epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Мінскі напрамак

Кніга першая. ХМАРЫ НА СВІТАННІ
  ЧАСТКА ПЕРШАЯ
    РАЗДЗЕЛ І
      1
      2
      3
      4
      5
      6
    РАЗДЗЕЛ ІІ
      1
      2
      3
      4
      5
    РАЗДЗЕЛ ІІІ
      1
      2
      3
      4
      5
      6
    РАЗДЗЕЛ IV
      1
      2
      3
      4
    РАЗДЗЕЛ V
      1
      2
      3
      4
    РАЗДЗЕЛ VI
      1
      2
      3
      4
    РАЗДЗЕЛ VII
      1
      2
      3
    РАЗДЗЕЛ VIII
      1
      2
    РАЗДЗЕЛ ІХ
      1
      2
      3
      4
      5
  ЧАСТКА ДРУГАЯ
    РАЗДЗЕЛ І
      1
      2
      3
      4
      5
    РАЗДЗЕЛ ІІ
      1
      2
      3
      4
      5
    РАЗДЗЕЛ ІІІ
      1
      2
      3
      4
      5
    РАЗДЗЕЛ IV
      1
      2
      3
      4
      5
    РАЗДЗЕЛ V
      1
      2
      3
      4
      5
    РАЗДЗЕЛ VI
      1
      2
      3
      4
      5
    РАЗДЗЕЛ VII
      1
      2
      3
      4
      5
    РАЗДЗЕЛ VIII
      1
      2
      3
      4
    РАЗДЗЕЛ IX
      1
      2
      3
      4
    РАЗДЗЕЛ Х
      1
      2
      3
    РАЗДЗЕЛ ХІ
      1
      2
Кніга другая. МІНСК ЗА НЕБАКРАЕМ
  ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
    РАЗДЗЕЛ І
      1
      2
      3
      4
      5
      6
    РАЗДЗЕЛ ІІ
      1
      2
      3
    РАЗДЗЕЛ ІІІ
      1
      2
      3
      4
      5
      6
      7
      8
    РАЗДЗЕЛ IV
      1
      2
      3
      4
      5
    РАЗДЗЕЛ V
      1
      2
      3
    РАЗДЗЕЛ VI
      1
      2
      3
      4
      5
      6
      7
  ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ
    РАЗДЗЕЛ І
      1
      2
      3
      4
      5
      6
    РАЗДЗЕЛ ІІ
      1
      2
      3
    РАЗДЗЕЛ ІІІ
      1
      2
      3
    РАЗДЗЕЛ IV
      1
      2
      3
      4
      5
    РАЗДЗЕЛ V
      1
      2
      3
      4
      5
      6
    РАЗДЗЕЛ VI
      1
      2
      3
      4
    РАЗДЗЕЛ VII
      1
      2
      3
  ЧАСТКА ПЯТАЯ
    РАЗДЗЕЛ І
      1
      2
      3
      4
      5
      6
    РАЗДЗЕЛ ІІ
      1
      2
      3
      4
      5
      6
      7
    РАЗДЗЕЛ ІІІ
      1
      2
      3
      4
      5
      6
      7
      8
    РАЗДЗЕЛ IV
      1
      2
      3
      4
    РАЗДЗЕЛ V
      1
      2
      3
Кніга трэцяя. БУДУЧЫНЯ З НАМІ
  ЧАСТКА ШОСТАЯ
    РАЗДЗЕЛ І
      1
      2
      3
    РАЗДЗЕЛ ІІ
      1
      2
      3
      4
      5
    РАЗДЗЕЛ ІІІ
      1
      2
    РАЗДЗЕЛ IV
      1
      2
      3
    РАЗДЗЕЛ V
      1
      2
      3
      4
    РАЗДЗЕЛ VI
      1
      2
      3
      4
      5
      6
    РАЗДЗЕЛ VII
      1
      2
      3
      4
    РАЗДЗЕЛ VIII
      1
      2
      3
      4
  ЧАСТКА СЁМАЯ
    РАЗДЗЕЛ І
      1
      2
      3
      4
      5
    РАЗДЗЕЛ ІІ
      1
      2
      3
      4
    РАЗДЗЕЛ ІІІ
      1
      2
      3
    РАЗДЗЕЛ IV
      1
      2
      3
    РАЗДЗЕЛ V
      1
      2
      3
    РАЗДЗЕЛ VI
      1
      2
    РАЗДЗЕЛ VII
      1
      2
      3
      4
    РАЗДЗЕЛ VIII
      1
      2
      3
    РАЗДЗЕЛ ІХ
      1
      2
      3
      4
    РАЗДЗЕЛ Х
      1
      2
      3
    РАЗДЗЕЛ ХІ
      1
      2
      3
  ЗАМЕСТ ЭПІЛОГА


 

 

Кніга першая. ХМАРЫ НА СВІТАННІ

 

Зямля наша. Белапенныя бярозавыя гаі, сінявата-асмужаныя хвойнікі на ўзгорчатых прасцягах. Нясціхны шэпт чаратоў на Пінскіх балотах. Старадаўнія сцены Віцебска і Турава, новая, велічная краса мінскіх і гомельскіх вуліц...

Спакойна, мірна веюць вятры над тваімі палямі, над рэкамі тваімі. Харошая, цудоўная ты пад гарачым паўдзённым сонцам — уся ў ззянні, уся ў буйным цвеце. Але прайдзі па сцежках, па траве тваёй — і ўбачыш: па ўсёй зямлі яшчэ — з краю ў край — іржа асколкаў, раны-рубцы незарослых акопаў. Яшчэ нібы патыхае з лесу дымам партызанскага вогнішча... Яшчэ, здаецца, не заціх стогн пачарнелай ад гора ўдавы...

 

 

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

 

РАЗДЗЕЛ І

 

1

Шабуніха стала. Грэбелька раптам абрывалася, далей была твань.

Жанчына зморана паглядзела наперад: сухі беражок віднеўся не бліжэй як за сотню крокаў. Людзі, што ішлі туды, грузлі ў твані ледзь не да пояса. Аўдоцця з жалем зірнула на дачку, як бы для таго, каб пераканацца, ці пройдзе тая. Загадала хлопцу, старэйшаму свайму:

— Андрэй, стань з таго боку. Вазьмі Вольку за руку. Памагаць будзеш ёй... Цыц ужо ты! — строга сказала малому, што нясціхна вёў за спіною: ны-ы, ны-ы.

Аўдоцця мацней сціснула тонкую руку дзяўчынкі, перасільваючы стому ў нагах, ва ўсім целе, маўкліва ступіла следам за ўсімі. Ногі адразу ўехалі вышэй каленяў у мяккую цеплаватую гушчу. Неўзабаве яна адчула галлё — гэта былі, відаць, рэшткі разбітай ці размытай грэбелькі.

Лезлі па твані марудна. Твань абхоплівала Вольку амаль да грудзей. Дзяўчынка, змучаная, знясіленая, раз-пораз спынялася, крывілася, хацела заплакаць. Ледзь стрымлівалася. Андрэй падбадзёрваў яе:

— Хіба гэта балота! От мы на тым тыдні лавілі рыбу, дык заходзілі па шыю — і то нічога...

Выбраўшыся на сухі грудок, Шабуніха, не спяшаючыся, выцерла пот з ілба, павярнулася назад. Глядзела нерухома ўдалеч. На твары з рэзкімі, амаль мужчынскімі рысамі, з плямамі засохлай крыві і гразі быў адзін застылы выраз трывогі і зморанасці.

У тым баку, куды глядзела Аўдоцця, над лесам клубілася чорная хмара дыму. Яна паднялася высока, шырока. Цёмна-шэрыя, панурыя воблакі абапал яе былі падобныя да дыму. Здавалася, што гэта не воблакі, а таксама дым. Усё неба зацягнута дымам.

Хоць адышла ўжо Аўдоцця ад лесу, дзе была цяпер бяда, нямала гнялі яе трывога і разуменне няпэўнасці жыцця. Мацнела неспакойная думка:

«Што там?»

Там, дзе засталіся партызаны, дзе яе Змітро.

Каля Шабуніхі праходзілі, не спыняючыся, людзі, такія ж, як і яна, Аўдоцця, стомленыя, устрывожаныя, маўклівыя. Старыя, маладыя, жанчыны, дзеці, з клункамі, без клункаў. Часам між людзей паслухмяна брылі каровы і коні, і здавалася, яны таксама разумеюць усё, што дзеецца навокал.

Балота хлюпала, чвякала, уздыхала.

Зноў, ужо нібы збоку, бачыла: людзі ішлі і ішлі. Там і тут на грэблі былі відаць забітыя — людзі, коні, каровы. Забітыя з самалётаў. Горбіліся кінутыя калёсы. Непадалёк гінулі конь і карова, загрузлыя ў твані збоч грэблі. Знясілена тузаліся, хацелі выбрацца...

Шабуніха адвярнулася, паправіла на сабе хустку, узяла за руку дачку і рушыла далей.

— Божа мой... Божа мой...— пачула поруч з сабой Шабуніха.

Яна азірнулася на голас, убачыла старую жанчыну са схуднелым, зняможаным тварам. За плячыма ў старой вісеў клунак, напэўна, з дамашнім скарбам.

— Божа мой... І — куды? Куды,— каб ведалі!..— пыталася яна, ні да каго не звяртаючыся.

Аўдоцця ішла маўкліва. Не было ніякіх думак, хацела аднаго — дайсці б хутчэй. Легчы на траву, выпрастаць здзервянелую спіну, даць спачын натруджаным нагам.

— Любка! Люба-а! — клікаў нечы сіплы голас.— Люба-а! А-а-а...

Аўдоцця ўбачыла непадалёк дзяўчынку, што ішла адна. Сукенка малой на плячы была парвана, тонкія ножкі залеплены граззю. Шабуніха пацягнула яе за вострае плячо.

— Гэта не цябе клічуць?

— Не...— абыякава адгукнулася тая, нават не зірнуўшы на Аўдоццю.

— А як цябе зваць?

— Воля Рыгорава... З Забалоцця я...

Старая, што скардзілася богу, ужо ўвесь час брыла побач. Было відаць, старалася трымацца бліжэй, быццам знайшла надзейную таварышку. Аўдоцця моўчкі прыняла яе ў таварышкі: цяжка ступаючы, увесь час чула поруч старую; і калі жанчыны раптам не аказалася побач, Аўдоцця мімаволі азірнулася.

Старая памутнелымі вачыма пазірала на траву, збіралася сесці.

— Што ты? — з непакоем вярнулася да яе Шабуніха.— Не трэба адставаць!

Старая дыхала зморана, з хрыпам. Нейкі час маўчала, нібы не разумела, што ёй кажуць, потым абыякава кіўнула галавою:

— Усё роўна... Не магу больш.

Аўдоцця ўзяла яе пад паху, падтрымала. Старая, адчуўшы падмогу, абаперлася і выпрасталася крыху.

— Пойдзем,— сказала сурова, але спагадліва Шабуніха.— Так лягчэй?

— Лягчэй,— кіўнула жанчына.

Яны разам пабрылі па грэблі. Потым грэбля кончылася, і яны пайшлі па куп'і. Пачаўся дробны забалочаны лясок, у якім худыя алешынкі-недаросткі мяшаліся з рэдкімі бярозкамі. Абмінулі моўчкі вялікую варонку ад бомбы, напоўненую да паловы рудой балотнай вадою. На вывернутай зямлі пры дарозе ляжалі забітыя з пачарнелымі тварамі. Над імі ніхто не плакаў, не жахаўся. У кожнага сваё гора.

Час ад часу Аўдоцця ўстрывожана пазірала ў хмарнае неба, недаверліва прыслухоўвалася, ці не набліжаецца няроўнае перарывістае завыванне. І разам з тым нязменна слухала зацятую спрэчку кулямётаў, у якую раз-пораз убіваліся цяжкія выбухі гармат.

Яна зноў спынілася і паглядзела назад. Там муж, Змітро,— там многа знаёмых партызан б’юцца насмерць з карнікамі.

Ці ўтрымаюцца? Ці выжывуць?.. Грудзі Шабуніхі сціснулі страх, туга. «Змітро, беражыся, глядзі!» — нема падумала, папрасіла яна.

 

2

Дзве ці тры гадзіны пазней рота Змітра Шабуні ў ляску ўскрай балота вяла цяжкі бой. Яна прыкрывала адыход брыгады.

Здагадаўшыся, што галоўныя сілы партызан стараюцца адысці, уратавацца, немцы люта наваліліся на роту. На стомленых, лічаных людзей, прыціснутых да балота.

Адна за адной ішлі моцныя атакі.

Снарады і міны лажыліся спераду, ззаду, збоку. Здрыгалася зямля. Шыбалі ўгару цёмныя стаўбуры дыму, востра бліскала полымя. То ў адным месцы, то ў другім узляталі маладыя сасонкі, вырваныя з карэннем, кружачыся, падалі ў хмарах пяску; сыпаліся ссечаныя асколкамі галінкі.

Адна міна ўцэліла ў ствол сасны. Коратка бліснула полымя, і дрэва пераламалася. Тонкая стромкая вяршыня, акрэсліўшы лапчастаю макаўкаю дугу, моўчкі апусцілася на зямлю. Застаўся цяпер тырчаць толькі камель з вострым белым верхам.

Калі раптам сціхла, Туравец не адразу пачуў, што настала цішыня, у вушах яшчэ звінела. Ён атрос пясок, які насыпаўся за каўнер, прачысціў вушы... Было так ціха, што ламала скроні.

Ад чалавека да чалавека пайшло: сястру на правы фланг. Туравец праз хвіліну заўважыў, як Ніна — сястра — прыгінаючыся, ад дрэва да дрэва прабегла паўз яго.

Па пясчаным адхоне поўз, растаючы, горкі белаваты дым. Ад яго душыла ў грудзях і шчымела ў горле.

— Зараз пойдуць...— сказаў поруч з Тураўцом Шабуня, поўны, з абвіслымі вусамі, немалады чалавек.

У голасе камандзіра роты Туравец пачуў непрыхаваную трывогу. Ён міжволі зірнуў на Шабуню — той глядзеў наперад, дзе былі немцы. На яго віслых вусах — чамусьці кінулася ў вочы камісару — ліпелі камячкі пяску.

Шабуня, не адрываючы позірку ад гітлераўцаў, гаварыў:

— Пратрымацца б — пакуль сцямнее... Знімемся, як толькі пачне цямнець. Я выведу, я тут ведаю кожную сцежку...— Ён запыніўся і раптам вылаяўся.— Пайшлі... От, свалата!

Туравец, які сачыў за полем, убачыў наводдалек постаці. Яны былі ледзь прыкметны на цёмнай сценцы ельнічку.

Немцы ішлі павольна, нястройным ланцугом, то сціскаючыся ў купкі, то разыходзячыся. Каб не гэты рух, адсюль здавалася б, што яны стаяць на месцы.

На полі там і тут — асабліва бліжэй да лесу — былі відаць трупы ў шэра-зялёнай вопратцы, нямала трупаў, а гітлераўцы зноў ішлі. Пазіраючы на постаці, што набліжаліся, Туравец адчуў, як цела цяжэе ад напружанага чакання.

— Упартыя!.. чортавае племя! — вылаяўся Шабуня.

Гэта было трэці раз. Трэцяя атака. Амаль не зводзячы позірку з немцаў, Туравец заўважыў вялікую рудую мурашку, што спакойна і дзелавіта паўзла з паклажаю па пясчанай лысінцы між рэдкіх кусточкаў травы. «Бач ты! — здзівіўся мелькам камісар.— Тут, здаецца, канец свету, а яна і не шманае. Маўляў, што мне да вас, да ўсяго, у мяне свой клопат!..»

Раптам з ельнічку, адкуль выйшлі салдаты, вынырнула прыземістая, падобная да чарапахі, машына і, пакалыхваючыся з боку на бок, пераганяючы пехацінцаў» рушыла ў поле. Следам за ёй паказалася другая.

— Танкі! — крыкнуў нехта.

Шабуня кінуў на Тураўца быстры позірк, у якім былі відаць неспакой і трывога. Ён нібы шукаў падтрымкі ў Тураўца. У наступную хвіліну Шабуня ўжо камандаваў:

— Бранябойшчыкі-і-і... па танках! Падрыхтаваць гранаты!..

Спераду адной машыны бліснуў агеньчык, і на ўзлессі нізка, са свістам ірвучы паветра, шугануў снарад.

Туравец, схапіўшы дзве гранаты, што ляжалі ў ямцы між карнявішча, крыкнуў на хаду Шабуні: «Я ў першы ўзвод!» Ён, нагінаючыся, хутка пабег між дрэваў. Чуў: над галавой шуганула яшчэ некалькі снарадаў, але Туравец не кінуўся на зямлю. Ужо калі ўпаў ля партызана першага ўзвода, пачуў поруч стрэл бранябойкі. Бранябойшчык, з мокрай ад поту скронню, дрыготкімі, хапатлівымі рукамі зарадзіў ружжо зноў і нібы прырос да яго, не зводзячы вачэй з цэлі, не заўважаючы нічога іншага.

Забітага камандзіра ўзвода замяніў Васіль Крайко, бялявы, з блакітнымі вачыма хлопец у нямецкім афіцэрскім мундзіры і пілотцы з зоркаю.

— Ну што, салдаты,— горача? — знарок весела прамовіў Туравец.

Васіль нічога не сказаў. Камісар брыгады асцярожна выглянуў з-за камля сасны — танкі, прыземістыя, злавесныя, упарта набліжаліся. Яны рушылі паволі, напэўна, таму, што баяліся адарвацца ад пехацінцаў, якія, хаваючыся за бранёй, ішлі ўслед за танкамі.

— Дай наперад чалавека з гранатамі,— сказаў камісар.

Па твары Васіля Туравец бачыў, што ён разумее, які чалавек патрэбны. Значыцца, не трэба гаварыць, што гэты чалавек можа і не вярнуцца адтуль, але паслаць яго неабходна. Ён павінен затрымаць машыну, не дапусціць сюды.

У тую ж хвіліну Туравец заўважыў, што паблізу хтосьці ўскочыў і рынуўся да зараснікаў, якія былі ззаду. Ён кінуў позіркам туды: партызан бег, утуліўшы галаву ў плечы. Трусліва ратаваўся.

Туравец, хуткі і рашучы, ускінуў аўтамат,— у чорных вачах бліснулі жорсткія агеньчыкі.

— Куды? Стой! — гнеўна крыкнуў ён і даў чаргу. Папярэдзіў: калі той не паслухаецца — застрэліць. Не вагаючыся.

Уцякач прысеў нерашуча.

— Назад!

Той неахвотна паслухаўся, згорбіўшыся, баязліва зіркаючы, падаўся да свайго месца.

— Эх ты, ваяка! — насмешліва, голасна сказаў Туравец.— Танкаў напалохаўся! Не бачыў іх ніколі?

У гэты час ён пачуў радасны вокліч Васіля. Не разумеючы яшчэ, што здарылася, павярнуўся да яго. Хлопец, не зводзячы вачэй з поля, радасна, ашалела крыкнуў:

— Гарыць!

Адзін танк стаяў нерухома і густа дымеў. У радах, што ішлі за ім, было замяшанне. Некаторыя пападалі на зямлю, бязладна адстрэльваліся, аглядваліся назад.

Другі танк таксама прыпыніўся. Але адразу ж адкрыў па ўзлессі лютую, няспынную страляніну. Потым, зароўшы, ірвануўся з месца і, як раз’юшаны звер, памчаў на ўзлессе, на партызан. Насустрач яму, спяшаючыся, загрукалі бранябойкі.

Схапіўшы гранаты, Крайко выглянуў з-за дрэва, выбраў зручную хвіліну і ўюном хутка папоўз наперад.

— Чаму сам? — хапіўся Туравец.

Васіль ужо нічога не чуў. Ён поўз, тулячыся да пасечаных кустоў, прыхоўваючыся вывернутай выбухамі зямлёй.

— Гра-на-а-а-ты! — крыкнуў Туравец, але ў грукаце страляніны словы яго мала хто пачуў. Ён паспешна ўставіў у гранату запал, сціснуўшы яе, падняў, паказаў усім.

Трывожна акінуў вачыма партызан, як бы правяраючы, ці не падвядуць.

Ён пачуў у перапынку між чэргаў натужны шум матора. Зямля дрыжала. Туравец выглянуў — танк ішоў не на яго пазіцыю, а збочыў, кіраваў прыкладна туды, дзе знаходзіўся камандны пункт Шабуні. За танкам пыхкаў струменем дым і валаклася хмарка пяску.

Мала хто бачыў, як з варонкі, ля зрэзанага амаль да зямлі куста, з боку ад танка, мільганула жвавая бялявая галава, хутка ўскінулася рука. Яны адразу зніклі з вачэй, і амаль тады ж з-пад гусеніцы танка коратка бліснуў агонь. Ледзь чутна грукнуў выбух. Але танк раптам дзіўна і рэзка хіснуўся, парнуў перадам, нібы спаткнуўшыся, асеў на адзін бок. З разлёту ён зрабіў круты круг і павярнуўся да ўзлесся задам. Нібы сабраўся вярнуцца.

Ухапіўшы вострым слыхам, што кулямёт б’е не ў яго бок, Туравец выглянуў. Танк стаяў як укапаны, нахіліўшыся, ахутаны пылам і дымам. Вежа яго хутка паварочвалася, неўзабаве з яе зноў забіў кулямёт. Танк абараняўся, чакаў, пакуль падыдуць пехацінцы. Але партызаны перад ім займалі даволі шырокі прасцяг, з імі цяжка было ўправіцца. Вежа танка безупынна круцілася. Ён нагадваў параненага звера, які не можа ўжо кінуцца наперад, але яшчэ мае сілы агрызацца.

У яго то адсюль, то адтуль кідалі гранаты, большая частка якіх не далятала. Узрадавана білі з бранябоек і вінтовак.

Танк пачаў дыміцца. Дымок цягнуўся спачатку скупымі струменямі. Потым на вежы паднялася накрыўка люка, і разам з клубамі дыму, што густа выбухнуў угару, на зямлю вываліўся танкіст.

Тады ўвесь агонь быў скіраваны на пехацінцаў, якія набліжаліся да сваёй машыны. Салдаты не спыніліся, не залеглі, а яшчэ напорней кінуліся наперад.

Вось яны ўжо абышлі машыну. Яны ўсё бліжэй, бліжэй. Ужо добра відны іх злосныя, потныя, распаленыя твары, мокрыя, зліплыя валасы...

Яны ўжо каля самага ўзлесся!..

Тое, што было далей, Тураўцу запомнілася не звязанымі, зблытанымі ўрыўкамі. Кароткай чаргой ён ва ўпор забіў аднаго салдата і раптам заўважыў, што дыск апусцеў. Збоку на яго наляцеў карнік, нацэліўся аўтаматам, і, мусіць, Туравец не ўправіўся б абараніцца, але нехта з партызан у той міг ударыў аўтаматчыка прыкладам па галаве.

 

...Ледзь толькі немцы пачалі адступацца, Туравец, як падхоплены хваляй, выскачыў з лесу. Ён чуў сябе дужым і лёгкім.

— Першы ўзвод! За мной!

Не азіраючыся, ён кінуўся за ўцекачамі, адчуваючы, што партызаны рушылі следам...

Толькі пасля таго, як, задыханыя, радуючыся перамозе, сталі вяртацца, Туравец заўважыў, што левая рука яго ные і рукаў намок ад крыві. Кроў запырскала гімнасцёрку і штаны. Калі яго параніла?.. Ён адчуў, што рука дзіўна пацяжэла. Падтрымліваючы яе здаровай рукой, заціснуўшы пальцам артэрыю, Туравец пайшоў да акопа.

— Дайце я перавяжу, таварыш камісар,— пачуў ён раптам голас Васіля Крайко.

Туравец мігам павярнуўся да хлопца, узрадаваўся: жывы і нават не паранены!

Васіль узяўся перавязваць Тураўцу рану. Хлопец яшчэ гарэў ад нядаўняга запалу, і рукі яго непаслухмяна дрыжалі.

— Далі мы ім, таварыш камісар! Відаць, больш не сунуцца.

— Не сунуцца, кажаш? Чорт іх ведае, сунуцца ці не,— адказаў камісар.— А што далі, то далі! Па-сапраўднаму адсыпалі.

— Поўнаю меркай!

Туравец агледзеўся. Усюды былі сляды нядаўняй бойкі. Поблізу ляжаў забіты салдат, другі, крыху далей, курчыўся ў перадсмяротнай агоніі. Побач з немцам, закінуўшы галаву, шырока адкрыўшы ў страшным крыку рот, знерухомеў назаўсёды забіты партызан. Мёртвы, ён яшчэ нібы крычаў пра боль, пра перадсмяротную пакуту. Зусім яшчэ малады, амаль хлапчук. Калі Туравец убачыў гэта, твар яго спахмурнеў і радасць сцішылася. Адразу больш заныла рана,— не ў тым месцы, дзе яна была, а вышэй, у локці.

У тую ж хвіліну ён улавіў, як нехта сказаў:

— Камандзіра роты забілі...

— Каго? — трывожна ўскінуўся ён.— Шабуню?..

Туравец, прытрымліваючы параненую руку, пабег да Шабуні.

Змітро ляжаў на траве, гімнасцёрка яго была задрана, і страшна бялеў жывот з танюсенькай істужкай крыві. Тураўцу кінулася ў вочы: Змітро стаў дзіўна непадобны на сябе. Твар быў бледны, бяскроўны, як у мёртвага; віслыя рудаватыя вусы здаваліся рэдкімі, на іх усё яшчэ ліпелі пясчынкі. Вочы былі заплюшчаны.

Каля яго наўколенцах, спалохана аглядаючы голы яго жывот, маленькую, амаль нявідную ранку, стаяла Ніна.

— Што ў яго?

— Кулявая. У жывот...— адказала шэптам яна.

Камісар хутка нахіліўся да Шабуні, узяў руку і адчуў ціхі, кволы адлік пульса.

Шабуня стомлена, з намаганнем расплюшчыў вочы, але позірк яго быў чужы і невідучы. На міг вочы запыніліся на гімнасцёрцы камісара, потым абыякава глянулі некуды ў неба і заплюшчыліся.

Ніна выняла бінт, пачала рабіць павязку. Перавязвала яна ціха, асцярожна, баючыся зрабіць балюча, твар яе пры гэтым перасмыкаўся ад болю, нібы раненай была яна сама.

Туравец адной рукой дапамог ёй павярнуць Шабуню на бок.

Шабуня застагнаў ад болю і апрытомнеў. У цьмяным позірку мільганула занепакоенасць. Туравец нахіліўся да яго.

— Ну, што... фрыцы?..

— Адбілі, Змітро. Адагналі фрыцаў. Ледзь уцяклі, гады. Паказалі пяты. А многа палажылі тут. Назаўсёды. Абодва танкі спалілі.

— Адбілі,— паўтарыў Шабуня і, памаўчаўшы, як бы збіраючыся з думкаю, прамовіў ціха:—Шкада...

— Чаго шкада? — не зразумеў Туравец.

— Не ў час... Шкада...

Шабуня зноў заплюшчыў вочы. Туравец падклаў яму пад галаву згорнуты пінжак, каб зручней было ляжаць, і загадаў хлопцам вынесці Змітра за лясок, да балота, дзе былі ўсе раненыя. Ніне сказаў:

— І ты ідзі туды, глядзі за ім. Зрабі ўсё, што можна...

Паглядзеўшы сумна ўслед Шабуні, Туравец паклікаў Дразда, дробнага, з чырвоным тварам чалавека, камандзіра другога ўзвода, і загадаў прыняць роту.

Прысеўшы потым каля дрэва, абапёршыся спіною аб шурпаты паранены ствол, каб перадыхнуць, ён неўспадзеўкі пачуў, як у перапынкі між рэдкіх стрэлаў мірна шумяць-гамоняць вяршыні сосен ды дзяўбе недзе сухадрэвіну дзяцел: дук-дук-дук-дук.

Сонца хавалася за поле. Здавалася, вось-вось магло падпаліць усё. Поле нібы бралася полымем.

Туравец заклапочана думаў аб тым, як ён будзе з партызанамі выбірацца адсюль, з гэтага лапіка зямлі. Ім цяпер застаўся адзін шлях — па балоце, па незнаёмых гнілых сцежках. Карта тут мала чым можа дапамагчы, на ёй толькі відаць вялізная, з блакітнымі рыскамі пляма. Яна не гаворыць аб тым, дзе і як можна прабіцца змораным людзям, якім трэба несці на сабе раненых і зброю.

«Тут жа недзе Дрозд працаваў да вайны! Недалёка адсюль!» — успомніў ён. Туравец загадаў паклікаць Дразда. Калі той падышоў, запытаўся, ці добра ведае балоты, ці зможа ўночы правесці цераз іх.

— Цяжкавата, Нічыпар: разліліся вельмі яны, балоты...

— Разліліся...

— Але нічога,— супакоіў Дрозд Тураўца,— думаю, што выведу...

 

3

Як толькі павечарэла, Туравец даў загад адыходзіць. Людзі між сосен адразу заварушыліся, пачалі вылазіць з ямак, з-за дрэваў, пацягнуліся з узлесся да ратоўнага балота.

Па ціхіх галасах, што адразу пажвавелі, Ніна Лагуновіч адчувала, як узрадаваліся людзі загаду. Іх мала непакоіла тое, што будзе заўтра, гэта, здавалася, было дзесьці далёка, да гэтага трэба было яшчэ дажыць. Іх больш хвалявала блізкае: вось пойдуць — і не будзе зараз трывогі такой і смерці.

Вечар быў ціхі і цёплы. Карнікі адпачывалі. З-за ельнічку даносілася чужая п’яная песня з выкрыкамі ды час ад часу кулямётныя чэргі дазорных, якія, мусіць, нудзіліся ў адзіноце...

«Ну вось, Аляксей, мы і скончылі дзень! Нялёгкі быў гэта дзень»,— праплыло ў Нінінай галаве. Ён даўно быў далёка, яе Аляксей, яе друг, яе муж, але яна ўвесь час адчувала яго поруч і часта, ці ў горы, ці ў радасці, нібы гаварыла з ім.

Даўно не бачыліся Ніна і Аляксей. Ён пайшоў у армію яшчэ да вайны, зімою, калі Ніна вучылася ва універсітэце, на апошнім курсе. Толькі паўгода яны і пражылі разам. Затое якія гэта былі паўгода: іншыя, напэўна, пражыўшы ўсё жыццё, не маюць столькі шчасця, колькі яны за тыя хуткія месяцы.

З першага ваеннага лета ад яго не было ніякіх вестак. І тады, калі кожны дзень і кожная гадзіна ў акупіраваным горадзе таілі небяспеку, і пазней, калі яна жыла ў атрадзе, усе гэтыя тры доўгія гады разлукі, Аляксей быў заўсёды з ёю. Падтрымліваў, абнадзейваў, даваў дужасці.

Робячы што-небудзь, Ніна звычайна думала, як бы на гэта паглядзеў Аляксей. І калі здавалася, што ён быў бы задаволены, радавалася.

Дзе ж ты цяпер, Аляксей?!

...Яна ўсё далей заходзіла ў лес, у якім яшчэ нямала траплялася варонак. Ногі і тут чаплялі ссечанае галлё.

Стала спускацца з пагорка ўніз і неўзабаве апынулася на куп’істай мяккай сенажаці. Шум крокаў, заўважыла Ніна, адразу змяніўся: не было чуваць больш трэску сухіх галінак, ногі аднастайна шорхалі ў высокай някошанай траве. У твар патыхнула халоднай балотнай вільгаццю.

Цемра хутка гусцела — закрывала не толькі кусты наводдаль, але і траву пад нагамі. «Як яны вядуць у такой цемры?» — мелькам падумала Ніна пра Тураўца і Дразда, якія ішлі ўперадзе.

Усе брылі моўчкі,— адчувалася, што людзі вельмі стаміліся. Было толькі чуваць, як шорхае трава пад нагамі ды часам рэзка бразгае жалеза.

Хутка мясціна, па якой ішлі, пагоршылася — зямля пад нагамі ўгіналася, пахіствалася. Усё часцей пачалі правальвацца нагамі, чвякаць тванню. Пачалася дрыгва.

У адным месцы пад тванню Ніна адчула слізкі, цвёрды пласт. «Лёд яшчэ...»

Партызаны, якія неслі Шабуню, часта спыняліся перадыхнуць: Шабуня быў поўны целам, важкі.

Напэўна, ад начной прахалоды ён зноў апрытомнеў.

— Хто вядзе роту? — перамагаючы боль, запытаў ён.

— Дрозд...

— Дрозд?..— Ён памаўчаў, папрасіў, каб паклікалі Тураўца.

Туравец неўзабаве падышоў.

— Нічыпар, ты?.. Прашу...— Шабуня гаварыў нязвычна, перарывіста, з прыдыханнем.— Паклапаціся, Нічыпар, пра маіх... малых... Перадай жонцы...— Ён памаўчаў, ці то думаючы, ці то збіраючы сілу, але так і не дагаварыўшы, што перадаць, запытаўся: — Ты чуеш?

— Чую, Змітро,— чую!

— Нічыпар...

— Што?

Ён раптам ціха, рашуча прамовіў:

— Пакінь мяне...

— Чаму гэта — пакінуць?

— Хопіць, Нічыпар... мучыць людзей...

Шабуня спакойна скончыў:

— Мне ўсё роўна мала засталося...

Ніна ведала, што Шабуня пражыве нядоўга. Ведала яна і тое, як пакутаваў ён ад болю, і з павагай адзначала, што, калі быў прытомны, ён не стагнаў. Толькі калі было вельмі балюча, лаяўся.

Ніна чакала: што Туравец адкажа на просьбу камандзіра роты. Паспрабуе давесці, заспакоіць, што ён выжыве? Скажа няпраўду, якой падтрымліваюць слабых і даверлівых?

— Не кажы глупства, Змітро! — знарок няласкава, строга, быццам загадваючы, прамовіў Туравец.

Ніне спадабаўся тон гаворкі Тураўца. З Шабуняй інакш нельга.

Нібы падмацоўваючы свае словы, Туравец здароваю рукою ўзяўся за біла насілак, Шабуня паспрабаваў пярэчыць, але нечакана замармытаў штосьці незразумелае: пачалося трызненне.

Наперадзе цьмяна зашарэла шырокая паласа вады.

«Што гэта? — стала ўзірацца Ніна.— Разліва якая ад балота? Ці, можа, рэчка?» Пабачыўшы, што Дрозд паслаў двух чалавек у разведку, Ніна намацала купіну і апусцілася на яе. Карыстаючыся прыпынкам, іншыя партызаны таксама сядалі, дзе трапілася, ціха перагаворваліся.

— Давайце сюды! — вынырнула з цемры постаць.

Усе заварушыліся, група выцягнулася ўсцяж вадзяной паласы. Гэта, аказалася, была рэчка. «Відаць, Турэйка»,— падумала Ніна.

Перш за ўсё пачалі перапраўляць раненых. Рэчка была даволі глыбокая, і насілкі з раненымі прыходзілася трымаць на плячах. Калі першыя перабраліся на той бок, Ніна, паклаўшы камсамольскі білет і іншыя дакументы пад хустку, каб не замачыць, пайшла таксама ў ваду.

З кожным крокам Ніна апускалася ўсё глыбей.

Вада ўжо даходзіла да грудзей, а дно ўсё зніжалася. Вада была такая халодная, што ў Ніны зацяло дыханне.

«І як гэта ніякая хвароба не адужае мяне?» — мімаволі падумала яна.

Калі выйшла на бераг, здавалася, што ўся заледзянела. Усю трэсла ад холаду. Адзенне хлюпала і ліпла да цела.

Адразу хутка рушылі далей, стараючыся ў хадзе сагрэць сябе,

 

4

Павеяў жвавы ветрык: пачынала світаць. Халодная красавіцкая ноч канчалася, але неба на ўсходнім баку, зацягнутае хмарамі, было цёмнае, панурае.

Туравец дазволіў спыніцца. Людзі, стомленыя, знясіленыя ад бяссоння і цяжкай дарогі, адразу валіліся на зямлю і засыналі,— адно чуліся глухія стогны раненых ды часам моцнае слова, якім хто-небудзь суцішаў свой боль.

Людзі спалі непрабудна, хоць неўзабаве паліў моцны дождж і рэдкія, з кволым лісцем галіны дрэў, што былі над імі, амаль не ахоўвалі ад вады.

Прысеўшы каля куста, Туравец таксама паспрабаваў заснуць, але ў яго так балела галава і гарэлі вочы, што сон не прыходзіў.

Праз нейкі час вецер разагнаў хмары ў вышыні і дождж сціх. Адразу пасвятлела. Відаць, ужо ўзышло сонца, але яно не магло прабіцца праз хмары, што аблажылі небасхіл.

Цяпер, калі непакой сцішыўся, Туравец стаў больш адчуваць, як ные параненая рука.

Павязка за ноч аб’ехала, намокла на дажджы, бінты скруціліся, як жгуты. Туравец паправіў іх другой рукой, рассунуў так, каб яны лепш прыкрывалі рану: «Хоць бы не было гангрэны. Гэтыя эскулапы, не задумваючыся, адрэжуць руку».

Туравец сеў на траву і, стараючыся не вярэдзіць раненую руку, зняў боты, выліў ваду. Выкруціў мокрыя анучы,— прыціскаючы адзін іх канец нагамі да травы. Аж змарыўся з непрывычкі, пакуль пераабуўся...

Ён крыху адышоў ад мясцінкі, дзе спалі ўсе, адшукаў маленькую лужыну. Яе акружалі з трох бакоў раскідзістыя кусты. На галлі алешын з пупышак, якія толькі палопаліся, выглядвалі вострыя згорнутыя лісточкі, акропленыя ранішняю расою. Вада была такая празрыстая, якая можа быць толькі ў лесе і ўвесну, у ёй, як у лепшым люстры, адбіваліся кусты і цьмянае неба.

Туравец спыніўся на самым беражку, сярод светла-зялёнай мокрай травы, што мякка слалася пад нагамі. Нахіліўся над вадою, убачыў сябе: схуднелы аброслы твар, смаляныя калматыя валасы. Не было калі і пагаліцца! Нахіліўся і, стараючыся не патрывожыць раненую руку, зачарпнуў жменяй вады і пырснуў у твар. Калі, скінуўшы кроплі з твару, ён адступіўся ад берага і выцерся краем вільготнай сподняй сарочкі,— стаў адчуваць сябе больш бадзёра і свяжэй.

З-за блізкіх кустоў вырвалася і прашумела чарада качак: фр-фр-фр. Ён правёў іх вачыма, мімаволі прывычна разлічваючы, колькі трэба б «выносіць» ствол стрэльбы.

«Крыжакі. Качак у гэтым годзе процьма».

Ён быў заядлым паляўнічым, але думкі пра качак адразу адышлі: не да таго, не да іх. Заныла ў грудзях: эх, Змітро, Змітро...

На нейкую хвіліну хмары на небасхіле разарваліся, і з іх цікаўна глянула сонца. На мокрых ад расы кустах, траве зазіхацелі ранішнія праменні. Сонечны прамень нібы пранік у сэрца Тураўца, у якім стаяў змрок мінулай ночы.

Туравец адчуў, што вельмі галодны.

Ён пашукаў у кішэнях — нідзе не было ніводнай хлебнай крошкі. Стаў успамінаць, калі еў апошні раз,— ён спехам, сяк-так падсілкаваўся ўчора ўранку, а потым усё — бой, бой, клопат, не было калі пра яду нават падумаць...

Ці бедаваў пра Шабуню, ці адганяў боль у руцэ, увесь час трывожыла адно, галоўнае: «Што з брыгадай? Што з іншымі атрадамі?»

Брыгада павінна пераправіцца цераз балота і сабрацца ў Загальскім лесе, так яны дамовіліся з Ермаковым. Але ці ўсе ў парадку пераправіліся, у якім стане атрады, ці гатовы яны да бою, які настрой у людзей пасля ўчарашняга дня — пра гэта ён мог толькі гадаць. Ён нічога не ведаў цяпер пра брыгаду, у такім стане вымушан быў сядзець у нейкім балоце, трывожыцца ад невядомасці!

Да яго з дзіўным, вінаватым тварам падышла Ніна і, не гледзячы ў вочы, сказала:

— Шабуня... памёр.

Хоць вестку, якую Ніна прынесла, Туравец са страхам чакаў, яна ўзняла адчуванне горычы і бездапаможнасці. Нічога не гаворачы, Туравец устаў, пайшоў за Нінай.

Шабуня ляжаў выцягнуўшыся, нерухомы і непрывычна спакойны. За ноч ён так схуднеў, што цяжка было пазнаць; вусы звіслі ніжэй, рабілі твар вузейшым і доўгім.

«Не ў час... шкада»,— згадалася раптам Тураўцу. Згадалася, што зусім нядаўна Шабуня непакоіўся, як будзе дабірацца да сваіх...

— Ідзі, адпачні,— зірнуў Туравец на Ніну,— хутка пойдзем.

Нахіліўся, пацалаваў таварыша, адчуў на шчацэ мяккі дотык вусоў. Выняў з яго кішэні партбілет, усе дакументы. Асцярожна, быццам баючыся разбудзіць, накрыў палаткаю.

Неяк не верылася, што Шабуня памёр. Змітро быў адным з тых, хто разам з Тураўцом ствараў брыгаду. Тураўцу здавалася, што Шабуня заўсёды, век будзе з ёю.

І вось Шабуні ўжо няма...

Горкая туга сціснула горла Тураўца, напоўніла яго сэрца, і ад гэтага ўсё навокал зноў пацямнела. Апанаваны горам, разгублены, ён пайшоў, не выбіраючы дарогі, абы-куды, усё не мог суцішыцца.

Ён натрапіў на вартавога. На варце быў юны парывісты Крайко, што падарваў танк. Ён стаяў, прытуліўшыся спіною да невысокай балотнай бярозкі.

— Не спіцца, таварыш камісар? — вывеў хлопец з забыцця Тураўца.— І мне таксама — ну, праўда,— не хочацца спаць. Хоць і аўтамат проста з рук валіцца.

Ён, было відаць, узрадаваўся, што ёсць з кім пагаварыць, што можна парушыць нудную, цягучую маўклівасць, якая акружала яго.

— Камандзір памёр,— сказаў Туравец.

— Памёр...— адгукнуўся Крайко.— Эх!

У гэтым «эх» Туравец адчуў няўцешную крыўду і боль.

— Добры камандзір і чалавек быў... незаменны.

— Незаменны.

Васіль некалькі хвілін маўчаў.

— Таварыш камісар,— парывіста сказаў ён,— а калі я... падам у партыю, могуць прыняць?

— Прыняць? Думаю, могуць...

— Вы ведаеце,— загаварыў даверліва Васіль,— я даўно хацеў сказаць вам аб гэтым, ды неяк не асмельваўся. У партыю ж людзей асобых прымаюць. Не то што сумленных, бо і я таксама сумленны, а асобых — самую гвардыю. А цяпер — падам...

— Падавай.

— Не можа быць, каб не прынялі, а? Я гэту свалату буду так біць, так біць!..

 

5

Пабудзіўшы некалькі партызан, Туравец папрасіў іх выкапаць на невялічкім узгорку, паблізу блізнят-бярозак, магілу для Шабуні. Паспрабаваў і сам капаць, але рабіць гэта адной рукой не здолеў, і ён аддаў рыдлёўку. Адышоўшы крыху ўбок, Туравец зняў гімнасцёрку, разаслаў на кусточку, каб высахла.

Сонца ўзнялося над хмарнай аблогай, і ўсё навокал урачыста зіхацела. Было на дзіва свежа і чыста. Такія раніцы, ведаў Туравец, бываюць толькі вясною; яны падымаюць і бадзёраць чалавека,— само паветра такое, што лье ўсярэдзіну сілу.

У гэты час Туравец заўважыў, што прачнуўся Грэчка. З учарашняга дня камісар з асаблівай увагаю прыглядваўся да Грэчкі: усё помнілася, як той у цяжкую хвіліну рынуўся ў кусты, кінуў усіх. Заўважыў Туравец і тое, што Грэчка ўвесь час спаў трывожна, стагнаў у сне і прасіў аб нечым.

Грэчка сеў, пачухаў галаву, агледзеўся вакол соннымі вачыма. Як толькі вочы яго ажылі, на твар лёг пакутны цень. Грэчка занепакоена ўлавіў на сабе позірк і зірнуў на Тураўца,— камісару здалося, што ён хоча аб нечым запытацца, але не асмельваецца. Калі Грэчка азірнуўся, Тураўцу раптам успомнілася, як ён глядзеў учора, калі чарга аўтамата спыніла яго.

Грэчка ўстаў, адышоў крыху і ўбачыў раптам Шабуню. Ён хутка, амаль спалохана адвярнуўся ад нябожчыка, падаўся прэч. Вярнуўшыся да лужы, Грэчка стаяў некалькі хвілін як бы ў глыбокім роздуме. Туравец бачыў толькі яго калматую галаву і плячо, што віднеліся між лазовых кустоў. Вярнуўся ён не памыўшыся, з чорнымі тарфянымі плямамі на твары.

Грэчка лёг, але не заснуў і хутка зноў падняўся. Дастаў з кішэні кавалак хлеба, стаў цяжка жаваць. І ўсё панура маўчаў, паглыблены ў нейкія свае думкі. Пра што ён думаў?

Туравец неўзабаве загадаў яму будзіць усіх.

Ніна доўга не магла адолець сну.

— А-а? Устаць? Добра, зараз,— мармытала яна, не расплюшчваючы вачэй, але, калі Грэчка адышоў, зноў заснула.

У другі раз Грэчка быў больш настойлівым, не адступіў датуль, пакуль яна не ўстала. Цяжка было Ніне расплюшчваць непаслухмяныя павекі, ранішняе зіхатлівае святло рэзала невідушчыя, хмурныя вочы. Можа, лепш было б, каб яна не лажылася зусім.

Ужо амаль усе сабраліся, і Ніна, як толькі адужала сон, заспяшалася, каб не адстаць ад іншых. Спехам памылася, выцерла твар і рукі ручніком і хуценька прычасала скалмачаныя, крыху кучаравыя валасы.

Шабуню хавалі маўкліва і проста. Развітальнага залпу не было, недзе блізка маглі таіцца немцы. Не было слёз, усіх трывожыла няпэўнасць становішча.

— Шукаць трэба сваіх хутчэй,— сказаў Крывец, пажылы кулямётчык, калі на свежым шэрым капцы Дрозд паставіў тонкі слупок.— А то як пчолы, што адбіліся ад вулля.

Грэчка панура адгукнуўся:

— А што там!.. Можа — рожкі ды ножкі...

Туравец, што ўжо чакаў каманды Дразда ісці, павярнуўся з іроніяй да Грэчкі:

— Адкуль у цябе, прыяцель, весткі такія?

Грэчка, прыладжваючы мяшок за плечы, падняў позірк на камісара, панура зіркнуў:

— Дзе ж брыгада?

Туравец адчуў, як усе сціхлі, чакаючы адказу.

— Брыгада там, дзе ёй трэба! — сказаў ён спакойна і цвёрда.— А цябе, прыяцель, прашу язык за зубамі трымаць, каб не матляўся лішне. Думаць трэба лепш.

— Сыдземся са сваімі — лягчэй будзе... Адным роем...— адгукнуўся Крывец.

— І другія так жа... драпаюць,— не ўтрымаўся Грэчка. Ён, ні на каго не пазіраючы, паварушыў плячыма, праверыў, як сядзіць мяшок, узяў у рукі вінтоўку.

Але тут да яго парывіста ступіў Васіль. Сціснуўшы аўтамат, Васіль змераў Грэчку бязлітаснымі блакітнымі вачыма, што гарэлі ад гневу і абуранасці.

— Што? М-мы драпаем? — спытаў заікаючыся, з пагрозай. Гатовы быў, здавалася, зараз жа ўхапіцца загрудкі.— М-мы драпаем?

Ніжняя, па-юнацку пухлая губа яго дрыжала. Грэчка неспакойна азірнуўся вакол, шукаючы падтрымкі, але сустрэўся з насцярожанымі, непрыхільнымі позіркамі.

— Ну, не драпаем, не драпаем... Ваюем!.. Прывязаўся!..

— Сам — драпаеш, дык і кажы на сябе!

Туравец, што сачыў за гэтай сцэнай, загадаў выступаць. Лепшага адказу на словы Грэчкі і не трэба было. «Раскіс сам ды яшчэ над другімі каркае!» — падумаў Туравец непрыязна, рашыў, што трэба будзе наглядаць за Грэчкам.

Крайко неахвотна адступіўся ад Грэчкі, з сілай кінуў аўтамат за плячо.

— Драпаюць! Бач ты, зараза...

Ён доўга не мог супакоіцца.

Прыкры ўспамін аб размове з Грэчкам не пакідаў і Тураўца.

Прайшоўшы крыху, ён, нібы правяраючы настрой людзей, азірнуўся назад і ўбачыў непадалёк Ніну. Туравец заўважыў: светлы, з дзявочымі рысамі твар, на які выбіваліся з-пад хусткі пасмамі жытнія валасы, за гэтую ноч асунуўся і пашарэў. Яна ступала за ім, гледзячы на сляды, як бы баялася згубіць сцежку.

Ступіўшы ўбок, ён прапусціў некалькі чалавек паўз сябе. Гледзячы дапытліва на іх, Туравец сустрэўся позіркам з Васілём. Ад чыстых даверлівых вачэй хлопца вярнулася адчуванне таго, што гэтыя людзі гатовы на ўсё, непрыемны недавер згас.

Раптам наперадзе, там, дзе ішоў пярэдні дазор, прагучалі аўтаматная чарга і некалькі асобных стрэлаў.

Усе адразу спыніліся. Іх абступаў вакол часты хмызняк, над якім дзе-нідзе ўзносіліся рослыя асіны і вольхі.

Туравец паслаў Васю Крайко даведацца, што здарылася.

Там перастрэлка памацнела, і Туравец, не чакаючы Крайко, стаў прабірацца між кустоў наперад, трымаючы аўтамат напагатове. Па дарозе ён спаткаўся з Васілём, які вяртаўся назад. Хлопец сказаў, што партызаны наткнуліся на групу немцаў.

— Колькі іх?

— Цяжка сказаць. Не відаць іх. Хаваюцца ў зарасніку... Але калі меркаваць па страляніне, іх небагата.

— Калі меркаваць па страляніне? — У Тураўца была звычка перапытваць. Перапытваючы, ён пазіраў на таго, хто казаў, як бы хочучы яшчэ штосьці даведацца.— Ну, брат,— гэта рызыка. Або, або...

Магчыма, гэта была ўсяго адна з невялікіх вандроўных дэсантных групак, якія гітлераўцы часта пасылалі ў раёны блакады, каб нарабіць больш панікі. Але верыць вельмі ў гэта не прыходзілася, бо частка карнікаў магла да часу сядзець ціха або таіцца дзе-небудзь непадалёк. Немцы, мусіць, таксама не ведалі пра сілы партызан,— атрымаўшы адпор, яны не высоўваліся, абмяжоўваліся стралянінаю.

Туравец і Дрозд рашылі не завязваць бою, ён не абяцаў нічога добрага. Людзі стаміліся, патронаў і гранат мала,— а самае галоўнае,— трэба хутчэй дабірацца да сваіх.

Не чакаючы, пакуль карнікі апамятаюцца, Туравец загадаў адыходзіць,— трэба абысці засаду.

Перабягаючы ад куста да куста, прыкрываючыся невялікай заслонай, партызаны пачалі паспешліва аддаляцца ад месца сутычкі. Неўзабаве стрэлы сталі чуваць справа, пасоўваючыся назад, потым зусім сціхлі. Немцы не адважыліся ісці за імі ці, можа, страцілі след.

Як бы там ні было, адышлі добра. Але калі праз некалькі кіламетраў, прадраўшыся цераз хмызняк, выбраліся ў сасновы лес і на прывале праверылі людзей, аказалася, што прапаў Грэчка.

— Хто ведае, што з ім? — запытаўся Туравец, акідваючы позіркам людзей, што сядзелі і ляжалі навокал.— Ён не быў ранены?

— Здароў быў... Ды яго каля немцаў і блізка не было. Я бачыў, ён спыніўся пераабуць бот.

— Уцёк, з-зараза,— сказаў з упэўненасцю Вася,— ручаюся, у-уцёк.

Добры, жаласлівы кулямётчык Крывец, пыхнуўшы папяросаю з лісця, запярэчыў:

— Сказаў! Пэўна, адстаў дзе-небудзь ці заблудзіўся.

 

6

Грэчка ў гэты час быў далёка.

Калі завязалася перастрэлка, ён адчуў, што ў гэтую хвіліну можа рашыцца лёс, што, калі не крутнуць куды-небудзь убок, усё можа кончыцца кепска. Да таго, бачыў ён, вяло ўсё ў апошнія дні, у блакаду.

Ён бачыў гэта не першы дзень, але ўчора ён скеміў гэта асабліва ясна. Дурнем трэба было быць, каб не скеміць гэтага. Ён скеміў. І з учарашняга дня толькі і думаў пра тое, як бы крутнуць убок, выратавацца, пакуль не позна.

Пра гэта ён думаў увесь час, але ўсё не адважваўся, ды і не было належнага выпадку. Цяпер жа небяспека прыдала яму рашучасці. Ён бачыў, што трэба дзейнічаць неадкладна, трывожна і нецярпліва чакаў зручнага моманту.

Як толькі добра адышлі ад немцаў і кулі перасталі свістаць над галавою, Грэчка прыпыніўся.

— Пераабуцца трэба! — мармытаў ён больш сам сабе, бо яго ніхто не слухаў, ніхто не пытаўся ў яго.— Эх, чорт, усю нагу сцёр рубец!..

Застаўшыся адзін, крыху перачакаўшы, ён з недавер’ем прыслухаўся, асцярожліва азірнуўся, ці не сочаць за ім. Пераканаўшыся, што не сочаць, што ён адзін, Грэчка пачаў амаль наўколенцах ад куста да куста адступаць ад сцежкі, па якой пайшлі іншыя. Потым выпрастаўся і, ужо не стрымліваючыся, не тоячыся, пабег на ўсю моц, як дзік ад пагоні. Ён не шукаў дарогі, абдзіраючы твар, ламаўся напрасткі, праз густое вецце лазняку, алешніку.

Толькі выбіўшыся з сілы, задыханы, спыніўся і азірнуўся навокал.

Ззаду наводдалек яшчэ чуліся стрэлы, але тут было ціха. Спакойна, мірна.

Хоць лісце толькі распускалася, вакол абступаў прыцемак. Летам у гэтым месцы, мусіць, зусім цёмна. Гушчар.

Ён пайшоў павольней. Сэрца яго ад нядаўняга бегу, ад перажытага непакою яшчэ шалёна білася.

Грэчка палез цераз гнілое, асклізлае ламачча глыбей у зараснік.

Баяцца цяпер, здаецца, не трэба...

На зламаным, напалову струхлелым дрэве, з якога ўжо лапінамі адвалілася кара, прысеў адпачыць.

Тут, калі да яго з адпачынкам прыйшло адчуванне лёгкасці, волі, ён убачыў у сваіх руках вінтоўку, якую дасюль немаведама чаму трымаў. Грэчка здзіўлена пакруціў яе, нібы разглядаў упершыню. У ім раптам ускінулася злосць на яе, з якой было столькі цяжкіх часін, якой ён павінен быў служыць, якую даглядаў, цягаў на сабе, намульваючы плечы. Ён з усяе сілы стукнуў яе ложам аб пень. Тады размахнуўся і шпурнуў за куст.

Неспакойны позірк яго перабег на палатняную сумку. Калі Грэчка раскрыў яе, у вочы весела бліснулі патроны — іх было дзесятка паўтара. Ён з той жа злараднасцю, з якой кідаў вінтоўку, выбраў іх па аднаму і падэшвай ботаў моцна ўтаптаў у чорнае гнілое лісце, якое тут мокла ўсюды.

Калі ўбачыў, што сумка апусцела, яго недарэчна крануў запознены жаль: ён яшчэ нядаўна трывожыўся, што ў ёй было мала патронаў.

«Няма дурных лезці ў пельку»,— падумаў Грэчка, адчуваючы ў сабе прыліў упартасці, злосці. Ісці на згубу сваю, на пагібель?.. Не, няма дурных!..

«Няхай ідуць тыя, у каго няма галавы, каму не хочацца жыць».

А ён не пойдзе.

Ён хоча жыць.

Аднаму, як-ніяк, лягчэй уратавацца. Любая нара, любы выварацень табе схова, ніякі чорт цябе не знойдзе, калі ты адзін. А то паўзе гэтакі хвост, столькі народу — увесь час на віду, як які-небудзь табун...

Ну, вось і абышлося ўсё, дзякуй богу. Выкруціўся так, што не заўважылі, здаецца. Не заўважылі. А калі і заўважылі, невялікі страх, не да яго ім цяпер, сваю шкуру выратаваць бы, не да яго, канечне...

Аднак, нягледзячы на гэтыя, такія цвярозыя, надзейныя развагі, неспакой з сэрца чамусьці не ападаў.

Раптам ён здрыгануўся: здалося — што з паўзмроку з-за плеціва галля хтосьці цікуе.

Ён трывожна азірнуўся. На крывой галіне, узмахваючы крыламі, каб утрымаць раўнавагу, сядзела чорная глюгастая птушка, сачыла за ім вострым драпежным вокам.

Грэчка дрыжачымі рукамі схапіў асклізлы сук і люта шпурнуў у яе. Груган неахвотна ўзляцеў. «Чорт цябе прыцёг сюды, пачвара!»

Грэчка пачаў абдумваць, як быць далей.

Тут недалёка яго вёска, яго хата. Ён зойдзе да жонкі, набярэ хлеба, сала і перасядзіць навалу. А там, там будзе відаць.

Неяк трэба перачакаць ліхі час.

Ён падняўся і, прыслухоўваючыся да наваколля, рушыў туды, дзе, меркаваў, была яго вёска.

 

РАЗДЗЕЛ ІІ

 

1

Дарога была несамавітая: то грузлі ў балоце, то прадзіраліся праз гушчары, то ўброд цягнуліся цераз нейкія рэчкі, зарослыя аерам ды асакою. Не толькі раненыя, але і здаровыя партызаны знемагліся. А самае прыкрае, напэўна, было тое, што пачалі адчуваць голад. Больш за суткі нічога не елі.

У розных баках раз-пораз бухалі гарматы. Над галавою, з натужным ровам, ад якога стагнала зямля, сунуліся важкія бамбардзіроўшчыкі. Выразна былі відаць тупарылыя шкляныя насы, жоўтыя наканечнікі на крылах з чорнымі крыжамі. Самалёты ляцелі па аднаму, групамі, неслі смертаносны груз; неўзабаве там, куды яны кіравалі, было чуваць нутраное, важкае: гух, гух, гу-гух. Назад яны вярталіся лягчэйшыя, раўлі спакайней, нібы спатоліўшы сваю прагу да крыві.

Часта, вышукваючы здабычу, з уедлівым звонам праносіліся вёрткія і быстрыя «месершміты».

Заўважыўшы самалёт, усе спяшаліся дзе-небудзь схавацца.

Калі прабіраліся праз зараснік, то натрапілі на некалькі чалавек, насцярожаных, трывожных. Гэта былі людзі з блізкай вёскі, што ратаваліся ад карнікаў. Пажылая жанчына з сумнымі чорнымі вачыма, каля якой маўкліва ціснуліся двое дзяцей, запыталася ў Васіля:

— Няўжо могуць яны сюды дайсці? Ці, можа, партызаны не прапусцяць?

У яе вачах быў страх. Толькі сёння ўранні яна выратавалася ад смерці: выскачыла з сяла, што ўжо акружылі карнікі.

Тут хавалася некалькі сем'яў: жанчыны, старыя і дзеці. Поблізу, прывязаная да бярозкі, звешвала галаву рабая, з белай лысінкай карова, мыза яе была абвязана хусткай.

Людзі згаварыліся перасядзець разам у лазняку, пакуль не сціхне блакада, калі можна будзе вярнуцца ў сяло.

Неўзабаве партызаны наткнуліся на дзяцей, што сядзелі купкаю пад арэхавым кустом, на якім толькі што пачыналі распускацца жоўтыя лісточкі.

Убачыўшы ўзброеных людзей, дзеці спалохана ўскочылі. Іх было чацвёра. Большая з іх, хваравітая, з доўгімі, абадранымі ножкамі дзяўчынка, схапіла хлопчыка, прыціснула да худых грудзей, як бы абараняючы. Вочы яе з-пад крутога лба глядзелі непадкупна. Было відаць, што хоць яна і бяссільная, але ўсё-такі не дасца ў рукі без бою.

Дзяўчынка з круглымі вачыма, у зрэбнай кашулі, разадранай да пояса, загаласіла:

— Мама-а! Мама-а! А-а-а!

Яна раптам упала ніцма, затрэслася, стала біць маленькімі бруднымі кулачкамі па зямлі.

— Дурныя, чаго ж вы баіцеся? Мы ж партызаны,— сказаў Васіль.

— Гэта ж партызаны! — адгукнуўся большы хлопчык такім голасам, нібы зрабіў сам важнае адкрыццё. Ён паказаў на ордэн Чырвонай Зоркі на гімнасцёрцы камісара. Хлопчык быў, можа, равеснікам старэйшай дзяўчынкі. Твар яго да самых вачэй закрывала вялікая шапка з паламаным шырокім казырком.

Ніна паспрабавала падняць дзяўчынку, але тая тузалася, ірвалася з рук, драпалася пазногцямі. Мармытала пасінелымі губамі: «У-у-у... ма...»

Дзіця не слухалася ўгавору.

— Замоўкні, зараз жа! — неспадзявана строга, нібы загадваючы, крыкнула Ніна.

Васіля здзівіла, што яна, заўсёды ласкавая і добрая, так сурова абыходзіцца з малою, але ён не сказаў нічога, верыў Ніне. Калі яна так гаворыць, напэўна, гэтак і трэба.

І праўда, малая адразу сціхла, спалохана скурчылася і з асцярогаю паглядзела на цёцю, Ніна лагодна пахваліла:

— Вось так!

— Яна ў нас гэтак ужо трэці раз,— загаварыла старэйшая дзяўчынка, усё яшчэ не выпускаючы з сваіх рук хлопчыка.— Як толькі напалохаецца, дык і пачне лямантаваць: «Мама». На ўвесь лес. Мы ёй сказалі, што кінем, калі яна будзе крычаць. Тады яна сказала, што больш не будзе.

— Дзе ж вашы бацькі? Чаму вы адны? — запытаўся Туравец.

Аказалася, што дзеці ўжо другі дзень ходзяць па лесе адны, не могуць ніяк знайсці сваіх людзей. Яны не баяліся цемры і адзіноты ў вялікім лесе, у іх маленькіх сэрцах жыў страх перад гітлераўцамі. Толькі б не спаткаць іх!

Старэйшая дзяўчынка, якая трымала на руках брата, паскардзілася, як сталая:

— Гора мне з ім, ён жа яшчэ дзіця. А ў нас мамы няма... Спалілі...

Хлопчык у вялікай шапцы, аказалася, быў сынам камандзіра ўзвода ў атрадзе імя Кутузава.

Другая дзяўчынка Галя,— якая плакала,— згубіла маці, калі наляцелі самалёты. Напалоханая, сярод страшнага грукату, яна ўскочыла і, не цямячы нічога ад жаху, пабегла, а калі апамяталася і пачала шукаць маці, той нідзе не было. Невядома дзе падзелася. Пад вечар дзяўчынка напаткала другіх дзяцей, такіх, як сама, яе ўзялі ў гурт і падбадзёрылі.

Яны згаварыліся шукаць партызан, а каб смялей было, хадзілі ўсюды разам.

Туравец загадаў забраць дзяцей.

— Пойдзем з намі,— сказала Ніна Гальцы,— да партызан, да тваёй мамы.

Дзяўчынка яшчэ хліпала, размазвала кулачком па твары слёзы, але, было відаць, паспакайнела. Хліпала, мусіць, больш таму, што не магла яшчэ суняцца.

Яна падала Ніне руку і сказала даверліва:

— Пойдзем. А я думала, што вы паліцаі і заб'еце нас.

Стараючыся ісці поруч, не адставаць, зірнула васільковымі вачыма знізу:

— Цёця, а... у вас хлеба няма? Мне дужа есці хочацца...

 

2

Перад вечарам прыйшлося спыніцца: людзі змагліся.

Набліжалася навальніца. Хоць быў яшчэ дзень і сонца не заходзіла, вакол пацямнела, нібы вечарам. Дрэвы, што абступалі з усіх бакоў, гулі неспакойна, нядобра. Ад іх гулу на сэрцы Ніны стала трывожней. Вецер хутка гнаў цёмна-сінія дымныя хмары, засцілаў імі ватныя клубістыя воблакі, што дасюль былі на небе.

Воддаль час ад часу гуркатала, нібы ад выбухаў гармат. Потым загрымела бліжэй, непаспешліва, перакатам, басіста.

— Гром?! — не паверылася Ніне.

— Гром!..

— Першы! Яшчэ не грымела...

Не прайшло і паўгадзіны, як хмары закрылі ўсё неба. Яны паўзлі так нізка, што, здавалася, чапляліся за вяршыні дрэваў,— спод іх быў увесь пашматаны і вісеў клоччам.

Дрозд загадаў зрабіць буданы для начлегу. Людзі, адольваючы стому, з ахвотай узяліся за працу. Застукалі, як бы спрачаючыся, цесакі і нажы, затрашчала галлё, лес напоўніўся жвавым гоманам.

Ніна завіхалася разам з усімі, стараючыся ўправіцца да таго, як пачнецца дождж. У яе былі памочнікі — дзеці, яны памагалі заўзята, з радасным галасам.

Раптам вецер сціх. Усё насцеражылася і замерла. Толькі, не спыняючыся, рушылі і рушылі хмары.

Калі пачаў крапаць дождж, Васіль накрыў будан палаткай і скамандаваў дзецям забірацца ўсярэдзіну. Хлопчыкі паслухмяна палезлі. Галька ж, зазірнуўшы ў цемру будана, адсунулася назад, баязліва аб’явіла:

— Не відна нічога!

— Не бойся, дурненькая!

Ніна забралася следам за ёю, прытуліла малую да грудзей.

Над галавою моцна трэснула, змрок будана працяла кідкім полымем.

— Ма-ама!..

— Ціха ты — гэта гром!

Ёй было чуваць, як у дзяўчынкі часта калоціцца сэрца,— Ніну ўсю напоўніла мацярынская пяшчота. Яна чула прытуліла дзіця.

— Якая ты смелая,— сказала дзяўчынка.— І цёплая,— дадала яна, памаўчаўшы.

Ніна ўсміхнулася.

Пасля іх запаўзлі Дрозд, Васіль і два партызаны — раненыя. Дзецям стала зусім нястрашна, хоць знадворку гулі сосны і тут, у будане, нічога не было відаць. Палатка ўгары ад дажджу лапатала.

— Дожджык добры,— для азіміны акурат,— раптам пачуўся ў цемры голас Дразда.

Хтосьці працягнуў задуменна, прытоена:

— Та-ак, для азіміны акурат...

— Залаты! — ахвотна, задаволена адгукнуўся Дрозд.

Ніну не здзівіла гэта ўцеха Дразда, натуральна было чуць такое ад яго. Навек цывільны быў гэты чалавек. Столькі ўжо ваяваў, а ўсё мала было вайсковага і ў вобліку, і ў паводзінах. Нават даваць каманды па-вайсковаму дагэтуль не навучыўся: «Зрабі, Сяргей, тое»; «Пайдзі паглядзі, Іван, ці не немцы там». Яго ў вочы называлі камандзірам, а за вочы, жартам,— «старшынёй», старшынёй калгаса, лічылі, што апошняе больш адпавядала. Жартавалі, што ён вёў дакладны ўлік працадзён: за падарваны эшалон — тры, за разбіты гарнізон — па паўтара на кожнага...

— Добры дождж... Толькі не ў час,— пашкадаваў той, прытоены, голас.

— Чаму гэта не ў час?..

— Не ў час,— заявіў голас.

— Э, кажаш... Дзе цяпер нашы? Ля Жлобіна ды пад Магілёвам, так?.. Не ўсё ж лета будзем тут сядзець...

Дрозд, сапучы, стараючыся ямчэй уладзіцца, ціха, разважліва меркаваў:

— Хутка ўжо і за касу, за сярпок трэба будзе ўзяцца. Хутка... Жыта-то, відаць, будзем прыбіраць мы... Вось і добра, што дожджык.

— Каб жа так было,— уздыхнуў адзін з раненых.

— Будзе. Чуе маё сэрца, будзе,— прароча паабяцаў Дрозд.

Пасля гэтых слоў усе дарослыя маўчалі. Думалі кожны пра штосьці сваё. Ніне здавалася, што калі не ўсе, то большасць, мусіць, думаюць пра адно. Пра тое, што зачапіў Дрозд. І тое, што людзі гавораць і думаюць не аб прыкрым, што трывожыла ўдзень і што чакае заўтра, а пра далёкае, дарагое, як бы абнадзейвала яе. Яна думала, як дзіўна гучыць гэта гаворка тут, перад невядомасцю, што чакае іх заўтра і потым. «Нібы заўтра трэба будзе ісці ў поле...» І ўсё ж адчувала ў гэтым штосьці вельмі добрае, вельмі патрэбнае ёй, усім...

Па палатцы, не сціхаючы, сек дождж.

 

3

Яны начавалі блізка ад брыгады. Уранні Туравец са сваёй групай быў ужо ў атрадзе «За Радзіму». Там ён даведаўся, што штаб брыгады стаў непадалёк, у гэтым жа лесе, на паўночнай ускраіне.

— Вось мы і дома! — задаволена сказаў камісар.— Цяпер мы жывем!

Усе, хто ішоў з ім, таксама адчулі сябе «дома», пажвавелі, падужэлі. Яны былі не адны, тут з імі ўся партызанская сям’я. І хоць у гэтай сям’і нельга было разжыцца на тытунь, ды і з хлебам было скупа, радасць людзей ад гэтага не спахмурнела. Самае галоўнае, што скончыліся бадзянні, невядомасць і трывога.

Бачачы, як павесялелі дарослыя, сталі радавацца і дзеці.

— Дома! Дома! — шчабятала Галька.— Тут мая мама! Праўда, цёця Ніна?

Радасць сустрэчы рабіла людзей нячулымі да ўсяго іншага, а між тым становішча атрада было, відаць, нялёгкае. Толькі Туравец, Дрозд ды яшчэ некалькі чалавек адчулі адразу трывожны, напружаны лад цяперашняга жыцця ў атрадзе.

Развітаўшыся з Драздом, які ішоў у свой атрад, камісар з Нінаю, дзецьмі і двума хлопцамі заспяшаліся да штаба.

Калі партызаны пачалі разыходзіцца, Васіль далучыўся да групы, якая несла ў шпіталь раненых.

Ён заўважыў, што, ледзь Валя ўбачыла між іншых яго, твар «сястрычкі» — мілы, з яркімі вуснамі — заззяў добрай усмешкай.

Васіль адчуў сябе самым шчаслівым чалавекам. Скораны гэтай усмешкай, ён не адводзіў вачэй ад дзяўчыны, сачыў за кожным яе рухам, калі Марыя Андрэеўна — старшы «доктар», Валя і іншыя прымалі раненых.

Пры ўсёй радасці ён адчуваў і няёмкасць ад таго, што стаіць тут, што ўсе, здавалася, бачаць яго навылёт. Разумеў: гэта нядобра — стаяць так, перад усімі чакаць дзяўчыну і ўсё ж не кранаўся з месца, чакаў.

Валя нарэшце папрасіла ў Марыі Андрэеўны дазволу адлучыцца.

Стрымліваючыся, каб не пабегчы, з сур’ёзным выразам на твары, дзяўчына павяла Васіля спачатку па дарозе, потым у бок ад яе, у гушчар. Далей ад шпіталя, ад людскіх вачэй. За параснікам асінніку яна спынілася, зірнула ў Васілёў твар, трывожна, спачувальна :

— Цяжка табе там было, праўда?

— Горача. Але нічога, бывае і горш...

— Сказаў: бывае!..

— Ты ведаеш,— проста, як бы здзіўлена прамовіў раптам ён,— я танк падбіў.

— Танк! Адзін! Як жа ты адзін на яго пайшоў?

— Ну, так... Пайшоў... Папоўз!..

— Вось! За цябе толькі і бойся! Ледзь сышоў з вачэй, то і трывожся.

— Чаго за мяне трывожыцца, ну, праўда? Што я — малы?

— Канечне, не малы,— згадзілася Валя тонам, якім гавораць старэйшыя, больш вопытныя.— Але трэба берагчыся. Ты думай не толькі пра сябе, а і пра... іншых...— Зазіраючы ў блакітныя, як неба, вочы, зажурчала дакорліва:— Ну што я буду рабіць, калі з табой што-небудзь здарыцца?

— Нічога са мной не здарыцца, Валя,— пераканана адказаў ён.— Ты не трывожся ніколі, добра?

— Як жа не трывожыцца? — Яна зноў узяла на сябе роль старэйшай.— Ты часам нібы разважлівы, сталы. А потым раптам надыдзе на цябе такое, што ты нічога не асцерагаешся. Забываеш на ўсё! Як жа за цябе не баяцца?

— А што ж з гэтым танкам? Трэба ж было, ну, праўда, каму-небудзь. Не я, дык хто-небудзь іншы...

І такія шчырасць, яснасць былі ў яго чыстых, любых вачах, што яна памякчэла, сказала замілавана:

— Адчайны ты мой!

Ён няёмка ступіў з нагі на нагу, адвёў вочы ўбок:

— Цябе тут ніхто не крыўдзіў?

— Ніхто, Вась.

— А гэты...— ён цяжка выціснуў:— Ермакоў гэты не быў?

— Не, не быў,— паспешліва, крыху ніякавата сказала Валя.— Ну чаго ты ўспомніў яго? Чаго ён табе так убіўся? — прамовіла па-сяброўску, паклялася: — Ён мне — нішто... Раўнівы ты які!

У голасе яе ўжо чуўся ласкавы дакор. Але Васіля не прылагодзіла яе ласкавасць.

— Чаму ён усё ходзіць да цябе?

Ён гаварыў так настойліва, непрымірліва, што яна звяла, адказала вінавата:

— Хіба ён да мяне адной? Ён да ўсіх. Заходзіць проста...

— Проста... Чаго ж ён да другіх не ліпне. А ўсё — да ц-цябе? — нібы не чуў, наступаў Васіль.

— Ну што я зраблю,— сказала яна амаль з адчаем.

Яна бачыла, што ён па-ранейшаму непрымірліва строгі, не разумее яе, не хоча разумець. І ў ёй ускінулася злосць.

— Чаму да мяне... А ты... спытай у яго,— рэзка адказала яна.

— Я і спытаю калі-небудзь! — паабяцаў ён рашуча.— Не пагляджу, што к-камбрыг!

— Спытай!.. Ну, я пайду,— прамовіла яна холадна.— Марыя Андрэеўна, мабыць, чакае...

Яна крутнулася, хутка і лёгка пайшла між дрэваў. Ён паглядзеў услед ёй, яе мілай, ганарлівай постаці і пачуў, як у гнеў яго пачало дамешвацца шкадаванне. «Ну чаго яна не адвучыла гэтага... Ермакова!..» — падумаў ён, гневаючыся чамусьці больш не на яе, а на Ермакова.

Звыкла паправіўшы аўтамат за плячом, Васіль стомлена, нявесела пацягнуўся ў бок узвода.

 

4

Пад згорбленым дубам, што шырока раскінуў кручкаватае галлё, стаяў нізкі, падобны на капу сена будан, накрыты брызентам і прывялаю травою. Поблізу Туравец убачыў начштаба Габдуліна, які, седзячы на траве, нешта пісаў на скрынцы ад мін, што замяняла стол.

— Наш летапісец па-ранейшаму карпее над гісторыяй! — замест прывітання радасна сказаў Туравец, падышоўшы да начштаба.

Габдулін ускочыў. Гэта быў жылаваты, смуглявы чалавек з вельмі жвавымі вачыма. Перад вайной ён вучыўся ў Ленінградзе ў інстытуце, адтуль яго паслалі на практыку ў Беларусь. Вайна затрымала яго тут, прадоўжыла «практыку» на цэлыя гады.

— Нічыпар Паўлавіч?!.— Габдулін пазіраў на Тураўца так, нібы не верыў, што чалавек, які стаіць перад ім, і праўда той, каго ён бачыць.

— Ты што гэта такі дзіўны, летапісец Пімен? — заўважыў Туравец.

Габдулін схамянуўся.

— Калі ты вярнуўся?

— Толькі што.

— Тут пусціў нехта пагалоску,— ніякавата сказаў начштаба,— што цябе жывога няма... нібы з кулямёта рэзнулі... Аж, бачу, жывы!

— І паміраць не збіраюся ў дадатак... Ты пра мяне некралога яшчэ не напісаў?

— Не...— Габдулін засмяяўся. Узяў са скрынкі тоўсты ў чорнай скураной вокладцы сшытак, згарнуў. Позірк яго жвавых вачэй ухапіў павязку на руцэ камісара, трывожна ўскінуўся:

— Што з рукой?

— Ат, глупства. Нейкая дурная куля драпнула. Не паглядзела, што камісар.

Да іх, даведаўшыся, што вярнуўся камісар, збегліся ўсе штабныя работнікі, радаваліся, распытвалі аб падзеях апошніх двух дзён. Туравец адказваў скупа, але ахвотна. Яму радасцю было бачыць зноў — як пасля доўгай ростані — родныя твары.

Некалькі жанчын акружылі дзяцей, што ціснуліся бліжэй да Ніны. Дзеці, было відаць, бянтэжыліся перад незнаёмымі людзьмі. Партызанкі распытвалі, хто яны, адкуль, словам і жаночай пяшчотай стараліся суцешыць.

— Габдулін, бач, у нас новыя салдаты,— весела прамовіў Туравец.— Прымаеш? Вось і добра. А калі прымаеш, то і накарміць павінен, бо мы есці хочам. Праўда, ваякі?

Дзеці адказалі дружным гоманам:

— Праўда, праўда!

Уладзіўшы іх пакуль поблізу, каля радыста, Туравец уціснуўся ў штабны будан.

Уся стома, якую ён стрымліваў гэтыя дні, раптам адразу навалілася, абцяжарыла рукі і ногі. Прывабліва кінулася ў вочы пасцель — змятая трава каля нахіленай сценкі-страхі, разасланая рабая даматканая коўдра. Самі сабой падгіналіся ногі.

Ён апусціўся на скрынку са штабнымі паперамі, расшпіліў каўнер, зняў фуражку,— на галаве кучаравіліся чорныя непакорныя валасы. Цыганскія ўпартыя вочы пазіралі стомлена.

— Ціха ў нас чамусьці,— сказаў Туравец.

— Так, ціха! — іранічна прамовіў Габдулін.— Зманлівая цішыня... Сёння мы збіраемся зняцца адсюль. Фрыцы канцэнтруюць сілы, сціскаюць круг.

— А што са штаба злучэння?

— Штаб злучэння загадвае зараз жа прабівацца з блакады. Сёння ж, пакуль фрыцы яшчэ рыхтуюцца, трэба перамяшаць ім карты.

Габдулін сказаў, што брыгада адрэзана ад штаба злучэння і іншых брыгад і цяпер дзейнічае адна. Камбрыг Ермакоў звязаўся па рацыі са штабам, адтуль перадалі, што там усе гэтыя дні таксама ідуць безупынна баі і што карнікі захапілі многа сёл. Штаб загадаў прарывацца ў раён Сасноўкі.

— Дзе Ермакоў? — Туравец падняўся.

— У кутузаўцаў.

— Калі вернецца?

Габдулін выняў з кішэні гадзіннік на ланцужку.

— Хутка павінен быць.

Туравец памаўчаў, потым з дзіўнай ноткай у голасе запытаў:

— Што з Машай, не ведаеш?

— Як не ведаю, жывая, здаровая! Сёння бачыў яе, пра цябе пыталася. Вельмі непакоілася.

— Ну, кажы — так і непакоілася! — нібы не паверыў Туравец. Ён хітраваў, бо на самай справе паверыў адразу.

У грудзях Тураўца прайшла цёплая хваля.

— Відаць, да яе таксама дайшлі чуткі. Ну, нічога, цяпер можа быць спакойнай,— бліснуўшы чорнымі вачыма, усміхнуўся начштаба.— Чым менш было надзеі бачыць жывога, тым больш радасці будзе пры сустрэчы.

Туравец падумаў, што яны з Машай не бачыліся цэлы тыдзень. Ён ужо даўно мімаволі лічыў дні ад сустрэчы да сустрэчы, шкадаваў, што прамежкі між спатканняў звычайна вялікія. Ён стараўся не думаць пра яе, але ўсё ж адчуваў, што яе не хапае, чакаў сустрэчы з ёю. Не зважаючы ні на што, памяць увесь час адлічвала: яшчэ дзень, яшчэ. Цяпер чакаў ён сустрэчы як ніколі нецярпліва: так многа давялося перажыць за гэтыя горкія дні.

«Трэба б абавязкова пабачыцца да выступлення».

— Што з Вялікай зямлі чуваць? Якія зводкі?

— Не ведаю... прыёмнік пабіўся, а ў рацыі энергіі мала.

Тураўцу вельмі хацелася ведаць навіны з Вялікай зямлі. У яго было проста патрэбай кожны дзень адчуваць жыццё Вялікай зямлі, а цяпер патрэба гэтая стала неабходнасцю. Ён пашкадаваў, што не збераглі прыёмнік. Да ўсяго гэта была брыгадная рэліквія: два гады назад, рызыкуючы жыццём, прынесла яго з горада студэнтка-падпольшчыца.

На дварэ раптам пачулася залівістае конскае ржанне. Туравец па ржанні пазнаў каня камбрыга.

— Вось і Ермакоў!

Абодва выйшлі з будана. Камбрыг лёгка саскочыў з сядла, аддаў каня ардынарцу і, стройны, па-вайсковаму падцягнуты, пругка пайшоў да камісара і начштаба.

У Ермакова была асаблівая пастава галавы, праз меру прамая, якая прыдавала яму арліны і ганарлівы выгляд; адно плячо ён трымаў ледзь прыкметна вышэй,— гэта было ад даўняй кантузіі і ранення ў лапатку.

— Вось добра, што ты вярнуўся,— сказаў ён так, нібы ніколі не сумняваўся, што Туравец вернецца абавязкова.— А то аднаму цяжка.

Ермакоў амаль не змяніўся за гэтыя дні. Хоць пад цвёрдымі, рашучымі вачыма апошнія трывогі паклалі нездаровую сіняватасць, у іх Туравец не заўважыў стомы ці прыгнечанасці. Як і раней, Ермакоў быў чыста паголены. Галіўся ён, відаць, сам, спяшаючыся, бо на твары былі парэзы. Шарсцяная армейская гімнасцёрка і брыджы, пашытыя па яго заказу, як заўсёды, добра аблягалі ладную постаць. Тураўцу было прыемна ад таго, што ён такі сабраны.

Ермакоў кінуў вачыма вакол, сцішыў голас.

— Эх, камісар, задача! Трэба прарывацца, а патронаў няма. Гарматы сёння загадаў закапаць: няма снарадаў. Вось як — ні аднаго снарада! — Ён тут жа адагнаў адчай, што прарваўся, заявіў напорліва: — Паўсотні снарадаў бы! Я так лупануў бы, што яны пакаціліся б без аглядкі!

Па тым, як сказаў ён, было відаць, што камбрыг ніколькі не сумняваўся: усё было б, як ён думае.

— Так! Паўсотні снарадаў — і канцы з канцамі! — паўтарыў Ермакоў.

— Паўсотні снарадаў?

Туравец спасцярожліва, дапытлівымі вачыма зірнуў на Ермакова.

У такіх выпадках раней у вачах гэтых Ермакоў мог бачыць хітрынку і як бы ўсмешку, але цяпер было ў іх іншае.

— А без гармат і снарадаў?

— Выбіраць няма чаго. Трэба прабіцца!

Ён сеў на скрынку ад мін, даў месца Тураўцу.

— Паслухай, што я надумаў тут. Сёння будзем прарывацца. Марудзіць нельга!.. Час цяпер стараецца на іх... Кутузаўцы і «Радзіма» пойдуць у галаве. Я ім аддаў усе патроны, што былі, сам пайду з імі. Прарыў я намеціў...

Ён выхапіў з палявой афіцэрскай сумкі працёртую па кутках карту, разгарнуў на каленях:

— Вось тут!.. Разведчыкі кажуць — тут два кулямётныя гнязды і роты дзве ў акопах. Але гэта нічога. Ярок тут добры, скрытны, хмызняк. Можна непрыкметна падабрацца. Вось тут... Давай абдумаем усё.

— Габдулін, сюды! — гукнуў ён.

Утраіх сталі абмяркоўваць план бою: дзе сабрацца для прарыву, як і калі якому атраду атакаваць, калі правесці жанчын і дзяцей. Дамовіліся пра сігналы.

— Пішы загад! — сказаў Ермакоў начштабу.

Габдулін напісаў толькі першыя словы, як поблізу пачуўся жаночы голас:

— Можна?

Да іх падыходзіла Маша — Марыя Андрэеўна, невысокая, чарнявая жанчына ў сіняй касынцы, з-пад якой спераду выбіваліся расчасаныя на два бакі валасы.

— А, доктар! Доктару можна заўсёды,— адгукнуўся начштаба.

— Дзе тут у вас раненыя? — запыталася яна знарок весела, каб прыхаваць няёмкасць.— Мяне прасілі зрабіць перавязку.

Туравец, убачыўшы Марыю Андрэеўну, адразу ўстаў, не зводзіў з яе шчаслівых вачэй.

«Вось яна! Як добра, што прыйшла».

Услед за гэтым з’явілася здзіўленне: «Хто яе прасіў?» Дапытліва, пільна зірнуў на Габдуліна, але той не падаў і знаку. Схіліўшыся над скрынкай, старанна пісаў загад. Ермакоў, над нечым вельмі думаючы, складваў карту.

Марыя Андрэеўна палажыла сумку, запыталася ўсмешліва, афіцыйна:

— Ну, што ў вас, таварыш камісар?

— Хадзем, начштаба, нельга замінаць... доктару.

— А вы і не замінаеце! Пацыент у мяне, бачу, не цяжка ранены...

— Не, не!

Габдулін і Ермакоў пайшлі. Яна пачала развязваць вузел павязкі, але ад таго, што яна спяшалася і рукі дрыжалі, вузельчык не даваўся. Яна разрэзала бінт нажніцамі і стала похапкам раскручваць павязку. За той час, калі рабіла гэта, ні разу не падняла вачэй на Тураўца, але па яе руках, нецярплівых і дрыготкіх, было відаць, як яна хвалюецца.

Павязка прысохла да раны. Марыя Андрэеўна аддзірала яе так беражліва, што Туравец амаль не чуў болю. Моўчкі агледзеўшы крывавую пляму на руцэ, Марыя Андрэеўна прыціснула да грудзей далоні сваіх ласкавых мяккіх рук, нібы суцішаючы ўстрывожанае дыханне, і глыбока, з палёгкай уздыхнула.

— Я думала, тут бог ведае што...— прызналася яна, скончыўшы перавязку.— А тут... дробязь, дзіцячая рана. Дарэмна хвалявалася...

Марыя Андрэеўна апошнія словы прамовіла, як бы іранізуючы з сябе, але іронія ёй не ўдалася. Вельмі ж вялікая радасць свяцілася ў вачах, каб можна было схаваць яе, прыкрыць кпінкай.

Туравец адказаў ёй у тон:

— І зусім не дарэмна. Добра рану перавязалі.

— Як зрабіў бы кожны іншы.

— Кожны? Так, як вы сёння,— ніхто!

Яна ўважліва, ужо без усмешкі, паглядзела на Тураўца.

Неспадзявана, хутка адвярнуўшыся, Марыя Андрэеўна пачала ўкладваць у сумку пінцэт, флакон з рыванолем, чысты бінт,— чамусьці вельмі заспяшалася.

— Трэба ў шпіталь, там новых раненых прынеслі...— надзяваючы на плячо сумку і па-ранейшаму ўнікаючы яго позірку, нібы апраўдваючыся, сказала яна.

Туравец не стаў яе затрымліваць.

Пасля яе ў Тураўца было на душы светла і трохі сумна. Ён падумаў пра іх адносіны. «Дзіўна, мы адчуваем сябе блізкімі, і некаторыя з таварышаў здагадваюцца пра наша пачуццё, а мы гуляем у схованку, як дзеці...»

Яна чагосьці ўвесь час старанілася, і ён таксама ашукваў сябе. Толькі сёння... Як яна аддзірала павязку! Маша, Маша, што ж гэта будзе далей?..

 

5

Туравец рашыў з дзецьмі і Нінаю зайсці ў сямейны лагер. Хацелася паглядзець, як людзі ўладзіліся, і папярэдзіць пра начны бой.

Лагер размяшчаўся ў сасновым гушчары. Яшчэ зводдаль, падыходзячы, Туравец пачуў тужлівае дамавітае рыканне, якое здалося дзіўна мірным і спакойным.

Прыгадалася: аднойчы ў дзяцінстве ён — пастушок — шукаў у лесе карову, якая адбілася ад гурту. Нічыпар блукаў басанож па бясконцым, здавалася, лесе і ахрыплы, то са злосцю, то з пяшчотай, гукаў: «Манька-а, Манька-а». Тады, аблазіўшы мо паўлесу, ён пачуў сярод ляснога шуму такое ж самотнае рыканне і ўзрадавана заспяшаўся ў той бок.

Увайшоўшы ў лагер, Туравец пачуў дзіцячы плач, жаночы голас, які заспакойваў дзіця, потым убачыў з-за жоўта-сіняватых ствалоў сосен людзей, павольных і маўклівых, бязладна раскіданыя клункі і лазовыя каробкі з дамашнім скарбам.

— Нічыпар прыйшоў! — узрадавалася нейкая жанчына.

Лагер ажыў, заварушыўся, і да Тураўца з усіх бакоў пацягнуліся жанчыны з дзецьмі і без дзяцей, старыя і падлеткі.

Між іх крыху наводдаль Туравец з болем убачыў знаёмы строгі твар Шабуніхі. Яна яшчэ не ведае пра смерць мужа, яму, Тураўцу, трэба будзе перадаць ёй страшную вестку.

«Як жа я скажу ёй гэта цяпер! Яна і без гэтага столькі перажыла за апошнія дні».

— Васілёк! — закрычала адна жанчына.

Яна кінулася да старэйшага хлопчыка, падхапіла на рукі, прыціснула да сябе.

— Сыночак мой! Дзе ж ты прападаў? Я ўся збалелася па табе. Дзяцінка мая!

Трое іншых дзяцей азіраліся навокал. Жанчыны спачувальна ахалі ды ўздыхалі. Дзе ж вашы маткі, бесхацінцы?

Натоўп, што акружыў Тураўца, трывожна пытаўся пра мужоў, пра знаёмых, пра становішча.

— Ці праўда, кажуць, партызаны хочуць нас пакінуць? — насцярожана заглянула ў вочы камісара пажылая, з васпаватым тварам жанчына.

Усе пазіралі на яго з трывогай і надзеяй. Туравец бачыў, што на яго глядзяць так, нібы ён усё можа зрабіць. Што ж, ім патрэбна была надзея. А на каго яшчэ яны маглі спадзявацца тут, у лесе, як не на яго, якога добра ведалі і да якога часта звярталіся раней.

Але чым ён мог адказаць на гэту надзею? Нядобра было ў яго на душы: рэдка калі так хацелася яму дапамагчы людзям і рэдка калі ён так мала мог зрабіць для іх... Як ні цяжка было, ён не абяцаў нічога добрага. Сказаў, што будзе бой, і бой нялёгкі. Таму трэба быць гатовымі да ўсяго. Быць дысцыплінаванымі і захоўваць маскіроўку. Выконваць загады камандавання.

Акружыўшы яго, жанчыны ўважліва слухалі, перапытвалі, паўтаралі адна другой, што ён казаў.

Бачачы перад сабой людзей, заклапочаныя твары, што глядзелі з надзеяй на яго, Туравец нібы мацней, вастрэй разумеў абавязак перад імі, маткамі і дзецьмі, адказнасць за ўсіх іх. І трывога і надзея, бездапаможнасць іх вярэдзілі яго, уздымалі ў ім нялёгкія пачуцці. Ён стараўся адолець апаску, што тачыла яго: апаску за іх заўтрашняе. Не, недарэмна яму вераць, ён зробіць для іх усё, што магчыма...

Размаўляючы з жанчынамі, Туравец заўважыў, што да яго праз натоўп прабіраецца Шабуніха. Твар у яе быў сурова-сцяты, насцярожаны, нібы яна ведала пра бяду.

— Як там мой Змітро? Дужы?

Хоць Туравец быў чалавекам праўдзівым, не любіў маны, ён рашыў не гаварыць жанчыне цяпер страшную праўду.

— Змітро? Не ведаю,— адказаў Туравец, намагаючыся пазіраць спакойна ў яе насцярожана-пільныя вочы.

Пазней, калі-небудзь пазней.

Толькі не цяпер.

Ён бачыў, што Аўдоцця пачула ў яго голасе нядобрае, і, каб запэўніць яе, зноў сказаў няпраўду:

— Учора бачыў, быў дужы. А пасля таго сустрэцца не даводзілася...

Угары, дзе на яркім блакіце неба ціха пагойдваліся іглістыя кроны, нябачны за галлём, шалёна страляючы па невядомай цэлі, шугануў «месершміт».

Жанчыны з крыкам кінуліся хто куды. А Шабуніха стаяла нерухома, сурова пазірала ў неба сухімі строгімі вачыма, прыціскаючы да грудзей дзіця.

Калі самалёт праляцеў і людзі пачалі зноў сыходзіцца, Туравец развітаўся з усімі. Павярнуўся да Ніны, што супакойвала напалоханую дзяўчынку.

— Заставайся тут. Рыхтуй усіх да паходу. Тут тваё баявое месца, ты за яго адказваеш галавою...

— А што з сіротамі рабіць?

— З сіротамі? Што ж, будзеш пакуль ім маткаю.

Ён заспяшаўся ў атрад імя Кутузава.

На душы ў Тураўца ад усяго, што ён цяпер бачыў, было сумна. Ён думаў пра тое, што ніхто, мусіць, так не пакутуе на вайне, як маці і дзеці.

Успомнілася іх трывога: «Ці праўда, што партызаны хочуць пакінуць нас?» Хто мог сказаць ім такое? Яны, праўда, заміналі атрадам цяпер, у блакадзе, але хіба прыходзіла каму думка пакінуць іх? Пакінуць на расправу, на здзек?

Калі Туравец падыходзіў да атрада, над дрэвамі зноў нізка пранёсся знішчальнік. Там і тут прагучала некалькі стрэлаў. Непадалёк у прагаліне між соснаў ён убачыў высокага, у клятчастым пінжаку хлопца, які цэліўся з вінтоўкі ўслед самалёту.

Камісар падбег да яго, схапіў за плячо, але ў той жа час бахнуў стрэл.

— Хто дазволіў?! Куды паліш?

Баец апусціў вінтоўку, павярнуў да Тураўца зямлісты, здзіўлены твар.

— Па самалёту,— адказаў ён не зусім упэўнена.

— У белы свет, а не па самалёту! Патроны трэба берагчы...

 

РАЗДЗЕЛ ІІІ

 

1

Уранку старшага лейтэнанта Аляксея Лагуновіча выклікалі ў штаб брыгады.

Старшы лейтэнант праводзіў тады ў хаце нараду з камандзірамі экіпажаў.

— Іду,— кінуў Лагуновіч пасыльнаму, што прынёс загад. Пацікавіўся: — Аднаго мяне ці яшчэ каго?

Пасыльны адказаў, што выклікаюць таксама камандзіра батальёна і камандзіраў іншых рот.

Старшы лейтэнант спыніў нараду, дазволіў танкістам разысціся. Аддаўшы загады ўзводным, што рабіць, хутка апрануўся, выйшаў праз цёмныя, з прагнілай падлогаю сенцы на двор, на якім каля хлеўчука стаяў танк, прыкрыты леташняю саломаю і галлём.

На ганку Лагуновіч прыпыніўся, прыжмурыў вочы ад негарачага, але бліскучага красавіцкага сонца. Недалёка за сялом некалькі разоў ударылі нашы цяжкія гарматы, рэха перакатамі пакацілася па сяле, па лесе, па полі. Наводдаль, у баку пярэдняга краю, раз-пораз была чуваць кулямётная страляніна.

Лагуновіч ішоў важка, крыху выварочваючы ногі, абутыя ў паношаныя кірзавыя боты.

Старшы лейтэнант быў сярэдняга росту. Плечы меў ён нешырокія, рукі — невялікія, нямоцныя, быў даволі шчуплы, і наогул рабіў уражанне нямоцнага чалавека. Твар яго ўдаваў хударлявым,— гэтую хударлявасць пабольшвалі вуглаватыя абрысы сківіц.

Скура на яго твары была цемнаватай, авеянай зімнімі вятрамі і сцюжамі, на ёй яшчэ не ляжаў знак вясновага загару. Вочы цёмна-шэрыя, не кідкія, здаваліся добрымі, нават нібы нясмелымі, падбародак па-юнацку мяккім. На носе з маленькай гарбінкай значыліся кропачкі, нібы воспінкі, след апёку. Лагуновіч гарэў у танку.

Ідучы, старшы лейтэнант думаў, чаго выклікае камандзір брыгады. Думаў амаль без цікавасці, нават нядобра: мусіць, зноў нудная, непатрэбная нарада. З прыдзіркамі.

«А можа, што-небудзь важнае?» — варухнулася прываблівая надзея. Можа, зараз, сабраўшы ўсіх, палкоўнік загадае ехаць па танкі і папаўненне, брыгада хутка ўкамплектуецца — І ў бой. Ужо і так доўга яны топчуцца тут, упускаюць дзень за днём, даюць немцам час укапацца, сабрацца з сіламі.

Цяжкія гарматы, што стаялі недалёка за сялом, зноў загрукаталі. І зноў рэха перакатамі, як гром, пакацілася па наваколлі.

Старшы лейтэнант увайшоў у штаб. Гэта была прасторная хата на два пакоі з вялікімі, раней, напэўна, светлымі вокнамі. Цяпер амаль усе шыбкі былі выбіты, застаўлены фанераю, ад якой хата здавалася цемнаватаю. У першым пакоі на лаўцы, каля шырокай рускай печы, маленькі кірпаты тэлефаніст хрыпатым, сарваным голасам гукаў у трубку: «Дняпро, Дняпро».

— Зайдзіце,— сказаў ад’ютант камбрыга.— Палкоўнік там.

Старшы лейтэнант увайшоў. У пакоі былі палкоўнік Бяссонаў, камандзір брыгады, прысадзісты, русявы, некалькі штабных работнікаў ды камандзіраў батальёнаў і рот. Палкоўнік размаўляў з маёрам са штаба. Старшы лейтэнант прывітаў камандзіра брыгады, далажыў, што прыбыў. Азірнуўся, шукаючы вачыма, дзе прысесці лепш, і пайшоў у куток.

— Што, можа, за папаўненнем? — запытаўся ён ціха ў суседа — капітана.

Той бліснуў чорнымі халоднымі вачыма.

— Тут, здаецца, тое, што ёсць, аддадзім і пеша па-танкісцку запылім.

— Смяешся? — не паверыў Аляксей.

— Не... На фарміроўку пойдзем, мусіць.

Палкоўнік скончыў размову з маёрам, павёў позіркам па хаце, правяраючы, ці ўсе прыйшлі, і, як заўсёды, пачаў без уступаў, адразу з галоўнага:

— Атрыманы загад: здаць машыны і адвесці брыгаду на адпачынак і перафарміраванне. Што трэба зрабіць? Перш за ўсё — падрыхтаваць матчасць для здачы...

Праз хвілін дзесяць усе ўжо выходзілі са штаба, кіравалі да сваіх падраздзяленняў.

 

На другі дзень батальёны пачалі па адным выпраўляцца ў тыл.

Гэта быў заслужаны адпачынак: больш за паўгода, з самай восені, танкісты вялі баі на поўдні ад Віцебска...

Вылезшы з люкаў, танкісты, у чорных камбінезонах, у шлемах, сядзелі на машынах, падставіўшы твары лагоднаму ветру. Абапал ішлі пералескі, што ўбіраліся ў першую светлую дымчатую зеляніну, ад якой усё навокал выглядала вясёлым, прывабным. Кружыліся палі, то зялёныя ад руні, то яшчэ паныла-шэрыя голыя.

На машыне з лічбаю «271», выпісанаю на вежы белаю фарбай, сядзелі старшы лейтэнант Лагуновіч і камлюкаваты, крыху пануры сержант Быстроў, камандзір гарматы. У адкрытым люку вадзіцеля віднелася галава трэцяга з экіпажа, Сонцава. Круглы шырокі твар яго быў засеяны рабаціннем.

Старшы лейтэнант недаверліва прыслухоўваўся да цішыні, што панавала ў прыродзе. Быстроў сядзеў неспакойна ад таго, што хацелася пакурыць і пагаварыць, але і першае і другое было немагчыма. Сонцаў, мяркуючы па светла-карых вачах, у адрозненне ад таварышаў быў цалкам задаволены ўсім: і тым, што бачыў у квадратнае акенца з паднятай, як казырок, важкай плітой, і ветрам, які хвалямі плыў насустрач, прыемна халодзячы твар і шыю, забіраючыся пад каўнер на грудзі.

На ўездзе ў невялікую вёску танкам давялося праходзіць па мосце. Мост быў стары, і, агледзеўшы падгнілыя чорныя бярвенні, Лагуновіч занепакоіўся, што яны не вытрымаюць машыны.

Аб’езд быў далёка, і таму рашылі паспрабаваць прайсці па мосце.

Першую машыну мост вытрымаў, перабралася і другая. Пад танкам жа «271» насціл затрашчаў, і некалькі бярвенняў з аднаго боку надламаліся, гатовыя абваліцца. Машына нахілілася. Вадзіцель асцярожна крануў машыну, паспрабаваў выйсці на бераг, але мост падаўся яшчэ, і танк нахіліўся болей.

Унізе была рэчка з гразкім дном і балоцістым берагам.

Лагуновіч, які каля мастка сачыў за ўсім, загадаў экіпажу пярэдняга танка ўзяць машыну на буксір. Калі танк паволі падпоўз задам да берага, Быстроў і зараджаючы пачалі мацаваць машыны пругкім стальным тросам.

У гэты час насустрач танкам з вёскі падкаціла калона грузавых машын. Не даехаўшы да моста, пярэдні грузавік, а за ім і іншыя затармазілі. З кабіны пярэдняга грузавіка выбраўся плячысты, высокі пяхотны маёр, хутка падышоў да моста. Афіцэр скрыпеў новымі бліскучымі рамянямі, на яго грудзях на двух вузкіх пасках вісеў бінокль у такой жа новай аправе.

— Што тут такое? — запытаўся ён начальніцкім тонам.

— Тое, што бачыце...— адказаў Лагуновіч заклапочана.

Пяхотны маёр быў незадаволены. Затрымліваюць. У яго твары, здалося Аляксею, было нешта высакамернае, нядобрае.

З кузаваў грузавікоў, адчуваючы, што выпала пастаяць, высыпалі байцы, некалькі падышло да танкістаў. Адзін з іх раптам усклікнуў узрадавана:

— Таварыш старшы лейтэнант!

Аляксей азірнуўся: перад ім стаяў пяхотны старшына з загарэлым вясёлым тварам. Карыя вочы па-сяброўску, радасна ўсміхаліся. Твар гэты, асабліва вочы, здаўся страшэнна знаёмым. «Дзе мы з ім сустракаліся?» А старшына моўчкі пазіраў на яго, усміхаючыся ўжо ад таго, што Аляксей намагаецца ўспомніць, але не можа.

— Не помніце? — сказаў пехацінец з дакорам.

— Не прыпамінаю...

— Вядома, дзе вам помніць! Ці мала сустракаецца людзей на фронце? А ці не ўспомніце, як вы ляжалі... пад Прохараўкай?

Аляксею мігам прыгадалася дажджлівае поле на Куршчыне. Ён ляжыць ранены ў шыю, а непадалёк лопаюцца снарады і патроны. Страшным дымным вогнішчам палае некалькі танкаў. У адным з іх засталіся яго мёртвыя таварышы, ён адзін выратаваўся. Ці выратаваўся? Ён ляжыць перад варожымі акопамі і не можа варухнуцца...

— Помню! Ты той сержант, што мяне з поля вынес. Растаропаў? — згадаў прозвішча.

— Праворны,— паправіў паблажліва старшына.

— Праворны! Ты!..

Лагуновіч абхапіў старшыну, сціснуў у абдымку. Адпусціўшы, сказаў удзячна і чамусьці з вінаватасцю:

— Д-да! Без цябе мне тады апошнюю песеньку праспяваць давялося б.

— Помніце, як пад сціртаю ляжалі?..

— А як жа!.. Упарыўся ты тады, такі груз цягнучы на спіне!..

— Мокра, слізка вельмі было...

— Я, дружа, пасля таго здарэння як заварожаны, ні адна куля не бярэ!

— А я ўжо другі раз на фронт ад таго часу. Толькі шанцуе, усё лёгка. Месяц-другі паляжу і зноў спраўны.

— Вось дзе давялося спаткацца! — сказаў Аляксей.— Я пасля таго не раз добрым словам успамінаў цябе. Аддзякаваць бы, думаў. Ды вось, нязручна спаткаліся. Вы куды?

— Куды ж, акрамя... А вы на адпачынак? — Старшына пасміхнуўся:— Не ў час!.. Самая пара пачынаць вайну, а вы...

Старшына не скончыў. Пярэдняя машына заварочвалася, пехацінцы кіраваліся, мусіць, туды, дзе быў аб’езд. З грузавіка паклікалі: «Праворны!», і ён, спехам паціснуўшы Лагуновічу руку, пабег да машыны, падтрымліваючы сумку, што матлялася на баку.

 

2

Праз некалькі гадзін рота перадавала танкі ў другую брыгаду.

На вялікім, перакапаным гусеніцамі двары, каля хлява і ў садку між вішняку і ігруш стаялі тры танкі — усё, што засталося ў роце пасля паўгода баёў пад Віцебскам.

Калі ўсе фармальнасці перадачы былі скончаны, Лагуновіч з маўклівым капітанам, які прымаў машыны, абышоў свае экіпажы ў апошні раз.

— Людзей залатых атрымалі вы! Шкада аддаваць проста. Баявыя дасталіся вам хлопцы, вопытныя — першы клас! Яны такія справы рабілі! Хоць, чаго я хвалю іх — самі хутка пазнаёміцеся. Адно скажу...— Старшы лейтэнант зірнуў на капітана і прамовіў: — Пашанцавала вам, капітан.

Твар капітана ажывіла стрыманая ўсмешка.

Большасць сержантаў, старшын і некаторыя афіцэры пераходзілі ў новую часць. Танкі былі перададзены разам з поўнымі экіпажамі.

Быстрова, Сонцава і некалькі другіх малодшых камандзіраў Бяссонаў, дамовіўшыся з камандзірам брыгады, браў з сабою. Палкоўнік Бяссонаў асабліва цаніў Быстрова: сержант біў з гарматы па-снайперску.

Быстроў паволі абышоў свой танк, пагладзіў рукою па шурпатай крутой лабавой брані, сказаў, усміхаючыся, як звычайна, ні то іранічна, ні то кпліва:

— Ну, бывай, дружышча! Не крыўдуй, так сказаць, служба абавязак! Загадалі — нічога не зробіш, прыходзіцца расстацца.

Ён са здзіўленнем заўважыў, што на сэрцы стала сумна, як пры развітанні з таварышам. Танк стаяў, вялікі, маўклівы, хаваў канец доўгага хобата-ствала ў галлі старой паўзасохлай вішні. Сонцаў, пачуўшы ў словах Быстрова ноткі засмучанасці, адазваўся шчыра:

— А шкада ўсё-ткі, праўда?

Быстроў ускінуў на плечы мяшок, іранічна, з-пад шырокага лба глянуў на таварыша:

— Шкада, шкада! Сам ледзь не загубіў яго, а таксама — шкада. І што гэта з табой? Усе праехалі, і хоць бы што, а ты не здолеў нават па гатовай сцежцы. Зганьбіў сябе да рэшты! Табе б не шкадаваць, а радавацца, што ганьбу сваю жывую пакідаеш тут. Зноў жа без машыны табе спакайней, цяпер не трэба баяцца, што правалішся на мосце... пасажырам будзеш... Пасля таго сораму нават грузавік табе, безумоўна, ніхто не даверыць.

— Хопіць крыўляцца... Я ад душы гавару.

— І я таксама. Але даволі! Бяры мяшок, вунь нас чакаюць.

— Ну, Саша, пацалуемся на развітанне,— сказаў Быстроў маленькаму хмурнаму зараджаючаму, што стаяў поруч і нявесела слухаў яго жарты.— Не крыўдуй, што пакідаю. Каб быў я камбрыгам, забраў бы з сабой абавязкова.

Абняўся так, што ў хлопца косці затрашчалі. Развітаўшыся з другімі, Быстроў накіраваўся да грузавіка. Ён падаў таварышам мяшок і, паставіўшы нагу на шыну, лёгка ўзняў на дужых руках сваё моцнае цела. З кузава ён перагнуўся і падаў руку Сонцаву:

— Дай руку, хлапчына, падмагу.

Танкісты, што засталіся ў ранейшай брыгадзе,— большасцю афіцэры,— усеўшыся ў кузаве, перагаворваліся з сержантамі і старшынамі, якія пераходзілі ў новую часць. Апошнія былі незадаволены.

Эх, як не хацелася развітвацца са сваімі таварышамі, камандзірамі, але, што ты зробіш — загад! На лёс, аднак, ніхто не скардзіўся — смутак развітання і крыўду хавалі за жартаўлівымі, таварыскімі воклічамі:

— Быстроў, дружок, пішы! Не забывай.

— Сярожка! Прывітанне гераічнаму тылу.

— Прывітанне франтавікам!

— Глядзі, каб удовы не крыўдзіліся!

— Сонца, не раз’ядайся на тылавых харчах. І так распух — глядзець страшна!

— Давай падымім на развітанне! У апошні раз.

— Чаму апошні? Убачымся хутка.

— Калі? У шэсць гадзін вечара пасля вайны?

Жартавалі, паказвалі бестурботнымі сябе, а на душы было нявесела.

Аляксей абышоў грузавікі, што засталіся з ім, нібы правяраючы, ці ўсё гатова да выезду. Правяраць, праўда, не было чаго, але такая ўжо ў яго ўкаранілася звычка — прайсціся па роце перад маршам. Цяпер, калі танкісты былі падзелены, ціснуліся купкамі, больш чым калі-небудзь кідалася ў вочы, як іх мала.

«І з гэтай жменькай мы рабілі столькі,— акінуўшы іх з нейкай новай, асаблівай пашанай, падумаў мімаволі Аляксей.— Тут кожны пяцярых варты».

Ён падышоў да машыны, дзе сядзела некалькі сержантаў.

— Выгляд ваш не падабаецца мне, хлопцы,—сказаў ён.— У кузаве драўляным, з мяшочкамі, як шафёры. Гвардыя мы ці не гвардыя? — запытаў Аляксей усміхаючыся. Гэта былі любімыя словы камандзіра брыгады, якія часта паўтаралі салдаты. Словы гэтыя сталі брыгаднай прымаўкай.

Сонцаў, не задумваючыся, шчыра адказаў:

— Гвардыя, таварыш старшы лейтэнант!

— Пасажыры бясплатныя,— з кпінкай адгукнуўся Быстроў.

— Ну, гэта часова. Ездзіць пасажырамі нам, Быстроў, відаць, не дадуць,— адказаў Аляксей.

Ён не скончыў. Пярэдняя машына батальёна кранулася. Старшы лейтэнант, спяшаючыся, развітаўся з экіпажамі, што заставаліся, падаўся да свайго грузавіка, сеў у кабіну.

— Бывайце, хлопцы! Шчасліва ваяваць! — крыкнуў ён напаследак, махаючы рукою.

Грузавік крануўся. Ветравое шкло з боку Аляксея было прабіта куляю; ад маленькага кружка ва ўсе бакі на паўшыбы веерам разбягаліся праменні. Машыны хутка мінулі хаты маўклівай вёскі і выехалі ў поле. У Аляксея на душы пасля расставання было сумна і неяк пуста. «Без танкаў і без салдат... Так зжыліся, і вось прыйшлося разысціся!»

...Кіламетраў праз семдзесят машыны звярнулі з дарогі і пайшлі, гайдаючыся і падскакваючы, па цаліку ўсцяж лесу, у якім стаялі ўперамежку дубы і клёны. Неўзабаве грузавікі спыніліся. Справа непадалёк віднелася вёска, купкі дрэваў між хат, да вёскі — нядаўна ўзаранае рудаватае поле.

Аляксею была знаёма гэтая мясціна.

— Цю! Та мы ж отутэчкі былі ўвосень! — здзівіўся прыгожы, як дзяўчына, чарнабровы ўзводны, лейтэнант Якавенка.— Чы мэні, можа, толькі прыкінулася?

Палкоўнік Бяссонаў, што ўжо стаяў на ўзлессі каля «газіка», чакаючы, паклікаў камандзіраў батальёнаў і рот і з імі пакіраваў у лес. Маладая яркая трава, на якой, прабіўшыся між лісця, сонечныя плямы чаргаваліся з ценем, была рабой, як маскіроўка. Пасля поля тут вельмі востра білі густыя лясныя пахі.

За ротнымі камандзірамі ў лес павалілі групкамі іншыя танкісты. Непадалёк яны ўбачылі старыя, паўзарослыя, паўразбураныя зямлянкі.

— Наша!..— пазнаў Сонцаў.

Ён зазірнуў усярэдзіну, адкуль тхнула на яго пахам сапрэлага сена. У зямлянцы было ўсё раскідана, нары напалову разламаны; у праходзе валяліся гнілыя, з вапнавымі плямамі плесені, зляжалыя шматкі сена.

Сонцаву цяпер дасталася другая зямлянка, непадалёк. Ён пастаяў перад ёю, скінуў мех і неўзабаве ўжо гаспадарыў там, выграбаючы рыдлёўкаю засохлую веснавую гразь.

— Ці доўга мы будзем кружыцца вакол гэтых лясоў? — запытаўся Быстроў у Аляксея, калі той падышоў да іх.

Старшы лейтэнант адказаў:

— Думаю, што столькі, колькі спатрэбіцца... Але, калі ўжо даводзіцца зноў тут жыць,— трэба рабіць жыллё.

 

3

Калі пачалася вайна, Аляксей Лагуновіч быў камандзірам гарматы.

У чэрвені іх полк стаяў у лагеры непадалёк ад Брэста. У ясную сонечную раніцу ціхія палаткі неспадзявана абстралялі фашысцкія самалёты.

Ля белай палатнянай вулічкі, куды, пачуўшы страляніну, выбеглі збянтэжаныя сонныя танкісты, упалі дзве бомбы. Моцная хваля ўдарыла Аляксея, кінула на зямлю. Калі ён прыйшоў у прытомнасць, то ўбачыў поруч у лужы крыві вадзіцеля і кулямётчыка са свайго экіпажа.

Гэта былі першыя забітыя, якіх бачыў сержант Лагуновіч.

Падняўшыся, адчуваючы дзіўную знямогу ў целе, ён падышоў да таварышаў, якія ўзрушана абмяркоўвалі страшную падзею. Некаторыя яшчэ думалі, што здарылася нейкая памылка.

Ён добра памятае ўсё, да драбніцы, што было ў той дзень. Праз гадзіну прыйшоў загад па батальёнах выступаць у кірунку пагранічнага гарадка. На дарозе, ціхім палявым шляху, абапал якога расло жыта, яны зноў папалі пад бамбёжку. Хутка разасяродзілі машыны і без перапынку рушылі далей. Тады з аднаго танка блізкім выбухам сарвала вежу.

Надвечар у першы дзень Аляксей ужо быў у баі.

Першым прыцемкам немцы спыніліся на адпачынак. Аляксей усю тую ноч не заплюшчыў вачэй, усё думаў і ўспамінаў. Ён зноў бачыў разарваныя малюнкі гэтага неймавернага дня, страшны твар Міколы, вадзіцеля. Памяць усё нагадвала вадзіцеля. Згадваў забітых таварышаў, з якімі яшчэ ціхай мінулай ноччу спакойна спаў. Было трывожна, калі думаў, што толькі выпадкова смерць прайшла міма. Ён адчуваў, што жыццё яго ў небывалай, бязлітаснай небяспецы.

Потым былі баі, акружэнні, устрывожаныя гарады, на вуліцах якіх душыў горкі дым і пад нагамі хрупасцела шкло,— былі нязжатыя, патаптаныя палі. У тое лета, адыходзячы і адыходзячы, ён вастрэй, чым калі-небудзь раней, адчуў, як бязмерна моцна любіць родны край, як дорага яму ўсё, што ён пабачыў за сваё нескладанае датуль, светлае жыццё.

Дайшоў так Аляксей да родных мясцін, дзе ведаў кожны, здаецца, куток. Пад’ехаў проста з танкам да таго двара, дзе некалі бегаў басанож. Збочыў толькі на хвіліну: блізка былі немцы. Перадавыя атрады іх былі ўжо нават недзе наперадзе.

З ціхай старой хаты выбегла ўстрывожаная і напалоханая маці.

Ён, як быў задымлены, зашмальцаваны, скочыў на зямлю і абняў, пяшчотна прытуліў маці да сябе.

— Сынку,— радасна, без меры ўзрушаная сказала старая,— адкуль ты прыляцеў, галубок?

— Адтуль, адкуль усе ідуць, мама.

— Я тут дзень і ноч усё пра цябе балела. Жывы, дзякуй богу!.. Заходзь, сынку, у хату, спачні. Ды таварышаў сваіх пакліч.

Зайшлі ў хату, селі за стол. Аляксей запытаўся, ці не прыносілі лістоў ад Ніны. Нічога не было.

Маці захадзілася: трэба пачаставаць дарагога госця! Прынесла хлеба, малака, сыру. Таварышы, якія прагаладаліся ў дарозе, з ахвотаю накінуліся на ежу. А Аляксею нішто не ішло, туга такая на душы была, што слоў для гаворкі не знаходзіў.

Маці таксама слова, здаецца, больш не прамовіла, глядзела, не зводзіла вачэй.

Напакавала торбу харчамі, як некалі, выпраўляючы ў Мінск на вучобу. Правяла маўкліва на вуліцу. Ні плачу, кі скаргі.

Удваіх з маці ішлі пешшу следам за машынай. Каля крайняй хаты абняў яе:

— Даруй, мама... што пакідаю... адну...

— Беражы сябе, сынку.

Ён, не азіраючыся, пабег да машыны, узняўся на вежу...

Усе дні жыла ў Аляксея трывога пра Ніну. За чуткамі пра бамбёжкі роднага горада прыйшла жахлівая вестка: у Мінску немцы. Управілася ці не ўправілася яна з маткаю сваёю выехаць? Няўжо не ўправілася, не здолела? Не, яна не засталася, у крайнім разе — сышла пешкі. Але як ёй было ісці, у яе стане, цяжарнай?

А можа, яна ўжо дзе-небудзь на дарозе ляжыць мёртвая? Сярод многіх іншых, сарваных вайною з родных месц? Падобна да тых, якіх ён столькі набачыўся...

Нічога невядома...

Тое, што здавалася раней непарушным, усталяваным назаўсёды, цяпер паліў, руйнаваў, захопліваў вораг. Упершыню Аляксей зазнаў, што шчасце, якое ён ведаў з маленства і якое прымаў, як належнае, могуць адабраць, растаптаць, што над усім дарагім яму навісла смяротная пагроза, пра якую раней ён не раз чуў і нават гаварыў сам і якая неяк здавалася далёкай і нерэальнай.

Яму было цяжка, горка. Ад прыроды ён быў нецярплівы, звык лічыць, што ў жыцці ўсяго можна дабіцца. Варта адно вельмі хацець. Тут жа ўсё ішло насуперак яго жаданню, і ён нічога не мог зрабіць. Кожны дзень чакаў ён, што адступленне скончыцца, а даводзілася ўсё адыходзіць і адыходзіць.

Пад Рагачовам у іх палку заставалася не больш трэці байцоў і каля дзесятка танкаў. Тут далі ім некалькі машын з другога палка, і Аляксей упершыню пайшоў на захад. Як ён ажыў, устрапянуўся! Яны адбілі ў той дзень чатыры вёскі, а яму здавалася, што наступіў пералом, што цяпер пачне ісці ўсё па-новаму. Тыя чатыры вёскі помніліся яму ўсю вайну.

На нейкім бульбяным полі, у мокры восеньскі надвячорак, яго танк падбілі, а самога Аляксея ранілі ў грудзі. Са шпіталя яго накіравалі на курсы афіцэраў у ціхі, запалонены садамі гарадок. Калі пачалася бяда на паўднёвым фронце, Аляксея і некаторых іншых курсантаў да тэрміну выпусцілі. У тое гарачае лета давялося яму з баямі, трацячы людзей і машыны, адыходзіць з узводам у данскія стэпы.

На беразе Дона Аляксея зноў ранілі.

Пазней ён бачыў сіберную, віхурную зіму пад Калачом на Доне, у танкавай брыгадзе, якая яшчэ не была ў баях. З ёй, ведучы «трыццацьчацвёрку» праз мяцеліцы, Аляксей акружаў немцаў пад Сталінградам, потым ішоў па заснежаных данскіх стэпах на захад.

Было, па цэлых сутках праседжваў ён у сцюдзёным бранявым каўпаку. Здароўе было не моцнае, ён вельмі стамляўся,— відаць, хвароба, якую ён перанёс у інстытуце некалькі год назад, ды рана ўсё давалі знак, але Аляксей браў вынослівасцю.

Ранняй вясною давялося яму вярнуцца ў тыя месцы, адкуль пачыналася летась адступленне.

На Курскай дузе на Аляксееву роту навалілася больш за трыццаць варожых танкаў. Ён цэлы дзень вёў няроўны бой, хоць было страшэнна цяжка, не прапусціў іх танкі.

Пад вечар машыну Аляксея спалілі, а яго самога ранілі, і, каб не пяхотны сержант Праворны, тут бы і скончылася, напэўна, яго жыццё.

У шпіталі выявілі, што ён хварэў на туберкулёз, улічылі яго раны і рашылі на паўгода паслаць у тыл адпачыць, паправіцца, але ён папрасіўся ў дзеючую армію.

— Няма ў мяне тылу. Па той бок мой тыл. За фронтам. Пішыце ўжо — годзен...

Вярнуўся Аляксей пад Віцебск, дзе з самай восені быў у тых непрыкметных баях, якія вёў яго батальён...

 

4

Абсталявалі зямлянкі. У кожнай былі нары з жэрдак, пасцелі з зялёнай травы, засланыя шорсткімі плашч-палаткамі.

Расцерабілі, падрыхтавалі палянку для танкавага парка.

На роўнай, прысыпанай жоўтым пяском лінейцы, што цягнулася ўсцяж зямлянак, ранкам і ўвечары, як да вайны, рабілі пераклічкі і паверкі. Камбат прымаў даклады дзяжурных па батальёну, даваў наганяй за кепска прыбраныя нары ці абы-як кінуты камбінезон, старшына аб’яўляў, хто ідзе назаўтра ў нарад. Нарадаў было многа, асабліва сержантам. Сонцаў з Быстровым хадзілі ў нарады амаль праз дзень.

Сонцаў прымаў назначэнні ў нарад не толькі без нараканняў, а нават з ахвотай. Любіў сержант ездзіць па ваду ў вёску, калоць дровы, з задавальненнем мыў кацёл.

— Трэба папрасіць, каб цябе на кухню на ўвесь час назначылі,— кпіў Быстроў над таварышам,— памочнікам повара ці катламыем: вельмі ж ты тут на месцы. Не тое што ў «трыццацьчацвёрцы»...

Вольныя ад нарадаў танкісты — большасць з іх афіцэры — цэлымі днямі займаліся «пеша па-танкаваму» і страявой падрыхтоўкай. На полі, ускрай лесу, на вясёла-зялёных палянках у розных месцах амаль да цямна чулася:

— Раз, два! Цвярдзей!

— Напра-а-ва!.. Нале-е-ва!

Сонцаву ў першы ж дзень страявая апрыкрала. Ён займаўся ёю так, нібы выконваў нудны абавязак, прыдуманы невядома для якой патрэбы. Быстроў не вешаў галавы, пасмейваўся сабе, сыпаў жартачкамі; здавалася, быў зусім задаволены сваім лёсам.

— Ты што блішчыш, як медны грош? — сказаў аднойчы з непрыхільнасцю Сонцаў.

— Таму, што Сонцаў не свеціць,— і раптам загаварыў сур’ёзна, па-змоўніцку:— Свята сёння ў мяне.

— Якое?

— Першая ў гэтым тыдні... пятніца!

І, кпліва пасміхваючыся, ляпнуў таварыша па плячы.

Каму прыйшлася даспадобы страявая, дык гэта лейтэнанту Гогабярыдзе. Лейтэнант кіраваў страявымі заняткамі ў роце. Ён быў добрым, можна сказаць, прыроджаным страевіком.

Да вайны Гогабярыдзе, які быў тады сержантам, сваімі здольнасцямі і поспехамі на гэтай ніве славіўся на ўвесь полк. Ніхто не ўмеў, напэўна, так прыгожа і лёгка рабіць усё, што належала па страявому кодэксу, як гэты стройны фарсісты танкіст. У вайне яму прыйшлося развітацца са сваім палком, а ў новых часцях аб яго здольнасцях мала хто ведаў.

Цяпер Гогабярыдзе зноў захапіўся любімай справай...

Над усім гэтым было галоўнае, што непакоіла кожнага — ці хутка дадуць машыны?

На перапынках, разлёгшыся на траве, сабраўшыся ў кружок, ці перад вячэрняй паверкай часта заводзілі размовы пра іх, успаміналі, нібы сяброў. Многа каму здавалася тое, што яны робяць цяпер, няважным, амаль непатрэбным, сапраўднае, вартае ўвагі, лічылі, пачнецца тады, калі прыйдуць танкі, калі ўсе сядуць зноў у «трыццацьчацвёркі».

Нязвыклым, нібы непраўдзівым было пасля фронту танкістам гэтае мірнае жыццё. Ненадзейнымі і зманлівымі здаваліся і цішыня, і бяспечны спакой, ад якіх адвыклі даўно. Насцярожана слухалі паўзабытыя гукі ціхага ляснога жыцця, чакалі недаверліва, што цудоўную веснавую казку лесу вось-вось зменіць трывожная ява.

Гэты настрой быў і ў Аляксея, які рабіў свае ротныя справы з няведамай раней абыякавасцю, без цікавасці кіраваў заняткамі.

Разы два камбат гаварыў пра яго роту, як пра горшую, але Аляксей адносіўся да гэтага больш як калі спакойна. Ён жыў адным — чаканнем, чаканнем, калі мінуць недарэчныя, пуставатыя дні і настане сапраўднае, жаданае.

У канцы першага тыдня сабраўся партыйны сход брыгады. Сышліся ў клубе — на палянцы, дзе ўжо былі ўкапаны радамі лавачкі, размясціліся на першых трох радах.

Палкоўнік Бяссонаў рабіў даклад пра становішча брыгады і пра задачы. Ён амаль не гаварыў пра агульную абстаноўку, а стаў расказваць пра роты, пра дзейнасць камандзіраў, і ў радах адразу наступіла цішыня.

— Чакаць папаўнення — не значыць, што можна сядзець склаўшы рукі ды хадзіць на вёску да баб. Тут у нас — ядро: толькі тады, калі яно будзе моцным, мы зможам з’яднаць папаўненне і зрабіць баяздольнай брыгаду... А ў нас ёсць дзеячы, у тым ліку, не сакрэт, і камуністы, якія рашылі жыць на першай перадачы! Рашылі адпачыць, паправіць здароўе! Курорта захацелі!

Аляксей пры гэтых словах адчуў, што ў грудзях паявіўся халадок, сядзець стала нязручна. Ён неспакойна варухнуўся: «Зараз пра мяне скажа...»

Але Бяссонаў загаварыў пра камандзіра трэцяга батальёна.

«Можа, абміне...» Аднак Аляксей прадчуваў, што Бяссонаў не абміне яго. І, праўда, палкоўнік не забыў пра Аляксея.

— Лагуновічу таксама курорта захацелася. Стаміўся і Лагуновіч! Адпачыць трэба Лагуновічу!..

Аляксею вельмі не падабалася, дапякала яму гэта злая бяссонаўская з’едлівасць. Знарок не глядзеў на камандзіра брыгады, а адчуваў яго позірк. Адчуваў, як стала брыдка-горача, як твар пачала заліваць хлапечая чырвань. Хацелася ўскочыць, кінуць у адказ: «Няпраўда! Лухта гэта ўсё — пра курорт!» Але трэба было стрымлівацца.

Палкоўнік дапякаў за беспарадак у зямлянках, за кепскую падрыхтоўку заняткаў, дапякаў бязлітасна, але горш за ўсё было крыўднае: «таксама курорта захацеў! »

Дасталося Аляксею яшчэ і ад камбата.

— Ну, наваліліся!..— стараючыся схаваць крыўду, паспрабаваў пажартаваць старшы лейтэнант.— Што гэта сёння ўсе на мяне — усе шышкі.

Лейтэнант Якавенка поруч адгукнуўся:

— Знаюць, на каго ім сыпацца!

— Хоць ты ўжо не вучы!

Якавенка не адказаў. Старшы лейтэнант, заўважыўшы, якую сур’ёзную міну нагнаў на свой твар таварыш, глянуў на прэзідыум: на іх пазіраў Бяссонаў.

Пасля сходу, калі вярнуліся ў зямлянку, Аляксей зноў пачаў перапыненую размову:

— Значыцца, ты лічыш, што правільна?

— З адною папраўкай. Здаецца, мало далі.

— Ты жартуеш... А мне, чорт пабяры, прыкра: перад усёй брыгадай аславілі. За нішто.

— Е за што. Сутнасць правільная.

— Сутнасць? У чым яна, сутнасць, правільная? Ну, ёсць такое, аслабіў пояс. А чаму? Таму, што курорта захацеў?

— А вынікі — адны?

— Вынікі!.. Гуляем у хованкі, як дзеці! Дарослыя дзядзі! Усе вынікі нашы!

Старшы лейтэнант ледзь не вылаяўся.

— Назалела ўсё да чорта!

 

5

Аляксей, хоць вельмі стамляўся за дзень, уночы часта пакутаваў ад бяссоння. Звечара хацелася спаць, але пазней, калі ён, распрануўшыся, ляжаў на нарах у зямлянцы, сон чамусьці паступова адыходзіў. То нібы ў зямлянцы душна, то як бы пад бокам муляе рубец, то камар над вухам звініць... Як назойлівыя авадні, адна за адной круціліся, лезлі думкі. Ён спрабаваў адагнаць іх, расказваў сам сабе паўзабытыя вершы, хаваў галаву пад коўдру, але нішто не дапамагала.

Аляксей спазнаў гэтую бяду ўпершыню. На фронце ён засынаў лёгка і хутка, ніколі не бачыў сноў, прачынаўся заўсёды цяжка, неахвотна, здаралася, не адразу маглі разбудзіць.

Чалавек цярплівы, прызвычаены да розных франтавых нягод, ён мог спаць на марозе, седзячы ў танку, сагнуўшыся ў крук. Прытым не драмаў, як другія, а спаў. І пасля гэтага сну заўсёды адчуваў сябе лёгка, бадзёра, ніколі не чуў болю ў галаве.

Думаў не раз: пойдуць у тыл, з якой асалодаю адаспіцца, і раптам — такая неспадзяванасць!

...Сёння яму таксама не спалася. Ніяк не ішло забыццё. Ён чуў, як поруч бесклапотна храпе Якавенка, які жыў у адной з ім зямлянцы. Той звычайна засынаў адразу, як паваліцца на ложак.

Аляксей пазайздросціў яму.

Старшы лейтэнант мімаволі ўспамінаў сход, прыгадваў слова за словам, што гаварыў пра яго палкоўнік Бяссонаў. У грудзях пякло зноў крыўднае — «курорта захацеў». Ён пярэчыў камбрыгу, спрачаўся з той рэзкасцю, якая магла быць толькі ў думках, вінаваціў яго ў грубасці, неразуменні элементарных рэчаў. Але, спакайнеючы, цвяроза ацэньваючы ўсё, вымушан быў прызнаваць з прыкрасцю, што вінаваты сам, што ў галоўным рацыю мае не ён.

«Размяк. Паддаўся настрою... Зноў»,— дакараў ён сябе.

У Аляксея — ён сам ведаў гэта — настрой, здаралася ўжо, глушыў развагу. Гэта была адна з асаблівасцей яго характару, ад якой ён не раз бедаваў і да якой адносіўся насцярожана. Ён лічыў, што ў яго недастаткова волі, калі ён не можа не паддавацца непатрэбным настроям. Аляксей стараўся стрымліваць гэтыя настроі, але яны ўсё ж час ад часу вадзілі яго. Ад гэтага ён быў няроўны ў паводзінах: то вясёлы, працавіты, энергічны, то — раптам маўклівы, як бы абыякавы.

Праляжаўшы гадзіну-дзве бяссонна, старшы лейтэнант апрануўся, нацягнуў на босыя ногі боты і выйшаў на двор.

Ён заўважыў, што не толькі ён адзін, а і яшчэ той-сёй не спіць. Праходзячы паўз зямлянкі, ён ледзь не наступіў на салдата, што ляжаў на зямлі.

— Хто тут?

— Я, таварыш гвардыі старшы лейтэнант,— адазваўся Сонцаў,— не магу ў зямлянцы, хоць што... душна.

Аляксей, прайшоўшыся, сеў на бярозавую калодку перад сваёй зямлянкай, закурыў.

У гэтую ноч старшы лейтэнант курыў многа...

 

6

Перад вечарам палкоўнік Бяссонаў загадаў паклікаць да яго механікаў.

Яшчэ да таго, як Бяссонаў пачаў гаварыць, усе ўжо здагадваліся, для чаго іх збіраюць. Яны не памыліліся. Неўзабаве стары, але чысценькі грузавік з механікамі і тэхнікам, пагойдваючыся, выбіраўся на роўную шасэйку, што кіравала на станцыю.

У кузаве каля кабіны сядзелі поруч Лагуновіч і Сонцаў.

На станцыі ішла ўжо выгрузка танкаў. З боку дарогі, пад невысокімі маладымі таполямі, весела выглядвалі свежаю жоўта-зялёнаю фарбаю новенькія «трыццацьчацвёркі», здаецца, толькі што выпушчаныя з заводскага двара. Каля іх стаяла некалькі танкістаў у сініх камбінезонах.

Станцыя была разбіта. Ад вакзальных пабудоў засталіся толькі чырвоныя каменныя падмуркі ды памяты, з вырваным бокам іржавы бак воданапорнай вежы, што ляжаў на зямлі. Небагата ўцалела і хацін, якія чарнелі недалёка ад вакзала.

Каля разгрузачнай пляцоўкі расцягнуўся эшалон: чарада платформ і расчынены пульманаўскі вагон-цяплушка. На платформах узвышаліся адна за адной, нібы ў паходнай калоне, круталобыя, дужыя машыны. Брызенты з іх былі зняты, танкісты раскручвалі драты, якімі машыны мацаваліся да платформ, заводзілі маторы.

Стаяў шум, скрыгат. Танк, які толькі што важка сышоў з платформы, дзе-нідзе пашчапаў і зрушыў намошчаныя шпалы. Праз апусцелую платформу пасоўвалася павольна наступная машына, пад яе тракамі трашчала дрэва.

На пляцоўцы камандаваў Бяссонаў, каля яго завіхалася некалькі афіцэраў. Ён і сам не любіў стаяць без справы і не даваў другім. Важкі з выгляду, палкоўнік быў увесь час у руху, неадступна кіраваў выгрузкаю, трымаў усё пад пільным сваім прыглядам. Ён рабіў усё шумліва, з захапленнем,— загадваў, адчытваў, знакамі паказваў механікам, дзе весці машыны. Пад яго вострым патрабавальным позіркам усе рабілі сваю справу старанна і хутка.

На адной з бліжніх платформ дапамагаў рыхтаваць машыну да выгрузкі Сонцаў. Вадзіцелем танка быў сержант Рыбакоў. Пагаварыць амаль не давялося, бо хутка надышла чарга выводзіць танк. Паравоз рыўком скрануў эшалон з месца і падцягнуў платформу да пляцоўкі.

Сонцаў сеў на месца вадзіцеля, звыкла ўзяў у рукі рычагі. Важкая машына, паслухмяная рычагам, падмінаючы і крышачы намошчаныя дошкі і чорныя шпалы, асцярожна разварочваючыся, стала паволі сыходзіць з платформы. Сонцаў убачыў наперадзе постаць палкоўніка, той, падбегшы да машыны, рукой паказваў узяць правей. Танк збочыў управа.

Бяссонаў адступіўся, прапусціў машыну паўз сябе.

Пакуль Сонцаў вёў машыну па платформе, яму здавалася, нібы ён ідзе па хісткай кладцы над вадой, таму, калі танк сеў на трывалы непадатны грунт, на душы адразу палягчэла.

Машына адышла ад пляцоўкі. Як толькі спыніў яе, Сонцаў заглушыў матор, вылез з люка. Адразу ж яго абступілі новыя, пачалі засыпаць пытаннямі. Найбольш іх цікавіла брыгада, у якую трапілі,— ці даўно на фронце, дзе ваявала, дзе стаіць цяпер, хто камандуе, што за чалавек камандзір брыгады. Распытвалі таксама і яго, ці даўно ваюе, адкуль родам. Рыбакоў яму працягнуў каробку «Казбека», невядома дзе здабытую, і адразу па-сяброўску перайшоў на «ты». Камандзір машыны быў малады, чырванашчокі лейтэнант, ён пытаўся мала, але ўсё пільна слухаў.

Акружаны ўвагаю і цікаўнымі позіркамі, Сонцаў бянтэжыўся. Але стараўся трымацца ўпэўнена, як і трэба было, на яго думку, прадстаўніку брыгады. Ён стараўся адразу належным чынам паказаць брыгаду тым, хто яго акружаў: другой такой брыгады, як бяссонаўская, заявіў ён, няма на ўсім фронце. Гэта ўсе ведаюць. Хлопцы ў ёй усе — і сержанты і афіцэры — ясна — гераічныя. Гвардзейцы. Ён гаварыў шчыра і горача, ён перакананы быў у тым, што расказваў. Але пры ўсім тым ён з прыкрасцю адчуваў, што словы ў яго выходзяць нейкія слабыя, неналежныя.

«Эх, Быстрова няма, той бы распісаў!» — пашкадаваў ад душы ён і нездаволена змоўк.

— Адным словам, хутка пабачыце самі!

 

РАЗДЗЕЛ IV

 

1

На нядаўна ціхай палянцы, падрыхтаванай для парка, было шумна. Лагуновіч, папярэдне паказаўшы месца для кожнай машыны, цяпер сачыў, як яны адна пры адной выраўноўваюцца ў рад. Перад кожнай з іх наперадзе быў камандзір, рукамі даваў механіку знак: правей, лявей, стой. Рэха на многа ладоў разносіла па лесе гурчэнне танкаў — то дабрадушна-мірнае, як мармытанне, то моцнае, пагрознае.

Апошнім паставіў сваю «трыццацьчацвёрку» чырванашчокі бялявы лейтэнант. Танк раўнуў напаследак на ўсю сілу маторам, кінуў хмару сіне-рудога дыму і замёр побач з іншымі. Аляксей ужо ведаў, што прозвішча лейтэнанта — Колышаў. Ледзь вадзіцель марудна, як мядзведзь, выпаўз з люка, Колышаў паставіў яго ў струнку, сказаў ад сэрца некалькі сярдзітых слоў, потым павярнуўся і подбегам, лёгкім юначым крокам, папраўляючы на хаду пояс і абцягваючы складкі на камбінезоне, пакіраваў напрасткі да Аляксея.

— Познішся, лейтэнант,— хмурачы на пераноссі бровы, пад якімі былі добрыя, нібы нясмелыя вочы, сказаў Аляксей, калі Колышаў далажыў.

Лейтэнант не апраўдваўся, не спасылаўся на вадзіцеля, і Аляксею, які не любіў адгаворак, спадабалася гэта. У Колышава былі ўважлівыя, даверлівыя вочы, далікатныя, з кволым пушком шчокі. Новы камбінезон амаль не меў масляных плям, бліскучы пояс з зоркаю туга пераціскаў танклявы стан. Па тым, як Колышаў трымаўся статутных правіл, старшы лейтэнант здагадаўся, што ён прыйшоў сюды проста з вучылішча.

— Чаму не навучылі вадзіцеля паварочвацца жвавей?

— Мне яго далі толькі перад адпраўкай, таварыш гвардыі старшы лейтэнант,— адказаў Колышаў, пазіраючы сваімі яснымі вачыма на Аляксея.— Не было часу.

— Глядзі, лейтэнант! Не пазніся. У другі раз не дарую,— пагразіў Аляксей.

Новыя танкі стаялі роўным радам. Каля іх паўкругам высіліся каржакаватыя дубы, раскінуўшы ўгары крывое вузлаватае галлё. Бывалыя танкісты падыходзілі да машын, аглядалі іх уважліва, нібы прыцэньваліся. Дзіўна было бачыць, што на шурпатай брані няма ні адной шкрабіны. На важкіх літых вежах не было ні нумароў, ні славутых знакаў гвардзейскай брыгады: угары літара «Б», пад ёй вострая імклівая страла, нацэленая наперад.

Быстроў, адчыніўшы люк, забраўся ў машыну. Карцела паглядзець, што змянілі ў ёй за гэты час.

Дзяжурны па роце, рухавы фарсісты лейтэнант Гогабярыдзе, загадаў строіцца.

Афіцэры, сержанты з усіх бакоў пачалі збягацца да дзяжурнага. Рота выцягвалася ўсцяж лінейкі.

— Хутчэй, хутчэй,— падганяў Гогабярыдзе.

Людзі строіліся, здавалася яму, вельмі марудна. Ён прайшоў паўз рады, раўняючы іх у шнурок, некалькі разоў паўтарыў «смірна», «адставіць», не забыўся заўважыць пры гэтым, што трэба будзе заняцца страявой.

Старшы лейтэнант убаку чакаў, калі Гогабярыдзе ўладуе строй. Гледзячы на роту, якая вырасла больш як утрая, ён думаў, што зараз павінен сказаць. Нарэшце Гогабярыдзе зычна скамандаваў апошняе «смірна». Ён дакладваў з такім выглядам, нібы перад ім быў не камандзір роты, яго таварыш, а камандзір брыгады ці корпуса.

— Доўга строіцеся,— сказаў Аляксей незадаволена.

У душы, аднак, старшы лейтэнант радаваўся. Ён заўсёды быў рады новым людзям, любіў з імі сыходзіцца. Сёння ж для радасці былі такія добрыя прычыны: з гэтымі людзьмі рота, якая не перавышала ўзвода, адразу вырасла. Танкаў было ў ёй, колькі належала. Гэта была сапраўдная рота.

Ён прывітаўся. Танкісты адказалі голасна, але нядружна.

Аляксей акінуў знарок строгім позіркам прыціхлы строй. Адчуў на сабе дзесяткі ўважлівых вачэй.

— Таварышы,— пачаў ён, чуючы сябе ніякавата перад позіркамі, хаваючы ніякавасць.— Наша рота сёння павялічылася. Прыйшлі да нас новыя людзі... Як камандзір ад душы вітаю вас, таварышы навічкі... вітаю... і хачу, каб вы былі на ўзроўні тых, каго прыйшлі замяніць. Каб вы ніколі не забывалі, для чаго вас паслалі сюды... Скора мы — вядома — пойдзем на фронт. Пойдзем у бой. Гнаць ворага далей з нашай зямлі... У любую хвіліну нас могуць падняць «па трывозе». Трэба, не трацячы часу, рыхтавацца. Рыхтавацца і рыхтавацца! Не шкадуючы сілы...

Ён скамандаваў «вольна» і пачаў знаёміцца з людзьмі.

Першым, да каго Аляксей падышоў, быў сержант Рыбакоў.

— Вы, сержант, не з стараабрадцаў? — Рыбакоў здзіўлена ўставіўся на камандзіра роты, не адказаў.— Чаму бараду адпусцілі?

Рыбакоў пачаў апраўдвацца — часу не было, але Лагуновіч не стаў слухаць, хаваючы пад бровамі добрыя вочы, абарваў:

— Пагаліць! У другі раз са строю выведу.

Ён запытаўся, дзе Рыбакоў ваяваў раней і дзе быў паранены.

— Пад Гомелем дзеўбанула, таварыш старшы лейтэнант... Два дні толькі і пабыў на фронце...

— Які клірэнс у «Т-34»? — перабіў яго старшы лейтэнант.

Рыбакоў адказаў хутка і дакладна. Старшы лейтэнант, ажывіўшыся, задаў яшчэ некалькі тэхнічных пытанняў, і на ўсе Рыбакоў адказваў правільна, хоць між іх былі і не лёгкія.

Аляксей, які вельмі любіў тэхніку і з павагай ставіўся да людзей, што яе ведаюць, адышоў ад Рыбакова задаволены.

Нямала з тых, каго прыслалі, былі толькі ў брыгадзе новымі. Некалькі чалавек, як і старшы лейтэнант, пачыналі вайну ў першы дзень, пад Пярэмышлем, Брэстам і Беластокам, пакідалі фронт, параненыя, абгарэлыя, на некалькі месяцаў.

Аляксею падабалася, што не адзін з новых людзей яго пахадзіў ужо ў «агні».

Усё ж большасць з новага папаўнення не былі яшчэ на фронце. Але і яны здаліся Аляксею людзьмі надзейнымі. Асабліва запомніўся яму малодшы сержант Архіпаў.

— Не ваявалі? — запытаў Аляксей у Архіпава, ведаючы гэта са спісу, які ён чытаў перад тым.

— Ваяваў, таварыш гвардыі старшы лейтэнант,— запярэчыў той. Аляксей заўважыў: запярэчыў з крыўдай, як бы ні за што прынізілі яго.

— Дзе?

— На Урале. На танкавым... Машыны вось гэтыя рабіў.

Байцы засмяяліся, Архіпаў з папрокам азірнуўся на таварышаў. Быў ён старэйшы за многіх, паважны, дужы, відаць, нямала парабіў на вяку сваім. Аляксей з павагай паглядзеў на сержанта, чамусьці паверыў, што гэты не падвядзе.

У сержанта Касцючэнкі, васпаватага, з карымі вузкімі вачыма, на гімнасцёрцы бялеў сярэбраны партызанскі медаль. Аляксей ведаў са спісу толькі, што ён да ранення быў у нейкай брыгадзе імя Сталіна. Старшы лейтэнант запытаўся, дзе размяшчалася гэта брыгада, і калі сержант сказаў, што ў Беларусі, не стрымаў цікавасці. Аказалася, што брыгада стаяла на поўдзень ад Мінска, у мясцінах, у якіх старшы лейтэнант некалі быў!

Аляксей аднойчы ездзіў туды з таварышам. Чыгункі там не было, і яны дабіраліся на выпадковай машыне, якую «падстрэлілі» на ўскраіне Мінска. Была восень, абодва ў трасучым кузаве намерзліся так, што пасля маці таварыша ніяк не магла адагрэць іх чаем з малінаю. Аляксей адразу ўспомніў невялікае мястэчка. Асабліва выразна чамусьці прыгадалася брукаваная плошча з новым каменным будынкам школы і паўразбураным касцёлам.

На гэтым іх размова ў першы раз скончылася. Аляксей стаў гутарыць і знаёміцца з іншымі.

Калі танкісты разышліся чысціць машыны пасля дарогі, Аляксей выклікаў Касцючэнку ў зямлянку. Ён спадзяваўся, што Касцючэнка, можа, што ведае пра Мінск, пра яго знаёмых. Было яшчэ адно прытоенае жаданне, якое Аляксей стрымліваў, бо амаль не верыў, што яно тут споўніцца. Хацелася запытацца, ці не сустракаў дзе Касцючэнка Ніну. Ён, вядома, разумеў, што гэта амаль безнадзейна. Хіба знойдзеш пясчынку ў моры! Але спадзяванне, хоць і кволае, усё-ткі жыло ў ім, не давала супакою. Сержант, увайшоўшы, далажыў, што прыбыў па загаду.

— На гэты раз не па загаду, а па просьбе. Сядай, сержант.

Касцючэнка прысеў на край услона, у вачах мільганула цікаўнасць: аб чым старшы лейтэнант будзе прасіць.

— Раскажы, як там землякі мае ваююць?.. Ты, здаецца, не з Беларусі? Як ты трапіў туды?

Сержант сказаў, што да вайны служыў у Брэсце, што пад Баранавічамі, калі дывізія білася ў акружэнні, яго раніла ў нагу. Дывізія была разбіта, і байцы асобнымі групкамі прабіваліся на ўсход самі. У адной групе быў і Касцючэнка. Ісці яму было цяжка, з кожным днём рана даймала ўсё больш, і прыйшлося спыніцца ў адной вёсцы. Яго ўзяла да сябе адзінокая бабулька, якой ён потым дапамагаў у гаспадарцы. У вёсцы сабралася чацвёра салдат. Агледзеўшыся, падмацаваўшыся, яны згаварыліся пайсці ў лес, да партызан. Нага яго да таго часу паправілася. Звязацца з атрадам удалося не адразу — толькі зімою, у студзені, перабраліся ў лес.

— Хто ў вас быў камандзірам?

— Ермакоў.

— Ермакоў? Не ведаю. А з Мінска нікога не было?

— Як жа, былі і з Мінска. Многа было. Гарбуз з Мінска, Ліпніцкі. Камісар наш Туравец таксама...

— Нічыпар Паўлавіч?! — узрадаваўся Аляксей.— Гэтага — ведаю! Ён мне партыйны білет уручаў. І на заводзе не адзін раз сустракаліся. Ён быў сакратаром райкома.

Старшы лейтэнант неспакойнымі рукамі скруціў папяросу, уставіў у муштучок з плексігласу, глыбока зацягнуўся.

Стаіўшы дыханне, з намаганнем выціснуў:

— А Лагуновіч... не чуў такіх?

— Лагуновіч?.. Была жанчына адна маладая,— сказаў Касцючэнка.

— Зваць як?

— Па бацьку не ведаю, а так — Нінаю зваць.

— Ніна?! — старшы лейтэнант мімаволі, узрушана падняўся. Хударлявы, абветраны твар яго пабялеў. Губы раптам дробна задрыжалі.

— Ніна,— паўтарыў сержант, крыху разгублены тым, што старшы лейтэнант так хвалюецца.— Яе па прозвішчу мала хто і зваў, усе Ніна ды Ніна...

— Якая... яна з сябе?

— Русявая такая, невысокая... Камісар яе аднойчы пасылаў у разведку ў горад, дык мы з Васем Крайко праводзілі... Па-нямецку добра гаворыць. Яна ў нас часта хадзіла на сувязь, у разведку... Голас у яе такі глыбокі, нібы знутры ідзе...

— Яна! Ніна!

Аляксей няцямна выняў папяросу з муштука, высыпаў попел на руку — апёкся. Але замест выразу болю на губах заззяла ўсмешка. Праз хвіліну яна раптам пагасла.

— А ты не памыліўся, сержант? Лагуновіч, цвёрда?

— Ну што вы!.. А вы хто ёй, выбачайце, таварыш старшы лейтэнант? Брат ці знаёмы?

— Добры знаёмы! Жонка мая, мусіць!..— Ён быў цяпер не падобны на таго стрыманага, нават нібы жорсткага камандзіра, якім здаўся ён раней Касцючэнку.— Даўно вы бачыліся?

— У студзені прыкладна было, калі мы праводзілі яе ў горад. Ну, і пасля, вядома, бачыў...

— А пра сына нічога не чуў? У мяне сын павінен быць.

Сержант сказаў, што не чуў.

— Шкада! Там, можа, мужчына вялізны вырас. А можа, і жанчына, хто ведае. Чакаў хутка, а тут вайна пачалася, усё пераблыталася... Тры гады, сержант, ні адной весткі. Ты да мяне як з неба зваліўся! Раскажы, як яна там? Якая яна цяпер? Не магу я ўявіць яе разведчыкам.— На хвіліну ў вачах прайшоў цень трывогі.— Цяжка ёй і небяспечна, відаць?..

— Небяспечна. Не без гэтага, самі ведаеце. Але нам памагаюць людзі. Яна больш ходзіць у гарнізоны...

Касцючэнка спыніўся. Што б яшчэ расказаць?

— Ну, пасля той разведкі я, вядома, сустракаў яе некалькі разоў. Але так, павітаюся і прайду стараною. А каб гаварыць, скажам, то не прыходзілася.

— Эх ты,— ні то шкадуючы, ні то з дакорам сказаў старшы лейтэнант.

Толькі пазней, калі Касцючэнка пайшоў і Аляксей застаўся адзін, ён адчуў усю глыбіню шчасця. «Знайшоў!» — радаваўся ён. Гэтае простае слова мела для яго багатае, разнастайнае значэнне. Скончылася трохгадовае няведанне. Яна жыве! Яна там, куды ён пойдзе. Можна напісаць пісьмо, спадзеючыся, што яно дойдзе да яе і што прыйдзе адказ. І яшчэ многае значыла гэтае слова «знайшоў».

«Ліха пабяры,— падумаў ён,— як у жыцці стаецца: шукаў усюды, дзе толькі магла яна быць, а знайшоў там, дзе амаль не спадзяваўся».

Шчасце яго было такое вялікае, што затапіла ўсе іншыя пачуцці і заглушыла нават трывогу за Ніну. Увесь дзень Аляксей жыў думкамі пра яе.

У той дзень ён напісаў ліст. Згарнуўшы трохкутнік, ён паклікаў ардынарца і адразу паслаў на пошту. Яму хацелася, каб ліст ляцеў да Ніны, як тэлеграма.

Што б ні рабіў ён,— не-не ды і вяртаўся думкамі да Ніны. Адчуванне радасці ні на хвіліну не пакідала яго.

 

2

Напярэдадні сержант упарта адмаўляўся выступаць з лекцыяй: не ўмее ён гаварыць, няхай лепш хто іншы.

— Я яшчэ, таварыш гвардыі старшы лейтэнант, ніколі не выступаў...

— Ну дык што? Не выступаў, а вось — выступіш!

Трэба ж калі-небудзь пачынаць.

— Не ўмею я. Выдумкі ў мяне няма...

— Вось і добра,— нібы нават узрадаваўся ротны.— Нічога выдумваць і не трэба. Трэба расказваць усё, як было. Як прыходзілася рабіць у баі, якія выпадкі былі. Як выходзіў, калі туга было.

— Каб паказваць, таварыш гвардыі старшы лейтэнант,— іншая рэч... а гаварыць...

— Камбрыг таксама лічыць, што ты павінен выступіць,— падтрымаў старшага лейтэнанта Быстроў.

Спасылка на камбрыга зламала ваганні Сонцава.

— Значыцца, будзь гатоў.

Быстроў за Сонцава адказаў:

— Усё будзе чын чынам, таварыш гвардыі старшы лейтэнант.

Камандзір гарматы і вадзіцель былі людзьмі рознага складу. Павольны звычайна і, здавалася, ляны Сонцаў быў разам з тым вельмі дабрадушны і згаворлівы, у адрозненне ад Быстрова.

Збліжала яго з Быстровым спакойнасць і вытрымка ў баі. У самую крутую хвіліну вадзіцель не губляў развагі.

Ён быў адным з лепшых, найбольш вопытных вадзіцеляў. Многа пабачыўшы за вайну, ён амаль ніколі не расказваў пра сябе, любіў слухаць іншых,— больш за ўсё, напэўна, вострага на язык Быстрова. Калі і паяўлялася ахвота пагаварыць, то звычайна чулі ад яго пра Старадубскі раён на Браншчыне, дзе ён быў да вайны трактарыстам і які здаваўся яму лепшым кутком на зямлі.

Быстроў рос і жыў далёка ад яго, у сібірскай вёсцы, акружанай з усіх бакоў дрымучаю тайгою. Ад вёскі было кіламетраў шэсцьсот да Іркуцка і мала менш да бліжэйшай чыгункі. Суровая прырода загартавала моцную натуру. З маленства ён цэлымі днямі бадзяўся з ружжом па тайзе, адзін ці з аднавяскоўцамі, прыносіў дадому лісіц, глушцоў, рабчыкаў, а часам, здаралася, прывозіў і дзікага аленя. І пазней, калі вучыўся ў школе, калі працаваў брыгадзірам трактарнай брыгады на лесараспрацоўках, ён часта хадзіў са стрэльбай па тайзе.

Рос Быстроў дужым, вынослівым і ўпэўненым у сабе. Мусіць, цераз гэтую ўпэўненасць ён глядзеў на ўсё смелымі вачыма паляўнічага з паблажлівай усмешкай.

Яшчэ напярэдадні Быстроў запэўніў Сонцава, што самае цяжкае — пачаць лекцыю, а далей усё пойдзе «як па маслу», і Сонцаў для пачатку перапісаў заметку пра сябе з карпусной газеты.

Сонцаў загадзя некалькі разоў прачытаў яе, але, калі цяпер выйшаў да століка і ўбачыў перад сабой танкістаў, што падрыхтаваліся слухаць усё, што ён амаль завучыў, забылася раптам. Пакашліваючы, ён разгублена, з такім стараннем, што на твары выступіў пот, намагаўся ўспомніць, намагаўся знайсці апору, выхад. Што ж рабіць? Прачытаць, можа? Але чытаць, здавалася яму, было нядобра. Ганебна.

— Раскажы народу, як на адной гусеніцы катаўся. Пад Барком,— прыйшоў у час на падмогу Быстроў.

Добры хлопец Быстроў, хоць часам і злы на язык.

— Гэта можна, магу расказаць... Там — Быстроў тады таксама быў...

— Была справа! — пацвердзіў Быстроў.

— Ледзь не папаліся фрыцам!.. Падбілі два іх танкі, але і нам хапіла на арэхі. Гусеніцу разарвала. Заселі мы. Сядзім, ні з месца!.. Што рабіць? Трэба машыну ратаваць. А на адной гусеніцы як ты паедзеш?

— На адной — хто ж кажа! — тонам знаўцы адгукнуўся нехта з танкістаў.

— А выходзіць — можна! — Сонцаў адчуў, як слухачы яго зацікавіліся адразу. Скептычныя, спасцярожлівыя ўсмешкі, што бянтэжылі яго, згаслі, і, убачыўшы гэта, Сонцаў падбадзёрыўся, забыў пра свае страхі.— Тэарэтычна нельга, а на справе — можна.

— Можна? Ну, ты гэта, брат...

— Асцярожней, друг... Чулі ўжо аднойчы такое...

— Цікава, як гэта?

— А вось так. Уключыў я, значыцца, тады заднюю хуткасць, развярнуў машыну на дзевяноста градусаў у бок немцаў кармой. Потым уключыў пярэднюю... выціснуў поўны газ. Машына рванулася наперад... Працую левым бартавым фрыкцыёнам.— Сонцаў дапаўняў свой расказ звыклымі жэстамі, яўна не верачы ў сілу слова.— Пасля рыўка машына, вядома, зноў павярнулася перадам да немцаў, але мне ўсё-такі ўдалося праскочыць трохі. Тады разварочваю машыну зноў кармой да немцаў і даю поўны газ... Праскочыў яшчэ некалькі метраў.

Ён вёў апавяданне таксама і далей, старанна, падрабязна, хоць усё, што ён рабіў потым, было паўтарэннем аднаго прыёму.

— Колькі ж вы... паўзлі? — зацікавіўся лейтэнант Якавенка, нібы не ведаў. Ён сядзеў між танкістаў у адным з дальніх радоў.

— Метраў... чатырыста — не інакш.

— Здорава! — не стрымаў захаплення Касцючэнка.

— Пакуль я «манеўраваў», Быстроў біў з гарматы і кулямёта па аўтаматчыках. Завялі «трыццацьчацвёрку» ў лагчыну. Шчарбіна пабег за цягачом, а мы з Быстровым і лейтэнантам засталіся пры машыне... А потым Шчарбіна прывёў цягач, нас узялі на буксір і вывезлі на рамонтную базу.

— Не вас, а танк. На рамонтную базу! — заўважыў нейкі жартаўнік.

Слухачы засмяяліся, але іх смех быў прыязны.

Падбадзёраны першым поспехам, Сонцаў пачаў гаварыць вальней і цікавей. Ён не хутка і спыніўся б, каб Аляксей не напомніў, што пара канчаць.

— Ну як, таварыш гвардыі старшы лейтэнант, лекцыя... нішто сабе? — не ўтрываў ён, калі танкісты, перагаварваючыся, перакідваючыся жартамі, пачалі разыходзіцца. Яго расчырванелы, у рабацінні твар задаволена ззяў.

— Вельмі добра, Сонцаў. Прафесар пазайздросціў бы!

Пашукаўшы позіркам між танкістаў, Аляксей падаўся да Якавенкі, які таксама сабраўся ісці адсюль. Яны пайшлі разам.

— Як табе падабаецца, друг мой строгі, наша першая спроба? Удалася?

— У асноўному ўдалася...

— Так што, думка такая, што можам і сваю акадэмію адкрываць?

— Ну, вжэ і акадэмію... Пакуль што хоць курсы по повышэнню кваліфікацыі. Нэ трэба одразу так высоко сягаць.

Калі ішлі па лясной утаптанай сцежцы, строгі друг, што найбольш маўчаў з нейкімі думкамі сваімі, сказаў:

— Дарэчы, одна практычна заўвага, товарышу ротны. Я непакоюся, чы нэ будуць лекцыі однабокімі.

Аляксей жартаўліва, па-вучнёўску паслухмяна зірнуў на Якавенку. Позірк Якавенкі быў сур’ёзны.

— Трэба показваць нэ толькі лепшае, алэ і помылкі, якія былі ў баях. На помылках, товарышу ротны, таксамо можно вучыць.

 

3

Надвячоркам, ледзь наступіла вольная хвіліна, па ўзлессю рассыпаліся частыя пералівістыя гукі. Старшы лейтэнант падышоў да гуртка, што акружыў гарманіста: усярэдзіне сядзеў Касцючэнка, сядзеў амаль заплюшчыўшы вочы, пасміхваючыся, угінаў плечы, нібы дапамагаючы рукам. Прайграў адну песню, другую. «Три танкиста», «На позицию девушка провожала бойца»... Яму так памагалі галасамі, што гармоніка часам і не было чуваць.

Спявалі голасна, не надта зладжана.

— Давай тую, партызанскую! — папрасіў маўклівы Архіпаў, калі песня сціхла.

Пальцы Касцючэнкі, не спяшаючыся, прайшліся па белых гузіках. Узнікла незнаёмая Аляксею, шчымлівая мелодыя. Заплюшчыўшы вочы, нібы перажываючы душою, Касцючэнка глуха, болесна пачаў:

 

На опушке леса старый дуб стоит,

А под тем под дубом партизан лежит.

Он лежит, не дышит, он как будто спит,

Золотые кудри ветер шевелит.

 

На Аляксея ад гэтых слоў, ад мелодыі дыхнула бядою, незвычайна зразумелаю, блізкаю. Але дзіўна, ён амаль не адгукнуўся на бяду, у ім, не зважаючы на нечы, вельмі блізкі боль, жыла радасць.

Аляксей паспрабаваў уявіць цяперашні воблік Ніны, але не змог, яна бачылася такой, якой была да вайны.

Яму захацелася адысці ад усіх, застацца аднаму са сваёй радасцю. Ён пайшоў у поле. З лесу ўслед яму даносілася :

 

Ты скажи хоть слово матери своей.

Ой, болит сердечко по тебе, Андрей.

 

Думкі перанеслі Аляксея туды, дзе была Ніна. У памяці ўзнік той гарадок, дзе быў некалі з таварышам.

Найшлі ўспаміны. Малюнкі далёкага былога набліжаліся, ажывалі, паўставалі з незвычайнай яснасцю. Асабліва ясна яму прыгадаліся дні, калі ён працаваў інжынерам. «Я сумавала, цябе не было цэлы дзень»,— здавалася, пачуў ён голас Ніны... Калі яна казала гэта?.. Нібы зноў бачыў чырвоныя, шырокія карпусы ў сасняку за горадам... Клопату было багата: цэлымі днямі не выходзіў з цэха. Развітваўся з Нінай ранкам, а вяртаўся позна ўвечары. Працаваў з задавальненнем, але ўсё ж чакаў вечара, сустрэчы з Нінаю; дабіраючыся дамоў — дарога была няблізкая — кожны раз спяшаўся.

Ніна звычайна выходзіла насустрач...

«Цэлы дзень не было!.. Мы тады ростань мералі днямі, нават не днямі — гадзінамі».

Яму прыгадаўся той вечар, калі яны пазнаёміліся. Аляксей тады вучыўся ў політэхнічным інстытуце, на апошнім курсе. Таварышаў па пакоі запрасілі ў госці знаёмыя дзяўчаты з універсітэта, і хлопцы разам з сабою пацягнулі і яго. Аляксей спачатку і слухаць не хацеў: якраз пачаў пісаць дыпломны праект, не давалася адна задача, над якой ён біўся і якая не выходзіла з галавы. Хлопцы пацягнулі сілком.

Там Аляксей і ўбачыў яе.

Іх пазнаёміў Косцік Зубец, Аляксееў таварыш. Пазнаёміў так, нібы даўно сябраваў з Нінаю, хоць, аказалася, ведаў усяго дні тры. Пагаварыў Аляксей трохі з ёю і неспадзявана захапіўся размоваю, забыўся і пра свой праект, і пра таварышаў. Косцік жа, раўнівец, чамусьці пакрыўдзіўся на Ніну! Знарок увесь вечар абыходзіў яе, танцаваў з другою. Не падышоў ён і тады, калі сталі разыходзіцца, і Аляксей павінен быў праводзіць Ніну дадому. Увесь час, пакуль ішлі ціхім і нібы апусцелым горадам на вуліцу, дзе жыла Ніна, таксама гаманілі. Пра што давялося, чамусьці ўсё ў тую ноч здавалася цікавым абаім. Такім цікавым, што і не заўважылі, як падышлі да яе дома. Ім было так лёгка, добра ўдваіх, што не хацелася развітвацца.

«А мне адразу здалося, што вы — маўчун!» — сказала яна са здзіўленнем. «А хіба — не?» — запытаў Аляксей у тон ёй. Яны засмяяліся...

Успаміны ішлі ўрыўкамі, без усякай паслядоўнасці. Адны паўставалі ясна, іншыя праплывалі няўлоўнымі прывідамі.

На зялёным полі апошнія хвіліны палымнелі чырвоныя праменні сонца, працягнуліся дзіўныя доўгія цені. Нейкі час праменні вогненна палалі на воблаку, падпаліўшы берагі яго, нарэшце і яно згасла. Маладое жыта пакрылася расою. Паступова сціхала жыццё. Толькі там, дзе была рота, чуўся неўтаймаваны шум.

Аляксей схамянуўся — зайшоў далёка — і павярнуў назад. Ішоў ён хутка. Прыпыленыя днём хромавыя боты чапляліся за сцяблінкі, што раслі на самым краі сцежкі, атрасалі расу. Угары халявы былі шэрыя ад пылу, а ніжэй намоклі ад расы.

— Дзе ты прападаў? — запытаў Аляксея лейтэнант Гогабярыдзе, які спаткаў яго на ўваходзе ў лес.

— Сакрэтнічаў з Нінаю.

Смуглявы, з тонкім носам і прыгожымі вусікамі твар лейтэнанта ажывіўся, у вачах бліснула цікаўнасць.

— З якою Нінаю? Пазнаёміўся?

— З Нінаю, з жонкаю.

— Ну-ну, не выдумляй! Я даведаюся! — не паверыў, пастрашыў Гогабярыдзе.

 

4

Праходзячы каля зямлянкі Сонцава, старшы лейтэнант стаў, каб прыкурыць. Непадалёк ішла гаворка. Аляксей пазнаў непаспешлівы, басавіты голас Быстрова.

— Ты кеміш, куды папаў? — пытаў у кагосьці Быстроў.— Да сталінградцаў. Пад Сталінградам пачалі. Адтуль і рванулі на Дон. У самай сярэдзінцы. На галоўным напрамку. Пад Курскам зноў жа на галоўным напрамку паставілі.— Быстроў асабліва вылучыў: на «галоўным напрамку».— І не зганьбілі сябе. Потым пад Ельняй біліся. Да Віцебска дайшлі.

— Ведаю... Ужо чуў...— мірна, падобна было паблажліва, адказаў нехта, відаць, з новых. Голас Аляксею здаўся знаёмы, але ён не мог пазнаць, хто гаварыў.

— Ведаеш! Мала ты ведаеш.

— Слухай, калі гавораць табе,— убіўся трэці: Аляксей пазнаў голас Сонцава.

Новы не адазваўся.

— Варушы мазгамі, пранікай усярэдзіну! — зноў загаварыў Быстроў.— Прынялі да нас — павінен дзейнічаць па-асобаму. Мерка ў нас асобая! Пойдзем, пабачыш — задачу першы нумар дадуць. Папомні маё слова — самы важны напрамак дадуць. Дзе важней ды цяжэй!

Гаварыў Быстроў як бы падсмейваючыся, як бы знарок стараючыся зачапіць, і разам з тым вельмі сур’ёзна.

Лагуновіч выняў запальнічку, але так і не запаліў, прыслухоўваючыся да гаворкі. «Бач ты, агітатар!»

— Гэта, сусед, не так сабе, не «цьфу» — гвардзеец-сталінградзец! У цябе — чэсць твая і ўсёй роты. У чарадзе адна авечка і то ўвесь гурт можа зняславіць, а тут, у нашай баявой танкавай роце...

— Хто цябе прасіў вучыць? — нецярпліва адгукнуўся — Аляксей пазнаў: Рыбакоў.— Зампаліт табе даручыў? Ён?

— А калі і ніхто не даручыў?

— Ну, дык і маўчы, зампаліт і без цябе абыдзецца.

— Гэта яшчэ як сказаць! Я, можа, таксама адказваю за брыгаду.

— Ге-не-рал мне знайшоўся! — У голасе Рыбакова Аляксей пачуў насмешку.

— А як ты думаеш? Адказваю! Па-першае, няма ніякіх падстаў сумнявацца, што я магу стаць да канца вайны генералам. Чалавек я відны, смелы і да ўсяго разумны, не табе пара,— адкрыта перайшоў на жарт Быстроў.— А па-другое, хоць я, скажам, і аднаго амаль чыну з табой, а ўсё-ткі не раўня табе. Ты тут без году тыдзень, ты... накшталт худога цяляткі, што падсунулі да добрай маткі, а я ад Сталінграда іду,— зноў вельмі сур’ёзна загаварыў ён.— Я, друг, з самага нараджэння брыгады выводзіў яе ў людзі. Яна мне як сястра родная ці маці. І я маю права патрабаваць, каб салдаты ў ёй былі дастойныя, а не шмендрыкі якія-небудзь...

— Точ-чна, Быстроў,— падтрымаў яго Сонцаў.— Уцэліў!

Рыбакоў прамаўчаў, і размову перавялі на другое. Аляксей, прыкурыўшы, зацягнуўся горкім дымком і пайшоў далей.

«Агітатар!» — падумаў ён, усміхаючыся, пра Быстрова. Падумаў: талент нейкі ў Быстрова асаблівы: даводзіць, падпарадкоўваць сабе. Нібы пакеплівае, гарэзнічае, а за гэтым — напорлівасць, дужасць, якую адчуваюць усе. Дзіўная дужасць, упэўненасць, што падпарадкоўвае іншых.

«Што з імі будзе потым? — падумаў ён, успамінаючы Рыбакова, Касцючэнку, Колышава і другіх навічкоў, з якімі яму належала хутка ісці ў наступленне.— З Касцючэнкам больш-менш ясна. Гэты ўжо апалены агнём... А як Колышаў? Хлопчык ад мамкі, напэўна, яшчэ не адвык...»

Пасля паверкі лагер стаў сціхаць. Натомленыя за дзень, людзі хутка засыналі. Толькі вартавыя хадзілі павольна, мерна ўсцяж зямлянак, вакол парка, дзе стаялі маўклівыя здані машын пад шэрымі пакрываламі. У цішыні было чуваць, як шэпча ўгары на дубах лісце. Недзе ў лесе спалохана крыкнула птушка і сціхла.

Спакоем і цішынёю дыхала ноч. І ад таго, што гэта ноч была падобна на тыя, якія ён некалі ведаў, ходзячы з Нінаю да раніцы па маўклівых вуліцах, успаміны нязвыкла набліжалі, нібы падводзілі ўсутыч да яго нядаўна далёкае, амаль недасяжнае... Вось і скончаны доўгія гады ростані. Яшчэ трохі — і ён прыйдзе да яе! Толькі б хутчэй праляцелі гэтыя спакойныя дні, хутчэй на перадавую, у наступленне!..

У гэты вечар Ніна бачылася такою блізкаю, што, здавалася, ён чуў яе дыханне, яе шэпт.

Увесь вечар ён сядзеў з Якавенкам, які дзяжурыў, і ўсё гаварыў і гаварыў пра сваё жыццё, пра Ніну. Яму многае хацелася выказаць. Апавядаючы, ён курыў папяросу за папяросаю.

У позні вечар над лесам узышоў месяц, але яго неўзабаве пачалі зацягваць хмары. На небасхіле ўспыхвалі зарніцы.

Апоўначы паліў дружны дождж, і Аляксей вярнуўся ў зямлянку.

 

РАЗДЗЕЛ V

 

1

Туравец ішоў апанаваны невясёлымі думкамі.

Спроба вырвацца з блакады скончылася няўдала,— на золаку брыгада вымушана была вярнуцца назад, заняць свае ранейшыя пазіцыі. Настрой у людзей, заўважыў Туравец, быў прыгнечаны, усіх непакоіла няўдача.

«Як гэта магло здарыцца?» — стараўся сабраць ён думкі да ладу. Але яны былі непаслухмяныя, даваліся ў знакі змора і перажытае ўтрапенне.

Урыўкамі ў памяці жыло нядаўняе: міны, завываючы, праносяцца ўгары і выбухваюць то там, то тут. У іх імпэтным, прагным святле вогненна ўспыхваюць дрэвы. «А-а-ай!» — крычыць-лямантуе нехта паранены. Хто гэта?..

На ўспамін хутка надыходзіць новае — гэтыя два чортавы кулямётныя гнёзды! З іх так сякуць, што галавы падняць нельга.

«Эх, мін няма!» — мімаволі пашкадаваў камісар зноў, ідучы ў штаб, нібы тыя кулямёты перашкаджалі і цяпер.

«...Таварыш камісар! Скажыце, я... я яго гранатаю».— Гэта быў Коля Малік, камсорг атрада. Ён узяў гранаты, хутка ўставіў запалы і папоўз. Знік у цемры. Потым Туравец пачуў у тым баку два выбухі. Адзін кулямёт адразу сціх. Але другі, што быў правей, сек па-ранейшаму, нават зласней...

Сумны, змарнелы, падышоў ён да штаба, які размяшчаўся на той самай палянцы, што і ўчора. Тут сёння было бязладдзе, якое гаварыла, што людзі сюды вярнуліся нядаўна і вельмі знябытыя. Паўразбураны ўчора будан выстаўляў угару жэрдкі. Скрынкі са штабной маёмасцю ляжалі абы-як на траве. Не было калі ўладаваць.

Ля будана быў шчуплы чарнавокі Габдулін. Ён сказаў, што Ермакоў у радыста, гаворыць са штабам злучэння.

Хутка прыйшоў і Ермакоў.

— Ну што, Мікалай? — запытаўся Туравец.— Чым парадуеш?

— Штаб фронта абяцае прыслаць самалёт. Як там у «Радзіме»?

Ермакоў, слухаючы Тураўца, неспакойна хадзіў. Ступаў ён важка, шырока і роўна, нібы мераў зямлю; прайшоўшы некалькі крокаў, рэзка на абцасах павяртаўся і па сваіх слядах ішоў назад. Ён быў пануры і ўзрушаны.

Блізка пачулася кулямётная страляніна.

— Кутузаўцы б’юцца,— перапыніў камісара Ермакоў, потым, даўшы знак працягваць, зноў захадзіў.

Ён мімаволі моцна прыціскаў абцасамі траву.

Туравец скончыў расказваць, а камбрыг усё крочыў маўкліва. Ермакоў не ўмеў утойваць свайго настрою, усё, што ён адчуваў, адбівалася на яго рухавым, неспакойным твары. Ён думаў аб нечым непрыемным, куткі яго тонкіх губ незадаволена крывіліся.

— Як гэта магло здарыцца? — сказаў, нібы разважаючы з сабою, Туравец.— Недаацанілі сілу іх? Памыліліся ў нечым?

Ермакоў рэзка спыніўся, хуткімі зеленаватымі вачыма здзіўлена зірнуў на камісара, уражаны тым, што той адгадаў яго думкі.

— Ясна «як»! — прамовіў ён неахвотна.— Прашляпілі — вось як! — і закрочыў зноў.

— Прашляпілі? У чым? Месца выбралі няўдала? Не можа быць, каб усюды столькі іх сядзела.

— На ражон самі палезлі!

Габдулін паведаміў, што пасля таго, як партызаны разведалі ўчастак, немцы падкінулі туды ў падмацаванне пяхоту з мінамётамі і некалькі танкаў.

Ермакоў раптам спыніўся і заклапочана, рашуча кінуў:

— Я паеду да кутузаўцаў, потым у «Радзіме» буду. Вярнуся праз дзве гадзіны.

Ён лёгка крутнуўся, гукнуў на хаду ардынарца і імкліва схаваўся за дрэвамі. Праз хвіліну пачулася нецярплівае наравістае фырканне каня.

— Вось табе і Першамай! — загаварыў Габдулін.— Не пашанцавала, можна сказаць. Святочны сход і ўсякія там урачыстасці адмяняюцца з прычыны неспрыяльных умоў. Або пераносяцца на наступны год. Тое ж, што было пазалетась.

Азірнуўшыся навокал, ён усміхнуўся зачаравана бліскучымі, з касымі разрэзамі вачыма.

— А сонца майскае, святочнае! І такое хараство ўсюды, чорт пабяры, што пра смерць і думаць не хочацца. Хоць, кажуць, ніколі паміраць неахвота: увосень — зямля мокрая, зімой — холадна, ну, а ў такі дзень, як сёння, хочацца жыць, жыць і жыць!..

Туравец глянуў на гадзіннік.

— Хутка павінны перадаваць агляд сённяшніх маскоўскіх газет... Я іду да рацыі. Трэба паслухаць, як там жывуць нашы, сёння, у такі дзень...

— Я з табою іду, камісар.

 

2

Туравец і Габдулін адразу пайшлі праз палянку да ледзь зазелянелай бярозкі, пад якой прыладзіўся са сваёй рацыяй радыст.

У батарэях рацыі засталіся мізэрныя рэшткі энергіі, і ёю карысталіся цяпер толькі для самых важных баявых спраў.

Радыст, маленькі светлавалосы хлопец, стоячы на каленях, корпаўся каля рэчавага мяшочка. Туравец яшчэ на хаду папрасіў:

— Настрой, Валодзя, на Маскву! Сталіцу будзем слухаць!

Даведаўшыся пра тое, што зараз будуць слухаць перадачу з Вялікай зямлі, з Масквы, да рацыі хутка пачалі збірацца ўсе, хто быў пры штабе. Праз некалькі хвілін пад бярозаю, навокал Тураўца, Габдуліна і радыста, ціснуўся ўжо невялікі гурток. Радыст, прыладзіўшы перад сабою скрынку, паклаў на яе лісток чыстай паперы, хутка завастрыў тры алоўкі.

Туравец час ад часу вымаў з кішэні кіраўскі гадзіннік, з тоўстым жаўтаватым слюдзяным шклом над цыферблатам, і пазіраў, ці не час уключыць. Гадзіннік у камісара захаваўся яшчэ з даваеннага часу і верна служыў усю вайну. Яму давалі ў замену розныя трафейныя, адзін раз падаравалі прыгожы флоцкі гадзіннік, але камісар не расставаўся са сваім, а падарунак перадаў аднаму разведчыку.

Мінутная стрэлка марудна набліжалася да дванаццаці. Калі засталося тры хвіліны, Туравец даў знак радысту — час уключаць. Ён узяў адзін навушнік, другі працягнуў радысту.

Радыст павярнуў уключальнік,— у навушніках пачуліся спачатку бязладны трэск і шыпенне, потым, паступова ўзмацняючыся, выплылі першыя словы:

«...Паведамляе, што саўгасы Краснадарскага краю завяршылі сяўбу ранніх каласавых культур на пятнаццаць дзён раней, чым у мінулым годзе...»

«Што гэта? Няўжо спазніліся? — мільганула трывожна ў галаве.— Як жа гэта? Няўжо гадзіннік падвёў?»

«Сотні калгасаў Азербайджана сустракаюць Першамайскае свята поўным заканчэннем пасяўных работ... У Туркменіі пачалася ўборка ячменю... Калгасы прыступілі да выбарачнай уборкі азімага ячменю на дваццаць дзён раней тэрміну мінулага года...»

Не дыхаючы, услухоўваўся Туравец у гэтыя простыя, цяпер такія важныя, хвалюючыя весткі, стараючыся ўсё запомніць, баючыся што-небудзь прапусціць.

Разам з ім змоўклі і замерлі ўсе, хто быў каля рацыі; хоць яны і не чулі перадачы, дапытліва сачылі за Тураўцом і радыстам і па іх тварах стараліся ўгадаць, што тыя чуюць, добрае ці паганае. І калі чорныя цыганскія вочы камісара заіскрыліся радасцю, людзі заўсміхаліся. Калі ж яго твар зрабіўся сур’ёзным і круты смуглявы лоб ад скроні да скроні перарэзалі раўчакі маршчын, яго клопатнасць мімаволі перадалася і людзям. Некалькі партызан усё заглядвалі з-за пляча радыста на белы лінаваны лісток з нейкага нямецкага «гросбуха», які хлопец хутка запаўняў неразборлівымі завітушкамі.

«У тэлеграме з горада Н. паведамляецца, што трыццатага красавіка калектыў Кіраўскага завода поўнасцю выканаў павышаную красавіцкую праграму вытворчасці танкаў і матораў...

Трыццатага красавіка, паведамляе карэспандэнт «Правды», кузнецкія металургі да тэрміну выканалі свае перадмайскія абавязацельствы...»

Як разганялі трывогу, радавалі Тураўца гэтыя словы, спакойны голас дыктара! У гэты час ён забыўся на стому, якая нядаўна валіла з ног, на прыгнечанасць ад няўдалай спробы вырвацца з блакады.

— Што перадаюць? — не ўтрываў шыракаплечы рудабароды партызан з марлевай павязкай на вялікай стрыжанай галаве.

Туравец матнуў галавою, каб не перашкаджалі, баючыся прапусціць што-небудзь. А далёкі спакойны голас з Масквы працягваў:

«Вялікае месца сённяшнія газеты аддаюць заяве таварыша Вышынскага на прэс-канферэнцыі ў Наркамаце замежных спраў СССР аб савецка-чэхаславацкім пагадненні на выпадак, калі савецкія войскі ўступяць на тэрыторыю Чэхаславакіі...»

«На выпадак, калі савецкія войскі прыйдуць у Чэхаславакію! Вось аб чым ужо думаюць у Маскве, на фронце!.. Наша чарга настае! Наша свята надыходзіць!» — заспявала ў сэрцы Тураўца.

Здавалася, усё навокал раптам пасвятлела. Даўно ён не ведаў такой радасці. Першы дзень мая прынёс яе нібы ўзнагароду за ўсе апошнія трывожныя ночы і дні.

Хутка загучаў марш, але гукі яго раптам абарваліся, — радыст, зберагаючы энергію, выключыў рацыю. Туравец загадаў зноў уключыць яе.

Па радыё чыталі вершы:

 

Бойцам отваги беззаветной,

Покрытым славою всесветной,

Которым равных в мире нет,

Семьей народной всей — несметной,

Мы первомайский шлем привет!

 

Тураўцу здалося, што гэта ўся неабсяжная вольная Радзіма, што ляжала па той бок фронту, вітала іх і зычыла ім поспеху ў барацьбе.

— Пісаць? — запытаўся вачыма радыст.

— Абавязкова!

 

3

Туравец паклаў навушнікі і, падняўшыся, павярнуўся да людзей, якія чакалі яго слоў.

— Радзіма святкуе май, сябры, у працы... — прамовіў Туравец усхваляваным голасам, абводзячы вясёлымі вачыма твары партызан.— Краснадарцы скончылі сяўбу. А ў Туркменістане пачалася ўжо ўборка ячменю...

І Туравец стаў перадаваць змест агляду. Ён стараўся ўспомніць усё, што чуў, непакоіўся, каб не забыць што-небудзь. Гаварыў ён непаслядоўна, паводле таго, як успамінаў, але гэта не змяншала ўражання ад яго слоў. Усе слухалі незвычайна ўзрушана.

Гледзячы на іх, камісар падумаў, як цяпер, у іх становішчы, усім патрэбны гэтыя весткі, весткі з Масквы, як чакаюць іх. Трэба, каб яны хутчэй дайшлі да ўсіх, трэба зараз жа перадаць іх усім, ва ўсе роты, ва ўсе ўзводы, кожнаму байцу. Ён зірнуў на радыста:

— Перапісаў?

— Зараз скончу.

Туравец пашкадаваў, што няма цяпер друкарні, з ёй пайшло б інакш. Што ж, перапісваць дык перапісваць! Ён паклікаў некалькі партызан, папрасіў Габдуліна, каб той дапамог, і сеў разам з імі сам.

Калі зводка была перапісана ў некалькі лісткоў, Туравец спецыяльнымі пасыльнымі разаслаў яе па атрадах. На дарогу наказаў:

— Што б ні было, данясіце...

У атрад імя Кутузава Туравец пайшоў сам. Хацелася асабіста перадаць весткі.

Раніца ўбіралася ў сілу. Сонца паднялося вышэй, купалася ў глыбокім засмужаным блакіце. Ад лесу патыхала духменню. Прабіваючыся праз зяленіва бяроз і асін, галіны якіх угары перапляліся ў дзівосную мярэжу, праменні зіхацелі на яшчэ вільготнай кары, на траве. Светлыя пасмы, як шаўковыя істужкі, усюды весела пярэсцілі цяністы прыцемак зарасніку. Дрэвы не варушылі ні адной галінкай, высіліся велічна, па-святочнаму ўрачыста. Незлічонае птушынае царства на розныя галасы славіла радасць існавання, першы майскі дзень.

Туравец зноў думаў пра блакаду, успамінаў нядаўнюю ноч, але цяпер гэта бачылася інакш. Адчуванне няўдачы і вялікай, амаль непапраўнай, бяды ўжо не так гняло, дало месца іншым пачуццям,— ён цяпер як бы глядзеў на начныя падзеі з вышыні, з якой быў відаць увесь фронт. «Трэба паказаць і другім, што далей, там, за пятлёй блакады...»

Атрад імя Кутузава быў на самым неспакойным участку. Калі Туравец падыходзіў, зноў узгарэлася кулямётная перастрэлка.

Над КП, выючы, праносіліся міны, выбухалі то каля каманднага пункта, то далей, у лесе.

Калі Туравец дабраўся да КП, камандзір атрада аб нечым меркаваў з віхрастым, у маскхалаце хлопцам; Туравец пазнаў у ім атраднага разведчыка. Перапыніўшы размову з разведчыкам, камандзір атрада паціснуў шырокай рукой руку Тураўца. Зазначыў:

— Ты чаго — святочны такі?

— Дык свята ж...— усміхнуўся Туравец.

— Свята... Навіны якія ёсць, ці што?

— Так, навіны. Добрыя навіны, Іван Савіч! — сказаў Туравец.— Першамайскія весткі маскоўскага радыё!

— З Масквы? Пакажы!

Камандзір атрада, не спяшаючыся, пачытаў лісткі. Гэта быў высокі плячысты мужчына з густымі, нібы вылінялымі бровамі і разумнымі запалымі вачыма, якія, здавалася, усё прыкмячалі.

— Добрыя навіны,— адгукнуўся ён, скончыўшы чытаць зводку. Адразу, без лішніх слоў, перайшоў да справы: —Мусіць, палітрукоў сабраць думаеш? Так, сабраць трэба. Але я магу зняць іх толькі на паўгадзіны. І то не ўсіх. З трэцяй і чацвёртай, адразу кажу, не магу. Баюся за гэтыя дзве.

— Давай каго можаш! І — зараз жа!

Камандзір атрада адразу загадаў даць пасыльных, накіраваў іх у роты. Дакончыўшы размову з разведчыкам, адпусціў яго, павярнуўся да Тураўца, параіў:

— А ў трэцюю і чацвёртую пашлі майго камісара.

— У трэцюю я пайду сам,— рашыў раптам Туравец.— Парадую і пагляджу, як народ жыве.

 

4

У трэцюю роту Тураўца правёў хлопчык-разведчык. Да пярэдняга краю прыйшлося прабірацца то паўзком ад ямкі да ямкі, то перабежкамі, слухаючы посвіст куль і мін. Яшчэ не дабраўся ён да роты, як улавіў наводдаль за лесам знаёмы, грозны гул, што хутка рос. Каб самалёты не заспелі яго на адкрытым месцы, Туравец заспяшаўся і неўзабаве ўваліўся ў акопчык.

Ён убачыў перад сабою кулямётчыка Крыўца.

— Са святам!.. Навіны! Са сталіцы! — сказаў Туравец так, каб яго можна было пачуць.

— З Масквы? — Крывец азірнуўся на неба, якое запаўняў гул.— Эх!.. — Ён ад душы вылаяўся.

З-за галін дзвюх блізкіх асінак, з-за трапяткога лісця выплыла важка некалькі «юнкерсаў». Злавесна прайшоўшы над лесам, двое з іх развярнуліся недалёка ад акопаў. Крывец хутка зняў свой кулямёт, паставіў у кутку акопа.

Адзін з «юнкерсаў» раптам стаў хутка падаць. Пачало імкліва расці даўкае выццё, што ўціскала ў зямлю. Туравец і кулямётчык у цесным акопчыку, сагнуўшыся, сціснуўшыся, замерлі ў чаканні. Вострым слыхам хутка ўхапілі — праз выццё і роў — агідны віск. Ён набліжаўся да іх, працінаў іх. Здавалася, акурат у іх. Яго перапыніў моцны, рэзкі грукат. Зямля нібы зрушылася. Раз, другі, трэці, пяты... На Тураўца і кулямётчыка пасыпаліся камякі зямлі.

Доўгім, бясконцым здаўся час, пакуль яны пікіравалі, бамбілі, абстрэльвалі, праносіліся над самымі вяршынямі дрэваў.

Потым адзін з самалётаў павярнуў назад, а другі на развітанне зрабіў яшчэ круг. Пад ім вырас белы клубок, які стаў зніжацца і распаўзацца, пабліскваючы мноствам дробных лісткоў. Зрабіўшы яшчэ адзін круг далей і выкінуўшы яшчэ адзін белы клубок, самалёт пайшоў услед за першым. Гэта былі лістоўкі. Крывец, атрасаючы зямлю, глядзеў на іх злымі вачыма і нават вылаяўся.

Лістоўкі, калышучыся, паволі спускаліся, лажыліся на галлё дрэў, на траву. Адна з іх упала на плячо Крыўца. Камісар узяў паперку, хутка прабег вачыма. «Партызаны... Камісары вядуць вас на пагібель... яны ратуюць сваю скуру. Вы акружаны жалезным кальцом нямецкіх войск... Супраціўляцца безнадзейна! — пагражалі вялікія чорныя літары.— Кідайце зброю...»

Туравец скамечыў лістоўку і кінуў з агідай.

Да акопа Крыўца спрытна падпоўз сусед, шыракаплечы падрыўнік Шашура, лёг, хаваючыся за камель алешыны. Яму, відаць, было нудна ў адзіночцы-ямцы, ён ніяк не мог прапусціць выпадак пагаварыць з камісарам.

Крывец прыпаў шчакой да гладкага прыклада кулямёта і націснуў спускавы кручок. Коратка ўдарыла чарга. Крывец апусціў прыклад на зямлю, адвярнуўся ад кулямёта:

— Яшчэ аднаго...

— Туды яму і дарога.

Туравец пераказаў навіны. То там, то тут грукала, раз-пораз білі чэргі, і абодва часта перапытвалі камісара.

— Так... Значыцца, сяўбу скончылі? А ў Туркменістане — ячмень убіраюць? Вось — цуд! Тут у нас такое... а там — сеюць і жнуць!

— Жнуць! — як бы не верыў Крывец.

Ён амаль няспынна касавурыўся, сачыў за полем. Слухаў і ўсё зіркаў у бок карнікаў.

— Дагавор з Чэхаславакіяй! Значыцца, хутка фюрэру капец! — выпаліў нецярплівы, гарачы падрыўнік.

Выраз жвавых, нават тут як бы гарэзных вачэй яго ўвесь час змяняўся. Але больш за ўсё было цяпер у вачах гэтых захаплення. Радуючыся, падрыўнік увесь час пераглядваўся з Крыўцом, нібы дзяліўся радасцю.

Туравец з ахвотаю сачыў за ім: вельмі падабаўся яму цяпер аптымізм падрыўніка. Неадольнае жыццялюбства.

— Гэта — факт! Усё да таго ідзе!.. Капут скора Адольфу!

— Нядоўга ўжо...— згадзіўся спакойна кулямётчык, сочачы за полем. Крывец быў зусім не падобны на таварыша. Стрыманы, разважлівы быў, скупы ў рухах і ў выяўленні пачуццяў. Колькі часу знаёмыя былі, а ніколі Туравец не бачыў, каб Крывец калі-небудзь вельмі радаваўся, не помніцца, каб і сумаваў ён калі асабліва...

— Недарэмна гэта — пра Чэхаславакію. Недарэмна...— прароча, пераканана настойваў Шашура.

Ён усё не мог супакоіцца.

— Я пачуў такое, дык нібы пасвятлела на небе і ў душы.

— І мне, хлопцы, калі я слухаў радыё,— загаварыў Туравец ужо не так з камісарскага абавязку, як з ахвоты проста выгаварыцца,— падумалася: няхай нам крута, няхай яны, нечысць, ціснуць нас, шалеюць, усё ж не яны, а мы — гаспадары на зямлі! Яны шалеюць — здыхаючы!.. Не трэба вешаць галаву. Адзін раз не ўдалося, другі паспрабуем, ды з большай сілай, з большай злосцю! Галоўнае — не вешаць галаву!

— Было такое, чаго таіццца,— шчыра прызнаўся Шашура.— Як пабачыў ноччу,— не ўдалося, трэба павяртаць да фрыцаў задам, сядзець амаль без патронаў, думаў, капец будзе. А цяпер — не! Не на такіх наскочыў фрыц! Толькі б адбіць у фрыцаў пабольш боепрыпасаў. А вы папрасіце, таварыш камісар, фронт, каб прыслалі што трэба! Няхай падкінуць! Тады мы так ірванём, што пер’е паляціць з фрыцаў! — «Ірванём» было любімае слова Шашуры.

— Пакажам ім цуд!..— падтрымаў Крывец.

Скончыць яму не давялося: навокал загрукаталі выбухі — білі з нямецкага боку мінамёты. Шашура ўміг шыбануў у свой акопчык. Немцы стралялі «па плошчы», па лесе; вакол стаяў суцэльны гул, нібы наляцела бура. У гэтым гуле посвісту мін не было чуваць. Адна міна выбухнула поблізу акопчыка Шашуры; як сякерай, адцяла знізу алешыну, за якой хаваўся падрыўнік.

Праз некалькі хвілін налёт раптоўна, як і пачаўся, спыніўся. Туравец спытаў, як прабрацца да камандзіра роты.

Выбраўшы зручны момант, ён выскачыў з акопа.

 

РАЗДЗЕЛ VI

 

1

Шашура доўга поўзаў па ўзлессі з выглядам чалавека, які штосьці згубіў. Поўзаць было небяспечна — часта пасвіствалі кулі.

— Ты што шукаеш? — гукнуў Крывец, калі Шашура зазірнуў у свой акоп.— Ці не сухароў? Няма, брат! Такое дабро цяпер не валяецца.

Звычайна гаваркі, ахвочы да жартаў, Шашура нічога не адказаў, чым нямала здзівіў таварыша. Маўклівы, яўна нешта тоячы ў сабе, ён неўзабаве знік у лесе. Калі ён вярнуўся, Крывец не заўважыў, але падрыўнік сам паклікаў да сябе. Крывец перапоўз да яго і жахнуўся — у акопчыку ляжала бомба. Невялікая, кілаграмаў, напэўна, пяцьдзесят ці семдзесят, але ўсё-ткі бомба.

— Ты што? Чаго прыпёр? — трывожна прамармытаў Крывец.— Зноў выдумку якую дзікую! Занясі яе, ды падалей!

Шашура ўзняў бомбу ды яшчэ паднёс да Крыўца.

— Зараз у шматочкі цябе!

— Кінь дурэць! — узлаваўся кулямётчык.

— Ды я ж разрадзіў яе, узрывацель выкруціў! — зарагатаў задаволены Шашура.

— Жарты ў цябе дурныя. Аж у пот увагнаў. У мінулым годзе, як разарвала падрыўнікоў бомбай, калі яны тол выплаўлялі, дык я яе, нягодніцы, як агню, баюся. Я там, каля іх, быў і толькі адышоў, як яна, праклятая,— гухнула!.. Нашто яна табе?

— Сухары ці сала хаваць! — засмяяўся Шашура.— Выплаўлю тол, будзе пустое месца, як у банцы! Дык я туды і буду складваць. А потым... закручу ўзрывацелем. Ніхто не паквапіцца на дабро маё!

— Ну, не дурэй. Скажы па праўдзе.

Шашура перастаў смяяцца, прамовіў загадкава:

— Не магу... Тайна важная!

Ужо вечарэла, і страляніна станавілася вялаю. У зацішку з нямецкага боку паклікалі:

— Іва-ан!.. Хадзі! Булку дам!.. Ром!..

Немцы рагаталі. Гэта было не ў першы раз: карнікі ведалі, што партызаны галадаюць, і вельмі ахвотна забаўляліся гэтым.

— Хадзі ты!.. У нас сала ёсць... Шнапс!.. І курка...— адгукнуўся хтосьці з партызан.

— Хадзі, кветачка! Куляй пачастую! — ласкава паабяцаў Шашура.— Высунь галаву, любачка!..

Калі надышла цёмная майская ноч і навокал пацішэла яшчэ больш, Шашура са сваёй бомбай выбраўся з акопчыка і, як яшчарка, папоўз да карнікаў.

Апоўначы ў баку немцаў раптам ускінулася ўгару полымя і загрымеў выбух. Амаль адразу за ім, заліўшы ўсё зыркім святлом, узляцелі ракеты, пачуўся трывожны лямант, крыкі каманд. Усхапіліся і партызаны, але ніхто не ведаў, што здарылася.

Немцы пачалі бязладную страляніну, якая яшчэ доўга не сціхала. Калі нарэшце ўсё зноў супакоілася, у Крыўцоў акоп, напалохаўшы кулямётчыка, што задрамаў, хтосьці зваліўся. Зваліўся проста на галаву Крыўца, ледзь шыю не зламаў.

— Хто тут? — са сну не мог нічога ўцяміць Крывец.

У акопе быў Шашура.

— У-ух! — выдыхнуў ён задаволена, стараючыся аддыхацца. Доўга дыхаў, часта, з хрыпам.

— Ч-чорт, вымак увесь! Папарыў гразі, за месяц, пэўне, не адмыцца!

Ён лаяўся, але Крывец чуў, што не з прыкрасцю і злосцю, а з незразумелаю ўцехай.

— Ну-у, памог Адольфу! Падлажыў падаруначак фрыцам! — растлумачыў ён нарэшце Крыўцу прычыну радасці.

— Гэта ты з тою бомбаю? — як бы не паверыў Крывец.

— А то з чым жа? — знарок абыякава сказаў падрыўнік. Нібы гэта яго ўжо не цікавіла, і перавёў гаворку на іншае: — Хочаш булкі нямецкай паспытаць?

Ён палажыў на калені Крыўца булку хлеба і круг каўбас. Крывец недаверліва абмацаў каўбасы, здзівіўся :

— Дзе дастаў?

— Еш. І не пытайся! Цікаўнай Варвары, кажуць, нос адарвалі!..

Крывец накінуўся на яду. Падмацаваўшыся, не ўтрымаўся, удзячна пахваліў:

— Праўду кажуць: пахавальных спраў майстар!.. Майстар, гэта — точна!..

— А ты ведаеш: завуць мяне так зусім не таму, як ты думаеш...— Шашура, адчувалася, быў яшчэ ўсхваляваны і рады быў пагаварыць.— Я на самой справе быў пахавальным майстрам...

Ён расказаў, як, апынуўшыся ў акупацыі, упачатку не ведаў, за які занятак узяцца. Бяда заспела ў гарадку, ён там перад вайною рабіў у сталярнай майстэрні. Майстэрня гэта згарэла пры бамбёжцы, ды калі б і не згарэла, які толк быў бы тады ад яе! Коратка кажучы, Шашура аказаўся і без працы, і без хлеба. Канечне, зарабіць знайсці можна было б, але Шашура рашыў трымаць годнасць: не пэцкаць рукі, не рабіць на акупантаў. Аднак голад не цётка, ды і немцы пачалі прыглядвацца — чаму не працуе? Тады ён прыдумаў штуку: адкрыў сваё прадпрыемства. Прымалаціў сякераю шыльду над катухом: «Пахавальная майстэрня. Раблю труны, крыжы і інш.». Справы пайшлі: патрэба ў вырабах яго была; аднойчы немцы ўзялі адразу каля дзесятка трун. Але Шашуру гэта хутка надакучыла: захацелася больш вясёлай работы! Ды і выходзіла ўсё ж, што ён нібыта рабіў на ворагаў. Багата пашаны ім, труны выштукоўваць, няхай гэта нечысць лепш гніе непрыбранаю!.. Шашура перажыў зіму, а вясной — разам з памочнікамі — у лес!..

— Вось адкуль пайшло гэта званне: пахавальны майстар!

Крывец, паслухаўшы ўсю гісторыю гэту, сказаў недаверліва :

— Брахаць ты майстар!

Шашура рагатнуў, не стаў даводзіць.

— Мая справа — казку сказаць. Твая справа: верыць — не верыць!..

Любіў Шашура, каб пра яго рабілі здагадкі, каб таямніца была вакол яго!

 

2

Валя стаяла задумлівая і сумная.

Што гэта з ёю? Цэлы дзень не выходзіць з галавы Васіль! Ніколі раней не было такога. Ці то перавязвае раненага, ці гаворыць з кім-небудзь — усё думае пра Васіля. Ён быццам неадступна ходзіць услед.

І чамусьці на сэрцы трывожна. Прадчувае сэрца нешта нядобрае... Калі прыходзіць хто-небудзь з атрада Кутузава, Валя прыслухоўваецца — можа, пачуе што-небудзь пра яго. Але — не, нічога.

Ой, гэтая любоў! Расцвіла не ў час, як кветкі напрадвесні. Хіба цяпер пра любоў думаюць! Але ж не, любоў не слухаецца Валіных разваг, ёй трэба сваё. Толькі захопішся справаю, забудзешся, а ў памяці зноў паўстае ўчорашні дзень, яго спахмурнелы твар: «Чаму не адвучыш гэтага?..»

Раўнівы які! І чаго ён хмурыцца з-за камбрыга, які ёй ніяк не падабаецца. І ўслед за гэтым да сэрца падступае цёплая хваля: раўнуе — значыцца, любіць!

Каб не любіў, не злаваў, не раўнаваў бы.

Усё-такі, як ні думай, яна вінавата. Чаму ж яна ўчора не сказала пра гэта? Памірыліся б, і ўсё было б добра сёння. У яе заўсёды так: спачатку зробіць глупства, а пасля каецца.

Яна ўсю ноч дзяжурыла, а цяпер адпрасілася ў Марыі Андрэеўны на гадзіну-дзве спаць і вось замест таго, каб адпачываць, думае пра Васіля.

Што ж, пра такога хлопца варта думаць. Пэўна ў свеце няма такога шчырага, сінявокага і... адчайнага! Толькі б усё з ім было добра! Каб ні адна куля не зачапіла.

А можа, чым гадаць і трывожыцца, лепш пайсці да яго, пабачыць і сказаць, як яна любіць — горача, аднаго-адзінага, назаўсёды...

Жаданне гэтае было такое вялікае, што мігам разагнала журботны Валін роздум. Жыццё, якое хвіліну таму здавалася безнадзейна заблытаным, адразу набыло пэўнасць, дало пабачыць шлях да ратунку з бяды. Пайсці, пабачыць і сказаць — у гэтым было не толькі цвёрдае рашэнне, у гэтым былі і надзея, і вера ў шчасце! Валя не магла ўжо больш марнець бяздзейна, з раптоўнай рашучасцю пакіравала яна да сцежкі, што вяла да яго атрада. Яна можа ўправіцца пабыць там і вярнуцца назад у час. А што не паспіць — невялікая бяда! Ці першы раз прыходзіцца ёй па сутках не спаць? Ды ёй сёння і не хочацца спаць.

Валя ішла хутка і лёгка, яе як бы вецер на крылах нёс. Сэрца білася нецярпліва: хутчэй, хутчэй! Быццам падганяла. Столькі радасці, столькі пяшчоты да «адчайнага» свайго было ў ім!

Калі стала падыходзіць туды, дзе біўся атрад, з’явілася цвярозая, асцярожлівая думка: «смяяцца будуць хлопцы, што прыйшла». Але думка гэта не спыніла Валю, нават нібыта ўзмацніла ў ёй упартасць, рашучасць. Ну і няхай смяюцца! Ёй усё роўна, што скажуць іншыя.

Зусім побач жахнула міна, і гэты выбух вярнуў адчуванне іншай небяспекі. Чула ўжо: міны амаль увесь час выбухалі непадалёк, раз-пораз пералятаючы яе. Амаль не сціхалі блізкія стрэлы.

Было страшна, але яна стрымлівалася. Яна не хацела, не магла быць горш за Васіля: не дазваляла сабе нікнуць перад небяспекай, якая была для яго звычайнай. Ён жа быў тут, сярод гэтага ўсяго, ужо другія суткі.

Яна спытала ў сустрэчнага партызана, дзе тут Драздова рота, і стала смела прабірацца туды.

Амаль у поўны рост падышла яна да акопчыкаў. Шчасце яе, што на другім баку не заўважылі. Шашура першы са свайго акопчыка здзіўлена ўгледзеў яе поблізу, загадаў нелагодна:

— Лажы-ся!

Яна не адразу паслухалася.

— Лажыся, заб’юць! — крыкнуў Шашура люта. Яна апусцілася на зямлю, па яго загаду паўзком дабралася да акопчыка.

— Ты куды гэта, каліна-маліна? — Голас яго не тое што папракаў, а судзіў. Вочы нізалі востра, як бы праціналі.

Яна адказала з выклікам:

— Справа ёсць!

— Што за справа? Да каго?

— Крайко трэба,— аб’явіла яна ганарліва.

— Вось падстрэлілі б — была б справа! — падкалоў ён з’едліва.

Яна павяла плячыма недасяжна. Не адказала.

— Пачакаць нельга было,— прамовіў ён пазней, трохі паблажліва ўжо, але ўсё ж судзячы.

Нібы бачыў навылёт яе: Валі непрыемныя былі і яго позірк, і тон яго гаворкі, і яна адрэзала нецярпіма:

— Нельга было.

Шашура ўгледзеўся ў яе доўгім, пранізлівым позіркам, сказаў з насмешачкай:

— Шкада, але з неадкладнай справай тваёй, сястрыца мілая, пачакаць прыйдзецца! Дарога непраезджая: фрыцы непакояць! Пастрэльваюць! Давядзецца, сястрыца, да ночы пачакаць.

— А цяпер — нельга? — не ўтрывала яна.

— Адзін спрабаваў ужо. Зрэзалі.

Было цягучае маўчанне.

— А як ён... Васіль, жывы?

— Жывы! А чаму яму, твайму Васю, не жыць? Сядзіць сабе ў зямлі ды пастрэльвае! Што ж усё-ткі перадаць?

— Скажыце, каб ён зайшоў да мяне... калі можна будзе. Я яму павінна сказаць штосьці важнае.

— Асабіста?

— Асабіста.

Яна вярталася назад павесялелай. Што ж, што не пабачыліся, ёй можна радавацца: Вася жывы. А будзе жывы, прыйдзе, і яна раскажа ўсё, усё.

 

3

Усю ноч прачакалі самалёт з фронту — не дачакаліся. На світанні прыйшла радыёграма, што вылецець не ўдалося з-за нялётнага надвор’я на трасе.

Гэты, пяты, дзень блакады быў асабліва цяжкі. «Юнкерсы» бамбілі атрады, як ніколі дагэтуль, часта і моцна. Шалелі драпежныя «месеры», што амаль увесь час кідаліся з неба, праносіліся над дрэвамі, секлі з кулямётаў. Акрамя карнікаў пачаў грозны наступ голад. Другі дзень людзей не кармілі, выдавалі толькі па кавалачку нясоленага мяса. Туравец бачыў, што ў акопах дзе-нідзе людзі курчыліся ад болю ў жываце. Давалася, відаць, у знакі балотная брудная вада.

У атрадзе Кутузава парторг паскардзіўся Тураўцу на камандзіра ўзвода Калібярду:

— Не пазнаць чалавека, нібы падмянілі! Ные ўсё, як нямазаныя вароты...

Туравец ведаў Калібярду. Перад блакадай той двойчы ўдзельнічаў у разгроме гарнізонаў, паказаў сябе як смелы, баявы камандзір.

Туравец спачатку распытаў пра Калібярду ў палітрука роты, тады зазірнуў ва ўзвод, пагаманіў з партызанамі, уведаў іх настрой, думкі. Адзначыў: большасць былі прыгнечаны, амаль не верылі, што ўдасца вырвацца.

Азнаёміўшыся са ўзводам, Туравец адазваў убок камандзіра — Калібярду: пагутарыць, прыгледзецца да яго.

Яшчэ тады, калі Туравец паявіўся ва ўзводзе, яго абурыла, што Калібярда не далажыў, як належала па статуту, але камісар змоўчаў. Насцярожаны, Туравец тады заўважыў, што Калібярда і з аблічча змяніўся: паходка стала павольная і вялая, позірк вачэй нейкі бясколерны, няўлоўны. Ён не сачыў за сабою: твар аброс, адзенне і боты былі брудныя, заляпаныя граззю.

Туравец стрымана загадаў:

— Зашпілі каўнер!

Калібярда няцямна зірнуў, паслухаўся. Нехаця вузлаватымі пальцамі зашпіліў гузікі. Крывая ўсмешка на твары быццам гаварыла: «Калі вам так хочацца, я зраблю, але мне ўсё роўна».

— Зашпіліў...

Туравец зрабіў выгляд, што не заўважыў іроніі, задумаўся нявесела.

— Давай шчыра пагаворым,— прапанаваў ён.— Не тоячыся. Як таварышы. Ёсць? — Калібярда маўчаў.— Вось скажы, чаму ты так апусціўся? Брудны, няголены...

Калібярда момант, відаць, вагаўся, ці варта гаварыць без патайкі. Не надта ўпэўнена адказаў:

— А чаго галіцца? Да якога свята?

— Голяцца не толькі да свята...

— Некаторыя голяцца ў іншым выпадку...

— Перад смерцю? Што ж ты не дагаворваеш?

Калібярда прамаўчаў.

— Ты што ж, думаеш, што нам выйсці адсюль не ўдасца? Праўду кажы.

Ён знарок гаварыў мякка. Ён часта ў такіх выпадках хітраваў, каб лепш выведаць. Больш прамы Ермакоў недарма лічыў яго хітруном.

Калібярда і не думаў таіцца. Чаго тут, калі на тое пайшло, баяцца гаварыць, калі жывеш між зямлёй і небам. Тым больш, што камісар быў быццам лагодны, здавалася, сам быў засмучоны.

— Нашто тут заплюшчваць вочы,— пасмялеў Калібярда.— Не вам казаць, справа наша — дрэнь!.. Папаліся ў нерат — ні ўзад, ні наперад...

— Так, становішча наша — дрэнь. Гэта праўда. Ну, а што ж рабіць? Ты скажы, што ты раіш рабіць? Не сядзець жа вось так! Рыба і тая трапечацца, стараецца вырвацца. Калі трапіць... Што рабіць?

— Што рабіць, вы рашаеце. Вы камандуеце. Улада вам дадзена...

— Не, ты скажы, што ты раіш рабіць?

— Што я думаю?..

— Так, што ты думаеш?

Ён зноў завагаўся. Усё ж наважыўся, цвёрда аб’явіў:

— Я думаю, лепш за ўсё адпусціць людзей. Няхай кожны, як можа, выбіраецца...

— Ты, значыць, раіш распусціць брыгаду? — прагаварыў Туравец, ледзь стрымліваючы гнеў, хоць знешне і здаваўся зусім спакойны.— Можа, гэта і разумней, але ж шкада брыгаду. Як жа гэта? Была яна, і раптам не будзе?.. Акрамя таго, з намі — жанчыны, дзеці!

— Я не хачу сказаць — распусціць брыгаду. Пасля яна зноў збярэцца...

— А як — жанчыны, дзеці?

— А што жанчыны, дзеці? Ім лягчэй уратавацца.

— Дзеці-то напэўна не ўратуюцца.

— Іх немцы не пагубяць...

— Не пагубяць?..

Памаўчаўшы, Туравец раптам панура прамовіў:

— Ты, канечне, не выберашся.

Калібярда хутка, насцярожана кінуў позірк на камісара. У вачах бліснула штосьці — недаўменнасць ці спалох.

— Чаму?

— Ты ўжо амаль памёр. Жывы нябожчык...

— Вы жартуеце недарэчы. Я не бачу, з чаго тут смяяцца. Становішча такое...

Туравец устаў, спакойна перапыніў:

— Так, так. Становішча невясёлае. І хныкаць таму нельга. Тут ніхто не пашкадуе, не вытра слёзы. Людзям самім горка. А фашысты не разумеюць жаласных слоў.

Ён сціх, уважліва паглядзеў на партызана, нібы яшчэ не верачы, што ўсё тое чуў ад яго.

— Хто ў цябе намеснік? Баравік?

Калібярда кіўнуў галавою.

— Здасі яму ўзвод.

Калібярда насцярожана зірнуў на Тураўца.

— Я ж па шчырасці! — няцвёрда прамовіў ён.

— Я сказаў усё!

Туравец холадна, з пагардай акінуў яго позіркам, загадаў паклікаць Баравіка.

Калібярда хвіліну стаяў збянтэжаны, потым заспяшаўся выконваць загад.

Застаўшыся адзін, Туравец неспакойна захадзіў між дрэў. Ён адчуваў то пагарду, то злосць, лаяўся ў думках: «Звяў адразу! Размяк! Смаркач!..»

Нецярплівы, нездаволены, сустрэў ён Баравіка. Жорстка, з незвычайнай для яго рэзкасцю, даў прачоску за стан узвода, загадаў зараз жа навесці парадак. Баравік, кароткі, з нязменным ружавіннем на шчаках, слухаў уважліва, усім абліччам выказваў, што гатоў выправіць усё, але Туравец улавіў у яго позірку і затоенае неразуменне. Нібы не мог уцяміць чагосьці Баравік. Нібы дарэмна камісар на яго наваліўся. Туравец схамянуўся: раззлаваны, забыў адразу сказаць галоўнае! Усё тым жа патрабавальным тонам загадаў прыняць узвод.

Адправіўшы Баравіка назад, Туравец яшчэ некалькі хвілін хадзіў між дрэў. Мільгнула думка, што несправядліва жорстка гаварыў з Баравіком, але яна прайшла як бы наводдаль. Не гэта хвалявала цяпер.

Ён думаў пра тое, што жыццю людзей, жыццю ўсёй брыгады пагражае небяспечная хвароба — нявер’е ў поспех. Што яна, хвароба гэтая, будзе аслабляць людзей, падрэзваць пад корань баявы дух, што трэба зараз жа, не марудзячы, выганяць яе. Зрабіць гэта будзе нялёгка, бо абставіны спрыяюць хваробе. Трэба, каб усе камандзіры, палітрукі як след зразумелі, як небяспечна цяпер, у іх становішчы, бязвер’е, бязвольнасць.

Так, так,— ніякага вагання, ніякага сумнення, што пераможам мы. У гэтым цяпер галоўнае!

Перадаць гэту веру ўсім! Запаліць усіх гэтай вераю! Гэта трэба зрабіць што б там ні было!

Са штаба атрада Туравец звязаўся з Ермаковым і пераказаў сваю размову з Калібярдою. Камбрыг параіў Тураўцу:

— Гнаць з камандзіраў! Зняць зараз жа!

— Я ўжо зняў,— адказаў Туравец.

 

4

Калі Туравец вярнуўся ў штаб брыгады, камбрыг адразу працягнуў радыёграму:

— Павінен быць самалёт. Калі зноў надвор’е не падвядзе... Сядай, камісар, хачу параіцца.

Камбрыг коратка выказаў тое, над чым многа думаў у гэты дзень, перадаў апошнія разведвесткі.

— Я думаю — сёння, што б ні было, трэба прарывацца... Прыляціць самалёт ці не прыляціць, будзем вырывацца! Марудзіць нельга!

Нейкі час маўчалі. Маўчанне было цяжкае: абодва адчувалі, як цяжка будзе, калі самалёт не прыляціць. Не падкіне боепрыпасаў... З голымі рукамі давядзецца на прарыў ісці...

— Як сказаў Дантон: патрэбны — дзёрзкасць, дзёрзкасць і яшчэ раз дзёрзкасць!

Гэта былі любімыя словы Ермакова, за якія Туравец калісьці празваў яго «Дантонам 20-га стагоддзя». «Дантон» гаварыў сёння гэтыя словы так, нібы ўпэўніваў сам сябе...

— Дзёрзкасць... Як пад Каржоўкай яны? — запытаў Туравец.

— Разведчыкі кажуць, што там батарэя процітанкавых гармат і каля роты пехацінцаў. У сяле стаіць нейкі штаб. Адчуваюць яны сябе, па ўсіх прыкметах, упэўнена.

Ермакоў адразу, без паўзы, як рабіў звычайна, урывіста выказаў галоўнае:

— Увогуле, ёсць два варыянты: на Рылёўскі лес і... на Каржоўку. Як ты?

Туравец адказаў не адразу. Абапёршыся локцямі на стол, дзе ляжала карта, ён стаў разглядаць — у каторы раз — такі знаёмы квадрат яе, пафарбаваны амаль увесь у зялёны колер. Схіляўся насцярожана над падкоўкамі, кружочкамі, стрэлачкамі — старымі, якія ён ведаў, і новымі, толькі што пастаўленымі алоўкам камбрыга,— усімі знакамі, што абазначалі варожую абарону. Ён асабліва прыглядаўся да подступаў на Рылёўскі лес і на Каржоўку.

Неспакойны, хуткі Ермакоў хадзіў вакол стала і з нецярплівасцю чакаў,— не падабалася яму павольнасць камісара. Узняўшы позірк ад карты, Туравец зноў стаў распытваць пра вынікі разведкі, пра паводзіны карнікаў у баку Рылёўскага лесу.

— Мая думка — біць там, дзе менш чакаюць,— сказаў ён нарэшце.

— Дзе гэта?

«Вось звычка: ніколі адразу не скажа ўсё, што ў галаве»,— падумаў Ермакоў.

— Дзе? А вось дзе. Немцы, мусіць, упэўнены, што мы, лясныя людзі, пойдзем у лес. А мы возьмем ды зробім наадварот, а? Ударым на Каржоўку?

— Мне таксама Каржоўка больш даспадобы,— прызнаўся Ермакоў.— Ісці, праўда, прыйдзецца па адкрытым месцы, але затое ўдар павінен быць неспадзяваны для іх...

Прарывацца парашылі а другой гадзіне ночы, спадзеючыся дачакацца прылёту самалёта. Адкладваць прарыў на пазнейшы час не маглі — ночы былі ўжо кароткія, а ім пасля прарыву, пакуль зоймецца дзень, трэба пастарацца адысці падалей.

— Мы ўсё, камісар, улічылі? — задумаўся пад канец Ермакоў.— Не памыліліся ў чым-небудзь? У нас сёння, як у мінёраў. Памылка — смерць!..

— Так, права на памылку мы не маем...

 

РАЗДЗЕЛ VII

 

1

У тыя дні ваенны лёс прывёў у гэтыя мясціны нямецкага лейтэнанта Клямта.

Дывізія, у якой служыў лейтэнант, пасля баёў стаяла пад Барысавам, атрымлівала папаўненне. Пасля двухмесячнай падрыхтоўкі дывізія ўжо рыхтавалася да адпраўкі на фронт, калі раптам прыйшоў загад часова накіраваць яе на барацьбу з партызанамі.

Для Клямта навіна гэтая была неспадзяванай. Ён ведаў, што грозныя падзеі, якія павінны ўсё вырашыць, павінны адбыцца на ўсходзе, на фронце, і ў думках рыхтаваўся да гэтага. Цяпер звыклы кірунак думак павінен быў перайначыцца. Збіраўся на ўсход у акопы, а прыйдзецца накіравацца на поўдзень, паляваць на партызан, усталёўваць цішыню і парадак.

Да гэтага лейтэнанту не даводзілася ваяваць з партызанамі.

Тое, што ён пабачыў на месцы, дзе пачыналася карная аперацыя, нямала здзівіла яго. Тут, выявілася, была не адна дывізія, стаялі напагатове танкі, самалёты, гарматы. Можна было падумаць, што тут немцы збіраюцца пачаць генеральнае летняе наступленне.

...Над вёскамі і лясамі чорнымі хаўтурнымі хмарамі ўздымаліся дымы пажараў. Тысячы салдат прачэсвалі лясы, пералескі, перарэзвалі дарогі.

На лясных узлесках, на палях гучалі прарэзліва нямецкія каманды, важка, пагрозна рычэлі танкі. У гушчарах люта пранізвалі маладое лісце бязлітасныя чэргі аўтаматаў. Лясное рэха было поўна грукату, рыку, лязгу. У небе няспынна шнырылі «юнкерсы» і «месершміты», драпежна ўглядваліся ў кучаравыя, ледзь зазелянелыя прасцягі лясоў, вышуквалі буданы, чалавечыя постаці. То там, то тут наваколле ўздрыгвала ад моцных абвальных выбухаў бомбаў, якія шматавалі паркую веснавую зямлю, калечылі, разварочвалі маўклівыя хаты. Як людзі ў бойцы, раскінуўшы галлё, падалі дрэвы.

Усе вёскі палілі. Усюды пакідалі страшныя, незлічоныя папялішчы.

Усіх, хто быў звязаны з партызанамі, калі толькі пападаліся, бязлітасна вешалі ці расстрэльвалі. Многіх забівалі і проста так без усякай «віны», без якой-небудзь прычыны...

 

2

За кіламетр ад сяла высіўся невялікі ўзгорак, на якім у першую вясновую зеляніну пачыналі прыбірацца бярозы.

Неўзабаве пасля таго, як адышлі партызаны, сюды падкацілі нямецкія матацыклы і бронемашына. Прыпыніўшыся на некалькі хвілін, яны, не заязджаючы ў сяло, запылілі па дарожцы ў кірунку лесу. На змену ім да ўзгорка пад’ехала цугам некалькі ваенных грузавікоў, напоўненых салдатамі. Калі машыны спыніліся, салдаты, штурхаючы адзін аднаго, шумліва высыпалі на дарогу. З кабіны трэцяй машыны жвава выскачыў вялікі, вуглаваты ў рухах маёр, камандзір батальёна. Ён паклікаў Клямта і з ім хутка падняўся на ўзгорак.

На ўзгорку, між кустоў і бяроз, бялелі крыжы — гэта былі рускія могілкі. Маёр акінуў позіркам сіні лес, потым сяло — доўгі рад хат, што цягнуўся непадалёк,— сказаў Клямту:

— Якая цішыня! Спакой! Можна падумаць, спакой на ўсёй зямлі...

Лейтэнант, паўнацелы, дыхаў цяжка. На лбе яго пабліскваў пот. Лейтэнант, зняўшы фуражку, выцер хустачкай лоб, цыраваты пясок у фуражцы. У той жа час ён не зводзіў вачэй з вёскі.

— Вы маеце дзве гадзіны,— сказаў дзелавіта маёр.— Пасля гэтага — гадзіну адпачынак і абед... Я чакаю вас у пятнаццаць трыццаць на ўзлеску на поўнач ад Красное...

Маёр быў ашчадны на словы: усё важнае, што датычыла аперацыі, было растлумачана папярэдне, у час нарады ў яго, камандзіра батальёна. Лейтэнант, як і ўсе падначаленыя, ведаў, што ў вёсцы належыць выявіць партызанскіх агентаў, жонак і наогул сваякоў іх, што да ўсіх іх трэба ўжыць публічную экзекуцыю і знішчыць. Што жанчын — фізічна здаровых, якія непасрэдна не былі звязаны з ляснымі бандытамі — належыць адправіць у канцлагер для далейшага скарыстання на работах у Германіі. Што ў давяршэнне аперацыі вёску належыць спаліць, рэшту насельніцтва — знішчыць.

Галоўная задача, падкрэсліў на нарадзе маёр, скіравана на тое, каб пакараць насельніцтва за дапамогу партызанам і разам з тым пазбавіць партызан магчымай у будучым базы...

Цяпер трэба было ўзгадніць чыста практычныя акалічнасці: час дзеяння, маршруты, сувязь. Маёр і ўзгадніў тут гэта.

Лейтэнант, мяркуючы па выразу, з якім слухаў маёра, усё разумеў з першага слова: абодва былі вопытнымі афіцэрамі і добра ведалі адзін аднаго.

Пад’ехаў матацыкл разведкі, і маёр спусціўся з узгорка. Паслухаўшы даклад разведчыка, ён скамандаваў салдатам садзіцца ў машыны. Зірнуўшы на Клямта, які сышоў услед за ім, казырнуў яму на развітанне і сеў у сваю машыну.

Абагнуўшы могілкі, батальён накіраваўся да лесу. Засталіся толькі Клямт і яго салдаты. Лейтэнант коратка, энергічна аб’явіў загад: акружыць вёску,— яна звалася Паплавы,— не выпускаць ні аднаго чалавека.

Салдаты, прыгінаючыся, пачалі разбягацца па полі, абыходзіць вёску справа і злева. Клямт зноў узышоў на ўзгорак, нейкі час стаяў на могілках. Залажыўшы рукі за спіну і расставіўшы ногі, ён з могілкавага ўзгорка сачыў за рухам салдат.

Грэла сонца, але ветрык, што ішоў з поля, быў свежы, прыемны. Назіраць за тым, што адбывалася злева, было трохі нязручна, і сляпіла сонечнае ззянне. Лейтэнант быў спакойны: галоўнае, што яго як камандзіра заўсёды хвалявала, сёння было вырашана загадзя: аперацыя не давала падстаў, каб сумнявацца ў яе поспеху. Партызаны, па ўсіх звестках, адступалі і не былі здатны на супраціўленне. Усё ж, каб папярэдзіць проста неверагодную небяспеку іх удару з лесу, лэйтэнант ужыў меры засцярогі: узлессе было прачышчана моцным абстрэлам з мінамётаў. Акрамя таго, вёску з гэтага боку прыкрывала заслона: узвод і два кулямёты.

Сама аперацыя не давала лейтэнанту асаблівай уцехі. З ваеннага пункту гледжання яна не мела ў сабе нічога цікавага. Ды, шчыра кажучы, лейтэнанту не надта падабалася тое, што яго чакала ў вёсцы: галашэнне жанчын і дзяцей, лямант; недарэчная мітусня, якая яго, вопытнага ваеннага, зніжала да стану работніка, якому даводзіцца ўпраўляцца з авечкамі і свіннямі. Аднак нельга сказаць, што лейтэнанта вельмі гняло гэта: як чалавек звыклы да ваеннай службы, ён гатоў быў да любых — і прыкрых — клопатаў. Акрамя гэтага, ён ведаў і тое, што справа, якую яму выпала рабіць, неабходная. У тым, што было загадана яму, была зразумелая неабходнасць, і неабходнасць не якога-небудзь іншага роду, а іменна — ваенная. Каб умацаваць становішча на фронце, неабходна было ўмацаваць тыл.

Трэба было знішчыць варожыя гнёзды, банды, што рвалі камунікацыі арміі, моцна, небяспечна білі ў спіну...

Лейтэнант ведаў, што належала рабіць.

 

Ад сяла лейтэнанта аддзяляла невялікае роўнае поле, і яму добра было відаць усё, што там рабілася.

У вёсцы ўзнялася паніка. Адразу, як там заўважылі немцаў, групкі сялян кінуліся праз нешырокае поле да дробных кустоў, якімі пачынаўся лес. Лейтэнант добра бачыў, як гэтыя групкі адна за адной разгублена спыняліся перад кустамі, пачалі адступаць назад да вёскі. Лейтэнант адзначыў сабе, што папярэдняе меркаванне яго аказалася правільным двойчы: салдаты, пасланыя туды, не толькі перагарадзілі дарогу партызанам, але і перахапілі шлях для ўцёкаў з сяла.

Лейтэнант бачыў, што салдаты і камандзіры дакладна выконваюць яго ўказанні. Перахапіўшы ўсе важнейшыя шляхі, акружылі вёску, пачалі, як пятлю, сціскаць круг вакол яе. З гэтага кругу, было відаць, не магла вырвацца ніводная істота. Смешныя рускія, хто здолеў, гэта адчувалі: кінуўшыся туды-сюды, каб выскачыць, вымушаны былі адступаць назад у вёску...

Клямт сышоў з могілкавага ўзгорка, сеў у машыну і паехаў у вёску.

На вуліцы білася роспачнае галашэнне жанчын, плач дзяцей, патрабавальныя воклічы і лаянка салдат. Часта лямант перарывалі чэргі аўтаматаў. Усюды — па агародах, па дварах і хатах — бегалі, шнырылі салдаты. Некалькі з іх, штурхаючы аўтаматамі і пагражаючы, гналі на пляц жанчын і дзяцей. З аднаго двара салдаты ў расшпіленых куртках, сагнуўшыся, валаклі нейкія клункі, відаць, з хатнімі рэчамі. Убачыўшы лейтэнанта, абодва кінулі здабычу, з аўтаматамі перад сабою рынулі ў суседнія двары.

На пляцы ў сярэдзіне сяла невялікай купкай ціснуліся адзін да аднаго ператрывожаныя жыхары — жанчыны, дзеці, старыя. Да іх падводзілі з вуліцы новых. Натоўп занепакоена пазіраў на два ручныя кулямёты, што ставілі салдаты. Напэўна, па гэтай прычыне яны амаль не звярнулі ўвагі на лейтэнанта, які паволі ўязджаў на пляц.

Калі Клямт выйшаў з машыны і паважнаю, уладнаю хадою пакіраваў да натоўпу, адтуль раптам вырваўся прарэзлівы крык:

— Ха-аты!

Вокліч гэты працяў натоўп новаю трывогаю, і позіркі людзей зноў абмінулі лейтэнанта. У натоўпе па-ранейшаму не разумелі, якое значэнне мела для іх постаць, што з’явілася перад імі.

Па тым, куды і як глядзелі людзі вёскі, лейтэнант зразумеў пра сэнс воклічу. Людзі глядзелі то ў адзін, то ў другі канцы сяла, глядзелі па-рознаму, адчайна, стрымана, тупа. Але бадай на кожным можна было бачыць страх...

Сяло гарэла. З абодвух канцоў яго ўздымаліся, хутка раслі, зласліва акрэсліваючыся на чыстым блакіце неба, чорныя клубы дыму. «А ў мяне ж там усё-о засталося, лыжкі адной не вынесла!..» — залямантаваў хтосьці. Забедавалі яшчэ некалькі галасоў, нядружна, нясмела.

Сталі нарэшце прыціхаць. Цяпер большасць нема, з жахам маўчала, насцярожана пазірала ўжо на лейтэнанта.

— Дзе астатнія? — запытаўся Клямт.

Ён стаяў, як і на могілках, залажыўшы рукі за спіну, і пільна ўглядваўся ў натоўп. Обер-яфрэйтар Келер, які выконваў пры Клямту абавязкі перакладчыка, пераказаў пытанне лейтэнанта па-руску, цяжка падбіраючы належныя словы. Стары, што стаяў наперадзе натоўпу, нізенькі, згорблены, з жоўтым, як воск, маршчыністым тварам, з рэдкай жоўта-сівай барадой, пераступіў з нагі на нагу, прашамкаў:

— Некаторыя ўцяклі, а некаторыя ляжаць вунь... па дварах ды на вуліцы... сам бачыў.

Обер-яфрэйтар перадаў адказ па-нямецку.

— Ён жартуе? Скажы, Келер, мяне не цікавяць тыя, што ляжаць, а жывыя! — Пачакаўшы, пакуль Келер перакладаў, ён працягваў: — Нас цікавіць пытанне: у каго ёсць там, у лесе, дачка, сын або муж?.. родзічы? Таксама нас цікавіць: хто з’яўляўся партызанскім памочнікам?

Лейтэнант уважлівым чакальным позіркам прайшоўся па тварах натоўпу.

— Таго, хто скажа гэта, нямецкае камандаванне ўзнагародзіць. Нямецкае камандаванне пакіне гэтым асобам дом, хлеб, карову.

У натоўпе, было відаць, хваляваліся. Але ўсе маўчалі.

— Перакладзіце, Келер, што ў нас мала часу. Што мы не можам доўга чакаць.— Ён трохі перачакаў, зноў прайшоўся дапытлівым позіркам па тварах. На большасці твараў быў добра бачны жах, але ўсе па-ранейшаму маўчалі.— Перакладзіце, Келер,— павярнуўся лейтэнант да обер-яфрэйтара, вымавіў роўным, цвёрдым голасам,— што іх маўчанне прымушае нас ад імя нямецкага камандавання ўжыць карныя санкцыі.

Клямт выбраў наўгад траіх жанчын,— салдаты сілком адарвалі іх ад натоўпу,— і аб’явіў, што яны будуць расстраляны, калі іншыя жыхары не выкажуць партызанскіх сем’яў.

— Не карай іх, пан начальнік,— уступіўся стары.— Яны нявінны. У нас партызан няма. Было два, дык пайшлі ў лес з сем’ямі, з усім... забралі ўсіх з сабой...

Ён гаварыў такім тонам, што, каб лейтэнант быў наіўным, даверлівым чалавекам, мог бы падумаць, што гэта сапраўды так. Што стары кажа праўду.

— Якія ж мы партызаны? Старыя ды жанкі! — падтрымала старога адна з трох жанчын.— Няма ў нас нікога.

Дзве маўчалі, не зводзячы з лейтэнанта ўстрывожаных вачэй.

У гэты час салдаты падбеглі з каністрай да вялікага драўлянага будынка, што стаяў перад пляцам. Тут некалі была, відаць, школа. На шырокім двары яшчэ дагэтуль стаяў круглы пацямнелы слуп, каля якога сярод рамонку і палыну блішчалі дзве калісьці ўтаптаныя, як ток, лапіны. Напэўна, гэта была валейбольная пляцоўка.

Салдаты ўбеглі ў будынак, панеслі туды салому. Яшчэ двое жвава прыбеглі з каністрамі, зніклі за дзвярыма, потым выскачылі на ганак, аблілі яго. Скамечылі ліст нейкай паперы, падпалілі, кінулі на ганак. Агонь мігам ухапіўся ў ступенькі, пабег па парэнчах ганка, пайшоў у дзверы. Неўзабаве прагнае полымя знутры кінула свой водсвет на шырокія вокны. Потым з аднаго акна выбухнуў чорны клуб дыму, шуганулі іскры.

Лейтэнант хвіліну сачыў за агнём. Потым павярнуўся да натоўпу.

Лейтэнанту прыйшла новая ідэя.

— Перакладзіце, Келер,— сказаў лейтэнант цвёрдым тонам,— калі зараз жа нам не будуць вядомы сем’і партызан, а таксама памочнікі партызан, гэтыя жанчыны будуць неадкладна спалены.

Яго словы зрабілі належнае ўражанне. Лейтэнант бачыў, як вырываліся з рук салдат ахвяры, чуў іх стогны аб літасці, галашэнне ў натоўпе, але ні стогны, ні лямант не краналі яго. Ён ведаў толькі справу. Ён чакаў адказу.

Але ніхто не адгукнуўся.

Лейтэнант даў знак салдатам, каб пачыналі.

Салдаты падхапілі траіх і пацягнулі да агню. Жанчыны ўпіраліся, карнікі штурхалі іх аўтаматамі ў спіну, лаяліся. Адной, што непаслухмяна вырывалася, заламалі за спіну, звязалі рукі. Раскалыхалі і кінулі ў акно.

Натоўп апанаваў жах.

— Што ж гэта ён робіць, людзі-і? — залямантаваў хтосьці.

Раптам з натоўпу пачулася:

— За што яе, ірад?

Улавіўшы гэтыя словы, Клямт здагадаўся пра іх сэнс па тону. Ён рэзка павярнуўся да натоўпу. Хто сказаў гэтую пагрозу, яму было невядома, але позірк чамусьці прыкавала да маладой жанчыны з дзіцём на руках. Валасы яе былі разбэрсаны і спадалі на плечы, на загарэлай шчацэ падкоўкаю сінеў шрам. Яна дрыжала ад узрушэння, у шырока адкрытых вачах гарэла такая нянавісць, што твар лейтэнанта наліўся крывёю.

— Schweigen1 — крыкнуў Клямт.

Ён даў знак, і салдаты, як сабакі, спушчаныя з ланцуга, кінуліся да жанчыны, вырвалі яе з натоўпу. Абараняючыся, яна перадала дзіця суседцы. Клямт заўважыў гэта і загадаў, каб забралі і дзіця.

— Дзіця за што? За што дзіця! — крыкнула жанчына салдату, які груба ўхапіў малое, што нема закрычала ад болю. Салдат штурхнуў яе.

Яна паспрабавала вырваць дзіця:

— Людцы, дачушачку маю!..

Гітлеравец аўтаматам ударыў яе ў спіну.

— Дачушачка мая!.. Бі, душагуб, бі!..

На момант вочы яе, страшныя ў гневе, поўныя нянавісці, апантаныя, спаткаліся з позіркам Клямта. У іх была нейкая ўладная, страшная сіла. «Яна — вар'ятка!» — падумаў мімаволі лейтэнант.

— Каб на вас пагібель, на сабак!

— Was... was?2

Келер не паспеў перакласці.

— Каб вы здохлі ўсе, нелюдзі вы!.. Гады вы!.. Няма на вас пагібелі...

Лейтэнант нецярпліва адступіў некалькі крокаў назад, выхапіў пісталет, тройчы стрэліў.

— Каб вас!..

Жанчына хіснулася назад, потым з намаганнем выпрасталася, шукаючы рукамі ў паветры апору, ступіла крок наперад і павалілася моўчкі на зямлю. Лейтэнант паклаў пісталет у кабуру, павярнуўся да перакладчыка.

Чуючы, як нервова дрыжаць рукі, лейтэнант прайшоў усцяж натоўпу. З цвёрдым, дзелавітым выглядам глядзеў у анямелыя ад чакання невядомага, ад страху твары. Адабраў дзесяткі два жанчын, што здаліся больш здаровымі,— іх адразу ўслед за ім вырывалі з натоўпу. Закончыўшы адбор, лейтэнант загадаў адвесці іх убок.

Ён пачакаў, пакуль іх адвядуць, знайшоў сярод афіцэраў, што былі побач, камандзіра кулямётчыкаў, рэзкім жэстам пракрэсліў крыж. Кіўнуў на натоўп.

— Усіх.

Павярнуўшыся і не азіраючыся, цвёрда пайшоў да машыны.

 

1 Маўчаць!

2 Што... што?

3

Машына павольна прабіралася праз вуліцу.

Хаты палалі ўжо амаль усцяж усёй вуліцы. Ад полымя патыхала гарачынёй. Там і тут над пажарамі ўскідваліся снапы іскраў. На дарогу часам падалі зыркія галавешкі. Было так горача, што лейтэнант затульваў твар далоняю. З апаскай сачыў за тым, куды ляцяць галавешкі.

За сялом, каля могілак, машына зноў спынілася. Лейтэнант выйшаў і ўзышоў на ўзгорак. Стаў глядзець на сяло. Гарэлі цяпер усе хаты, стаякі дыму па ўсім сяле ўздымаліся ўгару, зліваліся ў небе ў чорную нерухомую хмару.

Клямту раптам успомнілася жанчына, якая праклінала яго, і яму, што здаралася рэдка, стала трывожна. Самым непрыемным было тое, што яна была падобна на вар’ятку. Ён не любіў вар'ятаў. У маленстве адна абарванка-вар’ятка сказала, што яго з’ядуць сабакі. Ён тады пасмяяўся дзіўным прароцтвам, а пасля здарылася так, як гаварыла вар'ятка. Аднойчы, калі малы Клямт вяртаўся са школы, яго ледзь не разарвалі сабакі. Два месяцы ён праваляўся ў бальніцы, а знакі на нагах ад сабачых зубоў засталіся назаўсёды. З таго часу лейтэнант асцерагаўся вар’ятак.

Неўзабаве вярнулася ўся рота, і Клямт забыў аб гэтай прыкрасці. Салдаты, выпэцканыя ў сажу, закураныя, як качагары, цягнулі розную здабычу — сала, курэй, адзенне.

Ля ўзгорка роту пастроілі, і лейтэнант выслухаў даклад, што аперацыя скончана.

— Дзякую,— сказаў ён да роты.— Вы добра папрацавалі... Я далажу пра гэта камандаванню.

Акінуўшы позіркам строй, Клямт загадаў:

— Усім пачысціцца. Паабедаць. Праз гадзіну быць гатовымі да далейшых дзеянняў.

Калі лейтэнант дазволіў распусціць строй, салдаты і камандзіры стомлена разышліся: адны мыцца, другія смажыць курэй.

Клямту прынеслі некалькі кругоў каўбас. Каўбасы былі здабыты ў гэтай вёсцы. Клямт панюхаў іх і аддаў кухару падсмажыць.

Як пасля ўсякай удалай аперацыі, абедалі шумліва, весела. Бадай, весяліліся нават занадта бурліва. Як і ў іншыя дні з пачатку гэтых акцый гаварылі незвычайна голасна, з воклічамі, рагаталі ахвотна і нібы бесклапотна, нібы выхваляліся адвагаю і бестурботнасцю.

Можа быць, весялосці дапамагаў ром, якога было адпушчана на ўсю аперацыю дастаткова. Але было ў гэтай незвычайнай весялосці, чулася лейтэнанту, і штосьці нібы не зусім здаровае. Нібы лішнім шумам хавалі патайную кволасць.

Лейтэнант Клямт разумеў, што акцыі тут, з іх забойствамі цывільных людзей, з крывёю дзяцей, аказаліся для некаторых занадта моцным выпрабаваннем.

Чуллівымі аказаліся некаторыя новыя з папаўнення, якія наогул яшчэ не бачылі вайны. Асабліва тыя з іх, што былі старэйшыя ўзростам. Гэтым старэйшым яўна замінала агідная нямецкая сентыментальнасць, што жыла ў іх са старых часоў і што напамінала недарэчы пра іх дзяцей і фрау, якія засталіся ў фатэрляндзе. Гэтым яўна не хапала моцнага нямецкага духу.

З цвярозасцю вопытнага салдата і здаровага немца лейтэнант быў упэўнены, што час і вопыт вызваляць гэтых тылавых чысцюль ад мяккасардэчнасці і слюнявасці. У гэтых адносінах карныя акцыі былі нядрэннай падрыхтоўкай да выпрабаванняў фронту.

Прылёгшы на плашч-палатку ў маскіровачных рудых плямах, лейтэнант наліваў з фляжкі ў алюмініевы каўпачок, цадзіў ром, закусваў і разам з тым цікаўна назіраў за афіцэрамі і салдатамі навокал. Раз-другі ён паглядзеў на обер-яфрэйтара Келера, што абедаў побач. Келер не ўпершыню прыцягваў увагу лейтэнанта.

Насыціўшыся, лейтэнант старанна выцер рукі, узняўся з плашч-палаткі, з сур’ёзным, заклапочаным выглядам прайшоўся між салдат, клікнуў Келера. Той ускочыў імкліва, як належыць, падбег, чакаючы загаду.

Лейтэнант адразу даў зразумець, што размова будзе таварыскай.

— Што піша Ільза?

— Рознае піша, гер лейтэнант...

Лейтэнант запрасіў прайсціся.

— Сумуе, піша?

— Так, гер лейтэнант...

— Віншую. У цябе, відаць, сапраўдная сяброўка. У наш час гэта здараецца, на жаль, не заўсёды...

Лейтэнант запрасіў сесці. Яны апусціліся на траву.

— Табе пашанцавала, Келер. Віншую... Зрэшты, я не суджу строга і іншых. Каторыя засталіся там... Яны маюць сваю рацыю. Так, сваю рацыю... Як і ўсе мы, жанчына таксама належыць фюрэру, айчыне. І яе любоў павінна вызначацца найперш гэтым. Таму асабістая любоў — справа менш важная. А ў некаторых выпадках — і непатрэбная, састарэлая. Яна ўводзіць у наша жыццё непатрэбны эгаізм, аблытвае. А часам і адрывае чалавека ад асноўных абавязкаў. Перад фюрэрам...

У аснове сваёй гаворка гэта мала хвалявала цяпер лейтэнанта Клямта. Гаворачы гэта, лейтэнант Клямт увесь час коса паглядваў на паплечніка. Лейтэнанта належна цікавіла цяпер толькі адно: маральны стан обер-яфрэйтара Келера. Обер-яфрэйтар Келер быў незвычайна ўсхваляваны і прыгнечаны. Назіральны лейтэнант Клямт яшчэ раней адзначыў, што обер-яфрэйтар Келер гэтыя дні трымаўся затоена, хаваў у сабе штосьці нядобрае. Лейтэнант адчуваў, што і ў гэтыя хвіліны обер-яфрэйтар быў далёкі ад праблем нямецкіх жанчын...

Лейтэнант думаў пра тое, як выклікаць обер-яфрэйтара Келера на шчырую размову. Думалася лейтэнанту цяжка, думкі нібы выслізгвалі: заміналі гарачыня і выпітае віно.

Обер-яфрэйтар Келер сам з п’янай няхітрасцю стаў адкрывацца.

— Лейтэнант, прабачце — вам не здаецца,— загаварыў з панурай задуменнасцю і рашучасцю обер-яфрэйтар,— што ўсё гэта не тое... не салдацкая справа...

— Што? — нібы не зразумеў лейтэнант.

— Гэта. Ваяваць з жанчынамі. З дзецьмі.

— З жанчынамі? Хіба мы ваюем з жанчынамі?

Ён быццам здзіўлены павярнуўся да обер-яфрэйтара, але Келер не пазіраў на яго. Хударлявы, кволы, з інтэлігентнай далікатнасцю на твары, якая заўсёды выклікала мімавольнае недавер’е ў лейтэнанта, чужаватасць да обер-яфрэйтара, Келер сядзеў, абняўшы рукамі калені, глядзеў нядобра перад сабой, прыплюшчыўшы вочы.

— Для салдата ёсць фронт...

— Салдат павінен рабіць усё, што патрабуе загад камандзіра. Усё, што неабходна фюрэру, айчыне...

Стрымліваючы раздражненне, лейтэнант Клямт павінен быў паўтарыць вядомае, простыя ісціны. Што шкадаваць рускіх — значыць праяўляць нямецкую мяккацеласць і быць несправядлівым да нямецкай арміі. Не віна нямецкай арміі, а віна бальшавікоў рускіх, што немцы ўжываюць рэпрэсіі ў такім шырокім маштабе. Рускія карыстаюцца незаконнымі, агіднымі метадамі вайны. Яны вядуць вайну несумленна, мала таго, што нападаюць з лясоў, робяць засады на тылавых дарогах, яшчэ выкарыстоўваюць мірнае насельніцтва, жанчын і дзяцей. Усе нападаюць на нямецкія войскі з-за спіны. Каб засцерагчы ваенныя тылы, нямецкія войскі павінны ўжываць рэпрэсіі супраць усіх. Уся віна за гэтыя рэпрэсіі ляжыць на саміх рускіх. Немцы вымушаны гэта рабіць.

Келер сказаў з юначай упартасцю:

— Але на гэта ёсць... спецыяльныя людзі.

— Іх таксама хапае.

— Усё роўна,— упарта, зацята прамовіў обер-яфрэйтар.— Няхай яны гэта робяць!

— Тут таксама вайна,— жорстка, холадна, як загад, сказаў лейтэнант Клямт...

— Вайна? З дзецьмі? — Ён, відаць, штосьці ўспомніў, з тугою, з адчаем павёў вачыма.— Кроў, дзеці, бр-р...

Лейтэнант Клямт адчуў прыкрасць да гэтага нервовага матчынага сынка. Прыкрасці, раздражнення гэтых не магла ўжо патушыць звыклая зямляцкая паблажлівасць. Бадай, лейтэнант занадта багата дазваляў обер-яфрэйтару з-за зямляцкай блізкасці.

Яны заўсёды былі не вельмі моцнымі салдатамі, гэтыя ўчарашнія студэнты, сапсаваныя цывільнай адукацыяй. Гэты ж зямляк яго, саксонец, наогул марыў да арміі чорт ведае пра што: стаць мастаком! Як быццам гэта годны мужчыны і маладога немца занятак! Зрэшты, на фронце ён паказаў сябе зусім нядрэнна, здавалася б, дохлы такі, бледнатвары інтэлігенцік, надзейна, аддана ваяваў. І вось, калі ласка, размовы, вартыя строгага пакарання.

Лейтэнант Клямт пакуль не ведаў, што належыць учыніць да гэтага падначаленага. Ад таго раздражненне ў ім супраць обер-яфрэйтара было яшчэ мацней.

— Глядзі,— лейтэнант абцасам бота прыціснуў траву, потым адставіў бот убок. Трава ў ямцы з-пад абцаса, дзе была менш прыціснута, упарта ўздымалася.— Заўтра яна ўся выпрастаецца! Каб яна не ўзнялася, яе трэба рваць з коранем.

Ён вырваў жмуток травы з зямлёй, змяў яе і кінуў прэч.

— Усё роўна,— п’яным, з адчаем, голасам сказаў обер-яфрэйтар. Ён раптам ускочыў, зноў з тугою выказаў:— Няхай яны гэта робяць! Няхай яны!

Лейтэнант Клямт азірнуўся, іх, здаецца, ніхто не слухаў. Салдаты, сп’янелыя, крычалі, гаманілі кожны пра сваё. Лейтэнант загадаў обер-яфрэйтару Келеру прывесці сябе ў парадак, сесці. Ён прамовіў загад такім жалезным голасам, што обер-яфрэйтар Келер адразу звяў, падпарадкаваўся.

Сядзеў зноў, ціха, пакорліва чакаў, што загадае далей лейтэнант.

Лейтэнант загадаў супакоіцца, узяць сябе ў рукі. Обер-яфрэйтар пастараўся супакоіцца.

Пачціва слухаў, як лейтэнант ганьбіў праклятую нямецкую сентыментальнасць, якая раней столькі разоў губіла іх. Як лейтэнант гаварыў пра рашаючае значэнне моманту, іх цяперашніх акцый, пра неабходнасць праяўляць цвёрдасць духу.

Обер-яфрэйтар Келер паабяцаў, што ганебнае слабадушша ў яго больш не паўторыцца.

Усё ж лейтэнант пайшоў ад яго вельмі нездаволеным.

 

РАЗДЗЕЛ VIII

 

1

Грэчка амаль тры дні блукаў адзін па лесе.

Вярнуцца дамоў не давялося. Ён у першы ж дзень падышоў да сяла, але зайсці туды пабаяўся, бо ў вёсцы, заўважыў, былі немцы.

З хмызняку на ўзлессі, не вытыркаючыся на чужыя вочы, прадчуваючы нядобрае, асцярожна, пільна назіраў ён за тым, што рабілася ў сяле. Да яго дайшлі лямант, страляніна. Ён слухаў усё, поўны разгубленасці. З неспадзяванай трывогі не ведаў, што рабіць далей. А тут раптам раз, другі грымнула поблізу. Зусім побач на ўзлессі пачалі выбухаць снарады.

Грэчка кінуўся назад у гушчар.

На другі дзень, раніцай, у невялікім хутарку яму ўдалося дастаць крыху хлеба, і ён два дні хаваўся ў вільготным паўзмроку лясной гушчыні, прыслухоўваючыся да таго, што рабілася навокал. У розных баках чуліся кулямётная і аўтаматная страляніна, важка гупалі выбухі.

Ён стараўся аддаліцца ад іх, але страляніна паступова набліжалася з усіх бакоў.

Аднойчы Грэчка ледзь не наткнуўся на гітлераўцаў.

Раптам адтуль, куды кіраваў ён, шукаючы цішыні, данеслася нямецкая гаворка. Ён адразу прыпаў да зямлі і ўбачыў непадалёк у прагаліне між падлеску палявую кухню і групу немцаў-салдат, што сядзелі на траве. Зброя іх ляжала на зямлі. Яны абедалі. Не помнячы сябе, Грэчка стаў адпаўзаць назад, потым ускочыў і пабег.

Ён спыніўся ў густым лазняку, трывожна ловячы гукі, стаў прыслухоўвацца. Хутка там, адкуль прыбег ён, пачулася страляніна. Потым данесліся стрэлы з другога боку. Яны паступова набліжаліся.

«Прачэсваюць лес»,— падумаў уцякач.

Нечакана ён пачуў побач трэск галля. З зарасніку проста на яго наскочыла жанчына з ускудлачанымі валасамі.

Яна вяла за руку дзіця. У вачах жанчыны быў жах. Убачыўшы раптам перад сабой незнаёмага чалавека, яна спалохалася, але, прыгледзеўшыся, ціха, спакутавана ўскрыкнула:

— Божа! Ды гэта ж свой, здаецца!

Цяжка і часта дыхаючы, яна падышла да Грэчкі.

— Дзякуй богу, свайго чалавека спаткала! А то ж перапалохалася... Ледзь уцякла ад іх... Смерць, думаю, прыйшла... Як добра, што свой чалавек тут... Дзе нашы, далёка?

Уся яе надзея была цяпер на Грэчку, яна глядзела на яго, як на ратаўніка.

Той незадаволена адступіў, мармычучы:

— Я таксама адзін...

Не, ён не хацеў браць на сябе чужы клопат. Ён хацеў быць адзін, адзін.

Але жанчына не адставала, ішла ўслед.

— Вазьмі і нас, саколік! Памажы нам! Не кідай, вазьмі з сабою... Не кідай... Не кідай!.. Куды ты! А божа!

Грэчка раззлаваўся, вылаяўся. Не стрымліваючы больш сябе, асцярожліва рынуўся прэч ад яе. Толькі адбегшы далей, убачыўшы, што яе няма, спыніўся.

Страляніна і воклічы немцаў усё набліжаліся.

У нейкую хвіліну Грэчка непадалёк пачуў жахлівы адчайны крык жанчыны і стрэлы.

«Тая напэўна»,— мільганула ў Грэчкі думка. У грудзях пахаладзела. Ён ліхаманкава агледзеўся, шукаючы куст ці выварацень, дзе можна было б ухавацца. Выбраўшы пагусцейшы куст, палез у яго. Прадзіраючыся праз галлё, ён з жахам заўважаў, што лісце яшчэ не зусім разраслося, што куст прасвечваецца скрозь, адчуваў, што ўхавацца тут будзе цяжка. Немцы тым часам з крыкам, з ляскатам, неадступна, пагрозліва набліжаліся. Кулі пасвіствалі ўжо побач, у галлі.

Зашыўшыся глыбей у зараснік, уціснуўшыся ў зямлю, ён нічога не бачыў. Не хацеў бачыць. Думаў адно пра тое, каб як-небудзь гэта навала прайшла міма.

Ён чуў, як побач, зусім побач затрашчала галлё, сцяў дыханне. Маліў, каб трэск пайшоў далей, абмінуў яго. Але трэск не пайшоў далей. Крокі спыніліся, і ён — як ні чакаў, ні баяўся, здалося — неймаверным — побач, над сабой пачуў голас, які прагучаў, як стрэл:

— Устаць!

Грэчка спіною адчуў, што гэта адносіцца да яго, але не варухнуўся, нібы прыклеены да зямлі.

Толькі тады, калі нехта злосна стукнуў яго нечым цвёрдым, жалезным у шыю, ён рачкі палез з куста, падняўся. Перад ім стаяла некалькі немцаў з аўтаматамі.

Ён анямеў, чакаючы, што яго зараз жа застрэляць або ўчыняць нейкую жахлівую смерць.

З таго, што гаварылі да яго немцы, ён не разумеў нічога, хоць адзін з іх крыху гаварыў па-руску. Да Грэчкі дайшло толькі адно слова «партызан», якое выплыла з туману, што напаўняў галаву. Уцякач адразу закруціў галавою, адмаўляючыся: не, не... не!

У тую хвіліну да іх падышоў паліцай.

Грэчка ўбачыў чорны чуб, начэсаны на вока, і яго ахапіла дваістае пачуццё — і трывогі і палёгкі. Паліцай быў знаёмым. Ён, Тыталь, добра ведаў Грэчку, раней не раз заходзіў да яго ў хату, частаваўся самагонам.

Тыталь падбіваў нават некалі падацца ў паліцыю, але Грэчка не паслухаўся. Ён хацеў жыць ціха, не звязваючыся ні з паліцыяй, ні з партызанамі. Жыць спакойна ды чакаць, як яно будзе далей... Гэтаму Грэчкаваму жаданню не суджана было збыцца: потым сталася так, што давялося пайсці ў лес. «Пайшоў сабе на пагібель, дурань»,— шчыра пакаяўся ён цяпер.

— Ну, папаўся, галавешка? Не паслухаў? — сказаў Тыталь са злой радасцю, помсліва.

Грэчку апанавала непапраўнае шкадаванне.

— Не п-паслухаў... Дурны быў... Д-дурны быў, Якавачка...

— Паразумнееш — на тым свеце, галавешка.

— Не загубі, Якаў! — ухапіўся Грэчка.— Пашкадуй, Якавачка.

Надзея на Тыталя абудзіла ў Грэчку сілу і прагу збавення.

— Аддзякую дабром! Усё, што зажадаеш, аддам! Нічога не пашкадую!

Тыталь быў як каменны.

— Каяцца ўздумаў перад смерцю,— толькі і працадзіў з пагардаю.

— Я ўцёк адтуль... ад іх...— маліў Грэчка, не выпускаючы надзеі.— Я кінуў!.. Хай яны прападуць. Як яны, паганцы, зацягнулі мяне!..— Ён ухапіўся за думку, у якой улавіў ратунак.— Зацягнулі! Сілаю! Ты ж знаеш! Загадалі! Пад вінтоўкаю загадалі ісці! Прыйшлі ў хату і — загадалі! Загадалі абстрыгчы бараду! І — у лес, да сябе!..

Тыталь нібы не чуў. Стаяў важны, непадступны. Толькі і паддаўся, каб сказаць:

— Можа, жонцы што сказаць трэба. Гэта я магу.

Карнікі, што хвіліну сачылі за іх размоваю, а больш, можа, проста перадыхвалі, цяпер стомлена загаварылі пра яго. Што гаварылі пра яго — Грэчка бачыў па жэстах, але здагадацца пра змест размовы не мог. Можа, прыдумваюць смерць яму. Разуменне важнасці моманту, смяротнай небяспекі, надзея на Тыталя, якую ён не хацеў адпускаць, зноў узнялі ў ім прагу ўратавацца, і ён зноў стаў прасіць, маліць Якава пашкадаваць, заступіцца.

Яго маленне нарэшце, здаецца, змякчыла цвёрдае сэрца паліцая. Тыталь нічога не абяцаў, але ступіў да аднаго з немцаў, мусіць, старэйшага і стаў нешта ціха казаць яму. Падобна было на тое, што — угаворваць немца.

Грэчка так і не зразумеў, ці здолеў Тыталь угаварыць немца. Той, здавалася, не згаджаўся.

Грэчку загадалі ісці кудысьці.

З ім пайшлі Тыталь і адзін салдат, іншыя рушылі з аўтаматамі далей. Тыталь ступаў спераду, а немец — за спіной. Грэчку ўвесь час хацелася азірнуцца. Нельга было адолець цягучае, нясцерпнае адчуванне, што ззаду цэляцца ў спіну.

Ён уздрыгваў ад кожнага трэску сучка, і ўсярэдзіне ў яго ўсё замірала.

 

2

Калі лес наперадзе расступіўся, у Грэчкі зноў абудзілася надзея. Значыць, не на расстрэл.

Аднак на душы было цяжка, і ён, згадаўшы раптам Тураўца, пашкадаваў, што не пайшоў разам з усімі. Як бы там ні было, усё-такі ў атрадзе не так — там ты не адзін, а з другімі, і страх не гэтакі.

На ўзлессі, на беразе рачулкі, былі таксама немцы. Адзін з іх, голы да пояса, плюхаў на сябе з вядра халоднай вадою і задаволена крактаў. Цела яго пакрылася дробнымі курынымі пупышкамі. Два немцы непадалёк нешта смажылі на скаварадзе.

Тыталь сказаў да Грэчкі мякчэй:

— Сам лейтэнант Клямт... будзе дапытваць цябе,— параіў патрабавальна.— Не таіся, кажы ўсё чыста, што ведаеш, можа, злітуюцца... Эх, галавешка!

Лейтэнант Клямт перастаў плёхацца, і салдат стаў выціраць яго вышываным вясковым ручніком. Скура лейтэнанта Клямта заружавела.

Акуратненька прычасаўшы на роўны прабор зямлістыя, падобныя на мочаны лён, валасы, пан лейтэнант надзеў мундзір. Толькі калі надзеў мундзір, зашпіліўся, салдат, што прывёў Грэчку, адважыўся далажыць яму штосьці. З ледзяным, непранікліва зацятым выглядам выслухаў пан лейтэнант даклад салдата, жорстка зірнуў на Грэчку.

Тыталь падштурхнуў Грэчку да лейтэнанта. Грэчка ступіў наперад, кланяючыся, паказваючы пакору, гатоўнасць усё паслухмяна выканаць.

— Партызан? — лейтэнант усё цэліў у Грэчку варожы позірк.

— Не, не... Я ўцёк... Уцёк ад іх,— хапаючыся, загаварыў Грэчка, не зводзячы з афіцэра вачэй, што чакалі, малілі.— Я не партызан.

Паклікаўшы нейкага салдата, лейтэнант Клямт штосьці загадаў яму. Малады белатвары салдат пераказаў, што пан лейтэнант папярэджвае, што трэба адказваць на ўсе пытанні, што адказы павінны быць праўдзівыя, што за лжывыя паведамленні Грэчка будзе пакараны.

— Перадайце, таварышу...— Грэчка анямеў, хутчэй паправіўся,— пану лейтэнанту, што я скажу ўсё! Чыстую праўду!

Ён, хапаючыся, нібы баяўся, што лейтэнант перарве яго і зробіць абяцанае пакаранне, адказаў на пытанні, што ішлі адно за адным. Пытанні былі важныя: дзе знаходзілася брыгада, куды накіравалася, склад яе. Праўда, іншы раз пытанні аказваліся цяжкаватыя. Напрыклад, пра планы брыгады, тады Грэчка адчуваў, як па яго твары плыве пот.

Ён бачыў, што лейтэнант яўна нездаволены ім і падазрае, што ён нешта тоіць. Перакладчык хутка пацвердзіў здагадку Грэчкі.

— Пан лейтэнант напамінае, што вы будзеце строга пакараны за скрыванне паведамленняў...— прамовіў старанна перакладчык.

— Я гэтага не ведаю,— пакляўся, молячы, Грэчка.— Ей-богу, не ведаю! Мне не казалі.

Грэчка адчуваў, што гіне. Стоячы перад лейтэнантам, сустракаючы яго пранізлівы позірк, уцякач і не думаў пра людзей, якіх выдаваў. Іх цяпер для яго не было, ён жыў адною прагаю выратаваць сваё жыццё, гэта прага адольвала ўсё, што магло быць на свеце. На хвіліну мільгнула думка, што за такі ўчынак у брыгадзе, калі б ён там зноў апынуўся, расстралялі б адразу, але яна знікла, не пакінуўшы ў душы следу.

Ён бачыў перад сабою толькі лейтэнанта.

Лейтэнант Клямт, слухаючы яго, рабіў адзнакі на карце. Пад канец допыту лейтэнант задаў некалькі пытанняў, на якія Грэчка зноў не змог адказаць, і Грэчка адчуў, што ідзе на дно.

Ён чакаў прысуду, хуткага прысуду, але лейтэнант зняў тэлефонную трубку, выклікаў нейкую «Эльбу» і штосьці пачаў паведамляць туды. Мяркуючы па тым, што ён паглядваў на карту, ён перадаваў весткі, якія сказаў Грэчка.

Як толькі размова з «Эльбаю» скончылася, Грэчка зразумеў, што цяпер вырашыцца яго лёс.

Але лейтэнанта Клямта лёс гэты нібы зусім не цікавіў. Надзяваючы высокую фуражку, ён зірнуў на палоннага такім далёкім позіркам, быццам таго зусім не было перад ім. У абыякавым, бязлітасным позірку лейтэнанта Грэчка прачытаў прысуд сабе — канец.

Ён кінуўся на зямлю, просячы літасці:

— Пан капітан... Пан капітан...

Лейтэнант Клямт па-ранейшаму не хацеў яго заўважаць. Адзін з салдат тузануў Грэчку за руку, ткнуў у бок аўтаматам.

Тады за Грэчку ўступіўся Тыталь.

— Дайце, гер лейтэнант, яго мне. Мне патрэбны людзі. Работы — філь, а людзей — ніхт.

Лейтэнант Клямт запытальна зірнуў на перакладчыка. Паслухаўшы яго, кінуў цвёрда, з пагардай, што гэты мярзотнік заўтра можа таксама перабегчы да партызан.

— Не пойдзе, я яго ведаю. Там яму адразу кацялок — «копф»,— Тыталь паказаў на галаву,— адкруцяць. Няхай толькі сунецца! — Перачакаўшы, пакуль салдат перакладзе, Тыталь заявіў упэўнена: — Я магу паручыцца за яго, гер лейтэнант.

Лейтэнант Клямт павагаўся момант, востра зірнуў на Грэчку і саступіў Тыталю. Відаць, ён падумаў, што калі гэты старанны камандзір паліцаяў ручаецца, няхай возьме сабе. Вядома, для паліцыі трэба многа людзей, у паліцыю ахвотнікаў мала было. Лейтэнант махнуў пухлай, кароткай рукой, і тыя адступілі ад Грэчкі.

Грэчка ўзрадаваны наўколенцах пакланіўся лейтэнанту, раз-другі, захапаўся дзякаваць пану за ласку, за дабрату. Аднак, улавіўшы, што твар лейтэнанта нездаволены, што слухаць і заўважаць той яго, падобна, не хоча, тут жа стрымаў сябе. Не дай бог, раззлуеш няўрокам, балбочучы лішняе. Яшчэ не верачы, што бяда так шчасліва мінула, узняўся, зірнуў на Якава, нібы пытаў парады.

Якаў казырнуў лейтэнанту і папрасіў дазволу ісці выконваць абавязкі. Даў знак Грэчку ісці за ім. Грэчка асцярожліва азірнуўся на салдат. Тыя не глядзелі на яго.

— Век не забуду тваёй ласкі, Якаў! — кляўся ён, калі разам з Тыталем адышоў ад лейтэнанта Клямта.— Пакуль жыць буду! Да скону буду верным другам...

— Прасі тут начальства за цябе,— прыкметна задаволены сабой, Грэчкавымі словамі, паблажліва папракнуў Тыталь.— Важдайся з дурнем... Ну, ды чорт з табой! — ляпнуў ён раптам па-сяброўску па плячы. Тут жа, аднак, нагнаў на твар начальніцкую сур’ёзнасць:— З сённяшняга дня будзеш служыць са мной! Чуў?

— Чуў,— не думаючы пра гэта, усё на той жа неўтаймаванай хвалі радасці адказаў Грэчка.

— Усе глупствы каб выкінуў з галавы! — патрабавальна і важна загадаў паліцай. Ён пагрозна паматаў пальцам перад Грэчкавым тварам.— Глядзі ў мяне!

— Што ты, што ты, Якаў! Цяпер я навучаны. Доўга буду помніць навуку гэту...

— Кінь ты быць! Як баба. «Буду помніць, буду помніць!» Паспрабуй забыць!.. Туды, назад, дарогі табе цяпер няма. Галаву адкруцяць адразу.

