафёр.

 

Алёша (хімік) здаравяк: адзін на вілах цэлую капу — пудоў два (?) — паднімаў.

 

Сава, як толькі нап’ецца — хапаў нож і кідаўся на вуліцу:

— Пайду, зарэжу цешчу.

Адна гаворка заўсёды.

 

«Мурашка» (празванне). Працоўная, маленькая, не сядзіць ні хвіліны без справы. Усё нешта робіць, возіцца — не спяшаючыся асабліва, спакойна, але няўтрымна.

 

Чалавек у моры, тонучы, каб уратавацца ад смерці, хапіўся за абломак дошкі — баяўся, як бы не адарвацца, загіну. Дошка слізкая, рукі слабелі, разжымаліся, вось-вось выпусціць... Не выпусціў. Выратавалі. Не мог разняць рукі, і другія ледзь-ледзь адарвалі ад дошкі, так учапіўся. («Трэба так трымацца за жыццё»).

 

У лістападзе. Выпаў снег — быў мароз; назаўтра — адліга, усюды мокра, слізка. Толькі плямамі шэры брудны снег, у іншых месцах — чорная, слізкая гразь. Нізка — густы туман, што глушыць усё, цісне. Назойлівы звон капель. Усё закрыта туманам, даўка — нібы няма свету, толькі ты адзін ды кавалак дарогі перад вачыма. На дрэвах — голлі — зябка дрыжыць мутная раса.

 

Расчараванне жанчыны.

Вечар. Яна нарэшце з любімым чалавекам. Чаканне — нешта незвычайнае, жаданае даўно павінна збыцца. Узрушана. Быў трэці з імі, пайшоў бы ён куды. Дала знак, той падняўся:

«Пайду, лягу — нешта я змарыўся».

«Пачакай,— папрасіў любімы,— і я таксама змарыўся — спаць хочацца».

Яе як нажом па сэрцы рэзанула — «спаць хочацца». Яна інстынктыўна хапіла руку трэцяга і так сціснула, што ён ледзь не ўскрыкнуў ад болю. Але ні поглядам, ні словам не выдала болю. Толькі як вышлі на двор удваіх, раптам упала на грудзі таварышу і горка зарыдала.

«А я яго любіла. Я верыла... Ён хоча спаць!»

Ён не любіць. Яна абманулася ў лепшым сваім пачуцці!

 

Школьнік, ідучы са школы, да самай хаты гнаў каменьчык — занятак. Ніяк не мог адстаць. Шалун.

 

Старшыня с/савета. (Распаўсюджаны тып). На кожным сходзе — першамайскім, кастрычніцкім, выбарчым — сваё выступленне зводзіў да гаспадарчых кампаній. На перадвыбарчым сходзе — расказваў пра дэпутата:

«Дык я думаю, што мы ўсе будзем за яе галасаваць, канечна». Потым з палёгкай уздыхнуў, і адразу мова пачынала лёгка ліцца, красамоўства паяўлялася.

— Первае наша дзела — нарыхтоўкі. Сорам, ганьба! Што я за вас буду хадзіць на нарыхтоўкі ці дэпутат. Я ўжо вам гаварыў, хопіць — больш цырымоніцца не буду!..

(Натхняецца, загарэўся). Цяпер пра выхад на работу... І грымеў, грымеў; калі б яго не спынілі, з прэзідыума хто-небудзь дзергаў за палу,— ён бы гаварыў да дня. Усе пачыналі пазяхаць і рабіліся нудныя.

Цэлыя дні — ездзіў на сельсавет — усё па гаспадарчых справах, зноў — нарыхтоўкі, выхад. Адзін клопат, адна думка.

 

Добры чалавек. Займаў вялікі пост. Усіх, хто прыходзіў, лагодна прымаў, усміхаўся, слухаў і, калі скардзіліся, рабіў спачувальную грымасу: «Ах!»

«Што вы!»

«Бессардэчна!»

Твар крывіўся, моршчыўся, як печаны яблык. Аж плача.

«Добра, памагу! Ось тут запісаў».

— Дзякую.

Праводзіць да дзвярэй.

Прайшоў дзень, тыдзень — нічога не чуваць; прыйшоў прасіцель зноў.

— «Ах, гэта вы; яшчэ пакуль нічога не зрабіў. Прыйдзецца пачакаць».

Прайшоў яшчэ тыдзень — усё па-ранейшаму. Звярнуўся к другому — той дапамог. Тады для жарту прыйшоў падзякаваў: «Ну вось, добра»,— і лагодна ўсміхаўся, і правёў да дзвярэй, нібы ён дапамог — слаўны чалавек!

 

У вёсках у нас любяць умелых брахуноў. Добрага брахуна частуюць часта, клічуць на вяселле, каб расказаў якую-небудзь байку-небыліцу.

Пра брахуноў ходзяць цэлыя легенды. У іх заўсёды вялікая аўдыторыя, любячых паслухаць і паскалазубіць. Яны часта вельмі цікавыя, і цікавы — кожны па-свойму, сваімі прыёмамі і манерамі.

Пра аднаго брахуна Шаноўнага казалі, што ён, папаўшы ў ссылку, на шахты, не рабіў нічога, а толькі расказваў небыліцы гаспадару; хадзіў, як пан. Пан не хацеў адпускаць — як жа ён адзін астанецца, хто будзе весяліць. Брахуна звалі на сяле «Шаноўны».

Другі, кажуць, жаніўся на багатай жанчыне, а ўсё з-за свайго вострага лёгкага язычка. Жыў, прыпяваючы.

 

[1948 год]

У Мінску. Разбураныя дамы. Збоку здаецца, што яны паданы ў разрэзе, як вучэбныя супрацьгазы, каб бачылі ўнутранае ўстройства. Страшнае стала простым, звычайным.

 

Аднаўляюць дамы. Замест вырванай сцяны ставяць новую — чырвоная цэгла — здаецца нібы латка на раненым целе. Выламаны праём вокан залатаны чырвоным цагельным пластырам.

Усе адноўленыя дамы ў латках. Як толькі такія вышэзныя сцены-латкі трымаюцца — дзіву даешся!

 

У пакойчыку — цесна. Горад разбураны. Веласіпед вісіць на сцяне, стоячы дыбкі. Вісіць стрэльба поруч.

Садзіцца да стала прыходзіцца не ўсім на табурэтах, недзе ставіць — на ложку прыходзіцца.

 

Смірноў — тып. Партрэт — вялікая галава, прафесарская лысіна і бародка вострая.

Цікавіцца ўсім. Выдатная памяць. Хадзячая энцыклапедыя — усемагчымыя весткі па розных галінах ведаў захаваны моцна ў яго галаве. На кожнай абароне ён выступае з заўвагамі да дысертацый.

«Я, праўда, не спецыяліст. Усё-ткі пасля азнаямлення, у мяне ўзнікла шэраг заўваг».

І выказвае — дакладныя (праўда, не сістэматызаваныя) веды па гэтай галіне.

Ведае мноства гісторый з рознымі славутымі людзьмі — анекдатычныя. Расказвае дакладна, не спяшаючыся.

Спецыяльнасць — географ.

 

Глінішчанцы. Сем родных братоў — дружныя, адзін за аднаго. Аднаго зачэпяць — аддубасяць так, што ўсім закажа. Трымалі ўсё сяло ў страху. Баяліся іх.

 

Пасля жыцця ў горадзе Адам стаў Эдзікам, а Ігнат — Ігарам. Ходзяць расфранчаныя, ганарыстыя.

 

Партрэт. Першае ўражанне — нешта шчаціністае, натапыранае. Вусы — густыя тапырыстыя, бародка наперад, нос бульбаю — наперад, густыя бровы жорсткія, валасы вожыкам, і да ўсяго — калючыя вочы, як два цвікі.

 

Характар «одержимый» — увесь час гарыць. Новыя планы ўзнікаюць адзін за адным, захапляюць, не даюць ніколі спакою.

Усё робіць з аганьком, з душою.

Нецярплівы, трапяткі.

 

Пейзаж. Парывісты вецер. Гоніць пыл па дарозе. Сячэ ў твар пяском. Ісці па дарозе — прыходзіцца схіляць галаву, як у завіруху — заб’е пяском вочы.

На небе халодная сінь.

 

Перад навальніцай. Воблакі — чорныя і дымяцца, насоўваючыся.

Стала ціха, ціха. Спалохана прабегла палявая мыш, схавалася.

Мёртва.

 

Купаліха. Прываліла ў Вязынку на машыне з цэлай світай. З шумам увайшла ў хату, затараторыла. Скінула з рук гару скруткаў, услед за ёй — паклалі ўсе іншыя.

«Як тут жывяце? Што новага?»

«А мы гэта толькі што з М.— дождж вялікі, каб ён няладны быў. Вось сукенку прамачыў наскрозь. Ну дык вы, дзяўчаткі, тут збірайцеся, а я пайду пагляджу, якія там у нас на гародзе гуркі ўрадзіліся!»

Выйшла. Аблазіла гарод, агледзела ўсё, нарвала абярэмак салату, цыбулі ды морквы, вымакла ў вадзе, вярнулася, кінула ўсё на стол.

«Дзяўчаткі, трэба нешта падрыхтаваць паабедаць, бо есці хочацца». А дзяўчаткі і без каманды раней яшчэ пачалі, ведалі сваю справу.

Потым развязала пакунак з экспанатамі, узяла партрэт і сама палезла, тоўстая, непаседлівая, на табурэт, прыбіваць. «Паглядзіце, дзяўчаткі, ці добра так будзе? Ды дайце мне малаток».

Злезла. Не спадабалася, паднялася ў другі раз, перабіла.

У кашолцы і скрутках былі: хлеб, мяса, пляшка гарэлкі, рыба. Тым часам яна гаварыла з карэспандэнтам, якога застала тут:

«Дык чаму ж вы не сказалі — што едзеце сюды. Я ж бы вас падвезла на машыне. Дык вы хоць абсушыцеся... Ну нічога — цяпер вы будзеце з намі. Мы тут пераначуем, а заўтра паедзеце назад...»

«Мне трэба сёння».

«Нічога, паспееце яшчэ».

Яна адразу становіцца на блізкую нагу са ўсякім, проста гаворыць у вочы. Даверлівая.

Па сяле пры паяўленні яе машыны пайшла чутка: «Цёця Уладзя прыехала!»

Дзеці пасыпалі да хаткі музея. Не дарма — у цёці ў кашолцы былі цукеркі, як заўсёды. Цёця любіць дзяцей — яна многіх ведае па імені.

У калгасе — «цёця» дабілася аўтамашыну, рухавік. Гэта калгас імя Янкі. Заўсёды ўспаміны пра Янку. «Мой Янка» — і слёзы. «Хто любіць Янку — той мой друг, а хто не — вораг... Адзін мне сказаў дрэнна пра Янку, дык я яму адказала: што ўсе вы памрэце, а Янка будзе жыць!»

Гаворыць, гаворыць — здаецца без ладу — з аднаго на другое: з успамінаў пра Янку на свае чаравікі, у якіх падэшва аказалася кепская. Потым зноў — на трэцяе, далей можа вярнуцца да першага.

З ёю мімаволі стамляешся. Колькі ў ёй энергіі. Якая яна была ў маладосці?

Гадзіны чатыры паказвала мне архіўныя дакументы. Спачатку было цікава паглядаць, потым — нуднавата, а ўрэшце я адчуў, што галава пачынае кружыцца — блізка да вобмараку.

Любіць маладых хлопцаў — пагаманіць, паклікаць іх на абед. Першыя тосты — «за маладосць!» «За мужчын, бо іх мала!» і г. д.

Партрэт — поўная, старэчы абвіслы твар, кароткія, падрэзаныя скобкай валасы,— па мужчынску амаль. Знаёміцца адразу. Адразу — друг. Усе тайны табе.

 

У мужа паранена плячо. У жонкі плячо таксама баліць, нібы і яна паранена туды ж.

 

Сястра К. чарнявая, вясёлая. Спявала ў маладосці багата. Вышла замуж не за любага. «Я ўсё роўна люблю не цябе, а яго»,— казала мужу.

Не сумавала, хоць у сваім пачуцці была пастаянная. Потым пайшлі дзеці — як паўтара-два гады — новае. Нарадзіла адзінаццаць. Клопат вялікі. А яна бадзёрая.

Бывала, на сход не даклічашся — дзе там, старая ўжо я. Куды мне! А як пачуе гармонік — павяжа пярэстую хустку на галаву — ды на музыкі з дачкою. Ды, можа, і скакаць пойдзе.

З дзецьмі было няшчасце: адно — памерла ад сухоты, другое — сышло з розуму, двух сыноў забілі на фронце, трэцяга пакалечылі, а яна паплача, паплача ды зноў галаву ўскідвае, не вешае яе.

Смешнае што раскажа, засмяецца маладым смехам. Чым бядзе паможаш?

Шчырая і прамая ў словах. Добрая і прыветная.

 

Дачка яе — Уладзя — была самая прыгожая. Бялявыя валасы, сінія вялікія задумлівыя вочы. Стройная. Многія закахаліся ў яе. Хлопец адзін шафёр палюбіў, але не наважыўся сказаць — такая моцная любоў была. А яна таксама любіла яго і пакутавала.

Маўклівая. Палюбілася аднаму інжынеру, той зачасціў у хату, сядзіць.

«Скажы што-небудзь»,— кажа маці.

«Ай, што я скажу — мне трэба лекцыі рыхтаваць на заўтра ды і спаць хочацца».

«Не мая дачка»,— казала маці.

Пасля сканчэння тэхнікуму паслалі ў Рэчыцу. Там на рабоце пазнаёмілася з таварышам па рабоце, пажаніліся.

Нарадзілася двое дзяцей. Трэцяе ў вайну. Муж — на фронце. Жахі акупацыі яе вельмі кранулі. Разгубленая стала, загаворваецца. Потым, калі вызвалілі, родныя адшукалі, здзівіліся — вельмі ж змянілася, пастарэла.

Апатыя з’явілася: «Нашто жыць?» — пісала ў лістах. Мужа не было, забілі. Памёр хлапчук ад менінгіта. «Жыццё — гора. І дзеці будуць пакутаваць».

Аднойчы сабралася, узяла дзяцей, пайшла на Днепр — тапіцца з імі. Людзі не дапусцілі, дакаралі, угаварылі.

Праз некалькі дзён яна перарэзала сабе горла. Рана ўстала маці — чуе — нешта капае. Мо дзіця нарабіла. Бачыць кроў, горла перарэзана. Паклікала людзей. Прыйшла дапамога, выратавалі.

Сталі сачыць. Прыйшлося адправіць у псіхіятрычную бальніцу. Адтуль тры разы ўцякала. Усё-ткі вылечылі.

Але праз паўгода захварэла на скарацечныя сухоты і памерла.

 

«Сем разоў нехарошы».

 

Вясёлы дзядзька. Сам малады, а да жанчыны, што прыйшла да яго са справай і якая не маладзей яго, кажа: «Дочачка». «Та не так разумееш, малая!» І як бацька размаўляе. А вочы смяюцца. Вясёлы, відаць, дзядзька.

Находчывы на словы, смешна так даказвае.

 

Кс. Фед. Загадвае ўсёй гаспадаркай, кіруе ўсім. Муж ні да чога не кранаецца рукою. Паправіць дзверы, папілаваць дровы — яе справа.

Жывая незвычайна, быстрая, вясёлая — голас разносіцца то на дварэ, то ў пакоі. Трэба было прадаць піяніна, яна дамаўлялася з пакупніком. Той таргаваўся з-за паўтысячы. «Ды што вы водзіцеся, як жанчына. Бярыце. З-за капейкі — столькі гаворкі!» Столькі праматы і быстраты, што пакупнік збянтэжыўся і змоўк адразу.

Званіла наконт грошай.

«Хто гэта? Ты, Халюцін?.. Хто гаворыць?.. Той, каму ты павінен грошы... Ну, ну — я!.. Ну, што сёння зноў скажаш, заўтра?.. Ёсць! Гэта іншая справа... А то ўсё — заўтра, заўтра... Дык глядзі — чакай, хутка прыйду!..»

 

У пустым пакоі гулка незвычайна стукаюць крокі — гух, гух, як у бочцы, голас грыміць.

 

Кр. Усё жыццё прывык ён па паверхні жыцця ісці, зрываць кветкі, адчуваць лёгкае, бязвоблачнае. Стаў пісьменнікам. Не сядзелася над творамі — атрымліваліся гладкія, роўныя, але лёгкія. Прачытаеш — і не памятаеш аб чым.

З усякага становішча цяжкага імкнуўся хутчэй выбрацца. Толькі б лёгка, толькі б бязвоблачнасць.

Жаніўся. Скардзіўся — няўдала, ашукаўся ў сваіх спадзяваннях.

Моршчыўся і мыляўся, як малады неаб’езджаны канёк, на якога ўпершыню надзелі хамут.

 

Р. І. гаварыла:

«Як толькі я астануся адна з дачкою, цэлы дзень толькі тое і раблю, што ругаю яе».

А любіць яна яе незвычайна — адзіная дачка, адзінае стварэнне. Любоў выражаецца ў кожнага па-свойму. «А пойдзе на заняткі яна — чакаю не дачакаюся».

 

Любіць загадваць загадкі, рэбусы. Раздзялі: аддалі чацвёртую часць пірага аднаму, затым прыйшло чатыры — як раздзяліць на чатыры роўныя часткі. Пасміхваецца, калі думаюць.

