epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Наказ перажытага

Іван Паўлавіч, у працэсе станаўлення чалавека як асобы кніга мае значную ролю. Рэдакцыя нашага часопіса просіць Вас адказаць на некалькі пытанняў аб значэнні кнігі ў Вашым жыцці і творчай дзейнасці.

Раскажыце, калі ласка, пра Вашу першую сустрэчу з кнігай. Дзе і калі яна адбылася?

 

Нарадзіўся я ў беларускай вёсцы Глінішчы, на Палессі. Гэта вельмі своеасаблівы край, край лясоў, палёў і балот. Наша вёска была даволі глухая, кіламетраў за трыццаць ад чыгункі. Я не магу сказаць, што гэта была адна з самых глухіх палескіх вёсак, але ўсё ж яна была ў значнай меры аддаленая ад гарадской культуры.

У нас у вёсцы была пачатковая школа, куды я пайшоў вучыцца сямігадовым хлопчыкам. Мне пашанцавала: у нас была вельмі добрая настаўніца. Яна і пазнаёміла з самай першай кніжкай — школьным букваром. Уражанне пра першую кніжку звязана ў мяне з вобразам добрай сэрцам настаўніцы, з прыціхлым класам, з той увагай, з якой мы глядзелі на незвычайную істоту — настаўніцу, што раскрывала перад намі таемны сэнс літар, складоў, слоў...

Першая самастойная сустрэча з кнігай вельмі ўзрушыла мяне. Помню, я быў у глухой лясной вёсачцы ў гасцях у дзеда і там убачыў кнігу ў яркай вокладцы з загадкавай назвай «У краіне райскай птушкі». Кніга адразу прывабіла, захапіла ўяўленне: яна адкрыла мне свет незвычайны, дзівосны. Далёкая, таямнічая Азія: горы, пальмы, барацьба тутэйшага насельніцтва супраць каланізатараў. Вобразы смелых, няскораных людзей, барацьбітоў за свабоду. Я да гэтага часу помню тое незвычайнае ўражанне, якое засталося ад гэтай кнігі, яркае, святочнае адчуванне ў сэрцы.

Тады я не звярнуў увагі на прозвішча аўтара. Толькі пазней даведаўся, што яе аўтарам быў наш выдатны беларускі пісьменнік Янка Маўр, у мінулым настаўнік, чалавек вялікіх ведаў, цікавай думкі. Ён — заснавальнік нашай беларускай дзіцячай літаратуры. Гэтай аповесці Янкі Маўра я абавязаны тым, што адразу захапіўся кнігамі, а ў наступныя гады перачытаў усё, што выйшла з-пад пяра пісьменніка майго маленства.

 

Якія пісьменнікі Вас найбольш цікавілі ў дзяцінстве? Ці была сістэма ў Вашым чытанні?

 

Сістэмы ў маім чытанні ніколі не было. Звычайна чытаў тое, што трапляла пад руку, што было ў нашай школьнай бібліятэцы. Чытаў многа, упіваючыся чытаннем. Кнігу ўспрымаў як цуд. Мяне хваляваў не толькі змест, не толькі тое, пра што гаварылася ў кнізе, але і сам яе выгляд: вокладка, тэкст, малюнкі, нават пах фарбы. Усё гэта як бы спалучалася ў адно цэлае, стварала незвычайнае дзіва.

Самае дарагое для мяне ў маленстве — гэта ўражанні ад звычайных хлапчукоўскіх радасцей і ад сустрэч з кнігамі. Я ўдзячны лёсу за вялікае шчасце, якое прынеслі ў маё жыццё кнігі. Мабыць, з гэтай любові да кніг і нарадзілася дзёрзкая мара: самому стаць пісьменнікам...

Пасля Янкі Маўра прыйшлі іншыя захапленні. Бадай, самае моцнае ўражанне ў маленстве зрабілі на мяне А. С. Пушкін, М. А. Някрасаў, Янка Купала і Тарас Шаўчэнка. Кнігу Шаўчэнкі я вельмі рана прачытаў на ўкраінскай мове.

