epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Наш раман і яго крытыкі

Таварышы! На з’ездзе пісьменнікаў — у дакладзе П. Броўкі і ў некаторых выступленнях — правільна адзначалася, што адной з самых радасных з’яў нашай працы за перыяд між двух з’ездаў ёсць развіццё рамана. Раман заняў віднае месца ў нашай літаратуры, узбагаціў нашу літаратуру, крануў у літаратуры новыя пласты жывога жыцця, адкрыў нябачныя яшчэ некалькі год назад прасцягі і далягляды.

Нашы поспехі ў гэтай галіне асабліва радасныя таму, што мы штурмуем адну з самых цяжкадаступных вяршынь мастацтва.

Я тут хацеў бы перш за ўсё адзначыць такія творы нашай прозы, як «Сустрэнемся на барыкадах» П. Пестрака і «Векапомныя дні» М. Лынькова — творы, у якіх пісьменнікі паставілі і вырашылі асабліва складаныя задачы. Чытачы, а вельмі часта і літаратары, якія не любяць задумвацца над тым, што значыць напісаць той ці іншы твор, бачаць толькі тоўстыя кнігі з многімі старонкамі і не хочуць бачыць за гэтымі старонкамі многіх і многіх — куды больш шматлікіх — дзён упартай працы, пакутлівых сумненняў, роздуму, нецярплівых пошукаў, блуканняў з поспехам і без поспеху, хвілін і дзён вялікай радасці ўдач і гора няўдач. Вельмі шкада, што мы часта не ўмеем бачыць гэта.

Паяўленне такіх раманаў, як «Векапомныя дні» і «Сустрэнемся на барыкадах», вялікіх эпічных палотнаў — з’ява не выпадковая. Аб тым, што хацеў напісаць і напісаў Пестрак ці Лынькоў, можна было расказаць па-сапраўднаму — шырока, маштабна, глыбока — толькі ў вялікім жанры, толькі ў эпапеі. Вялікія гістарычныя падзеі з жыцця нашага народа — Айчынная вайна і дваццацігадовая барацьба беларусаў заходняй часткі нашай краіны за ўз’яднанне — чакалі сваіх гісторыкаў, чакалі людзей, якія б раскапалі тое незвычайнае багацце вельмі важнага, некранутага матэрыялу, якія б праўдзіва расказалі аб думках, радасцях і горы не аднаго-двух чалавек, а народа, далі шырокую карціну вялікіх гістарычных з’яў з жыцця народа, з’яў, у якіх удзельнічалі масы людзей і якія вырашалі лёс гэтых людзей на многія гады.

Трэба разам з тым сказаць, што нашы раманісты не былі тут пачынальнікамі зусім новых дарог. Яны выступілі як прадаўжальнікі той традыцыі, якую яшчэ ў даваенныя часы распачалі Якуб Колас і Кузьма Чорны. Хіба «Новая Зямля» — твор, які, дарэчы, можна з поўным правам лічыць раманам у вершах і які як вершаваны твор па грунтоўнасці сваёй не мае нічога роўнага не толькі ў беларускай, але і ў многіх братніх літаратурах, — хіба «Новая Зямля» не з’яўляецца бясспрэчным узорам эпічнага твора? А прыгадайце, як марыў Кузьма Чорны стварыць мнагатомную эпапею гісторыі беларускага народа — задуму, якую ён ажыццявіў толькі часткова.

Шкада, што наша крытыка не зразумела ці не хацела зразумець сутнасці з’яўлення ў нас новых эпічных твораў, што яна не змагла правільна асэнсаваць гэтыя творы. Нашым крытыкам, наогул, яшчэ нярэдка не хапае ўмення падняцца над асобным фактам, звязаць гэты факт з іншымі, глянуць на яго як на з’яву няспыннай гістарычнай плыні. А калі яны і бяруцца за гэта, то, не маючы дастатковых шырыні і глыбіні поглядаў, робяць важную справу вельмі павярхоўна і вельмі прыблізна, а таму і без належнай аб’ектыўнасці.

