epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Накіды

Дзеці становяцца дарослымі
Лепшыя гады жыцця (Раман)
Стары дуб /Апошнія дні/
Сельскі ўрач
Дзень імянін (п'еса)
Старэйшы брат (п'еса)
Хата. Трыццаць год
  I
  ІІ
  ІІІ
  IV
  V
Удава Кацярына (апавяданне)


 

 

Дзеці становяцца дарослымі

Дыктант першы — першая пяцёрка: адзіная ў класе.

 

Затым матэматыка.

— Табе, кажуць, паставілі «выдатна» па дыктоўцы! — Ён ведаў — «нездавальняюча». З асалодай.

Абурэнне. Не так гэтае «нездавальняюча», як тое, што з асалодай, што знарок запытаўся пра дыктоўку.

Я з нянавісцю думаў аб ім, аб помсце. Чым я мог яму адпомсціць? Я маляваў сабе — пройдзе многа год, я стану дужым, ён тады закаецца.

 

— Ты ведаеш, бацька яе... застрэліўся...

Я ведаў. Горад увесь гаварыў пра гэта. Але В. казаў:

— У кабінеце. Пісталет падставіў к скроні... І... Сакратарка ў кабінет, а ён закрыт. Пакуль адчынілі, дык ён — мёртвы. Крыві поўна...

В. расказваў з чужых слоў.

Я шукаў вачыма. Я хацеў бачыць яе. Я не толькі любіў яе, я цяпер шкадаваў, як ніколі нікога. Што б яна ні сказала, я зрабіў бы.

А яе не было. Не было ў класе, не было на вуліцы.

 

Ніколі не было такога кіпення перад сходам, такога чакання на сходзе. Яна сядзела бледная, маўклівая. Няшчасная. Я знаў, што да яе трэба быць пільным, што бацьку яе трэба было лічыць чужынцам — ворагам народа, а яе — дачкой ворага. Але мне шкода было і бацькі, які ніяк не зліваўся з воблікам ворага, і яе.

— Ты прызнаеш, што твой бацька быў вораг народа?

— Не прызнаю.

— Як ты можаш не прызнаваць, калі ты не ведаеш? Ты яго дачка, але ж ён усяго мог і не сказаць табе?

— У яго не было тайн ад нас. Ён... ён — чэсны...

— Чаму ж тады ён застрэліўся, кончыў жыццё самагубствам?..

Яна прамаўчала.

— Ну, чаму?

— Я не хачу казаць.

— А ты скажы? Мы чакаем!

— Я не знаю! Але я знаю, ён — чэсны. Ён — не вораг. Не мог быць ворагам. Ён так любіў людзей, і маму, і мяне, усіх нас.

Хтосьці яхідна засмяяўся: «Любіў...»

— Любіў.

Яна была тут адна. Яна таксама была нібы вораг. Я мог бы дапамагчы, але чаму я маўчаў. Пільнасць, стойкасць, прынцыповасць! Помніш, як Паўка Карчагін! Дык то Паўка і Тоня, а Люба ж — не гімназістка, не буржуазная... А хто ж? Дачка ворага...

— Праблема ясная. Яна звязалася з ворагам народа і не прызнае, што памылілася. І такая яшчэ была ў радах камсамола і вучылася ў савецкай школе.

— Выключыць!

Усе прагаласавалі. Яна маўчала, як прыбітая. Не варухнулася.

— Л. просім пакінуць сход!

Яна схамянулася і ўстала. І пайшла. А мы маўчалі — грозна, непахісна і вінавата. Мы многія, мабыць, чулі сябе вінаватымі. Мне дык хацелася ўстаць і пайсці побач. Пайсці проста так, не гаворачы.

Я не чуў амаль, што было потым на сходзе. Яно мяне неяк мала цікавіла. Я быў з Любаю. Дзе яна цяпер?..

— Шкадуеш?

Я прамаўчаў.

— Мяккацелы ты!

 

Пачатак:

Мне даўно-даўно карціць гэта сустрэча. Карціць з радасцю, бо сустрэча — дарагая мне, карціць — з журбою, бо збыцца яна можа толькі ў памяці...

З журбою — карціць і таму, што яна не выдумка. У ёй я не летапісец, а ўдзельнік. Усё гэта было са мною, з маімі сябрамі. Усё гэта было нашым жыццём.

Было гэта не сёння і не ўчора. Але яно не сацьмела, і не стала абыякавым. Бо было ў харошы час. У той час, калі дзеці — становяцца дарослымі.

 

Я доўга думаў, з чаго пачаць гэту гісторыю. Пачаць можна было б пазней і раней. Заўсёды было нямала цікавага, дарагога. І ўсё ж, нарэшце, прыйшла ўпэўненасць — пачаць адсюль. З гэтага дня, з гэтай падзеі. Бо з яе пачалася як бы новая паласа ў маім жыцці...

 

Як цяпер бачу: рыпяць, падрыгваюць калёсы, цячэ з жалезнага, выцертага да бляску вобаду кола пыл-пясок.

