epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Клопаты мінулага года

Адыходзячы год адзначаны для мяне незвычайнай работай. Я дакрануўся да цяжкага мінулага, да старонак, якія абпальваюць сэрца. Шмат гадоў не рашаўся я брацца за гэтую работу. Толькі час ад часу даставаў памятую, моцна пацёртую кніжачку, якую некалі насіў у кішэні франтавой гімнасцёркі.

Паспешлівыя, першыя радкі ўжо дзе-нідзе ледзь відны. Але дзіўна — далёкае зноў пачало ажываць, нібыта было гэта ўчора. Больш таго, памяць уваскрасіла нямала такога, пра што ў спешцы не гаварыла кніжка. І многае з гэтага аказалася нават больш яркім і важным, чым тое, што запісана...

Запісы гэтыя — франтавы дзённік — я вёў у 41-м на Паўднёвым фронце. Гэта быў, па сутнасці, пачатак маёй празаічнай работы. Першыя апавяданні, потым надрукаваныя, былі напісаны пазней, у шпіталі ў Тбілісі.

Збор маіх твораў, які рыхтуецца ў Мінску, я абавязкова хацеў «пачаць з самага пачатку». Цяпер першы том маёй прозы адкрыецца вялікім урыўкам з дзённіка 41-га года.

Работа над франтавымі запісамі абудзіла ў мяне даўняе жаданне — напісаць кнігу пра таварышаў па зброі ў той цяжкі час, пра салдат і камандзіраў горна-артылерыйскага палка — наводчыка Паўла Матору, малодшага лейтэнанта Картушына, старшага лейтэнанта Сітнікава. Думаю як аб прататыпах будучых мастацкіх вобразаў пра сержанта Дубінкіна, палітрука Смоквіна і многіх іншых са слаўнага палка палкоўніка Дзядова, з якімі лёс некалі звёў у цяжкім баі пад Новай Адэсай, з якімі разам прарываў акружэнне ў стэпе пад Нікалаевам, адбіваў наступленне ворага на Дняпры. Такім чынам, наперадзе другая сустрэча з героямі франтавых запісаў.

Яшчэ адна мая работа звязана з мінулым, ужо літаратурным. Я вярнуўся, таксама ў сувязі з падрыхтоўкай да выдання збору твораў, да рамана «Мінскі напрамак», перагледзеў усё: выкрасліў многае, іншае паправіў. Некалькі раздзелаў напісаў занава: раздзелы пра генерала Чарняхоўскага. Цяпер паявілася многа матэрыялаў, раней невядомых, якія дазволілі падняць вобраз героя.

Хоць работа гэтая як быццам не новая, я задаволены, што зрабіў яе. Адчуваю сябе так, нібыта выканаў абавязак.

Цяпер усе думкі і клопаты — з новым раманам. Не хачу гаварыць пра яго падрабязна: напісана начыста пакуль вельмі мала. Раман увесь у накідах і нататках. Работа ідзе цяжка: кніга выходзіць вельмі складаная, магу толькі сказаць: хачу напісаць яе з поўнай аддачай.

Таму — спяшацца не буду.

 

1969


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 334-335
Крыніца: скан