epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Масты дружбы

Пяцідзесяцігоддзе Савецкай улады... У гэтыя гістарычныя дні пісьменнікі нашай многанацыянальнай Радзімы падводзяць вынікі сваёй творчай работы.

Рэдакцыя часопіса «Дружба народов» звярнулася да шэрагу савецкіх пісьменнікаў з просьбай адказаць на пытанні:

Якія творы Вашай літаратуры апошніх год Вы лічыце больш значнымі і цікавымі?

На якія традыцыі роднай літаратуры, як дарэвалюцыйнай, так і савецкай, Вы абапіраецеся ва ўласнай творчасці?

Якое значэнне для прозы і паэзіі Вашай рэспублікі мае знаёмства з вопытам іншых братніх літаратур?

Творчасць якіх пісьменнікаў з іншых рэспублік аказала асабіста на Вас найбольшае ўздзеянне?

Якія творы роднай Вам літаратуры, створаныя ў апошні час, могуць, на Ваш погляд, стаць укладам у агульны сучасны літаратурны працэс?

Якая, на Вашу думку, роля ўсесаюзнай крытыкі ў развіцці літаратуры Вашай рэспублікі?

Вашы адносіны да водгукаў усесаюзнай крытыкі на ўласную Вашу творчасць, якія выступленні крытыкаў Вы лічыце найбольш сур’ёзнымі і плённымі?

 

Адразу прызнаюся — у пытаннях, якія вы паставілі, самымі цяжкімі мне здаліся два: першая частка першага пытання і трэцяе пытанне.

Першае пытанне цяжкае таму, што цікавых кніг у нашай літаратуры створана нямала, спіс іх і пералік імён мог бы быць даволі доўгі. Калі прыгледзецца ўважліва да ўсяго, што зроблена нашымі пісьменнікамі ва ўсіх жанрах, нельга не падумаць з павагай: літаратура наша жыве багатым, змястоўным жыццём.

Улічваючы, што многае з таго, што напісана ў нас, ужо дастаткова вядома, я хацеў бы звярнуць увагу, напрыклад, на вялікую кнігу нядаўна памёршага выдатнага празаіка, на жаль, амаль невядомага ўсесаюзнаму чытачу, Аркадзя Чарнышэвіча «Засценак Малінаўка». Гэта вельмі сур’ёзная і глыбокая кніга аб жыцці беларускай вёскі ў перадрэвалюцыйныя гады. З цікавымі творамі выступілі таксама яшчэ мала вядомыя ўсесаюзнаму чытачу маладыя празаікі Б. Сачанка (аповесць «Апошнія і першыя») і М. Стральцоў (аповесць «Адзін лапаць, адзін чунь»). Вялікую каларытную кнігу напісала Алена Васілевіч, парадавала вельмі праўдзівай аповесцю «У другую зіму» Лідзія Арабей. У паэзіі ў апошні час цудоўна працуе Аляксей Пысін, які жыве ў Магілёве і радуе ўсіх нас сталым, глыбокім роздумам над жыццём, сапраўднай паэзіяй. Добра працуюць маладыя Анатоль Вярцінскі, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін.

Цяпер пра другую частку пытання — пра традыцыі. Мне здаецца, што пісьменнік сам ніколі не думае пра тое, на якія традыцыі ён будзе абапірацца, якія з іх ён будзе развіваць або пераадольваць. У гэтай справе, па-мойму, трэба быць асцярожным, трэба ўлічваць складанасць узаемаадносін пісьменніка і традыцый. Думаю, што крытыкі нярэдка спяшаюцца з вывадам пра тое, чые традыцыі развівае той ці іншы пісьменнік. Вось і пра мяне пісалі: адны — што я прадаўжаю традыцыі К. Чорнага, другія — што я вучуся ў Я. Коласа. Прыкладна тое ж самае пісалі і пра маіх таварышаў, пра Янку Брыля, Івана Шамякіна, Васіля Быкава. Але што датычыць мяне, павінен прызнацца, што К. Чорнага, выдатнага празаіка, я прачытаў па-сапраўднаму ўжо пасля таго, як пачаў пісаць. Быць больш асцярожнымі ў сцвярджэнні, якія традыцыі пісьменнік развівае, трэба яшчэ і таму, што ў наш час, мабыць, амаль немагчыма знайсці пісьменніка, які абмяжоўваўся б толькі вопытам сваёй літаратуры. Калі ўжо лічыць, што ў літаратуры адзін пісьменнік абавязкова паходзіць ад кагосьці другога, дык можна параіць шукаць папярэднікаў, не вельмі прыглядваючыся да меж рэспублік. І, значыць, да меж літаратур.

