epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Любімы народам

Мне не раз даводзілася бачыць, з якою любоўю чыталі і слухалі вершы Крапівы нашы людзі. У вёсцы, дзе я вучыўся, бадай ні адзін вучнёўскі вечар не абыходзіўся без таго, каб хто-небудзь не прачытаў байку Крапівы. Простыя, зразумелыя, па-народнаму дасціпныя і вострыя, яны знаходзілі дарогу да сэрцаў нас, сялянскіх дзяцей і нашых бацькоў. Многія радкі ўвайшлі проста ў побыт людзей, сталі своеасаблівымі прымаўкамі.

Пазней мы пазнаёміліся з п'есамі Кандрата Крапівы. Яны таксама ніколі не пакідалі нас абыякавымі. Мы палюбілі Крапіву-драматурга, як любілі раней яго вершы.

«Партызаны», «Хто смяецца апошні», «Проба агнём» сталі здабыткам беларускага тэатра.

Сын працоўнага народа, Кандрат Кандратавіч Крапіва ўвесь час, усе гады творчай дзейнасці быў звязаны з народам, верна служыў яму. Ён добра ведае, чым жывуць працоўныя людзі, ведае іх думкі і надзеі, умее выказаць іх у дасціпным сваім слове.

Наш народ ацаніў і талент пісьменніка, і шчырасць яго слова, і сумленнасць творчай працы — імя Крапівы стала адным з самых любімых пісьменніцкіх імён у Беларусі.

Хочацца пажадаць слаўнаму пісьменніку, каб ён і далей нястомна ішоў тым шляхам, якім ішоў дваццаць пяць год — шляхам сыноўняга, натхнёнага служэння нашаму народу, нашай Радзіме.

 

1947


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 7
Крыніца: скан