 

[1956 год]

Малады хлопец з вёскі дарваўся да горада. Прыехаў сціплы, сарамяжы, ветлівы. Цікаўна, разявіўшы рот, глядзеў першы раз на цуды горада. Паступаў у інстытут — перад будынкам натоўп, падышоў нясмела, разгублены. У будынку інстытута — таксама вір, хваляванні. Сам хваляваўся страшэнна: правалю. І праваліў бы. Ад хвалявання заікаўся, блытаў, не мог успомніць, што і ведаў. Але за яго заступіліся, памаглі. Паступіў. І вось прайшоў год. У кампаніі сяброў сваіх змяніўся так, што не пазнаць. «Гарадскі» стаў. Куды падзелася нясмеласць і сціпласць. Звузіў нянадта новыя штаны свае ў дудачку, купіў модны гальштук, дзяшовы капялюш. На ўсіх вечарынках са сваім прыяцелем «паэтам» — першы танцор, першы кавалер. Зразумеў, што прыгожы, можа падабацца,— адпусціў грыву, вусы рэдзенькія. Страшна абражваўся, калі хто-небудзь называў «вёскай». Брат N. (таго самага). Пазычае ў свайго аднакурсніка грошы — не хапае, модную куртку, якая падабаецца дзяўчатам. І самому так спадабалася, што ніяк не хоча вяртаць... Прыехаў дадому, пабыў дзень-два, не ўседзеў — нудната якая. Як жыў цэлых семнаццаць гадоў. Кінуў старых, выпрасіўшы грошай, паехаў бадзяцца к прыяцелю... Вярнуўся ў інстытут. Прыемны тлум першага дня, інтэрнат. Потым зноў тое ж — карты, гульня да поўначы, спанне да абеда. Выклікалі, ушчувалі — ніякіх вынікаў. Дзень-два паходзіць, павучыцца як след, потым зноў з прыяцелямі: «Вучыцца, карпець — не тая эпоха».

Без стыпендыі. (Брат ці плямянік — вядомага чалавека). Ходзіць з просьбамі. Потым крыўдзіцца — лаюць, адвярнуліся, чэрствыя. Дзядзька спрабуе паставіць на ногі. Пра бацьку-гаротніка, пра сваё труднае быццё змоладу — слухае моўчкі, спачувае, абяцае. Потым — зноў танцы, весялосць. Крыўда: усе вучаць, а памагчы — ніхто не паможа. Каб рубель выпрасіць... Несправядлівасць. Незадаволены жыццём, няпраўдай.

 

У гады вайны. Хварэла дачушка. Што за хвароба — невядома, але гіне дзяўчына на вачах. Маці дзе магла даставала цукар, цукеркі — ёй. Радавалася, калі тая ела. Потым — калі памерла, аказалася — сахарная хвароба. А яна ёй цукар!

 

Дзяўчына працавітая. У беднай, працавітай маці-ўдавы. Дзяўчынка, аднак, любіць прыбрацца, модніца. І прыгожая. Маці папракае, а ёй — што! Сама па журналу мод ці пабачыўшы ў каго на вуліцы пашые такое плацце, пальто — ахнуць! Хлопцы, самыя модныя, цугам! Круціць імі, камандуе. Не пускае дамоў, і блізка — думаюць з-за гордасці. А яна — на ўскраіне, на гразнай вуліцы, у хатцы — у палавіне, якая вось-вось разваліцца. Сыра, цёмна, убога. Пасля светлага праспекта гэта асабліва відна. Працуе на фабрыцы, вучыцца ў вячэрняй школе — у свой час не кончыла. Падала заяву на кватэру, але — столькі просіць. Не далі! Да таго ж — модніца, верціхвостка.

 

Трапіла ў БОКС — камсамольская сатыра. Размалявалі, подпіс абразлівы — выставілі на скверы ў самым цэнтры горада. Хоць не паяўляйся. Вырвала малюнак. Справа на яе ў камсамольскай арганізацыі. Выклікалі ў камітэт. Першая размова. «Ганьбіш на ўвесь горад. Не паздаровіцца!» (Сястра той дачкі, што памерла ад дыябету.)

(Можа, у раман «Поўнач, поўнач».)

 

 

ТЭСЕЛІ

Зіма ў санаторыі. Нуда. Сняцца снег, сосны, гарадскія вуліцы, святло ў вітрынах.

Тут кіпарысы, хмурнае мора, скалы і нуда.

У Тэселі забрыў. Кабінет. Стол — яго ці не? Матрацы нейкія ў кутку.

Але тут ён хадзіў, думаў. Скала яго, ставок. Чырвонаармейцы з Фароса выкапалі. Не адну тысячу дзён, вялікую частку жыцця, будучы славутым, багатым, любімым, вымушаны быў сядзець на Капры, у Сарэнта, у Тэселі. Толькі цыкл казак аб Італіі і ніводнага апавядання пра Крым. У сэрцы толькі Расія, рускія прасторы, рускія гісторыі.

Многія гады — [нрб] руская зямля блізка і далёка. Сколькі раз, мабыць, снілася яна яму. Сколькі любасці здалёк і тугі!

 

 

ДАЛЁКІ МАЙ

Ён прыехаў сюды многа гадоў назад. Болей за 40. 43 гады. 43 гады магіла яго пад кіпарысамі на ялцінскіх могілках...

А тады быў май. І Максім, мабыць, стаміўся. Дарога доўгая, на конях. Яму было 25 год, але ён быў такі хворы. Была яшчэ надзея на Крым.

Ён прыехаў у Ялту. Калі, раніцай, увечары? Як ён ішоў ці ехаў па вуліцы? Якой была тады Ялта? Якое мора — хмурнае, ласкавае. Я не ведаю, я толькі стараюся ўявіць.

Ён жыў у доме над прыморскім паркам. Я ведаю гэты дом, быў у ім. Ён можа быць мала перамяніўся, гэты дом, толькі некалькі разоў фарбу мянялі.

Тут Максім жыў апошнія дні. Ён згасаў. З кожным днём усё слабеў. Спачатку трохі хадзіў, а потым толькі ўставаў, нарэшце і рукой цяжка было паварушыць.

А ў галаве было так ясна. І столькі планаў. І столькі любві. І такія зялёныя былі кіпарысы, і так цвілі гліцыніі. Я не ведаю ўсяго. Але мне сумна і жудасна.

Сорак гадоў ляжыць ён у чужой зямлі. А мора — такое ж сіняе, такое — невыказна прыгожае, і кіпарысы, і гліцыніі. І горы ў бэзавай дымцы,— хараство.

Столькі хараства ў цудоўным гэтым краі, столькі (ранніх) магіл!

 

Літаратура абавязана паказваць жыццё ў вялікім руху. Рэвалюцыйная героіка, пяцігодкі, вайна — усё гэта такое, чаго нельга не развіваць у літаратуры.

 

Успомніць, якое значэнне мела ў свой час «Як гартавалася сталь» — гістарычная, мемарыяльная рэч.

 

У Пушкіна лепшая рэч у прозе «Капітанская дочка» — аб падзеях стогадовай даўнасці. Тое ж у паэзіі — «Палтава», «Бахчысарайскі фантан»; тое ж у драматургіі — «Барыс Гадуноў», «Моцарт і Сальеры», «Сцэны рыцарскіх часоў»... Суцэльны «перакос»! Усё — гісторыя!.. Уцёкі ў мінулае?.. Пушкіну, праўда, можна дараваць: ён не быў дастаткова арганізаваны. Не было Саюза пісьменнікаў, такога дасканалага апарата!

 

Вучоныя, вывучаючы зямлю, пасылаюць караблі ў космас, забіраюцца ў высокія вышыні. Знайшлі многа цікавага — мы багацей ведаем зямлю. Цяпер праекты — прабурыць глыбокія скважыны — на 10—15 км у глыб зямлі, вывучыць пароды, змены іх. Гэта дапаможа зразумець, як стваралася, сталела зямля.

Задача літаратуры па сутнасці тая ж — заглядваць у высі і бурыць землю ўглыб, паказваць — як стваралася, сталела наша жыццё.

 

Тыя працэсы, якія адбываюцца цяпер у беларускай літаратуры, тлумачацца іменна гэтым — жаданнем зірнуць шырэй і глыбей — шырэй і глыбей зразумець тое, што называецца сучаснасцю. Іменна таму пішуць і пра 1905, і пра перадрэвалюцыйныя часы, і пра 20-я гады, і пра вайну...

 

Чалавек без гісторыі, без традыцый, што дрэва без карэння.

 

Свежы вецер ХХ і XXII з’езда павінен прайсці праз усе дзверы і вокны, ачысціць паветра ва ўсіх установах.

Культ Сталіна для нашага часу таксама «гісторыя», мінулае. Але XXII з’езд палічыў патрэбным, неабходным вярнуцца да «гісторыі», каб зноў, у другі раз пасля ХХ з’езда, навесці поўны парадак у гэтай «гісторыі», унесці поўную яснасць, ачысціць «гісторыю», без якой нельга ні жыць, ні працаваць па-новаму, у поўную сілу. Без усяго наноснага, закарэлага, без несправядлівага. Без няпраўды. Толькі з праўдай.

Ці няма ў нас такога, ад чаго трэба было б ачысціць нашу «гісторыю», нашу літаратуру? Зроблена нямала, але зроблена — трэба сказаць шчыра — не ўсё. Не ўсё выпраўлена, не ўсё зменена!

...Думаецца, што задача наша складанейшая: выкрасліць з нашага жыцця непатрэбныя звычкі, якія па новых умовах перашкаджаюць правільна разумець тое, што адбываецца, працаваць на ўсю сілу. З часоў культу засталася ў спадчыну такая хвароба, як выдзяленне некаторых пісьменнікаў на нейкае асобае становішча ў літаратуры. Ёсць нейкая, невядома кім зацверджаная група, абойма, эліта. Усюды і ва ўсім гэтая група выдзяляецца.

Не можа быць гаворкі аб тым, каб ураўняць заслугі пісьменнікаў, але нельга і так жалезна падзяляць літаратуру, фактычна стрымліваючы прызнанне работы многіх і многіх маладзейшых пісьменнікаў, стрымліваючы рост. Трывожыць такое становішча, калі некаторым пісьменнікам лягчэй заваяваць усесаюзную вядомасць, чым прызнанне іх работы сярод некаторых работнікаў нашай сталіцы.

У мяне склалася такое ўражанне, што амаль уся пасляваенная літаратура недаацэньваецца, нігілістычна прытрымліваецца недзе на другім плане. Гэта асабліва дзіўна, бо літаратура расце вельмі бурна, бо яна дала нямала добрых, сапраўдных твораў, бо выраслі сапраўдныя пісьменнікі, якія нямала зрабілі, бо ўвесь час папаўняецца маладымі сіламі.

Мімаволі думаеш, што хто-ніхто бачыць літаратуру такой, якой яна была 15—20 гадоў... Хто-ніхто трывожыцца незадаволеных галасоў маладых і не маладых, гатоў бачыць крамолу, — не трэба баяцца! Гэта натуральная з'ява, гэта і ёсць тыя парасткі, якія ўзнялі ў чалавечых душах тое, што было зроблена на ХХ і XXII з’ездах! Гэтых галасоў нельга ні баяцца, нельга і адмахвацца ад іх. Трэба прыслухацца да іх і трэба змяняць некаторыя рэчы, якія ўсё роўна будуць зменены па неадменных законах жыцця. Рана ці позна, але будуць зменены, падабаецца гэта ці не падабаецца каму-небудзь.

З пагардай гавораць пра гісторыю, нібы не ведаюць, не помняць, што адна з двух асноў марксізма — гістарычны матэрыялізм.

Бачыць сучаснасць гістарычна — бачыць чалавека сённяшняга дня гістарычна — тое, без чаго не можа быць сапраўднай літаратуры.

 

У дні гэтыя нараджаецца не толькі новы свет, нараджаецца новы чалавек. Ён адчуў дыханне новай эры, яго гэта ўзняло, акрыліла. Ён адчуў хараство новага часу, калі збудуцца яго мары, у ім выявіліся новыя сілы! Ён пойдзе на ўсё ў імя новай зары. Ён непераможны.

Дарэмна яму перашкаджаюць, хочуць спыніць. Ён пераможа ўсё.

Гэты чалавек — не адзін. Ён народ. У гэтым яго моц.

Малады чалавек можа рана састарыцца толькі ад бяздзейнасці.

 

ДУМКІ АБ ЛІТАРАТУРЫ

1. Погляд на літаратуру — як на ілюстрацыю.

Дайце пра Салігорск, Нафтабуд.

Тэма для нарыса, для верша, для манаграфіі гістарычнага плана.

Задача літаратуры — даследваць, абагульняць, маляваць чалавечыя тыпы.

Як бы добрасумленна не апісаць, што было, гэтага недастаткова будзе для рамана. Пісьменнік непазбежна скоціцца да рэгістратара, апісальніка падзей.

Неабходны — праблемы, ідэя, вобразы. Яны — аснова твора. Толькі ідэя, праблема, новая, сучасная, можа даць аснову, мэтанакіраванасць твору.

2. Перавелічэнне значэння тэмы, матэрыяла.

Літаратура дзеліцца на: завадскую, калгасную, ваенную, гістарычную. Прымат тэмы, матэрыяла. (З «Гісторыі» прыклады). А што такое «Яўгеній Анегін» — раман у вершах на тэму жыцця дваранства. А «Вайна і мір» — гістарычны раман аб вайне 1812 года. Проста, зручна.

Але чаму нас хвалююць — дваранская гісторыя і гісторыя 1812 года?

Душа твора. Ідэя. Духоўны свет твора — вось што аснова, што набліжае і князя Балконскага і Карэніну, Рамэо і Джульету, ідэі — зразумелыя, блізкія, я б сказаў — сучасныя нам.

3. Прыніжэнне ролі ідэйнай; мастацкіх якасцей твораў прыводзіць да нівеліроўкі літаратуры. Рэабілітацыя твораў слабых, у імя тэмы.

Яснасць патрэбна — для правільнай арыентацыі літаратуры і пісьменніка. Спрэчка аб літаратуры пра вайну. Сучасная ці не сучасная? Патрэбная ці не патрэбная?

Творы пра вайну — душа іх? Калі як ілюстрацыя, яны не патрэбны. Але душа іх — гераізм савецкага чалавека, хараство яго. Гераізм — устарэлае? У наш час, калі пахне порахам?

4. Аб сучаснасці твораў.

Сучаснасць:

а) ідэі, думкі, праблемы, тэмы;

б) мастацкіх сродкаў, формы: стылю, мовы, кампазіцыі і г. д.

Многа спрэчак аб форме. Стыль — тэлеграфны..., сцэнарны. Кампактнасць — раман не больш 10 арк. Эпапеі — устарэлі...

Але — імкненне да эпапей «Поднятая целина», «Абай», «Берег ветров», Стэльмах, Ганчар. У нас — Колас, Пестрак, ненапісаныя эпапеі. Зарубежныя: Мартэн дзю Гар, Арагон «Камуністы». Мова. Фолкнер «Особняк» (1959) — адзін сказ (прыклад).

Разнастайнасць.

Якія ж новыя адзнакі: імкненне да прастаты, адмаўленне ложнага пафасу, гучных слоў. Без доўгіх пейзажаў, доўгіх партрэтаў. Дарэчы, у Л. Талстога — партрэты ў руху. (Л. Талстой пра партрэт.) Лёс эпічнага жанру. Будзе расці. Рост заканамерны — час такі.

5. Задачы жанраў. Чаму асабліва хутка старэюць сучасныя раманы?

Таму, што не ўлічваюць асаблівасці жанраў. Тое, чаго даволі для нарыса, недастаткова для рамана. Нарыс, верш — перадавы падраздзел літаратуры. Раман — артылерыя. Нельга з пушкі па вераб’ях. Раман — менш аператыўны, затое — больш вясомы. Раману — шырокае поле, важныя праблемы, абагульненні.

Раманы губіць дробнаідэйнасць, ілюстрацыйнасць.

Жыццё ідзе. Раманіст павінен бачыць і прадбачыць — гадоў на 10 наперад. Тое, што важна цяпер і што будзе важна цераз 10 год.

Майстэрства. Быць на ўзроўні ўсёй савецкай, сусветнай літаратуры.

«Краткость — сестра таланта» — Чехов.

Колькі іх гэтых сясцёр у талента? У сям’і, якая павінна быць у пісьменніка?

Здаецца, многа.

Найперш самая строгая — сястра — праўда, потым — самая добрая, шчырая — сястра, сардэчнасць, трэцяя — разумнасць, тактоўнасць, чацвёртая — сястра — глыбіня (погляду, пранікнення ў жыццё), пятая — шырыня (бачання жыцця), шостая — вольнасць унутраная (не скованасць), сёмая — натуральнасць (безискусственность — якая ўмее паводзіцца без ламання, без фальшу; такі талент асабліва прыгожы ў жанчын), восьмая... восьмая, можа быць, ёсць кароткасць, але... Але я пры гэтым успамінаю словы, якія я чуў аднойчы ў Маскве ад немаладога пісьменніка: «У творы не павінна быць нічога лішняга, але і не павінна нічога быць упушчана...» Я ўспамінаю Талстога і Дастаеўскага — ці заўсёды шанавалі яны гэту сястру?..

Дзевятая сястра... Ці не даволі? Ці мала яшчэ сясцёр, якія кожнага любяць па-свойму і па-свойму памагаюць кожнаму. Ведаю адно, чым больш гэта сям’я і больш дружнейшая, тым багацей брат-пісьменнік.

(16/ХІ-1961 г.)

 

Аб сучаснасці

Чаму мы чытаем Пушкіна, Флабера, Мапасана — чытаем часам з большай цікавасцю, чым сённяшніх пісьменнікаў?

Таму, што ў іх творах ёсць жывое і ў наш час. Асветленыя нашым святлом, яны як нашы сучаснікі.

Не ўсё з таго, што было, можа ажыць. Ёсць мерцвякі, якіх нішто не ажывіць.

Пушкін і Мапасан — нашы сучаснікі. Талстой, і Горкі, і Чэхаў.

Яны хвалююць таму, што іх мы ўспрымаем як сучаснікаў.

Чаму хвалююць гістарычныя творы? Чаму трагедыя Барыса Гадунова і Саламбо нас гняце, як свая бяда?

Таму, што гісторыя адчуваецца намі не толькі як гісторыя, нават не столькі як гісторыя. Наша сэрца набліжае радкі даўнасці да нас, ставіць перад намі, робіць нас саўдзельнікамі.

