epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Ліпень у дарозе

1
2
3
4
5
6
7
8
9


 

1

Выйшлі з Ленінграда апоўначы.

Буксіры доўга, марудна адцягвалі магутны цеплаход. Мы сачылі, як паступова шырылася паска цёмнай вады між белым корпусам цеплахода і прычалам: паўметра, метр, тры... Неўзабаве «Пабеда» ўжо ішла па канале, не сама ішла — яе цягнулі кармой наперад. Паступова плылі абапал берагі, будынкі, краны. Будынкі, што раней былі блізка, аддаляліся, меншалі, падступалі берагі без будынкаў, з рэдкімі дрэвамі, а канал усё не канчаўся. Збоку адкрылася нейкая бухта, за ёй другая.

Нарэшце на нешырокай вадзе «Пабеда» павольна, асцярожна развярнулася перадам у бок мора, запрацавалі маторы, задрыжала палуба.

У памяці засталася хвіліна, калі зусім адступіла вузкая цёмная рыска зямлі і перад вачыма адкрыўся бязмежны, вольны вадзяны шлях. Ужо днела. Белая ленінградская ноч непрыкметна пераходзіла ў досвітак. У небе над Ленінградам свяціўся малады месяц, мора ў тым баку было фантастычна бэзавага колеру. Чыстае, ціхае-ціхае і — бэзавае. За ім дрыжалі, гаслі ўдалечы агеньчыкі вялікага цудоўнага горада, здзіўляюча агромністага порта.

Недзе злева праходзяць берагі Петрадварца. Справа ў моры акрэсліваецца, дзіўная ў гэты час, нейкая яхта.

Вочы шукаюць наперадзе абрысы Кранштата. Агні яго паступова набліжаюцца з пасвятлелай, але ўсё ж яшчэ цемнаватай далечы. Здалёк відаць вялікі купал, напэўна, сабора, прыгожыя будынкі, прычалы з суднамі, сярод вайсковых суднаў узвышаюцца мачты парусніка. Хвалююць руіны нейкай крэпасткі на астраўку. Яны засталіся, нібы знарок, у памяць ад вайны.

Вось і Кранштат адыходзіць назад. Мінаем вартавы кацер, з якога матросы пазіраюць, праводзяць вачыма ў далёкую дарогу наш плывучы дом.

Наперадзе шырокі, па-ранішняму пахмурны, з лёгкім рабаціннем прастор.

Гэты прастор мы бачым і ўвесь наступны дзень. Узброеныя біноклямі, як уладары мора, многія вышукваюць з палубы далёкія маякі, рыскі астраўкоў, гадаюць, што гэта. Прайшлі блізка міма вялікага фінскага вострава. Ён увесь у лясах, на беразе некалькі невялікіх будынкаў, маяк.

Жыццё хутка ўваходзіць у норму, экзотыка становіцца будзённасцю. За абедам аб’явілі, што мінаем з левага борта яшчэ нейкі востраў, некалькі чалавек усталі, вярнуліся і — ні слова больш пра яго. Вабіць іншае: напаўняецца пусты яшчэ зранку басейн, з помпаў шыпіць, б’е вада. На карме за басейнам збіраюцца, грэюцца ў шэзлонгах на сонцы. Назіраюць за тымі, хто загарае, купаецца, потым і самі раздзяваюцца і купаюцца. Тут найбольш людна і шумна.

Даволі людна, хоць і не шумна, у салоне бібліятэкі — перабіраюць кніжкі, часопісы. Пасля абеду на палубе першага класа пачалі стукаць «казла» — настрой узрушаны, воклічы. Гэта не перашкаджае другім паблізу ляжаць, драмаць у шэзлонгу. На моры і спіцца добра. Кругом — мора, мора. Раніцай будзем у Стакгольме...

 

2

Шведскае надвор’е сустрэла нас непрыветліва. Над морам нізка вісяць цёмныя хмары, хвалі таксама цёмныя, хмурныя. То пойдзе, то перастане дождж, б’е мокры парывісты вецер.

Далеч зацягнула смугою, шэрай, дажджавой. Стаім, хутаемся, стрымліваючы дрыжыкі, гледзячы на гарбы скалістай зямлі, што выступаюць то ў тумане — няясна, загадкава, то падыходзяць зусім блізка да парахода. Тады добра відны на іх не толькі сосны, палянкі, маякі, розныя пабудовы з пафарбаваных дошак, з чарапічнымі дахамі, але і дробныя прычалы на беразе, і адзінокія людзі. Астраўкі, нягледзячы на пабудовы, здаюцца нежылымі — да таго ўсё тое, што мы бачым, незвычайнае. Хмурнае надвор’е, дажджавая смуга, якая прыкрыла, змяніла навакольнае, нібы ўзмацняюць незвычайнасць, нерэальнасць усяго.

Прабіваючы мокры вецер і дождж, што сякуць насустрач, падыходзім да Стакгольма. Ён ужо скора. Вось паяўляюцца наперадзе першыя пабудовы горада — на высокім скалістым беразе стромкія будынкі, мяркуючы па абрысах — элеватары. Адзін блізка, крыху далей — другі. З правага боку таксама будынкі. Здалёк відаць вялізная рэклама; сярод незнаёмых шведскіх слоў разбіраем знаёмае — «Додж»: рэклама па продажу амерыканскіх аўтамабіляў. Яшчэ адна далей, таксама «Додж». Гэта першыя рэкламы...

«Пабеда» ідзе глыбей у затоку. Адступаюць назад элеватары, нейкі ні то палац, ні то замак са шпілем, што прыгожа выглядае на гары сярод зеляніны, чырвоныя будынкі (пазней аказалася — млын); на другім узгорку, за шэрай затокай,— некалькі плоскіх, вузкіх будынкаў на дзесяць — пятнаццаць паверхаў з чырвонымі шапкамі-дахамі. Будынкі падобны на запалкавыя карабкі. Мінаем густы, доўгі рад кранаў. За кранамі цеплаход зусім запавольвае хаду. Ужо з борта заўважаем шэраг вялікіх сіне-жоўтых аўтамашын са сцяжкамі, дробную групку людзей. У некаторых з іх фотаапараты.

Карэспандэнты. Значыцца, мы прыехалі...

Сышлі на бераг пад наглядам фотаапаратаў прэсы. Яны моўчкі, загадкава выбіраюць з чарады, што спускаецца па трапу на шведскі брук, аднаго, другога, хутка нацэльваюцца — гэта мімаволі насцярожвае. Акрамя карэспандэнтаў, гідаў, двух-трох служачых у форме, нікога. Сустрэча, як надвор’е.

Пасеўшы ў аўтобусы, едзем аглядваць горад. Дажджу ўжо няма, але хмурна. Горад здзіўляе, зацікаўлівае своеасаблівым каларытам: скалы, будынкі на скалах, на ўзгорках; пабудовы неяк зрасліся з узгоркамі, дапоўнілі іх дзікае хараство. Віды ўвесь час мяняюцца, узнікае ўсё новае, не падобнае на ранейшае. Вельмі аздабляе горад вада, якой тут наліта незвычайна шчодра. Затокі, затокі, масты, астравы, на затоках — параходы, вялікія і малыя, чорныя і белыя, яхты цэлымі чародамі каля берагоў. Здзіўляе мноства машын і веласіпедаў на стаянках, на плошчах, на набярэжных. Машыны самыя разнастайныя, з усяго свету — багата амерыканскіх, італьянскіх, французскіх, свае маркі: у Швецыі ёсць аўтамабільныя заводы. Замежныя машыны відны ў вялікіх люстраных вітрынах — іх прадаюць іншакраінныя фірмы.

Замежнага наогул вельмі многа прыкмячаем ужо з першых крокаў. У магазінах — амерыканскія, галандскія, французскія тавары, італьянскія апельсіны, у кінатэатрах — англійскія фільмы, фільмы ЗША, іх хроніка; у цэнтры горада — бюро шведска-амерыканскіх паветраных ліній, паветраных зносін з Францыяй.

У нацыянальнай галерэі, дзе выстаўлены шэдэўры Цорна і Рубенса, вісіць таксама мазня новых модных мастакоў, якая як дзве кроплі вады падобна на «творы» амерыканскіх і французскіх мадэрністаў.

На вуліцах часта, знаёмая па карэспандэнцыях, рэклама-заклік, якую мы лёгка перакладаем: «Drink koka-kola» — піце кока-кола. Яго могуць падаць у любым кафэ разам з трубачкай-саломінкаю.

Архітэктура большасці пабудоў простая. У стылі многіх новых будынкаў адчуваецца імкненне да найменшых затрат. Шведы, будуючы, вельмі прытрымліваюцца эканоміі, пільна сочаць за тым, каб перш за ўсё было зручна жыць. З мноства будынкаў вылучаецца сваёй архітэктурай ратуша: з чырвонай цэглы, з высокай строгай вежаю, над якой блішчыць купал з трыма залатымі каронамі. Будынак — манументальны, суровы, у ім багата выкарыстаны традыцыі шведскай архітэктуры. Прыемна было бачыць у вестыбюлі ратушы, у нішах, бюсты будаўнікоў і архітэктараў. Запамінаецца таксама велічны, ціхі каралеўскі палац, квадрат якога з унутраным дваром займае амаль цэлы квартал на беразе затокі. Шведы з гонарам паказваюць будынкі оперы, нацыянальнага музея.

Новае ў Стакгольме пераплятаецца са старым. Нібы сімвал гэтага адзінства, бачылі мы каля лесвіцы, што вядзе ў палац, нерухомага вартавога ў сучаснай ваеннай форме, з сучасным аўтаматам і камердзінера ў старажытным мундзіры і старажытным капелюшы. Каля панурага старажытнага будынка караля мок пад дажджом маршчыністы стары ў белай куртцы, зазываючы паесці гарачых сасісак,— печка, пры якой клубілася воблачка пары, была тут жа...

Палац стаіць у старым горадзе. Кварталы старога горада з неймаверна вузенькімі вулачкамі, дзе цяжка размінуцца і дваім, складаюць таксама частку аблічча сталіцы.

У Стакгольме многае гаворыць аб працавітасці народа. Як манумент ёй, ляціць над халоднай шведскай вадой смелая страла Вестэрброна — моста, што злучае два раёны горада. Зусім нядаўна ў скалах высечан будынак для агромністага аўтамабільнага гаража, на берагах затокі ідуць падземныя работы — злучаюцца дзве лініі метрапалітэна, які раней затока разрывала. Мы ездзілі са шведам Віктарам Туландэрам, бялявым маладым чалавекам з прыветлівым позіркам шэрых вачэй, у новы гарадок Велінгбю, «спальны гарадок», як сказаў Туландэр, дзе жыве многа стакгольмскіх рабочых і служачых. Гарадок, разнашэрсны, з частымі ў Швецыі паўнебаскробамі, а таксама з катэджамі і звычайнымі цаглянымі будынкамі, добраўладкаванымі універсальнымі магазінамі ў цэнтры, выстаўляецца як узор будаўнічых поспехаў шведаў і клопатаў аб жыллёвых умовах.

— Як у вас цяпер з жыллём? — запыталіся мы ў Туландэра.

— Кватэр не хапае,— коратка адказаў швед.

Жыллёвы крызіс не ліквідаваны ў Стакгольме, горадзе, які стагоддзі не ведаў разбурэнняў.

Шведы — народ стрыманы, але Стакгольм жыве на дзіва кіпучым жыццём, поўным вялікага руху. Гэты пульс жыцця адчуваецца і ва універмагу на Свеявеген, агромністым камбінаце гандлю, і на рынку, жывапісныя рады якога ўладзіліся побач з універмагам у цэнтры горада, і на саміх вуліцах, асабліва на Кунстгатан і Свеявеген. Каб паменшыць скапленне машын на стаянках у цэнтры горада, улады ўвялі закон, па якому стаянка больш за дзве гадзіны забараняецца. Стаянка да дзвюх гадзін павінна быць аплочана. Для гэтага перад кожнай машынай стаіць аўтамат, які дакладна, няўхільна адлічвае час. Па паказчыку аўтамата паліцэйскія і сочаць за тым, як прытрымліваюцца закону ўладальнікі машын.

Мы ехалі пасляабедзеннай парой з цэнтра горада. Надышоў «час пік» — кончылася работа. Паток машын, пешаходаў стаў такі густы, што машына спынялася амаль на кожным метры. Выпадкова мы сталі сведкамі аварыі — непадалёк ад нас трапіў пад машыну чалавек. Няшчаснага, які крыкам і стогнамі адразу сабраў натоўп, ледзь толькі прыляцела машына паліцыі, адправілі на таксі, і праз мінуту на скрыжаванні ўсё ўвайшло «ў норму».

Хадзіць цераз вуліцы ў Стакгольме нам было справай нялёгкай: рух на шведскіх вуліцах незвычайны — па левы бок. Мне здавалася, што весці машыну пры такіх умовах значна цяжэй, чым у нас. Я не раз здзіўляўся, як спрытна ўнікалі шафёры амаль непазбежных аварый.

За невялікі час, што мы прабылі ў Стакгольме, мы бачылі шведаў і ў працы, і ў весялосці. Мы чулі іх прыгожыя, не знаёмыя нам дасюль, мелодыі і глядзелі на іх простыя, але грацыёзныя танцы. Танцавалі пад камандай апранутага ў стары нацыянальны ўбор танцмайстра сотні дзве дзяўчат, юнакоў і пажылых людзей. Выгляд у гэтых маўклівых, стрыманых людзей быў жыццярадасны і нават бесклапотны. Старыя весяліліся, як юнакі.

Пад вечар неба праяснілася, і горад заззяў ад праменняў сонца. Ён нібы змяніў сваё хмурнаватае аблічча.

— Добра, што сонца,— сказаў задаволена наш спадарожнік Туландэр.— Вы маглі б падумаць, што Стакгольм горад шэры і пануры, а гэта не так.