 

Тыталь даў даведку, што Грэчка служыць у паліцыі, і той рушыў да свайго сяла. Ён ішоў лёгка, і ўсё спявала ў ім: жыву, жыву.

Але пазней, калі першая радасць крыху прыціхла, калі лес і стрэлы засталіся далёка ззаду, Грэчку пачала апаноўваць трывога. Хада яго пацяжэла. Ён ужо цягнуўся павольна і разважаў нявесела, з одумам:

«Як жа я буду ў паліцыі? Я ж не хацеў ісці туды, а цяпер буду! Я ж хацеў, каб убаку, каб перачакаць...»

Яму ўспомніўся раптам Туравец, і Грэчка так занепакоіўся, нібы той і цяпер меў над ім уладу.

Што ж рабіць? Грэчка нейкі час разгублена стаяў на полі, каля сцежкі, якая вяла ў вёску. Ісці ці не ісці? Ён не мог прыдумаць нічога іншага, акрамя таго, што яму падказвалі абставіны, куды яго вялі апошнія падзеі.

«А, што будзе, тое будзе!» — падумаў ён нарэшце і, стараючыся не разважаць, няцвёрдай хадою пакіраваў да вёскі.

 

РАЗДЗЕЛ ІХ

 

1

Другую ноч на поплаве дзяжурыла некалькі дробных групак. Усе атрады былі ўжо гатовы да выступлення, а камбрыг усё яшчэ нецярпліва прыслухоўваўся да начнога шуму. Сонна пастрэльвалі недалёка кулямёты, разложна бухнулі некалькі разоў гарматы. Сёння ён непакоіўся яшчэ больш: «Прыляціць ці не прыляціць?» Пазіраў у чорнае неба, слухаў, як тужліва шуміць угары, у лісці, вецер. Надвор’е было мала лепшае, як учора. Камбрыг раз-пораз запальваў кішанёвы ліхтарык і, падставіўшы пад святло гадзіннік, паглядаў на яго.

А што, калі не прыляціць? Ермакоў адчуваў, як сэрца пачынае біцца мацней і нібы напаўняецца холадам. Ён ведаў: выбару не было, на прарыў трэба было ісці, не зважаючы ні на што. Седзячы тут, ён, можа, у дзесяты раз, стараўся перабраць у думках, ці ўсё зрабіў, што належыць, да выступлення.

Прайшла гадзіна, другая, а самалёта не было. Ермакову не сядзелася, ён то выклікаў сувязных і даваў загады, то неспакойна хадзіў і, каб сцішыць нецярплівасць, насвістваў песню. Блізка апоўначы ён улавіў далёкі гул самалёта. Камбрыг пачуў, відаць, раней за іншых, бо ўсе яшчэ маўчалі. Гул, спачатку вельмі ціхі, падобны на шум пчалінага рою, паступова мацнеў.

— Ідзе! Самалёт! — загаманілі ўзрушана навокал.

Ермакоў, стрымліваючы дрыготку ў голасе, загадаў, каб запалілі вогнішчы. Увесь поплаў ажыў, там і тут заблішчалі ў цемры агні.

Самалёт набліжаўся, гул перайшоў у рэзкі рокат. Раптам ён апаў. Сцішыўшы маторы, нявідны самалёт стаў падыходзіць да лугу. Усе ўбачылі яго чорны абрыс зусім блізка, над самымі дрэвамі. Шырокія вялікія крылы пранесліся ў цемры, здалося, так блізка, што нібы прыгнулі ўсіх нязвыкла моцным свістам і шолахам. Праз хвіліну камбрыг заўважыў каля сябе цьмяны знак парашута, які адносіла ўбок.

Ермакоў сам разам з партызанамі кінуўся да парашута. Гэта быў мяшок, напакаваны скрынкамі, «Напэўна, патроны». Камбрыг хутка перарэзаў стропы, якімі пакунак быў прывязан да парашута, і загадаў несці да месца збору грузаў.

Мяшок быў такі важкі, што два здаровыя хлопцы ледзьве паднялі. Адзін з іх сумысля закрактаў з натугай і сказаў задаволена:

— От, кабан! Пудоў на сем!..

Развярнуўшыся, самалёт зноў пайшоў над лугам. Гітлераўцы, апамятаўшыся, адкрылі ўслед яму страляніну, наўздагон паляцелі рознакаляровыя ніткі трасёраў — сінія, жоўтыя, белыя. Самалёт ледзь мінуў луг, моцна зароў маторамі, пачаў, відаць, набіраць вышыню. Ён не вярнуўся больш, абышоўшы луг стараной, пайшоў назад, дадому, стаў паступова аддаляцца. Гэта было чуваць па гулу, які ўсё суцішаўся.

— Дзякуй, дзякуй, друг!..— не ўтрываў, нязвыкла расчулена сказаў Ермакоў невядомаму лётчыку.

Яму хацелася завіхацца, камандаваць.

— Ну як, Мамедаў, цяпер можна ваяваць? А-а, Мамед?! — крыкнуў ён весела партызану, што прынёс мяшок.

— Заўсёды трэба, калі камандзір загадвае,— адказаў разважліва хлопец.— Але цяпер лепш. Патроны ёсць, гранаты ёсць, усё ёсць!

Партызаны зносілі мяшкі ў адно месца. Сабралі, відаць, не ўсё, частка грузу, мусіць, упала ў размяшчэнне немцаў ці ў лес. Прадстаўнікі ад атрадаў, што стаялі па-ранейшаму на баявых пазіцыях, неадступна хадзілі каля Ермакова. Сачылі за кожным рухам камандзіра і камісара, якія распорвалі мяшкі, стараліся дапамагчы, трэба ці не трэба. Калі Ермакоў пачаў размяркоўваць, прасілі, каб ім вызначылі больш, даводзілі сваё права на гэта.

Як толькі камбрыг падзяліў усё, партызаны, павесялелыя, сталі разыходзіцца, амаль не адчуваючы на сабе прыемнага цяжару скрынак з патронамі і гранатамі.

Неўзабаве атрады сталі непрыкметна і хутка збірацца да месца, адкуль брыгада павінна была пачаць прарыў.

Атрад імя Кутузава размяшчаўся ціха ў негустым лясочку перад самымі «варотамі», наперадзе іншых; два другія атрады стаялі за ім, справа і злева.

Партызаны садзіліся на мокрую ад расы зямлю, стараючыся не бразгаць зброяй, шэптам перагаварваліся :

— Эх, каліна-маліна, зацягнуцца б,— уздыхнуў Шашура,— хоць бы «бычка»!.. А, Вась? — сказаў ён да Крайко, які сядзеў поруч.— Усярэдзіне, як у пажарным насосе, смокча... Ну, проста ў пячонцы смаліць.

— От, знайшоў аб чым шкадаваць! — абыякава адгукнуўся Васіль.— Людзі думаюць пра жыццё, а ты пра «бычка».

— У каго якая схільнасць, Вась... Ты, скажам, некурашчы і не разумееш, што такое — хацець курыць!..

Ён шумна ўздыхнуў:

— Эх, брат, смокча ў кішках — зацягнуцца б!..

Уздыхнуўшы яшчэ раз ад гэтай нягоды, сказаў:

— А жыццё? Чаго пра яго думаць, Вась? Жыць будзем, калі не памрэм!.. Чаго ж тут думаць?..

Наводдаль ад іх, між жанчын, сядзела Ніна, маўклівая, нерухомая, туліла да сябе Гальку, якая спала на яе каленях.

«Спіць, і хоць бы што... Няхай спіць!» У Ніны была такая пяшчота да дзяўчынкі, нібы гэта была яе родная дачушка. Чуючы цеплыню малога, кволага цельца, у гэты вечар асабліва неспакойна думала пра дачушку. Як цяпер яе Людцы? Ці добра ўсё ў яе?

Ніна адчула, як свежы халадок прабег ад шыі па спіне. Яна кінула позірк у неба. Угары ў галлі мігцела зорка. Па верхавінні дрэў трывожна хадзіў вецер, нібы яго таксама непакоіла чаканне бою. Унізе было цёмна і сыра, як у глыбокім склепе. Ад холаду Галя спрасонак паварушыла плячыма, прыціснулася да Нініных грудзей.

— Спі, спі! — Ніна накрыла яе краем свайго жакета.

«Чаго гэта яны марудзяць?» — падумала яна пра Ермакова і Тураўца.

Ермакоў з Драздом, з сувязнымі і разведчыкамі былі наперадзе, назіралі за варожымі пазіцыямі.

Гітлераўцы былі блізка. Здавалася, зусім побач раз-пораз аб’яўляліся іх кулямёты, нібы папярэджваючы пра тое, што там не спяць. Часам добра былі чуваць чужыя галасы, рэзкія, адрывістыя. Тады Ермакову хацелася кінуцца наперад і рукамі душыць тых, хто там страляў і гаварыў, каб яны маўчалі, век маўчалі.

Камбрыг ведаў, што ўсе, хто за яго спіной, узброеныя і няўзброеныя, як ніколі, спадзяюцца на яго. І ён рабіў усё, што належала, асабліва ўважліва.

Ён непакоіўся, каб атрады да часу не выдалі сябе: самыя вялікія надзеі яго былі на нечаканасць удару. Ён ведаў, што поспех будзе залежаць ад таго, удасца ці не ўдасца ўдарыць нечакана. Ён усім сэрцам жадаў гэтага: нечаканасці ўдару. Пакуль што ўсё ішло добра, але насцярожанасць у яго не праходзіла. Ён нецярпліва чакаў, калі падыдуць на месца апошнія ўзводы, прыспешваў камандзіраў атрадаў праз сваіх сувязных.

— Давай! — сказаў нарэшце камбрыг Дразду, рота якога павінна была пачынаць.

Дрозд знік у цемры.

Наперад, ледзь бачныя, насцярожана падаліся маўклівыя людзі. Крокі іх мякка танулі ў вільготнай, роснай траве. Людзі адразу схаваліся ў хмызняку.

Раптам блізка ўспыхнула злая, імклівая чарга з нямецкага кулямёта. Адразу ж у адказ прагучалі выбухі — адзін, другі: гранаты. Услед нецярпліва вырваўся на волю шматгалосы пагрозны крык. Угары пырснулі і павіслі некалькі ракет.

Ураз закалацілася страляніна. Цемру шматавалі кароткія барвовыя выбліскі. Зямля гула, стагнала, крычала.

— Наперад, таварышы! Наперад!

Ермакоў павёў у атаку асноўную групу.

 

2

Ледзь грымнуў выбух, Вася Крайко разам з усімі сваімі байцамі кінуўся наперад. Перад ім прайшоўся нібы вогненны віхар, што скасіў поруч некалькі чалавек, але Вася не спыніўся. Хутка ён апынуўся на чыстым полі, аднак не заўважыў гэтага,— толькі на нейкі міг здзівіўся, што перад вачыма раптам стала святлей.

Прабегшы некалькі крокаў, ён нечакана праваліўся ў нейкую яму, стукнуўся галавою аб нешта цвёрдае так, што зазвінела ў скронях. Аўтамат выпаў з рук.

Васіль мігам ускочыў і адразу адчуў каля сябе чалавека. Адчуў яго яшчэ да таго, як убачыў. Васіль хутка павярнуўся, мімаволі халадзеючы: «Прапаў!»

Хоць ён і чакаў, што ў любую хвіліну можа спаткацца з ворагам, гэтая сустрэча выдалася неспадзяванай.

Незнаёмы парывіста ўскінуў руку. Васіль перахапіў гэты рух, мімаволі рвануўся ўбок. Грымотнае святло ўдарыла недзе каля скроні.

Не цямячы нічога, у гарачцы, Васіль хапіў цяжкую лімонку, што была ў кішэні, і па-баксёрску, з усёй сілы сунуў у твар ворага. Той хіснуўся, але ўстаяў. Вася наўзмах ударыў у другі раз, па сківіцы. Той, ухапіў увагаю Васіль, стаў асядаць. Распалены бойкаю, Васіль упаў на карніка і ўдарыў у трэці раз, у чацвёрты. Потым, калі ўпэўніўся, што той мёртвы, падняўся, выпрастаўся, зморана аддыхаўся.

«Бач ты, зараза!» — вылаяўся ён, крыху спакайнеючы.

Толькі цяпер ён пачаў ясна адчуваць небяспеку, якую адолеў. Ён нагнуўся, вобмацкам адшукаў аўтамат. Выбраўся з ямы.

Тут ён заўважыў, што навокал ідзе зацятая рукапашная бойка. Былі чуваць адрывістыя пагрозныя крыкі, востры лязгат жалеза, лаянка, часам лямант.

Каля Васіля, лаючыся, хрыпелі і тузаліся дзве постаці. Васіль падскочыў на падмогу. Што тут рабіць? Абодва счапіліся так, што не разабраць, дзе свой, дзе чужы.

Ён па голасе ўгадаў, каторы з іх чужы, і, злаўчыўшыся, секануў прыкладам. Карнік ірвануўся і сціх.

Партызан, якога выбавіў Васіль, штосьці пашукаў каля сябе, задыханы, змораны, падняўся.

— Ну, дуж-жы, чорт!.. Ніяк, каўбаснік, не даваўся,— нібы апраўдваючыся, адплёўваючыся, сказаў партызан.

Васіль пазнаў: Шашура! Шашуру выбавіў!

Яны кінуліся наперад, у гушчу бойкі. Васіль заўважыў у святле ракет варожую каску, як сякераю, узмахнуў аўтаматам. Усю сілу аддаў удару... Другога дапамог дабіць Шашура...

Прабеглі некалькі крокаў наперад. Грудзі ў грудзі Васіль сутыкнуўся яшчэ з адным.

Абодва мімаволі спыніліся.

Васіль пагрозліва крыкнуў (не помніў потым што). Пагрозліва падняў аўтамат. Замест адказу ўгару хутка падняліся рукі, тады ўжо пачуў незразумелае чужое мармытанне.

«У палон, мусіць, просіць... «Капут Гітлер»... Што з ім рабіць?»

Ён азірнуўся ў бок Шашуры, нібы прасіў парады.

У той жа момант, скарыстаўшы хвіліну замяшання, сустрэчны неспадзявана рвануўся ўбок.

Васіль ускінуў аўтамат.

— Стой!

Вельмі хацелася даць чаргу ўслед, але стрымаўся: навокал было многа сваіх...

«Уцёк, з-зараза!»

Праз хвіліну Васіль згубіў Шашуру ў цемры. Заўважыў : згубіў і свой узвод. Побач з Васілём ішлі і беглі цяпер незнаёмыя людзі. «Трэба знайсці свой узвод,— падумаў ён.— Як жа яны адны, без мяне? Гэтая чортава яма ўсё пераблытала».

Васіль заўважыў, што страляніна засталася ззаду. Ззаду ўспыхвала полымя выбухаў. Наперадзе было ціха, прывабліва чарнеў вольны прастор. Шлях быў туды вольны.

Ён пачуў узрушаныя, задаволеныя галасы. І тады яго напоўніла яшчэ не зусім ясная, нязвыклая, але шырокая радасць: «Значыць, прарвалі!..»

«Прарвалі ўсё-такі!»

Шашура ў гэты час з двума таварышамі каціў на фланг процітанкавую гармату. Карнікі пакінулі яе, калі хваля партызан рынулася да батарэі. Пабачыўшы хлопцаў, якія не ведалі, што рабіць з гэтай знаходкаю, Шашура адразу скеміў, што яна вельмі спатрэбіцца на флангу.

— А ну, давай! — крыкнуў ён усхвалявана больш сабе, чым каму-небудзь другому.

Шашура ўпёрся рукамі ў шчыт гарматы. Скрануўшы яе з двума хлопцамі, выпадковымі памочнікамі, ён крыкнуў другім, што апынуліся тут, узяць снарады.

Заўважыўшы, што на падмогу прыйшла «артылерыя», на флангу ўзрадаваліся. Але — хто б мог чакаць такое! — адразу ж здарылася затрымка: Шашура паспрабаваў адчыніць замок і не змог.

«Эх, чорт! І снарады ёсць, і гармата, а страляць нельга! Чаго ж гэты замок не адчыняецца? Можа, сапсаваны?» — падумаў горасна Шашура.

Ён, аднак, ад гарматы не адступіўся. Тут крануў, там паспрабаваў пацягнуць, павярнуць,— і, на дзіва яму і радасць, замок нарэшце падаўся.

Уставіць снарад і зачыніць замок было прасцей.

Не цэлячыся, падрыўнік пацягнуў за шнурок. Гармата вогненна зіхнула, падскочыла і бухнула.

Здалося: на міг заглушыла ўсе гукі. Сіла! Шашура закрычаў ад задавальнення і захаплення. Шашура яшчэ энергічней захадзіўся каля гарматы. Энергічней і смялей. І практычней. Закрыўшы замок, выпрастаўся, знайшоў па выбліску агеньчыкаў кулямёт, загадаў павярнуць гармату і толькі тады рвануў шнурок. Пасля гэтага выглянуў у бок кулямёта. Кулямёт страляў!

«Не ўцэліў! Міма. Эх, каліна-маліна...»

Тут падбег артылерыст, што да блакады камандаваў артылерыйскім узводам: узвод цяпер не меў гармат. Падрыўнік без ахвоты саступіў артылерысту месца каля гарматы.

Артылерыст быў чалавекам нетрапяткім: зарадзіўшы гармату, ён доўга цэліўся, то паглядваў уперад, то паварочваў ствол, круціў ручкі механізмаў. Толькі тады стрэліў. З першага стрэлу кулямёт сціх!

— Чуў, кум, як яна гаўкае? — задзірыста крыкнуў артылерыст Шашуру.— А ну, падвярні крыху правей... яшчэ крыху...

Да іх падбег сувязны ад Ермакова.

— Адкуль гармата? — Ён перадаў: камбрыг загадаў: больш агню! І не стойце на адным месцы, наказаў камбрыг. Манеўруйце, загадаў камбрыг! Тут стрэліце, там.

— Зробім! Аганёк будзе! Не згасне! — запэўніў Шашура.

Карнікі неўзабаве заўважылі гарматку, сталі асыпаць яе кулямі. Каля яе страшна было падняцца. Шашура гатовы быў кінуць, хай яна згарыць,— столькі з ёй клопату. Але артылерыст не здаваўся. Ён нібы не заўважаў нічога навокал, цэліўся і біў. Было відаць, што, пакуль ёсць хоць адзін снарад, гармата не сціхне.

 

3

Туравец быў там, дзе разарвалі акружэнне, сачыў за пераходам. У разрыў ішлі людзі з сямейнага лагера: маткі, дзеці, старыя. Яны былі напалоханы страшэннаю стралянінаю. Усе імкнуліся як мага хутчэй праскочыць праз гэтае пекла. Дзеці крычалі, але іх крыкі глушыла страляніна. З левага боку аднекуль білі гарматы. Свідруючы паветра, з пранізлівым свістам снарады праносіліся над натоўпам і выбухвалі зусім непадалёк.

Шабуніха старалася не паддавацца страху і стрымлівала неадольнае жаданне бегчы. Чуючы ўвесь час у хустцы за спіною малога, яна вяла дзяцей, моцна сціскаючы іх рукі. Больш за ўсё баялася, каб яны, чаго добрага, не згубіліся ў гэтай бурлівай плыні. Яна ішла моўчкі, сціснуўшы губы. Побач, намагаючыся не адстаць ад Шабуніхі, цягнулася старая жанчына, што з ёй ішла заўсёды разам. Як і тады, на балоце, старая ўсё шаптала: «Божа мой... божа мой».

У гэтым жа натоўпе была і Ніна. Яна трымала на руках дзяўчынку, якая, прыціснуўшыся галоўкаю да яе грудзей, пры кожным недалёкім выбуху спалохана ўздрыгвала, як птушанё.

Раптам два снарады ўлучылі ў натоўп. У цемры са скрыгатам ускінуліся адзін за адным чырвоныя выбліскі. Людзі кінуліся хто куды, адны збочылі, каб абысці гэтае месца, другія рынуліся ад страху назад.

Сутыкаючыся з агульнаю плынню, яны запынялі рух, падымалі паніку. Многія з тых, што ішлі следам, таксама павярталі назад. Не ведаючы, што сталася, тлумачылі кожны па-свойму. Больш чулася: «Немцы перарэзалі!.. Страляюць!..» Тыя, што былі далей ад выбухаў, ззаду, або стаялі разгублена, не разумелі, што робіцца, або, больш настойлівыя, імкнуліся прабіцца наперад. Рух людзей перарваўся, ззаду шалела бязладдзе. Нельга было траціць ніводнай хвіліны, а людзі тапталіся на месцы.

Туравец ледзь пабачыў замяшанне ў натоўпе, кінуўся ў гушчу яго. Трэба было зараз жа патушыць страх у гэтых сотнях ператрывожаных людзей.

— Сто-о-ой!

Яго нямоцны хрыплы голас патануў у гуле натоўпу, як у навальніцу. Толькі бліжэйшыя пачулі. Туравец узняў здаровую руку.

— Сто-ой!!!

Бліжэйшыя ўбачылі, пазналі яго. Спыніліся, трывожна глядзелі на яго, чакалі. Далей ад Тураўца па-ранейшаму была мітусяніна.

— Куды?! Назад? Там — карнікі. Туды, туды,— махнуў ён рукой.— Там — нашы. Туды! Наша ўзяла... Хутчэй! Туды, туды!..

Невядома, ці гэтыя словы, ці сама знаёмая постаць камісара, ці яго рашучы, смелы выгляд падзейнічалі, але людзі, хоць і не ўсе, паслухаліся. Пачалі павяртаць туды, куды ён паказваў.

— Не замінайце другім. Туды!.. Хутчэй! Пакуль не позна... туды!.. Туды-ы! Хутчэй!

Спачатку нерашуча, потым усё смялей людзі рушылі ў той бок, у які ён загадваў. Да першых, каторыя былі бліжэй да Тураўца, далучаліся іншыя, бачачы, што шлях наперад прабіты.

А Туравец стаяў усярэдзіне, у гушчы людской плыні, сустракаў, падбадзёрваў, загадваў.

— Не спыняйцеся. Смялей, смялей!

Людзі спяшаліся, спатыкаліся, падалі, ускоквалі. Усе, хто мог, ішлі ўподбег, задыхаючыся, выбіваючыся з сілы, не шукаючы сцежак, не заўважаючы ні зямлі, ні неба, імкнучыся туды, куды рушылі пярэднія.

Ішлі жанчыны, дзеці, старыя. Маткі, сёстры, сыны, дзяды і ўнукі. Іх неспакойныя твары асвятлялі мярцвяна-белы бляск ракет і крывава-барвовыя ўсплёскі недалёкіх выбухаў... Сціснутыя і стрыманыя людской плынню, пракацілі фурманкі з раненымі і забітымі, са скрынкамі боепрыпасаў. Коні ад выбухаў пужліва ўздрыгвалі... Некалькіх параненых вялі пад рукі. Адна жанчына — убачыў Туравец — ледзь валакла ногі. Галава без хусткі была зняможана адкінута назад...

Зноў — маткі, дзеці, старыя, па аднаму і групкамі.

Туравец мімаволі шукаў у цемры між іх постаць Марыі Андрэеўны. Яе не было відаць. Хоць ён і ведаў, што знайсці яе тут амаль немагчыма, трывога яго большала па меры таго як людзі ішлі і ішлі паўз яго.

Чаму яе няма? Дзе яна?

 

4

На флангах бой мацнеў. Немцы і паліцаі спрабавалі атакаваць, але не змаглі адолець партызанскія заслоны. Адзначаючы, як мацнее націск карнікаў з флангаў, Ермакоў усё больш пераконваўся, што немцы рыхтуюцца да новай атакі. Звязвацца з імі надоўга было небяспечна, да іх маглі падысці падмацаванні, і камбрыг стараўся закончыць бой хутчэй.

Ледзь толькі людская плынь прайшла праз разрыў акружэння, ён стаў адводзіць атрады.

Заўважыўшы адыход партызан, карнікі неадступна пацягнуліся следам, і партызанам увесь час прыходзілася адбівацца. Каб спыніць ворага, Ермакоў загадаў замініраваць шлях за брыгадай. Падрыўнікі з атрада «За Радзіму», спяшаючыся, закапалі некалькі мін і подбегам кінуліся ўслед за сваімі. Не адбеглі яны і дзве сотні крокаў, як ззаду загрукалі выбухі. Гітлераўцы спыніліся, стала спакайней.

Ніна адчувала пад нагамі раллю, ногі мякка грузлі ў пульхную глебу, нярэдка правальваліся ў разоры. «Нарабілі меж!» — нехта поблізу нездаволена мацюкнуўся.

Галечка, якую Ніна то несла, то вяла за руку, ледзь цяглася ад знямогі, часта спатыкалася, але маўчала. Цярпліва перабірала ножкамі, старалася не адставаць.

Справа Ніна заўважыла невысокі хмызняк. Недзе недалёка тут павінна быць Каржоўка.

Але Ніна не адчувала вялікай радасці, не было і супакаення. Весяліцца пакуль рана. Яе трывожыла, што да раніцы не ўдасца далёка адысці — дзень ужо набліжаўся. Бяда з гэтымі кароткімі майскімі начамі! Яна цяпер была б рада, каб ноч цягнулася яшчэ гадзін дзесяць.

Ніна паглядзела ўгару. У цёмным небе мігцелі рэдкія зоры, што пачыналі ўжо блякнуць і гаснуць. Пажвавеў, зашастаў перадранішні вецер. Яго чыстая, крынічная свежасць халадзіла гарачы твар.

Ніна ўбачыла справа вострыя палоскі святла, што павольна паўзлі адна за другою. Там праходзіла дарога.

— Што гэта? — запыталася Галечка.

— Нічога. Проста агеньчыкі...— зманіла, супакоіла Ніна.

Карнікі кудысьці спяшаліся на машынах. Можа, падкідвалі падмацаванне.

Што ім прынясе дзень? Ледзь узнікла гэтае пытанне, як Ніна стомлена адагнала яго,— думаць аб гэтым не хацелася.

Вось толькі б адысці далей ды перадыхнуць крыху.

Доўга так ішлі. Змрок перад раніцай стаў гусцейшы. У гэтай цемры зноў найшлі на балота, наткнуліся на рачулку ці канаву. Не разуваючыся, не шукаючы мелкага броду, следам за папярэднімі, адразу ступалі ў ваду. Нямала хто тут звяртаў крыху ўбок і прагна піў.

Ніне таксама сушыла горла страшэнная прага. Напэўна, ніколі ў жыцці не хацелася так піць. Перабраўшыся на бераг, яна збочыла ад плыні людзей, паставіла Гальку на зямлю і адышла да сярэдзіны канавы. Прыпадаючы да вады, Ніна ўбачыла дзве-тры зоркі, што калыхаліся, драбіліся, расплываліся. Вада здалася вельмі чыстай і прыемна халадзіла,— Ніна піла, піла і ўсё не магла задаволіцца. Толькі калі з намаганнем адарвала губы ад вады, адчула, што на зубах штосьці хрупасціць, а ў роце пахне торфам.

Жменяй вады апаласнула твар, выцерлася споднім бокам кофтачкі і ступіла на бераг.

Зноў ішлі. Полем, пералескам, лугам, зноў полем. Ніна то вяла дзяўчынку за руку, то падымала і, выбіваючыся з сілы, амаль зняможаная, несла.

Неба на ўсходзе спачатку пазелянела, потым заружавела. Па меры таго як яно святлела, цемра змянялася рэдкім лёгкім змрокам, які станавіўся ўсё больш празрыстым. Навакольны свет пачаў як бы прастарнець. Усё шырэй было відаць поле, потым за ім, наводдаль, акрэсліўся тонкай і лёгкай сценкай лес. Правей ад яго, напэўна, былі луг ці балота: у тым месцы пласталася шыза-белае воблака тумаку.

Цяпер можна было бачыць твары. Яны за адну ноч змарнелі і пашарэлі. Людзі ішлі маўкліва, толькі дзе-нідзе нізалася змораная, ціхая размова.

Раптам Ніна пачула смех, пазнала голас Шашуры. Падрыўнік ішоў непадалёк, уразвалку і, гарэзна пасміхваючыся, нешта заўзята расказваў суседу. «Чаму ён апынуўся не ў сваім атрадзе?» Але здзівіла Ніну не так гэта, як тое, што ён нібы ўжо забыў пра ўсё, што перажыў нядаўна. Аднак іншыя яшчэ не маглі супакоіцца пасля нядаўняй трывогі. Ніна заўважыла доўгага прыгорбленага хлопца ў даматканай паддзёўцы, лепш сказаць не самога хлопца, а яго вочы, шырокія, спалоханыя, насцярожаныя. Ён неспакойна азіраўся.

Усё ж разам з тым, як навокал яснела, у многіх людзей святлелі і ажыўляліся твары. Прыкметна множылася гаворка, пачуўся нечы звонкі бесклапотны смех. Пажылы барадаты мужчына ўзяў ад Ніны Гальку сабе на рукі. Ён з прагнай цікавасцю паглядаў навокал, радаваўся ўсяму.

Людзі ўсё мацней пачыналі адчуваць шчасце таго, што вырваліся, выратаваліся ад смерці, жывуць. Як і іншых, гэтае шчасце напаўняла Ніну: «Жыву! Зноў бачу гэты цудоўны свет навокал! Бачу сваіх людзей, чую іх галасы!»

— Гэта штаб прыслаў самалёт. Штаб, не інакш,— пачула поблізу яна.

— Штаб... Там жа ведаюць, у якім мы становішчы...

Адно хмарыла — невядома было, што чакае іх днём. Немцы маглі перарэзаць шляхі адыходу і зноў акружыць або навязаць няроўны бой. Трэба было быць гатовымі да ўсяго. Пакуль рана было супакойвацца...

На ўскрайку лесу пачалі спыняцца. Нехта сказаў: «Прывал»,— і хоць большасці людзей невядома было, хто сказаў гэта, усе падпарадкоўваліся. Скідалі клункі, здымалі зброю, што намулялі плечы, валіліся на шызую і мокрую ад расы траву. Многія адразу ж засыналі.

— Вось мы зараз і пасядзім! — сказала Ніна знясіленай Гальцы, апускаючыся поруч з ёй.

 

5

Туравец убачыў камбрыга і Габдуліна пад дубам, дзе размясціўся штаб. Ермакоў гаварыў з камандзірам брыгаднай разведкі. Ён прывітаўся з Тураўцом і, засунуўшы карту, якую трымаў у руцэ, у пухлую палявую сумку, сказаў разведчыку:

— Значыць, першае данясенне я ад цябе чакаю праз трыццаць хвілін. Я яшчэ буду тут. Ідзі, жвавей!

Ён павярнуўся да Тураўца.

— Ну, камісар, як наша аперацыя? Здорава рванулі. Напорысты народ у нас, а? Месца, трэба прызнацца, выбралі ўдала, у самую слабінку дзеўбанулі. Без гэтага было б крута.— Ён нібы хваліўся сваёй прадбачлівасцю.

Перагаварыўшы з ім пра далейшае, пра тое, што можа здарыцца і якія захады трэба будзе ўжыць, Туравец стаў шукаць шпіталь. Ён не ведаў, ці выйшла разам з усімі Марыя Андрэеўна, і, калі ўбачыў між дрэў павозкі шпіталя, мімаволі паскорыў хаду. Яшчэ зводдалек углядваўся, стараўся хутчэй знайсці позіркам знаёмую постаць. Але Марыі Андрэеўны не было відаць.

Яна сядзела, прытуліўшыся да шурпатага камля дрэва, і, бяссільна звесіўшы на грудзі галаву, спала. Над каўняром старой шарсцяной жакеткі, з-пад ссунутай набок хусткі бялела кволая шыя, кучаравіўся мілы, дзіцячы пушок валасоў на шыі. Вышэй валасы, падабраныя ўгару, былі пад хусткаю. Яна сядзела ў такой паставе, што здавалася, нібы яна не спіць, а проста вельмі задумалася над нечым. Блізка ад яе ляжалі на плашч-палатцы два параненыя партызаны. Убачыўшы Тураўца, адзін з іх сказаў:

— Не будзіце. Толькі што заснула. Прысела перадыхнуць і заснула. Вельмі натамілася, значыць.

Туравец і без гэтага не стаў бы будзіць. Няхай спачне, хутка зноў у дарогу, у невядомасць. Яму даволі — ведаць, што яна жыве, што яна па-ранейшаму з імі, з ім...

«Спі, Маша, спі, шчасце маё! Хай будзе сон твой спакойны...»

Вакол зусім уднела. Між ствалоў дрэваў на траву, на постаці сонных людзей весела пырснуў прамяністы сонечны дождж.

Туравец абыходзіў лагер. Усюды было многа параненых. Кінулася ў вочы, як парадзелі за ноч падраздзяленні.

Між людзей, якія спалі, Туравец убачыў Дразда. Той насустрач камісару падняў маркотныя сухія вочы. Яны спачатку нібы не пазнавалі камісара, нібы не хацелі бачыць нічога.

— Як ты? — Туравец акінуў позіркам постаці, што ляжалі каля Дразда. Апусціўся перад Драздом на траву.

— Як?.. Прарваліся,— адказаў Дрозд глуха, неахвотна.

Раптам устрапянуўся, кінуў нервова:

— Крыўца забілі...

Туравец прамаўчаў. Што ён мог сказаць на гэта? Разумеў стан Дразда.

— Я сам яго туды... першым яго... у самае пекла... Я, яго друг...

— Аднаго Крыўца? — запытаў Туравец панура.

Дрозд нібы не зразумеў.

— Траіх яшчэ...

Ён вельмі знябыўся за апошнія дні і ночы, цярплівы, цягавіты Дрозд.

— Ты ведаеш, што гэта за чалавек, Крывец? — зноў павёў Дрозд.— Не ведаеш! А я яго — як сябе! А можа, больш як сябе!.. Мы з ім з пялёнак разам! Ён мне за братоў радней!

Тураўцу ўспомнілася, якім бачыў Крыўца пазаўчора, у акопчыку. Нібы пачуў, як той сказаў на Шашуравы прароцтвы пра блізкую перамогу: «Нядоўга ўжо...» Нядоўга ўжо, але Крыўцу не давялося...

— А ці даўно — Шабуню! — успомніў Дрозд.

— Не трэба! — стомлена, нібы молячы, папрасіў Туравец.

Але Дрозд не паслухаўся.

— Колькі ж яшчэ забіваць будуць! — як бы закрычаў Дрозд.

Туравец адзначыў, што гаварыў Дрозд ціха, глуха. А здалося, што — крычаў.

— Калі гэта будзе канец усяму гэтаму!..

На ўзлессі пачуліся шум, трывожныя воклічы. Камісар неахвотна азірнуўся, узняўся.

Што там здарылася?!

Ермакоў толькі зняў рубашку, каб памыцца, як да яго падбег усхваляваны партызан.

— Таварыш камбрыг... немцы!..— крыкнуў ён трывожна.

Ермакоў выпрастаўся.

— Чаго крычыш на ўвесь лес! Не глухі,— папракнуў ён нездаволена.— Дзе яны?

Партызан махнуў рукою:

— Там!

— Многа іх?

— Ды чорт іх разбярэ, колькі іх там. Аднак, відаць, нямала... можа, батальён.

Ермакоў, хутка нацягнуўшы гімнасцёрку, загадаў:

— Камандзіра «Кутузава» — да мяне!

Заспаны, плячысты, у вельмі пацёртай скуранцы, камандзір атрада з’явіўся ўміг.

— Падымай усіх зараз жа і займі абарону.

Ермакоў кінуў на грудзі ППШ.

На ўзлессі ўжо гаварылі аўтаматы. Ціхі, санлівы лес адразу ажыў, заварушыўся, захваляваўся.

Былі чуваць воклічы каманды. Партызаны, са сну яшчэ мала цямячы, мітусіліся. Не адразу пачалі ланцугом, прыгінаючыся, выпраўляцца да ўзлесся. Ермакоў прыспешваў, мацюкаўся.

— А нам, куды нам? — запытаўся нехта з жанчын.

— У лес! Далей у лес!— махнуў на хаду Ермакоў. Трымаючы ў руках напагатове ППШ, Ермакоў пабег туды, дзе чулася страляніна.

Пачынаўся новы бой.

 

ЧАСТКА ДРУГАЯ

 

РАЗДЗЕЛ І

 

1

Увесну 1944 года на поўдні краіны ішло вялікае наступленне нашых войск.

Яшчэ ў лютым і сакавіку савецкія палкі разграмілі гітлераўцаў на Паўднёвым Бугу, вызвалілі ўкраінскую зямлю аж да Карпацкіх гор і адагналі варожыя часці за Днестр. У маі захопнікаў выкінулі з Крыма.

Варожыя войскі на поўдні былі адкінуты далёка на захад. Фронт ішоў па Прыкарпацкай Украіне і па дзяржаўнай мяжы, заходзячы часткова ў Румынію.

У пачатку лета, у чэрвені, пачалося наступленне на поўначы, у выніку якога была вызвалена большая частка Карэла-Фінскай рэспублікі, гарады Выбарг і Петразаводск.

Цэнтральныя франты пакуль маўчалі. Пярэдні край ворага ў Беларусі глыбокім выступам урэзваўся ў вызваленыя землі. Немцы назвалі гэты выступ «беларускім балконам». Яны надавалі вялікае значэнне гэтаму «балкону», бо ён прыкрываў дальнія подступы да Германіі і быў, на думку нямецкіх военачальнікаў, зручным плацдармам для наступлення ў глыб Савецкай краіны. У магчымасць гэтага нямала хто з іх усё яшчэ верыў.

Абараняць «беларускі балкон» было загадана мільённай цэнтральнай групе. Войскі групы «Цэнтр» на працягу многіх месяцаў няспынна будавалі і ўзмацнялі абарончыя рубяжы. Траншэі і хады зносін цягнуліся ў некалькі радоў усцяж усяго фронту. Для абароны гітлераўцы стараліся скарыстаць таксама шматлікія рэкі, рачулкі і балоты, якіх было вельмі багата каля пярэдняга краю.

На ўсёй сямісоткіламетровай лініі франтоў, што ішла па беларускіх палях, балотах, пералесках, было ціха. Стаяла дзіўнае, цягучае франтавое зацішша. Узгараліся дзе-нідзе перастрэлкі, басавіта бухалі гарматы, вылі міны,— але ўсё гэта не мяняла асноўнага: цягнулася зацішша.

Зацішша гэта было поўнае напружанага жыцця: з дня ў дзень шматлікія разведчыкі вывучалі абарону праціўніка, выкрывалі патаемную сістэму яго ўмацаванняў, вышуквалі слабейшыя месцы. У армейскіх тылах, больш далёкіх і каля самай перадавой, дзе была чуваць кулямётная страляніна, ішла вялікая вучоба. Многія палкі і роты старанна вучыліся прарываць варожую абарону, узаемадзейнічаць, блакіраваць і штурмаваць умацаваныя пункты. Часці папаўняліся і ўзмацняліся.

З далёкага тылу паступова падыходзілі войскі розных родаў — артылерысты, танкісты, пехацінцы, сапёры — расцякаліся па нізкай, багатай балотамі і лясамі пространі. Падвозілі боепрыпасы. Безліч вялізных штабеляў скрынак са снарадамі і бомбамі, пакуль маўклівымі, хавалі ў лясах, у выкапаных траншэях, старанна маскіравалі.

Фронт жыў, фронт рыхтаваўся да баёў — і ўсё ж гэта было зацішша. І ніхто, нават вельмі высокія камандзіры, не мог бы сказаць, калі гэтае зацішша скончыцца. Усе толькі гадалі, і амаль ніхто добра не ведаў. Усе ведалі адно — яно павінна скончыцца, павінна быць наступленне; адчуваннем гэтага, напружанай падрыхтоўкай да яго жыла ўся армія, і не толькі армія — уся краіна, што адлівала танкавую браню на Урале, рабіла самалёты і аўтаматы ў далёкіх тылавых гарадах. Уся краіна чакала: калі пачнецца, дзе?

Толькі нямногім, у Стаўцы Вярхоўнага галоўнакамандавання, было вядома гэта. У цішыні маскоўскіх кабінетаў, за вокнамі якіх спакойна прабягалі машыны і снавалі людзі,— у мірнай цішыні старадаўніх пакояў дзелавіта вывучалася становішча па абодва бакі пярэдняга краю, ацэньваліся прапановы, напісаныя камандуючымі франтоў,— абдумваліся асноўныя асаблівасці будучай аперацыі. Узнікалі першыя абрысы папярэдняга плана вялікага наступлення.

План гэты хутка акрэсліваўся, набіраў моц, удакладняўся. На карту з адзнакамі становішча на фронце клаліся першыя чырвоныя стрэлы будучых удараў.

Значкі, што абазначалі арміі, групы. У будучай аперацыі паявілася сваё імя — «Баграціён». «План Баграціён».

 

2

Гэты адпачынак быў мала падобны да адпачынку. Да вечара, за дзень заняткаў, танкісты стамляліся так, нібы, як сказаў Якавенка, выкасілі па гектару сенажаці.

Хоць дні і тут былі багатыя падзеямі, хоць кожны з іх нешта мяняў у вучэбным жыцці, многім танкістам яны здаваліся аднастайнымі і роўнымі, як тракі гусеніц. Тут не было невядомасці, поўнай розных нечаканасцей, якую яны звыклі заўсёды адчуваць перад сабой на фронце. Прачынаючыся, ведалі, што будзе ўдзень, засынаючы, ведалі, што ўбачаць заўтра.

У вольны час, у выхадны дзень, хадзілі купацца на рэчку, што была за лесам, ці на лясное азярцо, дзе на паверхні раскашавалі далоні лісцяў лотаці і на мелкаводдзі ззяў аер.

Ляжалі, грэлі на сонцы спіны і ногі са шрамамі.

Нярэдка, апрануўшы новыя гімнасцёркі, начысціўшы да бляску боты, ажыўленыя, вясёлыя, хадзілі ў вёскі — і бліжэйшую, і далей,— танцавалі, спявалі, у вішанным зацішку абдымалі дзяўчат і засумаваўшых удоў, лавілі скараспелае шчасце.

За гэтыя дні навічкі абжыліся, пасябравалі з ветэранамі. Усе паважалі Алёшу Касцючэнку.— любілі за тое, што меў залатыя рукі, добра іграў на гармоніку. Хутка ўвайшоў у салдацкую сям’ю і Савелій Рыбакоў. Ён, праўда, ніякімі здольнасцямі не вылучаўся, калі не лічыць таго, што ўмеў пазнаёміцца. Неяк адразу Рыбакоў мог знайсці агульную тэму для размовы, перайсці на «ты» з незнаёмым чалавекам, выставіць сябе сябрам.

Цэлымі днямі займаліся ў полі.

...Вывеўшы танкі ў поле, Лагуновіч стаў тлумачыць экіпажам задачу роты. Сёння, сказаў ён, трэба захапіць апорны пункт «праціўніка», які ўмацаваўся на ўскраіне гаю, справа ад вёскі Забор’е.

Якавенка, Колышаў і яшчэ некалькі афіцэраў схіліліся над картаю, Лагуновіч тупым бокам рабрыстага чырвонага алоўка паказваў маршрут. Калі аловак дайшоў да выцягнутай палоскі блакітных рысак з кусточкамі — балота, ён спасцярожліва зірнуў на абодвух: ну, як вам гэта падабаецца? Пільны, трохі насмешлівы позірк яго казаў: хоць гэтая перашкода і невялікая, але трэба пераходзіць умеючы, бо, чаго добрага, можна засесці.

Неўзабаве «трыццацьчацвёркі» рушылі. Наперад паслалі разведку, Якавенкаў узвод, у якім быў і танк Колышава.

Ад рубяжа да рубяжа ўзвод падышоў да лагчынкі, што вяла да «апорнага пункта». Лагчына пасярэдзіне была забалочаная, на дне яе весела пабліскваў ручай, з бакоў зацягнуты травою.

Якавенка адну за адной павёў машыны па адхоннаму берагу, стараючыся не падымацца на ўзгорак, каб падабрацца да мэты скрытна. Праз паўкіламетра, ужо непадалёк ад гаю, лагчына збочыла ад іх, а наперарэз пацягнулася нешырокая куп’істая паласа. Якавенка выскачыў з машыны, прайшоў уперавалку наперад, мацаючы ботамі падатлівы затравелы грунт.

«Бісово балото! — падумаў ён.— Начэ кісель, калышацца». Як танкіст і жыхар стэпаў ён арганічна ненавідзеў гэтую нетрывалую дарогу. Яму не раз ужо даводзілася грузнуць у такім «кісялі». Ён ахвотна пашукаў бы дзе-небудзь поблізу больш надзейную дарогу, але што ты зробіш, калі загад. Вярнуўшыся да машыны, лейтэнант скамандаваў перабірацца цераз балота.

Першы танк, уціскаючы куп’ё і траву, павольна набліжаўся да супрацьлеглага берага. Ён ішоў плаўна і проста.

Адкінуўшы шлем назад, выціраючы пот, Якавенка з адкрытага люка насцярожана сачыў за ім: гэты танк павінен быў высветліць галоўнае, што трывожыла. Пройдзе гэты — пройдуць астатнія. Задача будзе выканана.

Вось нарэшце машына ўжо на тым баку. Пасля гэтага, упэўніўшыся, што прайсці можна, лейтэнант паглядзеў на балота больш прыхільна.

Калі падаўся другі танк Колышава, у шлемафоне Якавенкі пачулася:

— Раўней, Рыбакоў... Не газуй!.. Не газуй, кажу! А, чорт,— прамовіў з сэрцам Колышаў.— Спакойна, спакойна набаўляй...

Калі б Якавенка і не бачыў, што машына спынілася, ён па тым, што пачуў, здагадаўся б аб прыгодзе. «Завязлі, як вол у глеі». Вадзіцель, нядбайны Рыбакоў, напэўна, неасцярожна «газануў»,— гусеніцы шматанулі верхні травяністы пласт, і машына ўехала ў балотную гразь.

Так яно і было сапраўды. Пасля гэтага Рыбакоў спрабаваў выбрацца, але машына не краталася і толькі яшчэ глыбей асядала.

«Стоп! — пачуўся ў шлемафоне ўсхваляваны голас Колышава.— Усё. Прыехалі».

— Прыехалі... да кумы па галушкі, бісавы душы! — адгукнуўся ціха, без злосці Якавенка.

Прыйшла яго чарга. Ён загадаў рушыць паралельна сцежцы папярэдняга танка. Хутка ён ужо быў побач з Колышавым, які мітусіўся каля сваёй машыны, зазіраў пад яе, было відаць, ламаў галаву над тым, што зрабіць, каб выйсці з бяды.

Якавенка са сваёй «трыццацьчацвёркай» перабраўся ўдала.

Машыну, што засела, узялі на буксір. Пакуль падабраліся да яе, прывязалі трос, пакуль вывалаклі машыну, прайшло нямала часу. Лагуновіч жа ўсё не даваў перадыху, усё прыспешваў, каб хутчэй прабіваліся наперад, перадавалі вынікі «разведкі».

— От, душа нэспокойна! Та скоро вжэ! — супакойваў Якавенка Лагуновіча і падганяў сваіх танкістаў.

Трохі наперадзе ад гэтага месца пачынаўся той узгорак, за якім быў «апорны пункт». Сюды, пад узгорак, услед за разведкаю стала падцягвацца ўся рота. Машыны ішлі цераз балота кожны раз напрасткі, выбіралі абавязкова няезджаную паверхню. Узняўшыся берагам да месца збору, спыняліся. Пераправа цераз балота іншых узводаў таксама не абышлася без прыкрасці — заселі яшчэ дзве машыны.

Пакуль іх выцягвалі, Лагуновіч падганяў танкістаў так, нібы пачыналася зараз сапраўдная атака.

— Сарвуць атаку! Загубім машыны! — неспакойна сказаў ён лейтэнанту Гогабярыдзе, азіраючыся на балота.

Ледзь падцягнуліся апошнія машыны, Аляксей загадаў ісці ў атаку. Танкі, што да гэтага журчэлі на малых абаротах, разам зараўлі і сталі ўзбірацца з укрыцця ўгару.

Пераваліўшы ўзгорак, ірвануліся ўперад, на поўнай хуткасці, разгорнутым строем панесліся да маўклівага зялёнага гаю, на «апорны пункт»...

 

На ўскрайку гаю, які толькі што «адваявалі», Лагуновіч рабіў разбор тактычных заняткаў. Танкісты паўкругам сядзелі на траве хто «па-турэцку», хто абняўшы калені, хто абапіраючыся рукой аб зямлю. Рыбакоў ляжаў на локці.

Аляксей то стаяў перад імі, то павольна прахаджваўся туды-сюды, гаварыў са скупымі жэстамі. Перабіраў уедліва ўсё, што здарылася. Успомніў і прыкрую затрымку на балоце.

— Па балотах, браткі, трэба ўмець хадзіць! Я знарок, па праўдзе кажу, гэту сцежачку выбраў. У Беларусі такія дарогі на кожным кроку. Пакуль не навучымся хадзіць па такіх дарожках — і сунуцца на фронт няма чаго... А хадзіць па іх, як бачыце,— навука тонкая!.. Перш за ўсё не трэба кідацца праз балоцістае месца з разгону. Некаторыя думаюць, што можна пераскочыць праз яго. Раз — і на тым беразе! Яны, звычайна, і пападаюцца!.. Машына з ходу ўрыецца ў гразь, як свіння, узніме цэлы вал твані наперадзе, і сядзі, загарай!.. Балота — штучка капрызлівая! Тут трэба перабірацца лагодна, як бы сказаць, на цыпках. Спуск — плаўны, ісці на малой хуткасці... На малой, Рыбакоў! — Аляксей пашукаў вачыма вадзіцеля, але сустрэўся позіркам з Колышавым.— Сёння Рыбакоў пасадзіў такім смелым рыўком машыну. У разведцы...

Па чыстым твары Колышава распаўзлася хлапчукоўская чырвань. Адчуваючы, што чырванее, лейтэнант збянтэжыўся зусім. Ён адвёў позірк убок, нібы штосьці разглядваў.

— Яшчэ — пра фрыкцыёны! На балоце трэба асцярожней з бартавымі фрыкцыёнамі,— уставіў з месца Сонцаў. Сказаўшы гэта, ён, відаць, схамянуўся, што загаварыў без дазволу і седзячы, і вінавата падняўся.

— Правільна, Сонцаў! Адзін малы разварот — і танк засядзе.

Старшы лейтэнант выняў з нагруднай кішэні камбінезона ручны гадзіннік, зірнуў. Час вяртацца ў лагер.

— Можна пакурыць.

Танкісты адразу заварушыліся, загаманілі, задымілі цыгаркамі. Быстроў кінуў нейкае дасціпнае слова, вакол зарагаталі. У дружным рогаце вылучаўся галасок Гогабярыдзе. Нельга было не засмяяцца, чуючы гэты адданы, заваблівы рогат.

Аляксей насыпаў з пачка тытуню, згарнуў цыгарку і падышоў да Якавенкі прыкурыць.

— Казаў жа я табе: спакойна, не газуй...— дайшоў да яго жорсткі чысты голас.— Добра, што тут — на занятках так, а калі б... у баі? Калі б у баі, што тады?

«Колышаў»,— пазнаў Аляксей і мімаволі ўсміхнуўся сам сабе той усмешкай, з якой дарослыя сочаць за дзецьмі. Яго ўзрушыла гэтая маладая шчырасць у голасе, наіўная прастата: «А калі б у баі?..» — і ён падумаў, які яшчэ малады-зялёны лейтэнант.

Было ў гэтым голасе штосьці такое, што кранула сэрца Аляксея, што міжвольна нарадзіла ў ім думку: з Колышава будзе салдат. Добры камандзір будзе.

 

3

Нягадана ў звыклы круг думак Аляксея ўварваліся такія, якія, здавалася, не мелі ніякага дачынення да яго камандзірскіх абавязкаў.

У выхадны дзень, вярнуўшыся ўранку са сталовай, Аляксей выправіўся ў вёску. Ідучы па сцежцы праз лес, напрасткі, ён хвілін праз дваццаць падыходзіў ужо да хат, калі насустрач трапіўся камандзір брыгады.

Сустрэча гэта была непрыемнай Аляксею: ён ведаў, што Бяссонаў не пахваліць яго за такія адведзіны. Не першы дзень ужо Аляксей адчуваў, што Бяссонаў наогул непрыязна насцярожаны да яго. Камбрыг неаднойчы паказваў, што ён помніць, добра помніць тое, як Аляксей падвёў яго ў першыя дні адпачынку. Скупы на хвалу, Бяссонаў на ўсё жыццё запамінаў кожны выпадак, калі яго «падводзілі».

— Куды? Чаго? — запыніў Аляксея Бяссонаў.

— У сяло. У госці, таварыш гвардыі палкоўнік,— чотка, але насцярожана адказаў Лагуновіч.

— Да ўдавы якой-небудзь? — І голас, і нядобрыя вочы палкоўніка асуджалі загадзя.

— Можна сказаць — да ўдавы... таварыш гвардыі палкоўнік.

— Што за ўдава?

— Удава як удава.— Аляксею не хацелася адказваць на допыт, ён абураўся тонам гэтага допыту. Але трэба было адказваць. Палкоўнік чакаў.— Брыгадзір тут адзін. Пазнаёміліся выпадкова...

— Брыгадзір. Выпадкова,— не паверыў Бяссонаў.

— Прасіла зайсці, таварыш гвардыі палкоўнік. Дазвольце? — Старшы лейтэнант, якому яўна не хацелася прадаўжаць размову, прыклаў руку да казырка.

У твары палкоўніка мільганула штосьці жорсткае, але ён стрымаў сябе.

— Глядзі ў мяне! — Бяссонаў раптам махнуў рукой.— Ідзі. Дзень вольны...

Аляксей вярнуўся перад вечарам. У зямлянцы ён застаў Якавенку, які латаў свой камбінезон. Палтаўчанін, здаецца, ніколі не сядзеў без працы.

— Вось пабыў я ў гасцях,— пачаў адразу Аляксей,— наглядзеўся ўсяго...

— Ты б паеў спачатку,— параіў Якавенка,— потым раскажаш. Слова не верабей, не ўцячэ, даганяць не прыйдзецца.

— Ды я паабедаў, пачаставалі! Самагон быў, закуска была... Толькі мне нічога ў рот не ішло...

Ён узяў з вечка кацялка аладку.

— Вось я і пазнаёміўся з тутэйшымі калгасніцамі... Цягавіты народ — жанчыны. Аруць, гаспадараць не горш за мужчын... Адна там, Ганка Філімонава, такая нявідная жанчына, на ворыве проста рэкорды ставіць. Людзі, адным словам, там што трэба!.. Коней няма, на каровах усё ворыва выцягнулі. Не ўсё, праўда, управіліся засеяць, але хлеб павінен быць. «Галодныя не будзем і вас не пакінем без хлеба, салдацікі»,— кажуць. Толькі, ведаеш, вельмі крута ім даводзіцца, так цяжка, што глядзець нельга спакойна.

— Ну, то хіба оцэ толькі ў іх,— сказаў разважліва Якавенка тонам, якім гавораць з малодшым братам ці з сынам.

Аляксей не звярнуў увагі на гэты тон, ён прывык, што Якавенка і да яго, і да іншых сяброў адносіцца, нібы старэйшы, прывык да гэтай, па-бацькоўску лагоднай, павучальнай манеры гаварыць.

— Чакай, ты паслухай! — нецярпліва перабіў Лагуновіч.— Не толькі ў іх... А хіба ад гэтага лягчэй мне, што не толькі ў іх? Тут акрамя ўсіх бядот, якія ты ведаеш, яшчэ і іх асабістая — старшыня. Каўрыжка яго прозвішча. На выгляд — так, бясслоўнае стварэнне, цялё рахманае. «Э-э, што мы зробім, бачыце-е, рэ-э-зруха,— перакрывіў Лагуновіч.— Вэ-эйна. Ось адужаем немца, тэ-эды...» Замест таго каб падымаць людзей, падбадзёрваць, сам сее паніку. «Ну што мы атрымаем з гэтай зямлі! Пуп парвеш, а толку мала...» А між тым, заўваж, хату сабе стаўляе, лесу навазіў.

Хваляванне, гарачнасць Лагуновіча пачалі пераходзіць да Якавенкі.

— Оцэ Каўрыжка! — пакруціў ён галавою.— Нэ дужэ смачная!

— Тры салдацкія сям’і жывуць у зямлянках. Ты думаеш, ён паклапаціўся хоць аб адной? Там адна — Арына-ўдава... Муж злажыў галаву ў партызанах. На руках у яе засталося чацвёра дзяцей, усё драбната. Хадзіла, прасіла дапамогі ў Каўрыжкі. Думаеш, даў? Не, «вэ-эйна», бачыш! Дзеці шчаўем прабаўляюцца... Што ж вы, кажу майму знаёмаму брыгадзіру, Надзі Мазальковай, маўчыце, пагналі б яго к чорту! Такія жанкі геройскія і раптам з адным старым карчом не справіцеся. Мятлою яго пагналі б, каб і паху яго не было. Мнецца: «Ды вось мы па-бабску пагаворым, палаем яго ў вочы і за вочы, ды так і разыдземся. Ды і хіба ён адзін, гэты корч. Тут у яго цэлая хеўра падабралася — кладаўшчык, агароднік, кум, сват і чорт яго брат».— «Ну, а з райкома былі?» — «Былі, ды даўно. У суседняе сяло, дзе ваша начальства стаіць — штаб наш,— ездзяць часта. Там лепш справы. А нас абмінаюць...» От! Чуў?

Лагуновіч узрушана пабарабаніў пальцамі па кацялку, пазіраючы на Якавенку сваімі добрымі вачыма.

— Я, прызнацца, думаў, што знаёмства ў цябе будзе весялейшае.

— Што рабіць? — запытаўся Аляксей.

Якавенка, які любіў, калі да яго звярталіся за парадамі, і які ўмеў разумець чужы настрой, адчуў, што старшы лейтэнант захапіўся гэтай справаю. Не супакоіцца на тым, што пабыў у сяле і пагутарыў. Ён параіў:

— Трэба побалакаць про цэ з падпалкоўнікам Сяміжонам.

— Я таксама так думаю,— адказаў Аляксей і стаў адразу збірацца да намесніка камандзіра брыгады па палітчасці. Ён не любіў адкладваць спраў.

Падпалкоўніка Сяміжона ні дома, ні ў кабінеце не было. Аляксей знайшоў яго ў мотабатальёне, дзе падпалкоўнік быў разам з камандзірам брыгады. Палкоўнік Бяссонаў займаўся справай, якую ён называў «чысткай» і якую ён рабіў нярэдка і ахвотна: перавярнуў усё, што было ў кузавах грузавікоў, у транспарцёрах, у калясках матацыклаў. Ператрос ранцы, бязлітасна, з лютым выглядам выкідваў усё, што не было неабходна. Гэтая непрыязнасць да лішняга была ў яго проста хваравітай. У адносінах да сябе ён таксама няўхільна трымаўся гэтага правіла, у штабной сваёй машыне ён вазіў толькі адзін абшарпаны, яшчэ з даваенных часоў, чамадан з абмундзіраваннем і дзвюма парамі бялізны. Ён і да сябе быў аскетычна строгі. Падпалкоўнік Сяміжон слухаў Аляксея задуменна і ўважліва.

Калі Аляксей скончыў, падпалкоўнік сказаў:

— Да-а... Гэта мы ўпусцілі... А яно ж — калі разабрацца — таксама датычыць... — Маўчаў трохі, штосьці меркаваў:— Я падскочу ў раён, параюся. Пра Каўрыжку і ўсё іншае... Але, відаць, трэба будзе і самім памагчы. Людзьмі. Можна ж таго-сяго адарваць на работу да іх. Хоць на дзень, на два. З тваёй, з другіх рот...

— Падрамантаваць жняяркі, калёсы...

— Да, да, трэба памагчы. Шэфства ўзяць, ці як там назавем...

Падышоў палкоўнік Бяссонаў, нездаволена хмурачыся :

— Развялі барахла, не мотабатальён, а абоз.— Параўнанне з абозам, якое чулі ў брыгадзе не раз, было ў яго вуснах найгоршай абразай.

Ён пацікавіўся ў Сяміжона, аб чым ідзе гаворка.

Паслухаўшы крыху, Бяссонаў пераканана адрэзаў:

— Дарэмна я яго не вярнуў!

Аляксей зірнуў на камандзіра брыгады, не ўтрываў, нелагодна нагадаў:

— Я, таварыш гвардыі палкоўнік, у вольны час...

— «У вольны час!»

Палкоўніка яўна запаліў адказ Лагуновіча. Можа, акрамя ўсяго, і тон адказу.

— Многа ў цябе, Лагуновіч, вольнага часу аказалася! Відаць, таму і ў роце — бардак!

Хоць рота Аляксея, ён ведаў, была не горш за іншыя, старшы лейтэнант стрымаўся: Бяссонаў ніколі не любіў, калі яму пярэчылі. Цяпер спрачацца з ім было наогул неразумна.

— Распыляешся! — нібы вымову, аб’явіў Бяссонаў.

Аляксей ведаў, што Бяссонаў больш за ўсё не любіць людзей, якія «распыляюцца», што для яго, акрамя камандзірскай справы, акрамя брыгады, нічога не існуе. Гаварылі, што па гэтай прычыне нават сям’і Бяссонаў пісаў рэдка...

— Лезеш, дзе не трэба!

— Магу падтрымаць яго, камбрыг. Трэба,— уступіўся за Аляксея Сяміжон.

— Без яго абыдуцца. Там сваіх даволі журботнікаў! Якім паложана займацца гэтым. Бач ты, толькі ён такі клапатлівы! Прыйшоў, убачыў — аб’яўляй трывогу!

— Нельга чакаць, камбрыг.

— Не гарачыся, Сяміжон. Там ёсць свае галовы, разбяруцца самі.

Ён глянуў на Аляксея, сказаў з упартай нездаволенасцю :

— Толькі таму, што падпалкоўнік ужо ўзяўся за гэта, я не пярэчу.

Прыміраны тым, што Бяссонаў усё ж саступіў, што справа, неабходная справа, зрушыць, Аляксей паабяцаў мякка і нібы вінавата:

— Можаце быць спакойны, таварыш гвардыі палкоўнік, рота не падвядзе...

Бяссонаў не паддаўся на абяцанне:

— Гэта мне яшчэ невядома, не падвядзе ці — падвядзе.

На другі дзень пасля размовы з Аляксеем падпалкоўнік Сяміжон паехаў у раённы цэнтр, які быў за кіламетраў пятнаццаць. Вярнуўся ён пад паўдня, крыху стомлены, але задаволены. Падпалкоўнік выклікаў Аляксея і расказаў, што быў у райкоме, пра ўсё пагаварыў з сакратаром і што днямі збярэцца сход калгаснікаў.

— Добра было б, каб Мазалькову Надзю выбралі,— даверна сказаў Аляксей.— Усе жанкі за яе гарою. Толькі сама яна, дзівачка, пабойваецца нібы. «А што, як не спраўлюся?»

У зямлянцы Якавенка пісаў ліст. Пісаў ён, як школьнік, узлёгшы на стол грудзьмі і схіліўшы набок галаву. Ліст у яго чамусьці не ладзіўся. Ён некалькі разоў пачынаў, але, напісаўшы два-тры радкі, ірваў. Аляксей, заўважыўшы гэта, здзівіўся: звычайна Якавенка не задумваўся над тым, што і як пісаць.

— Жонцы ліста напісаў,— сказаў Якавенка пазней.— Доўгі, цэлы раман! Ніколі за ўсё жыццё нэ пісаў такого доўгого паслання! І так цёпла, так шчыра, што аж самого за душу ўзяло. Ёй-богу, нэ брашу, мало сам нэ заплакаў. А ўсё цераз оціх жынок, што ты росказував. Дастаецца ім... Мы тут, на фронце, думаемо, шчо мы — усё, мы — героі, мы, мы. А ім цяжчэ, можэ, чым нам... Канечне, яе там, жынку, ні забіць, ні пакалечыць не можа, та хіба ў цым дзіло.

Твар яго з яркімі карымі вачыма, чорнымі густымі бровамі, глянцаватымі, крыху хвалістымі валасамі, задуменны і добры — быў цяпер асабліва прыгожы. Аляксей ведаў, што ў Якавенку былі закаханы ледзь не ўсе жанчыны ў брыгадзе.

Яго жонка, картку якой бачыў Аляксей, была з твару зусім непрываблівай і, як гаварыў Якавенка, гады на чатыры старэй за яго. Пажаніліся яны, калі вучыліся на курсах механізатараў пры МТС,— Якавенку тады было гадоў дзевятнаццаць. Якавенка вельмі любіў яе і клапаціўся аб ёй.

Лейтэнант, памаўчаўшы, заключыў:

— Мало мы шчэ жынок сваіх шануем!.. Трэба любіць іх крашчэ та нежней! Яны таго дастойны.

 

Гадзінай пазней Аляксей ішоў па лясной сцежцы з рэчкі. Ад нядаўняга купання цела яшчэ хавала свежы, малады халадок. Ён ішоў павольна — як чалавек, якому не трэба спяшацца, думаючы пра што трапіцца, паглядваючы на лісце, на галлё, на пярэстую ад праменняў сонца і ценяў траву.

Ён любіў лес, як можа любіць яго толькі чалавек, які, можна сказаць, вырас у лесе і адчувае сябе ў ім, як дома.

Лес жыў сваім жыццём, багатым і разнастайным.

На палянах прыгравала сонца. Чыста пахла маладою травіцай. Духмянае паветра паляны было ўсё напоўнена сонечным цяплом. Высахла зрання раса, і тут усталявалася млосная нерухомасць. Звінелі мошкі, стрыкалі конікі.

Зусім побач буяў густы зараснік дубняку, асінніку. Угары вецце розных дрэў заходзіла адно за адно, спляталася, скрыжоўвалася чорна-зялёным дахам. Сонца сюды прабівалася скупа, блішчала то на лістку, то на чорнай вільготнай зямлі кроплямі. Тут увесь час было змрочна, як у каморцы.

Пахі ў гэтых зарасніках былі іншыя, вастрэйшыя, без млоснасці. Гнілы пах даўняга перапрэлага лісця перамешваўся са спіртавым духам дуба і гаркаватым — асіны. Усё гэта ўтварала свой, асаблівы, моцны настой.

Гэты магутны, спрадвечны дух ляснога зарасніку быў на дзіва трывалы, адзін і ўдзень і ўвечары, не тое што на палянах ці на ўзлессі.

На адной палянцы Аляксей напаткаў выпадкова Мазалькову Надзю. Узмахваючы сякераю, яна падсякала камель сухой бярозкі. Аляксей падышоў непрыкметна і сказаў:

— А ну, дайце мне!

Яна ад неспадзеўкі ўздрыгнула. Выпрасталася, апусціўшы сякеру.

— Ой, гэта вы! Калі вы падышлі? Я і не заўважыла! — Яна выцерла пот з твару, хапаючыся, паправіла кофтачку, хустку.

Ён узяў сякеру, паспрабаваў, ці вострая, размахнуўся, і яна глыбока ўвайшла ў дрэва. Размахнуўся другі раз, трэці. Эх, як добра! Каб можна было, цэлы дзень узмахваў бы сякераю.

Нібы да маці на пабыўку прыехаў. І не Надзя, а маці стаіць поруч, ласкавымі вачыма глядзіць за кожным яго рухам... Дрэўца трэснула і пачало валіцца. Аляксей перасек яго напалам, ацерабіў сучча.

— Ну, хопіць ужо! — прамовіла Надзя.— Мне дроў і трэба трохі...

Надзя, відаць, спяшалася.

— Трэба дамоў. Па дровы я ўжо з поля прыеду.

— З каровай замест каня?

— А то з кім жа...

Яна паправіла зноў сінюю хустку. Аляксей мімаволі залюбаваўся яе стройнай моцнай постаццю, загарэлым смуглявым тварам з простымі мяккімі рысамі. Нечым яна нагадвала Ніну, толькі Ніна была драбней крыху і больш кволай.

— Сёння прыязджалі з райкома. Сход збіраюцца праводзіць.

Яны пайшлі ў кірунку сяла, ад якога даходзілі дзіцячыя галасы. На ўскрайку лесу Надзя спынілася.

— Можа, у вас будзе час, то заходзьце зноў. Дарогу цяпер вы ведаеце.

— Ведаю...

— Тут праз лес рукой падаць... Там, цераз канаву, ёсць кладка...

— З дзвюх жэрдак?

— Ага... Прыйдзеце?

— Можа, прыйду. Часу мала вольнага...

— Ну, калі будзе... Бывае ж ён?

— Бывае...

— Вось і прыходзьце, калі будзе...

У голасе яе, адчуў Аляксей, прагучала дзіўная нотка.

— Добра. Пабачу...

— Лепш — пад вечар... Пасля работы... Можаце?

— Можна.

— Ці ў нядзелю... У нядзелю я дома і ўдзень...

— Добра...

— Ну, да спаткання!..

— Бывайце...

Ён падаўся назад. Прайшоўшы некалькі крокаў усцяж лесу, азірнуўся і сустрэўся позіркам з ёю: Надзя таксама глядзела на яго...

«Яна такі праўда нагадвае Ніну»,— зноў прыйшло ў галаву.

Тут акурат насустрач Аляксею трапіўся лейтэнант Гогабярыдзе.

— Дык вось куды ты ходзіш... марыць,— сказаў ён, хітравата ўсміхнуўшыся.— Папаўся! Запрашала ў госці?

— Гаварыла.

У вачах Аляксея паявіўся вінаваты збянтэжаны выраз.

— Пойдзеш?

— Не ведаю. Мусіць, не.

— Мусіць? Ох, гэтыя мне ціхоні! Ну, ну, не хітруй. Усё роўна не паверу.

— Не пайду, здаецца. Праўду кажу.

— Таму, хто схлусіў хоць адзін раз, не вераць!..

— Ну, прывязаўся. Пракурор! — адмахнуўся Аляксей.

А можа, і праўда пайсці? Проста пагаварыць, і толькі, у гэтым жа нічога кепскага...

 

4

На занятках ім здарылася падысці да шасэ Масква — Мінск.

Мінская магістраль праходзіла недалёка ад таго лесу, дзе размяшчаўся ў гэтыя дні батальён.

Калі была пададзена каманда «перакурыць», танкісты шумліва, нястройным гуртам пакіравалі да шасэ. Першымі на дарогу выбраліся Гогабярыдзе, Якавенка, Рыбакоў і некалькі другіх танкістаў. Потым падышлі іншыя, групамі і па адным разбрыліся па шасэ.

Мінская магістраль! Вось яна, дарога з Масквы ў Мінск.

Асфальтаваная роўная істужка, млеючы на спякотным сонцы, бегла ў бок фронту. На ўзбочыне сумна тырчалі два абламаныя і абсечаныя дрэвы. Кюветы і поле поблізу іх былі пакапаны старымі варонкамі, відаць, дрэвы былі пакалечаны бомбамі. Непадалёк ляжаў перавернуты, заржавелы шкілет грузавіка.

Май шчодра прыбраў дарогу з абодвух бакоў багатаю зелянінаю, рознымі кветкамі. Кюветы зараслі густою травою. Трава пры самым асфальце была дробная, запыленая, з яе ўсюды выглядвалі трыпутнік і рамонак.

Гогабярыдзе прайшоўся фарсіста па дарозе, нібы шпацыраваў у горадзе, сказаў Якавенку:

— На Каўказе такія дарогі. Гладкія, як шкло. Толькі там яны заўсёды круцяцца — у адзін бок, другі бок, угару, уніз. Такія дарогі — два метры проста не ідуць. А тут роўная, глядзі, якая роўная! Каціся. Да самага Мінска!

— Нэ шыбко разгонішся,— іранічна адгукнуўся палтаўчанін.— Дарога-то гладка, та з — фокусамі. Не то шчо не пракоцішся, а і не прапаўзеш.

— І з танкам не праб’ешся.

Рыбакоў, пачуўшы гэтыя словы, ахвотна падтрымаў :

— Дзе там! Фрыцы такое пабудавалі на гэтай дарожцы. Мне гаварыў сапёр, на сто кіламетраў замініравалі!

— Ну, вжэ так і на сто? Можа, накапалі кіламетраў на пяць акопаў, бліндажоў та рвоў. Посіялі мін, дзе можна.

— Не верыце, таварыш гвардыі лейтэнант,— не верце. Я вам кажу, што сам пачуў.

Непадалёк сабралася другая група. Каля яе стаяў старшы лейтэнант Лагуновіч, пазіраючы ўсцяж шасэ. Асфальтаваная істужка бяжыць удалеч. Спачатку ўздымаецца, выпінаючыся, на ўзгорак, потым прападае недзе і выходзіць зноў на від далёка ў смузе спякотнага дня.

— Да Мінска 304 кіламетры,— сказаў адзін з танкістаў.

— Адкуль ты ведаеш?

— Вунь кіламетравы слуп,— танкіст кіўнуў на пачарнелы ад дажджу, напалову вывернуты слупок, што тырчаў узбоч.

— Ну, цяпер гэтая адлегласць трохі даўжэйшая!

Між танкістаў стаяў, дыміў папяросаю Быстроў.

Ён цыркнуў праз зубы і, кіўнуўшы галавою на дарогу, заявіў з намёкам:

— Проста на Берлін вядзе.

— Яна толькі да Мінска даходзіць.

— Усё роўна. Адтуль ужо Берлін відаць — Брандэнбургскія вароты. Унтэр дэн Ліндэн і асабістая канцылярыя Гітлера,— усміхаючыся вачыма, нечакана ўдакладніў Быстроў.— Не верыце? Спытайце ў старшага лейтэнанта.

Лагуновіч адказаў у тон яму:

— Адтуль, ад Мінска, толькі адна вялікая станцыя да Берліна: Варшава.

— Адна станцыя — Варшава!.. Бач, хапілі. Быстры вы, таварыш гвардыі старшы лейтэнант! А колькі там паўстанкаў, якія трэба праехаць, ніяк нельга абмінуць?

— Ну, паўстанкаў мы не лічым!

— Мінск...— Сонцаў узрадавана аб’явіў:— Як Заходнюю Беларусь вызвалялі, быў я там. Прыстойны гарадок. Вясёлы.

— Вясёлы...— паўтарыў дзіўным голасам Аляксей, ні то іранічна, ні то сумна.— Быў — вясёлы... З першага дня, як пачалася вайна, дасталося яму. Сыпалі, сыпалі на яго бомбы... У газеце было — спалілі дашчэнту ўсю Савецкую і Ленінскую. Самыя прыгожыя вуліцы. Быў у газеце яшчэ здымак, зняты з самалёта. Нельга было пазнаць, якія гэта кварталы. Голыя сцены ды руіны ўсё змянілі страшэнна... Між сцен усюды пустыя праваліны, ніводнага даху не відаць. Дасталося яму...

Аляксей памаўчаў хвіліну і загаварыў раптам весела, з гонарам:

— А быў горад прыгожы! І вясёлы быў, гэта праўда, Сонцаў. Эх вы, хлопцы, пабылі б увечар на Ленінскай нашай ці на Тэатральным скверы! Увечар, калі зіхацелі агні, калі тысячы прыбраных мінчан выходзілі пагуляць! Да чаго ж добра было ў гэтай гаварлівай людской плыні! А-а, што вам казаць, усё роўна гэтага не ўявіце, калі не бачылі. Вы нават уявіць не можаце, якія красуні ў нас — дзяўчаты! Дарэчы і да ведама некаторых халасцякоў: такіх прыгожых дзяўчат, як у Мінску, напэўна, нідзе няма. Я ж пабыў на свеце, пабачыў... Калі будзеш жаніцца, Сонцаў, да нас прыязджай, да мінскіх дзяўчат.

— Толькі ў Мінск прыеду! — хаваючы ніякавасць, адказаў Сонцаў.

— Не будзеш каяцца!..

— Не забудзьце, таварыш гвардыі старшы лейтэнант, што вам прыйдзецца сватаць яму дзяўчыну,— уламіўся ў гаворку Быстроў.— Ён, калі ўбачыць прыгожую дзяўчыну, адразу становіцца чамусьці нямым. Нібы язык замярзае... ад гарачага пачуцця.

— Ну-ну, ты паасцярожней! — пагразіў Сонцаў.

— Ён з кожным годам усё харашэў. У мяне ж усё на вачах адбывалася, я там, можна сказаць, ведаю гісторыю кожнага дома. Вучыўся там, працаваў. Любіў там. Усё, што было ў жыцці лепшае, спазнаў я там, у Мінску...

— У вас там жонка і дзіця засталіся, кажуць? — пацікавіўся раптам Рыбакоў.

— Засталіся...

Старшы лейтэнант змоўк. Вочы патухлі. Ён насцярожыўся. Аляксей не любіў гаварыць пра сваё гора. У радасці душа яго раскрывалася для ўсіх, ён не хаваў тады нічога. А ў горы хмурнеў, рабіўся скрытным, маўклівым.

Да вайны, калі працаваў інжынерам, Аляксей з Нінай і таварышамі не раз ездзіў па гэтай магістралі за горад на аўтамабілі. «Эмка» была не яго, а дырэктарава, але дырэктар часта запрашаў іх з Нінаю. Аляксею падабалася імчацца на вялікай хуткасці па гладкай, як шкло, дарозе, слухаючы сіпенне шын. Ніна падстаўляла твар ветру, які біў насустрач густою моцнаю хваляю, прыплюшчвала павекі ад задавальнення. На пухлай, як у дзяцей, ніжняй губцы яе трапятала бесклапотная ўсмешка. Вецер, налятаючы на яе, тузаў, раскідаў, калмаціў жытнія выгаралыя на сонцы валасы.

Пакінуўшы горад далёка ззаду, машына паволі сцішала ход, зварочвала з шасэ і, гайдаючыся з боку на бок, падкідваючы пасажыраў, ішла між дрэваў. У іх было ў лесе сваё аблюбаванае месца.

Ніна вельмі любіла гэтыя пагулянкі. У час іх яна багата рагатала, гарэзнічала, як дзяўчынка. З ёй было хораша і Аляксею; ён забываў усе турботы, паддаваўся яе весялосці. «Як дзіця!» — думаў ён неаднойчы. Неаднойчы ён коса, ніякава паглядваў на дырэктара і яго жонку: што яны, Пятро Іванавіч і Анна Мацвееўна, думаюць пра сваіх маладых спадарожнікаў! Нібы гэта так важна было! Зрэшты, падобна было, ім падабалася весялосць Ніны. Падабаліся Пятру Іванавічу і Анне Мацвееўне, здаецца, абое яны, Лагуновічы, відаць, як маладосць, што ўжо адышла ад дырэктара і яго жонкі...

Добра было ў лесе, поўным птушыных галасоў. Здаецца, паважныя таварышы па тых падарожжах не крыўдавалі, што Лагуновічы іншы раз знікалі адны... Хаваліся ў гушчарніку, шукалі адно аднаго, перагукаліся... Раптам, гарэзна бліснуўшы вачыма і крыкнуўшы: «Лаві!», Ніна кінулася між дрэваў. Але паспрабуй злаві яе, спрытную і лёгкую, калі яна то ляціць на ўсю сілу, то неспадзявана схітруе. Вось-вось Аляксей здагоніць яе, працягвае ўжо рукі, каб схапіць, а яна спрытна шмыг пад рукамі, і — лаві вецер. Стаіць ужо недзе ззаду, і рагоча, і дражніцца. Яму перашкаджаюць дрэвы, ён усё стрымлівае бег, каб абысці іх, не сутыкнуцца, а ёй — хоць бы што!

На дарозе, хутка мацнеючы, узнік шум. Аляксей абарваў плынь успамінаў, азірнуўся. Імчалі да фронту некалькі грузавікоў. Набліжаючыся, першы з іх патрабавальна прасігналіў, і танкісты хутка сышлі з дарогі. Аляксей з цікавасцю сачыў за машынамі, што набліжаліся. Неўзабаве яны параўняліся, пранесліся паўз танкістаў. На першым у кузаве былі відаць скрынкі, мяшкі, на іх сядзелі салдаты. У іншых груз быў складзены ўпоравень з кузавам і накрыты брызентам.

Аляксей сачыў вачыма за машынамі, пакуль яны не зніклі за ўздымам дарогі.

«Ім да Мінска восем гадзін ходу»,— узнікла недарэчы думка.

У гэты вечар, калі б не вайна, ён мог бы ўбачыць агні Мінска. Яны вынырнулі б з цемры, як толькі машына ўзышла б на апошні перад горадам узгорак. Зачараваны морам мігатлівых агнёў, шафёр павялічыў бы хуткасць, і Аляксей неўзабаве быў бы дома...

Ён добра помніць тыя апошнія кіламетры, дзе магістраль праходзіць паўз густа-зялёную сасновую сцяну парку імя Чалюскінцаў. Там, на тых апошніх кіламетрах, часта былі мотагонкі. Пры горадзе асфальт раптам канчаецца, далей пачынаецца брук. Гэта ўжо ўскраіна. Злева — дзве-тры маленькія хацінкі, Батанічны сад Акадэміі, справа — няскончаныя вялізныя чырвоныя будыніны, далей — Дом друку...

Не, не даедуць тыя грузавікі туды ні за восем гадзін, ні за восем дзён!

Дзесяткі праз тры кіламетраў за ўзгоркам шафёр зверне з шасэ, спыніцца дзе-небудзь каля склада боепрыпасаў ці на агнявой пазіцыі...

Мінская магістраль! Перарэзаў цябе фронт, перакапаў снарадамі, начыніў мінамі, перагарадзіў у многа радоў калючым дротам...

Невыпадкова так балюча вораг раніць цябе, так чапляецца за цябе. Ён ведае, што ты — самы важны шлях, які звязвае Мінск з Масквою, Беларусь з Савецкай Расіяй. Па табе пойдуць на беларускую зямлю савецкія войскі, каб прынесці волю, вярнуць наш народ у родную, вялікую сям’ю.

Была ты мірнай дарогай, якая звязвала дзве сталіцы. Стала ты дарогай нашай бітвы, арыенцірам, што паказвае нам баявы напрамак. На Мінск, на захад!

Аляксей падумаў: яму заўсёды здавалася чамусьці, што дарога мае свой адзін кірунак, як рэчка. Раней, у Мінску, ён ведаў, што шасэ накіравана ў бок Масквы. Яно і называлася там заўсёды — Маскоўскае шасэ. Цяпер дарога нібы змяніла свой кірунак, яна ідзе ў Мінск. І не толькі ў яго такое адчуванне. Усе ж лічаць, што ісці туды, значыць, ісці наперад. Відаць, дарогі бягуць заўсёды туды, куды імкнецца чалавек.

Калі скончыцца вайна, дарогі павернуцца ва ўсе бакі — на ўсход, на поўдзень, на поўнач... Цяпер жа ва ўсіх толькі адзін напрамак!

— Мы тут катаемся, а там фрыц чорт яго ведае што вытварае,— даходзіць да яго голас Сонцава.

— Д-да... Хутчэй бы — марш!

— І так адсталі. На поўдні нашы ўжо ў Румыніі, а мы тут усё топчамся.

Старшы лейтэнант, павярнуўшыся на галасы, дакорліва зірнуў на Сонцава, на іншых.

— Не топчамся і не катаемся, а рыхтуемся. Зразумела? Рыхтуемся! Вы гэта добра ведаеце. Думайце, што гаворыце! — І спакойна звярнуўся да ўсіх:— Нічога, таварышы, нічога! Вытрымкі больш! Трэба чакаць. Прыйдзе пара — скажуць. Як цісканём іх, паганых,— да самай граніцы без перапынку каціцца будуць!..

— Душа гарыць, таварыш гвардыі старшы лейтэнант!

— Душа павінна слухацца галавы. На тое і галава ў чалавека.

Лагуновіч хрыплым голасам крыкнуў: «Канчай перакур!» — і, перабраўшыся па траве цераз кювет, хутка пайшоў да машыны.

— Та ты ж сам, Олексій, як той Сонцаў! — сказаў Якавенка, ідучы поруч.— У цябе ж самога душа там, у Мінску. Ніну сваю бачыш усё, ніяк не дачакаешся.

— Бачу Ніну. Часта бачу,— прызнаўся шчыра Аляксей.— Маму ўспамінаю. Як ёй, старой... Адной... І не адну яе — усю Беларусь, здаецца, бачу. Глядзіць яна на мяне тысячамі вачэй і кліча: «Ідзіце, не чакайце!» Ведаю, браток, ой, як ведаю, што значыць кожная хвіліна там для людзей... І баліць сэрца, не можа яно быць абыякавым, слухацца халодных разваг,— сказаў ён ціха і скончыў хмурна: — Але што ж зробіш: чакаць трэба!..

Неўзабаве, калі сабраліся ўсе ля машын, ён гаварыў Якавенку, знарок строгі, клопатны:

— Таварыш гвардыі лейтэнант, камандзір роты забіты. Камандаваць ротаю загадваю вам...

Якавенка звыкла, паважна казырнуў:

— Ёсць камандаваць ротаю...

Лагуновіч зірнуў на Колышава.

— Назначаю вас камандзірам узвода.

— Ёсць! — адказаў, устрапянуўшыся, Колышаў.

Аляксей гэтым заняткам аддаваў вялікую ўвагу.

Ён ужо некалькі дзён вучыў танкістаў сумежным спецыяльнасцям, дамагаўся таго, каб кожны мог замяніць, калі будзе трэба, свайго таварыша ці камандзіра. Трэба, каб рота жыла заўсёды, каб ніякія страты не выводзілі яе са строю.

Якавенка скамандаваў сваім экіпажам: «Па машынах!» Падняўся на вежу, апусціўся ў люк, зірнуў, ці ўсе гатовы.

 

5

Набліжаліся да пярэдняга краю. У адным месцы машына, што ішла першая, прыпынілася, і камандуючы фронту бачыў, як сержанты з кантрольнага пункта, свецячы кішанёвымі ліхтарыкамі, правяралі дакументы ў афіцэра сувязі. Праз хвіліну машына кранулася — у цемры паплыла малінавая кропка задняга ліхтара.

Камандуючы быў поруч з шафёрам і, амаль заплюшчыўшы вочы, аб нечым думаў. Ззаду яго, бяссонна пазіраючы ў цемру, з напружаным, пільным выразам, у нацятай паставе сядзеў яго паручэнец Камароў.

На пярэднім краі час ад часу білі гарматы,— адтуль каціліся ўсё больш моцныя і грымотныя выбухі. Над небакраем, акрэсліваючы няблізкія чорныя ляскі і ўзгоркі, успыхвалі, трапечучы, белыя ракеты.

На скрыжаванні дарог машыны павярнулі на поўнач і пайшлі амаль усцяж фронту. Цяпер выбухі былі чуваць злева.

— Таварыш камандуючы,— загаварыў раптам паручэнец, нахіляючыся да Чарняхоўскага,— дазвольце сказаць... вам трэба б адпачыць крыху.

— Чаму — адпачыць? — адгукнуўся не адразу, рассеяна Чарняхоўскі.

— Ды як жа, таварыш камандуючы, — строга афіцыйна, але з прыкметнай ноткай той вольнасці, што бывае ў людзей, якіх любіць начальства, адказаў паручэнец,— цэлы месяц вы ўсё ездзіце па фронту, то ў адну дывізію, то ў другую, у дождж і ўночы не ведаеце спакою...

— Пасада такая, Лёша!

— Пры вашай пасадзе можна было б і не ездзіць! У вас цяпер столькі памочнікаў. Любому загадайце — зробяць усё як належыць.

Генерал-палкоўнік памаўчаў. Адчуваючы, што ад яго чакаюць адказу, ён неахвотна прамовіў:

— Даўно мы, Лёша, разам, а ты такія рэчы гаворыш!..

Камандуючы, якому ўжо надакучыла ехаць, спяшаўся хутчэй дабрацца да дывізіі.

Па яго разліку яны набліжаліся да таго месца, дзе іх павінен спаткаць камандзір дывізіі. Чарняхоўскі званіў камдыву са штаба арміі, адкуль ён ехаў і адкуль дамовіўся пра месца сустрэчы. Чарняхоўскі цяпер мімаволі згадаў, як камандарм, які пры размове па тэлефоне стаяў каля яго, папрасіў быў дазволіць ехаць з ім; Чарняхоўскі не даў згоды, ведаючы, што ў камандарма ёсць тэрміновыя справы.

«Гэта і лепш — без світы...»

На ўскраіне вёскі, крайнія хаты якой выхапіла з цемры святло фар, пярэдняя машына зноў спынілася, і да машыны Чарняхоўскага падышлі два чалавекі.

— Хто? — запытаўся строга, выскачыўшы з машыны, Камароў.

— Генерал-маёр Шчарбацюк. Камандуючы тут?

— Так. Я — камандуючы,— адказаў Чарняхоўскі і, прывітаўшыся, адразу загадаў: — Сядайце, таварыш генерал...

— Ёсць... Дазвольце, таварыш камандуючы, запытацца — у вашу машыну?

— Так, у маю.

Генерал-маёр, сказаўшы чалавеку, што прыйшоў з ім, каб ехаў наперадзе, нязграбна забраўся ў машыну, Камароў сеў каля яго.

Чым больш набліжаліся да дывізіі, тым мацней адчуваўся пярэдні край. Былі чуваць не толькі тугія, моцныя гарматныя выбухі, але і частая, рэзкая страляніна з кулямётаў. Чарняхоўскі зацікаўлена прыслухоўваўся: ён любіў баявое ажыўленне.

— Бой ідзе? — павярнуў ён галаву ў бок Шчарбацюка.

— Скончылі, таварыш генерал,— толькі што... Відаць, немцы яшчэ не могуць супакоіцца...

— Значыцца, замацаваліся?

— Так точна, замацаваліся...

Пра бой Чарняхоўскі даведаўся ў штабе арміі, гэта была невялікая, але, казалі яму, упартая схватка. Батальён дывізіі Шчарбацюка адваёўваў лапік зямлі, ад якога пачынаўся далей вялікі балотны абшар. Немцы вельмі чапляліся за лапік, як за зручны плацдарм,— гэта была ўжо не першая спроба выбіць іх.

— Выявілі новыя агнявыя кропкі?

Шчарбацюк адказаў, што на правым флангу артылерысты «засеклі» тры новыя артбатарэі. Гаварыў ён павольна і спакойна, роўным глухаватым голасам, з такім «о», якое можна чуць ці ад украінцаў ці ад валжан.

— Не заўважылі — узмацняе тут праціўнік абарону?

— Не, па нашых разведданых, таварыш камандуючы, было спакойна — да сённяшняга дня.

— Наладзьце, таварыш генерал, пошук і выцягніце адтуль «языка». Я хачу ведаць, што адбываецца на балотах перад вамі...

— Ёсць, таварыш камандуючы. Зраблю.

Астатні час маўчалі, пакуль не ўехалі ў вёску.

— Штаб дывізіі, таварыш камандуючы,— прамовіў Шчарбацюк, калі машына рэзка прыцішыла ход.

Чарняхоўскі выйшаў з машыны, выпрастаў стомленую яздой спіну, пачуў, як стукае недзе поблізу рухавік рацыі. Неспадзеўкі для камдыва папрасіў:

— Пазваніце, генерал, у батальён, хай збяруць афіцэраў... у штаб я заеду потым... Дарэчы, не гаварыце, што буду я...

Калі Шчарбацюк пайшоў, Чарняхоўскі агледзеўся. З першага позірку вёска здавалася маўклівай і ціхай, але ён, акінуўшы вачыма хаты, хлявы, печышчы, што сумна чарнелі абапал, звыкла заўважыў адзнакі неўтаймаванага жыцця. На двары побач са штабам некалькі салдат штосьці выгружалі з грузавіка. З другога боку вуліцы, каля плота, стаялі дзве запрэжкі з гарматамі, якія ці толькі прыпыніліся, ці збіраліся вось-вось рушыць у дарогу.

Шчарбацюк хутка вярнуўся. Калі ён падышоў, непаспешліва, грузна, Чарняхоўскі запытаўся, колькі будзе адсюль да батальёна і ці можна пад’ехаць...

— Так точна, пад’ехаць можна, таварыш камандуючы, кіламетры два з палавінай...

— Едзем. Камароў, сядай!

Камароў спрытна нырнуў у машыну. Хоць паручэнец нічым не паказваў гэтага, ён у душы намер камандуючага ехаць на пярэдні край асудзіў. Праўда, такі паварот справы не застаў знянацку Камарова, які хадзіў з Чарняхоўскім і тады, калі той быў мала каму вядомым палкоўнікам, і пазней, калі стаў генералам. Камароў не мог згадзіцца з тым, што Чарняхоўскі і цяпер, будучы камандуючым, як бы не разумеючы змены ў становішчы, трымаецца ранейшай звычкі.

«Вельмі яму трэба хадзіць пад самымі кулямі!»

Нешта падобнае адчуваў і Шчарбацюк, які лічыў, што камандуючаму ехаць туды неабавязкова, але камдыў не столькі адобрыў ці асудзіў гэта, колькі адзначыў сам сабе; Шчарбацюк пакуль прыглядаўся да Чарняхоўскага, вывучаў.

«Ён, здаецца, у глыбокія пласты любіць забірацца»,— падумаў Шчарбацюк пра камандуючага.

Праехаўшы поле і лясок, выйшлі з машын і далей падаліся пешкі. Наперадзе ўзнік, імкліва мацнеючы, знаёмы ўедлівы свіст. Моцна, аглушаючы, грымнуў вельмі блізкі выбух, усплёснуў над плецівам кустоў агонь. Камароў, які да гэтага ішоў следам за Шчарбацюком, абмінуў яго і камандуючага, далучыўся да пярэдніх аўтаматчыкаў і разведчыка.

Чарняхоўскі ішоў хутка, і каратканогаму Шчарбацюку прыходзілася паскараць хаду, каб не затрымліваць яго.

Сцежка бегла праз рэдкі хмызняк, сярод якога дзе-нідзе пры рухлівым святле ракет цьмяна бялелі маладыя бярозкі. Хоць пад нагамі быў цвёрды грунт, пахла сырасцю, што плыла, напэўна, з недалёкага балота.

Аўтаматчык і Камароў раптам прыпыніліся, спаткаўшыся з групкай салдат, што ішлі насустрач.

— Закурыць ёсць, землячкі? — запытаўся адзін з салдат.

— А вы хто? — пачуўся голас Камарова.

— Хто? Свае, ясна... Пасведчанне паказаць? Вось яно — загорнутае ў марлю: немец выпісаў сягоння.

— З палка Сібірака?

— Так точна!.. Дык як — дымнуць ёсць?

— Ёсць,— адказаў Чарняхоўскі, падыходзячы бліжэй да салдат.— Як там?

— Ды так. Храноза,— раптам проста адрэзаў баец.— З астраўка садзіць з гармат, як брые. Міны ўсюды паўтыкаў.

— Крэпка засеў?

— Крэпка...

— Але ўсё-такі паддаецца?

— Паддаецца. Выкалупалі ж сёння! Ды гэта што ж, так — тузаніна дробная.

— Ну, а калі пачнецца, скажам, вялікая?..

— Цікаўны ты: а што, а калі?.. Што ж будзе — тое ж самае!.. Толькі,— голас прыціх задуменна,— многа, мабыць, крыві нашай пральецца...

Салдат узяў здаровай рукой працягнутую папяросу, крыху здзівіўся.

— Папяроса? Ну што ж, папяроса дык папяроса, папяросы мы таксама ўмеем курыць. Да таго ж — круціць сам адной не налаўчыўся яшчэ... А агонь у нас — свой.

Ён весела пстрыкнуў запальнічкай:

— Прыкурвай, землячок!

Рука працягнула запальнічку, але на момант так і засталася нерухомай, як анямела. На плячах незнаёмага, што нахіліўся прыкурваць, водбліск недалёкай ракеты асвятліў генеральскія пагоны з трыма зоркамі!

Салдат раптам спехам адхапіў запальнічку, дзьмухнуў на яе і, выпрастаўшыся, казырнуўшы здаровай рукой, ніякава, голасна выпаліў:

— Выбачайце, таварыш... арміі генерал.

— За што ж прабачыць? За шчырасць?

Чарняхоўскі толькі па-сяброўску параіў лепш вывучыць у шпіталі знакі афіцэраў і генералаў, каб не блытаць.

Неўзабаве па неглыбокім ходзе зносін Чарняхоўскі і Шчарбацюк падышлі ўжо да каманднага пункта батальёна.

— Прыгніцеся,— сказаў вайсковы, што выйшаў насустрач,— можна ўдарыцца галавой.

Перад Чарняхоўскім адхілілі палатку, і ён апынуўся ў бліндажы, каторы асвятляў агеньчык з задымленай гільзы ад снарада. Тут было ўжо з дзесятак афіцэраў, якія адразу, як толькі ён увайшоў, усталі, а крутаплечы, рослы капітан, з забінтаванай галавой, нібы ў чалме, папрасіўшы дазволу ў генерал-палкоўніка звярнуцца да камандзіра дывізіі, далажыў, што афіцэры па яго загаду сабраліся. Столь бліндажа для капітана была нізкаватая, ён стаяў, прыгінаючыся, схіліўшы галаву.

— Дакладвае камандзір батальёна капітан Паўлоўскі,— адрэкамендаваўся ён.

Услед за гэтым Шчарбацюк павярнуўся к камандуючаму. У Шчарбацюка быў ружаваты, малады твар з крутым ілбом і грубымі рысамі. Ён быў невысокі, грузны для сваіх год; уся яго постаць паказвала здароўе, спакой і штосьці вельмі добрае, не зусім ваеннае, бацькоўскае, што выяўлялася ў яго паводзінах, яго манеры трымаць сябе. «Ён больш падобны на дабрадушнага настаўніка пачатковай школы, чым на шахцёра»,— падумаў Чарняхоўскі, які чуў, што камдыў з «шахцёрскага племя».

Прыняўшы яго даклад, Чарняхоўскі, адчуваючы на сабе цікаўныя спасцярожлівыя позіркі, прывітаўся і стаў знаёміцца з афіцэрамі.

Адзін з іх, які назваўся малодшым лейтэнантам Праворным, жылісты і смуглатвары, сказаў, што раней служыў у арміі Чарняхоўскага.

Генерал-палкоўнік, вочы якога мякка бліснулі пад казырком фуражкі, запытаўся, у якой часці быў Праворны і кім служыў.

— У Белгарадскай гвардзейскай, таварыш генерал-палкоўнік... Старшыной быў.

— У Белгарадскай? Выходзіць, старыя знаёмыя... Доўга вы былі там?

— Да Дняпра, таварыш генерал.

— Былі на плацдарме?..

— З першай групай.

— Там нашы байцы і афіцэры сражаліся па-геройску. Крэпка сражаліся... А як сюды трапілі?

— На правым беразе мяне зачапіла. Потым, вядома, у шпіталі давялося адлежвацца... А адтуль — простай дарогай сюды...

— Што ж, выходзіць, зноў будзем разам...— сказаў Чарняхоўскі, мелькам заўважыўшы, як зацікавіла ўсіх гэтая размова, сустрэча.

Пазнаёміўшыся з усімі, камандуючы дазволіў сесці, сеў сам каля накрытага газетай століка.

— Крэпка ўчапіліся немцы?

— Крэпка. Але мы задачу выканалі, таварыш камандуючы...— адказаў камбат так, як, на яго думку, і трэба было.

Шчарбацюку адказ яго, было прыкметна, спадабаўся.

— Страты вялікія?

Паўлоўскі сказаў, што ў батальёне забіта і ранена каля трэці людзей. Страты былі, лічыў Чарняхоўскі, для такога бою вельмі вялікія.

— Усіх раненых эвакуіравалі?

— Так точна, таварыш генерал. Нядаўна адправілі апошнюю групу лёгкараненых.

— Вы ўпэўнены, што ўсіх падабралі?

— Я паслаў, таварыш генерал, яшчэ адну групу салдат абшукаць поле і кусты...

Чарняхоўскі стаў распытваць пра ход бою, выклікаючы то аднаго афіцэра, то другога. Камандзіры, хоць і былі ўзрушаны схваткай і хоць Чарняхоўскі трымаў сябе проста, як роўны, усё ж, заўважыў ён, стараліся не даваць волі шчырасці. Адказвалі коратка, асцярожна, стараліся абысці ўсё, што магло б кінуць нейкі цень на батальён ці не спадабацца камдыву. Чарняхоўскі разумеў прычыну гэтай асцярожнасці: звычайнае імкненне выглядаць перад начальствам найлепш. Акрамя разумення, што начальства гэтае — камандуючы фронту, генерал-палкоўнік, замінала, было відаць, і тое, што з камандуючым непасрэдны начальнік — камандзір дывізіі. Але Чарняхоўскаму патрэбен быў шчыры, праўдзівы расказ. Дзеля гэтага ён і прыехаў сам сюды.

— Я заўважаю, таварышы афіцэры,— узняўшы галаву і абвёўшы няласкавымі вачыма камандзіраў, прамовіў Чарняхоўскі,— што ў вас не хапае мужнасці. Мужнасці адкрыта гаварыць праўду...

Ён сказаў так рэзка і прама, што ў бліндажы наступіла напружаная цішыня.

— Дазвольце мне, таварыш камандуючы...

Шчарбацюк заўважыў, што пры гэтых словах усе, хто былі ў бліндажы, павярнуліся да яго, чакаючы; ён спаткаўся з нездаволеным позіркам камандуючага. Яшчэ хвіліну назад камдыў гатоў быў раўніва, як гаспадар, перажываць з поваду якой-небудзь пляміны, заўважанай камандуючым у дывізіі, а цяпер загарэўся гаварыць сам. Папрок у недастатку мужнасці ў яго афіцэраў быў яму горш за любую заўвагу.

— Памылкі былі,— рашуча пачаў генерал-маёр.— Мы дапусцілі і рад пралікаў... Пачну спачатку — артылерыйская падрыхтоўка бою аказалася недастатковай, можна сказаць — слабай. Цэлі былі выяўлены не ўсе, а выяўленыя не заўсёды добра прыстраляны...

Ён гаварыў, як і ў машыне, павольна, нібы раздумваючы, але з такой перакананасцю, якая прымушала верыць яму, сачыць з увагай за яго думкай. Словы ў яго не ліліся, а ішлі важка, і гэта як бы надавала больш значнасці ім.

— Атака пачалася запознена і мала арганізавана,— прадаўжаў Шчарбацюк, мімаволі зірнуўшы на камбата. Паўлоўскі пад гэтым позіркам неспакойна паварухнуўся, глуха кашлянуў.

— Цікава ўсё-ткі, што ж думаюць афіцэры? — выслухаўшы камандзіра дывізіі, дапытліва прайшоў позіркам па тварах афіцэраў Чарняхоўскі.

— Што і казаць — вучыцца нам яшчэ трэба. Многаму вучыцца,— парывіста адгукнуўся Праворны, што сядзеў насупраць камандуючага.— Пралікаў, недаглядаў у нас нямала.

Ён, спяшаючыся, хвалюючыся, пачаў расказваць пра непаладкі ў сапёраў: «Таварыш генерал-маёр правільна гаварыў, што атака запазнілася. А па чыёй віне?.. Сапёры затрымалі!..»

Цяпер пайшла шчырая, строгая размова.

Чарняхоўскі, бачачы, як усё змянілася, калі выступіў камдыў, падумаў пра Шчарбацюка: «А ўсё-ткі ты з тых, што смецця не любяць выносіць. Гаспадар... Не зазірні да цябе, ты пра многае не скажаш сам...»

Ён папрасіў Паўлоўскага далажыць пра абарончыя ўмацаванні праціўніка.

— У праціўніка тут, таварыш генерал,— устаў плячысты, з доўгім станам камбат,— асноўныя рубяжы абароны праходзяць па балоце. Галоўны іх замок — моцны апорны пункт на астраўку...

Чарняхоўскі загадаў разгарнуць карту, і, калі Паўлоўскі разаслаў яе на стале, камандуючы пачаў разглядваць участак, які займаў батальён.

— Значыцца, забалочаны раён умацаван слабей?

— Слабей, таварыш генерал.

— Вядома, балота,— адгукнуўся нехта з кутка.— І акопы і гнёзды зацягвае тванню...

— Галоўная шкода, таварыш камандуючы, ад апорных пунктаў.

Чарняхоўскі памаўчаў, пастукаў пальцамі па стале.

— Вялікі балотны масіў, як гэты, што перад вамі,— сам па сабе сур’ёзная натуральная перашкода. Праціўнік гэта ведае і спадзяецца на гэта. Яны ўпэўнены, што тут ні танкаў не правядзеш, ні артылерыю...

— Дазвольце, таварыш генерал!.. Артылерыю лёгкую, таварыш генерал, па-мойму, можна. Падаслаць у некаторых мясцінах алешнік — і можна.

— Там ёсць, таварыш камандуючы, некалькі насыпаў вузкакалеек. На захад ідуць, да краю балот...

Чарняхоўскага гэта зацікавіла.

— Яны добра ўцалелі?

— Добра, таварыш генерал. У парадку яны. Насыпы як насыпы. Калі да іх дабрацца, могуць пайсці і танкі...

— Вы ўпэўнены ў гэтым?

— Упэўнены, таварыш генерал! Пройдуць! — адказала адразу некалькі галасоў.

Чарняхоўскі ўжо чуў пра гэтыя насыпы ў штабе арміі, але слухаў і цяпер пра іх з вялікай цікавасцю: тут былі самыя верныя весткі, весткі вачавідкаў.

Ён не мог не сказаць, што, вывучаючы лінію фронту, ужо другі тыдзень прыглядаецца да гэтага вялізнага балота, якое разлеглася ўсцяж пярэдняга краю і ў глыб абароны ворага не на адзін дзесятак кіламетраў, прыглядаецца — думае, упарта і неадступна:

«Ці можна тут?»

Яшчэ ні адна армія не прарывала абарону на такім шырокім балотным абшары. Немцы ўпэўнены, што вялікую аперацыю сучасная армія на гэтых балотах не зможа разгарнуць.

Так, наступаць тут будзе нечалавеча цяжка. Але перашыек к поўдню, дзе між балот ідзе магістраль, увесь начынен мінамі, фугасамі, шчэрыцца гарматамі і дотамі. Дзе можна лепш разлічваць на поспех?

Ён не выказаў сваіх патаемных, самых важных думак. Не сказаў таго, чаго ад яго, ён разумеў, найбольш чакалі. Больш таго, сказаў зусім нежаданае ім.

— Ну, а як там немец? Не збіраецца націснуць зноў?

Афіцэры адказалі, што немцы, падобна, сядзяць ціха. Дадзеныя разведкі, назіранні не паказваюць, што яны збіраюцца наступаць. Па ўсіх прыкметах няма ў немцаў былой сілы...

— У нашай справе ў прыкметы верыць — небяспечна,— падчапіў Чарняхоўскі.— Асабліва што да праціўніка, які перад намі. Ён чым цішэй сядзіць, тым вастрэй сачы за ім. А не то — аднойчы так урэжа, што зелена ў вачах стане! За гэтым суседам вокам трэба весці днём і ўночы!

Камандуючы параіў укопвацца мацней у зямлю, гатовым быць да ўсяго.

Бачыў, што апошнія словы расчароўвалі, але не шкадаваў. Трымаўся даўняй нязменнай звычкі: самае важнае таіць — да таго моманту, калі настане час сказаць праўду. І не толькі таіць, а рабіць так, каб і здагадкам не было спажывы...

Пакуль да жаданага моманту было яшчэ далёка...

Неўзабаве Чарняхоўскі развітаўся і падаўся да выхада. Следам за ім выйшлі Шчарбацюк, Камароў, усе афіцэры.

Чарняхоўскі глянуў у бок захаду і прыпыніўся. Моўчкі пазіраў на забалочаны хмызняк, слаба асветлены далёкім зарывам.

Пазіраў, нібы хацеў разгадаць загадку, што там тоіцца, нібы чакаў адказу на пытанне, якое так турбавала ўсе гэтыя дні. Ці можна тут?

Ён вяртаўся з настроем добрай заклапочанасці, з такім настроем, які звычайна з’яўляўся, калі ён сам, надзейна, высвятляў тое, што вельмі непакоіла. Ён адчуў, што часць, у якую ён прыехаў,— здаровая, што ёй можна, калі будзе трэба, падвучыўшы, даверыць адказную задачу. За якога паўмесяца ён такім чынам пазнаёміўся ўжо з большасцю палкоў і дывізій, з многімі генераламі, афіцэрамі, салдатамі.

Калі камандуючы і Шчарбацюк вярталіся к штабу дывізіі, было па-ранейшаму цёмна. У баку пярэдняга краю ўспыхвалі ракеты, і тут хадзілі блеклыя, неспакойныя водбліскі.

Чарняхоўскі раптам запытаўся:

— Многа траншэй выкапалі?

Камандзір дывізіі адказаў.

— Мала,— нездаволена кінуў камандуючы.— Вы, відаць, лічыце гэта непатрэбным? Думаеце, даўно час — наступаць, а нам загадваюць капаць бясконца!..

Генерал-палкоўнік адгадаў думкі камдыва. Траншэй было выкапана і без таго многа, а са штаба арміі ўсё патрабавалі капаць. Людзі то ваявалі, то вымушаны былі станавіцца землякопамі.

— Я разумею гэта, але людзей шкада, таварыш генерал.

Камандуючы параіў няласкава:

— Шкадуйце тады, калі трэба...

 

Абследаваўшы за суткі дзве дывізіі на пярэднім краі, Чарняхоўскі рашыў заехаць перад світаннем у штаб арміі.

У супакойлівай, дрымотнай цемры яго машына набліжалася да скрыжавання дарог, ад якога было блізка да штаба.

Неспадзеўкі мірны гул матора ўсюдыхода заглушыла, прыгняло злавеснае выццё блізкага чужога самалёта. Не паспеў Чарняхоўскі што-небудзь зразумець, як цемра поблізу разарвалася, крывава бліснула тугім скрыготным агнём.

Машына спынілася так рэзка, што, здавалася, наскочыла на нябачную сцяну. Камандуючага кінула к ветравому шклу. Выбух! Адзін, другі, трэці, пяты...

Калі выскачылі з машын, самалёт гуў ужо далёка. Чарняхоўскі азірнуўся — адна варонка была блізка наперадзе, зусім побач, якіх-небудзь дзесяткі два метраў!

— Таварыш камандуючы, не зачапіла? — выдыхнуў устрывожаны Камароў.

— Не... Даведайся, што з генералам Макаравым і другімі!

Але тут Макараў, член Ваеннага Савета, а следам за ім і камандуючы арміі, якія з учарашняга дня суправаджалі Чарняхоўскага, падбеглі самі.

Ні яны, ні іншыя з іх машын не былі ранены.

— Восем бомб сыпнуў, гад! — пакрыху спакайнеючы, сказаў Камароў.— Ну, таварыш генерал-палкоўнік, пашанцавала нам...

Камандуючы запытаўся ў шафёра, ці не пабіт матор. Матор працаваў.

— Ну, тады...— Чарняхоўскі быў намерыўся сесці ў машыну, але спыніўся.— Чорт пабяры, штосьці вока рэжа... Пясок, ці што... Камароў, пасвяці.

Макараў убачыў — бялок аднаго, амаль заплюшчанага вока, павека якога дрыжала, пачырванеў ад крыві. На левым брыве крывавілася невялікая драпіна.

— Э, ды вас, Іван Данілавіч, усё ж зачапіла!

— Гэта, напэўна, ад ветравога шкла. Пабіла яго... Я зараз ёду дастану, таварыш камандуючы.— Паручэнец кінуўся ў машыну.

Член Ваеннага Савета, наблізіўшы свой дабрадушны, спачувальны — нечым падобны цяпер на жаночы — твар, заліў драпіну ёдам і прапанаваў заехаць у санбат.

— Тут блізка...— адгукнуўся камандарм, што моўчкі стаяў поруч.

— Пройдзе!.. Без санбата!..

— Іван Данілавіч, гэта ж вока! — запярэчыў член Ваеннага Савета.

Камароў зірнуў на Чарняхоўскага з дакорам — які ён няўважлівы да сябе!

— Таварыш камандуючы, мы не затрымаемся, паўгадзіны — не больш,— прамовіў камандарм, і Чарняхоўскі, хоць і неахвотна, згадзіўся ехаць.

Санбат, аказалася, быў у суседняй вёсцы.

Урач, якога выклікалі з кватэры, заспаны, на дзіва мітуслівы, агледзеўшы вочы, сказаў, што першую дапамогу ён можа аказаць, але пазней патрэбен кансіліум спецыялістаў.

— Могуць быць непрыемнасці, таварыш генерал-палкоўнік.

— Ну вось, вам толькі пападзіся ў рукі.— Камандуючы нецярпліва павярнуўся ў крэсле, абвёў позіркам урачоў і сясцёр, што сабраліся навокал.— Спадзяюся, таварыш маёр, гэта хутка — першая дапамога?..

— Так хутка... Зараз зробім, таварыш генерал-палкоўнік,— заспяшаўся ўрач.

Камароў, што з суровым выглядам стаяў крыху ўбаку, ззаду члена Ваеннага Савета, мімаволі ўздыхнуў: хоць бы ўсё абышлося.

На світанні Чарняхоўскі быў ужо ў штабе арміі. Калі машыны спыніліся перад домам камандарма, развіднелася так, што добра былі відаць хаты да краю сяла і нават дзве шастоўкі, што цягнуліся з боку вуліцы, і за хатамі — шэрае, яшчэ аднакаляровае поле.

Камандарм, сухаваты, пажылы чалавек, увайшоўшы ўслед за Чарняхоўскім у пакой, запытаўся:

— Таварыш камандуючы, можа, адпачнеце?.. Я загадаю падрыхтаваць пасцель.

— Дзякую. Адпачываць не буду. Трэба ехаць дамоў...

Камароў, які застаўся ў першым пакоі, бачыў, што амаль адразу ж услед за Чарняхоўскім у суседні, большы пакой, пакой камандуючага арміі, зайшлі Макараў, член Ваеннага Савета арміі і начальнік штаба. Спрактыкаваным вокам паручэнец заўважыў, што і тут ужо ёсць тыя заклапочанасць і руплівая сабранасць, якія ён не раз назіраў, ездзячы з камандуючым.

Неўзабаве ўвайшоў моцны, відны сабою, яшчэ трохі санлівы палкоўнік са штаба арміі, якога Камароў ужо аднойчы бачыў, але не ведаў ні прозвішча яго, ні пасады.

— Камандуючы тут? — Палкоўнік з дзелавым выглядам зірнуў на Камарова. Зірнуў, падобна было, спакойна, з будзённай клопатнасцю. Паручэнец адказаў, што тут, і палкоўнік звыкла падцягнуўся, агледзеў сябе, быццам збіраючыся зайсці. Але не пайшоў, затрымаўся, нібы ў роздуме, запытаў раптам інакш, па-сяброўску, з той прыяцельскай пашанай, якая ўжо даўно не здзіўляла паручэнца:

— Які настрой у яго, Аляксей Іванавіч?

— Настрой? У яго заўсёды, таварыш палкоўнік, адзін настрой.

— Ну ўсё-ткі. Хмурыцца ці жартуе?..

— Сур’ёзны...

Палкоўнік зноў агледзеў сябе.

— Сур’ёзны, кажаш... Д-да... Чагосьці выклікаў вось на даклад... Не ведаеш?

— Не ведаю.

Палкоўнік, пералажыўшы папку з рукі ў руку, накіраваўся ў пакой камандарма.

«Чаго прыехаў? Вядома, не для размоў лагодных!.. Нешта ён сёння асабліва сур’ёзны. Камусьці нагарыць, напэўна».

Сёння камандуючы найбольш цікавіўся разведкаю. Як толькі палкоўнік — гэта быў начальнік разведаддзела арміі — увайшоў, Чарняхоўскі пачаў падрабязна распытваць пра работу разведкі. Як арганізавана служба ў штабе арміі, у дывізіях, у палках.

Генералы, хто седзячы каля стала, хто стоячы, моўчкі сачылі за Чарняхоўскім, які то ступаў, то спыняўся, задаваў пытанні і слухаў палкоўніка. Камандуючы арміі, генерал-лейтэнант са спакойным тварам і прытомленымі, разумнымі вачыма, стаяў, прытуліўшыся да вушака акна, закрываючы плячом край карты, што вісела поруч.

Камандуючы арміі з цікавасцю назіраў за Чарняхоўскім. Спачатку, калі генерал даведаўся, што ўзначаліць фронт прызначылі такога маладога чалавека, які яшчэ нядаўна камандаваў толькі дывізіяй, ён і адчуў здзіўленне, і падумаў, што гэтаму «юнаку» невядома чаму вельмі шанцуе. Але Чарняхоўскі ў першы ж прыезд прымусіў забыць пра сваю маладосць: ён так упэўнена сябе трымаў, так ведаў справу, што падпарадкоўваў сабе.

«Удачы зрабілі яго, здаецца, залішне самаўпэўненым,— падумаў камандарм, сочачы за камандуючым.— Маланкавы ўзлёт рэдка абыходзіцца без таго, каб чалавек не перастаў глядзець пад ногі. Такія рэзкія перамены вытрымліваюць толькі моцны арганізм ды вельмі цвярозая галава...»

«Але ў яго ёсць нейкая дзіўная сіла, уменне падначальваць... І колькі энергіі!..»—Праездзіўшы суткі з ім, камандарм адчуваў сябе змораным ушчэнт.— «А яму — хоць бы што!..»

Чарняхоўскі быў незадаволены: разведчыкі дзе-нідзе ў дывізіях не вывучалі як належыць праціўніка, карысталіся прыблізнымі дадзенымі, без дастатковай уважлівасці рыхтаваліся да аперацый.

— Чаму сарваўся «пошук» у 1127 стралковым палку, таварыш палкоўнік?

Чарняхоўскі ступіў да акна, глянуў на вуліцу, па якой крочыла некалькі салдат пад камандай старшыны,— відаць, на змену варты, хутка павярнуўся да начальніка разведкі.

— Разведка наткнулася, таварыш генерал, на два кулямётныя гнязды.

«І пра гэта ведае»,— падумаў мімаволі камандуючы арміі, здзіўляючыся, што Чарняхоўскі ведае пра няўдачу разведчыкаў палка. Сярод многіх вялікіх спраў ён заўважыў і запомніў і гэты малапрыкметны выпадак.

— Чаму яна магла наткнуцца? — Чарняхоўскі зноў захадзіў ля акна: тры-чатыры крокі ў адзін бок, у другі.

— Там гнёздаў не было раней, таварыш генерал.

— Гэта не адказ разведчыка.

— Разведка не выявіла іх своечасова...

— Чаму?

Палкоўнік паварушыў кароткімі пальцамі, як бы шукаючы адказу:

— Не ведаеце?.. Дык я вам скажу — яна ішла ўсляпую. Нібы не на аперацыю, а на пагулянку! — Ён запыніў крок, у цішыні, што запанавала, цвёрда, пераканана аб’явіў: —Пошук сарваўся таму, што ў вас у разведцы той-сёй забыўся пра адказнасць за справу. Вось чаму, збіраючыся на пошук, не выявілі добра сістэму абароны, не падрыхтавалі байцоў. Камандзіры нядбайна аднесліся да аперацыі. З-за іх ленасці і нядбайства задача не была выканана, а трое чалавек расплаціліся сваім жыццём.

Чарняхоўскі гаварыў знешне стрымана, але ў яго словах адчуваўся жорсткі, гнеўны дакор.

— Вінават, таварыш генерал...

Чарняхоўскі не адгукнуўся на абяцанне выправіць справы, якое чулася ў голасе палкоўніка.

Тым жа стрыманым, гнеўным тонам ён адзначыў заганы ў рабоце разведкі арміі ў цэлым. Канчаючы гэту размову, Чарняхоўскі ступіў некалькі крокаў да акна і, крута павярнуўшыся, гледзячы ў вочы разведчыку, сказаў:

— Кепска працуеце, таварыш палкоўнік. Вам даверылі важнейшую справу — разведку, лёс тысяч людзей, а вы, відаць, не цэніце гэта. Без агеньчыку, з халадком працуеце.

— Разведчыку гэта недаравальна,— падтрымаў яго член Ваеннага Савета фронту.

Другія генералы маўчалі. Разам з камандармам яны адносілі дакор камандуючага фронту і да сябе: здавалася, што Чарняхоўскі гаворыць да ўсіх.

Крочачы, сабраны, Чарняхоўскі з цвёрдым выразам задумаўся. Мусіць, рашаў, што рабіць з палкоўнікам. Выраз твару не абяцаў нічога добрага.

— Вы — член партыі? — запытаў палкоўніка генерал Макараў.

— Так точна, таварыш генерал. Член партыі.

— Білет маеце, а працуеце не па-партыйнаму.

— Вінават, таварыш генерал. Улічу гэта.

Начальнік разведкі з надзеяй глядзеў на члена Ваеннага Савета фронту. З імпэтам чалавека, які разумее ўсю небяспеку моманту для свайго лёсу, заявіў:

— Больш гэта не паўторыцца, таварыш генерал!

Чарняхоўскі дапытліва, пільна ўгледзеўся ў палкоўніка.

— Абяцаеце? — прамовіў ён тонам, у якім яшчэ чулася ранейшае нездавальненне.

Выслухаўшы палкоўніка, які кляўся, што работа разведкі будзе рашуча падцягнута, Чарняхоўскі, па-ранейшаму нелагодны, даў некалькі ўказанняў яму, папярэдзіў: — З вас будзем патрабаваць асабліва. Улічыце.

— Я стрымаю сваё слова, таварыш генерал.

— Паглядзім. Можаце ісці.

Прыкметна ўзрадаваны тым, што ўсё скончылася ў цэлым абнадзейліва, выказваючы ўсім сваім выглядам імкненне неадкладна ўзяцца за справу, аддаць ёй усе свае сілы, палкоўнік імкліва выйшаў.

Чарняхоўскі спыніўся на момант у роздуме, потым энергічна ступіў да стала, кінуў на хаду:

— Прашу бліжэй.

Ён сеў поруч з генералам Макаравым, зірнуў на начальніка штаба арміі.

— Як абстаяць справы з дакамплектаваннем часцей?

Генерал намерыўся ўстаць, але Чарняхоўскі апярэдзіў яго:

— Можаце сядзець...

Генерал сказаў, што часці ў асноўным папаўняюцца згодна з графікам. Але ёсць і факты адставання ад графіка. Надзеўшы акуляры і выняўшы з партфеля ліст паперы, ён паведаміў, колькі і ў якія часці накіравана салдат, сержантаў, афіцэраў.

— У якіх часцях і які яшчэ недакамплект?

Чарняхоўскі выняў з кішэні аловак, але пісаць не стаў, звёўшы чорныя паўдугі броваў, уважліва, засяроджана слухаў. Даслухаўшы да канца весткі, Чарняхоўскі, не робячы якіх-небудзь заўваг ці меркаванняў, зноў кінуў:

— Які наогул недакамплект малодшых камандзіраў?

Ён усё патрабаваў адказу: колькі сержантаў падрыхтавалі непасрэдна ў арміі, колькі афіцэраў?

— Мне дакладвалі,— успомніў Чарняхоўскі,— вы не рэалізавалі апошнія нарады на боепрыпасы.

— Так, таварыш камандуючы. Машын не хапае. «Разутых» многа...

— Атрымаем — дадзім і вам. Не абыдзем! Але і да таго часу — не адставайце! Мабілізуйце ўвесь транспарт і — запасайцеся!

— Ёсць.

— Гэта ясна,— заключыў ён, стукнуўшы тарцом алоўка па стале, нібы ставячы кропку.— Цяпер, калі ласка, далажыце, як часці вучацца?

— Аб дывізіях,— генерал Макараў назваў прозвішчы камандзіраў,— можаце не гаварыць...

Цяпер дакладваў камандуючы арміі. Глуха, хрыплавата расказаў ён, што галоўная ўвага ў арміі ў гэты час скіравана на тое, каб укамплектаваць часці папаўненнем, якое прыбывае, забяспечыць належнай тэхнікай, боепрыпасамі, каб павысіць баяздольнасць усіх падраздзяленняў, усіх звенняў арміі. Асаблівае значэнне ў арміі, сказаў ён, надаецца баявой вывучцы папаўнення, якое ўпершыню трапіла на фронт, для чаго выкарыстоўваецца вопыт бывалых салдат і камандзіраў. Ён прывёў некалькі прыкладаў з дзейнасці розных дывізій і палкоў; расказаў стрымана, але канкрэтна, дакладна і з той ахвотай, якая паказвала, што камандуючы добра ведае гэта і рад паведаміць.

Ад нізавых падраздзяленняў ён перайшоў да штабоў і камандзіраў высокага рангу, далажыў пра іх дзейнасць спакойна, з годнасцю разгортваў ён карціну вялікай работы, якая ішла ў палках і дывізіях, з салдатамі і генераламі, на пярэднім краі і ў рэзервных часцях.

Чарняхоўскі ўважліва слухаў яго, круцячы ў руках аловак, часам ківаў галавою, як бы даваў знак, што слухае, дазваляе працягваць даклад.

Усё ж увесь час, пакуль камандуючы арміі дакладваў, была нейкая нацятасць у пакоі, якая адчувалася ў тым, як усе глядзелі і слухалі. Бадай, спакойным зусім быў толькі генерал Макараў, ён слухаў даклад з добрай зычлівасцю і, адчувалася, быў вельмі задаволены ім.

Калі камандуючы арміі скончыў, хвіліну была тая ж нацятая цішыня. Напружана чакалі, што скажа новы камандуючы фронту.

Чарняхоўскі на хвіліну як бы адасобіўся ад усіх, строга пазіраючы кудысьці ўбок, падобна, збіраўся з думкамі. Пачаў з таго, што адзначыў: камандаванне арміі ў цэлым правільна разумее задачу цяперашняга моманту і правільна вызначыла кірункі работы. Не пакідаючы пярэдняга краю, армія павінна ў бліжэйшы час укамплектавацца поўнасцю, зрабіць усё, каб у поўнай баяздольнасці быць гатовай выканаць абавязак перад Радзімай.

Гаворачы пра вучобу ў арміі і ў цэлым ухваліўшы тое, што рабілася, Чарняхоўскі падкрэсліў, што трэба асабліва старанна вучыць узаемадзеянню стралковых падраздзяленняў і часцей з артылерыяй, танкамі і авіяцыяй. Умелае ўзаемадзейнічанне ўсіх родаў войск, сказаў ён, павінна разглядацца як аснова баяздольнасці арміі.

Ён паведаміў, што ў бліжайшы час армія будзе ўзмоцнена артылерыйскімі, механізаванымі і танкавымі часцямі, і загадаў памеркаваць папярэдне пра іх размяшчэнне, пра сувязь з імі. Калі Чарняхоўскі казаў пра гэта, ён бачыў у вачах, на тварах генералаў з арміі не толькі радасць, але і чаканне слоў, якія пацвердзілі б іх здагадкі, спадзяванні. Аднак ён зрабіў выгляд, што не бачыць гэтага, тым жа роўным і патрабавальным голасам вёў далей:

— Усю гэту работу мы павінны зрабіць у найкарацейшыя тэрміны. Часу ў нас у абрэз, а работа чакае нас вялікая. Таму трэба — гэта належыць усім добра засвоіць — працаваць з гранічным напружаннем усіх сіл, усіх сваіх магчымасцей. Настроі, накшталт: управімся — трэба вытраўляць няшчадна.

Камандуючы арміі мімаволі зноў падумаў з зайздрасцю: «Мне б столькі сілы, столькі энергіі, як у яго...» Ён раскрыў блакнот, каб запісаць распараджэнне і заўвагі Чарняхоўскага.

«Падцягнуць разведку» — вывеў ён акуратна і хутка, прыгадаўшы размову Чарняхоўскага з палкоўнікам, потым дадаў ніжэй: «даўкамплектаваць часці», «боепрыпасы, рэалізаваць нарады», «узаемадзеянне з танкамі»; залажыўшы лісток алоўкам, прыкрыў блакнот і слухаў, схіліўшы сівую галаву, пазіраючы ўзрушанымі, разумнымі вачыма на камандуючага фронту.

Чарняхоўскі гаварыў:

— Нарошчванне намі сіл каля пярэдняга краю трэба рабіць максімальна скрытна. Трэба зрабіць усё, каб праціўнік не выявіў тых значных змен, якія адбываюцца ў арміі і ў паласе, якую яна займае. Для гэтага патрабую самай строгай маскіроўкі прыбыцця новых папаўненняў людзей, новай тэхнікі, і асабліва — новых часцей. Усе новыя часці размяшчаць у паласе арміі толькі ў начны час. Толькі ў начны час уводзіць папаўненне ў падраздзяленні. Забараняю ў новых часцях перагаворы па рацыях... Прашу прадумаць і паведаміць мне вашы прапановы адносна дэзінфармацыі праціўніка. Усімі сродкамі трэба ўбіваць у галовы немцаў, што мы намерваемся стаяць. Што мы заклапочаны адным: умацоўваем абарону. Для гэтага абавязваю старанна ўмацоўваць абарончыя рубяжы. Выкарыстоўваць з мэтай дэзінфармацыі — радыё...

Ён выказаў яшчэ некалькі парад. Ліст блакнота камандарма неўзабаве быў запоўнены, і генерал перавярнуў яго.

Але Чарняхоўскі змоўк. Трымаючы аловак, хвіліну думаў аб нечым. Потым павярнуўся да члена Ваеннага Савета фронту. Спытаў раптам усмешліва:

— Як вы, Васіль Емяльянавіч, настроены — тут паснедаем?

— Калі гаспадары запросяць, то я не пярэчу...

— Мы — народ гасцінны,— жартаўліва, як прыязны гаспадар, развёў рукі камандуючы арміі.

Чарняхоўскі лёгка, ахвотна ўстаў: справа зроблена.

З Макаравым, камандуючым арміі і іншымі генераламі пакіраваў у суседнюю хату. Тут, у чыстым сялянскім пакоі, у якім гаспадарылі вайсковыя, генералы селі за стол.

— Камарова, паручэнца майго, не забылі? — запытаў Чарняхоўскі маладога хлопца ў белай куртцы, што ледзь сыходзілася на ім, які падаваў боршч.

— Не забылі, таварыш камандуючы. Ім падрыхтавалі пакоі побач...

— І аўтаматчыкаў не пакрыўдзіце.

— Нікога не пакрыўдзім, таварыш генерал.

Член Ваеннага Савета фронту Макараў, размешваючы лыжкай каву, запытаў начальніка штаба, які нядаўна быў дома, у Свярдлоўску, як жывуць жонка і дзеці.

Генералы з цікавасцю слухалі... Узрадаваны ўвагаю, генерал, расчулены і збянтэжаны, дастаў з бумажніка некалькі фотаздымкаў сям’і: сыноў, жонкі.

— Я днямі гаварыў па тэлефоне з сынам,— падтрымаў агульную размову Чарняхоўскі.— На фронт, да мяне просіцца! Памагаць абяцае. Не бачылі майго памочніка?

Ён выняў з кішэні кіцеля фотакартку, на якой былі зняты чарнабровая і чарнавокая, як бацька, дачка і русявы, падобны на маці сын. Сын, з далікатным тварам, з акуратнай грыўкай, быў апрануты ў вайсковую форму з партупеяй.

— Вось ён, памочнік...

Камандуючы не без гонару назіраў, як генералы па чарзе разглядваюць фотакартку. Хаваючы ўцеху, неабыякава слухаў добрыя словы пра дзяцей.

Калі ўсталі з-за стала, камандуючы арміі паспачуваў:

— Як вока?.. Блізка прайшла чорная старуха...

Чарняхоўскі, заклапочаны нейкімі думкамі, адгукнуўся не адразу.

— Дурэе старая...

— Нягодніца не зважае ні на ўзрост, ні на званні...

— Так, неразборлівая старая...

Чарняхоўскі быў усё недзе далёка з думкамі.

Генералы падаліся на двор. Следам за імі, хапатліва абцягнуўшы кіцель, прамы, з выглядам строгім і дзелавітым, заспяшаўся Камароў.

Машыны камандуючага і Макарава стаялі каля разламанага плота пад старым, з абшарпаным камялём вязам.

Тут, каля сваёй машыны, Чарняхоўскі стаў развітвацца. Падаўшы руку камандуючаму арміі, іншым генералам, што заставаліся, заклапочаны, сеў поруч з шафёрам. Камароў зачыніў дзверцы і спрытна юркнуў на задняе сядзенне, дзе ўжо быў аўтаматчык.

Чарняхоўскі загадаў:

— У штаб фронту!

 

РАЗДЗЕЛ ІІ

 

1

Неўзабаве пасля таго, як гітлераўскія часці спынілі блакаду, брыгада Ермакова вярнулася на ранейшае месца.

Тыя два тыдні жыццё ў брыгадзе Ермакова было неспакойнае: некалькі разоў узнікалі цяжкія баі з карнікамі. Каб унікнуць пятлі, якую імкнуліся накінуць карнікі, брыгада вымушана была ўвесь час кружыць, вырывацца. Увесь час быць на нагах.

Сумна сустракалі партызан родныя мясціны. У кожнай вёсцы, у якую можна было зайсці, чарнелі папялішчы. Пуста было на вуліцах. Вецер гнаў попел, абсыпаў ім траву. Усе, з кім бачыліся, болесна ўспаміналі забітых, лютыя расправы карнікаў, пажары.

У многіх вёсках, дзе нядаўна была партызанская зона, гаспадарылі нямецкія ўправы, паліцаі. Людзі жылі ў страху і трывозе.

Як толькі вярнуліся ды крыху ўладкаваліся з дарогі, ермакоўцы сталі расчышчаць зямлю.

Кожны дзень, пад вечар, ішлі на аперацыі. Ішлі ў разведку ў далёкія вёскі, на торфазавод, які аднавілі немцы. Выпраўляліся граміць невялікія гарнізоны. Ермакоў звычайна сам правяраў, як падрыхтаваліся, даваў парады.

Выгнаўшы паліцаяў з некалькіх вёсак поблізу, Ермакоў рашыў ударыць па адным з далейшых гарнізонаў, што засеў у вёсцы Сялюцічы.

Каб выканаць гэту задачу, камбрыг стварыў групу, аснову якой склала рота Дразда. Дразду Ермакоў даручыў і камандаваць групай.

Разам са сваім узводам на заданне выпраўляўся ў гэты дзень і Васіль Крайко.

Памочнікам у Васіля шчыраваў славак Ляхора, рослы, хударлявы і старанны хлопец у чырвонаармейскай гімнасцёрцы, увабранай у рудыя суконныя штаны. Штаны гэтыя Ляхора любіў насіць з напускам на боты.

Ён прыйшоў у брыгаду каля года таму, уцёкшы з ахоўнага нямецкага батальёна, куды яго мабілізавалі ў Славакіі. Перад тым як прыйсці ў брыгаду, Ляхора пабыў у Сялюцічах, адтуль яго і прывяла ў лес дзяўчына-сувязная.

— Іду дамоў! — пажартаваў славак.— Ці жывая там Ганка?

Ён, было чуваць, вельмі трывожыўся пра яе.

Васіль у гэты вечар быў узрушаны. На тое меліся важныя прычыны: камісар сказаў, што заўтра будуць прымаць Васіля ў партыю, прасіў, каб да пачатку сходу Васіль пастараўся вярнуцца ў атрад.

Васілю захацелася ў гэтую ноч зрабіць што-небудзь незвычайнае. Азіраючыся назад, Васіль ясна і з непакоем бачыў, што ў яго жыцці мала было такіх гераічных учынкаў, якія маглі б надзейна падтрымаць яго на заўтрашнім усялюдным іспыце.

Канечне, зазнаў ён нямала. І маці расстралялі нелюдзі-паліцаі проста на вачах, і самому за калючым нямецкім дротам пасядзець давялося. Але геройства тут, усякаму відаць, ніякага,— хоць потым ён і пралез пад агароджай, уцёк; тут не толькі геройства няма, а нават як бы пляма — нібы ў палоне быў. І хоць уцёк потым і вінтоўку ў п’янага паліцая ўкраў, хваліцца няма чым. А тое, як трапіў у партызаны, дык проста смеху варта: наткнуўся, калі бадзяўся па лесе, на хлопцаў і хацеў яшчэ адстрэльвацца! Схапілі, абяззброілі — лепш не ўспамінаць!.. Канечне, ён не ведаў, што — партызаны, і ўсё ж — пра такое лепш маўчаць!..

Ды і наогул усё ў яго яшчэ так няясна. Ён усё думае, што будзе рабіць, калі вайна скончыцца, і — нічога пэўнага. Ніяк не знойдзе аднаго — і тое вабіць, і другое. Калісьці рваўся паехаць у Арктыку, потым у вайну, пасля таго як загінуў бацька, думаў, калі сыдзе навала, калі зноў настане мірнае жыццё, вярнуцца дамоў, стаць з цягам часу на яго месца, дырэктарам МТС. А цяпер рашыў — будзе вынаходцам.

Не, гэта ўжо цвёрда, ён будзе вынаходцам. Добра — шукаць, шукаць, ламаць галаву і, нарэшце, дабіцца, дайсці да свайго. Выдумаць якую-небудзь такую машыну, каб яна магла нячутна падыходзіць да варожых дотаў і біла б ва ўпор. А яе каб нішто не магло разбіць...

Да Сялюціч група дабралася толькі апоўначы.

У рэдкім хмызняку Дрозд спыніў байцоў, рашыў яшчэ раз папярэдне разведаць вёску. Для гэтага ён паслаў наперад хуткага і асцярожнага Ляхору з двума хлопцамі. Там, у адной з крайніх хат, і жыла знаёмая славаку Ганка, сувязная, ад якой, на яго думку, можна было даведацца пра ўсё, што ім трэба.

Тыя, што засталіся, сядзелі ў хмызняку і чакалі. Слухалі: у вёсцы было ціха. Адно недзе ў сярэдзіне вёскі не магла супакоіцца п’яная песня — асіплыя, прапітыя галасы. П’яныя паліцаі то, не слухаючы адзін аднаго, дзерлі горлы, то, відаць, змарыўшыся, змаўкалі.

Ляхора і хлопцы вярнуліся не адны, з дзяўчынай, якую Ляхора, не тоячы шчасця, назваў Васілю Ганкай. Ганка, было прыкметна, у цемры старалася разгледзець хлопцаў, што абступілі з усіх бакоў.

— А тут паліцаі брахалі, што ўсіх перабілі, а Тураўца і Ермакова павесілі! — Твару дзяўчыны ў змроку амаль не было відаць, і толькі па голасе адчувалася, як яна рада таму, што яны прыйшлі.

Дзяўчына сказала, што частка салдат і паліцыі сядзяць з краёў сяла — у бункерах, нясуць варту, большасць жа іх у хаце каля паліцэйскай управы. Некалькі паліцаяў і гітлераўцаў гуляюць у млынара,— гэта яны і крычаць.

Васіль пра млынара яшчэ раней чуў: кулак, ссыльны, невядома як вярнуўся ў пачатку вайны. Калі паліцаяў і немцаў турнулі адсюль, млынар недзе быў знік, а цяпер вось зноў выплыў. Аднекуль у яго з’явіўся хлеб, ён гнаў самагонку і п’янстваваў са сваёй хэўрай.

Паліцаі, казала Ганка, адчувалі сябе цяпер упэўнена і спакойна: яшчэ, мабыць, не ведаюць, што партызаны вярнуліся.

— Тут адзін з вашых служыць у іх,— сказала раптам дзяўчына.— Грэчка, можа, ведаеце?

— Грэчка? — Васілю ўспомнілася тая раніца, калі памёр Шабуня.

Значыцца, Васіль не памыліўся, калі сказаў у тую раніцу, што Грэчка ўцёк. Правільна здагадаўся Васіль: як ведаў. І ўсё ж вестка гэта выклікала ў ім гнеў.

— У, шкура,— выказаў сваё пачуццё Васіль.— Перабег усё-ткі, падлюга!

Вестка гэта ўсхвалявала, чулася па ціхім гомане, і іншых. Чулася: усе былі абураны і разгневаны.

— Эх, няхай ён мне пападзецца толькі! — пагразіўся нехта ў цемры.

Але марнавацца бескарыснымі гаворкамі не было часу. Дрозд наогул не любіў пустой балбатні, тут жа, ён помніў, дарагая была кожная хвіліна. Загадаўшы людзям сціхнуць, ён спытаў Ганку:

— Вы можаце непрыкметна правесці да той хаты... Да іх кубла?

Ганку не трэба было ўгаворваць, з радасцю адгукнулася камандзіру:

— Чаму ж не! От, яшчэ пытаеце. Я вас пад самае акно падвяду!

Не трацячы часу, Дрозд паклікаў камандзіраў, стаў з імі меркаваць пра план бою. Паколькі самае важнае для бою, што паведаміла Ганка, было ўжо вядома з папярэдніх вестак разведкі, Дрозд выказаў той план, які прыйшоў яму яшчэ ў лагеры. Па гэтаму плану група павінна была атакаваць вёску з трох кірункаў: з абодвух канцоў і ў цэнтры. Біць усім адначасова, па сігналу цэнтральнай групы. Для манеўру, для падтрымкі групкі, якой могуць трапіцца асаблівыя цяжкасці, асцярожны Дрозд выдзеліў невялікі рэзерв.

Камандаваць цэнтральнай групай Дрозд даручыў Васілю Крайко...

Ледзь нарада скончылася і Васіль вярнуўся да сваіх, ён, коратка растлумачыўшы людзям задачу, загадаў Ганцы і Ляхору весці да цэнтра вёскі. Астатнім загадаў асцярожна, ціха рушыць следам. Калі падабраліся да вёскі, сталі за дзяўчынай прабірацца цераз агароды. Яна вяла па нейкіх, адной ёй вядомых, сцежках. Пералезлі жардзяны плот, потым адзін за адным сунуліся па разоры, спатыкаліся на градах і нарэшце апынуліся ў невялікім садку. Крыкі рваліся з хаты непадалёк.

У садку Ганка спынілася: яны тут.

Агледзеўшыся, хутка высветліўшы абставіны, Васіль накіраваў на вуліцу, з двух бакоў, прыкрыцце, а з іншымі пачаў прабірацца да хаты. Падступіўшы да хаты, гнучыся каля плота, убачыў: адно акно прыадчынена, фіранка з краю адсунута. Зноў азірнуўшыся, Васіль пералез плот, асцярожна зазірнуў у акно, убачыў двух немцаў і паліцая. Немцы спрачаліся пра нешта, а паліцай, узлёгшы грудзямі на стол, драмаў.

Васіль нырнуў у цемру, абышоўшы святло, што падала з акна, падабраўся да Ляхоры, які, тоячыся каля плота, чакаў яго.

— Як толькі стрэлю — гранату! Туды! — шапнуў, матнуў рукой на акно Васіль.— Потым сачы за вуліцай! Не падпускай на выручку.

Ён выбраў двух хлопцаў, павёў за сабой, ценем мільгнуў за вугал хаты. Намерваючыся адрэзаць хату з другога боку. Каб перахапіць у немцаў шлях, якім яны маглі ўцячы.

Але толькі высунуўся з-за вугла, застыў: проста на яго рушылі дзве постаці.

— Wer ist da?1 1 — запыталася адна.

Адступаць было позна. Марудзіць — значыла страціць перавагу нечаканасці, загубіць сябе. Ён націснуў на спуск аўтамата. Сціскаючы аўтамат, Васіль на момант прыпаў да сцяны, насцярожаны, гатовы да ўсяго. Амаль у той жа міг ударыў выбух гранаты. Ляхора.

Адскочыўшы да хлява, Васіль з хлопцамі ўзяў пад прыцэл сенцы, дзверы. Чакаў: пасля гранаты тыя, што засталіся ў доме, не інакш, кінуцца да сенцаў, у дзверы. Або ў вокны. Адзначыў: у вокнах, пасля выбуху гранаты, стала цёмна. Амаль цёмна. Быў нейкі чырванаваты, варухлівы водсвет.

Дзверы, не памыліўся, расхрыснуліся, і на ганак вылецела постаць. Адна, другая. Васіль ударыў з аўтамата. Але ў дзверы, насустрач яго чэргам, відаць, не цямячы нічога, ірваліся яшчэ постаці. Хутка, аднак, уцямілі — шуснулі ад дзвярэй. Дзверы сталі пустыя. Хтосьці паспрабаваў выскачыць у акно. Васіль прайшоўся чаргою па вокнах.

Вокны, заўважыў, свяціліся ўсё чырваней, усё ясней. У сярэдзіне хаты, падобна было, штосьці гарэла. Успыхнула раптам фіранка.

— За мной!

З рашучасцю, якая ўзнікала ў ім, калі трэба было дзейнічаць неадкладна, Васіль ускочыў на ганак. Праз расхрыстаныя дзверы, праз сенцы ўляцеў у хату. У першай палавіне было пуста. Толькі на печы туліўся хтосьці. Жанчына і дзіця, перапалоханыя, з жахам глядзелі насустрач. Твары іх ад чырвонага водсвету з суседняга пакоя былі чырвоныя. Чырвоныя круглыя вочы. Ён рынуўся ў другую палавіну. Адзін немец-жандар ляжаў на падлозе забіты, другога не было ў пакоі. Не было і паліцая. Стол быў перавернуты, пад нагамі хрупасцела шкло. Смярдзела трацілам. Нешта весела гарэла ля стала. Разліты спірт, абрус. Агонь учапіўся ў ножкі стала, у лаўку.

Адзін з хлопцаў кінуўся ў суседні пакой, але адтуль грымнуў стрэл, і ён спыніўся.

— Здавайцеся, гады! Інакш — капут усім! — пагразіўся Васіль. Як бы падмацоўваючы пагрозу, папярэджваючы, каб не думалі працівіцца, нецярпліва, гарачкавата даў чаргу з аўтамата.

У суседнім пакоі пачуўся раптам удар па раме, зазвінела шкло. Відаць, хтосьці спрабаваў уцячы праз акно. Мабыць, выскачыў на двор: на двары грукнулі стрэлы. Кінуўшыся ў бакоўку, пасвяціўшы ліхтарыкам, знайшлі аднаго паліцая пад нарамі.

Калі Васіль выбег на двор, перад ім раптам узнікла постаць, што ішла насустрач.

— Хто тут п-паліць? — загадаў адказаць сіплы голас.

Ледзь варочаючы языком, незнаёмы брыдка вылаяўся.

— Бал-лва-цца, сук-кіны ўнукі!..

Васіль ніяк не чакаў такога. Першы момант ён падумаў, што тут які-небудзь хітрык, але па гаворцы, па тым, як постаць вадзіла з боку ў бок, як ад яе патыхнула самагонам, адчуў, што гэты дзіўны сустрэчны і праўда ў дым п’яны і, відаць, яшчэ дрэмле.

П’янага адразу схапілі і, абшукаўшы, абяззброілі. Вынялі з кішэні пісталет. Не зважаючы на тое, што паліцай, якому сталі звязваць рукі папругай, глуха рычаў і, стараючыся вызваліцца, выгінаўся, Васіль прыслухаўся: на другім канцы сяла яшчэ ляскалі стрэлы...

Поблізу знаёмы дзявочы голас запытаўся, дзе камандзір.

— Надоечы тут склалі спісы, каго ў Нямеччыну браць,— падбегшы да яго хапатліва, трывожна загаварыла Ганка.— Кажуць, што ў спісы і сувязных запісалі. Скажыце, каб забралі іх!

— Дзе яны? — Васіль усё ўслухоўваўся ў страляніну на канцы вёскі.

— Ды тут, ва ўправе. У шафе, мусіць.

Хоць Ганчына просьба замінала ваеннай дзейнасці Васіля, ён усё ж ацаніў значэнне клопату Ганкі: спісы, канечне, трэба што б там ні было забраць.

Даручыўшы паліцая аднаму хлопцу, слухаючы перастрэлку наводдаль, Васіль разам з дзяўчынай энергічна рушыў у пакой.

Папрасіўшы дзяўчыну, каб пасвяціла яго ліхтарыкам, ён з усёй сілы ўдарыў прыкладам аўтамата па замку, што вісеў на шафе. Пасля другога ўдару сагнуты прабой упаў, і Васіль расчыніў дзверцы. На палічках ляжалі папкі і паперы. Не разглядваючы, ён хутка сабраў усё, схапіў пад паху. Дзяўчына, якая спачатку толькі сачыла за ім, сама кінулася аглядваць палічкі, правяраць, ці ўсё забралі.

— Не згубі глядзі! — недаверліва сказала яна Васілю.

З паперамі пад пахай Васіль выбег з хаты. Страляніна, што даходзіла з другога боку вуліцы, ужо амаль сціхла.

Сяло, якое да гэтага здавалася пустым, з якога, напалоханыя стралянінаю, многія жыхары ўцяклі ў лес, стала ажываць. Пачуўшы родную мову, даведаўшыся, што вярнуліся партызаны, на вуліцы то там, то тут выходзілі людзі. Перажыўшы страшныя дні, выбіраліся са сваіх сховішчаў з асцярогай, яшчэ не зусім верылі радаснай навіне.

— Ермакоўцы прыйшлі! Ермакоў вярнуўся! — ішло на вуліцы ад двара да двара, ад чалавека да чалавека.

— Вярнуліся!..

Радасць людзі выказвалі ціха, стрымана.

Старыя, жанчыны, дзеці абдымалі хлопцаў, плакалі, і ў слязах было і шчасце сустрэчы, і нядаўні боль, і сум страт.

— А я думала — гансы!..— збянтэжана прызналася нейкая жанчына.

Расказвалі пра жахі, якія перажылі за гэтыя дні, пыталіся пра Ермакова, пра Тураўца, пра знаёмых партызан.

Пры гэтых расказах, роспытах да Дразда, да натоўпу прыгналі звязанага паліцая, які, аказалася, быў начальнікам паліцыі, і гаворка пайшла ў іншым кірунку. Жанчыны накінуліся на яго з усіх бакоў і, каб не Дрозд і яго людзі, разарвалі б на месцы. У кожнай, відаць, была свая злосць да гэтага вылюдка. Паліцай хутка працверазіўся. Пад ударамі, праклёнамі, пагрозамі, што сыпаліся адусюль, паліцай зусім працверазеў. Азіраючыся, ён ірваўся і люта скрыпеў зубамі. Але цяпер яго ніхто не баяўся.

Прасілі, каб хлопцы аддалі яго на іх суд. Чаго з ім валаводзіцца! Павесіць яго, ірада, і суд увесь!

Але Дрозд аддаць паліцая не дазволіў, апраўдваючыся, сказаў, што Ермакоў прасіў прывесці аднаго дапытаць.

— Што зарабіў, атрымае,— падтрымаў Дразда Васіль такім тонам, што нельга было сумнявацца. Стараючыся адвесці гаворку ў іншы бок і шкадуючы дужа, сказаў: — Грэчку от выпусцілі! Выкруціўся на гэты раз...— Ён чамусьці быў перакананы, што Грэчка выратаваўся ад партызанскай кулі, хоць забітых яшчэ не агледзелі.

Набліжалася світанне, а ермакоўцаў яшчэ чакаў доўгі і нялёгкі шлях, і Дрозд загадаў выпраўляцца ў брыгаду. Вясковыя невялікім, але гаманкім натоўпам праводзілі іх за сяло.

— Глядзіце не пушчайце іх зноў сюды! — калі сталі развітвацца, трымаючы Васіля за руку, папрасіла незнаёмая, пажылая жанчына.

Васіль пакляўся:

— Не пусцім, маці, больш! Будзьце спакойны...

 

1 Хто тут?

2

Вярнуўшыся дамоў, Васіль рашыў зайсці ў шпіталь. За таго паўмесяца, што мінуў з часу блакады, ён ні разу не бачыў Валі, але часта думаў пра яе. Напэўна, ніколі не была яна такой прывабнай і любай яму, як у гэтыя трывожныя дні. Шашура, пасміхваючыся, расказаў Васілю, што «сястра» прыходзіла ў яго акоп, непакоілася.

«Закахалася, брат, дзяўчына. Факт! Капітуліравала зусім!» —засмяяўся грубаваты падрыўнік. Васіль за гэты смяшок ледзь не выцяў таварыша. Ён думаў пра Валю з пяшчотай.

Крыўдная спрэчка, якая тады іх раздзяліла і аддаліла, даўно забылася. Васіль быў лагодны, не памятлівы на зло чалавек, а пасля таго, што ён перажыў у гэтыя дні, тая хмурынка здавалася проста дробяззю.

Пра нялюбага Ермакова Васіль думаў цяпер з пагардай пераможцы.

Шпіталь ужо зусім асталяваўся. Цяпер у ім было спакойна, пуставата, бо амаль усіх раненых адправілі на самалётах у Маскву. На той бок у тыл паляцелі і дзеці, падабраныя ў часе блакады.

Каля аднаго будана Васіль спаткаў Марыю Андрэеўну, перад якой звычайна брала яго нейкая вінаватасць і няёмкасць.

Яна зірнула на яго ветліва і ласкава:

— Вам да каго?

— Мне трэба бачыць... Залескую,— адказаў Васіль.— Па адной важнай справе. Яна цяпер вольная?

— Вольная, але яе тут няма.

— А дзе ж яна?

Марыя Андрэеўна як бы завагалася. Няўпэўнена сказала:

— Яе ў штаб паклікалі...

— У штаб брыгады?

— Брыгады.

Васіль адразу пакіраваў да сцежкі, што вяла к штабу. Ён стараўся стрымліваць сябе, бо ногі самі сабой паскаралі хаду. «У штаб брыгады?.. Для чаго яна спатрэбілася раптам штабу,— думаў ён, адчуваючы трывогу. Васіль знарок супакоіў сябе: — Для чаго? Ці мала для чаго маглі яе выклікаць?» У яго быў сёння даверлівы, лагодны настрой.

Неспадзеўкі за паваротам сцежкі Васіль убачыў на палянцы ўбаку такую знаёмую постаць Валі.

Яна была не адна.

Васілёвы ногі адразу нібы прыраслі да зямлі: з Валяй стаяў камандзір брыгады! Па-вайсковаму стройны, у галіфэ, з партупеяй, Ермакоў штосьці гаварыў Валі, беручы яе за руку.

Яна не вырвала руку, не вырвала! Вася заўважыў гэта, і ў горле яго раптам стала суха.

Ён стаяў, разгублены, не меў сілы крануцца з месца, нічога нібы не цяміў. Як бы праз сон заўважыў наводдаль на сцежцы ардынарца камбрыга, які трымаў за павады коней...

У гэты час, быццам адчуваючы, што за імі сочаць, Валя азірнулася. Калі ён сустрэў яе позірк, у ім усё як бы ўскінулася. Жорстка зняважаны, ён нецярпліва, абурана адвярнуўся ад яе. Адвярнуўся і, поўны горычы, адчуваючы раптоўны ўздым дзіўнай сілы, хутка пайшоў назад.

Ён амаль нічога не бачыў перад сабою. Толькі прайшоўшы нямала, ён схамянуўся, убачыў раптам, што зноў ідзе ў шпіталь, і, не сцішваючы хады, збочыў у пануры гушчар. Калі, не бачачы нічога, прадзіраўся праз хмызняк, яго абпаліла горкае, бязлітаснае: «Яна любіць не мяне! Не мяне!»

Яму амаль адразу ж згадаўся расказ Шашуры пра тое, як яна дабіралася да яго, Васіля, у блакадныя дні, як трывожылася пра яго. «Ледзь на немцаў не наткнулася, так захацела раптам сказаць нешта!.. Капітуліравала, брат, цалкам». Гэты ўспамін уліў у яго душу нейкае іншае пачуццё, унёс у душу смутнасць, прымусіў задумацца. «Чаго яна прыходзіла? Калі ёй падабаецца гэты... Калі яна мяне...» Мусіць, ад таго, што яго так гняло бачанае, што так горача пякла крыўда, думалася яму цяжка. Ён не знаходзіў адказу.

«А можа,— прыйшло яму ў галаву,— а можа, яна любіць і гэтага... і мяне?..»

Гэта думка не дала яму палёгкі. Яна зноў зачапіла тое, да чаго такім чулым было яго раўнівае сэрца: Ермакоў. Зноў яна з Ермаковым водзіцца. Не можа ніяк разысціся.

Крыўда была тым мацнейшая, што адчуваў: Ермакоў — супернік моцны, камбрыг. Што адчуваў — на баку камбрыга не толькі сіла ўлады, але і вопыт, пра які Васіль няпэўна здагадваўся. І які выклікаў не толькі раўнівую горыч, але і прыкрасць, агіду...

Балюча апаленае самалюбства не давала яму кволіцца, мацавала яго. Што ж, няхай яна любіць Ермакова свайго, калі ён так падабаецца. Няхай!.. А пра яго, пра Васіля, няхай забудзе! Забудзе! Назаўсёды!

Ён сюды больш не прыйдзе!

Убачыўшы, як Васіль адвярнуўся і рынуўся назад, Валя спахмурнела, але першы момант нават выгляду не падала, што шкадуе пра гэта. Падумаеш, які! Слова сказаць не захацеў, пабег,— даганяйце яго! Шчасце якое!

Валянціна ганарліва адвярнулася ад сцежкі.

— Ты што гэта хмарнай такой стала? — заўважыў Ермакоў. Заўважыўшы, што яна з жалем, з крыўдай глядзіць кудысьці за яго спіну, ён азірнуўся здзіўлена, але на сцежцы ўжо нікога не было.

— Чаго гэта я хмарная? Якая была, такая і ёсць!..— адказала яна з нецярплівасцю і як бы яшчэ больш ганарліва:

— А калі вам гэта не падабаецца, то я не вінавата.

Яна пачала чамусьці злавацца.

— Падабаецца, усё падабаецца! — паблажліва, як малой, сказаў Ермакоў, стараючыся супакоіць яе.— Але не трэба быць такой злоснай!

Ён зноў узяў яе руку, але Валя забрала яе. Стаяла нібы не дзеўчанё, а нейкая каралева, каторую ліха яе ведае, якая муха ўкусіла!

— Чаго вам трэба ад мяне? — непачціва, патрабавальна запытала дзеўчанё.

— Чаго, Валюша? Амаль нічога. Проста хочацца цябе бачыць... Цягне да цябе, разумееш. Няўжо гэта так дзіўна?

— Дзіўна.

— Што ў гэтым дзіўнага, Валюша?

— Што? Вы не ведаеце?.. А тое хоць бы, што вы не пара.— Невялікі, вузкаваты, паружавелы ад хвалявання твар яе быў рашучы. Прыгожы быў ён, твар чалавека, які выказваў годнасць, дужасць.— Вы — чалавек жанаты. Што я вам? Пагуляеце, пазабаўляецеся, як з лялькай. А далей — што?

Дужасць, рашучасць яе і злавалі Ермакова, і дзіўна падпарадкоўвалі ёй. Яна неяк асабліва вабіла яго, такая смелая, расчырванелая з гневу. Вось толькі кепска, Ермакоў не мог адказаць, што было б далей з ёю. Не быў гатовы да такога адказу.

— Ты для мяне не лялька, Валечка...— упэўнена запярэчыў ён.

На тонкіх, вузенькіх вуснах яе завастрэла недзявочая, з’едлівая ўсмешачка.

— Не кажыце! Бачыла я, чым такія забаўкі канчаюцца! Толькі я не была б такой рахманай дурніцай, як іншыя,— сказала цвёрда, нібы нават пагрозліва дзяўчына.— Я калі б ужо да каго-небудзь пайшла, дык ён ад мяне не адкруціўся б. Я не дала б, каб мяне кінулі!

— Ты што — палохаеш? — Ермакоў, усё яшчэ не трацячы надзеі, што яна зменіць гнеў на літасць, паспрабаваў абняць яе, але Валя развяла яго рукі.

Ён не мог больш трываць. У рэшце рэшт ёсць канец усяму. Разумеючы, што гэта не варта яго — паказваць слабасць сваю, ён пачаў злаваць. Што яна строіць з сябе, гэта зялёнае дзеўчанё? Чаго яна задзірае нос?

— Цябе, здаецца, нейкая муха ўкусіла сёння. Штосьці не ў настроі ты.— Ён паказаў ёй, што збіраецца ісці: спадзяваўся, што на гэта яна памякчэе. Усё ж спадзяваўся. Але, відаць, ласкавы настрой яна прыхавала на другі раз.

Ён сказаў з годнасцю, трохі абыякава:

— Зазірну хіба другі раз. Калі будзе час.

— Нашто? — Губы яе сабраліся ў кружочак.— І так заўважылі, што вы ўсё зазіраеце сюды. Размовы розныя пайшлі.— Параіла, падобна, з насмешкай: — Паберагліся б.

Гэта было ўжо занадта! Ермакоў адразу абурана ўспыхнуў, папраўляючы пояс, кінуў на яе люты позірк.

— Ну, мне настаўнікі пакуль не патрэбны!

Ён гукнуў ардынарца і, лядзяна развітаўшыся, даючы ёй адчуць, што вельмі нездаволены, цвёрда закрочыў ад яе.

Застаўшыся адна, Валя нейкі час стаяла разгубленая. Потым неахвотна, звыкла падалася да сябе ў шпіталь. Але калі між дрэў убачыла шпітальныя буданы, стала: вяртацца ў шпіталь не хацелася. Што ёй было там рабіць у такім стане!

Яна пайшла назад. Туга была такая, што не ведала, куды дзець сябе. Столькі чакала, калі ён прыйдзе, і, вось на табе, дачакалася! Сустрэла! Чаму ўсё ў жыцці так нядобра складваецца!

На нейкай палянцы апусцілася на траву, легла тварам да зямлі, падлажыўшы пад галаву далоні рук. Больш ён ужо, мусіць, не прыйдзе! Не прыйдзе, гэта ясна. Падумаў бог ведае што, век не забудзе! Яна ведае яго. Ну і няхай. Няхай не прыходзіць. Вялікая бяда.

Але ёй чамусьці хацелася плакаць.

 

 

3

Чым бліжэй падыходзіла Шабуніха да роднага сяла, тым больш хвалявалася. Праўда, збоку гэтага амаль не было відаць, здавалася яна спакойнай і заклапочанай, як заўсёды. Толькі стала нейкая безуважлівая. Пытаецца аб чым-небудзь Волька — яе заўсёды цікавяць розныя рэчы,— а маці не чуе і не адказвае. Трэба паўтарыць некалькі разоў, пакуль яна нарэшце схамянецца, запытаецца няўцям: «А-а? Што?»

— Ці хутка, мамка, нашае сяло? — пытаецца Волька. Яна за дарогу натамілася, падбіла ногі.

— А... Цяпер хутка,— не адразу цяміць Шабуніха, паглядаючы ўдалеч.

Цяпер хутка. Вось як выйдзем з лесу, адразу і будуць Паплавы. Людзі добрыя, што там?! Яна мімаволі паскарае крок. Волька, як бы зразумеўшы, што хутка канец шляху, моўчкі тупае поруч, не выпускаючы матчынай рукі. Андрэй не вытрымаў, выбег наперад. Яму хочацца першаму зірнуць на сяло.

Ён неўзабаве вяртаецца. Ідзе назад дзіўна павольна, з нейкім вінаватым выглядам. Потым кінуўся да маці, уткнуўся тварам у яе грудзі.

— Мама! — прамовіў спалохана.

Унутры ў яе раптам штосьці абарвалася. Яна адчула, што здарылася тое, чаго яна баялася. Але, пагладзіўшы рукой галоўку сына, прашаптала супакойліва:

— Нічога, нічога, сынчык.

Ногі раптам сталі непаслухмянымі. Вось апошні паварот. Яна ўбачыла наперадзе тое месца, дзе раней было сяло. Малюнак, што паўстаў перад вачыма — нечаканы, незнаёмы,— вельмі ўразіў яе. Яна прывыкла ўсё жыццё, ад самага маленства, бачыць адсюль стрэхі хат, саламяныя, гонтавыя, бляшаныя, высокія і прысадзістыя, якія цягнуліся ў рад. З краю, на ўзгорку, былі заўсёды доўгія будыніны калгасных абор і свірнаў, уздымалася некалькі вялізных стагодніх вязаў. У сярэдзіне сяла яна бачыла заўсёды сваю, крытую бляхаю хату. Белы вясёлы бляск цынкавага даху заўсёды радаваў вока.

Цяпер перад ёй было пуста і дзіка. Віднелася толькі некалькі хлявоў ды вязы на ўзгорку, але і яны былі голыя, пакалечаныя, з кароткімі, нібы абсечанымі, каструбаватымі галінамі. Ад гэтых вязаў усё навокал здавалася яшчэ больш дзікім. Гледзячы на іх, хацелася крычаць.

Шабуніха не спынілася, не закрычала. Усё так жа ведучы Вольку і несучы за спіною дзіця, яна ішла туды, дзе раней стаяла хата, хоць цяпер там ужо не было нічога. Ішла, быццам не верыла ў тое, што бачыла сваімі вачыма. Як жа яна магла спыніцца, калі ўсе гэтыя дні столькі думала пра сваё селішча, так ірвалася да яго? Як яна магла не ісці туды, калі звыкла за жыццё лічыць, што тут цэнтр свету? Ёй здавалася, што ўсе шляхі, вялікія і маленькія, бягуць сюды. Ды і куды яна магла вярнуцца?.. Неяк цьмяна адчуваючы ўсё, што з ёй дзеялася, яна ішла па знаёмай дарозе, чамусьці спяшалася, нібы баялася не ўправіцца ў час, і ўсё аднастайна, крыху напалохана, шаптала:

— Нічога, нічога, сынчык...

Узышла на тое месца, дзе пачыналася вуліца, павярнула амаль подбегам да сваёй сядзібы. Тут упершыню Аўдоцця разгубілася. Дзе ж гэта яно, яе даўняе селішча? Дзе хата, высокая, абвітая з вуліцы хмелем, з цынкавым дахам? Дзе яна хоць стаяла, дзе след ад яе, ад хаты?! Божа мой, няможна пазнаць! Няможна пазнаць селішча, на якім пражыла век, дзе кожны кавалачак зямлі тысячы разоў таптала. Папялішчы ўсе падобны адно на адно...

Аўдоцця не знайшла ад першага разу сваёй сядзібы, прайшла міма, прамінула. Калі стаялі ў рад хаты, вуліца здавалася вельмі доўгаю, а цяпер нязвычна, дзіўна скарацілася. Аўдоцця прайшла крыху лішняга, вярнулася назад. Дзе ж яе хата?.. Можа, гэта яна забыла сваё сяло, ходзячы па лясных сцежках з партызанамі? Можа, гора і ўтрапенне апошніх дзён адбілі ў яе памяць, замутнілі розум?

— Тут, мама, тут,— падказаў Андрэй.— Вунь стаяць нашы дзічкі. Толькі яны абгарэлі...

Так, гэта яе селішча... Увайшла ў двор, зняла клунак, што намуляў плечы. Малы Валодзька, адчуўшы пад сабой зямлю, пабег, хутка перабіраючы пухлымі ножкамі. Яго зацікавіў вялікі, чорны, задымлены ліст бляхі, што ляжаў сярод двара. Валодзька пацягнуў за край бляхі. Чорны ліст загрымеў: бу-бу-бу. Гэта спадабалася хлопчыку, і ён шчасліва, заплюшчыўшы вочы ад задавальнення, засмяяўся. Праз хвіліну ён зноў пацягнуў ліст, і ліст зноў загрымеў: бу-бу-бу-бу.

— Андлей, глядзі!

Андрэй стаяў пануры і з засмучэннем спаглядаў на маці, якая, падкурчыўшы пад сябе ногі, стомлена сядзела на зямлі. Аўдоцця ўлавіла гэты позірк і схамянулася: нельга так сядзець, трэба нешта рабіць. Толькі што рабіць?

Неспадзявана яе агарнула дзіўнае пачуццё. «Не, гэта не Паплавы,— падумала яна,— не Паплавы!..»

Гэта нешта чужое, незнаёмае!..

Яна азірнулася вакол. Усё здавалася чужым. Чужое, чужое! З грудзей яе на міг спаў неадступны, даўкі цяжар, стала лягчэй і вальней.

Але думка пра тое, што трэба нешта рабіць, чамусьці ўсё не выходзіла, і Аўдоцця сказала Андрэю:

— Давай падбярэм, што засталося.

Позірк яе ўпаў на пагнуты абгарэлы шкілет ложка з двума кольцамі ўгары, які наўскасяк тырчаў з пяску і вуголля. Гэта ж іх ложак! О, яна добра ведае гэтыя, раней бліскучыя, нікелевыя кружкі з выціснутымі, як вянок, лісточкамі. У яе памяці адразу ажыло: тут нядаўна, завітаўшы ў хату, моцным сном спаў Змітро.

У яго быў аброслы шчацінаю твар, даўно не стрыжаныя віслыя вусы. Яна мыла ў начоўках гімнасцёрку і ўсё падыходзіла да ложка ды глядзела на яго. У яе тады было неспакойна на сэрцы, нібы яна прадчувала ўсё, што будзе.

«Не, гэта не чужое!» — з новай сілай дайшло да свядомасці, і грудзі сціснуў цяжар, яшчэ большы, чым раней. Гэта яе ложак, яе хата, яе селішча! Яна ўпала на дробнае, прыбітае дажджом вуголле і, абхапіўшы край паўразбуранай печы, на якой з-пад дымных плям яшчэ дзе-нідзе віднелася пабелка, заенчыла:

— Змітро-о!.. О-о-о...

Волька, пачуўшы енкі маці, загаласіла, залямантавала. Валодзька напалохаўся, адразу забыўся пра свой грымотны ліст, закрычаў:

— Ма-ам, ма-а-ам!

Як ні горка было Аўдоцці, яна адразу пачула гэты голас і падняла сумотны, спакутаваны твар да дзіцяці. Хвіліну глядзела на сына няўцямна, як непрытомная. Потым паволі паднялася, падышла да хлопчыка і ўзяла яго на рукі.

— Чаго ты, дурненькі? Чаго, малы?.. Забыліся ўсе пра цябе, пакінулі.

Валодзька прыціснуўся тварам да матчынай кофты і перастаў плакаць.

— Я, мама, есці хацю!

Яна дастала зачарсцвелы, як камень, кавалак хлеба, адламала акрайчык, і Валодзька, умінаючы яго, павесялеў.

— Пліедзе тата. Ён тут злобіць дом, вялікі!.. Як... як глусы!..

— Зробіць,— сказала Аўдоцця, утрымліваючы рыданні. Яна з тугою азірнулася.

Неспадзеўкі Аўдоццю ўразіла тое, што за папялішчам некалькі ўцалелых ігрушак буялі яркай вясновай зелянінаю, бела-ружовым цветам! Дзівам уцалелыя ад пажару, яны ў сваім белым адзенні пазіралі весела, радасна!

У Шабуніхі мімаволі мільганула думка, як не ў час прыбраліся гэтыя ігрушкі. І ўсё-такі ёй было добра бачыць, што нават тут, каля папялішчаў, дрэвы цвітуць. Іх цвіценне нішто не магло спыніць.

Яны жывуць, цвітуць!..

 

4

Да Тураўца падступіў нахмураны, з віхарком, з доўгімі рукамі хлопчык, кінуў насцярожана позірк.

«Гэта ж сын Шабуні!»— пазнаў камісар, які некалькі разоў заходзіў у хату камандзіра роты і ведаў яго сям’ю.

— Што добрага скажаш, таварыш Шабуня-меншы?

Тураўцу кінулася ў вочы недзіцячая сур’ёзнасць хлопца.

— Вазьміце ў партызаны! — выпаліў адразу, без якога-небудзь тлумачэння, Андрэй.

— Ты што гэта, Андрэй? Ты... сур’ёзна?

— Сур’ёзна. Вазьміце.

— Не, брат, ты гэта жартуючы. Праўда, жартуючы? Вось малайчына,— прыдумаў дык прыдумаў!

Андрэй ад Тураўцовага смеху нахмурыўся яшчэ больш.

— Вазьміце.

Камісар звёў бровы:

— Сур’ёзна, значыцца...

Туравец усім сваім выглядам паказваў, што задача гэтая не абы-якая. Трэба добра падумаць.

— Гм, задаў ты мне задачу. А маці твая, таварыш Шабуня, ведае пра гэта? — неспадзявана пацікавіўся камісар.

Хлопчык вінавата апусціў вочы і не адказаў нічога.

— Не ведае? Ну вось, бачыш. А мы без дазволу маці не прымаем нікога. Абавязкова трэба, каб маці дазволіла. Бо які ж гэта партызан, што самавольна ўцякае ў атрад, наперакор маці? Тут ты, Андрэй, проста парушыў дысцыпліну, а ў нас дысцыпліна самая ваенная. Ніхто нічога не мае права рабіць без камандзірскага дазволу. Ды і наогул трэба шкадаваць маці, бо, можа, яна там цяпер трывожыцца па табе, думае, што, можа, ты прапаў...

— А калі я... калі яна скажа, што можна?

— Калі дазволіць? — Туравец развёў рукі, не ведаючы, што сказаць.— Лепш бы ты, Андрэй, усё ж пабыў пры маці. Ведаеш, як ёй цяпер патрэбна падмога?..

— Я яе папрашу! — упарта прамовіў малы, нібы не чуючы апошніх слоў Тураўца.

«Э, а ты незгаворлівы!.. Нічога, маці, напэўна, цябе хутка ўломіць, калі ты аб’явішся!.. Я яе ведаю!» — падумаў Туравец.

— Што ж, папрасі. Дазволіць — тады іншая рэч. Тады прыходзь, пагаворым. Толькі — каб маці дазволіла!..

Гадзіны праз дзве Андрэй, пануры, затоены, уваходзіў на родны двор, да якога ад брыгаднага лагера было кіламетраў восем ці дзесяць. Маці на двары гатавала абед. Яна адразу заўважыла, што сын нечым вельмі ўзрушаны.

— Што гэта з табой, сынчык? Ці не пакрыўдзіў хто?

Ён паглядзеў з-пад нахмураных, ледзь прыкметных залацістых броваў, але не адказаў. Ведаючы ўпарты сынаў характар, Аўдоцця больш не пыталася.

Пасля доўгага маўчання сын неспадзявана папрасіў:

— Ма-ам! Пусці-і!

Яна здзіўлена і крыху ўстрывожана паглядзела на яго. Куды яго пусціць. З патрабавальнага тону гаворкі маці адчула, што яго жаданне вельмі моцнае. Запыталася, хаваючы трывогу, куды ён просіць пусціць.

З адказу Аўдоцця зразумела, што ён быў у атрадзе.

— Ты малы яшчэ, Андрэй. У партызаны прымаюць дарослых, дужых людзей, а табе яшчэ і трынаццаці гадоў няма. Табе тую вінтоўку і несці будзе цяжка, ты думаеш, яна лёгкая? Там аднаго жалеза, можа, паўпуда. А то ж да вінтоўкі яшчэ і патроны трэба. І ўсё гэта на твае худзенькія, кволыя плечы, сыночак. А якія яны пераходы вялікія робяць, ты ж бачыў — па пяцьдзесят і болей вёрстаў. Дужыя дзядзькі і тыя ад утомы ледзьве ногі іншы раз валакуць. А ты ж і без таго паблажэў, учарнеў, умарнеў... Ты ж кволы, як той каласок... Ты малы яшчэ, цябе не прымуць.

— Ён гаварыў, прыме, абы ты пусціла. Пусці!

Яна сказала з дакорам, што ён зусім не думае пра Валодзьку і Вольку, і пра яе, маці.

— Цяпер, калі бацькі няма, Андрэй, трэба, каб ты дапамагаў мне, бо ты ж цяпер самы старэйшы ў сям’і. Ты цяпер усё роўна як гаспадар, пра ўсё павінен клапаціцца. Сястра, яна што можа зрабіць? Валодзька зусім малы, неразумны, за ім увесь час трэба глядзець. А я сама старая ўжо, слабая стала, не тое што бывала раней. Уся надзея на цябе, Андрэй! На цябе аднаго...

Хлопец слухаў гэта ўсё, апусціўшы галаву. Калі маці скончыла, ён падняў вочы на яе:

— А як ты адна, калі бацька жыў, была? Ты ж спраўлялася з усім? Так і без мяне пераб’ешся.

Маці заплакала.

— Маё сэрца яшчэ баліць па твайму бацьку... Я не хачу трывожыцца за цябе. У мяне і без гэтага гора даволі.

Хлопец не адказаў, але ў яго не па-дзіцячы суровым, халаднаватым позірку яна ўбачыла, што ён не пахіснуўся. Адчула, што ён не адступіцца.

«Упарты! Увесь у бацьку пайшоў!» — падумала яна з сумам і любоўю. І, мусіць, таму, што яна вельмі любіла Андрэя, што хацела бачыць сына радасным, нечакана прыцягнула яго да сябе, моцна і пяшчотна прыціснула, потым, вызваліўшы з абдымку, сказала:

— Што ж, відаць, так трэба... Ідзі!

Андрэй адразу заззяў ад шчасця. Нахмураныя бровы разышліся. Ён прытуліўся да яе тварам, стаў чула супакойваць:

— Ты не крыўдуй, мама. Я не на ўвесь час іду ад цябе, а пакуль толькі вайна будзе. А як прагонім фашыстаў, я адразу вярнуся дахаты. Акрамя таго, я ж буду заходзіць, памагаць!

— Заходзь, сынчык, заходзь. Я рада буду.

— Мам,— сказаў ён, узрушаны.— Я хачу быць такім, як тата.

Пачуўшы апошнія словы, маці здзівілася. Прыгледзелася ўважліва да яго, нібы даўно не бачыла або нібы перад ёй быў незнаёмы. Аўдоцця ўсё яшчэ лічыла яго маленькім. Яна і не заўважыла, як ён вырас. І вось цяпер Аўдоцця ўбачыла перад сабою сталага, разважлівага чалавека, малога мужчыну.

У гэтую хвіліну ёй успомнілася, за туманам даўнасці, маладосць Змітра. Той такі ж быў. Такі ж непакорны віхорчык над ілбом і рашучы, халаднаваты позірк, такая ж настойлівасць і сардэчнасць.

Зноў прыціснула сына да грудзей, паўтарыла:

— Ідзі!

 

5

Не развітваючыся з малымі, ён паважна, паводзячы, як бацька, плячыма, выйшаў з двара і закрочыў па вуліцы. Аўдоцця сачыла за ім, чакала, што, можа, гляне назад, махне рукою. Але ён не азірнуўся.

У брыгадзе Андрэй адразу знайшоў камісара і аб’явіў, што ўсё зрабіў як трэба,— маці адпусціла. Сказаўшы, што цяпер — іншая рэч, нават нявесела пахваліўшы за дысцыплінаванасць, Туравец накіраваў хлопца «ў партызаны», у гаспадарчы ўзвод. Андрэй прыкметна ўзрадаваўся, але радасць сваю выказаў скупа, стрымана.

«Хлапчына, відаць, з характарам»,— падумаў Туравец з бацькоўскай пяшчотаю, пазіраючы ўслед Андрэю. Няхай пакуль у гаспадарнікаў абжывецца, прывыкне, а там паглядзім, можа, перавядзём у разведку ці куды. Трэба будзе назіраць за сіратою, дапамагчы, пакуль абвыкне і пасталее, прыгледзець, каб не крыўдзілі яго ва ўзводзе.

Туравец стаў займацца сваімі справамі і, лічачы, што з ім усё ўладзіў, на час забыўся пра маладога партызана.

Але на гэтым не скончылася. Хутка Шабуня-меншы стаяў перад камісарам зноў, нахмураны і незадаволены.

— Што такое, таварыш Шабуня? Што засмуціла? Пакрыўдзілі цябе ва ўзводзе?

— Не.

— Дык што ж засмуціла?

— Я хачу — у сапраўдныя партызаны.

— У сапраўдныя? У якія — сапраўдныя? Яны і ёсць — самыя сапраўдныя!

— Не.

— Адкуль ты гэта ўзяў! Не, брат, яны — сапраўдныя. Яны, брат, робяць самую важную справу. Самую адказную справу ім даручылі — гаспадарку. У партызанах, Андрэй мой дарагі, гэта першая справа. Дарэмна ты падумаў, што яны — несапраўдныя. Дарэмна! Ты вельмі памыліўся!

У Шабуні-меншага на гэта быў іншы погляд.

— Сапраўдныя! Якія яны сапраўдныя!.. Не ваююць, а толькі сядзяць у лесе! Бульбу чысцяць ды булён вараць. Так «ваююць» і жанкі ў сяле. Я хачу ў такі ўзвод, дзе ваююць.

Каб пераканаць камісара, ён сказаў, што ўмее ўжо разбіраць аўтамат, ведае, як з ім абыходзіцца, вывучыў добра розныя сістэмы гранат — і нашыя, і трафейныя. Можа зараз, хоць з заплюшчанымі вачыма, разабраць і сабраць пісталет.

— Дзе ты навучыўся гэтаму?

— Бацька паказваў. Калі прыедзе дадому, я і пытаюся ў яго — адно, другое. А ён разбярэ аўтамат ці пісталет і раскажа, што да чаго. А пасля яшчэ праверыць, ці зразумеў я. «Вучыся, казаў, сынку,— у наш век такое можа спатрэбіцца!»

Пачуўшы гэта, камісар задумаўся.

— Ну што ж, Шабуня-меншы,— сказаў ён інакш, сур’ёзна,— можа, і недарэмна бацька цябе вучыў. Хай будзе па-твойму, калі бацька так хацеў.— Пойдзеш у баявы ўзвод, у самы сапраўдны. Да Васі Крайко, у атрад Кутузава.

 

РАЗДЗЕЛ ІІІ

 

1

Калі Васіль прыйшоў на сход, толькі што пачалі збірацца.

Чым больш збіралася людзей на паляне, тым больш расло ў ім хваляванне.

Ён адчуваў сябе ў цэнтры ўвагі. Хоць быў сярод таварышаў, здавалася, нібы сядзіць асобна і ўсе пазіраюць на яго.

Здавалася дзіўна, нібы глядзяць на яго не толькі людзі, а і вясновыя, у светлых шатах бярозы, і строгія, у цёмнай суровай зеляніне яліны, што акружалі палянку.

Пад адным з трох маладых раскідзістых дубкоў, яшчэ голых, без лісця, што выступілі амаль на сярэдзіну палянкі, стаяў стол на козлах, збіты з жэрдак, абчасаных сякераю, нязграбны стол гэты здаваўся Васілю таксама збудаваннем асаблівага значэння.

За гэтым сталом, помніў Васіль, павінен быў вырашыцца яго лёс. З хваляваннем сачыў Васіль, як за стол зайшоў Туравец, як выбіралі прэзідыум. Хваляванне ўзнялося, калі выбраныя паселі за стол і Туравец сабраўся гаварыць. Васіль адчуў, што вось зараз і пачнуць разбіраць яго заяву. Але Туравец загаварыў пра іншае.

— Таварышы, — Туравец сціх, стаяў момант моўчкі, журботна стуліўшы плечы. Глядзеў журботна ўніз.— За апошні час, у баях... загінулі нашы таварышы, камуністы... Змітро Шабуня. Васіль Крывец. Сухаверхаў Аляксей...

Ён гаварыў павольна, здушаным голасам, важка вымаўляў прозвішча за прозвішчам. Цяжка, незвычайна цяжка было называць камісару прозвішчы і імёны загінуўшых. Вымаўляючы іх, Туравец ніжэй і ніжэй апускаў галаву, як бы на яго лажыўся ўсё большы цяжар. Гаварыў ён няголасна, але ў радах, дзе сядзелі людзі, стала так ціха, што кожнае слова як бы звінела, даходзіла да ўсіх, да самых далёкіх. Яшчэ да таго, як Туравец скончыў называць імёны, да таго, як ён сказаў: «прашу ўшанаваць памяць», некаторыя пачалі ўздымацца, здымаць шапкі.

Некалькі хвілін стаялі моўчкі, нязрушна, хмурна глядзелі перад сабой. Не маўчаў, хадзіў толькі вецер — варушыў валасы, шапацеў журботна ў лісці.

Мімаволі слухаючы гэты шэпт бяроз, Васіль раптам адчуў, што напамінак аб тых, хто загінуў у блакадзе, мае блізкую сувязь з яго лёсам, яго заяваю.

Доўга пасля таго, як апусціліся на сядзенні з жэрдак, на палянцы яшчэ панавала журботная цішыня.

Калі пачаўся прыём, да стала выклікалі Ермакова, што паступаў у члены партыі. Ледзь ён, стройны, зухаваты, у святочнай гімнасцёрцы, з партупеяй, са шпорамі, маленькімі, фарсістымі, якія ён па даўняй артылерыйскай звычцы насіў ва ўрачыстыя дні, выйшаў да стала, каб расказаць сваю біяграфію, па радах прайшлося:

— Не трэба! Ведаем! Чаго тут гаварыць?

Але нечы моцны голас прабурчаў:

— Ведаем! Хто ведае, а хто і не!..

— Няхай раскажа!

— Ды падрабязна каб! А не як анкету!..

Туравец папрасіў камандзіра брыгады расказаць біяграфію. Падрабязна.

Ермакоў кіўнуў, правёў рукой па партупеі. Нейкі час думаў, пэўна — з чаго пачаць.

— Я лічу ваенную справу асновай свайго жыцця,— значна аб’явіў ён.— З самых малых год я марыў стаць ваенным. Ну, у маленстве ўсе, вядома, гуляюць «у вайну». Я таксама любіў «ваяваць»...

— Ужо тады «камандаваў»?

— Быў такі грэх!..— Ермакоў ахвотна ўсміхнуўся, паблажліва пакпіў з сябе.— У школе я хадзіў у ваеннай дзядзькавай гімнасцёрцы. У Асаавіяхіме доўгі час быў, школьнай арганізацыяй кіраваў. У розных спаборніцтвах удзельнічаў, прызы меў... Запаветнай маёй марай тады было — стаць лётчыкам. Я прачытаў гару кніг па авіяцыі. Даўні грэх, можна прызнацца,— фарсіў тады рознымі авіяцыйнымі слоўцамі, як «атэрысаж», «ланжэрон»... Усе мае школьныя таварышы былі перакананы, што з мяне выйдзе баявы лётчык... Пасля дзевятага класа я, вядома, падаў заяву ў авіяшколу, урачыста развітаўся з усімі. Быў упэўнены, што мяне абавязкова прымуць! Але я адразу ж зрэзаўся!

— Экзаменаў не вытрымаў! — здагадаўся, паспачуваў нехта.

— Падвяло сэрца!.. Што ж заставалася рабіць? Такія, як я, няўдачнікі параілі пайсці ў артылерыйскае вучылішча. Яно было ў тым жа горадзе. Я спачатку і слухаць не хацеў. У тыя дні я проста ненавідзеў гарматы... Але іншага выбару не было. Вярнуцца назад я не мог, не дазваляла самалюбства. Прыйшлося падацца ў артвучылішча, вядома, затаіўшы надзею,— на наступны год выбраць што-небудзь больш да душы, бліжэй да авіяцыі... Аднак у вучылішчы здарылася тое, чаго я не чакаў. Я палюбіў артылерыю. Палюбіў не так, як іншыя любяць цешчу, а — па-сапраўднаму, усёй душой. Словам, рашыў, што «бога вайны» не прамяняю ні на што!..

Ён, відаць, падумаў, што разгарнуўся не ў меру, і стаў гаварыць стрымана, суха:

— Да пачатку вайны, як у анкеце напісана, я служыў у Кобрыне камандзірам батарэі. Калі адступалі, за Бабруйскам быў кантужаны выбухам бомбы... Кантужаны, я трапіў у палон.— Ермакоў сказаў гэта, адчувалася, вінавата і, нібы апраўдваючыся, паспяшаўся дадаць: — Адтуль я, вядома, праз месяц уцёк з некалькімі таварышамі ў лес, дзе стварыў невялікую партызанскую групу. Тут я дванаццатага верасня спаткаўся з атрадам таварыша Тураўца і далучыўся да яго...

Ермакоў змоўк, развёў рукі з выглядам, які значыў: пра ўсё іншае вы ведаеце.

З месца ўзняўся партызан і папрасіў Ермакова расказаць больш дакладна, як ён трапіў у палон і як ён вызваліўся.

— Так, гэта трэба растлумачыць,— згадзіўся Ермакоў.

Па-ваеннаму коратка, сцісла, нібы паведамляючы план аперацыі, ён сказаў:

— Пасля кантузіі я страціў прытомнасць. Што было далей, не ведаю, бо ачнуўся я ўжо ў палоне... Каля мяне былі немцы... Мяне адвезлі ў лагер пад Бабруйск, за калючы дрот, дзе я і быў некаторы час... Я два разы ўцякаў. Першы раз спрабаваў адтуль, з лагера. Але ўцёк быў няўдалы — мяне злавілі і збілі. Збілі па-зверску. Проста сказаць, ледзь не да смерці. Але я не паддаўся. Калі паправіўся, паспрабаваў шчасця ў другі раз. Тады нас, палонных, перавозілі па чыгунцы. На хаду поезда, з некалькімі палоннымі, выламаў падлогу ў вагоне і выкінуўся на шпалы... Пабойваўся, канечне, што разаб’юся ці пад колы траплю. Але — абышлося...

— Яшчэ ёсць пытанні?

— Усё зразумела. Галасаваць! — нецярпліва крыкнуў нехта з месца.

Але ў аднаго партызана было яшчэ пытанне.

— Няхай раскажа пра сваё сямейнае становішча...

Камбрыг, што здаралася з ім вельмі рэдка, збянтэжыўся. Пытанне задалі, відаць, невыпадкова: хадзілі гаворкі, што ў яго ёсць у эвакуацыі, у Казані, жонка і сын, а ён, калі быў у разведцы, жыў з адной дзяўчынай.

Цяпер вось пачаў нешта часта сустракацца з Валяй Залескай.

Успамін пра Валю, пра тое, як убачыў апошні раз яе з Ермаковым, вымушаў Васіля сачыць увесь час за Ермаковым з прыкрасцю і непрыязнасцю. Пасля ж пытання пра сямейнае становішча, у якім Васіль улавіў як бы крыўдны намёк, ён зніякавеў зусім. Адчуў, як гарыць твар.

— Што казаць,— прамовіў камбрыг, стараючыся гаварыць спакойна. — Былі грахі. Усе вы ведаеце... Было такое. У партыю нельга ісці з грахамі. Я абяцаю, што ўсё тое, што было, не паўторыцца. Даю цвёрдае слова.

Сталі галасаваць. Дзесяткі рук узняліся ўгару, нядружна, але ўпэўнена. Супраць не галасаваў ніхто.

Потым прымалі Ніну. Яна, хвалюючыся, крыху паспешліва расказала пра сваё жыццё да атрада, і Васіль упершыню даведаўся, што яна з Мінска, што ў яе на руках было малое дзіця.

— Калі дачка крыху падрасла,— гаварыла Ніна,— стала трохі вольнага часу... Я пачала прыглядацца да сваіх сяброў, ці не звязаны хто з іх з падпольшчыкамі... Знайсці іх след удалося не адразу: у іх была добрая канспірацыя... Аднойчы я пра сваё жаданне шчыра загаварыла з Колем Сініцай. Мы з ім да вайны разам вучыліся ва універсітэце... Мне чамусьці здавалася, што ён — не можа быць, каб не быў знаёмы з падпольшчыкамі... Коля мне і памог звязацца з падпольнай арганізацыяй. Ён, вядома, мне нічога не сказаў пра арганізацыю, а проста, на першы раз, даў некалькі лістовак, расклеіць ці раскідаць на відных месцах. І папрасіў дастаць бінтоў для перавязкі. Я ўсё гэта зрабіла. Тады мне сталі даручаць больш важныя справы... Аднойчы я трое сутак хавала на сваёй кватэры падпольшчыкаў...

Ніна на міг запынілася, напэўна, успомніла штосьці сумнае.

— Неяк у нас здарылася бяда. Гэта было, помню, у маі... Колю арыштавалі. І амаль у адзін час з ім яшчэ некалькі нашых... Нас гэта вельмі ўстрывожыла. Мы непакоіліся, што гестапа выкрыла ўсю арганізацыю. Адным словам, чакалі самага паганага. У мяне якраз хавалі падпольную пішучую машынку, на якой лістоўкі друкавалі. Я яе адразу закапала. І ўсё, што магло паказацца падазроным, таксама схавала... Але ўсё — абышлося, гестапа не ўзяло больш нікога... Хлопцы вытрымалі ўсё, не выдалі... Коля памёр у гестапа ад катаванняў...

Яна хітнула галавой, нібы адганяючы ўспаміны. Заспяшалася, як бы схамянулася, што трэба канчаць.

— І пасля — рабіла ўсё, што даручалі. Расклейвала адозвы, перадавала савецкія газеты і брашуры... Некалькі разоў выводзіла людзей да партызан... Адзін раз вывелі палонных камандзіраў, якім дапамаглі ўцячы з лагера. Потым — прафесара Горкіна.

Ледзь яна сціхла, грубаваты мужчынскі голас запытаўся:

— Дзе цяпер дачка?

— Дачка з мамаю маёй...

— Даўно не бачыліся?

— Другі год... Як прыйшла сюды...

Калі Ніна гаварыла гэта, голас яе дзіўна нацяўся, задрыжаў.

«Вось чаму яна так любіць дзяцей!» — падумаў Васіль.

З таго, што гаварылі пасля пра яе, Васілю асабліва запомніліся словы Дразда, чалавека вельмі стрыманага і скупога на пахвалу.

— Я скажу, як Лагуновіч вяла сябе ў блакадзе... На выгляд яна, усе вы ведаеце, як бы ціхая, нясмелая. А калі пад Савічамі нас прыціснулі да балота, што дыхнуць нельга, як яна трымалася? У апошняй групе, у Шабуневай роце, засталася!.. Тады, калі наш Змітро Мікалаевіч, добрая памяць яму, загінуў... І трымалася, можна сказаць, па-геройску!.. Гэта мне спадабалася!.. Потым мы цэлы дзень выбіраліся з балота, лезлі, як чэрці, па твані, па лазе, яна ўвесь час даглядала раненых. Яна тады ўжо трымала сябе, можна сказаць, як камуніст. Усе, хто быў там, могуць гэта пацвердзіць...

— Памятаем! Было такое!..— пачуліся галасы.

Усё адбывалася нібы проста, але ад гэтага ніколькі не трацілася адчуванне важнасці і ўрачыстасці падзеі...

За Нінай выклікалі Васіля.

Стоячы ля стала, Васіль нялёгка слухаў сваю заяву. Тое, што яе чытаў не ён, а іншы чалавек, чытаў на людзях, надавала словам яго заявы нейкае нязнанае значэнне. Ён нібы пазнаваў і не пазнаваў сваю заяву — родныя словы, якія ён пісаў сэрцам сваім.

Стоячы адзін перад усімі, ён сустракаўся з позіркамі людзей, яны глядзелі на яго, здалося яму, нібы на іспытах, пільна, патрабавальна. Ад гэтага на нейкі час у Васіля з’явілася адчуванне як бы няпэўнасці свайго становішча. Быццам шукаючы падтрымку, ён знайшоў лагодныя, прытоена-радасныя вочы Ніны, і ад яе позірку адчуў сябе лягчэй, цвярдзей. Ён мелькам заўважыў, як весела, падбадзёрліва падміргвае яму Шашура: «Усё будзе добра. Смялей, Вася».

— Нарадзіўся ў тысяча дзевяцьсот дваццаць шостым годзе...

Васемнаццаць год! Па людзях прайшоўся гоман. Васіль не адразу зразумеў, што значыць гэты гоман, прыпыніўся ніякава. Але ўсе ўсміхаліся зычліва.

Усім здавалася, што ён намнога старэйшы.

— Вучыўся ў школе, але не скончыў. Перашкодзіла вайна... Матку расстралялі немцы... Сястру пагналі ў Германію... Два браты ў арміі. Што з імі, не ведаю...

Голас яго рваўся ад хвалявання, ён хапаўся, за якую-небудзь хвіліну хлопец выпаліў увесь свой нядоўгі жыццяпіс. Скончыў і раптам разгубіўся: гэта ўсё?

— Быў таксама ў нямецкім лагеры,— перамог ён сябе, нібы павінаваціўся.— Калі матку расстралялі, нас кінулі ў лагер. Мяне і сястру. Але я — уцёк...

— Знаем! І не забылі, як ты брыкаўся, калі бралі ў партызаны! — падчапіў яго Шашура.

— Я не ведаў, хто вы! — зніякавеў Васіль.

Па радах пайшоў смех, і Васіль зусім збянтэжыўся... Што б яшчэ дадаць?

— У іншых групіроўках не ўдзельнічаў,— прыйшло чамусьці на язык.

Зноў пайшлі смешкі. Нечы звонкі голас весела запытаў:

— А ў белай арміі не служыў?

— У белай я ўсё роўна не быў бы. А ў Чырвонай гвардыі біць белых не давялося.

— Спазніўся нарадзіцца...

— Затое б’е фрыцаў,— падтрымаў з-за стала камісар.

Васіль вярнуўся на сваё месца, а партызаны, што выступалі цяпер, пачалі ўжо гаварыць пра яго жыццё, пра яго баявыя ўчынкі. З іх слоў выходзіла, што Васіль — ці таварыш Крайко, як яго іменавалі, чалавек, варты таго, каб быць у партыі. Праўда, камандзір ён малады, але не ўступіць і іншым старэйшым, недарма ж узвод, якім ён камандуе, сярод лепшых у атрадзе. У Крайко можна павучыцца не толькі адвазе, але і сціпласці... Многа чаго прыгадалі людзі добрым словам, і Васіль упершыню нібы зірнуў на сябе вачыма іншых, адчуў радасны ўздым. Адчуў сябе зусім добра.

З павагай гаварыў пра яго і камісар, але зазначыў, што Васілю трэба вучыцца камандаваць, што ён, бывае, замест таго каб кіраваць людзьмі, бярэцца сам за справу, якую належыць рабіць іншым, падначаленым, і ў выніку выпускае з рук узвод. Здзівіўшы Васіля, Туравец, праўда, лагодна папракнуў таварыша Крайко за тое, што ён пакінуў узвод, калі адбівалі нямецкія танкі каля Савіч,— папоўз да танка сам, хоць было загадана паслаць каго-небудзь з партызан...

І вось Дрозд, старшыня сходу, устаў з-за стала, каб падлічыць узнятыя рукі.

— Аднагалосна,— аб’явіў ён задаволена.— Апусціце рукі.

Ашчасліўлены ўсім, што адбылося, павагай і любоўю ўсіх, Васіль з раптоўнай удзячнасцю і незвычайным жаданнем дзейнічаць падумаў: што б у адказ зрабіць такое, асаблівае што-небудзь, каб усе ведалі, што недарэмна гаварылі пра яго так добра, што ён варты іх веры і павагі. Нічога такога належнага ён у гэты момант не прыдумаў. Рацыя, якую ён знайшоў у пабітай нямецкай машыне і якую ўзяўся паправіць, справа ўсё ж дробная для такой аддзякі. Не тое.

Перад блакадай ён увесь вольны час важдаўся з падбітым бронетранспарцёрам, але цяпер Васіль не знайшоў яго на знаёмым месцы. Немцы, відаць, забралі. Знайшоў вось сапсаваную рацыю, рацыя таксама рэч патрэбная, але ўсё-ткі не раўня. Не тое. Але ён падумае, ён знойдзе, як адказаць на дабро людзей...

На перапынку, акружыўшы Васіля, людзі наперабой віншавалі яго, ціснулі руку, сябры гарэзліва штурхаліся, ляпалі па плячах. Падышоў і Туравец.

— Мне таксама можна далучыцца да тых, хто віншуе?

— К-калі ласка!.. Дзякую.

Паціснуўшы руку, камісар сказаў:

— Можа, пройдземся? Пагуляем?..

Ён узяў Васіля за локаць, і яны пайшлі паўз дубкі, між людзей, што таксама праходзіліся, гаманілі.

— Прынялі, выходзіць? — жартаўліва запытаўся Туравец.

Васілёў твар ззяў:

— Прынялі.

Туравец пастаяў, акінуў вачыма маладую, такую кволую і светлую, але з адламаным ралам бярозу.

— Вецер, ці што... адарваў?

— Мусіць, вецер.

— Помніш раніцу?.. Калі на варце быў? — зірнуў на Васіля Туравец.

— Помню, таварыш камісар...

— І што казаў, не забыў? — Туравец сам нагадаў: — Што Шабуня — камандзір незаменны...— Ён нібы падумаў уголас: — Так, кожны чалавек, можна лічыць, незаменны. Гэта — праўда... Але людзі — не вечныя. Асабліва ў гэтыя дні...— Туравец раптам спахмурнеў, задумаўся, як бы ўспомніў штосьці. Але адолеў задуменнасць, вярнуў сябе да гаворкі.— Ты якраз і прыйшоў замяніць... Камуністы заўсёды на першай лініі, а ў тых, хто наперадзе, не можа быць няпоўных радоў. Як і ў арміі, якая ваюе. Калі радзеюць рады, армія слабее... А нам слабець не выпадае...

— Я, таварыш, камісар, не падвяду!.. Толькі хіба — могуць сказаць — малады... Зялёны...

— Малады? Так, малады... Ну, ды маладосць — не вялікая бяда.— Вочы Тураўца заблішчалі.— Толькі хто табе сказаў, што ты зялёны? Ты колькі ўжо ў партызанах?

— Трэці год.

— Трэці год! А кажаш, зялёны. У нас тыя, што па трэцяму году служаць, я чуў, лічацца «старымі». Та-ак, твайму пакаленню якраз і давялося падарослець і памужнець раней пары.— Ён, памаўчаўшы, зноў тоячы неспакой, дадаў: — У мяне сын, Юрый, служыць у арміі. Ён твой равеснік...

Пасля перапынку, ледзь прыціх гоман на паляне, камісару далі слова для даклада пра задачы брыгады.

— Перш за ўсё,— пачаў ён, стоячы каля століка, шчуплы, дробны, але жылісты,— перш за ўсё — і гэта мы павінны лічыць за самы галоўны свой абавязак — трэба зноў адваяваць у немцаў усю зону. Якой яна была да блакады. І ўстанавіць савецкую ўладу. Усюды, па ўсёй зоне!

— Правільна! Гнаць нечысць! — горача выдыхнуў нехта недалёка ад Васіля.— Вымятаць к чорту.

Камісар сказаў, што некалькі вёсак ужо вызвалена, ён назваў і тую, у якой быў Васіль. Праўда, галоўнае, гаварыў камісар, яшчэ наперадзе,— пакуль разбіты невялікія гарнізоны. Але і ў большых гітлераўцы не ўседзяць. «Не ўседзяць!» — падтрымаў камісара ў думках Васіль. Ад радаснага ўзрушэння ён быў больш, як звычайна, неспакойны і здаваўся сабе дужэйшым.

Яму хацелася, каб граміць гэтыя вялікія гарнізоны абавязкова паслалі і яго з узводам. Ён бы там паказаў, як трэба біць арыйскую поскудзь!

— Другая задача — сяўба,— гаварыў далей Туравец.— Людзі запазніліся з ёю — запазніліся, як вы ведаеце, не па іх віне. Нам трэба дапамагчы ім. Не марудзячы ні дня, мы павінны пачаць сеяць... Задача гэта — таксама вельмі важная, адказная, жыццёвая. Гаворачы па-партызанску — наша другая баявая праца...

Сёння мы больш, чым калі-небудзь, павінны глядзець у заўтра. Усе вы ведаеце, што хутка, відаць, вельмі хутка — мы выйдзем насустрач нашай роднай Чырвонай Арміі. Нямецка-фашысцкія банды, што залілі нашу зямлю крывёю, хутка будуць гераічнымі савецкімі войскамі з дапамогай партызан і народа — з ганьбай выгнаны. Усё, што мы пасеем зараз, таварышы, узрасце для нас! Мы будзем сеяць пры акупантах, а прыбіраць на вольнай зямлі!

Апошнія словы камісара патанулі ў гарачых воплесках партызан. Прыбіраць на адваяваным полі, на вольнай зямлі! Хіба маглі быць спакойнымі людзі пры адной думцы пра той час!

Яны столькі марылі пра гэты жаданы і нібы неймаверны дзень, марылі, як аб непараўнанай казцы, столькі чакалі,— і вось ён так блізка, так рэальна паўстае перад імі са сваімі турботамі і клопатамі.

— Але,— сказаў Туравец,— сеяць у гэтую вясну будзе цяжэй, чым калі-небудзь. І не толькі таму, што сяўбу мы пачынаем позна і яе трэба зрабіць як мага хутчэй. Не, яшчэ і таму — і гэта, мусіць, галоўнае,— што мала коней, не хапае плугоў, усяго самага неабходнага. Мала людзей у вёсках. У некаторых сёлах, спаленых пры блакадзе, няма ніводнага плуга, ніводнай бараны на паўсотню, сотню сем’яў. Калі раней людзям наша дапамога патрэбна была — ці яны сеялі, ці прыбіралі,— то цяпер многія пасеяць без нас, без нашых рук і нашага цягда, проста-такі не змогуць. Калі мы не падтрымаем людзьмі, коньмі, насеннем, працай сваёй, многія сем’і будуць галадаць... Нам трэба выратаваць іх!

Тыя, што выступалі пасля камісара, дапаўнялі яго, давалі свае парады, выказвалі свае прапановы. Васіль уважліва, цікаўна і прагна прыслухоўваўся да кожнага слова. Ён адчуваў, што з гэтага сходу поле яго дзейнасці і абавязкаў незвычайна пашырылася. Цяпер ён адказваў не толькі за свой узвод, а і за ўвесь атрад, нават за ўсю брыгаду. Мала таго, што пра баявыя справы, яму вось і пра веснавую сяўбу трэба было цяпер дбаць.

Пра многае-многае трэба было яму цяпер клапаціцца! Усё, што раілі і патрабавалі камісар і іншыя, хто выступаў за ім, Васіль, не вагаючыся, адносіў да сябе: ён жа цяпер не толькі наогул, па партызанскай, але і па партыйнай частцы быў з Тураўцом, з Драздом, павінен быў ісці з імі, наперадзе.

«Я таксама — партыец, камуніст»,— думаў, адчуваў ён з нейкай асаблівай яснасцю.

Гэтае званне даўно, з маленства, блізкае, роднае было яшчэ трохі нязвычнае ў дачыненні да яго самога. Але ўжо жыло ў ім, абавязвала яго.

 

2

Пасля партыйнага сходу ў брыгадзе, якая, як і раней, вяла баі, пачалі рыхтавацца да сяўбы.

Усёй гэтай працай кіраваў Туравец: ён быў не толькі камісарам брыгады, але і сакратаром падпольнага райкома партыі.

Увесь першы дзень сакратар райкома рабіў, як сам казаў, рэкагнасцыроўку. З дзесяткам партызан, вылучаных яму для дапамогі, ён улічыў, колькі і дзе пасеяна ўжо, у каго ў вёсках ёсць коні, а таксама плугі, бароны і іншы неабходны інвентар.

На пільны ўлік, як самае важнае, Туравец узяў насенне, што ўцалела ў блакаду.

Асабліва турбаваўся ён пра спаленыя вёскі. У спаленыя вёскі трэба было даць не толькі коней, але і прылады для сяўбы, якіх у брыгадзе не было. Яшчэ на сходзе вырашылі прылады прывезці з іншых вёсак. Адрамантаваць абгарэлыя плугі, зрабіць бароны. На гэта паслалі ўсіх брыгадных кавалёў.

У першы ж пасля сходу дзень Туравец з Ермаковым склалі план палявых работ. Намецілі стварыць больш дзесятка груп з партызан, якія на нейкі час павінны былі стаць аратымі і сейбітамі. Кожнай групе вызначылі сваю вёску і канкрэтнае заданне.

Большасць партызанскіх коней на час сяўбы былі перададзены для работы на полі.

Спецыяльным загадам Ермакоў на час палявых работ забараніў партызанам браць коней у вёсках на будзь-якія патрэбы. Дазваляў браць толькі ў адным выпадку: калі неабходна будзе падвезці ў шпіталь параненага.

Ва ўсе вызваленыя вёскі разышліся агітатары расказаць аб апошніх рашэннях райкома і партыйнага сходу, аб значэнні сяўбы ў гэтым годзе.

З раніцы наступнага дня ўслед за агітатарамі ў вёскі выправіліся партызанскія групы...

На пустой, спаленай вуліцы Паплавоў у тую раніцу ціснуўся, гаманіў невялікі, сумны натоўп. У сярэдзіне яго, акружаныя купкай уцалелых у час блакады жыхароў, дымілі цыгаркамі некалькі партызан, стары, прызначаны часова старшынёй сельсавета, і Шашура. Падрыўнік з важным выглядам трымаў у руцэ спіс, выклікаў прозвішчы. Размяркоўваў партызан па брыгадах...

Ён явіўся да людзей ва ўсім баявым харастве. На плячы, ствалом уніз, вісеў, адліваючы сіняватай сталлю, ППШ, пры боку хістаўся трафейны «парабелум». Малаваты, старэнькі Шашураў пінжачок быў падціснуты камандзірскім поясам з наплечнымі рамянямі, што на спіне сыходзіліся накрыж; такія рамяні насілі кавалерысты. Над нагруднай кішэняю паблісквалі ўжо даволі пацёрты ордэн Чырвонага Сцяга і партызанскі медаль.

Скончыўшы размяркоўваць, Шашура важна заявіў:

— Вось усё пакуль. Больш вылучыць не маглі... Самі разумееце, якое ў нас, каліна-маліна, становішча — прыходзіцца трымаць у руцэ аўтамат... Адным словам, ваяваць трэба...

— Разумеем... і за тое дзякуй, што далі,— адказала Шабуніха між гоману іншых жанок.

— Ну, калі зразумела,— завяршыў задаволена Шашура,— можна, каліна-маліна, пачынаць...

Ён загадаў партызанам разыходзіцца рабіць.

У гэту раніцу баявы брыгадны падрыўнік быў падобны на калгаснага брыгадзіра, які дае людзям нарады. Такое параўнанне дзень назад, відаць, пакрыўдзіла б падрыўніка, але цяпер, адчуваючы важнасць сваёй пачэснай, хоць і цывільнай місіі, акружаны жанчынамі, якія з пашанай пазіралі на яго, ён нават ганарыўся, што яму даверылі такі клопат.

Павозкі з плугамі, што паблісквалі белымі нарогамі, пачалі раз’язджацца. За імі сталі разыходзіцца і жанчыны: адны падаліся за павозкамі, другія — да сваіх селішчаў. Між іх паволі рушыла і маўклівая Шабуніха.

Як і належыць начальству, Шашура прасачыў за ўсімі, выпраўляўся апошнім, калі падначаленыя аратыя ўжо раз’ехаліся. Тоячы гарэзныя іскрачкі ў вачах, ён сказаў невысокай, яшчэ маладой, але з плецівам маршчынак каля вачэй, жанчыне, што чакала яго:

— Камандуй, цётка Аксіння, куды кіраваць...

Апрача імя жанчыны ён пакуль ведаў толькі, што яе прозвішча — Палянічка.

Узяўшы лейцы, Шашура лёгка варухнуў імі, цмокнуў каню, і павозка кранулася. Неўзабаве яна ўехала на голае, выпаленае селішча. Селішча было падобна на ўсе іншыя ў гэтай вёсцы, але ўражлівы падрыўнік не стрымаўся:

— Эх, каліна-маліна, як вымелі, захрыбетнікі!

Чалавек практычнага характару, ён адразу ж адзначыў, што Аксінні ўсё ж пашанцавала больш, як некаторым суседзям: у яе ўцалеў невялічкі хлеў, які стаяў наводдаль.

У садку, побач з хлявом, пад абгарэлай маладой яблыняй заплакала раптам дзіця, і Аксіння подбегам кінулася да яблынькі. Ухапіўшы дзіця на рукі і пакалыхваючы, Аксіння стала супакойваць яго.

— А-а-а! Ну, чаго ты, што з табой! Ну, сціхні, сціхні, дурненькі,— пяшчотна гаварыла яна малому. Усміхаючыся, яна паскардзілася Шашуру: — Такое неспакойнае, на хвіліну нельга адысці.

Каля яблыні стаяў кірпаносы хлопчык, спадылба пазіраў на незнаёмага чалавека. Хлопчык, напэўна, глядзеў дзіця. Перачакаўшы, пакуль маці сцішыць дзіця, Шашура папрасіў:

— Пакажы, куды ехаць. Каб час не марнаваць.

Аксіння пакінула дзіця з хлопчыкам, павяла падрыўніка да загона.

Спыніліся недалёка за сялом.

Дзе-нідзе загоны былі ўжо ўзараны, пэўна, яшчэ да блакады, людзьмі, большасць якіх цяпер ужо не жылі. Пааралі, не ведаючы, не думаючы, што сеяць і прыбіраць будзе ўжо хтосьці іншы, не яны самі...

Шашура перапрог каня, разуўся, зняў пінжак. Узяў аўтамат, закінуў за спіну. Прычапіў да боку і «парабелум». Паставіўшы плуг у пачатку загона, варухнуў лейцамі, цмокнуў. Конь нацягнуў пастронкі, нарог паслухмяна ўехаў у зямлю, і вільготная, свежая, з тлустым адценнем шэрая скіба стала валіцца набок. Босыя ногі Шашуры ступілі ў мяккую халаднаватую баразну, грудзі пад сарочкай крануў казытлівы майскі ветрык.

Прайшоўшы ў канец палоскі, Шашура налёг на ручкі, перавёў плуг на другі край загона і пакіраваў назад. У канцы загона яго чакала Аксіння.

— Ідзі. Глядзі дзіця,— сказаў ён па-гаспадарску.— Ды скажы, каб падсілкавацца чаго-небудзь прыдумалі... Святым духам, ведаеш, нядоўга працягнеш...

Яна ніколькі не здзівілася таму, што ён распараджаецца, і паслухмяна падалася дахаты. А ён адразу забыўся пра ўсё. Да чаго ж гэта добра — ісці босымі нагамі ў мяккай баразне, трымацца за плуг! Колькі часу ён не браўся за плуг!

Сонца падымалася ўсё вышэй на ясна-блакітным, з рэдкімі лёгкімі воблакамі небе. Станавілася горача. Сарочка памакрэла, асабліва пад пахамі і на спіне, ліпла да цела. Калі-нікалі няроўнымі, лагоднымі павевамі находзіў ветрык, песціў твар, халадзіў спіну.

Па ўсім полі спакойна, мірна хадзілі людзі. Баразну за баразной сабрана і заклапочана вёў Шашура, увесь аддаўшыся слодычы ціхай працы, спакою. Спакой быў у яго душы, спакой, здавалася, поўніў увесь навакольны свет. Гэта адчуванне спакою ўзмацнялі бесклапотныя, цудоўныя спевы жаўранкаў, якія нібы разліваліся і ў небе, і па зямлі.

Зрабіўшы некалькі кругоў, падрыўнік, аднак, з прыкрасцю заўважыў, што пачала дзервянець сагнутая спіна. Чым далей ступаў баразною, тым больш важчэлі стомаю рукі, ногі, знямелым рукам даводзілася па чарзе даваць адпачынак, трымаць плуг адной рукой.

«Вось што значыць адвыкнуць ад працы!» — падумаў ён здзіўлена і нездаволена.

Але жаўранкі ўсё спявалі ў небе і на зямлі, ён гэта чуў, і адчуванне спакою і міру ўсё жыло ў яго натомленым целе.

Пад поўдзень падрыўнік прыкмеціў здалёк дробную, хуткую постаць Аксінні і другую, незнаёмую; жанчыны нешта неслі ў клунку. Потым яны разышліся, тая, незнаёмая, падалася да таварыша поблізу, а Аксіння пакіравала проста да загона Шашуры.

Шашура быў ужо недалёка ад яе, калі з-за блізкага лесу не ў час вынырнулі два самалёты. Падрыўнік адразу кінуў плуг і рынуўся да каня, схапіў за вуздэчку. Ён ледзь управіўся схапіць за вуздэчку, як з гары пачулася, імкліва набліжаючыся, траскучая, злая кулямётная чарга. Няспынна страляючы, самалёты нізка, як бы прыгнятаючы да зямлі, прайшлі над полем: услед за імі прабег па палосках чорны цень. Конь хроп, ірваўся з рук, як ашалелы, але Шашура, амаль павісшы на ім, колькі сілы трымаючы вуздэчку, не выпускаў яго. Ён мог бы ўцячы далёка, параніць аб плуг ногі.

Самалёты зніклі ўдалечы, аднак неўзабаве паказаліся зноў. Вярталіся. Поле заціхла, як перад навальніцаю, і ў насцярожанай цішыні моцнае татаканне кулямётаў здалося грымотным, асабліва пагрозным. Шашура ўбачыў наводдаль партызана, што цэліўся насустрач самалётам, і пашкадаваў, што ніяк абараніцца не можа ад самалётаў тут, у полі. «Эх, каліна, конь гэты зусім стрыножыў мяне!» — Шашура мімаволі ўцягнуў у плечы галаву, зноў нацяў рукі, не выпускаючы вуздэчкі. Самалёты прайшлі, здавалася, над самай галавою, аглушыўшы ровам матораў і стралянінаю.

Ён пастаяў, прыслухоўваючыся, пакуль не ўпэўніўся, што самалёты не вяртаюцца. Ціха крануўшы лейцамі каня, ногі ў якога ад нервовага напружання дробна дрыжалі, Шашура давёў плуг да канца паласы, спыніўся. Напалоханая, збялелая Аксіння сказала:

— Божа! І рабіць спакойна не даюць!

— Ведаюць, захрыбетнікі, што не возьмеш аўтаматам! На галаву садзяцца!..— Шашура ледзь не вылаяўся, але ў час схамянуўся.— Нічога, цётка Аксіння, бывае і горш. І — нярэдка!..

Ён распрог каня, пусціў пасвіцца. Пакуль ён вярнуўся, Аксіння, як магла, адолела спалох, развязала клунак. Паслаўшы замест абруса ручнік, паставіла гладышку з малаком, міску з наздраватымі аладкамі.

— Папалуднуй, чым багаты!..

Шашура сеў на ўдзірванелым узмежку каля ручніка-абруса, задаволена пацёр рукі, паказваючы, што занятак, які яму трэба пачаць, ён вельмі любіць.

— Абед, можна сказаць, мірнага рэжыму! Дранікаў напякла! Як ты адгадала — я іх страх люблю!.. Ну што ж, пачнём без усякіх урачыстых слоў.

Ён ужо намерыўся пачаць, але перадумаў:

— Ведаеш што! Давай разам, удваіх! Каб весялей ішло і ахвотней! Дамовіліся?

Шашура, весела пазіраючы, працягнуў ёй кубак з малаком.

— Я абедала ўжо.

Аксіння, аднак, не стала адмаўляцца.

Ён піў проста з гладыша, вялікімі глыткамі і закусваў складзенымі ў дзве столкі дранікамі. Еў неспакойны падрыўнік так, як і працаваў,— спрытна, хутка, нібы спяшаўся і баяўся не ўправіцца.

Абцёршы далонню губы, не тоячы задавальнення, падзякаваў за пачастунак, пахваліў усё. Праўду казаў: полудзень здаўся яму вельмі смачным, і папрацаваў нямала, ды і жыць даводзілася апошнімі днямі галаднавата.

Пасля пачастунку належала на шчодрасць гаспадыні адказаць добрай гаворкай.

— Малайчына ты, ей-богу,— пахваліў ён яе.

— Ды ўжо ж, куды там! — сціпла адказала яна. Але падрыўнік адчуў: рада была, што пахваліў.

— Што гэта я не бачыў цябе раней? — здзівіўся ён.— Столькі разоў прыходзіў сюды, а не ведаў. Не бачыў.

— Не суджана, значыцца! — нявесела пажартавала яна.

— Муж, відаць, строгі?

Ён хоць пасмейваўся, зірнуў дапытліва. Важнае было пытанне.

— Строгі...— дзіўна адказала яна і затаілася.

Шашура ўлавіў: гаворка пра чалавека штосьці не да спадобы.

— Ты не бядуй вельмі,— паспачуваў ён.— Нажывецца ўсё. А што баліць — сціхне.

— Не, не ўсё.

— Усё, усё, каліна-маліна. Галоўнае: жывыя асталіся. А ўсё астатняе зажыве, зарасце. У мяне колькі ўсяго было — зарасло. Як мяса на сабаку.

— Ці жывыя яшчэ застанемся, бог ведае! — шчыра выказала яна, пэўна, балючае.

Ён пастараўся развеяць яе страх.

— Будзем жывыя! — казаў так, што не павінна было быць сумненняў.— Не памерлі дасюль, далей ужо — не памрэм!

Ёй, заўважыў, не спадабалася яго гуллівасць.

— Цудам уратаваліся,— сказала яна сумна.— Перад тым страхоццем, як ведала, да свякрухі з малымі падалася. У Вішнякі. Тым і ўратавалася. А калі б не паехала...

— Не рэж сябе! Ні да чаго гэта! — параіў ён цвёрда. Як больш мудры.— Скажы вось лепш: на што спадзяешся? Каго чакаеш — і таму падобнае?

— На што спадзяюся? — яна хвіліну маўчала, думала сваё. Была ўсё ў сваім свеце.— Вось вайна, можа, калі-небудзь кончыцца...

— Кончыцца. І прытым, запэўняю — хутка!

— Няхай бы кончылася! Сколькі ж можна цярпець такое!

— Кончыцца скора, сказаў жа!.. А яшчэ на што — надзея?

— Дзеці вось падрасці павінны. Большыя будуць — лягчэй стане. Уся мая надзея.

— Так ужо і ўся,— не паверыў Шашура.

— Уся.

Зноў яна штосьці ўхілялася казаць пра чалавека.

— Кагосьці ж, мусіць, чакаеш? — пайшоў ён напрасткі, нібы абыякава, далікатна.

— Няма мне каго чакаць! — сумна адказала яна.— З таго свету не вяртаюцца.— Нервова, горка сказала : — Забілі яго яшчэ пазалетась. У партызанах таксама быў...

— А-а,— паспачуваў Шашура.

Доўга маўчалі.

— Але ты — нічога! Не гаруй вельмі, а? — параіў далікатна Шашура.— Не ўсё ж жыццё ўбівацца!.. Яму лягчэй не будзе, а сябе можна ўвагнаць у зямлю... Пра дзяцей думай!.. Ды і сама ж яшчэ маладая...

— Маладая,— сціпла запярэчыла яна. Не згадзілася з ім. Не ўзняла вачэй.

— Я гэта — сур’ёзна.

Яна не адказала. Раптам заспяшалася: сабрала посуд, згарнула ручнік. Завязала ў клунак.

Хутка ўстала.

 

3

Пад вечар ён ужо канчаў загон. Сыходзячы на лес, нізкае сонца лажыла ад каня на поле доўгі цень, на якім конь быў падобны да жырафа. Усё навокал ружавела. Шашура ступаў зморана і часам выбіваўся з разоры, збочваў то ўправа, то ўлева.

У гэты перадвячэрні час ён убачыў блізка Тураўца, які ішоў да яго шырокімі хуткімі крокамі наўпрасткі цераз поле. Шашура адразу прыпыніў каня, стаў чакаць. Туравец яшчэ зводдалек прывітаўся.

— Наараў на працадзень? — запытаў ён, калі падышоў, усмешліва пазіраючы цыганскімі вачыма.

— Думаю, што хопіць. Хоць і позна пачаў.

— Хопіць? Глядзі, каб хапіла! Што ж, выходзіць, і хлеб зарабляеш? Ніхто не скажа: дармаед?.. Прытаміўся?

— Крыху...

Перадаўшы Шашуру аўтамат, Туравец узяў з яго рук плуг. Туравец ішоў за плугам лёгка і ўпэўнена, сваім звычайным крокам. Было відаць, што араць яму не ўпершыню.

Ён прайшоў адзін круг, другі, потым, параўняўшыся з Шашурам, спыніў каня, аддаў лейцы.

— А вы — аказваецца, каліна-маліна, з плугам, як з дружком...

— З другам? — нібы здзівіўся Туравец.— Не, брат, адвык. Не хлусі!

Ён зірнуў весела і так, быццам гаварыў: «Нашто хлусіш? Каму ты гэта...»

Туравец заспяшаўся:

— Трэба ісці ў сяло. Увечары будзе сход.

Ён пакіраваў наўпрасткі да вёскі.

Скончыўшы араць, у цёплым поцемку паволі рушыў у вёску і Шашура. Ён ішоў шчаслівы і задаволены пражытым днём, нават зморанасць, якая абцяжарыла ногі і рукі, была прыемнай.

Яму ўспаміналася размова з Тураўцом, і Шашура падумаў, як было б добра заўсёды вось так да вечара шчыраваць на полі, вяртацца змораным дахаты.

На двары гарэў агеньчык, на якім Аксіння ў чыгунку варыла вячэру. Пачуўшы крокі, яна падняла твар на Шашуру:

— Намарыўся, напэўна?

— Трошкі ёсць такога.

— Пастаў каня ды прыходзь сюды, будзем вячэраць.

Распрагаючы каня, ён падумаў, што трэба як-небудзь пастарацца дапамагчы Аксінні ўладаваць гаспадарку; хоць бы залатаць страху на хляве, што свеціцца, як рэшата. Каб у дождж было дзе схавацца. Каля яго круціўся хлопчык, цікаваў за ўсім, што робіць незнаёмы дзядзька. Падкінуўшы каню травы, Шашура неспадзеўкі схапіў малога на рукі і паказытаў. Хлопчык, выкручваючыся, весела завішчаў:

— Ой, пусці, не шлакачы!

Шашура паставіў яго на зямлю, запытаў, чым ён сёння займаўся. Хлопчык адказаў:

— Нічым...

— Як гэта нічым? Увесь дзень — нічым?

— Увесь дзень!.. Аленку трошкі гушкаў...

— Э, брат, няўжо ты такі гультай?

Малы, асмялеўшы, раптам папрасіў:

— Дзядзя, дай! — Ён глядзеў на аўтамат.

Шашура зняў ППШ.

— На! Толькі табе, друг, ранавата яшчэ, мусіць?

Патрымаўшы з натугай аўтамат, малы прызнаўся:

— Важкі.

Вячэралі каля вогнішча, на траве. Малое спала, а хлопчык сядзеў каля маці, вялікімі ўважлівымі вачыма сачыў за дзядзькам. Калі вячэра скончылася, Аксіння прамовіла:

— Казалі, сход будзе.

— Будзе. Пойдзеш?

— Не, дзеці адны будуць баяцца. А ты пойдзеш?

— Пайду.

— Ты мне раскажаш, што там будзе, добра?

Моўчкі кіўнуўшы, ён скруціў папяросу, кінуў на далоню барвова-аксамітны зыркі вугольчык і прыкурыў. Яна зірнула на яго.

— Дзе табе паслаць?

— Пасцялі на двары, у садку. Дажджу, мусіць, не будзе.

Ён паглядзеў у неба.

— Ну, то я пайду. Варту трэба паставіць, ды і на сход каб не спазніцца.

— Ты не заседжвайся дужа,— параіла яна.

Схамянуўшыся, яна няёмка дадала:

— Змарыўся ж. Дзень такі...

— Не, чаго ж там...

Ён выйшаў на вуліцу, цёмную, маўклівую. Увечар вёскі, ведаў ён, даўно ўжо маўчалі, не да песень людзям было. Вайна заўсёды і ўсюды адчувалася, нават у зоне, да блакады. І тады людзі тут жылі сурова, па законах вайны. Цяпер было ў цішыні вёскі штосьці даўкае, магільнае.

Цемра амаль схавала страшныя знакі разбурэння, але Шашура ў цемры бачыў усё яшчэ больш панурым. Печышчы выглядалі ў ёй нібы помнікі над магіламі. Важка было на сэрцы, калі падрыўнік думаў пра Аксінню, пра яе долю. «Калі ж гэта зноў усё стане на сваё месца і людзі зажывуць як трэба...»

Толькі ў адным месцы сярод гэтай нялюдскай цемры гарэў, барвова зырчэў агонь. Але і ён выклікаў нядобрае адчуванне, нагадваў пра агонь, што спаліў людзей, вёску. Праходзячы блізка ад агню, Шашура ўбачыў там купку вясковых, камісара, яны вялі нейкую гаворку.

Калі развёў вартавых, падаўся да агню, паглядзець, паслухаць.

Гаворка ішла пра ўсё-ўсякае. Гаварылі ўсе, каму хацелася, перабівалі, папраўлялі адзін аднаго. То меркавалі пра сяўбу, то ўспаміналі страшны дзень, розныя выпадкі, жахаліся, трывожыліся. Туравец слухаў, падаваў голас, спачуваў. Магло здацца нават, што ён проста ўдзельнічаў у гутарцы, пусціў усё на самацёк. Але хутка Шашура пранікліва адзначыў: не попусту сядзіць Туравец, лінію вядзе. Не трэба, маўляў, падаць у адчай, жыць трэба. Нядоўга ўжо гараваць засталося. Слабы ўжо фашыст перад нашай арміяй, не ўтрымаецца. Што да палявых работ — партызаны падтрымаюць усім, чым змогуць. Але трэба і самім за справу брацца. Агульнымі сіламі адольваць бяду.

Калі сход скончыўся, падрыўнік заспяшаўся да Аксінні. Па цёмнай гарбаціне хлява лёгка знайшоў яе селішча. Яшчэ з вуліцы ўгледзеў: Аксіння не спала, нерухома чарнела на двары, ля хлява.

— Марыш? — знарок бесклапотна запытаў падрыўнік.— А казала — няма пра што!

— Значыцца, ёсць,— адказала яна стрымана, потым дадала шчыра: — Чамусьці на душы пагана. Успамінаецца рознае...— Яна адолела цяжкае, спытала весялей: — Што там было?

 

4

Помнячы, што людзям раніцай трэба будзе ісці на працу, Туравец пастараўся скончыць сход раней, каб даць адпачыць. Але людзі разыходзіліся неахвотна. Многія пасля сходу, акружыўшы яго, яшчэ доўга гаманілі. Нібы не хацелі заставацца адны з бядою.

— Ці праўда,— пайшоў услед, сказаў Тураўцу стары, па-змоўніцку прыцішыўшы голас,— што, кажуць, наступленне ўжо тры дні як пачалося? Чуў я, што Ракасоўскі, значыць, заняў Магілёў і Жлобін, толькі гэта пакуль трымаюць у сакрэце...

— Што вы кажаце! — нявесела здзівіўся Туравец.— Магілёў і Жлобін?

У гутарках і наогул у адносінах з людзьмі ў Тураўца часам можна было заўважыць тое, што Ермакоў называў «акцёрствам» і хітрасцю. Туравец нярэдка знарок хітраваў, не адразу выказваў сваё разуменне справы. Ён, здаралася, здзіўляўся там, дзе не было яму нічога дзіўнага, рабіў выгляд, што захапляецца, дзе захапляцца не было чым. Ён нібы падладжваўся пад таго, з кім гаварыў, здзіўляўся і захапляўся, дзе таму хацелася. Рабіў ён гэта і таму, што такая гульня давала паўней выказацца чалавеку, а значыцца, лепш зразумець яго, і яшчэ таму, што хітраванне такое, гульня гэта — нашто таіць — Тураўцу падабалася. Была такая слабасць у камісара брыгады. Звычкаю нават стала.

— Тое, як бо яго, формбюро нашае,— працягваў стары,— пакуль маўчыць, каб перадаць адразу пабольш гарадоў.

— Унь што! — зноў здзівіўся Туравец.

— Мусіць, як Мінск возьмуць, тады і будуць перадаваць усё за адзін дзень!

Не хацелася, вельмі не хацелася расчароўваць старога. Але ашукваць нельга было. Туравец нарэшце перастаў таіцца.

— Не, наступленне яшчэ не пачалося,— сказаў ён, шкадуючы, што даводзіцца засмучаць.

Але стары не засмуціўся. Пранікліва, весела параіў:

— Вы, таварыш сакратар, не ўтойвайце. Вам жа, канешне, даўно сказалі гэта.— Ён, мудры стары, чулася па гаворцы, разумеў усё: — Толькі, пэўна, не дазваляюць, каб гаварылі пакуль! Таму вы і маўчыце!

Заўважыўшы, што Туравец нібы вагаецца, стары перайшоў на зусім сяброўскі лад:

— Яно і праўда, шапні толькі аднаму, двум, дык і папаўзе па ўсім свеце.— Стары тут жа паправіў Тураўца: — Але яно, значыць, сказаць, людзі не ўсе аднолькавыя. Два браты і то не бываюць, каб кропелька ў кропельку падобныя адзін на аднаго. Вось я, прыкладна, чалавек не такі, адным словам, не тое што іншыя. Я чалавек вельмі скрытны. Ніхто ведаць не будзе, калі нельга гаварыць. У Сакаўцах, што за пяцьдзесят вёрст, кажуць, былі ўжо нашы разведчыкі!.. Праўда?

— Не, пакуль няпраўда. Але,— Туравец весела прыжмурыў вока,— можа здарыцца, што... хутка стане праўдаю!

Стары зразумеў гэта па-свойму, ціха, па-змоўніцку засмяяўся:

— Канешне, праўда. Дыму без агню, кажуць, не бывае. Калі гавораць, значыць, штосьці ё-осць!..

 

5

Туравец рашыў адразу пасля сходу ехаць. Тут была Марыя Андрэеўна, што яшчэ ўранні прыехала ў вёску агледзець жыхароў пасля блакады. Туравец і Марыя Андрэеўна паехалі ў брыгаду разам.

Туравец сам правіў коньмі. Ардынарца камісар — не без свайго разліку — днём паслаў з даручэннем у адзін атрад.

На вуліцы было пуста і ціха. Туравец, поўны цяжкіх успамінаў пра ўбачанае ўдзень, пра бяду і спустошанне, што нарабіла блакада, сумна маўчаў.

Разумеў, што трэба б загаварыць, а не мог. Зрэшты, яму здавалася, што яна адчувае тое ж самае.

Туравец чуў яе плячо, якое ад пакалыхвання калёс то прыпадала да яго, то аддалялася. Падумаў, што вось яна з ім, што ім усю дарогу, доўга ехаць удваіх, поруч, без іншых людзей, але і гэтая думка танула ў смутку.

Нявесела, без ахвоты расказаў пра размову са старым. Марыя Андрэеўна задуменна запярэчыла яму:

— Вы памыліліся — гэта не няпраўда. Гэта — нешта іншае. Людзі гавораць таму, што хочуць, каб так было. Гэта хутчэй — як бы сказаць — мара. Мара людская!

Мара людская? Яна, здаецца, добра сказала. Мара, якой суджана хутка збыцца.

— Як — Будаёва — паправіцца? — спытаў пасля маўчання. У Будаёвай забілі трох дзяцей, усю сям’ю, калі хаваліся ад карнікаў у пограбе. Граната, кінутая ў пограб, раніла і маці, але тая выжыла. Вярнуўшыся з непрытомнасці, яна звар’яцела...

— Цяжка з ёй... Але, можа, адыдзе... Арганізм малады...

Маўчалі зноў. Думалі кожны пра сваё.

— З Аўдоццяй Шабуняй гаварыў,— сказаў Туравец, усё гледзячы перад сабой.— Пра смерць чалавека пыталася...— Ён прызнаўся вінавата:— Ашукаў я яе тады, у блакадзе...

Зноў доўгі час ехалі моўчкі. Навокал было нязвычна ціха і спакойна, здавалася, нішто не здольна парушыць гэты спакой. Толькі і было чуваць, як бесклапотна шархацяць, пастукваюць колы, фыркаюць мірна коні. Час ад часу набягаў ветрык, што пачынаў жвавець перад раніцай.

— Уся зямля, здаецца, у папялішчах,— прамовіў Туравец нервова.— Пахне гараю. Стогне, здаецца. Век, здаецца, будзе патыхаць гараю, стагнаць!..

— Не трэба! — папрасіла яна горача.— Не трэба пра гэта, Нічыпар Паўлавіч!

Яна лагодна, нібы просячы прабачыць, што, можа, пакрыўдзіла, дакранулася да яго рукі. Лагодна ж сказала:

— Раскажыце лепш, як вы жылі да вайны. Мне гэта вельмі хочацца ведаць!

Ён зразумеў адразу: пытаецца для таго, каб адвесці гаворку на іншае. Не такое балючае.

— Што ж вам расказаць?

— Усё, што хочаце. Усё будзе цікава... Хоць з маленства пачынайце...— Яна прамовіла мякка, са спачуваннем.— Вы, здаецца, сіратою былі?..

— Сіратою...

— І рана засталіся?

— Бацьку не помню зусім... Казалі, надарваўся, падымаючы бярвенні на зруб. У нашым жа сяле было... Цесляром наймаўся к людзям, падрабляў... Маці помню, але цьмяна. Памерла ад сухот, калі мне яшчэ не было і шасці...

Ён задумаўся.

— З кім жа вы жылі?

— Спачатку ўзяў дзед. Праз пяць гадоў,— так напрадвесні — яго пахавалі побач з маці маёй... Тады забраў чужы чалавек Яўхім Стручок, аднавясковец, дабрадзей. «Не прападаць жа дзіцяці! Трэба ж каму-небудзь даць божаму стварэнню прытулак!..»

— Што, цяжка было? — запыталася яна, улавіўшы ў словах Тураўца іронію.

— Амаль звычайна... Летам пасвіў жывёлу, зімой даглядаў яе. Вазіў дровы... Зарабляў на кавалак хлеба... Аднойчы на кірмашы гаспадар мой купіў каня. Конь быў ліхі, натурысты, але прадавалі танна, і Стручок паквапіўся. Скупы быў вельмі, беражлівы. Перадаў ён каня мне, аб’язджаць, прывучаць. Ліхая жывёліна трапілася, недарма танна аддалі! Зверам, дарэчы, звалі, імя — лепшага да яго характару і не знойдзеш! Доўга нікога і блізка не падпускаў. Хадзіў я, хадзіў каля яго, і задобрываў, і строгасцю спрабаваў,— не даецца, дый годзе. Звер і звер, нічога іншага не скажаш. І вось аднойчы наважыўся я сесці на яго. Ледзь толькі ўскочыў на яго, ён як ірванецца, скочыць, захрапе. Пакруціўся, паскакаў і паляцеў па вуліцы, у поле. Я ўпіўся ў грыву, ашчаперыў нагамі бакі яго, ні жывы ні мёртвы лячу. Вось яна, смяротная мая часіна, думаю!.. У полі ён як крутне раптам, я і паляцеў з усяго разгону. Добра, што ралля была!.. І то, мусіць, з гадзіну праляжаў непрытомны.

Марыя Андрэеўна лёгка дакранулася да яго локця. Нібы шкадуючы, нібы супакойваючы.

— Нічога, усё-ткі аджыў! Толькі шрам пад левым брывом застаўся...

— Я думала, гэта з вайны...

— З таго дня... Вярнуўся я, кульгаючы, дамоў. Стручок як накінецца: «Дзе конь? Ты яго не знайшоў? Дык чаго ж ты, воўчае племя, прыпёрся назад? Ты думаеш, што за цябе будуць шукаць другія?..» — «Жаласна неяк выходзіць, амаль лірыка...» — падумаў Туравец і стаў гаварыць больш стрымана.— Я, канечне, не пайшоў шукаць. Непаслухмяны, упарты быў страшэнна. Таму, мабыць, і ад Звера не адступіўся, пакуль не прывучыў. Яшчэ тры разы ляцеў я з яго потырч, а потым дзікая душа Звера ўсё ж памякчэла. Прымірыўся, стаў слухацца... Мяне тады,— усміхнуўся Туравец,— звалі «цыган». Смуглы быў, чорны. Дзеці на вуліцы крычалі ўслед: «Цыган, цыган, вядзі каня на выган...»

— І доўга вы былі ў Стручка гэтага?

— Два гады. Потым кінуў усё к чорту і падаўся ў горад. Наняўся за вартаўніка на прыстань... Цікавы час тады быў. Недалёка фронт. На вуліцах поўна салдат. Вясёлыя, узрушаныя, галасістыя. Я аднойчы трапіў на мітынг — яны тады былі ледзь не штодня. Гаварылі там пра рэвалюцыю, пра зямлю, пра вайну. Гаварылі эсэры, меншавікі, бальшавікі. Я многага толкам не зразумеў, але галоўнае ўхапіў. Асабліва — што да зямлі, народу, улады мазолістых рук, сярпа. Разуменне таго, што і я — тварэц гісторыі, зрабіла мяне нібы п’яным. Галава звінела ад мітынгаў, ад прамоў, я быў самым актыўным удзельнікам усіх маніфестацый у карысць рэвалюцыі. За які-небудзь тыдзень я перарадзіўся ў баявітага рэвалюцыянера. Перарадзіўся начыста... Яшчэ тыдзень перад гэтым думкі мае абмяжоўваліся тым, як зарабіць капейку ды пражыць дзень. Марыў толькі прыкапіць грошай і вярнуцца ў вёску, ладаваць гаспадарку... Цяпер жа я поўны быў вялікімі страсцямі, якія кіпелі вакол. Ёсць, аказалася, рэчы, багата больш важныя за сваю гаспадарку! Спрабаваў я ў галодныя часы зноў жыць у вёсцы, але вытрываў толькі з год. Мяне нястрымна пацягнула на прастор, у неспакойнае жыццё. Да святла. Я павінен быў дзейнічаць. Рэвалюцыйная энергія, што брадзіла ва мне, патрабавала актыўнасці. На торфараспрацоўках, куды я прыехаў на заработкі, мяне выбралі брыгадзірам. Гэта была мая першая выбарная пасада, добры пачатак «кіраўнічай кар’еры»...

Туравец, гаворачы гэта, нібы таіў лагодны смех. За гэтым змоўк, задумаўся, аддаўся ўспамінам.

Марыя Андрэеўна першая парушыла маўчанне.

— Вам, мусіць, нялёгка было ў райкоме працаваць? Без адукацыі?..

— Нялёгка. Прыйшлося давучвацца на хаду.

— Як?

— Вечарам, часам — і начамі. Вярнуўшыся з паездкі па калгасах... Многаму навучыла партыйная работа, знаёмства з рознымі людзьмі... Двойчы пабыў на парткурсах — у Мінску, у Маскве... Вельмі дапамог мне ў вучобе адзін чалавек...

— Хто ён?

— Мая жонка.

Успаміны пра жонку звычайна выклікалі сум,— цяпер ён адчуў нібы дакор сабе. Зося паўстала перад ім як суддзя, нібы быў вінаваты перад ёю, вінаваты, што палюбіў іншую. Нялёгка было ўспамінаць яе цяпер, гаварыць пра яе, але ён адолеў сябе, рашыў расказаць усё. Не хацеў нічога ад Марыі Андрэеўны ўтойваць, не хацеў пакідаць недагаворак.

— Мы пазнаёміліся, калі Зося толькі скончыла тэхнікум. Яна тады толькі пачала настаўнічаць. Сама птушанё была, а ўзялася дапамагаць мне. Ахвотна ўзялася. Мне яна была проста падарункам. Пашанцавала мне. Горача ўзяўся я за вучобу. Праўда, нялёгка было — бясконцыя раз’езды. Неаднойчы дарэмна яна чакала — не ўдавалася выбраць час, вярнуцца з раёна... Але часта знаходзіў, вяртаўся. Спяшаўся да яе... Так было... Нярэдка пасля заняткаў пачаў заседжвацца ў яе пакоі, апавядаць пра свае клопаты. Зося расказвала пра сваіх вучняў, кожнага з якіх я неўзабаве ведаў, як свайго знаёмага. Затрымаўшыся ў раёне, я ўжо вельмі шкадаваў, што прыходзіцца заняткі прапускаць. Шкадаваў цяпер, здаецца, больш таму, што не мог пабачыць яе... Настаўніца! — прамовіў Туравец з сумам, з пашанай.

Ён пастараўся адужаць сум свой, згадаў весялей:

— Калі яна стала жонкаю, я часта, падсмейваючыся, называў яе настаўніцаю. «Ну як, настаўніца, зачакалася, мусіць? Вінават, затрымаўся...» Яна папракала, таксама смешкамі: «Вінават! Адгаворка адна і тая ж. Не ведаю, што і рабіць з такім ненадзейным вучнем!..»

Туравец нечакана сказаў:

— Яна загінула на другі дзень бамбёжак. Я быў у райкоме, калі пазванілі... Не ўправілася выйсці з дому. Бомба трапіла проста ў дом...

Кожнае слова ён прамаўляў так, нібы варочаў глыбы руін таго дома. Стаў дыхаць цяжка.

Не адразу загаварыў зноў. Усё не мог пачаць зноў. Пачаў задуменна і шчыра:

— Мне шанцавала ў сямейным жыцці. Вельмі шанцавала. Мы былі шчаслівыя... Ведаеш, мне часам здаецца, што я быў не варты яе. Што яна — лепшая, багата лепшая за мяне! Яна была чалавек, якіх мала! Калі я чаго-небудзь варты, у гэтым, напэўна, больш за ўсё яе заслуга...

Ён заўважыў: Марыя Андрэеўна слухала ўсё гэта з насцярожанай увагай.

Скончыўшы, Туравец паспакайнеў: цяпер яна ведае ўсё.

— Вось, як на споведзі!..

Зноў было маўчанне. Толькі скрыпалі калёсы.

Туравец папрасіў яе расказаць пра сябе, але яна запярэчыла стрымана:

— Не цяпер. Пазней як-небудзь... калі толькі вас будзе цікавіць...

Яна думала пра нешта сваё, і Туравец адчуў, як між іх легла нябачная мяжа. Адчуванне блізкасці знікла.

Яны так ехалі доўга, і блізкія, і чужыя. Апусціўшы галаву, нібы дрэмлючы, Марыя Андрэеўна моўчкі думала нешта, успамінала нешта, сваё, патаемнае, куды яна не хацела яго ўпускаць, дзе ён быў нежаданы, непатрэбны.

Туравец разумеў, што яна цяпер была вельмі далёка ад яго...

— Вы, напэўна, думаеце, што я скрытная і не ўмею дзякаваць за шчырасць, — загаварыла раптам яна. — Выпытала ў вас, што хацела, а сама маўчу... Не, я люблю шчырасць, Нічыпар Паўлавіч, і ўмею на яе адказваць. Проста, кажу ад душы, не хацелася псаваць настрой і свой і ваш... Маё сямейнае шчасце было несалодкім... Я была нешчаслівая, — сказала яна з цяжкай адкрытасцю, з выклікам. У голасе яе прабілася нотка раўнівай крыўды.

Выказаўшы самае цяжкае, яна гаварыла ўжо лягчэй.

— Гісторыя мая вельмі простая, нецікавая!.. Выйшла я замуж яшчэ ў інстытуце. Жылі спачатку таксама добра, шчасліва жылі. А пасля — мы тады працавалі ўжо — ён ашукаў мяне... Я выпадкова даведалася... З таго дня мы сталі чужымі...

Яна сціхла, напэўна, усё ўспамінаючы зноў.

— Нейкі час мы жылі яшчэ разам. У адной кватэры. Спачатку не гаварылі, потым ён, Анатоль, захацеў памірыцца. Прасіў прабачыць, забыць. Кляўся, пра дачку клапаціўся... А я не ўмела нічога ні забыць, ні дараваць... Не даравала... Тады ён пераехаў на другую кватэру... Часта, праўда, заходзіў праведаць Светку. Калі пачалася вайна, яго, як усіх, пазвалі на фронт. Перад адпраўкай — ужо з эшалона — ён адпрасіўся да нас. Абняў і пацалаваў дачку. Развітаўся са мною... Сказаў, што, калі будзе жывы, вернецца да мяне. Што без мяне нібы жыць не можа. Сказаў яшчэ, што я — жорсткая... З дарогі ён прыслаў ліст... Можа, і так, можа, ад той гісторыі ён і любіў па-сапраўднаму... А я? — Яна задумалася.— Вайна ўсё ж штосьці расплавіла ва мне... Жаль ва мне нейкі да яго... Светку шкада... А наогул не разумею толкам, што там у мяне, усярэдзіне, такое...

Яны пад’ехалі да лесу. Дарога ішла паўз самыя дрэвы, і чорнае галлё схілялася над ёю, як страха.

— Ах, Нічыпар Паўлавіч, што мне рабіць, не разумею, — сказала яна інакш, ласкава, лёгка.— Думаеце, я не бачу, што вы мяне любіце? Бачу.

— Так, люблю...— Туравец цяжка вымавіў: — А ты?

— І я вас люблю.

— Любіш?!

Ён выпусціў лейцы, хвалюючыся, узяў яе за руку, але Марыя Андрэеўна лагодна адарвала яе.

— Лю-ю-блю! Прызнаюся, чаго тут таіцца? А вось як далей быць з вамі — не ведаю. Думаю пра Светку, пра яе будучыню, часам пра Анатоля, і ўсё блытаецца...

— Маша, я ёй буду добрым бацькам...

Марыя Андрэеўна запярэчыла мякка:

— Не будзем пакуль гаварыць пра гэта, добра? Пачакаем, паглядзім. Паглядзім, як далей будзе... А тады я скажу, вырашу... адзін раз на ўсё жыццё, канчаткова. Добра?

— Добра. Але... лепш — цяпер.

— Які вы нецярплівы! Ну, так і быць, пастараюся — хутчэй... А калі я вырашу сказаць — не? Як тады?

— А ты пастарайся сказаць і — хутчэй, і — так!..

Мінулася поле, пачаўся рэдкі лясок. Яна паставіла каўнер свайго паліто і сказала зморана:

— Вы ведаеце, я трэція суткі не сплю. Я падрамлю, седзячы. А вы не едзьце хутка і дзе-нідзе мінайце ямы. Інакш я, чаго добрага, магу выпасці з вашай карэты, і вам прыйдзецца адказваць.

Яна ўткнула твар у каўнер. Як ні ціха стараўся ехаць Туравец, але калёсы ўсё ж калыхаліся, падскоквалі на нявідным карнявішчы, дзе-нідзе западалі ў ямы.

Марыя Андрэеўна, было відаць, вельмі змарылася. Задрамаўшы, яна прытулілася да яго пляча, і ён баяўся паварушыцца.

Вакол, асабліва ўгары, дзе віднелася неба, паступова святлела. Набліжалася раніца.

Ён бачыў, што Марыі Андрэеўне нязручна, адсунуўся і палажыў яе галаву на свае калені. Яна не прачнулася. Адчуўшы, што пасвяжэла, Туравец асцярожна выцягнуў з-пад сябе крысо шыняля і колькі мог накрыў яе. Калі б трэба было, ён, здаецца, узяў бы яе на рукі і паціху, каб не разбудзіць, нёс бы.

Ён хацеў бы, каб гэтае падарожжа працягвалася доўга...

«Я люблю. Я зноў люблю...» Тры гады назад, калі ён так гараваў аб смерці жонкі, у яго не магло быць такога і ў думцы. Ён лічыў, што ўсё ўжо без звароту мінулася. Ён тады не мог і думаць пра тое, што калі-небудзь здарыцца нешта падобнае на вось гэтае. Што нехта прыйдзе ў сэрца, стане жаданаю, як тая. Але здарылася вось. Прыйшло. Ён любіць... Ён шчаслівы... Хоць, здавалася, так любіў тую... Зноў любіць...

Паволі надыходзіла раніца. Туравец бачыў, як усё яснела, брала фарбы неба, чырванелі вяршыні дрэў. Абуджаўся лес, усё вакол дыхала велічным спакоем і сілаю.

Гледзячы на яе галаву, што адпачывала на яго каленях, на белую, стомленую шыю, на ўсю яе, што даверліва спала побач, ён адчуваў, што шчасце без яе немагчыма.

 

РАЗДЗЕЛ IV

 

1

Чарняхоўскі нарадзіўся ў сяле Аксаніна, што сярод стэпаў на поўнач ад Адэсы.

Тут, аднак, прайшлі толькі першыя гады яго маленства: калі яму было сем год, бацькам давялося перабрацца на новае месца. Пан Навінскі, у якога бацька Івана быў «пры конях», купіў у другога пана новы маёнтак, і конюху з сям’ёй давялося ехаць за ім.

Яны сталі жыць у Вербаве.

Жыццё ў Вербаве амаль нічым не рознілася ад ранейшага. Як і да гэтага, у бацькі не было ні сваёй зямлі, ні нават уласнага кутка: жыць даводзілася, як на кватэры, у панавай хаце «для конюхаў», за якую пан штомесяц адлічваў частку бацькавага заробку.

Ад сяла была блізка станцыя Вапнярка. Станцыя тады здавалася малому Ясю, як звалі Чарняхоўскага ў сяле, казачным краем. Пазіраючы на паравозы, слухаючы свісткі, лязг буфераў, ён нямеў ад захаплення. Машыністы, счэпшчыкі, стрэлачнікі былі героямі яго мар. Калі Яся пыталіся, кім ён будзе, малы адказваў цвёрда: машыністам ці стрэлачнікам.

На гэтай станцыі Ясь стаў вучыцца. Вучоба давалася яму лёгка, асабліва арыфметыка. Бацька быў вельмі задаволены, што Ясь так добра рашае задачы, — ён лічыў арыфметыку «галоўнай навукай у жыцці».

— Калі чалавек, сынку, умее добра лічыць, ён — ого! Такога, сынку, ніхто не ашукае...

Ясь рос жвавы, неспакойны і смелы. Відаць, гэтыя асаблівасці яго і былі прычынай таго, што вербаўскія дзеці выбралі яго сваім верхаводам. Ва ўсіх гульнях, у паходах Ясь быў заўсёды ў першай ролі...

А тым часам у Вербаве адбываліся незвычайныя падзеі.

Прыйшла рэвалюцыя. Пан Навінскі ўцёк, і сяляне падзялілі панскі хлеб, некалькі мяшкоў яго прынёс дамоў і задаволены бацька. Але хутка зноў надышоў кепскі час. Пану Навінскаму ўдалося вярнуцца з немцамі, і хлеб, што яшчэ застаўся, адабралі, а бацьку прагналі з «двара».

Сталі галадаць...

У гэты цяжкі час у жыцці Яся здарылася самае горшае, што магло здарыцца. Ні з чым нельга параўнаць няшчасце, што звалілася на Яся, на яго сям’ю. Ад тыфу, які люта гуляў па Вербаве, злеглі бацька і маці, злеглі і неўзабаве памерлі. Амаль у адзін дзень.

Ясь стаў сіратою, разам з пяццю сваімі сёстрамі і братамі...

Хлопчык, якому было толькі дванаццаць год, пачаў рабіць на сябе, на сям’ю: летам і ўвосень ганяў на пашу вербаўскую жывёлу, пёкся доўгімі днямі на сонцы, мок на дажджы, стыў у асеннюю непагадзь.

Школа была закрыта, але яму хацелася вучыцца. Урываючы грошы са свайго нікчэмнага заработку, ён хадзіў вучыцца да хворага настаўніка.

— У цябе, Ясь, добрая галава,— сказаў яму неяк настаўнік. — Вучыцца табе трэба, абавязкова.

Але вучоба была наканавана іншая.

З Вербава ён падаўся на чыгунку, наняўся рамонтным рабочым. Летам мянялі шпалы, раўнялі насып. Зімой таксама працы хапала: узяўшы лапаты, выходзілі на «дарогу», адкідвалі з яе снег, ставілі агароджы з абодвух бакоў насыпу...

На другую зіму, крыху папрацаваўшы падручным слесара ў чыгуначных майстэрнях, ён уладзіўся правадніком на таварных ад Вапняркі да Адэсы — наглядаў за важнымі грузамі.

У тыя гады, адным з першых уступіўшы ў камсамольскую ячэйку, Ясь жыў, можна сказаць, ужо багатым жыццём.

Абстаноўка ў сяле была трывожная: недалёка дзейнічалі банды.

— Калі прыйдуць бандзюкі, нас усіх пераб’юць, — сказаў аднойчы пасля сходу, што зацягнуўся да позняга вечара, хтосьці з камсамольцаў.— Яны даўно ўжо востраць зубы...

— Не пераб’юць! Мы мацней за іх...— заявіў упэўнена Ясь.— А калі і паткнуцца, — возьмем стрэльбы ды так іх спаткаем!..

Ён быў заўсёды смелы і рашучы. Мусіць, за гэта яго так любілі, паважалі і слухаліся...

Ён не ведаў, куды падзець маладую энергію. Чым толькі ён не займаўся ў клубе: выступаў у спектаклях, у аркестры іграў, спяваў у хоры, выпускаў газету, пісаў у яе артыкулы і нават вершы. Здольны да музыкі, ён іграў на ўсіх струнных інструментах, якія былі ў вёсцы.

Гарачы, настойлівы хлопец з чорнай чупрынай, што фарсіў у ваеннай гімнасцёрцы, у сінім з бліскучымі леямі галіфэ, ён быў лепшым прамоўцам ад камсамольцаў на вербаўскіх дыспутах. Асабліва ўдала выступаў Іван Чарняхоўскі на дыспуце «Ці ёсць бог?». У Івана была на дзіва ўчэпістая памяць, што трымала ў сабе незлічонае мноства розных вестак і фактаў. Калі дадаць да гэтага, што малады прамоўца ў спрэчцы лёгка запальваўся, што спрэчка ўздымала ў ім упартасць, той уздым, які вучоныя людзі назвалі натхненнем, то ці трэба здзіўляцца, што Івана нельга было адолець у дыспуце.

Ужо тады можна было заўважыць у ім багата адоранага, таленавітага чалавека, дзейсная натура якога шукае сабе шлях.

Неўзабаве надарылася цудоўная магчымасць: Івану Чарняхоўскаму, які тады працаваў ужо шафёрам у Новарасійску, прапанавалі паехаць у пяхотную школу, у Адэсу. Ён не вагаючыся ўзяў у акружкоме камсамола пуцёўку і, поўны надзей, памчаў насустрач заваблівай будучыні.

Але надзеі яго тут не збыліся: пяхотная школа не задаволіла маладога курсанта, што любіў тэхніку. Нязлагадны курсант пяхотнага вучылішча рваўся да іншай, дарагой душы мэты, настойліва папрасіў, каб перавялі ў артылерыйскую школу.

Чатыры гады пасля школы ён служыў у артылерыі, вучыўся, множыў вопыт камандзірскай работы: быў і камандзірам узвода, і зампалітам камандзіра батарэі, і камандзірам разведкі батарэі. Чалавек шырокай цікаўнасці, актыўны ў адносінах да людзей, да ўсяго, што адбываецца вакол, ён заўсёды, усёй душой, аддаваўся партыйнай рабоце. Амаль нязменна Іван Данілавіч быў то членам партбюро палка, то сакратаром партячэйкі. Ён любіў палітработу, мусіць, не менш за камандзірскую дзейнасць.

— Вось дзе ваша прызванне: палітработа, — гаварыў яму не раз тады камісар палка.— У вас талент палітработніка!..

Гэтыя гады і ўсе наступныя былі запоўнены штодзённай вучобаю. Цікаўны і працавіты, ён з дня на дзень убіраў у сябе важныя веды, вопыт, здзіўляючы таварышаў сваіх неспатольнай прагай ведаць як мага больш. У тыя дні і гады ў ім выспявала і мацнела думка ісці вучыцца далей, ён адчуваў патрэбу ў засяроджанай на галоўным, максімальна напоўненай вучобе, ён імкнуўся авалодаць самымі новымі тэарэтычнымі ведамі, новай тэхнікай. Усім гэтым надзеям і планам яго адпавядала Акадэмія механізацыі і матарызацыі, Чарняхоўскі ўсё больш упарта думаў пра яе. Ці дзіва, што, калі, такую магчымасць далі яму, ён ахвотна, энергічна ўхапіўся за гэту ўдачу, старанна падрыхтаваўся да экзаменаў, добра здаў іх.

У Акадэміі ён увесь час быў выдатнікам.

Але заняткі не высушвалі яго. Як і раней, ён не мог абмяжоўваць сябе толькі справай. Шырокай, нястрымнай натуры яго мала было адной справы. Ён захапляўся спортам, прычым не якім-небудзь адным: быў і лыжнікам, і валейбалістам, і баскетбалістам, і стралком.

Калі ён вучыўся на трэцім курсе, у Акадэміі рабілі пераход на лыжах з Масквы ў Нара-Фамінск. У дзень пераходу сакавіцкае сонца прыгрэла, і снег пачаў хутка макрэць. Ісці было цяжка. Многія курсанты сышлі з лыжні, паехалі на машыне.

— Кідай, Ваня! Здавайся... вясне! — параіў яму таварыш.

Чарняхоўскі не здаўся, дайшоў да канца, і не проста дайшоў, а заняў першае месца на курсе... Любіў ён па-ранейшаму музыку, любіў спяваць, асабліва ўкраінскія песні... Скончыўшы Акадэмію, Чарняхоўскі некалькі год служыў у Беларусі — у Бабруйску і ў Гомелі. Перад вайной яго перавялі ў Рыгу.

Вестку пра вайну Чарняхоўскі пачуў у лагеры пад Шаўляем, куды яго танкавая дывізія прыехала з Рыгі на летнія заняткі...

Ён пачынаў вайну палкоўнікам, а праз тры гады быў ужо генерал-палкоўнікам, яму даверылі камандаваць фронтам. Ззаду быў вялікі і цяжкі франтавы шлях: ён камандаваў і дывізіяй, і корпусам, і арміяй. Ззаду былі адступленні сорак першага, цяжкія баі пад Ноўгарадам і пад Варонежам, пераправа цераз Дняпро, вызваленне Кіева, многія малыя і вялікія баі. Ззаду былі дні і ночы нязмернай, непрыкметнай для другіх работы, падрыхтоўкі да баёў тысяч салдат і афіцэраў, складанай ваеннай гаспадаркі.

 

2

Чарняхоўскі амаль паўтара сутак ездзіў па пярэднім краі, знаёміўся з абстаноўкай, з часцямі.

Цяпер камандуючы вяртаўся ў штаб фронту.

Адкінуўшыся на мяккую спінку, прама, як бы ганарліва трымаючы галаву, ён сядзеў за баранкай, звыкла вёў машыну. Вёў ён машыну сам не першы раз за гэтыя дні: неаднойчы загадваў шафёру памяняцца месцамі — і садзіўся за руль.

Шафёр адчуваў сябе без справы няёмка, і ў яго быў строгі і прытоена-вінаваты выгляд. Хоць і ведаў, што камандуючы калісьці быў таксама шафёрам, вазіў дырэктара завода ў Новарасійску, ён усё ж не мог прызвычаіцца да таго, што прыходзіцца пры генерале сядзець пасажырам.

Машына імчала па дарозе, мінала вёскі і палі. Твар генерала халадзіў ранішні вецер, што залятаў у машыну. Халадок гэты быў прыемны, ён праганяў санлівасць, бадзёрыў.

Машына адышла ўжо далёка ад пярэдняга краю, калі генерал-палкоўнік заўважыў наперадзе некалькі танкаў, што хутка імчалі наперарэз. Танкі ішлі адзін за адным, са значнымі інтэрваламі. Убачыўшы «трыццацьчацвёркі», камандуючы пажвавеў, прыўзняўся на сядзенні.

Гэта быў родны, блізкі сэрцу малюнак. Колькі разоў прыходзілася самому вадзіць «трыццацьчацвёркі» па ваенных дарогах і ў бой!

Праехаўшы яшчэ крыху, Чарняхоўскі прыкмеціў у хмызняку каля дарогі прыкрытую галлём «трыццацьчацвёрку».

Ён спыніў машыну. Накінуўшы плашч-накідку, рассоўваючы мокрае вецце, падышоў да танка. Поблізу стаяла яшчэ адна «трыццацьчацвёрка». Па знаку на вежы ён уведаў, што машыны — са славутага гвардзейскага корпуса.

Калі Чарняхоўскі падышоў да машыны, з кустоў насупраць выткнуўся танкіст, што зашпільваў камбінезон. Заўважыўшы неспадзеўкі незнаёмага, ён насцярожана кінуў позіркам, заспяшаўся. Прывёўшы сябе да ладу, рудаваты, з абсыпаным вяснянкамі носам, не зусім упэўнена прывітаў.

Адразу за гэтым, хапаючыся, клопатна падаўся да люка.

— Пачакайце, таварыш...

— Няма калі... Зараз камандзіра паклічу...

І ён хутчэй схаваўся ў люку механіка-вадзіцеля. «Прыём не вельмі далікатны», — падумаў камандуючы, не скідаючы плашч-накідкі.

Неўзабаве з машыны саскочыў другі танкіст. Прывітаўшыся, ён папрасіў дакументы, Чарняхоўскі падаў пасведчанне.

Разгарнуўшы яго, танкіст уміг выпрастаўся. Ускінуў неспакойную далонь да шлема.

— Выбачайце, таварыш генерал. Вінаваты. Не бачыў ніколі...

Ён быў яўна збянтэжаны. На твары быў выраз няёмкасці і трывожнага чакання. Схамянуўся і назваў сябе:

— Гвардыі старшы лейтэнант Лагуновіч.

Адольваючы збянтэжанасць, старшы лейтэнант паспешліва, нацятым голасам далажыў, чым займаецца яго рота. Рота з батальёнам удзельнічала ў начных занятках.

— Чаму стаіце, таварыш гвардыі старшы лейтэнант?

— Затрымка. Чакаем вестак ад разведкі...

Чарняхоўскі запытаўся, ці часта бываюць у брыгадзе начныя заняткі.

— Два-тры разы кожны тыдзень, таварыш генерал.

Чарняхоўскага вабіў добры, далікатны твар танкіста. Была ў твары старшага лейтэнанта дабрата, тая адкрытасць, за якой камандуючаму бачылася ўнутраная адкрытасць, сумленнасць франтавога працаўніка.

Адчуваючы сімпатыю да танкіста і стараючыся развеяць няёмкасць першага моманту сустрэчы, камандуючы ветліва, па-сяброўску пацікавіўся, ці даўно старшы лейтэнант у брыгадзе і ці даўно на фронце. Дзе ваяваў.

Адказ танкіста ўмацаваў у Чарняхоўскім адчуванне сімпатыі да далікатнага ротнага. Падумаў сабе: не ашукала знешняе ўражанне, адгадаў.

— Сям’я дзе? — запытаў танкіста.

Старшы лейтэнант запанурыўся, адвёў позірк убок.

— Па той бок...

— Там...— спачувальна, нахмурыўшы прыўзнятыя дужкі броваў, прамовіў камандуючы.

Да іх гэтым часам падышло некалькі танкістаў. Спачатку саскочыў з вежы Быстроў, за ім зараджаючы, потым ад суседняй машыны явіўся Колышаў; Сонцаў, што так недарэчна спаткаў генерал-палкоўніка, адседжваўся ў танку.

Чарняхоўскі перапыніў размову са старшым лейтэнантам, востра, з цікаўнасцю зірнуў на тых, што падышлі. Адзначыў упэўнены, здалося — нават самаўпэўнены, незалежны позірк камлюкаватага танкіста: Быстрова.

— Чым займаліся апошнімі днямі? — глянуў Чарняхоўскі на Быстрова.

— Гарматы прыстрэльвалі, таварыш генерал. Экіпажы зладжвалі...

У вачах танкіста было ўсё тое ж пільнае, іспытнае.

— Зладзілі?

— Так точна. Цяпер вось пачалі замяняць адзін аднаго...

— Гэта — добра... Вы даўно ў брыгадзе? — акінуўшы зноў танкістаў хуткім, вострым позіркам, вылучыў Чарняхоўскі Колышава.

— Адзінаццаць... дзён, таварыш генерал...

— Якая ваша думка пра брыгаду? Вартая брыгада?

— Брыгада — добрая, таварыш генерал! Праслаўленая...

— Праслаўленая? — Чарняхоўскі запыніўся на момант, заявіў цвёрда: — Гэтага мала... Слава, як і гімнасцёрка, можа пакрывацца пылам і старэць...

— Абновім, таварыш генерал! — адгукнуўся рашуча Быстроў. Ён нядобра, з насмешкай зірнуў на Колышава: не мог адказаць як след.

— Абновіце? Н-ну, глядзіце! — Чарняхоўскі ўвесь час адчуваў на сабе пільны позірк дужага танкіста. Зноў загаварыў да старшага лейтэнанта ўжо строга, як камандуючы: — А на заняткі вы заўсёды выязджаеце без аўтаматчыкаў?

Старшы лейтэнант прыкметна збянтэжыўся.

— Не, таварыш генерал. Мінулы раз заняткі праводзілі з аўтаматчыкамі...

Тут старшага лейтэнанта паклікалі да рацыі.

Аляксей у першы міг узрадаваўся, што клічуць: размова з камандуючым усё ж непакоіла. Але ён адразу ж зразумеў, што пайсці так ахвотна ад камандуючага будзе нядобра, не па-камандзірску, і камандуючы можа гэта адчуць. І ён, са здавальненнем адчуваючы, што робіць годна, мужна, папрасіў дазволу ў камандуючага перадаць, каб там пачакалі. Але Чарняхоўскі не дазволіў.

— Не. З гэтым чакаць нельга, — прамовіў ён цвёрда, значна.— Вайна не чакае...— з той жа значнасцю, разумеючы, што кожнае яго слова і гэтыя запомняць і перададуць іншым, параіў, загадаў:— Рыхтуйцеся, таварышы, добра рыхтуйцеся. Вас тут, на Беларусі, чакае важная праца...

Ён паправіў на плячах плашч-накідку.

— А вы, таварыш старшы лейтэнант, запомніце, што на заняткі трэба выходзіць у поўнай баявой гатоўнасці. Кожны раз!.. Ідзіце!

— Ёсць!..

Танкісты бегам падаліся да сваіх танкаў, а Чарняхоўскі хутка пакрочыў назад.

