epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Дзве сустрэчы

Мне давялося быць удзельнікам Першай канферэнцыі пісьменнікаў краін Азіі і Афрыкі ў 1958 годзе. Да гэтага часу памяць мая беражэ тыя сонечныя дні Ташкента. Помню палымяную і мудрую прамову Назыма Хікмета, што вырваўся з турэцкіх засценкаў. Ніколі не забыць, як падняўся на трыбуну пагорблены гадамі і турботамі Уільям Дзюбуа, ён пераадолеў цяжкі і доўгі шлях, каб сказаць палымяныя словы ў абарону чалавека і гуманізму.

З той пары многа падзей прашумела на нашай неспакойнай планеце, падзей і радасных і сумных. У гэтыя дні яснай алма-ацінскай восені мы цешыліся добрым адчуваннем спакою, што нарэшце прыйшоў на спакутаваную, выпаленую бомбамі в’етнамскую зямлю. Усе мы з энтузіязмам і хваляваннем прымалі дэлегацыю в’етнамскіх пісьменнікаў, якая ўпершыню за многія гады ўдзельнічае ў міжнародным форуме як дэлегацыя народа, вольнага ад жахаў вайны.

Повен добрага сэнсу і той факт, што ў рабоце Пятай канферэнцыі прымае ўдзел куды большая колькасць дэлегатаў, чым у ташкенцкім форуме. Гэты факт для нас знамянальны яшчэ і таму, што Афрыка і Азія — кантыненты, народы якіх у значнай ступені вызначаюць рух гісторыі, што дзеецца на нашых вачах. Бясспрэчна, што роля гэтых народаў, якія абудзіліся да актыўнай дзейнасці, будзе ўсё ўзрастаць і ўзрастаць з году ў год.

Сёння як ніколі адчуваеш, што зямля наша невялікая і лёс свету адзіны: імкненне пісьменнікаў Азіі і Афрыкі, Еўропы і Амерыкі выступаць адзіным маналітным атрадам у барацьбе за мір і прагрэс не можа не поўніць нас аптымізмам, упэўненасцю ў заўтрашнім дні.

 

1973


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 567
Крыніца: скан