Што Стакгольм можа быць не толькі стрыманы, халаднаваты, мы адчулі яшчэ ўдзень, праязджаючы паўз групу рамонтных рабочых, якія, убачыўшы наш аўтобус, выпрастаўшы спіны, бурна, па-братэрску віталі нас. Гэта мы яшчэ больш адчулі ўвечары, вяртаючыся на цеплаход. Калі мы пад’ехалі да сваёй стаянкі, то былі ўражаны — мноства машын поўніла пусты ўранку пляц. Каля цеплахода стаялі натоўпы людзей, нашых і шведаў.

Былі тут розныя. Былі людзі багатыя і бедныя, шведы і рускія, так званыя перамешчаныя. Сярод гэтых «перамешчаных», мы ведалі, ёсць злачынцы, ворагі, гатовыя на ўсякі выпад. У мінулы рэйс нашым турыстам падкідвалі, пад выглядам сувеніраў, правакацыйныя, злосныя лістоўкі ў прыгожа аздобленых, з партрэтам нейкай прыгажуні-актрысы і здымкам горада канверціках.

Я далучыўся да групкі нашых людзей і незнаёмых, што гаварылі па-руску. Іх было двое. Адзін — апрануты ў плашч, яшчэ малады, з мяккімі бялявымі валасамі і ціхім позіркам, і другі, чарнавокі, пануры.

Распытваемся — хто, адкуль. Бялявы, аказваецца, ваеннапалонны, ваяваў на паўднёвым фронце, амаль што там, дзе давялося быць і мне ў пачатку вайны. Таксама артылерыст, быў лейтэнантам, узнагароджаны ордэнам. У палон трапіў у Ізюм-Барвенкаўскім акружэнні. Родам са Сталінскай вобласці.

— Не сумна тут?

— Не... прывык,— асцярожна адказвае.— Сям’я...

— Ажаніўся?

— З рускай дзяўчынай.

— Ёсць дзеці?

Ківае галавой: «Ёсць».

— Як так можна? — горача прамовіла, не ўтрывала адна наша жанчына.

— Што?

— Што? Забыць радзіму! Вас жа там нарадзілі, вывучылі, вырасцілі...

Мужчына, з нашых, здзіўляецца:

— Няўжо не цягне?

— Цягне...

— Дык чаго ж вы... седзяце тут?

Умешваецца другі, пануры, недаверлівы:

— Паедзеш, а там... Не пагладзяць, мусіць, за палон!

— Калі не вінаваты, няма чаго баяцца.

— Не вінаваты,— гаворыць бялявы.— Ні ў чым.

Другі маўчыць. Яго маўчанне, адчуваецца, стрымлівае былога лейтэнанта. Расказваем, што многа палонных даўно вярнулася, даўно жывуць спакойна на роднай зямлі, разам з бацькамі, з братамі, працуюць...

Пакідаем абодвух, асабліва бялявага, у сумным роздуме, заклапочанымі. Абодва доўга глядзяць з натоўпу ўгару, на нашы палубы, на людзей, што стаяць на ўсіх паверхах.

Вось — іншыя. Заўважаем у натоўпе сярод шведаў п’янае, няголенае аблічча. Ён непрыстойна крыўляецца, штурхаецца, як паяц, прытанцоўвае — хоча парушыць шчырасць, добрую прыязнасць, што яднае цяпер нас і шведаў. Нашы мяняюцца са шведамі паштоўкамі, манетамі, разглядваюць, дзівяцца, дзякуюць усмешкамі, паклонамі. Цёпла стала, добра на стакгольмскім, уранку панурым, прычале.

Яшчэ адзін побач з п’яным. Гэты падобны і не падобны да п’янага. Акуратна збірае паштоўкі, усміхаецца няшчыра, неахвотна — збірае паштоўкі, вядома, толькі для таго, каб менш трапіла іншым. На жалезнай лесвіцы крана сядзіць маладая, бадай юная, шведка. Яна шчыра ўсхваляваная, шчаслівая, усміхаецца, кладзе ў сумачку шчодрыя сувеніры. Ніжэй сядзіць пажылы — гаворыць па-руску. Хто ён — не зразумець, але яны нібыта знаёмыя. Ёй гаворыць ён па-шведску штосьці зусім прыстойнае, і яна адказвае даверліва, шчыра. Нам, па-руску, ён кажа іншае:

— Іх тут многа такіх. Яны з любым. Абы грошы... Амерыканцы тут не цырымоняцца. Абы грошы!..— Ён падміргвае «па-прыяцельску».

Нашы абураюцца. Ён пасміхваецца, напявае вясёлую непрыстойную песеньку.

Патугі непрыяцеля марныя. Яны не засцяць галоўнага — шчырасці, дружбы, што мацнее, цяплее над прычалам. Смех, вясёлыя, прыхільныя твары.

На палубах узнікае песня. Спачатку не вельмі ўпэўнена — высока ўзялі, потым ладней, мацней. Шведы слухаюць. Раптам песня перайшла на бераг — заспявалі па-шведску «Ой, цвіце каліна». З палубы на гэта адказваюць бурай авацый. Дарэмна крыўляецца, размахвае рукамі п’яны паяц, яго ніхто не заўважае.

Пад песні цеплаход спакваля і адыходзіць ад прычала. Калі песня сціхае, з берага, над якім узняліся дружныя рукі, гучыць:

— Рот фронт! Рот фронт! Рот фронт!

З цеплахода адказваюць па-шведску, скандуюць — моцны голас гэты гучыць над затокай:

— Дзя-куй! Дзя-куй!

Цеплаход паволі разварочваецца, выходзіць на сярэдзіну затокі. А з берага яшчэ доўга махаюць і махаюць рукамі.

 

3

Злева на лясістым беразе маяк, чарапічныя дахі, справа таксама чарапічныя дахі, дзіўны, цаглянага колеру манумент-абеліск. Адзін бок, што к мору,— прамы, другі — увагнуты, дугою. Манумент агромністы, гэта прыкметна здалёк. Бераг жоўты, пясчаны, на ім здалёк відаць лазовыя будачкі, людзі. З лодкі паблізу прывітальна махае рукой чалавек. Наводдаль бялеюць некалькі яхт...

Неўзабаве, апаўдні, спыняемся каля прычала Кіля. На бетонных дарожках стаяць маўклівыя, незнаёмыя людзі. Немцы. Заходняя Германія. Успамінаюцца Адэнауэр, рэмілітарызацыя. Стаім — мы на палубе, яны — на бетонных дарожках, прыглядаемся адны да адных. Цеплаход амаль прыціраецца да прычала, і мы разглядваем, можна сказаць, усутыч, твар у твар.

Праз нейкі час завязваецца гаворка. Пачынаюць нашы — на нямецкай мове. Ім адказалі. Абмяняліся манетамі. Насцярожанасць дзе-нідзе знікае. Але не ўсюды. Вунь стаіць чалавек: строгі, халодны, з жанчынаю,— ён не адказаў на прывітанне. Другія лічаць за лепшае таксама быць падалей, назіраюць.

А ў тых, хто бліжэй, лёд кранаецца. Хлопец-юнак штосьці хутка піша на лістку з блакнота, укладвае яго ў карабок запалак і кідае на палубу цеплахода чарнявай дзяўчыне. Дзяўчына — яна звычайна цэлымі днямі сядзіць на карме з альбомам і алоўкам, робіць замалёўкі — дастае карабок, які трапіў у шчылінку, дзе выхад з палубы на трап, разгортвае лісток, чытае.

Не адразу разабраць хутка, усхвалявана напісаныя радкі, з усяго зразумела адно слова: «Blüme» — кветкі. Што яшчэ, што з гэтымі кветкамі — невядома.

— Гэта прозвішча — Blume,— падказваюць ёй.— Увэ Блюм. Увэ — імя.

Ну так, далей адрас: Гамбург, вуліца, нумар дома. Просіць напісаць, значыцца.

Дзяўчына паднімае галаву, ківае юнаку. На яго ўсхваляваным не на жарт, заклапочаным чаканнем твары радасная ўсмешка.

Цеплаход, узяўшы лоцмана, ціха кранаецца, і юнак ідзе ўслед, махаючы спачатку рукой, а потым, калі цеплаход аддаляецца — хусцінкай. Твар яго задуменны, узрушаны. Шкада, так і не пагаварылі.

Ён махае доўга, аж пакуль прычал не знікае за паваротам.

Мы мінаем Кіль, зялёны ад садоў і чырвоны ад чарапіцы дахаў, ідзём па ціхаму каналу. Над намі высокая, смелая, праз усё неба, дуга моста. Мачта, здаецца, вось-вось зачэпіць за яго — не, прайшла нізам. З моста махаюць рукамі людзі.

Кіль — вельмі жывая траса. Паўз нас насустрач ідуць параходы з Гамбурга, Брэмена, з фінскімі, шведскімі, галандскімі, польскімі сцягамі. Польскі параход называецца «Новая Гута». З яго таксама памахваюць прывітальна рукамі.

Сёння выхадны дзень, нядзеля, і на зялёных, такіх жа, як на Прыпяці ці Нёмане, берагах многа народу. Ляжаць у засені, на траве поруч — машыны, веласіпеды, ляжаць пажылыя, дзяўчаты і хлопцы; часта трапляюцца рыбаловы, знакамі паказваюць нашым рыбаловам, што дрэнна ловіцца. Праходзяць яхты з белымі парусамі, маладыя хлопцы і дзяўчаты часта вельмі прыхільна вітаюць нас. У невялікім гарадку, каля рэстаранчыка, тэраса якога цвіце, нібы кветкамі, нас сустракаюць асабліва бурна — дзяўчаты і хлопцы натоўпам падбягаюць да самага берага, праводзяць вясёлым, выбухлівым рознагалоссем добрых слоў. З недалёкага буксіра чуецца моцны малады голас:

— Дружба!

— Freundschaft,— адразу адказваюць з цеплахода многія галасы.

— Друж-ба! Друж-ба! — паўтарае юнак.

Бачылі мы і постаці людзей, што панура, злосна адварочваліся ад нас, чулі мы, як адзін з берага крыкнуў: «Nach Osten!» Але гэта былі адзінкі, а іншыя, большасць, глядзелі на нас добразычліва і віталі. Прызнацца, тут такая прыхільнасць, такая шчырая цеплыня былі прыемнай нечаканасцю. Тым больш грэла яна нашы сэрцы, гэтая цеплыня.

— Soviet, ura! — пачулася ў адным месцы з берага.

На ўсім, амаль стокіламетровым шляху па Кільскаму каналу стаялі мы на палубе, вітаючы і адказваючы на прывітанні.

Мясціны, праз якія мы ішлі, былі вельмі падобны на нашы, рускія і беларускія. Такія ж пералескі, зялёнае, ужо кранутае жаўцізной жыта, родныя вербы, палявыя дарожкі, лугі, як на Палессі,— усё гэта выглядала знаёмым і вельмі мірным, і прывітальныя знакі рук, і воклічы браліся з асаблівым хваляваннем і давер’ем.

Увечары прыехалі ў Брунсбютэлькоог, маленькі гарадок, за якім пачынаецца мора.

Ледзь параход прышвартаваўся да прычала, як на каменнай пляцоўцы на беразе сталі збірацца людзі. І тут неўзабаве таксама павеяла цеплынёй прыязнасці, якую не маглі астудзіць нават чорныя постаці паліцэйскіх, што снавалі на беразе.

Мы не былі на германскай зямлі, але бачылі немцаў, можна сказаць, сустракаліся з імі. Мы глядзелі твар у твар. Я загаварыў з мараком, што стаяў паблізу з малым сынам. Размова пачалася пра сына — яго зваць Петэр, вучыцца ў школе. Акрамя яго ў майго знаёмага яшчэ трое дзяцей: два сыны і дачка. Старэйшы сын таксама марак. Брунсбютэлькоог наогул горад маракоў. Знаёмы мой служыць на аварыйным судне. Жыць нялёгка з такою сям’ёю, але ён спадзяецца, што сыны падрастуць, будзе лепш...

Мы з ім не гаварылі пра мір, але я адчуў і без таго, што ён думае не пра вайну. Ён жыве ў клопаце пра сям’ю, пра сыноў. Я запомніў яго вочы, якія многа сказалі,— гэта вочы чалавека, што вельмі цікавіўся намі і якому савецкія людзі падабаліся. Мы абмяняліся сувенірамі. Ён, расчулены, выняў маленькі кашалёк, пакапаўся ў ім і нечакана падарыў дарагую манету. Я здзівіўся, чаму так многа, але ён зірнуў, і я зразумеў: так ён выказаў свой настрой, свае адносіны да нас...

Другія — спявалі песні, і гэта рабіла асабліва чулай нашу сустрэчу. Спявалі дружна, з уздымам — немцаў гэта ўражвала. Мяняліся, як звычайна, паштоўкамі.

Выказвалі свае сімпатыі часам вельмі арыгінальна. Двое маладых немцаў, расчырванелыя, вясёлыя, прынеслі некалькі пляшак піва і пад гул адабрэння ўручылі нашым таварышам. Неўзабаве яны атрымалі пляшку жыгулёўскага, якое бегам прынёс з буфета адзін з турыстаў.

Над усім гэтым — песні, песні, воклічы дружбы.

З песняй і адышлі ад гарадка ў цёмнае мора, сагрэтыя надоўга нечаканым цяплом сустрэч гэтага дня...

 

4

Уранні, выглянуўшы з палуб, з люкаў на свет, мы ўбачылі паблізу і ўдалечы, у ранішнім тумане, мноства параходаў. Параходы англійскія, амерыканскія, шведскія, аргенцінскія, непадалёк прывідам віднеўся старажытны, добра дагледжаны паруснік, з тых, якія ўжо даўно аджылі век,— відаць, вучэбнае судна.

Ротэрдам — старажытная радзіма і прыстанак галандскіх мараплаўцаў.

