epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

На вышыні жыцця

Таварышы, я хачу выказаць некалькі разваг пра наш момант развіцця літаратуры.

Момант гэты, на маю думку, цікавы і важны.

У яго, вядома, многа адзнак, але, я думаю, галоўная з іх тая, што гэты момант — на лініі значных змен. На лініі росту.

Я лічу, што іменна з гэтай прычыны ў літаратуры нашай, як і на сённяшняй нарадзе, ідуць спрэчкі. Гэта спрэчкі — натуральныя, больш таго — непазбежныя. Важна толькі — каб яны вяліся на прынцыповай аснове. З мэтай высвятлення ісціны, у імя росту літаратуры.

Карысць іх будзе залежаць, перш за ўсё, ад таго, з якой увагай і павагай мы будзем ставіцца да фактаў, наколькі будзе ў нас жадання і ўмення разабрацца у іх.

Мы, думаю, нямала зрабілі ў гэтых адносінах. Але, відаць, такой жа справядлівай будзе і думка пра тое, што яшчэ больш нам належыць зрабіць.

Якія адзнакі нашага цяперашняга стану і руху? Перш за ўсё трэба сказаць, што літаратура стала больш грунтоўна і ўсебакова даследаваць жыццё. Яна часцей стараецца зазірнуць у глыбіню з’яў і чалавека, прычым бачыць не толькі тое, што цешыць вока, але і выклікае заклапочанасць. Гэта значыць, што яна стала больш разумнай, праўдзівай і мужнай. Гэта значыць, што яна мае большае права лічыцца надзейнай дарадчыцай людзей.

Гэтыя думкі можна выказаць і так: адна з важных асаблівасцей нашай сённяшняй літаратуры ў яе разуменні, што свет, жыццё — складаныя і што літаратура павінна ўмець адбіваць, раскрываць гэту складанасць.

Мы зразумелі, што ў аснове з’яў няспынна дзейнічаюць няпростыя законы дыялектыкі, разнастайных дыялектычных сувязей. Законы барацьбы супрацьлегласцей.

На жаль, разумення гэтага аказалася недастаткова, каб складанасць гэту перадаць у мастацкі пераканаўчых карцінах жыцця, у рухомым свеце чалавечых вобразаў.

Трэба шчыра сказаць, што, пры бясспрэчных нашых поспехах, нам не заўсёды ўдаецца даследаванне жыццёвай і чалавечай дыялектыкі, і ў гэтым адна з найбольшых мастацкіх задач нашага часу.

Леанід Лявонаў неяк гаварыў, што літаратура нашых дзён імкнецца выйсці са сферы даследаванняў метадам арыфметыкі ў сферу даследаванняў метадамі вышэйшай алгебры. Відаць, ёсць падставы сказаць, што і мы выйшлі да больш дакладных даследаванняў, што спосаб даследаванняў вышэйшаю алгебраю нам пакуль, на жаль, не заўсёды даецца.

Прычын, якія заміналі і замінаюць нам на шляху развіцця літаратуры, удасканалення і паглыблення даследаванняў, нямала, я хачу адзначыць некаторыя. Адна з найбольш вядомых, на маю думку, — вульгарны сацыялагізм, які многія гады фактычна дыктаваў свае законы літаратуры і нарабіў ёй даволі бяды. Вульгарны сацыялагізм, абвяшчаючы сваёй мэтаю клопаты пра сацыяльную выразнасць ацэнак з’яў і паводзін людзей, як вядома, на практыцы арыентаваў літаратуру на спрашчэнне, на недавер'е да складанасці жыцця і — у той ці іншай меры скіроўваў на разрыў літаратуры з жыццём.

Побач з вульгарным сацыялагізмам я паставіў бы такія небяспечныя хваробы літаратуры, як дагматызм і дэмагогію. Хваробы гэтыя звязаны між сабою, ды, можа быць, лепш сказаць, яны — розныя якасці адной і той жа з’явы, што аслабляе здаровую моц літаратуры. Сапраўды ж, хіба ў сутнасці сваёй вульгарны сацыялагізм не з’яўляецца праявай дагматычнага погляду на жыццё, дэмагогіі ў ацэнцы жыццёвых з’яў.

