epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Наш Саюз пісьменнікаў

Таварышы, перш за ўсё я хацеў бы скіраваць Вашу ўвагу на некаторыя асаблівасці жыцця нашага Саюза пісьменнікаў, расказаць пра тое, што хвалюе нашых празаікаў, паэтаў і іншых работнікаў літаратуры, выказаць нашы спадзяванні.

Саюз пісьменнікаў Беларусі сёння — адна з самых вялікіх творчых арганізацый рэспублікі і адна з буйнейшых пісьменніцкіх арганізацый у краіне. У нашых радах цяпер — 243 чалавекі. Рады нашы, адзначым як добры факт, хутка раслі. Толькі за сем апошніх гадоў Саюз пісьменнікаў Беларусі пабольшаў на семдзесят пяць чалавек. Маем падставы сказаць: пры тым, што новыя члены Саюза пісьменнікаў — людзі розных здольнасцей — у большасці гэта людзі бясспрэчна таленавітыя, яны даказалі права быць у Саюзе пісьменнікаў добрымі творамі. Сярод маладых, што ўступілі ў гэтыя гады, ёсць пісьменнікі, якія выдалі кнігі не толькі ў Мінску, але і вытрымалі няпросты экзамен у маскоўскіх выдавецтвах, з поспехам выйшлі на ўсесаюзную вышыню. Сярод іх можна адзначыць, напрыклад, такіх нашых таварышаў, як Рыгор Барадулін, Іван Пташнікаў, Барыс Сачанка, Міхась Стральцоў, Вячаслаў Адамчык, больш маладыя — Яўгенія Янішчыц, Вольга Іпатава. Я мог бы назваць яшчэ многія імёны.

Нас радуе, што беларуская літаратура ўвесь час папаўняецца новымі сіламі, якія ўносяць у нашы рады адчуванне маладосці, юначага запалу.

Можна сказаць, што наша арганізацыя цяпер у асноўным складаецца з пісьменнікаў, якіх калі і нельга назваць зусім маладымі, то ва ўсякім разе, яны яшчэ далёка да той мяжы, калі людзей завуць пажылымі. З двух з палавінай соцень нашых таварышаў — больш за дзвесце чалавек пачалі сваю творчую дзейнасць пасля вайны. Гэта значыць, што наша пісьменніцкая сям’я ў асноўным складаецца з людзей, якія або гартаваліся ў баях мінулай вайны, або ўвайшлі ў свядомае жыццё пасля вайны.

Мы высока цэнім тое, што зрабілі для літаратуры ў пасляваенны час слаўныя нашы майстры Якуб Колас, Кандрат Крапіва, Міхась Лынькоў, Пятрусь Броўка, але разам з тым трэба сказаць, што пасляваенныя гады былі гадамі надзвычайнага прытоку ў літаратуру новых сіл і росквіту маладых пісьменнікаў той пары. У вайну і пасля вайны ў вялікай і яркай красе зазіхацеў талент Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Пімена Панчанкі, якія пачыналі яшчэ да вайны, але разгарнуліся шырока толькі ў час вялікага подзвігу нашага народа.

Гарачым, пякучым болем, прагай жыцця і радасцю працы былі прасякнуты творы тады яшчэ зусім маладых, але багатых жыццёвым вопытам — былога партызана Янкі Брыля, былога ваеннага журналіста Кастуся Кірэенкі, былога зенітчыка Івана Шамякіна, салдата Валгаграда Анатоля Вялюгіна, пяхотнага лейтэнанта Аляксея Кулакоўскага. Іх творы, у многім яшчэ няспелыя, захаплялі чытачоў шчырасцю, хваляваннем, нявыдуманасцю, якія ішлі ад перажытага і якія не маглі пакідаць абыякавымі чытачоў. Вайна, гора і хараство народнага подзвігу глыбока узрушылі і некаторых пісьменнікаў ранейшых пакаленняў, што як бы адчулі другую маладосць. Хочацца ўспомніць тут Піліпа Пестрака, Васіля Вітку, Макара Паслядовіча і асабліва Міхася Лынькова, які з юначай энергіяй, натхнёны славай народа, даў чытачам Беларусі эпапею «Векапомныя дні».