Карціна, што адкрывалася перад намі, была прыгожая, каларытная. Яна да таго ж здалася нам вельмі характэрнаю для горада, які галоўным чынам жыве гаванню, портам. Дзякуючы пракапанаму восемдзесят год назад каналу «Ніве Ватэрвег», даўжынёю ў пятнаццаць кіламетраў, які ідзе з адкрытага мора ў гавань Ротэрдама, амаль у цэнтр горада могуць заплываць вялікія акіянскія грузавыя і пасажырскія судны. Пры рацэ размешчаны докі, доўгія рады зернясховішчаў, розных складаў.

Выйшаўшы з пустой плошчы ля Маас-гавані, у якой стаяў наш цеплаход, аўтобус неўзабаве ўбег у падземны тунель — паляцелі па баках жоўтыя занізі электрычных лямпачак. Гід, бялявая, з кудзеркамі маладая жанчына, не без гонару сказала, што тунель называецца Маастунелем і што ён пабудаван пад ракою нядаўна, усяго дзесятак гадоў, што даўжыня яго больш за кіламетр.

Выбраўшыся з тунеля, прыглядаемся да горада. Як і для многіх еўрапейскіх гарадоў, для яго характэрна мешаніна старога, больш правільна — старажытнага і новага. Калі ля гавані многае ў строі будынкаў гаворыць пра ўчарнелую ад даўнасці, дыму, гары старыну, то тут горад выглядае інакшым. Роўненькія, на дзіва роўныя, акуратныя кварталы роўных стандартных двух- і трохпавярховых дамочкаў, добра відаць, выраслі не так даўно; гэта аблічча новага горада. Ва ўсіх дамах на дзіва аднолькавыя плоскія дахі, шырокія вокны, бадай усе дамы стаяць аднолькава без абліцоўкі — сцены цямнеюць шэрай цэглай. Перад дамамі — агародчыкі з кветкамі, што вельмі аздабляюць шэрую цагляную аднастайнасць горада. Кветкі глядзяць таксама з вокан. У агародчыках найбольш чырвоных руж, хоць Галандыя на ўвесь свет славіцца сваімі цюльпанамі. Цюльпаны ўжо адцвілі.

Між іншым, нам расказалі, што кватэры ў Галандыі падзяляюцца інакш, чым у нас. Кватэры складаюцца па вертыкалі — два пакоі ўнізе, два ўгары. Унізе звычайна гасціныя, кухні, угары — спальні і г. д.

Па шырокіх асфальтаваных дарожках з абодвух бакоў, насустрач нам і з намі, рушылі веласіпедысты. Праехаўшы некалькі кіламетраў, мы адчулі сум па пешаходах — іх было так нікчэмна мала між гэтай арміі юнакоў, пажылых і старых, што кацілі на веласіпедах. На веласіпедах везлі скруткі, крэслы, ехалі самі, ехалі па адным, па двое, абняўшыся. Юнак і дзяўчына, якія кацілі абняўшыся, адчувалі сябе настолькі ўпэўнена, што мімаволі падумалася — яны, мусіць, і цалуюцца, не злазячы з веласіпеда.

Адзін ці два веласіпедысты не толькі ехалі самі на машынах, але і кудысьці вялі, нібы коней, яшчэ па веласіпеду. Наша правадніца з гонарам заявіла, што ў Галандыі веласіпедаў больш, чым жыхароў.

У старым Ротэрдаме мы бачылі нямала новых будынкаў, бачылі будынкі яшчэ не скончаныя, толькі пачатыя. Вось непадалёк ад дарогі вялікі будынак у рыштаваннях — будуецца новая бальніца — «Тэгзіхт». Вось падрыхтавана некалькі катлаванаў: будзе будавацца квартал жылых будынкаў.

Жылля ўсё ж не хапае. Частка галандцаў вымушана гібець да сённяшняга дня на вадзе, у пабудовах, падобных ні то на баржы, ні то на лодкі. У баржах-лодках ёсць газ, электрычнасць, падаецца вада, але гэты камфорт наўрад ці робіць іх вельмі прынаднымі для жыхароў.

Цяжка ўявіць, як туляцца тут людзі ў мокрыя дні, якіх так многа на іх зямлі, або ў маразы, да якіх такія падатныя рачныя дамавіны...

Пакінуўшы горад, аўтобус выехаў у панурыя прасцягі палёў. Над намі нізка ішлі дажджавыя хмары, і хоць дажджу не было, адчувалася, што ён можа ў любую хвіліну пацерусіць. Нас супакоілі, што гэта звычайнае галандскае надвор’е, што сонечных дзён тут вельмі мала.

Ёсць на свеце многа краін, якіх прырода абдзяліла, не дала дастаткова вады. У Галандыі вада, якая так многа робіць для яе дабрабыту, лічыцца, бадай, і галоўнай бядою. Зусім нядаўна, у 1953 годзе, вада, што прарвалася на сушу, загубіла каля тысячы сямісот чалавек, знішчыла многа плёну сялянскай працы. Барацьба з вадою стала справай народа, надала краіне своеасаблівы каларыт. У гэтай барацьбе з вадою будуюцца многакіламетровыя дамбы, капаюцца незлічоныя каналы. Калі глядзіш на іх, мімаволі ўспамінаеш галандскую прымаўку, жарт пра тое, што зямлю стварыў бог, а Галандыю — галандцы...

Каб не даць паўтарыцца страшнай паводцы, у Галандыі намецілі план закрыцця плацінамі марскіх праходаў паміж паўднёвымі астравамі. План гэты называецца «дэльта-планам», на яго спатрэбіцца больш за дваццаць пяць мільярдаў гульдэнаў.

Пейзаж Галандыі надзвычай падобны да нашага палескага. Такія ж нізіны, лугі, вербы, канавы, зацягнутыя зялёнай бросняй, з лягушыным кваканнем. Як неад’емную рысу гэтага пейзажу, тут усюды бачыш каналы і канавы, што пераразаюць палі ў розных кірунках. Каналы часта цякуць вышэй за палі, па баках іх ідуць штучна насыпаныя, зарослыя травою берагі.

На каналах трымаюць строгі водны рэжым. Каб яны не перапаўняліся, ваду адпампоўваюць спецыяльнымі машынамі, пераганяюць да стокаў. Па ўсёй краіне можна бачыць ветрарухавікі, што гоняць і выцягваюць ваду.

Многа вельмі ў вёсках парнікоў — відаць, яны неабходны, каб прыхоўваць гародніну ад залішне шчодрых дажджоў. Зямля звычайна як належыць дзякуе хлебаробам за старанную працу: ураджаі і гародніны, і збожжа ў Галандыі высокія, на палях, праз якія ішла наша дарога, пшаніца і жыта, што толькі пачыналі спець, раслі густыя і на дзіва дружныя. Асабліва славяцца ўрадлівасцю нядаўна асушаныя землі, якія, аднак, каштуюць праз меру дорага для простага чалавека.

За апошнія гады ў Галандыі асушаны Харлемскае возера і частка шырокага Эйсельмера.

Зямлі, аднак, не хапае. З-за недахвату яе сотні і тысячы галандцаў вымушаны пакідаць сваю краіну і шукаць заробку на далёкіх палях Канады, Аўстраліі і іншых краін. Таму тут вельмі востра ставіцца пытанне аб павелічэнні пасяўной плошчы шляхам асушэння балот і азёр.

Каровы, што мірна пасвяцца на пашы, амаль усе чорна-белай галандскай пароды. Галандыя славіцца сваімі малочнымі прадуктамі — сырам, шакаладам, маслам, якія ў вялікай долі вывозяцца за граніцу. Трэба сказаць, што вывозяцца сыр і масла не таму, што ў іх ужо няма патрэбы ў краіне, а таму, што для сярэдняга працоўнага чалавека яны часта задарагія. Гэта можа здацца парадоксам, але ў краіне, якая славіцца сваім маслам, большасць людзей сярэдняга дастатку амаль не ядуць яго.

— Я забыла смак добрага масла,— уздыхнуўшы, шчыра прамовіла адна з жанчын, жыхарка гарадка пад Амстэрдамам.

Жанчына сказала, што ім прыходзіцца есці маргарын. Гэта горш, але затое па дастатку...

Гаага і Амстэрдам, якія мы наведалі ў той жа дзень, былі многім падобны на Ротэрдам, у іх утрымалася, можа, толькі больш старажытнасці. Сталіцы Галандыі Амстэрдаму, гораду з амаль мільённым насельніцтвам, надаюць асаблівае, непаўторнае хараство старажытныя каналы, што перасякаюць увесь горад. Усцяж каналаў растуць густыя старыя дрэвы, у засені якіх абапал ідуць каменныя і асфальтаваныя істужкі цесных тратуараў і вуліц, чародамі ціснуцца старыя дамы, вузкія, з высока ўзнятымі чарапічнымі дахамі. Большасць іх стаіць з семнаццатага, васемнаццатага стагоддзяў. Пры адным з галоўных каналаў нам паказалі дом, у якім жыў Пётр Першы, непадалёк ад яго на скрыжаванні вуліц — дом Рэмбранта з расчыненымі, пафарбаванымі ў чырвоную фарбу аканіцамі.

Над каналамі тут і там выгінаюцца дугамі каменныя масты, па якіх цераз каналы перабягаюць вуліцы.

У засені дрэваў дрэмле ў канале старажытная пасудзіна, амаль прагнілая, з зялёна-замшэлымі знізу бартамі,— на ёй зрэдку гуляюць дзеці. Але канал — не музей для горада. На цёмнай вадзе каля каменных берагоў, у цэнтры горада, часта можна бачыць баржу, на якой прывезлі прадукты ці тавары ў магазін. Баржы тут замяняюць грузавікі, і транспарт гэты ў немалой пашане.

На дамах абапал каналаў дасюль тырчаць бэлькі з кручкамі і блокамі. Калісьці на гэтых блоках падымалі купцы прывоз з барж, цяпер практычныя амстэрдамцы карыстаюцца імі, каб падняць на трэці ці чацвёрты паверх купленую шафу або ложак.

Каналы, праўда, робяць часам гараджанам непрыемнасці. Усцяж берагоў пад дрэвамі стаяць звычайна чароды машын і бадай штодня якая-небудзь з іх купаецца разам з шафёрам, што каля берага неасцярожна паводзіў сябе за рулём. Нярэдка здараецца і так, што купаецца падвыпілы муж, якога ногі не вядуць прама. Каналы тады хутка працверажаюць.

На кацеры, плывучы па амстэрдамскім канале, мы разгаварыліся, успомнілі Беларусь. Адна з жанчын, што суправаджала нас, запыталася недаверліва:

— Вы з Беларусі?

— Так. З Беларусі.

— Праўда? Адкуль?

— З Мінска.

— А васілевіцкіх...— раптам прамовіла яна,— няма?

З Васілевіч не было. Аказалася, яе вывезлі ў вайну з Васілевіч у Германію. Ёй тады было гадоў шаснаццаць. У Нямеччыне яна сустрэлася з галандцам, выйшла замуж і пераехала ў Галандыю. Цяпер у яе сям’я ў маленькім гарадку на поўдні...

— Як там у нас? Не ведаеце? Не былі?

Там, у Васілевічах, няма ў яе ні маці, ні бацькі, але душа не ўціхае, ірвецца туды...

Зноў пра такую самоту, сум па радзіме, мы пачулі праз якую-небудзь паўгадзіну ў амстэрдамскім рэстаране, дзе суседкай нашай аказалася другая такая ж, закінутая лёсам на чужыну, Наталля Палякова, родам з Таганрога. Гэтай было таксама гадоў пятнаццаць, калі яе прывезлі ў далёкую Нямеччыну. Жылося цяжка, сумавала вельмі па родных краях. Захварэла на туберкулёз. «Надзеі было мала... родных дома нікога не засталося...» Хворая выйшла замуж, паехала з мужам-галандцам да яго. Ці то марское паветра, ці маладосць вывелі з бяды — вылечылася.

— Ды хіба ж можна параўнаць гэтую Галандыю з нашым Таганрогам? Са стэпам! — з паўднёвай экспансіўнасцю гаварыла яна.

Збіраецца паехаць на радзіму — пакуль у адпачынак, а там, можа, і назусім. Хоць гэта і цяжка.

— А што ж вам перашкаджае?

— Дзеці ў мяне. Трое дзяцей. Не аддадуць іх, калі мы разыдземся. Дзеці!..

Увечары абедзве былі каля прычала сярод групкі галандцаў і рускіх. Яны глядзелі на нас з хваляваннем і роздумам. Калі на цеплаходзе заспявалі:

 

А парень с милой девушкой

На лавочке прощается...—

 

ледзь не ўся група — усе жанчыны — раптам горка зарыдалі. Так пад іх рыданні мы і скончылі песню...

Стары, цяністы Амстэрдам жыве кіпучым жыццём. Рух на вузкіх амстэрдамскіх вуліцах напружаны, машынам цесна на іх. У гавані высяцца мачты караблёў са сцягамі і назвамі многіх краін свету, спаткаліся там мы і са сваім суайчыннікам, грузавым параходам «Калуга». Радасна было бачыць нам чырвоны сцяг над параходам — як роднага, віталі мы яго!

У Амстэрдаме ёсць цікавы, багаты нацыянальны музей. У тыя дні, калі мы прыехалі, была адкрыта выстаўка карцін Рэмбранта. І ў музеі, і на выстаўцы тоўпілася нямала людзей, найбольш моладзі.

У параўнанні з Амстэрдамам Гаага здалася ціхай. Больш за ўсё мы тут аддалі часу Палацу міру, у якім праводзіць цяпер свае пасяджэнні міжнародны суд. З горада аўтобус павёз нас к прыбярэжнаму гарадку Схевенінгену. Мы ўбачылі паблізу няроўную, узгоркаватую граду паўзарослых учэпістай травой дзюн, узбярэжную дамбу, па якой бегла асфальтаваная дарога, шэрае, панурае мора.

