epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Народны пісьменнік

Больш за чвэрць стагоддзя ў гэтай самай зале мінчане развітваліся назаўсёды з чалавекам, імя якога вядома ўсёй Беларусі — з Кузьмой Чорным.

Быў 1944 год, год вызвалення нашага горада. У той час гэта зала была адзінай у Мінску. Горад наш ляжаў у жахлівых руінах, што цягнуліся ад вакзала да парку Чалюскінцаў.

Блізка яшчэ грымела вайна. Блізка ад нашага горада хавалі яшчэ салдат вайны. І магіла пісьменніка, якога тады хавалі, была таксама як магіла салдата. І натуральна зусім, што могілкі, на якіх ён пахаваны, завуцца ў народзе — вайсковыя могілкі.

Таварышы, я нагадваю гэтыя акалічнасці не толькі таму, што іх нагадвае памяць, і не толькі таму, што ў іх ёсць тое красамоўнае значэнне, на якое я звярнуў вашу ўвагу. Мне разам з тым, згадваючы гэту, ужо даўнюю падзею, хочацца адзначыць яшчэ адну, не менш важную, акалічнасць, якая звязвае гэту падзею з нашай сённяшняй. Тады, дваццаць пяць гадоў назад, мы былі тут, каб аддаць апошні доўг чалавеку, што памёр, працаўніку і выдатнаму пісьменніку.

Цяпер мы сабраліся для таго, каб адзначыць дату яго нараджэння, жывую дату жывога чалавека. Бо дата нараджэння — гэта дата жывых. Дата тых, хто сярод людзей, хто па-ранейшаму, наперакор смерці, жыве. Як жывы.

Трэба адзначыць: час — дваццаць пяць гадоў — аддаліўшы, амаль сцішыўшы ў сэрцы боль страты, разам з тым як бы ўмацаваў, надзейна і трывала, даты і падзеі яго жыцця, плён яго працы.

Час нелітасціва, сурова абыходзіцца не толькі з людзьмі, але і з тым, што яны ствараюць. Мы, людзі, якія добра — не па адных кніжках, а і на сваім вопыце — бачым, як абыходзіцца час і з тым, што стваралі нашы браты па справе, — па літаратуры, — не маглі не заўважыць, што ён, час, не пашкадаваў ужо нямала таго, што адбывалася на нашых вачах.

Мы бачылі, як узыходзілі і зіхацелі ў вышыні — на нашым і ўсесаюзным небе — часовыя літаратурныя зоркі і як яны трацілі гэты бляск і знікалі з вышынь. І ўзыходзілі новыя зоркі, узнікалі новыя надзеі, і толькі нямногія з іх заставаліся ў небе, бачныя ўсім з зямлі і патрэбныя ўсім на зямлі.

У Кузьмы Чорнага, мне здаецца, была ў параўнанні з многімі іншымі — роўная, ціхая слава. Ён пачынаў у вельмі бурлівы і шумлівы час, час, поўны маладой задзірыстасці і маладой галасістасці, у якіх аднолькава хапала і надзей, і самаўпэўненасці. У гэтай звонкагалосай гурме, віраванне якой, хоць і прыцішанае далеччу, чутно яшчэ і цяпер нам, Чорны быў, бадай, калі і не зусім нячутным, дык усё ж не надта чутным. Ва ўсякім разе ён быў, як здавалася напачатку, адзін сярод многіх.

Адно яго, бадай, вылучала: дзіўная сталая, спакойная ўраўнаважанасць. Ад кнігі да кнігі ідзе ён сваёй, абранай самім дарогай, і толькі тады, паступова — ад кнігі да кнігі — адкрываецца — і то яшчэ не ўсім, — колькі сілы і які разгон у гэтага спакойнага на выгляд і сціплага сялянскага хлопца са Случчыны. У гісторыі нашай літаратуры небагата можна згадаць прыкладаў такога творчага ўздыму: за нейкі дзесятак з лішкам гадоў нядаўні пачатковец стварае цэлую нізку кніг апавядання — «Срэбра жыцця», «Хвоі гавораць», «Вераснёвыя апавяданні» і іншыя, цэлую бібліятэку аповесцей і раманаў, сярод якіх творы, што сталі выдатным набыткам усёй нашай літаратуры, — «Зямля», «Бацькаўшчына», «Трэцяе пакаленне», «Люба Лук’янская». Нельга не адзначыць з павагай тое, як гераічна (падкрэсліваю — гераічна) працаваў — ужо цяжка хворы — пісьменнік у гады ваеннай навалы: баявы публіцыст, аўтар многіх вострых памфлетаў, сабраных у кнізе «Кат у белай манішцы», штодзённы супрацоўнік нашых нешматлікіх, але надзвычай важных перыядычных выданняў, ён, у пакойчыку гасцініцы «Якар», што на вуліцы Горкага ў Маскве, з цярплівасцю і настойлівасцю, якія не могуць не ўразіць, упарта піша сваю вялікую прозу — «Скіп’ёўскі лес», «Млечны шлях», «Вялікі дзень», «Пошукі будучыні».