Мне здаецца, што памылка, якую зрабіў здольны крытык Палітыка ў сваім артыкуле ў «Звяздзе», у якім ён разбірае раман Пестрака, тлумачыцца тым, што наша крытыка яшчэ ці слаба разумее, ці не ўлічвае асаблівасці вялікай эпічнай прозы. Тав. Палітыка дакарае Пестрака: «Часам здаецца, што сюжэтным цэнтрам стане лёс аднаго з галоўных герояў — Андрэя Касцевіча, але ўжо праз рад старонак адбываецца дэцэнтрацыя — Андрэй Касцевіч адсоўваецца на другі план, і ў цэнтры папераменна становяцца то Паддубны, то таварыш Васіль, то Вера, то нават Апанас Хмель».

Мне думаецца, што гэты тэзіс тав. Палітыкі няправільны.

Леў Талстой у дзённіку за 1876 г. пісаў: «Каб твор быў добрым, трэба любіць у ім галоўную, асноўную думку. Так у «Анне Карэнінай» я люблю думку сямейную, у «Вайне і міры» любіў думку народную».

Нетрываласць закідаў тав. Палітыкі, на мой погляд, якраз тлумачыцца тым, што ён, ацэньваючы раман, не ўлічвае галоўную думку аўтара. А галоўная думка Пестрака, думка, якая пранізвае ўвесь твор, гэта, карыстаючыся выразам Талстога, — «мысль народная». Іменна гэтым тлумачыцца тое, што ў цэнтры твора становіцца то Андрэй, то Паддубны, то іншыя прадстаўнікі народа, рэвалюцыйнага падполля, якія і дапамагаюць аўтару стварыць шырокую карціну сапраўды народнага руху за вызваленне, за ўз’яднанне з савецкай краінай.

Дзе пісаны такія законы, што ў цэнтры эпічнага твора павінен стаяць абавязкова адзін герой, што ўсё дзеянне павінна групавацца вакол адной асобы? Мне здаецца, што эпічны раман часта даказвае якраз адваротнае. Сапраўды, калі цэнтральным героем, напрыклад, «Ціхага Дона» мы можам, з рознымі агаворкамі, яўна збядняючы змест і сэнс эпапеі, лічыць Грыгорыя Мелехава, то паспрабуйце адказаць, хто галоўная дзеючая асоба «Вайны і міру» — Андрэй Балконскі, П’ер Бязухаў, Наташа Растова ці мудры, дзіўнаваты фельдмаршал Кутузаў?

Далей — тав. Палітыка папракае Пестрака за тое, што «ў аўтары нібы змагаюцца гісторык і мастак». Мне здаецца, што папрок гэты таксама неправамерны, бо гістарычна-пазнавальная вартасць кнігі не можа зніжаць яе вартасць як мастацкага твора. Хіба, напрыклад, у «Блуканні па пакутах» таксама не змагаюцца гісторык і мастак, па выразу тав. Палітыкі?

Я гавару аб гэтым таму, што няяснасць такіх пытанняў замінае нам у працы, а бывае, што можа і дэзарыентаваць пісьменніка. На жаль, мы ў Саюзе рэдка спрачаемся, дыскутуем аб праблемных пытаннях пісьменніцкага майстэрства, аб законах жанру, напрыклад, мнагапланавага рамана — інакш кажучы, аб тэарэтычных праблемах. А пагаварыць аб гэтым трэба.

Варта было б абмеркаваць і такое пытанне. У нас крытыкі нярэдка папракаюць пісьменніка за публіцыстычнасць, за інфармацыйнасць асобных абзацаў — пры гэтым не ўлічваецца тое, якую задачу мае той ці іншы выраз, абзац.

Той-сёй з крытыкаў нашых як бы забывае, што ў творы ўсё павінна быць мэтазгодна. Што пісьменнік павінен быць эканомным. Ён не павінен затрымліваць увагу чытача непатрэбнымі для агульнай задумы падрабязнасцямі, дэталямі — вось тут і прыходзіць на дапамогу інфармацыя. Яна ўжываецца не таму, што пісьменнік, як думаюць некаторыя здагадлівыя людзі, проста не мог развіць выраз у цэлы раздзел, а таму, што такі раздзел пісьменніку непатрэбен.