Уздоўж набярэжнай Схевенінгена стаяць фешэнебельныя атэлі, рэстараны, магазіны. Тут у іншыя дні, мяркуючы па здымках, збіраецца безліч галандцаў і замежных турыстаў. У той жа дзень на беразе, да якога павольна падпаўзалі шэрыя халодныя хвалі, было пуста. Дзьмуў пранізлівы марскі вецер. На тэрасе рэстарана з нудным выглядам сядзелі пажылы мужчына і маладая пешчаная жанчына, што курыла папяросу.

Выгляд гэтага панурага мора, што гнала і гнала хвалі к берагу, грады пустынных дзюн, над якімі свістаў вільготны вецер, былі апошнім уражаннем нашай паездкі па краіне, у якой з морам звязана так многа славы і няшчасця.

 

5

Ідзём Ла-Маншам. Відны берагі Англіі. Да іх усяго некалькі кіламетраў...

...Ні адна краіна, мусіць, не цікавіла так, як Францыя, ні аднаго горада мы не чакалі, як Парыжа. Парыж, Францыя здаваліся нам, можа быць, асноўным пунктам нашай паездкі, яе найбольш яркім часам.

Да Гаўра прыйшлі пасля поўдня. Стоячы на палубах, здалёк углядаліся мы ў маляўнічы бераг, бераг французскай зямлі, што марудна набліжаўся разам са сваімі дробнымі і вялікімі, светлымі, простай сучаснай формы будынкамі на набярэжнай, маяком на канцы доўгага мола, партовымі пабудовамі.

На канцы мола, над якім узвышаліся маяк-мачта, насустрач нам глядзела групка людзей; было відаць, што гэта больш юнакі і дзяўчаты. Яны ўзіраліся ў наш цеплаход, махалі нам. Калі наблізіліся да мола, стала добра бачна злева доўгая пясчаная кайма берага, усеяная рыскамі чалавечых цел.

На прычале, пад магутным партовым кранам, нас сустрэў натоўп — дарослыя і дзеці, што прыйшлі са сваімі піянерскімі сцягамі, з важатымі. Стаялі ў натоўпе жанчыны, адзін ці два ваенныя маракі, некалькі паліцэйскіх у форме, як нам сказалі, пагранічнай аховы.

Тут не было той спачатку насцярожлівай цішыні, калі і на моле і на цеплаходзе прыглядваюцца, нібы чакаюць: на прычале гаўрскага порта, здавалася, сустрэліся сябры, што даўно і добра ведаюць і любяць адзін аднаго. Дружба, шчырая прыхільнасць злілі нас разам з першых хвілін, яшчэ да таго, як цеплаход надзейна прышвартаваўся.

Адразу загучалі песні. Мы спявалі па-руску, французы — па-французску. Адны мелодыі, адны словы з адным пачуццём, з аднолькава напоўненымі сэрцамі. Нам асабліва радасна было чуць і бачыць перад сабой дзяцей — будучыню, заўтрашні дзень французскай нацыі. Мы ўзіраліся ў іх твары з любоўю, мы слухалі іх і спявалі з імі з асаблівым задавальненнем.

Яшчэ мы на палубах, а яны на партовым бруку, яшчэ між нас цёмная істужка вады, што хлюпае ўнізе,— рыса граніцы, але мы ўжо нібы на зямлі, на беразе. Ідзе абмен сувенірамі, ляцяць запіскі з берага і на бераг. Ужо ёсць свае знаёмыя, свае сябры, мы ўжо ведаем, хто яны, іх лёс. Расчулены смуглявы, з інтэлігентным тварам матрос парывіста здымае істужку з бесказыркі і аддае нашаму таварышу — вышэйшы знак матроскай дружбы! Усміхаючыся, рашуча засоўвае бесказырку ў кішэню...

Гэты знак дружбы адзначаюць бурнымі крыкамі, воплескамі...

Неўзабаве многіх з іх мы ўбачылі на цеплаходзе. Дзеці з цікавасцю ступалі па дыванах музычнага салона, бібліятэкі, азіраліся, акружаныя турыстамі. Разам з першымі гасцямі прыйшла да нас прыгожая чарнявая францужанка, жонка аднаго з супрацоўнікаў мэрыі,— яна вяла маленькую сінявокую дзяўчынку, дачку, якую ўсе сустракалі з асаблівай ветлівасцю.

На пероне вакзала, дзе нас чакаў спецыяльны поезд, акрамя нас нікога не было. Не прайшло і дзесяці хвілін, як поезд ужо выходзіў з-пад цемнаватых навесаў, адразу набіраючы хуткасць.

Цягнік мігам адвёў назад гасцінны Гаўр. За вокнамі закружыліся, замільгалі, паляцелі ўзгоркі, прысады, будынкі з чарапічнымі дахамі, палі.

Цягнік ішоў са стокіламетровай хуткасцю.

Пачынала цямнець. Руан праязджалі ўжо ўпоцемках — на фоне жоўта-барвовага вячэрняга неба ажурна акрэслівалася вежа сабора, віднеліся, нібы вышкі, нейкія краны. Час ад часу цягнік улятаў у тунель, і тады грукат колаў мацнеў, пераходзіў у гром, і на вушы, як у самалёце, пачынала гнясці сціснутае паветра.

З лязгатам і грукатам цягнік і ўляцеў у агні Парыжа, што расквечвалі моцную начную цемру. Было ўжо каля дванаццаці гадзін. З пільнай цікаўнасцю і хваляваннем сышлі мы на перон вакзала Сен-Лазар, што адкрываў нам дарогу ў горад, у Парыж.

Як на пероне, так і на першых вуліцах народу было небагата, але горад усё ж не здаваўся пусты або сумны. Гэтае ўражанне было, мусіць, ад вітрын, што яркім рознакаляровым сваім бляскам ажыўлялі вулічную пустату. Хутка і людзей, і машын стала больш, вітрыны зазіхацелі ярчэй і святочней. Мы пад’ехалі к будынку Гранд-опера, опернага тэатра. Наша спадарожніца-гід паказала на вірлівую, у яркіх агнях шырокую вуліцу.

— Вуліца Міру. Rue de la Paix. Самая шыкоўная вуліца Парыжа...

Мы павярнулі, не даязджаючы да самай шыкоўнай вуліцы, па Лацінскаму бульвару на Манмартр. Тут, на Манмартры, у ціхім завулачку Сітэ Бержэр мы ўвайшлі ў свой парыжскі дом, атэль «Мандз’яль». Атэль з вельмі гучнай назвай «Мандз’яль», што азначае — сусветны, аказаўся зусім звычайнай гасцінічкай, са старымі вузенькімі калідорчыкамі, старымі пакойчыкамі, агромністымі старымі ложкамі, на якіх аднолькава можна ляжаць удоўж і ўпоперак, і патрыярхальнай цішынёй.

Вачам нашым перш за ўсё адкрыўся начны Парыж. Хутка ўладзіўшы фармальнасці з гасцініцай, павячэраўшы апоўначы, мы ў пачатку ці ў сярэдзіне першай гадзіны ночы накіраваліся ў незнаёмы і знаёмы маўклівы горад. Пайшлі адны, без праваднікоў,— спачатку на Манмартр, потым на Лацінскі бульвар, зноў убачылі цёмную Оперу.

На бульварах, ярка асветленых, у бляску вітрын, было пуста. Трапляліся толькі рэдкія прахожыя. Кафэ былі ўжо зачынены, столікі знесены з тратуараў. Ля пад’ездаў дамоў дзе-нідзе дзяжурылі адзінокія жаночыя постаці, што з надзеяй, з нудою, з нецярплівасцю паглядвалі на спусцелыя вуліцы.

Мы, уражаныя гэтай «экзотыкай», мімаволі змаўкалі, паскаралі крок...

Па бульварах Капуцынаў, Мадлен, авеню Райяль выйшлі на славутую Плошчу Згоды — Пляц дэ ля Канкорд. Плошча Згоды, сціпла асветленая, акружаная васьмю цьмянымі статуямі — вобразамі галоўных французскіх гарадоў, з егіпецкім абеліскам пасярэдзіне, была ў гэты час яшчэ цішэйшая, чым бульвары. Яна б здавалася зусім пустыннай, каб не рэдкія машыны, што з шалёнай хуткасцю праносіліся ў розных кірунках — на мост Канкорд, на вуліцу Рывалі, на набярэжную Цюільры, на прастор Елісейскіх Палёў...

Нават у гэты начны час яна ўражвала хараством і велічнасцю. Мімаволі ўспаміналіся радкі Маякоўскага, які, убачыўшы плошчу, напісаў:

 

Если б был я

Вандомская колонна,

Я б женился

На Place de la Concorde.

 

Калі мы стаялі на маўклівай плошчы, перад намі з асаблівай яскравасцю ажыла яе багатая рэвалюцыйнымі падзеямі гісторыя. На ёй, на гэтай плошчы, якая была тады лобным месцам, паўтара стагоддзя назад перад натоўпамі парыжан, што святкавалі перамогу, гільяцінавалі Людовіка XVI, звергнутага караля. На гэтай плошчы, што ўжо называлася Плошчай Рэвалюцыі, пакаралі здрадлівую Шарлоту Кардэ, забойцу Марата. Тут пралілі кроў Рабесп’ер, Дантон, Дэмулен.

Плошча бачыла перамогу народа ў дні Парыжскай камуны, бачыла яе апошнія дні, калі на ёй, абгароджанай барыкадамі, выбухалі снарады версальцаў. Дваццаць год назад тут адбываліся сутычкі парыжскіх рабочых з фашыстамі, што наважваліся захапіць уладу. У дні вызвалення Парыжа ад гітлераўцаў на старажытных камянях плошчы зноў загрымела бітва, тут вялі баі з акупантамі рэвалюцыйныя парыжане, студэнты, рабочыя, салдаты...

Плошча Згоды адным краем падыходзіць да Сены.

Пастаяўшы моўчкі перад плошчай, мы прайшлі ўсцяж цёмнай Сены ў ценю чорных дрэваў, паўз сад Цюільры з зачыненымі кратамі варот, да Луўра. Вярнуліся назад стомленыя, ціхія, перад самым світаннем з тым, каб праз некалькі гадзін зноў падарожнічаць па горадзе, глядзець, знаёміцца. Няхай не здаюцца дзіўнымі гэтыя нашы нецярплівасць і прагнасць. Мы так многа хацелі ведаць пра гэты вялікі, багаты гісторыяй і хараством горад і так мала часу мелі на гэта!

Раніцай мы ўбачылі яго пры дзённым святле, шумлівым, поўным неўтаймавальнага руху, разнастайнага жыцця, што кіпела на цяністых, яркіх бульварах і ў сціплых, вузкіх вулічках.

Столікі ў кафэ стаялі акуратнымі радамі, за імі снедалі, размаўлялі, былі адчынены дзверы магазінаў, банкаў, кантор. Пешаходы снавалі ў розных кірунках — павольныя і хуткія, заклапочаныя і бесклапотныя, панурыя і вясёлыя.

Мы заўважылі, што вокны многіх кватэр былі і ўдзень цёмныя, закрытыя жалюзі — гэта, сказалі нам, вокны парыжан, што пакінулі горад, выехалі на адпачынак. У жніўні такіх кватэр стане яшчэ больш, і жыццё ў Парыжы прыціхне. У той жа дзень, калі мы ехалі па горадзе, ён жыў шумліва, неспакойна.

У патоку машын цяжка было прабівацца наперад, часта даводзілася рабіць прыпынкі.

— Гэта адна з лепшых парыжскіх забаў,— пажартаваў наш шафёр, безнадзейна і спакойна пазіраючы на цеснату машын, што закрылі дарогу.

Жывое жыццё надавала асобае хараство і значэнне помнікам Парыжа, яго гістарычным скарбам. У шматлікіх помніках французскай сталіцы адбіта складаная гісторыя, гісторыя ўздымаў, перамог і паражэнняў.

Не мёртвай зданню, а жывой сведкай паўстала перад намі ў канцы Елісейскіх Палёў Трыумфальная арка. Арка стаіць на Плошчы Зоркі — Пляц дэ ль’Этуаль,— ад якой разыходзяцца праменнямі ва ўсе бакі дванаццаць вуліц.

На сценах Трыумфальнай аркі выбіты назвы гарадоў і мясцін, слава напалеонаўскіх перамог. Ёсць тут назвы і рускіх, і беларускіх гарадоў — Магілёў, Полацк, Краснае, ёсць і імя Масквы, якому належала б быць першым на іншым помніку, якога няма ў Парыжы, помніку гібелі напалеонаўскіх войск.

У Парыжы многа памятных мясцін, што нагадваюць пра Напалеона. Ёсць масты, названыя ў гонар яго перамог, вуліцы і бульвары — у гонар яго маршалаў, ёсць карціны, статуі, ёсць велічны Дом інвалідаў, дзе ляжыць прывезены са Святой Елены прах палкаводца.

Пад Трыумфальнай аркай на Плошчы Зоркі ўмуравана магіла Невядомага салдата, над мармуровымі плітамі якой ні ўдзень ні ўночы не гасне жывы, неспакойны агонь. Гэты помнік мільёнам французаў, што загінулі на блізкіх і далёкіх палях баёў, цяпер успрымаецца як смутак ад вайны, ад смерці, як песня спакою, міру...

На поўдзень ад Плошчы Зоркі ў канцы авеню Клебера месціцца Плошча Тракадэро. З боку плошчы стаіць вядомы Палац Шайо, з якім звязана нямала з сучаснай гісторыі не толькі Францыі, але і многіх іншых краін свету. Тут яшчэ зусім нядаўна адбываліся нарады міністраў замежных спраў...

Перад Палацам Шайо, за мостам Сены, узвышаецца агромністае плеціва Эйфелевай вежы, якая даўно стала адной з важнейшых «рыс» вобліку Парыжа.