У гісторыі ёсць заўсёды элемент сучаснасці. Іменна ў гэтым сакрэт таго, чаму хвалюе гісторыя, чаму жыве яе значэнне.

Маркс, Ленін — не толькі гісторыя, гэта і сучаснасць. Яны і сучаснікі нашы. Сучаснікі нашы і Фурманаў, і Н. Астроўскі, і Маякоўскі, і Купала.

У часткі нашай моладзі паявіўся нейкі нігілізм, ці — абыякавасць да тых вялікіх дасягненняў, якіх мы дабіліся за гады савецкай улады.

Сярод іншых прычын — і тое, што часам траціцца адчуванне традыцый. Што літаратура паказвае сённяшняе як гатовае, што ўчарашняе, тое, што было гадоў сорак — адышло ў цень.

 

[1962 год]

9.2.62 г.

Учора мне стукнула 41. Сягоння імянінніца — Ларыса. 8 месяцаў. Яна ўжо добра ходзіць,— трымаючыся за што-небудзь. Яна проста гордая тым, што можа. А ўмее ж яна яшчэ і плюхацца на канапу, і гусці, і «ладушкі» рабіць! Таленавітае дзіця!

 

21.3.62 г.

Сыпле снег. Можна сказаць, пачалася сапраўдная зіма. Увесь снежань дажджы, увесь студзень — адлігі, у лютым — то падмерзне, то растае; а вось — мароз, завея! Зіма!

Чытаю пераклад на рускую мову «Людзей на балоце»...

Раманам цікавіцца «Дружба народов» і «Роман-газета».

 

27.3.62 г.

Ніколі не думаў, не гадаў, што «Людзі» так пойдуць. Пісаў наперакор усім заклікам (да сучаснасці), і от, на табе. Калі друкавалі ў «Полымі» — усе карэктуры расхапалі. Колькі поціскаў рук, віншаванняў; цяпер няма такога пленума ці схода, каб не згадалі добрым словам. З усяго гэтага я не чую ніякага кружэння ў галаве. Я, аказваецца, вельмі спакойны да славы, да хвалы; мне становіцца нават сумна: і гэта — усё?!

З усіх гэтых гаворак для мяне самае галоўнае: я магу! Я зрабіў добрае, вартае; варта гэта рабіць і далей — от што самае важнае. Так бы напісаць і другую! Не горш!

 

17.6.62 г.

Лета. Сонца, сіняе неба. Людзі бадзяюцца па лесе, песцяцца на моры. А я — як катаржнік — аўтарызую на дачы...

 

21.8.62 г.

Сядзеў у Маскве. Ва «Ўкраіне» дараблялі з Часнаковай пераклад. Нарэшце, здаецца, давялі да канца. Паўгода ўбіў за нішто часу! І стаміўся...

 

[1963 год]

1.1.63 г.

Снег. Мароз. Хадзілі фатаграфіравацца ў сквер. Настрой святочны — больш за ўсё ад нечаканай прэміі.

 

3.1.63 г.

Палучыў 925 руб. прэміі (Коласа). Адна бухгалтэрыя праявіла цікавасць і ўвагу.

 

5.1.63 г.

Прыслалі з Масквы «Людзі на балоце».

 

11.1.63 г.

Званок з Масквы — выклікаюць у «Роман-газету». Хочуць друкаваць.

 

16.1.63 г.

У Маскве. «Украіна». Пачатак рамана з «Роман-газетою». Дадуць у № 6. Тыраж — 700 тысяч экз.! Нішто сабе!

Вельмі марозна. Мароз — аж дым круціцца.

 

19.1.63 г.

Дакончыў клопаты з «Роман-газетою». Збіраюся ехаць дадому.

 

27.1.63 г.

Людзе — 19 гадоў. Учора здала апошні экзамен — адны пяцёркі.

 

[1965 год]

27 жніўня 1965 года

Закончыў раман. 12—45 дня. Кропка.

(Не бачыў лета. Стаміўся!)

 

[1967 год]

1 студзеня

Прыехаў на два дні з Масквы. Пабуду сёння да вечара і зноў — за кнігу, за пераклад. Трэба канчаць! І так столькі часу загінула попусту — з-за чужога нядбальства.

Навагоднюю ноч быў у Саюзе. Сядзелі разам — Адамовіч, Брыль, Скрыган, жонкі. Танцавалі трохі. Брыль спяваў.

Вярнуўся каля чацвёртай гадзіны. А вечарам — еду. Білет у кішэні. Мінулы год увесь выйшаў пусты. Хварэў, быў стомлены. Як у новым пойдзе?

 

7 студзеня

Прыехаў у Мінск. З Масквы. Загубіў яшчэ адзін месяц на пераклад. Яшчэ адна нядбайная (амаль халтурная работа), а я павінен пакутаваць. Ён «стаміўся», таму не мог зрабіць як след, перачытаць — адзін раз. Тое, што настукаў. Аб якой там творчай рабоце казаць! Нават вычытаць не знайшлося часу. І я павінен быў месяц мучыцца, кіпець, «дацягваць»! Гэта — да таго паўтара месяца, што я дацягваў увесну,— калі я яшчэ прасіў: прачытай, дарабі! Чамусьці мне ўпарта не шанцуе на пераклады! Ці іх няма зусім — добрых перакладчыкаў?

Цяпер трэба на працу ў Саюз. Я так доўга займаўся «сваімі» справамі.

 

9 студзеня

Гаварыў з Канавалавым. Пра выданне Збору твораў. Паставілі ў план, калі — невядома. Ён паказаў ужо новы — на самы канец плана, на 1970 год. Нехта там вельмі «прыяе» мне ў выдавецтве. Канавалаў абяцаў — уключыць на 1969 год, па крайняй меры. Шэсць тамоў. Ён пакрыўджаны за мае крытычныя выступленні па выданню кніг.

Ужо калі вярнуўся, успомніў, што ў лютым 1969 года — мне трыццаць год. Трыццаць год друкуюся — юбілей творчай работы. Падстава для таго, каб пачаць выданне ў 1969 годзе.

Цэлых трыццаць! Падумаць толькі — ужо трыццаць. Думаю пра тое, што паправіць. У першую чаргу «Мінскі напрамак».

 

12 студзеня

Былі на вечары ў Калачынскага. Ён — давольны тым, як адзначылі.

Было некалькі вельмі харошых размоў, і таму настрой вельмі харошы.

Дадому — каля другой гадзіны.

 

13 студзеня

Прастудзіўся. Прыйдзецца пасядзець дома.

І то добра было — паўзімы прайшло, а я ні разу не сядзеў дома прастуджаны.

 

17 студзеня

Сяджу ўсе дні дома. Пераглядаю і праўлю «Мінскі напрамак». Акрамя праўкі — дапаўненні. Прачытаў новыя «Гісторыі» — многа дакладных фактаў, раней мне невядомых і недаступных. Гэта мне вельмі зашкодзіла, асабліва з Чарняхоўскім у другой кнізе.

Трэба падцягнуць. Адзін раздзел пра Чарняхоўскага прыйдзецца напісаць нанава. Вельмі сумбурна, выдумана, несур’ёзна было. Цяпер можна лепей. Можна і — трэба!

 

18 студзеня

З Саюза сказалі: памёр Аркадзь Чарнышэвіч.

Успамінаю, якім ён прыходзіў тыдзень назад у Саюз. Задыханы, ціхі і цярплівы. Звыклы цярпець. Шкода.

 

20 студзеня

Праўлю «Мінскі напрамак». Пачаў раздзел — Чарняхоўскі на камандным пункце. Калі пачалося наступленне. Атрымліваецца нешта прыстойнае. Ва ўсякім разе лепшае за тое, што было. На вуліцы — ясна і вельмі марозна. Некалькі прыгожых дзён.

 

21 студзеня

Трэба будзе падрыхтаваць да друку трохі ваеннага дзённіка. Каля аркуша. Даць у зборы — як пачатак прозы. Франтавая проза. У першы том.

 

 

СУБ’ЕКТЫЎНЫЯ РАЗВАГІ

15/III 1967 г.

Камуністы — праціўнікі ўсякай расавай, нацыянальнай выключнасці. Праціўнікі нацыяналізму, ва ўсіх формах і праявах. Гэта трэба помніць, гэта — важна. Няма для камуніста формы нацыяналізму прыдатнай. Нацыянальны нігілізм — гэта таксама нацыяналізм. Нацыяналізм, які прызнае сваю нацыю ніжэй за іншыя. Гэта пачварная форма нацыяналізму таксама зыходзіць з няроўнасці народаў і нічога не мае агульнага з інтэрнацыяналізмам, камунізмам. Калі мы дадаем да слова «нацыяналізм» — «буржуазны», то да слова «нігілізм» — справядліва дадаць яшчэ «лакейскі». Па сутнасці, гэта таксама старая, буржуазная спадчына, якая, аднак, жыве сярод нас. Жыве — натуральна — маскіруючыся пад новае. Гэта гнуснае пачуццё, асабліва гнуснае таму, што яно зыходзіць у рэшце рэшт з эгаістычнай выгады, таму, што яно поўна пагарды да свайго народа, да ўсяго, што здабыта вякамі яго працы.

 

30/V 1967 г.

Глыбакадумныя развагі, што крытычны рэалізм адметны тым, што пафас яго быў у крытыцы, у аднаўленні, а сацыялістычны — тым, што задача яго ў сцвярджэнні новага, станоўчага — вынік спрошчанага, вульгарнага разумення сутнасці літаратуры, яе пафасу, яе гісторыі.

Крытыка, будучы накіраванай супраць нечага, тым самым непазбежна дамагаецца нечага іншага. Крытыка ўжо тым, што яна ваюе супраць, ваюе і за. Гэта так жа абавязкова, як тое, што ў дручка два канцы, а ў манеры два бакі. У самым адмаўленні ёсць станоўчы ідэал. Інакш крытыка не магла б быць, не магла б нарадзіцца. Гэта — дыялектычнае адзінства супрацьлегласцей.

Крытыку нараджала сцверджанне. Крытычны рускі рэалізм быў таксама і рэалізмам сцвярджэння. Ён адмаўляў дэспатызм, цемрашальства, здзек над чалавекам працы, тым самым ён сцвярджаў дэмакратызм, свабоду, асвету, высокую годнасць чалавека. У гэтым сіла рускай класічнай літаратуры, яе вялікае хараство, якое ззяла, ззяе і будзе ззяць навек.

Гэтым класічны крытычны рэалізм жывучы і цяпер. У гэтым прычына таго, што сацыялістычны рэалізм натуральна развівае крытычны.

Гэта гаворыць пра тое, што непераходнай мяжы тут няма.

Сэнс, аснова, закон жыцця літаратуры ў тым, што яна змагаецца за нешта, а значыць і супраць нечага. Гэта закон жыцця, інакш літаратура спусташаецца, запаўняецца замест гарачай крыві халодным безжыццёвым растворам, перастае быць новай істотай.

Няма і не можа быць сцверджання без крытыкі. Ваяваць за нельга, не ваюючы супраць. Больш таго, сіла літаратуры ўзрастае па меры таго, як расце яе крытычны пафас; з ростам крытычнага пафаса расце і сцвярджальны. Станоўчае прама прапарцыянальна крытычнаму.

Усякае імкненне выняць з нашага рэалізму крытычную сілу — гэта непазбежна імкненне выняць душу, імкненне абяссіліць яго. Усе нашы страты — поўныя ці частковыя — ад таго, што гэты закон існуе, існуе як дыялектычнае, непадзельнае адзінства, усякія спробы разарваць якое парушаюць нармальную жыццёдзейнасць жывога арганізма, робяць яго хворым ці забіваюць яго.

Многія нашы творы хранічна хворыя ці памерлі іменна таму, што быў парушаны гэты закон літаратуры.

Літаратура павінна змагацца, ваяваць. Яна павінна быць гнеўнай, страснай, абурацца, захапляцца. Яна павінна думаць, хацець, зваць. У гэтым яе жыццё. Было раней, ёсць цяпер, будзе заўсёды.

 

 

МЕЖДУНАРОДНАЯ ВЫСТАВКА КНИГИ.

Москва, июль 1967 г.

Книга — спутник человека. Это верно. Но не менее верно и то, что книга в широком значении — спутник народа.

450 лет назад вышла в Белоруссии первая кннга. Это очень рано. Но потом были столетия, когда народ жил по существу без книги. Целое столетие спутником народа — была устная книга — замечательный фольклор белорусского народа — сказки, песни, пословицы.

С трудом рождалась новая белорусская литература, новая белорусская книга.

Многие книги ходили подпольно.

Здесь — часть того, что издано у нас в последние годы.

Можно много говорить об этих книгах. Я вспоминаю только несколько фактов. Здесь нет книги Астрейко «Слуцкий пояс». Она вышла в партизанском отряде.

В разрушенном Минске в 1944—1945 г. выходили только единицы.

Теперь у нас многое делается, чтоб у народа был достойный спутник — книга.

Мы, писатели, будем содействовать этому.

 

Трэці раман пісаць больш сцісла. Кампактна. Можна ўжо не тлумачыць — рыхтаваць: усё падрыхтавана.

Больш дзеяння. Карціны — падраздзелы — дзеянне.

Час перамен. Усё рушыцца, мяняецца. І гэта трэба ў кампазіцыі. Змены, змены, змены.

І не траціць глыбіні.

 

Ларыса кажа, што яна ніколі не бывае сама па сабе. Яна заўсёды: ці заяц, ці птушка, ці воўк.

 

У раман: «левак», «левацкія загібы» (аб Башлыкове).

 

«Убить хорошую книгу — почти то же, что убить человека».

(Мильтон)

 

«Книги надо читать так же сосредоточенно и неторопливо, как они писались».

Дэвид Торо, американский писатель

(в кн. «Жизнь в лесу»)

 

[1969 год]

Увесь год пісаць раман. Раман — асноўная праца. Адзіная важная.

 

Дабіцца водпуску — для творчай працы і лячэння.

 

На восень — да новага года — абавязкова — паехаць у Крым. Не хварэць тут у макрэчы, у слаце. Сачыць за здароўем. Пакуль не зусім позна.

 

Пісаць — уперабіўку — розныя раздзелы, у розных месцах. Не трымацца паступовасці ў пісанні рамана. Каб не стамляцца аднастайнасцю. Разнастаіць характар пісання. Тут напісаў, у іншым месцы трохі. Каб была навізна. Новае старацца пісаць адразу. Запісваць абавязкова па гарачых слядах.

 

Можа быць, варта прыехаць у Малееўку (ці Перадзелкіна) летам. Тут — ціха. Адгарадзіцца ад усяго і — пісаць, пісаць.

Хадзіць у адзіноце, думаць у адзіноце, тады — к сталу.

Год — і лета — для рамана. Трэба фарсіраваць яго. Канчаць трэба.

 

Даведацца, як умовы для работы ў Перадзелкіна. Думаю, там — горш, як у Малееўцы.

 

1.ІІ.69 г.

Прыйшла думка: вельмі важна — напісаць аповесць, раман: як перарабляе хлопца з вёскі горад. Як знікае ў ім вясковае, даўняе, у тым ліку і добрае, і як вырастае сярэдні, урбанізаваны чалавек-машына.

Горад выляпіў свой вобраз, вобраз сярэдняга мешчаніна. Гэты мешчанін, які страціў многа, з пагардай ужо глядзіць на вёску, на сябе ўчарашняга. Ганарыцца.

Тэма часу, эпохі. Вобраз эпохі можна — з характэрнымі рысамі. Архісучасны — і архітыповы па вобразах і карцінах — твор бачны.

 

3.ІІ.69 г.

Час у палёце — 2 гадзіны.

— Аб’яўляецца пасадка на самалёт N, які рэйсам 556 адпраўляецца па маршруту Сімферопаль — Мінск. Пасажыраў, якія вылятаюць, просяць выйсці на пасадку.

Коратка — працэдура перад пасадкай. Пасадка. Пасажыры.

— Грамадзяне пасажыры, самалёт выконвае рэйс... Камандзір... Бортправадніца...

Потым — узлёт (малюнак), палёт (малюнкі зверху).

І адчуванні, думкі. Учарашняе, даўняе — сяло, дарога, і вайна, і палёты — у Лондан, у Парыж, пасадка ў Капенгагене. Прывыкаем да ўсяго.

Першы раз на «Ту-104» — як сігара ў неба. Першы спадарожнік. Ашаламленне — хуткасці.

Атамная энергія. Атамная бомба — першая вестка. Раскалоўся свет. Апоры не стала пад нагамі — адчуванне. Стратлівасць — амерыканцы маюць. Потым — нашы паведамленні.

Тады — Курчатаў. І яго — няма. Як — перад смерцю. Зямля, снег. Цікава, як будуць лятаць праз 10—20 гадоў? Якая зямля адтуль — з вышыні 200, а потым — 250 тысяч кіламетраў. Было ў газеце. Але гэта не тое. Сваімі вачыма. Сваімі пачуццямі.

А ў гэта ўрываецца — будзённае. Мора, санаторый, нуда. Апошнія дні — хвіліны лічыў. Што там — дома? Заўсёды здаецца — нешта асаблівае. А прыедзеш... як і не ездзіў. Праз дзень-два мора, кіпарысы — нібы далёкае. І пашкадуеш.

Малюнкі. Крым, мора — рабацінне, срабрыстае, шырыня — раўня, роднае небу. Шукаюць вочы берага — калі ж? Доўга. Рыса яго. Палёгка. Адэса. Ліманы.

Украіна, яры, воблакі. Кіеў. Дняпро. І залаты бляск Сафіі. Старына. Князь Ігар. «Слова аб палку...» Полаўцы, скіфы. Палессе. Зялёнае. Прыпяць. Шукаеш — твой куточак. (Мінулае тут вясковае.) Недзе — навальніца. Хоць бы далі пасадку.

Маторы цішэй. Паніжэнне. Зямля бліжэй. Буйней усё. Дамы. Гнёзды заводаў. Варушэнне ў крэслах. І пабегла паласа. Імклівасць. Потым — пліты замільгалі.