Праз хвіліну яго машына зноў імчала па дарозе...

 

3

Штаб Трэцяга Беларускага фронту размяшчаўся кіламетрах у чатырох ад гарадка Краснае.

Праслаўленае яшчэ пры Кутузаве, Краснае стала цэнтрам, што кіраваў мнагатысячным войскам Трэцяга Беларускага фронту. Вызвалены яшчэ паўгода назад, гарадок ляжаў увесь у руінах, сярод якіх дзе-нідзе чарнелі муры спаленых дамоў. Ён здаваўся пустым, амаль нежылым, як і ўсе такія разбураныя гарадкі.

Зусім інакш ішло жыццё ў сасняку за горадам, дзе быў штаб фронту. У бліндажах, выкапаных між дрэваў, ні днём ні ўночы не сціхала напружаная неўтаймаваная праца.

Над бліндажамі, гойдаючы ўгары высокія макушкі, шумелі сосны. Тонкія і стройныя, яны нагадвалі вартавых.

Камандуючы яшчэ здалёк убачыў знаёмы абрыс ляска.

Абапал дарогі мільгалі, адбягаючы назад, рады старых ліп, некаторыя з якіх пачалі сохнуць, — угары часта чарнела бязлістае голле.

На скрыжаванні дарог стаяў помнік воінам 1812 года, каля яго віднелася групка салдат, што, мусіць, накіроўвалася на пярэдні край...

Сасняк імкліва набліжаўся. Калі машына падкаціла да шлагбаума, што перахопліваў дарогу на ўзлессі, вартавы, які выйшаў ад дашчанай будкі, спачатку намерыўся быў спытаць дакументы, але пазнаў камандуючага і адразу прапусціў.

У сасняку машына ішла ціха, мінаючы камялі гонкіх бронзавых дрэваў і шызую гушчэчу парасніку.

На разгаліне дарог, з якіх адна вяла да гаража, генерал-палкоўнік спыніў машыну і выйшаў з яе.

— Перадай механіку — хай наладзіць рухавік, — сказаў шафёру, папраўляючы на плячы плашч-накідку,— у адным цыліндры — стукі...

Стаў чакаць члена Ваеннага Савета, што ехаў следам. Нядаўна тут, відаць, прайшоў дождж — пясок на дарожцы прыбіла, ён пацвярдзеў і стаў наздраватым, нібы пакрыўся воспінкамі.

Далей генералы пайшлі пеша.

Нягледзячы на ранні час, тут адчувалася жыццё. З аднаго бліндажа выбег, трымаючы ў руцэ лісток паперы і на хаду праглядаючы яго, малады чарнявы афіцэр. На дарозе трапіліся яшчэ два афіцэры і дзяўчына-сувязістка, што некуды спяшаліся.

Чарняхоўскаму было прыемна бачыць тут жыццё ў такую раннюю пару. Калі падышлі да сцежкі, па якой члену Ваеннага Савета трэба было павярнуць улева, Чарняхоўскі сказаў, што нядрэнна было б сёння выбраць час і схадзіць у лазню...

— Так, нядрэнна б змыць дарожны пыл...— стомлена, але тонам адабрэння адгукнуўся Макараў. Ён падаў руку генерал-палкоўніку: — Ну, наездзіліся мы ў гэты раз, Іван Данілавіч!..

Чарняхоўскі падаўся ў свой дом, сцены якога, пафарбаваныя ў зялёны колер, з рудымі палосамі, выглядалі між сосен. Драўляны дах быў таксама камуфліраваны, старанна замаскіраваны, закіданы галінамі-лапамі.

Раптам ён пачуў угары над сабою знаёмы металічны трэск і спыніўся, узняў галаву — на сасне, на мядзяным ствале з тонкімі, падобнымі на слюду лісткамі кары, вісела невысока галавой уніз вогненна-рудая вавёрка. Пушысты хвост яе быў узняты; на сухіх баках хадзілі рэбры. Яна, напружана прыгнуўшыся, глядзела ўважлівымі вачыма на Чарняхоўскага.

Шчоўкнуўшы, ступіла некалькі крокаў па ствале і спынілася зноў, потым пачала хутка спускацца. На зямлі яна стала на заднія лапкі, азірнулася вакол і паскакала заклапочана да суседняга дрэва. Там нешта шукала. Чарняхоўскі крануўся,— і яна, спалоханая, адразу сіганула на дрэва, як маланка, паляцела па ствале, так што пасыпалася ўніз кара.

Камандуючы зачараваўся яе жвавасцю і спрытам. Узляцеўшы на крывы сук, вавёрка скокнула ў паветра і нейкі міг лунала, ляцела ў блакітнай вышыні, як птушка. Потым мільгнула ўжо на зялёнай галінцы, што адразу загайдалася.

«Бач ты, скакуха!» — мімаволі падумаў Чарняхоўскі.

Ён стомлена падняўся па прыступках, над якімі ўгары выступаў невялікі прыдашак.

У прыёмнай дзяжурыў юны, русявы, кірпаносы лейтэнант. Убачыўшы камандуючага, ён, хапаючыся, ускочыў і прывітаўся.

Чарняхоўскі, амаль не прыпыняючыся, папрасіў, каб падалі матэрыялы, што прыйшлі на яго імя.

Ён прайшоў у кабінет. Кабінет быў самым вялікім пакоем у доме. Тут стаяў у кутку рабочы стол, да якога прымыкаў другі, даўжэйшы, ля сцен былі канапа, некалькі крэслаў. Недалёка ад рабочага стала вісела вялікая карта фронту, зацягненая сіняй шторкаю.

Лейтэнант прынёс радыёграмы, данясенні, дакладныя, і Чарняхоўскі, не распранаючыся з дарогі, стаў хутка і моўчкі праглядаць іх.

— Ёсць яшчэ ліст, таварыш генерал.— Ад’ютант падаў маленькі самаробны канверт. Чарняхоўскі мелькам зірнуў на адрас: «У дзеючую армію, на Заходні фронт, камандуючаму фронту генералу тав. С». «С», відаць, значыла,— Сакалоўскаму, што камандаваў былым Заходнім фронтам.

Чарняхоўскі паглядзеў на танкі і самалёты з чырвонымі зоркамі, намаляваныя ўгары ліста, стаў чытаць.

Прачытаўшы, ён нахмурыўся, паклаў ліст у стол. «Ад дачкі, мусіць... Ці ад Аліка», — падумаў Камароў, які не бачыў адраса на лісце.

Чарняхоўскі адным рухам расшмаргнуў плашч-накідку, аддаў яе падбегшаму ардынарцу, адрывіста кінуў паручэнцу:

— Камароў, выклічце на восем трыццаць начальніка тылу... На дзевяць — камандуючага паветранай арміі. Пераключыце тэлефоны!.. Усё? — зірнуў ён на ад’ютанта.

— Быў ваш брат, таварыш камандуючы. Падпалкоўнік Чарняхоўскі, Аляксандр Данілавіч.

— Даўно?

— Ад шаснаццаці трыццаці да семнаццаці.

— Паехаў?

— Так точна. Ён быў праездам.

Брат камандуючага служыў на гэтым жа фронце ў адной танкавай брыгадзе, намеснікам камандзіра. Бачыцца ім даводзілася вельмі мала, і Чарняхоўскі пашкадаваў, што не спаткаліся.

У пакоі для адпачынку, маленькім і вузкім, у які вялі дзверы з кабінета, здалося яму, было душна, і ён адчыніў акно. Зняўшы кіцель і боты, ён на хвіліну прылёг на жалезны ложак, накрыты простай байкавай коўдрай, і адчуў, як прыемна, лёгка стала целу. Пазяхнуў і — адразу схамянуўся:

«Так, чаго добрага, засну».

Ён з намаганнем узняўся і, памыўшыся на дварэ, пад бляшаным умывальнікам, прыбітым да сасны, паружавелы, больш бадзёры вярнуўся ў пакой, пачаў апранаць чысты кіцель. Кіцель станавіўся, заўважыў ён, цеснаватым, — у Чарняхоўскага варухнулася думка: «Пачынаю паўнець. І хаджу многа, а ўсё чамусьці паўнею...» Ён прычасаў густыя непаслухмяныя валасы, акінуў сябе позіркам: камандуючы любіў акуратнасць у адзенні, — і выйшаў у кабінет.

Узяўшы з краю стала, дзе ляжалі свежыя газеты, апошні нумар «Правды», Чарняхоўскі прылёг на канапу, палажыў галаву на рубчастую мулкую бакавінку. Гэта цвёрдая сялянская канапа, на якой звычайна ляжаў генерал у рэдкія хвіліны адпачынку, трапіла ў яго кабінет «часова», але калі потым замянілі яе мяккай, плюшавай, Чарняхоўскі на дзіва для многіх загадаў вярнуць ранейшую.

— Вы што, другую спальню ў кабінеце думаеце зрабіць? — сказаў ён ад’ютанту.

Што праўда, то праўда, спаць на гэтай канапе было не соладка. Чытаючы газету, Чарняхоўскі ўвесь час мяняў паставу галавы: муляў пракляты цвёрды рубец бакавінкі. Але калі Камароў праз некалькі хвілін зазірнуў у кабінет, то ўбачыў, што камандуючы, прыгнуўшы няёмка галаву, спіць, трымаючы разгорнутую газету на грудзях.

Паручэнец ціха прычыніў дзверы і пераключыў тэлефоны на прыёмную.

Хвілін праз сорак прыбыў начальнік тылу, і Камароў са строгім, дзелавым выглядам зноў увайшоў у пакой.

— Таварыш камандуючы!

Чарняхоўскі паварушыў брывом, нібы адганяў муху, і прачнуўся.

— Што такое?

— Прыбыў начальнік тылу.

— Прыбыў?.. Добра.

Ён устаў, прывычна абцягнуў кіцель і, правёўшы рукою па твары, як бы сціраючы рэшткі сну, сказаў:

— Прасі.

Чарняхоўскі ступіў насустрач таму, хто ўвайшоў, прывітаўся.

— Далажыце, таварыш генерал,— папрасіў ён ветліва, мякка, заходзячы за рабочы стол,— якія змены адбыліся ў вас за апошнія двое сутак?

— Ёсць...— Начальнік тылу разгарнуў папку, што трымаў у руках.— За гэты перыяд намі атрымана... Першае — зброя і боепрыпасы...

Ён, заглядваючы ў папку і час ад часу ўздымаючы чакальны позірк на камандуючага, стаў павольна, сіплаватым голасам называць лічбы эшалонаў са зброяй, наменклатуру боепрыпасаў — род, калібр, маркі. Пасля кожнага пункта ён рабіў паўзу, як бы чакаючы заўвагі ці пытання Чарняхоўскага, але той маўчаў.

Камандуючы ўважліва слухаў, аднак амаль нічога не запісваў. Толькі раз ці два ён зрабіў нейкія адзнакі ў запісной ледэрынавай кніжачцы, якую выняў з кішэні. Начальніка тылу гэта не бянтэжыла: ён, як і іншыя блізкія да камандуючага людзі, ведаў, што ў таго, хто слухае, на дзіва моцная памяць, што яна трымае добра самыя разнастайныя весткі пра ўвесь фронт, пра дывізіі і нават палкі...

Генерал чытаў, час ад часу паглядваючы на Чарняхоўскага.

— Добра. Далажыце, колькі цяпер боекамплектаў гранат у часцях, на ДОПах1, у арміях, на складах фронту?

І зноў генерал чытаў, стараючыся стаяць прама, а Чарняхоўскі слухаў, таксама стоячы, машынальна круцячы ў руках востразаточаны сіні аловак.

— Гаруча-змазачныя матэрыялы...

— Пачакайце...— Тарэц алоўка лёгка стукнуў па стале.— Бранябойных патронаў у нас па графіку павінна быць тры боекамплекты? Чаму пакуль толькі два з паловай?

— Два эшалоны з патронамі затрымаліся ў Маскве — на акружной...— Адзін — з бранябойнымі патронамі.

— А як справы з аўтамабільным маслам спецыяльным?— запытаўся Чарняхоўскі, успомніўшы нейкі мінулы даклад.

— Яшчэ не ўлажыліся ў графік, таварыш камандуючы.

— А колькі ж вы будзеце ўкладвацца?

— Чыгунка, таварыш камандуючы, падводзіць.

— А вы гаварылі з чыгуначнікамі?

— Гаварыў...

— Ну і што?

— Абяцаюць выручыць...

— Абяцаюць. А між тым не ў першы раз не спраўляюцца з графікам.

— Я гаварыў з імі пра гэта.

— Відаць, недастаткова добра гаварылі.

Ён прайшоўся па пакоі, засунуўшы рукі ў кішэні. Генерал моўчкі сачыў за ім, апусціўшы папку і трымаючы між лісткамі палец замест закладкі.

— Што ж, я з імі пагавару!.. Дзе эшалоны з аўтамабільным маслам?

— На падыходзе, таварыш камандуючы.

Чарняхоўскі зноў вярнуўся за стол.

— Далажыце, колькі ўсяго эшалонаў на станцыях разгрузкі, на падыходзе, якія?

Выслухаўшы адказ, камандуючы хвіліну памаўчаў, пакручваючы аловак.

— Я загадаў пры перавозцы войск і ўзбраення захоўваць строгую маскіроўку. І ўсё-такі да апошняга часу ёсць выпадкі, калі шафёры едуць ноччу з поўнымі фарамі...

— Парушаюць... Я папярэджваў людзей, таварыш генерал.

— За парушэнне маскіроўкі — шафёраў адразу здымайце з машын, а камандзіраў прыцягвайце да адказнасці...

— Ёсць, таварыш генерал. Я сёння ж прыму меры.

— Усё, можаце быць вольны.

Пасля яго Чарняхоўскі папрасіў зайсці камандуючага паветранай арміі, намеціў на бліжэйшыя дні план «апрацоўкі» з паветра важнейшых чыгуначных вузлоў.

 

Ужо больш за дзесяць дзён Чарняхоўскі дакладна ведаў план будучай аперацыі і тое, што належыць зрабіць у ёй яго фронту, самому яму.

Гэта стала вядома яму 22 мая на нарадзе ў Маскве, у Стаўцы, на якой былі Сталін, яго намеснікі, камандуючыя чатырох франтоў. Па плану наступленне меркавалася разгарнуць па ўсёй вялізнай лініі ад Полацка да Мазыра. Меркавалася, прарваўшы фронт на шасці далёкіх адзін ад аднаго ўчастках, раздрабніць сілу ворага і па частках знішчыць. Удары павінны былі сыходзіцца ў кірунку на Мінск.

Тое, што стала яму вядома на нарадзе, канкрэтызавала і замацавала ў дакладных, строгіх выразах 31 мая дырэктыва Стаўкі, якая накіравала ўсю яго дзейнасць у будучай бітве. Яго войскам разам з войскамі суседніх Першага Прыбалтыйскага і Другога Беларускага франтоў належала разграміць віцебскую і аршанскую групоўкі немцаў і выйсці на Бярэзіну. Фронт павінен быў нанесці два ўдары: першы дзвюма арміямі на поўдзень ад Віцебска; другі — таксама дзвюма арміямі, усцяж Мінскай магістралі...

Чарняхоўскі і яго штаб за гэтыя лічаныя дні ўжо багата зрабілі для блізкага наступлення. З кожным днём наступленне, што яшчэ нядаўна было ў агульных, схематычных абрысах, набывала ўсё большую жыццёвую канкрэтнасць і складанасць. Па меры таго як яно шырылася, вымалёўвалася, яно ўсё больш патрабавала, больш ставіла пытанняў, загадак, якія трэба было высветліць, вырашыць.

Усе гэтыя дні Чарняхоўскі з раніцы да ночы, да той позняй пары, калі, змораны паездкамі, турботамі, засынаў,— думаў над гэтымі загадкамі, што абступалі незлічонай чарадою.

Сярод мноства спраў, якія чакалі камандуючага фронту ў гэты дзень, адна, можна сказаць, мела асаблівае значэнне: на дзесяць гадзін была назначана нарада з камандуючым 11-й гвардзейскай арміі. Нарада была не першай у радзе самых важных спраў, што Чарняхоўскі павінен быў зрабіць да пачатку наступлення: камандуючы ўжо меў такія нарады з кіраўніцтвам штаба фронту, з камандуючымі радоў войск. На гэтых нарадах з надзвычайнай уважлівасцю былі абмеркаваны агульныя пытанні аперацыі, задачы разведкі, задачы інжынерных войск, артылерыі, авіяцыі. У апошнія два дні ён пабыў у 5-й і 39-й арміях, сустрэўся з іх камандуючымі, генераламі Крыловым і Люднікавым, разам з камандаваннем армій перабраў усё, што датычыла наступлення.

Сёння была чарга 11-й гвардзейскай арміі. Сустрэча гэта была асабліва важнай таму, што арміі ў будучай аперацыі выпала выканаць самую адказную і цяжкую задачу. Армія стаяла на цэнтральным кірунку, павінна была наступаць усцяж магістралі і цераз Асінаўскія балоты.

Каля дзесяці Чарняхоўскі, у кабінеце якога былі ўжо начальнік штаба фронту генерал-лейтэнант Пакроўскі і начальнік аператыўнага ўпраўлення генерал Іголкін, выйшаў у прыёмную, запрасіў выкліканых на нараду да сябе. Прывітаўшыся з усімі, зайшоў за стол, акінуў позіркам, па-гаспадарску глянуў, дзе хто ўладжваецца. Выбраўшы сабе месцы, генералы таксама стаялі, глядзелі насустрач яму, чакалі яго слоў. Былі тут, акрамя Пакроўскага і Іголкіна, член Ваеннага Савета Макараў, які стаяў каля Чарняхоўскага, некаторыя камандуючыя радоў войск, камандуючы, член Ваеннага Савета, начальнік штаба арміі. Спіс, каго выклікаць на нараду, Чарняхоўскі складаў сам, адабраў толькі неабходных, дбаючы, каб і гэта нарада была сакрэтнай.

Усе, хто быў выкліканы, з’явіліся.

— Прашу сесці.— Чарняхоўскі пачакаў, пакуль усе сядуць, дачакаўся поўнай увагі, дзелавіта аб’явіў: — Пачнём.— Зірнуў на камандуючага арміі, што сачыў з выглядам, у якім адчуваліся сабранасць і гатоўнасць.— Вам слова, таварыш Галіцкі.

Камандуючы 11-й гвардзейскай, каржакаваты, абветраны, з пробліскам сівізны ў русявых валасах, устаў, мерным, упэўненым крокам пайшоў да карты, што вісела побач са сталом. Узяў з рук Чарняхоўскага ўказку. Спакойным, нават крыху павольным голасам стаў дакладваць, як ён рашыў расставіць войскі перад наступленнем у раёне магістралі, дзе было вузкае дэфіле між балот, на шырокім балотным прасцягу. Без якой-небудзь хапатлівасці, з нейкай вельмі харошай годнасцю далажыў, якія задачы дае кожнаму злучэнню, кожнай прыданай часці. Расказаў, як мяркуе арганізаваць прарыў нямецкай абароны ў паласе магістралі, у балотах; як будзе, увёўшы войскі ў прарыў, наступаць у кірунку Оршы, возьме Оршу, будзе развіваць наступленне ўсцяж магістралі да Барысава. Падрабязна далажыў, як армія будзе ўзаемадзейнічаць з суседнімі — 5-й — з поўначы і 31-й — з поўдня...

— Добра,— ветліва, нават пачціва сказаў Чарняхоўскі. Адчувалася, што ён з пашанай адносіцца да камандуючага арміі, верыць яго вопыту, ведам.— Давайце зазірнем на той бок фронту. Ахарактарызуйце становішча войск праціўніка. Што новага выявіла разведка?

Ён з тым жа ветлівым, але разам і строгім, патрабавальным выглядам слухаў. Патрабавальна стаў распытваць пра 78-ю штурмавую дывізію, што сядзела, закапаўшыся ў зямлю, абапал магістралі.

Ужо з таго, што заселі пяхота і артылерыя, што выявіла разведка арміі, было відаць, як моцна ўчапілася ў вузкую палоску зямлі нямецкая дывізія. Мінныя палі, дротавыя загароджы, агнявыя кропкі, доты, дзоты, траншэі; кулямётныя гнёзды, мінамётныя, артылерыйскія батарэі, старанна замаскаваныя, падрыхтаваныя,— на многія кіламетры ў глыбіню фронту...

— 78-я штурмавая дывізія славіцца ў немцаў упорствам у абароне,— сказаў член Ваеннага Савета фронту Макараў.— Генерал Траут — адзін з самых спрактыкаваных фартыфікатараў...

Чарняхоўскі падтрымаў Макарава:

— Часу мы адпусцілі гэтаму фартыфікатару больш чым дастаткова! — Ён загаварыў заклапочана: — Арашок арміі выпаў моцны! Добра трэба будзе папрацаваць, каб раскалоць!..— Ён зірнуў на камандуючага арміі: — Як вы ацэньваеце вынікі разведкі? Поўныя яны?

— Думаю, што не ўсё ўдалося выявіць, — адкрыта сказаў камандарм.— Намі выведаны агнявыя кропкі, якія ні разу не адзываліся на наш агонь.

— Артылерыйская разведка таксама выявіла некалькі такіх батарэй,— пацвердзіў камандуючы артылерыі фронту Барсукоў.

— На жаль, пошукі разведчыкаў часта канчаюцца няўдачай,— загаварыў зноў камандарм.— Загубілі нямала харошых людзей... Шчыльнасць вялікая, і пільна сочаць...

— Трэба ўсімі сіламі весці разведку, — цвёрда, нават жорстка загадаў Чарняхоўскі. Ён зірнуў на начальніка штаба, потым на камандуючага паветранай арміі.— Трэба ўзмацніць паветраную разведку.

Чарняхоўскі перавёў позірк на камандуючага артылерыі:

— Таварыш Барсукоў, далажыце пра артылерыйскае забеспячэнне прарыву.

Уважліва слухаў, як генерал глухаватым голасам называў часці, што падышлі або на падыходзе, сачыў, як генерал паказваў іх размяшчэнне. Зноў з асаблівай увагай распытваў пра тыя, якія будуць весці артпадрыхтоўку ў паласе магістралі. Пра тое, колькі боекамплектаў будуць мець да пачатку наступлення, колькі цяпер ёсць.

За камандуючым артылерыі Чарняхоўскі падняў камандуючага паветранай арміі генерал-палкоўніка Хрукіна: чым паможа 11-й гвардзейскай у наступленні авіяцыя? За генералам Хрукіным папрасіў далажыць пра дзеянні сваіх часцей начальніка інжынерных войск Баранава...

Вокны ў кабінеце былі зачынены, дзень за вокнамі млеў душны, мусіць, парыла. Сонечнае цяпло падала на правае плячо, пякло спіну, Чарняхоўскі адсунуўся ў цень. Калі Баранаў скончыў, ён, зірнуўшы на гадзіннік, дазволіў зрабіць перапынак. Устаў, шырока расхрыстаў вокны.

Генералы выйшлі на двор, пад сосны, у прапахлы смалою цянёк. Пахаджвалі, стаялі купкамі, гаманілі, курылі. Высокі, бялявы, з коратка астрыжанымі валасамі Хрукін, адметны між іншых блакітнымі лампасамі, расказваў у гуртку вясёлую гісторыю, і некалькі генералаў рагаталі. Стрымана пасмейваўся і задуменны, паглыблены ў сябе Чарняхоўскі, што стаяў крыху ўбаку. Непадалёк нешта даводзіў генералу Барсукову Іголкін, нізкі, галалобы, дабрадушны,— дзіўна мірны нават у сваім генеральскім мундзіры...

Пасля перапынку Чарняхоўскі зноў зачыніў вокны, вярнуўшыся да стала, знайшоў позіркам камандуючага бронетанкавых войск.

— Таварыш Родзін, ці ўзгоднен з камандаваннем арміі план уводу ў прарыў танкавых войск?

Генерал Родзін узняўся.

— Узгоднен. Мы абмеркавалі дэталі ўводу з камандуючым арміі.— Ён глянуў на камандарма, быццам прасіў пацвердзіць.— Акрамя таго, план уводу быў узгоднен і з камандуючым корпуса...

— Учора мы сустракаліся з генералам Бурдзейным,— сказаў камандарм.

— У паласе магістралі вы павінны ўвесці таксама 5-ю гвардзейскую танкавую армію,— нагадаў Чарняхоўскі. Нагадаў такім тонам, што гэта значыла: вы павінны да гэтага аднесціся з асаблівай адказнасцю. Армія для поспеху наступлення фронту мае, нібы гаварыў Чарняхоўскі, асаблівае значэнне. Некалькі наступных пытанняў камандуючы задаў пра тое, як будзе арганізаван увод у прарыў арміі, якая толькі падыходзіла, размяшчалася ў лясах у тыле фронту.

Пытанні былі і агульныя, шырокія і драбнейшыя, практычныя: хто забяспечыць размініраванне мінных палёў у паласе ўводу танкаў, як памагчы танкістам у пераадоленні супрацьтанкавых перашкод, як арганізаваць сувязь пяхоты з танкамі. Чарняхоўскі зноў выклікаў камандуючага паветранай арміі генерала Хрукіна: хто прыкрые ўвод танкавых войск з паветра, хто будзе прыкрываць у далейшым руху.

Потым была нейкая хвіліна маўчання. Чарняхоўскі ўглядаўся ў карту, у паласу магістралі, і на твары яго былі трывога і дапытлівасць. Ён так глядзеў, быццам пытаўся, быццам патрабаваў адказу. Неспакойна, недавольна пацёр шчаку і шыю. Рэзка павярнуўся к камандарму.

— А што, калі ў нас тут не пойдзе? — прамовіў раптам адкрыта, бязлітасна.

Гэта было смелае пытанне. Магло здацца — і непатрэбнае. Нашто разважаць пра такое, калі Стаўка рашыла іншае. Рашэнне Стаўкі — закон. І наогул нашто, яшчэ да пачатку справы, дапускаць думку пра няўдачу. Ды яшчэ на галоўным напрамку.

Камандуючы арміі нялёгка знаходзіў адказ.

— Мы будзем развіваць наступленне таксама ў кірунку Востраў-Юр’еў.— Ён гаварыў пра тую частку войск арміі, якая была на Асінаўскіх балотах.— Мы навіснем над дэфіле, над шасэ з поўначы. Нарэшце гэта паставіць праціўніка перад пагрозай акружэння.

— Увод корпуса Бурдзейнага можа затрымацца,— нібы вінаваціў камандуючы.

— Можна было б корпус выкарыстаць у баях на прарыў,— прамовіў разважліва камандарм,— але ён можа панесці вялікія страты...

— Корпус нельга ўводзіць у бой на прарыў,— запярэчыў генерал Родзін.

— Так, корпус трэба зберагчы для развіцця наступлення,— сказаў Чарняхоўскі.

Ён бязлітасна нагадаў камандуючаму арміі:

— У вас у тыле чакае дарогі армія Ротмістрава.

— Так...

Зноў была хвіліна маўчання. Цяжкага, трывожнага. Чарняхоўскі стаяў за сталом, засунуўшы рукі ў кішэні, чакаў.

— Як вы думаеце,— загаварыў ён напорліва,— ці магчыма, у выпадку няўдачы ў раёне магістралі, увесці корпус,— ён узяў указку, рэзка кінуў па карце,— у кірунку Востраў-Юр’еў, Межава, на Клюкаўку?

— Корпус можа засесці,— сказаў камандуючы арміі.— Ва ўсякім разе, балоты вельмі затрымаюць рух корпуса...

— Там ёсць насыпы вузкакалеек...

— Насыпы — ненадзейны...

— Добра,— Чарняхоўскі быццам паказваў: скончым пакуль з гэтым.— Адкуль найбольшая небяспека контратак праціўніка пры наступленні на Востраў-Юр’еў?.. Якімі сіламі і сродкамі, вы мяркуеце, могуць весціся гэтыя контратакі? Як вы мяркуеце адбіваць іх?

Пытанні ішлі за пытаннямі — чаканыя і нечаканыя. Што вы думаеце зрабіць, каб падтрымаць армію Крылова, калі яна вырвецца ўперад; як вы аберажэце флангі, калі вырвецеся ўперад вы? Усё, што магло трапіцца ў зменлівым шчасці баёў, хацеў прадбачыць загадзя, папярэдзіць...

За гэтым нагадаў: поспех наступлення ў самай вялікай меры будзе залежаць ад таго, наколькі скрытна ўдасца падрыхтавацца, наколькі нечаканым для праціўніка акажацца ўдар.

Пад канец зноў вярнуўся да магістралі: як там ні цяжка, трэба адразу ж разламаць фронт праціўніка. Падтрымаць пяхоту самымі моцнымі ўдарамі артылерыі і авіяцыі. Зрабіць усё, каб як найхутчэй увесці ў прарыў танкавы корпус Бурдзейнага і армію Ротмістрава...

 

Увечары яму паведамілі, што непадалёк, на прыфрантавым аэрадроме, прызямліўся Рогаў, камандзір вялікага партызанскага злучэння ў Беларусі.

Паведамленне гэта не было нечаканым для Чарняхоўскага. Напярэдадні аб прыездзе партызанскага камандзіра званілі яму з Масквы, са Штаба партызанскага руху. Гэта быў званок у адказ на яго просьбу дапамагчы сустрэцца, мацней звязацца з партызанамі.

Чарняхоўскі загадаў Камарову зараз жа паехаць на аэрадром і запрасіць камандзіра злучэння ў штаб.

Ён зняў трубку тэлефона:

— Васіль Емяльянавіч, зайдзіце, калі ласка, хвілін праз трыццаць да мяне. Справа ёсць...

Чарняхоўскі выняў са стала самаробны канверцік з лістом, на якім былі намаляваны танкі і самалёты. Паглядзеў на малюнак і стаў зноў чытаць.

«Дарагі таварыш камандуючы генерал! Гэта пішуць да вас з Л. дзіцячага дома Коля і Сярожа Крушыны, Шурка Хмялеўскі і Лёня Зелянкоў,— адразу называлі сябе аўтары ліста.— Мы ўсе з вялікім гонарам чытаем пра геройскія справы нашых байцоў і афіцэраў Чырвонай Арміі, а таксама і слухаем па радыё кожны дзень. Нашы бацькі таксама на фронце ваююць, толькі ў Лёні Зелянкова і Шуркі Хмялеўскага не ваююць, бо яны загінулі на фронце. Жывём мы ў цяперашні час добра. Мы тут вучымся ў школе. У нас ёсць нары і пасцелі. Адно толькі пагана, што далёка дровы насіць з лесу і ваду з рэчкі, бо няма на чым вазіць. А мы яшчэ не акрэплі пасля нямецкага лагера. А так усё добра. Не думайце, дарагі таварыш генерал, што мы скардзімся на цяжкасці. Мы іх перажываем, бо на фронце нашы байцы перажываюць яшчэ большыя...»

«Мы падрыхтавалі для Чырвонай Арміі пяць пасылак і паслалі іх. Мы хочам запытаць Вас, ці не трэба Вам яшчэ чаго? Напішыце, якія Вам патрэбны падарункі? Мы ўсё зробім!!!»

Далей ішлі адрас і прыпіска: «Выбачайце, што пішам не сакрэтны Ваш адрас, бо мы яго не ведаем»,— ніжэй быў намаляваны нямецкі самалёт, што падае і дыміцца...

Камандуючы, паглядаючы на гэты самалёт, узяў аловак і непаспешліва, паглыблены ў свае думкі, падкрэсліў словы: «...далёка дровы насіць з лесу і ваду з рэчкі, бо няма на чым вазіць... не акрэплі пасля лагера». Ён так націснуў аловак, што графіт зламаўся.

Пачало наплываць, набліжацца далёкае-далёкае: успаміны, як сам калісьці бадзяўся па дарогах. Адганяючы згадкі, ён узяў ручку, пачаў хутка, энергічна пісаць:

«Дарагія сябры! Пісьмо Ваша перадалі мне. Дзякую за яго. Вы пытаецеся, які патрэбен фронту падарунак. Адказваю — вучыцца добра, настойліва. Гэта галоўны падарунак. Перадайце прывітанне ўсім Вашым выхавацелям і таварышам ад салдат і афіцэраў фронту!»

Чарняхоўскі размашыста, але разборліва распісаўся. Узяўшы трубку тэлефона, выклікаў начальніка тылу і дамовіўся падрыхтаваць падарункі для дзіцячага дома.

Увайшоў член Ваеннага Савета, і Чарняхоўскі паведаміў яму:

— Зараз будзе тут госць — Рогаў, партызанскі генерал. Ён павінен прыехаць з хвіліны на хвіліну... А пакуль, Васіль Емяльянавіч, вось — пачытайце.

Чарняхоўскі падаў ліст і стаў назіраць за тварам генерала, пакуль той чытаў.

— Цяжкавата дзецям! — складваючы лісток, паспачуваў Макараў.— Вы, здагадваюся, рашылі падтрымаць іх...

— Так. Вось...— камандуючы даў лісток, на якім было напісана, што трэба адправіць дзетдому.

— Гэта правільна...— Добры, чулы Макараў задаволена пацёр рукой шчаку.— Трэба берагчы іх...

Неўзабаве нячутна ўвайшоў Камароў і хвацка, як заўсёды ў найбольш важныя моманты, далажыў, што генерал-маёр прыбыў,— паручэнец ледзь не сказаў звыклае «па вашаму загаду», але спрытна паправіўся — «па вашай просьбе!».

— Прасі...

У пакой ступіў нізкарослы, здалося — марудлівы, апрануты ў новую палявую форму генерал. Увайшоўшы, ён уважлівымі вачыма з-пад цёмных броваў нехапатліва паглядзеў на Чарняхоўскага і Макарава і глухаватым голасам, проста адрэкамендаваўся:

— Рогаў.

Выйшаўшы з-за стала, Чарняхоўскі ветліва паціснуў руку і, пазнаёміўшы з генералам Макаравым, папрасіў госця сесці.

— Я, прызнацца, уяўляў вас больш грозным з выгляду,— пажартаваў камандуючы.— Думаў, у вас барада да пояса...

— Я таксама ўяўляў вас інакшым — старэйшым!..— падтрымаў жарт Рогаў. Гаварыў партызан таксама марудліва, увесь час узіраючыся, не зводзячы вачэй з субяседніка. Позірк быў вострым, але не насцярожаным, а добразычлівым, сяброўскім. Разам з тым у ладзе гаворкі і ў тым, як партызан трымаўся, была ўпэўненасць у сабе, за якой адчуваўся чалавек, што ўмее і звык кіраваць.

Чарняхоўскі запытаў, што новага чуваць у Маскве.

— Што новага ў Маскве? Агульныя навіны вы ведаеце, мабыць, лепш за мяне. Усё ж такі бліжэй да сталіцы, чым мы — лясныя людзі...

Рогаў гаварыў з такім знаёмым Чарняхоўскаму беларускім вымаўленнем. І ў тым жартаўліва-разважным ладзе, які, здавалася Чарняхоўскаму, быў уласцівы беларускім сялянам. Наогул у Рогаве адчувалася штосьці сялянскае, моцнае, прываблівае.

— Бліжэй-то бліжэй, ды вы ж толькі што з Масквы,— масквіч, можна сказаць...

— Які я масквіч?! Я і тыдня не быў там. Ды і то — ходзячы па сталіцы, думаў пра сваіх хлопцаў ды пра лес...

— Лясы і лясныя людзі нас, таварыш Рогаў, цяпер таксама вельмі цікавяць... Як ніколі. Таму мы і папрасілі, каб нам дапамаглі спаткацца. Як там у лясах вашых?

Чарняхоўскі ўлавіў у позірку камандзіра партызанскага злучэння пытанне: што іменна вас цікавіць?

Удакладніў без усмешкі, з разуменнем сур’ёзнасці становішча і спачуваннем:

— Блакады яшчэ ідуць?

— Дзе-нідзе ідуць...

— Значыцца, карнікі не зусім прыціхлі?

— Крыху прыціхлі. Непакояцца пра фронт. Усе іх карныя дывізіі з нашага раёна падаліся ў бок фронту...

— Што цяпер у сёлах?

— Пагана ў сёлах. Вярнуліся на старыя мясціны — пазнаць нельга. Праязджаў я нядаўна па такой вёсцы — Паплавы. Была калісьці зялёная, уся ў садах, з багатымі калгаснымі пабудовамі. Я яе добра ведаю, працаваў там гадоў дзесяць назад дырэктарам МТС... А цяпер — толькі попел і чорныя пустыры... За адзін дзень фрыцы з паліцаямі забілі дзвесце трыццаць чалавек. Некалькі чалавек жывымі спалілі ў школе. Адну жанчыну кінулі разам з маленькім дзіцем... Вось што ў нас... Тысячы людзей па-зверску забіты і спалены... Папялішча і — трупы...

Чарняхоўскі апусціў галаву. Твару яго амаль не было відаць,— святло лямпы выхоплівала рэзкія, дугамі, бровы ды неспакойнае, без адной ніткі сівізны, плеціва валасоў.

— Цяпер заняліся сяўбою...— мімаволі прыцішыў голас Рогаў.— Сеяць вельмі цяжка, усё папалена, мала-мала засталося коней, плугоў. У Паплавах, напрыклад, не засталося ніводнага каня. Прыйшлося мабілізаваць коней у брыгадзе. Ермакоў там у нас камандуе.

Пакуль ішла гэта размова, ардынарац і Камароў гаспадарліва накрылі суседні стол абрусам, паставілі вячэру на траіх. Адкаркавалі бутэльку каньяку і бутэльку баржомі, паклалі пачак «Казбеку».

Далей размова ішла за сталом з вячэраю. Наліўшы каньяку ў чаркі, Чарняхоўскі прапанаваў выпіць, як належала, за Вярхоўнага Галоўнакамандуючага таварыша Сталіна, за перамогу, што ахвотна і падтрымалі абодва генералы. Чарняхоўскі падняў і другі тост: за партызан Беларусі і за ўвесь беларускі народ; камандуючы з незвычайнымі спачуваннем і павагаю сказаў пра пакуты, цярплівасць і гераізм народа, яго сыноў-партызан. Словы яго, прачулыя, сардэчныя, прыкметна расчулілі камандзіра партызанскага злучэння. Твар Рогава раптам перацяла спазма болю, партызанскі генерал з неспадзяванай кволасцю часта заморгаў пачырванелымі вачыма, гатовы, здавалася, заплакаць. Але Рогаў авалодаў сабой, удзячна стукнуўся сваёй з чаркамі камандуючага і члена Ваеннага Савета. Расчулены, ён узяў наступнае слова: за Чырвоную Армію, за вызваленне! Ад таго, што моцна хваляваўся, гаварыў ён з яшчэ большым беларускім вымаўленнем, больш ужываў беларускія словы...

Вялікай, выпакутаванай любоўю, нецярплівай і непадатнай нічаму надзеяй былі поўны яго словы.

— Часта пытаюць,— кінуў на Рогава цікаўны, мяккі позірк Макараў,— калі пачнецца наступленне?

— Ну, такое пытанне, мусіць, у кожнага калі не на языку, то ў галаве...

Па тым, як глянуў Рогаў на члена Ваеннага Савета фронту, Чарняхоўскі адчуў, што партызанскі генерал сам прагне пачуць: калі?

З уласцівай яму зычлівасці Чарняхоўскага вярэдзіла немалая спакуса тое-сёе адкрыць Рогаву, абнадзеіць таварыша і брата, але прафесійная стрыманасць, звычка ваеннага, разуменне абавязку і адказнасці адразу прыглушылі паблажлівае жаданне.

— Рыхтуемся, таварыш Рогаў,— сказаў Чарняхоўскі з сяброўскай чуласцю. Запэўніў таксама па-сяброўску, цвёрда: — Ніводнага лішняга дня стаяць не будзем! — З праніклівага, хітраватага позірку Рогава Чарняхоўскі зрабіў вывад, што той усё зразумеў і што, можа быць, ведае багата больш, чым яны з Макаравым думаюць. Вядома, яму не маглі не даверыць некаторых важных вестак, сакратару падпольнага абкома партыі, члену ЦК. Да таго ж разумны чалавек у яго становішчы і з яго інфармаванасцю мог і сам без вялікай цяжкасці пра галоўнае здагадацца. Гэтыя меркаванні мільгнулі ў Чарняхоўскага, калі ён, унікаючы дапытлівага, з хітрынкаю, позірку Рогава, з гасціннасцю зычлівага гаспадара перавёў гаворку ў дзелавую каляіну.— У нас, Уладзімір Іванавіч, вялікая просьба. Каб падтрымалі, па-суседску, калі прыйдзе час!..

— За гэтым астаноўкі не будзе! — адразу прытушыў хітрынку Рогаў. Проста, аддана заявіў:—Падтрымаем, колькі змогі.— Зноў з хітрынкай дадаў: — Думаю, што хутка пачуеце наш галасок!

Чарняхоўскі і член Ваеннага Савета ведалі, на што намякае Рогаў: ім паведамлялі ўжо, што рыхтуецца вялікі партызанскі «канцэрт». Удар па чыгунках ворага, па яго камунікацыях. Радуючыся гэтаму, Чарняхоўскі сказаў Рогаву, што было б вельмі добра, каб партызанскія сілы ў часе наступальных баёў арміі ўзмацнілі свае ўдары з тылу. Ён даў некалькі парад, як і чым лепш дапамагчы арміі ў такой сітуацыі, як наладзіць узаемадзеянне з армейскімі часцямі. Для пастаяннай аператыўнай сувязі з партызанскім злучэннем камандуючы прапанаваў прыняць групу разведчыкаў фронту. Папрасіў аказваць ім усялякае садзеянне.

Закончыўшы дзелавую размову, Чарняхоўскі пацікавіўся ў Рогава, колькі той мяркуе пабыць на фронце.

— Думаю сёння ж адправіцца дамоў.

— А можа, пабылі б дзянёк у нас? Паглядзелі б? — прапанаваў камандуючы.

— Не, не. Няма часу! — рашуча адмовіўся Рогаў.

Зірнуўшы на ручны гадзіннік, ён здзівіўся: так многа ўжо! Адасобіўся ў момант, засяродзіўся на сваім, заспяшаўся. Падзякаваў за вячэру, устаў і пачаў адразу развітвацца. Вінавацячыся, апраўдваўся тым, што ночы цяпер кароткія і, чаго добрага, можна не ўправіцца да світання дадому.

Пашкадаваўшы, што Рогаў так хутка ляціць ад іх, Макараў першы ад душы сціснуў руку партызану.

— Перадайце прывітанне сваім лясным салдатам. Скажыце, што мы моцна спадзяемся на такіх памочнікаў...

Чарняхоўскі націснуў кнопку званка і загадаў паручэнцу, які ўвайшоў:

— Камароў, паедзьце з генералам і прасачыце, каб адправілі без затрымкі.

Ён выйшаў з Рогавым на двор, правёў да машыны. Вярнуўшыся ў пакой, камандуючы фронту і член Ваеннага Савета доўга маўчалі. Макараў сядзеў і штосьці ўсхвалявана думаў, Чарняхоўскі ўзрушана хадзіў.

— Ведаеце,— прамовіў член Ваеннага Савета,— я, слухаючы Рогава, адчуў сябе раптам вінаватым. Без віны вінаватым...

— Нам няма чаго лічыць сябе вінаватымі,— стрымана адгукнуўся Чарняхоўскі.— Мы наступленне пачалі ўжо!..

— Пачалі...

Па тым, як гаварыў Чарняхоўскі, адчувалася, што ён думае пра штосьці сваё. Прайшоўшы яшчэ раз-другі з кута ў кут, камандуючы выняў рукі з кішэняў, хапатліва пайшоў да карты, адсунуў шторку. Узяў са стала цыркуль, адразу выхапіў на карце, пад лініяй шасэ, зялёна-блакітную пляму, стаў штосьці вымяраць. Заклапочана, разважаючы моўчкі, нібы вагаючыся, не знаходзячы яснасці, стаяў каля карты.

Потым паклаў цыркуль, зноў засунуў рукі глыбока ў кішэні штаноў, нецярпліва, важка захадзіў. Нарэшце ўлавіў запытальны позірк Макарава, варухнуў плячом, як бы яму муляла, як бы не да спадобы была няўчасная цікаўнасць, крокі зрабіліся мякчэйшыя, стрыманыя. За гэтым стаў зусім, прызнаўся:

— Сумненне грызе, Васіль Емяльянавіч! Не адчэпліваецца!

Макараў глядзеў са спачуваннем.

— Якое сумненне?

— Усё тое ж,— Чарняхоўскі далоняю моцна пацёр шчаку, шыю.— Што аперацыю для поспеху справы ў тым-сім трэба б рашаць інакш... — Як бы згадзіўся з некім: — Канечна, удар у паласе магістралі мае свае перавагі. Гэта — факт... Але,— у голасе яго пачулася ўпартае пярэчанне,— у гэтым варыянце ёсць і свае мінусы. Адзін з іх — што немцы, калі чакаюць нас, то найбольш тут... Непакой бярэ: як бы мы тут не заселі.

— Тут, вядома, будзе нялёгка...

— Вось, пра гэта я і думаю. І бярэ мяне сумненне, што не тут, не на магістралі, нам трэба чакаць поспеху. Карціць мне, што больш шанцаў на ўдачу тут.

Чарняхоўскі рушыў да карты. Член Ваеннага Савета, наблізіўшыся, убачыў: кончык складзенага цыркуля ў руцэ камандуючага паказвае раён Лёзна, Багушэўска, паласу наступлення арміі Крылова.

— Я вас разумею, Іван Данілавіч.— Член Ваеннага Савета сказаў чула, ветліва і адвёў вочы ўбок.— Але...

— Але,— зацята перахапіў Чарняхоўскі,— лясы, балоты? Я пра гэта таксама думаю. Таму і бярэ сумненне!.. Але,— ён нервова пацёр шчаку, засунуў рукі ў кішэні,— нас тут менш за ўсё чакаюць! І тут таксама — у немцаў слабінка: стык 3-й і 4-й армій! Калі б удалося прарвацца, ды ўвесці армію Ротмістрава, ды ўдарыць з поўначы на магістраль, на Талачын ці Крупкі! Па нямецкіх тылах! — Чарняхоўскі ўсё больш загараўся тым, што малявалася ва ўяве: — Увесь узорны нямецкі парадак рухнуў бы адразу! І магістраль наша, і — аршанскі арашок трэснуў бы! Там, дзе ён якраз найменш цвёрды! А там — і да Бярэзіны нядоўга.

У тым, як Чарняхоўскі казаў, адчувалася не толькі нецярплівасць, але і дужасць. Чарняхоўскі нібы раптам узняўся перад Макаравым: шырынёю, рашучасцю думкі, смеласцю волі, што адчувалася за думкаю.

Позірк Чарняхоўскага быццам гаварыў: вось як здорава магло б пайсці!

— Спакуса — вялікая,— згадзіўся член Ваеннага Савета.— Ёсць у гэтым рацыя...

— Ёсць! — горача сказаў Чарняхоўскі, і Макараў зноў адчуў, як гэта моцна захапіла камандуючага.— От і грызе д’ябал сумнення,— прамовіў Чарняхоўскі, стрымліваючыся. Ён дадаў сабрана: — Трэба падумаць!

Неўзабаве Макараў устаў, сказаў, што пара і «чэсць знаць», час на спачын. Чарняхоўскі зірнуў на гадзіннік і згадзіўся:

— Час...

Калі генерал выйшаў, Чарняхоўскі зняў кіцель, павесіў яго на спінку крэсла, нахіліўся, каб зняць боты. І раптам спыніўся, захоплены думкаю. Узняўся, падаўся да стала, неспакойна схіліўся над картаю. Адышоў і зноў вярнуўся да яе.

Рашуча ўзяў трубку тэлефона, папрасіў генерала Іголкіна.

— Пётр Іванавіч, не спіце? Зайдзіце, калі ласка.

Чакаючы, пакуль прыйдзе начальнік аперупраўлення, загадаў падаць дзве шклянкі чаю, нецярпліва адпіў са свае. Генерал так і застаў яго: са шклянкай чаю над картаю.

— Пётр Іванавіч, як вы мяркуеце,— адразу ўстаў Чарняхоўскі,— куды кінецца праціўнік, калі мы возьмем Оршу, а Першы Беларускі — Бабруйск?

— На Мінскае шасэ, таварыш камандуючы. Потым — на Барысаў, на Мінск...— Генерал гаварыў, уважліва пазіраючы на камандуючага: што значыць гэтае пытанне?

Чарняхоўскі падхапіў узрушана:

— На Мінскае шасэ! Па нашых тылах!..

— Такая небяспека, таварыш камандуючы, ёсць,— згадзіўся генерал.

Чарняхоўскі сказаў тонам загаду:

— Трэба левы фланг фронту прыкрыць. Корпусам Бурдзейнага. Да Коханава няхай ён наступае згодна з рашэннем, а там крута паварочвае на Стараселле. Адтуль — дзвюма брыгадамі на захад, на Чарняўку. Адной — на ўсход. Насустрач адступаючым.

Генерал Іголкін, прасачыўшы, як імкліва, рашуча лётае аловак па карце, толькі зазначыў:

— Корпусу Бурдзейнага трэба даць пяхоты, таварыш камандуючы.

— Гэта — правільна,— ухваліў Чарняхоўскі задаволена.— Пяхоту дадзім!

Тады схамянуўся, запрасіў выпіць чаю. Калі пілі чай, усё яшчэ рады тым важным рашэннем, якое толькі што прыйшло, папрасіў прабачэння, што патурбаваў так позна.

Правёўшы генерала на цёмны двор, Чарняхоўскі раптам расхацеў адразу вяртацца ў пакой. Нейкі час стаяў адзін у цемры. Цешыўся ноччу, спакоем, задавальненнем, што ўсё зрабіў.

Адсюль да пярэдняга краю было каля сарака кіламетраў, і грукат фронту даходзіў сюды глуха. Было, здавалася, зусім ціха, і гэта ў змору, якая поўніла ўсяго, улівала бесклапотную дрымотнасць. Ён ужо сабраўся быў вярнуцца ў пакой, легчы спаць, калі пачуў гул самалётаў, што хутка рос. Стаў чакаць. На зорнай чарнаце неба адрозніў сілуэты — ішлі бамбардзіроўшчыкі...

Яны хутка сціхлі, а ён усё стаяў і ўжо чуў у сабе дзіўную трывогу. Ён не адразу зразумеў прычыну яе, потым яна акрэслілася думкай, якую ён адганяў: «Як на гэта паглядзіць Сталін? Як растлумачыць яму ўсё?..»

Ён адагнаў трывогу, супакоіў сябе: Сталін зразумее неабходнасць гэтага. Згодзіцца... Успомніў размову з Рогавым, падумаў, колькі людзей там, на Беларусі, чакаюць яго салдат.

Але хіба наступлення чакаюць толькі па той бок фронту? Яго чакаюць і на пярэднім краі, і на Урале, і Далёкім Усходзе. Уся краіна чакае, увесь свет...

 

1 Дывізійны абменны пункт

4

Тураўца і Ермакова тэрмінова выклікалі на нараду ў штаб злучэння.

Калі яны дабраліся да штаба, іншыя камандзіры і камісары брыгад былі ўжо ў зборы.

У чыстай палавіне цемнаватай хаты, дзе атабарыўся штаб, першым у вочы кінуўся Рогаў, фацэтны, нібы незнаёмы у новай генеральскай форме: ён штосьці захоплена расказваў. Убачыўшы Тураўца і Ермакова, адразу перапыніў гаворку, з тым жа як бы хмельным бляскам у вачах прывітаўся з абодвума за руку, адзначыў весела:

— Вось нарэшце і тыя, каго чакаем!

Туравец і Ермакоў павіншавалі яго са зваротам, ён адказаў з задавальненнем, па-сяброўску агледзеў абодвух, шчодрым, гасцінным жэстам падаў пачак «Казбека» — частуйцеся. Усе іншыя пачаставаліся ўжо, курылі, дым віс угары, цягнуўся ў расхрыстанае акно. Пакінуўшы расчынены пачак на стале, Рогаў вярнуўся ў свой кут...

Вопытнаму партыйнаму работніку Рогаву толькі ў вайну давялося ўзяцца за вайсковую справу. Як і многія іншыя партыйныя кіраўнікі, ён за гэтыя гады прайшоў усе курсы «лясной акадэміі». Спачатку камандаваў невялікім атрадам, які сам сабраў, потым брыгадай, што вырасла з атрада, і, нарэшце, узначаліў цэлае партызанскае злучэнне, адно з найбольшых у Беларусі. Гэтым злучэннем ён цяпер і камандаваў.

Камандзір злучэння Рогаў быў разам і партыйным кіраўніком на шырокім абсягу рэспублікі, сакратаром падпольнага абкома партыі. Па натуры вельмі цывільны чалавек, ён і ў цяперашніх вайсковых сваіх клопатах, на нялёгкай вайсковай пасадзе быў у душы такім, як і ў мірныя часы. Цяперашняя камандзірская дзейнасць была для яго, па сутнасці, проста працягам, асобым відам звыклай партыйнай работы. Неабходным, але часовым, выкліканым асобымі абставінамі — вайной. Гэта разуменне яго становішча падтрымлівалася ў ім тым, што людзі, якімі ён камандаваў, былі за малым выключэннем — і па жыцці, і па душы сваёй таксама цывільнымі людзьмі. Хоць і павінны былі трымацца ваеннай дысцыпліны. Не маючы ніякай схільнасці да паказнога, таварыскі па натуры, па вопыту работы, Рогаў натуральна не мяняў ранейшых цывільных звычаяў, разам з усім — у абыходжанні з падначаленымі. Вітаўся проста за руку з усімі, няхай сабе гэта камандзір брыгады ці радавы партызан. Яўна не хапала камандзіру злучэння таго, што называюць вайсковай выпраўкай. Відаць, з гэтай прычыны і новы генеральскі кіцель выглядаў на ім, як здалося Тураўцу, усё ж нібы з чужога пляча. Зрэшты, можа, гэта ўражанне было ў Тураўца і ад таго, што ён прывык на Рогаве бачыць пінжак ці сінюю гімнасцёрку. Яны, здавалася, былі больш да твару Рогаву. Больш адпавядалі яго натуры.

— Ну от, дык павялі нас. Па цахах... — вярнуўся Рогаў да перапыненай гаворкі.— Усюды адно прыкладна: жанчыны ды дзяўчаты. Ды зялёныя падлеткі... Мужчын амаль што і не відаць. Ды і то хіба які калека пасля фронту... З твару ўсе не вельмі каб гладкія. Відаць адразу, што харч не вельмі сытны... Ну тут, пакуль нас вадзілі, перапынак пачаўся. Павялі нас на двор. Гляджу — народу поўна, аж у вачах мільгаціць... І слова мне даюць... Маўляў, слова мае таварыш Р., беларускі партызан. І таму падобнае... Што тут было: ні пяром не апісаць, ні словам не сказаць! Авацыя цэлая!.. Я рукой паказую: хопіць, маўляў! А яны — яшчэ больш... Я калі пабачыў, як яны да нас, дык чуць не заплакаў ад чуласці!.. Вось якая, значыцца, слава ў нас, беларускіх партызан!

— Ды яшчэ ж не проста партызан, а — генерал! — падкінуў лісліва Вайновіч, камандзір брыгады імя Ракасоўскага.

— Я, між іншым, прыйшоў туды ў цывільным,— нездаволена паясніў Рогаў.— Спецыяльна. І пасаду маю — не гаварылі. Проста партызан... Тут важна, што — прадстаўнік. Партызан! — растлумачыў ён.— Для іх адно ўжэ слова «партызан» — значыць: герой... Як стаў расказваць пра блакаду — цішыня мёртвая. Але я болей не пра страданне, а пра — геройства! Што жывём, значыць, і пабеждаем!.. Тут што ні слова, дык — авацыя!.. Я, канешне, стараўся карацей, пра галоўнае. Скеміў, што ім і паабедаць трэба. Словамі сыты не будзеш! Але яны не далі закончыць скора! Увесь перапынак міцінгавалі! А пад канец — на руках хацелі панесці! Чуць адгаварыў!.. Што вы, маўляў, жанчыны — здаровага мужчыну несці!..

Рогаў перачакаў рэплікі, падыміў папяросай, нагадаў зноў — курыць, не шкадаваць, для таго і прывёз. Туравец здзіўлена запытаў у суседа, камандзіра брыгады «Смерць фашызму», чаму з такім захапленнем сустракалі партызан у Гомелі, хіба ў Гомелі мала бачылі сваіх партызан! Туравец ведаў, што Рогаў лятаў у Гомель. Але сусед растлумачыў: тое, што расказваў Рогаў, было ў Маскве. З Гомеля Рогава выклікалі ў Маскву...

— Я, канечне, бываў не толькі ў кабінетах ды ў цахах, — загаварыў зноў павольна Рогаў.— Пабываў я і на базары. Разумееце, захацелася пабачыць базар. За ўсю вайну, думаю, ні разу не пабыў на базары! Проста такі саскучыўся! От раз, так ранічкай, калі начальства думала, што я сплю, я сабраўся і — на базар! Каля цырка там, амаль што ў самым цэнтры. Зайшоў, глянуў: браткі мае — родная карціна! Народу — што да вайны на Камароўцы! — Камандзіры і камісары смяяліся: большасць ведалі даваенную мінскую Камароўку.— І каго толькі няма,— між агульнай увагі вёў сваё Рогаў,— і старыя, і маладыя, і рабочыя з выгляду, і інтэлігенцыя. І салдат-калек поўна. Праціснуцца цяжка. І ўсяго-ўсякага рэчаў: то гімнасцёрка ці шынель, а то падсвечнік старасвецкі ці сіцечка для чаю спецыяльнае. А прадуктаў — мала: масла, мяса амаль не відна. Бохан хлеба і то раскоша. І ўсё на абмен! Два боханы — гімнасцёрка! Той-сёй, між іншым, гарэліцу з-пад палы паказвае! Мне таксама бабулька адна інтэлігентная паказала. Рашыла чамусьці, што цікаўлюся гэтым!

Зноў пайшлі ад слухачоў жартачкі. Рогаў, усміхаючыся, зацягнуўся. Туравец пацікавіўся:

— А ў магазінах як там, Уладзімір Іванавіч?

— Гаварыў ужо, пакуль вы з Ермаковым дабіраліся... У магазінах — непагана. Больш багата, чым у сорак другім! Ёсць прадукты! Па картках, канечне... У залежнасці ад работы — розныя карткі, з рознай нормай. Ёсць карткі для рабочых, для служачых, для вучоных, для інвалідаў вайны. Ёсць спецыяльная, называецца УДП. «Усіленае дапалніцельнае пітаніе»... І ў прамтаварных — таксама па картках. Даеш талончык ад карткі, палучаеш рэч, якую паложана...

Рогаў зірнуў на гадзіннік, мусіць, рашыў пачынаць нараду, але раптам штосьці ўспомніў, заўсміхаўся:

— Ага-а, іду я раз ля гасцініцы «Масква». Думаў, пагуляю, пагляджу на мірную жызнь. Перад адлётам... Іду, і раптам, браткі мае, бачу — каго б вы думалі? Міхалапа! Інструктара з прамысловага аддзела гаркома, да вайны!.. У падпалкоўніках ужо! Гляджу, вачам сваім не веру. А ён як пабачыў мяне — генерал, маўляў! — выцягнуўся, шаг даў, як перад вялікім начальствам... А я ўсё гляджу: ён — не ён? Ён!.. Я гэтак важна пальцам да яго: падыдзіце, маўляў! Гавару яму строга: вы ш-што ж гэта так пагана начальства вітаеце?! Ён нібы пазнаў, але вачам не верыць!.. Яму ўжо сказалі, што я ў партызанах! А тут — генерал!.. Смех — і толькі!.. Увогуле запрасіў я яго да сябе. Павячэралі разам у рэстаране «Масква». Аказваецца, ён у рэзерве, пасля госпіталя. Чакае напраўлення на фронт... Я пра яго ціхенька Панцеляймону Кандратавічу, ён тады якраз у Маскве быў. Выклікалі яго з Гомеля... Так, маўляў, і так, гавару яму: патрэбны, маўляў, чалавек... Панцеляймон Кандратавіч адразу на заметку. Сказаў, што адзаве на работу...

Рогаў зноў зірнуў на гадзіннік, узрушаны ўспамінамі. Было прыкметна, нялёгка стрымаў сябе, стаў завяршаць расказ:

— Можна сказаць — пабачыў! Усяго і не перакажаш зараз!.. Адным словам: жыве Масква! Упэўнена, моцна жыве! Лепей багата, чым у сорак другім! — Ён зацягнуўся, патушыў папяросу і ўжо заклапочана, цвёрда сказаў:— Пагаварылі, паслухалі, а цяпер — за справу!

Ён акінуў запрошаных такім позіркам, нібы правяраў: ці гатовы камандзіры і камісары да сур’ёзнай размовы. Нібы паказваў: калі хто не гатовы, няхай падрыхтуецца.

— Дык от, Панцеляймон Кандратавіч Панамарэнка перадаў нам не толькі прывет, але і загад,— Рогаў затрымаўся, даючы зразумець, што зараз скажа асабліва важнае,— загад: зрабіць адну вялікую справу! — Ён выразна, значна вымавіў апошнія словы: «вялікую справу...» Паглядзеў па чарзе на камандзіраў і камісараў брыгад, каб зразумелі, прачулі значэнне таго, што ён сказаў.

Туравец яшчэ раней адзначыў, што ў хаце, акрамя камандавання злучэння, толькі вышэйшыя камандзіры з брыгад, і падумаў, што нарада будзе строга сакрэтнаю, а значыцца — і важнаю. Разуменне важнасці моманту, адчувалася, было цяпер ва ўсіх, каго выклікалі. У пакоі была нацятая цішыня. Усе з увагай глядзелі на камандзіра злучэння. Чакалі.

— Нам далі загад,— важка, з націскам загаварыў Рогаў,— правесці вялікі «канцэрт». Канцэрт праводзіцца па спецыяльнаму загаду Цэнтральнага Штаба партызанскага руху... Час назначан — ноч на 20 чэрвеня...

Слухаючы Рогава, Туравец мімаволі пераглянуўся з Ермаковым: вось для чаго прывезлі такую безліч толу і дэтанатараў!

План аперацыі захапіў Тураўца сваёй шырынёй і смеласцю. На гэты раз «канцэрт» рыхтаваўся нават больш моцны, чым ранейшыя.

Ад свае звычкі бачыць ва ўсім і прытоены сэнс Туравец з хваляваннем, ад якога сціскала грудзі, угадваў, меркаваў, што бой на «жалезцы», напэўна, будзе толькі ўступам, што за ім, падобна, павінен быць другі «канцэрт», куды больш магутны, той, якога ўсе з такой нецярплівасцю чакаюць. І радуючыся, і прагна жадаючы гэтага, ён прадчуваў, што надыходзяць вялікія, даўно чаканыя падзеі. Што, мусіць, блізка, вельмі блізка пачатак свята «на іх вуліцы»...

Пасля нарады Рогаў папрасіў Тураўца застацца. Туравец быў з ім добра знаёмы яшчэ з даваеннага часу, калі абодва працавалі ў адным раёне: Рогаў — сакратаром райкома, а Туравец — у МТС, якую, дарэчы, прыняў ад Рогава. З нялёгкага таго часу яны сябравалі.

Рогаў узяў Тураўца за руку, прапанаваў:

— Пройдземся.

Яны выйшлі на двор, падаліся да лесу. На пытанні Тураўца Рогаў расказваў, што бачыў у Нова-Беліцы, дзе асталяваўся пакуль урад. Пра сустрэчы там, пра жыццё на тым баку... Калі дапалі сцежкай да ўзлеску, узбоч якога віднеўся мокры луг, Рогаў раптам сказаў весела:

— Добра тут, а? Тут на прыволлі, у цішыні, добра... думаецца. Я сюды часта зазіраю... Бондар нават пажартаваў неяк, ці не спатканні я тут назначаю...

Ён абарваў гаворку, незразумела, са здзіўленнем працяў позіркам.

— Чуў я, жаніцца збіраешся? — Рогаў усё дапытліва, востра глядзеў на Тураўца.

Туравец збянтэжыўся.

— Адкуль ты гэта, Уладзімір Іванавіч?..

— Няпраўда, значыць?

— Пакуль, можна сказаць, няпраўда. А далей... а за далейшае — праўду сказаць —баюся ручацца! Табе аднаму прызнаюся.

Туравец падумаў, хто б гэта мог нагаварыць на яго. Ён кіому не казаў пра сваё пачуццё да Марыі, імкнуўся быць да яе стрыманым; такой жа стрыманай, нават нібы абыякавай да яго здавалася і Марыя. Хто сабраўся пажаніць іх!

— Ну што ж — справа твая. Халасцяцкая...

Рогаў доўга глядзеў на луг, маўчаў. Маўчаў і Туравец. Рогаў адарваў позірк ад лугу, сказаў па-сяброўску, са значэннем:

— На работу новую мяркуем паслаць... У Мінск, сакратаром райкома!..

Ён казаў так, нібы паведамляў: пойдзеш у другую брыгаду.

— У Мінск?!

— У Мінск.

— Як громам ты! Аглушыў проста!

— Нібы не чакаў?

— Наогул-то — чакаў. Як усе. І ўсё-ткі.

— Прывыкай!

Рогаў, вядома, знарок трымаўся спакойна. Туравец адчуваў гэта.

— У цябе ў раёне хлебазавод, станказавод,— нагадваў Рогаў.— Тэатр, дванаццаць школ... Дзевяць з іх спалены... Падумай, як усё аднаўляць будзеш. Скажы, што ты будзеш рабіць, калі заўтра вызваляць Мінск і ты прыйдзеш у райком? — нечакана патрабавальна запытаў Рогаў.

— Ты, Уладзімір Іванавіч, такія пытанні!.. Як сякерай, адным махам!

— Гэта ты павінен ведаць, як табліцу! Што ж, памазгуй!.. Яшчэ да таго, як явімся ў Мінск, Нічыпар,— мы павінны ведаць, што будзем рабіць! Між іншым, у Маскве ўжо меркавалі, як будзем араць і засяваць палі, на якіх пакуль ваюем. Чым дапамагчы Мінску, усёй рэспубліцы. У Гомелі, у рэзерве, сотні работнікаў, якія чакаюць толькі сваёй пары. Каб з першага ж дня, з першай гадзіны пачаць ладзіць мірнае жыццё... Між іншым, у Маскве пабачыўся я з дачкой. Ва універсітэт я не хадзіў, але ў дачкі распытаў усё. Цікава ж: там жа, на станцыі Сходня, дзе была партызанская школа, цяпер — Беларускі універсітэт. Трыста чалавек вучацца... Таксама, сказала, рыхтуюцца. Чакаюць, калі можна будзе вярнуцца...

Туравец з захапленнем слухаў гэтыя словы, яны лепш за ўсё гаварылі пра радасную веру ў заўтрашні дзень.

— Дарэчы, памазгуй, Нічыпар, як дапамагчы Чырвонай Арміі людзьмі. Вайна не канчаецца тут. Да Берліна трэба. Падрыхтуй людзей, каб перадаць іх арміі. Трэба даць арміі такіх салдат, каб яны чэсць нашу неслі высока. Каб чырванець не прыйшлося.

— За маіх, Уладзімір Іванавіч, не прыйдзецца!.. Эх, значыць, хутка зноў — фабрыкі, заводы, школы! Будаванне, будаванне, турботы пра планы!..

— Нялёгка будзе спачатку, Нічыпар.

— Горка... Балюча. Цяжка. Але я не думаю пра гэта. Галоўнае — вярнуцца!

Яны сталі ўспамінаць гарком, бяссонныя ночы, клопаты таго часу, сустрэчы, падзеі, таварышаў. Усё, што нядаўна здавалася яшчэ недзе далёка, нібы ў іншым свеце, аддзеленым гадамі вайны, раптам зноў стала хвалююча блізкім, амаль рэальным, нібы вайна ўраз страціла сваю ўсясільнасць над імі. Доўгія, цяжкія гады вайны як бы адступілі, павузелі ў прасторы і часе.

Яны развіталіся, не ведаючы, што наступны раз убачацца ўжо ў Мінску.

 

5

Ехаць у брыгаду бліжэйшай дарогай было небяспечна. Непадалёк размяшчалася некалькі моцных гарнізонаў, і немцы часта наладжвалі на дарогах засады. Камбрыгу і камісару, каб дабрацца дамоў, прыйшлося зрабіць вялікі круг цераз суседнюю партызанскую зону.

Пад’язджалі яны дамоў толькі ўранку.

Усё званчэй, залівісцей звінелі птушыныя галасы. Раса паступова высыхала, і лес напаўняла паркая духмень, перамешаныя пахі травы, сосен, суніц. Шэрсць на сівым Тураўцовым кані замакрэла, закурчавілася ад поту.

— Якое табе дрэва асабліва падабаецца? — перапыніў надакучлівае маўчанне камісар, акідваючы вачыма нізкарослы саснячок, што абступаў дарогу.

— Якое? — адарваўся Ермакоў ад сваіх думак.— Не люблю асіну. Кепска гарыць...

— Кепска гарыць? Эх ты, сухар!.. Я люблю дуб. Ён — моцны, дужы. У яго — заўважыў? — і пах моцны, востры. Як спірт... Дрэвы, яны як людзі — у кожнага свая натура. Елкі — стройныя, строгія, задуменныя і маларазгаворлівыя. Хвоі — тыя весялейшыя, раскінуць медныя свае галіны ўгары, ахвотна гавораць з ветрам, ківаюць нешта яму. А асіны зусім не любяць маўчаць. І вечна трывожныя, клапатлівыя,— нервовыя, можна сказаць...

Праехаўшы яшчэ, Туравец заўважыў — над ельнічкам справа важка ўздымалася чорная птушка.

— Крумкач!

Туравец працягнуў руку да ардынарца, узяўшы вінтоўку, весела бліснуў вачыма Ермакову:

— Дазволь, камбрыг?

Не злазячы з каня, прыцэліўся. Ляснуў стрэл.

Груган усё ляцеў. Падобна, нават паляцеў хутчэй, пачаў уздымацца. Туравец, слухаючы кпіны камбрыга, хутка перазарадзіў вінтоўку, спыніў каня і зноў прыцэліўся. Пасля стрэлу груган секунду ішоў па-ранейшаму, а потым стаў валіцца на бок.

— Ну, бачыў?!

Ермакоў адказаў з насмешкай, што ў такую хмару любы ўцэліў бы.

— Я і першы раз уцэліў. Але ён жывучы, гад.

Туравец расшпіліў пінжак і каўнер белай палатнянай рубашкі, выцер рукой лоб.

— Што, прыгравае? — зірнуў на яго Ермакоў.

Камбрыг, які ў апошні час, пасля блакады, стаў прыкметна таўсцець, сядзеў у сядле зграбна, ледзь сагнуўшыся, злёгку хістаючыся ў такт конскай хадзе.

— Прыпарвае...— Туравец паклаў змакрэлую хусцінку ў кішэню.

Яны зноў ехалі моўчкі.

Ермакову ўспомнілася Валя, і радасны настрой, народжаны сонечнай раніцай і набліжэннем да дому, змяніўся непакоем.

І чаго на яго шляху трапілася гэтая ганарлівая дзяўчынка, і чаго яго гэтак цягне да яе?.. Яго, праўда, увесь час цягнула да жанчын. Быць з імі, адчуваць сябе любімым, заваёўваць іх прыхільнасць — было яго заўсёдным жаданнем...

І такая ўпартая, скажы. Няма ёй, гэтай дзяўчынцы, ніякай справы да яго, да таго, што ён, усімі паважаны, відны чалавек, камбрыг, пра яе думае. Можа, ён і думае столькі пра яе, калі цвяроза паглядзець — звычайную, нічым не асаблівую, найбольш таму, што яна такая — упартая і абыякавая. Ён не ўмее адступацца.

А адступіцца ўсё ж прыйдзецца. Слова даў на сходзе, усе гэта чулі, сам казаў — цвёрдае слова. Ну і бог з ёю. І наогул падалей бы, мусіць, ад іх,— столькі прыкрасці, асабліва цяпер, калі ён, камбрыг, на віду...

Туравец усё згадваў сустрэчу з Рогавым, размову з ім.

Гэта сустрэча шмат што змяніла ў настроі, у думках, ва ўсіх адносінах Тураўца да свету. Як бы іншымі вачыма глядзеў на свет Туравец. З учарашняга дня звыклыя брыгадныя клопаты хоць і адчуваліся яшчэ важнымі, абавязковымі, але ўжо нібы не мелі ранейшай, адзінай улады над ім. Іншае, мірнае, да чаго ён імкнуўся заўсёды, але якое здавалася ўсё ж далекаватым, таілася ўсярэдзіне, цяпер бачылася набліжана, амаль што яваю. Яно, гэтае жаданае, блізкае, амаль рэальнае, усё мацней брала Тураўца, усё больш апаноўвала яго думкі.

З нецярплівасцю, з незвычайным адчуваннем маладосці думаў Туравец пра тое, што павінна вось-вось адбыцца. Праўда ж, можа так здарыцца, што праз які месяц-другі ён вернецца ў горад. Ад гэтай думкі на душы ў Тураўца было весела і па-святочнаму лёгка. У гэтым стане яму неяк мала даходзіла, што горад разбураны, што будзе, асабліва спачатку, нялёгка, што многае там будзе выклікаць горкія пачуцці. Думкі пра горад як бы зноў наблізілі да яго першыя дні вайны, нагадвалі пра вялікае гора — смерць жонкі, але радасць, якая яго захапіла, была такой моцнай, дарагой яму, што прыглушыла, прыцішыла і горыч, і боль бяды, што здарылася ў горадзе, да якога ён імкнуўся.

Туравец у думках хадзіў па заваленых вуліцах, аглядваў анямелы, спустошаны цэх станкабудаўнічага завода, накіроўваў людзей на хлебазавод, каб у першы ж дзень даць гораду хлеб. Думаў, як пра неадменнае, сённяшняе, што трэба, найпершым клопатам, зрабіць хутчэй усё, каб аднавіць школы. Аддаць адразу пад школы ўсе школьныя будынкі, што ўцалелі, выдзеліць прыгодныя для заняткаў. Зрабіць улік настаўнікаў, улік дзяцей, сабраць маёмасць, што захавалася. Думаў Туравец пра ўсе свае будучыя клопаты з такой ахвотай і цікавасцю, што амаль не заўважаў нічога навокал.

Між тым яны ўжо набліжаліся да лагера. Сівы, у яблыках, неспакойны конь Тураўца, пачуўшы блізкасць лагера, заспяшаўся і галасіста заржаў. Дарога спусцілася ў неглыбокую лагчыну, пасярэдзіне якой, ахінутая высокай вільготнай травой, цякла ціхая празрыстая ручаіна. Конь, ступіўшы ў яе, пацягнуўся да вады.

Туравец раскілзаў каня і, пакуль той піў, моўчкі назіраў, як разыходзіцца, круціцца каля конскай мызы вада. Спатоліўшыся, конь ускінуў галаву, матнуў ёю і фыркнуў: у паветры весела бліснулі кроплі вады...

Далей дарога ўзбівалася на невялікі, але круты ўзгорак.

На ўзгорку Туравец аддаў каня ардынарцу і да лагера ішоў пеша. Саскочыў з каня і Ермакоў. Ісці пасля доўгай язды, ад якой занямелі ногі і адзервянела спіна, было лёгка і прыемна.

— Каго нам паслаць у Мінск? — загаварыў Ермакоў.

Ім у штабе загадалі паслаць разведчыка ў Мінск. Патрэбны былі новыя падрабязныя весткі аб размяшчэнні ваенных аб’ектаў у горадзе.

Ермакоў і Туравец сталі меркаваць, каму можна даручыць такое заданне. Абодва лічылі, што паслаць трэба каго-небудзь такога, хто ўжо быў у Мінску і добра ведае горад.

Прыпомнілі некалькі чалавек, якія маглі б падысці для такой справы, нарэшце камбрыг згадаў Лагуновіч Ніну. Яна, на думку Ермакова, магла б справіцца лепш за іншых.

Туравец задумаўся.

— Лепш-то, можа, лепш... Але...

— Што яшчэ?

— Разумееш, маці ж яна. Дзіця ў яе. У Мінску... Маці, разумееш?

— Ну дык што?

— А калі там здарыцца што-небудзь?..

— З кожным можа здарыцца. Ніхто не засцярожан ад гэтага.

— Ну, вось, я да таго і кажу... небяспечна...

— Небяспечна. А другія што — не людзі?

— Людзі-то людзі. Але ж яна — маці, разумееш?

— Ведаеш што, Нічыпар: адна — маці, другая — сястра. У той — брат, у другой — яшчэ хто-небудзь.— Ермакоў гаварыў рэзка, нецярпліва.— Па-мойму, яна падыходзіць. І няма чаго мудрыць.

— Я не мудру. Як ты не разумееш!..

Туравец уздыхнуў.

— Займіся ты разведкаю, Нічыпар Паўлавіч,— папрасіў мякчэй камбрыг.— Бо мне з «рэйкамі» будзе клопату, аж залішне.

Яны гаварылі ціха. Ардынарцы вялі коней ззаду і таксама аб нечым размаўлялі.

З-за кустоў выйшлі, прывіталі іх вартавыя, першы пост пры дарозе. Слухаючы з лагера людскія галасы, што станавіліся ўсё больш чутнымі, Ермакоў і Туравец мімаволі паскорылі хаду.

Абодва адразу падаліся ў штаб, каб даведацца пра абстаноўку ў брыгадзе. Даведацца, што здарылася тут, пакуль яны адсутнічалі. Ермакову здавалася, што ён даўно ўжо не быў у брыгадзе, і таму камбрыг чакаў нейкіх асаблівых навін. Ён адчуваў сябе так, нібы вярнуўся ў родную сям’ю з далёкага падарожжа. Брыгада і сапраўды даўно стала яму і домам і сям’ёй.

Габдулін быў акурат у штабе. Ад яго Ермакоў і даведаўся, што адбылося за апошнія дні.

Пасля гэтага камбрыг закрочыў да свайго будана, а камісар застаўся, загадаў дзяжурнаму, каб паклікалі Лагуновіч.

Хвілін праз дзесяць дзяжурны вярнуўся.

— Яна была ўночы на заданні. Цяпер недзе спіць, у будане няма. Знайсці яе?

— Не трэба. Калі прыйдзе, няхай явіцца да мяне.

 

РАЗДЗЕЛ V

 

1

Ніна вярнулася з задання раніцай. Калі яна ўвайшла ў свой будан, там ужо ўставалі.

— Ты ведаеш, Ніна,— сказала ёй ніякавата, здзіўлена Валя,— мне сніўся твой Аляксей! На кані, снілася, ехаў. А ў каня таго ў грыву заплецены розныя шаўковыя істужкі... Як убачыў мяне, пад’ехаў, пра цябе спытаўся: «Дзе, кажа, Ніна, правядзіце да яе». Потым нешта пачаў расказваць пра сябе. Але я нічога не помню!..

— Галоўнае забыла! — папракнула Ніна стомлена. Жанчыны падтрымалі размову, рады былі пагаварыць.

— Можа, і не забыла, ды — тоіць!

— Ой, Валя, нядобра гэта — чужых мужчын сніць!

— Ці не закахалася ты, Валечка, у яго?

— Валечка па Васілю сохне!.. А Туравец от закахаўся,— раптам сказала, латаючы кофту, Вера Капуста. Яна гарэзна бліснула чорнымі вачыма.

Мяркуючы, як адгукнуліся на яе словы, у будане навіну гэту ўжо ведалі.

— Што ж, яна жанчына харошая,— сказала Ніна.

— А я вось не веру,— запярэчыла Валя.

— У што? У тое, што Туравец можа закахацца? У, ты, дурная. Я, любка, мужчын наскрозь бачу.

— І што ж ты бачыш,— ганарліва сказала Валя.

— Што? Бачу: ох, і мужчына гэта! Ён толькі такі скрытны. Ведама, камісар! Тут толькі зірні на каго-небудзь прыхільна, дык вочы такія, як мае, адразу зловяць.

— Пляцеш, сама не ведаеш што.

— О, я не ведаю? Ты паглядзі, якія вочы ў яго! Цыганскія! Ох, у маладосці, відаць, быў зух! Не адну, напэўна, прысушыў.

— Шчаслівая будзе Марыя Андрэеўна,— уздыхнула Ніна.— Рада я за яе!

— І ты будзеш, Нінка, шчаслівая! Чуе маё сэрца, будзеш шчаслівая,— запэўніла яе Валя, пачуўшы ў голасе Ніны нотку суму.

— А я і так шчаслівая,— сказала Ніна, адчуўшы, што Валя хоча супакоіць яе.— Я шчаслівая... Хіба не шчасце так любіць?

Вера, што латала кофтачку, уважліва паглядзела на Ніну, недаверліва ўсміхнулася.

— Няпраўду ты кажаш, Нінка. Якое гэта шчасце — сохнуць па чалавеку, які невядома дзе тры гады?

— Не сохнуць, а любіць,— паправіла яе Ніна, хвалюючыся.

— Якая ж гэта любоў?..— здзівілася Вера.— Бяда адна. Сухота...

Ніна не адразу знайшла, што адказаць.

— Значыцца... не любіла ты! — прамовіла яна з запалам.— Не любіла!.. І ўвогуле,— дадала яна,— нічога ты не разумееш у гэтым!

Ніна выйшла да студні, памылася і хутка вярнулася ў будан. Шчокі яе пасля ўмывання паружавелі. Яна ўзяла са століка маленькае люстэрка, на адваротным баку якога быў малюнак — дзеці купаюцца ў рэчцы. Пачала прычэсвацца.

З люстэрка глядзелі на яе шэрыя, стомленыя вочы. У чатырохкутніку былі яшчэ відаць роўны, крыху кірпаты нос, заклапочаны лоб і русявыя, спераду крыху выгаралыя на сонцы, валасы. Ніна была прыгожая няяркім, сціплым хараством. Асабліва прываблівыя былі яе вочы — шэрыя, часам блакітныя, як бы засмужаныя; яны пазіралі з нейкай светлай удумлівасцю і сардэчнасцю. Прыгожа акрэсліваліся мяккія, нібы прыпухлыя вусны.

Ніна запыніла позірк на маршчынках, што выразаліся пад вачыма. «Вось, старэць пачынаю...» У галаве праплыло: «Аляксей, відаць, таксама пастарэў...»

У будане было тлумна, і яна рашыла, узяўшы з сабою коўдру і жакетку, паспаць дзе-небудзь у лесе.

За буданамі трава была вытаптана. Хадзілі і размаўлялі непадалёк партызаны. Ніне захацелася адысці далей, у цішыню, адной схавацца ў сакавітай высокай траве. Яна крыху паблукала між дрэў, шукаючы прынадную мясцінку.

У гэтых пошуках яна неспадзеўкі натрапіла на Васіля, той зацята корпаўся ў нейкай невялікай блакітнай скрынцы. Пачуўшы крокі побач, ён узняў дзіўна няветлівы, нездаволены позірк. Нібы перашкодзіла яна, адарвала ад справы. Не адразу і неахвотна, разважыўшы спачатку, ён адказаў, што рамантуе сапсаваную нямецкую рацыю.

— Нашто яна табе?

— Як нашто? Рацыя нашто? — здзівіўся Вася.

Ніна схавала няёмкасць: трэба ж, спытала такое.

— Выходзіць што-небудзь?

— Пакуль нічога. Штосьці я не магу тут разгадаць... Але я даб’юся, ну праўда. Быць не можа.

— Вядома, даб’ешся. Ты такі,— падтрымала яго Ніна і пайшла далей.

Нарэшце ля вялікай бярозы яна стала. Бяроза была дужая, з чорным, у моцных жылах камлём, занізі клейкіх, з дробнымі зубчыкамі лісточкаў ледзь-ледзь трапяталі на тонкіх галінках. Трава пад дрэвам расла густая, дружная і цёмная. Прадчуваючы радасць спакою, сну, Ніна паслала коўдру, згарнула жакетку замест падушкі пад галаву і лягла. Прыкрылася ад камароў коўдраю.

Камары назольна віліся ля твару. Прыйшлося завязаць хустку так, каб схаваць амаль увесь твар.

Вакол было ціха, зялёна, прыгожа, сэрца яе невядома чаму поўніла адчуванне незвычайнага шчасця.

Потым галіны ўгары і кавалкі чыстага неба ў прагалінах ціха закалыхаліся, падняліся ўгару і ціха-ціха кудысьці паплылі. І яна таксама паплыла, адчуваючы, як ёй з кожнай хвілінай робіцца ўсё лягчэй...

Прачнулася яна з усмешкай, з адчуваннем светлай радасці. У сне яна бачыла дачку, Людачку. Ніна цяпер не магла ўспомніць, што іменна яна бачыла, засталося толькі адчуванне чагосьці незвычайна харошага, цудоўнага. У першую хвіліну, яшчэ ў паўсне, у няцямнасці, яна шчасна азірнулася вакол, але калі стала прыходзіць да явы, усмешка пачала гаснуць. Усё, што яе цешыла, аказалася толькі сном!

Грудзі яе сціснула туга.

Ніна ўспомніла слова за словам усю нядаўнюю размову ў будане, і ў сэрца паліўся неадольны жаль да сябе, да Люды... Яна ўткнулася ў траву і, душачыся горам, зарыдала. Плечы яе ўздрыгвалі.

— Нічога, нічога ты не разумееш,— сказала яна.

Калі выплакалася, на душы стала лягчэй. Ужо не было жалю да сябе, быў спакой. «Вось дзівачка, расплакалася невядома чаму»,— падумала Ніна, збянтэжаная за неспадзяваны свой адчай.

Яна развязала хустку і легла зноў на спіну.

Неба высілася па-летняму высокае і лагоднае. Сінь яго была не яскравая, а затуманеная, малочная. Недзе ў ім,— здалося, у недасяжнай вышыні,— варушылася сплеценае бярозавае галлё, трапятала нязвычна цёмнае, амаль чорнае лісце.

Угары з галіны на галіну жвава скакала вяртлявая птушачка, залівалася вясёлаю песняю: фі-ур-рр-фі-у.

Пра што яна спявала?

Ніна ўслухоўвалася ў прываблівую незразумелую песню, і ёй усё мацней хацелася разгадаць сэнс спеву. Успомнілася, як гэтае жаданне спасцігнуць птушыную мову турбавала яе некалі ў маленстве. Яна забіралася ў гушчыню саду, у вішняк, дзе асабліва багата было птушак, і цэлымі гадзінамі слухала, выдумляючы свае тлумачэнні незразумелым гукам.

Птушка саскочыла на самую ніжнюю галінку, паглядзела зблізку ўважлівымі вочкамі, ціўкнула здзіўлена і, узмахнуўшы крыльцамі, схавалася ў вецці. Ніна слухала цяпер, як трапятала-шапталася між сабой лісце... Хораша ў чэрвеньскім лесе!

Ціха і спакойна было навокал. Па руцэ яе, пакрытай светлым кволым пушком, якая ляжала на грудзях, поўз муравей. Калі дапоўз да далоні, спыніўся, нібы падумаў аб нечым, потым спакойна павярнуў назад. Яна, прыўзняўшы руку, сачыла за ім.

З вострай увагай, прагна прыглядалася Ніна да ўсяго, лавіла гукі жыцця.

Але дзіўна! Чамусьці чым прыгажэйшым бачыўся свет навокал, тым больш горка рабілася ў яе на душы.

Затуманенымі вачыма зноў нібы ўбачыла дачку. Люда мроіла, смяялася, цягнулася да яе ручкамі.

«Дзе ты цяпер, Людачка?» — заныла шчымліва, пякуча ў грудзях. Захацелася зноў уткнуцца ў траву, закрычаць. Але яна стрымалася.

Аднак адолець думак, успамінаў пра дачку яна не магла. Самі сабою зноў ажылі, вярнуліся доўгія восеньскія дні і ночы ў Мінску. Яна сядзіць цэлымі днямі ў хаце, песціць малую. Шые маленькія сарочкі, ціха спявае песні, неспакойна прыслухоўваецца да шуму на вуліцы... Тая цеплыня, якая раней была скіравана толькі на Аляксея, цяпер перайшла і на дачку. Любоў да Люды і клопат пра яе сцішалі скруху па мужу...

Дні былі трывожныя. Казалі, што немцы падышлі да Масквы. І хоць трэба было ўвесь час дбаць аб Людзе, здавалася недаравальным так сядзець. Яна рвалася да справы.

Яна знайшла справу, сапраўдную справу. Але ўсё-такі і цяпер ёй здаецца, што не хапае нечага вельмі неабходнага. Не хапае дачушкі, Людачкі. Як хочацца пабачыць хоць на хвілінку. Як хочацца пагаварыць з ёю, папесціць. Прыціснуць мілыя шчочкі да сябе. А якім шчасцем было б — аж у горле сохне, ледзь уявіш толькі! — нагрэць вады ды паставіць малую ў ванну і пеністым мылам мыліць кволыя з ямачкамі плечы, ружовыя распараныя ножкі. А потым, захутаўшы ў прасцінку, несці да ложка і, паклаўшы ў пасцель, схіліцца над ёю і расказваць-выдумляць казкі або цалаваць. О, каб зараз пабачыць яе, зацалавала б усю!

Нехта з паэтаў пісаў, што прырода заспакойвае, уціхамірвае боль. Няпраўда гэта. Калі бачыш такое хараство, асабліва хочацца шчасця. Абуджаюцца найдарагія жаданні: хутчэй бы атрымаць ад Аляксея вестку, абняць бы дачушку, жыць у Мінску, усім разам, рабіць сваю любімую справу — вучыць дзяцей.

Калі яно гэта зноў прыйдзе? Як тады добра будзе!

Чаму яна раней не ўмела так адчуваць, разумець шчасце? Чаму шчасце па-сапраўднаму пачынаеш шанаваць тады, калі яно адышло? Яна тады многага не шанавала, не разумела... Цяпер яна ведае, што такое шчасце. Яна навучыць дачку цаніць яго...

Ці хутка прыйдзе яно, тое шчасце? «Мусіць, ужо хутка. Мабыць, ужо нядоўга чакаць,— падумала з надзеяй.— Мабыць, цяпер блізка... Няхай бы хутчэй!..»

Пахла травою, вільготным мохам, кветкамі! Пахі былі не такія, як у сярэдзіне лета. Не адчувалася яшчэ ў іх той духмянасці, спякотнай млоснасці, якія бываюць пазней. Трава буяла свежая, светла-зялёная.

Так добра было вакол!

 

2

Ніна ўстала, узяла коўдру і жакетку і пайшла да лагера. На тым месцы, дзе яна ляжала, застаўся адно след прымятай травы ды зламаная, незаўважаная сцяблінка нерасцвілых званкоў.

Ля будана яна спаткалася з Валяй Залескай.

— Ой, Ніначка! А цябе тут шукалі!..

— Хто?

— Ад камісара, ад Тураўца прыходзілі.

— Чаго, не ведаеш?

— Не сказалі. Прасілі толькі, каб зайшла да яго...

Ніна занесла коўдру ў будан, хутка памылася і заспяшалася да Тураўца. Увесь час гадала, чаго яе клічуць: не цярпелася ўведаць зараней. «Мусіць, зноў пашлюць выступаць з лекцыяй,— прыйшло на думку,— не інакш — выступаць. Чаго ж яшчэ?»

Туравец быў каля штабной зямлянкі, чытаў газеты. Убачыўшы Ніну, устаў, прывітаўся, сказаў дабрадушна:

— А, прыйшла! А я ўжо зачакаўся!..

Туравец дакорліва паківаў галавою, усміхнуўся, але ўсмешка амаль адразу ж сышла з твару. Згарнуўшы газету, забраўшы іншыя, ён папрасіў зайсці ў зямлянку.

Па яго гаворцы Ніна чула зразумела, што не для лекцыі паклікаў ён, нешта іншае чакае яе.

У зямлянцы села за стол каля цемнаватага акенца, з запытаннем зірнула на камісара. Твар яе пасля сну быў ясны, нібы маладзейшы,— свяціўся маладосцю і хараством. Цяпер яна была падобна на дзяўчынку, што нічога горкага яшчэ не бачыла і глядзіць на ўсё адкрытымі, па-дзявочы даверлівымі вачыма.

Тураўца кранулі гэтыя маладосць, хараство, затоенае адчуванне іх узняло ў Тураўца сумненне — ці справядліва рызыкаваць у гэтыя дні яе будучыняю і шчасцем?

— Як здароўе?

— Здароўе? Нішто...

Ніна ўважліва зірнула на Тураўца: да чаго гэтае пытанне?

— Ты не хворая? — запытаўся камісар.

— Не...

— Адпачыла добра?

— Добра.

— Дужая, значыць?..

— Дужая...

Туравец адужаў сябе.

— Рыхтуйся ў дарогу.

— Куды?

— У Мінск трэба...

— У Мінск?! — мімаволі вырвалася ў Ніны.

Яшчэ не думаючы ні аб чым, яна ўзрадавалася.

— Пойдзеш на спецзаданне.

Яна моўчкі кіўнула галавой.

— Заданне вельмі важнае. Для штаба фронту.

Ён стаў тлумачыць, што ёй трэба зрабіць. Па сваёй звычцы, гаворачы пра заданне, Туравец не ўтойваў, што зрабіць усё будзе нялёгка. У такіх выпадках ён ніколі не падаваў з’явы прасцей, чым яны былі напраўду. Ён хацеў, каб Ніна ведала, на што ідзе.

Канечне, ёй дапамогуць надзейныя людзі, якіх яна спаткае ў Мінску, але ўсё ж будзе цяжка. Не адна небяспека ў дарозе і ў родным горадзе будзе падпільноўваць яе, пагражаць смерцю. Многа злых варожых вачэй будуць вывіжоўваць яе. Ёй трэба будзе адчуваць небяспеку здалёк, асаблівым чуццём, здолець, калі ўзнікне неабходнасць, не губляючыся, пайсці на смелую рызыку...

— Вы гаворыце так, быццам хочаце напалохаць мяне,— знарок весела сказала яна.

— Я хачу, Ніна, каб ты ўсё абдумала. І каб была да ўсяго гатовая.

— Я ўсё разумею, Нічыпар Паўлавіч...

Па тым, як было выказана гэта, Туравец адчуў, што яна сапраўды ўсё разумее. Ён устаў, зняў са сцяны сваю палявую сумку, расшпіліў.

— Што ж, калі разумееш, вось табе — пропуск.

Ён падаў ёй складзены лісток.

— З гэтай хвіліны ты ўжо не Ніна, а Алена. Перагуд Алена.

Ніна разгарнула пропуск, напісаны сінім чарнілам: так, яна цяпер Перагуд Алена, што жыве ў вёсцы Барысавічы.

— Да Лапаціч правядуць цябе хлопцы. А адтуль — глядзі сама, Ніна... выбачай, Алена. Дарэчы, і ты прывыкай да новага імя. Ідзі, збірайся... Ні пуху ні пяра.

Ён сціснуў Нініну руку. Гледзячы на яе, Туравец з надзеяй падумаў, што ўсё будзе добра.

Пасля поўдня Ніна выйшла з лагера. Яна была ў старым каверкотавым пінжаку з падкасанымі доўгімі рукавамі, у хустцы, якую завязала па-вясковаму: з ражкамі ля шыі і казырком над ілбом. У руках несла плецены лазовы кошык з прадуктамі — ідзе ў горад, выменяць што-небудзь з адзежы.

Партызаны, што праводзілі Ніну, увесь час перагаворваліся, жартавалі. Найбольш падсмейваліся над барадатым высокім мужчынам, якога звалі жартам «барада».

Пад вечар навокал стала хмурнець. Узняўся вецер, аднекуль прыгнаў хмары, яны паўзлі і паўзлі насустрач і неўзабаве закрылі ўсё неба. Было падобна, што збіраецца дождж.

Калі ўночы мінулі мяжу партызанскай зоны, не бавілі ўжо час у непатрэбных гаворках. Ішлі ціха па ледзь прыкметнай у цемры ночы сцежцы. Наперадзе амаль нячутна ступаў «барада», усе іншыя, нярэдка спатыкаючыся, браліся ўслед за ім.

На ўскрайку лесу разведчыкі спыніліся.

— Вунь і Лапацічы твае! — сказаў «барада» і, здалося Ніне, кіўнуў галавою наперад. У цемры нічога не было відаць, але Ніна ведала, што сяло тут праз якога паўкіламетра.

Хоць і хацелася хутчэй дабрацца да горада, яе агарнулі туга і трывога. Гэта было заўсёды, калі расставалася з такімі блізкімі — і надзейнымі — людзьмі, ішла адна ў невядомасць. Колькі хвілін усе стаялі моўчкі, не хапаліся назад. Разумелі: што значыць — ісці туды...

Яна ведала, што яны не інакш разумелі і тое, чаму яна марудзіць. Разумелі, што яна не хоча, баіцца заставацца адна. Адна перад гэтай затоенай цемраю, што заліла, здавалася, увесь свет, перад небяспечнай невядомасцю. Ёй няёмка было ад таго, што яны адчувалі яе трывогу, яе кволасць, але яна ўсё ж не спяшалася. Што ж, няхай адчуваюць...

Нарэшце маўчанне, чаканне сталі цяжкімі і ёй. Трэба было ісці. Як магла, яна спакойна, нібы нават бесклапотна, прамовіла:

— Ну, мне пара! Ды і вам, мусіць, не лішняе паспяшацца...

— Так, часу і ў нас скупа...

— Бывайце.

— Шчаслівай дарогі, Ніна!

Ніна падалася ў цемру.

 

3

Ледзь на ўсходзе пасвятлела і пачалі гаснуць зоры, стары-сувязны правёў Ніну за вёску. Ён усё шкадаваў, што, ідучы ў такую нялёгкую дарогу, яна не падрамала нават, і ўгаворваў, каб вярнулася, адпачыла дзянёк.

Але Ніна стаяла на сваім: сёння была акурат нядзеля, дзень, у які ў горад ідзе найбольш людзей. Між іх ёй будзе лягчэй прабрацца.

Стары доўга, падрабязна, паўтараючыся, тлумачыў Ніне, як ісці, чаго і дзе трэба асабліва асцерагацца.

Як толькі добра ўднела і пачалі хадзіць людзі, яна выбралася на дарогу, далучылася да купкі жанчын, што ішлі да горада. Паўз яе, наперад і насустрач, з шыпеннем шын, з грукатам праносіліся нямецкія грузавікі. З пранізлівым ляскатам, нібы страляючы, імчаліся ў бок горада і насустрач матацыклы. Зрэдку, рыпаючы, сакочучы, ехалі павозкі з немцамі ці паліцаямі.

Неўзабаве ёй удалося ўладзіцца на выпадковы нямецкі грузавік. Узяўшы за плату дзесятак яечак, немец-шафёр з тылавых войск дазволіў залезці ў крыты кузаў. У гэтай машыне ў акружэнні незнаёмых жанчын, а таксама падабраных на дарозе, яна з неймавернай, здавалася, хуткасцю дапала да Мінска.

Вунь і горад. З кузава машыны, што ўзбягала на ўзгорак, Ніна наводдаль убачыла шэрыя вуглаватыя абрысы Дома ўрада, які ўзвышаўся над іншымі дамамі, каля яго вострую, падобную на чырвоны аловак, вежу касцёла. Знаёмы, дарагі да драбніц, даўно-даўно да болю жаданы малюнак гэты моцна ўзрушыў. Сэрца замерла, заныла, сціснулася, а ў горле зашчымела, і яна адчула, што на вочы вось-вось набягуць слёзы.

«Люда, дачушка! Як ты цяпер жывеш, у такую пару, без мяне? Якая ты стала? Вырасла, мусіць, выцягнулася, гаварлівая, неспакойная, галасок мой! Ці ўспамінаеш ты хоць калі-небудзь сваю маму, якая вымушана жыць у ростані з табой, але носіць цябе ўсюды ў сваім сэрцы?..»

Адразу за ўзгоркам салдат-шафёр спыніў грузавік і загадаў усім, хто сядзеў у кузаве, сысці.

Далей да горада пайшлі пеша.

З намаганнем, адганяючы ўспаміны, стрымліваючы раптоўную моцную ўзрушанасць, прымусіла сябе Ніна супакоіцца. Але, па меры таго як адыходзіла з душы размякчэласць, як вярталася цвярозая разважнасць, яе ўсё больш апаноўвала трывожная насцярожлівасць. Пазіраючы на знаёмы малюнак горада, яна ўжо жыла прытоеным адчуваннем небяспекі і невядомасці: што там чакае?

Ці ўдасца зрабіць усё, што належыць? Ці ўдасца добра выйсці адтуль?

Прадчуванне блізкай небяспекі вярнула ёй сілу. Лёгкасці і спакою ўжо не было, але затое не было і сумяціцы ў пачуццях. Было разуменне: патрэбна асцярожнасць.

Ішла цвёрда і, здавалася, зусім спакойна.

Перад горадам яе і жанчын, што ішлі з ёю, спыніў патруль — тры салдаты з аўтаматамі. Калі перад ёй праверылі дакументы і перакапалі рэчы дзвюх жанчын, Ніна выступіла наперад. Адзін з немцаў, бялявы, з блакітнымі нахабнымі вачыма, агледзеў Ніну з галавы да ног, нібы распранаючы, кінуў адно слова:

— Ausweis!1

Ніна выняла са сподняй кішэні пінжака латку, марудліва разгарнула і паказала пасведчанне. Не зводзячы з яе вачэй, гітлеравец пацягнуў паперку, прачытаў, зноў унізаўся ў яе позіркам. Не вяртаў пасведчанне, і Ніну холадам абліла трывога: кепска зроблена? Прыкмеціў якую-небудзь памылку? Адчуў падазронае? Стрымліваючы дыханне, тоячы страх, што ўраз апанаваў усю, бачыла яна, як немец з нахабнай усмешкай круціў аўсвайс, глядзеў на яе.

Быццам далёкае, дробнае было, як другі, пэўна, памочнік гэтага, тым часам праворна варочаў усё ў кошыку.

Дзівілася сама пазней, як змагла, калі кавалак ружовага сала, густа пасыпанага соллю, знік у кішэні салдата, адолець страх свой, абурана ўхапіцца за кошык.

— Ну, хопіць ужо! Трэба і мне пакінуць, на продаж!

— Но-но! — пагрозна вызверыўся на яе той, з аўсвайсам. Кошык адабраў той, што абшукваў, перавярнуў усё да рэшты. Толькі тады вярнуў.

Гледзячы на яе, бялявы раптам пакруціў галавой з дакорам:

— Не-хо-рошо. Такая красівая мадам. Валнуеца прадукты...

Ён вярнуў аўсвайс.

 

1 Пасведчанне.

4

Першае, што Ніна ўбачыла ў горадзе, былі два новыя дзоты абапал вуліцы. Збоку цягнулася калючая загароджа ў два рады з пераплеценымі накрыж дратамі, каля якой мерна шпацыраваў салдат. На рагу высілася на слупах будка, і там была другая такая ж постаць, толькі дзіўна нерухомая.

«А на вуліцы пуста»,— заўважыла яна. Ёй здавалася, што калючы дрот аблытаў увесь горад.

З гэтай хвіліны ў яе было такое адчуванне, нібы раптам надышоў прыцемак, страшны, загадкавы, пагрозны. Слых яе цяпер востра лавіў кожны гук. Яна прыкмячала ўсё, што рабілася вакол, хоць збоку здавалася спакойнаю і нават бесклапотнаю.

Калі падыходзіла да рынку, міма прашумела грузавая машына з салдатамі, за ёй такая ж другая і трэцяя.

Запаволіўшы хаду, Ніна ўгледзела: непадалёк наперадзе машыны рэзка спыніліся. Нетрывалую цішыню працялі пранізлівыя каманды, і салдаты, што пасыпаліся з кузава, пачалі хутка, з пагрозным тупатам разбягацца ў два бакі, акружаць рынак.

«Аблава!» — у момант здагадалася яна. Адразу ж павярнула ў першую ж бакавую вулачку. Павярнула, яшчэ амаль не разважаючы, больш ад даўняга вопыту чуючы, чым грозіць ёй гэтая неспадзяванасць.

Поўнячыся ўся нецярплівай і пільнай трывогаю, Ніна старалася хутчэй адысці ад рынку. Улавіла слыхам: там, у баку рынку, ускінуўся гоман спалоху, мітусні, лямант, загадныя воклічы немцаў. Паўз яе хапатліва прабегла некалькі жанчын, што, мусіць, вырваліся з рынку. Дзве з іх прытрымлівалі рукою нейкія скамечаныя абы-як тканіны: пэўна, не ўправіліся прадаць; трэцяя трымала за плячыма мяшочак, ён пры бегу целяпаўся і біў па спіне. З мяшка церушылася мука.

Услед за імі пратупацеў важкімі каванымі ботамі салдат. Ён на бягу крыкнуў нешта і стрэліў. Уцякачкі, пачуўшы стрэл, спыніліся...

Салдат, што затрымаў іх, быў наперадзе.

Ніне нясцерпна хацелася кінуцца зараз жа назад, збочыць у які-небудзь ціхі завулак. Але яна ведала, што тады салдат, не вагаючыся, загадаў бы ёй спыніцца, стрэліў бы; таму, як бы нічога не адбылося, яна цвёрда пайшла насустрач яму.

Салдат, штурхаючы аўтаматам, лаючыся, вёў затрыманых да рынку. Калі апынуліся побач, ён з падазрэннем зірнуў на Ніну, хацеў нешта сказаць, у яго нават смыкнуліся губы, але спакойны, без адзнак страху выгляд жанчыны, што кінула ўпэўнены позірк, спыніў яго.

Аддаліўшыся ад небяспекі, Ніна пайшла хутчэй.

Сэрца яе білася гулка і часта.

«Ледзь не папалася. Так недарэчна, бязглузда...»

Праз гадзіну, а можа, і больш, па ціхай, парэзанай калдобінамі вуліцы яна падышла да адной з явачных кватэр.

Хуткім, пільным позіркам акінула дворык і драўляны, пахілены ад старасці дом, куды ёй трэба ісці.

Адзначыла, што ў доме нейкі запушчаны, нібы нежывы выгляд — у вокнах ні адной фіранкі, а ў сярэднім — выбіта шыба. Няўжо так і жывуць з выбітаю шыбаю?.. І каля расхрыстаных веснічак — рубчасты след аўтамашыны.

Усё гэта яна схапіла адным позіркам. Не прыпыняючы хады, не спяшаючыся, знарок прайшла паўз дом.

Крыху наперадзе, прыкмеціла, паволі шпацыраваў, нібы нудзячыся, сухі, мірны чалавек. Набліжаючыся, ідучы паўз яго, бачыла: у чалавека нуднаваты выраз змяніўся на нядобрую, вострую ўвагу. Мільганула ў позірку яго нешта падобнае на падазрэнне. Здалося, хацеў пра штосьці спытаць яе. Ступаючы паўз яго, чакала пытанне. Але ён не спытаў. Ужо калі ён застаўся ззаду, чула за сабой яго позірк, што сачыў, віжаваў, з намаганнем стрымлівалася, каб не азірнуцца.

Раптам здалося: недзе ўжо сустракала гэтага чалавека. Яна ліхаманкава старалася ўспомніць: дзе? Але памяць нічога не падказвала.

Калі прайшла паўквартала, не вытрывала, каля павароту, нібы незнарок, азірнулася. Чалавек глядзеў услед. Чаго ён глядзіць? Можа, і ён прыпамінае? Значыцца, ён таксама недзе бачыў яе? Ці пазнаў ён?

Не хапаючыся, прайшла за рог. Тут прыпынілася, кінула позіркам у бакі і, нядоўга думаючы, нырнула ў пралом спаленай будыніны. Між каменных руін хутка выбралася на другую вуліцу. Азірнулася: яго не было відаць.

Калі ішла да другой кватэры, знарок зрабіла вялікі круг, каб заблытаць свае сляды. Устрывожаная аблавай і падазроным чалавекам, была цяпер асабліва асцярожная.

Па меры таго як падыходзіла да гэтай яўкі, неспакой яе ўсё большаў. Няўжо і тут тое?

Вось і другая кватэра. Вузенькі двор, акуратныя, зачыненыя веснічкі. Каля памытых вокан зелянеюць маладая ліпа і кусты бэзу. На двары была дзяўчына, падмятала двор. Па тым, як яна рабіла гэта, Ніна адчула: тут спакойна. Адчыніла веснічкі, падышла, прывіталася. Дзяўчына, бялявая, паўнатварая, адказала ахвотна, з нейкай вясёлай бесклапотнасцю.

— Мне гаварылі, што вы хочаце мяняць адзежу на крупы,— дапытліва паглядзела Ніна ў вочы дзяўчыны.

Бесклапотны смех у вачах той знік. Цяпер вочы яе глядзелі ўважліва, спасцярожліва.

— А якія ў вас крупы?

— Пшано. Ёсць і грэчневых жменя.

— Ідзіце да Сяргея.

Дзяўчына правяла Ніну праз цёмныя сенцы з хісткай падлогай у нізенькі пакой. Тут на лаўцы сядзеў малады заклапочаны хлопец, які малатком нешта кляпаў з бляхі. Калі Ніна ўвайшла, ён перастаў кляпаць, выпрастаўся і, адкінуўшы з ілба пасму густых валасоў, спакойна зірнуў на яе. Па прыкметах, пра якія казаў Туравец, Ніна пазнала, што гэта і ёсць Сяргей...

— Пшано прынесла. І грэчневых жменя... На абмен... Купіце?

— Пабачу, якую цану заломіце.

Па яго знаку дзяўчына выйшла. Упэўніўшыся, што ён якраз той, да каго яе паслалі, Ніна расказала пра сваё даручэнне. Яна зняла левы бот і з-пад халявы выняла запіску ад Тураўца.

Сяргей прачытаў яе, акуратна згарнуў, паклаў у кішэню на грудзях.

— Нешта даўно не было нікога. Я ўжо непакоіцца пачаў... Як там дзядзька Нічыпар? Што робіць?

— Сяўбою займаўся доўга. Сеялі хлеб, бульбу... Фрыцаў і ўсіх іншых ганялі... Цяпер сходы розныя праводзіць, лекцыі чытае...

— Лекцыі, праўда? Цікава б паслухаць, па міжнароднаму!.. Што новага там — па той бок?

Ён сказаў гэтае «там — па той бок» з такой пяшчотай, з якой гавораць імя любага чалавека.

З яго пытаннем Ніне раптам успомнілася, як некалі сама адсюль, з няволі, лавіла весткі «з таго боку», з вялікай радзімы. Усхваляваная гэтым успамінам, яна стала ахвотна, радасна расказваць яму.

Сяргей лавіў кожнае слова. Твар яго ажывіўся, вочы блішчалі.

— А што ў вас? — запыталася яна ў сваю чаргу.

Ён адкінуў рукою пасму валасоў з ілба, адразу стаў заклапочаным.

— Цяжка стала тут, іншага не скажаш. Цяпер, як прыехала СД са Смаленска і Гомеля, на кожнага падпольшчыка, мабыць, не менш за паўдзесятка гэтых сабак, гестапаўцаў. Хапаюць нашых аднаго за другім... Іншы раз нашы пападаюць выпадкова — трапяць дзе-небудзь пад аблаву і разам з другімі — у лагер. Гестапаўцы цяпер забіраюць адразу сотнямі, думаюць гады, так лягчэй вынішчыць нас...

— Як яны сябе адчуваюць тут?

— Нервуюцца... Доты ставяць усюды, амбразуры ў дамах вырэзваюць, спадзяюцца, значыць, біцца за кожны дом. Абсталяванне вывозяць. З заводаў цяпер працуюць толькі тыя, што патрэбны для вайны: рамантуюць танкі, гарматы, вінтоўкі. Тытунёвая фабрыка, дэпо... Фрау ўжо збіраюць свае манаткі і абы хутчэй — нах Дойчланд.

Ён яшчэ нямала расказваў пра становішча ў горадзе. Ніна слухала ўважліва, старалася ўсё запомніць, каб не зблытаць пасля, не забыць што-небудзь важнае, калі запытаюць у брыгадзе.

Але пыталася яна не толькі з-за абавязку. Ёй усё гэта вельмі цікава было ведаць. Яна ледзь прытойвала хваляванне, ледзь утрымлівала нецярплівыя, непатрэбныя з цвярозых разваг пытанні, якія проста рваліся на свет. Ёй столькі хацелася ведаць з таго, што адбывалася тут, у яе горадзе. А трэба было ўсё ж таіцца, прыкідвацца проста сувязной...

Побач, у суседнім пакоі, пачулася п’яная песня.

— Хто гэта?

— Фрыцы. З акцыянернай кампаніі... Су-седзі,— іранічна сказаў Сяргей.— Праўда, з імі хоць спакайней крыху: паліцаі не так назаляюць...

Неўзабаве Сяргей падняўся.

— Я пайду да сваіх. Карту нам нядоўга намаляваць, так што вы не трывожцеся. Усё будзе, як трэба. Вы тут пабудзьце з Клаўкаю, пагаварыце,— яна вам усё раскажа. Сястрычка мая ўмее расказваць!.. Клаўка-а! — гукнуў ён, падышоўшы да акна.

Скрыпнулі дзверы, і ў хату ступіла дзяўчына, што падмятала двор.

— Забаў тут госцю нашу, Клаўка. Ёй, мабыць, сумна ў нас...— сказаў Сяргей.

Яны засталіся ўдзвюх. Ніне кінулася ў вочы: у поўных Клавіных вуснах нібы таілася ўсмешка; са шчок амаль не сыходзілі вясёлыя ямачкі,— напэўна, любіла пасмяяцца, павесяліцца.

— Вам, мусіць, і праўда сумна ў нас?..— запыталася яна.

— Не, нічога...

— Вы ж, мусіць, не мінчанка? — запыталася Клава, стараючыся не маўчаць.

— Не...

— А я вось — у Мінску ўвесь час. І нарадзілася тут, і жыву...

Яны памаўчалі.

— І не былі раней у Мінску?

— Не...— Ніна дадала больш цвёрда.— Не даводзілася...

— Шкада.

— Чаму?

— Горад быў харошы...

Каб змяніць гаворку, Ніна запыталася:

— Вы ўдваіх з братам жывеце?

— Не... Маці таксама з намі. Яна — на Суражскім рынку.

— Гандлюе?

— Прадае таркі, карцы.

— Іх робіць Сяргей? — здагадалася Ніна.

— Сяргей... Пасля працы ці ў выхадны дзень. Ён у гаражы «Ост» працуе.

— А вы не працуеце?

— Не, прыходзіцца таксама... Нічога не зробіш! Я ў сталоўцы — каля гаража...

— Памагаеце, значыцца?

— Памагаю, дзе магу...— Клава раптам гарэзна ўсміхнулася.

Яны непрыкметна разгаварыліся.

Клава цікава апавядала пра розныя выпадкі з гарадскога жыцця.

Слухаючы яе, Ніна ўстала, падышла да нізкага цемнаватага акна, пачала над зборчатай фіранкай паглядаць на вуліцу. З акна быў відаць толькі невялікі куток вулічкі, усяго чатыры старыя прыземістыя хаты...

Прытуліўшыся шчакой да памытага нядаўна вушака, Ніна глядзела на дальні край вуліцы: ці не ўбачыць Сяргея? Сяргей нешта не паяўляўся.

Раптам з-за рога, хітаючыся на няроўнай дарозе, вынырнула легкавая машына з закрытым шклом.

— «Чорны воран» прыляцеў...

— Дзе? — адразу ўскочыла Клава і падбегла да акна. Машына за акном параўнялася ўжо з веснічкамі і, калыхнуўшыся з боку на бок, рушыла далей. З ёй, за шклом, рушыла даўганосая, каршаковая галава ў фуражцы з высокім верхам.

— Не да нас...

— Некага схопяць.

Некалькі хвілін стаялі моўчкі.

Цяпер яна можа і не паспець выйсці з горада, ужо блізка час, калі забараняецца хадзіць. Ніна неспакойна прайшлася па пакойчыку, зноў спынілася каля акна і нецярпліва паглядзела на вуліцу.

— Строга цяпер з начоўкай?

— Строга.

— Што — аблавы часта?

— Часта.

Пыталася не таму, што не ведала, ёй гэта было вядома з тых дзён, калі сама жыла тут. Пыталася таму, што цяжка было маўчаць. Усё ж не стала пытацца, што будзе з тым, у каго знойдуць чалавека ў забаронены час. Пра гэта і думаць не хацелася: турма, а можа, і расстрэл.

— А вы не бойцеся,— паспрабавала супакоіць яе Клава.— Сяргей прыйдзе, усё ўладуе.

Ніна адышла ад акна і села на канапе. Праз трывогу і чаканне раптам, не першы раз, але з новай, нязноснай прагай прарвалася, захапіла ўсю жаданне: пабачыць бы, абняць бы дачушку!

Толькі-толькі б, здаецца, убачыць, зірнуць хоць бы на момант, хоць бы здалёк угледзець!

Нясцерпна гняла туга: блізка-блізка дачушка, а пабачыць нельга. Не толькі абняць, сказаць слова маленькай, а і пабачыць здалёк нельга!

Расказаць, можа, Клаве пра сваю тугу, паскардзіцца проста, па-жаночаму? Але і гэтага не дазвалялі становішча, абавязак. Ды і неспакой за дачушку, апаска за Люду не дазвалялі.

— У вас, Клава, дзяцей няма? — выціснула нялёгка Ніна.

— Ой, што вы! Няма,— адказала тая.— Я незамужняя.

«Яна ўсё роўна нічога не зразумела б, калі б і можна было расказаць...» — супакоіла сябе Ніна.

Душачы ў сабе тугу, Ніна ўспомніла, з якім трывожным замілаваннем калісьці глядзела на дачку: толькі б усё было добра! Згадала, як уладжвалася на працу, каб не выклікаць лішне падазрэння, як там, у канторцы аптэкі, ледзь не ўвесь дзень думала пра Люду: дома было неспакойна, кожны дзень каля іх кружыла небяспека. Тады яна часта заносіла Люду да Залескіх...

То быў час, калі Люда, ледзь не кожны дзень, здзіўляла і цешыла. Яшчэ не дайшло ёй да года, як яна ўжо сама стаяла, спрабавала першыя няцвёрдыя, але такія важныя крокі. Падала і з рукой мамы ці бабулі зноў уздымалася. Дрыжалі мілыя ножкі, але ўпарта ступалі па падлозе. Вучыліся хадзіць. Не багата дзён мінулася, як яна, трымаючыся за маміну руку, магла прайсці праз увесь пакой.

Ніна добра помніць — на ўсё жыццё запомніла — як дачка вымавіла «тата» — першае слова, якому яе навучыла маці. Слухаючы смешнае, мілае лапатанне дачушкі, Ніна тады старалася ўявіць, як бы яго слухаў Аляксей...

Вечарэла.

На хвіліну недзе з-за хмар выглянула сонца, і ўсё за акном заяснела. Весела заблішчалі лісты на бэзавых кустах, запалала шыба ў хаце насупраць. Але неўзабаве зноў пацямнела,— пасля сонца прыцемак здаваўся гусцейшым.

А Сяргей не вяртаўся.

 

5

Ніна пачула яго спакойныя крокі, ледзь ён увайшоў на двор. Нецярпліва ўскочыла: нарэшце! Ён прыкрыў дзверы і, адкінуўшы звыкла пасму валасоў, сказаў:

— Зачакаліся, мабыць? Прыпазніліся крыху мы...

Сяргей выняў з-пад сацінавай падкладкі сваёй кароценькай курткі складзены тоненькі лісток:

— От!

Ён падаў лісток Ніне.

— Доўга размалёўваць карціну гэту прыйшлося, стараліся, каб не прапусціць нічога. Затое ўсё ўпісалі, нават недабудаваныя доты. Чыста зрабілі, адным словам...

Ніна разгарнула празрысты, аж прасвечваў, лісток, акуратна складзены ў некалькі столак. План горада быў пакрэслены рознымі знакамі. На ўсякі выпадак разгледзеўшы плошчы і вуліцы, размяшчэнне знакаў, Ніна беражліва склала лісток па ранейшых складках. Папрасіўшы нож ці нажніцы, зняла жакет і нажніцамі, якія ёй падалі, асцярожна разрэзала знізу шво «пляча» і схавала паперку. Калі стала зашываць, Сяргей сказаў супакойліва:

— А што прыпазніліся крыху — не такая ўжо бяда. Вядома, з горада выйсці ўжо не паспець,— позна. Але мы можам пераправіць вас уночы. Так што не трывожцеся, усё будзе як след.

Ніна ведала добра, як небяспечна хадзіць уночы. Успомнілася раптам зноў, што перад тым, як пазалетась ішла з хворым прафесарам, адна група наскочыла на засаду. Траіх дзяўчат схапілі і закатавалі ў гестапа.

Развітваючыся з Клаваю, Ніна вылажыла на стол усё, што прынесла з сабой. Некалькі яечак, мяшочак круп, слоік топленага масла.

— Няхай за падарунак з лесу будзе! Ды і мне вяртацца лягчэй будзе! — пажартавала яна.

Клава падзякавала. Не адмаўляючыся, узяла.

Да поўначы хавалася ў кватэры на ўскраіне горада. У дарогу ёй дазволілі выправіцца толькі позняй ноччу. Перад ёю наперад выйшаў хлопец, праважаты. Затрымаўшы Ніну ў сенцах, ён пастаяў моўчкі на ганку, прыслухоўваючыся. Цемра была такая густая, што яго постаць у прарэзе дзвярэй ледзь віднелася нават зблізку.

Недзе цягуча, надрыўна, як сірэна, гулі машыны.

— Пайшлі,— ціха пазваў хлопец.

Ён сышоў з ганка моўчкі, рушыў у цемру, і следам за ім, мякка ступаючы, падалася Ніна.

Доўга прабіраліся па руінах, спатыкаючыся, аслізваючыся, то ўздзіраліся на горы камення, то правальваліся ў нябачныя ямы. Нячутна пераступілі вулачку і нарэшце папаўзлі ў нейкай сырой, гразкай канаве. Хлопец, відаць, хадзіў тут неаднойчы, у цемры вёў, як днём.

Каля дарогі абое некалькі хвілін ляжалі.

Прайшлі, перагаворваючыся, патрулі. Іх боты пратупалі зусім блізка ад Ніны. Адзін вадзіў кішанёвым ліхтарыкам наперад і ў бакі.

Мёртва-жоўтая пляма, што рэзала цемру, слізганула па мокрай бліскотнай траве амаль побач з ёю.

Уціснуўшыся ў адхон канавы, што абрасла чэзлай травой, Ніна затаіла дыханне. Зараз востры нож святла знойдзе яе, уваткнецца ў плечы, у галаву. Не, нож мінуў, аддаліўся. Неўзабаве ён, аднак, зноў збочыў да яе, пераскочыў цераз бліскучы слупок. Наблізіўся ўсутыч. Варта яму толькі падацца крыху яшчэ... Не, зноў адступіўся...

Цяпер ён ужо з кожнай хвілінай аддаляўся.

— А блізка ж быў,— здзіўлена шапнуў хлопец.— Каб крыху...

— Блізка.

Яна аддыхвалася, нібы пасля бегу.

— Папаўзём... Тут абы на той бок дарогі...

— Паўзі!..— Ніна стала выбірацца на дарогу.

Потым ішлі полем. Збоку парывамі налятаў свежы вільготны вецер. Яны былі за горадам, але хлопец вёў далей.

Ніна азірнулася: горада не было відаць, не блішчэў ні адзін агеньчык,— Мінск нібы патануў у цемры.

Недзе там, у цемры, спалі яе дачка і маці...

Калі яны былі ўжо даволі далёка ад горада, пачало світаць. Вакол было ледзь бачнае ў прыцемку поле, палосы жыта, адзінокія дрэвы. Перайшлі паўзарослую, глухую дарогу. Чым больш радзеў змрок, тым больш пільна аглядваліся, асцярожней ішлі.

На мяжы, сярод жыта, прысеўшы на мокрую зямлю, спыніліся. Адсюль наводдаль угадваўся доўгі рад дрэваў — шасэ. Ісці туды пакуль было рана.

— Не прыйшлося добра паспаць,— сказала са спачуваннем Ніна.

— А мы, можна сказаць, і не спім ніколі. Толькі так, дрэмлем.

— Калі і ноч вольная, спакою няма?

— Цяпер такі час настаў, што ўсё трывожышся, прыслухоўваешся...

— Часта ўночы ходзіш?..

— Часта...— Ён ускінуў галавой.— Што праўда, то праўда, можна сказаць, не спім. Затое і фрыцам не даём спаць!..

Ніна толькі цяпер змагла добра разгледзець яго: хлопцу было не больш чатырнаццаці гадоў. Ён быў хударлявы, змардаваны, з вузкімі, упалымі грудзямі, жвавыя, разумныя вочы глядзелі не па гадах сур’ёзна.

Калені залатаных штаноў і локці былі залеплены граззю. Стомлена сутулячыся, ён выціраў гразь жмутком жыта.

— Не пускаюць да вас. Кажуць, тут патрэбны людзі. А то б я ўжо даўно махнуў бы ў лес...

Ён пасядзеў з паўгадзіны, ледзь было не задрамаў, але схамянуўся — важка прыўзняўся, агледзеўся.

— Тут дарога блізка. У канцы мяжа. З сяла да шашы. Дык вы па ёй. Як пачнуць хадзіць...

Ён падаў руку. Згінаючыся, пайшоў па мяжы ў бок горада. Схаваўся за сцяною жыта.

Ніна засталася ў жыце.

Справа ад мясціны, дзе быў Мінск, што хаваўся цяцер за ўзгоркамі, усё больш святлела, шырылася неба. У вышыні, што была яшчэ цьмяна-шэрай, пачыналі чырванець лёгкія нерухомыя воблакі.

Днела.

 

РАЗДЗЕЛ VI

 

1

Рыхтуючыся да вялікай аперацыі на чыгунцы, Ермакоў пільна разведваў усе подступы да дарогі, абстаноўку ў раёне будучых дзеянняў.

З гэтай жа мэтай выправіў камбрыг да чыгункі і групу падрыўнікоў на чале з Шашурам. Група павінна была абследаваць участак дарогі са свайго спецыяльнага гледжання: вызначыць лепшыя шляхі падыходу да дарогі, усё, што датычыць работы ў час аперацыі падрыўных груп.

Падрыўнікі, схаваўшыся ў блізкім лесе, два дні і ноч прасядзелі, вывучаючы адрэзак дарогі, на якім належала працаваць, даволі шырокую, з россыпам цёмных пнёў паласу высекі, што аддзяляла дарогу ад лесу.

Здавалася б, цалкам заклапочаны справаю, камандзір падрыўнікоў Шашура, аднак, багата думаў і пра рэчы, вельмі далёкія ад неабходных камандзірскіх абавязкаў. Яшчэ да таго, як выправіцца з брыгаднага лагера з цяперашнім ермакоўскім загадам, Шашура нецярпліва думаў пра тое, што цяпер увесь час неспакойна і завабліва ціснула яго сэрца, апаноўвала яго развагі.

Сочачы за дарогаю, адзначаючы ўсё важнае для справы, Шашура ўвесь час помніў, неадольна адчуваў, што ёсць цудоўная магчымасць здзейсніць даўняе жаданне — наведаць Паплавы...

Адступіўшыся ад дарогі, яны то ішлі ў цемру ночы, то сядзелі ў лесе, то зноў ішлі. Пад канец дня, зрабіўшы даволі вялікі круг, яны нарэшце апынуліся ля так знаёмага Шашуру сяла. Дазволіўшы людзям, якія былі з ім, адпачыць, Шашура з выглядам чалавека, на якім ляжыць цяжар абавязкаў, паведаміў, што павінен зайсці па адной неадкладнай справе. Нехапатліва, паважна закрочыў да сяла.

Пасля таго як Шашура араў поле, яму ні разу не ўдавалася зазірнуць у Паплавы. Неаднойчы збіраўся наведацца сюды, але ўсё не выпадала.

Аксіння спаткала яго ветліва і, адчуваў падрыўнік, была рада, што ён прыйшоў. Палажыўшы дзяцей спаць і паслаўшы госцю ў садочку, яна доўга стаяла з ім пад яблыняй і гаманіла.

— Пара спаць... Позна,— схамянулася раптам жанчына.

Шашура паспрабаваў затрымаць яе, абняў за стан, нібы жартуючы, і прыцягнуў да сябе. Але Аксіння вызвалілася, развітаўшыся, пайшла ў сваю «хату».

Падрыўнік застаўся адзін. На душы ў яго было тужліва і неспакойна: ужо даўно не мог абыякава адносіцца да гэтай жанчыны славуты брыгадны падрыўнік. Не бачачы яе, ён амаль увесь час думаў пра яе. Успамінаў яе; далёкая, нібыта выпадковая сустрэчная, яна дзіўна вабіла падрыўніка да сябе, выклікала ў ім такое адчуванне, як бы яго жыццё без яе няпоўнае. Выклікала неймаверныя думкі пра адзіноту, якіх ён ніколі дасюль не ведаў.

Шашура не вельмі доўга трывожыў душу тугою. Не ўмеў падрыўнік, не ў яго натуры гэта было — бачыць жыццё безнадзейным... «Можа быць, яна адчувае тое ж самае,— прыйшла думка, якая яму адразу ж спадабалася і таму здалася праўдзіваю.— Канечне, тое ж самае!.. Чалавек жа таксама... Скучае, канечне! Вунь як узрадавалася, калі ўбачыла... Сказала, спаць хоча. Але не спіць жа, канечне! Не спіць! Не спіць. Чакае!..»

Цвярозыя гэтыя развагі ўзнялі Шашуру, далі ўпэўненасці. Падрыўнік пакіраваў напрасткі да хлява.

Вароты былі прычынены. Калі падрыўнік пацягнуў іх да сябе, яны зарыпелі.

— Ты чаго? — запытала ціха Аксіння. Шашура пачуў: падобна, нібыта драмала напраўду...

— Ды от... спаць штосьці не хочацца.

— Не хочацца? — яна нібы нават пазяхнула. Сказала абыякава: — Што ж гэта?

— Ды чорт яго ведае! Не спіцца, хоць трэсні!..— Адолеў сябе, выціснуў гулліва: — Памагла б ты, ці што, каліна-маліна?

— А чым я табе магу памагчы?

Яна не адгукнулася на жарт, і ён сказаў сур’ёзна, сумна, нават як бы паскардзіўся:

— Сумна штосьці. Такая нуда на душы — разумееш?

— Не разумею.

— Не разумееш. Эх, што ж ты такая — нездагадлівая!

Ён прысеў ускрай пасцелі і лагодна, па-прыяцельску паклаў руку на яе плячо, гарачае і пругкае.

— Аксіння.

Яна зняла руку, параіла, не па-сяброўску строга:

— Калі сумна, едзь да жонкі. Стане весялей.

— Няма да каго мне ехаць,— паведаміў Шашура, як бы просячы шкадавання.— Я нежанаты...

— Усе вы аднолькавыя. Нежанатыя, — адказала яна з насмешкай.

Шашуру гэта зачапіла. Праўду гавораць ёй, а яна не верыць!

— Нежанаты, праўду кажу!

— Даўно?

— Вось жа не верыць! Пабажыцца табе, ці што?

— Нашто? — стрымала яна надзею, што зазырчэла ў падрыўніку.— Усё роўна... я весяліць не ўмею.

Шашуру не надта збянтэжыла яе строгасць. Чалавек з тых, настойлівасць у каторых расце разам з супраціўленнем, Шашура недарэмна ж таксама лічыў сябе знаўцам, на яго думку — у рэшце рэшт спагадлівага — жаночага сэрца. Ды і адступаць падрыўніку не было куды: быў апанаваны сваім пачуццём. Быў сам у палоне ў сябе. Яшчэ з паўгадзіны ён гаварыў, упарта верачы, што непрыязнасць жанчыны зменіцца прыхільнасцю.

Гаварыў апантана: Аксіння здавалася яму, як ніколі раней, прываблівай і роднай.

Расказаўшы некалькі смешных гісторый і анекдотаў і пачуўшы, што Аксіння раз-другі засмяялася, Шашура пяшчотным, але ўпэўненым рухам абняў яе за плечы. Іх цяпло апаліла яго.

— Аксіння, мілая!..

Яна намаглася вырвацца. Але ён не паслухаўся яе.

— Што ты гэта?

— Ды нічога, здаецца,— паспрабаваў ён жартаваць.

Спякотна дыхаючы ля яго твару, яна загадала рашуча:

— Пусці!

— Аксіння,— паспрабаваў ён патушыць яе гнеў.— Супакойся!.. Не трэба...

— Пусці! — непадатна прашаптала яна і з сілаю вырвалася.— Якія вы ўсе! З вамі па-добраму, дык вы не разумееце...

У голасе яе былі і гнеў, і крыўда: здалося, вось-вось заплача. Шашуру было і няёмка, але мацней за ўсё была прыкрасць ад няўдачы і нязгоды яе.

— Ты — разумееш! Нібы чорт ведае што натварыў!..

— Яшчэ што скажаш? Так я табе і дазволю!

— Проста — карціна, дакрануцца нельга...

— А што ты думаеш? Нельга!

Ён аддыхаўся. Была ўжо няёмкасць і ад таго, што ён, як баба, не ўтаіў зласлівасці з-за няўдачы. Не ўтрымаў на вышыні сваю мужчынскую годнасць.

Ён перамяніў кірунак размовы:

— Я ж, можа, таму, што люблю цябе.

— Няўжо? Нешта не заўважала...

Ён на гэты раз не паступіўся годнасцю. Не стаў гнуцца: не верыць, ну і няхай не верыць. Паспрабаваў, аднак,— цяпер з перасцярогай — абняць яе зноў, але Аксіння адштурхнула яго рукі і, лёгка выцяўшы, сказала:

— Ідзі адсюль... Па-добраму прашу...

— Просіш? Няма чаго сказаць — просьба.

— Як умею...

«Бач ты, якая пава! — нездаволена падумаў Шашура.— І хто б думаў. Здавалася такою ласкаваю... Гэту бабскую пароду ніколі не зразумееш...»

— Ну што ж, дзякуй... За просьбу.

Ён гаварыў лядзяна, з годнасцю.

Устаў і выйшаў.

 

Апоўначы, рашыўшы кіравацца ў брыгаду, ён зноў зайшоў да яе, разбудзіў, каб развітацца. Нібы і не здарылася між іх нічога, быў, як звычайна, вясёлы, з Аксінняй гаварыў па-прыяцельску, жартаваў.

За тое, што было ўночы, ён не адчуваў ні сораму, ні каяння. Зрэшты, здаецца, ён наогул ніколі не раскайваўся.

Хоць, як стрэмка, у памяці ныў успамін аб няўдачы, ён, калі развітваўся цяпер, паспакайнелы, адчуваў да Аксінні нават нібы большую павагу. Строгая жанчына! Цвёрды чалавек, надзейны. На такую жонку можна было б спадзявацца.

«Гэтак, чаго добрага, я магу перастаць цаніць сваю халасцяцкую волю!» — падумаў здзіўлена падрыўнік.

Шашура быў да вайны жанаты, але няўдала. Жонка яго аказалася прыдзірлівай і страшэнна раўнівай жанчынай, у сям’і часта ўзгараліся спрэчкі, і нарэшце Шашура не вытрымаў — развёўся з ёю.

З той пары ён вельмі скептычна адносіўся да кахання і да сямейнага шчасця. Таму ён і думаў пра сваю прыхільнасць да Аксінні са здзіўленнем. Гаворачы жанчыне ўночы, што любіць яе, падрыўнік сам мала верыў у свае словы.

Аксіння, здавалася, таксама нібы забыла пра недарэчнае здарэнне. Развіталася лагодна і нават папрасіла, каб ён не забываў дарогу да яе, заязджаў у госці.

— Заязджаць, значыцца...— затрымаўся Шашура.— Ты гэта — сур’ёзна?

— Сказаў! Якія тут могуць жарты.

— Сур’ёзна, значыцца.

— Сур’ёзна.

— Ну што ж, трэба будзе падумаць...

Ён чуў у яе голасе хітрынку, і яму здавалася, што яна і глядзіць, пэўна, хітравата. Сказаў гарэзна: трэба было развеяць неяк нядаўнюю не вартую яго прыкрасць-кволасць: — Вельмі ж ты — строгая.

— А ты вельмі скоры!..

— Скоры? Гэта — праўда, ты гэта правільна!

Шашура зарагатаў.

— Значыцца, заехаць? — Ён нахмурыўся, заклапочана пацікавіўся: — А біцца не будзеш?

Яна супакоіла:

— Не буду, калі ты будзеш... разумнейшы... І хлусіць перастанеш!

— Хлусіць? — Шашура пакляўся: — Век не хлусіў!

— Кажы! Ідзі ўжо.

— Іду. Ну што ж. Калі так — чакай!

Ён схіліўся, прытуліў яе да сябе. Пацалаваў.

Хутка, весела пакрочыў са двара.

 

2

Як паведаміла разведка, раён, куды ішлі ермакоўцы, кішэў гітлераўцамі і паліцаямі. Амаль на ўсім брыгадным участку чыгункі тырчалі дзоты, цягнулася калючая агароджа. У бліжніх вёсках стаялі гарнізоны, а ў пасёлку, кіламетраў праз восем ад дарогі, стаяла адведзеная з фронту на папаўненне артылерыйская часць з шасцю гарматамі. Апошняя акалічнасць, трэба сказаць, вельмі зацікавіла Ермакова. Пачуўшы пра гарматы, камбрыг загарэўся: ударыць знянацку, ушчэнт распатроніць і захапіць артылерыю. Ермакова так апанавала гэта спакуса, што ён намерыўся ўжо мацнейшую групу паслаць граміць гарнізон, а для «работы на дарозе» выдзеліць адзін атрад з такой-сякой падтрымкай. Ермакоў ужо адчуваў, якая слава загрыміць, калі ён развее гарнізон і захопіць гарматы.

Але Туравец не здолеў уразумець значэння бліскучай ідэі камбрыга. Асцярожны, цывільны розум камісара больш як стрымана адазваўся на гэту ідэю.

— Нашто табе здалося гэта, Коля? Слава? Шум?..— сказаў Туравец, нясцерпна злуючы Ермакова сваёй марудлівасцю.— «Сочтемся славою,— ведь мы свои же люди», як казаў паэт...

Туравец гаварыў жартаўліва, лагодна: разлічваў на тое, што лагодную размову Ермакоў любіць і, хоць і лічыць яго, Тураўца, хітруном, хутчэй паддасца там, дзе з-за гонару ўпарціўся б пры іншым тоне гаворкі.

Ермакоў паспрачаўся, павагаўся і, разважыўшы, адлажыў пакуль сваю ідэю. Упарты, схільны захапляцца выдумкамі, ён, на шчасце, умеў падначальваць свае жаданні развагам.

Дамовіліся выконваць асноўную задачу, а супраць гарнізона, каб прыкрыць сябе з гэтага боку, выставіць толькі заслону.

Увесь наступны дзень збіраліся ў дарогу. Бралі з сабой толькі зброю і прыпасы для падрыву — толавыя шашкі, шарыкі, дэтанатары. Камандзіры сачылі за тым, каб не было нічога лішняга: камбрыг папярэдзіў, што ісці давядзецца хутка, трэба дасягнуць прызначанага раёна за адзін пераход.

За адзін дзень належала ўвайсці больш за шэсцьдзесят кіламетраў. Ды яшчэ найбольш — па бездаражы.

Выправіліся перад вечарам. Звыклыя да доўгіх паходаў, ішлі хутка. Нягледзячы на тое, што амаль усе неслі тол і боепрыпасы, адстаючых не было.

Туравец ішоў з атрадам імя Кутузава. Ступаючы поруч з партызанамі, ён слухаў павольную гаворку. Туравец любіў гэтыя бясконцыя дарожныя размовы. Чаго толькі не пачуеш тут — і ўспамін, і клопат, і вясёлую гісторыю, і казку, і нярэдка чыю-небудзь запаветную думку.

Вось адзін пажылы расказвае, як яго, калі ён яшчэ хлопцам касіў сена, укусіла гадзюка і што ён, напэўна, памёр бы, каб не бабуля-знахарка.

— Дала яна мне нейкае зелле, густое і горкае-горкае — такое, што я, як выпіў яго, спаў цэлых паўтара сутак, нібы мёртвы. І з таго часу, паверыш, пайшоў я на папраўку! Пухліна спала, палягчэла адразу!..

Паслухаўшы гэтую гісторыю, парадаваўшыся за апавядальніка, паспачуваўшы яму, Туравец апынуўся каля двух хлопцаў — з кулямётам, якія разважалі пра аперацыю. Адзін з іх быў настроен вельмі ваяўніча, праз меру ваяўніча.

— Ну, усё-такі бой ёсць бой. Усё можа быць...— умяшаўся ў гаворку Туравец. Ён памаўчаў.— Вось аднойчы ішоў хлопец полем. Раніцай справа была. Хораша — сонца, лён цвіце, а ў тым лёне дзяўчына, такая красуня, што ад яе ўсё здаецца яшчэ прыгажэйшым... Ну, хлопец і растаў, усяму рады: ах, які дзень харошы, ах, які лён, ах, якая слаўная дзяўчына! Ах, ах!..

Хлопцы, чуў Туравец, слухалі зацікаўлена, чакалі, што ж будзе далей. Туравец не спяшаўся.

— Так. А тут гэтую гаворку і пачуў стары — ішоў насустрач. Стаў ён ды і кажа: хвалі, хлопча, лён восенню, дзень к вечару, ну, а дзяўчыну — замужам.

— Лоўка! — засмяяўся адзін з хлопцаў.— Дзень к вечару, а дзяўчыну замужам!..

— Што такое расказалі, таварыш камісар? — пачуўся цікаўны голас збоку. У брыгадзе ведалі, што Туравец майстар расказваць.

Туравец часта ўмешваўся ў гаворку. То з якой-небудзь жыццёвай гісторыяй, то з паляўнічай прыгодай, а то і з такім анекдотам, пачынаючы які, трэба было папярэдне агледзецца, ці няма поблізу жанчын. Запас розных гісторый у яго быў невычэрпны, і гаварыў пра іх ён ахвотна, дзе прыйдзецца — у дарозе, на прывале, проста да слова. Ён адчуваў, што гэтыя гутаркі часта збліжалі яго з людзьмі, адкрывалі скрытныя душы, дапамагалі ў справе.

У гаворцы дарога праходзіць непрыкметна. Ціха, крадучыся, падступіў змрок. Вось ужо ў цемры спарахнелымі светлячкамі значацца ў руках цыгаркі. Раптам цемра расступілася, прыхавалася за кусты, у галлё дрэваў. Усплыў месяц. Каля яго заблішчала некалькі празрыстых, працятых роўным, ціхім святлом воблачкаў. Падплыўшы да месяца, яны срабрыста ззялі.

Мінуўшы зону, вёскі пачалі абыходзіць. Акрамя таго, што не мела сэнсу ўсчынаць сутычкі з паліцаямі, трэба было падабрацца да дарогі непрыкметна. Ішлі больш за ўсё па ўдзірванелых палявых дарогах. Там і тут абапал калоны шчацініліся палоскі збажыны.

— Хлеб добры будзе,— задаволена сказаў нехта.— Хоць і пазнавата сеялі, але павінна ўрадзіць...

Туравец азірнуўся на голас і ўбачыў спакойную, у мернай хадзе, постаць пажылога аўтаматчыка. А той гаварыў далей, як бы разважаючы з сабой:

— Дожджык яму вельмі ў час быў. Як на дражджах — проста на вока відаць, як гоніць яго з зямлі. Будзем з пірагамі сустракаць!

— Гэта яшчэ — як сказаць! — запярэчыў нехта поблізу. Насмешліва, басам.

— Чаго — як сказаць.

— А таго! Я думаю, што пірагі твае не спякуць да таго часу.

— Чаму — не спякуць?

— Таму. У печку не ўправяцца!

— То-очна,— весела падхапіў Ляхора.

 

3

Пасля поўначы месяц схаваўся. Неба зацягнулі хмары. Туравец быў задаволены, што наступіла цемра, яна паможа падысці да чыгункі непрыкметна.

На досвітку пайшоў спорны дождж, дарога стала слізкай, каляіны і ямы напоўніліся вадой. Партызаны траплялі ў лужыны, наступалі адзін другому на ногі, лаяліся.

Дождж, амаль не сціхаючы, ліў і на світанні. Раніца была непрыветная і хмурная.

Спыніліся на паляне ў лесе. Байцы прамоклі да ніткі, але кастроў разводзіць Ермакоў не дазволіў, каб не дэмаскіраваць брыгаду. Усім загадалі захоўваць цішыню і не адыходзіць ад месца днёўкі.

На нейкую гадзіну дождж быў перастаў, потым зноў пачало ліць. З мокрага галля на людзей то падала кроплямі, то сцякала струменямі вада. Але амаль ніхто не прачынаўся. Скурчыўшыся, прыгнуўшы галовы да грудзей, каб сагравацца сваім дыханнем, людзі спалі.

Туравец прылёг каля дубка і таксама задрамаў. Калі ён абудзіўся, то адчуў, што правы бок, на якім ён ляжаў, у вадзе, цела пачало дубянець ад холаду.

Прыкрыўшыся ад дажджу краем вымаклага плашча, ён закурыў і зацягнуўся горкім дымам, ад якога ўсярэдзіне як бы пацяплела. Стараючыся не наступіць на сонных, у мокрай фуражцы, важкім, нібы з жалеза, парусінавым плашчы, выбраўся з лагера і пакіраваў да пастоў, што стаялі з боку сяла.

— Ну, што выгледзелі? — запытаў камісар у дазорнага Ляхоры, што курчыўся каля куста на ўскраі лесу. У набраклай пярэстай плашч-палатцы партызан быў падобны да вялікай нахохленай птушкі.

— Пакуль нічога, таварыш камісар. Спакойна.— Ляхора з сумам паглядзеў на цыгарку. Улавіўшы гэты позірк, Туравец зацягнуўся і аддаў яму «бычка».

Туравец, адольваючы санлівасць, паглядзеў у поле, на вёску, што цягнулася праз кіламетр чарадою панурых шызых хат з гонтавымі і саламянымі стрэхамі.

З поля ў вёску паўзла фурманка з селянінам.

Злева наводдаль быў невялікі поплаў. Там хлапчук пасвіў некалькі кароў. Махаючы пугаю, ён бег за каровай, што адбілася ад гурту. Ад гэтага малюнка на Тураўца нібы дыхнула маленствам. Калісьці вось так хадзіў з пугай і ён, чорнагаловы, цыганаваты пастух, сірата Нічыпар. У камісара зацеплілася бацькоўская пяшчота, захацелася падысці бліжэй да малога, пагаварыць і ўсцешыць чым-небудзь. «Вось і ім цяпер, замест школы, даводзіцца пасвіць каровы».

— У вас, у Чэхіі, менш дажджоў? — зірнуў Туравец на Ляхору.

— У нас вялікія дажджы, таварыш камісар, бываюць. Асабліва ў гарах, там, калі пройдзе лівень, маленькі ручай становіцца як рака. Раве, бы звер, і ўсё зрывае, што пападзе на шляху. Дубы выварочвае і нясе, як... як трэскі!

Туравец сімпатызаваў Ляхору. Хлопец добра вёў сябе ў баі, радаваў дысцыплінаванасцю, акуратнасцю ва ўсім. Туравец ведаў, што ў Славакіі ў яго бацька — стары чыгуначнік, брат — камуніст, арыштаваны гестапаўцамі.

— Ну, ты, відаць, у апошняй аперацыі з намі. Як толькі, Ляхора, прыляціць самалёт, адправім за фронт.

Ляхора падзякаваў: ён прасіў, каб яго адправілі ў Чэхаславацкі корпус. Той ужо быў блізка ля роднай яго Славакіі.

— Мне будзе шкада, таварыш камісар, ехаць адсюль...— прызнаўся хлопец.

— Шкада?

— Прывык...

Загадаўшы, каб затрымлівалі ўсіх, хто ўвойдзе сюды, Туравец падаўся назад, у глыб лесу.

Лагер ужо ажыў. Дрозд узняў роту і цяпер, сутулы, у зацяганай кепцы і світцы, разам з камандзірамі пільна, прыдзірліва правяраў, ці гатовыя людзі да бою, ці поўнасцю збераглі тол, узрывацелі, шнуры. У яго ўсё было падлічана да самай малой драбніцы.

«Гаспадар! — падумаў мімаволі з задавальненнем Туравец.— Так, недарма яго і тут называюць старшынёй калгаса».

Заўважыўшы Тураўца, Дрозд адарваўся ад сваіх клопатаў, шоркаючы ботамі ў траве, падышоў да яго, непарушна роўным тонам сказаў, што затрымалі паліцая.

— Якога паліцая? — не зразумеў Туравец.— Што яму трэба было тут?

— Вось і я думаю. Вынюхваў нешта, пэўна.

— Дапыталі?

— Пыталі...

— Ну, і што ён?

— Кажа, па самагонку прыйшоў. Гнаць тут нібыта хтосьці павінен быў. Апахмяліцца, кажа, захацеў...

— Дзе ён?

— Да камбрыга павялі.

Туравец недавольна выцер далонню шыю. На яе цякло, мокры каўнер плашча драпаў скуру.

Вестку пра паліцая ён пачуў амаль абыякава. Дождж і стома ад бяссоннай ночы заміналі думаць. Спачатку толькі падумаў нездаволена: чорт прыпёр гэтага дурня. Самагонкі яму захацелася.

Хутчэй ад звычкі, чым ад загаду, абавязку пацягнуўся ён да Ермакова, даведацца, што ж такое з гэтым паліцаем. Шукаючы камбрыга, Туравец увесь час помніў Драздовае «вынюхваў штосьці», але чамусьці не адчуваў трывогі. Як ні цяжка думалася, цвярозы, вопытны розум схіляў да таго, што паліцыя не магла так хутка ўведаць пра іх з’яўленне тут. Хутчэй за ўсё паліцай праўда прыпёрся выпадкова.

Але абавязак і той жа вопыт загадвалі не драмаць, не супакойвацца, пакуль не пераканаешся на фактах. Ён павінен быў, ва ўсякім разе — пакуль, дапушчаць і іншае меркаванне: што паліцай пасланы «вынюхваць». Павінен быў дапушчаць тым больш, што такое значэнне выпадку зычыла людзям яго, брыгадзе вялікія турботы і немалую небяспеку. Бо калі немцы даведаліся пра іх, яны, не інакш, падцягнуць вялікія сілы, і брыгадзе давядзецца нялёгка. Фактычна, зыход усёй аперацыі можа залежаць ад гэтага...

Ермакоў з партупеяй, са шпорамі, угнуўшы галаву, стаяў супраць рослага разгубленага ваякі. Выгляд у камбрыга быў грозны і рашучы. Зеленаватыя вочы камандзіра, здаецца, праціналі наскрозь паліцая — у такія хвіліны нават партызаны пабойваліся свайго камандзіра. Паліцай, збялелы, спалоханы, вадзіў вачыма за кожным рухам Ермакова і лапатаў:

— Ей-богу, па самагонку... тут гнаць павінны... пахмяліцца хацеў...

— Брэшаш! Па вачах тваіх бачу, што брэшаш! Кажы, чаго прыйшоў! — насядаў камбрыг.

Палонны кляўся, што паліцаі не ведаюць аб прыходзе партызан і адчуваюць сябе спакойна. Стараючыся вымаліць літасць, ён, хапаючыся, выказваў усё, што ведаў, дзе і якія ў немцаў гарнізоны, якая ў іх ахова, з якога боку лепш ударыць...

Многія з гэтых вестак пасля пацвердзіў селянін, якога пазней затрымалі паставыя.

Чалавек ішоў на нейкі лясны лужок касіць траву. У яго была на плячы каса, на дзержаку вісела торбачка.

Убачыўшы ў лесе столькі партызан, касец сумеўся.

— Ото ж войска! Адкуль гэта, скажыце, столькі ўзялася.

 

4

План аперацыі, які зрабіла камандаванне брыгады, складаўся з трох асобных задач.

Першая задача была ў тым, каб разграміць або хоць бы блакіраваць ворага на паўстанку, з якога немцы трымалі пад абстрэлам амаль увесь участак дарогі. Групу, якая павінна была весці бой за паўстанак, трэба было прыкрыць. Гэту, другую, задачу належала выканаць заслонам, што мусілі перарэзаць подступы да паўстанка.

Толькі справіўшыся з гэтымі задачамі, можна было рашыць трэцюю, галоўную — разламаць чыгунку, спыніць рух па ёй.

Задача групы, якой належала весці бой за паўстанак, была, як можна было меркаваць загадзя, самай цяжкай. Ёй належала весці бой супраць найбольшых сіл праціўніка. Таму гэту групу, якую назвалі штурмавой, рашылі зрабіць самай моцнай, на падтрымку ёй рашылі даць абедзве брыгадныя гарматы. Узначаліць гэту групу ўзяўся сам камандзір брыгады.

Для заслонаў выдзелілі некалькі ўзводаў, найбольш — на дарогу, што ішла з вёскі, дзе былі нямецкія артылерысты.

Галоўную, заключную, задачу павінна была рашаць група, якую ўзначальваў Кавалевіч, камандзір атрада імя Кутузава. З гэтай групай трэба было дзейнічаць і камісару, як прадстаўніку камандавання брыгады. У гэту групу ўваходзіла і рота Дразда. Усе брыгадныя падрыўнікі былі ў гэтай групе.

Удзень Ермакоў правёў агульную нараду камандзіраў усіх груп, камандзіраў і камісараў атрадаў. Расказаў пра абстаноўку, якой яна бачылася з апошніх вестак разведкі, абвясціў агульны план аперацыі, абмеркаваў дакладна задачы груп, даў свае парады. Тады Ермакоў, Туравец, Габдулін правялі нарады ў групах, праверылі, як гатовы групы, атрады, людзі.

Дождж яшчэ пад поўдзень прыціх, хутка і зусім перастаў. Амаль адразу ж хмары ўзняліся, нібы раптам палягчэлі. Неўзабаве праяснілася, усё часцей пачало выглядваць сонца. Гэта сонца, яснае надвор’е былі якраз дарэчы.

Уся другая палова дня прайшла ў клопатах пра начныя дзеянні, у чаканні незвычайнага, вялікага бою. За гэты час Туравец пабыў амаль ва ўсіх ротах, пагутарыў з палітрукамі, радавымі камуністамі, беспартыйнымі. Сустрэўся з падрыўнікамі, між якіх ён і застаўся.

Туравец быў задаволены тым, што пабачыў: брыгада была, на яго думку, нядрэнна падрыхтавана да бою, да начной работы. Яго асабліва радаваў выдатны, баявіты настрой, разуменне ўсімі размаху і значэння блізкай аперацыі — вялікага «канцэрта» — уздымала ў людзей асаблівую ахвоту дзейнічаць, нейкую святочнасць. Людзі, кідалася на ўвагу, адчувалі набліжэнне свята, таго самага, якога столькі чакалі. Здавалася, не выпадкова так цёпла, весела ззяла сонца пад вечар, пад той час, калі набліжаўся «канцэрт».

Мусіць, гэты агульны настрой перадаўся і касцу, якога затрымалі. Дзядзька Міхал выказаў нездавальненне тым, што павінен сядзець, як арыштант, і папрасіў, каб яго таксама ўзялі на «жалезку». Падмацоўваючы сваю просьбу, паабяцаў, што ўсё пакажа там. Ён жа кожную сцежку да дарогі ведае. Пагаварыўшы з ім, Туравец паверыў яму, угаварыў Ермакова згадзіцца ўзяць яго на дарогу...

Гэты святочны настрой уздымаў разам з усімі і Тураўца, у якім не ўціхаў успамін пра размову з Рогавым. Усё, што рабілася вакол, нібы пацвярджала, развівала тое, што ён чуў ад Рогава, што адчуваў і думаў, вяртаючыся ад яго ў брыгаду...

З першымі прыцемкамі брыгада заварушылася. Да чыгункі заставалася яшчэ кіламетраў сем-восем, але гэта была найбліжэйшая адлегласць. Некаторым групам, што былі вылучаны для заслонаў, трэба было прайсці багата больш, да таго ж — абысці некалькі вёсак, ісці без дарог. Не такі малы і няпросты шлях чакаў і штурмавую групу.

Спачатку пайшлі людзі з заслонаў, потым, слухаючыся каманды Ермакова, што ціха перадавалі адзін аднаму, выправілася штурмавая з гарматамі. Нарэшце пачала выбірацца на дарогу апошняя. Група падрыву.

 

Звечара апанавала лес цемра. У гэтай цемры і выйшлі з лесу, ступалі нейкі час у змроку полем, дарогаю. Пазней змрок пачаў прыкметна радзець, потым і змяніўся прывіднай шэранню.

— Зараз вылезе месяц,— прарочыў Шашура.— Калі я іду на дарогу, ён кожны раз, паганец, вылазіць. Ззяе ўвесь. Каб мне спрыту больш трэба было перад насыпам.

Ён не памыліўся. Як і мінулую ноч, неўзабаве выйшаў, срэбрана заззяў над зямлёй круглы ліхтар. Блакітна пазначылася дарога, поле навокал, пашырэў свет. У месяцовым святле віднеліся ўзбоч лясы, маўклівыя вёскі. Давялося ісці з большай асцярогаю. Больш уважліва сачылі за дарогай наперадзе, за вёскамі, якія абыходзілі. Сцерагліся і калі ўступалі ў лес, увесь пярэсты ад святла і ценяў.

Туравец сачыў за рухам групы: за тым, каб ішлі пільна, ціха, каб не траплялі на ўвагу нямецкіх гарнізонаў. Тут, у блытаніне дарог і палос, сярод незнаёмых мясцін, вельмі дарэчы аказаўся барадаты касец дзядзька Міхал. Узрушаны і абставінамі, і сваёй роллю, ён з разведчыкамі вёў людзей і па затравелых сцежках, і напрасткі цераз палі, і цераз нейкія лугі. Часам у яго з разведчыкамі ўсчыналіся спрэчкі, і ён, пакрыўджаны, запальваўся, гаварыў горача, даводзячы сваю праўду. Раз на гэтую спрэчку давялося адгукнуцца Тураўцу. Для пачатку камісар параіў дзядзьку прыцішыць голас, трымацца цішыні...

Група дайшла да месца збору ўдала, без адзінага стрэлу.

У прыцемку лесу Тураўца сустрэлі разведчыкі, аб’явілі:

— «Жалезка» тут блізка. Метраў трыста.

Спыніўшы людзей ва ўкрыцці, загадаўшы пільна захоўваць маскіроўку, Туравец з разведчыкамі Кавалевічам, Драздом і Шашурам пачаў між дрэваў прабірацца да чыгункі.

Ля чыгункі, ён ведаў, павінна быць шырокая паласа высекі. Таму з-за дрэваў выглядваў яе. Яшчэ зводдалек ён адзначыў прагалу паласы. Леглі пры самай паласе, за апошнімі дрэвамі. Ад святла месяца быў добра відаць груд насыпу, роўны, крыху ўзняты над прасцягам высекі. На версе насыпу ў адным месцы блакітна свяцілася тонкая паска — падобна, рэйкі.

Ад насыпу іх аддзяляла цяпер толькі высека, зробленая немцамі абапал дарогі. На высецы ўсюды значыліся пні ды маладая лясная порасць.

Перад імі была тая самая чыгунка, да якой яны ішлі.

Па насыпу ішлі, зрэдку перагаворваючыся, патрульныя. У цішыні Туравец пачуў, як шорхаюць па шпалах ды па жарстве боты. Патрульныя то адзін, то другі часам прыпыняліся і азіраліся. Прайшоўшы крокаў сорак, пастаялі на месцы, потым маўкліва павярнулі назад.

Шашура ціха, узварушана прашаптаў:

— Круцяцца тут на сваю пагібель!..

Туравец спытаў разведчыкаў, ці ўпэўнены яны, што правільна вывелі. Што гэта іменна той участак дарогі, які патрэбен. Камандзір разведчыкаў адказаў, што вывелі дакладна. Што вунь там, справа — ля ручая — дзот, там, як намечана,— правы фланг.

Пачуўшы пра дзот, правы фланг, Дрозд падсунуўся да разведчыка. Іменна там, на правым флангу, належала дзейнічаць яму, яго роце. Ён ведаў, што роце выпала нялёгкая задача, вельмі адказная задача, і цяжкасць яе была найперш ад таго, што там, справа, гэты пракляты дзот. Да якога трэба падабрацца непрыкметна і, як толькі Ермакоў пачне штурмаваць паўстанак, закідаць дзот гранатамі. Прымусіць сціхнуць кулямёт у дзоце.

Ад удачы з гэтым дзотам многае залежала ва ўсім баі тут. Таму Дрозд даручыў дзот адважным хлопцам Васіля Крайко.

Пазнаёміўшыся з месцам, з абстаноўкай, параіўшыся з Тураўцом, камандзір групы Кавалевіч загадаў асцярожна падвесці групу да высекі.

Лежачы каля высекі, назіраючы за насыпам, за патрульнымі, Туравец разам прыслухоўваўся да гукаў у тым баку, дзе быў паўстанак, дзе павінна пачаць бой штурмавая група. Пачатак яе бою мусіў быць сігналам да пачатку бою ў іх, у людзей Кавалевіча. Туравец непакоіўся, як бы там не пачалі бой да таго, як тут збяруцца, падрыхтуюцца да бою. Але там было ціха.

Ціха было і тут. Ціхая, спакойная ноч, здавалася, панавала вакол. У лесе спрасонку крыкнула нейкая птушка і змоўкла. Туравец адчуваў знаёмыя пахі начнога лесу. Пахла застаялай сырасцю, асіннікам, балотнаю травою.

Акідваючы позіркам высеку, мімаволі падумаў: «Колькі дрэваў загубілі ля чыгункі... І ці даўно, здаецца, гэта было. А вунь ужо маладзеча лясная прэ. Упарта! Нястрымна!»

З нейкай незразумелай сувязі, ці без сувязі, услед за гэтай прыйшла думка пра Ніну. Неспакойная, яна, зрэшты, не раз прыходзіла і ў мінулую ноч, і ў мінулы дзень. Сёння Ніна павінна вярнуцца. Можа, яна ўжо дома... Гэта думка нязменна трывожыла. Але Туравец супакойваў сябе. Спадзяваўся на лепшае.

Вострым слыхам ён лавіў за сабою ледзь прыкметны шум вялікага руху. Руху мноства людзей. Непакоіўся, як бы не заўважылі немцы. Калі постаці на насыпе прыпыніліся, ён насцярожыўся, падумаў, што — пачулі, уздымуць зараз трывогу. Але там закрочылі зноў.

Туравец раптам падумаў, колькі вачэй у гэтую хвіліну сочыць за патрульнымі...

Там, куды пайшла штурмавая група, што павінна пачаць бой, было ціха. Ужо ўсе падышлі, падрыхтаваліся да атакі, а там па-ранейшаму было ціха. Туравец, чым далей, тым больш нецярпліва чакаў знаку пачынаць, але з боку паўстанка не было ні гуку. Ён пачаў непакоіцца: чаму яны позняцца? Ці не здарылася чаго-небудзь?

— Трэба б пачынаць,— варухнуўся нецярпліва Шашура.— Чаго яны, каліна-маліна, там?

— Нейкая замінка, мабыць...

Неўзабаве злева трэснула некалькі разоў, пачуліся аддаленыя, нейкія сумятлівыя воклічы, нібы лямант. Лямант патануў у бязладнай страляніне. Нудную, цягучую цішыню ў момант парвала, стала няшчадна шматаваць. Тады хапатліва, амаль злітна, грымнулі два гарматныя стрэлы. За імі там жа ўскінулася, падсвяціла злева абрысы лесу малінавая ракета.

Туравец падумаў, што немцы, відаць, у апошні момант заўважылі людзей Ермакова. Але тое, што ермакоўцы адразу ж за іх стрэламі ўдарылі моцна, дало яму думаць, што заўважылі немцы позна. Галоўнае ж, што ён адчуваў, было: пачалося! Ураз спала цяжкая нацятасць чакання.

З гукаў бою, якія ён востра лавіў, Туравец мог толькі здагадвацца пра тое, што адбываецца ў Ермакова. Вельмі кароткі час былі чуваць толькі кулямёты ды вінтоўкі Ермакова. Вельмі хутка нямецкія кулямёты ды аўтаматы адазваліся, счапіліся з ермакоўскімі ў жалезнай схватцы. Схватка гэта, здалёк адзначаў Туравец, была лютай. І з кожнай хвілінай напал яе, падобна, гарачэў. Немцы нібы і не думалі паддавацца.

На дзіва многа заўважае, бачыць і адчувае чалавек у напружаны момант. Слухаючы, сочачы за паўстанкам, трывожачыся, адзначаючы, Туравец у той жа час бачыў, як вялі сябе патрульныя на насыпе. Пры першых стрэлах на паўстанку яны застылі, нейкі час камянелі нерухома, пэўна, не ведаючы, што рабіць. Потым, калі на паўстанку бой разгарэўся, рынулі ўправа да дзота.

Але тут гухнула ля дзота. Адзін раз, другі. Гранаты. Гранаты, не інакш, Васіля Крайко. Патрульныя зноў застылі, тады шуснулі з насыпу. Спачатку пад гэты адхон, потым, калі затыркаў нямецкі кулямёт, ачомаўшыся, ірванулі на той бок. Гэта Туравец ухапіў нібы бакавым зрокам, бо амаль уся ўвага яго была скіравана туды, дзе пачаў Крайко. Ён з палёгкай адзначыў той момант, калі следам за яшчэ некалькімі выбухамі кулямёт, што біў з дзота, захлынуўся. Туравец гэта вылучыў адразу, хоць там, ля дзота, завіравала бязладная спрэчка аўтаматаў і вінтовак.

Праз гэту бязладную страляніну хутка прарваліся напорныя ўзрушаныя воклічы. На дапамогу Васілю, зразумеў Туравец, пайшла ўся рота...

Тады Туравец, адчуваючы лёгкасць, як бы скідаючы цяжар з сябе, павярнуўся да камандзіра групы.

— Час пачынаць.

Кавалевіч ці чуў, ці не — зразумеў яго. Кіўнуў згодна:

— Час.

Яны ўзняліся.

Павярнуўшыся тварам да лесу, Кавалевіч шырока, упэўнена павёў рукою ў бок чыгункі. Туравец у гуле недалёкага бою не пачуў яго, прыкмеціў толькі разяўлены ў крыку рот. Але здалося, нібы Кавалевіч загадваў:

— Наперад, хлопцы! На жалезку!

— На жалезку! На жалезку!.. На жалезку!..— здалося, шматгалосае водгулле пакацілася па ўзлессі.

Людзі, што хаваліся за дрэвамі, відаць, толькі і чакалі гэтага загаду, бо яго адразу падхапілі. Маўклівае, вільготнае ўзлессе ў момант ажыло, заварушылася ў руху, мнагастайным, апантаным.

Здавалася, нібы навальнічны вецер вырваўся з узлесся на прасцяг высекі перад чыгункай.

З пагрозным, урачыстым крыкам беглі на высеку паўз Тураўца, імчаліся да насыпу, пераскокваючы цераз пні, спатыкаючыся, цёмныя рухавыя постаці. У момант яны запоўнілі ўсю прагалу высекі наперадзе, і цяпер у гуле і сумяціцы бою Туравец дзіўна чуў і крыкі, і лаянку, і тупат многіх ног. Адчуваў, як падрыгвае пад нагамі зямля.

Пры насыпе партызаны пачалі разыходзіцца ў абодва бакі, ачышчаць чыгунку. Іх націск быў такі моцны, дружны, што нямецкая ахова, якая была залегла па той бок і паспрабавала працівіцца, зрабіла толькі некалькі бязладных стрэлаў, як была змецена.

Ачысціўшы насып, партызаны адышлі, залеглі на бяспечнай адлегласці па баках яе. Нарэшце дачакаліся сваёй хвіліны, узняліся на насып падрыўнікі. Большасць іх раскопвалі пад рэйкамі зямлю, падкладвалі шашкі, некалькі чалавек запальвалі шнуры,— неспакойныя агеньчыкі множыліся, мігцелі, варушыліся, усё шырэй разыходзіліся ў абодва бакі.

Туравец бачыў, як, ледзь падрыўнікі праворна адбеглі ад насыпу, над адным агеньчыкам імпэтна кінулася белае зыркае полымя, насып і ўся высека нібы ўспыхнулі, зямля здрыганулася. Моцна, пругка, з металічным скрыгатам ірвануў блізкі выбух.

Яшчэ не апаў шчэбень, выкінуты першым выбухам, як на насыпе грымнула зноў.

Выбухі ўскідваліся і ўскідваліся, беглі ўправа і ўлева. У паветра ўвесь час ляцелі шчэбень, зямля, асколкі, трэскі.

Гэтыя дужыя выбухі, уздымнае, святочнае адчуванне сілы захаплялі Тураўца, звалі яго кінуцца да падрыўнікоў падкладваць шашкі. Ён успомніў, як у мінулы год з сялянамі выварочваў рэйкі ломам. Вось і цяпер у яго было сілы якраз для такой працы! Але трэба было стаяць, сачыць за ходам аперацыі. Каб пры патрэбе адразу ўмяшацца...

Туравец не перакінуўся ні з кім і словам, бо грукат глушыў усё. Ды і не да гаворкі было!

Раптам ззаду, у лесе, гахнуў выбух. Туравец азірнуўся, за першым гахнула яшчэ некалькі разоў. Снарады. Білі, відаць, гітлераўцы з далёкай вёскі. Стралялі наўздагад, і снарады звычайна рабілі пералёт, але некалькі лягло непадалёк на высеку.

Хлопцы не зважалі на гэта і хутка, дзелавіта рабілі сваё.

 

5

Нарэшце па адным, па два, групкамі сталі адыходзіць ад насыпу. Скончылі.

Падступіла цішыня.

Яшчэ не асвойтаўшыся з ёй, усе гаварылі голасна. Гаварылі ўразнабой. Смяяліся.

Туравец загадаў праверыць, ці не засталіся раненыя. Загадаў адводзіць людзей з-пад абстрэлу.

— Ну як, каліна-маліна, музыка? — крыкнуў Шашура, што з’явіўся знянацку, як з-пад зямлі.

Туравец стрымана адказаў:

— Канцэрт што трэба. Сімфонія!

— Праўда, таварыш камісар! — узрадаваўся захмялелы падрыўнік.— Сімфонія! Тут і другога слова не скажаш. Такое каб моцнае, як «дамкрат», скажам, і — каб незразумелае. Ірванулі!.. А помніце, як летась мы «канцэрт» давалі пад Пагарэлым? Я тады пад мост падлажыў бомбу-двухсотку. Эх, каліна-маліна, як фуганула, дык бэлькі ляцелі, як трэскі. Я ляжаў у ямцы наводдаль, дык мяне ад выбуховай хвалі спачатку як падыме, а пасля як бразне аб зямлю! Ледзь дух не выпусціў... Тады таксама «канцэрт» важны быў — на ўсіх дарогах ігралі.

— Хадзем, маліна-хлапчына, паглядзім, як ты паіграў,— перапыніў падрыўніка Туравец.

Ён ішоў не толькі таму, што гэта вялеў зрабіць абавязак, але і з цікаўнасці. Той неадольнай, яшчэ з хлапечых гадоў, цікаўнасці, якая столькі разоў падначальвала сабе схільную захапляцца натуру камісара. Ведаў, што не шпацыр, небяспечна лазіць там, на насыпе, але ўсё ж ішоў. Не мог не пайсці.

— Чыста, таварыш камісар, зрабіў,— запэўніў яго Шашура, весела крочачы побач.

Калі яны падняліся па невысокім, але крутым затравелым адхоне на насып, у баку паўстанка ўскінулася барвовае клубістае полымя, і крыху пазней разлёгся выбух.

— Мусіць, нашы фрыцаўскае кубло ўзарвалі.

Туравец з Шашурам пайшлі па насыпу. Шпалы былі пасечаны, пашчапаны, жалезныя рэйкі парваны, пакручаны.

— Эх, парвала рэйкі! — не ўтрываў падрыўнік.

— Парвала... Падобна, брат,— сказаў Туравец з уцехай,— «заваёўнікі» тут не разгоняцца. Праўда: зрабілі чыста!

— Цяпер тут не хутка зноў пакоцяць...— шчаслівы, падхапіў Шашура.

Прайшоўшы трохі, спатоліўшы цікаўнасць, Туравец рашыў павярнуць назад да лесу. Асцерагаўся: у любы час могуць паявіцца немцы з гарнізона. Ды і зрэзаць з лесу чаргою могуць за нішто. Але тады, як сабраўся вяртацца, яго спыніў глухаваты, прыцішаны далечынёю выбух. За ім хутка дайшоў другі, трэці.

Потым загрымела ў іншым баку, бліжэй. Нібы рэха, перакатамі кацілася, разыходзілася па палях, па лясах, ва ўсе бакі.

Блізка і далёка, то гучна, разложыста, то ціха, ледзь чутна, грукаталі, перагукаліся выбухі.

— Хто гэта? — спытаў зачараваны Шашура.

Ад полымя пажару, што ўздымалася ў баку паўстанка, на твары Тураўца трапяталі чырвоныя водбліскі. Хвіліну ён стаяў нерухома, заклапочана слухаў. Потым нібы апамятаўся, зірнуў на Шашуру.

— Хто, кажаш? Хто ж — нашы знаёмыя ўсё... Тут і вось тут калінінцы і «Савецкая Беларусь». Далей, справа, відаць, Першая Мінская. Вунь там, не інакш — Другая... Каля яе — гастэлаўцы... А хто за імі — і сам не ведаю...

 

«Канцэрт» ермакоўскай брыгады, мусіць, было ледзь чуваць у агульным «канцэрце». На ўсіх дарогах, па ўсёй Беларусі грымелі ў гэтую ноч выбухі.

Партызаны рвалі дарогі пад Бабром і пад Пухавічамі, пад Лунінцом і пад Лідай, пад Брэстам і каля самага Мінска. Тол разбураў масты, рассякаў, карэжыў важкія жалезныя бэлькі, раскідваў бярвенне. Над сотнямі чыгуначных складаў палала трапяткое, грознае полымя. Эшалоны, што ў гэтую ноч кіравалі да фронту, або гарэлі, або валяліся пад адхонам.

У адну ноч мнагатысячная партызанская армія вывела са строю ўсе чыгункі, па якіх гітлераўцы жывілі свой фронт, адрэзала нямецкія часці, што стаялі на пярэднім краі, ад тылу, ад баз забеспячэння.

«Канцэрт» быў часткай агульнай падрыхтоўкі нашай арміі да наступлення. Ён быў першым громам, які абвяшчаў аб пачатку бітвы за Беларусь.

 

РАЗДЗЕЛ VII

 

1

Пасля таго, як Ніна вярнулася з Мінска, яе паслалі да сувязных у мястэчка.

Зрабіць гэта было значна лягчэй, чым прабрацца ў Мінск. Яна ўжо неаднойчы хадзіла ў мястэчка, і кожны раз усё канчалася добра.

Шчаслівымі былі і яе цяперашняя дарога ў мястэчка і сустрэчы ў ім. Але калі яна вярталася ў лагер, яе падсцерагала страшная нечаканасць. Адна з тых нечаканасцей, якіх заўсёды багата ў жыцці разведчыкаў.

Мінуўшы многія небяспекі, тады, калі ўжо блізка адчувала радасць сустрэчы са сваімі, на мяжы партызанскай зоны Ніна раптам трапіла на нямецкую засаду.

З хмызняку насустрач неспадзявана выскачыў немец, нацэліў на яе аўтамат.

Першы момант, калі Ніна пабачыла перад сабою салдата і аўтамат, нацэлены ёй у грудзі, яна вельмі ўстрывожылася, але яшчэ не адчула ўсёй жахлівасці таго, што здарылася. Яна не ўпершыню бачыла нацэлены на яе аўтамат, пагрозлівыя позіркі салдат. Тыя разы ўсё сыходзіла добра. Ёй удавалася выбірацца з безвыходнага, здавалася, становішча.

І цяпер у яе, недзе глыбока, у тумане раптоўнай, гарачай трывогі, тлела надзея, што ўсё сыдзе неяк. Але гэта было далёка ў душы, затоена. У галаве ж, узвіраныя небяспекаю, адразу ліхаманкава замітусіліся думкі, хуткія, імклівыя: што рабіць, што адказваць?

— Партызан? — запытаўся немец.

— Не...

«Трэба быць спакайней і смялей»,— падказвала ёй нешта знутры, што сачыла цяпер за ёю.

Побач з першым вырасла яшчэ некалькі салдат і паліцаі. Бязбровы, люты немец, нібы лаючы, крыкнуў:

— Абшукаць!

Паліцаі і салдаты адразу кінуліся да яе, сціснулі рукі, заламалі ёй за спіну. Адчуўшы нясцерпны гвалт чужых рук, Ніна мімаволі рванулася, але ледзь не застагнала ад болю.

Адзін з паліцаяў, з густым чорным чубам, начэсаным на вока, угледзеўшы выраз болю на твары, сказаў зларадна:

— Не так, як у партызанах? Прывыкай!

Ён, відаць, быў старшым над паліцэйскімі, бо трымаўся вальней за іншых.

У яе не знайшлі нічога падазронага.

Бязбровы, уважліва разглядаючы, пакруціў яе аўсвайс, паклаў у кішэню.

Яе штурхнулі, павялі кудысьці. Ідучы між двух немцаў, чуючы ззаду важкія крокі чубатага, Ніна стала абдумваць сваё становішча, і ёй здалося, што свет сціснуўся, замкнуўся навокал. Яна адчула сябе раптам вельмі адзінокай.

Аднак яна не губляла надзеі. Думкі былі хуткія, пільныя і ясныя. Усе яны былі скіраваны на адно: што зрабіць, каб выратавацца.

Яна ліхаманкава рыхтавалася да сустрэч і допыту, якія чакалі яе.

Перш за ўсё, думала яна, трэба быць спакойнай, каб ашукаць іх падазронасць. Яна будзе крыўдзіцца і нават пагражаць ад свайго знаёмага афіцэра... Хто ён, гэты ратоўны яе знаёмы?..

У памяшканні паліцыі некага дапытвалі. На стале разваліста сядзеў нямецкі яфрэйтар. На падлозе, падгарнуўшы пад галаву голыя рукі, стагнаў збіты, акрываўлены чалавек. Яфрэйтар мільгнуў па ёй позіркам і нездаволена, чакаючы, павярнуўся зноў да таго, што ляжаў на падлозе. Паразважаўшы сам аб нечым, ён жэстам рукі загадаў вынесці чалавека. Турботны ад мінулага допыту, ён амаль абыякава выслухаў бязбровага.

— Куды ішла? — запытаўся ён у перакладчыка, чытаючы між тым аўсвайс.

Ніна сама па-нямецку адказала, што ішла ў вёску, выменяць харчоў на рэчы. Пачуўшы адказ на нямецкай мове, яфрэйтар уважліва паглядзеў на яе.

— Там партызанскі раён.

— Партызаны?! — нібы сумелася яна.— Ой, божа!.. І ніхто не папярэдзіў!

Яна падзякавала яфрэйтару, што яе ў час спынілі, бо магла, не дай божа, папасці ў «партызанскія кіпцюры».

— Дзе вы навучыліся гаварыць па-нямецку?

— О, у мяне быў добры настаўнік! — Ніна пакрыўджана сказала, што з ёй гаварылі, як з партызанкай, што яна паскардзіцца свайму Курту, штурмфюрэру. Чуючы, што паявілася змога ўратавацца, яна выдумляла так хутка і ўдала, што яфрэйтар, здалося, паверыў, бо стаў гаварыць мякчэй.

Ён не зусім упэўнена загадаў абшукаць яе.

Непакой яшчэ не праходзіў, але цяпер святлей заяснела надзея. Можа,— о, каб гэта сталася! — удасца вырвацца.

Неспадзеўкі здарылася тое, чаго яна ніяк не чакала і што прымусіла яе адразу затрывожыцца. У пакой увайшоў Грэчка, у паліцэйскай форме, са знакам на рукаве.

Увайшоўшы, Грэчка казырнуў немцу і сказаў, што прывёў нейкага Варанчука.

— Добра, вядзі сюды. Я зараз кончу з гэтай...— будзённа прамовіў яфрэйтар. Перакладчык пераказаў яго словы па-руску.

Грэчка мімаволі павёў позіркам на тую, якой займаўся яфрэйтар. У першы міг, калі пабачыў Ніну, ён разгублена заміргаў дробнымі, глыбока схаванымі вачыма. Аднак хутка паправіўся, перастаў міргаць, адвёў позірк убок.

Ніна насцярожана чакала далейшага: выдасць ці не выдасць яе.

Можа, тое, што яна чула пра Грэчку, няпраўда, чуткі часта ашукваюць. Можа, ён застаўся сваім?

— А-а!.. Вы знаёмыя, Хрэчка? — сказаў раптам зацікаўлена яфрэйтар.

Ніна зацялася: вось яно, пачынаецца тое, чаго яна баялася. Скажа ці не скажа? Бачыла: Грэчка з апаскаю зірнуў на немца і ўбачыў яго пільныя вочы, што патрабавалі адказу.

Адарваў вочы ад яфрэйтара. Доўгі момант маўчаў, вагаўся. Нерашуча кіўнуў галавою.

— Дзе ж вы пазнаёміліся?

У голасе яфрэйтара моцна чуліся нецярплівыя, загадныя ноткі. На лбе Грэчкі раптам узяўся пот. На твары былі пакута і страх.

— Ну?

— У... лесе...— Ён хапатліва выцер лоб. Рука яго дрыжала.

— О, у лесе! У партызанах?!

Грэчка кіўнуў.

Яфрэйтар паказваў бязмернае здзіўленне: вось навіна! Ён нібы ажыў. Ён яшчэ настойлівей патрабаваў адказу.

— Даўно гэта было?..

— Нядаўна...

— Калі?

Грэчка зноў выцер лоб дрыготкай рукой.

— Апошні раз мы бачыліся з ёю, калі я... перайшоў сюды, пан яфрэйтар...

У галаве Ніны ясна адзначылася, напоўніла холадам усё цела: «Прапала». Нібы праз туман аднекуль данёсся задаволены голас чубатага: «А-а! Папалася?»

Яна знайшла сілу зарагатаць.

— Я думала, мы тады апошні дзень былі разам! — Яна зноў, з такім намаганнем зарагатала: — Я думала: пан і цяпер там. У лесе.— Пільна глянула на яго.— Пан старанны быў там!

— Я?..— збянтэжыўся Грэчка.

— Як вы апынуліся тут, пан? Выпадкова ці — знарок? — намякнула яна на нешта.

— Што ты к-кажаш? — устрывожыўся Грэчка.

— Я кажу пра гэта, дзе трэба, тава-рыш Грэчка! — наступала, нібы адкрыўшы штосьці важнае, Ніна.— Там, дзе зацікавяцца гэтым як належыць!

— Гэ, абдурыць хоча! — аб’явіў чубаты.

— Следства пакажа, хто каго хацеў абдурыць!..

Немцы, бачыла яна, уважліва выслухалі ўсё, што яна сказала. Намёкі яе зрабілі ўражанне. І тое, як яна трымалася, таксама не прайшло без следу. Яе ўпэўненасць бянтэжыла іх. І ўсё ж гэта не памагло. Яе і не думалі выпускаць.

Дзень яе пратрымалі ў каморцы пры паліцыі — выведвалі, правяралі. Як яна ні выгаварвалася, адчувала, што надзеі на тое, што ўдасца вырвацца адсюль, усё менш і менш. І як магла яна вырвацца: Грэчка расказаў пра яе ўсё, што ведаў. Яны ўсё ведалі ад свайго чалавека...

Яфрэйтар ссунуўся са стала, падышоў паволі, перавальваючыся з боку на бок.

— Адкуль ішла? — запытаў ён.

— Я казала: мяняць рэчы...

Яна ведала безнадзейнасць сваіх хітрыкаў. Але працягвала хітраваць. Як яшчэ інакш яна магла гаварыць з імі.

— Адкуль ішла? — паўтарыў яфрэйтар, настойліва, злосна.

Ён раздзельна вымаўляў кожнае слова. Яна адказала ўсё тое ж. Бачыла, як твар гітлераўца хутка наліваўся крывёю.

Яфрэйтар раптам размахнуўся.

Перад яе вачыма ўспыхнулі вогненныя вострыя іскры, што пранізалі безліччу пякучых джал. Глуха войкнуўшы, яна ўпала на падлогу.

Калі, ачнуўшыся, яна паднялася на аслабелых руках і села, падлога перад вачыма яе хісталася, хілілася набок, станавілася потырч, як сцяна. На падлозе было цяжка ўтрымацца. Ніна чаплялася пальцамі за шчыліны...

Яна пачула пытанне, якое потым паўтаралі гітлераўцы, што дапытвалі тысячу разоў:

— Якое заданне было?

Яна, як і раней, маўчала. У роце было поўна крыві.

Яфрэйтар хадзіў вакол яе.

— Хто пасылаў?

— Якое даручэнне?

— З кім сустрэлася?

 

2

Збітую да паўсмерці, яе на калёсах павезлі ў другую камендатуру. Колы стукацелі ў цвёрдых, нібы каменных, каляінах, трэсліся, хісталіся. Кожны штуршок балюча рваў, паліў цела, і Ніна сціскала зубы, каб не застагнаць. На драбінцы побач горбіўся чубаты, час ад часу зларадна касавурыўся адзіным вокам. Не, ён не пачуе ад яе пакутнага стогну, не парадуецца яе слязам.

«Нічога. Гэта без прывычкі,— супакойвала яна сябе, намагаючыся стрымаць нясцерпны боль, што тузаў, ірваў усё цела.— Хутка палягчэе». Ёй успомнілася, што нехта з партызан гаварыў, нібы боль мацней за ўсё даймае чалавека спачатку, а пасля нервы тупеюць і цела нібы прывыкае да болю. І яна, мусіць, таксама прывыкне.

Але чаму так гарыць усё цела? Як падумала, што баліць, дык боль адразу нібы ажыў. Не трэба думаць пра гэта. Лепш пастарацца думаць аб чым-небудзь іншым, аб далёкім, добрым.

Тады важка, нібы прадзіраючыся, успомніла адзін дзень. Ясны, сонечны дзень маленства. Яна з маці тады гасцявала ў вёсцы ў цёткі. Гэта было даўно... Калі ж гэта было? Яна, здаецца, яшчэ не хадзіла ў школу.

Неяк, бегаючы з дзецьмі па вуліцы, Ніна басанож ступіла на абрывак калючага дроту. Калючкі на ўсю даўжыню ўпіліся ў нагу. Яна закрычала ад болю і, падагнуўшы параненую нагу, стала скакаць на адной. Паспрабавала адарваць калючкі, але не магла. Нібы хто прыбіў іх да пяткі.

На крык прыбегла ўстрывожаная маці. Ніна ўжо сядзела на зямлі і плакала, спалохана пазіраючы, як з раны цурчыць і цурчыць кроў. Маці адразу выцягнула калючкі і адкінула прэч. Хутка перавязала нагу хусцінкай, узяла Ніну на рукі і, пяшчотна абняўшы рукою, панесла ў хату. О, той лагодны мамін абдымак! Ад яго адразу сцішыўся боль і суняліся, высахлі слёзы.

Мама, мама! Калі б ты ведала, як мне балюча цяпер... Самае горшае, што не ведаю, як будзе далей. Не ведаю, ці ўдасца выратавацца. Што мяне чакае там, куды вязуць. Зноў, не інакш, будуць біць і зноў пытацца пра адно і тое ж...

Будуць біць і пра адно і тое ж... Цяжка мне, мама... Цяжка...

У нейкі момант яна адчула на сабе лагодны дотык вадзяных кропель. Пайшоў няспорны дождж. Заплюшчыўшы вочы, Ніна слухала, як частыя, халаднаватыя дажджынкі падаюць на твар, на шыю, на ногі.

Дождж ішоў доўга, то слабеючы, то спарнеючы.

Калі дождж перастаў, Ніна ўбачыла сонца — яно цьмяна жаўцела праз хмары — і здзівілася, што яшчэ так рана. Няўжо так мала часу мінула, як яе павезлі? А ёй здавалася немаведама колькі.

Гэтаму дню, мабыць, не будзе канца.

У гэтай камендатуры, невядома чаму, дапытвалі нядоўга. Яна, як і раней, адмаўлялася, хітравала. Рухавы, неспакойны нейкі фюрэр ашалела накінуўся на Ніну з пагрозамі, тыцкаючы ў твар пісталет. Гразіўся, калі яна будзе і далей упірацца, тут жа, адразу, не важдаючыся, застрэліць.

Пазелянелы ад злосці з-за яе ўпартасці, фюрэр гукнуў кагосьці, загадаў звязаць ёй рукі і вывесці на двор.

На двары Ніну ўштурхнулі ў нізкую, нібы сплюшчаную, легкавую машыну. Побач сеў эсэсавец з аўтаматам, вялізны, даўганогі,— каля шафёра быў яшчэ адзін,— і яна падумала, што гэта, мусіць, канец, што яе, пэўна, вывезуць за сяло і расстраляюць. Яна ведала, што эсэсаўцы распраўляліся хутка...

Зняможаная болем, разуменнем безнадзейнасці таго, што здарылася з ёю, яна адчувала блізкую небяспеку смерці ўжо не так востра, як упачатку. Пачуцці і імкненні яе нібы паслабелі. І ўсё ж і цяпер яна не была зусім абыякаваю да жыцця.

Нязносны боль нібы сціхаў, адступаў некуды перад тым неймаверным і халодным, што наблізілася ўсутыч, неадхільна паўстала перад ёю.

Час раптам быццам паскорыў хаду. Калі раней ён цягнуўся вельмі марудна, то цяпер пабег страшна хутка. Хутка шафёр завёў машыну, хутка паляцелі абапал хацінкі, закруцілася, пабегла назад поле, выскачыў насустрач, нібы з-пад зямлі, сасновы барок.

Мінула яшчэ адно сяло, і машына выйшла на гладкую асфальтаваную істужку. Гэта было, напэўна, Магілёўскае шасэ. У шкло пачаў секчы дождж. Кроплі вады цяклі па ім ручайкамі. Навокал усё зацягнула мутнай павалокай, толькі віднелася поблізу мокрае, бліскучае шасэ з безліччу малых кружкоў-кропель і бурбалак. Эсэсавец падняў шкло, стала цяжка дыхаць, здавалася, не хапала паветра. Машына яшчэ набавіла хуткасць, аж засычэлі па-вужачаму шыны.

«Нібыта — у Мінск...» — Яшчэ не думаючы нічога пра гэта, яна адчула палёгку. Значыць, яшчэ будзе жыць.

Але потым у затуманеную болем галаву ўнізалася трывожнае: чаму — у Мінск? Іменна ў Мінск?.. Даведаліся — што яна з Мінска? Як ні была зняможана, у яе ўлілася, прымусіла пахаладзець усю трывога пра дачку, пра маці. Калі даведаліся, што яна з Мінска, знойдуць і іх. Схопяць іх. Будуць катаваць іх. Яе дачушку, маці. Яны, гэтыя нелюдзі, заўсёды так робяць... Калі даведаліся, можа, ужо і схапілі.

Яна застагнала. Ужо не думала пра тое, што там зноў будуць дапытваць яе, будуць зноў біць, будзе заплываць крывёю рот. Не чула палёгкі, што смерць аддалілася пакуль.

Праз боль, які поўніў усю яе, адчувала толькі трывогу за дачку, за маці. Страх за іх. Асабліва за малую.

 

3

Яна не памылілася. Яе прывезлі ў Мінск. Машына спынілася каля турмы, немцы з камендатуры перадалі яе турэмшчыкам. Турэмшчыкі гаварылі па-руску, і яна насцеражылася: каб не сустрэў яе хто-небудзь знаёмы. Усе былі незнаёмыя. І наогул ніхто не цікавіўся надта ёю. Абыякава паглядзелі на паперку з камендатуры, звыкла абшукалі, і Ніна апынулася ў камеры. Калі дзверы зачыніліся, яна агледзелася. Людзей у камеры было столькі, што сядзелі яны і на нарах з грубых няструганых дошак, і на бруднай падлозе. Многія проста на падлозе драмалі.

На яе прыход мала хто звярнуў увагу. Яна і тут сцераглася з той жа трывогай: ці няма каго-небудзь, хто ведае яе. Не, твары ўсе былі незнаёмыя.

У першы дзень у турме час для Ніны цягнуўся ў цягучым неспакоі. Зноў, як і ў дарозе, мучыла яе страшная загадка: ведаюць ці не ведаюць, што яна з Мінска? Ведаюць ці не ведаюць, што тут яе дачка, маці?.. Што з Людай, з мамай? Няўжо ж і іх...— Ніну так жахала гэта, што яна, не дадумаўшы, ірвала думку. Не магла нават думаць пра такое. Не было змогі.

Няхай будзе ўсё, толькі не гэта. Толькі не гэта...

Са страхам яна чакала, што вось-вось выклічуць на допыт, старалася ўявіць, што там будзе. І халадзела ад жаху, ад адной думкі, што можа пабачыць там дачку.

Увесь час з віскам адчыняліся важкія, чатырохвяршковай таўшчыні дзверы, турэмшчык выклікаў то адну, то другую жанчыну, і іх некуды вялі.

Дзяўчына, што сядзела каля Ніны, растлумачыла, што яны — у камеры папярэдняга заключэння. Акрамя гэтага, сказала дзяўчына, ёсць яшчэ камеры для тых, каго дапытваюць, і для тых, чый лёс, пасля следства, ужо вырашаны.

Як ні трывожыла Ніну тое, што чакала яе, яна мімаволі прыкмячала ўсё, што адбывалася ў камеры. Ёй усё гэта было нязвычнае, як частка таго жаху, які захапіў яе з-за раптоўнай няўдачы. Неўзабаве яна ўлавіла прыцішаную, неразборлівую гаворку і нейкі незразумелы дзіўны шум з-за сцяны. Стала прыслухоўвацца, але гоман у камеры замінаў ёй. Неспадзявана праз сцяну прарваліся дзікія, прарэзлівыя крыкі, ад якіх у Ніны ўсё пахаладзела, а ў камеры адразу наступіла трывожная цішыня.

— Што гэта? — не ўтрывала Ніна, зірнула са страхам на дзяўчыну-суседку.

— Ведама што — б’юць. Дапытваюць...

Дзяўчына сказала яшчэ, што раней на допыт вадзілі ў гестапа, а цяпер у турме людзей столькі, што многіх дапытваюць тут.

Крыкі за сцяной не сціхалі да вечара. Па калідоры, было чуваць, увесь час вадзілі людзей на допыт і валаклі назад збітых.

Ніна ўсё чакала, што і яе зараз паклічуць на допыт. Але ў гэты дзень не выклікалі. За ўсю ноч Ніна ні на хвіліну не заснула, усё трывожылася за дачку, за маці, думала пра тое, што трэба будзе гаварыць заўтра, пра таварышаў, якія чакаюць у лесе. Перад вачыма яе праходзілі бязладна блізкія і далёкія дні. Асабліва ясна, горка бачыла яна ўсё з апошняга, няшчаснага дня.

Стогны і крыкі за сцяной не сціхалі амаль да самай раніцы. Ад страху за дачку, страху перад невядомасцю, ад бяссоння яна за ноч змарнела і пастарэла.

Уранні яе нарэшце выклікалі на допыт. Але павялі не ў суседні пакой, а на двор. Яна апынулася на вуліцы пад аховай двух рослых немцаў.

Два адкормленыя, узброеныя ахоўнікі з аўтаматамі напагатове вялі адну жанчыну. Вялі ўдвух, у цэнтры горада, сярод белага дня. Але яна адзначыла гэта толькі мелькам. Як і раней, турбавала яе, што чакае там, у гестапа. Ведаюць ці не ведаюць яны пра Людачку? Дзе яна, Людачка? Цяпер, калі разгадка была так блізка, страх за дачку, за маці браў яе ўсё мацней. Толькі б не было там Людачкі, мамы!..

На пустой вуліцы сустракаліся рэдкія маўклівыя пешаходы. На яе глядзелі, але коратка, асцярожна, нібы баючыся, што іх возьмуць на ўвагу. Яна ж таіла ў сабе трывогу: каб не трапіў насустрач які нядобры знаёмы. Спадзявалася, што цяпер, пабітая, змарнелая, яна выглядае так, што не кожны і добра знаёмы пазнае. Але ўсё ж непакоілася. Аднак больш за ўсё мучыў яе, не сціхаючы, страх за дачку, за маці. Толькі б не было там, куды вядуць, Люды і мамы!

Зрэшты, Люду і маці яна шукала і сярод тых, хто сустракаўся на вуліцы. У сумяціцы разарваных уражанняў і думак увесь час не знікаў неспакой пра Люду і маму...

СД размяшчалася ў будынку былога Інстытута народнай гаспадаркі. Як і да вайны, перад вокнамі знаёмага шэрага будынка зелянелі ў два рады маладыя клёны, добра памятныя ёй з даўняй студэнцкай пары.

Пры ўваходзе ў СД, у вестыбюлі, яе затрымалі. Ахоўнік, што стаяў каля дзвярэй, старанна абшукаў яе. Толькі пасля таго, як абшукалі, дазволілі правесці далей.

Увялі ў доўгі інстытуцкі калідор, у якім яна калісьці не раз хадзіла з таварышкамі. Тут цяпер стаялі ў два рады, тварам да сцен, чалавек дваццаць жанчын і мужчын, што нерухома глядзелі перад сабой. За іх спінамі паволі шпацыраваў ружовашчокі, непадступна строгі наглядчык гадоў, напэўна, семнаццаці. Памахваў кароткім плеценым бізуном.

Ледзь убачыла рады людзей, Ніна пільна, чуючы, як моцна закалацілася сэрца, акінула позіркам іх: ці няма тут Людачкі, маці?

Яна ўправілася акінуць толькі некалькі чалавек, як наглядчык штурхнуў яе да пажылой, з сівымі заплеценымі валасамі жанчыны. Ніна стала поруч і толькі павярнула галаву, каб азірнуцца, як у той жа міг спіну апаліла агнём. Услед віскнуў злосны пісклявы вокрык наглядчыка.

Стаяць, не бачачы нічога каля сябе, было млосна. Здавалася ўсё, што наглядчык за спіною замахваецца, ударыць зараз. Але ўсё гэта яна адчувала нібы прыцішана, яе больш за ўсё пякло: тут ці не тут Люда, мама? Яна мімаволі лавіла слыхам усё, што робіцца ззаду, кожны гук. Адольваючы няўціхнае жаданне азірнуцца, чула — недзе недалёка, за дзвярыма, будзённа трашчалі пішучыя машынкі...

Усё больш трывожыла Ніну блізкая сустрэча з гестапаўцамі. Усё больш палохаў яе лёс дачкі, маці.

Бывалі і ў брыгадзе, у баі, такія хвіліны, калі патрэбна была вялікая мужнасць. Але там перамагчы любыя нягоды было лягчэй, там кожны мог табе дапамагчы, падтрымаць,— побач з табою былі таварышы. Тут ёй выпала адной стаяць перад гестапаўцамі, перад усёй іх зграяй. Адной, адзінокай, без якой-небудзь падтрымкі, заступкі вытрываць пад іх пагрозамі, катаваннямі, увесь сэнс яе цяперашняга жыцця быў у гэтым — не паддацца, вытрымаць!.. Яна прадчувала, як гэта будзе цяжка, і, тоячы страх, баялася. І баялася зноў і зноў за дачку, за маці. Так баялася, што, не верачы ніколі ў бога, стала раптам маліцца сабе, толькі б ён, лёс, злітаваўся над дачкой, мамай і толькі б не даў катаваць іх!

Яе выклікалі хутка. Ніна ўвайшла ў пакой, які нагадваў канцылярыю. За маленькімі столікамі сядзелі дзве нафарбаваныя немкі, што дзелавіта стукалі на машынках; каля адной, нахіліўшыся, стаяў гестапавец, нешта дыктаваў.

Ніхто з іх нават не зірнуў на Ніну: прывыклі. Але яна адзначыла толькі тое, што ні Люды, ні мамы тут не было.

Адсюль яе праз цяжкія, акаваныя жалезам дзверы ўвялі ў другі пакой.

І тут яна найперш глянула: Люды і мамы не было. Дапытвалі бялявага юнака ў сіняй футболцы. Ён стаяў на нагах з натугай, як бы трымаў на сабе нейкі вялікі цяжар. Твар, яшчэ амаль дзіцячы, быў у крыві і распух ад пабояў. Каля яго круціўся гестапавец, тонка перацягнуты ў поясе.

— Значыць, ты не ведаеш нікога? І міну ніхто не прыносіў? Сам знайшоў?

Юнак кіўнуў галавою. Гестапавец некалькі разоў з усей сілы выцяў яго бізуном, адышоў, сеў. Пасядзеўшы хвіліну, ён ускочыў, падбег да хлопца:

— Брэшаш! — І са злосцю, з усёй сілы стаў біць канчуком бізуна па галаве, прыгаворваючы: — Брэшаш! Брэшаш!

Хлопец моўчкі, як падкошаны, грымнуўся на падлогу.

Ніну піхнулі да эсэсаўца, што сядзеў за сталом. У яго быў халодны твар, пільныя, бязлітасныя вочы. На мясістым носе сядзелі рагавыя акуляры, якія надавалі эсэсаўцу вучоны выгляд.

Следчы нешта жаваў. Побач з ім стаяў перакладчык.

Не перастаючы жаваць, немец падсунуў да сябе папку, адгарнуў вокладку, акуратна і старанна напісаў чырвоным чарнілам нейкі нумар, вымавіў цяжкае яе прозвішча, востра ўгледзеўся ў твар Ніны.

Яна сказала, што яе прозвішча не Лагуновіч, а — Перагуд. Алена Перагуд. Праўда, тое, што гестапаўцы ведалі яе сапраўднае прозвішча, не было асабліва небяспечным ёй. Бо ў маці было іншае прозвішча: Суганяка. Прозвішча гэта было і ў Ніны да замужжа. А Люда была пры бабулі, яе таксама ведалі ўсе як унучку бабулі Суганяка. Адно было кепска, прозвішча Лагуновіч магло значыцца дзе-небудзь у даўніх дакументах. З тых часоў, калі Ніна была тут, у горадзе...

Немец ніяк не адгукнуўся на яе адказ пра прозвішча. Нібы не чуў. З яго позірку яна зразумела, што ён загадзя не надта верыць яе адказам. Загадзя ведае, што яна будзе ашукваць. Адчула, што ашукаць гэтага будзе цяжка. Хутчэй за ўсё — немагчыма.

Ён раптам запытаў злавесна:

— Адкуль вы ведаеце нямецкую мову?

Яна сказала, што вывучала ў школе і ў інстытуце. Немец на гэта, з націскам вымаўляючы словы, не зводзячы з яе пранізлівых вачэй, нібы выкрываючы, заявіў, што нямецкую мову вывучалі ва ўсіх савецкіх школах, аднак амаль ніхто яе не ведае.

У тым, якое значэнне надаваў следчы гэтаму пытанню, адчула Ніна, штосьці таілася незразумела небяспечнае. Стараючыся адгадаць, што іменна таілася, Ніна адказала знарок наіўна:

— Але я казала: я вывучала яе ў інстытуце.

Гестапавец паслухаў і гэта з такім выглядам, нібы ён ведаў больш, чым яна сказала.

— У якім?

Яна адчула небяспеку ў пытанні. Імкнучыся адвесці ўсё, што магло звязаць яе з Мінскам, яна, нядоўга думаючы, сказала: у Гомельскім педагагічным. Ухваліла адказ свой: Гомель па той бок, няхай правераць. Але тут жа зразумела, што ў адказе яе ёсць і пастка ёй.

— Я працавала настаўніцай пасля інстытута. Я ўвесь час жыла там... Гомель быў таксама нямецкай тэрыторыяй... З Гомеля я пераехала ў вёску... З прычыны голаду ў Гомелі...

Гестапавец, здалося, і гэтае пытанне пакінуў без увагі.

— Хто такі Курт? — спытаў ён раптам.

Яна ведала, што ў мястэчку, каля якога яе схапілі, была раней зграя эсэсаўцаў і ў ёй сапраўды быў відны чын Курт Майснер, садыст і франт. Яна нават бачыла яго са сховы ў адзін са сваіх паходаў у мястэчка.

Эсэсаўцаў тых у мястэчку даўно ўжо не было. Не было і Курта. Адправілі кудысьці тэрмінова, у невядомым кірунку. З чутак, кудысьці да фронту. Зрэшты, мястэчка з таго часу таксама змянілася надта. Жыхароў старых мала засталося, начальства ўсё іншае... Ніна ўпэўнена адказала, хто быў Курт і для мястэчка,

Адказваючы на гэта пытанне, яна, аднак, адчула, што ўся гэта прыдуманая гісторыя можа павярнуцца супраць яе. Усё цяпер, у яе становішчы, павярталася супраць яе.

— З якой мэтай вы ўстанавілі сувязь з Куртам Майснерам?

Яна адказала тое, што павінна была адказаць. Ніякай мэты, проста Курт зацікавіўся ёю, і ёй было цікава з ім. Ён быў такі прыгожы і абыходлівы. Яна разумела, якія слабыя ўсе гэтыя прыдумкі для таго, каб памагчы ёй. Следчы нібы не слухаў. Усё таіў штосьці. Што?.. Мама, Люда, дзе вы?

Яна растлумачыла, што ў партызаны яе прымусілі ісці. Уварваліся ў кватэру, наставілі пісталет. Прыгразіліся расстрэлам. Ім патрэбен быў чалавек, які ведае нямецкую мову. Перакладаць дакументы. Адразу, калі пачалася блакада, яна ўцякла. Ад таго часу не была ў партызанах. Жыла ў сяле. Хавалася ад партызан. Пра брыгаду, пра тое, што было да блакады, яна можа расказаць. Усё, што ведае. (Яшчэ ў камеры Ніна разважыла, што недарэчна скрываць тое, дзе была і чым жыла брыгада да блакады. Усё гэта, не інакш, ім ужо вядома. Адзін Грэчка колькі мог расказаць.) Але вось пра цяперашні стан брыгады яна амаль нічога не можа паведаміць пэўнага. Можа сказаць толькі тое, што ведае з чутак. З чутак, брыгада не змагла аднавіцца. Рэшткі яе хаваюцца па лясах. Па вёсках раскіданы, па адзіночцы...

Але следчага гэта цікавіла нібы між іншым. Вельмі хутка ён прывёў допыт да таго, чаго яна баялася больш за ўсё, да Мінска. Яму, аказалася, трэба было ведаць, з кім брыгада супрацоўнічала ў Мінску. Ён ведаў, што брыгада была звязана з Мінскам, з падполлем. Калі Ніна пачула гэта, падумала, як бы з палёгкай: вось для чаго яе прывезлі сюды ў Мінск! Вось, выходзіць, нашто яна спатрэбілася тут...

Следчаму патрэбны былі прозвішчы жыхароў Мінска, якія супрацоўнічалі з партызанамі, адрасы дамоў, дзе адбываліся сустрэчы жыхароў з партызанамі.

Ніна адказала, што гэта, на жаль, ёй невядома. Яна наогул не ведае, ці быў хто-небудзь з партызан брыгады ў Мінску. У кожным разе, яна не ўпэўнена, што былі... Кажучы гэта, яна зноў падумала пра Люду, пра маці. Толькі б іх не зачапіла бяда яе!

Следчы пачаў траціць вытрымку.

— Вы гэта павінны ведаць! Вы — разведчыца!..

— Я кажу, што нічога не ведаю пра гэта!

— Вы хлусіце!..

Блізарукія, хваравіта прыплюшчаныя вочы за рагавымі акулярамі глядзелі злосна, праціналі яе. Ніне стала тужліва і страшна. Спіну скавала холадам, сэрца раптам нібы перастала біцца, замерла ў чаканні.

Як бы збіраючы сілу, шукаючы падтрымку, яна на міг згадала Тураўца, іншых таварышаў. Не аслабець, утрымацца, перанесці ўсё, перацярпець усе здзекі, усе пакуты!

Яна бачыла, што гестапавец перастаў жаваць, падняўся, і з жахам падумала: «Зараз пачнецца...»

 

4

Ніну прывезлі з допыту ўвечар. Яна была так скатавана, што не магла сама дайсці ад машыны да камеры. Два турэмшчыкі падхапілі яе пад рукі і павалаклі абыякава па доўгім змрочным калідоры. Расчыніўшы дзверы, яе кінулі, і яна ўпала тут жа, каля дзвярэй.

Клапатлівыя, сяброўскія рукі паднялі Ніну, ціха перанеслі, асцярожна паклалі на нары. Яна не магла паварухнуцца. Усё цела было адным балючым камяком і гарэла так, нібы яго безупынна палілі пякельным агнём. Ёй падалі вады. Ніна ўбачыла над сабою незнаёмы, спагадлівы твар жанчыны і ціха, прыглушана застагнала.

— Нічога, нічога... Патрывай,— прамовіла суцешліва жанчына.

Доўга не магла заснуць яна, хоць і вельмі змарнела. Агонь, які паліў яе ўвесь час, то крыху спадаў, то мацнеў неспадзявана зноў.

Вочы нясцерпна рэзала белае зыркае святло лямпачкі. Ад іскрыстых праменняў, што разыходзіліся ва ўсе бакі, яна была падобна на нейкую бліскучую калючку. Тыя праменні прарэзваліся нават пад заплюшчаныя павекі, унізваліся ў галаву, ад іх нельга было схавацца.

Скрыпелі дзверы, некага выводзілі і прыводзілі назад, нехта лямантаваў без упынку за сцяной. Усё гэта дзіўна спляталася ў адно з тым пякучым агнём, які рваў, тузаў яе цела. Толькі пад раніцу знебылася яна ў неспакойным хваравітым сне, усё трызніла і стагнала.

Калі вярнулася да явы, ёй пачало зноў прыгадвацца ўсё, што адбылося ўчора, і яна з тугою зажмурылася. Так і ляжала доўга.

— Алена! — пачула яна пазней, зусім побач. Ёй дзіўна здалося, нібы казалі да яе.

Яна павярнула на гэты голас вочы і ўбачыла поблізу сябе дзяўчыну, тая, і праўда, гаварыла да яе. Твар дзяўчыны быў знаёмы.

«Дзе мы бачыліся?» — падумала Ніна, намагаючыся ўспомніць.

— Я ж Клава. Сняжко Клава,— падказала ёй дзяўчына.

Ах! Клава!.. Нібы ў тумане, прыгадаліся Ніне пакойчык, бэз за акном, прыгадалася, як яны сядзелі ўдзвюх у гэтым пакойчыку і гаварылі. Тады Сяргей, Клавін брат, хадзіў рыхтаваць карту...

Ніна паспрабавала падняцца.

— Ты ляжы ціха,— параіла Клава. І, нахіліўшыся да Ніны, з пяшчотай і спачуваннем прамовіла: — Ты ў сне стагнала і гаварыла нешта. Моцна цябе яны... Але ты, Аленка, не паддавайся. Галоўнае, не прыслухоўвайся да болю. Баліць табе, а ты старайся сабе думаць, што не вельмі, што трываць можна. Не паддавайся, адным словам, сабе... Мяне ўжо чатыры разы вадзілі, пячонкі адбілі, мусіць, а я нічога. Не даюся сабе!.. Тут на мяне дзівяцца, лёгкі ў цябе характар, кажуць. Нібы мне не так, як усім, баліць. Проста я стараюся адагнаць боль. Ты разумееш?

Ніна кіўнула. Ёй было прыемна слухаць гэты лагодны спагадлівы голас.

Ад Клавіных слоў боль нібы сцішваўся.

— Ты, мабыць, першы раз?.. Калі цябе ўкінулі сюды? Учора? А я пяць дзён ужо. Тут гэта здаецца цэлым годам... Я тут наглядзелася ўсяго, не дай бог. На месяц, дапраўды, расказваць. Ты ведаеш, што я табе скажу,— перайшла яна на шэпт,— ты будзь асцярожная. Да нас сюды падсылаюць шпікаў, падслухваць. Яны сядзяць, як і мы. Іх нават б’юць часам для выгляду, каб ашукаць нас. І часам як бы на допыт водзяць, падкормліваць, як сабак...

Яна заўважыла на твары Ніны цень болю, загаварыла клапатліва:

— Табе нязручна ляжаць. Дай я памагу табе.

Клава дапамагла Ніне павярнуцца, потым, дзіўна падмячаючы смешнае, пачала расказваць аб апошніх падзеях у камеры, аб вестках, якія прыносілі людзі з горада.

— А дзе Сяргей?.. Таксама схапілі?..— перапыніла яе Ніна.

— Выратаваўся, здаецца.

Адолеўшы смутак, што набег на твар, Клава пачала апавядаць, як жыла раней, вясёлыя і смешныя гісторыі. Яна, мусіць, хацела, каб Ніна, слухаючы гэтыя ўспаміны, забылася на свой боль.

Прыгадала, як настаўнік у школе скардзіўся, што яна няўважліва слухае яго, круціцца ўвесь час на парце, і ставіў звычайна тройкі па паводзінах. За гэтыя тройкі бацька і маці папракалі яе, чырванелі на бацькоўскіх сходах, але пачыналася новая чвэрць, і ўсё ішло па-ранейшаму. Не любіла Клава доўга сядзець над кніжкамі, «сушыць галаву», зімой ледзь не ўвесь свой вольны час коўзалася на лыжах, летам ездзіла да сваякоў у вёску, купалася, загарала, хадзіла з вясковымі хлопцамі грабці сена, збіраць ягады...

Ніна моўчкі, заплюшчыўшы вочы, слухала. Часам ёй здавалася, што голас Клавы даходзіць аднекуль здалёк. Тое, што яна чула, перарывалася яе ўласнымі думкамі і ўспамінамі. Малюнкі паўставалі перад ёй нейкія нязвязныя і блытаныя... То бачыла чорнае галлё бярозы на лагодным блакіце неба, згадвала ўсё, што думала тады пад тым дрэвам, то нібы прыходзілі універсітэцкія сябры, то між іх раптам выплывала постаць эсэсаўца ў акулярах, які крычаў ёй: «Ты гэта павінна ведаць!.. Ты хлусіш!..» Яна расплюшчвала вочы, каб адагнаць трызненне...

Пад ціхую, ласкавую Клавіну гаворку Ніна задрамала.

Калі яна прачнулася ад віску дзвярэй, на парозе стаялі два эсэсаўцы. Адзін з іх, з нейкім блакнотам у руцэ, павольна, мутнымі, п’янымі вачыма азіраў твары тых, хто тут быў. Людзі ціха, нацята глядзелі на яго. На яго і на маленькі блакноцік, што быў у руцэ з бліскучым пярсцёнкам. Па той трывожнасці, якая запанавала, Ніна здагадалася, чаго ён прыйшоў і куды павядуць тых, каго ён выкліча.

Каго ж? Ніна прыўзнялася на локці.

«Можа і мяне?»

Яна азірнулася на Клаву, тая таксама насцярожана чакала.

— Івашына! — рэзка, як стрэл, прагучаў урывісты вокліч.

Усе вочы павярнуліся да прыгожай чарнявай жанчыны з раскіданымі валасамі, што маўкліва паднялася. Ідучы да дзвярэй, недарэчна папраўляючы хустку, яна раптам спаткнулася на роўнай падлозе.

— Бывайце, людзі... родныя! — сказала жанчына, прыпыніўшыся каля дзвярэй і азірнуўшыся.

Адзін эсэсавец штурхнуў яе ў калідор...

За ёй выклікалі яшчэ пяць чалавек...

Калі дзверы зачыніліся, у камеры нейкі час панавала цішыня. Потым нехта крыкнуў з пагрозаю:

— Душагубы! Дачакаецеся і вы, праклятыя!..

Хоць Ніна столькі перацярпела за гэтыя жахлівыя дні, хоць у думках рыхтавалася да ўсяго, тое, што ўбачыла, яе страшэнна ўразіла.

Хутка шасцярых не стане...

Небяспека смерці абудзіла ў Ніны прагу жыць. Жыць, жыць!..

Ёй было знаёмае гэтае пачуццё. Ніна не раз ужо зведвала яго ў баі. Але тады было інакш. Там яе жыццё залежала ад яе, там яна магла дзейнічаць, біцца за сябе, а тут — ёй быццам рукі скруцілі.

У баі не так гняце небяспека смерці, яе засланялі розныя клопаты. Тут жа не было чаго рабіць, заставалася адно — чакаць. Зносіць нечалавечы здзек і чакаць.

Яна ўспомніла Людку, да самай дробнай дробязі прыгадала апошнюю сустрэчу з ёй. Ніна тады вельмі спяшалася, цалавала дачку прагна і паспешліва. Так цяжка было адрывацца тады ад дачушкі. Нібы прадчувала, што, можа быць, не пабачыць больш родную дзяціначку.

Колькі дзён — здаецца, усё жыццё — чакала яна Аляксея! Няўжо ж так і не дачакаецца?..

— Ты не думай,— спагадліва сказала Клава.— Не гаруй: чаму быць, таго не мінаваць. Яшчэ і невядома, як яно ўсё пойдзе. Хочаш, я табе раскажу што-небудзь?

 

5

Уранку Клаву выклікалі на допыт. Ніна засталася адна са сваімі думкамі, адчула, як не хапае ёй Клавы.

Яна з трывогаю і нецярплівасцю чакала Клаву і кожны раз, калі адчыняліся скрыпучыя дзверы, з надзеяй пазірала на іх.

То адна, то другая вярталіся з допыту спакутаваныя, змардаваныя жанчыны, але Клавы не было.

Удзень некалькі чалавек пагналі на работу, разгружаць на складах машыны.

Яны вярнуліся пад вечар. Калі дзверы зачыніліся, усе, хто быў у камеры, сталі распытваць: што там, на волі?

Але тыя, што вярнуліся, спачатку нічога цікавага не гаварылі, асцерагаліся шпікоў і даносчыкаў. Усё важнае звычайна расказвалі толькі ў маленькім гуртку, надзейным сябрам. Агледзеўшыся ў адной такой купцы, у якую прынялі і Ніну, жанчына, апранутая ў старэнькі пярэсты дамашні халат, як найвялікшую тайну, адкрыла, што чула сваімі вушамі ад знаёмага шафёра, хлопца з Камароўкі, быццам сёння павінны прыляцець нашы.

— Так пра гэта і скажуць! — адгукнуўся нехта недаверліва.— Адкуль ён ведае?

— Значыцца, ведае! А адкуль — пра тое ідзі спытайся ў яго! Цяпер многія шмат чаго ведаюць, ды толькі язык за зубамі трымаюць.

— Каб не ведаў, не казаў бы! — пачуліся галасы.

І, здаецца, ніхто больш не сумняваўся ў словах жанчыны, хоць і ўсім было вядома, на чым яны грунтуюцца. Кожнаму хацелася верыць!

Другая расказала, што бачыла на Таварнай багата спаленых вагонаў, мусіць, ад таго налёту, што быў чатыры дні назад.

— А пра... наступленне нічога не чуваць? — прашаптаў раптам з бліжніх нар узрушаны голас, і ўсе адразу прыціхлі.

— Нічога...

З «работы» адна з жанчын прынесла ў камеру сыры бурак, некалькі бульбін і галовак часнаку. Як ёй удалося гэта — невядома, бо пры ўваходзе ў турму кожнага, хто хадзіў працаваць, старанна абшуквалі і за ўсякую схаваную рэч няшчадна білі.

«Трафеі», як назвалі жартам здабытак, падзялілі. Дзяліла жанчына ў пярэстым халаце, якая гаварыла, што сёння прыляцяць самалёты. Яна абмінула дзвюх жанчын, якія нядаўна прыйшлі з волі і выглядалі добра,— як яна сказала жартам — «аб’еліся там». Кавалачак сырога бурака перадалі і Ніне, хоць яна і была з «новых».

На наступны дзень некалькі дзяўчат выклікалі мыць падлогу. Брудным вокрыкам паднялі і Ніну, не зважаючы на тое, што яна была знясіленая.

— Ты глядзі, ці няма недакуркаў — мужчыны прасілі. Як знойдзеш, прынясі мне, я пастараюся перадаць ім,— шапнула ёй, калі выйшлі ў калідор, дробная, з рабаціннем пад вачыма, дзяўчына, што часта хадзіла мыць падлогу. «Тут ёсць нават сувязныя з мужчынскімі камерамі»,— здзіўлена падумала Ніна.

Ёй далі нейкую анучу і вядро і павялі. Жандар штурхнуў яе ў пакой і сказаў:

— Тут.

Гэта быў невялікі паўзмрочны пакой з замураванымі больш як да паловы вокнамі. Ніна акінула абыякавым позіркам падлогу і ўбачыла на ёй нейкі цьмяны масляністы бляск. Яна ступіла ў гэты бляск і ледзь не паслізнулася.

— Ну ты, што стала? — крыкнуў паліцай і таўхануў яе кулаком у спіну.— Запрашэння чакаеш?..

Перамагаючы пякучы боль, які адразу ажыў на спіне, ва ўсім целе, яна сагнулася. Рукі дакрануліся да нечага густога і ліпкага.

— Што гэта? — вырвалася ў яе.

— Кроў, не бачыш? — сярдзіта адгукнуўся паліцай...— Не віно французскае!..

Калі яна вярталася ў камеру, дзяўчына з рабаціннем, што мыла калідор, шапнула:

— Недакуркі ёсць?

Ніна хітнула галавой: няма.

У камеры яна ўбачыла Клаву. Тая нерухома ляжала на нарах, тварам уніз, адна рука з разадраным да пляча рукавом звешвалася з дошак, як у нежывой.

Ніна з непакоем наблізілася да яе і моўчкі стала. Не адважвалася патрывожыць. Клава ляжала нерухома, толькі цяжка, пакутна ўздымалася і апускалася спіна. Кофтачка была ўся ў закарэлых плямах крыві. Чулася цяжкае хрыплае дыханне.

«Што з ёй, гады, зрабілі!» — жахнулася Ніна перад знявечанай, здаецца, амаль нежывой дзяўчынай.

— Ты, Ніна? — ледзь чутна, не павяртаючы галавы, прахрыпела Клава.

— Я, Клаўка. Я...— адказала Ніна пяшчотна-спагадна. Хацела падтрымаць, суцешыць, але не было слоў. Горнасць душыла горла.

— Ой, як мяне білі!..— сказала Клава.— Ніколі яшчэ так не білі...

Яна зноў сціхла, так ёй, відаць, цяжка было гаварыць. І раптам у хрыплым голасе Клавы пачулася ўпартая, ціхая ўцеха:

— Усё-ткі яны ад мяне нічога не дабіліся!

Ніна асцярожна прысела побач на край нар, пяшчотна дакранулася рукой да яе галавы, да мілых цёмна-русых валасоў.

 

РАЗДЗЕЛ VIII

 

1

Незадоўга перад гэтымі падзеямі ў Мінску паявіўся маёр Вольф. Размова маёра з лейтэнантам Клямтам на могілках перад Паплавамі была іх апошняй размовай. У той жа дзень маёра неспадзеўкі раніла, на дарозе, у машыне, асколкам міны, што прыляцела з недалёкага ляска.

Маёр апынуўся ў шпіталі, у Баранавічах. У яго была парэзана косць шчакі, выбіта вока і сядзеў асколак у шыі. Праваляўшыся больш за месяц у шпіталі, маёр вырваўся з яго з павязкай на воку і шрамам на правай шчацэ. Шыя таксама пагана служыла, амаль не паварочвалася. Маёр трымаў галаву крыху набок.

Выпісаўшыся са шпіталя, маёр пабыў яшчэ колькі часу там жа, у Баранавічах, у рэзерве і нарэшце атрымаў прызначэнне ў Мінск.

Ён прыехаў сюды семнаццатага чэрвеня. З’явіўся да дзяжурнага ваеннай камендатуры, той, паглядзеўшы яго дакументы, папрасіў прыйсці заўтра да каменданта. Пакуль жа дзяжурны накіраваў маёра ў афіцэрскую гасцініцу.

Маёр быў у гасцініцы нядоўга. Справіўшы фармальнасці, неабходныя для ўсялення сюды, ён зайшоў у пакой, дзе быў прызначаны яму ложак. Пакой дастаўся вялікі, як казарма, і гэта не спадабалася маёру, тым больш што тут блішчала нікелем яшчэ сем ложкаў. Праўда, гэтая акалічнасць яго мала турбавала: ён ведаў, што жыць яму тут, у гэтым пакоі, было нядоўга. Можа, нават заўтра ўжо трэба будзе ехаць з горада. Ён нават рашыў не браць чамадан, здадзены на вакзале ў камеру захоўвання.

Маёр крыху пастаяў каля акна, абыякава паглядзеў на запылены каштан поблізу, на дамы насупраць: вялікі, чырвоны, і меншы, з аблезлай афарбоўкай.

Рабіць маёру не было чаго, і ён падаўся бадзяцца па гораду. На вуліцы было ціха і амаль пуста. На хвіліну ажыўленне прынёс сюды трамвай, што праляскаў, калі маёр стаяў перад кінатэатрам, разглядаючы яркую стракатую афішу. Кінатэатр, барак з вострым чарапічным дахам, пабудаваны, як адзначыў маёр па стылю збудавання, немцамі, быў побач з гасцініцай.

Маёр паглядзеў, калі пачынаецца бліжэйшы сеанс, і, даведаўшыся, што чакаць нядоўга, узяў білет.

Увечары маёр, якому пасля кіно хутка надакучыла бадзяцца без справы між нудных руін, падаўся ў рэстаран пры фабрыцы-кухні. Рэстаран, як і кінатэатр, быў блізка ад гасцініцы. Маёр сеў пры століку ля сцяны і стаў з цікаўнасцю адзінокага наведвальніка, які сумуе ў незнаёмым горадзе, разглядваць лічаных афіцэраў, што былі ў рэстаране.

Калі афіцыянткі пачалі апускаць шторы маскіроўкі, у рэстаран увайшло яшчэ некалькі наведвальнікаў — жанчыны і афіцэры. Адзін з іх, у форме эсэсаўца, стройны, з бездакорнай тылавой выпраўкай, выбіраючы вачыма столік, раптам пакрочыў да маёра.

— О! Вольф?! — сказаў ён не зусім упэўнена.

— Так, маёр Вольф.

Маёр улавіў, на твары штурмбанфюрэра з’явілася грымаса, калі ён запыніў позірк на маёравай павязцы на воку. Чакаў прыкрага пытання, але штурмбанфюрэр здагадліва перамаўчаў. Спытаў спагадліва:

— Як ты апынуўся тут?

— Ды так... Прызначэння чакаю...

Рука маёра патанула ў яго руцэ. Эсэсавец пазнаёміў маёра з танклявай і, як маёру здалося, вельмі прывабнай жанчынай, якую ён трымаў за локаць. Яна ветліва кіўнула і падала маёру маленькую руку. Яе звалі Ані.

— Ты не супраць таго, спадзяюся, каб мы селі побач? — па-сяброўску ўсміхнуўшыся, пацікавіўся эсэсавец.

— Не, вядома. Прашу.

Гэта быў штурмбанфюрэр Рэйзе. Маёр пазнаёміўся з ім даўно, яшчэ ў далёкім сорак першым годзе, у час аперацыі пад Растовам, дзе Вольф камандаваў ротай у Клейста, а эсэсавец час ад часу зазіраў па сваіх справах у полк. Там эсэсаўца часта звалі шчасліўчыкам: казалі, усюды і ва ўсім шанцавала красамоўнаму, спрытнаму прыгажуну, сынку нейкага абутковага фабрыканта. Потым Рэйзе кудысьці знік, больш за два гады яны не бачыліся. Толькі тры месяцы назад, калі Вольф прыязджаў сюды з Барысава, выпадкова трапілася спаткацца ў Мінску. Яны тады весела прабавілі час у кампаніі афіцэраў і жанчын.

Шчасліўчык, аказалася, управіўся пабываць у Вязьме і Смаленску, невядома за што заслужыць жалезны крыж і стаць блізкім памочнікам самога генерал-камісара...

Калі паселі за стол, штурмбанфюрэр з прыхільнай і па-таварыску жартаўлівай пашанай паведаміў сваёй спадарожніцы, што маёр — баявы камандзір, амаль усю рускую кампанію — на фронце. Слухаючы гэта, Ані ківала штурмбанфюрэру і кідала на маёра позіркі, у якіх былі павага і нават захапленне.

Яна здавалася маёру вельмі прыгожай. Яму падабаліся і яе ласкавыя, жвавыя вочы, і выразныя нямецкія рысы твару, і многае іншае, што маёру і цяжка было б растлумачыць. Можа быць, уражанне хараства было асабліва моцнае таму, што Ані была не ў звыклай вачам вайсковай уніформе, а ў лёгкім, прынадным жаночым плацці.

Яна нагадвала маёру жанчын з далёкага даваеннага свету. Або тых, якіх ён сустракаў у час мімалётных водпускаў на радзіму.

Седзячы побач з ёю, маёр адчуваў сябе спачатку вялікім і нязграбным, непрыязна помніў пра тое, што ў яго скалечаны твар, душыў у сабе неслухмяную непрыхільнасць да выпрасаванага, упэўненага шчасліўчыка. З гэтай непрыхільнасцю да штурмбанфюрэра было ў маёра Вольфа разам і адчуванне перавагі, ад таго, што, у адрозненне ад шчасліўчыка, жыццё ў яго сапраўды годнае, баявое. І тое, што Ані, быў перакананы, разумела гэта, цешыла яго гонар.

Штурмбанфюрэра тут, вядома, добра ведалі. Ледзь ён уссеў за сталом, да яго пакіравала афіцыянтка, пачціва павіталася з фрэйлейн і ім, спытала, што жадаюць фрэйлейн і пан штурмбанфюрэр на вячэру.

Фрэйлейн, трымаючы далікатнымі, з манікюрам, пальчыкамі рэстаранную карту, не спяшаючыся, з годнасцю прагледзела яе. Штурмбанфюрэр заказваў сабе, не зазіраючы ў яе, нібы ўсё, што было ў ёй, ведаў на памяць. Трымаўся ён, як звычайна, ганарыста і самаўпэўнена.

Усё, што яны заказалі, хутка было на стале. Афіцыянтка спынілася поблізу, чакаючы далейшых загадаў, але Рэйзе ўладным жэстам вялеў ёй пайсці. Сам наліў каньяк у чаркі. Падняўшы сваю чарачку, зграбным, кароткім словам прапанаваў выпіць за фюрэра вялікай Германіі. Маёр адчуў, што права на другі тост — за ім, і калі надышоў час, урачыста і рашучым тонам не так запрасіў, як загадаў узняць чаркі за вялікую Германію.

Тады настала чарга Ані. Папрасіўшы штурмбанфюрэра напоўніць чаркі, яна, пажвавелая, павесялелая, раптам з павагай і спачуваннем зірнула на маёра.

— Я хачу выпіць за франтавых салдат!..

Штурмбанфюрэр, здалося, ахвотна падтрымаў яе, паднёс сваю чарку да чаркі маёра.

— За доблесных франтавікоў!

У голасе яго маёру пачулася фанабэрыстая і нібы насмешлівая нотка, але прыкрую насцярожанасць ад гэтага растапілі ўвага і прыязны позірк Ані.

Сэрца маёра ўсцешана адгукнулася на гэты позірк. У маёра быў добры, паблажлівы настрой...

Ад таго, што вакол было чыста, і ціха хадзілі афіцыянткі, і блізка сядзела жанчына ў белай кофтачцы, і прыемна звінела шкло чарак, Вольфу здавалася, што вайна недзе далёка, што тут поўны спакой...

Радыёла, што стаяла непадалёк у прасценку між вокнаў, зажурчэла бесклапотна і пяшчотна:

Es geht aless vorűber,

Es geht aless vorbei.

Auf jedem Dezember

Folg wieder ein Mai1.

Ані ціха падсвіствала, весела хістала галавою з кволым і вузкім падбародкам. Вочы яе блішчалі памаладзела і мякка.

Усе неўзабаве захмялелі. Вялі бязладную гаворку. Штурмбанфюрэр яўна сумаваў, час ад часу ён блукаў важкім, фанабэрлівым позіркам па зале. Ані здавалася — ці старалася здавацца — вясёлай. Іншы раз, падпяваючы песенькам з радыёлы, яна далікатна падтрымлівала размову.

Маёр неаднойчы лавіў на сабе яе спачувальны, непрытоена цікаўны позірк. Спачатку ён браў яе ўвагу з насцярожанасцю. Маёр увесь час помніў пра сваю павязку на воку і шрам на шчацэ. Але ён усё пераконваўся, што гэтыя заганы на яго твары не толькі не брыдзяць яе, а выклікаюць у яе спачуванне і сімпатыю да яго. Яна не толькі не хавала, а як бы нават знарок, з выклікам выказвала цікавасць да маёра. Што да Вольфа, то яго хвалявалі і яе позіркі, і яе смех, і вузкія плечы, і заваблівая скура ў разрэзе далікатнага каўнерыка.

Яна ўсё распытвала пра фронт, пра яго дзейнасць там, пра франтавое быццё, і Вольф расказваў пра ўсё гэта з рэдкай для яго ахвотай. Маёр не мог не адгукнуцца на яе шчырую цікаўнасць і сардэчнае спачуванне.

Разуменне таго, што ён мае поспех у сяброўкі штурмбанфюрэра, хутка, аднак, стала не толькі цешыць, але і бянтэжыць маёра. Як ні туманіў галаву, ні настройваў на грэшныя мроі хмель, маёр адчуваў, што становішча яго робіцца даволі-такі складаным.

Маёр лічыў сябе чалавекам афіцэрскай годнасці. Кодэкс гэтай годнасці, якой маёр Вольф імкнуўся трымацца ўсюды, судзіў заляцанні да жонкі ці сяброўкі таварыша як учынак брыдкі. Такімі ж не вартымі афіцэра пунктуальны маёр бачыў і занадта відныя, за мяжой прыстойнасці знакі ўвагі з іх боку. Няёмкасць, якую адчуваў маёр, была асабліва непрыемная таму, што ён бачыў: штурмбанфюрэр разумее сэнс дачыненняў, што з’явіліся між ім, Вольфам і Ані. Разумее, улавіў, хоць і ўвесь час сядзіць нібы з выразам нуды і ўсё блукае вачыма па зале.

Зрэшты, у адносінах між Ані і Рэйзе было штосьці дзіўнае, незразумелае маёру. Як ні мала ведаў ён іх, у яго было такое адчуванне, што ў іх нібыта няма вялікай згоды ці моцнага сяброўства. Можа быць, думалася яму, яны надакучылі адно аднаму ці выпадкова апынуліся тут разам. Сустрэліся выпадкам і зайшлі.

Спакваля маёр даведаўся, што яны калісьці разам вучыліся ва універсітэце, што Ані тут, аднак, працуе не з ім, а ў нейкай мясцовай нямецкай газеце.

Яшчэ з мінулых сустрэч маёр ведаў, што ў штурмбанфюрэра ёсць адна агідная якасць. Калі вып’е добра, ён пачынае задзірацца, злосна насміхаецца з іншых. Часам нават здзекуецца. Можна сказаць, адкрываецца ў сапраўдным сваім вобліку.

— Наколькі я разумею,— загаварыў ласкава Рэйзе,— маёр накіроўваецца на ўмацаванне тылавых служб?..

Маёр спахмурнеў: штурмбанфюрэр зачапіў вельмі балючае ў яго душы. Зачапіў, пэўна, не выпадкова, аднак выраз у штурмбанфюрэра быў самы лагодны, нават сяброўскі.

— Наколькі я таксама помню,— працягваў ён павольна, выразна,— маёр лічыў, што тылавыя службы кепска спраўляюцца са сваімі абавязкамі. Ён нават абвінавачваў тылавыя службы за няўдачы арміі на фронце...

Маёр наогул не любіў размоў палітычнага характару і разумеў, што штурмбанфюрэр, можа, і незнарок, падбівае яго на небяспечную размову. Але разам з тым маёр быў і чалавекам прамым і рашучым, не любіў баязлівых размоў. Да таго ж побач была і ўважлівая да яго жанчына, неабыякавая яму.

— Так, я лічу,— загаварыў ён цвёрда,— што ў многіх нашых паражэннях вінаваты тылавыя службы, якія не забяспечылі войскам надзейнага тылу...

Ён прыкмеціў, што адказ яго не толькі не збянтэжыў, а нібы ўзрадаваў штурмбанфюрэра. Рэйзе ласкава ўсміхнуўся.

— Але, пан маёр цяпер мае ўласны вопыт умацавання тылу арміі. Нам вядома, што пан маёр гераічна дзейнічаў у аперацыі «мокры мяшок». І не без поспеху. Значная тэрыторыя раёна партызанскіх дзеянняў ачышчана ад бальшавіцкіх банд...— Ён прыпыніў гаворку, тварам паказаў смутак: — На жаль, павінен паведаміць пану маёру, што ачышчаная ад банд тэрыторыя зноў заварушылася... Там зноў пачаліся партызанскія акцыі... Але мы спадзяваемся,— па-сяброўску ўсміхнуўся Рэйзе,— што паяўленне ў нашых шэрагах баявога афіцэра ўмацуе нашы тылавыя службы. У нас будзе цяпер надзейны тыл.

Маёр ледзь даслухаў да канца гэту, можа, і незласлівую, балбатню. Адчуваючы, як у скроні б’е кроў, ён цвёрда, са стрыманай лютасцю выказаў:

— Гэта — дасціпна. Але я прашу спыніць гэтыя жарты.

Штурмбанфюрэра, падобна, здзівіла злосць маёра. Паблажліва ўсміхаючыся, ён па-сяброўску папракнуў:

— У цябе, Вольф, няма пачуцця гумару.

Маёр адрэзаў нямірна:

— Мне не падабаецца падобны гумар!

Штурмбанфюрэр з паблажлівай жа ўсмешкай саступіў: не падабаецца — не будзе жартаваць. Вольф з прыкрасцю падумаў: і тут гэты спрытны шчасліўчык як бы вышэй аказаўся.

Але разам ён прыкмеціў: у вачах Ані, што пазіралі на яго, былі павага, нават захапленне.

Яе позірк астудзіў гнеў маёра. Ён мірна глядзеў, як штурмбанфюрэр налівае яму ў чарку каньяк, павёў сваю чарку насустрач яго.

Зноў пілі. Штурмбанфюрэр запрасіў Ані танцаваць, яна ахвотна ўзнялася. Маёр сядзеў адзін за сталом і адчуваў сябе адзінока. Ён яўна раўнаваў да Ані. З прыкрасцю на сябе думаў пра тое, што выдумаў, нібы яна мае да яго нейкую прыхільнасць.

Як яна можа мець якую-небудзь прыхільнасць да яго, наогул непрыгожага, ды яшчэ знявечанага вайной. У ім абудзілася заўсёдная недаверлівасць да жанчын, самых, як ён лічыў, ненадзейных істот на зямлі.

У ім была затоена злосць, калі ён, з рашучым выглядам выцягнуўшыся за сталом, пакланіўся ёй, запрасіў танцаваць. Але калі яна адразу ж згадзілася, калі ён улавіў у вачах яе ахвотную згоду, непрыхільнасць да жанчыны растала ўраз. Ён быў зусім задаволены, калі яна аддана прытулілася да яго, паслухмяна заслізгала па паркеце, чулая да кожнага яго руху. Не тлумачачы нічога, яна раптам шапнула яму: «Вы — малайчына!», і ён з гонарам зразумеў, што гэта — пра яго адказ Рэйзе.

Танец з ёю вярнуў маёру ранейшы добры настрой.

Калі сядзелі зноў за сталом, штурмбанфюрэр, што ўжо неаднойчы паглядаў на ручны гадзіннік, заклапочана аб’явіў: час збірацца. Яму трэба было кудысьці ісці. Ані кіўнула яму: час, узняла свой фужэр з віном. Збіралася, не інакш, таксама ісці.

— Зрэшты, ты ж можаш застацца,— сказаў раптам велікадушна штурмбанфюрэр.— Нашто табе траціць вечар праз службовыя клопаты нейкага знаёмага. Маёр, спадзяюся, правядзе цябе.

Ён зірнуў на маёра.

— Я што ж, я гатоў,— заявіў маёр, нібы пачуўшы баявы загад.

— Так, бадай, я яшчэ пабуду...— рашыла Ані, здалося маёру, нібы просячы прабачэння.

Штурмбанфюрэр даў знак афіцыянтцы падысці, разлічыўся. Па-сяброўску развітаўся і хутка, заклапочана закрочыў да дзвярэй.

Удваіх яны нейкі час маўчалі. Маёр неспадзявана страціў усю сваю красамоўнасць. Адчуў зноў сябе грамозным, нязграбным, успомніў пра злую павязку на вачах. Моўчкі пілі.

Ані пра нешта зацята думала, і яму хацелася ўведаць, пра што.

— Нешта,— першая не вытрывала яна цішыні,— рускія не ў меру разляталіся... Ніводнай ночы спакойнай... А мы — у рэстаране...

Вольфу захацелася супакоіць яе:

— Сёння нічога не будзе.

Усё-такі Ані сядзела неспакойна. Радыёла спявала вясёлую песню, але гэтая песня, відаць, яшчэ больш узварушвала ў Ані неспакой.

Раптам песня абарвалася на паўслове, і не паспеў заціхнуць апошні акорд, як з рэпрадуктара пачулася трывожнае: «Ахтунг, ахтунг!..» На дварэ маркотна і цягуча завыла сірэна.

— Ну вось! Пачынаецца! — Ані ўскочыла і на высокіх абцасах кінулася да выхада. Маёр заспяшаўся ўслед. Ля гардэроба яна кінулася да вешалак, схапіла свой плашч.

— Тут — бамбасховішча,— сказала яна задыхана.

Калі яны выбеглі на двор, самалёты былі ўжо недалёка. У небе скрыжоўваліся, мітусліва бегалі доўгія прамяні пражэктараў. Ударылі гучна зеніткі.

Усе кіравалі да бункера з чорным уваходам. Туды падалася і Ані, усё трымаючы плашч у руцэ. Маёр затупаў услед. Выхапіў з кішэні ліхтарык, у сховішчы, калі спускаліся, стаў падсвечваць ёй.

У скляпенні было змрочна і цяжка тхнула сырой зямлёй. Нацята прыслухоўваючыся да выбухаў недзе ўгары, да штуршкоў зямлі, Ані заўважыла каля нагі дзіўны прытоены камяк. Яна кранула яго наском туфля і віскнула з агідай: гэта быў пацук!

«Фі, якая брыдота!» — Ані, гідліва моршчачыся, штурхнула яго. Пацук неахвотна адпоўз.

Час цягнуўся страшэнна марудна, а бамбёжка ўсё не сціхала.

Ані пачала была зноў насвістваць мелодыю песні пра тое, што пасля кожнага снежня надыходзіць май, але хутка абарвала свіст. Якая нуда сядзець так!..

— Калі гэта ўсё скончыцца! — зазлавала яна, тулячы падбародак у каўнер плашча.— Божа мой, як гэта доўга цягнецца!

— Хутка скончыцца,— супакоіў яе маёр.

Яна туліла падбародак у каўнер і зацята, нездаволена маўчала.

Калі Вольф з ёй выбраўся нарэшце з падзямелля на двор, яна зашпіліла плашч, нізашто не захацела ісці назад у рэстаран.

— Хопіць на сёння! Лепш правядзіце дамоў,— папрасіла яна.— Я недалёка — на Камандатурштрасэ...

Так немцы называлі вуліцу Карла Маркса. Вольф нязграбна ўзяў яе пад руку, збіраючыся весці, але яна сказала, каб ён выняў пісталет з кабуры і паставіў на баявы ўзвод...

Ён паслухаўся.

— Цяпер — хадземце...

Яна гаварыла, дзе трэба ісці. Як і тады, калі танцавалі, яна тулілася да яго, але цяпер, адчуваў маёр, яна нібы прасіла ў яго заступкі. І ён гатоў быў заступіцца за яе. Але заступка не спатрэбілася. Дайшлі да яе кватэры без прыгод. Квартал, як яна і казала, быў зусім блізка ад рэстарана.

Калі сталі ля яе дома, яна спытала:

— Вы не спяшаецеся?

— Не.

— Можа быць, зойдзеце да мяне. Я адна ў пакоі...

Яна правяла маёра на лесвіцу, адчыніла ключом дзверы.

— Заходзьце...— У цемры пакоя яна сказала, як бы падбадзёрваючы сябе ці яго: — Рэйзе назваў мой прытулак: адзіночная камера.

Яна гаварыла ціха, мусіць, непакоячыся, што могуць пачуць у суседнім пакоі.

— Тут — канапа,— паведаміла яна. Знайшоўшы руку маёра, павяла яго за сабой, пасадзіла.

Яна на момант лёгка прытулілася да грудзей маёра.

— Пабудзьце са мной. Я баюся адна... Нервы штосьці!..

Маёр добра разумеў, што значыла — пабыць з ёй, пасля той блізкасці, якую ён адчуў яшчэ ў рэстаране. Яму, бадай, і цяжка было б устаць, пайсці цяпер адсюль. Але цяжка было і тут, блізка з ёй. Цяжэй, чым у рэстаране. Зноў адчуваў сябе нязграбным, нездагадлівым. Пэўна, больш за ўсё таму, што яму падабалася гэта выпадковая знаёмая, што адчуваў — разумная, адукаваная і нібы з іншага свету. Адно абнадзейвала: яна шукала ў яго падтрымкі, лічыла яго моцным.

— Але, штурмбанфюрэр...— сказаў ён і адразу зразумеў, што пляце глупства.

— Ах, штурмбанфюрэр...— адгукнулася яна насмешліва.— Хіба вы не зразумелі нічога? У нас ніколі нічога не было з ім сур’ёзнага... Проста я папрасіла пабавіць са мной вечар. Ён згадзіўся... У яго ёсць свая жанчына...

Некаторы час яны сядзелі на канапе. Маёр цяжка асвойваўся з нязвыклым становішчам. Нарэшце яна ўстала.

— Уладжвайцеся тут, на канапе...

Яна штосьці прынесла, паслала.

Не запальваючы святла, яна вярнулася назад да ложка, хутка раздзелася. Залезла пад коўдру.

Маёр вагаўся.

— Вольф! Што ж вы?..

— У гасцініцы будуць чакаць...

— Хто?

— З камендатуры могуць выклікаць...

— Не выклікаюць...

Ані пстрыкнула запальнічкай, закурыла. Валасы яе звешваліся, яна ўзняла белую руку, адкінула іх.

У цемры, што наступіла, калі патухла запальнічка, маёр стаў раздзявацца. Цьмяна шарэючы споднім, няўпэўнена ступаючы босымі нагамі, пайшоў на вочка цыгарэты. Яна лагодна папрасіла зачыніць зашчапку дзвярэй.

Калі яны ляжалі разам, зноў пачалася бамбёжка. Ані хацела ўскочыць, кінуцца ў бамбасховішча, але маёр вызначыў, што бамбяць далёка, утрымаў яе. Яна палахліва ціснулася да яго, нервова ўздрыгвала. Потым, калі ўжо сціхла ўсё, забілася ў істэрыцы.

— Божа мой, ці будзе канец гэтаму! Не магу больш!..

Маёру ледзь удалося супакоіць яе.

Лежачы на яго руцэ, яна расказала маёру, што ў яе быў жаніх. Таксама ў пяхоце, тут, на ўсходнім. Оберлейтэнант. Загінуў зімой сорак другога. Пад горадам Вялікія Лукі. Мастаком хацеў быць. І бацька загінуў — таксама на фронце. А маці і сястра — пры бамбёжцы. Засталася толькі адна сястра. Але — колькі ёй жыць. Колькі Ані жыць? Усё загіне.

Тут жыццё кожны дзень на нітачцы. Ані ні хвіліны не ведае спакою ў гэтым страшным, праклятым горадзе. Дзе смерць сцеражэ з-за кожнага вугла. Дзе ўсе іх ненавідзяць. Дзе варварская славянская нянавісць. Якая штурхае гэтыя дзікія істоты на ўсё.

Яна, вядома, была п’яная, але ў тым, што яна казала, маёр адчуваў шчырасць. І на яго дзейнічалі гэтыя недазволеныя стогны. Яны кволілі маёра, маёр не мог пярэчыць ёй.

Знясілены, поўны спачування да яе і супярэчлівых думак, ішоў маёр ад Ані ранкам.

Перад тым як з’явіцца да каменданта, ён забег у гасцініцу. Дзяжурная, пажылая, паўнацелая немка, сказала яму:

— А мы тут, гер маёр, непакоіліся за вас. Думалі, што пад бомбу трапілі... Ці, мой бог, задушылі дзе-небудзь на цёмнай вуліцы...

 

1 Усё адыходзіць,

Усё праходзіць міма.

За кожным снежнем

Ідзе зноў май.

2

У гэтую раніцу штурмбанфюрэр Рэйзе быў на аэрадроме. Ён суправаджаў свайго начальніка, групенфюрэра Готберга.

На аэрадроме было ціха і пуста, і ніхто б не падумаў, што тут зараз могуць адбыцца якія-небудзь важныя падзеі. Роўнае, голае, з прытаптанай дзе-нідзе травою аэрадромнае поле спакойна млела сабе пад сонцам, і такім жа спакойным здавалася і блакітнае глыбокае неба. Адзіным, што парушала спакой неба, былі два знішчальнікі, якія патруліравалі аэрадром.

А між тым дзень быў не зусім звычайны. Невялікая групка, што бавілася каля барака аэрадрома, складалася амаль уся з высокапастаўленых нямецкіх генералаў і афіцэраў на чале з самім генеральным камісарам. Генералы і афіцэры пахаджвалі, зрэдку перакідваліся словамі, часта паглядвалі ў заходні бок на небасхіл.

Чакалі прылёту спецыяльнага ўпаўнаважанага фюрэра генерал-лейтэнанта Баумволя.

Місія генерала была Рэйзе невядома, але ён разумеў, што генерал ляцеў сюды не са звычайнымі паўнамоцтвамі. Рэйзе добра ведаў генерала, ведаў яшчэ з той пары, калі цяперашні генерал быў кіраўніком нацысцкай арганізацыі ў тым горадзе, у якім вучыўся хлапчуком будучы штурмбанфюрэр. У той час Баумволь неаднойчы збочваў да яго бацькі ў госці. Неўзабаве сябра бацькі перавялі на працу ў Берлін, і ён за некалькі год зрабіў такую бліскучую кар’еру, так падняўся, што ў доме Рэйзе гаварылі пра яго, як пра вялікага чалавека. Гаварылі, што да яго моцна прыхільны сам фюрэр.

Рэйзе вельмі цікавіла, з якімі паўнамоцтвамі ён ляціць.

Ледзь у небе з усходняга боку акрэсліліся абрысы пасажырскага самалёта, які кіраваў да аэрадрома, усе заварушыліся, узрушана загаварылі.

Нізка над аэрадромам самалёт зрабіў паўкруга і, выраўняўшы крылы, сцішыўшы маторы, пайшоў на пасадку. Калі ён падруліў да месца, дзе звычайна спыняліся самалёты, яшчэ да таго, як перасталі раўці маторы, групка, што чакала, падалася да машыны.

Па лесвічцы лёгка сышоў высокі, хударлявы, з акулярамі, у шэрым летнім паліто, генерал,— прывітаўся, выкінуўшы ўперад угару руку. Заўважыўшы сярод высокіх ваенных і цывільных чыноў Рэйзе, які стаяў са сваім начальнікам, ён затрымаў на ім позірк, засяроджана нахмурыўся, стараючыся, відаць, прыпомніць. Генерал, аднак, не запытаўся нічога.

— К машыне...— суха сказаў ён Готбергу.

Генералькамісар павёў яго да доўгай чорнай машыны, што выехала насустрач. Каля машыны ўпаўнаважаны, ужо адчыніўшы дзверцы, раптам заклапочана азірнуўся да штурмбанфюрэра і запытаўся стрымана:

— Вілі Рэйзе?..

Штурмбанфюрэр, адчуваючы на сабе агульную ўвагу, хвацкі выструніўся, адрапартаваў:

— Я, мой генерал! Штурмбанфюрэр Рэйзе.

Ён быў задаволены, што Баумволь пазнаў,— яго цешыла, што перад усімі, хто сустракаў, генерал назваў яго не афіцыйна, а па імені.

Генерал па-бацькоўску міласціва, ужо без ранейшага холаду, кіўнуў яму.

Сустрэча гэтым і закончылася. Услед за машынай генералькамісара ў горад рушыла чарада іншых машын. Праз хвіліну на аэрадромным полі нікога з тых, што сустракалі, ужо не было.

Генеральны камісар запрасіў упаўнаважанага паехаць у яго дом, і Баумволь неўзабаве быў у адным з пакояў камісарскага асабняка. Тут ён развітаўся з Рэйзе, падаўшы руку, сказаў:

— Я рад, Вілі. Бачу, што друг мой Ота мае сапраўднага сына. Спадзяюся, мы яшчэ пабачымся.

— Я буду мець гэта за чэсць, пан генерал,— адказаў з пашанай Рэйзе.

Не тоячы радасці ад увагі генерала, ён разам з тым паказваў, што добра разумее розніцу ў становішчы іх і таму асабліва шануе добрае з боку высокага госця.

Больш Рэйзе не давялося бачыць генерала ў гэты дзень.

Генерал Баумволь амаль адразу ж развітаўся і з Готбергам, аб’явіўшы гаспадару, што стаміўся і хоча адпачыць.

Ён пазваніў фон Готбергу і выйшаў да яго ўжо ўвечары.

Седзячы за сталом, вячэраючы, п’ючы віно, генерал, пасвяжэлы, са жвавым бляскам у вачах, з далікатнасцю свецкага чалавека расказваў пра берлінскае жыццё, і фрау-гаспадыня, апранутая ў багатае аксамітнае вячэрняе плацце, са старанна ўкладзенымі і закручанымі падфарбаванымі валасамі, уздыхала, успамінаючы вялікі горад, тэатры, шумлівыя вуліцы, багатыя магазіны.

— Тут такая нуда,— паскардзілася яна, і на твары яе з’явіўся выраз капрызнага, раней пешчанага, цяпер несправядліва пакрыўджанага лёсам чалавека. Яна паглядзела на мужа, чакаючы, што ён падтрымае яе, а можа, хочучы ўведаць, як ён ставіцца да яе слоў.

Муж аб’ядаў парасячае рабро і быў, здавалася, цалкам заняты гэтай турботай. Ён, падобна было, не чуў яе слоў. Фрау-гаспадыню гэтая недалікатнасць мужа, ды яшчэ пры высокім сталічным госці, вельмі пакрыўдзіла, і яна падумала, колькі разоў ёй даводзілася чырванець за яго няўважлівасць, бестактоўнасць.

Яна наогул лічыла, што ён быў заўсёды нячулы, нявыхаваны, грубы чалавек.

— Лёс салдат! — прамовіў пачціва, са спачувальнай усмешкай госць.— Ён тут адзін — і ў мужоў, і ў іх спадарожніц.

Генерал з абыходлівасцю свецкага чалавека наліў віна ёй, потым гаспадару і сабе, падняў сіні з залатым беражком бакальчык — за спадарожніц! Гаспадыня з удзячнай усмешкай, царскай паважнасцю, зіхкаючы каменнямі на бледных пальчыках, паднесла да яго свой бакал. Яна была проста ў захапленні ад генерала.

Гадзіне а дзесятай генерал устаў, нахіліўшы да гаспадыні галаву з зачасанымі набок радкаватымі і рудаватымі валасамі, далікатна пацалаваў ёй руку і разам з генеральным камісарам выйшаў у свой пакой.

Застаўшыся адзін на адзін з Готбергам, ён быў ужо не такім абыходлівым, усмешлівым, твар яго, шараваты, касцісты, адразу нібы асунуўся і падаўжэў. Сашчэпленыя тонкія губы і халаднаваты позірк надавалі яму выраз волі і ўнутранай сабранасці. Хоць у тым, як трымаў сябе высокі госць не было прыкметна фанабэрыі, Готберг, аднак, адчуваў да яго насцярожанасць. Можа быць, такі ўжо закон жыцця, што ўсе ўпаўнаважаныя прымушаюць адносіцца да іх асцярожліва.

— Вы задаволены Рэйзе? — запытаў раптам Баумволь, уладжваючы ў муштук цыгарэту.

— Так. Ён энергічны, дзейны.

— Здольны?

— Так.

— Я добра ведаў яго бацьку Ота Рэйзе. Ота зрабіў нам калісьці не адну паслугу...

Готберг кіўнуў галавою. Сочачы з увагай за госцем, засяроджана адказваючы, ён, аднак, адчуваў, што госць-упаўнаважаны думае не пра тое, што пытае, што ўсё гэта між іншым, гульня. Ён чакаў, што госць хутка загаворыць пра важныя рэчы, дзеля якіх прыбыў. Гаспадар нецярпліва чакаў гэтага. Але генерал з Берліна не спяшаўся. Апусціўшыся на мяккае, чорнай скуры крэсла, ён курыў, разглядваў карціну, што вісела насупраць: пейзаж з кучаравым ляском, вострымі чарапічнымі дахамі і мірным, старасвецкім пастухом са статкам авечак.

— Якая фальш! — прамовіў ён раздумліва і нездаволена.

Готберг паглядзеў на яго, не разумеючы.

— Што — фальш?

Госць непаважліва павёў рукой з цыгарэтай, што дымілася.

— Гэта — авечкі, пастух. Цішыня...

— Так, старое...

Стуліўшы вочы, адставіўшы руку з цыгарэтай, высокі госць спачываў у крэсле. Губы былі сціснуты, і твар засяроджаны, замкнёны.

— Мае паўнамоцтвы ў асноўным датычацца фронту,— сказаў упаўнаважаны пасля немалой паўзы, як бы адказваючы на маўклівае пытанне Готберга.— Аднак я маю некаторыя даручэнні і адносна вас.

Готберг адразу ажывіўся, востра зірнуў на ўпаўнаважанага. Той глядзеў на яго строга і значна.

— Фюрэр незадаволен вынікамі акцый супраць партызан,— прамовіў Баумволь няспешліва, важка.— Ён не давярае вашай інфармацыі, на яго думку, яна недастаткова аб’ектыўная. Ён лічыць, што становішча ў вас нездавальняючае. Фюрэр лічыць, што вы не ўжылі дастаткова захадаў, не праявілі належнай цвёрдасці для стабілізацыі становішча...

Генерал пастукаў муштуком аб край попельніцы, асыпаў попел.

— Актывізацыя бандыцкіх груп на нашых важнейшых камунікацыях выклікала яго рашучае нездавальненне работай тылавых устаноў на ўсходзе. Ён лічыць, што такое становішча нельга цярпець далей, што яно ставіць нашы войскі на ўсходнім фронце перад жыццёва небяспечнымі цяжкасцямі. Гэта тым больш занепакоіла фюрэра, што фельдмаршал Кейтэль у час апошняга даклада падаў абстаноўку ў тылах нашых усходніх войск у вельмі цяжкім выглядзе...

Готберг нецярпліва варухнуўся.

— Але ж у аперацыях супраць бандытаў былі скарыстаны і ваенныя сілы. Гэта не толькі мае акцыі.

На твары госця з’явіўся выраз нездавальнення. Готберг зразумеў: нездавальненне ад таго, што ён апраўдваецца.

— Адказнасць за няўдачы ў аперацыях супраць бандытаў фюрэр, натуральна, ускладае на вас...— строга прамовіў упаўнаважаны.

Ён змоўк. Маўчаў даволі доўга, прыплюшчыўшы вочы за акулярамі і аб нечым сам сабе думаючы. За дзвярамі ў сталовай чуўся звон посуду: відаць, прыбіралі са стала.

— Абстаноўка, лічыць фюрэр, патрабуе новых захадаў да таго, каб умацаваць становішча на ўсходніх землях, у тым ліку і ў Вайсрутэніі. Не трэба абмяжоўваць сябе ў сродках — карныя акцыі супраць бандытаў мэтазгодна дапоўніць іншымі захадамі, больш гнуткімі, дыпламатычнымі. У становішчы, якое стварылася, мы не можам абапірацца на адну зброю. Фюрэр лічыць, што вы недаацэньваеце гэтыя сродкі... Неабходна ў сувязі з гэтым, лічыць фюрэр, паскорыць афармленне самастойнасці для Вайсрутэніі. Трэба ў самы хуткі час склікаць кангрэс і аб’явіць ад імя Германскай дзяржавы яе самастойнасць. Трэба абдумаць, старанна падрыхтаваць склад урада, натуральна, звяртаючы асаблівую ўвагу на адданасць членаў урада... Гэты акт — аб’яўленне самастойнасці Вайсрутэніі — можа зрабіць належнае ўражанне на частку патрыятычна настроенага мясцовага насельніцтва...

— Мы пачалі ўжо некаторыя падрыхтоўчыя захады, генерал.

— Ад падрыхтоўчых захадаў неабходна пераходзіць да рэальных спраў. Ствараецца такое становішча, што мы не можам валаводзіцца з падрыхтоўчымі мерапрыемствамі.

На гэтым госць спыніў практычную размову. Згадаўшы, з якім неспакоем чакаў гэтай размовы, генеральны камісар панура падумаў: не, прадчуванне не ашукала яго — упаўнаважаныя заўсёды вядуць нейкую непрыемнасць у тваё жыццё. І клопаты, і непрыемнасць.

— Заўтра мне трэба спаткацца з генерал-фельдмаршалам...— сказаў Баумволь ужо іншым, больш мяккім тонам.

Хаваючы нездавальненне ранейшай размовай, фон Готберг адказаў супакойліва:

— Машыны і ахова будуць арганізаваны, генерал. На які час?

— На раніцу. Я хачу паехаць а сёмай. Дарэчы,— згадаў госць,— пашліце са мной Рэйзе...

— Штурмбанфюрэр Рэйзе будзе з вамі.

Баумволь даў знак гаспадару, што размова скончана і што ён хоча застацца адзін.

Генеральны камісар пажадаў яму спакойнай ночы, прывітаў і выйшаў.

 

3

Яны ўжо селі за стол, засланы абрусам, на якім былі пляшкі з віном, чаркі, талеркі з закускай, калі генерал-фельдмаршала папрасілі ў кабінет да тэлефона. Фельдмаршал незадаволена паморшчыўся, раздражнёна запытаўся, хто звоніць, і, кінуўшы на стол салфетку, устаў.

— Прашу прабачэння...

Баумволь і Рэйзе засталіся адны за сталом. Генерал, прыпершыся грудзямі да стала, прыплюшчыўшы вочы, думаў аб нечым сваім, ніжняя губа яго, рэзка акрэсленая, турботна ўздрыгвала.

— У цябе, Вілі, нездаровы выгляд,— прамовіў ён раптам, не пазіраючы на Рэйзе.

— Я адчуваю сябе добра, генерал...

— У твае гады я выглядаў лепш...— Ён усім тулавам павярнуўся да штурмбанфюрэра, вочы за шкельцамі акуляраў зірнулі на Рэйзе дзіўна пільна.— Жанчыны, напэўна, вінаваты.

Ён не даў адказаць Рэйзе.

— Жанчыны небяспечна зношваюць мужчыну. Ты малады і яшчэ не можаш ведаць, як дорага мы плоцім за мімалётныя ўцехі. Яны бяруць у нас многа сілы і многа часу, якія разумней было б скарыстаць на іншыя, значныя справы...

— Сплю мала, мой генерал. Неспакойна начамі...

Генерал коратка бліснуў шкельцамі акуляраў.

— Рускія самалёты?

— Так. Яны наведваюцца ў апошні час са здзіўляючай настойлівасцю. Вам пашанцавала, генерал, мінулая ноч — адна з нямногіх ціхіх начэй... Мы адвыкаем спаць...

— У Германіі, Вілі, цяпер таксама многа людзей, якія развучыліся спаць па начах. Так, развучыліся... Я адпачываю па-сапраўднаму, калі выбіраюся з Берліна ў вілу...

Ён устаў, падышоў да краю веранды і пачаў разглядаць садок, што падступаў да фельдмаршальскага асабняка з гэтага боку. Садок быў невялікі, усяго некалькі дрэваў. Між дрэваў жаўцела роўная дарожка, пасыпаная пясочкам, а перад самай верандай пярэсціў кветкамі добра дагледжаны газон.

Пачуўшы, што фельдмаршал вярнуўся, Баумволь азірнуўся да яго:

— Вы, аказваецца, любіце кветкі?

— Так.

— Гэта добра. Кветкі надаюць чалавечаму жыллю ўтульнасць і — як бы гэта сказаць...— гаспадарскі выгляд. Адчуваецца, што не госць, а гаспадар жыве...

— Я ўсюды адчуваю сябе гаспадаром,— лаканічна адказаў фельдмаршал.

Ён наліў віна і прапанаваў выпіць за фюрэра. Пасля гэтага ён не надта гасцінна змоўк, адно падкладваў і падкладваў сабе ў талерку ды жаваў.

— Я ўчора яшчэ раз адчуў, як наблізіўся ўсходні фронт да Германіі,— першы загаварыў Баумволь.— Ад Берліна тры гадзіны лёту — і фронт. Мінск — гэта ўжо фронт.

— Так, фронт,— згадзіўся фельдмаршал.

— Але ж гэта не самая блізкая адлегласць. Тут наша лінія фронту выдалася значна на ўсход... Мы стаім перад вялікай пагрозай. Пагроза гэтая ўжо амаль каля граніц Германіі.

— Так, яна падступіла да германскіх граніц...

— Пагроза,— разважаў генерал,— яшчэ ніколі не была такой рэальнай, такой трывожнай. Гэтае адчуванне пагрозы цяпер у Германіі ўсюды. Уся Германія насцярожана чакае, прыслухоўваецца. Прыслухоўваецца да гулу бамбардзіроўшчыкаў, чакае, што будзе на ўсходзе, дзе вялізная руская армія тоіць невядомыя планы... Настала пара, калі свет павінен убачыць веліч германскага духу.

— Так, Германія павінна зноў заявіць пра сваю веліч,— згадзіўся спакойна фельдмаршал.

Рэйзе не ўмешваўся ў іх гаворку. Ён толькі слухаў, паглядваючы то на аднаго, то на другога, прафесійным вокам адзначаючы сабе іх дачыненні. Фельдмаршал, хоць і выказваў генералу-ўпаўнаважанаму ўсе знакі пашаны, разам з тым трымаўся сухавата, нават самаўпэўнена, як чалавек, які перакананы ў сваёй сіле, у сабе. Стары, заслужаны ваенны, ён, адчуваў штурмбанфюрэр, у душы звысака адносіўся да генерала, які, атрымаўшы вялікае званне, не меў належных для гэтага звання ваенных заслуг. Партыйныя заслугі Баумволя для фельдмаршала значылі, напэўна, вельмі мала.

Фельдмаршал, аднак, падобна было, пабойваўся ўпаўнаважанага,— недарма ён трымаўся насцярожана і часцей лічыў за лепшае паслухмяна згаджацца ці гаварыць аптымістычныя ісціны. Баумволь таксама адчуваў халаднаватасць камандуючага, і Рэйзе заўважаў, што генерал стараўся плаціць тым, што атрымліваў. Ён адносіўся да фельдмаршала таксама і ветліва, знешне, і холадна, высакамерна, у душы.

— Якія вашы меркаванні пра нашы перспектывы на лета? — запытаўся ўпаўнаважаны, падліваючы ў шклянку з чорным кофе каньяку.

— Я ўжо дакладваў фельдмаршалу Кейтэлю...— стрымана, раздумліва пачаў камандуючы.

Ён коса глянуў на Рэйзе, і Баумволь, перахапіўшы гэты позірк, папрасіў штурмбанфюрэра пакінуць іх адных. Рэйзе, пачырванеўшы, падняўся.

Яны засталіся ўдвух — упаўнаважаны і фельдмаршал Буш, камандуючы групай армій «Цэнтр».

Фельдмаршал выцер руку аб салфетку, паклаў яе. Памаўчаў.

— Я думаю, што найбольш небяспечны для нас правы фланг. Ковельскі ўступ, дзе рускія зрабілі глыбокі клін пад аснову «балкона». Варта рускім зламаць абарону ў раёне Ковеля, і «балкон» можа страціць устойлівасць. Група «Цэнтр» можа апынуцца ў цяжкім становішчы...

— «Балкон» можа абваліцца? — Генерал быў увесь засяроджаны і заклапочаны. Ён патрабаваў цвёрдага адказу.

— Можа стварыцца вельмі цяжкае становішча,— важка, з націскам сказаў Буш.

Баумволь уздыхнуў, паведаміў:

— Фельдмаршала Кейтэля таксама непакоіць Ковельская яма.

Агульны неспакой як бы зблізіў іх. Гэта блізкасць чулася і ў доўгай паўзе, што настала пасля разваг аб небяспецы з боку Ковеля.

— Фюрэра турбуе,— загаварыў генерал даверна і значна,— дзіўнае маўчанне рускіх у вашым раёне. Ужо сярэдзіна чэрвеня, фельдмаршал, а рускія маўчаць. Гэта маўчанне, на думку фюрэра, павінна насцярожваць нас.

— Па нашых разліках, яны даўно павінны былі пачаць спробы наступаць...

— Што гаворыць разведка? Ёсць доказы таго, што рускія рыхтуюцца?