Парыж — горад вялікіх мастацкіх скарбаў. Нас вельмі ўсхваляваў Луўр — музей, славутая карцінная галерэя, цудоўны помнік сусветнаму мастацтву. Гэта было вельмі рэдкае па багаццю геніяльных тварэнняў, па яркасці вобразаў, фарб відовішча. Цудоўныя Венера Мілоская і Ніка-Перамога Самафракійская, шэдэўры Тыцыяна, Веласкеса, Дэлакруа, Рубенса, Гойя, Джарджоне, Леанарда да Вінчы, сабраныя тут так шчодра, глыбока ўражваюць, напаўняюць сэрцы гордасцю і захапленнем магутнасцю чалавечага таленту.

Пакінуўшы Луўрскі палац, мы яшчэ вельмі доўгі час жылі ім, яго незабыўным, вялікім светам...

Ёсць на парыжскай вуліцы Ваграм навінка, якую французы лічаць за абавязак паказаць кожнаму прыезджаму. Гэта шырокаэкраннае кіно «Сінерама».

Вялікая зала кінатэатра задрапіравана цёмна-чырвонай тканінай, застаўлена мяккімі чырвонымі крэсламі; шырокі дваццацідвухметровы экран «Сінерамы» паўдугой абгінае пярэднюю сцяну. Калі пагасла святло ў зале, некаторы час паказвалі вельмі звычайныя рэчы: кадры са старых фільмаў, на якіх людзі выглядалі смешнымі мітуслівымі чалавечкамі. Тлумач, што гаварыў з экрана з залай, расказваў гісторыю кіно, яго мінулае. Незвычайнае пачалося тады, калі чалавек сказаў: «А вось што такое «Сінерама». Тады раптам успыхнуў экран жывымі фарбамі прыроды, і з яго са свістам і грукатам панёсся ўніз па дарозе амерыканскай горкі вагон, і разам з вагонам панесліся ўніз і гледачы, уся зала. Ілюзія руху была настолькі вялікая, што ад хуткасці зацінала дыханне. Калі вагон з віскам рабіў паварот, мімаволі хацелася ўхапіцца за крэсла, каб утрымацца. Зноў узлёт угару — праносяцца ўніз фермы, рэйкі дарог, круты паварот і зноў — шалёнае падзенне ўніз, уся зала ляціць уніз. Некаторыя з жанчын закрываюць вочы, робіцца нядобра...

Папрабаваўшы моц нашых нерваў, «Сінерама» мяняе план. Цішыня. Яркія фарбы, дзіўна, крыху какетліва гучаць трубы аркестра шатландскіх стралкоў. Стралкі цырымонна, у старамодных фарсістых касцюмах пярэстымі радамі маршыруюць перад гледачамі... Потым на экране з’яўляецца Мілан, асветлены агнямі будынак тэатра. Сцэна з оперы — павольная, поўная велічнай гармоніі мелодыя гучыць у зале. Гукі ідуць адусюль: збоку, ззаду, абкружваюць гледачоў, бяруць пад сваю ўладу. Сімфонія гукаў надзвычай багатая рознымі адценнямі. Мяняецца кадр, і гледачоў вабяць, захапляюць прастор, незвычайная шырыня — яны ўздымаюцца на верталёце над Парыжам, бачаць з вышыні ўжо дзе-нідзе знаёмыя краявіды вялікага горада. Вачам адкрываюцца хвалюючая далеч, агромністая шырыня, глыбокая, неабсяжная...

Праграма, якую мы бачылі, мела, можна сказаць, рэкламны характар: яна паказвала, якія вялікія магчымасці мае кіно тыпу «Сінерамы», якія ў яго перавагі перад звычайным кіно.

Даказвае яна гэта з поспехам. Шырокаэкраннае кіно тыпу «Сінерамы», бясспрэчна, мае добрую будучыню.

Вобліку Парыжа нельга ўявіць без Пантэона, без Люксембургскага палаца і Люксембургскага саду, дзе вясной студэнты рыхтуюцца да экзаменаў, без старажытнай, з цёмнымі сценамі Сарбоны, дзе жыла і жыве слава французскай навукі, без панурых і велічных веж сабора Парыжскай божай маткі, без усяго Сітэ, што, нібы карабель, разразае ціхую ваду Сены ў самым цэнтры Парыжа.

Як неад’емныя рысы — у вобліку сталіцы ўжываюцца шум, багатая магазінная раскоша вуліцы Рывалі і цішыня, цяністая прахалода славутых крамак букіністаў на набярэжнай Сены.

Многае можа расказаць аб некаторых важных з’явах парыжскага жыцця цэнтральны рынак горада, «чрэва Парыжа», апісаны ў свой час Заля. Рынак корміць горад. Усю ноч пад’язджаюць і пад’язджаюць у гэты своеасаблівы камбінат, горад у горадзе, аўтамабілі і павозкі; усю ноч тут прадаюць, купляюць і перапрадаюць; пахне цыбуляй, персікамі, памідорамі, зямлёй. Жыццё тут не ўціхае ў самы позні час. Стомленыя рабочыя валяцца і спяць як і дзе прыйдзецца.

Парыж нельга ні ўявіць, ні правільна зразумець без Пер-Лашэз са сцяной камунараў, без вуліцы гераічнай парыжанкі Даніэль Казановы, што загінула за Францыю ў апошняй вайне, без плошчы Сталінграда, без залы Мюцюалітэ, дзе часта чуцен жывы, магутны голас працоўнага Парыжа, без яго слаўных рабочых раёнаў.

Але ў Парыжы жылі і жывуць не толькі патомкі камунараў. Жывуць у ім і тыя, хто прывёў Францыю ў мінулай вайне на мяжу катастрофы, жывуць тыя, хто пачынаў і падтрымліваў вайну ў В’етнаме, хто кідаў паліцыю на рабочыя дэманстрацыі. Жывуць банкіры, капіталісты, каланізатары, палітыкі Атлантычнага пакта.

Яны выдаюць мноства газет, часопісаў, у іх руках друкарні і радыёстанцыі. Ім дапамагаюць парадамі і грашыма саюзнікі з-за акіяна, якія ў французскай сталіцы паводзяць сябе як дома.

Няма патрэбы маляваць агульныя асаблівасці жыцця ў Парыжы, якія ў асноўным усім вядомы, хочацца толькі сказаць некалькі слоў пра тых, хто называецца рускімі эмігрантамі. Яны таксама маюць свае арганізацыі, свае газеты, свае ідэалы.

Трэба зазначыць, частка эмігрантаў зрабіла вывады з урокаў гісторыі, зразумела свае памылкі, жыве добрымі патрыятычнымі настроямі. Аднак многа сярод іх і да сённяшняга дня людзей, якіх доўгія гады жыцця нічаму не навучылі, якія па-ранейшаму не трацяць надзеі вярнуць тое, што назаўсёды сышло ў нябыт. У тыя дні, калі мы былі ў Парыжы, яны рыхтавалі паніхіду па ўсопшым апошнім манарху расійскім і, як звычайна, паклёпнічалі на нашы парадкі. Некаторыя з іх спрабавалі на вакзале Сен-Лазар падкідваць нам правакацыйныя лісткі.

У іх ёсць свае клубы і свае газеты, якія прадаюць у кіёсках на Манмартры і на Елісейскіх Палях, яны звязаны з такімі ж манархістамі і белагвардзейцамі ў Канадзе і Нью-Йорку, але яны і самі ў душы адчуваюць, што іх рады нікчэмныя. Мы гэта ўбачылі, гаворачы з былым белагвардзейскім афіцэрам, харкаўскім ураджэнцам, які прыслужваў у «нашым» рэстаране...

Каля Дома інвалідаў выпадкова пазнаёміліся мы з шафёрам і ўладальнікам таксі нейкім Саўранскім з-пад Белай Царквы. Ён стаяў перад сваёй дапатопнай, падобнай на катафалк, аўтакарэтай і скардзіўся на беднасць, на непамерна вялікія падаткі...

— Палавіна заробку — на падаткі,— уздыхнуў ён.

Мы былі ў Парыжы напярэдадні 14 ліпеня, Дня Бастыліі, які сталіца звычайна сустракае як вялікае нацыянальнае свята. На высокай калоне, узведзенай на Плошчы Бастыліі, вывешвалі ў гонар свята трохкаляровыя сіне-бела-чырвоныя французскія сцягі. На Елісейскіх Палях каля Плац дэ ля Канкорд будавалі трыбуну — меўся быць ваенны парад. Рыхтаваліся і ў Версалі, куды мы прыехалі наведаць Версальскі палац.

Рыхтаваліся па-рознаму. Левыя партыі вырашылі правесці гэты дзень пад знакам барацьбы за мір у Алжыры, за спыненне кровапраліцця, правыя намагаліся выкарыстаць свята для прапаганды вайсковых спраў. Гэтай мэце і павінен быў служыць ваенны парад на Елісейскіх Палях.

Падрыхтоўка да свята праходзіла прыкметна стрымана. Парыж не збіраўся на дэманстрацыю: дэманстрацыі ў гэты дзень былі ўжо некалькі год забаронены, і забарону не адменьвалі.

Нельга зразумець «душы» Парыжа, правільна ўявіць яе, не адчуўшы дружалюбнасці працоўных людзей сталіцы, іх сімпатый да нас.

Калі здарылася затрымка руху на вуліцы, я, стоячы ля краю тратуара якраз перад Операй, зрабіў здымак. Шафёр грузавіка, чарнявы пажылы француз, кінуўшы бесклапотны позірк наперад, пацікавіўся:

— Vacance? (Адпачынак?)

Я адказаў:

— Турыст.

Ён запытаўся, адкуль. Варта было назваць краіну — Савецкі Саюз, як твар шафёра заззяў:

— O! Camarade!

Ён парывіста працягнуў руку і горача паціснуў маю моцным поціскам.

Калі машыны крануліся, ён, трымаючыся адной рукой за руль, другую падняў па-ротфронтаўску.

«Душу» рабочага Парыжа мы асабліва добра адчулі на заводзе Рэно.

Мы ішлі па заводскім двары, і інжынер-механік Жорж Гуамбо гаварыў пра гісторыю завода, буйнейшага аўтамабільнага прадпрыемства Францыі, пра пяць марак легкавых аўтамабіляў, якія выпускаюць на Рэно. На заводзе працуе 36 тысяч рабочых, якія робяць кожныя суткі 1 208 машын.

Гуамбо аддае заводу ўжо дваццаць сёмы год свайго жыцця, але ён выглядае яшчэ даволі маладжава, з прыветлівым, можна сказаць, славянскага складу тварам, з бялявымі мяккімі валасамі. Ён не прыроджаны парыжанін — нармандзец, але ў Парыжы з юнацтва, і горад даўно ўжо для яго родны дом. Прыйшоўшы на завод простым рабочым, Гуамбо з нармандскай настойлівасцю адолеў цяжкую дарогу ўгару, скончыў вячэрняе аддзяленне вышэйшай школы, стаў інжынерам...

Жорж Гуамбо паказаў нам магутны, сілай у 1 150 тон, прэс, з якога кожныя трыццаць секунд здымалі толькі што адціснуты кузаў аўтамабіля. У грукаце цэха не было чуваць слоў французаў-рабочых, але мы ўсё разумелі па добрых шчырых усмешках, усмешках сяброў, прывітальных кіўках, рухах рук. Каля канвеера, што няспынна трымаў пры сабе, нас упраўляліся пачаставаць папяроскай, сказаць добрае слова, пастукаць па-прыяцельску па плячы.

— Совіет. Аміцье!.. Таварыш!..

Мы абменьваліся сувенірамі, ціснулі адзін аднаму рукі, гаварылі кароткія, таварыскія словы. Мы адчувалі сябе ў сям’і сяброў, адчувалі свабодна, лёгка, радасна. Як часам цяжка зразумець настрой іншага чалавека, схаваны ў глыбіні яго душы, і як, бывае, раскрываецца ён і без слоў — у адным позірку, у адной усмешцы!

Калі мы ішлі па заводскім двары, нас віталі рабочыя і шафёры, што ехалі на аўтакарах, віталі прахожыя, віталі здалёк, з вокан... Гэта была адна з самых лепшых гадзін у Францыі, адна з тых гадзін, цеплыня якіх надоўга ўвайшла ў нашы сэрцы.

Доўга будзе жыць, хваляваць і памяць аб апошнім вечары ў Францыі. Над гаўрскім прычалам, дзе стаяла наша «Пабеда», ішоў няспынны, назойлівы, як у Мінску ў лістападзе, дождж. Ад цьмянага бляску святла сумна паблісквалі лужыны. Людзей было небагата, тыя, хто заходзіў на прычал, хуталіся ў каўняры, хаваліся пад парасоны і неўзабаве сыходзілі. Але пайшлі не ўсе. Там і тут было відаць некалькі купак па тры-чатыры постаці. У адной з іх чалавек у паліто з паднятым каўняром спяваў арыі з опер, «Полюшка-поле». Гэта быў гаўрскі рабочы.

Непадалёку стаяў цёмнай купкай гурток юнакоў і дзяўчат. Помню, як яны, худзенькія, яшчэ па-юнацку кволыя з выгляду, смеючыся, туліліся адзін да аднаго, каб сагрэцца. Іх прасілі пайсці, не мокнуць на дажджы, а яны не слухаліся. Яны нібы спрачаліся з непагодай.

Час ад часу нястройна, нямоцнымі, ужо ў некаторых асіплымі галасамі яны спявалі французскія, савецкія песні. І туліліся, смяяліся наперакор непагодзе, наперакор усяму! Між іншых песень разы два ці тры яны паўтарылі адну, сваю, песню докераў, сынамі і дочкамі якіх, мусіць, яны былі, песню, у якой ёсць такія цудоўныя словы:

 

Ніколі, ніколі людзі Францыі

Не будуць ваяваць супраць краіны Саветаў!

 

Мы пачулі гэтую песню апошні раз, ужо адышоўшы ад прычала. У мокрай, непагоднай цемры над затокай яна ішла да нас як развітальнае пажаданне, як клятва!