— Самалёт прыбыў у аэрапорт Мінск...

Трап. Зямля. А ўсё-ткі добра на зямлі.

Дзве гадзіны. Якія яны ўсё-ткі вялікія. Як багата ў іх. Усё жыццё. Дзве гадзіны і — усё жыццё.

Напісаць: у доме адпачынку — бязногі інвалід. Яго знаёмая. Ім аддаюць маўкліва пакой. Суседзі ідуць гуляць. Тыя астаюцца — кожны вечар.

Ваенная гісторыя. Любоў франтавая. Былы лётчык, афіцыянтка. Дзіця ў яе ад яго. Не выйшла замуж.

У яго сям’я была. І цяпер недзе. Кожны год сустракаюцца.

Паездка ў партызанскі лес, да зямлянак вайны.

Бацька і дачка. Бацька ўспамінае, хвалюецца.

Дачка слухае. Але ёй гэта мала цікава. Яна робіць выгляд, што цікава. Але бачыць цяперашняе. І жыве гэтым.

У яе свет сённяшні.

Бацька пакрыўджаны. «Абыякавыя».

Потым разумее: усё нармальна. Так і павінна.

(Гісторыя Пашкевіча)

 

Трэба далей:

1. Дабівацца водпуску на год — не менш. Ці вызвалення. Прычына — хвароба. Жыць для літаратуры. Не раскідацца.

2. Рушыць раман.

3. Здароўе. Загартоўвацца да холаду.

Нейкія меры супраць катараў (урач вуха, горла, нос), інгаляцыі, што яшчэ?

 

4.VI

Атрыманы лісты І тома. Камбінат закончыў друкаваць.

 

4.VII

Заключан дагавор з выдавецтвам (300 за друк. аркуш).

 

4.VII

У Палацы спорту ўрачысты сход, прысвечаны 25-й гадавіне вызвалення Мінска. Пачатак у 4 гадзіны дня. Збіраюся ісці.

 

7.VII

Болі моцныя ў жываце. Штосьці няладнае. Не першы раз.

 

8.VII

На прыёме ва ўрача. Стос паперак — на аналізы. Прапанавала легчы ў бальніцу на даследаванне — на два тыдні. Але я адмовіўся. Паездка ў Польшчу выйшла няўчаснай.

 

10.VII

З 8 гадзін — у бальніцы. Бясконцыя аналізы — у біяхімічнай лабараторыі выцягнулі паўлітра крыві. Аж галава кружылася. На рэнтгене — паўгадзіну прасветлівалі, мацалі. Выпіў шклянку мелу. Што там знайшлі?

 

10.VII

У 2 гадзіны ў таварыстве Дружбы Пленум Камітэта абароны міру. Выбралі старшынёй камітэта.

 

11.VII

З летам усё няма ладу. Пасля гарачыні (да 30—32°) — холад. Зранку ўвесь дзень дождж. Быў у выдавецтве. Хутка павінен быць І том збору — сігнал. Рыхтуюся ехаць у Польшчу, хоць і без ахвоты. Па-ранейшаму не магу пісаць. Стомленасць, вяласць. Калі пройдзе?

 

21.VII—29.VII

Паездка ў Польшчу. Варшава, Кракаў, Закапане, Асвенцім.

У Варшаве — паездка па горадзе (Старэ място, цэнтр, Лазенкі, Вілянув, Вісла).

Тэлевізар — амерыканцы на месяцы. 22-га на плошчы парадаў у Варшаве — глядзелі парад і дэманстрацыю спартсменаў. 23-га — прыём у Саюзе пісьменнікаў. Вечарам — тэатр. 24-га выехалі ў Кракаў. На наступны дзень — агледзелі Кракаў. Марыяцкі касцёл, Ягелонскі універсітэт, Карцінная галерэя, Вавель. У Вавелі — магілы Міцкевіча, Славацкага, Пілсудскага.

 

На другі дзень — Пароніна (музей Леніна). Завярнулі на «Марское вока». Дзівосныя пейзажы Татраў. Паўз самую граніцу з Чэхаславакіяй ехалі ў Закапане.

З цікавасцю хадзіў па Закапане. Прыгожыя горы, ціхі гарадок. Вярнуліся ў Кракаў увечары. У нядзелю — у Асвенцім. Жахлівы лагер. Відовішча жахаў. Вечарам — дачасна — у Варшаву. Справы цягнуць дадому.

28 — у Варшаве. Цяжкасці з білетам. 29 — дадому.

Рашыў: устрымлівацца ад паездак. Цяжка, рызыкоўна (баюся прыступаў почак — балелі) і — вялікія страты часу. Гэтая паездка з'ела больш за паўмесяца.

 

30.VII

У выдавецтве ўзяў першы («кантрольны») экземпляр першага тома збору твораў.

Прыглядаюся, прывыкаю.

 

1.VIII.69 г.

Першы том Збору твораў — у магазіне падпісных выданняў.

 

2.VIІІ

Узяў 20 экземпляраў.

 

12.VIII

Пасяджэнне камісіі па народнай асвеце Вярхоўнага Савета.

 

У цэлым, я думаю, добра тое, як склаўся збор — па тамах. Доўга думаў, вагаўся, але знайшоўся ўсё ж правільны варыянт. Відаць паслядоўнасць развіцця ад тома да тома і складанасць (пярэстасць) інтарэсаў у той ці іншы перыяд (розныя тэмы, жанры).

Рашэнне гэта прыйшло пазнавата, і гэта відаць па 1-м томе. Там яўна трэба адключыць усё напісанае пасля «Мінскага напрамку», пасля 1952 года. («На рацэ», «Дом пад сонцам», «На скрыжаванні»).

Шкода, што позна зразумеў гэта!

Усё гэта трэба было б перанесці ў 4 том. Там было б яно на месцы.

27.ІХ.69 г.

Уважліва, сур’ёзна прачытаў карэктуру 2 тома збору твораў — кожны радок. Вялікая праўка.— 27 стар.

Здаў трэці том збору.

 

29.ІХ

У часопісе «Век ХХ и мир» паведамленне: выбраны членам Сусветнага Савету Міру. (№ 9, 1969 г.).

 

28.ІХ.69 г.

Званіла жонка былога Старшыні Саўнаркома Беларусі Галадзеда. «Звонила раньше, но вы были в Армении». Прачытала раман у «Раман-газеце». «Очень понравилось. Он точно такой был, как вы описали».

Я баяўся, што будзе папракаць — я ўсё ж трохі крытыкую яго. Не, давольна. «Может, неудобно говорить, но мне кажется, Ваша книга — это как роман Шолохова — в русской литературе».

Жыла ў Яраслаўлі. З дачкой-настаўніцай.

Збіраецца пераязджаць.

Урэзалася ў памяць: «Очень много мы пережили!..» Я думаю. Дамовіўся сустрэцца, пагаварыць.

 

[1970 год]

Студзень 1970 г.

Напісаць апавяданне «У горадзе» («Стары»).

Стары ўсё жыццё пражыў у родным сяле. Толькі ў салдатах некалі ды на вайне. А цяпер — у горадзе. Сын тут. (Дома нікога. Старая памерла. Дзеці павыехалі.)

Як адчувае ў горадзе. Згубленасць. Як іголка ў стозе. Муравейнік і ён у ім. Нікому да яго ўвагі. Усе спяшаюцца некуды, смяюцца. А на яго — ні крыху ўвагі.

Мітусня. Ад якой кружыцца галава. І потым не заснуць. У вачах усё ідзе. Гняце яго — гэтае мноства людзей. Думае — колькі ім трэба яды. Як гэта хапае на ўсіх. Колькі хлеба, мяса. Горы буханак за дзень, за гадзіну. І ніхто не сее, не жне. Усе ядуць толькі. Усіх трэба карміць. І кормяць. І адзяюць. Ды яшчэ лепш, як у іх сяле.

Прыбраныя, беларускія. Спаднічкі вышэй калень — цьфу ты! Узяць бы каторую — ды папругаю па голых сцёгнах! А хлопцы — з папоўскімі грывамі, як бабы. Ад няма чаго рабіць. Ад распусты! Агіда!

Начамі не спіцца. Прачынаецца на золку. Рукі просяцца рабіць. Ведама — прывык карову, свіней. Трэба б пахадзіць. Нельга. Нявестка недавольна. Ды і сын. «Папаша, ну вы, яй-богу!» Трэба ляжаць. Ляжыць і думае. Успамінае сяло. Старую. Ляжыць недзе пад снегам. І ён скора будзе. Усе там будуць. Як і не жыў. Перагараваў. Вайна адна, разруха, трохі — лягчэй стала, тады — калектывізацыя. Трохі наладзілася — зноў вайна, разруха. Так і прайшло. Як і не жыў... Толькі б цяпер жыць. Дык — старая... А тут — хіба жыццё? Не для яго гэта. Што ў іх за жыццё? Успамінае — гаравалі. Але — як весяліліся. Усё сяло спявала. Вяселле — тыдзень. А і рабілі — на лузе ці ў полі, бывала. І ён бачыць гэты луг і соладка, і журботна. Няма лугу, не пойдзе больш. Цяпер усё машыны...

 

Сыны: пяцёра — двое на фронце злажылі галовы. Адзін — у Польшчы... Трое — хто дзе. Адзін — на Сахаліне, другі — у Сярэдняй Азіі — будаўнік. Трэці — брыгадзірам у калгасе. П’е. Тры дачкі — усе замужам. Ва ўсіх — куча дзяцей... Свае клопаты... Нікому да яго няма часу... Так у госці толькі...

 

«Стары».

Нявестка: дрыжыць над мэбляю, дыванамі. Здымайце чаравікі. Ні плюнуць, ні павярнуцца. Выгаворвае яму за неакуратнасць. Звысака на яго. «Гарадская!» «Ці даўно?»

 

Стары бачыць — машыны коцяцца, коцяцца. Насоўваюцца, здаецца, на яго. Страх бярэ. Трызненне праходзіць.

Зноў успамінае сяло. Вярба. Машыны і там, але не столькі. Там яшчэ не так. Там і вербы, і луг, і поле. І гуляюць яшчэ святы старыя. Лягчэй. І здароваюцца.

Успомніў, як ляжаў у бальніцы. Прыходзіў урач: «Ну как дела, дедушка?» Ён першы раз адказваў, але ўрач не стаў слухаць, пайшоў далей. І кожны раз: «Ну, как дела?» А вочы ўжо недзе далёка. І не бачыць, і не чуе.

Хацелася скардзіцца — каму? Сусед — малады, апарацік усё круціў — музыку, ад якой у вантробах ныла.

Потым знайшоў — прыбіральшчыца старая. Слухала, разумела. (Таксама з сяла, але ўжо даўнавата. І ўсё ж разумела.) Палягчэла — ад таго, што была душа, якая разумее.

Маладыя ўсталі. Першы сын, потым — нявестка. Любіць паспаць. Гультаяватая. І сярдзітая лішне. Баіцца яе. («Не трэба было прадаваць хату, ехаць. Звекаваць трэба было на месцы. Дзе жыў, дзе корань, там і паміраць трэба было...» — не першы раз. Толькі цяпер — позна прадаў. Не вернешся. «Як бы на літасці іх жывеш».)

Дзякуй богу, можна і яму ўстаць.

Яны збіраюцца. Яна ўсё пазяхае. Ходзіць — халат не зашпілены: не саромеецца. Ён адводзіць вочы.

Сын чай гатуе. Газ, зручна. Мігам. Тады яна прыходзіць, пазяхае ўсё. Стары ўспомніў: старая як завіхалася пры печы... Ніякай пачцівасці да сына. Як і не муж усё роўна. Вядома, таксама працуе. А ўсё-такі — павінна б разумець, паважаць...

Многа думае пра сябе. Кінуць бы работу павінна. Менш задзірала б нос. І жонка была б як жонка. І дома быў бы парадак. (Не казаў: гаварыў некалі — «Папаша, не ўмешвайцеся!», «Старарэжымныя погляды»).

«Стары рэжым» — не паганы быў. Вырасцілі вунь колькі і ўсім лад далі. А ў вас — адзін, і што будзе яшчэ...

Падымаюць унука. У дзіцячы сад трэба. Гэта — дзедаў абавязак. Давяраюць.

Як заўсёды, абое раптам пачынаюць спяшацца. Часу мала, каб не спазніцца. Бегам з пакоя.

Дзед памагае адзецца ўнуку. Вядзе. Пасёлак, завод даўно жыве поўна. Трамваі, машыны, людзі.

Марозна. Лягчэй на душы — роднае, звыклае ў гэтым марозцу. Нібы дома. І нібы там дома — старая.

Правёўшы ў садзік унука, ідзе дамоў вяла. І на душы — лагодна, прымірэнне.

Няхай жывуць, як жывуць. Як хочацца. Яму — што! Як падабаецца — так жывіце. Можа — і ваша праўда.

Чуе — смутак на душы. Нібы ён — нейкай мяжой аддзелены ад іх. І не пераступіць туды. «Мне — што. Мне — пара ўжо... да старой... Аджыў сваё...»

 

Маці ноччу прыходзіла дамоў, пякла хлеб. Усе маткі прыходзілі. Днём хавалася з дзецьмі ў зарасніках. Ад немцаў і паліцаяў. А ноччу — дзяцей пакідала ў лесе, а сама ў вёску. І вось аднойчы паліцаі наляцелі на сяло. Уварваліся. Схапілі яе. Яна зразумела, што зараз — канец. Калі расстрэльвалі — пра дзяцей. Каб да іх не дабраліся.

 

Зрабіць (пісаць) дзённік. Коратка, сцісла. Толькі факты. Думкі — сцісла. (Назоўнікамі).

 

Узнікла думка-ідэя: можа быць, разбіць «Подых» — на два.

Першы раман — «Подых» — Васіль, Ганна, Глушакі — 12 раздзелаў — 358 стар.

Другі раман — «Цягнік у сталіцу» — 8 раздзелаў — Апейка — 194 стар.

 

 

«ЛЕПШЫЯ ГАДЫ»

14.1.70 г.

Пісаць як пра лепшае. Як пра самую вялікую радасць.

Уся рэч — павінна быць прасякнута шчасцем жыцця.

Першая радасць. Сонца, раніца. Поўна святла.

Звон у паветры. Вёска прачынаецца. Яшчэ адзін дзень радасці.

Яшчэ сплю. І ўжо жыву — ціхая радасць, без прычыны.

Проста таму, што сонца на двары, у хаце. Што сонцам повен увесь.

 

Радасць — трава на двары. Цёпла.

Радасць — буяе ўсё на агародзе.

Радасць — сонца і сінь. І зелена — балота за агародам, алешнік. Канавы.

 

Якая вастрыня пачуццяў. Дасюль помню цеплыню зямлі пад босымі нагамі.

І цвёрдасць сцежкі ў полі.

І пах кропу.

І колкасць гарбузовага ліста.

І жоўты, бухматы, як чмель, цвет гарбузовы.

І прахалода — у засені, пад лісцем — зялёнага ў пухірах гурка. Які ён быў салодкі!

А першая, маладая бульба. Якую варыла маці.

А кулага — звычайна зімой. Пад лямпай з хліпаннем, каля замерзлага акна.

А алей, прывезены бацькам з мястэчка.

Як цёпла і добра было зімой на выслізганым зрэб’ем чаране.

Калі ў акне мароз і ў коміне гудзе завея.

Тут — казкі, тут — кніжкі, тут — сваркі малых. Якія часта перапыняла толькі маці з венікам.

 

Лучына ў комінку. Неспакойны, мігатлівы водсвет па хаце.

Сіпіць смала. Куродым ідзе.

Чаму я ўспамінаю пра цябе з радасцю і ўцехай. Таму, што ўсё было радасцю. І ты — частка яе.

 

Якое шчасце было вясна — пасля зімы!

Першыя праталіны. Голая зямля. Цёплыя прызбы. Басанож па снезе.

Басанож па зямлі, у якой ужо такое дарагое цяпло.

 

Вясной шукалі, выкопвалі хрэн.

 

Сыходзіў снег. Залівала ўсё вадой. Па вуліцы не прайсці, гразь.

У полі — ногі грузнуць, вада ўсюды. Азёры. Рабацінне на сіняй вадзе.

За агародамі — на балоце — мора. Да алешніку. Алешнік у вадзе.

Шчасце ўлезці ў ваду. Плыты строім. Захліствае дошкі вадой.

 

Бярозы на шляху. Вецер вясновы і сок.

Набраць гладыш.

Гудуць правады.

 

Адчуванне еднасці з прыродай, з зямлёй.

Дзіця прыроды, частка яе.

 

Чаму так цягне вада. І такое шчасце яднання з вадой?

 

Падсыхае. Усё цяплей на зямлі. Пасядзець добра. Вербы на могілках. Цэлыя дні тут. Вярба — на дудкі. Дудкі.

Лета. Цвітуць грушы. Як пахне цветам. Дасюль цвет напамінае — грушы.

Кругі. Вучымся плаваць. Голас.

Паўлаў круг. Мелка, трава высокая. Цяплынь вады. Аж жмурымся ад асалоды. Ляжым у вадзе, траве.

Берагі — шэрая зямля, далей — жоўтая квецень.

Колькі тут апалонікаў.

Помню — як пахне вада з глеем, напоўненая сонцам, цяплом.

І дасюль — хораша чую сябе. Добра і бесклапотна.

 

Сады. Агароды. Наш сад і агарод.

Паходы ў чужыя.

 

Святы. Арэлі пад грушамі на выгане.

 

Дзядзькава таполя. Вераб'і. Узлезці хацелася. Спрабуем.

Таўшчэзная.

І страх бярэ.

Забавы.

Чараду гоняць з пашы. Ірвём шчаўіну. Трэба зарабляць.

 

Мне сніцца, што я лятаю. Дарэчы, мне і цяпер — праз сорак гадоў — сніцца гэта. Проста няёмка!

 

Мяне ўвесь час чамусьці цягне ўгару.

На дрэвы. На страху хлява. На дах хаты. На гарышча. На даху — шырыня, як ляціш. Хочацца зляцець са страхі. Скакаю. Балюча выцяўся.