Помню, у мяне быў запаветны сшытак, куды я запісваў вершы любімых паэтаў.

 

Вы, напэўна, і самі рана пачалі пісаць? Раскажыце, калі ласка, пра пачатак Вашага творчага шляху.

 

Так, я пачаў «сачыняць» вельмі рана. Вершы. Вядома — пераймальныя. Пераймаў, як і мае аднагодкі, А. С. Пушкіна, М. Ю. Лермантава, М. А. Някрасава.

Жаданне пісаць жыло ў мяне ўсе гады. Пісаў я вершы і ў той час, калі канчаў сярэднюю школу ў гарадскім пасёлку Хойнікі, на Палессі. У тым незвычайным хваляванні, якое я перажыў над радкамі гэтых наіўных вершаў, былі першыя пакуты і радасці творчасці. Можа, самыя моцныя за ўсё маё творчае жыццё.

У 1939 годзе з Маскоўскага інстытута гісторыі, філасофіі і літаратуры я быў прызваны ў армію. Служыў на Украіне, спачатку ў Данбасе, потым на граніцы ў Карпатах. І там у нялёгкім армейскім жыцці я працягваў пісаць вершы. Але якраз тады ў мяне ўпершыню паявілася жаданне пісаць і прозай. Пачатак гэтай прозы быў у запісных кніжках, якія я запаўняў рознымі нататкамі, назіраннямі з армейскага жыцця.

Натуральна, што гэтае імкненне пісаць яшчэ вастрэй захвалявала ў франтавой абстаноўцы. Я быў сведкам і ўдзельнікам такіх падзей, якія палілі душу маю, тады дваццацігадовага юнака ў армейскай форме. Водгукі гэтых цяжкіх дзён — у франтавым дзённіку, які я вёў у перапынках паміж баямі, у часы франтавога зацішша. Дзённік гэты я збярог.

Пры падрыхтоўцы да друку Збору сваіх твораў на беларускай мове я вярнуўся да дзённіка ваенных гадоў і ўпершыню, больш чым праз чвэрць стагоддзя, апублікаваў частку яго ў першым томе. Ён не толькі пачынае Збор твораў, але і па праву адзначае пачатак майго творчага шляху. Гэта адна з самых дарагіх, выпакутаваных мною рэчаў.

У 1942 годзе я быў цяжка паранены. Лячыўся ў шпіталях. У тбіліскім шпіталі мною былі напісаны першыя апавяданні «Сустрэча ў шпіталі» і «Апошняя аперацыя». Апавяданні гэтыя потым разам са мной перавандравалі ў Бугуруслан, дзе я жыў пасля шпіталя, а потым пад Маскву, на станцыю Сходня — там у той час пачаў працаваць Беларускі дзяржаўны універсітэт. Адсюль, дзе я вучыўся і працаваў, апавяданні мае яшчэ ў рукапісе трапілі на рабочы стол выдатнага беларускага празаіка Кузьмы Чорнага. У той год Кузьма Чорны жыў у Маскве, працаваў у рэдакцыі часопіса «Беларусь», які часова асталяваўся ў будынку «Известий».

Сшытак з маімі апавяданнямі трапіў да Кузьмы Чорнага дзякуючы турботам аднаго з выкладчыкаў універсітэта, літаратара, які жыў разам з пісьменнікам у гасцініцы «Якар».

Кузьма Чорны прачытаў апавяданні і неўзабаве прыслаў вельмі ласкавае пісьмо, якое акрыліла мяне. Помню, у пісьме гэтым былі такія важныя для мяне радкі: «Я прачытаў Вашы апавяданні і раю, і жадаю Вам не выпускаць з рук пісьменніцкага пяра». Пісьмо заканчвалася так: «Я адчуваю ў Вас талент і жадаю Вам вялікіх поспехаў у літаратуры».