— Гэта тое, што нас, натуральна, найбольш цікавіць. Мы вядзем няспынную разведку па ўсім фронце, выкарыстоўваючы ўсе сродкі. Сочым уважліва за ўсімі рускімі радыёперагаворамі, за ўсімі зменамі ў войсках. Асабліва пільна мы вызначаем, дзе пачынаецца канцэнтрацыя войск. Мы выявілі, што рускія па-ранейшаму трымаюць вялікія танкавыя злучэнні небяспечна блізка ад Ковельскага кліна. На ўсходнім участку фронту, па нашых вестках, у рускіх звычайнае жыццё. Ніякіх сур’ёзных фактаў за тое, што яны маюць намер тут у бліжэйшы час наступаць. Выяўлена нават, што рускія ўсцяж усяго фронту капаюць акопы... Але мы, вядома, не можам думаць, што рускія будуць і надалей пасіўнымі. І на ўсходзе, і асабліва — ля Ковеля.

— Так, рускія не могуць адмовіцца ад спроб зламаць «балкон». Гэта аксіёма.

— Бясспрэчна. Наступлення іх трэба чакаць, і, магчыма, у бліжэйшы час. Самае важнае, што нас цікавіць і чым займаецца разведка,— гэта — адкуль яны паспрабуюць ударыць і — калі. Мы гэтага не ведаем... Нам прыходзіцца, генерал, распыляць сілы, размяркоўваючы па ўсім фронце...

— Так,— згадзіўся генерал,— у наступаючых ёсць адна бясспрэчная перавага: яны могуць выбіраць. Збіраць войскі ў кулак і выбіраць месца для ўдару...

— Наша лінія фронту празмерна расцягнута...— заклапочана сказаў, амаль паскардзіўся Буш. Ён з надзеяй зірнуў на генерала: — Стаўка не мяркуе выдзеліць для нас яшчэ войск?

— Мы ўжо знялі з захаду некалькі дывізій, фельдмаршал. Яны тут, на ўсходзе. Мяне прасілі напомніць вам, што сюды аддадзены лепшыя дывізіі, цвет германскай арміі...

— Я гэта ведаю.— Фельдмаршал Буш нездаволена ўнурыўся ў сябе: яму яўна не спадабалася павучальная манера гаворкі ўпаўнаважанага.

Баумволь ці не заўважыў, ці зрабіў выгляд, што не заўважыў нездаволенасці фельдмаршала. Тым жа цвёрдым, павучальным тонам працягваў:

— Фюрэр надае вельмі важнае значэнне дзеянням групы «Цэнтр». Вынікі вашых аперацый, фельдмаршал, будуць мець не толькі ваеннае, але і палітычнае значэнне. У гэты адказны час у вялікай меры ад вас залежыць прэстыж Германскай дзяржавы. Крушэнне будучага рускага наступлення павінна значна ўмацаваць аўтарытэт Германіі, умацаваць нашы палітычныя пазіцыі...

На веранду раптам уварвалася хваля дужага ветру, сыпнула на беласнежны абрус пяску, збіла на падлогу салфетку генерала.

Фельдмаршал нецярпліва паморшчыўся. Ён гукнуў салдата, які прыслужваў за сталом, той ураз уляцеў на веранду, выцягнуўся, гатовы да ўсяго.

— Пясок. Салфетка,— павёў вачыма фельдмаршал, і салдат кінуўся змятаць пясок са стала. Праз момант ён прынёс чыстую салфетку.

Пакуль усё гэта адбывалася, генерал назіраў: дрэвы ў садзе пад парывамі ветру хісталіся. Вецер тузаў, гнуў галлё.

Калі салдат выйшаў, Баумволь адарваў позірк ад саду, недаверліва азірнуўся.

— Нас не могуць чуць?

Фельдмаршал пакруціў галавою.

— Я маю ўказанне паведаміць вам важную вестку,— упаўнаважаны наваліўся грудзямі на стол, наблізіў твар да фельдмаршала.— Вестка, якую я павінен паведаміць вам, мае дзяржаўнае значэнне і таму, як вы разумееце, павінна быць у найстрогім сакрэце...— Вельмі зацікаўлены, фельдмаршал кіўнуў: натуральна, ён разумее. Баумволь пачаў глуха і важка выказваць сапраўды надзвычайнае: — Берлін мае намер пачаць сакрэтныя перагаворы з Лонданам і Вашынгтонам. У нас, лічаць, ёсць сур’ёзныя шансы дамовіцца. Англа-саксы, вядома, будуць выгадваць, прынюхвацца...— Таямнічасць і недагаворлівасць, з якой Баумволь паведамляў гэта, як бы яшчэ ўзмацнялі значэнне весткі: — Наш поспех там будзе залежаць у вялікай меры ад вашых поспехаў тут, разумееце?

Вельмі ўзрушаны, фельдмаршал уважліва глядзеў на генерала, нібы не мог адразу ўсвядоміць усё пачутае. Але твар яго ўжо свяціўся ад уцехі.

— Вы гаворыце вельмі цікавыя рэчы, генерал...

Генерал быў яўна задаволены ўражаннем, якое зрабіў на камандуючага.

— Больш я не магу пакуль сказаць. Павінен толькі паведаміць, што пра дзяржаўную тайну, якую я вам адкрыў, ведаюць толькі некалькі чалавек... Час мяняецца,— прамовіў ён інакшым тонам,— калісьці генералам трэба было ведаць толькі ваенную справу. Цяпер ім належыць быць і палітыкамі.

Упаўнаважаны, ледзь падняўшы куточкі тонкіх губ, усміхнуўся. Фельдмаршал не адказаў на яго ўсмешку,— камандуючы ўсё думаў над пачутай весткай.

Усмешка амаль адразу ж сышла з твару генерала, заклапочана, патрабавальна ён спытаў:

— Што вы можаце, фельдмаршал, сказаць пра назначэнне рускімі генерала Чарняхоўскага?

— Пакуль амаль нічога,— адарваўся ад сваіх думак фельдмаршал,— акрамя таго, што Чарняхоўскі — малады, энергічны генерал. Ён, як лічаць рускія, добра праявіў сябе пад Кіевам. Зрабіў маланкавую кар’еру. Відаць, рускія ўскладаюць на яго нейкія свае надзеі...

— Ці не значыць назначэнне маладога, энергічнага генерала, што рускія не збіраюцца тут сядзець?

— Можа быць... У маладосці многа энергіі, але звычайна недастаткова вопыту... У іх ёсць Ракасоўскі, на паўднёвым флангу. Мяне асабіста больш непакоіць Ракасоўскі. Гэта вельмі вопытны, небяспечны праціўнік...

— Ракасоўскі — так, небяспечны,— згадзіўся Баумволь.

Ён устаў, абцягнуў мундзір, павярнуўся к саду за верандаю. У гэты час вецер, падняўшы ў садзе пыл і пясок, зноў уварваўся на веранду, дыхнуў у твар Баумволя халадком. Генерал мімаволі прыжмурыў вочы за акулярамі. Зірнуўшы ў той бок, адкуль уляцеў вецер, дзе зашумелі дрэвы, заўважыў, што за садам на белавата-мутнае воблачнае неба наплывае сіняя, панурая, з чорнымі краямі і дном, важкая шырокая хмара.

— Навальніца, відаць, збіраецца.

Фельдмаршал таксама паглядзеў на неба.

— Так, збіраецца...

 

4

Лейтэнанту Клямту выпала ў той вечар спаткацца з высокімі генераламі.

Ён ужо амаль цэлы месяц жыў на непрыкметным, мокрым астраўку, акружаным балотамі, куп’ём, асакою. З астраўка былі добра відаць іншыя сухія астравы, лінія магістралі. На астраўках і абапал магістралі размяшчаліся суседнія роты, камандны пункт батальёна. Усцяж магістралі дзе-нідзе віднеліся пашчапаныя, пахіленыя і перабітыя тэлеграфныя слупы.

Магістраль амаль увесь час то абстрэльвалі, то бамбілі, і лейтэнант на сваім мокрым астраўку не зайздросціў тым, каму выпала жыць на сушы.

Лейтэнант убачыў генералаў не ў сябе на астраўку, а ў камандзіра батальёна. Пра іх прыезд і лейтэнант і батальённы даведаліся ўжо тады, калі высокае начальства выправілася са штаба палка. Батальённы, рослы, негаваркі баварац, што сядзеў у сарочцы, паспешліва ўсцягнуў на плечы мундзір і загадаў салдату прыбраць у памяшканні. Сам ён таксама кінуўся рабіць парадак. Па тым, як ён паводзіў сябе, лейтэнант бачыў, што сустрэча, якая мелася быць, яго моцна ўсхвалявала. Прыбраўшы ў бліндажы, батальённы, пакрыху спакайнеючы, стаў званіць у роты: загадваў праверыць, ці ўсё ў парадку. Ён, аднак, не адкрываў прычыны сваёй трывогі.

Толькі калі даў загады, ён паведаміў лейтэнанту, што сказалі яму са штаба. Паведаміў адным словам:

— Фельдмаршал!

Ён, падобна, быў задаволены і з цікавасцю чакаў прыбыцця незвычайных гасцей. Праўда, пра гэта лейтэнант мог толькі здагадвацца, бо баварац быў чалавекам скрытным і выглядаў ужо, як звычайна, спакойным.

Батальённы спаткаў генералаў з такім спакоем і такой упэўненасцю, што лейтэнант, чалавек таксама не бянтэжлівы, проста падзівіўся з яго. Вельмі выразна, без запіначкі далажыў баварац, што належала па статуту, з гатоўнасцю і разам з тым з годнасцю стаў адказваць на пытанні. Ён умеў выказаць і вялікую пашану да высокіх гасцей і не панізіць сябе.

Лейтэнант заўважыў, што камандзір дывізіі, строгі і прыдзірлівы, быў задаволены абыходжаннем і паводзінамі баварца.

Незнаёмы Клямту генерал-лейтэнант раптам бліснуў акулярамі ў бок ротнага, што моўчкі, не варушачыся, амаль не дыхаючы, назіраў ды слухаў,— запытаўся пра яго пасаду.

Баварац адказаў, і генерал павярнуўся да лейтэнанта:

— Дзе ваша рота?

Лейтэнант сказаў, што рота размяшчаецца праз пяцьсот метраў адсюль.

— Вы правядзеце нас,— прамовіў генерал такім тонам, што нельга было зразумець, просіць ён ці загадвае. Генерал зірнуў на фельдмаршала: — Я спадзяюся, пан генерал-фельдмаршал, што вашы намеры супадаюць з маімі?

— Так, вядома...

Фельдмаршал ледзь нахіліў галаву. Генерал з выглядам чалавека, які рашыў не марнаваць часу, загадаў лейтэнанту весці ў роту, адступіў убок, нібы даючы дарогу. Побач з генералам выструніўся, гатовы зараз жа рынуцца за ім, стройны, прыгожы штурмбанфюрэр з генеральскай аховы.

Але баварац асмеліўся запыніць генерала і фельдмаршала. Пачціва і разам рашуча заявіў высокім гасцям, што ісці на востраў не трэба.

На твары генерала з’явіліся здзіўленасць і нездавальненне.

— Чаму?

Баварац выразна кіўнуў на лейтэнанта, на яго боты і штаны.

— Балота, пан генерал.

Генерал — гэта быў Баумволь — павёў позіркам туды, куды паказваў баварац, убачыў, што лейтэнант мокры амаль да пояса. Лейтэнант выціраў боты і штаны, але на іх усё ж прыкметны былі плямы балотнай гразі. Відаць, генерал усё-такі не спыніўся б, але камандзір дывізіі выказаў думку, што ўчастак абароны, размешчанай на востраве, мала цікавы, і, мусіць, іменна гэта было прычынай таго, што ўпаўнаважаны змяніў свой намер.

— Вы проста ў балоце ўмацаваліся? — пацікавіўся генерал у лейтэнанта, які стаяў у струнку, чакаў загаду ісці.

— Так, сярод балот, пан генерал. На маленькім востраве...

Генерал паглядзеў на яго са спачуваннем.

— А-а...

Камандзір дывізіі паведаміў, што амаль трэць дывізіі сядзіць у балоце, у вадзе. Узрушаны ўвагай і высокай пашанай, лейтэнант адчуў патрэбу выставіць годным чынам сябе, сваіх таварышаў, падтрымаць камандзіра дывізіі. Выбраўшы момант, калі госці прымоўклі, не ведаючы, што дзеяць далей, лейтэнант мужна і смела заявіў, што хоць і кепска жыць на балоце, затое і рускім будзе з ім многа клопату.

— Многа клопату! — паўтарыў ён з асаблівым сэнсам. Нібы радуючыся і запрашаючы далучыцца да яго радасці.

Генерал усміхнуўся,— праўда, скупавата, стрымана, але ўсміхнуўся. Відаць, меркаванне лейтэнанта яму спадабалася. Фельдмаршал з павагай, з ухвалай прамовіў:

— Гэта слова салдата.— Фельдмаршал пацікавіўся: — Вы былі салдатам?

— Яволь, гер фельдмаршал1.— Лейтэнант нават прыўзняўся на насках, выцягваючыся перад фельдмаршалам.

— Я таксама...— па-таварыску паведаміў пан фельдмаршал.

Узварушаны бадзёрасцю і заявай лейтэнанта, расчулены раптоўнай блізкасцю да таго часу, калі сам быў такім жа лейтэнантам, пан фельдмаршал усхвалявана павярнуў сухі маршчыністы твар да генерала.

— Я заўсёды захапляюся германскім салдатам. Яго мужнасцю і яго гатоўнасцю да любых ахвяр у імя айчыны.

— О, так.

Лейтэнант пачуў словы фельдмаршала як пахвалу сабе. Стоячы ў струнку, ён сачыў то за фельдмаршалам, то за генералам, усім выглядам сваім выказваючы адданасць, гатоўнасць выканаць любы загад. Аднак у позірку лейтэнанта была і прытоеная цікаўнасць, асабліва вострая ад адной пільна схопленай ім акалічнасці. Лейтэнанта вельмі інтрыгавала тое, што генерал, хоць і быў званнем значна ніжэй за фельдмаршала, абыходзіўся з ім, як роўны з роўным. Лейтэнант здагадваўся, што гэта нейкая важная асоба.

Генерал быў настроены зусім не лагодна. Лейтэнант адзначыў, што і яго словы генерала не расчулілі так, як пана фельдмаршала. Твар генерала быў лядзяны, і вочы з-за шкельцаў акуляраў глядзелі строга, патрабавальна.

— Як вядуць сябе рускія? — працяў лейтэнанта жорсткі позірк.— Не збіраюцца наступаць?

Лейтэнант чула ўлавіў, што пытанне гэтае генерал сказаў зусім інакш, чым пытанне пра балота, ён адразу зразумеў, што генерал чакае сур’ёзнага, дзелавітага адказу. Лейтэнант сабрана задумаўся, што сказаць. Але думкі не ішлі.

Лейтэнант пастараўся схаваць няпэўнасць сваю. Ведаў, што трэба выказваць ранейшую рашучасць.

— Яны спрабавалі наступаць, пан генерал, але ім не ўдалося. Яны цяпер маўчаць...

— Маўчаць...— Лейтэнант заўважыў: генерал быў яўна нездаволены адказам. Тонкая губа яго нават нецярпліва смыкнулася.— Колькі яны будуць маўчаць?

— Гэта пакуль невядома, пан генерал! Мы захапілі некалькі палонных, але яны ўпарта гавораць, што ў рускіх ціха...

— Вы іх добра дапыталі? — Генерал бліснуў акулярамі на камандзіра дывізіі.

— Добра, пан генерал.

Пан генерал нечакана катэгарычна запярэчыў:

— Не, дрэнна!

У бліндажы стала вельмі ціха.

— Сярод іх павінны былі быць тыя, якія ведаюць патрэбныя нам весткі. Павінны быць! Мы павінны ўзяць гэтыя весткі! — У голасе генерала была такая сіла, што лейтэнант ды і іншыя ў бліндажы замерлі. Вочы генерала пераходзілі з твару на твар, загадвалі, патрабавалі. Голас яго быў цвёрды і поўны гневу, калі ён загаварыў зноў: — Ніякай літасці! Гарачым жалезам выцягваць! Гарачым!

Ён раптам гукнуў:

— Штурмбанфюрэр Рэйзе!

Тонкі, сціснуты поясам штурмбанфюрэр гатоўна выцягнуўся перад ім.

— Займіцеся палоннымі! Пагаварыце вы!

— Яволь, гер генерал! — Штурмбанфюрэр, здавалася, гатоў быў зараз кінуцца выконваць загад. Ён нагадваў каршуна, які нарыхтаваўся ўчапіцца ў здабычу.

Лейтэнант ужо з непакоем чакаў, што яшчэ зажадае даведацца і што загадае пан невядомы генерал, але генерал павярнуўся да камандзіра батальёна і сказаў, што хоча пазнаёміцца з абарончымі збудаваннямі.

 

Калі генералы вярталіся з батальёна ў тыл, было ўжо за поўнач. Пярэдні край, які заставаўся ззаду, праводзіў іх дрымотным спакоем,— толькі кулямёт, нібы спрасонку, ускінуўся, залапатаў, але, пераможаны цішынёю, адразу змоўк.

Фельдмаршал, што ішоў побач з панам упаўнаважаным, між раскіданай, ірванай размовы пацікавіўся, якое ў цэлым уражанне зрабілі на генерала абарончыя збудаванні. Баумволь яшчэ раней заўважыў, што фельдмаршал ганарыцца гэтым, і генерал, якога раздражняла самаўпэўненасць, прытоеная непашана старога ваеннага, адчуў, што яму хочацца сказаць камандуючаму непрыемнае. Ён адказаў стрымана:

— Я лічу, што збудаванні — нядрэнныя. Нашы інжынеры, відаць, не патрацілі марна гэтую вялікую перадышку ў баях.— Ён знарок адзначыў, што стварэнне абарончых збудаванняў лічыць заслугай інжынераў. Ведаючы, што фельдмаршалу такое тлумачэнне будзе яўна не да спадобы, ён адзначыў гэта нібы выпадкова, не паказваючы сваёй узлаванасці. Тым самым ён надаваў сваім словам і спакой аб’ектыўнасці, і рабіў стрэмку тонкай і чулай спадарожніку. Нібы абыякава, паведаміў: — У мяне, натуральна, ёсць некаторыя заўвагі. Але я іх выкажу пазней, калі стане больш відным агульны абсяг. Я не хачу паўтарацца... Як гэта сказаў камандзір роты,— згадаў ён будзённым голасам,— пра рускіх? Пра балоты?

— «Яны будуць мець многа клопату», пан генерал,— падказаў камандзір дывізіі.

— Так, многа клопату! Ім, вядома, будзе многа клопату і з нашымі інжынерамі. Са збудаваннямі нашых інжынераў. Трэба толькі, каб дух салдат, якія займаюць іх, быў такі ж моцны, як гэтыя збудаванні...

— Нашы салдаты, пан генерал, заўсёды былі стойкімі ў абароне.— Баумволь з ціхім задавальненнем адчуў, што разлік яго быў правільны: фельдмаршалу яўна не спадабалася яго стрэмка.

Маўклівы, пануры, камадзір дывізіі сказаў, што яго дывізія гэтыя збудаванні пакіне толькі па загаду.

— Яна не павінна пакідаць іх ні ў якім разе! — раптам рэзка, нібы робячы камандзіру дывізіі вымову, заявіў генерал.

— Дазвольце, пан генерал...— асцярожна паспрабаваў растлумачыць непаразуменне камандзір дывізіі.— Я сказаў: толькі па загаду...

— Такога загаду не будзе,— адрэзаў суха пан упаўнаважаны.

Некалькі хвілін ішлі моўчкі. Побач генерал-упаўнаважаны чуў цяжкае сапенне фельдмаршала.

— Балоты... гэта вельмі добра,— прамовіў Баумволь прымірэнча, ужо амаль без помслівай зласлівасці да фельдмаршала.— Самім богам, здаецца, яны тут прызначаны для нас...

Фельдмаршал не адказаў. У твар ім раптам ударыла парывам моцнага халоднага ветру, і фельдмаршал схапіўся за фуражку, каб не сарвала. Пан упаўнаважаны набычыўся, падняў каўнер летняга генеральскага паліто, полы якога прыліплі да ног, нібы стрыножыўшы, заміналі ісці.

Пан упаўнаважаны заўважыў — у тым баку, адкуль яны ішлі, успыхнула маланка. Там панавала навальніца. Вецер данёс пагрознае басавітае водгулле недалёкага грому. Навальніца з маланкамі, з грамамі, з бураю набліжалася сюды.

Чорнымі былі недалёкія хмары, чорным было неба, і толькі гарачыя ўспышкі маланак час ад часу разрывалі гэту чарнату. Але яны не радавалі, а рабілі ўвесь малюнак больш неспакойным.

Генералу-ўпаўнаважанаму стала трывожна.

 

1 Так, пан фельдмаршал.

РАЗДЗЕЛ IX

 

1

У брыгадзе Бяссонава чакалі камісію са штаба фронту. Не толькі маладыя, але і бывалыя афіцэры, што бачылі ўсяго на фронце, хваляваліся, быццам курсанты перад экзаменам.

Рыхтаваўся да гэтай праверкі і Аляксей Лагуновіч, які, хоць і стараўся ўдаваць сябе бесклапотным, таксама завіхаўся больш, як звычайна. Востры на язык Быстроў нават шапнуў на вуха Сонцаву з гэтага поваду:

— У нас два абсалютна спакойныя чалавекі — Якавенка і Рыбакоў. А наш старшы лейтэнант, як вучань, непакоіцца.

Цэлымі днямі займаліся ў полі, бясконца чысцілі і змазвалі механізмы і прыборы танкаў, кожную ноч ускаквалі па «трывозе». І ўсюды бачылі перад сабой няўрымслівага стажыльнага палкоўніка, які неяк упраўляўся ўсё ўбачыць, усё ўвесь час трымаць пад прыдзірлівым наглядам. Ён агледзеў, і не адзін раз, кожную машыну, не адзін раз прымусіў мыць і мыць іх, зрабіў вялікую «чыстку», зноў выкідваючы з танкаў усё лішняе.

Як жа пастражэў ён, калі даведаўся, што брыгаду едзе правяраць сам камандуючы фронту.

— Ну, падвядзі мяне цяпер! — пагразіў палкоўнік Аляксею.

Камандзір брыгады ніяк не мог забыць даўняй сустрэчы Аляксея з Чарняхоўскім, дараваць старшаму лейтэнанту заўвагу камандуючага.

Старшы лейтэнант у апошні раз перад праверкай абышоў роту, крытычным вокам агледзеў людзей, машыны: ці няма якога-небудзь непарадку.

Ён у гэтыя дні адчуваў той асаблівы ўздым — прыліў энергіі, быў у тым добрым настроі, калі мог, не стамляючыся, працаваць цэлымі суткамі. Яго абавязак супадаў з жаданнем.

Аляксей убачыў Чарняхоўскага ўжо на маршы: брыгада атрымала задачу, увайшоўшы ў прарыў, дзейнічаць ва ўмовах глыбока прарванага фронту ворага. Чарняхоўскі стаяў каля пераправы з Бяссонавым, наперадзе купкі генералаў і афіцэраў, і, сочачы за танкамі, штосьці гаварыў палкоўніку...

«Не здарылася б чаго,— мімаволі падумаў Аляксей пра роту.— Бяссонаў тады ўсё жыццё будзе прыпамінаць...»

Яшчэ раз старшы лейтэнант убачыў Чарняхоўскага, калі рота на ўзлессі ладавалася для атакі. За бярозавым і асінавым падлескам слалася перад ім незасеянае бура-зялёнае поле.

Чарняхоўскі стаяў поблізу, ускрай лесу, сачыў за танкамі, што наводдаль рушылі цераз поле і часта стралялі. Генерал зняў фуражку, і вецер варушыў яго густыя, з глянцавітым водбліскам валасы. Каля Чарняхоўскага, як і раней, было некалькі вайсковых, крыху ўбаку стаяла тры ці чатыры машыны.

Усё гэта старшы лейтэнант бачыў якую-небудзь хвіліну, бо тут жа ў шлемафоне пачуўся голас камбрыга,— трэба было ісці атакаваць. Аляксей закрыў люк над галавой і ўжо бачыў у перыскоп, як бяжыць насустрач, разыходзячыся ўшыр, пустое поле і набліжаецца лясок, дзе быў праціўнік.

Аляксееў танк стаў біць і біць па гэтым ляску...

Больш старшы лейтэнант з Чарняхоўскім не сустракаўся. Ад Бяссонава перадавалі, каб падрыхтаваліся да праверкі, бо хутка будзе камандуючы фронту, наказвалі, што ён асабліва цікавіцца, як навучаны экіпажы, як дзейнічаюць самастойна ўзводы, роты. Потым стала вядома, што Чарняхоўскі ўжо ў суседзяў, і ў Аляксеевай роце і ва ўсім батальёне чакалі — вось-вось прыедзе.

Але генерал-палкоўнік ад суседзяў паехаў некуды ў іншае месца.

Аляксей чуў, як вечарам, сабраўшыся ля зямлянкі, яго танкісты распытвалі ў суседзяў:

— Ну, як ён з сябе? Строгі дужа?

— Строгі... Да ўсяго, брат, стараецца дабрацца сам. Сам у «трыццацьчацвёрку» палез і пачаў ганяць: а як вы гэта робіце, а як гэта? А навядзіце гармату на тую цэль, а вылічце, якая туды адлегласць. Калі Пятро гармату наводзіў, зірнуў, між іншым, на гадзіннік. Засек час...

Сухі, з белымі бровамі, гаварлівы старшына прыкурыў цыгарку.

— А ў мяне запытаўся, што будзеш, таварыш старшына, рабіць, калі, напрыклад, камандзір выйдзе са строю?

— Ну, а ты што ж?

— Што ж? Ясна што! Адказаў па форме... Калі хочаш падвучыцца, магу паўтарыць,— падчапіў цікаўнага старшына.

— Бач ты, малады які, а ўжо генерал-палкоўнік, камандуючы фронту! Ён старэйшы за мяне гадоў на пяць, не больш,— прамовіў Рыбакоў.

— Глядзі ты, куды ён цэліць, у генералы! — засмяяўся нехта з сержантаў.— Ды ты праз пяць год і да старшыны не дацягнеш. Галава, брат, малаватая!

Сержанта падтрымаў вясёлы рогат, гоман.

— А кім ён быў у пачатку вайны, камандуючы, а? Не інакш, генерал-маёр ці мо і з палкоўнікаў? — загадаў загадку Колышаў.— А вось — камандуючы! Заслужыў, і не паглядзелі ні на што, фронт далі.

Сонцаў неспадзявана перамяніў кірунак размовы:

— Нездарма ён прыехаў! Хутка здымемся адсюль. Сур’ёзнае заданне, напэўна, дадуць. Не так сабе ён даходзіў да ўсяго.

— Факт — сур’ёзнае. Нам абы-якога не дадуць,— падтрымаў Быстроў і перайшоў на жарт: — З такімі машынамі да бабкі Ганны ў агарод не пашлюць. Такіх сур’ёзных, геройскіх хлопцаў, як я ды ты...

— Адным словам, можна складаць чамаданы.

— А што нам, малярам, не прывыкаць. Зборы кароткія.

Аляксей таксама лічыў — цяпер хутка.

— Зрабіце, хлопцы,— сказаў ён камандзірам машын,— каб усё было да ладу, напагатове. Раптам пабудзяць ноччу, каб адразу — у дарогу. У момант.

— Оцэ воно і скончылось, адпачылы,— заключыў Якавенка.

З вечара да паўночы сядзелі Аляксей з Колышавым, пісалі ў Сібір, на Урал, на Паволжа віншавальныя лісты сем’ям узнагароджаных.

Былі стомлены за дзень, але Аляксей рашыў напісаць пра ўсіх. Не хацеў адкладваць. Нельга было адкладваць: з гадзіны на гадзіну мог прыйсці загад — на фронт. А там — хто мог сказаць, калі там выдарыцца вольная хвіліна!

Наогул Аляксей пісаў нярэдка, больш за ўсё лісты да старшынь калгасаў, ці гарсаветаў, прасіў або патрабаваў, каб дапамаглі сям’і якога-небудзь свайго байца. Ён пісаў гэтыя лісты таму, што лічыў сваім абавязкам рабіць «парадак» і ў асабістым, сямейным жыцці салдат. Хоць звычайна старшы лейтэнант і не любіў «пісаніны», тут стараўся быць пунктуальным.

У той вечар два лісты напісаў ён на радзіму Якавенкі. Камандзір узвода днём скардзіўся, што жонка з трыма дзецьмі жыве ў хаце з дзіравым дахам, а старшыня сельсавета жыллё ўладаваць не хоча дапамагчы. «Як дождж ідзе, схавацца недзе, цэ дзіло? Дзіты мокнуць...» Ён увесь дзень быў пануры, толькі ўвечары, атрымаўшы даўнюю ўзнагароду, павесялеў. Аляксей, як і абяцаў, напісаў скаргу ў райвыканком.

— Вядомы вы чалавек цяпер! — сказаў Колышаў.

— Яшчэ які вядомы! — з іроніяй адказаў Аляксей.

— А хіба не? Па ўсяму Савецкаму Саюзу ведаюць.

— Не выдумляй!.. Эх, што гэта жонка не піша,— горка прамовіў старшы лейтэнант і запанурыўся. Пісьмы, якія ён пасылаў Ніне, знікалі недзе без следу, як у бяздонні. Ніводнага не атрымаў адказу.

— Вось возьмем Мінск, будзеце і вы атрымліваць. Па два кожны дзень.

Аляксей не сказаў нічога. Мусіць, ён раней прыйдзе ў Мінск, чым дачакаецца ліста.

Калі Колышаў пайшоў, Аляксей, патушыўшы капцілку, яшчэ доўга сядзеў у цемры. Чаму ж усё-ткі няма адказу? Няўжо яна не атрымала ніводнага яго ліста? Мусіць, не атрымала, бо не магла ж яна не напісаць...

Ён успомніў, як часта прысылала Ніна лісты да вайны, просценькія, шчырыя, ад іх нельга было адарвацца, не дачытаўшы. Чытаў ён іх звычайна па некалькі разоў. З іх уяўляўся, здаецца, кожны яе дзень, з усімі думкамі і клопатамі. Дзіўна: ён тады, хоць яе лісты-весткі атрымліваў заўсёды з радасцю, сам адказваў коратка, сухавата.

Калі б хоць слова прыйшло ад яе! Не прыйдзе ўжо, відаць, сюды нічога! Так нічога ўжо, відаць, і не атрымае ён тут. Заўтра, паслязаўтра, падобна, дадуць загад здымацца...

 

2

Над дваром, на якім у зялёнай мураве і ў вішанніку размясціліся гурткі салдат папаўнення, з’явіўся «юнкерс» і даў некалькі чэрг. Усе затрывожыліся, замітусіліся, пачуліся бязладныя стрэлы. Некаторыя спалохана пападалі на зямлю.

Такі момант заспеў генерал-маёр Шчарбацюк, машына якога якраз падышла да двара. Правёўшы позіркам самалёт, што аддаляўся, усё пастрэльваючы, генерал цікаўна і разам спакойна агледзеў устрывожаны двор. Яго позірк вылучыў сярод іншых чарнявага сержанта, поблізу, ля пачарнелага калодзежнага зруба. Сержант трымаў рукою вочап з кацялком, пазіраў услед «юнкерсу» з дзіўным выразам на твары.

Генерал саступіў з машыны, падышоў да сержанта.

— Чаго ўглядваешся? Не пазнаеш?

— Пазнаю, таварыш генерал,— выпрастаўшыся, але ўсё яшчэ не пускаючы з рук вочап, адказаў сержант.

— Бачыў, значыць?

— Бачыў, таварыш генерал.— Баец схамянуўся, асцярожна выпусціў вочап.

— Дзе?

— У Мінску, таварыш генерал...

— Як у Мінску? — не зразумеў генерал.

— У першыя дні...

Камандзір дывізіі ўважліва ўглядзеўся ў сержанта.

— Ты што ж, пачаў вайну раней за мяне?! — раптам хмура, як бы нездаволена сказаў ён. Генерал-маёр гаварыў праўду: да пачатку зімы сорак першага ён вучыўся ў ваеннай акадэміі.

Сержант не знайшоў, што адказаць.

— Як прозвішча?

— Туравец, таварыш генерал.

Камандзір дывізіі пакрочыў да групкі байцоў, што зводдалек пазіралі на яго. Але тут насустрач яму выбег высокі, са шрамам на шчацэ, лейтэнант і стаў дакладваць. Генерал спыніўся.

— Што, патрывожыў фрыц? — запытаўся ён, разам насмешліва і спачувальна, падыходзячы да групкі.— Нічога не зробіш, прыйдзецца цярпець... Фронт.

Сержант з нашыўкамі за раненне зухавата падтрымаў, што тут табе не ў мамкі за спіною, няньчыцца няма каму.

— Так, няньчыцца няма каму,— згадзіўся генерал і тут жа цвёрда запярэчыў сержанту.— А вось маці ёсць. Строгая, праўда, але ёсць... І добрая маці... Дывізія наша... Яна не дасць у крыўду. Праўда, і спуску не чакайце ад яе.

Генерал стаў знаёміцца з байцамі. Ён любіў знаёміцца з навічкамі, любіў пагаварыць з імі, пахваліцца дывізіяй,— лепшая на фронце! Генерал пры выпадку расказваў, што прыйшоў у дывізію пад Арлом, начштабам палка, а стаў генералам, камдывам, што калісьці, у грамадзянскую, ён быў таксама салдатам. Генерал у такія дні прыязджаў у кіцелі з залатой зоркай.

Сёння камандзіру дывізіі не давялося пагутарыць з навічкамі, бо прыехаў капітан са штаба дывізіі і далажыў генералу, што яго тэрмінова выклікаюць. Папрасіўшы генерала адысці ўбок, капітан прыцішаным голасам паведаміў, што выклікаюць да камандуючага арміі, што загадана падрыхтавацца да даклада. Загадана мець пры сабе ўсе матэрыялы, што датычаць вучэбных заняткаў дывізіі. Генерал выслухаў усё, здавалася, абыякава, аднак адразу ж, хоць і нехапатліва, падаўся да «віліса».

Сядаючы побач з шафёрам, ён заўважыў, што зухаваты сержант, з нашыўкамі за раненне, накінуўся за нешта на байца. Камандзір рукою падазваў лейтэнанта са шрамам на шчацэ:

— Даведайся, чаго раскрычаўся гэты Аніка-воін. Ды скажы, што ў нас крычаць не паложана. Скажы, што ў нас любяць лагодную размову...

Выехаўшы за вёску, генерал усцягнуў на плечы бурку, якую заўсёды вазілі ў машыне. Камандзір дывізіі нядаўна перанёс запаленне лёгкіх і цяпер вымушан быў берагчыся, а яго зранку нешта халадзіла. Ці не грып, чорт пабяры?

Пры ўсёй нібыта абыякавасці генерал перад сустрэчай, якая чакала яго, быў поўны немалога, супярэчлівага хвалявання. Прычынай гэтага хвалявання найперш было тое, пра што належала яму дакладваць камандуючаму арміі. Тое, што капітану было загадана назваць вучэбнымі заняткамі, напраўду было засакрэчанай назвай вялікага клопату камандзіра дывізіі, што забіраў у яго цяпер увесь час і ўсе сілы. Галоўнага яго цяперашняга клопату. І галоўнага клопату дывізіі. Клопат гэты быў — наступленне, вялікае, як генерал адчуваў — нявіданай сілы, і блізкае, такое блізкае, што генерал ужо ўвесь быў нібы ў ім. Увесь у ім. У самых дробных і жывых праявах ён ведаў і адчуваў гэта наступленне. Яно было ўсё прароблена на карце, у шматлікіх разліках усяго таго, што неабходна для яго поспеху. Больш таго, яно ўжо, усё набіраючы дужасць, ужо, пакуль скрыта для пабочных, заяўляла пра сябе, як жывая істота: у дывізію падыходзіла папаўненне, да яе размяшчэння падвозілі неабходныя боепрыпасы, падцягваліся прыданыя часці...

Генерала радавала набліжэнне вялікай гадзіны. Але былі ў ім не толькі радасць, але і неспакой: і за тое, што тэрміны падыходу папаўнення зрываюцца, і за тое, што ёсць затрымкі з падвозам боепрыпасаў, і за тое, ці змогуць у час падысці ўсе часці, якім належыць падтрымліваць,— артылерыя, танкі, сапёры. Было ў яго хваляванне і асаблівае, асабістае: генерала непакоіла непрыхільнасць да яго, да дывізіі камандуючага арміі. Камандуючы арміі, у падначаленні якога аказалася цяпер гвардзейская дывізія генерала Шчарбацюка, далікатна кажучы, не мілаваў ні дывізію, ні яе камандзіра. Неаднойчы выказваў да іх несправядлівыя прэтэнзіі, вярэдзіў чулую годнасць генерала крыўднымі недаверам і прычэпкамі.

Генерал-маёр затрымаўся ў штабе дывізіі роўна столькі, колькі гэта трэба было, каб узяць неабходныя матэрыялы, дадаць да іх апошнія факты. Седзячы ў машыне, што імчала ў кірунку штаба камандуючага арміі, генерал у думках рыхтаваўся да даклада. Нядужасць, якую ён чуў з раніцы, замінала думаць, але ўзрушэнне ад нялёгкай блізкай сустрэчы ды і ўласцівая генералу цярплівасць дапамагалі адольваць слабасць. Захінуўшы бурку на грудзях і заплюшчыўшы вочы, нібы дрэмлючы, ён думаў, перабіраў сам сабе змест даклада, лічбы, якія спатрэбяцца. Трэба было ўсё прадумаць, падрыхтаваць усё, не даць зачэпкі педанту-камандуючаму злавіць яго ў якім-небудзь недаглядзе, упушчэнні. Асабліва пільна ён прыгадваў лічбы: камандуючы ў веданні лічбаў меў звычку бачыць веданне сапраўднага становішча, а ў Шчарбацюка памяць на лічбы была ненадзейная. Сёння ж трымаць лічбы ў галаве было яшчэ цяжэй, з-за хваробы, ці што...

У прыёмнай камандуючага арміі ўжо былі палкоўнік, камандзір суседняй дывізіі, і незнаёмы генерал-артылерыст. Артылерыст пасля таго, як Шчарбацюк назваў сябе, сказаў сваё прозвішча, але пасады не паведаміў, і Шчарбацюк зразумеў, што ён з новых, тых, што падышлі ці падыходзяць. Шчарбацюк як зусім натуральнае адзначыў тое, што артылерыст стаіў сваю пасаду, а значыць, і часць, якой ён камандуе. Генералу даўно звыклай была абстаноўка асаблівай сакрэтнасці напярэдадні наступлення. Зрэшты, генерал наогул не любіў пустой цікаўнасці.

Камандзір суседняй дывізіі са значным выглядам твару даверным шэптам паведаміў, што ў камандуючага арміі цяпер ні мала ні многа — камандуючы фронту Чарняхоўскі і прадстаўнік Стаўкі маршал Васілеўскі. Шчарбацюк пачуў гэту вестку нібы з непарушнай бестурботнасцю, але, вядома, ён адразу ж адчуў, якая адказная чакае размова. Праўда, хвалявання асаблівага ў яго не было, больш за ўсё, бадай, была цікаўнасць. Зябка павадзіў плячыма: халадзіла ўсё ж, а бурку пакінуў у машыне...

Яго выклікалі першым. Ледзь увайшоў, убачыў за сталом Чарняхоўскага і незнаёмага ў камбінезоне і палявой генеральскай фуражцы, што стаяў, схіліўшыся над сталом. Прывітаўшыся, увабраўшы жывот, які напінаў кіцель і яўна псаваў вайсковы выгляд, Шчарбацюк на момант спыніўся ў роздуме: да каго першага звярнуцца. Павярнуўся да Чарняхоўскага, папрасіў дазволу звярнуцца да камандуючага арміі. Далажыў, што прыбыў па яго загаду.

Калі ён дакладваў, незнаёмы ў камбінезоне адарваў вочы ад карты, спыніў позірк на ім, на Шчарбацюку. Адразу, як фармальнасць была зроблена, незнаёмы ў камбінезоне ступіў з-за стала, працягнуў руку.

— Васілеўскі,— назваўся ён проста, ветліва.

Ён зноў зайшоў за стол. Паказваючы на вялікую карту, разасланую на стале, папрасіў:

— Далажыце абстаноўку на вашым участку і план дзеянняў дывізіі на перыяд наступлення.

Генерал-маёр падаўся да стала. Наблізіліся, пасталі па баках стала Чарняхоўскі і камандуючы арміі. Чарняхоўскі, дапамагаючы, нацэліў алоўкам на тое месца, дзе было пазначана размяшчэнне дывізіі. Шчарбацюк ухапіў вачыма знаёмыя вілюжыны, знакі вёсак. Вопытным позіркам адразу ж адзначыў: на карту была нанесена абстаноўка, якая павінна быць у пачатку наступлення. Фронт дывізіі пад гэты час, размяшчэнне прыданых часцей, у тым ліку і тых, якіх ён яшчэ пакуль чакаў.

Камандуючы арміі падаў яму ўказку.

Пакуль разглядваў карту, збіраўся пачаць, адбылося з генералам неспадзяванае: то адчуваў холад, а тут раптам абліло гарачынёй, на лбе выйшаў пот. З адчуваннем гэтай гарачыні і кволасці ў целе, асабліва ў нагах, ён і дакладваў абстаноўку. Дакладваў не хапаючычыся, упэўнена, дакладна адзначаў на карце пункты, напрамкі, але ўказка, праклятая, чамусьці падрыгвала.

Яго затрымлівалі, перапытвалі,— амаль усё Васілеўскі. Чарняхоўскі спыніў толькі аднойчы і таксама, як зразумеў Шчарбацюк, каб звярнуць увагу Васілеўскага.

Больш затрымлівалі, калі ён дакладваў пра дзеянні дывізіі ў наступленні. Тут былі пытанні за пытаннямі, прычым патрабавальна дапытваў яго не толькі Васілеўскі, але і камандуючы фронту. Вось тут найбольш і падрыгвала ўказка і браўся потам лоб. Прыкра было ад таго, што гэта маглі няправільна вытлумачыць. Але не мог жа сказаць ім: усё ад таго, што нездаровіцца, відаць, грып...

Асабліва ўважліва высвятлялі, як ён будзе распараджацца артылерыяй, танкамі, авіяцыяй, прычым падавалі розныя варыянты развіцця бою, патрабавалі яго рашэнняў. Шчарбацюк разумеў, што ў гэту хвіліну быў пад прыглядам, праверкай не толькі яго агульны камандзірскі вопыт, але і тое, наколькі сур’ёзна ён прадумаў усё, што можа здарыцца ў ходзе бою. Заміналі пот на лбе і слабасць у целе, але, здавалася, генерал у цэлым непагана справіўся з пытаннямі.

— Ну што ж, справа тут ясная,— сказаў маршал, як бы падсумоўваючы размову.

Пасля гэтага было дамоўлена, як і калі дывізія здасць частку сваіх пазіцый на пярэднім краі — новаму злучэнню, з якім будзе ўзаемадзейнічаць у наступленні. Чарняхоўскі даў некалькі парад што да дэзінфармацыі праціўніка аб нашых намерах.

Шчарбацюк ужо з палёгкай выціраў хустачкай лоб, калі маршал Васілеўскі, павярнуўшыся да камандарма, запытаў:

— Як баявыя якасці дывізіі?

— Нядрэнныя,— стрымана, нібы няцвёрда, адказаў камандуючы арміі.

— Участак вельмі важны.

Тон гаворкі Васілеўскага казаў пра надзвычайную сур’ёзнасць яго пытання.

— Дывізія добрая,— сказаў з раптоўнай вясёласцю Чарняхоўскі.— Баявая, людзі загартаваныя!.. Праўда, камандзір, я сказаў бы,— ён нібы з хітрынкай зіркнуў на Шчарбацюка,— часам схільны да бестурботнасці.

— Так, ёсць такі грэх,— падтрымаў Чарняхоўскага ахвотна камандуючы арміі.— Супакойваецца, калі не падштурхоўваць...

— Абвінавачванне для камандзіра вельмі сур’ёзнае, асабліва цяпер... Ну, а што вы скажаце, таварыш генерал? — павярнуўся Васілеўскі да Шчарбацюка.— Справіцеся?

— Спраўлюся, таварыш маршал,— адказаў Шчарбацюк, выпростваючыся як толькі можна, пазіраючы на маршала і з просьбай паверыць, і з гатоўнасцю ўсё зрабіць.

Была хвіліна маўчання. Нялёгкая для камандзіра дывізіі хвіліна.

— За што Героя атрымалі? — запытаў Васілеўскі.

— За Курскую дугу, таварыш Маршал Савецкага Саюза!

— Я думаю, яму можна паверыць,— падтрымаў Шчарбацюка Чарняхоўскі. І зноў Шчарбацюк улавіў у голасе камандуючага фронту добрую зычлівасць і вясёласць.

— Ну, паглядзім! — стрымана прамовіў Маршал Савецкага Саюза. Ён, здалося Шчарбацюку, глядзеў дапытлівым позіркам.

 

3

Аляксей сядзеў на вежы, звесіўшы ногі ў баявое аддзяленне. Наперадзе яго быў, закрываючы грудзі, быццам шчыт, круглы бранявы дыск — крышка люка. Злева пружыніста гайдаўся штыр рацыі, падобны на пруткую лазіну. Управа, улева — калі машыну кідала з боку ў бок, назад і наперад — калі яна набаўляла хуткасць або спынялася...

Аляксей, сутулячыся, падаўшыся грудзьмі наперад, таксама ківаўся. Вышэй пояса ён згінаўся ў бок, процілеглы нахілу, штуршку машыны, цела звыкла старалася трымаць раўнавагу.

Да чаго ж добра гэта — сядзець на вежы магутнай машыны, што рушыць, імкне па дарозе, адлічвае гусеніцамі кіламетр за кіламетрам, пакідаючы за сабой дзве шырокія зубчатыя каляіны.

Танкі рушылі без супынкаў. Адзін за адным. З’яднаныя, у адзіным імкненні. Адно ляскаталі, пераклікаліся гусеніцы, ды неспакойна гурчалі маторы.

Часам абапал дарогі асцярожліва ціснуліся густыя ланцугі пехацінцаў, кавалерысты, што прытрымлівалі неспакойных, устрывожаных коней, сустрэчныя грузавікі. Чакалі, пакуль праляскочуць танкі. Аляксею бачыць гэта было прыемна. Так прапускаюць наперад паважанага чалавека, якому належыць асаблівая, важная праца.

Наперадзе былі добра відаць зарнічныя выбліскі ад стрэлаў батарэй. Выбліскі гэтыя, як агні маякоў, указвалі напрамак танкістам. Гукі бою ледзь даходзілі, іх глушыў шум машын.

Набліжаючыся да фронту, Аляксей паддаваўся таму добра знаёмаму франтавіку ўзрушэнню, у якім перамешваюцца і вострая цікаўнасць да блізкай небяспекі, і нецярплівае імкненне падагнаць час, і трывога, і добрыя надзеі.

— Хто гэта жанчына, што так сумна з вамі развітвалася? — запытаў неяк, на выпадковым супынку, з хітрынкай Касцючэнка.

— А-а... гэта Надзя Мазалькова,— збянтэжыўся Аляксей,— старшыня калгаса. Помніш, я хадзіў у вёску, калгасам быў заняўся... Тады яе выбралі старшынёй...

Надзя падышла да яго, калі калона надвячоркам стаяла на дарозе ля сяла. Ласкавыя, крыху засмучаныя вочы, смуглы твар з круглым прыгожым падбародкам, моцныя загарэлыя рукі.

— Вось вы ўжо і едзеце... Пішыце, як вы там будзеце жыць. Не забывайце...

Хапаючыся, нясмела, працягнула клуначак — падарунак. Потым, калі танкі крануліся, стаяла нерухома, сачыла ўслед.

Аляксею ўспомнілася яе даўняе, на ўзлессі: «Прыходзьце!» — і як бы вінаватасць перад ёю лягла на сэрца. Так і не спраўдзіў Аляксей абяцання, не прыйшоў больш. І нельга сказаць, каб хвіліны вольнай не знайшлося б,— але адкладваў з дня на дзень, ды так і не прыйшоў.

«Што ж, гэта і на лепшае... Няхай не крыўдуе...»

— Харошая, відаць, жанчына?

— Добрая — працавітая, сумленная. Яна там навяла парадак. Людзі давольны ёю.

— Не, я кажу, што так, сабою прыгожая. Для такой і родную Кубань можна прамяняць на Смаленшчыну.

— Я пра гэта не думаў,— не адказаў на жарт Аляксей.— У мяне, брат, не тое на душы. Ты ж ведаеш...

— Мала ў каго няма. Але ж некаторыя не ўпускаюць такое... Гогабярыдзе, той, кажуць, не адну... Надзя ж ваша засумавалася, відаць. Ды і, здаецца, вельмі даспадобы вы ёй...

— Я не магу так...

Памаўчалі. Аляксей першы загаварыў пра іншае:

— З такімі коньмі хутка заявімся да Тураўца?

— Да яго па адлегласці — нядоўга нібы. Нейкіх тры сотні кіламетраў. Гэта ж не махутне-пяхоце, якой трэба ўсё адзінаццатым перамераць... Толькі ж — як яно пойдзе і калі рушым туды?— разважліва прамовіў Касцючэнка, кранаючы Аляксееву трывогу.

— Ну не, стаяць, мусіць, не будзем, — адразу загарэўся, запярэчыў Аляксей.— Відаць па ўсяму — таптацца цяпер не павінны.

— І мне здаецца: не павінны, — згадзіўся Касцючэнка.

— Зброю сур’ёзную далі, з такою стаяць попусту грэх.

— Грэх. Бывала, у нас, на Кубані, калі жніво, камбайн пастаіць у стэпе гадзіну, то таму камбайнеру галаву адразу намыляць. А тут!..

— Думаю, што стаяць доўга не будзем, Касцючэнка. Па ўсяму відаць. Не маем права...

Аляксею прыгадалася, як яшчэ зусім нядаўна, недалёка ад гэтай дарогі, паўз рунеючыя палі, па ўзрытых бомбамі шляхах яны ішлі ў тыл, як у грузавіках дабіраліся да паўзабытых зямлянак. Тады яны здалі старыя, не раз рамантаваныя, не раз латаныя жалезам танкі, гусеніцы якіх ведалі палі пад Курскам, дарогі Смаленшчыны. Цяпер ідуць машыны, што яшчэ нядаўна былі на заводскіх дварах.

Якія шляхі ўведаюць гэтыя гусеніцы, якія падзеі ўбачаць новыя, без баявых рубцоў вежы?

Колышаў пазіраў на выбліскі агнёў, што набліжаліся, як захоплены нязвыклай, страшлівай казкай. У яго чыстых, адкрытых шырока вачах успыхвалі цікаўныя і неспакойныя светлячкі.

Яго вабіла гэта незнаёмая, нязведаная далеч, пра якую ён столькі думаў і чуў, але разам з тым у душу яго пракрадваліся нейкі неспакой і дзіўны жаль. Пазіраючы нецярпліва наперад, ён аглядваўся чамусьці і назад. Тое звыклае, што ўсё далей адыходзіла назад, паўставала цяпер як бы новым, асабліва прынадным. Ён спачатку ахвотна паддаўся спакусе ўспамінаў, але потым адчуў, як пачынае завалодваць ім туга, і схамянуўся.

Сёння трэба думаць толькі пра тое, што там, дзе бліскаюць агні, і далей за агнямі. Недзе там яго, не інакш, чакае не дачакаецца нечая маці. Або пазірае насустрач, з-за калючага дроту, як на плакаце, што вісеў у калідоры на іх курсах, жанчына з дзіцем на руках кліча: «Ратуй мяне!»

Ён прыйдзе да іх і прынясе збавенне. Хлопец так рэальна ўявіў тую хвіліну, што нібы адчуў на сваіх плячах удзячны поціск абдымку, нібы ўбачыў позірк, поўны слёз і ўдзячнасці.

Шкада толькі, што не ўбачыць яго ў такую хвіліну Рая. Яна б ведала, што ён даўно ўжо не той зялёны хлопец, якім звыкла яго лічыць.

На світанні батальён быў на месцы, у невялікім лясочку. Між дрэваў, пад якімі яшчэ трымаліся цяпло і парадзелы прыцемак ночы, мірна стаялі нейкія грузавікі і фурманкі. Калі падышлі «трыццацьчацвёркі», вакол іх замітусіліся людзі.

— Эй, трэці эшалон! Просім пацясніцца! — крыкнуў задзірысты Быстроў, саскочыўшы з машыны.

— Куд-ды гэта?

— Кіламетры на два ўправа.

Шафёры і ездавыя, акружыўшы Быстрова, спачатку пачалі былі спрачацца, пагражаць начальствам. Але дзе там, хіба ўстаіш перад гэтымі разбойнікамі з махінамі-танкамі. Адзін за другім, неахвотна пачалі адводзіць грузавікі і павозкі. На іх месца, ламаючы галлё, пасунуліся танкі.

Неўзабаве маторы сціхлі. Танкісты маскіравалі машыны галлём, адусюль было чуваць, як там і тут весела цюкаюць сякеры і трашчаць дрэвы.

Сляды гусеніц зацярушвалі дробным веццем.

 

У ранішняй шэрані Аляксей акінуў вачыма месца, дзе яны стаялі.

Наперадзе, перад узгоркам, была батарэя — прыземістыя гарматы з апушчанымі стваламі. Гарматы яшчэ не былі акапаны, толькі дзе-нідзе скупа значыліся купкі свежай зямлі, мусіць, артылерысты таксама нядаўна падышлі.

Цяпер яны спяшаліся да ўсходу сонца замаскіраваць пазіцыю. Галлё для маскіроўкі неслі з ляска, часам валаклі за сабой, прымінаючы траву, цэлыя ссечаныя каля кораня маладыя бярозы і алешыны.

Аляксей убачыў непадалёк камандзіра брыгады Бяссонава. Моцны, прысадзісты, у лёгкай летняй гімнасцёрцы, не зважаючы на ранішнюю свежасць, палкоўнік пругка, бадзёра падыходзіў да роты, і Аляксей хутка падаўся да яго.

Ідучы насустрач яму, Аляксей адчуваў тую скрытую насцярожанасць, каторая заўсёды бывае да чалавека, які не любіць цябе і ад якога можна ўсяго чакаць.

Бяссонаў, здавалася, няўважліва, рассеяна паслухаў даклад Аляксея. Але быў ён узрушаны, твар лішне чырванаваты. У той час, калі Аляксей дакладваў, позірк яго штосьці заклапочана заўважыў. Штосьці незразумелае, не звязанае з дакладам.

Дазволіўшы скамандаваць «вольна», Бяссонаў адразу ступіў у той бок, куды толькі што глядзеў.

Ён спыніўся перад Колышавым. Унізаў цвёрды, патрабавальны позірк у твар лейтэнанта.

— Як прозвішча? Чаму я цябе не ведаю?

Колышаў збянтэжыўся. Зніякавела назваў сябе.

— Відаць, ваюеш кепска! Усіх добрых камандзіраў я ведаю,— прамовіў упэўнена палкоўнік.

Аляксей сказаў, што Колышаў — з папаўнення.

— Новы? А, тады іншая справа,— памякчэў палкоўнік. На лбе камандзіра брыгады сабраліся маршчыны.— А ты не трус?

— Не ведаю, таварыш гвардыі палкоўнік,— зноў зніякавеў, пачырванеў Колышаў.— Не быў...

— Не ведаеш? — палкоўнік нейкі час раздумваў.— Відаць, не трус... Трус бы сказаў, што ён не баіцца нічога.— Ён акінуў вачыма Колышава, вялеў строга: — Ну, глядзі, Колышаў!

Пасля агляду роты Бяссонаў уладным тонам загадаў:

— Парадак каб быў да сонца! Асабліва маскіроўка ад авіяцыі! Нас тут няма, тут толькі бярозы ды дзятлы. Спакой... Ясна?

— Ясна, таварыш гвардыі палкоўнік!

Палкоўнік акінуў позіркам лагоднае ранішняе неба, цьмяная бясколернасць якога ўжо змянялася глыбокім і шырокім блакітам. Узняўшы ўслед за ім позірк, Аляксей убачыў: у высі купаліся два ружовыя воблачкі, усміхаючыся нявіднаму з зямлі сонцу.

З захаду лёгка, задаволена гуркочучы, плыла ў вышыні эскадрылля бамбардзіроўшчыкаў. Самалёты былі нашы. На іх крылах таксама чырванелі праменні сонца. Аляксей падумаў, што самалёты, мусіць, ідуць здалёк, можа, ад Мінска.

— Маскіроўку зрабі ідэальную,— адарваў Бяссонаў позірк Аляксея ад самалётаў.— Сонца будзе свяціць на ўсё неба. З гары за кіламетр кожная травінка будзе бачна. Праз гадзіну праверу!

Калі заззяла сонца, ужо не было ні знаку таго, што тут рыхтуюцца грозныя падзеі. Здавалася, панавалі спакой, цішыня...

Сонцаў недзе ўправіўся назбіраць спелых суніц, прынёс старшаму лейтэнанту.

Ягады былі вельмі смачныя і пахлі лесам і сонцам.

 

4

Танкісты, сабраўшыся ў гурт, лежачы вольна, гаманілі.

Вакол буяла густая трава, чырванелі, жаўцелі, бялелі кветкі. Каля галавы Быстрова стаяла, як бы ў задуменні, нерухомая мятліца. Уздымаючыся вяршыняй у неба, ляніва варушыла шызымі, нібы з байкі, лісцямі вечная трапятуха-асіна,— паціху лапатала, нібы таксама хацела гаварыць.

Моцна пахла чабарком.

Быстроў ляніва слухаў, як Гогабярыдзе жартаваў:

— Дзе справядлівасць? Няма справядлівасці! Нашто Якавенку такое хараство? Хараство даецца для таго, каб жанчыны любілі, а Якавенка — не любіць іх... Нашто яму такія бровы?

Поблізу гаварыў Рыбакоў:

— Імяніны! Без гарэлкі якія імяніны?.. А лейтэнант кажа: грошай няма, дадому паслаў. Адну кішэню вывернуў, другую — толькі дробязь. І ў мяне — пад мяцёлку!.. А тут падкатваем да станцыі!.. Што рабіць?.. Дык, думаеш, што я скеміў? З атэстата рэалізаваць, з прадуктаў!.. Стаім ля акенца, атрымліваем. Як толькі выйшлі, я за банку кансерваў ды — першаму лепшаму. Той — «Колькі?» — «Пяцьдзесят». Ён і выняў паперку...

— Лоўка. Знайшоўся,— пахваліў хтосьці Рыбакова.

Быстроў праз дрымоту прыслухаўся, пра што гаворыць у другім баку Сонцаў:— Ну, дырэктар МТС у мяне і пытаецца: «Чаму стаіць твой «націк»?» — «Падшыпнікі выплавіліся...»

«Зноў тую ж самую гісторыю — бранскі летапісец»,— варухнулася ў галаве Быстрова. Ён пазяхнуў і сказаў голасна да таварыша:

— У прыемнай кампаніі — прыемна пазяхнуць!..

Сонцаў зрабіў выгляд, што не звяртае на яго ўвагі.

— І праўда, чаму б не падрамаць? А, Касцючэнка? Яшчэ ніводзін салдат, кажуць, не памёр на вайне ад сну...

Але заснуць Быстроў не мог,— вельмі ж неспакойная ў яго была натура. Неўзабаве ён пачуў, што размова набывае цікавы змест. Другі фронт.

— Сіла ў іх, канечне, немалая,— разважаў Касцючэнка.— Гэтую высадку яны зрабілі здорава. Вось толькі што ідуць марудна: колькі часу ў Італіі тапталіся, зноў жа ў Францыі нешта туга ў іх. Хто іх ведае чаму. Ну, у Італіі, там, напэўна, горы перашкаджаюць.

— А ў Францыі — раўніны,— падхапіў Быстроў.— Фрыцы здалёк бачаць, страляюць. Затое тут — абрусам дарога. Ідзём па асфальтах, фрыцы самі рукі падымаюць угару, бягуць хутчэй у палон.

Пачуўся смяшок.

— Чаго ж яны тады марудзяць?

— А ты, Сонцаў, запытай у Чэрчыля,— параіў Быстроў.— Ён табе скажа, чаго ён сядзеў у Афрыцы, потым у Італіі, пакуль мы пад Сталінградам біліся ці Курскую дугу ламалі.

Раптам загаварыў Якавенка:

— Як бы ты, Сонцаў, дужа верыў бы чалавеку, які аднойчы намерваўся, скажам, забіць цябе?

— Забіць?.. — не чакаў Сонцаў такога пытання.

— Мабуць, не верыў бы! А Чэрчыль арганізоўваў інтэрвенцыю на нашу краіну ў грамадзянскую вайну. Ён і Гітлера ў свой час цкаваў на нас, ды так выйшло, што фюрэр асмеліўся падняць руку на свого апекуна. Можна верыць такому чалавеку?

— Як жа яму верыць, таварыш лейтэнант?

— Чы не падобно на тое, што та людына мала дбае аб тым, штоб нам було лягчэй? Чы не ўсё роўна такому, шо там, недзе на чужыні, у няволі гінуць нашы людзі?

— Хоча, старая ліса, заграбаць жар чужымі рукамі! — адгукнуўся Рыбакоў. Аляксей пераканана прамовіў:

— Не ўдасца!

— Я думаю таксама, не ўдасца,— згадзіўся спакойна Гогабярыдзе.

— Эх, спадзявайся там на розных чэрчыляў!..

— Та-ак! На саюзнічкаў спадзявайся, а сам не хіб!

— Ды ўжо ж, хібіць не прыходзіцца.

— Не схібім, думаю!

Гадзіну пазней да Аляксея падышоў лістаносец, падаў трохкутнічак; старшы лейтэнант адразу заўважыў — почырк быў незнаёмы.

Ад Аляксея лістаносец адразу рушыў далей, ішоў ад экіпажа да экіпажа, размахваў канвертамі, трохкутнічкамі, выклікаў прозвішчы. Танкісты, як звычайна, адны беглі насустрач яму, другія крычалі здалёк, ад машын. Усіх хвалявала: ці няма лістоў.

Ліст, які атрымаў Аляксей, быў ад маці былога яго байца Курнева. Маці трывожылася, што ад сына ўжо тры месяцы як няма вестак. Курнеў быў у адным экіпажы з Быстровым, а калі брыгаду адправілі на перафарміроўку, застаўся ў новай часці. Што з ім цяпер, Аляксей не ведаў.

Ліст атрымаў і Якавенка. Ён з гонарам працягнуў Аляксею лісток.

— Глянь. Мішка напісаў!..

На лісточку было старанна выведзена сантыметравымі крывымі літарамі: «Тата, любы». Якавенка адчуваў сябе без меры шчаслівым. Аляксей не раз заўважаў, што ён вельмі любіць дзяцей,— колькі разоў непакоіўся пра іх, пра сына Мішку, пра дзвюх дзяўчынак. Ён любіў гаварыць пра іх, і ледзь не ўся рота завочна ведала ўсю яго сям’ю.

Аляксею падумалася, што калі праўда: у кожнага чалавека ёсць які-небудзь талент, то ў Якавенкі гэта ж, канечне,— талент бацькі. Падумалася, што і ў адносінах Якавенкі да байцоў ёсць таксама нешта бацькоўскае...

Можа, Быстроў што-небудзь раскажа пра Курнева: яны ж былі, здаецца, сябры. Камандзір гарматы сядзеў пад бярозай каля танка, разам з Сонцавым, які чытаў ліст. Старшы лейтэнант, падышоўшы да іх, запытаўся пра Курнева: не, Быстроў не ведае нічога пра яго; як перайшоў Курнеў у другую часць, дык і не падаў аб сабе ні слова.

— Ад каго пісьмо, Сонцаў, калі не сакрэт? — пацікавіўся Аляксей.

— Калі мне чытае, то, выходзіць, не сакрэт, — пакпіў-пажартаваў Быстроў.— Сакрэтныя ён чытае адзін і толькі вачыма. Нават без шэпту...

Пісьмо было ад сястры.

— Ад тае, ад студэнткі? Ну, як яна маецца?

Аляксей прысеў на траву поруч з танкістамі. Ён ведаў, што сястра Сонцава вучыцца ў тэхнікуме. Сонцаў неяк расказваў: калі ён ішоў у армію, Юлька, сястрычка, была яшчэ дзіцем; перад тым часта прыбягала на поле, узбіралася на трактар, прасіла даць патрымацца за руль. І якая шчаслівая была, калі ён дазваляў крыху правесці «СТЗ». Цяпер ёй пайшоў ужо семнаццаты год...

Сонцава не прыйшлося ўпрошваць: звычайна маўклівы, ён на гэты раз загаварыў нечакана ахвотна:

— Ды як маецца,— вядома як: і вучацца, і адбудоўваюць дом, у якім тэхнікум. Палова яго была разбіта. Пісала, што зімою вельмі мерзлі...

— І дапамогі, відаць, чакаць няма адкуль? На адной тэхнікумаўскай стыпендыі ў цяперашні час...— Аляксей спачувальна пакруціў галавою. Так, цяпер студэнтам цяжка. Багата цяжэй, чым тады, калі ён вучыўся. Хоць і тады ўсяляк было...

— Ды адкуль дапамога, таварыш гвардыі старшы лейтэнант? Паслаў два разы па сто рублёў, а больш не магу. Маці ж таксама трэба памагаць...

— Адным словам — усюды фронт...— Быстроў зламаў бярозавую галінку, што трымаў у руцэ. Ён ледзь не вылаяўся, але, зірнуўшы на камандзіра роты, стрымаў сябе, толькі напружыліся важкія вуглаватыя сківіцы...

Старшы лейтэнант устаў, нерашуча ступіў, задуменны, некалькі крокаў, потым, нібы штосьці прыгадаўшы, павярнуўся да вадзіцеля:

— Дарэчы, Сонцаў, хадземце са мной!..

Ідучы поруч з Сонцавым, Аляксей заклапочана думаў пра сястру сержанта. У памяці ажыў час, калі ён сам быў студэнтам... Так, і тады ўсяляк было, у тыя цудоўныя гады. І тады нялёгка бывала... А цяпер...

Ён, здаецца, нічога не пашкадаваў бы для гэтай незнаёмай дзяўчыны, якую, напэўна, і не ўбачыць ніколі. Але яна можа пакрыўдзіцца, калі даведаецца, што грошы пасылае ёй невядомы чалавек...

Аляксей адвёў Сонцава ў бярэзнік і, павярнуўшыся спіной да танкаў, рашуча выняў з кішэні камбінезона пачак чырвонцаў, амаль усю сваю месячную палучку. Адольваючы няёмкасць, паклаў яе Сонцаву ў руку.

Сонцаў пачырванеў:

— Таварыш гвардыі старшы лейтэнант...

— Бяры...— перабіў яго строга, тонам загаду Аляксей.— Бяры, ну дзівак! І зараз жа пашлі! Ад свайго імя...— дадаў ён мякчэй.

Сонцаў падаўся назад збянтэжаны. Каля люка вадзіцеля ён азірнуўся і, убачыўшы, што старшы лейтэнант пайшоў кудысьці, клікнуў Быстрова. Шчыра расказаў таварышу пра ўсё.

— Нядобра неяк атрымалася,— ніякавата скончыў Сонцаў.

— Чаму нядобра?

— Яны ж яму і самому патрэбны, грошы... У Мінску...

— Што з таго?

— Трэба вярнуць, думаю.

— Вярнуць?! Ён іх табе даў?

Сонцаў не зразумеў пытання.

— А каму ж?

— Гэта ж, можна сказаць, ужо грошы сястры,— зрэзаў Сонцава Быстроў.

— Сястры?

— А чые ж? Эх ты, гора!..

Быстроў сам прывёў лістаносца, загадаў Сонцаву зараз жа напісаць адрас і аддаць грошы.

У мірнай будзённасці гэтага дня было адно здарэнне асаблівае. Пад поўдзень Рыбакоў прывёў да Аляксея незнаёмага чалавека, якога затрымаў недалёка ў лесе.

Чалавек, немалады, з русымі вусамі і даўно няголеным падбародкам, быў у мятай ватнай паддзёвачцы, да якой ліплі травінкі і жаўтлявыя знакі гліны: напэўна, на гэтай паддзёвачцы чалавек спаў. У руках ён трымаў самаробны, з вяровачкамі, даволі вялікі заплечны мяшок. Незнаёмы глядзеў на танкістаў дабрадушна і даверліва.

— Што вы тут робіце? — строга хмурачыся, тоячы цікаўнасць, запытаў яго Аляксей.

— Што раблю?— ахвотна адгукнуўся чалавек.— Ды, можна сказаць, нічога! Адлежваю бакі. На сонцы прыходзіцца загараць. Адным словам, чакаю.

— Чаго чакаеце?

— Чаго ж яшчэ,— наступлення нашага. Ды нешта вы, няўрокам кажучы, марудзіце. Топчацеся на месцы, аж цярпення няма!

Аказалася, што чакае ён тут ужо другі тыдзень, што да вайны быў агароднікам у калгасе на Міншчыне. Спяшаўся, баяўся не паспець, а цяпер прыходзіцца марнавацца. Дакументы яго былі ў парадку, была нават даведка, што «тав. Жывіца сапраўды адпушчаны з работы ».

Аляксей зацікавіўся ім. Ён ад душы паспачуваў нецярпліваму земляку.

— Так, чакаць — рэч цяжкаватая. Асабліва — пасля трох год... Сам па сабе ведаю... Тры гады там не былі?

— Тры, тры, дарагі! Толькі некалькі дзён і не хапае.

— А сям’я ваша таксама там?

— Там, там, залаты ты чалавек!.. Яно-то не ўсе там, сказаць. Жонка ды меншы сынок — там, а два другія — на фронце.

— Лісты атрымліваеце?

— Ад аднаго, дарагі, ёсць. Знайшоў яго. Цераз Наркамат... А другі, адказалі,— без вестак. Без вестак.

— Мне вось жонка не піша. У акупацыі,— як скаргу, паведаміў Аляксей.

— Жонка? Ай-яй. Скажы ты!.. Раскалолася сямейка, у такія маладыя твае гады!.. Э-эх, вайна-разлучніца!..

— На фронце самі былі ці — у тылу?

— Быў трошкі ў пяхоце. Трошкі пабыў, толькі вылез у поле — міна — вз-з. Стукнула — і прэч, па чыстай. Кульгаю, бачыш, ад таго. Ну, а потым, у тылу.

Засмяяўся неяк па-дзіцячы:

— А цяпер вось зноў на фронт трапіў!

— Гэта правільна.

Аляксей задумаўся: што з ім рабіць? Аднекуль з’явілася звыклае, насцярожанае: а што, калі ён ніякі не Жывіца, прыкідваецца толькі. Аляксей адразу ж запярэчыў сабе: «Глупства якое!» — аднак лагодна сказаў:

— Вось што, бацька. Не хачу вас крыўдзіць, але — павінен сказаць. Вы ведаеце, што вам тут не належыць быць?

— Чаму гэта, дарагі? А дзе ж мне быць?

— Тут — забароненая зона, нельга тут пабочным хадзіць.

— А які ж я пабочны?

Аляксей не адразу адказаў:

— Не ваенны, вось і пабочны.

Парадак ёсць парадак. Хоць Аляксей адчуваў сябе няёмка перад гэтым гаварлівым, відаць, добрым чалавекам, прыйшлося адправіць яго да камандзіра батальёна. Камбат жа, не надта дапытваючыся ўсяго, загадаў адвесці ў штаб брыгады:

— Няхай там разбяруцца! Можа, наш, а можа... хто яго ведае!

 

РАЗДЗЕЛ Х

 

1

У дванаццаці кіламетрах ад горада Дуброўна ёсць невялікая вёска Рэдзькі. За гэтай вёскай, на паўночным захадзе, уздымаецца невысокі і некруты ўзгорак. Звычайны ўзгорак, падобны да многіх іншых, што ўзвышаюцца побач і наводдаль у гэтым кутку беларускай зямлі.

У тыя дні ўзгорак гэты быў у паласе нашага пярэдняга краю. Перад узгоркам, з захаду, былі акопы і траншэі — перадавыя пазіцыі нашай пяхоты. За нейтральным полем таіліся, віжавалі, падсцерагалі вочы і кулямётныя ствалы гітлераўскіх войск.

Такім чынам, узгорак гэты быў тады ў вельмі небяспечным і важным месцы, разам з салдатамі быццам бы нёс нялёгкую франтавую службу.

Але ад таго, што ён не адзін быў такі ўсцяж пярэдняга краю, яго доля і яго жыццё амаль нічым не адрозніваліся ад долі і жыцця іншых узгоркаў, якім выпала аказацца на стыку двух франтоў. Сярод іншых такіх узгорак гэты нічым не вылучаўся для пабочнага вока. Нават пільныя вочы варожых разведчыкаў, што сачылі за ім дзень і ноч, не адзначалі нічога асаблівага на ім: звычайны, затоены ўзгорак усцяж пярэдняга краю.

Немцы часта білі па ім з кулямётаў, малацілі з гармат. Але гэта была звычайная доля франтавога ўзгорка. І ўвага, якую ён прыцягваў да сябе з боку немцаў, была звычайнай увагай, якую аддавалі многім.

А між тым ціхі, не адметны быццам нічым, узгорак гэты таіў у сабе незвычайнае жыццё. Ён хаваў у сабе мноства людзей, і людзей не абы-якіх,— ні ў адным іншым узгорку па ўсім фронце не збіралася столькі камандзіраў, і камандзіраў самых высокіх пасад, як у гэтым узгорку. Нідзе не жылі такім важным, шырокім клопатам, як у гэтым падзямеллі.

Маленькае, непрыкметнае збоку, гэта падзямелле правадамі і людзьмі было звязана з неабсяжнымі прыфрантавымі абшарамі, з усімі войскамі, што займалі гэтыя абшары, чакалі наступлення, падыходзілі да пярэдніх рубяжоў.

Тут быў камандна-назіральны пункт Трэцяга Беларускага фронту, працаваў яго камандуючы.

Да КНП фронту вялі доўгія хады зносін, якія пачыналіся далёка ад узгорка. Прапускалі сюды толькі самых неабходных людзей, уваход на КНП і ўвесь узгорак пільна ахоўваліся. Усё жыццё пры ўзгорку было падпарадкавана самым строгім правілам маскіроўкі.

Голы, здавалася, без адзнак жыцця ўзгорак хаваў у сабе цэлы, поўны вялікага клопату падземны гарадок. У гарадку гэтым былі свае кварталы — бліндажы, свае вуліцы — падземныя хады зносін, што пераразалі ўзгорак у розных кірунках, злучалі бліндажы між сабой. Затоеныя ў зямлі, былі тут бліндажы камандуючых артылерыі, бронетанкавых войск фронту, камандуючага паветранай арміі,— камандныя пункты розных родаў войск фронту.

Крыху ў баку ад іх размяшчаліся бліндажы аператыўнай групы, дзе апрацоўваліся аператыўныя дакументы, што прыходзілі з часцей і накіроўваліся ў часці.

Недалёка ад апергрупы былі рабочы пакой і пакой адпачынку камандуючага фронту, тут і жыў генерал-палкоўнік апошнія дні перад наступленнем. На стале рабочага пакоя ляжала вялікая карта фронту са стрэлкамі, значкамі часцей, датамі — карта блізкай аперацыі. Побач стаялі тэлефоны.

Камандуючы не раз схіляўся над картай, дапаўняў яе новымі значкамі, разглядаў соты раз, нібы шукаў адказу на загадкі, што трывожылі яго ў імкненні зазірнуць уперад. Часта здымаў ён трубкі тэлефонаў — пытаў, правяраў, раіў, загадваў.

Наперадзе, у заходнім — да ворага — схіле ўзгорка, быў абсталяваны назіральны пункт — маленькі бліндаж, у сценцы якога дзённым святлом значыліся амбразуры. У іх віднелася поле, недалёкае шасэ Масква — Мінск з паламаным, пакалечаным радам тэлефонных слупоў, што знікалі ў варожым тыле. Адсюль шырока адкрываўся прастор на захад. Праз гэтыя амбразуры, каля якіх стаялі стэрэатрубы, скіраваўшы вочы-шкельцы ў поле, у варожы бок, Чарняхоўскі назіраў за пярэднім краем немцаў...

 

Калі ён першы дзень глядзеў у стэрэатрубу, поле наперадзе было маўклівым, насцярожаным.

Пра што ён думаў, гледзячы туды, у затоеную, зацятую пярэднюю паласу варожай абароны?

Ён увесь быў поўны клопату аб незвычайнай падзеі ў сваім жыцці, аб наступленні. Яго турбавалі, трывожылі дзесяткі, сотні, тысячы праяў, разваг, разлікаў, усё тое, што ён насіў у сабе ўжо багата дзён і што ўсё разрасталася, множылася, буйнела, чым бліжэй падступаў адказны час.

Паглыблены ў свой вялікі клопат, ён думаў вельмі канкрэтна: у ім быццам жылі турботы тысяч людзей, адказных за адну з ім справу, жылі вобразы і лічбы аб стане розных часцей, жылі задачы, якія належала кожнай з іх рашыць, жыла трывога — як ім удасца рашыць кожную задачу. Але аб чым бы ён ні думаў, што ні змянялася б у плыні думак, за ўсім нязменна і недаступна жыло, хвалявала яго большае, шырэйшае, усеагульнае.

Яго сэрца ціснула тое, што засталося ў памяці ад гэтых двух, нязмерна важкіх месяцаў — неспакойныя паездкі ў палкі, дывізіі, арміі, праверкі, нарады, парады, нецярплівае, гнеўнае змаганне з легкадумнасцю, безадказнасцю, расслабленасцю, з вялікімі і дробнымі непаладкамі. Колькі дзён і колькі сіл аддадзена навучанню камандзіраў і салдат з непахіснага пераканання, што ўсё ўрэшце вырашаць іх уменне, іх дасведчанасць. Колькі дзён і колькі сіл аддадзена таму, каб забяспечыць гэтых людзей, усе часці, увесь фронт неабходнай тэхнікай, зброяй, боепрыпасамі! Усё, што мог, ён стараўся зрабіць для справы, — якія ж вынікі дасць заўтрашні, паслязаўтрашні дзень — бязлітасная праверка боем?..

Мімаволі, хоць і недзе глыбока ў душы, недазволена, насцярожліва турбавала згадка пра тое, што ўжо не раз спрабавалі збіць ворага з гэтых рубяжоў, асабліва пад Віцебскам,— але — няўдала. Кожны раз адно трацілі людзей і тэхніку, а праціўнік, дзе быў раней, там і аставаўся. Не здаваў рубяжоў. Утрымліваўся. Вядома, становішча, суадносіны сіл цяпер іншыя — войск і тэхнікі ў нас тут столькі не было ніколі, — але памяць пра былыя няўдачы ўсё ж насцярожвала.

У тым, што хвалявала камандуючага, асабліва важным было ўсё, што помнілася з Масквою. Паездка з-пад Тарнопаля, з арміі, размова ў Генеральным штабе з генералам Антонавым, які сказаў, што яго рашылі назначыць на Трэці Беларускі фронт, камандуючым. Трывожна-радаснае пачуццё, якое ўзнікла тады і з якім ён ехаў потым на фронт, прыціхла з часам, але зусім не знікала ніколі. Цяпер яно зноў нібы памацнела, як бы ажыло нанава, праўда, толькі адной сваёй якасцю. Трывожнасцю, разуменнем адказнасці.

Трывожнасць і адчуванне адказнасці ядналі гэтае пачуццё з тым, якое засталося ад 22 і 23 мая, ад нарады ў Стаўцы. Увесь час помніўся пільны, пранізлівы позірк Сталіна, калі ён, камандуючы фронту, дакладваў пра справы на Трэцім Беларускім і калі выказваў свае заўвагі пра «План Баграціён». Сталін глядзеў і слухаў так, нібы хацеў праверыць, ці не памыліліся, даверыўшы яму фронт, ці — здолее?..

 

У тым неспакоі, які поўніў Чарняхоўскага, калі ён глядзеў праз амбразуру ў маўклівае, загадкавае поле, вастрэй, як калі-небудзь іншымі днямі, вярэдзілі яго думкі пра саму вялікую падзею, што вось-вось павінна будзе пачацца. Ён мімаволі нецярпліва заглядваў наперад — як пойдуць справы заўтра, паслязаўтра? Многае будзе залежаць ад таго, наколькі нечаканым для ворага акажацца наступленне. Ці не выведалі або ці не здагадваюцца немцы, калі мы рашылі пачаць? Цяжка скрытна правесці такую агромністую падрыхтоўку!.. У тысячны раз турбавала яго, ці ўсё ўлічыў ён, што неабходна, ці не прагледзеў чаго-небудзь важнага? Стараўся загадзя прадугадаць: дзе, мяркуючы па вестках разведкі і па сваім прадчуванні, будзе асабліва цяжка, а дзе хутчэй можна чакаць поспеху?

Даўнія гэтыя загадкі сёння хвалявалі асабліва таму, што на другі дзень, 22 чэрвеня, павінна была пачацца першая праверка ўсяго, што ён рыхтаваў увесь час. 22 чэрвеня, за дзень да наступлення, фронт на некалькіх участках павінен быў правесці разведку боем. Моцную і шырокую разведку ўсцяж усяго пярэдняга краю...

Разведку боем загадала зрабіць Стаўка. Разведка, якую належала правесці фронту, далёка не абмяжоўвалася ім. Разам з Трэцім Беларускім разведку мусілі правесці адначасова іншыя блізкія і далёкія франты, у тым ліку і тыя, што ў наступленні не павінны былі ўдзельнічаць.

Разведка боем павінна была распыліць увагу немцаў, адцягнуць яе ад войск, падрыхтаваных да наступлення. Разам з тым яна мела на мэце памагчы франтам, якім належала пачаць наступленне, лепш выявіць становішча праціўніка, намацаць слабейшыя месцы ў яго абароне...

Хутка вечарэла. Назіраць за полем стала цяжка: сонца свяціла з захаду.

Ён вярнуўся ў рабочы пакой.

 

2

Вакол было ціха. Але па ўсім адчувалася, што з дня на дзень павінна пачацца.

Уночы ўсё прыбывалі ды прыбывалі войскі. Без шуму — толькі зрэдку бразне дзе-небудзь зброя ці кацялок — праходзіла наперад пяхота. Уперамежку з пехацінцамі цягнуліся грузавікі, гарматы, мінамёты. Цемру тады поўніў асцярожны гул машын, чуліся прыцішаныя галасы артылерыстаў, фырканне коней.

Усё рушыла без агнёў. Не толькі фары, але і цыгаркі не блішчалі. Не чулася і моцных камандных выкрыкаў, яны таксама маглі парушыць маскіроўку.

З кожнай гадзінай прыфрантавая зямля ўсё больш напаўнялася войскам. Яго было так многа, што Аляксей толькі дзівіўся, дзе гэта ўсё падзяецца. Але салдаты, гарматы, павозкі ішлі ды ішлі.

Цемра, як бяздонне, праглынала ўсё.

Уранку поле цішэла. Паспешна канчалі капаць акопы, маскіравалі знакі начной работы. Калі ўздымалася сонца, поле здавалася ціхім і мірным.

Гарматы цяпер стаялі ўсюды ўсцяж пярэдняга краю, у некалькі эшалонаў. Накрытыя маскіроўкай, яны зліваліся з зямлёй, некаторыя нават зблізку былі амаль непрыкметныя.

На другі дзень Бяссонаў рашыў пазнаёміцца з абстаноўкаю на ўчастку, які займае стралковая дывізія Шчарбацюка. Палкоўнік узяў з сабою некалькі афіцэраў.

Генерал быў на КП. Танкістаў правёў туды маёр са штаба дывізіі.

Камандзір дывізіі, залажыўшы назад пухлыя рукі, расставіўшы ногі, сагнуўшыся, каб не перашкаджаў жывот, стаяў каля стэрэатрубы. Ён павярнуўся насустрач танкістам, павольны, спакойны, з маладжавым ружаватым тварам.

— Што, Бяссонаў, дарогу хочаш сабе выгледзець?

— З вашай дапамогай, генерал.

— Магу паказаць. Толькі паабяцай спачатку дапамагчы расчысціць.

— Добраму суседу, генерал, я заўсёды гатоў дапамагчы...

— Дапаможаш?! Ведаю я цябе — будзеш чакаць, пакуль расцярэбяць шлях і запросяць: калі ласка...

— Калі гэта мы чакалі, генерал? — Бяссонаў гатовы быў вось-вось кінуцца ў контратаку.

— Ну-ну, не будзем спрачацца,— прымірэнча сказаў Шчарбацюк.— Прашу адчуваць сябе чаканымі гасцямі ў прыветлівага гаспадара... Прашу пазнаёміцца з маім гняздом,— ён абвёў рукамі перад сабой.

— Вы тут абжыліся за месяц,— агледзеўся вакол Бяссонаў.

— Э, гэта што! Мы што, мы, можна сказаць, яшчэ новыя. Вось тут каля нас пушкары, тыя абжыліся. Кожны прышч на балоце ведаюць, не тое што бліндажы.

Ён выняў з кішэні кісет, скруціў цыгарку. Бяссонаў працягнуў каробку «Казбека», але генерал пакруціў галавой.

— Мы, пяхота, любім, каб у горле драла...— Лагодны, душэўны генерал меў завядзёнку, размаўляючы з роўнымі сабе, ужываць моцныя выразы, выстаўляць грубыя звычкі салдата.

Бяссонаў не любіў Шчарбацюка за мяккацеласць, за марудлівасць, але ў душы зайздросціў яму, якому невядома чаму так шанцуе ў жыцці — Герой і генерал! — і якога ўсе лічаць за вельмі адукаванага чалавека. Бяссонаў вучыўся толькі на курсах, ды і то без асаблівага поспеху. Ён лічыў сябе практыкам у процівагу Шчарбацюку і ганарыўся гэтым.

Усё ж генерал і Бяссонаў неўзабаве перайшлі на той клопатны лад, што звычайна ўстанаўліваецца між камандзірамі, у якіх адна агульная, блізкая справа.

Генерал загадаў пяхотнаму маёру падаць карту і, разлажыўшы яе, сам стаў знаёміць з абстаноўкай, паказваючы Бяссонаву асобныя аб’екты і арыенціры ў стэрэатрубу.

З каманднага пункта Бяссонаў уважліва разглядваў поле будучай бойкі.

Перад КП угіналася нешырокая балотная лагчына, а за ёй пачынаўся нізкі, ледзь прыкметны лапік сушы, на якім некалі была вёска. На месцы вёскі валялася цяпер толькі бітае каменне ды дзе-нідзе тырчалі абсмаленыя, пасечаныя камлі дрэваў. Зямля ўся была перарыта варонкамі; на ёй не толькі не было відаць людзей, але непрыкметна было наогул ніякіх знакаў жыцця. Нават трава не расла.

Абапал сушы і за ёй было балота — разлеглая раўніна, парослая высокай травою і хмызняком, што рос усюды купамі. Увесь бачны прасцяг, колькі можна было ахапіць позіркам, здаваўся пустым.

Не толькі Шчарбацюк, але і Бяссонаў ведалі, што там усё было перакапана і густа заселена немцамі. Ведалі: там, на гэтай зманліва спакойнай раўніне наперадзе, шырокімі палосамі цягнуцца нябачныя мінныя палі, насцярожана тояцца, чакаюць рускіх салдат незлічоныя кулямёты і гарматы.

Дзе-нідзе на балоце ўскідваліся ўгару чорныя стаўбуры торфу, потым даходзіў запознены глухі гук выбуху. Вяла пераклікаліся кулямёты. І Шчарбацюк і Бяссонаў ведалі, што хаваецца за гэтым спакоем і млявасцю.

Бяссонаў азіраў балота, як гаспадар, як чалавек, якому трэба выбраць месца для работы. Ссунуўшы фуражку з патыліцы на лоб, на самыя вочы, што ён рабіў, калі быў заклапочаны, палкоўнік з-пад казырка дапытліва аглядваў незнаёмы прастор.

Справа, сярод балота, ледзь прыкметна значылася паўзарослая, з жоўтымі глінянымі плямамі палоска. Бяссонаў зацікавіўся ёю.

— Чыгунка была,— растлумачыў, зацягнуўшыся самакруткаю, генерал,— вузкакалейка. Разабралі немцы...

— Які там грунт?

— Цвёрды. Звычайны насып, праўда, невысокі.

Справа і злева ад чыгункі, у глыбіні зеленаватага прасцягу, добра акрэсліваліся чорныя, роўнымі лініямі, тарфянікі; наперадзе, кіламетры праз тры, млела ў плыўкай блакітнай смузе даволі шырокая выспа.

На ёй гарбаціўся разбураны цагляны будынак. Бяссонаву трэба будзе прабівацца з машынамі туды. Як прайсці з танкамі праз гэты вялізны, зыбкі тарфяны абшар? Канечне, толькі па насыпу, іншага выбару няма. Пакласці ад узгорка да насыпу грэбельку — тут, мусіць, будзе з паўкіламетра,— а далей, па той простай вузенькай дарожцы, да дальняй выспы.

Што ж за выспаю? Карта паказвала: таксама балота, яшчэ большае, на ім толькі дзе-нідзе абнадзейваюць вузкія насыпы, што цягнуцца на захад. Трывалы грунт, жаданы шырокі прастор, дзе можна разгарнуцца, далёка.

Генерал расказаў, што ў балотах перад імі выяўлена некалькі паралельных абарончых ліній, уся шырыня якіх перавышае два дзесяткі кіламетраў. На выспе — вялікі ўмацаваны вузел, з якога немцы падтрымліваюць свае часці навокал. Гэты нешырокі «пятачок» увесь шчэрыцца гарматамі.

— Арэшак, што і казаць, моцны! — сказаў Бяссонаў, калі камандзір дывізіі разгарнуў поўную карціну абароны праціўніка.

— Сем месяцаў яны тут усё капалі, будавалі, мініравалі,— адгукнуўся Шчарбацюк.

Ён зняў фуражку і выцер запацелы цыратавы абадок унутры.

У яго была шырокая ружовая лысіна, якую аздоблівалі толькі некалькі бялявых валасоў, зачасаных назад,— без фуражкі, з-за лысіны, генерал здаваўся старэйшым за свае сорак чатыры гады. Твар жа ў яго быў свежы, амаль без маршчын, поўны, з мяккімі рысамі і дабрадушнымі таўставатымі губамі.

— Ну, я думаю, у вас для гэтага будзе добры малаток. Вас не пакрыўдзяць. І птушак, і запалак, не інакш, падкінуць. Багацеем становіцеся, генерал,— гаспадарка, што ў арміі.

— Клопату прыбаўляецца. Адна галава — на ўсё!..— няшчыра паскардзіўся на лёс Шчарбацюк. Адчувалася, што ён задаволены гэтым.

Маёр-пехацінец прамовіў:

— Хоць бы тут зямля як зямля была, а то ж дрыгва адна! Грузнеш на кожным кроку. Бывае — патануць нядоўга.

— Зямля добрая. Наша, савецкая! — запярэчыў спакойна генерал-маёр.

З нямецкага боку правылі некалькі мін, шмякнуліся поблізу КП. Маёр занепакоіўся, ці не засеклі іх немцы. Сонца хілілася да захаду, і на тым баку маглі заўважыць бляск шкельца стэрэатрубы. Але наступныя міны ўпалі далей.

Бяссонаў сабраўся ісці назад.

— Дзякую, генерал. Праяснілі вы нам вочы...

— Для тваёй і сваёй карысці стараюся! Спадзяюся на вас!.. Будзьце асцярожны,— папярэдзіў генерал, паціснуўшы танкістам рукі.— Недзе злева снайпер сядзіць, уранку сержанта ў мяне зрэзаў. Уцэліў, паганец, проста ў скроню.

На адным павароце вузенькага ходу старшына-праваднік даў знак прыгнуцца да зямлі. Дзесяткі два метраў усе паўзлі. Калі выйшлі на спакойнае месца, старшына, атрасаючы з каленяў ліпкія камячкі гліны, сказаў:

— Чорт! Колькі я зямлі прапоўз за вайну, палічыць бы цікава. Мусіць, не адну сотню кіламетраў. Штаноў адных дзесяткі тры вышмаргаў. Больш за ўсё, праўду кажучы, на каленях і прадзіраліся. І штаны, здаецца, нічога, жыць ім яшчэ, жыць, а на каленях свецяцца!

 

3

Ноч. Грымне, пракоціцца блізка ці далёка гарматны выбух, рассыплецца частая, заядлая кулямётная чарга, і наступіць на нейкі час цішыня.

І чуваць тады: мірна, лагодна шэпчуцца, пакалыхваюць свае пругкія галіны пад нязлым чэрвеньскім ветрам шэрыя ў цемры бярозы. Дробна, несціхана трапечуць лісточкі асін. Недзе сонна запырхала крыламі птушка.

Колькі разоў быў у баі, прывыкнуць, здаецца, пара б, дык не ж,— перад кожным насцярожваешся, падбіраешся, непакоішся! Вось і зноў, ведаеш, што хутка бой, небяспека, і бярэ ўсё тое ж, незвычайнае, перадбоевае, трывожнае...

Аляксей праходзіў паволі па роце. Усюды каля цёмных маўклівых машын, што ледзь віднеліся між дрэваў, спалі, адпачывалі танкісты.

Каля адной «трыццацьчацвёркі» старшы лейтэнант убачыў нерухомую постаць — нехта стаяў, абапершыся аб гусеніцу. Аляксей падышоў бліжэй, запытаў:

— Хто?

Гэта быў Колышаў.

— Не трэба,— сказаў Аляксей, заўважыўшы, як лейтэнант выпрастаўся.— Што, Колышаў, не спіцца?

— Ды так...

— А ўсё ж? Клопат які-небудзь?

Колышаў маўчаў, вагаўся. Нарэшце сказаў, ніякавата, ціха:

— Лезе ўсякае ў галаву...

— Думкі?

— Успамінаецца ўсякае...

— Маці адна засталася?

— Адна... Бацька ў арміі. На Далёкім Усходзе... Таксама лейтэнант, у артылерыі.

— І ў мяне маці дома. Там, па той бок... Чакае, старая, мусіць, не дачакаецца...— уздыхнуў Аляксей.

Ён памаўчаў болесна. Потым закурыў асцярожна, хаваючы агеньчык, зацягнуўся, запытаў глуха:

— Дзяўчыну, мусіць, успомніў? Ні разу і не пахваліўся, якая яна ў цябе... Скрытны, мусіць?..

— Ды не... Проста не было выпадку...

— Хто яна? Як завуць?

— Рая.

— Рая...

— Мы з ёй разам вучыліся ў школе...

— Там засталася?.. У Горкім?

— Там. Цяпер у інстытуце... Урачом будзе. Там жа, у Горкім, і вучыцца...

— Добрая дзяўчына?

— Добрая! Прыгожая!.. Разумная!.. Мы з ёю, ведаеце, хоць і вучыліся разам, разам былі мала. Жылі, ведаеце, побач, кожны дзень сустракаліся, а амаль і не гаварылі... адно з адным... Толькі так усё... вачыма хіба!..

— Гэта бывае...

— Так і ў нас выйшла. Я ўсё зразумеў, калі яна прыйшла на вакзал, развітацца. Дзіўна, праўда? Яна, ведаеце, што сказала: «Помні, кажа, дзе б ты ні быў, як бы цяжка табе ні было — я пра цябе буду думаць!» Тады мы першы раз пацалаваліся... Проста, ведаеце, на людзях, пры маёй маці... Цяпер яна, Рая, часта прыходзіць да нас. Ну, адным словам, стала як сястра ці хто... І для мяне яна... як бы іншая...

— Што, даўно не бачыліся?

— Даўно. Хутка год. Мы цяпер ехалі, ведаеце, з эшалонам праз Горкі... былі амаль каля самага дома. Наша вуліца тут жа, побач з чыгункаю. Хацелася страшна пабачыцца! Ды не давялося. Амаль не стаялі ў горадзе!..

— Та-ак... крыўдна... — паспачуваў Аляксей.

— Амаль побач былі...

Зноў доўга маўчалі. Маўчалі, адчуваючы блізкасць, дзіўную чуласць між сабою. Нібы чулі патайныя думкі, рух душы кожнага.

— Тужыш? — запытаўся Аляксей, ціха спачуваючы.

Тое чулае, што было між іх, сказала Колышаву: гэта ўжо не пра Раю, пра іншае. Нядобрае, цяжкае.

— Тужу,— нялёгка прызнаўся Колышаў.

І зноў было маўчанне. У цемры зырчэла Аляксеева цыгарка.

— Лезе ў галаву...— цяжка, вінавата загаварыў Колышаў. Аляксей пачуў у яго голасе нават нібы адчай: — Лезе, ну: раптам заўтра мяне тут... Недалёка ад гэтага лесу... Разумееце?.. А я ж нічога не бачыў, здаецца... Вось толькі пачынаю па-сапраўднаму жыць. А мяне... Разумееце, такія думкі!.. Перад боем...

Вінаватасць і адчай усё мацней чуліся ў голасе Колышава. Аляксею захацелася суцешыць яго.

— У кожнага, відаць, бываюць такія думкі. Ці падобныя... Жыць усім хочацца...

— Значыць, гэта не... баязлівасць? Камбрыг мяне запытаў, ці не трус я, а я і не ведаю. Ну, адкуль мне ведаць, калі я яшчэ не быў там? Я толькі ад другіх чуў, як яны ішлі ў першы раз, яны расказваюць усе па-рознаму.

— Тут, мне здаецца, галоўнае, Колышаў, не паддацца! Калі трэба, умець забыць, перамагчы ўсё, што замінае. І адчуваць толькі адно — тое, што трэба. Абавязак. Усяго сябе, усе свае думкі аддаць абавязку. І яшчэ, па-мойму, трэба думаць, што тое месца, на якім ты аказаўся,— вельмі важнае. Што ад цябе залежыць лёс іншых, усіх. Усёй роты, усёй брыгады. Увогуле — факт: кожнаму дорага сваё жыццё. І калі рызыкуеш ім, то трэба ведаць, што — не попусту. А ў імя мэты. Я так лічу...

— Гэта правільна,— задуменна прамовіў Колышаў.

Аляксей адчуў, што Колышаву хочацца яшчэ нешта сказаць, але ён вагаецца. Старшы лейтэнант знарок маўчаў, чакаў. Ён не памыліўся.

Колышаў раптам запытаў:

— А вы таксама, таварыш гвардыі старшы лейтэнант... не спалі спачатку?

— Не спаў.— Аляксей паглядзеў у неба, у глыбокай чарнаце якога цьмяна бялеў Млечны Шлях, сказаў шчыра: — У першыя ночы не спаў... І ўспамінаў многа. У баі — як бы не горш за іншых. А як ноч настане, усе храпуць, а я — варочаюся з боку на бок! Не засну — дый годзе! Як закляты! Малюнкі мне дзённыя чаўпуцца. Усё, што пабачыў за дзень, зноў паўтараецца. І страшнавата робіцца, як успомню... Але ў баі не дрэйфіў, трымаўся... Потым паспакайнеў, паступова абвыкся. Спаў тады седзячы і стоячы. Хоць з гарматы бі, не дабудзішся.

Нібы спрачаючыся з сабою ці раздумваючы, прызнаўся :

— Я, брат, таксама не ведаю — смелы я ці не? Адвагі ў мяне мала, адчуваю...

— Што вы, таварыш гвардыі старшы лейтэнант!

— А так, брат,— страшна мне часам бывае. Нават вельмі. Асабліва бамбёжак праклятых не люблю... Душу пераварочваюць мне яны. Толькі я стрымліваю сябе. Трымаюся, словам!.. Але гэта няхай будзе так, між нас, а?

— Не турбуйцеся, не скажу.

— Я, брат, у маленстве амаль ніколі не лез у бойку. Так хіба часам, калі вельмі дадзенуць. А наогул стараўся быць далей ад гэтага. Ціхі быў!..

Узлессе раптам пачало хутка напаўняцца магутным гулам, ад якога дрыжала зямля. Аляксей і Колышаў змоўклі і глядзелі адно ў неба. Там ішлі на захад самалёты.

— У вас душа, напэўна, у Мінску? — загаварыў першы Колышаў.— Ніну бачыце ўсё, не дачакаецеся...

— Бачу, часта бачу...— прызнаўся Аляксей нявесела, і Колышаў пашкадаваў, што крануў гэта балючае для камандзіра роты. Колышаў папракнуў сябе за няўдаласць.

Здавалася, знікла нядаўняя добрая блізкасць. Недалікатнае пытанне Колышава нібы аддаліла іх.

— А цябе,— спытаў дзіўна, дапытліва старшы лейтэнант,— не вядзе туды душа?.. Табе ўсё роўна?

І ў тоне гаворкі, і ў самім пытанні штосьці нібы таілася. Колышаў не зразумеў — што. Але сэнс пытання быў ясны. Праўда, Колышаў не чакаў яго.

— Чаму ж! — адразу запярэчыў лейтэнант.

— А чаго ж ты, скажам, туды імкнешся? — дзіўна дапытваўся камандзір роты.— У цябе ж там няма нікога. Маці ў Горкім. Рая таксама далёка ў тыле. У цябе ж у Беларусі нават знаёмых няма. Няма нікога, адным словам, да каго б ляцела душа...

І зноў Колышаў чуў у словах ротнага стоенае: раўнівае і нацятае. Нібы недавер нейкі ці крыўду. Ён сказаў з няёмкасцю:

— Як нікога, таварыш гвардыі старшы лейтэнант? А людзі?..

Старшы лейтэнант моўчкі курыў. Думаў пра нешта.

— Людзі... Нашы людзі, пакутнікі... Народ...— У глухаватым, раздумлівым голасе Аляксея чуліся ўжо болеснасць і сум.— Змагаюцца там і гаруюць... І чакаюць нас, не могуць дачакацца... І ўсе мы ім — як сыны. Як надзея...

За ўсім, што гаварыў Аляксей, як і раней, адчувалася яшчэ нешта, сваё, асаблівае, нявыказанае.

Зноў, напаўняючы гулам неба і лес, прайшла на захад эскадрылля. Калі гул пачаў сціхаць, старшы лейтэнант зірнуў на ручны гадзіннік, на якім свяціліся лічбы і стрэлка, схамянуўся: трэба адпачыць!

— Ну, бывай, Колышаў. Лажыся, прыкархні. Ужо небагата засталося. Абавязкова прыкархні, чуеш, брат! Пойдзем у бой — там невядома, калі ўдасца падрамаць...

 

РАЗДЗЕЛ ХІ

 

1

У гэтую ноч абстаноўка на камандна-назіральным пункце фронту і на некалькіх участках пярэдняга краю нагадвала тую, што бывае пры наступленні.

У данясеннях, што прыходзілі на КНП, паведамлялася, як часці, вылучаныя для разведкі, выходзяць да рубяжоў, рыхтуюцца да блізкай ужо атакі. У цемры чэрвеньскай ночы ціха займала акопы і траншэі пярэдняга краю пяхота, размяшчаліся на падрыхтаваных пазіцыях мінамётчыкі і артылерыйскія батарэі, падцягваліся танкі. У прамежкі між успышкамі белых нямецкіх ракет сапёры размініравалі праходы для пяхоты, для танкаў...

Чарняхоўскі з увагаю сачыў за падрыхтоўкай да разведкі. Яна была толькі часткай яго клопату: як і раней, ён трымаў у сабе адчуванне агромністага жыцця фронту, што набліжаўся да вялікай падзеі,— але сярод усіх іншых турбот ні на момант не забывалася яму гэтае — разведка.

Акрамя важнага практычнага значэння разведка боем, што мела вось-вось пачацца, мела і інакшае, чалавечае: яна быццам заканчвала тое даўняе, напружанае, чаканне, якое станавілася ўсё больш цяжкім, мучыла сваёй нерухомасцю. Яна быццам пачынала новую, жаданую змену ў жыцці — час дзейнасці.

З гэтымі адчуваннямі выйшаў Чарняхоўскі раніцай 22 чэрвеня на назіральны пункт, перад тым момантам, калі павінна была загаварыць артылерыя. Як ні поўнілі яго турботы пра тое вялікае, што належала пачаць праз дзень, ён з нецярплівасцю, узрушана чакаў, калі пачнецца сённяшняе.

Калі ён выйшаў у бліндаж НП, поле, шасэ, неба яшчэ бераглі цішыню раніцы. Пасля ночы ў падзямеллі ён асабліва востра адчуў халаднаватую ранішнюю свежасць, жывое святло за амбразурай, і — неба, шырыня якога ўгадвалася нават у гэтай вузкай проразі бліндажа. Гэта было ўсяго момант і было не галоўным: па-ранейшаму ціснуў яго клопат, які ён прынёс з рабочага бліндажа, хвалявала чаканне блізкай артпадрыхтоўкі і ўсяго таго, што за ёй павінна было прыйсці.

Адразу, як загрымела, ён схіліўся да акуляра стэрэатрубы, спрактыкаваным вокам стаў сачыць, як на тым, на нямецкім, баку расце, клубіцца, зліваецца ў адно варухлівы рад выбухаў. Ён на нейкі час адчуў сябе раптам лёгка, вольна: так добра было, што апала важкае чаканне. Недзе ў свядомасці радасна адзначылася: «Вось яно, пачалося!..» Вялікае, заўтрашняе заявіла аб сабе першым громам. Загаварыла, не тоячыся, на поўны голас. Не, не на поўны, але — уголас...

Аднак гэта бруілася там, глыбей, а тут галоўным імкненнем яго была клопатная, пільная ўвага: клубы дыму ў кружку, набліжаныя, ясныя, разрэзаныя выразным скрыжаваннем з дзяленнямі. Выбухі выварочвалі зямлю, шматавалі хмызняк, бурылі падазроныя ўзгорачкі. У двух-трох месцах выхапіліся мітуслівыя постаці, выгнаныя з укрыццяў неспадзяваным налётам...

Амаль адразу ўслед за тым, як пачалі нашы батарэі, ажыла артылерыя і на тым баку. Мінула вельмі мала часу, як артпадрыхтоўка стала падобнай на артылерыйскую дуэль. Чым далей, нямецкая артылерыя ўсё мацнела: выбухі варожых снарадаў усё часцей чарнілі наш пярэдні край. Яны ўскідваліся на ўсім відным полі, і на пярэдніх рубяжах, і ў глыбіні нашай абароны. Выбухі раз-пораз чуліся і ззаду, за вышынёй, у якой быў КНП фронту. Некалькі разоў бліндаж моцна страсянула ад выбухаў угары: немцы не абыходілі ўвагай і вышыню. Было відаць, яны імкнуліся біць па ўсёй глыбіні нашых пазіцый. Імкнуліся паралізаваць нашу артылерыю.

Чарняхоўскі заўважыў, што нямецкія снарады нярэдка адразу кладуцца дакладна. Падобна было на тое, што пазіцыі многіх батарэй немцы засеклі загадзя, што цэлі гэтыя падрыхтаваны. Камандуючы гнеўна сціснуў губы, калі ўбачыў, як амаль адразу адну за адной трапныя варожыя ўдары накрылі дзве артылерыйскія батарэі...

Пільнай увагай Чарняхоўскі з насцярожанасцю адзначаў, што супраціўленне артылерыі праціўніка з часам не толькі не слабее, а быццам узмацняецца. Вядома, шырокія і цвёрдыя вывады рабіць было пакуль рана, але пры ўсім тым былі ўжо непрыемныя падставы думаць, што ўдар артылерыі на гэтым напрамку не аказаўся зусім неспадзяваным для немцаў. Былі падставы думаць, што яны невыпадкова так моцна сустрэлі артпадрыхтоўку.

Чарняхоўскі не спяшаўся з вывадамі аб тым, як будзе развівацца бой артылерыі далей. Урэшце, у тым, што немцы супраціўляюцца так упарта, не было нічога дзіўнага. Было б дзіўна, каб яны на першай пары не супраціўляліся як толькі могуць. Невядомым, істотным было тут толькі тое, як доўга здолеюць яны процістаяць нашай артылерыі. Калі ўдасца зламаць іх супраціўленне. Поспех работы артылерыі будзе вызначацца гэтым.

Але чым далей ішло змаганне, тым больш адзначаў з непакоем Чарняхоўскі, што праціўнік мала прыціхае, што падавіць нямецкую артылерыю ўсё не ўдаецца. Як ні прыкра было, прыходзілася рабіць вывад, што артылерыйская падрыхтоўка аказалася малаэфектыўнай. Многія важныя цэлі — нямецкія батарэі — так і не ўдалося накрыць.

Чарняхоўскі адарваўся ад стэрэатрубы, гнеўна захадзіў у вузенькім прамежку між сценамі. Пякло абурэнне: якое нядбальства! Дапусціць, каб так кепска была разведана нямецкая артылерыя! Нямецкія батарэі не выявілі, а свае далі выкрыць!..

Прыкрасць гэта ўвяла неспакой, што, можа, і на іншых участках не ўсё як след разведана. І з маскіроўкай — лад не ўсюды...

 

Ён зноў прынік да стэрэатрубы, калі артылерыя стала пераносіць агонь у глыбіню нямецкай абароны і туды, да варожых пазіцый, ускідваючы за сабой зямлю, страляючы, рушылі танкі. І нябачная дасюль, паявілася, пайшла ўперад пяхота — нячутныя рухавыя постаці...

Чарняхоўскі з трывогай і надзеяй сачыў, як ідуць танкі і пяхота. Ён бачыў, што яшчэ да таго, як танкі прайшлі нашы перадавыя пазіцыі, перад імі, вакол іх сталі ўскідвацца выбухі. Паветра пракрэслілі трасіруючыя снарады. Агонь нямецкай артылерыі намнога памацнеў, калі танкі рушылі праз праходы ў мінных палях. Перад вачыма камандуючага дзеялася такое, з чым, колькі ні бачыў за вайну, не мог звыкнуцца: то адна, то другая машыны спыняліся, заміралі. У кружку акуляра стэрэатрубы паявілася: з машыны, над якой пачаў цадзіцца дым, хапатліва вывальваюцца чорныя постаці танкістаў.

Там, у лагчыне, у розных месцах над танкамі пухлі воблакі — знаёмыя, паганыя. У кружку акуляра раптам пыхнула, клуб чорнага дыму і зямлі закрыў танк — машына ўзарвалася... Чарняхоўскі павёў кружок па лагчыне: танкі, часта страляючы, упарта рушылі ўперад. Рушылі за імі, дробныя адсюль, постаці пехацінцаў... Усё ж было прыкметна, што націск танкаў і пяхоты проста ўвачавідкі слабеў...

Поступ іх усё запавольваўся, потым яны і зусім спыніліся. Пяхота залегла. У цішыні, што адчувалася ў бліндажы НП, камандуючы адарваў позірк ад акуляра стэрэатрубы, выпрастаўся, ускінуў галаву. Нейкі час стаяў так, нерухома, нібы ганарліва, з заплюшчанымі вачыма. Афіцэры і генерал Макараў, што былі побач, таксама стараліся не варушыцца, быццам асцерагаліся патрывожыць яго. Усе як бы таксама адчувалі сябе вінаватымі за няўдачу.

Калі Чарняхоўскі расплюшчыў вочы, позірк яго ўпаў на шматок шэрага неба ўгары амбразуры, але ён, дзіўна, не ўбачыў нічога. Яго паліла ўбачанае праз амбразуру. З адчуваннем прыніжанасці, якую вяла няўдача, раптам апанавала даўняе, калісьці звычнае: выбрацца б адсюль, з падзямелля, кінуцца б туды! Разабрацца зблізку, памагчы выправіць!

З гэтага стану яго выбіў генерал Макараў. Углядаючыся ў стэрэатрубу, член Ваеннага Савета раптам узрадавана клікнуў: «Пайшлі!» Чарняхоўскі цікаўна зірнуў на яго, схамянуўся і прыпаў зноў да стэрэатрубы. Ён адразу ўхапіў позіркам: два танкі — адзін крыху наперадзе, другі збоку, трохі адстаючы,— рашуча, хутка рушылі ўперад. За імі, быццам павагаўшыся, часта страляючы, крануліся яшчэ тры. Адзін — самы першы — хутка закрыла раптоўная чорная хмара: відаць, падарваўся; а другі — усё ішоў і ішоў. Прабіўся да нямецкіх пазіцый і — прарваўся праз іх. І — застыў нерухома ўжо за імі. З наступных трох — адзін таксама падбілі. А два, адстрэльваючыся, пасунуліся назад...

Нейкі час наперадзе завіхаліся штурмавікі — бамбілі, абстрэльвалі пярэдні край ворага. Яны яшчэ ўціскалі праціўніка ў зямлю, калі пачалася новая атака танкаў і пяхоты, яшчэ больш упартая. Але і гэтая спроба не змяніла нічога. Чарняхоўскі адступіўся ад стэрэатрубы, моўчкі павярнуўся і, пазваўшы з сабой генерала Макарава, хуткім, цвёрдым крокам падаўся ў рабочы бліндаж.

Тут камандуючы адразу выклікаў начальніка аператыўнага ўпраўлення і, ледзь той з’явіўся, папрасіў далажыць, як ідуць баі на іншых кірунках. Генерал Іголкін жвавым, пільным позіркам у момант улавіў неспакой у твары, у постаці камандуючага.

Генерал, што заўсёды вылучаўся вясёласцю, сёння загаварыў з асаблівай радасцю:

— У 5-й і 39-й, таварыш камадуючы, усё ідзе цудоўна! Лепш за ўсякія меркаванні!.. Артылерыю праціўніка падавілі! Уварваліся ў першыя лініі абароны!..

Тады ўжо стаў дакладваць абстаноўку падрабязна.

 

Усе данясенні ад Люднікава і Крылова радавалі. Падраздзяленні 5-й арміі Крылова з ходу фарсіравалі раку Сухадрэўку, захапілі першую лінію варожай абароны і прарваліся да другой. Бой ішоў на другой лініі. Чарняхоўскі, прадчуваючы, якія гэта можа даць вынікі заўтра, загадаў Крылову будаваць масты для цяжкіх танкаў.

Не менш удала разгортваўся бой і ў 39-й арміі. Можна сказаць, што на гэтых абодвух напрамках баі далі поспехі нават большыя, чым спадзяваліся. Поспехі там давалі падставы строіць самыя добрыя надзеі на гэтыя кірункі на заўтрашні дзень...

Але тут, у паласе магістралі і на поўдзень ад яе, баі ішлі так няўдала, што горшага і быць не магло. Чарняхоўскі, як ні быў заняты падрыхтоўкай да наступлення, яшчэ двойчы выходзіў у бліндаж НП, прынікаў да акуляра стэрэатрубы. Бачыў, як і раней, што гвардзейскі батальён у адчайным сваім штурме б’ецца амаль без поспеху. Кожны раз, калі роты падымаліся ў атаку, рады пехацінцаў увачавідкі радзелі, і жывыя кідаліся на зямлю, прыціскаліся да яе. Батальён падтрымлівалі танкі, самалёты, гарматы. Варожыя пазіцыі былі агорнуты агнём і дымам, а ўсе атакі пяхоты не давалі нічога. Толькі на зыходзе трэцяй гадзіны незвычайна ўпартага бою батальён змог штурмам уварвацца ў першыя траншэі ворага, захапіць іх. Захапіў, але — якой цаною!

Хоць Чарняхоўскі не спадзяваўся на лёгкую ўдачу тут, у паласе магістралі, ён усё ж не думаў, што бой пойдзе так пагана. Тое, як цяжка ішоў бой, перавышала самыя горшыя меркаванні. У самым горшым выглядзе адкрылася тое, што яго найбольш трывожыла. Якімі ні былі значнымі нашы пралікі і заганы падрыхтоўкі, яны мала мянялі галоўнае, што зноў адчуў Чарняхоўскі: якая моцная тут у праціўніка абарона. Бой, акрамя ўсяго, пацвярджаў, што іменна тут яны найбольш моцныя. Іменна тут цяжэй за ўсё будзе іх зрушыць.

Тое, што баі на іншых кірунках былі ўдалыя і абяцалі добрыя надзеі, радуючы і ўздымаючы, разам з тым дадавала супярэчлівасці ў становішча, у якім трэба было дзейнічаць. Жыццё ўпарта пярэчыла некаторым, і прытым вельмі важным, патрабаванням плана аперацыі, падрыхтаванага так старанна і зацверджанага. Баі яшчэ пацвердзілі, што недарэмныя былі сумненні. Што трэба змяняць некаторыя задачы.

Змяняць найбольш тое, што датычыць магістралі, з захопам якой звязаны ў плане такія разлікі. Разлікі, якія маглі б даць нашым войскам вялікія перавагі, але якія аказаліся і сёння маларэальнымі. Якіх можна дабіцца толькі страшэнна дарагой цаной. Тады, як такіх жа вынікаў на іншых кірунках можна дасягнуць і хутчэй, і з меншымі стратамі...

Зноў ажывала, патрабавала адказу даўняе, неадступнае: дзе ўводзіць 5-ю танкавую армію і 2-гі танкавы корпус?

Гэта супярэчлівасць, што ўломвалася ў спадзяванні перад самым наступленнем, насцярожвала Чарняхоўскага. Яна нібы патрабавала быць вельмі пільным, дзейнічаць хутка. Каб управіцца ўлічыць усё, што адкрылася. Падрыхтавацца найлепш.

Разуменне таго, што часу так мала, а клопату столькі, што ўвесь сэнс жыцця зводзіўся цяпер да аднаго — управіцца б, дарабіць усё,— прыдавала камандуючаму неспакою і энергіі. І рэшту дня, і ноч, усе лічаныя гадзіны і хвіліны, што заставаліся да наступлення, Чарняхоўскі жыў турботна, у вялікім мэтанакіраваным клопаце. Ставіў дадаткова задачы, папярэджваў, папраўляў. Сачыў за тым, як збіраюцца на рубяжах часці.

Увесь час КНП камандуючага трымаў сувязь з арміямі, з усім тым прытоеным вялікім рухам, якім жыў фронт апошнія гадзіны перад наступленнем.

 

Падрыхтоўка да наступлення заканчвалася.

Уноч на 23 чэрвеня, праз тры гады пасля таго, як першыя гітлераўскія салдаты ўварваліся на зямлю Беларусі, на ўсім фронце ішла напружаная, заключная праца.

За дні падрыхтоўкі былі выяўлены і засечаны тысячы бліндажоў, артылерыйскіх і мінамётных батарэй, кулямётных гнёздаў, дотаў і дзотаў. Цяпер заносіліся на карты папраўкі, апошнія данясенні разведкі.

У штабах брыгад, карпусоў, армій дапрацоўваліся апошнія дэталі, удакладняліся тэрміны, сувязь пры агульных аперацыях. У апошні раз правяралі гатоўнасць часцей да наступлення афіцэры аператыўнага ўпраўлення штаба фронту. У гэту ноч яны адзін за адным вярталіся ў аперупраўленне, дакладвалі пра вынікі сваёй праверкі.

Да пярэдняга краю падыходзілі і займалі пазіцыі апошнія часці, падрыхтаваныя да наступлення. Акопвалася пяхота, усталёўваліся артылерыйскія батарэі, падвозілі скрыні са снарадамі, з патронамі. Падыходзілі паходныя кухні, павозкі з прадуктамі.

Незвычайнае мноства людзей, разнастайных машын ціснулася ў лясах, палях, балотах усцяж усяго фронту. Асабліва многа людзей і зброі было ў месцах, прызначаных для прарыву варожай абароны. На ўчастках прарыву было размешчана тры чвэрці ўсёй артылерыі — ад 150 до 200 гармат і мінамётаў на адзін кіламетр. У артылерыі было ўдосталь снарадаў: да пяці боекамплектаў,— і палавіну з іх меркавалася выкарыстаць у першы дзень наступлення. Артылерыйская падрыхтоўка планавалася працягласцю ад дзвюх да дзвюх з паловаю гадзін. Магутная артылерыйская атака павінна была пачаць наступленне!

У бліжніх тылах стаялі вялікія групы танкаў і самалётаў, гатовыя падтрымаць пяхоту і артылерыю, выбіць ворага з умацаваных пазіцый, гнаць яго, калі ён пачне адступаць. У лясах, ва ўкрыццях, чакалі сваёй пары танкісты 2-га гвардзейскага танкавага корпуса генерала Бурдзейнага, магутнай 5-й гвардзейскай танкавай арміі маршала Ротмістрава. На аэрадромах чакалі гарачай працы слаўныя лётчыкі 1-й паветранай арміі.

З кожнай гадзінай пярэдні край усё дужэў. На поўначы, зачапіўшыся за занятыя ўчора пазіцыі, рыхтавалася да атакі 39-я армія генерала Люднікава, якой належала разам з суседняй арміяй Першага Прыбалтыйскага фронту акружыць і знішчыць віцебскую групоўку ворага. Завяршала выхад на зыходныя рубяжы 5-я армія генерала Крылова, што павінна была наступаць на багушэўскім напрамку і выйсці да Бярэзіны. Заканчвалі падрыхтоўку да наступлення 11-я гвардзейская — генерала Галіцкага і 31-я — генерала Глаголева, якім належала разбіць аршанскую групоўку ворага і наступаць усцяж Мінскай магістралі...

Авіяцыя зрабіла моцныя налёты на аэрадромы ворага ў Бабруйску, Мінску, Оршы, Баранавічах, Брэсце.

 

Доўга чакалі нашы людзі гэтай хвіліны. І вось яна надышла.

Чатыры франты — тры Беларускія і Першы Прыбалтыйскі — гатовы былі вось-вось уступіць у вялікую бітву. Карпусы і арміі, што займалі семсот кіламетраў усцяж пярэдняга краю, застылі насцярожана, чакаючы жаданага слова каманды.

Пачыналася бітва за Беларусь. Над знявечанай зямлёй, над заняволеным народам, што быў на той бок франтавой лініі, вось-вось павінна была заняцца зара вызвалення. Яна займалася на ўсходзе, павінна была зліцца з ранішняй зарой, з усходам сонца.

Не пачало яшчэ святлець неба на ўсходзе, а ўвесь фронт стаў ажываць. У палках, узводах, на пазіцыях, якія яшчэ бераглі цішыню, апошнія яе хвіліны, палітработнікі чыталі зварот Ваеннага Савета фронту.

І заплёскаліся ў ціхіх поцемках, завіравалі, пайшлі па ўсім фронце, па артылерыйскіх пазіцыях, па аэрадромах, па пяхотных бліндажах і акопах, па стаянках замаскіраваных танкаў, па сапёрных батальёнах і аўтаротах, па складах і санбатах, па лясках, палях, ярах,— то ўголас, то — на самым пярэднім краі — пошапкі, каб не чуў яшчэ вораг,— радасныя, нястрымныя, рознагалосыя каманды, загады — да блізкай бітвы, да вялікага наступлення!

Яшчэ ніхто, акрамя франтавікоў, не ведаў, што надыходзіць вялікая, запаветная хвіліна. Не ведалі гэтага ні Ермакоў, ні Шабуніха, ні Ніна, ні Туравец. Не ведалі мільёны людзей,— не ведалі, але прагна чакалі тры доўгія пакутныя гады.

А артылерысты ўжо скідвалі з халаднаватых выносістых ствалоў і дульных варанёных тормазаў замасленыя чахлы, круцілі ручкі пад’ёмных і паваротных механізмаў, дасылалі снарады ў патроннікі.

Дулы гармат уздымаліся ў неба, у заходні бок,

Пачыналася раніца.

 

2

Пад раніцу прарваўся моцны дождж. Раніца пачыналася цьмяная, неба было зацягнута нізкімі, шэрымі хмарамі.

Ад таго, што сонца было недзе за хмарамі, світала цяжка, паволі. І ўсё ж світала — навокал усё ясней віднеліся кусты, маладыя бярозкі, прытоеныя машыны. На кустах, на бярозках, на ўсім паблісквала вада.

Але нішто не магло адолець таго асаблівага настрою, якім жыла, здавалася, гэтая раніца. Настрою незвычайнай, урачыстай цішыні, якая панавала ў прыродзе.

Дзівосная, незабыўная была цішыня ў гэту шараватую раніцу, цішыня вялікага чакання.

Чаканнем даўно-даўно жаданай хвіліны быў увесь напоўнены Аляксей. Увесь час раз-пораз нецярпліва паглядваў ён на гадзіннік, на наваколле, на машыны, на неспакойныя, напружаныя твары людзей. Мноства людзей, што таксама чакалі.

Раптам наперадзе яго, па ўсім прасторы, відным воку і схаваным за ўзгоркамі і лясамі, забухала, загрукатала.

Праз міг паасобныя выбухі зліліся ў адзін суцэльны магутны гром. Адтуль, дзе Аляксей стаяў, не было відаць, як на нямецкім баку, за ўзгоркам, пачалі ўзлятаць чорныя грывы выбухаў, ускідваючы ўгару абломкі, стаўбуры зямлі. Ён бачыў толькі нашы гарматы з паднятымі стваламі, над якімі амаль бесперапынна, імкліва ўспыхвалі белыя агні, віўся, уздымаўся сіні дым.

Каля гармат заўзята завіхаліся артылерысты.

Усё навокал грымела. Зямля калацілася, нібы побач праходзіла незлічоная калона танкаў.

Аляксей мімаволі зліўся з гэтым вялікім громам, яго напоўніла ўрачыстае адчуванне сваёй магутнай сілы. Нібы ўсё гэта гаварыла па яго загаду. Ён адчуваў сябе незвычайна, нявідана вялізным і моцным, асілкам, для якога няма нічога, чаго б ён не змог. Адчуваць гэтую сілу і моц было вельмі радасна, так радасна, нібы зведваў іх упершыню, нібы не чуў артпадрыхтовак пад Курскам і Сталінградам.

Аляксей, здавалася, забыўся на ўсё. Напэўна, не магло быць больш жаданай музыкі, чым гэта. «Так іх! Каб помнілі гэта балота! Каб помнілі гэты дзень!» — шаптаў ён сам сабе.

З дрэваў, заўважыў Аляксей, ад грукату, кружачыся, ападала маладое, яшчэ клейкае лісце.

Поўны вялікіх пачуццяў, Аляксей азірнуўся на Якавенку, што стаяў побач. Нельга было адчуваць такое аднаму. Трымаць у сабе адным.

«Чуеш, а!» — запытаў ён вачыма, у якіх былі гонар, шчасце — такое, пра што не расказаць словамі. Пра што толькі і маглі сказаць вочы. Якавенка чуў усё, разумеў, казаў яго позірк...

Над узгоркам, што гарбаціўся наперадзе, ад выбухаў выплыў і пачаў уздымацца густы, чорны, клубісты вал.

Са старшым лейтэнантам стаяла некалькі афіцэраў. Усе маўчалі, глядзелі і слухалі. Асабліва быў усхваляваны Колышаў, твар яго свяціўся амаль дзіцячым захапленнем.

— Вось такую падрыхтовачку паслухаць бы таму, у каго чэшуцца рукі ваяваць з намі, а? — выкрычаў ён на вуха Аляксею.— Адразу адпала б ахвота лезці да нас!

— На жаль, Колышаў, тыя, хто паслалі сюды з вайной, не чуюць гэтага. Адседжваюцца сабе, гады, недзе ў зацішку.

— Нічога. Я думаю, цяпер многія заракуцца. Вядома, такія, хто яшчэ не страціў зусім розуму...

А вогненны ўраган усё грымеў і грымеў.

Нарэшце агонь перанеслі далей...

На ўзгорак пачалі падымацца цяжкія танкі прарыву. Яны перавалілі цераз грэбень і сталі адзін за адным знікаць. На ўзгорак узыходзілі другія. Нявідная, за ўзгоркам ужо, мусіць, паднялася пяхота...

З-за ляска вырваліся некалькі груп штурмавікоў. Яны пранесліся нізка, з ровам і таксама зніклі за ўзгоркам.

Аляксей чакаў, што зараз дадуць і яго роце каманду — наперад, на зыходную пазіцыю, а там — у бой. Усё яго цела напружылася, сабралася. «Хутчэй бы ўжо!» — прыспешвала яго неспакойнае, нецярплівае сэрца, якое не любіла доўга чакаць. У грудзях было прывычнае перад боем адчуванне нейкай ліхаманкавасці, калі іншыя пачуцці змяняе адно — чаканне блізкай бітвы.

Старшы лейтэнант акінуў позіркам сваю роту, нібы правяраючы, ці гатовая яна. Збоку здавалася, што ўсё было спакойна. Машыны, укрытыя маладым алешнікам і бярозавым галлём, стаялі нерухома. Купкамі ля машын усюды віднеліся танкісты і аўтаматчыкі з дэсанта. Поблізу Аляксей убачыў дужую, упэўненую постаць Быстрова, побач з ім неразлучнага Сонцава і падумаў радасна, што добра мець такіх салдат.

Калі гарматы пачалі сціхаць, Аляксей не адразу заўважыў, што наступае цішыня; у галаве яшчэ грукатала.

Потым ён пачуў, што за ўзгоркам, як кіпень у вялізным катле, клякоча бой.

— Вёска, напэўна,— прамовіў старшы лейтэнант,— перастала быць «нічыёй». Праворны са сваімі хлопцамі, мабыць, працуе ўжо недзе там...

— Занялі ўжо, мусіць...

— Е такі вёскі,— адгукнуўся Якавенка,— якім дастаецца асаблыво моцна порцыя жалеза і толу. Вернуцца людзі і месца не змогуць пазнаць. Пэракопано ўсё па-новаму — акопы, варонкі.

— Пазнаюць!.. Цікава, што там будзе гадоў праз дзесяць. Цяжка проста ўявіць цяпер. На такім месцы зноў вырастуць хаты, і будзе там... чалавек хадзіць спакойна! Не баючыся, што яго прашые куля ці асколак. Акопы і КП зааруць, засыплюць зямлёю...

— Зааруць. Забудуць, як мы тут стаялі, чакалі...

— Будуць помніць. Усё, што мы цяпер робім, будуць помніць. Кожны лясок, дзе было такое, помніць будуць. Такога нельга забыць!

— А я думаю, забудуць,— заўпарціўся Якавенка.— Людына забувае, калі следу не застаецца.

— А гэта не наш след,— сказаў Аляксей горача.— Бітае каменне і кроў — не наш след. Наш след — тое, што вырасце на каменні, акопах. Пасля нас.

Яны змоўклі. Аляксей сачыў за ўсім, што рабілася навокал, і чакаў, чакаў.

Адтуль, дзе кіпеў бой, пачалі вазіць і весці раненых. Іх было многа. Аднаго раненага танкісты Аляксея затрымалі і акружылі. Шырокая галава яго была перавязана бінтамі, над якімі кустом тырчалі русыя валасы. Правы рукаў злінялай гімнасцёркі быў разадраны і падрэзаны, а забінтаваная рука вісела на марлевай касыначцы. На твары цямнелі палосы перамешанага з гразёй поту.

— Ну, што там, зямляк?

— Што? Міны, дрот — кроку не ступіш.

— Ну ўсё-такі, нашы ціснуць?

Пехацінец павярнуў да таго, хто пытаўся, абветраны, з кароткім аблупленым носам твар, сказаў:

— Ціснем. А як жа!

Прайшоўшы крыху наперад, нашы часці прыпыніліся, нібы не маглі прабіцца далей. Немцы, відаць, дадалі падмацаванне. Потым бой пачаў зноў паволі аддаляцца. Аляксей услухоўваўся ў гукі бітвы, і ў ім усё не спадала чаканне. Ён ведаў, што трэба чакаць сваёй пары, што яна прыйдзе...

— Колькі мы будзем стаяць тут? — запытаўся Колышаў нецярпліва ў Аляксея.

— Відаць, нядоўга ўжо. Скора, мусіць...

Аляксей падумаў, якія вялізныя абсягі наступлення і — колькі тут войск, людзей, што так, як і яны, яго рота, нецярпліва, узрушана чакаюць сваёй пары!..

Артылерысты палявых батарэй пакацілі наперад гарматы. Пасунуліся далей, падскокваючы і пакалыхваючыся, павозкі з боепрыпасамі.

Упершыню Аляксей падумаў, што ісці яны будуць, мабыць, доўга. Пачалі тут, а дзе прыпынак — невядома. Дарогі знікалі недзе ў летняй смузе, недзе вельмі далёка.

Раптам Аляксей убачыў непадалёк земляка, якога было затрымаў. Жывіца, у той жа мятай паддзёвачцы, з мяшком за плячыма, з бярозавым кіем у руцэ, пакульгваючы, ішоў услед за павозкамі.

— Вунь і Жывіца ў наступ пайшоў! — пажартаваў Быстроў і крыкнуў: — Эй, агароднік! Хуткасць павяліч, адстанеш!

Той азірнуўся на голас.

— Ад каго адстану, а ад каго — і не! — адгукнуўся задзірыста ён.— Вас з вашымі машынамі я і з кійком пераганю. Стойце толькі даўжэй тут! — гарэзна пакпіў ён. Зняўшы шапку, дадаў:

— Бывайце здаровы! Бо мне часу няма.

Паправіўшы за наплечную вяровачку мяшок, Жывіца хутка пакульгаў далей.

 

 

 

Кніга другая. МІНСК ЗА НЕБАКРАЕМ

Зямля наша. Любая з дзіцячай пары, помная сэрцу велічная плынь Прыпяці. Клапатлівы гоман заводаў Мінска, турбін Асінаўкі, які заціх на тры доўгія, бясконцыя гады... Родная, мілая зямля наша!

Чуеш, грымяць грамы над Оршай і над палескімі гушчарамі? Чуеш? Гэта грамы, якіх ты чакала: з імі скончыцца ліхалецце, зноў заззяе неба людзям і траве. Ідуць табе на помач незлічоныя крэўныя твае браты, сыны шчырай сям'і нашай. Ідуць, пасланыя клапатлівай, разгневанай у горы маці нашай — Масквой... Чуеш? Гэта — час твайго збавення, тваёй урачыстасці. Выпакутаваны час вялікай радасці.

 

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ

 

РАЗДЗЕЛ І

 

1

Тады, як загрымела, як ад грукату захадзіла дзіўна падатная зямля, Юрый нібы ўступіў у незвычайны свет.

Ціснучыся ў траншэйцы, на самым перадзе нашых пазіцый, перад самым грукатам, ад якога моцна, балюча біла ў вушы, ён доўгі час не думаў, не разважаў. Аглушаны, ачмурэлы ад грукату, доўгі час ён толькі хваравіта-востра сачыў, з нейкай няцямнай цікаўнасцю міжвольна, падсвядома адзначаў усё. Ён раптам нібы страціў здольнасць разумець. Усё, што адбывалася навокал, было такім незвычайным, агромністым, што здавалася нібы нерэальным. Недасяжным для звычайнага разумення.

Ён толькі сачыў, адзначаў усё: і тое, што снарады выбухаюць вельмі блізка, і тое, што ад іх выбухаў находзяць тугія, гарачыя хвалі, і тое, што ўвесь час не спыняецца, цурчыць з краю траншэйкі пясок, і нават тое, што дзень па-ранейшаму хмурны, што пачынае церусіць дождж. Сярод усяго незвычайнага, што спляталася ў яго ўвазе, і дождж гэты, які нейкі час ішоў вельмі спорна, адзначаўся як штосьці незвычайнае.

З тым, што ўбіраў увагаю, жыло ў Юрыю, таміла яго неспадзяванае і непрыемнае адчуванне нязвыклай сваёй кволасці, дробнасці, асабліва вострае ў параўнанні з усім агромністым, што грымела, раўло, прымушала паслухмяна хадзіць зямлю. У тым, незнаёмым, недасяжным разуменню сэрца, што было навокал, незнаёмым заўсёднаму, звыкламу быў ён і самому сабе. Быццам і сачыў за ўсім, і гнуўся трывожна, і стрымліваў недарэчныя дрыжыкі пад прамоклай ад кароткага дажджу гімнасцёркай не сам, не той, які быў заўсёды, а хтосьці другі.

Потым, калі выбухі пайшлі далей, калі шчуплы, з дзіўным бляскам у вачах камандзір узвода знакамі паказаў, што хутка ўставаць, ісці ў атаку, хоць Юрый кіўнуў як мог бадзёра, што помніць, не падвядзе,— ён адчуў, як у душы яго, гэтага нязвыклага, дробнага чалавечка, штосьці трывожна, самотна сціснулася. Быццам павінен быў хутка страціць штосьці дарагое, якое дасюль не толькі не цаніў, а нібы і не заўважаў і значэнне якога зразумеў толькі цяпер, так позна.

Сочачы за Праворным, чакаючы яго каманды, ён разам чуў, як ніколі, у сабе гэтае дарагое, да болю мілае, чуў, што гэта апошнія хвіліны, калі яны разам. Няпроста было яму, калі ён перахапіў загад неспакойнага, парывістага Праворнага, калі сам закрычаў аддзяленню — закрычаў, нібы чужым голасам,— устаць, у атаку, калі ён і яго аддзяленне з крыкам, што глух у роце, з вінтоўкамі і аўтаматамі ў руках, з рэчавымі мяшкамі за плячыма сталі ўзбірацца на беражок траншэі, пабеглі, не чуючы ног пад сабою, услед за грукатам, насустрач невядомасці.

Калі беглі, усё было па-ранейшаму разам: і адчуванне дробнасці, кволасці, і жаль, што астаўся ў душы, і ўзрушаная цікаўнасць. Але акрамя гэтага жыло ў ім, няхай між супярэчлівай сумяціцы, тое, што ён ведаў з нядаўніх павучэнняў і патрабаванняў, ён помніў гэта і цяпер як абавязковае, неадменнае, і яно вяло яго ўперад, насустрач невядомасці.

Ён ведаў, што адразу, як устануць, пабягуць, будзе міннае поле — нашае, што ў гэтым мінным полі сапёры парабілі праходы, што ісці трэба іменна ў гэтыя праходы, бо інакш можна падарвацца. Ён і бег там, дзе былі праходы, паўз салдат са сцяжкамі, міма сцяжкоў, уткнутых у зямлю,— бег так, быццам бег не сам, а нехта іншы. І быццам тое, што было, бачыў не сам, не сваімі вачыма, бачыў, як нешта недасяжнае сэрцу, чужое.

 

2

За мінным полем была пустэча, нічыя зямля. Казалі, на яе месцы калісьці красавалася вёска,— цяпер не было нават знаку печышчаў. Ніякага знаку ранейшага жылля. Толькі ямы ды выгары. За пустэчай пачынаўся невялікі ўздым, тут, у варонках, давялося легчы, аказалася, што сапёры не скончылі размініраваць праход у мінным полі, другім, нямецкім. Юрый бачыў, як нездаволена прылёг Праворны, як нешта запалена гаварыў, пэўна, лаяўся, што давялося спыніцца, траціць такі важны момант. Бачыў Юрый, як амаль адразу падбег да Праворнага салдат, відаць, сувязны з загадам. Праворны адказваў яму таксама нездаволена, горача, нецярпліва паглядваў у бок сапёраў. Ловячы гэта краем увагі, Юрый разам з тым з нязвыклым жалем чуў, як хораша, гаркава пахне яшчэ вільготная трава, бачыў, як кусток яе прарос праз нейкую ржавую бляху ўскрай даўняй варонкі. Чуў раптоўную палёгку, што прылёг, прытуліўся да зямлі.

З гэтымі адчуваннямі бачыў ён, як наперадзе, за ледзь прыкметным пагоркам, ужо за нямецкімі траншэямі, ускідваюцца стаўбуры выбухаў. Паглядваў з насцярожанасцю туды, да чужых траншэй, сачыў, як перад траншэямі, наўколенцах, спяшаючыся, завіхаюцца постаці — сапёры. Неспадзеўкі, не разумеючы, што гэта, убачыў, як сярод іх выбухнула раптам. У грукаце выбуху амаль не было чуваць, але ён мімаволі ўтуліў галаву: так гэта было блізка. Ён падумаў, што гэта б’е нямецкая гармата, але выбухаў за гэтым не было, і яму прыйшла здагадка: мусіць, узарвалася міна. Калі ён выглянуў, то ўбачыў, што там усе ляжаць, адны нерухома, іншыя, нясмела паглядваючы. Сярод іх замітусіўся адзін, штосьці закрычаў да іншых, стаў завіхацца зноў. Нясмела, з асцярогай, адзін за адным узяліся за сваё і іншыя, хто ўцалеў.

Калі ўсталі і кінуліся ў праход, быццам нерэальнае, немагчымае бачыў Юрый — крывавае месіва на дарозе, жахліва кароткае, без галавы, без рукі, з рэчавым мяшком. Беглі хапаючыся, сачыў, ці няма немцаў уперадзе,— таму заўважыў страшнае ў той момант, калі мала не наскочыў; ледзь управіўся збочыць нагою, каб не наступіць. Пачуў, як зрабілася млосна, трохі не падагнуліся ногі. Так дабег да верху пагорка, да першай нямецкай траншэі, ашалелы ад грукату, ад толькі што перажытага ўтрапення, цьмяна адзначыў, што навокал траншэі ўсё перакапана, паразварочвана выбухамі снарадаў. На дне яе ўбачыў некалькі трупаў, амаль засыпаных пяском.

За траншэямі блізка пачынаўся негусты, увесь пасечаны алешнік. Пачынаўся ўзболатак. Ледзь прайшлі алешнік, выткнуліся на голае, куп’істае балота, важка загрукалі выбухі. Па вострым, гнёткім свісце, што прарываўся ў грукаце, Юрый здагадаўся, што б’юць аднекуль нямецкія гарматы.

Той-сёй прыпыніўся. Юрый стаў таксама. Яму раптам нястрымна захацелася ўпасці на зямлю ці кінуцца назад, у бяспечнае месца. Стуліўшыся, уцягнуўшы галаву ў плечы, ён хапатліва, няцямна азірнуўся, потым выхапіў вачыма Праворнага, чакаючы падтрымкі ці парады. Малодшы лейтэнант, сціскаючы ў руцэ пісталет, махнуў нецярпліва наперад. Юрый, яшчэ гнучыся, штосьці крыкнуў байцам,— што, ён і сам не ведаў, і, стаіўшыся, замёршы ўвесь у чаканні, кінуўся ў страшны грукат і дым. Ён цьмяна, хваравіта адчуваў, што жыццё яго цяпер у незвычайнай, смяротнай небяспецы. Гэта было даўкае, бязлітаснае адчуванне, якое нацята лавіла кожны новы свіст, адзначала кожны выбух. «Яшчэ адзін... Яшчэ... Яшчэ...» Яшчэ мацней хацелася ўпасці, ушыцца ў зямлю ці кінуцца далей адсюль,— але ён адольваў гэтае жаданне і — у грукаце, у страху — бег, бег.

Калі выбухі засталіся ззаду, яму не палягчэла. Як і раней, ён недаверліва прыслухоўваўся, чакаў — жыла апаска, што ўсё зараз зноў паўторыцца. У ліхаманкавай сумяціцы пачуццяў і думак прабілася адна ясная думка: «Гэта, відаць, і было тое...» Думаць было цяжка, і думка абарвалася, давяршылася недзе ў падсвядомасці: тое грознае, бязлітаснае, што называецца — «быў у агні». Яму на міг успомніўся Мінск, першая бамбёжка там, прыціхлая было ў памяці за далеччу перажытага.

Насцярожаны, узрушаны, нацяты ўвесь, ён усё ішоў, насустрач небяспецы, насустрач невядомасці. Ішоў таму, што, помніў, трэба было ісці, не зважаючы ні на што. Ішоў таму, што трэба было ісці не толькі самому, але і весці другіх, аддзяленне. Ішоў таму, што блізка ішоў Праворны, яго надзея і яго павяліцель, яго камандзір. Таму, што абапал, як акінуць вокам, ведаў ён, рушылі многія такія, як ён. Ішлі, стралялі, лажыліся, уставалі, беглі.

Стараючыся не адставаць ад другіх, ён ішоў і ішоў.

 

3

Па меры таго як паглыбляліся ў размяшчэнне ворага, наступаць станавілася цяжэй. Хоць рушылі амаль адразу за артылерыйскімі выбухамі, якія, здавалася, змяталі са шляху ўсё жывое і нежывое, вораг яшчэ спрабаваў утрымацца. Калі выбухі аддаляліся, гітлераўцы, якім пад бетоннымі столямі і тоўстымі накатамі пашанцавала выратавацца, выпаўзалі наверх і секлі з кулямётаў і аўтаматаў...

На адзін такі заслон наскочыў і ўзвод Праворнага. Кулямётная чарга ўдарыла раптам так блізка, што Юрый ледзь управіўся кінуцца на зямлю. Яшчэ не разумеючы, што адбылося, ён адзначыў, што над ім, над самай галавой, нібы прайшоў гарачы, грымучы вецер.

Чуючы, што яго быццам апаліла жарам, намагаючыся аддыхацца, ён паспрабаваў зразумець, што здарылася. Чэргі нямецкага кулямёта рвалі паветра так блізка, што гукі стрэлаў, здавалася, стукалі па галаве. Справа, поблізу, чарга кулямёта зрэзала некалькі высокіх балотных сцяблін... Вось-вось,— яшчэ чарга, і кулі, напэўна, увап’юцца ў галаву, у плечы.

Ён трывожна адзначыў, што ляжыць на голым, небяспечна адкрытым месцы. Як на бяду, побач хоць бы кусточак, хоць бы варонка, якімі перарыта амаль усё балота,— каб можна было хоць трохі схавацца ад куль! Адны толькі бародаўкі-купіны ды балотная трава.

Да ўсяго вакол пачалі выбухаць нямецкія міны. Прыслухоўваючыся мімаволі да іх посвісту, Юрый стараўся асэнсаваць сваё становішча. Што з ім, ці не паранены? Не, здаецца, пакуль абышлося... Што з яго байцамі? Жывыя яны? Дзе яны цяпер?.. Ён асцярожна азірнуўся па баках і ўбачыў аднаго крыху правей ад сябе, ззаду,— гэта быў Шарыфутдзінаў. Ён вострымі вачыма штосьці высочваў з-за купіны. Злева ляжаў тварам уніз бялявы Куліш, на яго спіне тапырыўся новенькі рэчавы мяшок... Ляжаў нерухома...

Юрый вачыма адшукаў поблізу ямку і, па-ранейшаму ўціскаючыся ў зямлю, перасунуўся ў яе. Ямка была мелкая, напалову зацягнулася чорнай граззю, але Юрый усё ж адчуў сябе тут больш надзейна: хоць крыху, ды можна ўкрыцца. Цяпер ён пачаў турбавацца пра далейшае: колькі ж яшчэ ім прыйдзецца тут ляжаць?.. Чаго маўчыць Рыбалка з кулямётам? Чаго не страляе? Нельга марудзіць...

Час ішоў і ішоў, даўкі, бясконцы, а Рыбалка ўсё маўчаў, Юрыю заставалася адно гадаць, што з ім: патронаў няма ці, можа, загінуў?.. Не, патроны ён яшчэ не расстраляў. Няўжо ён загінуў?! Забіты?.. А што з другім нумарам?..

Пытанні ўзнікалі адно за адным, а адказу не было. Аднак галоўнае было вядома: кулямёт маўчаў. Што там ні здарылася, кулямёт маўчаў. У такі час, калі ні секунды не павінен быў маўчаць.

У гэтым незвычайным свеце Юрыя не пакідала нязменнае разуменне сваёй адказнасці за ўсё, што ідзе ў аддзяленні. Разуменне гэтае было цяпер куды больш складаным, чым раней, але яно жыло ў ім, патрабавала ад яго. Гэты кулямёт — яго, за яго ён, камандзір аддзялення, адказвае. І калі кулямёт не павінен маўчаць, Юрый абавязаны, каб ён не маўчаў, зрабіць усё неабходнае. І Юрый пачаў цяжка разважаць пра тое, што належыць зрабіць.

Яму прыйшло ў думкі: калі ўскочыць і хутка кінуцца да Рыбалкі, то варожыя кулямётчыкі, напэўна, не ўправяцца ўзяць на прыцэл. Трэба толькі выбраць момант, калі будуць біць кулямёты ў суседніх аддзяленнях...

Ён ведаў, што так трэба зрабіць. Неабходна зрабіць. Але гэтае разуменне натыкалася на асцярожлівае, страшнае: адразу як устанеш, нямецкі кулямёт паверне сюды. Ён прыстраляўся ўжо. Адной кароткай чаргі даволі. У Юрыя аж халадзела сэрца, дробна дрыжалі пальцы. Ніколі не было так трывожна і так брыдка на душы.

Чым больш ён думаў: трэба зрабіць, тым нібы больш прыціскала яго да зямлі. Не давала ўзняцца, страшыла тым, што будзе адразу, як ён устане. Брыдка было і ад страху, і ад назольнай думкі, што гэта ўсё, не інакш, бачаць. Бачаць, што ён, выходзіць, баязлівец. Самы нікчэмны баязлівец.

Ён намагаўся адолець страх і не мог. Не мог адарвацца ад зямлі, устаць; ужо амаль сабраўшыся ўскочыць, ён згадваў: кулямёт немца толькі і чакае. І зямля быццам прыцягвала больш, не адпускала. Ніколі так цяжка не было яму адольваць сябе — ні да гэтага, ні потым, за многія гады. На ўсё жыццё запомніўся той міг, калі ён, чуючы ў сабе адчайную рашучасць, разумеючы, што іншага выйсця для яго няма, раптам ускочыў, з усёй сілы пабег.

Ён упаў каля Рыбалкі на якую-небудзь долю секунды раней, чым прайшлася над ім чарга.

Здавалася, не хвіліну, а вечнасць зноў уціскаўся ён у зямлю, не мог паварухнуцца. Хапаў ротам паветра, не мог аддыхацца, усё задыхаўся. Чуў, як, поўнячы ўсяго, калацілася сэрца. Грымела мацней за ўсе выбухі.

Супакоіўшыся крыху, ён асцярожна павёў галавою, прыгледзеўся да Рыбалкі. Той ляжаў, уткнуўшы галаву ў балота, нібы хаваў яе. Над кволай шыяю, над шышачкамі пазванкоў заплывала крывёю шырокая рана. Убачыўшы аголеную, закрываўленую тканку, кроў, у якой бялелі асколкі касці, Юрый хутчэй адвярнуўся. Адчуў, што зноў робіцца млосна...

Стараючыся падтрымліваць тую дужасць, якую чуў, калі ўскочыў, бег сюды, помнячы абавязак свой камандзірскі, Юрый, прыкрываючыся Рыбалкам, непаслухмянымі рукамі выцягнуў незвычайна важкі кулямёт і адпоўз у бліжэйшую ад выбуху ямку, перавалок каробку з дыскамі.

Выбраўшы, як яму здавалася, зручную хвіліну, ён, спяшаючыся, прыцэліўся і хутчэй націснуў спускавы кручок. Кулямёт адразу паслухаўся, загаварыў, б’ючы, пругка торгаючыся, як жывы, нібы падтрымаў, даў дужасці Юрыю. Прыціскаючы прыклад, імкнучыся вытрымліваць лінію прыцэлу, Юрый адчуў радасць сілы.

Даўшы доўгую чаргу, ён адпусціў прыклад, апаў у варонку. Ляжаў цярпліва, пакуль нямецкі кулямётчык вёў па ім страляніну. Потым, пачуўшы, што перастаў страляць, паспрабаваў зноў узяць кулямёт, аднак ледзь узняў галаву, побач прайшлася чарга. Юрый доўга ляжаў моўчкі. Стрымліваючы нервовую дрыготку, узрушаны спрэчкай бою, ён вырашыў чакаць падалей. Ён разлічваў, што чым больш будзе маўчаць, тым менш пільным стане немец. Можа, нават падумае, што ён, Юрый, забіты. Вычакаўшы, Юрый зноў прыпаў да кулямёта, прыцэліўся. Даў чаргу туды, адкуль той біў. Схаваўшыся ў ямцы, стаў зноў чакаць адказу...

 

4

Камбат Паўлоўскі, заўважыўшы са свайго КП, што залегла рота, адразу пастараўся дапамагчы ёй. Ён загадаў камандзіру суседняй роты ўдарыць у фланг праціўніку. Тады ж камбат, доўгі, з доўгім качыным носам і рашучым падбародкам, нязменна з біноклем на грудзях, павярнуў свае крутыя плечы да шчупленькага артылерыста-капітана з чумацкімі вусамі, камандзіра прыданага артдывізіёна.

— Выручай, капітан. Эх, гады пячорныя,— прыціснулі маіх «самаварамі» і кулямётамі! Узняцца не даюць!.. Вунь, бачыш, крывое дрэўца, там, злева, побач — кулямёт... Лявей яшчэ два — адзін на два пальцы лявей хмызнячку. Бачыш?..

Капітан заклапочана падняў бінокль, стаў углядвацца, вызначаць месцы кулямётаў. Пакусваючы кончык вуса, позіркам некалькі разоў перасек балота, вымераў адлегласць. Моўчкі і важна разгарнуў палявую, завялікую для яго росту сумку, дастаў сшытак. Зрабіў нейкія свае знакі. Потым, дазваляючы камбату толькі назіраць за ім, коратка загадаў артылерысту-тэлефаністу даць «Амур».

Узяўшы трубку, ён, дробны, у вялікіх ботах, хрыплым, з басам, голасам пачаў камандаваць «Амуру» прыцэл, вугламер, зарад.

Наперадзе Юрыя спачатку па адным, прыцэльваючыся, потым купамі пачалі рвацца снарады. Яны праносіліся ўгары з імклівым, абнадзейлівым посвістам. Там, дзе былі чужыя кулямёты, выблісквалі ярасна-гарачыя агні, з громам ускідваліся рудыя грывы.

Неўзабаве пачалі біць гарматы і спераду, з нямецкага боку.

Юрый чуў, як усё мацнее артылерыйскі паядынак. Вось ужо ў бой уступілі нашы цяжкія гарматы. Яны пачалі біць па нямецкай артылерыі,— іх выбухі грымелі далёка за пазіцыямі пяхоты. Ад гэтых выбухаў уздрыгвала зямля. Слухаючы магутны грукат, які ўсё мацнеў наперадзе, Юрый нібы дужэў. Вунь колькі артылерыстаў заступілася за іх...

Нарэшце нямецкія кулямёты сціхлі. Калі Юрый, трымаючы ў руках кулямёт, узняўся, адразу і не верылася, што яны не загавораць. Але яны маўчалі.

І, хоць навокал па-ранейшаму кіпела вялікая бітва, Юрыю здавалася, што настала цішыня.

Праворны ўстаў, звыклым рухам выцер локці, паправіў пілотку. Азірнуўся ўправа, улева, махнуў рукою ўздымаць байцоў, весці наперад.

Але падымаць і не трэба было. Убачыўшы, як усталі Юрый і Праворны, байцы, хто застаўся жывы, самі пачалі ўздымацца. Па затравелай, падатнай глебе, па куп’і, хлюпаючы ў вадзе, а часта і грузнучы па пояс, зноў пайшлі наперад.

Юрый, стараючыся ісці ў рост, ісці так, як і належыць камандзіру, мімаволі падтрымліваў у сабе тую цяжкую смеласць, якая патрэбна была, каб годна ісці наперад, весці іншых. Нялёгка хаваючы тое, што супярэчыла гэтаму ў ім, ён усё ж ішоў з асцярогай, чула ўглядваўся, услухоўваўся, зноў мімаволі чакаў страшнага. Але ён бег, і падаў, і ўскокваў, а гэтае страшнае, на шчасце, не чапляла яго.

Між тым наблізіліся да альховага хмызняку. Вось-вось павінны былі ўскочыць у яго...

І тут, калі заставалася некалькі крокаў, да Юрыя раптам збоку штосьці паляцела. Юрый не зразумеў, што гэта, але жвавы, спрытны Шарыфутдзінаў ірвануў яго да сябе і кінуўся з ім на зямлю. Ледзь управіліся ўпасці, побач ударыў выбух.

Інстынктам чуючы, які дарагі кожны міг, Юрый, лежачы, хапаючыся, адчапіў ад пояса «лімонку», кінуў за альховы куст. Туды, адкуль кінулі гранату. Ледзь яна выбухнула, ухапіў кулямёт — даў туды чаргу.

Перачакаўшы момант, ускочыў, трымаючы перад сабой кулямёт, насцярожана зазірнуў за куст. Поблізу, каля траншэі, ляжалі два забітыя ў шэрых мундзірах. Адзін немец выбіраўся з акопчыка, намерваючыся ўцячы, але, убачыўшы пехацінцаў, падняў рукі.

Далей у кустах ішла аўтаматная перастрэлка. Потым адтуль прывялі яшчэ некалькі палонных.

Выгляд у іх быў устрывожаны. Глядзелі ўжо спалохана, рук не апускалі. Нібы малілі аб літасці. Салдат з белай грывай, без пілоткі і без мундзіра, у заплямленай граззю майцы плямкаў губамі, штосьці мармытаў.

— Чалавек: галава, два вухі,— пагардліва сказаў Шарыфутдзінаў.

— Малітву, ці што, ён шэпча? — здзівіўся Юрый, запытальна пазіраючы цыганскімі, як у бацькі, вачыма на Праворнага.— Думае, мусіць, што бог паможа яму?.. Успомніў!..

— Наш «бог вайны» напомніў! — без усмешкі прамовіў Праворны.

Юрый упершыню бачыў іх так блізка. Ён пазіраў на іх, як на незнаёмыя істоты — «вось яны якія!». Яшчэ ўсхваляваны тым, што смяротная небяспека ледзь мінула, ён пільна агледзеў салдата, якога ўзялі раней: хто кінуў гранату? Ці не гэты?

Хоць стаялі яны перад ім упершыню, у яго была да іх даўняя, укаранелая нянавісць. Ён ненавідзеў іх асабліва з таго дня, калі ўбачыў сваю маці пад абломкам сцяны, якую разбурыла бомба з «юнкерса»...

Праворны адправіў палонных у тыл.

 

5

Пад поўдзень рота заняла боем рад траншэй на ўскраі лесу. Уся зямля тут была перакапана безліччу варонак. У неглыбокіх, аплеценых лазою траншэях на дне блішчэла рэдкая балотная гразь. У гэтай гразі, у варонках і ў траве каля траншэй валялася многа трупаў, ранцаў з рудой цялячай скуры, газеты, часопісы са здымкамі.

Заняўшы ўвесь лясок, рота вымушана была пры ўзлессі прыпыніцца. Байцы пачалі хутка акопвацца. Увесь час білі варожыя гарматы, але снарады рваліся недзе ззаду пазіцый пяхоты. Юрый таксама ўзяўся капаць акопчык, выкапаў да пояса, так, каб можна было прыхавацца. Ведаў, што стаяць тут будуць нядоўга. Выткнуўшы з краю акопа кулямёт, ён на хвіліну прысеў перадыхнуць. Цяпер, калі трохі стала спакайней і можна было сабрацца з думкамі, з пачуццямі, ён упершыню ясна, свядома адчуў, як многа перажыў і пераадолеў за некалькі гадзін. Узрушаны агромністасцю таго, у чым ён сёння браў удзел, ён быў уражаны не менш тым, як пры ўсёй вялікай сіле арміі цяжка на вайне кожнаму чалавеку. І ад таго, што ён адолеў столькі, так неверагодна многа, ён здаваўся сабе не зусім звычайным, нібы падрослым раптам, пастарэлым нават. Нібы зрабіў ужо штосьці вельмі значнае.

Разам з тым гняло яго і нязвыклае, прыкрае разуменне таго, што жыццё яго не такое трывалае, як ён думаў заўсёды да сённяшняга дня. Але ён не даў волі гэтаму разуменню, ён цяжка сціснуў яго ў сабе. Няма чаго думаць пра гэта...

Ён зняў боты, каб выліць з іх ваду, якая прыкра хлюпала, і выкруціць мокрыя анучы. Ногі пакрыліся быццам рубцамі ржы, а анучы зусім парудзелі.

Толькі ўправіўся пераабуцца, як яго паклікаў да сябе Праворны. Малодшы лейтэнант, як і Юрый, мокры да пояса, з мокрымі рукавамі, з чубком раскіданых і звіслых на лоб глянцавітых каштанавых валасоў, сядзеў каля камля дрэва, зламанага снарадам. Вяршыня дрэва ляжала тут жа, на траве. Перад Праворным былі малодшы лейтэнант з суседняга ўзвода і тоўсты, пануры ротны старшына. Праворны сядзеў заклапочаны, але з выглядам бадзёрага чалавека: яго карыя вочы, як і раней, здавалася, пасмейваліся. Юрыю было дзіўна бачыць яго звычайным пасля такой гераічнай работы.

Праворны цяпер замяняў камандзіра роты, якога паўгадзіны назад разарвала міна, што прыляцела з варожага боку.

Адпусціўшы малодшага лейтэнанта, Праворны, не змяняючы выразу заклапочанасці, моршчачы па-юнацку чысты лоб, спытаў Юрыя пра страты. Юрый далажыў, што аддзяленне страціла шэсць чалавек: чатыры ранены, двое забіты.

— Падшукай кулямётчыка яму,— сказаў Праворны старшыне.— Яшчэ вось што,— Праворны павярнуўся зноў да Юрыя. Але тут вырваўся раптам імклівы грукат. Юрый мімаволі ўтуліў галаву: нізка, амаль чапляючы крыллямі за вяршыні дрэваў, незвычайна вялікія, чорныя, выхапіліся, пранесліся некалькі самалётаў. Ён запознена павёў услед ім позіркам. Штурмавікі.

Праворны заклапочана вярнуўся да перарванай гаворкі:

— Вось што — мы атрымліваем папаўненне. Табе таксама прышлём... Сачы за імі, памагай, пакуль абвыкнуцца. Многія з іх, мабыць, упершыню будуць. Так што трэба мець на ўвазе...

Ён запытаў, колькі аддзяленню Юрыя трэба патронаў і гранат, і загадаў, каб старшына зараз жа ўсё даставіў яму.

— А ты малайчына, Туравец,— як бы выпадкова прамовіў ён напаследак.

Юрый хоць узяў гэтыя словы знешне стрымана, узрадаваўся ім, як цяжка здабытай узнагародзе.

— Добра трымаешся!.. Адказнасць адчуваеш за справу: за кулямёт лёг. Гэта таксама добра... Прадаўжай так і далей!..

— Ясна,— адказаў Юрый, падбадзёраны добрым словам Праворнага.

У такім настроі сержант вярнуўся ў сваё аддзяленне, праверыў, як яно размясцілася.

Хутка падышло папаўненне. Юрый пазіраў на яго ўжо, як бывалы франтавік, не заўважаючы ў сабе гэтай змены, і «навічкі» адносіліся да яго таксама з давер’ем і павагай. Ён размеркаваў «навічкоў». Аднаму з іх Юрый перадаў кулямёт Рыбалкі.

Крыху ззаду, дзе снарады пакінулі толькі пасечаныя камні і мешаніну галля, усталёўваліся мінамётчыкі. Яны ўстанаўлівалі важкія зялёныя пліты і трубы, падносілі скрынкі з мінамі. Потым падышлі лясной прасекай палкавыя артылерысты, расчырванелыя, змораныя; гарматы глыбока грузлі ў балоце, іх цягнулі метр за метрам.

Адзін з артылерыстаў — яфрэйтар — падбег да Юрыя, папрасіў закурыць.

— Запалкі ёсць? — запытаў Юрый, дастаючы з кішэні пачак махоркі. Ён ніколі раней не курыў, але цяпер чамусьці хацелася курыць.

Закурылі. Яфрэйтар адразу пабег да сваіх гармат, дзе артылерысты браліся капаць раўкі.

Зноў пацямнела, пайшоў спорны, недарэчны дождж. Дзіўна было бачыць, што багата ў каго на плячах паявіліся плашч-палаткі, што хтосьці быў здатны на такі дробны, нікчэмны клопат. Юрый быў нібы рад, што дождж лье, што можна мокнуць, яму прыемна было чуць, як ліпне да плеч, халодзіць спіну вымаклая гімнасцёрка.

Яшчэ ішоў дождж, калі снарады праціўніка пачалі часта рвацца навокал. У лесе пайшоў няспынны, памножаны на розныя галасы гул. Пэўна, ад дажджу гул гэты быў прыглушаны, нібы важчэйшы. Тады, як выбухала і гуло, падбег, прыгнуўшы галаву і крутыя плечы, камбат Паўлоўскі і перадаў загад падрыхтавацца адбіваць контратаку. З камбатам было два байцы — ардынарац і, мусіць, сувязны.

Дождж цяпер быў не моцны, і за шараватым полагам яго азначыўся зноў брудны, паўзучы дым ад падпаленага, — відаць, снарадамі — торфу. Там між дыму ўжо варушыліся невыразныя абрысамі, быццам нерэальныя постаці. Постаці гэтыя ўсё збіраліся, усё падцягваліся на нявідны рубеж. Зыходны для атакі рубеж...

Агледзеўшы пазіцыю ўзвода, камбат загадаў перанесці два кулямёты на левы фланг. Юрый, паглядваючы час ад часу ў бок немцаў, адплёўваючы ваду, што аплывала з пілоткі, са лба, цякла ў рот, пахапліва курыў. Выбухі ўзнікалі ўсё часцей і часцей.

— Не курыў раней? — запытаў раптам камбат, пачуўшы, як Юрый закашляўся.— Не куры... Здароўе папсуеш,— сказаў ён павучальна, як старшы малодшаму.— Ну, камандуй!

Ён паслаў сувязнога з нейкім даручэннем у суседнюю роту, а сам подбегам падаўся да КП. Тут ён звязаўся з камандзірам кулямётчыкаў і загадаў перакінуць чатыры кулямёты да Праворнага.

Капітан-артылерыст з чумацкімі вусамі, стоячы за дрэвам каля КП, назіраў за выбухамі сваіх снарадаў, часам ён падбягаў да тэлефаніста і перадаваў «Амуру» папраўкі.

— Бачыш, капітан, дзе яны збіраюцца? — запытаўся камбат.

— Бачу. Няхай, няхай збіраюцца! Я зараз вермішэль з іх зраблю!

Юрый з мелкага акопчыка бачыў, як варожых пехацінцаў, якія ўзняліся і рушылі сюды, да ляска, раптам ахапілі дым і полымя выбухаў. Білі гарматы прыданага дывізіёна, пачалі біць палкавыя батарэі, мінамёты. Некалькі дзесяткаў салдат узняліся, бегам рушылі да роты Праворнага. Не дабеглі. Прыкметна парадзелымі радкамі запынілі бег, залеглі. Пачалі адпаўзаць назад.

Тады батальён паспрабаваў прабіцца далей. Але немцы трымаліся па-ранейшаму ўпарта...

Седзячы ў гразкім акопчыку, над якім роем віліся надакучлівыя камары, Юрый зноў бачыў, як пад хмурным небам наперадзе штурмуюць ворага «ІЛы»...

Прыйшоў пануры старшына і аб’явіў, што падвезлі тэрмасы з абедам. Юрый загадаў вылучыць двух чалавек атрымаць абед... Ён толькі тут успомніў, што звечара нічога не еў.

Але есці і не хацелася. Ці да таго было яму, калі яго поўнілі такія нязвычныя, непадатна агромністыя ўражанні.

Ён не заўважыў, як падышоў Праворны. Прысеўшы на край акопчыка, спусціўшы ў акопчык ногі, Праворны на момант прыслухаўся да блізкага артылерыйскага грукату, што ўсё мацнеў ззаду.

— Чуеш? Артылерыя пачынае... Толькі што званіў камбат — трэба рыхтавацца. Хутка пойдзем, улічы!

Зноў пачынаў сеяць дождж.

 

6

Калі перадавыя падраздзяленні аддаліліся, генерал-маёр Шчарбацюк загадаў перанесці НП на новае, падрыхтаванае ўжо месца. Ён узяў папку з картай і, спусціўшыся з узгорка, на якім быў ранейшы НП, з групай штабных афіцэраў пайшоў наперад.

Пад нагамі ўгіналася забалочаная зямля, зацягнутая разнатраўем, хлюпала вада. Амаль на кожным кроку віднеліся сляды нядаўняй бойкі — варонкі ад снарадаў, ад бомб, ад мін, парваныя дротавыя загароджы, кінутыя нямецкія супрацьгазы, падобныя на тэрмасы. Усюды валяліся трупы.

Увесь час плылі і плылі самалёты — адны ў бок пярэдняга краю, другія вярталіся назад. Плылі вялізнымі і маленькімі стаямі, высока ў блакітным небе і нізка, над самымі дымамі бітвы. У небе было цёмна ад іх.

Ішлі мінамётчыкі, згінаючыся пад цяжарам пліт, труб і скрынак з мінамі. Напінаючыся з усіх сіл, коні цягнулі цяжкія павозкі...

Генерал, грузны, рыхлаваты, з жыватом, прасачыў, як некалькі артылерыстаў сунулі гармату, якая грузла амаль да восі, сказаў начарту1 дывізіі:

— Адстае твая тэхніка... Ці ўправішся ты падцягнуць усе ствалы ў час?

Начальнік артылерыі, смуглявы чарнабровы падпалкоўнік, адказаў:

— Усе процітанкавыя і лёгкія паспею.

Пад НП была занята варожая траншэя ў хмызнячку, на ледзь прыкметным пагорку. НП не падабаўся генералу, але знайсці лепшае месца на гэтым балоце было немагчыма.

— Ну, як сувязь? — запытаўся генерал у сувязіста-лейтэнанта.

— Сувязь устаноўлена, таварыш генерал...

Месца, дзе выбралі НП, было пад шалёным артабстрэлам. У розных баках ад НП ірваліся снарады і міны, раскідваючы балотную гразь. Магчыма, не трэба было рабіць НП так блізка ад ворага, але Шчарбацюк улічыў тое, што палкі наступаюць...

— Звяжыся з палкамі, удакладні абстаноўку,— загадаў ён падпалкоўніку — начальніку разведкі.

Генерал рыхтаваў новую атаку на варожыя пазіцыі. Дывізія заняла першую лінію ворага, а месцамі пачала штурмаваць другую. Аднак праціўнік трымаўся яшчэ моцна, асабліва на цэнтральным участку, дзе ён прыпыніў полк Сібірака. Генерал стаў гаварыць з Сібіраком сам:

— Контратакуе Сібірака!.. От, скажэнны! — Ён звярнуўся да начарта: — Дадай Сібіраку дывізіён. Толькі адзін! Іншых рыхтуй да атакі...

Шчарбацюк зняў фуражку, выцер лысіну, медны карак.

— Ну, дзянёк!.. Угрызаешся, як у пароду, у гадзіну — крок.

Генерал стаў пазіраць на поле бітвы. Была хвіліна, як здавалася камдыву, незвычайнага ў гэты гарачы дзень зацішша ў яго дывізіі. Праўда, назваць гэта «зацішшам» мог толькі хіба такі цярплівы, прывыклы да бою воін, як Шчарбацюк. Як і раней, наваколле грымела ад выбухаў і стрэлаў гармат, у прамежкі між якімі ўрывалася чачотка кулямётаў. Над варожымі пазіцыямі ўзляталі кусты дыму і полымя. Але генерал усё ж меў рацыю: гэта было адноснае зацішша. Зацішша ў буры. Больш за палову гарматных ствалоў, што стаялі сярод хмызняку на ўчастку, які займала дывізія, маўчалі. І баявыя палкі, акрамя Сібірака, таксама маўчалі. Але чарга іх набліжалася.

Поблізу ад генерала, у суседнім акопчыку, быў наводзячы ад авіячасці, прыданай дывізіі, рослы флегматычны з выгляду лейтэнант. Ён сядзеў каля рацыі, трымаючы ўвесь час сувязь з палком, і, здавалася, нешта ціха насвістваў.

— Праз дваццаць адну хвіліну пачнём атаку,— сказаў камандзір дывізіі, падышоўшы да яго.— Перадай сваім, каб былі напагатове.

— Добра. Зараз перадам.

— Сігнал для абазначэння пярэдняга краю — дзве белыя ракеты. Не пераблытай квадраты... Начальнік разведкі ўдакладніць табе абстаноўку.

Шчарбацюк паклікаў падпалкоўніка.

Непадалёк ад гарбка ішлі павозкі са снарадамі. Яшчэ некалькі цягнулася ззаду ад іх. Коні грузлі. Ездавы пярэдняй павозкі размахваў пугаю і крычаў штосьці на каня, які пяўся з усіх сіл. За павозкай ішлі, папіхаючы яе, два пехацінцы.

— Марудна, другі мае, наступаеце,— заўважыў генерал пехацінцам, калі тыя, уз’ехаўшы ўжо на выспачку, прывіталі яго.

— Дык балота ж, таварыш генерал-маёр... Вось выйдзем на цвёрдую зямлю, тады — аж пыл закурыцца! — аптымістычна адказаў адзін з салдат.

— «Выйдзем на цвёрдую»... Колькі ж вы будзеце так выходзіць!

Генерал зірнуў на гадзіннік,— заставалася семнаццаць хвілін. На НП Шчарбацюк звязаўся з камандзірамі палкоў, правяраючы, ці падрыхтаваліся ўсе, зверыў свой гадзіннік з гадзінікам начарта.

— Што ж, дарагі, палкі гатовы... Табе засталося шэсць хвілін.

Начальнік артылерыі ведаў, што калі генерал сказаў: шэсць, значыць — шэсць, ні секунды менш ці больш. Шчарбацюк быў, пры ўсёй сваёй марудлівасці, на дзіва дакладны.

Роўна праз шэсць хвілін забухалі гарматы. Некаторыя з іх стаялі так блізка ад НП, што тэлефаністы і лётчык вымушаны былі прыкрываць вушы далонямі, каб чуць з трубак адказы. Над пазіцыямі праціўніка суцэльнай сцяною заклубіўся дым. Адтуль адказалі на нашу страляніну некалькімі залпамі,— паўдзесятка снарадаў лягло каля агнявой пазіцыі бліжэйшай батарэі.

Камандзір дывізіі падышоў да лётчыка:

— Падымай, лейтэнант, у паветра сваіх летуноў.

Штурмавікі пранесліся так нізка, што рокат іх на хвіліну заглушыў усе гукі вайны. Праз кіламетры два з паловай яны развярнуліся і пайшлі ўсцяж пярэдняга краю, расстрэльваючы праціўніка з кулямётаў і гармат. Адсюль было відаць, як з самалётаў выкідваюцца вострыя язычкі полымя. Раз-пораз чуліся выбухі бомб...

— Пайшла, царыца палёў і балот! — сказаў падпалкоўнік-разведчык, гледзячы наперад.

Там былі відаць пехацінцы, тысячы пехацінцаў з мяшочкамі за плячыма, са зброяй, яны паступова аддаляліся. На іх шляху нярэдка ўскідваліся дымы выбухаў, але людзі не спыняліся. Павольна і ўпэўнена яны ўсё ішлі ды ішлі...

Вось яны ўжо дабраліся да пагорка, і тут хваля пяхоты, як марская хваля, ударыўшыся аб бераг, спынілася. Шчарбацюк, што нязводна сачыў за сваёй пяхотай, пачаў хвалявацца — на шчоках з’явіліся белыя плямы. Ён вынуў кісет, панура зацягнуўся едкім дымам самакруткі.

З гэтым астраўком прыйдзецца павалтузіцца. Не так проста вытурыць адтуль ворага. Шчарбацюк непакоіўся, як бы яго дывізія, заваждаўшыся з узгоркам, не адстала ад суседзяў. Гэта было б для яго найвялікшай ганьбаю. Ён уявіў, як бы адгукнуўся на вестку пра гэта камандарм: «Я так і ведаў... Ён толькі хваліцца майстар!»

Генерал выклікаў авіяцыю, і над астраўком з’явіліся нашы пікіроўшчыкі. Змяняючы адзін аднаго, яны кідаліся з гары на нябачныя адсюль цэлі. Не перастаючы, па тых жа месцах біла артылерыя. Усё ўдалечы зацягнула дымам.

Шчарбацюк загадаў выклікаць да тэлефона Скорабагатага, полк якога правым флангам наступаў на ўзгорак, але лейтэнант-сувязіст зморана адказаў, што сувязь з палком перарвана.

— Трэці раз! Толькі што паправілі і зноў...

— Хоць бы і дзесяты раз, дарагі... Мне патрэбен Скорабагаты!

Лейтэнант хацеў сказаць, што там, на лініі, ужо ёсць салдат, якога ён нядаўна паслаў, але стрымаўся. Зірнуўшы на генерала, сувязіст пайшоў подбегам усцяж провада следам за байцом»

Каля кустоў алешніку лейтэнант убачыў збялелага тэлефаніста, які поўз каля провада, цягнучы акрываўленую нагу.

— Снарад... блізка...— прашаптаў баец з намаганнем.— Нага... як у агні...

Ён сам сабе наспех зрабіў перавязку, напэўна, адразу пасля ранення. Лейтэнант сказаў, што зараз вернецца, і, спяшаючыся, занепакоена пабег далей. Поблізу ён знайшоў абрыў,— каля провада чарнела варонка, якая напалову заплыла тванню. Сувязіст нацягнуў правады з абодвух бакоў, абчысціў ножыкам парваныя канцы і, злучыўшы іх, абматаў клейкаю ізаляцыйнай істужкай.

Праз хвіліну Шчарбацюк слухаў хуткую гаворку Скорабагатага. Наступленне па правым флангу затармазілася, і гэта ставіла пад пагрозу фланг Сібірака.

— Дзоты? — перапытаў генерал-маёр, густа-барвова чырванеючы.— Спачуваю! Непрыемнасць такая!..

Усе, хто ведаў натуру камандзіра дывізіі, адчувалі, што падступае выбух гневу. У дабрадушнага Шчарбацюка роўны, лагодны настрой часам рэзка перарываўся, змяняўся выбухам гневу. У такія хвіліны генерал станавіўся гарачым і нястрыманым,— нібы ўсё, што капілася многія дні, выбухала адразу.

Гэтых выбухаў у дывізіі ўсе баяліся.

— У цябе, душа мая, артылерыі на цэлую дывізію! Больш як на дывізію! Такая сіла! І ты не можаш з такой сілай закрыць ім зяпы!.. Нялёгка? Спачуваю! — у голасе камдыва чулася кіпенне.— Але, каб было лёгка, нам тут не было б чаго рабіць!..

З самага маленства ён жыў нялёгка. У пятнаццаць год ён, абліваючыся гарачым потам, ужо ганяў ваганеткі як адкатчык. Праз два гады стаў сам рубіць вугаль, у цёмнай пячоры ўядаўся жалезам у непадатную цвёрдасць. Шахцёры ніколі не скардзіліся на цяжкасці, ён таксама не гаварыў пра гэта. Больш таго, ён не разумеў, што такое лёгкае жыццё. Былы вугальшчык з-пад Новачаркаска, настойлівы і ўпарты, ад той пары захаваў прывычку спакойна адольваць усё. Хоць ведаў, што Скорабагатаму сапраўды цяжка, ён адчуваў непрыхільнасць да камандзіра палка, які паскардзіўся.

— Не разумею гэтага чалавека! Гонару мала! Я б разбіўся, а не стаў бы скардзіцца, а ў яго вечныя скаргі. Баба!..

Генерал звязаўся з Сібіраком.

— Павярні дзве крайнія роты і дывізіён артылерыі направа — дапамажы Скорабагатаму.

На нейкую хвіліну ён падумаў, як ацэніць сённяшнія дзеянні камандарм,— пры ўспаміне пра камандарма Шчарбацюку стала неспакойна. Успомніліся словы Чарняхоўскага — «...а што вы скажаце, таварыш генерал... справіцеся?». Ён падумаў, што Чарняхоўскі, відаць, уважліва сочыць за яго дывізіяй...

Камандзір дывізіі падышоў да лётчыка.

— Пяць «Ільюшыных» на правы фланг,— ён назваў квадрат.

Пазваніўшы Скорабагатаму, генерал-маёр сказаў, каб той абазначыў свой пярэдні край.

 

1 Начальніку артылерыі.

РАЗДЗЕЛ ІІ

 

1

Туравец прыпыніўся, выняў з кішэні гадзіннік і чыркнуў запальнічкай. У варухлівым святле акрэсліўся кружок цыферблата.

«Спазніўся!»

Звычайна ў гэты час ён быў каля радыёпрыёмніка, слухаў зводкі Інфармбюро. Сёння ж Туравец затрымаўся — партыйны сход у атрадзе, з якога ён цяпер ішоў, зацягнуўся. «Ну што ж, даведаюся ад Габдуліна»,— падумаў Туравец, дзьмухнуўшы на запальнічку. Ён збавіў крок, пайшоў спакайней.

Сцежкі амаль не было відаць, ад дрэваў, якія маўкліва ціснуліся абапал вузкай дарожкі, тут панавала такая цемрадзь, якая можа быць толькі ў лесе і то хіба летнім вечарам. Толькі таму, што Туравец добра ведаў дарогу, ён ішоў не збіваючыся.

Падыходзячы да лагера, ён яшчэ здалёк пачуў там гоман і здзівіўся. У гэты час у лагеры заўсёды было ціха. Значыцца, нешта здарылася, і да таго ж — незвычайнае. Ён заспяшаўся, стаў нецярпліва ўслухоўвацца. Хутка ў агульным шуме вылучыліся асобныя, больш моцныя галасы, але як ён ні стараўся, ніводнага слова нельга было разабраць. Усё ж чуваць было, што шум гэты радасны, незвычайна вясёлы. Тураўца ўзяло прадчуванне шчасця, такое нецярплівае, што ён ледзь не кінуўся бегчы. «Няўжо ж пачалося?»

Недалёка ад лагера Тураўца спыніў вартавы. Ён аклікнуў з цемры, нявідны між дрэвамі, і толькі калі Туравец адгукнуўся, падышоў блізка.

— Чаго гэта, браце, у нас расшумеліся там, як на маёўцы?

— Не ведаю, таварыш камісар... Ды там ужо даўно так,— мусіць, з паўгадзіны... Штосьці дзіўнае робіцца. Эх, а ў мяне як на тое — гэта варта!.. Ды каб хоць змену прыслалі, а то яны могуць і забыцца...

Туравец заспяшаўся да лагера.

Каля зямлянак усюды стаялі групкамі людзі, весела перагаворваліся. Наводдаль нехта заводзіў песеньку,— чалавек, відаць, быў падвыпіўшы. Туравец, не распытваючы нікога, накіраваўся проста да штабной зямлянкі, спадзеючыся пра ўсё даведацца ад Ермакова. Па асобных словах, якія ён лавіў на хаду, камісар ужо здагадаўся, што пачалося наступленне. Ад адной групкі данеслася слова «Віцебск», і ён падумаў, што наступленне ідзе пад Віцебскам. Але ці толькі пад Віцебскам? Камісар ужо не ішоў, а бег.

Акрамя камбрыга ў зямлянцы ціснуліся яшчэ некалькі чалавек. Як і ва ўсім лагеры, тут было незвычайна ажыўлена і шумна — гаварылі голасна, перабіваючы адзін другога, смяяліся. Калі камісар, цяжка дыхаючы, увайшоў, увесь гэты тлум на хвіліну сціх.

— Эх ты, інфармбюро! — сказаў Ермакоў з урачыстай усмешкай на паўнаватым твары.— Паведамляў, паведамляў, а самае галоўнае прамаргаў!..

— Пачалося, значыцца?!

— А ты яшчэ не ведаеш? — здзівіўся Габдулін, пазіраючы вузкімі вачыма чамусьці не на камісара, а на таварышаў.

— Так, камісар, наступленне! — прамовіў Ермакоў. Такім узрушаным Туравец бачыў яго ўпершыню.— Вялікае наступленне. Пад Віцебскам! Трэці Беларускі і Першы Прыбалтыйскі бяруць фрыцаў у «клешчы». З паўночна-заходняга кірунку і з поўдня.

Ермакоў па-ваеннаму адрывіста, з амаль дзіцячай радасцю стаў пераказваць змест зводкі. Камбрыг запомніў яе, здаецца, слова ў слова.

— Віцебск не занялі яшчэ?

— Не, пакуль пра гэта не перадавалі. Але зоймуць!

— Не сумняваюся, Дантон любы!.. Слухай, камандзір,— схамянуўся Туравец,— пры такім выпадку трэба было б мітынг. Сабраць людзей.

— Спазніўся,— адказаў замест камбрыга Дрозд, што моўчкі стаяў сярод камандзіраў.— Мы тут ужо зрабілі... Ды і без мітынгу людзі цяпер самі тое... мітынгуюць...

— А ў другія атрады конных паслалі?

— Паслалі... Я, прызнаюся, на радасці не здагадаўся, дык прыбег Крайко: «Камбрыг, кажа, загадай людзям завезці гэтую вестку ў іншыя атрады».— «Правільна,— кажу.— Ляці ў «Радзіму». Толькі без лішняга шуму там — каб не перапалохаў уночы ўсіх...» Ён ужо даўно там... А ты яго не сустракаў? — запытаўся Ермакоў.— Не бачыў?.. Ты па сцежцы ішоў? І ён там, не інакш,— як жа вы маглі размінуцца?

— Бачыш, камісар, і тут ты спазніўся. Але ў адным ты ўсё ж не спазніўся.— Габдулін хітравата падміргнуў Ермакову і аднекуль з кутка выняў пляшку самагонкі.

 

2

Камбрыг раптам схамянуўся,— на твары яго з’явіліся вінаватасць і няёмкасць.

— Табе, Нічыпар Паўлавіч, пашанцавала яшчэ на адзін падарунак... Даруй, што не сказаў адразу. Адгадаеш?

Які падарунак яшчэ? Можа... пісьмо ад Юрыя, якога ён ужо даўно чакае? «Не, мусіць, штосьці іншае»,— падумаў ён, больш за ўсё жадаючы, каб гэта было іменна пісьмо.

— Не, відаць, не адгадаю...

— Ад сына! Вось! — Ермакоў падаў Тураўцу адразу два канверты.— Са штаба злучэння прыслалі...

Камбрыг заўважыў, як здрыганулася працягнутая рука Тураўца. Выраз шчасця, які асвятліў твар камісара ў першы момант, змяніўся непакоем, Туравец, было прыкметна, хваляваўся. І гэта так падзейнічала на ўсіх, што ў зямлянцы адразу стала ціха. Усе сачылі за камісарам. Ён разгарнуў адзін трохкутнік і прагна прабег вачыма некалькі паспешлівых, напісаных зялёным алоўкам радкоў: «Пішу з дарогі... цягнік вязе нас у той бок, дзе ты... хутка, напэўна, і я пачну ваяваць... будзем разам...» Схапіўшы нецярпліва галоўнае, паспакайнелы, Туравец стаў чытаць ліст у другі раз, цяпер павольней, слова ў слова. У скронях горача стукала: «Значыць, і Юрый — на вайне». Ён думаў пра гэта і з гонарам, што ў яго сын ужо на фронце, і з трывогаю. Любы хлопец, хто лепш за мяне ведае, як табе будзе цяжка! І небяспечна. У такія маладыя гады!

Ён асцярожна адкрыў другі канверцік — пісьмо было напісана тыдні на два раней за першае. Юрый пісаў пра сваё жыццё ў вучэбным палку.

— Юрый — на фронце...— Туравец сказаў гэта стрымана, але многія адчулі, як ён узрушаны.

Раптам, нібы адганяючы трывогу, Туравец рашуча ўзняўся.

— Трэба зайсці ў друкарню. Як там з газетаю, ці ўправяцца надрукаваць да світання? Раён чакае...

— Усё-такі адну справу мы, выходзіць, празявалі!..— прызнаўся Ермакоў.

Туравец выйшаў; на адзіноце падумаў: «Юрка, мусіць, таксама наступае там...» У друкарні зводку ўжо кончылі набіраць, рэдактар газеты нешта пісаў. Лісток быў увесь перакрэслены.

— Нічога не атрымліваецца,— сказаў у роспачы рэдактар, як толькі ўбачыў камісара.— Не магу! У сэрцы — агонь, а тут пустата! Пратакол! Квас!..

Туравец сеў за столік. Ён быў добрым прамоўцам, і яго палкія, разумныя выступленні моцна дзейнічалі на людзей. З алоўкам у руцэ ён адчуваў сябе менш упэўнена,— на паперы словы, здавалася, трацілі сваю запальную сілу. Акрамя таго, трэба было напісаць коратка, вельмі сцісла, пра галоўнае. Як у маўклівых, скупых словах выказаць тое агромністае, багатае пачуццё, якое хвалюе яго?

Так, газетчык гаворыць праўду — патрэбны нейкія асаблівыя словы... Туравец некалькі разоў пачынаў, але, напісаўшы два-тры радкі, закрэсліваў.

Нарэшце яму прыйшло: «Збылося! Гэтага дня мы чакалі тры доўгія гады, чакалі з нязгаснай вераю ў дапамогу Радзімы, роднай арміі...» У яго памяці прайшлі ўрыўкамі гэтыя тры гады — апошнімі ажылі чорныя дні блакады.

Успомнілася Ніна,— дзе яна, што з ёй? Ніна, Ніна!.. Якія пакуты трываеш ты, можа, у гэтую хвіліну? Эх, як не пашанцавала! Так, вялікія і цяжкія былі гэтыя тры гады!

Туравец адчуў, што знайшоў самае галоўнае, самае важнае. Пісаць стала лягчэй.

— Бяры,— аддаў ён лісток рэдактару,— і хутчэй, як мага хутчэй друкуй нумар.

Выйшаўшы з зямлянкі, камісар спыніўся. Плыла ноч, звычайная, падобная на многія ночы. Недзе ўзышоў месяц, але ў лесе яго не было відаць; пра тое, што месяц узышоў, можна было здагадацца па блакітных водсветах, якія плаўна варушыліся на верхавінні дрэваў, ды па тым, як ўсё навокал, нават затуленае галлё, пасвятлела. У прагалінах мігалі няяркія зоры.

Туравец уявіў — недзе пад Віцебскам грымяць гарматы, сціхаюць пажары ў першых вызваленых вёсках, са сховішчаў выходзяць жанчыны і дзеці... Ён амаль убачыў Юрыя: ідзе па вуліцы вёскі, абветраны, стомлены, пільны. Рука бацькі мімаволі дакранулася да правай кішэні гімнасцёркі, дзе ляжалі абодва канверты. Захацелася зноў узяць лісты, перачытаць...

Як ён, Юрый, хутка вырас. Здаецца, не так даўно гадзінамі біўся над просценькімі арыфметычнымі задачамі, з радасцю сустракаў у піянерлагеры бацькоў, з якімі не бачыўся цэлы тыдзень.

Ці даўно перажываў ён, што не падышоў у школьнай камандзе на варатара. Рост малы! Туравец успомніў, як сын захапляўся ў школе футболам. Юрка тады знайшоў сваё месца ў абароне, стаў добрым цэнтрам абароны — хуткі, спрытны, увішны.

Маці часта дакарала яго: дзе абутку набрацца. Ды і бацьку былі клопаты: і раней Юрый быў «сярэднім» вучнем, а цяпер часта стаў прыносіць троечкі...

Успомніліся паездкі на паляванне. Для Юркі гэтыя паездкі — калі бацька браў яго з сабою — былі цэлым святам. Як ён любіў хадзіць са стрэльбай па лесе, упарты, цярплівы, як любіў спаць з паляўнічымі каля агню! Колькі тады трывог было маці: каб не прастудзіўся, каб не параніў сябе...

Ці даўно гэта было? А сёння Юрка ўжо салдат...

Вось яна, настала і яго салдацкая пара. «Будзь жа сапраўдным салдатам, сынок. Будзь шчаслівы, Юрка!..»

Туравец падумаў, што і ім трэба перайсці ў наступленне. «Мы ж таксама стаім на Мінскім напрамку». Трэба пагаварыць з Ермаковым!

Але калі ён ступіў у зямлянку, то ўбачыў, што на стале, за якім схіліўся камбрыг, ляжыць карта і Ермакоў лінейкаю нешта мерае на ёй. На адным канцы карты, каб яна не тапырылася, стаяў карэц, з якога нядаўна пілі гарэлку.

Камандзіры, што былі поруч, перагаварваліся і таксама разглядвалі карту.

— Падарунак хачу зрабіць Чырвонай Арміі. Да сустрэчы... Сядай, камісар, далучайся...

 

3

Як гэта сталася, Васіль і сам добра не ведаў.

Калі Ермакоў даў яму даручэнне ехаць у атрад, Васіль мігам кінуўся да каня. Мігам асядлаў, узляцеў на сядло і памчаў. Ён быў такі шчаслівы ад таго, што пачуў, што такую навіну нясе,— што не бачыў і не чуў нічога ўжо навокал. Ён, здавалася яму, не імчаў на кані, а ляцеў разам з канём, над зямлёю, у нейкім незвычайным, ахмялелым ад шчасця свеце.

Ён быў таксама ахмялелы, і ад радасці, і ад ледзь не поўнай шклянкі самагонкі, шчодра налітай камбрыгам. Ахмялелы, ён чуў сябе багацеем, які можа зрабіць багатым на ўсё жыццё кожнага, каго захоча. Абы захацеў, ашчаслівіць адным словам! А ён хацеў: і звычайна добразычлівы, у гэты вечар, у шале нястрымнай радасці, ён быў, як ніколі, ахвочы радаваць усіх. Найперш, канечне, самых блізкіх душы.

Ці дзіва, што конь, які спачатку пакіраваў быў на сцежку да атрада, неўзабаве збочыў на іншую, вузкую, звілістую, што вяла ў шпіталь. Ці трэба вельмі дзівіцца, што ў тыя хвіліны Васіль зусім не помніў, што з Валяю «ўсё кончана», як ён цвёрда думаў амаль цэлы месяц. Яна была зноў такою, як да той прыкрасці, да бяды, нібы і не стаяў між іх ніхто.

Ён падляцеў да яе зямлянкі і, саскочыўшы з каня, пастукаў па невялічкай квадратнай шыбе.

— Валя, Валя,— ён паправіўся: — Залеская!

Васіль адступіў ад акенца і стаў нецярпліва чакаць.

«А можа, яе няма?» — затрывожыўся раптам хлопец. Сапраўды, чаму ён думае, што яна абавязкова ў зямлянцы, а не на дзяжурстве? Але тут дзверы адчыніліся, і Васіль пазнаў: яна! Яе постаць добра акрэслівалася ў блакітным месячным святле.

— Хто тут? Ты?! — Голас дзяўчыны задрыжаў, але ў наступную хвіліну ў ім пачуліся ўжо халаднаватыя ноткі: — Што гэта такое раптам прывяло... вас... уночы?..

Багаты, шчодры, Васіль не заўважыў ні гэтага халадку, ні «вас».

— А вось адгадай! Адгадай!

Дзяўчына па голасу адчула, што адбылося нешта незвычайнае. Але ўсё ж вытрымала гонар.

— Я не цыганка. Не гадаю...

— Вялікая навіна! Т-такая навіна!..

— Пачалося?!

Яна і прасіла і патрабавала адразу. Як ні ганарліва і нібы холадна яна казала, Васіль пачуў нецярплівасць у яе голасе. І гэта скарыла яго.

— Пачалося! Наступленне! — выдыхнуў ён, без меры шчаслівы, што можа так парадаваць самага дарагога чалавека.— Пад Віцебскам! Прарвалі абарону на фронце! Працягам трыццаць кіламетраў. Прабіліся да пятнаццаці кіламетраў углыбіню!

— Адкуль ты гэта ведаеш?

— Па радыё прынялі...— І ён, чуючы патрэбу падзяліцца ўсім, да рэшты, хапаючыся, аб’явіў, што занялі больш за сто населеных пунктаў, горад Шуміліна вызвалілі, перарэзалі дарогі на Полацк і на Віцебск...

— Ух, як многа! — чамусьці збянтэжана сказала Валя і раптам — гэтага Васіль ужо ніяк не чакаў — заплакала. Васіль ад неспадзеўкі аж разгубіўся.

Але ўжо нехта другі прыбег са штаба і апавясціў на ўвесь шпіталь: «Наступленне!!!» Ціхі лясны пасёлак адразу заварушыўся. Непадалёк сталі збірацца натоўпам людзі: «Дзе... якое наступленне?! Орша?!» — крыкнуў хтосьці, бегучы паўз Васіля і Валю да шумлівага натоўпу.

Як ні быў захоплены сустрэчай з Валяй, Васіль апамятаўся, згадаў, што яго чакаюць. Скеміў спалохана, што можа так здарыцца — пакуль ён тут займаецца сваімі справамі, вестку пра наступленне можа прынесці туды хто-небудзь іншы. Хто-небудзь іншы, а не ён, і выйдзе, што ён, Васіль, не выканаў загаду. І калі гэта дойдзе да камбрыга, да камісара, як гэта яны палічаць. І наогул — будзе сорамна, калі ён спозніцца!..

— Валя, я п-паеду,— сказаў ён спяшаючыся і разам вінавата.— Мне, разумееш, трэба ў «Радзіму»...— Не развітваючыся, ён павярнуў каня. Павярнуў з той жа вінаватасцю перад ёю: няхай не крыўдзіцца, зразумее, што ён не можа затрымлівацца больш. Валя раптам падбегла да яго, лёгка і хутка, уподбег пайшла побач.

— Будзе мне! Пап-падзе на арэхі! — весела прызнаўся Васіль.— Не папала за баявыя справы, дык пападзе за гэта.

— Нічога не будзе,— супакоіла ўпэўнена яна. Сказала, як і раней,— быццам старэйшая, чалавек больш вопытны.

— Добра, што зрабіў так!

Нібы падмацоўваючы значэнне сваіх слоў, Валянціна затрымала яго дужай рукой, прытулілася да яго і — пацалавала.

У гэтыя хвіліны ён быў без меры шчаслівым чалавекам. Любоў, што прынесла яму столькі горычы, адразу прымусіла яго забыць на ўсе прыкрасці.

З лёгкім сэрцам ускочыў ён на каня, не азіраючыся, памчаў да атрада.

 

РАЗДЗЕЛ ІІІ

 

1

Калі пачалася артпадрыхтоўка, Чарняхоўскі выйшаў на назіральны пункт.

На ўсім абшары, дзе быў вораг, ускідваліся стаўбуры зямлі, успыхвалі агні, паўзлі хвалі дыму. Ён некалькі хвілін узрушана аглядваў абшар, слухаў роў і клёкат, што поўнілі ўсё навокал. Але і ў гэты момант, калі тое, што ён бачыў і чуў, было такім новым, павінна было б так радаваць, твар яго, са слядамі бяссоння і напружання многіх дзён, быў па-ранейшаму заклапочаны.

Увесь час, як стаяў ён на НП, ці, падаўшыся ўперад наблізіўшы вочы да акуляраў стэрэатрубы, у кружку якіх ішло ўсё вельмі блізкім, рэзка акрэсленым, ці, адступіўшы ад стэрэатрубы, выпрастаўшыся, глядзеў проста ў амбразуру, яго вярэдзіў неадступны, непрыемны неспакой. Неспакой гэты быў у яго даўно, як прадчуванне; з учарашняга дня ён стаў рэальнасцю, адным з найбольшых яго клопатаў. Яго нарадзіла разведка боем, якую вялі ўчора яго войскі.

За ноч Чарняхоўскі паспрабаваў зрабіць усё, што можна, каб улічыць тое, што выявіла разведка: перанацэліў частку артылерыі і авіяцыі, узмацніў часці, што наступалі ў паласе магістралі, падцягнуў наперад некаторыя дывізіі на правым крыле. Але трывога, выкліканая няўдачай баёў на магістралі, не пакідала яго. Ды і як было не трывожыцца, калі ззаду, у паласе магістралі, стаяў, чакаў, калі адкрыецца шлях, 2-гі гвардзейскі танкавы корпус, а яшчэ далей — прытоеная ў лясах каля Гусіна 5-я гвардзейская танкавая армія. Якім адводзілася такая важная роля ва ўсёй аперацыі. І якія трэба было, як мага раней, вывесці на аператыўны прастор.

Неспакойны начны роздум над тым, што выявіла разведка боем, усё больш пераконваў камандуючага, што становішча патрабуе іншага рашэння аб 2-м танкавым корпусе. Раніцай ён выклікаў да сябе генерала Родзіна — камандуючага бранятанкавых войск і загадаў перакінуць яго ў лясы на поўнач ад магістралі, з тым каб увесці яго ў прарыў праз Востраў Юр’еў, Межава, праз забалочаны раён, дзе абарона немцаў аказалася больш падатнай.

Увесь гэты клопат жыў у Чарняхоўскім цяпер, калі ён назіраў, як працуе артылерыя. Да неспакою, што застаўся ад учарашняга дня, ад ночы, дадалося новае: спрактыкаванай, пільнай увагай ён адзначаў, што артылерыя немцаў і сёння супраціўляецца моцна, што артпадрыхтоўка тут, у раёне НП фронту — недастаткова эфектыўная. Як бяду і як значны факт ён убачыў, што за некалькі хвілін залпы нямецкіх гармат адну за адной накрылі тры батарэі. Як і ўчора, у яго паявілася трывожнае адчуванне, што ўдар для немцаў — ва ўсякім разе тут, у паласе магістралі — не быў зусім нечаканы. Падобна было: заўважылі канцэнтрацыю артылерыі, засеклі батарэі. Чакалі, падобна...

Да гэтага прымешвалася нездавальненне тым, што ўжо ўгледзеў на світанні і што з НП убачыў зноў: дзень быў хмурны, хмары віслі нізка, дажджавыя — авіяцыі не разгарнуцца на поўную сілу. Памяць не выпускала, што далажылі ўранку: у паласе арміі Крылова і дзень і ноч ішлі дажджы. Заліло ўсё, размыла дарогі, і гэта — у балотным, мокрым краі, дзе і без таго рэзала бездараж. Трэба ж — надвор’е падкінула такую неспадзеўку!

 

2

Непакой пра тое, як ідзе артпадрыхтоўка на іншых напрамках, прымусіў яго вярнуцца ў бліндаж КП. Ці не даведаліся, не пранюхалі немцы, што рыхтавалася ім? — раптам нанова, моцна затрывожыла яго. Ён падышоў да тэлефонаў, якія звязвалі яго з усімі злучэннямі, упраўленнямі, штабам фронту.

З армій паведамлялі, што артпадрыхтоўка ўсюды пачалася ў час, артылерыя дзейнічае з поспехам. Паведамлялі, што на многіх участках нямецкая артылерыя падаўлена. Ледзь ён, трохі паспакайнелы, устаў ад тэлефонаў, у бліндаж увайшоў начальнік аперупраўлення генерал Іголкін, сказаў, што ў арміі Люднікава тры палкі 19-й гвардзейскай дывізіі кінуліся ў атаку за гадзіну да зацверджанага камандуючым часу. Артпадрыхтоўка прыпынена. На гадзіну раней, чым зацверджана графікам. Аперупраўленне высветліла абстаноўку: да таго часу, калі весткі гэтыя пацвердзіліся, стала вядома, што ў наступленне пайшоў ужо ўвесь корпус генерала Бязуглага.

— Як ідзе наступленне? — коратка запытаў камандуючы.

— У паласе 19-й дывізіі захоплены два рады траншэй.

Па позірку начальніка аперупраўлення ён бачыў, што той чакае ўказанняў, але не сказаў яму нічога. Нахіліўшыся над аператыўнай картай, разасланай на стале, з увагай прыгледзеўся да таго месца, дзе гэта адбывалася. Абвёў яго чырвоным алоўкам.

Якія ўказанні могуць быць? Хіба ён ведае абстаноўку так, як там? Бязуглы, Люднікаў — вопытныя, разумныя камандзіры. Калі яны лічаць, што абстаноўка дазваляе,— з богам! Уся адказнасць на іх, яны разумеюць. Разумеюць: калі яны паспяшаліся — літасці не будзе!.. Люднікаў гэта добра ведае: не першы дзень разам,— як-ніяк разам прайшлі з-пад Варонежа да Дняпра і далей ён, Чарняхоўскі,— камандуючым арміі, Люднікаў — камандзірам корпуса ў яго арміі. Можа быць, тут такая ж сітуацыя, якая была ў яго, тады камандуючага 60-й арміі, пасля Курскай бітвы. Армія тады толькі называлася арміяю, але, калі немцы знялі частку сваіх войск, ён адчуў, што настаў момант, які не выкарыстаць — злачынства. І ён дзярзнуў — рэшткамі арміі ўдарыў, прарваў абарону, пасадзіў пяхоту на аўтамашыны, вывеў армію на аператыўны прастор. Адкрыў дарогу танкавым войскам. З якімі разам прабіўся да Дзясны.

Люднікаў таксама ведае, што значыць — выгадны момант. І як важна не ўпусціць яго... От і пачынаюць ламацца планы. Лёс самых дасканалых планаў, на жаль ці на радасць, такі. Чарняхоўскі ўстаў, даў знак начальніку аперупраўлення, што на гэтым размову канчае. «Гладко дело на бумаге...» А хадзіць — па зямлі!

Час у бліндажы цягнуўся нясцерпна, і ён выйшаў зноў на НП. Набліжалася пара, калі да артылерыі павінна была далучыцца авіяцыя. Ён некалькі разоў нецярпліва зірнуў на гадзіннік: прызначаны для авіяцыі момант падыходзіў, здавалася, марудна. Мабыць, гэта адчуванне было і ў лётчыкаў, бо першая група пікіруючых бамбардзіроўшчыкаў паявілася над нямецкімі пазіцыямі за дзве хвіліны раней. Немцы заўважылі іх толькі пасля таго, як яны скінулі першыя бомбы. Калі над дымам артылерыйскіх выбухаў выраслі горы чорнай зямлі.

Хмарнае неба наперадзе нізалі чырвоныя ніткі трасіруючых куль, плямілі частыя дымкі выбухаў нямецкіх зенітак. Але самалёты, якіх з кожнай хвілінай усё большала, кружыліся, кідаліся на нябачныя адсюль цэлі, уздымалі пад сабой горы вывернутай зямлі. Завіхаліся бамбардзіроўшчыкі, лёгка, імкліва кружылі знішчальнікі, што ахоўвалі, памагалі ім. Завіхаліся бліжэй, далей, зусім далёка. Неба, здавалася, варушылася...

 

Быў час, калі артылерыя сціхла і стала чуваць кулямётная страляніна, спачатку з нашага боку, потым усё больш з нямецкага. На тым баку, не інакш, вылазілі з бліндажоў, займалі пазіцыі. Чарняхоўскі чакаў. Неўзабаве на варожыя пазіцыі зноў абваліўся грукат, закіпелі зноў агонь і дым. Адну хвіліну, дзве, тры... Тады наперад рушылі танкі. Танкі і пяхота...

 

3

Увесь гэты дзень Чарняхоўскага вярэдзіла неспакойнае, непатрэбнае чаканне. Ён не любіў корпацца ў сваіх пачуццях, чалавек дзейсны, заклапочаны мноствам неабходных, неадкладных спраў, ён звык займацца тым, што неабходна было рашаць, але пачуцці, зусім непатрэбныя цяпер, упарта лезлі ў душу яму, узрушалі, кволілі. Што б ён ні рабіў, яго хвалявала адчуванне таго, што з учарашняга дня, а асабліва з сённяшняга ранку, з артпадрыхтоўкі ён і ўсе войскі, якімі яму даручылі камандаваць, уступілі ў новую даўно чаканую і разам — самую адказную пару дзейнасці. Яго хвалявала разуменне таго, што з пачаткам гэтай пары ў яго жыцці пачынаецца самая строгая, жорсткая праверка ўсяго, што ён рабіў, чым жыў многія дні. Праверка яго старанняў, разлікаў, прадбачлівасці, праверка яго камандзірскай вартасці.

Ён спадзяваўся, што наступленне ў цэлым будзе паспяховым: тое, што ён ведаў пра сілы праціўніка з разведвестак, што ведаў пра свае войскі, пра падрыхтаванасць да такой складанай аперацыі, давала яму падставы лічыць: наступленне ў цэлым павінна быць паспяховым. Падрыхтоўка, ён быў упэўнены, зроблена ў цэлым непагана, ёсць, па пільных разліках, дастатковая перавага ў людзях, і асабліва — у тэхніцы. Ёсць — здольныя, вопытныя камандзіры. Але ўсё гэта ўсё ж не давала яму спакою. Поспех, ён помніў, залежаў не толькі ад яго. Залежаў ад многага і — ад многіх. Ці мог ён быць зусім спакойны хоць бы таму, што нават сярод тых, з якімі добра пазнаёміўся, бачыў: ёсць і здольныя, з глыбокім, творчым розумам, у лепшым значэнні камандзіры, і ёсць — недалёкія, без божай іскры выканаўцы. Ёсць, нарэшце, і такія, якіх ён не мог як след распазнаць. І за якіх, хоць бы па гэтай прычыне, не можа быць зусім упэўнены. А да гэтага — хто можа сказаць, што ў яго не было ніякіх памылак у разліках, у выбары, напрыклад, месцаў для прарываў? І хто можа сказаць, як дорага абыдуцца яго і іншых камандзіраў памылкі і пралікі? Якія пачнуць адкрывацца толькі цяпер, калі не ўсё можна паправіць. Або — паправіць са стратамі, памер якіх немагчыма прадбачыць.

Ён быў па натуры заўсёды нецярплівым. Гэта яго нецярплівасць давалася яму ў знакі кожны раз перад важнай падзеяй. Тут яна асабліва выказвала сябе: упершыню даводзілася яму рабіць такую складаную, цяжкую і разам — адказную справу. Яго нецярплівасць, якая расла з дня ў дзень, па меры таго як набліжалася наступленне, цяпер дайшла да сваёй найвышэйшай мяжы. Гэта быў самы цяжкі, самы напружаны момант для яго — можа, не толькі за ўсе гэтыя дні, а і за ўсё жыццё.

Усё сышлося, ціснула разам: і неспакой за правы фланг, дзе быў Люднікаў, і клопат, як пачынаюць Крылоў, Галіцкі, Глаголеў; і насцярожанасць ад няведання: як там, на тым баку. Дзе абапал магістралі, закапаўшыся ў зямлю, за бетонам і жалезам сядзеў са сваёй упартай 78-й штурмавой дывізіяй Траут; дзе ўсцяж па фронту спадзяваліся ўтрымацца іншыя нямецкія дывізіі.

Як яно пойдзе?..

Першыя весткі, што прыходзілі з розных кірункаў, з упраўленняў і армій, здавалася, не павінны былі б выклікаць трывогу ў ім. Падрыхтоўка, якую зрабілі артылерыя і авіяцыя, мяркуючы па вестках, прайшла ў цэлым арганізавана, з поспехам, войскі пачалі наступленне ў час, у адпаведнасці з планам; не марудзячы, выкарыстоўваючы тое, чаго дабілася артылерыя. Рушылі ўслед за агнявым валам, рабілі ўсё, каб не даць ворагу апамятацца.

Але хоць не было нібы прычын для новых трывог, неспакой у ім не толькі не спадаў, а яшчэ мацнеў,— дасягнуў, можна сказаць, найбольшай сваёй сілы. Прычынай яго неспакою было тое, што іменна ў гэты момант, адчуваў ён, павінна будзе рашыцца ўсё, што было самым важным для яго, усё, чаму ён аддаў столькі сілы і што стала сэнсам яго жыцця.

Ад таго, што ён так нецярпліва, напружана чакаў, час, здавалася, цягнуўся нязносна павольна. Каб сцішыць прыкрае чаканне, падагнаць час, Чарняхоўскі то сядаў за стол, браўся працаваць, то кідаў усё, хутка, імкліва хадзіў па пакоі. Як бы знарок, кожны раз, калі ён падыходзіў да стала, вочы яго траплялі на тэлефоны,— рукі проста цягнуліся да іх, але ён стрымліваў сябе. Ён ведаў, што ў гэты час усе камандуючыя армій захоплены сваімі клопатамі. І акрамя таго, ён ведаў, ніхто з камандуючых нічога важнага, істотнага не скажа пакуль. І што самае галоўнае: яму цяпер няма неабходнасці гаварыць: бо нічым не можа памагчы. Нічога не можа змяніць. Бо ўсё толькі пачынаецца, бо момант гэты залежыць адно ад таго, што зроблена раней. Ад таго, наколькі правільна было вызначана сапраўднае становішча. І ад таго, што нельга ні выявіць, ні прадбачыць загадзя. І што пачне адкрывацца толькі цяпер.

Ён адчуваў адно: увесь фронт пачаў бітву. Самы цяжкі, напружаны момант яе. Момант, калі вораг, як бы ні быў ён аслаблены артпадрыхтоўкай і ўдарамі авіяцыі, яшчэ ў вялікай сіле. Калі машына праціўніка працуе амаль на поўную моц. Калі яшчэ дзейнічае ў яе тая зладжанасць, якая была многія месяцы.

Чарняхоўскі, здавалася, у сабе адчуваў усю тую напругу, з якой счапіўся з ворагам у бітве ў гэты момант увесь фронт, усе яго войскі...

Прыйшло некалькі хапатлівых данясенняў, што на асобных участках войскі захапілі першыя пазіцыі ворага. Добра, з поспехам пачыналі войскі Крылова, новыя абнадзейлівыя весткі былі ад Люднікава. Але разам з гэтым ён чула адзначыў, што ў арміі Глаголава поспеху не відаць...

Цяжка, проста немагчыма было сядзець у бліндажы, чакаць. І ён зноў выйшаў на НП. Заўважыў: бой быў амаль што на ранейшым рубяжы. І па ўсім полі чарнелі нерухомыя танкі. Падбітыя, спаленыя. Над некаторымі яшчэ не апалі дымы... Вось яшчэ адзін — над вежай чорна выбухнула, узляцела полымя. Закруціўся дым... З машыны выскачылі дзве постаці. Кінуліся назад ад яе...

Ён адзначыў: напружанне бою ўзрасло. Праціўнік не збіраўся адступаць...

 

4

Весткі, якія прыходзілі потым, зноў то абнадзейвалі, то трывожылі. Як і ўчора, вельмі ўдала ішлі войскі Люднікава, асабліва на левым яго флангу. Армія ўсё глыбей урэзвалася ў варожыя пазіцыі, пашырала прарыў. Зноў радавалі весткі з 5-й арміі: ад Крылова. І зноў трывожыла слаўная 11-я гвардзейская, Галіцкі,— тут толькі на поўнач ад магістралі войскі дабіваліся поспеху. І дарагою цаною.

У паласе магістралі войскі па-ранейшаму тапталіся. Трацілі багата людзей і тэхнікі і тапталіся на месцы. Без поспеху намагаліся зрушыць праціўніка і войскі Глаголева...

Усё ж фронт быў у руху. Тое, што цэлыя месяцы значылася нерухомым, цяпер у многіх месцах зрушвалася, адпаўзала. Трашчала, ламалася даўняя, назольная сталасць лініі фронту. Няхай цяжка, неахвотна, але — ламалася!

Так, спачатку — марудна, не ўсюды з поспехам — фронт уваходзіў у новы стан, стан зменнасці, якой хутка трэба было стаць асноўнай асаблівасцю жыцця тысяч і тысяч людзей. Гэта зменнасць цяпер змяняла і настрой камандуючага фронту: у аднастайнае, цягучае чаканне ўсё часцей, мацней урывалася нецярплівае, дзейнае імкненне — новых і новых падзей. Ад гэтага імкнення ў ім зноў расла энергія, якая прагнула працы. Да яго вярталіся ранейшыя дзелавітасць, дужасць.

Данясенні ўсё больш паказвалі, што амаль увесь левы фланг не можа дабіцца пералому: і левы фланг арміі Галіцкага, і армія Глаголева амаль не зрушылі немцаў з месца. Цяжка прабіваецца — але ўсё-такі прабіваецца! — армія Галіцкага на правым флангу, з паўночнага боку магістралі. Праз залітыя дажджамі балоты ўпарта, мужна імкне ў кірунку Арэхі — Выдрыца. За наступленнем тут Чарняхоўскі сачыў з асаблівай увагай: ён ведаў — тут, як бы там ні было,— самае чулае месца нямецкай абароны ў раёне магістралі. Подступ да іх абароны ў паласе магістралі. Адсюль, прабіўшыся ў глыб балот, можна навіснуць з фланга над іх абаронай, а потым — і зусім абысці іх з тылу, прыгразіцца акружэннем. Гэта, быць не можа, каб не падзейнічала на іх, у тым ліку і на Траута, пры ўсёй яго вытрымцы. Трэба толькі, каб Галіцкі прабіваўся ўперад, як бы ні было цяжка...

З правага крыла фронту, з-пад Віцебска, весткі ўсё больш радавалі: пацвярджалі, што тут наступленне развіваецца ўдала і што поспех з кожнай гадзінай усё мацнее. Камандуючы 39-й Люднікаў, што пачаў наступленне дачасна, усё глыбей уваходзіў у размяшчэнне ворага, усё павялічваў прарыў ушырыню. Ужо добра можна было бачыць клін з поўдня ад Віцебска, клін гэты цешыў прадчуваннем вялікай, важнай удачы.

Рушыла добра і 5-я армія Крылова, не зважаючы на раскіслыя ад няўчасных дажджоў дарогі і разлітыя рэчкі, балоты, якіх было столькі на шляху. Войскі нястрымна прарываліся ў кірунку на Багушэўск, важны горад на чыгуначнай лініі, што злучае Віцебск і Оршу. Удача арміі Крылова на багушэўскім напрамку і радавала Чарняхоўскага і ўсё больш прымушала вяртацца нездаволенымі думкамі да магістралі, туды, дзе стаяла, чакала сваёй пары танкавая армія. Зноў і зноў турбавала яго, і з кожнай гадзінай усё больш настойліва, адчуванне, што танкі Ротмістрава трэба перакінуць у раён арміі Крылова, увесці ў кірунку на Багушэўск.

Як ні ўскладнялася становішча, чым больш акрэслівалася яно, тым больш сабраным, цвёрдым станавіўся Чарняхоўскі. Адыходзіла самае паганае: няпэўнасць, якая прымушала губляцца ў здагадках, звязвала па руках і нагах; па меры таго як вызначалася становішча, ясней адкрывалася поле для дзейнасці. Тое, што становішча было няроўным, што яно змянялася і ставіла ўсё новыя задачы, надавала яго імкненню дакладны, дзейсны сэнс. Яго нібы ўцягвала ў сябе зменлівае напружанне бітвы, у якой цяпер — і з часам усё больш,— адчуваў ён, патрэбна была яго кіруючая воля. Ён жыў ужо змястоўным, імклівым клопатам пра арміі, карпусы, дывізіі, якія былі ў такім зменлівым, розным становішчы, наступалі з такім розным поспехам, пераадольвалі такія розныя перашкоды; прабіваліся наперад і тапталіся на месцы. Усё новыя і новыя задачы ўзнікалі перад ім, патрабавалі яго. І ён аддаваўся ім, жыў імі, не заўважаючы ўжо нічога іншага.

Камароў, які, як заўсёды, быў нязменна побач, у цеснай баковачцы, чуў, як ён прасіў звязаць яго то з камандуючым 31-й арміі, то з камандуючым 11-й гвардзейскай, то з начальнікам штаба, то з упраўленнямі. Убягаючы з абавязкам даручэнца раз-пораз у бліндаж камандуючага, Камароў бачыў, як хутка хапае ён позіркам змест радыёграм, як, схіліўшыся над сталом, робіць адзнакі на карце, углядаецца ў яе, быццам хоча прачытаць штосьці схаванае ўглыбіні, як засяроджана, заклапочана ходзіць.

Часта, убягаючы, Камароў бачыў яго каля тэлефона.

— Развівайце поспех дывізіі! — гаварыў-раіў Чарняхоўскі, выпрастаўшыся на ўвесь рост, прыжмурыўшы вочы. Не заўважаючы Камарова.— Узмацніце яе — артылерыяй і танкамі. Яе поспех адкрывае перад вамі добрыя перспектывы. Вы дарэмна недаацэньваеце яго...

— Вы не баіцеся за свой левы фланг? Не? — чуў Камароў, паявіўшыся пазней. Каб напомніць пра позні абед, які трэці раз прыносілі ў яго бакоўку. Камандуючы глянуў насустрач, узняў брыво, нібы пытаўся: з якою навіною? — але Камароў не стаў перабіваць яго, нават выцягнуўся гатоўна.— Не баіцеся? — прамовіў Чарняхоўскі ў тэлефонную трубку стрымана, але вельмі нездаволена.— Дарэмна. За яго трэба баяцца — ён у вас кепска прыкрыт.— Нецярпліва паслухаў, што яму казалі, адрэзаў строга: — Гэта — не рызыка! Гэта проста легкадумства. Тактыка «авось».— І ўжо тонам загаду: — Прыкрыйце фланг. Зараз жа.

— Вы не выконваеце задачы, топчацеся! — жорстка, з гневам вымаўляў ён камусьці. Цвёрда, бязлітасна паўтарыў: — Топчацеся, траціце выгадны момант! Даяце немцам сабрацца з сіламі! Падводзіце суседзяў! З-за вас наступленне пад пагрозай зрыву! А сілы ў вас досыць, каб пагнаць! Як належыць, пагнаць!..— Камандуючы паабяцаў: — Я пазваню праз гадзіну.

 

5

Пад канец першага дня войскі левага фланга 39-й арміі прабіліся на дзесяць — пятнаццаць кіламетраў у глыб нямецкай абароны, фарсіравалі рэчку Лучэсу. Дзесяць-адзінаццаць кіламетраў прайшлі і войскі 5-й арміі. Фронт войск праціўніка быў прарваны на шырыню да пяцідзесяці кіламетраў.

Тут жа, у паласе магістралі, цяжкія, упартыя баі не далі поспеху. Не зважаючы на ўсе намаганні, авіяцыя, артылерыя, стралковыя часці, што багата разоў уздымаліся ў наступленне, так і не здолелі зламаць ворага ў гэтым раёне. Толькі на поўнач ад магістралі войскі 11-й гвардзейскай арміі здолелі з нечалавечай упартасцю прабіцца на два-тры кіламетры ўперад.

31-я армія генерала Глаголева, што наступала на поўдзень ад магістралі, пад канец гэтага цяжкага дня была амаль на тых жа самых пазіцыях, што і ўранку.

З супярэчлівымі пачуццямі падпісваў Чарняхоўскі данясенне ў Стаўку пра вынікі першага дня наступлення фронту. Вельмі сур’ёзнай усё ж была няўдача на левым крыле, каб можна было заплюшчваць на яе вочы з-за таго, што на поўначы наступленне пайшло проста выдатна. З неспакоем думалася пра тое, як гэта няўдача на левым флангу будзе ацэнена ў Стаўцы, асабліва, як паставіцца да яе Сталін.

Як ні прыкра гэта, відаць ужо, што наступленне на важнейшым кірунку не ўдалося, захоп важнейшай камунікацыі пакуль што сарваўся. Ясна, што, як там ні будзе далей, няўдача гэта, хоць часова, затрымае развіццё наступлення, адцягне, затрымае вялікую частку войск.

Якраз у гэты час генерал Алёшын, начальнік разведаддзела фронту, далажыў: ад палоннага афіцэра-артылерыста стала вядома, што немцы да пачатку наступлення заўважылі канцэнтрацыю артылерыі ў раёне магістралі, змаглі засекчы многія батарэі. Слухаючы гэтыя весткі, Чарняхоўскі ўспомніў тое, што бачыў з НП: значыцца, ён не памыліўся, палічыўшы, што наступленне тут не было для немцаў зусім нечаканым. У гэтым немалая доля прычыны няўдачы ў паласе магістралі. Няўдачы, адказнасць за якую павінен несці і 5-ты артылерыйскі корпус прарыву, што не змог скрыта заняць пазіцыі, як належыць замаскіраваць батарэі. Адказваць ён павінен, вядома, разам з камандаваннем абедзвюх армій, што не здолелі добра разведаць сістэму агню праціўніка, арганізаваць дакладна агонь сваіх часцей...

Хто там ні вінаваты, у Стаўцы віна за тое, што адбылося тут, будзе выглядаць найперш яго віною, і, можа быць,— толькі яго віною. І вывад гэты не будзе несправядлівым: у гэтым, пэўна, заканамерная праява той адказнасці, якую належыць несці за ўсё яму, камандуючаму фронту, хто б там ні быў яшчэ вінаваты, акрамя яго...

Думкі гэтыя амаль адразу ж адышлі. Не было калі разважаць пра такія далікатнасці. Яго чакалі, патрабавалі да сябе неадкладныя клопаты. Трэба патурбавацца пра заўтрашні дзень. Даць распараджэнні на заўтра. Заўтра — вельмі важны, нялёгкі дзень.

Ён звязаўся са штабам фронту, з начальнікам штаба генералам Пакроўскім. Аляксандр Пятровіч — пунктуальны, крытычны чалавек, вопытны штабіст, Чарняхоўскі ўважліва прыслухоўваўся да яго ацэнак становішча на асобных участках фронту, да яго меркаванняў аб перспектывах на будучае. Уважліва, падрабязна памеркавалі пра работу штаба, яго аддзелаў на заўтра. Тады Чарняхоўскі выклікаў камандуючага 1-й паветранай арміі. Запрасіўшы генерал-лейтэнанта Громава сесці, стоячы за сталом, коратка, у дакладных словах растлумачыў новае становішча фронту і ў сувязі з гэтым новыя задачы авіяцыі. Падавіць супраціўленне войск, якія ўпарта абараняюцца ў паласе магістралі і на поўдзень ад яе, падтрымаць войскі, што развіваюць наступленне ў раёне Віцебска і ў кірунку Багушэўска. Сарваць перакідку ворагам рэзерваў з тылу. Наносіць і далей удары па важных станцыях, пунктах забеспячэння праціўніка. Схіліўшыся над картай, разам дамовіліся пра асноўныя цэлі, найбольш важныя кірункі дзейнасці авіяцыі. Камандуючага бранятанкавых войск фронту генерала Родзіна, які толькі што вярнуўся з 2-га танкавага корпуса, Чарняхоўскі папрасіў далажыць, як перадыслакаваўся корпус на новы рубеж і становішча ў ім. Паведаміў абстаноўку ў 11-й арміі на ўчастку ўводу корпуса і папярэдзіў: усё падрыхтаваць, каб корпус мог у любы момант без затрымкі, ў найкарацейшы час пераправіцца праз балоты. Сам былы танкіст, ён клапаціўся пра танкістаў з асаблівай увагаю, не ўтрымаўся, каб не даць генералу Родзіну некалькі парад са свайго танкісцкага вопыту, што да перапраў цераз балоты. Тады перайшоў да новага клопату, да 5-й гвардзейскай танкавай арміі. Сказаў: становішча складваецца так, што 5-ю гвардзейскую танкавую армію, можа быць, прыйдзецца перадыслакаваць таксама. Увесці ў паласе войск Крылова, на багушэўскім кірунку. Папрасіў прадугледзець усё, што неабходна для гэтага...

З начальнікам інжынерных войск генералам Баранавым гаворка, акрамя многага іншага, зноў ішла пра 2-гі танкавы корпус: інжынерныя падраздзяленні павінны зрабіць усё, каб пераправа танкавага корпуса праз балотны масіў ішла без затрымкі. Ачысціць ад мін, вылажыць, дзе трэба, фашынамі насып вузкакалейкі, падрыхтаваць масты. Генералу Барсукову, камандуючаму артылерыі фронту, давялося паслухаць нямала і непрыемнага: Чарняхоўскі нелагодна аб’явіў, што артылерыя ў паласе магістралі дзейнічала кепска, што ён нездаволены вынікамі. Цяпер гэта факт: варожыя пазіцыі былі разведаны неахайна. Парушэнні маскіроўкі артылерыяй прывялі да таго, што нечаканасць агнявога ўдару была страчана...

Час ішоў у турботнай дзейнасці. Тады, калі Чарняхоўскі ўжо даваў распараджэнні камандуючым армій, пазваніў камандуючы 39-й Люднікаў. Генерал далажыў пра вынікі наступлення за дзень, расказаў пра становішча войск, папрасіў узнагародзіць салдат і афіцэраў, якія вызначыліся адвагай, ініцыятывай. Увесь час, па тым, як стрымана ён гаварыў, Чарняхоўскі адчуваў, што камандуючы арміі ўпотай непакоіцца, помніць сваю віну.

— Прысылайце рэляцыі, узнагароды не затрымаем,— сказаў ён лагодна Люднікаву, які, мусіць, ужо думаў, што гэтым і скончыцца. Чарняхоўскі ж, памаўчаўшы, запытаў патрабавальна: — А чаму вы, Іван Ільіч, скрылі, як і калі пачаліся вашы атакі? За гэта, між іншым, таксама тое-сёе належыць. Не ведаю толькі — ордэн ці спагнанне...

Люднікаў адказаў, што гэта можа рашыць толькі камандуючы.

Чарняхоўскі прамовіў мякчэй:

— Добра тое, што добра канчаецца.

 

Калі аддаў неабходныя распараджэнні на заўтрашні дзень, адчуў, што стаміўся. Устаў, пахадзіў па бліндажы, стараючыся разагнаць стому. Стома не адыходзіла. У галаве не было звычайнай яснасці. Адбіваліся, пэўна, шматдзённае напружанне і недасыпанне. І, вядома, сённяшняе хваляванне.

Ён папрасіў, каб падалі вячэру. Павячэраўшы, зноў хадзіў па бліндажы, спрабаваў развеяцца. Але ў думкі зноў лезла напамінанне пра няўдачу ў паласе магістралі. Думкі гняло адчуванне — вялікія страты. Вочы самі сабой выхоплівалі кожны раз, як праходзіў паўз стол, тую знаёмую пляму, якая абазначала нерухомыя пазіцыі ворага, магістраль, 78-я штурмавая, упарты Траут.

Зноў турбавала 5-я танкавая армія. Падумаў са шкадаваннем: Ротмістраў меў рацыю — не трэба было пакуль падцягваць яе да пярэдняга краю. Цяпер давядзецца адводзіць назад, да былога размяшчэння, і ўжо адтуль, па ракаднай дарозе, у паласу Крылова... Зноў думаў пра няўдачы, пра іх прычыны. Баі выявілі, што і вывучкі войск аказалася малавата. Не хапіла часу ўсё-такі. Войскі трэба было больш вучыць, як наступаць. А не капаць бясконца акопы. Столькі часу ўбілі на акопы — якога было так мала. Капаць, вядома, трэба было для маскіроўкі. Але не так сур’ёзна... І ці трэба было так позна фронт дзяліць, амаль перад самым наступленнем. Няўжо нельга было зрабіць гэта раней? Столькі часу патрацілі на перабудову!..

Стомлены неспакоем ад няўдачы на поўдні, трывожнымі думкамі, што не давалі перадыхнуць, ён пашкадаваў, што не можа пакінуць КП, рынуць на машыне па франтавой дарозе. Глянуць на ўсё сваімі вачыма, ажыць ураз. Не можа, абавязаны быць тут. Можа толькі зрабіць вылазку ў бліндаж аператыўнага ўпраўлення. Тут жа, пад зямлёй.

Калі ён увайшоў у бліндаж упраўлення, афіцэры, што апрацоўвалі матэрыялы, якія прыходзілі з фронту, адразу заўважылі яго, паўставалі. Ён адзначыў, былі задаволены, што ён прыйшоў. Чарняхоўскі прывітаўся з усімі, ветліва прайшоўся позіркам па тварах. Афіцэры глядзелі на яго з такім выглядам, быццам чакалі, што ён скажа штосьці важнае.

Пад нагамі некалькі разоў запар хіснулася зямля. Здрыгануліся жоўтыя, з сасновага бярвення сцены.

— Не сціхае... — кіўнуў камандуючы кудысьці за бліндаж. Кіўнуў і прамовіў са значэннем: —Не сціхае, не слабее бітва.

— Не сціхае!..

Чарняхоўскі сярод іншых адзначыў голас шчуплага, ціхмянага падпалкоўніка Арыкі. Камандуючы даўно сімпатызаваў разумнаму і сціпламу падпалкоўніку: лічыў, што ён багата можа зрабіць. Талент ды яшчэ працавітасць...

Чарняхоўскі, быццам толькі для гэтага і прыйшоў, засяроджана, дзелавіта павярнуўся да начальніка аперупраўлення.

— Таварыш генерал, прашу апошнія данясенні. І — зводку страт. Людскіх і тэхнікі.

Павярнуўся зноў да іншых, тонам разам і строгім і таварыскім загадаў:

— Астатнім, акрамя дзяжурных,— спаць! Заўтра — многа працы будзе!

Калі вяртаўся ў свой бліндаж, зноў успомніў падпалкоўніка Арыку. Удумлівы, працавіты і да ўсяго — якая сціпласць! Якая чалавечая прывабнасць!.. Радаснай цеплынёй адазвалася, калі згадалася, якімі позіркамі сустрэлі. Ад адчування гэтага ішоў ужо як бы без нядаўняга цяжару на плячах. Быццам пабачыў нанава, што цяжар гэты дзеляць з ім. І дзеляць надзейна. Каму-каму, а яму — грэх скардзіцца...

Іголкіна не трэба было доўга чакаць. Разам разгледзелі, абмеркавалі апошнія данясенні. Уважліва, сумна вывучылі зводку страт. Страты былі вялікія, і найбольшыя ў паласе магістралі. І найбольшыя — і што асабліва гняло, у паласе магістралі — марныя...

Правёўшы Іголкіна да дзвярэй, параіўшы і яму легчы адпачыць, Чарняхоўскі вярнуўся да стала. Вочы зноў мімаволі знайшлі на карце дэфіле, рыску магістралі. Ён адарваўся ад карты, пацягнуўся рукой да апарата ВЧ: можа быць, Васілеўскі ўжо вярнуўся. Увесь дзень маршал, ведаў Чарняхоўскі, правёў пад Віцебскам, у войсках Першага Прыбалтыйскага і ў арміі Люднікава.

Падумаў, што, відаць, не вярнуўся: калі б вярнуўся, напэўна, пазваніў бы. Чарняхоўскі не памыліўся: у трубцы адазваўся голас дзяжурнага пры ўпаўнаважаным Стаўкі. Дзяжурны пацвердзіў — маршала яшчэ няма.

Перад тым як легчы, Чарняхоўскі не ўтрываў, выйшаў зноў на НП. На ўсходзе, мусіць, ужо святлела, а ў амбразуры неба было цёмнае. Унізе гарэлі там і тут пажары, і ад іх яно чырванела трывожна. Чырванела і то ўздымалася, то ападала.

У няспынным, блізкім і далёкім, грукаце, белых успышках ракет Чарняхоўскі чуў яшчэ неастылы напал бітвы. Напружанае, частае дыханне байцоў, што счапіліся насмерць...

 

6

І ў гэты дзень наступленне перад вышынёй 208,5 ішло амаль без поспеху. Чарняхоўскі, што некалькі разоў выходзіў на НП, бачыў, як неба паласуюць стрэсы», бачыў, як імкліва, пагрозна праносяцца штурмавікі.

Увесь дзень без перадыху малаціла артылерыя, зямля грымела, гарэла, дым засцілаў усё наперадзе, але пяхота, што багата разоў уздымалася ў наступленне, усё не магла прыкметна зрушыць праціўніка. Выходзячы на НП, Чарняхоўскі бачыў, што баі ідуць амаль на адным і тым жа месцы.

Весткі, якія па тэлефонных правадах, шыфраванымі радыёграмамі, дакладамі начальніка аператыўнага ўпраўлення прыходзілі на КП, казалі, што на ўсім паўднёвым крыле наступленне ідзе, як і раней, цяжка, з вялікімі стратамі. Калі б ход бітвы вызначалі толькі весткі з паўднёвага фланга, можна было б лічыць, што наступленню пагражае няўдача.

Але як ні непакоіла Чарняхоўскага становішча на поўдні, ён адчуваў, што з кожнай гадзінай наступленне ў цэлым набірае ўсё больш сілы. Нават з арміі Галіцкага, з правага яе фланга, дзе войскі пракладвалі сабе дарогу праз моцныя абарончыя вузлы, па дрыгве Асінаўскіх балот, ішлі ўсё больш абнадзейлівыя весткі. Выбіўшы немцаў у цяжкім баі з Вострава Юр’ева, магутнага вузла нямецкай абароны, войскі 11-й гвардзейскай праз вузлы ў глыбіні абароны Арэхі і Выдрыца прабіваліся на Грышань, на Межава. Поспехі гэтых войск Галіцкага вельмі хвалявалі Чарняхоўскага: па меры таго як яны разбуралі нямецкую абарону, набліжалася пара, калі зможа выйсці на аператыўны прастор танкавы корпус генерала Бурдзейнага. Пару гэту Чарняхоўскі чакаў з нецярплівасцю, што не забывалася сярод усёй навалы турбот і клопатаў.

Весткі з правага крыла фронту радавалі што далей — больш. Войскі 39-й арміі сёння рушылі яшчэ хутчэй. Абыходзячы з поўдня ўсё далей Віцебск, 5-ты гвардзейскі стралковы корпус 39-й арміі настойліва ішоў на Астраўно, на Гняздзілавічы, дзе яму трэба было злучыцца з часцямі Першага Прыбалтыйскага фронту, завяршыць акружэнне віцебскай групы ворага.

Радавала Чарняхоўскага і тое, як ішло наступленне 5-й арміі генерала Крылова, што вяла баі ў кірунку Багушэўска. Армія прабілася да рэчкі Лучэсы, фарсіравала з боем яе, вырвалася на шасэ Віцебск — Орша: перарэзала ўслед за войскамі Люднікава прыфрантавую камунікацыю немцаў. Не збаўляючы націску, армія пайшла далей, на Багушэўск, і з ходу, штурмам, узяла горад. Поспех войск Крылова быў асабліва важны таму, што ў прарыў, зроблены імі, стала магчыма ўвесці першую моцную рухомую групу, пачаць развіваць наступленне ў аператыўнай глыбіні нямецкай абароны. Ужо ўдзень Чарняхоўскаму далажылі, што група гэта ўвайшла ў прарыў. Мехпяхота, танкі, коннікі — механізаваны корпус генерала Абухава і конны — генерала Аслікоўскага — рынулі ў варожыя тылы.

З самага ранку з нецярплівасцю, якая ўсё расла, Чарняхоўскі думаў пра 5-ю гвардзейскую танкавую армію. Чым больш разгортвалася наступленне, тым больш вярэдзіла яго турбота пра армію Ротмістрава, якую няўдача войск у паласе магістралі вымушала стаяць без карысці, і цяпер і невядома які час потым. Разуменне таго, што такую магутную сілу нельга было трымаць бяздзейнай, прымушала яго з пільнай увагай углядвацца туды, дзе ўсё з большым поспехам ішлі войскі Крылова. Да ўсяго ў той ранак генерал Іголкін між іншага далажыў яму, што ўзяты ў палон ранены нямецкі зенітчык паведаміў, што іх 25-я зенітная артылерыйская дывізія пастаўлена ў паласе магістралі з задачай адбіваць танкавае наступленне рускіх.

Гэты факт, які Чарняхоўскі асабліва адзначыў як доказ таго, што немцы найбольш чакаюць наступлення танкаў па магістралі, разам з тым быў камандуючаму фронту яшчэ адным довадам, які скіроўваў яго ўвагу да войск, што наступалі на багушэўскім напрамку.

Але для таго, каб змяніць зацверджанае Стаўкай рашэнне, што абавязвала ўводзіць танкавую армію ў прарыў па магістралі, патрэбна была згода ўпаўнаважанага Стаўкі. Яшчэ па ранейшай дамоўленасці маршал Васілеўскі неўзабаве павінен быў прыехаць на КП, і Чарняхоўскі цяпер нецярпліва чакаў яго. Калі з кантрольна-прапускнога пункта пазванілі, што маршал прыехаў, Чарняхоўскі з генералам Макаравым адразу па ходзе злучэння пайшлі насустрач.

За маршалам Васілеўскім, запыленым, у генеральскай фуражцы і камбінезоне,— Чарняхоўскі ўбачыў, таксама прытомленага і прапыленага, камандуючага 5-й гвардзейскай танкавай арміі. Чарняхоўскі ледзь не ўсміхнуўся: нібы знарок! на лаўца — звер! — але стрымаўся: сустрэча была сур’ёзная. Ды і заўважыў: маршал Ротмістраў глядзеў з-за акуляраў насцярожана, нездаволена.

Калі прыйшлі на КП, Чарняхоўскі сцісла далажыў упаўнаважанаму Стаўкі, як развіваецца наступленне. Асабліва зазначыў, што няўдача ў паласе магістралі прымушае прыняць некаторыя, адпаведныя абстаноўцы, новыя рашэнні. Сабраны, рашучы, ён зірнуў на маршала Васілеўскага, прамовіў тым тонам, які выказваў цвёрдае перакананне ў тым, што гаворыць:

— Таварыш маршал, прашу дазволіць 5-ю гвардзейскую танкавую ўвесці ў паласе арміі генерала Крылова.

Удумлівы, уважлівы позірк маршала Васілеўскага перайшоў на маршала Ротмістрава, што хмурна, прытоена сядзеў каля другой сцяны.' Чарняхоўскі заўважыў: гэты позірк нібы гаварыў пра нешта, ранейшае, вядомае абодвум,— Чарняхоўскі не зразумеў, пра што.

Ротмістраў сядзеў, крыху нахіліўшыся, вусы тапырыліся, выразу вачэй за акулярамі не было добра відаць. Чарняхоўскі адно ўлавіў: Ротмістраў нервова варухнуўся.

— Я згодзен,— прамовіў Васілеўскі павольна, спакойна, і Чарняхоўскі адчуў: маршал, відаць, таксама думаў пра гэта.

Тут жа Ротмістраў атрымаў задачу: да раніцы 25 чэрвеня сканцэнтраваць 5-ю гвардзейскую танкавую армію на зыходным рубяжы, у паласе 5-й арміі Крылова, з такім разлікам, каб уноч 26 чэрвеня ўвайсці ў прарыў. Увайшоўшы ў прарыў, наступаць у кірунку Талачына; заняўшы Талачын, развіваць наступленне у паласе Мінскага шасэ ў раён Барысава.

 

7

Раніца 25 чэрвеня прыйшла ў сонечным бляску. У нязвыклай, урачыстай цішыні. Упершыню за некалькі сутак, якія быў тут, Чарняхоўскі змог выйсці наверх, парадавацца сонцу, роснай свежасці.

Радасць, праўда, была мімалётнай і стрыманай: усё навокал нагадвала нядаўняе. Свежыя варонкі, чорныя выпаліны сярод травы, незлічоныя раны на дрэвах — бярозах, асінах. Непадалёк страшна чарнелі нерухомыя танкі — з вежамі, без вежаў...

Заклапочаны, Чарняхоўскі спусціўся ў бліндаж.

Генерал Іголкін увайшоў з такім выглядам, што Чарняхоўскі з аднаго позірку ўлавіў: з вясёлымі весткамі.

— Лёд крануўся, таварыш камандуючы! — аб’явіў начальнік аператыўнага ўпраўлення задаволена, па-юначы звонка. Нізкарослы, моцны, ён схіліў голую, бліскучую галаву над картай, зазваў парадавацца: — 26-я і 84-я гвардзейскія дывізіі ўзялі Шалашына і ў добрым тэмпе ўсцяж магістралі выходзяць на рубеж Юрцава — Бурдзюкі! Выбраўся на прастор і набірае хуткасць 2-гі гвардзейскі танкавы корпус. Перадавы атрад корпуса перахапіў шасэ Віцебск — Орша і заняў Клюкаўку.— Абедзве вёскі і станцыя Клюкаўка значыліся на поўнач ад Оршы.— Немцы ў Оршы адчулі пагрозу акружэння. З гэтай прычыны ў праціўніка, мяркуючы па радыёперахватах, пачалося вялікае хваляванне. У тым ліку — у 78-й штурмавой дывізіі генерала Траута...

— Не вытрымалі нервы ў жалезнага Траута,— адгукнуўся Чарняхоўскі.

— Не вытрымалі. 78-я дывізія пачала адыходзіць. Праўда, яшчэ агрызаючыся.

Войскі 5-й арміі Крылова, што ўзаемадзейнічала з конна-механізаванай групай Аслікоўскага, вялі баі ўжо далёка за Багушэўскам, які вызвалілі ўчора. Перадавыя атрады набліжаліся да горада Сянно, важнага вузла дарог. Яшчэ больш важныя навіны былі з правага фланга, з 39-й арміі Люднікава. Частка войск арміі прарвалася ў Віцебск, выбівала ворага з горада, а другая — 5-ты гвардзейскі корпус — была далёка за Віцебскам, у раёне Гняздзілавіч. Сыходзілася з войскамі Першага Прыбалтыйскага, завяршала акружэнне ўсёй віцебскай групы немцаў.

Навіны былі такія, што лепшага і чакаць нельга было. Але Чарняхоўскі не выказаў вялікай радасці, быццам узяў на ўвагу ўсё як належнае. Гэта было даўняе, нязменнае правіла: ці неспакой, ці радасць — трымаць у сабе, не даваць ім асабліва волі. Пачуцці расслабляюць.

Усё ж, як ні стрымліваўся, тое, што пачуў, моцна хвалявала яго. Захапляў вялікі, імклівы рух, у якім былі цяпер войскі фронту, узрушвала напружанае віраванне агромністага, магутнага жыцця. Чарняхоўскі з нецярплівай радасцю адчуваў, што яшчэ адзін, другі моцны ўдар — і вораг не вытрымае, пабяжыць.

З радасцю было нездавальненне: ад таго, што момант быў такі важны, такі зручны для ўдару, што так трэба было біць усёй сілаю, не даваць ворагу перадышкі, ён адчуваў асаблівае нездавальненне тым, што магутная частка войск фронту — танкавая армія Ротмістрава — пакуль не ўдзельнічае ў бітве. Яго не супакойвала, а напаўняла яшчэ большай нецярплівасцю тое, што чакаць уводу арміі ў прарыў засталося нядоўга. Што, як паведамілі яму, армія ўжо сканцэнтравалася на зыходным рубяжы. У гэтай нецярплівасці было і неспакойнае прадчуванне таго, што зробіць армія, калі ўвойдзе ў прарыў, у поўнай сіле, ва ўсёй, ніколькі не патрачанай магутнасці Каб падмацаваць гэту магутнасць, прыкрыць танкавую армію ад варожых самалётаў, ён выдзеліў з 1-й паветранай арміі, што падтрымлівала наступленне фронту, моцную падмогу — чатыры авіяцыйныя карпусы і дзве дывізіі. Усё, што мог выдзеліць.

 

Сярод мноства вестак, важных, дзелавых, што ішлі ў гэты дзень на КП камандуючага фронту, адна была асабліваю. Не толькі таму, што яна мела асабісты характар, а і таму, што паведамляла пра няшчасце. Несла гора.

Усе іншыя весткі дайшлі, гэтую затрымалі. Затрымалі перад самым камандуючым, на КП.

Узрушаны, член Ваеннага Савета генерал Макараў спачатку зайшоў на КП, насцярожана, затоена зірнуў на Чарняхоўскага: нібы хацеў праверыць сваю апаску. Камандуючы гаварыў па тэлефоне, насустрач генералу ўзняў чужаваты, паглыблены ў гаворку позірк. Член Ваеннага Савета, як мог стрымана, даў знак яму: нічога асаблівага, зайду потым, знік за дзвярыма.

У суседнім пакойчыку генерал прыпыніўся, разважліва пастаяў, папрасіў падпалкоўніка Камарова пайсці з ім. Калі яны ўвайшлі ў бліндаж члена Ваеннага Савета, генерал стаў усутыч перад падпалкоўнікам. З болесным і нібы сярдзітым позіркам на паўнаватым твары ціха запытаўся:

— Алёша, ты ведаеш, што здарылася няшчасце?..

— Якое няшчасце?

— Брат камандуючага Аляксандр загінуў...

— Падпалкоўнік Чарняхоўскі? Калі?

— Толькі што паведаміў генерал Аляксееў. Пад Аляксінічамі... Як ты думаеш — камандуючы не ведае?

— Не.

— Трэба, каб ён не ведаў. Я папрашу корпус, каб яны маўчалі пакуль. Трэба пачакаць... У яго цяпер, ты ведаеш, так напружаны нервы. Трэба паберагчы яго. Разумееш?

— Разумею, таварыш генерал.

Калі член Ваеннага Савета вярнуўся ў бліндаж камандуючага, Чарняхоўскі, што ўсхвалявана стаяў у поўны рост, нецярпліва, патрабавальна загадваў некаму:

— Трэба дзейнічаць энергічна і хутка! Час не церпіць, таптацца няма калі!.. Рассякайце на часткі, біце па частках! Без перадыху! Каб у іх іскры з вачэй! Каб ніводзін не выкруціўся! — Мякчэй, амаль лагодна, скончыў:— Спадзяюся на вас, Іван Ільіч!

Паклаўшы трубку, павярнуўся да члена Ваеннага Савета, прамовіў, яшчэ ўзрушаны размовай:

— З Люднікавым гаварыў. Ну, вось, Васіль Емяльянавіч, магу парадаваць. Першы «беларускі кацёл» гатовы!

— Колькі ўсяго?..

— Пяць дывізій.

Чарняхоўскі назваў іх нумары.

 

8

На наступны дзень 2-гі гвардзейскі танкавы корпус генерала Бурдзейнага імкліва рушыў на поўдзень, у тыле нямецкіх войск абышоў аршанскі вузел, вырваўся на шасэ і захапіў станцыю Коханава, за дваццаць пяць кіламетраў на захад ад Оршы. У гэты ж дзень, у чатыры гадзіны раніцы, рынула ў прарыў 5-я гвардзейская танкавая армія маршала Ротмістрава. Да вечара, кіруючы на паўднёвы захад, яна прабілася больш як за семдзесят кіламетраў і заняла раённы цэнтр Талачын, за пяцьдзесят кіламетраў ад Оршы.

З выхадам абодвух танкавых злучэнняў на магістраль аршанская групоўка ворага аказалася адрэзанай ад тылу, страціла самы зручны шлях для адступлення. Нашы ж войскі, танкі 5-й гвардзейскай арміі, маглі рушыць проста да Барысава, да Бярэзіны.

Прабілася праз варожыя ўмацаванні, праз балоты, на прастор, нарэшце, 11-я гвардзейская армія генерала Галіцкага, пачала хутка набіраць тэмп руху. Па-ранейшаму добра, усё глыбей на захад ішла 5-я армія генерала Крылова, што ў гэты дзень перарэзала шасэ Орша — Лепель. Яшчэ далей прарвалася конна-механізаваная група.

І ў гэты дзень асабліва парадаваў Чарняхоўскага камандуючы 39-й арміі Люднікаў: часці яго, разам з войскамі Першага Прыбалтыйскага фронту, ачысцілі ад гітлераўцаў Віцебск, які больш за паўгода здаваўся такім блізкім і далёкім. Войскі Люднікава сціскалі акружаныя часці праціўніка, знішчалі іх.

Хоць не адступаў клопат пра тое, каб не даць немцам прарвацца з Оршы на захад, каб не даць вырвацца з акружэння віцебскай групоўцы, хоць турботы нецярпліва вялі ўжо далей на захад, да Бярэзіны, Чарняхоўскі чуў усё ж, як спадае нядаўні, даўкі неспакой, які ціснуў усе дні. Што там ні будзе потым, цяпер ужо відаць: фронт варожы разбураны, разламаны. Самае цяжкае зроблена, і зроблена з поспехам. Цяпер адно: замацаваць поспех, развіць як толькі можна.

Тут генерал Макараў рашыў, што настала пара паведаміць нарэшце тое, што ён столькі таіў ад камандуючага.

— Іван Данілавіч,— сказаў ён, пазіраючы на Чарняхоўскага рашуча і разам вінавата.— Я вам павінен паведаміць... сумную вестку...— Чарняхоўскі зірнуў на яго, не разумеючы і, здалося, нібы не верачы. Макараў збянтэжыўся, змоўк ніякава. Нахмураны, адвёўшы ўніз вінаватыя вочы, строга, з намаганнем дакончыў: — Ваш брат... Аляксандр Данілавіч... загінуў...

— Саша? — Чарняхоўскі ўсё яшчэ быў у нейкіх сваіх далёкіх думках. Як і раней, не разумеў і нібы не верыў. Затым ужо вырваўся з далёкага. Прамовіў неспакойна: — Адкуль вам вядома?

— Генерал Аляксееў паведаміў. Яму перадалі з корпуса.— Макараў узняў вочы, стараўся гаварыць як мог спакойна, мужна.— Акрамя таго, я сам звязваўся з корпусам.

Чарняхоўскі, здалося, доўга маўчаў.

— Калі ён загінуў?

— Пазаўчора.

Зноў быў момант маўчання. Тады Чарняхоўскі прамовіў патрабавальна:

— Чаму не паведамілі раней?

— Гэта — па маёй просьбе.— Дзіўна: Макараў гаварыў цяпер спакайней: нібы самае цяжкае было ззаду.— Вам тады было вельмі цяжка...— растлумачыў ён чула.

— А цяпер — лёгка...

Чарняхоўскі памаўчаў нездаволена, потым стомлена апусціўся на крэсла, папрасіў:

— Што вам вядома — як ён загінуў?

Увесь час, пакуль член Ваеннага Савета гаварыў, Чарняхоўскі моўчкі пазіраў у адну кропку на карце, што была разаслана на стале. І пасля, калі генерал Макараў скончыў, таксама маўчаў.

— Іван Данілавіч, можа — на магілу з’ездзілі б?

Чарняхоўскі на момант задумаўся. Сказаў са шкадаваннем, але цвёрда:

— Не. Не змагу.

Ён зварухнуўся, выклікаў з суседняга пакоя даручэнца. Калі той з’явіўся, папрасіў стрымана, лагодна:

— Вось што, Алёша. З’ездзі на месца, дзе пахаваны Саша. Паглядзі, ці ўсё там як належыць. Калі што трэба — зрабі. Вазьмі ў часці рэчы яго. На памяць сям’і...

 

Чарняхоўскі выйшаў з бліндажа.

Пачынала днець. Сонна пракрычала непадалёк нейкая птушка.

Чыстае перадранішняе паветра халадзіла, бадзёрыла. Паволі адыходзіла змора. Але на душы яго было журботна, даўка.

«Саша...»

Згадалася далёкае-далёкае. Калі пахавалі маці, Саша-маленькі доўга не мог забыць яе. Яму сказалі, што маці паехала ў горад: «прывязе хлебца», ён помніў і ўсё пытаўся — калі ж яна вернецца?..

Урыўкамі ўспаміналася пазнейшае. Весткі, што прыносілі нячастыя лісты, рэдкія сустрэчы. Усе гады, пакуль Саша вучыўся, Іван дапамагаў яму — пасылаў грошы, сачыў за поспехамі ў вучобе, даваў парады. Аднойчы строга выгаварыў брату — гэта было ўжо на фронце,— калі дачуўся, што Саша багата п’е...

Усё, што прыходзіла на памяць, цяпер выклікала журботу. «Апошні раз не застаў мяне. Не ўбачыліся, і цяпер ужо — ніколі не ўбачымся...»

Прайшоўшы крыху, Чарняхоўскі заўважыў: у ляску, наводдаль ад КП, клапатліва гуркаталі цягачы. Часам даходзілі адтуль вясёлыя воклічы. Мабыць, здымалася з пазіцыі цяжкая артбатарэя. Лес, у якім нядаўна было поўна артылерыі і танкаў, пакідалі апошнія гарматы.

Усё навокал спусцела. Але гэтая спусцеласць выклікала не сум, а радавала.

Наступленне, што пярэднімі часцямі было ўжо далёка наперадзе, адводзіла за сабой апошнія падраздзяленні. Нават тут, у раёне магістралі, якая столькі часу трывожыла яго. І камандуючага, не першы раз, з большай сілай, узяла нецярплівасць: хутчэй трэба адсюль і яму, яго каманднаму пункту...

Услед за войскамі...

 

РАЗДЗЕЛ IV

 

1

Вакол быў змрок. Дарога ў ім віднелася цьмяна-шэраю ручаінаю. Аляксей Лагуновіч, седзячы на вежы, спусціўшы ногі ў сярэдзіну яе, бачыў, як бегла і бегла насустрач гэтая ручаіна, як абапал праходзілі цёмныя, ледзь відныя дрэвы, кусты, падобныя ў змроку на копы сена. Часам шэрая ручаіна надоўга прападала, машыну пачынала больш кідаць ва ўсе бакі: батальён ішоў наўпрасткі па полі...

Грукат пярэдняга краю паступова аддаляўся, і агністыя ўсплёскі выбухаў станавіліся падобнымі на зарніцы. Танкі ўсё глыбей уваходзілі ў тыл ворага.

Аляксей быў усхваляваны. З хваляваннем адзначаў ён усё: і змрок навокал, і дарогу, і гукі фронту, што аціхалі, і рух, рух у ноч, у невядомасць. Ад таго, што ўсё, што ён бачыў, было дарагое яму, што рух і адчуванне небяспекі былі новыя нібы, нязвыклыя яшчэ, усё, што адбывалася цяпер, хвалявала яго асабліва востра і моцна.

Неспакойна было ў Аляксея на душы.

Сумна, трывожна помнілася Аляксею тое, што ён убачыў, калі праходзіў прарыў. У водсветах чырвонага, заходнага неба на выпаленай зямлі, каля разварочаных траншэй, нерухома чарнелі танкі. Прабітыя, узарваныя, згарэлыя. Іх было многа. Аляксей і цяпер, калі ўсё гэта засталося ззаду, быццам бы чуў добра знаёмы жалезны пах гары, які заўсёды выклікаў у ім тугу. Колькі іх, сяброў незнаёмых, такіх жа, як ён, танкістаў, палегла там?!

Але як трава праз выгар і попел, у душы старшага лейтэнанта праз горыч перажытага ўпарта прабівалася, адольвала ўсё радасць. Радасць таму, што наступіла нарэшце пара, якую ён так доўга чакаў, што вось дачакаўся ўсё ж, вядзе машыны па роднай зямлі, да роднага дома. Гэту радасць падмацоўвала цвярозае разуменне таго, што самае цяжкае, як там ні пойдзе далей, ужо зроблена. Тое, што немцы старанна будавалі цэлага паўгода, разламана, прабіта.

Як жа было не радавацца старшаму лейтэнанту. Тым больш, што яму хацелася радасці, што гэтая радасць была нібы натуральным працягам таго настрою, якім ён жыў усе апошнія дні. Ужо звыклым для Аляксея быў той добры, асаблівы ўздым, калі хочацца працы, клопату, калі невядома адкуль бярэцца сіла, калі забываецца, што такое стома. Вось і цяпер хацелася імчаць як мага хутчэй, імчаць без упынку.

Разам з тым, як чалавек, які нямала зазнаў на фронце і добра ведаў, што такое — наступленне, баі, ён не чуў бестурботнай лёгкасці. Ён ведаў: дарога будзе жорсткая, небяспечная. Тое, што пачатак быў удалым, ведаў ён, не азначала зусім, што далей усё будзе так жа добра. З даўняга вопыту ён ведаў, як багата нечаканага можа падставіць кожны бой, і таму не цешыў сябе зманлівымі надзеямі. Хто мог сказаць загадзя, як далёка ўдасца адагнаць гэту навалач? Ці ўдасца прабіцца да яшчэ такога далёкага Мінска, вызваліць яго цяпер? А калі ўдасца войскам у цэлым, хто можа ведаць — што ў гэтыя дні, у гэтых баях будзе з ім самім, з Аляксеем? Ці дойдзе ён? І ўжо асабліва непакоіла: што чакае яго там?

 

Сярод ночы, глушачы гаворку тракаў, наперадзе раптам гухнуў недалёкі гарматны стрэл. Яшчэ адзін, два адразу... Там была цяпер батальённая разведка. Неўзабаве камбат перадаў, што ў бліжняй вёсцы — на іх шляху — разведка выявіла каля двух узводаў танкаў і самаходак праціўніка. Ён загадаў Аляксею, рота якога ішла ў галаўной паходнай заставе, расчысціць дарогу.

Старшы лейтэнант хутка падышоў да танкаў разведкі. Адзін танк быў падбіты і гарэў.

Аляксей пакінуў трэці ўзвод, каб вёў перастрэлку з боку дарогі, а сам з іншымі машынамі, хаваючыся ў цемры, пачаў абыходзіць вёску справа. На шчасце, тут аказалася вялікае роўнае поле.

Ён хваляваўся. Прыкра, нервова дрыжалі рукі, у грудзях ныла неспакойнае напружанае чаканне. Вось, ліха на яго,— заўсёды так: варта толькі крыху адвыкнуць ад фронту, як зноў пачынаеш, нібы ў першы раз.

«Хоць бы не заўважылі хлопцы...»

Яму ўдалося, не стрэліўшы ні аднаго разу, дабрацца да самых агародаў.

У сярэдзіне сяла палалі некалькі хлявоў і хат. Полымя кідалася ўгару лютымі агніста-барвовымі грывамі. Ад іх на зямлі лажыліся чырванаватыя, хісткія водбліскі. З агародаў было добра відаць усё, што рабілася на вуліцы, на дварах, між абрысамі хат і хлявоў.

Адсюль Аляксей, які стаяў у адкрытай вежы, каб лепш назіраць, убачыў два нямецкія танкі. Яны стралялі па дарозе, хаваючыся за пабудовы. На дварах і на вуліцах у розных месцах увішна мітусіліся постаці.

З недалёкага двара, праламаўшы плот, на вуліцу выбіраліся два грузавікі.

Аляксей разгледзеў гэта пільна і хутка. Ён спяшаўся, адчуваў, што момант вельмі важны, марудзіць нельга. Імкнучыся не страціць яго, Аляксей ужо намерыўся быў скамандаваць першыя цэлі — абодва варожыя танкі,— як яго ўвагу захапіла іншае.

З-за хлява, што быў крыху лявей тых пабудоў, якімі прыкрываліся машыны, што стралялі, вынырнуў яшчэ адзін нямецкі танк. Старшы лейтэнант убачыў яго цёмны сілуэт: танк быў павернуты ўжо ў бок нашых машын. Амаль у тую ж хвіліну там зыркнуў агонь стрэлу, і побач, са свістам рэжучы паветра, шугануў снарад.

Аляксей спрытна нырнуў уніз:

— Быстроў, злева, каля хлява...

Старшы лейтэнант не паспеў скончыць, як яго «трыццацьчацвёрка», бліснуўшы полымем, стрэліла. Быстроў лавіў каманды старшага лейтэнанта так хутка, нібы адгадваў загадзя.

Разам з машынай Аляксея стрэліла другая «трыццацьчацвёрка» — гэта была машына Колышава. Нямецкі танк хутка ўдарыў другі раз, трэці, потым, відаць, манеўруючы, стаў адыходзіць назад.

Але Быстроў і Колышаў не далі яму адысці. На варожай машыне клубам выбухнуў агонь...

Калі Колышаў убачыў гэта, ён спачатку і не паверыў сваім вачам. Не паверыў, што гэта ён, не хто іншы, падбіў танк. Танк палаў, а яму неяк у першы момант цяжка было адчуць, што гэта — ад яго снарада, яго, Колышава! Неўзабаве, аднак, гэта недавер’е змянілася гонарам за сябе, за тое, што ён так умела ўціхамірыў фрыца.

Так ён цяпер будзе гаварыць з імі ўсімі!

Трэба сказаць, тое, што ўбачыў Колышаў, пакуль ішлі баі на прарыў, цяжка падзейнічала на яго. З усяго, што ён уведаў і перажыў у гэтыя дні, больш за ўсё ўразіла яго адкрыццё таго, як неймаверна цяжка на вайне кожнаму чалавеку. Яго гняло тое, якіх жорсткіх высілкаў, рызыкі, ахвяр патрабуе кожны крок на зямлі, якую трэба вырваць у ворага. Ад падарваных і спаленых танкаў, абгарэлых хлопцаў, якіх было столькі ў месцы прарыву, засталося ў ім, гняло яго адчуванне няўпэўненасці за сваё жыцце. Цяпер, калі ён адчуў сябе пераможцам, яму стала як бы вальней.

— Малайцы, хлопцы,— сказаў ён экіпажу весела, рашуча. Хоць ён гаварыў гэта таварышам па машыне, Колышаў чуў гэтыя словы перш за ўсё як пахвалу самому сабе. Вядома ж, у тым, што здолеў экіпаж, кожнаму зразумела, заслуга перш за ўсё яго, камандзіра.

Гэты першы поспех асабліва радаваў лейтэнанта таму, што цяпер усё, што ён рабіў, здавалася яму незвычайна значным. Ён сам сабе цяпер здаваўся іншым, чым быў зусім нядаўна, да бою, гэтага, як ён адчуваў, вялікага часу, з якога пачалося ў яго іншае, сур’ёзнае жыццё. Пачалося такім выдатным учынкам.

Некалькі «трыццацьчацвёрак» вырваліся на вуліцу. Сярод вёскі, між дамоў, полымя, мітусні грузавікоў яны выклікалі ў немцаў сумяціцу. Тое, што была ноч, яшчэ дадавала хваляванняў, неразбярыхі. Хоць некалькі танкаў немцаў і асобныя групкі яшчэ спрабавалі супраціўляцца, адчувалася, што абараняюцца яны разрознена і не здолеюць доўга ўтрымацца.

І праўда, даволі хутка яны пачалі адыходзіць за будынкі на другім баку вуліцы. Бой усё далей адступаў у цемру за сялом.

Узвод, у які ўваходзіў і Колышаў, павінен быў адрэзаць праціўніку шлях да адступлення.

Лейтэнант па агародах вывеў танк на заходнюю ўскраіну вёскі. Ашчасліўлены і ўдачай сваёй і агульным поспехам, лейтэнант быў поўны адвагі, жадання дзейнічаць, зрабіць яшчэ які-небудзь выдатны ўчынак. Тое, што ўзводу і яму была даверана такая важная справа, абнадзеіла лейтэнанта: ён чакаў, што танкі немцаў вось-вось пачнуць адпаўзаць у яго бок і тады ён зноў пакажа сябе. Але танкі немцаў, наперакор яго спадзяванням, не паказваліся тут, пайшлі ў іншы бок, міма яго.

Тады, як лейтэнант, усё яшчэ не трацячы надзеі, узіраўся і ўслухоўваўся туды, дзе быў бой, на машыну яго ўзрадавана наскочылі трое ў нямецкіх мундзірах. У цемры, відаць, палічылі яго машыну за сваю.

Пакуль немцы разабраліся, хто перад імі, было позна. Ім не заставалася нічога іншага, як узняць рукі. Адзін з аўтаматчыкаў узняўся да лейтэнанта, запытаў, што рабіць з імі.

Што з імі рабіць, Колышаў не ведаў. Паказваючы аўтаматчыку, што рашыць гэта яму не па чыну, ён пачаў звязвацца з камандзірам узвода. Далажыў, што ёсць палонныя, і папрасіў даць указанне, куды іх адправіць.

Узводны дзіўна абыякава сказаў, што адпраўляць нікуды не трэба: — Нашто адпраўляць?!. Хутка сюды падыдзе ўся брыгада. Тады іх і здадзім...

 

2

Калі бой сціх, Колышаў вярнуўся ў вёску. Спыніўшы машыну, саскочыў на зямлю.

Яшчэ ўвесь апанаваны боем, ён раней за ўсё пашукаў вачыма той танк, якому так удала даў «прыкурыць». Не знайшоў: танк быў недзе за будынкамі.

Разумеючы, якое важнае, вялікае ўсё, што адбылося тут, Колышаў мімаволі чакаў і асаблівага працягу. Але тое, што ён пабачыў, здзівіла яго і проста расчаравала. Вёска была маўклівая, амаль пустая.

Ён чакаў, што адразу ж, як толькі сціхне бой, а можа, і ў часе бою, усе жыхары, без меры шчаслівыя, акружаць танкістаў, пачнуць абдымаць, дзякаваць ім. А тут навокал была панылая амярцвеласць і насцярожанасць. Нават каля хат, якія гарэлі, ніхто не завіхаўся, не трывожыўся. Гэтыя пажары сярод цішыні рабілі вёску яшчэ больш сумнай.

Толькі пазней, калі Колышаў са сваёй машынай спыніўся ў цэнтры сяла, ён убачыў жыхара.

Гэта быў вельмі пажылы чалавек, амаль лысы, з барадою, адзін бок якой недзе падгарэў; на плячах сваіх ён меў чамусьці накінуты кажушок. Стары стаяў у акружэнні танкістаў, сярод якіх Колышаў заўважыў старшага лейтэнанта і Якавенку. Стары штосьці гаварыў да Якавенкі, але пра што ён гаварыў, Колышаў праз шум недалёкіх матораў спачатку амаль нічога не чуў. Ён бачыў, як усе ўзрушаны расказам, і сам мімаволі паддаўся агульнаму хваляванню.

— Павесілі яго!..— дайшло раптам да Колышава, голаснае, роспачнае, і лейтэнант убачыў, як жорстка прыплюшчыліся вочы Быстрова, які стаяў насупраць дзеда. Стары дзіўна гыхнуў і павёў па вачах кулаком: — Няма Андрэя!

Колышаў збянтэжыўся. Яго радасць адразу патухла. Ад таго, што не чакаў, словы старога нібы ўдарылі: у іх пякло такое вялікае, няўцешнае гора.

Прыціхлы і быццам вінаваты, слухаў ён, як стары расказваў, куды падзеліся людзі.

— Адарвалі ўсіх ад сваіх хат... Акружылі з бакоў... Наставілі вінтоўку і пагналі... Толькі і засталіся тыя, хто ўправіўся ўцячы ці схавацца...— Ён сказаў, што ўсе хаваліся ў нейкім Амелькавым лесе.