Шкода дагматызму ў тым, што ён з самага пачатку навязваў пісьменнікам гатовыя, недасканалыя рашэнні, што ён сам па сабе выключаў магчымасць сур’ёзнага і сумленнага даследавання жыцця, падточваў самыя асновы літаратуры. У сутнасці сваёй прызнаючы як норму літаратуры неадпаведнасць з’яў мастацтва і жыцця, выказваючы непавагу да жывога жыцця, дагматызм не мог не выклікаць дэмагогіі, што павінна была прыхоўваць несуладнасць між літаратурай і жыццём.

Дэмагогія памагала дагматызму не лічыцца з фактамі, адвольна тлумачыць з’явы гісторыі і сучаснасці. Будучы грэшнаю перад рэальнасцю, яна разам з тым выстаўляла сябе як нейкі вартавы праўды. Згадайце хоць бы яшчэ вельмі помнае: «У жыцці так не бывае». Будучы вінаватаю перад жыццём, дэмагогія, падумайце толькі, падмацоўвала сябе аўтарытэтам жыцця! «У жыцці так не бывае».

У аснове сваёй гэтыя заганы літаратуры выяўлялі сваю бездапаможнасць многіх з нас перад жыццём, перад фактамі. Яны разам з тым выяўлялі і слабасць філасофскай падрыхтаванасці нашай літаратуры, няўменне многіх з нас належна карыстацца такімі надзейнымі метадамі даследаванняў грамадскіх з’яў, як метады марксісцка-ленінскай філасофіі.

Я не сумняваюся ў тым, што такая выразная непрыхільнасць да дагматызму і дэмагогіі, якая адчуваецца цяпер у вялікай часткі літаратуры, у тым ліку крытыкі, — з’ява, якая сведчыць пра філасофскае пасталенне нашай літаратуры, пра тое, што ёй становіцца па сіле рашэнне складаных мастацкіх задач. З той дасканаласцю, дакладнасцю, якія Л. Лявонаў назваў спосабам вышэйшай алгебры.

Трэба, праўда, сказаць, што той-сёй з дзеячаў літаратуры на гэту «пераацэнку вартасцей» адгукаецца з неспакоем, бачыць у ёй нібы пагрозу для асноў літаратуры. Думаю, што неспакой гэты — марны, што імкненне ачысціць літаратуру ад таго, што непатрэбным грузам наліпла на ёй, трэба толькі вітаць.

Зазначу яшчэ, што неспакой гэтых пісьменнікаў — вынік пэўнай духоўнай інертнасці, нежадання браць на душу клопаты. Але клопаты гэтыя — неабходны літаратуры.

З другога боку, той факт, што літаратуры нядаўніх дзён былі ўласцівы такія паганыя заганы, пэўна ж не павінен выклікаць сумнення ў саміх асновах нашай літаратуры. Зброю нельга лічыць кепскаю ад таго, што ёю кепска валодаюць.

Хачу сказаць, што той рост, які мы добра адчуваем і ў якім паасобку і разам удзельнічаем, не ёсць з’ява, што нарадзілася толькі ў літаратуры і яе адной датычыцца.

Не, рост гэты — частка агульнага, лепш сказаць — усеагульнага росту нашага жыцця. Адпаведна літаратуры раслі іншыя галіны мастацтва, раслі розныя галіны навукі, пасталела грамадства ў цэлым. Усё гэта — вынік значнага, павучальнага вопыту жыцця нашага грамадства, таго шляху, які прайшоў наш народ да сённяшніх дзён. Важнай вяхой у асэнсаванні нашага вопыту стаў, як вядома, ХХ з’езд партыі, які фактычна пазначыў сабой новы, больш высокі ўзровень разумення гісторыі і з’яў сённяшняга жыцця, іх заканамернасцей і кірункаў.

Адным словам, можна гаварыць пра вышыню сучаснага вопыту нашага грамадства, які выклікаў неабходнасць уздыму літаратуры.

У гэтым узаемадзеянні — грамадства і літаратура — ёсць адна якасць, якую трэба адзначыць асобна. За гады Савецкай улады на нашых вачах адбылася з’ява, якая мае для нас выключнае значэнне. Гэта з’ява мае назву рэвалюцыі, культурнага будаўніцтва. Гэта — сапраўды рэвалюцыя!

Мы маем усе падставы ганарыцца гэтым выдатным дасягненнем нашай краіны.

Але заслужана цешачыся, мы разам з тым не павінны заплюшчваць вочы на тое, што гэтае вялікае дасягненне дае падставы не толькі для радасці, але і для сур’ёзнага клопату. Незвычайны рост адукацыі мільёнаў людзей у нашай краіне паставіў, няцяжка заўважыць, і свае праблемы.