Цяпер між падзеямі і творамі яго жыцця — вялікая і вельмі багатая новымі падзеямі, новымі радасцямі і трывогамі адлегласць. Гады, якія па свайму зместу і значэнню з’яўляюцца цэлай эпохай. Гады, у якія адбылося нямала значнага не толькі ў жыцці краіны і народа, але і ў жыцці літаратуры. Гады, у якія літаратура наша багата чаго пабачыла, перадумала, зразумела, у якія між ім і сённяшнім днём увайшлі ў літаратуру ні мала ні многа некалькі пакаленняў са сваім вопытам і сваімі поглядамі.

Багата што з таго, што ўзнікла ў яго час, што стваралася разам з ім — і што стваралася пасля яго, — прыціхла, а часам і сышло ў нябыт, стала толькі фактам акадэмічна роўнай літаратурнай хронікі. А яго творы, сам ён не трацяць свайго значэння, і не толькі не трацяць, а падобна на тое, што быццам растуць у сваім значэнні.

Трэба разабрацца — у чым тут прычына?

Кожнаму, хто знаёмы з яго творчасцю, кідаецца ў вочы, якая багатая ў яго спадчына. Уражвае ўяўленне тое, якую вялікую задачу ставіў ён сабе — задачу, якая выяўляла ў ім незвычайную, смелую натуру, размах вялікага пісьменніка. Веліч яго пісьменніцкага свету адчуваецца і ў тым, як востра адчувае і раскрывае пісьменнік самыя істотныя праблемы нашай эпохі і нашага чалавека, эпохі надзвычайных сацыяльных пераўтварэнняў. Чалавек і эпоха, чалавек і гісторыя, чалавек і Радзіма, абавязак перад Радзімай, месца чалавека ў нашу эпоху, эпоху будаўніцтва камунізма, — гэта асноўныя, самыя важныя праблемы твораў К. Чорнага.

Можа быць, не трэба пераацэньваць лішне адзін той факт, што ён напісаў так багата, хоць гэта таксама важна. У наш час, калі літаратуры ў нейкай меры пагражае небяспека інфляцыі слова, многапісанне магло б адыграць проста рызыкоўную паслугу перад нашчадкамі.

З гадамі, захапляючыся пісьменнікам, мы з цвярозай увагай можам заўважыць і ў яго выдатных творах пэўныя сляды паспешлівасці. Заўважыць, напрыклад, што ў густую, разважную прозу яго іншы раз убівалася беглая гаворка, што выдатна пачатая і разгорнутая тканіна раманаў іншы раз пад канец як бы пачынала радзець, а то і абрывалася.

У чым жа сіла Чорнага, сакрэт яго жывучасці, якая адолела моцныя турботы і хваляванні некалькіх дзесяткаў вельмі багатых падзеямі гадоў?

Відаць, адна з прычын гэтаму тое, што галоўным героем, героем, якому ён аддаў сваё сэрца, быў народ, людзі, якія абраблялі зямлю і, не шкадуючы сілы і жыцця, упарта ішлі да сваёй будучыні. Відаць, прычына ў тым, што ён, як вельмі нямногія, так глыбока, так тонка і так сардэчна разумеў народ, працавітых і ўпартых людзей роднай беларускай зямлі, усёй душою прагнуў ім шчасця, лепшай долі. Відаць, у тым, што ён сам быў непабочным, няхай сабе і прыхільным, летапісцам, а быў частачкаю свайго народа, злітнаю да канца, непадзельнаю.

Даўгалеццем творы яго, вядома, абавязаны яго багатаму, вялікаму таленту. У таленце гэтым я хацеў бы адзначыць асабліва яго надзвычай важнае ўменне бачыць у руху, мітуслівасці, супярэчлівасці жывога, штодзённага жыцця сапраўднае значэнне ўсяго — часовага, павярхоўнага і глыбіннага, істотнага. Гэта быў талент вельмі разумны, праніклівы, разважны, талент, які ўмеў бачыць далёка і шырока. Нельга не падзівіцца таму, як уменне бачыць жыццё далёка шчодра спалучалася у ім з надзвычайным уменнем разумець душу людзей, няпростыя вытокі, асновы іх паводзін.

Калі няма больш высокай адзнакі для кожнага, хто жыве ў літаратуры, як годнасць народнага пісьменніка, то мы з поўным правам можам сказаць, што па ўсёй сваёй сутнасці К. Чорны, бясспрэчна, — пісьменнік народны. Яркі, нацыянальны, беларускі пісьменнік. Адзін з лепшых беларускіх савецкіх пісьменнікаў, годны паслядоўнік і паплечнік Купалы і Коласа, слава і гонар нашага народа.

 

1970


1970

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 398-401
Крыніца: скан