epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Мы помнім

Нам, і немаладым, і маладым людзям, добра знаёма аблічча вайны. Многія з нас бачылі, як палалі падпаленыя бомбамі, скінутымі з фашысцкіх бамбардзіроўшчыкаў, нашы вёскі і гарады, як за некалькі жахлівых хвілін бесчалавечна нішчыўся плён гадоў і нават цэлых стагоддзяў. Мы добра помнім, як душыць горла горкі ўедлівы дым на палаючых вуліцах, мы добра помнім, як родныя палі з залатым морам жытоў тапталі прагнымі гусеніцамі злавесныя варожыя танкі. І таму, што ўсё гэта ярка жыве ў нашай памяці, мы, як адзін чалавек, заяўляем тым, хто песціць і ўзбройвае зноў учарашніх забойцаў, што мы не прымірымся з іх крывавымі замысламі, з іх бесчалавечнымі намерамі, пад якой маскаю яны не хаваліся б.

Мы не просім міру. Мы патрабуем яго. Толькі недалёкія, не надзеленыя дастаткова розумам ваяўнічыя стратэгі на паперы могуць наіўна разлічваць, што нас можна запалохаць пагрозамі, націскам з пазіцыі сілы. Дэкларацыя, падпісаная ў Маскве міралюбівымі еўрапейскімі краінамі разам з Савецкім Саюзам, ясна паказвае ўсім любіцелям крывавых спраў, што народы Еўропы не дадуць больш ашукаць сябе дыпламатычнымі выкрутамі і ні ў якім разе не прымірацца з тым, каб зноў ажыў, узброіўся, узмацніўся люты фашысцкі звер, які прынёс мільёнам людзей нязмерныя пакуты і незлічоныя чалавечыя ахвяры.

Мы, людзі, якія дзесяць гадоў назад насілі ваенныя шынялі, помнім не толькі пажары і магілы забітых жанчын і дзяцей. Мы таксама помнім пыльныя гарачыя дарогі, што здрыгаліся ад магутнага поступу савецкіх танкавых злучэнняў, нябёсы, запоўненыя армадамі самалётаў з чырвонымі зоркамі, помнім артылерыйскія падрыхтоўкі, агонь якіх сціраў з зямлі самыя дасканалыя гітлераўскія ўмацаваныя паясы. Мы помнім бясконцыя панурыя натоўпы знявераных палонных захопнікаў, што пакорліва брылі па дарогах Міншчыны, пад Бабруйскам, у Прыбалтыцы. Мы помнім гэта і таму ведаем сваю сілу. Не шкодзіла, каб аб гэтым — пакуль не позна — успомнілі тыя, што пагрозна размахваюць зброяй у наш бок.

 

1954


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 124-125
Крыніца: скан