У выніку імклівага росту асветы незвычайна вырас наш чалавек — радавы чытач. Ён многа ведае, многа разумее, ён многага патрабуе. Я хачу падкрэсліць апошняе: цяперашняму нашаму чытачу многа патрэбна. Размову з ім літаратура павінна весці на належным, сур’ёзным узроўні, на ўзроўні сучасных ведаў, сучаснай культуры. Толькі ў такім разе яна здолее быць годнай дарадчыцай чытача.

Можна сказаць, што за літаратурай нашай ёсць строгі кантроль, кантроль народа, які багата ведае і багата чакае ад нас.

Мы можам або заслужыць павагу народа, калі будзем працаваць для яго на належным узроўні, з годнасцю і сумленнасцю, або страціць яго павагу і яго давер’е, калі набытак нашай работы будзе нікчэмны. Калі мы будзем маўчаць у адказ на пытанні, якія хвалююць людзей, не весці сур’ёзных абмеркаванняў, асабліва там, дзе трэба глыбокая, можа быць, няпростая парада.

У жыцці не ўсё проста. Не ўсё проста і ў нашым учарашнім і сённяшнім дні. Не пра ўсё, як вядома, лёгка пісаць. Але, я ўпэўнен, у жыцці няма такога, пра што нельга было б пісаць. Пра ўсё можна — і трэба пісаць, пісаць праўдзіва, разумна, па-партыйнаму. Літаратура павінна ўмець адказваць на любыя пытанні.

У народзе заўсёды цанілася праўдзівасць, сумленнасць, будзем заўсёды помніць пра гэта.

Мы добра бачым, што ў агромністасці народу ёсць багата чытачоў, якіх цалкам задавальняе ўзровень рамана «І адзін у полі воін», твораў-забавак, узоры якіх даволі даюць і літаратура, і тэлебачанне, і кіно. Добра бачым, што колькасць такой прадукцыі пагрозліва расце. Факт гэты, відаць, сведчыць пра тое, што культура не заўсёды ўпраўляецца ісці ў нагу з адукацыяй, што яна можа і нярэдка далёка адставаць. Наяўнасць неглыбокага і недалёкага чытача, аднак, не павінна даваць права на жыццё пустым, нізкапробным падробкам пад літаратуру. У сваіх патрабаваннях да літаратуры мы павінны быць максімалістамі, кіравацца найбольшымі задачамі. Канечнаю з іх павінна быць: народу — самае лепшае. У гэтых адносінах я бачу выключную ролю крытыкі, якая ў нашых радах павінна быць тым нашым пісьменніцкім наглядам, што ў імя агульнай справы справядліва і строга сачыў бы за якасцю нашай працы. І які разам з тым дбаў бы пра густ масавага чытача, спрыяў бы яго палепшанню, яго культуры.

Вось некаторыя агульныя развагі аб нашай літаратуры, якія мне хацелася выказаць на гэтым абмеркаванні.

Хачу сказаць таксама трохі пра другі наш клопат, які, як відаць з выступленняў, вельмі хвалюе многіх. Пра мову.

Мяне таксама хвалюе гэта. Ды і ці дзіўна: мова — аснова асноў літаратуры. І сённяшні і заўтрашні дзень літаратуры — у сённяшнім і заўтрашнім дні мовы.

У нас ёсць сур’ёзныя падставы турбавацца за лёс нашай мовы. Пра гэта кажуць і выступленні тут і многія, даўно вядомыя факты. Усім вядома, як кепска пастаўлена вывучэнне беларускай мовы ў школах, дзе асабліва ў сталічных школах англійская мова нярэдка ў лепшым становішчы, чым родная, беларуская. Цяжка зразумець правамернасць такога парадку, пры якім для паступлення ў беларускія ВНУ не абавязкова ведаць беларускую мову. Алгебру, фізіку, хімію, рускую мову трэба ведаць, а беларускую, аказваецца, не абавязкова. Правілы для паступлення ў Беларускі дзяржаўны універсітэт не патрабуюць ведання беларускай мовы!