Стары раптам зноў застагнаў, поўны пранізлівай тугі:

— Няма Андрэя!..

Гора старога, бяда выгнаных важка леглі на душу Колышава, прыціснулі тое лёгкае, шчаслівае, што здавалася нядаўна такім важным. Стрымана, стала ішоў ён да падбітай машыны. Яна цяпер ледзь дымілася.

Лейтэнант задаволена дакрануўся рукою да гарачага жалеза. Пашукаў на брані прабоіну, якую зрабіў яго снарад, і знайшоў недалёка ад лабавіка круглую дзірку — вось яна. А можа, і другі снарад уцэліў? Колышаў знайшоў і другую прабоіну, але побач з ёю аказалася чамусьці яшчэ і трэцяя. Адкуль яна? Ён жа стрэліў два разы!

— Што, таварыш лейтэнант, вучышся, як працаваць трэба? — нечакана пачуў ён ззаду кплівы голас Быстрова.

Лейтэнант азірнуўся.

— Не, правяраю, як мой экіпаж працуе.

— Тады вам, таварыш гвардыі лейтэнант, трэба было б пайсці да другой машыны. Бо тут мая работа.

— Чаму гэта?

І Колышаў пачуў, што па гэтаму танку біў таксама Быстроў! Гэта навіна яго не тое што расчаравала, а проста аглушыла: значыцца, гэта, можа, і не ён, не Колышаў, падбіў? Колышаў паспрабаваў уцешыць сябе тым, што, як бы там ні было, усё-ткі хоць адзін снарад, ды ёсць там яго, але расчараванне ад гэтага не знікла.

Вяртаючыся да машыны, сумны Колышаў спаткаў старшага лейтэнанта. Камандзір роты запытаў у яго:

— Ну, як — страшна было?

— Спачатку было...— прызнаўся няёмка Колышаў.— А потым — прайшло...

— Прайшло?

— Забыў. Забыў, таварыш гвардыі старшы лейтэнант! — Колышаў сказаў гэта ўпэўнена і як бы з радасцю. Здалося, што знайшоў добры, трапны адказ.

Старшы лейтэнант, падобна было, не зусім паверыў яму. Паглядзеў на Колышава ўважліва, нібы ўзіраўся ў яго.

— Забыў?

Колышаў пачырванеў, быццам яго палічылі за хлуса, сказаў, апраўдваючыся:

— Не было, ведаеце, калі баяцца. Так завіхацца давялося, што ўсякае глупства вылецела...

— Вылецела?! — старшы лейтэнант параіў са значэннем: — Ну, глядзі, не ўпускай яго назад!.. Як бы ні прыйшлося!..

Камандзір роты загадаў ісці хутчэй да машыны. Сказаў, што зараз выступяць.

 

3

Машына ўвесь час калыхалася, падскоквала, ападала. Напружана працавалі, раўлі маторы, імкліва неслі важкую крэпасць наперад — па дарозе, праз узгоркі, рачулкі. Ствол гарматы, нацэлены туды, куды ляцела машына, то апускаўся ніжэй лініі небасхілу, то ўскідваўся ў нябесную шэрань.

На дарогах і каля іх часта віднеліся варонкі, мноства варонак, вакол якіх тырчалі разбітыя, пакарэжаныя грузавікі і павозкі, валяліся раздутыя конскія трупы, далёка раскіданыя выбухамі абломкі. Было падобна на тое, нібы тут прайшоў ужо фронт. Гэта былі вынікі работы нашай авіяцыі...

Мерна-роўна, як гадзіннік, стукацелі, спяшаліся тракі. Аляксей, слухаючы гэты звыклы перастук, акружаны аўтаматчыкамі, насцярожана ўглядваўся ў маўклівыя хмызнякі, дрэвы, яры.

Толькі калі ён азіраўся назад, яго добрыя, сарамлівыя вочы весялелі.

За ім, уздымаючы, як дымавую завесу, касякі пылу, адна за адной імчалі па дарозе машыны, таксама аблепленыя аўтаматчыкамі. Танкі імчалі следам за Аляксеем з тым жа неўтаймаваным імкненнем наперад, падуладныя яго волі, яго камандзе...

Калі ўзнялося зіхатлівае сонца, над танкавымі калонамі ў бязвоблачным лагодным небе паявіліся нашы знішчальнікі. Самалёты ўвесь час патруліравалі брыгаду, ахоўваючы яе зверху,— то праляталі наперад, так далёка, што станавіліся ледзь віднымі, то вярталіся, лагодна ракочучы.

Потым яны некуды зніклі. А хвілін праз пятнаццаць сержант-аўтаматчык, які сядзеў каля вежы, паказаў Аляксею ўправа. З-за блізкага лесу сунуўся «кастыль». Неўзабаве ён ужо кружыў, як коршак, над танкамі, тоячы нейкія нядобрыя намеры.

— Аляксей, мне не падабаецца гэтая варона! — паведаміў старшаму лейтэнанту Гогабярыдзе.— Ты бачыш яе?

— Бачу...

Аляксей недаверліва сачыў за «кастылём». Той паволі рабіў кругі над калонаю, ляніва нахіляўся то на адно крыло, то на другое.

Рота падыходзіла да балота, праз якое цягнулася грэбля. Старшы лейтэнант, асцерагаючыся налёту бамбардзіроўшчыкаў, загадаў павялічыць адлегласць між машын. Заднія танкі адразу пайшлі павольней. Калона стала расцягвацца.

Хутка выявілася, што Аляксей непакоіўся недарэмна.

Ён яшчэ здалёк убачыў злева ў небе некалькі чорных, даўгаватых сілуэтаў нямецкіх бамбардзіроўшчыкаў, якія, відаць, заходзілі ў хвост яго калоне. Назіраць за імі хутка стала цяжка — там, куды яны зайшлі, сляпуча іскрылася сонца.

— Злева, ззаду — нямецкія самалёты,— прытрымліваючы рукою ларынгафон, перадаў старшы лейтэнант экіпажам. Выглянуўшы з вежы, ён яшчэ раз уважліва азірнуўся навокал — усюды былі асака з лугавой травою, рэдкія сіваватыя купы лазняку, нізкарослыя дрэўцы.

— Ісці — па грэблі!.. Не зварочваць!..

Самалёты хутка набліжаліся да калоны. Вось ужо ў чыстым, спакойным небе сталі відаць жаўтаватыя канцы крылаў і шкляныя насы. За стукам тракаў гулу самалётаў не было чуваць. Аўтаматчыкі то сачылі за небам, то трывожна пераглядваліся. Старшы лейтэнант, перадаючы камбату, што на роту ідуць «юнкерсы», пазіраў, як яны дзелавіта выстройваюцца адзін за адным, рыхтуючыся да бамбёжкі. Усярэдзіне ў Аляксея штосьці тужліва сціснулася — ох, як не любіў ён бамбёжак! З тых першых дзён вайны засталася ў яго гэтая тужлівая апаска перад бамбёжкамі. Горш за ўсё не любіў ён налёты!

Праз адкрыты люк Аляксей бачыў, як адзін, пераваліўшыся на нос, стаў імкліва падаць уніз. Аўтаматчыкі адразу пасыпаліся з машыны. На хвіліну здалося, што наступіла цішыня, што ўсё замерла і нібы стукат тракаў паглушэў. Поблізу рэзка залескатаў нечы кулямёт.

Запоўніўшы ўсё на час даўкім свістам, самалёт пранёсся над машынай Аляксея. Наперадзе ён крута выраўняўся, сыпнуў адразу некалькі бомб.

Загрукаталі моцныя выбухі — гуп, гу-гуп!

— Лагуновіч, глядзі, не засадзі машыны ў балота! — пачуў Аляксей у шлемафоне ўладны голас камбрыга. Бяссонаў увесь час ведаў, што робіцца ў батальёнах, ротах, экіпажах, ведаў, здавалася, нават драбніцы. У ліхую хвіліну амаль заўсёды камандзіры чулі яго голас, быццам ён быў разам з імі...

Камбрыг адгадаў, што непакоіла старшага лейтэнанта. Аляксей таксама баяўся, што хто-небудзь з танкістаў не вытрымае бамбёжкі і з перапалоху збочыць з грэблі, засядзе ў балоце або «закупарыць» вузкую дарогу.

Калі Аляксей бачыў, як валіцца ўніз другі самалёт, у яго памяці раптам мільгануў плот каля роднай хаты, аксамітная травіца, кусток парэчак, заліты спякотным летнім святлом. Чаму ўбачыліся гэтая травіца і гэты кусток з далёкага, немагчымага маленства, хто яго ведае, але такім мілым, дарагім здалося яно цяпер...

Ён крыкнуў, каб падалі лабавы кулямёт. Зараз жа, не марудзячы!

— Хутчэй!

Пакуль кулямёт дайшоў да Аляксея, «юнкерс» праляцеў... Старшы лейтэнант хапатліва нарыхтаваўся сустрэць наступны бамбардзіроўшчык, які ўжо ішоў у піке.

Цяпер, калі яго захапіла жаданне счапіцца ў бойцы, ён ужо не адчуваў ранейшай тугі, страху. Туга і страх, праўда, не зніклі зусім, але неяк прытупіліся, як бы адышлі перад запалам бою, імкненнем адказаць належна.

Увесь моцна напружаны, ён быццам прыкіпеў рукамі да кулямёта. Вочы, што не міргаючы гарэлі пад скамянелымі бровамі, здаецца, пранізвалі бамбардзіроўшчык,— Аляксей стараўся ўвесь час трымаць яго на прыцэле.

«Юнкерс» падаў на «трыццацьчацвёрку». Ён хутка-хутка павялічваўся. Можна было падумаць, што ён так і не зверне: урэжацца ў танк з усімі сваімі бомбамі.

Цэліцца было цяжка: усё ж неяк дзейнічала, прыціскала гэтае прамое, накіраванае падзенне «юнкерса». Цяжка было трымаць самалёт на прыцэле: машыну ў руху ўвесь час кідала з боку на бок.

Але жаданне — уцэліць, разануць чаргою па ўпэўненаму гругану было такім моцным, што ён гатоў быў усё адолець. Толькі б — даць, разануць. Упіўшыся вачыма ў «юнкерс», упарта стараўся трымаць яго на прыцэле. Колькі сілы ўціскаў спуск кулямёта. Не абрываў чаргу, няспынна біў. Насустрач гругану, яго кулямётам.

Затуліўшы, здалося, паўнеба, «юнкерс» стаў выроўнівацца.

— Сто-о-й! — крыкнуў старшы лейтэнант. Штосьці падказала яму, што «юнкерс» кіне бомбы на яго машыну.

Сонцаў спыніў машыну так рэзка, што Аляксей, якога па інерцыі кінула наперад, ледзь не ўдарыўся галавой аб перыскоп. У раптоўнай цішыні яму было добра чуваць, як бомбы з уедлівым візгам несліся на «трыццацьчацвёрку». Машыну моцна страсянуў адзін, другі, трэці выбух. Аляксей выглянуў з вежы — поблізу на грэблі асядала хмара зямлі.

— Наперад! — Машына адразу рванулася і кінулася ў гэтую хмару. Праскочыць удалося вельмі мала — пікіраваў другі самалёт. Сонцаў зноў рэзка затармазіў «трыццацьчацвёрку». Бомбы на гэты раз упалі не на дарогу, а ў балота.

Неўзабаве Аляксееў танк вымушан быў зусім спыніцца. Перад ім, загароджваючы вузкі насып, нерухома стаяла машына.

Што з ёй? Чаму яна стала? Старшы лейтэнант убачыў, што адна гусеніца сарвана,— машына нахілілася набок. Заўважыў: кавалак вежавай брані вырваны!..

Але падбегчы да раненага танка яму не давялося: зірнуўшы ўгару, ён убачыў, як на калону падае «юнкерс». Аляксей схапіў кулямёт і пачаў зноў біць па ненавіснаму пікіроўшчыку.

Услед за гэтым рынуў яшчэ адзін... Раптам іншыя «юнкерсы», якія ўжо рыхтаваліся да атакі, крута павярнулі ўбок.

Што гэта, які-небудзь новы манеўр?

 

4

Не, гэта быў не манеўр. Да «юнкерсаў» імкліва набліжаліся нашы знішчальнікі. Аляксей, яшчэ ўвесь узрушаны, сустрэў іх удзячным позіркам.

Ён цяжка, стомлена спусціўся з вежы: чорт, як яго змарнавала гэтая бамбёжка. Ён падышоў да пярэдняга танка. Колышаў, хваравіта бледны, хмурны, абняўшы аберуч Архіпава, выцягваў яго з пярэдняга люка. Рукі Архіпава без сілы віслі, а ногі сунуліся па брані, ведучы за сабой струменьчык крыві. Аляксей дапамог спусціць Архіпава на зямлю, беражліва падтрымліваючы раненую нагу, загадаў Колышаву, каб перавязаў рану. Старшы лейтэнант хапатліва зазірнуў у вежу — зараджаючы быў забіты.

— Не пашанцавала!..— з высілкам гаварыў Архіпаў Колышаву, які абкручваў бінтам яго белую, голую нагу. Архіпаў моршчыўся ні то ад болю, ні то ад таго, што бачыць сваю нагу ў крыві.— Толькі што пачаў — і трах!..

— Вайна — не маці родная,— адказаў недзе чутымі словамі Колышаў.— Бывае і горш...— Ён быў нібы ў сне, яшчэ нібы не мог зразумець усяго, што адбылося; рабіў усё, як заведзены.

Рукі яго слухаліся кепска, быццам чужыя, і аўтаматчык, адзін з тых, што сышліся сюды і абступілі абодвух, хацеў узяць ад яго бінт, але Колышаў не аддаў. Прадаўжаў перавязваць сам.

Угары раптам узніклі, сталі хутка набліжацца роў і страляніна. Усе адразу павярнуліся насустрач ім, трывожна падрыхтаваліся да новага налёту. Проста на грэблю, на іх ляцеў «юнкерс». За ім ішлі, не адпускаючы яго, страляючы з кулямётаў, два знішчальнікі. Нашы. Відаць, адрэзалі бамбардзіроўшчык ад іншых.

«Юнкерс» зніжаўся, траціў хуткасць. Потым нахіліўся, клюнуў носам, стаў валіцца ўніз. Некалькі разоў нязграбна перавярнуўся цераз крыло, цераз нос. У тую хвіліну, калі ён даляцеў да зямлі, ускінулася хмара гразі і вады. Загрымеў важкі выбух. Калі аселі гразь і вада, на балоце, прыкладна праз кіламетр, стала чарнець вывернутымі берагамі варонка. Вакол яе валяліся нейкія пакарэжаныя абломкі.

Знішчальнікі з задаволеным рокатам зрабілі круг над балотам, на крутым развароце пайшлі нізка над грэбляй. Танкісты ўзрадавана замахалі ім рукамі. Там, відаць, заўважылі гэта, прывітальна паківалі крыллямі.

Праляцеўшы зноў над грэбляю, крута ўзялі ўгару і сталі аддаляцца. Туды, дзе, можа быць, яшчэ біліся іншыя.

Робячы перавязку Архіпаву, Колышаў увесь час адчуваў, што ў правым баку нешта непрыемна шчыміць. Ён стараўся не зважаць на гэта, але ў баку шчымела ўсё больш. Стала дзіўна ныць. Скончыўшы перавязку, ён засунуў руку пад камбінезон, пад бялізну, памацаў, дзе ныла. Пальцы адчулі штосьці мокрае, ён паднёс іх да твару і здзівіўся: яны былі ў крыві!

— Вы ж ранены! Што ж вы маўчыце! — здзіўлена сказаў аўтаматчык, які браўся перавязваць Архіпава.

З Колышава знялі верх камбінезона, узнялі падмочаную крывёю майку. Аказалася, на целе была тонкая драпінка ад нейкага асколка. Нібы ад нажа...

Між тым да месца затрымкі падышло яшчэ некалькі танкаў. Купка людзей каля падбітай машыны Архіпава і Колышава хутка пачала расці. Усіх цікавіла, што здарылася. Ды і рады былі кароткай перадышцы, размінцы. Але Аляксей, што пабыў ужо каля машын наперадзе, агледзеў грэблю, турбаваўся, як прабівацца далей. Машына загарадзіла амаль увесь шлях: яна стаяла не ўсцяж насыпу, а наўкасяк. Калі гусеніцу разарвала выбухам бомбы, каткі аселі ў зямлю і затармазілі адзін бок.

Аляксей загадаў Сонцаву сапхнуць машыну з грэблі.

Сержант падвёў танк да машыны і стаў паціху ціснуць на яе. Пабітая «трыццацьчацвёрка» спачатку не рушылася з месца. Толькі калі Сонцаў даў больш «газу», пачала спаўзаць з дарогі марудна і неахвотна, быццам не хацела адыходзіць ад іншых.

Старшы лейтэнант спачувальна зірнуў на Колышава:

— Ваяваць можаш? Шпіталь, здаецца, табе непатрэбны...

— Непатрэбны, таварыш гвардыі старшы лейтэнант.

— Вось і добра.— Аляксей прыгадаў начную размову з Колышавым перад прарывам. Ад гэтай размовы ў Аляксея засталося пачуццё сяброўскай, як бы інтымнай, блізкасці да шчырага хлопца. «Відаць, нялёгка будзе сёння яму,— пашкадаваў мімаволі Аляксей.— Трэба б накіраваць у які-небудзь экіпаж. Куды?» Але разважаць аб гэтым не было часу. Старшы лейтэнант толькі сказаў Колышаву, каб той дагнаў свой узвод і сеў на машыну Гогабярыдзе.

Аляксей падышоў да Архіпава. Каля таго быў цяпер санінструктар, які прыехаў у адной з машын, што ішлі следам. Аляксей параіў санінструктару, як адправіць Архіпава ў тыл. Трэба вывезці адсюль з грэблі на танку і ў бліжэйшай вёсцы пачакаць тылавых машын,— з першай папутнай перавезці Архіпава ў медсанбат.

Старшы лейтэнант працягнуў Архіпаву руку на развітанне:

— Ну, браток, бывай! Шкада, што так рана пакідаеш... Ну, нічога. Не свая ахвота... Пішы нам, а? Не забывай, адным словам... А паправішся — сюды зноў. Рады будзем!

Аляксей пабег да сваёй машыны. Праз хвіліну яго «трыццацьчацвёрка» рушыла далей.

Неўзабаве Аляксей зноў убачыў знішчальнікі прыкрыцця. Самалёты з моцным таварыскім гулам ладнай тройкай праляцелі над танкамі, аддаліліся наперад. Нібы ў разведку.

Вярнуліся, прайшлі наперад зноў...

 

5

Колышаў сказаў Архіпаву — «бывае і горш!» — не выпадкова. Ён ведаў, што на вайне бываюць і больш цяжкія няшчасці, чым тое, якое здарылася з ім, і хацеў глядзець на сваё спакойна. Але жаданы спакой не прыходзіў. Як ні хацеў, Колышаў не мог спакойна разумець тое, што смерць так блізка прайшла паўз яго, што толькі выпадковасць уратавала яму жыццё.

Ён ледзь не загінуў у першы ж дзень, прычым нават не ў баі, а на маршы! Калі лейтэнант думаў пра гэта, яму рабілася трывожна. Будучыня, заўсёды такая вядомая, надзейная, раптам нібы завалаклася невядомасцю. Невядомасцю такой жорсткай, бязлітаснай, што браў страх.

Як і тады, перад боем, яму ўспаміналася Рая, але цяпер было нязвычна тужліва думаць пра яе. Не было цяпер у Колышава ранейшай абнадзейлівай упэўненасці, што яны пабачацца. Гняло неадольнае адчуванне, што можа здарыцца — ужо і не сустрэнуцца ніколі.

Што сустракаліся, можа, апошні раз...

Успамінаўся запытальны, жорсткі позірк камбрыга: «А ты не трус?» І Колышаў, заўсёды праўдзівы, бязлітасна судзіў сябе: значыцца, ён не герой, сапраўдныя салдаты не думаюць такога. Яму было прыкра за сябе.

А перад вачыма паўставалі незвычайныя дзівосныя відовішчы.

На дарозе, што бегла цераз поле, дзе мільгалі то палоскі жыта, то зялёны бульбянік, пад’язджаючы да лесу, танкісты наткнуліся на групу ўзброеных людзей. Гогабярыдзе быў тут першы з наступаючых войск: брыгадная разведка пайшла па іншай дарозе.

Людзі ляжалі і сядзелі ў кювеце, у маладым зарасніку ўскрай лесу; заўважыўшы танкістаў, яны хутчэй прыхаваліся і насцеражыліся. Колышаў, што ехаў на машыне з аўтаматчыкамі, ледзь толькі ўбачыў іх, паведаміў пра гэта Гогабярыдзе.

— Хто гэта? — углядаўся пільна Колышаў.— У іх вінтоўкі...

— Хутка ўбачым! — Гогабярыдзе загадаў аўтаматчыкам даведацца пра людзей, а сам падрыхтаваўся на ўсякі выпадак да бою. Пакусваючы губу пад фарсістымі вусікамі, ён нецярпліва выглядваў з вежы.

Колышаў пайшоў разам з аўтаматчыкамі. У яго кішэні ляжала важкая граната, у руцэ ён сціскаў пісталет. Каб на ім не было камбінезона, то можна было б палічыць яго за аднаго з дэсантнікаў. Ён ішоў, уважліва сочачы за тымі, што былі на ўзлессі.

Раптам адзін, маленькі, рухавы, выскачыў адтуль, з зарасніку, і, размахваючы аўтаматам, штосьці крыкнуў. Кінуўся насустрач, стаў абдымаць аўтаматчыкаў. Следам за ім з зарасніку высыпала яшчэ многа.

— Нашы! Ур-ра-а-а! — чуў Колышаў ашалелае, шчаслівае.

Што было потым, Колышаў не змог бы расказаць. Воклічы радасці, пацалункі, страляніна! Адзін з партызан пусціў у неба доўгую чаргу з кулямёта — салют!.. Колышава абдымалі, штосьці крычалі яму, і ён таксама крычаў, шчаслівы, усё яшчэ трымаючы ў руцэ пісталет. Такога выбуху радасці Колышаў ніколі не бачыў...

Калі пад’ехаў Гогабярыдзе, чалавек, які першы выбег на дарогу, моцна абняў яго, потым схамянуўся, выпрастаўся і аб’явіў лейтэнанту, што перад ім Ваўчок, начальнік разведкі атрада.

— Гогабярыдзе. Гвардыі лейтэнант,— з пафасам назваў сябе танкіст, прыгожа казырнуўшы, потым па-змоўніцку дадаў: — Для сяброў проста — Сандро...

Разведчык зноў абняў лейтэнанта.

— А мы сумняваліся! — прызнаўся ён вінавата, расчулена.— Чулі, што хутка нашы павінны быць, ды больш меркавалі, што першыя прыкоцяць гэтыя, каб яны спруцянелі, кураеды... Рыхтаваліся больш да іншай сустрэчы...

— Яны адсталі! — пажартаваў Сандро.

Партызан можна было цяпер бачыць і на танкавых вежах і каля машын, дзе яны вірлівым натоўпам акружалі невялічкі гурток танкістаў.

Адкуль іх столькі сабралася на гэтай дарозе, якая толькі што здавалася амаль пустой! Пажылыя мужчыны, бязвусыя юнакі, жанчыны з вінтоўкамі. Якіх тут толькі людзей не было! Яны мала нагадвалі ваенных: розная вопратка, розная зброя — звычайныя цывільныя людзі. Але Колышаў глядзеў на іх, як на нейкія няведамыя, казачныя істоты, не тоячы шчырага захаплення. І як не захапляцца было, перад ім упершыню, увачавідкі стаялі тыя, хто — ведаў ён даўно — вялі цяжкую, неймаверную барацьбу, хто ўразіў ёю ўвесь свет. Славутыя беларускія партызаны.

Калі б Колышаў быў менш усхваляваны і мог назіраць, ён убачыў бы, што партызаны глядзяць на яго з не меншым захапленнем. Асабліва адзін чарнявы хлопец у старой, з адкладным каўняром, гімнасцёрцы, які неспадзявана запытаўся:

— Дык вы з вучылішча? Праўда, з вучылішча?! І нядаўна толькі скончылі?.. А скажыце, каго прымаюць у яго? Ну, якая асвета патрэбна?..

Ён пашкадаваў, што асвета ў яго малаватая. Усяго сем класаў... Колышаў жа мімаволі пазайздросціў яму: вось ён, напэўна, прайшоў праз «агонь і ваду», не баіцца нічога...

Праз кіламетры два — якраз на ўездзе ў сяло — узвод Гогабярыдзе «атакавалі» зноў. Тут былі людзі з сякерамі і піламі,— канчалі папраўляць мост. Вакол моста весела жаўцелі сасновыя трэскі і пілавінне.

Колышава, як і іншых танкістаў, абдымалі, цалавалі. У яго чыстыя, з ценем смутку, вочы пазіралі з адданасцю і любоўю.

Хіба мог быць абыякавым да гэтых людзей, да іх радасці Колышаў? Тоячы няёмкасць за сябе, за баязлівасць сваю, ён як бы зноў пачынаў адчуваць зямлю пад нагамі. Чула адгукаючыся на шчырасць і адданасць гэтых людзей, ён абяцаў моўчкі, патрабаваў ад сябе: не, ён не будзе баязліўцам. Ён не ашукае людзей, якія яго так любяць! Так спадзяюцца на яго.

У гэтых думках і жаданнях, сярод агульнага шчасця, адольваў ён даўкую сумяціцу, няўпэўненасць, знаходзіў душэўную раўнавагу...

Колышаў чуў, як стары, з ружовай лысінай цясляр здаволена і проста, быццам даўнім знаёмым, казаў:

— Выходзіць, недарэмна масток падправілі! — Ён цешыўся: — А то тут некаторыя баяліся!..

Хвалюючыся і спадзеючыся, глядзеў стары, як першы танк рушыў на другі бераг па новых, ім зладжаных бярвеннях.

Мінаючы сяло, Колышаў усё азіраўся: пакуль бачыў, ад хат, ад моста, махалі рукамі, шапкамі...

 

РАЗДЗЕЛ V

 

1

Усе няўдачы пачыналіся з той страшнай раніцы.

Клямт яшчэ спаў у раўку, як прасвістала некалькі снарадаў і грымнула непадалёк. Ён адразу прачнуўся і вылаяўся.

У наступную хвіліну ўсё навокал грукатала. Снарады лажыліся справа, злева, спераду.

Не было чаго і думаць пра сон. Лейтэнант адразу, сагнуўшыся, кінуўся ў бліндаж. Тут ён перавёў дыханне. Столь угары трэслася, з накатаў сыпаўся пясок. Нібы білі ў зямлю вялізнай цяжкай даўбнёй.

Усе, скурчыўшыся, насцярожана чакалі, што нейкі снарад уцэліць сюды, праломіць тоўстую столь або зажыва заваліць зямлёю. Лейтэнант, аднак, стараўся не губляць раўнавагі. Ён быў упэўнен, што руская артылерыя хутка сціхне, тады пойдзе пяхота. Трэба спакойна чакаць гэтую хвіліну. Каб сустрэць рускіх як належыць.

Але гром, што ўладарыў угары, думкі гэтыя паступова выбіваў з галавы, глушыў, пакідаў у душы толькі цягучае чаканне невядомага і страшнага.

Тэлефаніст перадаў яму трубку. Камандзір батальёна пераказаў загад генерала: «Трымацца, трымацца! Ён пасылае сваё благаславенне».

Лейтэнант адказаў, што загад зразумеў і выканае яго. Аднак цягучае чаканне страшнага не пераставала гнясці.

З кожнай хвілінай было горш.

Спачатку тэлефаніст паведаміў, што парваны правады. Рота засталася без сувязі, яна цяпер адна, адарвана ад усіх. Потым лейтэнант убачыў перад сабой салдата з першага ўзвода. Салдат быў увесь у гразі і так змардаваны, што змяніўся з твару. «Хто гэта? Што яму трэба? Чаго ён дабіваецца? — не разумеў лейтэнант Клямт.— Загінулі? Чаму — усе загінулі?.. Бліндаж, прамое пападанне!..»

— Хутка... артылерыя скончыць, пойдзе пяхота... Глядзіце ўважліва! — закрычаў да салдата лейтэнант. Ён спрабаваў трымацца з годнасцю, але ад страху, які ўсё рос, завалодваў ім,— сам не цяміў, што гаворыць. Потым ужо схамянуўся: у першым жа ўзводзе цяпер нікога няма...

Памаўчаў. Але сядзець моўчкі было нязносна, і ён зноў нечакана накінуўся на салдата:

— А што з другім узводам? Я ў вас пытаюся, што з другім узводам?..

Адказу лейтэнант Клямт не дачакаўся, не толькі таму, што салдат нічога не чуў з яго слоў і не ведаў пра другі ўзвод. Столь так страсянулася, што здалося — абрыне на галовы, прыдушыць усіх. Пасыпалася зямля, едка запахла дымам. Праз момант моцны выбух абваліў некалькі бярвенняў. Прыдушыла тэлефаніста.

У ліхаманкавым чаканні, якое гняло нястрымным страхам, лейтэнант Клямт заўважыў яфрэйтара-аўтаматчыка, нядаўна прысланага пасля кантузіі са шпіталя. Яфрэйтар сядзеў белы, глядзеў так напружана, што здавалася: зараз вочы выскачаць. Нейкі час ён быў нібы скамянелы; калі выбух абваліў бярвенні, штосьці ашалела закрычаў, падскочыў і рынуў да выхада.

Лейтэнант ледзь утрываў, каб не кінуцца ўслед. Адчуваючы, што надыходзіць канец жыццю, з жахам чакаючы апошняга выбуху, які пахавае тут, ён стаў горача, хапатліва мармытаць малітву, з той адданасцю, якая была толькі некалі ў маленстве.

Блытана і востра памяць яго стала нагадваць перажытае, бачанае. Згадаўся бацька — з металічнай, абшытай скураю падстаўкай замест нагі, дыбае каля стала, падае «гасцям» піва. У апусцелым пакоі, зачыніўшыся, лічыць старанна белыя кружочкі грошай, выручку. Сам асалавелы ад выпітага, ад успамінаў, за сталом з наведвальнікамі шчодра дзеліцца згадкамі пра свае ваенныя радасці. Па-прыяцельску завіхаецца за прылаўкам, частуе шумлівых, здаровых малайцоў-штурмавікоў, што забеглі вясёлыя, расчырванелыя. Лагодны, давольны, вучыць сына раўняцца на другіх, хапаць сваё шчасце! Памяць нагадала, з якой шырокай надзеяй падаўся ён, Клямт, у армію, ахвотную, радасную муштру. Ваенная кар’ера аказалася, на жаль, не надта ўдалаю: доўгія гады ў яфрэйтарах, доўгая дарога да фельдфебеля. Усё ж ён жыў надзеяю, ён не траціў веры, што прыйдзе яго пара! Ён, як бы там ні было, чакаў гэту пару... І вось — дачакаўся!..

Неспадзявана лейтэнант успомніў жанчыну з дзіцем, якую спаліў у часе блакады. Як бы нанава ўбачыў яе страшныя вочы, пачуў словы пагрозы: «Табе гэта так не мінецца!..» Пагроза гэта ўпершыню занепакоіла: у ёй, здавалася, была рэальная, жахлівая моц. Якая невядома што зычыла.

Усё мацней гнёў яго страх. У страху гэтым пачало губляць сэнс усё — і камандзірскі абавязак, і загад генерала, і жыццё.

«Калі ж будзе канец? — нецярпліва падумаў ён.— Так можна звар’яцець...»

Ён не ведаў, што гэта быў толькі пачатак.

 

Калі сціхла, ён не паверыў. Чакаў, што зараз усё пачнецца зноў. Але было ціха. Аглушаны, ашалелы, ён спачатку нічога не цяміў. Быў такі знясілены, што не мог скрануцца. Варухнуцца не мог. Колькі часу працягвалася гэта, ён не мог бы сказаць. Тады ў яго не было адчування часу.

Усё ж спакваля, непрыкметна для самога, ён як бы прытомнеў. Не разважаючы яшчэ толькі ад звычкі, якая першая нагадала пра абавязак камандзіра, загадаў усім заняць свае месцы. Сам выпаўз з бліндажа, ходам злучэння павалокся ў сваю ячэйку.

Усё было перакапана снарадамі. Навокал гарэла, поўз дым. Дым курэў усюды, душыў грудзі. Замінаў глядзець. У разрывах дыму лейтэнант Клямт убачыў наводдаль постаці. Ішлі рускія. Глухі яшчэ, амаль не чуючы сябе, ён стаў крычаць каманды, сачыць, як іх выконваюць.

Салдаты, што разгублена гнуліся поблізу ў паўзасыпаным, з абваленымі берагамі ходзе злучэння, азіраліся ачмурэла,— пачалі разбягацца па ячэйках. Іх было яшчэ нямала. Адплёўваючы зямлю, атрасаючы яе з-пад расшпіленага каўняра, лейтэнант Клямт глядзеў то на сваіх, як яны ўладкоўваюцца, то на рускіх. Рускія ўсё набліжаліся.

У гэты час прыбег ад камандзіра батальёна задыханы пасыльны, перадаў загад трымацца: гэта зусім вярнула лейтэнанта да звыклага клопату...

І тут раптам зноў абрынуўся на яго, на зямлю грукат і агонь...

 

2

Пасля двух пякельных дзён баёў рота была адведзена з пярэдняга краю. Аддзяленні і ўзводы яе парадзелі за гэты час настолькі, што з роты наўрад ці можна было б сфарміраваць адзін узвод.

Здаўшы ўчастак змене, лейтэнант адчуў сябе адразу лягчэй. Праўда, адчуванне палёгкі было няпэўнае, насцярожанае: не верылася, што сапраўды дазваляюць пакінуць гэтае пекла. Вельмі ўедлівымі і даўкімі былі ўражанні апошніх дзён, каб іх можна было лёгка забыць.

Тым не менш гэта была праўда. Рота перайшла ў карпусны рэзерв. У вёсцы, ноччу, яе наспех папоўнілі рэшткамі з другіх пабітых падраздзяленняў і сказалі чакаць далейшых загадаў...

Настрой і тут быў трывожны. Увесь час у баку фронту былі чуваць несціханыя гукі бою. Лейтэнант уяўляў, што там робіцца, і з непакоем думаў, што, напэўна, у тое пекла хутка прыйдзецца вяртацца зноў.

Пасля абеду лейтэнант Клямт атрымаў загад выступаць, але праз паўгадзіны, калі ён ужо выводзіў салдат з сяла, прыйшоў другі загад, які адмяняў першы,— чакаць далейшых распараджэнняў.

З фронту правезлі праз вёску некалькі машын з раненымі.

Папаўзлі няясныя, трывожныя чуткі, якія невядома хто прынёс. Нібы недзе на левым флангу бальшавікі прарвалі фронт, і іх танкі і конніца апынуліся глыбока ў тыле нямецкіх часцей. Гэты прарыў — гаварылі — пагражае ўсяму фронту. Лейтэнант Клямт спрабаваў даведацца аб праўдзівасці чутак у аднаго штабнога афіцэра, але той раздражнёна адмахнуўся ад яго.

Неўзабаве пасля гэтага прыйшоў загад — неадкладна выступіць і заняць пазіцыі на паўночнай ускраіне вёскі, што была на ўсход.

Ледзь рота наблізілася да вёскі, аказалася, што яна ўжо захоплена савецкімі пехацінцамі.

Тады са штаба палка лейтэнанту і яшчэ аднаму камандзіру роты загадалі атакаваць бальшавіцкія пазіцыі і вярнуць вёску. Перад атакай абедзвюм ротам прыслалі на падмацаванне тры «фердынанды». Бой ішоў амаль да вечара — за гэты час савецкая пяхота падбіла дзве самаходкі. Акрамя таго, лейтэнант Клямт страціў многіх салдат.

Рускія абараняліся вельмі ўпарта. Усё ж позна ўвечары яны былі выбіты з вёскі. У начной цемры, цёплай, як сырадой, салдаты Клямта акопваліся, абсталёўвалі кулямётныя гнёзды — у дамах, на дахах.

Лейтэнант папрасіў падмацавання, але са штаба адказалі, што трэба абысціся тою сілаю, якая ёсць. Кепска было і з боепрыпасамі — машына прывезла толькі палову таго, што патрэбна. Казалі, боепрыпасы затрымаліся недзе ў тыле, абяцалі да раніцы падвезці рэшту. Лейтэнанта мала суцешылі гэтыя абяцанні, ведаў, як небагата яны значылі.

Ён адчуваў сябе неспакойна. Акрамя таго, што рота паслабела і боепрыпасаў мала, была яшчэ адна важная акалічнасць, якая трывожыла яго,— левы фланг роты быў дрэнна прыкрыты. А гукі бою злева заходзілі ўсё глыбей і глыбей у тыл ротных і палкавых пазіцый.

Лейтэнант не быў перакананы ў тым, што рускія пакінуць вёску ў спакоі. Удзень яны, напэўна, пастараюцца яе вярнуць сабе, атакуюць, напэўна, з большаю сілаю.

На краі вёскі гарэлі падпаленыя ў часе бою хаты, кідаючы злавесныя водсветы на ўсё наваколле. У водсветах пажару Клямт хадзіў па выгане і агародах,— правяраў, як салдаты рыхтуюцца да абароны. Каля адной траншэйкі сядзелі обер-яфрэйтары Келер і Гетэрых. Яны аб нечым размаўлялі. Калі Клямт падышоў, Келер запытаўся:

— Ну, як падрыхтоўка, пан лейтэнант? Напэўна, рускія разаб’юць свае лбы аб нашу абарону? — Клямт пачуў у яго голасе ноткі насмешкі і раздражнення.

Пытанне гэтае не здзівіла лейтэнанта: Келер, на яго думку, наогул быў лішне гаварлівы і слабы духам. Не раз ужо шкадаваў лейтэнант, што розныя акалічнасці не дазвалялі заняцца гэтым прагнілым ныцікам як належыць. Але што здзіўляла лейтэнанта Клямта, і моцны, здаровы обер-яфрэйтар Гетэрых маўчаў, і ў гэтым нельга было не заўважыць падтрымкі Келеру.

— Не хвалюйцеся, пан лейтэнант,— супакоіў усё тым жа тонам Келер. Ён, заўважыў Клямт, быў да дурасці п’яны.— Сядзьце, пасядзіце — паберажыце сілы на заўтра. Заўтра будзе гарачы дзянёк...

— Заўтра давядзецца паваяваць — гэта ясна,— адгукнуўся Гетэрых.

Памаўчаўшы, Келер раптам незадаволена, з п’янай рашучасцю, выказаў:

— Давядзецца. Трапілі мы ў гісторыйку. Смярдзючую гісторыйку. Па самыя вушы...— Ён брыдка, злосна вылаяўся.

Лейтэнант Клямт загадаў яму змоўкнуць і, паклікаўшы з сабой обер-яфрэйтара Гетэрыха, стаў правяраць абарону.

«Няўжо яны праўда — прарвалі фронт? — думаў ён, ідучы ад ячэйкі да ячэйкі.— Няўжо не здолеем утрымаць?.. Сапраўды, смярдзючая гісторыйка можа выйсці... Не,— не хацелася яму верыць. Ніяк не хацелася верыць у такую агіднасць.— Быць не можа! Утрымаемся! Рускія ўдарылі нечакана, не паспелі падысці рэзервы. Але яны падыдуць. Рускія ж слабеюць дзень за днём...»

Ён быў трывалым аптымістам, лейтэнант Клямт. Узор трываласці здаровага нямецкага духу. Непахіснага духу. Можа быць, таму, што некаторыя ныцікі сумняваліся, што можна выправіць становішча, лейтэнант адчуваў асаблівую неабходнасць у здаровым нямецкім духу. Ведаючы, што трэба зберагаць гэты моцны дух, ён не дазваляў сабе ніколькі расслабляцца. Не дазваляў нават думкі, што становішча можа стаць безнадзейным. Не дазваляў, і таму — не верыў...

Уранні савецкія салдаты павялі наступленне. Яны абышлі вёску і ўдарылі з левага фланга і з тылу. У іх было многа мінамётаў і гармат. Яны адкрылі ўраганны агонь па абедзвюх ротах, уварваліся на заходнюю ўскраіну і зноў захапілі свае пазіцыі. Увесь узвод, які абараняў гэты ўчастак, разам з обер-яфрэйтарам Гетэрыхам, прапаў без вестак. Загінулі або трапілі ў палон.

Лейтэнант Клямт і сам ледзь-ледзь выратаваўся. Апрача яго выбраліся з вёскі толькі некалькі салдат.

Не было больш обер-яфрэйтара Гетэрыха — ветэрана роты, які разам з лейтэнантам перажыў усе радасці і нягоды рускага паходу. Не было яшчэ многіх, якія бралі сотні гарадоў і раптам палеглі ў невядомай рускай вёсцы.

Ён усё ж не паддаваўся роспачы.

 

3

Вёска, у якую лейтэнант заявіўся з рэшткамі роты, была маўклівая і пустая.

Гэтае запусценне Клямт бачыў не ўпершыню. Куды яны ўсе хаваюцца, чорт іх бяры! Куды ні прыедзеш — ні душы.

Лейтэнант загадаў каго-небудзь знайсці. Палазіўшы па вёсцы, салдаты прывалаклі да яго жанчыну, якая хавалася ў склепе, блізка ад сваёй хаты. У яе былі неспакойныя, спалоханыя вочы, сівыя, раскіданыя валасы. Лейтэнант праз перакладчыка запытаў, ці даўно былі тут рускія.

Жанчына адвяла вочы, пакруціла галавою, штосьці няўпэўнена сказала. Яму пераклалі: яна гаворыць, што не ведае.

— Чаго не ведае,— прамовіў нецярпліва Клямт,— ці наогул былі тут рускія?

Яна пакруціла галавою, і яшчэ да таго, як пераклалі яе словы, лейтэнант здагадаўся пра яе адказ.

— Ты брэшаш,— зазлаваў, пагрозна ступіў да яе лейтэнант.— Тут была руская пяхота і нават танкі.— Ён кіўнуў на сляды грузавых машын на вуліцы. Паўтарыў, патрабуючы неадкладна адказаць: — Даўно яны былі? У якім кірунку пайшлі?

Яна зноў пакруціла галавою, штосьці загаварыла, кленучыся, просячы.

Лейтэнант злосна, рэзка варухнуў плячом, азірнуўся ў той бок, адкуль яе прывялі. Убачыў наводдаль купку малых, што спалохана глядзелі на яго. Яшчэ да таго, як лейтэнант павярнуўся да яе, каб выцяць, зламаць яе пагрозаю, думка пра якую ў момант загарэлася ў ім, жанчына, як бы перахапіўшы яго намер, са страхам кінулася яму ў ногі.

— Скажы ёй,— паморшчыўся Клямт,— што мне няма часу гуляць у хованкі. Няхай, пакуль не позна, падумае пра сваіх дзяцей!

Перакладчык перадаў ёй словы лейтэнанта, наском бота прымусіў старую падняцца.

— Яна гаворыць: рускія былі даўно. Пасля снедання.

— Многа іх было?

Яна спалохана зірнула ў бок двара, дзе былі малыя. Перакладчык перадаў Клямту:

— Яна гаворыць: рускіх было вельмі многа, пан лейтэнант. Былі танкі і пяхота на машынах.

— Запытай: у якім кірунку яны пайшлі?

Зноў да таго, як перакладчык перадаў, лейтэнант зразумеў адказ па тым, куды яна махнула чорнай, кручкаватай рукой.

Лейтэнант заўважыў, як яна ўзрадавалася, калі ён варухнуўся, каб ісці ад яе. Ён быў недавольны: чуў, хоць яна і баіцца, разумее таксама, які ён цяпер нямоцны, бяссільны.

— Скажы,— загадаў ён перакладчыку,— калі яна ашукала, я вярнуся. І няхай тады не чакае літасці!

Яна ўсё з той жа прытоенай надзеяю прамовіла:

— Не маню я. Праўду сказала.

Калона звярнула з шасэ. Амаль гадзіну ехалі па пыльнай дарозе, у спякотнай млоснасці. Насцярожана ўглядваліся ўперад, у палі абапал. У нейкай вёсцы іх спынілі афіцэры, перадалі загад заняць абарону на беразе рачулкі. Рота стала акопвацца ў пяску, між лазовых кустоў. Чорт пабяры, колькі ім даводзілася капаць зямлі ў гэтыя дні! І ўсё марна: ні ў адным з акопаў не прыйшлося абараняцца.

Не было боепрыпасаў, і Клямт, які сядзеў у цяньку пад лазовым кустом, думаў пра бой з трывогаю, лаяў у душы тылавых службістаў і няўпраўных генералаў, якія не маглі ў свой час пра патроны паклапаціцца.

Перад вечарам перадалі новы загад адысці. Зноў адступаць!

Яны былі цяпер недалёка ад Талачына, і гэта ўздымала ў лейтэнанта новыя надзеі.

Ён думаў не пра адпачынак: перадышкі, ён ведаў, чакаць не прыходзіцца, ды яна яму і не патрэбна — не такі час. Лейтэнант Клямт спадзяваўся, што ў Талачыне, ва ўсякім разе, можна будзе атрымаць боепрыпасы. Там таксама, напэўна, стабілізуецца фронт і праясніцца становішча...

Акрамя роты Клямта тут ішлі рэшткі ўсёй дывізіі. На цягачах і грузавіках, што выцягнуліся ў доўгую нястройную чараду, млелі ад спёкі некалькі соцень пехацінцаў і артылерыстаў. Калона рушыла вельмі марудна, невядома, чаму часта прыпынялася...

Кіламетраў за дзесяць ад гарадка зусім спыніліся.

Па калоне папаўзлі чуткі, што дарога перарэзана. Што ў Талачыне — рускія танкі.

Пабачыўшы, як затрывожылі гэтыя чуткі салдат, што пачалі пераглядвацца, перагаворвацца, лейтэнант спакойна, з годнасцю запэўніў:

— Не можа гэтага быць.

Ён стомлена сеў на падножку машыны, стаў жаваць галету. Бачыў: усюды збіраліся купкі, узрушана гаманілі...

Спакою не было і ў яго. А што, калі гэта праўда? — тачыла лейтэнанта. Гадаць — праўда гэта ці не праўда,— не прыйшлося доўга. Вельмі хутка яго паклікалі да маёра — камандзіра батальёна. Па трывожных тварах афіцэраў ён зразумеў, што гэта праўда...

Здарылася непапраўнае і грознае — перарэзан шлях!

 

РАЗДЗЕЛ VI

 

1

Гэта быў апошні дзень працы Сяргея Сняжко ў гаражы, які належаў фірме «Ост».

Сяргей ад самай раніцы корпаўся ў маторы старога «Ганамака», замяняў поршні і падшыпнікі.

— Ну, як справы, Сняжко? — запытаўся ў яго шэф гаража Гюнтэ, тоўсты, нізенькі, з кароткімі пухлымі ручкамі немец, апрануты ў рабочую блузу. Пан шэф Гюнтэ стараўся здавацца дабрадушным і прасцецкім.— Яшчэ пажыве гэты стары каняка?..

— Пажыве, пан шэф,— кіўнуў галавой Сяргей, выціраючы аб пакулле чорныя рукі.

— Гэта — добра. Я задаволены табою. Ты — малайчына. Справу ведаеш нядрэнна. Ты будзеш добры майстар, Сяргей.— Гюнтэ нават ляснуў Сяргея па плячы, што ён звычайна рабіў, калі быў у добрым настроі.— Пачакай крыху: закончым вайну — і ты будзеш вучыцца... Так, так — вучыцца,— калі будзеш старацца працаваць. На спецыяльных курсах!.. Я табе дапамагу паступіць...

Сяргей падумаў: «Я і без цябе паступлю ў інстытут, калі мы вытурым вас адсюль». Але ўголас, адкінуўшы назад валасы, што спадалі на лоб, адказаў:

— Дзякую, пан шэф...

Праца ў Гюнтэ сёння была скончана. Сяргей скінуў ненавісную спяцоўку і надзеў свой латаны, замаслены пінжачок. Хлопец быў вельмі стомлены: цэлых трынаццаць гадзін пратрымаў яго «шэф» у гэтым праклятым гаражы. Дабрадушны з выгляду Гюнтэ стараўся выціскаць з людзей усё, што толькі можна. «Жмінда старая»,— вылаяўся ў думках Сяргей, пазіраючы ўслед Гюнтэ, які накіраваўся ў кантору.

Сяргей ужо сабраўся ісці дамоў, як на двор укаціў незнаёмы сіне-шэры «опель-капітан». З машыны рашуча выскачыў гестапавец, а ўсярэдзіне яе Сяргей заўважыў шафёра, падпольшчыка Калесніка.

Твар Калесніка быў увесь у сіняках і страшэнна распух. «Папаўся!» — адразу зразумеў Сяргей і тут жа насцеражыўся: «А Клава? Што з ёю?» Яго стома ў момант знікла. Думкі адразу пабеглі, завіхурыліся.

«Клава таксама... папалася?!»

Напэўна, папалася. У яе, у мяшках з бульбаю, павінна было быць самае галоўнае — магніткі. Нічога іншага недазволенага Калеснік не вёз, толькі гэта...

Значыцца, гестапаўцы знайшлі магніткі. А калі так, то яму таксама не мінуць турмы... Трэба зараз жа ратавацца, як мага хутчэй.

Ён заўважыў, што два эсэсаўцы з аўтаматамі станавіліся каля выхада з двара. Не марудзячы больш ні хвіліны, хаваючыся за машыну, Сяргей мітнуўся за вугал гаража. Ён прабраўся па вузенькім цёмным закутку, што ішоў паміж сцяною і плотам, да месца, дзе ў плоце была напалову адарвана дошка. Сяргей адсунуў яе і выскачыў на агарод. Тут ён асцярожліва азірнуўся: ці не гоніцца хто за ім. Пакуль нікога не было.

Прыхоўваючыся плотам, ён выбраўся на суседнюю вуліцу. Трохі прайшоў па ёй, не хапаючыся, нібы спакойна, каб не выклікаць падазрэння ў сустрэчных. Нарэшце павярнуў у завулак.

Як ні стараўся стрымлівацца, не мог ужо ісці звычайнай хадой. Не ставала сілы цягнуцца далей так: кожны момант у гаражы маглі хапіцца, што ён знік, кінуцца ўслед. Азірнуўшыся, ён дадаў хады, гатовы вось-вось кінуцца бегчы.

Завулак, яшчэ завулак, не напрасткі, зігзагамі. І хутчэй, хутчэй ад гаража, ад небяспекі. Часта, хапатліва дыхаючы, ён трывожна думаў, дзе ж Клава. Чаму Калеснік у машыне адзін?.. Ён рабіў розныя здагадкі. Найбольш праўдзівай з іх здавалася такая: Клаву, мусіць, павезлі ў сталоўку, дзе яна працавала...

— Эх, Клава, Клава! — загараваў ён.— Чаму ёй так не пашанцавала? І Калеснік — столькі разоў выходзіў удала з усіх закавык, і раптам — папаўся...

 

У ціхім завулку, вельмі далёка ад гаража, Сяргей спыніўся. Абапершыся аб плот, нібы адпачыць, ён пачаў абдумваць, што рабіць далей. Усё раптам змянілася ў яго становішчы, і ён не ведаў, як быць далей. Адно толькі было вядома: ісці дамоў нельга.

Калі гестапаўцаў яшчэ і няма ў яго хаце, яны хутка, як груганы, наляцяць туды. Наляцяць, гэта ўжо факт. Яны не пакінуць без сваёй увагі яго і Клавінага дома. І факт: нават калі ў іх няма ніякіх зачэпак супраць яго, Сяргея, яго ўсё роўна арыштуюць. Ужо за тое, што Клавін брат.

І тут легла на сэрца яго яшчэ больш цяжкая трывога: мама! Як ён не падумаў пра гэта адразу. Яна ж таксама ў небяспецы, над ёю таксама не злітуюцца. Яны і яе схопяць. Усіх Клавіных блізкіх схопяць, а яе найперш. Кінуць у турму, будуць катаваць.

Яна яшчэ, напэўна, нічога не ведае! Трэба выратаваць яе, выхапіць з дому. Можа быць, яшчэ не позна...

Разумеючы, як гэта небяспечна, ён усё ж стаў прабірацца да дому, да маці. Завулкамі, пусткамі, спяшаючыся як толькі можна, дапаў ён да суседняга саду. Намерваючыся адсюль выведаць, ці дома яшчэ маці, ці няма гестапаўцаў. Тады адсюль пралезці ў дом...

Ён убачыў толькі, як яе выводзілі з дому двое ў чорных плашчах. Як штурхнулі ў крыты грузавік і зачынілі дзверы ўслед.

 

2

Першыя дзве ночы ён перабыў у свайго таварыша, таксама падпольшчыка. Схова гэта была вызначана яму яшчэ да правалу, на ўсякі выпадак. Тут некалькі разоў яны хавалі сувязных з лесу. А цяпер вось давялося Сяргею.

Ён сядзеў у цесным драўляным хлеўчуку. Нават не так у хлеўчуку, як у склепе. Сырым і цёмным склепе пад хлявом. Улазячы туды, ён павінен быў накрываць над сабою покрыўку. Днём яе часам застаўлялі яшчэ скрынкай з рознай драбязою.

У склепе былі перагародка, цэбар, палічка з аднаго боку. Раней у ім трымалі бульбу, капусту, іншыя харчовыя прыпасы. Цяпер ніякіх прыпасаў не было, былі толькі макраватая гніль і цяжкі, задышны пах зямлі. Каб не задыхнуцца, Сяргей прыўздымаў крышку, падкладваў у кут яе абломак дошкі.

Хлеў быў замкнёны знадворку, у яго, каб не прыцягваць лішняй увагі, амаль не заходзілі. Заходзілі таварыш і яго сястра не больш двух разоў на дзень — нібы па дровы. Тады яны ўпотай і прыносілі што-небудзь з’есці.

Узняўшы покрыўку, падавалі яду, паведамлялі коратка навіны і знікалі хутка: нельга было затрымлівацца.

Марнеючы ў зямлі, у цемры, якую часам ледзь разрэджвала святло з-пад покрыўкі, Сяргей востра злавіў гукі жыцця вакол хлеўчука. Чуў галасы на сваім двары, на суседскіх, мужчынскія, жаночыя, дзіцячыя. Ён разбіраў ужо: у суседкі справа быў галасісты хлопчык, да якога збіралася чародка равеснікаў. Дзеі малых часта круціліся блізка ад хлеўчука. Аднойчы залезлі нават на хляўчук, круціліся там, пакуль сястра сябра не патурыла: «Праломіце крышу, бейбусы!..»

Сяргей з ахвотай і радасцю лавіў іх галасы: яны бадзёрылі і весялілі, нібы нагадвалі, што ёсць, не спыняецца жыццё. Але ён не толькі радаваўся ім, ён і сцярогся: як бы падшыванцы не заўважылі, не падсачылі.

У суседкі былі яшчэ дзяўчынка і малое. У суседкі злева быў зласлівы, нервовы голас. Яна ўсё то загадвала, то пагражала: сыну свайму, некаму даросламу — відаць, чалавеку свайму... З боку дома даходзілі гукі вуліцы. У ціхі час былі чуваць крокі па драўляным тратуары, галасы. Бразганне калёс па бруку, рыканне грузавікоў.

Нярэдка сярод галасоў ён лавіў блізка нямецкія, насцярожваўся.

Уночы ён выбіраўся наверх. Сядзеў і драмаў на зямлі, піў свежае, на дзіва смачнае паветра. Ноч таксама была поўная гукаў, часцей за ўсё далёкіх. На вуліцы ж як правіла было ціха. Ноччу толькі грукалі цяжкія крокі нямецкіх патрулёў ды раўлі, праходзячы, машыны. Раўлі пагрозна.

А яшчэ ўночы гаварылі зеніткі ды — было відаць праз шчыліны ў хлеўчуку — хадзілі нажы пражэктараў. У небе звінелі гукі, якія слухаў з надзеяй, ад якой сціналася сэрца. Ішлі самалёты, нашы, зорныя. Гупалі ў розных месцах горада выбухі. Бамбілі.

 

Яму было цяжка. У Сяргеевым жыцці, пэўна, ніколі яшчэ не было такіх цяжкіх дзён.

Гняла невядомасць. Невядомасць, у якой таілася самае страшнае. Гнялі адзінокасць, неабходнасць хавацца. Гняла бяздзейнасць, вымушаная, нязносная бяздзейнасць. Усё гняло ў схове яго, маладога, поўнага імкнення жыць.

Асабліва пагана было яму, калі ён думаў пра маці і пра Клаву. Калі ён уяўляў, як іх, напэўна, катуюць.

Ён быў вінаваты перад імі. Вінаваты ў іх лёсе. У тым, што абедзве яны ў турме, што пакутуюць там. Гэта ён прывёў Клаву да падпольшчыкаў. Ён навёў небяспеку, бяду на маці. Канечне, іншага кірунку не было. Канечне, трэба было змагацца, і ён будзе змагацца. І ён разумее ўсё, што здарылася — непазбежна ў барацьбе. Але хіба гэтым можна супакоіць сваю душу, калі ведаеш, што там з імі робяць. Калі ведаеш, што ў рэшце рэшт прычына ўсяму гэтаму — ты. Ты, які сядзіш тут, пакутуючы толькі ў думках.

Кожны раз, калі Сяргей думаў пра маці і сястру, яму нястрымна хацелася выйсці адсюль. Выйсці, што б там ні было, не асцерагаючыся, не лічачыся ні з якой рызыкай. Толькі б не сядзець, толькі б — дзейнічаць.

Тады ён зноў і зноў шкадаваў, што няма ні адной магніткі, няма аўтамата. Аўтамат нямецкі, праўда, быў, але ён, Сяргей, расшчадрыўся аднойчы, аддаў сувязному, партызану. Вельмі ж таму хацелася...

Тое, што здарылася з маці і сястрою, блытала ўсе яго ранейшыя разлікі. Неразвязна заблытвала яго цяперашняе жыццё. Раней, думаючы, што трэба будзе зрабіць у выпадку правалу, ён нязменна ўсе свае планы звязваў з партызанамі — пойдзе ў лес. Лес быў надзеяй, абаронцам: калі толькі ўдасца выслізнуць з лап гестапаўцаў — адразу ў лес, з маці і Клаваю. Але вось — цвяроза мяркуючы — трэба б у лес, а пайсці туды — не мог. Не мог прымусіць сябе пакінуць горад, пакуль маці і Клава тут. Пакуль яны ў небяспецы.

Трэба было заставацца жыць і дзейнічаць тут. Але жыццё тут ставіла мноства новых, цяжкіх для вырашэння пытанняў. Усе звыклыя сувязі былі разарваны тым, што нельга было выходзіць у горад удзень.

Цяпер ён мог выходзіць са сховы і сустракацца толькі ўночы. Трэба было ладзіць новыя спосабы сувязі. Але ладзіць іх было нялёгка...

 

Ведаючы, што надзеі на ратунак маці і Клавы амаль няма, ён усё ж спадзяваўся. Спадзяваўся, што старую, можа, не пакараюць: яна ж, высветліцца, не ведала нічога. Стараўся не траціць надзеі, што Клаве ўдасца апраўдацца, яе не трэба вучыць знаходлівасці. Ды і зачэпак, магло здарыцца, не знайшлі асаблівых...

Разумеючы зманлівасць гэтых надзей, ён прасіў сябра як-небудзь разведаць, што было ў гаражы і што там ведаюць пра Клаву, маці. Нецярпліва чакаў, калі той вернецца дамоў, і, ледзь той заходзіў у хляўчук, адчыняў склеп,— сустракаў яго трывожным позіркам. У першы раз сябар Сяргея прыйшоў ні з чым: не змог уведаць. На другі дзень сябар адвёў важкі позірк, і Сяргей зразумеў: навіны паганыя. Тады ж, калі прыязджалі гестапаўцы, амаль усіх механікаў і шафёраў арыштавалі, адных проста ў гаражы, другіх — на кватэрах. У наступны дзень гестапаўцы, праўда, некалькі чалавек выпусцілі, але сямёра яшчэ і цяпер сядзяць.

— Цябе, Сярожка, таксама шукалі. Дапытваліся, дзе ты можаш быць... Вобыск у тваёй хаце...

— Дзе мама?! Што з мамаю! Даведаўся? — ціха, цяжка выказаў Сяргей. Ён раптам нацяўся ўвесь, быццам баючыся дыхнуць.

— Маці, гавораць, у турме.

— Дзе, у якой?

— Не ведаюць.

— А — Клава?

— Таксама... у турме...

— Не ведаеш, як схапілі?.. З усімі... рэчамі?.. Ці толькі... падазраюць?..

— Яна трапіла нечакана. З усім...

— Э-эх...— Сяргей парывіста ўзняўся, неспакойна варухнуў плячыма і раптам сеў зноў. Апусціў галаву і, утаропіўшы кудысьці невідушчы позірк, затаіўся ў сабе, аддаўся свайму гору...

Некалькі дзён Сяргей хаваўся ў хаце Залескай. Галоўным, што прывяло яго сюды, было ўсё тое ж імкненне — даведацца, што з маці і Клавай. Сяргей прабраўся да яе дому ноччу, каля самага дома Залескай яго застаў чарговы налёт. Прытаіўшыся каля плота, Сяргей трывожна сачыў, як рэзалі неба праменні пражэктараў і выблісквалі зенітныя снарады. З самалётаў скінулі асвятляльныя ракеты, якія залілі горад святлом. Бамбілі адразу некалькі раёнаў, доўга і ўпэўнена. Калі бамбёжкі сціхлі, Сяргей пастукаў у шыбку таго пакоя, дзе звычайна спала Залеская. Як толькі пачула, хто гэта, яна адразу пайшла адчыняць. Увёўшы Сяргея ў сенцы, загаварыла са слязамі:

— Божа мой, якое няшчасце!..

Яна нічога не ведала пра лёс маці і Клавы.

Уладзіла Сяргея на гары, у куточку за комінам. Над ім коса звешваўся паплёт і шчыльна прыгнаны адзін да аднаго гонт, які тут, знізу, быў яшчэ як новы. Сяргей па некалькі разоў на дзень падбіраўся да паўкруглага акенца, зацягнутага павуціннем, і пазіраў на горад. За бляшанымі і драўлянымі пірамідамі дахаў удалечы быў відаць рог будынка вакзала. Адтуль даходзілі гудкі паравозаў: Сяргею чуўся ў іх неспакой.

Нашы самалёты наляталі на горад цяпер і сярод белага дня. Гэтыя налёты яшчэ больш уздымалі ў Сяргею нецярплівасць, трывогу і надзеі. Сяргей прагнуў дзейнасці.

 

3

Неяк пад вечар у камеру ўпіхнулі жанчыну. Яна застагнала, трымаючыся за паясніцу, але праз момант сціхла і стала азіраць камеру, здзіўлена і недаверліва.

— Ідзіце сюды,— паклікала яе жанчына, што сядзела каля Ніны.

Новая адразу пачала прабірацца да яе, пераступаючы праз тых, хто ляжаў.

Калі жанчына села, яе пачалі, як звычайна, распытваць: хто яна, адкуль, а потым — асцярожна, з падходамі, за што ўзялі. Незнаёмая адрэзала сярдзіта:

— За доўгі язык.

Зазіраючы ў твары ўсіх вачыма, якія як бы прасілі спачування, яна пачала гаварліва, аж захліпаючыся, расказваць, як усё было. Яна прадавала на Чэрвеньскім рынку малако. Прынесла бітончык, прадала некалькі карчыкаў,— калі падышоў нейкі паліцай, не гаворачы, не плоцячы нічога,— як сваё,— узяў яе бітончык і падаўся прэч. Малочніца кінулася ўслед, хацела забраць сваё, ён адштурхнуў яе. І пайшоў сабе, бы не было нічога. Ад такога нахабства яна ашалела і ў гневе, каб дапячы паліцаю, крыкнула: «Пачакай, прыйдуць партызаны!.»

Паліцай, нашто быў глухі раней, адразу спыніўся. Вярнуўся: «Партызаны?! А-а, дык ты з партызанамі звязана! Адкуль жа яны прыйдуць? А ну, ком са мной...» — і гвалтам пацягнуў яе з сабой.

У СД яна богам клялася, што і ведаць не ведае пра партызан. Але ёй не паверылі...

Цяпер ёй хацелася давесці гэта зняволеным. У камеры, амаль не сціхаючы, чулася, як яна скардзіцца ды охае. Асабліва надакучыла яна Ніне, поруч з якой сядзела. То яна трывожылася, што могуць цяпер кароўку забраць, што рэчы раскрадуць, то дапытвалася, колькі трэба заплаціць, каб выпусцілі з турмы.

— Пяць тысяч, пэўне, хопіць. Хопіць, праўда?.. Ці, можа, замнога столькі?..

— Сціхніце!.. Як вам не сорам? — з абурэннем сказала Ніна.

На другую ж ноч малочніцу, між некалькіх другіх, выклікалі і павезлі кудысьці. Яна не вярнулася: відаць, расстралялі.

Тут цяпер не вельмі дапытваліся: турэмшчыкам, мусіць, было ўжо не да гэтага. Яны спяшаліся. Па некалькі разоў за суткі дзесяткамі хапалі зняволеных, выводзілі на двор і адтуль везлі або ў канцлагер, або адразу на згубу.

Яны нерваваліся і шалелі. Асабліва лютаваў адзін з іх, наглядчык з сонным тварам. Штоночы п’яны ўвальваўся ён у камеру, абводзячы ўсіх ненавідным позіркам, выбіраў ахвяру. Забіваць яму не дазвалялі, але біць ён мог, колькі хацеў. І наглядчык гэтае права выкарыстоўваў. Выбраўшы каго-небудзь, ён без усякай прычыны, з асалодай садыста, рукамі і нагамі біў датуль, пакуль знемагаўся. Ісці да яго баяліся не менш, як у гестапа...

Страшныя гэта былі дні. Людзі, якім даводзілася зносіць нечалавечыя здзекі, увесь час адчувалі блізкі цень смерці. Кожны дзень гадалі: «Сёння?..» У тамлівым напружанні цягнуліся бясконцыя ночы. Ночы чакання і надзей. Асабліва расло напружанне пасля паўночы, пад раніцу. Бралі звычайна ў гэты час. Калі адчыняліся важкія дзверы, усе глядзелі: «Каго зараз?» Дзіўныя істоты людзі, разумеючы асуджанасць сваю, яны да самай апошняй гадзіны сваёй не трацілі надзеі: а можа, яшчэ не ўсё? У апошнюю хвіліну не маглі згадзіцца з пагібеллю.

Як тут да апошняй хвіліны чакалі цуду! Цуд гэты бачыўся ў розных абліччах, але найчасцей быў з надзеяй на прыход сваіх. З вызваленнем сваімі. Нечаканым, дзівосным. І яшчэ — колькі тут кіпела гневу, нянавісці. Калі б гнеў гэты меў жывую сілу, ніякія сцены не ўтрымаліся б перад ім. Узарваў бы ўсе сцены, якія б цвёрдыя яны ні былі.

Але сцены былі глухія і да гневу, і да праклёнаў зняволеных.

 

Дваццаць чацвёртага чэрвеня — позна вечарам — выклікалі Клаву.

— От і мая чарга настала...— прамовіла яна глуха, пачуўшы сваё прозвішча, і дзіўна ўсміхнулася.

Яна стрымана паправіла пасму бялявых валасоў, што спалі на лоб, і раптам моцна, уся аддаўшыся моманту, прыціснулася да Ніны. Апаліла гарачым шэптам:

— Можа, мяне на смерць... Калі табе... пашанцуе, Нінка... скажы Сяргею пра ўсё...

Ніне захацелася падтрымаць яе:

— А ты, калі... будзеш... пра мяне... Аляксею і маці.

Сказала з тугою: ведала, што не вернецца, не будзе жыць Клава. Злічаны дні Клаўкі.

Адзін з турэмшчыкаў, які трымаў блакноцік у руцэ з залатым пярсцёнкам, закрычаў нецярпліва:

— Хутчэй, карова!

— Управішся! — кінула яму Клава, не адрываючыся ад Ніны. Раптам сумна, шчыра, нібы ўздыхнула: — Ой, не, Нінка, мне, мусіць, не давядзецца...

Як бы гонячы кволасць, яна хітнула галавой. Сабралася з сілаю, узнялася і да дзвярэй,— здавалася, як звычайна, спакойная.

Насустрач ёй выскачыў наглядчык з сонным тварам.

— Чаго паўзеш! — сонны брыдка вылаяўся і наводмаш ударыў яе. Клава ледзь утрымалася на нагах, але не паказала болю, болю на яе твары ніхто не ўбачыў. Яна нават усміхнулася. Пагардлівая, страшная ўсмешка з’явілася на яе твары.

— Эх ты, гніда нямецкая! — пачулі ў прыціхлай камеры.

— Д-давай! Каціся!

— Спяшайся... Мала вам засталося!..

Наглядчык мацюкнуўся, ударыў зноў. Таўхануў люта.

Клава знікла ў калідоры. Ніна адчула, што больш яны ўжо ніколі не ўбачацца.

Усю гэту ноч Ніна думала пра Клаву. Згадвала першую сустрэчу: хто тады мог падумаць, што яна такая, гэтая дзяўчынка-жартаўніца... Ніна бачыла яе зноў, якой яна прыйшла з допыту: «Ой, як мяне білі... Ніколі яшчэ не білі так...» «Усё-ткі яны ад мяне нічога не дабіліся!» — як бы яшчэ гучаў яе гарачы шэпт.

І вось яна пайшла ў апошні, напэўна, шлях. Ледзь толькі пачаўшы з разуменнем жыць. Яшчэ амаль нічога не паспытаўшы.

Ёй жа ўсяго семнаццаць. Столькі Ніне было, калі яна канчала дзесяты клас... Што яна ведала тады? Вочы толькі-толькі пачыналі разумець хараство. Сэрца ледзь пачало сумаваць па каханні, невядомым, заваблівым. Тады толькі пачыналася самае лепшае ў яе гадах. Усё лепшае ў яе жыцці было потым...

Клава не спазнае нічога гэтага.

 

4

Раніцай пасля гэтай ночы Ніну выклікалі на допыт. Гэта быў яе апошні допыт.

Дапытвалі яе цяпер не ў будынку былога Інстытута народнай гаспадаркі, а тут жа, у памяшканні турмы. У нізкім пакоі, куды яе ўвялі праз цёмны калідор, быў следчы з «вучоным выглядам». Ён стаяў за сталом з немцам у форме эсэсаўца. Эсэсавец трымаў у руцэ, глядзеў нейкія паперы.

— Вось яна,— сказаў следчы, мелькам слізгануўшы па Ніне позіркам.

Ён даў рукой знак турэмшчыку, які ўвёў Ніну, што той можа выйсці, і турэмшчык знік за дзвярыма.

Эсэсавец узняў вочы ад папер, зірнуў на Ніну, востра і жорстка.

Следчы надзеў рагавыя акуляры, якія ляжалі перад ім на папцы. Пачаў штосьці жаваць, як і мінулы раз.

— Я яшчэ раз паклікаў цябе,— загаварыў ён патрабавальна.— Мне патрэбны... прозвішчы саўдзельнікаў тут і адрасы явак... Ты іх, вядома, успомніла?..

Па тым, як ён трымаўся, Ніна адчула, што яго хвалюе тое, што побач эсэсавец, абавязвае да асаблівай строгасці, дзейснасці. Што ён сам нібы пад допытам. І што размова для яе будзе вельмі цяжкай.

Яна зірнула на знакі на мундзіры эсэсаўца: немалы чын, штурмбанфюрэр. Начальства нейкае...

— Я не ведаю іх.

— Не ведаеш? Ты, значыць, рашыла ўпарціцца?.. А я думаў, што наша мінулая размова... непрыемная для цябе размова прымусіла цябе паразумнець. Аказваецца, не... Не? — Вочы за рагавымі акулярамі рабіліся злымі. Ніна падумала, што сёння зноў будуць біць, але следчы, зірнуўшы на эсэсаўца, раптам сказаў:

— Ну, што ж, нарэшце... Мы заплоцім. Грошы дадзім. У Германію можам адправіць... калі ты баішся сваіх...

Эсэсавец, востра сочачы за Нінаю, стрымана кіўнуў галавою: пацвердзіў словы следчага.

— Я казала — я не была ў Мінску. Была ў мястэчку, у Ігумені. На кірмашы. Хадзіла мяняць рэчы на прадукты.

Яна ўвесь час адчувала маўклівую, нечым пагрозлівую ўвагу эсэсаўца.

— Ты смяешся! — наступаў следчы. Ён казаў як бы і ёй і эсэсаўцу.— Ваша брыгада звязана з горадам. Гэта вядома... У мяне дакладныя весткі... Я маю весткі, што тут была і ты...

— Я не была...

— Ты лжэш!..— раптам умяшаўся эсэсавец. Ён сказаў гэта так рашуча і злавесна, што Ніна адчула страх.

— Я не была тут,— ціха, але цвёрда паўтарыла яна.

— Не, ты была!..

У яго голасе была такая ўпэўненасць, нібы ён ведаў, усё ведаў. Ніне захацелася сесці.

— Яўкі і прозвішчы! — крыкнуў эсэсавец тонам загаду.— Зараз жа!.. «Не ведаю, нічога не ведаю...» — едка перакрывіў ён Ніну.

Рэйзе злосна ўсміхнуўся.

— Я не буду далікатнічаць!.. Пакуль не позна, чорт пабяры,— яўкі! Ну, я чакаю!

Нейкім паўсвядомым чуццём Ніна зразумела, што наступіў самы рашучы момант, што зараз усё давершыцца. Што звароту назад, надзей ніякіх на ратунак ужо не будзе. Што яна стала каля самага абрыву, што крок далей — у прорву...

Эсэсавец маўчаў, уставіўшыся пранізлівым позіркам на Ніну.

— Ну?!

— Я сказала — не ведаю.

Твар эсэсаўца, цвёрды, са сціснутым ротам, наліўся крывёю. Ён рэзка падаўся да Ніны і з нянавісцю ўдарыў яе кулаком у вуха. Яна ўпала. Калі Ніна прыўзнялася і села, стрымліваючы боль у галаве, каб не застагнаць, следчы, стараючыся, відаць, паддобрыцца эсэсаўцу, з пагрозай спытаў:

— Будзеш маўчаць?

Яна прамаўчала. Следчы з пагардай запэўніў:

— Мы і так усё ведаем! А ты дарэмна губіш сябе!

Рэйзе нецярпліва перарваў яго:

— Канчаць трэба!

Следчы вярнуўся да стала. Сеў на месца, сінім алоўкам штосьці надпісаў наверсе ліста і кінуў яго на край стала, як непатрэбную рэч. Зірнуў на эсэсаўца так, нібы паказваў: «Ну вось — зроблена!..»

Эсэсавец загадаў увесці наступнага. Следчы крыкнуў у дзверы і, калі паявіўся турэмшчык, што вёў Ніну, загадаў:

— Назад яе.

 

Зноў — калідорны прыцемак, мерны стукат аб падлогу ботаў турэмшчыка, рады дзвярэй. Важка заскрыпелі завесы, і Ніна апынулася ў сваёй камеры.

Абыходзячы людзей, якія сядзелі і ляжалі на падлозе і нарах, прабралася да свайго месца. Прымасціўшыся на ўскрайку нараў, абаперлася локцямі на калені. У галаве было адно, нерухомае і важкае: «канчаць трэба».

— Хутка сёння цябе... Напэўна, усё-ткі білі,— паспачувала суседка, Красуцкая.

— Без гэтага, мусіць, не абысціся...

Ніне гаварыць не хацелася, і Красуцкая, відаць, улавіла гэта. Не зачэплівала больш гаворкай. Ніна як бы адасобілася, схавала ўсё ў сабе. Як і раней, ёй не думалася, у памяці стаяла ўсё тое ж: «канчаць трэба». Адчуванне асуджанасці, безвыходнасці. Даўкае нязноснае адчуванне.

З гэтай бядою яна не заўважала нічога навокал. Не хацела, не магла заўважаць. Усё навокал здавалася чужым, нібы ўжо не датычыла яе. Нібы было ўжо аддзелена ад яе непераходнай мяжою.

Потым наваліўся адчай, які напоўніў усю яе болем. Балела доўга, і здавалася, гэтаму не будзе канца. Але спакваля боль пачаў сціхаць і прыйшла цяжкая, дурнотная змора. Прыйшло нейкае атупенне, нейкая нячуласць. Абыякавасць да ўсяго.

Яна раптам апала ні то ў сон, ні то ў забыццё.

Абудзілася яна, калі ўбачыла сонечную палоску на сцяне. Падумала, што ўжо, відаць, поўдзень, бо ў гэтым месцы палоска бывае, калі сонца стаіць на поўдні.

Тады ўспомнілася, як сонечны прамень калісьці лавіла Люда. Лавіла і ніяк не магла схапіць непаслухмяны прамень, які, нібы дражнячыся, скакаў ёй на ручкі, на пальчыкі.

Ніне раптам нясцерпна захацелася ўзяць тыя ручкі, тыя пальчыкі, прыціснуць да свае шчакі. Пяшчотна-пяшчотна. У душы варухнулася такое харошае і такое пякучае пачуццё, што сэрца зайшлося з болю.

Страшэнна захацелася гаварыць пра дачку. Падумала: з Красуцкай можна. Можна даверыцца, і зразумее ўсё... Зразумее. У яе самой чацвёра на волі.

— Дзе гэта цяпер мая... Людачка? — выказала яна сваю тугу Красуцкай.

Ніна расказала, не называючы горада, як аднойчы,— яна ўспомніла пакой Клавы, асветлены вячэрнім сонцам,— была блізка ад дачкі, але не змагла пабачыцца з ёй...

— Пабаялася за яе!.. Век за яе баялася.

— Вядома, матчына сэрца... У кожнай маці сэрца найбольш баліць па дзіцяці.

Красуцкая прызналася шчыра, балесна:

— Я таксама ўсё пра сваіх... Чую душою: мусіць, не пабачымся...

Яна ледзь стрывала, каб не заплакаць. Ніну зноў запёк боль. Працяла ясная, жорсткая думка, заліла ўсю адчаем: «І мы больш не ўбачымся...» Але так не хацелася прымірыцца з гэтым, што яна запярэчыла сабе: не, быць не можа, каб ніколі!..

— А мне здаецца: пабачу...

 

5

Уночы непадалёк пачуліся гулкія выбухі гармат, за імі амаль адразу блізка захапаліся кулямёты. Ніна адразу ажыла, стала пільна ўслухоўвацца. Ажылі, заварушыліся ўсе ў камеры.

Хутка страляніна зрабілася такой густою, што здавалася, там, знадворку, усё неба пранізана кулямі ды асколкамі і, як бы ні хацелася, нікому не ўдасца прарвацца да горада. Лямпачкі ў камеры пагаслі. На пераплеценых кратамі вокнах, прарэзаных каля самай столі, трапятала злоснымі ўсплёскамі святло.

Прайшло некалькі хвілін, і Ніна ў прамежку між выбухаў пачала ўлоўліваць жаданы, моцны гул. Ён рос, набліжаўся.

Нарэшце ўхапіла самае радаснае: гухнулі важкія выбухі бомб. Яны глушылі ляскат зенітак. Бомбы грукалі як бы чэргамі,— выбухне некалькі бомб, потым наступае малая паўза, пасля якой зноў: гу-гу-гу. Сцены каземата і падлога пры кожнай чарзе ўздрыгвалі.

— Гэта на Таварнай!..— радасна адзначыла Ніна. Яна прытулілася да старой Красуцкай: каб тая магла пачуць. Падзяліць шчасце: — Бамбяць Таварную! Ды як моцна! Што там цяпер робіцца, на Таварнай, пабачыць бы!.. Чуеце, як грымнула! О, яшчэ раз! Чуеце?..

— Толькі б уцэлілі добра...— адгукнулася турботна Красуцкая.

Ніна ведала, што значылі гэтыя словы. На Таварнай станцыі амаль заўсёды стаялі эшалоны з боепрыпасамі...

— Уцэляць! Яны ўцэляць!.. О, чуеце, яшчэ — якія выбухі!.. Гэта ўжо ў іншым баку.

— На станкабудаўнічым нібы...

Так, самалёты, падобна было, бамбілі і станкабудаўнічы завод, дзе рамантавалі танкі і гарматы... Ніну апантала такое шчасце, якога яна даўно не ведала. Калі яшчэ тут гарэлі гэтак весела яе вочы, у якіх цяпер адбіваліся зарніцы выбухаў!.. Вось яна, яе ўдача. Прыйшла! Парадавала!

Праз вокны, праз тоўстыя сцены ўсё прабіваліся гукі выбухаў — г-гах, га-гах...

У камеры слухалі гэтыя гукі як найлепшую музыку. Водбліскі святла выхоплівалі незвычайна ўсхваляваныя твары. Ззянне вачэй, усмешкі. Людзі нібы забылі пра сваё становішча.

Самалёты адбамбіліся, павярнулі назад. Гул аддаліўся, знік, сціхлі зеніткі, а ў камеры яшчэ доўга панавала шчаслівая ўсхваляванасць, якую прынеслі самалёты.

Доўга яшчэ выбухала штосьці, падобна — на Таварнай. Па сценах трапяталі чырванаватыя водсветы.

— Відаць, уцэлілі ў склад снарадаў...— Не магла маўчаць Ніна.— Не інакш, снарады! Глядзіце, як успыхвае!..

Ёй раптам падумалася, што лётчыкі, можа быць, карысталіся тымі весткамі, якія яна прынесла з горада. Можа, іх камандзір па яе карце-схеме выбіраў аб'екты для бамбёжкі.

Калі б так было. Каб недарэмна рызыкавала...

 

6

Клаву прывезлі сюды з лагера, што быў на вуліцы Шырокай.

Калі людзі пачалі выходзіць з машын, вартавыя, што канваіравалі арыштаваных, адабралі некалькі чалавек, першых, якія трапіліся. Між іх была і Клава. Ім адразу загадалі ўзняць рукі і, нічога не гаворачы, пагналі да нейкай нізкай і доўгай пабудовы. У ранішнім змроку яна была падобна на хлеў.

Клаву ўпіхнулі ў вароты.

Яна ступіла крок наперад і неспадзеўкі спатыкнулася аб штосьці мяккае, што ляжала на зямлі. Амаль у той жа момант недзе побач штосьці заляскала, прарэзліва, жалезна, моцна б’ючы ў вушы. Яна не ўправілася зразумець, што гэта, як яе люта штурхнула ззаду, і яна ўпала тварам уніз...

«Гэта — канец?» — працяла яе, страшнае, у нейкім ліхаманкавым тумане.

Адчуваючы, як унутры ўсё пахаладзела, Клава чакала, што зноў пачнуць страляць па ёй. Але некалькі хвілін было ціха. Тыя хвіліны цягнуліся вельмі марудна. Напэўна, нічога не магло быць горш гэтага: ляжаць, чакаць смерці.

Ёй страшэнна хацелася падхапіцца і бегчы, бегчы — абы-куды, толькі б не ляжаць тут, не чакаць.

Але яна стрымлівалася,— ці таму, што навакольнае было такім незвычайным, жахлівым, што яна не магла сабраць думкі да якога-небудзь ладу, ці таму, што, усёй душой цягнучыся да жыцця, яшчэ спадзявалася, што ўдасца як-небудзь вырвацца. Як бы там ні было, Клава ляжала нерухома.

Не застагнала, не варухнулася яна і тады, калі хтосьці схапіў яе за рукі і павалок, хоць плячо яе пры гэтым апаліла такім болем, што яна ледзь не страціла прытомнасць.

Яе кінулі ў нейкую яму. У яме, адужваючы боль, ад якога мутнела ў галаве, яна праз жах сачыла за тым, што адбывалася ўгары, ля варот. Купу за купай прыганялі арыштаваных. Зноў чуліся крыкі людзей і лаянка вартавых.

— Н-ну, жвавей! Чорт пабяры... Ідзі!..

— Не пайду! Страляй тут, паскуда арыйская!

— Гей, пагавары! Штыль!.. Маўтшаць! Маўтшаць!

— І так намаўчаліся! Хопіць.— І на ўвесь голас: — Смерць вашаму Гітлеру, іуды! Усім вам!.. Гады вы!

Падкалодныя!

— Страляй, сволач! Страляй! Хутка прыйдуць нашы. Яны табе...

Нечы дзявочы голас маліў: «Мамачка мілая... мамачка мая...»

 

Воклічы і галасы абрываў, глушыў рэзкі жалезны ляскат. Аўтаматы.

Два забітыя, якіх сапхнулі ў яму, прыціснулі Клавіны плячо і ногі. Ёй было балюча, але яна маўчала.

Раптам штосьці вогненна зіхнула, ударыў выбух. Адзін, другі. Праз жах, які поўніў яе, прарвалася здагадка — гранаты. Кідаюць, пэўна,— каб дабіць параненых.

Адна граната разарвалася так блізка, што выбух на хвіліну аглушыў Клаву. Але яна засталася жывой, бо яе прыкрыў сваім целам забіты.

Потым загучалі рэзкія, як каманда, галасы, воклічы за варотамі, і, нарэшце, стала ціха. Канвойныя, відаць, адыходзілі, галасы іх паволі глушэлі.

Яна асцярожна павярнула галаву. Угары, каля ямы чарнеў ледзь відны ў змроку салдат, з нейкай пасудзіны абліваў забітых. Далей, за ім, значыўся яшчэ хтосьці. Яна чула, як, плюскочучы, льецца вадкасць. Ёй даў у нос едкі пах бензіну, і да яе дайшла страшная здагадка:

«Нас збіраюцца спаліць!»

Ад гэтай думкі Клаву нібы абліло варам. Ёй зноў захацелася ўскочыць і бегчы, бегчы. Але яна ўсё ляжала...

Неўзабаве ў салдат здарылася нейкая замінка, і яны, перакінуўшыся нейкімі недавольнымі словамі, сталі выбірацца з хлява.

У аднаго, калі ён выходзіў, бразнула аб нешта цвёрдае пасудзіна...

 

7

Калі крокі і галасы салдат пачалі аддаляцца, Клава першы момант яшчэ ляжала, нібы нежывая. Яна не адразу і зразумела, што адбылося. Але хутка ў гарачым змроку, што поўніў яе галаву, штосьці заяснела, затурбавала. Тады да яе ўжо выразна дайшло, што крокі аддаляюцца, што адбылося нешта важнае для яе, і гэта Клаву быццам абудзіла.

Чуючы, як ураз забілася сэрца, яна з натугай вызваліла плячо і, крыху ўзняўшы галаву, стрымліваючы боль у плячы, у спіне, спасцярожліва азірнулася.

Тут нікога больш не было. У яе ўспыхнула з новай прагай надзея, ад якой сэрца закалацілася гулка, часта.

Нікога?! Няўжо — нікога?! Не верачы, яна азірнулася ў другі раз. Нікога! Навокал не было нікога! Ніводнай постаці з тых.

Ціха. Пуста і — ціха. Так ціха, што становіцца млосна. Нямее, сціхае сэрца.

Толькі аднекуль здалёк — глыбокі, пакутлівы стогн кагосьці з раненых: ы-ых, ы-ых!

Нікога няма! Ніхто не сцеражэ!.. Можна... Клава не ўправілася дадумаць, як усю яе заліло палючае, нястрымнае: хутчэй, хутчэй!

Не трацячы ні хвіліны, яна паспрабавала скінуць з сябе важкі труп, што прыціснуў ногі і паясніцу. Як ні намагалася, не змагла нават зварухнуць дзіўна непадатны цяжар. З адчаем і знямогай апала. Але праз момант зноў нецярпліва, што сілы ўперлася рукамі ў дол, напружыла спіну. Хітнулася, спрабуючы скінуць цяжар. Труп крыху падаўся. Яна яшчэ напружыла спіну і плячо і ссунула труп ніжэй. Яшчэ адно намаганне, яшчэ, і цяпер толькі ногі да каленяў заціснуты. Ногі яна можа выцягнуць.

Вызваліўшыся, нарэшце адчула, што знемаглася. Але перадыхваць не стала. Няма калі. На коленцах дабралася да краю ямы, учапілася ў яго рукамі, адчула пад пальцамі мокрую і слізкую зямлю. Узлягла на край ямы грудзямі, уперлася каленямі. Выбралася.

Два крокі — і яна апынулася каля варот, у якія цьмяна шарэў двор.

Тут яна прыпынілася. Хоць хацелася хутчэй, хутчэй бегчы, хоць адсюль быццам штурхала штосьці гарачае, нецярплівае, яна стрымалася. Тулячыся да шурпатага вушака, асцярожліва, пільна выглянула.

Нікога не відаць. Пуста, ціха. Толькі сэрца гулка, важка гухкае,— яго ўдары ў цішыні, як грымоты. Клава прыціснула руку да грудзей, як бы стрымліваючы яго,— узяў страх, што яго могуць пачуць...

Куды бегчы? У які бок? Яна хацела была ўжо кінуцца ўлева, калі адтуль пачуліся недалёкія галасы. Відаць, салдаты вярталіся.

Каб не гэтыя галасы, Клава наскочыла б на забойцаў, але, на шчасце, яна пачула іх у час. Забойцы самі як бы перасцерагалі Клаву: жыццё яе залежала ад нікчэмнай выпадковасці.

Слухаючы галасы, у якіх ёй чулася пагроза, хоць немцы гаварылі будзённа, яна, не марудзячы, не разважаючы, рашуча кінулася ў вароты. Тулячыся да сцяны, ценем шмыгнула за вугал будынка.

Яна ледзь управілася схавацца за вуглом. Прыціскаючыся да бярвенняў, замершы так, што сэрца нібы спынілася, яна прыслухалася да галасоў і крокаў — ці не заўважылі?! Ці не ідуць сюды? — і разам з тым насцярожана і востра кінула позіркам навокал.

Месца было пустое і адкрытае: ні кусточка, ні лагчынкі, дзе б можна было прапаўзці, стаіцца ад чужых вачэй. І змрок шарэў па-ранішняму рэдкаваты, здрадлівы, і цішыня панавала зманлівая, небяспечная. Чаму была не глухая, асенняя ноч, не цемра, якая хавае чалавека, не вецер, які глушыць крокі...

Справа хтосьці хадзіў,— напэўна, вартавы, яго было слаба відаць у прыцемку. Каля вартавога ледзь значыліся ў рад слупы, там — мільганула ў Клавінай галаве — напэўна, загароджа. Вунь, лявей, яшчэ адна постаць.

Як тут выбрацца?

Марудзіць нельга было. Яна не толькі ведала гэта, яна гэтым жыла. Гэта было самае галоўнае ў яе душы. Ледзь агледзелася, яна адразу ж пачала адпаўзаць — хутчэй, хутчэй ад гэтага страшнага месца.

Больш за ўсё ў гэтыя хвіліны шкадавала яна, што навокал так светла! Здавалася, кожны рух яе відаць здалёк. Яна прыпынялася ад страху, замірала: ці не заўважылі яе. Вунь вартавы чамусьці перастаў хадзіць...

Прыпаўшы да зямлі, не варушачыся, яна чакала са страхам. Не, гэта ён так, ён не бачыць яе. Вось ён зноў захадзіў. Клава аддыхалася: тады, калі сачыла за вартавым, перастала дыхаць.

Цяпер можна прабірацца далей, асцярожней і смялей, пакуль не позна.

Шлях гэты здаўся ёй бясконца доўгім. Яна яшчэ некалькі разоў прыпынялася, прыслухоўвалася, узіралася ў змрок, пакуль нарэшце не дабралася да агароджы, да слупа, які цяпер здаўся вельмі высокім. Тут яна зноў прыпынілася. Трэба было зрабіць, мусіць, самае цяжкае, а можа, і немагчымае: прабрацца праз калючую загароджу.

А што, калі яна, загароджа, так зроблена, што праз яе пралезці няможна? Ці, можа, ледзь дакранешся да яе, яна загрыміць? Трывожачыся гэтым, Клава асцярожна кранула рукою дрот. Хутка адхапіла руку, паслухала: навокал было па-ранейшаму ціха. Узняўшы ад зямлі тугі, жорсткі дрот, паспрабавала падціснуць пад яго плечы.

Дрот паддаваўся неахвотна, уядаўся калючкамі ў рукі.

Ёй прыйшлося легчы на спіну, каб можна было трымаць дрот над сабою. Так яна прасунула галаву, грудзі. Рукі дрыжалі, стамляліся ад натугі, і яна апускала іх. Потым зноў уздымала, адціскала дрот. Асабліва цяжка было адціскаць яго, калі засталося выцягнуць ногі. Рукам не было як абаперціся. Яна сагнулася, легла амаль усцяж дроту. Калючкі ўпіваліся ў ногі, ранілі, але яна не чула болю.

Тады, калі ўжо амаль уся выбралася за загароду, яна раптам заўважыла, што спадніца зачапілася за калючку. Клава паспрабавала лёгка пацягнуць спадніцу, але калючка моцна трымала.

Стараючыся не трывожыць дрот, прытрымліваючы яго адной рукой, другой вырвала тканіну. Вызвалілася нарэшце ад калючкі...

За загароджай, у траве Клава нейкі час ляжала, чакала, пакуль вартавы адыдзе падалей. Сочачы за ім, збіраючыся з сілаю, яна раптам пачула: пахла рамонкам. Пахла так моцна, так неверагодна, што ў яе пачала кружыцца галава.

Вычакаўшы зручны момант, яна выбралася на дарогу. Уціскаючыся ў зямлю, ловячы кожны гук у ранішняй цішыні, хапатліва папаўзла на другі бок. Перабраўшыся, затаілася ў затравелай канаве, пасцерагла, ці не заўважылі. Выглядзела, у які бок ідзе вартавы. Было ціха, і вартавы ішоў ад яе. Значыцца, можна далей.

Паўзком па роснай траве яна дапала да хмызнячку.

Схаваўшыся ў ім, узнялася трохі, азірнулася, паслухала. Не маючы больш сілы стрымлівацца, забыўшыся пра асцярогу, адно адчуваючы ззаду за сабой здань смерці, якая нібы гналася за ёй, кінулася ў бок балота ці рэчкі, мяркуючы па тым, што там бялеў туман. Задыхаючыся ад бегу, гарачкава думала: у тумане можна пакуль што схавацца, а ў балоце яна скрые свой след. На той выпадак, калі кінецца пагоня... І нап’ецца вады...

Галіны алешынак і бярозак секлі яе твар, але яна бегла і бегла. І ўсё прагнула — хутчэй, хутчэй ад таго жахлівага будынка.

Яна не ведала ні радасці, ні палёгкі. Усе яе пачуцці глушылі трывога і страх, якія гналі яе ўсё далей...

Але хутка яна пачала слабець. Галаву паліў агонь, ён паступова мацнеў і, нарэшце, пры кожным кроку стаў адзывацца нясцерпным болем. Яна вымушана была пайсці цішэй, са страхам заўважаючы, што перад яе вачыма ўсё пачынае хістацца.

У яе яшчэ хапіла сілы перабрацца цераз рэчку. Гэта, выявілася, было не балота, а дробная, мелкая рэчка. Вады ў рэчцы было крыху больш, як да каленяў. Перайшоўшы рэчачку, Клава здолела праз лужок дапаўзці да загону жыта. Становішча яе было па-ранейшаму небяспечнае, тут маглі лёгка знайсці.

Калі ўзнялося сонца і пачало прыграваць, яна ляжала тварам да мяккай, пульхнай зямлі, тулілася шчакой да белай кветкі павітухі. Як праз дрымоту, праз гарачы звон, што поўніў галаву яе, пачула яна поблізу крокі, шоргат калоссяў. Хтосьці блізка ішоў.

Больш нічога не чула. Усё раптам патанула ў гарачым звоне, усе трывогі і ўсе надзеі.

Клава страціла прытомнасць.

 

ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ

 

РАЗДЗЕЛ І

 

1

Дні былі поўныя руху, клопату, падзей.

Яны быццам падаўжэлі — так многа ўбіралі ў сябе. Незвычайна многа ўбіралі яны, дні баёў, дні наступлення. Дні смерці для адных і дні жыцця для другіх. Дні непараўнанай радасці на нашай спакутаванай зямлі.

Тысячы тысяч узброеных людзей з усёй краіны — танкісты, пехацінцы, артылерысты, салдаты і афіцэры — рушылі з баямі па нашай зямлі.

 

Мост быў разбураны. Іншыя зручныя для пераправы месцы знаходзіліся далёка. Старшы лейтэнант рашыў перапраўляцца ўброд.

Танкі, рассоўваючы крутымі грудзьмі ваду, лёгка пераходзілі рэчку, але з натугай раўлі, калі пераадольвалі вязкі грунт берага. Як ні асцярожна вялі па гэтым грунце машыны вадзіцелі, памятаючы Аляксееву навуку, усё ж, калі пераправіліся некалькі машын, гусеніцы раскапалі на берагах такія канавы, што гразь уздымалася амаль на вышыню кліранса. Аляксей паспрабаваў перапраўляцца далей ад дарогі. Паслаў туды аднаго з самых вопытных вадзіцеляў, але машына засела, яшчэ не дайшоўшы да рэчкі. Давялося вяртацца на ранейшае месца.

— Наслаць бярвенні! — загадаў старшы лейтэнант. На кожнай машыне былі бярвенні, падрыхтаваныя яшчэ да пачатку прарыву, па загаду Бяссонава іх увесь час везлі з сабой.

Цяпер іх хутка паклалі ўпоперак чорных разварочаных канаў. Па бярвеннях, як па шпалах, пачалі перапраўляцца «трыццацьчацвёркі»...

Неўзабаве важкія машыны так уціснулі ў гразь бярвенні, што іх не стала відаць.

Старшы лейтэнант, які ўвесь час быў на беразе, выходзіў насустрач кожнай машыне, што набліжалася да пераправы, і, ступаючы наперадзе яе, рукамі паказваў механікам, дзе весці.

На шчасце, ноч была ясная. Над полем серабрыста бялеў амаль поўны месяц, падобны на ліхтарны шар, і перапраўляцца можна было, не запальваючы святла. Вада ў рэчцы блакітна свяцілася,— за машынамі, як ад парома, разыходзіліся ў бакі зыбкія вадзяныя палосы.

Адна «трыццацьчацвёрка» засела на самым цяжкім месцы пераправы, у пачатку другога берага, калі трэба было як можна павялічыць абароты, даць сілу машыне, каб яна здолела ўзяць круты ўздым, матор не вытрымаў нагрузкі, заглух. Вадзіцель заводзіў яго зноў, павялічваў абароты, але матор не цягнуў, глух.

— Эх ты, герой! — сказаў гарачкава лейтэнант Гогабярыдзе.— У лужыне сеў!..

— Вазьмі на буксір,— загадаў яму Аляксей, які не любіў гаварыць попусту.— Чаго тут лаяць, усё роўна гэтым не дапаможаш.

Лейтэнант схамянуўся, заспяшаўся да кладкі, якая была перакінута на месцы разбуранага мастка. Аляксей бачыў, як Гогабярыдзе спрытна перабег па хісткіх жэрдках, балансіруючы рукамі. Рухі яго, як заўсёды, былі лёгкімі і прыгожымі. «Хадзіць бы табе, Сандро, у тэатры па сцэне, каб любаваліся ўсе»,— мімаволі мільганула ў галаве Аляксея.

Тады, калі на тым баку прыладжвалі буксір, старшы лейтэнант то хадзіў туды-сюды, то паглядваў нецярпліва за рэчку, непакоіўся, што гэтая пераправа адбярэ ў яго многа часу. Прыйдзецца, мусіць, да самага світання тут працягацца. І хто б мог ведаць, што гэтая рачулка так доўга затрымае. Аляксей адчуў, што вельмі стаміўся. «Трэба было б гадзіну падрамаць... Ну, што ж, яшчэ некалькі машын перапраўлю, а потым пакіну наглядаць тут каго-небудзь...»

Неўзабаве на тым баку натужна, з завываннем, загурчаў буксірны танк. Счапілі, было відаць, некалькі тросаў, каб буксірная машына стаяла наводдаль ад берага, на цвёрдым грунце...

Танк, што засеў на пераправе, неахвотна і важка пачаў успаўзаць на разварочаны бераг...

 

2

Старшы лейтэнант убачыў, што па дарозе да пераправы падышла легкавая машына. Як толькі яна спынілася, з яе выскачыў прысадзісты, з выгляду моцны чалавек. Аляксей пазнаў Бяссонава і пайшоў насустрач яму.

— Ну, як тут у цябе? Многа перацягнуў?..

Палкоўнік, не спыняючыся, адразу накіраваўся да рэчкі. Аляксей на хаду дакладваў яму, як ідзе пераправа, колькі машын перабралася ўжо на другі бераг.

— Корпаешся доўга,— прамовіў незадаволена Бяссонаў.— Так да паўдня буксаваць будзеш...

Ён паглядзеў, як гусеніцы размясілі бераг, і, загадаўшы, каб Аляксей ішоў за ім, пакрочыў назад.

Каля свайго «газіка» ён спыніўся:

— Вось што, Лагуновіч, пакінь за сябе намесніка, а сам — бяры машыны, што пераправіліся, і гані ў кірунку Хвойнага! — Ён сказаў ад’ютанту, каб той даў ліхтарык. Пасвяціў Аляксею, які выняў карту з планшэткі.— Вось тут... у лясочку — будзеш засяроджвацца. Злева ад дарогі, правей цябе, будзе Белабародаў... Немцы — ёсць весткі — на выручку сваім спешна перакідваюць пяхотную дывізію. Трэба выйсці сустрэць іх!..

Ён сеў у машыну, даў знак шафёру завяртаць і ўжо на хаду кінуў Аляксею:

— Трымай са мной сувязь — будзь увесь час на прыёме!..

— Ёсць, таварыш гвардыі палкоўнік!

Аляксей адразу перабраўся на той бераг, да сваёй машыны. Па тым, як камандзір роты рашуча і хутка падышоў, Гогабярыдзе здагадаўся, што далі нейкі важны загад.

— Справа ёсць?

— Так, Сандро, заданне. І вельмі важнае... Давай камандзіраў сюды!

Схіліўшыся ў люк вадзіцеля і паднёсшы карту да маленькай зыркай лямпачкі, Аляксей уважліва прагледзеў маршрут.

Калі камандзіры сабраліся, ён некалькімі словамі расказаў пра задачу і загадаў зараз жа падрыхтавацца выступаць.

Цяпер, адчуваў ён, на ўліку кожная хвіліна... Аляксей спехам зацягнуўся папяросаю некалькі разоў, кінуў яе і ўскочыў на вежу. Танк крануўся.

Ішлі хутка. Па-ранейшаму свяціў месяц, і былі добра бачны дарога, палі з бакоў, дрэвы, пералескі наводдаль. Не затрымліваючыся, праскочылі праз некалькі пустынных вёсак з цёмнымі хатамі.

Хуткі рух, чаканне блізкага бою, адчуванне небяспекі, якая магла таіцца ўсюды тут, у варожым тыле, трымалі Аляксея ў напружанні. Паглядваючы ўвесь час наперад і ў бакі, Аляксей узрушана думаў пра бой, імкнуўся ўгадаць, прасветліць план яго, характар дзеянняў роты. Ён непакоіўся, ці ўдасца падысці да месца раней за нямецкую калону. Лепшым варыянтам, вядома, было б, каб удалося дамчацца раней, заняць зручную пазіцыю, зрабіць засаду. Прыхавацца і, падрыхтаваўшыся, чакаць.

Важна, думаў ён — калі будзе такая сітуацыя,— ударыць знянацку і адразу — на ўсю сілу. Аглушыць, разламаць першым ударам, не даць апомніцца. Выкарыстаць усе перавагі засады, неспадзяванага ўдару... Толькі б удалося дапасці загадзя, падрыхтавацца...

Калі ён думаў пра гэта, у ім бруілася надзея, што, можа быць, немцы на ноч затрымаюцца на адпачынак. Але цвярозыя меркаванні мутнілі, нішчылі надзею, амаль упэўнены быў: не затрымаюцца. Ноч цяпер — самы зручны момант для руху. Ды, да таго ж, сёння яна такая светлая. І фар запальваць не трэба...

Непакоячыся пра тое, як можа разгарнуцца бой, шкадаваў пра дзве машыны, што заселі на пераправе. Вельмі патрэбнымі былі яны цяпер.

У думкі пра бой, пра роту амаль увесь час унізваліся звыклыя думкі пра дарагое і невядомае — пра Ніну. Дзе яна цяпер? Як жыве? Ці ўсё добра ў яе? Як заўсёды, калі думаў пра яе, Аляксееваму сэрцу станавілася неспакойна. Цяпер, калі яна была бліжэй, чым калі-небудзь, калі бліжэй была сустрэча з ёй, у ім нібы расла трывога за яе.

Трывога гэта, няпэўная і жывая, была недзе ў глыбіні і тады, калі старшы лейтэнант звязаўся па рацыі з камбатам і з «Грымучым» — радыстам камандзіра брыгады.

— «Грымучы»! Я — «Ручай»... Як чуеце мяне?.. Прыём,— ён пераключыў рацыю на прыём і пачуў адказ радыста палкоўніка Бяссонава:

— Я — «Грымучы»... Чую вас добра...

У навушніках стаяў бязладны трэск, мешаніна розных гукаў.

Аляксей адзначыў: у святле месяца палоскі збажыны, якая ледзь варушылася, паблісквалі, як марскія хвалі. Ценявыя бакі кустоў і дрэваў былі чорныя, загадкавыя, і Аляксей на гэтыя цені паглядаў недаверліва.

У баку фронту амаль без упынку грукалі гарматы. Гукі іх цяпер нагадвалі прыцішаны, няблізкі гром. Слухаючы тое бяссоннае ўркатанне, Аляксей падумаў, як многа яны прайшлі за гэты кароткі час. Але гукі далёкіх грымот будзілі разам з тым і неспакой,— Аляксей у іх як бы чуў, што нямецкія войскі па-ранейшаму б’юцца, б’юцца зацята, спрабуюць, дзе можна, трымацца.

 

3

Яшчэ не пачынала світаць, калі дайшлі да месца. Месяц яшчэ свяціў, і былі відны дарога, нейкае поле, чарнеў лес. Ён падыходзіў краем да самай дарогі.

Аляксей вызначыў узлесак, зручны для засады, вымеркаваў, як паставіць у ім танкі. Загадаў заводзіць машыны ў лес.

Разгарнуў роту фронтам да дарогі. Расставіў так, каб усе маглі весці агонь адначасова. Маглі адразу выйсці ў атаку. Загадаў усім добра замаскіравацца.

Паслаў Колышава і двух аўтаматчыкаў разведаць, якое наперадзе месца, ці добрае для атакі танкаў.

Папярэдзіў, каб Колышаў не адыходзіў далёка: хто ведае, калі пачне паяўляцца гэтая спешная выручка.

Пакуль ладзіліся, маскіравалі роту, месяц — перад самым світаннем — схаваўся, і ўсё навокал агарнула цемра. У лесе, сярод дрэваў і плеціва галля, стала так чорна, што, лазячы тут, трэба было прыкрываць вочы.

Аляксей быў нездаволены цемраю: як знарок, здарылася такое якраз тады, калі патрэбен відавок наперадзе.

— Разбягуцца, чэрці, у гэтай цемрадзі...— сказаў Аляксей лейтэнанту Гогабярыдзе.

— Не разбягуцца, Аляксей! — упэўнена заявіў Сандро.— Як гэта, разбягуцца?! Чалавек — не іголка... Акрамя таго — цемры не будзе!

Ён засмяяўся.

— Не верыш?! Яны падыдуць сюды, калі сонца будзе... на самым высокім месцы. Апоўдні — вось пабачыш!

Гогабярыдзе гаварыў з такой упэўненасцю, быццам пра усё гэта ў яго меліся дакладныя весткі. Ён чамусьці заўсёды і ўсюды быў упэўненым у тым, што ўсё будзе так, як яму здаецца і хочацца. Гэтая яго ўпэўненасць, якая не адзін раз здзіўляла Аляксея, межавала з нейкай бесклапотнасцю: Сандро здаваўся Аляксею крыху легкадумным.

— Да чаго ж можна быць бесклапотным! — здзівіўся не ў першы раз Якавенка.

— А ты — страх сур’ёзны! Увесь час думаеш, думаеш — шкада цябе!.. Не гавары нічога — я не люблю, калі ты чытаеш мараль — мне становіцца нудна.

Якавенка пачырванеў: Сандро трапіў у балючае месца — Якавенка вельмі любіў павучаць.

Гогабярыдзе паклікаў Аляксея «перакусіць». Сандро аднекуль са сваіх запасаў дастаў пляшку трафейнага рому.

— Канечна, не маскоўская асобая, але нішто, піць можна. Мы яшчэ, Аляксей, не пілі за тваё шчасце...

Добры, таварыскі хлопец Сандро! Жыццё за таварыша можа аддаць, нічога не пашкадуе. Падабалася Аляксею, што ён быў адкрыты, просты, не таіўся ні ў чым...

Спехам паснедаўшы, Аляксей падаўся да сваёй машыны.

— Прыляж, прыкархні гадзінку-дзве,— параіў услед яму Гогабярыдзе.— Раней поўдня не пачнецца!..

Аднак ледзь Аляксей ступіў некалькі крокаў, пачуўся наводдаль трэск матацыклаў. Ён стаў хутчэй прадзірацца да сваёй машыны.

Танк, уціснуты ў зараснік ускрай лесу, наперадзе да вежы быў прыхаваны ссечанымі дрэўцамі і галлём.

Аляксей стаў каля лабавіка. Абламаўшы некалькі галінак, ён зрабіў перад сваімі вачыма прагалінку, каб лепш бачыць дарогу.

Праз некалькі хвілін у світальнай шэрані, што была, ўжо даволі рэдкай, на полі перад лесам Аляксей разгледзеў цёмныя абрысы дзвюх постацей на матацыклах, якія паволі набліжаліся па дарозе. За імі, наводдаль, ціха, быццам прыслухоўваючыся і прынюхваючыся, ішла бронемашына. «Відаць, перадавая застава»,— мільганула здагадка ў Аляксея.

— Здымем, старшы лейтэнант? — прамовіў нецярпліва Быстроў, які з люка вежы таксама сачыў за дарогаю.

— Хай едуць...

Аляксей прадчуваў, што за бронемашынай пойдуць, можа, яшчэ матацыклы, а хутчэй за ўсё грузавікі з пяхотай — асноўныя сілы. Ён пільна ўглядаўся ў не зусім ясную далеч і ў той жа час прыслухоўваўся, але яму перашкаджаў надакучлівы трэск матацыклаў. Калі матацыклісты крыху ад’ехалі, за ўзгоркам пачуўся прыцішаны шум, і тады ж Аляксей заўважыў недзе далей, на другім, крыху вышэйшым, узгорку абрыс грузавіка. Машына пачала спускацца ў нявідную лагчыну і хутка знікла, але ўслед за ёй на ўзгорак высунулася другая, трэцяя, пятая...

Яны ішлі з патушанымі фарамі, ішлі, мусіць, усю ноч, спяшаючыся да дня дабрацца да фронту.

Праз якіх-небудзь трыста метраў ад дрэваў, дзе стаялі танкі, дарога паварочвала і ішла ўсцяж лесу. Першымі павярнулі — убачыў Аляксей — яшчэ адна бронемашына, два бронетранспарцёры, за імі — некалькі машын з салдатамі, за машынамі на прычэпе каціліся дзве маленькія процітанкавыя гарматкі. Салдаты ў кузавах сядзелі ціха, нерухома, падобна, драмалі.

Аляксей ведаў, што танкісты нецярпліва чакаюць сігналу да атакі: стрэлу з яго, камандзірскай машыны. Але ён не спяшаўся, стрымліваў сябе. Пераадольваючы нервовую дрыготку ў руках, адчуваючы, як марудна, бясконца цягнецца час, чакаў і чакаў, калі калона як мага больш спусціцца з пагорка.

«Цяпер яны нікуды не ўцякуць ад нас...— як бы пераконваў сам сябе.— Няхай падыходзяць бліжэй...»

Калона расцягнулася амаль на паўкіламетра, а з нявіднай лагчыны на пагорак вылазілі новыя машыны. «Ого, колькі іх тут!» — мімаволі падумаў старшы лейтэнант.

І вось Аляксей адчуў, што надышоў час пачынаць. Ён ускочыў у машыну і загадаў даць стрэл. Танк ледзь падаўся наперад.

Гармата ўдарыла ва ўпор па калоне. Бранявік, што ішоў наперадзе, адразу вільнуў з дарогі і застыў, нахіліўшыся набок. Лясное рэха не паспела падхапіць гук стрэлу, як Аляксея падтрымалі іншыя «трыццацьчацвёркі».

Уся моц роты абрынулася ў момант на калону. Усе кулямёты, усе гарматы ўдарылі разам. Сталі біць без перадыху. Па пярэдніх машынах, па цэнтру, па хвасце.

Калона спынілася. Нейкі час яна стаяла як бы змярцвелая. Потым усчалася бязладная мітусня. З машын сыпаліся салдаты. Азіраліся, падалі, беглі, адстрэльваліся. Машыны адны стаялі нерухома, другія разварочваліся, выбіраліся ў поле. Рушылі ў розных кірунках. Заміралі ў розных месцах. А танкі, не спыняючыся, білі і білі. Па дарозе, па полі. З гармат, з кулямётаў.

У першы ж момант на дарозе ўспыхнула некалькі агнёў. Хутка полымя пачало ўздымацца ў розных кутках поля. Адзін грузавік у полі раптам выбухнуў імпэтна-ярка, пачаў раскідваць угару і навокал штосьці падобнае да галавешак. Відаць было: выбухалі боепрыпасы.

Чым далей, тым больш замірала ў полі машын, падпаленых, разбітых, кінутых...

 

Расстраляўшы і разагнаўшы галаву калоны, Аляксей загадаў выходзіць з засады. Атакаваць тых, якія засталіся за пагоркам. Атакаваць неадкладна. Не даючы ворагу часу акрыяць.

Машына Аляксея, раскідваючы маскіроўку і падмінаючы кусты, выйшла з узлеску.

Другія «трыццацьчацвёркі» рушылі разам з ёй. Кідаючы з-пад гусеніц зямлю, уціскаючы траву, танкі пакіравалі да дарогі. Разгорнутым строем вырваліся на пагорак, убачылі дарогу і поле, поўныя мітуслівага руху.

Тут праціўнік спрабаваў ужо арганізаваць абарону. Трэба было з ходу наваліцца, змяць, раздушыць. Усё павінны былі рашыць хуткасць, націск, смеласць.

Б’ючы з усіх гармат і кулямётаў, не марудзячы, танкі на вялікай хуткасці ўварваліся ў калону, што бязладна разлезлася па дарозе і полю. Секлі чэргамі, наляталі, ламалі, расціскалі...

Аляксей, машына якога вяла бой, як і іншыя, імкнуўся сачыць за ўсёй ротай. Ён заўважыў, што некалькі варожых грузавікоў, крута развярнуўшыся, стараліся ўцячы полем...

— Сандро!.. Лявей машыны!.. Уцякаюць!.. Накрый!..— выдыхнуў старшы лейтэнант, прытрымліваючы рукой ларынгафон.

— Накрыю!..

Абодва танкі з узвода Гогабярыдзе, пакалыхваючыся, памчаліся полем следам за машынамі. Адна загарэлася ад трапнай чаргі кулямёта, другую кінуў шафёр, а трэцюю, якая яшчэ каціла, «трыццацьчацвёрка» дагнала і абярнула.

Аляксей раптам заўважыў, што з боку ад дарогі, каля грузавіка, які стаяў у зеленаватым жыце, некалькі гітлераўцаў, спяшаючыся, устанаўліваюць процітанкавую гармату. Каля іх дзве яго «трыццацьчацвёркі», але ні ў адной, здаецца, не бачаць, якая пагражае ім небяспека. Хто там? Там павінен быць Якавенка... Яшчэ хвіліна — і гітлераўцы, напэўна, падпаляць або падаб’юць яго. Адна хвіліна. Аляксей указаў на гармату Быстрову. Сержант адразу прыпаў да прыцэла...

Некалькі на дзіва хуткіх рухаў і — Быстроў націснуў спуск. Гухнуў стрэл. Снарад — гэта была бранябойная «балванка» — не папаў у артылерыстаў, але яны, асцярожліва прыгнуўшыся да зямлі, прапусцілі зручны момант...

— Якавенка! Справа, у жыце! Гармата! — крыкнуў трывожна Аляксей.

Машына Якавенкі адразу развярнулася. Амаль тады ж з гарматкі стрэлілі...

— Эх ты, бісова душа! — пачулася ў навушніках.

Не чакаючы паўторнага загаду старшага лейтэнанта, Быстроў яшчэ два разы стрэліў, цяпер ужо асколачнымі. Другі снарад выбухнуў каля самай гарматы, і яна застыла нерухома. Аляксей, аднак, заўважыў, што «трыццацьчацвёрка» таксама стаіць. «Што з ёй? Падбілі?.. Як там у ёй?» — мільганула ў галаве старшага . лейтэнанта. Ён убачыў: адзін з танкістаў выскачыў з машыны, азіраючыся, стаў завіхацца куля гусеніцы...

«Напэўна, гусеніцу пашкодзіла?» Старшы лейтэнант запытаўся ў Якавенкі, што з экіпажам.

— З экіпажам усё добра — та «ленівец» разбіло, будзь воно неладно!..

Колышаў, як звычайна, быў на машыне Гогабярыдзе.

Ён ашалела сачыў ля вежы за тым, што адбывалася перад машынай, ахоўваў яе. Машыну ў бегу моцна кідала. Каб не сарвацца, ён амаль не выпускаў скабу, часам учэпіста сціскаў яе абедзвюма рукамі. Толькі калі танк спыняўся ці калі паказвалася блізкая цэль, хапаўся за аўтамат... На хаду машыны біць з яго патрэбен быў немалы спрыт...

Нялёгка было на машыне, усё глядзі, каб не паляцець на зямлю. Ды і не надта прыемна было — курчыцца так, незатуленым бранёю. Адкрытым для кожнай кулі. Хацелася на зямлю, гаспадарыць на зямлі. Тым больш што рабіць там было чаго. Трэба б прачасаць жыта, пачысціць кінутыя грузавікі. Відаць, нямала там хаваецца...

Але танкі ішлі наперад. Сеялі з кулямётаў, працавалі гарматамі... Яго ля вежы хістала, матляла, кідала. Трэба было моцна трымацца. Нямелі рукі ад напружання. Секла твар ветрам, сляпіла пылам.

Трэба было трымацца. Танкі працавалі...

 

4

Спыніліся ў лесе.

Трэба было пачакаць, пакуль падцягнецца батальён. Чакалі тых, якія затрымаліся ля пераправы.

Замаскіраваўшы машыны, пачалі сыходзіцца ў групкі. Усюды горача і весела гаварылі пра бой. Нягледзячы на бяссонную ноч, ніхто не збіраўся спаць. Усе жылі радасцю вялікай удачы.

Убачыўшы Гогабярыдзе, Аляксей, якому хацелася смяяцца, дакорліва паківаў галавою:

— Сандро, якія ў цябе сёння хромавыя боты! Быццам і не твае, як падмянілі іх! Проста пазнаць нельга!.. Дзе гэта ты іх так размаляваў?

Гогабярыдзе паглядзеў на свае акуратныя, ладна прыгнаныя, але нячышчаныя боты, аблепленыя закарэлай граззю, і сказаў без усмешкі, што выпэцкаў уночы, калі выцягваў з рэчкі танк. Хоць Аляксей жартаваў, ведаючы празмерную прыхільнасць лейтэнанта да акуратнасці і чыстаты, Гогабярыдзе прыняў яго словы ўсур’ёз.

Ён забраўся ў машыну і, вылезшы адтуль са шчоткай ды нейкім чорным мяшэчкам, стаў люта аддзіраць гразь ад ботаў. Сандро ўсюды вазіў шчотку, гуталін і нават шматок аксамітнай тканіны, якім наводзіў на хром люстраны бляск.

Пачысціўшыся і ўважліва агледзеўшы сябе, Гогабярыдзе заспяшаўся да бліжэйшай групкі. Ён любіў паслухаць другіх, а яшчэ больш — каб яго слухалі.

Гаварылі пра мінулы бой. Гогабярыдзе толькі падчакаў момант, каб уставіць сваё слова, калі Касцючэнка аб’явіў:

— Зампаліт прыехаў.

Усе пачалі ўзірацца туды, дзе між сосен набліжаўся «газік».

Сонцаў сказаў:

— Навіны, відаць, прывёз...

Падпалкоўнік Сяміжон, лёгка ступаючы, накіраваўся да танкістаў. Ідучы, ён, як заўсёды, амаль не размахваў рукамі, быццам знарок трымаў іх па швах. Да таго, як ён прывітаўся з танкістамі, усе, хто сядзеў, паўсхопліваліся. На прывітанне адказалі весела: начальнік палітаддзела быў жаданым госцем.

Але тут з-за дрэваў, глушачы ровам, страляючы, вырваліся, пранесліся два нямецкія штурмавікі. Недзе недалёка загупалі выбухі. Побач моцна затутукаў запознены зенітны кулямёт.

Нейкі час цягнулася насцярожанае чаканне: самалёты не вярталіся.

— Якія навіны прывезлі, таварыш падпалкоўнік? — запытаўся Гогабярыдзе.

Сяміжон зняў фуражку, выцер хусцінкай белы лоб і паголеную галаву.

— А я, прызнацца, чакаў навін ад вас.

— Ну, што ў нас, вы ўжо, мусіць, ведаеце,— адгукнуўся Аляксей Лагуновіч.

— Бачыў, Лагуновіч, сваімі вачыма. Праехаў цяпер там — малайцы, папрацавалі добра. Палкоўнік за гэта падзяку перадае! А што да агульных навін, то іх, таварышы, столькі, што пераказаць усё цяжка...

Асабліва ўзрадаваліся, пачуўшы, што пяхота і танкі, якія вялі баі ў Оршы, выбілі немцаў з апошніх кварталаў. Орша вызвалена. Гэта толькі што перадаў камбрыгу камандзір корпуса. У той час, як іншыя, перабіваючы адзін аднаго, абмяркоўвалі пачутыя навіны, Быстроў запытаўся насцярожана:

— А як там, таварыш гвардыі падпалкоўнік, амерыканцы, на гэтым другім фронце?

— У камюніке саюзнікаў гаворыцца, што яны надзейна ўчапіліся ў прадмоснае ўмацаванне, на паўвостраве Катантэн... Вечарам перадавалі, што перасеклі чыгунку, каля горада Муана. Наступленне праходзіла ў цяжкіх умовах,— у вачах падпалкоўніка мільганулі іскаркі,— ішоў вялікі дождж...

— І, не зважаючы на дождж, яны наступалі?! — з насмешлівым захапленнем прамовіў Гогабярыдзе.

— Дождж-то дождж. Ды фарсіравалі Ламанш яны здорава! — нібы запярэчыў Аляксей. — Гэта вам, брат, не рэчачка. Акіянская пратока!

Гогабярыдзе адгукнуўся пераканана:

— Каб не мы, то бачыць бы ім гэты бераг толькі з таго боку!..

Яго весела падтрымалі.

Быстроў, які звычайна сачыў за іншымі так, нібы старэйшы чалавек, што пабачыў усяго і прывык не здзіўляцца, прамовіў:

— Усё-ткі, як яны круцілі, гэтыя паны. Калі нам фрыцы горла душылі, дружкі гэтыя — усё абяцалі, усё круцілі!

З замежных навін, якія перадаў Сяміжон у гэтую раніцу, найбольш усхвалявала паведамленне швейцарскай газеты «Газет дэ Лазан» аб тым, што Мусаліні ўцёк у Германію.

— Збег дучэ, ратуючы шкуру... як пацук!

— А цікава — куды фюрэр будзе ратавацца, калі мы падступім да Берліна? Як ён тады, гадзючына сухарукая, закруціцца?..

Невядома, колькі б гадалі пра гэта, але тут з зарасніку выпаўз танк. Гэта прыехаў лейтэнант Якавенка. Як толькі лейтэнант вылез з машыны і саскочыў на зямлю, да яго падбег Гогабярыдзе. Гогабярыдзе адразу заўважыў, што Якавенка нечым узрушаны.

— Што такое, дарагі? Што здарылася?!

Лейтэнант стомлена махнуў рукой, зняў шлем і прысеў каля танка. Падышло яшчэ некалькі чалавек.

— Таке було, шчо і казаць нэ хочацца.— Ён наогул не любіў гаварыць пра непрыемныя справы.

— Ну, што ж усё-ткі?

— А такое, шчо трохі нэ попаў на той свет!.. Як одыйшлы вы, я выліз, корпаюся біля машыны. Нэ одын я, а шчэ троіх — вадзіцель, стралок, башнёр... А тут раптам — фрыцы! Блызько, у жыці! Як пабачылы, шчо мы іх заўважылы, з аўтаматаў па нас. Ледзьве мы ўправіліся пад машыну схавацца. Добрэ, шчо зараджаючы быў у машыне — він одразу до кулямёта. Чаргу! Воны і остылы. Але нэ зовсім — бачу, почалы обыходзіць. Ну тут я вжэ з пісталета попужаў. А стралок і башнёр ляжаць моўчкі, у іх голі рукі. Про вадзіцеля нічога нэ знаю, шчо з ным, можэ, і вбілы...

— А што з ім?!

— Пачакай. Нэ спішы попэрэд бацька!.. Ну, цераз аварыйны ў танк влізлы, а там — вадзіцель. Кроў з рукава тэчэ, лежыць білы. Він кінуўся ў люк свій, та яго куля догнала... Я яго вжэ ў шпіталь перадаў... Цілы бой далы! Добрэ, шчо ў ных гарматы нэ було, а то б зовсім копэць... Одным словом — ухо трэба остро трымаць,— закончыў Якавенка павучальна.

— Сёння забілі камандзіра ўзвода ў трэцім батальёне,— загаварыў падпалкоўнік Сяміжон, які дагэтуль моўчкі слухаў.— З жыта забілі, на ціхай дарозе.

— Без бою загінуў чалавек...

— Дурная смерць...

— Дурная! У кожнага можа быць такая... З любога куста можа прыйсці...

— Так, можа з любога куста,— сказаў Сяміжон, з той рэзкасцю, якую ад яго не прывыклі чуць.— З любога! Таму што той-сёй перастаў заўважаць зямлю пад нагамі. Галава закружылася з першых поспехаў.

— Одным словом, ухо трэба остро трымаць...

— Тут так — хто першы ўправіцца...

 

5

Рота зрабіла прыпынак на адпачынак ускрай сасонніку, побач з невялікай вёскай. Ледзь стала вядома, што прыпынак будзе не менш за гадзіну, да хат хапатліва рушыў Рыбакоў. Рушыў з заклапочаным выглядам і скруткам у руцэ.

Увесь той час, як Рыбакоў застаўся без машыны, ён жыў вельмі вольна. Машыны сваёй у яго не было, а чужую, на якой ехаў, ён не думаў даглядаць. Так што Рыбакоў нібы і не меў ніякіх абавязкаў.

Не было быццам у яго цяпер камандзіра. Праўда, ён звычайна ехаў пры Колышаве,— аднак лейтэнант як бы перастаў быць для яго камандзірам. Лейтэнант быў цяпер такі ж бясконнік, як і сам ён.

І Рыбакоў рабіў усё так, як яму хацелася, не звяртаючы ўвагі на лейтэнанта. А Колышаў стараўся не бачыць гэтага...

Неўзабаве Рыбакоў здаволены вярнуўся назад, са скруткам таксама, але з меншым. Ён адразу забраўся ў машыну. Хоць Рыбакоў лічыў гэту машыну чужой, ён уладжваўся тут, калі яму выгадна было, нараўні з іншымі членамі экіпажа.

Вылезшы з танка, ён стаў, насвістваючы, разбіраць аўтамат, каб пачысціць яго. Тут да Рыбакова падышоў Колышаў, запытаў, куды ён адлучаўся.

— Вады напіцца захацелася... Надакучыла гэтая смярдзючая з бачка, прападзі яна. Ды я ж толькі на хвілінку і адышоў...

— На хвілінку!.. Каб у другі раз не было гэтага.— Колышаў не стаў распякаць сержанта: навошта прыдзірацца? Тым больш танкісты не любяць прыдзір-афіцэраў. А яму, вядома, хацелася, каб яго любілі.

Сонца пачало ўжо спадаць на захад, але было яшчэ вельмі спякотна. Спякота гэта асабліва адчувалася ў сасонніку, які патыхаў гарачым, млосным настоем смалы, нагрэтаю травою і суніцамі. Паветра ў ельніку здавалася зусім нерухомым.

Танкісты развязвалі рэчавыя мяшкі, бралі адтуль памяты хлеб, кансервы, сухія каўбасы. Рыбакоў таксама сеў перакусіць. Ён выняў буханку свежага хлеба і кавалак жоўтага сала. Яго мяшок быў заўсёды напоўнены.

Адрэзаў кавалак сала камандзіру гарматы Светліку, потым, як бы падумаўшы, і радысту, які сядзеў поруч. Рыбакоў стараўся быць у добрых адносінах з экіпажам.

— Дзякую. Такога не ем!..— Светлік нечакана кінуў кавалак сала назад Рыбакову.— Выцягнуў у чалавека,— можа, апошні кавалак выменяў. Ды яшчэ частуе!..

— Мяняла. Купец свіны!..

— Ну-ну, нашто выражацца! — стрымана папракнуў Рыбакоў.— І дабро кідаць не трэба! Не хочаце есці, дык не ешце!.. І выдумляць няма чаго!..

Рыбакоў азірнуўся: ці не чуе ўсё гэта Колышаў? Не, лейтэнанта тут не было.

Яшчэ адзін танкіст таксама ўмяшаўся ў спрэчку. Усе падтрымлівалі Светліка.

— Слухай, купец, ты даўно гэтым займаешся?..— пацікавіўся Светлік. Аказалася, Рыбакоў пачаў «гандляваць» не сёння. Радыст успомніў, што, яшчэ калі стаялі, перад наступленнем, Рыбакоў раз ці два прыносіў з вёскі сала, а неяк нават пляшку самагону. Сёння ён падабраў недзе ў трафейным грузавіку адзенне і вось «рэалізаваў».

Рыбакоў асцярожліва адступіў, пастараўся патушыць спрэчку.

— Вось што, друг: каб не пэцкаў маю машыну, ясна? — не хацеў уціхамірвацца Светлік.— Ты, праўда, не з майго экіпажа, але на маёй машыне едзеш. Дык не пэцкай... А то скіну з машыны...

— Ясна, ясна... Хопіць ужо...— прабурчаў прымірэнча Рыбакоў.

Тады ж гэтая спрэчка дайшла да Быстрова, а потым нейкім чынам і да старшага лейтэнанта. Камандзір роты выклікаў Рыбакова і Колышава да сябе.

— Ну, Рыбакоў, адыходнымі промысламі заняўся? — Старшы лейтэнант запытаў спакойна, але ў гэтым спакоі Рыбакоў адчуў нядобрае. «Усё-ткі хтосьці ж прадаў!»

Рыбакоў пачаў хітрыць: якія там промыслы? Адзін раз паспрабаваў, і за кавалачак сала столькі прыкрасці. Каб ён ведаў гэтае, то нізашто б не пайшоў бы ў тую хату...

— Мне гаварылі, што гэта не ў першы раз... Дарэчы, пытанне: у цябе яшчэ засталося гэтае... як бы сказаць, трафейны «набытак»?

Рыбакоў сказаў, што няма. Ён пільна зірнуў на старшага лейтэнанта і адразу адвёў вочы ўбок.

— А ты, Рыбакоў, смялей! Чаго ж саромецца? Бачылі вочы, што бралі... Будзь жа, чорт пабяры, хоць мужным...

Старшы лейтэнант, насупіўшы ламаныя бровы, непрыязна зірнуў на сержанта.

— Няёмка, значыцца? Ды і мне, прызнацца, таксама не вельмі радасна. У маёй роце такіх «спецыялістаў» раней не было...— Ён памаўчаў.— Ты думаў сам, для чаго мы сюды прабіваліся... на захад ідзём?

Рыбакоў маўчаў, але ўпарты позірк старшага лейтэнанта настойваў. Рыбакоў адказаў:

— Ну, думаў, канечне!..

— Кепска думаў... Тут — зірнеш, пабачыш, як спакутаваліся людзі, сэрца крывёю сыходзіць... Убачыш, як іх абадрала гэтае звяр’ё ненаеднае,— і як бы матчын дакор чуеш. А ён — «ну, думаў, канечне...». Не чалавек, а... ліха ведае што! — старшы лейтэнант пачаў хвалявацца. І Рыбакоў, чуючы гнеўны, абураны голас, стаў раптам — чаго з ім даўно не здаралася — пабойвацца камандзіра. Яму захацелася адступіцца далей.

— Ды што вы на мяне так, таварыш гвардыі старшы лейтэнант? — прамармытаў Рыбакоў.

— Што ён за чалавек?! Як яго магло не крануць вось гэта гора навокал. Тое, як сустракаюць нас? Не разумею!

Камандзір роты здзіўлена зірнуў на Колышава, нібы просячы яго дапамагчы разгадаць гэта.

— Я — чалавек не злы, але памятлівы, Рыбакоў...— Не чакаючы адказу Колышава, ротны зноў загаварыў да сержанта, але цяпер стрымана, і Рыбакоў адчуў, што гэта, відаць, апошнія словы.— Ведайце, гэтага выпадку я не забуду ніколі і не дарую... Вы паказалі сябе нікчэмным чалавекам, і, калі вы не перайначыце сябе, не апраўдаецеся ў будучым, кепска будзе вам...

Рыбакоў хацеў штосьці сказаць, але старшы лейтэнант папярэдзіў:

— Не трэба... Вас лейтэнант не адпускаў? — Колышаў кіўнуў галавою: «не адпускаў».— За самавольную адлучку — пяць нарадаў без чаргі. Ідзіце.

 

6

Ніколі яшчэ Колышаў не бачыў камандзіра роты такім. Проста дзіўна, што, звычайна добры і ветлівы да Колышава, старшы лейтэнант глядзеў на яго так непрыязна.

Яны крыху адышлі ад роты. Адсюль, дзе яны сталі, віднеліся палоскі жыта, сярод яго дробныя кусты, а на ўзлессі — прыкрытыя галлём рамонтныя лятучкі. Зямля пад нагамі была густа засыпана рудою ігліцаю.

— Я буду гаварыць коратка.— Аляксей пераступіў з нагі на нагу, пад ботамі затрашчалі сухія галінкі.— Калі вы даведаліся, што Рыбакоў пакінуў узвод і падаўся «гандляваць», што вы зрабілі?

Колышаў сказаў, як і было, што Рыбакоў ашукаў яго. Але галоўнае не мянялася: вадзіцель зрабіў «самаволку». Ён, Колышаў, загадаў Рыбакову, каб больш гэтага не паўтарылася.

— І ўсё? Чаму гэтак мякка?.. Не хацелі, мусіць, заядацца? Баяліся, каб не палічылі прыдзірам?..

Колышаў здзівіўся, як старшы лейтэнант здагадаўся. Хлопец шчыра прызнаўся, што так ён і думаў.

— Вось што, Колышаў. Каб гэта было не ўпершыню, я гаварыў бы з вамі больш строга. Але і цяпер я лічу вас вінаватым. Я не мог і падумаць, што вы будзеце зарабляць сабе аўтарытэт за кошт свайго абавязку... Гэта несумленна...

Больш моцнага папроку, чым папрок у несумленнасці, для Колышава быць не магло. Яго далікатны твар густа пачырванеў. Аляксею стала шкада Колышава, і ён ужо мякчэй, нібы апраўдваючыся, што даводзіцца гаварыць непрыемнае, працягваў:

— І не арыгінальна гэта, брат... Былі ўжо такія афіцэры, якія хацелі здавацца «добрымі дзядзькамі» — думалі, салдаты будуць больш любіць... Толькі гэта, Колышаў, самаашуканства. Я ведаю добра, павер. Можа, і будуць паважаць салдаты, але толькі такія, як вось Рыбакоў. У «добрых дзядзек» канец адзін — яны, нарэшце, Колышаў, трацяць павагу...

Там, дзе стаялі танкі, пачулася: «Старшага лейтэнанта Лагуновіча — да камандзіра батальёна!»

— Іду... З «гандлярствам» трэба скончыць! Я не дазволю ганьбіць роту...— Ён ужо намерыўся ісці да роты, калі запытаў, тоячы на добрых губах усмешку: — Ну, дык як, запісаць у «добрыя дзядзькі»?

— Не, не трэба...

 

РАЗДЗЕЛ ІІ

 

1

Чэрвеньская спёка. Хмары пылу над дарогай...

Няспынная плынь машын, павозак.

Спяшаюцца адна за адной «кацюшы», на якіх, нібы ветразі, лапоча брызент. Важка гурчаць, ляскочуць гусеніцамі непаваротлівыя цягачы з гарматамі. Працавіта туркочуць грузавікі. На іх то штабелі скрынак боепрыпасаў, то мяшкі з сухарамі ці з мукою, то запыленыя загарэлыя салдаты. Часта на машынах трапечуць засохлыя галінкі маскіроўкі.

Павозкі сціпла і асцярожна ціснуцца да бакоў дарогі. Коні, прывыклыя да грукату, да ўсяго на свеце, ідуць спакойна, цярпліва, пазіраючы перад сабой на вытаптаную гарачую зямлю.

Між гэтых фурманак у тыя дні можна было бачыць старыя скрыпучыя сялянскія калёсы, якія ляніва цягнуў худы каняка. Размаляваны ў нейкія жаўтаватыя яблыкі, каняка адмахваўся і хвастом і галавою ад назалелых аваднёў. У яго былі худыя маслакаватыя ногі, якія, здавалася, чапляліся адна за другую. На павозцы, на свежым сене, ляжаў немалы мяшок, да якога былі прымацаваны дзве вяровачкі, каб насіць яго за плячыма; мяшок быў для пэўнасці адной з іх прывязаны да драбінкі.

На павозцы калі-нікалі трэсліся тры чалавекі. Трэба сказаць, адпачываць на павозцы ім даводзілася мала: больш за ўсё трое крочылі побач з ёю. Адзін з трох, пажылы, высокі, малагаваркі, быў у вайсковым касцюме, але без пагонаў, другі — нясмелы хлапчук, гадоў шаснаццаці, трэці — старэйшы з іх, дробны і жвавы, ішоў кульгаючы, абапіраючыся на кіёк. На плячах яго вісела ватная мятая паддзёвачка. Невядома, чаму ён у такую спёку не хацеў скідаць яе са сваіх плеч.

— Ты ж самлееш у ёй — скінь! — неяк сказаў яму, пасміхваючыся, чалавек у вайсковым адзенні.

— Самлела адна баба, калі муж яе заспеў з другім...— адгаварыўся жартам мужчына ў паддзёўцы. Гэта быў той самы агароднік з Міншчыны Жывіца, якога некалі затрымалі на перадавой танкісты Лагуновіча.

Яны ішлі разам ужо трэці дзень і цяпер адчувалі сябе так, нібы знаёмы былі ўсё жыццё. Жывіца аказаўся вельмі гаваркім і цікаўным чалавекам, ён бясконца распытваў: а куды вы ідзяце, а што вы будзеце рабіць, а дзе ваша сям’я, а дзе вы жылі да гэтага?

Хлопчык, даведаўся Жывіца, ішоў з лагера, вяртаўся дадому. Немцы ўзялі яго капаць акопы, але два дні назад нашы вызвалілі яго.

Пажылы, апрануты ў вайсковы шарсцяны касцюм, па прозвішчу Міхалап, дабіраўся ў Мінск, куды яго прызначылі дырэктарам завода. Міхалап ступаў шырока, разваліста, увесь час чамусьці нібы хітравата пасміхваўся. З усмешкай паглядваў на наваколле, слухаў гаваркога старога.

— Дырэктар завода! — разважаў Жывіца.— Які ж гэта дырэктар, калі завод, невядома, ці застанецца яшчэ? А можа, там — барані бог! — адно ламачча будзе?

— Ёсць дырэктар, значыцца, будзе і завод!..

— Э, гэта яшчэ... як сказаць. Час цяпер такі, што ўсяго чакай... Каб гэта чутае ды бачыць...— Ён раптам успомніў: — у нас каля Паплавоў, не дайце збрахаць, перад вайной арганізавалі нейкую вопытную станцыю,— дык туды прыязджаў таксама дырэктар. Чалавек з выгляду вельмі важны і вучоны — у капелюшы, з акулярамі. Дык ён усё нешта мітусіўся, арганізоўваў, арганізоўваў, ды так нічога і не арганізаваў... Глеба там, ці што, казалі, не падышла... Адным словам, з чым прыехаў, з тым і паехаў. Арганізаваў! Вось вам і дырэктар!.. Я вам лепш на вашы словы адкажу, што быў бы завод, а дырэктара знойдуць!

Ён разважаў і гаварыў ледзь не бесперапынку. Амаль ніколі яго не бачылі спакойным — Жывіца то радаваўся, то гараваў. Убачыў уціснутае ў зямлю жыта, падбег, пахадзіў, паглядзеў, а пасля паўгадзіны айкаў:

— Ай-ай, колькі жыта здрасавана! Колькі дабра на глум пушчана!.. То ж расло пад пяшчотным сонейкам такое багацце, цягнулася ўгару, налівалася сабе сокамі, кланялася каласкамі зямлі — і вось раптам палягло, памерла... Бывала, да вайны, кожнае сцябельца, як дзіця тое, беражэш, каб ніводнае зярнятка не прапала ў полі, а тут — цэлая паласа стаптана — і быццам так і трэба!..

Амаль на кожным полі Жывіца прыглядаўся да збажыны — як наліваецца. То бядуючы, то хвалячы, залежна ад таго, якое бачыў жыта, Жывіца ўсхвалявана разважаў, ці засеялі палі там, дома, ці не патаптаны яны, і як іх прыйдзецца прыбіраць...

Калёсы, на якіх Жывіца ехаў або, лепш сказаць, каля якіх ён ішоў, падабаліся яму тым, што былі лёгкія, але яны ўжо дажывалі свой век. Колы амаль увесь час надакучліва скрыпелі.

Жывіцу даводзілася з калёсамі многа валаводзіцца.

Ледзь не кожныя паўдзесятка кіламетраў спыняў ён каня і аб’яўляў жвава:

— Шына, няма на яе ўправы, спаўзае!

— Атоса зноў спала!.. Цьфу, каб ты згарэла, такое прыладдзе!

Ён адразу пачынаў борзда завіхацца.

— Стой, няма чаго сказаць! Эх, у нас, у «Сусветнай рэвалюцыі», рабілі, бывала, павозкі. Коціцца — ні скрыпу, ні рыпу, а паклажу, як на грузавік, можаш нагрузіць, усё вытрымае! Самі ж павозкі — лёгкія, не то што конь, а дзіця можа пакаціць.

Каняку ён вельмі бярог і шкадаваў. Адганяў бясконца аваднёў, якія плоймай круціліся над ім і ўпіваліся ў бакі і шыю. Жывіца не злаваў, што ён ідзе паволі. Толькі калі-нікалі памахваў пужкаю ды дабрадушна пасвістваў, як бы для таго, каб падахвоціць.

Жывіца запэўніў сваіх спадарожнікаў, якія па міласці гэтага стварэння вымушаны былі амаль увесь час тупаць пеша:

— Падкарміць бы крыху, і можна хоць на іпадроме скакаць наперагонкі. Усіх бы, ручаюся галавой, перагнаў! — Раптам прамовіў задуменна і трывожна:

— Можа, там ніводнага канякі цяпер не засталося. Адзін гэты будзе... На яго, можа, там будуць усе нашы надзеі... Да вайны на гэтага каня, напэўна, мала хто і глядзець захацеў бы, а цяпер — калі ён адзін — за ім трэба, як за самым дарагім стаеннікам, хадзіць.

І Жывіца на ўсіх прывалах старанна падкармліваў каня.

Спыніліся на начлег у Талачыне.

Гарадок быў увесь запоўнены войскамі. Не было такога двара, дзе б не віднеліся ці грузавікі, ці гарматы, ці групкі байцоў. На некалькіх дварах стаялі крытыя машыны з чырвонымі крыжамі, і Жывіца здагадаўся, што гэта вайсковы шпіталь.

Толькі аб'ехаўшы з паўсотні двароў, убачылі нарэшце адзін пусты.

Жывіца заехаў на двор, каля сцяны пустога хлява распрог каня, даў яму з воза пахучага сена. Двор быў шырокі, зарослы рамонкам і травою, ён аддзяляў дом ад невялікага саду, які падступаў да вуліцы.

Міхалап і хлапчук пайшлі ў хату, а старшыня застаўся назіраць за канём. Спаць Жывіца збіраўся тут, на павозцы, каб каняка, крый бог, не прапаў — час неспакойны, многа ўсякага народу бадзяецца, вуха трэба трымаць востра.

Амаль адразу за ім на двор зайшло некалькі жанчын і дзяўчат. Жывіца заўважыў, што яны вельмі стаміліся, і параіў ім спыніцца тут: ён заўсёды спачуваў людзям. Жанчыны пачалі размяшчацца, некалькі з іх пайшло на суседнія двары, а чалавекі чатыры засталіся тут. Жывіца, вядома, пацікавіўся, хто яны і адкуль, і даведаўся, што іх учора гітлераўцы гналі ў Германію, але танкісты насціглі немцаў і вызвалілі палонных.

«Можа, гэта тыя танкісты?» —падумаў раўніва, з раптоўнай зайздрасцю, Жывіца.

— Ці не бачылі вы, скажыце, якія знакі нарысаваны на танках?

— Хто ж прыглядаўся да знакаў! Хіба нам было да таго! Як падляцелі да нас танкі, як выскачылі адтуль свае людзі ды пачаліся абдымкі — дык і зямлі пад сабою не бачылі!.. Не тое што знакаў!..

— Усё роўна знак трэба было запомніць... Таму што без знака вы не будзеце ведаць, хто вас выратаваў!

— Божа, а я і не падумала пра той знак!..

Тут адазвалася праворная, жвавая дзяўчынка:

— Збоку на тых танках была белая стрэлка і «Б»!

— Стрэлка і «Б»? Вось цяпер ясна, каму трэба дзякаваць!.. То — спрытныя, баявыя хлопцы! Я іх добра ведаю...

Ну так, гэта яны! Глядзі ты, як далёка апярэдзілі — напэўна, на цэлую сотню ці больш кіламетраў. Дзе там за імі ўгнацца! Праўду тады ў сорак першым казалі, што назад нячысцікаў будуць перці так, што драпака даць не ўправяцца...

 

2

Па вуліцы ішло ды ішло войска. Грукаталі цягачы з важкімі гарматамі і прычэпамі. Цягнуліся адна за адной павозкі, дымілі на хаду палявыя кухні. Нецярпліва сігналілі легкавікі, патрабуючы сабе дарогу.

На гарматах, на павозках, на прычэпах — усюды салдаты, салдаты, салдаты. Запыленыя, стомленыя, усмешлівыя. Усе — міма, усе далей, на захад...

Пачало ўжо змяркацца, калі да двара, на якім быў Жывіца, і да суседніх падышла доўгая калона запыленых салдат. Адразу, як толькі яны спыніліся, скупіліся, пачулася гаворка. Жартачкі, стрыманы гоман. Гаману гэту хутка перапынілі гучныя галасы каманд.

Байцы са сваімі камандзірамі адны пайшлі ў хату цераз вуліцу, а іншыя павярнулі на двор, дзе атабарыўся Жывіца. Між іх быў малады чарнявы сержант, які, увайшоўшы на двор, адразу накіраваўся да Жывіцы.

— Вы што, гаспадар тут? Не... Праезджы? — сержант хутка, уважліва акінуў позіркам Жывіцу.

— Праезджы, дарагі. Праезджы.

Жывіца быў рад гаворцы. Але сержант раптам страціў цікавасць да яго. Не бачачы больш яго, цвёрдым крокам пакіраваў у хату.

Неўзабаве ён з’явіўся зноў на ганку, уладна крыкнуў салдатам:

— Размяшчацца на двары, у садку!..

Салдаты, большасць, падаліся ў садок, у якім расло некалькі нізкіх маладых яблынь з раскідзістым галлём, з зеленаватымі яблыкамі.

З гаворак салдат Жывіца вылучыў, што сержанта звалі Туравец.

Жывіцу вельмі хацелася папытацца, адкуль прыйшлі байцы, але ён не наважваўся. З таго выпадку, калі танкісты ледзь не арыштавалі яго, Жывіца з асцярогай адносіўся да вайсковых і іх спраў.

Хто яго ведае, можа,— запытаешся, а потым зноў прыйдзецца ісці выкладваць душу перад іх начальнікам. Адказваць як за ваенную тайну.

Усё-такі Жывіца не ўтрываў. Не адразу, вядома, але наважыўся. Падышоўшы да аднаго байца, ён спачатку пакурыў, пагаманіў аб розных дробязях і, нарэшце, як бы выпадкова, запытаўся:

— Здалёк, калі не сакрэт, едзеце?

— Цяпер ужо не сакрэт! З Оршы, бацька! Проста з горада,— адказаў весела і голасна салдат.

— Значыцца, Оршу занялі?!

— Занялі, бацька, занялі!

Паўз іх прайшоў лёгкай хадою малодшы лейтэнант з карымі вясёлымі вачыма, загарэлы да чарнаты. Неўзабаве яго постаць паявілася каля невялічкага агню, што расклалі салдаты.

— Глядзіце, не нарабіце пажару! — не камандзірскім, а таварыскім тонам асцярог афіцэр.

— Не наробім... Будзьце спакойны...

Малодшы лейтэнант прысеў каля агню, на траве, паправіў доўгую галіну, што гарэла пасярэдзіне. Жывіцы вельмі спадабаўся камандзір, такі просты, абыходлівы з байцамі.

З вуліцы ў гэты час пачулася: «Сержанта Тураўца — да камандзіра ро-оты!» Сержант, што гаманіў наводдаль ад агню з байцом, адразу кінуў гаворку, падаўся на вуліцу. Міхалап падышоў да аднаго з салдат, чарнявага, з вузкімі вочкамі,— запытаўся:

— Не ведаеш, адкуль сержант родам?

— Туравец? Здаецца, з Мінска... Эй, Цішын,— крыкнуў ён да таварыша, босага, без сарочкі, што паліваў з кацялка на рукі байца,— тут пытаюцца, адкуль наш камандзір родам. Не з Мінска?

Той, каго звалі Цішыным, адказаў:

— У яго бацька ў партызанах.

— «У партызанах»! Не з Мінска, пытаюцца — ясна? Чалавек — галава, два вухі! — закончыў Шарыфутдзінаў прымаўкай, якую ён чамусьці любіў гаварыць і якая ў розныя выпадкі мела розныя значэнні: то насмешкі, то пагарды, то таварыскага жарту.

— З Мінска, казаў...

— Ну так, Нічыпара Паўлавіча сын! — задаволена прагаварыў Міхалап. Ён, ні то ўспамінаючы, ні то тлумачачы, сказаў байцу, які стаяў побач: — Я ў іх гады чатыры назад гасцяваў некалькі разоў. Тады ж ён, сержант ваш, быў птушанём. А цяпер — глядзі ты, мужчына!

— Сталы хлопец і баявы!..— адгукнуўся з павагай пехацінец.

Увечары Міхалап, лейтэнант і сержант Туравец сядзелі разам з салдатамі каля агню. Сюды падышлі паслухаць людзей і некалькі жанчын і, вядома, Жывіца.

На вуліцы плынь войск амаль не спынялася. Гулі працавіта машыны, дробна стукацелі фурманкі.

Туравец і Міхалап гаварылі пра Мінск. Разважалі, што ім давядзецца ўбачыць у горадзе, як лепш жыццё там наладжваць.

У гаворцы, у клопаце сваім не заўважылі, як каля кастра апынуўся грузны, важкі чалавек у кіцелі з палявымі генеральскімі пагонамі. На грудзях генерала ад святла полымя паблісквала залатая зорка. Генерал уважлівым, павольным позіркам аглядзеў тых, што сядзелі перад ім, прывітаўся:

— Добры вечар, таварышы!

Усе вайсковыя і Міхалап з імі ўскочылі, уразнабой адказалі на прывітанне. Калі генарал нейкім лагодным, паблажлівым тонам дазволіў сесці, усе нехапатліва, як бы з роздумам пачалі зноў уладжвацца.

Сержант, які да гэтага сядзеў на чурбачку, сеў таксама, але тут жа з няёмкасцю ўстаў. Асцярожна нібы сказаў:

— Чурбачок от тут, таварыш генерал. Можа — сядзеце?

— Сяду,— лагодна прамовіў генерал.— Дзякую.

Ён павольна, зморана апусціўся на чурбачок, зняў фуражку, пагладзіў пухлай рукою амаль лысую, з рэдкімі валасамі галаву. Жывіца не ўтрываў, пацікавіўся, хто гэта, і пачуў усхваляваны, пачцівы шэпт: «Камандзір. Камдыў...»

— Чужы самалёт не наклічаце на сябе? — Генерал, неяк па-дамашняму горбячыся, стомлена павёў позіркам у неба.

— Не. Агонь дробненькі, таварыш генерал...

— Не да нас яму...

Хвіліну маўчання пачціва перапыніў Жывіца.

— Пацягнула да вогнішча, таварыш генерал?

Генерал дапытліва паглядзеў на яго, прамовіў стрымана:

— Дзе вогнішча, там — салдаты...

— Салдат без кастра, што без кацялка,— падхапіў нехта з байцоў.

Пачуўся смех.

Генерал прыгледзеўся да Жывіцы.

— Не мясцовы?

— Не.— Жывіца насцярожыўся. Каб схаваць насцярожанасць, пажартаваў: — Прыблудны, можна сказаць...

Дадаў на ўсякі выпадак сур’ёзна:

— Ішоў, ішоў ды прыстаў. А тут і вашы,— кіўнуў на салдат, што сядзелі навокал агню,— падышлі. От і сабраліся сямейкай...

— Дадому? — не адстаў генерал.

— Ага, дадому. У калгас вяртаюся.— Уздыхнуў: — Іду і баюся. Там, мабыць, ні кала ні двара...

Генерал зірнуў на Міхалапа.

— Дэмабілізаваны?

— Адклікалі, таварыш генерал,— па-вайсковаму адрапартаваў Міхалап.— З рэзерву, пасля шпіталя.

— Куды пасылаюць?

— У Мінск. Дырэктарам завода.

— І гэта трэба,— сказаў генерал.

Ён пайшоў позіркам па тварах байцоў, быццам шукаў некага. Хмурна, з камандзірскай строгасцю прамовіў:

— Ну, што ж — прабіліся? — Ён сказаў такім тонам, быццам быў тут нехта такі, што не верыў, і ён выгаварваў гэтаму недавярку.

— Прабіліся!..— загаманілі вакол агню.

— Баяўся я,— з той жа адкрытасцю, знарок з грубаватасцю прызнаўся генерал.— За маладых асабліва. Падвядуць, думаў, пад манастыр.

Ён нібы знарок прыхоўваў лагоднасць, знарок выстаўляў адкрытасць, мужчынскую грубаватасць.

— Нічога, не падвялі,— аб’явіў ён.

— Можаце заўсёды спадзявацца, таварыш генерал! — адгукнуўся задаволены голас.

— Не сумнявайцеся!.. Гвардзейцы не падвядуць!..

— Цяпер ужо не сумняваюся,— спакойна адказаў генерал.— Бачу: можна спадзявацца.— Ён зноў павёў павольным позіркам па тварах, цікаўна запытаў: — Ну, як Орша?

— Орша — то добра, то — горша,— прамовіў хтосьці, і зноў пачуўся смех.

— Усякая была!

Шчарбацюк з-пад ледзь прыкметных, белаватых броваў глянуў на Юрыя:

— Сустрэчы цікавыя былі? — Растлумачыў: — У вулічных баях бываюць цікавыя сітуацыі.

— Былі, таварыш генерал.

— Ну, напрыклад? — папрасіў-загадаў генерал.

— Напрыклад? — Юрый задумаўся.— Напрыклад — на ўскраіне! — Ён пажвавеў, захваляваўся ўспамінам.— Ідзём мы і ідзём напагатове... Адзін дом абышлі, другі. Ідзём, як на ўзводзе баявым. Потым пачынаем прабірацца паўз хлеў. Вялікі такі хлеў.— Юрый пашукаў вачыма.— Шарыфутдзінаў першы, мы — за ім... І тут раптам перад ім, тварам да твару, двое! Адзін вырачыў вочы ад неспадзеўкі, другі — за аўтамат зразу! Каб міг ён — Шарыфутдзінаў — спазніўся,— каюк бы яму. Але ён — апярэдзіў!

— У іх аўтаматы былі на рамянях,— паясніў Шарыфутдзінаў.— У іх — на рамянях, а ў мяне — у руках.

— Аднаго ён адразу чаргою, ва ўпор. А другі — рукі ўгору!

— Усё — так было? — павярнуўся генерал да Шарыфутдзінава.

— Так,— пацвердзіла некалькі галасоў.

— Малайчына! — строгім тонам пахваліў камандзір дывізіі.— Гэта па-гвардзейску.— Ён памаўчаў. Падумаў уголас: — А ўсё з-за нейкай долі секунды. Вось што значыць секунда ў вулічным баі... Так, тут мух не лаві. Зброю трымай напагатове, патрон — у патронніку. Адзін міг правароніў — і канец. Тут так.

— Гэта точна!

— Дзе вы, таварыш гвардыі яфрэйтар, ідзеце па вуліцы, у час бою? — раптам зноў падняў Шарыфутдзінава камандзір дывізіі. У вачах генерала была пільная дапытлівасць: «А ну, ведаеце?»

— Калі ідзём па вуліцы? — перапытаў яфрэйтар.

— Па вуліцы.

— Калі ідзе бой?

— Калі ідзе бой.

— Тады мы ідзём блізка да сцяны. Ці каля плота. Асцярожна.

Генерал не кіўнуў галавою. Нібы не ўхваліў. Чакаў чагосьці.

— Можна і каля платоў. Але лепш — дварамі.

— Дварамі мы таксама ідзём.

— Дварамі лепш.— Генерал зноў глянуў патрабавальна: — Як вы цераз вуліцу перабягаеце?

— Калі ідзе бой?

— Калі ідзе бой.

— Мы перабягаем хутка-хутка.

— На скрыжаванні — таксама?

— На скрыжаванні — не. Абходзім скрыжаванне.

— Гэта правільна.— Генерал дазволіў Шарыфутдзінаву сесці.

— Вось што яшчэ, сябры,— быццам і раіўся, і разважаў Шчарбацюк.— У вулічным баі першы друг — граната. Бяры іх пабольш з сабою. Падбірай на дарозе. Навучыся скарыстоўваць трафейныя. Граната — лепшы друг у вулічным баі. Запомніце гэта. Запомніце, што мы тут гаварылі. Нам многа прыйдзецца весці вулічных баёў... Спачатку ў Барысаве, потым, можа быць,— у Мінску. Потым — глядзіш — у Варшаве. І так — да Берліна. У гарадах і ў вёсках. Многа вулічных баёў будзе.

— А і праўда. Я неяк не думаў пра гэта.

— І я...

— Трэба думаць.

Генерал зноў павярнуўся да Жывіцы:

— Дык кажаце: ідзяце і баіцеся?

— А як жа не баяцца,— зусім асмялеў Жывіца.— Калі там, можа, ні кала ні двара. Выпалена, можа, усё...

— Так, вам прыйдзецца, відаць, спачатку нясоладка...

— Нясоладка, нясоладка,— згадзіўся Жывіца.— А толькі,— дадаў ён з одумам,— усё адно душа рвецца туды. Хутчэй бы, здаецца, дакаціць.

— Лёгкага жыцця пакуль не будзе,— задуменна сказаў Міхалап.

— А ёсць людзі, якія думаюць інакш,— адгукнуўся генерал.— Вось нядаўна па рашэнню ЦК партыі дэмабілізавалі мы аднаго маёра. З палітаддзела. Ён да вайны тут, на Беларусі, працаваў. Дык маёр стаў прасіць, каб пакінулі ў арміі. Прыйшоў да мяне і кажа: «Хачу астацца на фронце. Дзе цяжэй». Дык я яго «супакоіў»: «Дзе лягчэй цяпер, сказаў я яму, не так проста разабрацца. Паедзьце ды паглядзіце».

Шчарбацюк памаўчаў, потым прамовіў задумліва:

— Мы вось ваюем, вызваляем. Вызвалілі — і многія думаюць: галоўнае зрабілі. А галоўнае, можа быць, якраз толькі пачынаецца...

— От, праўда! — горача падтрымаў яго Жывіца.— Праўда вялікая!.. І я іду гэта і думаю...

Але што ён думае, сказаць Жывіцу не давялося, бо тут да камандзіра дывізіі падышоў падпалкоўнік і паведаміў, што яго тэрмінова выклікаюць да рацыі.

— Вось не ў час,— прамовіў хмурна, недавольна генерал.— Толькі разгаварыліся ад душы. Кожны раз так!..

Ён, павольны, грузны, неахвотна ўзняўся. Асветлены няроўным полымем, на хвіліну затрымаўся.

— Дык значыцца,— ён абвёў байцоў вачыма,— можна спадзявацца на вас?

— Можаце, таварыш генерал!

— Не падвядзём.

— Ну, глядзіце!

 

3

Некаторы час усе, хто быў каля вогнішча, гаварылі пра камандзіра дывізіі. Пра яго клапатлівасць аб салдатах, пра строгасць і адвагу ў баі. Гаварылі з любоўю і гонарам. Потым гаворка стала чапляць іншыя тэмы, дзяліцца на групкі. У кожнай групцы свая цікавасць і свой клопат. Хто журыўся, хто жартаваў, хто славіў баявое геройства сваё і таварышаў перад жанчынамі. Шарыфутдзінаў зацягнуў ціха нейкую сумную цягучую песню.

Жывіца падсеў да Праворнага, учапіўся распытваць, адкуль родам, ці жанаты, дзе і кім працаваў, хто дырэктар завода і які ён, дырэктар, па характару. Малодшы лейтэнант зычліва адказваў цікаўнаму спадарожніку.

Родам ён з Урала, са Свярдлоўска. Там ён скончыў рамеснае вучылішча, потым рабіў токарам. Да вайны працаваў на вялікім машынабудаўнічым заводзе, а ў першыя дні пайшоў добраахвотнікам у армію. Увесь час у пяхоце... Што за чалавек дырэктар? Ды як сказаць: на заводзе цяпер новы дырэктар. А ён, Праворны, ужо тры гады як развітаўся з родным горадам і пра тое, што там робіцца, ведае толькі з лістоў...

— У вас там будзе лягчэй... Што там ні кажыце, усё цэлае...

— Нам лягчэй,— згадзіўся Праворны.— У нас не толькі не разбурана нічога, а многа новага набудавана... Але — вы ж не чужыя. А нашы, уральцы, у бядзе сваіх не кідаюць... Паможам! Чым можам, паможам. Ручаюся.

— Гэта добра было б! Па-братняму!.. А мы ўжо ў даўгу не застанемся!

«Сабраліся са ўсяго свету, а нібы даўнія знаёмыя! » — мімаволі падумаў расчулены Жывіца.

Поблізу размаўлялі Міхалап і Юрый. Сержант з любоўю расказваў пра свайго бацьку.

— Даўно-даўно не бачыліся! Цэлую вечнасць, здаецца... Эх, каб пабачыцца! Трапіць бы ў Мінск!.. Ведаеце, я чамусьці ўпэўнены, што ён абавязкова будзе ў Мінску. Калі толькі жывы... А калі будзе ў горадзе, то я змагу яго знайсці! Гэта — як двойчы два. Зайду ў гарком, і там мне скажуць. Упэўнены... Вось толькі б не мінуць Мінска!

— Пападзеце. Накіроўваецеся ж акурат на Мінск.

— Пакуль што туды ідзём, а заўтра, трэба будзе,— дык павернем адразу куды-небудзь на поўнач... І тады — убачыш Мінск... на здымку ў газеце...

Ён устаў, зморана выпрастаўся.

Іх паднялі на світанні. Жывіца, што спаў на возе, ад якога пахла свежым сенам і крыху дзёгцем, праз дрымоту пачуў, як да вартавога падбег хтосьці з салдат і запытаўся, дзе знайсці лейтэнанта. Калі Праворнага разбудзілі, пасыльны перадаў загад камбата падымаць людзей.

Неўзабаве ўсе ў садочку заварушыліся. Сярод яблынь заплёскаліся то энергічныя, то вялыя, яшчэ паўсонныя галасы. Бразгалі зброя і кацялкі.

Жывіца таксама ўстаў. Пачаў тупаць каля каня, ладаваць воз у дарогу. Ад таго, што ўсе навокал хадзілі, завіхаліся, у яго на душы было радасна.

— Туравец! Загадай атрымаць снеданне! — пазнаў Жывіца голас малодшага лейтэнанта.

Перагаворваючыся, салдаты з кацялкамі адзін за адным патупацелі некуды на вуліцу. Калі яны пачалі вяртацца, у садочку запахла вараным пшаном. Жывіцу таксама захацелася есці, і ён развязаў свой запаветны мяшок. Тут да яго падышоў Праворны і прынёс кацялок з кашай.

— Падсілкуйся вось на дарогу, бацька. Ехаць вам яшчэ далёка...

На вуліцы ўзніклі дзве няяркія плямы святла, паволі пасунуліся да самага плота і сталі. Праз хвіліну святло згасла, сціх шум матора аўтамашыны. У ранішняй шэрані Жывіца ўгледзеў цёмны абрыс грузавіка. Яшчэ адна машына спынілася на другім баку вуліцы.

— Грузавікі прыйшлі. Вось добра,— сказаў Праворны і пайшоў да машын. Праз некалькі хвілін пачулася каманда:

— Канчаць снедаць. Грузіцца на машыны!..

Калі садок апусцеў і сціх, Праворны вярнуўся. Падбег да Жывіцы.

— Ну, мы гатовы!.. Выязджаем! — Ён спехам, але моцна паціснуў руку Жывіцы.— Шчасліва дабрацца вам, бацька!..

Развітаўся з Жывіцам нечакана і Міхалап. Ён сказаў, што Юрый узяўся падвезці яго, пакуль будзе магчыма. Дырэктар забраў з воза свой лёгенькі, з увагнутым бокам, чамаданчык і заспяшаўся да машыны.

— Што ж, баба з воза — кабыле лягчэй!..— весела прамовіў Жывіца.

Але калі машыны крануліся, адвозячы вайсковых і Міхалапа, яму раптам стала тужліва, адзінока.

Добрыя людзі! А вось разышліся і, напэўна, ніколі ўжо не сыдуцца зноў. І Праворны, і генерал паехалі, і дырэктара няма...

Жывіца зірнуў на тое месца, дзе ўчора гарэла вогнішча: там цяпер толькі сумна чарнела пляма вугалю і попелу ды валялася кінутая некім ануча.

Некалькі жанчын і дзяўчат, што праводзілі байцоў, вярнуліся ў хату.

Пуста было навокал.

Жывіца прынёс з хаты вядро і дастаў вады з калодзежа. Напіўся сам паволі, крывячыся: ад халоднай вады заходзіўся хворы зуб. Напаіў каня і запрог яго. Тады разбудзіў хлопца, які яшчэ моцна спаў.

Калі хлопец сеў на драбінку, Жывіца выкаціў на вуліцу. Адганяючы тугу, пакруціў над галавою пугаю:

— І-і-і! Но, мілка! Жвавей! Дадому едзем, не абыкуды!

 

РАЗДЗЕЛ ІІІ

 

1

Раніцай танкісты падышлі да Мінскай магістралі.

Перасеклі шасэ і адразу збочылі з яго. Зноў рушылі па вузкіх і звілістых прасёлачных дарогах, нярэдка і наўпрасткі па полі.

Але танкісты і цяпер адчувалі побач шасэ. Магістраль была як бы арыенцірам...

...Не адны танкісты Лагуновіча арыентаваліся па ёй. Праходзілі баявыя чырваназорыя самалёты на Мінск — часта трымаліся магістралі, што свяцілася ўнізе.

Па якіх дарогах і сцежках ні рушылі б артылерыйскія дывізіёны, пехацінцы, што наступалі на Мінск,— усе адчувалі побач з сабою стралу магістралі. Яна быццам указвала кірунак.

Магістраль бегла проста на захад.

Бегла то праз дружныя, цёмныя сасоннікі, то праз беластволыя бярэзнічкі, то праз густыя мяшаныя гаі. Бегла паўз шырокія прасцягі яшчэ не ўчарнелых пнёў, што аддзялялі шасэ ад лясоў. Прасцягі, на якіх упарта выбівалася ўгару зялёная моладзь.

Бегла цераз балоты, што паблісквалі аерам, цераз палі, на якіх часта азёрамі разлівалася свірэпа. Праз вёскі, спаленыя, зруйнаваныя ці затоеныя ў трывозе за жыццё. Праз масты, акружаныя дзотамі і дотамі, аплеценыя калючым дротам. Бегла туды, дзе чакаў спакутаваны Мінск.

Яна была як паказчык напрамку. Яна была — як лязо. Лязо вялікага мяча, нацэленага ў сэрца ненавіснай гітлераўскай дзяржавы.

Усе гэтыя дні няшчадна паліла сонца. Неба было высокае, агромністае, чыстае. Толькі зрэдку дзе-небудзь у недасяжнай вышыні бялелі лёгкія, як мярэжа, перыстыя воблачкі. Ды калі-нікалі белыя клубістыя ўзгоркі воблакаў млелі над небасхілам.

«Эх, каб дожджык! — не раз думаў Аляксей, з надзеяй пазіраючы ўгару.— Вось было б добра!»

Ён здымаў танкашлем і выціраў далонню пот, што ручаямі цёк па твары, расшпільваў як мага каўнер камбінезона.

У машыне было душна. Браня, напаленая сонцам, пякла, гарачынёй дыхаў матор, што напружана гуў за баявым аддзяленнем.

Каб зменшыць гарачыню ў машыне, ехалі з адчыненымі люкамі. Плынь свежага паветра ўрывалася ў люк вадзіцеля, лілася ў баявое аддзяленне і выходзіла ў люкі камандзіра і зараджаючага. Паветра быццам абмывала твары танкістаў.

Шкада толькі, што ўдзень амаль заўсёды разам з паветрам упаўзалі хмары пылу. Ён лез у ноздры, у рот, запарушваў вочы вадзіцелям, плыў бруднымі ручаямі па потных тварах.

Калі здаралася, што вецер дзьмуў убок і пыл адносіла ад машын, танкістам было лягчэй. Можна было і падставіць твар свежаму, хоць кволаму, ветру і падыхаць чыстым паветрам.

— Добра, калі вецер дзьме збоку,— сказаў неяк Быстроў, звычайна нібы безуважны да розных непрыемнасцей. Ён лёгка пераносіў іх і, акрамя таго, не любіў паказваць у чым-небудзь сваю кволасць.

Быстроў памаўчаў, прыплюшчыў вострыя вочы.

— Гарачыню можна трываць. У нас у тайзе бывае так, што зварыцца можна. Але пыл — дрэнь. Наглытаешся, як палыну наясіся... А тут яшчэ вецер гоніць яго...

Спёка дзейнічала не толькі на людзей, а і на машыны. «Трыццацьчацвёркі» вымушаны былі стрымліваць хуткасць.

Сонцаў у гэтыя дні з трывогай пазіраў на круглы цыферблат тэрмометра, які паказваў тэмпературу вады. Стрэлка нярэдка пераходзіла за сто градусаў.

Вада кіпела ў сістэме.

Каля рэчак і калодзежаў старшы лейтэнант нярэдка спыняў машыны. Радыё разносіла па ўсіх экіпажах прывычнае:

— Заліць ваду!

Трывожныя спякотныя дні, бяссонныя клопатныя ночы вельмі стамлялі танкістаў.

Аляксей, хоць і цягавіты, але нямоцнага здароўя, адчуваў, што змора часта авалодвае і ім.

Танкісты адпачывалі і спалі, калі давядзецца і як давядзецца, найбольш проста «на хаду». Цяжэй тут было механікам-вадзіцелям, якія драмаць «на хаду» ніяк не маглі. Яны для гэтага выкарыстоўвалі розныя выпадковыя супынкі. Пры такім супынку вадзіцелі звычайна падганялі свае танкі шчыльна да пярэдніх, да самых малінавых кнопак задніх ліхтароў.

Ледзь у папярэднім танку матор пачынаў працаваць, павялічваць абароты, вадзіцель прачынаўся. Схамянуўшыся, ён таксама звыкла ўключаў «масу», даваў газ і, сочачы за малінавым агеньчыкам, які плыў наперадзе, вёў услед за ім сваю машыну...

Але нярэдка здаралася і так, што шум матора не мог ужо разбудзіць вадзіцеля.

Аднойчы пасля прыпынку камандзір батальёна загадаў роце рушыць наперад,— машыны, было чуваць, загурчалі і сталі аддаляцца. Але танк, які быў перад машынай Якавенкі, чамусьці не кранаўся.

Якавенка саскочыў на зямлю, прабег наперад даведацца, чаму марудзіць танк.

— Чаго стаіце?! — крыкнуў лейтэнант, заглядаючы ў люк вадзіцеля.

Яму адказалі не адразу. Разбуджаны вадзіцель — відаць, яшчэ пад уладаю сну — падобна, усё не мог уцяміць, што значыць гэтае пытанне і як на яго трэба адказаць.

— Наперадзе танк... стаіць...

— Дзе танк, бісова душа! — разгневаўся лейтэнант.

— Наперадзе...

— «Наперадзе»... Ты ў танку сядзіш ці, можэ, у плацкартным вагоне? Спіш! Дэ камандзір?

— Малодшы лейтэнант прылёг на гадзінку... Ігнатаў за яго...

— А дэ Ігнатаў?

— Тут,— адгукнуўся танкіст зверху.— Вінават, таварыш камандзір, задрамаў нечакана.

— «Задрамаў»! Я тобі зараз падрэмлю! — Каб не траціць марна часу, Якавенка загадаў!

— Наперад!.. Догоняйтэ роту!

Астыўшы ад гневу, лейтэнант падумаў са спачуваннем: «Втоміліся людзі. Трэба було б паспаць, перадыхнуць крыху».

 

2

Палавіна вёскі была спалена,— спалена толькі дзень назад. Дзе-нідзе яшчэ курыўся дым. За спаленым краем вёскі адно ўцалела калгасная сіласная вежа...

Каля сіласнай вежы танкісты і ўбачылі гэта.

Шырокая яма была ўся напоўнена трупамі. На тварах забітых былі відаць застылыя выразы перадсмяротнай пакуты і страху. Некаторыя трупы былі жахліва пасечаны: мусіць, выбухамі гранат...

Усе стаялі моўчкі: танкісты і аўтаматчыкі былі, як ніколі, задуменнымі і хмурнымі. Толькі хтосьці прыгразіў:

— Ну, няхай цяпер літасці не просяць!

Да купкі танкістаў падышло некалькі ўзброеных чалавек у цывільнай вопратцы. Іх прапусцілі наперад; адзін з цывільных, хударлявы, з пасівелымі скронямі, са страхам стаў хутка шукаць вачыма кагосьці ў яме.

— Ну што, няма? Я ж кажу, выдумка ўсё... Ніхто не знае толкам,— спрабаваў супакоіць яго другі.

— Не бачу... Але яны, мусіць, тут... Мусіць, тут...— Той, які шукаў, гаварыў такім трывожным голасам, што ў Аляксея халадзела ў грудзях.

І раптам чалавек убачыў, каго шукаў, здранцвела падаўся наперад. Адхіліўшы труп, ён узняў на рукі дзіця. У малога не было твару,— чалавек, відаць, пазнаў яго па вопратцы. Як жывое, ён узняў дзіця на рукі і вынес з ямы, стараючыся не глядзець на твар...

Потым ён знайшоў і вынес жанчыну.

Адзенне яе было пашматана, у закарэлай крыві. На целе ў некалькіх месцах чарнелі жахлівыя рваныя раны, твар быў ссохлы, зняможаны — шчокі запалыя, вузкі, як у шкілета, падбародак. Уразілі Аляксея вочы — адкрытыя, цьмяныя, мёртва застылыя, з выразам жаху.

— Ганначка! Ганну-у-лечка!! — урэзаўся ў цішыню раптам роспачны голас кагосьці з вясковых жанчын.

Старая жанчына кінулася ў яму, упала і без памяці закалацілася над трупам.

І ўраз жанчыны, што падышлі і падыходзілі, падбягалі сюды з вёскі, загаласілі, застагналі, залямантавалі.

У Аляксея, чулага да чужога болю, твар нервова перасмыкнуўся. Старшы лейтэнант рэзка адвярнуўся і пайшоў ад ямы. Яму было балюча і разам з тым чамусьці трывожна, хоць ён і не разумеў прычыны трывогі.

Услед за ім ішло страшнае галашэнне, што рвала душу.

Аляксей проста не мог трываць гэтага галашэння. Усё гэта нясцерпна пякло яго і таму, што ўжо да гэтага балела яго душа. Аляксея да гэтага моцна ўразіла неспадзяванае няшчасце. Менш за гадзіну назад, калі ўжо сціхаў бой, цяжка параніла камандзіра батальёна. Камбат быў адным з самых даўніх таварышаў Аляксея ў брыгадзе, і Аляксея ў сэрца ўдарыла вестка пра яго бяду, тым больш што сказалі — ранены ён быў страшна: асколкамі ў жывот і ў таз, жахліва пакутаваў. Адпраўлены ў санбат амаль без надзеі...

Танкі стаялі праз сотню-паўтары крокаў ад сіласнай вежы, прыкрытыя галлём маскіроўкі. Непадалёк на скрыжаванні вуліц ляжала на баку нямецкая зенітная гармата, каля якой валяліся ў пыле трупы, пэўна, яе прыслугі, гільзы ад снарадаў, скрынкі.

Крыху далей віднелася яшчэ адна нямецкая зенітка і цягач, кінутыя пры ўцёку. Побач з імі ў садку стаяла машына са штабной рацыяй брыгады і некалькі другіх машын, а таксама танк, напэўна, начальніка штаба.

— Ну, што — навін ніякіх? — панура запытаўся старшы лейтэнант у Быстрова, які стаяў каля танка.

Быстроў адказаў, што ўсё па-ранейшаму.

Наперадзе, кіламетраў праз чатыры, ішоў бой, і ўсе чакалі, што вось-вось і ім трэба будзе ўступіць у яго.

За ўзгоркам, на якім віднеліся варонкі ад бомб, часта гупалі гарматы танкаў і самаходак, уздымаўся густою чорнаю хмараю дым. Аляксей, слухаючы гэтыя гукі, стаў зноў вяртацца да трывожнага перадбоевага настрою.

Ён не заўважыў, калі да яго падышоў Рыбакоў. Казырнуўшы насцярожана, сержант паведаміў, што прыйшоў з просьбай.

— Гавары!

— Хачу ў экіпаж!

Аляксей абыякава зірнуў на яго.

— У экіпаж...

— Так! У экіпаж.

Рыбакоў гаварыў груба, з выклікам.

Аляксей не адказаў, нібы не чуў.

— Або дазвольце,— сказаў Рыбакоў мякчэй,— каб мяне перавялі ў другую роту...

Ён глядзеў на Аляксея патрабавальна, але той як бы не заўважаў ні тону яго гаворкі, ні самога яго.

— У другую роту... Не! — раптам сказаў Аляксей цвёрда.

— Чаму?

— Не пушчу — і ўсё.

Ён яўна не меў ахвоты весці размову далей, але Рыбакоў не адыходзіў.

— Чаму ж? — прамовіў ён ужо злосна.

— Таму.

— А-а... не хочаце збываць «ненадзейных»!

Аляксей улавіў у яго тоне насмешку.

— Угадалі,— адказаў ён таксама з выклікам.

Старшы лейтэнант сустрэўся з вачыма Рыбакова і ўбачыў у іх непрыхільнасць, нават нянавісць.

— Так,— знарок пацвердзіў жорстка.— Вы правільна здагадаліся...

І раптам ад гэтай непрыхільнасці Рыбакова Аляксею стала лягчэй: а ён, відаць, не такі бяздушны, як можна думаць. Што ж такое тады гэтая яго самаўпэўненасць, гэтая фанабэрыя?

Аляксей на хвіліну задумаўся: Рыбакоў, нядбайлівы і эгаістычны, быў пры ўсім гэтым добрым знаўцам сваёй справы, матор ён ведаў так, як мала хто ў роце, і гэта падабалася Аляксею.

У Рыбакова хапала таксама быццам бы і смеласці.

Дарэчы, прыгадаў Аляксей даўнюю размову Рыбакова з таварышамі, на нейкім перакуры: ён, выходзіла, быў адным з лепшых трактарыстаў у леспрамгасе на Архангельшчыне...

Можа быць, гэтаму прычынай было і тое, што душу тачыла такая вострая бяда, але Аляксей памякчэў.

— У экіпаж, значыцца?

Рыбакоў не адказаў: раззлаваны, ён, пэўна, палічыў гэта за здзек.

— Ну, што ж. Калі вы так просіце...— Аляксей задумаўся, разважаючы, куды яго лепш за ўсё паслаць. Адзначыў: Рыбакоў не глядзеў, не верыў яму.— Сёння вы будзеце вадзіцелем.

Рыбакоў зірнуў цяжка, недаверліва.

— Гэта — праўда?

Аляксей заклапочана рушыў. Рыбакоў падаўся за ім.

— Якавенка! — гукнуў Аляксей каля аднаго з танкаў.

Лейтэнант Якавенка абедаў у гуртку танкістаў. Явіўся, на хаду выціраючы рот, абцягваючы камбінезон.

— Ты прасіў вадзіцеля?

Якавенка адразу павёў позіркам на Рыбакова, няветліва, непрыхільна.

— Просыв...

Аляксей улавіў у яго позірку і ў яго слове: прасіў, толькі не такога. Не даючы Якавенку запярэчыць, загадаў:

— Вось табе вадзіцель.

 

3

У гэты час на дарозе, з таго боку, дзе ішоў бой, паявілася «трыццацьчацвёрка». Яна спынілася непадалёк,— перад акопчыкамі, каля якіх ляжала расплюшчаная гармата і валяліся скрынкі са снарадамі.

Аляксей пазнаў машыну Бяссонава. Праз хвіліну ён пачуў, што яго выклікаюць к камбрыгу, і ўподбег падаўся да палкоўніка. Гадаючы, чаго выклікае камбрыг, рашыў: прыйшоў час ісці ў бой...

Палкоўнік рабіў абход батальёна. Калі Аляксей далажыў, што явіўся па яго загаду, Бяссонаў толькі прыпыніўся, нецярпліва выслухаў даклад і, даўшы знак следаваць за ім, рушыў далей. Кароткім позіркам акідваў танкістаў, рабіў заўвагі, кідаў пытанні, аглядваў машыны.

Убачыўшы Колышава, палкоўнік спыніўся.

— Як ваюеш?.. Лагуновіч,— зірнуў Бяссонаў на Аляксея,— як ён у цябе?

— Непагана, таварыш гвардыі палкоўнік... Толькі вось — машыну разбамбілі. Дык цяпер на брані, з аўтаматчыкамі...

— А ты што — недавольны? — Бяссонаў унізаў позірк у Колышава.

Колышаў збянтэжыўся. Не ведаў, што адказаць.

— Шкода, таварыш гвардыі палкоўнік.

— Чаго — шкода?

— Машыну шкода, таварыш гвардыі палкоўнік.

— «Шкода». Я пытаюся: недавольны — што аўтаматчыкам стаў?

— Чаму? — Ён не разумеў, чаго дабіваецца палкоўнік.— Я, таварыш палкоўнік,— сказаў ён злуючыся,— гатоў служыць... дзе трэба. Кім трэба...

— Вось гэта правільна,— грубавата ўхваліў палкоўнік.— Галоўнае, усюды быць салдатам. Добрым салдатам... Мне самому давялося ўсяго сербануць. А я давольны!

У мінулым годзе пераваліла за дваццаць гадоў з таго часу, як ён прыйшоў у армію, паваяваўшы перад гэтым яшчэ партызанам за далёкай ракой Том’ю. У арміі Бяссонаў доўга служыў і салдатам, і аддзялённым, і ўзводным, і ротным — усё ў пяхоце, у танкавую часць ён трапіў многа пазней. Рос ён нялёгка, па чарзе папрацаваў, здаецца, на ўсіх пасадах.

Мабыць, ад салдацкіх часоў засталася ў Бяссонава гэта звычка быць простым у абыходжанні, весці сябе з імі хоць і грубавата, рэзка, але як роўны з роўнымі...

— Я спадзяюся, што яшчэ пачую пра цябе,— сказаў Бяссонаў, нібы загадаў. Не развітваючыся, рушыў далей.

Абышоўшы яшчэ некалькі машын, палкоўнік спыніўся, хаваючы штосьці ў цяжкаватым позірку, здавалася, нядобра, іспытна глядзеў у вочы Аляксею. Аляксею стала нават трохі не па сабе.

— Прымеш батальён,— раптам прамовіў ён хмурна, нібы незадаволена.

Аляксей як бы не зразумеў. Менш за ўсё чакаў ён гэтага.

— Таварыш палкоўнік,— сказаў ён разгублена.

Бяссонаў перабіў яго:

— З гэтай хвіліны адказваеш за яго.

Ён гаварыў тонам, які не даваў пярэчыць.

— Слухаюся, таварыш гвардыі палкоўнік,— падначаліўся гэтаму тону Аляксей.

— Калі будуць якія-небудзь сумненні,— загаварыў зноў Бяссонаў, гледзячы ўсё іспытна,— пытайся, дапамагу. Я люблю, калі мяне непакояць... Толькі глядзі, каб батальён быў заўсёды — як спружына. Калі падвядзеш — не дарую!

 

Бяссонаў выклікаў камандзіраў рот і ўзводаў, прадставіў ім новага камбата. Навокал пачалі раскаціста ляскаць зеніткі, і танкісты паднялі галовы. Высока ў небе ішлі тры нямецкія бамбардзіроўшчыкі,— вакол іх успыхвалі белыя дымы выбухаў, што ўсё гусцей усейвалі блакіт.

Пачуўся даўкі візг бомб, усе замоўклі, чакаючы. Бомбы выбухнулі ў сярэдзіне вёскі.

Бяссонаў стаў заклапочаным.

— Ну, камандуй, камбат.

Палкоўнік зрабіў націск на слова «камбат», зноў паглядзеў Аляксею ў вочы. Праз хвіліну танк Бяссонава ўжо імчаў к сярэдзіне вёскі.

Да Аляксея падышоў Якавенка, па-прыяцельску абняўшы, павіншаваў яго. Старшы лейтэнант падзякаваў, але ніякава і стрымана. Хоць Аляксей і не паказваў гэтага Бяссонаву, новае назначэнне яго нямала занепакоіла. Як-ніяк, батальён гэта не рота,— яму цяпер трэба будзе весці тры роты...

— Ты, Олексій, справішся,— нібы адгадваючы думкі старшага лейтэнанта, прамовіў, як старшэйшы брат да малодшага, Якавенка.— Голова ў цябе розумная, сур’ёзная. Та і підготовка — і тэхнічная, і палітычная, і стратэгічная — вышчая, гвардзейская. Адным словам, усё ёсць, шчо трэба... Адну толькі параду запомні ад мяне.— Ён усміхнуўся дабрадушна-хітравата.— Не задавайся і не забувай таварышаў...

— Ды як жа можна забыць,— няёмка запярэчыў Аляксей,— разам будзем ваяваць!..

Калі Якавенка адышоў, новы камбат са здзіўленнем падумаў: як гэта здарылася, што ён стаў камандзірам батальёна?

Гэтае назначэнне было для Аляксея нечаканым: Бяссонаў да сённяшняга дня па-ранейшаму не выказваў прыхільнасці да яго, больш сімпатызаваў, здавалася, двум другім ротным.

Разам з тым, давер’е Бяссонава радавала Аляксея. Хоць Аляксей і не любіў палкоўніка за грубасць і нячуласць, адносіўся да яго насцярожана і нават пабойваўся, ён усё ж цаніў Бяссонава як камандзіра, які ўсяго сябе аддае брыгадзе. Аляксей ведаў, што раўнівы і недаверлівы, ён ніколі не падвядзе брыгаду з-за нядбайства. У любой абстаноўцы зробіць для яе ўсё, што магчыма.

Нашто таіць, было ў Аляксея і пачуццё, якое ён ніякавата хаваў, як грэшнае: непаслухмяна-ганарлівае адчуванне, што вось ён нібы ўжо вышэй, чым гадзіну назад. Камандзір батальёна, падумаць толькі!

Разуменне гэтага новага яго стану і востра хвалявала Аляксея і як бы яшчэ кепска даходзіла: здавалася ў гэтым нібы і штосьці нерэальнае, выдуманае.

Больш са звычкай выконваць усе загады, глушыць непатрэбныя развагі і адчуванні, звычкай, што моцна ўсталявалася ўжо, Аляксей пачаў дзейнасць сваю ў новай якасці.

Найпершае пытанне было: з чаго пачынаць. З людзьмі пазнаёміцца? Большасць з іх, асабліва камандзіраў, ён ведаў, праўда, ведаў многіх здалёк. Так што, вядома, знаёміцца трэба...

Перш за ўсё, бадай, трэба ўмацаваць разведку: у ёй дні тры назад раніла камандзіра ўзвода, які цяпер ляжыць у шпіталі. Камандуе ёю часова малодшы лейтэнант, камандзір другой машыны, чалавек, можа, і нядрэнны, але ж марудлівы і бесклапотны. Хіба ў разведцы месца яму? Гэта ж праз яго фактычна пазаўчора страцілі машыну. Каб ён уважлівей глядзеў, хіба ён не заўважыў бы тыя нямецкія самаходкі, замаскіраваныя ў садку, што падпалілі «трыццацьчацвёрку»? Цяжка быць упэўненым у такім разведчыку.

Аляксей выказаў свае меркаванні падпалкоўніку Сяміжону, які прыехаў неўзабаве пасля Бяссонава. Падпалкоўнік згадзіўся: такому камандзіру ў разведцы давярацца цяжка.

— А каго ты думаеш замест яго?

— Гогабярыдзе думаю,— адказаў Аляксей.

— А лепш будзе Гогабярыдзе? Гарачы не ў меру... Ды, бадай, і — легкадумны...

— Затое калі ён возьмецца за што-небудзь, то не пашкадуе нічога. Гэты не падвядзе — я ўпэўнены... А што гарачы, то можна астудзіць...

— Ну, калі абяцаеш астуджваць, то я — не супраць.

Гогабярыдзе, даведаўшыся, куды яго хоча паслаць Аляксей, з радасцю згадзіўся, але пачаў прасіць, каб туды перавялі і ўвесь яго ўзвод.

— Што тут дзіўнага, дарагі Аляксей? Я іх ведаю кожнага, як свайго брата! А мне якраз і патрэбны такія людзі: надзейныя, у якіх я не сумняваўся б! З такімі людзьмі я куды хочаш пайду ў разведку, хоць у самы Берлін! А без іх — я буду аглядацца... Увесь час аглядацца... Адпусці іх са мной, дай згоду!..

Сандро наогул вельмі ўмеў зжывацца з людзьмі. Але старшы лейтэнант не даў згоды...

Скончыўшы размову з Гогабярыдзе, Аляксей пакрочыў у другую роту. Кіруючы ў роту, што яшчэ нядаўна была нібы чужой, Аляксей поўніўся ўсё тым жа адчуваннем нязвыкласці новага свайго стану: ад прыроджанай далікатнасці ён чуў і няёмкасць і няўпэўненасць перад наступнай першай сустрэчай з новымі падначаленымі сваімі. Набліжаючыся да гэтай сустрэчы, ён важка думаў, як павінен будзе трымацца. Больш за ўсё не хацеў ён, каб там, у роце, заўважылі няўпэўненасць яго. Трэба, думаў ён, каб усе бачылі яго спакойным і цвёрдым. Каб з першага дня паверылі ў яго як камандзіра. Першыя крокі, пакуль да яго, як камбата, не прывыклі, разважаў ён,— асабліва важныя...

У вёсцы ўжо была пяхота, што пачала запаўняць вуліцы і двары. Асталёўваўся нейкі пяхотны штаб,— сувязісты ўскідвалі шастамі на галлё дрэваў, на платы правады.

Поблізу скрыжавання стаяў маленькі пехацінец — рэгуліроўшчык са сцяжкамі.

Пачынала вечарэць. Бой аддаляўся і заціхаў. Над вуліцаю ціхімі хмарамі вілася дробная, як пыл, машкара. Вецер раптам аднекуль прынёс млявы, як бы сумны, пах прывялай, скошанай травы. Хто яе скасіў, гэтую траву?

Экіпажы працавалі: танкісты аглядалі танкі, запраўлялі іх гаручым і маслам, рэгуліравалі механізмы, грузілі снарады і патроны. Як і ўвесь батальён, рыхтаваліся да маршу.

Ад гэтага знаёмага малюнка працавітай заклапочанасці Аляксею зрабілася спакайней... Аляксей адчуў сябе раптам больш упэўнена. Ён спыніўся каля двух танкістаў, што нацягвалі гусеніцу, стаў правяраць, ці правільна яны робяць.

Камандзір машыны, закасаўшы рукавы камбінезона, шчыраваў над нечым у трансмісійным аддзяленні. Калі адзін з танкістаў штурхнуў яго, кіўнуў на Аляксея, ён — шчупленькі, акуратны, рухавы — саскочыў на зямлю і далажыў, што робіць экіпаж.

Тут да Аляксея хапатліва падышоў камандзір роты, азербайджанец Аліеў; чарнявы, з пакляваным воспаю тварам. Нібы не былі зусім нядаўна роўнымі, старанна і з належнай пачцівасцю на твары далажыў пра роту.

Хаваючы ніякавасць, Аляксей дазволіў даць каманду «вольна», знарок заклапочаным тонам папрасіў пазнаёміць з людзьмі, паказаць сваю «армію». Танкісты сустракалі Аляксея ў новай ролі звонку нібы зусім звычайна, як даўняга камандзіра, нямала хто — з ветлівасцю. Але Аляксей амаль увесь час лавіў пільныя і, здавалася, насцярожлівыя позіркі: пабачым, маўляў, як ты пакажаш сябе. Не азіраючыся, чуў, што ўслед пазіралі, як бы бачылі ўпершыню...

Абыходзячы экіпажы, Аляксей прыкмеціў двух камандзіраў машын, якія сядзелі на прызбе. Старшаму лейтэнанту не спадабалася, што яны кінулі экіпажы... Але ці варта гаварыць ім пра гэта цяпер, ледзь толькі ён тут з’явіўся? Можа, лепш іншы раз, а пакуль прайсці міма?..

Аднак прайсці міма, быццам не заўважаючы таго, што яму не спадабалася, Аляксей не мог.

— Дзе вашы людзі? — запытаўся ён, прывітаўшыся. Аляксей падышоў да іх адзін, бо Аліеў затрымаўся каля апошняга экіпажа.

— Людзі?.. Каля танка...

Аляксей адчуваў сябе няёмка, як заўсёды, калі трэба было гаварыць каму-небудзь непрыемнае.

— Што ж вы на адзіноце? Дзяжурыце?..

— А што, старшы лейтэнант? Хіба камандзіру адпачыць грэшна? — прыяцельскім тонам загаварыў лейтэнант, цёмна-загарэлы, з далікатнымі рысамі, у ссунутым набок шлеме.— Баец хоць у машыне можа паспаць...

— А якая табе справа? — перабіў яго другі, старшына.

— Гэта наш камбат! — сказаў Аліеў, які толькі падышоў.

Лейтэнант і старшына ўзняліся.

— А — камбат?.. Вось якое выйшла знаёмства...— лейтэнант чуў сябе яўна ніякава: —Ведаеш, камбат, не думай нічога кепскага: змарыўся. Так змарыўся, што, паверыш, галава, як чыгунны звон... У мяне цяпер, калі я гляджу, кожная дэталь двоіцца, троіцца ад бяссонніцы...

— А яны не змарыліся? — ціха, далікатна запытаўся Аляксей.— Але не просяцца пасядзець. І хто ведае, што думаюць пра сваіх камандзіраў, якія адпачываюць. Напэўна, не вельмі хваляць у думках...

Лейтэнант нахмурыўся вінавата. Старшыне гэтая размова, відаць, здавалася прыдзіркаю. Але ён змоўчаў.

У сваю роту Аляксей рашыў на гэты раз не вяртацца. Тут ён атрымаў загад выступаць. Выклікаў сваю машыну, загадаў батальёну заводзіць маторы.

Ён ішоў да машыны, калі раптам блізка ўзнік пагрозны грукат.

Амаль у той жа момант з-за хаты, з-за саламянай, учарнелай ад дажджоў і даўнасці страхі, на шалёнай хуткасці вырваўся «месершміт».

Ён на міг чорным крыжам рассек блакіт неба, аглушыў ровам, здалося, прыціснуў усё.

Аляксей не паспеў зрабіць нічога, нават зразумець што-небудзь, як перад ім з жалезным скрыгатам, разломваючы свет вакол, важка, страшна грымнула, зіхнула белае полымя...

Яго з вялікай сілай ударыла ў грудзі і кінула на зямлю.

 

РАЗДЗЕЛ IV

 

1

Жыць з кожным днём станавілася цяжэй. Тое, што будзе заўтра, здавалася ўсё больш няясным і страшлівым. Нягоды, якія раней хоць і непакоілі, але былі ўсё-ткі менш грознымі, цяпер набліжаліся, сціскалі вакол яго свой безвыходны круг.

Ён упарта шукаў выхаду з гэтай небяспечнай няпэўнасці. Усе дні ён толькі і думаў пра тое, як адхіліць надыход жахлівай развязкі? Як выратавацца?

Але колькі ні думаў ён, нічога добрага адшукаць не ўдавалася. Нельга было, адчуваў ён, спадзявацца нават на якую-небудзь палёгку...

Ён не раз у думках вяртаўся да той мяжы, ад якой гэта ўсё пачыналася. Успамінаў, з якім адчуваннем ён уцякаў тады ад партызан і як пазней перабег да паліцаяў. Перабег. Бо як ты ні старайся давесці іншае, факт застаецца фактам — ён стаў працаваць у паліцыі.

Грэчка пачынаў шкадаваць, што ўцёк тады з атрада. Ён шкадаваў пра гэта не таму, што адчуваў віну перад таварышамі, якім здрадзіў, а таму, што, уцёкшы, урэшце трапіў у горшае становішча.

Не трэба было ісці да паліцаяў. Перасядзець ціха дзе-небудзь месяц-другі, перачакаць неспакойны час — вось што трэба было... Ён жа так і збіраўся зрабіць, але жыццё пагана перавярнула, перакруціла ўсё па-свойму. Няскладны лёс паставіў яго проста перад узброенымі аўтаматчыкамі, і яму ж нічога не заставалася, як згадзіцца на прапанову Тыталя. Бо, каб не згадзіўся, яго косці даўно згнілі б...

А калі згадзіўся, ужо нічога не мог змяніць. Прыходзілася ісці туды, куды кіравала павілястая сцежка. І вось прыйшоў — далей няма куды — думай, як быць?

Быццам у казцы, якую чуў некалі ў маленстве, разыходзяцца перад ім дзве сцежкі: па адной пойдзеш, не вернешся, па другой — таксама загінеш. Адна сцежка тая, па якой ён цяпер ішоў, вось-вось скончыцца — хутка, ясна ўжо, прыйдуць сюды чырвоныя. Другая вядзе назад у лес. Па ёй можна вярнуцца да Тураўца і Ермакова... Не, не, нельга ўжо. Немагчыма ўжо Грэчку ступіць на яе. Немагчыма вярнуцца ў лес. Адразу, як толькі ён вернецца, Ермакоў прыставіць яго да дрэва і расстраляе.

— Што, галава, квінту павесіў? — спытаў яго неяк, пранізліва ўзіраючыся, Тыталь.

Грэчка затрывожыўся, але схаваў трывогу, запярэчыў:

— Нічога я не павесіў нос.

— Бачу ўсё. Баішся, што прыйдуць чырвоныя і ўзважаць на асіне! — Позірк у Тыталя востры і жорсткі.— Не бойся,— дыхаючы ў твар Грэчкі смуродам самагонкі, падчэпліваў, нібы хвалячыся смеласцю, Тыталь.— Нічога страшнага, ей-бог, накінуць на каўнерык вяроўку, выб’юць падстаўку з-пад ног, кірк — і гатова. Усё!..

Ён нават шчэрыўся ўсмешкаю, ад якой Грэчку працінаў мароз.

— Слухай, Якаў... Смешкі ў цябе, ей-бо!». — дакараў яго Грэчка.

Але таго Грэчкавы просьбы яшчэ быццам падахвочвалі. Весялеў, нібы бачачы, як дапякаюць Грэчку яго заліхвацкія гаворкі!

— Нічога такога, ей-бо!.. Ну, канечне,— высалапіш язык.... яшчэ — нахіліш на адзін бок галоўку... далікатна, як якая-небудзь... ну шляхетная паненка... Проста, ей-бог... Гэ-гэ-гэ! І хутка! Кірк — і гатова!..

Тыталь неаднойчы забаўляўся такімі жартачкамі. Варушачы рукой чорны чуб, начэсаны на выбітае вока, шчэрачыся п’янай зяпаю, зводзіў Грэчку сваімі дурнымі кпінамі. Грэчку нязносна было чуць гэты страхотны рогат, бачыць агідны, ашчэраны рот з рэдкімі вострымі, як у пацука, зубамі.

Іншы раз, найбольш пасля пахмелкі, Тыталь вёў іншыя гаворкі.

— Ты толькі, дурань, не думай даваць цыгаля назад,— казаў ён панура, ненавідліва.

— Т-ты, што гэта... Што ты пляцеш, Якаў? — кляўся і папракаў Грэчка.

— Што, ведаю што! — Тыталь унізваўся ў Грэчку бязлітасным позіркам, нібы бачыў навылёт Грэчкаву душу, прарочыў упэўнена: — Там табе, галава, адразу каюк зробяць... У іх усё на ўліку,— працінаў нібы гарачым штыком Грэчку,— і як у паліцыю перабег, і што натварыў разам з паліцыяй. Як тую разведчыцу — Лагуновіч, ці што,— выдаў, усё... Яны табе прыпішуць яшчэ і такога, чаго ты ніколі і не рабіў.

— Слухай, Якаў, ей-бо... Ахвота табе плясці...

Але Тыталь быў няўмольны, нібы завязваў пятлю на Грэчкавай шыі.

— Хто там будзе дапытвацца, дзе ты быў з паліцыяй, а дзе не... Быў паліцаем — значыцца, усё, што рабілі іншыя, рабіў і ты. Кожнага з паліцэйскіх патрэбуюць адказваць за ўсю паліцыю...

Часам аднавокі мякчэў, тады дакараў, раіў нібы са спачуваннем:

— Ёлапень ты, ёлапень!.. Сам на ражон хочаш. Жыццё, відаць, надакучыла, што пагібелі сабе шукаеш... Яны, галава, даўно за табой палююць. Ды ўсё не ўдаецца. А ты хочаш ісці! Ну, хіба ж ты не ёлапень?..

— Ды хто хоча! Што ты, ей-бо! Ды я іх — ведаеш — як ты! Мне яны — цьфу!

Тыталь з упэўненасцю, што падтрымлівала, абнадзейвала Грэчку, аб’яўляў:

— Я такім дурнем не буду. Ёсць яшчэ галава на плячах, дзякуй богу! Не згубіў і не згублю! Шалоплю, што да чаго. Мяне не аблапошаць!

— І я не дурань, кемлю, што да чаго,— глушыў у сабе неспакой Грэчка.

— Як яны шукаюць мяне і казаць не прыходзіцца. Але я фігу ім пакажу, вось што! Рукі кароткія!..— Тыталь чорнымі, кручкаватымі пальцамі складваў фігу і зларадна тыцкаў некаму.— Наце, укусіце! Ухапілі! Вось! — спатоліўшы ахвоту такім чынам, Тыталь зноў павяртаў вока да Грэчкі.— Баішся, што бальшавікі прыйдуць? А скуль ты знаеш, што яны канешне прыйдуць? Га? То яшчэ віламі па вадзе пісана. Ясна?

— Ясна. Віламі па вадзе! Гэта — точна! — згаджаўся Грэчка.

— Немцы — вот прыпомні маё слова — не пусцяць іх сюды... Ясна?

— Не пусцяць. Ясна...

Паварушыўшы рукой начэсаны на вока чорны чуб, Тыталь аднойчы, са здзеклівай зычлівасцю, крыўляючыся, як блазен, параіў Грэчку:

— Ідзі к Тураўцу. Ідзі! Адпускаю!.. Ей-бог, не дзяржу!

— Сам ідзі,— знайшоўся, смела параіў яму Грэчка. Але Тыталь вёў сваю вяровачку. Нібы не чуў.

— Пропуск нават напішу! «Паліцай Грэчка, маўляў, дапяў, ці як гэта кажуць... сазнаў сваю памылку і ўсё такое. Прыміце яго, напішу, як блуднага».— Крывіўся ўсмешкаю, вось-вось загягеча дурным сваім рогатам: — Ідзі — там асіна, перадавалі, даўно сумуе па табе. Гэ-гэ-гэ-гэ!

Чорт аднавокі! Распалены адчаем, узлаваны на лёс і на здзекі Тыталя, Грэчка неаднойчы шкадаваў ад душы: чаму гэтаму гаду заадно не выбілі і другое вока? Нібы смяецца над яго, Грэчкавай, бядою, знарок стараецца дапячы як найбольш. Уцягнуў яго, Грэчку, у бяду, у процьму гэту, ды яшчэ здзекуецца!

Надакучыў ён Грэчку, але што ты зробіш? Даводзілася трываць усё: як ні кажы, хоць і малое, і паганае, а начальства.

Пасміхваючыся, Тыталь неяк напрарочыў:

— Нікуды ты не пойдзеш, дурань!.. Нам, пэўне, наканавана ўжо так — разам і жыць, і вісець!..

 

2

Не памыліўся. Разам папаліся.

Грэчка і яшчэ адзін паліцай ахоўвалі мост на рэчцы. Іх абступала шэрая і маўклівая летняя ноч. Толькі час ад часу недзе ў далёкай вёсцы сумна ні то брахалі, ні то вылі сабакі, ад гэтага брэху-выцця Грэчку станавілася моташна. «Няма на вас пагібелі. Каб было блізка, прыстрэліў бы вас, воўчае племя!» Паліцаі, ахоўваючы кожны свой бераг, некалькі разоў сыходзіліся на мосце, ціха перагаворваліся. Час цягнуўся вельмі марудна.

Грэчка адстаяў прыблізна палову свайго тэрміну, як пачуў непадалёк знаёмыя важкія крокі. Ён аклікнуў для прыліку чалавека, хоць і ведаў, што ідзе «Чубаты». Тыталь прыйшоў праверыць, як яны вартуюць мост.

— Ну, што — ціха? — спытаў, цяжка варочаючы языком.

«Нажлукціўся зноў»,— падумаў непрыязна Грэчка.

— Як у царкве ў часе абедні...— усё ж ахвотна адказаў. Быў рады таму, што можна пагаварыць. Вельмі ж ужо назалела стаянне. Ды і ноч нейкая нялюдская.

— Ты глядзі, галава, не пачні маліцца!.. — зарагатаў Чубаты.— Хоць, яно, можна і маліцца... Толькі — на пляшку з гаручым! Зменішся з варты — я тваю малітву прыму!.. Дасталі самагонкі! Пяршак — агонь!..

Ён пайшоў да другога вартавога, потым вярнуўся.

— Нудзішся, пэўне?

— Дык жа, доўга. Надаела.

— Хутка прышлю змену...

— Давай.

Ледзь на нагах трымаўся. Сабраўся ісці, але перадумаў.

— А ты не с-скучай,— параіў Грэчку,— Пак-куры... Хочаш — дам?

Грэчка завагаўся.

— Дык не паложана — на пасту...

— Наогул не паложана. Але я — дазваляю.— Тыталь падняў голас.— Значыць, можна!

— Дык штоб потым не ругаў.

— Р-разрашаю. На адзін раз!

— Ну тады — іншая рэч. Давай.

— Толькі каб маўчок пра гэта. А то, выходзіць, начальства само парушае. Ясна?

— Ясна.

— Скруціць, можа?

— Скруці.

Чубаты стаў корпацца ў цемры. Цыгарка, падобна было, не выходзіла. Ён вылаяўся:

— Вот цемнішча! Ні храна не відаць!

— Хоць вока выкалі,— падтрымаў Грэчка.

Нарэшце Чубаты вялеў здаволена: — Вазьмі!

У цемры намацалі рукі. Грэчка ўзяў самакрутку.

— У рукаў куры,— загадаў Тыталь.— Каб ні агеньчыка. Ясна?

— Ясна.

— Давай бліжэй!

Тыталь шчоўкнуў запальніцай. Ледзь трымаўся на нагах, але агонь прытуліў адваротам шыняля.

Запальніцай Тыталь ганарыўся. Падарунак немцаў за старанні Тыталя ў блакаду.

— Пры-к-рывай агонь!.. Ну, вес-сялей?

— У-гу!

— Ну, вот!

Пахіснуўшыся, Тыталь ступіў ад Грэчкі. І ў гэты момант у цемры, зусім побач, раптам пачулася, ціхае, але строгае:

— Стой! Рукі ўгару!

Грэчка ўміг кінуў позірк на голас. У цемры значыліся нейкія дзве постаці. Падабраліся, пэўна,— пакуль яны з Тыталем цыгарку круцілі ды балбаталі. Можа, нават на галасы падабраліся.

Але Грэчка не думаў пра гэта, здагадка такая толькі далёка мільгнула недзе ў галаве. Грэчку раптам заліў страх.

Ногі нібы прыкіпелі да зямлі — не зрушыць з месца...

— Стой!..— загадалі пагрозна зноў.

Але Тыталь, як ні п’яны быў, знайшоўся адразу. Ударылі хапатліва, коратка стрэлы. Адзін, другі. Пісталет Тыталя.

Яму, аглушаючы, рэзка адказала аўтаматная чарга. Чубаты змоўк. Не страляў больш.

Стрэлы Тыталя вярнулі Грэчкавым нагам сілу. Прыгнуўшы галаву да грудзей, ён кінуўся наўцёк. Чарга з аўтамата, мусіць, пранізала Тыталя, Грэчка чуў ужо за сабой і падумаў, што гэта б’юць па ім.

— Стой, стой!..— гнаўся за Грэчкам страшны вокліч.

Але ён, не азіраючыся, утуліўшы галаву ў плечы, бег колькі духу. Воклічы, што даносіліся да Грэчкі, яго быццам падганялі. Уцячы, уцячы — часта калацілася, аж знемагаючы, сэрца. Гэта партызаны, яго пагібель. Далей, далей ад іх! Яму гэтыя людзі здаваліся цяпер страшней за ўсё.

Грэчка адбег ужо з сотню крокаў, як неспадзявана наперадзе акрэслілася яшчэ адна постаць. Яна стаяла на шляху, які вёў да ратунку. Далей за ёй былі блізка відаць кусты. Цёмныя, ратоўныя кусты.

Грэчка прыпыніўся, пахапліва ўскінуў вінтоўку і, амаль не цэлячыся, стрэліў. Ён хацеў перазарадзіць вінтоўку і стрэліць яшчэ раз, але ў тую хвіліну да яго падскочыў другі партызан, што апынуўся з боку ад Грэчкі, замахнуўся аўтаматам і з усёй сілы ўдарыў паліцая прыкладам па галаве. Перад вачыма Грэчкі ўспыхнула полымя, і ён зваліўся.

— Ах ты, г-гад!.. Ну, п-праўда — г-гад!

Партызан — гэта быў Васіль Крайко — асвятліў паліцая кішанёвым ліхтарыкам. Святло ліхтарыка вылучыла з цемры нерухомае скурчанае тулава і вінтоўку, што валялася поблізу яго. Васіль хутчэй схапіў вінтоўку.

Ён ужо сабраўся бегчы да іншых, але яшчэ навёў ліхтарык на паліцая.

Убачыўшы твар, Васіль здрыгануўся.

 

3

Шашура ляжаў на шырокай высецы, за пнём.

Вядома, ззяў месяц. Перад насыпам была такая відната, хоць кніжкі чытай: кожная травінка бачна. Здалёк у вочы біў бляск і рэйкі — яны беглі праз лясок у адзін і другі бакі.

Шашура з-пад насунутай набакір кепкі глядзеў на насып, жмурыў вочы і нерваваўся: зіхцеў месяц, а па насыпе паволі цягнуліся, тырчалі перад вачыма патрульныя. Чуваць былі іх, здавалася, здзекліва спакойныя галасы. І самі яны былі, здавалася, абуральна спакойныя, упэўненыя ў сабе. Быццам знарок не спяшаліся.

Больш за ўсё прагнуў цяпер Шашура аднаго: каб яны сышлі куды-небудзь, не круціліся тут. Далі, нарэшце, яму ўзяцца за працу.

Ледзь яны аддаліліся, Шашура нецярпліва загадаў:

— На рэйкі!.. Дэтанатары не згубілі? — яго шэпт быў жорсткі і патрабавальны.

Ён з двума памочнікамі, уціскаючыся ў зямлю, хутка папоўз да насыпу — іншым было сказана прыкрываць іх. Але не адолелі трое і паловы шляху, як камандзір падрыўнікоў скамандаваў памочнікам:

— Стой!

Каб ён праваліўся, гэты патруль,— яны вяртаюцца.

— Замры,— загадаў падрыўнік сваім таварышам.— Не варушыся!

Шашура ляжаў, лаяў у думках патруля, месяц і чакаў. Гэты неспакойны чалавек, калі трэба, мог быць на дзіва цярплівым. Мог трываць любыя нягоды, каб не сапсаваць справу. Толькі калі патрульныя адышлі зноў, ён даў загад рушыць да пуці.

Яны ўжо ўзабраліся на насып і пачалі разграбаць жвір, калі раптам наводдаль прагучала чарга, за ёй другая. Стралялі па іх. Шашура, прыціснуўшыся да зямлі, услухаўся, вызначыў: стралялі, падобна, з засады. Ён кінуў позірк на міну, якая ляжала каля рэйкі: закопваць ці не? Напэўна, прыйдуць і адкапаюць яе, а падрыўніку гэта рэч — скарб. Хоць і ўзялі яны ў дарогу не адну. А вось у яго ў сумцы яшчэ — супрацьпяхотная,— ён быў запаслівы на гэта,— такая тут вельмі можа спатрэбіцца. Скамандаваўшы, каб іншыя адыходзілі, Шашура хутка закапаў міну і адкаціўся ўніз. Адбег.

Сюды набліжаліся немцы. Яны яшчэ здалёк пачалі абстрэльваць лес, і над падрыўнікамі бзыкалі кулі. Але падысці да лесу і да рэек, дзе толькі што былі партызаны, патрульныя пабаяліся.

Усё сарвалася. Шашура хутка абдумаў становішча: трэба адыходзіць, пакуль не позна. А рэйкі?.. Што ж рэйкі? Нічога не зробіш: ахоўнікі цяпер увесь час будуць трымаць вуха востра...

Ён заўважыў, што злева ад вёскі на стрэлы бягуць паўз насып яшчэ дзесяткі два немцаў.

Шашура даў загад адыходзіць. Ён першы ўвайшоў у лясны зараснік і так наперадзе ступаў увесь час, толькі часам прыпыняўся, каб праверыць, ці не адстаў хто-небудзь. Хоць свяціў месяц, ісці ў лесе было нялёгка: месячнае святло толькі дзе-нідзе прабівалася да зямлі. Там, дзе блакітныя плямы клаліся на зямлю, лес размалёўвалі на свой лад цені дрэваў. Дрэвы і цені змешваліся, як бы спляталіся. Не проста было разгледзець усё як ёсць. Не раз падрыўнікі, што кіравалі за Шашурам, натыкаліся то на камель дрэва, то на дубец маладняку. Не раз білі іх па твары галіны. Толькі Шашура крочыў, нібыта нічога не было асаблівага.

Потым з паўгадзіны, а можа, і больш ішлі полем. Тады пачулі непадалёк постук і чыхканне цягніка. Шашура, аказалася, вёў так, што не аддаляліся ад чыгункі.

Адышоўшы даволі ад месца, дзе іх планы сапсавала няўдача, Шашура зноў падвёў падрыўнікоў да «жалезкі». Зноў загадаў усім залегчы каля высекі і з-за дрэва стаў назіраць за тым, што дзеецца за высекай. На бяду, і тут зіхцеў месяц і ўвесь час перад вачыма сноўдалі патрулі. Можна было падумаць, уся ахова, што мелася ў немцаў, пасля трывогі, узнятай з-за Шашуры і яго падрыўнікоў, была сцягнута ў гэту ноч ка дарогу... Давялося зноў адысці ад дарогі. Пашукаць больш надзейнага месца...

Ніхто, пэўна, не сказаў бы, колькі яшчэ адыйшлі яны, пакуль не сталі зноў. Адно было ясна: адшасталі многа, вельмі многа. Ноч сыходзіла. Блізілася світанне.

Вакол быў хмызняк, за ім пачыналася балота. Гэта было ўсё, што ведалі падрыўнікі ў перадранішнім поцемку. Змораныя ўшчэнт, яны адразу ж паваліліся спаць. Пакінулі адно варту з аднаго чалавека, што павінна была змяняцца праз паўгадзіны.

Шашура ўзняў усіх, ледзь пачало развідняцца. Падсілкаваўшыся крыху, пачалі абмазгоўваць становішча, меркаваць, як быць цяпер. Выказваліся развагі — што вось прыкрасць: не ўдалося, сарвалася. Што, канечне, непрыемна гэта, але — прычына ўважлівая.

— На вайне яно — так. Усяляк бывае...

— Як гэта — усяляк? — выбухнуў раптам Шашура.— Выдумаюць жа, каліна-маліна: усяляк бывае! Канечне — усяляк, у таго, хто думае: як будзе, так будзе. Адным словам, куды вецер падзьме... А ў мяне, чорт пабяры, не было такога, каб я хадзіў попусту! Вы бачылі калі-небудзь такое? Хто бачыў — скажы! — Адзін з бывалых падрыўнікоў варухнуўся, хацеў нешта сказаць, нагадаць, мусіць, але Шашура так люта зіркнуў на яго, што той ураз прыкусіў язык.— Не бачылі?.. То няўжо ж нам цяпер прыйдзецца вярнуцца ні з чым? Дажыць да такой ганьбы!..

Калі казаць праўду, было ў Шашуры, і неаднойчы, такое, што ён вяртаўся ні з чым. І ён помніў гэта, вядома, але ён не хацеў, каб іншыя помнілі ці чулі пра яго такое. І ён гаварыў так, нібы нічога такога і не было. Трэба сказаць, рабіў гэта Шашура не проста з-за таго, што не цярпеў, каб прыніжалі яго, а з прытоеным, хітра разлічаным намерам: каб падняць, запаліць людзей. Адчуў, што настрой у яго хлопцаў зусім нягодны.

— Што ж, наступную ноч будзем чакаць?

— Калі трэба, будзем чакаць хоць дзесяць начэй! Але пакуль — паглядзім, які будзе дзень...

Неўзабаве яны зноў падышлі да чыгункі.

Размясціліся на ўзлеску, за лесам былі чараты і кусты лазняку. З узлесся відаць была ля высокага насыпу бязладная гарбатая груда. Валяліся пушчаныя пад адхон, пакарэжаныя вагоны, ад некаторых з якіх засталіся цяпер амаль адны шкілеты...

Быў, здавалася, самы мірны ранішні час. Ціш, спакой панавалі ў прыродзе.

Назіраючы здалёк, з лазняку, падрыўнікі бачылі, як пасля зняможнага начнога пільнавання пакіравалі да станцыі патрулі, як вылезлі са сховы — з засады — яшчэ некалькі «бобікаў»-ахоўнікаў. Пачынаўся дзень — палёгка стражам дарогі... Шашура і разлічваў, што пасля пільнай ночы ахоўнікі дадуць паслабленне сабе...

Камандзір падрыўнікоў пакінуў на ўзлессі і ў лазняку — метраў за дзвесце ад дарогі — групу прыкрыцця з вінтоўкамі і трафейным ручным кулямётам.

Стараючыся не хлюпаць у вадзе, асцярожна прадзіраючыся праз зараснік чароту, камандзір з памочнікамі падабраўся да аднаго з пакарэжаных вагонаў. Выбраўшы зручны куток сярод абломкаў вагона, падрыўнікі заселі ў ім, і Шашура ў шчылінку стаў уважліва назіраць за станцыяй, за дарогаю.

Участак дарогі Шашуру быў добра знаёмы. Многія ўчасткі знаёмы былі на гэтай дарозе яму. Як ён мог быць незнаёмы, цяперашні ўчастак, калі Шашура не першы раз з асаблівай увагай прыглядваўся да яго. Калі і вагоны, што грэліся тут, былі не кім іншым, а ім, Шашурам, у балота накіраваны.

Ён уважліва абглядваў станцыю. Яе спалены будынак чарнеў па другі бок насыпу прыкладна за паўтара кіламетра. Побач з панурай, пустой каробкай станцыі туліўся нядаўна пабудаваны барак, у якім, відаць, цяпер і былі начальства ды ахова. Перад станцыяй Шашура разгледзеў замаскіраваную горку дзота... На станцыі было ціха. Спакойна...

Ціхай здавалася і дарога. Непадалёк паявіўся патруль. Не даходзячы да вагонаў, павярнулі, пачалі паволі аддаляцца. Хутка пачулася чыхканне цягніка, што набліжаўся, потым ён паказаўся з-за павароту. Ішоў таварны, якраз у бок фронту. Нязносна доўга, здавалася Шашуры, прабягалі міма, стукочучы, вагоны. Вялікі састаў прабягаў каля самага падрыўніка міма...

Час ішоў ды ішоў, а камандзір падрыўнікоў усё ляжаў, чакаючы зручнага выпадку. Вылазіць на насып проста так, без адпаведнай абстаноўкі, лічыў Шашура, было б недаравальнай дурнотаю. Так можна было лёгка і справу сапсаваць, і галаву злажыць: вельмі ж добра відаць гэтая мясціна са станцыі. А абстаноўкі належнай пакуль усё не было...

Па насыпе блізка пратупаў абходчык, вярнуўся. Ужо стала добра ўграваць сонца, калі падрыўнік пачуў далёкі гул. Ён не адразу зразумеў, што гэта. Гул хутка, грозна мацнеў. Самалёты!

Шашура скіраваў позірк у неба і, нарэшце, убачыў шырокі строй самалётаў з чырвонымі зоркамі. Самалёты ішлі з захаду. Падобна было — кіравалі ў бок станцыі. Там узнялася бязладная страляніна.

Самы час! Немцы цяпер будуць больш глядзець у неба, чым на пуці...

Ён з двума памочнікамі выбраўся з абломкаў, палез на насып. Адхон насыпу быў круты, затравелы, боты слізгалі ў вільготнай траве. Шашура ўцінаў у траву край падэшваў. Засопся, пакуль ушчаперыўся... Прытуліўшыся да зямлі, сталі хутка раскопваць шчэбень. Прысыпалі дзве міны, разраўнялі... Шашура азірнуўся ў бок станцыі — здавалася, што заўважылі. Не, усё добра...

Зрабіўшы справу, хлопцы праворна пакаціліся з насыпу. Правільна зрабілі: марудзіць нельга. Шашура, аднак, затрымаўся: прыклаў вуха да рэйкі — ці не ідзе поезд. Не, не ідзе... Пластаючыся на зямлі, праверыў вачыма, ці добра замаскіравана, азірнуўся па баках, тады таксама скаціўся ўніз.

Адбег за вагоны. Убачыў: там, трывожна паглядваючы на яго, ціснуліся да абломкаў вагона абодва хлопцы. Чакалі яго. Ён махнуў рукою, загадаў адыходзіць у лазняк. У лазняку спыніў.

— Тут будзем?..

— А як жа, а раптам абходчык знойдзе міны?.. Хіба ж можна, каліна-маліна, так фармальна: падлажыў, і ўсё...

Па насыпе прайшла групка — патруль. Адзін штосьці апавядаў іншым... Нічога не заўважылі... Шашура супакоена апусціў аўтамат.

Нарэшце пачуўся працяжны свіст паравоза, і хутка падрыўнік, углядаючыся ў той бок, убачыў белы дымок, які раз-пораз пругка пыхкаў угару і паволі набліжаўся...

Тады Шашура вылез з зараснікаў лазы і скочыў у ваду, у чарот. Трэба як мага далей адбегчы ад насыпу... Хлюпаючы ў вадзе, прадзіраючыся праз чарот, ён увесь час чуў ззаду нарастаючы перастук колаў і натужнае пыхканне, было падобна, што сапе вялікі звер. Паравоз, не прыпыняючыся на станцыі, хутка падыходзіў бліжэй...

Шашура азірнуўся: састаў быў мяшаны — тры-чатыры платформы з гарматамі, таварныя вагоны і два пасажырскія, у якіх у вокнах былі вайскоўцы. Паравоз быў так блізка ад таго месца, дзе ляжалі міны, што падрыўнік мімаволі спыніўся, чакаючы напружана, што будзе далей.

Праз які міг ён убачыў, як успыхнула полымя, і тады ж першы таварны вагон палез угару...

Шашура прыгнуўся, колькі сілы пабег да сваіх. Ззаду, зусім блізка, не сціхаючы, суха лопаліся, выбухалі снарады. Калі ён ужо быў блізка да берага, з гары нешта пляснулася ў ваду. «Яшчэ прыб’е так!» — мільганула ў галаве. Ён наддаў ходу.

 

4

Шашура і сёння не мог прайсці міма Паплавоў. Не мог ён упусціць зручнага выпадку завітаць у іх. Нейкая невядомая сіла цягнула падрыўніка зазірнуць на селішча, дзе жыла Аксіння.

Праўда, бачыў ён тое селішча не надта даўно. За апошнія дні Шашура ўжо некалькі разоў, нібы выпадкова, заходзіў туды. Неяк так атрымлівалася, што яго сцежка амаль пасля кожнай аперацыі абавязкова ці з аднаго, ці з другога боку вілася блізка ад Паплавоў...

Шашура з таварышамі нырнуў улева, у чорны зараснік алешын. Неўзабаве яны выйшлі на шэры вільготны луг, па якім бегла ледзь прымятая сцежачка. Шашура пачаў размахваць галінкай і паціху весела пасвістваць. Хоць далёкая і бяссонная дарога стаміла падрыўніка, яму было цяпер лёгка.

Яны прыйшлі ў вёску, калі сонца толькі пачало ўздымацца. На вуліцы, як звычайна ў ранні час, было пуста.

— Прызямляйся! — скамандаваў Шашура, спыніўшы хлопцаў на ўскрайку вёскі.— Гадзінку даю перадрамаць...

Кіруючы на знаёмы двор, ён падумаў, што Аксіння яшчэ, напэўна, спіць,— прыйдзецца, відаць, чакаць у садку. Але ўвішная жанчына ўжо гаспадарыла. Прысеўшы на чурбачок, чысціла бульбу ножыкам, абгорнутым на месцы згарэлага тронка анучкай. Каля яе ног стаяў салдацкі кацялок, што падарыў Шашура.

Аксіння не заўважыла Шашуру. Той наводдалек абышоў яе на цыпках, стараючыся трымацца за спіной яе, з’явіцца знянацку. Але, калі ён стаў набліжацца, Аксіння пачула крокі і азірнулася.

На кончыках яе строгіх вуснаў затрапятала ўсмешка. Спакойны, яшчэ санлівы твар яе неяк памаладзеў і заясніўся. Аксіння была рада яму, і Шашура гэта адразу заўважыў.

— Які вецер у такі ранні час прынёс?

— Чаму ж ранні! — паказаў здзіўленне Шашура.— У нас, падрыўнікоў, гэта пара лічыцца позняй.

— Ну то ў вас, у падрыўнікоў!.. А я ж не падрыўнік, здаецца...

— Знаёмая падрыўніка!..

У кацялку, у вадзе, ужо бялела некалькі бульбін.

Ён сеў поруч і выняў з кішэні складаны ножык са штопарам, адвёрткай, шылам і яшчэ нейкімі прыстасаваннямі. Расчыніўшы ножык, падрыўнік узяў з мяшочка дробную бульбінку, пакруціў у руках.

— Дзе ты знайшла гэты шрот?

— Дзе знайшла, там цяпер няма... Невядома, якая яшчэ ў цябе вырасце.

— У мяне, як гарбузы, будзе! Галаву даю...

— Паберажы яе, галаву... Не хваліся раней часу.

— Пабачыш!

Ён пачаў гаварыць з ёю, што прыходзіла ў галаву, так, нібы толькі што вярнуўся з поля.

За мінулыя дні ён стаў тут як бы сваім чалавекам. Шашура адчуваў, што, не зважаючы на прыкры разлад у тую ноч, Аксіння адносіцца да яго хоць і стрымана, але прыхільна. Праўда, глядзеў ён на гэту прыхільнасць, навучаны ўласным вопытам, з недавер’ем. Ліха на іх, гэтых жанчын, ніколі не зразумееш, што яны думаюць!

Трэба сказаць, Аксіння яму падабалася ўсё больш. Чым яна прысушыла сэрца падрыўніка, ён і сам не ведаў. Ці жаночай заварожлівай пяшчотнай стрыманасцю, за якой Шашура прыгадваў то абыякавасць, то заманлівую надзею, ці сталым асеннім спакоем, які застаецца ад перажытага гора ці, можа, трапяткой усмешкаю на пругкіх па-дзявочаму вуснах? Хто ведае... Але з кожным яго прыходам Аксіння станавілася ўсё больш прывабнай падрыўніку.

Яна ж, як і раней, была да Шашуры стрыманай, быццам не заўважала ў ім змены. Падрыўніка гэта не крыўдзіла: ён і не ўмеў крыўдаваць. Наадварот, чым больш Аксіння стрымлівала яго, тым, падобна, больш жаданай была яму...

Палюбіліся Шашуру і дзеці Аксінні, якія так прызвычаіліся бачыць яго каля сябе, што адносіліся да падрыўніка, як да бацькі. Ён таксама зваў хлопчыка «сынком», а малую «дачушкай».

Гэтай раніцай Шашура прымусіў Аксінню збянтэжыцца. Калі яны сядзелі каля вогнішча, на якім у кацялку варылася бульба, падрыўнік, ссунуўшы на адно вуха кепку і гарэзна пазіраючы на Аксінню, сказаў:

— Эх, відаць, такі мой лёс — парадніцца з табой!.. Напэўна, прыеду і капаць тую бульбу, якую садзіў.

— Прыязджай, дранікаў прынясу, як тады,— адказала Аксіння, сочачы за аксамітнымі вугольчыкамі, і ўсміхнулася; яна ці не зразумела, ці зрабіла выгляд, што не здагадваецца, да чаго ён вядзе.

Шашура раптам на нейкую хвіліну незвычайна пасур’ёзнеў.

— Ды як ты на тое, што я сказаў?

— Пра што ты?

— Ну, каб парадніцца...

— Ты што, жартуеш?..— яна ўзняла на яго свае строгія вочы. У зрэнках яе штосьці спакойна жаўцела: як восень.

— Чаму жартую?

— Не зразумець у цябе ніколі, дзе ты сур’ёзна, а дзе так, зубы паказаць.

— Вось як пажывём разам, тады будзеш разумець!..— Ён тут жа стрымаў сябе, стаў зноў надзвычай паважным.— Дык я цяпер сур’ёзна, Аксіння.

Яна нахмурылася, так што над пераноссем успухлі два гарбочкі. Доўга маўчала, штосьці разважаючы сама з сабою. І ён маўчаў, паглядваючы на яе востра, чакаючы.

— Калі ты сур’ёзна,— загаварыла яна не вельмі рашуча,— то я вось што скажу. У мяне дзеці — а я не ведаю, як ты да іх... Як будзеш абыходзіцца? Мне яны — родныя, а як ты з імі... табе яны чужыя...

— Чаму гэта чужыя?!.— Шашура здзівіўся, амаль абурыўся. Заявіў, як клятву: — Я іх буду любіць, як і ты.— Заявіў такім тонам, нібы і не дазваляў сумнявацца. І раптам зноў гарэзна ўсміхнуўся — натура брала сваё: — Акрамя таго, каліна-маліна, мы ж не безнадзейныя старыя,— будуць у нас і яшчэ. Калектыўныя — твае і мае! Быў бы каваль ды каваліха — набудзем гэтага ліха!.. Праўда?

Выказаўшы такую важную, рашучую заяву, Шашура палічыў, што займеў права на больш упэўненае абыходжанне з Аксінняй. Падрыўнік, не далікатнічаючы, уладна прыцягнуў Аксінню да сябе.

Яна таксама, пэўна, адчула сур’ёзную перамену ў іх дачыненнях. Бо не абурылася такім гаспадарскім абыходжаннем падрыўніка. Толькі пачырванела і нібы засаромелася. Хутчэй за ўсё — жартам яго.

— Не ведаю...— сказала яна яўна збянтэжана. Адказала, як зразумеў Шашура, не на жарт яго, а на ўсё тое ж, на прапанову яго. Вельмі ж сур’ёзная была.

Толькі цяпер яна схамянулася і, як бы толькі цяпер заўважыўшы, што ён трымае яе ў сваіх руках, варухнулася, загадала выпусціць. Стараючыся схаваць няёмкасць, папракнула нездаволена:

— Людзі яшчэ пабачаць, як ты тут... Бярэшся, нібы муж, аж косці занылі!.. Нібы твая!

— Не мая, дык будзеш мая! А што бяруся моцна, то ўжо ў мяне прывычка такая. Прывыкай!.. Яшчэ, прыйдзе час, і не так вазьму!

Пасля снедання падрыўнік палазіў па гнілой страсе, паўсюды зарослай зялёным мохам, залапіў саломай дзіркі, каб не цякло ў жыллё. Па ўсім было відаць, што ён адчувае сябе тут ужо як гаспадар.

Калі злез на зямлю і атрос з сябе саламяную труху, то стаў адразу збірацца. Аб сваіх намерах-марах адносна Аксінні ён больш не гаварыў.

Не дамовіўшыся канчаткова, пакінуўшы жанчыну з думкамі-неадчэпамі, ён неўзабаве ўжо выходзіў з двара.

 

5

Дарогай неспакойная галава выдумшчыка-падрыўніка, што крочыў з сябрамі ў лагер, была цалкам запоўнена развагамі аб незвычайнай аперацыі.

Гэтая аперацыя павінна была, як ніякая, праславіць Шашуру. Ён з заміраннем сэрца ўяўляў, як прабярэцца ў Мінск, як асталюецца ля аэрадрома. Многія гадзіны будзе высочваць ён самалёты, выглядзіць, на якіх адпраўляюць там важных «фюрэраў», пралезе да іх, пралезе ды прыладзіць дзе-небудзь у непрыкметных месцах па магнітцы... Яны ўздымуцца ў паветра, пакіруюць у свой дойчланд. І тады — магніткі ўзрываюцца, шматуючы самалёты ўшчэнт. І «фюрэры», куляючыся, ляцяць на зямлю!.. Ляцяць тады, калі ўжо думалі, што вырваліся! Які перапалох будзе на аэрадроме, калі там даведаюцца пра гэта! А можа, і ўбачаць самі. Лепш, каб яны ўбачылі, каб выбух адбыўся над аэрадромам!.. Шашура думаў пра гэта з такім захапленнем і так жыва бачыў кожную драбніцу сваёй аперацыі, што гатоў быў зараз жа падацца на яе.

Вярнуўшыся ў брыгаду, ён далажыў Ермакову пра вынікі аперацыі, пачуў адабрэнне і дазвол адпачыць.

Ён паваліўся спаць з пачуццём чалавека, які сумленна заслужыў гэта права, задаволенага ўдала зробленымі ім справамі. Спаў ён моцна, але яго разбудзілі галасы за зямлянкай, якія пра нешта спрачаліся. Слухаючы іх, ён пачаў успамінаць гаворку з Аксінняй. Згадаў пра думкі ў дарозе, пра свой план,— ускочыў, хутка прывёў сябе да ладу. Адразу рушыў да камісара. Спытаўшы таго дазволу зрабіць важнае паведамленне, Шашура аб’явіў чыстасардэчна, што прыдумаў геніяльны план.

— Няўжо — геніяльны? — не паверыў Туравец.

— Геніяльны, таварыш камісар! Усю дарогу думаў — аж зямлі пад сабой не чуў. Эх, прыгожа будзе, каліна-маліна, калі рванём яго! Можна расказаць?

— Абавязкова! Гавары.

Калі б падрыўнік менш быў захоплены сваёй ідэяй, ён хутка заўважыў бы скептычную ўсмешку ў вачах камісара. Паслухаўшы яго да канца, Туравец сказаў, што план цікавы, нават вельмі цікавы, але — занадта рызыкоўны. На аэрадроме,— сам ведаеш, разважаў Туравец, моцная ахова, і падрыўнікоў могуць лёгка заўважыць. Аэрадром — гэта не чыгунка, да якой многа розных подступаў. А калі заўважаць, то вырвацца наўрад ці ўдасца. Смерць? Для чаго? Для таго, каб забіць некалькі «фюрэраў»? Якіх можна адправіць на той свет інакшым, больш пэўным метадам?..

— План твой, любы мой, нерэальны. Неабдуманы!..

Шашура стаў горача спрачацца, але спрачаўся нядоўга: раптам змоўк і, не шкадуючы, адступіў. Чаго тут шкадаваць, калі ён можа, хоць сёння, прыдумаць яшчэ дзесятак такіх, можа, і лепшых!

— Ну, што ж, таварыш камісар, значыцца, не ўхваляеце? Выходзіць, каліна-маліна, памылка?.. Ясна... Тады дазвольце ісці, таварыш камісар.

Ён выпрастаўся ў струнку і хвацка паднёс руку да ссунутай набок кепкі.

Пры камісару Шашура заўсёды стараўся трымацца статутных правіл.

Туравец неспадзявана спыніў яго.

— Пачакай,— ён падышоў да падрыўніка.— Ты дзе быў зараз?

— Быў на заданні, таварыш камісар. Як вам вядома: рабілі дыверсію на дарозе. Падарвалі эшалон.

— Гэта я ведаю. І больш нідзе не былі?

Шашура адразу востра, спасцярожліва зірнуў на Тураўца, разважаючы — гаварыць ці не? «Вочы якія хітрыя ў яго! Напэўна, ведае пра ўсё сам»,— падумаў ён і сказаў:

— Больш? Нідзе не былі. Толькі — калі вярталіся — прывал маленькі рабілі,— прамовіў ён знарок абыякава.

— Ага,— кіўнуў нібы з ухвалай Туравец. Шашура ўлавіў на сабе дзіўны, уважлівы позірк.— Прывал?

— Прыпынак маленькі. Па прычыне таго, што ўтаміліся.

— Утаміліся? Ясна. Пасядзелі трохі, пакурылі?

— Пакурылі... Я там, між іншым, зазірнуў да знаёмай адной,— Шашура па-прыяцельску ўсміхнуўся.

— Вось гэта іншая гаворка.— Туравец глядзеў нелагодна, без усмешкі.

— У цябе гэта сур’ёзна з ёю? Ці так проста — дурэеш?

— Сур’ёзна, здаецца, таварыш камісар.— Туравец узіраўся, як бы не верыў.— Не маню — намерыўся нават, каліна-маліна, жаніцца...

— Вунь што.— Туравец памаўчаў. Зноў зірнуў востра: — А дзе муж яе? Не цікавіўся? Не на фронце, а?

Шашура сумна і цвёрда адказаў:

— Няма ў яе мужа. Загінуў...

— Загінуў? Гэта дакладна?.. Ты, Шашура, глядзі,— нібы не верыў Туравец.— Каб хто-небудзь пасля на цябе не крыўдзіўся. І на ўсіх нас...

«І што яму да гэтага! Ва ўсё яму трэба ўмяшацца!» — нездаволена думаў Шашура. Але гневаўся не надта: разумеў — такі ўжо абавязак камісарскі, трымаць пад прыглядам, хто як жыве. Ды і падабалася, што камісар гаварыў таварыскім тонам.

Калі ішоў ад камісара дамоў, то, можа, упершыню пачаў абдумваць свае адносіны да Аксінні. Як гэта яно павярнулася так сур’ёзна! Ён жа заўсёды асцярожны да іх быў, да жаночага племя, бярогся сур’ёзна звязвацца. Ведаў добра, што гэта такое, помніў. І вось на табе, як бы забыў усё...

Дзіўна — учора быў халасцяком, а заўтра будзе мужам; і не проста мужам — бацькам дваіх дзяцей!..

Хлопцы, канечне, будуць падсмейвацца, але ён знойдзе, што сказаць!..

 

РАЗДЗЕЛ V

 

1

Яны сустракаліся цяпер па некалькі разоў на дзень. Здавалася, што Залеская без Наталлі Міхайлаўны не магла проста жыць.

Наталля Міхайлаўна таксама з нецярплівасцю чакала сваю сяброўку. Агульнае гора і надзеі вельмі здружылі абедзвюх жанчын за апошні год. Як жа ім не быць дружнымі, калі іх Валя і Ніна былі разам. І нібы падтрымліваючы прыклад дзяцей, яны таксама заўсёды стараліся трымацца разам, памагалі ў цяжкую хвіліну адна адной...

Але асабліва часта сталі яны сустракацца пасля таго, як Залеская перадала сяброўцы пра наступленне пад Оршай. З гэтага часу не было, мусіць, такога дня, каб Залеская не прыносіла якую-небудзь навіну. Адкуль толькі яна пра ўсё даведвалася! У яе была нейкая асаблівая здольнасць уведваць пра ўсё, што робіцца — і тут, у горадзе, і на фронце...

Вось і сёння, калі яна ўвайшла, Наталля Міхайлаўна адразу падумала: што яна скажа новага?

Наталля Міхайлаўна шыла на ручной швейнай машыне, што стаяла на століку, спыніла працу і запытальна зірнула на сяброўку.

— Усё шчыруеш! — ні то з папрокам, ні то з ухвалай прамовіла Залеская.— Калі ты, Наталька, хоць сядзіш спакойна? Мусіць, ніколі...

— На кірмаш трэба — прадаць што-небудзь ды падкарміць малую. Вось і мудрую, што можна людскае пашыць з гэтай драніны.

Залеская падышла да маленькай бялявай дзяўчынкі, якая гуляла з каляровымі абрэзкамі тканіны, раскладзенымі на табурэце.— А ты што робіш, Людачка?

— Шыць буду,— сур’ёзна адказала малая.

— О, таксама шыць? Якія ж вы абедзве працавітыя! — пахваліла Залеская, думаючы аб нечым сваім. Яна раптам, зірнуўшы скоса ў бок суседняга пакоя, ціха запыталася, дзе «кватарант».

«Кватарантам» яна называла чалавека з прозвішчам Кухта, які заняў усю хату Наталлі Міхайлаўны, выжыў гаспадыню з унучкай у гэтую каморку. Наталля Міхайлаўна сказала, што ён пайшоў некуды, здаецца, у гэтую сваю — каб яна правалілася — Раду.

— Не пакуе яшчэ чамаданаў?

— Ужо складзена ўсё...

— А, значыцца, падрыхтаваўся. Ведае, што трэба спяшацца. Нашы ж ужо, Наталька ты мая, недалёка ад Крупак! Праўду кажу: да Крупак падыходзяць!

— Так хутка?! Аж не верыцца!

— Спяшаюцца, родныя, да нас!..

— Ведаюць, як нам тут прыходзіцца, як мы чакаем іх...

Залеская пачала расказваць пра тое, што робіцца цяпер на вакзале. Мітусня. Душаць проста адзін аднаго, стараючыся хутчэй праціснуцца да вагонаў. Учора адзін «эсэс» прыстрэліў нейкага паліцая, які хацеў прабрацца раней. Каля вакзала розныя фрау чапляюцца да кожнага афіцэра: вазьмі, уладзь у вагон — усё аддам, душу і цела. Ды афіцэрам нібы ні да таго, ні да другога... Вочы Залескай, калі яна расказвала пра гэта, свяціліся і насмешкай і радасцю.

Яна неўзабаве пайшла. Але Наталля Міхайлаўна ўсё згадвала яе весткі і поўнілася радасцю. Узяўшы на калені сінявокую ўнучку, песціла малую, гаварыла суцешліва:

— Нічога, Людачка. Нічога, дзяціначка! Ужо нядоўга нам пакутаваць засталося, званочак мой ясны. Хутка — хуценька-хуценька — прыйдзе да нас твой татка. Вось будзе нам радасць! І яму якая радасць. Як ён цябе ўзніме на рукі, як прыгорне! Ды як пацалуе! Ён жа яшчэ ні разу не бачыў цябе, а тут — адразу такая красуня!..

— Красуня,— засмяялася Людка, моршчачы носік.

Скончыўшы шытво, Наталля Міхайлаўна сабралася на рынак, узяла Люду за ручку і выйшла на вуліцу.

У Мінску быў голад. Наталлі Міхайлаўне даводзілася кожны дзень задумвацца над тым, як пракарміць сваю малую і сябе. Праўда, пра сябе старая амаль не трывожылася: сама яна цярпліва зносіла нястачу, чакала адно дня, калі ўсё гэта, нарэшце, згіне — і гаспадары нязваныя, і голад, і пакуты,— але бачыць, як галадае ўнучка, чуць, як яна просіць есці, Наталля Міхайлаўна не магла.

«Божа мой, якая ж ты кволенькая, мая сінічка»,— не раз думала, уздыхала старая.

— На які рынак мы пойдзем? На Суражскі, праўда, бабуню? — дзелавіта запыталася Люда.

— Не. На Чэрвеньскі.

Адсюль, ад вуліцы Талстога, да Чэрвеньскага можна прайсці каля Заходняга моста. А можна і цераз пераезд на чыгуначных пуцях, гэтак нават будзе бліжэй... Не, там, мусіць, цяпер стаіць варта.

Яны ціха патупалі паўз рады драўляных хат і платы да Заходняга моста. Наталля Міхайлаўна несла пад пахай загорнутыя ў газетны ліст дзіцячую сукеначку, перашытую са сваёй кофты, і мужчынскі касцюм. Гэта быў апошні, самы лепшы касцюм Аляксея. Гэты касцюм любіла Ніна, і Наталля Міхайлаўна ўсё берагла яго, шкадавала прадаваць. Але вось даводзіцца і яго аддаваць. Нічога іншага ўжо няма. Усе іншыя Аляксеевы рэчы давялося занесці на рынак раней. І амаль усе плацці Ніны прапалі там. І ўсе плацці самой Наталлі Міхайлаўны, і ўсе дамашнія рэчы...

Што ж, іншага выхаду не было. Эх, жыццё — толькі і вядзеш дзень ада дня, пражываючы тое, што было калісьці набыта. А колькі разоў прыходзілася перашываць старыя, заношаныя сукенкі ці сарочкі, каб можна было прадаць...

Паўз скверык, які цягнуўся радамі яшчэ маладых танканогіх таполяў, падышлі да прывакзальнай плошчы. Каля будынка вакзала, заляпанага брудна-зялёнай фарбай, і пры бараках, што былі з другога боку пыльнай запушчанай плошчы, варушыліся, шумелі натоўпы немцаў, віднеліся горкамі розныя клункі, скрынкі, чамаданы. Нават збоку было відаць, што немцы вельмі ўстрывожаны.

«А, дапякло, насланнё вы паганае! Забегалі...» — падумала радасна старая.

З гэтым настроем, ад якога сэрца поўнілася яснымі надзеямі ды чаканнем шчасця, ішла яна паволі да рынку, стрымліваючыся, каб не загаварыць пра ўсё гэта з малой.

— Бабуня, як гэта вуліца завецца?

— Вуліца Свярдлова.

— Гэта па-нашаму?

— Па-нашаму...

Вуліцы ў горадзе мелі афіцыйна дзве назвы: адну — нямецкую, другую — дадзеную гарадской управай, але людзі называлі вуліцы па-даваеннаму, «па-нашаму»...

На рынку людзей снавала менш як звычайна; зусім пуста было на горцы каля пажарнай вышкі, дзе ў другія дні стаялі фурманкі з бульбаю ці гароднінай.

— Мы купім хлебца, бабуня, праўда? — запыталася Люда, зазіраючы ў вочы старой.

— Купім, купім.

Беднасць, якую Наталля Міхайлаўна прывыкла бачыць гэтыя тры гады, сёння неяк асабліва рэзала яе вочы. Чаго толькі не прыходзілася мудрыць людзям, каб як-небудзь выбіцца з галадоўкі, купіць жменю мукі ці кацялок бульбы.

Вунь стаіць стары, згорблены чалавек, апрануты ў залатаны касцюм з чорнага бастону, з некалі модным гальштукам. Наталля Міхайлаўна ведае яго: калісьці ён выкладаў прыродазнаўства ў тэхнікуме; цяпер стаіць каля скрынкі, на якой раскладзены кавалачкі мыла, што сам прыгатаваў. Яго мыла ніхто не хоча купляць, яно кепска мыліцца, але ён стаіць, чакае. Стаіць, пануры ад няўдачы і прыніжэння...

А вунь, у адзін рад з ім, яшчэ некалькі старых і дзяцей. Чаго там толькі не прадаюць: парваныя жаночыя валёнкі, гарэлыя ржавыя цвікі, какетлівыя ўчарнелыя абцасы, адарваныя ад туфляў, якія, напэўна, даўно ўжо на сметніку. Розны друз...

«Да чаго давялі людзей, праклятыя!»

Задумалася Наталля Міхайлаўна і не адразу заўважыла, як падышоў да яе чалавек, яшчэ не стары, у капелюшы з маленькімі палямі, у фрэнчы нейкага цвілога колеру, з вузенькімі бартамі. Адсунуў сукеначку, узяў, не пытаючыся нічога, пінжак, абгледзеў як бы пагардліва, грэбліва.

Разгарнуў перад сабой, прымераў.

— Трэба перашываць!.. Колькі марак?

— Я мяняю на прадукты.

— Гм, на прадукты... А чаму не на маркі?

— Таму, што не на маркі...

Яна магла б дадаць: «выкіньце іх на сметнік»,— але Наталля Міхайлаўна добра ведала, чым гэта магло абысціся.

— Не, ты скажы, чаму не на маркі? — не адставаў «купец».— Ты ведаеш, што такое марка, якая ходзіць па ўсёй Германскай імперыі?

— Ведаю...— Наталля Міхайлаўна паспрабавала ўзяць пінжак з яго рук, але ён не аддаваў.

— А-а, ты, пэўна, хочаш, каб я заплаціў... бальшавіцкімі рублямі? — раптам яхідна скончыў ён.

— Аддайце пінжак зараз жа!

Ён усё не выпускаў пінжака, і Наталля Міхайлаўна, пазіраючы ў яго ненавісныя вострыя вочкі, адчула, што ён лёгка не адчэпіцца, што можа здарыцца скандал, які для яе невядома чым скончыцца. Але тут адразу ўмяшаліся, зашумелі з усіх бакоў людзі, што былі каля іх.

— Ну і што ж — яе тавар. Як яна хоча, так і прадае!

— Можа, вы яшчэ і цану самі ўстановіце?!

— Ды не — ён, відаць, зусім задарма хоча?..

— Бач, які разумнік!

Галасы чуліся з усіх бакоў, і чалавек у фрэнчы прыкметна пацішэў: ён разгублена азірнуўся, як бы шукаючы падмогі, але не знайшоў яе. Прамармытаўшы грэбліва, што пінжак вялікі, адразу падаўся адсюль.

Наталлі Міхайлаўне параілі хутчэй сысці з рынку, але яна засталася тут. Што яна, баіцца гэтага недабітага цвілога панка! Усё-ткі ёй было трывожна, і жанчына мімаволі не-не ды паглядвала, ці не цягнецца гэтая брыда зноў.

Час ішоў ды ішоў, а пакупнікоў ні на касцюм, ні на сукенку не знаходзілася.

— Ногі баляць, бабуня...— застагнала Людка, што ўвесь час ціха стаяла поруч. Наталля Міхайлаўна ўзяла яе на рукі.

Яна і стаяла, і хадзіла па рынку, аж пакуль не пачалі выганяць адсюль, але прадаць нічога не ўдалося: ні пінжака, ні сукеначкі.

— Не шанцуе нам, Людка: з чым прыйшлі, з тым і пайшлі. Хадзем дадому...

— Бабуня, а хлебца мы не купілі! — раптам напомніла ўнучка і тузанула яе за руку.— Купім хлебца.

— Заўтра, Людачка, заўтра...

 

2

Генерал-лейтэнант Баумволь ужо набліжаўся да Талачына, калі наперадзе, поблізу, нечакана ўзгарэлася страляніна. Па стрэлах гармат і кулямётаў ён адразу вызначыў — страляюць танкі. Ды і хто яшчэ мог страляць з гармат у тыле нямецкіх войск?

«Рускія!» — апаліла думка. Машына стала да таго, як ён загадаў. Усе глядзелі, слухалі, нібы не разумеючы, не цямячы.

На шасэ наперадзе, было відаць, узнялася, пачала хутка разыходзіцца мітусня, бязладдзе. Усё больш машын і фурманак збочвала з шасэ, паспешліва каціла ў поле.

Рэйзе першы вырваўся з разгубленасці, не трацячы часу, цвёрда загадаў звярнуць з шасэ.

На шчасце, адхон поблізу аказаўся невялікім і некрутым. За ім цямнеў хмызняк. Яны спусціліся з шасэ. Гэта была, лічыў генерал, разумная, неабходная перасцярога.

Калі яны ад’ехалі да хмызняку, генерал убачыў тое, чаму ўсё ж не хацелася верыць: наперадзе, ля гарадка, на шасэ, што ўздымалася на ўзгорак, узыходзілі танкі. Калі б генерал і яго ахова аказаліся крыху далей наперадзе, яны немінуча наскочылі б на рускіх, на іх танкі. Што было б, каб ён выехаў некалькімі хвілінамі раней.

Генерал пачуў, як над яго галавою прасвістаў снарад, адзін, другі.

Пастраляўшы, танкі сышлі з шасэ. Павярнулі да горада, хутка рушылі да яго. Неўзабаве страляніна ўзнялася там наводдаль. Але на шасэ поблізу выйшла яшчэ некалькі рускіх танкаў.

Трэба было, не марудзячы, ехаць адсюль. Хаваючыся за хмызняком, машыны генерала пакіравалі назад, далей ад танкаў. У лагчыне за хмызняком аказалася ўжо многа машын і салдат. Аб’ехаўшы іх, за лагчынаю знайшлі невялікую палявую дарогу. Рушылі — сярод грузавых і іншых машын — па ёй. Наперадзе — ахова, за ёй — машына генерала.

Глядзелі на ўсе вочы. Увесь час трымаліся напагатове. Бой ля Талачына ўсё не сціхаў. Тут, на дарозе, праўда, было ціха, але ўсе разумелі: у любы момант можна было наткнуцца на танкі рускіх ці на партызан.

У гэтыя небяспечныя для яго жыцця хвіліны генерал мог належна ацаніць вытрымку і розум Рэйзе. Штурмбанфюрэр увесь час дакладна ацэньваў абстаноўку, распараджаўся разважна, папярэдліва.

Дарогі былі агідныя. На адной з іх заселі ў балоце. Рэйзе, шафёр і генеральскі ардынарац выцягнулі машыну, але неўзабаве яна зноў засела, і ўвесь час трэба было паўзці асцярожна, пільна. Сярод невядомасці — у невядомасць.

Небяспечны Талачын абышлі ўдала. Без прыкрасці выбраліся на больш надзейныя дарогі і яшчэ да вечара дабраліся да размяшчэння штаба камандуючага групы.

На ўскраіне горада, дзе асталяваўся камандуючы, было ціха, і генералу гэтая абстаноўка цішыні і спакою здалася неверагоднай, абураючай. Генерал Баумволь, што пачынаў усведамляць усю небяспечнасць перажытага ля Талачына, адчуў да гэтай цішыні, да фельдмаршала рэзкую непрыхільнасць.

Ад’ютант фельдмаршала, паўнацелы, прыгожы, абыходлівы, паспрабаваў затрымаць генерала: сказаў, што фельдмаршал заняты, але Баумволь, не скідаючы дарожнага плашча, з рашучым і ўпэўненым выглядам накіраваўся проста да дзвярэй.

Фельдмаршал штосьці пагрозліва гаварыў па тэлефоне. Пачуўшы, што ў пакой увайшлі, ён азірнуўся з раздражнёнасцю і, не мяняючы выразу, адказаў на прывітанне. Услед за гэтым ён зноў павярнуўся да тэлефона, адтапырыўшы ніжнюю, у дробных маршчынках, губу, стаў слухаць.

— Прарваліся? Абышлі?! Камунікацыі!..— ён пачырванеў, стаў нервова жаваць губамі. Кінуў непрыхільны позірк на карту, разасланую на стале, пашукаў на ёй быстрымі, неспакойнымі вачыма, мелькам прабег далёкім, чужаватым позіркам па твары Баумволя.

— Чорт пабяры! — ён напружана задумаўся.— Адыходзьце ў раён Чачэвічы — Чыгірынка. Правы бераг ракі Друць... Чачэвічы — Чыгірынка...

Ён кінуў трубку на вілку тэлефона. Не пазіраючы на генерала, выклікаў ад’ютанта, коратка запытаўся:

— Звязаліся?

— Сувязь яшчэ не адноўлена, пан генерал-фельдмаршал...

— Доўга мне яе чакаць?

Ад’ютант павёў плячыма, як бы гаворачы, што цяпер гэта невядома нават яму.

— Я чакаю,— сказаў фельдмаршал патрабавальна, нават пагрозна.

Калі ад’ютант выйшаў, ён павярнуўся да Баумволя. Вочы генерал-фельдмаршала пыталіся, што ад яго трэба, пыталіся і абыякава і натомлена, і ўпаўнаважаны не знайшоў, што сказаць. Яны маўчалі нейкі час. Гэтае маўчанне ішло не ад таго, што ім не было чаго казаць, а ад таго, што генерал-лейтэнант Баумволь і без слоў разумеў і стан, і настрой фельдмаршала, і ўвогуле становішча войск. Цішыня і спакой, што ўразілі спачатку тут, разумеў ён цяпер,— былі абманлівымі. Не, не ціха і не спакойна было ў камандуючага.

— Сувязь парушана? — запытаўся з прыкметным спачуваннем генерал-лейтэнант.

— Так.

Фельдмаршал амаль безуважна пашукаў вачыма штосьці на разасланай карце.

— Яны разразаюць нашы войскі, дробняць адзінае цела нашай групы на часткі. Яны разлічваюць, што такім спосабам, па частках, лягчэй будзе справіцца з намі... Наступленне ідзе адначасова з шасці напрамкаў. І на ўсіх напрамках — у іх вялікая перавага...

Фельдмаршал зірнуў на генерала, сочачы, як генерал адносіцца да яго слоў. Вочы ўпаўнаважанага былі закрыты халоднымі шкельцамі акуляраў.

— Салдаты не праяўляюць дастатковай упартасці ў абароне,— прамовіў Баумволь.— Ёсць адзнакі паяўлення нявер’я ў сябе...

— Толькі нямецкі салдат мог вытрымаць такі націск і не ўпасці духам,— нязгодна, сухавата адказаў фельдмаршал.— Нашы часці збераглі парадак, дысцыпліну. Гэта ў такіх акалічнасцях, дзе многія другія арміі немінуча загінулі б... Нельга не ўлічваць складанасць абстаноўкі.— Ён неспадзеўкі стомлена паведаміў: — Рускія прарваліся к Бабруйску.

— Калі?

— Сёння. Атакавалі. Але — адбіты.

Фельдмаршал апошнім словам, відаць, хацеў зрабіць сваё паведамленне не такім сумным, хацеў надаць яму выгляд абнадзейлівасці. Упаўнаважанага гэта не супакоіла.

— Бабруйск нельга здаваць ні ў якім разе! Мы не можам адступіць з Бабруйска!..

Генерал-лейтэнант узрушана падняўся. Ён глядзеў на фельдмаршала такімі вачыма, нібы лёс горада залежаў толькі ад камандуючага,— гэтыя вочы патрабавалі і чакалі.

Фельдмаршал згадзіўся:

— Бабруйск — ключ да ўсёй нашай бярэзінскай абароны...

— Калі страцім Бабруйск,— загаварыў зноў жорстка Баумволь,— мы паставім пад удар увесь бярэзінскі рубеж... Стаўка лічыць, генерал, што наша абарона па Бярэзіне дае нам вялікія шансы стрымаць ярасны націск рускіх, абяскровіць іх... Трэба толькі, каб нашы салдаты ўмацаваліся на Бярэзіне да падыходу рускіх. Рускія ж нярэдка ідуць наперадзе нас...

Фельдмаршал адчуў у гэтых словах папрок.

— Я клапачуся пра гэта.

Ён запытаўся, ці доўга намеран генерал-лейтэнант яшчэ прабыць на фронце, і генерал-лейтэнант пачуў у яго словах і сум і скрытую непрыязнасць, як яму здалося, за тое, што ён, Баумволь, можа паехаць у ціхую, ратоўную далеч.

— Я павінен азнаёміцца з падрыхтаванасцю нашай абароны на Бярэзіне, у Мінску. Акрамя таго, я маю даць некаторыя інструкцыі Готбергу... Аднак, дарагі генерал-фельдмаршал,— усміхнуўся ўпаўнаважаны,— я зусім не развітваюся з вамі. Я яшчэ магу вярнуцца да вас, калі гэта будзе патрэбна справе і фюрэру...

Развітваючыся, гаворачы гэта, генерал-лейтэнант не ўяўляў сабе, пры якіх акалічнасцях ён можа вярнуцца ў армію. Але ён вярнуўся, вярнуўся, каб убачыць, перажыць вялікую трагедыю.

 

3

У той дзень, калі генерал Баумволь развітваўся з камандуючым групы армій і кіраваў у Мінск, вызначыўся лёс маёра Вольфа.

Маёру далі часовае прызначэнне да палкоўніка Шульцэ, які кіраваў пабудовай абарончых умацаванняў у раёне Мінска.

Прызначэнне гэта маёру далі ў канцы рабочага дня, і явіцца да палкоўніка маёр Вольф змог толькі ў пачатку наступнага.

Калі ён увайшоў у кабінет свайго новага начальніка, палкоўнік штосьці заклапочана шукаў у стале. Ён неахвотна адарваўся ад гэтага занятку, рассеяна адказаў на прывітанне, амаль абыякава прабег вачыма прызначэнне.

Гэта быў яшчэ малады чалавек, гадоў сарака, з рыхлым, цяжкім тварам.

— Вы фартыфікатар? — спытаў палкоўнік, не спыняючы шукаць у стале.

Маёр адказаў, што да арміі займаўся будаўніцтвам.

— А тут?

— Я камандаваў батальёнам, пан палкоўнік.

— Інжынерным?

— Не, пяхотным, пан палкоўнік.

— Так? — Палкоўнік зірнуў заклапочана. Раптам дзіўна спытаў:— Што, камандзіры пяхотных батальёнаў ужо непатрэбны на фронце?

Маёр трохі збянтэжыўся.

— Я са шпіталя, пан палкоўнік. Пасля ранення прызнаны годным толькі для работы ў тылавых часцях.

— А-а...— Палкоўнік рассеяна кіўнуў, зразумеў: — Вы можаце кіраваць салдатамі. Як камандзір.— Ён зірнуў вочы ў вочы, сказаў: — Вы позна прыбылі.

Маёр не зразумеў, што значыла гэтае «позна», ён чакаў, што палкоўнік растлумачыць думку. Але палкоўнік не палічыў патрэбным тлумачыць.

Ён нарэшце знайшоў тое, што шукаў: нейкую паперу. Паклаў у партфель. Пазваніў шафёру, загадаў падаць машыну. Стаў збірацца выходзіць.

— Я спяшаюся. Я павінен ехаць.— Гэтым ён, відаць, паказваў, што размова закончана.

Маёр ужо пакіраваў быў да дзвярэй, калі палкоўнік спыніў яго, прамовіў:

— Зрэшты — можаце паехаць і вы...

Маёру не спадабалася няўвага Шульцэ, але ён схаваў нездавальненне. Выпрастаўшыся, адразу ж адказаў, што гатовы следаваць за палкоўнікам.

Паслухмяна, хутка выйшаў за ім, па знаку яго рукі сеў на задняе скураное сядзенне «мерсэдэс-бенца». Чакаў размовы, але палкоўнік не прамовіў ні слова больш.

Яны спыніліся каля будынка генералькамісарыята. Кагосьці чакалі. Паявіўся генерал у летнім плашчы, пры ім ішлі некалькі вайсковых, галоўным чынам эсэсаўцаў. Палкоўнік пачціва прывітаў генерала.

Шульцэ назваў маёра, аб’явіў яго як новапрызначанага свайго памочніка, спытаў дазволу суправаджаць іх. Вольф сустрэў уважлівы, пранізлівы позірк генерала.

Генерал стрымана кіўнуў галавой. Так на кароткі час выпадкова сышліся шляхі генерала Баумволя і амаль непрыкметнага пяхотнага маёра...

Нядобрае пачуццё да Шульцэ ў маёра памякчэла ад таго, што палкоўнік аб’явіў яго генералу як свайго памочніка, і ад таго, як упэўнена, з годнасцю трымаўся Шульцэ з высокім інспектарам.

Хутка машыны ўжо імчалі па вуліцах, усцяж якіх беглі нудныя, аднастайныя гарбы руін.

Генерал, яго ад’ютант і ахова ехалі ззаду.

Машыны мінулі мост над бруднай рэчкай, пыльную плошчу і між чорных драўляных халуп ускраіны выскачылі за горад. Палкоўнік, як і раней, быў нямы, высіўся наперадзе, побач шафёра, нерухома, прама, здавалася, увесь поўны быў разуменнем незвычайнага свайго значэння.

З шасэ збочылі на палявую дарогу, машыну пачало ківаць. Закруціўся пыл. Палкоўнік спыніў машыну» рушыў да машыны генерала. У «опель-адмірале» генерала праехаў наперад. «Мерсэдэс» пайшоў следам, у хмары пылу.

Спыніліся на пагорку ўскрай ельніку, за якім пачыналася поле, толькі дзе-нідзе засеянае, напалову зарослае пустазеллем.

У ельніку таіўся замаскаваны дот.

— Гэта нядрэнна,— стрымана сказаў генерал, агледзеўшы дот і пазіраючы ў амбразуру, за якой віднелася поле, кусты паводдаль.

Яны агледзелі яшчэ некалькі дотаў і дзотаў, хады злучэння. Паліла сонца, генерал зняў плашч, а Шульцэ ўвесь час выціраў хустачкай потны лоб, шыю. Але ішоў палкоўнік энергічна і быў захоплены справай.

Затрымаліся на пагорку, выдатным пагорку з шырокім аглядам. На вышыні ўсё было падрыхтавана, каб размясціць камандны пункт. Адсюль добра можна было агледзець сістэму абароны, і палкоўнік паказваў, якая яна прадуманая і дасканалая.

— Няма ні аднаго метра мёртвай прасторы. Кожны пункт пад скрыжаваным агнём з двух-трох кірункаў.

— Тут можна трымацца. Можна трымацца...— задуменна, нешта тоячы сваё, трывожнае, як бы пераконваючы сябе, з надзеяй сказаў генерал. З вышыні ён неспакойна глядзеў на пагоркі, на асмужаную далячынь.

— Аб гэты бастыён можна зламаць нават моцныя зубы,— запэўніў палкоўнік. Маёр Вольф, што крочыў сярод акружэння генерала, з усё большай павагай сачыў за сваім начальнікам: палкоўнік проста апаноўваў сваёй непахіснай, фанатычнай перакананасцю.

Баумволь, прыплюшчыўшы вочы, усё засяроджана і неспакойна глядзеў на блізкія і далёкія пагоркі, так, нібы бачыў тую бітву, якая павінна будзе тут разгарнуцца...

Шульцэ паказаў пляцоўкі, падрыхтаваныя для артылерыі. Яны былі таксама прадумана размешчаны, грунтоўна абсталяваны. На некалькіх, поблізу, праўда, яшчэ рупіліся салдаты, што маскіравалі нядаўна выкапаную зямлю травой і дзёрнам.

Генерал нездаволена сказаў:

— Позніцеся... Трэба спяшацца...

— Мы канчаем, пан генерал. За намі затрымкі не будзе.

Баумволь прыдзірліва праверыў, якога дыяметра кожная пляцоўка, адлегласць між іх, глыбіню раўкоў для разлікаў і многае іншае,— ён не выпускаў з-пад увагі, здавалася, ніякай дробязі...

— Калі рускія нават і прарвуцца сюды, ім прыйдзецца тут засесці,— пахваліў палкоўніка Вольф, калі яны вярталіся к машыне. Ні Баумволь, ні Шульцэ не адказалі. Але маёр на няветлівасць Шульцэ не пакрыўдзіўся: ён пачынаў паважаць гэтага фанатыка-інжынера.