 

6

Мы ў Атлантычным акіяне. Цеплаход даволі моцна водзіць з боку на бок. На палубах нешта падобнае на шпіталь, у некаторых амаль нежывы выгляд.

Вакол густы туман, параход увесь час трубіць.

...Абышлі берагі Іспаніі, Партугаліі, зноў Іспаніі. Мінаем Гібралтар. Справа добра відаць бераг Афрыкі, злева — зусім недалёка Тарыфа з белымі дамочкамі ў катлавіне. За ёй рудыя адхоны гор.

Цеплаход гайдае. Далеч затулена туманам.

...Ідзём паўз Сардынію. Яна вельмі блізка: горы, лясы, рэдкія будынкі.

 

7

Неапаль убачылі спачатку з мора, у перадвячэрняй цішыні. Зыб на моры была ціхая, неба высокае, чыстае і таксама нібы ціхае, і ціхім здаваўся недалёкі, разлеглы горад на беразе і на горным схіле. Справа выгіналася нерухомая груда гары, пра якую пыталіся: гэта, мусіць, Везувій?

Гэта быў Везувій, таксама ціхі, спакойны. Мы пазіралі то на яго, то на кацер, што гайдаўся ўнізе, каля трапа цеплахода, на які ўзыходзілі чарадой таможныя і паліцэйскія чыны. Больш за суткі перад Неапалем мы не ішлі, а цягнуліся, бо ўлада порта не дазваляла прыбыць раней...

Гадзіны праз дзве, калі скончыліся справы з чынамі, што ўзышлі на наш цеплаход, мы змаглі ўбачыць горад бліжэй. У парту стаяла некалькі суднаў, два вялікія акіянскія параходы, між якіх — побач з амерыканскім, нам далі месца для прычалу. Зусім непадалёк быў даволі доўгі ваенны карабель з англійскім сцягам, з гарматамі ў чахлах, з паўголымі, у трусах, матросамі, што ўсюды стаялі на палубе, разглядваючы нас.

Калі мы сышлі на зямлю Неапаля, запальваліся агні. Вуліцы горада ўбачылі ўжо ў электрычным святле. Мінуўшы цэнтр, мы ўехалі ў вузкія, крывыя вуліцы, слаба асветленыя, з цёмнымі сценамі дамоў. У дамах свяціліся адчыненыя вокны і дзверы, праз якія адкрывалася нашым вачам «тайнае тайных» неапалітанскіх кватэр. Гэта былі пакоі небагатыя, без дываноў, без дарагіх карцін, без мяккай мэблі — ім не было чым уразіць іншаземцаў, але яны і не саромеліся галечы сваёй. Каля дзвярэй на прыступках віднеліся чорныя постаці ціхіх, мусіць, натомленых людзей. Угары каля іх, як сцягі, там і тут, віселі сарочкі і споднікі, і гэта — разам з адчыненымі дзвярамі — стварала вузкім вулачкам асаблівы каларыт.

Іншым — каменнем, звілістай цеснатою, гарыстым уздымам, цёплым, поўным пахаў паветрам — вуліца вельмі нагадвала нашы паўднёвыя вулічкі. Вулічкі Неапаля здаваліся амаль знаёмымі — нібы дзе-небудзь у Грузіі ці ў Крыму...

Потым мы сталі на гары, каля старой крапасной сцяны, глянулі ў бок горада і застылі, маўклівыя ад захаплення. Унізе, збягаючы па схіле і на раўніне, гарэла, пералівалася залатым, незлічоным россыпам цудоўнае, казачнае хараство агнёў. Купкамі, занізямі, радкамі ззялі, пераліваліся, зырчалі — агні, агні, агні, здавалася, без канца і краю. Мімаволі ўзнікала мелодыя:

 

О мой Неапаль, ты край цудоўны!

 

Уражанне хараства было настолькі моцнае, што мы ў той момант ужо амаль не верылі таму, што нядаўна бачылі сваімі вачыма праз адчыненыя дзверы на вузенькіх вулічках.

«Пабачыць Неапаль — і памерці»,— сказаў хтосьці, убачыўшы горад у такую хвіліну...

Мы глядзелі на яго, стаялі, зачараваныя ім, не маючы, аднак, ніякага настрою паміраць. Мы хацелі, наадварот, жыць, бачыць яшчэ небачанае, тое, для чаго прыехалі сюды: Італію, якая толькі-толькі пачынала адкрываць нам свае таямніцы.

Як і пра Францыю, мы пра Італію многа чыталі, многа ведалі. І ўсё ж чытанне, бачанае нечымі іншымі вачыма, ніколі не можа па яркасці, па жывой маляўнічасці параўнацца з тым, што адкрываюць свае вочы. Мы нібы адкрывалі краіну нанава...

Італія яшчэ не раз зачароўвала нас сваімі цудамі — морам, небам, зямлёю.

Мы любаваліся ёю ясным, празрыстым раннем, стоячы ля вокан цягніка, што імчаў нас на наступны дзень з Неапаля ў Рым. Зноў памяць шукала параўнанняў, і здавалася, што краявіды, якія праляталі і праходзілі паўз нас, вельмі нагадваюць знаёмыя крымскія. Такія ж горы, такія ж дрэвы, і дарогі, і агарожы, і неба...

Мусіць, яна не была б такая прыгожая, італьянская зямля, калі б не абрабілі, не аздобілі яе сваім потам і рукамі працавітыя людзі. Тэраскі на схілах гор, створаныя людзьмі, і сады з персікавых і абрыкосавых дрэў, асфальтаваныя дарогі, беласценныя будынкі рабілі яе асабліва прывабнай. Між садоў на прасторнай даліне стаялі шыза-зялёныя загоны дружных канапель, дзе-нідзе каноплі ўжо ляжалі акуратнымі радкамі на зямлі.

Мы амаль не бачылі людзей у працы, толькі ў адным месцы прайшла дружная купка італьянцаў, што малацілі збожжа, але, і не бачачы іх, мы добра адчувалі працавітасць народа. Мы глядзелі на адзнакі яго працы са здавальненнем, з павагай, і з павагай думалі пра яго.

Гэтае пачуццё пашаны, нават захаплення, не раз хвалявала нас тады, калі мы яшчэ праз дзень ехалі берагам Тырэнскага мора ад Салерна да Сарэнта. Па баках нашай звілістай і вузкай горнай дарогі ўздымаліся і спадалі схілы гор і крутыя шэрыя скалы, а ўнізе, амаль у прадонні, жаўцеў пясочак з людскімі постацямі, каляровымі парасончыкамі і празрыста сінела чыстая-чыстая вада мора. Хараство гэтых берагоў і дарогі выклікала паэтычныя водгукі, мусіць, у самых халодных, чэрствых з нас.

Памяць надоўга зберажэ сонечную яснасць, што панавала над зялёнай зямлёю і сінім морам, надаючы ўсяму светлыя, радасныя адценні. Але самым дарагім у памяці будзе тое, што зрабіў і робіць тут чалавек. Нельга было без здзіўлення і павагі пазіраць на будынкі, высечаныя ў скалах, сцэментаваныя з імі, на прабітыя ў гэтай каменнай, абрывістай вышыні дарогі, на масты, смела перакінутыя над глыбокімі праломамі. Людзі ўсё адолелі, усё прыладзілі для свайго дабрабыту.

На ўсім шляху — між Майоры, Міноры, Амальфі, Сарэнта да Кастэлямарэ — на круцізне схілаў, што часам стаялі сцяною, мы бачылі пляцоўкі апельсінавых дрэў, вінаграднікаў. Яны былі створаны людзьмі між скал, над абрывамі, насыпаны і ўмацаваны з боку спаду. Тэраскі часта мелі драбнюсенькія лапікі, з далонь, зямлі — больш ніяк нельга было насыпаць пры гэтакай круцізне! Ад тэраскі да тэраскі нярэдка трэба дзерціся па строме; лезучы на яе, лёгка можна сарвацца ў прадонне і загінуць. А людзі ўсё гэта скарысталі, падначалілі сабе.

І на абрывістых, скальных берагах, высока над морам, зелянеюць лімонныя дрэўцы, спее вінаград!

З тым жа пачуццём пашаны да людзей Італіі і да яе зямлі мы хадзілі па вуліцах Рыма. Яшчэ да таго, як цягнік спыніўся пад дахам пабудаванага ў стылю найнавейшай заходняй архітэктуры будынка вакзала Тэрміні, мы ўбачылі старажытныя, абдзьмутыя вятрамі многіх стагоддзяў сцены водаправода, «сработанного еще рабами Рима».

Аб даўняй славе і дасягненнях народа гавораць у Рыме многія помнікі. Сярод іх, напэўна, найбольш выдатныя — Калізей і Форум, руіны якіх надаюць вобліку Рыма непаўторнае хараство і значэнне. Калізей, пабудаваны амаль дзве тысячы гадоў назад, і цяпер захапляе смеласцю задумы, сваёй веліччу і магутнасцю. Агромністая, цыліндрычнай формы сцяна пяцідзесяціметровай вышыні, са стройнымі, у тры паверхі аркамі, з радамі разбітых вятрамі, дажджамі і часам ступенек, сама напалову разбураная, мімаволі вядзе нашы думкі ў далёкую мінуўшчыну, быццам апавядае аб тым, якія бурныя падзеі прайшлі паўз яе камяні.

У гэтым старэйшым раёне старажытнага горада — на левым беразе Цібра, акрамя Калізея і Форума дажылі да нашага часу горды, строгі Пантэон і калона Траяна. Іх акружаюць будынкі розных эпох і розных стыляў, ёсць сярод іх і пабудовы апошніх год...

Частку Рыма займае Ватыкан, на тэрыторыі якога ў палацы з тысячы пакояў месціцца багаты музей, вялікае сховішча рэдкіх рукапісаў, карцінная галерэя. У Ватыкане таксама шэдэўры сусветнага мастацтва: Сіксцінская капэла і сабор святога Пятра.

Сабор святога Пятра, які стварылі Брамантэ, Мікеланджэла і Мадэрна, каланада перад саборам Берніні — цудоўныя архітэктурныя помнікі Рыма.

Рым, размешчаны на сямі ўзгорках, падзелены на дзве часткі Цібрам, здаўся нам горадам раскіданым і Стракатым. Як у цэнтры каля плошчы П’яцца Венецыя, так і ў іншых раёнах — багатыя, шырокія і зялёныя вуліцы — Трытоне, Нацыянале і іншыя, з яркім шматфарбным бляскам вітрын, перамежваюцца з беднымі, глухімі вулачкамі і завулкамі...

Пад палючым італьянскім ліпеньскім сонцам хадзілі мы па расчышчаных вулічках пустой, маўклівай Пампеі. Трагедыя двухтысячагодняй даўнасці дзіўна ажыла, наблізілася да нас, калі мы глядзелі ў музеі на скурчаныя адбіткі зажыва спаленых гарачым попелам Везувія. Засыпаўшы горад, попел Везувія захаваў да нашага часу рэшткі пабудоў — Форума, грамадскіх лазняў, жылых дамоў, захаваў як знак на дзіва высокай культуры даўніх жыхароў італьянскай зямлі.

Яркае хараство берагоў і гарадоў, багатая гісторыя прыводзяць у Італію мноства турыстаў. Дзе б мы ні былі, ці ў Рыме, у музеі Ватыкана або саборы святога Пятра, ці між руін Пампеі, ці на Капры — усюды хадзілі з натоўпамі замежных турыстаў. Яны гаварылі па-англійску, па-французску, па-нямецку, па-іспанску. Асабліва многа было амерыканцаў.

Згодна афіцыйных дадзеных, у мінулым годзе колькасць турыстаў у Італіі дасягнула адзінаццаці мільёнаў чалавек.

Турызм дае свой адбітак на воблік краіны, на стыль жыцця многіх яе людзей і гарадоў. Для турыстаў пабудаваны шматлікія раскошныя і сціплыя атэлі, вілы, рэстараны, кафэ, купальні. Для іх выдаюцца паштоўкі, кніжкі, рыхтуюцца самыя разнастайныя рэчы — сувеніры.

У краіне тысячы людзей жывуць тым, што абслугоўваюць турыстаў. Часамі гэтым займаюцца, напэўна, усе жыхары — каля руін Пампеі, на скалістым, зялёным Капры, у курортных гарадках узбярэжжа.

У вялікім горадзе Неапалі ёсць нямала рабочых, што працуюць на неапальскіх заводах і фабрыках, ёсць порт, ёсць канторы, ёсць грузчыкі і служачыя. І ўсё ж і тут вельмі многія жывуць за кошт турыстаў. Турыстаў з аднаго беглага позірку ўгадваюць, пазнаюць гаспадары і служачыя незлічоных магазінаў Неапаля, што ўсейваюць асабліва густа цэнтр, набярэжныя, раён порта.

У Неапалі дух камерцыі вельмі моцна адчуваецца і ў прасторных магазінах за багатымі вітрынамі, дзе вас сустракаюць са стрыманай далікатнасцю паважныя прадаўцы ў бездакорных касцюмах, і на прыпартовых вулічках, дзе чорнагаловыя, загарэлыя, абшарпаныя беднякі назойліва суюць вам у рукі бліскучую, танную драбязу.

Варта было выйсці з варот порта, каля якіх заўсёды тырчалі постаці некалькіх паліцэйскіх, як хто-небудзь з такіх «камерсантаў», падступаючы няўхільна, усутыч, атакаваў:

— Сіньёр!..

Перад вашымі вачыма пераліўчата блішчаў залаты — не інакш — гадзіннік.

— Сем долараў!

Часам гаспадар падстаўляў да вашых вачэй адразу паўтузіна гадзіннікаў.

— Кожны — толькі сем долараў!

Мы адмахваліся, ішлі далей. Але багаты ўладар гадзіннікаў, лёгка, порстка перабіраючы нагамі ў паношаных туфлях, не адставаў:

— Шэсць долараў! Пяць!