Цяжка зразумець нармальнасць такога становішча, пры якім рад рэспубліканскіх выдавецтваў на беларускай, на роднай мове выдаюць або вельмі рэдка, або зусім не выдаюць. Вазьміце, да прыкладу, «Навука і тэхніка», «Вышэйшая школа», «Ураджай». Ды і выдавецтва «Беларусь» на беларускай мове як правіла выдае толькі мастацкую літаратуру, творы беларускіх пісьменнікаў, ды і то куды ахвотней, і вялікімі тыражамі спяшаецца выдаць іх потым у перакладзе. Мала выдаецца на роднай мове палітычнай літаратуры, яшчэ менш — медыцынскай, і ўжо зусім зачынены дзверы для беларускай мовы ў тэхнічную, эканамічную літаратуры, у навуковую,— амаль ва ўсе галіны навукі. Зусім не лічыць патрэбным выпускаць творы на беларускай мове студыя «Беларусьфільм»!

Можна прывесці яшчэ нямала фактаў, якія сведчаць пра ненармальныя адносіны да беларускай мовы ў многіх установах рэспублікі. Гэтыя факты сведчаць, што ў цэлым шэрагу ўстаноў як бы звычайным стаў зняважлівы погляд на родную мову нашага народа. Думаю, што яго можна разглядаць як выразную праяву нігілістычных адносін да нашай мовы.

Як гэта магло адбыцца? У чым прычыны такога становішча? У чым яго асаблівасці?

Перш за ўсё асаблівасці.

Пачнём з вытокаў іх. Прыгледзеўшыся, адразу заўважым, што тут даволі складаная цераспалосіца. Па-першае, адзначым, што ў масе нашага народа жыве вялікая любоў, давер’е да рускай мовы, да рускай культуры, і не толькі да рускай, таксама і да польскай, і ўкраінскай. Гэта і натуральна: блізкія народы, блізкая, а часта і агульная гісторыя. Тут — высакародныя пачуцці дружбы. Тут усё ясна.

Далей убачым: больш за стагоддзе руская мова — звыклая, дзелавая мова ўсіх устаноў, мова, што яднала народы Беларусі... Тут таксама не патрэбны тлумачэнні. Бадай, не трэба тлумачэнняў і таму факту, што руская і польская мовы з вялікімі і моцнымі традыцыямі, беларуская — маладая, мова меншага народа.

Далей: руская мова — мова шырокага распаўсюджвання, яна дае выхад да мільёнаў людзей, да ўсіх народаў краіны, свету, і тут зразумелае імкненне вучоных атрымаць найшырэйшую вядомасць, загаварыць адразу са светам... Але тут і такія з’явы: пераклады на рускую мову выгадны з фінансавых меркаванняў. Выданне на рускай — гэта вялікія тыражы, заўсёды грашовы прыбытак, на беларускай — тыражы малыя, убытак. За прыбытак — прэмія... і выдаюцца ў беларускіх выдавецтвах беларускія аўтары ў перакладзе і чытаюць у перакладах сваіх пісьменнікаў іх чытачы, і што далей, тым — больш.

Адна з цікавых асаблівасцей незайздроснага стану нашай мовы ў тым, што як правіла найбольш нігілістычна ставяцца да беларускай мовы тыя, хто, здавалася, павінен быў бы яе шанаваць, для каго яна ад бацькоў родная. З’ява гэта «цікавая», але няновая, ёй вычарпальную і знішчальную характарыстыку з геніяльнай праніклівасцю даў даўно У. І. Ленін, які пісаў: «...известно, что обрусевшие инородцы всегда пересаливают по части истинно русского настроения...»

Бясспрэчна, адна з прычын такога сучаснага «казусу» ў той спадчыне, якую мы атрымалі ў 1917 годзе. На жаль, павінны сказаць адкрыта, што для нашага народа, для многіх людзей не прайшлі бясследна дзесяцігоддзі і стагоддзі ўпартай русіфікацыі і паланізацыі, якую вялі самадзяржаўныя і шляхецка-магнацкія «цівілізатары». Жыве, дзіўна мяшаючыся з сучаснай культурай, у многіх часам адукаваных людзей закарэлая няўпэўнасць, а іншы раз і сорам за сваю «гаворку». Пераконанне, што яна «ніжэйшая», дамашняя, нягожая. Не малую ролю тут адыгрывае, вядома, і мяшчанская мімікрыя, імкненне падладжвацца пад мацнейшага, пад больш прызнаны колер. Свае «заслугі» мае тут і блытаніна ў некаторых галінах нацыянальнага пытання, у прыватнасці, артыкулы, падобныя тым, з якімі выступаў славуты А. Агаеў.