 

У Мінску яны агледзелі некалькі дотаў на ўзвышэнні, поблізу вялікага круглага будынка былога тэатра. Вышыня панавала над значнай часткай горада, якраз з усходняга боку. Агледзелі ўмацаванні на другой вышыні, за рэчкай, у самым цэнтры горада. Сярод гор бітага камення.

— Руіны вельмі зручныя для абароны...— гаварыў Шульцэ, паглядаючы ў амбразуру, праз якую ў змрок дота цадзілася святло.— Вялікая загана, што пытанне аб тым, як іх скарыстаць для абароны, мала вывучана... Я зрабіў у гэтай справе цэлы рад вельмі важных знаходак, якія маюць значэнне для ўсёй арміі. Я аб гэтым пішу вучоную працу...

Калі, правёўшы генерала і яго світу, яны вярнуліся ва ўпраўленне, палкоўнік Шульцэ явіўся перад маёрам як бы іншым чалавекам. Раптам кудысьці зніклі энергічнасць і бадзёрасць, палкоўнік уздымаўся ў будынак, стаяў за сталом у кабінеце стомлена, нявесела.

— Паабедайце і прыходзьце на працу,— прамовіў ён будзённа.

 

4

З гэтага дня маёр то прападаў цэлыя дні там, дзе капалі ўсё новыя траншэі ці цэментавалі доты, то ўдакладняў схемы абароны.

Толькі рэдкія гадзіны быў ён у горадзе.

Каля будынка гарадскога тэатра, што панура цямнеў на рагу цэнтральнага сквера, маёр нечакана спаткаў штурмбанфюрэра Рэйзе. Штурмбанфюрэр прывітаўся з ім, як сябра, запытаў, дзе ён прападае, чаму не відаць у «Афіцыргайме».

— А, мусіць, у Ані прападаеш? Яе спакуслівыя прынады, канечне, прыемней грубага мужчынскага сяброўства і п’янак...

Улавіўшы ў словах Рэйзе кпінку, маёр пачырванеў, але той як бы не заўважыў гэтага. Узяў Вольфа за локаць і павёў з сабою, гаворачы, што ўсё-ткі кепска адасабляцца, адрывацца ад мужчынскага таварыства.

Размаўляючы такім чынам з маёрам, Рэйзе падвёў яго да будынка, у якім да вайны была цэнтральная бібліятэка.

— Што гэта за сцяг? — перапыніўшы Рэйзе, кіўнуў угару Вольф.

Над паўкруглым выступам галоўнага ўвахода вісеў на дрэўку незнаёмы сцяг: чырвоная палоска пасярэдзіне была акаймавана з абодвух бакоў белымі.

— Што за сцяг? Дык ты, Вольф, не ведаеш!.. О, маёр, хіба можна не ведаць такіх рэчаў на гэтай зямлі. Гэта сцяг дзяржавы Вайсрутэнія. Ці па-руску — Беларус-сіа...

— Яна ўжо — дзяржава?

— Дзяржава.— Штурмбанфюрэр раптам штурхнуў яго ў спіну: — Не, відаць, ты павінен зараз пайсці са мной — нельга ж заставацца табе далей такім невукам у... нашых міжнародных справах.

Маёр паспрабаваў адгаварыцца, але Рэйзе, які наогул ніколі не меў звычкі далікатнічаць, павёў з сабою.

— Хадзем, дарагі. Трэба цікавіцца нашымі міжнароднымі справамі. Дзякуючы мне ты маеш магчымасць убачыць вельмі цікавую падзею. Надзвычайную падзею...

Хутка абодва сядзелі ў высокай, прасторнай зале з вялізнымі вокнамі, са сталом, прэзідыумам, трыбунай і нейкімі слухачамі.

Падзея, да якой далучылі маёра Вольфа, была сапраўды незвычайнай, «цікавай» у сваім гатунку. Тое, куды ён трапіў, было — растлумачыў штурмбанфюрэр — пасяджэнне «другога ўсебеларускага кангрэса», скліканага па ўказанню «генералькамісара ў Вайсрутэніі».

...«Кангрэс», сагнаны ў той час, калі савецкія войскі падыходзілі да Мінска, павінен быў абвясціць «незалежную» беларускую рэспубліку.

Спехам складваючы чамаданы, каб бегчы, такія ўзорна-пунктуальныя ў сваёй дзейнасці, гітлераўскія палітыкі раптам хапіліся, што да гэтай пары не паклапаціліся пра «самастойнасць» захопленай зямлі. Нельга ж, на самой справе, было пакідаць зямлю Саветам «несамастойнай». Запознены гэты «клопат» з-за ранейшай прамашкі давялося выяўляць у непаважнай хапатлівасці. На «кангрэс» давялося сабіраць, хто трапіцца пад руку, усякія пакідкі, паліцаяў і розных іншых прыслужнікаў. Давялося назваць усіх «дэлегатамі», заплюшчыўшы вочы на тое, што дэлегатаў гэтых ніхто не выбіраў...

 

Амаль адразу пасля таго, як яны селі, да іх, тулячы галаву ў плечы, нячутна, хадою кошкі, падышоў з пярэдняга раду рухавы чалавечак, спосабам паводзіць сябе вельмі падобны да афіцыянта.

— Рад бачыць вас, гер штурмбанфюрэр,— схіліўся ён. Ён сачыў за тварам Рэйзе пільна, уважліва і падкрэслена пачціва.

Пан штурмбанфюрэр адкрыта выказваў нездавальненне.

— Чаму пуста ў зале, пан Кухта?

Пан Кухта мімаволі азірнуўся, хоць ведаў добра: зала сапраўды пустая. Амаль зусім пустая, вялізная, недарэчна вялізная зала. Скіраваўшы позірк да штурмбанфюрэра, што чакаў адказу, пан Кухта не здолеў адказаць нічога. Шукаў і не змог знайсці адказ на цяжкое пытанне.

— Мы паслалі многа запрашальных білетаў, гер штурмбанфюрэр. Але госці... прыходзяць неакуратна...

— Але тут, відаць, не ўсе і дэлегаты.

— Так, гер штурмбанфюрэр, на жаль, дэлегаты часткова таксама. Сярод дэлегатаў часткова таксама... хваляванне...

— Якое гэта хваляванне? — Штурмбанфюрэр Рэйзе выказваў крайняе нездавальненне.

У голасе яго нібы чулася зняважлівае: «што вы вярзеце!» Была як бы і пагарда нетактоўнасцю, глупствам пана Кухты. Пан Кухта хацеў, мабыць, паправіцца, растлумачыць, але пан штурмбанфюрэр нецярплівым рухам рукі перапыніў яго, загадаў вярнуцца на месца. Пан Кухта адразу ж асцярожнай хадою пакіраваў назад, а штурмбанфюрэр Рэйзе, слухаючы разам словы нейкага прамоўцы, паведаміў маёру, што быў — адзін з памочнікаў прэзідэнта...

Прамоўца — пажылы, азызлы — старанна, з ненатуральным пафасам вяшчаў пра тое, што беларуская зямля перажывае вялікі гістарычны момант. Не адводзячы вачэй ад трыбуны, ледзь схіліўшыся да маёра, штурмбанфюрэр пачаў з пятага на дзесятае перакладаць маёру.

Прамоўца казаў, што яму «выпала шчасце» на «зары жыцця» браць удзел у першай дзеі нараджэння «Беларускай дзяржавы»,— ён быў тады яшчэ маладым, поўным надзей чалавекам,— на першым кангрэсе ў «сумным снежні» семнаццатага года. І вось толькі цяпер, праз дваццаць шэсць год,— казаў прамоўца,— выпала яму і яго калегам шчасце сабрацца на свой другі кангрэс, каб ажыццявіць надзеі маладосці, прадоўжыць і аформіць тое, што не ўдалося тады. Нарэшце прыйшоў жаданы час, Германія і фюрэр аб’яўляюць Беларусь «самастойнай» дзяржавай і прызнаюць яе «незалежнасць»...

Словы гэтыя мёртва гучалі ў пустой зале, якая цішынёй і холадам нагадвала цяпер склеп з мерцвякамі...

— Пан Астроўкі, прэзідэнт,— Рэйзе кіўнуў на сцэну, дзе за сталом прэзідыума, як толькі скончыў прамоўца гаварыць, узняўся цяжкі пануры чалавек.

«Прэзідэнт» расчапіў сціснутыя губы, пазіраючы праз акуляры ў залу, загаварыў глуха, важка і цвёрда. Ледзь ён пачаў, Рэйзе насцярожыўся, стаў услухоўвацца з пільнай увагай. Ужо затым ён схамянуўся, узяўся перакладаць маёру, што кажа пан «прэзідэнт».

Астроўскі папярэдзіў, што хоча зараз сказаць толькі некалькі слоў, спецыяльна да дэлегатаў «кангрэса»...

— За апошні час сярод вас, шаноўныя супольнікі, якія сядзяць тут, пашыраецца трывога, якую пачалі распускаць бальшавіцкія агенты...— І — як ні сорамна мне гэта казаць — тыя-сія з вас падаліся ашуканцкім камуністыцкім плёткам: тыя-сія збаяліся і нават перасталі прыходзіць сюды... Я ўпаўнаважан, шаноўныя спадарове, сказаць, што ўсё, што даходзіць да вас ад бальшавіцкіх падпявалаў, ёсць чыстая мана. Праўда, расейцы паспрабавалі наступаць, але ў мяне ёсць дакладныя весткі, якія атрыманы ад вайсковага камандавання,— што нашы нямецкія заступнікі адбілі ўсе іх спробы. Бальшавіцкія атакі паўсюды, на ўсім фронце заламаліся... маскоўцы пабеглі назад! — з уздымам абвясціў ён, чакаючы воплескаў.

Зала запляскала вяла, недаверліва.

— Не зважаючы на старанні бальшавіцкіх агентаў, мы павінны працаваць, як і раней, спакойна і ўпэўнена. Мы павінны паказаць, што ў гэту хвілю мы поўныя ўдзячнасці да вялікай германскай улады і да вялікага фюрэра Адольфа Гітлера, за іх давернасць да нас і клопат. І што мы на гэту давернасць і клопат адкажам сваёй вернасцю і годнымі дзеямі...

На гэты конт нямала хто з тых, што яшчэ сядзелі ў зале, падобна было, меў іншую думку. Штурмбанфюрэр у трывожным маўчанні нібы пачуў: як тут спакойна сядзець, калі ўночы ў Мінску чуваць водгулле франтавых гармат?

Пана Рэйзе апанавалі пагарда і злосць: пацукі, гатовы хутчэй кінуць усё ды пашыцца ў норы, абы толькі выратаваць сваю скуру... Потым ён, прыплюшчыўшы вочы, пачаў перабіраць у думках гісторыю «дзейнасці» Рады. І тады яго ўзлаванасць набыла іншы характар: пан штурмбанфюрэр думаў пра тых, хто з самага пачатку, як узнікла гэтае стварэнне, не падтрымліваў, падрываў яго. Іх было многа — усе тыя, каго яна павінна была б аблытаць, звязаць, ёю пагарджалі...

Як ні прыкра, даводзілася сам-насам прызнаваць: няўдалаю аказалася гэта прыдумка.

Узрушаны штурмбанфюрэр пачаў быў разважаць, якія пралікі перашкодзілі поспеху гэтага несумненна мэтазгоднага для рэйха мерапрыемства, але тут яго перапынілі. Ад дзвярэй да Рэйзе прабраўся эсэсавец-афіцэр і, дзелавіта схіліўшыся да штурмбанфюрэра, ціха папрасіў выйсці ў калідор. Штурмбанфюрэр, а следам за ім і маёр Вольф узняліся. У калідоры эсэсавец, выпрастаўшыся, з афіцыйнай строгасцю, якая паказвала асобую важнасць таго, што прывяло сюды, паведаміў Рэйзе, што яго выклікае генералькамісар групенфюрэр фон Готберг.

Штурмбанфюрэр Рэйзе, прадчуваючы, што яго чакае нешта вельмі сур’ёзнае, неадкладна рушыў да выхада. Маёр пакрочыў услед.

Калі спусціліся па ступеньках і выйшлі на вуліцу, маёр нечакана запытаў напрасткі:

— Для чаго гэта камедыя?

— Якая? — не зразумеў штурмбанфюрэр. Ён яўна ўжо быў далёка ад таго, што бачыў.— А-а... Яна, гэтая камедыя, дарагі маёр,— у голасе штурмбанфюрэра ў момант успыхнула раздражненне: — як я здагадваюся, пачата таму, што вашы доблесныя войскі ўжо не пад Масквой, і нават не пад Смаленскам...

Ён сказаў гэта так рэзка, што маёр зніякавеў. Ды і гнеў справядлівы быў: не было як запярэчыць.

Маўчанне маёра крыху прымірыла штурмбанфюрэра.

— Я табе, дарагі маёр,— загаварыў штурмбанфюрэр стрымана, але жорстка,— параіў бы ў далейшым больш сур’ёзна, гэта значыць: больш прадумана — фармуліраваць такія думкі. Гэтай, як ты кажаш, каме-дыяй кіруе сам генералькамісар. Па ўказанню Берліна...

— Можа быць, я сапраўды не разумею,— прамовіў маёр няёмка. Ён павёў позіркам: афіцэр СС, што явіўся па Рэйзе, стаяў непадалёк. Відаць, чуў усё.

— Так, ты сляпы. Ты многага не разумееш,— рэзка прамовіў Рэйзе.

Яму не хацелася больш гаварыць з гэтым, як ён лічыў, недалёкім, тупаватым пехацінцам.

 

5

Рэйзе пакрочыў да пад’езда вялізнага шасціпавярховага будынка. Над уваходнымі дзвярамі дома ўжо некалькі месяцаў шырока — на паўсцяны — злавесна чарнела: «Generalkomissariat für Weissruthenia».

Цагляная, барвова-чырвоная сцяна дома была абляпана бруднымі пісягамі камуфляжу; гэты колер — крыві і бруду — вельмі падыходзіў да ўстановы, якая кіравала ўсімі крывавымі справамі на заняволенай Беларусі.

Адразу пры ўваходзе ў Рэйзе праверылі дакументы. Ён мінуў тры пасты аховы, дзе тройчы запатрабавалі пасведчанне, тройчы абмацалі вачыма яго зацягнутую ў ваеннае сукно прамую постаць.

Такая насцярожанасць да яго, якога добра ведалі, не абражала Рэйзе: ён ведаў загад Готберга — правяраць усіх. Пасля забойства Кубэ яго заступнік усюды асцерагаўся партызан.

У прыёмнай Готберга сядзелі два генералы паліцыі. Калі ўвайшоў туды Рэйзе, абодва генералы ўзняліся і прывітальна ўскінулі ўперад рукі. Хайль Гітлер. Штурмбанфюрэр таксама ўскінуў руку, адказаў ім.

Быў тут і памочнік Готберга, добры знаёмы Рэйзе. Штурмбанфюрэр адразу адзначыў, што сёння памочнік сустрэў без звычайнай таварыскасці. Ледзь убачыў, устаў і пайшоў дакладваць групенфюрэру. І халоднасць, з якой сустрэў ён, і хуткасць, з якой пайшоў дакладваць, насцеражылі Рэйзе.

Памочнік хутка вярнуўся і з той жа афіцыйнай халоднасцю сказаў, што пан групенфюрэр зараз прыме.

Готберг прыняў Рэйзе вельмі хутка, незвычайна хутка, і з гэтага штурмбанфюрэр таксама зрабіў вывад: відаць, будзе сур’ёзная справа.

Готберг, які толькі што адпусціў начальніка паліцыі, падняў на штурмбанфюрэра халодны позірк і запытаўся, чаму той прымушае доўга чакаць, калі яго клічуць. Рэйзе, мімаволі трапечучы, адчуваючы вінаватасць, сказаў, што быў у Радзе.

— Я даручаю вам важную справу,— суха сказаў групенфюрэр.— Вы можаце або атрымаць новы чын, або згубіць усё.

Рэйзе гатоўна выструніўся.

— Я чакаю загаду, мой групенфюрэр!

— Справа патрабуе хуткасці, энергіі і — таленту. Я выбраў вас...

— Я дзякую вам, мой групенфюрэр.

Групенфюрэр фон Готберг хвіліну маўчаў, а калі загаварыў зноў, у голасе яго Рэйзе адчуў стрыманую ярасць і рашучасць.

— Армія адступае!.. Не, яна — бяжыць! Яна ганебна ўцякае, як статак! Нават не стрымліваючы наступлення камуністаў... Фронт коціцца сюды... Бальшавікі рвуцца да Мінска. Яны хочуць вы-ра-таваць Мінск!

Ён кінуў позірк, поўны нянавісці, у бок акна, за якім зелянелі клёны і вязы сквера.

— Мы ім можам пакінуць яго. Так, пакінуць!.. Але яны, уступіўшы сюды, адчуюць не радасць, не шчасце, а страх, жах. Яны не ўбачаць тут ніводнага дома. Мы зробім тут дзікую пустыню, пустыню смерці і крыві! Іх ніхто не выйдзе сустракаць, ніхто: ні адной душы тут не застанецца!..

У Рэйзе, хоць ён меў натуру стрыманую, ад гэтых слоў зацяло дых: які моцны, жорсткі і рашучы чалавек, якія вялікія планы — увесь горад, сотню тысяч людзей...

— Рускія спяшаюцца, пан штурмбанфюрэр, яны думаюць апярэдзіць нас. Але ім гэта не ўдасца!.. Я зараз жа пачынаю выконваць сваю акцыю, з якой і звязана заданне вам. Вы будзеце сачыць за лагерамі — яны павінны як мага хутчэй ачышчацца... Як мага хутчэй!

— Яволь, мой групенфюрэр. Як мага хутчэй!

— Да таго часу, калі мы пойдзем адсюль, усё павінна быць гатова,— тонам загаду растлумачыў Готберг.— Ні аднаго зняволенага не павінна аставацца ў лагерах.

— Яволь, мой групенфюрэр.

— Ні аднаго,— вылучыў генералькамісар. Важкі, бязлітасны позірк, якім ён глядзеў, таксама казаў, як гэтае патрабаванне важнае.— Акрамя таго,— тым жа тонам загаварыў генералькамісар пасля паўзы,— не павінна астацца ніякіх слядоў. Ніякіх слядоў,— падкрэсліў ён.

Вочы Готберга глядзелі таксама ж важка і таксама патрабавалі.

— Яволь. Ніякіх слядоў, мой групенфюрэр!

Адчуўшы, што штурмбанфюрэр галоўную задачу зразумеў, генералькамісар пачаў даваць практычныя парады.

 

6

Рэйзе яшчэ з будынка камісарыята выклікаў машыну. О, ён умеў, дзе трэба, быць і хуткім і рашучым.

Праз якую-небудзь чвэрць гадзіны яго машына падляцела да будынка камендатуры лагера каля вёскі Дразды.

Рэйзе яшчэ на хаду выскачыў з машыны, загадаў зараз жа паклікаць шэфа лагера. Шэфа, аднак, у камендатуры не было, і некалькі салдат з аховы пабеглі шукаць яго.

Шэф з’явіўся расчырванелы, млявы, з сытай санлівасцю ў вачах: яго знайшлі ў сталовай.

— Дзе вы прападаеце? — хмурна і грозна спаткаў яго Рэйзе. Не чакаючы адказу, штурмбанфюрэр скамандаваў: — Хадзем!

Хуткай, рашучай хадой Рэйзе падаўся ў лагер. Выгляд у яго быў такі, што вартавы ля ўваходнай будкі не наважыўся спытаць пропуск, адразу ўзяў «на варту». Штурмбанфюрэр, не зірнуўшы на яго, адно казырнуў для прыліку.

Шырока ступаючы, строгі, непадступны, штурмбанфюрэр цераз запылены, вытаптаны пляц рушыў проста да бліжэйшага, доўгага і нізкага, барака. Увайшоў у яго, не прыпыняючыся, пракрочыў між двух радоў пустых, цесна збітых нар. Застукаў ботамі ў другі барак, у якім сядзела некалькі схуднелых, зняможаных хворых. Не сцішваючы хады, крочыў і крочыў ён па бараках, па дарозе, сярод людзей, што займаліся рознай работай, сядзелі і ляжалі ля баракаў. Ён нават чамусьці палічыў патрэбным зазірнуць на кухню.

Штурмбанфюрэр лавіў на сабе запытальныя позіркі шэфа, што спяшаўся пачціва крыху ззаду, але маўчаў, хаваў і прычыну свайго візіту і свае думкі. Шэф, якога маўчанне штурмбанфюрэра трывожыла ўсё больш, нарэшце не вытрываў, паскардзіўся, што каманда ў лагеры малаватая, але Рэйзе не адказаў яму.

Зрабіўшы агляд лагера, штурмбанфюрэр вярнуўся да будынка камендатуры, падаўся ў пакой шэфа і, калі той зачыніў за сабой дзверы, пазіраючы пільна ў вочы кругламу, потнаму шэфу, нелагодна спытаў, колькі яшчэ засталося ў лагеры.

Твар шэфа засвяціўся, з гатоўнасцю і надзеяй на разуменне шэф сказаў лічбу.

— Вы доўга яшчэ збіраецеся валаводзіцца? — прамовіў штурмбанфюрэр.

У голасе яго чутны былі злавесныя ноткі. На твар шэфа, што льсніўся тлушчам, нібы лёг цень. На лбе заблішчаў пот.

— Гер штурмбанфюрэр, каманда цэлыя ночы працуе! — Вочы шэфа малілі аб літасці.

Выцершы хустачкай лоб, шыю, шэф хацеў яшчэ штосьці сказаць у апраўданне, але Рэйзе перабіў:

— Вы працуеце вяла, марудна. Дзіўна марудна,— дадаў штурмбанфюрэр з нейкім пагрозным намёкам.

— Але, пан штурмбанфюрэр...

— Да прыходу рускіх вы не ўправіцеся ачысціць лагер нават напалову,— тонам суддзі, што выказвае ўжо бясспрэчнае, цяжкае абвінавачанне, прамовіў штурмбанфюрэр.

Выціраючы лоб і шыю, шэф, хапаючыся, з адчаем апраўдваўся. Але штурмбанфюрэр толькі нездаволена моршчыўся. Не хацеў верыць і слухаць.

Шэф змоўк. Настала цяжкае маўчанне. Штурмбанфюрэр нецярпліва пабарабаніў па стале. Паглядзеў на шэфа так пранізліва, жорстка, што таму стала не па сабе. Лоб зноў заблішчаў потам.

— Можа быць,— загаварыў злавесна штурмбанфюрэр,— вы рашылі перадаць іх... рускім?

Вочы шэфа на момант ашклянелі.

— О, пан штурмбанфюрэр! Як можна так жартаваць! — выціснуў ён.

Начальнік лагера выцер лоб дрыготкаю рукою.

Штурмбанфюрэр з уцехаю назіраў за тым, як у вачах шэфа гарыць спалох, як дрыжыць яго рука. Наганяючы на шэфа страх, штурмбанфюрэр кіраваўся найбольш меркаваннямі справы: падагрэць шэфа, каб рабіў хутчэй. Але чыніў гэта Рэйзе і з ахвоты: ён употай ганарыўся здольнасцю сваёй наганяць страх.

— Я вам даю магчымасць даказаць, што мае падазрэнні не маюць падстаў,— жорстка прамовіў ён. Даючы надзею, штурмбанфюрэр разам і паказваў ясна: літасці не будзе: —Усё будзе залежыць ад таго, як вы справіцеся з далейшым.

— Пан штурмбанфюрэр, я гатовы зрабіць усё, што будзе загадана.

— За двое сутак трэба ўсё ачысціць.

Вочкі пад ілбом, што льсніўся тлушчам і потам, аддана абяцалі: усё будзе зроблена.

— Праз двое сутак у лагеры павінна быць пуста.

Шэф лагера пакляўся, што будзе пуста...

 

Пасля лагера ля Драздоў штурмбанфюрэр наведаў лагер, які размяшчаўся ў горадзе, на вуліцы Шырокай. Адсюль, не заязджаючы ў сталовую паабедаць, ён рушыў на Магілёўскае шасэ. Меў намер да вечара пабыць яшчэ ў лагеры ў Трасцянцы, самым вялікім лагеры.

Тут дзейнасць Рэйзе мела крыху іншы характар. Ён праверыў, як працуюць печы, у якіх паляць трупы,— ніякіх слядоў не павінна заставацца.

Зняўшы пальчаткі, штурмбанфюрэр браў з цёплых пячэй попел і, расцярушваючы яго, разглядаў...

У адным хляве яшчэ дымелі трупы. Штурмбанфюрэр распарадзіўся працаваць без перадыху, усе ночы.

— Мы маем мала часу! Кожная гадзіна, якая марна прапала,— злачынства! Ні адной гадзіны прастою!..

У службовым бараку, які быў недалёка ад хлявоў, Рэйзе накармілі. Было ўжо блізка да вечара: на захадзе, за бярозамі, палала барвовае сонечнае зарыва.

 

РАЗДЗЕЛ VI

 

1

Клава апрытомнела ў нейкай цемнаватай каморцы. Яна ляжала на ложку, накрытая да шыі коўдраю.

Калі Клава расплюшчыла вочы, яна ўбачыла перад сабою незнаёмую жанчыну,— перш за ўсё маршчыністыя рукі, якія папраўлялі падушку пад яе галавой,— старую, выцвілую кофту. Клава крыху павярнула галаву: у жанчыны з-пад хусткі выбілася пасма цёмна-русых, з сівізною, валасоў.

— Прачнулася, дачушка!.. — прамовіла пяшчотна тая, нахіліўшы галаву над дзяўчынаю, і дакранулася мяккаю рукою да Клавінага лба.— Не бойся, гаротніца. Мы свае...

Клава не баялася: яна цяпер нічога не баялася, была абыякавая да ўсяго. Нейкі няцямны позірк яе вачэй безуважна прайшоў па вопратцы жанчыны, утаропіўся ў бярвенні сцяны, на якой блізка вісела амаль пустая торба.

Жанчына павярнула Клаву на спіну. Клавін позірк на хвіліну прыпыніўся на маленькім акенцы, за якім віднелася ціхае шэра-блакітнае неба. Набліжаўся вечар. Блакітны водбліск неба на міг успыхнуў у дзявочых вачах і згас.

Прачнулася яна ўжо ўраніцу. На рамцы і вушаку маленькага акенца цяпер ясна ружавела сонца, а ў куточку шыбкі звінела муха.

Дзяўчына ад яркага, прамяністага святла прыплюшчыла вочы, прыслухалася да звону мухі,— гэты гук здаўся ёй радаснай музыкай, і Клава, не варушачыся, нейкі час слухала яго. Калі ж з намаганнем павярнула галаву і ўбачыла на сцяне сонечны зайчык, шэрыя шчокі яе нібы паяснелі, а поўныя, без крывінкі губы кранула нясмелая ўсмешка.

Але ўсмешка хутка занямела, і твар спахмурнеў. Перастаўшы заўважаць усё вакол, яна доўга ляжала нерухома з выразам цяжкай засяроджанасці. Ажылая памяць раптам пачала вяртаць з забыцця разрозненыя з’явы перажытага. Спачатку гэта былі бязладныя гукі, разарваныя малюнкі, якія, аднак, абуджалі, трывожылі яе, прасвятлялі памяць. Потым, страшачыся, халадзеючы, яна стала згадваць апошняе світанне. Тады яе ўзяў такі жах, што яна хутчэй расплюшчыла вочы, каб адагнаць прывіды-ўспаміны. Няўжо ўсё гэта праўда было?

Сэрца халадзела, нямела, калі яна падумала: а што, калі тое зноў вернецца?! Гэта яе так узрушыла, напоўніла такім неспакоем, што зусім абудзіла Клаву, вярнула да жыцця. Тады ўпершыню затрывожыла яе пытанне: дзе яна?

Як яна сюды трапіла?

Яна прыслухалася, нібы чакаючы, што нехта адкажа. Пустая каморка маўчала. Гэтая маўклівасць не толькі не палохала, а спакваля супакойвала знясіленую дзяўчыну.

Яна была амаль зусім спакойнаю, калі дзверы ціха расчыніліся і ўвайшла жанчына. Жанчына была тая ж, якую яна бачыла ўчора. Але Клава не пазнала яе ці, можа, не помніла ўчарашняга. Зірнула насустрач ёй насцярожана і чакаючы.

— Прачнулася, дачушка? — дайшоў да Клавы голас, пяшчотны і спачувальны.

Клаве здалося, быццам яна ўжо недзе чула гэты голас, але дзе — не магла прыгадаць. Ён будзіў у Клавы няясны ўспамін пра штосьці вельмі шчаслівае. Ах, вось дзе яна чула: так калісьці гаварыла маці, калі будзіла ісці ў школу...

Жанчына, як бы песцячы яе словамі, сказала з палёгкай:

— Я ўжо думала, што ты і не прачнешся... Баялася я вельмі за цябе, ой, як баялася... Такая ты кволая была... А ты вось, глядзі,— ажыла! Ажыла, мая ластаўка, гаротніца мая!..

 

2

На другі дзень жанчына села каля Клавы на ложак, разгаварылася.

Яна расказала, як знайшла Клаву ў тую раніцу ў жыце, схавала, а ўвечары прынесла дамоў. Потым пачала бедаваць пра сваё гора, пра тое, што жыве адна, баіцца дужа: дачку Зосю і сына малога, Паўліка, забралі ў Германію. Ёй прыйшлі адтуль тры кароценькія, з прытоенымі намёкамі лісты.

Яна прынесла гэтыя лісты Клаве, пажоўклыя, пацёртыя на загінках, і, калі тая стала моўчкі, аднымі вачыма, чытаць, тлумачыла:

— Пішуць: «Жывецца нам тут вельмі добра, аж хочацца скакаць, як удава Аляксеіха». А гэтая Аляксеіха скочыла летась у раку, утапілася! Знайшлі яе на другі дзень у чароце, каля «Гала»,— кіламетры чатыры адсюль. Каваль Сямён знайшоў... Яшчэ і жанчына была маладая. Не вытрымала, гаротніца, бяды: сына яе Пятра паліцаі павесілі. Партызанам быў яе хлопец, ну і, вядома, калі-нікалі заходзіў у сяло, а паліцаі неяк падсачылі яго ды і схапілі... А то яшчэ, як там? — «Уся надзея на нашага бацьку ды яго таварышаў». То ж ба на Чырвоную Армію, бо іх бацька ў арміі,— яшчэ ў першы год пайшоў...

Яна гэтыя лісты ведала ўжо, мусіць, на памяць.

Праз дзень Клава не ўтрывала, паспрабавала падняцца з ложка. Яна скінула з сябе коўдру і, перасільваючы нязвыклую слабасць ва ўсім целе, села на ложку, спусціла ногі.

Ёй неспадзявана вельмі захацелася пахадзіць! Яна спусціла ногі ніжэй, але, як толькі Клава ступіла на падлогу, перад вачыма яе ўсё адразу захісталася, паплыло, аслабелыя ногі самі сабою падагнуліся. Яна ўпала.

З сянец, пачуўшы стук, трывожна ўбегла Кацярына. Яна спалохалася, убачыўшы, што дзяўчына ляжыць на падлозе, спрабуючы падняцца.

— Што з табой, дачушка? Як гэта ты ўпала, гаротніца? Ты ўставала? Чаму ты ўставала?

— Хацелася пахадзіць...

— Мала што хацелася,— табе няможна яшчэ гэтага!.. Трэба ляжаць, Клаўка! Ляжаць спакойна і не думаць ні пра што, калі хочаш паправіцца хутчэй.

Клава няўпэўнена абаперлася рукой аб падлогу і села. Кацярына, узяўшы дзяўчыну пад рукі, дапамагла ёй устаць. Падняўшыся, трымаючыся за плячо Кацярыны, Клава прайшла некалькі крокаў, потым нечакана папрасілася:

— А цяпер я адна паспрабую...

— Няможна, Клаўка. Не трэба высільвацца.

— Я трошкі! Зусім трошкі!..

Яна зняла сваю руку з пляча цёткі Кацярыны, ступіла яшчэ тры крокі, няцвёрда, хістаючыся, як травінка ад ветру. Спынілася каля акенца, якое было на вышыні яе вачэй, і, абапершыся аб сцяну, пачала ўзрушана пазіраць на двор. Убачыла куст бэзу, дарожку, акаймаваную зялёнаю-зялёнаю травою, далей — учарнелы зруб калодзежа; вочап ёй быў відаць толькі да сярэдзіны,— па траве цягнуўся даўгаваты цень ад яго. За калодзежам расло некалькі маладых яблынь...

— Ну, хопіць, хопіць ужо, Клаўка. Не высільвайся...

У Клавы перад вачыма зноў пачынала ўсё плыць, і, каб Кацярына не падтрымлівала яе, Клава ўпала б у другі раз. Абняўшы дзяўчыну, Кацярына давяла яе да ложка і накрыла коўдраю.

Клава, пазіраючы ў столь, задуменна слухала, як недзе ўгары нясціхна шчабечуць, капышацца ластаўкі.

Пасля перажытага яна прыкметна змянілася. Вясёлая, непаседлівая, гаваркая калісьці, Клава цяпер цэлымі гадзінамі ціха ляжала, думала і думала пра штосьці сваё, толькі ёй вядомае. На запытанні адказвала яна коратка і неахвотна; рухі яе, раней хуткія, парывістыя, сталі стрыманымі, нават павольнымі. Нейкі новы выраз з’явіўся і на яе твары, каля рота не сыходзілі дзве строгія складкі.

Увечары, праходзячы паўз каморку, цётка Кацярына пачула, як Клава хутка і аднастайна, звяртаючыся да кагосьці, гаварыла:

— Ты ляжы ціха... Моцна яны пабілі цябе!.. Але ты, Аленка, не паддавайся,— далей Клавін голас пацішэў, перайшоў у неразборлівы шэпт. Неўзабаве яна загаварыла зноў галасней: — Мяне ўжо чатыры разы цягалі, пячонкі, здаецца, адбілі, а я нічога! Не здаюся!

Яна дзіўна, нядобра засмяялася. Той смех яе быў падобны на стогн. Калі Кацярына слухала гэта, сэрца яе балела ад жалю, ёй хацелася спыніць страшнае трызненне, але яна шкадавала будзіць спакутаванае дзіця.

— Ты першы раз? Калі цябе ўкінулі сюды? Учора?.. А я тут ужо цэлых пяць дзён...— Потым загаварыла гнеўна: — Эх ты, атопак фашысцкі! Думаеш, баюся? Бі, бі, вылюдак!.. спяшайся!.. Нядоўга яшчэ засталося!.. Бі, бі, гад!..— і ўслед за гэтым лагодней: — Тут на мяне дзівяцца — кажуць, шчаслівы характар у мяне. Нібы мне менш як другім баліць... Проста я стараюся прыцішыць, адолець боль! — Клава зноў засмяялася.

Раптам з каморкі пачуўся прыдушаны, жахлівы стогн. Цётка Кацярына не магла больш трываць,— ірванула дзверы і падбегла да ложка. Схіліўшыся над дзяўчынай, Кацярына ўбачыла, што тая ўжо не спіць.

— Што з табой, пакутніца?.. Што, дачушка мая?

— Нічога... Рознае глупства чаўпецца. Прыснілася, нібы «Сонны» мяне б’е — наглядчык такі быў...

Цётка Кацярына дакранулася да Клавінага твару,— ён быў халодны і запатнелы...

— Набалела, ластаўка мая... Супакоіцца б табе трэба...

Жанчына, вобмацкам паправіўшы на Клаве коўдру, заклапочана затупала з каморкі ў хату. Адтуль прынесла шклянку з нейкім настоем:

— Выпі, дачушка,— гэта добра супакойвае. Я, калі ператрывожуся, заўсёды п’ю. Яно нібы трошкі непрыемнае, але ж лякарствы ўсе, пэўна, нясмачныя...

Клава выпіла. Цётка Кацярына да світання не адыходзіла ад Клавы, ціха размаўляла з ёю. Ужо калі ў акенцы пачало спакваля шарэць, Клава нарэшце заснула, не даслухаўшы да канца нейкага апавядання.

 

3

Дзень адышоў. Неба ў пройме акна пазелянела, потым паступова пачарнела. Запалілася электрычная лямпачка.

Ноч цягнулася павольней. На падлозе драмалі, дзе-нідзе перагаворваліся людзі, поблізу Ніны трызніла і стагнала жанчына, якую гестапаўцы прывезлі з «апрацоўкі».

— Хутка прыйдуць зноў — «адпраўляць у дарогу»...— сказала Красуцкая.

Так, хутка прыйдуць браць: або ў лагер, або ў Трасцянец. Яны з’яўляюцца сюды звычайна ў гэты час.

— Дык не забудзьце ўгавор,— зашаптала Ніна Красуцкай. — Калі вы застанецеся жыць, раскажыце пра мяне Аляксею. Знайдзіце яго і раскажыце ўсё. І Тураўца знайдзіце,— ён будзе, мусіць, у Мінску. Скажыце, што я не ашукала яго... А калі мне пашанцуе... калі я застануся, я абяцаю вам...

— Добра, Ніна... Раскажы маім хлопцам, як я тут гаравала. Як гэтыя вылюдкі цягнулі з мяне жылы... Сэрца маё чуе, што ты выратуешся.

— Я не трачу надзеі! Але ўсяк можа быць... Вы тады толькі не гаварыце Аляксею жаласных слоў. Скажыце, што яна — я, значыцца,— была спакойная... Я, бачыце, такая і ёсць: спакойная. Я не баюся!.. Вы чуеце — не баюся!..

Ёй дзіўна хацелася гаварыць. Ці то ад таго, што маўчала доўга, ці ад таго, што не хацела заставацца сам-насам з думкамі. З тым страшным, што адчувала побач і чаго ў душы баялася. Што гнала ад сябе.

І таксама, можа, таму, што разумела: яшчэ трохі і расплачацца. Аддасца адчаю, безнадзейнасці. Пачне дачасна, доўга паміраць...

— Шкада вось дачкі, што застанецца без маці... Цяжка будзе ёй, мусіць... Мама старая ўжо... Хоць бы з Аляксеем было ўсё добра... Баюся за яе...— Яна сціхла заклапочана. Ледзь не заплакала, але адужала сябе.— Я такая радая, што яна ёсць, дачушка мая!.. Я вось магу... не вярнуцца, а яна будзе!.. Мая крывінка, мая ўцеха!.. Калі б вы бачылі, якая яна!..— Ніна ўсміхнулася стрымана, горка. Зноў сціхла, зірнула трывожна: — Яна будзе помніць мяне? Праўда?

— Пра што кажаш! Ды хто ж, Нінка, можа забыць маці!

Успаміны пра дачку развярэдзілі самае чулае ў душы Ніны. Адчувала, што ў яе ўвесь час накіпаюць слёзы. Але яна стрымлівалася. Вось-вось, здаецца, заплача, але не, адольвала горыч, боль. Прыкусіўшы вусны, сціснуўшыся ўся, з пацямнелымі, анямелымі ад пакуты вачыма, сядзела адасоблена, як бы не бачачы нічога навокал.

І ўсё ж не вытрывала: упала на падлогу тварам і зарыдала — моўчкі, адчайна. Доўга, горка рыдала. Потым доўга ляжала ціха, нерухома, нібы стомленая, бяссільная. І калі, абцёршы твар, узнялася, доўга маўчала, упяўшы кудысьці быццам аслеплыя вочы.

— Скажыце Аляксею,— сказала горача, не гледзячы на Красуцкую,— каб помніў мяне без гора, без слёз. І яе навучыў... Не люблю слёз!..— Зноў маўчала. Сказала спакойна: — Вось — цэлы наказ вам дала. І запомніць усё нялёгка... Гэта я так, на ўсякі выпадак...

І зноў сядзела сціснуўшыся, стаіўшыся ў сабе, цяжка, пакутліва адчувала, згадвала, думала...

— Не,— раптам зноў апаліла Красуцкую гарачым шэптам,— я яшчэ паспрабую!.. Як там ні будзе, паспрабую!.. Хоць на дрот электрычны кінуся!.. А паспрабую!..

 

Гестапаўцы ўвайшлі ў камеру пад поўнач. Пачалі выклікаць прозвішча за прозвішчам: так, як і ўчора, яны вельмі спяшаліся, — падганялі зняволеных лаянкай і кулакамі. «Мяне, мусіць, таксама возьмуць»,— чакала з трывогай Ніна. Але і на гэты раз яе не выклікалі.

Праз гадзіну прыблізна гестапаўцы зноў з’явіліся і вывелі яшчэ адну групу.

Пасля поўначы ўварваліся ў трэці раз: чатыры п’яныя ўзброеныя аўтаматамі эсэсаўцы. Адзін з іх, у чорным бліскучым дажджавіку і ссунутай набок фуражцы, выняўшы паперку, крыкнуў:

— Лакуновіч...

Ніна не пазнала свайго прозвішча, яно ўпершыню здалося нібы чужым.

«Каго гэта? Мяне?.. Ну так, мяне». Як ні рыхтавалася загадзя да гэтага, да самага паганага, усё ж адчула, як усярэдзіне раптам пахаладзела, як раптам аслабела ўся. Ногі, рукі сталі недарэчы непаслухмянымі. Як падрыхтаванае загадзя, схіліўшыся да Красуцкай, вымавіла хрыпата, нібы не сваім голасам:

— Глядзіце ж, не забудзьце... угавор...

Адчуваючы дрыжэнне ва ўсім целе, з намаганнем узнялася. На час зноў свет вакол як бы апусцеў, і яна нібы сама не ішла, а хтосьці нёс яе. Хтосьці вёў яе на чужых нагах.

Гестапаўцы адразу схапілі яе, сталі штурхаць да выхада. Тады анямеласць раптам знікла, і яна зноў усё ўбачыла дзіўна востра, ярка: камеру, людзей. Камера была ціхая, людзі ўсе глядзелі на яе. Глядзелі з увагай, са спачуваннем, са страхам.

Яна нібы нанава зразумела ўсё, што адбываецца.

— Родныя... бывайце! — сказала яна.— Чакайце... Нашы ўжо блізка!..

Яна сказала ціха, хрыпла, але горача. Ёй вельмі хацелася сказаць, заявіць, можа, напаследак аб сабе. Гэта было як імкненне застацца ў людзях, не знікнуць бясследна...

Гестапавец злосна таўхануў яе ў калідор.

Услед за ёй з камеры вывелі яшчэ некалькі чалавек.

Па калідоры, груба лаючы і б’ючы, выгналі на двор. У твар Ніны ўдарыла халаднаватай свежасцю начнога паветра. Закружылася галава, і Ніне здалося, што яна задыхаецца ад гэтай свежасці: даўно-даўно яна не дыхала такім паветрам.

Тут стаяла грузавая машына з адкінутай задняй сценкай кузава. «Добра, што грузавік някрыты»,— падумала Ніна. Адзін з канваіраў кішанёвым ліхтарыкам асвятліў жалезную драбінку, што была падстаўлена да кузава, і загадаў па ёй падымацца:

— Шнэль... ауф!

Жанчына, якая ўзыходзіла трэцяй, раптам пахіснулася і ўпала б, але да яе падскочыў адзін з турэмшчыкаў, падхапіў і падтрымаў, пакуль узнялася.

— Ты — руская свіння! Паўзеш!..

Ён узлавана піхнуў яе наперад. Жанчына ўпала на дно кузава...

 

4

Эсэсаўцы прымушалі ўзыходзіць па драбінцы амаль уподбег. Падганялі, білі і тых, хто марудзіў, і тых, хто слухаўся загадаў, спяшаўся. Ніну таксама, перад тым як яна ступіла на драбінку, нечым балюча вытнулі ў спіну.

Яна пастаралася ўзняцца адной з першых, каб сесці каля борта. Поруч з ёй апынуліся дзве жанчыны з той жа камеры.

Кузаў набілі поўна... Апошнімі ўзабраліся некалькі эсэсаўцаў з аўтаматамі. Яны селі ззаду...

— Генц, чаго марудзіш, як... ксёндз на імшы! — нецярпліва крыкнуў адзін з іх.

— Управіцеся!..

Той, хто адказаў, курыў. Зацягнуўшыся яшчэ некалькі разоў, ён кінуў цыгарэту і палез у кабінку. Матор загурчаў, то мацнеючы, то слабеючы, потым пачулася роўнае грукатанне.

Вось і настаў той час, пра які яна столькі думала ў камеры. Калі іх павязуць у лагер, то трэба пакуль пачакаць: там будзе час агледзецца, можа, удасца прыдумаць што-небудзь для ратунку. А калі ў Трасцянец, за горад,— трэба вырывацца цяпер. Інакш — будзе позна...

Грузавік выехаў з варот турмы. Па абодвух баках пабеглі назад знявечаныя шкілеты дамоў, горы ламачча, якія сумна чарнелі ў цемры. Навокал было пуста, мёртва. Нідзе ніводнага агеньчыку.

Машына павярнула ўправа, на Чэрвеньскі тракт. Яны едуць не ў лагер, бо лагер у іншым баку, на Шырокай вуліцы... Ну так, іх вязуць у бок Магілёўскага шасэ, да Трасцянца.

— У Трасцянец едзем...— шапнула яна знаёмай жанчыне, што была каля яе.

Яе апанавала туга, самота. «А можа, яшчэ не ў Трасцянец, можа, куды-небудзь у іншае месца»,— паспрабавала яна супакоіць сябе. Ад гэтай думкі палягчэла: і смерць, і вялікая рызыка, якую вяла спроба ўцячы, адыходзілі. Але, як ні супакойвала гэтая падманка, Ніна цешылася нядоўга... Не, вязуць у Трасцянец,— нашто ашукваць сябе, заплюшчваць вочы перад праўдай. Такою страшнаю, жахлівай, што аж халадзее ўсё, аж млосць бярэ, але — праўдай...

Значыцца, марудзіць нельга.

— Я ўцяку! З машыны... Скочу,— шапнула Ніна суседцы ціха. Раптам прамовіла да яе: —Хочаце — разам?

Жанчына некаторы час думала. Потым Ніна адчула поціск яе рукі. Разам! Не можа быць, што ні адной не ўдасца вырвацца.

Ніна зірнула ўперад, на чорнае, як невядомасць, неба: сярод важкай чарнаты гарэла далёкая адзінокая зорка. Ад яе дзіўна маркотнага і вясёлага бляску туга, трывога бралі мацней, але праз іх у Нініным сэрцы прабівалася, трапятала іскрачка, зорка, якая не хацела ні гаснуць, ні слабець. Яе надзея... Можа, гэта яе, Ніны, зорка?..

Насустрач ляцеў вецер, свежы, халаднаваты. Яна прагна ўдыхала яго, востра адчувала яго пругкія парывы. Ад ветру, ад свежасці, ад хвалявання ў яе нібы ўлівалася сіла...

Машына мінула горад. Па тым, што машыну перастала трэсці і колы мякка зашуршалі, Ніна здагадалася: скончыўся брук, пачаўся асфальт. Хутка поле. Вось ужо вецер памацнеў. Наперадзе будзе злева ельнік, ён падыходзіць да самага шасэ.

Там... Там трэба кінуцца...

Тое месца хутка набліжаецца. Як імчыць насустрач шасэ! Гэта добра — не адразу спыняцца. Толькі б скочыць удала, не разбіцца, не вывіхнуць нагу. Скочыць на зямлю і — адразу ў ельнік...

— Хутка скочу. Каля ельніку,— шапнула суседцы.

Няўжо ж пападуць яны! Цёмна. Але ў іх многа аўтаматаў. Як моцна стукае сэрца! Эх, чаго гадаць — пападуць, не пападуць. Смялей!..

Штосьці, імкліва насоўваючыся, зачарнела наперадзе. Яркае святло фар, што хутка беглі па асфальце, прабіваючы змрок, рабіла ноч цямнейшай, і абрысы гэтага чорнага, што ляцела насустрач, ледзь-ледзь значыліся, таямнічыя. Але яна ведала,— гэта мог быць толькі ён, яе надзея. Ельнік...

Ельнік!..

Як толькі цёмны абрыс наляцеў, пабег міма,— яна, нічога больш не думаючы, не разважаючы, чуючы незвычайную лёгкасць у целе, ускочыла, хутка павярнулася, ступіла на дошку борта. У той момант, калі яна, ускінуўшы рукі, адчула, што ўжо ляціць, да слыху яе дайшло ў віхурнай мешаніне раскіданых уражанняў — крык, пагрозны крык тых, што везлі на пагібель...

Крык гэты ў наступны міг прапаў з яе слыху. Яго змяніла новае: балюча ўдарыла ў рукі, у калені зямля, незвычайна цвёрдая, як камень.

Абапершыся колькі сілы на рукі, Ніна з намаганнем усхапілася, узбегла па травяністым адхоне за кюветам, задыхаючыся, кінулася ў ратоўную цемру ельніку.

Цяпер яна нічога не чула вакол — ні свісту ветру, ні стрэлаў, што загучалі ззаду, нават болю ад куль, што, здагнаўшы, упіліся, пранізалі яе. Не зразумела, чаму раптам аслабела, звяла без сілы...

Як горача, як цяжка становіцца ўсярэдзіне. А галава нібы напаўняецца змрокам, чорным, асеннім.

У грудзях палаў палючы, нязносны агонь. Праз змрок і агонь прабілася думка, поўная прагі жыцця і тугі. Апошняя думка яе.

Люда... Дачушка мая, уцеха мая мілая!..

І тут жа ўсё згасла — і агонь, і жыццё...

 

РАЗДЗЕЛ VII

 

1

Недалёка ад Талачына лейтэнант Клямт і яго салдаты разам з усёй дывізіяй сышлі з шасэ на поўдзень.

Калона была даволі вялікая; гледзячы на яе, яшчэ можна было ўспомніць былую моц дывізіі. Але — толькі ўспомніць.

Хто-хто, а Клямт добра ведаў, як многа страціла яна: гэта была ўжо быццам іншая дывізія. Не было ў ёй вельмі многіх ветэранаў-афіцэраў і вопытных салдат. Усе яны палеглі за Оршай.

Між грузавікоў можна бачыць яшчэ нямала гармат. Толькі якая з іх карысць, з гармат, калі ў большасці з іх няма снарадаў. Артылерысты ўсё спадзяюцца, што снарады падвязуць, але снарадаў тых няма ды няма. І калі будуць — невядома...

Не хапае гаручага. З-за нястачы яго кінулі ўжо некалькі аўтамашын, хоць яны былі не лішнія. Уцалелыя транспарцёры і грузавікі перапоўнены салдатамі і унтэр-афіцэрамі.

У роце Клямта — розны зброд, як і ў батальёне і ва ўсёй дывізіі. У кожным падраздзяленні можна сустрэць салдат з рознымі пагонамі, «прадстаўнікоў» усялякіх часцей. Усе перамяшаліся.

Настрой у большасці салдат неспакойны — увесь час ходзяць то абнадзейлівыя, то трывожныя чуткі:

— Рускія танкі... Наперадзе справа... Многа танкаў...

— З імі — «кацюшы». Дывізія «кацюш»... Напэўна, сталі ў засаду. Чакаюць, калі падыдзем...

— Батальён сапёраў ішоў справа ад нас... Учора наляцелі рускія танкі — раздавілі ўсіх...

— Палавіну ў палон забралі. Мне гаварыў Гофман з трэцяй роты...

— Гавораць, да нас ідзе корпус. На дапамогу. Фюрэр паслаў... Яны ўжо каля Барысава...

— Пад Барысавам многа войск. Чакаюць толькі, калі рускія падыдуць. Дадуць бальшавікам!..

— Кацёл рускім зробяць...

— Мне казалі, што фюрэр даў загад ужыць новую зброю. Сакрэтную... Першага ліпеня!

— Так? Гэта — каласальна! Усё зменіць адразу!..

Яны занепакоена паглядваюць у блакітнае высокае неба. Там амаль бесперапынна гудуць і звіняць чародкамі і вялікімі групамі савецкія самалёты. Праўда, яны звычайна ідуць на нейкія іншыя цэлі, але некаторыя з іх абстрэльваюць калону, кідаюць бомбы.

Учора адна бомба ўцэліла ў кузаў грузавіка, пашматала і машыну, і ўсіх, хто там быў...

Ад самалётаў няма нідзе ратунку.

«Адкуль у рускіх столькі самалётаў?! І чаму мала відаць нашых? Куды яны падзеліся? Што з імі?..» — здзіўляўся Клямт.

Снарадаў так і не дачакаліся. Гаручае таксама не падвозілі, і таму амаль усе гарматы прыйшлося кінуць. Іх кінулі надвячоркам на ціхім узлессі. Некалькі гармат артылерысты ўзарвалі: зарадзілі ў апошні раз і, насыпаўшы ў ствалы пяску, стрэлілі.

— Што гэта? — запытаў хтосьці з салдат, пачуўшы выбухі.

Другі адказаў нервова:

— Гарматы ўзрываюць... Каб ісці было лягчэй.

— Так, чаго добрага, станем хутка такімі лёгкімі, што і паляцець зможам...

— ...на неба!

Назаўтра калону абстралялі з ляска наводдаль: білі з кулямётаў і дробных мінамётаў. Міны выбухалі проста на дарозе. Ударылі так неспадзявана і дакладна, што вялікая ўзброеная калона разгубілася, кінулася з дарогі ў поле. Добра, што баявыя падраздзяленні хутка апамяталіся, залеглі. Арганізавалі абарону, сталі біць па лесе, у тым ліку з мінамётаў.

Відаць, там была групка партызан. Калі адзін батальён, у якім быў і Клямт, перабежкамі рушыў да лесу, у контратаку, у лесе змоўклі. Зніклі.

Салдаты вярнуліся да машын прыкметна павесялелыя.

Рушылі далей. На дарогах, перасохлых ад гарачыні, уздымаліся хмары пылу. Ішлі ў гэтых хмарах, задыхаліся, кашлялі.

Недзе збоку, ззаду, як відаць было з тапаграфічных карт, засталіся Крупкі. Набліжаўся Барысаў. Ён быў цяпер ужо недзе на сярэдзіне паміж захадам і поўначчу.

На беразе невялікай рэчкі калона спынілася.

— Што там, пан лейтэнант? Чаму сталі?..— запытаўся ў Клямта руды даўгарукі салдат Трэйдэ.

— Прыпынак, відаць.

Лейтэнант рашуча пакрочыў наперад, каб даведацца, што здарылася. Наперадзе быў нізкі зялёны луг з мноствам купін, за ім між зарасніку кустоў і асакі віднелася вада. Рака. Пасярод лугу да ракі значыўся невысокі насып, па якім ішла да ракі дарога. Насып ля вады абрываўся. Моста не было.

Каля рэчкі лейтэнант Клямт убачыў групу афіцэраў і падышоў да іх. Наводдаль была яшчэ адна групка, у якой Клямт пазнаў доўгага, запыленага, з перавязанай, падвешанай на хустачцы, рукой генерала, камандзіра дывізіі. Лейтэнант запытаў ціха ў знаёмага афіцэра, чаму стаіць калона.

— Не бачыш?.. Мост узарваны!

Два салдаты, не раздзеўшыся, хадзілі ў вадзе, якая дасягала ім шыі,— мерылі глыбіню.

— Пракляцце! Паўдня таптацца будзем, пакуль пераправімся праз гэты ручай,— сказаў адзін з афіцэраў.

Некалькі чалавек кіраваліся абследаваць берагі і рэчку па другі бок ад насыпу. Ідучы ўсцяж берага, яны штосьці абмяркоўвалі, азіралі. Здалёк было зразумела: выбіралі найбольш трывалы грунт. Лейтэнанту Клямту не цярпелася стаяць і гадаць здалёк, што там у іх выходзіць, і ён лугам па куп’і рушыў да іх. Яшчэ па дарозе да іх адзначыў: такога грунту, каб па ім маглі прайсці машыны, ля берага не было. Дзе-нідзе тут нават уздыхала пад нагамі дрыгва.

Выбралі проста больш сухое месца...

Адразу, як вызначылі яго, тры салдаты раздзеліся і, пакінуўшы адзенне на беразе, падаліся ў ваду. Рэчка тут аказалася акурат неглыбокай. Можна было б перапраўляцца.

Уся закавыка была ў тым, ці вытрымае грузавікі гэты пракляты луг перад берагам.

— Ну што ж, паспрабуем! — рашыў маёр, які кіраваў пераправаю, і загадаў, каб падалі першую машыну. Яна прайшла амаль да рэчкі, але ля самага берага ўгрузла. Па камандзе маёра дзесяткі два ці тры салдат акружылі яе, выцягнулі на сваіх плячах і пераправілі на той бок... Другая таксама засела і яшчэ больш.

— Тут валтузні да раніцы! — сказаў хтосьці нявесела.

Сюды падышоў генерал, распарадзіўся рабіць грэблю.

Пачуліся каманды, і натоўп, што дасюль назіраў толькі, набыў мэтанакіраванае імкненне. Стаў праяўляцца ўзорны нямецкі парадак: пайшлі ў бой цесакі, затрашчалі кусты, дрэўцы на беразе. Салдаты з галлём і дрэўцамі энергічна заснавалі па лузе, пачалі высцілаць дарогу цераз балота.

Нямецкая энергія і арганізаванасць хутка зрабілі б сваё, але на лузе, каля пераправы, між заклапочаных салдат раптам сталі выбухаць міны.

Узорная, мэтанакіраваная дзейнасць на беразе адразу разладзілася. Цесакі спыніліся, ссечаныя дрэўцы выпалі з рук. Салдаты, афіцэры стараліся зразумець, што адбылося.

— Рускія, рускія... Прарваліся...— пайшло трывожнае.

Загучалі хапатлівыя каманды: па месцах, падрыхтавацца да бою, і лейтэнант адразу заспяшаўся да сваіх.

Ледзь дабегшы да роты, ён пачаў арганізоўваць салдат, што, залёгшы ў жыце, бязладна стралялі. І тут, дзякуючы энергічным захадам, пачаў наладжвацца парадак.

Лейтэнант Клямт быў упэўнены, што напалі таксама партызаны, невялікая групка, і іх хутка ўдасца адбіць. Але неўзабаве да рускіх мін далучыліся кулямёты, наводдаль адзначыліся ў руху бронетранспарцёры. Падобна было, што гэта — армія і што рускія канцэнтруюць сілы...

Мусіць, гэта ўжо зразумелі і іншыя. Не зважаючы на загад трымацца, адбіваць рускіх, узводы, хоць і страляючы, усё адыходзілі ад дарогі.

Стараючыся паправіць становішча, лейтэнант загадаў акапацца, спыніць адыход. Узводы залеглі, перасталі адступаць, пачалі рупліва завіхацца лапаткамі, але сітуацыя непакоіла лейтэнанта. Рускія канцэнтравалі сілы, а пераправы ззаду няма. І падтрымкі артылерыі таксама няма і не будзе...

Стоячы ў акопчыку, лейтэнант пачуў, што яго клічуць.

— Лейтэнант Клямт. Дзе лейтэнант?

— Я тут. Што там такое? — Да Клямта, прыгінаючыся, асцярожліва падбег сувязны ад капітана Штаме, камандзіра батальёна. Ён перадаў загад — перапраўляцца ўброд.

— Адным? А як жа машыны? — захваляваўся Клямт.

— Машыны падпаліць і кінуць.

 

2

Прыкрываючыся заслонам, які стрымліваў рускіх, пачалі перапраўляцца. Перапраўляліся хутка: час быў дарагі.

Усцяж берага зноў акапаліся, занялі абарону. Бачылі, як за рэчкай сумна дымяць кінутыя машыны.

Ледзь змерклася, зняліся з месца і рушылі далей, пешкі. Рухацца цяпер сталі марудна-марудна. Рух замаруджвала тое, што дарога была палявая, невядомая, цемра яшчэ больш затрымлівала.

У гэтай агіднай маруднасці сустрэлі і раніцу. Да якой-небудзь бярозы ці хвоі, што віднеліся наводдаль, даводзілася цягнуцца цэлую гадзіну. Салдаты і афіцэры за ноч стаміліся. Зброя, якую неслі на плячах, станавілася ўсё цяжэйшай. Каб даць адпачыць, зрабілі прыпынак на тры гадзіны ў лесе ля дарогі. Але і пасля прыпынку некаторыя зноў адставалі, калона ўсё расцягвалася.

Лейтэнанта Клямта абурала гэтая небяспечная расхлябанасць, ён энергічна дабіваўся парадку.

— Хто там паўзе ззаду, чорт вазьмі! Эй, Трэйдэ, хутчэй! І вы, астатнія,— падцягнуцца!

Лейтэнант паклікаў да сябе обер-яфрэйтара Келера, што выконваў абавязкі камандзіра ўзвода, строга наказаў яму за патуранне разбэшчанасці. Загадаў неадкладна прывесці ўзвод у належны стан.

Келер выслухаў вымову з абуральным спакоем, узяў загад амаль абыякава. Лейтэнант Клямт нават улавіў ледзяны выраз у яго вачах. Мімаволі ўзнікла ў галаве разважлівае: на гэтага яфрэйтара нельга спадзявацца. Угневаны агідным стаўленнем обер-яфрэйтара да абавязкаў, Клямт згадаў мінулыя спрэчкі з ім, зноў адчуў да Келера непрыхільнасць, нават варожасць.

«Трэба сачыць за ім,— падумаў пра Келера.— Першы зручны выпадак, і ён здрадзіць...» Калі б не такое няпэўнае становішча, ён неадменна зняў бы яфрэйтара з камандзіраў і далажыў бы пра яго паводзіны каму належыць. Ён пашкадаваў, што не зрабіў гэтага, калі можна было, у час блакады партызан, напрыклад. Ці пазней, да рускага наступлення. Ён папракнуў сябе за недаравальны, злачынны лібералізм. «Нічога, — падумаў, супакойваючы сябе,— прыйдзе час, да гэтага можна будзе вярнуцца...»

Хутка лейтэнанту давялося затрывожыцца пра іншае: аказалася, што батальён адарваўся ад штаба палка.

Усім, што заставалася ад батальёна, камандаваў цяпер капітан Штаме, прысланы пасля смерці ранейшага камандзіра, яшчэ на другі дзень рускага наступлення. Штаме амаль заўсёды быў п’яны і пануры, ледзь што — кіпеў, крычаў, пагражаў пісталетам. Нават Клямт асцерагаўся яго, але лейтэнанта супакойвала думка, што круты чалавек гэты не падвядзе ў цяжкую хвіліну.

— Дзе гэты пракляты штаб! — падышоўшы да Клямта, сказаў злосна капітан. Ён глядзеў спадылба і з гневам: нібы лейтэнант быў вінаваты ў тым, што здарылася.

Было падобна, што ён чакае ад лейтэнанта адказу. Клямт збянтэжыўся.

— Не ведаю, пан капітан. Відаць, адарваўся.

— «Адарваўся»! — Капітан нядобра пажаваў губамі. Нібы з пагардай.— Гэтыя чысцюлі знарок адарваліся! Каб выбрацца сухімі! Ясна?

Вялікі, пануры, ён зноў чакаў адказу.

— Так, капітан.— Не захацеў лезці ў недарэчную спрэчку лейтэнант.

Лейтэнанту не падабаўся гэты непаважлівы тон гаворкі пра камандаванне і тым больш агіднае падазрэнне, на якое наводзіў Штаме. Ён з гаркотаю думаў пра тое, як нядобра заблытаўся лёс: у такі адказны момант батальён апынуўся ў руках нягоднага п’яніцы, і сувязь з камандаваннем перарвалася.

Горш за ўсё гняло тое, што абстаноўка ў цэлым была зусім невядомая. Многія лічаць, што трэба як хутчэй дабірацца да Барысава, але хто скажа, што чакае там, у Барысаве? Ці не чакаюць там ужо бальшавікі?

Настрой салдат надзвычай псавала тое, што амаль адразу ж, як давялося кінуць машыны, парушылася харчаванне. Раніцай, праўда, выдалі па пачку галет, але з таго часу быццам ніхто не клапаціўся пра салдацкі страўнік. Гэта асабліва дзейнічала: бо голад, акрамя таго, што ўводзіў у злосць салдат, разам з тым уводзіў у іх думкі пра бяссільнасць камандавання.

Лейтэнант арганізоўваў харчаванне салдат за кошт туземнага насельніцтва. Калі займалі ўцалелую вёску, ён рабіў невялікі прыпынак, каб прайсціся па хатах, па склепах. Гэта падмацоўвала роту, дапамагала падтрымліваць баяздольны настрой.

 

Трэба было б адпачыць, але ўсе, хто мог ісці, стараліся не спыняцца. Хацелася хутчэй прабіцца да сваіх.

Ужо блізка быў канец доўгаму дню, калі дарогу наперадзе перасеклі тры танкі. Спачатку ніхто не ведаў, чые гэта, спрачаліся: савецкія ці нямецкія.

Танкі спыніліся, таксама нейкі час як бы прыглядваліся.

Потым яны развярнуліся, навялі свае гарматы і ўдарылі па калоне. Салдаты — хто куды — рассеяліся па полі, па хмызняку. Да таго, як удалося што-небудзь зрабіць для абароны, танкі зноў узялі ранейшы кірунак і неўзабаве зніклі за пагоркам.

На дарозе стала ціха, рэшткі рот паступова пачалі збірацца зноў. Усе былі ўстрывожаны: чакалі, што за гэтымі танкамі прыйдуць іншыя, асноўныя сілы. Калі сабраліся, высветлілася, што той-сёй з салдат не вярнуўся і, што асабліва ўразіла Клямта,— прапаў капітан Штаме!

Клямт паслаў салдат шукаць, і яго хутка знайшлі каля варонкі пры дарозе. Выбух снарада вырваў бок, вываліў кішкі... Трэба ж здарыцца такому: амаль адзіная ахвяра і іменна — камандзір батальёна.

Лейтэнант загадаў годна пахаваць яго. Спехам выкапалі неглыбокую яму тут жа ля варонкі і засыпалі зямлёй...

Адарваны ад палка, батальён апынуўся без камандзіра. У такую цяжкую хвіліну, у няяснай, найнебяспечнай абстаноўцы.

Надышоў час цяжкага выпрабавання.

Абставіны патрабавалі рашучых дзеянняў. Лейтэнант зразумеў гэта адразу, як толькі знайшлі забітым капітана Штаме. Ён, лейтэнант Клямт, цяпер аказаўся ў батальёне адным са старшых па званні.

Зразумеўшы значэнне гэтых абставін, лейтэнант, не марудзячы і не вагаючыся, узяў камандаванне батальёнам на сябе. Якое ні цяжкае было становішча, тое, што ён прыняў такое важнае рашэнне і ўзначаліў батальён, надало яму энергіі і ўпэўненасці.

Прыцішанае трывогаю і клопатам, у ім таілася прадчуванне, што, можа быць, гэта яго шчаслівая хвіліна. Хвіліна, пачынаючы з якой лёс павядзе яго крута ўгару. Хвіліна, якая пакажа ўсю моц яго здаровага нямецкага духу, яго вайсковую годнасць, якая была столькі часу незаслужана непрыкмечанаю.

З разуменнем асаблівай значнасці місіі, якая выпала на яго долю, вывеў лейтэнант Клямт батальён у нялёгкую дарогу. Ён выбраў абходны шлях, каб абмінуць тое месца, адкуль білі танкі і куды яны пайшлі.

Ён умела правёў батальён міма танканебяспечных месц. Танкі больш не нападалі на іх.

Ужо ў вячэрнім змроку да Клямта, які ўсё ішоў наперад са сваім «батальёнам», пад’ехаў на кані афіцэр сувязі ад штаба палка.

— Дзе камандзір батальёна? — запытаўся сувязны. Ён сядзеў на кані і рабіў дзіўнае ўражанне: на гэтым нязвыклым сродку руху. У іншы час можна было б пажартаваць, але цяпер было не да жартаў.

Лейтэнант адказаў:

— Абавязкі камандзіра батальёна выконваю я.

— А што з капітанам Штаме?

— Капітан Штаме загінуў.

— Калі? — нібы не паверыў сувязны.

Лейтэнант адказаў цярпліва:

— У час атакі рускіх танкаў...

Сувязны нарэшце зразумеў усё. Зразумеўшы ўсё, ён пачаў абыходзіцца з лейтэнантам больш пачціва. Саскочыўшы з каня, з павагай выпрастаўшыся, перадаў лейтэнанту загад камандзіра палка: фарсіраваным тэмпам весці батальён да ракі. Паведаміў, што штаб палка — праз тры кіламетры. Паказаўшы на карце пункт, дзе трэба лейтэнанту быць, сувязны заспяшаўся назад...

Значыцца, усё папраўляецца. Усё наладжваецца, як ён і спадзяваўся. Усё будзе добра.

 

3

Лейтэнант са сваім батальёнам рыхтаваўся да бою. Салдаты капалі на беразе ракі акопчыкі, капалі неахвотна і ляніва, не інакш, лічылі, што робяць лішняе.

Калі яны, аднак, зрабілі ўсё як належыць, то ў гэтым заслуга лейтэнанта Клямта.

Абарону батальёна праверыў сам камандзір дывізіі. Генералу спадабаліся акопы і стараннасць цяперашняга батальённага камандзіра, і ён даў зразумець, што вельмі цэніць руплівасць лейтэнанта.

Клямт быў усцешаны генеральскай увагай. Нягледзячы на цяжкую абстаноўку, ён адчуваў у сабе ўздым духу. Лейтэнанта ўзрушала прадчуванне іншай будучыні: пасля таго як установіцца парадак,— а чакаць гэтага, ён быў упэўнены, не прыйдзецца доўга,— ён, лейтэнант Клямт, будзе камандаваць батальёнам. Яго, вядома, не здымуць з пасады, якую ён заняў у найцяжэйшы момант, якая даверана яму лёсам, на якой ён ужо цяпер працуе ды яшчэ з такім поспехам. Ён будзе камандзірам сапраўднага батальёна.

Лейтэнант — тады ён, пэўна, будзе ўжо не лейтэнантам — зможа з годнасцю гаварыць — у цяжкую хвіліну выпрабавання ён застаўся верным бацькаўшчыне і фюрэру. Ён не зганьбіў сябе і чэсці немца...

Аднак лёс не даў разгарнуцца як след таленту новага камандзіра батальёна: акопчыкі, старанна выкапаныя, давялося пакінуць без бою. На іх ніхто цяпер не наступаў. Лейтэнант Клямт чуў, што бальшавікі яшчэ ў тую ж ноч на поўдні прарваліся далёка ў тыл пазіцый дывізіі...

Пачалося зноў адступленне, якое паслабляла батальён горш за любы бой. Салдаты ўсё больш дэмаралізаваліся, адчайваліся, цэлымі групамі адставалі. Лейтэнант Клямт адчуваў, як сярод іх пашыраецца дух непаслушэнства і абыякавасці да камандзіраў. Яны, падобна, не хацелі прызнаваць лейтэнанта Клямта за камандзіра батальёна, здавалася, пазіралі на яго як на выскачку і нават самазванца...

Яснай чэрвеньскай раніцаю, калі ўсё навокал зіхцела ад сонца, на калону палка, што адступала цераз поле, зноў наскочылі савецкія танкі. Вялікая група, больш за дзесятак танкаў. На машынах, вакол вежаў, сядзелі напагатове аўтаматчыкі.

Танкі так неспадзявана і імкліва атакавалі калону, што полк не мог ні арганізаваць супраціўлення, ні хоць бы адступіць у парадку. Салдаты і афіцэры, агаломшаныя неспадзяванай атакай, не здолелі што-небудзь зрабіць у адказ, вымушаны былі ратавацца хто як. На апусцелай дарозе засталося толькі некалькі павозак ды трупы...

На шчасце, поблізу быў лес, і лейтэнант Клямт, угнуўшы галаву ў плечы, што сілы пабег да яго. Ён чуў за сабой стрэлы з танкавых гармат і кулямётныя чэргі. То там, то тут лавілі яго востры свіст снарадаў і блізкія выбухі.

Яны падганялі лейтэнанта. Дабегчы, паспець! Хутчэй. Нельга збаўляць бегу. Хутчэй у лес: там адзіны ратунак...

Убегшы ў асіннік, ён адчуў, што задыхаецца, і пайшоў цішэй. У полі стрэлы сціхлі, чулася толькі фырканне матораў, ляскат гусеніц ды незразумелыя загадныя воклічы.

Ён знайшоў лагчынку, зарослую травою і маладымі дрэўцамі, між якіх было многа густалістага арэшніку. Лейтэнант упоўз пад гэтую навісь цяністай зеляніны і лёг, прыслухоўваючыся да гукаў з поля.

Ён заўважыў: па хмызняку навокал дзёрліся, хаваліся многія салдаты, што ўцяклі ад рускіх.

Неўзабаве Клямт пачуў, што рускія сталі прачэсваць лес.

Ён стаў шукаць больш надзейнай сховы. Калі прадзіраўся праз гушчар, лейтэнант наткнуўся на свайго салдата Трэйдэ, але зрабіў выгляд, што не пазнаў яго.

Лейтэнант Клямт зашыўся ў такі зараснік, што здавалася, быццам надышоў вечар. Было сыра, і моцна пахла прэллю.

Да лейтэнанта даносіліся галасы і чэргі рускіх аўтаматчыкаў. Яны ўсё набліжаліся. Лейтэнант уважліва прыслухоўваўся: яны станавіліся такімі блізкімі, што трэба было быць гатовым да ўсяго. Можна было трапіць проста пад сляпую чаргу.

Чым бліжэй, тым шырэй была пераклічка галасоў. Чуліся яны і справа, і злева і — убаку — нават нібы ўжо ззаду. Рускія падыходзілі ўжо амаль упрытык і амаль не стралялі. Ён трохі ўзняўся і стаў пільна сачыць. Наколькі можна было праз лісце і галлё зараснікаў.

Раптам праз бязладную вязь галля лейтэнант убачыў рускіх. Іх было трое. Адзін з іх, наставіўшы аўтамат, па-нямецку скамандаваў камусьці ўстаць.

Падняўся салдат у нямецкім мундзіры. Гэта быў Трэйдэ. Калі ён сюды забраўся, Клямт не заўважыў. Мусіць, перапоўз.

Лейтэнант адшпіліў кабуру, выняў пісталет і паставіў на баявы ўзвод. Ён жывым не дасца. Перш чым памрэ, ён заб’е іх,— раней за ўсё чарнявага порсткага сержанта...

Клямт мімаволі стаў націскаць спускавы кручок пісталета — хацелася прадзіравіць жваваму рускаму галаву.

Але рускі сержант рэзка махнуў рукой.

— Усё! Пойдзем, хлопцы!

Гэта выратавала лейтэнанта і рускага.

Яны пайшлі.

 

ЧАСТКА ПЯТАЯ

 

РАЗДЗЕЛ І

 

1

Дарога, дарога.

Дрыжыць, млее ўдалечыні лёгкая, блакітная смуга. Яна вабіць, цягне да сябе. Смуга ахінае далёкія вёскі, узгоркі, палі, пералескі. Хочацца хутчэй дайсці да іх, убачыць усё вачыма так, як яно ёсць.

Дарога хутка прыводзіць да тых палян і пералескаў. Але — смуга зноў далей мігціць. І зноў далячынь наперадзе, якая вабіць і кліча.

Прырода расхіналася перад танкістамі вялікім прасторам, зменным, рухомым,— кожную хвіліну ішло насустрач, паўставала перад вачыма новае.

Лясы, лугі квітнелі, як ніколі, буйна, упарта. Ва ўсёй зялёнай красе стаялі дубы, раскідвалі шырока галлё з лапчастым рэзным лісцем, годна трымалі свае кучаравыя вяршыні з меднымі галінамі-жыламі сосны, ірвалася на святло, на дарогі ўпартая лясная драбната, ад якой было аж цёмна ў лесе,— рабіны, арэшнік, беразнячок.

Спела азіміна. Пачыналі выганяць вострыя трубкі яравая пшаніца, аўсы...

Калі танкі ішлі па лясной дарозе, то дрэвы галінкамі і лістамі-далонямі дакраналіся да брані, гладзілі запыленых аўтаматчыкаў і чорных танкістаў, што сядзелі на вежах. Пагладзіўшы, дрэвы потым доўга ківалі ім услед галінамі, быццам развітваліся.

Усюды былі бачны жорсткія знакі вайны, даўнія і новыя. Варонкі, пажарышчы, пустыры. Запусценне ў сёлах і на палях, дзе палоскі жытоў межавалі з шырокімі зараснікамі рознага пустазелля. Але прырода нібы старалася прыхаваць, сцерці гэтыя страшныя раны, упрыгожыла зямлю ўсім магчымым летнім хараством. Нібы праз гора і слёзы імкнулася ззяць, мужна і абнадзейліва.

— Глядзі, як прырода сустракае нас! — сказаў аднойчы Колышаву Гогабярыдзе.— Прыбралася, як дзяўчына.

— Не, таварыш лейтэнант. Лепш,— як маці, якая сустракае сыноў...

Сандро ўспамінаўся першы год вайны. Тады таксама буялі лясы, але ў той час бачыць усё гэта было горка. Горка было ведаць, што яно дастанецца заклятаму чужынцу...

А цяпер — як не радавацца цяпер гэтаму хараству, багаццю гэтаму: яно зноў нашае!..

 

У ціхай, амаль пустой вёсцы, дзе танкі прыпыніліся, да лейтэнанта Гогабярыдзе нясмела падышоў белабровы босы хлопчык у зрэбным.

— Дзядзечка, вы, кажуць, тут начальнік...

— Калі кажуць, то, відаць, так і ёсць,— адказаў Сандро, расчэсваючы каштанавыя валасы, падстрыжаныя пад «паўбокс».— Начальнік, хоць і малы... А што такое, герой?

Танкі толькі што, здаецца, спыніліся, але Сандро ўжо неяк управіўся памыцца, пагаліцца і нават крыху пачысціцца.

— Там,— хлопчык кіўнуў убок рукою,— лагер... Немцы людзей пасадзілі... Яны іх, дзядзечка, усіх перастраляюць...

— Лагер, кажаш? — камандзір стаў сур’ёзны.— А ты гэта добра ведаеш, што там — лагер? Добра?..

Хлопчык сказаў, што там у лагеры сядзіць Сцяпан, яго брат, і яшчэ сядзяць людзі з іх сяла. Туды хадзілі, насілі перадачы, але немцы не любяць, калі прыносяць перадачы. Забіраюць іх сабе. А часта і да лагера не падпускаюць, страляюць.

Словы хлопчыка пацвердзіла жанчына, у якой Сандро ўзяў вядро для вады. Лагер. Многа народу.

— Гэта нельга так аставіць...— згадзіўся Сандро, бачачы, з якой надзеяй глядзіць на яго хлопец.— Далёка ён?

Да лагера, сказала жанчына,— вёрст пяць-шэсць. Сандро стаў хапатліва зашпільваць гузікі, надзеў шлем. Па тым, як хутка ён рабіў усё, які бляск быў у невялікіх карых вачах, было відаць, што Сандро рашыў дзейнічаць неадкладна.

Ён адразу ж рушыў да камандзіра роты. Ужо на хаду гукнуў хлопчыка з сабой.

Ледзь падышоў да Аляксея, горача перадаў, што паведаміў хлопец. Нібы, каб давесці лепш, падштурхнуў хлопчыка да Аляксея: вось, паслухай!

— Трэба памагчы, Аляксей! Зараз жа! — заявіў Сандро. Тое, што хлопчык пазіраў па-ранейшаму з надзеяй на яго, выклікала ў Сандро разуменне асаблівага абавязку яго ў гэтай справе.

Аляксей вестку пра лагер узяў таксама, было відаць, блізка да сэрца, але сказаў Сандро, што загадана вось-вось быць гатовымі выступаць.

— Ну і выступай! — адазваўся Сандро.— Тут трэба толькі адну машыну і аўтаматчыкаў! Падумаеш — лагер! Якая там ахова! Адну маю машыну і аўтаматчыкаў! Усё зраблю! Праз пятнаццаць мінут далажу!

Аляксей не падтрымаў ваяўнічага настрою Сандро: выдзеліў яшчэ машыну і папярэдзіў, каб былі асцярожнымі. Былі гатовымі да ўсяго. І загадаў не затрымлівацца.

Гогабярыдзе пакляўся, што ўсё будзе зроблена хутка і добра. Казырнуў і адразу пабег да машыны.

— Іду вызваляць лагер! Ты застанешся? — затрымаўся Сандро на момант ля Колышава. Той сядзеў з аўтаматчыкамі ў ценю плота.

Колышаў ускочыў:

— Не, паеду з вамі. Калі дазволіце...

— Давай.

Колышаў мог застацца. Як «бясконны», ён мог перасесці на іншую машыну. Але яго вабіла незвычайная, важная справа, якую даручылі Гогабярыдзе. Акрамя таго, Колышаў лічыў законам для сябе: нідзе не адставаць ад таварышаў. Асабліва тады, калі мог быць бой.

Гогабярыдзе даручыў яму камандаваць аўтаматчыкамі абедзвюх машын. Праўда, гэтага можна было б цяпер і не гаварыць: Колышаў ужо сам сабой як бы стаў іх камандзірам. Ён быў сярод іх старшы па званні, і ўсе, нават сержант, камандзір аддзялення, чакалі яго каманд.

Гогабярыдзе ведаў гэта, але лічыў, што, папрасіўшы Колышава камандаваць аўтаматчыкамі, ён умацуе становішча яго на сваёй машыне і зробіць яму прыемнае... Правадніком Гогабярыдзе рашыў узяць хлопца. Пасадзіў на машыну, дапамог спусціцца ў сярэдзіну яе. Быў задаволены, бачачы, як ззяюць вочы правадніка.

І вось дзве «трыццацьчацвёркі» вылецелі з сяла. Колышаў стаяў на першай, ззаду вежы. Каля яго было яшчэ некалькі аўтаматчыкаў. Усе згорбіліся, учапіліся за скобы: машына ляціць, як толькі можа. Таго і глядзі, сарвешся!..

Раз, другі прытарможвалі: з дапамогай хлопца ўдакладнялі кірунак. Паварот, яшчэ паварот, і вось наперадзе, у полі — купа доўгіх, прыземістых будынкаў — ці то будынкі для жывёлы, ці то баракі. Падобна, былая калгасная ферма. Відаць, лагер...

Так, лагер. Агароджа, вышкі па краях, вартавыя...

Колышаў яшчэ зводдалеку адзначыў, што ў лагеры, падобна, мірны настрой. Вартавыя на вышках нерухомыя. Не трывожацца. За агароджай — ходзяць павольна.

Вось ужо танк збавіў хуткасць. Колышаў падрыхтаваўся да бою. Заварушыліся аўтаматчыкі, гатовыя кожны міг скочыць на зямлю. Але ў лагеры было па-ранейшаму ціха. Чаго ахова маўчыць? Што яны, рашылі не супраціўляцца? Ці не ведаюць яшчэ, што ў вёсцы нашы танкі? І што гэта не нямецкія машыны?..

Сказаўшы Колышаву, каб аўтаматчыкі не стралялі без яго сігналу, Гогабярыдзе падводзіў машыну да ўскрайку лесу, да дротавай загароджы.

Гогабярыдзе любіў рабіць усё, як ён казаў, «прыгожа». Ужо з «трыццацьчацвёркі» пачалі саскокваць аўтаматчыкі, саскочыў Колышаў, а Гогабярыдзе не страляў.

Спакойна, як бы мірна, падвёў танк да самага лагера і толькі тады, развярнуўшы вежу, даў стрэл з гарматы — адзін, другі — па варожых вышках. Задаволена ўбачыў, як раптам перапалохана замітусіліся вартавыя. З аднаго паста адазваўся кулямёт, Гогабярыдзе адказаў яму доўгай чаргой з «трыццацьчацвёркі». Лейтэнанта падтрымаў чаргою кулямёт з другой машыны.

Колышаў, хаваючыся за машынаю Гогабярыдзе, выглядваючы з-за яе, сачыў за ўсім цікаўна і насцярожана. Цікава было ўсё Колышаву: ніколі нічога падобнага не бачыў. Цікавасць да таго, што дзеялася, была такой вялікаю, што нават разуменне небяспекі не магло выжыць з яго гэтага пачуцця, якое ўсё ўбірала ў сябе і адзначала. З асаблівым хваляваннем лейтэнант глядзеў за тым, як у розных кутках двара замітусіліся купкі людзей. Людзей, што былі вязнямі гэтага пекла. Але глядзеў лейтэнант не толькі з незвычайнай цікаўнасцю, было ў лейтэнанта разам з цікаўнасцю і не менш моцнае разуменне абавязку. Ён помніў добра, што — камандзір, што пад яго начальствам аўтаматчыкі і што ён павінен распарадзіцца імі ўмела, з карысцю для танкаў, для агульнай з імі справы. Ён помніў гэта і чакаў належнага, зручнага моманту. Ледзь ахова на вышках сціхла, лейтэнант, раздзяліўшы аўтаматчыкаў на дзве групы, загадаў абяззброіць ахоўнікаў, што заставаліся ў лагеры. Пакінуўшы адну групу ля танкаў, лейтэнант другую павёў да варот, дзе стаяла кантрольная будка і нейкі невялікі дом, пэўна, кантора.

Лейтэнант лічыў, што абавязкова трэба зазірнуць у кантору, праверыць, ці няма там каго-небудзь з начальства лагера. Наогул жа лейтэнанта больш турбавала, дзе размешчана ахова. Казарма аховы. Пасля канторы ён намерваўся пакіраваць іменна да казармы, ачысціць яе, захапіць зброю, узяць тых, хто зашыўся ў ёй...

Ён першы прабег кантрольную будку і адразу за ёй наткнуўся на спалоханага ахоўніка, што спрабаваў, відаць, схавацца. Убачыўшы амаль тварам да твару рускага, ахоўнік, спалатнелы ад страху, разгублена ўзняў рукі. У адной руцэ ў яго яшчэ была вінтоўка. Колышаў выхапіў яе, перадаў ахоўніка байцу. У канторы аўтаматчыкі захапілі яшчэ двух. Адзін з гэтых двух аказаўся паліцаем, рускім: на пытанне лейтэнанта, дзе казарма, ён ахвотна, нават з радасцю, паказаў на барак непадалёк. Узяўся правесці да яго, паказаць там усё.

— Давай! — вялеў яму Колышаў, матнуўшы аўтаматам наперад.

Яны ўварваліся ў барак, але там ужо нікога не было. Дзверы былі ўсе расхрыстаны. Былі засланы пасцелі, на вешалках віселі шынялі. У пірамідзе стаялі вінтоўкі... І ніводнага ахоўніка...

— Драпанулі! — паясніў лісліва паліцай. Ён са страхам глядзеў на Колышава, салдат, чакаў, што далей будзе яму...

Тым часам, разарваўшы дротавую агароджу, машыны проста праз агароджу ўвайшлі ў двор лагера.

Выкіраваўшы ў цэнтр пляца, Гогабярыдзе спыніў машыны. Загадаў усім быць на месцы, напагатове, узняўся з вежы. Уважліва агледзеўся, ацаніў абстаноўку.

Вакол былі купкі людзей, пільна сачылі за машынай, за ім. Шчыравалі, прачосвалі тэрыторыю аўтаматчыкі.

Сандро выбраўся з вежы. Фарсістым рухам адкінуў назад шлем, правёў тонкай смуглявай далонню па твары. Нібы сціраў пот. Лёгка, фарсіста саскочыў на зямлю.

За ім усё сачылі. З усіх бакоў. Дапытліва, спалохана, недаверліва. Сачылі зводдалек, не падыходзілі. Нібы чагосьці чакалі... Можа, іх бянтэжыў яго чорны камбінезон, чорны шлем...

— Ну, здраўствуйце! — шырока, белазуба засмяяўся Сандро.— Здраўствуйце, друзья!

— Нашы! — раптам крыкнуў хтосьці з дзяўчат, пранізліва, без меры шчасліва.— Дзяўчаты! Нашы! Праўда, нашы!

Да Сандро рынулі з усіх бакоў. Адны — безразважна, ашалела, другія — яшчэ нібы не верачы. Нібы асцерагаліся нейкага ашуканства. Але ўсё ж натоўп вакол хутка рос...

Ля другога танка таксама рос натоўп.

Тыя, хто быў больш смелы, упэўнены, абдымалі танкістаў, цалавалі. Цалавалі і плакалі. Плакалі многія ў натоўпе, сярод тых, хто ціснуліся вакол. Жанчына з запалымі жоўтымі шчокамі, прабраўшыся да Гогабярыдзе, не абняла яго, а беражліва, пяшчотна ўзяла руку Сандро і, пазіраючы заплаканымі вачыма, раптам пацалавала яе.

— Што вы робіце?! — сумеўся лейтэнант.— Не трэба руку!.. Нядобра.

Жанчына пакруціла галавою:

— Чаму нядобра? То ж не панская рука.— І яна зноў пацалавала.

Не слухаючыся больш загаду камандзіраў, з машын адзін за адным выбіраліся іншыя танкісты. Да натоўпу, што акружыў Гогабярыдзе, падышоў Колышаў з некалькімі аўтаматчыкамі. Іх таксама акружылі. Многа вачэй — вясёлых, журботных, радасных, са слязьмі — глядзелі на лейтэнанта, на яго байцоў, і Колышаў, што заўсёды чула адгукаўся на людскія шчасце і бяду, ад душы радаваўся за людзей, за сябе, за сваіх таварышаў. Ён адчуваў бязмерную нянавісць да тых, хто загнаў сюды, за агароджу, мардаваў іх, гэтых знясіленых, спакутаваных нявольнікаў.

Перабіваючы адно аднаго, дапаўняючы, у вялікім хваляванні, людзі расказвалі пра сваё жыццё ў лагеры. Сюды былі сагнаны сем’і партызан, захопленыя ў розных вёсках. Ахоўнікі казалі, быццам іх збіраюцца вывезці ў Германію, але гэта хлусня, усіх тут нішчылі голадам і хваробамі. Не злічыць, колькі тут адправілі на той свет. Людзі паміралі так часта, што іх не ўпраўляліся хаваць. Кідалі ў яму дзесяткамі адразу... Многія памерлі, загінулі б і астатнія...

Натоўп раптам расступіўся, і да Гогабярыдзе піхнулі даволі старога згорбленага чалавека з раскудлачанымі, рэдкімі валасамі, з сінякамі на твары.

Двое задыханых, расчырванелых хлопцаў, што трымалі яго за рукі, расказвалі, перабіваючы адзін аднаго :

— Хацеў уцячы! Як усе кінуліся сюды,— пабег да дроту! Думаў, што цяпер не да яго!..

— Пад шумок, спадзяваўся, уцяку. Ах ты, скаціна арыйская!..

— Але мы з Косцікам адразу хапіліся! Каб не даць яму вылузнуцца! Зразу кінуліся ў яго хаўз! А ён — гэты вось — ужо, бачым, сігае да агароджы!..

— Як гусак! Падбег, хацеў пералезці,— а яна вунь якая, агароджа! Ён і завіс! Сам жа будаваў, стараўся, каб як вышэй... Тут мы яго з Андрэем і спусцілі ўніз!..

— Гэта шэф,— растлумачыў Гогабярыдзе хтосьці з натоўпу,— пан Кальбе!.. Адным словам, самы галоўны...

Колышаў здзіўлена прыгледзеўся да немца: цяжка было паверыць, што гэты з выгляду мірны, баязлівы стары здольны быў на такую жорсткасць...

Рослая, з вузкім тварам дзяўчына падскочыла да шэфа, вымавіла пагрозна:

— А-а, папаўся, гадзюка падкалодная! Папаўся! Ну, глядзі ж! Папамучыў ты, неданосак сучы, людзей нашых, дык — глядзі ж! Круціся цяпер уюном!.. Мы пакажам табе!..

Шэф, спалохана азіраючыся, замармытаў штосьці, з чаго многія зразумелі толькі два слова: «кіндэр», «арбайтэн». Відаць, гаварыў, што ў яго ёсць дзеці, і прасіў, каб далі магчымасць працаваць.

— Бач, працаваць захацеў!.. А якую ж ты працу хочаш? Можа, зноў такую, як тут?

У натоўпе злосна засмяяліся. Каб дазволіў лейтэнант, з шэфам тут бы расправіліся — столькі накіпела ва ўсіх супраць гэтага стварэння. Але Гогабярыдзе рашуча заявіў: без суда нельга. Патрэбен суд па закону. Жанчыны нездаволена зашумелі, але Гогабярыдзе быў непахісны.

Танкістам хацелі паказаць некалькі цесных, збітых спехам баракаў, у якіх людзі спалі і паміралі, пакой, дзе іх дапытвалі, але лейтэнант сказаў, што не можа затрымлівацца. Чакаюць у роце.

Яны і так позняцца! Адсталі ад роты.

Адчуваючы на сабе ўсеагульную ўвагу, Сандро выбраў з натоўпу дзесятак мужчын і жанчын, аб’явіў, што яны — канвой. Тут жа камандным тонам аддаў Колышаву распараджэнне перадаць арыштаваных канвою. Назначыўшы старшага, далікатна і строга загадаў узяць ахоўнікаў пад варту, перадаць першай жа пяхотнай часці арміі або партызанам. Для аддання суду па закону. Прасачыў патрабавальна, як рабілі перадачу.

У гэтым канвоі аказаўся і Сцяпан, брат хлопца, які прывёў сюды танкі. Сандро здагадаўся пра гэта, убачыўшы малога побач з дробным, ціхім чалавекам гадоў семнаццаці. У гэты момант Сандро ўспомніў і малога.

Ён запытаў, з кім хлопец падасца назад: з танкістамі ці з братам. Хлопчык яўна завагаўся, але абавязак перамог; хоць і няпроста, хлопец рашыў застацца з братам. Сандро, каб чулі ўсе, голасна аб’явіў малому падзяку ад камандавання — за дапамогу пры выратаванні зняволеных з лагера... Хлопец слухаў гэта чырвоны, збянтэжаны, але быў шчаслівы...

Аддаўшы чэсць старшаму канвою і ўсім вызваленым, выразным, прыгожым голасам Сандро загадаў, каб танкісты і аўтаматчыкі занялі свае месцы. Лёгка, спрытна ўзняўся на вежу, да пояса апусціўся ў яе. Развітваючыся, з урачыстым выглядам прыклаў выпрастаныя пальцы правай рукі да шлема. Узорна аддаваў чэсць, развітваўся з машыны.

Машына крута развярнулася на месцы, і разам з ёй павярнуўся паўкругам Сандро. Не апускаючы рукі. Не варухнуўшыся.

Калі маторы загрукаталі мацней, людзі пачалі адступацца. Адкрылі дарогу, ледзь танкі крануліся.

Колышаў ужо з дарогі азірнуўся на лагер, узрушана падумаў, колькі яшчэ чакае такіх людзей! Ён думаў пра гэта не ў першы раз, але цяпер, калі сам убачыў іх, калі нямала перажыў, даўняя думка здалася яму як новая. Можа, яна і сапраўды была новая, ён адчуваў яе інакш, чым раней, глыбей і мудрэй.

Для іх варта рызыкаваць жыццём,— не падумаў, а сэрцам адчуў Колышаў. Можа быць, упершыню тут ён як след зразумеў, што такое салдацкі абавязак...

Выходзіць, раней ён быў нібы сляпы, не бачыў нічога за сабой... «Напэўна, я не баязлівец. Я проста не ведаў усяго, што трэба...»

У твар Колышаву біў вецер.

 

2

Усцешаны, расчырванелы ад бегу Колышаў ступіў да Якавенкі, далажыў, што па загаду камбата прыбыў у распараджэнне лейтэнанта.

— Добрэ... Мэні камбат вжэ казаў, шчо прышле...

Колышаў павінен быў атрымаць машыну,— ранейшага камандзіра паўгадзіны назад раніў нямецкі аўтаматчык, які прытаіўся на ўскраіне сяла.

Гэтае назначэнне, ад якога Колышаў адразу забыў сваю крыўду на лёс, было для лейтэнанта крыху нечаканым.

Пасля здарэння з Рыбаковым яму здавалася, што камбат расчараваўся ў ім і наўрад ці даверыць яму экіпаж і танк.

— Ну, от, дам я тобі, прыміром, машыну,— загаварыў да Колышава Якавенка,— а ты не забуў, як догледжуваць іі, як кіруваць нэю?

— Так точна, таварыш гвардыі лейтэнант,— не забыў. Ды хіба ж можна забыць гэта?!. Можаце не сумнявацца!

Колышаў з надзеяй і просьбай глядзеў на Якавенку.

— А цэ вжэ я побачу. А до таго, як сісты ў машыну, слухай і помні. Па-першае, я не люблю людэй, каторыя гультуюць або абы-як адносяцца до дзіла...

Якавенка памаўчаў, нібы даваў Колышаву час адчуць усю важнасць таго, што паведаміў яму.

— Па-другое,— пайшоў далей,— я нэ знаю, шчо таке слово — «нэ могу». Для мэнэ такого слова нэма. Прошу цэ запомніць і выкінуць таке слово. Воно ў нашым дзілі нэпатрэбнае. Я знаю толькі такі слова — «есць», «будэ ісполнено»!.. Зрозуміў?

— Так точна.

— Нэ забудэш?

— Не забуду.

— Ну, як зрозуміў і нэ забудэш, ходзім до твоіх людэй.

Хутка рушылі далей. Калі Колышаў заняў сваё месца ў машыне, калі перадаў каманду рушыць, ён адчуў сябе самым шчаслівым чалавекам.

Вось ён зноў у машыне, у сваёй машыне. І гэтыя, яшчэ так нядаўна чужыя хлопцы, якія гатовы выканаць кожны яго загад,— яго экіпаж. Экіпаж лейтэнанта Колышава!

Абапал машыны беглі вузлаватыя дубы, шызыя танклявыя грабы, густыя спляценні арэшніку.

За лесам выхапілася поле, потым наблізіўся забалочаны луг, за ім раптам зажаўцелі пясчаныя зыбучыя гурбы. У пяску танк асеў і, грузнучы, замарудзіў рух. Пайшоў цяжка, зарычаў маторам...

А Колышаў услухоўваўся ў гукі, якія чуліся ў навушніках, і востра ўглядваўся ў прасцяг перад сабой. Колькі часу ён быў без машыны? Многа... Але хіба той час прапаў марна? Хіба Колышаў сеў у машыну такім, як тады?..

Многія не ведаюць гэтага. А камбат, відаць, ведае. Недарма ж камбат паслаў яго сюды...

«Я яшчэ пакажу сябе!».

 

3

Здарыўся прыпынак. Маторы «трыццацьчацвёрак» сціхлі, і стала чуваць, як чырлікаюць неўтаймаваныя нават спёкаю птушкі, як у ценю тонка і цягуча гудуць камары.

Пад’ехалі аўтамашыны з палівам. Ледзь толькі яны наблізіліся да першых машын, танкісты пачалі звыкла прыладжваць да паліўных бакаў шлангі, па якіх вось-вось пальецца газойль.

Якавенка папрасіў механіка:

— Паглядзі за машынаю! Запраў.

Лейтэнант лёг у цяньку, поўным халадку і свежасці. Ах, да чаго ж прыемна выпрастаць спіну, падыхаць чыстым паветрам! Ён пачуў знаёмы несціханы звон навокал: звінелі пчолы, нейкія казюлькі, сляпні. Так звінела калісьці на сенажаці або на полі, калі ў спякотны дзень ён зморана лажыўся на зямлю...

Пасля таго як Якавенка патросся ў машыне суткі, яму здавалася, што і зямля, да якой ён прыпаў, таксама гайдаецца.

Пад гэтае калыханне, чуючы ціхі, санлівы звон, ён заснуў. Перастала і спіну ламаць, і боль у галаве знік.

Ён праспаў якіх дзесяць хвілін, як яго прыйшлі будзіць. Ён усміхаўся праз сон: снілася, нібы ён ехаў на камбайне па неабсяжным стэпе, сярод ласкавай, пакорлівай пшаніцы. Калі яго сон перарвалі, ён не мог нічога ўспомніць больш, акрамя таго, што з ім стаяў поруч Мішка, сынок...

— Ротны выклікае, таварыш гвардыі лейтэнант.

Навокал па-ранейшаму не змаўкаў руплівы ціхі звон. Якавенка ўстаў і пайшоў да машыны,— камандзір роты загадаў вывесці ўзвод наперад, да вышыні.

Неўзабаве лейтэнант быў каля вышыні. Тут акрамя новага камандзіра роты, старшага лейтэнанта, ён убачыў Аляксея Лагуновіча і лейтэнанта, афіцэра сувязі брыгады. Недалёка ад іх стаяў брыгадны бранявік.

Аляксей расказаў Якавенку, што паветраная разведка корпуса знайшла справа нядаўна пабудаваны немцамі мост. Палкоўнік загадаў Аляксею зараз жа кінуць туды роту і захапіць гэты мост. Каля моста ёсць свежыя нямецкія акопы і дзве ці тры зеніткі. Гогабярыдзе, які з разведкай пайшоў у іншым кірунку, толькі вось перадаў, што пераправа там спалена.

— Ты будзеш у галаве роты... Галоўнае, Якавенка,— мост! Не даць ім узарваць ці спаліць — вось што галоўнае... Калі захопім мост, прарвёмся на той бок, калі не,— відаць, засядзем на гэтым беразе. Рэчку, хоць яе, здаецца, і пераплюнуць можна, без моста, разумееш, не фарсіраваць. Не падступіцца да яе — бераг забалочаны. Уброд не пяройдзеш.

— Розумію!

Калі рушылі, Якавенка падумаў задаволена — паспаў хвіліну, а так палягчэла. Ні стомы, ні болю ў галаве!

 

Быстроў бачыў, як амаль адразу ж за ўзводам Якавенкі наперад, пылячы, спяшаючыся, прайшлі яшчэ танкі — уся рота.

Хутка прымчаў у танку палкоўнік Бяссонаў, выклікаў да сябе старшага лейтэнанта. Штосьці меркавалі разам, звязваліся з некім па рацыі. Чакалі.

Хутка падцягваўся ўвесь батальён. Падобна было, рыхтаваўся новы скачок.

Быстроў і зараджаючы Касцючэнка, седзячы ля машыны, мірна гаманілі. Пра што прыйдзецца: як звычайна на прыпынку, які ў любы момант можа скончыцца.

— Вот, брат, малайчына — Сонцаў...— сказаў Касцючэнка Быстрову.— Не марнуе часу. Сапе... Сны бачыць...

— Набіраецца сілы для новых баёў.

Сонцаў сапраўды спаў, проста ля сваіх рычагоў.

На маршы яму, вадзіцелю, даставалася больш за іншых: увесь час даводзілася працаваць, нельга было на хвіліну задрамаць, як кулямётчыку ці камандзіру гарматы. І днямі, і начамі, калі рота ішла, Сонцаў пільна сачыў за дарогаю, за кармой пярэдняй машыны. Але на прывале, ледзь машына спыніцца, ён у момант валіўся ў дрымоту. Галава падала на грудзі, Сонцаў драмаў.

Быстроў кпіў не раз з таварыша:

— Табе, брат, трэба лячыцца, па ўсіх прыкметах у цябе гэта з хваробы — санлівасць! Страшная гэта для вадзіцеля загана! У сто разоў горш за курыную слепату. Едзеш тут з табой, і страх бярэ, як бы не ўваліцца куды — у раку ці балота. Нырне з тваёй ласкі машына — успамінай, як звалі цэлы экіпаж! Прызнацца, я дык думаю на другую машыну папрасіцца. Ад бяды далей...

— Ну і прасіся. Шчасце якое!..

Спіць Сонцаў наўздзіў чуйна, і ледзь толькі хто клікне яго ці загуркоча поблізу матор, прачынаецца.

— А я не магу заснуць. Зайздрошчу проста такім,— прамовіў Касцючэнка, стомлена пазіраючы на Быстрова.

— Эх, гэта што,— прыплюшчыў спакойныя вочы Быстроў.— Вось пад Ленінградам было, помню. Зімою, якраз у самым пачатку сорак трэцяга. Батальён там наш прарваўся ў нямецкі тыл. А пяхоту немцы адрэзалі, не дапусцілі... Занялі мы лагчынку там адну, у кругавую абарону сталі, трымаемся... Загад маем — чакаць падыходу пяхоты. Вось мы і чакаем. Адны суткі чакаем — пяхоты няма, другія чакаем — няма, усё не можа прабіцца! А навокал — фрыцы. З усіх бакоў цікуюць. Зазявай, задрамай — дык у момант на той свет адправяць... Ну, мы, вядома, як ты здагадваешся, стараліся лепш іх саміх туды адпраўляць. Як толькі пачне высоўвацца там гарматка на ўзгорак,— адзін паварот, другі, тумблер — і няма яе. Проста да чарцей, на той свет, смалу вазіць!.. Бранябойшчык — чарга адна і — туды ж... Налаўчыліся біць, як снайперы. Тады я і сам навучыўся, як трэба з гарматкай абыходзіцца. Ліха без дабра не бывае... Адным словам, пяцёра сутак не спалі!

— Цягавітае стварэнне — чалавек. Прывыкае да ўсяго, проста аж дзіву даешся...— адгукнуўся разважліва Касцючэнка.

Касцючэнка тут жа запярэчыў сам сабе.

— Хіба толькі чалавек? — Ён, відаць, штосьці ўспомніў, пажвавеў: — У нас, калі мы стаялі ў Забалоцкім лесе, карову прывучылі ў равок хавацца.

— У які равок?

— А самы звычайны. Ад бомб і снарадаў. Адукаваная, скажу вам, была карова!.. Ледзь толькі пачуе блізкія выбухі, задзярэ хвост і ляціць з усіх сіл да свайго раўка. І ніколі не памылялася: заўсёды на сваё месца!.. Там да яе быў прыстаўлен даглядаць адзін партызан — Лабуцін па прозвішчу. Пажылы ўжо чалавек, жывёлаводам быў раней, здаецца. Ён тую карову пасвіў, чысціў і даіў. Мірнай прафесіяй, сказаць, займаўся... Яго ў нас жартам празвалі «Даярка і пастух», як у кіно. Дык гэты «даярка» аднойчы, калі напалі «юнкерсы», заляцеў у равок да дзяўчат са шпіталя, кіламетры за два ад свайго. А карова прыбегла ў свой...

— А можа, ён знарок памыліўся! Нешта ж вельмі выгадна — да дзяўчат са шпіталя...

Абодва засмяяліся.

У гэты час пачуліся прыглушаныя далечынёй выбухі. Быстроў сказаў, што страляюць з «трыццацьчацвёрак».

— Узвод Якавенкі...— як бы пацвердзіў яго словы Касцючэнка.

Яны моўчкі слухалі. Выбухі гучалі часта, часам зліваючыся. Было чуваць, што на стрэлы дзвюх-трох нашых машын б’юць некалькі варожых гармат. І дзіўнай здалася хвіліна цішыні, што наступіла там...

Раптам з далечыні данёсся новы, мацнейшы выбух. Гэта быў ужо не стрэл. Камандзір гарматы і зараджаючы трывожна пераглянуліся.

Што гэта?

 

4

Якавенка выскачыў з машынай з-за гушчыні алешніку і раптам непадалёк між зяленіва берагоў убачыў чыстую люстраную пройму вады і мост.

Гэта была рака. Рака і — мост.

Якавенка на міг прыпыніў танк. Ісці на мост адразу было рызыкоўна.

Ён угледзеў: там, на вышэйшым заходнім баку, адразу за мостам, уздымала ствол угару зенітка. Мільгнула перасцярожлівае: ці няма там і процітанкавых гармат... Але самым галоўным, што стрымлівала Якавенку, было меркаванне, што мост можа быць мініраваны: ускочыш на яго і паляціш у неба. На гэтым баку, праўда, мутісіліся яшчэ постаці гітлераўцаў, стараліся дабегчы да моста і перабрацца на другі бераг. Можна было б прабіцца на мост разам з імі. Але на тым баку не пашкадуюць нічога, каб затрымаць танкі. Узарвуць і сваіх.

Па тым, як замітусіліся на другім баку, разбягаючыся па акопчыках, Якавенка здагадаўся, што танк з’явіўся для іх нечакана...

Гэта як бы падагнала Якавенку. Ён перастаў вагацца. Лейтэнант падумаў, як важна пераправіцца на той бок, учапіцца за другі бераг, уратаваць мост. З той хвіліны флегматычны, марудлівы Якавенка нібы пераіначыўся: думкі і рухі яго сталі на дзіва хуткімі.

Ён штурхнуў у плячо камандзіра гарматы, паказаў тры сагнутыя пальцы, што значыла «тры асколачныя», і, прыціснуўшы да горла ларынгафон, крыкнуў іншым камандзірам машын:

— Рабіць, як я!

Гармата, здрыгануўшыся, вогненна зіхнула. Гарачая, з залацістым водсветам гільза, што едка дымілася, паляцела ўніз. Зараджаючы, з круглымі ад непакою, трывожнымі вачыма, пахапліва падаў у патроннік новы снарад.

— Рыбакоў! На мост! — выдыхнуў Якавенка.

Машына рванулася так рэзка, што лейтэнанта з вялікай сілаю кінула назад, ён ледзь утрымаўся на сядзенні.

Рыбакоў вёў танк на мост. Дарога з ямамі, з каляінамі, з зелянінаю травы бегла ўсё хутчэй, ліхаманкава ляцела пад танк, пад гусеніцы, ляцела з такой хуткасцю, што неўзабаве ўсё на ёй поблізу злілося ў імклівую, імпэтную віхурнасць, якая біла і біла насустрач. У гэтай віхурнасці Рыбакоў на момант угадаў лазовыя кусты, што імчаліся, паслухмяна расступаліся абапал дарогі.

Збоку лязом востра бліснула паска вады і амаль у той жа момант знікла. Праз міг яна заяснела зноў ужо вялікім прасцягам.

Мост падбег, вырас, пашырэў...

На «трыццацьчацвёрцы» няспынна працавалі абодва кулямёты: вежавы і лабавы. Усю сваю агнявую моц машына скіравала на той бок. Танкісты абстрэльвалі бераг, стараючыся падавіць супраціўленне гітлераўцаў і адрэзаць ад іх мост.

Немцы, якіх заспелі на гэтым беразе, адны кінуліся ўбок, ратуючыся ад куль, другія, ашалелыя ад жаху, пабеглі проста перад танкам да моста.

Рыбакоў, амаль не збаўляючы хуткасці, з лёту, узвёў машыну на драўляны насціл, бярвенні якога адразу затрэсліся і застуганелі. Мелькам заўважыўшы, як пабеглі па баках поручні, моцна сціскаючы пабялелымі рукамі рукаяткі рычагоў, ён трывожна падумаў: толькі б не сарвацца ў ваду! Праскочыць бы хутчэй!..

Вось і перастала грымець унізе. Бераг!..

Ні Рыбакоў, ні хто іншы з экіпажа яшчэ не ўправіўся адчуць хоць бы першай радасці ад гэтай удачы, калі справа, з хмызняку, ударыла адна, другая гармата.

Якавенка загадаў развярнуць машыну лобам да гармат, падавіць іх. Ён бачыў, як яго камандзір гарматы, горбячыся, прыпаў да гумавага наканечніка акуляра, ухапіўся за ручку паваротнага механізма. Амаль у тую ж хвіліну лейтэнанта штосьці моцна штурхнула, у вежы пачуўся моцны трэск. Вежавы з енкам жаху і болю схапіўся за плячо. Яно, заўважыў Якавенка, дымілася!

Баявое аддзяленне адразу напоўніла страшэнная гарачыня. Якавенка ўбачыў перад сабою іскрыстыя, сляпуча-белыя язычкі полымя, што прагна пабеглі па сценцы вежы. Ён заўважыў, што адусюль, збоку, знізу, спераду, на яго клубамі рыне, сціскае яго густы чорны дым, адчуў, што дым ірвецца ў рот, забівае дыханне, душыць.

«Тэрмітны снарад!..»

Якавенка рвануўся, каб стаць на сядзенне, выбрацца з вежы,— люк быў адчынены,— але ад дыму, ад гарачыні яго цела налілося такой неадольнай млоснасцю, што зрабілася непаслухмяным, бяссільным. Прыкрыўшы далонню твар, які жахліва пякло ад полымя, ён схапіўся другой рукой за край люка і з нечалавечым намаганнем стаў падымацца ўгару. Ён зняў руку з твару, ён ужо быццам не чуў болю ад апёку, усе думкі, уся сіла, усё было цяпер для аднаго,— падняцца ў люк, вырвацца з гэтага жару, з гэтага дыму, з нясцерпнай пакуты. Ён падняўся і выбраўся б, напэўна. Але да ўсяго ў яго, аказалася, была перабіта нага, і рана гэтая знясільвала яго ўшчэнт. Ужо амаль выбраўшыся з люка, ён, аж скрыгочучы ад страшнай няўдачы, бяссіла аб’ехаў уніз.

Спрабуючы зноў падняцца, ён заўважыў, што на ім задымілася і ўспыхнула вопратка.

Поўнае няўтрымнай прагі вырвацца, збіраючы рэшткі сілы, не трацячы адзінай надзеі, упарта трымаючыся за яе, ніяк не хацела здацца, прымірыцца з непапраўнай бядою жыццё.

«Мішка, каласочак!.. Ганнуся!» — згадалася яму, згадалася такім жаданым, такім дарагім, што ён застагнаў ад болю, ад роспачы. «Мішук! Ганнуся!» — нібы клікаў ён нямымі, абпаленымі вуснамі, уставаў, браўся душою да іх, то з надзеяй, то з адчаем.

Ах, якімі любымі, якімі яснымі былі яны ў гэты момант, дзеці і жонка, як ірвалася да іх сэрца. І раз, і другі цягнуўся Якавенка да люка, спрабаваў выбрацца з дымнай гаркаты, з задухі, не верыў усё, што гэта — непапраўнае, канец,— цягнуўся і кожны раз бяссіла аб’язджаў уніз.

Ад спёкі, ад слабасці, ад адчування бездапаможнасці ў галаве яго туманілася і блыталася. Туман быў нясцерпна гарачы, такі пякучы, што думкі ў ім вялі, гінулі, гарачы туман адзін поўніў непаслухмяную, неадольна пацяжэлую галаву. Якавенка траціў прытомнасць.

У імгненным пробліску яснасці ва ўяве яго зноў паўстала жаданае: Мішка абдымае за шыю!.. Як ён цягне ўніз!.. Так важка, што не ўтрымацца!.. Потым на міг у вачах успыхнула ўбачаная здалёк істужка рэчкі, якая здалася цяпер чырвонай... Зноў мільгануў твар Мішкі... Гэта было апошняе.

Якавенка, што ляжаў грудзямі на сядзенні, ужо нічога не цямячы, курчачыся ад спёкі, варухнуўся і ўпаў у полымя.

 

Удалося выратавацца толькі Рыбакову. Зразумеўшы, што здарылася, ён спрытна вынырнуў з люка і прабег згарача метраў пяцьдзесят да рэчкі. Тут, зачапіўшыся за штосьці, Рыбакоў спатыкнуўся і ўпаў.

Твар яго і асабліва рукі былі абпалены, вопратка на ім тлела, але Рыбакоў не заўважаў гэтага, ён глядзеў, як з вежы, круцячыся, валіць чорны дым.

Ля машыны нікога не было відаць. Выскачыў яшчэ хто-небудзь ці толькі ён адзін?

Можа, там дапамагчы трэба каму-небудзь? Рыбакоў напружана ўзняўся на руках. Не, таму, хто не выскачыў, дапамагчы цяпер нельга...

Зямлю ўраз страсянуў грымотны выбух. У паветра паляцелі важкія кавалкі разарванай брані, адзін з іх грымнуўся недалёка ад Рыбакова. Гэта ўзарваліся снарады — у машыне быў яшчэ амаль не пакарыстаны боекамплект.

Угару ўзнялося белае высокае воблака.

Выбухнулі паліўныя бакі...

Рыбакоў у роспачы азірнуўся назад і ўбачыў, як па захопленым мосце імчыць сюды танк. Яшчэ адзін танк і чалавек шэсць аўтаматчыкаў былі ўжо на гэтым баку. Танк сек з гарматы і кулямётаў у бок бяроз, што раслі непадалёк, за прыбярэжнымі кустамі. Некалькі «трыццацьчацвёрак» падтрымлівалі яго з таго боку. Рыбакоў пачуў, як свішчуць нізка іх балванкі і асколачныя... Гэта як бы абудзіла Рыбакова.

Ён зноў павярнуўся да машыны, над якой уздымаўся дым, і дзіўна квола, па-дзіцячы, захліпаў.

Так хутка, раптоўна...

 

5

Лейтэнанта Якавенку і іншых танкістаў, што загінулі ў часе бою за мост, хавалі на беразе рэчкі, непадалёк ад месца гібелі. Тут, каля пераправы, ішоў паўтары гадзіны гарачы бой. Нарэшце гітлераўцы ўсё ж вымушаны былі адысці, уступіць важны плацдарм.

На пахаванне забітых сабраліся таварышы: адна рота танкістаў і байцы з мотастралковага батальёна. Іншыя танкісты і аўтаматчыкі былі ўжо наперадзе — нельга затрымлівацца.

Усе тут яшчэ жывуць боем. Некаторыя як бы не вераць, што тых, з кім яны прыйшлі развітацца, сапраўды няма. Як жа няма, калі толькі гадзіны дзве назад яны з намі абмяркоўвалі задачу бою, жартавалі. Не, напэўна, якая-небудзь памылка! Можа, пераблыталі — можа, загінуў хто-небудзь іншы.

З краю шырокай ямы льсніцца горкамі свежая, яшчэ вільготная зямля. Ляжаць побач на брызенце, на разасланых шынялях танкісты і аўтаматчыкі. На дошчачцы, якая прыбіта да яшчэ неўкапанага слупка, напісаны іх прозвішчы, званні — сержант Каранькоў, механік-вадзіцель Ціхаміраў. Разам ішлі ў баях, разам ляжаць перад апошнім шляхам...

Якавенкі і трох чалавек з яго экіпажа няма. Згарэлі ўсе. Застаўся жывым толькі абгарэлы Рыбакоў, якога яшчэ ў часе бою павезлі ў шпіталь... Ад іншых чатырох — толькі попел. Чорны попел, загорнуты ў брызент... У адзін згортак...

Непадалёк, уперамешку з вупражкамі, што цягнуць цяжкія мінамёты, праходзіць пяхота,— адтуль хмурна пазіраюць на ўзарваную машыну. Плынь войск на другім баку ўсё гусцее...

Маўкліва і панура стаіць лес, які бачыў выбух полымя над танкам Якавенкі. Не шумяць, не трапечуць лісцем дрэвы, не рыпяць галіны — усё замоўкла. Яны маўчаць не таму, што вецер сціх, яны, здаецца, таксама журацца над магіламі...

Над свежаю ямаю — тры пахілыя ціхія бярозы,— схіліліся, нібы ад цяжару ўтраты...

Аляксей ступіў на горку зямлі і акінуў позіркам прыгнечаныя, засяроджаныя твары танкістаў і мотастралкоў. Губы, як заўсёды, калі ён непакоіўся, нервова ўздрыгвалі, і твар здаваўся хударлявейшым, больш выпіналіся сківіцы. Шлем ён трымаў у руцэ.

— Мы з ім былі разам... Разам пражылі многа дзён... Прайшлі па многіх дарогах...— Ад хвалявання гаварыць было цяжка, думкі блыталіся. Ён нейкі час не мог адужаць цяжар у сабе, маўчаў. Заявіў непахісна: — Але яны заўсёды будуць з намі. Мы іх ніколі не забудзем!.. І мы павінны паклапаціцца пра іх дзяцей і матак! І жонак, канечне!..

Позірк Аляксея затуманіўся. Успомніўся нядаўні жарт Якавенкі: «За мэне бабуся дома моліцца кожны вечар, таму і кулі не бэруць». Аляксей праглынуў горкі камяк, што стаў у горле, задумаўся панура:

— Вось — толькі што былі з намі жывыя... Цяпер — толькі жменька попелу. Усё, што засталося... А маглі б жыць!.. Калі б засталіся на тым беразе. Перачакалі... Але не сталі чакаць. Разумелі, што нельга траціць мамент... І яны — пайшлі на рызыку, ірванулі сюды. І — загінулі, згарэлі... Але захапілі мост. Захапілі бераг. Плацдарм... Загінулі, але збераглі жыццё многіх з нас... Наблізілі ўсіх нас да перамогі... Загінулі, але выканалі свой абавязак! Загінулі — як героі...— Ён аб’явіў рашуча: — Я буду хадайнічаць, каб усім ім прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза!..

Танкісты зварухнуліся, падтрымалі яго.

Ён зноў маўчаў. Адчуваў, што трэба яшчэ штосьці сказаць, важнае, нейкі заклік, закончыць належным чынам. І ён сказаў тое, што казалі ўсе іншыя, укладваючы як і другія ў гэта асабістае, жаданае:

— За Радзіму! За Сталіна! Смерць нямецкім акупантам!

Услед за Аляксеем на свежы ўзгорак падняўся павольна Быстроў. Ён пазіраў хвіліну пад ногі, на пясок, перакатваючы жаўлакі важкіх сківіц.

— Адсюль мы пойдзем далей без іх. Яны застануцца тут, на гэтым беразе, назаўсёды. Ім не давялося дайсці да таго паганага фашысцкага гнязда, з якога прыйшла да нас вайна... Яны хацелі адпомсціць Гітлеру і ўсім гітлерам, але ім не ўдалося дажыць да перамогі... Яны не дайшлі.— У голасе Быстрова пачулася ўпартасць: — Але я хачу сказаць, што мы споўнім іх жаданне. Мы — дойдзем!

Быстроў хацеў яшчэ штосьці сказаць, але раптам ускінуў сціснуты кулак і грозна патрос ім у бок ворага...

Забітых загарнулі ў шынялі, у брызент і пачалі па адным апускаць у зямлю. Апусцілі ў магілу попел згарэлых...

Салдаты, афіцэры ўзнялі ўгару аўтаматы і пісталеты — прагучаў развітальны салют.

У магілу жменя за жменяй пасыпаліся грудкі вільготнага пяску...

 

— Гвардыі лейтэнант Колышаў!

Колышаў хутка падышоў да Аляксея І, казырнуўшы, запытальна зірнуў на камбата, чакаючы загаду.

«Як ён пасталеў!» — заўважыў упершыню Аляксей.

— Камандзір узвода Якавенка загінуў... Пакуль прышлюць новага камандзіра, загадваю вам прыняць...— прамовіў Аляксей і на хвіліну запыніўся.

Яму раптам успомнілася зялёнае поле на Смаленшчыне, блакітны майскі дзень, калі на тактычных занятках гэты ружовашчокі юнак першы раз «замяніў» Якавенку. «Якое жорсткае супадзенне!»

Аляксея раптам апанаваў жаль. Ледзь не расплакаўся. Ледзь стрымаў сябе. Хто тады мог ведаць, што яно так здарыцца!

— Будзеце часова за камандзіра ўзвода...

Колышаў сумна адказаў:

— Ёсць!

 

6

Магільны ўзгорак знік за паваротам дарогі. Над ім цяпер хіліліся ў горы, журыліся адны ціхія бярозы.

Вось і Якавенкі няма. Колькі таварышаў пахаваў Аляксей за вайну. За снежным Донам, пад Курскам, на Смаленшчыне. І тут, на роднай зямлі, ёсць магілы сяброў...

Ён прыгадаў, як сам ледзь не загінуў учора,— як нечакана вынырнуў з-за страхі нахабны «месершміт», як раптам зіхнула перад вачыма, аглушыла, ударыла, кінула яго на зямлю.

Адкінуты на спіну, глухі, Аляксей адчуваў, што на яго ападаюць камякі зямлі.

Камбат паспрабаваў падняцца. З «трыццацьчацвёркі» саскочыў Быстроў, устрывожана падбег да яго:

— Што з вамі?

— Нічога, здаецца...— Аляксей адвёў руку сержанта, што хацеў падтрымаць яго, і, хістаючыся, ступіў да машыны. Каля каткоў — кінулася ў вочы — ляжала ссечаная асколкам бярозавая галіна...

Адганяючы яшчэ вострыя, даўкія ўспаміны пра ўчарашняе здарэнне, Аляксей сказаў сержанту, які сядзеў побач:

— Ты ведаеш, Быстроў, што гэта за зямля перад намі?..

Быстроў зірнуў на Аляксея, потым перавёў позірк туды, куды глядзеў старшы лейтэнант. Непадалёк пачынаўся невялічкі, звычайны лясок, да якога падступала такое ж звычайнае поле. Пры ўзлессі было некалькі кінутых немцамі аўтамашын.

— Вось думаю — колькі крыві праліта за яе? За нашу зямлю... За гэтую дарогу, за поле, за бярозу...

Быстроў адчуў, што камбат надзвычай узрушаны. «За Якавенку, відаць, перажывае»,— падумаў ён.

— Што там гаварыць пра кутузаўскіх салдат, гэта здаецца далёкім мінулым. Дваццаць чатыры гады назад тут біліся нашы бацькі з белапалякамі. Мой бацька ваяваў тут з імі! А яшчэ крыху раней — з кайзераўцамі... І вось цяпер — тры гады нашай вялікай бітвы!

— Распладзілася пошасці ўсякай! — панура выказаў Быстроў.— Увесь час лезуць, як саранча!

— І каго сюды ні прыносіла: Карл-Швед і той нават прыпёрся быў,— сказаў Аляксей.

— Ну, нічога. Погані такой цяпер, пэўна, паменшае. Думаю, што тут кроў больш не будзе ліцца. Адвучым хадзіць сюды!..

— Трэба б адвучыць.

Аляксей з нейкім асаблівым пачуццём любові і спачування пазіраў у гэты час на пыльную дарогу, на здзічэлыя палі, якія толькі зрэдку радавалі вока палоскамі жытоў, на невысокія адхонныя ўзгоркі, пералескі, зацягнутыя сіняватай смугой, што, мяняючыся, праходзілі абапал дарогі.

Беларусь ты мая, Беларусь!..

 

РАЗДЗЕЛ ІІ

 

1

Насустрач імчала шасэ.

Яно часта было забіта калонамі машын, павозкамі, і тады пярэдняму бронетранспарцёру прыходзілася сігналіць, каб расчысціць дарогу. Так было ўвесь час — то шлях вольны, і ўсюдыход, беручы разгон, ляціць наперад, то зноў на дарозе ўзнікне затор, і прыходзіцца прабівацца, паўзці з хуткасцю пешахода.

Ледзь абагналі некалькі важкіх грузавікоў і цыстэрн, як бронетранспарцёр, які ішоў наперадзе, падкаціўшы да групы машын, што сабраліся на дарозе, зусім спыніўся.

— Даведайся, чаго сталі? — павярнуўся незадаволены Чарняхоўскі к Камарову.

Даручэнец вылецеў з машыны і, прытрымліваючы планшэт, з выглядам рашучым і строгім, пабег туды. Чарняхоўскі нецярплівым позіркам сачыў за ім.

Камароў неўзабаве, бегам жа, вярнуўся і далажыў, што дарогу перасякае група немцаў.

— Вялікая?

— Не, з папярэдніх дадзеных, таварыш генерал, невялікая. Але дакладна пакуль цяжка сказаць.

— Вышлі два бронетраспарцёры, разведай, мабілізуй на дапамогу салдат з грузавікоў. Зараз жа расчысціць дарогу!

— Есць, таварыш камандуючы,— прывычна казырнуў Камароў, ён намерыўся бегчы, але прыпыніўся на міг у роздуме.— А вы пакуль... вярніцеся, таварыш камандуючы...

— Не затрымлівайся!

Камароў кінуўся зноў к бронетранспарцёру. Чарняхоўскі, выйшаўшы з машыны, бачыў, як дзве прыземістыя зялёныя машыны з салдатамі пачалі прабівацца праз затор.

Скора з Чарняхоўскім параўняліся тры грузавікі з супрацьтанкавымі гарматкамі на прычэпах, і ён загадаў ім ісці таксама наперад. Слухаючы гукі бою, сярод якіх ён пазнаваў знаёмую кулямётную скорагаворку бронетранспарцёраў, Чарняхоўскі адольваў у сабе звыклае імкненне кінуцца туды, узяцца кіраваць самому; ён помніў: не яго гэта быў бой, ён не меў на бой гэты ніякага права.

Яму аставалася адно: стаяць з генералам Макаравым, чакаць, калі наперадзе сціхне і можна будзе ехаць далей. Ледзь страляніна сціхла, ён сеў у машыну і загадаў ехаць.

Камароў, якога яны падабралі з бронетранспарцёра, што ішоў насустрач, седзячы ў машыне камандуючага, увесь час насцярожана азіраўся па баках,— непакоіўся, як бы немцы не паявіліся зноў.

Але да ВПУ дабраліся без новых прыгод. Сяло, у якім падрыхтавалі домік для камандуючага, здалося незвычайна ціхім і спакойным; яно ўсё зелянела садамі, клёнамі і ліпамі. Дом стаяў недалёка ад ускраіны, блізка былі відаць палоскі бульбы, збажыны, дарога цераз поле.

Двор і ганак былі чыста падмецены.

— Сувязь наладжана? — запытаў Чарняхоўскі лейтэнанта, які выбег насустрач яму.

Лейтэнант радасна, зухавата выпрастаўся.

— Так точна, наладжана, таварыш генерал!

— Добра.— Чарняхоўскі, што ступіў на ганак, на момант прыпыніўся, папрасіў: — Загадайце вады халоднай прынесці. На двор. Памыцца.

У першым пакоі, справа, стаяла шырокая руская печ з адбітым на вуглу тынкам. Чарняхоўскі, не спыняючыся, увайшоў у другі пакой, які павінен быў на час стаць яго рабочым прыстанкам, хутка азірнуўся: чыста, светла, на вокнах кветкі ў гліняных гаршках.

Зняўшы трубку тэлефона, ён выклікаў генерала Іголкіна, папрасіў прыйсці праз дзесяць хвілін. Некалькі разоў прайшоўся па пакоі, паварушыў плячыма, стараючыся размяцца пасля доўгай язды. Тады зноў вярнуўся на двор. Зняў кіцель, аддаў патрымаць лейтэнанту, расставіўшы ногі, каб не запырскаць боты, у майцы нахіліўся, працягнуў рукі да бачка, які трымаў ардынарац. З асалодай адчуў халодную свежасць вады, поўныя прыгаршчы лінуў на запылены твар. Мыліў рукі, цёр твар, шыю, ахвоча, люта, пакуль не пачуў ва ўсім бадзёрлівую чысціню. Лёгкі, вясёлы, пачысціў ад пылу боты, сінія, прыкметна пасівелыя за дарогу штаны. Узяў пачышчаны лейтэнантам кіцель.

У тым, як ахвоча стараліся памагчы яму, як глядзелі на ўсё, што ён рабіў сам, адчувалася, што яго не проста паважаюць, а любяць: Героя, камандуючага, які зрабіў тое, што ніхто дасюль не мог. Чарняхоўскі ж трымаўся так, нібы не заўважаў гэтага, нібы ўсё яно было звычайным. Адразу, ледзь надзеў кіцель, на хаду зашпільваючыся, пайшоў да ганка.

Начальніка аператыўнага ўпраўлення ён сустрэў акуратна адзеты, сабраны, стрыманы. Чулы, добра ўжо знаёмы з камандуючым, генерал Іголкін усё ж у момант заўважыў за яго нібы звычайнай дзелавітасцю стрыманую вясёласць, ахвотна адазваўся на яе. Як не парадавацца, калі ёсць прычына: такое выдатнае завяршэнне дзвюх важных аперацый. Ён весела разгарнуў карту, якую прынёс, карту з апошнімі, самымі новымі адзнакамі, коратка, з той дакладнасцю, якую, ён ведаў, любіў камандуючы, стаў дакладваць абстаноўку.

Чарняхоўскі стаяў за сталом, схіліўся над разасланай аператыўнай картай, рабіў свае адзнакі, і генерал Іголкін раз-пораз прыпыняўся. Ён бачыў, як камандуючы адзначыў алоўкам, дзе знаходзіцца конна-механізаваная група Аслікоўскага,— група падыходзіла да Бярэзіны, у раёне возера Палік. Чарняхоўскі, адзначаючы месца групы, акуратна накрэсліў ромб: адзначыў танкавы корпус Абухава, які ўваходзіў у групу Аслікоўскага. Прыкметна прайшлі наперад і часці ўсёй 5-й арміі генерала Крылова,— пяхота перадавымі атрадамі таксама ўжо набліжалася да Бярэзіны. Параўнаўча мала прабіліся наперад войскі на поўдзень ад магістралі, дзе наступаў 2-гі гвардзейскі танкавы корпус генерала Бурдзейнага. Корпус яшчэ быў далёка ад вызначанага месца пераправы цераз Бярэзіну — каля вёскі Чарняўка. Асабліва запаволілася наступленне ў 5-й гвардзейскай арміі: 29-ты танкавы корпус акрамя ўпартага супраціўлення ворага затрымлівалі балоты і бездараж, 3-ці гвардзейскі танкавы корпус вёў упартыя баі ў раёне магістралі...

З таго, што паведаміў у гэты дзень начальнік аператыўнага ўпраўлення, найбольш узрушыла Чарняхоўскага зводка пра агульныя вынікі аперацый пад Оршай і Віцебскам, з пільнай увагай углядваўся ён у ліст, перададзены генералам. Ліст быў увесь запоўнены лічбамі, якія багата гаварылі: лічбы забітых, узятых у палон, знішчанай і захопленай тэхнікі ворага. Чарняхоўскі нялёгка адарваў позірк ад ліста, нагадаў, каб не запазніліся з сутачнай зводкай у Маскву, патрабавальна пазіраючы ў вочы генерала, сказаў:

— Пётр Іванавіч, наша самая важная задача цяпер — у тым, каб часці, якія ўдзельнічалі ў баях пад Оршай і Віцебскам, як мага хутчэй падцягваліся да войск, што вядуць наступленне. Я прашу, каб гэта ведалі ўсе, каму пра гэта трэба патурбавацца.

Іголкін адказаў, што ён разумее важнасць задачы і будзе рабіць усё, што ад яго залежыць.

Калі ён выйшаў, Чарняхоўскі пазваніў начальніку штаба генералу Пакроўскаму, папрасіў удакладніць і праверыць зводкі пра вынікі баёў пад Оршай і пад Віцебскам, параіўся пра блізкія справы. Выклікаў некалькі начальнікаў упраўленняў, даў распараджэнні на заўтра. Звязаўся з Люднікавым, Галіцкім і Глаголевым, павіншаваў, падзякаваў за вялікія перамогі, якіх дабіліся іх войскі. Папрасіў хутка падрыхтаваць і прыслаць матэрыялы на ўзнагароды. Адразу за гэтым запытаў, як ідзе перадыслакацыя войск на новыя рубяжы; патрэбаваў весці войскі самым фарсіраваным маршам.

Захоплены неадкладнымі, патрабавальнымі клопатамі, ён не заўважаў, як на вуліцы стала цямнець. Краем увагі, як далёкае, адзначыў момант, калі ўспыхнула ўгары і на стале святло, калі Камароў апусціў на вокнах чорныя палотны штор. Спыніў бег клопатаў позна ўвечары, намерыўся паслухаць радыё, але зірнуў на гадзіннік і ўбачыў: спазніўся. Звыкла павёў вачыма на рог стала: Камароў і на гэты раз не забыў — зводка Інфармбюро бялела на заўсёдным месцы. Ён узяў лісткі, пільна паглыбіўся ў напісанае: войскі Першага Беларускага выйшлі да Бярэзіны з поўдня ад Бабруйска, фарсіравалі Пціч і вызвалілі Глуск... Варожая абарона прарвана на глыбіню да 40 кіламетраў... Войскі выйшлі на аператыўны прастор... Ён пашукаў на карце Глуск: далёка за Бярэзінай, за Бабруйскам — адчуў быццам заклік не таптацца, паспяшацца ўперад: Ракасоўскі выбіўся на прастор, рушыць на Мінск, на Баранавічы. З гэтым, калі глянуў на Бабруйск, мільганула ў памяці добрае, даўняе — у Бабруйску была яго курсанцкая стажыроўка. Там упершыню ён вучыўся фарсіраваць Бярэзіну...

 

2

Што ён ні рабіў, за ўсім адчуваў жыццё свайго фронту. Мнагастайнае, турботнае, яно так ці інакш адгукалася ў ім, жыло ў неразрыўным перапляценні клопатаў, жаданняў, імкненняў. Яно поўніла яго ўсяго. Яно было яго жыццём. Думкі яго ўвесь час то сягалі да Крылова, то ляцелі да Бурдзейнага, то былі з Ротмістравым, то перамаўляліся з Галіцкім і Глаголевым. Думкі пра Аслікоўскага і Крылова хвалявалі нецярплівым чаканнем — блізка Бярэзіна, вось-вось падыдуць. Бурдзейны выклікаў складаныя адчуванні: і павагу за зробленае, за тое, што рабіў цяпер, і турботную заклапочанасць. Корпус рашаў нялёгкія задачы: частка яго танкаў — 25-я гвардзейская танкавая брыгада,— пасля таго як корпус прарваўся з поўначы на магістраль, павярнула па магістралі на ўсход і з усходу павяла наступленне на Оршу. Другім брыгадам корпуса даводзілася не толькі прабівацца на захад, да Бярэзіны, але і няспынна адбіваць атакі нямецкіх войск, што насядалі ззаду, збоку, адступаючы пад націскам армій Глаголева і Другога Беларускага фронту. Чарняхоўскага турбавала, што корпус павольна набліжаўся да вызначанай Чарняўкі на Бярэзіне.

Усе апошнія дні вельмі трывожыла 5-я гвардзейская танкавая армія. 29-ты корпус буксаваў на балотах, на бездаражы, а 3-ці гвардзейскі корпус, што ішоў у паласе магістралі, увесь час вёў упартыя баі. Немцы чапляліся тут за кожны рубеж. Выбітыя з Талачына, імкнуліся стрымаць наступленне танкаў Ротмістрава каля станцыі Бобр, на рацэ Бобр, цяпер упарта не хацелі аддаваць Крупкі. Дробны раённы гарадок Крупкі быў, відаць, важным іх фарпостам, які прыкрываў подступ да Барысава, да Бярэзіны.

Чарняхоўскага гэтымі днямі нязменна вярэдзіла памяць пра Бярэзіну. Атуленая лазнякамі ды сасоннікамі, ціхая рэчка, якая некалі міла ўспаміналася ў зіхценні сонечных дзён у Бабруйску, даўно ўжо бачылася яму і ў іншым вобліку. Як рубеж абароны праціўніка, які трэба будзе, з большымі ці меншымі намаганнямі, адолець. Яшчэ да пачатку наступлення Чарняхоўскі ведаў, што на Бярэзіне ў немцаў — другі рубеж абароны; цяпер гэты рубеж усё набліжаўся, усё акрэсліваўся, усё больш турбаваў. Звілістая, з балацянымі ўсходнімі берагамі, вельмі нязручная для перапраў, рака пераразала ўсю шырыню фронту ўперадзе. Усе дарогі, якімі ішлі войскі фронту, упіраліся ў раку, за якой узвышаўся вельмі прыдатны да абароны правы бераг. Бераг, на якім немцы спадзяваліся ўтрымацца...

Сярод новых і звыклых турбот, што няспынна ішлі, патрабавалі, нязменна жыло пільнае адчуванне, што ў тыле пярэдніх войск, між войск другога эшалона рушаць групы немцаў. Дробныя і буйныя, разрозненыя і арганізаваныя, яны рабілі фронт падобным на слоены пірог: немцы, нашы войскі, немцы, зноў нашы. Асабліва многа немцаў было на поўдзень ад магістралі, між магістраллю і войскамі Першага Беларускага, клін якога выцягваўся пад Бабруйск, за Бабруйск. Тут былі магутныя скапленні варожых войск — недабітая, небяспечная яшчэ 4-я армія, адрэзаная ад 3-й танкавай арміі. Многа іх ля паўднёвай мяжы яго фронту, у паласе фронту, кожны момант такая сіла можа абрынуць на яго часці з фланга, з тылу, нарабіць бяды. Хочаш — не хочаш, трэба сачыць, паглядваць і ўбок. Турбота гэта, аднак, не толькі не стрымлівала яго: ён і ў сорак першым не губляўся ў падобным выпадку,— але яшчэ як бы падганяла, ён ведаў: самы лепшы сродак, каб зламаць іх зусім — наступленне, імклівае наступленне ўперад. Туды, дзе валы двух франтоў сыдуцца разам, закрыюць шлях на захад варожым недабіткам. Туды, куды яны падыдуць яшчэ больш аслабленымі.

У гэты дзень яго асабліва цешыла нязвыклая радасць. Скончана бітва пад Оршай. Орша ўзята. Сціхлі баі пад Астраўно. Пяць нямецкіх дывізій, акружаных пад Віцебскам, кончылі жыць. У тылы краіны цягнуцца натоўпы палонных. У палоне закончылася ваенная кар’ера вопытнага гітлераўскага генерала Гольвітцэра. Зацята біліся, каб вырвацца. Але не вырваліся. Аперацыя, якая каштавала столькі клопату і сілы, завяршылася. І завяршылася як нельга лепш.

Абедзве аперацыі да сённяшняга дня, да канца іх, турбавалі Чарняхоўскага не толькі тым, што за імі трэба было сачыць, кіраваць імі, а і адчуваннем, як дорага яны абыходзяцца ўсяму фронту. Як патрэбны сілы, што скаваны тут, войскам, якія ідуць уперад. Таму Чарняхоўскі з нецярплівасцю чакаў, калі там усё скончыцца. І цяпер, калі скончылася, адчуваў, быццам парваў важкія путы, што стрымлівалі хаду.

Ён нібы ў сабе самім адчуваў гэтыя магутныя вызваленыя сілы трох армій — 39-й, 11-й гвардзейскай, 31-й. Гэтыя магутныя сілы вось-вось павінны былі ўліцца ў войскі, што імкнулі да Бярэзіны, за яе. Праўда, у адзінае адчуванне радасці і палёгкі цвярозае прымешвалася нездавальненне: пяхота падыдзе не так хутка, як трэба было б. Не першы раз ён шкадаваў, што стралковыя часці не маюць належнай манеўранасці. Цягнуцца ў пешых калонах. Столькі траціць даводзіцца з-за гэтага.

 

3

Наступны дзень пачаўся з таго, што, ледзь ён абуўся, прайшоўся па пакоі, явіўся Камароў, урачыста павіншаваў з днём нараджэння. Важна ўручыў новыя пагоны — з чатырма зоркамі: два дні назад Чарняхоўскаму прысвоілі званне генерала арміі.

Чарняхоўскі па звычцы зрабіў некалькі гімнастычных практыкаванняў, падаўся на двор, пахадзіць: у галаве пасля недаспанай ночы пабольвала. Ён пастаяў на ганку, жмурачыся ад яркага святла, пацёр далонню лоб, ступіў уніз. Задуменна пахаджваючы, ён заўважыў след аўтамашыны, успомніў, што праз дрымоту чуў на двары шум матора. Кудысьці пайшла машына. Пайшла і дасюль не вярнулася.

Ён папрасіў ардынарца, што стаяў каля хаты, сачыў за ім, паклікаць падпалкоўніка Камарова. Камароў у момант выбег, вясёлы, гатоўны да любога загаду.

— Аляксей Іванавіч, дзе машына?

Даручэнец, заўважыў Чарняхоўскі, чакаў не гэтага. Запыніўся, але схаваў неспакой, бадзёра адрапартаваў:

— У раз’ездзе, таварыш камандуючы.

— Куды паслалі?

Камароў момант маўчаў. Зноў схаваў неспакой.

— Так што — у Маскву, таварыш камандуючы...

— У Маскву? Чаго?

— Так што...— Даручэнец думаў, мабыць, як лепей адказаць.— Дзяцішкам вашым тое-сёе, таварыш камандуючы... З трафеяў...

— Што адправілі?

— Дваццаць банак кансерваў, таварыш камандуючы. І дзесяць банак джэму... Дзяцішкам. З трафеяў,— ухапіўся Камароў за раптоўную зачэпку.— Не з ваенторга.

— Ну, заладзіў — з трафеяў!..— паморшчыўся Чарняхоўскі. Строга, з той афіцыйнасцю, якая не зычыла нічога добрага, патрабаваў: —Чаму без майго дазволу?

— Так што — таварыш камандуючы, не хацеў турбаваць. З-за такой дробязі...

Чарняхоўскі бачыў: даручэнец не зводзіць вачэй, просіць зразумець. Не судзіць строга. Чарняхоўскі не адчуў літасці.

— Вось што, таварыш Камароў,— сказаў ён пасля важкага маўчання. Цвёрда, неадменна: — Вярніце машыну. Зараз жа.

Камароў яшчэ выцягнуўся гатоўна, але не скрануўся.

— Вінават, таварыш камандуючы...

— Што яшчэ?

— Яна — далёка, таварыш камандуючы...

Чарняхоўскі прыпыніўся на момант.

— Паслаць «ПО-2». Дагнаць і вярнуць.

Ён, даючы знак, што размова скончана, рэзка павярнуўся, пайшоў прэч ад даручэнца.

Тады ж ён убачыў, што на двор уваходзіць начальнік разведаддзела фронту, генерал Алёшын. Уваходзіць так імкліва і так рашуча, што Чарняхоўскі адразу адчуў: здарылася штосьці важнае.

— Таварыш камандуючы,— важныя навіны! — ледзь толькі прывітаўся, спяшаючыся, далажыў генерал.

Тон голасу генерала быў узрушаны, занепакоены, і Чарняхоўскі адчуў: тое, што адбылося,— непрыемнае і патрабуе неадкладных мер. Ён загадаў:

— Зойдзем.

Адразу хутка рушыў да ганка. Як толькі ўвайшлі ў пакой, Чарняхоўскі запытальна павярнуўся да генерала. Начальнік разведаддзела, сабраны, дзелавіты, адказаў:

— Таварыш камандуючы, разведка выявіла: праз Барысаў у кірунку на ўсход ідзе моцная танкавая калона праціўніка.

Чарняхоўскі нецярпліва зірнуў.

— Што за калона?

— Па нашых меркаваннях — 5-я танкавая дывізія. З-пад Ковеля.

Чарняхоўскі нахіліўся над аператыўнай картай. Позірк строгіх, уважлівых вачэй адразу знайшоў разрэзаны звілістай істужкай ракі напалам Барысаў, хутка пабег па рысках Мінскага шасэ, цераз гарбінку каля невядомай Лошніцы, да вядомых Крупак, да сіняй істужкі рэчкі Бобр. Пакуль дабег позіркам, вылічыў адлегласць — каля сарака кіламетраў.

Адлегласць для танкаў, па асфальце шасэ,— проста нікчэмная. Вядома, дывізіі спатрэбіцца час, каб падцягнуцца, разгарнуцца, падрыхтавацца. І ўсё ж,— небяспека, якую нясе дывізія,— вельмі блізкая; яшчэ трохі — і яна ўрэжацца ў часці Ротмістрава.

Чарняхоўскі адразу адзначыў сілу небяспекі, што раптам узнікла. Ён ведаў, што ў цэлым дывізія нічога змяніць не зможа, як не змаглі змяніць тыя, якія праціўнік кідаў раней пад Оршу,— і ўсё-такі ён не настройваў сябе на бесклапотнасць. Ён разам з тым ведаў, што дывізія можа нарабіць і нямала бяды, таму бачыў свой абавязак у тым, каб за лічаны час, што заставаўся, падрыхтавацца і сустрэць нямецкія танкі як належыць.

У галаве ў момант узнік план таго, што неабходна было зараз жа, не марудзячы, зрабіць. Як і кожны раз, калі раптам узнікала небяспека, Чарняхоўскі ў гэтыя хвіліны дзейнічаў вельмі разважліва і хутка. Генерал Алёшын, пра якога Чарняхоўскі нібы забыў адразу, бачыў, якім цвёрдым крокам пайшоў камандуючы да стала, як уладна ўзяў трубку тэлефона, загадаў звязаць яго з маршалам Ротмістравым. Пачуўшы голас камандуючага 5-й гвардзейскай танкавай арміі, коратка, стрымана, тым тонам, у якім чулася моцная воля, сказаў:

— Павел Аляксеевіч, прыміце неадкладныя меры. Наша разведка выявіла: праз Барысаў у вашым кірунку ідзе танкавая дывізія праціўніка.

Кароткай, дакладнай была і яго размова з камандуючым паветранай арміі, якому ён загадаў зараз жа накіраваць насустрач танкавай дывізіі бамбардзіровачную і штурмавую авіяцыю. За камандуючым паветранай арміі Чарняхоўскі выклікаў камандуючага артылерыі фронту: генерала Барсукова ва ўпраўленні не было. Чарняхоўскі аддаў загад намесніку камандуючага: паслаць насустрач праціўніку супрацьтанкавы артылерыйскі полк, самаходныя гарматы, аўтамашыны з сапёрамі. За лічаныя хвіліны ён звязаўся, аддаў распараджэнні генералу Родзіну, камандуючаму бранятанкавых войск, генералу Баранаву, начальніку інжынерных войск фронту. Пазваніў дзяжурнаму афіцэру пры Маршале Савецкага Саюза Васілеўскім...

Пад канец ён загадаў генералу Іголкіну сачыць і дакладваць, як будзе разгортвацца бой з дывізіяй. Тады, паспакайнелы, з выглядам чалавека, што зрабіў неадкладнае, важнае, павярнуўся да генерала Алёшына.

 

4

Размова з Алёшыным была нядоўгаю. Увайшоў падпалкоўнік Камароў і паведаміў, што явіўся афіцэр сувязі са Стаўкі. Чарняхоўскі скончыў размову з генералам, выйшаў насустрач невысокаму чарняваму маёру, што ступіў у пакой.

Маёр уручыў пакет, на якім ярка вылучаліся барвова-карычневыя сургучовыя пячаткі.

Чарняхоўскі распісаўся, што атрымаў пакет, запытаў маёра, як ляцелася, што новага ў Маскве, ці доўга будзе ў штабе фронту. Маёр сказаў, што зараз жа павінен ляцець назад; Чарняхоўскі выклікаў Камарова, загадаў паклапаціцца, каб госця накармілі, правесці на аэрадром.

Калі маёр выйшаў, Чарняхоўскі вярнуўся за стол, з нецярплівасцю перацяў нажом прошвачку на канверце, акуратна разрэзаў край пакета. Прадчуванне не ашукала яго: пакет быў надзвычай важны — дырэктыва Стаўкі на далейшае разгортванне аперацыі. Ён адразу з пільнай увагай нахіліўся над аркушам паперы з выразнымі, дакладнымі радкамі. Радкі гэтыя абавязвалі яго Трэці Беларускі фронт з ходу фарсіраваць Бярэзіну і весці наступленне: часцямі левай групы войск — на Мінск, а правым крылом — на Маладзечна. Дырэктыва загадвала заняць Мінск не пазней 7—8 ліпеня. На Мінск скіроўваліся войскі ўсіх трох Беларускіх франтоў, прычым асноўная роля ва ўзяцці Мінска адводзілася Другому Беларускаму фронту. Трэці ж Беларускі, як і Першы Беларускі, узаемадзейнічаючы з Другім, абавязаны былі нанесці па сутнасці дапаможныя ўдары. Заняўшы Мінск, тры франты павінны былі завяршыць акружэнне 4-й арміі праціўніка. Стаўка патрабавала таксама, каб войскі фронту — правае крыло — разам з войскамі Першага Прыбалтыйскага і з часткай войск Першага Беларускага — імкліва рушылі на захад, знішчалі рэзервы праціўніка, што падыходзілі да фронту,— зрывалі спробы праціўніка стабілізаваць фронт...

Перачытаўшы некаторыя радкі, Чарняхоўскі ўстаў і ўзрушана захадзіў па пакоі. Яго хвалявалі супярэчлівыя адчуванні. Ён адчуваў палёгку ад таго, што цяпер, калі ёсць дырэктыва, скончылася няведанне, якое непакоіла апошнімі днямі; цяпер — былі ясныя ўказанні на далейшае наступленне. Разам з тым было ў ім нездавальненне, што ўказанні гэтыя прыйшлі толькі цяпер, калі войскі вось-вось пачнуць фарсіраваць раку. Выклікала роздум тое, што тэрмін узяцця Мінска назначан быў без дакладнага ўліку рэальнага становішча; Чарняхоўскі быў перакананы, што рэальнае становішча войск, рэальныя магчымасці войск, тэмп наступлення даюць падставы ўзяць Мінск раней.

Роздум выклікала і тое, што задача фронту зноў ставілася на невялікую глыбіню, гэта не давала магчымасці загадзя паклапаціцца пра далейшае забеспячэнне аперацыі. Ён гадаў: чаму наогул Стаўка дае ўказанні такімі кароткімі, прыватнымі дырэктывамі, якія абмяжоўваюць камандуючых, у планаванні на далейшае, скоўваюць іх? Што будзе далей, якія задачы будуць пасля ўзяцця Мінска, акружэння 4-й арміі немцаў — яго турбавала няведаннем. У гэтым няведанні занепакоіла не надта прыемнае прадчуванне: можа здарыцца, пасля Мінска Другі Беларускі фронт адцісне яго фронт на поўнач, з асноўнага напрамку.

Але гэта глухая развага адступіла перад патрабавальным клопатам: трэба было адразу ж, не марудзячы, пачаць рабіць усё, што неабходна, каб выканаць распараджэнні Стаўкі. Праца чакала вялікая і важная, а часу — у абрэз. Чарняхоўскі рашуча адагнаў марнае думанне, цвёрдым крокам пайшоў да тэлефона. Звязаўся з членам Ваеннага Савета фронту генералам Макаравым, потым з начальнікам штаба фронту генералам Пакроўскім. Папрасіў абодвух зараз жа прыйсці да яго.

Генералы прыйшлі амаль адначасова і вельмі хутка. Чарняхоўскі запрасіў іх падсесці да стала, выняў са стала і паклаў перад імі аркушы з дырэктываю Стаўкі. Сам пакрочыў у суседні пакой, загадаў Камарову нікога не пускаць да яго і не звязваць нікога з ім па тэлефоне. За выключэннем надзвычайнай патрэбы. Тады вярнуўся ў свой пакой, але не пайшоў за стол, а стаў наводдалек. Адтуль, разважаючы сваё, паглядваў, як генералы чытаюць, мімаволі спрабаваў адгадаць, што яны думаюць. Генерал Макараў чытаў, узлёгшы грудзямі на рукі, складзеныя на стале, увабраўшы шыю, увесь, здавалася, аддаўшыся чытанню, поўны імкнення ўсё спасцігнуць, дайсці да самых глыбінь. У добрым, паўнаватым, з гладка зачасанымі назад валасамі Макараве было штосьці юначае, курсанцкае. Генерал Пакроўскі, з голай, бліскучай галавой, сухаваты, толькі крыху сутуліўся, глядзеў у паперы востра і, было прыкметна, крытычна. Вузкія, з тонкімі куточкамі губы былі сабраны ў маршчынкі, твар выдаваў строгую праніклівасць.

Калі яны скончылі чытаць, Чарняхоўскі зайшоў за стол, сеў, падцягнуў аркушы дырэктывы да сябе. Глянуў на аднаго, другога, дзелавіта запытаў:

— Якія ёсць меркаванні?

Быў момант маўчання. Макараў, што сядзеў ужо выпрастаўшыся, варухнуўся, коса павёў дабрадушным позіркам на начальніка штаба. Шыя, крыху павярнуўшыся ў цесным каўняры, пачырванела.

— Першае меркаванне такое,— загаварыў ён паблажліва,— што часу на падрыхтоўку — з гулькін нос. Што штабу,— ён зноў крыху павярнуў шыю, скоса зірнуў на генерала Пакроўскага,— трэба адразу закасваць рукавы. І работаць, работаць...

— Так, часу — мала,— згадзіўся стрымана начальнік штаба. Чарняхоўскі ўлавіў у тоне яго голасу нездавальненне.

— Другое меркаванне такое,— зноў з той жа паблажлівасцю загаварыў пасля хвілінкі роздуму генерал Макараў,— што, здаецца, трэба добра паламаць галаву, каб абдумаць, як арганізаваць узаемадзеянне з Другім Беларускім. Які на столькі адстае...

Ён глядзеў на Чарняхоўскага так, нібы чакаў яго згоды. Чарняхоўскі стрымана кіўнуў: гэта — правільна.

— Трэба таксама, па-мойму, добра памаракаваць пра тое, як аберагчы левы фланг фронту. Пры такім становішчы. Адставанні суседа злева...

Чарняхоўскі згодна кіўнуў. Ён перавёў уважлівы позірк на начальніка штаба: загаварыў генерал Пакроўскі.

— У фронта на вызначаную глыбіню,— Пакроўскі гаварыў выразна, роўна, нібы дакладваў,— на мой погляд, ёсць два найбольш важныя і адказныя этапы. Першы — фарсіраванне Бярэзіны і ўзяцце Барысава. Другі — узяцце Мінска і завяршэнне акружэння 4-й арміі праціўніка. Я мяркую, што пры распрацоўцы аперацыі на гэтыя дзве задачы трэба звярнуць асаблівую ўвагу. І адпаведна нацэліць на гэта камандаванне войск. Фарсіраванне ракі на першым этапе, на маю думку, мае надзвычайнае значэнне таму, што, як нам вядома, Бярэзіна — рубеж, на якім праціўнік спадзяецца стабілізаваць фронт. У гэтым плане праціўнік, бясспрэчна, асобае значэнне надае Барысаву, які займае, па сутнасці, ключавую пазіцыю на магістралі. На рашэнне гэтых дзвюх задач, па маіх меркаваннях, і трэба звярнуць асноўную ўвагу на першым этапе...

— Я згодны з Аляксандрам Пятровічам,— падтрымаў Пакроўскага Макараў.— Барысаў будзе самым моцным арэшкам перад Мінскам, і яму трэба добры малаточак. Ударыць на ўсю сілу, разламаць і — выйсці на Мінск!..

— На другім этапе,— працягваў генерал Пакроўскі,— асаблівае значэнне маюць, вядома, узяцце Мінска і завяршэнне акружэння 4-й арміі праціўніка. Я мяркую, што для ўдару на Мінск,— начальнік штаба фронту глянуў на Чарняхоўскага, вока ў вока, сказаў пераканана: — трэба выкарыстаць моцныя рухомыя групы, якія належыць падтрымаць моцнымі сіламі пяхоты і авіяцыяй... Пільную ўвагу, як паказвае вопыт, неабходна звярнуць на задачу акружэння 4-й арміі. Мяркуючы па цяперашнім становішчы, трэба думаць, што задача гэта, відавочна, будзе рашацца ў асноўным нашым фронтам разам з Першым Беларускім... Ва ўсякім разе, на першай пары,— разважліва дадаў ён. Як бы падсумаваў: — Яна патрабуе выдзялення для яе буйных сіл войск...

— Усё гэта вельмі правільна,— варухнуўся неспакойны Макараў. Па тым, як варухнуўся, як казаў, адчувалася: яго занепакоіла нейкая думка.— Мне толькі здаецца: гледзячы на левае крыло, як бы не забыць пра правае,— намякнуў ён пра войскі правай групы.— Яно таксама варта ўвагі.

Чарняхоўскі згодна кіўнуў на яго словы. Ён увесь час уважліва, з павагай слухаў. Не перабіваў ні разу. У яго было нязменнае правіла: даваць волю выказацца другім, даваць усім адчуць сябе неабходнымі ўдзельнікамі, уключыць усіх у агульны клопат.

— Я згодны ў цэлым з меркаваннямі і прапановамі, якія вы выказалі,— загаварыў Чарняхоўскі, калі выслухаў Макарава і Пакроўскага.— Бясспрэчна, асаблівае значэнне трэба звярнуць на фарсіраванне Бярэзіны і ўзяцце Барысава. І, на другім этапе — на ўзяцце Мінска і акружэнне войск праціўніка пад Мінскам... Мне асабліва важным і — цяжкім здаецца другі этап... Асабліва — акружэнне. Нам трэба будзе акружыць і знішчыць вельмі вялікую групу войск, прычым — акружыць сіламі трох франтоў. Гэта патрэбуе ад нас надзвычай пільнай падрыхтоўкі, дакладнага ўзаемадзеяння — у маштабе трох франтоў... Асаблівасць і складанасць гэтай аперацыі яшчэ ў тым, што мы павінны акружыць групу ў ходзе развіцця наступлення, тэмп і сілу якога нельга зніжаць і аслабляць... Робячы ўсё, каб завяршыць як належыць акружэнне, мы павінны помніць увесь час, што галоўная наша задача — развіваць наша наступленне далей... Клапаціцца пра далейшае наступленне...

— Якое астаецца пакуль загадкай...— зазначыў Пакроўскі.

Чарняхоўскі зразумеў яго намёк, але не падтрымаў. Нібы не пачуў. Увесь паглыблены ў вялікі клопат, ён не хацеў размоў, якія маглі б адвесці ад галоўнага. І ад якіх нельга было чакаць якой-небудзь карысці.

— Я згодны таксама з тым, што задача наша ўскладняецца адставаннем суседа злева...— сабрана давяршаў ён пачатую думку.— Неабходнасцю выдзеліць частку сіл для прыкрыцця левага фланга. Неабходнасцю мець у гэтым раёне значныя рэзервы, на ўсякі выпадак...— Чарняхоўскі павярнуўся да начальніка штаба: — Усё гэта, Аляксандр Пятровіч, нам трэба распрацаваць з самай вялікай стараннасцю, прадбачлівасцю. З улікам магчымых неспадзевак.

Яму, мабыць, надакучыла сядзець, ён устаў. Пастаяў хвіліну задумліва. Прайшоў позіркам па разасланай на стале карце, загаварыў зноў, як бы разважаючы ўголас:

— Разам з тым я лічу вельмі важнай заўвагу, якую зрабіў Васіль Емельянавіч... Так: як ні важна тое, што належыць зрабіць у раёне магістралі і Мінска, мы ні ў якім разе не маем права недаацэньваць значэнне дзеянняў на правым крыле. Мы павінны ўсямерна развіваць наступленне ў кірунку Вілейка — Краснае — Маладзечна.— Чарняхоўскі звыкла акрэсліў раён на карце.— Поспех тут дасць нам магчымасць выйсці на шасэ і чыгунку Мінск — Вільнюс.— Аловак зноў бегла адзначыў лінію на карце.— Выхадам сюды мы перарэжам важнейшую камунікацыю праціўніка, акажам вялікую дапамогу нашым войскам у раёне Мінска. Але, акрамя таго, што мы паможам войскам у раёне Мінска, мы — што не менш важна — выйдзем на рубяжы, неабходныя для далейшага развіцця наступлення... Значэнне гэтага поспеху будзе асабліва відавочна, калі мець на ўвазе, што войскі Першага Беларускага імкнуцца да другой важнай камунікацыі праціўніка — шасэ і чыгункі Мінск — Брэст. Захоп гэтых дзвюх камунікацый нашымі франтамі паставіць акружаныя пад Мінскам войскі ў сітуацыю, пры якой яны акажуцца без якой-небудзь падтрымкі зне. Такім чынам, будуць створаны ўмовы для таго, каб разграміць і знішчыць акружаныя войскі ў самы кароткі тэрмін!

Рослы, зграбны, са смаляной чупрынай і ўдумлівым позіркам праніклівых вачэй, у дасканала падагнаным кіцелі, пад якім адчувалася дужая, трэніраваная постаць, з залатой зоркай на кіцелі, з дасканалай выпраўкай, ён быў у гэты час вельмі прыгожы, мужна прыгожы, самы малады камандуючы фронту, малады генерал арміі. Упэўнены, з уладнасцю, годнасцю ва ўсёй паставе, у тоне голасу, рухах,— той годнасцю, у якой было і адчуванне нядаўніх перамог і славы, якая ўжо ішла па фронце,— ён быў цяпер у многім непадобны на таго, якім маглі яго бачыць на КНП пад Оршай, у першыя гадзіны наступлення. У даўнія, цягучыя хвіліны няпэўнасці становішча...

Ён прайшоў крыху, стаў каля акна, наводдалек, кінуў на генералаў нецярплівы позірк. Усхваляваны нечым.

— Цяпер я хацеў бы сказаць — пра тэрміны. Мне здаецца: мы можам скараціць некаторыя...— Захоплена, рашуча аб’явіў: — Я лічу, што Мінск мы можам узяць... Максімальна — да 4 ліпеня... Мінімальна — да канца 2-га.

Чарняхоўскі дапытліва сачыў: што яны думаюць, яго баявыя паплечнікі?

Першы загаварыў член Ваеннага Савета.

— Кожны выйграны ў ворага дзень — гэта ратунак тысячам людзей. І чым больш дзён мы выйграем, тым больш людзей вырвем ад гэтай нечысці... Я думаю, гэта трэба ўвесці ў сэрца кожнага салдата і камандзіра... Наогул вызваленне Мінска будзе мець асаблівае палітычнае значэнне. І трэба гэту аперацыю правесці асабліва арганізавана і ў найкарацейшы тэрмін...

— Тэрмін, безумоўна, можна скараціць,— згадзіўся і стрыманы, асцярожны ў разліках генерал Пакроўскі.— Я думаю: найбольш рэальны тэрмін — 4—5 ліпеня.

— Добра, галоўнае ясна: задача — рэальная і неабходная. І ясна: тэрмін трэба скараціць да мінімуму. Канкрэтна тэрмін — удакладнім! — коратка закончыў камандуючы.

Чарняхоўскі хуткім крокам пайшоў да стала. Нахіліўшыся над ім, над картай, запрасіў:

— Давайце параімся пра задачы войск. Пра канкрэтных выканаўцаў задач.— Ён адразу, без паўзы, акрэсліў: задачу 39-й арміі генерала Люднікава, якая пасля завяршэння разгрому віцебскай групы ворага падцягвалася да пярэдніх рубяжоў. Звыкла водзячы алоўкам, выказаў задачы 5-й арміі генерала Крылова і конна-механізаванай групы.— Асабліва цяжкай, складанай задачай у бліжэйшы час, па ўсіх адзнаках — відаць, будзе авалоданне Барысавам.— Аловак Чарняхоўскага акрэсліў значок горада і важка спыніўся.— Я маю намер гэту задачу даручыць 11-й гвардзейскай і 31-й арміям, ва ўзаемадзеянні з 5-й гвардзейскай танкавай арміяй...— Адразу, як Чарняхоўскі скончыў тлумачыць задачу на вызваленне Барысава, аловак яго ўсцяж істужкі ракі пераскочыў уніз.— 2-гі гвардзейскі танкавы корпус, фарсіраваўшы Бярэзіну ў раёне Чарняўкі, часткай сіл садзейнічае войскам, якія наступаюць на Барысаў, асноўнымі сіламі ідзе з поўдня магістралі ў кірунку на Мінск.— Аловак камандуючага спыніўся на купе значкоў, што абазначалі Мінск.— Задачу вызвалення Мінска я мяркую разам з корпусам Бурдзейнага ўскласці на частку войск Ротмістрава і на армію Глаголева...

У тым, як Чарняхоўскі гаварыў, непаспешліва, дзелавіта, адчувалася, што ён усё гэта абдумаў ужо не толькі ў асноўных рысах, а і ў дэталях.

— Такія мае меркаванні,— сказаў ён, скончыўшы, і паклаў аловак. Позірк перайшоў на Макарава, на Пакроўскага: — Якія будуць думкі?

 

Генералы ўжо сабраліся ісці ад камандуючага, калі ў пакой хутка, усхвалявана ўвайшоў Іголкін.

— Радыёграма ад Абухава, таварыш камандуючы! — сказаў ён, працягнуў Чарняхоўскаму лісток.— Толькі што атрымалі. Абухаў — за Бярэзінай.

Чарняхоўскі ўзяў радыёграму, хутка прабег позіркам. Так, абухаўцы — танкавы корпус Абухава, які наступаў у конна-механізаванай групе Аслікоўскага,— былі ўжо на другім баку Бярэзіны, вялі баі за ракой. Пераправіліся з поўначы ад возера Палік, па мосце, які збераглі партызаны.

— Вось і пераскочылі! — сказаў Чарняхоўскі, як бы запрашаючы і іншых парадавацца.

Гэтаму нельга было не радавацца: пераскочылі з ходу такі рубеж. Няхай толькі ў краёчку, амаль на правым фланзе, але — пераскочылі. У задавальненні, што нарадзіла вестка пра поспех Абухава, была ўдзячная думка пра добрых памочнікаў — партызан: збераглі мост, памаглі!

Думаў такое ўжо не раз — адсюль ішло да яго: праводзілі часці цераз балоты, праз гушчары, у абход немцаў; папярэджвалі пра засады, зберагалі масты...

Радыёграма ішла па руках генералаў. Генерал-лейтэнант Пакроўскі, вяртаючы яе камандуючаму, сказаў нібы з намёкам:

— Можна лічыць: новая дырэктыва ўжо рэалізуецца!..

 

5

Адразу пасля нарады з членамі Ваеннага Савета ён вярнуўся да бягучых клопатаў. На стол леглі прынесеныя Камаровым лісткі радыёграм, тэлеграмы, прарваліся патрабавальныя званкі тэлефона. Ён найперш адабраў тыя данясенні, якія расказвалі пра танкавую нямецкую дывізію, што ішла цераз Барысаў. Пасля першага данясення пра тое, што авіяцыя знайшла цэль і пачала штурмаваць і бамбіць нямецкія танкі, ён з пільнай увагай адзначыў, што супрацьтанкавы полк выйшаў у намечаны раён і займае пазіцыі. Радыёграма з войск маршала Ротмістрава дакладвала, што танкі 5-й гвардзейскай арміі занялі рубеж для сустрэчнага бою.

Данясенні з многіх участкаў паведамлялі, што і ў паласе арміі Крылова, і ў паласе 29-га танкавага корпуса арміі Ротмістрава, і на поўдзень ад магістралі, дзе наступаў 2-гі гвардзейскі танкавы корпус, ішлі цяжкія, упартыя баі. Асабліва ўпарта супраціўляліся немцы ў паласе магістралі, там, куды спяшалася на падмогу ім танкавая дывізія. Да ўсіх турбот і трывог дадалося нездавальненне: войскі з-пад Оршы і Астраўно падцягваліся далёка не ў тэмпе, якога патрабавала абстаноўка, які неабходны быў для належнага разгортвання наступлення.

Перагледзеўшы данясенні, Чарняхоўскі павярнуўся да тэлефона, нецярпліва папрасіў звязаць яго з камандуючым 5-й арміі генералам Крыловым. Пяхота Крылова падыходзіла да Бярэзіны ў тым жа раёне, дзе прарваліся танкі Абухава. Паслухаўшы ад Крылова даклад пра становішча ў яго войсках, Чарняхоўскі ўладным тонам загадаў паскорыць тэмп наступлення,— прабіцца хутчэй да ракі і з ходу фарсіраваць яе. Развіваць наступленне на заходнім беразе. Трэба было, не трацячы зручнага моманту, замацаваць тое, чаго дабіліся танкісты.

Камандуючы 5-й паабяцаў, што зробіць усё, каб армія як найхутчэй падышла да Бярэзіны і фарсіравала яе. Поспех Абухава і надзея на Крылова хвалявалі Чарняхоўскага прадчуваннем новай, яшчэ большай удачы: калі пойдзе добра і далей, войскі хутка могуць прарвацца на дарогу Мінск — Вільнюс. Адрэзаць нямецкую групоўку ў Мінску ад тылоў — з поўначы і паўночнага захаду...

Неўзабаве Чарняхоўскі склікаў нараду камандуючых радоў войск. Як і ранейшая, гэтая нарада не перапынялася ні званкамі, ні з’яўленнем камандзіраў: Камароў цвёрда стаяў на дарозе ўсіх, хто хацеў пранікнуць у пакой камандуючага. Усіх спыняла нязменнае: камандуючы заняты. За надзейна зачыненымі дзвярамі Чарняхоўскі сабрана, пранікліва абмяркоўваў, што належыць зрабіць камандуючым і іх радам войск для новай дырэктывы. У той час усе яго думкі былі абмежаваны толькі гэтым клопатам, іншага нібы і не магло быць. На час ён нібы адасобіў сябе ад усяго, чым жыў фронт.

Гэта было не першы раз: калі трэба было, Чарняхоўскі знарок імкнуўся абмяжоўваць сябе самым важным, неадкладным: такім неадкладным цяпер было тое, што ішло ад новай дырэктывы. Ад таго, як удасца выканаць патрабаванні дырэктывы, помніў ён, фактычна залежала ўсё заўтрашняе жыццё шматлікіх яго войск. З таго часу, як ён прачытаў дырэктыву, у яго не знікала турботнае разуменне: за лічаныя дні, гадзіны трэба вельмі багата зрабіць. Гэтае разуменне цяпер, можна сказаць, кіравала ім: патрабавала ад яго асаблівай сабранасці, энергічнасці. І ён дзейнічаў як мог сабрана, энергічна.

Увесь дзень жывое жыццё фронту зноў і зноў вяртала яго да сябе. Званкі тэлефонаў, тэксты радыёграм, тэлеграмы ўрываліся ў яго кабінет, ледзь наступала змога заняцца бягучымі клопатамі. Як ні стрымлівалі націск гэтых клопатаў неспакойныя думкі пра будучае, Чарняхоўскі амаль увесь час адчуваў заклік жывога, бягучага жыцця войск. Што б там ні належала зрабіць на заўтрашняе, ён, камандуючы, быў абавязаны займацца і сённяшнім, і Чарняхоўскі, стараючыся не выпускаць з-пад увагі нічога важнага, імкнучыся ў час умешвацца, папраўляць, накіроўваць, аддаваў частку сябе сюды.

Як блізкае і важнае, пачуў ён данясенне, што на магістралі пачаўся бой з нямецкімі танкамі. І як потым ні быў заняты іншымі турботамі, сярод многага іншага не выпускаў з-пад увагі, як гэты бой разгортваўся.

Пасля ўдараў авіяцыі, пасля кароткага, але моцнага артылерыйскага налёту далажылі яму: 3-ці гвардзейскі корпус арміі Ротмістрава рынуўся на перадавы атрад дывізіі і спыніў яго. У імклівым баі танкісты разграмілі атрад, не толькі ўтрымалі пазіцыі, але і прабіліся ўперад. Чарняхоўскі быў рад, калі даведаўся, што танкі Ротмістрава нарэшце занялі Крупкі, моцны вузел нямецкай абароны на дарозе да Барысава...

Некалькі разоў добрымі весткамі радаваў Крылоў. Камандуючы арміі спраўдзіў абяцанне: армія неўзабаве дасягнула Бярэзіны і адразу з боем пачала перапраўляцца цераз яе. За дзень пяхота Крылова падышла да Бярэзіны ўсцяж на шэсцьдзесят кіламетраў. Захапіла плацдармы на тым, заходнім, беразе ракі...

У клопатах пра сённяшняе, пра будучае, якое ўсё набліжалася, разгортвалася, рабілася рэальным, якое поўніла Чарняхоўскага ўсё больш нецярплівай імклівасцю, сыходзіў гэты нялёгкі дзень. На познюю вячэру камандуючага з’явіўся член Ваеннага Савета Макараў; убачыўшы Чарняхоўскага за сталом са звычайнай вячэрай, узняў здзіўлена бровы над пукатымі вачыма, развёў рукі.

— Па ўсім відаць, імяніннік так-такі рашыў не адзначаць свой дзень! — Ён намякнуў на ранейшую размову, калі Чарняхоўскі не дазволіў нават нагадваць пра дзень нараджэння.

— Так і рашыў імяніннік,— пацвердзіў стрымана-жартаўліва, сур’ёзным тонам Чарняхоўскі. Ён дапытліва зірнуў на генерала, задумаўся на момант і рашуча адлажыў відэлец. Устаў, пайшоў да ложка, выцягнуў з-пад яго чамадан. З загадкавым выглядам, паглядваючы на Макарава, дастаў бутэльку каньяку, што быў прыхаваны на ўсякі выпадак. Знарок з годнасцю паставіў на стол, весела запрасіў генерала:

— Паколькі імяніннік не хоча, каб пра яго кепска думалі блізкія, давайце ўшануем славянскі закон. Толькі ціха, без шуму.

Ён не захацеў клікаць ардынарца, пасылаць па чаркі, наліў патрохі ў шклянкі.

Уся гаворка за сталом потым ішла пра справы. Калі яны абмеркавалі тое, што трэба было абгаварыць разам, на думку камандуючага, генерал Макараў адчуў, што Чарняхоўскі адасобіўся, паглыбіўся ў нейкія свае развагі. Генерал чула заўважыў, як, думаючы штосьці, камандуючы нецярпліва глянуў да рабочага стала, ледзь не ўстаў, але схамянуўся. Генерал зразумеў, што час развітвацца.

Чарняхоўскі не стаў затрымліваць яго. Як толькі правёў генерала, выклікаў ардынарца, каб прыбраў рэшткі вячэры, вярнуўся да рабочага стала. Апанаваны рознымі справамі, якіх звычайна большала пад канец дня, ён, аднак, праз нейкі час пазваў Камарова і загадаў звязаць яго з Масквою, з кватэраю.

Ён нецярпліва хадзіў, пакуль наладжвалі сувязь, з хваляваннем падышоў да тэлефона.

— Тася? — вымавіў ён імя жонкі ў плыўкі шум, што быў у трубцы.— Добры вечар усім! — У шуме ў трубцы ўзнік нейкі свіст, чуваць было вельмі кепска, ён загаварыў голасна, узрушана.— Што там у вас? Здаровыя ўсе? Дзякую...— Далёкі-далёкі, ледзь чутна даходзіў голас жонкі.— Мы? Мы што ж, ваюем! Ідуць справы! Добра ідуць...— Жонка пыталася, як ён адчувае сябе.— Усё вельмі добра... Што? — не разабраў ён. Жонка турбавалася, ці добра з харчаваннем. Ён зразумеў: непакоіцца з-за яго гастрыту, паўтарыў цвёрда: — Усё вельмі добра... Вы, вы — як? — настойліва дабіваўся ён.— Як Ніла, Алік?..— Тады, калі жонка расказвала, як яны жывуць, праз шум прабілася патрабавальнае, сынава: «Мама, ну, мама, мне». Калі ж яму далі трубку, сказаў толькі: «Тата», маўчаў, маўчаў і загадаў нарэшце: «Прыязджай!» Тады ў трубцы пачуў голас дачкі.— Ніла, як твае поспехі?.. Давай дамовімся так: я буду тут ваяваць добра, каб табе не сорам было. А ты — вучыся добра. Каб я не чырванеў тут. Дамовіліся?.. Прыеду, праверу!

Усю рэшту вечара светлы настрой, што прыйшоў з гэтай размовай, не пакідаў яго.

 

У гэты позні вечар думкі яго амаль увесь час беглі наперад. Калі схіляўся над картай, позірк вельмі часта трапляў на значкі, што паказвалі Мінск, або кружыў поблізу іх. Мінск, мінскае наваколле былі, як ніколі дасюль, блізкія. Такія блізкія, быццам ён ужо быў там.

У клопатных думках пра Мінск цеплілася ў душы жывое адчуванне горада: памяць удзячна берагла, якім бачыў горад перад вайной, прыязджаючы з Гомеля ў штаб акругі. Ціхія, гасцінныя вуліцы, зялёныя пагоркі, ветлівыя твары прахожых. У гэтае даўно ўжо ўпляталася шчымліва тое, што потым прыйшло ад здымка, які неяк убачыў у газеце. Страшны то быў здымак, зроблены з самалёта, з невялікай вышыні: як у разрэзе, аднастайныя лабірынты сцен, між якіх мёртвая пустэча былых пакояў; вялізныя, пачварныя пустыры. Толькі дзе-нідзе спаленыя будынкі...

У практычныя развагі пра блізкую аперацыю, як ні гнаў, непаслухмяныя зноў лезлі думкі, што дырэктыва Стаўкі прыпазнілася, не змагла ўлічыць рэальную абстаноўку. Канечне, загадзя цяжка, проста немагчыма было прадбачыць, як пойдуць справы,— але нашто тады было даваць такія блізкія, прыватныя задачы? Як ні думай, ясна цяпер: планаваць трэба было ўсё ж на большую глыбіню і больш шырока. І наогул для карысці агульнай — добра было б менш апякаць. Даваць больш ініцыятывы камандуючым. Залішняя цэнтралізацыя скоўвае, нараджае няўпэўненасць.

Ясны розум, падмацаваны вопытам, цвяроза меркаваў: не на карысць, гэта відаць — і такое, залішняе драбленне франтоў, якое таксама абмяжоўвае, звужае поле дзейнасці камандуючых. Нашто было драбніць, дзяліць на два франты былы Заходні, якую карысць гэта дало? Дало толькі тое, што замест аднаго цэлага стварылі дзве палавінкі, да таго ж — слаба звязаныя. Якім, тым не менш, належыць рашаць адну задачу: разам браць Мінск і завяршаць акружэнне. Ён падумаў, што ў Стаўцы, вядома, разумелі мінусы такой дробнасці франтоў; недарэмна ж сюды прысланы прадстаўнікі Стаўкі для каардынацыі дзеянняў. Але ж калі гэта памагло звязаць Першы Прыбалтыйскі з Трэцім Беларускім, а Першы Беларускі з Другім Беларускім,— за што можна сказаць «дзякуй» абодвум прадстаўнікам Стаўкі,— то Другі Беларускі і Трэці Беларускі як былі кепска звязаны, так і засталіся. Суседнія франты, якім належыць рашаць адну задачу, якім трэба дзейнічаць як адно-адзінае, па-ранейшаму раздзелены. Іх дзеянні ўзгадняюць двое розных упаўнаважаных. І гэтая адасобленасць — у такой складанай і зменнай абстаноўцы, пры тым, што адзін фронт так адстае!..

За гэтым непакоіла іншае, яшчэ няпэўнае: падобна, што яго фронт паварочваецца да поўначы. Гэта — часовае, ці ў гэтым — асаблівасць, што падказвае будучае становішча фронту? Што Трэцяму Беларускаму давядзецца сысці з запаветнага напрамку: на Варшаву, на Берлін? Ён супакойваў сябе развагаю: гэты напрамак не павінны аслабляць, не павінны адводзіць убок такі моцны фронт. Але поўнай упэўненасці не было: не знікала прадчуванне, што на цэнтральны кірунак выйдуць Першы і Другі Беларускія.

Нездаволены гэтым непрыемным думаннем, ён нелагодна спыніў сябе: а, усё роўна! Дзе прыйдзецца, там прыйдзецца! Дзе трэба справе! Там і быць!..

Перад тым як легчы, ён паклікаў да сябе Камарова, хмурна запытаў:

— Аляксей Іванавіч, вярнулі машыну?

— Так што — вярнулі, таварыш камандуючы! — адрапартаваў Камароў, пазіраючы на Чарняхоўскага з трывожным чаканнем.

Ён бачыў, як патрабавальны позірк камандуючага мякчэе.

— Эх, Аляксей Іванавіч,— сказаў камандуючы з дакорам,— як жа гэта? Столькі гадоў разам! А ты такое!..

— Дык жа, таварыш камандуючы... з трафеяў...

— Зноў старая песня!.. Шчасце тваё, што вярнуў!

 

6

На другі дзень, пры падтрымцы авіяцыі, якая ўвесь час бамбіла нямецкую танкавую дывізію, танкі Ротмістрава рушылі на галоўныя сілы дывізіі, разбілі іх і пагналі сярод іншых войск па шасэ ў кірунку Барысава. Танкі Ротмістрава дасягнулі Бярэзіны так хутка, што да іх падыходу немцы не ўправіліся нават узарваць замініраваны бетонны мост цераз раку.

Выбух абваліў мост у раку ўжо тады, калі на той бераг прарваўся першы наш танк. Гэта была «трыццацьчацвёрка» лейтэнанта Рака з 3-га гвардзейскага танкавага корпуса. Адрэзаны ад сваіх, гвардзейскі экіпаж трапіў у смяротную пастку, але не разгубіўся. Пазней ужо стала вядома, што танкісты, прарваўшыся ў цэнтр горада, шаснаццаць гадзін вялі бой у поўным акружэнні. Усе трое загінулі ў спаленым танку...

30 чэрвеня, услед за танкістамі маршала Ротмістрава, да Барысава падышлі перадавыя часці генералаў Галіцкага і Глаголева. У гэты ж дзень, з поўдня ад Барысава, за трыццаць кіламетраў ад яго, адбылася яшчэ адна важная падзея: да Бярэзіны прабіўся і з ходу пачаў фарсіраваць яе 2-гі гвардзейскі танкавы корпус генерала Бурдзейнага.

Наступіла чарга Барысава. 11-я гвардзейская і 31-я арміі разам з 5-й гвардзейскай танкавай арміяй атрымалі задачу камбініраваным ударам танкаў і пяхоты да раніцы ачысціць горад ад ворага...

У той дзень Чарняхоўскі выехаў да Бярэзіны, у раён дзеянняў 5-й гвардзейскай танкавай арміі. Тут ён сустрэўся з упаўнаважаным Стаўкі маршалам Васілеўскім і камандуючым танкавай арміяй Ротмістравым. Чарняхоўскі і Васілеўскі азнаёміліся са становішчам арміі, разам з камандуючым арміі абмеркавалі задачы арміі ў бліжэйшых баях. Утраіх з узлеску блізка ад магістралі глядзелі на зарэчную частку горада, над якой неба чарнілі дымы пажараў, назіралі, як пад агнём нямецкай артылерыі на плытах, на надуўных лодках на той бок перапраўляюцца войскі.

На рацэ ўвесь час ускідваліся слупы вады, выбухі амаль няспынна шматавалі абчэплены там і тут лазою бераг, а сапёры ўсё завіхаліся ў вадзе, хапатліва ладзілі пантонны мост для танкаў. Бой ішоў на зямлі, бой ішоў і ў небе: нямецкія бамбардзіроўшчыкі і знішчальнікі ўпарта рваліся да ракі, да перапраў,— неба і ў высокай высі, і нізка, амаль над зямлёю, кружылася, звінела, раўло, трашчала гарматамі і кулямётамі...

Знаёмае гэтае відовішча нібы вяртала Чарняхоўскага назад, набліжала, аднаўляла ў памяці асенні сцюдзёны Дняпро, хмарны Дымер на другім, на высокім, парэзаным глыбокімі раўчакамі беразе. Памяць на момант нагадала таксама хмарны, без меры шчаслівы Кіеў, натоўпы на зруйнаваным, жахлівым Крашчаціку.

 

7

Ён яшчэ наведаў дывізію, што перапраўлялася з боем на поўдзень ад магістралі, і вяртаўся да ВПУ ўжо недалёка ад вечара.

Сярод многіх думак, што ішлі праз яго, найбольш цяпер хвалявалі тыя, якія прывяло ўбачанае на пераправах. Не першы раз вярэдзілі яго гэтыя думкі, пра пераправы, і вось зноў ішлі, насядалі, трывожылі. Колькі клопату кожны раз з пераправамі, колькі бяды. Самыя вялікія беды, можна сказаць, заўсёды з пераправамі. Малая рэчка і тая нярэдка колькі прымушае важдацца з ёю, класці людзей на берагах, траціць у яе вадзе. А што казаць — пра вялікія рэкі, такія, як Дняпро ці хоць бы — Бярэзіна. І гэта пры тым, што на шляху амаль кожнага наступлення — рака за ракой. Асабліва тут, у Беларусі...

І пры ўсім гэтым — пераправачных сродкаў так мала. І мала, і — што не менш кепска — тыя якія ёсць, у большасці важкія, непаваротлівыя, неэфектыўныя. Вось і руш наперад, фарсіруй,— калі што ні рэчка, спыніся, ламай галаву, як перабрацца! Кланяйся ледзь што не кожнаму ручаю!.. Як сумны вынік думання лёг на душу камандуючага невясёлы вывад: недахват і неэфектыўнасць перапраўных сродкаў — адзін з самых вялікіх бічоў сучаснай арміі. Які ніколі не дасць разгарнуцца яе манеўравасці!..

Вядома — прыйшло зразу разважлівае,— ратунак тут не толькі ў тым, каб больш нарабіць сродкаў для перапраў. Ратунак не ў адных спецыяльных сродках, якія б дасканалыя яны ні былі. Трэба, каб самі машыны, баявыя машыны, умелі пераадольваць водныя перашкоды. Трэба танкі, якія б маглі хадзіць па дне рэк, плаваць па рэках. Танкі-амфібіі... І машыны-амфібіі — для пяхоты. З добрай хуткасцю і добрым узбраеннем. І добрай манеўравасцю...

Ледзь з пыльных палявых дарог выбраліся на магістраль, трапілі ў плынь войск, што рушылі ў кірунку Барысава. Чарняхоўскі падаўся ўперад да ветравога шкла, стаў цікаўна, пільна ўглядацца. То там, то тут шырокае шасэ было запоўнена войскамі на ўсю шырыню, і бронетранспарцёр, што ішоў наперадзе, нялёгка пракладваў дарогу машыне камандуючага фронту; яна ішла ціха. Але і калі палавіна палатна шасэ была вольная, Чарняхоўскі кранаў рукою локаць вадзіцеля, загадваў прыцішыць хуткасць.

Насустрач рушылі пехацінцы, падводы, грузавікі, гарматы розных калібраў, санітарныя машыны — усё, што меў фронт, здавалася, ішло, кацілася, абганяла,— рушыла насустрач, да Бярэзіны. Пяхота ішла групкамі і нястройнымі калонамі. Чарняхоўскі ўглядваўся і ўглядваўся ў твары, загарэлыя, запыленыя, прытомленыя. Ішлі ў выгаралых пілотках і гімнасцёрках, з вінтоўкамі, з аўтаматамі, з рэчавымі мяшкамі, з кацялкамі, што ў таго-сяго матляліся прывязаныя да пояса. Над нястройным калыханнем радоў узвышаліся, пакалыхваліся чорныя ствалы бранябоек, наканечнікі-конусы ручных кулямётаў, і Чарняхоўскі на міг адчуў іх цяжар нібы на сабе, мулкі пасля доўгай, зморанай дарогі! Цягнуліся ў некалькі радоў падводы, безліч падвод, нагружаных скрынкамі з патронамі, са снарадамі, рэчавымі мяшкамі, мяшкамі з хлебам, з мукой, нярэдка — аблепленыя густа людзьмі. Падводы, падводы — колькі іх яшчэ служыць старую, векавечную сваю службу. Сярод падвод грузавікі, што нецярпліва стараліся прарвацца наперад, часта — пабітыя, памятыя, латаныя, працаўнікі-грузавікі, цешылі вочы як няздрадлівыя, помныя сябры, надзейныя памагатыя. Каціліся за коньмі, што памахвалі цярпліва галовамі, лёгкія гарматы, з годнасцю сунуліся за цягачамі заслужаныя, слаўныя 152-міліметровыя пушкі-гаўбіцы, уладзіўшы на сваіх станінах абпыленых артылерыстаў... За гарматамі — зноў падводы, пяхота, групкі коннікаў, нечым затрыманы ў дарозе танк, што спрабуе абагнаць калону краем поля. Калона нецярплівых грузавікоў, што гоніць левай стараной... Зноў фурманкі, пехацінцы...

Падумаў з уцехай: добра, што ўдалося разасяродзіць, паслаць танкі трыма кірункамі. Няхай цераз балоты, праз лясы, па бездаражы. Гэта калісьці гняло сумненнем, цяпер кожнаму відаць: правільна. Шасэ скавала б войскі, затрымала б. А так — рухомыя часці ўзялі прастор для шырокіх манеўраў. Правільна. Пра гэта гаворыць і вопыт Абухава, і Бурдзейнага вопыт. А калісьці з гэтым былі такія сумненні!..

У думкі зноў увайшло нездавальненне, народжанае бачаным. Ідуць, павольна ідуць. Рушаць на старадаўнім сваім, «адзінаццатым». Па зямлі грымяць арміі танкаў, неба заваявала авіяцыя. Сталі даўно звыклымі новыя хуткасці. А пяхота і большасць артылерыі,— пры старадаўніх, чарапахавых хуткасцях! З поўнай выкладкай на спіне! Матухна-пяхота... Пакутніца-пяхота!.. Хутчэй, хутчэй трэба, дарагая! Ці не бачыш, як ты затрымліваеш! Як ты тармозіш! Як не даеш выкарыстаць усё, што можа даць імклівы, умелы манеўр!.. Хуткасць, патрэбна хуткасць — не першы раз захвалявала нецярплівае. Хуткасць, адпаведная хуткасці танкаў і авіяцыі. Патрабаванням сучаснай, манеўранай вайны... Хуткі, магутны транспарт. Здольны падымаць, перакідваць дывізіі, карпусы, арміі. Транспарт, здольны ісці па бездаражы. Па балотах. Здольны перапраўляць цераз рэкі...

Матухна-пяхота, царыца-пяхота. Пакутніца-пяхота... На машыны, на машыны трэба...

 

Вечар на ВПУ быў, як звычайна, поўны клопату і імкненняў. Данясенні з усіх участкаў фронту, з усіх армій увесь час трымалі Чарняхоўскага ў самым неспакоі вялікага мнагастайнага жыцця войск. Увесь фронт напружана, не аслабляючы націску, вёў наступленне. Вячэрнія данясенні дапісвалі апошнія рысы ў шырокім малюнку таго, што было зроблена ў гэты дзень. Абухаў і Аслікоўскі падыходзілі да шасэ Мінск — Вільнюс. Крылоў займаў за Бярэзінай ужо вялізную тэрыторыю. Бурдзейны фарсіраваў Бярэзіну і адной брыгадай ішоў у кірунку Барысава, другімі вёў наступленне ў бок Мінска. Кіраваў проста на Мінск.

У Барысаве ішлі моцныя баі: нямецкія танкавыя часці, эсэсаўцы і ахоўнікі ўпарта супраціўляліся. Але Чарняхоўскі ведаў: гадзіны іх злічаны. У гэты вечар больш за ўсё ён думаў пра Мінск. Абмяркоўваў з Макаравым, Пакроўскім, Іголкіным акалічнасці блізкай бітвы, аддаваў распараджэнні, звязаныя з ёй. Тэрмін быў назначан мінімальны: узяць да канца 2 ліпеня.

Ноччу, застаўшыся адзін, ён папрасіў да тэлефона начальніка інжынерных войск генерала Баранава. Загадаў выдзеліць некалькі спецыяльных падраздзяленняў сапёраў, з задачай — размініраваць будынкі.

— Для работы ў Мінску. Зрабіце гэта сёння ж.

— Зараз жа зраблю, таварыш генерал,— пачуў ён адказ Баранава.

Чарняхоўскі дадаў:

— Сапёры павінны ўвайсці ў горад разам з першымі салдатамі...

— Зраблю ўсё, таварыш камандуючы.

 

РАЗДЗЕЛ ІІІ

 

1

 

28 чэрвеня адгрымелі баі ў Магілёве, на высокім, перакапаным снарадамі і бомбамі, дняпроўскім беразе. Натоўпы магіляўчан, выбраўшыся са сховішчаў, абдымалі на дымных вуліцах родных салдат. Войскі ішлі ды ішлі з боку Лупалава, па пантонах на Дняпры, міма вежы старажытнай ратушы, па зялёнай Першамайскай, з сярэдзіны якой зварочвалі на Мінскае шасэ, на Мінск!

Віравалі ў той жа дзень радасцю перамогі, шчасцем вызвалення Асіповічы, Шклоў, Быхаў, Клічаў і многія — ужо не дзесяткі, а сотні пасёлкаў і вёсак.

Завязаліся баі ў Бабруйску. Гэта былі цяжкія баі. У горадзе сабралася восем варожых дывізій і некалькі асобных батальёнаў,— да таго ж фашысты мелі па ўсіх ускраінах і ў цэнтры горада шматлікія ўмацаванні.

Пасля поўдня 27 чэрвеня нашы танкі і пехацінцы першы раз атакавалі нямецкія часці, што абараняліся ў Бабруйску, але прабіцца ў горад не здолелі.

Баі на ўскраінах не сціхалі і ўсю першую ноч, а на наступную ноч нашы разведчыкі заўважылі, што гітлераўцы на паўночнай ускраіне сабралі многа пяхоты і артылерыі. Амаль у той жа час удалося захапіць палоннага, які даў разгадку гэтаму,— ён сказаў, што камендант горада загадаў гарнізону ўночы пакінуць Бабруйск і прарывацца на паўночны захад.

Наша камандаванне прыняло свае захады,— на гэту ўскраіну перавялі некалькі артылерыйскіх і мінамётных палкоў.

Пасля поўначы гітлераўцы пачалі артпадрыхтоўку. Ледзь гарматы сціхлі, на нашы пазіцыі ў начным змроку пасунуліся танкі і рады салдат; наперадзе пехацінцаў, як потым казалі палонныя, ішлі ўдарныя батальёны з афіцэраў.

Нашы артылерысты і мінамётчыкі, якія чакалі гэтага, далі па гітлераўцах такі агонь, што ланцугі фашысцкай пяхоты былі нашчэнт выкашаны. Усе, хто застаўся жыць, адступілі назад...

Праз паўгадзіны гітлераўцы зрабілі новую атаку...

На світанні танкісты генерала Батава зноў атакавалі ўскраіны Бабруйска і, прарваўшыся праз нямецкія ўмацаванні, пачалі вулічныя баі. Каля 10 гадзін 29 чэрвеня Бабруйск быў поўнасцю вызвален.

У гэты ж дзень быў закончан і разгром усёй бабруйскай групіроўкі. Спроба супраціўляцца абышлася гітлераўцам і цяпер, як ужо многа разоў раней, дорага: яны бясслаўна загубілі ў лясах і на палях пад горадам тысячы сваіх салдат і афіцэраў. Тысячы іншых, якім пашанцавала ўцалець, прызналі сябе параможанымі і здаліся ў палон.

 

2

Недалёка ад Бярэзіны ўзвод Праворнага, які ехаў у галаве роты і ўсяго батальёна, з разведкай, нагнаў натоўп, што паволі брыў па дарозе.

Ззаду натоўпу кацілі дзве падводы, у якіх сядзелі салдаты. Некалькі ўзброеных салдат крочылі збоку ад натоўпу. Некаторыя вялі сабак.

Яшчэ здалёк Праворны выглядзеў, што немцы кагосьці канваіруюць. Калі машыны наблізіліся, ён убачыў, што не памыліўся. У натоўпе цягнуліся людзі ў цывільнай вопратцы, больш за ўсё, падобна, жанчыны і дзеці.

Яшчэ зводдаль адзначыўшы, што ахова невялікая, ён загадаў усім, хто быў у грузавіку, падрыхтавацца да бою. Загадаў шафёру прыцішыць хуткасць, так, каб у любы момант можна было спыніцца. Даць байцам саскочыць на зямлю.

Ён пільна сачыў за немцамі. Бачыў: канваіры заўважылі грузавікі і час ад часу азіраліся на іх, але рушылі па-ранейшаму. Відаць, былі перакананы, што едуць свае. Толькі калі грузавікі падышлі амаль упрытык, там прыкметна захваляваліся. Салдаты пачалі саскокваць з павозак, азірацца неспакойна. Падобна было: чакалі, што будзе... Адна фурманка раптам заспяшалася, збочыла ў абход натоўпу. Ездавы ашалела сцябаў коней...

Машыны спыніліся, з іх адразу паляцелі, уздымаючы рукі, як крылы, запыленыя пехацінцы. Завязалася кароткая перастрэлка з канвойнымі, што паспрабавалі адбівацца.

Праворны таксама саскочыў на зямлю і кінуўся ўслед за байцамі...

Малодшы лейтэнант бачыў, як два канвойныя ўсталі з зарасляў свірэпкі і ўзнялі рукі.

Раптам Праворны пачуў дзіцячы крык, такі жахлівы, што ўзводны адразу азірнуўся спалохана. На хлапчука-падлетка, які адбег за кювет, ляцеў руды люты звер. Ваўкадаў! Хлапчук, спыніўшыся і з жахам пазіраючы на яго, толькі выставіў перад сабой рукі...

Праворны забыўся на ўсё,— мігам кінуўся да сабакі. Узводны ўправіўся прабегчы толькі некалькі крокаў, як хлопчык ужо ўпаў. Ваўкадаў ускочыў на яго...

Праворны стрэліў у сабаку з аўтамата, аднак ад таго, што баяўся параніць хлапчука, уцэліў няўдала. Ваўкадаў адразу кінуў ахвяру і адскочыў назад. Па баку яго густа і, здалося, чорна ішла кроў.

Сабака натапырыў поўсць, зарычаў, потым, прысеўшы, злосна ашчэрыўшыся, скачком ірвануўся на лейтэнанта, але Праворны стрэліў зноў.

Ваўкадаў віскнуў і нібы спаткнуўся на пярэднія лапы. Учапіўся ашчэранаю зяпаю ў зямлю. Ашалела грыз яе, потым абвяў, падрыгваючы заднімі лапамі, выпрастаўся. І замёр.

Хлопчык, што ўжо крыху адбег, трывожна сачыў то за ваўкадавам, то за лейтэнантам. Праворны парывіста кінуў аўтамат за плячо і, махнуўшы малому рукой, каб падышоў, прамовіў супакойліва:

— Не бойся! Больш не падымецца! Капут!..

Стрэлы навокал ужо сціхлі,— большасць канваіраў кінула зброю, падняла рукі...

Хлопчык нясмела наблізіўся да Праворнага. Ён яшчэ калаціўся ад перажытага жаху.

— Ой, дзядзечка, як я напужаўся! Ён жа, гад, пазаўчора разарваў на дарозе адну жанчыну. А цяпер да мяне прычапіўся. Ён мне кроку не даваў ступіць убок. Толькі я ступлю,— дык ён: гыр-р... А тут страляніна. Я і не ўтрываў, адбег,— тады ён як кінецца! Як кінецца!..

— Нічога! Больш не кінецца. Супакойся!..

Тым часам байцоў і сержантаў ужо акружылі жанчыны, хлапчукі, дзяўчаты, яшчэ разгубленыя і нясмелыя. Яны былі без меры ўзрушаны раптоўным ратункам, аслеплены шчасцем. Ці праўда ўсё гэта? Няўжо гэта не сон, а ява? Паверыць адразу цяжка!.. Праўда гэта?

Людзі абдымалі і цалавалі байцоў.

Былі чуваць непаўторныя ўзрушаныя воклічы — уся душа, увесь боль і ўсё шчасце ў гэтых воклічах. Ашаломленыя тым, што здарылася знянацку, людзі першыя хвіліны або маўчалі, або гаварылі толькі гэтымі воклічамі ды вачыма, што ззялі радасцю ці слязамі перажытага гора.

— Куды гэта вы накіраваліся, зямлячкі? — запытаўся сержант Туравец у дзвюх пажылых жанчын, якія толькі што цалавалі яго.

— А ліха яго ведае, куды ён гнаў! Каб яму пячонкі адсохлі! — Выціраючы пачырванелыя ад слёз вочы, жанчына гнеўна зірнула ў той бок, куды вяла дарога, як бы пыталася ад яе адказу.— Сарваў з месца і гоніць, гоніць усё туды... Мусіць, у Нямеччыну хацеў загнаць...

— Гэта ж, браценік,— перабіла яе другая, у мятай світцы, з клуначкам за спіною,— калі нашы пачалі падыходзіць, прыехалі хрыцы ў сяло, выгналі ўсіх на вуліцу... І загадалі, хочаш не хочаш, ісці. Куды, чаго? Невядома... Антон, сусед мой, заўпарціўся, сказаў: не пайду! — дык адзін жандар выняў адразу наган і — пац-пац — застрэліў!..

— Усё роўна, Ганна, многія пасля паляглі! — прамовіла першая.

— Аге ж, паляглі... Змагліся людзі ад голаду, падаюць, валяцца на зямлю. Дзіва што! А сеў на зямлю — значыцца, канец: або застрэляць, або яшчэ сабакамі зацкуюць... Жанчына ішла пры нас — з-пад Ржэва самага,— Алена яе таксама ведае,— кіўнула яна на таварышку.— Накульгвала тая ўсё на адну нагу, казала, што праткнула на цвік... Дык сабакі разарвалі жывую на маіх вачах.

Юрый спакойна, але так цвёрда, што нельга было сумнявацца ў яго словах, заявіў:

— Не хвалюйцеся, дарагія, мы з імі за ўсё разлічымся... І гэтую жанчыну з-пад Ржэва таксама прыпомнім.

— Адкуль вы, здалёку? — пытаўся ў іншым гуртку Шарыфутдзінаў, жылісты, з мангольскімі дапытлівымі вачыма.

— Ды з розных куткоў,— адказала адна з жанчын, што акружылі аўтаматчыка.— Я вось, да прыкладу, з-пад Воршы, можа, былі там? А ёсць некаторыя, кажуць, аж з-за Смаленска...

Хлапчук, якога выратаваў Праворны, адгукнуўся:

— Я, дзядзечка, пачынкаўскі. Са станцыі Пачынак.

— Калі ж вас забралі?

— Яшчэ ў тую восень...

Хлапчук сказаў, што яны спачатку жылі на балоце, недалёка ад нейкага Замошша, капалі торф — усю восень, і зіму, і вясну, а потым, як толькі пачалося наступленне, іх пагналі па дарозе.

— Я спачатку быў не адзін — з мамаю і сястрою Надзькаю, але яны памерлі на балоце...— спакойна, са сталай стрыманасцю, гаварыў ён.— Яшчэ зімою... Я цяпер адзін жыву. Вось як дадому вярнуся, тады буду не адзін. Дома ў мяне ў Пачынку-та яшчэ засталася Волька...

Але тут размова перарвалася, Праворны загадаў сядаць у машыны.

Нельга было затрымлівацца.

 

3

У гэты дзень два палкі дывізіі генерал-маёра Шчарбацюка ўвайшлі ў лес, які другім краем падступаў да ракі.

Выконваючы загад генерала, палкі ляснымі дарогамі імкліва падышлі да ракі і паспрабавалі з ходу фарсіраваць яе. Але спроба гэта ў цэлым не ўдалася: немцы аказалі моцнае супраціўленне. Толькі адзін узвод на левым фланзе зачапіўся за другі бераг.

Генерал-маёр з ад’ютантам і двума аўтаматчыкамі на «газіку» рушыў да Бярэзіны.

Пры ўездзе ў лес стаяў рэгуліроўшчык, ён параіў, каб генерал асцерагаўся, бо ў лесе яшчэ нямала гітлераўцаў. Каля скрыжавання было многа дарожных указак, сярод каторых камандзір дывізіі ўбачыў і сваю: «Гаспадарка Шчарбацюка».

Усцяж дарогі на дрэвах вісеў тэлефонны провад, што ішоў да ракі.

У трох ці чатырох месцах на зацененай дарозе ляжалі, перагароджваючы яе, зваленыя немцамі дрэвы, і Шчарбацюк зварочваў у гушчар у прагалы, што праціснулі танкавыя гусеніцы. Наперадзе былі чуваць гукі бою. Але час ад часу снарады выбухалі і ззаду. Немцы білі па тылах дывізіі, па дарогах.

Не даязджаючы да краю лесу, генерал-маёр убачыў свае перадавыя падраздзяленні. Сержант, якога ён падазваў, сказаў яму, што тут полк Сібірака. Ад сустрэчнага лейтэнанта генерал даведаўся, што камандзір палка наперадзе. Шчарбацюк вылез з «газіка» і пайшоў далей пешкі.

Тут ваўсю гаварылі кулямётныя чэргі, ірваліся снарады, міны. Лес быў поўны траскатні і грукату.

Камандзіра палка генерал знайшоў на ўзлессі, у нядаўна выкапаным акопчыку. З Сібіраком быў камандзір батальёна Паўлоўскі, камандзір узвода разведкі. Сібірак і Паўлоўскі стаялі каля стэрэатрубы, разглядвалі супрацьлеглы бераг.

Схіліўшыся да генерала, ловячы імгненні цішыні, Сібірак далажыў, што спрабаваў фарсіраваць раку, але не змог. Што рыхтуе новую спробу.

Генерал няспешліва, нібы нехаця, агледзеўся. Заўсёды меў звычай па-гаспадарску агледзецца, убачыць сваімі вачыма. Наперадзе — да ракі — была нізкая зялёная раўніна з хмызняком, больш за ўсё лазняком. У прамежкі між хмызняку там і тут паблісквала вада. Рака.

Супрацьлеглы бераг, як вялося, быў вышэйшы. Не высокі, але ўсё ж вышэйшы. Выгадны для абароны. Адтуль нядрэнна праглядваецца гэты бераг. Можна ўсю даліну трымаць пад прыцэльным агнём...

Генерал бачыў усюды наперадзе, прыкрытыя кустамі, хапатлівыя акопчыкі. Дзе-нідзе іх спяшаліся паглыбіць. У розных баках шмякалі міны, плямілі зеляніва нізіны дымкамі... Даліна прастрэльвалася кулямётамі. Кулі пасвіствалі на КП палка... Праціўнік пільна сачыў, лавіў кожны рух тут. Быў гатовы...

У такой сітуацыі рабіць зноў спробу перапраўляцца... Але і таптацца... Нельга таптацца... Даць немцам сабрацца з сілаю... Армія рушыць. Нельга спыняцца. Камандуючы арміі чакае...

— Артылерыі мала,— паскардзіўся Сібірак.

Так, артылерыі мала. Працуюць у асноўным мінамётчыкі, што ўкапаліся на ўзлессі, ды палкавая артылерыя.

Генерал распытаў разведчыка, што выявілі на тым беразе. Запытаў Паўлоўскага, як ацэньвае абстаноўку. Які стан батальёна. Усё нехапатліва, як бы стомлена. Сам схіліўся да акуляру стэрэатрубы, паназіраў за тым берагам. Папрасіў звязаць яго з «чацвёртым» — начальнікам артылерыі, строга наказаў яму, што позніцца.

— Як загадаеце, таварыш генерал, з пераправай? — напомніў яму Сібірак, што ўвесь час чакаў ад яго ўказанняў.

— З пераправай? — Генерал паглядзеў на падпалкоўніка, рудаватага, з вялікімі рысамі.— Пачакай пакуль з пераправай.— Ён павёў позіркам на камандзіра батальёна, сказаў, што той можа быць вольны.

Папрасіў Сібірака правесці трохі. Калі засталіся адны, вычакаўшы хвіліну цішыні, выказаў тое, што не мог пры падначаленым:

— Спяшайся, але — з розумам. Спяшацца без разліку можна толькі пры адным занятку. А тут — справа сур’ёзная... Людзі...

Загадаў пільна весці разведку, рыхтаваць сродкі для пераправы, забяспечыць падраздзяленні боепрыпасамі. Прывесці ўсё ў парадак.

Агледзеў пазіцыі на іншых участках. Міны і снарады па-ранейшаму рваліся і на беразе, і далей, у лесе. У лесе, дзе ён ішоў у суправаджэнні камандзіраў і аўтаматчыкаў аховы, у акопчыках КП, адкуль ён назіраў, было таксама небяспечна, але генерал, здавалася, не адчуваў небяспекі, рабіў сваю справу з гаспадарскім спакоем.

Дабраўся нарэшце да батальёна, узвод якога зачапіўся за супрацьлеглы бераг.

— Ну, што там у цябе? — спытаў капітана, русявага, з пачырванелымі вачыма, з перавязанай рукой.

— Трымаюцца. Але вельмі ж контратакуе, таварыш генерал.

— Контратакуе...

Камандзір дывізіі прыслухаўся: на другім беразе ішла зацятая страляніна. Так, адчувалася: немцы моцна біліся, спрабуючы ачысціць бераг.

— Што ж, гэта нармальна: што — контратакуе,— прамовіў знарок спакойна.

Высветліў, колькі людзей на тым баку, якая зброя. Якія страты. Даў загад камандзіру палка аказаць усямерную падтрымку артылерыяй. Перавёў позірк з камандзіра палка на камандзіра батальёна, выказаў мірным, але цвёрдым тонам:

— Трымацца. Што б там ні было.

Пабачыўшы ўсё сваімі вачыма, з адчуваннем, што выканаў неадменны абавязак, накіраваўся на свой КП. Тут звязаўся з начальнікам артылерыі, распарадзіўся падтрымліваць узвод на тым беразе. Выклікаў начальніка разведаддзела, уважліва выслухаў, што ім удалося выявіць. Пазваніў у корпус, папрасіў ад разведкі корпуса вынікі авіяразведкі на ўчастку дывізіі.

Высветліў, як падцягваюцца падраздзяленні, што адсталі, як сканцэнтроўваюцца прыдадзеныя часці, другі эшалон. Быў вельмі нездаволены, што затрымалася пантоннае падраздзяленне.

Чым далей, тым больш упэўнена вылучаў ён план нялёгкай пераправы цераз раку. План гэты быў просты і цвярозы, яго вызначала сама абстаноўка. Генерал рашыў пераправу рабіць на ўчастку палка Сібірака, але, каб адвесці ўвагу немцаў, рашыў найперш паказаць яшчэ адну, несапраўдную. Іменна там, дзе біўся ўзвод, што пераправіўся. Дзе немцы найбольш чакалі.

Пераправу генерал намеціў пачаць ноччу, перад світаннем.

 

Вяртаючыся ў штаб дывізіі, генерал-маёр адзначыў, што войскі ўжо больш абжылі лес. Ён бачыў, як між дрэваў уладкоўваюцца купкі пяхоты, што толькі падышла, бачыў, як тыя, што прыйшлі раней, ядзяць, кураць, пра штосьці гамоняць.

Блізка ад дарогі салдаты пілавалі дрэвы, ссякалі з іх сучча. Шчарбацюк загадаў шафёру спыніцца, выйшаў з машыны.

— Што збіраецеся майстраваць? — запытаў у пажылога салдата.

— Плыты, таварыш генерал-маёр...

Крыху далей, на паляне, артылерысты ўстанаўлівалі гарматы, расчышчалі сектары абстрэлу, капалі раўкі. На траве ля раўкоў шарэла горкамі свежая зямля. Група афіцэраў рабіла нейкія запісы ў кніжках і сшытках.

Побач з «кацюшамі» ціснуліся пад галлём танкі, да якіх падыходзіла некалькі новых. Ля дарогі пад ялінамі дамавіта дымілі дзве кухні. Кухар ссыпаў у кацёл белыя бульбіны.

Чапляючыся за галіны, з-за павароту выплылі няўклюдныя машыны з пантонамі... Войскі прыбывалі.

Назіраючы за ўсім гэтым, генерал няспынна думаў пра пераправу. Усё склалася ўжо ў няпростую карціну. Тое, што карціна гэтая вызначылася, што была яснаю абстаноўка, давала яму адчуванне як бы паспакайнеласці і выклікала ў ім жаданне дзейнічаць.

У штабе ён адразу выказаў свой план начальніку штаба, свайму намесніку, абмеркаваў з імі дэталі.

З начальнікам артылерыі дывізіі вызначыў задачы артылерыйскіх сродкаў. Паставіў задачы камандзірам прыдадзеных часцей.

Правёў нараду з камандзірамі палкоў. Калі выйшаў з імі, вечарэла. Напал бітвы не толькі не паслабеў, а нават нібы ўзмацніўся. Гукі бою ў вячэрнім паветры былі тут, у глыбіні лесу, чуваць таксама ясна, як на беразе. Лясное рэха множыла іх і нават як бы рабіла галаснейшымі.

— Ну, грымім!..— сказаў генерал. Ён пачуў, як у раптоўным, на секунду, зацішку прашалясцела ўгары некалькі снарадаў,— у наступны міг злосна і — здавалася — блізка задыркаў нямецкі кулямёт. Потым на тым баку сталі выбухаць снарады.— Цяпер да гэтага грому прыслухоўваецца ўвесь свет...

— Што кажаце, таварыш генерал? — схіліўся да камандзіра дывізіі падпалкоўнік Сібірак, думаючы, што генерал дае распараджэнне.

— Кажу, што... за нашай бітвай сочаць усе... Увесь свет... Спачатку — за Сталінградам... потым за Курскай дугой... за пераправай цераз Дняпро... А цяпер за намі, за беларускай бітвай.... За вось гэтай Бярэзінай...

— Гэта точна. Толькі ім не ў навіну — сачыць...

— Не ў навіну?.. Так, не ў навіну. Даўно слухаюць — ад першага стрэлу з «Аўроры»... Даўно сочаць. Адны — з надзеяй, другія — са страхам...

Ён зірнуў на камандзіраў палкоў, што чакалі дазволу ісці. Нібы наказаў на дарогу:

— Ну што ж, тварцы сусветнай гісторыі, рыхтуйцеся! Падвядзеце — літасці не прасіце.

 

4

Калі генерал-маёр перадаваў распараджэнні назаўтра, ардынарац прынёс вячэру.

Яфрэйтар дачакаўся канца размовы, пачаў выкладваць, што прынёс, з судкоў на талерачкі. Падаў на стол.

Генерал рассеяна агледзеў вячэру і ўзняў позірк на ардынарца.

— Чаго тут не хапае?

Пажылы, марудлівы яфрэйтар выцягнуўся, казырнуў:

— Вам не паложана, таварыш генерал!

— Ты гэта кінь! Чуеш!

Генерал не першы раз выказваў нездавальненне. Часам ён з гэтай прычыны проста дабрадушна бурчаў, часам злаваў на сябе, на хваробу. Але было і іншае нездавальненне. Сёння было якраз яно: генерал быў абураны.

— Усім паложана, а мне не!..

— Самі ведаеце, таварыш генерал!

— Нічога я не ведаю! — адрэзаў камандзір дывізіі.

Шчарбацюку даводзілася пакутаваць ад дыэты — у яго быў парок сэрца. Жонка ў кожным лісце пыталася, ці трымаецца ён дыэты, наказвала не свавольнічаць, слухацца ардынарца...

Убачыўшы, што генерал сёння жартаваць не збіраецца, і ведаючы, што з камандзірам у такім стане яго лепш не спрачацца, яфрэйтар палез у чамадан. З выглядам чалавека вымушанага: воля ваша,— паставіў на стол бутэльку.

— Губіце вы сябе, таварыш генерал. Ні сябе, ні дзяцей не шкадуеце...

Ён нямала паслужыў ужо з генералам, зжыўся з ім: са строгім асуджэннем старэйшага глядзеў, як камандзір дывізіі наліваў у чарачку. «Нібы жыць без гэтага яму нельга. Як дзіця».

Выпіўшы павольна, смакуючы, чарачку, Шчарбацюк, павесялелы, накінуўся на вячэру. Чорт пабяры, як ён прагаладаўся!

— Не судзі строга, дарагі,— паблажліва ўжо сказаў ён.— Заўтра справа важная — пры такім выпадку грэх не выпіць...

З ахвотай павячэраўшы, ён загадаў ардынарцу разбудзіць у тры гадзіны. Сцягнуўшы толькі боты, загарнуўся ў бурку і паваліўся на ложак.

Заснуў ён уміг. Ардынарац яшчэ прыбіраў са стала, а ад ложка ўжо ішоў салодкі, моцны храп.

Генерал любіў паспаць. Ён казаў, што перад справай вельмі карысна паспаць,— без сну чалавек тупее.

Спаў ён мірна, бесклапотна, як дома, і нялёгка абудзіўся, калі ардынарац пачаў тармусіць: «Пара, таварыш генерал!»

 

На світанні завязаў бой батальён на поўдні, і крыху пазней два палкі — Сібірака і Скорабагатага — пачалі пераправу.

Стоячы на беразе ў накінутай на плечы бурцы, Шчарбацюк бачыў, як у ранішнім поцемку салдаты моўчкі цягнулі плыты і бярвенні да вады. Над ракой, на шчасце, пластаўся туман: амаль адразу ж усё знікала ў ім...

Пераправа пачалася ўдала. Мяркуючы па гуках на поўдні і з паведамленняў, немцы клюнулі на падман: моцна ўцягнуліся ў бой з батальёнам. Тут жа першыя падраздзяленні дасягнулі супрацьлеглага берага без адзінага стрэлу. Ужо калі яны высадзіліся, учапіліся ў бераг, немцы заўважылі, што пераправа пачалася і тут,— сталі шалёна абстрэльваць раку і бераг.

Ракеты і агонь асвятлялі туман, бераг, дрэвы, хмызняк, постаці людзей, якія беглі да ракі. Туман хаваў тое, што дзеялася на рацэ і на тым баку, ён адно няпэўна і чырванавата адсвечваў.

Наша артылерыя амаль безупынна біла па варожых гарматах і кулямётах. Туман хутка радзеў, ірваўся, і праз яго, і ў разрывах яго стала відаць: на тым баку наводдалек і блізка ўзніклі пажары. Штосьці гарэла каля самага берага.

— Акопы гараць...— здагадаўся генерал-маёр.— Прыпякае фрыцам...

Выдумалі, вынаходлівыя арыйцы, дубцамі аплятаць акопы, думаў насмешліва і здаволена камандзір дывізіі.

Дубцы высахлі і цяпер лёгка загараліся.

Неўзабаве полк Сібірака пашырыў плацдарм,— страляніна стала адыходзіць ад берага. Пераправа пайшла хутчэй, але праціўнік яшчэ абстрэльваў з гармат берагі і раку.

Абстрэл гэты чыніў то там, то тут замінкі. Час быў неспакойны: нельга было марудзіць, трэба было як мага хутчэй узмацняць сілу на тым беразе. Дзейны, нецярплівы Сібірак нерваваўся, то аднаго, то другога зваў афіцэраў, было відаць: пагражаў, лаяўся.

Разумеючы яго хваляванне і спачуваючы яму, камандзір дывізіі ўсё ж паслаў ад’ютанта да яго: каб неадкладна явіўся.

— Ты што, друг мой, нервознасць разводзіш! — сказаў камандзіру палка нездаволена і па-бацькоўску строга.— Гэта не работа. Так працаваць нельга.

Падпалкоўнік Сібірак, распалены неспакоем, першы момант нібы не разумеў яго. Узяў заўвагу, падобна было,— ужо не першы раз,— як недарэчнае арыгінальнічанне. Але не выказаў, схаваў.

— Вінават, таварыш генерал... Але як тут інакш: час, час прападае!

— А ты ўсё ж спакайней, спакайней.— Шчарбацюк гаварыў роўна, але тонам загаду.— І без лаянкі! За ласку табе кожны зробіць у сто разоў больш, чым за мацюкі. Страху ім і без цябе досыць, а добрае, разумнае слова — у сэрца!.. Аж ахрып! — з дакорам паківаў галавой камандзір дывізіі.

У сонечным святле туман растаў зусім, і з КП камандзіра дывізіі было добра бачна ўсё, што рабілася на рацэ. Галоўнае, што цяпер непакоіла Шчарбацюка: пантонны мост. Далейшы поспех цяпер залежаў ад моста. Ад таго, як хутка яго навядуць. Камандзір дывізіі бачыў: пантанёры разумелі гэта, завіхаліся шчыра...

Яны ўжо дайшлі да сярэдзіны ракі, калі наляцелі нямецкія бамбардзіроўшчыкі і знішчальнікі.

У рацэ ўскінуліся стаўбуры вады. Некалькі бомб узарвалася на беразе, побач з КП Шчарбацюка. На акоп, у якім быў камандзір дывізіі, абрынула хмару зямлі.

Па самалётах білі зеніткі і кулямёты, але «юнкерсы» і «месершміты» ўсё кружыліся над пераправай.

Шчарбацюк з трывогай убачыў, што адна бомба выбухнула каля самага моста...

Генерал-маёр выклікаў прадстаўніка ад авіячасці, жорстка прабраў яго, загадаў звязаць з камандзірам часці.

— Што ж гэта, дарагі, выходзіць,— пачаў ён адразу абурана.— Немцы пасуцца над намі, на галаву нам садзяцца, а вы спакойна сабе назіраеце.— Лётчык адказаў вінавата, што самалёты ў гэты момант вядуць бой, але Шчарбацюк не ўзяў тлумачэння.— Мост мне разбамбілі, разумееш? Пераправу ўгробілі, даходзіць да цябе? На галаву садзяцца!

У голасе яго была страшная разгневанасць. Камандзір авіячасці нарэшце зразумеў усё: паабяцаў зараз жа памагчы.

Сапраўды, неўзабаве прыляцелі знішчальнікі. У небе завязаўся бой: кружыліся, раўлі знішчальнікі, скрыжоўваліся лініі трасіруючых куль, час ад часу скрозь роў матораў прарываўся зацяты трэск кулямётаў.

Раптам адзін з самалётаў выпаў з гэтага люта-вірлівага, поўнага рову, клубка і, бязладна перавальваючыся то на крыло, то на нос, стаў падаць. Шчарбацюк з крыўдай пазнаў: наш.

Самалёт упаў за ляском, на тым баку.

Прасачыўшы за гэтым боем, які ішоў, здалося яму, бясконца доўга і за час якога было збіта яшчэ два нямецкія і два нашыя самалёты, Шчарбацюк выклікаў намесніка па тылу і папрасіў далажыць, дзе яго машына і абозы. Аказалася, адзін абоз наткнуўся на праціўніка, і той захапіў некалькі павозак...

Генерал-маёр пры гэтай вестцы барвова пачырванеў, вены на яго твары набухлі. Ён кіпеў ад гневу,— вось-вось мог здарыцца «выбух».

— Шляпы! — вылаяўся генерал-маёр. Рэзка прайшоўшы туды-назад па беразе, ён загадаў: — Усе тылы падцягнуць да моста і да дванаццаці трыццаці пераправіць.

— Ёсць, таварыш генерал.

Панура маўклівы, цяжка стрымліваючы гнеў, генерал рушыў да ракі. Ён сеў у рыбацкую лодку,— салдаты адразу ўзмахнулі вёсламі.

 

5

Калі дывізія пераправілася цераз Бярэзіну і прарвала ўмацаванні праціўніка, Шчарбацюк павярнуў яе на поўнач і павёў усцяж ракі. Такі быў загад камандуючага арміі: дывізія павінна была як мага хутчэй прабівацца да Барысава.

Ад камандуючага арміі Шчарбацюк даведаўся, што з поўначы да Барысава падыходзяць танкі і пяхота.

— Познішся! Пыліш, як з кірмашу! — далікатным, але ўнізлівым голасам зазначыў камандуючы.— Наогул назіраюцца сімптомы...

Камандзір дывізіі пакрыўджана, гнеўна пачырванеў: «Зноў «пыліш»!.. Зноў—«сімптомы», вечна — «сімптомы»! Адна песня...»

— Паспяшайся, Шчарбацюк! — наказаў суха камандуючы.— А то паспееш — к шапачнаму разбору!..

— Не спазнюся,— заявіў генерал-маёр.

Дывізія рушыла да Барысава. З ходу збіла некалькі варожых заслонаў. Стомленыя цяжкім днём, няспынным рухам, байцы пад вечар пераправіліся з боем цераз рэчку Плісу, што блізка ад горада ўліваецца ў Бярэзіну, а ў прыцемку падышлі да Барысава.

У горадзе ўжо ішоў бой. Ён ішоў і ў старой частцы горада і ў Новым Барысаве, якія падзяляла Бярэзіна. Дывізіі Шчарбацюка выпала вызваліць паўднёвую частку Нова-Барысава, раён вакзала.

Дывізія пачала бой без перадышкі, адразу, як толькі падышла да першых хат. Гітлераўцы, што заселі ў прывакзальных пабудовах, дотах, руінах, спаткалі пехацінцаў вельмі моцным агнём.

У сасняку, дзе выбраў генерал-маёр камандны пункт, раз-пораз ірваліся снарады і міны, але камандзір дывізіі не звяртаў на гэта ўвагі,— яго непакоіла тое, што батальёны, штурмавыя групы запыніліся.

Стоячы з групай афіцэраў ускрай сасняку, генерал-маёр пазіраў на горад, у якім уздымалася некалькі пажараў. За цёмнымі будынкамі чуліся страляніна, выбухі, гурчанне машын. Страляніна даходзіла і здалёку, з другога боку горада.

За Бярэзінай таксама не сціхаў бой.

— Нашы падышлі да ракі...— прамовіў, як бы адгадваючы думкі генерала, ад’ютант.— Эх, шкада,— управіліся ўзарваць мост...

— Так... шкада...

Шчарбацюк сказаў гэта такім тонам, што адчувалася — камандзір дывізіі думае пра іншае, вельмі занепакоены. Ад’ютант раптам заўважыў, што генерал штосьці мармыча. Ён прыслухаўся і разабраў:

 

А канагона маладога

Вязуць з разбітай галавой...

 

Генерал яшчэ прамармытаў-праспяваў некалькі слоў, потым плюнуў, нібы хацеў адагнаць назойлівую мелодыю.

Ён быў нездаволены, і ад’ютант добра ведаў чаму: даводзіцца таптацца на месцы.

А тут якраз пазваніў камандуючы арміі, просячы паведаміць, як справы ў дывізіі. Шчарбацюк далажыў, што пачаў бой за горад, але пакуль дзейнічае на подступах да станцыі, дзе праціўнік трымаецца асабліва моцна. Камандуючы не сказаў ні слова нездавальнення за тое, што дывізія затрымліваецца,— нават пахваліў, што хутка адолелі Плісу і падышлі да горада.

Але ў тым, што ён пахваліў за ранейшае, за мінулае, генерал-маёр улавіў нібы намёк: вось тое, мінулае, добра зрабілі, а цяпер — падвялі. Але ён, маўляў, пакуль памаўчыць, пачакае. А тады ўжо спытае...

Шчарбацюк загадаў выклікаць да тэлефона Сібірака.

— Ну што ў цябе? Усё па-ранейшаму?

Камандзір палка адказаў, што праціўнік трымаецца.

— І што ты думаеш, сэрца маё, рабіць? Страляць датуль, пакуль адступяць?

Ласкавасць зараз у яго была такая, што ўсе, хто ведаў натуру генерала, адчувалі, што вось-вось можа зноў пачацца выбух гневу.

— Хачу паспрабаваць абысці іх злева...— адказаў падпалкоўнік.

— Ты ўсё спрабуеш! — Камандзір дывізіі нездаволена соп у трубку.

Падпалкоўнік сказаў вінавата, апраўдваючыся:

— Там у мяне ўжо дзейнічае штурмавая група.

— Падварушы. Ды хутчэй. Не марудзь!

 

Задачу гэту камандзір палка даў штурмавой групе Праворнага.

Малодшы лейтэнант з чатырнаццаццю байцамі, сярод якіх быў і сержант Туравец, зайшоўшы на левы фланг палка, паўзком прабіраўся цераз насып, цераз рэйкі. Не вельмі далёка палаў пажар, але святло яго закрывала нейкая разбураная сцяна, ад якой на насыпе ляжаў шырокі цень.

Праворны сказаў, каб усе трымаліся ў ценю.

Перапаўзалі па адным. Тыя, што туліліся перад насыпам, стаіўшы дыханне, сачылі за таварышамі, якія перапаўзалі па насыпе.

Усё-ткі ў гэтым ценю змрок быў рэдкі.

Над насыпам раптам прайшлася чарга з кулямёта. Усе насцеражыліся: няўжо іх заўважылі? Праворны пачакаў крыху і загадаў паўзці наступнаму. Гітлераўцы не стралялі,— значыць, не заўважылі.

Падабраўшыся да сцяны, Праворны ўзняўся на коленцы і ўважліва аглядзеўся, выбіраючы шлях. Тут камандзір пачуў, як непадалёк зноў коратка ўдарыў кулямёт. Ён быў у руінах. Малодшы лейтэнант загадаў Тураўцу і Шарыфутдзінаву прабрацца туды і «зрабіць цішыню».

Шарыфутдзінаў поўз наперадзе. Ён амаль зліваўся з зямлёй, так што нават зблізку яго цяжка было адрозніць ад камення і травы. Кулямёт цяпер страляў часта, і месца яго было добра прыкметна.

Калі падабраліся даволі блізка, Шарыфутдзінаў папрасіў:

— Чакай...

Ён папоўз між камення; Юрый сачыў за ім, гатовы ў кожную хвіліну дапамагчы, падтрымаць. Але падтрымка яго не спатрэбілася. Шарыфутдзінаў, улучыўшы зручны момант,— калі кулямёт затутукаў,— націснуў спускавы кручок аўтамата...

Ён вярнуўся назад, трымаючы ў руках нямецкі кулямёт.

Адсюль штурмавая група прабралася да будынка, што затрымліваў батальён. Ірвануўшы дзверы, Юрый проста перад сабой убачыў спіну ў шэрым мундзіры. Не ўправіўся кулямётчык азірнуцца, як сержант ударыў яго аўтаматам па галаве. Той асунуўся на падлогу.

Праворны абагнаў Юрыя, штурхнуў нагою другія дзверы і кінуў наперад гранату. У чаканні выбуху адхіснуўся ад дзвярэй, стаіўся ля сцяны. Калі ён убег, у пакоі слаўся дым...

За чвэрць гадзіны дом быў ачышчан.

— Ну, можна даць зялёную ракету!

Расшпіліўшы запацелую гімнасцёрку, цяжка дыхаючы, Праворны нервова выхапіў з сумкі ракетніцу, уклаў у яе патрон.

Хутка тут быў амаль увесь батальён.

Хвілін праз дваццаць генерал-маёру далажылі, што батальён, ударыўшы з левага фланга, уварваўся на станцыю і што там вядзе рукапашныя бойкі.

Генерал-маёр, ціха мармычучы неадступную песню пра канагона, прыслухоўваўся да страляніны, якая даходзіла адтуль, углядваўся ў проймы між будынкаў. Ён убачыў у тым баку ў святле пажару некалькі постацей, што прабеглі і схаваліся за домам...

У той час, як ён чакаў данясення ад Сібірака, з палка, што наступаў правей, прывялі дзесяткі два палонных. Шчарбацюк загадаў іх дапытаць.

— Адкуль яны пажалавалі сюды, даведайцеся,— сказаў ён капітану-перакладчыку.

Аказалася — з эсэсаўскага батальёна, пераведзенага два дні назад з Гродна. Яны паведамілі, што ў Барысаве б’юцца рэшткі танкавай дывізіі і эсэсаўскія ахоўныя часткі, спешна перакінутыя з розных месц.

Неўзабаве генерал-маёр, сваёй звычайнай цяжкаватай і павольнай хадой, ішоў ужо цераз чыгуначныя пуці, што цьмяна паблісквалі. Каля спаленага будынка ляжала і сядзела некалькі параненых байцоў, аднаго з якіх перавязвала поўная рослая санітарка.

— Ну, што, тварцы гісторыі, арэшак моцны дастаўся?

— Нічога, мы прывыклыя...— адказаў той, якога перавязвалі.— Не такія трушчылі...

— Што тут у вас? Што здарылася? — пацікавіўся камандзір дывізіі.

— Ды вось адпраўляцца трэба. З паўдарогі,— сказаў адзін з раненых.

— Чаму з паўдарогі?

— Ды — у шпіталь, гаворыць.

— А вы не гаруйце, другі мае, да часу. Дарога няблізкая... Яшчэ, можа, і дагоніце...

Хрупаючы бітым шклом, генерал пайшоў далей. Шкла насыпана тут было вельмі многа, ад бляску пажараў яно зыркала. Насустрач генералу зноў правялі вялікі гурт палонных.

Тут жа камандзір дывізіі і яго афіцэры спаткалі некалькі жанчын і дзяцей, якія кінуліся іх абдымаць.

Адна з жанчын расказала пра страшныя расправы гітлераўцаў з вязнямі ў канцлагеры на лесапільным заводзе.

— А пазаўчора адзін, калі павялі на расстрэл, схапіў цагліну і кінуўся на салдат. І іншыя людзі кінуліся, ды так, што салдаты ад іх — наўцёк...

— Што ж, выратаваліся нашы?

— Некаторыя выратаваліся. А другіх дагналі і пастралялі...

Распытваючы, генерал спачувальна ківаў галавою,— Шчарбацюк быў жаласлівы. Вінавата моргаючы вачыма і ўздыхнуўшы, супакоіў жанчыну:

— Нічога, любая мая, нічога!.. Расплоцяцца за ўсё! Мы ў іх за ўсё спытаем, будзь пэўна!

Бой не сціхаў. Гітлераўцы біліся за кожную вуліцу і завулак. Асабліва ўпарта яны трымаліся ў каменных будынках, страляючы з вокан, з дахаў. З-за будынкаў часта выпаўзалі нямецкія танкі, таксама спрабавалі затрымаць нашу пяхоту.

Некаторыя з гэтых танкаў неўзабаве змаўкалі, прабітыя навылет або ахутаныя агнём.

Увесь час сочачы за боем, за тым, як прабіваюцца часці, генерал-маёр заўважыў, што полк Сібірака зноў прыпыніўся.

— Чаму затрымліваешся? — нездаволена запытаў Шчарбацюк камандзіра палка.

Падпалкоўнік адказаў: затрымлівае батальён Паўлоўскага, вядзе бой з немцамі, што заселі ў вялікім доме.

— Дом добры...— нечакана пачуў генерал.— Паўлоўскі шкадуе разбіваць яго снарадамі...

Шчарбацюк хвіліну маўчаў. Потым папрасіў, каб яго звязалі з Паўлоўскім.

— Ну, што там у цябе? — прамовіў ён строга. Ледзь пачуў камбата: Паўлоўскі пачаў дакладваць, як ідзе бой батальёна. Генерал перабіў яго: — Што там за дом у цябе? Добры!.. Што ў ім добрага? Вялікі... Колькі паверхаў? Тры паверхі... Школа была... Адкуль ведаеш? Па выгляду... Які такі выгляд у яго?.. Вокны шырокія...

У твары Шчарбацюка паявілася штосьці дзіцячае, цікаўнае.

— Значыць, дом добры і школа...

Ён задумаўся. Хвіліну цяжка соп у трубку. Нездаволена, строга прамовіў:

— А не загубіш ты мне людзей дарэмна? Клапоцячыся пра дом свой!

Паўлоўскі адказаў, што спадзяецца ўзяць дом без страт.

Генерал-маёр спытаў, колькі на гэта спатрэбіцца часу, і дазволіў браць дом пяхотаю. Але прыгразіўся, што, калі Паўлоўскі загубіць хоць чалавека — галаву здыме. І загадаў, каб не марудзілі.

Прайшло, мусіць, з паўгадзіны, як генерал-маёру далажылі, што дом выратавалі, што забітых у штурмавой групе няма. Байцы, сказаў Сібірак, узлезлі па вадасцёкавай трубе на трэці паверх і адтуль пачалі спускацца ўніз, ачышчаючы паверх за паверхам.

— Хто там з іх асабліва?..— спытаў Шчарбацюк стрымана.— Павіншуй ад мяне са «Славаю», а камандзіра са «Звёздачкай».

Яшчэ ішоў бой, а генерал-маёр, выклікаўшы да тэлефона намесніка па тыле і камандзіраў палкоў, загадаў падрыхтавацца да дарогі.

— Адразу, як толькі скончым, выступаем. Без затрымкі!..

 

6

Паўдня біліся з нямецкай часцю, што спрабавала затрымаць наступленне. Потым прыводзілі сябе да ладу, абедалі.

Увесь вечар, зрэдку спыняючыся, хутка ішлі. Толькі пад поўнач, калі дацягліся да вялікай маўклівай вёскі, ім дазволілі зрабіць прыпынак, адпачыць.

Юрый нялёгка выпрастаў налітае стомаю цела. Нарэшце ён можа паспаць. Паспаць спакойна, ды яшчэ на саломе ў хаце.

Сержант узбег на ганак, адчыніў дзверы. Пасвяціўшы запальнічкаю, акінуў позіркам пакой. Было пуста і няўтульна, але Юрыю вельмі хацелася спаць. Ён ведаў, што і камандзір, і байцы хочуць толькі аднаго — хутчэй паваліцца спаць. Што ім да ўтульнасці!

Сержант загадаў салдатам пашукаць саломы ці сена:

— Хутка. Куляю!

Праз хвіліну салдаты ўнеслі ў хату сена: яно было ў хляве.

Сержант запаліў бляшаначку з гаручым рэчывам, якая цьмяна асвятліла пакой, і, падгарнуўшы пад галаву больш сена, разаслаў шынель.

Праворны, які ўвайшоў неўзабаве, быў таксама змораны і, ступіўшы ў пакой, не здымаючы ботаў, адразу зваліўся на сена.

— Пабудзі, Шарыфутдзінаў, праз гадзіну,— сказаў ён яфрэйтару, прызначанаму ў варту.— Ды глядзі, каб на пасту не драмалі! Эх, ногі гудуць!..— ён соладка пазяхнуў і прыкрыўся шынялём.

У гэтую хвіліну ў пакой ускочыў салдат.

Ён кінуўся да Шарыфутдзінава, спалохана выдыхнуў:

— Немцы!..

— Дзе?! — ціха, але ўстрывожана запытаўся яфрэйтар.

— Тут — у суседнім пакоі...

— За сцяной?

— За сцяной. З двара ўваход...

— Што яны... робяць?

— Спяць.

— Дык чаго ж ты палохаеш? — нездаволена прамовіў яфрэйтар.— Чалавек — галава, два вухі!

Ён спакойна зняў з пляча аўтамат і, рашуча бліснуўшы вузкімі вачыма, рушыў да дзвярэй; салдат падаўся за ім. Але на парозе прыпыніўся, азірнуўся да Праворнага. Падумаў, відаць, што трэба папярэдзіць камандзіра ўзвода.

Малодшы лейтэнант ужо ўстаў.

Пачуўшы хуткія, неспакойныя крокі салдата, Праворны, адольваючы санлівасць, мімаволі прыслухаўся: ці не да яго? Можа, распараджэнне якое? Ён улавіў словы: «Немцы!.. Тут...»

За лейтэнантам, улавіўшы, што нешта здарылася, ускочыў Юрый.

Праворны парывіста ступіў да салдата:

— Дай аўтамат! Скажы Шарыфутдзінаву, каб не спяшаўся!..

— Вы б не ішлі, таварыш малодшы лейтэнант... Мы самі!

Праворны не адказаў. У хвіліны, калі пагражала небяспека, ён станавіўся негаваркім і хуткім.

— Колькі іх? — коратка спытаў аўтаматчыка.

— Не разгледзеў... Чалавек, думаю, сем...

Праворны і Юрый выйшлі на двор, дзе іх чакаў Шарыфутдзінаў. Навокал, як і раней, панавалі цішыня і цемра, але цяпер яны быццам таілі ў сабе пагрознае. Усе мімаволі насцеражыліся. Каля дзвярэй стаяў яшчэ адзін салдат. Праворны запытаў шэптам, ці не заўважылі поблізу нямецкіх вартавых, першым ступіў у цёмныя сенцы, левай рукой звыкла вымаючы з кішэні ліхтарык.

Белы прамень ліхтарыка пабег па падлозе, пераляцеў на бочку, абмацаў куты. У сенцах было пуста.

Праворны рвануў дзверы ў хату. Ліхтарык зноў пабег па падлозе, выхапіў з цемры лаўку, стол, ложак.

Немцы спалі на ложку і на падлозе, падаслаўшы сена, мусіць, з таго ж самага хлява, з якога прынеслі і для нашых. Іх было шасцёра.

— Спакойна заваёўнікі размясціліся! Як дома! А ну, Шарыфутдзінаў, падбяры зброю іх ды пабудзі...

Яфрэйтар стаў будзіць. Наском бота штурхнуў аднаго, другога з тых, што былі на падлозе. Немцы прачыналіся неахвотна. Праворны раззлаваўся:

— Гэй вы,— устаць! — скамандаваў ён рэзкім голасам.

Усе, хто яшчэ спалі, заварушыліся, паслухмяна ўсталі, выцягнуліся, сонна лыпаючы вачыма. Салдат у світэры кінуўся было да месца, дзе стаяла зброя, але Юрый так даў яму, што той адразу застыў...

На іншых не было відаць ні перапалоху, ні здзіўлення.

— Мы слышаль ноч какой-то танкі...— загаварыў адзін з іх, цяжка падбіраючы рускія словы.

Аказалася, некаторыя з іх чулі, як увайшлі ў сяло, прайшлі міма танкі, але не ведалі, чые гэта. Супакойвалі сябе, што — свае, нямецкія. Нікому не хацелася ўставаць, усе вельмі змарыліся, цэлы дзень ішлі пеша. Рашылі перачакаць да раніцы, махнулі на ўсё і леглі спаць.

Праворны загадаў аўтаматчыку пакуль павартаваць іх, а Юрыю — выклікаць канваіраў.

Малодшы лейтэнант вярнуўся ў свой пакой, лёг на разасланы шынель і праз хвіліну ўжо спаў.

 

7

Побач са штабнымі машынамі было відаць некалькі непрыкметных гарбкоў — зямлянак, амаль схаваных густым купчастым зелянівам агародаў. Сярод іх самотна тырчалі сухія, не па-летняму голыя, абпаленыя ігрушы і яблыні. Яны, здавалася, стаялі сярод поля.

На карце, што ляжала на стале ў крытай штабной машыне камандзіра дывізіі, гэтыя агароды і зямлянкі называліся вёскай Паплавы.

Ехаць далей нельга было: за суседняй вёскай, кіламетры праз чатыры, два палкі наткнуліся на адступаючую нямецкую часць і цяпер вялі бой. Трэці полк з боем перапраўляўся цераз балота...

— Прыйдзецца пастаяць... Высветліце, як там справы ў Скорабагатага,— сказаў камандзір дывізіі падпалкоўніку са штаба,— а я выйду. Стаміўся.

Машына генерал-маёра стала каля зямлянкі. Грузна і мякка спусціўшыся са ступенькі машыны, Шчарбацюк убачыў на двары двое дзяцей. Дзяўчынка год адзінаццаці, трымаючы за руку малое хлапчанё, пазірала на машыну. Шчарбацюку, які даўно не бачыўся са сваімі дзецьмі, што жылі цяпер у Казані, захацелася падысці да малых. Ён ступіў на двор.

— Як цябе зваць, дзяўчынка?

— Воля.— Гэта была Волька, дачка Шабуніхі.

— А дзе твая мама?

— На агародзе...— А ты хто? — вырвалася ў Волькі.— Чырвонаармеец?

— Чырвонаармеец,— усміхнуўся генерал-маёр.

— А тут ужо былі чырвонаармейцы. Толькі яны адразу паехалі...

Волька азірнулася ў той бок, дзе быў агарод, і, убачыўшы, што маці ўжо ідзе да іх, шчаслівая кінулася насустрач.

— Ма-а-мка!

Шабуніха, у выцвілай хустцы, абшарпаным андараку, апусціла падаткнуты край фартуха, заспяшалася. Даўно-даўно не ступала яна так лёгка, радасна, як у гэты дзень,— нібы памаладзела адразу.

— Браток ты мой! — голас Аўдоцці, нізкі, глыбокі, уздрыгнуў і абарваўся. Яна пяшчотна абняла Шчарбацюка.

— Усё-ткі і я шчаслівая! — з нейкай урачыстасцю ў голасе вымавіла яна.— Прыйшло і да мяне шчасце! Не абмінула!..

І неспадзеўкі на яе нахлынуў такі нядаўні, не перажыты яшчэ трывожны настрой. Колькі перайшло ўсяго за гэтыя суткі! Ці праўда, што яно было ўсё, што мінулася? Яшчэ ўночы і ўранку тут былі немцы, і яна хавалася ў хмызняку за агародамі, тулячы да сябе ператрывожаных малых. Уранку яна чула непадалёк вялікую страляніну...

А праз паўгадзіны Аксіння, суседка яе, сказала, што ў сяле ўжо нашы, і яна, ускінуўшы на плечы лёгенькі клунак з акрайцам хлеба, са жменяй круп і цыбуляй, узяўшы на рукі малога Валодзьку, з Волькай пайшла ў Паплавы...

Шабуніха схамянулася, выцерла рукі аб фартух.

— Божа мой, чаго ж я стаю! Завітаў такі чалавек, а я... Мо ў каморку зайшлі б! Ці тут пасядзіце? — абвяла вачыма двор, які зелянеў дробным падарожнікам, крапівою і травой, развяла рукі.— Няма дзе... Была хата, дык спалілі... Цяпер вось дзе гнёмся, як краты ў нары. Ліхадзеі ўсё папалілі, усё, што было, каб яны свету не бачылі... Заходзь, браток, хіба ў каморку.

Шчарбацюк зняў фуражку і, сагнуўшыся, асцярожна, па земляных сходках спусціўся ў цёмны паграбок, у якім ён пасля яркага святла спачатку нічога не бачыў. Дзеці падаліся следам за ім.

— Пасядзі, браток, тут... на лаўцы... Ай, які дзень! Які дзень!..— загаманіла яна. Стала штосьці шукаць каля печкі.

Генерал-маёр сеў і тады змог выпрастаць галаву. Шабуніха неспадзявана паставіла на стол пляшку, сказала Вольцы, што сядзела на сходках, каб нарвала радыскі. Волька ахвотна ўскочыла.

— Не трэба, сястра, я зараз павінен ісці...

— Управішся,— сказала Аўдоцця ўпэўнена.— Без пачастунку — нягожа...

Волька выбегла. У каморцы трохі пашарэла ад святла, што прабівалася ў пройму дзвярэй. Генерал-маёр мог цяпер разглядзець каморку. Печ так-сяк зляпіў нейкі дамашні майстар. Каля стала былі палаці з розным рыззём, яны, відаць, замянялі і ўслоны.

— Паглядзі, паглядзі, браток, на нашу дамоўку. І то яшчэ дзякуй, што паграбок быў,— нябожчык-чалавек выкапаў...

Волька прынесла жменю радыскі. Шабуніха выцерла старанна ручніком карэц з кансервавай банкі, наліла з бутэлькі. Дзеці ад палацей нязводна сачылі за госцем.

— Чым багаты, тым рады: лепшага ў мяне няма. Не пагневайся.

У Шчарбацюка зацяло дых — самагонка была вельмі моцная. Волька, убачыўшы, як госць заплюшчыў вочы ад гарэлкі, радасна засмяялася.

— Пякучая? Мамка з самай зімы беражэ яе. Аж з Азяранаў прынесла.

— Ат, якая гэта гарэлка — слёзы! І то, можа, нішто б, каб закуска. Не было ў нас яшчэ такой нішчымніцы... Бывала, гасцей наедзе са ўсяго свету — у нас радня багатая. Каб хто калі пакрыўдзіўся! Змітро мой вельмі быў гасцінны — каб усім хапіла і піць і есці. Каб не то што сказаць, але і падумаць ніхто кепскага не мог...

Твар яе спахмурнеў, як ад болю, а вочы часта-часта заміргалі.

— Плакаць чагосьці захацелася...— прамовіла яна, нібы прасіла прабачыць.— Не з гарэлкі, а з радасці. І ад думак... Што мы тут перажылі, перацярпелі за гэтыя гады! Ніколі зроду не было ліхалецця, як гэта... Пабачыла я такое, што не думала, не гадала, і нікому не жадаю бачыць — ні брату, ні свату.

— Так, сястрыца, гора паспыталі вы многа...

Памаўчаўшы хвіліну, Аўдоцця не ўтрывала, загаварыла зноў.

— Бяда, праўду кажуць, адна не ходзіць. У блакадзе чалавек мой — Змітро — загінуў. Партызанскі камандзір быў... Гаравала я страшэнна, як даведалася. А тут яшчэ як вярнулася я на селішча — з лесу, з партызан,— дык і следу не знайшла ад хаты сваёй, адзін попел ад усяго. Заламала я рукі, павалілася, як непрытомная, на зямлю... Ой, нацярпеліся! А пазалетась і самі ледзь не загінулі ад праклятых. Я тады ўжо думала, што смерць будзе майму Андрэю. Сама з малымі была акурат на полі, то нам нішто, удалося ўцячы... А Андрэю толькі шчасце дало выбрацца, не інакш.

— Андрэй наш тады ў хаце быў,— загаварыла Волька.— І дзед Хвёдар таксама. Як немец стрэліў у дзеда, дык Андрэйка адразу скочыў за грубку. Тады гэты кінуў услед гранату,— толькі наш Андрэйка паспеў схавацца. Граната як бухне, дык на Андрэйку як пасыплецца каменне... ён адразу ўпаў, перапужаўся — страх... дым па хаце круціцца, дыхнуць няможна... Выбег наш Андрэйка, скочыў з акна — ды ў агарод. А тут за ім — тр-тр з аўтамата ўслед. Убачыў, зараза! Тады Андрэйка ўпаў, нібы нежывы, а сам паўзком-паўзком хутчэй. Праз гарбузнік хутчэй у поле. Уцёк ад яго! Проста з-пад носа ўцёк. Ён смелы ў нас, Андрэйка! Такі смелы!..

— Адлей нась смелі,— адгукнуўся Валодзька.

— Вялікае сяло было. Тут над нашымі Паплавамі і сёл не было большых... А з усіх Паплавоў толькі чалавек пяцьдзесят, можа, засталося...

Шчарбацюк быў чалавек уражлівы. Ён добра ўявіў ясны летні дзень і дым, што чорнай хмарай уецца над хатамі, постаці гітлераўцаў, якія ганяюцца за перапалоханымі жанкамі, за старымі і дзецьмі.

Аўдоцця зноў наліла ў карэц. Генерал-маёр убачыў у цьмяным святле яе худую, але моцную, з напятымі жыламі руку, што дрыжала. Такая рука, звыклая да працы, была калісьці ў яго маці,— і такія ж чорныя драпіны на пальцах...

Шабуніха папрасіла выпіць яшчэ, але Шчарбацюк не дакрануўся да карца. Нізкая столь зямлянкі пачынала гнясці, гарэлка пякла ўсярэдзіне. Угадаўшы, што яна можа пакрыўдзіцца за тое, што ён адмаўляецца, Шчарбацюк мякка сказаў:

— Не магу. Нельга мне...

Яна зірнула на яго недаверліва.

— Нельга.— Сказаў болесна: — Словы вашы, дарагая, паляць у мяне ўсярэдзіне горш за агонь...

— А ты не думай, браток, лішняе! — перабіла яна ўладна.— Бяда — яна бяда. Цяжкая яна. А толькі калі думаеш пра яе, дык яшчэ цяжэе. Жыць нібы няміла... Жыццё яно і само па сабе — не салодкае... А трэба жыць. І трэба пра жывое думаць... Я вось таксама было па Змітру свайму гаравала страх, а што з таго?.. Хоць яно, праўда, сэрца не слухаецца, не выходзіць у мяне з душы Змітро... Але не трэба бедаваць попусту, не трэба...

 

8

Аўдоцця хацела яшчэ штосьці сказаць, аднак замест слоў пачуўся глухі, прыдушаны ўсхліп. Шчарбацюк падумаў, што яна зараз пачне ўспамінаць свайго мужа і будзе плакаць. Гэта яму было не ў навіну. Але ён памыліўся: Аўдоцця ні слова не прамовіла больш пра сваё гора.

— Аж не верыцца, што сагналі ліхадзея. Не дай бог, вернецца зноў. Загубіць тады ўсіх... Скажы, родны, ты чалавек вучоны і, відаць, з камандзіраў — будзе яшчэ яна тут, вайна?

Генерала апошнія словы жанчыны не здзівілі, ён не раз чуў такое пытанне ад байцоў.

— Не будзе.

Яна паківала галавою.

— На маім вяку тут ужо трэці раз...

— Не будзе! — сказаў ён цвёрда, з упартай ноткай у голасе.

— Каб жа не было... Каб сынкі былі дужыя. У мяне цяпер толькі і думак, што пра іх. Кожную ноч яны сняцца. У мяне ж два ваююць — Андрэй у партызанах, а другі — Лявон — той на фронце. Сённачы бачыла ў сне яго, Лявона. Нібы ішоў ён па зялёным полі ў белай доўгай сарочцы... Гэта на добрае, кажуць, радасць нейкая будзе: можа, вестачка ад яго. Каб хоць даведацца, што жывы ён!.. А можа, сам зазірне, дай бог, дадому.

— От было б добра! — вырвалася ў Волькі.

— Былё б добля.

Генерал падзякаваў за пачастунак.

Яркае святло летняга сонечнага дня ўдарыла ў вочы, асляпіла яго, і Шчарбацюк заплюшчыўся на хвіліну. Расплюшчыўшы вочы, ён убачыў перад сабою некалькі дручкоў, па якіх, абвіваючыся, паўзлі ўгару ніткі фасолі, убачыў дзесятак зялёных кіяхоў, далей — сіняваты лясок і над ім спакойнае, з высокімі клубістымі воблакамі неба.

Шабуніха праводзіла яго да вуліцы, трымаючы на руках Валодзьку.

Па вуліцы, поўнячы яе, ішлі кавалерыя і процітанкавая часць, прыданая дывізіі Шчарбацюка. Шабуніха пільна ўзіралася ў твары тых, што праходзілі.

— От, каб Лявон быў жывы. Каб прыйшоў дадому. Мо прыйдзецца часам дзе спаткаць — Шабуня па прозвішчу,— то перадай яму паклон. І скажы яму, калі, значыцца, убачыш часам, каб напісаў, ці дужы. Ці што здарылася. Як ёсць, усю праўду. Так і скажы.

— Так і сказі! — паўтарыў Валодзька.

— Перадам.

Вярнуўшыся ў машыну, генерал-маёр нейкі час сядзеў задумлівы і ўзрушаны. Тое, што ён пабачыў і пачуў, не адыходзіла з сэрца, гняло, пякло. Не адыходзіла з памяці пытанне яе: «Ці будзе зноў тут?..», трывожны, недаверлівы позірк яе. «На маім вяку ўжо трэці раз...» Адчуваў сябе па-ранейшаму вінаватым, разам з усімі такімі, як сам, цяжка вінаватым перад ёю. Не ўпершыню адчуваў гэта, але боль усё не адпускаў яго.

Стаў думаць пра дзяцей, з якімі ўжо больш за год не бачыўся. Люся ў гэтым годзе скончыла дзесяты клас. Як яна здала экзамены? Ну, за сыноў, асабліва за Валодзю, можна быць спакойным — выдатнік усе гады... Успомнілася Саша, Аляксандра Сяргееўна,— жонка. Недзе чакае яго, хвалюецца за яго, а ён так рэдка радуе яе лістамі.

Трэба будзе сёння ж напісаць ёй яшчэ ліст. Так даўно не пісаў ім,— сухар, бюракрат!..

Ён рэзка змяніў кірунак думак.

— Што з палкоў? — запытаўся ён у падпалкоўніка, які моўчкі паглядваў на яго.

 

РАЗДЗЕЛ IV

 

1

Ужо каля дзвюх гадзін кіпеў бой у пасёлку, а немцы не здаваліся.

Пахмурны і ўзлаваны, Ермакоў, слухаючы частую перастрэлку, якая не толькі не сціхала, а яшчэ мацнела, нецярпліва кінуў Габдуліну:

— Ну, ліха, колькі з гэтым сялом валаводзіцца!.. На што яны, гэтыя недабіткі, спадзяюцца?! Думаюць адсядзецца ці баяцца здацца?

— Здадуцца, нідзе не дзенуцца,— спакойна адказаў Габдулін.

— Важдацца колькі даводзіцца! — спакой Габдуліна нібы яшчэ падагрэў злосць Ермакова.

Габдулін адгукнуўся непарушна:

— Гэта ім не красавік — не блакада.

Ермакоў прамаўчаў.

Ермакоў з Габдуліным стаялі ў гарбузніку, каля нейкай драўлянай пабудовы. Недалёка палаў дом, падпалены нямецкімі мінамётчыкамі, і сюды, ледзь Ермакоў высоўваўся з-за будынка, патыхала гарачынёй.

— Перадай камандзіру атрада, хай зноў атакуе,— сказаў камбрыг сувязному.

Сувязным быў Андрэй Шабунёк, які здаваўся сабе адным з віднейшых воінаў у гэтым баі,— вядома, пасля камбрыга, Тураўца і Васі Крайко. Андрэй быў бязмерна горды сваёй роляю і шчаслівы.

Ён адразу кінуўся выконваць загад камбрыга.

То там, то тут, наперадзе і з бакоў, успыхвалі чэргі аўтаматаў, выбухалі гранаты... Ермакоў, які быў амаль у самым пекле бою, бачыў, як поблізу паўзком пачалі прабірацца цераз грады і гарбузнік, паўз будынкі яго людзі. Яны зніклі па той бок пабудоў, адкуль цяпер ужо даносіліся выбухі гранат і стрэлы.

Прыбег сувязны з «Радзімы» і далажыў, што нямецкі кулямёт падавіць не ўдаецца і што роты залеглі. Камандзір атрада просіць дапамогі — мінамётчыкаў...

— Скажы, мінамётаў не дам. І наогул — хай пакуль не атакуе. Не трэба... Хай толькі так, для выгляду, шуміць, каб пабойваліся... Пачакай! — затрымаў Ермакоў сувязнога.

Ён з палявой сумкі выхапіў блакнот, вырваў лісток. Прытуліўшыся да сцяны, хапатліва напісаў на лістку некалькі слоў. Сувязны свяціў яму.

Ледзь сувязны знік за плотам, Габдулін перадаў узрадавана:

— Школу ўзялі, Ярмак!

Гэта школа непакоіла камбрыга. Адтуль быў добры абгляд навокал для назіральнага нямецкага пункта. Перад домам быў кулямёт; ён цяпер маўчаў...

Ермакоў перайшоў з Габдуліным і трыма сувязнымі наперад. Яшчэ некалькі дамоў узялі — дом за домам. Марудна...

Але нічога, Ермакоў выкіне, абавязкова выкіне гэту погань адсюль. Праўда, іх сюды нашылася ў апошнія дні многа, але ён выб’е іх. Павінен выбіць, што б там ні стала! Пасёлак невялікі, напалову разбураны, аднак стаіць на шляху. Калі брыгада зойме яго, яна адбярэ ў гітлераўцаў важную дарогу.

Ермакоў загадаў перанесці мінамёты да школы, павярнуць у бок парку, каб падавіць там кулямёт і аўтаматчыкаў.

Ён сам сачыў, куды трапляюць міны. Сэрца артылерыста не вытрымала, калі ён пабачыў, як мінамётчыкі прамахнуліся.

Зноў злева рвуцца. Куды яны садзяць?.. Правей, правей трэба!..

Ён стаў камандаваць сам. Перабраўся праз некалькі двароў наперад, бліжэй да парку.

Кулямёт хутка сціх, але праз некалькі хвілін ён абазваўся з другога месца. Каля мінамётчыкаў пачалі рвацца варожыя міны. Ермакоў загадаў змяніць пазіцыю, даў новы прыцэл і вугламер.

Камбрыг увесь захапіўся стральбою,— ён страляў да таго часу, пакуль кулямёт не сціх.

Калі Ермакоў вярнуўся да Габдуліна, прыбег задаволены сувязны і перадаў — нашы ў парку!..

 

Стрэлы сціхалі. Над хатамі, садамі, вогнішчамі паволі раставалі дым і ранішняя шэрань.

На перавязачным пункце, што асталяваўся ў хаце з разбітымі шыбамі, па-ранейшаму быў заклапочаны настрой.

Марыя Андрэеўна, абвязаўшы марляй чорныя валасы, нос і малы, лагодны рот, аперыравала маладзенькага русявага хлопца. У яго была куляй разбіта косць крыху ніжэй каленнага сустава.

Марыя Андрэеўна, нахіліўшыся, вымала пінцэтам з раны, якую ўвесь час залівала кроў, белыя абломкі косткі. На твары хлопца, побач з крапінкамі вяснянак, уздрыгвалі мутныя каплі поту. Ён час ад часу стагнаў.

— Пацярпі яшчэ крыху, любы, харошы мой... Ужо небагата засталося... Хутка ўжо, зусім мала...— шаптала яна пяшчотна і зноў схілялася з пінцэтам у тонкіх пальцах.

У прытоеных цёмных вачах яе, між броваў, былі то непадступная ўвага, то спачувальная, мацярынская ласкавасць.

— Ну, вось, бачыш, не страшна, як здавалася!..

У такія хвіліны асабліва выяўлялася тое, што так падабалася ў ёй Тураўцу,— цудоўная жаночая мяккасць, чуласць, якія віднеліся, здаецца, у кожным яе руху.

Марыі Андрэеўне дапамагала Валя Залеская. Яна рабіла ўсё, што трэба было, з нейкім ганарлівым выглядам, быццам абы-як, але на дзіва спрытна. Нібы загадзя адгадвала загады доктара.

Да раненых Валя адносілася інакш, чым Марыя Андрэеўна: яна была, можна сказаць, сваявольнай і нават дэспатычнай. Валя магла загадаць раненаму, каб ён зараз жа сціх, а не стагнаў, як баба, магла строга, грубавата адрэзаць, калі хто прасіў аб недазволеным,— і яе слухаліся. І не толькі слухаліся, а любілі і паважалі,— мусіць, за тое, што яна дзяўчына, прыгожая, спрытная, такая маладая.

Яна добра адчувала гэтую сваю ўладу і сілу і камандавала як хацела.

Ледзь Марыя Андрэеўна скончыла бінтаваць нагу, дзяўчына, не чакаючы просьбы, паднесла ёй шыну.

Марыя Андрэеўна стала прыладжваць шыну да забінтаванай нагі,— Валя звыкла дапамагала ёй, усё з тым жа ганарлівым выглядам.

— Ну-ну, застагні! — строга зірнула яна на хлопца, які паморшчыўся ад болю.

Марыя Андрэеўна кінула ёй дакорлівы позірк. Прыматваючы шыну, сказала хлопцу, лагодна, суцешліва:

— Пацярпі, харошы мой... Ужо канчаем!..

Скончыўшы нарэшце перавязку, яна стомлена выпрасталася, адышла ад стала, з якога толькі што знялі хлопца, пачала павольна скідаць абпырсканы крывёй фартух.

Павяла позіркам у пустыя вокны. Прыслухалася да шуму, што ўрываўся праз іх.

На невялікай брукаванай плошчы, пасярэдзіне якой, задраўшы ствол, стаяла зенітка, вакол якой чарнелі сцены і печы спаленых дамоў, віравалі шумлівыя, гаваркія групкі — жыхары і партызаны дзвюх брыгад, што бралі пасёлак. Узносіліся над плошчай вясёлыя прыпеўкі. Хтосьці гарэзна, скорагаворкаю вывеў:

 

У пасёлку ля варот

Сабіраецца народ.

Пруць фашысты ў наступленне,

Толькі... задам напярод!..

 

 

2

Ермакоў не адчуваў поўнай радасці. Як ні цешыла яго перамога, ён разумеў добра, што ўсё, чаго дабіліся яны, пакуль вельмі ненадзейнае.

Ён прадбачыў, што немцы не прымірацца з тым, што важная дарога перарэзана. Прадбачыў, што ўтрымаць пасёлак у сваіх руках, відаць, будзе цяжэй, чым было ўзяць. Ермакоў быў амаль упэўнены, што трэба чакаць бою, і бою нялёгкага.

Адразу ж, у той час, калі пасёлак яшчэ карагодзіў весялосцю, камбрыг пачаў рыхтавацца да новага бою.

Большасць сваіх рот і амаль усе мінамёты і трафейныя гарматкі ён паставіў на ўскраіну, збоку якой да пасёлка падыходзіла шырокая істужка шляху. Тут, меркаваў ён, давядзецца цяжэй за ўсё, бо гітлераўцы колькі змогі будуць ірвацца вярнуць дарогу... Другая брыгада мелася абараняць пасёлак з паўночнага боку і з процілеглай ускраіны, дзе шлях выходзіў у поле.

Камандны пункт Ермакоў зрабіў у каменным пакойчыку нейкага напаўразбуранага магазіна.

 

Праз якіх паўгадзіны пасля таго як Марыя Андрэеўна бачыла вірлівы натоўп, камбрыг і Туравец на новым КП, прысеўшы на пустыя скрынкі, падсілкоўваліся. Перад імі на скрынцы, акурат такой жа, як і тыя, на якіх сядзелі, была банка трафейных кансерваў.

Адсюль у пралом акна віднеўся шлях, што бег дугою да ляска, ён цьмяна шарэў між зялёных лапін бульбы і жоўта-шызых палосак жыта.

Удалечыні была яшчэ чуваць мінамётная страляніна. Гэта вёў бой заслон, якім камандаваў Дрозд і ў якім быў са сваім узводам Васіль Крайко. Ад самай поўначы, калі пачаўся наступ на пасёлак, яны біліся пры шляху з гітлераўцамі, што стараліся прарвацца да пасёлка.

— Горача Дразду! — прамовіў Ермакоў, дастаючы лыжкай мяса з кансервавай банкі.

За час ад блакады Ермакоў прыкметна папаўнеў, і на твары яго з’явіўся неўласцівы яму раней выраз нейкай мяккасці.

Туравец хмурыў бровы над цыганскімі вачыма так, нібы хацеў штосьці зразумець, але не мог.

— Ціснуць іх моцна... І, ведаеш, мне здаецца, абыходзяць нашых. Акружыць, відаць, хочуць...

— Не акружаць! — але ў голасе Ермакова, хоць камбрыг і глушыў гэта, чулася трывога.

— Не акружаць? Ты ўпэўнены?

Перапытаўшы, Туравец, як звычайна, угледзеўся ў Ермакова, нібы ацэньваючы яго словы.

— Можа, і не акружаць, а можа?.. Крута ім будзе, калі акружаць! Там у немцаў можа падабрацца вельмі многа рознага зброду. «Мяшок» зробяць Дразду... Трэба вывесці «старшыню», пакуль не позна...

Што ж гэта...

Тут у пакой убег Ляхора, хапаючыся адрапартаваў, што яго прыслаў Дрозд.

— Вось добра! Якраз успамянулі вашага камандзіра. Ну, што там у вас?