Але хочацца сказаць яшчэ і наступнае: тое, што і як піша пісьменнік, вызначаецца не столькі характарам папярэднікаў, асаблівасцямі традыцый, як грамадзянскім, жыццёвым вопытам, асаблівасцямі назіранняў, якія хвалююць пісьменніка, клічуць яго да кнігі. Як-ніяк, галоўная крыніца творчасці ў кожнага сапраўднага пісьменніка — жыццё.

 

На гэтае пытанне я ўжо часткова адказаў. Чытаць таварышаў з братніх рэспублік, ведаць іх кнігі даўно стала настолькі натуральнай справай, што гэта трэба разумець ужо як неабходнасць, як умову паўнацэннага жыцця. Але ведаць, вядома, карысна не толькі тых, хто жыве побач, але і тых, хто далей. Ведаць і літаратуру сацыялістычнай Еўропы, і літаратуру еўрапейскага Захаду, і літаратуру Амерыкі — гэта таксама настолькі неабходная справа, што даказваць карысць яе — значыць, гаварыць азбучныя ісціны.

Хто з пісьменікаў больш уплываў, не магу сказаць. Не думаў ніколі. Не ведаю.

 

Пра тое, што стане ўкладам у літаратуру, думаю, можа сказаць толькі час. Не будзем спяшацца. Як кажуць, пажывём — пабачым.

 

Роля гэтая, шчыра кажучы, пакуль не вельмі значная. Галоўным чынам таму, што крытыка ўсесаюзная ўвогуле, як мне здаецца, мала займалася намі. Ды і, на маю думку, мала цікавілася. Таму і мала ведае.

Асабіста мне ў гэтых адносінах, можна сказаць, шанцавала. Больш за ўсё я ўдзячны А. Фадзееву, з якім мне ні разу не давялося пагутарыць, але які вельмі многа сказаў мне сваім пісьмом і шматлікімі заўвагамі на старонках рамана «Мінскі напрамак», прачытанага ім у бальніцы. Заўвагі А. Фадзеева, што ўпрыгожылі палі ўсёй кнігі, дапамаглі мне ўпершыню зірнуць на сябе збоку, зразумець сябе як пісьменніка. Зразумець свае магчымасці і слабасці. Там былі, мне здаецца, і спрэчныя рэчы, але гэта быў вельмі канкрэтны і разумны ўрок. Карысны нават там, дзе я мог бы паспрачацца.

Я ўдзячны С. С. Смірнову, ён прыслаў мне сяброўскае пісьмо задоўга да таго, як стаў вядомы сваімі брэсцкімі пошукамі. Я яшчэ тады парадаваўся, што нечакана сустрэў чалавека вялікага сэрца.

Многа добрага зрабіла і наша беларуская крытыка. Вельмі прыемна сказаць гэта: у нас у Беларусі працуюць сур’ёзныя, удумлівыя крытыкі: А. Адамовіч, Р. Бярозкін, В. Каваленка, Р. Шкраба, Ул. Юрэвіч, Н. Пашкевіч, Я. Казека. Гэта толькі частка тых, хто добра працуе ў крытыцы. Я заўсёды з павагай прыслухоўваюся да іх, з карысцю чытаю тое, што яны пішуць.

 

1967


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 269-272
Крыніца: скан