Вось якая стракатая карціна вымалёўваецца, хоць мы ўзялі толькі некаторыя фарбы. Вось які складаны вузел, хоць узнята «прыватнае» пытанне. Мімаволі ўспамінаеш думку У. І. Леніна пра тое, што нацыянальнае пытанне адно з самых блытаных. Дарэчы, як умеў Ленін бачыць пытанне гэтае ва ўсіх сувязях...

Работы У. І. Леніна па нацыянальнаму пытанню дасюль застаюцца ўзорам глыбіні і ўсебаковасці ў даследаванні гэтай складанай праблемы. Іх вельмі многа, яны склалі вялікі том, які Ленін пісаў амаль усё жыццё. Факт, які гаворыць пра тое, як хвалявала яго гэта пытанне, многія яго галіны...

Але ж ці не дарэмна гаворым мы пра такое «звычайнае» пытанне з такім запалам? Ці няма ў гэтым якой-небудзь нездаровасці? Многія прынялі гэта зусім спакойна, для іх тут наогул няма пытання. Нямала такіх, што з разуменнем сваёй вышэйшасці адкінулі як непатрэбства састарэлы цяжар роднай спадчыны. Ёсць такія, што бачаць у гэтым перадавую, вартую ўсякай падтрымкі з’яву, «знамение времени».

Не, мы не можам глядзець на гэта абыякава. Не можам таму, што пытанне аб мове — гэта пытанне аб будучыні нашай літаратуры, яе здароўі і даўгалецці. Не можам таму, што мова народа — ёсць адзін з найвялікшых скарбаў народа, скарб, у якім жыве сэрца народа, яго надзеі і мары, яго талент і клопат, стагоддзі яго жыцця. Не можам таму, што скарбу гэтаму няма цаны і пагарду да яго, знявагу нельга нічым апраўдаць.

Прыклад дбайнасці і клопату пра сваю мову дае нам рускі народ, рускія пісьменнікі, і мы лічым за гонар гэтаму прыкладу следаваць.

Ёсць у гэтай з’яве і другая якасць. Нельга абыякава адносіцца да такога «дзіва», як нігілізм да якой-небудзь культуры, а тым больш — ці хоць бы разам з тым — да роднай, бо гэта — наогул нягожа чалавеку сапраўднай культуры. Гэта, дазволім сабе сказаць — амаральна. Гэта не стасуецца з камуністычнай мараллю.

Не верым, што чалавек, які можа дапускаць у душу такое пачварнае пачуццё, можа быць сапраўдным інтэрнацыяналістам.

Пагарда да любой мовы і культуры — несумяшчальна з інтэрнацыяналізмам.

Мы ўпэўнены, што выхоўваць наш савецкі патрыятызм нельга без выхавання пачуцця павагі да роднага народа, да ўсяго таго, што ён стварыў, што ён даў у агульную скарбніцу савецкай культуры. Іменна ў выхаванні гарманічнай еднасці павагі і любві да «свайго», роднага і да агульнага, нашага, савецкага — адзіная аснова выхавання гарманічнай асобы нашых дзён. Любы перакос у адзін ці другі бок — небяспечны.

І ўсё ж гаварыць пра гэта — занятак малапрыемны і няўдзячны. Гаворыш і адчуваеш, што які-небудзь «глыбакадумны», ці лепш сказаць — бяздумны, непахісны артадокс угледзіць у табе «заскарузлую абмежаванасць», «нацыянальную вузкасць» і т. п.

Не, адразу скажам: грахоў такіх няма. І не было, і няма. Маглі б сказаць, што амаль усе мы на рускай літаратуры выраслі як пісьменнікі, выхаваліся як людзі на рускай культуры. Што не можам уявіць сабе жыцця без жывых сувязей з братнімі пісьменнікамі і культурамі, без сувязей з культурамі ўсёй краіны і свету. Я не заўважыў «заскарузлай абмежаванасці» ні ў аднаго сур’ёзнага беларускага літаратара, які з належнай адказнасцю адносіцца да свайго рамяства.

«Нацыянальная абмежаванасць» амаль заўсёды абмяжоўвае сілу пісьменніка, шкодзіць яму. Пісьменніку ж такой маладой літаратуры, як беларуская, — яна проста пагібельна, дазволіць сабе яе — значыць, асудзіць сябе на творчую смерць.

Іменна любоў і павага не толькі да нашага народа, а і да іншых народаў і культур, клопат пра здаровае жыццё ўсёй савецкай культуры дае нам цвёрдасць так упэўнена гаварыць пра гэта.

 

1968


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 295-303
Крыніца: скан