Убачыўшы, што позіркі нашы па-ранейшаму абыякавыя, ён рашуча кідаў гадзіннікі ў кішэню, і перад нашымі вачыма з’яўляліся ручкі з пазалочанымі каўпачкамі і стрэлкамі.

— «Parker»! Тры долары!

— Tropo caro! — Вельмі дорага! — сказаў адзін з нас і назваў: — Адзін долар!

Загарэлы прадавец «Паркера» энергічна замахаў галавою: «Не, не! За такую ручку!» Праз хвіліну на яго твары з’явілася іншае: так і быць, ён саступіць крыху. Перад намі пабліскваюць ужо дзве ручкі, і пальцы на другой руцэ паказваюць, што гэтыя дзве ручкі могуць аддаць за пяць долараў. Не менш.

Мы ідзём, паскорваем хаду, чалавек з ручкамі не адстае.

— Два долары!.. За адну.

— Не.

— Бярыце! — прадавец спакойна аддае «Паркер» і, хутчэй разлічыўшыся, спяшаецца зноў к партовым варотам.

Купіўшы рэч, мы стаім і разглядваем: на металічным стрыжні ўсярэдзіне ёсць нават сапраўднае фабрычнае кляймо на англійскай мове!..

У Ватыкане таксама гандлююць. Але там гандаль іншы. Пад багатай столлю папскага палаца ціхія, негаваркія, пасівелыя людзі малююць і прадаюць дробныя абразкі. Набожныя пакупнікі моўчкі сочаць за асцярожнымі рухамі мастакоў, што дарабляюць абразкі.

Пакупнікі — пажылыя, сталыя людзі і маладыя дзяўчаты — здаецца, амерыканкі...

На адной жывапіснай плошчы гарадка на Капры, да якой вядуць вузенькія гарыстыя вулічкі, поўныя турыстаў, мы ўбачылі двух хлопцаў, што трымалі на павадках чысценькіх ослікаў з акуратнымі сёдламі. Не ведаю, ці даводзілася жывёлінам займацца тым, чым займаюцца іх браты: цягаць арбы паклажы, бо давялося бачыць іх за справай незвычайнай. Яны таксама служылі турыстам. На пакорлівых жывёлін узлазілі, сядзелі на іх, шчасліва ўсміхаючыся, вясёлыя, бесклапотныя людзі, і ослікам трэба было цярпліва стаяць, пакуль пстрыкалі кнопкі фотаапаратаў. Людзям хацелася крыху экзотыкі на цывілізаваным, абжытым да апошняга куточка курортным астраўку. І ослікі паслухмяна служылі ім.

— Кожны зарабляе хлеб, як можа,— прамовіў сіньёр Джордж, італьянец, што разам з намі пазіраў на ослікаў. У голасе яго не было здзіўлення, крыху чуўся сум.

Ослікі зарабляюць самі і кормяць сваіх небагатых гаспадароў...

У Сарэнта для тых, хто хацеў экзотыкі, на цэнтральнай плошчы, побач з раскошнымі кафэ, з багатымі сучаснымі аўтамабілямі, дзяжураць рамізнікі з экіпажамі...

«Кожны зарабляе хлеб, як можа». І ўсё ж нельга было спакойна пазіраць, як па вуліцах маўклівай Пампеі два маладыя хлопцы неслі на насілках з крэслам поўнага, ганарлівага выгляду чалавека. Гледзячы на іх, хацелася думаць, што той, каго яны нясуць, калека. Мы насцярожана сачылі за імі, пакуль насілкі не дайшлі да дзвярэй пампейскай лазні...

Каля дзвярэй насілкі паставілі на рудаваты бур’ян, што прабіўся між камення, і чалавек устаў. Ён пайшоў у лазню адзін...

Сярод замежных турыстаў у Італіі найбольш, здаецца, амерыканцаў. Але амерыканцы гуляюць па Італіі не толькі бесклапотнымі турыстамі. Яны сыходзяць на бераг не толькі з мірных, пафарбаваных у белы колер акіянскіх цеплаходаў, але і з іншых караблёў: шэрых, панурых, з радамі дулаў, прыкрытых брызентавымі чахламі.

Мне моцна запомніліся натоўпы п’яных англійскіх матросаў, што бадзяліся па вуліцах і плошчах каля порта, крычалі штосьці незразумелае, размахвалі рукамі, чапляліся да італьянак і да нашых жанчын.

Некалькі матросаў стаяла каля цеплахода «Пабеда». Жанчыны, убачыўшы іх, паскаралі хаду, стараліся хутчэй адысці. Прыкра было бачыць п’янае крыўлянне, чуць бязладныя, дзікія крыкі... Адзін з іх, маленькі, зусім малады, з пляцоўкі, па якой мы ўзыходзілі на палубу і якая ўзвышалася над прычалам прыкладна на тры паверхі, пералез цераз агарожу на прэнт кранштэйна і сеў, ледзь утрымліваючы раўнавагу. Ён у любы момант мог сарвацца і разбіцца. Але ён не думаў пра гэта — яму, п’янаму, хацелася дурэць, падабалася, што на яго глядзелі. Невядома, чым бы скончылася гэтая цыркавая штучка, калі б не ўмяшаўся афіцэр. Афіцэр, праўда, схаваўся за будку, што была побач, але я бачыў, як ён адтуль штосьці загаварыў непаслухмянаму матросу. Заўважыўшы, што ўгаворванне не памагае, афіцэр, у падтрымку сваіх слоў, паказаў складзенымі накрыж пальцамі краты. Мусіць, паабяцаў гаўптвахту.

Матрос нязграбна пералез на пляцоўку.

За той час, што мінуў у Італіі, мы многа ездзілі. Мы вярталіся ў порт, на цеплаход, толькі для таго, каб пераначаваць, перадыхнуць і з надыходам новага дня рушыць зноў у дарогу.

Мы амаль нідзе надоўга не затрымліваліся.

Пры такім імклівым жыцці нашым вельмі цяжка было заводзіць якія-небудзь знаёмствы з людзьмі, збліжацца з імі. Мы, вядома, шкадавалі аб гэтым, нам хацелася пабольш уведаць людзей Італіі, гаварыць з імі, адчуць іх душу.

І ўсё ж многае мы адчулі. Часам многае адкрываецца ў звычайным.

У Неапалі на вячэрняй вуліцы, дзе мы спыніліся, падышлі да нас два юнакі.

— Русь? Сов’ет? — запыталіся яны і, калі пачулі адказ, заззялі, шчаслівыя.

— Москва! Ленін-град!

Гэтыя два для нас прывычныя словы былі вымаўлены так, што мы адчулі: перад намі гарачыя нашы прыхільнікі, нашы сябры.

Пра многае сказала нашым сэрцам тое, як прасілі ў нас сонечным ранкам каля вакзала Тэрміні ў Рыме загарэлыя, абветраныя людзі значкі з воблікам Леніна з абрысам Крамлёўскай вежы.

Вяртаючыся з Капры, мы чулі на палубе кацера цудоўныя неапалітанскія песні, якія спявалі служачыя з Неапаля і студэнтка рымскага універсітэта. Як хораша гучала ў іх выкананні наша «Дубинушка» і асабліва «Широка страна моя родная!».

У Амальфі мы пазнаёміліся з шафёрам Джованні.

Наш таварыш падарыў шафёру сувенір. Джованні ў адказ нешта загаварыў, з адчаем бачачы, што яго не разумеюць. Мы адчувалі, што ён кажа штосьці важнае для яго.

Паклікалі перакладчыка сіньёра Джорджа.

— Ён гаворыць, што ў вас, у людзей з Савецкага Саюза, тут вельмі многа сяброў.

Джованні задаволена заківаў галавой...

Да нас у порт прыйшоў пажылы італьянец з чорнымі, як паўднёвая ноч, вачыма пад чорнымі бровамі, з зачэсанымі гладка назад бліскучымі валасамі.

— Андрэй Іванавіч... Фрыджэрыо, Андрэй Іванавіч...— назваў ён сябе.

Так сіньора Фрыджэрыо называлі, калі ён палонным працаваў на адным савецкім заводзе.

Андрэй Іванавіч, хоць і з моцным акцэнтам, гаворыць па-руску. Стоячы між нас, савецкіх людзей, Андрэй Іванавіч успамінаў тыя дні, калі ён, былы рабочы ваенна-тэхнічнага італьянскага атрада, трапіў у палон і жыў сярод украінцаў і рускіх.

— Велікадушныя ў вас людзі... сардэчныя людзі. Я гэта адчуў нават тады, калі вам самім было цяжка... І памяць аб вайне была такая свежая, а вы былі велікадушныя...

Ён прамовіў горача:

— Я ваш друг. Назаўсёды. Я палюбіў вас...

Сярод многіх іншых сустрэч адна ўспамінаецца з усмешкаю. Калі стаялі на плошчы ў Сарэнта, малады кучаравы італьянец у беднаватым адзенні, з задуменнымі, крыху меланхалічнымі вачыма загаварыў з бялявай, вясёлай мінчанкай. З дапамогай універсальнай мовы жэстаў італьянец расказаў, што ён служыць у магазіне, але, акрамя таго, іграе на мандаліне!.. Ах, шкада, няма яе тут, ён праспяваў бы песню для сіньёрыны!

Хутка аўтобусы нашы сталі выпраўляцца ў дарогу, і малады жыхар Сарэнта папрасіў які-небудзь сувенір.

Сувеніра не знайшлося. Хлопец выказаў тварам пакуту: як шкада! Але раптам вочы яго заблішчалі ад нейкай нечаканай добрай думкі. Вагаючыся, ён нясмела паказаў на пасму валасоў:

— Сіньёрына...

Вочы яго прасілі, чакалі прысуду.

Дзяўчына і яе сяброўкі весела засмяяліся. Італьянец гэта зразумеў па-свойму: ён кінуўся ў дзверы і паявіўся, задаволены, з нажніцамі.

— Пасму, сіньёрына, адну маленькую пасму!

Дзяўчына, пры нашых жартах і лагодных усмешках італьянцаў, дакранулася нажніцамі да пасмы валасоў. Атрымаўшы дарагі сувенір, італьянец аж заззяў.

«Дзякаваць вас, сіньёрына,— гаварылі яго вочы,— гэта вельмі дарагі сувенір».

Такі задаволены, шчаслівы, ён і знік за паваротам дарогі...

Я ўспамінаю сур’ёзныя, глыбокія вочы сіньёра Джорджа, інтэлігента з Рыма, з якім мы правялі ў Італіі не адну гадзіну. Сіньёр Джордж дапамог нам многае зразумець у Італіі, больш палюбіць яе вясёлы і працавіты народ... Ён сам жыве радасцямі і горам гэтага народа, сам добра паспытаў, што такое беспрацоўе, беднае, галоднае існаванне.

— У Італіі, якая магла б уся быць квітнеючым краем,— сумна гаварыў ён,— вельмі многа бедных. З афіцыйных звестак, у нас семсот тысяч беспрацоўных. Але гэта няпраўда, беспрацоўных значна больш — не менш за два мільёны.

Сіньёр Джордж, адчувалася, вельмі непакоіўся за Італію. Калі мы развітваліся перад варотамі порта ў Неапалі, ён спяшаўся ў Рым, к апошняму поезду. У Рыме пачыналася агульная забастоўка чыгуначнікаў.

— Я буду вельмі добра ўспамінаць гадзіны, якія правялі мы разам,— сказаў ён.— Вы сталі маімі сябрамі.

Што ж, мы таксама адчулі ў ім сябра свайго.

Вельмі шчырая, сяброўская была сустрэча на пляцоўцы каменнай лесвіцы, што вядзе к старажытным руінам Пампеі. Мы спаткаліся з італьянскімі рабочымі, з тымі, хто дае моц сённяшняй Італіі і ў чыіх мазольных руках яе будучыня.

Мы разам сфатаграфаваліся на пляцоўцы. Нашы знаёмыя стараліся глядзець у бок фотаапаратаў як мага больш бадзёра, і ў вачах іх гарэла вялікая вера, надзея на будучыню. Яны, як пры клятве, трымалі сціснутыя па-ротфронтаўску рукі.

— Мы заўсёды будзем разам! Як браты! — сказаў адзін з іх, расчулены.

Другі, усхваляваны, зняў з сябе медаль-узнагароду і працягнуў мне.

— Сувенір. Неапаль.

І заўважыўшы, што я вагаюся браць каштоўны сувенір, ён паглядзеў, нібы гаварыў, што гэта — дар дружбы, любові, для якіх не дарагі любы сувенір...

Цеплыня гэтай кароткай сустрэчы будзе доўга саграваць і радаваць нашы сэрцы.

У апошні дзень перад ад’ездам я доўга хадзіў па вузкіх, цёмных вуліцах рабочых кварталаў Неапаля. Хацелася пабачыць, як жывуць жонкі, сёстры і дзеці рабочых Неапаля, як жывуць яны самі. Цяжка было думаць, што іх вільготныя, з задымленымі сценамі, з развешанымі нізкамі бялізны вулачкі, дзе так мала бывае шчодрае неапалітанскае сонца, ціснуцца ўсяго праз якую-небудзь сотню метраў ад раскошных праспектаў цэнтра горада, ад найбагацейшых атэляў Санта-Лючыі.

«О мой Неапаль, ты край цудоўны!» — словы чароўнай песні пра Санта-Лючыю ў гэты час набывалі даволі іранічнае значэнне.

Але сэрца супакойвала вера, што будзе час, калі сонца засвеціць і ў вузенькіх вулачках кварталаў неапалітанскіх гаротнікаў, засвеціць не на кароткі час, а надоўга, назаўсёды.

Недарма ж жывуць на гэтай багатай зямлі такія слаўныя, працавітыя людзі!..

