epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Ленінскія ідэі і літаратура

У дні падрыхтоўкі да стогадовага юбілею з дня нараджэння У. І. Леніна рэдакцыя часопіса «Вопросы литературы» звярнулася да шэрагу пісьменнікаў і дзеячаў мастацтва Савецкага Саюза і сацыялістычных краін, да прагрэсіўных пісьменнікаў свету з пытаннямі аб уплыве ленінізма на савецкае і сусветнае мастацтва ХХ стагоддзя.

Удакладняючы просьбу, рэдакцыя часопіса прасіла адказаць на тры пытанні:

Як уздзейнічала Кастрычніцкая рэвалюцыя на развіццё савецкага і прагрэсіўнага сусветнага мастацтва?

Якія бакі ленінскага вучэння зрабілі найбольшы ўплыў на культуру, літаратуру ХХ стагоддзя?

Як дапамагаюць ленінскія працы ў творчай практыцы?

 

Пытанні, якія прапанавала рэдакцыя, надзвычай шырокія, каб у нямногіх словах можна было адказаць на іх хоць бы з адноснаю паўнатою. Відаць, загадзя трэба пагадзіцца з тым, што найбольш поўны адказ на Вашы пытанні можа даць у цэлым роздум многіх.

Разумеючы, што мае словы будуць толькі часцінкай вялікай размовы на старонках часопіса, я і наважваюся выказаць некалькі думак, якія здаюцца мне асабліва важнымі і блізкімі.

Думаецца, што ўплыў Кастрычніка на развіццё мастацтва шмат у чым вызначыла тое, што вялікая рэвалюцыя народаў Расіі, як ніякая іншая рэвалюцыя да яе, пераканаўча паказала ўсяму свету, якія велізарныя рэвалюцыйныя магчымасці закладзены ў масах, у народах, якая магутная пераўтваральная сіла — народ, што імкнецца да ўсвядомленай мэты, арганізаваны і накіроўваемы моцным перадавым атрадам — партыяй. Кастрычніцкая рэвалюцыя ўдыхнула ў мільёны людзей разуменне таго, што яны, людзі працы, якія аруць зямлю і стаяць за станкамі, і ёсць самыя галоўныя людзі на зямлі, што ўсё ў рэшце рэшт будзе залежаць ад іх.

Літаратура і да Кастрычніка ў асобе сваіх лепшых працаўнікоў не абыходзіла ўвагай людзей працы; увага да іх — можа, адна з самых выдатных асаблівасцей рускай літаратуры XIX і пачатку ХХ стагоддзя, літаратуры Пушкіна і Някрасава, Талстога і Чэхава. Аднак, аддаючы належнае нашым слаўным папярэднікам, нельга не заўважыць і таго, што ўсё ж толькі Кастрычнік забяспечыў герою з народа належнае, галоўнае месца ў літаратуры, як неабходнаму дзеячу, будаўніку жыцця.

Мне здаецца надзвычай важным тое, што вобраз працавітага, сумленнага, кемлівага простага чалавека, так спагадліва намаляванага ў шэрагу твораў мінулага, дзякуючы пераменам, якія прынёс Кастрычнік, вырас у вобраз ваяўнічага, поўнага ўсведамлення сваёй сілы дзеяча, што выклікае ўжо не столькі спачуванне, колькі павагу і надзею.

Народ, які ўзяў у свае рукі лёс эканомікі і палітыкі, стаў вяршыць і лёс літаратуры. Кастрычніцкая рэвалюцыя ўпершыню ў гісторыі ў такой вялікай масе далучыла да найтанчэйшай і найскладнейшай літаратурнай справы тысячы і тысячы ўчарашніх рабочых людзей і сялян, упершыню стварыла такім чынам літаратуру новага тыпу — літаратуру працоўных людзей, сапраўды народную, самую дэмакратычную літаратуру ў свеце.

Тое, што было пачата ў кастрычніку 1917 года ў нас, даўно перайшло нашы граніцы, далёка разышлося па многіх краінах і кантынентах, стала сённяшнім клопатам і надзеяй мільёнаў людзей у розных кутках планеты.