 

Балота. У зарасніках.— Каля копані.

Каля канавы — лаза. Вяжу каробкі. Творчасць — пачатак.

Захоплены.

Гонар першай удачы.

Зацішак над канаваю. Слодыч адзіноты.

 

Едуць касіць. І я хачу. Угаворы застацца. Подкуп не памагае.

За возам.

Біты.

Еду ў калёсах.

Лясная дарога. Арэшнік. Дубняк. Луг.

Асіннік малады. Узлесак — лясны калодзеж.

Вечар на лузе. Незабыўнае на ўсё жыццё.

Агні. Страх. Таямнічасць.

Кладзём стагі. Адзёнак.

Едзем з лугу.

На возе з сенам. Вагаецца воз — ямы, карэнне. Страх. Голле чапляе за верх воза.

Увесь час — «прыгніся».

Усё-ткі страх недарэмны — воз валіцца. І я спаўзаю на зямлю.

«Не пабіўся?»

Не. Сэрца калоціцца соладка. З такой вышыні.

І зноў лес. Зноў едзем. Пакуль выбіраемся на роўнае.

 

Ягады паспелі. Луцішча, Барысаўшчына (лес).

 

Ловім рыбу ў балоце.

 

Зіма блізка. Падсыхае, шэрхне зямля. Грудкі.

Абуваемся. Апранаемся. Сівер дзьме. Вада цямнее.

У лужынах зранку белы лядок. Трашчыць прыемна. Ломім.

Лядок каля разліву за выганам. Вада ліжа край.

Калі ж гэта замерзне? Нецярплівасць.

Рыхтуем канькі.

Першыя смельчакі выходзяць на лёд, блізка берага. Лёд адразу ламаецца. Намокнуць таксама ўцеха. Рогат.

Вось ужо лёдам схапіла ўсю ваду. Няма рабаціння. Лёд блішчыць. Кволы.

Яшчэ дзень. Гнецца, але трымае пры беразе.

Колькі яшчэ правалімся, памочым ногі, пакуль скуе добра мора.

І вось — ідзеш. Асцярожна, не збіраючыся групамі. Ідзеш і падаеш. Вясёласць.

Сабраліся — і зноў праваліліся. Добра што не глыбока. Коўзаемся, выбіраемся. Смех і трывога. Будзе ад матак. Але не паказваем.

Усё больш спрабуюць лёд канькі.

Разагнацца з берага і на адной назе як надаўжэй.

Многія падаюць. Прабіваюць лёд локцем, але не правальваюцца. Лёд гнецца, але не ломіцца.

Чым далей — больш спрыту. Доўга-доўга на адной назе.

Радасць спрыту, умельства.

Як мы смяяліся!

 

Як хораша зімой на канавах. Маўклівы, голы лазняк і алешнік па баках. Трава рудая на беразе.

Трава пад лёдам, як жывая. Як карціна. Вачэй не адарваць.

Белыя, застылыя бурбалкі ў лёдзе.

А дзе-нідзе — зусім белы лёд, з кругамі. Вада вымерзла.

Туп-туп нагой — бярэ ахвота. Пакуль не рассыплецца белая мука лёду, сухія асколкі.

Пад лёдам зусім суха.

 

На палянцы пахне чабор.

Знаёмы хвалюючы, крыху сумнаваты, тужлівы пах. Жмуток чабарку ў танк. У танку — як на паляне.

Пры дарогах і на палянках цвіце малінавая канюшына.

 

22.VI

Пахне суніцамі. На палянках і на ўзгорках чырванеюць першыя ягады. Поруч з імі — белы цвет сунічны. Зялёныя ягады.

Чарніц яшчэ няма.

 

22.VI

Жыта азімае — зялёнае зусім. Ледзь пачынае блякнуць зеляніна яго.

Ярына — пшаніца, авёс, маленькія, зялёныя зусім, як шчаціна — і без каласоў. Толькі на два вяршкі ад зямлі.

Бульба стаіць малымі зялёнымі кусточкамі. Па некалькі лісткоў у кожным кусце.

 

У лесе мноства назойлівых камароў. Ад іх проста няма ратунку — дзе нізкія мясціны.

Над дарогамі, над вадой таксама — хмары машкары, якія б’юць у вочы, трапляюць у ноздры.

Барвовае лісце ў маладога дубка, які толькі ўздымаецца на зямлі.

Ёсць барвовыя лісткі і ў асінкі.

Каменне — валуны на дарогах, у полі.

Колькі стагоддзяў ляжыць ён тут. Колькі перабачыў усяго за свой вялікі век.

Колькі войнаў пранеслася, пракацілася над ім.

Ён уехаў у зямлю, ледзь відаць ужо. Аброс з усіх бакоў травою. Абмыт дажджамі, адшліфаваны вятрамі. З трэшчынкай, адчаго гэта трэшчынка тут. У трэшчынцы пясок — і вырасла ўпартая трава. (Многа валуноў было ў полі. Сцягвалі адтуль, зносілі. Адзін ляжаў дома каля парога, як ступенька).

 

Яловы лес, між якога дзе-нідзе асінкі, дробны беразняк, сасонкі. Тонкі, нязвычны, высокі дубок цягнецца на святло. Пануры яловы лес. Высокія елкі з мохам. Унізе — цёмна. Папаратнік высокі, зялёны. Трава амаль не расце, вялікія кучы муравейніку. Ігліца пад елкамі — за многа год.

 

Развялося (у лесе) многа ваўкоў. Адзін спалохаўся танкаў.

 

З 25/VІ — у лесе знаходзяць грыбы — баравікі.

З 22/VІ па 3/VІІ і да чысла — 10/VІІ косяць траву.

 

2/VІ — жыта яшчэ толькі ледзь-ледзь пачынае бялець. У коласе няма яшчэ амаль нічога. Пусты.

Вусаты ячмень зялёны таксама.

Зусім зялёны авёс, які толькі чысла 30/VІ выпусціў свае «сережки» — зярняткі зялёныя.

 

2/VІ — паявілася маладая бульба скараспелка, ужо даволі буйная. («Будзем жыць. Кончана галадуха».)

 

Ні гуркоў, ніякай іншай гародніны да 3/VІІ няма. Толькі цыбуля. І ягады, ягады лясныя суніцы, а чысла з 30/VІ — чарніцы. Першыя грыбы.

 

Да 10—15/VІ на сосенках маладых — светлыя зеленаватыя пальцы — парасткі новыя, яны падобны на далоні з растаўленымі пальцамі (або на свечкі). Паказваюць угару і ў бакі.

Пазней яны хутка цямнеюць, становяцца такімі, як і іншыя галіны.

 

Гваздзічка чырвоная на ноч згортвае пялёсткі. Увечар ужо ўсе згорнуты — падрыхтавалася спаць.

 

Сосны — знізу фіялетавыя, з абломкамі ўчарнелага сучча. Вышэй — медныя, з тонкімі лісткамі жоўтай кары, якая ледзь ліпіць дзе-нідзе і дрыжыць на ветры, шалясціць, быццам штосьці гаворыць. Угары — шчаціністыя кудзеркі. Сасна плаўна хістае вяршыняю.

 

Унізе на галлі ёлак ляжыць мох, падобны на запознены веснавы снег.

 

На вадзе — лапчатыя, амаль круглыя лісты (куўшынак), жоўтыя куўшынкі.

Далей ад іх — вада роўная, ціхая, а за ёй — асака, ернік.

 

Воблака, падобнае на бялугу.

 

(Аб рамане)

1. Больш паказаць запусценне, гора.— Каб не атрымалася, што ўсё навокал танкістаў — радаснае.

2. Якавенка — рабочы.

(Новая Украіна.)

Бацька яго — у коннай арміі быў.

 

Палі — запусцелыя. Зарасло быльнягом, свірэпаю.

— Гіне...

Высечаны немцамі лес.

Цэлыя кіламетры вычысцілі — грабежнікі.

Узарваны, спалены торфазавод. Пуста.

 

На дарозе — дробны-драбнюсенькі пясок — пыл, як мука. Падымаецца ўгару хмарай.

 

(У Гогаберыдзе ўпіўся клешч.

— Ну як цяпер захапляешся прыродай!..)

 

Камса, а хоча здавацца вялікай сялёдкай — пыжыцца.

 

Дакладнае:

— Чырвонаармеец Пупок папаў міма!

 

<...>

 

Гаварылі пра старшыню калгаса А.

Як у неўраджайны год прыходзілі да яго за дапамогай з суседняга калгаса і ён — адмовіў. Яму напляваць на тое, што робіцца за мяжой яго «дзяржавы». На людзей націскае жорстка, слова ласкавага не скажа. Копіць грошы, беражэ, дрыжыць над капейкай. Жыццё без радасці, багацце без весялосці. Копіць — для чаго? Падумаеш над такім — хто ён: падобны на кулака, новы, сучасны ўзор.

 

Брат — хуліган. Уцякаў многа разоў з дому, прападаў недзе. Вяртаўся замурзаны, абарваны. (Адзін раз — ездзіў некуды з машыністам, у будцы яго). Любіў есці пюрэ — растаўчэ бульбу і з халоднай, сырой вадой размяшае. Сястры гасцінна падсоўваў шклянку вады з соллю. Сачыў, як яна будзе піць. Гэта вельмі весяліла яго.

 

Жаночы тып. Ідзе так, што калі паставіць на яе галаву шклянку з вадой, ніводнай кроплі не выплешча.

Амаль не смяецца. Не смяецца таму, што ад смеху паяўляюцца маршчыны,— каб не старэць з выгляду.

 

Жарт пра палешукоў:

— А за Гомелем людзі ёсць?

— Ёсць. Толькі дробненькія.

 

9.VIII.70 г.

Нядзеля

Закончыў падрыхтоўку 6 тома Збору твораў («Подых навальніцы»). Так што ўвесь Збор твораў гатовы для выдавецтва. Яшчэ адна вялікая праца ззаду. Цяпер можна думаць пра новы раман! Нарэшце!

 

<...>

 

[1971 год]

17.VIII.1971 г.

Падрыхтаваць кнігу з запісных кніжак і выступленняў. З таго, што было да раманаў і апавяданняў і між іх.

 

15.ІХ.71 г.

Рыхтаваў новую рэдакцыю «Мінскага напрамку» (да 4 выдання).

Вялікая праўка другой кнігі, асобных раздзелаў першай і другой. Нарэшце, вялікі клопат, якому аддаў столькі часу, збыты. Хоць многа страціў сілы і часу, са шкадаваннем і задавальненнем, палёгка: падцягнуў усё. Сумленне чыстае.

Адчуванне прастору наперадзе. Цяпер усё — для новага рамана, новых рэчаў.

 

20.ІХ.71 г.

Напісаць апавяданне пра тое, як з чалавека п’юць сілы сваякі. Ён — хворы, знявечаны вайною, а яны ўсё цягнуць з яго. Адно толькі: «дай» ды «дай». Лічаць, што — маюць права, ён — абавязаны. Бязлітасныя да яго.

Сюжэт: яго забіраюць у бальніцу. Ён памірае. Ведае — памрэ. У апошні дзень, калі яго нясуць, ён просіць: узяць пошту. Газеты і пісьмо. Ад суседзяў. Суседзі папракаюць: забыў, зазнаўся. Сястра хворая. Дзеці кепска адзеты. Уся вуліца гаворыць пра яго...

Ён ляжыць у бальніцы і думае. Успамінае. Маленства. Братэрства. Рана — праца, голад. Як любіў некалі. Колькі цягнуўся для іх. І як яны ўсё чарсцвелі і рабіліся ўсё больш прагнымі. І бацька (маці — шкадавала). І разумее, што ўсе яны чужыя. Што няма больш чужых для яго, чым яны. Чужыя многія рабілі дабро. А яны — толькі патрабавалі, толькі ведалі: «дай». Самая сапраўдная, агідная эксплуатацыя.

Калі ён памірае, прыносяць пісьмо. Адкрываюць, чытаюць. Брат піша: «Прышлі грошай».

 

11.Х.71 г.

Задумаў напісаць раман «Горад». Пра сучасны Мінск, яго людзей. Праз людзей аблічча горада, часу. Даўняе і нядаўняе мінулае. Стракатасць лёсаў, жаданняў. Стракатасць будняў яго.

Свабодны па форме. Раздзелы — лёсы людзей, іх жыццё.

Роздум пра жыццё, гісторыю.

Увесці ў яго самых розных людзей.

Дзеянне: дваццаць чатыры гадзіны. З 12 ночы да ночы. Раздзелы 1-ы: з 12 да 1 ч. ночы; раздзел 2-гі: з 1 ч. да 2-х і г. д. Падзагалоўкі: імёны людзей ці падзеі.

Героі: работніца (Валя), вадзіцель аўтобуса (Пятро), група маладых, якім не спіцца, стычка ля тэлефона. Бойка, смяротна ранены — у бальніцы. Карціна бальніцы. Аперацыя. Барацьба за жыццё. Памірае. Міліцыя. Ноччу ў міліцыі. Допыт.

Маладыя ў турме.

Палкоўнік... Франтавік. Час яго вачыма. Крытычны позірк цяперашняга пенсіянера: Сталін — Хрушчоў.

Асабліва не любіць Хрушчова.

Творчая інтэлігенцыя: малады вучоны-фізік.

Рэжысёр-касмапаліт — прыехаў у горад — «на ловлю счастья».

Перадаць: агульны малюнак горада: ноччу, раніцаю, удзень, увечары. Можа — чатыры часткі.

Вакзал, аэрапорт.

Старшыня гарвыканкома. Госці з-за рубяжа. Студэнты замежныя (в’етнамцы).

 

15.Х.71 г.

Пералёт з Масквы ў Сімферопаль. У Маскве: з 5 гадзін да 9 — у аэрапорце. На вуліцы мокры снег і дождж. Не аб’яўлялі пасадку. Сабралі пасажыраў з трох рэйсаў у адзін самалёт. З 9 да 10 сядзелі ў цёмным самалёце. Самалёт аблеплены снегам. Са шлангаў змывалі снег з крылляў, з фюзеляжа. Вылецелі толькі ў пачатку 11-й. Глядзеў, як заўсёды, на зямлю ў агнях. Каля 12-ці ў Сімферопалі. На таксі — у Ялту.

 

16—19.Х.71 г.

У Ялце. Першы дзень — цудоўнае надвор'е. Трэці дзень дождж, імжака. Як у Мінску. Не магу пісаць нічога.

 

30.Х.71 г.

Цудоўныя, поўныя сонца дні. Начамі холадна, а ўдзень — цяплынь! І чыстае, чыстае неба. Пішацца кепска. Не пішу. Не няволю. За ўсе дні напісаў 15 старонак рамана (чарнавых!).

 

31.Х.71 г.

Чытаў пра Хемінгуэя («ЖЗЛ»). Хемінгуэй дачцэ Андрэ Мальро (міністра Францыі) сказаў: «Растлумачце мне адну рэч. Ад чаго такі разумны чалавек, як ваш бацька, мог спакусіцца ўладаю? Мастак не павінен мець іншага «честолюбия», акрамя творчага».

Вось як трэба. Цяпер са спазненнем — адчуваю простую мудрасць гэтага.

Я ніколі не спакушаўся ўладаю, але я даў сябе ўцягнуць у апарат, звязаў сябе з ім, ублытаўся ў зусім непатрэбныя мне (а для творчасці маёй — проста шкодныя) хваляванні.

Праўда, я тое-сёе (а можа — і нямала) зрабіў, але колькі на гэта патрачана сіл і часу! Сіл і часу, якіх небагата і якіх не вярнуць (і ў такую пару, калі я мог зрабіць, напісаць колькі). Увесь час думаю: не пазней лета наступнага года — пайду на творчую працу. Сабраць рэшту сіл для творчасці, усё — ёй. Раману, які так зацягнуўся.

 

Дзяўчынка, што ехала ў Крым, з гары ўбачыла мора.

— Ой, мама, чаму яно так?!

— Што?

— Як сцяна стаіць? Яно не выльецца?

 

2.XI.71 г.

Другі дзень хмурна. Усё зацягнута імжакай. Не відаць гор, мора нават.

Цяжар ва ўсім целе. З цяжкасцю хаджу. Не магу нічога рабіць.

Ноччу з 4-х не спаў, да сямі. Цудоўна думалася. Усё лезла ў галаву. Хоць пішы. Але я не сеў за стол. Ведаў — ашуканства: не напішаш нічога. Спадзяваўся на дзень. А дзень — вось які.

Яшчэ адзін дзень — марны.

Званіў у Мінск — выйшаў чацвёрты том Збору. Са спазненнем амаль на год!

5-ты том недзе засеў таксама: хоць я не зрабіў ніводнай папраўкі ў карэктуры.

 

Чацвёрты раман «Палескай хронікі» — раман-эпілог — «Куды ідуць дарогі».

Вузлавыя моманты з жыцця герояў, ніці ад ранейшых твораў і вузлоў.

 

4.ХІ.71 г.

Прыляцелі Ліля і Ларыса. Добры пакой — на адным са мной паверсе. Вельмі зручна.

 

6.ХІ.71 г.

Цудоўны дзень — пасля двух змрочных і мокрых. Многа хадзілі. На бераг і ў горы.

Думаў пра тое, як скласці том для «Бібліятэкі беларускай прозы»:

а) Лепшыя апавяданні і аповесці:

«У завіруху», «Ноччу», «Такі кароткі водпуск», «Незнаёмы», «Гарачы жнівень» і г. д.

б) Урыўкі з раманаў «Мінскі напрамак», «Людзі на балоце», «Подых» (лепшае).

в) «Крымскія апавяданні», «Цераз мяжу».

Падабраць па прынцыпу: самае лепшае.

 

20.ХІ.71 г.