Ляхора адказаў, што немцы стараюцца акружыць роту, што стрымліваць больш іх адной роце немагчыма.

— Хай будзе па-твойму, камісар...— Ермакоў зашпіліў гузікі на тугім каўняры, зноў павярнуўся да Ляхоры, рашучы, хуткі: — Ляці туды і перадай: няхай адыходзяць, зараз жа адыходзяць! А фрыцаў — прапусціць. Я іх сустрэну!.. Зразумеў? Паўтары! Правільна...

Ляхора выбег з пакоя. Ермакоў у акно бачыў, як ён ляціць на кані па мосце, потым па зялёным выгане за рэчкай назад да лесу.

Ермакоў акінуў позіркам свае пазіцыі, дапаўняючы ўяваю тое, чаго не бачыў.

Партызаны былі абапал шляху ў акопах пры ўскраіне. За крайнімі пабудовамі тут вілася вузкая рачулка, каля якой у прыбярэжных кустах і на дварах маўчалі тры замаскіраваныя гарматкі. Яны стаялі на прамой наводцы. Непадалёк, на двары, уздымалі свае трубы нявідныя адсюль мінамёты, добрыя памочнікі камбрыга.

Ермакоў крыкнуў сувязных.

— Перадайце камандзірам, зараз будуць «госці»... Няхай падрыхтуюцца прымаць. Сустракаць, перадайце, па ўсіх законах, не шкадуючы дабра! Няхай чакаюць хуткага сігналу. Сігнал яны ведаюць — стрэл з гарматы. Вось усё! Ідзіце!..

Ермакоў упіўся вачыма ўдалеч. Нарэшце камбрыг убачыў, як з-за дрэваў паявіліся на дарозе некалькі машын. Яны пачалі прыкметна набліжацца... Хутка можна было ўжо разабраць бронетранспарцёры, грузавыя машыны...

Ермакоў узяў трубку адзінага тэлефона, які звязваў яго з мінамётчыкамі і гарматамі. Калі пярэднія машыны наблізіліся метраў на дзвесце да рэчкі, ён скамандаваў коратка:

— Давайце! Агонь!..

Непадалёк адразу разложыста грымнула гармата. Яе падтрымала другая, трэцяя...

Пачалося!

 

3

— Усе вярнуліся? — запытаўся Туравец у Дразда.

Яны былі на двары, абсаджаным старымі клёнамі, непадалёк ад брыгаднага КП. Каля хаты і пад клёнамі сядзелі і ляжалі дзесятка паўтара партызан, якія займаліся рознымі справамі. Гаварылі, курылі, прыслухоўваліся да страляніны, аглядалі зброю. Адзін з іх, пажылы чалавек з малінавым загарэлым каркам, драмаў. Групка толькі што пераправілася ў зацішным месцы ўброд цераз рэчку і далучылася да сваіх. Камбрыг трымаў яе да пары ў рэзерве.

— Забітых няма...— Дрозд паправіўся: — Пакуль не было. Не магу дакладна сказаць, не ўсе яшчэ вярнуліся.

Дрозд незадаволена павёў позіркам на Ляхору, што стаяў непадалёк, прыслухоўваючыся да іх гаворкі.

— Хто не вярнуўся?

— Крайко і тры байцы,— адказаў за Дразда панура Ляхора. Умяшаўшыся ў размову, ён схамянуўся і казырнуў вінавата: — Прабачце...

— Чаму? Што з імі?

— Засталіся... прыкрываць...

Дрозд расказаў, што, каб вырвацца ім з ледзь не поўнага акружэння, трэба было пакінуць заслон, які б адцягваў увагу гітлераўцаў на сябе. Кіраваць гэтым заслонам папрасіўся Крайко. З ім засталіся яшчэ тры хлопцы.

Дрозд растлумачыў ім, колькі трэба трымацца, дзе адыходзіць і перапраўляцца цераз рэчку. Яму шкада было даручаць гэтую небяспечную ролю хлопцу, аднак ён супакойваў сябе тым, што Крайко можа справіцца лепш за іншых.

Адыходзячы, Дрозд чуў там, дзе застаўся Васіль, страляніну... Потым, ужо калі яны пераправіліся на гэты бераг, іх дагнаў адзін партызан з таго заслону. А Васіль і два другія не прыйшлі. Вось і ўсё, што можа сказаць Дрозд. Дзе Васіль і дзе іншыя два, што з імі,— невядома.

— Шкада, калі прападуць хлопцы,— прамовіў Туравец. Яму чамусьці згадалася, як некалькі дзён таму Крайко перадаў спраўную рацыю. Хлопец прызнаўся, што біўся амаль месяц, пакуль не разабраўся ва ўсім, знайшоў патрэбныя дэталі...

— Як толькі будзе можна, пашлі на пошукі іх... Можа, паранены...

Ляхора нібы чакаў гэтага:

— Дазвольце мне з аддзяленнем, таварыш камісар!..— Яму нядаўна далі аддзяленне.

Ляхора трымаў руку ля казырка, чакаючы з такім выглядам, нібы гатоў быў зараз жа кінуцца туды.

Туравец ведаў, што гэта не рысоўка: Ляхора паказаў сябе вельмі смелым у баі, да таго ж яны з Васілём былі добрымі прыяцелямі.

Туравец не адказаў. Ён з непакоем заўважыў, што да двара падыходзіць Валя Залеская. «Ведае яна, што з Васілём, ці не?» — мільганула ў галаве камісара.

Валя, прыціскаючы да грудзей кулачок, амаль бегла, белая хусцінка з галавы збілася на шыю, і вецер калмаціў валасы. Туравец здагадаўся, што яна вельмі ўстрывожана.

Валя падбегла да Дразда, узрушана паправіла хусцінку.

— Гэта праўда... Што пра Васю кажуць?

— А што пра яго кажуць? — запытаўся спакойна Дрозд. Было прыкметна: знарок спакойна.

— Быццам ён застаўся ў лесе!

— Праўда.

Валя прыкусіла губы і з роспаччу зірнула на Тураўца. У яе запалых вочках віднеліся такі непакой і гора, што Тураўцу стала шкада яе.

— Як жа гэта, таварыш камісар, яго аднаго пакінулі?

Дрозд адказаў першы, стомлена прыплюшчыўшы вочы:

— Не аднаго, а з групай партызан... Трэба было, дык пакінулі.

— Трэба было! Пакінулі! — Валя да болю сціснула кулачок.— Загубілі!

— Чаму загубілі? Гэта ж няпраўда, Валя! — коса зірнуўшы на Дразда, мякка сказаў камісар.— Нашто ты выдумляеш такое? Ну, няхай, яшчэ нічога невядома. Але я ўпэўнены, што ён жывы. Вось адчуваю, упэўнены — ён жывы! Такі хлопец, Валя, не можа прапасці!

— «Не можа»!.. Кулі не разбіраюць!..

— Кулі не разбіраюць. Затое чалавек разбірае... Там і пакінулі такога чалавека, які ўмее перахітрыць кулі. Смелага і разважлівага...

— Які ж ён разважлівы! Ён часам такі неасцярожлівы, ну аж страх! Як загарыцца, нічога не асцерагаецца...

— Неразважлівы?! Ты не ведаеш яго, Валя... Ён у баі вельмі разважлівы! З галавой хлопец! Вось пабачыш, вернецца,— камісар гаварыў так упэўнена і сардэчна, што дзяўчына мімаволі паддавалася яго перакананню.— Вася не вернецца? Выдумаеш жа!

Валя трохі паспакайнела. Але калі яна ішла назад да медпункта, трывога зноў пачала агортваць дзяўчыну. Няўжо цяпер, калі ўсе блізка адчуваюць найвялікшае шчасце, да яе прыйдзе такое гора? Няўжо ён, адчайны, раўнівы і самы любы, загіне?! У гэтыя апошнія дні!

Не, не павінен ён загінуць! Яна ж так любіць яго. Хіба можа сонца ўзыходзіць, калі яго не будзе. Хіба можа дзень быць светлым, калі з Васем станецца няшчасце: усё пацямнее навокал для яе. Не, яму трэба жыць! Яна ж гэтак любіць яго. Хіба яшчэ хто любіць так, як яна Васіля,— ніхто ў свеце. І, мусіць, нікому не баліць так сэрца па ім, як ёй...

На медпункце трывога не пакідала яе. Валя не магла нічога рабіць, за што б ні бралася, думала пра Васіля. Ён увесь час быў з ёю, як ніхто, блізкі; увесь час не выходзіла з галавы: што з ім? дзе ён? як яму?

Згадалася, яшчэ толькі ж пазаўчора ішлі па ціхай лясной дарозе, плячо каля пляча, і Васіль, пазіраючы на каляіны, апавядаў, як туляўся ў лесе, калі ўцёк з нямецкага лагера. Як дзіка было аднаму сярод чорнага зарасніку, як збіраў і еў жалуды, як потым выбраў недагарэлую галузу з кінутага вогнішча ля лесу, бярог агонь у мокрым гушчары. Застылы, вымаклы на дажджы, ледзь саграваўся каля цяпла. Капаў употай у полі за лесам бульбу, пёк. Душыўся бядою, згалелы, здзічэлы зусім...

Чаго толькі не перабыў, колькі жахлівых, смяротных небяспек абмінуў, і вось у апошнія дні — такая недарэчнасць, такая няўдача!

Валя не ўтрывала: яна пойдзе шукаць яго. Можа, яму якраз патрэбна дапамога — ці ён б’ецца ў лесе, ці ранены ляжыць... Яна распытае партызан, дзе ён застаўся,— і пойдзе!

— Марыя Андрэеўна, пусціце! — папрасілася Валя ва ўрача.— Можа, ён там ранены... Яго трэба хутчэй знайсці...

— Куды ты пойдзеш, Валюша? Ты сама загінеш...

— Не загіну... Марыя Андрэеўна! Адпусціце! Не бойцеся за мяне! Усё будзе добра.

— Не магу, Валюша...

 

4

Валя недарэмна трывожылася. Нібы чула яе сэрца, як цяжка даводзіцца любаму хлопцу.

Адразу пасля таго як Дрозд са сваёй ротай адышоў, гітлераўцы адрэзалі невялічкі заслон, які яшчэ біўся з імі, і сталі акружаць яго. Партызаны паступова адступалі, перабягаючы ад дрэва да дрэва, збочваючы,— спрабавалі вырвацца з пятлі, якая ўсё сціскалася. Лес поўніў трэск аўтаматаў.

Лясное рэха падвойвала, разносіла гукі стрэлаў.

Слухаючы гэтыя гукі, можна было падумаць, што тут б’ецца не адзін узвод. Васіль ледзь не наткнуўся на аўтаматчыка, які забраўся ў тыл ім, але хлопец у час заўважыў яго і адскочыў за дрэва: чарга аўтамата прайшлася вельмі блізка. На траву пасыпалася кара. Праз міг аўтаматчык сам валяўся на траве, лямантуючы на ўвесь лес ад болю...

Пазней чаргой быў забіт адзін з заслону.

Цяпер яны адбіваліся ўтраіх. Але ў альховым гушчарніку іх неяк раздзялілі, і Крайко застаўся адзін.

Перад Васілёвымі вачыма з-за алешніку неспадзеўкі выбліснула чыстая палоска. Вада. Ён здагадаўся: гэта — рэчка! Хлопец прагна агледзеўся: за рэчкай слаўся голы куп’істы выган, на якім віднелася толькі некалькі чэзлых кусточкаў.

Куды ж цяпер адыходзіць? Туды — да рэчкі, на выган?.. Не, туды не трэба. Нельга туды. Там пагібель... Калі і не застрэляць, пакуль ён будзе перабірацца цераз гэтую праклятую рачулку, то куля здагоніць яго на тым куп’і.

Эх, ліха, што ж рабіць? Ён зноў азірнуўся — улева кінуцца, можа? Але там, ён добра ведаў, гітлераўцы. Направа? Там ён чуў аўтаматныя стрэлы. Чаго ж ён стаіць марна? Хутчэй трэба рашаць!

Быццам падганяючы Васіля, зблізку, з-за лазняку, дайшлі да яго нямецкія воклічы.

Хлопец нацэліўся ў гэты бок з аўтамата і націснуў спускавы кручок. Воклічы сціхлі. Адтуль адказалі дзвюма чэргамі. З вяршынкі куста пасыпалася на Васіля, на вільготную траву лісце...

Патронаў ужо мала. Хлопец з тугою паглядзеў на свой трафейны аўтамат.

Васіль неадступна шукаў выхад, але прыдумаць нічога не ўдавалася. Няўжо ж няма выхаду?.. Толькі адно: страляць, пакуль ёсць лічаныя патроны? А потым ляжаць тут на траве, не бачачы ні яе, ні блакітнага неба. Не спаткацца ніколі з сябрамі, з Валяю...

З гэтым Васіль ніяк не мог пагадзіцца. Яму нават думаць не хацелася аб смерці. Небяспека выклікала ў ім такую прагу жыць, што ён гатовы быў на любы ўчынак...

І раптам ён знайшоў выхад. Гэта быў нечаканы і рызыкоўны план, але Васіль ухапіўся за яго. Што ж, яму не было чаго іншага выбіраць. Хлопец акінуў вачыма чужы шэра-блакітны мундзір, які насіў на сабе. Зняў пілотку з вішнёва-чырвонаю зоркаю, згарнуў і паклаў у кішэню.

Ён яшчэ паспрабуе вырвацца! Вось калі не ўдасца гэта, тады не застанецца ніякай надзеі — тады апошні патрон у аўтамаце — сабе...

Хлопец, прыгінаючыся, кінуўся ўсцяж берага. Адбегшы крокаў пяцьдзесят, ён спыніўся і выглянуў з лазняку.

Проста ў кірунку яго ішоў салдат. Салдат быў блізка.

Далей, у баку ад яго, Васіль заўважыў яшчэ дзве постаці.

Гітлеравец, убачыўшы Васіля, насцярожана ўзняў аўтамат.

Васіль адразу выпрастаўся. «Не трывожыцца, не трывожыцца... Спакайней, спакайней!..» — стукала ў грудзях сэрца.

І ён стараўся быць спакойным, непаспешлівым. Цяпер, калі яму было добра вядома, што рабіць, ён дзейнічаў з незвычайнай развагай. Ён добра адчуваў, чым зараз рызыкуе. Блакітныя вочы яго былі незвычайна халодныя.

Немец, гатовы крыкнуць — «хальт!», убачыўшы перад сабой шэра-блакітны мундзір, завагаўся. Але яшчэ больш падзейнічала на салдата тое, што гэты загарэлы, без пілоткі, бялявы незнаёмы быў зусім спакойны. На яго твары няма нават адзнакі непакою ці спалоху. Так упэўнена можа ісці толькі свой.

Салдат, аднак, штосьці запытаў. З усяго, што ён сказаў, Васіль зразумеў толькі адно слова: «warum».

Не гаворачы нічога, хлопец па-ранейшаму набліжаўся да немца. Салдат адступіў крок назад, пагрозна крыкнуў:

— Wer ist du?!.. Halt!1

— Іх бін...— стукнуў сабе ў грудзі хлопец, але што далей сказаць, ён не ведаў.

Гітлеравец быў поруч: стомленыя, злыя вочы, аброслы, няголены падбародак, раскрыты, ашчэраны ад крыку рот.

Больш марудзіць нельга было. Васіль, які да гэтага здаваўся бесклапотна-спакойны, ураз перамяніўся. Ірвануўся да гітлераўца, з усёй сілы ўдарыў па руках, што трымалі аўтамат.

Адным стрэлам прыкончыў салдата.

Цяпер — уцякаць. Схапіў аўтамат забітага і колькі змогі, прыгнуўшыся, пятляючы, памчаў далей, у лясок. Ён, як праз сон, чуў ззаду страляніну, крыкі, адчуваў, што гэта гоняцца за ім.

«Толькі б не паранілі ў нагу»,— праплыло ў галаве. Ён на момант прыпыніўся і пусціў насустрач гітлераўцам чаргу.

Яму хутка прыйшлося збочыць. Наперадзе ў прагалінах завіднелася дарога, а па ёй паўзлі фурманкі. Немцы. Нічога не заставалася, як пабегчы ўсцяж дарогі.

Але і тут ён неўзабаве вымушан быў спыніцца: угледзеў некалькі грузавых машын, між дубоў і дробнага ляснога хмызнячку.

Каля грузавікоў тупалі, перагаворваліся немцы.

Васіль адразу стаў.

Адчуваючы, як тужліва сціскаецца сэрца, ён кінуў позіркам управа, улева. Справа лясок канчаўся, віднелася запусцелае, зарослае свірэпкай поле... Наводдаль ішла дарога... Уцякаць няма куды.

Васіль прытуліўся да шурпатай кары дуба. Нарыхтаваў аўтамат.

 

1 Хто ты?!. Стой!

РАЗДЗЕЛ V

 

1

Абапал дарогі ішлі палоскі жыта. Калі набягалі павевы ветру, па верхавінні жыта хадзілі шызыя хвалі, нібы на вадзе.

За гусеніцамі віхурыўся бялесы надакучлівы пыл, уздымаўся хмараю над дарогай. Асядаў на браню машын, што ішлі следам, забіваў танкістам і аўтаматчыкам вочы і вушы.

Аляксей, выбіраючы чысцейшае месца на хусцінцы, зрэдку выціраў ёю павекі, што ад тоўстага пласту пылу рабіліся цяжкімі. Хусцінка была шэраю ад пяску і пылу.

Да гарадка, у якім напярэдадні авіяразведка знайшла многа нямецкіх танкаў і артылерыі, заставалася не больш пятнаццаці кіламетраў. Калі б усё было добра, батальён праз паўгадзіны падышоў бы да ўскраіны. Але кожнаму цяпер было зразумела, што бой, і, мусіць, нялёгкі,— немінучы.

Аляксею прыгадалася размова з Гогабярыдзе, той учора сказаў старшаму лейтэнанту:

— Цяпер, Аляксей, да Мінска рушым, як па асфальце з гары. Без прыпынкаў, і ўсё — хутчэй, хутчэй!.. Ведаеш, як ехаць уніз па асфальце, калі вецер свішча ў вушах? І шыны свішчуць. Цудоўна! — Вочы Сандро заблішчалі ад захаплення.

— Кажуць, тады трэба добра сачыць за дарогай і... трымаць тармазы.

— Канечне! — не зразумеў Сандро.— А-а, гэта каменьчык у разведку?! Не захапляцца?! Сачыць і быць напагатове? Будзь спакойны, дарагі Аляксей, буду сачыць усімі вачыма майго ўзвода!

— Во-во! Сачы!.. Бо каб не прыйшлося тут тармазы ўключаць...

Наперадзе, там, дзе ішла галаўная паходная застава, загучалі частыя выбухі. Аляксей адразу прыслухаўся, з гукаў выбухаў ён пазнаў, што страляюць палявыя гарматы.

— «Навальніца»! — пачуў ён у шлемафоне паспешлівы голас.— Я — Гогабярыдзе!.. З ляска б’юць гарматы. Пакуль выявіў чатыры гарматы. Спыняюся... «Навальніца», які будзе далейшы загад? Які будзе загад?

Аляксей загадаў яму заняць зручны рубеж і разведаць праціўніка боем.

Іншыя роты па камандзе старшага лейтэнанта адразу пачалі перастройвацца ў баявы парадак і прадаўжалі, не спыняючыся, набліжацца да галаўной паходнай заставы.

Кіламетра праз паўтара Аляксей прыпыніў і іх...

Трэба было перад тым як рынуцца ў бой, добра выведаць, якая ў праціўніка наперадзе сіла. Аляксей і цяпер, пасля ўсіх поспехаў, дзейнічаў асцярожна. Ён прадчуваў, што тут, на подступах да Мінска, немцы, відаць, яшчэ раз паспрабуюць прыпыніць нашы войскі.

Ён выклікаў па рацыі Гогабярыдзе:

— «Маланка», «Маланка»... Далажы, што там у цябе?

Гогабярыдзе паведаміў, што на ўзлессі ён ужо выявіў каля дзесятка гармат, некалькі танкаў; у немцаў ёсць тут і пехацінцы, не менш роты; праціўнік заняў падрыхтаваныя загадзя акопы...

Аляксей намерыўся паехаць да Гогабярыдзе, пабачыць усё сваімі вачыма, каб потым рашыць, як наступаць далей. Перад ад’ездам ён далажыў абстаноўку Бяссонаву.

— Пачакай,— раптам загадаў камандзір брыгады.— Хутка буду сам у цябе! — Ён дадаў іншым тонам: — Дарэчы, навіна ёсць для цябе.

Аляксей не ўтрываў:

— Якая навіна, таварыш гвардыі палкоўнік?

— Пачуеш. Прыеду — скажу...— нелагодна і коратка адрэзаў Бяссонаў.

Што за навіна? Па тоне гаворкі Бяссонава Аляксей усё ж адчуў, што навіна, відаць, добрая. Хоць Бяссонаў і паведаміў пра яе стрымана, нават нібы нездаволена. Аляксей улавіў у тоне яго рэдкую лагоднасць. Нездаволенасць — гэта ў палкоўніка ўжо звыклая манера гаварыць... Паведамленне палкоўніка распаліла ў Аляксея цікаўнасць. Але ён пастараўся адагнаць прыемныя разгадкі, баючыся расчаравацца потым...

З таго, што камбрыг перад боем едзе не да іншых камбатаў, а да яго, старшы лейтэнант зрабіў вывад, што яго батальён, напэўна, будзе наносіць асноўны ўдар.

Поблізу недзе закукавала зязюля: «Ку-ку, ку-ку». Касцючэнка пачаў лічыць:

— Адзін, два... пяць...

Аляксей успомніў, як сам калісьці маленькім хлапчуком з захапленнем і бояззю лічыў гэтыя загадкавыя « ку-ку ».

Калі на «трыццацьчацвёрцы» пад’ехаў камандзір брыгады, зязюля яшчэ лічыла Касцючэнку гады — бач ты, якая шчодрая! Невядома, колькі яна напрарочыла Касцючэнку жыцця, але ў тым баку, дзе яна лічыла, у лесе раптам гупнула некалькі моцных выбухаў.

Тады ж падляцела машына, і камандзір брыгады, што саскочыў з яе, жвава, дапытліва прыслухаўся да выбухаў, павярнуў да танкістаў вясёлы твар:

— Што за шум без бойкі, гвардыя?

— Есць шум, відаць, будзе і бойка,— адказаў Аляксей.

— Так, падобна, не мінуць гэтага! Хоць нам, здаецца, не прывыкаць!.. Так, сёння тут можа быць горача. Спякотна! Авіяцыя выявіла многа танкаў і артылерыі.

Ён кінуў на Аляксея востры, праніклівы позірк:

— Нябось, навіну чакаеш? — нібы нездаволена спытаў.— Магарыч з цябе. Загад атрымалі. Прысвоілі капітана. Віншую!

Ён сціснуў Аляксею руку, моцна, цвёрда. І твар, чырвоны, з шырокім носам і важкім падбародкам, абветраны твар быў строгі.

— Дзякую, таварыш гвардыі палкоўнік!

— У цябе сёння, выходзіць, свята!.. Ды вот — святкаваць няма калі! — Ён кіўнуў Аляксею на яго машыну: — Сядай, паглядзім бліжэй, што там робіцца...

Бяссонаў і Аляксей на танках падаліся наперад.

Праехаўшы кіламетр-паўтара, спынілі «трыццацьчацвёркі» ў невялікай лагчынцы каля дарогі. Тут трапятала на ветры некалькі тоненькіх вастраверхіх бярозак з бліскучым лісцем, над вясёлай, багатай травою ўсюды ўздымаліся кістачкі метлюку.

Бяссонаў павёў позіркам па полі,— над палоскамі жыта ў розных месцах купчасціліся кусты, маладыя дрэўцы. Раптам сказаў заклапочана:

— Зарастае поле. Дзічэе...

— Гаспадароў няма...

Бяссонаў прыслухаўся. Блізка, крыху ўбаку і наперадзе, вялі перастрэлку з немцамі танкі брыгады.

З ад’ютантам і аўтаматчыкамі Бяссонаў і Аляксей узышлі на ўзгорак. Аўтаматчык зняў са зброі перасцярожнік — на той выпадак, калі раптам, чаго добрага, здарыцца наткнуцца ў жыце на фашыста; пільна азіраў поле, аберагаючы камандзіра брыгады, які ішоў спакойна і ўпэўнена.

Аляксей добра ведаў адвагу Бяссонава. Аднойчы, калі на полі ў самы разгар бою пехацінцы пачалі адставаць ад танкаў і ліпнуць да зямлі, Бяссонаў вылез са сваёй камандзірскай машыны і, размахваючы пісталетам, узяўся ўздымаць салдат:

— Устаць!.. Устаць!.. Наперад! За мной!

Пехацінцы, падбадзёраныя яго смеласцю, засаромленыя, па адным адрываліся ад зямлі. Пакуль не ўварваліся ў нямецкія траншэі, палкоўнік бег між салдат.

Кулі яго міналі, нібы заварожанага. За ўсю вайну ён быў толькі раз паранены, яшчэ пад Масквой.

Смеласць Бяссонаў лічыў першай якасцю ў салдата: баязліўцамі ён пагарджаў больш за ўсё на свеце, адважных любіў і цаніў. Наогул Бяссонаў цаніў людзей па тым, якія яны салдаты. Яму — як бацьку — у гэтым, можна сказаць, не пашанцавала: усе яго шасцёра дзяцей былі дочкі. Аляксей чуў, як Бяссонаў, расказваючы пра іх, паскардзіўся: «Ніводнага салдата! Заб’юць — і замяніць няма кім!..»

З узгорка быў відаць наводдаль лес. За няпэўнай, плыўкай смугою лес здаваўся сінявата-чорным.

Палкоўнік, стоячы ў жыце, што даходзіла яму да пояса, маўкліва і хмурна ўнізваўся позіркам у лес, нібы стараўся ўгадаць, што ён тоіць. Аглядваў палоскі жыта і бульбы, якія падыходзілі да ўзлесся. Адсюль да лесу было менш за тры кіламетры.

Аляксей таксама ўглядваўся ў лес, вывучаў позіркам прасцяг перад лесам. Мімаволі звыкла адзначыў, дзе і як трэба будзе весці машыны, калі прыйдзецца тут наступаць...

Угары пачуўся, хутка набліжаючыся і мацнеючы, свіст снарада.

— І-і-і-в-ва-а! в-ва-а!..— выбухнула поблізу два разы амаль адначасова.

Ад’ютант Бяссонава азірнуўся: каля таго месца, дзе яны нядаўна праходзілі, кусціліся два сіняватыя дымы, паволі паўзлі ўбок і радзелі. Ад’ютант занепакоіўся, ці не заўважылі немцы іх на ўзгорку, хацеў параіць Бяссонаву, каб той адышоў з такога віднага месца, але стрымаўся. Ведаў: палкоўнік усё роўна не паслухаецца.

— Значыцца, твае разведваюць тут, злева,— прамовіў сабрана Бяссонаў, не пазіраючы на камбата. Палкоўнік загадаў ад’ютанту падаць карту, разгарнуў яе, пачаў вывучаць.— Перадай Блізняцу,— кінуў ён ад’ютанту,— няхай абмацае шляхі ў абход лесу — справа...

Блізнец быў камандзірам разведкі брыгады.

Ад’ютант кінуўся да «трыццацьчацвёркі» палкоўніка.

Бяссонаў усім дужым целам павярнуўся да Аляксея. Позірк мутнаватых, як асеннія хмары, вачэй быў халодны, цяжкі.

— Я думаю, у іх тут абарончы рубеж. У лоб на іх лезці бязглузда, трэба ўдарыць збоку ці з тылу. Сілы ў іх, здаецца, не так многа, каб добра ўмацаваць флангі... Калі гэта так, то я, можа быць, цябе і пашлю туды ў абход. Ну, што ж, пачакаем — што разведка скажа.

Ён сарваў яшчэ недаспелы каласок, пачаў мяць яго на шурпатай далоні. Паспрабаваў выцерусіць — зярняты былі вадзяністыя.

— У сорак першым багаты хлеб быў,— сказаў ён раптам.— На таках цэлыя горы, а вывозіць няма як... І ў полі — сцяной... Не бачыў, як гарыць хлеб?

— Бачыў, таварыш гвардыі палкоўнік...

— Самі палілі...

Бяссонаў, нібы схамянуўшыся, што гаворыць не тое, нахмурыўся нездаволена.

— А Саркісяна з самаходкамі я пастаўлю там...— Ён павярнуў чырвоны, з цяжкім падбародкам, твар да поля, што было на другі бок дарогі, дзе зелянела некалькі палосак бульбы і жоўтым возерам красавала свірэпа.

Саркісян быў камандзірам дывізіёна самаходак, прыданага брыгадзе.

Палкоўнік стаў спускацца ў лагчынку да «трыццацьчацвёркі». Тут цяпер была яшчэ адна машына, напэўна, штабная, і дзесятак аўтаматчыкаў.

— А ну, давай Саркісяна!..— папрасіў Бяссонаў радыста.

Аляксей вярнуўся да свайго танка, запытаў, што новае перадалі разведчыкі. Быстроў, які стаяў каля люка вадзіцеля, сказаў, што выявілі ў лагчыне ля лесу моцны танкавы заслон. Гогабярыдзе заўважыў у бінокль некалькі машын, стаяць замаскіраваныя і пакуль не адказваюць на агонь з нашых танкаў...

— Ну, што ў тваіх разведчыкаў? — падышоў Бяссонаў.

Пачуўшы адказ, ён загадаў Аляксею прадаўжаць разведку:

— Загадай Гогабярыдзе, няхай возьме лявей ад дарогі. Трэба абмацаць подступы на Слабаду. Паглядзець, як яны сябе там адчуваюць. А батальён збяры ў кулак,— будзь напагатове...

Хвілін праз пяць Аляксей убачыў — полем сунуліся прыземістыя, з квадратнымі вежамі і важкімі стваламі самаходкі. Саркісян выходзіў на агнявы рубеж.

Неўзабаве Аляксей пачуў блізкую страляніну — самаходкі завязалі з нямецкімі батарэямі, што стаялі на ўзлессі, перастрэлку.

Бой мацнеў.

 

2

Дзень выдаўся ясны, сонечны. Аляксей неспадзявана пачуў, што над жытам недзе спявае жаваранак. Ён не паверыў, прыслухаўся: у прамежкі між выбухаў у вышыні рассыпаўся серабрысты званок...

Бач ты, які смелы!

У небе стаялі белыя ватныя воблакі. Сонца, якое пачало сыходзіць на захад, яшчэ моцна паліла. Вакол Аляксея нядружна ўздымаліся белаватыя сцяблы жыта, між іх вілася дзе-нідзе павітуха, лезла з зямлі рознае драбнатраўе. Пад нагамі адчувалася пульхная, падатная, высушаная сонцам глеба.

Гэтая мяккая зямля, паўзучая павітуха, белаватыя вусатыя сцяблы, песня ўпартага жаваранка былі яму бязмежна любыя і родныя. Ён весела запытаўся ў Касцючэнкі, колькі таму накукавала зязюля гадоў.

— Ды нешта каля сотні,— уставіў Быстроў.

— Ого, прапраўнукі будуць на руках насіць,— Аляксей усміхнуўся.

На душы яго было светла. Нават калі ён думаў пра Мінск, то трывога, наперакор звычайнаму, не гняла сэрца,— ён чамусьці быў упэўнены, што ўсё будзе добра.

Як ён цяпер блізка да Мінска. Здаецца, што абрысы роднага горада схаваны адразу там за ляском, які завабліва сінее перад вачыма. Толькі мінеш яго, той лясок, здаецца — адразу ўбачыш такія знаёмыя вуліцы і дамы. Пры Маскоўскім шасэ, пад Мінскам, ёсць якраз такі сасновы лясок, як родны брат, падобны да гэтага.

Камбат увесь час сачыў за сваёй разведкай, трымаў сувязь з ротамі, што напагатове стаялі ззаду.

Вось-вось Бяссонаў можа даць загад — пайсці ў атаку. Пачнецца бойка. Яна, напэўна, будзе нялёгкай...

Гэта будзе першы бой, у які капітан павядзе не адну роту, а цэлы батальён. Аляксей кіраваў батальёнам на маршы, але весці бой батальёнам яму яшчэ не даводзілася.

А бой — гэта выпрабаванне. Экзамен. Цяжкі экзамен.

Ці справіцца ён, Аляксей? Ці хопіць у яго ўмельства і вопыту? Галоўнае — трымаць пад прыглядам усе роты, сачыць за ўсімі, накіроўваць іх... Правільна выбраць месца для асноўнага ўдару...

Каб не памыліцца ў чым-небудзь, зберагчы людзей і не загубіць машын!..

Было вельмі млосна і душна,— думкі варушыліся важка, непаслухмяна...

Ад спёкі ў горле перасохла. Аляксей азірнуўся на Сонцава, той з санлівым выглядам сядзеў поблізу на броўцы дарогі, абыякава аглядваў, як трымаецца падэшва на боце.

— Дастань бачок з вадою.

Вадзіцель залез да пояса ў люк, выцягнуў пляскаты, з падрапанай афарбоўкай бачок і падаў капітану.

Аляксей паднёс бачок да рота,— вада была непрыемная, цёплая і, здавалася, пахла фарбай. Выпіўшы два глыткі, Аляксей стаў закручваць корак.

У гэтую хвіліну радыст крыкнуў яму:

— «Бура» выклікае, таварыш камбат!..

Бяссонаў загадаў адвесці батальён назад, да развілкі дарог, дзе ён пакажа далейшы маршрут...

На скрыжаванні Аляксей зноў убачыў камандзіра брыгады. Тут стаялі крыты грузавік з брыгаднай рацыяй, два танкі і «газік» камбрыга. Поруч з Бяссонавым быў другі палкоўнік, начальнік штаба, высокі, стройны, з прыгожай чорнай барадой.

— Адсюль адразу павернеш крута ўправа,— пачаў Бяссонаў, ледзь толькі Аляксей падышоў да яго.— Дастань карту. Вось твой маршрут...— Ён тоўстым пальцам паказаў, дзе трэба весці Аляксею танкі, скупа, дакладна паведаміў пра вынікі разведкі.

Неўзабаве танкі Аляксея імчалі па вузенькім прасёлку, па полі. Аляксей вёў іх амаль усцяж лесу, якога з-за пагорка не было відаць. Вёў на трэцяй скорасці. Трэба было абысці пазіцыі, дзе ўмацаваўся праціўнік, хутка і непрыкметна...

Першай пачала бой трэцяя рота. Некалькі танкаў роты наскочылі на варожых пехацінцаў, што сядзелі ў траншэях, прыхаваных маладзенькім сасоннікам-пасадкаю. Хоць танкі з’явіліся неспадзявана для немцаў, тыя не разгубіліся. Паспрабавалі адбіць атаку.

Але танкі не далі ім сабрацца з сілаю. Не трацячы ні хвіліны, атакавалі так напорліва і смела, што немцы ў сасняку не вытрывалі.

Траншэі пачалі хутка сціхаць...

Калі танкі ўвайшлі ў сасоннік, у акопах і траншэях валяліся адно трупы і параненыя ды тырчалі кінутыя мінамёты.

Аляксей адразу паслаў машыны далей, каб не даваць праціўніку перадышкі. Неўзабаве камандзір трэцяй перадаў, што ён атакаваў батарэю гаўбіц і што заспеў яе знянацку. Немцы, вядома, чулі стрэлы, якія ўзніклі блізка збоку, у пасадцы, але, мусіць, не ведалі, што там робіцца; як і раней, працягвалі біць па нявіднай дарозе. Калі танкі наскочылі на іх, жарластыя, кароценькія гаўбіцы глядзелі стваламі не насустрач, а ўбок.

Камандзір трэцяй гаварыў, што немцы не паспелі нават развярнуць гаўбіцы, калі танкі, што высунуліся з зарасніку на паляну, усутыч секанулі з кулямётаў. Кінуўшы гаўбіцы, пачалі разбягацца хто куды, некаторыя ўзнялі рукі...

 

3

Аляксей ішоў з ротаю Аліева, што наступала лявей ад трэцяй.

Тут бой быў цяжэйшы. Праціўніку тут не толькі ўдалося ўтрымацца на сваіх месцах, але ён ледзь не прымусіў роту адысці назад.

Калі адзін узвод наблізіўся да варожай пазіцыі, узгарэлася такая страляніна, што ў ёй амаль няможна было разабраць стрэлаў танкаў. Між рухавых машын то тут, то там ускідваліся дымы выбухаў. Паветра пранізвалі трасіруючыя снарады...

У першыя хвіліны бою адна з «трыццацьчацвёрак» замерла і задымілася...

Аляксей бачыў, як з верхняга люка на зямлю хапаючыся выкаўзнуліся тры чорныя постаці, яшчэ адна выбегла з-за танка. Яны кінуліся назад, то ўскакваючы, то падаючы...

Іншыя два танкі прыпыніліся. Яны, праўда, часта білі па нямецкіх гарматах і манеўравалі, але наперад не ішлі.

— Чаго ж яны стаяць, Аліеў?! — крыкнуў амаль гнеўна Аляксей.— Чаго яны топчуцца! Трэба атакаваць! Атакаваць трэба!!! Зразумеў? Прыём.— Не даслухаўшы слоў апраўдання, пераключыўшы рацыю зноў на перадачу, загадаў Аліеву: — «Шторм», «Шторм»! Не марудзь! Уперад усе «каробкі»... Не марудзь! Крышы іх, гадаў!..

Так, нельга марудзіць, трэба рушыць, як мага хутчэй, на ўсю сілу туды, адкуль равуць небяспечна гарматы,— біць, крышыць трэба, пакуль там не сціхнуць, пакуль не пачнуць, молячы аб літасці, падымаць рукі!

Страляючы пры кароткіх супынках і без супынкаў, «трыццацьчацвёркі» смела, моцна рушылі наперад.

Машына Аляксея ішла разам з усімі.

Аляксей у перыскоп бачыў, як насустрач хутка, ківаючыся, ідзе лес. Проста наперадзе — дзве разлатыя хвоі — вялікая і меншая. Ля лесу ўспыхвалі стрэлы, завіхаліся постаці. Ён сачыў за ўспышкамі, за постацямі — адтуль гразілася яму, усім небяспека. Смяротная небяспека.

Сочачы за гэтым, галоўным, ён разам дзіўна бачыў і лес, тыя дзве хвоі.

Ён амаль увесь час паварочваў перыскоп, сачыў, як ідуць іншыя машыны. І пры тым упраўляўся, падказваў Быстрову цэлі.

Быстроў, прыпадаючы вачыма да акуляра прыцэла, амаль не адымаў рук ад паваротнага і пад’ёмнага механізмаў. Ляцелі ўніз, цьмяна пабліскваючы, дымныя гільзы. Пахла востра газамі. Па твары зараджаючага ручаём ліўся пот...

Быстроў быў увесь захоплен сваім клопатам, не заўважаў нічога іншага. То паварочваў вежу, то хапатліва круціў ручкі механізмаў. Улучыўшы зручны момант, націскаў педаль гарматы. Зноў цэліўся, круціў ручкі, страляў. Ён быццам зліўся з гарматай. Стрэл. Стрэл.

Аляксей адзначыў: агонь з таго боку пачынаў слабець. Некалькі гармат там ужо змоўклі. Праўда, і танкістам дасталося: яшчэ дзве машыны замерлі.

Аляксей, аднак, ужо адчуваў: яшчэ трохі — і супраціўленне немцаў будзе зламана...

Быстроў усё завіхаўся. Стрэл. Яшчэ стрэл...

І раптам — вежу страсянула. Моцны ўдар. Перад вачыма Аляксея зіхнуў россып іскр.

Аляксей трывожна азірнуўся. У той жа момант улавіў: патхнула дымам.

Што такое? Падбілі?!

Убачыў, як зараджаючы Касцючэнка, схапіўшыся рукою за бок, ціснучыся спіною да брані, бяссільна асядаў на касеты.

Твар яго, кінулася Аляксею, шпарка бялеў, рабіўся бяскроўным. Каля яго ног Аляксей убачыў невялікую, гладка адпаліраваную балванку. Вось што трапіла сюды!..

Быстроў, распалены боем, стрэліў яшчэ раз. Толькі тады ён азірнуўся на зараджаючага, яшчэ трымаючыся за ручку пад'ёмнага механізма.

Аляксей рухам рукі паказаў Быстрову: — Дапамажы!

Тут Аляксей заўважыў, што і сам ранены, у правую руку, вышэй локця, відаць асколкам брані. Руку пачало неадольна цягнуць уніз, нібы да яе прывязалі груз. Рукаў напаўняўся ліпкай, пякучай крывёю.

— Сонцаў, жывы? — трывожна запытаўся ён. Той, не гаворачы пра сябе, сказаў, што забіты радыст...

«Утраіх засталіся».

Трэба было зараз жа перавязаць рану, але, ён чуў, здарылася бяда большая, чым свая рана. Што з машынай?!

Ён акінуў позіркам вежу — ці не гарыць што-небудзь. Не, машына не падпалена. Чаму ж яна стаіць? Сапсаван матор? Ці гусеніцы?

— Сонцаў, чаму спыніўся?

— Усе сталі... Адыходзіць, ці што, хочуць?

— Хто?!

Аляксей прынік вокам да перыскопа. Гарматы былі блізка. Іх аддзяляла ад Аляксея, напэўна, менш за трыста метраў. На шчасце, бліжэйшая гармата, якая, пэўна, і прабіла танк Аляксея, змоўкла.

Прыслуга яе разбеглася. Каля гарматы віднелася толькі адна постаць, размахвала рукамі. Падобна было: штосьці крычала. Мусіць, склікала салдат.

Аляксей павярнуў перыскоп і ўбачыў, што танкі спыніліся; адна машына, відаць, была падбіта, дзве, падпаленыя, густа дымілі. Іншыя тырчалі на месцы. Абстрэльвалі варожых артылерыстаў і не наважваліся рушыць далей.

Тры машыны, непадалёк ад Аляксея, пачалі нават асцярожна адпаўзаць назад.

«Вось як, на задняй перадачы наступаем!» — мільганула ў галаве Аляксея крыўднае.

Ён адчуў, што рота ў гэту цяжкую хвіліну, калі перамога была такою блізкаю, раптам не вытрымала напружання. Страціла ўпэўненасць, усумнілася ў поспеху...

Што ж гэта? Яны адыходзяць?! Нельга адыходзіць. І таптацца нельга! Трэба напорней прабівацца наперад, зараз жа наперад! Яшчэ міг, і будзе страчан зручны момант. Нельга марудзіць!.. Дзе камандзір роты?

Камбат паспрабаваў выклікаць яго.

— «Шторм»! «Шторм»! «Шторм»!

Камандзір роты не адгукнуўся. Што з ім? Машыну спалілі ці забіты?

Зірнуўшы ў бок немцаў, Аляксей заўважыў, што два-тры варожыя артылерысты, якія кінулі былі гармату, пачалі нясмела вяртацца. Яны, відаць, улавілі замяшанне ў танкістаў. Той немец, што заставаўся ля гарматы, размахваючы рукамі, штосьці загадвае ім...

Калі яшчэ крыху прамарудзіць, яны зусім апамятаюцца...

Аляксей цяпер помніў і адчуваў толькі адно — нельга марудзіць! Ад гэтай думкі, якая захапіла яго, сцішыўся раптам боль у руцэ, забылася асцярожлівасць, што стрымлівае чалавека ў небяспецы.

— Я «Навальніца», я «Навальніца»! Хто там топчацца?! — гнеўна крыкнуў капітан да ўсёй роты.— Наперад, наперад!

Ён даў Быстрову знак зарадзіць гармату, тады, прыпаўшы да гумавага наканечніка прыцэла, здаровай рукой павярнуў вежу. Хутка прыцэліўся і стрэліў па гармаце. І тады ж адкрыў агонь з кулямёта. Першы ж снарад трапіў у шчыт гарматкі — недарма Аляксей быў некалі добрым вежавым стралком! Абслуга гарматкі прыпала да зямлі... Адзін ускочыў,— кінуўся бегчы...

— Рабі, як я! — скамандаваў Аляксей усім экіпажам.

Пераключыўшы рацыю на ўнутраную сувязь, ён загадаў Сонцаву весці машыну на гармату.

«Трыццацьчацвёрка» рванула так, што камбата кінула назад. Сонцаў па голасе Аляксея адчуў, што цяпер, як жыццё, дарагі кожны міг...

Аляксей, сашчапіўшы зубы, адольваючы боль і слабасць, стаў зноў разварочваць вежу, нацэльваючыся на другую гармату.

Машына ляцела цераз ямы, падмінала кусты, яе вельмі кідала з боку на бок. Прыцэліцца добра было немагчыма: у прыцэле паяўлялася то зямля, то неба. Аляксей злавіў больш зручны міг. Націснуў на педаль.

Гухнуў стрэл...

Аляксей цяпер нічога не адчуваў, акрамя жадання дасягнуць, дапасці да гарматы. На гэтай гармаце сканцэнтравалася ўся яго воля.

У нейкі момант ён убачыў, што гармата разварочваецца... Каля яе завіхаліся постаці... Няўжо яна паспее стрэліць? Няўжо апярэдзіць яго?

Час пачаў вымервацца долямі секунды. Але гэтыя долі секунды здаваліся доўгімі,— усе падзеі адбываліся з віхурнай імклівасцю. Секунды рашалі зыход бою, лёс жыцця.

Уся воля Аляксея была да канца напружана. Самая маленькая маруда, спазненне, ён ведаў, былі яму цяпер — як смерць...

Апярэдзіць, разбіць, сцерці! Інакш — смерць.

Колькі сілы націснуў ён правай нагой другі педаль — усё, што было ў дыску кулямёта, выпусціў на гармату...

І вось гармата проста перад танкам... Яна знікла недзе ўнізе, яе Аляксею больш не відаць...

Сонцаў яшчэ ўбачыў, як ад яе кінулася апошняя постаць. Позна!..

У наступны міг Аляксей адчуў рывок. Танк падскочыў, як раз’ятраны звер, і асеў. Аляксей ледзь утрымаўся на сядзенні, раненая рука аб нешта моцна ўдарылася.

Ён паглядзеў у перыскоп. Перад вачыма ішлі кругам кусты, сцяна блізкага сасняку, якая была ўжо не ўперадзе, а збоку. Сонцаў разварочваў машыну.

Салдаты ў шэрых мундзірах — і без мундзіраў — у паніцы ўцякалі. Следам за імі на акопы, да гармат урываліся, равучы, танкі. Дабівалі тых, хто спрабаваў яшчэ супраціўляцца, секлі з кулямётаў...

Аляксей загадаў Сонцаву весці танк далей, за пазіцыі,— не даць уцячы іншым. Дазволіў спыніцца толькі праз некалькі кіламетраў, у ціхай вёсцы. Цяпер пакуль, здаецца, усё. Парадак.

Сэрца Аляксея білася часта і ўзрушана. Ён усё не мог астыць ад перажытага ўзрушэння. Так, гарачая, грозная выпала хвіліна. Цяпер, калі небяспека адышла, яго зноў, моцна і востра, працяла трывога за сваё жыццё.

— Вы ж ранены, таварыш камбат! — заўважыў упершыню пануры Быстроў, які толькі што схіляўся над зараджаючым.— Дайце перавяжу!

— Што з ім? — Аляксей кіўнуў на зараджаючага. Той быў непрытомны.

Выціраючы спатнелы, у чорных плямах твар, Аляксей па рацыі зноў выклікаў Аліева:

— «Шторм»! «Шторм»!

Аліеў адгукнуўся.

— Што ў цябе? — Аліеў адказаў: спалілі машыну.— Ты ў якой?.. Вядзі роту. Не адставай,— гані далей! Ясна?

Ён даў Быстрову перавязаць руку. Выклікаў фельчара да зараджаючага; потым звязаўся з другой, трэцяй ротамі, даведаўся пра абстаноўку. Далажыў Бяссонаву аб выніках бою, змаўчаў, што сам паранены.

Калі фельчар падышоў і Быстроў узяўся выцягваць зараджаючага праз пярэдні люк, Аляксей устаў, каб дапамагчы сержанту. Але сценка баявога аддзялення, прыцэл, замок гарматы раптам пачалі ў вачах яго плыць і засцілацца туманам. Ён абапёрся левай рукою аб сценку, ледзь устаяў на нагах.

— Сонцаў, на дарогу!.. За Аліевым...— выціснуў ён, апусціўшыся зноў на сядзенне. Эх, як хіліць убок, як слабее цела...

«Што гэта? Няўжо — у шпіталь! З карабля прэч? А Мінск?.. А заўтрашні бой за Мінск? Без мяне?»

 

Кніга трэцяя. БУДУЧЫНЯ З НАМІ

Колькі разоў, зямля наша, палі і дарогі твае тапталі чужыя важкія боты. Колькі разоў паўзлі на цябе чорныя хмары з захаду. Скрыгаталі мячы, грымелі выбухі... Дым пажараў засцілаў неба... Цягнуліся па гарачых дарогах паланянкі... Брылі з торбамі сіроты...

Мы так прагнем, маці наша, каб бяда гэта была апошні раз, каб не паўтарылася ніколі! Мы ідзём на бітву з верай, што так і будзе! Мы зробім усё для гэтага цяпер, мы будзем берагчы цябе ўсё жыццё! Мы любім цябе, і мы — моцныя!

 

ЧАСТКА ШОСТАЯ

 

РАЗДЗЕЛ І

 

1

Усю ноч Клава то трызніла, то цяжка абуджалася. Раніцай яна ляжала стомленая, сумная. Здавалася, адасобленая ад усяго.

Днём, калі акенца поўніла блакітам, яна адолела сябе. Узнялася, з намаганнем прайшла па каморцы. Стала ля акенца, прытуліўшыся да сценкі, пачала глядзець на двор.

Дарожка, трава, куст бэзу — усё на двары ззяла ў сонечным бляску. Але бляск гэты нібы не адбіваўся ў яе вачах, Клава глядзела на ззянне гэта быццам не верачы. На круглаватым ілбе яе хмурылася ўжо звыклая клопатная маршчынка,— быў такі выраз, нібы яна хацела штосьці зразумець і не магла...

Тут ля акна захапіла яе Кацярына, спалохана кінулася да яе.

— Зноў! Божа мой! Нельга, казала ж!..

— Прынясіце мне, цётка Кацярына, галінку бэзу,— ціха папрасіла Клава.

— Прынясу. Толькі ты ляж...

Кацярына давяла яе да ложка, памагла легчы. Выйшла з пакоя, прынесла некалькі галінак. Бэз ужо адцвіў, нічога, здаецца, прывабнага не было цяпер у ім. Але калі Клава ўзяла галінкі, твар яе радасна заяснеў. Маршчынка на лбе разышлася.

Клава глядзела на галінкі так, быццам гэта было нешта незвычайнае, вельмі дарагое, і Кацярына здзіўлена падумала: што яна знайшла ў тых галінках? Праўда, Клава і сама добра не ведала гэтага, не думала пра гэта. Мусіць, яны былі такімі дарагімі таму, што такі ж бэз быў там, ля яе роднага дому, у тым, далёкім яе жыцці. Дзе было столькі добрага, дзе была мама, быў Сярожа. Мілы дом, мілая мама, родны Сярожа...

Мама, мама, Сярожа. Дзе яны, што з імі?..

Яна так і заснула з галінкамі на грудзях. З дзіўнай — сумнай і пяшчотнай усмешкай.

 

Чым мацней яна адчувала сябе, тым больш хацелася ёй выйсці з каморкі, на двор, на волю. Вырвацца са страшных успамінаў-прывідаў, што даймалі, трывожылі яе і нібы пагражалі тут, у гэтай, здавалася, ненадзейнай схове. Ёй думалася, што яна адаб’ецца ад неадчэпных відовішчаў адразу, як толькі выйдзе адсюль.

Марачы аб тым, каб вырвацца адсюль, яна вельмі шкадавала, што не можа выбавіцца цяпер, што яе моцна трымае тут слабасць. Не было цяпер у Клавы больш нецярплівага жадання, чым — пачуць зноў дужасць у нагах, у руках. Як гэта, аказваецца, добра быць дужай, хадзіць колькі хочаш! Рабіць тое, што трэба!

Яна проста ненавідзела сваю кволасць, што рабіла яе пакорлівай абставінам, няздатнай ні на што. Ненавідзячы гэта, яна з даўняй сваёй упартасцю збірала ўсе свае слабыя сілы, каб адужаць кволасць.

Ей прыкрым было ляжаць, і яна радавалася, без меры ўжо тады, калі асцярожна — але сама! адна! — ступала сваімі нагамі, адольвала шлях ад аднаго кутка каморкі, дзе стаялі дзежкі, да другога, да акенца. Хадзіць было нялёгка, але яна хадзіла! І не такая ўжо бяда, што дрыжалі калені, што кружылася галава. Усё ж яна хадзіла! Яна ўжо не была ні на што няздатнай! Тое, што яна хадзіла, давала ёй думаць, што заўтра-паслязаўтра яна будзе хадзіць лепей, зусім добра! Што яна хутка здолее выйсці на волю, да жыцця!

— Ну чаго ты сябе мучыш? — папракнула яе цётка Кацярына.— Чаго? Спяшаешся куды-небудзь, ці што? На цягнік баішся не паспець?.. Усяму свая чарга, дачушка. Прыйдзе час, паправішся.— Находзішся яшчэ.

— Я ўжо амаль паправілася, цётка Кацярына...

— Ну, сказала, то ж ба — паправілася! Табе ляжаць і ляжаць яшчэ! Спакойна ляжаць, не марнуючы сябе попусту.

Клава ціха, але настойліва запярэчыла:

— Ляжаць мне, цётачка, няма калі. І ні да чаго! І я не буду ляжаць. Я буду хадзіць, цётачка. Сёння — пагана, а заўтра — лепей! Пабачыце, цётачка. А там і зусім добра хадзіць буду! А там — змагу хоць танцаваць!..

На круглых яе шчоках, у кутках крыху шырокіх губ неспадзявана, упершыню за ўсе гэтыя дні, з’явіліся, гарэзна задрыжалі дзве смяшлівыя ямачкі. Клава раптам стала такой, якой была раней: гарэзнай, вясёлай і ўпартай.

Цётка Кацярына, пазіраючы на Клаву, з дакорам паківала галавой — такая непаседа; ужо і засмяялася — нібы забыла ўсе свае пакуты. Але гарэзны бляск у вачах дзяўчыны амаль адразу ж і згас; на лоб легла маршчынка,— Клава зноў задумалася, насцеражылася...

Настрой у Клавы быў увесь час няроўны,— то яна хмурылася, так горка штосьці перажывала, што Кацярыне аж шкада станавілася яе, то раптам весялела, пачынала смяяцца.

Жыццялюбная, не схільная да смутку, натура яе ўсё мацней брала ўладу над прыгнечанасцю. Клава зноў станавілася сама сабой.

З кожным днём яна хадзіла ўсё дужэй і смялей. Цяпер яна стамлялася ўжо менш, як у першыя дні,— і гэта яе вельмі радавала.

Ёй хацелася хутчэй вярнуцца ў Мінск, даведацца, што з маці, любай маці, з Сяргеем, зноў спаткацца з таварышамі. Ёй усё больш цесна станавілася ў каморцы.

Калі Кацярына з вуліцы вярталася дамоў, Клава звычайна пыталася:

— Што там кажуць, цётачка? Можа, што новае пачулі? Якую-небудзь добрую вестку?

— Нічога, Клаўка...

— Ці праўда, цётачка,— так і нічога?

— Вось якая ты, то ж ба, недаверлівая ды нецярплівая. Хіба ж я, дзівачка ты мая, стала б утойваць ад цябе, каб што-небудзь было добрае? Калі б толькі пачула, адразу прыбегла б і пераказала б слова ў слова. Толькі ж нічога асаблівага не чуваць.

Ціхай ноччу праз сон Клава пачула дзіўнае, глухое пагрукванне. Падобна было ці то на бамбёжку, ці то на далёкі гром, нібы дзесьці ішла навальніца. Клава, абудзіўшыся зусім, нейкі час пільна ўслухоўвалася, старалася зразумець, што гэта. Ад таго, што грымела амаль без упынку, доўга, яна падумала, што ідзе навальніца. Яна так і заснула, не высветліўшы... А раніцай у каморку прыбегла цётка Кацярына, шумлівая, узрушаная, і, цешачыся, нібы прынесла найлепшы падарунак, аб’явіла, што нашы занялі горад Віцебск.

Цётка Кацярына, відаць, не надта ведала, што гэта за горад і дзе ён, але з чутак дазналася, што горад вялікі і здарылася вялікая падзея. Клава ж без падказак чужых адразу скеміла, што за вестку прынесла цётка.

— Віцебск?! Адкуль вы даведаліся?

— Хлопец наш адзін прыходзіў, партызан, казаў, што па радыё перадавалі. Яшчэ дзён чатыры, ці што, таму...

Клава саскочыла з ложка, падбегла да цёткі і, абняўшы яе парывіста, пацалавала.

— Ой, цётачка, якая ж вы добрая і мілая!..

Яна весела, ззяючы шчасцем, бліснула белымі роўнымі радкамі зубоў. Бачачы, як яна ажыла, яшчэ павесялела і цётка Кацярына,— цешылася так, нібы гэта радавалася яе дачка.

Увесь дзень Клава не знаходзіла сабе месца. Проста не магла ўлежаць на ложку, усё ўставала, бадзялася па каморцы, падыходзіла да акенца. І ўвесь час, амаль не сціхаючы, паціху спявала.

То песню пра Маскву, пра родную Маскву: «...Масква мая, ты самая любімая...» То павольную, шчырую: «Ой, рэчанька, рэчанька, чаму ж ты няпоўная, чаму ж ты няпоўная, з беражком няроўная...»

Шчырая, журлівая песня, мілая песня Клавінай маці, выходзіла сёння незвычайна вясёлай, поўная была радасці.

Многа песень успомніла, пераспявала Клава ў гэты дзень!

Пад вечар, як ніколі раней, яна разгаварылася, стала з неспадзяванай ахвотаю расказваць пра сваё жыццё ў Мінску. Смешным і вясёлым усё выглядала цяпер у яе,— цётка Кацярына то смяялася ўслед за Клавай, то ўздыхала. Нарэшце з матчыным папрокам сказала дзяўчыне:

— І што гэта ты, дачка, над усім смяешся?

— Хіба ж я вінавата,— гарэзна адказала Клава.— У мяне і маці такая — што ні прыкмеціць, усё ёй смешна!..— Раптам вясёласць яе проста ўвачавідкі сціхла. Яна ўжо нібы хавала смутак. Ужо без гарэзнасці, з цяжкім роздумам казала: — І ў вайну як нам было, а ніколі не ныла. Усё на смешнае паказвала нам. Ніколі не ныла сама і нас вучыла весялей глядзець! Ды і як жа іначай: тут і без думак ды слоў сумных — іншы раз на свет глядзець не хацелася!.. А як яна спявала!.. Які голас у яе, цётачка, паслухалі б вы! За душу хапала, як заспявае! Нашто ўжо я бервяно нячулае, а і то, і мяне, хапала за душу! Я ад яе і сама да песень прывучылася! Гуду, як самавар, што кіпіць, а тое ж — спяваю нібы!.. Мабыць — такі праўда — «якая маці малася, такая і я ўдалася». Толькі я песні спяваю рэдка — хіба тады, калі надыдзе такое, як сёння. А вось пасмяшыць ці сама пасмяяцца вельмі люблю...

Амаль увесь час, калі Клава гаварыла пра маці, прыдавалася цётцы Кацярыне, нібы тоіць Клава нейкі смутак. Хацела спытаць, але не наважвалася цётка Кацярына: баялася крануць балючае. Павярэдзіць душу пакутніцы.

— Ды хіба яно, цётачка, кепска? Калі б мы не ўмелі смяяцца, мы даўно б ужо, мабыць, ссохлі б ад гора і суму... А так — пажурымся, пажурымся ды і засмяёмся. І самім весялей, і другім...

У той вечар Клава сказала заклапочана:

— Здаецца, хопіць ужо адлежваць бакі. Дамоў трэба...

Цётка Кацярына з мудрай разважнасцю, паблажліва павучыла:

— Паправіцца спачатку трэба! Падужэць хоць бы трохі!..

— Падужэла ўжо! Ведаеце, так дадому хочацца! Так хочацца! Цярпення няма!

І зноў цётка Кацярына ўлавіла ў голасе Клавы прытоеныя сум, трывогу. І зноў пашкадавала яе, не стала вярэдзіць пакутніцу напамінкам пра немцаў, пра небяспеку там. Нарэшце мірна супакоіла.

— Управішся!.. Нікуды твая дамоўка не ўцячэ.

Цётка Кацярына не адчула тады ўсёй цвёрдасці намеру Клавы — ці мала каму хочацца хутчэй дамоў. Няхай пакуль ляжыць ды ачуньвае.

 

2

Днём у вёску прыехаў нейкі нямецкі атрад. Вёска стаяла ў баку ад шумлівага шасэ, і сюды ў апошнія дні немцы наязджалі не часта. Прыезд гэтых «гасцей» вельмі ўстрывожыў Кацярыну,— калі ўбегла ў каморку, спалохана зірнула ў акенца, забедавала:

— От нагнала! Каб іх зямля не насіла!

Твар яе быў белы, як крэйда. Клава запытала, што здарылася. Вестка, якую пачула, яе таксама ўстрывожыла. Але яна стрымала сябе. Падбегшы да акенца, за якім яна ўбачыла, як звычайна, ціхую вуліцу, Клава стала хапатліва, разважна абдумваць, што значыць гэты неспадзяваны наезд немцаў, што рабіць.

Няўжо з-за яе гэта? Даведаліся, што яе хаваюць тут? Хто-небудзь данёс?.. Непадобна было на такое: каб прыкацілі па яе, адразу кінуліся б сюды. А яны круцяцца недзе ля іншых хат, не спяшаюцца... Але калі яны і не ведаюць пра яе, то Клаве ўсё роўна трэба хавацца — яна чужая ў гэтай хаце, параненая куляй. Могуць западозрыць, што яна партызанка, расстраляць...

— Божа мой, яны ўжо тут!

На вуліцы яшчэ нікога не было відаць, але ўжо добра даходзіла галосная незразумелая гамонка. Цётка Кацярына заспяшалася, кінулася адсоўваць вялікую дзежку і, паспешліва ўзняўшы века патайной схованкі пад падлогай, загадала:

— Лезь сюды, скарэй!

Калі Клава спусцілася па драбінцы ў пограб, цётка Кацярына зноў паклала крышку. Заставіла века схованкі дзежкай. Ледзь управілася гэта зрабіць, як на ганку затупалі важкія крокі. Яна выйшла насустрач.

— Курка, матка, ёсць? — запытаў практычна малады немец, і Кацярына адчула палёгку. Дзякуй богу, не па Клаву.

— Няма...

— Не-ма?! — не паверыў салдат.— Шпэк? Сала?..

Ах, як Кацярыне не хацелася звязвацца з ім. Усё б аддала, што трэба яму, толькі б адчапіўся, сышоў з вачэй. Але дзе яна возьме той шпэк? Зжэрлі ўсё... Кавалачак хіба толькі апошні. Абы адчапіцца...

— Ёсць кавалачак толькі... Хадзем, аддам ужо...— няласкава адказала жанчына.

Праз хвіліну гітлеравец, жуючы сала і лаючыся, выйшаў з хаты ў сенцы. Чарнявы, з чырвонай шыяй, тоўсты, ён у сенцах, павёўшы вачыма з кутка ў куток, раптам ступіў да дзвярэй у каморку. Але жанчына не пусціла яго, засланіла сабой дзверы.

— Няма, кажу... Усё, што ёсць, аддала, праўду сказала!..

Немец, сілаю адпіхнуўшы Кацярыну, адчыніў дзверы і ступіў у каморку.

— Няма, кажу...— Жанчына схапіла яго за руку, пацягнула з каморкі.— Ідзі, ідзі!..

Клава добра чула гэту спрэчку, дзівілася смеласці цёткі Кацярыны, якая толькі што здавалася такой спалоханай і разгубленай.

— А тут хто спіць? — неспадзявана запытаў немец, і Клава мімаволі стаіла дыханне.

— Хто, ведама хто — я!..

— Ты? Няпраўда!..— прамовіў пагрозна немец.

Невядома, чым скончылася б гэта размова, але тут пачуўся загадны голас: — Курт, ком!..— За дзвярыма, у сенцах, аказаўся яшчэ немец: відаць, зайшоў пазней. Кацярына не заўважыла калі. Курт нездаволена азірнуўся, дапытліва паглядзеў, нібы не разумеючы. Той, другі, матнуў да дзвярэй галавою, загадаў выйсці. Буркліва прамармытаўшы штосьці ў бок Кацярыны, Курт падаўся з каморкі.

Немец, другі, пайшоў за Куртам, але з ганка нечакана вярнуўся ў каморку. Гатовая было паспакайнець, Кацярына насцярожылася: што гэтаму яшчэ трэба? Улавіла ў позірку немца штосьці сур’ёзнае, пагрозлівае.

— Кроў! — сказаў ён па-руску, кіўнуўшы на пасцель.

Кацярына азірнулася туды, куды ён указваў, і пахаладзела: на падушцы — у кутку, амаль не бачным, чарнела пляма засохлай крыві.

Як яна не заўважыла гэтага, не схавала! Прапалі...

— Не бойся, матка,— раптам супакойліва прамовіў немец. Ён быў паважны ў рухах, немалады. На яго твары з рэзкімі рысамі і ўважлівымі сіняватымі вачыма жыццё спляло ўжо нямала маршчын.— Не бойся... Курта бойся, але ён не замеціў. А я не хачу табе рабіць плохо... Бацька ці дочка? — кіўнуў ён на кроў.

Кацярына маўчала. Яна не разумела, чаго ён затрымаўся тут. Канечне, не на добрае! А немец раптам, нібы для таго, каб развеяць яе страх, супакоіць, сказаў зычліва, што рускія ўжо каля Барысава.

Але Кацярына нібы не зразумела нічога. Усё глядзела, чакала.

— Я калісь рабіў у вас... — стаў тлумачыць немец,— на шахта, Донбас... Як нямецкі спецыяліст... У мяне тожэ есць жонка, сын,— ён выняў з нагруднай кішэні фотакартку, на якой быў зняты бялявы хлопец, паказаў Кацярыне.— Вось!.. Хутка буду разам! У шахта вярнуся работаць. Буду вугаль дзелал! Как раньшэ!..

— У мяне пляменнік быў у Данбасе...— адгукнулася нарэшце Кацярына, думаючы ўсё, чым гэта скончыцца.

— О, Донбас, Донбас!.. Паўтара лет работал там. Многа знакомых был... Потым — дамой...— Ён памаўчаў, раптам назваўся: — Рур... Эсен. Пауль...— Прыклаў далонь да грудзей. «Паўлам зваць»,— здагадалася Кацярына.

На двары зноў пачуліся крокі. Пауль загадаў Кацярыне, каб яна схавала падушку, а сам падаўся да дзвярэй. Пра што ён гаварыў з тымі, хто ішоў, Кацярына не зразумела, але яны, не заходзячы ў хату, падаліся назад.

Пауль зноў вярнуўся і сказаў, што яны хутка паедуць, хвілін праз дзесяць.

— З фронту, матка, едзем. А куды — наверно, сам бог не скажэт. Хоць ён і должэн усё знаць.

Пауль развітаўся, выйшаў, але Кацярына яшчэ непакоілася, ці няма тут якога падману.

Толькі калі атрад выехаў з сяла, Кацярына ўзняла века, выпусціла Клаву са схованкі.

— Ну, ператрывожылася я,— прызналася яна Клаве, усё яшчэ не вольная ад нядаўняга страху.— Асабліва, калі гэты першы вытрашчыўся: «хто тут ляжыць!» Добра, што ён хоць крыві на падушцы не пабачыў! Ды і Паўла, або як яго, баялася... А ён, бачыш, мусіць, не паганы чалавек!..

— Хто іх разбярэ! А чулі вы, цётачка,— сказала Клава, захопленая іншым, шчаслівая,— ён сказаў: нашы ўжо каля Барысава? Ці гэта мне здалося? Я нібы чула, ён сказаў: каля Барысава? Вы чулі пра Барысаў?

— А як жа, чула, дачушка. Каля Барысава, сказаў...

— Значыцца, хутка тут будуць, цётачка!

— Хутка могуць...

Ад перажытага ўтрапення цётка Кацярына нібы не магла адчуць вялікі сэнс весткі пра тое, што нашы ўжо так блізка.

— Можа, толькі дзень-два засталося! — радавалася Клава.

— Нядоўга хавацца...

«Ну, цяпер ты, непаседа, нікуды не будзеш ірвацца,— падумала раптам Кацярына, разам прыгадаўшы ўчарашнія словы Клавы.— Куды табе хапацца, калі так скора тут будуць нашы».

Але Клава інакш паглядзела на гэта.

— Вось бачыце, цётка Кацярына, мне ўжо няможна больш ляжаць... Трэба дадому!..

— Дык жа скора ўжо! Сама ж чула!.. Як толькі прыйдуць нашы — пойдзеш! На машыне паедзеш!..

Кацярына лічыла, што развагі яе такія разумныя, што і казаць больш ні да чаго, і асабліва ўдалым, пераконлівым здалося ёй апошняе прываблівае: на машыне з нашымі паедзеш!

Нібы паказваючы, што гаварыць больш ні да чога, весела сказала:

— Давай паабедаем!

Кацярына прынесла з хаты гліняную місачку, у якой быў незабелены боршч са шчаўя, выняла з кубла ў кутку прыхаваны акраец хлеба. Падпёршы рукой падбародак, усцешаная, глядзела, як дзяўчына есць. Так раней яна любіла паглядаць на сваіх дзяцей.

Калі з’ела боршч, Клава падзякавала, аддала цётцы пустую міску. Кацярына прыкмеціла: позірк у дзяўчыны быў заклапочаны, строгі.

— Ну от, пад’ела. Падужэла... Хоць проста ў дарогу!..

— Ты ўсё смяешся,— нязгодна пакруціла галавой, папракнула жанчына.

— Я, цётачка, сур’ёзна гэта. Я надумалася.

— Куды ж ты пойдзеш, такая слабая. Ты ж да Мінска і не дойдзеш!

— Дайду, цётачка. Я добра ўжо, зусім добра чую сябе...

— Можа, ты баішся, што гэтыя зноў прыйдуць сюды? То можна захаваць у іншым месцы. Ніхто не знойдзе...

— Не, я гэтага не баюся. Проста я ўжо, яй-богу, ачуняла. Чаго ж мне тут валяцца на ложку? І так колькі праляжала!..

— Колькі! Усяго ж тыдзень, здаецца, мінуўся...

— Ой, цётачка, добрая, мілая, не ўгаворвайце! Усё роўна не адумаюся. Мне так хочацца дамоў! Зразумейце ж: так хочацца!..

— Дык жа ўжо мала зусім засталося!.. Ну калі б доўга, тады я разумею. А то ж зусім мала! А ты ідзеш на такую рызыку.

Клава не глядзела на яе, але цётка Кацярына бачыла: позірк быў цвёрды, твар рашучы. Не пераменіць, відаць, што надумала. Адчуваючы ўпартасць Клавы, загаварыла больш настойліва.

— На рызыку ж, на рызыку такую ідзеш! У іх жа і раней колькі ўсялякай аховы кругом горада было, а цяпер... Цяпер — за кожным кустом, за кожным домам, не інакш... А пападзешся ім цяпер — зразу...

Клава як не чула яе, такіх разумных, пераконлівых, парад.

— Не магу я больш ляжаць тут! — сказала ўпарта.— Не магу, ну проста — не магу застацца! — Ужо мякчэй, як бы просячы дараваць, дадала: — Ці хаджу я, ці ляжу — сэрца маё ляціць дамоў, да сваіх...

Увечары жанчыны выйшлі з хаты. На дварэ было цёпла і парка, сагрэтае за дзень паветра яшчэ патыхала цеплынёю; на поўначы, ля захаду, тлела, патухаючы, блеклая жаўтаватая палоска. Клава і Кацярына ціха дайшлі да хляўца, пералезлі цераз невысокі, амаль разламаны плот і апынуліся на агародзе. Шаргаючы нагамі, паволі ішлі сярод гарбузніку, між кустоў бульбы. Сцябліны, бацвінне часта чапляліся за ногі.

За агародам Кацярына расказала — не ў першы раз,— як Клаве лепш дабрацца да горада.

— А можа б, ты ўсё-ткі засталася? — не магла ніяк прымірыцца Кацярына з тым, што Клава пойдзе.— Небяспечна ж там дужа, чуеш?..

— Я ўжо казала, цётачка... Нашто нам паўтараць казку пра белага бычка?..

Кацярына зноў болесна ўлавіла ў яе голасе затоеныя сум і трывогу. І рашучасць адчула, рашучасць чалавека, які ведае, што робіць, на што ідзе. Клава раптам уткнулася галавою ў грудзі Кацярыны, парывіста абхапіла за шыю і, уся аддаўшыся пачуццю, пацалавала.

Кацярына расчулена, з трывогай і дакорам сказала:

— Ах ты, рагатуха непаслухмяная!..

— Калі прыйдуць нашы, прыязджайце да нас. Добра, цётачка? — голас Клавы задрыжаў ад хвалявання.— Я проста і не ведаю, як аддзячыць вам! Каб не вы, дык я, можа ж, і цяпер ляжала б на полі...

— Няма за што дзякаваць,— Кацярына дадала тонам перасцярогі: — Глядзі, сцеражыся, дачушка!..

— Цяпер не пападуся! Цяпер я — стрэлены верабей!..

Яна пайшла ў цемру. Кацярына, не варушачыся, пазірала ўслед дзяўчыне. Там, куды ішла яна, святлела палоска неба, і Клавіна постаць — галава і плечы — доўга значылася на ёй, паступова змяншаючыся. Кацярына пазірала туды, і на сэрцы яе было сумна і трывожна.

«Толькі б усё добра абышлося!..»

 

3

Клава дабралася да Мінска перад досвіткам.

Горад гарэў. Клаву браў жах, калі яна глядзела на пажары, што лютавалі ў розных месцах Мінска. Асабліва страшныя пажары былі каля Акадэміі навук,— там палала адразу некалькі вялікіх будынкаў. Агромністае барвовае полымя трапятала і каля Дома ўрада. Яна спрабавала вызначыць: што гэта, якія-небудзь будынкі на Савецкай? Не, то ж гарыць, мабыць, універсітэцкі гарадок!

«Што яны, нелюдзі, робяць з Мінскам!» — у нямым гневе глядзела Клава.

Па Чэрвеньскім тракце ў бок касцёла, равучы, рушыла некалькі машын з патушанымі фарамі. Падобна, цяжкія грузавікі! «Уцякаюць, гады!» — падумала Клава і пашкадавала, што нельга іх спыніць.

Яшчэ калі ляжала ў Кацярынінай каморцы, думаючы пра зварот у Мінск, Клава разважыла, што пойдзе не дамоў, дзе цяпер, мусіць, нічога няма, а да цёткі Залескай. Валіна маці здавалася Клаве найбольш надзейным чалавекам. Клава выбрала Залескую яшчэ і таму, што ў яе можна было хутчэй, як у каго іншага, даведацца, дзе маці і Сяргей.

Яна пералезла цераз плот і, нарэшце, апынулася на тым двары, да якога прабіралася. Вось яны, знаёмыя кусты вяргінь, на якія Клава часта любіла пазіраць з акна,— здаецца, зусім нядаўна была яна тут, а колькі перажыта за гэты час! Аж не верыцца, што перажыла ўсё сама. Нібы прыснілася.

Прытуліўшыся зморана да плота, аддыхваючыся, яна дзіўна, бесклапотна засмяялася. Як жа добра, што яна ўсё-ткі вярнулася, нягледзячы ні на што, прыйшла!

Азірнуўшыся навокал, яна асцярожна наблізілася да акна і стала ўзірацца праз цёмную шыбу ў сярэдзіну. Ці ёсць хто там? У цемры, што поўніла пакой, нічога нельга было разабраць.

Яна пачала лёгка стукаць у шкло, як стукала раней, калі заходзіла сюды ноччу, але ніхто не адгукаўся. Неспадзявана яна пачула ззаду ціхі, падкрадлівы шорах і хутка азірнулася.

— Хто тут? — пазнала Клава голас Валінай маці.

Клава ўзрадавана ступіла насустрач.

— Я, Клава...

Залескую было добра відаць між кустоў. Яна не выходзіла з іх чамусьці.

— Клава?.. Якая... Клава?

У голасе Залескай чулася дзіўнае неразуменне.

— Ну вось жа! Пытаецеся! Нібы забылі...

Залеская маўчала.

— Гэта — я, цётачка!

— Божа! — пачула Клава не так радаснае, як разгубленае.

Залеская нарэшце выйшла з кустоў і, не пытаючыся больш нічога, нічога не гаворачы, пацягнула Клаву за руку. Клава пайшла за ёю. Яны прабраліся паўз гарбузнік, і, калі Залеская стала, Клава апусцілася ў разору. Яна так знясілела за дарогу, што ногі самі сабой падагнуліся...

Залеская таксама села.

— Мы цяпер — тут, у вішаннік перабраліся. Удваіх тут, з Наталляй,— ты яе не ведаеш... Страшна ў хаце — яшчэ падпаляць... ці гранату шыбнуць...

Пасля хвіліны маўчання Залеская зноў сказала разгублена:

— Божа мой! Клаўка, гэта ты?

Яна абмацала Клавіны плечы, як бы не давала веры голасу.

— Тут жа аб’явілі, што расстралялі цябе. Значыцца, няпраўда?

— Праўда, цётачка,— спахмурнела Клава.— Расстралялі.

— Як жа праўда?.. Ты цішэй гавары...

— З таго свету, з магілы прыйшла я, цётачка...

— Божа! — толькі і сказала Залеская.

Клава раптам сціснула руку цёткі гарачай далоняй, нецярпліва, трывожна зашаптала:

— Што з мамкай маёй, цётачка?

Цётка хвіліну маўчала.

— Хто ж яго ведае...— сказала неяк асцярожна, няўпэўнена. Потым, відаць, падумала, што хаваць не трэба, выказала ўсё: — Арыштавалі маму тваю, дачушка. І дзе цяпер — невядома...

У грудзях Клавы штосьці запякло, забалела так моцна, што захацелася застагнаць.

— Прапала мамка! Загубілі мамку!..— забедавала Клава.

— Невядома яшчэ нічога, кажу,— няўпэўнена паспрабавала супакоіць яе Залеская. Але Клава стрымалася сама, трывожна запытала:

— А што з Сярожам?

— Што? Жывы Сярожа! — Залеская гаварыла з такой радасцю, што адчувалася: хацела гэтым усцешыць занепакоеную Клаву.— Жывы і здаровы!..

— Значыцца, не папаўся?..

— Выскачыў у час!.. Жывы твой Сярожа! І такі ж непаседлівы, як быў!..

— Жывы! Хоць Сярожка жывы!.. А мамачкі... Мамачкі, можа, ужо няма!..

— Не кажы! Яшчэ ж, сказала, невядома нічога...

— Ой, я ведаю, цётачка, што там робяць з людзьмі!.. Баліць маё сэрца, нядобрае чуе! — Клава са стогнам забедавала зноў: — Мамачка, мамачка мая!

— У цяжкі час ты прыйшла, дачушка,— сказала цётка.— Гэта нечысць задумала перад смерцю сваёй яшчэ адну бяду. Божа мой, што ж гэта будзе?! Калі ж ужо скончыцца гэта! Ім мала спаліць горад, ім хочацца яшчэ і смерці, крыві людзей. Учора тут перад вечарам наляпілі загадаў, каб усім сабрацца ў адно месца. Сабяруць і — пад кулямёт! Усіх!..

На ціхай вуліцы затупала некалькі ботаў, пачуліся незразумелыя нямецкія воклічы. Залеская, адразу перапыніўшы гаворку, моўчкі слухала, аж пакуль крокі не сціхлі. Потым, уздыхнуўшы, паднялася, памагла падняцца Клаве, у якой кружылася галава. Увяла Клаву ў вішаннік.

У вішанніку было цямней, чым на агародзе, на якім ужо змрок пачынаў шарэць і святлець, але Клава адразу ўбачыла жанчыну. Седзячы ўскрай ямы, жанчына трымала на руках дзіця.

— Гэта Клава, пляменніца мая,— сказала ёй Залеская. Паспачувала:— Не заснула яшчэ Людачка?

— Не... Здаецца, пачало развідняцца...

У голасе яе была трывога.

— Світае...— пашкадавала Залеская.

За горадам, на ўсходнім баку, пачало часта бухаць. Ці то выбухі, ці то стрэлы гармат.

Усе слухалі: бухала ўсё часцей і вельмі блізка.

 

РАЗДЗЕЛ ІІ

 

1

Мінск дажываў апошнія дні няволі.

Адна за адной знікалі нямецкія ўстановы — розныя камендатуры, управы, упраўленні, аддзелы. Зачыняліся магазіны, рэстараны, майстэрні. Зусім апусцелі фабрычныя двары, куды яшчэ нядаўна гналі людзей прымус і голад.

Толькі вакзал з кожным днём усё больш перапаўняўся. Каля пакояў ваеннага і цывільнага камендантаў хваляваліся неспакойныя натоўпы. Сюды збягаўся гітлераўскі зброд, учорашнія «чыны» — з Оршы, з Магілёва, з Лепеля — адусюль. Кожны хацеў хутчэй прабіцца да каменданта, амаль усе спрачаліся, тыцкалі ў твар суседзям нейкімі даведкамі,— шчэрылі азвярэла зубы, пагражалі, лаяліся.

Касы былі зачынены, і, хоць пры іх акуратна віселі абвесткі, што білеты не прадаюцца, тут таксама было тлумна. Многія тоўпіліся на пероне: як і ўсюды, тут былі і чыны ў ваенных мундзірах, і цывільныя. З чамаданамі ды з клункамі і без чамаданаў і без клункаў — хто як здолеў выбрацца.

Увесь час хадзілі чуткі пра тое, дзе цяпер рускія, Саветы. З кожным днём чуткі гэтыя былі ўсё больш грозныя: рускія набліжаліся, як нястрымны акіянскі вал. У небе над Мінскам часта гулі савецкія самалёты...

Выязджалі розныя тылавыя арганізацыі, ехалі групкі, сем’і, адзіночкі. Гестапаўскія каты, шпіёны, здраднікі, наёмныя забойцы. Паязды, што адыходзілі ад вакзала, былі аблеплены імі, як падла мухамі...

Сюды прыгнала і зграю прывозных дзеячаў Рады разам з «прэзідэнтам» і двума намеснікамі. Апошняе пасяджэнне «кангрэса» не давялося скончыць — трэба было хутчэй збіраць манаткі. «Дэлегатам» сказалі, каб выбіраліся з Мінска так, як удасца: гітлераўцам ужо не былі патрэбны гэтыя адонкі. А аб «прэзідэнце» і яго «міністрах» пан генералькамісар фон Готберг усё ж паклапаціўся, дазволіў, каб далі месца ў вагонах.

Ён яшчэ спадзяваўся, што «прэзідэнт» і яго «ўрад» могуць спатрэбіцца: пан фон Готберг стараўся заглядваць наперад...

Правесці радаўцаў на вакзал пан фон Готберг даручыў штурмбанфюрэру Рэйзе. Штурмбанфюрэру заданне прыйшлося не вельмі даспадобы,— вялікі гонар праводзіць гэтых бяздомных, нікому цяпер не патрэбных дзялкоў, але загад ёсць загад.

Па знаку Рэйзе двое яфрэйтараў, што былі каля ўвахода на перон, прапусцілі іх да вагонаў.

Астроўскі ішоў сутулячыся, увагнуўшы галаву ў плечы. Ён хутка ўбачыў нумар вагона, які значыўся на яго білеце, і, як бы за ім хтосьці гнаўся, паспешліва ўзняўся па ступеньках, увайшоў у дзверы. У праходзе было цесна ад рэчаў, ад немцаў, што завіхаліся, крычалі,— ён нецярпліва ціснуўся праз гэты тлум, пакуль не прабіўся да купэ, выдзеленага яму і яго паплечнікам. Уладкаваўшы з дапамогай Кухты свае чамаданы, ён ужо трохі спакайней вярнуўся ўслед за Рэйзе на перон.

— Я вельмі ўдзячны вам, пан штурмбанфюрэр,— пачціва, па-нямецку сказаў ён Рэйзе.— І я, і ўсе мае супрацоўнікі, усе мы цэнім выключную клапатлівасць пана генеральнага камісара, які ў такія неспакойныя дні, сярод усіх дзяржаўных клопатаў, знайшоў час, каб патурбавацца пра нас. Мы гэта цэнім як вялікі клопат пра наш народ, і мы поўныя жадання, калі настане час, адказаць на гэты клопат шчырымі справамі...— Тут пан «прэзідэнт» заўважыў, што штурмбанфюрэр Рэйзе нецярпліва чакае, калі ён скончыць, і заспяшаўся: — Я прашу вас, пан штурмбанфюрэр, перадаць пану генералькамісару нашу адданую падзяку.

Пан штурмбанфюрэр кіўнуў: выканае просьбу, перадасць. Пан «прэзідэнт», прыспешваючыся, аднак жа стараючыся трымацца з належнай яго ўзроўню годнасцю, загаварыў пра справу:

— Часова, на час нашага ад’езду...— Ён разумеў, што ад’езд гэты зусім не часовы, але не хацеў яшчэ траціць надзеі і не хацеў з удзячнасці гневаць гаспадароў.— Часова я пакідаю тут маім даручэнцам шаноўнага пана Кухту.

Пан Астроўскі, як бы для таго, каб штурмбанфюрэр пабачыў навочна, што паўнамоцтвы перададзены, узяў пана Кухту пад локаць. Пан Кухта з гатоўнасцю, чакаючы згоды, ухвалы яго адданасці, глянуў на Рэйзе.

Пан штурмбанфюрэр згодна кіўнуў. Потым казырнуў пану «прэзідэнту», збіраючыся ісці назад. Пан Кухта ўлавіў момант, папрасіў з надзеяй:

— З вашага дазволу, пан штурмбанфюрэр, я хацеў бы мець гонар правесці...

Пан штурмбанфюрэр не пярэчыў. Ён адразу ж заклапочана, цвёрдым крокам, пакіраваў у горад. Пан Кухта застаўся пры вагоне, да адыходу цягніка.

Каля будынка генералькамісарыята штурмбанфюрэр Рэйзе спаткаў генерала Баумволя. Генерал ішоў насустрач машыне, што пад'язджала да яго.

— Віллі! — Генерал затрымаўся, падаў руку. Паведаміў стомлена: — Еду.

Можна было не пытаць, але Рэйзе адчуў, што генерал чакае пытання.

— Куды, мой генерал?

Генерал, сабраны, паглыблены ў сябе, махнуў рукою на ўсход. Паведаміў незадаволена:

— Вельмі кепска.

Штурмбанфюрэр зразумеў: вельмі кепска ідуць справы на фронце. Баумволь падзяліўся шчыра:

— Фюрэр добра зрабіў, што зняў гэтага бяздарнага Буша. Але, на жаль, Буш вельмі сапсаваў справы.— Генерал пашкадаваў: — Я папярэджваў Кейтэля. Кейтэль не паверыў...

— Можа быць, фельдмаршал Модэль паправіць становішча,— хацеў супакоіць генерала Рэйзе.

— Будзем спадзявацца! — з надзеяй прамовіў Баумволь. Ён падаў руку Рэйзе, моцна паціснуў.

Рэйзе, усхваляваны яго шчырасцю, сказаў услед:

— Жадаю ўдачы, мой генерал!

 

У горадзе пачалі паяўляцца салдаты з фронту. З кожным днём іх станавілася ўсё больш. Яны былі абарваныя, стомленыя і злыя.

Адзін гурт з такіх салдат трапілася ўбачыць Вольфу. Гэта было каля Заходняга моста: яны цягнуліся пасярод вуліцы не як салдаты, а як статак жывёлы — панурыя, абыякавыя да ўсяго, брудныя. Адзін з іх быў нават без мундзіра.

Некалькі мінчан, што ішлі па вуліцы, прыпыніліся, сталі з цікавасцю назіраць за гэтым збродам, і Вольф заўважыў у іх вачах задавальненне, злую радасць...

Да салдат рынуўся нейкі абураны эсэсавец, стаў крычаць і пагражаць:

— Свінні... Пад суд!.. Расстраляць!

Маёр хацеў падацца на дапамогу яму, але тут здарылася неймавернае: коратка трэснула чарга з аўтамата, і эсэсавец, пахіснуўшыся, як лазіна, асеў.

Маёр мімаволі прыпыніўся, адшпіліў кабуру. Азірнуўся, шукаючы, каго б паклікаць для падтрымкі. Але салдаты, зразумеўшы, што можа быць далей, з нечаканай для іх порсткасцю кінуліся хто куды.

Калі маёр схіліўся над эсэсаўцам, той быў мёртвы. Гэты выпадак уразіў маёра. Ён упершыню бачыў такое злое непаслушэнства...

 

2

Маёру ў гэтыя дні выпала важдацца на Таварнай. Яго паслалі сюды памагчы арганізаваць эвакуацыю маёмасці па ведамству інжынернага ўпраўлення.

Афіцэр, што займаўся гэтым раней, быў забіты. Маёмасць была даўно падрыхтавана да адпраўкі, ёй належала ўжо быць у дарозе, але яна ляжала на станцыі без руху. Маёру трэба было тэрмінова адправіць яе.

Задача гэтая аказалася куды цяжэйшай, чым здавалася спачатку маёру. Па некалькі разоў на дзень наляталі на станцыю савецкія самалёты. Яны ішлі ў блакітным чэрвеньскім небе ўпэўнена, як вестуны таго пагрознага фронту, што хутка набліжаўся. Ужо ў першыя прылёты бамбардзіроўшчыкі разбілі зенітныя батарэі вакол станцыі, і цяпер самалёты амаль вольна гаспадарылі ў небе. Са свістам падалі бомбы, карэжылі вагоны, разварочвалі пуці, наводзілі страх на чыгуначнікаў.

Яшчэ горш было ўночы. Самалёты ляцелі група за групай, амаль няспынна кружылі над станцыяй, над горадам.

Калі існавала пекла на зямлі, то яно было тут. І ў гэтым пекле маёр Вольф спрабаваў выканаць ускладзены на яго абавязак. І ў пекле турбаваліся таксама прадстаўнікі розных ведамстваў і ўстаноў, імкнуліся праціснуць свае грузы.

Усе разумелі, што дарагая кожная гадзіна, што гэта апошнія дні, калі можна выратаваць каштоўнасці. Усё рабілі магчымае і немагчымае, каб пагрузіць, адправіць. Не адзін, спрабуючы прабіцца раней, імкнуўся парушыць парадак, абысці зацверджаны графік. Камендант станцыі, худы, шэры аб бяссоння і стомы капітан, упарта стараўся вытрымліваць парадак, графік, але гэта амаль не ўдавалася. Маёр, сам абаронца парадку, тут таксама гатоў быў абысці графік, з якога яму належала яшчэ чакаць, уступаць дарогу іншым. Раней стараліся адправіць станкі з завода па рамонту танкаў, некаторае іншае, на думку другіх, больш каштоўнае, чым яго, маёра, абсталяванне.

Тое, што рабілася на станцыі, ламала парадак, спрыяла хаосу.

Нарэшце маёру ўдалося пагрузіць некалькі каштоўных станкоў і нямала рознага абсталявання. Увечары, калі ўвесь састаў ужо быў гатовы да адпраўкі, пачалі гудзець савецкія бамбардзіроўшчыкі. Іх сустрэў агонь зенітных гармат, перакінутых да станцыі, але ён быў надта слабы. Потым і зусім спыніўся. Самалёты скінулі некалькі ракет на парашутах, залілі святлом усю Таварную станцыю і сталі бамбіць.

Калі Вольф вылез з бліндажа, накрытага рэйкамі і бярвеннем у некалькі накатаў, на станцыі ў многіх месцах лютавалі пажары. Увесь яго састаў гарэў. Адна платформа была разнесена ўшчэнт,— відаць, ад прамога пападання бомбы, а з двух вагонаў выбуховай хваляй сарвала дахі. Паравоз быў увесь пасечаны асколкамі — каля яго ад водсветаў агню блішчала лужа вады.

Цэлую ноч, у перапынкі між бамбёжкамі, рупіўся маёр з камандай салдат і чыгуначнікамі, выгружаў тое, што ўцалела, і адцягваў з пуці разбітыя платформы.

Раніцай падалі ім дзве цэлыя платформы, але рабіць было амаль немагчыма: салдаты і чыгуначнікі ўвесь час сачылі за небам, разбягаліся па раўках, выкапаных поблізу. Рускія самалёты — бамбардзіроўшчыкі, штурмавікі — проста пасліся ў небе. У групцы салдат некалькі чалавек забіла і параніла. Загінуў машыніст, што падаваў платформы.

Турботы былі амаль марныя, але маёр настойліва спраўляў свой абавязак. Рабіў усё, каб прарвацца са станцыі. Але прарваліся толькі два эшалоны аднекуль з Асіповіч, прабеглі за станцыю.

Уночы рускія самалёты прыляталі так часта, што ніхто ўжо не аб’яўляў трывогі.

Давялося амаль усю ноч прасядзець у бамбасховішчы.

На наступны дзень стала вядома, што тое, што ўдалося адправіць, застрала ў дарозе. Пуці паміж Мінскам і Баранавічамі ўзарваны партызанамі. І аднавіць іх не ўдаецца.

Арганізоўваць эвакуацыю, тым больш пад бамбёжкамі, ужо не мела сэнсу. Практычны маёр Вольф хутка гэта зразумеў з бязлітаснай яснасцю.

Камендант станцыі параіў яму вярнуцца на ранейшае месца.

 

3

Першага ліпеня маёр вярнуўся да палкоўніка Шульца.

Палкоўнік якраз корпаўся ў вялікай жалезнай шафе, пераглядваў паперы. Адны адбіраў, засоўваў у партфель, іншыя паліў тут жа, проста на падлозе. У кабінеце смярдзела гарэлым.

Калі маёр далажыў, што вярнуўся ў яго распараджэнне, палкоўнік зірнуў на яго з дзіўным неразуменнем.

— Распараджэнне... Распараджэнне...— непрыхільна адгукнуўся Шульцэ.— Нашто вы мне?

Вольф не забыў першага знаёмства з ім, ды і помніў пра абстаноўку,— прамаўчаў. Але палкоўніка гэта, здаецца, таксама ўзлавала. Ён кінуў нейкую паперу ў агонь, кальнуў нядобрым позіркам.

— Нашто?!. — паўтарыў палкоўнік.— Нашто, адкажыце?

Маёр збянтэжана прамаўчаў.

Палкоўнік адарваўся ад шафы. Нервовы, з гарачымі вачыма павярнуўся да маёра.

— Я нават не ведаю, для чаго тут я! Так, так, не ведаю. І нашто я будаваў, галаву ламаў — таксама не разумею.

— Як — не разумееце?

— А так — не разумею. Рускія ўжо занялі Барысаў. Яны каля Мінска, абыходзяць Мінск, а нашы салдаты — асноўныя сілы — яшчэ па той бок Бярэзіны. Яны адсталі! Рускія апярэдзілі іх! — Палкоўнік не хаваў адчаю і расчаравання.— Камуністы падступяць першымі да амаль пустых траншэй!.. Іх спаткаюць у горадзе — пустыя доты!.. Вы разумееце, што гэта, чорт вазьмі?

— Так, пан палкоўнік! Гэта — зблытала ўсё.

— Зблытала?! Гэта — ганьба. Ганьба для ўсёй германскай арміі.— Ён стрымаў сябе. Пасля маўчання запытаў ціха, стомлена: — Вось я і пытаюся: для чаго вы вярнуліся да мяне, для чаго?

— Дазвольце быць вольным?

— Так, так — выбірайцеся. І ад мяне, і наогул з горада... пакуль не позна.

Маёр сабраўся ісці. Апанаваны адчаем палкоўнік, вядома, меў рацыю,— сапраўды, трэба спяшацца, рускія вось-вось могуць перарэзаць дарогі на захад.

Але калі маёр пакіраваў да дзвярэй, Шульцэ раптам спытаў:

— Машына ў вас ёсць? — Ён, канечне, ведаў, што машыны ў маёра няма, не чакаючы адказу, загадаў: — Паедзеце са мной. Адпраўляйцеся ў гасцініцу на маёй. Забярыце сваё — і неадкладна назад!..

Тут жа павярнуўся да незгаральнай шафы, стаў разбіраць паперы.

У гасцініцы было пуста. Заставаўся яшчэ толькі адміністратар, што таксама, было відаць, збіраўся ехаць. Ён узрадавана ўручыў маёру ключ ад нумара, а калі той вярнуўся з чамаданам, запытаў, што рабіць. Маёр параіў не затрымлівацца доўга.

Вярнуўшыся ва ўпраўленне, Вольф застаў палкоўніка ўжо гатовым у дарогу. З дапамогай ад’ютанта палкоўнік хутка пагрузіў сваё: рэчаў у яго амаль не было — два чамаданы, пузаты партфель, скураная папка. Партфель і папку ён трымаў увесь час пры сабе. Калі сеў наперадзе ў машыну, паставіў іх на калені.

Адразу ж выехалі. Не заязджаючы на кватэру. Вуліца за горад была поўная руху. Але дамы, цёмныя, пустыя, здаваліся мёртвымі. І штосьці як быццам таілі ў сабе, злое, пагрозлівае.

Маёр адчуваў сябе няёмка і трывожна ад таго, што ўсё гэта было падобна на ўцёкі і нават на дэзерцірства. Трызнілася маёру небяспека пакарання: ганебны суд, бясчэсце. Даўнія пяхотныя звычкі моцна трымалі яшчэ маёра.

Ён супакойваў сябе тым, што не парушыў абавязку: прызнаны непрыгодным да баявой службы, ён, вядома ж, мае цяпер законнае права адступаць вось так, з тылавымі часцямі. Але пачуццё няёмкасці ўсё ж не пакідала яго, які заўсёды выконваў абавязак свой у цяжкі час.

І ўсё ж з гэтым маёр адчуваў радасць, што едзе, аддаляецца ад небяспекі, якая пагражае жыццю. І была ў ім удзячнасць да палкоўніка, што бескарысліва працягнуў руку дапамогі.

Як бы там ні было, дарога, што імчалася насустрач, радавала надзеяй на жыццё.

Ён не ведаў, што дарога гэта была перарэзана ўжо. І шляху да ратунку больш не было.

 

4

З кожнай гадзінай у Мінску станавілася ўсё трывожней. Чым бліжэй падступаў фронт, тым больш звярэлі акупанты.

Яшчэ да таго як быў вызвален Барысаў, гітлераўцы пачалі паспешліва мініраваць важныя пабудовы горада. Яны рыхтавалі да падрыву не толькі прадпрыемствы, якія здолелі так-сяк наладзіць, але і амаль ўсе ўцалелыя вялікія жылыя будынкі. Мініравалі Дом урада, Дом афіцэраў, карпусы Інстытута народнай гаспадаркі, Міністэрства лясной прамысловасці...

Пачынаючы з раніцы першага ліпеня — то ў адным квартале, то ў другім,— удзень і ўночы, аглушаючы, грукалі моцныя выбухі, пакутліва ўздрыгвала зямля. То над адным, то над другім будынкам ускідвалася чорная хмара дыму і попелу, і асядалі, абвальваліся сцены, рушыліся столі... Фашысты быццам помсцілі гораду за свае няўдачы на фронце, за паражэнні. З садысцкай лютасцю яны наносілі знявечанаму гораду новыя раны.

Многія будынкі падпальвалі. Усе тры апошнія ночы з вечара да світанку неба над Мінскам і вуліцы крывавіліся зарывамі пажараў. Днём над горадам, уздымаючыся высока ў блакіт, віселі, плылі жахлівыя чорныя хмары. І гэтыя зарывы, і хмары былі відаць на дзесяткі кіламетраў вакол...

— Эх, звяры! — шаптала з нянавісцю Наталля Міхайлаўна, пазіраючы на лютае полымя, якое толькі што ўзнялося поблізу.— Нічога чалавечага... ні крыхоткі чалавечага... Звяры сапраўдныя.

— Звяры праклятыя! — адгукнулася Залеская.

Яны былі ў тым жа маладым, падобным на хмызняк, вішанніку, што рос ускрай агарода за хатай Залескай. У вішанніку, дзе было гусцейшае галлё, у яме яны цяпер і сядзелі. Было ўжо блізка апаўночы, але Людка, якая прымасцілася на каленях у бабулі, усё яшчэ не спала. Наталля Міхайлаўна паправіла накінутую на плечы ўнучкі хустку і лёгенька прыгарнула дзіця да сябе.

— Не спіць? — Залеская ўздыхнула.— Малая, а і то, здаецца, усё разумее. Мусіць, ёй таксама страшна...

— А то вы думаеце, не страшна?.. Другі дзень — заўважаю — яна нейкая асабліва ціхая. І цяпер за ўвесь вечар слова не сказала... Трывожыцца...

— З самага маленства!..— зноў уздыхнула Залеская.— Ды яшчэ каб ведаць, чым гэта ўсё скончыцца!..

Наталля Міхайлаўна нічога не сказала. «Каб ведаць!» У тым і гора, што невядома, як далей будзе. Трываць ужо, мабыць, мала,— яшчэ, можа, некалькі дзён,— але ці пашчасціць дажыць да лепшых.

Недалёка, лявей вакзала, пачало займацца яшчэ адно зарыва.

— Гэта, мусіць, зноў ва Універсітэцкім гарадку... Божа мой, божа, ды яны ж, праклятыя, відаць, ніводнага дома не мінуць!

Залеская загаварыла пра іншае:

— Эх, Наталька, як я шкадую, што не ўдалося выбрацца з горада... І трэба ж было наткнуцца на нелюдзяў!

Наталля Міхайлаўна з Залескай і Людкай хацелі сёння ўдзень выйсці з Мінска, перабыць гэтыя страшныя дні ў Лошыцы. Яны ішлі быццам бы прадаць тое-сёе ды купіць хлеба, але іх затрымаў патруль з эсэсаўцаў, загадаў вярнуцца. Аказалася, што вакол Мінска ўсюды на выхадах стаіць варта.

А потым, калі яны ўжо вярнуліся, Залеская ад суседкі пачула, што эсэсаўцы пачалі акружаць горад. Што яны яшчэ задумалі? Мабыць, нейкую новую бяду, можа, горшую за тое, што было раней. Добрага ад іх чакаць не прыходзіцца.

— Каласочак ты мой...— прашаптала Наталля Міхайлаўна, з пяшчотай і болем прытульваючы да сябе Люду.

 

Сяргей у гэты час быў на «працы». Каля яго, тоячыся ў рэдкім чырванаватым змроку, ляжалі і сядзелі яшчэ некалькі хлопцаў, а вакол чарнелі, як помнікі, нейкія абгарэлыя каменныя слупы, гарбаціліся горы бітай цэглы. Між цэглы ўжо густа буяў палын.

— Чаму яны не ідуць? — нецярпліва зашаптаў адзін з хлопцаў.— А можа, Сяргей, яны прайшлі дзе-небудзь у другім месцы...

— Нідзе не пройдуць,— супакоіў Сяргей.— Толькі тут...

Час поўз вельмі марудна. А немцы ўсё не паяўляліся. Ніхто, вядома, не прагнуў бачыць іх тут, але ўсе ведалі, што яны абавязкова явяцца сюды, і таму іх чакалі і здзіўляліся, чаму дасюль няма. Сяргей непакоіўся, каб яны не прыкацілі сюды вялікай групай, скажам, цэлым узводам, тады іх, можа здарыцца, і не ўдасца адбіць, і ўся гэтая справа, для якой Сяргей сабраў сюды сваіх хлопцаў, сваю падпольную групу, скончыцца сумна...

Наперадзе за плотам то ярчэй, то цьмяна чырванелі маўклівыя цагляныя карпусы, у іх вялікіх, густа пераплеценых чорных вокнах бегалі неспакойныя водбліскі пажараў. Гэту фабрыку гарком даручыў Сяргею: фабрыку і яшчэ школу, якая ўзвышаецца вунь за хатамі. Іх даручылі выратаваць Сяргею і яго баявым таварышам... Там, каля школы, ёсць таксама яго людзі: два надзейныя хлопцы...

Недзе ў сярэдзіне горада, прымусіўшы зямлю здрыгануцца, грымнуў выбух.

— Гэта на вуліцы Карла Маркса... Мусіць — гарадская ўправа.

Толькі пасля паўночы з’явіліся тры салдаты, адзін з якіх нёс каністру, а другі мяшок за спіной. Сяргей, прыўзняўшыся на каленях, адразу пачаў уважліва сачыць за імі...

Хутка стала відаць, што яны ідуць не куды-небудзь, а якраз да прахадных варот. Яны спяшаліся.

— Факельшчыкі!.. — шапнуў Сяргей. Ён цяпер ужо не сумняваўся, што гэта яны, подлыя падпальшчыкі.

Хлопец ускінуў аўтамат, прыцэліўся, адчуваючы, як лёгка, вольна зрабілася ў грудзях. Амаль разам з чаргой аўтамата гулка ляснулі два вінтовачныя стрэлы. Той, які быў з каністрай, адразу паваліўся, а два другія, ледзь толькі зразумелі, што здарылася, кінуліся назад. Але адбегчы ім удалося недалёка...

— Ляжаць! — прамовіў Сяргей. У гэтую хвіліну ён быў такі шчаслівы, як, мусіць, ніколі за ўсю вайну. Сяргей прыслухаўся: навокал усё здавалася такім, як і да стрэлаў. Было быццам бы спакойна,— відаць, немцаў не ўстрывожылі гэтыя некалькі стрэлаў...

Упэўніўшыся, што поблізу ўсё ціха, Сяргей, паставіўшы дазорных, каб сачылі за вуліцай, з двума хлопцамі сцягнуў трупы з дарогі, схаваў у руінах.

— Так будзе лепш: ніякага знаку... Ну, што на вуліцы, ціха? — запытаўся ён, стараючыся быць спакойным, у дазорнага, што падпоўз сюды.

— Ды пакуль ціха...

— Ну, то добра...

Адзін хлопец выказаў меркаванне, што цяпер, бадай, можна ісці дамоў. Але Сяргей не дазволіў.

— Пачакаем... Як бы яны сюды не паслалі яшчэ каго. А то, чаго добрага, заўважаць страту... Адным словам, радавацца рана!..— А сам усё ж поўніўся радасцю.— Трэба быць напагатове.

Яны не адыходзілі адсюль да раніцы. І днём тут былі. Толькі не ўпяцёх, а ўдвух і не каля слупоў, а ў кустах малінніку, на апусцелым агародзе. Назіралі...

 

5

Рэйзе спяшаўся. Ён меў весткі, што рускія ўжо абыходзяць горад і што апошнія шляхі з Мінска хутка, мусіць, будуць перарэзаны.

Штурмбанфюрэр выцягнуў з-пад ложка тры напакаваныя чамаданы. Азірнуўся, ці не забыў чаго каштоўнага, забег у другі пакой, у якім каля століка па-ранейшаму вісеў фотаздымак — Готберг у параднай форме. Хутка акінуўшы вачыма раскіданыя рэчы, Рэйзе сарваў з цвіка гумавы плашч і вярнуўся назад.

У пакой забег шафёр. Рэйзе загадаў яму ўзяць два чамаданы — ён паказаў якія. На хвіліну задумаўся, ці не прыйдзецца яму адказваць заўтра як панікёру і баязліўцу, які дачасна кідае горад?

Не, ён не застанецца. Ён не будзе сядзець тут да таго часу, калі ўжо не стане куды ўцякаць. Праз дзень-два чырвоныя тут зробяць, мусіць, тое ж, што было ў Віцебску. «Кацёл»... А яму зусім ні да чога пападаць у «кацёл». «Кацёл» непатрэбны для яго клопат. Занадта небяспечны клопат для чалавека з яго званнем і справамі. Чаго ж ён стаіць, раздумвае?

Раздумваць, праўда, былі падставы: пану штурмбанфюрэру належала ісці з горада з апошнімі часцямі. У процілеглым выпадку магло пагражаць абвінавачанне ў невыкананні свяшчэннага абавязку перад фюрэрам і айчынаю, ганебнае пакаранне. Але хто мог сказаць, ці змогуць гэтыя апошнія часці не тое што ў парадку адступіць, а хоць бы выбрацца адсюль. Толькі цуд можа выратаваць іх ад «катла», што ўжо добра акрэсліўся. Але ці здарыцца гэты цуд? Цуды — рэч рэдкая...

Патрабавальна зазваніў тэлефон. Рэйзе падышоў.

— Гер штурмбанфюрэр Рэйзе? Гэта вы, гер штурмбанфюрэр? Вы?!

— Я, Рэйзе.

— Гер штурмбанфюрэр! — без меры ўзрадаваўся голас у трубцы тэлефона. Адразу ж назваўся: маёр Эк, начальнік шпіталя. Яшчэ нібы захлынаючыся ад радасці, паведаміў: — У мяне ляжаць раненыя... Сто дваццаць чалавек раненых!..

— Чаму не эвакуіравалі?

Голас сказаў, што гэта — новыя, толькі сёння прывезеныя,— што яму параілі пазваніць Рэйзе. Гер штурмбанфюрэр быццам бы можа дабіцца для іх двух вагонаў ці хоць бы аднаго.

Вядома: групенфюрэр фон Готберг даў пану штурмбанфюрэру надзвычайныя правы. Акрамя таго, у пана штурмбанфюрэра — вядома — ёсць машыны ў канцлагерах.

Штурмбанфюрэр раздражнёна падумаў: чорт пацягнуў яго ўзяць трубку! Стрымана і цвёрда адказаў:

— Нічога ў мяне няма. І я нічым не магу памагчы.

Нібы баючыся, што ён кіне трубку, голас хутчэй ухапіўся:

— Раненыя, гер штурмбанфюрэр! Сто дваццаць чалавек!

Ён маліў, гэты голас, у ім былі і надзея і страх, і штурмбанфюрэр разумеў яго. Але пан штурмбанфюрэр разумеў і тое, што зрабіць ужо нічога немагчыма. І трэба спяшацца.

— Званіце каму трэба,— параіў ён супакойліва.

— Нідзе нікога не даклічашся. Я вас прашу. Сто дваццаць чалавек — салдаты, афіцэры... Адзін — палкоўнік...

— Я сказаў усё!..

Рэйзе паклаў трубку.

Ён схапіў чамадан і збег па сходках на двор. Шафёр ужо сядзеў за рулём «мерседэса». Рэйзе запаліў ліхтарык, праверыў, дзе пакладзены чамаданы. Усё ў парадку. Штурмбанфюрэр ускочыў у машыну, паставіў трэці чамадан, самы важны, каля ног.

Шафёр, уключыўшы фары, пачаў ужо разварочваць машыну, калі на святло з цемры выскачыла постаць. Рэйзе хапіўся за пісталет.

— Гер штурмбанфюрэр! Адзін момант! Гер штурмбанфюрэр, гэта — я, Кухта... Памочнік «прэзідэнта»...— хапаючыся загаварыў чалавек.

— Што трэба? — нецярпліва перабіў Рэйзе.

— Прашу вас, гер штурмбанфюрэр, адно месца!.. Адно месца!..

— Якое месца?

— У машыне, гер штурмбанфюрэр! Падвязіце хоць бы да Баранавіч!

— Дзе ваша машына?

— Адабралі. Вашы салдаты адабралі.— Памочнік усё не мог аддыхацца.— Буду дзякаваць век! Век не забуду!

Штурмбанфюрэр не адказаў. Ён крыкнуў шафёру «ехаць», і машына адразу рушыла.

Памочнік «прэзідэнта» момант стаяў разгублены, потым раптам у адчаі кінуўся да машыны, учапіўся за край адчыненага акенца. Не выпускаючы яго, не адстаючы ад машыны, стаў маліць зноў:

— Гер штурмбанфюрэр!.. Гер штурмбанфюрэр!..

Машына, раўнуўшы, ірванулася ўперад, і Кухта, што ўсё драбніў нагамі, спатыкнуўся. Але ён не выпусціў машыны, пацягнуўся побач.

— Прэч! — загадаў Рэйзе.

— Гер Рэйзе! Гер штурм...— не паслухаўся той.

Рэйзе раззалаваўся.

— А, дрэнь!

Ён успомніў пра кішанёвы ліхтарык, што трымаў у руцэ, разгневана выцяў Кухту па пальцах. Той не расшчапіў пальцаў, і Рэйзе біў па іх усё зласней. Нарэшце пальцы выпусцілі машыну.

Насустрач пану штурмбанфюрэру ляцела асветленая пажарам вуліца.

 

РАЗДЗЕЛ ІІІ

 

1

Шабуніха амаль не дала ўвагі легкавым машынам, што спыніліся непадалёк. Столькі машын прайшло перад ёй за гэты дзень, за гэтую гадзіну, пакуль яна стаіць тут каля свайго селішча. Але яна раптам пачула незнаёмую, нібы нямецкую, гаворку і насцеражылася: «Хто гэта?»

Шарсцяныя фрэнчы колеру хакі, з адваротамі, з гальштукамі, кароценькія куртачкі, фуражкі з не бачанымі раней кукардамі — каронамі, берэты, ссунутыя набок.

Шабуніха павяла позіркам па незнаёмых тварах, чакаючы, што будзе далей.

— Ма-ам, немці...— спалохана заныў Валодзька, якога Аўдоцця трымала на руках. Ён шчыльна прыціснуўся да яе грудзей.

«Няўжо?.. Але чаго з імі нашы камандзіры, ды яшчэ такія ветлівыя?» Яна кінула трывожны запытальны позірк на юнага русявага лейтэнанта, які быў пры іх: «Хто гэта?»

— Не бойся, малыш, мы не немцы.

Адзін з незнаёмых, з поўным, крыху бледнаватым тварам, з паголенай галавой, выняў з кішэні шакаладку і паказаў Валодзьку:

— Вазьмі, гэта вельмі смачна,— афіцэр пры гэтым прыцмокнуў:— Вельмі смачна!..

Але малы глядзеў на яго нахмурана, з-пад ілба, нібы не разумеючы.

— Вазьмі, сыночак,— лагодна сказала маці, і Валодзька, не зусім упэўнена, узяў. Незнаёмы даў шакаладку і Вольцы. Тады, пазіраючы то на Аўдоццю, то на Аксінню, што падышла да іх, зрабіўшы на твары прасцяцкую ўсмешку, растлумачыў:

— Мы вашы саюзнікі. Вялікабрытанія...

— А-а?! Англічане,— сказала Аўдоцці Аксіння.

— Англічане! Англічане!.. Ваша армія ваюе з немцамі на ўсходзе, а мы — на захадзе. Нармандыя... Другі фронт — чулі?

— Чулі,— адказала Аксіння,— як не чуць?

— Другі фронт! Разам!

Каб наглядна паказаць жанчынам сэнс гэтага факта, ён ўзяў свае рука ў руку, сціснуў іх. З сяброўскай усмешкай сціснутыя рукі патрос перад Аўдоццяй і Аксінняй. Разам, вось так!

— Разам,— сказала Шабуніха. Але, чулася: не дагаварыла, стаіла штосьці. Нейкі час думала, разважала: гаварыць ці не гаварыць. Дадала, гледзячы ў вочы генералу: —Чакалі мы яго. Доўга чакалі...

— Дачакаліся! — аптымістычна ўсміхнуўся генерал.

Яна павяла позіркам па тварах: усе глядзелі на яе. Некалькі чалавек, з іх адзін — наш, відаць, пераказвалі яе словы на чужую мову. Англічане ўважліва слухалі.

Пад позіркам англічан і нашых яна адчула, як важна тое, што і як яна скажа. І ёй стала як бы страшнавата: не памыліцца б, не зганьбіць сябе, не сказаць бы чаго недарэчнага. Толькі тое, што трэба. І разам забруілася добрае, гонар за сябе: вунь як глядзяць на яе, чакаюць!

— Дачакаліся,— згадзілася яна паважна. Далікатна, але цвёрда выказала сваё: — Дачакаліся. Толькі трохі позна...

Яна зірнула на аднаго з нашых, як здалося — старшага. Той стаяў побач з генералам. Улавіла ў вачах яго вясёлую іскрачку: ухвалу.

— Позна? Чаму?

Яна адчувала: генерал зразумеў яе. Здзіўляўся няшчыра, паказваў здзіўленне для іншых. Нібы гуляў.

— Чаму? Ды як вам сказаць, дарагі... пан ці як... не ведаю, як вас зваць...

— Можаце зваць — пан генерал... Дык я вас слухаю.

Яна адчувала сябе больш упэўнена. І нягледзячы на нашага старшага, адчувала, што ён, як і іншыя нашы, ухваляе яе. З годнасцю адказала:

— У нас кажуць: дарагая лыжка ў абед.

— Дык яны ж, цётка Аўдоцця, з лыжкай якраз і прыйшлі ў абед! — горача, звонка падхапіла Аксіння.

— Што праўда, то праўда — у абед,— задуменна паківала Шабуніха.

Генерал прыязна ўсміхнуўся. Прыязна і паблажліва: маўляў, чаго крыўдаваць на яе, простую сялянку.

— Вы, місіс, рана сабраліся... святкаваць...— Ён з усмешкай зірнуў на сваіх, нібы запрашаючы тых пацвердзіць яго заўвагу. Тыя заўсміхаліся, заківалі згодна, позіркамі падавалі адзін аднаму: добра сказаў генерал.

Яна ледзь не загарэлася. У такія моманты сярод сваіх Шабуніха станавілася рэзкай, нават грубай, не далікатнічала. Але тут былі не свае. І тут трэба было інакш. З толкам трэба было.

— Вы не крыўдуйце...— папрасіла яна, як бы тлумачыла: не яе віна, што мусіць казаць непрыемнае госцям.— Мы, жанчыны, такія: што ў галаве, тое і на языку... Ляцяць вунь гэтыя, каторыя заваяваць усё хацелі. Ляцяць назад... Ні Масквы ўжо ім не трэба, гэтага...— Аксіння падказала ей: Парыжа, Аўдоцця кіўнула:— ні Парыжа, нічога. Абы толькі душу голую данесці... Тут, як той казаў, і першы ім фронт, і пяты. Насыпалі гароху паганаму Атроху!

Генерал, нібы ад душы, зарагатаў. Іншыя яго таварышы, зацікаўленыя, услухоўваліся, што ім пераказвалі, і таксама смяяліся.

— Хвалю, місіс,— вы, аказваецца, не толькі маці, але і — палітык! — Генерал нават прыставіў далоньку да далонькі, як бы пляскаючы ёй.

— Які я палітык, — хітнуўшы галавой, цвёрда адказала яна.— Вось мая палітыка,— яна кіўком паказала на Валодзьку, павярнулася да агарода,—і вунь.

І нашы, і англічане засмяяліся. Паголены таксама засмяяўся, шырока, прыязна, ледзь не склаў зноў далонькі. Калі ўсе сціхлі, азірнуўся навокал і сказаў тонам спачування:

— Відаць, вашы палітычныя справы, місіс, ідуць без поспеху. Бедна жывеце, місіс... Кепска.

— Адкуль жа яму, багаццю, быць? Папалілі фашысты ўсё...

Генерал зірнуў на нядаўна складзены на папялішчы падмурак хаты і свежаачышчаныя бярвенні, што яшчэ ляжалі на зямлі. Абышоў вакол паграбка, асцярожна спусціўся на некалькі ступенек уніз, зазірнуў у сярэдзіну яго, але ўвайсці не адважыўся. Падняўшыся ўгару, выцер хусцінкай рукі, нібы яны запэцкаліся, бегла акінуў позіркам новенькі выпрасаваны касцюмчык.

— Кепска, вельмі кепска жывеце...

Шабуніха прамаўчала.

— Але не трэба вешаць галавы, місіс. Ёсць многа людзей, якія схіляюцца з павагаю перад вашымі пакутамі і моляць неба пра шчасце для вас... Помніце, што вы не адзінокія,— супакоіў ён, па-дружбацку ўсміхаючыся.— Уся Вялікабрытанія, якая паслала нас сюды, шчыра спачувае вам і падзяляе ваша гора. Я ведаю, што яна хутка працягне руку мірнай дапамогі. Так-так, мы дапаможам... Верце майму слову.

— Дзякуй вам на добрым слове...

— Гэта, місіс, не толькі словы.

Шабуніха ўздыхнула, сказала, нібы разважаючы сама з сабой:

— Бедна жывём, кажаце?.. Куды ж горш?..— яна сумна павяла позіркам па селішчы.— Нашчэнт вымеў, ірад!

— Нашчэнт. І не адну нашу вёску...— падтрымала яе шчыра Аксіння.— Не адну. Тысячы, мусіць. І гарады многія...

Генерал кінуў позірк на Аксінню. Шабуніха прыкмеціла: задаволены позірк.

— Усе гарады — ад заходняй граніцы да Масквы,— падхапіў ён словы Аксінні.— Амаль палову Расіі. Самую развітую частку.— Шабунісе падалося: што ён нібы рады гэтаму. Генерал, пэўна, зразумеў яе востры позірк, сумна, вельмі сумна звесіў галаву: спачувае ўсёй душой.— Становішча ваша, сапраўды — вельмі цяжкае. Можа, нават больш цяжкае, чым мы думаем.

Аўдоцця панура ўгледзелася ў яго. Нібы не разумела нечага.

— Чаму гэта?

Генерал глядзеў па-сяброўску, журліва. На твары было: як вы не разумееце такія простыя рэчы?

— Чаму? Я павінен прызнацца, што не гэтакі аптыміст, як вы. Я са смуткам думаю, місіс, пра тое,— колькі спатрэбіцца часу і сілы, каб зноў падняцца, вярнуць усё тое, што знішчыла вайна...

Штосьці ёй не падабалася, не так у словах, колькі ў думках генерала, якія яна ўгадвала. Яна толкам не магла б сказаць, што іменна не падабалася, але ўсё ж — не падабалася. І яна слухала хмурна, і ёй хацелася пярэчыць.

— Цяжка будзе — праўда,— нядобра сказала яна.— Але — што ж. Ці ж гэта — першы раз.

— Так-так, не першы раз. Грамадзянская вайна. Потым — разруха... Але гэта вайна — асабліва цяжкая. Разрушыцельная...

— Куды ж горш. Але — адужаем неяк.

— Так-так, адолееце. Але — цяжка будзе... Такое бальшое разрушэнне! Паўкраіны — разрушэнне...

— Дзе разбурылі, а дзе набудавалі новага. За Масквой і ў Сібіры, кажуць, многа новых заводаў набудавалі. Сёлы — не папаленыя.

— Казала ліха, што не быць дабру,— падтрымала яе Аксіння.— Эх, чаго плакаць! Пераб’ёмся як-небудзь! Не можа ж быць, каб не адужалі! Не калекі ж і не паны, рукі ёсць, дзякуй богу!

Аксіння глядзела на Аўдоццю, нібы чакала ўхвалы яе словам. Але Шабуніха зрабіла выгляд, што не бачыць гэтага. Упарта сказала:

— Няхай не адразу, а адужаем. Быць не можа, каб не адужалі...

— Усё, як было, зробім! Адбудуемся! Праўда, цётачка?

Шабуніха перамаўчала.

— Дай бог,— пажадаў дружалюбна генерал і, зірнуўшы на старшага з нашых, што быў побач, з пашанай дадаў: — Мне вельмі падабаецца гэты... аптымізм вашага народа, іх дзіўная, амаль фанатычная вера...

— Цяпер аб адным трывога,— сказала з роздумам Шабуніха,— каб нелюдзі гэтыя не вярнуліся...

— Не прыйдуць, будзьце спакойны,— адказаў англічанін так, быццам лёс Шабуніхі залежаў ад яго.

Генерал развітаўся з Шабуніхай і Аксінняю і рушыў з усёй світай на суседні двор.

 

2

Гасцей чакаў Шчарбацюк. Ён быў неспакойны: хацелася ехаць наперад, куды пайшла дывізія, а прыходзілася сядзець. Сядзець і чакаць, калі ў яго столькі клопатаў!

Разам з гэтым Шчарбацюк не быў абыякавы зусім і да будучай сустрэчы. Гэта сустрэча хвалявала і выклікала цікаўнасць у камандзіра дывізіі: як-ніяк чакала не звычайная справа, а дыпламатычная. Такімі справамі яму яшчэ не даводзілася займацца.

Трэба сказаць, што справа гэта нямала і трывожыла генерала. Як ні гнаў, была ў баявога генерала, вярэдзіла яго і як бы боязь перад гэтай незнаёмай справай, апаска, што не здолее зрабіць усё, як належыць. Ад гэтага генерал загадзя настройваў сябе на скептычны лад. «Дыпламат? — думаў ён, як бы пакепліваючы з сябе.— Які з мяне дыпламат? Я народжаны для таго, каб рубіць вугалёк ці рамяством салдацкім займацца...» Генерал з цвярозай самакрытычнасцю адзначаў, што заўсёды слабаваты быў па часці этыкету, бачыць не мог якога б там ні было лоску ці цырымоній у адносінах між людзьмі. Усё жыццё Шчарбацюк крочыў нібы знарок насуперак усяму таму, што лічыў дыпламатыяй, і вось жа — выпала стаць дыпламатам, няхай на момант. І трэба было выканаць гэту цяжкую місію належным, найлепшым чынам. Як баявую задачу.

Дывізія рушыла наперад, вяла сутычкі і баі, і генерал увесь час трымаў сувязь з палкамі, сачыў за іх дзеяннямі, даваў указанні. Тая акалічнасць, што ён быў у штабной машыне не адзін, што за ім назіралі, абавязвала яго рабіць усё са звычайным спакоем, і генерал усяляк паказваў, што спакойны, што заняты адной справаю. Але ён чакаў, хваляваўся, непакоіўся тым, як яно будзе з часцямі, з гэтай незнаёмай яму дыпламатыяй. І не шкадаваў дужа, што іх усё няма, позняцца...

Нарэшце яму сказалі, што едуць, напэўна, англічане. Шчарбацюк нехапатліва ўзняўся, ступіў да расчыненых дзвярэй машыны. Разгледзеў: пад’язджала некалькі «вілісаў» з афіцэрамі ў англійскай форме і англійскімі сцяжкамі на радыятарах.

Генерал па прыстаўной драбінцы спусціўся на зямлю. Чакаючы гасцей, акінуў пільным, гаспадарскім вокам групку сваіх афіцэраў, што стаялі побач, нездаволена кінуў аднаму з іх:

— Чаго сутулішся, Братчанка?..

Калі першая машына, віскнуўшы тармазамі, спынілася, Шчарбацюк ступіў да яе. «Каторы?» — запытаўся ён вачыма ў савецкага капітана, што быў у першай машыне з двума англічанамі. Той выскачыў з «віліса», кіўнуў на наступную машыну. Шчарбацюк убачыў: з «віліса» стомлена ступіў паўнатвары, пешчаны чалавек. Камандзір дывізіі заўважыў на выгнутым палявым пагоне англічаніна генеральскую зорку, важна рушыў насустрач.

Англічанін на момант прыпыніўся, пачакаў, да яго ступіў з машыны малады, прыгожы наш генерал, са штаба арміі ці з Масквы. Шчарбацюк мімаволі замарудзіў крок, затрымаўся з загадкай: каму першаму назвацца. Генерал, што праводзіў гасцей, чула ўлавіў яго сумненне, вачыма паказаў на англічаніна.

— Генерал-маёр Шчарбацюк,— назваў сябе камандзір дывізіі.

Англічанін на чыстай рускай мове назваў сябе, і Шчарбацюк сваёй вялікай шахцёрскай рукой паціснуў кволую руку госця.

— Паважаны пан генерал... Дазвольце мне... а таксама маім салдатам і афіцэрам... вітаць вас...— цяжка выціскаючы словы, сказаў Шчарбацюк,— ...а таксама ваш народ, які змагаецца разам з намі... за адну, вялікую справу...

Англічанін, па-сяброўску ўсміхаючыся, выслухаў яго прывітанне, прыязна адказаў. Так, ён таксама рады,— рады, што можа асабіста засведчыць найглыбейшую пашану да слаўных савецкіх воінаў, што мае гонар бачыць гераічных салдат рускіх саюзнікаў.

Шчарбацюк па чарзе прадставіў англічаніну сваіх афіцэраў, назваўшы званне і прозвішча кожнага, госць пазнаёміў яго са сваімі.

Камандзір дывізіі запрасіў англічан да сябе. Увёў іх на двор дома, каля якога стаяла яго машына.

У двары іх сустрэлі дзяўчаты з медсанбата, ветлівыя, зычлівыя. Запрасілі гасцей памыцца з дарогі. Да плота быў прыбіты бляшаны ўмывальнік, на засланым прасцірадлам стале ляжалі бялюткія ручнікі. Шчарбацюк адзначыў, што генерал, які суправаджаў гасцей — ён, аказалася, ехаў з Масквы,— ухваліў яго арганізацыю справы на гэтай стадыі. Весела перагаворваючыся, генерал стаў мыцца побач з англічанінам.

Адсюль камандзір дывізіі запрасіў павесялелых гасцей у сад. У садзе між дзвюх немаладых яблынь было накрыта новымі прасцірадламі некалькі састаўленых у рад сялянскіх сталоў, на якіх цяпер узвышаліся густым слоем пляшкі гарэлкі. Закуска была простая, салдацкая — амаль усё кансервы, і гэты недахоп гаспадары спрабавалі, відаць, згладзіць, выставіўшы шчодра гарэлкі.

Шчарбацюк, паказаўшы месцы генералам, важка апусціўся побач з англічанінам. Англічанін, калі сеў, зняў фуражку, трымаючы яе ў адной руцэ, другой выцер хустачкай голую, бліскучую галаву.

Маскоўскі генерал вачыма намякнуў, што трэба б узяць галаўны ўбор у англічаніна. Злавіўшы гэты позірк, Шчарбацюк кіўнуў ардынарцу ў бок генеральскай фуражкі, і той, малайчына, ураз скеміў, падбег, схіліўся да англічаніна: дайце, маўляў, вызваліце руку сваю...

Задаволены праворнасцю ардынарца, Шчарбацюк, аднак, тут жа адчуў, што стаў перад складанай праблемай: ці то весці гасцінную бяседу з генералам, ці то паклапаціцца пра астатніх, пра ўсіх.

Падумаў, што генерала ўладзіў на першы момант, што аб ім можа паклапаціцца госць з Масквы, рашуча ўзняўся, каб узяць у рукі агульнае кіраўніцтва.

Афіцэры канчалі сядаць. Англічане ўжо ўсе сядзелі, уперамежку з яго афіцэрамі і тымі, што суправаджалі. Займалі месцы апошнія з яго дывізіі. Шчарбацюк гаспадарліва агледзеў, як усе ўладкаваліся: ці ўсім хапіла месца, ці ва ўсіх ёсць належная для гэтай аперацыі «зброя». Упэўніўшыся, што гэтая частка аперацыі забяспечана, генерал уладным голасам аддаў загад напоўніць шклянкі.

Афіцэры гвардзейскай дывізіі, запрошаныя на сустрэчу, ахвотна выканалі загад камандзіра. Той-сёй з англічан прытрымліваў бутэлькі, не даваў поўна наліць шклянкі. Афіцэры Шчарбацюка спрачаліся, даводзілі, што шклянкі павінны быць поўныя.

За сталамі была вясёлая заклапочанасць. Шчарбацюк сам наліў генералу-госцю, стоячы, агледзеў сталы, дачакаўся цішыні.

Урачыста, значна выказаў яшчэ да сустрэчы ўважліва прадуманы тост: за дружбу савецкага і англійскага народаў. Англічанін-генерал, а за ім і ўсе астатнія ўзняліся.

Англічанін наблізіў шклянку да шклянкі Шчарбацюка, па-братняму ўсміхаючыся, голасна папрасіў усіх падтрымаць яго:

— За магутную Савецкую Расію. За Чырвоную Армію!

— За Саюзную Англію!

— За дружбу!

Усе набліжалі шклянкі адзін да аднаго, звінела шкло.

Хутка Шчарбацюк адчуў, што за сталамі запанаваў дух узаемнай сяброўскай прыязнасці, і сэрца яго, спачатку насцярожанае і недаверлівае, раптам памякчэла, падабрэла. Ён сачыў за ўсім ужо амаль расчулена.

З кожным тостам, што ішлі адзін за адным, гамонка і воклічы за сталом усё ажыўляліся і мацнелі. Узрушаны тостам і віном, малады капітан-пехацінец насупраць Шчарбацюка па-сяброўску абняў англічаніна і, усміхаючыся, пачаў штосьці яму гаварыць.

У тым, як дзейнічаў цяпер Шчарбацюк у ролі гаспадара, яму не было прымусу. Ён адчуваў нават неспадзяваную радасць ад таго, што гэту незвычайную і адказную ролю вядзе так добра. А пра тое, што ролю ён вядзе добра, можна было меркаваць і па вясёлым, задаволеным твары генерала з Масквы. Як гаспадар, які ведае свой абавязак, і як чалавек, поўны дружалюбнасці да высокага госця побач, са шчырай душой папрасіў камандзір дывізіі англічаніна прабачыць за тое, што пачастунак такі сціплы. Вельмі хацелася яму, каб генерал-англічанін разумеў, што пачастунак сціплы не таму, што пашкадавалі чаго-небудзь, а не змаглі сабраць лепшага. Не маглі.

— Цяжка арганізаваць што-небудзь асаблівае. Увесь час на нагах ды на калёсах. Нават спаць даводзіцца ў машыне...

— Усё цудоўна, генерал! — усміхнуўся англічанін.— Цудоўна! Цудоўна, што стол строгі! Мужчынскі, франтавы! І выдатная ідэя — проста пад небам! І акрамя ўсяго — водка! Руская водка!..

Нібы паказваючы, як ён задаволены ўсім, англійскі генерал устаў і энергічным, узрушаным голасам аб’явіў тост за выдатнага савецкага камандзіра дывізіі Шчарбацюка. Трэба сказаць, што генерал не адчуў недавольнасці, калі чуў хвалу сабе, але азначэнне «выдатны» ўсё ж збянтэжыла крыху яго. Пачырванеўшы, ён коса зірнуў на генерала з Масквы, як бы хацеў убачыць: што ён пра ўсё гэта падумаў. Генерал з Масквы ўсміхаўся, шчыра ўздымаў шклянку. Шчарбацюк з радасцю ўзняў сваю.

— Я не выпадкова, калега, сказаў: за выдатнага,— загаварыў пасля тосту да Шчарбацюка англічанін, схіляючыся бліжэй, датыкаючыся плячом.— Кожны, хто ўдзельнічае ў гэтай аперацыі, мае права на самую вялікую чэсць,— ён праслаўляе сябе не толькі перад адным сваім народам, а перад чалавецтвам. Ваша перамога здзівіла і ўразіла ўвесь свет. Яна настолькі бліскучая, што мы, сучаснікі і саюзнікі, усёй душой захапляемся і ганарымся вамі...

Словы англічаніна ліліся лёгка, журчалі, нібы лагодны ручаёк,— яны прыемна хвалявалі добрае, цяпер такое чулае да хвалы генеральскае сэрца. Гэта было тым больш натуральна, што генерал быў сам захоплены веліччу аперацыі, у якой удзельнічаў. Што англічанін, ва ўсякім разе пра аперацыю, не хлусіў. Праўду казаў. «Скажы ты, як вядзе, нібы вершы чытае»,— з прыхільнасцю падумаў Шчарбацюк.

Але як ні быў захоплены незвычайнай сустрэчай, роллю гаспадара, як ні настройвалі на паблажлівасць застолле і хмель у галаве, у Шчарбацюка амаль увесь час прарываліся неспакойныя думкі пра дывізію. Ён пакінуў яе ў такім складаным становішчы! Асабліва хвалявалі яго справы ў Сібірака. Калі ён гаварыў з Сібіраком перад гэтым абедам, там ішоў цяжкі бой. На іх валіла вялікая група немцаў. Адно за адным прабіваліся ў галаву камандзіра дывізіі пытанні: што ў Сібірака? Што ў іншых?

Была ніякавасць у душы ад таго, што ён, няхай для справы таксама, сядзіць тут, п’е. Выпусціў з рук дывізію. П’е, калі там ваююць...

Тады ж, калі гаварыў з англічанінам, сачыў за сталом, ён раз-пораз паглядваў на сваю машыну з рацыяй, усё не мог адолець адчування, што адарваўся ад палкоў, што павінен ехаць да сваіх. Што вінаваты перад імі: пакінуў без кіраўніцтва ў такую хвіліну!

Разам з тым лагоднасць, расчуленасць, хоць і захмараныя патрабавальнымі, клопатнымі думкамі, усё ж не пакідалі яго.

«Здаецца, атрымліваецца добра,— думаў ён з уцехаю.— Няхай ведаюць, як умеюць рускія сустракаць...»

Ён паглядваў на генерала, што суправаджаў з Масквы, і пераконваўся: не памыляецца ў сваім меркаванні, што ідзе ўсё непагана. Што ў гэтым выпадку і камандуючы арміі павінен будзе прызнаць: дыпламатычны экзамен Шчарбацюк вытрымаў.

Яго супярэчлівыя развагі перабілі. Англійскі генерал папрасіў расказаць пра Барысаўскую аперацыю...

Калі Шчарбацюк, апісаўшы аперацыю, адказваў на пытанні, добра захмялелы ўжо капітан-англічанін, чарнявы, з вусікамі, ні то запытаў, ні то заявіў:

— Кажуць, тут у немцаў зусім невялікія сілы...

— Гледзячы, хто кажа...— адразу ўлавіў сэнс намёку Шчарбацюк.

— Палонныя, напрыклад.

— Палонныя?.. — Шчарбацюк усміхнуўся саркастычна. Ён быў пакрыўджаны, абражаны. Ён адчуваў, што трэба адказаць моцна.

— Калі немцы кажуць, то яны — з яшчэ большым правам — могуць тое ж сказаць і пра ваш фронт...

— Так?! — здзівіўся капітан.

— Вам гэта здаецца дзіўным?

— Гэта — цікава.

У камандзіра дывізіі зусім знікла паблажлівасць. Быў поўны абурэння, баявога запалу.

— У Нармандыі ў іх усяго трыццаць дывізій — супраць армій дзвюх дзяржаў! А тут, у адной Беларусі, яны маюць пяцьдзесят!.. ці, лепш сказаць — мелі, у пачатку нашага наступлення!.. Пяцьдзесят — нязначныя?! Яны скромнічаюць!..

Ветліва, прымірэнча ўсміхаючыся, загаварыў англійскі генерал:

— Я не магу запярэчыць вам: даныя аб колькасці войск, вядома, няпоўныя і... недастаткова правераныя... Але мне таксама, прызнаюся, даводзілася чуць ад палонных — паўтараю: чуць,— бо мая думка пра майстэрства вашых войск самая высокая... Даводзілася чуць, што вы іх раздавілі колькаснай перавагай.

«Здаецца, ён трошкі сказаў з таго, што ў яго на душы»,— мільгнула ў Шчарбацюка. Камандзір дывізіі вылаяў сябе ў думках: дарэмна пагарачыўся, ні да чога — пеўнем кідацца, як хлапчуку. Ды і з пункту гледжання дыпламатыі — ляпсус, яўна. Зіркнуў мелькам на генерала з Масквы: той з цікавасцю чакаў працягу. Шчарбацюк памаўчаў і, нібы ў роздуме, нібы звялы, згадзіўся:

— Ясна, перавага і колькасная і матэрыяльная была...

— Брава! Гэта шчыра! Шчыра па-руску! — пахваліў адзін з англічан.

— Так. Перавага была, інакш не было б чаго і сунуцца ў наступленне. Але адной колькаснай перавагі, як паказваюць факты, мала...

Шчарбацюк правёў позіркам па тварах гасцей, яны чакалі яго. Памаўчаў, пакуль перакладуць яго словы, уразумеюць. У яго вачах раптам з’явілася штосьці гарэзнае, насмешлівае.

— Гэта добра відаць, напрыклад, з вашага вопыту...— Ён зноў памаўчаў: няхай перакладуць і ўразумеюць. За сталом зрабілася вельмі ціха.— Возьмем хоць бы Касіно1 Нядаўняе...— Ён ужо адчуваў сябе ў становішчы камандзіра, які выдатна ведае, што ўдар будзе дакладны, моцны.— Там у вас было, як я ведаю, дзве арміі. Амерыканская і англійская. А немцаў у некалькі разоў менш. Ну, а як ішлі там справы?

— Гэта адна з нашых ваенных няўдач,— запярэчыў у адказ англічанін-генерал. Запярэчыў мякка, далікатна, нібы нагадваючы, што трэба трымацца правіл гульні. Правіл этыкету.

— Даруйце, генерал, што я зачапіў гэта. Мяне гэта аперацыя зацікавіла толькі як прыклад. Як прыклад да размовы, што такое колькасная перавага...

Шчарбацюк прыкмеціў: у вачах генерала, які суправаджаў англічан, скакалі вясёлыя чорцікі. Тоячы ўсмешку, ухваляў камандзіра дывізіі.

Спрэчку, аднак, не варта было распальваць. Англічане, пачаўшы звадку першымі, першымі ж і пайшлі мірыцца. Даў знак ім да гэтага разумны англійскі генерал. Шчарбацюк гасцінна наблізіў да яго сваю шклянку. Шклянкі пастуквалі над усімі сталамі.

Тады Шчарбацюку прынеслі некалькі радыёграм. Адна была ад Сібірака: націск немцаў стрымалі і нават паціснулі іх... Але бой не скончыўся...

«Трэба ехаць. Пакіну за сябе начальніка палітаддзела і паеду. Хвіліна якраз зручная...»

Камандзір дывізіі вылез з-за стала, схіліўся да генерала з Масквы, сказаў пра свой намер. Генерал не пярэчыў. Шчарбацюк вярнуўся на месца і, для прыліку сказаўшы яшчэ тост, устаў, каб развітацца.

— Вельмі прашу прабачыць, сябры,— ён заклапочана зірнуў спачатку на кіраўніка гасцей, потым на іншых англічан.— Але я павінен неадкладна ехаць... Чакаюць неадкладныя справы.

— Разумею, перш за ўсё — вайна,— усміхнуўся англійскі генерал. Ён па-сяброўску падаў руку.

 

1 Касіно – горад у Італіі, у раёне якога англа-амерыканцы ў 1944 годзе вялі баі з немцамі.

РАЗДЗЕЛ IV

 

1

Васіль стаяў каля дрэва, сціскаў у руках аўтамат і чакаў. Ён жывым не дасца. Няхай паткнуцца сюды, ён сустрэне іх. Шкада толькі, што ў аўтамаце адзін дыск, ды і той не поўны. Эх, і ніводнай гранаты не засталося! Непадалёк раптам спляліся частыя гулкія выбухі гармат і страляніна з кулямётаў. Хто гэта страляе? Ермакоў?.. Не, не трэба прыслухоўвацца да гэтага. Вось-вось паявяцца з-за дрэў аўтаматчыкі, трэба сачыць за імі. Але што гэта яны марудзяць? Яны маглі ўжо быць тут. Можа, абыходзяць? Не, здаецца...

Нямецкія грузавікі загурчалі маторамі. Пачалі кіравацца з ляска. Васіль у прагаліны між дрэў бачыў: на дарозе была дзіўная мітусня. Павозкі спяшаліся абагнаць адна адну, салдаты з усіх сіл лупцавалі коней. Там і тут грузавікі і павозкі зварочвалі з дарогі і гналі проста па полі.

Неўзабаве аднекуль вылецела, страляючы з кулямётаў, некалькі танкаў. Немцы пачалі кідаць павозкі і грузавікі, беглі куды глядзяць вочы. Дзе-нідзе салдаты ўздымалі рукі.

«Што гэта яны?.. Здаюцца?.. Што там за танкі? Нашы?.. Не, не можа быць. Яны ж учора былі далёка... А чые ж? Бач, што робіцца з немцамі?.. Няўжо нашы?!»

Васіль, забыўшыся на ўсё, кінуўся да ўскраю лесу, упіўся вачыма, як зачараваны, у гэтыя страшныя для немцаў машыны. Цяпер было ясна — нашы танкі!

Але танкаў было няшмат: усяго пяць машын. Яны, амаль не спыняючыся, прайшлі наперад, і Васіль зноў астаўся адзін. Навокал, як і раней, былі немцы.

«Эх, чаму я не падбег адразу да танкістаў,— няхай бы ўзялі мяне! Правароніў, разявака!» Адчуваючы, што зрабіў памылку, якая можа дорага абысціся, ён, азіраючыся, пачаў асцярожліва адыходзіць ад небяспечнай мясціны — ад зарасніку да зарасніку.

Неўзабаве Васіль быў ужо ў полі. Ісці адсюль проста да пасёлка нельга было: перад пасёлкам, ён ведаў, сабралася многа немцаў. Ён нават бачыў у тым баку групы салдат і машыны. Там можна было наткнуцца на іх...

Ён рашыў абысці немцаў, зайсці ў пасёлак з іншага кірунку, збоку.

Ішоў полем, сярод жыта. Прыгінаючыся, пільна азіраючыся, час ад часу, калі была небяспека, прысядаючы, так, што зусім хаваўся сярод сцяблін. Прысеўшы на зямлю, ён прыслухоўваўся да галасоў немцаў, асцярожна высоўваючыся, сачыў, дзе яны, куды кіруюць. Калі бачыў, што небяспекі не было, ішоў далей.

Каля лесу ён раптам убачыў непадалёк людзей у чырвонаармейскім адзенні. Яны ішлі па дарозе з аўтаматамі, савецкімі аўтаматамі. Паглядвалі наперад, сачылі насцярожана за дарогай, за полем.

Пілоткі, гімнасцёркі, аўтаматы, сам выгляд людзей, стомленых і насцярожаных,— усё паказвала, што гэта — чырвонаармейцы. У іншы час Васіль усё ж, ад перасцярогі, можа быць, яшчэ пачакаў бы, каб не памыліцца, не наткнуцца, скажам, на пераапранутых уласаўцаў ці немцаў, але цяпер ён чакаць не мог. Ён баяўся, што і гэтыя байцы, як і танкі, знікнуць, калі ён прамарудзіць, празявае.

Васіль напрасткі праз палосы бульбы і жыта пакіраваў да іх.

Яго заўважылі, спыніліся. Нібыта нават узнялі аўтаматы. Чакалі яго. Чакалі, бачыў, не вельмі прыхільна, насцярожана. І ў ім раптам зноў ажыў, памацнеў страх: ці не памыліўся, ці не пераапранутыя?

І ногі Васіля самі сабой запаволілі бег, і холад пайшоў па яго спіне.

Няўжо ж памыліўся? Калі памыліўся, прапаў. Так недарэчна. Глупа. Ён выхапіў з групы чарнявага, з мангольскімі вачыма, і падумаў: свае, мабыць. Адзначыў сабе: зоркі на фуражках, медаль у аднаго...

Усё, усё ў іх, і адзенне, і зброя,— наша, савецкая. І твары, твары нашы, родныя... Чаму ж яны так глядзяць...

Халодныя, нават варожыя позіркі іх трывожылі. Няцвёрда, усё марудней, набліжаўся Васіль да іх...

— Хэндэ гок! — скамандаваў адзін з іх. Той, з мангольскімі вачыма.

Усяго мог чакаць Васіль, толькі не гэтага. Сумеўся ад нечаканасці.

— Д-ды што гэта ты?!

— Хэндэ гок! Ясна? — паўтарыў чырвонаармеец, пагрозна цэлячы зброю. Сцерагучы пільнымі вачыма, загадаў:

— Аўтамат — сюды!

Васіль не слухаўся.

— Аўтамат — сюды!

Нічога не разумеючы, разгублены, Васіль аддаў аўтамат.

Вось дык сустрэча! Ніколі не думаў, не гадаў, што можа такое быць. Ніяк не мог зразумець: чаго ён, гэты пехацінец, так варожа абыходзіцца? Няўжо такі — пераапранутыя? Не падобна. Заўважыў, як непрыхільна акінуў яфрэйтар яго вопратку, і раптам здагадаўся: вунь яно што! Мундзір, відаць, ва ўсім вінаваты,— палічылі за немца ці паліцая!

— Я — партызан,— паспрабаваў устанавіць справядлівасць Васіль.— Я — не немец... Ну, праўда — п-партызан. З брыгады Ермакова. Разумееш?

У доказ Васіль выняў з кішэні пілотку з зоркаю, надзеў на галаву, ясна-блакітнымі вачыма даверліва паглядзеў на яфрэйтара.

— Ну, бачыш?

— Нічога не ведаем,— заявіў баец.— Камандзір разбярэцца.

Паклікалі камандзіра. Невысокі, чарнабровы сержант, кальнуўшы Васіля строгім позіркам, загадаў паказаць які-небудзь дакумент.

Які мог Васіль даць яму дакумент? Усяго і было дакументаў, што старая, парудзелая даведка, якую толькі разы два за вайну паказваў цёткам у вёсках. Дастаў з кішэні на грудзях, разгарнуў цэлафанавую абгортку.

Сержант з годнасцю ўзяў паперку. Прачытаў уголас прозвішча і імя Васіля. І раптам падняў здзіўлены, чамусьці ўсхваляваны позірк. Вусны яго дзіўна дрыжалі:

— Бацька?!

— Што? — не зразумеў Васіль.

— Бацька тут...

Ён паказваў даведку.

Васіль не разумеў. Ніхто не разумеў нічога. Было відаць толькі: сержант штосьці ўбачыў незвычайнае.

— Подпіс...

Сержант, вельмі ўзрушаны, даў руку, назваўся:

— Туравец... Юрый...

Гэта было так неспадзявана, што Васіль не адразу ўцяміў, што ён сказаў.

— Вы — Юрка?.. Юрка Туравец?! — нібы не паверыў ён.

— Юрый.

Васіль збянтэжана ўглядваўся ў сержанта. Нібы ўсё не мог даць веры. Вунь да каго, аказваецца, папаў ён у «палон»! Вакол іх сабралася цяпер купка салдат, зацікаўлена сачылі за размовай.

— Вы яго даўно бачылі?

— Не, нядаўна. Учора! Перад самым боем!..— Рады, што можа паведаміць такую добрую вестку, што прыкрая недарэчнасць так скончылася, Васіль, ззяючы, сказаў: — Ён у тым пасёлку, адразу вось за гэтым узгоркам. Як уздымецеся на ўзгорак, адразу будзе пасёлак. Бацька там... Вы яго ну, праўда, хутка пабачыце!

Смуглы, не па гадах цвёрды, твар сержанта засвяціўся радасцю.— У пасёлку?! У гэтым пасёлку? Тут, за ўзгоркам?

...Юрый раптам успомніў, здавалася, такую даўнюю ростань з бацькам. Бацька праводзіў яго за горад, на Магілёўскае шасэ. У грузавіку, поўным жанчын, старых і дзяцей. Каля апошніх дамоў спыніў машыну, абняў Юрыя. Помніцца, Юрый заўважыў, што ён вельмі пастарэў у тыя дні.

Такім ён і застаўся ў памяці. Пастарэлы, нейкі прыціхлы. Адразу, як толькі машына кранулася, ён павярнуўся і пайшоў назад у горад, над якім лютавалі пажары.

Толькі праз паўтара года бацька неяк адшукаў яго ў далёкім башкірскім гарадку. Юрка стаў атрымліваць ад яго весткі. З далёкіх лясоў, з незнаёмага, цяжкага і — цудоўнага жыцця. Як Юрка рваўся ў той час туды, дзе быў бацька, як трызніў роднымі лясамі, партызанскімі паходамі... Ледзь толькі дзевяты клас застаўся ззаду, папрасіўся ў армію...

І вось яны хутка ўбачацца... І трэба ж, каб іх шляхі так добра, так шчасліва сышліся!..

Сержанта паклікалі да малодшага лейтэнанта Праворнага. Васіль застаўся цяпер адзін сярод салдат, што частавалі яго махоркай, распытвалі аб партызанскім жыцці. Той, хто затрымаў Васіля,— Шарыфутдзінаў — аддаў яму аўтамат:

— Вазьмі назад сабе. Не трэба крыўдзіцца — сам вінаваты. Носіш гэты фрыцаўскі мундзір!

Неўзабаве Юрый вярнуўся і, задыханы ад бегу, папрасіў Васіля пайсці з ім, да малодшага лейтэнанта.

Камандзіры — афіцэры і сержанты — сядзелі ўскрай дарогі, пры кювеце і на сцежцы. Вакол іх чырванела і бялела прыцярушаная пылам канюшына, уздымаў сцяблы-хвосцікі над лапчатымі лістамі трыпутнік. Над камандзірамі весела паблісквалі варухлівымі лісточкамі тры маладыя бярозкі.

Вывеўшы Васіля наперад, Юрый Туравец сказаў камандзірам, што гэта ён і ёсць, Васіль Крайко, і камандзіры пачалі ўставаць, знаёміцца з ім. Акрамя шчуплага малодшага лейтэнанта быў тут і камандзір батальёна капітан Паўлоўскі.

Высокі, вялікі камбат, спусціўшы ногі ў кювет, сказаў, што батальён адсюль павінен павярнуць на поўнач.

— Ці не можаце вы правесці нас? — Паўлоўскі назваў сяло, куды, відаць, трэба было ісці батальёну.

— Ч-чаму ж не магу?! Я тут усе дарогі ведаю. Як свае боты...— узрадаваўся Васіль.

— Значыцца, можаце. І згодны? Вось і цудоўна!.. Ну, калі так, будзеце правадніком!

Паўлоўскі падняўся, атрос зямлю са штаноў. Падняўся і Праворны, аб’явіў, што грузавікі будуць хутка, загадаў, каб усе былі напагатове,— і камандзіры пачалі разыходзіцца.

Васіль пайшоў з Юрыем. Крочыў побач з маўклівым і задумліва засяроджаным сержантам. Не вытрываў, спытаў спагадліва:

— А як жа вы, з бацькам?

Юрый паглядзеў доўгім позіркам усцяж дарогі, што бегла ў бок пасёлка. Не адразу, сумна сказаў:

— Сустрэчы, як бачыш, пакуль не будзе. Давядзецца адкласці...

 

2

Шашура ў гэты дзень ішоў на працу з асаблівым настроем. Як яму было не мець такога настрою: вельмі ж можа быць, што гэтая аперацыя — апошняя.

Тыя аперацыі бачыліся Шашуру цяпер звычайнымі, як праца ў будзённы дзень. Сёння ж, адчуваў ён, належала зрабіць асаблівае. Заўсёды ахвочы да эфектных учынкаў, ён бачыў гэту завяршальную аперацыю як бы апошняй гастроллю, спектаклем «на развітанне». Ён памятаў, што акцёры, перад тым як выехаць з горада, выступалі звычайна з развітальнымі спектаклямі. Яго нязменна заварожвалі словы — апошнія, развітальныя спектаклі. Шашура амаль заўсёды хадзіў на гэтыя спектаклі. Дарэчы, ён вельмі любіў і паважаў артыстаў, лічыў іх людзьмі незвычайнымі.

Для такой важнай справы Шашура выбраў ціхую, мала аб’езджаную пасёлачную дарогу, кіламетраў так з адзінаццаць ад пасёлка, дзе білася брыгада. Ён быў непахісна ўпэўнены, што немцы, стараючыся абмінуць заняты Ермаковым пасёлак, павернуць не інакш як сюды.

Калі Шашура дабраўся да месца працы, ледзь пачало днець. Вось яно, месца яго, можа быць, апошняй працы — дарога ўрэзваецца ў яловы лес. Зручны ўкрыты куточак: густы і цёмны малады ельнік падступае да самых пясчаных каляін. Выдатныя подступы да дарогі. Подступы, пра якія можна толькі марыць.

— Як спецыяльна, каліна-маліна, нарасло для нас!..

— Добрая мясцінка! — падтрымаў яго адзін з памочнікаў.

— Тут мы і прызямлімся!.. Ну, хлопцы, паварочвайся жвавей ды — асцярожней... Каб... птушак лясных часам не патрывожыць.

Выглядваючы з ельнічку, Шашура акінуў позіркам абодва бакі дарогі. У ранішнім прыцемку яна нагадвала рэчышча, а рады чорных дрэваў здаваліся падобнымі на скалы. На дарозе было пуста.

Шашура толькі сабраўся выйсці на дарогу, як наводдаль паказаліся машыны.

— Ш-ш! — зашыпеў ён на таварышаў.— Едуць!.. Гэтых, хлопчыкі, пакуль прапусцім...

Прамчалі два грузавікі. Кузаў аднаго з іх быў адкрыты, і было добра відаць, як там, звесіўшы сонна галовы, дрэмлюць немцы; другая машына была крытая.

— Гэта — першыя птушкі,— супакойваў не так другіх, як сам сябе, Шашура.— Чарада яшчэ будзе... Не шкадуй, хлопцы!..

Ён выбраўся на дарогу і з дапамогай двух асістэнтаў у тым баку, куды пайшлі машыны, метраў праз сто, закапаў у сыпучай, пясчанай зямлі цяжкую націскную міну. Ён выбраў такую адлегласць, каб не зачапіла выбухам, а месца выбраў там, наперадзе, з разлікам, што тыя, хто будзе ў машыне і ўцалее, пасля выбуху не інакш кінуцца назад, сюды, дзе засада. Машына, можна не сумнявацца, будзе ісці не адна, трэба, каб у пастцы знайшлося месца і іншым. Як толькі пярэдняя падарвецца, гэтыя іншыя, наступныя, стануць, вельмі зручная будзе мішэнь. А для тых, хто захоча ратавацца ў лесе, Шашура акаймаваў дарогу дробнымі пяхотнымі «хлапушкамі».

Падрыўнікі, вопытныя ў такіх турботах людзі, вышкаленыя Шашурам, трымаліся правіл найстрогай маскіроўкі. Не высоўваліся з ельніку, перагаворваліся шэптам ці знакамі.

Зрабілі ўсё, што трэба было для бою, усталявалі два кулямёты, расклалі дыскі з патронамі, гранаты. Ляжалі пры кулямётах, трымалі гатовымі да бою аўтаматы. Шашура, вярнуўшыся да іх, пад ахову елак, нецярпліва ўпіўся прыплюшчанымі кашачымі вачыма ў пасвятлелую дарожную далеч, стаў услухоўвацца.

Усё далей адкрывалася дарога, яна была пустая, ціхая. Ніякіх машын, ні адной, нават адзінокай, постаці.

Мінула паўгадзіны. Гадзіна, дзве. Усё было па-ранейшаму. Сонная пустэча і ціш. Толькі нябачны дзяцел недзе наводдаль рупіўся, тукаў. Нібы ў насмешку.

— Эх, каліна-маліна, няўжо я схібіў? Няўжо не там выбраў? Быць не можа!

Побач хтосьці з хлопцаў узлавана вылаяўся:

— Чаму яны, госпада бога, не едуць!

Яшчэ сочачы за дарогай, падрыўнікі пачалі паціху размаўляць, асцярожна курыць. Доўгае, нуднае чаканне ўсім надакучвала.

Мінула тры, чатыры гадзіны! Недалёка, у баку пасёлка, узгарэлася моцная страляніна. Яна то спадала, то зноў узгаралася, а на дарозе, бы знарок, было пуста і ціха!..

Раптам Шашура перасцярожліва зашыпеў: «ш-ш!» Люта зіркнуў на таварышаў, рашучым рухам рукі даў знак замерці.

Усе адразу змоўклі. Камандзір падрыўнікоў, углядваючыся ў дарогу, нават узняўся на локцях. Напружана, востра ўглядваўся. Калі павярнуўся да ўсіх, у вачах быў ліхаманкавы, зіхотна-радасны бляск:

— Едуць!.. Едуць усё-ткі «заваёўнікі свету»!

Па дарозе ішлі машыны. Хутка можна было ўжо разгледзець іх. Наперадзе — адкрытая легкавая машына, за ёй, крыху ззаду — грузавікі. Дарога наводдаль рабіла дугу, і, дзякуючы гэтаму, можна было бачыць усю калону, усе грузавікі. Адзін, другі, трэці...

Машыны ўсё набліжаліся. Ужо добра было відаць, што і ў легкавой, і ў адкрытых кузавах грузавікоў, што рушылі за ёй, поўна салдат.

Шашура, азірнуўшыся на таварышаў, убачыў, як адны з іх застылі, цэлячыся на дарогу, другія варушыліся, стараліся прыладзіцца ямчэй. Ну, быць бою!

Шашура з непакоем падумаў: толькі б вытрывалі ва ўсіх нервы. Каб не ўдарыў хто-небудзь раней часу, да выбуху. Трэба даць, абавязкова даць улезці ім у лес. Ударыць ім ззаду, тады, калі яны, ачмурэлыя ад неспадзяванага выбуху, замітусяцца, не ведаючы, што рабіць...

Ён таксама ўзяў на руку аўтамат.

Але што гэта?! Шашура няўпэўнена апусціў аўтамат і, узняўшыся на калені, да болю ў вачах стаў узірацца: не нямецкі гэты ўсюдыход! І форма ў салдат не шэра-блакітная. А галоўнае — маленькі чырвоны сцяжок на пярэдняй машыне... А можа, ён памыляецца? Ці, можа, гэта правакацыя, ашуканства?!

Тады салдаты з грузавікоў самнуць, пераб'юць жменьку партызан і самога яго, Шашуру, праніжуць чаргой. Ці для таго ён біўся столькі, каб загінуць так бязглузда! Хто ж гэта, нарэшце? Як ні ўзірайся, не разбярэш нічога!.. На нядаўна рашучым твары падрыўніка была пакутлівая разгубленасць.

— Чакайце, хлопцы!..

Шашура ўстаў: трэба высветліць, хто гэта.

Калі гэта заваёўнікі, тады — адна чарга з машыны, і яму канец, і многім таварышам смерць. Але гэта могуць быць і нашы, іх трэба спыніць, папярэдзіць! Адным словам, неабходна высветліць.

— Калі дам чаргу — значыцца: каўбаснікі. Тады — па ўсіх машынах! З усіх ствалоў! Ясна?

Трымаючы ў руцэ аўтамат, Шашура вылез з ельніку, выйшаў на дарогу і нехапатліва, як бы спакойна, рушыў насустрач машынам. Падрыўнікі са сваёй сховы нацята сачылі за ім.

Бачылі: шыракаплечы, камлюкаваты, з кавалерыйскай партупеяй, ён рашуча ўзняў руку, загадаў машынам спыніцца.

Пад’ехаўшы бліжэй, легкавічок павольна затармазіў. І тут падрыўнік, пастаяўшы нерухома нейкі кароткі і цяжкі час, раптам ірвануўся з месца і кінуўся да машыны.

— Адставіць! Не страляць!!! — прыпыніўся ён на міг, павярнуўшыся да партызан. Аб’явіў, рады без меры: — Свае-е!!

Шашура крыкнуў так, што па лесе пакацілася: «э-э-э!»

У першай машыне, у легкавічку, побач з шафёрам, важны і шчаслівы, вольна сядзеў не хто іншы, а таварыш, лясны брат Шашуры — Васіль Крайко, апрануты ў салдацкую гімнасцёрку. Васіль памог адразу рашыць цяжкія сумненні Шашуры, дазнацца, хто следуе ў машыне.

— Вася?! Каліна-маліна, ці ты гэта? Адкуль ты? Як ты сюды зваліўся?

— Прыехаў в-вызваляць вас! — засмяяўся Васіль.

— Ну, калі так, то дзякую, таварыш ба-ец...— і Шашура, парывіста адкінуўшы кепку на макаўку, так сціснуў «вызваліцеля», што ў таго костачкі затрашчалі. Ашалелы ад радасці, камандзір падрыўнікоў абхапіў бліжняга, што выскачыў ужо з машыны, смуглявага сержанта Юрыя Тураўца.

Тым часам спыніліся грузавікі, што ішлі ўслед. З ельніку вылезлі, кінуліся да машын іншыя партызаны. З грузавікоў пасаскоквалі салдаты ў выгаралых гімнасцёрках. Усе сышліся, зліліся ў купах, шумлівых, усхваляваных.

Падрыўнікі кожны па-свойму выказвалі радасць. Некалькі хлопцаў падхапілі пажылога вусатага байца і ўскінулі на руках; іншыя хто ціснулі, трэслі па-сяброўску рукі, хто, як браты, абдымаліся. Амаль усе радасна крычалі. Адзін рослы партызан, абдымаючы маладзенькага яфрэйтара, неспадзявана для сябе заплакаў ад шчасця, як дзіця.

Шашура перацалаваў усіх, хто быў у пярэдняй машыне, весела ссунуў кепку на лоб і пачухаў патыліцу.

— Эх, каліна-маліна, і не снілася — пад сваіх міны падлажыў! Яшчэ б крыху, і вы паляцелі б на той свет. І — ад маёй міны, няхай мне рукі адсохнуць!..

 

3

— Разміні-і-ррваць! — схамянуўся раптам ён. Ашалелы ад шчасця, Шашура скамандаваў так, што рэха пайшло па лесе.

Сам рынуўся з усімі: відаць, камандаваў падрыўнік не толькі іншым, а і сабе.

Усе кінуліся разграбаць пясок вакол мін, выкручваць запалы. Рабілі з небывалым імпэтам і весялосцю.

Хутка дарога была вольная, яна цяпер была перакапана мелкімі, як воспінкі, ямкамі, ля якіх жаўцеў сыпучы пясок. Выкапаныя міны мірна ляжалі з боку дарогі, ускрай ельніку...

— Шлях вольны! — хвацка казырнуўшы, далажыў Шашура малодшаму лейтэнанту Праворнаму.— Але далей мы вас, прасіце не прасіце,— не прапусцім. Не можам прапусціць! Трэба, каб вы абавязкова пагасцілі ў нас.

— Дзе гэта?

— У пасёлку...

— Ну, там цяпер і без нас даволі гасцей! — Праворны заклапочана азірнуўся ў бок грузавікоў.— Туды, ні мала ні многа, два нашыя палкі пайшло!..

— Нельга,— строга прамовіў сержант.— Мы маем заданне...

— Я і забыў вас пазнаёміць,— схамянуўся раптам Васіль.— Гэта Юрый, камісараў сын.

— Юрый? Вось гэта факт! — Шашура зноў абхапіў сержанта. Адпусціўшы, заявіў пераканана: —Ну, тады, каліна-маліна, і гаварыць няма чаго! Абавязкова заедзем. Не пабачыцца з бацькам пры такой сітуацыі? Гэта ж злачынства. Адказнасць перад вашым начальствам, калі на тое пайшло, бяру на аднаго сябе. Скажу, я вінават, толькі адзін я!.. Дамовіліся, таварыш камандзір? Едзем!

— Не магу. Спяшаемся!.. — і Праворны, павярнуўшыся да байцоў, што стаялі на дарозе, скамандаваў: — Па машы-ы-нах!

На твары Шашуры было бязмежнае шкадаванне.

— Значыць, канец, і няможна?! — не верыў ён.— Але тут жа шкадаванне змянілася мужнай дзелавітасцю: — Ну, у такой сітуацыі — адзначым, каліна-маліна, на хаду! Як, гэта кажуць — экспромтам!

Шашура спрытна адкруціў ад фляжкі алюмініевую чарачку і, наліўшы да верху спірту, шырокім жэстам падаў лейтэнанту. Здабыў з палявой сумкі, дзе ляжалі і запалы, загорнуты ў некалькі лісткоў з кнігі кавалак тоўстага, яшчэ свежага сала, парэзанага на скрылёчкі, і акуратна паклаў на пярэдняе сядзенне. Потым наліў з фляжкі Юрыю, Васілю, выпіў, задаволена крэкнуўшы, сам і стаў хапатліва, як прагаладалы, закусваць салам.

— Эх, размінаемся з бацькам! — не вытрымаў, шчыра пашкадаваў Юрый.— Вы яму хоць прывітанне!..

Шашура запэўніў: перадасць, канечне, пра што казаць. Адразу, як толькі вернецца, пабачыць. Але лепш бы — Юрый сам заявіўся. Шашура знарок зірнуў на лейтэнанта: як узяў намёк. Разумець павінен. Лейтэнант быццам не чуў.

— Нічога, можа, у Мінску сустрэнемся...— супакоіў сябе Юрый.

— Гэт-та факт! — падтрымаў яго Шашура.

Праворны, адчувалася ўвесь час, спяшаўся: не даўшы закусіць па-людску, загадаў заводзіць машыны. Шашура, Праворны, Юрый, усе іншыя сталі развітвацца, па-сяброўску, нібы даўнія знаёмыя.

— А ты, Вася, друг мой юны, як жа? Не вернешся ўжо? — пацікавіўся гарэзна Шашура.

— Вярнуся — п-пазней! Толькі правяду — б-бліжэй да Мінска!.. Ведаеш што,— голас Васіля пацішэў і памякчэў.— Пабач...

— Валю, вядома,— падмігнуў здагадлівы падрыўнік.

— К-канечна. Скажы ёй, што са мной усё ў парадку. А то яна, мусіць, перажывае...

— Ёсць за каго перажываць!

— Не крыўляйся. Перадай!

Машына ўжо кранулася. За ёй паўз Шашуру і яго хлопцаў, набіраючы хуткасць, прабеглі грузавікі.

Вяртаючыся да сваіх, падрыўнік пашкадаваў ні то жартам, ні то сур’ёзна:

— Сарвалася, каліна-маліна, мая апошняя аперацыя!..

 

РАЗДЗЕЛ V

 

1

Праворны не памыліўся — у пасёлку было поўна байцоў.

Па галоўнай, брукаванай, вуліцы рушыла артылерыя. На ўвесь пасёлак разносіўся рэзкі лязгат, скрыгат цягачоў, востра пахла перагарам гаручага. На дварах стаялі машыны са снарадамі і нейкімі мяшкамі, а ў некалькіх месцах грузавікі з зенітнымі кулямётамі, у чахлах і без чахлоў — нацэленымі ў неба.

Пасёлак віраваў, як у свята. Усюды на вуліцах віднеліся салдаты і партызаны — нібы адно войска; сярод цывільных і ваенных фуражак і кепак часта бялелі, цвілі кветкамі, рознымі колерамі вясёлыя хусткі жанчын. Між дарослых усюды круціліся неспакойныя цікаўныя дзеці. Усе былі яшчэ ахмялелыя першай радасцю сустрэчы, пачыналіся роспыты, апавяданні. Бясконцыя роспыты!

Хоць цікаўнаму Шашуру вельмі хацелася пастаяць у якім-небудзь гурце, паслухаць, пра што гавораць людзі, ён, апынуўшыся тут, на вуліцы, адразу нацэліўся шукаць Тураўца. «Вось узрадуецца, калі скажу, што носам да носа сустрэў — каго б вы думалі? — Юрку!.. Вось як вас цяпер, бачыў, скажу!..— Шашура не мог проста спакойна ўявіць, як ён будзе казаць усё гэта, як будзе слухаць Туравец. Але як ні захапляла гэта незвычайная сустрэча з камісарам, у нейкі момант Шашура ўбачыў, што ў ёй можа быць і іншы лад: — Каб, чаго добрага, не забедаваў ён,— засумняваўся раптам падрыўнік, — што не ўдалося пабачыцца з сынам. Гм, гэта можа быць, вельмі можа быць!..— Шашура ад такога адкрыцця нават прыкметна стрымаў тэмп хады. Рашыў, аднак: — Усё роўна трэба расказаць яму».

Камісар і Ермакоў, калі Шашура ўбачыў іх, якраз меркавалі нешта з незнаёмым армейскім генералам. Генерал, пажылы, даволі грузны, з бялявымі запыленымі брывамі, з шырокім крутым ілбом, стаяў каля машыны і, відаць, збіраўся ад’язджаць.

Ермакоў быў у афіцэрскай форме, у хромавых ботах, з партупеяй і бліскучай афіцэрскай пражкай. Трымаўся з генералам камбрыг паважна і неяк інтымна, нібы паказваў, што ён таксама не абы-хто, не лыкам шыты, а ваенны, кадравы.

— Дык я спадзяюся, другі мае! — пачуў Шашура.

Стукнуўшы шпорамі, Ермакоў адказаў-адрапартаваў супакойліва:

— Можаце быць упэўнены, таварыш генерал! Усё будзе зроблена! Усе сцяжкі знаёмы! А пра дарогі і казаць няма чаго! Зробім! Правядзём!

Генерал падзякаваў, па-таварыску паціснуў камісару і камбрыгу рукі і важка сеў побач з шафёрам у машыну.

— Шчаслівай дарогі, таварыш генерал! — трымаючы далонь ля казырка фуражкі, пажадаў Ермакоў.

Ледзь машына, кінуўшы хмарку сіняга дыму, рушыла па вуліцы, Шашура падышоў да Тураўца.

— Таварыш камісар, дазвольце далажыць. Вестачка добрая ёсць, асабіста вам!

Шашура знарок недагаварыў, ззяючы, чакаў пытання. Туравец зірнуў нібы нездаволена, думаў, мусіць, пра гаворку з генералам.

— Якая вестка? — У позірку быў, падобна, папрок: чаго гаворыш гулліва, загадкамі? Але амаль адразу ж у позірку яго мільгнула і хваляванне, трывожнае чаканне. Здагадаўся, чакаў. Але не верыў. Стрымаў сябе.

— Ад сына вашага! — урачыста аб’явіў Шашура.

— Ад сына? Ад Юркі? — Туравец, падобна было, усё не верыў.— Дзе ён?!

— Блізка!

Падрыўнік парывіста, то кпліва, то ў захапленні, узяўся расказваць пра сустрэчу. Пачынаючы ад таго, як ён закапаў міну для немцаў, але як, пабачыўшы машыны, скеміў у час...

Камісар нібы ўсё не верыў Шашуры, і глядзеў, і слухаў, ловячы кожнае слова і быццам яшчэ не разумеючы ўсяго.

— Дык дзе ж ён? — раптам нецярпліва перабіў ён падрыўніка. Гатоў быў, здавалася, рынуць насустрач.

— Развіталіся! — сціпла і спачувальна прамовіў падрыўнік. Выказаў спачуванне, як толькі мог. Разумеў жа ўсё.

— Як — развіталіся?

— Загад прыйшоў адразу — далей.

— Дык што ён — паехаў?

— Так што — паехаў, таварыш камісар!..

— Паехаў! Што ж ты...— Туравец ледзь не мацюкнуўся ад шкадавання. Зазлаваў на недарэчную балбатлівасць падрыўніка.

— Я затрымліваў яго, таварыш камісар,— хацеў паправіцца Шашура. — Не мог ён. Заданне.

— Куды ён паехаў?

— У бок Кавалёў, таварыш камісар.

— Ён, відаць, у Шчарбацюка служыць,— уступіў Ермакоў, які ўвесь час з цікавасцю слухаў, што гаварыў Шашура.— Трэба папрасіць генерала, каб адпусціў пабачыцца. А? Хочаш, я звяжуся, пагавару?

— Паспрабуй! — Туравец узрадаваўся, адразу ўхапіўся за надзею, што паявілася ад слоў камбрыга.

Яны ўдвух кінуліся шукаць які-небудзь штаб, з якога можна было б звязацца з камандзірам дывізіі. Знайшлі штаб аднаго з палкоў. Мяркуючы па тым, што ў машыну ля штаба грузілі маёмасць, штаб таксама збіраўся выпраўляцца з пасёлка. Камбрыг з годнасцю аб’явіўся, спасылаючыся на асабістае знаёмства з камандзірам дывізіі, папрасіў звязаць з генералам.

— Пачакай, можа, ён тут, у гэтым палку,— перапыніў Ермакова Туравец. Ён запытаў маёра, з якім гаварыў Ермакоў, ці няма ў асабістым складзе палка сержанта па прозвішчу Туравец. Маёр задумаўся, пацерабіў руды вус, пакруціў галавою — не прыпамінае. Ён загадаў паклікаць нейкага Цімошкіна і, калі паявіўся хударлявы, з жоўтымі вачыма лейтэнант, запытаў таго, ці няма ў іх палку сержанта Тураўца, загадаў праверыць па спісах.

Неўзабаве Цімошкін вярнуўся і сказаў, што ў спісах сержанта Тураўца няма. У гэтым штабным клопаце Туравец адчуў няёмкасць за тое, што турбуе людзей па асабістай справе. Але так хацелася пабачыць хоць на момант сына, што ён не толькі не стрымліваў Ермакова, які прасіў звязаць з камандзірам дывізіі, але і нецярпліва чакаў, чым усё скончыцца. Не хацеў так проста траціць надзею.

Генерала Шчарбацюка ў штабе дывізіі не аказалася. Чакаць не было як, штабісты палка, склаўшы маёмасць у машыны, чакалі ўжо каманды рушыць.

— Размінуліся! — Туравец з такім жалем вымавіў гэтае слова, што Шашура, які дачакаўся камісара і камбрыга на вуліцы, пачуў быццам папрок сабе.

— Тры гады чакаў, вось ён падышоў, і — на табе! — Туравец дапытліва зірнуў на Шашуру: — Які хоць, скажы, ён? Рослы, а?

— Ды не, не вельмі...— Шашура загаварыў ахвотна. Хацеў неяк суцешыць бацьку, ды і сваю прамашку згладзіць.— Невысокі зусім, можна сказаць...

— Невысокі? Няўжо не вырас?.. Бацька вінаваты... Ну, а так, з выгляду? Дарослы, сталы?

— А як жа, сталы! Салдат па ўсёй форме!

— Салдат!.. Вось як, брат, мы, Тураўцы,— сказаў камісар дзіўна-задуменна. Стаіў шкадаванне аб размінцы з сынам.— І на фронце, і ў тыле. З двух бакоў Гітлера, каб ён згніў зажыва, ціснем!.. Ды, кажаш, салдат — па форме?

— Па форме!

Шашура бачыў: камісар усё не мог супакоіцца, што размінуўся з сынам.

 

2

У той жа дзень, пад вечар, камісару прыйшоў загад здаць справы ў брыгадзе і падрыхтавацца да ад’езду ў Мінск.

Мінск яшчэ не быў вызвалены, а Туравец ужо толькі і думаў, што аб горадзе, дзе яму належала працаваць сакратаром аднаго з райкомаў партыі.

Пачыналася новае, мірнае жыццё, заяўлялі пра сябе зусім іншыя, як дагэтуль, клопаты. З заўтрашняга — ці, на горшы выпадак, з паслязаўтрашняга дня — ён будзе знаёміцца з невядомымі сёння людзьмі, шукаць сцежкі да іх сэрцаў, згуртоўваць вакол райкома, вучыць. Партыя пасылае яго на новае месца, дае новую справу,— справу, якая так блізка яго душы, аб якой ён так многа марыў усе тры ваенныя гады...

Яму ўспомніўся пачатак партызанскага жыцця, пануры, маўклівы лес, які абступаў яго і тых, хто быў з ім, калі яны сядзелі на палянцы ў першы вечар. І першая, амаль без сну, ноч, у якую ён думаў, як будзе рыхтаваць людзей да баёў. Тады многае было незразумелым, няясным,— не тое, што цяпер. Цяпер, хоць і чакалі нялёгкія справы, ён глядзеў наперад багата смялей: Туравец добра бачыў мірную будучыню, бачыў у канкрэтных дэталях,— яна была падобнай на тое, што ён ведаў з даваеннай работы. Вядома, у тым, што яго чакае, будзе і многа непадобнага,— ён пра гэта не забывае. Ён падумаў пра гэта. Чаго толькі не абдумаў ён ў марах за доўгія лясныя ночы і дні.

Ён ідзе на новую працу не адзін, а з групаю дзейсных, талковых людзей, і гэта Тураўца асабліва абнадзейвала. З ім пойдзе нямала памочнікаў і дарадчыкаў, на якіх можна будзе напачатку, ды і пазней, абаперціся...

Ермакоў пакуль заставаўся па-ранейшаму камандаваць брыгадай, якой было загадана дапамагаць ваенным часцям другога эшалона, забяспечваць парадак у вызваленым раёне. Камбрыг вельмі шкадаваў, што брыгадзе не прыйдзецца ўдзельнічаць у вызваленні Мінска: такую важную падзею зробяць без яго! Нездаволены быў, што даводзілася быць толькі, як ён гаварыў, «вартаўніком», «правадніком».

Ермакоў ужо таксама ў думках развітваўся з брыгадай. Туравец гэта адчуў, калі яны селі ўдвух, каб вырашыць некаторыя справы да ад’езду камісара.

— Пайду па старой спецыяльнасці — у «пушкары»...— загаварыў да Тураўца камбрыг, ссоўваючы набок сваю артылерыйскую фуражку. Раптам выпрастаўся, строга ўскінуў галаву.— Па цэлі нумар чатыры! Гранатаю, узрывацель фугасны! Зарад першы!.. Вугламер — трыццаць чатыры! Узровень — трыццаць нуль!.. — голасна скамандаваў ён, нібы для таго, каб давесці, што не забыўся.

— Ты цішэй, Ярмак. А то — чаго добрага — мінамётчыкі ўздымуць трывогу.

— Ну, і няхай уздымуць!.. Развітальны салют зробім!..

Яны сышліся ў драўляным доме, побач з тым, дзе нядаўна быў камандны пункт; вокны былі расчынены, і з вуліцы ішлі сюды грукат калёс па бруку і разнастайны гоман. Дом быў пусты, у ім, з вестак жыхароў, жыў нейкі немец, які знік у самы апошні момант,— уцякаць, пэўна, давялося хапаючыся, у доме было прыбрана і чыста. На Тураўца і Ермакова глядзелі са сцен нейкія фрау з хітрымі прычоскамі,— глядзелі і, здавалася, дзівіліся.

Ермакоў раптам заклапочана задумаўся:

— Добра табе, Нічыпар,— усё ў цябе ясна. Вось і месца тваё табе ўжо вядома.

— Ну што ў мяне добрага? — запярэчыў няшчыра, задаволены ў душы, Туравец.— Гэта ж мне, можа, часова...

— Не хітруй. Не прыбядняйся... І наогул ты, Нічыпар,— мужык! Хоць і камісар, а з мужыкоўскай жылкай,— крыўдуй не крыўдуй!

Туравец не пакрыўдзіўся.

— Можа быць, можа. Збоку перажыткі відней,— ён яўна пасмейваўся.

— А я вось не ведаю, дзе буду праз некалькі дзён... Цікава, што мне цяпер дадуць — батарэю ці на дывізіён паставяць, а, як ты думаеш?

Туравец адказаў, што могуць паставіць камандаваць дывізіёнам ці назначыць начальнікам штаба палка.

— На штаб-то наўрад. Са штабной работай я, мусіць, не спраўлюся. Ды і нешта не вабіць яна мяне. Лепш камандаваць бы. А на дывізіён не паставяць — званне малаватае...— Туравец улавіў у яго словах затоеную нецярплівасць, паспачуваў яму. Месяцы тры назад, амаль адразу пасля таго як ён стаў камандаваць брыгадай, Ермакова прадставілі да «маёра», а загаду з Масквы ўсё не было...

— Прыйдзе званне, Мікалай. А не застане тут, дык у арміі здагоніць. У такіх справах, брат, парадак строгі,— супакоіў яго Туравец.

Ён папрасіў пачаць перагляд спісаў,— на працу ў горад абком партыі вырашыў накіраваць адначасова з Тураўцом неабходных там людзей.

Спісы гэтых людзей былі складзены даўно і нават зацверджаны абкомам. Тут былі перш за ўсё вопытныя партыйныя работнікі, асабліва камісары атрадаў, палітрукі, розныя спецыялісты-інжынеры, урачы, настаўнікі, чыгуначнікі. Праўда, частку з іх камандаванне злучэння дазволіла пакуль затрымаць у брыгадзе, бо абстаноўка давала падставы меркаваць, што брыгадзе, падобна, давядзецца яшчэ ваяваць з гітлераўцамі, ачышчаць лясы. Вызначыць, каго зараз паслаць у горад, а каго пакінуць тут, якраз і павінны былі Туравец і Ермакоў.

Калі абодва, седзячы плячо каля пляча, сталі чытаць спісы, то ўзгарэліся раптам спрэчкі. Нярэдка аказвалася, што адзін і той чалавек быў да зарэзу патрэбны і Тураўцу, і Ермакову.

— Ну, гэта чорт ведае што!.. Усіх лепшых людзей забіраеш! — не ўтрываў нарэшце камбрыг.— З кім я ваяваць буду?

Туравец, пасміхваючыся цыганскімі вачыма, спакойна, ласкава,— з той ласкавасцю, за якой Ермакоў чуў хітрасць,— адказаў:

— Э-э, камбрыг, якая тут цяпер вайна! Скончылася тут, лічы, вайна!..

— Каму скончылася, а каму — не...— Ермакоў, здавалася, не заўважаў, што камісар жартуе. Ён нецярпліва ўстаў з-за століка.— Слухай, Нічыпар Паўлавіч, гэтага трэба пакінуць! Камандзір жа. Рота разлезецца без яго! На ім усё там!

— Каб ты, камбрыг, ведаў, які гэта да вайны быў інжынер! Па яго справе другога такога майстра ва ўсім Мінску не было,— акадэмік, а не інжынер! Талент.

Камісар, лагодна пасміхваючыся, запісваў прозвішча інжынера ў свой блакнот. Ермакоў жа яшчэ спрабаваў адваяваць камандзіра:

— Слухай, камісар, сумленне май! Абыдзешся пакуль без яго!

— Ну і дзівак ты, Мікалай! Як жа я абыдуся,— мякка, ужо без усмешкі, загаварыў Туравец.— Апрача ж яго, фактычна, ні аднаго спецыяліста на заводзе! Ні аднаго, разумееш?! Падумаў, як можна без яго там нешта зрабіць?..

Яшчэ праз тры прозвішчы камісар назваў Шашуру.

— Шашуру?! А гэты нашто табе? Па якой спецыяльнасці? Ну, то ўсе, як ты кажаш, спецыялісты. Адзіныя, незаменныя, неабходныя! А Шашура які спецыяліст? Які?

— Шашура — які? — нібы здзівіўся яго пытанню Туравец. Сказаў так, быццам папракаў: як можна такое пытацца: — Шашура, сам ведаеш, спецыяліст на ўсе рукі. Патрэбны вельмі ў наш час спецыяліст! Для яго будучай працы, брат, не толькі навуку, але і прыродны талент трэба мець! Нам цяпер такія да зарэзу патрэбны!..

І пакрыўдзіўся за многае на Тураўца, і расчараваўся моцна ў былым сваім камісары Ермакоў. Увесь час, хоць і стрымліваўся, нездаволена адчуваў, што Туравец, які частку людзей узяў справядліва, усё ж дамагаўся большага, чым трэба было для яго справы. Думаў камбрыг раней, што Туравец такі патрыёт брыгады, як і сам ён. Быў час, калі камісар дбаў пра брыгаду, як самы пільны гаспадар, калі, здавалася, нічога даражэй няма яму за партызанскую сям’ю. А наступіла іншая пара, усё забыў.

 

3

Уранку з лагера прыйшла фурманка, нагружаная торбамі, чамаданамі, скрынкамі. Яе адразу акружылі, пачалі разбіраць кожны сваё. Ардынарац камісара ўзяў з фурманкі рэчавы мяшок, стрэльбу, кажух і падаўся ў дом камісара. Тут ён паставіў стрэльбу ў кут, а мяшок і кажух паклаў на лаўку.

— Я ўсе рэчы склаў сюды ў мяшок...

— Добра. Усім, хто едзе, прывезлі рэчы?

— Усім...

Туравец стаў збірацца ў дарогу. Ён перабраў, што было ў рэчавым мяшку: ношаную-пераношаную бялізну, новае верхняе абмундзіраванне, канспекты лекцый, планы гутарак — на асобных лістках, у сшытках, у блакнотах, пацёртыя, пажоўклыя ад часу выразкі з газет, карту, зрысаваную знакамі пра становішча на франтах, томік В. К. Арсеньева «По Уссурийскому краю»...

Узяў у руку стрэльбу, пераламаў, паглядзеў у ствол,— нібы збіраўся на паляванне. Гэта была стрэльба «франкот», захопленая аднойчы разам з палкоўнікам СС. Хлопцы, што захапілі стрэльбу, прынеслі яе Дразду, а той падарыў Тураўцу, заядламу паляўнічаму.

«Цудоўная штучка!» — Туравец пагладзіў адпаліраваную бліскучую ложу. Ён ужо не раз страляў з гэтай «штукі»: бой быў вельмі добры...

— Вось і ўсё...— Камісар зірнуў на кажух: што з ім рабіць? Кінуць, ці што? Не, можа, будзе патрэбны.— Пятро, а кажух прывязеш мне ў Мінск. Глядзі, каб не прапаў.

— Не прападзе, таварыш камісар...

Туравец вырашыў ехаць сёння ж, не марнуючы часу, хоць немцы, можа, яшчэ былі ў Мінску. Ён разлічваў, што пакуль удасца дабрацца, родны горад, напэўна, вызваляць. Нястрымна хацелася хутчэй у горад, пабачыць, што там...

З учарашняга дня Тураўца, акрамя даўняга імкнення хутчэй убачыць горад, турбавала яшчэ адно, нецярплівае, гарачае: сэрца бацькі ніяк не хацела кінуць надзею сустрэць у горадзе Юрку...

Трэба было вось яшчэ зазірнуць у шпіталь. Зазірнуць, перш за ўсё як тлумачыў сабе Туравец, каб развітацца з раненымі. Зрабіць гэта загадвалі яму яго жаданне і яго абавязак. Але вяло яго ў шпіталь, вядома, не толькі гэта. Не, не мог ён паехаць адсюль, не пабачыўшы Марыю.

Шпіталь быў недалёка, у невялічкім парку, дзе магутна высіліся стагоднія ліпы і вязы. Калі Туравец турботна крочыў па дарожцы да парку, яму спаткалася Валя, што несла нейкую каструлю. Калі сышліся, яна ветліва прывіталася. Але зірнула так, што Тураўцу стала няёмка. Не па-дзявочы пранікліва і нібы з насмешачкай.

— А Марыі Андрэеўны няма,— паведаміла яна. І зноў зіркнула позіркам, ад якога Тураўцу стала зноў нядобра.— Павезла раненых у вайсковы шпіталь. Там ім будуць рабіць аперацыю... У іх, казала Марыя Андрэеўна, ёсць добры хірург.

— Дзякуй за паведамленне,— сказаў Туравец таксама нібы з насмешкай. З камісарскай заклапочанасцю спытаў, каго павезлі да хірурга, які стан раненых, каторых павезлі. Паказаў занадта ўпэўненай дзяўчушцы, з кім яна гаворыць. З афіцыйным выглядам перадаў прывітанне Марыі Андрэеўне. А астатніх паабяцаў пабачыць асабіста, асабіста развітацца. Далажыў, што спадзяецца зараз зрабіць гэта...

Ён вяртаўся са шпіталя расчулены гаворкай з людзьмі, сагрэты цяплом іх любві, зажураны ад шчымлівага разумення таго, што сустрэча гэта — развітальная. Што як там ні будзе потым, нешта ў звыклым і дарагім яднанні з гэтымі людзьмі рвалася.

Дзіўна зроблена чалавечае сэрца: вось жа, марыў пра гэту хвіліну, бачыў толькі радаснае ў ёй, а ў ёй, аказваецца, і свая журба. Журба, канечне, мацней вярэдзіла таму, што не ўдалося пабачыцца з Марыяй Андрэеўнай. Трэба ж было іменна ў гэтую гадзіну паехаць ёй!

Ля сваёй хаты Туравец напаткаў Шашуру, загадаў:

— Збірай людзей! Зараз выступаем!..

Выйшаўшы з хаты з рэчавым мяшком за плячыма, ён убачыў вакол групкі, што ішла з ім у горад, ледзь не ўсю брыгаду. Ледзь не ўсе, хто быў у лагеры, выйшлі іх праводзіць, і Туравец амаль з кожным развітаўся за руку. Апошнім ён падышоў да Ермакова. Шчаслівы камісар крыху вінавата зірнуў на Ермакова, потым моцна-моцна, як лепшага сябра, абняў.

— Ну, бывай, Коля!.. Толькі — не сярдуй. Усяму, дарагі, свая пара...

— Лёгка казаць табе...

— Будзеш у Мінску — заходзь! Адрас просты — райком. А дзе яго шукаць, я і сам пакуль не ведаю...

— Знайду.

 

4

І хто б мог падумаць, што ёй, Аўдоцці Шабунісе, зноў прыйдзецца ўцякаць з роднага селішча ды хавацца.

Цэлы дзень ішлі цераз Паплавы нашы: і пехацінцы, і гарматы, і абозы. І здавалася, што ўжо — усё, што цяпер можна жыць сабе ў спакоі, жыць — нічога не баяцца. Але павярнулася па-іншаму. На другі дзень, апоўдні, у Паплавы зноў прыкацілі нямецкія машыны.

Аўдоцця была тады ў полі. Яна палола з жанкамі бульбу і бачыла гэтыя машыны і пыл, які віўся за імі, аднак ёй не прыходзіла ў галаву, што гэта могуць быць не нашы.

Хутка прыбегла перапалоханая, задыханая дзяўчынка і крыкнула:

— Ой, немцы!

Аўдоцця жахнулася: там жа, у сяле, Валодзя і Волька. Не думаючы ні пра што, нічога не страшачыся, яна пабегла туды, дзе стаялі цяпер ненавісныя машыны. Аўдоцця толькі адно ведала, адно помніла: там Валодзька і Волька.

Божа мой, чаму яна іх не ўзяла з сабою. Як магла яна забыцца на тое, што было толькі ўчора ўранку, як магла яна не асцерагацца, што вецер можа раптам перамяніцца, што яны, гэта варожае насланне, раптам зноў прыйдуць. Яны ж яшчэ ўсюды тут бадзяюцца, па розных закутках, сцежках. Як жа яна так кінула дзяцей адных у сяле?!

Адчуваючы, як халадзее ў грудзях, Шабуніха ўбегла на роднае селішча. Спусцілася ў зямлянку па сходках — там было пуста. І на селішчы іх яна не бачыла. Яна кінулася да суседкі, да Аксінні, спадзеючыся, што, можа, тая што-небудзь ведае?

Але Аксінні дома не было.

Тут да Аўдоцці падступіла некалькі салдат і сталі штосьці патрабаваць на сваёй незразумелай мове. Яна здагадалася: загадваюць даць яек, малака, хлеба.

— Дзе я вам іх вазьму? — адказала яна са злосцю.— Дзе? Усё падмялі, як на таку, няма на вас зводу...

Яе прымусілі правесці на сваё селішча.

— Вось, усё тут, у гэтым склепе. Бярыце, што знойдзеце,— няхай яно вам бокам вылезе!..

Адзін з салдат наставіў на яе аўтамат, штосьці яшчэ загадваючы. Але яна так без страху трымала сябе, што ён вылаяўся і апусціў аўтамат. У яе вялікай трывозе ёй цяпер нічога не было страшным.

— Дзе ж дзеці?!

Яна абышла ўсё сяло, шукала дзяцей, шукала, у каго б можна было даведацца пра іх. Нібы ў сне, яна бачыла блізка ад сябе сіне-шызыя машыны і постаці ў чужых мундзірах. Гэтыя паганцы, прыблуды нярэдка падыходзілі да яе, патрабавалі, пагражалі.

Не знайшла ні Валодзькі, ні Волькі. Людзей у сяле было мала,— амаль усе хаваліся недзе ў лесе ці на балоце. Аўдоцця старалася супакоіць сябе, што там жа, можа быць, і яе дзеці, але трывога не сыходзіла.

Шабуніха ледзь дачакалася ночы. Увесь час у ёй білася толькі адно жаданне: знайсці, знайсці дзяцей!..

Пад вечар у сяле немцаў яшчэ пабольшала. Яны атабарыліся і на яе двары, паставілі пад грушкамі дзве машыны. Выйсці з селішча было цяжка і небяспечна, але Шабуніха не вагалася. Як толькі ў сяле і на двары прыціхла, немцы паклаліся спаць, яна, прыгнуўшыся, пачала прабірацца цераз агароды да хмызняку. Ускрай агарода яна ледзь не наткнулася на немцаў, але ў свой час прыкмеціла, як мільгнуў у цемры непадалёк агеньчык схаванай цыгаркі. У хмызняку, дзе Аўдоцця бачыла ужо свой прыстанак, яна неспадзеўкі пачула нямецкую гаворку. Значыць, немцы і тут.

І яна падалася далей, але не ў лес, збочыла ў балота.

На світанку, дабраўшыся да лазняку, у якім ёй даводзілася ўжо калісьці хавацца, яна знайшла нарэшце сваіх знаёмых. Адной з першых ёй трапілася Аксіння.

Аксіння сказала, што Валодзька і Волька тут, каля яе, спяць. Але Волечка з-пад лазовага куста запярэчыла звонка, шчасліва:

— Не, мамачка, я не сплю!..

І кінулася са слязьмі да Аўдоцці.

— Дзяціначка ты мая,— прытуліла яе да сябе Шабуніха шурпатай далонню. Выцерла яе слёзы чысцейшым ражком хусткі.

Прысеўшы стомлена на пасланае Аксінняй завялае спрасаванае вецце, падумала заклапочана: колькі ж гэта бадзяцца яшчэ?

 

РАЗДЗЕЛ VI

 

1

Гітлераўцы мелі на абарону ў раёне Мінска вялікую надзею. Яны спадзяваліся ўчапіцца за абарончыя збудаванні як у горадзе, так і на падыходзе да яго, і спыніць наступленне.

Але ўмелая тактыка нашых камандзіраў і хуткі, нявідана хуткі рух нашага войска зводзілі ўсе гітлераўскія намеры і спробы на нішто.

Дывізіі генерал-палкоўніка Глаголева, што наступалі па Мінскай магістралі, грамілі варожыя часці і збівалі іх з магістралі на поўдзень. Нашы войскі ішлі наперад так хутка, што гітлераўцы, якім даводзілася адступаць па вузкіх, звілістых дарогах, цераз балоты і лясы, не маглі наладзіць якія-небудзь захады абароны. Немцы не ўпраўляліся не толькі арганізаваць контрудары, але адставалі ад нашых часцей на сорак — пяцьдзесят кіламетраў!

Стварылася вельмі арыгінальнае становішча, надзвычай выгаднае нашым войскам. Для таго каб затрымліваць адступаючых яшчэ больш, было нават вылучана спецыяльнае злучэнне, якім камандаваў генерал-маёр Олешаў.

У ноч на 3 ліпеня, калі нашы войскі падыходзілі да Мінска, перадавыя падраздзяленні рэштак 4-й нямецкай арміі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Мюлера былі яшчэ кіламетраў за пяцьдзесят ад Мінска. А ім, па разліках нямецкага камандавання, трэба было абараняць горад!

Нястрымная плынь наступлення набліжалася да Мінска, абцякала яго з усіх бакоў. Ужо 2 ліпеня пехацінцы генерал-палкоўніка Галіцкага і танкісты маршала Ротмістрава, што наступалі на поўнач ад Мінска, перахапілі дарогі на Вільнюс і Ліду, а часці, што рушылі з поўдня, занялі Стоўбцы, Нясвіж і Гарадзею. Галоўныя шляхі, якімі звязвалі гітлераўцы горад са сваім тылам, былі перарэзаны.

Вялікія сілы двух франтоў — Трэцяга Беларускага і Першага Беларускага — кіраваліся проста на Мінск.

З усходу, разбіўшы нямецкія заслоны пад Смалявічамі, падыходзілі танкавыя брыгады і пяхотныя дывізіі Чарняхоўскага.

З поўдня, ад Асіповіч, спяшаліся перадавыя часці Ракасоўскага, якія 2 ліпеня занялі Пухавічы. Яны ішлі і ўночы, і ўдзень, амаль без прывалаў, каб ў час паспець да штурму.

Усе ішлі — на Мінск. Усё рушыла — на Мінск. Танкісты, пехацінцы, сапёры, палявыя гарматы і «кацюшы», мінамёты і зенітныя ўстаноўкі. Падыходзілі з розных бакоў партызанскія брыгады і атрады...

Камандуючы Трэцяга Беларускага фронту Чарняхоўскі паставіў на трэцяе ліпеня злучэнню генерал-палкоўніка Глаголева і танкістам Тацынскага корпуса генерала Бурдзейнага задачу — узаемадзейнічаючы з танкавым злучэннем маршала Ротмістрава, узяць Мінск.

 

2

Вечарам Аляксей быў ужо недалёка ад Мінска.

Перавязаўшы сяк-так рану, ён па-ранейшаму ехаў са сваімі танкамі. Цярпеў моцны боль, што амаль не ўціхаў у правай руцэ. Рана гарэла, але гэты агонь не так даймаў Аляксея, як боль. Увесь час у руцэ штосьці балюча тузала, прычым больш за ўсё тузала не ў тым месцы, дзе была рана, а каля локця. Ад кожнага штуршка машыны боль узмацняўся.

Аляксей стараўся не паказваць, што пакутуе. Калі Гогабярыдзе запытаў, як камбат адчувае сябе, ён адказаў:

— Парадак. Амаль нармальна, Сандро!

Больш за ўсё непакоіла і нават, можна сказаць, палохала Аляксея тое, што ён з кожнай гадзінай слабеў, цела рабілася нейкім знясіленым, непаслухмяным. Пачынала кружыцца галава, хацелася легчы, заплюшчыць вочы...

Ён стараўся перамагаць прыкрую слабасць, трымаўся, як мог. У гэты нялёгкі вечар яму прыдавала дужасці неспакойна-радаснае адчуванне, што ён ужо так блізка да роднага горада: застаюцца лічаныя кіламетры, і з кожнай гадзінай іх усё менш і менш.

Калі ён думаў, што хутка, вельмі хутка будзе ў Мінску, што яго аддзяляюць ад роднага горада не месяц, не тыдзень і нават не суткі, а ўсяго якія-небудзь некалькі гадзін, то і рана, здавалася, уціхала, супакойвалася.

Увечары ён сядзеў толькі на вежы. Знадворку яе, дзе твар песціў ветрык, хоць і слабы і цёплы, не было так млосна, як у сярэдзіне машыны. Аляксей адчуваў сябе нібы дужэй.

У невялікім лесе батальён спыніўся.

Лясок быў амаль увесь высечаны. Высокія гонкія дрэвы стаялі тут рэдка, іх тонкія галіны і вершаліны добра акрэсліваліся на глыбокім зорным небе. Збоку ад гэтых дрэваў чарнеў ледзь бачны ў прыцемку нізкі густы ельнік, над якім дзе-нідзе ўздымаліся вострыя зубы вышэйшых дрэваў. Адсюль горад быў зусім блізка. Аляксей думаў, што гэта, відаць, апошні прыпынак перад штурмам Мінска.

Адразу, як толькі даведаўся, колькі прыблізна прыйдзецца тут стаяць, Аляксей папрасіў Быстрова паклікаць ваенфельчара. Трэба было агледзець і ачысціць рану і як належыць перавязаць. Вяртаючыся назад, Быстроў упоцемку не адразу знайшоў машыну. «Чорт ведае — заблудзіўся я, ці што,— пачуў Аляксей яго голас.— Ну, вось тут яна, здаецца, была...»

— Давай сюды, Быстроў! — гукнуў яго капітан, углядваючыся ў прагалы між дрэваў.— Вядзеш?

— Точна так, капітан, удвух!

Ваенфельчар, падышоўшы да камбата, не пытаючыся нічога, загадаў Быстрову, каб пасвяціў кішанёвым ліхтарыкам.

Вакол Аляксея амаль адразу сабраліся танкісты, ён расчулена заўважыў, што ўсе спачуваюць і трывожацца за яго. Адзін з іх штосьці сказаў Быстрову, і фельчар строга вялеў або разысціся, або маўчаць. Ніхто не адышоў адсюль, але ўсе сціхлі.

Аляксей стомлена пазіраў, як пад жаўтаватым святлом спрытна ходзяць рукі і кароткія жоўтыя пальцы, раскручваючы павязку. Потым фельчар вымыў рукі спіртам, востры пах якога раптам пачуўся сярод паху газойля і хвоі. Пінцэтам абарваў прышэрхлую да раны падушачку.

— Гм, н-да... Справы! Што ж вы, камбат, не выклікалі адразу?..— Не чакаючы, што Аляксей скажа ў адказ, аб’явіў:— Пашкоджаны мышцы, капітан...

Ён падняў сумку да святла бліжэй, дастаў флакон, зірнуўшы на ўсякі выпадак на этыкетку, асцярожна абмыў рану і старанна яе перавязаў. За ўвесь гэты час ён не прамовіў ні слова, і Аляксею здалося, што навокал наступіла бальнічная цішыня, хоць недзе блізка гурчаў танк.

— Давядзецца, капітан, пакіраваць у санбат. Такія справы. Пакуль стаім, здайце камандаванне.— Фельчар гаварыў будзённа і нават нібы абыякава, тым часам звыкла закрываючы сумку. Быстроў па-ранейшаму свяціў на яго рукі, і твара фельчара Аляксею не было відаць.

— Здаць? З-за гэтай дробязі?! Ты што, жартуеш, Вітошка?

— Нам няма калі жартаваць, камбат. Гэта — не дробязь, трэба рабіць аперацыю. Патрэбен шпітальны рэжым... Так што, пакуль час — у санбат!

— Так адразу і ў санбат? — Недавер’е Аляксея было наўмыснае.

— На пачатак...

— А калі я не хачу?

— У санбат ідуць не па хаценню.

Тон гаворкі фельчара быў цвёрды. Аляксей зразумеў, што спрачацца з фельчарам неразумна. Схітраваў.

— Ладна, санбат дык санбат. Зазірну дамоў — і лягу!..

— Куды — дамоў? — не зразумеў фельчар.

— У дом свой. У Мінску.

— Трэба лажыцца, камбат, зараз жа!

— Лягу, лягу, сказаў. У Мінску і лягу.

— Зараз жа трэба, камбат! Можа пачацца гангрэна, не выключана гэта. Гангрэна, заражэнне, разумееш?.. Адным словам — неадкладна!

— Я ж сказаў, Вітошка. У Мінску зразу і лягу.

— Дома хутчэй зажыве!..— уступіўся за Аляксея з цемры голас Колышава.— Ад аднаго дамашняга паветра паправіцца!

Фельчар, звычайна, здавалася, мяккі, лагодны хлопец, упарта настойваў на сваім. Аляксей жа па-ранейшаму не здаваўся.

— Слухай, чалавек ты ці не чалавек? — не вытрымаў Быстроў.— Ты разумееш чалавечую мову?

Фельчар, не слухаючы яго, запытаў Аляксея:

— Значыцца, адмаўляецеся ехаць у санбат?

— Так, не хачу.

— Ясна,— злавесна сказаў фельчар.— Так і даложым...

У голасе фельчара чулася пагроза. Аляксей затрывожыўся, ведаў: калі ў спрэчку ўступіць Бяссонаў, лёс яго крута павернецца. Бяссонаў угаворваць не будзе...

 

3

За некалькі хвілін перад гэтым не заўважаная нікім поблізу спынілася легкавая машына. З машыны выйшаў чалавек, запытаўся, як знайсці капітана Лагуновіча.

Убачыўшы каля чорнага абрысу «трыццацьчацвёркі» групку танкістаў, што спрачаліся, і пазнаўшы сярод іншых галасоў капітанаў голас, прыезджы прыпыніўся і стаў моўчкі слухаць. Ён вельмі хутка зразумеў прычыну спрэчкі.

— Хто тут і каму грозіцца? — раптам пачуўся яго басок.— Бач, расшумеліся — на ўвесь лес!

Гоман адразу сціх.

Бяссонаў заехаў сюды, каб праверыць, як батальён рыхтуецца, даць распараджэнні да бою і даведацца, як паранены капітан, як адчувае сябе. Але, падышоўшы да камбата, палкоўнік загаварыў не з ім, а запытаў у фельчара: якая рана, ці не перабіта косць. Ручным электрычным ліхтарыкам асвятліў руку капітана, мелькам — твар. Твар капітана ад страты крыві і электрычнага святла ліхтарыка здаўся белым. Позірк быў хмурны, упарты.

Бяссонаў патушыў ліхтарык, спытаў фельчара:

— Адправіць, значыцца, трэба?

«Усё. Загадае зараз рушыць у шпіталь, сухая душа...» — падумаў нядобра Аляксей.

— Небяспека гангрэны, таварыш гвардыі палкоўнік!

— А ён — не хоча?.. Не хочаш, капітан, назад?..

— Не хачу.

— Дарэмна...

Было маўчанне.

— Не хочаш, значыцца? — Бяссонаў момант яшчэ разважаў.— Ну, што ж, калі жыццё сабе не дарагое — заставайся. Да Мінска! Паваюй суткі... Твая дапамога будзе, відаць, нялішняю.

— Хочацца пабачыць, таварыш гвардыі палкоўнік, што там у горадзе. Праз тры гады...— Аляксей адчуваў сябе вінаватым.— Сям’ю не церпіцца хутчэй знайсці. Ды адтуль — і на фронт дабірацца будзе лягчэй: бліжэй!

Палкоўнік паслухаў, не адказаў нічога. Коратка, цвёрда загадаў фельчару:

— Сачы за ранай, ды — уважліва!..

У лясочку было цемнавата і вельмі цёпла, нібы ў курані. Нагрэтыя за дзень зямля, дрэвы і паветра ніяк не маглі астыць, патыхалі цяплом, лагоднай цішынёю, спакоем. Стаяў такі сухмень, што на траву не лажылася раса.

У такую ночку добра спіцца ў лесе, асабліва пасля трывожнага гарачага дня. Але амаль ніхто не спаў, бо ўсе ведалі, што блізка, амаль побач Мінск, што вось-вось пачнецца бой за яго, рыхтаваліся да бою. Камандзіры, якіх Аляксей сабраў на нараду, вывучалі падыходы да горада, маршруты па вуліцах, абмяркоўвалі ўсё, што належала высветліць да блізкага бою. Папаўнялі машыны снарадамі, гаручым, правяралі маторы, нацяжэнне гусеніц.

Панавала бадзёрая ўзрушанасць — ва ўсіх толькі і было размоў, што пра Мінск, пра штурм...

Амаль перад самым выступленнем, калі танкісты Лагуновіча чакалі, што вось-вось будзе загад рушыць, прыехаў на танку падпалкоўнік Сяміжон.

— Як рука, капітан? — запытаў ён у Аляксея.

Поблізу сталі часта біць гарматы. Аляксей перачакаў страляніну.

— Рука?.. Можна цярпець.

— Душа баліць? Апошнія хвіліны заўсёды доўгія.— Сяміжон загадаў сабраць усіх. Танкісты сыходзіліся, перагаворваючыся, смеючыся, зыркаючы іскрачкамі цыгарак. Былі відаць толькі блізкія, але па гомане, па агеньчыках адчувалася, як багата людзей стаяла тут, пад дрэвамі. Па тым, як задорна гаварылі, як смяяліся, адчувалася, што настрой у большасці найлепшы.

Ледзь падпалкоўнік ціхім, сіплаватым голасам загаварыў, усе сціхлі.

Сяміжон, як ён гэта цяпер часта рабіў, пачаў з таго, што расказаў апошнія паведамленні з франтоў. Перадаў, што суседзі справа ўжо занялі Вілейку, перарэзалі чыгунку Мінск — Вільнюс.

З’явіўся новы напрамак — Баранавіцкі! На гэтым напрамку ўжо вызвалены Нясвіж, Гарадзея і Стоўбцы.— Сяміжон гаварыў радасна-ўсхвалявана, адчувалася, што гэтая ж радасць поўніць сэрцы і яго слухачоў.

Гогабярыдзе, выказаўшы агульны настрой, крыкнуў:

— Эх, мама родная! Ім цяпер, выходзіць, з Мінска драпаць некуды!

Аляксей падумаў: Мінск яшчэ не вызвален, а ўжо становіцца як бы тылавым горадам. Яшчэ не скончан Мінскі напрамак, а ўжо ёсць Баранавіцкі...

— Таварышы! — узвысіў голас Сяміжон.— Настала і наша чарга парадаваць Радзіму. Нам выпала чэсць, вялікая чэсць вызваліць адзін з важнейшых гарадоў нашай краіны, сталіцу Беларусі, гераічны Мінск!.. Радзіма, якая паслала нас сюды, даручыла нам гэтую вялікую справу, верыць, што мы апраўдаем яе надзею. Не толькі армія, але і ўся краіна, мільёны людзей глядзяць на нас — з Урала, з Каўказа, з Паволжа, чакаюць ад нас — вярніце Мінск!.. Нас чакаюць нецярпліва, як самых дарагіх людзей, там, у блізкім Мінску, які гітлераўская погань паліць і падрывае, дзе пакутуюць тры гады ў няволі — тры доўгія гады! — нашы маткі, дзеці, сёстры, нашы родныя!.. Крывавыя каты акружылі горад і збіраюцца заўтра ўчыніць расправу над усімі, хто дажыў да сённяшняй ночы. У горадзе вывешаны аб’явы, у якіх эсэсаўцы загадваюць сабірацца людзям на спецыяльныя зборныя пункты, сабірацца на смерць. Не дадзім на пагібель нашых людзей!

— Не дадзім! — горача падтрымаў Колышаў.

— Смерць фашысцкай погані!

— За наш Мінск, за перамогу! За нашу вялікую Радзіму!

Пры апошніх словах падпалкоўніка выбухнула нецярплівае, напорыстае «ўра», якое рэхам пакацілася па ляску. Усе, было відаць, як і Аляксей, ірваліся ў горад, на штурм.

Пасля мітынгу Сяміжон застаўся ў батальёне Аляксея. Ён далучыўся да роты Аліева і з гэтай ротай, якая павінна была падысці да Мінска адной з першых, чакаў, калі танкі рушаць...

Аляксей, што няспынна трымаў сувязь з Бяссонавым, перагнаўшы іншыя падраздзяленні, пакіраваў на машыне да разведчыкаў. Ён зрабіў гэта як бы толькі для таго, каб перадаць Гогабярыдзе новыя весткі пра абстаноўку, але напраўду яму хацелася асабіста, самому расказаць пра тыя мясціны, дзе зараз прыйдзецца дзейнічаць разведчыкам. Эх, калі б Аляксей мог, меў права ісці ў горад разам з разведчыкамі, так, як і яны, першым ісці!.. Не прызнаючыся сабе, камбат зайздросціў Гогабярыдзе і іншым разведчыкам.

— Пакажы мне, Аляксей, калі ласка, дзе твой дом стаіць? — загаварыў Сандро, ледзь выслухаў парады і весткі Аляксея.— Каб не разбіць мне часам яго сваёй гарматай. А то — твой друг яшчэ стане тваім ворагам! Нашто мне гэта? — сказаў ён з жартаўлівай трывогай.

Гогабярыдзе абняў Аляксея па-сяброўску, папрасіў:

— Аляксей, будзь другам — пазнаёміш мяне з Нінаю? Я хачу пабачыць, якая яна прыгажуня ў цябе!

— Пазнаёмлю, Сандро... Калі можна будзе...

— А чаму нельга будзе?

— Яны, Сандро, таксама на вайне. Тры гады... Баюся я штосьці... Ну, давай, вядзі сваіх!

Загадаўшы выступаць, Аляксей пачакаў, пакуль падыдуць іншыя «трыццацьчацвёркі», і далей ішоў разам з імі. Танкі ўсё набліжаліся да горада. Аляксей наперадзе бачыў крывава-барвовыя зарывы ад пажараў, што расцягнуліся па небасхіле. Яны то ўспыхвалі, уздымаючы высока ў неба варушлівыя водсветы, то спадалі, і неба тады як бы зніжалася і станавілася чарнейшым. Страшныя зарывы былі так блізка, што, здавалася, чуўся подых гарачыні ад іх.

Ён столькі марыў пра гэтую хвіліну, і вось яна надышла — блізка, як ніколі...

Гледзячы на зарывы, што трапяталі над дарогаю і ўзгоркам, Аляксей адчуў, як яго апаноўваюць усё большая нецярплівасць і трывога. Мусіць, ніколі ён так не трывожыўся, як цяпер.

Што там яго чакае?

 

4

Недалёка ад горада батальён збіў варожы заслон, павярнуў на магістраль і па асфальце рушыў проста на Мінск.

Аляксей увесь час бачыў наперадзе вялікія зарывы.

Калі пачало развідняцца, выслізганыя гусеніцы, ляскочучы, лічылі апошнія кіламетры магістралі.

Першымі да ўскраіны падыходзілі тры машыны, якімі камандаваў лейтэнант Гогабярыдзе. Большасць машын батальёна напагатове стаяла ззаду, на шасэ і ўзбочынах, каля палосак спеючай збажыны. Аляксей, як і раней, сядзеў на вежы, нецярпліва прыслухоўваўся да гукаў у шлемафоне. Ён чакаў вестак ад разведкі.

Усё, што ён бачыў навокал, было яму знаёма. І лагчынка, у якой цяпер было некалькі танкаў, і лес злева, і пляскаты роўны верх будынка метэастанцыі, што ўздымаўся з-за абрысу ўзгорка наперадзе. Ускраіну і сасняк гарадскога парку адсюль не было відаць, але Аляксей адчуваў іх побач.

Яго думкі былі разам з Гогабярыдзе, на гарадской ускраіне, і далей у горадзе, які ён ведаў, можа, больш, як сябе самога. Ён чакаў хвіліны, калі можна будзе са сваімі танкістамі рушыць туды — услед за думкамі, за жаданнем.

Аляксей узняў адзін навушнік і прыслухаўся, ці не чуваць гукаў бою наперадзе.

— Чаму ён маўчыць? — Быстроў, што сядзеў поруч з Аляксеем, спасцярожліва пазіраў наперад.

— Рана яшчэ...

Танкі Гогабярыдзе ішлі абапал магістралі, адзін з левага боку, а два з правага. Прайшлі шырокую лагчыну, мінулі метэастанцыю і паволі па адным пачалі падымацца на пагорак, на якім віднелася некалькі драўляных хатак. «Трыццацьчацвёрка» Гогабярыдзе ішла побач з шасэ, якое, выпінаючыся, імкліва бегла ўгару, прападаючы непадалёк за грэбнем пагорка. Асфальт, мокры ад ранішняй вільгаці, цьмяна блішчаў.

У гэты час па пярэдняй машыне, якая ўжо сышла за пагорак, ударылі раз, другі гарматы. Танкісты адказалі некалькімі стрэламі. Камандзір машыны перадаў, што гарматы б’юць здалёк. Гогабярыдзе загадаў весці з імі бой, а сам з другога боку шасэ ўсё ішоў наперад...

Узгорак, што хаваў ад вачэй горад, з кожнай хвілінай апускаўся ніжэй. І раптам у перыскопе перад вачыма з’явіўся малюнак горада — справа недабудаваны вялікі барвова-чырвоны будынак, каля яго — некалькі драбнейшых, злева — цёмны, строгі сасняк. «Мінск!» — мільгнула ў галаве. Гогабярыдзе хутка, але пільна акінуў сцены будынкаў, асабліва бліжэйшага чырвонага дома, шырокае рэчышча шасэ, якое ўваходзіла ў вуліцу. «Можна праскочыць туды да чырвонага», — загарэўся Сандро.

— Наперад, проста да чырвонага!..— крыкнуў ён вадзіцелю.

Танк ірвануўся і памчаў па ўзбочыне. Гогабярыдзе ўпіўся вачыма ў перыскоп — насустрач бегла пустая брукаваная вуліца, будынак набліжаўся, рос.

«Ужо зусім развіднела!..»

У той жа міг лейтэнанта моцна кінула ўгару, ударыла аб браню. Удару ён не пачуў, як не пачуў і болю. Толькі, нібы рэха, зноў празвінела ў галаве «развіднела»,— цяпер нейкае вострае, гарачае. І ў той жа міг усё згасла — і трывога, і гарачы звон...

Ахутаны хмарай зямлі і дыму, танк нахіліўся на правы бок і нерухома застыў. Пакарэжаныя каткі ўехалі ў зямлю, побач з імі выцягнуўся абрывак сарванай гусеніцы, валяліся раскіданыя тракі. На абпаленую траву, на машыну ападалі камякі зямлі, асыпаўся пясок.

— Міны. Гогабярыдзе падарваўся...— пачуў Аляксей усхваляваны голас.

 

5

Камбат загадаў разведчыкам павярнуць правей, на тэрыторыю Пушкінскага пасёлка. Паслаў туды ў падмогу ўзвод Колышава.

Прыкрываючыся ўзгоркам, машыны Колышава хутка папраставалі праз поле. Яны без аднаго стрэлу дайшлі да ўскраіны і ўпаўзлі ў крывую вуліцу. Тут аўтаматчыкі саскочылі з машын і пайшлі ўслед за імі, прыціскаючыся да сцен і платоў.

Колышаў мінуў першыя будынкі ўскраіны. Драўляныя хаты стаялі адна пры адной нядружна, як прыйшлося. На вуліцы было ціха і пуста, аўтаматчыкі забеглі ў адзін двор, у другі — нікога. Як вымерла вуліца...

І ўсё ж разуменне таго, што гэта Мінск, радавала Колышава. Ён быў бы зусім шчаслівы, што ўваходзіць сюды з першымі, калі б не бяда Гогабярыдзе.

Эх, як не пашанцавала Сандро! І трэба ж было так здарыцца — скласці галаву пад самым горадам...

На фугас, мабыць, наскочыў... На фугас, канечне!.. Такой неймавернай, недарэчнай была гэта смерць, што Колышаў не хацеў верыць у яе. А можа — ён не забіты. Толькі паранены ці кантужаны... Думкі гэтыя прайшлі і зніклі. Не было калі думаць пра пабочнае. Трэба было рабіць сваё, неабходнае. Сачыць, сцерагчы...

Так, не пашанцавала Гогабярыдзе...

У той час, калі Колышаў бедаваў аб ім, лейтэнант ужо апрытомнеў. Яго толькі аглушыла выбухам. Цяпер у яго ў галаве, у вушах было нібы поўна вады. Штосьці балюча ламіла скроні.

Моршчачыся, Сандро агледзеўся навокал. Позірк яго быў яшчэ няцямны. Сандро амаль не разумеў нічога. Абыякава ўбачыў ён камандзіра гарматы, які чамусьці падтрымліваў яго. Убачыў: побач, на замку гарматы, ляжаў Саша Бурлак, зараджаючы.

Тое, што зараджаючы ляжаў, выклікала ў Сандро першую думку: што з Сашкам? Сандро, яшчэ не разумеючы нічога, угледзеўся. Цяжка прабілася ў свядомасць: ранены? Углядваючыся, ён зразумеў, нарэшце: забіты, падобна. Але праз цяжар у галаве не адчуў страху ці жалю. Прабілася неразуменне: куды цягне яго камандзір гарматы? Вынесці хоча?..

Сандро варухнуў плячыма, вызваліўся.

Абапіраючыся рукой аб сценку, высільваючыся над меру, узняўся і зірнуў у перыскоп. У акуляры віднелася вуліца. Яна была пустая. Зусім пустая. Яна напомніла яму: такую ён бачыў. Калі — даўно ці нядаўна — ён не ведаў. І не спрабаваў уведаць. Яму прыйшло іншае: «Я, здаецца, на міну наскочыў...» — не здзівіўся, не сумеўся, проста адзначыў сабе. Павярнуўся перыскоп — танкаў ззаду не было. Але Сандро ўбачыў іх лявей, наводдаль — яны падыходзілі да будынкаў, хаваліся за будынкамі, выглядвалі і зноў знікалі за іншымі...

«Яны пайшлі адны? Адны, без мяне?» — не паверыў сваім вачам Сандро. У яго адразу, невядома адкуль, прыбавілася сілы.

Ён павярнуў Сашку: той дыхаў. Сандро падцягнуў яго к люку, паклаў, выбраўся праз другі люк і разам з камандзірам гарматы вынес з машыны. Тут да іх падбег кулямётчык.

— Бяры,— скамандаваў Гогабярыдзе. Утраіх, прыгінаючыся, у кювеце, панеслі зараджаючага да сваіх.

...Тым часам Колышаў са сваімі «трыццацьчацвёркамі» ўсё паглыбляўся ў горад. Абышоў, па дварах, па ямах, некалькі двухпавярховых драўляных дамоў, злева ад якіх курэў, дагараючы, вялікі будынак з шырокімі пустымі вокнамі. Павярнуў у завулак і неспадзявана наскочыў на дзве групкі немцаў, што хапатліва кацілі насустрач процітанкавыя гарматы. Немцы, ледзь убачылі, як ірвануўся да іх танк, кінуліся ўроссып. Злёту абедзве гарматы былі раздушаны.

Праз квартал перад Колышавым разгарнулася вялікая вуліца...

На ўскраіне ўжо гурчалі іншыя машыны батальёна. Аляксей прагна глядзеў на знаёмыя, як жывыя, гмахі і хаты, поўніўся адным адчуваннем — ён ідзе па мінскай вуліцы! Гэта рэальнасць успрымалася яшчэ нібы сон. Але і сон той хваляваў незвычайна.

Увесь час Мінск быў недзе далёка, у думках, а цяпер ён — вось, перад вачыма. І Аляксееў батальён ідзе па ім адным з першых.

Бяжыць насустрач мінская вуліца... Аляксею здавалася, што ён не сядзіць на машыне, прытрымліваючы раненую руку, а плыве, лунае ў паветры — шчаслівы, нецярплівы...

Колышаў ужо рушыў па вялікай вуліцы. Ён ішоў і ішоў, а яна, роўная, шырокая, усё маўчала. Не паказвала ніводнай постаці. Здавалася, таіла нешта ў сабе, невядомае, небяспечнае. Гатовае любы момант абрынуцца на танк. Ён увайшоў ужо нямала, калі раптам шуганула некалькі снарадаў і ззаду, блізка, выламваючы брук, грымнулі выбухі.

Выбухі гэтыя перарвалі цяжкае, насцярожанае чаканне бяды, што трымала лейтэнанта ў моцным напружанні. Ён загадаў зрабіць рывок наперад, каб выйсці з-пад абстрэлу. Танк ірвануў так, што Колышава кінула назад і ўдарыла галавой. Схаваўшы танк за домам, Колышаў спыніў машыну, агледзеўся. Выбухі лажыліся ўсё на тым жа месцы, было відаць, немцы білі з палявых гармат і здалёк... Можна было ісці далей, і трэба было ісці. Не марудзячы, не даючы праціўніку кінуць сюды сваіх людзей і тэхніку.

Ён і загадаў рушыць далей. Неўзабаве падышоў да павароту вуліцы, агледзеў новы яе адрэзак.

Вуліца ішла між адных руін. Толькі дзе-нідзе тырчалі абломкі сцен. Метраў трыста яна ішла роўна, а потым спадала ўніз. Была нявіднаю зусім. Далей адкрывалася нібы прагаліна. За гэтай прагалінай віднеўся ўзгорак і на ім абрысы шматпавярховых будынкаў.

Колышаў ведаў: там, дзе прагаліна,— лагчына, рэчка, якую яму трэба будзе перайсці.

Вуліца і тут была ціхая, пустая. Колышаў загадаў рушыць наперад.

Ледзь выскачылі на вуліцу, на вачах Колышава ў перыскопе ўсё заяснела, зазіхацела. Усё перамянілася так хутка і так неспадзявана, што Колышаў здзівіўся: ад чаго гэта?

Гэта ж — узышло сонца!

Глядзі ты, якім радасным зрабілася ўсё навокал.

Зранены, скалечаны, са страшнымі знявечанымі сценамі, горад увесь праменіўся, нібы хацеў, каб тым, хто ішоў сюды, не было сумна ад яго ран...

Праскочылі бачны адрэзак вуліцы, у канцы якога зверху пачала адкрывацца лагчына наперадзе. Там, перад высокім берагам з дамамі, шырэла прагаліна. Вуліца спадала ўніз. Абапал яе да прагаліны было па адным, два будынкі.

Шырокая прагаліна, рэчка, высокі бераг за ёй — усё было зручна для немцаў, для іх абароны... Мусіць, тут рашылі ўчапіцца... Мусіць, чакаюць тут...

Колышаў падвёў танк да апошняга перад прагалінай дома. Асцярожна выглянуў з вежы, акінуў позіркам лагчыну. У лагчыне, на якой, амаль у цэнтры горада, зелянелі палосы бульбы, агароджаныя не платамі, а спінкамі спаленых паржавелых ложкаў, выгіналася нешырокая рэчка. Яна пераразала вуліцу. Першае, што адзначыў лейтэнант на вуліцы і рэчцы, было тое, што найбольш карцела,— мост. Мост быў узарваны,— Колышаў бачыў: сярэдзіна моста апала ў ваду... Блізка за мостам дзесяткі два немцаў, азіраючыся, перабягалі вуліцу. Злева, куды яны беглі, віднеліся будынкі з заводскай трубой і на ўзгорку купчастыя моцныя дрэвы. Між дрэваў таксама мітусіліся постаці.

Раптам Колышаву ўдарыла ў твар каменным крупіннем. Ён мімаволі прыгнуўся. Над галавой па каменні прайшлася наўскася кулямётная чарга...

— Асколачны! — Колышаў, упаўшы на сядзенне, скамандаваў арыенціры цэлі. Камандзір гарматы адразу падаў ручку рэастата ўлева. Вежа павярнулася да дрэваў.

Гармата адскочыла назад, бліснула кідкім белым полымем, і на травяністым адхоне, ля дрэваў, выскачыў сінявата-шызы куст. За ім услед вырас другі. Немцы рассыпаліся, прыпалі да зямлі. Да іх, страляючы на хаду, ужо беглі нашы пехацінцы...

 

6

Колышаў павёў танкі да дзіўнай, падобнай на вялізны бітон, будыніны — опернага тэатра. Адтуль павярнуў па спаленай вуліцы ўніз да Свіслачы, дзе, як гаварыў яму камбат, быў яшчэ адзін мост, прыдатны для танкаў.

Ледзь Колышаў намерыўся паслаць да моста сапёраў — агледзець яго,— з двара, наперарэз ім, выскачыла пажылая жанчына ў хустцы, якая збілася на шыю, з ускалмачанымі валасамі,— спалохана замахала рукамі. Танк спыніўся. Адзін з аўтаматчыкаў, якія сядзелі на «трыццацьчацвёрцы», падбег да жанчыны.

— Стойце! Стойце... Куды вы, родненькія,— яна кінула рукой у бок моста.— Там немцы чагосьці!..

— Дзе?

— Пад мостам... Учора палажылі...

Колышаў спыніў танк ля чорнай, задымленай сцяны спаленага дома, выбраўся з вежы. Агледзеўшы супрацьлеглы бераг, паслаўшы туды аўтаматчыкаў з некалькімі сапёрамі, наблізіўся да рэчкі. Насцярожана паглядваючы на мост і на бераг насупраць, дзе пачалі ўжо гаспадарыць аўтаматчыкі, спусціўся ўніз да масляністай вады. Убачыў: пад верхам моста, на драўляных скрыжаваннях пад ім — мяшочкі з толам. Адзначыў разам: рэчка была неглыбокая, добра відаць было цёмнае дно, блізка, наверсе, плавала, варушылася купка водарасцяў з выцягнутымі ўсцяж плыні расчэсанымі зялёнымі косамі.

Сапёры на другім беразе ўжо турбаваліся ля моста. Ён загадаў тым, якія сышлі да рэчкі ўслед за ім, каб таксама ўзяліся размініраваць. Адзін сапёр, пажылы, з падстрыжанымі вусамі, адразу дзелавіта палез пад мост, другі пайшоў на мост, пачаў аглядаць уздоўжныя масніцы і парэнчы. Неўзабаве ён перарэзаў і асцярожна выцягнуў абрывак провада. Жанчына стаяла каля моста і са страхам пазірала то на іх, то на танкістаў.

— Божа мой, як жа гэта яны так? Яны ж зараз падарвуцца!.. Скажыце, каб беглі назад. Каб хутчэй! Пакуль тое!..

— Нічога кепскага не здарыцца,— супакоіў яе Колышаў.

Калі мост быў размініраваны, Колышаў загадаў перапраўляцца. Ён не вельмі ўпэўнены быў, што мост вытрымае танкі, і калі першая машына ўз’ехала на мост, сачыў за ёй неспакойна. Мост дрыжаў, грымацеў, але аказаўся на дзіва трывалым. Не чакаючы, пакуль пераправіцца апошняя машына, лейтэнант з радасцю далажыў камандзіру батальёна, што пераправа ёсць.

Калі да моста падышоў са сваімі машынамі Аляксей, тут ужо быў цэлы натоўп. Людзі, што стаялі абапал бруку і па дарозе,— жанчыны, дзеці, старыя, падлеткі, хлопцы,— гледзячы на машыны, што набліжаліся, не толькі не сыходзілі з дарогі, а беглі насустрач танкам. Падступаючы да самых гусеніц, штосьці радасна крычалі, размахвалі рукамі, ускідвалі шапкі. Прыйшлося знізіць хуткасць, потым і зусім спыніцца. Ледзь машыны сталі, натоўп падступіў яшчэ бліжэй. Усутыч абхапілі з усіх бакоў. На танкі паляцелі жмуты кветак. Жмут іх упаў ля Аляксея, рассыпаўся на вежы.

Аляксей саскочыў з машыны. Не паспеў ён прывітацца, як яго схапілі, сціснулі ў моцным абдымку. Ён убачыў перад сабою шчаслівыя, бліскучыя вочы пажылой жанчыны, пачуў гарачы шэпт. Яго запылены твар апаліў пацалунак.

Ён саскочыў няўдала. Ці яму наогул нельга было саскокваць: рана раптам заявіла пра сябе моцным болем. Стрымліваючы боль, аберагаючы раненую руку, ён папрасіў:

— Асцярожна... Пачакайце!.. Пачакайце...

Але яны не слухаліся. Яны нібы не разумелі. Нібы не чулі. Яны не маглі чакаць! І так колькі чакалі!..

Ён апынуўся ў другім абдымку, трэцім, пятым. Усе цягнуліся, усе, колькі поблізу было, ірваліся да яго.

Адна маленькая бялявая жанчына як абняла яго за шыю, дык усё цалавала і цалавала,— нібы забыўшы на ўсіх, ніяк не хацела адпускаць. Другая, што стаяла каля яе, не ўтрывала:

— Ну, хопіць, хопіць ужо! Дай і другім падступіцца!.. Вось жа ўчапілася — як у свайго мужа!

— А што! Ён мне, можа, даражэй за мужа...

Вакол засмяяліся. Засмяяўся і Аляксей. Пад гэты смех яна пацалавала Аляксея яшчэ раз і выпусціла, сказаўшы штосьці жартаўліва-незадаволенае суседцы, узялася папраўляць бялявыя валасы, што выбіліся на лоб. Радасць сустрэчы, якой жылі людзі, перапаўняла і Аляксея. Ён з захапленнем глядзеў у твары незнаёмых людзей, якіх, здавалася, усіх ведаў даўно, помніў, чакаў бачыць. Вось яны, мінчане, землякі дарагія!

Сам таго не заўважаючы, ён шукаў вачыма ў натоўпе. Нецярпліва, з надзеяй шукаў. Каго? Тых, каго больш за ўсіх чакаў. Ніну, сына свайго, маці Ніны. Ён неяк забыў раптам ці перастаў верыць, што Ніна не тут, а недзе ў лесе. Што яна ніяк не можа быць між гэтых людзей. Забыў, не верыў ён, што не можа сустрэць тут і сына, і маці Ніны. Хоць помніў, што дом, дзе ён жыў да вайны, далёка ад гэтага месца.

— Каго вы выглядваеце? — прыкмеціла яго позіркі адна жанчына.

— Пра што вы? А-а, каго шукаю? Сына свайго... Ці дачку.

— Як сына ці дачку?

— Я ж таксама з Мінска. Я — дома!..

— Дома? Вось шчасце будзе малым! — пазайздросціла і парадавалася не адна яна.

Рушылі далей. Турботна слухаючы галасы ў шлемафоне, ловячы ўвагаю, як падыходзяць чорныя, сляпыя сцены, горы камення, друзу, страшэнныя — на цэлыя кварталы, ужо зарослыя — пустыры, ён з усё большаю надзеяй і трывогаю зазіраў наперад: ці ўдасца пабачыцца з Нінаю? Раптам яна затрымаецца ў атрадзе? Ды і наогул ён не ведае, што з ёю. Чаму ад яе не прыйшло ніводнай весткі? Хоць бы з ёю ўсё добра было!

Хутка ён пра ўсё даведаецца... Вось ужо злева пайшлі першыя камяніцы Нямігі, што помнілі многа вякоў і многа войн, аселі ад гадоў і бачанага ў зямлю. З Нямігі Аляксей павярнуў на вуліцу Астроўскага. Танкі пачалі ўзбірацца ўгару, на Юбілейны пляц.

...На пляцы Аляксея дагнаў хуткі «газік», з якога раптам саскочыў апрануты ў камбінезон чарнявы танкіст, дзіўна падобны да Гогабярыдзе. Хапатліва махаючы рукой — спыніся,— кульгаючы, танкіст подбегам пакіраваў да Аляксеевага танка.

— Ты? Сандро? — здзівіўся і ўзрадаваўся Аляксей, падаўшы Гогабярыдзе здаровую руку і дапамагаючы ўзабрацца на машыну.— Значыцца, жывы?

— Эх! Не пашанцавала,— расчаравана выпаліў Сандро.— Перад самым горадам — трах! Узарваўся!.. Скажы, куды пайшлі разведчыкі? І загадай, каб мяне туды хутчэй падкінулі.

Праз хвіліну ён ужо ляцеў да сваіх.

 

РАЗДЗЕЛ VII

 

1

Неўзабаве пасля таго як танкісты і пехацінцы ўварваліся ў горад з боку Маскоўскай магістралі, падышлі да Мінска нашы войскі і з поўначы.

На паўночнай ускраіне таксама пачаліся баі. Выбіваючы ворага з дотаў і дамоў, нашы салдаты пачалі ачышчаць і гэтыя кварталы горада.

З поўначы ж, за горадам, танкавае злучэнне маршала Ротмістрава, што заняло Лагойск, абыходзіла нямецкія пазіцыі, пераразаючы ворагу апошнія шляхі адыходу з Мінска.

Амаль тады ж танкі ўвайшлі і на паўднёва-ўсходнюю ўскраіну. Разам з пехацінцамі яны рушылі па вузкіх вуліцах, расстрэльваючы нямецкія заслоны і агнявыя кропкі.

Пад ударамі з трох кірункаў нямецкі гарнізон вымушан быў кідаць адну пазіцыю за другой. Варожыя салдаты разбягаліся або здаваліся ў палон. Многія з іх спрабавалі хавацца ў руінах і сутарэннях.

Не зважаючы на страляніну немцаў з парку, Юрый Туравец разам з іншымі пехацінцамі з батальёна Паўлоўскага пераправіўся ўброд цераз Свіслач.

Узняўся на круты, высокі адхон...

Нібы сустрэўшы добрага знаёмага, падышоў ён да гмаху — цэлага, некранутага — Дома афіцэраў. Абышоўшы яго, убачыў сквер. Таксама — неймаверна знаёмы і цэлы! Але ў баку ад сквера, справа — дзе былі дамы... дзе была вуліца...

Тут быў цэнтр. Цэнтр горада і Савецкай. Калісьці самае прыгожае, люднае месца горада... Цяпер — жахлівыя горы камення і пустыя шкілеты дамоў.

Юрый мімаволі сціснуўся. Мімаволі нібы зноў убачыў далёкі чэрвеньскі дзень. Сіні дзень, калі першы раз бамбілі горад. Бамбёжка застала Юрыя ў Лёні Козыра, прыяцеля. У Лёні чакаў, калі скончаць бамбіць. Назад — бег. Выскачыўшы з-за рогу вуліцы, здранцвеў знянацку. Там, дзе чакаў убачыць свой дом, не было дома. На месцы дома была высокая, дзікая строма сцяны і навал камення. Жахлівы навал...

Адтуль, з-пад камення, адкапалі нежывую, раздушаную маці. Тое, што было нядаўна яго маці...

Адсюль зусім блізка тое месца. Толькі квартал за скверам. Рог вуліцы Карла Маркса і Леніна. Нейкі час ішоў нібы ў трызненні. Амаль не бачыў ні аддзялення, ні ўзвода. Прабег прамежак перад скверам, рушыў між дрэваў сквера. Апрытомнеў толькі тады, калі аднекуль спераду ўдарыла кулямётная чарга.

Прынікшы да дрэва, Юрый стаў узірацца ў прагаліну; праз яе відаць былі руіны дома на рагу Энгельса і Савецкай і крыху далей — прамавугольныя абрысы кінатэатра «Чырвоная зорка».

Кулямёт біў, відаць, адтуль, ад кінатэатра.

Пяхоты ішло многа, ледзь здарылася затрымка, увесь скверык стаў хутка запаўняцца байцамі. Падышоў сюды і Паўлоўскі, вялікі, шыракаплечы, пачаў з Праворным высвятляць, што робіцца. Кулямёт трымаў пад абстрэлам даволі шырокі прасцяг, абодва бакі вуліцы. Спыніў рух наперад на галоўным кірунку...

Трэба было неадкладна падавіць кулямёт. Разважаючы, як гэта зрабіць, каму даручыць, Паўлоўскі нібы знарок унікаў сустракацца позіркам з Юрыем, што ўпарта сачыў за ім і Праворным. Але Юрый быў перакананы: камбат робіць гэта з-за звычайнай сваёй дыпламатыі. А сам, вядома ж, думае, што гэта яго, Юрыя, справа. Родны горад, знаёмыя месцы, вось няхай і выручае. А не гаворыць проста знарок, правяраючы, яго, Юрыя, сумленне. Маўляў, сам разумець павінен...

Юрый разумеў і сумленне сваё не хацеў запляміць. Так, ён разумеў: гэта яго справа зняць кулямёт. І калі адчуў, што наступіў момант, заявіў, што кулямёт бярэ на сябе. Ведае падыходы і — справіцца, вядома.

— Ну, калі ёсць такое добраахвотнае жаданне, не пярэчу,— сказаў камбат Праворнаму. Потым ужо — Юрыю: — З богам, як кажуць.

...Хутка Юрый з Шарыфутдзінавым і іншымі прабіраўся сярод гор камення, паўз абломкі сцен. На няшчасце сваё, ён амаль нічога не пазнаваў, такім усё цяпер было непадобным на тое, што ён помніў.

Усё ж да кінатэатра ён падвёў удала. З тылу, непрыкметна.

Будынак «Чырвонай зоркі» быў спалены, уздымаліся адно мутна-шэрыя, даўно задымленыя сцены. У пустых проймах шырокіх вокан таілася небяспека, і Юрый пільна агледзеў іх перш, чым рушыць да будынка. У вокнах ён нічога не прыкмеціў, але рушыў наперад асцярожна, прыгінаючыся, перабежкамі. Гатовы да ўсяго.

Вось, нарэшце, і будынак. Аддыхваючыся, ён агледзеўся: угару ішла лесвіца, бетонная, там і тут закіданая абломкамі тынку. Заўважыў між іншага: бетонныя столі, хоць і прагнуліся, усё ж уцалелі...

Трэба было дзейнічаць хутка. І поспех, і жыццё залежалі ад імгнення. Ён гэта ведаў і не марудзіў. Рушыў па лесвіцы. Услухоўваючыся, сочачы, ступаў чамусьці наскамі ботаў, нацята чакаў. Гатоў быў кожны момант націснуць спускавы кручок аўтамата.

Не азіраючыся, адчуваў за сабой Шарыфутдзінава і іншых. Падняўся на пляцоўку, адкуль лесвіца паварочвала, прыпыніўся. Ацаніў абстаноўку і, тулячыся да сценкі, рушыў далей.

Вось і пляцоўка, другі паверх. Задудукаў кулямёт — вышэй недзе. Трэба ўздымацца яшчэ. Рушылі па лесвіцы, ужо амаль адолелі ўсю, калі раптам насустрач выскачылі двое. Ад неспадзеўкі момант застылі разгублена. Адзін, доўгі, з нейкай каробкай у руцэ, пачаў уздымаць руку: здаюся. Але другі, ззаду, збоку, раптам варухнуўся, рэзка зрушыў аўтамат, што вісеў на жываце.

Яго апярэдзіла чарга з-за спіны Юрыя — ударыў, відаць, хуткі Шарыфутдзінаў. Той, з аўтаматам, сагнуўся і асеў. Услед — доўгі ўзняў рукі, штосьці мыляючы губамі. Юрый махнуў рукою: забраць, адвесці абодвух, а сам, абышоўшы палонных, кінуўся ўгару.

Праскочыў пляцоўку. Стрымаў сябе, асцярожна выглянуў у калідор. Калідор, шырокі, перагароджаны ў адным месцы абваленай столлю, быў пусты.

Зноў ударыла чарга. Праз адкрытыя проймы гук разыходзіўся па будынку гулка, множыўся. Усё ж кірунак, дзе кулямёт, Юрыю было няцяжка вызначыць. Тут Юрыя апярэдзіў Пятых — уцягнуўшы галаву ў плечы, з рэчмяшком, што матляўся за спіною, сігануў да пустой проймы. Аднак не ўправіўся ён дабегчы, з проймы вытыркнуўся немец; убачыўшы Пятых, штосьці загарлаў на ўвесь голас і нырнуў назад. Амаль адразу ж з проймы секанула аўтаматная чарга.

Пятых стаў. Усе ціснуліся да сцяны. Кулямёт сціх, немцы, відаць, чакалі. Падрыхтаваліся. Юрый зазірнуў у суседнюю пройму, ці няма подступу адтуль, збоку. Подступу не было, глухая сцяна. Пятых крыкнуў немцам, каб здаваліся. Прыгразіўся: інакш — капут. Адтуль адказалі чаргою. Услед за ёй паляцела граната. Ледзь управіліся адскочыць. Але Шарыфутдзінава зачапіла — у левую руку. Бачачы, як працінаецца кроў праз рукаў, ён злосна штосьці сказаў на сваёй мове, падобна — вылаяўся. Штосьці хутка, злосна гаворачы, уставіў запал у процітанкавую гранату, відаць, руку зачапіла лёгка,— намерыўся кінуцца ў пройму, але Юрый стрымаў яго. Адтуль зноў далі чаргу. І зноў кінулі гранату. Кінулі гранату нашы, але няўдала: граната пракацілася далей проймы і не памагла ні трохі. Нейкі час ішла такая валтузня, разам з лаянкай, з пагрозамі. Нарэшце Шарыфутдзінаў ухапіў момант, падскочыў да проймы і шпурнуў сваю процітанкавую. Гэтая зрабіла сваё.

Калі Пятых зазірнуў у пройму, адтуль ужо не адгукнуліся. Там аказалася пяцёра: трое былі забіты, адзін, руды смаркач, сядзеў белы, прыціскаў руку да боку. Спалохана чакаў. Пяты, у расшпіленым мундзіры, лысаваты, з нежывым позіркам, ціснуўся ў кутку.

Шарыфутдзінаў люта кінуўся да гэтага, у кутку, учапіўся здаровай рукою, але яго стрымалі.

— У, ш-шакал! — Шарыфутдзінаў штосьці зноў гаварыў злое, падобнае на лаянку.

На патрэсканай бетоннай падлозе было мноства расстраляных гільз.

Дым ад выбуху радзеў, Юрый мімаволі заўважыў праз пройму акна: у баку ад сквера далеч праглядвалася шырока... Усё пачварныя абломкі сцен, руіны. Убачыў наводдаль ланцужок танкаў...

Тут жа перавязаў Шарыфутдзінаву рану: асколак, на шчасце, толькі зверху прарэзаў тканку, як нажом...

Трэба было выбірацца адсюль, каб не адстаць ад сваіх. Справа і злева вуліцы мноства пехацінцаў ішлі ўжо наперад.

...На Ленінскай вуліцы Юрый убачыў тую сцяну, што засталася ад дома, дзе была калісьці іх кватэра.

Сцяна стаяла, як і тады, тры гады назад. Як яна выстаяла? Што гэта там, на другім паверсе, на іх балкончыку? Вазон! Той, які маці вынесла з пакоя ў свой апошні дзень? Няўжо той самы?!

У ім яшчэ жыло напружанне толькі што скончанай бойкі. Была яшчэ нервовая, ліхаманкавая ўзрушанасць ад яе. Але ў гэту ліхаманкавасць увесь час унізваліся новыя ўражанні, сярод якіх асабліва хвалявала тое, што нагадвала пра былое.

Кожны куток тут што-небудзь прыгадваў яму. Але сярод усяго гэтага наплыву ўспамінаў самым моцным, пакутным быў — успамін пра гібель маці. Быццам яна загінула толькі некалькі хвілін таму...

Па вуліцы, па руінах ланцужкамі, россыпам рушыла многа пехацінцаў. Яны ішлі і тут, па Савецкай, па Ленінскай і па пляцы Волі, які быў дзіўна відаць адсюль сярод руін. Адтуль, з пляца Волі, на Савецкую выпаўзлі дзве «трыццацьчацвёркі», упэўнена і непаспешліва пасунуліся ў бок Дома ўрада.

Каля універмага Юрый перавёў аддзяленне на другі бок Савецкай. Тут ля высокага, сіняватага будынка універмага да іх далучылася некалькі незнаёмых. У іх былі чорныя пагоны. Па мінашукальніках у руках некаторых Юрый здагадаўся, што гэта сапёры.

Аказалася, у іх было спецыяльнае заданне — Дом урада. З-за гэтага яны перайшлі з другой роты, якой, аказалася, давядзецца наступаць лявей.

Неўзабаве падышлі да вастраверхай цаглянай будыніны касцёла. Абабегшы паўз агароджу, паўз каштаны, касцёл і драўляную хатку, што стаяла побач з касцёлам на ўзвышшы, Юрый і Праворны з двума байцамі апынуліся перад Домам урада.

Ад самага Цэнтральнага сквера па ўсёй Савецкай бачылі адны руіны. Гмах Дома ўрада, зусім цэлы, такі знаёмы, здаўся Юрыю нібы нерэальным, як той даўні час, назаўсёды разбураны вайной, перажытым. З захапленнем і разам з тугою ўбачыў Юрый дарагі будынак, што пра столькае нагадваў...

«Цэлы!»

Салдаты са здзіўленнем разглядвалі яго з-за касцёла. Хтосьці свіснуў захоплена, хтосьці лічыў паверхі. Нехта практычна сказаў, што немцы не проста так пакінулі яго. Падрыхтавалі які-небудзь сюрпрыз. Размовы гэтыя, аднак, хутка сціхлі.

Насупраць Дома ўрада, цераз вуліцу, гарэў дом, таксама даволі вялікі. З вокан ніжняга паверха, дзе, помніў Юрый, раней былі магазіны, клубамі шыбаў дым. Але Юрыю, як і яго салдатам, не было калі разглядваць гэта. Юрыю, салдатам, усяму ўзводу Праворнага трэба было думаць пра Дом урада. Браць яго.

На ўсякі выпадак трымаючыся бліжэй да сцяны хаткі, не вытыркаючыся вельмі, Юрый з Праворным аглядвалі прасцяг, што трэба было ім зараз перабегчы: на іх дарозе, перад домам цягнулася высокая дротавая агароджа.

Лязгаючы па бруку, пыхкаючы сінім дымком, наперад прайшлі танкі. Адзін, потым яшчэ два. Іх не кранулі.

Але як толькі некалькі пехацінцаў выткнулася на плошчу, насустрач разанула кулямётная чарга. Не з Дома ўрада, а з каменных баракаў ля яго.

Байцы адбеглі назад.

 

2

Каб не губіць марна людзей, Праворны рашыў абысці Дом урада з тыльнага боку, з двара.

На шчасце, з боку ад касцёла было многа розных платоў, пабудоў. Яны падступалі амаль да самага Дома ўрада з тыльнага яго боку. Вельмі зручныя платы і пабудовы, каб падступіцца да Дома. Прыхоўваючыся імі, пяхота і падабралася неўпрыкметку да дротавай агароджы, а потым і да высокіх стромкіх сцен.

Усе чакалі стрэлаў, але з Дома не стралялі. Дом дзіўна маўчаў. Нібы вымер.

Разам з пяхотай да Дома падышлі і сапёры са старшыной на чале. Старшына і адзін сапёр узбеглі на круты ганак прыбудовы. Пачалі аглядаць дзверы, правяраць, мусіць, ці не мініраваны.

Следам за імі ўзняўся дужы рабаваты Пятых. Прыкладам аўтамата ён высадзіў аконную раму побач з дзвярамі і кінуўся ў сярэдзіну пакоя. За ім ускочылі ў акно яшчэ некалькі чалавек, між якіх быў і Юрый.

Ён падаўся ў дзверы, сарваныя з верхніх петляў, гатовыя, здаецца, упасці, і апынуўся на вузкай лесвіцы, што падымалася ўгару. Некалькі байцоў кінуліся па лесвіцы, але Юрый спыніў іх. Загадаў павярнуць у дзверы, што былі насупраць на пляцоўцы. Дзверы былі прыадчынены.

Перад Юрыем адкрылася вялікая паўкруглая зала з мармуровымі калонамі і радамі драўляных крэслаў, якія стаялі таксама паўкругам. Было відаць: зала пасяджэнняў.

Мінуўшы ружовыя калоны,— там, дзе ідуць лесвіцы ўгару і ўніз, неспадзеўкі наткнуліся на чалавека ў цывільнай вопратцы, які бег насустрач з цокальнага паверха.

Пагрозна ўзнялі аўтаматы. Чалавек жа невядома чаму не толькі не спалохаўся, а, падобна, нібы ўзрадаваўся. Хударлявы, жаўтаваты твар неспадзявана, незразумела заяснеў усмешкаю. Як бы сустрэў даўночаканых сяброў.

— Нарэшце!

— Вы хто?

— Я? — Ён здзівіўся, павёў вачыма па ўсіх.— Электраманцёр...

— Які электраманцёр?

Усмешку шчасця змяніла збянтэжанасць. Здагадаўся, стаў тлумачыць: падпольшчык, прабраўся сюды па заданню камандзіра партызанскага злучэння.

— Адным словам, маю загад ахоўваць Дом...

— Дом мініраваны? — коратка кінуў старшына-сапёр больш тонам загаду, чым запытання.

— Мініраваны.

— Чым?

— Авіябомбы. Тол.

— Ведаеце сістэму праводкі?

— Так, але, мусіць, не ўсю. Частку правадоў я толькі што перарэзаў.

— Пакажыце, дзе яны,— сапёр, махнуўшы сваім, каб ішлі следам, падаўся разам з манцёрам. На хвілінку затрымаўся: — Лейтэнант, загадай ачысціць паверхі!.. Можа, немцы дзе зашыліся. Ды скажы сваім, каб хадзілі асцярожна, калі хочуць быць цэлымі!

Ціха, мёртва было на лесвіцах і ў калідорах, па якіх з апаскай, услухоўваючыся, углядваючыся, ступалі з некалькімі сапёрамі незвычайна маўклівыя пехацінцы. Тачыў страх: а раптам не ўдасца размініраваць? І зараз, праз момант... Стараліся не думаць пра гэта. Стараліся спадзявацца, што ўдасца. Удасца. Але спакою не было.

Гулка тупаюць боты па дубовым паркеце, у пустых калідорах. Важкаю, даўкай здавалася гэтая цішыня! Нібы ішлі не па калідоры, а па мінным полі.

Доўга ішлі яны так, правяралі пустыя калідоры, лесвіцы, аглядалі незлічоныя пакоі, то са сталамі, з канторскімі шафамі, то з радамі нар і ложкаў. З надзеяй і трывогай сачылі за ўсім, што рабілі сапёры, за кожным іх крокам, рухам. Па-ранейшаму панавала цішыня, і па-ранейшаму не адыходзіла ад людзей трывога.

Толькі на сёмым ці восьмым паверсе паспакайнелі: прыбег знізу сапёр і сказаў, што ўсё зроблена, правады ўсе перарэзаны. Міны не ўзарвуцца...

Сапёр быў дробны, маладзенькі, амаль хлопчык, з дзіцячым рабаціннем ля носа, але сустрэлі яго як ратаўніка. Як героя. Незвычайна ўзрадаваліся яго вестцы! Адразу засвяціліся ўсмешкамі, завіравала вясёлая гаворка. Сапёра сталі частаваць тытунём

— Абскакалі, значыць, фрыца!

— Хітрэц: уваходзьце, маўляў, займайце! Пабачыце!

— Абскакалі!

— Ну, цяпер стаяць яму, стаяць. Мільён гадоў!

— Выжыў, прыгажун!..

Агледзеўшы іншыя пакоі, апынуліся на даху будынка.

Тут, убачыўшы перад сабою вялікае, неабсяжнае мора нябеснага блакіту, лагоднага, празрыстага, з рэдкімі, лёгкімі воблачкамі, Юрый спыніўся, зачараваны.

Горад ляжаў унізе, быццам на рэльефнай карце. Дзе-нідзе ўзнімаліся ўгару дымы — адны заспакоена, на зыходзе, другія густымі панурымі вірамі. За горадам віднеліся зялёныя і жаўтаватыя ўзгорчатыя палі, сіні лес, далёкая воданапорная вежа, агорнутая гарачай смугою.

Грудзі захлыналіся ад шырыні, ад прастору.

«Нашае!..» — падумаў Юрый, поўнячыся шчасцем, дужасцю.

Пазіраючы адсюль на горад, ён, можа, упершыню ў гэты дзень адчуў радасць новай, вялікай перамогі. Радасць яго была шырокая, як гэтая залітая сонцам неаглядная пространь, што адбірае вочы.

Побач загаварылі аўтаматы, ён азірнуўся,— убачыў узрушаных салдат з узнятымі ў руках аўтаматамі.

«За Мінск!» — сказаў, гарэзна пабліскваючы вузкімі вочкамі, Шарыфутдзінаў. Юрый таксама ўзняў аўтамат.

На плошчу паміж Домам урада і домам насупраць увайшлі самаходкі.

Яны ішлі адна за адной на адлегласці, спакойна і ўпэўнена...

 

3

Калі больш за палову горада было ўжо ў нашых руках, да Мінска падыходзіла група немцаў, чалавек трыста. Яны ішлі не па шасэ, а цераз поле — па дарожцы, абапал якой ціха варушылася жыта.

У іх быў загад заняць акопы і падрыхтавацца да абароны горада.

Немцы ішлі спакойна. То адзін, то другі паглядаў на сонца, якое пачынала паліць усё мацней, і думаў, напэўна, аб адным: каб хутчэй дабрацца да месца!

Плялі спакойную гаворку... Толькі, падышоўшы блізка да Мінска, з якога ўсё ясней даходзілі гукі бою, пачалі насцярожвацца; убачылі на шасэ, што было ўжо недалёка, войска, якое таксама рушыла да горада.

Обер-лейтэнант, камандзір групы, зацікавіўся, хто там, загадаў паслаць разведку...

Калі разведчыкі падаліся жытамі да шасэ, обер-лейтэнант загадаў групе спыніцца. Стоячы на дарозе, немцы сачылі за невядомым войскам; той-сёй з салдат зморана садзіўся на гарачую зямлю.

Там, на шасэ, раптам пачулася страляніна. Потым адтуль са свістам прыляцеў снарад і выбухнуў за дарогай. За ім — другі, бліжэй.

— Рускія, рускія! — усе адразу захваляваліся, замітусіліся, забегалі. Над ціхімі жытамі загаркалі каманды,— сталі хапатліва займаць абарону...

Ад шасэ павярнулі сюды чатыры бронетранспарцёры і тры грузавыя машыны з рускімі. Падышоўшы бліжэй, грузавікі проста сярод поля спыніліся, і з іх пачалі саскокваць байцы. Адзін бронетранспарцёр, на якім было, пэўна, не менш за дзесятак савецкіх, пачаў абыходзіць левы фланг. За бронетранспарцёрам падскаквала нізкая, доўгая гарматка. Другая група з трыма бронетранспарцёрамі пайшла проста на тых, што заселі ў жыце.

Ударылі некалькі кулямётаў, і бронетранспарцёры спыніліся.

Рускія сталі махаць сцяжкамі, рабіць нейкія знакі. Страляніна на час сціхла.

— А-а-я... ы-ы...— ішло неразборлівае ад бронетранспарцёраў. Потым павеў гарачага ветру данёс: — Здавайцеся-а-а!.. Здава-айся, фрыцы!

Зноў заляскаталі стрэлы. Савецкія жвава заходзіліся ля бронетранспарцёраў, адчапілі гарматы і сталі біць прамой наводкай. Між тым правей іх, подбегам, прыгінаючыся, набліжаліся пехацінцы...

Бой быў няроўны і нядоўгі: даволі скора аўтаматы і кулямёты сціхлі, але цяпер было чуваць, як у жыце стогнуць раненыя. Тыя з гітлераўцаў, што засталіся жывыя, уставалі і, кідаючы зброю, мармычучы — «Гітлер капут!», здаваліся; іх зводзілі разам на дарогу, блізка ад месца, дзе быў бой.

— Што гэта — засляпіла ім: мы занялі горад, а яны — ідуць, быццам дадому...— прамовіў адзін з байцоў, што ахоўвалі палонных, малы, белабровы, з наіўнымі вачыма.

— Куды павядзём? — памаўчаўшы, запытаў ён у камандзіра роты.

— Куды яны хацелі,— у Мінск.

Салдат засмяяўся:

— Усё-ткі пападуць у Мінск, хоць палоннымі!..

Калі гэты натоўп палонных прывялі да гарадской ускраіны, у Мінску было ўжо ціха. Разрозненыя групкі варожых аўтаматчыкаў, кулямётчыкаў, артылерыстаў, страціўшы сувязь, надзеі, здаваліся...

Нашы пехацінцы выцягвалі з сутарэнняў, з розных сховішчаў тых, хто спрабаваў схавацца.

Тым часам да Мінска падыходзілі войскі Першага Беларускага фронту. Наперадзе былі танкісты Бахарава і Панова, што напярэдадні занялі Пухавічы.

Трэцяга ліпеня яны ўвайшлі ў паўднёвую ўскраіну Мінска. Тут на высокай вуліцы, з якой быў добра бачны амаль увесь горад, генерал-маёр Шчарбацюк спаткаўся з чарнявым пажылым палкоўнікам-танкістам, што з вежы танка ўзіраўся кудысьці ў заходнюю частку горада.

— Адкуль? — запытаў генерал-маёр, калі палкоўнік саскочыў з вежы, падбег да яго «віліса».

— Ад Пухавіч, простым кірункам...

— Першы Беларускі...— генерал-маёр парывіста, моцна абняў танкіста.

— А мы — ад Барысава.

Байцы і камандзіры з многіх палкоў, брыгад і дывізій Трэцяга Беларускага спаткаліся ў гэты дзень з войскамі Ракасоўскага.

Гэта была вялікая падзея. Два франты счапілі круг вакол нямецкіх часцей, што былі на ўсход ад Мінска, адрэзалі ім апошнія шляхі адступлення...

Так утварыўся «мінскі кацёл».

 

4

Дзень гэты быў адным з самых значных у жыцці Чарняхоўскага.

Ён пачаўся важнай весткай: пазваніў Глаголеў і далажыў, што перадавы атрад 4-й танкавай брыгады з корпуса Бурдзейнага ўварваўся з боку магістралі ў Мінск.

— Дзе Ротмістраў? — усхваляваны і нецярплівы, запытаў Чарняхоўскі. Ён быў поўны адчуваннем: вось яно, збываецца самае галоўнае, самае чаканае.

Глаголеў адказаў, што танкі Ротмістрава таксама ўваходзяць у Мінск, у паўночную і паўночна-заходнюю ўскраіну.

— З часцямі Першага Беларускага ёсць сувязь?

— Ёсць,— адказаў здалёк Глаголеў.— Перадавыя часці Першага Беларускага падыходзяць да паўднёвай ускраіны. У раён — Краснае Урочышча.

Чарняхоўскі адзначыў мімаволі: апошняе — назву Краснае Урочышча — камандарм назваў спецыяльна для яго: ведаў, яму гэта назва павінна быць знаёмая. Глаголеў не памыліўся: ён помніў гэты раён...

— Глядзіце, не сутыкніцеся! — папярэдзіў, стараючыся не траціць патрабавальнага тону, Чарняхоўскі.

Камандуючы арміі супакойліва запэўніў, што ніякіх непаразуменняў з суседам не будзе, сувязь надзейная...

Неўзабаве Глаголеў пазваніў зноў і, вясёлы, звонкагалосы, паведаміў, што часці арміі з ходу перабраліся цераз раку Свіслач і занялі цэнтральныя раёны горада.

— З НП бачу на Доме ўрада чырвоны сцяг,— сказаў ён. Чарняхоўскі зразумеў яго пачуцці, калі ён, забыўшыся на сваю звычайную стрыманасць у дачыненнях з камандуючым фронту, амаль з таварыскай вольнасцю паведаміў:— Хутка перанясу НП на Дом урада. Запрашаю вас.

— Дзякую...— Чарняхоўскі насцярожліва нагадаў: — Не забывайце, што на вас адказнасць за левы фланг фронту. Сачыце за праціўнікам, асабліва з боку Волмы!

Хоць Чарняхоўскі і стрымліваўся, ведаючы, як небяспечна неасцярожнае захапленне ў баі і якія нялёгкія задачы наперадзе, яго ўсё ж вельмі радавалі гэтыя весткі: акрамя таго, што войскі так удала, багата раней за прызначаны Стаўкай тэрмін, вызвалялі самы важны на разняволенай зямлі горад, сталіцу рэспублікі, падзея гэта мела і іншае значэнне, якое нельга было пераацаніць: яна значыла, што круг вакол немцаў замыкаўся ўсё больш надзейна. У клопатныя думкі пра тое, як бы апярэдзіць спробы немцаў вырвацца з мяшка, раз-пораз ішлі, цешылі душу ўспаміны пра Мінск, добрыя ўспаміны, якіх не мог апанаваць ніякі клопат. Мімаволі па-маладому светла ўспаміналіся шчаслівыя перадваенныя дні, калі столькі разоў даводзілася быць у гэтым горадзе, які не раз добра распараджаўся яго лёсам і лёс якога цяпер залежыць ужо ад яго. Не цярпелася: хутчэй бы пабачыць Мінск самому. Уехаць у яго спакутаваныя вуліцы, пад яго абпаленыя вайной каштаны і ліпы...

З’явіўся на даклад акуратны нястомны генерал Іголкін, імклівай скорагаворкай далажыў, што танкісты Ротмістрава вызвалілі на паўночным захадзе ад Мінска Ракаў, а на ўсходзе — Волму, што мехкорпус Абухава заняў раён Нарачы і ідзе ў кірунку на Смаргонь.

Адпусціўшы начальніка аператыўнага ўпраўлення, Чарняхоўскі звязаўся з членам Ваеннага Савета, весела гледзячы на заліты сонцам агародчык, на вуліцу, што нібы чакала, звала, загаварыў:

— Васіль Емяльянавіч, ёсць магчымасць зірнуць на Мінск і заехаць да Крылова, як вы да гэтай магчымасці? — Генерал Макараў адказаў, што такой магчымасцю трэба пакарыстацца.— Ну, вельмі добра! Тады я чакаю!

Калі член Ваеннага Савета ўвайшоў, Чарняхоўскі ўжо стаяў на двары, гатовы ехаць. Каля машыны і бронетранспарцёра завіхаўся, аддаваў апошнія распараджэнні пільны, недаверлівы Камароў. І тут паявіўся ўсхваляваны хапатлівы шыфравальшчык з лістком у руцэ.

— Таварыш камандуючы!..

— Што? — ступіў насустрач яму Чарняхоўскі.

— Тэлеграма. Са Стаўкі.

Чарняхоўскі хуткім рухам узяў тэлеграму, прабег нецярплівым позіркам. Член Ваеннага Савета бачыў, як, ледзь камандуючы пачаў чытаць, змяніўся твар яго, увесь ён. Падабраўся, засяродзіўся, пастражэў.

— Зойдземце,— кінуў коратка генералу і рашучым крокам пайшоў на ганак, у хату. У хаце спыніўся, улавіўшы запытальны позірк члена Ваеннага Савета, паведаміў:— Дырэктыва на Вільнюскую аперацыю.— Ён перадаў тэлеграму генералу Макараву.— Так што паездку ў Мінск і да Крылова прыйдзецца адкласці...

Ён пазваў даручэнца і, калі Камароў ускочыў у пакой, запытаў клопатна:

— Высветлілі гатоўнасць новага ВПУ?

— Так точна, таварыш камандуючы,— адрапартаваў Камароў, па выгляду камандуючага, па голасу яго разумеючы, што зноў настаў важны, дзейны момант.— ВПУ гатова.

— Паедзем на ВПУ,— тонам загаду сказаў Чарняхоўскі.— Выклічце зараз жа генерала Іголкіна.

 

Неўзабаве машына імчала іх па шасэ. Чарняхоўскі сядзеў разам з членам Ваеннага Савета на заднім сядзенні. Камароў быў поруч з шафёрам; па-арлінаму трымаючы галаву, сачыў за дарогаю.

Дзень зіхацеў яркім святлом, дыхаў летняю спёкаю.

Ехалі моўчкі. Генерал Макараў увесь час паглядваў у акно, на дарогу, на машыны, якія яны абганялі, на групы салдат, што ішлі ўзбоч. Ён жыў радасным хваляваннем, яму хацелася гаварыць пра гэту радасць, але ён бачыў: Чарняхоўскі сядзіць засяроджаны, паглыблены ў сябе, нешта думае. На твары нават быццам нейкае незадавальненне. Гэта бянтэжыла члена Ваеннага Савета і стрымлівала.

— Супадзенне якое,— загаварыў ён нарэшце асцярожна.— Вярнуліся амаль у той жа час, калі і пакідалі. Роўна праз тры гады... Такое ж, здаецца, лета, такая ж спякота. А на душы зусім іншае!

— Іншае...— адгукнуўся, нібы не разумеючы, Чарняхоўскі.

Член Ваеннага Савета зірнуў на яго, ледзь павёўшы дапытлівымі пукатымі вачыма, зноў убачыў: камандуючы недзе далёка са сваімі думкамі. Зразумеў: Чарняхоўскі, можа, і не чуў, што ён казаў.

Зноў доўга маўчалі. Макараў бачыў, што Чарняхоўскі па-ранейшаму штосьці думае, па-ранейшаму як бы незадаволены нечым, і ўжо не спрабаваў загаварыць. Чарняхоўскі раптам сам загаварыў. Зірнуў на дарогу, не адводзячы вачэй ад яе, нібы разважаючы сам з сабой,сказаў:

— Вось так. Вільнюс, Каўнас. Упрэмся ў Фрышгаф ці Курышгаф. І — стоп. І фронту — канец.

Член Ваеннага Савета зразумеў незадавальненне: Чарняхоўскі, як і многія на іх фронце, як і сам Макараў, спадзяваўся, што Трэці Беларускі будзе наступаць не куды-небудзь, а на самы цэнтр Германіі. Самім ваенным лёсам Трэці Беларускі быў пастаўлены проста перад цэнтрам рэйха. Дарога з Оршы на Мінск выводзіла потым проста на Варшаву, на Берлін. Дырэктыва Стаўкі, што скіроўвала фронт на Вільнюс, на Прусію, бурыла гэтыя спадзяванні...

— Мы першыя можам падысці да граніц Германіі,— як бы паспрабаваў супакоіць генерал Макараў.

— Так, гэта можа быць,— згадзіўся Чарняхоўскі.— Усё ідзе к таму.— Нявесела, не тоячы шкадавання, сказаў: — Прыцэліўся я, прымерыўся. Тое-сёе прыпас на будучае. Прывык думаць... А тут усё павярнулася. Што ж,— ён усё не мог адолець шкадавання,— павернем тварам да мора! Такі наш лёс.— Дзелавіта, засяроджана прамовіў:— Работкі нам прываліла, Васіль Емяльянавіч. Сумаваць не прыйдзецца...

— Не прыйдзецца!

Чарняхоўскі глядзеў наперад, дзе ціснуліся машыны, гарматы,— дарога была забіта. Шафёр увесь час сігналіў.

Яны пад’ехалі да павароту на Лагойск.

 

РАЗДЗЕЛ VIII

 

1

Пасля таго як батальён Аляксея выбіў немцаў з Кальварыі, брыгада зрабіла прыпынак. Горад ляжаў ззаду. Стрэлы і выбухі заціхлі, але чорныя, злавесныя хмары дыму віселі над кварталамі.

Вуліцы, нядаўна пустыя, цяпер віравалі, шумелі, спявалі.

Па Пушкінскай, па Савецкай, праз плошчу Леніна, па Маскоўскай безупынна рушылі войскі. У кузавах зялёных машын плылі па гораду загарэлыя пехацінцы з аўтаматамі і букетамі кветак. За машынамі, падскакваючы, каціліся прыземістыя доўгія процітанкавыя гарматкі. Праходзілі крытыя брызентам славутыя гвардзейскія мінамёты — «кацюшы», якія, як заўсёды, вабілі да сябе асаблівую ўвагу. Ішлі «ЗІСы» з завялым галлём маскіроўкі, нагружаныя боепрыпасамі і мяшкамі з мукою. Важка несучы выносістыя ствалы з тоўстымі надульнікамі, грымелі самаходкі...

Мінчане, што стракатымі радамі тоўпіліся ўсцяж тратуараў, з абодвух бакоў гэтай плыні, глядзелі на ўсё з гордасцю і захапленнем.

Дзяўчаты выбягалі да машын, працягвалі байцам кветкі, кідалі ў кузавы ці на вежы,— салдаты на ляту лавілі іх... Кабінкі многіх грузавікоў і гарматы былі цяпер упрыгожаны гваздзікамі і ружамі. Кветкі трымалі ў руках байцы, кветкі чырванелі на кішэнях гімнасцёрак, каля ордэнаў, кветкі віднеліся ўсюды. Нельга было не здзівіцца, як у гэтым знявечаным горадзе магла знайсціся такая безліч кветак,— напэўна, усе кветкі, што раслі на дворыках, на агародчыках, у той дзень былі сарваны і раздораны...

Усе, хто застаўся ў Мінску, хто дажыў да гэтага дня, былі цяпер у кіпучым, захмялелым ад шчасця людскім віры. Радыёрупары з ваенных агітмашын разносілі перадачы з Масквы,— каля іх збіраліся цэлыя натоўпы, прагна лавілі кожнае слова, кожную мелодыю.

На адной з вуліц, абняўшыся, брылі трое падвыпілых смуглявых маладых мужчын. Іх прывезлі сюды здалёк, з Італіі, салдатамі. Пасля капітуляцыі Італіі большасць іх сяброў, з якімі яны папалі ў нямецкія лагеры смерці, загінулі. А гэтым тром пашанцавала: нашы пехацінцы іх вызвалілі.

Яны ішлі, хістаючыся з боку на бок, у абшарпанай адзежы, схуднелыя, змарнелыя, але таксама без меры шчаслівыя. Яны спявалі,— старанна вымаўляючы словы, заўзята, на ўвесь голас:

 

Смьело ми в бой пойдьём

За власть Совьетов

И как один умрём

В борьбье за это!

 

Дзе і калі яны перанялі гэту песню? Хто навучыў іх спяваць яе? З таго, як яны спявалі, было відаць, што песня ім вельмі падабалася...

Танкі Бяссонава стаялі каля агародчыкаў і хатак ускраіны, прыціснуўшыся да платоў, выстаўляючы гарматы, выглядвалі з-пад цёмнага запыленага галля вішанніку і клёнаў. Многія танкісты корпаліся каля «трыццацьчацвёрак» — чысцілі машыны, перацягвалі гусеніцы, запраўлялі бакі гаручым з бензацыстэрн. Бяссонаў загадзя наказаў камандзірам, што хутка будзе загад выступаць.

Нямала каго з танкістаў можна было бачыць і каля хат, ля веснічак, з дзяўчатамі. Тут размова ішла вясёлая, з жартамі, звінеў малады смех. Некаторыя паважна гаманілі з пажылымі людзьмі, слухалі іх горкія апавяданні аб трох страшных гадах няволі, расказвалі самі — пра Маскву, пра свае ваенныя прыгоды.

Было ўжо каля поўдня. Сонца зіхцела, здавалася, проста над горадам. Высока ўздымалася яснае блакітнае неба, на якім толькі дзе-нідзе бялелі воблачкі.

 

2

Аляксей увайшоў у светлы, з пафарбаванымі охраю аканіцамі дамок, у якім прыпыніўся камандзір брыгады. Палкоўнік быў без кіцеля, у нябеснага колеру шаўковай сподняй сарочцы з кароткімі рукавамі, якая шчыльна абліпала поўныя моцныя плечы, круглыя, крутыя грудзі. У выразе сарочкі віднелася белая, кволая, як у жанчыны, скура. Яна рэзка адрознівалася ад цвёрдай, загарэлай і абветранай скуры твару.

— Заходзь, заходзь, капітан,— сказаў Бяссонаў Аляксею, калі той, казырнуўшы, запыніўся на парозе. Палкоўнік крыкнуў у бок акна:

— Гатовы?

— Гатовы, таварыш гвардыі палкоўнік,— пачуўся за адчыненым акном голас ардынарца.

Бяссонаў зняў сарочку, узяў салдацкі вафельны ручнік, што ляжаў на стале, закінуў яго на плячо і выйшаў. На двары ён доўга мыўся, ахвотна, са смакам крактаў, пырхаў. Калі вярнуўся, выціраў ручніком грудзі. Скура яго цела паружавела. Дужы, без гімнасцёркі, з ручніком, ён здаваўся ў тую хвіліну падобным да барца ці цяжкаатлета, што рыхтуецца да блізкага выступлення.

— Свеж-жа! Вада — што лёд! Як нанава на свет радзіўся! — прагурчаў ён нязвыкла лагодна.

Усцягнуўшы на поўнае цела сарочку нябеснага колеру, запытаў строга:

— Як рана?

— Цярпець можна, таварыш гвардыі палкоўнік...

— Не падабаецца мне,— сказаў ён нездаволена,— яшчэ адзін камбат выходзіць са строю. У мяне камбатаў лішніх няма! Глядзі, хутчэй папраўляйся! Ваяваць трэба! — ён сказаў так, нібы рабіў вымову.

Аляксей выпрастаўся.

— Колькі будзеш лячыцца?

— Тыдзень, думаю...

— Тыдзень...— ён сеў за стол.

Ардынарац, жвавы, праворны хлопец з Чарнігаўшчыны, унёс на талерцы закуску, алюмініевы корчык і фляжку ў чахле.

— У санбаце колькі далі? Тры тыдні? Ну, вот, так бы і казаў. Пакажы заключэнне, што яны там намарочылі?.. М-да-а, менш чым трыма тыднямі, відаць, не абыдзецца. А пападзешся ў рукі якому-небудзь фармалісту, ён цябе і на два месяцы да ложка прытарочыць. Глядзі, падрамантуйся, але не буксуй там попусту! Ясна?..

Палкоўнік загадаў ардынарцу:

— Яшчэ шклянку прынясі.— Заўважыў, што Аляксей зноў ціснецца ля дзвярэй, кінуў без далікацтва: — Сядай! Чаго стаіш там? Бліжэй давай.

Ардынарац шмыгнуў у дзверы. Аляксей паслухмяна сеў да стала.

Бяссонаў наліў у шклянку сабе, потым яму, чокнуўся.

— За Мінск! За тваю блізкую сустрэчу з жонкай — таксама!

Нейкі час маўчалі, закусвалі.

— Я тут пад Мінскам хрысціўся,— начапіўшы на відэлец кавалак тушонкі, сказаў Бяссонаў.— У сорак першым. Толькі што з-пад Смаленска, з лагераў прывёў батальён. Землякі нібы...

Аляксей, заўсёды нецярплівы, быў думкаю далёка. Палкоўнік хутка адчуў, што яму не сядзіцца.

— Ну што ж, капітан, не затрымліваю. Батальён перадай Аліеву. У штабе скажы — няхай аформяць усё. Ідзі! Пачакай,— успомніў ён раптам. Выйшаў з пакоя і неўзабаве вярнуўся з пакункам, загорнутым у газету.— Вот, жонцы ад мяне. Калі быў у Маскве, купіў на плацце — думаў Ірыне, дачцэ... Вазьмі.

— Дзякую. Перадам...

Бяссонаў працягнуў шырокую шурпатую далонь.

На вуліцы Аляксей спаткаў Гогабярыдзе, які чакаў капітана каля веснічак. Гогабярыдзе быў чыста паголены, у новай, недзе ўжо выпрасаванай чысценькай гімнасцёрцы.

— Значыцца, развітанне? Ах, Аляксей, як я рады, што ты будзеш дома! Дома, пасля такіх баёў, пасля такой вялікай дарогі!.. Помніш, як ты чакаў пісьмо ад Ніны, а яго ўсё не было. А цяпер яго і не трэба... Шкадую, што мне не прыйдзецца ўбачыць такую сустрэчу...

— Я — каб ты не шкадаваў — пастараюся ўявіць тады, быццам ты стаіш поруч з намі. Добра?

— Ты, Аляксей, забудзеш пра гэта... Ты, як усе шчаслівыя людзі, станеш на гэты час эгаістам. Я толькі адно папрашу — не забудзь перадаць ад мяне прывітанне Ніне і малому. Не забудзеш? І наогул пра нас усіх не забывай!..

— Буду помніць, Сандро,— жартаўліва-ўрачыста пакляўся Аляксей.

 

3

Здаўшы камандаванне, развітаўшыся з людзьмі, Аляксей адразу падаўся дадому.

Дом, у якім некалі ён жыў, быў зусім недалёка ад вуліц, дзе спыніліся танкі.

Гогабярыдзе праводзіў яго да канца вуліцы, штосьці гаварыў, але ўсё, што ён казаў, амаль не даходзіла да Аляксея. Ён і слухаў, і нешта адказваў, але не ведаў і не помніў што. Ён цяпер жыў адным — будучаю сустрэчаю,— пачуццём, у якім былі разам чаканне шчасця і халодная трывога, няўрымслівая нецярплівасць і стрыманасць. Думкі блыталіся і былі нібы агорнуты туманам.

— Я разумею цябе, Аляксей. Табе не да таго, каб слухаць маю пустую балбатню,— схамянуўся Гогабярыдзе.— Калі ў сэрцы поўна, хочацца маўчаць... Не буду перашкаджаць табе. Мы будзем цябе, дружа, помніць і чакаць! Дамовіліся? Бывай, Аляксей!.. Жадаю, каб дома ўсё добра было!..

Ён па-братэрску абняў капітана.

Аляксей амаль не бачыў, што акружала яго. Дамы, узрушаныя, гаманкія людзі, аўтамашыны, панурыя натоўпы палонных — усё гэта праходзіла перад ім, нібы ў сне...

Ён не заўважаў, што ўвесь час паскарае хаду. Павярнуўшы на сваю вуліцу, пайшоў амаль уподбег. «Цэлая»,— бліснула заспакойлівая думка, калі перад вачыма ўзніклі два рады дамочкаў. Ён нецярпліва глядзеў наперад, дзе з-за павароту павінен вось-вось з’явіцца знаёмы абрыс яго дома.

Дом быў таксама цэлы! Аляксей убачыў гэта здалёк, ледзь выйшаў з-за павароту. Амаль адразу ж ён адзначыў, што плот і веснічкі зламаны, ляжаць на зямлі. Больш ён ужо нічога не думаў, нічога не заўважаў. Адно глядзеў на дом нязводна, пільна і ляцеў, нібы баяўся, што ўсё гэта прападзе раптам.

Толькі ля дома стрымаў лёт.

Ступіў па дошках зваленых веснічак, зірнуў на дзверы і — разгублена спыніўся. На дзвярах вісеў замок! Як бы не верачы, Аляксей падышоў да дзвярэй і пакратаў яго. Замок быў замкнуты.

Рушыў да акна. Паставіўшы ля ног чамаданчык, скінуўшы фуражку, прыціснуўся тонкім, з гарбінкаю носам да шыбы, зірнуў усярэдзіну. Там не было нікога. Было дзіўна пуста. У адным пакоі стаяў голы знаёмы стол, з меднай жоўтай клямкаю на скрынцы, бялелі на падлозе шматкі газет, у другім цьмяна пабліскваў нікелевымі бакавінкамі ложак, таксама голы. У кутку ля акна зелянеў высокі шыракалісты фікус. Аляксей успомніў, што Ніна любіла, каб у яе пакоі былі фікусы...

Пабелка на сценах пацямнела ад даўнасці. Пакоі мелі нежылы выгляд, нібы іх даўно-даўно пакінулі. Яны здаліся чужымі,— такімі незнаёмымі былі запусценне і бязладдзе ў гэтых рупліва прыбраных калісьці пакоях. Толькі ў кухні на століку ляжаў нейкі клунак, і па ім Аляксей здагадаўся, што тут нехта ўсё ж быў. «І замок, мабыць, нядаўна павешаны, інакш ён дасюль не вісеў бы».

Ён выйшаў на вуліцу. Чамаданчык так і застаўся ля акна, забыў яго ўзяць. Куды б пайсці, каго спытацца?

На вуліцы наводдалек стаялі тры ваенныя грузавікі, каля аднаго з якіх былі салдаты,— выгружалі нейкія скрынкі. Ішоў у гэты бок пажылы кульгавы чалавек з рыдлёўкаю — невядомы. Аляксей, агледзеўшыся навокал, рашыў пайсці да суседзяў: хто-хто, а яны могуць што-небудзь ведаць пра Ніну ці Наталлю Міхайлаўну.

Да вайны ў доме побач жыў стары вагонны майстар з чыгуначнага дэпо. Майстар быў дабрадушным, гаваркім старым і любіў выпіць. Калісьці ён часта заходзіў да Аляксея, расказваў пра дэпо, доўга гаманіў з маці Ніны.

Аляксей успомніў пра чамаданчык, забраў яго і падаўся да дому старога. Вокны ў доме былі выбіты, дзверы выламаны. Каля дзвярэй ляжала распораная падушка, вакол якой на ступеньках і на ўсім двары бялела пер’е. На навалачцы віднеўся брудны след бота.

Аляксей пастаяў моўчкі і павярнуў да другіх колішніх знаёмых — Карповічаў. Жонка бухгалтара Карповіча калісьці сябравала з Наталляй Міхайлаўнай. У доме Карповічаў цяпер жыла нейкая невядомая сям’я. На двары Аляксей спаткаў маладую жанчыну, якая сядзела на ганку і штосьці з дакорам гаварыла бяляваму хлопчыку гадоў чатырох. Заўважыўшы Аляксея, яна ўзрушана ўзнялася, у вачах яе мільгнулі цікаўнасць і надзея. Але калі Аляксей спытаўся пра Карповічаў, яна адразу змянілася, затаілася...

Карповіч, аказалася, з пачатку вайны ў арміі, а жонка яго недзе ў эвакуацыі,— пасля іх тут жыла сястра Карповіча, але яе з паўгода таму арыштавалі гестапаўцы. Новыя жыхары толькі некалькі месяцаў у гэтым доме.

— У мяне да вас просьба. Скажыце... Ці не ведаеце вы што-небудзь пра сям’ю Лагуновічаў? — запытаўся Аляксей.

— Лагуновічы? А ў якім яны доме?

Аляксей паказаў.

— Там?.. Хто ж гэта там? А-а! Бачыла я там, каб не зманіць, нейкую старую жанчыну...

— А пра маладую нічога не чулі? У старой ёсць дачка,— Аляксей кіўнуў на яе нецярплівы пільны позірк.

— Не, не чула... І не бачыла там маладой, ні разу не бачыла. Яшчэ, здаецца, там дзіця жыве. Гадоў трох,— сказала раптам жанчына.

— Дзіця? — перапытаў узрушана Аляксей.— Даўно вы бачылі?

— Ды не, колькі дзён таму...

— Дзяўчынка ці хлопчык?

— Дзяўчынка.

«Дзяўчынка, тры гады»,— праплыла ў грудзях Аляксея цёплая, радасная хваля. На стомленым, зняможаным твары заяснела ўсмешка. Жанчына мімаволі зірнула на свайго малога, які сачыў за кожным рухам вайсковага чалавека з перавязанай рукой, уздыхнула.

Але трывога замуціла Аляксею светлую хвалю радасці. Чаму ж іх цяпер няма дома? Ужо развітаўшыся з жанчынай, Аляксей затрымаўся, запытаў:

— Дык вы сёння ці ўчора не бачылі іх?

— Не бачыла... Тут такі жах быў, што, здаецца, свету белага не бачылі. Думалі, што і выжыць не давядзецца. І цяпер страшна падумаць...

Апошнія словы жанчыны яшчэ больш затрывожылі Аляксея: ці шчасліва Наталля Міхайлаўна з дзіцем перабылі гэтыя дні?

Ён вярнуўся дадому, сеў на ганку, паставіў побач чамаданчык, выняў з партабака сігарэтку. Прыкурыў ад запальнічкі. З-пад цёмных ламаных броваў акінуў адрэзак вуліцы, які віднеўся адсюль. Ці не ідзе хто-небудзь.

Ён паспрабаваў разабрацца ва ўсім тым, што давялося пачуць. Ніна, мусіць, яшчэ ў партызанах,— яна не магла вярнуцца так хутка,— але дзе Наталля Міхайлаўна і дачка? Ці былі яны дома ўчора і пазаўчора? Можа, гэты замок вісіць на дзвярах ужо двое сутак?

Дзе яны? Чаму іх няма дома?

 

4

Ён узяў чамадан, падаўся на вуліцу, агледзеў яе ў адзін бок, у другі. Не мог сядзець больш, цярпліва чакаць. «Пагляджу, што робіцца вакол... Ды і час хутчэй пойдзе...»

За рогам вуліцы Аляксей убачыў мужчыну з нямецкім аўтаматам за плячом. Чалавек з аўтаматам раскідзіста, наўкась, як рэзалюцыю, пісаў вугалем на дзвярах будынка: «Занята пад магазін».

«Глядзі ты, які порсткі!» — не так здзівіўся, як пахваліў у думках Аляксей.

— Эй, кааператар! — крыкнуў весела рослы, з тоўстымі шчокамі пехацінец, што праходзіў міма.— Што ж ты, душа з цябе, пішаш — «занята», тавару ж няма. Чым ты будзеш займаць яе, гэтую сваю «магазею»?

«Кааператар» азірнуўся — у яго быў малады, гладка паголены твар — аптымістычна супакоіў салдата:

— Тавар будзе! Было б месца...

— «Будзе, будзе»! Калі гэта будзе, праз месяц? Ці праз год?

Аляксей, прайшоўшы некалькі кварталаў, яшчэ заўважыў два ці тры такія надпісы. Яму карцела вярнуцца дахаты. Але калі ён увайшоў на двор, там па-ранейшаму нікога не было. Каб чым-небудзь заняцца, ён, знайшоўшы цагліну, прысеў на ганку і ўзяўся прыбіваць да слупкоў адной ступенькі адарваную дошку. Праз некаторы час ён заўважыў, што з вуліцы да яго збочыла чарнявая жанчына.

— Аляксей! — ускрыкнула раптам яна, падбегла, абняла капітана і тройчы пацалавала.— А я думаю, хто гэта тут сагнуўся ды майструе, што за гаспадар такі знайшоўся. Аж і праўда, гаспадар.— Твар яе быў капітану знаёмы — гэту жанчыну ён да вайны бачыў не раз, але не мог прыпомніць, хто яна такая.

Аляксей усё ж вельмі ўзрадаваўся спатканню з ёю: як-ніяк, гэта знаёмы чалавек, першы знаёмы.

— Ну, які я гаспадар?.. Дзе Наталля Міхайлаўна — вы не ведаеце?..

— Яны тут... Толькі што былі тут... Вы, значыцца, размінуліся! Яны ж начавалі ў мяне, мы разам хаваліся. Вельмі ўсё баяліся, што гэтыя ірады пачнуць усіх забіваць... І дачушка твая жывая!

— Жывая?! — перапытаў Аляксей, быццам не верыў. Твар яго заззяў радасцю.— Як жа яе... зваць?

— Люда... Такі дачакаліся! Вось жа будзе радасць... Мы з Наталляй больш за ўсё і непакоіліся пра яе, Людачку. Сядзім з Наталляй у вішанніку, каля ямы, чуем, як грымяць выбухі. Наталля паправіла хустачку на дачушцы тваёй, каб не стыла, і кажа: «Божа, колькі пакуты дзіцяці, ніводнага дня спакойнага не ведае за сваё жыццё!»

— Так,— Аляксей насунуў бровы на вочы.— Паспытала гора больш, як трэба...

Капітан запытаўся, ці не ведае яна, што з Нінаю.

— Ніна ў партызанах. Яна ўжо даўно пайшла... І Валька мая — ты, пэўна, яе помніш — там таксама...— жанчына раптам азірнулася.— Чаго ж мы стаім тут? Хадзем да мяне, пасядзім.

Неўзабаве Аляксей быў у яе хаце, што стаяла недалёка ад таго месца, дзе жыла Наталля Міхайлаўна, але на другой вуліцы. Нарэшце ён успомніў прозвішча жанчыны — Залеская; гэта была маці Валі Залескай. Аляксей прыгадаў і Валю, яе дачку, худую, смуглявую дзяўчынку, што калісьці паўз яго вокны хадзіла з партфелікам у школу.

Старая Залеская пачала была рыхтаваць яму абед, аднак Аляксей папрасіў яе:

— Не турбуйцеся, калі ласка. Я паабедаў, а вячэраць нешта не хочацца...

Надыходзіў вечар. Сонца, вялікае, вогненна-барвовае, хавалася за дах бліжняга будынка, падпаліўшы яго край. Здавалася, што дах вось-вось зоймецца агнём. Водсвет сонца лёг чырвонымі квадратамі на сцяну, абклееную старымі квяцістымі шпалерамі. Залеская сказала: Наталля пайшла пашукаць каго-небудзь з таварышаў Ніны, даведацца, калі яна прыйдзе. Ведама, матчына сэрца неспакойнае.

— Я і сама хадзіла на Маскоўскую — думала, можа, у каго-небудзь з партызан выпытаю пра маю Вальку... Як пабачу партызана, падыду ды — адно: «Ці не ведаеце Валю Залескую!» — «Не, не ведаю». Ніхто не бачыў яе... А так хочацца даведацца хутчэй, што з ёй...

Тое, што Валі таксама пакуль няма дома, супакойвала Аляксея. Ён, вядома, шкадаваў, што Ніна не вярнулася яшчэ, але ў з’яве гэтай не бачылася яму нічога ненармальнага, што давала б якія-небудзь падставы для трывогі. Давала добрую надзею тое, што ён ужо знайшоў тыя яе сляды, якія раней былі нябачныя зусім яму. Ён, як ніколі дасюль, здавалася, быў блізкі да яе. У гэты час ён, можна сказаць, больш непакоіўся пра Люду і Наталлю Міхайлаўну: пра тое, дзе яны, калі яны, нарэшце, прыйдуць?

Ён падумаў, што, можа быць, Наталля Міхайлаўна ўжо вярнулася ў хату? Зрэшты, калі яна нават яшчэ не прыйшла, лепш за ўсё чакаць яе там,— як толькі яна вернецца, Аляксей сустрэне яе. Акрамя таго, седзячы тут, ён увесь час будзе думаць, што яны, мусіць, ужо дома...

Аляксей падняўся. Залеская адразу ж здагадалася пра яго намер, сказала:

— Ды вы не бойцеся. Яна не абміне мяне. У мяне ключ ад іх замка: яна прасіла, каб я назірала за хатай. Каб сустрэла, калі раптам зойдзе хто з вас... Асабліва спадзявалася, што Ніна прыйдзе. А можа, і праўда прыйдзе. Ды каб удзвюх з Валяю! Вось было б добра!..

Ён мімаволі прыслухоўваўся да крокаў, да галасоў, што чуліся звонку. За акном, па вуліцы, увесь час праходзілі, гаманілі людзі, галасы іх то набліжаліся і мацнелі, то пачыналі сціхаць, зноў набліжаліся і зноў адыходзілі. Аляксей не пераставаў прыслухоўвацца.

Калі на двор нехта ўвайшоў, ён адразу насцярожыўся. Залеская была ў суседнім, далейшым ад двара пакоі; седзячы адзін, ён добра чуў, як затупалі крокі па ступеньках ганка, як бразнула клямка ў сянечных дзвярах. Ён чуў усё, але не ўставаў. Не мог устаць. Адно нецярпліва глядзеў на дзверы. У пакоі было ўжо даволі цёмна. Але ён убачыў, як адчыніліся дзверы і паявілася, ступіла ў пакой жанчына з дзіцем на руках. Аляксей упоцемку пазнаў — яна, Наталля Міхайлаўна! Моцна хвалюючыся, узняўся насустрач.

— Божа мой! Хто тут? — сказала Наталля Міхайлаўна трывожна, нейкім здушаным голасам; здалося, што яна ўжо здагадалася, пазнала, хто ён.

Позірк яго вачэй памкнула да маленькай маўклівай дзяўчынкі, якую яна паставіла на падлогу. Дзіця, ледзь толькі пачула пад ножкамі падлогу, ступіла крок, другі. У гэты момант увайшла Залеская з запаленым каганцом, у святле яго малая ўбачыла раптам незнаёмага. Ураз спынілася, здзіўленымі, шырока адкрытымі вачыма ўгледзелася ў яго. Аляксея працяла: Люда. Гэта Люда!..

Маці Ніны дрыготнай рукой дакранулася да шыі, пацягнула ўніз вузел збітай з галавы хусткі, як бы ціснула горла. Нібы не верачы сабе, паглядзела на Залескую, потым на Аляксея, на яго раненую руку.

— Ты? Аляксей!

У гэты міг Аляксей востра, пранізліва-сумна заўважыў, як моцна яна змянілася, пастарэла.

Ён пайшоў насустрач ёй, парыўна абняў левай рукой, прыціснуў яе пабялелую галаву да сваіх грудзей. Нічога, нічога не сказаў. Дачка сачыла за імі пільным няўцямным позіркам, ціхая і, падобна, напалоханая.

— Колькі мы чакалі, Аляксей...— сказала горка старая, узняўшы галаву. У гэтых простых словах было столькі пачуцця, столькі гаркаты, што Аляксея, як агнём, апаліла.

— Добра, што гэта скончылася! — уздыхнула яна з палёгкай. Кінула трывожны позірк на нерухомую Аляксееву руку, на марлевую касынку.

— Што з рукою?!

— Так сабе — дробязь.

Наталля Міхайлаўна раптам схамянулася, узняла дзіця і з гонарам, з любоўю, як найдаражэйшы ў свеце падарунак, паднесла да яго.

— Вось дачушка твая... Люда.

Яна падала Аляксею дзяўчынку. Ён нязграбна ўзяў дзяўчынку на руку і стаў цікаўна, прагна ўзірацца ў яе тварык. Усё гэта было яму незвычайнае — і словы «вось твая дачушка», і сама яна, дачушка, бялявая, маўклівая, насцярожаная. Люда трывожна і даверліва чакала далейшага.

А ў яго на змену першай простай цікаўнасці прыйшло ўжо новае пачуццё — пяшчоты і нейкага болеснага, бацькоўскага жалю да гэтага роднага, такога кволага стварэння. Аляксей бачыў цяпер у ёй самага блізкага чалавека, усё ласкавей, пяшчотней туліў да сваіх грудзей.

Ён узняў яе вышэй і пацалаваў шчочкі. Яна паморшчылася, варухнулася недавольна, даючы знак, што хоча на волю, аб’явіла:

— Колецца...

— Патрывай, дачушка,— засмяяўся Аляксей і пацалаваў у другі раз.

Грудзі яго поўніла любоў да гэтай незнаёмай істоты, якую ён упершыню ўбачыў, але да якой доўга ішоў. Колькі дзён ён марыў пра гэту хвіліну!

Вось і спаткаліся!

 

ЧАСТКА СЁМАЯ

 

РАЗДЗЕЛ І

 

1

Аказалася, дабрацца да Мінска — задача нялёгкая. Не праехалі і паўгадзіны, як іх — яны ехалі на папутнай машыне з дывізіі Шчарбацюка — абстралялі з мінамётаў. Каб абмінуць небяспечнае месца, прыйшлося звярнуць з дарогі і прабірацца немалы час полем, па каляінах, толькі што выціснутых машынамі, цераз разоры і ямы.

Выбраўшыся зноў на торны шлях, яны пад’ехалі да рэгуліровачнага паста. Дзяўчына ў вайсковым адзенні, што стаяла сярод дарогі з карабінам за плячыма, узняўшы руку, загадала спыніцца.

Шафёр затармазіў. Ён зірнуў на грузавікі, якія ўжо тоўпіліся нерухома тут, і незадаволена кіўнуў галавою. Туравец, што сядзеў поруч, не зразумеў, чаго іх затрымліваюць,— напэўна, будуць дакументы правяраць. Да машыны, ляніва перавальваючыся з боку на бок, ішоў яфрэйтар.

— Эй, начальнік, ты чаму гэта семафор закрыў? — запытаўся шафёр у яфрэйтара, выскачыўшы з кабіны і вымаючы з кішэні штаноў капшук.

— Таму, што трэба! Часовая затрымка! Наперадзе перарэзана дарога.

— Дарога перарэзана...— шафёр спакойна насыпаў махоркі на цыгарку.— Эх ты, семафоршчык!

Значыцца, гэтыя грузавікі чакаюць, калі будзе вольны шлях. Туравец падышоў да яфрэйтара:

— Ну, а можа, ёсць які другі, вольны шлях... Скажам — у аб’езд?..

— Няма.

— Эх, каліна-маліна!.. А калі ж яна, гэта дарога, будзе свабодна? — пацікавіўся Шашура, які, вядома, не мог не ўмяшацца ў такую падзею. Цікаўны і здагадлівы падрыўнік адразу, як толькі спынілі машыну, адчуў, што тут здарылася нядобрае.

— Калі адгоняць фрыцаў.

— А хутка іх адгоняць? — не адставаў Шашура.

— Пабачым...

Яфрэйтар абыякава адышоў убок, паказваючы сваім выглядам, што такія пытанні чуе не ўпершыню і што яму ўжо гэта надакучыла.

— Эй, браты-мсціўцы, прыйшоў загад — загараць! — крыкнуў Шашура таварышам, што яшчэ сядзелі ў кузаве.— Можна прызямляцца!..

Ён расшпіліў пояс і лёг у прыдарожную канаву, у якой расла высокая запыленая трава; цяпер яго амаль не было відаць у траве. Туравец прысеў на жытнім узмежку, спусціўшы ногі ў баразну. Жыта пры дарозе было змятае, збэрсанае: па краі яго, відаць, робячы аб’езд, прайшла машына. На зямлі віднеліся глыбокія каляіны, у іх былі ўціснуты калоссе і сцябліны. Сагнутыя ў прамежку між каляін сцябліны ўпарта напружваліся, прагнулі выпрастацца. Цягнуліся ўгару, да блакітнага неба.

Жыта даспявала. Яно жаўцела мноствам пругкіх сцяблін, між якіх дзе-нідзе зелянелі павітуха і гарошак. Зямля была белая, прыбітая і абмытая дажджамі, высушаная сонцам.

Ад лёгкіх павеваў цёплага ветру жыта ледзь прыкметна шархацела. Шорхат гэты быў ясны, сухі, не такі зусім, як раней, калі жыта стаяла зялёнае,— у ім цяпер адчуваліся спёка і зморанасць...

Пад гэты знаёмы шорхат, мірны і велічны, слухаць які было асалодай, Туравец думаў пра сына, пра тое, як добра было б, каб удалося пабачыцца. Выпадкова пабачыцца — справа, канечне, амаль неймаверная, але Юрку ж вялікага розуму не трэба здагадацца пашукаць бацьку праз гарком. Як здорава было б пабачыцца, хоць бы на хвіліну! Думаў пра першыя справы ў вызваленым Мінску... Але думаць сёння пра гэта не хацелася. Чаго думаць? Усё даўно абдумана. Трэба пачынаць справу рабіць. Трэба брацца за працу, а ён вымушан сядзець. Сядзець,— калі Мінск зноў наш, калі ён, нарэшце, зноў вольны! Эх, бяда.

Што там цяпер робіцца ў Мінску? Толькі ён уявіў, як віруюць па-святочнаму мінскія вуліцы, як ідуць па Савецкай войскі, уявіў тое, пра што столькі марыў і што мог бы ўжо сёння ўбачыць,— сэрца яго зашчымела ад крыўды. Тураўцу, калі ён у былыя часы думаў пра вызваленне Мінска, чамусьці заўсёды здавалася, што ён будзе ў гэты дзень у родным горадзе. А ён, як знарок, у такі дзень павінен загараць па дарозе ў горад, тырчаць тут, на гэтай нуднай, санлівай дарозе... Ён аж сціснуў зубы. І трэба ж, каб гэтак не пашанцавала.

Час цягнуўся марудна. Паліла моцна сонца. Туравец расшпіліў каўнер гімнасцёркі і лёг на спіну, накрыўшы твар, каб сонца не біла ў вочы, фуражкай. Спераду, куды бегла дарога, была чуваць нядружная страляніна.

Непадалёк у кювеце ляжаў Шашура. Каб не марнаваць час, ён скінуў пінжак і сарочку, падставіў палючаму сонцу сваю шырокую спіну. Лежачы поруч з шафёрам, апавядаў нейкую гісторыю з баявога ляснога жыцця. Шашура пры гэтым даволі многа прыплятаў,— але выходзіла ўсё ў яго так складна, што Туравец, які звычайна не любіў хлусні, падумаў захоплена: «Як брэша, нягоднік!»

Туравец праляжаў з гадзіну. Потым не ўтрываў, зноў рушыў да рэгуліроўшчыка. Той сядзеў на ўзбочыне, па другі бок дарогі, і з нуды нешта вырэзваў на зялёным дручку складаным ножыкам.

— Ну, што новага, таварыш яфрэйтар? Не ачысцілі яшчэ дарогу?

— Пакуль усё па-ранейшаму...

— Эх, якая чартаўшчына! Колькі ж яшчэ тут валяцца!.. Да ночы, ці што?..— Туравец перайшоў на сяброўскі тон:— А можа, у аб’езд можна прабіцца? А?

— У аб’езд,— рызыкоўна...

— А ўсё-ткі можна?

Рэгуліроўшчык з прыкрасцю паклаў дручок, нядобра зіркнуў на Тураўца, але стрымаўся. Хоць Туравец гаварыў ветліва, па яго паводзінах, па голасу, у якім былі ўладныя ноткі, яфрэйтар, відаць, адчуў, што чалавек перад ім — не з радавых.

— Гадзіны дзве таму праскочыла адна група...— сказаў ён, на ўсякі выпадак узняўшыся. Але гаварыў і стаяў ляніва, атрэсваў штаны.— Як ім удалося — не ведаю. Немцы там, хоць і не пры самай дарозе, ды вельмі прыстраляліся... Адным словам — рызыка, зараней кажу...

— Рызыка, але, значыць — можна? Адна група прабілася, кажаш? А чаму ж другая не можа? Чаму ёй хоць бы не паспрабаваць, а?

 

2

Туравец усё ж нейкі час вагаўся: ехаць, не ехаць. Не мог рашыць, ці мае права рызыкаваць людзьмі. Але вялікая была нецярплівасць і была вера ў свой партызанскі вопыт. І бачыў нешта нягоднае іх у гэтым бяздзейным сядзенні тут.

Шафёр згадзіўся ехаць. Ён таксама спяшаўся дабрацца да Мінска, каб далучыцца да іншых машын дывізіі. Хлопец падружыўся з партызанамі, асабліва з жартаўлівым, вясёлым Шашурам, які нібыта цішком ад Тураўца пачаставаў яго «партызанскім зверабоем». Гэты «зверабой» аказаўся звычайнай самагонкай, але дружба Шашуры з шафёрам была замацавана. Да Тураўца, якога яшчэ ўсе звалі па прывычцы то камісарам, то падпалкоўнікам, які ведаў генерала Шчарбацюка, шафёр адносіўся нібы да свайго камандзіра.

Туравец вярнуўся да рэгуліроўшчыка, распытаўся пра дарогу, пра небяспечнае месца. Перад тым як выкіраваць у дарогу, паведаміў усім абстаноўку, загадаў быць напагатове. Мог бы пахваліць сябе за прадбачлівасць: ва ўсіх, хто ехаў з ім, была зброя.

Калі сеў у кабіну, аўтамат паклаў на калені. Грузавік крануўся і павольна пабег па дарозе. Туравец праз шум матора прыслухоўваўся да гукаў навокал, пільна ўзіраўся ў дарогу, у поле наперадзе і па баках.

Раптам грымнулі два блізкія выбухі. Снарады ці міны разарваліся на палосцы бульбянішча, за хмызняком, які бег поруч з дарогай,— там падняліся дзве хмаркі дыму. Мінула секунда — і снарад выбухнуў ужо на дарозе, зіхнуўшы агнём, што ўскінуўся зусім блізка наперадзе грузавіка. Машына, як бы наскочыўшы неспадзеўкі на сцяну, адразу стала. Туравец і шафёр выскачылі з кабіны, з кузава мігам пасыпаліся іншыя. Прыгінаючыся, аглядваліся, чакалі, што будзе далей.

Туравец загадаў залегчы ўсім пры дарозе, падрыхтавацца да бою.

Стралялі аднекуль зводдалек і, як цяпер было ўжо відаць,— мінамі. Яны са скрыгатам лажыліся наперадзе, пры самай дарозе; адна міна ўпала метраў праз восем у кювет,— асколкі з фырканнем праляцелі недзе вельмі блізка. Страляніну вялі, мабыць, з ляска, што віднеўся справа, кіламетры са два адсюль.

— Дарогі, здаецца, яму не відаць за кустамі. Пабачыў, мабыць, пыл ад машыны,— пачуў Туравец побач з сабою разважлівы голас Шашуры.— Тут такую хмару круціць за намі, што не толькі ў Мінску, а і ў Лепелі відаць. Ну і сухмень!

— Адным словам, павяртай аглоблі,— адгукнуўся скупы на словы шафёр, акідваючы вачыма поле пры дарозе, мусіць, глядзеў, дзе тут зручней развярнуцца.

«Няўжо і праўда, прыйдзецца вярнуцца? — думаў Туравец.— Эх, сілы ў нас тут мала — не могуць вытурыць фрыцаў з ляска. Вось бы сюды брыгаду ці хоць бы адзін атрад!»

А немцы, відаць, трымаюць дарогу пад абстрэлам толькі тут,— далей шлях, не інакш, вольны. Але ж бяда — аб’ехаць гэтае месца на машыне нельга, бо злева да самай дарогі падступае забалочаны луг... Шкада, машыну прыйдзецца адправіць назад...

— Будзем прабівацца пеша,— аб’явіў Туравец. Ён зірнуў на шафёра.— А табе, крыўдуй не крыўдуй, прыйдзецца, браток, паехаць назад...

— А можа, таварыш камісар, паспрабаваць яшчэ раз...— нечакана запярэчыў шафёр.— Няўжо так і нельга прарвацца? Быць не можа!

— Прарвёмся, таварыш камісар,— горача падтрымаў шафёра Шашура.— Яны гэта толькі тут! Выбраць момант ды — ірвануць! І схамянуцца не ўправяцца! Праскочым, каліна-маліна, клянуся!.. Дазвольце мне, таварыш камісар,— з шафёрам разам, а?

Шашура быў хуткі ў рашэннях, як заўсёды, калі ішоў насустрач небяспецы. Туравец не адразу рашыў.

— Добра, паспрабуйце. Толькі для пачатку трэба праверыць дарогу.— Туравец сказаў, што пройдзе з групай наперад, і, калі можна ехаць, дасць знак.

Яны прайшлі ў баку ад дарогі кіламетр-паўтара, калі ад сустрэчных байцоў даведаліся, што далей дарога вольная. Туравец стаў махаць Шашуры шапкаю, што можна ехаць.

Шафёр ускочыў у машыну, націснуў нагой на старцёр:

— Ну, трымайся, друг!..

Немцы на час спынілі абстрэл. Але як толькі машына ўзняла пыл, міны зноў пачалі выбухваць на дарозе. Аднак шафёр вёў і вёў машыну праз грымотны заслон... Прыгнуўшыся да руля, упіўся вачыма ў дарогу, што ляцела насустрач,— загадзя ўзіраўся, ці няма варонкі, калдобіны на шляху.

Вось і свае! Машына прабегла яшчэ метраў сто, віскнула тармазамі і стала,— на яе паплыла, асядаючы, хмара пылу. Партызаны ўслед за Тураўцом пабеглі да грузавіка, палезлі ў кузаў.

Праехаўшы яшчэ некалькі кіламетраў, Туравец убачыў у бярозавых прысадах грузавікі, ля якіх сядзелі байцы.

Наперадзе, вельмі блізка, за ўзгоркам, па якім цягнуліся палосы жыта, гухала, ляскатала бойка. Шафёр спыніў машыну.

— Што, на Мінск? — запытаў Тураўца, які падышоў, каб даведацца пра абстаноўку, адзін з байцоў, што сядзелі пры машынах. — Эге, яшчэ адзін таварыш па няшчасці! Прыбывае нашых! Няможна на Мінск: дарога тут закрытая... Чуеце, як немцы трымаюць яе?

Ён кіўнуў у той бок, дзе чулася страляніна.

— Не шанцуе нам сёння, Шашура,— сказаў Туравец, нявесела ўсміхаючыся падрыўніку.

Пазіраючы на ўзброеных цывільных людзей, што ішлі ад машын, баец суцешыў:

— Ачысцяць... Да вечара будзе вольна...

 

3

— Ты Аляксей, так? — запыталася Люда.

— Аляксей...

Яна ўвесь час, спачатку крыху насцярожана, потым з цікаўнасцю пазірала сінімі вочкамі на свайго не бачанага ніколі раней бацьку. Найбольш вабіла яе белая марлевая касынка, на якой ляжала перавязаная рука, ды бліскучыя зоркі на яго плячах. Да гэтых зорак ёй вельмі хацелася дакрануцца рукой, але яна не адважвалася.

— Не Аляксей, а — тата,— паправіла яе бабуля.— Гэта яна чула, што я цябе называла Аляксеем... Татка твой, Людачка.

— Татка...— прамовіла Люда ўслед.

Аляксей узяў яе на рукі, пяшчотна прытуліў і асцярожна, каб не дакрануцца калючай шчакой, пацалаваў.

— Ух ты, маленькая мая, дачушка ты мая!

Заглядзеўся, якія светлячкі вясёлыя ў вачах дачушкі пабліскваюць, пераліваюцца. У гэты час яна засмяялася, кірпаты носік ля вачэй узяўся вясёлымі маршчынкамі. У смешных маршчынках Аляксей улавіў рыску Ніны. У той таксама нос браўся маршчынкамі, калі яна смяялася.

— Дачушка...— вымавіла Люда і засмяялася зноў.

Але ўсмешка хутка сышла з яе твару, маршчынкі ля вачэй разгладзіліся, і яна, нецярпліва варухнуўшы рукамі і ножкамі, заявіла рашуча:

— Хачу да бабулі.

Люда зноў песцілася на каленях у бабулі, тулілася шчочкаю да старой або церлася аб яе руку, як кацяня, і амаль нязводна сачыла за Аляксеем. Ён заўважыў, што ў гэтым позірку не было ні любові, ні пяшчотнасці, адно дзіцячая цікаўнасць і часам насцярожанасць. Не такімі вачыма яна глядзела на Наталлю Міхайлаўну.

— Дзічыцца... Не прывыкла да цябе... І да таго ж яшчэ напалоханая. А так яна вясёленькая і гаваркая таксама. У Ніну, напэўна, удалася.

Старая прытуліла да сябе бялявую Людчыну галоўку.

Аляксей паклаў партабак на стол, узяў з яго папяросу. Пстрыкнуў запальнічкай, але не закурыў,— нельга тут, дым папяросы зашкодзіць Людзе.

Ён выйшаў на ганак. Тут яго агарнула лагоднай цеплынёй пагоднай летняй ночы. Акінуўшы позіркам знаёмыя, паўзабытыя абрысы дамоў, дрэваў на вуліцы, зірнуўшы цяпер на слупы веснічак, каля якіх ён упершыню абняў Ніну, Аляксей падумаў радасна і нібы недаверліва:

«Няўжо я дома? У Мінску?» Ён прыгадаў сваіх таварышаў, і таксама дзіўным здалося, што сёння яны недзе без яго...

 

4

Ён прачнуўся і звыкла намерыўся адразу ўскочыць, але ўспомніў, што сёння спяшацца няма куды. Можна крыху паляжаць. Сонца было яшчэ невысока, аднак Наталля Міхайлаўна ўжо гаспадарыла ў кухні, адтуль чуўся трэск палаючых дроў. Аляксей не ведаў, калі яна легла і калі ўстала,— як бы яна і наогул не лажылася.

Ён спаў у сваім і Ніны пакоі. У пакоі, у якім яны да вайны жылі. Ляжаў на даўнім іх ложку. Ад таго, што навокал усё нагадвала пра светлае, даваеннае, Аляксея нейкі час поўніла светлае, бестурботнае адчуванне. Да гэтага вяло яго і тое, што ён пасля моцнага сну добра адпачыў, падужэў, што перад вачыма яго зіхцела шчодрае святло сонечнай раніцы. Абудзіўшыся, бесклапотны, шчаслівы, ён першыя хвіліны чуў сябе, як у тыя, здавалася, зусім недалёкія мірныя гады. Быў прывід, што вайна сышла, што ўсё вярнулася, усё стала, як у тыя гады. Вось толькі — Ніна прыйдзе. А яна — прыйдзе, і прыйдзе хутка...

Адсюль са свайго пакоя ён праз не зусім зачыненыя дзверы бачыў, як у суседні пакой увайшла Наталля Міхайлаўна, дастала аднекуль плацце. Стала ўважліва і пяшчотна разглядваць яго. Плацце было памятае: мусіць, хавала недзе ў патайной схоўцы. Можа, таму так і разглядвала яго: ці не папсавалася. Аляксей пазнаў: плацце было Нініна. Успомніў: гэтае светла-зялёнае плацце, на якім, нібы вясною ў садзе, весела цвілі бялюткія кветачкі, Ніна асабліва любіла. Ён расчулена, з пашанай падумаў: зберагла праз усю вайну, як дарагі скарб. Дачакалася, калі Ніна зможа надзець зноў...

Маці пяшчотна разгладзіла тканіну маршчыністаю рукою, уздыхнула і павесіла плацце ў шафу.

Раптам яна штосьці ўбачыла ў акно на вуліцу. Хапатліва падалася ў пярэднюю. Хутка Аляксей пачуў з пярэдняй голас Залескай. Залеская прывіталася, падобна, зазірнула ў суседні з Аляксеем пакой. Спытала трывожна:

— Ніны яшчэ няма?..

Даведаўшыся, што Ніна не вярнулася, Залеская паспакайнела.

— І Валькі маёй таксама няма! — У голасе яе дзіўна чулася радасць.— Відаць, пакуль не адпускаюць! У іх цяпер там начальства,— як скажуць ім, так яны і робяць! Хоць і партызаны, а парадкі — ваенныя...

— Няхай бы жанчын ужо не затрымлівалі! Мужчыны — тыя яшчэ могуць застацца, а нашто жанчын трымаць?.. Асабліва тых, у каторых дзеці дома... Ды і дзяўчат таксама! — паправілася Наталля Міхайлаўна, падумаўшы пра Валю.

— Ох, мая Валька, мабыць, засумавала па мне! Яна ж яшчэ дзіця, не раўня з тваёй...

Пагаманіўшы абы пра што, перш як развітацца, папрасіла:

— Наталля, калі прыйдзе твая, перадай мне адразу...

— Добра. Перадам...

Наталля Міхайлаўна выйшла разам з ёй на двор. Аляксей ускочыў, падцягнуў да ложка боты, каб абуцца, але аказалася, што анучы некуды зніклі. Ён надзеў боты на голыя ногі, падаўся шукаць іх.

— Што ж так рана ўстаў — спытала, вярнуўшыся, Наталля Міхайлаўна.— Мусіць, я разбудзіла?..

— Не, я ўжо выспаўся...

— Анучы шукаеш? Я іх узяла памыць.— Аляксей, стараючыся не грукаць ботамі, пайшоў за ёй на кухню. Яна зняла з вяровачкі, што вісела ад сцяны да сцяны, пабялелыя, чыстыя анучы.— На вось, вазьмі!.. Я табе тут такую-сякую бялізну сабрала. На акне вось. Пераадзенься. А я тваю памыю.

Аляксей убачыў на акне старую, але чыстую бялізну. Ён успомніў, што Наталля Міхайлаўна, колькі ён ведаў, толькі тым і жыла, што клапацілася пра ўсіх, перш за ўсё пра Ніну і яго. Без гэтых клопатаў нельга было ўявіць яе жыцця.

Неўзабаве яна прынесла ў агульны пакой снеданне, запрасіла Аляксея за стол.

— От толькі Ніны не хапае...— сказала яна, пазіраючы на Аляксея.

Аляксей таксама ўвесь час чакаў Ніну. Ён, праўда, думаў, што Ніна, можа, і не прыйдзе сёння, на другі дзень пасля вызвалення: яна чалавек амаль ваенны, могуць затрымаць у атрадзе.

Калі паснедалі, Аляксей заўважыў, што старая пакінула частку снедання ў каструлі. Каструлю паставіла ў печ, прыгарнула жарам.

Раз-пораз старая пазірала ў акно, у якое было відаць багата вуліцы. Яе позірк быццам магнітам прыцягвала да шыб. Калі на дашчаным тратуары чуўся блізка стук крокаў, яна насцярожвалася.

Дзяўчынка рэзка павярнулася і скінула з сябе коўдру, палажыла на яе маленькую ножку. Аляксей яшчэ раней заўважыў, што спіць яна вельмі неспакойна. Ён схіліўся над ложкам, паправіў коўдру. Паправіў далікатна, баючыся неасцярожным рухам разбудзіць.

Дачушка спала на баку, выставіўшы наперад круглы падбародачак і кірпаты носік; твар яе з паўадкрытымі пухлымі губкамі быў бесклапотна-спакойны. Аляксей заўважыў цяпер, што шчочкі яе нездарова-блеклыя, быццам не ведалі сонца і свежага паветра. Рука, што ляжала каля шчакі, была худзенькая, локцік завостраны, пальчыкі тонкія.

«Трэба падправіць дзяўчынку»,— падумаў ён з пяшчотаю і з жалем.

Люда ў гэты час пачала прачынацца. Павярнуўшыся, яна паспрабавала адкрыць вочы, але ад яркага святла адразу прыйшлося заплюшчыцца. Мабыць, яна ўсё ж заўважыла побач Аляксея, бо даверліва, шчасліва ўсміхнулася. Вейкі ледзь прыкметна затрапяталі.

Аляксей расчулена дакрануўся да яе бялявай галоўкі рукою. Быў бязмерна ўсцешаны яе ўсмешкаю. А Люда павярнулася на другі бок, потым на спіну, рашуча адкінула нагою коўдру і, нарэшце, прачнулася. Пацёрла кулачком павекі і стала глядзець на Аляксея, але цяпер ужо нездаволена, хмурачы ледзь прыкметныя залацістыя броўкі. Паклікала амаль са страхам:

— Баб...

Наталля Міхайлаўна была на двары. Аляксей нахіліўся да дачкі.

— Што табе, Люда?

— Баб! — паклікала дачка мацней, і Аляксей заўважыў, што яна глядзіць на яго спалохана, недаверліва. Як на незнаёмага чалавека. «Забыла»,— пашкадаваў Аляксей.

— Што з табою, унучачка?! — убегла ў пакой Наталля Міхайлаўна.

Ледзь яна, схіліўшыся над ложкам, пяшчотна прыгарнула малую да сябе, Люда супакоілася.

— Нічога,— адказала яна і строгімі, няласкавымі вачыма зірнула коса на бацьку.

— Не прывыкла яшчэ...

Старая сказала Аляксею такім голасам, нібы прасіла ў яго прабачэння.

Аляксей і не думаў крыўдзіцца: як жа інакш малая павінна адносіцца да невядомага чалавека? А ён пакуль для яе невядомы...

 

5

Неўзабаве ён выйшаў з дому: хацелася паглядзець, якім стаў цяпер цэнтр Мінска.

Калі ішоў па вуліцах, кінулася ў вочы: тут і там шчыравалі старанныя сапёры. Хадзілі з мінашукальнікамі, выносілі з дамоў, з сутарэнняў міны, скрынкі з толам.

Перад Домам урада, што быў агароджаны калючым дротам, ляжаў цэлы штабель толу і гара бомб, выцягнутых з будынка. Каля гэтага страшнага складу тоўпіліся ўзрушаныя мінчане,— адзін з іх сказаў, што вынеслі ўжо сто восемдзесят бомб і шэсцьсот пяцьдзесят кілаграмаў толу.

Аляксей пачуў, што ў горадзе ўзарвалася за гэтыя суткі некалькі дамоў, замініраваных мінамі замаруджанага дзеяння. У вялікіх дамах — гаварылі — баяцца людзі сяліцца.

Амаль на кожным пакінутым фашыстамі будынку чарнелі перасцярожлівыя надпісы сапёраў: «Увага! Мініраваны», «Мінны каранцін».

Тое, што Аляксей убачыў за гэтым, уразіла яго без меры. Ён прайшоў праз многія разбітыя, знявечаныя гарады, пабачыў даволі руін, але руіны Мінска здаліся страшней за ўсё, што ён бачыў. Такіх разбурэнняў Аляксей, здавалася, нідзе не бачыў. Хіба што ў Смаленску. Малюнак, які адкрыўся, здаўся яму неймаверна жахлівым. Учора з батальёнам ён ішоў не ў самым цэнтры горада, па вуліцах, што былі больш-менш цэлыя. Ва ўсякім разе, падобны былі на вуліцы, тут жа ён убачыў такое, што ўявіць проста было немагчыма. Неймавернае гэта відовішча ўразіла яго тым больш, што ён ведаў, помніў, якім тут было ўсё раней. Ён усё ж спадзяваўся ўбачыць хоць бы нейкае падабенства таму, ранейшаму. Яго ж вачам адкрылася такое, чаму ён — проста не мог верыць.

Увесь цэнтр горада, вуліцы Камсамольская, Леніна, Энгельса, уся Савецкая, калісьці самая жывая, прыгожая, святочная, на якой амаль без перапынку зіхцелі з абодвух бакоў шырокія вітрыны і шыльды, цяпер быў адной агромністай, жахлівай руінай. Колькі бачылі вочы, абступалі яго вакол глыбы, горы бітага камення, запляснелыя, парослыя бур’янам, тырчалі абгарэлыя каміны, абломкі сцен. Нават пустых, мёртвых каробак будынкаў было мала.

На ўсёй даўжыні вуліцы Савецкай, акрамя Дома ўрада, быў яшчэ толькі адзін вялікі будынак — Дом Чырвонай Арміі.

Усярэдзіне цэнтральнага універмага праз пустыя вялізныя проймы вокан віднеліся жалезабетонныя столі, што прагнуліся і абвіслі важкімі глыбамі і былі гатовы вось-вось рынуць уніз.

Чым больш Аляксей глядзеў на гэтыя страшныя могілкі, тым мацней гняла яго туга, гарачэй паліў гнеў. Гады, нелюдзі, што яны зрабілі з дамамі, з вуліцамі, з горадам! Што яны зрабілі з людзьмі, якія жылі ў гэтых дамах, на гэтых вуліцах, у горадзе! Але і гэтага ім было мала,— што ж яшчэ гэтае звяр’ё намервалася зрабіць?.. Гады, гады,— кляўся ў думках Аляксей,— я вам не дарую гэтага. Я вам прыпомню кожную вуліцу скалечаную, кожны разбіты дом, кожны каменьчык руін. Усё прыпомню. Вось толькі вярнуся ў брыгаду.

Усюды яшчэ былі відаць чужыя надпісы і шыльды; Аляксею хацелася ўхапіць якую-небудзь бляху ды пачаць саскрабаць гэтыя ненавісныя надпісы, зрываць і кідаць шыльды.

Адзіным, што ажыўляла вуліцы, былі ўзрушаныя, неспакойныя натоўпы людзей ды вайсковыя машыны, што каціліся па бруку, амаль усе на захад...

На вуліцах грымелі гучнагаварыцелі,— трансліравалася перадача з Масквы пра баі за Мінск.

Аляксей прыглядаўся да твараў сустрэчных, спадзеючыся ўбачыць каго-небудзь са знаёмых. Але яму пападаліся толькі незнаёмыя. Раней у Мінску ў яго было многа сяброў і знаёмых, адных ён добра ведаў, з другімі часам сустракаўся — на сходзе, на спектаклі ці проста на вуліцы. У такім горадзе, як Мінск, сустрэць знаёмага калісьці было лёгка. Цяпер жа ніхто з іх не трапляўся на вочы!

Дзе яны цяпер? Адны, канечне, так, як і ён, на фронце,— на розных франтах, іншыя ў эвакуацыі, многія, як і Ніна, не інакш у лясах. Нямала хто з тых, што вымушаны былі застацца тут, мусіць, загінулі як падпольшчыкі...

Многае-многае ў горадзе наводзіла на сум і горыч. Часам радасць у Аляксея амаль зусім сціхала, такое гора пякло. І ўсё ж агеньчык яе не тух нават у такія хвіліны. Сум, туга нават у гэтыя хвіліны не маглі зусім задушыць радасці ў душы: усё ж галоўнае — горад вольны! Ён будзе жыць! Яго ніхто не будзе больш катаваць. Ніколі. Гэты горад абяцаў пачатак іншага, шчаслівага жыцця. Абяцаў спраўдзіць самае дарагое — сустрэчу з Нінай.

Аляксей увесь час чуў у сабе яву гэтай хвіліны...

 

РАЗДЗЕЛ ІІ

 

1

Да бярозавых прысад пачалі раптам каціць машыны. Яны рушылі не па адной, а адразу цэлым патокам, і Туравец здагадаўся, што дарога ззаду цяпер вольная...

— Выгналі фрыцаў з лесу! — праз момант аб’явіў Шашура, што ўжо ўправіўся пагаварыць з шафёрам аднаго грузавіка.— Надвор’е праясняецца, таварыш камісар!..

— Мабыць, хутка і сюды падашлюць пяхоту,— сказаў Туравец.

— Факт! — падтрымаў Шашура.— Хіба ж можа быць, каліна-маліна, каб дарога на Мінск была закрыта?!

Але мінула гадзіна, дзве, а пяхоты ўсё не было. Прагрымела адно некалькі гармат вялікай магутнасці — на гусенічным хаду, з кароткімі тоўстымі стваламі. Толькі ўночы, пад самы золак, праехала каля дзесятка грузавікоў з пехацінцамі, боепрыпасамі і некалькі дзіўных крытых машын. Паявіліся нашы танкі, не спяшаючыся, прайшлі наперад, да размяшчэння немцаў.

Бой пачаўся ўранку. Абуджаны недалёкай стралянінай, Туравец раптам убачыў, як у сіняватае неба ўскінулася чарга нейкіх зыркіх, вогненных палос. Рассякаючы сінечу, вогненныя палосы крэслілі высокую дугу, імкліва, зацята ішлі ў невядомую далеч. Здавалася, што вогненныя струмені стараюцца перагнаць адзін аднаго. «Што гэта?» — здзіўлена і зачаравана глядзеў у неба Туравец. Ён упершыню бачыў гэта, але, помнячы даўнія расказы, здагадаўся: «кацюшы»! Вось вы якія, казачныя «кацюшы»! Ён з захапленнем слухаў, як недзе наперадзе часта і моцна грукаталі выбухі...

— Вось дык галасочак, каліна-маліна! Ад такога жаночага голасу проста душа ў пяткі просіцца!.. Скажы ты, аж тут зямля захадзіла.

— Жанчынка аўтарытэтная! — падтрымаў Шашуру Туравец.— Нічога не скажаш!

Сонца ўжо ўзнялося на вышыню бяроз, калі шафёры і вайсковыя, што стаялі каля машын і сядзелі на ўзбочынах, заварушыліся, забегалі, пачалі перадаваць каманды.

— Сядайце, мінчане! Едзем! — крыкнуў Туравец сваім.

Першыя грузавікі крануліся. Мінаючы белатварыя бярозы, пайшлі па дарозе. Следам за імі рушыла і ўся плынь машын. Наперад прамчаліся, падскокваючы на каляінах, два легкавыя «газікі».

Хутка Туравец убачыў поле бою. Усюды былі відаць неглыбокія варонкі, акаймаваныя камякамі суглінку і супесі, і ўсюды ў перамятым жаўцеючым жыце, у кюветах, на сцежках за імі, а то і проста на дарозе — трупы, трупы, у мундзірах і без мундзіраў, часам густа, усутыч, навалам. Каля адной варонкі ў кювеце ляжалі мінамётная пліта без ствала і адарваная нага з запыленым ботам. Было раскідана многа рознага ваеннага снараджэння — ранцы, кацялкі, шынялі, каскі. На павозках, кінутых каля купы алешніку, пры самай дарозе, ляжалі мяшкі, падобна — з мукой, цынкавыя патронныя скрынкі. Каля мяшкоў гаспадарылі некалькі пехацінцаў, зносілі іх на свой грузавік...

Мінуўшы гэтую мясціну, машына пайшла хутчэй. Цяпер ужо не было відаць ні трупаў, ні варонак, ні кінутых снарадаў,— насустрач бегла звычайная каляіністая дарога. Туравец узрушана ўзіраўся ўдалеч, чакаючы, калі з’явяцца знаёмыя абрысы горада, хоць і ведаў, што да Мінска яшчэ не менш як два дзесяткі кіламетраў.

Каля Абчака грузавік уз’ехаў на асфальт Магілёўскага шасэ, прыстроіўся між іншых грузавікоў, якія ішлі ў Мінск.

На ўскраіне горада, дзе пачынаўся брук, машына спынілася, таму што сталі пярэднія. Насустрач ішло некалькі грузавікоў, у кузавах якіх сядзелі салдаты. Туравец расчыніў дзверцы і, стоячы на падножцы сваёй машыны, стаў углядацца ў твары пехацінцаў, што хутка набліжаліся, міналі яго і аддаляліся. Групка за групкай, кузаў за кузавам...

Знянацку ў адным кузаве ён убачыў чалавека, які здаўся яму вельмі падобным да сына.

« Юрка ?!»

Туравец ад неспадзяванасці не паверыў адразу, завагаўся, а калі памкнуўся гукнуць, машына ўжо адышла ад яго.

«Няўжо Юрка?!» Туравец верыў і не верыў. Пехацінец вельмі нагадваў сына, але хіба гэта не мог быць хто-небудзь іншы, падобны да яго,— бачыць жа хлопца давялося толькі міг. Да таго ж ён не ведаў Юрку ў вайсковым адзенні...

Ад сумненняў сваіх Туравец не заўважыў, як грузавік затросся на бруку.

 

2

Як ні гатовы быў, здавалася, Туравец да сустрэчы з цяперашнім Мінскам, усё адгукалася ў ім цяжэй, чым ён думаў загадзя.

За сялянскага ўзору хатамі ўскраіны, над якімі вайна нібы злітавалася, пайшлі відовішчы, на якія немагчыма было глядзець спакойна. Пустыя, чорныя выгары, пачвары руін, здані спаленых будынкаў. Абапал вуліцы Свярдлова ішлі толькі задымленыя мёртвыя сцены ды горы цэглы. Горы цэглы ды шкілеты дамоў... Ніводнага жывога дома...

Тут ішоў шлях з Гомеля, з поўдня, на Брэст, і па вуліцы рушыла даволі многа войск. Іх мэтанакіраваны рух, разнастайныя праявы жывога руху войск нібыта давалі подых жыцця і вуліцы. Але ўсё ж выгляд пачварных гарбоў камення, з мёртвых шкілетаў будынкаў, гнёў, паліў. Гэта бяда была з няўціхным шкадаваннем, што, можа быць, размінуўся з сынам.

Будынак гаркома знайшлі даволі скора. Між некалькіх спыненых сустрэчных адзін і сказаў, дзе цяпер гарком. Ля будынка гаркома Туравец паціснуў руку салдату, які так багата зрабіў для яго і ўсёй групы. Шашура, як друг, абняў шафёра, загадаў пісаць. Людзі Тураўца, радуючыся, што дабраліся, нарэшце, разміналіся, голасна гаварылі, азіраліся навокал. Разглядвалі ўцалелы дом. Ледзь не адзін цэлы дом на ўсёй вуліцы...

Яшчэ да таго як увайшоў у будынак, Туравец адзначыў: тут працавалі ўжо. Вокны, большасць іх, былі расчынены, у вокнах былі, штосьці рабілі людзі. У калідоры Туравец, хвалюючыся, агледзеўся: ці не чакае хлопец у вайсковай форме, які паважна і збянтэжана ступіць насустрач. «Вось і я, тата!..» Хлопца не было відаць...

Першым са знаёмых, каго Туравец убачыў, была пажылая жанчына, з шырокім тварам і маленькім кірпатым носам, з прыгожымі бялявымі валасамі.

Яна да вайны працавала інструктарам аднаго з мінскіх райкомаў, і, хоць калісьці яны ведалі адзін аднаго мала, Туравец узрадаваўся сустрэчы з ёй так, быццам спаткаў дарагога друга.

Туравец ад яе даведаўся, што гарком пачаў працаваць сёння, што Рогаў ужо тут, што прыехаў ён яшчэ ўчора, прарваўся з армейскімі часцямі.

Яна прыехала з Нова-Беліцы са спецгрупай. На трох машынах, на чацвёртай везлі розныя рэчы і харчы. Увесь час былі разам з войскамі. Дабірацца было цяжка: на пераправах амаль усюды даўжэзныя чэргі, на дарогах цэлае разводдзе машын, вайсковай тэхнікі.

Яна сказала, дзе Рогаў. Убачыўшы Тураўца, Рогаў, зашпільваючы верхнія кручкі генеральскага кіцеля, падышоў да яго і моцна, па-сяброўску абняў.

— Даўно мы не бачыліся, Нічыпар! — ён выпусціў Тураўца з абдымкаў, і ў стомленых вачах пад густымі чорнымі бровамі заблішчала радасць: — Вось добра, што прыехаў! Работа тут цябе чакае! З самай раніцы... Дарэчы — я не мог папярэдзіць,— бюро рашыла даць табе аддзел кадраў гаркома. Загадчыкам аддзела — рашылі...

— Прызнацца, не чакаў,— здзівіўся Туравец.— І, канечне, адразу ж — за справы?

— А калі ж? Неадкладна. Запазніўся ж. Чакалі ж цябе ўчора, таварыш загадчык аддзела кадраў...

І Рогаў папрасіў Тураўца расказаць, якія людзі прыехалі з ім, дзе могуць працаваць з карысцю.

— Сядай тут поруч і давай спіс. Возьмемся за справу!..

І тут прытоеная нецярплівасць штурхнула Тураўца спытаць: ці не заходзіў выпадкам сын. Гаворачы з Рогавым, ён мімаволі чакаў, што той вось-вось зірне цёпла, па-братняму і аб’явіць: «Аг-га! А ведаеш, тут толькі што быў... Ага! Чакае!..» Але Рогаў не казаў гэтага...

Прысеўшы за стол, накрыты сіняй маскіровачнай паперай, папярэдне памеркавалі, каго з партызан куды трэба паслаць.

— Як будзем, па адным выклікаць ці... усіх адразу?

— Кліч усіх... Гэта ж іх і твая апошняя партызанская сустрэча. І першая мірная нарада! Да таго ж няхай паглядзяць, колькі для нас, камуністаў, тут працы. Хай паглядзяць на сваё месца адсюль, з гэтага КП...

— Так, ім карысна будзе пабыць тут разам... Зараз паклічу.

Партызаны набліжаліся да дзвярэй гаварлівым натоўпам, але, уваходзячы ў пакой, прыціхалі. Вітаючыся з Рогавым, часцей за ўсё — па пачыну Шашуры — спачатку па-ваеннаму казыралі і толькі пасля таго як сакратар працягваў руку, паціскалі яе «па-цывільнаму».

— Прашу сядаць, таварышы. Ды бліжэй! — Рогаў пазіраў, як партызаны, стукаючы, шоргаючы стуламі і табурэтамі, уладжваліся перад яго сталом і крыху далей, каля сцяны.— Усім хапіла месца, здаецца?.. Тады, каб не марнаваць часу, пачнём...

Так, гэта была яшчэ як бы партызанская сустрэча, што збоку амаль нічым не адрознівалася ад якой-небудзь нарады перад баявой аперацыяй. Партызаны яшчэ звычайна, калі іх пытаў Рогаў, станавіліся смірна, адказвалі чотка, залішне голасна. Але самі людзі і нават Туравец гэтага не заўважалі,— іх хвалявала і радавала іншае, нязвычнае, што прымушала ўсіх, хто сядзеў у гэтым кабінеце, адчуваць сябе па-асабліваму, па-святочнаму, нават урачыста.

Рогаў кожнага распытваў пра даўнія мірныя спецыяльнасці, пра тое, што звычайна было толькі ў памяці, у мінулым або хіба ў марах... А самае хвалюючае падыходзіла тады, калі сакратар гаркома гаварыў:

— Гарком рашыў накіраваць вас на працу...

І тады людзі неймаверна, дзівосна перайначваліся: хто станавіўся дырэктарам электрастанцыі ці — школы, хто — начальнікам пашпартнага стала, хто — загадчыкам аддзела камунальнай гаспадаркі. Уставалі, калі сакратар гаркома выклікаў іх, партызанамі, а сядалі зноў на сваё месца мірнымі начальнікамі...

«Загадчык аддзела! — здзіўляўся Шашура.— Быў разведчыкам, а цяпер загадчык аддзела камунальнай гаспадаркі. І трэба ж, каб такую пасаду далі разведчыку!.. Э, дарэчы,— схамянуўся падрыўнік,— трэба заўтра забегчы да яго, папрасіць хоць пакой! Дасць ці не дасць? Ліха яго ведае, якім ён сябе пакажа на гэтай новай пасадзе... Павінен даць, душа з яго!» — падрыўнік прыгадаў Аксінню, уявіў сябе з ёю ў гэтым будучым пакоі,— і ў грудзях яго прыемна пацяплела.

Не першы раз, але цяпер асабліва моцна неспакойнага падрыўніка захапіла праблема: а куды ж яго пашлюць! У арцель да слесараў ці сталяроў? На начальніка пашпартнага стала ён, напрыклад, не падыдзе — вельмі вёрткі. Там трэба сядзець многа... Шашура такім спосабам перабраў некалькі пасад, як паклікалі да стала яго.

— Табе, Шашура, прыйдзецца заняцца арганізацыяй харчавання,— сказаў яму Туравец, што памагаў сакратару гаркома.— Будзеш дырэктарам сталоўкі. На заводзе «Ударнік». Якая твая галоўная задача? Даць харчаванне рабочым, служачым. Справа вельмі пачэсная!.. Памяшканне...

Туравец зірнуў на сакратара гаркома. Той устаў з-за стала і загаварыў да Шашуры:

— Памяшканне ёсць. Праўда, таварыш Шашура, трэба будзе яго падрамантаваць... Шыб ні адной. Тынк абваліўся... Трэба будзе знайсці мэблю, посуд. Мэблю, дарэчы, можна ўзяць у забягалаўках, якія тут працавалі... У кінутых кватэрах... Там і посуду нямала... Вы, канечне, добра ведаеце, што поспех найперш залежыць ад людзей. Пашукайце добрых кухараў, падбярыце праворных афіцыянтак... Прадукты дадзім, але першымі днямі, пакуль не наладзім падвоз, вы атрымаеце іх вельмі мала. З тых складаў, што ўдалося захапіць... Адным словам, патрэбна добрая гаспадарлівасць, ініцыятыва. Ну, вядома, і знаходлівасць партызанская!.. Так, так — знаходлівасць! Не здымайце яе з узбраення... Ну, вось усё. Задача, па-мойму, ясная? Ясная. Тады — астаноўка за вамі.

— Калі можна што-небудзь зрабіць, таварыш сакратар, за мной астаноўкі не будзе...

— Пабачым...

Так былы падрыўнік атрымаў першае мірнае заданне.

 

3

Калі партызаны разышліся, Рогаў правёў Тураўца і паказаў загадчыку аддзела кадраў яго «кабінет». Гэта быў даўгаваты пакойчык з адным акном, ля акна стаяў стол і два табурэты, а ля сцяны — зеленаватая нямецкая шафа. Пакойчык быў чыста вымецены і нават памыты. Застаўшыся адзін, Туравец выйшаў і хутка вярнуўся з рэчавым мяшком і курткаю.

Павесіўшы куртку на цвічок, а мяшок тыцнуўшы ў куток, ён падышоў да акна, паглядзеў на асветленую сонцам вуліцу, на пустыры з абодвух бакоў яе. Расчыніў акно...

Трэба пачынаць. З чаго? Ён ведаў, з чаго: гораду патрэбны і дырэктары заводаў, і інжынеры па электрычнасці, і добрыя фінансісты, і старшыні арцеляў, і клубныя работнікі. Дзесяткі важных устаноў і прадпрыемстваў чакаюць людзей...

Чакаюць. Але людзей гэтых пакуль — на бяду — мала. Вельмі мала. Амаль няма...

Туравец пачуў, што ззаду расчыніліся дзверы, і азірнуўся. Азірнуўся хапатліва, з надзеяй. Не думаючы яшчэ, чакаў: хлопец у вайсковым адзенні. «Вось я, тата!..»

— Выбачайце,— сказаў, уваходзячы, хударлявы, прыгожы, немалады чалавек.— Думаў, што нікога няма. Не пастукаў... Голуб, урач...

— Помню вас, таварыш Голуб. Добры дзень! Вы ў мяне — першы, значыць, самы пачэсны госць...

Туравец не толькі не таіў, але ўсяляк паказваў, як ён рады «самаму пачэснаму госцю». Абняў за плечы, хутчэй падаў крэсла, пасадзіў. Ззяючы, глядзеў: як здорава, што сустрэліся!

Пацікавіўшыся, дзе ўрач рабіў у вайну,— аказалася, у партызанскім шпіталі,— ахвотна, па-братняму падзяліўся ўспамінамі. Пазней ужо, многа пазней, запытаў, чым думае пачэсны госць заняцца цяпер. Аказалася, Голуб думае заняцца практыкай: лячыць вушныя хваробы. І пісаць дысертацыю.

Туравец з ухвалай ківаў галавою.

— Дысертацыю?

— Так-так, дысертацыю. Абавязкова. Мне ўжо даўно трэба было напісаць яе, ды, ведаеце самі — вайна...

— Так, дысертацыя — добрая справа,— падтрымаў Голуба Туравец.— Матэрыял цікавы, праўда?

— Многа цікавага накапілася. Тры гады як-ніяк...

— Вопыт, не інакш, найбагацейшы!

— Багаты!

— Гэта добра, вельмі добра! — пахваліў Туравец.

І такім жа лагодным, зачараваным тонам раптам запытаўся:

— А ці не ўзяліся б вы, таварыш Голуб,— часова, канечне,— за такую справу: загадваць аддзелам аховы здароўя, а? Часова, паўтараю, пакуль не знойдзем другога. Вельмі патрэбная справа! А?

— Патрэбная,— згадзіўся ўрач.

— Вельмі патрэбная! — падхапіў Туравец, тым прыяцельскім тонам, у якім былі і давер’е, і ўпэўненасць у падтрымцы, і пры якім субяседніку, ведаў Туравец, цяжка станавілася адмаўляцца.— Нават — неабходная!

Голуб спахмурнеў, задумаўся і адказаў, як бы просячы выбачэння, што не можа ўзяцца за гэтую справу.

— Чаму?

— Не магу. Не спраўлюся.

— Вы не справіцеся? Я, прызнаюся, не веру ў гэта.

— Як гэта не верыце?

— Не веру, што вы не справіцеся! Адзінае, што я адчуваю з вашага адказу, будзем гаварыць шчыра: вы не хочаце мяняць сваіх планаў... так? — Туравец узняўся.— Я, Ціхан Сяргеевіч, разумею ваш настрой! Пісаць дысертацыю, аб якой столькі год марылі... Больш таго, я лічу, што вы маеце на гэта поўнае права! Але,— загаварыў адкрыта, сардэчна Туравец,— гораду, людзям патрэбны работнікі, асабліва на некаторых, вельмі важных участках. Горад, не вам казаць, абрабаваны, скатаваны. Ён як ранены, небяспечна ранены чалавек! Як арганізм, у якога паралізаваны важныя органы. Іх трэба хутчэй ажывіць, вярнуць ім сілу! Вы ведаеце гэта! Таму патрэбны людзі. Вельмі патрэбны, да зарэзу! У тым ліку і там, куды мы хочам вас паслаць. Там сёння-заўтра павінен быць належны чалавек, інакш сарвецца жыццёва важная справа... Мне проста няёмка казаць вам, што наладзіць медабслугоўванне трэба як мага хутчэй! Чым раней, тым лепш!.. У Мінску цяпер тысячы хворых і скалечаных, вы разумееце?..

Туравец неспакойна прайшоўся. Голуб маўчаў. Цяжка, збянтэжана прамовіў:

— Вы так гаворыце, быццам я абавязаны пайсці.

— Так, вы не памыліліся. Я лічу, што вы, Ціхан Сяргеевіч, абавязаны пайсці,— пераканана сказаў Туравец.— Калі вы адчуваеце, у якім становішчы горад — а вы адчуваеце гэта,— і калі вы ведаеце важнасць вашай працы, вы павінны пайсці!..

Голуб доўга апраўдваўся, спрачаўся, тлумачыў свае намеры. Калі ён нарэшце згадзіўся, Туравец правёў Голуба на гутарку да Рогава. Рогаў, аказалася, таксама добра ведаў Голуба, і з першых хвілін Туравец адчуў, што сакратар гаркома ўхваляе яго выбар. Пасля гутаркі з Рогавым Туравец расказаў Голубу, як знайсці старшыню гарсавета, каб з’явіцца да яго, дамовіцца пра ўсё, што датычыць працы. Падаўшы руку, развітваючыся, Туравец загаварыў інакш, і падбадзёрваючы, і вінавацячыся:

— Прыйдзе час — будзеце пісаць! Што ж зробіш,— давядзецца пакуль пачакаць! А падшукаем іншага чалавека — годнага! — адпусцім!.. З гонарам!.. Калі, канечне, вы потым захочаце! — пажартаваў Туравец.— Толькі ўмова, Ціхан Сяргеевіч,— да той пары працаваць па-сапраўднаму. Ніякай скідкі на тое, што мала вопыту ў кіраванні, не будзе. Не дадзім спуску!

— Ну, ды ўжо, калі ўзяўся... то спуску не трэба!

У гэты час у пакой ступіў чалавек у вайсковай форме, але без пагонаў. Адзенне яго было моцна запылена,— відаць, чалавек прыйшоў сюды проста з дарогі, і з дарогі няблізкай. Падарожны адразу пакіраваў да Тураўца.

— Міхалап,— адрэкамендаваўся ён, сочачы за выразам твару Тураўца: помніць ці не?

Туравец успомніў, узрадавана, ад душы паціснуў руку.

— Які вецер занёс сюды? З партызан? Не, ты нешта больш нібыта на ваеннага падобны...

— Ваенны! Са шпіталя выклікалі ў распараджэнне ЦК КП(б) Беларусі. А адтуль — сюды... За наступаючымі войскамі. Можна сказаць, з другіх эшалонам. А ты?

— А я? Ат, што я! У лесе ўсё быў...

— Ну-ну, па-ранейшаму ўсё любіш скромнічаць?.. Ага,— успомніў Міхалап,— дарэчы, кіламетраў восемдзесят падвёз твой сын...

— Юрка?!

— Юрый Туравец. Сержант.

Туравец накінуўся на Міхалапа з пытаннямі, дзе гэта было і як ён, сын, цяпер, ці казаў што-небудзь. Як трымаецца, якім здаўся ў ваеннай абстаноўцы. Туравец быў шчаслівы, пачуўшы, што сын дзейнічае, як трэба, годны сын. Таварышы паважаюць.

Стрымаў сябе: запытаў, дзе давялося быць Міхалапу за гады вайны. Ён слухаў расказ пра гэта з захапленнем — слаўны шлях прайшоў зямляк: абараняў Севастопаль і Сталінград, вызваляў многія гарады.

Біяграфія яго, Тураўца, у гады вайны куды бяднейшая...

Так, недарэмна ў ЦК даручылі Міхалапу кіраваць станказаводам. Туравец са спачуваннем паведаміў, што завод, адзін з самых вялікіх некалі ў горадзе, амаль поўнасцю разбураны. Міхалап, аказалася, ужо ведаў: у ЦК сказалі. Ведаў ужо, куды пасылаюць. Па тым, як ён ставіўся да гэтага, Туравец адчуў: Міхалап гатовы на ўсё, моцны чалавек. Такі, можна спадзявацца, наладзіць справу... Ён зайшоў да Рогава, сказаў пра прыход Міхалапа, пра размову з ім. Сакратар гаркома захацеў сам пагутарыць.

Аб чым гаварыў Рогаў з Міхалапам, Туравец не чуў, яго чакалі наведвальнікі, і ён адразу вярнуўся ў свой пакой.

Жанчына год трыццаці,— яна да вайны была настаўніцай біялогіі,— камечачы ў руках даўно паблеклы капялюшык, гаварыла няўпэўнена:

— Я да вас, таварыш, за парадай: што рабіць? Хутка верасень, а ў нас у школе ніводнай парты, ніводнага падручніка.

Тураўца цешыла, што настаўніца непакоіцца пра тое ж, што і ён. Відаць, насумавалася па любімай справе, зачакалася!

— Так, верасень ужо блізка... Праляціць паўтара месяца — і зноў малыя натоўпамі, з кніжкамі, са сшыткамі паплывуць, як ручайкі ў рэкі, да школ. Зазвіняць званкі... Даўно, даўно я не чуў школьных званкоў! Прыйду першага верасня да школы, спецыяльна прыйду, стану і буду слухаць званок!..

— Дык, значыцца, першага верасня... пачнецца?

— Абавязкова! Гарком зробіць усё, каб пачаць у час. Перадайце гэта ўсім настаўнікам... Скажыце, што нам — і дзецям — патрэбна ваша дапамога, настаўнікаў. Якая? Зараз скажу... У школах пакуль, ясна, цяжка будзе з падручнікамі: каб надрукаваць іх, патрэбен час. Адразу не надрукаваць тысячы, праўда?

— Праўда,— кіўнула настаўніца.

— Таму трэба абысці ўсіх вучняў, сабраць даваенныя падручнікі, што ўцалелі... У хуткім часе будзем рабіць улік дзяцей школьнага ўзросту. Тут мы таксама будзем прасіць настаўнікаў памагчы...

— Ды я... ды мы — хоць сёння! — не ўтрывала настаўніца. Голас яе задрыжаў: — Мы столькі чакалі гэтага! Аж не верыцца... што зноў усё...

Яна ледзь не заплакала. Стрымалася. Раптам устала і захапалася развітвацца, быццам некуды спяшалася.

Пасля яе ўвайшоў стары мужчына, спытаўся, куды пісаць, каб даведацца пра лёс сваіх сыноў... З якімі толькі пытаннямі не прыходзілі ў гэтыя дні ў гарком!

 

4

Наведальнікаў больш не было. І хлопца ў вайсковай форме не было. Так і не паявіўся Юрка. Няўжо там, на дарозе, быў-такі ён? І размінуліся так недарэчна?

Туравец прайшоўся па пакойчыку, заўважыў у кутку свой мяшок з рэчамі. Адчыніўшы пустую нямецкую шафу, паклаў туды.

Акно было адчынена, і ў пакой плыў цёплы летні вецер, часу ад часу ўрываўся то стук капыт, то гурчанне вайсковага грузавіка.

Прыйшла знаёмая, якую ён спаткаў тут першай. Пасміхваючыся па-дзіцячаму шырока, напомніла Тураўцу:

— Нічыпар Паўлавіч, пра масы ты не забыўся? Не трэба адрывацца ад мас! Масы чакаюць вашага слова!..

— Гэта я з прыемнасцю. Хоць зараз,— адказаў Туравец.— Толькі скажы куды? Вядома, не на фабрыку і не ва ўстанову?.. Здагадваюся: мусіць, проста — на вуліцы?

— Ты адгадаў — проста там, дзе збярэцца дзесятак-два мінчан...

— Як у першыя дні рэвалюцыі! Ажывае гісторыя...

Перад тым як пачаць выступленне, Туравец захацеў лепш пабачыць горад. Ён жа бачыў яго пакуль зусім мала. Не бачыў дасюль, можа быць, самага неабходнага, таго, пра што столькі разоў думаў у лесе. Куды зваў яго абавязак, неадменны і сардэчны. Дом, дзе загінула жонка, Зося. Дзе абарвалася ўсё тое, даваеннае...

Перш за ўсё ён пайшоў туды, на Ленінскую — дзе, побач з будынкам Камунбанка, што адной сцяной выходзіў на вуліцу Карла Маркса, жыў да вайны. Вось ён, дом яго, сем месяцаў даваеннага яго жыцця. Уцалелая скалечаная сцяна і балкончык,— балкончык з вазонам. Дома няма, абваленая, зляжалая цэгла. Пачварны горб цэглы, з-пад якога з цяжкасцю адкапалі мёртвую, раздушаную яе. Дома няма, дом абрынуўся. А сцяна стаіць, востра ўрэзваецца ў неба. Як страшны помнік жонцы. Сцяна і балкончык. І — вазон. Усё гэта раптам так ярка нагадала няшчасны, далёкі дзень і яе аблічча, што грудзі Тураўца апаліла пякучым, нясцерпным болем. Эх, Зося, Зося!

Доўга ішоў ён, прыгорблены, невідушчы, з пякучым гэтым болем і тугою, з бурай нахлынулых успамінаў. Адзінай уцехай было яму тое, што вось ён, побач з ёй. Што зямля, дзе яна жыла і дзе пахавана, ужо вольная.

Ён ішоў і ішоў у моцным тужліва-нервовым узрушэнні. Абломы сцен, пустыя, мёртвыя проймы вокан, высачэнныя, дзікія каміны. І горы бітай цэглы, пазелянелыя, учарнелыя, на многія кварталы. Усё, што траплялася на вочы, бачылася яму праз тугу, што важка лягла на сэрца там, ля былога яго дома.

На вуліцах было ціха і амаль пуста. Ён нібы праз завалоку пазіраў на сустрэчных. Раз-пораз дзіўна чакаў: ці няма знаёмых? Знаёмых не было.

У горы сваім ён, як бы прарываючыся з пакуты, важка глядзеў на тое, што праходзіла перад вачыма. Горад быў страшэнна брудны, завалены розным пакіддзем. Абрыўкі паперы, бітае шкло, бутэлькі, розная дыхляціна, дрот — чаго толькі няма на бруку! Ледзь не на кожным кроку выбоіны, ямы. А калі толькі варухнецца вецер,— хмары пяску і пылу... Да чаго давялі, гады!

Ён прайшоў па Савецкай, спусціўся па Камсамольскай на Нямігу, дзе было бруду яшчэ больш, падаўся па вуліцы Мяснікова. Убачыў каля помпы, што стаяла там, дзе пачыналася вуліца Розы Люксембург, доўгую чаргу людзей. У горадзе не працаваў водаправод...

А чаму яму не пачаць «размову з масамі» якраз тут? Тут — салдацкія маткі, заўтрашнія работніцы, служачыя, прадаўцы магазінаў, чыгуначнікі. Ён падышоў да чаргі.

— Ці няможна ў вас напіцца?

— Ды чаму ж! Калі ласка...— яму падалі карэц з вадою; у тыя дні каля кожнай калонкі можна было знайсці корчык: часта падыходзілі напіцца байцы.

— Папіў — нібы паздаравеў...— ён атрос з гімнасцёркі некалькі пацерак — кропель вады.— Цэлая праблема — вады напіцца! Хто б падумаў... Не ведаю ўжо, як таму, каму на сям'ю патрэбна некалькі вёдраў у дзень?

Жанчына, што была праз два чалавекі ад Тураўца, махнула рукою.

— Як? Вось так і стаім... Цэлымі гадзінамі стаяць прыходзіцца...

Другая панура адгукнулася:

— Гэта што, тут хоць дастаішся. А хлеба дзе, дзе дастанеш? Чацвёрты месяц хлеба амаль не бачу...

— Нічога, нашы прыйшлі — хлеб будзе.

Сівы чалавек, у старой салдацкай гімнасцёрцы, з чырвоным вядром, сказаў, што ўсё адразу не адновіцца — вунь якія руіны. Амаль усё прыйдзецца пачынаць спачатку.

— Хутка многае зменіцца! — цвёрда заявіў Туравец. Ён сказаў, што ўжо сёння пачынае працаваць хлебазавод «Аўтамат».

— Хлебазавод? Дык яго ж, мусіць, узарвалі?

— Спаліць хацелі. Ды не выйшла ў іх... Факельную каманду каля завода сустрэлі такім агнём, што яны — хто куды... Падпольшчыкі выратавалі, Валодзя Нядзельцаў з сябрамі.

— Вось малайцы!.. Дык, значыцца, цэлы. І хлеб будзе?

— Будзе.

Гэтая вестка адразу ж пайшла па чарзе, людзі захваляваліся.

— Хто гэта гаворыць? Адкуль ён тое ведае?

— Значыць, ведае.

Людзі пачалі акружаць Тураўца. Неўзабаве нехта пазнаў у гэтым нізенькім шчуплым чалавеку з плецівам чорных валасоў, з цыганскімі вачыма былога сакратара суседняга райкома.

Усе аж сціналі дыханне, калі слухалі пра тое, што будзе зроблена ў горадзе бліжэйшымі днямі. Перабівалі нецярпліва:

— А ці хутка пачне працаваць пошта... Ці можа ўжо цяпер дайсці сюды, скажам, з фронту пісьмо?..

— А ці зусім ужо размініравалі Дом урада? І што — не ведаеце — рабіць з мінамі, якія валяюцца на агародзе? Як бы дзеці не падарваліся!..

— А дзе цяпер немцы? Ці далёка ад Мінска?

— Ці будзе можна дзе-небудзь купіць абутак? Босыя ходзім, аж сорам...

— А ці не ведаеце, дзе знайсці дзіцячага доктара?..

— Няўжо не злавілі гэтага гада Готберга? От, каб злавілі ды прывезлі сюды!

Некалькі чалавек пыталіся пра становішча на фронце. Адказаўшы тым, хто цікавіўся зменамі ў Мінску, Туравец пачаў гаварыць пра самае хвалюючае — фронт. Там, на фронце, сыны, бацькі, браты, якіх чакаюць ужо тры гады. Весткі пра падзеі на фронце слухалі са слязамі радасці, як весткі ад блізкіх і як падтрымку надзеі, што пракляты фашыст больш не вернецца.

— Многа працы наперадзе ў нас,— раптам перамяніў кірунак гаворкі Туравец,— многа. І ўсё прыйдзецца рабіць усім нам разам... Усё залежыць ад нас, ад усіх.

— Ясна, што за нас ніхто не зробіць...

— Ды ці ж мы не хочам працаваць? Рукі просяцца самі да працы...

І пачаліся тут роспыты — куды ісці, што рабіць? Што рабіць швейніцы, якая да вайны на фабрыцы працавала? А куды пайсці трамвайшчыку? Ці хутка будзе адноўлены трамвай? А ці ёсць ужо работы слесару-сантэхніку? А што таму, у каго няма спецыяльнасці? «Я да вайны вучылася ў восьмым класе». Туравец, адказваючы людзям, адчуваў, што ім сапраўды хочацца, вельмі хочацца працаваць...

З ім развіталіся, як з добрым другам.

— Дзякуй вам вялікае. Не забывайце, зноў заходзьце сюды... Сцежка знаёмая!

— Проста сюды, да помпы!

— Дзякуй, зайду...

Туравец правёў яшчэ адну такую гутарку ля лістоўкі з загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага пра вызваленне Мінска, дзе сабралася дзесяткі два чалавек. Лістоўка была прыклеена на сцяну, што ўцалела ад падарванага дома. Тут ля сцяны ён і гутарыў з людзьмі.

Ішоў ён назад стомлены. Столькі падзей перажыў ён за адзін дзень, з той хвіліны, як ускінуліся залпы «кацюш». Добрае і горкае жыло ў ім, радавала, засмучала, трывожыла. Зося, Зося, сцяна ў неба, балкончык з вазонам. Юрый у ваеннай гімнасцёрцы, у грузавіку, што ідзе міма. Малюнкі гэтыя ўвесь час трымала яго памяць. І разам з імі відовішчы страшэннага разбурэння горада.

Ва ўсё гэта ўнізваліся, спляталіся з гэтым новыя клопаты, што ўзніклі ў кабінеце Рогава, ад сустрэч з людзьмі...

Ён быў узрушаны тым, як многа трэба зрабіць, каб горад зноў зажыў. Каб разабраць, сцерці з вачэй гэтыя горы цэглы, пабудаваць новыя дамы, вуліцы, новае жыццё. Якое ён у гэты дзень бачыў вельмі цьмяна, як амаль неймавернае...

У яго пакуль не было кватэры, але ішоў ён у гарком і з другой прычыны. Усё спадзяваўся: раптам там чакае хлопец у вайсковым адзенні...

Ён не думаў пра тое, што вось і пачалося мілае сэрцу мірнае жыццё. Ён вельмі ж быў поўны гэтым жыццём, і вельмі ж многа было ў гэтага жыцця горкага...

 

РАЗДЗЕЛ ІІІ

 

1

Лейтэнант Клямт яшчэ па той бок Бярэзіны прыстаў да часці, што адступала пасля моцных баёў.

Часць была невялікая, вельмі парадзелая, хутчэй нагадвала натоўп, чым баявую адзінку.

Трэба сказаць, што такіх часцей у немцаў тады было ўжо нямала. Знявераныя, дэмаралізаваныя, салдаты часта адставалі ад сваіх падраздзяленняў, стыхійна далучаліся да першага вайсковага натоўпу або паходнай кухні. Такія групы ўвесь час абрасталі новымі спадарожнікамі і гублялі іх у кожным баі. Склад гэтых натоўпаў увесь час змяняўся, і цяпер у дывізіях часта былі не толькі салдаты, а і афіцэры з самых розных часцей, розных родаў войск.

Але сярод іх былі яшчэ і вельмі моцныя часці, добра ўзброеныя і дысцыплінаваныя. Па дарогах рушылі часамі цэлыя дывізіі амаль у поўным складзе.

Група, у якой ішоў лейтэнант Клямт, складалася з выпадковых людзей, і лейтэнант адносіўся да сваіх спадарожнікаў без упэўненага давер’я. Хоць ён і трымаўся разам з групай, яму нярэдка даводзілася душыць у сабе спакусу кінуць усіх і прабівацца аднаму.

Яму ў гэтыя дні пашанцавала. Тады, калі ён ужо не мог ісці далей — былі да крыві сцёрты ногі,— пашчасціла выпадкова на ўзлессі натрапіць на вандроўнага каня. Хаваючыся за дрэвамі, лейтэнант непрыкметна падабраўся да яго і ўчапіўся ў рудую грыву.

Праехаўшы некалькі кіламетраў, лейтэнант напаткаў схуднелага, з павязкай на галаве афіцэра, што знясілена сядзеў ля дарогі. Афіцэр-капітан папрасіў узяць яго з сабой. Лейтэнант без асаблівай ахвоты, але ўсё ж выканаў свой вайсковы абавязак. Злез, падсадзіў на каня капітана, сеў сам ззаду. Прытрымліваючы капітана, пакіраваў далей...

На ўскраіне адной вёскі іх спынілі. Тут стваралі новую часць. Лейтэнант, патупаўшы, пацёршыся сярод незнаёмых, каторых затрымалі тут раней, нечакана спаткаў яфрэйтара Келера, пра якога ўжо даўно, мусіць, дзён пяць, нічога не ведаў. Ён узрадаваўся спатканню з Келерам і, калі лейтэнанту далі ўзвод, паклапаціўся, каб яфрэйтара накіравалі да яго. Як-ніяк Келер быў смелы ваяка і, што там ні кажы, хоць і з грашкамі, але ўсё ж свой. Акрамя яго, ва ўзводзе не было ні аднаго знаёмага салдата.

Камандаваў часцю аднавокі, магутнага складу маёр. Сабраўшы афіцэраў у садзе, ён люта гаварыў, што трэба зараз жа, хоць бы самымі бязлітаснымі сродкамі, устанавіць парадак і дысцыпліну. Ён здаўся Клямту вельмі моцным і рашучым чалавекам.

Пад вечар маёр загадаў пастроіць часць. Калі рады выраўняліся, да строю вывелі нейкага салдата. Як аб’явілі — недзе схопленага дэзерціра. Салдат быў доўгі, сутулы і брудны, стаяў нерухома, са здранцвелым выглядам. Не глядзеў ні на кога, як сляпы. Маёр сам выступіў перад строем, назваў салдата здраднікам і трусам, які зганьбіў салдацкі абавязак, без загаду пакінуў пазіцыю, хацеў уцячы.

Салдаты слухалі панура. Скончыўшы прамову, маёр навёў сваё адзінае вока на лейтэнанта Клямта і, гледзячы цвёрда ў вочы яго, загадаў расстраляць уцекача. Лейтэнант казырнуў, пакрочыў да салдата, на хаду вымаючы з кабуры пісталет. Стаў за некалькі крокаў ад асуджанага, павольна падрыхтаваў пісталет, прыцэліўся ў грудзі. Стрэліў. Салдат тузануўся, але не ўпаў, нейкі час як бы здзіўлена глядзеў на лейтэнанта. Паваліўся тварам у зямлю. Лейтэнант пад позіркамі цяжка знямелай роты грэбліва схіліўся, памацаў пульс: дэзерцір быў мёртвы. Другой кулі не спатрэбілася. Аднавокі павярнуў сваё вялізнае цела да салдат і сказаў:

— Так будзе з кожным, хто парушыць салдацкі абавязак. Хто не выканае загаду.

Але падзея гэта, як заўважыў потым Клямт, не зрабіла таго ўражання, якога чакаў і на якое разлічваў маёр. Салдаты сталі толькі больш маўклівымі і панурымі.

Увечары, кладучыся спаць у траве за агародамі, дзе яго ўзвод заняў пазіцыю, лейтэнант пачуў абрывак нечай гаворкі пра тое, што салдата, мусіць, дарэмна загубілі.

— Можа, ён зусім і невінаваты.

Лейтэнант здзівіўся, як гэта можна так разважаць і шкадаваць баязліўца.

Келер, што сядзеў побач, здымаючы нанач боты, адгукнуўся стомлена:

— Салдацкае таварыства, лейтэнант... Агульнасць лёсу.

Лейтэнант у апошніх словах яфрэйтара ўлавіў прытоены, нядобры сэнс. Спытаў, як гэта разумець: агульнасць лёсу — адзін канец усім?

— Не, я не меў гэтага на ўвазе,— Келер ладзіў ранец пад галаву.— Я бадзёра гляджу наперад...

Ён яўна ўхіляўся ад шчырай размовы, і лейтэнант не стаў дапытвацца. Але і з гэтых скупых слоў, па тым, як панура Келер гаварыў, як ён наогул паводзіў, цяпер лейтэнант як належыць зразумеў яго стан. Прыгнечаны, нават — безнадзейны стан.

«Вось дзе бяда! — падумаў ён.— У кволасці, у заняпадзе духу. Нездаровым, гнілым, не нямецкім духу. Гніль гэта смярдзючая, як іржа, раз’ядае армію... Дысцыпліна трэба, цвёрдасць!..»

«Заразу трэба рваць з коранем!..»

Але зрабіць гэта лейтэнанту не ўдалося...

На другі дзень, ледзь толькі развіднела, на роту, у якой быў Клямт з узводам і якая ішла займаць новы рубеж абароны, наляцелі савецкія кавалерысты. Рота, бязладна страляючы, бачачы, як хутка імчыць на іх, разрастаючыся, шырэючы, хваля коннікаў, пачала разбягацца. Лейтэнант спрабаваў камандаваць, але яго ніхто не слухаў. Седзячы ў жыце, у якое ён управіўся ўбегчы, прыхавацца, лейтэнант бачыў, як некалькі кавалерыстаў, не злазячы з коней, вялі натоўп палонных.

Яму ўдалося выратавацца.

 

2

З гэтага дня ён прабіваўся адзін.

Ён ішоў без дарог, проста цераз палі, па ўзлессях, цераз лугі, стараючыся, каб яго не прыкмецілі. З асаблівай апаскай пільнуючыся, абыходзіў ён вёскі.

Ісці было цяжка. Даводзілася ўсяго аберагацца, быць гатовым да ўсяго. Ён не мог нідзе адчуваць сябе ў спакоі. Лясы, здавалася, у сваёй маўклівасці нязменна таілі штосьці пагрознае. За лясамі цягнуліся палі — таксама чужыя і варожыя. Але больш за ўсё лейтэнанта непакоіў выгляд вёсак — асабліва небяспечных, ненавідзячых...

Ён пакутаваў ад тупога неадступнага болю ў жываце: амаль за двое сутак лейтэнант не з’еў і маленькага кавалачка хлеба. Прыходзілася спажываць толькі ягады, якія ён шукаў на ўзлесках і палянах, ды няспелыя зерні, адным словам, жыць «на падножным корме».

Надвячоркам ён пераплыў Бярэзіну і, пасядзеўшы гадзіны тры на беразе, пайшоў далей.

Ад цягучага адчування голаду, ад болю ў жываце ён звярэў, напаўняўся шалёнай злосцю. Ад гэтага ён часам пераставаў асцерагацца, кідаў тулянне па сцежках, па палях і неберажліва падбіраўся да дарогі. Прысеўшы дзе-небудзь у скрытным месцы, прагным позіркам сачыў за дарогаю, чакаў падарожных, спадзеючыся пажывіцца. Ён цяпер і сваім выглядам нагадваў разбойніка: твар яго аброс рудаватаю шчацінай, вопратка і рукі былі брудныя. На адзенні віднеліся плямы закарэлай гліны, тарфяной гразі і рознага іншага бруду — знакі бадзяжнага туляння.

На поплаве каля рэчкі ён убачыў хлопчыка, што пасвіў карову. «У яго ёсць, напэўна, хлеб». Хаваючыся за кустамі, лейтэнант непрыкметна падкраўся. Ён ужо намерыўся быў схапіць хлапчука за плячо, калі той угледзеў яго, спалохана ўскочыў і кінуўся наўцёк. Некалькімі скачкамі лейтэнант дагнаў яго і, ірвануўшы за плячо, паваліў на зямлю. Тады, абхапіўшы закарэлымі рукамі тонкую, мяккую, цёплую шыю, пачаў душыць, адчуваючы зларадную асалоду. Ён збоку быў падобны на драпежнага звера, што распраўляецца са слабай ахвярай.

Калі хлапчук перастаў выпінацца і сціх, звер разняў цвёрдыя пальцы з доўгімі пазногцямі і пачаў прагна абшукваць кішэні. У іх не было ні крыхоткі!

Ён, стоячы на каленях, выпрастаўся і адчуў, як кружыцца галава. Азірнуўся, спадзеючыся ўбачыць поблізу торбу з харчамі, але ніякай торбы не было відаць.

Нечакана ён заўважыў, што да поплаву ідзе жанчына. У мутных вачах звера бліснула занепакоенасць,— ён ускочыў і хутчэй адбег у кусты. Жанчына кінулася да хлапчука і, убачыўшы мёртвага, закрычала:

— Сыночак! Сыночак!

Яна пачала будзіць яго, уздымаць, не верачы таму, што здарылася. Прыпала да яго, стала цалаваць і лямантаваць. Лейтэнант пачуў роспачнае галашэнне:

— Звяры, нелюдзі! За што яны цябе, сыночак?! Сонейка ты маё яснае, зорачка ты мая адзінокая!..

На гэты лямант падышло яшчэ трое жанчын і адзін мужчына. Яны аб нечым пачалі раіцца, паказваючы ў той бок, дзе схаваўся Клямт. Тады ж адна жанчына пабегла некуды, напэўна, у вёску, можа, склікаць людзей. Падышло яшчэ некалькі сялян. Асцярожна падаліся да кустоў, сталі абшукваць іх.

Лейтэнант адчуў, што становішча яго робіцца небяспечным, і, выскачыўшы з кустоў, пабег да лесу. Яго заўважылі, сталі крычаць услед пагрозы. Азіраючыся, лейтэнант бачыў, што трое мужчын, размахваючы дручкамі, кінуліся наўздагон. Аднак калі лейтэнант спыніўся і выняў пісталет, яны замерлі.

Лейтэнант некалькі разоў стрэліў. Стрэліў, амаль не цэлячыся, рука, што трымала пісталет, дрыжала ад слабасці.

Увайшоўшы ў лес, лейтэнант пастараўся як мага хутчэй адысці ад небяспечнага месца.

Яму ўдалося выратавацца. Але з цягам часу становішча яго ўсё пагаршалася,— ён быў так знясілены ад голаду і стомы, што амаль страціў здольнасць хавацца і баяцца. Ім апаноўвала абыякавасць да ўсяго.

Адзін раз, разумеючы, што няма іншага выхаду, як пайсці ў палон, ён наблізіўся да вёскі, намерваючыся аддацца на волю пераможцы, але яму насустрач папаліся жанчыны. Клямт у гэтыя дні больш за ўсё баяўся жанчын. Лейтэнанту здавалася, што ад іх яму няма чаго іншага чакаць, акрамя смерці.

На трэці дзень уранні ён натрапіў на поле бою. На полі, перакапаным выбухамі мін, між пасечанага і дзе-нідзе патаптанага бацвіння бульбы, валяліся трупы немцаў. Яго гэта спачатку прымусіла ўстрывожыцца, але трывогу хутка заглушыла радасць.

Ён падумаў: тут можна знайсці што-небудзь з яды! І праўда, аблазіўшы трупы, абшукаўшы кішэні і ранцы, ён знайшоў некалькі яшчэ не чэрствых кавалкаў хлеба і дзве банкі кансерваў. Па прывычцы зняў з нейкага яфрэйтара залаты пярсцёнак. Калі ён трымаў у руцэ гэту бліскучую рэч, у яго галаве праплыла цьмяная думка, што золата цяпер ужо не мае ніякай каштоўнасці. Якая карысць з яго?

Гэта нікчэмная рэч напомніла пра тое, што ён увесь час імкнуўся да золата, да багацця. Багацце?! Мары разбагацець у Расіі! Усё — глупства, дрэнь. Усё руйнуецца, ідзе к д’яблу!.. Ён, вылаяўшыся, размахнуўся злосна, каб кінуць пярсцёнак, але стрымаўся. Хоць без радасці, няўпэўнена, паклаў у кішэню.

Падсілкаваўшыся, ён адчуў сябе мацнейшым і пайшоў прутчэй.

Каля нейкай дарогі ён убачыў падрыхтаваныя да бою нямецкія кулямёты і гарматы з абслугай, а далей на ўзлеску — пад галлём — грузавікі. У лесе хадзіла многа нямецкіх салдат. Спрактыкаваным вокам ён адзначыў, што перад ім — сапраўдная, дысцыплінаваная часць.

«Фронт!? Няўжо я выйшаў з акружэння?» Лейтэнант узняўся са схоўкі і заспяшаўся да салдат. Здалёк памахаў рукамі, крыкнуў, каб не стралялі. Скора прыйшлося расчаравацца: першы ж афіцэр, да якога прывялі яго, сказаў, што лінія фронту недзе далей. Дзе, яму невядома...

І ўсё ж выгляд сапраўднай баявой часці падбадзёрыў яго. Ён даведаўся, што перад ім салдаты грознай 78-й штурмавой дывізіі. Лейтэнант многа чуў пра камандзіра дывізіі генерала Траута, які лічыўся адным з самых умелых нямецкіх генералаў. Лейтэнант ажыў,— цяпер ён, напэўна, праб’ецца-такі да сваіх.

 

3

Чацвёртага ліпеня рэшткі некалькіх гітлераўскіх дывізій 78-й штурмавой, 25-й механізаванай, 260-й пяхотнай,— а таксама штаб 27-га армейскага корпуса сабраліся ў адным месцы, у двух дзесятках кіламетраў ад Мінска. У гэтай групе апынуўся і генерал Баумволь.

Часці гэтыя былі моцна пабіты ў нядаўніх баях. Нават у 78-й штурмавой дывізіі заставалася цяпер толькі каля чатырох тысяч чалавек разам з прыданым ёй разбітым палком з іншай часці. Ва ўсёй дывізіі мелася крыху больш за сто машын і толькі чатыры гарматы. Амаль усю артылерыю, у тым ліку і самаходную, дывізія страціла.

Усё-ткі гэтыя тры дывізіі, сабраныя ў адно, мелі немалую сілу — у іх было разам больш за пятнаццаць тысяч салдат і афіцэраў. Праўда, становішча дывізій пагоршвала тое, што ў іх бракавала гаручага і боепрыпасаў. Два дні назад нямецкія транспартныя самалёты скінулі ў раён размяшчэння корпуса некалькі бочак з гаручым, але яго не хапіла і для паловы тых машын, што яшчэ былі ў часцях.

Штаб корпуса слёзна маліў аб дапамозе. Камандаванне групы войск абяцала даць дапамогу, але гэта пакуль былі толькі абяцанкі. З кожным днём надзеі на дапамогу нават з паветра слабелі.

Трэба сказаць, што гэтая група была толькі часткай нямецкіх войск, якія сышліся пад Мінскам. Акружаныя тут войскі займалі вялікі абшар, ад Волмы аж да Бярэзіны,— яго цяпер называлі «мінскім катлом». У «катле» апынулася не толькі 4-я армія, але і рэшткі яшчэ дзвюх нямецкіх армій. Колькасць акружаных войск дасягала амаль ста тысяч чалавек.

Гітлер перадаў па радыё акружаным спеяцыльны загад. Ён загадваў навесці строгі парадак, устанавіць дысцыпліну і рашучымі дзеяннямі прабівацца на паўднёвы захад. Гэты загад і спрабаваў ажыццявіць Баумволь.

Пад Мінскам кіпелі лютыя баі. Акружаныя не шкадавалі ні салдат, ні снарадаў, прагнучы, што б ні было, вырвацца з смяротнага круга. Але ўсе іх спробы вырвацца былі дарэмнымі,— атакі за атакамі, у якія кідаліся немцы, не маглі зрушыць савецкія войскі...

Па загаду Баумволя быў зроблены новы план вываду з акружэння нямецкіх войск. Дывізіі павінны былі абысці Мінск з паўднёвага ўсходу, за дваццаць — дваццаць пяць кіламетраў ад горада, і рушыць далей на Баранавічы, дзе, як гаварылася ў апошніх зводках, ішлі цяпер баі.

Аднак вырвацца Баумволю з усімі войскамі не ўдалося. Тады на наступны дзень, пятага ліпеня, Баумволь змяніў ранейшую задуму, вырашыў прабівацца з невялікай групай.

Ён выклікаў камандзіра корпуса і паведаміў пра сваё рашэнне. Заявіў пры гэтым:

— Дывізіі павінны па-ранейшаму абараняць свае пазіцыі...

— Яволь1. Я зраблю ўсё, што магу, каб мае дывізіі выканалі гэты... пачэсны абавязак,— адказаў яму камандзір корпуса.

У 11 гадзін вечара Баумволь сабраў генералаў, старшых афіцэраў і даў загад — абараняцца да таго часу, пакуль толькі будзе магчыма.

— Наш любімы фюрэр і наша вялікая айчына ў гэты час цяжкага выпрабавання глядзяць на вас, адважныя воіны, з надзеяй і верай. Яны спадзяюцца, што вы з гонарам выканаеце свой салдацкі абавязак...

Адразу пасля нарады Баумволь з групай, у якой было каля ста дваццаці афіцэраў і салдат, пачаў выпраўляцца ў дарогу. Даведаўшыся пра намер генерала, да яго хацелі далучыцца многія іншыя афіцэры і салдаты, але Баумволь ім не дазволіў:

— Я не магу ўзяць з сабою больш. Хто застанецца ў дывізіях, калі я ўсіх вазьму...

Перад выступленнем генерал прадбачліва зрэзаў з плеч пагоны, а са штаноў генеральскія лампасы.

Спачатку Баумволь вёў групу на поўдзень з тым, каб, прайшоўшы кіламетраў дванаццаць, павярнуць на захад.

Ішлі ціха, выбіраючы глухія дарогі. Пакінуўшы войскі, генерал адчуваў сябе крыху лягчэй,— не трэба было думаць, што рабіць з тымі, што засталіся, многімі тысячамі.

Генерал, аднак, быў нездаволены: ішоў і не ведаў, што будзе днём. Што там — днём, невядома было, што чакала за полем, якое пачыналася. Эх, лёс генеральскі! Які гэта дурань выдумаў, што генералы паміраюць у пасцелі? Пабыў бы гэты балбатун цяпер на яго генеральскім месцы!

Генерал ішоў пеша. З тугою думаў пра зручны ўтульны «опель», які прыйшлося пакінуць у дывізіі. Колькі гэта генеральскім нагам прыйдзецца патупаць, пакуль яны атрымаюць права адпачыць?.. Час ад часу Баумволь з непакоем пазіраў на неба,— чорт ведае, нашто там выпаўз такі яркі месяц! Светла, быццам удзень...

Толькі на золку месяц схаваўся. У гэты час, правяраючы маршрут па карце, генерал заўважыў, што група збілася з намечанага шляху. Заблудзілася!

Прыйшлося ісці далей наўгад. Генерал спадзяваўся, што ўраніцу ўдасца сарыентавацца і тады можна будзе выправіць памылку.

Але, як толькі развіднелася, гадзіне а пятай, з бліжняга пасёлка — гэта быў пасёлак Полеўцы — групу заўважылі. Па ёй адкрылі страляніну. Хавацца ці непрыкметна адыходзіць было позна...

 

1 Так.

РАЗДЗЕЛ IV

 

1

У Мінску было неспакойна. Хоць перадавыя часці, што вызвалілі яго, вялі наступленне ўжо далёка на захадзе, людзі ў горадзе не адчувалі сябе ў бяспецы. Жыхароў трывожыла, што баі на ўсходзе, там, дзе кіпеў вялізны «мінскі кацёл», ішлі амаль ля ўскраін. Гітлераўцы, здавалася, у любы момант маглі зноў уварвацца ў горад. Трывога ў Мінску жыла яшчэ і таму, што войскі, якія трэцяга і чацвёртага ліпеня запаўнялі вуліцы, амаль усе пакінулі іх. Пайшлі на захад. У горадзе застаўся толькі адзін полк.

Праз суткі пасля вызвалення на Мінск, які спакойна спаў пад сховай цёплай ночы, былі кінуты фашысцкія бамбардзіроўшчыкі. Самалёты ашалела бамбілі жылыя кварталы, разбуралі тое, што, дзякуючы хуткаму вызваленню горада савецкімі войскамі, яшчэ ўцалела. Асабліва люта бамбілі раён Маскоўскай вуліцы, Заходняга моста і Таварнай станцыі.

Людзі, што жылі каля чыгункі, перабіраліся ў цішэйшыя раёны. Многія на ноч зусім выходзілі за горад, дзе можна было адчуваць сябе бяспечней. Мацеры неслі на руках ці вялі дзяцей, амаль заўсёды людзі валаклі з сабой і каляскі з дамашнім набыткам, бо хто мог ведаць, што, вярнуўшыся, убачыць сваю хату цэлай.

Але і на ўскраінах і за Мінскам таксама было трывожна: тут час ад часу паяўляліся групы немцаў. Яны падыходзілі да ўскраін і нават пранікалі ў горад. Тады цішыню ночы будзілі чэргі аўтаматаў і стрэлы вінтовак.

У адну ноч аўтаматная страляніна ўзнялася ў гарадскім парку. Па бліжніх да парку вуліцах паляцела трывожная вестка: «Немцы ў парку!» Хтосьці пусціў чуткі, што немцы наступаюць і занялі частку горада.

У парк сапраўды пранікла вандроўная групка варожых аўтаматчыкаў. Яна была неўзабаве акружана і разбіта.

Горад увесь час гарэў. Да пажараў, якія ўзнікалі пад фашысцкімі бамбардзіроўшчыкамі, далучаліся пажары ад выбухаў будынкаў, замініраваных мінамі замаруджанага дзеяння. Адзін з такіх выбухаў разбурыў левае крыло Дома Чырвонай Арміі.

Дзе-нідзе гарэлі будынкі, падпаленыя яшчэ да трэцяга ліпеня. Пажары часта не было чым тушыць: у горадзе не хапала вады.

Дымы ўздымаліся ўгару то чорнымі, кіпучымі, шалёнымі клубамі, то празрыстымі згасаючымі струменямі. На вуліцах тхнула горкім і едкім пахам гары.

Абломкі разбураных будынкаў у многіх месцах завалілі вуліцы. Цэлыя горы сцэментаваных глыб, пакручаных, пакарэжаных бэлек і ўсялякага друзу перагароджвалі шлях машынам, якія вымушаны былі шукаць абходных дарог.

Таму першыя дні пасля вызвалення многім мінчанам давялося брацца не за які-небудзь іншы занятак, а расчышчаць вуліцы. З гэтага тады найчасцей пачыналася новае жыццё...

На адной з вуліц сярод жанчын і мужчын, якія расчышчалі завал, можна было бачыць Клаву Сняжко. Яна яшчэ не зусім паправілася пасля ранення, пасля ўсяго перажытага, хутка стамлялася; знясільная дарога ў Мінск, якую яна адужала пазаўчора, таксама далася ёй у знакі.

Ляжаць бы ёй, ляжаць ціха ды патроху правіцца дома,— але хіба магла Клава ў такія дні сядзець спакойна ў хаце! Да таго ж дома пякло горкае гора: там усё напамінала пра нябожчыцу-маці.

Амаль усю мінулую ноч Клава не стуляла вачэй, бо над горадам раз-пораз гулі нямецкія бамбардзіроўшчыкі; выбегшы з хаты, яна бачыла, як у небе ходзяць зялёныя нажы пражэктараў і рвуцца снарады зенітак...

Яна паспала толькі гадзіны са дзве, калі яе разбудзілі Сяргей і незнаёмы сінявокі хлопец у вайсковай гімнасцёрцы. Хлопец назваў сябе Васілём Крайко. Хаваючы сарамяжлівасць, гэты Васіль з жартаўліва-важным выглядам назваў сябе ўпаўнаважаным па расчыстцы вуліц.

— Ого, якая рэдкая пасада! — мімаволі пакпіла з яго Клава.

— В-важная пасада! С-сур’ёзна. Ну, праўда. Такой другой больш н-ніколі не будзе... Пры гэтым, п-папярэджваю,— мне дадзены асобыя правы... Я не проста ўпаўнаважаны, а спецыяльна ўпаўнаважаны, ясна? — Пачуўшы, што ўсё ясна, Васіль папрасіў яе сабраць на працу людзей, якія жывуць па суседству.

— Зараз жа збяру, таварыш упаўнаважаны!..

— Т-трэба адказваць: не «зараз збяру», а «ёсць»! І не «таварыш упаўнаважаны», а «таварыш асоба ўпаўнаважаны».

— Ёсць, таварыш асоба ўпаўнаважаны! «Па расчыстцы вуліц» не абавязкова называць?

— Гэта — лішняе!

Сяргей па сакрэту шапнуў Клаве, што хлопец гэты — баявы партызан, можна нават сказаць — славуты партызан. І што прызначаны ён на новую работу гаркомам партыі, і яму, праўда гэта, дадзены вялікія правы.

— Добра, усё будзе зроблена. Таварыш памочнік упаўнаважанага...

Неўзабаве яна прывяла на завал шаснаццаць чалавек. Калі ўбачыла Васіля, пакіравала да яго, гулліва пазіраючы, далажыла:

— Каманда прыйшла. Што загадаеце, таварыш упаўна... спецыяльна ўпаўнаважаны?..

— Узяцца за справу...

— Ёсць. Зараз жа?

— Зараз.

Але працаваць ёй у гэты дзень амаль не давялося. Ледзь яна толькі падняла некалькі каменняў, як у яе пачала кружыцца галава.

Падымаць каменні станавілася ўсё цяжэй. І ўсё больш кружылася галава, хіліла да зямлі — легчы, спачыць... «Не трэба пра гэта думаць. Не трэба паддавацца».

Але неўзабаве яна ўсё-такі апусцілася на каменную глыбу. Калі б Клава не села, то, напэўна, упала б,— так паплыло ўсё вакол. Да яе падбеглі некалькі ўстрывожаных жанчын.

— Нічога. Нічога, усё пройдзе...— паспрабавала ўсміхнуцца яна.— Штосьці галава кружыцца. Мусіць, ад таго, што не выспалася.

Ёй прыйшлося вярнуцца дамоў. Легчы...

 

2

Туравец зірнуў у твар капітана, што сядзеў за тым жа сталом, насупраць.

У капітана рука была на бялюткай, яшчэ не запыленай, не заношанай марлевай касынцы: відаць, перавязку яму рабілі зусім нядаўна. Акрамя Тураўца і капітана, у пакоі нікога не было.

— Ёсць тут у мяне падпольшчыца, якая была разам з Нінаю ў адной камеры. Толькі яе вывезлі з турмы раней за Ніну...— сказаў Туравец.

— Хто гэта?

— Клава Сняжко... Яна добра ведае Ніну, гаворыць, што яны там, у камеры, нават пасябравалі. Але — я яе ўжо аб гэтым пытаўся — пра далейшы лёс Ніны, дружа мой, ёй нічога невядома. Гэта я табе адразу кажу. Не буду таіць... На адно ў мяне надзея, што яна можа знайсці людзей, якія сустракаліся з Нінай. Клава, здаецца мне, такая, што калі толькі можна знайсці іх, то яна знойдзе...

— Ну, і што яна,— пакуль не знайшла?! — капітан прамовіў гэта спакойна, але Туравец заўважыў, як складкі пры кончыках яго губ смыкнуліся і напружыліся. «Хвалюецца».

— Пакуль не знайшла. Каб яна даведалася пра Ніну, то паведаміла б мне...

— Дзе яна жыве ці працуе? — Туравец сказаў, што Клава жыве недалёка адсюль, на Лодачнай.

— У мяне на прыкмеце ёсць яшчэ некалькі чалавек, вызваленых з турмы. Можа, хто-небудзь з іх і знаёмы з Нінай... Як бы там ні было, пагавары з імі. Запішы, я табе скажу, дзе яны жывуць.

Аляксей запісаў прозвішчы і адрасы ў кніжачку, што была ў яго планшэце, і стаў развітвацца. Туравец, паціскаючы руку, запытаўся, дзе ён жыве, і паабяцаў, як толькі ўдасца што-небудзь даведацца пра Ніну, паведаміць яму пра гэта.

Аляксей, выйшаўшы на ціхую ўзбярэжную Свіслачы, усцяж якой хіліліся над вадою сівыя ніклыя вербы, адразу накіраваўся на пошукі.

Ад Тураўца ён ужо ведаў, што Ніну пасылалі з заданнем у гарадок, што, вяртаючыся назад у лес, яна выпадкова наскочыла на засаду і яе, па вестках, якія ўдалося выведаць, адправілі ў турму ў Мінск...

Перш за ўсё ён рашыў пайсці да Клавы Сняжко. Але тут яго чакала няўдача. Калі ўвайшоў на яе двор, ён убачыў на дзвярах дома замок. Жанчына з суседняга двара, вешаючы бялізну, сказала, што Клава пайшла, здаецца, уладжвацца на працу, калі вернецца, невядома.

Аляксею не хацелася сядзець і чакаць — можа быць, вельмі доўга, і ён пайшоў праз паўгорада па другім адрасе...

Доўгія пошукі Аляксея амаль нічога яму не далі,— толькі адна жанчына, якая папала ў турму ў часе аблавы, крыху ведала Ніну,— сядзелі неяк побач, але Ніна пра сябе нічога не гаварыла, а неўзабаве іх разлучылі. «І што далей было з ёй, я не магу сказаць». Нягледзячы на няўдачы, Аляксей усё-ткі працягваў пошукі. Ён пабываў і на Камароўцы, і на Ляхаўцы, адхадзіўшы па пыльных вуліцах многа кіламетраў.

Чым больш Аляксей хадзіў, тым больш яго апаноўвала трывога.

Шукаючы знаёмых Ніны, пытаючыся пра яе, ён хутка зразумеў, што з тых, хто быў у турме ў апошнія дні, амаль ніхто не вярнуўся. Амаль пра ўсіх гэтых людзей, як і пра Ніну, ніхто не мог сказаць, дзе яны...

Ён можа спадзявацца толькі на тое, што Ніне пашанцавала больш за другіх, што ёй выпала нейкае асобае, для яе адной, шчасце. Тая шчаслівая выпадковасць, якая гэтак рэдка бывае ў жыцці...

Позні вечар, цемра, што ахутала прыціхлыя, неасветленыя вуліцы, прымусілі яго прыпыніць пошукі. Аляксей, натомлены за дзень, намерыўся падацца дамоў, як прыгадаў — не ў першы раз — словы Тураўца пра Клаву Сняжко. Няўжо яе і цяпер няма дома? Як бы там ні было, трэба зайсці да яе, трэба абавязкова ўбачыць яе. Яна ж была разам з Нінаю, бачыла яе зусім нядаўна; можа, сёння здолела ўведаць што-небудзь ад іншых...

Увайшоўшы на Клавін двор, Аляксей заўважыў у адным акне цьмяную палоску святла, што прарэзвалася знізу акна, не поўна закрытага маскіроўкай. Ён пастукаў у дзверы і пачуў мужчынскі голас у адказ: «Заходзьце». У пакоі, які быў асветлены ад мігалкі, што стаяла на стале, Аляксей убачыў невысокую, круглатварую дзяўчыну. Яна ішла насустрач. Ля стала стаяў хлопец з карабінам — можа, брат,— ён, відаць, збіраўся некуды ісці. Аляксей прывітаўся.

— Выбачайце, што так позна турбую... Мне сказалі, што тут жыве Клава Сняжко.

— Так. Гэта я... А па якой вы справе?— Клава здзіўлена зірнула на незнаёмага капітана. Хто ён? Яна, здаецца, яго раней не бачыла.

— Я — Лагуновіч.

— Аляксей?! — вырвалася ў яе.

Дужкі-бровы яе раптам узляцелі. Яна на нейкі міг разгубілася і як бы спалохалася яго, і гэта прымусіла Аляксея насцеражыцца. Назіральны заўсёды, а цяпер асабліва, ён адчуў нядобрае.

— Мне Нічыпар Паўлавіч сказаў, што вы былі разам з Нінаю...

— Так, была... Але чаго мы стаім тут,— схамянулася Клава. Яна падышла да сценкі, дзе стаялі два табурэты: — Сядайце...

Але ні ён, ні яна не селі.

Аляксей заўважыў, што дзяўчыну, хоць яна цяпер і стараецца хаваць гэта, штосьці вельмі непакоіць. Пальцы яе нервова прабеглі па гузіках жакеткі, паправілі за ражкі касынку.

Аляксей моўчкі чакаў. У адрозненне ад Клавы ён здаваўся спакойным.

— Няма яе,— пачуў неспадзявана ён амаль шэпт, амаль стогн.— Няма...

«Каго, Ніны?» — хацелася запытацца Аляксею, але ён маўчаў. У яго ў грудзях усё пахаладзела.

— Загінула яна... Пад ранне забралі яе... павезлі за горад...

Тады толькі ён змог раскрыць рот. Але якім дзіўным, незнаёмым здаўся яму свой голас:

— Хто гэта сказаў?

— Красуцкая. Яна бачыла, як Ніну выводзілі... А аб іншым хваліўся пасля паліцай...

У тую хвіліну ў Аляксея было толькі адно адчуванне — страшны холад у грудзях, які рабіў яго як бы нямым.

У галаве застыла думка: «Ніну... расстралялі!» — вялікая, дзіўная, нерухомая.

— Яе забралі ўночы. Перад раннем...— стрымліваючы плач, але з рашучасцю чалавека, што наважыўся на ўсё, паўтарыла Клава.

«Каго, куды забралі...— няўцямна падумаў ён.— Ах, гэта пра Ніну... Ніну забралі... Яго Ніну,— зноў важка дайшоў ён да сэнсу.— Ніну расстралялі, яго Ніну!!»

— Перад раннем?

— Красуцкая сказала, што было ўжо далёка за поўнач, як пачалі выклікаць іх. Узялі тады акрамя Ніны яшчэ пяць чалавек. З адной камеры... Потым яна чула, як на двары шумелі машыны.

Аляксей, ссутулены, нібы аглушаны, раптам зварухнуўся: «Самому бачыць гэтую жанчыну, самому распытацца пра ўсё!»

Ён кінуў на Клаву хуткі позірк:

— Вы можаце паказаць, дзе яна?

— Хто?

— Красуцкая.

Клава адказала, што можа. Сказаўшы «дабранач» хлопцу з вінтоўкай, якога ўвесь гэты час быццам не бачыў, Аляксей выйшаў з хаты...

Красуцкая жыла на Грушаўскім пасёлку. Калі Клава падвяла Аляксея да кватэры Красуцкай, у вокнах былі цішыня і цемра. Але ў хаце, відаць, не спалі, бо адразу, ледзь Клава пастукала ў шыбу, адтуль пачулася: «Хто там?»

Упусціўшы Клаву і Аляксея, у пакоі запалілі святло. Красуцкая ляжала на ложку, накрыўшыся да шыі коўдрай.

— Гэта — Аляксей, Нінін муж,— пазнаёміла Клава жанчыну з капітанам.

— Самі прыйшлі...— сказала жанчына, калі Аляксей і Клава прыселі на канапу каля ложка.— А я абяцала Нінцы, ды так яшчэ і не спраўдзіла слова. Адбілі гады ўсё ўсярэдзіне, устаць не магу... Адбілі, а тады ўжо выпусцілі, мусіць, спадзяваліся, што ўсё роўна нядоўга ўжо. Ох!.. Ледзь дахаты дацягнулася... А Нінка...

Яна заплюшчыла вочы і сціхла. Аляксею здалося, што яна стрымліваецца, шкадуючы яго, думае, ці пра ўсё казаць. Ён папрасіў:

— Гаварыце пра ўсё. Пра ўсё расказвайце... Я хачу ўсё ведаць.

 

3

«Яе забілі... Пад раніцу забілі яе... Казалі — яна спрабавала ўцячы, выратавацца, але не ўдалося. Чарга з аўтамата насцігла...»

Цяпер, ідучы па маўклівых вуліцах адзін, ён пачынаў усё глыбей адчуваць сэнс таго, што яму сказалі. Ён і да гэтага гараваў, але толькі цяпер, калі ўспамінаў размову з Красуцкай, нібы абуджаючыся, Аляксей адчуў усю неймаверную жахлівасць пачутай весткі.

«Яе няма! Ніны няма!!» Той, да каго больш за ўсё ён ірваўся, якая больш за ўсіх, за ўсё патрэбна была яму, няма. Няма і ніколі ўжо не будзе.

Ніколі ўжо не ўбачыць ён яе любых, нібы зацягнутых смугою, вачэй, не пачуе яе голасу, не адчуе дотыку яе рук. Ніколі больш яна не скажа тых слоў, якія некалі гаварыла і аб якіх ён марыў, ірвучыся сюды. Ніколі, ніколі...

Яна заўсёды жыла ў ім, поўніла яго душу, увесь свет навокал, радасцямі, трывогамі. Жыццём. Цяпер яе няма. І радасцей тых і трывог няма. Жыцця няма.

Пуста, пуста... Усё, што было навокал, здавалася назаўсёды апусцелым.

З адчуваннем незвычайнай адзіноты ішоў ён па горадзе, па цёмных, маўклівых вуліцах і завулках, не пазнаваў іх. Былой стомы і слабасці цяпер як не было. Нешта вялікае, горкае і моцнае штурхала і штурхала яго немаведама куды, невядома на што, не давала прыпынку.

Праходзячы па вуліцы, ён у адным акне пачуў песню, якую выспеўвалі ні то патэфон, ні то радыё, і тады ж яго слых раптам працяў вясёлы смех. Гэты смех так уразіў яго, што Аляксей стаў.

Як яны могуць смяяцца! У гэты вечар, калі ўсё, здаецца, гатова крычаць аб горы, на вуліцах, дзе яшчэ быццам чуваць рэха крокаў забойцаў. Яшчэ не паспела астыць на каменні кроў,— а яны смяюцца!

Але Аляксей стрымаўся. Не сказаўшы нічога, пабрыў далей. «Тыя радуюцца, тым пашанцавала, а Ніны — няма!..» — падумаў ён неспадзявана з крыўдай. Чаму ёй не пашанцавала дажыць? Чаму ім з Нінай не выпала шчасце дачакацца сустрэчы?.. Услед за гэтай думкай узнікла другая, разважлівая: хіба толькі ў яго гэтакае гора? Хіба толькі з Нінаю адною такое здарылася? Аднак сэрца не хацела слухаць нічога. У ім было адно: Ніны няма...

«Яна прасіла, каб помнілі пра яе без гора». Хіба ж можна не гараваць? Любая, любая... «Прасіла, каб не плакалі аб ёй...» Як жа не плакаць? Як жа трываць, калі сэрца не слухае, заходзіцца з болю! Сэрца плача!..

Эх, чаму ён цяпер не са сваімі таварышамі, чаму не ў дарозе, не перад атакай! Там было б лепш...

На Нямізе яго затрымаў вайсковы патруль. Старшы нарада, пасвяціўшы ліхтарыкам і назваўшы сябе, папрасіў дакументы.

— Што з вамі, таварыш капітан? — сказаў адзін з патрульных.— Твар у вас — як зямля. Рана? Баліць?

— Рана... Колькі часу? — запытаў глуха Аляксей.

— Без дзесяці тры...

Ён здзівіўся: так многа! Трэба вяртацца дамоў, там — чакаюць. Адышоўшы крыху, Аляксей успомніў пытанне патрульнага: «рана? баліць?» — горкая спазма раптам здушыла горла. Ён зарыдаў.

Доўга захлынаўся ён горам, адчаем. Доўга не мог стрымаць стогну, бедавання... Прыпаў да нейкай сцяны і біўся ў горы, безвыходнасці, адзіноце... Колькі было так — гадзіна, дзве — не разумеў. Не чуў часу. Не чуў нічога...

Потым павольна, зняможанай хадою пайшоў. Трэба было кудысьці ісці. Але куды ішоў, спачатку не цяміў. Пазней ужо ўзнікла: трэба дадому. Ён пацёгся ў бок дому. Спачатку знябыта, бяздумна. Тады падумаў заклапочана: як і калі ён раскажа маці пра гора? Як яна перажыве гэта? «Трэба памагчы ёй, падтрымаць трэба старую...»

Яму згадалася другое аблічча, самае любае і самае дарагое цяпер у яго жыцці. У грудзях Аляксея — упершыню за той вечар — зацяплела ціхая, вялікая пяшчота. Люда, маленькая яго дачушка... Яго і Ніны...

«Як жа я мог забыцца пра яе?»

 

РАЗДЗЕЛ V

 

1

Каля Мінска яшчэ ішлі баі з акружанымі варожымі групамі. Удзень і ўночы над палямі і лясамі цішыню рвалі выбухі снарадаў і аўтаматная страляніна.

Не было цішыні і каля Паплавоў, ад якіх вайна ўсё нібы не хацела адыходзіць.

Учора ў Паплавах быў бой. Немцаў выгналі з сяла, але яны трымаліся яшчэ недалёка.

У сяле было трывожна. Шабуніха, якая толькі вярнулася з балотнай сваёй сховы, толькі пераначавала на родным селішчы, старалася глушыць неспакой, што наганялі блізкія стрэлы. Ёй не хацелася верыць, што можа зноў перамяніцца ўсё на горшае. Колькі ж можна бадзяцца ды хавацца?..

Яна ад самага ранку корпалася на агародзе, палола грады. Сядзець без справы Аўдоцця не магла: усё сваё жыццё яна прывыкла быць у вечным клопаце. У гэтым клопаце яна цяпер шукала сваё супакаенне.

Поруч з ёю былі і яе дзеці. Волечка старалася памагчы маці, таксама палола грады, а Валодзька драмаў пад грушкаю. Шабуніха знарок трымала дзяцей пры сабе,— час неспакойны...

Недалёка ад Паплавоў, на адной з дарог, што ішлі з «мінскага катла», у гэты дзень быў Юрый Туравец.

Тут зранку было на дзіва ціха. У неглыбокіх акопах, наспех выкапаных пры дарозе, дзяжурылі толькі назіральнікі, іншыя корпаліся сабе хто з чым. Чарнавокі, звычайна рухавы Шарыфутдзінаў, седзячы ўскрай акопа, заклапочана вырэзваў вострым канцом нажа на кацялку ніжэй таго месца, дзе ўжо значылася яго прозвішча, месяц і год нараджэння.

Юрый перабіраў рэчы ў мяшку, вытрасаў адтуль розную труху.

— Слухай, ты тут пакуль пабудзь за мяне,— сказаў ён пазней Шарыфутдзінаву, завязваючы мяшок.— Я хочу адлучыцца...

— Да землякоў, канечне? — Вочы яфрэйтара хітравата смяяліся.

— Да іх...— Юрый устаў, пацягнуўся, санліва пазіраючы на маўклівыя, рэдкія кусты, дзе былі агнявыя пазіцыі артылерыйскай батарэі. Гарматы стаялі з апушчанымі стваламі, прыкрытыя павялымі галінкамі маскіроўкі. На адным з дрэваў сядзеў прытоены артылерыст-назіральнік.

«Як дзяцел»,— падумаў Юрый і пакіраваў у другі бок, дзе заняла пазіцыі рота «землякоў» — партызаны з той самай брыгады, у якой быў камісарам бацька. Юрыя сюды цягнула, як у родную сям’ю,— хоць тут цяпер не было ні бацькі, ні нават Васі Крайко. Тут ён прападаў увесь вольны час.

Ляхора і яшчэ двое хлопцаў ляжалі на зялёным узмежку і пра нешта гаманілі. Побач з імі некалькі партызан гулялі ў карты, стараючыся трымацца ў ценю ад маладзенькай бярозкі-адзіночкі.

Каля ігракоў, сочачы і нярэдка ёрзаючы ад нецярплівасці, калі стваралася вострая сітуацыя, бавіўся на кукішках Андрэй Шабунёк.

— А, Юрка! — заўважыў першы Ляхора.— Давай, прызямляйся!..

Гаворка ў хлопцаў, відаць, ішла сур’ёзная,— хлопец з наіўным, па-дзявочы мяккім тварам турбаваўся:

— Вызвалім яе, а далей?..

Ляхора павярнуўся да хлопца.

— Што — далей?

— Зноў, глядзі, гэтыя вашы, як іх — буржуі, ці што, вернуцца...

Юрый здагадаўся, што размова ідзе пра Чэхаславакію. Ён ужо аднойчы заўважыў, што Ляхору тут лічаць як бы адказным за ўсё, што датычыцца лёсу яго краіны.

— Па-першае, буржуяў можаш сабе забраць,— адказаў Ляхора з той грубаватай прастатой, якая перадалася ад хлопцаў.— Яны мае такія ж, як і твае... А па-другое, па-старому цяпер не будзе. Будзе інакш. Расчысцім паветра, ясна...

— Даўно пара! — заявіў Юрый.

Юрый толькі ўступіў у важную, вельмі цікавую гаворку, як — у час — калі ён менш за ўсё хацеў гэтага! — падбег баец і перадаў, што яго выклікае Праворны.

— Я хутка вярнуся...— паабяцаў Юрый сябрам, устаючы і атрэсваючы са штаноў зямлю.

Але ён не вярнуўся. Калі сержант падышоў да Праворнага, той сказаў, што званіў Паўлоўскі і паведаміў — сюды набліжаецца калона праціўніка.

— Так што скажы сваім, каб былі напагатове. Можа быць цёплая справа...— Малодшы лейтэнант чамусьці ніколі не гаварыў «гарачы бой» ці «гарачая справа».

Юрый мігам кінуўся ў аддзяленне. Яшчэ з бегу крыкнуў байцам падрыхтавацца да бою, хутчэй праверыў, ці ўсе на месцах.

На батарэі артылерысты выгуквалі каманды; наводчыкі стаялі наўколенцах каля панарам, жэрлы гармат цікавалі яшчэ не бачную цэль.

Юрый, звёўшы чорныя бровы, углядваўся ўдалеч, дзе дарога ўзыходзіла на пагорак. Адсюль да самага таго пагорка прасцягвалася поле, парэзанае на палоскі, маўклівае, спякотнае, на ім мірна зелянела бульба, ціха варушыліся жыты. Поблізу расла паласа даспелага ячменю. Недзе ў жыце, быццам папярэджваючы пра надыход бою, трывожна затуркала перапёлка.

Колькі там іх? Юрый ведаў, што ў «катле» ёсць вялікія і моцныя групы; баючыся страшнага для іх акружэння, ірвучыся да сваіх, яны могуць біцца ашалела, з упартасцю смяротнікаў...

Раптам у полі непадалёк паявілася двое чалавек. Яны выйшлі з-за лесу, за рогам якога была вёска, і цяпер ні то гуляючы, ні то аглядваючы поле, брылі ў жыце. У адной постаці лёгка было пазнаць жанчыну,— яна ішла спакойна і, здаецца, слухала мужчыну, які, размахваючы рукамі, штосьці гаварыў і паказваў...

Хто гэта? Не падобна, каб гэта былі пераапранутыя немцы, бо людзі ішлі вельмі ж ужо бестрывожна ды і з боку вёскі, у якой былі нашы. Але чаго гэтыя дзве постаці выйшлі ў поле ў такі час?

Юрый загадаў Шарыфутдзінаву даставіць іх сюды.

— Чаго ходзіш тут, чалавек — галава, два вухі?! — накінуўся салдат на Жывіцу. Ён ці зрабіў выгляд, што не пазнае Жывіцу, ці і сапраўды не пазнаў.— Страляць будзем тут!

Не даўшы Жывіцу слова сказаць, Шарыфутдзінаў загадаў ісці следам. Як толькі затрыманыя,— цяпер было ясна, што гэта свае, мабыць, з Паплавоў,— былі прыведзены, сержант, не распытваючыся ні аб чым, адправіў іх з Шарыфутдзінавым да Праворнага.

Каля Праворнага, што праціраў вочка бінокля, былі якраз камандзір партызан Дрозд і яго сувязны, малы Шабунёк.

Тут адбылося незвычайнае. Не ўправіўся Шарыфутдзінаў пачаць дакладваць камандзіру пра затрыманых, калі сувязны, без меры ўзрадавана крыкнуўшы: «мамка!», забыўшыся пра сваю дарослую паважнасць, рынуўся да жанчыны. Тая моўчкі, пяшчотна прыгарнула малога да сябе.

Дрозд, здзіўлена міргаючы выцвілымі вейкамі, утаропіўся ў твар мужчыны:

— Ты — Жывіца?! Адкуль ты зваліўся сюды?..

— Не зваліўся, сусед, а прыкаціўся!..— узрадавана адказаў Жывіца.

— Хутка ж ты!.. І ўжо на поле? Ах ты, неспакойная твая душа. Ты ж мог у лапы да немцаў трапіць, ды яшчэ — чорт ты гэтакі! — Аўдоццю завесці.

— Я трапіў бы? Я іх, братачка, за пяць вёрст чую!..

— Бач, які ўпэўнены, малодшы лейтэнант?

— Такі не трапіць! — заклапочана прамовіў Праворны, сочачы за полем.— Шарыфутдзінаў, можаш ісці назад...

— Ты ведаеш, жыта і ячмень выдаліся нядрэнныя,— падзяліўся ахвоча Жывіца.— Вельмі нядрэнныя, сказаць, выраслі! А бульба — гэтая падгуляла! Падгуляла, сусед... Зямля збяднела, карміць трэба...

— Трэба!..

Праворны азірнуўся на Дразда і ціха аб’явіў:

— Паявіліся!..

 

2

Юрый таксама ўбачыў — доўгая шэрая калона, узбіваючы хмару пылу, паволі выпаўзала на пагорак. Наперадзе, выставіўшы, нібы шчупальцы, ствалы гармат, асцярожліва сунуліся танк і дзве самаходкі.

Калі яны падышлі блізка, у кустах, зіхнуўшы языкамі-полымем, ударылі гарматы,— абедзве самаходкі некалькімі трапнымі стрэламі былі падбіты. Танк хутчэй збочыў і пачаў, манеўруючы, часта страляць з гарматы.

Тады калона на полі стала распаўзацца ўшыр, загаварылі нявідныя адсюль нямецкія гарматы і мінамёты. Яны найбольш абстрэльвалі батарэю, каля яе ўвесь час не сціхаў грукат.

Калона ішла проста па полі, мнучы і топчучы збажыну. З-за пагорка выпаўзлі яшчэ некалькі танкаў, за якімі варушыліся рады і купкі пехацінцаў, ледзь бачных у жыце. «Адкуль іх столькі сабралася!» — падумаў здзіўлена і ўстрывожана Юрый. Шарыфутдзінаў штосьці сказаў, але Юрый не разабраў тых слоў, і казах паўтарыў у другі раз:

— Як саранча, кажу... Яны — як саранча!.. Паўзуць. Многа.

Там, каля ўзгорка, было, напэўна, разы ў два больш, як нашых.

— Нічога, мы ўжо бачылі такіх,— Юрый сказаў з ноткай пагарды, знарок спакойна.

— Бачылі! С-саранча...

Юрыю ўжо не раз даводзілася біць гітлераўцаў і бачыць, як яны — няхай часам пасля цяжкага бою — уздымаюць паслухмяна рукі. Спрактыкаваным вокам франтавіка Юрый заўважыў, што ў тых, хто хацеў прарвацца, цяпер было менш, як калі-небудзь раней, парадку і зладжанасці...

Аднак ён адчуў, што справіцца з такою сілаю будзе нялёгка. Вельмі ж багата іх тут. Ды і, акрамя таго, лезуць яны вельмі настырна, быццам ашалелыя. Напралом пруць...

Юрый махнуў кулямётчыку:

— Давай!..

Ён мелькам зірнуў у бок бранябойшчыка. Цэлы, страляе. Стаў пазіраць туды, куды б’е кулямётчык: гітлераўцы беглі насустрач. Падалі — адны назаўсёды, другія, каб перадыхнуць: хутка яны зноў уздымаліся і беглі... Падалі і беглі.

На полі дымела ўжо некалькі машын, было там нямала раненых і забітых, але постаці ў зялёных мундзірах па-ранейшаму рваліся наперад... Тры танкі, да паловы схаваныя жытам, манеўруючы, б’ючы з кулямётаў, хутка рушылі на акопы ўзвода Праворнага.

— Гранаты!.. Адбіваць танкі!..— крыкнуў Юрый, голас якога патануў у грукаце. Ён схапіў у нішы акопа важкую процітанкавую гранату, хапаючыся ўставіў запал. Моцна сціснуў ручку.

Але адзін з танкаў ужо замёр, прашыты навылёт у вежу артылерыйскімі снарадамі, а хутка нехта — ці артылерысты, ці, можа, хто-небудзь з бранябойшчыкаў — спаліў і другі. Куля ці снарад папалі, напэўна, у бак з гаручым, над танкам адразу высока выбухнуў клуб дыму... Трэці танк, што крыху адстаў, хаваючыся за дымам, адстрэльваючыся, не разварочваючыся, пачаў адступаць назад...

Потым з боку немцаў пачаўся шалёны абстрэл з гармат. Адзін снарад упаў на край суседняга з Юрыем акопа, пасекшы ўшчэнт байца-астраханца, што сядзеў там. «Вось бязглузда будзе — калі загіну цяпер»,— падумаў мімаволі сержант. Яму на нейкую хвіліну ўспомніліся Вася Крайко, размова з ім пра бацьку і тая надзея хутка ўбачыцца з бацькам, з якой Юрый жыў гэтыя два дні... Не, не, яны абавязкова пабачацца!..

Праз некаторы час сюды падышло некалькі «кацюш». Калі снарады «кацюш» пачалі з грукатам ірвацца ў радах гітлераўцаў, націск іх прыкметна паслабеў. Дзе-нідзе салдаты сталі разбягацца. Пасля трох-чатырох залпаў «кацюш» над жытам паявіліся першыя белыя шматкі.

— Спыніць агонь! Спыніць! — пачуў Юрый голас Праворнага. Ён перадаў загад свайму аддзяленню. Калі яго байцы перасталі страляць, ён заўважыў, што «кацюшы» і гарматы ўжо сціхлі. Азірнуўшыся на ўзводнага, Юрый убачыў, што малодшы лейтэнант, устаўшы ў поўны рост, зграбны, стомлены, выцірае пілоткай спатнелы твар. Каля Праворнага ўстаў сувязны ад камандзіра роты. Сувязны, відаць, толькі што прыбег, задыхана хапаў паветра адкрытым ротам, ззяў.

— Другое і трэцяе аддзяленні — да мяне!.. Пойдзем браць заваёўнікаў! У палон!..

Аддзяленню Юрыя Праворны загадаў заставацца на месцы, быць напагатове. На ўсякі выпадак.

Пільна цікуючы за полем, Юрый убачыў, як гурты немцаў, узняўшы рукі, паспешліва выбіраюцца на дарогу, як пехацінцы і яго «землякі» прачэсваюць жыта, абяззбройваючы тых, хто хацеў схавацца. На дарозе расла гара трафейнай зброі, якая цяпер не магла ўжо нікому пагражаць, а побач пакорліва ціснуўся натоўп палонных.

Ён хутка павялічваўся...

Гукнуўшы на дапамогу Шарыфутдзінава, Юрый разам з ім выцягнуў з акопа забітага астраханца. Трэба было пахаваць яго.

— Чаму яны стралялі? — ні то пытаўся, ні то разважаў сам з сабою Шарыфутдзінаў, робячы даўжэйшым акоп, у якім быў забіты астраханец.— Ім трэба было здавацца, а яны — стралялі! Навошта яны стралялі,— бескарысна стралялі?..

Так, біліся яны бескарысна.

 

3

Сустрэча Баумволя з рускімі каля пасёлка была трагічнай для генерала. Адразу, ледзь толькі група завязала бой, генерал з некалькімі афіцэрамі аддзяліўся ад яе, аднак уцячы непрыкметна не ўдалося: Баумволя і яго паплечнікаў неўзабаве акружылі, і генералу, хочаш не хочаш, прыйшлося падняць рукі.

Апоўдні Баумволя прывялі да камандзіра гвардзейскай дывізіі генерал-маёра Шчарбацюка.

Шчарбацюк сядзеў за сталом. Ён дазволіў генералу сесці на сялянскі ўслон па другі бок стала, запытаў:

— Як генерал адчувае сябе?

Баумволь хвіліну маўчаў, як бы ў роздуме, потым расшчапіў губы і неахвотна паведаміў, што вельмі стаміўся. Апошнімі начамі даводзілася мала спаць. Моцна баліць галава. Баумволь наморшчыў лоб.

Генерал-маёр загадаў, каб далі што-небудзь ад галаўнога болю. Маёр-перакладчык адразу кудысьці выбег і праз хвіліну вярнуўся. Падаў панураму генералу пакецік з парашком. Баумволь разгарнуў яго і, плюшчачы вочы з пачырванелымі павекамі, дапытліва прыгледзеўся. Спытаў:

— Што гэта?

— Пірамідон,— сказаў маёр.

— Так? — у голасе палоннага чулася сумненне.

Зрэшты, у голасе гэтым была і абыякавасць.

Шчарбацюк супакоіў яго. Генерал запіў парашок глытком вады.

Ён адказваў абыякава. Відаць такі, ён праўда моцна стаміўся. У любы момант, здавалася, можа заснуць. Але ён не заснуў, і адчувалася: дужы, моцны духам быў. Умеў цярпець нягоды. Нават тут, у палоне, трымаўся самаўпэўнена, патрабавальна. Калі генерал-маёр Шчарбацюк запытаў, якія ў палоннага просьбы, той незадаволена паведаміў, што згубіў акуляры. Што няма некаторых дарагіх яму асабістых рэчаў. Няма змены бялізны і абмундзіравання, якія ён, пайшоўшы з групай, пакінуў пры штабе войск. Ён не прасіў, а патрабаваў, каб рускія знайшлі яго рэчы і вярнулі яму.

Генерал-маёр Шчарбацюк слухаў яго без якой-небудзь прыкрасці ці нецярплівасці. Упершыню бачачы перад сабой такога пародзістага палоннага, камандзір дывізіі глядзеў на яго так, як глядзеў бы на злоўленага незвычайнага звера, кракадзіла ці бегемота. Звера, які ўжо не небяспечны і якога таму можна з цікавасцю разглядваць...

Палонны патрабаваў пакінуць пры ім ардынарца, што быў узяты разам з ім.

— Добра. Я загадаю, каб ардынарац быў пры вас,— адказаў згаворлівы Шчарбацюк.— Больш няма просьб?

О, не,— у генерала было яшчэ адно патрабаванне. Можна сказаць, самае важнае.

— Рускае камандаванне павінна паведаміць маёй сям’і пра маё месцазнаходжанне і становішча.

Гэта было так неспадзявана, што Шчарбацюк не знайшоўся, што адказаць. Са здзіўленнем угледзеўся ў палоннага. Той, не даючы яму часу на развагі, заявіў тым жа патрабавальным голасам:

— Акрамя таго, мне неабходны адпачынак. Мне неабходна аднавіць сілы і здароўе.

Чуючы гэта, генерал-маёр глядзеў на свайго палоннага пільна і нібы не разумеючы. Тое, што і як казаў палонны, было такім дзіўным, што ў Шчарбацюка на момант з’явілася падазрэнне: ці не дурыцца з ім гэты ўжо бяспечны фрыц. Але палонны казаў сур’ёзна, з выразам годнасці, з разуменнем нейкіх неадменных сваіх правоў. Неймаверна: пабіты гэты фрыц, рукі якога ў крыві нашай, не прасіў аб літасці, наогул не прасіў, а патрабаваў! Паведаміць сям’і, наладзіць адпачынак! У Шчарбацюка мільгнула думка: ці не выбілі ў яго высокага палоннага страхі апошніх дзён розуму? Не, падобна, палонны быў не хворы...

Што сказаць гэтаму нахабе? Шчарбацюк, канечне, мог бы належным чынам паказаць палоннаму яго становішча. Але генерал-маёру палонны быў пакуль патрэбны для справы. Справа патрабавала трымаць з палонным найлепшы кантакт. І камандзір дывізіі сказаў дыпламатычна:

— Наша камандаванне, магчыма, магло б даць згоду паведаміць вашай сям’і пра ваша становішча. Мы зацікаўлены ў тым, каб у Германіі ведалі аб становішчы ў палоне. Але, відаць, нямецкае камандаванне не дазволіць... Што да вашай просьбы пра адпачынак, то я не сумняваюся: адпачынак вам будзе.

Генерал-маёру хацелася хутчэй перайсці да справы, не тая абстаноўка была, каб траціць марна час. Ён рэзка змяніў кірунак размовы:

— Як вы ацэньваеце становішча германскіх войск у Беларусі?

Было відаць, што палоннаму размова на гэту тэму не падабаецца. Але ён стрымаўся. Засяроджана задумаўся, не спяшаючыся, з годнасцю выказаў сваю думку.

— Нашы войскі трапілі пад моцны ўдар. Рускім удалося стварыць вельмі вялікую перавагу што да колькасці сіл і тэхнікі. Нашы войскі не здолелі вытрымаць такі моцны ўдар. Цяпер становішча іх цяжкае. Але не безнадзейнае,— дадаў непахісна палонны.

— Вы лічыце, што ў іх ёсць шанцы на поспех? — з іроніяй зірнуў на палоннага Шчарбацюк.

— Так, яны могуць перамагчы. Павінны перамагчы.

Шчарбацюк з насмешкай запытаў:

— Якім чынам яны гэта зробяць?

Баумволь не стаў адказваць: паказаў Шчарбацюку, што адказ на гэта — яго камандзірская тайна.

— Значыцца, вы лічыце, што войскі вашы павінны працягваць бяссэнснае супраціўленне?

— Так, біцца да канца.

Генерал-маёр з’едліва пацікавіўся, чаму ў такім разе палонны пакінуў свае войскі.

— Я павінен быў перабрацца да сваіх, каб арганізаваць абарону на новых рубяжах. Арганізаваць новыя сілы.

— Але ж вы кінулі на смерць ранейшыя... Тысячы салдат!..

— У іх ёсць свая задача. І яны гэту задачу выканаюць.

— Яны загінуць усе. Бяссэнсна.

— У іх цяжкай барацьбе ёсць вялікі сэнс.

— Ніякага сэнсу!..— Шчарбацюк зазлаваў. Пачырванеў гнеўна. Засоп.— Перад імі стаіць небяспека — бязглузда загінуць! Бязглузда! Становішча іх безнадзейнае.— Ён гаварыў рэзка, упэўнена, пагрозна: — Мы не выпусцім ніводнага салдата ці афіцэра! Ніводзін з іх не вырвецца з акружэння! Або ў палон — або смерць! Палон цяпер — самае разумнае. Вы добра ведаеце гэта!..— Камандзір дывізіі са строгім выглядам закончыў:—Камандаванне арміі даручыла мне прапанаваць, каб вы звярнуліся да акружаных войск з заклікам спыніць супраціўленне.

Ні адна рыска не варухнулася на твары палоннага. Быў як каменны. Цвёрда заявіў:

— Я не зраблю гэтага звароту.

— Гэта канчаткова?

— Так.

Баумволь прамовіў гэта такім тонам, што гаварыць больш не было патрэбы. Генерал-маёр устаў, сказаў рашуча:

— Ну што ж! Мы іх прымусім хутка здацца. І без вашага звароту.

 

РАЗДЗЕЛ VI

 

1

Ермакову неспадзеўкі давялося дзень пабыць сярод англічан. Незвычайным гасцям захацелася, каб з імі быў хто-небудзь з вядомых партызан, і з загаду камандавання злучэння камбрыгу давялося ехаць з імі.

Афіцэры англійскай місіі ўвесь дзень аглядалі Мінск. Мінск быў самым значным горадам з тых, якія аказаліся на шляхах іх падарожжа. Яны аб’ездзілі розныя кварталы горада, палазілі ў нямецкіх дотах, дзотах, пахадзілі каля штабялёў бомб ля Дома ўрада, знялі адзін аднаго неаднойчы на цікавым фоне: ля будынкаў, што яшчэ дыміліся, ля дротавых загарод, ля бункераў. Едучы адсюль, яны, напэўна, лічылі, што горад ведаюць. Нічога цікавага: руіны, запусценне. Усё гэта ўжо не раз даводзілася бачыць.

Яны спяшаліся. Падрыхтаваную на ўскраіне горада багатую, з гарэлкай, вячэру з’елі са смакам, з гаманою, але ў паскораным тэмпе. Ад іх не таілі, што ноччу немцы могуць бамбіць горад, і падарожнікі, ды і нашы афіцэры пры іх, не хацелі рызыкаваць.

Калі ехалі, Ермакоў, які быў у першай машыне поруч з шафёрам, пачуў абрывак размовы:

— Вы кажаце, што мы — жорсткія, не гуманныя...— горача гаварыў наш маёр, што талкаваў ззаду пра розныя высокія праблемы з капітанам-англічанінам. Калі б і не ведаў Ермакоў, ён па голасу, па спосабу гаворкі мог бы зразумець, што абодва даволі выпілі. З гэтай прычыны і спрачаліся асабліва горача, голасна.— А хіба гэта гуманна — вось гэта, бачыце, пустэча з абодвух бакоў? Тут былі раней вуліцы, сады, бегалі дзеці.

Таксама захмялелы, Ермакоў, быццам словы маёра ішлі да яго, паглядзеў на вялізны пустыр, што раскінуўся па абодва бакі рэчкі. Можна было падумаць, што гэта поле ўжо, але далей на шэрані неба акрэсліваліся цёмныя абрысы вялікіх будынкаў. У цёплым змроку, што гусцеў, руіны здаваліся асабліва панурымі.

— Яны паступілі кепска, не спрачаюся...— адказаў капітан, прозвішча якога было Харпер.— У вайне таксама ёсць свае законы прыстойнасці. Абавязковыя законы, якіх усім належыць трымацца. Усё ж і ў такой паганай справе, як вайна, чалавек павінен заставацца цывілізаванай істотай. Яны часта здаюцца проста дзікунамі, якія не ведаюць, што такое цывілізацыя і проста — прыстойнасць. Вы не згодны са мной? Не?

— Вы вельмі здагадлівы чалавек, капітан...

— Дзякую... А пра Мінск я вось што скажу. Мне здаецца, калега, прабачце за шчырасць, Мінск мог мець і менш разбурэнняў... Але ён напалову драўляны горад... Каб паўгорада згарэла, дастаткова толькі некалькі запальных куль...

— Вы бачылі хаціны на ўскраінах? Яны ўцалелі — выпадкова... А лепшая частка горада знішчана. Не запальнаю куляю. Мінску давялося прыняць столькі бомб, колькі, мусіць, не бачыў і Ковентры... Дарэчы, вось паглядзіце — гэта дыміцца Акадэмія навук... Яе падпалілі перад самым уцёкам адсюль...

Ермакоў зацікаўлена прыслухаўся, што скажа англічанін. Той маўчаў некалькі хвілін, а калі машына выбегла на магістраль і насустрач паляцеў вецер поля, сказаў нечакана:

— Я люблю пачатак вечара... Душу абдымае незвычайная цішыня, вялікая, як неба, як свет. А ў сэрцы ўваходзіць незразумелы смутак, проста — містычны... Вы, маёр, любіце вячэрні час?

— Не... Я не зусім разумею вас...— адказаў маёр, і Ермакоў адчуў, што ён думае не пра хараство вечара.

— Як не разумееце, калега?

— Я ўсё яшчэ думаю пра нашу размову.

— Яна вас здзіўляе?

— Здзіўляе. І калі вас цікавіць чым, то вашай, калі можна сказаць, мяккацеласцю да фрыцаў...

— Не забывайце, маёр, мы — хрысціяне... Дабрата — першае хрысціянскае пачуццё...

— «Дабрата — да бліжняга?» Да каго, да забойцаў?..

Капітан Харпер сказаў, што маёр разважае занадта просталінейна і рэзка. «Вось нягоднік!» — падумаў Ермакоў пра англічаніна.— «Хрысціянская дабрата!..», «Мог згарэць ад запальнай кулі». Ён адчуваў непрыхільнасць да гэтага дыпламата і шпіёна ў ваенным фрэнчы.

Ермакоў не ўмешваўся ў іх размову, ведаў: бескарысна. Не ўхваляў гарачкавасці нашага маёра: попусту кіпіць, знайшоў, каго спавядаць.

Ермакова больш цікавіў шафёр англічан, сержант Бейтс. Сочачы за дарогай, сержант, заўважыў Ермакоў, даволі ўважліва прыслухоўваўся да гаворкі ззаду. І не абыякава, хваляваўся. Але стрымліваў сябе. Маўчаў. Умеў трымацца. Ведаў дысцыпліну і сваё месца.

Ермакоў помніў, як Бейтс раней, яшчэ ўдзень, калі аглядалі горад, ехалі між бясконцых гор руін, раптам сказаў цяжка:

— У мяне таксама — у Грэйт-Грымзбі — разбурылі дом: уцэліла бомба... Маці і дачку — адразу, разумееце?

Яшчэ раней, дапамагаючы змяніць прабіты цвіком скат, Ермакоў даведаўся ад яго, што сержант прыехаў у Расію з Кірэнаікі, што там ваяваў у танкавым палку. Там у яго засталося нямала добрых сяброў. Адшпіліўшы кішэню кароценькай курткі, Бейтс тады выняў некалькі пакамечаных картак, на якіх быў з сябрамі. Ермакову тады спадабалася яго шчырае, няхітрае апавяданне аб таварышах, што быццам былі і тут побач з сержантам. Чарлі Бейтс — так звалі яго,— відаць, вельмі любіў сваіх «хлопцаў», сумаваў па іх.

— Многа ці мала, а павалтузіцца з бошамі давялося,— закручваючы болт, што мацаваў кола да машыны, казаў тады ў роздуме Бейтс.— Але там не такая вайна. Толькі тут я, прызнаюся, убачыў, што такое сапраўдная вайна... І наогул вы — рускія — сапраўдныя хлопцы. Вы ўмееце за сябе пастаяць! Мне гэта падабаецца!..

Цяпер сержант Бейтс маўчаў. Слухаў, хваляваўся, але дысцыплінавана маўчаў.

Моўчкі глядзеў за дарогай наперадзе. Звыкла круціў баранку.

Абапал дарогі пабеглі сосны, між якіх дзе-нідзе цямнелі вялікія маўклівыя будынкі. З сасняку выходзіла некалькі грузавікоў; скупое святло іх фараў выхоплівала з цемры толькі камлі дрэваў, што здаваліся пнямі. Сосны хутка засталіся ззаду.

Сержант Бейтс маўчаў. Наогул не вельмі гаваркі быў ён, дзелавіты і засяроджаны з выгляду, сімпатычны хлопец, былы франтавы сержант Бейтс. Ён увесь час выклікаў вялікую цікавасць у камбрыга Ермакова: ад тых другіх, ад афіцэраў, камбрыг быў вельмі ж ужо далёкі. Вельмі ж ужо камбрыг ведаў, што ёсць кожны з іх сваёю прафесіяй і характарам сваёй цікаўнасці тут. Разуменне гэтага вымушала камбрыга заўсёды трымацца з асцярогаю, сачыць за сабою. Гэтая акалічнасць вымушала Ермакова і яго цікаўнасць да англічан, якая была ў камбрыга вялікаю, трымаць таксама з насцярогаю. Але тым больш цікавіў яго сержант Бейтс: седзячы звычайна побач з сержантам, камбрыг адчуваў як бы заўсёдную блізкасць іх стану, блізкасць іх душ. Праўда, розумам Ермакоў настройваў сябе на тое, што сержант, вядома, таксама з той жа кампаніі, але сэрца нібы не верыла розуму, настройвала Ермакова на лад дружалюбны.

Здаецца, і Бейтс быў настроены прыхільна да Ермакова. Не дарэмна ж, калі машына генерала перагнала іх і спынілася, а за ёй спыніліся і яны, выйшлі на ўзбочыну, выстраіліся ля кювета, а потым пачалі перагаворвацца, курыць, сержант раптам сказаў раздумліва, даверна:

— Ні маці, ні дачкі... Жонка толькі там... Часта сумую па Грэйт! Здаецца: добра там!.. Але ўсё не магу пабыць: служба!..

Але ўжо ж надта маўклівы быў ён, сержант Бейтс. Можа быць, таму, што гаварыў па-руску кепска, цяжка. Але ж маўклівы занадта.

— Чорт, ці доўга яшчэ нам трэсціся? — спытаў Харпер, калі паселі ў машыны.— Мне, прызнацца, ужо хочацца зваліцца на ложак...

— Хутка прыедзем. Гэта недалёка...

— Капітан! — крыкнуў Ермакову Харпер.— Мы правільна едзем? Не пападзём у «госці» к фрыцам?

— Не...

Ермакоў бачыў, як наперадзе па асфальце бягуць ад фараў дзве варухлівыя жоўтыя плямы.

 

2

Афіцэры ваеннай місіі папрасілі наладзіць сустрэчу з палоннымі.

Сустрэча адбылася ў вёсцы Красты. На гэтай сустрэчы быў і Ермакоў.

У прасторным і светлым пакоі, што займаў амаль палову дома, дзе англічане начавалі, сабралася трое нашых афіцэраў і некалькі англічан. Побач з гэтым пакоем быў другі, у ім стаяў ложак і каля дзвярэй вісеў, нібы знарок кідаючыся ў вочы, яркі халат кагосьці з англічан. Перад гэтымі быў у доме яшчэ адзін пакой, з вялікай печчу, своеасаблівая пярэдняя. Праз гэты пакой па адным прыводзілі палонных. Калі немцы паяўляліся перад гасцямі, наш афіцэр коратка дакладваў пра іх: прозвішча, чын, пасада, калі ўзят у палон.

— Баумволь, генерал-лейтэнант,— далажыў афіцэр, калі ўвялі палоннага.

Баумволь з-за акуляраў агледзеў цікаўных «гасцей» вострым, нядобрым позіркам. У вачах мільгнула насцярожанасць, але генерал стрымаў сябе. Твар стаў нерухомы, як маска. На гэтай масцы быў цяпер толькі выраз самаўпэўненасці і непрыхільнасці да «гасцей», якіх палонны і не стараўся хаваць. Ён, здавалася Ермакову, быў цяпер падобны да непрыручанага звера, якога прывялі паказаць людзям.

— Генерал Баумволь?.. Мы чулі пра вас. Чулі як пра аднаго з найбольш разумных генералаў праціўніка,— прамовіў пачціва і ветліва англічанін-генерал, як бы стараючыся падбадзёрыць палоннага. Іншыя англічане з цікаўнасцю разглядвалі былога ўпаўнаважанага з Берліна, чакалі, што ён скажа.

Баумволь не адказаў,— ганарліва прапусціў пахвалу без увагі. «Самалюбівы!» — падумаў Ермакоў.

— Як ваша, генерал, здароўе?.. Зрэшты — вы, напэўна, як салдат, не прывыклі скардзіцца на здароўе, ці не праўда?

— Не.

Баумволь не зірнуў на англічаніна.

Палонны быццам не заўважаў апечнай ветлівасці англійскага дыпламата. Англічанін прыкметна спрабаваў надаць афіцыйнай размове лад мірнай гаворкі, стараўся не вярэдзіць хваравітае самалюбства гітлераўца. Ермакоў адзначыў, што нямецкі генерал адкрыта не падтрымаў гэтага намеру, трымаўся з вайсковай рэзкасцю.

— Вы не хочаце паснедаць з намі, генерал? — дыпламат кіўнуў на столік, за якім было яшчэ некалькі афіцэраў. Генерал сядзеў на лаўцы каля рогу стала. На стале завабліва ляжала розная закуска, над якой узвышаліся галоўкі пляшак з віном.

Палонны адвёў вочы ад стала, з годнасцю адказаў, што не хоча есці.

— У такім разе — калі ласка, раскажыце пра сябе...

— Гаварыце больш дакладна.

— Нас цікавіць ваша жыццё, натуральна, ваеннае жыццё. Якімі вы, напрыклад, часцямі камандавалі? Якія даручэнні выконвалі ў апошні час?

Баумволь, панура пазіраючы проста перад сабой, неахвотна і коратка паведаміў пра тое, якія камандныя пасады займаў. Пра спецыяльныя даручэнні гаварыць не стаў.

Таксама ж коратка ён адказаў на пытанне пра ўзнагароды.

— Вы, нямецкія войскі, зазналі тут вялікае паражэнне,— загаварыў англічанін раптам пра іншае.— Чым, па-вашаму, тлумачыцца такі поспех, выдатны, бліскучы поспех нашых саюзнікаў — рускіх?

Гэта, відаць, вельмі цікавіла генерала-дыпламата, такое пытанне ён задаваў ледзь не кожнаму палоннаму. У чым сакрэт перамогі савецкага войска? — генерал асцярожна, але настойліва шукаў адказ на гэта пытанне. Мімаволі ўзнікала думка, што генерал бачыць у гэтым ключ да разгадкі тайны, якую так неабходна было ведаць. «Як гэта назваць? Ды гэта ж, гэта проста — адкрытая разведка!» — падумаў Ермакоў. Ён адчуваў, што роспыты англічаніна былі ўжо не з простай цікаўнасці...

«Ключ» аказаўся над меру складаным. Палонныя гаварылі ўразнабой: адны тлумачылі ўсё тэхнічнай сілай Савецкай Арміі, другія тым, што ў рускіх больш войска, сярод іншага вінавацілі нямецкія флангі, якія быццам бы кепска былі прыкрыты. Некаторыя панура прызнаваліся, што рускія камандзіры аказаліся мацней у стратэгіі і тактыцы — умела ўзялі ўсё, што дае хуткасць, націск, манеўр...

Генерал Баумволь непрыхільна ўзяў пытанне. Здавалася, вагаўся спачатку: ці прыніжацца да адказу. Нарэшце, можа быць, каб адкаснуцца ад прыкрага чакання, прынізіўся. Расшчапіў губы.

— Мы дапусцілі пралік... у вызначэнні напрамку галоўнага ўдару... У выніку рускія... дабіліся тут... вялікай перавагі сіл...

Ён змоўк — было відаць, што ён пра гэта гаварыць больш не жадае і не жадае наогул ніякіх пытанняў на гэту тэму. Англійскі генерал, пэўна, гэта ўлавіў. Падзякаваўшы за адказ, перавёў размову на іншае.

— Што вы думаеце пра аперацыі англічан і амерыканцаў на захадзе?

Зірнуўшы ганарыста на таго, хто пытаўся, Баумволь заявіў рэзка, непахісна:

— Нічога. Вы кепска ваюеце.

Ермакоў бачыў, як нездаволена варухнуўся на табурэце такі ветлівы і мяккі англійскі генерал, як ён падціснуў губу. Дыпламата яўна пачынаў злаваць гэты самаўпэўнены грубы арыец.

Размова яўна не ладзілася.

Яе ледзь не сапсаваў зусім Харпер.

Капітан у час сустрэчы забаўляўся тым, што рабіў фотаздымкі «на ўспамін». Спрытна падрыхтаваўшы фотаапарат, ён цяпер накіраваў яго на Баумволя. Палонны ў той жа момант гнеўна зіркнуў вачыма, уладна махнуў рукой. Загадаў схаваць фотаапарат.

— Я хацеў толькі зрабіць фотапамяць аб нашай сустрэчы...— здзіўлена растлумачыў капітан Харпер.

Каб разагнаць нядобрую цішыню, генерал-англічанін запытаў у Баумволя пра яго сям’ю, і тут Ермакоў убачыў: фанабэрысты твар палоннага ўпершыню ажыў, абыякавасць знікла. Халодныя вочы за акулярамі неспадзявана пацяплелі.

— Яны жылі ў Берліне. У час адной бамбёжкі мой дом разбурылі...

— І дзе ж яны, генерал, цяпер?

— Яны пераехалі ў Кётцынген. Там яны былі потым увесь час... Але я ўжо амаль паўмесяца пра іх нічога не ведаю...

Англічанін, апусціўшы вочы, спачувальна кіўнуў галавою: шкада, шкада...

— Вы, вядома, хочаце перадаць вестку пра сябе?

— Яволь.

— Нашы войскі, напэўна, хутка будуць у гэтым... Кётцынгене. Я ахвотна напішу нашым генералам, каб вашай сям’і паведамілі, што з вамі...

— Яволь...— Баумволь паправіўся:— Вы ўважлівы да мяне...

— Мы — міласэрныя...

«Эх, пан саюзнік! — з непрыязнасцю папракнуў у думках Ермакоў, гледзячы на ласкавы твар саюзнага генерала. Здзіўлена падумаў:— Нібы не на розных палях раслі з гэтым бітым ваякам...» Ён раптам успомніў учарашнюю размову ў машыне п’янага Харпера з нашым маёрам...

Калі Баумволя вывелі і афіцэры пачалі разыходзіцца, наш афіцэр-перакладчык, што выпадкова апынуўся ззаду двух англічан, неспадзявана пачуў узрушаны шэпт аднаго з іх:

— ...генерал гаварыў з гэтым бошам... уражанне... як з прыяцелем...

Такі ж ціхі, але з ухмылачкай, голас Харпера шматзначна адказаў:

— Вайна канчаецца, Майкл... Гэтая...

 

РАЗДЗЕЛ VII

 

1

З кожным днём становішча тых, хто быў у «мінскім катле», пагоршвалася.

Амаль цэлымі суткамі над палямі і пералескамі ля Волмы кружылі нашы бамбардзіроўшчыкі, вышуквалі праціўніка і сыпалі на яго бомбы. Грымелі гарматы, выбіваючы акружаных з іх пазіцый, секлі «дзегцяровы», і, прыкрытыя імі, кідаліся на ворага пехацінцы, выганялі яго з жытнёвых палёў, з лясоў і ляскоў.

Нямецкія часці неслі нечуваныя страты. Амаль усе дарогі, патаптаныя ў жытнёвай красе палі, перарытыя выбухамі лугі ў бляску травы былі завалены трупамі, што хутка пухлі ад ліпеньскай спёкі. Над трупамі хмарамі круціліся назойлівыя мухі; цудоўны гарачы водар летніх прасцягаў быў атручаны нясцерпным смуродам смерці. Дорага заплацілі гітлераўцы за спробу супраціўляцца нашым войскам!

Пятля вакол акружаных з кожным днём сціскалася тужэй і тужэй. Бамбёжкі і абстрэлы ўсё мацнелі. Яны выбівалі з галоў немцаў надзеі на дапамогу з захаду, на які-небудзь ратунак. Усё больш салдаты то па адным, а то і вялікімі гуртамі ішлі ў палон.

Дысцыпліна ў часцях упала зусім. Канчаліся боепрыпасы, амаль не было харчоў...

Восьмага ліпеня камандзір 12-га нямецкага армейскага корпуса генерал-лейтэнант Мюлер, які выконваў абавязкі камандуючага 4-й арміі, падпісаў загад аб капітуляцыі:

«8.7.1944 г.

Салдатам 4 арміі, якая знаходзіцца на ўсход ад ракі Пціч!

Пасля тыднёвых цяжкіх баёў і маршаў наша становішча стала безвыходным. Мы свой абавязак выканалі. Наша баяздольнасць упала да мінімуму, і няма ніякай надзеі на забеспячэнне. Рускія, згодна паведамлення Вярхоўнага камандавання, стаяць каля горада Баранавічы. Апошнія нашы шляхі цераз бліжэйшы водны рубеж перарэзаны. Няма ніякай надзеі выбрацца адсюль нашымі сіламі і сродкамі. Нашы злучэнні бязладна рассеяны. Каласальная колькасць раненых кінута без усякай дапамогі.

Рускае камандаванне абяцала:

а) медыцынскую дапамогу раненым,

б) захаванне афіцэрам халоднай зброі, а салдатам — ордэнаў.

Нам прапанавана:

усю зброю і снаражэнне сабраць і здаць у непашкоджаным выглядзе,

пакончыць бяссэнсавае супраціўленне.

Я загадваю:

Неадкладна спыніць барацьбу. Мясцовым групам ад 100 да 500 чалавек збірацца пад кіраўніцтвам афіцэраў або старшых унтэр-афіцэраў. Раненых сабраць і ўзяць з сабою. Мы павінны паказаць дысцыпліну і вытрымку і як можна хутчэй пачаць праводзіць гэтыя мерапрыемствы.

Гэты загад пісьмова, вусна і ўсімі сродкамі перадаваць далей.

Мюлер, генерал-лейтэнант, камандзір

12 армейскага корпуса».

 

2

Клямт не захацеў ісці ў палон. Трое эсэсаўцаў, з якімі ён пазнаёміўся два дні назад, вырашылі як бы там ні было прабівацца на захад, і лейтэнант далучыўся да іх.

Яшчэ да таго як пачалася ўсеагульная капітуляцыя акружаных, чацвёра адасобіліся ад іншых. Моўчкі падаліся ў глыб лесу, што ўвесь кішэў салдатамі розных часцей.

Усе вакол толькі і гаварылі цяпер, што пра палон, пра загад Мюлера. Дзе-нідзе ўжо групкі салдат выпраўляліся на ўскраіну лесу. Многія з падазронасцю пазіралі на эсэсаўцаў і лейтэнанта, якія ішлі ў іншы бок.

Эсэсаўцы спыніліся далёка ад ускраіны ў цёмным ельніку. Зямля тут была амаль без травы, амаль усюды тоўстым пластам шарэла ігліца, а там, дзе зямля агалілася, яна нагадвала прысак. Непадалёк ад уцекачоў пірамідай уздымаўся вялікі руды мурашнік, па версе каторага ў розных кірунках снавалі занятыя сваімі справамі мурашкі. Убачыўшы гэта, Клямт прыгадаў труп эсэсаўца, які ён гідліва абмінуў нядаўна ў лесе,— па трупе поўзалі мурашкі, раз’ядалі твар, рукі.

Тут было параўнаўча спакойна. Галасы з рупараў, устаноўленых рускімі, даносілі сюды загад аб капітуляцыі, але яго словы тут ледзь-ледзь можна было разабраць. Гэтыя гукі амаль не парушалі ляснога спакою. Праўда, і тут поблізу часам хадзілі; перагаворваючыся, шаргалі ботамі, ішлі ў бок ускраіны салдаты.

— Генерал Мюлер — галава...— гаварыў адзін з іх, што крочыў у групе таварышаў. Ён цягнуў на сабе кулямёт, абыякава трымаў за дула.— Усё роўна — бязглузда!..

— Шайзэ!..— плюнуўшы, падхапіў другі, які штосьці жаваў.— Улезлі!..

Чацвёра ў гушчары маўчалі. Толькі рослы, бледнаваты, інтэлігентнага выгляду гаўптштурмфюрэр пагрозна вылаяўся.

Яны дамовіліся перачакаць тут да вечара, а ўвечар паспрабаваць выбрацца з лесу і рушыць на захад.

З кожнай гадзінай цішыня станавілася ўсё больш трывалай, і чатыры ўцекачы пакрыху спакайнелі. Ужо недалёка быў вечар — вечар і ратунак.

І раптам непадалёк зноў пачуліся галасы. Калі галасы памацнелі, Клямт разабраў, што гавораць па-руску.

— Прачэсваюць лес! — вырвалася ў яго.

У прагаліну лейтэнант убачыў чалавека, апранутага ў цеснаваты пінжачок, у армейскія штаны і боты; на пілотцы незнаёмага ярка гарэла чырвоная істужка. Ён нешта камандаваў камусьці нявіднаму. Значыцца, гэта партызаны. Больш за ўсё не хацеў Клямт сустракацца з партызанамі!

 

3

Яны сталі адбягаць ад партызан. Паспрабавалі звярнуць управа, абмінуць партызанскі ланцуг, але там ледзь не наскочылі на другую групу партызан. Добра яшчэ, што тыя не заўважылі іх.

Адступалі, хаваючыся за дрэвамі, асцерагаючыся партызан, датуль, пакуль не засвяцілася ўскраіна. Угледзеўшы поле, уцекачы рашылі, што ў гэтай сітуацыі, напэўна, больш надзейна схавацца ў жыце, але ледзь дабраліся бліжэй да поля, заўважылі непадалёк групу савецкіх салдат, што назіралі за полем і краем лесу. Адзін рускі вёў у жыце немца з паднятымі рукамі.

Адступаць не было куды. Клямт і адзін эсэсавец рынуліся ў бліжэйшыя кусты, але іх прыкмецілі.

— Эй, фрыц... здавайся! — здагнала іх.

Клямт, не цэлячыся, даў у адказ чаргу з аўтамата. Эсэсавец таксама стрэліў. Ён вылаяўся і сказаў, што рускія могуць адрэзаць дарогу з тылу. Лейтэнант астатняе зразумеў без слоў: трэба хутчэй ісці адсюль.

Даўшы яшчэ чаргу ў бок рускіх, лейтэнант, угнуўшы галаву ў плечы, рынуўся следам за эсэсаўцам. Аднак, прабегшы нядоўга, ён зноў убачыў рускіх, цяпер ужо збоку. Там былі маладзенькі хлопчык з вінтоўкай і чалавек у пілотцы, з яркай чырвонай паскай, каторага ён прыкмеціў раней з прагаліны. Відаць, яны хацелі абысці лейтэнанта.

Клямт стрэліў, і партызан у пілотцы спатыкнуўся і выпусціў аўтамат з рук. У той жа міг другі, зусім маладзенькі хлопчык, яшчэ амаль дзіця, размахнуўшыся, штосьці кінуў. «Граната!» — мільганула ў Клямта, і ён праворна адскочыў за дрэва.

Раздаўся выбух. Асколкамі парвала кару, дзе-нідзе агаліла дрэва. Па траве папоўз сіні дым.

— Ах ты, гад паганы! — пагрозна крыкнуў, увесь аж затросся ад нянавісці хлопчык. Гэта быў Шабунёк Андрэй.

Клямт, хаваючыся за дрэвы, час ад часу адстрэльваючыся, пачаў адбягаць ад партызан. Ён раптам кінуўся ў поле, стараючыся дапасці да недалёкіх кустоў, але заўважыў, што справа наперарэз яму бягуць два байцы.

Клямт на міг спыніўся, стаў дзіка, як звер, азірацца. І тут яго здагнала куля. Лейтэнант, ранены ў нагу, упаў. Павярнуўшыся назад, перамагаючы боль, ён хацеў яшчэ стрэліць у партызана, што падбягаў, у Андрэйку, але яго апярэдзіў адзін з салдат. Клямт ірвануўся ўсім сваім кароткім, дужым целам, нібы імкнучыся ўтрымацца ў жыцці, стаў драпаць, хапаць зямлю. Ухапіўся за камялёчак чырваналістага дубка-парастка. Нібы намагаўся яго вырваць. І — застыў.

Андрэй, на ўсякі выпадак выставіўшы вінтоўку, наблізіўся да Клямта. Убачыўшы, што той не варушыцца, хутчэй адштурхнуў нагой ад яго аўтамат. Усё яшчэ з асцярогай схіліўся над лейтэнантам, пераканаўся, што той мёртвы. Да Андрэя падышлі два вайсковыя, адзін з іх быў сержант Туравец.

— Да чаго паганае стварэнне: бачыць, што капут, а яшчэ шкодзіць! — прамовіў узрушана Юрый. Вусны Шабунька-малодшага скрывіліся ад нянавісці:

— Уу-у, г-гад!

У тым баку, дзе быў узвод Праворнага, пачулася новая перастрэлка — гэта, як потым выявілася, стралялі два эсэсаўцы,— і Юрый, скінуўшы з шыі рамень аўтамата, пабег да сваіх таварышаў.

Андрэй, закінуўшы вінтоўку за спіну, з аўтаматам у руках пакіраваў у лес, дзе застаўся ранены.

— Моцна ён, таварыш камандзір, зачапіў? — спытаў ён у Ляхоры, што ляжаў на траве. Шабуньку кінуліся ў вочы разрэзаная амаль даверху штаніна, кроў, што працялася праз бінт, якім абкручвала сястрычка Валя раненую, белую, бы нежывую, нагу.

— Не, здаецца... У мякаць папаў,— працадзіў ранены, стрымліваючы боль.— Адно пагана, што, відаць, прыйдзецца ў шпіталь лажыцца. Не адсвяткую, Андрушка, з вамі перамогу.

— Адсвяткуеце, таварыш камандзір! Вы хутка паправіцеся, вы жывучы!

Шабунёк, якому хацелася сказаць раненаму штосьці вельмі харошае, усцешлівае, папрасіў, проста молячы вачыма, каб ён са шпіталя прыехаў у Паплавы: маці так будзе рада, і ён, Андрэйка, таксама.

— Не, Андрушка, не абяцаю пакуль... Хачу пайсці ў Чэхаславацкі корпус. Ваяваць за новую Чэхаславакію... Вось калі вызвалю Прагу, тады прыеду, чакай...

— Прыязджайце, абавязкова! Мамка так будзе рада...— ён раптам схамянуўся, супакоіў:— Мы яму — будзьце пэўны — адпомсцілі за вас! Цяпер ён адправіўся к Адаму. Абясшкодзілі канчаткова!..

Потым, нібы падводзячы вынік, дадаў стала:

— Адным словам, яшчэ адзін гад даваяваўся!

 

4

І вось сціхлі стрэлы. Фронт быў далёка на захадзе, і тут магло здацца, быццам скончылася вайна.

Немцы асобна і купамі здаваліся ў палон. Здаваліся абознікам, збіраліся каля рэгуліроўшчыц. І салдат і афіцэраў бралі ў палон дзесяткамі работнікі рэдакцый, вясковыя жанчыны.

Немцы кідалі зброю. На большых зборных пунктах высіліся горы зброі, боепрыпасаў.

Па сцежках і дарогах цягнуліся доўгія чароды палонных. Гэта быў разнастайны зброд. Прадстаўнікі ўсялякіх часцей, часам даўно ўжо разбітых, салдаты і афіцэры ўсялякіх узростаў, рангаў, поглядаў. Змарнелыя, зарослыя шчацінаю, абшарпаныя, у выпэцканым торфам і глінаю адзенні...

Над імі, быццам смеючыся з іх, сінела высокае яснае неба, у якім дзе-нідзе млелі мірныя пухмяныя воблачкі, а абапал дарог лёгка пагойдвала каласамі даспяваючае жыта. З-за сцяблін цікаўна выглядвалі чыстыя вочкі васількоў.

Няшчадна паліла сонца. Палонныя, што пагублялі шапкі, прыкрывалі галовы далонямі ці хусцінкамі, сціралі з брудных твараў пот...

Байцы і партызаны ўпершыню начавалі бесклапотна, як пасля поўнасцю скончанай справы.

Прачнуўшыся ўранку на ўзлессі, за якім блізка цягнуліся ў рад хаты, Юрый здзівіўся таму вялікаму спакою, што панаваў у прыродзе. Ён мімаволі чакаў, што вось-вось дзе-небудзь пачуецца выбух ці стрэл, але навокал было ціха. Толькі спявалі дразды ды гугнелі камары.

Непадалёк, ля партызана-пастушка, на доўгіх няўклюдных нагах стаяла круталобае цяля з пукатымі спакойнымі вачыма, шырокімі рудымі вушамі, выцягнуўшы наперад да спаленага танка мызу, нюхала, быццам бачыла перад сабою штосьці незнаёмае. Выгляд у яго быў даверлівы і прастадушна-цікаўны. Хутка яно абыякава адвярнулася і, памахваючы ляніва хвастом, павольна падалося ў лясок.

«Нават цяля не баіцца ўжо танкаў! — засмяяўся сам сабе Юрый...— Прыкмета цішыні...»

Неўзабаве прыйшоў загад — выступаць у вёску, кіламетраў за пяць. Там збіралася, як даведаўся Юрый, уся часць, напэўна, для таго, каб выпраўляцца, ісці далей на захад. І гэта таксама было прыкметай цішыні — тут больш рабіць няма чаго. Салдаты сталі развітвацца з партызанамі, якія начавалі тут жа, на ўзлессі. Пяць дзён сумесных баёў усіх вельмі здружылі. Юрый па-сяброўску абняў малога Шабунька.

— Ну, бывай, Андрэй!.. Вяртайся цяпер дахаты ды памагай мамцы. Ёй цяпер адной цяжка...

Мінуўшы ўзлессе, узвод Праворнага дарожкаю пайшоў праз тое поле, дзе ўчора вялі баі. Бой — гэта таксама мінулае, цяпер тут толькі цішыня.

Жыта, на сцяблах якога дзе-нідзе яшчэ зіхцелі кроплі расы, было ў многіх месцах нашчэнт здрасавана. Колькі яго вытаптана, гэтага выспяваючага жыта! Што ж, гэта апошні бой. Тут яго больш не будуць таптаць.

Цішыня далася нялёгка. На дарогах, у жыце, усюды — варожае снаражэнне. Зямля то там, то тут парыта снарадамі, сцяблы жыта, палеглыя ад выбуховых хваль наўкруг варонак, абпалены і прыціснуты камякамі вывернутай зямлі... Як прывіды, цямнеюць між калосся разбітыя грузавікі, кухня з прастрэленым навылёт кулямётнай чаргой катлом. З ніжніх прабоін катла цягнуцца закарэлыя раўчакі нейкай стравы.

Калі яны зноў падышлі да ўзлесся, што клінам выдавалася ў поле, Юрый раптам убачыў нямецкага лейтэнанта, каторы параніў партызана. Па твары мерцвяка паўзла вялікая зялёная муха...

Мярцвяк тут не адзін. Усюды на полі каля варонак — трупы ў брудных, зямлістых мундзірах, з зямлістымі тварамі.

— І яны цяпер спакойны! — заўважыў хтосьці.

— Прыціхлі! — паблажліва адгукнуўся другі.

Насустрач калоне з жыта выйшаў немец-салдат, без зброі, без пілоткі, з расхрыстаным, вываленым у зямлі мундзірам, аброслы, як лясун. Ён загадзя ўзняў над сабой рукі.

У яго насцярожаным позірку, што з-пад рудых броваў сачыў за байцамі, было штосьці дзікае.

— Плен! — папрасіў ён, як ласкі.

— Няма тут калі з табою! — Праворны на адну хвіліну прыпыніўся:—Вір ніхт габе цайт. Фарштэй?

— Яволь,— прамармытаў немец.

— Дуй туды! — малодшы лейтэнант паказаў у бок збору палонных.— Адзін! Айн, айн!

— Канваіра хочаш? Нашто? Нікуды ты ў другое месца не пойдзеш. Няма куды...

 

РАЗДЗЕЛ VIII

 

1

«Нелюдзі... звяры... людаеды...» — словы гэтыя многа разоў узнікалі ў Аляксея. Тое, што ён цяпер бачыў, праходзячы па лагеры, было страшнейшым за ўсё, спазнанае апошнімі днямі... Ямы, поўныя трупаў, вакол ям — натоўпы жывых. Анямела маўчаць, рыдаюць, б’юцца ў горы, праклінаюць. Іх многа, гэтых ям-магіл, што раскапала следчая камісія. Кажуць — каля сарака... А вось рэшткі спехам раскіданых печаў, дзе яшчэ некалькі дзён назад гітлераўцы рабілі сваю звярыную справу. Учарнелы, прыбіты дажджом попел панурымі пісягамі спаласаваў вытаўчаную ботамі зямлю. Абвугленыя недагарэлыя апошнія галузы...

Запомнілася, урэзалася на ўсё жыццё ў памяць: каля слупоў з абрыўкамі калючага дроту — россыпам і горкамі — банкі ад кансерваў,— яны былі за пасуду нявольнікам. Банак гэтых, і бліскучых, і раз’едзеных іржою, страшэннае мноства — сотні, тысячы. І ў кожнай з іх быў не адзін гаспадар...

Па лагеры купкамі ходзяць людзі, сумныя, заплаканыя, гнеўныя. У кожнага тут сваё гора, свой боль.

— У вас, таварыш камандзір... таксама каго-небудзь няма? — запытала раптам Аляксея ціхая, маленькая, уся нібы высахлая жанчына, калі ён ішоў ужо з лагера. Трымаючы ў руцэ раскрытую сумачку, яна выцірала скамечанай мокрай хусцінкай нерухомыя, нібы сляпыя, вочы.

— Жонка...

— А ў мяне — трох сыноў... Падпольшчыкі былі. Двух закатавалі ў гестапа яшчэ ў сорак першым. А малодшага — зусім нядаўна... Я і не ведала, што ён падпольшчык. Хаваў ад мяне...— яна зноў прыклала хусцінку да вачэй.— Божа мой, хоць бы адзін застаўся!..

Аляксей усім сэрцам адчуў яе гора. Спагадлівы наогул, ён цяпер асабліва чулы быў да гора. Ён разумеў, што павінен неяк суцешыць яе, дапамагчы ёй. Але чым ён мог дапамагчы ёй?

— Не плачце, мама... Не трэба!..— мякка, са спачуваннем сказаў Аляксей.

— Ні аднаго!..

Ён адчуваў, якія слабыя тут былі словы суцяшэння. Але нельга было маўчаць, чуючы такі адчай. Поўны нязноснага болю, тугі сам, ён павінен быў супакоіць няшчасную старую.

— Вялікае гора ў вас, мама... Я разумею...— Старая сумна зірнула яму ў твар. Моўчкі чакала.— Страшнае гора... Сэрца ваша баліць... і будзе балець...— Як цяжка было яму думаць, якім незнаходлівым быў розум. Не знаходзіў неабходных думак, патрэбных слоў. Але трэба было знайсці. Трэба было. Праз тугу, што поўніла ўсяго, важка праціснулася думка. Няпэўная спачатку, акрэслілася. Тая, што трэба.— Але я вам хачу сказаць вось што... Гора, канечне, ёсць гора... Але я думаю: сэнс жыцця не ў тым, каб толькі пражыць доўга... Можна пражыць доўга, але — пуста... А можна і за кароткае жыццё зрабіць многа... А галоўнае — пражыць прыгожа...

— Гэта — праўда,— згадзілася старая.

— Чаго варты чалавек — паказвае ён у цяжкую хвіліну. Калі — небяспека... Асабліва, калі наперадзе... можа быць, смерць... Тады вытрымліваюць толькі моцныя, сапраўдныя... Я гэта бачыў па сваіх салдатах... А яны пайшлі ж — без загаду... З-за сумлення, абавязку толькі... Вам трэба ганарыцца сваімі...

Страшэнна цяжка было Аляксею гаварыць гэта: спазмы сціскалі горла. Была жахлівая дваістасць: розум, абавязак знаходзіў словы, стараўся падтрымаць старую, а сэрца як бы пярэчыла, хацела плакаць, крычаць...

Старая знясілена ківала галавою: разумее гэта. Але плакаць не перастала.

Яны паволі ішлі па ціхай вуліцы, у бок шасэ. Аляксей знарок ступаў нешырока, каб спадарожніца не адставала. Зазіраючы Аляксею ў вочы, старая спагадліва, нібы па-сваяцку спытала, як загінула Ніна. Слухала моўчкі, з болем,

— І ў вас — вялікае гора... Многа гора цяпер у людзей...

— Калі мне было балюча... вельмі балюча,— загаварыў Аляксей,— я ўявіў таго, хто забіў яе, маю Ніну. Як бы ён, гад, глядзіць на мяне і хоча ўбачыць, як я гарую... І я перамог сябе, адчай. Лютасць мяне ўзяла!

У голасе Аляксея пачулася пагроза:

— Яны мне расплоцяцца за ўсё!..

— А за маіх некаму адпомсціць...

— За ўсіх і за ўсё, мама, разлічымся. Вось толькі б вярнуцца туды, да таварышаў...

 

«...Ніна, любая мая Ніна,— думаў ён, развітаўшыся са старою.— Я ніколі не ўяўляў ні шчасця, ні жыцця без цябе... А цяпер цябе няма... Я адзін павінен жыць, расціць дачку...

Вакол ідзе жыццё. Іншыя, як і мы калісьці, мабыць, любяць, чакаюць, спадзяюцца. А цябе няма. І для мяне нібы няма жыцця... Толькі — Людачка. Наша дачка...

Як мне быць далей — не ведаю. Нічога не ведаю. Усё зламалася, страціла сэнс без цябе... Ні ты, ні я не ведалі, як многа ты для мяне значыла...

Не ведаю, нічога не ведаю... Ведаю толькі, што павінен адпомсціць за цябе. Прагну больш за ўсё гэтага... Больш нічога не ведаю. Не ведаю...

Люблю цябе, як і раней. Больш, чым раней... Помню ўсё. Заўсёды буду помніць... Дачку зберагу! Нашу дачку!.. Больш нічога не ведаю... Не ведаю... Не бачу... Не бачу...»

 

2

Як ні цяжка было яму, ён стараўся падтрымаць Наталлю Міхайлаўну, дапамагчы ёй перанесці гора.

Наталля Міхайлаўна не плакала, перажывала няшчасце моўчкі. Аляксей заўважыў, што яна стала цішэйшай, чым заўсёды, і быццам больш згорбілася. Яна цяпер часта гаварыла пра сына Алега, які недзе на фронце,— было відаць, вельмі трывожылася, што з ім, ці жывы? Няхай бы хоць словам адгукнуўся! Хоць адным словам!

Рукі ў яе зрабіліся непаслухмяныя: рэчы часта валіліся з іх.

— Божа мой, што гэта я такая няўдалая? — спрабавала яна часам кпіць з сябе.

Яна здавалася цяпер дзіўна няцямнай, раскіданай. Гаворачы з Аляксеем, іншы раз не разумела звычайных яго думак. А то раптам траціла ніць сваёй гаворкі і не магла ўспомніць, пра што хацела сказаць.

— Вось памяць стала — дзіравая, як рэшата... Аб чым жа гэта я хацела? — Глядзела на Аляксея збянтэжана, прасіла напомніць.

Але ў адзін з гэтых горкіх дзён да яе прыйшло шчасце. Яно прыйшло разам з лістаносцам, пажылою негаваркой жанчынаю, якая прынесла канверт-трохкутнік. Наталля Міхайлаўна, нібы не верачы, глядзела на гэты трохкутнічак, на знаёмы сынаў почырк, потым дрыжачымі рукамі адкрыла ліст.

— «Дарагая мама!» — паварушыла яна нямымі губамі і раптам прашаптала, задыхаючыся: — Алег, сыночак, хлопчык ты мой! Шчасце ты маё...

І раптам горка, з няўціхным адчаем зайшлася, застагнала, забілася...

...Ажыўляла і цешыла яе ўнучка. Бабуля амаль штодня ўранку і ўвечар сядзела каля ложка Людачкі, не зводзіла з дзіцяці закаханых вачэй.

Днём яна пільна сачыла за ўнучкай, нікуды не адпускала ад сябе адну: толькі б не звалілася якое-небудзь няшчасце на малую!

Аляксей часта браў Люду на калені, песціў, ладзіў гаворкі з ёю. Гадзінамі, асцярожна, пальцамі трымаючы кволую яе ручку, хадзіў ён з малою па двары, па вуліцы. Гэтыя гаворкі і пагулянкі поўнілі яго сэрца ціхай, цёплай радасцю.

— Хутка табе руку развяжуць? — запытала Люда аднойчы, калі яны ішлі па двары.

— Хутка, Людачка.

— Калі?

— От як трохі зажыве.

— А хутка яна трохі зажыве?

— Ды от пабачым — калі. Як толькі зажыве, тады і будзе відаць...

— А цяпер не відаць?

— Не, дачушка...

— А ты б развязаў руку, тады б і было відаць.

— Няможна, дачушка, бо рука будзе балець...

Яна сціхла, увагу яе якраз прывабіла птушка, што села непадалёк на слуп ад плота. З усяго, што Люда бачыла, больш за ўсё яе цікавілі цяпер птушкі. Яна глядзела на іх заўсёды з захапленнем.

— Верабейка... Глядзі — верабейка!..— паказала яна маленькім, амаль празрыстым пальчыкам на птушку. Людчыны вочкі засвяціліся ад шчасця. Аляксей пяшчотна паправіў яе:

— Не верабей, а шпак...

Люда ўпэўнена запярэчыла:

— Не, гэта не шпак, а верабей...

Пагаварыўшы з ёю, Аляксей выявіў, што яна ўсіх птушак падзяляе на курэй і вераб’ёў. Куры — гэта тыя, што ходзяць па зямлі, а вераб'і лятаюць.

— А гэта што? Шпак?..— кранула яна пазней бацьку за руку.

— А гэта — верабей.

— Верабей. Які жвавы — верабей! Праўда?

Аляксея захапляла яе цікаўнасць. На кожным кроку толькі і чулася ад яе: «Што гэта? А чаму?» Яна так багата пытала, што Аляксей, і раней не надта гаваркі, а цяпер найбольш і зусім маўклівы, ледзь упраўляўся тлумачыць.

 

3

Люда звыклася з Аляксеем. У адносінах Люды да яго дзень за днём усё мацнела шчырая дзіцячая даверлівасць і прыхільнасць, якія вельмі цешылі бацьку.

Яна ахвотней стала хадзіць з ім на пагулянкі, а ў апошнія дні чакала іх нецярпліва, пытала: ці хутка пойдуць?

— Ты хочаш, мы з табою будзем дружыць? — сказала яна ў адну з гэтых пагулянак.

Ясныя вочкі запытальна паглядалі на бацьку.

— Хочаш, Аляксей?

— Хачу, мая сінявокая...— засмяяўся ён.

— Ну, то мы цяпер і будзем дружыць,— прамовіла яна задаволена. Потым даверна паведаміла: — Я яшчэ дружу з бабуляй. І з Сідарам таксама. Ён добры і зусім не паганы, як бабка кажа...

Аляксей ведаў: Сідар — дабрадушны і лянівы рудаваты кот суседзяў. Часты госць на іх двары.

Амаль штодня Люда непакоілася пра бацькаву руку.

— Табе кепска хадзіць з завязанай рукой, праўда? Нават размахваць няможна.. Чаму ты яе так доўга не развязваеш?

— Бо рука яшчэ не зажыла, Людачка.

— От, чаго яна так доўга не зажывае?

Аляксей заўважыў: дачка магла гадзіны гуляць адна, гаманіць сама з сабою. Было відаць: не сумавала без малых сяброў. Не нудзілася адзінотаю. Што гэта: характар ці толькі прывычка? — думаў ён. Відаць, Люда стала такой ад таго, што амаль усё маленькае жыццё, усе тры гады ёй даводзілася быць адзінокаю.

Аляксей стараўся ўладжваць так, каб яна часцей гуляла з суседскімі дзецьмі. На яго двары цяпер нярэдка кіпелі шумлівыя дзіцячыя гульні, чуліся крыкі і смех. Люда ахвотна ўдзельнічала ў забавах, аддавалася ім усёй душой. Здружылася з усімі.

Нярэдка здаралася так, што, захапіўшыся гульнёю, Люда прыбягала ў хату толькі для таго, каб пад’есці. Бабуля ці Аляксей рабілі ёй бутэрброд з кансервамі, і яна выбягала зноў да таварышаў, даядаючы ўжо на двары. Часам жа бабулі прыходзілася клікаць ці весці яе ў хату, каб яна падсілкавалася.

Усё лепшае, што Аляксей атрымліваў на паёк, ён аддаваў дачцэ. Вельмі хацелася яму, каб дачка хутчэй паправілася, паздаравела. «Еш, еш, дачушка! — пажартаваў ён аднойчы,— ты ў нас цяпер працуеш больш за ўсіх!»

— Бабуля, ножкі баляць,— скардзілася яна ўвечары, кладучыся спаць.

— Набегалася, от і баляць. Дзіва — цэлы дзень на нагах!..

— Нагулялася, дачушка?

— Нагулялася,— прызналася яна, засынаючы.

Але дружба яе з дзецьмі была нямоцнай. Адзіным чалавекам, па-сапраўднаму неабходным ёй, была бабуля. Бацьку ж, хоць Люда і «дружыла» з ім цяпер, яна ўсё яшчэ называла то татам, то Аляксеем. Аляксей думаў, што ў яе пакуль ёсць толькі звычайная прыхільнасць да яго, нічога большага,— і калі ім давядзецца расстацца, Люда, мусіць, хутка забудзе яго...

Зусім інакшае месца займаў гэты маленькі бялявы чалавечак у душы Аляксея. З кожным днём Люда станавілася даражэйшай яму.

Думаючы пра будучыню, ён турбаваўся перш за ўсё пра шчасце дачкі...

 

РАЗДЗЕЛ ІХ

 

1

Дзевятага ліпеня Клава развітвалася з братам. Ён ішоў у армію.

Усе папярэднія дні Сяргей быў у знішчальным батальёне,— камандаваў узводам, у якім было некалькі знаёмых шафёраў. Увесь батальён складаўся з пажылых рабочых і хлопцаў.

З узводам, якім камандаваў, Сяргей трэцяга ліпеня абяззбройваў немцаў, што заселі ў цагляных чатырохпавярховых будынках ля чыгункі — «казармах Белпалка». Гітлераўцы стралялі з дахаў, з вокан. Калі іх прымусілі змоўкнуць, давялося лезці на дахі, абшукваць калідоры, пакоі...

Нарэшце наступіў спакой і тут.

На золку другога дня Сяргей біўся з нямецкаю групкаю, якая прабралася ў горад і была акружана на яўрэйскіх могілках. Немцы, найбольш былі тут эсэсаўцы, ніяк не хацелі здавацца. Хаваючыся за надмагільныя пліты, адстрэльваліся з аўтаматаў і пісталетаў.

Мінчане-знішчальнікі перабілі іх больш за палову,— толькі тады між пліт паявіліся белыя шматкі.

Цяпер, калі ў Мінску і пад Мінскам уціхла, Сяргей папрасіўся ў армію.

Клава правяла брата да месца збору. Збіраліся на прызыўным пункце, які ў тыя дні быў у парку Чалюскінцаў. Між строгіх, парадзелых за вайну сосен зелянелі брызентавыя палаткі; каля іх усюды стаялі гурткамі хлопцы, мужчыны, дзяўчаты, маткі, жонкі. Многа было тут хлопцаў, што выраслі за вайну.

У сасонніку плылі, плёскаліся песні, пераліваліся галасы вясёлага гармоніка.

— Дык ты ж глядзі, каб пісаў часта,— наказвала Клава.— Не лянуйся... Бо я цябе ведаю — пісьмо сабрацца напісаць табе цэлае гора...

— Буду пісаць... Толькі ты не думай нічога пра мяне. І — не сумуй тут адна...

— А чаго мне думаць? Вось яшчэ — прыйдзе час, вернешся. Нікуды не дзенешся!..

Хоць Клава паказвала сябе зусім бесклапотнаю, без крыхоткі суму, Сяргей ведаў, што ў душы яе шчыміць: як-ніяк — ростань. Ды і родных у яе больш няма, адзін ён толькі...

— Канечне, куды ж дзенуся? Вярнуся, нідзе не дзенуся! Ты ж ведаеш мяне!

— Ведаю!..

— Ды і абстановачка — не тая. Гэта табе — не акупацыя, дзе проста можаш ускочыць у пастку. Армія, кругом свае! І абстаноўка — наперад, на захад!.. Вунь як ляцяць заваёўнікі!

— Я ж і кажу: нідзе не дзенешся! Вернешся!.. Паваюеш і вернешся!..

— Вярнуся — і зноў у гараж. За руль. З багатым баявым вопытам!.. А ты, Клаўка, каб тым часам школу кончыла. І ў інстытут паступіла... Дамовіліся?

— З восені — абавязкова ў школу. Працаваць і вучыцца... Ух, як хочацца цяпер вучыцца!

Яна памаўчала крыху.

— Я табе мыла кавалачак паклала, яно ў мыльніцы... І ручнік той, што з махрамі... Я іх зверху палажыла, каб лягчэй было дастаць...

— Знайду ўсё...

— Глядзець усё за табой трэба. Бы за малым. Як ты там будзеш без мяне?

— Як-небудзь, Клаўка... Можа, не прападу...— Ён засмяяўся.

— Добра было б, каб цябе прызначылі па спецыяльнасці, праўда?

— Я хацеў бы — танкістам.

— Танкістам? Вучыцца трэба будзе!..

— Доўга мне?! З маёй падрыхтовачкай. Рухавікі я ведаю. Усякіх наглядзеўся. Механіка знаёмая! Раскушу і мудрасці танкавыя.

— З цябе і танкіст будзе добры.

— Асвою.

— Асвоіш...— Раптам яна стала часта міргаць, вочы яе дзіўна затуманіліся.

— Дык я пайду,— заспяшалася яна, як бы схамянуўшыся.— І так ужо запазнілася...

Прыкусіўшы губу, яна апошні раз абняла брата і хутчэй адвярнулася. Амаль пабегла па алеі — на вуліцу, у горад.

 

2

Клава другі дзень працавала на станказаводзе.

Сёння яе з другімі дзяўчатамі паставілі расчышчаць завал. Завал быў высокі, з магутнымі глыбамі-абломкамі, Клава падумала, што паваждацца тут прыйдзецца доўга. Дні на тры хопіць, не менш.

Але пра думку сваю не сказала. Нашто? Хіба яна прыйшла сюды ўздыхаць? Чым весялей людзі возьмуцца за справу, тым хутчэй зробяць.

— Гэй, насілкі сюды! Цэглу няма куды класці! Хутчэй, хутчэй... А то от горы тут накідаем!.. Перарвецеся, а не ўправіцеся насіць...

— Глядзі ты, якая грозная, Клаўка?!

— Не палохай, Клаўка. Не баімся! Нікога цяпер не баімся...

Каля яе шчыравалі некалькі жанчын, разбіралі і лажылі цэглу на насілкі. След іх працы на завале быў амаль непрыкметны, але завіхаліся ўсе з ахвотаю.

Па вуліцы, крыху наводдаль, правялі групу ціхіх, паслухмяных палонных...

— На работу, мусіць? Вучыць працаваць...

— Навучыш ты іх! Яны толькі і ведаюць, што ламаць ды забіваць...

— Розныя і сярод іх ёсць...— Клава расказала пра ўчынак Пауля з Рура...

Спрэчка пра немцаў уціхла, калі поблізу паявіліся ўзброеныя хлопцы, відаць, партызаны. Яны прынеслі некалькі ламоў і насілкі. Паміж жанчынамі і хлопцамі адразу завязаліся вясёлыя спрэчкі.

Хлопцы, жартуючы, называлі Клаву начальніцай. Яна спачатку адмахвалася і смяялася: «Якая я начальніца?» — але потым Клава змяніла ролю, зрабіла строгі начальніцкі выгляд і загадала ім працаваць як след.

— Куды, куды? — крыкнула яна двум рослым партызанам.— З гэтым каменьчыкам і дзяўчына справіцца. Трэба разбіць вунь тую — вялікую — глыбу.

— Тую?

— А якую ж? Не бойцеся, не надарвецеся! Глядзіце, як разленаваліся!..

Хтосьці з хлопцаў паскардзіўся на нераўнапраўе, але голас яго патануў у дружных вясёлых воклічах жанчын:

— Правільна, Клаўка! Так і трэба!..

 

3

Васілю ў Мінску не пашанцавала. Ва ўсякім разе, ён так лічыў.

Ён ужо прыйшоў у гарадскі камітэт камсамола атрымаць прызначэнне на працу ў адзін мінскі райком, калі неспадзявана ўсё перайначылася.

— Паедзеце, таварыш Крайко, вучыцца,— сказаў яму сакратар гаркома камсамола.— Акурат атрымалі ўказанне з ЦК — паслаць некалькі чалавек на вучобу. У Маскву паедзеце! На тры гады!..

Калі Васіль выйшаў з кабінета сакратара, ён некалькі хвілін стаяў у калідоры, быццам на цяжкім раздарожжы.

Ехаць у Маскву ён, вядома, хацеў. Пра такую паездку яшчэ нядаўна ён і марыць, бадай, не адважваўся: такой неймавернай яна здавалася. Такім недасяжным шчасцем. Убачыць Крэмль, Маўзалей, Спаскую вежу, Акадэмію імя Фрунзе, дзе вучыўся яго брат, пахадзіць па вуліцах Масквы — пра гэта і цяпер ён думаць спакойна не мог. У іншы час ён паехаў бы вучыцца ў Маскву з правялікай ахвотай, але вучыцца цяпер, у такую гарачую пару вайны, ехаць з Мінска, які так пакалечаны, у якім столькі цяжкай працы...

«Не,— Васіль рашуча надзеў пілотку,— не паеду...» Ён быў перакананы, што гэта паездка, паездка ў глыбокі тыл, была б не што іншае, як уцёк з фронту.

Трапіўшы ў «бяду», Васіль, вядома, перш за ўсё ўспомніў пра былога свайго камісара. Ён быў упэўнены, што камісар адразу ж кінецца на выручку яму, адмяце навіслую над Васілём небяспеку.

У кабінеце Тураўца, на няшчасце, хтосьці быў, і Васілю нейкі час давялося пакутаваць у калідоры. Але як толькі Туравец вызваліўся, Васіль рушыў у пакой камісара. Пакрыўджаны, рашучы.

Туравец спаткаў яго здзіўленым позіркам.

— Што гэта такі хмарны, Васіль? Няшчасце якое?

— Пасылаюць! Адсюль!..

— Пасылаюць? Куды? Чаго?

— У Маскву. Вучыцца.

— А-а, дык я гэта ведаю!

— На тры гады!..

— Ведаю! І радуюся за цябе. Але чаму ты хмарны?! Ці ты,— у голасе Тураўца пачулася здзіўленне,— не хочаш вучыцца?

Васілю здалося, што Туравец здзіўляецца і радуецца знарок, нібы пакеплівае з яго. Але, запалены, ён усё ж шчыра, ад душы расказаў усё, што паліла яго. Ён гаварыў горача, глядзеў у вочы Тураўца з надзеяй і верай. Туравец ківаў яму, што слухае, разумее. Але нібы не чуў. Нібы не даходзіла да яго.

— Усё гэта правільна, Васіль,— загаварыў былы камісар, калі Васіль змоўк.— Але — разумееш — вучыцца трэба! Трэба абавязкова!

Ён падышоў да акна, усміхнуўся:

— Можна падумаць — ты баішся, што потым работы будзе табе мала. Хопіць, Васіль, работы! Прыедзеш праз тры гады — мы табе дадзім яе столькі, колькі вытрымаюць твае плечы! Будзе работы многа!.. І вельмі важнай, і цяжкай, і яшчэ больш складанай!..

— Але ж, цяпер...

— А цяпер мы і без цябе пакуль усё зробім. Ці ты нам не давяраеш? Давяраеш... Тады я лічу інцыдэнт скончаным. Наогул — ты прыйшоў са скаргай дарэмна. Я не чакаў ад цябе гэтага...

Збянтэжыў Васіля Туравец.

— Што думаеш рабіць да ад’езду? — ужо як бы са спачуваннем пацікавіўся Туравец.

— Н-не ведаю пакуль...

— У цябе нямала часу! Цэлых дзесяць дзён.

— Б-буду пакуль на старой рабоце... Расчысткай займацца...

— Гэта — талкова,— пахваліў Туравец.— Але трэба, брат, і да ад’езду падрыхтавацца. Уладкаваць свае асабістыя справы...— Васіль адчуў у словах Тураўца намёк пра Валю.— І адпачыць трохі...

— Адпачыць?!

— Сілы для вучобы набрацца...— Туравец строга зірнуў на Васіля: — Глядзі, каб там вучыўся як след! Каб не ганьбіў нас, мінчан!.. Я спецыяльна праверу!

...Ходзячы па горадзе, моцна ўзрушаны, поўны нязвыклых думак, Васіль спаткаў на вуліцы Шашуру.

Твар былога падрыўніка заззяў радасцю.

— Вось дык сустрэча! Ну, пакажыся, як ты выглядаеш? Ого, змарнелы. Ты глядзі, гэтак хутка табе, каліна-маліна, прыйдзецца ногі ў руках насіць,— цьфу-цьфу, каб не ўракнуць...

Ён узяў Васіля пад руку.

— Ведаеш што, таварыш студэнт, ці як цябе там, хадзем да мяне. Падкармлю! Не магу спакойна бачыць, як на вачах маіх гінуць лепшыя людзі.— Ён па-змоўніцку шапнуў Васілю на вуха, што ёсць у запасе дзве пляшкі піва з трафеяў.

Шашура сілком пацягнуў хлопца да сябе. Слухаючы гарэзную балбатню таварыша, Васіль падумаў: «Усё такі ж. Вецер!» У яго ўжо быў гатовы прысуд.

Але, прыйшоўшы на прадпрыемства Шашуры, хлопец глянуў на таварыша інакш.

Васіль са здзіўленнем акінуў вачыма памяшканне, ці, як Шашура называў — залу сталовай. Сцены не надта прасторнага, з нізкай столлю, цемнаватага сутарэння былі чыста выбелены, у тры рады стаялі акуратныя столікі, накрытыя лістамі паперы. Якраз пачынаўся абед, за сталамі сядзелі першыя наведвальнікі. З кухні выйшла маладая дзяўчына ў белай кофтачцы, трымаючы паднос з талеркамі. Добры парадак, утульнасць так адчуваліся тут, былі такімі нечаканымі пасля руін і бруду на вуліцах, што нельга было не здзіўляцца.

— Т-ты ўсё-ткі здорава п-папрацаваў!

Шашура без захаплення махнуў рукою. З заклапочаным выглядам правёў Васіля ў склад і паказаў некалькі мяхоў мукі і дзве скрынкі маргарыну. Вось усё багацце. Мала. Але з якой цяжкасцю ўсё гэта дасталося! Шашура адзначыў гэта такім пакутным голасам, што было ясна: справіцца з падобнай задачай у цяперашніх умовах мог толькі ён.

— Гэта што, каліна-маліна! — сказаў Шашура, калі вярнуліся ў залу.— Вось зараз я табе пакажу скарб. Лепшы свой скарб!..

Ён гукнуў у бок дзвярэй. Адтуль неўзабаве выйшаў нізенькі, ледзь старэйшы за Васіля загарэлы хлопец у белым каўпаку. Дапытліва, з закаханай усмешкай зірнуў на Шашуру. Шашура пазнаёміў з ім: шэф-кухар.

— Умее з гэтай самай простай мукі рабіць семдзесят чатыры стравы... Я не хлушу, Пятро?

Кухар кіўнуў з усмешкай: праўда. Было відаць, што ён адносіўся да Шашуры з вялікай любоўю і павагай. Падміргнуўшы лясному другу задаволена, з гонарам — «Чуў?!»,— Шашура папрасіў шэф-кухара падмацаваць «гэтага змарнелага таварыша»,— ён кіўнуў на Васіля.

— На гэты раз я цябе пакармлю так, а з заўтрашняга дня, калі захочаш паабедаць у мяне, каб прыносіў картку, ясна?

— Ясна, таварыш дырэктар! Але... т-ты стаў скупы?

— Не скупы, Вася, а гаспадарлівы. Запомні.

— Ды прыйдзецца запомніць.

Калі Шашура і Васіль сядзелі за столікам у маленькай баковачцы побач з залай, дырэктар, наблізіўшы да таварыша хітры твар, расказаў, як ён цэлых два дні ўгаворваў начальства адной брыгады, каб адпусцілі гэтага майстра.

— Аблогу проста наладзіў. Па ўсіх правілах сучаснай вайны! З гаркома спецыяльную адносіну прынёс!.. Усё сваё красамоўства скарыстаў! Два дні і дзве ночы, каліна-маліна, прымяняў розныя тактычныя прыёмы, пакуль не дабіўся...

Шашура пахваліўся, што ўчора заяўляўся сюды Туравец: усё абгледзеў, абследаваў,— быў задаволены. Абяцаў памагаць...

— Сказаў нават,— падміргнуў Шашура,— што з мяне сур’ёзны гаспадарнік можа выйсці! Вось якія, таварыш Вася, поспехі на маім харчовым участку!..

Узрушаны гаворкай і трафейным півам, падрыўнік раптам крута павярнуў размову, сказаў, што заўтра — дакладныя весткі — іх брыгада прыбудзе ў Мінск. Так што Васіль павінен нацэліцца на адну сустрэчу. Шашура падміргнуў.

— Ты, глядзі, мацней трымай яе, Валюху сваю! Каб хто-небудзь, часам, не перахапіў!

— Не п-перахопіць!..

— Ты цвёрда ўпэўнены?

— Больш, як у с-сабе,— з запалам аб’явіў Васіль.

— Э-э, брат! — пашкадаваў яго Шашура.— Ты паслухай вопытнага чалавека: бабам не надта вер! Ёсць праўда, адна, на якую можна спадзявацца. Нават больш, чым на сябе. Але ты яе не ведаеш,— у вачах Шашуры бліснулі гуллівыя агеньчыкі: — Гэта мая ўдавіца...

 

4

У той дзень Туравец пабачыўся з Марыяй Андрэеўнай. Туравец правёў яе на вуліцу Карла Маркса, туды, дзе паўз Дом Чырвонай Арміі спускаецца ўніз да Свіслачы і парку шырокая бетонная лесвіца. Тут, у старым двухпавярховым доме, была яго кватэра.

— Вось мае пенаты! Заходзь, знаёмся! — запрасіў ён, адчыніўшы дзверы.

Марыя Андрэеўна азірнула пакой і засмяялася.

— Няма чаго сказаць — пенаты! Пуста, няўтульна,— як у склепе. Нібы і не жыў ніхто.

— А ты, праўду кажучы, не памылілася. Я тут быў усяго раз ці два... Жыву і сплю пакуль збольшага ў гаркоме, па-паходнаму. Праўда, зусім не таму, што адвык ад аседлага жыцця. Ты не думай, што я прыроджаны вандроўнік. Усё не было калі прыбраць тут. А пакуль жыллё гэта, як ты кажаш,— падобна на склеп, я і не дужа рваўся да яго. Не люблю, калі няўтульна!..

— Ага, здагадалася! Трэба, значыць, наводзіць утульнасць?

— Іменна. Адзіна правільны вывад!

— Задача ясная. Значыць, за работу?

— За работу! Зараз жа!

Ён прынёс аднекуль вядро, схадзіў — ці, лепш сказаць, збегаў — па ваду. Кавалкам дроту прывязаў да стала адламаную ножку, праверыў, ці добра стаіць стол цяпер. Маша сачыла за ім і весела падсмейвалася: смешна было бачыць яго за такім заняткам!..

Але неўзабаве Туравец схамянуўся і, зірнуўшы на гадзіннік, з прытоенай ніякавасцю, са шкадаваннем сказаў, што павінен быць у гаркоме. Справа важная будзе вырашацца. І яму, Тураўцу, неабходна быць...

Яна зірнула на яго з папрокам, знарок гаротна.

— Пачынаецца! Я так і думала, што ўтульнасць рабіць буду збольшага я.

— Трэба абавязкова быць, Маша. Абавязкова, разумееш? Але як толькі вызвалюся, адразу вярнуся пад тваё начальства. І прытым — з ахвотай!.. А пакуль — усё аддаю тваім рукам і густу!..

Марыя Андрэеўна засталася адна. Яна ўсё поўнілася шчасцем. Як добра будзе жыць у пакоі, а не ў зямлянцы! У іх цяпер пакой, сапраўдны пакой! Пасля зямлянак ён здаецца непраўдападобна прасторным, а вокны — небывала шырокімі і светлымі! Тут будзе жыць разам з ёю яе Нічыпар! Як гэта яшчэ дзіўна — яе Нічыпар! Быў — камісар, Туравец, няхай яна яго даўно любіла, але ўсё ж — камісар, Туравец. Чалавек для ўсіх. А цяпер — яе Нічыпар! Яе шчасце. Думаючы ўвесь час пра свайго Нічыпара, пра незвычайнае, неймавернае жыццё тут, яна з захапленнем гаспадарыла. Цяпер яна здавалася простаю гаспадыняю, якой яе мала хто ўяўляў.

Прыехаў партызан і прывёз на тачанцы пісьмовы стол, канапку, рэчавы мяшок, падушку, звязак розных кніг. Усё гэта ён паставіў і паклаў у калідоры і ў кутку пакоя...

Калі ён паехаў, Марыя Андрэеўна зноў стала шчыраваць: мыць шыбы, вушакі, аддзіраць паскі паперы з нямецкімі літарамі, што засталіся з зімы. Стаміўшыся, з плямкамі гразі на твары, на беленькай кофтачцы, паружавелая, азірала яна пакойчык і ў соты раз меркавала, дзе што паставіць. Яна ніколі не думала, што дамоўкаю сваёй будзе займацца з такой ахвотаю.

За што б яна ні бралася, ёй усё хацелася зрабіць так, каб гэта спадабалася Нічыпару. Рэчы для яе былі не проста рэчамі, а нібы жывымі істотамі, што ў нейкім сваяцтве з дарагім чалавекам,— Нічыпаравы рэчы!

Стол Марыя Андрэеўна паставіла каля акна так, каб Нічыпар, калі будзе сядзець за ім, мог бачыць прастор за акном. На стол паклала некалькі недачытаных кніжак, і здалося, што ён працаваў ужо за сталом.

У тоўстым сшытку ляжаў дзесятак здымкаў. Адзін з іх,— на якім быў зняты Юрый у вайсковай форме, яна паставіла каля кніжак.

Сын падобны з твару на яго,— такі, мусіць і Нічыпар быў у маладосці. Пазіраючы на картку, яна падумала пра першую жонку Нічыпара, маці Юркі, і адчула як бы віну, як бы дакор сумлення. Але хіба яна ў чым вінавата перад той, што загінула? Перад сынам, які павінен стаць і яе, Машы, сынам? Яна любіць яго бацьку і хоча быць шчаслівай...

Ці зразумее Юрка яе і Нічыпара? Ці ведае ён, што і ў трыццаць пяць і ў сорак год хочацца любіць і жыць у шчасці? Як ён будзе адносіцца да яе?

І тут Марыі Андрэеўне згадалася яе Светка, якую яна так даўно пакінула ў вёсцы на Віцебшчыне, з бабуляю. Нясцерпна захацелася: хутчэй забраць дачку сюды — Светка, пэўна ж, так насумавалася па ёй, па маці! Светка па маме, а маці — па ёй! Вось адразу пасля парада і трэба паехаць, забраць!..

Яна захапілася працаю так, што не заўважала, як ідзе час. Не заўважыла, як і ўвайшоў Нічыпар. Ён раптам абняў яе і закрыў рукою вочы, быццам загадваў загадку: хто?

— Пусці. Выпэцкаешся!.. Рукі брудныя ў мяне,— папрасілася Марыя Андрэеўна.— І валасы раскалмаціліся. Так ты мяне і разлюбіш, чаго добрага!

— Баюся, што будзе наадварот! — Ён пацалаваў жонку ў скронь і адпусціў.

Азірнуўся здзіўлена. Гэтае здзіўленне было ёй як узнагарода.

— Ну ты, аказваецца, проста чараўніца!.. Я і не думаў, што строгая «доктарша» можа быць такой гаспадыняй. Каб я, мілы доктар, не бачыў цябе тут сваімі вачыма, я мог бы падумаць, што памыліўся адрасам...

Ён узяў яе рукі ў свае далоні і пяшчотна сціснуў.

— У такіх выпадках, Маша, здаецца, спраўляюць наваселле. А чым мы горш за людзей?

Ён выняў са скрутка, які прынёс з сабою, бутэльку гарэлкі, паклаў на стол закуску.

Калі яны селі за стол, Туравец зірнуў на партрэт сына — вось яшчэ каму належала б быць тут!

— Вып’ем, Нічыпар, за Юрку! — сказала Марыя Андрэеўна, быццам адгадваючы яго думкі.— Каб ён прайшоў дарогу сваю шчасліва і вярнуўся здаровы...

Туравец мімаволі спахмурнеў: «Эх, так і не давялося пабачыцца з Юркам! Як крыўдна атрымалася...»

Марыю Андрэеўну напаўняла ціхая, спакойная радасць. Яна ўспомніла Анатоля, але гэты, звычайна прыкры ўспамін, не прынёс цяпер гаркаты. Усё тое скончана назаўсёды, і добра, што скончана. Але чаго яна, наперакор свайму пачуццю, трымалася за мінулае? Чаго яна вагалася, не адважвалася ісці насустрач шчасцю? Чаго сумнявалася? Дзівачка!

Туравец сказаў, смеючыся:

— Я, здаецца, сёння пазнаю, якая добрая штука — адзінота.

— Якая ж гэта, Нічыпар, адзінота? Мы ж — удваіх.

— Мы — адно, адзінае!..

 

РАЗДЗЕЛ Х

 

1

Мінск рыхтаваўся да свята — парада партызан. Яшчэ за тыдзень да парада з розных раёнаў Беларусі пачалі сыходзіцца ў сталіцу партызанскія брыгады, атрады, групы. Яны займалі не толькі ўсе вуліцы ў цэнтры горада, але і пасёлкі на ўскраінах — Козырава, Грушаўскі і іншыя, навакольныя вёскі. Табарамі размяшчаліся ў пералесках, а то і проста ў полі.

Хаты і дамы не маглі ўсіх умясціць. На пустырах і ў садах уздымаліся палаткі і буданы з брызенту, коўдраў, скошанай травы. Многія з прыезджых уладжваліся пад павозкамі, проста пад высокім небам...

Там і тут каля вялікіх партызанскіх катлоў завіхаліся кухары, размешвалі крупнік, падкладвалі дровы ў агонь...

Ніколі яшчэ за ўсю вайну не было ў Мінску такога ажыўлення. Па вуліцах гарцавалі-красаваліся на конях хвацкія камбрыгі і начштабы са сваімі «світамі», разведчыкі, сувязныя.

Хадзілі ўпаасобку і абняўшыся дзяўчаты і жанчыны з вінтоўкамі і аўтаматамі, загарэлыя чубатыя хлопцы ў кепках, пілотках, чырванаверхіх казацкіх кубанках, насунутых па-маладзецку на вуха. Чуліся смех, вясёлыя воклічы, заліхвацкія пераборы гармоніка... Вось ён, у вялікую сваю гадзіну, той Мінск, які гітлераўцы так намагаліся задушыць. Мінск — што цешыцца, святкуе. Жыве, віруе адчуваннем сілы, радасцю перамогі.

Вось яны, сціплыя дзеці вернай, няскоранай Беларусі, слава аб якіх у вайну пайшла па ўсім свеце.

Падрыўнікі, разведчыкі, дыверсанты... Ходзяць захмялелыя ад шчасця, ад цішыні, ад мірнага спакою. Ад таго, што самае галоўнае спраўдзілі.

Ермакоў у першы дзень прыезду спаткаўся з былым камісарам. Увайшоў у кабінет Тураўца, далажыў знарок, што баявыя аперацыі брыгада скончыла.

— Чуў тое-сёе, Коля,— Туравец ад душы абняў друга.

Ермакоў расказаў, што зрабіла брыгада пасля ад’езду Тураўца. Ермакову здавалася, што яны даўно-даўно не бачыліся з камісарам...

— Малайцы. А вось нам дык, падобна, і пахваліцца няма чым,— прызнаўся Туравец.— Шчыраваць шчыруем,— а вынікаў, дарагі мой,— быццам ніякіх. Амаль не відаць вынікаў!

— Ну, працы тут, Нічыпар,— рабі, не пераробіш. На многія гады хопіць. Усім на поўную выкладку. Усім. Скажы, як тут нашы? Як вядуць?

Уважліва, насцярожана слухаў Тураўца: ці не падводзяць брыгаду, не ганьбяць? Не, Туравец задаволен імі, хваліць...

— Ну, хопіць размоў! — Туравец стаў збірацца: запрасіў Ермакова дадому да сябе, на чарку з поваду сустрэчы...

 

І вось надышло 16 ліпеня. Незвычайны, непаўторны дзень.

З самага рання з усіх куткоў Мінска — з Камароўкі, са Старажоўкі, ад Чэрвеньскага тракту, з вуліц, раскінутых за чыгуначнымі лініямі, з навакольных пасёлкаў і вёсак рушылі да шырокага лугу ля ракі, да былога іпадрома калоны партызан і натоўпы гарадскіх жыхароў.

Туравец зайшоў да Аляксея, і яны ўдвух таксама накіраваліся да месца парада. Іх яшчэ напярэдадні запрасілі быць на ўрадавай трыбуне. Тураўца ад гаркома, а Аляксея ад афіцэраў і байцоў танкавай брыгады, якая вызваляла Мінск. Марыя Андрэеўна ўранку пайшла да сваіх памочніц, каб удзельнічаць у апошняй, як яна жартавала, брыгаднай «аперацыі»...

На вялізным зялёным лузе, што разлёгся ў шырокай лагчыне на беразе ціхай Свіслачы, якая паўкругам ахінае гэтую прыгожую мясціну, з краю ў край пералівалася, хвалявалася неабсяжнае мора людзей. У гэтым моры, як вогненныя ветразі, ярка, нязвыкла святочна палымнелі сцягі, транспаранты, плакаты...

Такой безлічы народу ў адным месцы, на віду, Аляксей не бачыў ні разу за ўсю вайну. Яму прыгадаліся дэманстрацыі на Першае Мая ці на Кастрычнік, якія былі ў Мінску перад вайною. Стракаты рух твараў, адзенняў, сцягаў на плошчы Леніна... І вось зноў усё вяртаецца.

Усё? Не, не ўсё,— зашчымела згадка пра Ніну. Цяпер, на людным свяце, якое кіпела радасцю і песнямі, успамінаць яе было асабліва балюча. Нібы зачапілі жывую рану...

Тут, відаць, недзе яе сяброўкі, многія яе таварышы. Ім пашчасціла дажыць да гэтага дня. Чаму ж Ніны тут няма? Туравец з Аляксеем не адразу пайшлі да трыбуны, нейкі час снавалі між натоўпу людзей, шукаючы знаёмых, размаўляючы. Да пачатку мітынгу заставалася яшчэ нямала часу. Аляксей глядзеў навокал і слухаў з мяшаным, супярэчлівым адчуваннем. І горка было ў душы, неадольна горка, і праз гаркату праціналася цікаўнасць. І нібы святліла душу чужая радасць. І дзіўным здавалася ўсё навокал, нібы недасяжным сэрцу.

Калі пачало набліжацца да дванаццаці, Аляксей з Тураўцом падаліся да трыбуны, над якой высіліся два вялізныя разгорнутыя сцягі. Яны явіліся сюды ледзь раней часу: неўзабаве на трыбуну па драўлянай лесвіцы ўжо ўздымаліся члены ўрада, сакратары ЦК партыі, прадстаўнікі ад жыхароў горада, дэлегаты ад арміі.

Стоячы на трыбуне, Аляксей бачыў непадалёк ад сябе знаёмую з даваеннай пары цяжкаватую постаць сакратара ЦК партыі Панамарэнкі, побач з ім — Чарняхоўскага. Панамарэнка быў засяроджаны, прытоены, Чарняхоўскі — узрушаны, святочна-вясёлы...

Мора, неабсяжнае людское мора наўкруг. Тысячы людзей глядзяць на трыбуну, з якой пачынае гаварыць сакратар ЦК партыі.

 

2

Ён вітае мінчан і партызан з вызваленнем беларускага народа. Вялікая плошча адказвае на прывітанне радаснымі воклічамі, воплескамі, партызанскім «ура».

— Дазвольце,— глухаватым голасам, усхвалявана гаворыць Панамарэнка,— ад вашага імя перадаць словы любові і падзякі таму, хто вядзе нас ад перамогі да перамогі,— правадыру, настаўніку і другу беларускага народа, Маршалу Савецкага Саюза таварышу Сталіну!..

Зноў усплёсквае радаснае «ўра» дзесяткаў тысяч людзей. Па плошчы з краю ў край, як прыбой, праходзіць, звініць:

— Ура таварышу Сталіну! Нашаму правадыру!

— Няхай жыве наша вялікая Радзіма!

Разам з сакратаром ЦК людзі дзякуюць войскам трох Беларускіх і Першага Прыбалтыйскага франтоў, што прынеслі волю мільёнам беларусаў.

У Аляксея ад разліву ўсеабдымнага шчасця зноў зашчымела-ажыла туга па Ніне: чаму яна не дачакалася гэтага дня!..

Нібы адгадваючы думкі Аляксея, Панамарэнка пачаў гаварыць аб тым, што прыйшлося перажыць людзям у фашысцкай няволі. Праз свой боль Аляксей адзначыў з асаблівай, палючай чуласцю: сакратар ЦК сказаў: у няволі загінулі «сотні тысяч людзей»!

Сотні тысяч! Сотні тысяч людзей знішчылі сучасныя людаеды, зграі шалёнага фюрэра! Колькі матак страцілі сваіх сыноў і дачок, колькі дзяцей засталося сіротамі! Сам таго не заўважаючы, Аляксей у гэтую хвіліну зірнуў на сваё гора інакш, чым раней. Ён нібы адчуў не толькі сваё гора, а і гора ўсяго народа.

Якое яно вялікае, гэта гора! Гора народа!..

Уся плошча замерла ў напружаным маўчанні. Гэтае маўчанне было грознае, поўнае гневам вялізнага людскога мора.

Але неўзабаве голас сакратара ЦК мяняецца,— Панамарэнка гаворыць пра гераізм народа, пра баявыя справы партызан.

«Яна загінула недарэмна!» — у каторы раз суцяшае сябе, думае Аляксей пра Ніну. Але думка гэта па-ранейшаму не сцішвае болю. Па-ранейшаму боль працінае ўсе пачуцці і думкі...

Кожнае слова сакратара Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі людзі ловяць, стаіўшы дыханне,— усё шумлівае мора сціхла, услухоўваецца, як адзін чалавек.

Прамоўца нагадвае пра той цяжкі шлях, які праз тры вялікія гады барацьбы прывёў народ да вызвалення. Важкія, мужныя, яго словы ідуць да тысяч людзей, адчуваецца: хвалююць, будзяць думкі і ўспаміны. Тысячы людзей услед за ім, відаць, азіраюцца на мінулае, перабіраюць у памяці падзеі апошніх год.

Большасць успамінала, мабыць, партызанскія паходы, баі з гарнізонамі, блакадныя дні, трывогі ў зняволеным Мінску, а Аляксей сваё — снежныя дарогі ў данскім стэпе, сустрэчу з маці, апошні бой перад Мінскам, калі ледзь не загінуў.

— Таварышы мінчане! Партызаны і партызанкі! — Голас Панамарэнкі памацнеў, стаў урачыстым: — Вы паказалі сябе доблеснымі патрыётамі ў гэтыя страшныя тры гады, вы не скарыліся ворагу. Цяпер перад вамі стаіць задача — не пакладаючы рук працаваць над аднаўленнем роднага Мінска, роднай Беларусі... Нам аказваюць вялікую дапамогу партыя і ўрад, нам дапамагае ўся краіна. Ужо ідуць першыя эшалоны з падарункамі з Горкага, Пермі і іншых гарадоў. Мы залечым раны нашай цудоўнай сталіцы!

— Залечым!..— паклялося людское мора.

 

3

Калі скончыўся мітынг, пачалася падрыхтоўка да парада.

Аляксей бачыў, як брыгады і атрады раўнялі рады. У калонах там і тут чуліся воклічы каманд, прабягалі, заклапочана аглядваючы свае падраздзяленні, камандзіры... Паступова плошча стала сціхаць.

— Парад, смірна!! — прагучала ўладна над плошчаю.— Раўненне направа!.. Па атра-а-дах, шагам марш!..

Першай перад трыбунай праходзіць брыгада імя Варанянскага, што нарадзілася ў пачатку вайны тут жа, у Мінску. Сочачы за строгімі радамі партызан, Туравец расказаў Аляксею: яе камандзіру, Васілю Трафімавічу Варанянскаму, не давялося дажыць да гэтага дня, ён загінуў, пералятаючы лінію фронту.

Услед за ёй крочаць «шчорсаўцы», «чапаеўцы», «чкалаўцы», «кіраўцы»... Гарцуюць на ўкветчаных конях партызанскія кавалерысты, нячутна коцяцца, выціскаючы след у траве, трафейныя процітанкавыя «трыццацісямёркі»... Вось рушаць паўз трыбуну, старанна раўняюць рады адважныя салдаты «Штурмавой брыгады», што пусціла пад адхон дзвесце варожых эшалонаў... Адна за адной перад мінчанамі праходзяць Першая, Другая, Трэцяя мінскія брыгады, у якіх ваявала многа жыхароў сталіцы.

— Мае, мае ідуць! — усхвалявана шэпча Аляксею Туравец, ківаючы на калону брыгады, на чале якой мерае страявым крокам урачысты Ермакоў... Туравец з захапленнем паказвае капітана Габдуліна, Дразда, Васіля Крайко. Васіль крочыў са сваімі баявымі таварышамі. І Васіль, і Шашура...

На нейкі час строгую атмасферу парада раптам змяніла вяселле, смешкі. Перад атрадам на плошчу выйшаў казёл, перакрыжаваны рамянямі, абвешаны нямецкімі «жалезнымі крыжамі» і медалямі. Казёл, як бы разумеючы незайздросную сваю ролю — бітага гітлераўскага ваякі,— нявесела трасе барадою, пакорліва дыбае на павадку за пярэднім атрадам...

Зноў змяняюцца рады партызан, коцяцца гарматы. Праходзяць славутыя брыгады «Буравеснік», імя Панамарэнкі. Брыгада імя Варашылава, якая да прыходу Чырвонай Арміі адваявала ў немцаў Капыль. Брыгада «Беларусь», што выбіла гітлераўцаў з Рудзенска... Ці было яшчэ калі ў Мінску такое незвычайнае відовішча, якое так добра, багата паказвала б аблічча, душу народа?..

— Падумаць толькі,— задуменна, стрымана сказаў Аляксей,— такіх людзей — сотні тысяч... Народныя арміі...

Туравец разумеў нялёгкі стан Аляксея, дадаў лагодна:

— За кожным з іх, капітан, былі дзесяткі «мірных» людзей, якія памагалі ім...

Войскам гэтым, здаецца, не будзе канца. Людзі розных узростаў, з рознай зброяй, апранутыя ў самую разнастайную вопратку... Вось яна, сіла, душа народная!..

Калі вярталіся з Тураўцом дамоў, Аляксей доўгі час ішоў моўчкі. У ім была ўсё тая ж супярэчлівасць думак і пачуццяў. Не сціхаў павастрэлы боль аб Ніне, жаль, шкадаванне аб ёй, крыўда на жорсткі лёс: мог бы ж даць жыць Ніне, а вось жа, так бязлітасна, у апошнія дні, загубіў. Але на гэтыя пачуцці і думкі находзілі, адціскалі іх новыя, што ішлі з пабачанага на мітынгу і на парадзе. Яны таксама хвалявалі, не давалі спакою Аляксею. Увесь час адчуваючы боль і крыўду за лёс Ніны, ён журботна і ўзрушана думаў пра ўбачанае. Нарэшце загаварыў:

— Раней, памятаю, модна было пісаць пра нас: беларусы — ціхі, амаль бязвольны народ, «добрыя землякопы»... Байкі расказвалі пра нашу пакорлівасць і цярплівасць. Ах, якія няшчасненькія, якія пакрыўджаныя. Прачытаеш, бывала, і нічога не застаецца, як пашкадаваць гэтых бедных людзей...

— Жаласлівыя пісанні былі! — сказаў Туравец, таксама задуменна, лагодна.

— Ведаеш, што я падумаў, Нічыпар Паўлавіч, на парадзе? Вось няхай бы, падумаў, цяпер гэтыя чуллівыя плакальшчыкі ўсталі з магілы ды паглядзелі, хоць бы сёння, на нас — «няшчасненькіх» ды «пакорлівых»! — Заўважыў: Туравец, хоць і маўчыць, але слухае з цікавасцю.— Памыліліся паны. Выдумалі самі і паверылі, што так і сапраўды. Цэлымі гадамі і пісалі, і гаварылі, і плакалі — «бедненькія»! А тут вось які ён, народ-воін. Сёння можна было падумаць, што гэты народ быццам створан для бітвы... Ну, нічога,— у голасе Аляксея, разам з неадольным смуткам, чуўся гонар,— цяпер увесь свет пабачыў, які гэты «бедны» народ упарты і моцны і, калі трэба,— ваяўнічы! Ён з аўтаматам і гранатай, аказваецца, умее ўпраўляцца не горш, чым з плугам. Не горш! Хто-хто, а ваяўнічыя арыйцы ў гэтым добра пераканаліся.

— Добра — на ўласнай шкуры!

— Цяпер, можа, паразумнеюць крыху і тыя, у каго яшчэ не балела шкура, але чэшуцца рукі...

— Дай бог! — сказаў ні то недаверліва, ні то жартаўліва Туравец.— Пара ўжо ім паразумнець!..

 

РАЗДЗЕЛ ХІ

 

1

Андрэй Шабунёк ішоў па вуліцы, не чуючы пад сабою ног. Ён толькі што вылез з кузава вайсковага грузавіка, які падвёз яго з Мінска ў родныя Паплавы.

Як было Шабуньку-малому не спяшацца! Ён жа так даўно не бачыўся з мамаю, так ссумаваўся па ёй. Праўда, акрамя таго, для радаснага настрою былі і іншыя прычыны: учора, перад парадам, яму ўручылі сярэбраны партызанскі медаль. Хлопец усё не мог нарадавацца, штохвіліны пазіраў на кружочак што, як сонца, ззяў на яго даўгаватым пінжачку.

Падумаць толькі, у яго такі медаль, як у Тураўца і ў Васіля!

У Андрэя ў руках была нямецкая вінтоўка, праўда, без патронаў,— а на шапцы ярка чырванела істужка. Па ўсім было відаць, што чалавек вяртаецца з вайны, і не абы-як, а са славай!

Ён увайшоў на родны двор, які здаўся яму дзіўна ціхім і цесным. На месцы папялішча былі цяпер складзеныя партызанамі падмурак і некалькі вянцоў зруба, ляжала абчышчанае смалістае бярвенне. У траве дзе-нідзе валяліся непадабраныя дробныя трэскі і жаўцела, як высеўкі, пілавінне.

Маці дома не было. Жывіца, які праходзіў поблізу, сказаў, што яна ў полі, за агародамі: там яе брыгада акопвае бульбу.

— Брыгадзірам яна ў нас цяпер, сынок.

Андрэй адразу рушыў туды. Ён пазнаў маці яшчэ здалёк. Яна рабіла разам з жанчынамі, не заўважыла Андрэя, але малы Валодзька, што аціраўся каля маці, адразу навастрыў вочкі на яго. Выраслы бульбянік закрываў малога амаль да плеч.

— Длей! — крыкнуў Валодзька.

Чапляючыся за бацвінне, спатыкаючыся, ён стаў прабірацца да брата. Тады маці разагнулася, кінула жмуток травы, што трымала ў руках, і таксама падалася да Андрэя, як заўсёды, нехапатліва. Яна выцірала рукі аб спадніцу.

Падышла, зірнула на надзвычай сур’ёзны твар сына, які ледзь утрымліваў усмешку шырокага шчасця, і, хаваючы хваляванне, нібы не верачы, што перад ёй сапраўды стаіць сын,— грубаватым голасам сказала:

— Андрэй? Прыйшоў, дзяціначка мая?

— Прыехаў! З самога Мінска! Усяго дзве гадзіны ехалі — аж вецер вочы рэжа... Шафёр, ведаеш, баявы такі хлопец: у яго машына ляціць, як усё роўна самалёт!.. Зух-шафёр...

— Надоўга, сынок?

— Цяпер назусім...— і дадаў: — Ну, п-праўда,— адваяваўся. Кончылі, мама... Цяпер будзем пачынаць новае жыццё...

Усё такая ж суровая з выгляду, яна абняла яго мякка, і, пакораны матчынай пяшчотай, ён адразу забыўся, што хацеў быць паважным і стрыманым, як дарослыя. Па-дзіцячы адданы і чулы, увесь аддаючыся парыву душы, ён прыціснуўся галавой да яе грудзей: як добра, калі абдымае маці!

— Цяпель будзем нёвае...— паўтарыў Валодзька словы брата.

А маці шурпатаю цвёрдаю далонню лашчыла непакорны чубок і прыгаворвала, стрымліваючы слёзы.

— Вярнуўся!.. Радасць мая ты, надзея мая!..

 

2

Аднекуль з-за саду вырваўся свежы ветрык. Дзяўчына захінула пінжак, накінуты на яе плечы, сказала заклапочана:

— Трэба, мусіць, ісці дамоў... Халаднавата становіцца...

— Вось выдумала, ну, п-праўда, у ліпені — холадна... Добра, што хоць духмень вячэрні п-прайшоў, дыхаць стала лягчэй!..

Яна не пярэчыла. Некалькі хвілін абое стаялі моўчкі, трымаючыся за рукі.

— Ты помніш,— загаварыла зноў дзяўчына,— як ты застаў у лесе гэтага Ермакова са мной... Ён жа проста выцягнуў мяне з зямлянкі. Балбатаў нешта, усё хацеў мяне рассмяшыць. Я і сама не ведаю, як засмяялася, а тут — як знарок — ты!.. Эх, як мне крыўдна было тады... Я пасля проста бачыць яго не магла...

Васіль слухае гэта спакойна,— няма ў яго цяпер ні рэўнасці, ні прыкрасці. Ён нібы сам не разумее сябе ранейшага, здзіўляецца мінулым трывогам сваім: «дзівак быў, ну, праўда!»

Валя папракае яго, таксама без крыўды:

— А ты быццам не бачыў нічога. Дурны ты мой!..

Васіль асцярожна прыхінае яе да сябе.

— Ты не злуй, Валя... Думаеш, ч-чаму я раўнаваў? Я хацеў, каб усё ў нас было чыстым і ясным. Калі любіць, дык любіць. Каб усё тваё, уся душа належыла любімаму. Да р-рэшты, аднаму! Вось як я думаю...

Яны стаялі каля плота. Даўно мінуліся цёплы і цёмны вечар і месячная поўнач, світанне пачыналася, а яны ўсё не разыходзіліся. Як жа ім было разысціся, калі яны павінны былі надоўга расстацца: Васілю ж трэба ў Маскву, вучыцца. Яны то хадзілі паволі па вуліцы, то стаялі каля платоў. Закаханым, шчаслівым, ім увесь свет здаваўся напоўненым шчасцем. Яны бачылі поблізу руіны, яны ведалі, што ёсць многа нешчаслівых, але ўласная іх радасць была такой прыгожай, што перад ёй усё адыходзіла. Там, дзе жылі іх думкі і жаданні, было шчасліва і светла. Толькі ўспамін пра мінулае прымусіў Валю спахмурнець:

— Колькі я за цябе ператрывожылася! Асабліва, калі цябе аставілі ў заслоне пад пасёлкам. Проста думала, што не перажыву. Цяжка ўсё-ткі любіць у вайну! — уздыхнула дзяўчына.— Няхай бы яна хутчэй скончылася, каб усе маглі любіць радасна і без трывогі!

— Не трэба бедаваць пра тое, што было. Ну, п-праўда — яно ж ужо мінула! — Ён далонню пяшчотна падняў яе галаву, зірнуў у цёмныя вочы, добра бачныя ў ранішнім змроку.

Дзяўчына схамянулася:

— Не, усё-такі трэба ісці: глядзі, ужо зусім развіднела. Проста не ведаю, як я маме ў вочы буду глядзець...

Яна зняла з сябе пінжак і накінула на Васілёвы плечы.— Дык ты часта будзеш пісаць?

— Кожны дзень!.. Валя, скажы, т-толькі шчыра,— ён парывіста сціснуў яе руку: — ты мяне вельмі л-любіш?

— Хіба пра гэта пытаюцца?.. Самому трэба бачыць...

— Скажы, ну, праўда! — настойваў ён.

— Люблю. Так люблю, як нікога,— сур’ёзна, з нейкай урачыстасцю адказала яна.— Ведаеш, мне нават здаецца, што я... нават маці сваю... менш... Толькі ты не думай нічога,— я і яе вельмі...

— Я хачу, каб ты мяне заўсёды так любіла! Каб мы заўсёды любілі адно аднаго! Моцна!

— Я таксама, Вася... хачу гэтага...

Ён ехаў у Маскву раніцай — стомлены ад бяссоннай ночы, але шчаслівы.

 

3

Аляксей Лагуновіч пакідаў Мінск у той жа дзень.

Перад ад’ездам ён зайшоў у апошні раз да Тураўца.

— Ужо назад? У цябе ж яшчэ і тэрмін водпуску не скончыўся, ды і рука не зусім у форме.

Нічыпар Паўлавіч па-таварыску папракнуў Аляксея за тое, што не хоча сур'ёзна лячыцца:

— Трэба было б дабыць да канца водпуску: колькі там яго! І ехаць зусім здаровым... А ўрэшце, можа, ты і правы: там, відаць, хутчэй зажываюць раны... Ну, вяртайся жывым і бадзёрым, і абавязкова да нас, у Мінск!

На скрыжаванні вуліц Карла Маркса і Валадарскай Аляксей выпадкова спаткаўся з Клаваю.

— Еду да сваіх, на фронт! — паведаміў ён задаволена.

— А як жа рука?

— А што з ёю, з рукою,— зажыве... Што вы пажадаеце мне — на дарогу?

— Што?.. Шчасця, удачы. Там, на вайне, і — усюды... Заўсёды!

— Шчасця? Самае вялікае маё шчасце цяпер — дачка... Заходзьце, Клава, да яе, калі будзе час. Каб яна не сумавала вельмі... І бабуля будзе рада... Адны застаюцца...

— Зайду...

Ён рэзка і моцна паціснуў яе руку, пайшоў дамоў. Клава не ўтрывала, каб не азірнуцца. Пазірала так, нібы хацела запомніць яго надоўга.

Калі ён знік за рогам вуліцы, у яе сэрцы штосьці нібы абарвалася.

Аб сваім рашэнні ехаць раней тэрміну Аляксей сказаў Наталлі Міхайлаўне ўчора, але думкі пра ад’езд турбавалі яго няўціхна ўжо некалькі дзён. Усё мацней цягнула Аляксея на фронт. Усё мацней клікалі яго туды думкі пра Ніну, прага помсты за яе смерць. Усё больш сумаваў ён па родным батальёне, па таварышах, з якімі прайшоў ад Смаленшчыны да Мінска. Ён турбаваўся аб таварышах, непакоіўся пра іх. Ці камандуе батальёнам новы камандзір як належыць? Ці цэніць і беражэ афіцэраў і экіпажы?

Не, не з лёгкім сэрцам пакідаў Аляксей Мінск. Трэба было, вядома, пабыць яшчэ з дачкою, абагрэць бацькоўскай пяшчотай яе. Трэба было б, канечне, дапамагчы старой, што гаравала па Ніне. Ды і рана Аляксея не зусім загаілася. Але развагі гэтыя не маглі ўжо стрымаць Аляксея.

Дома Наталля Міхайлаўна неспадзявана падала яму два лісты.

— Толькі што прынеслі.

Яшчэ не чытаючы, па почырку і маленькім прыгожым канверце Аляксей даведаўся: ад Гогабярыдзе. Нарэшце! Сандро пісаў:

«Дарагі дружа! Як ты жывеш? Якімі былі гэтыя дні ў цябе? Калі ты радуешся, то мы таксама падзяляем тваё шасце. А — калі якое-небудзь гора?.. Будзь мужны. І ведай, што мы заўсёды з табою, душою і сэрцам. Мы цяпер далёка ад цябе, дружа. Твая Беларусь ужо за намі. Цяпер мы ідзём па літоўскіх дарогах. Хутка-хутка настане час, і нашы «трыццацьчацвёркі» ўварвуцца ў бярлогу таго шакала, які асмеліўся пайсці на нас з мячом. Мы ўжо блізка да граніцы.

Як толькі паправішся, прыязджай!

Твой да канца жыцця Сандро».

 

Другое пісьмо было ад Быстрова і Сонцава. Камандзір гарматы пісаў, што падышлі да вялікай ракі, якую ён не называў. Гэта быў, здагадваўся Аляксей, мусіць, Нёман. Чытаючы пісьмо, Аляксей уяўляў кплівую ўсмешку сержанта, калі Быстроў пісаў пра свайго таварыша: «А Сонцаў, калі вас цікавіць,— спіць па-ранейшаму кожную вольную хвіліну. Ужо, як я падлічыў, на паўгода ўперад наспаў». Сонцаў тут жа, у прыпісцы, прасіў, каб Аляксей не верыў Быстрову: «Усё, што ён напісаў пра мяне,— брахня. Я не сплю амаль зусім, бо ўвесь час у паходзе. А машына ў поўным парадку. Так што будзьце спакойны і прыязджайце, адным словам!»

«Прыеду. Хутка прыеду!» — узрушана падумаў Аляксей...

Наталля Міхайлаўна і Люда праводзілі яго. Ён хацеў узяць дачку на рукі, але яна зажадала ісці сама, падала адну руку бабулі, а другую бацьку.

Утраіх спыніліся каля рэгуліровачнага паста, дзе сярод вуліцы стаяла русявая загарэлая дзяўчына са сцяжкамі. Аляксей рашыў ехаць на папутнай машыне. У той час праз Мінск такіх машын праходзіла да фронту многа.

— Тат,— Люда падняла на Аляксея заклапочаныя вочкі.— А... немцы, калі ты паедзеш, сюды не прыйдуць?

— Не, дачушка. Не пусцім іх.

— Не пускай, бо яны вельмі паганыя. Такія брыдкія!

— Таварыш капітан! — крыкнула рэгуліроўшчыца.— Папутная!

Аляксей заспяшаўся. Абняў Наталлю Міхайлаўну, на вачах у якой выступілі слёзы. Узняў на рукі дачку.

З хваляваннем, з любоўю ўгледзеўся ў яе, такія знаёмыя, Нініны вочы.

Дачка раптам скрывіла губкі, прыхінулася, прыціснулася да яго. Абхапіла шыю. Нібы прасіла не кідаць. Відаць, дзіцячай душою адчула сапраўднае значэнне падзеі, што павінна забраць у яе бацьку.

У Аляксея сціснула сэрца. Пяклі шкадаванне і пяшчота, жаль і разуменне віны, заблытанасці жыцця.

З гэтым усім адчуваў на шыі мяккія ручкі, ля грудзей кволую, бясконца дарагую істоту.

Яна сама зняла рукі, раптам, нібы патрабуючы, сказала:

— Ты хутчэй вяртайся... бо я буду сумаваць...

Яе словы ўзварушылі самую глыбіню сэрца Аляксея. Самае чулае, балючае ў ім.

— Вярнуся, дачушка мая... Абавязкова вярнуся...

— Глядзі ж, вярніся! Мы будзем з бабуляю чакаць!

Аляксей пацалаваў яе ў лобік, у шчочкі, асцярожна паставіў на зямлю.

Ускінуў за плячо рэчавы мяшок, шынель узяў на руку і адразу пабег да машыны. Ускочыўшы ў кузаў, дзе сядзелі ўжо некалькі вайсковых, Аляксей азірнуўся. Дачка махала яму сваёй маленькай, кволай ручкай — сур’ёзная, задумлівая.

Стоячы ў грузавіку, ён памахаў у адказ фуражкаю. Машына рэзка рванулася, памчала па вуліцы, трасучыся на няроўным бруку. Дзве постаці на тратуары пачалі хутка аддаляцца.

Пакуль бачыў іх, Аляксей, трымаючыся рукой за кабіну, махаў ім.

Скора дачка і старая зніклі за паваротам вуліцы. Абапал беглі каменныя і драўляныя дамы, праскоквалі тэлеграфныя слупы...

Але душа яго поўнілася тымі дзвюма. Тугой развітання. Любоўю і жалем да дачкі. І болем пра Ніну. Больш за ўсё — жалем і болем.

«Хутчэй вяртайся, тата... Мы будзем чакаць».

...Так, жыццё яго мае сэнс. Ён едзе на фронт, за якім яшчэ жывуць тыя, хто загубіў яго шчасце, Ніну, хто знявечыў яго горад. Хто пагражае яшчэ яго малой.

Ён не ведае, хто іменна забіў Ніну. Але ён ведае, каму помсціць. Яму вядома, хто вывучыў забойц, хто прысылаў іх сюды, нацэльваў дулы іх аўтаматаў.

Ён не дасць сабе спакою да канца вайны. Ці да смяротнай сваёй хвіліны...

У яго ёсць дачка. Калі суджана будзе вярнуцца, ён аддасць сваё жыццё ёй. Ён зробіць так, каб яе гады, як і гады яе сябровак, былі шчаслівымі, бясхмарнымі. Каб ніхто ніколі не мог адабраць у іх радасці жыцця, будучыні.

1947—1953, 1967—1973

 

 

 

ЗАМЕСТ ЭПІЛОГА

Перагорнута апошняя старонка кнігі. «Што ж далей?» — часта пытаецца чытач, які доўга хадзіў з героямі рамана па сцежках жыцця, разам з імі радаваўся і пакутаваў.

Далей было жыццё, пра якое маглі б расказаць многія кнігі, многія тамы. Пра гэта напісалі і будуць пісаць яшчэ іншыя.

Коратка ж з героямі гэтай кнігі вось што было. Аляксей Лагуновіч быў яшчэ раз паранены пасля пераправы цераз Віслу, паранены, на шчасце, лёгка: яму перабіла асколкам палец на левай руцэ. Вайну ён закончыў у нямецкім горадзе Шверыне, адкуль неўзабаве пасля перамогі дэмабілізаваўся і вярнуўся ў родны Мінск. У Мінску жыве і працуе ён да сённяшняга дня. Жыве ён цяпер не адзінока: гады праз тры пасля вяртання ён ажаніўся з Нінінай сяброўкай Клавай, якая стала другой маткаю яго дачцэ Людзе.

Яны нярэдка ўспамінаюць Ніну, але ўспамінаюць з кожным годам спакайней: чалавек не можа быць вечна ў горы, жывым трэба жыць...

Люда вырасла так, што не пазнаць. Як і ўсе аднагодкі, яна ходзіць у школу. Нядаўна яна распытвала бацьку пра сваю маці і доўга потым хадзіла ў сумнай задуменнасці. Бабулі яе няма ў жывых: толькі на паўтара года перажыла яна гібель сваёй дачкі...

Туравец па-ранейшаму на партыйнай рабоце, але не ў Мінску, а ў адной з абласцей. Сын яго Юрый у арміі, капітанам у дэсантнай часці. У арміі застаўся і Сандро Гогабярыдзе, які цяпер камандуе танкавым падраздзяленнем у нашых войсках, што ў Германіі. Ён ужо даўно не лейтэнант, хутка, мабыць, будзе палкоўнікам, галаву яго бярэ сівізна, але, як і тады, ён гарачы і быстры.

У арміі застаўся і Ермакоў, які некалькі гадоў назад скончыў у Маскве ваенную акадэмію і верна служыць свайму «богу» — артылерыі.

Васіль Крайко працуе парторгам на адным вялікім заводзе. Там жа на заводзе і яго жонка, Валя, загадчык адной з лабараторый. Нягледзячы на гады, Валя характарам не перамянілася, і ў сям’і найчасцей камандуе ўсім яна. Сябры кажуць, што яна трымае свайго Васіля «ў руках».

Рэдка можна ўбачыць у Мінску Шашуру. Кіруючая кар’ера ў сталовай скончылася для яго няўдала: Шашуру далі вымову за адну смелую і незаконную аперацыю, і ён, абражаны, неўзабаве перабраўся «на перыферыю», дзе, кажуць, працуе — і з поспехам — па нарыхтоўцы прадуктаў...

Далёка ад Мінска Быстроў, у роднай яму сібірскай старане. А Сонцаў, паплечнік яго, у другім баку, спіць вечным сном на польскай зямлі...

Уся краіна з болем перажыла смерць выдатнага палкаводца і цудоўнага чалавека — генерала Чарняхоўскага...

Многа горкіх і радасных падзей прайшло, прашумела над зямлёй. Але памяць пра тое лета, пра вялікі паход не ціхне. Як вечны помнік пра іх, пра Мінскі напрамак, устае на былых руінах і пустэчах вялікі горад, малады Мінск, адна з вуліц якога ўдзячна ўвекавечыла слаўнае імя генерала.

 

1959 г.


1947-1953; 1967-1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 3. Мінскі напрамак: Раман у трох кнігах; Кніга першая: Хмары на світанні. - Мн.: Маст. літ., 1980. - 416 с. і Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 4. Мінскі напрамак: Раман у 3-х кн. Кн. 2-я. Мінск за небакраем; Кн. 3-я. Будучыня з намі. - Мн.: Маст. літ., 1981. - с. 7-517
Крыніца: скан