Рэвалюцыя працягваецца.

Ленінскае вучэнне такое рознабаковае і так трывала ўваходзіць карэннямі ў жыццё, што, думаецца, няма такой галінкі, якая б не дала парасткаў.

Але мне хочацца сказаць пра адну, на мой погляд, надзвычай важную асаблівасць ленінскага ўплыву. Калі ідэі многіх іншых мысліцеляў былі здольныя ўплываць толькі як думкі, дзеялі ў сферы чыста духоўнай, то ідэі Леніна даўно перасталі быць толькі ідэямі.

Яны набылі выразна матэрыяльнае — адчувальнае і бачнае — аблічча ў заводах і электрастанцыях, у калгасных пасёлках і вузаўскіх аўдыторыях, яны вызначылі ў многім нормы нашых паводзін сёння, нашу ўжо звычную новую мараль. Яны, можна сказаць, сталі нашым жыццём.

Мне здаецца, ёсць падставы гаварыць пра тое, што ленінскае вучэнне ўплывае на літаратуру не толькі сваімі ідэямі, але і новай рэчаіснасцю, з яе новым героем і новай мараллю. Гэты ўплыў на першы погляд, можа быць, менш прыкметны, але не думаю, каб ён быў менш значны.

Уплыў гэты, вядома, шырокі ў плане міжнародным: думаю, што цяпер наўрад ці знойдзецца развітая літаратура ў свеце, якая б не адчувала ўплыву новай, савецкай, ленінскай рэчаіснасці.

 

У апошні час мяне найбольш цікавілі ленінскія працы, прысвечаныя аграрнаму пытанню, перш за ўсё — кааператыўнаму плану пераўтварэння старой вёскі. Працуючы над раманамі пра Палессе — «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», — я неаднойчы сутыкаўся з нялёгкімі, заблытанымі лёсамі людзей, са складанымі супярэчнасцямі ў руху гісторыі, з многімі пытаннямі, якім іншы раз нялёгка было даць сур’ёзнае тлумачэнне і правільую ацэнку. Асабліва многа было гэтых пытанняў, калі я спрабаваў разабрацца ў тым, што адбывалася ў беларускай вёсцы і ў цэлым у Беларусі напярэдадні пераломных восені, зімы і вясны 1929—1930 гадоў. Трэба было даць дакладную ацэнку мноству супярэчлівых фактаў і калізій, добра вытлумачыць іх, не спрашчаючы і не ўхіляючыся ад цяжкасцей і супярэчнасцей,— каб стварыць карціну праўдзівую, сур’ёзную.

Самым надзейным дарадчыкам у маіх сумненнях і пошуках былі ленінскія працы.

Хачу сказаць пра тое, што ленінскія працы моцна ўражвалі мяне не толькі сваім зместам, пераканальнасцю доказаў, але і стылем сваім. Стылем — не толькі ў сэнсе літаратурнай перадачы ленінскіх думак, але і ў агульным, метадалагічным сэнсе. Пераканаўча, моцна дзейнічала на мяне заўсёды тое, як упэўнена, мужна, мэтанакіравана абыходзіўся Ленін з матэрыялам жыцця, нярэдка з найцяжэйшымі і найскладанейшымі яго з’явамі. Нельга не заўважыць, які прынцыповы і патрабавальны ён у кожнай сваёй рабоце, ці гэта капітальная праца, вялікі артыкул, ці маленькая нататка, прысвечаная падзеі дня.

Мне здаецца, рысы яго стылю: бачыць жыццё ва ўсёй складанасці, не задавальняцца тым, што на паверхні, пранікаць у глыбіню, да ісціны, не цешыцца ілюзіямі. Ацэньваць усё з пункту погляду інтарэсаў галоўнага і будучага, быць смелым у барацьбе. Рабіць усё з палымянасцю барацьбіта.

У стылі ленінскай работы я бачу прыклад таго, як трэба жыць, як вырашаць творчыя задачы.

 

1970


1970

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 394-397
Крыніца: скан