Вельмі кепскае надвор'е. Кепска адчуваю: ломіць, гне. Некалькі дзён нездаровілася зусім. Чытаў Дастаеўскага. У захапленні ад «Дзённіка». Якая шырыня, які розум: цэлы свет гатоў абняць. Цэлы свет у сэрцы. І які клопат пра многае. (Многае надзіва актуальна і цяпер, праз сто гадоў.) Здзівіўся: тады ставіў пытанне пра засілле бюракратаў. Пра тое, што іх «лішне развялося». Каб скараціць: з 40 пакінуць 4 чыноўнікі...

Моцнае ўражанне: адкрытасць, прамата, шчырасць, годнасць. Якасці, якім мы павінны кланяцца і зайздросціць.

Чытаў «Записки из подполья», «Игрок», «Бесы», многае пра яго. Як бы нанава (а можа, і нанава, упершыню ў поўны рост) бачу гіганцкую постаць яго. Бачу, як ён многа значыць цяпер і многаму можа навучыць. Трэба больш прыглядацца да яго.

Учора прыйшло на думку напісаць апавяданне-эсе «Дастоева», як выток яго. Пабыць там, паглядзець, якое яно цяпер, апісаць, перанесціся думкамі ў часы продкаў. Гэта неверагодна: што вытокі яму там, у такой глушы, у балотах, у свеце чарцей. Ці не адтуль некаторыя асаблівасці яго самога (чараўніцтва, фантасмагорыі) і бясспрэчна не выпадкова, адтуль пякучае такое: каталіцтва, адносіны да палякаў.

 

21.ХІ.71 г.

Думаў — трэба б напісаць партрэты: Янка Маўр і Краўчанка. Два па-рознаму каларытныя і характэрныя тыпы часу. Ёсць што сказаць важнае.

Я. Маўр: яго кнігі ў маім маленстве (піянерлагер), пад Масквой (Сходня, чутка: памірае), на Ульянаўскай — суседзі, у партыю ўступае («Не спыталі нічога»). На сходах — спіць дэманстратыўна (калі нуда і форма), прачнецца (нешта «людское»). У дзень смерці Сталіна: «Кончылася эпоха. Другая наступае. Што будзе?» Весела. Пагарда да падхалімаў. (Сцэна ў прэзідыуме.) (Раней: гісторыя з «Мінскім напрамкам». Як вілялі іншыя. Яго артыкул.) Як паміраў. Смех яго: «Не чую рукі, не чую нагі! Не магу варухнуцца!» Штучкі дома: званок асобы, званок. Гадзіннік. Наведанне ў юбілей.

Калі памёр, не бачыў. Так і застаецца жывы. Насмешлівы, пільны позіркам, сабе наўме. Разумны. Жывы. Жывы.

Краўчанка. Даваеннае. Першыя кнігі. Пісьменнік блізкі. У Хойніках на вуліцы, у Мазыры (тэатр) — малюнкі. Потым ужо ў Маскве. Рэдакцыя «Советской Белоруссии». Здзіўляе, што Чорны так прыхільны. Недавер’е доўга.

У «Полымі». Яго паездкі ў Міхалкі. Любоў да іх.

Стараннасць. Правіў іншых і сябе. Назіральны, але ў кнігах выдумка. З Міхалак: як жанчына павярнула сход. «От і напішы» — я яму. Як на дзівака: хіба можна такое. Жыццё само па сабе, кнігі — па сабе.

У адным доме. Клопат пра сям’ю. Любоў да малых. Асабліва — дачка. Можа, пасля хлопцаў...

Апошняя яго паездка. Каля машыны: «Не хочацца ехаць». Паехаў. Чутка: «Краўчанка загінуў...»

Доўга мучыла гэта. Перад акном — яго гараж. Ён там кожны дзень корпаўся раней. Гэты гараж неяк асабліва мучыў. Напамінаў. Гараж перад акном.

 

6.ХІІ.71 г.

Усё ў Ялце. І ўсё хмарна. Сёння цэлы дзень — дождж. Гор не відаць. Баляць скроні. Разбіты зусім. Пісаць не магу. Раман — ні з месца.

Бяссэнсна сяджу тут. Гінуць мае надзеі. Баліць сэрца.

 

8.XII.71 г.

Думаў пра літаратуру — наогул. Слухаў — словы пра Някрасава — па тэлевізару слухаў вершы яго. «От ликующих...» Успамінаў Дастаеўскага. Адсюль — пра сённяшнюю літаратуру. Не першы раз. Літаратура XIX ст.— вяршыня, не дасягнутая цяпер у ХХ ст. Навука, многае іншае пайшло ўверх, а літаратура не можа. Ніжэй. І далёка ніжэй. Нікога ўпоравень з Талстым, Дастаеўскім, Някрасавым, з Пісаравым. Толькі «Ціхі Дон» хіба. Між тым стагоддзе блізка к канцу. Ёсць над чым задумацца. У чым прычыны? Прычыны — сур’ёзныя і сумныя. І, відаць, застануцца надоўга. Змен не будзе.

Літаратура наша, падумаў, падышла да новага рубяжа. Павінна ўздымацца вышэй. Калі яна хоча быць сапраўднай літаратурай, патрэбнай народу. Яна — добра ці дрэнна — сказала сваё першае слова. Тое, што ў галіне арыфметыкі і пачатковай матэматыкі. Ёй неабходна ўступаць у мір складаных думак, балючых супярэчнасцей. Трэба вырвацца з балота ілюзій і «прекраснодушия», странсавай слепаты і нематы. Жыццё ўжо часта і даўно ідзе само па сабе, а літаратура сама па сабе. Прычым — жыццё па глыбіні, з разломамі, з шэкспіраўскімі і талстоўскімі праблемамі, а літаратура з дагматычн. знаёмай і дзецям вадзіцай.

У гэтым прычына, што ўсё часцей выбіваюцца нязручныя (неудобные) творы, якія азадачваюць арыфметычных дагматыкаў. Творы, на якія то замахваюцца дубінкай (калі можна), то замоўчваюць (нібы нічога не здарылася), то бласлаўляюць, тоячы разважна апаску і нездавальненне (калі зрабіць нічога нельга).

Ах, гэта нязручная штука літаратура, асабліва жывая! Другая рэч — Дастаеўскі, Талстой, Някрасаў. І не ўсім даходзіць у галаву, што і яны ж, нягоднікі, жывыя. І нязручныя. І неспакой уводзяць. І яшчэ больш даюць неспакою, чым многія жывыя, спакойныя прыстасаванцы.

Ах, як жаль (пэўна, ім), што ўсё цячэ і мяняецца. І выбівае са спакою. І як хочацца вярнуцца назад, гадоў на трыццаць — сорак, калі ўсё так было зручна і проста. І літаратура была простая. Усё простае... І цяжка дадумацца, што нічога не вяртаецца назад.

Думаю, што вартасць і маіх апошніх раманаў найбольш не ў мастацкіх якасцях, а ў іх сапраўднай рэалістычнай аснове, у імкненні разабрацца па-сур’ёзнаму.

 

14.XII.71 г.

Як даўно я не быў дома. Глухая туга па доме, па Мінску. І толькі ані не сумую па Саюзу пісьменнікаў. Ледзь успомню — нязменна непрыемнае адчуванне. Усё, што накапілася, у момант адзываецца ў душы. Гадаю: што яны там гавораць пра мяне, што так «нядобра» схаваўся... З людзей, што там, светла згадваю Танка, Вярцінскага, Грачанікава, Таццяну Кузьмінічну з добрым сэрцам — увесь інстытут літаратуры, Навуменку, Ф. Куляшова, многіх (не з апарата)... Вельмі раздзельна бачу нашу грамаду, у цэлым і кожнага паасобку і кожнага па той ролі, якую робіць для літаратуры, часу: добрай ці шкоднай. Свеціць мне: што многа ў нас і добрага, совестлівага, чыстага. Многа. Ёсць на каго спадзявацца.

Добра, што я прыехаў сюды, усё ж зрабіў нешта. Пажыў — як трэба, як пісьменнік. З карысцю і для здароўя.

Яшчэ — 10 дзён. Увесь дзень — снег, упершыню.

 

[1973 год]

15.ІІІ.73 г.

Усе дні ясна. Начамі — месячна. Растае снег. Халоднае паветра. Рэзкія перапады. У мяне — усё баліць. Асабліва — ногі. Часам — сэрца. Не магу нічога рабіць. Не пішу зусім. Хоць столькі планаў. Чытаю з цяжкасцю.

Нешта вельмі кепска ў мяне. Не ведаю, чым скончыцца і як выбавіцца з усяго. Асабліва — з-за службовых абавязкаў.

Становішча ў СП складанае і блытанае. І гэта мяне трымае пры ім. Хтосьці павінен вартаваць здаровае, таленавітае, няцвёрдае.

Нямала давялося для гэтага зрабіць. І цяпер даводзіцца. Але як гэта ўскладняе маё становішча. Перанёс грып — цяжка. Паўмесяца дома, 21 дзень у бальніцы. Давялі да таго — што ўжо ні піць, ні есці. Засталіся сляды пнеўманіі. Урачы кажуць: трэба 2—3 месяцы пабыць у Крыме.

25 ляцім у Місхор — пакуль на месяц. Ведаю: рызыкую, але далей трываць тут — не магу.

Калі зноў змагу за стол!

 

Не раз чуў (і чытаў) развагі пра шкоду паўпраўды. Нібы ёсць: праўда поўная і паўпраўда.

Думаю: ёсць толькі праўда і — няпраўда. Праўда. Колькі б яе ні было,— ёсць праўда. Як золата заўсёды золата, калі нават — крупінкамі.

Бывае, нярэдка, гэтыя крупінкі — у «народзе», але яны не зліваюцца з пародаю. З крупінак золата і ў літаратуры здабывацца можа вялікае золата. Гэтым і займаецца ўсё лепшае ў літаратуры.

Няпраўда ніколі не можа стаць праўдаю — ні на палавіну, ні на чвэрць. Яна можа быць толькі няпраўдаю, фальшам, вялікім ці малым.

 

Праўда тады мае сэнс і сапраўдную вартасць, калі яна народжана сумленнем і высокаю мэтаю.

Бывае ж, нярэдка здараецца, што за ёй стаіць прыхаваны разлік, спадзяванне на нейкую асабістую карысць, узнагароду. Мала цаны такой «праўдзе» і такім яе рыцарам.

Разлік гэты — з-за таго, што мець адзнаку праўдзівасці для кожнага — вялікі гонар. Такі ваяўнік за праўду — як актор, што гаворыць вострую рэпліку, чакаючы воплескаў.

 

17.ІІІ.73 г.

Думаю: пра мяшчанства. Пра тое, як яно шырока распаўзлося, глыбока ўелася каранямі ўсюды, непераможнае і заўсёды задаволенае, заўсёды «мудрае» мяшчанства.

Думаю, што канца не будзе яму, таму што галоўная якасць яго, найвыдатнае майстэрства мімікрыі. Што б ні здарылася, як бы ўсё ні павярнулася, мяшчанства адразу прыстасуецца, падфарбуецца, падладзіцца. У ім — своеасаблівы вірус, з пароды тых, якія выклікаюць грып; кожны раз вірус — у нечым іншым, хоць разам з тым і той нібы самы, і кожны раз бяссільна звальваюцца перад ім тысячы, мільёны. Але той, дурань, ломіць і гне, і пячэ, і трасе, а вірус мяшчанства, ён жа нічога такога не робіць. Ён, наадварот, стварае самае камфортнае становішча чалавеку, дае яму ўцеху не гарэць, не рызыкаваць, не хвалявацца лішне. А калі хвалявацца — то вынікамі футболу, канцоўкай тэлевізійнай шматсерыйнай перадачы, сваім страўнікам, бачаннем, што некаму перапала больш, што нехта лепш управіўся да карыта.

Уменне прыстасоўваццца да ўсяго, усіх змен, тэмператур, фарбаў робіць мяшчанства ўсемагутным і непадуладным вынішчэнню, тады як яно непрыкметна можа вынішчыць усё і асабліва тое, што даецца кожнаму чалавеку змалку.

Самая агідная форма мяшчанства, па-мойму, жыве ў чыноўніках, па той прычыне, што нікому мяшчанства так не выгадна, як чыноўніку. Чыноўнік фактычна жыве і квітнее на мяшчанстве. Што было б з чыноўнікамі, каб не было мяшчанства.

Але яго даволі ўсюды, ды, бадай, і ў кожным з нас. Яно трымае наш голас, калі трэба гаварыць, а то і крычаць, яно затульвае нам вочы, каб не бачыць тое, што нам баліць бачыць. І мы маўчым, і не бачым, нярэдка і не думаючы ўжо чаму. Звычайна — не думаючы.

Бяда, што многія і многія іменна не здольны самастойна і трывожна думаць. Што многім з нас уласціва нейкая незразумелая, дзікая ці што маральная глухаватасць ці санлівасць.

Бюракратызм — родны брат (ці сын?) мяшчанства. На ўсіх яго шматлікіх формах — аснова — мяшчанства.

Мяшчанства нарадзіла ў нас нацыянальны нігілізм, самую агідную абыякавасць, здзеклівую з сябе нікчэмнасць. Ад таго, што так багата мяшчан, так мала ў нас людзей, якія б разумелі сапраўдную цану таму хараству, якое ёсць наша культура (мова, фальклор, літаратура). Таму так лёгка яны вытоптваюцца, нішчацца. Як жа, тыя, хто нішчаць іх, не проста мяшчане, а мяшчане новыя, зусім сучасныя, цалкам у форме і фарбах часу,— зусім адпаведныя, ружовыя.

 

Мы многа зрабілі ў плане адукацыі. У нас вельмі многа людзей адукаваных. Але як мала людзей культурных. Якая, аказваецца, вялікая розніца паміж адукацыяй і культурай!

 

На вуліцы макрэча. Нападала мокрага снегу, і ён растае. Баляць ногі, слабасць ва ўсім целе.

 

[1974—1976 гг.]

«Спокойствие — душевная подлость».

Л. Толстой

 

У мастацтве па сутнасці няма спраў (тэм) лёгкіх. Усякая справа (тэма) важная, калі яе рабіць сур’ёзна, добра. Усякая справа (тэма) лёгкая, калі рабіць яе легкадумна, дрэнна. Гэта — азбучная ісціна. А яе аспрэчваюць і не толькі графаманы. Хоць даволі элементарнага доваду: паспрабуйце напісаць лепш, чым «Вайна і мір» пра 1812 год, ці лепш за «Ціхі Дон» пра грамадзянскую вайну.

(І. Мележ)

 

І ў літаратуры можна цягнуць цяжкі груз на сабе на поўную сілу, а можна крактаць ад натугі, трымаючы за плячамі пусты папяровы мяшок.

(І. М.)

 

Вечарам, ноччу рабіць загатоўкі на дзень, чарнавое.

 

Урач: «Лячыць будзем ці — няхай жыве?»

 

Критик В. Пискунов

(журн. «Звезда», 7, 74)

«Разоблачать явных мерзавцев...

Задача не такая уж хитрая. Сложнее дело обстоит с честолюбцами типа Вальгана и уж совсем сложно с честными людьми, которые стали «начальниками», не обладая ни талантом, ни размахом, ни творческим отношением к жизни».

 

Ездзіць у Крым трэба позняй восенню. З 1 ці 10 лістапада. Да новага года, не менш. Гэтыя месяцы ў Мінску — толькі простая трата часу ды яшчэ пакуты.

У гэтым годзе я зарана выбраўся ў Крым, і вось сяджу, гібею тут у гэтай бясконцай макрэчы.

Запомніць!

1975 г.

 

Напісаць — пра ахвяры вайны. Думка. Мы пішам — 20 мільёнаў забітых улічаных. Колькі няўлічаных? Колькі загінула — пасля вайны, пасля фронту. Колькі матак забітых, жонак сышло ў магілу да часу? Колькі салдат — пасечаных, пакалечаных — неслі ў сабе смяротныя раны і хваробы, што адвялі час сканання, але ўсё ж не далі жыць. Што дабілі людзей фронту праз пяць, дзесяць, пятнаццаць гадоў, але ўсё ж дабілі, у маладым яшчэ, у росквіце, як лічыцца, узросце! Колькі такіх, у якіх баляць старыя раны, якія не вылечацца і якім скажа свой апошні прысуд усё тая ж вайна. А дзеці, што раслі на няшчымніцы і горы ваеннай і пасляваеннай пары, што змалку падкошаны галадухай і болем, нядужасцю нездаровых сваіх бацькоў і матак... Вайна не скончыла падлік сваіх ахвяр. Яна лічыць. Будзе доўга яшчэ лічыць.

 

Напісаць — апавяданне «Чырвоны ліман». Усё, што з гэтым звязана.

Дарога на Лазавую. Пасля доўгага паходу. Гаспадыня. Спім.

Потым зноў: на курсы. Спыніліся — яшчэ ноч.

Потым — пасля курсаў. Трывога: немцы акружылі. Дзе полк.

Гаспадыня: пісьмо — пад Краснаградам. Май. Квецень над намі.

Што з хлопцамі? «Чырвоны шахцёр». Нічога невядома.

Паведамленні: Уручылі сцяг? Не адказалі.

Пасля вайны. Вярнуўся Павел. Страшная праўда. «Бой з танкамі. У яры. Застрэліўся Дзядоў, Леканаў». Пазней — ад Мусіенкі. У адным палку. Полк — пад Сталінградам. Пад Віцебскам. Рабчук. Кончыў за Хінганам.

 

Напісаць апавяданне (аповесць) «Намеснік» — на калгасным матэрыяле,

Прыйшоў з вайны — ніводнай драпіны. Гладкі. Вясёлы. За ўсю вайну — адна медалька «За баявыя заслугі» (І тая — хітрасцю, мусіць).

Вёска спалена напалову. Нішчымніца. У яго сям’і — больш-менш. Жонка, дзіця.

Быў старшыня. Кадраў мала — яго брыгадзірам, кладаўшчыком. Не адмаўляўся ніколі. Ахвотна. У прэзідыум. Прамова.