Я гавару пра такую простую рэч таму, што яна ў нас не ўсім яшчэ зразумела. Мяне адзін рэцэнзент у «закрытай» выдавецкай рэцэнзіі, напрыклад, папракаў у тым, што я ў рамане павярхоўна, скупа намаляваў Бабруйскую аперацыю, дакараў, што «аўтар збіваецца на інфармацыйны тон».

Я павінен сказаць, што ў мяне было многа матэрыялаў пра Бабруйскую аперацыю, на цэлую аповесць, але я ўсё ж стрымаўся, каб не адхіляцца ад галоўнага, не парушаць кампазіцыю.

Нядаўна я прачытаў запісныя кніжкі П. Паўленкі, апублікаваныя ў «Знамени», і звярнуў увагу на такую нататку: «Да рамана («Працаўнікі міру»). У кожны раздзел трэба абавязкова ўводзіць інфармацыю палітычную, ці ў выглядзе эпіграфа, ці ўнутранага тэксту». Згодзен з гэтым: там, дзе ідзе размова аб гісторыі, дзе, гаворачы пра людзей, развіваючы сюжэт, неабходна маляваць гістарычную абстаноўку, інфармацыя проста неабходна.

Пісьменнік не толькі мае права, а і павінен усё браць на ўзбраенне. Мы не можам адмаўляцца і ад добрай публіцыстыкі і ад інфармацыі, якая, вядома ж, патрэбна там, дзе трэба адным-двума-трыма сказамі сказаць многае. Хацелася б, каб пра гэта падумалі тыя, хто інфармацыі наогул адмаўляе ў праве жыцця ў мастацкім творы.

Тут не выпадкова так многа горкіх слоў сказана ў адрас крытыкі. Як ні прыкра гэта, наша крытыка пакуль што далёка не ўзнялася на ўзровень іншых жанраў літаратуры. Няправільна думаць, што ў нас гавораць столькі непрыемнага пра крытыку таму, што не любяць яе. Кожны з пісьменнікаў рад быў бы паслухаць разумнае, справядлівае слова крытыка, які зразумеў бы яго, дапамог бы яму, дапамог бы чытачу лепш зразумець твор.

Але, на жаль, такое слова даводзіцца чуць пакуль вельмі рэдка. Вазьміце бадай любы значны твор нашай прозы і вы, прыгадаўшы гісторыю яго станаўлення, абавязкова знойдзеце які-небудзь крыўдны, несправядлівы выпад супраць яго. Тут гаварылі пра раман Пестрака, пра Шамякіна, можна было б далучыць да гэтага і нямала іншых твораў. Думаючы пра тое, як некаторыя творы прабівалі сабе шлях у літаратуры, мімаволі ўспамінаеш жарт вялікага рускага пісьменніка: «Нягледзячы на ўсе намаганні ўрачоў, хворы выздаравеў».

Праўда, выздаравелі не ўсе. Не ва ўсіх аўтараў хапіла цвёрдасці, перацярпеўшы ўдар, паправіўшы, што трэба, прадоўжыць працу над карысным творам. У свой час В. Вольскі працаваў над аповесцю пра жлобінскіх маладагвардзейцаў «Высокі бераг». Пасля разносу, зробленага ў нашай дарагой «Літаратуры і мастацтве», пісьменнік паставіў кропку на творы. На творы, у якім было разам з дрэнным і нямала карыснага. Паставіў кропку і падаўся зноў у фальклор, за які яго хваліў Пракоф’еў, — у свет казак і легенд, у царства зуброў — нетры Белавежскай пушчы. Я не спрачаюся з тым, што ў аповесці былі значныя недахопы, але іх можна было і трэба было выправіць, і трэба было дапамагчы аўтару зрабіць гэта, давесці да ладу патрэбны, патрыятычны твор.

Нашы крытыкі, беручыся за справу, здаецца мне, не заўсёды помняць пра адказнасць за сваю працу. Не заўсёды крытыкамі нашымі, здаецца мне, кіруе імкненне да пазнання ісціны, да правільнага разумення сэнсу той ці іншай літаратурнай з’явы.

Дзіўныя рэчы часамі здараюцца з некаторымі таварышамі, такія дзіўныя, што проста немагчыма зразумець, чаму яны развучыліся чырванець у адпаведных выпадках. Тав. Бурносаў калісьці прачытаў у рукапісе раман «Мінскі напрамак» і з абурэннем накінуўся на аўтара за тое, што ён разам з іншымі героямі вывеў вобраз танкіста-гандляра: «Калі ты дасі такі вобраз, я першы цябе разнясу! — сказаў ён мне з пагрозай. — Гэта паклёп!» Праз тыдні два, калі пачалося наступленне супраць тэорыі бесканфліктнасці, ён зноў спаткаў мяне і кажа: «Не выкрасліў?» — «Не». — «Глядзі. Будзеш лакіраваць — разнясу!»

І хоць бы пачырванеў, хоць бы задумаўся!

Нельга так, нельга быць флюгерам, які ўвесь час мяняе напрамак, ледзь падзьме ветрык з іншага боку.

Хочацца сказаць яшчэ пра адно, пра нашу пісьменніцкую прынцыповасць. Іншы раз даводзіцца чуць скаргі: я напісаў бы добра, але не дала крытыка: збілі з толку, не далі напісаць так, як хацеў, як лічыў праўдзівым.

Што крытыка перашкаджае часта — гэта горкая праўда, але хочацца сказаць і пра іншае: хіба ж можна мяняць так погляды ў залежнасці ад таго, што нехта скажа, напіша? Дзе ж наша перакананне ў сваёй праўдзе, прынцыповасць, якая і робіць лепшыя творы нашай літаратуры значнымі і важнымі? Успомніце, як адстойваў свой «Ціхі Дон» М. Шолахаў, якія атакі вытрымаў ён, аберагаючы свой твор, — вытрымаў, збярог у вельмі цяжкай барацьбе, паказаў мужнасць і сумленнасць, якія ўровень яго таленту!

На кнізе стаіць прозвішча аўтара. На кожнай з нашых кніг стаяць нашы імёны, і — будзем жа несці святую адказнасць за гэтыя імёны, за іх годнасць!

Некалькі слоў пра тую галіну літаратуры, якую называюць «ваеннай тэмай». Мяне турбуе прыкметны халадок у адносінах да ваеннай тэмы з боку нашых выдаўцоў. Не магу сэрцам згадзіцца, што літаратура пра нядаўнюю вайну — гэта нешта другараднае, непатрэбнае, з’ява толькі гісторыі.

Мы жывём у час, калі над светам віснуць чорныя хмары, калі многія паведамленні з-за мяжы пахнуць порахам. Чаму перад вайной творы пра армію, пра баявое геройства былі ў пашане, як творы найважнейшыя, чаму яны ў такой непавазе цяпер?

Мы, выступаючы за мір, павінны рыхтаваць народ, моладзь да бітвы, павінны выхоўваць у моладзі баявы патрыятычны дух, імкненне да геройства ў імя Радзімы.

Кнігі пра вайну рана здаваць у архіў!

Тав. Кавалёў правільна тут гаварыў пра тое, што мы павінны рэкамендаваць нашы кнігі выдавецтвам Масквы для перакладу.

Я згодзен з гэтым: мы павінны рэкамендаваць кнігі выдавецтвам. Але я хацеў бы дапоўніць прамову тав. Кавалёва. Разам з нашымі рэкамендацыямі павінны рэкамендаваць сябе належным чынам і самі нашы кнігі. Я нават думаю: перш за ўсё — самі кнігі.

Мы жывём не адны. Мы працуем у сям’і літаратур. Гэта і дапамагае нам і павышае адказнасць, патрабаванні. Мы павінны быць на ўзроўні ўсесаюзнай літаратуры.

Мы не маем права пісаць горш, чым рускія, украінскія пісьменнікі.

Таму наша творчае правіла павінна быць такое: ніякіх скідак! Будзем вартыя саюзнай літаратуры, вартыя савецкага народа.

 

1954


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 114-120
Крыніца: скан