Мы добра бачым недахопы твораў тых гадоў, але, не заплюшчваючы вачэй на гэта, мы не можам не сказаць з гонарам, што гэта былі для беларускай літаратуры гады хуткага росту, гады творчага ўздыму, гады, калі беларуская літаратура не толькі на ўсю рэспубліку, але на ўвесь Савецкі Саюз заявіла, што яна жыве і жыве паўнакроўна, што ў ёй мацнеюць новыя сілы, новыя таленты і што ад яе можна многа чакаць. У гэтыя гады пачала незвычайна расці ўвага да беларускай літаратуры з боку чытачоў усёй Савецкай краіны, расці яе аўтарытэт, які цяпер перарос трывала ў аўтарытэт адной з мацнейшых літаратур нашай Радзімы.

«Мы шли волна за волной», — успамінаў калісьці А. Фадзееў. Як хваля за хваляй, ішлі пасля вайны пакаленні беларускіх пісьменнікаў.

За першым пасляваенным пакаленнем хваляй прыйшло другое. Гэта пакаленне, можна сказаць, было ўжо не такім аднародным, як папярэдняе, у яго прадстаўнікоў была прыкметная розніца ў мінулым вопыце: тут былі і былыя франтавікі, якія з розных прычын не маглі пісаць раней, і зусім маладыя хлопцы і дзяўчаты, што бачылі вайну дзіцячымі вачамі і перажылі яе дзіцячымі сэрцамі. Амаль адначасова прыйшлі да нас пісьменнікі-франтавікі Іван Навуменка, Васіль Быкаў, Алесь Асіпенка, Аляксей Карпюк і багата маладзейшыя Барыс Сачанка, Рыгор Барадулін, Іван Чыгрынаў.

Гэта вельмі розныя па гадах і па вопыту людзі, але прыйшлі яны ў адзін час, час складаны, тады, калі сэрцы многіх савецкіх людзей балюча і часта разгублена адгукаліся на невядомыя датуль жорсткія факты. Нам усім нялёгка было адкрываць сабе гэтыя факты ў дзейнасці чалавека ў кіцелі генералісімуса, чалавека з імем якога мы ішлі дарогамі вайны, з вобразам якога былі звязаны самыя дарагія думкі.

І калі гэты факты нялёгка перажылі мы, то ці дзіўна, што асабліва востра яны адбіліся ў душах маладых людзей, якія сустрэліся з такой нялёгкай праўдай у інстытутскіх аўдыторыях, за школьнай партай, якія толькі пачыналі сваю творчую, ды і жыццёвую дарогу. Думаю, гэтым тлумачацца некаторыя асаблівыя настроі ў творах той пары — неўласцівы іх папярэднікам скептыцызм, нязвыклая рэзкасць у ацэнках, схільнасць бачыць мінулае ў адных змрочных фарбах.

З гэтым хацелася мне даць уяўленне пра тое, як выяўляліся ў творчым асяроддзі тыя цяжкасці, якія перажывала наша краіна ў недалёкім мінулым, растлумачыць прычыны некаторых настрояў сярод творчых работнікаў.

Я зрабіў такі падрабязны агляд нашых пісьменніцкіх радоў для таго, каб паказаць рэальны стан нашага калектыву, паказаць, што пісьменніцкая арганізацыя рэспублікі — арганізацыя складаная, што ў ёй людзі рознага вопыту, рознай жыццёвай і творчай загартоўкі.

Каб малюнак нашага жыцця быў поўны, павінен сказаць вам пра яшчэ адну заклапочанасць многіх пісьменнікаў Беларусі. Гэта заклапочанасць была выклікана нездаровымі, несправядлівымі адносінамі да беларускай літаратуры ў школах, у выдавецкай справе, фактамі непавагі, а часам і знявагі да яе.

Трэба сказаць, тут падагрэлі страсці скараспелыя вульгарызатарскія развагі некаторых «тэарэтыкаў», якія самаўпэўнена і настойліва заяўлялі пра тое, што нацыянальныя мовы аджылі сваё, ці ў лепшым выпадку — аджываюць. Асабліва багата ў распальванні гэтага неспакою зрабіў сваімі артыкуламі зусім невядомы датуль дагестанскі крытык Ахед Агаеў. Артыкулы гэтыя, як маглі вы заўважыць, выклікалі цэлую палеміку ў друку.