Справы ішлі так-сяк, але — актывіст. А ў калгасе — нелады, цяжка. Старшыню знялі. Новага паставілі. А яму нічога. Нават намеснікам зрабілі. Так і пайшло: намеснік і намеснік. Трэба сказаць: здольны быў. Увішны. Так заўсёды між людзей. Але каб пасварыцца — амаль ніколі. Маўляў, я тут, свой. Падводу — калі ласка. Мы свае. А між тым і сам абладзіўся. Хату новую. Агарод, хлеў. Сена. Усё заўсёды ёсць.

Старшыні адзін за адным мяняліся. Адны кіпелі, гарэлі, другія — наездам, бывала, мала што ведалі. А яму — хоць бы што. І што цікава, што з усімі ён ладзіў, добры быў. Усе давольны былі. Калі на яго ківалі з райкома: маўчаў годна. Нібы казаў: «А я што магу?»

Усе кампаніі: і гаршчочкі, і кукуруза — з усім згодны. Усё падтрымліваў. Заўсёды слова трымаў, на віду.

Заўсёды — перадавым быў. Імкнуўся быць. І аказалася — што гэта вельмі добрая якасць. З раёна як толькі якое мерапрыемства — намесніку.

І ён з начальствам — заўсёды ў ладзе. Начальству ўвагу... Нібы ўсё на ім, і павялося — ёсць старшыня, а часта найперш да яго — да намесніка. Як бы ён — галоўная фігура.

Бывала, прыходзіць на работу: адразу званкі па начальству. Я жыву, я на пасту.

Другія дзівакі — старшыні — не надта любілі званіць. Усё на полі, з непрыкметнай і нялёгкай работай. І нявіданай — іх і не бачылі.

Прыедзе начальства з раёна — намеснік пры начальстве. Гордасць чуў. Прывык быць пры начальстве. Есць вачыма яго, але і нібы з годнасцю сваёй. Умеў.

Набраўся сілы. І стала цегаціць — усё намеснік, намеснік. А старшыня засядзеўся. Дружылі нібы, пілі разам. Старшыня — трапяткі, удалы, таксама па начальству. Годы ідуць, а не мяняецца нічога. Патроху, праўда, адбівацца ад рук стаў. Справамі не любіў. Усё на раёне, у вобласці, у сталіцы. Намеснік — нібы ўсё на ім. Але не браў нічога асабліва на сябе. Няма дурных. Няхай бачаць, які старшыня.

Недавольнасць была. Чуў: павінны скінуць таго! Тады ён, нарэшце.

Быў цяжкі сход. Таго скінулі з трэскам. Але і супраць яго было і галасоў. І яму дасталося. І выбралі не яго, выбралі — брыгадзіра ціхмянага.

Гэта быў удар! Але трэба сказаць, ён перажыў яго — мужна. Ні крыўды нібы ні да кога. Ласкава. Званкі па раёне.

Гэты старшыня — мяккаваты быў. І не надта смелы. Да начальства рэдка. Зноў званкі намесніка. Начальства ледзь што — да яго. А ён пры старшыні — у кабінеце — сядаў ужо за яго стол. Старшыня калі што збоку. Людзі з просьбамі — да яго, да намесніка.

На сходзе — сябе заўсёды ў прэзідыум. А ў прэзідыуме — адразу старшынёю. Указанні. Цвіце. З кожным годам усё цяжэй, усё больш няўдзячных. Прысылаюць чужых, маладых больш, з інстытутаў. Высакамерныя.

Моладзь едзе з сяла. Свае едуць. Хоць — толку ад іх. Не хочуць рабіць. «Усё — нам. Усё — на нас трымаецца». Бурчаць нешта, не паважаюць. Некаторыя дык проста агідна ставяцца...

Ён набліжае надзейных. Падымае іх. Адзначае, прэміі ім. Асабліва з заатэхнікам, другам, здружыўся. Там з ім чуў сябе надзейна.

— Прыязджаюць усякія. Падкопваюцца.

— А гэты — пра старшыню — пустое месца. За яго рабі.

Падхалімы дзе толькі можна: крычаць пра заслугі яго. Калгас на два лагеры. Паўсяла падкупленых ім. Аграном — з акадэміі — малады хлопец адкрыта не паважаў яго, пайшоў супраць. Яўна хацеў выжыць з пасады. Захацеў месца яго заняць? Не, брат, зялёны ты. Прыблукаў сюды. Ды — парадкі дае тут. Хто ты такі?

Стаў ціха, моўчкі націскаць на агранома, выжываць. Абвінавачваць. Усё спіхваць на агранома — але асцярожна разам.

Аграном адчувае: жыць нельга. Рабіць нельга. І — застой не зрушыць. І не адкінуць яго.

Ухапіўся за ўладу, не саступіць. Аграном падаў заяву вызваліць, напіўся.

— Вам абы свая выгада... Вам любая ўлада свая. Вы ў любой прыстроіцеся. Любому цару вы гатовы служыць! Абы перападала штосьці! Абы месца цёплае было! З такіх набіралі заўсёды! Вы ж як кулак! Вы — паразіт!

— Асцярожней. Я знаю, ты — п’яны, але я магу!.. Я добры, але.

— Добры! Ды вы — горш...

— Ну-ну!

Цяжка на душы пасля ў намесніка. На сходзе, глядзіць з прэзідыума, і маладыя больш. Не слухаюцца. Не паважаюць. Надзейных усё менш. Многа на сябе бяруць.

Адукаваныя надта. Перавучыліся.

Дадому ідзе, думкі невясёлыя, тыя ж: усё цяжэй жыць. Не вытрымае.

І здароўе не тое ўжо. Печань, жывот, галава! Сэрца ные часта.

Старасць.

 

Напісаць апавяданне (аповесць) умоўн. «Апошняя паездка» («Вяртанне»).

Чалавек майго жыцця, паранены, хворы, якому ўжо мала засталося, адчувае — апошні раз — вяртаецца ў родную вёску, у свет маленства, мар. Едзе на машыне. З шафёрам. Машына казённая. Ёсць і свая. Але цяпер не па сілах самому. (Шафёр — Макарэвіч).

Перад ім у паездцы, у сустрэчах у вёсцы, праходзіць усё яго жыццё: маленства, вайна — юнацтва, першае каханне, паламанае вайной, жыццём. Ён успамінае сваё, гарадское жыццё, мітусню. Бачыць, як мала зрабіў, не тым займаўся. Не так растраціў маладыя сілы свае. Бачыць, як імкліва праляцела жыццё.

Што такое наогул чалавечае жыццё? Міг адзін.

Як пад’язджае. Выгляд родных мясцін. Адчуванні: не радасці, двоістасць. Насцярожанасць нейкая. Ад чаго? Што чакае. Што яго можа тут чакаць цяпер? Маці? Ляжыць. (Бацька на вайне прапаў — пажылы быў ужо.) Ні братоў, ні сясцёр. Цёткі ды дзядзькі — паўсяла. Цёткі, дзядзькі да яго — як да свайго. А ён ужо чужавата да іх. Хоць не паказвае.

 

Хата... родная цяпер у іншых. Браты-сёстры прадалі, лёгка, весела. Яна, хата — чужая ўжо... Не, не зусім чужая. Здаецца, глядзіць на яго, пазірае. Гаспадар сустрэўся, запрашае.

— Заходзьце. Ваша ж хата.

Цаню яго далікатнасць. Перабіраў многае. Веранда замест сяней. Патынкаваў. Мы так і не сабраліся.

Стол, дзе сядзеў некалі, прыязджаючы.

— Заходзьце.

Другі пакой — чысты. Этажэрка з кніжкамі, шафа гарадская. Тэлевізар, накрыты покрыўкай. І ложак гарадскі. Тут быў іншы, драўляны, вясковы. На якім ён спаў.

Успамінае таварышаў, што загінулі маладымі: яму пашанцавала выпадкова. (Умань, Ізюм — Барвенкава, Каўказ).

Вайна была над усім жыццём.

Як змяніўся горад, куды ён вярнуўся (ён туды і хацеў вярнуцца). Як вырас гэты горад, як ён напоўніўся. Новыя, мала знаёмыя (маладыя) людзі — як іншы свет. Што ў іх агульнае з ім. І што ім да яго? Памрэ, мала хто заўважыць.

Браты, сёстры ўсе раз’ехаліся. Што з імі звязвае? Рэдкія, выпадковыя сустрэчы. Выпадковыя знаёмыя. Яму бліжэй чужыя.

Магіла маці тут. Ён стаіць ля яе, успамінае. Яна звязвае яго з тым часам, з тым светам.

Ён глядзіць, як жывуць людзі на яго зямлі. На якой ён быў рэдкім госцем. Якая жыла ў ім заўсёды, але з якою ён сустракаўся рэдка, час ад часу. Два-тры знаёмых з маленства тут. Астатнія ўсе ў зямлі. Сустрэча з імі. І разумеюць адзін аднаго, і нібы чужыя. Па-рознаму глядзяць. Гэтыя глядзяць прасцей, практычней.

(Пра пакаленне яго хлопцаў, якія амаль усе палеглі там.

Трагедыя іх жыцця).

Вайна ўжо рэдка ўспамінаецца. Многія ўжо яе не бачаць. А хто бачыў, гавораць спакойна. Мудрасць.

Ён калісьці рваўся адсюль, марыў пра іншыя — здавалася, цудоўныя землі — а там, на іншых землях, думаў пра гэту, цягнуўся да гэтай. Аказалася, што самая блізкая яму, адзіная, гэта.

(Хоць і гэта ўжо не зусім тая. Іншая. Змянілася яна.) І ўсё ж гэта яна, яго зямля. Ён усё жыццё ішоў ад яе, жыў недзе без яе, а прыйшоў да яе зноў.

Адчуванне адзіноты. Усе мы бывае час трапляем у адзіноту — тут ёсць свой закон. Трэба пабыць і на адзіноце. Глянуць адзін на адзін у вочы вечнасці. Вечнасці? Ці ёсць яна?

Ёсць? Калі ёсць, то безадносна да яго. Да іншых паасобку. Ёсць вечнасць безадносная да кожнага. Нічыя і ўсіхняя... Гэтае неба і зямля гэтая. Дрэвы вунь не вечныя. Хоць і даўжэй суджана. Не ўсім. Лясы высеклі... Неба і зямля... Была, ёсць і будзе. Будзе яшчэ памяць, ненадзейная, нядоўгая.

 

Сядзіць каля магілы маці. На могілках. Думае: старая зямля. Колькі тут прайшло, сышло. Чалавечых жаданняў, трывог, радасцей. Маўчаць сосны і вербы. І яны пастарэлі. Унь, толькі камель і раліна старая. А была ж маладая... Ён помніць яе дужаю... Усё сыходзіць. Можа, у гэтым мудрасць. Толькі ж вельмі хутка.

А жыццё ідзе, не задумваючыся пра тое, што калісьці будзе ў кожнага. Не зазіраючы наперад так далёка. Можа, у гэтым таксама мудрасць.

 

Як змянілася вёска. Знешне не так ужо. Хаты тыя ж,— якія цёмныя і цесныя. Калодзежы, вуліца. Куры, пясок на двары. Агародчыкі з вяргінямі і сады.

Яны сярод вуліцы. Выбіты машынамі, гразь. Балота асушанае. Гола, па паўсвету.

Багата і новага. Электрычнасць, тэлевізары. Апранаюцца непагана. Магазін — самаабслугоўванне. Вясковыя дзяўчыны не розняцца асабліва.

Клуб паганенькі. Будуецца новы. Школа — хто б мог падумаць калісьці. І новая вуліца, якую можна пакуль уявіць хіба.

І сяло разраслося. Многа новых. Сваім жыццём жывуць, як і ён. І гэта зямля для іх — іншая. І на яе яны інакш. Яна карміла іх і корміць. З ёй яны мерзлі ў вайну і баяліся смерці. Яны ўвесь час з ёю, і яна для іх звычайная, свая.

Кожны з нас бачыць у свеце сваё, і свет у кожнага свой...

 

Напісаць апавяданне пра сучасную сям'ю. Былі разам, жылі дружна, цягнуліся душой. Раз’ехаліся, усе пайшлі сваёй дарогай. Што ў іх агульнага? Цяпер — амаль нічога. Тыя, з якімі жыве, працуе, куды бліжэй. Гэтыя часам напамінаюць лістамі — як з таго свету, (Наша сям’я — за прыклад).

 

Гавораць і пішуць, што ў нас няма страчанага (потерянного) пакалення. Ёсць. Усё амаль страчана. І не адно. Адно то амаль усё выкашана. Маё пакаленне. Трагічнага лёсу пакаленне.

 

Прывесці да ладу «Слагаемые эпопеи» — зрабіць расклейку і ўпісаць тое, што не ўвайшло ў «Л. гг.» і патрэбна па тэме.

 

Далей — раман. Усё для рамана.

 

9.VIII

Гарачыня — 30° у цяні. Бяссонніца, галава трашчыць.

 

11.VIII

Цяжкае, гарачае надвор’е. Галава як налітая волавам. Не магу рабіць нічога.

 

12.VIII

«Загадка НТР, Навуменка і я» — апавяданне.

 

12.VIII

Дождж, холад. Рэзкае пахаладанне — з 30° да 11°.

 

13.VIII

Зноў рэзкі перапад. Холадна, але высокае, сіняе неба. Гарачае сонца і сіверны вецер. Кепска спаў, з 3 гадзін — не спаў. Можа, паўгадзіны падрамаў. Галаву сціскае, як абручом. Паганы востры свіст у вушах. Зноў не магу працаваць!

 

Адламала галіну, на якой поўна зялёных яблык. Я як гэтая галіна. Поўна ва мне задум, якія прападуць са мною.

 

22.VIII

Рэзкая перамена. Кепска спаў. У галаве мутна, шуміць.

 

23—26.VIII

Гарачыня. Рэзкія перапады.

 

28.VIII—30.VIII

Ясныя халодныя (месячныя) ночы. Гарачыя, без хмаркі дні. Вяласць неадольная, санлівасць. Бяссонніца начамі.

 

3.ІХ

Гарачыня. Сухмень. Хутка жаўцеюць дрэвы. Бярозы асыпаюць жоўтае лісце. Лісця поўна на дарогах, у лесе. Як позняй восенню.

Сухмень, гарачыня нейкая не нашая, ці не афрыканская. Зямля сухая зусім і трывожыць, што пасеянае засохне.

Быў на прыёме ў гонар міжнароднай сустрэчы жанчын. Выступаў.

Хоць крычы — не працуецца. У галаве аж звоніць. Ніяк не закончу раздзел — некалькі старонак.

 

5.ІХ

Учора вёў вечар, прысвечаны 30-годдзю ДРВ. У клубе Саюза пісьменнікаў.

Ноччу прывезлі на дачу. Ноччу — цяжкія, трывожныя думкі пра Партугалію — чым там усё скончыцца.

З агідай думаў пра тое, што адбылося ў Бангладэш. Зарэзалі прэзідэнта і яго сям'ю,— зарэзалі не без удзелу, а хутчэй за ўсё па загаду яго бліжэйшага паплечніка. На вачах усяго свету. І ніхто амаль не абурыўся. Толькі С. Бандаранаіке ў поўны голас сказала пра гэта: «Мы — далікатна пашкадавалі Рахмана і — галоўнае — выказалі спадзяванне, што курс застанецца стары».

З Вільнюса прыйшлі экземпляры «Людзей». Чацвёрты пераклад у гэтым годзе.

Упершыню за многія дні хмарнае надвор’е.

 

12.ІХ

У выдавецтве атрымаў «сігнал» — «Жыццёвыя клопаты». Салідны том. Добрая папера. Перачытаў некаторыя артыкулы — сораму няма. Важная і неабходная (для мяне ва ўсякім разе) кніга. Важнае дапаўненне — да раманаў і апавяданняў маіх. Мне здаецца — літаратуры патрэбна такое.

 

16.IX

Надвор’е сёння зранку хмурнае. А пад вечар праяснілася. Усе дні найбольш сонечна, неба сінее. І цёпла, уночы ўжо холадна. Але я адчуваю сябе кепска. Стомленасць агульная і апатыя да ўсяго. У тым ліку да рамана. Не хочацца (і не можацца) нічога рабіць. Ляжыць мая кніга, якую чакаюць у «Полымі» (напаміналі).

Відаць, так і застанецца недапісанай мая абяцаная «Палеская хроніка». Гэты раман я, можа, як-небудзь са скрыпам дацягну. А як тое, што ляжыць у папцы. Тое, якое магло б даць «Хроніцы» выгляд хоць нейкай завершанасці.

Нічога не радуе. Ды і бедавання няма. Не магу і бедаваць. Абыякавасць. Нават пра тое, што, можа, працягну нядоўга, думаю абыякава. А між тым — жыццё ідзе. Ідуць розныя паперы, запрашэнні — на сходы, на сімпозіумы, у Мінск, у іншыя гарады.

Ноччу, прачнуўшыся, не спаў доўга. Успаміналася перадваеннае. Турка. І асабліва паход на Букавіну ў 1940. Захацелася напісаць — «Паход» пра той «паход», пра дарогі, горы, горныя рэчкі, Чэрамош і чаканне вайны. Якой не было.

 

23.ІХ

Пазаўчора памёр Міхась Лынькоў. Завяршыўся яшчэ адзін лёс. Немалое па часу і няпростае, і нялёгкае жыццё. Яно, гэтае жыццё прайшло і праз дзве першых вайны, і праз радасць і надзеі 20-х гадоў, і праз калатнечу і спадзяванні 30-х, і праз жах мінулай вайны, у якую ён страціў жонку, сына. Пабачыў, мабыць, радасці і паспытаў аж лішне гора.

Цяжкія, проста жахлівыя былі яго апошнія гады. Страшэнны бранхіт, астма — гадамі ён задыхаўся. Месяц мы былі разам у бальніцы, і якая пакута было бачыць і чуць гэта збоку. За месяц да смерці ён прыйшоў на сесію — нейкі сіні, страшны, нежывы ўжо тварам. Яму параілі ісці дадому, адпачываць.