 

 

Лепшыя гады жыцця (Раман)

 

Лепшы час жыцця

 

1. Уступ.— Лепшыя гады. Пакаленне.

 

1. У Глінішчах. Паступіў у інстытут. Спатканні. Сад.

2. У Маскве. Іспанцы. Бацька прыехаў.

3. Прызыў. Развітанне.

4. У Арцёмаўску. Коні. Чысткі. Ардынарац камбата.

5. Начныя заняткі: мароз.

На Фінляндыю адбіраюць.

6. Дамоў. Дома. Свет маленства. Скруха па ім.

7. Ноч закаханых.

8. Пераезд. У Перэмышлі — немец.

9. З Дублян у Карналовічы.

Панскі дом і парк.

Канец фінскай вайны.

10. У Новашычах. Вясна. Касцёл, свята. На занятках на лужку.

Вадапой. Днявальства.

У Азіміне. Мальвіна. На кані.

11. Пераход у Розлуч. Бяссонная ноч, дождж. Самбар. Стары Самбар. Карпаты. Прывал на касе. Картушын з фотаапаратам.

12. Розлуч.

13. Турка. У канюшні. Гразь. Стрый. Горад.

14. Паход у Букавіну. Дождж. Чэрэмыш.

15. На вучэннях. Каля «Кабылы».

16. Зіма. Тры граніцы.

17. Навагодняя ноч на вакзале. У варце. Надзеі.

18. Вясна. Лагер. Палаткі. Ціхаміраў едзе ў другую часць. Стрый раве. Новая зброя: мінамёты, аўтаматы.

19. У Самбары. На курсы ехаць. Еду неахвотна.

20. Вайна. Першы дзень.

21. На граніцы. Кананада справа, шум матораў. Чуткі: «Берлін бамбяць». Закапаў мяшок.

22. Адыходзім. Паўз Турку. Раніца. Хараство. Барыслаў. Выбухі. Раніца пад Драгабычам. Чорны дым на ўсё неба.

23. Дакуль гэта будзе?

 

Людзі:

1. Матора

2. Мяцеліца

3. Карабутэнка

4. Леўскі

5. Растаргуеў

6. Чыжыкаў

7. Картушын

 

8. Жаваранкаў

9. Маеўскі

10. Майхальд

11. Сітнікаў

12. Камароў

13. Рашчупкін

14. Камандзір палка Фрэйман.

 

Да апавядання: «Маналог».

Размаўляю з Вамі ў думках...

Прайшло 20 гадоў, усе годы помніла, ведала многае. Распытвала ўсіх, хто быў адтуль...

Жыццё не склалася. Ёсць перамены, але нічога добрага.

Думаю, што вам не цікава, забылі ўсё. І не хачу верыць.

Так хацелася б ведаць пра Вас больш, усё.

Мімалётна тады было, думала — звычайнае. Але лепшага ўжо не было.

Таму шкадую: што не зразумела, не ацаніла, упусціла.

Можа — прычына і ў тым: баялася, страх за будучыню. Цяжкую траўму я атрымала ў пачатку дарослага жыцця. Ашукалі мяне гнусна. І я баялася другі раз апынуцца ў такім стане. Кінутай.

А цяпер дакараю сябе. Не пра тое трэба было думаць, не баяцца трэба было. А — жыць. Жыць поўным жыццём. Як вялела сэрца.

Гэтага не было. Гэтага — не вярнуць. Жыццё ёсць жыццё.

Я па-ранейшаму думаю пра вас. Не магу выкінуць. І не хачу. Я знаю, Вы недзе ёсць: прыгожы, разумны, добры чалавек.

 

Стары дуб /Апошнія дні/

Дзень сонечны. Усё ззяе. Двор, вуліца.

Ён такі стары, што ўжо гадоў злічыць ніхто не можа. Дапытваюцца часам яго.

Траціць адчуванне сувязі, рэальнасці. Гаворыць сам з сабой, з дрэвам, з плотам. Бывае невядома з кім.

— З кім ты, дзеду?

— З Андрэем.

А той Андрэй сорак год як памёр.

Плача.

— Па кім ты, дзед?

— Параска... памерла...

Сорак восем гадоў назад згарэла ад сухот.

Ён як памяць пра старое.

Колькі народу перамерла: усе таварышы — адны вельмі даўно, другія — таксама даўно. Ні аднаго не асталося. Дзеці, унукі таксама ўсе. Асабліва ў вайну, з немцамі.

У адзін дзень амаль усіх. Папалілі, перастралялі. Веру з малым застрэлілі ў агародзе, калі хавалася. Антона, калі ўцякаў. А Апанас з малымі ў «пограбе» — гранату туды. А Алену з усімі — замкнулі і запалілі хату. Там і згарэлі.

Ён адзін астаўся. Не спалася. Пайшоў зранку касіць сена. Тым і выратаваўся...

Хадзіў, як сляпы, па вуголлі. Спаў пад небам і лета і ў восень пад дажджом. Калеў у слоту, мароз. Пракапаў нару ў пограб — накрыў. Як зямлянку.

Потым прытуліла жаллівая Насця. Сваячка не сваячка, пашкадавала. От жыве. У канцы вайны была пошасць тыфу — багата перамерла. Ён хварэў таксама, але выжыў. Не бярэ смерць! І от сядзіць. У чым душа трымаецца. Дрыжаць рукі. Бровы як кусты, вушы зараслі мохам, сам увесь аброс мохам. Як стары дуб...

Зусім траціць розум. Прачнуўся неяк на печы: «Дзе я?» А то нядаўна: зайшоў на балота, лёг і заснуў. Добра, малыя бачылі, знайшлі. Не помніць, дзе, што.

— Дзед, як завуць? — пацяшаюцца малыя.

— А хто ж яго знае!..

— Гы-гы-гы,— малыя.

Дрыжыць. Летам у кажуху, мёрзне.

...А ён сядзіць і бачыць: сонца. Матка будзіць: свіней гнаць. Не хочацца ўставаць. Святла поўна ў хаце — сонца проста ў акно.

...Бачыць — дарога: ноч. Туман нейкі. Ціш. Едзе кудысьці. Скрыпяць колы... Куды едзе, чаго? Хто яго знае. Едзе от і едзе...

...Бачыць: поле. Жнуць жыта. Ён і Лукер’я, жонка. Леглі пад копы. Млосна. Спяваюць конікі... Толькі чаму холадна...

Памагаў. Аслабелы, паволі, то сена накосіць, прыцягне вязанку. То галля на саначках прыцягне.

Сядзіць, нібы спіць. І ўсё як сон. Нават і не сказаў бы цвёрда — было, не было? Можа, і не было. Можа, усё сон. І сам — сон...

Раптам у санлівай бяздумнай галаве — прасвятленне. І думка, не гарачая ўжо, звыклая, абыякавая амаль: калі ўсё было? Куды сышло? Як міг... Як і не было... І за гэтым — звыклае: засядзеўся. Пара б за ўсімі...

Нешта ў касавіцу ўзяў касу з сеняў: Насці дома не было. Пацягнуўся агародам на балота. Не дайшоў. Зразу за агародам сеў. Адпачыць. І не ўстаў ужо. Так і знайшлі. Халоднага ўжо...

 

Сельскі ўрач

(Новаковіч Аляўціна Грыгор'еўна — загадчык Нягневіцкім урачэбным участкам)

 

«Господин врач; передаем Вам большую благодарность.

Господин врач; примите от нас скромный подарок для Вас за Вашу помоч, нашему ребенку. Благодарим Вам все за исцаление жизни нашего ребенка».

/Котов Н./

 

Скончыла Харкаўскі медыцынскі інстытут. Накіравалі на работу ў Беларусь, у Нягневічы — 1947 год.

Як урача, адзінага на ўчастак /працавалі раней фельчары/, назначылі загадчыкам урачэбным участкам. Адмаўлялася. Баялася — адказная праца.

Новая праца. Праз 10 дзён — помны выпадак. Выклікалі /пад раніцу?/ да хворай дзяўчынкі Котавай Ліды.

Дзіця было пры смерці. Вочы закаціліся. Дыханне амаль замерла. Маці запаліла свечку.

Плача.

— Не будзе ўжо нічога, доктар... Трэба даць яму памерці спакойна...

Дзіця памірала. Перш за ўсё, каб ажывіць, штучнае дыханне. Стаў абазначацца пульс.

Што рабіць? Яна ўпершыню лячыла ў такім небяспечным становішчы. Усведамленне таго, што ад яе залежыць жыццё. Вылечыць. Непакой і трывога. Не трэба адчайвацца. Трэба змагацца за жыццё.

З 5 гадзін вечара да 11 гадзін раніцы бяссонна пры дзіцяці. Паступова вярталася жыццё. Дзіця нарэшце заснула спакойна.

Праз некалькі дзён Ліда паправілася зусім.

Маці і бацька не ведалі, як аддзякаваць доктару.

Так пачыналася новае жыццё ўрача.

Потым пайшлі дзень за днём. Работы многа. Яна ніколі не адмаўлялася ад яе. Часта ноччу прыязджалі з далёкіх сёл — за 11 км, прыходзілася ехаць, спяшацца. Яна не адмаўляла ніколі. Бывала, па 4—5 сутак падрад не выпадала спаць.

Цяпер ноччу сплю чутка. Прывыкла, што могуць паклікаць. Як зачую стук калёс ці крокі ўночы, мімаволі прачынаюся.

 

Працаваць прыходзілася ў цяжкіх умовах. Адчувалася востра часам няхватка медыкаментаў і інструмента. Трэба было карыстацца тым, што ёсць — рабіць усё, што можна.

Абсталёўвалі бальніцу. Трэба было займацца арганізацыйнымі пытаннямі. Зрабіць рамонт, купіць бялізны, купіць тумбачкі — аб усім гэтым яна таксама клапацілася. Трэба было цікавіцца і калодзежам.

 

Спачатку было сумна тут, у вёсцы, працаваць. Успаміналася шумнае студэнцкае жыццё ў Харкаве, жыццё ў родным Варашылаўградзе, дзе вучылася ў школе, і дзе жывуць родныя, і бальніца малая, цёмная. Інструменту мала, стары.

Потым новая работа захапіла. Цяжкасці не палохалі — настойлівая.

У Баранавічах, чакаючы накіравання, сумавала. Былі і слёзы. А калі ляцела ў Любчу — рашыла быць спакойнай. Думала аб працы.

 

Было цяжка. Не студэнцкае асяроддзе, новыя людзі, непадобныя. Новае жыццё захапіла. Спачатку — кожны дзень новае. Загадкі. Дні пайшлі хутчэй.

Было і непрыемнае. Розныя людзі. Падстаўлялі ножкі — маладая ўрач.

Прыйшоў аднойчы на прыём.

— Што баліць?

— А нашто ты доктар, скажы, што баліць: а вы ўгадайце.

Цвёрдая, рэзкая.

— Выйдзіце прэч!

 

Грамадская праца — кіруе гуртком ГСА ў школе. Падрыхтавала 70 значкістаў. Часта лекцыі перад сялянамі.

Не спыняе вучобу. Урач павінен вучыцца, калі ён не хоча адстаць.

 

Яна чытае журналы: «Медыцынскі журнал», «Клиническую медицину». Яна не абмяжоўваецца дапаможнікамі і падручнікамі.

Круг яе інтарэсаў шырокі. Жывучы ў далёкай вёсцы, яна ўважліва сочыць за падзеямі ў краіне. «Партизан» звязвае яе з усёй краінай.

У бібліятэцы школы ведаюць, што ўрач любіць чытаць. І таму, калі, занятая, яна не здолее доўгі час зайсці ў бібліятэку, ёй прыносяць новую кнігу, ведаючы, як яна будзе ўдзячна.

 

Многа работы. Клопатаў багата. Бліжэйшыя і больш далёкія. Летам трэба зрабіць капітальны рамонт бальніцы. Яна яшчэ не задаволена сваёй бальніцай. Неспакойная і патрабавальная — такі яе характар. Яна ўмее трымаць парадак. Многім здаецца яна залішне строгай, рэзкай. Хто парушае яе парадак, таму дастанецца. Але да хворых яна чулая.

Работы многа. Ну што ж. На тое яна сюды і прыйшла. Яна любіць работу, яна ведае, што работа гэтая неабходная і карысная.

 

Спадабаліся людзі, мясцовасць. Прыгожа тут. Часта пасля работы ўвечар ездзіла ў Шчорсы. Там у старым парку любімае месца, дзе можна адпачыць і пачытаць.

 

Энергічныя рухі, быстры позірк вачэй. Непакорны віхар ускінуў справа пасму валасоў. Востры позірк шэра-зеленаватых вачэй пад ускінутымі брывамі.

Вылечыла 70-гадовую сялянку Матусевіч з вялікай цяжкасцю. Гэта — таксама перамога яе.

 

Чулая. Уважліва так, што паздаравееш, здаецца.

 

Эпідэмія. Заразных хворых сталі прывозіць з Любчы, адусюль — 48 чалавек.

 

Хворая сама была аднойчы з тэмпературай высокай — прыехалі, паклікалі. За ёй назіраў фельчар. Прыйшоў, а яе няма. Хворая, а не адмовіла — паехала.

— Куды гэта яна. Сказала б, хворая. Другога паслала б.

Фельчары працуюць. Ведае, што адна не ўправіцца — цяжка, стала кіраваць імі.

 

Дзень імянін (п'еса)

1. Ён — вучоны, спецыяліст па літаратуры XIX ст., кандыдат навук, гадоў 55. Былы салдат. Хворы чалавек.

2. Яго зяць. Кібернэтык. Вучоны малады, доктар, член-карэспандэнт. «Век тэхнікі. Тэхніка — усё». З пагардай да белетрыстыкі. Чытае амаль адны кнігі па кібернетыцы. Пагарджае іншым. Высока цэніцца. Адчувае гэта. «Мы — цэнтр. Мы — будучыня». «Робат заменіць чалавека». «Чалавек — недасканалая істота». Спрэчка з цесцем. Звысака на таго. Звысака на чалавека.

3. Яго жонка, дачка. Дачка на баку мужа. «Папа, ты не разумееш. Ты адстаў».

4. Яго сусед палкоўнік.

Паклоннік яры Сталіна.

Палкоўнік на пенсіі.

Успамінае вайну, армію.

 

Старэйшы брат (п'еса)

Брат старэйшы

Бацька

Маці

Брат малодшы

Сястра

Сястра малодшая

Жонка, дачка, сын.

Брат старэйшы. Праз вайну прайшоў. Ранены, кантужаны. Хварэе вельмі. Трымаецца. Яму зайздросцяць. На яго ўсё валяць. Без сораму. У яго — вялікая праца.

 

Малодшага брата прыводзяць. Памажы. У людзі. На цябе надзея. Пазвані. Адзін не праб’ецца — мужыцкі сын. Сярод гарадскіх... Памагае.

 

Як мяняецца малодшы брат. З сялянскага хлопца — дэндзі. Па апошняй модзе. Амаль не вучыцца. Радыкал. «Несправядлівасць». «Тэорыя адноснасці». Просьбы — патрабаванні.

 

Малодшая сястра. Пасля інстытута: «Я не магу ў сяло». Зайздрослівая. Спрабуе камандаваць у чужым доме: загадваць брату. Разам з тым — істэрычка, плакса.

 

Старэйшая сястра — працуе ў раёне. Строгая, аскетычная. Малагаваркая.

Бацька — ціхі, добры, працавіты. Шкадуе ўсіх. «Усім хочацца дабра».

 

(...)

 

 

Хата. Трыццаць год

 

I

Летам 1914 года Сяргей Лагуновіч з маладой жонкай і шасцімесячным сынам пасяліўся ў новай хаце. Будавалі яе два гады. Часамі сыходзілася дапамагаць уся радня, бацька, сёстры, брат.

Калі ён перайшоў у новую хату, яна яшчэ не была абсталявана. Падлога была накрыта дошкамі толькі напалову, не хапіла дошак, другую палавіну Сяргей засыпаў пяском і замазаў глінай.

Пачалася вайна.

Праз паўгода Сяргея мабілізавалі на фронт. Іх спешна абучылі і адправілі на Румынскі фронт. Вакол былі горы, чужына. Мерзнучы ў акопах, ён часта з тугою думаў пра маладую жонку, якая невядома як управіцца адна з гаспадаркай. Ён непакоіўся, што не паспеў перасыпаць столь у хаце. З дому прыходзілі рэдка скупыя пісьмы.

Вярнуўся ў пачатку 18 года са шпіталя, глухі ад кантузіі і заікаўся.

Прыйшлі немцы. Аграбілі ўсё чыста і ледзь не расстралялі за супярэчанне нямецкім уладам (паспрачаўся з салдатам, які забіраў апошнюю карову).

Потым прыйшла банда Балаховіча. Ён работаў у полі, калі, адступаючы, яны запалілі сяло. Ён прыбег, калі занялася яго хата. Тушыў, але выратаваць не ўдалося. (Жонку аставіў з канём, сказаў, каб у лес паехала).

 

ІІ

Уцалелі толькі хлевушок ды конь, які быў у полі.

Ён выгарадзіў куток у хлевушку, прарэзаў у сцяне маленькае акенца, зрабіў гліняную падлогу і стаў жыць. Восенню ён сабраў невялікі ўраджай з поля.

Каб сабраць трохі грошай на пабудову хаты, ён падаўся на заработкі, у парабкі. Усюды была разруха (нэп). У вёсцы падымаліся і тлусцелі асобныя людзі. Тарасевіч пабудаваў млын. Матусевіч адчыніў краму.

Ён паступіў к Матусевічу. На сваім коніку прывозіў з горада ў краму газу, скрынкі розныя, мяшкі з соллю і цукрам. У полі дулі пранізлівыя зімовыя вятры. Ён намёрзся ў кажушку латаным.

Зноў у пяты раз ён стаяў на папялішчы. У пяты раз усё, што ён здабываў гадамі цяжкай працы, ішло попелам.

Трэба было 5 раз пачынаць спачатку, і ён пачаў з нечалавечай упартасцю.

Калі ён пасяліўся ў хаце, чуў пах свежай смалы, яму ўспаміналіся будоўлі ўсе, усе хаты. І ён думаў, як шпарка прайшоў час. Як сын рос... І як другія дзеці раслі.

Ён будаваўся пяты раз, спачатку цвёрда верачы, што гэтая хата стаяць будзе доўга, аж пакуль не струхлявее дрэва.

Аднойчы прыйшоў за ім яго сын, ён любіў катацца з бацькам да хаты. Сын заўважыў, як з падранага мяшка выпалі некалькі кавалкаў цукру і, калі сын Матусевіча панёс мяшок у краму, схапіў іх з воза і схаваў у сваю кішэню. Малады Матусевіч хутка ўбачыў прапажу і вярнуўся за ёй.

Ён найшоў гэтыя некалькі кавалкаў цукру і збіў Грышку. Калі Сяргей выбег на крык з крамы, Грышка ляжаў на снезе, на снег з носа капала кроў, а малады Матусевіч біў яго наском бота. Сяргей ашалела кінуўся на прыказчыка і моцна збіў. Ён ледзь не забіў і бацьку, які кінуўся памагаць сыну.

 

ІІІ

Пасля гэтага ён пакінуў работу ў Матусевіча і пайшоў цяслярыць па вёсках. (Будавалі многа.) Многа за гэты час пабудаваў ён хат, і вялікіх і маленькіх, быў у Мазыры, пахадзіў аж да Бабруйска. Ён будаваў і зімой і ўлетку. Дома з усімі павінна была ўпраўляцца Люда. Ён прыходзіў на нядзелю-дзве, памагаў малаціць, а потым зноў вяртаўся на сваю будоўлю.

У 1923 годзе ён пабудаваў сабе хату. У сельсавеце адпусцілі добрага лесу. Нарэшце ён сам са сваімі сябрамі збудаваў сабе хату.

З таго часу ён перастаў вандраваць па вёсках, адцураўся сваіх сяброў, бо жонка яго была цяжарнай, на шостым месяцы. Выпілі дружбакі ў апошні раз і разышліся.

Хутка жонка нарадзіла дзяўчынку Верачку.

Праз год Грышка пайшоў у школу. Ён рос бойкім разумным хлопчыкам. Настаўнікі яго хвалілі. Ён ведаў многа вершаў.

Летам ён ганяў пасціць свінню і парасят.

Сям’я расла. Праз тры гады пасля Верачкі нарадзілася Тамара.

 

IV

З цяжкасцю ён зводзіў канцы з канцамі. У 1929 годзе, калі ў вёсцы арганізаваўся калгас, ён уступіў у яго.

З брыгадай сельсавета яму давялося раскулачваць Матусевіча. Свіран, хата, хлявы Матусевіча перайшлі калгасу. Стары Матусевіч прыцішэў, пакорна выслухаў усё, ні слова не сказаў супраць. Матусевічыха сустрэла іх лаянкай і, калі пачалі апісваць, ледзь не выдрала вочы сакратару сельсавета.

Потым лягла на парозе ў другі пакой і не пускала. Сяргей падняў яе сілай і адцягнуў. Як яна лаялася. А стары Матусевіч сказаў пакорна:

— Так ты дзякуеш за дапамогу.

— Дапамога. Ад твае дапамогі і цяпер косці баляць на холадзе.

Сына Матусевіча не знайшлі. Ён уцёк і невядома дзе хаваўся.

Гаварылі, што ён з бандай хаваецца ў лесе. Перадавалі, што ён казаў камусьці, што збіраецца завітаць дадому расквітацца. Пусціць па свеце.

Сяргей работаў у брыгадзе плотнікаў. Разбурылі некалькі кулацкіх хлявоў і за сялом будавалі калгасную канюшню. Усе гэтыя дні Сяргей часта думаў аб пагрозе і непакоіўся.

Стась Матусевіч завітаў нечакана ноччу. Ніхто не чуў, калі ён прыйшоў. Прачнуліся, калі ў вёсцы ўжо палала некалькі хат, але Стася тады ўжо не было. Сяргей прахапіўся, калі яго хата гарэла. Ён паспрабаваў выскачыць, але дзверы былі прывязаны звонку і не адчыняліся. У хаце лямантавала жонка і крычалі спалохана дзеці. Сяргей выбіў шыбу і выскачыў у акно. Адчыніў дзверы і вывеў дзяцей.

Выратаваць амаль нічога не ўдалося.

Банду Стася недзе накрылі. Забілі некалькі чалавек, былі ўзяты ў палон, а пра Стася нічога не было чуваць. Выратаваўся і нібы ў ваду схаваўся.

 

V

Калгас пабудаваў яму хату. Будавала брыгада цесляроў, у якой працаваў і ён. Работа ішла весела.

У той год многа будавалі ў калгасе. Каля канюшні вырас цялятнік, а крыху далей, за дваром, будавалі вялікі свіран. Даху яшчэ не было, стаялі толькі сцены. Па баках ляжалі неабцесаныя і цесаныя бярвенні, шчэпкі.

Восенню Грышка паступіў на рабфак вучыцца. Прыехаў ён толькі зімою на канікулы, пахудзеўшы, але вясёлы. Ён вырас і стаў нейкім сур’ёзным, напэўна, ад навукі; бацька з новай павагай паглядаў на сына. Яму прыемна было прайсціся ўдвух па калгасным двары, каб людзі пабачылі яго сына. І на людзях у яго часта было гаворкі пра сына, і ён не мог нахваліцца і нарадавацца.

Шпарка праходзіў час. Дачка пайшла ў школу, затым другая. Грышка скончыў рабфак і паступіў у інстытут у Мінску. Цяпер ён быў самым адукаваным чалавекам у вёсцы. Кожны раз, калі прыязджаў сын, Сяргей прасіў каня і ехаў да яго, бо хіба ж не ганьба, каб такі выдатны сын прыходзіў пешкі.

 

Удава Кацярына (апавяданне)

Увесну прынеслі Кацярыне паведамленне пра тое, што ў баях пад горадам Штэцінам загінуў яе муж, Васіль Піліпавіч Ладуцька. Далёка ад роднай Каранёўкі варожая куля скасіла Васіля. Недзе на чужой зямлі пахавалі яго.

Гэта было ў апошнія дні красавіка, калі ўсе ў Каранёўцы гаварылі пра хуткі канец вайны. Кацярына слухала тыя радасныя чуткі і думала пра Васіля. Калі ёй гаварылі пра канец вайны, то яна заўсёды думала пра Васіля. Вайна скончыцца — прыедзе Васіль. Чатыры гады яна чакала яго, непакоілася за яго; за гэты час смерць скасіла столькі людзей, а яе Васіль дажыў да светлага шчасця. Значыць, яна ўсё-ткі шчаслівая. Год быў цяжкі. Але пакуль быў жывы Васіль, з думкамі пра яго неяк жылося лягчэй і гора не так ціснула. А з таго паведамлення ўсё пайшло інакш. Як у сне прайшоў радасны дзень сканчэння вайны. У гэты дзень асабліва балюча даходзіла думка, што ён не вернецца.

Потым часамі брала недавер’е,— а можа, гэта ўсё памылка якая. Яна бачыла яго жывым і ніяк не магла прывыкнуць да думкі, што ён ляжыць недзе ў далёкай Нямеччыне. Затым зноў надыходзілі цягучыя горкія дні, калі ажываў нясцерпны боль...

Ішлі дні за днямі. Да яе прыходзілі суседкі, знаёмыя, суцяшалі, але яна слухала іх абыякава. Яна перажывала ўсё ўглыбіні, адна. Пасля весткі Кацярына стала асабліва (замкнутаю).

Былі толькі некалькі чалавек, з якімі яна гаварыла шчыра. Адной з іх была Алена, іх збліжала агульнае гора. А больш за ўсё яна давяралася сваім дзецям, якіх асталося пасля Васіля чацвёра.

Старэйшанькай дачцэ мінула дзевяць год, а меншаму хлопчыку яшчэ без малога не было пяці. Многа клопатаў было з імі Кацярыне. Час быў цяжкі — жылі яны ў зямлянцы.

У той год, калі вызвалялі Беларусь, Васіль, які ваяваў непадалёк ад родных мясцін, наведаўся быў у Каранёўку. Ён знайшоў сваю сям’ю на спапялёным селішчы ў курані. За тыя кароткія дні водпуску выкапаў і наспех абсталяваў зямлянку. «Жывіце! Прыйду, адбудую новую, як палац!»

Васіль не прыйшоў будаваць хату. Тая зямлянка асталася як помнік. Дзякуй і за гэтую ямку — грэла яна два гады Кацярыніных дзяцей і яе самую, хоць не надта ўтульна было (павярнуцца недзе), а ўсё-такі мелі свой кут, не памерзлі ж.

* * *

— Ну, Кацярынка, бывай. Час і нам выпрастаць спіну... Трывай. Цяпер ужо нядоўга.

Коржык вырваў з бервяна лязо сякеры, якое моцна ўпілося ў дрэва, ускінуў на плячо пілу і пакіраваў на вуліцу. Кацярына пайшла следам. Коржык сказаў «дабранач», паплёўся, цягнучы ногі па запыленай зямлі, спакойны, павольны. Кацярына вярнулася на двор, пералезла праз бервяно, над якім быў прарэз для дзвярэй, ступіла ў сярэдзіну зруба. На зямлі буяла высокая трава, жоўтыя кветкі сурэпкі і тапырыўся камочкамі куст дзядоў; там і сям на іх бялелі свежыя трэскі.

Пахла смалою, свежымі трэскамі — у Арыны сціскалася сэрца.

Яна назбірала трэсак у прыпол і выпрасталася: не хацелася ісці адсюль. Угары ўжо напалову была накрыта столь, на іншых бальках ляжалі рэдка дошкі, і праз іх свяцілася сіняе неба, па-вячэрняму ціхае і спакойнае. Яшчэ былі відаць кроквы; здавалася знізу, што яны падпіраюць неба.

На двары, каля плота, дымеў агеньчык. Пасярэдзіне — стаяў немалы чорны чыгун. Дзяўчынка гадоў дванаццаці і два хлопчыкі — большы гадоў сямі і меншы — маладзейшы за яго гады на два — тупалі пры агні.

Меншы хлопчык, скрывіўшы плаксівую міну, скуголіў:

— Н-насця, я есці хачу...

— А дзе яна табе возьме,— стала і ўзлавана гаварыў свайму браціку старэйшы.

Але меншы не слухаў.

— Е-есці хо-о-чу...

— Е-есці хо-оцу...— перадражніў старэйшы.

— Ціха ты, Уладзік,— з дакорам строга прамовіла сястрычка.— Як маленькі. ...А ты, Коська, патрывай,— сказала яна меншаму з лагодай — от, як зварыцца хоць адна бульбіна, дык я табе першую і аддам. Добра?

— Добра,— усміхнуўся Коська.

А Настачка зняла з чыгуна скавародку, што была за крышку, ложкай таўханула ў бульбіну. Коська даверліва сачыў за яе рукамі. Бульба была цвёрдая.

— Вось бачыш, яшчэ не гатова...

Коська хмыкнуў, але ўжо неахвотна, больш па прывычцы. Падышла маці, сыпанула з падола трэскі. Петрусёк узяў адну, разламаў, сунуў у вогнішча.

— Дай мне...— папрасіўся Коська.

— Дай мне...— перадражніў Петрусёк незадаволена.—Усё табе...

Але, зірнуўшы на маці, даў трэску. Коська паклаў яе на агонь і пазіраў, як яе паступова ахутваюць чырвоныя трапяткія язычкі.

— Глядзі, глядзі, мама, як гарыць...— тармусіў ён матку за спадніцу.

— Некалі мне...— адмахнулася маці. Яна зняла з плота чорную латку, ухапілася за чыгун.

— Ну, паглядзі ж...— зацягнуў Коська, але, убачыўшы, што маці зняла чыгун, асекся і ўраз забыў пра трэску. А калі маці скінула скавародку і з чыгуна выбухнула клубам пара, усміхнуўся і працягнуў у пару рукі:

— Г-горач-ча! — аж енчыў ён, трымаючы ў клубах рукі.

— Насця, нарві гуркоў! — загадала маці.

Тая не сказала нічога, сталаю, спакойнаю хадою падалася на агарод. Коську захацелася бегчы ўслед, але трымаць рукі ў пары было цікавей.

— Не руш, мам... не руш,— захныкаў ён, калі маці хапілася латкаю за чыгун і стала высыпаць бульбу ў міску.

Але Кацярына не слухала. Ён амаль заўсёды замінае і робіць усё па-свойму. Колькі з ім клопатаў з адным.

Вячэру паставілі на калодку, самі размясціліся навокал, каму як прыйшлося. Насця проста на зямлі, падкурчыўшы пад сябе загарэлыя худыя ногі, Кацярына наўколенцах, а Коська на калодцы. Пятрусь побач з Насцяй на зямлі.

Елі гуркі, потым Кацярына наліла дзецям малака. Коську першаму і ў медзяны бліскучы корчык, а Петрусю і Насці пасля ў баначкі з-пад кансерваў, з дзіўнымі нярускімі літарамі.

— Мам, ты еш, а я пасля...— адсунула банку ад сябе Настачка.

Так часта «мама, ты першая». Кацярына ўгаварвае яе выпіць, а Насця «ты першая — ты спрацавалася». А сама яна, Насця, худзенькая, як дубец, і рэбры выпінаюць, і ножкі тонкія. Насця памагае маці, а ўсе іншыя толькі і ведаюць, каб наесціся паўней ды пагуляць, і Кацярына знарок падкладае ёй лепшы агурок, падлівае лішнюю шклянку малака.

— Дзе ж гэта наш шалапай? — заклапочана гаворыць Насця.

Яна нібы чытае Кацярыніны думкі. Гэта пра Кольку-брата, Той рэдка стыкаецца дадому, усё недзе лётае з сябрамі-аднагодкамі. Толькі і прыходзіць дадому, каб паабедаць ці павячэраць. Вось і сягоння няма — і Кацярына, хоць і прывыкла да ўсяго гэтага, а ўсё-такі не-не ды і занепакоіцца.

Ён прыходзіць позна, калі ўсе ўжо спяць. Спяць сягоння не ў душнай зямлянцы, а на дварэ, каля плота. Ноч цёплая і лагодная. У небе мігцяць зоры. З балота даходзіць няўтомнае кваканне.

Кацярына не спіць, чакае Колю. Непадалёк на вуліцы ўсплывае песня — цягучая, задушэўная, мяккая, як усе песні на Палессі. Кацярына слухае, і ці то ад гэтай песні, ці то ад прыгажосці вечара сэрца запаўняе самотнае пачуццё — жаданне шчасця.

А Колькі ўсё няма. Ён прыходзіць позна — стомлены, ціхі і шчаслівы. Ціснецца да матчынага пляча галавою. Кацярына журыць яго, ставіць перад ім чыгун з астыўшаю бульбай і падае корчык малака.

— Мам, а хутка мы пярэйдзем у хату? — пытаецца ён, прымасціўшыся побач.

— Хутка, сынок, хутка...

— Мам, а там не будзе душна?

— Не будзе, сынок.

— От гэта добра,— а то я не люблю, калі душна.

Кацярына з пяшчотай гладзіць яго галаву... Ох ты, сіраціна, ва ўсіх нас толькі адна думка і адна гаворка — ці хутка ў хату, дзе будзе светла, чыста і нядушна...

Цяпер Кацярына спакойная. Яна хутка засыпае — заўтра ўранкі трэба ісці на работу. Праз нейкі час заціхае і песня, і на сяло апускаецца начны спакой. Толькі на балоце не сціхае кваканне ды ў полі чуваць гул малатарні.

 

...У веснавы дзень Кацярыне прынеслі паведамленне пра тое, што ў баях пад горадам Штэцінам загінуў яе муж, Васіль Ладуцька. Недзе на далёкай нямецкай зямлі пахавалі яго, непахіснага салдата, яе Васілька. Тады, як прынеслі той лісток, былі апошнія дні красавіка, калі ўсе ў Каранёўцы гаварылі пра хуткі канец вайны. Кацярына слухала тыя радасныя чуткі і думала пра Васіля.


1950-1970?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 9. Першая кніга. Дзённікі, запісныя кніжкі. Накіды, слоўнік, пагаворкі, асобныя выразы. Аўтабіяграфічныя запіскі "У пачатку вайны". Крытыка, публіцыстыка 1946-1976. Каментарыі.-Мн.: Маст. літ., 1984.-542 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан