epub
 
Падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Наперад i увысь!

Я быў адным з тых, каму прыйшлося пачаць ваенную дарогу ў першы дзень вайны. Разам з таварышамі — артылерыстамі з прыгранічнага горна-артылерыйскага палка — давялося мне ісці па бяскрайніх, поўных смутку і болю дарогах адступлення. Ніколі не забыць, як шчодра зелянелі гаі на схілах Карпат, як шумелі патокі ў цяснінах, як гарэла нафта ў чарнавогненным начным Барыславе. Не забыць, як паліла боты гарачая зямля ўкраінскага стэпу, дзе моўчкі, нібы застыўшы ў журбе, залацілася мора надзіва багатай пшаніцы. Мы ішлі, змучаныя бамбёжкамі, абстрэламі, тугою палаючых гарадоў, не акопваючыся, адбіваліся ад аўтаматчыкаў і танкаў ворага, што насядалі на нас. Усё больш і больш таварышаў гублялі мы на пыльных дарогах, у жыце, якое гарэла на палях, а шлях адступлення ўсё не канчаўся. Лістоўкі, скінутыя з фашысцкіх самалётаў, страшылі, патрабавалі: «Вы пераможаны, супраціўляцца бессэнсоўна, здавайцеся...»

У тыя горкія дні як ніколі гарэла ў нашых сэрцах мара, прага наступлення. Але прагу гэтую мы не скора змаглі спатоліць. Сталінградская перамога дала нам не толькі вялікае салдацкае шчасце, яна была для нас падзеяй, якая гаварыла пра тое, што настаў час здзяйснення нашай мары, спатолення нашай прагі. Па марозных, заснежаных прасторах ад Волгі і Каўказа мы ішлі ўперад, гонячы полчышчы фашысцкіх заваёўнікаў, што злосна адбіваліся. Так, наша прадчуванне не падманула нас: шлях наш ішоў уперад і ўперад. Пачаўшы ўлетку ў парослых сурэпкай ды травой, зрытых акопамі і бліндажамі палях і вёсачках каля Курска і Арла, ён прывёў нас да Дняпра, на дарагія кручы Кіева, да Гомеля і Мазыра, да родных палескіх мясцін, што цэлую вечнасць сумавалі па волі.

1944 год быў годам, калі наша армія біла, крышыла, гнала армію ворага на ўсіх участках, на ўсіх напрамках. Наступленне на поўначы змянялася наступальнымі аперацыямі на поўдні, на цэнтральных франтах. Увесь свет узрушана сачыў за тым, як магутна рушылі наперад савецкія войскі, бачыў у гэтым неадольным руху неймаверна ўзросшую магутнасць нашай арміі, нашага народа.

1944 год быў годам, калі лікавалі, святкавалі радасць вызвалення сотні гарадоў, многія тысячы вёсак і сёл. Лікавала спакутаваная ў няволі, гордая, непакораная беларуская зямля. Багушэўск і Магілёў, Беразіно і Мінск са слязамі перажытага гора і доўгачаканага шчасця абдымалі загарэлых, запыленых, стомленых у імклівых маршах і баях вызваліцеляў — родных, блізкіх, дарагіх людзей.

Яшчэ грымелі гарматы і страчылі аўтаматы на палях непадалёку ад Мінска, дзе спрабавалі вырвацца з акружэння фашысцкія дывізіі, а вызваліцелі, не спыняючыся, ішлі ўперад, на захад, — іх яшчэ чакалі Навагрудак, Брэст, Варшава...

Вясна Перамогі была нашым найвялікшым народным трыумфам. Ніколі яшчэ да тых дзён свет не глядзеў на нас з такой павагай і з такой цікаўнасцю, ніколі яшчэ не ззяла так ярка і так высока слава нашай Радзімы.

Наша слава і наша магутнасць, якая выклікала бурную радасць у мільёнаў людзей усіх кантынентаў, адазвалася ў многіх генералаў і міністраў на Захадзе непрыхаванай трывогай і страхам. Гледзячы на нас, што святкавалі Перамогу, яны стараліся заглушыць трывогу сваю падлікамі нашых страт, цешылі сябе відовішчам бяскрайніх руін, якія знявечылі нашу зраненую зямлю.