Цяпер — адпачне. Апошнія гады ён жыў вельмі годна, разумна, хочацца сказаць — прыгожа. Стаяў над дробязлівасцю жыцця і добра вылучаўся сярод некаторых ссівелых пуставатых трапетуноў. Як бы глядзеў, бачыў вечнасць.

 

1.ХІ

З дапамогай земляка майго Ул. Ф. Міцкевіча аказаўся ў ЦКБ (Цэнтральнай клінічнай бальніцы, ці т. зв. «Крамлёўцы»). З 5-га паверха гляджу на небаскробы Кунцава, на сіняваты сілуэт вастраверхага МГУ.

У пакоі нас трое: адзін — авіяканструктар, мілы чалавек, другі — чыноўнік па забеспячэнню, агідны тып, які хваліцца высокімі знаёмствамі, скардзіцца хваробамі і лае па цэлых днях Хрушчова.

Загадчык аддзялення — нефролаг, прафесар — даў мне зразумець, што ніякіх лекаў маёй хваробе няма. Толькі дыэта. Абмежаванне бялка да 40 гр. у суткі (пры норме 100 гр.). Так мне давядзецца жыць.

Так і жыву.

 

29.ХІ

7-га не вытрываў, папрасіў, каб перавялі ў іншую палату. Надакучыла слухаць пыхлівую балбатню чыноўніка, лаянку на Хрушчова (за «культ асобы» і шкоду, якую ён зрабіў, расказаўшы пра рэпрэсіі!). Два дні быў адзін, ціха было, цудоўна. Потым быў сусед непаганы, хоць і будзіў у 6 гадзін транзістарам. А вось трэція суткі — ні хвіліны сну. Новы сусед — задыхаецца, стогне, кашляе, харкае безупынна. Мне яго шкода, і шкода сябе. Звёўся зусім я, разам з ім.

Усё ж, як агідна гэта наша бахвальства нашай аховай здароўя, медыцынаю нашай. Медыцына амаль нічога не можа, адстае па многіх стаццях...

Буду прасіцца, каб выпісалі дачасна. Як такое лячэнне, то лепш дома.

 

30.ХІ

Выпісваюся. Еду дадому.

 

[1976 год]

Днём ужо +3! Слізката, макрэча, бруд! На нагах, і руках, і на целе ўсім нібы камяні.

Правялі нараду актыву камітэта абароны міру з удзелам намесніка Старшыні савецкага камітэта абароны міру Хархардзіна. Потым — сход грамадскасці. Выступаў з дакладам аб задачах прыхільнікаў міру ў рэспубліцы на гэты год.

Хархардзін уручыў узнагароды. Разам з Танкам атрымаў юбілейны медаль Сусветнага Савета міру.

 

29.1.76 г.

Думаю (адсюль узрушэнне), што за апошнія 10—15 гадоў адбыліся ў мастацтве перамены, якія нас, літаратараў, не могуць не трывожыць. Калі раней літаратура забірала ў мастацтве 70—80—90 % часу і ўвагі і вызначала ўплыў у мастацтве, то цяпер яна адсунута ўбок, галоўнай «сілай» стала тэлебачанне, якое з’ядае амаль увесь вольны час чалавека. Час чалавека, які ідзе на мастацтва, дзеліцца, пэўна, так: тэлебачанне 60—70—80 %, кіно 5—10, тэатр — 0—5, літаратура — 5—10 — а нярэдка 0. А мы жывём, нібы нічога не здарылася! Нічога не бачым! Балбочам аб дробязях! Хаця трэба біць трывогу. (Дарэчы, безнадзейную! Таму і пагана на душы!.. Пагана яшчэ і таму, што і тэлебачанне і кіно нам, беларускай літаратуры, не памочнік і не друг, а магільшчык.) (Нікому з беларусаў яны не далі другога жыцця, а час, які ёй належаў, забралі, стравілі.) Думаю: вось аб чым біць трывогу, гаварыць — і крычаць трэба.

Наогул я з трывогай думаю пра гэты бяздушны «прагрэс» : многа добрага бязлітасна нішчыцца і знікае на вачах, пад моцным і аптымістычным націскам бяздумных і, здаецца, бяздушных...

 

За апошнія дні парадавала па-сапраўднаму адно: артыкулы (цэлых тры) — вялікая работа пра маю творчасць Д. Бугаёва. Даўно не чытаў пра творчасць такога добрага і галоўнае талковага слова. Здаецца, я недарэмна жыў і пакутаваў у літаратуры.

 

30.1.76 г.

Здаў вёрстку ў № 3 «Полымя» І ч. рамана.

Сяджу, чытаю «Сибирь» Г. Маркава. Трэба — артыкул для «Лит. газеты». Артыкул кепска бачыцца. Задача вельмі цяжкая, і я проста пакутую душой.

І гэта пры тым, што думаю і цягнуся сэрцам — да свайго новага рамана. Трывожуся за яго (новы, г. зн. ненапісаны).

 

5.2.76 г.

Сяджу над артыкулам пра Г. Маркава. Наогул, ёсць думкі важныя для мяне і, як думаецца, для літаратуры. Я пачынаю верыць у артыкул. Хоць адчуваю сябе кепскавата, і гэта замінае працаваць.

 

8.2.76 г.

Мне — пяцьдзесят пяць. Калі б здароўе, то можна было б лічыць сябе ў цэлым больш-менш шчаслівым. Але здароўя няма. І свята няма.

Гляджу ўперад без радасці.

 

9.2.76 г.

Закончыў артыкул. Тое-сёе цікавае ёсць. Здаецца, саромецца не прыходзіцца (за артыкул). Перадрукую і пашлю.

 

22.2.76 г.

Карэктура № 2. Чытаю. Адчуваю незадавальненне зробленым. Цяжка пісаць гэта. І пісаць цяжка, і кінуць не магу. Не магу спыніцца на дарозе. Як — падарожны, што стаміўся целам і душой, а павінен брацца далей.

Усе, хто пачыталі раман — Сачанка, Пташнікаў, Адамовіч — пакуль хваляць. А ў мяне незадавальненне!

 

29.2.76 г.

Вечарамі па тэлевізары — прадстаўленне. Неспакой на душы: што робіцца, куды ідзём?

Марозна. Вясны і не чуваць.

 

 

МАЛЕНСТВА Ў ГЛІНІШЧАХ (Сентыментальнае падарожжа пажылога чалавека)

Як пісаць рэч? Даваць як успамін, з развагамі — пераходзячы часам к пазнейшаму, к сённяшняму.

 

Цень вайны над мілым маленствам. Мы гулялі, не ведалі нічога, а яна ўжо набліжалася.

Многім з нас — мы не ведалі гэтага: заставалася толькі па дзесяць, па дзевяць гадоў. Мы не думалі пра гэта, мы наогул ні пра што не думалі: нам было ўсяго па восем, па дзесяць. Да таго ж, у нас многа было іншых рэчаў, цікавейшых; нам было пра што думаць і без гэтага. Нас вабілі зараснікі, сажалка, закрытая раскаю: што там за ёю; так добра пахла трава каля канавы ў бярэзніку...

Мы гайсалі бесклапотна, а да нас ішла хмара вайны. Ішла, адлічвала нячутна: яшчэ дзевяць гадоў, яшчэ восем, яшчэ сем. Мы не заўважалі яе; і, можа, добра, што не заўважалі: яна хоць не адабрала ў нас дачасна радасці. Мы жылі на ўсю сілу, мы радаваліся на ўсё сэрца. У нас было маленства!..

 

Няхай кніга гэта будзе як паэма. Усхваляваная, поўная сардэчнага трапятання, смутку і радасці. Песня-паэма. І няхай — за ўсім чуецца немалады чалавек, які многа перажыў і многа падумаў. І які глядзіць туды, у далеч гадоў, з удзячнасцю і тугою.

Мне яшчэ небагата гадоў,— мераючы не доўгай меркай гістарычных падзей, а кароценькай,— звычайнага чалавечага жыцця.

Небагата гадоў, а як багата прайшло перад маімі вачыма. Нават на той зямлі, дзе было маленства.

Я не бачыў рэвалюцыю, але я — магу сказаць — бачыў вёску, няхай знешне, такой, якой яна была задоўга да рэвалюцыі. Мне здаецца, я бачыў сваё Глінішча ў мінулым стагоддзі.

Дасюль бачу, між новых, гонтавых, на чатыры схілы дахаў — старыя, з тоўстых кругляшоў, патрэсканых, учарнелых, з чорнымі абчэпленымі зялёным мохам стрэхамі. Гэтыя ўсе — на два схілы, з нізкімі дробнымі акенцамі, да старасці аж урослыя ў зямлю. Перад некаторымі — нешта падобнае на тэрасы (як рэжа тут гэтае слова!), над тэрасамі — на слупках важкі навіс гарышча, страхі, што надае хаце яшчэ хмурнасці.

Кожны двор шчыльна абстаўлены павецямі, хлявамі, таксама ўчарнелымі, таксама з нізкімі і чорнымі, ушчэнт абчэпленымі старасвецкім мохам стрэхамі. Стрэхі хлявоў суседзяў амаль зрасліся, між хлявоў толькі вузенькія шчыліны спецыяльнага прызначэння — «суточкі». Па зялёных стрэхах лёгка пераходзіць з хлява на хлеў — тут я не раз і хадзіў і ляжаў; цяжка знайсці ў сяле больш зацішнае месца. Месца гэта было вельмі зручным і для схоўкі, у чым нярэдка была патрэба.

За хлявамі — свірны. Наш свіран быў у садзе, пасярод двух садоў, што належалі двум братам — майму бацьку і дзядзьку. Страха свірна была таксама зялёная, на яе лёгка было лазіць, бо галіны яблынь дзе-нідзе проста ляжалі на страсе. І яблыкі спелі і гнілі на моху.

Свірны былі на маёй памяці пустыя. У нашым у пустых засеках пахла пылам і валялася рознае ламачча.

За дзядзькавым садам з высокім частаколам, зараснікамі крапівы і прынаднымі чужымі яблынямі — наша старое гумно з маладой яблынькай-самасейкай пры баку. У рад з нашым гумном — доўгая чарада іншых гумнаў, жоўтыя і зялёныя строгія стрэхі. Не адна чарада — а дзве, між іх — як бы другая вуліца, багата сушэйшая за тую, якая лічылася сапраўды вуліцай.

Гэта — загуменная дарога. За загуменнай дарогай — восень, у якой дымнае і цёплае падзямелле. У восені сушылі снапы.

За восеццю — рэшта агарода. Тут звычайна садзілі бульбу — у нас заўсёды казалі — картоплю. Тут увосень бацькі ладавалі капцы.

Стары, учарнелы лад, які ўрэзаўся ў дзіцячую памяць і ў якім чуецца подых цэлага стагоддзя мінуўшчыны. Можа, і не аднаго.

Я часта... Не, не часта... Я не магу — часта. Не хапае часу для гэтага, ды — і не толькі па гэтай прычыне. Ёсць прычыны — больш важныя. Я не магу сюды ездзіць вельмі часта: мяне і вабіць і стрымлівае магчымасць сустрэцца з гэтым кутком. Таму я прыязджаю не надта часта.

Кожны раз, калі я прыязджаю сюды, я адчуваю, як сэрца гняце памяць. Памяць, якая раптам нібы ажывае і якая становіцца важкай і пякучай. І надзіва вострай.

А яна, памяць, як усякая памяць — адзначае тое, што было. І тое, чаго няма. А няма вельмі многага: няма амаль усяго. Годы, што прайшлі, пастараліся асабліва. Высушылі лугі і рэчкі. Выцерабілі і вычысцілі палі. Вымелі пералескі і выкасілі гаі і бары. Ліхія гады вайны выкасілі сяброў маленства, знаёмых. Выкасілі па адным і выкасілі цэлымі вёскамі...

 

Цяпер на тым двары, дзе стаяла наша, мая хата, стаіць новая хата. Добрая, з сасны, накрытая гонтам хата, толькі трохі пацямнелая ад часу. Але гэта не тая хата, якая мне дорага. Гэта няродная, чужая хата. Я некалькі разоў прыязджаў сюды, начаваў у ёй, але я холадна думаю пра яе. Нічым добрым не ўвайшла яна ў памяць. Толькі непрыемным ці — абыякавым. Таму яна — няблізкая, чужая.

Тады, як майскім днём, у які на зямлю сыпаліся пялёсткі вішань, вынеслі з яе ў апошні шлях маці, тады, як шумна справілі цяжкія памінкі, знікла апошняя ніць, што звязвала мяне з гэтай хатай.

Цяпер у ёй жывуць чужыя людзі. Але не толькі таму я, прыязджаючы ў родныя мясціны, не паварочваю да яе. Хоць ад павароткі, дзе я еду, да яе ўсяго некалькі хат. Усяго якіх сотня метраў.

 

Я па-ранейшаму помню і люблю ранейшую. Тую, якая стаяла на гэтым месцы. І хоць на месцы той даўно стаіць гэтая, я шкадую болесна, што той няма. Што ад той у апошні дзень акупацыі засталіся толькі асмалкі ды пажарышча.

І дасюль баліць мне, што загінула яна ў апошні дзень, перажыўшы ўсю доўгую, бясконцую, жахлівую вайну. І загінула — як многія гінуць на вайне — можна сказаць — выпадкова, недарэчна. Ад некалькіх запальных куль, пушчаных са шляху, па якім ехалі, адступаючы, немцы. Некалькі запальных куль, пушчаных здалёк, запалілі край вёскі. І дзесятка паўтара хат згарэлі. У тым ліку і наша. Суседская, насупраць, уцалела, а наша згарэла.

Людзі хаваліся на балоце, далёка на балоце, у самых глухіх, гнілых мясцінах. Людзям было не да хат. Людзі баяліся за сваё жыццё, за жыццё дзяцей. Немцы былі блізка. У балоце чулі іх галасы.

Нашы наступалі вельмі хутка. Людзі ўцалелі. А хаты — няма. І мне шкода яе.

Чаму мне шкода яе? Чаму мне шчыміць дасюль гэта страта?

У жыцці былі і страты, і было багата цудоўнага. Трэба было б забыць. Павінна было б сцерціся. Усяго ж толькі адна, звычайная, сялянская хата.

Пэўна, баліць мне таму, што хата тая — не толькі хата. І спалілі, расстралялі не толькі сцены, дах з комінам.

Расстралялі, спалілі частку майго жыцця. Самую радасную, дарагую, незаменную.

Прыязджаючы туды, я нібы прыязджаю на месца свайго расстрэлу. Туды, дзе мяне палілі.

Людзі, што жывуць там, жывуць спакойней. У іх, каторыя бачылі вайну, таксама шчыміць памяць. Але шчыміць, відаць, не так чутна. Не, зусім не таму, што яны больш чэрствыя. Не таму. Акрамя таго, што было да вайны і ў вайну, у іх багата і таго, што было потым, пасля вайны. Яны адбудоўвалі ўсё, засявалі, перайначвалі, і ў іх усё ранейшае стаіць у сваёй чарзе.

У мяне і вайна, і ўсё, што было потым, прайшло ў іншых прасцягах. Тая частка жыцця, што была там, засталася, як частка кнігі, жорстка, жахліва абарванай. Я прыязджаю туды як на сустрэчу. На сустрэчу з тым, што не можа сустрэць. Сэрца маё нібы шукае таго, чаго ўжо не знайсці. Што ўжо навек страчана. Таму, што жыццё ў сваім руху не толькі ўвесь час нешта набывае, але і траціць. І траціць не дробязі нейкія, а часта — незаменна дарагое...

 

Сяло ляпілася да балота.

 

Па другі бок вёскі — была цвёрдая зямля. Палі. Яны ішлі да шляху, які пераразаў іх і на якім ішло незразумелае і недасяжнае жыццё — незнаёмыя людзі, павозкі з паклажай і без яе.

На шляху, як вартавыя, стаялі слупы, якія аб нечым гулі. І шумелі бярозы, высокія, старыя, з абламаным галлём, але магутныя, екацярынінскія бярозы.

У полі было некалькі вазёрцаў — кругі. Самы глыбокі — ён называўся чамусьці Мележаў, другі — каля дарогі на шлях — Паўлаў, і трэці — Перавельскі.

А яшчэ ў полі і за полем — былі лясы. Лясы малыя — больш справядліва сказаць — пералескі. Адзін пералесак, перад шляхам, зваўся Глінішчамі, хоць я не помню, каб там бралі калі-небудзь гліну. Можа, ён называўся так ад імя нашай вёскі, а можа — наша вёска ад яго ўзяла назву.

Быў добры лес за шляхам, быў ладны хвойнік — якія прыгожыя, рослыя хвоі раслі тут над стромай над балотам! — перад рэчкай Гур’ёй. Быў цудоўны лес у другім баку, каля шляху — Луцішча, яшчэ адзін — па той бок шляху — Пятроўшчына. А за ім, за полем, за Тунеўшчынаю — дружны і строгі бор — Градкі.

Колькі лясоў і ляскоў было з усіх бакоў — цяжка і пералічыць. І якія ўсе розныя, якім багаццем радавала прырода вока тут: сасновы бор, дуброва, лес кляновы і вязавы! Чаго не было тут у нашай лясной старане!

Цяпер — нічога. За некалькі дзесяткаў гадоў зямля згалела, нібы пасля ледавіка. На багата кіламетраў ва ўсе бакі праглядваецца плоская раўніна, на якой няма за што зачапіцца воку.

Ужо і па дровы трэба ехаць за дзесятак кіламетраў. Лясныя людзі шукаюць ратунку ў балоце: за агародамі чарнеюць складкі саматужнага брыкету...

Толькі на могілках сосны, асіны і акацыі пашкадавала бязлітасная сякера часу. Толькі тут купка дрэваў весела купчасціцца на дробным пагорку перад Глінішчамі.


1941-1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 9. Першая кніга. Дзённікі, запісныя кніжкі. Накіды, слоўнік, пагаворкі, асобныя выразы. Аўтабіяграфічныя запіскі "У пачатку вайны". Крытыка, публіцыстыка 1946-1976. Каментарыі.-Мн.: Маст. літ., 1984.-542 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан