epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Мы разумеем ваша гора. (Слова да грэчаскіх эмігрантаў)

Дарагія таварышы, мне цяжка гаварыць. Я ўсхваляваны. Мяне ўсхвалявалі песні, якія вы спявалі перад гэтай сустрэчай. Яны вельмі шчырыя і вельмі журботныя. Ад іх смутку шчыміць у сэрцы. Я ўпершыню чую іх, але яны быццам знаёмыя. Дзіўна знаёмыя. Яны падобныя да старых песень майго народа — беларускіх песень. Таму, відаць, так зразумелы мне іх смутак. І так шчыміць ад іх у сэрцы.

Ёсць і яшчэ адна прычына майго хвалявання. У мінулым я быў салдатам. Быў на фронце. Мая Радзіма ў тую вайну была пад уладай акупантаў. Фашысцкіх акупантаў. Як і ваша цяпер. І я сумаваў, балеў душою, асабліва калі пасля ранення апынуўся ў тыле. Я сумаваў па родным краі, але ён быў далёка, мне не было туды дарогі, толькі думкай я мог пераносіцца туды, у родныя лясы і палі. Як, мабыць, і вы зараз. Маё сэрца балела, я не ведаў, што там, на роднай маёй зямлі.

Гэты смутак зноў лёг мне на сэрца. Хоць я думаю не пра сваю родную зямлю, а пра вашу. Маё гора як бы зноў ажыло ў сэрцы, таму што тое, што я зведаў калісьці, так падобна да таго, што, відаць, перажываеце вы цяпер. Таму што гора, якое адчуваеце вы цяпер, было калісьці маім горам, яно мне такое зразумелае і блізкае.

Гора Грэцыі зразумелае і блізкае ўсяму савецкаму народу. Мы, мільёны савецкіх людзей, усім сэрцам разам з грэчаскім народам, які аказаўся пад уладай чорных палкоўнікаў, разам з вамі, таварышы, сябры!

Хунта прадала грэчаскі народ амерыканскім імперыялістам, генералам НАТА, якія рызыкуюць лёсам свету. Мы ведаем, што яна, імкнучыся ўтрымаць народ у паслушэнстве, не грэбуе нічым: жорсткімі рэпрэсіямі, хітрымі манеўрамі, вытанчанай хлуснёй.

Але мы таксама ведаем, упэўнены ў тым, што, якія б жорсткасці і падман чорныя палкоўнікі ні ўжывалі, улада палкоўнікаў над народам не вечная!

Дарагія сябры, я хачу, каб вы заўсёды ведалі і адчувалі, што ў гэтыя цяжкія, невыносна цяжкія для вас дні і гады мая краіна, савецкія людзі разам з перадавой Грэцыяй, з Грэцыяй непакоранай, якая прагне свабоды, з вамі, таварышы!

Нашы сэрцы разам з вамі! У гэтую гадзіну цяжкіх выпрабаванняў, якія выпалі на вашу долю, ведайце: у вас былі, ёсць і будуць заўсёды надзейныя сябры — савецкія людзі, Савецкі Саюз!

Журботныя, трывожаць сэрца вашы цудоўныя песні, што так падобны да нашых старых. Але я ведаю: будуць у вас і іншыя песні. Будуць у вас светлыя песні, песні волі. Іх будзеце спяваць вы. У вольнай Грэцыі.

Няхай жыве і будзе вечна вольная дэмакратычная Грэцыя!

Няхай жыве пралетарская салідарнасць у барацьбе за свабоду народаў!

 

1971


1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 452-453
Крыніца: скан