Жыццё мовы, лёс мовы — гэта клопат, які жыве ў сэрцы многіх пісьменнікаў. Клопат вельмі глыбокі і вельмі чулы сэрцу. Глыбіню, значэнне яго можна адчуць, напрыклад, у такіх радках Расула Гамзатава, выдатнага савецкага паэта: «И если завтра мой язык исчезнет, то я готов сегодня умереть». Сільва Капуцікян, армянская паэтэса, у вершы, звароце да сына, прасіла: «И если мать родную ты забудешь, армянской речи не забудь».

Гэтыя радкі могуць даць уявіць, як адгукаліся многія пісьменнікі на заявы, падобныя тым, што рабіў А. Агаеў.

Таму, думаецца, не павінна здзіўляць тое, што пасля даволі доўгага часу блытаніны ў гэтым пытанні і неспакою, выкліканага ёю, быў вельмі горача прыняты пісьменнікамі ўсіх пакаленняў цвярозы, разважны артыкул у «Правде» ад 17 лістапада гэтага года, — «Ленинское учение по национальному вопросу и современность». Сэнс гэтага артыкула сканцэнтраваны ў наступнай выснове: «КПСС исходит из того, что в области национальных взаимоотношений особенно недопустимы поспешность, суб'ьективизм, волевые решения». Артыкул грунтуецца на найважнейшым указанні У. І. Леніна, якое ён зрабіў у 1921 годзе і якое вызначае характар ленінскай палітыкі ў нацыянальным пытанні: «Это мировой вопрос, без преувеличения мировой. Тут надо быть архистрогим... тут шутить нельзя, тут надо быть 1000 раз осторожным» (т. 53, стар. 190).

Не павінна быць сумнення ў тым, што ленінская дзейнасць у нацыянальным пытанні будзе заўсёды карыстацца ўхвалай і падтрымкай дзеячаў літаратуры.

За дзесяць папярэдніх гадоў беларуская літаратура прайшла нялёгкі, але бяспрэчна плённы шлях.

Відаць, ёсць неабходнасць, хоць бы ў сціслых адзнаках, ахарактарызаваць асаблівасці гэтага шляху, тых задач, якія літаратура вырашыла ў сваім развіцці.

Пры той настойлівай, моцнай дзейнасці, якую партыя вяла супраць усякіх парушэнняў сацыялістычнай законнасці, супраць суб’ектывізму і пражэкцёрства, сталі яскрава відаць і заганы некаторых ранейшых твораў нашай літаратуры. Пафас беларускай літаратуры наступных гадоў быў накіраваны на пераадольванне розных абліччаў непраўдзівасці ў творах, неадпаведнасці мастацкіх з’яў жыццёвым, бяздумнай, павярхоўнай ілюстрацыйнасці. Імкненні, якімі жылі беларускія пісьменнікі, былі як бы водгукам на тую вялікую, настойлівую працу, якую вялі партыя, увесь народ, адольваючы саматужніцтва, верхаглядства, умацоўваючы разумныя, навуковыя метады ў кіраванні народнай гаспадаркай, усім жыццём краіны. Рост беларускай літаратуры ў гэты час быў звязаны з узмацненнем рэалістычных асноў твораў, з больш глыбокім пранікненнем у жыццё і душы герояў, з імкненнем паказваць жыццё ва ўсебаковых, дыялектычна складаных сувязях. Працэс гэты быў для многіх пісьменнікаў нялёгкі, многім з нас давялося крытычна перагледзець, пераацаніць нанава зробленае раней — працэс гэты адзначаны не адной гарачай спрэчкай на старонках нашых газет і часопісаў, на пісьменніцкіх сходах. Але, аглядаючыся назад і акідваючы позіркам тое, што робіцца цяпер, мы можам з упэўненасцю сказаць, што ні роздум, ні спрэчкі нашы не прайшлі дарэмна, літаратура стала больш глыбокай, больш праўдзівай, а значыць, і больш карыснай народу.

Наша літаратура ідзе да пяцідзесяцігоддзя Кастрычніка са значнымі здабыткамі ў розных жанрах. Прыемна адзначыць, што добрыя кнігі ўсё часцей выпускаюць не толькі старэйшыя вопытныя літаратары, але і маладыя, што некаторыя маладыя пісьменнікі ўжо з першых кніг заяўляюць пра сябе як людзей сур’ёзных, з добрай культурай творчасці. Заслугоўвае ўхвалы, напрыклад, першая кніга паэта Васіля Зуёнка «Крэсіва». Сур’ёзным роздумам аб жыцці, уменнем выказаць думкі і клопаты сучасніка вызначаюцца зборнікі ўжо не зусім маладых паэтаў Генадзя Бураўкіна «Дыханне», Анатоля Вярцінскага «Тры цішыні». Надзвычайнай вобразнай шчодрасцю, яркасцю, своеасаблівасцю вылучаюцца вершы Рыгора Барадуліна. Вельмі хораша разгарнуўся ў апошнія гады паэтычны талент Аляксея Пысіна, нашага таварыша, які жыве ў Магілёве і які выпусціў глыбокую кнігу «Мае мерыдыяны». Нямнога, але сур’ёзна, з філасофскім роздумам піша Аляксей Русецкі, аўтар паэмы «Яго вялікасць». Вельмі добра, з маладым запалам працуюць нашы ветэраны ў паэзіі — Пімен Панчанка, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк. Іх паэзія — гэта ўсхваляваны лірычны летапіс нашага імклівага часу, летапіс, напісаны людзьмі вялікага душэўнага багацця. Узрушана, закахана ў жыццё піша Пятрусь Броўка.

Рад твораў, якія ўзбагацілі нашу літаратуру, стварылі нашы празаікі. І тут можна адзначыць поспех маладых, такіх, як Барыс Сачанка, які за ўдалай аповесцю «Пакуль не развіднела» даў глыбокую, поўную роздуму аб жыцці, клопату пра мір аповесць «Апошнія і першыя». З паэтычнай аповесцю «Адзін лапаць, адзін чунь» выступіў Міхась Стральцоў. Над першым сваім раманам «Плач перапёлкі» працуе Іван Чыгрынаў. Прыкметна вырас у апошнія гады Алесь Асіпенка. Пасля рамана «Птушкі і гнёзды», што выклікаў водгукі ў чытачоў і крытыкі, нізку мініяцюр «Жменя сонечных промняў» даў Янка Брыль. З новай аповесцю «Мост» да цыкла «Трывожнае шчасце» выступіў Іван Шамякін. Часопіс «Полымя» пачаў друкаваць новы раман Міколы Лобана «Гарадок Устронь», у якім аўтар расказвае пра лёс герояў, вядомых чытачу з рамана «На парозе будучыні».

У галіне крытыкі трэба адзначыць працы Рыгора Бярозкіна «Свет Купалы», Нічыпара Пашкевіча «На шырокіх шляхах жыцця» — пра актуальныя праблемы сённяшняй літаратуры, кнігі Рыгора Шкрабы, артыкулы Віктара Каваленкі, Дзмітрыя Бугаёва, Уладзіміра Юрэвіча і многіх іншых. Радуе нас тое, што ў мінулым годзе была завершана вялікая праца над двухтомнай «Гісторыяй беларускай савецкай літаратуры», якая створана калектывам супрацоўнікаў Інстытута літаратуры Акадэміі навук БССР.

На сцэнах тэатраў ішлі і ідуць п’есы нашых драматургаў Аркадзя Маўзона, Кастуся Губарэвіча, Анатоля Дзялендзіка.

Добрыя спадзяванні ў нас на гэты год. Чакаем мы новых твораў ва ўсіх жанрах — у прозе, паэзіі, драматургіі, крытыцы. Спадзяёмся, што юбілейны год будзе цікавы, змястоўны — сапраўды юбілейны.

Тое, што беларускія пісьменнікі прыходзяць да юбілею Савецкай краіны з немалымі поспехамі, зусім не азначае, што ў Саюзе пісьменнікаў пануе бесклапотны настрой. У нас ёсць нямала нявырашаных праблем, нямала вялікіх клопатаў. Галоўны з іх — клопат пра высокую ідэйную і мастацкую вартасць твораў нашых пісьменнікаў. Побач з добрымі яшчэ нярэдка выходзяць да чытача творы пасрэдныя, нудныя. Мала ў нас твораў пра сённяшняе жыццё вёскі і асабліва пра жыццё рабочых; мала добрых нарысаў, добрых кніг для дзяцей, добрых публіцыстычных твораў.

Многа клопату — значыць, многа працы. Беларускія пісьменнікі гатовы працаваць. Мы створым творы, вартыя вялікага нашага народа.

 

1967


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 282-288
Крыніца: скан