 

8

Адзін дзень былі ў сталіцы Грэцыі. Выехаўшы сонечнай раніцай з Пірэя, мы праз паўгадзіны ўжо ўздымаліся па лесвіцы на Акропаль. Групкі турыстаў аглядалі велічныя беламармуровыя калоны Прапілей, фатаграфавалі храм бяскрылай Перамогі і славуты, паўразбураны Парфенон. Хадзілі, зацікаўленыя, між руін Эрэхтэйёна з цудоўнымі карыятыдамі...

Адсюль, з гары, адкрываўся шырокі від на сучасную сталіцу Грэцыі. З усіх бакоў унізе віднеліся шэра-рудаватыя будынкі, вуліцы і вулачкі, за якімі гарбаціліся рудаватыя, абпаленыя сонцам горы. Вочы мімаволі шукалі яркіх зялёных фарб, як у Італіі, але амаль не знаходзілі.

Спусціўшыся з Акропаля, мы наведалі тэатр Дзіяніса, хвіліну пасядзелі на выветраных тысячагоддзямі каменных ступеньках.

Жыццё раўніва вяртала нас ад старадаўнасці да нашага дня. Каля аўтобуса стаяў бедны сівы чалавек, абвешаны нечым падобным да дзіўных жоўтых кветак. Чалавек прадаваў турыстам марскія губкі.

Неўзабаве аўтобус правёз нас паўз помнік Байрану, акружаны прыпыленымі цьмянымі дрэвамі. Пакуль знаёміліся з горадам, з археалагічным музеем, запанавала на афінскіх вуліцах страшэнная гарачыня, подых якой чуваць быў з самага ранку.

Жыццё ў Афінах у гэты час замірае, усе жыхары хаваюцца ў цень, і нас таксама павезлі ў цень, за горад, у прадмесце Кіфісія, дзе мы павінны былі тым часам паабедаць.

Абедалі на вялізнай зашклёнай верандзе гасцініцы «Палас».

На праграмцы, якую мы атрымалі, да нас звярталіся са словамі добрай зычлівасці: «Дарагія сябры! Калі ласка, просім у Грэцыю. З вялікай радасцю мы сустракаем вас, савецкіх турыстаў. Даём вам нашу сціплую, але шчырую гасціннасць... Мы цвёрда ўпэўнены, што гэты ваш прыезд адкрывае шлях для далейшых наведванняў савецкімі турыстамі нашай краіны. Мы таксама спадзяёмся, што і нашы грэчаскія турысты здзейсняць сваю запаветную мару і ў хуткім часе наведаюць вашу радзіму, якую мы так любім...»

Грэкі сапраўды былі гаспадары вельмі гасцінныя. Па тым, як усе абыходзіліся з намі: і афіцыянты, і музыканты, і гіды, адчувалася, што мы госці тут прыемныя.

Пасол Савецкага Саюза ў Грэцыі М. Г. Сяргееў, які выступіў на абедзе, сказаў, што грэкі адносяцца да нашай краіны з гарачай сімпатыяй, што нас, турыстаў, тут даўно чакалі...

Седзячы за столікамі, мы пазнаёміліся з двума прагрэсіўнымі журналістамі. Адзін з іх быў у мінулым вязнем Макранісаса. Ён перанёс цяжкія катаванні, якія падарвалі яго здароўе, але не зламалі любові да жыцця, да народа Грэцыі...

Ён сказаў, што цяпер у Грэцыі вялікая прыхільнасць да савецкіх людзей.

— Грэкі вельмі ўдзячны вам за братэрскую падтрымку ў барацьбе за Кіпр. Мы гэтага не забудзем...

Памаўчаўшы, журналіст дадаў:

— У нас абвастрыліся адносіны з англічанамі. Вы заўважылі — у Афінах зусім няма англійскіх турыстаў, якія раней хадзілі тут як дома...— Ён працягваў: — Не любяць у нас і амерыканцаў. Яны прывозілі гузікі і вінтоўкі і зусім не цікавіліся тым, як адолець нам нашу беднасць...

Хутка, адправіўшыся групкамі і па адным хадзіць па горадзе, мы самі ўбачылі, як шчыра, сардэчна адносяцца да нас грэкі. Тыя, хто ведаў рускую мову, падыходзілі да нас і заводзілі сяброўскія размовы, з цікавасцю распытваліся пра жыццё нашай краіны. Гаварылі з радасцю пра тое, што адносіны між нашымі краінамі палепшыліся, з захапленнем успаміналі прыезд савецкіх акцёраў, выступленне ансамбля «Бярозка». Многія грэкі ведаюць і любяць рускую літаратуру. Прадавец з дробнага ларка, у якім былі і лімонная вада, і тытунь, пахваліўся, што ў яго бібліятэцы на пачэсным месцы стаяць Талстой, Тургенеў і Шолахаў.

Аб прыбыцці «Пабеды» ў горадзе ведалі многія, і нас, узброеных фотаапаратамі, лёгка пазнавалі на вуліцах.

— Русь? Турыст? — чулі мы не раз ад сустрэчных.— Ха-ра-шо!..

Нашы сустрэчныя, якія часцей за ўсё ведалі адно гэтае слова, лічылі, што аднаго яго — разам з добрай, прыязнай усмешкай — зусім дастаткова, каб выказаць свае адносіны да гасцей.

— Гаспадзін-таварыш! Здраст-вуй! — весела прывітаў мяне загарэлы да чарнаты грэк.

І калі я адказаў на прывітанне, ён дадаў:

— Ха-ра-шо!..

Сапраўды, часам даволі аднаго слова!..

Да нашага турыста прафесара Рагавога падышоў ветлівы грэк і штосьці сказаў на сваёй мове. Перакладчыца, што стаяла побач, дапамагла:

— Ён просіць дазволу паціснуць вам руку.

Убачыўшы, што яго зразумелі, грэк маўкліва і ўрачыста сціснуў руку турыста.

Падыходзілі да нас жыхары не толькі Афін, але і далёкіх гарадоў і паселішчаў. Адна жанчына прыйшла з хворым, амаль сляпым сынам, гадоў трынаццаці.

— У нашым сяле гавораць, што з вамі едзе ўрач... цудадзейны ўрач, які вылечвае ад усіх хвароб,— прамовіла ціха, вельмі ўсхвалявана яна.

Маці папрасіла, каб гэты цудадзейны ўрач паглядзеў яе сыночка.

Ёй адказалі, што цудадзейны ўрач у нас, у Савецкім Саюзе, сапраўды ёсць — гэта акадэмік Філатаў,— жанчына кіўнула галавою: чула яго прозвішча,— але яго з намі тут няма. Ён жыве ў Адэсе.

Жанчына з адчаем правяла позіркам па нашых тварах. Няма! А яна так спадзявалася на гэтага ўрача.

— Што ж рабіць?

Яна з надзеяй чакала парады, трымаючы за руку сына, які стаяў моўчкі. Параіўшыся, нашы жанчыны сказалі, каб яна напісала свой адрас і дала фотаздымак сына. Фотакарткі не было, і грачанка засумавала. Пад вечар яна прыехала ў порт, знайшла сваіх новых знаёмых і, задаволеная, падала картку-пяцімінутку.

На адвароце карткі разам з адрасам былі напісаныя па-грэчаску словы: «Дарагія рускія! Не забывайце нас. Мы на вас усёй душой спадзяёмся!»

 

9

Раніцай у Эгейскім моры нам нечакана сказалі, што між нашым Урадам і Турцыяй ішлі перагаворы пра дазвол прыехаць нашым турыстам у Стамбул і што гэтыя перагаворы скончыліся добра — мы можам зайсці ў Стамбул, пазнаёміцца з ім.

Усе турысты ўзялі гэтую навіну з цікаўнасцю. Мы вельмі мала ведалі пра Турцыю, краіну-суседку, з якой калісьці былі добрыя адносіны і якая была для нас доўгі час загадкаю.

Перад вечарам да нашага цеплахода сталі з двух бакоў спакваля набліжацца берагі. «Пабеда» ўваходзіла ў прытоку Дарданелы. Каля гарадка, што віднеўся на правым беразе, да цеплахода накіраваўся кацер з турэцкім сцяжком на мачце. Мы былі ўжо ў турэцкіх водах.

Ноччу «Пабеда» прайшла Мармуровае мора і на світанні ўжо набліжалася да Стамбула. Ён паявіўся пры ранішнім сонцы, якое паблісквала на шпілях мінарэтаў некалькіх мячэцей, што стаялі ўсцяж берага. Па меры таго, як перад цеплаходам расступалася вузкае рэчышча Басфора, горад раскрываўся ўсё шырэй і разнастайней. Па схілах берага ішло мноства простых і плоскіх, падобных, як блізняты, небагатых будынкаў. Выгляд горада вельмі ажыўляла сіняя палоска Залатога Рога, затокі, што дзеліць левы край Стамбула на дзве часткі. Па затоцы бегалі кацеры, дымілі параходы, далей віднелася мноства яхт, лодак...

У парту нас чакалі натоўпы цікаўных. Большасць іх стаяла не каля прычала, а за жалезнымі варотамі, на балконах і на дахах бліжніх будынкаў. Цікаўнасць іх няцяжка зразумець: мы былі першыя турысты з Савецкага Саюза, здаецца, больш як за дваццаць год.

Стамбул выбраў сабе вельмі арыгінальнае месца: адна частка яго стаіць у Еўропе, а другая, што за Басфорам,— у Азіі. Для таго каб трапіць тут з Еўропы ў Азію ці наадварот, даволі толькі пераехаць вузкую пратоку. Гэта штодня робяць звычайныя паромы і кацеры — робяць з будзённай абыякавасцю.

Стамбул лічыцца адным са старэйшых еўрапейскіх гарадоў: ён быў заснаван візантыйцамі дзве тысячы семсот гадоў назад...

Нас вельмі ўразіў сваёй архітэктурай сабор святой Сафіі, пабудаваны візантыйцамі чатырнаццаць стагоддзяў назад. Тысячу гадоў сабор быў лепшым збудаваннем па свайму хараству і памерах, уступіўшы пазней гэтае месца рымскаму сабору святога Пятра.

З цікавасцю ўвайшлі мы ў Блакітную Мячэць, адну з лепшых мячэцей Стамбула. Дарэчы, усяго ў горадзе, мы даведаліся, больш за пяцьсот мячэцей, трыста цэркваў і дванаццаць сінагог... Нам паказалі егіпецкую калону, збудаваную за дзве тысячы гадоў да нашай эры, руіны візантыйскай сцяны, султанскі палац з найбагацейшымі калекцыямі фарфору, керамікі, зброі. Непадалёк ад палаца султана ў засені дрэваў месціцца вельмі каштоўны археалагічны музей, у якім сабрана многа выдатных помнікаў візантыйскай і грэчаскай старажытнасці. З даўкім пачуццём аглядалі мы былую турму і «калодзеж смерці», куды турэмшчыкі, адсекшы зняволеным галовы, кідалі трупы, якія вада несла ў мора.

Аўтобусы вазілі ад адной мячэці да другой, ад музея да музея. З акон аўтобусаў, што імчалі па спякотных вуліцах старога і новага горада, мы стараліся ўбачыць, як жыве Стамбул цяпер. Мы бачылі багатыя асабнякі і палацы, шырокія вуліцы з зіхатлівымі вітрынамі і бачылі цёмныя вулачкі і пакрыўленыя ад веку страшэнныя халупы, знакі жахлівай беднасці. Гэтых халуп вельмі многа ў «старым горадзе» — цэлыя кварталы.

Шкада, не давялося нам пахадзіць па вуліцах горада самім, мы амаль ні з кім, акрамя гідаў, не сустракаліся, не гаварылі. А час для гэтага быў — увесь вечар, усю ноч стаяў наш цеплаход каля прычала стамбульскага порта.

На світанні цеплаход «Пабеда» праплыў Басфор, і вось перад намі разліло сваю шыза-зеленаватую шыр роднае Чорнае мора. У ім мы адчулі сябе нібы дома. З гэтым адчуваннем, што ўжо амаль дома, уваходзілі мы і ў балгарскі порт Сталін і гулялі па ціхіх нядзельных яго вуліцах...

Яшчэ тады, калі вочы шукалі наперадзе які-небудзь знак берага, спаткалі мы дызель-электраход «Расія». Гэта быў першы наш знаёмы ля берага роднай краіны, ад якой аддзяляў нас амаль цэлы месяц далёкіх марскіх дарог. Гадзіны праз дзве, ужо ў вячэрнім прыцемку, наша «Пабеда» ўвайшла ў адэскую гавань, што ветліва вітала нас дарагімі агнямі, радаснымі воклічамі сустрэчных, якія стаялі каля прычала густым, неспакойным натоўпам...

Гэта былі добрыя, светлыя дні, яснае лета. Пасля многіх месяцаў «халоднай вайны» павеяла лагодным ветрам супакаення і надзей на мір. Над зямлёй велічна сінела неба, свяціла сонца.

Але хмары сышлі з неба ненадоўга. Мір не ўсім даспадобы. Восень прынесла весткі пра крывавы напад на егіпецкую зямлю, пра натоўпы фашысцкіх налётчыкаў у Парыжы. Зноў, як у часы Гітлера, на захадзе Германіі яго паслядоўнікі загналі ў падполле кампартыю. Патокі нечуванага паклёпу і маны хлынулі на вуліцы, завулкі і двары старога еўрапейскага Захаду.

Над светам навіслі важкія асеннія хмары.

У гэтыя дні бачыш асаблівы сэнс у шчырых, сардэчных сустрэчах з людзьмі, са сціплымі, простымі людзьмі, якія прагнуць спакою і дружбы.

Мы прыехалі дамоў багатыя не толькі ўражаннямі і ўспамінамі. Мы прыехалі багатыя сябрамі. Мы надоўга зберажом, як самае дарагое з нашай паездкі, іх моцныя поціскі рук, бляск іх вачэй, цеплыню іх сэрцаў, якія мы адчувалі так блізка, так добра.



Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 2. Нарысы; П'есы. -Мн.: Маст. літ., 1980. - 400 с., 4 л. іл.