Надрукаваны апавяданні былі пазней, калі я вярнуўся ў Мінск.

Выхад у свет гэтых апавяданняў стаў, па сутнасці, пачаткам маёй адкрытай літаратурнай творчай работы, хоць першыя вершы я апублікаваў яшчэ да вайны.

У Мінску выйшлі і першыя мае кнігі: «У завіруху» (1946) і «Гарачы жнівень» (1948).

 

Раскажыце, калі ласка, пра работу над першым буйным сваім творам — раманам «Мінскі напрамак».

 

Апавяданні былі для мяне нялёгкім, але вельмі карысным этапам літаратурнай работы. Яшчэ калі я пісаў другую кнігу, а хутчэй нават калі на станцыі Сходня пачуў пераможныя паведамленні аб вызваленні Беларусі, аб гэтай незвычайнай, вялікай падзеі ў жыцці нашага народа, у мяне нарадзілася жаданне сказаць сваё сур’ёзнае, вартае падзеі слова пра радасны час.

Жаданне гэтае ўсё мацнела, усё выразней акрэсліваліся абрысы будучай рэчы. Нарэшце я пераадолеў сумненні і адважыўся ўзяцца за кнігу, якая даўно хвалявала, трывожыла і клікала мяне. Так я пачаў пісаць раман «Мінскі напрамак». Я пісаў яго з вялікім хваляваннем, са страсцю, з непахісным перакананнем, што ўсё гэта вельмі важна, што пра гэта нельга не гаварыць.

Больш пяці гадоў працаваў я з незвычайным духоўным уздымам, з вялікім унутраным напружаннем, гарэннем. Работа ішла нялёгка: радасць і вера ў сваю кнігу нярэдка змяняліся сумненнямі, загадкамі, якія цяжка было вырашыць.

Неймаверна цяжкаю аказалася справа, за якую я ўзяўся. І хоць пазней я знайшоў у сваёй кнізе нямала пралікаў, я не шкадую аб тым, што наважыўся тады на гэты дзёрзкі крок, таму, што, мне здаецца, яна патрэбна была людзям, і яшчэ таму, што не напісаць гэтую кнігу я проста тады не мог.

Пасля «Мінскага напрамку» я напісаў некалькі невялікіх твораў, у тым ліку дзве п’есы і дзве аповесці. Усё гэта было як бы літаратурнай падрыхтоўкай да работы над раманамі з «Палескай хронікі».

 

Для чытачоў самых розных нацыянальнасцей маюць асаблівую цікавасць Вашы раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы». Якія галоўныя праблемы хвалявалі Вас у працэсе работы над раманамі з «Палескай хронікі»? Што з’явілася той іскрынкай, тым творчым імпульсам, дзякуючы якому нарадзіліся гэтыя кнігі?

 

Перш за ўсё, мусіць, «вінавата» маленства. Мне здаецца вельмі правільнай думка аб тым, што чалавек фарміруецца больш за ўсё ў малыя гады, у тым ліку і як пісьменнік.

Так, найперш уражанні дзяцінства, уражанні ўбачанага тады былі прычынай таго, што я пацягнуўся думкамі і сэрцам да вёскі, да Палесся, да яго людзей, да таго свету, які потым быў паказаны ў рамане «Людзі на балоце».

Многае, вельмі многае павінна была сабраць новая кніга, якую выклікалі ўва мне ўспаміны пра родны край, пра маю вёску, людзей, якія сустрэты былі некалі і назаўсёды засталіся ў памяці.

«Людзі на балоце» — гэта раман пра нялёгкае жыццё сялян палескай вёскі Курані, жыццё сярод балот і лясоў. Я імкнуўся паказаць у ім, які цяжкі іх шлях ад бездапаможнасці перад выпрабаваннямі лёсу, ад раз’яднанасці грамадскай і асабістай да разумення неабходнасці сумеснай барацьбы за сацыялістычную перабудову вёскі.

Да гэтага рамана я прыступіў ужо ў пару літаратурнай і жыццёвай сталасці. Работа над ім прадаўжалася каля пяці гадоў. Я пісаў «Людзей на балоце» з любоўю, з захапленнем, але не ўскладаў на раман асаблівых надзей. Для мяне было проста нечаканым, што яго так горача прынялі чытачы і крытыка.

Падтрымку чытачоў і крытыкі я адчуваў і калі працаваў над другой кнігай з «Палескай хронікі» — раманам «Подых навальніцы». У гэтым рамане я хацеў сказаць новае слова пра вельмі важны пераломны перыяд у жыцці нашай краіны — пра перыяд калектывізацыі, пра тое, як яна адбівалася на лёсе герояў рамана.

У «Подыху навальніцы» я свядома паставіў на першы план вобраз старшыні валвыканкома Івана Анісімавіча Апейкі, чалавека з народа, былога сельскага настаўніка. У яго вобразе я імкнуўся раскрыць думкі і пачуцці перадавога прадстаўніка народных мас, камуніста-ленінца. Я хацеў расказаць, як нялёгка было тым, хто ішоў уперадзе ў гэты напружаны час, хто нёс адказнасць за лёс многіх, якія глыбокія і сур’ёзныя думкі хвалявалі людзей на вялікім павароце ў жыцці народа.

 

Чым вабіць Вас сельская тэма і што, на Ваш погляд, павінна вызначаць грамадзянскую пазіцыю пісьменніка ў праблемах вёскі?

 

Мне бясконца дарагая вёска. Для мяне гэта вельмі блізкі і назаўсёды родны свет, гэты свет я бачу шматфарбным, цікавым і важным. Я заўсёды помню, што ў ім жылі і жывуць цяпер мільёны людзей, якія даюць жыццё грамадству, чалавецтву, якія ў саюзе з рабочымі людзьмі вызначаюць лёс і рух гісторыі.

Жыццё вёскі бачыцца мне вельмі стракатым, складаным, і я лічу, што ў паказе яго трэба пазбягаць сентыментальнасці, сюсюкання, трэба займаць сур’ёзную, прынцыповую, грамадзянскую пазіцыю, быць ва ўсеўзбраенні і вялікага вопыту асобных людзей і краіны ў цэлым. Быць па-сучаснаму праніклівым, цвярозым, бачыць гэты свет у рэальным святле, у сапраўдных супярэчнасцях.

 

Якія пісьменнікі аказалі ўплыў на Ваша развіццё як мастака?

 

Характар творчых імкненняў пісьменніка залежыць, перш за ўсё, ад жыцця. Аднак на асаблівасці яго бачання свету, на напрамак яго пошукаў уплывае, вядома, таксама і вопыт літаратуры.

Мне думаецца, што ў пытаннях пра літаратурныя ўплывы трэба быць вельмі асцярожным, што крытыка нярэдка праз меру катэгарычная ў вызначэнні гэтых літаратурных уплываў. Я сам не магу сказаць упэўнена, хто з пісьменнікаў і ў якой меры ўплываў на мяне. Магу толькі сказаць пра пісьменнікаў, якія мне больш блізкія і дарагія. Іх, такіх пісьменнікаў, нямала. У гэтым няма нічога дзіўнага. Гэта гаворыць пра тое, што свет літаратурных інтарэсаў такі ж шырокі, як і свет інтарэсаў жыцейскіх.

Я вельмі люблю і заўсёды з пачуццём глыбокай пашаны чытаю і перачытваю Льва Талстога. Мяне хвалююць Іван Бунін і Антон Чэхаў. З савецкіх пісьменнікаў я хацеў бы асабліва вылучыць тое моцнае ўражанне, якое робяць на мяне кнігі Міхаіла Шолахава. Аляксандра Фадзеева, Аляксандра Малышкіна, Леаніда Лявонава.

З сучасных пісьменнікаў мне сардэчна блізкія таксама Васілій Смірноў і Георгій Маркаў, Анатолій Іваноў і Фёдар Абрамаў, Сяргей Нікіцін і Віктар Астаф’еў, Алесь Ганчар і Йонас Авіжус.

З вялікай павагай стаўлюся я да творчасці і маіх таварышаў — беларускіх пісьменнікаў, такіх, як Васіль Быкаў, Янка Брыль, Алесь Адамовіч, Мікола Лобан, Іван Навуменка, Алена Васілевіч. Ёсць вельмі сур'ёзныя пісьменнікі і сярод маладзейшых нашых празаікаў.

З замежных пісьменнікаў мне блізкі польскі празаік Уладзіслаў Рэймант з яго раманам «Мужыкі», люблю «Сям’ю Цібо» французскага пісьменніка Ражэ Мартэна дзю Гара. Мне цікавыя такія розныя пісьменнікі, як Эрнест Хемінгуэй і Уільям Фолкнер, Томас Вулф і Скот Фіцджэральд...

 

Ці не маглі б Вы сказаць некалькі слоў аб праблемах сучаснага кнігавыдання (пісьменнік і выдавецтва, пісьменнік і рэдактар, пісьменнік і мастак-ілюстратар)?

 

Кожны пісьменнік непазбежна звязаны з выдавецкімі работнікамі.

Я з удзячнасцю думаю пра тую атмасферу добразычлівасці, сяброўскай патрабавальнасці, якая панавала ў рэдакцыі часопіса «Дружба народов» у той час, калі там рыхтаваліся да друку мае раманы. Вельмі ўдзячны я работнікам выдавецтва «Советский писатель», якім абавязаны тым, што яны адкрылі мне шлях да ўсесаюзнага чытача, якія заўсёды, з першых маіх крокаў у літаратуры сапраўды па-братняму ставіліся да маіх кніг. З імі мяне звязвае шматгадовая моцная дружба.

У мінулым годзе ў нас у Беларусі адкрылася новае выдавецтва «Мастацкая літаратура», якое займаецца выданнем нашай класікі і сучаснай літаратуры. Мы, беларускія пісьменнікі, вельмі ўдзячны Цэнтральнаму Камітэту Камуністычнай партыі Беларусі за гэты знак увагі і клопатаў пра кашу літаратуру.

Пісьменніку неабыякава тое, у якім выглядзе з’явіцца яго кніга перад чытачом. Кожны з нас рады, калі яна надрукавана на добрай паперы, калі ў яе ўдалая вокладка, і пачуццё асаблівай радасці мы адчуваем, калі кніга да таго ж упрыгожана таленавітымі, з любоўю зробленымі ілюстрацыямі. Не заўсёды ў пісьменніка, на жаль, бываюць падставы для гэтай радасці.

Тым больш мы цэнім тыя выпадкі, калі кніга выдаецца любоўна. Я задаволены, што ў бліжэйшы час у выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйдуць у свет мае раманы з цікавымі ілюстрацыямі маладога беларускага мастака Барыса Цітовіча. Гэта першая вялікая работа мастака, які толькі што скончыў інстытут. І мне хочацца ад душы пажадаць яму поспехаў на самым пачатку яго творчага шляху.

 

Іван Паўлавіч, якія Вашы творчыя планы?

 

Я не хацеў бы пакуль што гаварыць пра планы, таму што планы — гэта заўсёды ў нейкай меры абяцанні, якія, на жаль, не заўсёды ажыццяўляюцца. Адно магу сказаць: буду пісаць. І магу паведаміць: нядаўна мною здадзены ў выдавецтва «Советский писатель» рукапіс рамана «Мінскі напрамак», які з’явіцца да чытача ў многім абноўленым і рабоце над якім я аддаў багата часу і сэрца.

 

1973


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 550-557
Крыніца: скан