Так, мы многа страцілі. У дні пераможнай урачыстасці не было сярод нас многіх сяброў, таварышаў — працавітых, разумных, таленавітых. Былі зруйнаваны многія заводы, інстытуты, цэлыя гарады.

Радаснай раніцай 3 ліпеня 15 гадоў назад нас акружалі ў Мінску руіны: ледзь не ўвесь старажытны горад, што пражыў амаль 900 год, быў ператвораны ў гурбы цэглы і попел. Усе лепшыя будынкі былі ўзарваны і спалены, вынішчаны агнём і выбухамі лепшыя вуліцы; жыццё, здавалася, назаўсёды пакінула іх, завяршыўшы шматвяковую цяжкую гісторыю горада.

У руінах былі Лельчыцы, Гомель, Орша, уся беларуская зямля. Здавалася, ніколі ўжо не зазелянее яна ў былой красе, ніколі не зазвініць над яе палямі і пералескамі з былой весялосцю песня.

Але яна зажывіла раны, родная зямля. На былых папялішчах шумяць цяпер пятнаццацігадовыя бярозы, глядзяць у свет чыстымі вачамі вокан новыя і ўжо не новыя, пацямнелыя пад сонцам і дажджамі пасляваенных гадоў хаты ў калгасных сёлах. Апошнія гады прынеслі беларускім працаўнікам добры дастатак, і песня шырэй, званчэй загучала над нівамі.

У родных Глінішчах, за Прыпяццю, дзе, вярнуўшыся з балот, некалі горкімі слязамі плакалі над неастылымі папялішчамі аднавяскоўцы, цяпер спяваюць так хораша, як, можа, раней ніколі не спявалі. Песні з палескай вёскі слухалі і ў Гомелі і ў Мінску, іх песні гучалі на ўсю рэспубліку.

Нават людзям з самай багатай фантазіяй, якія бачылі руіны Мінска, цяжка было ўявіць, як зменіцца неўзабаве наш горад. У першыя гады агульным для кожнага мінчаніна было гарачае імкненне, выказанае ў клятве: «Мы адновім цябе, наш родны Мінск!»

І вось, праз паўтара дзесятка год, мы ідзём па горадзе, па яго шырокіх прасторных праспектах, міма стройных гмахаў дамоў, міма знаёмых, прывычных радоў ліп, і мімаволі думаецца: не, гэта не адноўлены горад, гэта новы горад — такім прыгожым, як цяпер, Мінск ніколі не быў! Не было ніколі раней у ім такіх выдатных праспектаў і плошчаў, такіх дасканалых заводаў, як нашы аўтамабільны і трактарны, як многія, многія іншыя, не было такога кіпення жыцця ў цэхах, аўдыторыях, на плошчах і вуліцах!

Гэта — горад, народжаны нанава вялікім нашым рухам наперад, горад, народжаны ў новую эпоху, створаны гэтай эпохай, якая, як маці, не магла не перадаць яму свае рысы, асаблівасці свайго аблічча, свайго тэмпераменту і душы.

Наша шчасце, што мы жывём у такой магутнай Айчыне, як Савецкі Саюз. На кожным з нас водбліск той славы, якой ззяюць над светам спадарожнік і касмічная ракета, у сэрцы кожнага з нас часцінка магутнасці нашай Радзімы. Магутнасць гэтая і энергія напаўняюць і жыццё роднай Беларускай рэспублікі. Разам з усёй краінай, пад мудрым кіраўніцтвам партыі ідзе цяпер яна, квітнеючая, працавітая, па шляхах, намечаных ХХІ з’ездам, па вялікіх шляхах сямігодкі.

Углядваючыся ўдалячынь, мы бачым, як усё шырэй развінаюцца перад намі, вабячы нас, прасторы жыцця, мы поўныя надзей, мы ведаем, што надзеям гэтым суджана спраўдзіцца, — мы ў вялікім наступленні, ідзём наперад і ўвысь, да цудоўнага блізкага — да камунізма!

 

1959


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 151-154
Крыніца: скан

Беларуская Палічка: https://knihi.com