epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Мы — інтэрнацыяналісты

Таварышы, панове!

У канцы 1919 года, 28 снежня, У. І. Ленін звярнуўся з «Пісьмом да рабочых і сялян Украіны ў сувязі з перамогамі над Дзянікіным».

У гэтым пісьме ёсць вельмі важныя радкі, якія ў надзвычай сціслым, канцэнтраваным выглядзе вызначаюць погляды кіраўніка нашай першай у свеце сацыялістычнай дзяржавы на палітыку нашай партыі і дзяржавы ў галіне ўзаемаадносін паміж рознымі народамі, вызначаюць аснову гэтых узаемаадносін.

Вось гэтыя словы:

«Мы — праціўнікі нацыянальнай варожасці, нацыянальнай розні, нацыянальнай адасобленасці. Мы — міжнароднікі, інтэрнацыяналісты...

Мы хочам дабравольнага саюза нацый, — такога саюза, які не дапускаў бы ніякага насілля адной нацыі над другой, — такога саюза, які быў бы заснаваны на паўнейшым давер’і, на ясным усведамленні брацкага адзінства, на зусім дабравольнай згодзе. Такі саюз нельга ажыццявіць адразу; да яго трэба дапрацавацца з найвялікшай цярплівасцю і асцярожнасцю, каб не сапсаваць справу, каб не выклікаць недавер’я, каб даць зжыць недавер’е, пакінутае вякамі гнёту памешчыкаў і капіталістаў, прыватнай уласнасці і варожасці з-за яе падзелаў і перадзелаў».

Гэтыя словы, з дня напісання якіх мінула ўжо паўстагоддзя, і сёння ў сваім нязменным значэнні выказваюць сутнасць дзейнасці нашай партыі і нашай дзяржавы ва ўзаемаадносінах паміж народамі.

Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік — гэта рэальнае ўвасабленне ленінскіх прынцыпаў як сапраўды інтэрнацыяналісцкіх, пралетарскіх, увасабленне жыццяздольнасці і жыццетрываласці гэтых прынцыпаў.

Больш чым пяцідзесяцігадовая гісторыя існавання савецкіх рэспублік і амаль пяцідзесяцігадовая гісторыя іх сумеснай дзейнасці ў адзінай дзяржаве новага тыпу — Саюзе Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік — гэта гісторыя стварэння, удасканалення і ўмацавання найскладанейшага дзяржаўнага арганізма, найскладанейшай многанацыянальнай дзяржавы.

Пра тое, якая неймаверна цяжкая, складаная была работа па стварэнню такой дзяржавы, можна меркаваць хоць бы па тым, што стваралася яна на асновах, датуль не выпрабаваных, новых, што ў яе ўваходзіла вялікае мноства народаў, розных па ўкладу, па традыцыях, што спадчына, якая выпала на яе долю, была надзвычай цяжкая. У. І. Ленін не выпадкова звяртаў асаблівую ўвагу на недавер’е і варожасць як вельмі небяспечныя рысы ў спадчыне мінулага.

Вялікія цяжкасці ў рабоце партыі, якая ажыццяўляла ленінскія прынцыпы братэрства народаў у стварэнні нашай дзяржавы, бясспрэчна, давала тое, што сацыялістычная дзяржава наша будавалася ў краіне, якая далёка адставала ад індустрыяльна развітых дзяржаў, была ў палоне адвечных забабонаў. Ці трэба даказваць, што гэтая векавечная адсталасць і цяжар забабонаў асабліва востра адчуваліся на ўскраінах былой царскай Расіі, якая ніколі не песціла ўвагай «іншародцаў».

Сярод іншых былых ускраін Расіі з іх адсталасцю, стракатасцю і хаосам эканомікі Беларусь у першыя гады пасля рэвалюцыі вылучалася, бадай, тым, што гаспадарка яе была асабліва пакалечана, разбурана войнамі, якія пракаціліся па яе шматпакутнай зямлі. Сусветная вайна, кайзераўска-нямецкая акупацыя, белапольская акупацыя — шэсць гадоў вайны — ушчэнт падарвалі яе.

Нам — не першы раз у нашай гісторыі — даводзілася пачынаць будаваць жыццё, па сутнасці, на руінах і папялішчах. Такім чынам, пры стварэнні нашай савецкай рэспублікі Беларусі былі і свае, асаблівыя, так сказаць, нацыянальныя цяжкасці.

Аднак гэтае асабліва бядотнае становішча нашай рэспублікі дазволіла нам з асаблівай удзячнасцю адчуць высакароднасць ленінскіх прынцыпаў раўнапраўя, інтэрнацыянальнай салідарнасці народаў. Беларусь была адной з рэспублік, якая на працягу многіх год адчувала асаблівую падтрымку з боку ўрада Саюза ССР. Гэта дапамагло ёй паспяхова залячыць раны трох войнаў і хутка пайсці ўперад.

На прыкладзе развіцця Беларусі можна было ўбачыць ленінскія прынцыпы інтэрнацыяналізму на практыцы, у дзеянні.

Значэнне гэтых прынцыпаў братэрства, узаемнай падтрымкі народаў Савецкага Саюза стала яшчэ больш адчувальнае ў часіну небывалай вайны, якая абрынулася на нашу краіну з нападам нямецка-фашысцкіх войск. Мы, беларусы, страцілі ў гэтай вайне больш двух мільёнаў — кожнага чацвёртага чалавека, — мы перажылі страшэнныя беды, панеслі велізарныя матэрыяльныя страты, але мы маглі б страціць усё: стаяла па сутнасці пытанне аб жыцці і смерці ўсяго народа. І калі мы, нягледзячы на вялікую сілу злоснага, небяспечнага ворага, ўсё ж ачысцілі сваю зямлю, вярнулі сабе радасць жыцця, то ў гэтым таксама жывое праяўленне вялікай, несакрушальнай сілы, якою з’яўляецца братэрства савецкіх народаў, наша дзяржава — Савецкі Саюз, заснаваныя і ўмацаваныя на ленінскіх прынцыпах дружбы народаў.

Нельга прыніжаць значэнне працоўнага подзвігу самога беларускага народа, здзейсненага ім у нялёгкія пасляваенныя гады. Гэтаму подзвігу, перш за ўсё, абавязаны цяперашнім сваім абліччам і дабрабытам адбудаваныя гарады і сёлы Беларусі, якія разрасліся і ва ўсім пераўзышлі даваенныя межы. Але несправядліва было б забыць і пра тую вялікую братэрскую дапамогу, якая многія гады садзейнічала нам у нашым адраджэнні, у нашым росце і якая ішла з Расіі, з Узбекістана, з Грузіі, з усіх савецкіх рэспублік і абласцей.

І калі мы, сыны і жыхары той зямлі, якая асабліва востра помніць, што такое вайна, і якая з прычыны гэтага добра адчувае, які трывожны і небяспечны час вартуе наш лёс, калі мы, нягледзячы ні на што, на зямлі, якая бачыла многа гора, жывём цяпер у звычайных чалавечых клопатах, радуемся і спадзяёмся, то ў гэтым — таксама ўжо звыклае — адчуванне сілы нашага вялікага савецкага братэрства, нашага інтэрнацыяналізму.

Істотным у гэтым адчуванні лічым тое, што наш спакой і годнасць падмацаваны даўно ўжо і тым, што мы, што б ні здарылася, не адзінокія, што з намі народы сацыялістычных краін Еўропы і Азіі, што з намі мільёны сумленных людзей, якія хочуць жыць у спакоі і дружбе.

 

Работнік культуры Беларусі, я хацеў бы сказаць некалькі слоў пра тое, як прынцыпы ленінскай нацыянальнай палітыкі адбіліся на развіцці культуры беларускага народа.

У гісторыі беларускай культуры ёсць такія выдатныя факты, як дзейнасць нашага першага кнігадрукара Францыска Скарыны, які яшчэ ў 1517 —1520 гадах пачаў друкаваць кнігі на беларускай мове. Аднак бліскучы гэты пачатак не атрымаў належнага развіцця: у наступныя стагоддзі беларуская культура па многіх прычынах усё больш прыходзіла ў заняпад. Да сярэдзіны XIX стагоддзя творчыя імкненні беларускага народа маглі выказваць сябе толькі ў надзвычай багатым фальклоры ды ў ананімных творах літаратурнага паходжання, што перадаваліся з вуснаў у вусны.

Тут хочацца сказаць пра тое, што беларуская зямля ніколі не была бедная на таленты. Як доказ гэтага можна было б прывесці многія факты. Спашлёмся на некаторыя, асабліва цікавыя. У ёй, у гэтай зямлі, напрыклад, карэнні радаслоўнай Дастаеўскага — памяць пра род якога захоўвае дасюль вёска Дастоева — непадалёку ад палескага горада Пінска. Гэтая зямля дала сусветнай культуры паэта Адама Міцкевіча і кампазітара Станіслава Манюшку. Цікава і тое, што з зямлёй гэтай звязаны праз дзеда свайго — рэвалюцыянера-эмігранта — цудоўны французскі паэт Апалінэр.

Але сама беларуская культура толькі ў канцы XIX стагоддзя і ў пачатку ХХ стагоддзя пачала па-сапраўднаму заяўляць пра сябе дзейнасцю вялікіх паэтаў, дастойных сыноў народа — Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча.

Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што гэтае станаўленне новай беларускай літаратуры адбывалася ў абставінах цяжкага нацыянальнага прыгнёту, адкрытых ганенняў з боку царскага ўрада. Да першай сусветнай вайны рэгулярна выходзіла толькі адна беларуская газета — «Наша ніва».

Кастрычніцкая рэвалюцыя ўпершыню стварыла шырокія магчымасці для развіцця беларускай культуры. Дзякуючы пастаяннай і ўсебаковай дапамозе Савецкага ўрада стала з надзвычайнай хуткасцю набіраць сілы літаратура. Былі створаны нацыянальныя тэатры, быў адкрыты па пастанове, падпісанай Леніным, Беларускі дзяржаўны універсітэт. Быў створаны Інстытут беларускай культуры, пазней, 1 студзеня 1929 года, пераўтвораны ў Акадэмію навук Беларусі, у якой цяпер у 30 навуковых інстытутах працуе каля 7 тысяч чалавек, у тым ліку 90 дактароў і 720 кандыдатаў навук. Работа многіх нашых вучоных вядзецца на ўзроўні самых высокіх дасягненняў сучаснай навукі.

Можна было б прывесці многа доказаў таго, які высокі сёння ў былой ускраіне царскай Расіі — Беларусі — узровень культуры і гаспадаркі. Але ў гэтым, бадай, няма неабходнасці: дзесяткі краін свету ведаюць аўтамабілі Мінскага аўтазавода, трактары «Беларусь», нашы электронна-вылічальныя машыны «Мінск». Беларусь сёння выйшла ў лік перадавых індустрыяльных краін свету. Вось яно — ажыццяўленне мары Леніна на прыкладзе адной з савецкіх рэспублік.

 

«Важнейшая крыніца ўсеперамагаючай сілы ленінізма, — адзначаецца ў Тэзісах ЦК КПСС «Да стагоддзя з дня нараджэння У. І Леніна», — у тым, што ў самой яго сутнасці закладзены пралетарскі інтэрнацыяналізм».

Заўсёды — у дні мірнага жыцця і ў дні ваенных выпрабаванняў — мы адчувалі падтрымку мільёнаў сяброў ва ўсім свеце.

Мы ніколі не забудзем, з якім гераізмам змагаліся за Савецкую Расію на палях грамадзянскай вайны гераічныя латышскія стралкі, венгерскія і югаслаўскія салдаты, якія ў рускім палоне хутка зразумелі вялікую інтэрнацыянальную сутнасць Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Мы, беларусы, заўсёды з пачуццём удзячнасці будзем памятаць, што ў радах тых, хто абараняў беларускую зямлю ў цяжкім сорак першым годзе, побач з беларусамі, рускімі, узбекамі быў і іспанец — лейтэнант Рубэн Ібаруры. Мы ніколі не забудзем таго, што ў лясах роднага мне беларускага Палесся разам з украінцамі і беларусамі-партызанамі змагаўся і аддаў сваё жыццё за свабоду нашай зямлі адважны славак Герой Савецкага Саюза Ян Налепка — былы афіцэр ахоўнай дывізіі, якую нямецка-фашысцкае камандаванне перакінула на ўсход для барацьбы з партызанамі. У Мінску гераічна завяршыў свой цяжкі шлях немец Фрыц Шменкель, былы салдат вермахта, якога ўсведамленне інтэрнацыянальнага абавязку зрабіла савецкім разведчыкам. Неба Беларусі помніць рокат баявых самалётаў французскага авіяпалка «Нармандыя-Нёман», што вызваляў беларускую зямлю ў радах Савецкай Арміі ў 1944 годзе. Зямля Беларусі помніць поступ салдат Польскай дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі, якія пачалі ад беларускай вёскі Леніна свой шлях на радзіму і ўдзельнічалі ў вызваленні многіх нашых сёл.

Помнячы гэта, мы ганарымся тым, што многія нашы людзі, у тым ліку і беларусы, самааддана змагаліся ў радах байцоў французскага і італьянскага Супраціўлення, змагаліся за свабоду Польшчы і Югаславіі.

Ад гэтай сваёй асаблівасці мы з братэрскай увагай сочым сёння за ўсім, што адбываецца ў джунглях В’етнама і на голых, трывожных берагах Суэцкага канала. Таму мы гатовы заўсёды працягнуць руку дапамогі тым, хто змагаецца за сваю свабоду, за права жыць і будаваць сваё жыццё па-свойму, а не па ўказцы збоку.

Пачуцці гэтыя для нас дарагія, і мы перадаём іх нашым дзецям, нашай будучыні, адданым дзеячам шматлікіх у Беларусі клубаў інтэрнацыянальнай дружбы.

Мы будзем усё рабіць для таго, каб дружба і братэрства народаў не слабелі, а мацнелі з году ў год. Бо мы заўсёды былі і заўсёды будзем, як пісаў У. І. Ленін у 1919 годзе, — «міжнароднікі, інтэрнацыяналісты».

 

1970


1970

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 388-393
Крыніца: скан