epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Ідэальны вобраз рускага пісьменніка

Сто гадоў назад, 27 ліпеня 1853 года, у Жытоміры нарадзіўся выдатны рускі пісьменнік Уладзімір Галакціёнавіч Караленка.

Караленка пачаў друкавацца ў 1878 годзе і да апошніх дзён свайго цяжкага і багатага вынікамі жыцця, да 1921 года, — больш за 40 гадоў — нястомна, аддана служыў на карысць і на славу вялікай рускай літаратуры.

40 гадоў яго творчай і грамадскай працы з’яўляюцца адной з самых яркіх і самых прывабных старонак літаратуры. «Усё жыццё, — пісаў А. М. Горкі, — цяжкім шляхам героя, ён ішоў насустрач дню, і немагчыма злічыць усё, што зрабіў Караленка для таго, каб паскорыць світанне гэтага дня».

Караленка пачаў сваю творчасць тады, калі Расія перажывала жорсткую пару рэакцыі,— яго мужны, поўны глыбокай веры ў народную сілу голас, голас, які не маглі ні задушыць, ні заглушыць царскія турмы, доўгія гады ссылак, быў тым светлым клічам, які ў змроку ночы клікаў наперад і прарочыў за змрокам ясны дзень будучыні.

Праз усё сваё жыццё пранёс пісьменнік вялікую сыноўнюю любоў да народа, любоў да простага чалавека і высакародную нянавісць да ўсялякай несправядлівасці, да ўсяго, што гне і калечыць чалавека. У апавяданнях, нарысах, аповесцях — «Сон Макара», «Рака гуляе», «Без языка», «Сляпы музыка», у многіх і многіх іншых — і ў сваім галоўным творы «Гісторыя майго сучасніка» пісьменнік паўстае перад намі як шчыры друг гаротных, калечаных жыццём, як іх смелы і надзейны абаронца. Караленка ў адрозненне ад многіх сваіх папярэднікаў праўдзіва паказаў, што гэты просты, прыгнечаны чалавек церпіць толькі да пары, што ў ім жыве, не гасне бунтарская іскра.

Нельга не дзівіцца таму, як шырока, разнастайна цячэ жыццё ў творах пісьменніка, як многа з’яў сучаснай яму рэчаіснасці здолеў ён заўважыць і ўвекавечыць. Родная яго Валынь з нашым родным Палессем, прастор Паволжа, суровы, своеасаблівы, неабсяжны мацярык, амаль невядомы датуль рускай літаратуры — Сібір, блізкая Румынія і далёкая, бязлітасная, жорсткая да чалавека працы Амерыка, якую пісьменнік, можна сказаць, па сутнасці, адкрыў мастацкай рускай прозе, — вось тыя прасторы, на якіх жывуць, пакутуюць і мараць яго героі, тыя прасторы, непаўторным пахам, каларытам якіх вее ад твораў выдатнага чалавеказнаўцы і жывапісца.

Творы Караленкі вельмі разнастайныя не толькі па тэматыцы, але і па стылю, і па жанрах.

Але Караленка дарагі нам не толькі як майстар, які стварыў многа праўдзівых апавяданняў і аповесцей, мы вельмі цэнім і яго высакародную грамадскую і публіцыстычную дзейнасць.

Караленка быў узорам пісьменніка, у якім непадзельна зліты літаратар і грамадзянін у самым лепшым значэнні гэтых слоў. Караленка не прайшоў міма ні адной падзеі, якая, на яго думку, на меру яго сумлення, патрабавала яго ўмяшання. Трэба толькі прыгадаць такія факты гісторыі, як Мултанскі працэс, справы Бейліса і Філонава, выступленне супраць царскіх распраў у гады рэакцыі — у артыкуле «Бытавая з’ява», які Леў Талстой лічыў важнейшым за любы трактат і любы раман.

Караленка — пісьменнік-патрыёт. Інтарэсы Радзімы, любоў да Радзімы былі тым вялікім жыватворным цяплом, якое сагравала яго ў самую цёмную пару і памнажала сілу ў слаўнай яго працы.

У 1893 годзе, падарожнічаючы за мяжой, па Англіі, Швецыі, Амерыцы, ён пісаў: «Бог з імі, з Еўропамі і Амерыкамі! Няхай сабе працвітаюць на здароўе, а ў нас лепш! Калі мы (Караленка з прыяцелем) ехалі спачатку, усё адзначалі, што лепш у другіх народаў. А цяпер усё шукаем, што лепш у нас. І многа ў нас лепш. Лепш рускага чалавека, яй-богу, няма чалавека на свеце».

Такі ў асноўных рысах воблік Уладзіміра Галакціёнавіча Караленкі, выдатнага чалавека — працаўніка, дэмакрата, грамадзяніна, — чалавека, які быў, па словах Горкага, ідэальным вобразам рускага пісьменніка.

 

1953


1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 112-113
Крыніца: скан